epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Бессэнсоўнасць

Яна заўважыла яго здалёк. Ён, апусціўшы голаў, крочыў да яе дома. Узрадаваная, яна выбегла з кватэры, спусцілася хуценька па прыступках уніз і каля дзвярэй пад'езда сустрэла яго. Абвіла рукамі яго шыю, і ў той жа момант на сваёй шчацэ ён адчуў халодны дотык яе вуснаў.

- Прывітанне, Анатоль!.. - радасна сказала яна. - Я цябе здаля заўважыла, - і зноў пацалавала яго ў шчаку.

Ён збянтэжана маўчаў.

- Я так даўно цябе не бачыла!.. Хадзем да мяне. Продкі зматаліся на лецішча.

Праз пах духоў патыхала горкім перагарам гарэлкі. Хмельны напой выступіў ружовасцю на яе твары. Ён выслабаніўся з абдымкаў. Яна памкнулася да яго, хацела ўзяць за далонь, але ён сунуў рукі ў кішэні і зрабіў выгляд, што не заўважыў яе руху.

Год назад ён пазнаёміўся з ёй у гасцях. Кампанія падабралася па парах. Яму дасталася Света, напудраная, з нафарбаванымі бровамі і веямі, жанчына гадоў дваццаці пяці. Не прыгажуня, невысокая, з буйным носам, шэрымі вачыма і ўжо растлусцелай таліяй. Пілі, весяліліся, танцавалі, гулялі ў бутэлечку, а пасля на кухні ў цемры ён прагна цалаваў яе. З гэтага вечара ў іх усё і пачалося. Яна не падабалася яму, але з ёю было зручна. Ні адметнай увагі, ні частых сустрэч, ні вернасці яна не патрабавала ад яго, затое заўсёды з ахвотаю пры першым званку імчалася на сустрэчу з ім. Яны маглі тыднямі не бачыцца, але калі званіў - яна прыязджала.

Сёння ён зайшоў да Светы, бо яе дом знаходзіўся паблізу ад бальніцы, дзе ляжала хворая маці.

Адразу, калі пераступіў парог, сустрэў яе сяброўку Людку - дзяўчыну з завітымі валасамі, прыгожым тварам і вялікімі чорнымі вачыма. Яна таксама ўзрадавалася Анатолю, віскнула і два разы манерна чмокнула яго ў шчаку.

- А мы тут балдзеем! - паведаміла Людка.

Так, яны балдзелі. У гасцёўні надрываўся магнітафон. Тут жа ў пакоі стаяў нізкі часопісны столік, на якім вежамі ўзвышаліся над талеркамі з ежаю дзве бутэлькі гарэлкі. У крэсле, закінуўшы нагу на нагу, сядзеў мужчына гадоў за трыццаць, апрануты, нягледзячы на спякоту, у гарнітур. Шырокі клятчасты гальштук, якія звычайна носяць правінцыялы, выбіўся з-пад камізэлькі, нібыта стужка, звісаў з шыі на грудзі. Яго расчырванелы квадратны твар з мясістым шыраканоздрым носам скіс ад самоты. Бескаляровымі вачыма мужчына абыякава паглядзеў на Анатоля.

- Знаёмся... Разам працуем, - прамовіла Света.

Мужчына падняўся з крэсла, працягнуў руку. Моцныя пальцы абвілі далонь Анатоля, да болю сціснулі.

- Генадзь, - працадзіў мужчына скрозь зубы.

Анатоль таксама назваўся. «Пародзісты самец», - з непрыязнасцю падумаў ён.

Яшчэ адзін «самец» спадылба насуплена паглядаў на нечаканага госця, нібыта адчуў у ім свайго саперніка.

«Заявіўся не ў час. Трэба раскланяцца і пакінуць іх», - падумаў Анатоль. Ён бы так і зрабіў, калі б не Светка, якая ўчапілася за яго і пацягнула да стала.

- Сядай, выпі з намі. У нас сёння свята з нагоды выхадных.

Тут жа наліла яму чарку, наклала ў талерку гуркоў, нарэзанай долькамі каўбасы, хлеба. Наліла сабе. Людцы і Генадзю. Пасля выпітай гарэлкі Анатоль так і не дакрануўся да ежы.

- Чаго ты такі пануры? - спытала Света.

Ён прамаўчаў, наліў сабе яшчэ гарэлкі і выпіў і зноў не закусіў.

Было такое ўяўленне, што ён прысутнічае на спектаклі, дзе паказана ўбоства жыцця, але самае жахлівае - гэта не спектакль, гэта жыццё. Такое, як і ёсць: убогае і шэрае. І ён быў не глядач і не акцёр, а жыў гэтым жыццём. І не апусціцца заслона, і ён нікуды не схаваецца ад убоства і шэрасці. Ах, як не хочацца памыляцца. Людзі ж толькі і робяць, што падманваюць сябе, каб толькі не застацца сам насам з суровай праўдай пра жыццё. Шукаюць сэнс там, дзе яго няма, прагнуць шчасця, так і не ведаючы, што гэта ёсць такое, адстойваюць чужыя ідэі, прыдумваюць сабе ідэалы. Можа, таму людзі так любяць матэрыяльны свет, так п'янеюць ад валодання любой рэччу - маленькай перамогай над убоствам жыцця. І з якой асалодай яны аглядаюць у сваіх дамах мэблю, вокладкі кніг на паліцах, крышталь, якім забіты серванты, дываны на сценах і астатнія трафеі гэтых маленькіх перамог. Толькі чым ён можа сябе ашукаць, калі ўжо ведае пра падман? Ну, нап'ецца зараз, заўтра, паслязаўтра... Вось ужо сапраўды - мы жывём нядоўга, а паміраем доўга, вельмі доўга.

У пакой з галубінца ўвайшоў курэц.

- Люда, зноў ты п'еш, - незадаволена прагаварыў ён.

- Каціся, - агрызнулася дзяўчына, зняважліва скрывіла нафарбаваныя вусны.

- Можа, паразмаўляем?

- Надакучыў.

Ён падышоў да дзяўчыны, узяў яе за руку і вывеў у другі пакой.

- Мне трэба ісці, - падняўся з-за стала Анатоль.

- Застанься, - умольна папрасіла Света. - Генадзь, выйдзі.

Мужчына шматзначна хмыкнуў, падняўся з крэсла і выйшаў з пакоя. Света абняла Анатоля. Ён убачыў яе пачырванелыя ап'янелыя вочы.

- Анатоль, я цябе люблю.

- Я гэта ўжо чуў. І не раз, - холадна адказаў ён і паспрабаваў выслабаніцца з абдымкаў.

- Ты мне не верыш? - голас яе сарваўся. - Хочаш, я ўсіх выганю і мы застанемся адны?

- Не трэба. Яны твае госці. Я пайду.

- Ты, пэўна, з-за Генадзя злуеш на мяне. У нас нічога з ім не было. - Яна зноў пацалавала яго ў вусны, лёгкім дотыкам пальцаў прабеглася па валасах. - Я люблю цябе.

Няшчасная жанчына - яна змагаецца з ім за яго. Ёй патрэбны саюзнік, здабытчык трафеяў. Зайздроснае прызначэнне ў жыцці. Свеце можна паспачуваць, але нічым ён не дапаможа. Ён не кахае яе, ды і яе каханне не прынясе яму радасці, ні надасць сілы. Мудрасць у тым, каб нікому нічога не быць павінным. Развязаць усе вузлы, якімі звязаў свой лёс з другімі, каб у любы момант па сваім жаданні пакінуць гэты свет. І ніхто не стане ўбівацца па ім, і ні для каго яго смерць не будзе горам. Так, мудрасць, бо не назавеш таго, хто хапаецца за кожны дзень жыцця, якое толькі і пхае яго сваімі нагамі, мудрым - гэта рабства, абразлівае рабства. А ён не хоча быць рабом, яму надакучыла гэтая павольная смерць.

- Ну і што? Воляю лёсу мы сустрэліся і падманвалі адно аднаго. Так, падманвалі, а не кахалі. Ты не вер у мае прызнанні - гэта мана. Я хацеў зрабіць табе прыемна, бо калі ты казала аб каханні - сама чакала майго прызнання. Я рабіў гэта, - адказаў ён.

- Як жа так? Я ж люблю цябе. Ты мне патрэбны, - здавалася, яе ахапіў адчай і яна верыла, што верне яго сабе, прытулілася да яго і заплакала.

- Гэта не каханне. Табе было прыемна са мною. Ніякіх ахвяр я не патрабаваў ад цябе...

- Я зараз усіх выганю, і мы застанемся адны, - усклікнула Света і рашучым крокам накіравалася ў пакой, дзе былі Людка са сваім знаёмым. Праз імгненне адтуль данесліся яе істэрычныя крыкі: - Пакіньце, пакіньце мяне, я хачу быць адна, надакучылі!

На вуліцы ўжо сцямнела. Ліхтары, як вартавыя, абаранялі горад ад цемры, а ён пад звыклую музыку трамвайных званкоў і вуркаценне машын спяшаўся дарабіць тое, што не паспеў за дзень, скончыць з клопатамі і мітуснёй і ў рэшце рэшт адпачыць. Зіхацелі святлом акенцы дамоў, і ў кожным адбівалася людское жыццё. Анатоль любіў некалі часта хадзіць па вячэрніх вуліцах і зазіраць у вокны - падглядваў імгненні чужога жыцця. Гэта было некалі, цяпер ён ужо не той. Ды навошта ўпотайкі сачыць за чужым жыццём? Яно, як і яго асабістае, сумнае і бессэнсоўнае. Ён не сеў у аўтобус, пайшоў пехатою дадому, дзе чакалі нядобрая цішыня і адзінота пустых сцен, ад якой не пазбавіцца ні тэлевізарам, ні кнігамі. Пасля таго як маці паклалі ў бальніцу, кватэра стала чужой.

Паўз яго ценямі шмыгалі людзі, праходзілі, манерна прытуліўшыся адно да аднаго, пары закаханых. Па дарозе імчаліся ў вечнай паспешлівасці машыны. У адным доме гучалі магнітафон і вясёлы смех.

Ён прыгадаў маці. Яна памірала. Аб гэтым яму паведаміла Таццяна Пятроўна - доктар, што лячыла яе. Жанчына, лёгкая ў рухах, летуценная, з мяккім пявучым голасам аматаркі паэзіі. Сустрэла яго ў калідоры бальніцы і спытала:

- Вы да Салаўянчык?

- Так.

- Ведаеце, я хачу вам сказаць, што мы мала чым можам дапамагчы. Надзеі мала, - яна прамовіла гэта так спакойна, бы казала пра звычайную рэч, і раптам заўважыла: - А ў вас такія ж сінія вочы, як у маці, - і тут жа, як матылёк з кветкі, спырхнула з месца і праз імгненне ўжо знікла за дзвярыма кабінета.

Яго ўразіла гэтая супакойнасць у яе голасе. Як можна было так сказаць пра чалавека, які паміраў? Каб хоць трохі спагады. А можа? Так, гэта яму маці - блізкі чалавек, а ёй - звычайная хворая, якіх у яе сотні, тысячы, і яе душа даўно агрубела да чужога болю. Чаго тут здзіўляцца?

І ўсё ж ён не верыў у словы доктара. Хоць маці і не магла сама падняцца з ложка, кармілі яе з лыжкі, але надзеі на выздараўленне ён не траціў. Штодня, пасля працы, ён спяшаўся ў бальніцу і толькі познім вечарам вяртаўся дадому, а заўтра - зноў у бальніцу, каб накарміць маці, звадзіць у прыбіральню, пабыць разам, развесяліць.

Цяпер ён не сустракаўся з сябрамі, не званіў ім, а тыя гадзіны вольнага часу, што заставаліся ў яго, траціў на чытанне. Чытаў «Споведзь» Талстога. Там і знайшоў: «Ісціна была тая, што жыццё ёсць бяссэнсавасць». Зрэшты, менавіта ягонае жыццё і ёсць бяссэнсавасць. У чым сэнс яго? І ён не адказаў. У каханні? У сябрах? У працы? І што яго чакае? Няўжо, што было і дагэтуль? Прачынацца раніцай, калі так хочацца спаць, і, не выспаўшыся, спяшацца на працу, штурхацца ў бітком набітым аўтобусе. Восем гадзін пацець на канвееры ў абрыдлым цэху, сварыцца з майстрам і нецярпліва паглядваць на гадзіннік. А дачакаўшыся заканчэння змены, дабрацца дадому, змарнеламу ўпасці на канапу, уключыць тэлевізар і, нічога не зразумеўшы, што там паказваюць, заснуць. І так усё жыццё: сон, ежа, праца, тэлевізар, калі-нікалі п'янка і зноў - сон, ежа, праца. І ўсё жыццё - вечны настрой чалавека, які не можа распарадзіцца сваім лёсам, жыць як хочацца; і гэты хранічны недахоп грошай, і заўсёдныя думкі, дзе што дастаць, купіць, каб і апрануты быў не горш за іншых, і ў кватэры што стаяла, і ў халадзільніку каб не пуста было; і гэтая пастаянная залежнасць ад іншых, гэтае адчуванне сваёй нікчэмнасці і шэрасці, гэтая аднастайнасць, сумная і знясільваючая, гэтая вечная адсутнасць яскравых пачуццяў і жадання радавацца. І мала-памалу прызвычаіцца да такога жыцця, як прызвычайваецца вол да ярма, і з тупой пакорлівасцю так і жыць. А пасля - памерці, на вялікую радасць сваім нашчадкам, якія паспяшаюцца падзяліць усё тое, што ты сабраў сваім мазалём. І які сэнс у такім жыцці? Ніякага. І ці не ўцякаў ён ад гэтай ісціны, каб забыцца, не думаць пра сваё жыццё, вырвацца з кола аднастайнасці? Дзеля гэтага ён пакідаў маці адну ў кватэры і спяшаўся да сяброў альбо да Светкі. Выхадныя і святы з імі. А маці заставалася ў чатырох сценах, адзінокая і пакрыўджаная, нікому не патрэбная, нават яму - свайму сыну. Яму ўспомнілася, як раней, калі ён яшчэ школьнікам ездзіў да бабулі ў вёску на канікулы, маці праводзіла яго на цягнік. Адзінокая, разгубленая, у натоўпе чужых людзей, яна з такім сумам паглядала ўслед вагону, і яму станавілася шкада яе, што хацелася выскачыць на перон і вярнуцца, але цягнік ужо набіраў ход. Колькі разоў трэба было вось так пакідаць яе адну, колькі разоў адыходзіў гэты цягнік расстання, каб знікла тое дзіцячае пачуццё да яе, каб не бачыць смутку ў яе вачах, не чуць горычы ў голасе? Каля дзвярэй кватэры яго чакала Света.

- Куды ж ты ўцёк? Я вось на таксоўцы прыехала...

Ён моўчкі адчыніў дзверы.

- Можа, запросіш у госці?

- Заходзь, - панура вымавіў ён і прапусціў яе наперад.


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая