epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Храм без бога

Частка першая
  І
  ІІ
  ІІІ
  ІV
  V
  VI
  VII
Частка другая
  І
  ІІ
  ІІІ
  ІV
  V
  VI
  VII
  VIII
Частка трэцяя
  І
  ІІ
  ІІІ
  ІV
  V
  
  VII
  VIII
  ІХ


 

Частка першая

 

І

Кароль паміраў і ведаў пра гэта. Нябачная постаць смерці ўжо даўно стаяла ля голаў і цярпліва чакала свайго часу. Дарэмна стараўся слаўны ў кароне лекар Балінскі, які не адыходзіў ад хворага, дарэмна стараліся святары, што глухім голасам чыталі ў пакоі Святое пісьмо. Аляксандр з ласкі боскай, кароль польскі, вялікі князь літоўскі і рускі, князь прускі паміраў. Сілы пакінулі ягонае, некалі моцнае, а зараз знясіленае ад цяжкай барацьбы з хваробай цела. Гады трывог, няўдач, страт, клопату і маетнасці укралі яго сілы.

Усе гэтыя дні тут, у Лідскім замку, Аляксандр праляжаў у ложку. Падоўгу глядзеў у спічастае акно-байніцу на далёкую сцяну лесу і маўчаў. З вуліцы даносілася конскае ржанне, людскія галасы — там працягвалася жыццё. Нічога не змянялася ў ім. Нічога не зменіцца і пасля ягонай смерці. І ён, кароль, богам пастаўлены валадарыць і кіраваць людзьмі,— ён безабаронны перад смерцю.

Лёгкі ветрык, што цераз акно залятаў сюды, у пакой, прыемнай прахалодай абдзімаў Аляксандраў твар. І ўспаміналіся дні юнацтва, і хацелася жыць. Хацелася быць побач з тымі, хто зараз на вуліцы, хто ходзіць, смяецца, смуткуе, хто заняты сваімі клопатамі і не думае пра смерць. У крыўдзе на жыццё кароль заплюшчваў вочы і плакаў без слёз. Толькі аднойчы, калі па Аляксандравай просьбе спяваў беларускія песні ягоны любімы гусляр Чурылка, жонка, вялікая княгіня Алена, убачыла на схудалай шчацэ мужа адзінокую слязінку.

Чатырнаццаць гадоў Аляксандр валадарыў у Вялікім княстве Літоўскім і Рускім, чатырнаццаць гадоў не шкадаваў сябе на службе Айчыне. Усё, што мог зрабіць — зрабіў. Не шкадаваў сябе, не хаваўся цяжкасцей, усё, што меў: грошы, здароўе, час — усё аддаў Бацькаўшчыне. І болей, чым зрабіў, зрабіць ужо не можа. Аднак хто зразумее яго, хто апраўдае? Калі яшчэ, як не пры ім, Аляксандру, княства страціла столькі земляў: Северскую, Гомельскую, Чарнігаўскую, Вяземскую. Калі яшчэ татары штогод агнём і мячом плюндравалі Літву? Калі яшчэ, як не пры ім, паднялі галаву княжаты і шляхта. Калі яшчэ, як не пры ім, аслабла дзяржава? Дзе былая слава?

Паны-рада ва ўсіх няшчасцях абвінавачваюць яго. Тыя самыя, хто толькі і глядзеў, каб княства па крошках расцягнуць сабе на пажытак, тыя, хто шэлега не даў на дзяржаўныя справы, хто хаваўся за свае багацці ад вайны з Масковіяй, хто заўжды працівіўся ягонаму жаданню навесці лад у дзяржаве,— яны абвінавачваюць яго — свайго караля. Праўду мовіў князь Глінскі — жалезная рука на іх патрэбна, а не прывілеі і вольнасці. Што для іх Бацькаўшчына? Свая кішэня даражэй за клятву князю і службу Айчыне. Не спадабалася служыць тут — перакінуўся на масквіцкі бок, а праз месяц ужо з войскам ідзе паліць былую сваю радзіму. Не, ён сябе не апраўдвае. Ён добра ведае, што няма ў яго ні Гедымінавай рашучасці, ні Альгердавай разважлівасці, ні Вітаўтавай смеласці, ні нават Ягайлавай хітрасці, што растраціў ён у палацах і на баляваннях вялікі дух Гедымінавічаў... Часцей яго бачылі на балі, чым у баявым сядле. У многіх няўдачах, якія напаткала княства пры ім, вінаваты і ён, уладар сваёй дзяржавы. Таму саступіў, таму патураў, таму дараваў, там зірнуў, але зрабіў выгляд, што не ўбачыў, тут думаў, што зробіць заўтра. А заўтра... вось яно, заўтра,— ляжыць пры смерці на радасць панам-рады, ды хіба толькі ім. Хіба не гэты кніжнік, многаразумны Мацей Мяхоўскі, на задаволенне паноў крычаў па кракаўскіх падваротнях: «Божа, мы жадаем выратавання каралю Аляксандру. Забяры яго і дай нам лепшага заступніка!» І хто ступіўся за гонар каралеўскі, хто са шляхціцаў або панят пакараў нахабу? Ніхто. А паспрабаваў ён, кароль. Ну і што? Паказаў раз свой характар, прагнаў на Брэсцкім сойме паноў-раду з вачэй. А яснавяльможныя такі вэрхарал усчалі, што дзе там нечысці на Янаву ноч. Кароль з усімі вантробамі прадаўся Глінскаму — гэтаму здрадцу і душаемцу, які хоча знішчыць вяльможнае панства на Літве. Не даспадобы ім кароль, не даспадобы ім Глінскі. Сам біскуп віленскі Войцех Табар памкнуўся абаронцам іхнім быць і на сойме ў Парчове перад дэпутатамі ад усёй шляхты польскай нахабна кінуў яму ў твар: «Міласцівы кароль, ты ўгнявіўся на нас без прычыны, з-за некаторых людзей, таму што мы супроць цябе, нашага гаспадара, не выступалі, але мы абаранялі свае прывілеі, жадаючы іх захаваць. І таму, міласцівы кароль наш, як пастар гэтай дзяржавы і Ваш, павінен перасцерагчы і цябе, караля нашага, каб ты ахоўваў правы нашыя і свае прывілеі, што выдаў нам. Калі ж хто ўздумае іх парушыць — божа, адпомсці кожнаму, хто такое ўздумае. Злосць ахапіла Аляксандра. «Хопіць!»,—закрычаў ён, ускокваючы з крэсла. Незадаволены гуд, якім адазваўся сойм, яшчэ болей раззлаваў яго. «Не пацярплю нікога, хто стане на маім шляху!»,— пракрычаў ён хрыплым голасам і адчуў, што задыхаецца, ірвануў на сабе вопратку, хацеў яшчэ штосьці мовіць, але голас не слухаўся яго, толькі хрыплыя гукі вырваліся з горла. Ліпкі пот пакрыў цела, ногі задрыжалі, аслаблі, у вачах паплылі твары... Там, на сойме, Аляксандра і разбіў паралюш. Караля прывезлі на Літву. Ён яшчэ спрабаваў правесці ў Лідскім замку сойм, сабраць войска супраць татараў, якія напалі на княства, але на гэта моцы ўжо не хапіла.

Згаслі спадзяванні, што ён паправіцца. Бязрадасныя думкі прыгняталі караля. Не трубілі яму трубы, славячы ягоныя перамогі, не пакінуў па сабе ён моцнай дзяржавы, добрай памяці нашчадкам, нат дзяцей у яго няма...

Адвячоркам да хаты ксяндза мясцовага касцёла, дзе спыніўся віленскі біскуп Войцех Табар, з’язджаліся госці. Яшчэ днём біскупавы слугі дбайна абшукалі ўсю хату, двор, гаспадарчыя пабудовы, каб нікога лішняга там не было. Вартавыя ахоўвалі высокую дубовую браму, якая вяла на двор. Ужо мяркуючы па ахове, можна было здагадацца, што ў доме пробашча павінна было адбыцца нешта важнае і патаемнае. Першым прыехаў віленскі ваявода і канцлер княства Мікалай Радзівіл. Два дзесяткі шляхты размясціліся на вуліцы, не прапускалі нікога, хто ішоў і ехаў па ёй, вярталі назад. Калі пацямнела і вызірнулі зоркі, усе біскупавы госці сабраліся. У святліцы апроч Войцеха Табара і Мікалая Радзівіла былі гетман земскі Станіслаў Кішка, стараста жамойцкі Станіслаў Яновіч, маршалак Ян Забярэзінскі, стараста гарадзенскі Ян Глябовіч, полацкі ваявода Станіслаў Глябовіч — уплывовыя дыгнітары (сенатары) у Вялікім княстве. Ніхто, акрамя іх саміх, не ведаў пра сустрэчу. Не запрасілі на яе нават сыноў Радзівіла, троцкага ваяводу Мікалая Радзівіла і велёнскага намесніка Юрыя Радзівіла толькі таму, што сябравалі яны з дворным маршалкам Міхайлам Глінскім і маглі прагаварыцца, не запрасілі сюды і многіх дыгнітараў праваслаўнага веравызнання Аляксандра Хадкевіча, Федка Храбтовіча, Юрыя Ільініча, Івана Сапегу, Лагдана Заслаўскага. Свечы асвятлялі сціплае ўбранне пакоя, засяроджаныя твары прысутных. Усе чакалі першага слова. Падняўся з крэсла біскуп, за ім са сваіх месцаў падняліся і астатнія. Прыглушана загучалі словы малітвы. Пасля чаго дыгнітары селі, першы выступіў канцлер. Казаў марудна, ціха. Стомленасць адчувалася ў ягонай ледзь згорбленай постаці, бясколерных нежывых вачах, у самім сцішаным голасе.

— Небяспека пагражае Літве. Усё меней надзей, што Аляксандр выздаравее. Мы павінны вырашыць, хто стане вялікім князем пасля яго. Як разбіць татараў? Хто мовіць слова? — Радзівіл абвёў позіркам дыгнітараў.

Супраць канцлера на другім канцы стала сядзеў Ян Забярэзінскі, падпёр кулаком падбародак, задумліва глядзеў перад сабой. Радзівіл спыніў позірк на Забярэзінскім, нібыта чакаў яго слова.

— Пан Ян,— прамовіў канцлер.— Што думаеш ты?

Забярэзінскі падняў на Радзівіла невялічкія шэрыя вочы. Складкі між броваў прарэзалі яго лоб. Далонню правёў па ім, пагладзіў бараду.

— Пакуль мы не пакончым з Глінскім, нельга спадзявацца, што нам спрыяе поспех,— голас Забярэзінскага гучаў жорстка.— Глінскі задумаў захапіць уладу або адасобіць паўднёвыя землі княства і правіць там. Брат Глінскага, Іван — ваявода кіеўскі, другі брат, Васіль — брэсцкі ваявода, Багдан Глінскі — ваявода ў Пуціўлі, сваяк Глінскага Якуб Івашанцаў — ваявода ў Мазыры, у Тураве выменне Глінскага. Чаркаскі стараста Астафій Дашкевіч падтрымлівае Глінскага, а ў таго пад началам казакі. Глінскі аб’яднаў вакол сябе многіх праваслаўных князёў: Івана Азерыцкага, Зміцера і Васіля Жыжэмскіх, Міхайлу Гагіна, Андрэя Друцкага, многіх гаспадарскіх дваран, шляхціцаў. Глінскі падтрымлівае праваслаўную царкву. Відавочна, што ён збірае сілы для барацьбы за ўладу.

Глінскі ездзіў паслом да крымскага хана Мендзі-Гірэя. Дамовіцца аб міры — не дамовіўся, затое стаў крымчаку прыяцелем мілым. Штогод татары нападаюць на Літву, выводзяць народ у палон. Князь распальвае незадавальненне чэрні. А хто ўводзіў у вушы Аляксандру, што ва ўсіх бедах вінаваты мы, хто настроіў вялікага князя супраць нас? Глінскі. У Бярэсці Глінскі зрабіў спробу захапіць уладу — не ўдалося, але ён не адмовіўся ад сваёй задумы. І зараз надышоў самы момант. Аляксандр пры смерці. Лекар Балінскі, падкуплены Глінскім, горш псуе здароўе ягамосці. Пасля смерці вялікага князя Глінскі паспрабуе падвесці княства пад сябе. Калі мы не выберам на велікакняскі пасад свайго князя, нас апярэдзіць Глінскі. Трэба абавязкова разбіць татараў, бо Глінскі скарыстаецца паражэннем войск. А калі яму ўдасца заключыць з татарамі мір — яго падтрымае чэрнь.

— Вялікім князем трэба выбраць Аляксандравага брата, Жыгмонта,— прамовіў канцлер, пасля таго як змоўк Забярэзінскі.

— Жыгмонт — верны сын каталіцкай царквы,— падтрымаў Радзівіла віленскі біскуп.

«Падобна, што яны ўжо даўно дамовіліся і запрасілі нас сюды, каб выказаць нам сваё рашэнне. Гэтага лядскага выкармыша пнуцца зрабіць вялікім князем, самі прадаліся ляхам і гаспадара-ляха шукаюць»,— з непрыяззю падумаў гетман Станіслаў Кішка пра канцлера і біскупа.

— Я таксама за Жыгмонта,— падаў голас Забярэзінскі.

За земскім маршалкам кандыдатуру Жыгмонта ўхвалілі і астатнія, толькі Кішка маўчаў, і цяпер усе з нецярплівасцю паглядалі на яго.

— Так,— згадзіўся з імі і гетман.

— Важна, каб адразу пасля Аляксандравай смерці правесці сойм і абвясціць Жыгмонта вялікім князем,— дзелавіта вяшчаў канцлер. Адчувалася, што ён ужо загадзя ўсё прадумаў.— Тым самым мы не дадзім часу Глінскаму ні падрыхтавацца да сойма, ні сарваць яго. Ужо цяпер трэба збіраць у Вільню каталіцкую шляхту, нібыта на абарону ад татараў.

— Ага,— згодна хітнуў галавой Войцех Табар, перабіраючы рукамі ражаніцы.

— Трэба вырашыць, як адбіцца ад татараў. Гетман, што мовіш ты? — звярнуўся да Кішкі Радзівіл.

— Надзей на перамогу мала,— без ахвоты прамовіў гетман, уцягнуў з усхліпам паветра і ўздыхнуў.— У нас не хапае войска. Татараў утрая больш. Весці войска ў бой — весці яго на загубу. Яшчэ невядома, дзе цяпер знаходзяцца царэвічы. Па апошніх звестках Біціс-Гірэй і Бурнос-Гірэй, замак Слуцак аблегшы, на галаву яго дабывалі, дзень назад яны рушылі на Наваградак. Выступіў з-пад Менска Махмат-Гірэй. Невядома, што задумалі татары. Быць можа, яны нападуць на Вільню? Калі нават мы разаб’ём Махмата, нам усё роўна пагражае дваццацітысячнае татарскае войска. Ці здолеем мы пасля адной бітвы перамагчы ў другой? Адводзіць войска ў Вільню? Нас абвінавацяць у баязлівасці, нежаданні змагацца з ворагам. Шляхта страціць у мас веру. Застаецца выступіць на татараў.

Радзівіл, уткнуўшыся тварам у далонь, маўчаў. Густыя сівыя бровы моршчыліся. Маўчалі і астатнія дыгнітары.

— Прапаноўваю гетманскую булаву перадаць князю Глінскаму,— раптам прамовіў канцлер.

— Глінскаму? Як? — аж прыўзняўся з месца Кішка, недаўменна паглядаючы на Радзівіла.

— Нельга гэтага рабіць,— трывожна загаварыў Забярэзінскі.

Радзівіл спакойна перачакаў, калі сціхнуць галасы дыгнітараў, працягваў:

—Калі войска атрымае паражку ад татараў, Аляксандр і без нас перадасць гетманства Глінскаму. А мы папярэдзім вялікага князя. Хай Глінскі ваюе з татарамі, калі ён пераможа, слава яму, а пасля бітвы мы забяром булаву назад.

— Як мы забяром у яго булаву? — спытаўся Кішка.

— Усё ў руцэ божай. Пан Станіслаў можа захварэць, яму не па сілах будзе кіраваць войскам, і тады мы выбіраем новага гетмана, а калі пан Станіслаў выздаравее — Глінскі павінен будзе вярнуць яму гетманства. Калі ж Глінскі не пераможа татараў, у нас будзе падстава расправіцца з ім.

Радзівіл змоўк, і ўсе цяпер чакалі, што скажа Кішка. Гетман недаверліва ўсміхаўся, барабаніў пальцамі па стале.

— Ну што, пан Станіслаў? — падштурхнуў яго да адказу Радзівіл.

— Я згодны.

— Цяпер трэба напісаць ліст Жыгмонту, запрасіць яго ў Вільню,— казаў Радзівіл.— Адной з умоў выбрання яго на велікакняскі пасад запісаць: пазбаўленне Глінскага дзяржаўных пасад.

— І пакараць яго горлам,— дабавіў Забярэзінскі.

 

Апоўначы з Лідскага замка выехала конная пошта ў сем вершнікаў. Гэта было адпраўленае канцлерам Мікалаем Радзівілам пасольства да князя Жыгмонта. Шляхціц Барталамей Рагоўскі ў скураной кайстры вёз ліст, падпісаны ўсімі тымі дыгнітарамі, якія сабраліся ў віленскага біскупа. Жыгмонту паведамлялі пра смяротную хваробу Аляксандра і прапанавалі згадзіцца быць вялікім князем з умовай выканання ўсіх тых прывілеяў, якія былі дадзены панам папярэднімі ўладарамі Вялікага княства Літоўскага, і яшчэ адна ўмова пазбавіць дзяржаўных пасад князя Міхайла Глінскага і пакараць яго горлам.

Не паспелі вершнікі і ад’ехаць ад Ліды, як князю Глінскаму данеслі, што замак пакінула конная пошта канцлера Радзівіла. Глінскі ўжо ведаў, што ў біскупа вечарам збіраліся паны-рада. І вось паведамленне пра пошту. Тут была відавочная сувязь паміж нарадай у біскупа і гэтымі вестунамі. Куды іх паслаў канцлер? У Вільню? Навошта туды пасылаць аж сем чалавек? А калі гэта пасольства да Жыгмонта? Перамір’е з панамі-радай скончылася, зноў пачыналася цяжкая патаемная барацьба, а там, пасля Аляксандравай смерці, і адкрытая вайна, якую можна адцягнуць, але не пазбегнуць. Нельга траціць моманту захапіць ініцыятыву ў свае рукі. Глінскі выклікаў да сябе вернага слугу, двараніна Андрэя Дрожжыча, празванага Драздом. За доўгія гады вернай службы Дрозд заслужыў давер у князя. Менавіта Дразду хацеў Глінскі год назад перадаць Ліду, супраць чаго выступілі паны-рада.

— Возьмеш два дзесяткі татараў і скачы на Вільню. Трэба перахапіць людзей Радзівіла, забраць грамату, што яны вязуць, а саміх зніштожыць.

— Так,— адказаў Дрозд і выйшаў з княскіх пакояў.

Раніцай атрад Дразда за Германішкамі нагнаў Радзівілавых вестуноў. Пошта спынілася на кароткі адпачынак перакусіць, даць адпачынак коням. Татары, схаваўшы коней у гайку, акружылі пошту і паўзком падкраліся да яе. Адзін за другім у паветры прагудзелі некалькі стрэлаў. Чатыры шляхціцы з прадсмяротнымі хрыпамі паваліліся на зямлю. Барталамей Рагоўскі ўскочыў на ногі ад вогнішча, каля якога сядзеў, за ім і ягоныя таварышы кінуліся да коней. Страла ўдарыла Барталамея ў плячо, шляхціц захістаўся, зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў і апусціўся на зямлю.

— Што з табой, Барталамей? — нахіліўся над параненым шляхціц Міцкевіч.

— Спалі грамату,— прамовіў Рагоўскі.

Міцкевіч расшпіліў тайстру, дастаў адтуль світак паперы, падбег да вогнішча і кінуў туды грамату. Трэці шляхціц быў ужо каля коней, адвязаў аднаго з іх. Ускочыў у сядло. Аднак нехта з татараў паспеў ухапіць уцекача за ногі і, працягнуўшыся ўслед за канём некалькі метраў, скінуў яго з сядла. Першы падхапіўся шляхціц і выцягнуў шаблю. Татарын адскочыў за каня і цераз яго паспрабаваў дастаць шабляй свайго ворага. Але татарская страла працяла шляхціцу шыю, і той паваліўся на зямлю. Рагоўскага і Міцкевіча татары захапілі ў палон. Да іх падышоў Дрозд.

— Каму везлі грамату? — спытаўся ён.

Шляхціцы маўчалі. Паранены Рагоўскі сядзеў на зямлі, стагнаў ад болю. Вопратка на плячы набрыняла крывёю.

— Каму везлі грамату? — пагрозліва паўтарыў Дрозд.

— Выблюдак...— праз зубы працадзіў з нянавісцю Рагоўскі.

Дрозд хітнуў галавой татарам, паказваючы на палонных. Татары закруцілі рукі Міцкевічу, падвялі да дрэва і прывязалі яго. Адзін татарын выхапіў з вогнішча галавешку, падышоў да Міцкевіча, разарваў на грудзях вопратку, паднёс агонь да тулава. Раздаліся крыкі, лаянка. Дрозд адвярнуўся і пакрочыў прэч. Неўзабаве яго дагнаў татарскі дзесятнік і паведаміў, што Міцкевіч прызнаўся, што грамату везлі Жыгмонту.

—Шляхту пад нож. Усіх пахаваць у лесе. Нічога сабе не браць, коней адпусціць,— загадаў Дрозд.

І так грамата была адрасавана Жыгмонту. Так Глінскі і думаў. Паны-рада імкнуцца папярэдзіць яго, узвесці на велікакняскі пасад Жыгмонта, каб навязаць таму сваю волю. І тое, што Радзівіл, Забярэзінскі, Табар ды іншыя паны-рада будуць патрабаваць у Жыгмонта адхілення яго ад улады, князь добра разумеў.

Як шкада, што згарэла грамата, была б яна ў яго, тады можна было расправіцца з панамі-радай. Вось пры жывым вялікім князю яны выбіраюць новага. Здрада, змова, а за гэта горлам караюць. А так прыйдзецца дзейнічаць зусім інакш.

Раніцай Глінскі сустрэўся з каралеўскім лекарам Балінскім. Не верылася, што гэты квёлы чалавек са старэчым тварам і ліслівымі чорнымі вочкамі і сапраўды «слаўны ў кароне лекар», як пра яго казалі ў Польшчы. «Слаўны лекар» ледзь не адправіў заўчасна Аляксандра на той свет, параіўшы хвораму папарыцца ў лазні. Аляксандр страціў там прытомнасць. Недругі Глінскага тут жа загаварылі, што Балінскі па навучанні дворнага маршалка псуе каралю здароўе. І сапраўды пасля таго, як Балінскі пачаў даглядаць Аляксандра, кароль штодзень відавочна здаваў. Каб не абарона Глінскага, паны-рада даўно б аддалі пад суд лекара. Таму, спадзеючыся на ўдзячнасць Балінскага, князь вырашыў дзейнічаць праз яго.

— Як здароўе яго міласці? — задаў Глінскі ўжо традыцыйнае пытанне, якое задаваў лекару штораніцы.

— Кожны дзень можа стаць апошнім для яго міласці,— адказаў Балінскі.

Глінскі ўзяў лекара пад локаць, хутка азірнуўся назад, упэўніўшыся, што побач нікога няма, нягучна прамовіў:

— Гэта слова ў слова перадасі яго вялебнасці віленскаму біскупу, каб ён настаяў перад Аляксандрам напісаць патстамент.

Балінскі згодна хітнуў галавой.

Апоўдні караля наведалі паны-рада: гетман Станіслаў Кішка, Ян Забярэзінскі, Ян Глябовіч, Мікалай Радзівіл, Войцех Табар. Сцішана прымоўклі перад дубовым ложкам, на якім ляжаў кароль. Некалі ружовашчокі твар караля збялеў, шчокі глыбока ўваліліся, быццам з рота павыпадалі зубы, доўгі храсткаваты нос завастрыўся над густымі вусамі, ганарлівыя вочы, безжыццёва збляклыя, былі заплюшчаны — кароль не хацеў глядзець на паноў-раду, быццам здаровы выгляд сваіх прыдворных прыносіў яму боль. Да вушэй Аляксандра данесліся суцяшэнні, што ён абавязкова паправіцца. Раней быў паверыў панам, а зараз, калі барацьба з імі давяла на край магілы, іхнія словы здаліся Аляксандру надсміханнем з сябе. І хаця Аляксандр так і не падняў цяжкіх павек, і не бачыў панскіх твараў, ён чамусьці быў упэўнены, што зусім не спачуванне, не самота ў вачах, а радасць: дачакаліся, вось і ягамосць на ладан дыхае.

— Вялікі князь,— звярнуўся да Аляксандра біскуп.— Як пастыр княства і ваш, я хацеў бы прасіць вас выканаць свой абавязак перад княствам і ўсімі намі — скласці тастамент.

Гэта быў прысуд. Калі зайшла гаворка пра тастамент — значыць, у яго выздараўленне ўжо не верылі. Яму не пакідалі надзей. На душы стала прыкра і крыўдна.

— Так, так,— хуценька прамовіў Аляксандр, жадаючы схаваць ад прысутных сваю крыўду.— Запісвайце.

Канцлер Радзівіл прысеў за стол, абмакнуў пяро ў каламар.

— Я, Аляксандр, воляю божаю кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, князь прускі, жамойцкі, опаўскі, сілескі, лужыцкі і іншых,— прагаварыў з цяжкасцю Аляксандр гэтыя не раз ім моўленыя словы і задумаўся.

Каму працягваць яго справу? І што ён можа запаветаваць? Велікакняскі пасад? Але ён па спадчыне не пераходзіць — на яго выбіраюць уладара паны-рада і шляхта. Замкі і землі? Але і яны яму не належаць — пасля смерці пяройдуць да новага вялікага князя.

— Ваша міласць,— ціха прамовіў Глінскі.— Ухваліце вашага брата, князя Жыгмонта, на выбранне вялікім князем.

Вось і Міхайла ўжо не верыць у яго выздараўленне. І здавалася, усё правільна рабіў Глінскі: трэба думаць пра будучае велікакняскага пасаду, але не ад Міхайлы чакаў ён гэтыя словы. Хто-хто, а Глінскі павінен быў падтрымліваць у ім веру і надзею ў выздараўленне.

— Так, ухваляю,— мовіў Аляксандр.

Глінскі быў задаволены: дамогся свайго.

І сёння паслы панясуць Жыгмонту ліст, дзе будзе пісана, што па просьбе дворнага маршалка Аляксандр ухваліў яго на выбранне вялікім князем.

Калі паны-рада выйшлі, у пакоі апроч лекара, вялікай княгіні Алены, манаха, што чытаў услых Святое пісьмо, застаўся і Глінскі. Каралю раптам захацелася спытацца яго, ці памрэ ён, спытацца не як у свайго дыгнітара, а як у чалавека, з якім многія гады сябраваў. Але тут жа стрымаў сябе: князь шчыра не адкажа, пачне, як і паны, упэўніваць, што паправіцца. Упершыню за доўгія гады іхняга сяброўства кароль падумаў, што Глінскі ніякі яму не сябра. А хто ж тады? А такі самы хітры ўладалюбца, як і астатнія прыдворныя, з той толькі розніцай, што маршалак вельмі звітна ўлез да яго ў давер і карыстаецца каралеўскай прыхільнасцю да сябе, умацоўвае сваю ўладу пры двары. Аляксандр, быццам зразумеўшы княскія памкненні, не тое што страціў да яго павагу, а адчуў, што і гэты чалавек яму зараз непрыемны. І хаця разумеў, што занадта суровы да князя, аднак перамагчы свайго пачуцця не здолеў. І быццам палохаючыся пачуць голас Глінскага, ягоныя словы, паспяшаў ледзь чутна прашаптаць: «І ты, князь, ідзі». Пачуліся лёгкія крокі — Глінскі выйшаў.

— Паклічце Чурылку,— папрасіў Аляксандр.

 

ІІ

Дагарала свечка. Сутаргаваты і кволы агеньчык выхопліваў з поцемак задумлівы твар княгіні Настассі — уладаркі Слуцкага княства. Цемра прагна цягнула свае нябачныя рукі да свечкі, хацела хутчэй праглынуць у чэрава небыцця гэты акрайчык святла.

Княгіні не спалася. Праз аплеценае жалезным павуціннем вакенца яна з трывогай паглядала на асветлены сотнямі вогнішчаў татарскі кош. Адтуль у замак даляталі людскія крыкі і конскае ржанне — там таксама не спалі. Вось ужо два тыдні дваццаць тысяч татараў, якіх прывялі пад Слуцак царэвічы Біціс-Гірэй і Бурнос-Гірэй, дзень і ноч рыхтаваліся да штурму замка. Штодня пад бізунамі лютай варты тысячы палонных цягалі з навакольных пушчаў бярвенне, буралом, лаўжы і закідвалі глыбокія равы з вадою, пакуль не запоўнілі даверху. У паходных кузнях кавалі зброю. Не сціхалі сякеры — татары будавалі драбіны, самастрэлы. Мулы не стамляліся звяртацца да нябёсаў, каб алах падараваў войску царэвіча перамогу.

Бяда адна не ходзіць. І княгіня добра гэта ведала. Вось дзідай пастукалася ў браму яе дома татарская навала. А дагэтуль колькі разоў наведвалася. Тыя ж татарскія раці штогод плюндравалі слуцкія землі і штурмавалі град. Смерць мужа, князя Сымона. Гэтай зімой страшэнны мор, які забраў не адно жыццё. Голад.

Далёкімі, амаль неверагоднымі здаваліся Настассі тыя шчаслівыя гады, калі быў жывы князь і яны ўсёй сям’ёй па вечарах разам з дворнай шляхтай збіраліся ў каміннай залі, каб паслухаць дзівосныя аповяды вандроўнікаў і спевы лірнікаў, паглядзець імпрэзы скамарохаў або самім зацягнуць стары мілагучны: спеў. Як хораша было тады ёй... Як хораша было на каляды шумлівым гуртам ездзіць па Слуцаку і па-дзіцячы радавацца, што ніхто з месцічаў не пазнаваў у калядоўшчыках сваіх уладароў. Як хораша было чуць на баляваннях, калі за іхнім сталом сядзела некалькі соцень шляхты і княжат, як князь абвяшчаў у яе гонар здравіцы: «За самую чароўную панну Літвы, княгіню» і цалаваў яе ў пачырванелыя шчокі. Як хораша было імчацца з князем на тройцы — снег з-пад капытоў і месяц, як купальскае кола, каціліся з імі навыперадкі. Як хораша было знерухомець у княскіх руках і, заплюшчыўшы вочы, чакаць ягонай пяшчоты...

І, здавалася, так будзе заўсёды. Але толькі ўсё часцей і часцей ставіў князь нагу ў баявое стрэмя, каб бараніць Слуцкую зямлю ад татараў. Колькі малітваў прачытала яна, колькі бяссонных начэй правяла, чакаючы мужа дадому. А ён прыязджаў з паходаў, дзень-другі жыў дома і зноў выпраўляўся ў шлях. Ездзіў па княстве, правяраў ахоўныя заставы, будаваў абаронныя засекі ці ганяўся за татарскімі загонамі. А яна верыла: адаб’юцца ад татараў зноў — вернецца тое шчаслівае жыццё з вечарамі ля каміна, шумлівымі баляваннямі і святамі, з начамі кахання. Але не збыліся спадзяванні, памёр ад ран князь Сымон. І засталіся тыя шчаслівыя гады толькі ўспамінамі — успамінамі пра жыццё, якое, здавалася, прыдумала яна сама.

Не паспела і да жалобнага ўбору прызвычаіцца, як зноў бяда — татары. Пятнаццаць тысяч крымчакоў уварваліся ў княства, абклалі аблогай Слуцак. Божа, за што на яе такія выпрабаванні?

У яе заставаліся дзеці, заставаўся дом, і трэба было гэта бараніць. Не мальбой і слязьмі вывела яна случакоў на сцены, а сваім прыкладам. Штодня ў вайсковых даспехах з’яўлялася княгіня на сценах і сама кіравала абаронай горада. Вось я з вамі, служакі, я не за вашымі спінамі! Яны гэта бачылі і не шкадавалі сябе, адбівалі татарскія штурмы. Толькі не бачылі іншага — як прыходзіла княгіня пасля цяжкога дня да сябе ў пакой і, калі жанкі дапамагалі скінуць даспехі і пакідалі яе адну, стомлена падала на халоднае ложа. І такой кволай, бездапаможнай і адзінокай адчувала сябе, што плакала, уткнуўшыся ў падушку. А выплакаўшыся, крадком ішла ў пакой, дзе спалі яе дзеці, нахілялася над імі, узіралася ў дарагія рысы і асцярожна, каб не пабудзіць, цалавала. А наступным днём абаронцы зноў бачылі яе на сценах, рашучую, мужную, зноў гучаў яе ўладарны голас, зноў спакойна крочыла яна пад татарскімі стрэламі.

Гэта было год назад. А як станецца цяпер?

Раніцай татарскі кош прачнуўся ад грукату літаўраў. Замітусіліся воі, заскакалі езныя, забегалі сотнікі, збіраючы сваіх людзей у загоны. Вісклівыя галасы мулаў клікалі да малітвы.

У Слуцкім замку таксама прачнуліся, Загудзелі ў настылым ранішнім паветры званы замкавай царквы. Для тысячаў вязняў, што трапілі ў татарскую няволю, трывожны гул званоў абудзіў трапяткую надзею на боскую літасць. Мо ўбачыць божа іхнія пакуты і вызваліць з ардынскага палону.

Праз паўгадзіны татары пагрозлівымі шэрагамі выстраіліся перад замкам. У сонечных промнях ззялі даспехі вояў, зброя, конская вупраж, луналіся на ветры хвастатыя бунчукі. Цішыню парушала карканне груганоў, што лёталі над зямлёй, іржанне коней ды трывожны звон клепалаў. У замкавай царкве служылі малебен у выратаванне Слуцака ад ворага. Хвіліну-другую працягвалася гэтая нядобрая, нібы перад навальніцай, цішыня, гэтае злавеснае маўчанне дзесяткаў тысяч людзей. Раптам па шэрагах татарскага войска, бы вецер на вершалінах у прыціхлым начным лесе, пранеслася лёгкае хваляванне. Ваяўніча завылі трубы. І не ў аднаго з абаронцаў замка халадок жаху прабег па спіне, не ў аднаго трывожна зайшлося сэрца. Але гэта не быў знак да штурму. Уздоўж татарскага войска скакаў на малочна-бялюткім жарабку царэвіч Біціс-Гірэй. Залатыя даспехі і шолам, наверсе якога развявалася пышная сутана, зіхацелі на сонцы. Некалькі нясцерпных абаронцаў, не вытрымаўшы спакусы, схапіліся за лукі і кушы, але адлегласць да татарскага войска стрэлы не адолелі і без карысці пападалі на зямлю. За царэвічам скакала світа, сярод якой вылучаўся не меней багатымі даспехамі царэвічаў брат Бурнос-Гірэй. Следам лавінай імчала адборная тысяча вершнікаў. Татары, убачыўшы свайго вожа, радасна крычалі і махалі шаблямі.

— Уррах-а-а-а-х! Уррах-а-а-ах!

Царэвіч сядзеў на кані нерухома, поўны пагарды да ўсяго, што адбывалася вакол яго. Халодныя вочы з-пад шырокага пляскатага лба абыякава пазіралі на войска. Ніводны мускул не крануўся на царэвічавым твары, быццам не бачыў і не чуў царэвіч вар’яцтва сваіх вояў. І чым болей татары шалелі, тым болей іх ахоплівала сляпая патрэба крычаць і крычаць, нібы з крыкам яны пазбаўляліся баязлівасці перад смерцю, і да іх прыходзіла смеласць і мужнасць.

Штурм замка пачаўся абстрэлам з катапультаў. Упершыню за папярэднія штурмы татары карысталіся імі. Раней крымчакі болей спадзяваліся на ўдачу. З пагрозлівым грукатам і ляскатам узмахнулі катапульты рычагамі, і ў паветры са страшэнным гудам замільгалі вялікія, з добрую цялячую галаву, камяні. Частка камянёў так і не даляцела да замка, пападала ля высокага землянога вала, астатнія глуха забарабанілі па дубовых гароднях. Другі раз татары зарадзілі катапульты меншымі камянямі. Ударылі, заляскалі рычагі, і зноў паветра напоўнілася гудам. Каменны град загрукатаў па сценах. Татары спрытна хапалі з калчанаў хвастатыя стрэлы, клалі іх на лукі і, нацягваючы тугую цеціву аж да самага вуха, рэзка адпускалі яе. Адна за другой сотні стрэлаў спявалі камусьці з абаронцаў замка развітальны спеў з жыццём. Крыклівыя, узброеныя лавіны набліжаліся да гародняў. Вісклівае, у тысячы глотак «а-а-а-а...» кацілася ў паветры. Нягледзячы на тое, што штурмуючых сустрэў рой стрэл, яны перабраліся цераз равы, ускарабкаліся на высокія валы і, прыставіўшы да сцен драбіны, палезлі ўгору. Зверху на штурмуючых паляцелі камяні, бярвенні, палілася смала, пасыпалася вапна, якая зацярушвала вочы.

Два дзесяткі палонных пад наглядам варты штурхалі да брамы таран. Рыпелі вялікія, з чалавечы рост, драўляныя колы. Случакі адчайна абстрэльвалі таран з лукаў, кушаў і ручніц. Стрэлы і ядры забівалі і нявечылі палонных. На месца забітых вартаўнікі гналі новых нявольнікаў, і таран няўхільна падбіраўся да брамы.

З глухімі выбухамі, у слупах дыму, плявалі ў варожыя рады смяротныя ядры (гарматы) хуфніцы. Ядры збівалі татараў з ног, ламалі ім косці на крывавыя шматкі. Шмат штурмуючых ужо развіталіся з гэтым светам; іхнія целы пакрылі валы. Яшчэ болей бегла і паўзло ад замка параненых, знявечаных, апечаных смалой. Хто сціскаў на бягу рассечанае стрыкусай плячо, хто спрабаваў выдраць з цела стралу, хто поўз па зямлі, цягнучы за сабой перабітыя ногі, і кленчыў дапамогі, хто, схапіўшыся за твар, на якім чорнымі пухлінамі ўздымаліся апёкі, скакаў ад нясцерпнага болю, хто круціўся па зямлі, каб збіць з сябе полымя. Аднак татары не адступалі. Зняважыўшы смерць, зацята лезлі на гародні.

Царэвіч Біціс-Гірэй не шкадаваў вояў. Смерць і вайна для яго былі такой жа натуральнай з’явай, як дождж восенню ці снег зімою. Не вялікія страты хвалявалі яго, а маруднасць, з якой войска авалодвала замкам. Ужо каторую гадзіну без усякай карысці войска таўчэцца ля сцен. Царэвіч бачыў, як да брамы нарэшце падабраўся таран. Са сцен на яго кідалі камяні, дзежкі са смалою, паходні, пылаючае агнём галлё. Моцныя дубовыя бярвенні і сырыя конскія скуры, якімі быў абшыты таран, не паддаваліся агню. І тут ударылі хуфніцы. Некалькі ядраў прагудзела каля тарана, аднак два трапілі проста ў яго. Ад выбуху паляцелі ў розныя бакі шчэпы дрэва.

Біціс-Гірэй умеў валодаць сабой, але калі ўбачыў ахоплены агнём таран, царэвіч пачаў траціць вытрымку. Незадаволена хмурыў бровы, ноздры ягонага прыплюснутага носа расшырыліся і з усхліпам уцягвалі спякотнае паветра. Ледзьве стрымліваючы сябе, царэвіч адрывістым голасам загадваў выступаць на штурм замка новым загонам. Дзесьці апоўдні некалькі соцень татараў нарэшце ўварваліся на замкавыя сцены. Царэвіч Біціс-Гірэй з палёгкаю ўздыхнуў: здаецца, імгненне перамогі надышло. Слава табе, вялікі алах, што не мінуў сваёй міласцю. Нарэшце... Але праз паўгадзіны сечы яго воінаў са сцяны выбілі...

Толькі адвячоркам, калі поцемкі апускаліся на зямлю, татары, так і не авалодаўшы замкам, сунялі штурм. Болей чым тры тысячы забітых і параненых — такімі былі іх страты. Седзячы ў сваім шатры, царэвіч Біціс-Гірэй ацэньваў няўдачу. Ён не авалодаў замкам і на гэты раз. Не дапамаглі катапульты і перавага ў воях над абаронцамі. Што ж зараз рабіць? Працягваць аблогу альбо адступіць ад замка?

Менавіта ў гэты момант у шацёр уваліўся Бурнос-Гірэй. Па ягоным узрушаным, залітым густым ружанцам твары, па ягоных вясёлых вачах Біціс-Гірэй зразумеў: брата зусім не хвалюе сённяшняя няўдача, ён радуецца ягонай, Біціс-Гірэевай, паразе. Бурнос-Гірэй, выпіўшы чашу кумысу, задаволена цмокнуў языком, выцер рукавом шаўковага халата губы і, з усхліпам пацягнуўшы прыплюснутым носам паветра, заявіў, што заўтра пакідае Слуцак. Рана ці позна Біціс-Гірэй чакаў гэтых слоў, таму не здзівіўся. Немігаючым позіркам халодных вачэй Біціс паглядзеў на трапяткія агеньчыкі вугалькоў у жароўні. Аднак калі пачуў ад Бурноса, што ад Махмат-Гірэя, які стаяў ля Менска, прыскакаў вястун, насцярожыўся. Вястун прынёс навіну, што ў Лідскім замку вялікі князь літоўскі Аляксандр склікае сойм. На сойм з’язджаецца шляхта, а таму Махмат-Гірэй прапанаваў братам аставіць Слуцак і хутчэй рушыць на Ліду, захапіць раптоўным нападам замак і паланіць караля. Прапанова была занадта спакуслівая, каб адмовіцца ад яе, і Біціс вырашыў згадзіцца. Падтрымлівала царэвіча ў гэтым рашэнні і думка, што брат прыслаў вестуна не да яго, а да Бурноса, у чым бачыў патаемную інтрыгу супраць сябе, жаданне пасеяць звадку між ім і Бурносам. Чаго Біціс-Гірэй не жадаў дапусціць.

— Брат наш занадта нецярплівы. Ён забыўся, што мы прыйшлі на Літву пакараць нахабных слуцкіх гяўраў. Я не думаю, каб кароль не ведаў, дзе мы. І не паспеем ад Слуцака адысці на колькі попрышчаў, як яму ўжо будзе вядома, што мы выступілі ў паход, і ён пакіне Ліду. І Слуцак не захапілі, і караля не папленім,— прамовіў царэвіч.

Аднак казаў, з разлікам вымусіць Бурноса паспрачацца, каб той пачаў упэўніваць яго, што паход на Лідскі замак абяцае ўдачу і абавязкова трэба скарыстацца з такога цудоўнага выпадку. Не хацелася прызнавацца Біціс-Гірэю, што Слуцак яму не па зубах, хай думае Бурнос, што ён настроены захапіць замак і, толькі паверыўшы ва ўдачу пад Лідай, прыняў Махматаву прапанову. Як царэвіч чакаў, так і адбылося.

— Я цябе не пазнаю! — ускрыкнуў Бурнос-Гірэй.— Хіба не ты мовіў, што смелы дагоніць удачу? Падумай толькі...— і Бурнос-Гірэй пачаў заўзята тлумачыць, якую карысць яны атрымаюць, калі захопяць караля.

У душы Біціс-Гірэй падсмейваўся над братам, рабіў выгляд, што ўважліва слухае яго, а потым быццам бы з неахвотай згадзіўся з ім.

— А мо ўсё ж рызыкнуць? Было б неразумна не скарыстацца такім дарагім падарункам вялікага алаха,— і нібы канчаткова прыняў рашэнне, цвёрдым голасам прамовіў: — Заўтра ж мы выступаем, а сёння, са з’яўленнем на небе зорак, хай мурза Хазібей са сваёй тысячай выступае. Ён у штурме не ўдзельнічаў. Коні і людзі ў яго свежыя. Я дам яму людзей, якія ведаюць тутэйшыя краі, яны правядуць яго па глухіх сцежках. Хай акружыць мурза замак і чакае нас.

Наступным днём Біціс-Гірэй зняў аблогу са Слуцкага замка і выступіў у паход на Ліду. З замкавай вежы трохі пазней, як татары пакінулі Слуцак, вылецеў голуб. На лапцы голуб нёс паперку з кароткім паведамленнем наваградскаму ваяводзічу Альберхту Гаштольду «Да вас татары».

 

ІІІ

Сонца яшчэ не паднялося з-за спічастай сцяны лесу. Толькі бралася на золак. Нізка, над самым краем зямлі, вісеў празрысты, як шыльда, месяц. Але наваколле ўжо скідвала з сябе сонныя кайданы начы. У гнёздах падавалі голас птушкі. Змрочны, няветлівы лес наліваўся зыркай зелянінай, бурштынам ствалоў выступаў з туману. Халодная малочная раса празрыстай сінечай заблішчэла на травах і лістоце дрэваў. На зламанай вершаліне высачэзнага, бачнага здалёк ясакара, які рос каля вымення шляхціца Кузьмініча, затрашчаў у буслянцы бусел. А ў выменні панавала цішыня. Людзі спалі: гаспадар — ясочнік слуцкай княгіні — Мечка Кузьмініч, ягоная жонка Грычня, сыны.

Хутка віднела. Туман пакрысе раставаў. Цяпер можна было бачыць рэчку, зараснікі вербалозу па яе берагах, стромкі круглік, а за рэчкай хвойнік, які падбіраўся да яе. Уздоўж рэчкі пранёсся волкі вецер: срэбная паверхня вады пакрылася рабаціннем. Першыя сонечныя промні слізганулі па вершалінах дрэў, упалі на ваду і зазіхацелі зыркімі іскрамі, толькі каля моста, дзе былі намыты глыбокія віры, вада заставалася цёмнай, нібы там яшчэ таілася ноч.

З хвойніку выехаў вершнік, за ім — другі, трэці, чацвёрты... Каптаны з аўчыны, лямцавыя шапкі з адваротамі, скураныя порты, якія былі на вершніках, выдавалі іх як нетутэйшых. У кожнага за плячыма вісеў лук, ля сядла — калчан са стрэламі, на пасе —• крывая шабля. «Гайда!» —прагучаў загад, і вершнікі пусцілі коней галопам. Пачуўся пошчак конскіх капытоў на мосце праз рэчку. Першы небяспеку адчуў сабака, ягоны трывожны брэх разбудзіў у хаце Грычню, жанчына штурхнула локцем у бок свайго чалавека.

— Мечка, Мечка, прачніся. Чаго гэта ваўкарэза гаўчыць? — трывожна прамовіла Грычня.

— Мо звер які? — спрасонку прамармытаў Мечка.

— Аж заходзіцца. Зірні, што там...

— Кадук яго пабраў,— незадаволена вылаяўся Кузьмініч, вылез з-пад цёплай коўдры, пазяхнуў і ў споднім басанож пакрочыў да дзвярэй. «Каго гэта там чэрці носяць у такую рань»,— злаваўся шляхціц. Даволі доўга корпаўся ля дзвярэй, адкрываючы замкі і засаўкі. Выйшаў на ганак. На ўсходзе ўжо падымалася сонца. Кузьмініч пачуў пошчак конскіх капытоў.

Забыўся на сон. Падбег да плота, зірнуў цераз яго, і сцяла сэрца. Сюды да ягонага дома скакалі татары. Прынесла нялёгкая... Мечка адчуў, як задрыжалі ў каленях ногі. «Божа, выратуй»,— таропка перахрысціў сябе шляхціц, кінуўся ў хату.

— Падымайцеся! Бяда! Татарва! — крыкнуў ён жонцы, пабег у другі пакой да сыноў, расштурхаў іх.— Бяда! Бяда! Ратавацца трэба!

Дзесяцігадовы Ёсіпка, нічога не разумеючы, хмыкнуў носам, цёр вочы. Старэйшы, Мацей, таксама адразу не ўцяміў сэнсу страшэнных слоў... Падхапіўся з палацяў.

—Што? Якая бяда?

— Уцякайце, уцякайце хутчэй! Татарва!

Ніколі не бачыў Мацей такім свайго бацьку. Чырвань заліла ягоны твар, жылы на лбе ўздзьмуліся, кроплі поту сцякалі з-пад валасоў на лоб. У шырока расшыраных зрэнках адбіўся жах. Бацькаў голас гатоў быў сарвацца ад хвалявання.

— Ах божачкі, дапамажы! — лямантавала маці, якая прыбегла да іх у пакой.

— Уцякайце! Уцякайце! — хрыплым голасам крычаў бацька.— Ану,— амаль сілком выштурхнуў жонку з хаты.

— Мечка, як жа ты?

— Уцякайце, я затрымаю.

Мечка пабег да сябе ў пакой і праз якое імгненне з лукам і калчанам, паўнюткім стрэл, следам за сваімі выскачыў на двор.

У дубовую браму ўжо шалёна білі нечым цяжкім. Цераз плот пералазілі двое татараў. Мечка выхапіў з калчана стралу і нацягнуў цеціву. Татары саскочылі на зямлю і з дзікімі крыкамі пабеглі да асочніка. За імі яшчэ трое паказаліся над плотам. Кузьмініч адпусціў цеціву. Татарын, які бег першы, раптам ускінуў угору рукі, закінуў галаву назад — да самага апярэння ў ягоным горле сядзела страла; ён паваліўся на зямлю. З рота палілася кроў. Тут жа асочнік паклаў новую стралу на кібіць лука, і ў гэты момант Мечка ўбачыў свайго старэйшага.

— Матары ліха... Назад! Ратуйся! — злосна закрычаў Мечка сыну.

Мацей не слухаў.

— Назад!

Вострым болем апаліла Мечку грудзі. Кузьмініч убачыў савінае апярэнне стралы, што тырчала з ягоных грудзей. Мечка ўпаў на калені, ён намагаўся яшчэ нешта мовіць, яшчэ нейкі неадольны клопат, нейкая патрэба іскаркай жылі ў ім. Але моцы хапіла толькі выхаркнуць з горла разам з крывёю хрыплы гук, і ўсё. Смерць перамагла яго. Усё адбылося так хутка, што Мацей і не паверыў у бацькаву смерць. Але анямелы ў прадсмяротнай барацьбе Мечкаў твар са скрыўленым выскаленым ротам і нерухомымі шклянымі вачыма казаў пра адваротнае. Вопратка на бацькавай спіне набрыняла крывёю.

— Тата! Та-а-тач-ка! — Мацей, забыўшыся на ўсё бег да яго.

Валасяная пятля аркана гадзюкай абвіла Мацеева тулава. Моцны штуршок паваліў юнака з ног. Хацеў падняцца... Але моцны ўдар у твар — і цемра ў вачах...

Адзін з татараў нацягнуў лук і выпусціў стралу ўслед Грычні і Ёсіпку, якія беглі да лесу. Упаў Ёсіпка — страла трапіла яму ў спіну. Маці кінулася да яго. Услед першай страле паляцела другая.

 

Быў чэрвень 1506 года.

Сонца, нібы вогненны шар, спапяляла зямлю. Здаецца, дзеля гэтага яно нават спусцілася ніжэй.

І ўсё жывое — птушкі, звяры, дрэвы і травы — прагла жываноснай вады. Паветра гарачай плынню плыло над зямлёй, мроілася ў людскіх вачах празрыстым марывам, злівалася наперадзе з распаленым, аж ступакі пякло, жвірам. Дажджу, вады... Але неба — чыстае, без хмаркі, без воблачка — не абяцала дажджу, ды яно і само знемагала ад сонца.

Цурчаў пот па тварах палонных, якіх услед за татарскім войскам гналі па пыльным шляху. Знясіленыя людзі ледзь перастаўлялі ногі, глыталі перасохлым ротам цягучую сліну, каб хоць спатоліць смагу.

Злосна крычалі ахоўнікі, бізунамі падганялі адстаючых палонных. Плакалі дзеці, лямантавалі жанчыны. Тых, хто выбіваўся з сіл, тут жа, нягледзячы на іхнія літанні, забівалі. Смяротна знясілены падзеямі апошніх дзён, Мацей Кузьміч быў у нейкім сляпым здранцвенні. З цяжкасцю міжволі цягнуў ногі на шляху з адной толькі думкаю — хутчэй бы надышла ноч, каб ачмурэла ўпасці на зямлю і забыцца пра палон, пра здзекі, пра боль, пра голад.

Недзе апоўдні палонных прыгналі да невялічкай вёсачкі, такой жа спаленай і разрабаванай, як і ўсе папярэднія на іхнім шляху. Дагаралі апошнія бярвенні хат і тое, што засталося ад іх, а часцей ужо нічога, толькі адзінокія, разбураныя печы жаласліва напаміналі пра былое мірнае жыццё. Круціліся каля мерцвякоў, якіх процьма валялася ўздоўж дарогі, здзічэлыя чароды сабак. Угледзеўшы людзей, сабакі драпежна кляцалі зубамі, пагрозліва брахалі; ваяўніча падымалася поўсць — чужынцаў за сваіх былых гаспадароў не прызнавалі.

І раптам пачуўся роспачны надрыўны голас.

— Вось яны дзе! Ха-ха-ха... Забі-це-це-е-е! За-бі-це! Ой, ой... Людцы міленькія, малю вас, забіце мяне! Хаха-ха... Забіце, забіце! Ха-ха-ха... Ой, чаму я смяюся? Бо-ойжа-ачка-а-а-а! Нікога не пашкадавалі: ні Гнася, ні Настасю, ні Яся. Бо-ой-жачка. Нікога, нікога... Дзеткі мае, пташачкі, да вас жадаю... І мяне забіце, ірады, забіце!

Насустрач палонным аднекуль з папялішчаў выскачыла звар’яцелая ад гора кабеціна. Счарнелы ад гора твар быў у крыві, па шчоках каціліся слёзы, вочы са сляпой нянавісцю пазіралі на татараў, быццам увасабленнем усяго таго гора і няшчасця, што выпала на долю людзей у гэтыя дні.

Яна кінулася да аднаго з татарскіх ахоўнікаў, учапілася за ягоную руку:

— І мяне забівайце! Забівайце, нехрысці!

Татарын плёткай лупцануў жанчыну па твары. Крывавы пісаг набрыняў на яе лбе і шчацэ. Наступнае адбылося імгненна. Жанчына ўскрыкнула, выхапіла з-за пояса доўгі нож і ўзмахнула ім у паветры. Удар прыйшоўся па конскім крупе. Параненая жывёла ад болю з хрыплым іржаннем падскочыла на заднія ногі і павалілася на зямлю, прыціснуўшы сабою вершніка. Палонныя, нібы і чакалі гэтага моманту, кінуліся ўцякаць у ўтвораны прамежак у ланцугу аховы.

Імгненная думка працяла Мацееў розум: «Уцякай!» — уладарна штурхнула наперад. Ногі, якія ўвесь час Кузьмініч з цяжкасцю сунуў па дарозе, зараз займелі сілу і, лёгка адрываючыся ад зямлі, панеслі яго прэч ад палону. Уцякаў, не разбіраў ні шляху, ні куды бяжыць, толькі адно — хутчэй, хутчэй адсюль. І з кожным крокам, з кожнаю хвілінаю волі ім ахоплівала прагнае жаданне абавязкова выратавацца. Ён бег і быў упэўнены, што за ім, а не за другімі гоняцца татары. А ззаду даганялі лямант і крыкі, тупат ног, іржанне коней. Ляцелі хвастатыя стрэлы — з хрыплымі стогнамі падалі забітыя. І раптам Кузьмініч спыніўся — уперадзе ляжала голае, без адзінага дрэўца ці хмызняку поле, і толькі ўдалечыні цямнеў такі жаданы лес, але да яго было не дабегчы. Мацей падаўся да напалову спаленага хлеўчука, што знаходзіўся непадалёку. Не паспеў Кузьмініч да хлеўчука дабегчы, як адтуль даляцелі нечыя злосныя галасы і шум барацьбы; нехта адчайна ўскрыкнуў, потым крык перайшоў у глухі хрып і заціх. Мацей спыніўся, азірнуўся па баках. Куды схавацца? Нідзе не бачыў ён надзейнага сховішча.

А вакол беглі людзі. Іх даганялі татары, секлі шаблямі, тапталі коньмі, накідвалі арканы. Уцякаць!

На агародзе Кузьмініч убачыў драўляны кодаб падстожніка, які трымалі невысокія драўляныя слупы. Паміж зямлёй і насцілам з бярозавых жэрдак чарнела шчыліна, у якую мог пралезці чалавек. І Мацей пабег туды. Апусціўся на зямлю і гатоў ужо быў упаўзці ў шчыліну, як адтуль з цемры нехта злосна прашаптаў :

— Куды прэшся? За цябе і мяне татарва зловіць. Шукай другое месца.

— Прэч! — Кузьмініч адштурхнуў нечыя рукі, што паспрабавалі спыніць яго, і залез пад насціл.

Каля гадзіны татары лавілі нявольнікаў. І ўвесь гэты час Мацей таіўся бок аб бок з невядомым пад насцілам падстожніка. Раз татары амаль за некалькі сажняў прабеглі каля іхняга сховішча, так, што ўцекачы бачылі іх ногі. І пасля, як крымчакі пакінулі весь, як праскакалі па дарозе апошнія татарскія загоны,яшчэ доўга ні Кузьмініч, ні ягоны таварыш па сховішчы не наважыліся пакідаць яго.

 

Пад вечар, калі сонца, быццам свежая рана, што крывавіць, заліло чырванню захад, яны нарэшце вылезлі з-пад падстожніка. Але колькі ні ўслухоўваліся да цішыні, акрамя трывожнага каркання груганоў ды тужлівага сабачага выцця, нічога не пачулі.

У вечаровай маўклівасці крадком адыходзіў у мінулае сённяшні дзень. Сонца ўжо напалову схавалася за лясныя вершаліны. Залаціста-чырвоны водбліск сонечных промняў высвечваў захад. Горкі пах дыму плыў у паветры.

Незнаёмцам аказаўся нейкі несамавіты мужычок, апрануты ў падзёрты (што тырчалі вонкі шматкі чорнай аўчыны) кажушок і зацяганыя, латаныя-пералатаныя сарочку і парты.

— А вось запалонілі Цітка! — радасна ўскрыкнуў ён, перагнуўся і ўдарыў далонню па задзе.— Во выкусіце-це-це, саколі-кі! Уцёк! Уцёк! — ад радасці ён ускудлаціў на галаве свае тлустыя, нямытыя валасы і прыняўся радасна прытоптваць босымі нагамі па зямлі. Кузьмініч адвярнуўся ад яго і пакандыбаў да -лесу.

— Пачакай, пачакай! Я з табою,— дагнаў Мацея мужычок, і, заглядваючы ў твар, прамовіў: — Мяне Цітком клічуць, а цябе як?

Ціток так і не пачуў адказу, Мацей, не гледзячы на яго, моўчкі крочыў да лесу.

— Чаго гэта маўчыш? Язык праглынуў? Тут воля, воля! Радавацца трэба,— амаль крычаў Ціток: з ноздраў яго мясістага носа пры кожным выдыху са свістам вылятала паветра.

— Адчапіся,— адказаў Мацей.

Радасны і бесклапотны гэты чалавек раздражняў Кузмініча.

Неўпрыкмет сцямнела. Па небе паўзлі чорныя цяжкія хмары. У іхніх разрывах выглядалі месяц і першыя зоркі. З нядаўна кошаных лугоў пахла сенам, якое вабіла хатняй утульнасцю чалавечага жытла. Стракаталі конікі, і так гучна, што, акрамя іхняга цакатання, нічога нельга было пачуць. І раптам, бог ведае чаму, конікі заціхлі. Навокал павісла ціш, і толькі людскія крокі парушалі яе. Нават з лесу не чулася птушыных спеваў. Лес, ахутаны змрокам, панура маўчаў. Мацею зрабілася не па сабе, быццам зараз зямлю чакала нейкая бяда. Нават надакучлівая заедзь і тая некуды падзелася і не вілася каля вуха. Прымоўк, уражаны гэтай злавеснай цішынёй, і Ціток. Так йшлі яны — два чалавекі — упоцемках, у нежывой цішы, нібы апошнія жыхары зямлі, і прыслухоўваліся да сваіх крокаў. Ціток не вытрымаў.

— Што гэта? — нясмела папытаўся ён і дробным трушком пабег наперад. Крокаў за трыццаць спыніўся, прыслухаўся і радасна пляснуў у далоні, закрычаў Кузьмінічу: —Птушка, чую птушку!—І сапраўды, падышоўшы бліжэй да Цітка, Мацей пачуў нясмелы голас нейкай птушкі. Голас яе раздаўся і тут жа сціх. Не, жыццё не вымерла. І з кожным крокам, які набліжаў двух людзей да лесу, усё болей гучалі птушыныя галасы: аднекуль з балота адзываліся жабы.

Дабраўшыся да лесу, яны выбралі месца нанач. Дакладней, выбіраў Ціток, а Мацей моўчкі паслухмяна апусціўся пад ялінай, каля якой аблюбаваў той начлег.

— Што ты за чурыла такяй? — зноў прычапіўся да Кузьмініча Ціток.

— Загінулі бацькі мае і брат...

— Ах,— Ціток пачухаў лоб, вінавата заміргаў сваімі хітраватымі вочкамі.— Ах... Ты сядзі, сядзі, а я сам вогнік развяду.

Ціток назбіраў сухазелля, дастаў з кішэні крэсіва і цэру.

Хутка ўжо гарэла вогнішча, ягонае вясёлае патрэскванне, смалісты дымок, што пацягнуўся ўгору, неяк заспакойвалі Мацея. Ён стомлена лёг на яловы лапнік, які наламаў Ціток, і адразу заснуў.

Ноччу, упершыню за гэтыя пакутлівыя дні, прысніліся маці і родны дом. Сніў крыты драніцамі дах роднай хаты, якая была бачна здалёку, дубовыя вароты, што вялі на двор, бярозку на двары — усё такое знаёмае і мілае сэрцу. Сніў налітыя сонцам маліны, што раслі ў палісадзе. Сніў матулю, якая сустрэла яго на парозе дома... Вось рыпнулі старыя дзверы, і маці са слязьмі абдымае яго, вядзе ў святліцу. А тут нічога не змянілася: разная паліца на сцяне, счарнелыя бэлькі, абразы ў чырвоным куце, стол, за якім садзілася ўся сям’я снедаць, дубовая лава ля сцяны, пабеленая печ, шафа для посуду. Ён сядае на лаву, маці дастае з печы сняданак, які яшчэ сыходзіць духмянай парай, частуе яго з дарогі, пытаецца, дзе ён быў, як жыў без яе. Ён есць, а маці сядзіць перад ім, не зводзіць з яго вачэй, сумных і добрых. Ад радасці згладжваюцца на матуліным твары зморшчынкі. Мяккія пяшчотныя рукі пакояцца на каленях. Няма мілей гэтых зморшчынкаў, гэтых добрых далоняў. Ён цалуе маці, цалуе яе далоні. Яму радасна, што вярнуўся дадому. Зноў побач з ім матулька, родная і дарагая ягоная матулька. Вунь і бацька ў хату ўваходзіць — вярнуўся з ляснога абходу. Стрымана вітаецца, пытаецца пра дарогу, стомлена садзіцца побач з ім на лаву, вунь і малодшы брат: убачыўшы яго праз акно, бяжыць хутчэй у хату. Аднак душу ўвесь час не пакідала нейкая трывога, адчуванне чагосьці непапраўнага і незваротнага. І толькі, калі Кузьмініч прачнуўся — сцяміў, ад чаго гэта. Нагадаў пра смерць бацькоў і зразумеў, што дадому ён вярнуўся толькі ў сне, і ад роспачы заплакаў, першы раз у жыцці. Усё знікла ў гэтае імгненне для яго, застаўся толькі адчай і жорсткае ўсведамленне таго, што здарылася якіясь чатыры дні таму.

Раніцай, прытуліўшыся спінай да яліны, Кузьмініч думаў, куды яму падацца: ці вяртацца дадому, ці шукаць людзей, і галоўнае, што тупым болем нагадвала пра сябе — як і дзе падмацавацца. Ён сарваў некалькі лісткоў заечае капусты. Марудна прыняўся яе жаваць. Рот напоўніўся зялёнай кіславатай пенай, ад якой сцяла сківіцы. Не, голад не падмануць, жывот патрабаваў ежы, а не гэтай кіслай былінкі.

Сонца ўжо даўно накіравала пяшчотныя і цёплыя промні ў прыціхлы лес. Густы і знобкі туман, папоўз да нябёсаў. Блішчэла на кожным лісточку, на кожнай травінцы крыштальнымі россыпамі раса. Лес ажыў. Дзесьці ўверсе, над галавой, дзелавіта гудзелі пчолы. З гушчару даносіліся птушыныя галасы, гучныя і радасныя. Мільгануўшы вогненна-рыжым хвастом, прабегла ліса. Праляцела з вясёлым рогатам, сатрасаючы крыламі паветра, чарада драздоў. Мацею не было ніякай справы да ўсяго гэтага, як прыгнечанаму горам бядаку, што прыйшоў у царкву маліцца богу аб літасці, да адмысловага і багатага яе аздаблення. Ён расштурхаў Цітка, які яшчэ соладка спаў, і ўдвух яны пакрочылі па ледзьве прыкметнай між зараснікаў крушыны, сцябліністым маркоўніку і дудніку, сцежцы. Мокрае ад расы голле дрэваў і траў вымачылі іх з ног да галавы. Даволі доўга прабіраліся па лесе, пакуль сцяжынка не вывела іх да балота. Пацягнула вільгаццю і гніллю застаялай вады. На беразе сярод чароту, што падняўся сцяною вакол балота, гібелі рэдкія кусты лазняку, а далей, між купін дзікага травастою і плюшак, выглядала халоднаю ржаваю вадою сама багна, а там, на другім беразе, убачылі шлях. Яны трымаліся ўздоўж балота, жадаючы абысці яго і выбрацца на шлях.

Але адтуль раптам пачуўся пошчак капытоў; бразганне цугляў і конскі храп. Кузьмініч і Ціток хутка схаваліся ў хмызняку. У ездных, што паказаліся на шляху, Мацей пазнаў слуцкіх вояў, абрадаваўся ім і выбег са сховішча. «Свае!» — крыкнуў ён Цітку.

— Ат, каб іх...— незадаволена адмахнуўся мужычок.— Бывай, хлопча. Бывай,— і Ціток шмыгнуў у хмызняк.

Дзіўна, здавалася, нічога агульнага між імі не было, нічога Мацей не ведаў пра гэтага чалавека, а вось пакінуў яго, і стала шкада. Густыя галіны хмызняку схавалі Цітка, і Кузьмініч пабег да балота.

З першых крокаў па багне зямля пад цяжарам чалавека пачала прагінацца. Пад нагамі паціху піснула вада. З енкам узляцела ў паветра некалькі кнігавак.

— Гэй, гэй, спыніцеся! — паклікаў Кузьмініч вояў.

Яго пачулі, ваяры спынілі коней. Яшчэ адзін крок і яшчэ адзін. Ногі шуганулі ў багну амаль па калена. Незадаволена зашыпелі бурбалкі, што падняліся з гразкага дна. Кузьмініч з цяжкасцю выцягнуў ногі і, пераадольваючы багну, дабраўся да берага. Адзін з ваяроў саскочыў з каня і, працягнуўшы Мацею руку, дапамог яму выбрацца з балота.

— Гы-гы-гы,— мясістыя губы ваяра расплыліся ў дурнаватай усмешцы.— Каго цікуеш, хлопец тутака?

— Хто такі? — сурова спытаўся ў Мацея невысокі, апрануты ў шляхецкую вопратку: чырвоны жупан і зялёны суконны кунтуш паверх кальчугі, ваяр.

— З палону ардынскага ўцёк. Шукаю сваіх.

Той, хто пытаўся і быў старэйшы сярод ваяроў, утаропіўшы на Мацея маленькія бліскучыя, бы пацеркі, лупатыя вочкі, зноў спытаўся:

— Дзе татары?

— Не ведаю. Учора па Клецкім шляху йшлі,— паказаў Кузьмініч убок, адкуль прабіраўся па лесе.— Вазьміце мяне да сябе. Мой бацька асочнікам служыў у княгіні, яго татары забілі, і дзядзька лоўчым служыць пры княгіні.

Шляхціц шмыгнуў гарбатым, навіслым над танклявымі вуснамі носам, рэзка кінуў:

— Нельга.

— Як гэта нельга! — раптам абурыўся вой, які дапамагаў Мацею выбрацца з балота.— Хлапца кінеш аднаго тут? Не па-боску робіш, Бойка.

— Чаго вызверыўся? Забыўся, дзе знаходзішся? — нядобра зірнуў на яго Бойка.

— Ат...— зняважліва махнуў рукою вой.— Татараў і духу не чуваць, а ты, Бойка, усім глотку затыкаеш. Не пужайся задарма, станеш ты сотнікам, а потым і ваяводзічам слуцкім,— грэбліва мовіў той.— Дый не злуй, не злуй, а то вантробы перагараць. Гы-гы-гы...

Бойка спакойна выслухаў ваяра, але чырвоныя гняўлівыя плямы, што па-здрадніцку выступілі на ягоным твары, выдалі тую злосць, якая, пэўна, зараз кіпела ў душы шляхціца.

— Зноў за сваё! Частап’ян? — даволі спакойна прамовіў ён.— Чаго табе занатурылася ўжо?

— Бойка, ты еджай, еджай. Я цябе даганю,— лагодна прамовіў Частап’ян.

Бойка незадаволена перасмыкнуў тварам, маленькія вочкі помсліва бліснулі.

— Ну, зюкайся, зюкайся,— прашыпеў ён.

— Гы-гы-гы...— аскаліўся ў адказ Частап'ян,— Так і зраблю.

— Хопіць, паехалі далей,— стрымліваючы злосць, загадаў Бойка астатнім воям і першы крануў свайго каня, за ім і яны адправіліся ў шлях.

Прагрукацелі і сціхлі ўдалечыні конскія капыты — езнікі зніклі з вачэй. Частап’ян і Мацей засталіся ўдвух. Ваяр пачаў быў распытваць Кузьмініча пра татарскі палон. Куды лепш, каб той здагадаўся пачаставаць яго чым-небудзь, каб хоць неяк спатоліць голад. І Мацей не вытрымаў, спыніў ваяра:

— Даў бы чаго пасілкавацца. Які ўжо дзень галодны.

— Зараз, зараз. Там у мяне тое-сёе засталося.

Частап’ян падскочыў да каня і з тайстры дастаў кавалак вяндліны, лусту хлеба, цыбуліну — усё працягнуў Мацею. І пакуль той еў, не сунімаўся, тарахцеў языком.

— А мяне Частап’янам клічуць. Гэта Пустабрэх, каб яго хондзя1 прыдумаў мне такую прозву. Языкаваты свісцёлка. Сам апівошына добры, а мне прыляпіў Частап’яна — вось і клічуць цяпер. Ды я не крыўдую, чорт з ім. Кажаш, стрый твой лоўчы ў княгіні? Ведаю Карпа Кузьмініча, добры муж, свой. А ты яму братаніч? Мо і возьме сотнік цябе да сябе. Шыкуліч таксама мужык свой. З разуменнем, калі трэба, і нам дыхнуць дае воляй. Не тое што Бойка — гаўчо малое. Усё жадае выслужыцца, каб яго хондзя трасла, асталопіна. Вось дзе пакута нам. Усё дзярэцца, вішчыць. На ваніты цягне ад яго. Народзіцца ж такая гніда людзям на пакуты...

Так ён тарахцеў языком, пакуль на шляху не паказаўся атрад слуцкіх вояў, з двух дзесяткаў шабель — чата, якую выслала княгіня Настасся цікаваць за татарамі. Уперадзе скакаў у баявых даспехах — кальчузе, сталёвых наручах і падкладах, у місюрцы на галаве — сотнік Якуб Шыкуліч. За ім паганяў пародзістага дрыганта з атласнай чорнай поўсцю і белымі панчохамі на пярэдніх нагах — малады князь Юрый Алелькевіч. Ён, моцна абхапіўшы нагамі бакі каня, як вопытны вершнік, сядзеў у сядле, абітым шкураю балотнай рысі. Кольчаты панцыр і нагрудны даспех — бахтэрац, што луской блішчаў на князю, жалезны шлем з барміцай і навушамі і выбітымі на ім гербам князёў Алелькевічаў, рыцарскі пас, аздоблены залатымі пласткамі, сталёвыя наручы і падклады, шабля ў срэбных похвах, што вісела на наборным з пазалочаных бляхаў пасе, калчан са стрэламі, тугі лук, што былі прымацаваны, баявая сякера-стрыкуса ў ольстры — надавалі князю выгляд сталага ваяра. Але малады чырванашчокі твар з пушком, што прабіўся над верхняй губою і на сківіцах, выдаваў юны ўзрост Алелькевіча. Юрый без ведама княгіні далучыўся да чаты. Як празнаў, што ўслед за татарамі нараджаюць віжаў2, патаемна сабраўся і ўжо за горадам разам з двума слугамі нагнаў Шыкуліча. Сотнік адгаворваў вярнуцца назад у замак, але князь не паслухаў. Не праехалі і пяці вёрстаў ад Слуцака, як чату нагнаў княгінін вястун. Настасся загадвала сыну вярнуцца назад. Князь перадаў вестуну, што яму вялікі сорам і ўзгардна сядзець дома: як-ніяк, а ўжо пятнаццаць вёснаў мінула, у такім узросце час ужо стаць у баявое стрэмя.

Малады Алелькевіч не раз наязджаў са сваім бацькам, князем Сымонам Міхайлавічам, да Кузьмінічаў на ловы. Слуцкі князь часта пакідаў Юрыя ў асочніка, каб пажыў сын жыццём паляўнічых, жыццём простых шляхціцаў. І былі сумесныя з Мацеем і Мечкам Кузьмінічамі цяжкія вандроўкі па пушчы днём і ноччу, летам і зімой, былі ночы каля вогнішча, быў вецер, што працінаў да касцей, і яны прытуляліся адзін да аднаго, каб сагрэцца, быў салоны пот ад доўгіх пераходаў, былі пагоні за зверам і радасць ад трапнага стрэлу. Аднак памёр князь Сымон, і княгіня Настасся болей не адпускала сына да Кузьмінічаў. Тры гады не бачыліся Мацей і Юрый, і вось бог спадобіў сустрэцца. Мацей кінуўся насустрач Алелькевічу.

— Князь Юрый!

Юрый услед за сотнікам спыніў дрыканта.

— Кузьмініч? — здзіўлена прамовіў княжыч, пераглянуўся з сотнікам.— Ты адкуль? Што тутака робіш?

Мацей распавядаў, што з ім адбылося ў гэтыя апошнія дні.

— І што збіраешся рабіць? — запытаўся князь.

— Трэба было б вярнуцца дадому. Але месца маё цяпер тутака, з вамі.

— А-а, ха...— княжыч хацеў нешта мовіць, але, пэўна, перадумаў.— Заставайся.

— Галуха, вазьмі шляхціца да сябе,— загадаў сотнік аднаму са сваіх вояў.

Вой пад’ехаў да Кузьмініча, панура выдыхнуў: «Сядай». Мацей ускочыў на ягонага каня. Так і паехаў далей са слуцкімі воямі. На адпачынку яго пакармілі, а той жа Галуха змазаў барсучыным тлушчам на спіне крывавыя пісягі ад татарскіх бізуноў. Ваяры далі Кузьмінічу чыстую льняную сарочку і паношаныя, але яшчэ добрыя порты. Скінуў парванае і акрываўленае сподняе, у якім быў усе дні палону, пераапрануўся ў новую вопратку. Пад вечар коні і людзі стаміліся і з нецярплівасцю чакалі адпачынку. І ў Мацея ад язды на кані нылі спіна і паясніца. Воі з радасцю ўспрынялі загад сотніка спешыцца на ноч. Запалілі вогнішчы, прыгатавалі вячэру, збудавалі буданы і, выставіўшы варту, леглі спаць.

Ноччу, ужо перад самым ранкам, пачаў паціху сеяцца дождж. Аднекуль нагнала цяжкіх хмараў. На небе раптам успыхнула маланка, і на імгненне ноч асвятлілася бляклым святлом, аднак пярун маўчаў. Дробны і па-летняму цёплы, але затое густы дождж мацнеў, барабаніў па зямлі, на лісцях дрэў, па дахах буданоў. Воі, якія спалі каля вогнішчаў, прачыналіся, незадаволена лаяліся, беглі да буданоў. Тыя, хто там спаў, пацясніліся, аднак ужо да раніцы не заплюшчвалі вачэй. Селі, пачалі весці размовы, клясці дождж, чакаць раніцы.

Успыхвалі на небе маланкі, бязгучна і лёгка, бы далёкія зарніцы. Нарэшце з нарастаючым вуркатам, падобным на трэск ільду пад час крыгаходу, адазваўся пярун і заціх. Дождж мацнеў. Неўзабаве наплылі лужыны, па якіх весела скакалі бурбалкі. Бліснула маланка, і зноў азваўся Буркатам пярун і заціх дзесьці ўдалечыні. Пахла свежаю зямлёю, травамі, кветкамі. Воі палілі грамніцы, каб адвесці пагрозлівага Перуна, перагаворваліся міжсобку, згадвалі выпадкі з баявога жыцця, а ён успамінаў родны дом.

 

1 Хондзя — ліхаманка.

2 Віж — тут разведчыкі.

ІV

Шлях, шлях... Бяжыць ён наперад, туды за далягляд, паўз лясы, жытнія палеткі, лугі, рачулкі. Весі, што сустракаліся слуцкім воям, нібы вымерлі: жыхары пакінулі свае хаты і хаваліся па пушчах ад варожай навалы. Хлюпае пад конскімі капытамі слата. З навіслых над зямлёю хмараў сыпле дождж. Панурыя твары вояў; ім бы адпачыць, абагрэцца ў цяпле чалавечага жытла, падсілкавацца, але — шлях, шлях...

Каб не Частап’ян, які аддаў яму свой плашч, Мацей бы змокнуў да апошняга рубца. Кузьмініч хутаўся ў плашч, трохі саграваўся ад настылага ветру і дажджу. Частап’яна ратаваў цёплы скураны гамбізон.

Пад вечар чата дабралася да вымення шляхціца Каліноўскага, даволі заможнага і багатага ўладара, які загінуў гадоў пятнаццаць. Зараз тут гаспадарыла ягоная жонка. Тут вырашылі і спыніцца нанач.

Акружаная высокім плотам з тоўстых дубовых плах і непралазнымі зараснікамі глогу і шыпшыны, што густа спляліся голлем міжсобку, сядзіба нагадвала непрыступны замак. Гаспадарчыя пабудовы: хлявы, паветка, гумно, дрывотнік, сеннік — утварылі замкнёны чатырохкутнік, усярэдзіне якога знаходзіўся прасторны дом Каліноўскіх.

У сядзібе, забачыўшы ваяроў, перапудзіліся. Дворная чэлядзь, узброіўшыся сякерамі, віламі і косамі, падрыхтавалася да абароны. Але гаспадыня, пані Ядвіга, даведаўшыся, што яе госцем будзе слуцкі княжыч Юрый Алелька, загадала адчыніць браму. Сама выйшла сустракаць нечаканага госця. Нестарая кабеціна з прыгожым, нягледзячы на першыя зморшчыны, тварам ветла заўсміхалася князю:

— Калі ласка, княжа. Заязджайце да нас. Рады бачыць.

За яе спінай стаяла ўзброеная чэлядзь, з непрыхільнасцю паглядала на ваяроў. Трохі ўбаку тупаў хударлявы юнак, пэўна, сын пані Ядвігі. Першы пушок выбіўся на ягоным амаль яшчэ дзіцячым твары. Ён сарамліва адводзіў вочы, нібы саромеўся той зброі — шаблі, штылета, калчана са стрэламі, лука цераз плячо,— што была начэплена на ім і так не стасавалася з яго выглядам.

— Хай бласлаўлёны будзе гэты дом,— прамовіў князь і перахрысціўся.— І не палохаецеся заставацца тутака? — спытаўся ён у гаспадыні.— Вакол татарва.

— Палохаемся, княжа, Дый не кідаць жа дабро. Тады хлопы ўсё вылупяць. А татараў, можа, дасць бог, бокам пранясе. Можа, і не дабяруцца да нашай глушы.

На двары воі пакінулі сёдлы, прывязалі коней да конавязей, пакармілі іх з торбаў аўсом, аслабілі падпругі, але не рассядлоўвалі. Сотнік даваў загады: каму несці варту, каму дапамагчы слугам засвежаваць кабана на вячэру, каму паіць коней. Астатнія, хто не быў заняты справай, разам з князем пайшлі ў хату. Утульнасць і цяпло чалавечага жытла, яловых бёрнаў, смалістага дымку з каміна, балюча нагадалі Кузьмінічу пра родны дом. Аж сціснулася сэрца... Хіба не шчаслівыя гэтыя людзі, маючы свой дом, свой прытулак, дзе могуць адпачыць, прыняць сяброў і гасцей? А ў яго гэтага ўжо няма. І пустата ў душы, горыч...

У прасторнай гасцёўні накрывалі стол. Ваяры паселі на шырокіх лавах уздоўж сцен. Хто чысціў зброю, хто цешыў сябе показкамі і гучна смяяўся. Шляхціц Жданка Буйвід найграваў нешта сумнае на лютні, некалькі галасоў падпявалі яму. Каля каміна па чарзе сушылі вопратку. Князь Юрый сядзеў у высокім дубовым крэсле, моўчкі паглядаў на ваяроў і думаў пра нешта сваё. Увайшоў сын гаспадыні, Лесь, за ім двое слуг прынеслі чашы, браціны і дзежачку мёду. Ваяры павесялелі. Гучней зазвінелі галасы. Забылася пра сум у руках Буйвіда лютня. Смех... Але чаго ён злуецца на гэтых людзей? Гора і радасць — яны ў жыцці побач.

І чаго гэтым людзям засмучацца? Гэта ў яго, у Кузьмініча, гора, яму баліць, яму не да смеху і весялосці, а ім... Гора яшчэ не дакранулася іх сваёй рукой. Іх памяць не абрываецца на дні вялікіх стратаў. Так яно і павінна быць — смех і слёзы. Мацей паглядаў у акно. За ім па-ранейшаму сыпаў дождж. Стаялі сіратліва вымаклыя дрэвы. Па лужынах ад дажджавых кропель разбягаліся кругі. Забіўся ў будку сабака і адтуль панура паглядаў на двор.

Ажыўленне выклікаў прыход гаспадыні з дачкой. Прыгожая, стройная дзяўчына гадоў семнаццаці прыцягнула позіркі мужчын. Яна была апранута ў светла-зялёную сукенку з бакгазыі. З-пад парп’янавай жупіцы выступалі маленькія чашы грудзей, з неглыбокага выразу выглядала смуглявая пяшчотная шыя. Срэбная дыядэма перахоплівала чорныя смалістыя валасы, гладка зачэсаныя назад і заплеценыя ў касу. Два лёгкіх лоханы спадалі на паружавелыя шчокі. Вялікія блакітныя вочы з доўгімі веямі і густыя чорныя бровы, ледзь прыўзнятая верхняя губа, што агаляла краёчак белых зубоў, смуглявая скура надавалі дзявочаму твару своеасаблівую і выразную прыгажосць.

— Мая дачка — Яня,— не хаваючы задавальнення, прамовіла пані Ядвіга, якая і сама паспела пераадзецца ў сарафан і накінула на шыю бурштынавыя пацеркі.

Дзяўчына падышла да князя, ледзь прыкметна пакланілася яму. І хоць на ейных вуснах была ветлая ўсмешка, вочы ганарліва сустрэлі позірк Алелькі.

— А ты, панна, прыгожая,— неяк нават разгублена, нібыта і не ведаў, што мовіць, павольна прагаварыў князь, падняўся з крэсла і пакрочыў да дзяўчыны.

— Ведаю,— зусім спакойна, калі не абыякава, адказала дзяўчына, нібыта ўжо прызвычаілася да падобных прызнанняў. Але ў тым руху, вытанчаным і мяккім, з якім Яня паправіла пасму валасоў, што спадала ёй на лоб, адчувалася патаемнае жаданне спадабацца князю.

Мацей, які быў азірнуўся на дзяўчыну, зноў загледзеўся ў акно. Дый і чаго зыркаць на гэтую прыгожую ганарлівую ляльку, якая нос падымае перад простымі шляхціцамі і гатова растаць перад князем.

На вуліцы раптам пачуліся ўстрывожаныя крыкі, на якія спачатку ў святліцы не звярнулі ўвагі, але тут жа сюды ўбег вой і з парога крыкнуў:

— Татары!

— Дзе? — рэзка спытаўся князь, азірнуўшыся на воя.

— З лесу скачуць!

— Ах, кадук іх пабраў,— вылаяўся нехта.

— Да зброі,— загадаў Алелька.

Тут жа да яго падбеглі слугі і дапамаглі апрануць бахтарэц. Мацей чакаў, што зараз сярод ваяроў пачнецца штосьці падобнае на паніку, але яны хаця і паспешліва, але без лішніх слоў дзелавіта зашпільвалі рамяні даспехаў, разбіралі зброю. Радасна блішчэлі вочы ў Леся. Разгублена стаяла Яня, усе забыліся пра яе.

— А што гэта будзе? Людцы, вы ж мяне не кідайце адну,— бегала сярод вояў пані Ядвіга.— Бо-ожачка-а, пранясі!

Сотнік разам з князем выбеглі з хаты, па драбінах узабраліся на дах, за імі падняўся і Кузьмініч.

З лесу да сядзібы скакаў конны загон. Па грывастых бахматах і бунчуках, што луналі ў паветры, пазналі татараў.

— Чалавек дваццаць,— мовіў князь.— Адолеем.

— Не,— панура адказаў сотнік.— Вунь, княжа, глянь,— паказаў ён рукою ў другі бок.

Адтуль скакала каля сарака езнікаў. На хаду падковай ахоплівалі выменне.

— Трапіла птушачка кошцы на зубы,— вылаяўся злосна сотнік.

Заставаўся адзін вольны бок — да рэчкі, але гэта рызыкоўна: ваяры ў баявых даспехах не пераправяцца цераз рэчку. Мацей, у якога не было даспехаў, мог рызыкнуць, мо конь і перанясе яго. Ён верыў, што калі яму ўдасца пераправіцца на другі бераг, дык зможа здзейсніць нешта немагчымае, неверагоднае, што выратуе вояў, прымусіць татараў адступіць. І таму, пакуль ёсць час, пакуль татары яшчэ не акружылі выменне, трэба дзейнічаць. І ў запале прапанаваў:

— Сотнік, мо я прарвуся да рэчкі і на помач каго прывяду.

Раздумваць ці выбіраць сотніку не ставала часу. Ён толькі на імгненне зірнуў на Мацея. Шэрыя суровыя вочы ўспыхнулі надзеяй.

— А што! Бяры майго каня і давай! — Ён сунуў у рукі Кузьмінічу корд.— Згадзіцца.

Мацей схапіў корд і кубарам скаціўся ўніз па драбінах. Праз хвіліну ён ужо пакідаў на сотнікавым кані сядзібу.

— Скачы напрасткі цераз лес. Там ваколіца шляхціцаў Валадковічаў — яны пасілак прышлюць,— пракрычаў яму Лесь.

Мацей хітнуў галавой, зразумеў. Азірнуўся і сярод тых, хто з надзеяй глядзеў на яго, убачыў і Яню. І ад думкі, што вось і гэтая дзяўчына будзе думаць пра яго, маліць бога, каб яму спрыяла ўдача, стала прыемна на душы. Конь у сотніка быў добры, бег лёгка і хутка. Але татары заўважылі вершніка, што пакінуў сядзібу, і пусціліся па полі напярэймы. Высокае жыта перашкаджала бегу іхніх коней.

Кузьмініч даскакаў да берага, накіраваў каня ў зараснікі чароту. Пад конскімі капытамі захлюпала вада. Плазам корда Мацей высвенціў каня па крупе. Жывёла з цяжкасцю прабіралася праз густы травастой, цяжка дыхала, узмыленыя бакі дрыжалі ад напружання, з рота падалі белыя шматкі пены. Ногі грузлі ў дрыгвяністай вадзе; Мацей азірнуўся — татары былі на адлегласці палёту стралы. Саскочыў з каня, схапіў яго за паводдзе і сілком пацягнуў яго ў рэчку. Прагула страла, другая, трэцяя. У запале Мацей не звяртаў на іх увагі. Загнаўшы каня ў ваду і ўхапіўшыся за конскую шыю, Кузьмініч паплыў цераз рэчку.

Татары падскакалі да ракі і з тугіх лукаў сталі пускаць стрэлы. Некалькі стрэл плёснулася побач. Адна трапіла каню ў шыю, і жывёла з глухім храпам у крывавай пляме, што разыходзілася па вадзе, апусцілася на дно. Каб не выпрабоўваць лёс, Мацей нырнуў пад ваду. Трымаўся як мага болей, а потым, на імгненне вынырнуўшы, хапаў глыток свежага паветра і зноў пад ваду. Плынь несла яго ўніз. Кузьмініч падплыў да таго месца, дзе над вадою схілілася вярба. Хаваючыся ў яе зеляніне, ён выбраўся на бераг, хаця татары заўважылі Кузьмініча і некалькі стрэл тут жа працялі лістоту дрэва. Дзе паўзком, дзе подбегам ён дабраўся да лесу. Праз зеляніну дрэў убачыў, як татары, пастраляўшы, павярнулі коней да сядзібы і з крыкамі пусцілі іх угалоп. Кузьмініч з палёгкай перавёў дых. Удачная, калі не лічыць страты каня, пераправа цераз рэчку прыдала яму сілы і рашучасці. Ён выбраў высокую яліну і ўхапіўся за галіны, падцягнуўся, забраўся па дрэве да самай вершаліны, якую, як мачту, разгойдваў вецер. За рэчкай усчаўся бой. Татары з крыкамі і свістам, закідваючы сядзібу хмарай стрэл, пайшлі на штурм. Абаронцы з-за плота, з дахаў гаспадарчых пабудоў, з гарышчаў адстрэльваліся з лукаў, кушаў і ручніц. Толькі б выстаялі да цемры, а там татары наўрад ці палезлі б на штурм, сталі б чакаць ранку. Хаця б гадзіну якую пратрымаліся!

Мацей хутка злез з дрэва і зашкандыбаў у кірунку, які паказваў Лесь.

Неўпрыкмет спусціліся поцемкі. Дождж ужо скончыўся, але тут у лесе, здавалася, ён працягваўся. З лістоты ўвесь час з шумам падалі дажджавыя кроплі, і здавалася хтосьці крочыў услед за Мацеем або насустрач. Гэтае ўяўленне ўзмацнялася і тым, што ў цемры кожнае невялічкае дрэўца паходзіла на чалавечую постаць. Аднойчы яму так натуральна здалося, што нехта крочыць яму насустрач, што ён, затаіўшы дых, спыніўся і, сціскаючы ў руцэ корд, да болю ў вачах стаў углядацца ўперад. Постаць не набліжалася, так і заставалася на адным месцы. Кузьмініч асцярожна пакрочыў да яе.

Зблізу постаць набыла абрыс дрэва. Аднаго разу нага нечакана слізганула на слаце некуды ўніз, і Мацей ледзь не паваліўся. Выратавала тое, што паспеў ухапіцца за галіну дрэва.

Ён забраўся ў такі густы хмызняк што, выбіраючыся з яго, страціў вытрымку. Трэба было дзейнічаць, хутчэй знайсці людзей, а ён вось блукае па гэтым хмызняку, а там у сядзібе спадзяюцца на яго, чакаюць дапамогі. Ад роспачы Мацей ледзь не плакаў і ў злосці лаяў і хмызняк, і лес, і татараў, і сам сябе. Не звяртаў увагі на збітыя да крыві ногі, раздрапаныя рукі і твар. Расхінаючы голле, адводзячы яго рукамі ўбок, упарта лез наперад.

Лужок, на які Кузьмініч неўзабаве выйшаў, зарос густой роўнай травой, яна даходзіла яму да пояса. Гэты лужок узрадаваў яго. Хоць вакол стаяў пануры лес, але ад таго, што над галавой не суцэльнае голле і можна ўбачыць неба, а нават у разрывах хмараў месяц і зоркі, падняўся настрой. Ісці было і тут нязручна. Ногі блыталіся ў сцяблінах. Некалькі разоў з-пад самых ног успырхвалі ўстрывожаныя птушкі. За лужком зноў пацягнуўся лес, зноў зараснікі хмызняку і папараці, голле, на якое, таго і глядзі, напорашся вокам. Ён прайшоў ужо няблага, калі аднекуль з правага боку пачуў сабачы брэх. Кузьмініч накіраваўся туды. Наперадзе з цемры выступілі шэрыя абрысы пабудоў. Высокі дубовы плот акружаў ваколіцу. Мацей пастукаў у браму. Яму адчынілі адразу. Варта было крыкнуць у адказ, калі з-за плота нехта пацікавіўся, хто ён такі і што яму трэба: «Бяда, татары!» Зарыпелі на завесах вароты, і два ўзброеных шаблямі юнакі сустрэлі начнога госця. У святле паходняў, што трымалі вартавыя ў руках, Мацей разгледзеў іх. Ягоныя аднагодкі. Але адзін на аднаго непадобныя. Адзін, высокі, плячысты, з панурым і няветлым тварам, насцярожана паглядаў на незнаёмца. Другі высокі і хударлявы, ягоны твар па-дзявочаму быў пяшчотны і прыгожы.

— Ваколіца Валадковіча? — папытаўся Мацей.

— Ну так,— адказаў яму плячысты юнак.

Кузьмініч паспешліва распавёў пра напад татараў на сядзібу Каліноўскіх.

— Звядзі яго, Зміцер, да Войшаля,— звярнуўся да свайго таварыша плячысты.

Зміцер павёў Кузьмініча па вуліцы, забудаванай з двух бакоў хатамі, хлеўчукамі і другімі пабудовамі. Яны ўвайшлі ў адну з хат. У нос ударыў пах аўчыны, свежага хлеба, у цемры раздавалася соннае сапенне і прычмокванне. Лучына, якую запаліў Зміцер, асвятліла святліцу. Ад сялянскай хаты яе адрознівала толькі тое, што былі тут — падлога ды развешаныя па сценах шкуры звяроў і зброя: шаблі, шчыты, лукі, кальчугі; усё астатняе, як у звычайных сялянскіх хатах: печ, грубая самаробная мэбля, маленькія вакенцы. Каля сцен на палацях спала некалькі чалавек. Нехта з іх незадаволена вылаяўся на Зміцера. Але той, не звярнуўшы ўвагі на яго, праз святліцу пакрочыў у другі пакой. Адтуль данесліся галасы. Праз якое імгненне Зміцер выйшаў, а за ім — невысокі гадоў за пяцьдзесят мужчына, шляхціц Войшаль Валадковіч. Зачэсаныя назад прамыя пасівелыя валасы адкрывалі пукаты лоб. Твар з густой барадой і дзвюма глыбокімі маршчынамі-барознамі ад доўгага храшчаватага носа да сцятых буйных вуснаў быў пануры. Чорныя, бы мутная вада, вочы цяжкім позіркам слізганулі па Мацею. Войшаль сеў на табурэт, паклаў на стол кулакі. Адчувалася затоеная сіла ў ягоным моцным целе, у гэтых буйных сціснутых кулаках.

— Кажы,— коратка прамовіў ён голасам чалавека, які прызвычыўся загадваць людзьмі.

І Мацей зноў распяваў пра падзеі каля сядзібы Каліноўскіх.

— А ты сам хто? — выслухаўшы Кузьмініча, спытаўся Валадковіч.

— Кузьмініч Мацей, слуцкі шляхціц. Асірацеў на бацькоў ад татараў. Збег з ардынскага палону, сустрэўся з Алелькам.

— Падымайцеся,— прыкрыкнуў Валадковіч на сыноў, якія і без ягонага загаду ўжо падняліся з палацяў і слухалі Мацея.— Шчасны, скачы да Бедзішак, падымай іх,— звярнуўся бацька да старэйшага сына, такога ж невысокага і ладна збітага, як і ён сам, з такім жа цяжкім позіркам чорных вачэй, як у яго.— А ты, Харон,— у весь, да сялян.

— Добра,— хітнуў галавой Харон, нацягваючы на ногі боты.

— Зміцерка, падымай нашых, кліч да мяне,— наказаў Войшаль і юнаку, што прывёў Кузьмініча сюды.

Адзін за адным Валадковічы пакінулі хату. Са двара яшчэ нейкі час чуліся іхнія галасы. Выводзілі са стайні коней, запрагалі іх, сядлалі. Сюды ў святліцу выйшла гаспадыня, спыталася, што здарылася.

— Не сунься, калі цябе не просяць,— незадаволена сказаў Валадковіч.— Прынясі што на стол. Не бачыш — госць у доме. Ды дай што пераапрануцца яму.

Пакуль гаспадыня корпалася ў сенцах, Войшаль апранаўся, накінуў на сябе кальчугу, павесіў на пас шаблю. Зноў увайшла гаспадыня, паставіла на стол крынку малака, гліняную міску з некалькімі кавалкамі вэнджанага мяса і лустамі хлеба, паклала на палаці простыя сялянскія порты і сарочку, сярмяжную світку, скураныя пасталы. Мацей падзякаваў.

— А ты не грэбай, шляхціц. Не золатам вышытая адзежка. Усё са свайго мазаля ды поту маем,— прамовіў Валадковіч.

А Мацей і не грэбаваў, ён быў удзячны за той клопат, які аказвалі яму ў гэтым доме. Пераадзеўся ў сухое, павячэраў. Валадковіч зняў са сцяны адну з кальчуг і шаблю, прапанаваў Кузьмінічу. Лепшага падарунка ніхто зараз не даў бы. Не спяшаючыся, Кузьмініч апрануў кальчугу, адчуў прыемны цяжар на плячах. Потым перакінуў праз галаву перавязі з шабляй. Яе нягучнае бразганне аб кальчугу так спадабалася Мацею, што ён некалькі разоў запар, як бы выпадкова бразнуў крыжам шаблі аб жалезныя кольцы кальчугі. Адчуваў сябе воем.

У хату пачалі збірацца Валадковічы. Прыйшоў Войшалеў брат, Мікалай. Прыгожы мужчына гадоў за сорак. Капа сівых валасоў тапырылася на ягонай галаве. Твар быў жывы і вясёлы, вочы хітравата прамяніліся.

— Ну што, Кузьміч,— па бацьку звярнуўся Мікалай Валадковіч да брата.— Ваяваць будзем,— і засмяяўся гучным прыемным смехам.— Няма нам спакою.

З прыходам Мікалая ў хаце ажывілася, загучаў смех, жарты. Аднекуль з’явіліся жанчыны, завохкалі. Войшаль пакрыкваў на іх: «Не скугольце», Мікалай пацяшаўся над іх жахамі. Паміж дарослымі сноўдаліся з вясёлымі крыкамі дзеці. Прыйшлі і тыя юнакі, што ўпусцілі Мацея ў ваколіцу. Разам з маладымі Валадковічамі выхваляліся адзін перад адным зброяй. Нехта са старэйшых пакрыкваў на іх: «Маладзёны расхрабрыліся».

— Валадковіч, — не без гонару прамовіў Мікалай Валадковіч, падсеўшы да Мацея.— Гэта што... Вось раней... Няма ўжо бацькі нашага Кузьмы, палёг пад татарскімі шаблямі. Віценіча няма... таксама загінуў. Алехна, Янка памёрлі. Мы, Валадковічы, яшчэ пры Гедыміне служылі.

— Усе сабраліся? — звярнуўся да прысутных Войшаль.

Мацей налічыў адзінаццаць шляхціцаў.

— Усе, без тваіх,— адазваліся Валадковічы.

— Сядлаць коней трэба. Вызваляць Каліноўскіх і Алелькаў станем,— паведаміў Войшаль сваім сваякам.

І тыя адабральна загудзелі: «Давай, давай, чаго сядзім? »

Ужо, калі кароткая летняя ноч адыходзіла і на ўсходзе ў краі неба пачала пашырацца бялюткая рыса, з ваколіцы выступіў на конях атрад шляхты. Да Валадковічаў далучыліся восем чалавек шляхты з Бедзішак і дваццаць чалавек сялян.

Мацей, хістаючыся ў сядле, задумаўся. Колькі яму выпала перажыць за гэтыя апошнія дні.

 

Напасці нечакана на татараў, як гэтага жадалі шляхціцы, не атрымалася. Татарскія вартавыя паднялі ў кошы трывогу. Татары прачыналіся, разбіралі коней і шыхаваліся ў баявыя парадкі.

Ні шляхта, ні татары не пачыналі першыя. Чакалі, пакуль сыдзе туман. Паднялося агромістае чырвонае сонца. Людзі стульвалі вочы ад зыркага святла. Ад багатай расы луг, на якім спыніліся воі, зіхацеў срэбнымі бліскавіцамі. Росныя травы напоўнілі паветра духмянай свежасцю, пахла вільготнай зямлёй. Над галовамі праносіліся вогаліцы і зыранкі, з шумам сядалі на рэчку, краналі крыламі ваду. Дзень абяцаў быць бясхмарны і сонечны. І неяк не верылася, што зараз пачнецца жорсткая сеча, пральецца кроў. Цяпер можна было разгледзець шэрагі татарскага загону, што выстраіўся для бою. Дрыжалі ў руках вершнікаў дзіды. У сядзібе заўважылі шляхту. Абаронцы з дахаў будынкаў радасна махалі рукамі і віталі дапамогу.

Першыя бой распачалі татары. З баявымі крыкамі і віскам пусцілі сваіх коней ускач па жытнім полі. Татараў чакалі. Шляхта і сяляне выстраіліся ў баявы шыхт, выцягнулі з похваў шаблі і мячы, паклалі на лукі стрэлы. Татары імкліва набліжаліся. Войшаль падняў руку. Так, з паднятаю рукою, ён і чакаў набліжэння ворага. «Пагоня!» — крыкнуў Войшаль, махнуў рукой і першы пусціў каня, выхопліваючы на хаду з похваў шаблю. За ім рынуліся астатнія воі. «Пагоня! Пагоня!» — неслася над полем. Мацей, як ап’янелы, таксама штомоцы крычаў: «Пагоня!» Ад хвалявання білася сэрца. Уперад! І вось яна, сеча! Першая ў яго жыцці. Вось урэзаўся ў самы гушчар татарскіх шэрагаў Войшаль Валадковіч, запрацаваў шабляю. Вось працяў дзідаю наскрозь татарына нехта з Бедзішак, моцнай рукою прыўзняў нежывое цела з сядла і кінуў яго ўніз на зямлю. На момант Мацей разгубіўся. Усё зблыталася: свае, чужыя, дзе хто. Прама на Кузьмініча наляцеў татарын. Ягоны шыракаскулы твар блішчэў ад поту. З глоткі вырываўся дзікі адчайны крык. Узляцеў на дубкі грывасты бахмат, ускінуўшы над сабою востры акрываўлены клінок, татарын ужо ўцэліўся секануць Мацея. Рука сама па сабе выкінула насустрач варожаму клінку шаблю. Бразнула жалеза, бліснулі іскры, і ўсчалася крывавая сеча. Хто —каго? Татарын штосьці шалёна крычаў, крычаў і Мацей. І гэты крык жаху і адчаю нібы родніў іх паміж сабою. Стомленасць асільвала Кузьмініча. Пот заліваў вочы, шчыпаў іх. Кузьмініч нанёс запар два моцныя ўдары, але татарын спрытна адбіў іх і сам перайшоў у наступ. Аднак Мацей злаўчыўся і маланкавым ударам секануў свайго ворага па плячы. Крымчак, не ўтрымаўшыся ў сядле, зваліўся з каня на зямлю. Паспрабаваў падняцца, аднак паваліўся на калені, схапіўся рукою за плячо і застагнаў. Чалавек, які толькі імгненне назад гатоў быў забіць яго, цяпер сам безабаронны і бездапаможны, залежаў ад ягонай волі. Адзін узмах шаблі, і адпомшчана смерць Кузьмінічаў — Мацей бачыў накіраваны на сябе позірк паўнюткіх жаху і трапяткой надзеі на літасць вузкіх вачэй татарына. Які знаёмы позірк? Жах і надзея ў вачах. І шабля ў Мацвеезай руцэ задрыжала. Потым ён не раз з непрыемным адчуваннем успамінаў гэты момант. Падскочыў на кані Войшаль Валадковіч, нешта пракрычаў яму і моцным ударам шаблі адсек татарыну галаву. Жахліва мільгануў перад вачыма бялютка-ружовы зрэз шыі, і тут жа адтуль пырскнуў фантан крыві. Мясістыя вусны Валадковіча расплыліся ў задаволенай усмешцы. Тут на яго наляцеў крымчак. Цэліў дзідаю ў грудзі, але Валадковіч паспеў падняць на дубкі каня — і дзіда ўвайшла ў конскае бруха. Конь разам з езнікам паваліўся на зямлю. Валасяны аркан, які кінуў татарын, абвіў Войшалева тулава. Валадковічу на дапамогу і падаспеў Мацей. Секануў шабляй па татарыну. Уразіла Кузьмініча, з якой лёгкасцю шабля ўвайшла ў чалавечае тулава. І ў той жа момант татарын паваліўся нежывы з каня. Нават не паверыў Кузьмініч, што так лёгка і хутка забіў чалавека — адным ударам шаблі. І раптам нечакана востры боль працяў грудзі, убачыў акрываўленую асадку дзіды. Тулава, рукі, ногі, якія колькі гадоў бездакорна служылі яму, раптам зрабіліся непаслухмянымі, аслабелі. «Паміраю»,— апаліла Кузьмініча думка. І адчуў, што паляцеў уніз з каня.

 

V

З Наваградка ў Лідскі замак, загнаўшы каня, прыскакаў з трывожнай навіною вястун — татарскае войска выступіла на Наваградак. Заставацца каралю ў замку было небяспечна. Аляксандр загадаў везці яго ў Вільню, пад ахову віленскіх муроў. Перад ад’ездам ён паклікаў да сябе паноў-раду. Казаў Аляксандр з цяжкасцю, часта спыняўся, хрыпла дыхаў. «Богам вас заклікаю ў гэты цяжкі час, калі вораг уцэліўся ў сэрца Айчызны — забудзьце пасваркі і свавольства, не майце проціву адзін аднаго злахітрасці і згрызлоцця. Прызначаю галоўным сярод вас гетмана Станіслава Кішку і дворнага маршалка князя Міхайлу Глінскага». Паны па чарзе падыходзілі да караля і, нахіліўшыся на адно калена, цалавалі зжаўцелую і схуднелую Аляксандраву руку, кляліся быць вернымі ягонай волі. Апошнім да караля падышоў князь Міхайла Глінскі. «Я спадзяюся на цябе, князь»,— вымавіў сумна Аляксандр. У Глінскага вочы набрынялі слязьмі. Сэрца падказвала, што кароль назаўжды развітваецца з ім. Пэўна, і кароль адчуваў, што не ўбачыць болей свайго ўлюбёнца. Смерць ужо дыхала над ім, і яе халодны подых марозіў у жылах кроў.

У пакоі былі двое. Дворны маршалак, князь Міхайла Глінскі і каралеўскі пісар Іван Сапега. Два чалавекі ў княстве, ад якіх кароль не меў тайнаў, два ўплывовых у дзяржаве дыгнітары. Першы — нашчадак хана Мамая, князь, абласканы еўрапейскай славай, сябар самога імператара Максіміліяна і лівонскага магістра Вальтэра Плетэнберга, пасол да крымскага хана Мендзі-Гірэя, фаварыт караля Аляксандра. Другі — нашчадак багатага роду полацкіх баяраў, што розумам сваім і вучонасцю вялікай узвысіўся над многімі пры двары, давераны чалавек Аляксандра маршалак паноў-рады. Першы — былы праваслаўны, а цяпер католік. Другі — праваслаўны, зацяты вораг католікаў. Ніколі яны не сябравалі. І вось сёння ўвечары каралеўскі пісар прыйшоў да Глінскага ў пакой. Князь сядзеў у крэсле з высокай спінкай, ягоныя чорныя вочы былі накіраваны на Сапегу, які стаяў каля дзвярэй.

— Князь, я не буду таіцца перад табою,— прамовіў Сапега.— У тваіх руках будучыня Літвы.— Сапега зрабіў некалькі крокаў у глыб пакоя, спыніўся супроць Глінскага.— Сёння кароль напісаў духоўную.

— І што ж? — спакойна адказаў князь.

— Кароль перадае велікакняскі пасад Жыгмонту.

— Я ведаю.

— Жыгмонт! — захваляваўся Сапега.— Сэрца яго — чужое Літве, думкі яго — ляхаў думкі. Мова яго — ляхаў мова. Душа яго — ляхаў душа. Вочы яго бачаць тое, што хочуць бачыць ляхі. Вушы яго чуюць тое, што хочуць чуць ляхі.— Сапега сагнуў рукі ў локцях, паднёс да грудзей сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта хацеў пісар кагосьці нябачнага ўдарыць.— Жыгмонт прадасць Літву ляхам, а нас зробіць ляцкімі парабцамі. Князь, цяпер ці ніколі? У нас няма выбару. Літва гіне.— Сапегаў голас мацнеў, наліваўся нясцерпнасцю. Па-вар’яцку блішчэлі ў пісара вялікія выразныя вочы, пачырванелыя ад бяссонных начэй.— Ляхі цягнуць да Літвы прагныя рукі. Яны раз’ядналі нас на католікаў і праваслаўных, нацкоўваюць нас адзін на аднаго. Пад словы пра братэрства наносяць нам удар у спіну. Хіба не так было пасля Ведрашы, калі яны не падтрымалі нас, а патрабавалі браць з маскавітамі нявыгадны нам мір? — Сапега рэзка расціснуў кулакі, растапырыўшы пальцы, і выпрастаў рукі, і тут жа зноў сагнуў іх у локцях, паднёс кулакі да грудзей.— Цяпер ці ніколі? Сотні, тысячы і тысячы праваслаўных шляхціцаў гатовы пасці да тваіх ног, князь, і маліць абараніць Літву і нашу веру. Мы ўсе станем тваімі вернымі слугамі, вядзі нас. Мы пасадзім цябе на велікакняскі пасад.

— Хто — мы? — Глінскі па-ранейшаму спакойна сядзеў у крэсле, назіраючы за гэтым расхваляваным чалавекам, што нецярпліва снаваў па пакоі.

— Мы — праваслаўная шляхта, праваслаўныя князі. Тут, у Лідзе, амаль усё войска складаецца з праваслаўных. Нам не патрэбны прадажны Жыгмонт, які стане гандляваць Літвой і намі. Нам не патрэбны вялікі князь, чый бацька нарадзіўся па-за законам і не меў правоў на велікакняскі пасад.

— Як жа так, вяльможны пан, ты ж даваў клятву на вернасць Ягелонам і хочаш парушыць яе?

Сапега прайшоўся па пакоі. Вялікае насценнае люстра адбівала ягоны ўзрушаны твар.

— Князь,— Сапега азірнуўся на Глінскага,— гісторыя нас апраўдае, апраўдае кожны наш крок, кожную кроплю пралітай крыві, толькі б мы выратавалі Айчыну. Калі трэба быць грэшнікам — будзь ім. Калі трэба быць святым — будзь. Калі трэба хітрыць — хітры, падманвай. Дзеля Радзімы ўсё дазволена.

— Ты прапаноўваеш будаваць храм без бога?

— Не спяшайся, князь, адмаўляцца,— Сапега працягнуў да Глінскага руку.— Падумай, князь.

— Я не пайду супраць законнага гаспадара,— павольна і выразна прамовіў дворны маршалак.

Падобныя словы, якія мовіў яму Сапега, князь ужо чуў, калі памяць не падманвае, гадоў пятнаццаць таму назад. Ён тады служыў імператару Максіміліяну і разам з імператарскім пасольствам прыбыў у Фларэнцыю. Багаты горад з прыгожымі храмамі і палацамі знаці ўразіў ягонае ўяўленне. Было на што паглядзець, было што і пачуць. Ужо ў тыя гады хадзіла слава пра манаха-дамініканца Саванаролу, які заклікаў да пакаяння і скуплення зла. Казалі, што пасля ягоных прамоў купцы і банкіры адмаўляліся ад грошай. Сам правіцель Фларэнцыі Ларэнца Медзічы шукаў яго прыхільнасці, наведваў ягоныя казані, запрашаў да сябе ў палац на дыспуты філосафаў. На адзін з такіх дыспутаў і трапіў князь Глінскі. Фларэнційская знаць лічыла за гонар запрасіць маладога князя з далёкай і таямнічай Літвы да сябе ў госці. Распавядалі пра яго, што ён нашчадак вялікага Чынгісхана, што ён казачна багаты і ў Літве ў яго столькі земляў, што на іх можна было размясціць дзве Італіі. Сын Ларэнца шукаў сяброўства з літоўскім князем. Дзякуючы яму і трапіў Міхайла ў славутую Платонаўскую акадэмію на філасофскі дыспут. Сам Саванарола абяцаў прыйсці. Цікава было зірнуць на гэтую фларэнційскую славутасць. Але як часта бывае — нічога велічнага ў постаці манаха не было: невысокі, з непрыгожым квадратным тварам і вялікім гарбатым носам, стомленым позіркам маленькіх вачэй. І гэты чалавек на вуснах усёй Фларэнцыі. А казаў фларэнційскі дыпламат Макіявелі. Глінскі збольшага быў знаёмы з ім — сустракаўся на дыпламатычных прыёмах. Казаў натхнёна, з запалам, размахваючы рукамі: «Я аплакваю лёс Італіі. Дзе яе былая веліч? Дзе яе былая слава? Дзе шчасце яе народа? Няшчасная Італія — яе зганьбілі, разрабавалі, паверглі ў прах. Хто яшчэ зведаў такую ганьбу, як не мы, італьянцы, мы дажыліся да большай няволі, чым яўрэі, да большага прыніжэння, чым персы, да большага раз’яднання, чым афіняне. Італія чакае таго, хто загоіць яе раны, выратуе яе. Як моліць яна бога аб спасланні ёй таго, хто пазбавіць яе ад жорсткасцей і рабавання варвараў. Я вітаю таго гасудара, які аб’яднае Італію пад сваёй уладай, дасць ёй справядлівыя законы, якія пакончаць з беззаконнем, абароніць ад ворага. Хай будзе ён лісой, калі трэба абараніцца ад гадзюкі. Хай будзе ён ільвом, калі трэба будзе расправіцца з ваўкамі. Я не асуджаю яго за жорсткасць. Некалькімі патрэбнымі пакараннямі ён праявіць болей міласэрнасці, чым той, хто па міласэрнасці заахвочвае бязладдзе, ад якога пакутуе больш народа. Калі ж неабходна, хай ён пойдзе шляхам зла. А зло не з’яўляецца ворагам дабра, яны могуць рабіць адну справу. Колькі рымскіх імператараў былі адначасова доблеснымі мужамі і зладзеямі. Доблеснасць — гэта саюз сілы і хітрасці, мудрасці і рызыкі, гонару і нягодніцтва, гэта праява прыродных сілаў, што даны чалавеку, якія не залежаць ад маралі ў складанай і жорсткай барацьбе іншых сіл.

І я спадзяюся, што пры такіх гасударах мы адродзім тое грамадства, дзе мы будзем выконваць нашыя старажытныя і святыя законы, мы будзем зноў імкнуцца быць падобнымі на нашых слаўных продкаў і кожнае сваё дзеянне будзем прысвячаць Айчыне. І тады Італія будзе варта сваёй былой велічы і славы». Ці не падобнае пачуў Глінскі ад Сапегі? Канечне, каралеўскі пісар — чалавек разумны, разважлівы, і ягоная філасофія палітыкі, як і макіявелеўская, нараджаецца з самой палітыкі. А ў палітыцы свае законы, якія далёка не суадносны хрысціянскай маралі. І разумны палітык выслабаняецца ад хрысціянскай маралі, хаця робіць выгляд, што жыве, кіруючыся ёю. І ён, Глінскі, такі ж, калі трэба быць злачынцам — будзе, калі трэба быць святым — будзе і святым. На тым стаіць палітыка. Не выгадна яму ваяваць супраць Жыгмонта, дык хай ведае Сапега, што Глінскі — чалавек высакародны супраць Ягайлавічаў, якім даваў клятву не выступіць, бо верны сваёй клятве і на трупах не збіраецца будаваць веліч Літвы, не збіраецца будаваць храм без бога, як казаў той манах-дамініканец. Ён тады выступіў з прамовай супраць Макіявелі, прыгожа казаў пра божыя запаветы і божую ісціну. Але і сам не ведаў, якія далёкія ягоныя словы ад жыцця.

 

Яшчэ тры дні пасля ад’езду караля ў Вільню ў Лідзе збіраліся шляхціцы з Белай Русі і Літвы. Прыйшлі загоны полацкай і віцебскай шляхты пад зверхнасцю Станіслава Глебавіча. З Вельскай зямлі прывёў шляхту Аляксандр Хадкевіч. Менскіх ваяроў прывёў князь Багдан Заслаўскі. З Бярэсця прыбыў брат Міхайлы Глінскага, Васіль Львовіч. Пад гетманскімі харугвамі сабралася дзесяць тысяч ваяроў.

На чацвёрты дзень перадавая чата ў мілі ад Ліды сутыкнулася з татарамі. Тыя, не вытрымаўшы нападу, адступілі, некалькі з іх трапілі ў палон. Адсекшы галовы забітым і схаваўшы іх у сумы, воі чаты вярнуліся ў Ліду. Першая перамога над ворагам узрушыла войска. Усе ваяры патрабавалі ад гетмана весці іх у бой. І назаўтра, адслужыўшы малебны ўва славу пана бога, войска выступіла на крымчакоў. Праз дзень, 1 жніўня 1506 года, харугвы падышлі да Наваградка. Татарскія раці, якія яшчэ напярэдадні трымалі горад у аступе, рабавалі і палілі наваколле, адступілі. Месцічы з радасцю сустрэлі сваіх вызваліцеляў. Уперадзе наваградцаў з абразамі, што зіхацелі залатымі акладамі, стаялі святары. Гетман Станіслаў Кішка, нягледзячы на хваробу, перабраўся з напаўзакрытага коча, у якім ехаў, на каня і ў акружэнні світы пад гуд царкоўных званоў і крыкі месцічаў уехаў у горад.

У Наваградку войска прастаяла тры дні. Каб дакладна ведаць, дзе знаходзяцца татары і колькі іх, гетман паслаў на цікаванне братоў Юрыя і Андрэя Неміровічаў. Шляхціцы разам з дзесяткам езных вояў абшукалі ўсе наваградскія ваколіцы, але, акрамя спаленых весяў, нічога не пабачылі. Жыхары, што выратаваліся ад нашэсця арды, пахаваліся па пушчах. І толькі ў сарака вёрстах ад горада, непадалёк ад мястэчка Гарадзішча, нарэшце ўдалося чаце натрапіць на татараў і захапіць у палон шэсць чалавек. Ад іх Неміровічы і даведаліся, што татарскія царэвічы БіцісГірэй і Бурнос-Гірэй стаяць кошам ля Клецака і чакаюць з-пад Менска Махамат-Гірэя. Гетман, атрымаўшы такую вестку, не стаў дарэмна цягнуць час: трэба было разбіць царэвічаў паасобку, не даць ім злучыцца з Махматам. І таму на чацвёрты дзень, адслужыўшы ў цэрквах малебны, паклаўшы спадзяванні на літасць боскую, войска адвячоркам выступіла ў паход. Назаўтра, адпачыўшы ў мястэчку Асташына і прыняўшы ў свае рады шляхціцаў, што прымчаліся з Дзятлава, Карэліч, Кайданава, Слоніма, войска зноў рушыла ў паход.

 

Сустрэча з загонам шляхціцаў Валадковічаў, перамога над татарамі распалілі дух маладога Алелькі. I хаця ў першыя ночы пасля сечы, як толькі князь заплюшчваў вочы, адразу паўставалі перад ім раз’юшаныя, скажоныя злосцю і нянавісцю твары ваяроў, забітыя і параненыя людзі, два тыя татарыны, якіх ён сам засек. Упарта лезла ў галаву думка, што ён, Алелька, цудам застаўся жывы ў гэтай жорсткай сечы — Юрый усё ж не думаў вяртацца ў Слуцак. Не мог ён хавацца за замкавыя сцены, калі ўся Літва паўстала на ворага.

Вёў загон Войшаль Валадковіч. Ён добра ведаў мясцовыя дарогі, пераправы цераз рэчкі. Рухаліся па начах, днём адпачывалі. Прадсцярогі Валадковіча былі недарэмныя. Некалі, тры гады назад, ён з чатой ваяроў напаў на татарскі загон, і пакуль секліся з імі, ягоных людзей з усіх бакоў акружылі татары. Толькі начная цемра, якая апусцілася на зямлю, дапамагла Валадковічу з кучкай вояў вырвацца з татарскага акружэння. Пазней Войшаль даведаўся пра татарскую тактыку рабаваць весі дробнымі загонамі, якія трымаліся непадалёк адзін аднаго, і ў хвіліну небяспекі збіраліся разам. І цяпер Валадковіч баяўся трапіць у пастку. А ўсё ж не вытрымаў, калі каля Клецака натрапілі на татараў, якія гналі сотні дзве панявольнікаў. Дачакаўшыся цемры, напалі на татараў. Як анёлы-душаемцы, наляцелі на татарскі кош, усіх татараў перабілі і вызвалілі панявольнікаў. У гэтым баі загінуў Войшалеў сын Харон. Днём, пахаваўшы забітых, адпачылі, а ўначы — зноў у дарогу.

Палалі паходні. Ад хуткага бегу коней услед за езнікамі ляцелі іскрыстыя вогненныя хвасты. Рэха разносіла па лесе пошчак конскіх капытоў. Пад раніцу, калі ўжо бралася на золак, атрад нечакана натрапіў на татараў, якія з крыкамі выскачылі з невялічкага гайка. Валадковіч аддаў загад адступаць. Але татары пагналіся ўслед. Шляхта і случакі выскачылі на хісткі бераг балота. Устрывожаныя шумам, некалькі чапляў з сярдлівым вуркаценнем сарваліся з купін і, павольна замахаўшы крыламі, падняліся ў паветра. Уздоўж балота і пусцілі ўцекачы коней. Пагрозліва прагіналася пад конскімі капытамі зямля; забілі фантанчыкі вады. Мікалаю Валадковічу, які скакаў апошнім, не пашчасціла. З чароту пад ногі спуджана вылецеў бугай. Конь ад нечаканасці шарахнуўся ўбок І ўляцеў у багну. Халодная рудая вада адразу забралася ў боты шляхціцу. І як ні біў Мікалай каня шпорамі, крычаў на яго, аднак багна моцна трымала ахвяру і ўсё глыбей заглытвала яе ў сваё прагнае чэрава. Татары ўжо былі побач. Ёсць лук, ёсць шабля — можна змагацца. І вось дугой выгнуўся пруткі лук, і хвастатая страла рванулася насустрач ворагу.

На дапамогу Валадковічу падаспелі случакі і шляхціцы. Адна за другою загудзелі стрэлы. У гэты момант ззаду на татараў з гучнымі баявымі крыкамі напалі незнаёмыя ваяры. Сярод нападнікаў вылучаўся закуты ў даспехі рыцар. Прыўзняўшыся на страмёнах наравістага валаха, ён уклініўся ў гушчар татарскіх шэрагаў і прыняўся працаваць шабляю. Упаў з рассечанай галавою адзін татарын, за ім другі. Калі з ворагам пакончылі, да Войшаля і Алелькі пад’ехаў чалавек у даспехах. Ён скінуў з сябе шлем. Чорныя доўгія валасы ўпалі на ягоныя плечы. Позірк хітрых і насцярожлівых вачэй імгненна працяў шляхціца і князя.

— Ну і звітна ўцякаеце ад татарвы,— насміхліва прамовіў незнаёмец.

— Каму вінны дапамогаю? — папытаўся Алелька.

— Не дапамогаю, а паратункам, мне, двараніну гаспадарскаму Асташу Недабою. А вы хто будзеце? Якіх краёў рыцары? Яшчэ чэрці ў кулакі не стукалі, а вас нялёгкая носіць.

— А ты, шляхціц, хвост не закарэчвай, — перад табою князь Юрый Алелькевіч,— папярэдзіў яго Якуб Шыкуліч.

Асташ Недабой ганарыста паглядзеў на Юрыя, пасля на Шыкуліча, Валадковічаў.

— А ты не крычы. Не ворашна. Сунімі сваю пыху,— адказаў ён Шыкулічу, а пасля звярнуўся да Алелькі: — За гонар лічу выратаваць князя слуцкага. Цяпер бы князь табе дапамагчы нам. Татары, якіх вы паднялі на ногі,— гэта загон мурзы Хазібея. Нямала весяў папаліў, хацеў і Ліду захапіць, а цяпер вось лахі пад пахі і да Клецака прэцца. Мы яго яшчэ з Наваградка цікуем. Князь, пакажам сваё зухвальства? Ударым з засадкі — і ўсіх на мясныя яткі. У мяне тут з сабою сотня вояў на Ушы, дзве сядзяць у засадцы, затрымаем татарву, пакуль гетманская конніца не падаспее.

— Хаця ты шляхціц і ўшчыплівы, але кажаш радне. Я прымаю тваю прапанову,— згадзіўся з Недабоем Юрый.

Цераз лясны гушчар Недабой вывеў Валадковічаў і случакоў на бераг Ушы, дзе ўжо даўно чакала татараў засада. Уся задума перахапіць тысячу Хазібея належала дворнаму маршалку Міхайлу Глінскаму. У той час, калі наваградскі ваяводзіч Альберхт Гаштольд у Наваградку святкаваў з панамі-радай і шляхтай вызваленне горада, Глінскі, якога і золатам ніхто б не прымусіў сесці за адзін стол з Янам Забярэзінскім — сваім галоўным ворагам і ягонай хеўрай вяльможнага панства, кіраваў усім войскам замест хворага Станіслава Кішкі. Глінскі і паслаў тры сотні дворнай шляхты пад зверхнасцю Недабоя затрымаць мурзу. На перадавы загон войска Хазібея і натыкнуўся Алелька з Валадковічамі.

Яны стаялі на беразе Ушы — князь Алелька і шляхціц Асташ Недабой. Святло паходняў, што трымалі княскія ваяры, выхоплівала з цемры іхнія ўзрушаныя ад бою твары. Бой яшчэ не закончыўся. На тым беразе гетманская конніца дабівала рэшткі татарскага атрада, ды і на гэтым яшчэ кіпеў бой. Гадзіны чатыры прасядзелі людзі Недабоя, Валадковічы і случакі ў засадзе каля пераправы. Нарэшце з’явіліся татары. Пярэднія езныя наляцелі на ўтырканыя вострымі плахамі дубовыя калоды, што былі схаваны пад вадою. Узвіліся на дыбкі коні, а ззаду насядалі наступныя шэрагі, штурхалі пярэдніх на плахі. Паплылі па вадзе чырвоныя струмені крыві і жоўтыя плямы тлушчу. У гэты момант з другога берага, які здаваўся вымерлым, паляцелі стрэлы. Пачаўся бой. Крыкі людзей, іржанне коней, трэскат ручніц — рэхам разносіліся па лесе, і ніхто не чуў тупату конскіх капытоў — то ляцела да ракі гетманская конніца.

— Смерць заўжды напамінае чалавеку, што ягонае жыццё не вечнае. І ўсе перад ёю роўныя. Яна не выбірае, хто ты — літвін або татарын, князь або хлоп,— казаў Недабой, гледзячы, як гінулі ў баі літвіны і татары. Ягоны ўзрушаны твар, прага барацьбы ў палкіх вачах, космы густых чорных валасоў, рэзкасць у рухах, нясцерпнасць у голасе — усё нагадвала прарока ў хвіліну казання, чым простага шляхціца.

— Старая ісціна,— адказаў яму Алелька.

— Ісціна,— Недабой рэзка павярнуўся да Алелькі.— Што ёсць ісціна? Увогуле, ці ёсць яна? Той дзень, той год, калі ты нарадзіўся — гэта ісціна, як і дзень смерці. А ўсё астатняе, што адбываецца з намі, можна тлумачыць як захочаш. Адна і тая ява для аднаго — плач, для другога — смех,— закончыў Недабой, даў каню шпоры і знік у цемры, дзе яшчэ гучалі баявыя крыкі.

 

VI

Радасць гэтай першай буйной перамогі над татарамі нечакана расстроіла хвароба гетмана Станіслава Кішкі. Гетман злёг і не мог кіраваць войскам. Паны-рада перадалі гетманства Глінскаму. На здзіўленне князя, яго падтрымалі не толькі прыхільнікі і паплечнікі, але і адкрытыя ворагі: Ян Забярэзінскі, Войцех Табар, Станіслаў Яновіч, Станіслаў Глебавіч і сам гетман Кішка. Зрэшты, князь не доўга здзіўляўся: паны жадаюць ягонага паражэння ад татараў, тады яго абвінавацяць у наўмыснай загубе войска. Глінскі лічыў, што і хвароба гетмана падманная. Кішка наўмысна прытварыўся хворым, як і наўмысна пратаптаўся тры дні ў Наваградку і тым самым даў з’яднацца татарскім царэвічам. І вось зараз, калі татараў утрая болей за велікакняскае войска, яму аддаюць гетманскі буздыган — здабывай перамогу. А калі не здабудзеш, тады ўжо не крыўдуй — адкажы за паражку. Зразумела, ён мог і адмовіцца. Аднак хіба належала адмаўляцца ад такога выпадку ўзнесціся над усімі ў княстве? Бо калі пераможа арду, хто насмеліцца пазбавіць яго, князя Глінскага, гетманства. Ён згадзіўся.

 

Над табарам апусцілася ноч. Заціх людскі гоман. Заўтра ваяроў чакала жорсткая сеча. Адна варта не ведала сну: пільна ўглядвалася ў начную цемру, уважліва прыслухоўвалася да начных гукаў.

У гэты позні час не спаў яшчэ адзін чалавек. Асцярожна, крадком прабіраўся ён па табары, падышоў да конавязяў, пагладзіў коней па гладкіх баках. Жывёлы, адчуўшы ласку, задаволена пырхнулі, пацягнуліся пысамі да чалавечай рукі, хапаючы яе мяккімі губамі. Падкінуўшы коням сена, чалавек пакрочыў далей. Ля гармат шлях яму перагарадзілі вартавыя, аднак, пазнаўшы ў чалавеку Глінскага, прапусцілі. Следам за князем ценямі шмыгнулі два воі-грыдзічы, гатовыя кінуцца на любога, хто асмеліўся б падняць на іхняга гаспадара руку. Князю не спалася. Ён аддаў апошнія загады перад сечай і, замест таго каб легчы адпачыць, адправіўся па табары. Класціся позна было за звычай у князя. У позні начны час Глінскі нарэшце заставаўся адзін з самім сабою і мог спакойна абдумаць усё тое, што хвалявала і непакоіла. Аднак не толькі дзеля гэтага часта не гаслі свечкі ў княскіх пакоях. Ноччу, калі князя ніхто не турбаваў, ён знаходзіў час пайграць на лютні ці пачытаць філосафаў і паэтаў. Сёння Глінскаму было не да кніжак, але заснуць не мог. Вось і рашыў пазбавіцца трывожнага адчування напярэдадні бітвы.

Ля аднаго з вогнішчаў князь спыніўся. Апошнія, ледзь жывыя агеньчыкі сутаргавата прабягалі па вугольчыках. Князь падкінуў у вогнішча сухое галлё, прысеў на кукішкі і задаволена працягнуў над полымем рукі. Ён любіў вогнішча. Нешта таямнічае было ў гэтым патрэскванні дроў, прыемнай цеплыні полымя, паху смалістага дымка і зыркім мігаценні агню.

Гледзячы на агонь, Глінскі думаў пра хісткасць і ненадзейнасць сваёй улады. Як тыя грэчаскія героі: быццам і подзвіг здзейснілі, і славу сабе прыдбалі, аднак усё гэта са згоды і з дапамогай багоў. Вось і ў яго так: моцны ён, уладу мае, амаль усё вялікае княства ў ягоных руках, аднак усё гэта дзякуючы Аляксандру. Хто ведае, што будзе пасля Аляксандравай смерці. Забярэзінскі са сваёю хеўраю паспрабуе ўвесці ў вушы Жыгмонту ўсякай маны і намовы, каб будучы вялікі князь расправіўся са сваім дворным маршалкам, вельмі ж карціць панам-радзе пазбавіцца ад Глінскага, асабліва пасля таго, як на Брэсцкім сойме Аляксандр, па ягоным, Глінскага, слове, прагнаў паноў-раду з вачэй, ад Забярэзінскага адняў пасады. Яны што —так адзін жах, а вось Ільініч дык у цверджу трапіў. Уздумалі на яго, Глінскага, наўмець каралю, надзеяй сябе цешылі, што Аляксандр паслухае іх, схопіць дворнага маршалка і адсячэ галаву. Як жа — здраднік Глінскі, Маскве прадаўся з усімі вантробамі, з-за яго масквіты разбілі каралеўскае войска пад Ведрашу і Мсціславам. Ваяваць трэба было, а не адседжвацца па дамах. Не падабалася, што Глінскі патрабаваў на соймах караць горлам тых, хто не выйдзе на вайну, што патрабаваў аблегчыць свае каліты і даваць срэбшчыну для войска, што абараняў праваслаўную царкву і старадаўнія прывілеі Уладзіслава праваслаўнаму панству... Знайшлі прыблуду Беразоўца, падкупілі, каб забіў яго, не атрымалася, дык вось да караля. А што Аляксандр без Глінскага? Невідушчы. Без яго слова і кроку не ступіць, за руку весці трэба. Вартавы прывілей і вольнасцей панства вяльможнага. Якія ім вольнасці, якія прывілеі? — акром адной: верным сабакам служыць свайму гасудару. І не было б у княстве вэрхалу. Войска сабраць для вайны не могуць — паны-рада, уладары... Прагнаць іх з вачэй Аляксандр прагнаў, праявіў нарэшце волю, ды лёгка панства знайшло на яго ўправу. О, гэты вялебны святоша, біскуп віленскі Войцех Табар. Колькі ты, Аляксандр, стараўся дзеля біскупа, а ён табе ў вочы — «клятваадступнік». Пужае цябе божай карай. Падкасіла Аляксандра хвароба, і цяпер трэба толькі спадзявацца на сябе.

І сённяшняя бітва з татарамі для яго не толькі бітва з ворагамі Айчыны, гэта бітва і за ўладу са сваімі асабістымі ворагамі.

Пераможа ён татараў — забярэ сабе гетманскі буздыган, і хто асмеліцца пайсці супраць князя Глінскага? Але калі не дабудзе перамогі? Ён падняўся ад вогнішча, пакрочыў да сябе ў шацёр.

Толькі тры гадзіны паспаў Глінскі, а потым Андрэй Дрозд падняў яго. Князь яшчэ хвіліну не расплюшчваў вачэй, быццам не хапала сіл перамагчы сон.

— Княжа,— схіліўся над ім Дрозд.— Ужо час.

— Божа, як хутка! — вымавіў гетман. Ён яшчэ раз пацягнуўся і рашуча саскочыў з ложка.

Спаласнуўшыся сцюдзёнаю вадой, Глінскі стаў збірацца. Слугі дапамагалі надзець кальчугу, потым панцыр з пазалочанымі пласткамі, сашпілілі яго, падалі залаты пас, на якім былі выбіты словы малітвы. Гетман спытаўся ў Дразда:

— Як там вяльможны пан Ян Забярэзінскі? — калі гаворка заходзіла пра Забярэзінскага, князеў тон станавіўся здзеклівы, нібы Глінскі яшчэ раз хацеў падкрэсліць сваю знявагу да гэтага чалавека.

— Данеслі, што пан казаў шляхціцам, быццам ты, княжа, змовіўся з татарамі і жадаеш загубы войска, каб потым з іх дапамогай захапіць уладу ў княстве і стаць вялікім князем.

— Ну, нічога, сёння гукнула, а заўтра ручкі згарнула. Няхай,— прамовіў мсціва князь і загадаў: — Падымай кош. Паноў-раду, ваяводаў, харужых да мяне.

І вось яны сядзяць перад ім, ягоныя сябры і ягоныя ворагі, аб’яднаныя небяспекай. Зіхацяць вясёлыя агеньчыкі ў вачах Аляксандра Хадкевіча. Весялун і залёта, здаецца, ніколі не быў ён у жыцці сур’ёзны. Віно, пагулянкі, жанчыны, паляванні — вось подзвігі гэтага чалавека. Сфундаваў у Супараслі манастыр сваім коштам, ды манахі ад частых баляванняў вясёлага пана пазбягалі з манастыра. Побач з Хадкевічам ваявода Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. Аднагодка і сябар, твой князь. Пакуль што сябар, пакуль у цябе, князь, улада, пакуль ты можаш дапамагчы па службе, дапамог жа Трокскае ваяводства атрымаць. А далей? Ці падтрымае ваяводзіч яго ў далейшым, калі прыйдзецца нялёгка? Побач з ім — ягоны брат, Юрый, малады, гарачы, ваяўнічы. Сёння Юрый будзе загадваць запаснымі харугвамі, якія нанясуць рашучы ўдар па татарах. Трэці брат, Ян Радзівіл. Гэты варожа паглядае і на яго, Глінскага, і на Гаштольда, які некалі адсудзіў у Яна адзінаццаць тысячаў грошай (ёсць за што ненавідзець). Ды і сваім братам зайздросціць. Як жа, усе яны пры добрых пасадах, усе пры павазе, а ён просты вількскі намеснік — асоба лёгкая. З-пад калматых броваў суглоба паглядае на іх бацька Мікалай Радзівіл, канцлер. Сядзіць ціха, а думае ліха. Гэты заўсёды быў супраць Глінскага. Абок яго наваградскі ваявода Альберхт Гаштольд. Хто ведае, што ў галаве гэтага ваяводы. Люты вораг ляхаў, за Літву жыццё гатоў пакласці — тут ён з Глінскім, тут ён ніколі не пакіне яго. Але хітры, хітры... Самотны і стомлены твар у пана Яна Забярэзінскага.} Ягоным красамоўствам на соймах можна заслухацца. У вачах ягоных зараз ні нянавісці, ні павагі да яго, Глінскага,— яны халодныя і суровыя. Браты Неміровічы, Андрэй і Юрый, нецярпліва чакаюць, калі пачнецца рада. Яны ўжо там, у бітве. Маладому князю Юрыю Алелькевічу не верыцца, пэўна, што сярод вяльможнага панства Літвы сядзіць — славы прагне. Як добра было б, каб побач з ім сядзеў ягоны бацька, князь Сымон. З тым можна было справу рабіць. А ты, княжыч, яшчэ маладзён, зялёны. Князь Друцкі Андрэй крывіць зняважліва вусны. Ад Рурыкавічаў радавод вядзе. Хоць сёння князь пойдзе вайною супраць католікаў, ненавідзіць іх, як і сваяк ягоны князь Сакалінскі. Гэтыя — ягоная апора. Малады князь Жыжэмскі — і гэты з ім. Васіль Львовіч Глінскі — брат. Дзякуй, прыйшоў на дапамогу. Час пачынаць раду. Усе чакаюць гетманскага слова. Цішыня ў шатры. Чуваць, як на дварэ збіраецца войска.

Праз гадзіну князь адпусціў усіх спавядацца перад сечаю і сам апусціўся на калені перад абразамі-складнямі, памаліўся богу, просячы ў яго перамогі над татарамі і здароўя каралю. Пасля малітвы Глінскі дазволіў святарам адслужыць малебны перад войскам. Пад урачысты спеў псалмоў, у якім, здавалася, чуўся плач удовіц і матуляў, трывожны набат званоў, і бразганне зброі, і жалобны гук труб, паплылі ў руках святароў абразы. Ваяры падалі перад абразамі на калені і са слязьмі на вачах маліліся. Пасля службы войска выступіла ў паход. Глінскі, стрымліваючы гарачага каня, назіраў за палкамі. Яму ўзгадалася, як калісьці яшчэ хлапчуком марыў весці за сабою ў сечы баявыя раці. І вось сёння ён узначаліў войска Вялікага княства Літоўскага і Рускага. Толькі радасці не было: занадта вялікі цяжар адказнасці трымаць яму, занадта трывожна на душы.

 

Князь Юрый Алялькевіч, які са сваёю чатою напярэдадні далучыўся да войска Глінскага, не мог суняць хвалявання: ён баяўся схібіць у бітве, абняславіць сваё імя, хацелася, наадварот, вызначыцца геройствам. Здалося князю, што Шыкуліч, які ехаў побач, здагадаўся пра ягоныя пачуцці і паціху падсмейваецца. Князь пакасіўся на Шыкуліча. Сотнік, звесіўшы голаў на грудзі, спаў. Як і не на бітву ехаў чалавек, а з кірмашу, удала ўгандляваўшы. Усе ваяры ў чаце прымоўклі, ці аддаліся ўспамінам, ці думалі аб нечым сваім.

Надвор’е псавалася. Дзень абяцаў быць слотны.. Пранёсся халодны пранізлівы вецер, зрываючы з дрэў ссохлае лісце, закруціў яго ў паветры. Па небе прапаўзлі шэрыя калматыя хмары, і хутка нетаропкі дробны дождж забарабаніў па даспехах ваяроў. Пад нагамі і капытамі захлюпала гразь. Марудна каціліся аблепленыя ёю колы вазоў. Уздоўж дарогі скакаў гетман. Забачыўшы Юрыя Алелькевіча спыніў каня.

— Ну што, князь, не палохаешся? — паказаўшы белыя зубы ва ўсмешцы, спытаўся Глінскі.

— Трывожна,— прызнаўся Юрый.

— І мне трывожна,— сур’ёзна вымавіў Глінскі і зноў пусціў каня ўскач.

 

VII

Невялічкая рачулка Лань ляжала паміж войскамі. Яна, нібы адчуваючы хуткую крывавую бойню, самотна шамацела хвалямі аб прыбярэжны жвір, бы плакала над сваім гаротным лёсам. Колькі ўдовіц, колькі мацярок, колькі нявестак пракляне яе нядобрым словам. На адным яе беразе стаяла трыццацітысячная татарская раць, на другім — дзесяць тысяч войска Вялікага княства Літоўскага.

Глінскі незадаволена хмурыў бровы: да татараў не падступіцца. Лань стала іхняй саюзніцай, вораг чакае, калі ён першы пойдзе ў наступ,— каб з лукаў перабіць войска ў вадзе. Мо пачакаць, пакуль татары не вытрымаюць і самі распачнуць бітву? Але гэта не ў іхнім звычаі, у іх добрыя баявыя станы. Прыйдзецца самому пачынаць. Рызыкаваць дык рызыкаваць. Калі прыйшоў за перамогаю,— трэба забіраць яе. Па загаду Глінскага некалькі харугваў пачалі ладзіць пераправу цераз рэчку: секлі дрэвы, разбіралі бліжэйшыя да рэчкі хаты, будавалі масткі.

Татары са свайго берага закідвалі ваяроў стрэламі. Пралілася першая кроў.

Глінскі загадаў падысці да ракі двум палкам нямецкіх наймітаў, узброеных ручніцамі, а таксама падцягнуць гарматы і агнём адагнаць татараў падалей. Найміты занялі баявыя станы і адкрылі страляніну. Услед за імі забілі і гарматы. Ядры і кулі адагналі татараў ад ракі. Гарматчыкі тым не меней не сунялі стральбы. З жорлаў у слупах агню і дыму выляталі смяротныя ядры. І хаця яны зараз не даставалі татараў, але пудлівыя бахматы ад выбухаў уздымаліся на дыбкі, ламалі баявы шыхт татарскага войска. Войска Глінскага нецярпліва патрасала ў паветры зброяй — воі рваліся ў сечу. На працягу трох гадзін наводзілі пераправы.

Апоўдні пераправы былі гатовы. Першы на варожы бераг рынуўся атрад шляхты на чале з сакратаром Яна Забярэзінскага Копцем. Пасля жорсткай і кароткай сечы татары напалову высеклі гэты атрад. Шмат коней са сваімі забітымі гаспадарамі і без іх несліся прэч ад пераправы. Усё меней і меней заставалася вояў у Копця. Хутка і яго самога напаткала смерць. Татары адсеклі Копцю галаву і, узняўшы яе на дзіду, з рогатам і здзеклівымі крыкамі паскакалі на конях уздоўж берага. Не вытрымалі сэрцы ваяроў, загарэліся лютасцю і гневам. Аднак чаму марудзіць гетман, чаму не дае загад? Чаго чакае? Глухі гул прабег па шэрагах войска.

Паны-рада, што стаялі побач з Глінскім, узмаліліся :

— Гетман, чаго чакаем? Давай загад.

Яшчэ раней раілі князю наступаць на татараў, яшчэ тады, калі атрад Копця перайшоў раку і ўступіў у няроўны бой з ворагам. Аднак Глінскі, заўсёды рашучы, раптам праявіў неўласцівую яму асцярожнасць. Ён не толькі не загадаў выступіць войску, але не паслаў на дапамогу Копцю ніводнага чалавека, ды і ўвогуле не прамовіў нічога за той час, пакуль татары распраўляліся са шляхтай Забярэзінскага. Многія з паноў лічылі, што гетман так робіць не з-за нейкіх там вайсковых хітрасцяў — жадае выманіць татараў на гэты бераг,— а хутчэй усяго ў лагоду сваім асабістым інтарэсам: Копця — сакратар Забярэзінскага, з ім шляхта пана Яна, і гібель іхняя на карысць Глінскаму, вось таму гетман і не пачынаў дзейнічаць.

І толькі калі загінуў Копця і быў высечаны ягоны атрад, Глінскі загадаў выступаць.

Забілі барабаны, затрубілі трубы, усе харугвы, за выключэннем запасных, рушылі да перапраў. Крык тысяч горлаў, скрыжатанне зброі, бразганне даспехаў з нарастаючым гудам запоўніла прастору.

Ваяры спачатку ішлі крокам, адначасова патрасалі зброяй, а потым пабеглі да ракі. Важары і харужыя падбадзёрвалі сваіх вояў і вялі іх за сабой.

Татары закідвалі літвінаў стрэламі. Бесперапынна гудзелі іх тугія лукі. Аднак спыніць войска Глінскага не ўдалося. Завухкалі гарматы. Цяжкія ядры з жахлівым воем накінуліся на шэрагі татарскага войска. Задрыжэла ад выбухаў зямля, паляцелі з коней забітыя. Татары адышлі ад ракі.

Лёгкая конніца кінулася праз раку ўплаў. Коні незадаволена пырхалі, білі капытамі, намагаліся павярнуць назад, але пад злосныя крыкі езных неахвотна ўваходзілі ў ваду і разам з гаспадарамі плылі праз рэчку. Татарскія стрэлы адправілі не аднаго вершніка на рачное дно, аднак конніца дабралася да берага і ўступіла ў бой.

Татары з аглушальным віскам і грукатам сарваліся з месца насустрач палкам Глінскага. Дрыжэла ад шматтысячнага тупату конскіх капытоў зямля, луналі ў паветры бунчукі, мільгалі шаблі і гроткі дзідаў; дзікія крыкі, віскі, улюлюканне наганялі жах нават на бывалых ваяроў.

— Дзіды, наперад! — загадалі воям важары, і харугвы ашчэрыліся дзідамі. Прымкнуўшы дзіды да нагі і, выставіўшы іх насустрач ворагу, першы шэраг апусціўся на адно калена і прыкрыўся шчытамі; другі — трохі прыгнуўся, а трэці выставіў дзіды над першым шэрагам, чацвёрты і пяты паклалі свае дзіды на плечы вояў, што стаялі наперадзе, і перад татарамі вырас непрыступны лес з дзідаў. Прагучаў ражок — стралкі, якія былі перад харугвамі, адкрылі агонь з лукаў, кушаў і ручніц. Стрэлы і кулі дзесяткамі выбівалі з татарскіх шэрагаў воінаў. Зноў прагучаў ражок, і стралкі паспяшаліся схавацца за спіны загароджаных дзідамі харугваў. Усё бліжэй татарская лава. Нейкіх дзесяткаў сажняў аддзяляюць яе ад вояў.

Схаваўшы смерць, глядзелі нерухома чорныя жорлы хуфніцаў, якія гарматчыкі на руках перанеслі на гэты бераг.

— З богам! — крыкнуў шляхціц Рачко, што загадваў гарматамі. Хуфніцы далі залп. Ядры з гудам працялі паветра і выбухнулі ў шэрагах татарскай конніцы. Паляцелі на зямлю забітыя коні і вершнікі. Тым часам конніца з налёту ўклінілася ў літвінскія харугвы.

Дзіка ржалі коні, узнімаліся на дыбкі, падалі на зямлю, біліся ў перадсмяротных сутаргах. Езнікі выкульваліся з сёдлаў, іх тут жа расціскалі конскія капыты. Заднія шэрагі татарскай конніцы наляцелі на пярэднія. У крывавым віры закруціліся людзі і коні.

— А ну, яшчэ! Агонь! — перабягаў ад адной да другой гарматы Рачко.— Агонь! Агонь!

Сам прыняўся наводзіць адну з хуфніц, тыцкнуў фіцілём у ствол. Раздаўся выбух, і, вырваўшыся з парахавым дымам, ядро паляцела на татараў. Ад удалага стрэлу шляхціц не стрымаў радасці, па-хлапечы закрычаў і зноў пабег падганяць гарматчыкаў. Яны крыкаў не чулі свайго важара, але добра разумелі, чаго ён так заўзята патрабуе — агню. Паспешліва чысцілі ствалы, забівалі туды ядры і падносілі фіцілі. Грымела ад выбухаў паветра. Разам са слупамі зямлі ўзляталі ў паветра акрываўленыя шматкі чалавечых і конскіх кодабаў. Над полем плыў смярдзючы туман парахавога дыму.

На пераправах беглі на дапамогу сваім новыя харугвы вояў. Некалькі сотняў сялян, што далучыліся да войска, смела рынулася ў самую пашчу сечы. Яны вострымі нажамі ўспорвалі жываты коней, падразалі ім каленныя сухажыллі, сцягвалі татараў з сёдлаў, валілі на зямлю і сякерамі і віламі дабівалі. Разам з сялянамі змагалася берасцейская харугва на чале з братам гетмана Васілём Львовічам Глінскім — старастам берасцейскім.

— Паслужым Бацькаўшчыне! — крычаў стараста сваім людзям.— Дабудзем перамогу!

Паранілі Андрэя Неміровіча. Яго дзідай выбілі з сядла, праз кальчугу яна дастала да пляча. Сябры, нягледзячы на тое, што Неміровіч лаяўся на іх, вынеслі яго з бою.

Мінула гадзіна, як дзве раці счапіліся ў крывавай бойцы. Над полем бою стаяў гуд тысячаў людскіх галасоў, конскае ржанне, ляскат зброі. Усюды мільгалі перакрыўленыя нянавісцю і лютасцю людскія твары. Усё змяшалася — свае, чужыя, вершнікі, пешыя, здаровыя, параненыя.

Працінае грудзі дзіда, здымае галаву шабля, сячэ плячо стрыкуса, прабівае сэрца страла, уздымае слупы акрываўленай зямлі ядро. З ляскатам, высякаючы іскры, перакрыжоўваюцца шаблі. Пад ударамі суліц, шастапёраў і кляўцоў трашчаць шчыты. Падаюць забітыя, усё болей і болей чырванее ад крыві поле сечы. Усюды ў лужынах крыві валяецца мноства забітых людзей. Там ці тут са стогнам і енкамі паўзуць, сцякаючы крывёю, параненыя: хто са стралой у грудзях, хто з прабітаю галавой, хто з перасечанаю рукой; у каго ўспораты жывот і цягнуцца следам кішкі, хто ванітуе крывёю, хто пакутуе ў прадсмяротных сутаргах.

Ні той, ні другі бок не здолеў дабіцца перавагі: татарам ніяк не ўдавалася скінуць войска Глінскага ў рэчку, а літвінам адбіцца ад татараў, заваяваць паболей прасторы, каб мець магчымасць шыхавацца для далейшага бою і перайсці ў наступ.

На другую гадзіну бітвы татары пачалі цясніць палкі правага краю. Гародзенская, менская і наваградская харугвы пад зверхнасцю менскага ваяводы князя Багдана Заслаўскага з апошніх сіл адбіваліся ад ворага.

На левым краі стрымлівалі вялікія сілы татараў харугвы і атрады на чале з полацкім ваяводай Станіславам Глябовічам. Пад ім забілі двух коней, і сам ваяводзіч быў паранены ў руку, аднак сечы не пакідаў.

Глінскі бачыў, у якім цяжкім становішчы апынуліся ягоныя палкі, асабліва на правым краі, дзе татары адціскалі іх да ракі. Сярод гетманавых набліжоных раздаваліся ўстрывожаныя галасы:

— Трэба дапамога. Не вытрымаюць...

— Гетман, дай дазволу ўступіць у сечу,— прасіў Глінскага Альберхт Гаштольд; мяркуючы па тым, што ягоны твар разгарачона чырванеў, а вочы хітравата ўсміхаліся — ваяводзіч паспеў хапіць хмельнага пітва для смеласці і зараз назаляў гетману просьбай:

— Скачыце да князя Заслаўскага, перадайце мой загад — хай загінуць усе, аднак ні кроку назад. Той, хто пабяжыць — загіне ад маёй рукі. Вазьміце з сабою дзве сотні драгунаў,— загадаў Глінскі Гаштольду.

— Гетман, гэта мала...

— Хопіць,— рэзка абарваў яго князь.

— Гетман, хоць адну харугву,— заступіўся за Гаштольда Юрый Радзівіл.

Глінскі бы і не чуў ягоных слоў, нават не зірнуўшы на Радзівіла, працягваў пазіраць на бітву.

— Князь, адступаем,— не сунімаўся Радзівіл.— Мы не ўстоім, трэба дапамога, хаця б адна харугва. Я сам павяду.

Просьба Радзівіла раздражняла Глінскага. Няўжо ён лічыць гетмана невідушчым, няўжо думае, што гетман не бачыць пагрозлівага становішча — татары вось-вось адолеюць правы край. Гетман бачыць, як цяжка зараз ягоным войскам, аднак ён яшчэ бачыць, што татары, прадчуваючы блізкую перамогу, кідаюць на правы край свежыя сілы, тым самым аслабляюць цэнтр і асабліва левы край. І зараз вельмі неабходна стрымаць крымчакоў, але тымі сіламі, якія на полі сечы. Няхай там, на правым краі, загінуць усе, але хоць на гадзіну затрымаюць ворага. А запасныя харугвы — дзве з паловай тысячы закутых у даспехі езнікаў,— гэты сталёвы кулак, трэба захаваць, яны нанясуць смяротны ўдар па татарах. Ён павінен ударыць кулаком, а не растапыранымі пальцамі. Эх, Юрый, у бітвах часта перамагае не той, хто валодае сілаю, няхай нават утрая большай, а той, хто ўмее весці бой, прадбачыць кожны крок ворага, чакаць свайго моманту для ўдару.

Глінскі зірнуў на Радзівіла. Як яму ўсё растлумачыць? Князь любіў гэтага гарачага і рашучага чалавека, які нагадваў яму самога сябе ў маладосці — такога ж нястрыманага і адчайнага. І раптам убачыў раннюю сівізну, якая па-здрадніцку забралася ў скроні і ў густыя пасмы чорных валасоў — Радзівіл сівеў. Юрый з гадамі не набіраўся ў жыцці розуму, не рабіўся разважлівы альбо гаспадарлівы, а па-ранейшаму бы знаходзіўся ў юнацкім узросце, заставаўся задзірысты, як дзіця, просты і даверлівы, і адзіны ягоны набытак ад жыцця — ранняя сівізна. А праз гадзіну Юрый Радзівіл павёў запасныя харугвы ў бой на левы край татарскага войска.

Павольна скакала ў бой цяжкая конніца, закутыя ў жалезныя даспехі рыцары. Уперадзе, размахваючы шабляй, Юрый Радзівіл. За ім, выпнуўшы ўперад дзіды, на якіх трапяталіся сцяжкі з «Пагоняй», дзве тысячы вершнікаў.

І адна сталёвая лавіна сутыкнулася з другою. Татары не вытрымалі гэтага ўдару, крок за крокам пачалі адступаць. Глінскі ўпершыню за бітву з палёгкаю ўздыхнуў. Яшчэ адзін удар — і татары пабягуць. Ён загадаў, каб падвялі каня. І вось гетман праскакаў уздоўж апошніх харугваў. Спыніўшыся перад імі, гучным голасам пракрычаў: «Браты мае любыя! За мной, на ворага! Палохае смерць, аднак пачэсна вянцы нябесныя атрымалі ад бога. Пакладзём нашы спадзяванні на яго, хай даруе нам перамогу».

Ян Забярэзінскі, што знаходзіўся сярод гетманавай світы, зняважліва скрывіў вусны. «Elogkentia caniha»1, — мовіў ён гучна, каб пачулі прысутныя. Некаторыя з паноў заўсміхаліся.

— Asini exigno pabu bo vivant2,— раптам пачуў Забярэзінскі ў адказ.

Ян з гневам азірнуўся і сустрэўся позіркам з цёмнымі, быццам вуголле, вачыма чалавека, што сядзеў на гарачым жарабку і ўладарнай рукой стрымліваў яго. Забярэзінскі добра разбіраўся ў людзях — ён адразу адчуў: такі назад свае словы не возьме і за сваю годнасць пастаіць. Але і Ян, закрануты за жывое, не мог стрымаць сябе.

— Гэта пра каго?

— Пра цябе, васпане.

— Хто будзеш? — стрымліваючы злосць, спытаў Забярэзінскі.

— Асташ Недабой,—з выклікам адказаў шляхціц.

— Дурню можна дараваць трохі дзёрзкасці,— зняважліва мовіў Забярэзінскі.

У гэты момант Глінскі павёў у сечу конныя харугвы.

— Каня! — закрычаў Забярэзінскі слугам і, не чакаючы, пакуль яны падвядуць дрыганта, сам падбег да яго, ускочыў у сядло і ў акружэнні двух дзесяткаў шляхты паскакаў услед за гетманскай конніцай.

 

Князь Юрый Алелькевіч увесь папярэдні час бітвы неспакойна праходжваўся ўздоўж коннага шэрага сваёй чаты. Яму было боязна. Аднак ён ірваўся ў сечу.. Нашчадак крыўскіх уладароў, нашчадак вялікага Гедыміна адчуваў блізкасць і роднасць да кожнага воя, любіў іх, нібы яны былі яму братамі. Хацелася не хавацца зараз за іх спінамі, а побач з імі змагацца з ворагам і на пераможнай трызне па праве выпіць віно перамогі. З радасцю пачуў Юрый доўгачаканы загад: «Па конях!»

— Па конях! — загадаў Алелька сваім воям, адчуўшы, як задрыжаў яго голас.

Першы скакаў гетман, побач з ім князь Андрэй Друцкі, Мікалай Мікалаевіч Радзівіл, Аляксандр Хадкевіч, асабістая ахова — сотня служывых татараў. Следам — ваяры з харугвамі, што луналі на ветры. А за імі — пяць соцень, закаваных у браню вершнікаў, Глінскі першы і праскакаў па хісткіх бярвеннях мастка цераз Лань і апынуўся ў гушчары сечы. Некалькі стрэл ударылася аб сталёвы панцыр. Князь убачыў жамойцкага ваяводзіча Яновіча. Пад ім забілі каня, і слугі падвялі другога. Непадалёк ад Яновіча ўбачыў полацкага ваяводу Глябовіча. Ён нешта крычаў сваім воям. У набрынялых крывёю вачах ваяводы адна нянавісць і лютасць: біць, секчы, знішчаць знянавіднага ворага. З рассечанай шчакі Глябовіча лілася кроў.

Глінскі наскочыў на пешага татарына. Убачыўшы над сабою вершніка, крымчак кінуўся ўцякаць. На ягонай галаве ад жаху падняліся стрыжаныя кароткія валасы. Князь дагнаў уцекача, перагнуўся ў сядле і з маху секануў востраю шабляю. І тут жа гетман уступіў у бой з другім татарскім воем. Глінскі ўхіліўся ад удару дзіды, і яна ўдарыла каню ў шыю. Конь з хрыпам паваліўся на пярэднія ногі. Князь вылецеў з сядла, але хутка падхапіўся, выхапіў з конскай шыі дзіду і з усёй моцы шпурнуў яе ў ворага. Удар быў такі моцны, што дзіда наскрозь працяла грудзі татарына. Да Глінскага падскакаў шляхціц Асташ Недабой, аддаў свайго каня, дапамог ускочыць у сядло, падаў шаблю. І зноў гетман павёў за сабою ваяроў.

— Пагоня! — крычалі літвіны.

— Ура-а-а-ах! — крычалі татары.

На Алельку наскочыў ардынец. Акрываўленая шабля ў татарскіх руках маланкай бліснула ў паветры над княскай галавой. У апошні момант удар перахапіў сваім клінком сотнік Шыкуліч. Лязо татарскай шаблі высекла іскры, князь апамятаўся, секануў татарына па плячы і ўбачыў, як цераз рассечаную вопратку пырснула кроў. А побач над галавою Мікалая Валадковіча ўзвіўся аркан, пятля імгненна зацягнулася на яго шыі. Вось ён ужо на зямлі, і мільгаюць над ваяром татарскія шаблі. Кальчугу шляхціца Санька насупраць сэрца прабіла дзіда. Шляхціцу Фларыяну Кандратовічу горла працяла страла. Прыўзняўшыся на страмёнах, адбіваўся ад татараў Войшаль Валадковіч. Пад несціхаючымі ўдарамі варожых шабель разляцеўся Валадковічаў шчыт. У шале сечы шляхціц згубіў шлём, і космы валасоў раскіжаліся па плячах. Твар Валадковіча не пазнаць: скажоны злосцю і лютай нянавісцю. Упаў з рассечанай галавой на конскую шыю адзін татарын. Схапіўся за параненую руку другі. Але і сам ён не ўсцярогся. З-за спіны напаў на Войшаля крымчак. Бязлітасная шабля перасекла шыю, і Войшалева галава глуха шмякнулася на мокрую ад крыві зямлю. Абезгалоўленае тулава шляхціца выкулілася з сядла, нага заблыталася ў стрэмені, і конь панёс свайго былога гаспадара з дзікім вантробным іржаннем па полі. Татарын, радасна скалячы зубы, ухапіў адсечаную галаву за валасы і, не звяртаючы ўвагі на кроў, узняў яе над сабой. Але не паспеў пераможца і кроку ступіць, як жалезнае вастрыё стралы ўпілося ў спацелы лоб. Татарын пахіснуўся, сутаргавата здрыгануўся тулавам і, выпусціўшы адсечаную галаву, у апошнім прадсмяротным руху схапіўся за стралу, быццам жадаў яе вырваць, і паляцеў на зямлю.

Удар харугваў Юрыя Радзівіла і Глінскага пахіснуў татараў, яны пачалі адступаць. Радзівіл, разбіўшы на сваім шляху татарскія загоны, уварваўся ў варожы кош. Сорак тысяч нявольнікаў з голымі рукамі накінуліся на вартавых. Гінулі пад татарскімі шаблямі, але і самі білі, душылі, тапталі нагамі ненавісных рабаўнікоў.

Аправіліся харугвы правай рукі, пачалі цясніць татараў. А ў цэнтры біў татараў атрад Глінскага.

Царэвіч Махмат-Гірэй гадзіну назад пакінуў сваіх братоў, якія кіравалі бітвай. Вялікі алах дараваў перамогу. Літвіны не вытрымаюць. Яшчэ трошкі, і яны пабягуць хавацца па мядзведжых пушчах. Але мінуў час, а весткі пра перамогу ніхто царэвічу не нёс. Ён сядзеў у сваім шатры. Медныя жароўні прыемным цяплом абагравалі яго зяблае на дажджы і ветры цела. Проста перад Махматам на квяцістым персідскім дыване ў златых талерках і збанах стаяў сняданак. Ён браў то мяса, то рыбу, то спытаў мёд або кумыс, але нішто не выклікала смаку. Што робіцца там? Чаму так марудзяць ягоныя войскі? Ужо час пакончыць з гяурамі. Перамога ўвазвысіць яго, царэвіча МахматГірэя, таго, хто разбіў войскі Залатой Арды, таго, хто павінен па праву сесці на ханскае месца. Хто падтрымае Біціс-Гірэя? Ніхто. Чаму няма вестуноў? Можа, самому даведацца? Не, не трэба — трывога, няўпэўненасць параджае ў сэрцах падданых недавер да цябе. Сапраўдны ўладар вышэй за гэта. Шляхі яго акрэсліў сам алах, і ў гэта вераць сотні тысяч простых смертных.. Хіба варта на іх вачах паказваць, што невідушчыя вочы твае і ў сэрцы тваім жах. Калі перамога, ты ведаў пра яе, калі паражка — таксама ведаў пра яе, табе вядома воля ўсявышняга...

Пачуўся тупат конскіх капытоў. У шацёр да Махмат-Гірэя ўвайшоў ягоны брат Бурнос-Гірэй.

— Літвіны ўварваліся ў кош. Войска бяжыць,— голас Бурносаў дрыжаў ад хвалявання.

Не быць табе, Бурнос, ханам. Так і не навучыўся валодаць сабою. Хто ж будзе слухаць цябе, калі не можаш схаваць сваю разгубленасць? Слабасць уладара хутка выкрываюць. І тады знойдзецца той, хто асмялее і стане марыць замест цябе сесці на тваё месца. Усе павінны баяцца твайго маўчання, твайго смеху, твайго позірку, бо ніхто не павінен угадаць, што за гэтым маўчаннем і смехам — гнеў або міласць, што ў гэтым позірку — прысуд смяротны або ўхвала. Невядомасць палохае болей за гнеў і няміласць. Яна пакідае чалавеку надзею, якую ён больш за ўсё баіцца страціць. Ты чакаеш, брат, што Махмат-Гірэй зараз ускочыць на ногі і кінецца з шатра ці пачне злавацца, крычаць, тупаць нагамі. Не.

— Што ж, спакойна сустрэнем волю вялікага алаха. Ён дае нам перамогі, але па ягонай волі мы атрымліваем і паражкі, каб не п’янелі ад пераможнага хмелю. Перамогі нас узвышаюць, паражкі навучаюць. Калі воўк павадзіцца ў аўчарню — зрэшты рэшт яго падсцерагуць і заб’юць. Хан забыў на гэта. Я казаў хану: нельга зноў нападаць на Літву. Літвіны злосныя на нас і прагнуць помсты. Хіба не так атрымалася, як казаў я? Лепш было б напасці на масквітаў! Але купіўся хан маскоўскімі памінкамі, паквапіўся на іхнія дары. Масквіты яго падманваюць, прымушаюць Літву ваяваць, а самі ў гэты час рукі да Казані цягнуць. А пакончаць з казанцамі — чакай іх у Крыме.

Бурнос выйшоў з шатра. Нейкі час Махмат нерухома сядзеў і думаў. У Стамбуле даўно не задаволены ханам Мендзі, а гэтае паражэнне яшчэ болей распаліць султанаву незадаволенасць. Калі сабака страціў зрок, тады навошта ён гаспадару? А хан ужо даўно аслеп. Не бачыць узмацнення Масковіі, не бачыць, як збірае яна сілы. Сяброў знайшоў. Яны і Залатой Ардзе сябры былі. Каліта перад Джанібекам гатоў быў роднага сына прадаць. Толькі ўсё падман. Так і з Крымам.

Глінскі радаваўся — жаданая перамога была ўзята. Татараў гналі некалькі вёрстаў да ракі Цэпры. Яны так і не паспелі пераправіцца цераз раку. Трупамі запрудзілі Цэпру. Літвіны на конях па варожых трупах пераправіліся на той бераг і працягвалі пагоню. Тры тысячы палонных прыгналі ў гетманскі табар. Яшчэ не абмакнулі ў атрамант летапісцы пёры, каб апісаць гэтую бітву, яшчэ не пайшлі па пыльных шляхах лірнікі, каб апяваць слаўнае воінства, але ўсё гэта будзе — пра пятае серпеня 1506 года, пра Клецак, пра сечу над Ланню і перамогу над татарамі будуць памятаць у стагоддзях, пакуль будуць жыць на гэтай зямлі нашчадкі тых, хто біўся з ворагам у гэты дзень, пакуль подзвіг продкаў будзе жыць гонарам у іх сэрцах і будуць памятаць і пра яго, князя Міхайла Глінскага. А сёння можна забыцца пра ўсё: звадкі і трывогі, пра барацьбу, забыцца пра стомленасць і выпіць віна з сябрамі, радавацца разам з імі. Сёння яго дзень. Сёння ён самы шчаслівы чалавек на свеце.

 

1 Сабачае красамоўства (лац.).

2 Аслы задаволены беднай ежай (лац.).

Частка другая

 

І

І Усю восень і пачатак зімы праляжаў Мацей Кузьмініч у Каліноўскіх, дзе яго, як і слуцкага ваяра Гната Галуху, даглядалі слугі Каліноўскіх, а то і сама гаспадыня, пані Ядвіга. Некалькі разоў на тыдзень з вёскі прыходзіла старая чарадзейка. Яна прыносіла зёлкі і нейкія напоі, якія давала піць Мацею і Гнату, прамывала і перавязвала раны. З яе клопату і пачалі параненыя спакваля вяртацца да жыцця. Першым, каго ўбачыў Мацей, калі апрытомнеў і адкрыў вочы,— была Яня. Дзяўчына сядзела каля ложка, апусціўшы чорныя доўгія веі. Ён глядзеў на дзяўчыну і не верыў сваім вачам — ганарлівая, прыгожая Яня каля яго.

— Дзе я? — спытаў ён з цяжкасцю. Кожнае слова болем аддавалася ў грудзях.

— У нас, Каліноўскіх,— пачуў мяккі, прыемны голас.

— Яня, — прагаварыў Кузьмініч і заплюшчыў вочы і нібы прыслухоўваўся да гучання яе імя — паўтарыў: — Яня. А я...— ён рэзка прыўзняўся і застагнаў ад болю.

Лёгкая дзявочая далонь дакранулася да плячэй. На танклявым і пяшчотным запясці ўбачыў срэбны бранзалет.

— Мяне клічуць Кузьмініч,— сказаў ён, каб нешта сказаць.

— Я ведаю,— адказала дзяўчына, падняла веі, і Мацей убачыў вялікія блакітныя вочы. Яны глядзелі на яго з пяшчотай і спагадай.

— Што з князем? Мы перамаглі татар? — хаця гэта і не дужа цікавіла яго, але спытаўся, каб завесці размову, каб дзяўчына не пакінула яго, заставалася побач.

— Не хвалюйся. Жывы князь. І татараў разбілі.

Яня паднялася з лавы, што стаяла каля ложка Кузьмініча, выйшла з пакоя.

Штодня Яня наведвала Кузьмініча, сядала каля яго, апавядала пра падзеі, што адбываліся ў сядзібе, у ваколіцах, пра тое, што чуваць было ў свеце.

А ён распавядаў пра невялічкае шляхецкае выменне, што стаяла на беразе рэчкі, з усіх бакоў шумеў векавечнымі вершалінамі лес, пра людзей, што жылі ў гэтым выменні: суровага і мужнага гаспадара, які і ўлетку, і ўзімку высочваў для княскага палявання звера, гаспадыню, што цярпліва яго чакала, пра цяпло яе ласкавых рук, пра маленькага Ёсіпку, пра князя Сымона Алелькевіча, што наязджаў з шумнай хеўрай на паляванне, пра світальны спеў глушца і святло купальскіх вогнішчаў... Распавядаў пра гора страты блізкіх і боль успамінаў, пра жудаснае пекла няволі і халодны подых смерці на полі сечы.

Аднойчы, калі Яня наведала Кузьмініча, ён спаў, прачнуўся ад таго, што дзяўчына ласкава правяла далонню па ягоных валасах. Ад гэтага пяшчотнага руху ён перажыў радасць і прыемную асалоду. Ён узяў Яніну руку, паднёс да вуснаў і ўдзячна пацалаваў яе далонь. Назаўтра, калі дзяўчына наведала яго, ён злавіў яе руку і паклаў сваю далонь на дзявочую — Яня не прыбрала рукі.

Навошта сябе падманваць? Ён кахае Яню. Як інакш назваць тое, што ён думае пра яе, марыць быць побач з ёй, шэпча яе імя, нецярпліва чакае яе, хоча цалаваць яе вусны, вочы, бровы, валасы, шаптаць ёй пяшчотныя словы. Гэтая дзяўчына, нібыта самім богам паслана яму, каб вярнуць яго да жыцця, каб суцішыць боль у ягоным сэрцы ад страты родных. У яе вачах бачыць ён сваю надзею на шчасце.

У адным пакоі з Мацеем ляжаў і Гнат Галуха. За той час, які наканаваў ім лёс правесці, яны пасябравалі. Мацей часта распавядаў ваяру аб сваім ранейшым жыцці. Гнат болей адмоўчваўся. Задумліва і панура глядзеў некуды ў кут, дзе ў святле лампадак цямнелі лікі святых на абразах, і так мог доўга глядзець, не вымавіўшы ніводнага слова. Мацей спачатку лічыў, што Галуха не слухае яго, але варта было Кузьмінічу спыніцца, як Гнат пытаўся: «Чаго замоўк?» Значыць, слухаў і часта, бывала, сам прасіў, каб Мацей што-небудзь распавядаў. Аднойчы зусім нечакана ён спытаўся: «Як ты думаеш, чаму людзі жорсткія?» Мацей разгубіўся. Нагадаў матулю, бацьку, брата і адказаў, што людзі добрыя. Гнат сумна ўсміхнуўся: «Хацеў бы я таксама верыць у людскую дабрыню»,—і змоўк. Нешта нявыказанае засталося на душы, паспрабаваў упэўніць Галуху, што людзі ўсё ж добрыя. Гнат слухаў Кузьмініча і крывіў недаверліва вусны, потым мовіў: «Чыстая душа, зайздрошчу табе. Зайздрошчу, гэта ж скарб, беражы яго». Мацею стала сорамна. Гнат думаў пра яго лепш, чым ён таго заслугоўваў. Мацей рашыўся распавесці аб тым, што даўно не давала яму спакою.

І ён паведаў пра малодшага брата Ёсіпку, аб якім нямала перадумаў апошнім часам, адчуваючы віну за сваю чэрствасць і абыякавасць.

— Я быў старэйшы ў сям’і. Сярэднія нашы памёрлі яшчэ немаўлятамі. Арынка дык адразу, а Васілька і трох вёсен не пражыў. І вось Ёсіпка. Давялося мне яго даглядаць. Папраўдзе, нехуць было, злуваўся на яго, хоць і грэх, але злуваўся. А потым ён падрос, нейкі балога быў. Усё з катамі цешыўся ды буданы будаваў — гэта шляхціц будучы. Ні паляваннем, ні зброяй не цікавіўся. Я аднойчы ўзяў яго з сабою ў грыбы. Яшчэ ў лес добра не ўвайшлі, як ён ужо кошык грыбоў назбіраў. Мяне зайздрасць узяла. Аднак як падышоў ён да мяне, разгледзеў я ў кошыку мухамораў, дык і разрагатаўся. Зараз сябе дакараю, навошта я тады яго на смех падняў, навошта тыя мухаморы выкінуў з кошыка і растаптаў. Хай бы цягаўся з імі, хай бы думаў, што назбіраў грыбоў, а то пакрыўдзіўся малы на мяне, мо падумаў, што я гэтак наўмысна зрабіў. А перад самымі татарамі пасварыліся мы — і з-за чаго — з-за ягонага катка. Знайшоў я стары пастал, у якім восы звілі кубло. Рашыў пацешыцца, злавіў кацяня, прывязаў яго да плота і кінуў яму пастал. Кацяня — на пастал, а адтуль — восы і на яго. Мне смешна. Тут і прыбягае гэты каціны заступнік, адвязаў кацяня і восаў не спалохаўся і да мяне, вяроўку ў твар кінуў. А я, дурань, і ўзлаваўся, па карку яму засвянціў. Думаю: будзе ведаць, як супроць старэйшага перці, павярнуўся, каб ісці ў хату, а малы мне выспятка ў зад. Не вытрымаў я такой узгарды, пабег за ім. Хацеў добра даць, а як дагнаў Ёсіпку, як убачыў ягоныя вочы, у якіх і жах, і мальба аб літасці, ягоныя худзенькія рукі, якімі прыкрыў голаў, убачыў, як яны дрыжаць, так стала мне яго шкада. Я да брата, а ён ручкамі сваімі прыкрываецца і пазірае мне ў вочы, а сам плача. Хацеў з Ёсіпкам памірыцца, падаў яму руку, а брат падумаў, што хачу яго ўдарыць, здрыгануўся тулавам. Так і не памірыўся з ім. Нейкая пыха ўтрымала мяне, дакараю сябе за гэта. Не магу дараваць, будзе душа Ёсіпкава ў крыўдзе на мяне, там на нябёсах. І ведаеш, калі секліся з татарамі, адзін з іх ну, як Ёсіпка, пазіраў на мяне. У вачах і жах перад смерцю, і надзея на літасць, і ў мяне рука задрыжэла, я адчуў, што не знайду сіл засекці гэтага ардынца, быццам перада мною Ёсіпка.

Кузьмініч змоўк. Маўчаў і Гнат. Потым Галуха падышоў да акенца. На вуліцы падаў снег, хаваў сваёй чысцінёй змерзлую, счарнелую ад чакання зімы зямлю. Наваколле поўнілася празрыстым святлом. Пабялеў лес, што віднеўся з акенца, пабялеў далягляд.

— Быццам абнаўленне свету,— прамовіў задумліва Гнат.— Глядзіш на снег, думаеш: знікне ўчарашняя слата, і пачынаеш верыць, што самае горшае ў жыцці ўжо скончылася, а ўперадзе лепшы час жыцця.

Па першапутку Гнат адправіўся ў Слуцак. Развітваючыся з Мацеем, Гнат па-сяброўску абняў Кузьмініча і шапнуў на вуха: «Не сумуй, шляхціц. Дасць бог, усё будзе добра. Спадзявайся». Дзіўны гэты Гнат Галуха, зусім не падобны на тых вояў, з якімі лёс сутыкнуў калісь Мацея — тыя разгульныя, гарачыя, гаваркія, а гэты задуменны, з цяжкім позіркам панурых вачэй, быццам нешта мучыла ягоную душу. Першыя дні сумаваў па Гнату. Не чакаў, што так прыкіпіць да яго сэрцам.

Перад піліпаўкай са Слуцака на лёгкіх шатках, запрэжаных рахманым канём, прыехаў Мацееў дзядзька Карп Кузьмініч — лоўчы княгіні Настассі.

— Ну, дзякуй богу, жывы, жывы...— толькі і хліпаў расчулены лоўчы. Ён любіў Мацея. Самому Карпу бог не даў сыноў, адарыў трыма дочкамі, і ў пляменніку бачыў лоўчы не толькі нашчадка роду Кузьмінічаў, а нібыта свайго роднага сына.

Калі радасць сустрэчы трохі суціхла, стрый маркотна прамовіў:

— Мацей, трывай,— лоўчы сціснуў пляменніка за плечы.— Нікога тваіх не засталося ў жывых, выменне згарэла. Пахавалі іх на могілках. Усё па-хрысціянску. Божа, супакой іхнія душы,— перахрысціўся Карп.—Адны мы з табой засталіся з Кузьмінічаў, і трэба нам трымацца адзін аднаго. Ты мне сын, я табе бацька.

У той жа дзень Кузьмінічы засабіраліся ў Слуцак. Шкада было Мацею пакідаць гэты дом, які за тыя месяцы, што пражыў у ім, стаў яму родны. Няўжо ён развітаецца з Яняй назаўсёды? Няўжо ніколі ім не ўбачыцца?

— Яня,— калі побач нікога не было, звярнуўся да дзяўчыны Мацей,— давай пойдзем з хаты.

— Навошта? — здзіўлена зірнула на яго дзяўчына.

— Пабыць з табою хачу,—узяў дзявочыя далоні ў свае.

Яня не працівілася, толькі схіліла галаву. Перад вачыма былі яе чорныя валасы. Можна было дацягнуцца вуснамі і пацалаваць іх, але ён не рашыўся.

 

Яны крочылі па беразе ракі. Той ракі, якую калісьці пад стрэламі татараў Мацей пераплыў. Пад нагамі храбусцеў снег. Бялюткая роўнядзь схавала поле. А на другім беразе, ахутаны снегавой коўдрай, стаяў дрымотны лес. Нібыта незнаёмыя, ішлі яны моўчкі. Дзяўчына паглядала сабе пад ногі.

І куды яны йдуць? Ён хоча абняць яе, прыхіліць да сябе і пацалаваць. А калі Яня пакрыўдзіцца і пакіне яго? Раптам яго нага шуганула ў замеценую снегам яму. Пачуў дзявочы ўскрык: «Ой, сцеражыся!»

Яня працягнула яму руку. З пяшчотай ён узяў яе далонь у сваю, выцягнуў нагу з ямы. А пасля яны стаялі і маўчалі. Яня, быццам не вытрымаўшы яго позірку, апусціла вочы і ўсміхнулася.

— Годзе. Пэўна, ужо трэба нам вяртацца,— раптам прамовіла Яня і паспрабавала выслабаніць з юнаковых далоняў рукі.

— Не пушчу,— жартліва адказаў юнак.

І дзяўчына заставалася з Мацеем, крадком з-пад вей пазірала на яго і наўмысна казала, што трэба йсці, а ён маліў яе пабыць з ім яшчэ крышачку.

— Ой, ужо позна. Я пайшла,— зноў спахапілася дзяўчына.

І тады ён наважыўся, нясмела абняў Яню і прытуліў да сябе. Вось яны — жаданыя дзявочыя вусны. З прагнаю асалодаю юнак прыпаў да іх.

— Яня, любая!... Я кахаю цябе. Божа мой, як я ўдзячны лёсу, што сустрэў цябе.

— Мацей, не трэба,— вырвалася Яня з юнацкіх абдымкаў і са смехам, кінуўшы «Даганяй», пабегла да хаты.

 

Конскі храп, вясёлы спеў бомаў, рып палазоў. Зрэдку з галін дрэваў нягучна зляціць снегавая гурба, ці скокне вавёрка, альбо якая птушка падымецца ў неба і самотная ў сваёй адзіноце знікае ўдалечыні. Раз-пораз па вершалінах прабяжыць ледзь чутны шоргат ветру. І падумалася Мацею, што нічога не было: а проста выехаў ён на працяглы час з дому і зараз вяртаецца назад. Чакаюць яго бацька, чакае матуля і Есіпка. І гэты незнаёмы лес, што моўчкі абступіў дарогу,— менавіта той лес, за якім і знаходзіцца родны дом...

Кузьмінічы праехалі ўжо нямала, калі раптам конь неспакойна застрыг вушамі і трывожным іржаннем выказаў нейкую трывогу.

— Ваўкі? — выказаў жахлівую здагадку Карп.

У наступны момант халадок прапоўз па спіне ў Мацея. З ляснога гушчару на дарогу выйшаў воўк. Ён, бы ведаючы, што путныя нікуды не падзенуцца ад яго, прысеў на заднія лапы, драпежным позіркам утаропіўся на іх, а потым задраў угору галаву, і жудаснае працяглае выццё вырвалася з яго горла. З ляснога гушчару адазваліся ваўкі. Там-сям раздалося пранізлівае воўчае выццё і скуголенне. Мацей і Карп саскочылі з шаткоў і паспешліва сталі павяртаць каня. Конь грузнуў У гурбах снегу, аднак, адчуваючы блізкую небяспеку, намагаўся з апошніх сіл. У гэты час на дарогу выбегла воўчая зграя.

— Ну, ну, міленькі! — ці то крычаў, ці то маліў каня лоўчы, сцябаючы яго пугай. Конь хрыпеў, ірваўся з гурбаў... Белыя шматкі пены падалі з гарачых губ на снег.

Нарэшце развярнулі каня, Кузьмінічы ўскочылі ў шаткі і пусцілі яго ўскач, толькі снег ляцеў з-пад капытоў.

Конь, закусіўшы цуглі, выцягнуўся ў струнку, хутка перабіраў нагамі. Мільгацелі насустрач дрэвы і кусты, свісцеў у вушах, бы воўчае выццё, вецер. Ваўкі не адставалі — беглі наўздагон. Голад гнаў іх за людзьмі ў прадчуванні цёплай крыві.

Мацей паклаў на лук стралу і нецярпліва чакаў, пакуль хто са звяроў наблізіцца бліжэй, каб не прамахнуцца. Конь стаў слабець. Не дапамаглі ні крыкі лоўчага, ні пуга — ён, цяжка дыхаючы, збаўляў хуткасць. Ваўкі наганялі. Наперадзе бег вялікі, лабасты воўк. Мацей выпусціў у яго адну за другой дзве стралы, але так і не ўцэліў. Па-здрадніцку дрыжэлі рукі. І толькі ўжо тады, калі воўк нагнаў іх, Мацей не даў маху — страла напалову ўвайшла ваўку пад пярэднюю лапатку. Звер з вісклівым скуголеннем закруціўся па снезе, пырскаючы вакол сябе крывёю.

На павароце чакала бяда — шаткі занесла ў гурбы снегу; лопнулі пастромкі, і абламалася аглобля. Загнаны конь завяз у гурбе. І пакуль Кузьмінічы мітусіліся ля каня, пакуль ставілі шаткі на палазы, ваўкі іх нагналі.

— Агонь! Агонь запалі! — крыкнуў дзядзьку Мацей, сам схапіўся за лук і выпусціў некалькі стрэл у зграю.

Карп, паспешліва выцягнуўшы красала і цэру, выбіў іскру і падпаліў цэру, затым запаліў сена, што было ў шатках. Агонь спыніў ваўкоў. Яны, бы наткнуўшыся на нябачную сцяну, драпежна выскаліўшы зубы, акружылі людзей. Адзін з іх паспрабаваў напасці на каня, але спуджаная жывёліна, сабраўшыся з апошнімі сіламі, ударам капытоў адкінула ад сябе драпежніка. Воўк, жаласліва скавычучы, адскочыў падалей.

Пакуль не згарэла сена, Карп і Мацей наламалі з бліжэйшых дрэваў галля.

— Божа, выратуй! — маліўся лоўчы.

Так, боская літасць была зараз адзінай надзеяй. Што агонь? Ён хутка расправіцца з галлём, і тады паспрабуй адбіцца...

Мінула за поўдзень. Прысеўшы на заднія лапы, ваўкі задралі пысы і тужліва працягла вылі, наганяючы на людзей жах. Па небе праз шэрую імжу, бы лучына праз бычыны пухір у вакенцы, цьмяна свяціла сонца. Вецер гнаў па зямлі пазёмку і аднастайна гудзеў у вершалінах дрэва.

У настылым паветры паляцеў, марудна ўзмахваючы крыламі, груган. Раптам ваўкі насцярожылі вушы, скончылі выць, у некалькі скокаў выбраліся на дарогу і, нешта заўважыўшы, тут жа трушком падаліся ад людзей. На дарозе паказаўся загон езных. Адзін за адным, падымаючы снежны пыл, скакалі на конях воі, з цікавасцю пазіраючы на Кузьмінічаў. У сярэдзіне загону пад вясёлае бразганне бомаў тройка коней цягнула ўпрыгожаныя гербамі крытыя шаткі. Ля Кузьмінічаў шаткі спыніліся. Слуга, што стаяў на палазах шаткоў, падбег да Кузьмінічаў і мовіў, што князь жадае размаўляць з імі, Кузьмінічы падышлі да шаткоў. Нешта самотнае і тужлівае хавалася ў чорных вачах чалавека, які сядзеў у шатках. Без цікавасці, абыякава слізгануў ён позіркам па Кузьмінічах.

— Хто такія? — здалося, спытаўся князь не дзеля таго, каб і сапраўды ведаць, хто перад ім, а проста так, толькі б нешта мовіць.

Стрый у пашане схіліў галаву перад ім, мовіў:

— Слугі, яе міласці княгіні Насты. Вось у Слуцак едзем, ды ваўкі напалі. Дзякуй, княжа, за дапамогу.

-— Шлях да Слуцака ведаеце?

— Так, княжа.

— Праводзіце мяне ў Слуцак,— нібы страціўшы ўсякую цікавасць да сустрэтых ім людзей, князь адвярнуўся ад Кузьмінічаў, махнуў рукой. Слуга зачыніў дзверцы шаткоў, гучна ляскнуў пугаю па конях. Коні рвануліся наперад.

— Хто такі? — папытаўся ў Карпа Мацей.

— А-а-а,— бы жадаючы ўхіліцца ад адказу, працягнуў стрый.— Князь Міхайла Глінскі.

 

ІІ

Князь Міхайла Глінскі ехаў ад брата Івана, які быў ваяводам у Наваградку, у сваё выменне ў Тураў і ўвесь шлях думаў пра пераменлівы лёс. Яшчэ ўчора самы ўплывовы ў Вялікім княстве чалавек, а сёння зганьбаваны і абражаны каралём, ён быў пазбаўлены ўсіх пасад.

Смерць, якая адлічвала Аляксандру апошнія дні, злітавалася і не забрала караля раней Клецкай бітвы. Кароль, атрымаўшы вестку пра перамогу, хацеў сустрэцца з гетманам. За тыя дні, што прайшлі з часу іх развітання, хвароба забрала ў Аляксандра апошнія сілы. Кароль ляжаў ціхі, знямоглы. Лядачныя, зжаўцелыя рукі выглядалі з-пад коўдры. Схуднелы твар пакрыўся нежывой блякласцю, скроні пасінелі, а густыя чорныя бровы навіслі над вачыма, якія безжыццёва паглядалі на адмысловую аздобу столі. Глінскі шкадаваў караля. Штодня мучыцца ад бязлітаснай думкі, што смерць набліжаецца да цябе, адчуваць яе халодны подых на твары і разумець, што ніякіх надзей на выздараўленне — ці гэта не пакута?

Аляксандру, як усё жыццё не шчасціла, так не пашчасціла і цяпер — не дае бог лёгкай смерці.

— Кажы,— ледзь паварушыў вуснамі кароль.

Глінскі падрабязна распавядаў пра бітву з татарамі. Кароль заплюшчыў вочы, і гетману здалося, што Аляксандр не слухае яго, аднак, як Глінскі скончыў, ён працягнуў да Глінскага высахлую васковую руку і слаба паціснуў яму далонь. «Дзякую, Міхайла»,—ледзь чутна прашаптаў Аляксандр і расплюшчыў вочы. У іхняй нежывой блякласці гетман убачыў слёзы.

Па просьбе лекара Глінскі пакінуў караля. Разам з ім з каралеўскага пакоя выйшаў і Жыгмонт, павіншаваў з перамогаю над татарамі і дабавіў: «Як шкада, што Аляксандр раней не скарыстаўся тваім талентам, князь». Калі Жыгмонта правільна разумець, дык гэтыя словы павінны гучаць так: «Князь прызвычаны важар, і табе богам наканавана трымаць гетманскую булаву. Калі я стану вялікім князем, дык быць гетманам табе». Гэта была своеасаблівая дамова: я табе, князь, гетманскую булаву, а ты — дапамажы мне стаць вялікім князем, і Глінскі паверыў Жыгмонту. І другі раз Глінскі паверыў Жыгмонту, калі маскоўскі князь Васілій IІI праз сваю сястру, вялікую княгіню, дабіваўся свайго выбрання на велікакняскі пасад. Жыгмонт занепакоены, што Глінскі, чаго добрага, яшчэ падтрымае маскавіта, звярнуўся да дворнага маршалка. «Князь Міхайла, спадзяюся на цябе. Не хацелася: каб на сойме з’явіўся новы князь слуцкі з праваслаўнай шляхтай і стаў патрасаць зброяй, патрабаваць улады». Ну як было разумець Жыгмонтаву просьбу? Калі ён, Глінскі, быў ворагам Жыгмонту, дык тут не звярнуўся б за яго дапамогай: значыць, лічыў сваім, давяраў яму. А Жыгмонт зрабіў яго, Глінскага, не толькі прыступкай, з якой падняўся на жаданы велікакняскі пасад, але і шчытом, якім засланіўся ад удару маскоўскага князя. І навошта было адгаворваць шляхту не крычаць на сойме Васіля? Навошта было траціць свае грошы на спойванне яе? Безгаловец. Баяўся страціць гетманскую булаву, калі мог прыдбаць велікакняскі вянец. Спалохаўся, не згадзіўся з Сапегам. У што верыў? Што Жыгмонт наблізіць да сябе. Не наблізіў. Ох лісіца-псіца, двухаблічны Янус амрочыў яму галаву, накарміў надзею парожнюю. Ведаў сваю кволасць, вось стоена і чакаў, пакуль паціху ўладу да сябе падбярэ, дачакаўся выбрання вялікім князем, дачакаўся і каралеўскай кароны, а там і ўзяўся за князя Глінскага. А ён і прысягу першы прыняў новаму каралю, маўляў, глядзі, які табе верны, памятай мае заслугі, памятай умову. А Жыгмонт, пэўна, толькі пацяшаўся, радаваўся свайму скутку. Спачатку забраў гетманскую булаву, маўляў, яна павінна належаць сапраўднаму гетману Станіславу Кішку. А што за служба такая была ў Кішкі? Пры Кішкавым гетманстве татары штогод палілі землі княства. Усё абяцаў, харобіўся, а як да справы дайшло, дык яго хваробіца адолела, ты, пан Міхайла, рызыкуй сваёй галавой, ты нясі адказнасць, калі што... Што ж, будзем чакаць. Нічога, нікуды яны не падзенуцца: палезе маскавіт на Літву, умыюцца юшкаю, як пад Ведрашу, дык самі прыбягуць да Глінскага і пачнуць прасіць яго, каб войска ўзначаліў. Многа яны наваююць з Кішкам, з гэтым збутлявым грыбам. Пасля Жыгмонт адхіліў ад ведання Манетным дваром, як спадзяваўся кароль знайсці наклад які, каб потым пачаць над ім дойзрэнне, абвінаваціць у раскраданні, аднак, якая шкадоба, запісы прыбытку і расходаў — усё як і належыць, і няма за што зачапіцца, хаця, пэўна, і за шчэпку знайшоў бы зачэпку. Толькі сцярпеў гэтую ганьбу, як ягамосць шле новую грамату, што пазбаўляе яго пасады дворнага маршалка. Чытаў і не верыў сваім вачам. «Чарамі саслаў з гэтага свету Аляксандра, свайго гаспадара і дабрадзея». Што за лухта? Вось як загаманіў Жыгмонт: ва ўсіх грахах, ва ўсіх няўдачах Літвы Глінскі вінаваты. «Аляксандра і князя маскоўскага Івана Васільевіча ў вялікае нежыццё ўвёў. Каралеве Алене многа прыкрасці пачыніў. Князество Літоўскае хацеў захапіць». Ніколі не адчуваў Глінскі такога прыступу гневу, як тады, чытаючы гэтую грамату. Адразу ж і адправіўся да караля. Хацелася асабіста ўбачыць Жыгмонта і выказаць усё, што накіпела на душы. Але нават у замак яго не пусцілі. Варта, якая яшчэ дзень назад дрыжала ад аднаго ягонага позірку, зараз перагарадзіла яму шлях. Яшчэ адна абраза. Яго — князя Глінскага — ужо не пускаюць у замак, прымушаючы чакаць... Як жа — зараз Глінскі — ніхто, зараз ён курмель, лёгкая асоба, скарамошыца для паноў-рады, зараз ён здраднік, чарадзей і чарнакніжнік, ледзь не д’ябал. Уварвацца ў пакой да караля і так па-шляхецку шабляй па стале. Дзе доказы маёй віны, дзе патвар?1 Адкажы, вашамосць! Глінскі адштурхнуў варту са шляху: «Прэч!» — і вартаўнікі, убачыўшы гняўлівы княскі твар, драпежны водбліск у чорных вачах, паслухмяна збочылі. Гэтакі гонар яму — пераможцу татараў, таму, хто выратаваў Айчыну.

Кароль прымаў паноў-раду. Не, перад імі ён не стане размаўляць з Жыгмонтам. Ім гнеў Глінскага — мілая сэрцу пацеха. Не дачакаецеся, вяльможныя паны.

Пад насцярожлівыя позіркі вартавых і дворных шляхціцаў Глінскі нецярпліва крочыў па грыдні туды-сюды, паглядваў на дзверы. А за імі ў прасторнай зале, аздобленай мармурам, ляпнымі калонамі і плафонамі, асветленай сотнямі свечак, што гарэлі ў жалезнай кутай люстры і падсвечніках, прымацаваных да сценаў, Жыгмонт і паны-рада вырашалі ягоны лёс. Жыгмонт насуперак іх жаданню захаваў Глінскаму жыццё і пакінуў землі, якія той атрымаў ад Аляксандра.

— Пакуль князь жывы — ён не змірыцца са стратай улады. Варта нам не перамагчы маскавітаў, як шляхта пачне патрабаваць вярнуць гетманскую булаву князю, і нам прыйдзецца гэта зрабіць,— казаў Ян Забярэзінскі.

У тым, што ўсё гэта можа здарыцца, земскі маршалак меў рацыю, але Жыгмонт не падзяляў патрабавання Забярэзінскага пакараць смерцю Глінскага. Забярэзінскі ненавідзеў князя Міхайлу — нямала па яго віне нацярпеўся ад Аляксандра, быў пазбаўлены ваяводства, ледзь не трапіў у вязніцу і цяпер прагнуў помсты. Ну добра, пагадзіўся ён з Забярэзінскім і панамі-радай і выдаліў Глінскага з двара. І сапраўды чалавек, які быў некаранованым уладаром Літвы, пагражаў дзяржаве, але пакараць яго смерцю... На якой падставе? Няма ніякіх доказаў яго віны. Праўда, Забярэзінскі кажа пра дзяржаўную здраду князя, пра тое, што той лістуецца з Васілём, але гэта трэба даказаць. Дзе тыя граматы? А без віны забіць свайго дыгнітара — гэта беззаконне. Ён, кароль, парушае законы сваёй дзяржавы.

— Каб пакараць Глінскага — патрэбны суд. А на судзе без грамат Глінскага да Васіля нельга даказаць, што князь задумаў здраду. А калі віна не даказана — значыць, князь быў пазбаўлены пасад бязвінна, і прыйдзецца зноў перадаваць яму маршальства дворнае,—вымавіў Жыгмонт.

— Ваша міласць, я таксама лічу, што нельга караць Глінскага,— да здзіўленыя Забярэзінскага, прамовіў канцлер Мікалай Радзівіл. Канцлер меў нешта сваё на розуме, і прысутныя чакалі, што ён выкажа сваю думку, але Радзівіл прамаўчаў.

Нарэшце слугі адчынілі дзверы каралеўскіх пакояў, паны выйшлі. Уперадзе віленскі біскуп Войцех Табар. Святоша з душой злодзея. Сціпласць і вялебнасць на твары, аблуднасць і злахітрасць у сэрцы. Пастыр княства, які толькі і думае, як вырваць у праваслаўнай царквы кавалак. За ім гетман Кішка, на якога хваробіца нападае, як толькі бачыць ворага. Зараз вунь які малойца, вусы падкруціў, бы кавалер пекны перад кабетамі, следам — канцлер Радзівіл, пыхлівы і фанабэрны. Худародны людзін, а вунь як голаў задзірае. Ён, ды Гаштольд, ды іншая драбнота, што да ўлады дабралася, мітусяцца, вышукваюць па манастырах летапісы, перапісваюць іх. Усё дагары нагамі ставяць. Продкам сваім бог ведае якія заслугі прыпісваюць. Яны і гарады будавалі, і татараў білі, і народам кіравалі, ды мала гэтага здалося — яшчэ свае роды ад рымскіх патрыцыяў вывелі. Смяхоцце.

А вунь галоўны паступец іхні — вяльможны Ян Забярэзінскі. Задаволены: спіхнуў Глінскага ў прорву, дамогся свайго. Не, пане Ян, перамогу святкуеш зарана...

Калі Глінскі ўвайшоў у залу, кароль сядзеў у крэсле і, прыжмурыўшы вочы, чакальна глядзеў на яго. Жыгмонт быў апрануты на італьянскі манер: зялёны шаўковы камзол, зашпілены на мноства пазалочаных гузікаў, кароткія панталоны на вузкіх лядачных ляжках; зялёныя панчохі шчыльна аблягалі худыя доўгія ногі. На вялікай галаве — карона. Уздоўж сценаў знерухомела варта.

— Вашамосць, я хачу ведаць, чаму мяне пазбавілі маршальства?

— Duza necessitas,2 — развёў рукамі кароль.— У гэтай краіне кароль патрэбны толькі для таго, каб мірыць між сабою князёў ды выслухоўваць іхнія ўзаемныя крыўды і ўзгарды.

— І ўсё ж я хацеў ведаць.

— У грамаце ўсё напісана, князь. Маршальства дворнае ёсць урад знакамітага Рыгора Осцікавіча, які па грахах, за брата нашага, трапіў у рукі непрыяцельскія, служачы нам верна, і да гэтых часоў там у вялікай нужы сядзіць. Браты і прыяцелі службу яго памятуючы, пакутаў у няўцве не далі яму болей цярпеці, не толькі на целе, але на мыслі. І мы, жадаючы падданым нашым справядлівасці ўчыніці, урад маршальскі на пана Рыгора ўзялі.

— Маршальства мне даў брат ваш Аляксандр. Дзе справядлівасць? Дзе доказы ў маёй здрадзе?

— А якія доказы ты, князь, маеш на сваю невінаватасць? Чым можаш даказаць, што гэта толькі абмова? — на пытанне пытаннем адказаў Жыгмонт.

— Чым я магу даказаць сваю вернасць? Сваёю службай Аляксандру і Літве, перамогаю над татарамі — вось чым. Каб у мяне быў сын, дык, як Аўраам, аддаў бы яго ў ахвяру сваёй праўдзе.

Насмісліва торгнуліся ў караля куточкі танклявых вуснаў. Заскакалі доўгія, з наніцаванымі на іх пярсцёнкамі-сагнітамі пальцы на бурштынавых пацерках ражаніца.

— Я веру, што ты, князь, не маеш перада мной віны, але паны-рада іншай думкі, і я павінен выканаць іх волю. Ты ж ведаеш, князь, што я не магу рабіць ніякіх самастойных дзеяў без згоды на тое рады. Мне і так нялёгка далося ўміласціць паноў — не патрабаваць караць цябе горлам і пакінуць за табою тыя землі, што ты прыдбаў пры Аляксандру.

«Так я і паверыў, што ты, вашамосць, абараняў мяне,— падумаў Глінскі.— Сам бы галаву сцяў мне, аднак палохаешся войска. Баяры не даруюць такой абразы над сваім гетманам. А землі не адняў, каб я не збег з Літвы».

— Калі я ў чымсьці і вінаваты — аб’яві суд. Хай суд дакажа маю віну. А без віны караць — гэта парушэнне прывілеяў, якія ты, вялікі князь, абяцаў захоўваць. Нават калі і будзе даказана мая віна, дык, не пазбавіўшы мяне герба, ніхто не мае права забраць пасаду.

— Князь забыўся, як у свой час па яго намовах Аляксандр пазбаўляў пасад нашых дваран,— адказаў Жыгмонт.

— Я не памятаю такога. А вось тое, што Ян Забярэзінскі абвінавачваў мяне ў дзяржаўнай здрадзе і за сваю ману быў пакараны, аб гэтым і ты, вялікі князь, ведаеш. Я прашу аб’явіць суд з Забярэзінскім.

— Гэта немагчыма, князь.

— Ты прымушаеш мяне пакусіцца на такую справу, аб якой абодва мы пасля горка будзем шкадаваць,— гэта было апошняе слова Жыгмонту. Глінскі пакланіўся яму і рашучым крокам выйшаў з каралеўскіх пакояў.

Усе дні пасля сустрэчы з каралём Глінскі выношваў задуму мяцяжу супраць Жыгмонта. Што ж сіла, і немалая, у князя ёсць: ягоная шляхта, зямяне, панцырныя баяры. Браты, Васіль і Іван, абяцалі падтрымаць. Васіль успрыняў ягоную абразу, як сваю — гонар Глінскіх патрабаваў помсты, і першы прапанаваў князю Міхайлу дапамогу. Тысячы дзве шляхты і баяр панцырных яны разам выставяць. І іншыя Глінскія павінны падтрымаць. Той жа князь Іван Сямёнавіч, стрыечны брат па мячы, нямала перад каралём прасіў за яго, то сяльцо яму даць у жалаванне, то палац у Смаленску князя Бельскага, які ўцёк на Маскву, то выпрасіў у караля дазволу будаваць царкву, другі стрыечны, Міхайла Сямёнавіч, не адно сяльцо і дворышча атрымаў, дзякуючы дворнаму маршалку. Нялёгка гэта далося, і без Глінскіх шмат хто цягнуў да гэтага рукі, а ён выпрасіў у караля аддаць весі, дворышчы і землі князёў-уцекачоў сваім братам. Многія з паноў мелі за гэта на князя крыўду, многія потым крычалі: «Нам, літвінам, меншая пашана, чым гэтым татарам Глінскім». Зараз чарга стрыечным дапамагчы яму. Спадзяецца ён і на князя Фёдара Іванавіча Глінскага з ягонымі сынамі Іванам, Зміцерам, Багданам.

Князь Міхайла Мсціслаўскі, Іван Друцкі, Іван Азерыцкі, Жыжэмскія браты Зміцер і Васіль, Міхайла Гагін ненавідзяць католікаў. Калі князі падтрымаюць яго, нялёгка будзе Жыгмонту, а на іх гледзячы, і шляхта праваслаўная падымецца на вайну, і запалае агонь па Літве. Горка шкадаваць табе, каралю, прыйдзецца, што князя Глінскага заганіў, горка. Дый і царква праваслаўная падтрымае былога дворнага маршалка. Пасля таго як абараняў вялікую княгіню Алёну ад нападу каталіцкіх біскупаў, якія прымусам гналі яе ў латынства, пасля таго як пасля смерці кіеўскага ваяводы Дзмітрыя Пуцячыча быў ягоным душапрыказчыкам і ваяводскі скарб раздаў праваслаўным манастырам і цэрквам, праваслаўныя святары прыхільна адносяцца да яго. Спадзяваўся князь і на казакоў. Стараста чаркаскі Еўстафій Дашкевіч гатоў хоць зараз весці сваіх казакоў у бой, а за ім і Кіеўская зямля падымецца, дзе ў апошні час уладу трымаў брат Іван Львовіч. Добра немалыя сілы ён бярэ, аднак трэба знайсці прыяцеляў і па-за межамі княства, якія б маглі падтрымаць яго войскамі. Імператар германскі Максіміліян, у якога некалі служыў, зараз рыхтуецца да вайны з угорскім каралём Уладзіславам Ягелончыкам, родным братам Жыгмонта. Імператар, пэўна, войскам не дапаможа, ваяваць з Жыгмонтам не стане, аднак не пашкодзіць адправіць яму ліст. Другі хто? Магістр тэўтонаў Фрыдрых — сябар, некалі разам нямала пабавілі часу. Ну гэты не асмеліцца ў адкрытую выступіць, аднак патаемна падтрымае. Трэці — гаспадар валашскі Стэфан. З гэтым складана, хаця і разбіў ляхаў у Букавым лесе, і марыць збавіцца ад іх залежнасці, аднак асцярожны — лішні раз не будзе высоўвацца, калі і выступіць яму ў дапамогу, дык толькі тады, калі Жыгмонт атрымае паражку. Стэфану пасольства трэба паслаць. Мендзі-Гірэй? Пасля Клецака ў татарына адпала ахвота ісці на Літву. Каралеўскія паслы ўжо дамаўляюцца з татарамі на каторы дзень і на каторы час выступіць на маскавітаў. Значыць, застаецца Васіль — вялікі князь маскоўскі. Васіль зараз наточвае шаблю для вайны з Жыгмонтам, дапаможа князю Глінскаму — не адмовіцца. А там маскавіты пачнуць вайну — вось тут і ён выступіць і захопіць усе важнейшыя гарады і крэпасці Літвы. А потым што? Не, дарэмна рызыкаваць, траціць свае сілы дзеля Васіля і ягонай перамогі не варта? Змагацца дык ужо за велікакняскі пасад або за Кіеўшчыну, сесці ў Кіеве і правіць там. Ну, а калі нічога не атрымаецца? Што ж, тады можна перайсці на службу да Васіля, патрабаваць за дапамогу ў барацьбе з Жыгмонтам землі на кармленне.

Вечарам у той жа дзень да князя прывезлі Жыгмонтаў загад — заўтра пакінуць Вільню. Кароль наносіў новы ўдар — не даваў магчымасці ўбачыць патрэбных людзей, што жылі ў сталіцы. Але з адным з іх трэба было абавязкова сустрэцца — Іванам Сапегам. Варта было высветліць пазіцыю каралеўскага пісара і тых людзей, ад імя якіх той чатыры месяцы назад вёў з ім перамовы. Прыблізна ён ведаў іх. Відаць, гэта былі падскарбій Хведка Храбтовіч, стольнік Марцін Храбтовіч, земскі маршалак Аляксандр Хадкевіч, жамойцкі харужы Ян Выдра, пісар Хведар Святоша, можа, яшчэ хто з прыдворных дыгнітараў. Добра было сутыкнуць партыю Сапегі і партыю Радзівіла лбамі.

Чатыры месяцы назад Сапега ўвяшчаў яго змагацца супраць Жыгмонта, а цяпер прыйдзецца наадварот — пераконваць маршалка выступіць з ім заадзін супраць вялікага князя. Ці ўдасца гэта зрабіць? Тады пасля Аляксандравай смерці, калі не быў выбраны вялікі князь, Сапега з хаўруснікамі, жадаючы абвясціць яго ўладаром, нічым не рызыкавалі, а цяпер трэба будзе выступаць супраць законнага гаспадара, а гэта каралася горлам.

Дома Сапегу не застаў — пісар знаходзіўся ў велікакняскім замку. Глінскі застаўся чакаць гаспадара. Князь з цікавасцю аглядаў пакой, дзе яго пакінулі слугі, нібыта хацеў па рэчах, што тут знаходзіліся, спасцігнуць іх уладальніка.

Нічога асаблівага. Разная мэбля з дубу, стол на масіўных ножках, два крэслы, шафа з кнігамі ў тоўстых скураных пераплётах і вокладках, у куце абразы ў срэбных акладах. На стале ляжала кніга. Князь разгарнуў яе — Святое пісьмо. «Зірнуў я на ўсе справы маі, якія зрабілі рукі маі, і на працу, што працаваў я, робячы іх: і вось, усё мітусня і спробы ветраныя, і няма ад іх выгоды пад сонцам»,— прачытаў князь. Быць можа, гэта і так для нікчэмнага, які разумее непатрэбнасць свайго існавання, але не для яго, князя Глінскага, чый кожны крок, чыё кожнае дзеянне застаецца ў гісторыі, той, хто народжаны для славы і велічы. І хіба Клецкая перамога — гэта спроба ветраная? Колькі ён мог здзейсніць, калі б меў уладу на Літве? Але толькі кволага духам, безабароннага перамагае лёс, таго, хто не падрыхтаваны да яго ўдараў. Ён, князь Глінскі, не апусціць рукі, ён зноў захопіць уладу. Яна як спакуса, хто зведаў яе веліч і слодыч. І няма лепшага сродку збавіцца ад спакусы, як аддацца ёй, усемагутнай уладзе.

 

У гэты час у каралеўскім палацы канцлеру Мікалаю Радзівілу слуга Яська Мікутовіч паведамляў, што князь Міхайла Глінскі прыехаў да Івана Сапегі. Канцлер сядзеў у крэсле за масіўным разным сталом. Нібыта разгладжваў абрус, гладзіў шырокай пратканай жыламі далоняй паверхню стала, апусціўшы вочы, слухаў слугу і думаў. Ягоныя спадзяванні апраўдаліся —князь Міхайла пачаў, як павук, снаваць па Вільні, плясці павуцінне інтрыг. Не трэба перашкаджаць яму, трэба, каб ён абавязкова выступіў супраць Жыгмонта са зброяй.

— Колькі пры князю аховы?

— Чатыры гайдукі.

— Возьмеш шэсць вояў і, калі князь будзе вяртацца ад Сапегі, нападзеш на яго, але,— канцлер падняў вочы на слугу,— крыві не праліваць. Папужайце князя і знікайце.

Адпусціўшы слугу, Радзівіл падняўся з-за стала, прайшоўся па мяккім дыване да каміна, у якім весела патрэскваў агонь, апусціўся ў крэсла. Прыемнае цяпло расслабляла канцлера. Адчувалася стомленасць. Радзівіл заплюшчыў вочы. Ужо не тыя гады — старасць. Няма былой жвавасці і сілы, і ўсё болей цягне да хатняй утульнасці і супакою. Трэба спяшацца зрабіць яшчэ многа. Дарэмнымі застануцца яго намаганні, дарэмнымі будуць усе тыя інтрыгі ў барацьбе за ўладу, будзе выкінута на вецер тое злата, якім падкупляў патрэбных яму людзей, калі пасля ягонай смерці занепадзе род Радзівілаў. Не хто іншы, як яны, Радзівілы,— нашчадкі крыўскіх святароў Крэва-Крывічаў павінны быць першымі сярод знаці Вялікага княства. Хай Ягайлавічы правяць у Польшчы, а Радзівілы ад іх імя тут, на Літве. Але не дабіцца гэтага, калі не здолее ён перадаць канцлерства сыну Мікалаю, калі і другія сыны не зоймуць важных пасад, калі прыдворнымі не стануць верныя Радзівілам людзі. А ворагі ў Радзівілаў моцныя — Глінскія, Гаштольды, Гальшанскія і асабліва праваслаўныя дыгнітары, што ўмацавалі сваю ўладу пры двары і ў княстве: Сапегі, Валовічы, Тышкевічы, Неміровічы, Храбтовічы. Таму і патрэбны Глінскі, пакрыўджаны каралём, злосны, помслівы, хай падыме супраць вялікага князя мяцеж, хай падбівае на гэта праваслаўных паноў. Мяцеж дасць магчымасць без азірання на суд пакараць найболей уплывовых дыгнітараў, абвініўшы іх у падтрымцы Глінскага. Таго ж Сапегу, Гаштольда, які выступае супраць Радзівілаў і міласцівы з князем Міхайлам, Храбтовіча Хведку, а яго месца-падскарбія аддаць сыну Яну, Хадкевіча і другіх. Свабодныя пасады зоймуць верныя людзі, і будуць Радзівілы некаранованыя ўладары Літвы.

Ціха адчыніліся дзверы. Пазвякваючы шпорамі, у пакой увайшоў сотнік Альбрэхт Зянкевіч.

— Ваша міласць, слухаю вас.

Радзівіл з цяжкасцю падняўся з крэсла, але ад каміна не адышоўся, застаўся стаяць каля крэсла, паклаўшы на разную спінку крэсла рукі.

— Мне стала вядома, што князя Глінскага хочуць забіць. Абавязак прымушае мяне клапаціцца пра небяспеку і спакой любога грамадзяніна Літвы. Нельга дапусціць забойства такога паважанага ў нас пана. Язджайце з дзесяткам вершнікаў да дома Сапегі, дзе зараз знаходзіцца князь. Калі ён будзе вяртацца дадому — суправаджайце яго. Трымайцеся на адлегласці, не муляйце князю вочы. Калі і сапраўды на Глінскага нападуць — дапамажыце яму.

А цяпер засталося пусціць Глінскага па верным следзе. Хто першы вораг князя Міхайлы, хто прагне яго пакарання — Ян Забярэзінскі. Вось каму павінен у першую чаргу адпомсціць князь, а там... там ужо прыйдзецца змагацца з Жыгмонтам, які не даруе Глінскаму смерці дыгнітара. Радзівіл выклікаў да сябе шляхціца Мікутовіча, які не раз выконваў ягоныя таемныя загады.

— Перапранешся ў людзіна і сустрэнеш каля дома Сапегі князя Глінскага, мовіш, што ты служыш у пана Яна Забярэзінскага і сёння на двор да Забярэзінскага прыехалі ягоныя шляхціцы, чуў ты іх размовы, што рыхтуюцца яны напасці на Глінскага,— наказаў Мікутовічу канцлер.

Познім вечарам прыехаў Іван Сапега дадому. Слугі паведамілі, што яго ўжо другую гадзіну чакае Міхайла Глінскі. Ужо па тым, што Сапега суха павітаўся, Глінскі здагадаўся — не абрадаваўся яму. Ажно так, хто цяпер абрадуецца князю Глінскаму?

— Чым заслужыў гонар бачыць цябе, князь? — з парога спытаўся гаспадар.

— Я прыехаў пагаманіць з табою, пане Іван,— Глінскі падняўся з крэсла насустрач Сапегу.

— Я слухаю.

І тое, што гаспадар не запрасіў госця прысесці, сведчыла, што ён не жадае зацягваць размову.

— Некалі, пане Іван, ты прасіў мяне падтрымаць цябе, але,— Глінскі хацеў мовіць, што спадзяваўся на выздараўленне Аляксандра і толькі таму не прыняў прапановы Сапегі, ды дзе ўжо хітрыць, калі вядома, што ён сам настаяў запісаць Аляксандру ў тастаменце вялікім князем Жыгмонта, — але, на жаль, я не прыслухаўся да тваіх слоў, і вось прыходзіцца шкадаваць,— Глінскі развёў рукамі.— Ты казаў праўду — Жыгмонт паслугач ляхаў, і нам трэба змагацца супраць яго.

— Позна, князь,— Сапега, нібыта пераможца перад сваёй ахвярай, склаў рукі на грудзях, з’едліва ўсміхнуўся.— Дзіўна мне казаць табе, што ў палітыцы спазненне нават на адзін дзень — каштуе плёну ўсяго жыцця. А мы спазніліся, князь. Пасля смерці Аляксандра мы хацелі абвясціць вялікім князем цябе,— Сапега апусціў рукі ўніз.— І ніхто не абвініў бы нас у здрадзе — выкарыстоўвалі б сваё права выбару. Нас падтрымала б шляхта. Але цяпер я не збіраюся змагацца супраць законнага гаспадара.

— Я не пытаюся пра тых людзей, якія падтрымлівалі цябе, але я хачу ведаць іх думку пра мяне.

— Яна застаецца ранейшай,— рэзка вымавіў Сапега.—Князь Глінскі — той чалавек, які мог вярнуць былую веліч Літвы, аднавіць прывілеі Уладзіслава аб роўнасці праваслаўнага панства, правесці унію цэркваў. Чалавек, які мог з дапамогай імператара Максіміліяна дамагціся ў папы абвясціць сябе каралём і зрабіць Літву каралеўствам, адваяваць у Польшчы нашыя землі.

— Ці падтрымаеш мяне, калі я сілай вазьму ўладу на Літве?

— Я нічога не абяцаю.

 

На вуліцы ўжо змерклася, калі князь Глінскі пакінуў дом Сапегі. Змёрзлыя на марозе слугі радасна ўздыхнулі, убачыўшы свайго ўладара. Князь сеў у шаткі. Слугі накінулі на плечы мядзведжую футру. З другога боку вуліцы да шаткоў нясмела наблізіўся чалавек. Слугі спынілі яго, але невядомы прасіў прапусціць яго да князя. Яго падвялі да Глінскага. Паходні асвятлялі пачырванелы ад марозу твар чалавека. З-пад шапкі-аблавухі на Глінскага паглядалі хітраватыя прыжмураныя вочы. Мяркуючы па сярмязе на плячах і па скураных пасталах, невядомы быў просты людзіна. Ён схіліўся перад Глінскім.

— Пане князь, на цябе хочуць напасці. Я служу ў Забярэзінскага. Сёння на ягоным двары сабралася шляхта, і я чуў, як яны пахваляліся забіць цябе.

Гэтага і трэба было чакаць — Забярэзінскі не супакоіцца, пакуль не расправіцца з ім. Нічога дзіўнага...

— Вось вазьмі,— Глінскі працягнуў невядомаму некалькі залатых грошаў.— Як цябе клічуць?

— Міська Доўгая Шыя,— адказаў чалавек паспешліва, хаваючы ў кішэні злата.

— Калі яшчэ аб чым даведаешся, паведамляй. Узнагароджу.

«Цяпер мяне ўжо нічога не стрымлівае: ні закон, ні прыстойнасць, ні жах пакарання. Мала табе, вяльможны пан, маіх прыніжэнняў, мала таго, што мяне пазбавілі ўраду, выкінулі з двара, дак табе маё жыццё трэба. Дык калі не захацеў рассудзіць нас кароль, хай рассудзіць зброя» — так думаў князь, едучы да сябе дамоў. Вуліца ўжо даўно апусцела, там-сям з вокнаў на дарогу падала святло. Конскі тупат і рып палазоў разносіўся па вячэрнім горадзе. Дарогу наперадзе перагарадзілі тры чалавекі. Яны выйшлі з падваротні. Слугі ўбачылі іх ужо, калі амаль параўняліся з імі.

— Гэй са шляху! — пагрозліва закрычаў нехта са слуг.

Але з падваротні тут жа выбеглі яшчэ чатыры чалавекі са зброяй у руках. Яны не збіраліся нападаць, трымаліся на небяспечнай адлегласці, але і не прапускалі шаткі. Так яно і ёсць — людзі Забярэзінскага. Глінскі ўскіпеў, саскочыў з шаткоў, выхапіў з похваў шаблю.

— Прэч, хлопы! — гняўліва закрычаў ён.

У гэты момант ззаду данёсся конскі тупат. Нападаючыя тут жа нырнулі ў падваротню і зніклі ў цемры. Да Глінскага падскакаў на кані Альбрэхт Зянкевіч, спыніў каня. Услед за сотнікам скакалі каралеўскія драгуны.

— Што такое, князь? — спытаўся шляхціц.

Глінскі не адказаў яму, моўчкі сунуў шаблю ў похвы, сеў у шаткі, махнуў кучару рукой.

 

1 Патвар — уліка.

2 Суровая неабходнасць (лат.).

ІІІ

Наступным днём Міхайла Глінскі пакінуў Вільню. Час ад часу ў сталіцу даходзілі весткі, што бачылі князя ў гасцях то ў князёў Лукомскіх, то ў Друцкіх, то ў Сакалінскіх, то аб’явіўся ён у Мсціслаўлі ў князя Мсціслаўскага. Канечне, гэта Глінскага справа — з кім хоча, з тым і сустракаецца, але пры двары звярнулі ўвагу, што сустракаўся ён з праваслаўнымі князямі, незадаволенымі сваім становішчам пры двары, і найболей дасціпныя з прыдворных разумелі: не проста так раз’язджае Глінскі па Літве гасцяваць — мае свой інтарэс. У студзені Жыгмонт адправіўся ў Кракаў. А ў Вільні рыхтаваліся да сойма, які павінен быў прайсці ўсярэдзіне лютага. Два важных пытанні трэба было вырашыць на сойме: ці пачынаць вайну з Масковіяй за страчаныя землі і ўхвала срэбшчыны.

Скарыстаўшыся ад’ездам караля ў Польшчу, Ян Забярэзінскі на тыдзень выбраўся ў сваё выменне Забярэзіна каля Гародні. Разам з ім у Забярэзіна заявіліся шматлікія госці. Штодня ў доме пана Яна адбываліся баляванні.

А Глінскі ў гэты час быў непадалёк, у Беліцы, гасцяваў у свайго былога падначаленага, гаспадарскага двараніна Хведара Калантаева. Хведар быў не з бедных шляхціцаў — пад Клецак прывёў разам з сабою дзесяць узброеных пахолкаў на добрых конях.

— Будзеш са мною заадзін? — проста ў лоб запытаўся Глінскі ў Калантаева, калі даведаўся, што Забярэзінскі ў сваім выменні.

Хведар не вытрымаў пранізлівага позірку чорных княскіх вачэй, зірнуў убок.

— Палохаешся? Шкада скарбу свайго? — зняважліва заўсміхаўся князь. А Літвы не шкада? Веры не шкада? Плачаце — ляхі адольваюць, нудзяць вас прыступіці да Рымскага закона — абарані Глінскі. А волю не вымольваюць — заваёўваюць.

«Паспрабуй не згадзіцца з табой,— думаў Хведар.— Прывёў з сабой сваіх ваўкарэзаў».

— Гаспадзіне, княжа, заўжды гатоў табе служыці.

Глінскі застаўся задаволены. Сёння Хведар далучыўся да яго, няважна, сілай прымусілі ці па сваёй згодзе, а заўтра іншыя забудуцца пра свае сумненні і стануць ваяваць супраць Жыгмонта.

Князь Глінскі з сотняй сваіх вояў і Хведарам Калантаевым, які вёў з сабой шэсць вершнікаў, выступілі да Забярэзіна.

 

Да самай позняй ночы не сціхала там музыка, гучалі разгарачаныя галасы гасцей, лілося хмельнае віно, падымаліся заздраўныя тосты ў гонар гаспадара, у перапынках між застоллямі кавалеры запрашалі паненак на танцы. Вясёлы быў Ян Забярэзінскі. За плячамі засталіся часы вымушаных прыніжэнняў і няўдач. Кароль вярнуў яму пасады, наблізіў да сябе, увёў у склад паноў-рады, выдаліў са двара Глінскага.

Шляхта Глінскага моўчкі і хутка акружыла сядзібу. Уначы раздаліся цяжкія ўдары дубовага бервяна ў абабітыя жалезам вароты. Раз, другі... Занадта мала было ў Забярэзінскага гайдукоў, каб абараніцца. У сечы, што ўсчалася на двары пры святле паходняў, воі Глінскага перасеклі палову абаронцаў сядзібы, астатнія адступілі і заперліся ў баявой вежы. Мяцежнікі кінуліся да вежы. З байніц на іх галовы паляцелі стрэлы, дзежкі з порахам. Тры выбухі разарвалі паветра і на імгненне высвецілі начную цемру. Болей за дзесятак чалавек засталіся ляжаць на зямлі.

— Спаліць! — рэзка загадаў сваім людзям Глінскі.

Шляхціцы пабеглі да дрывотніка, вынеслі адтуль бярозавыя і сасновыя дровы, пачалі закідваць імі вежу, з сенніка нацягалі сена. І ўспыхнула полымя, вогненныя языкі прагна лізалі сцены вежы. Густы дым праз байніцы паваліў ва ўнутраныя пакоі. Мужчыны гатовы былі змагацца і ў баі сустрэць смерць, але жанчыны са слязьмі на вачах патрабавалі ад Забярэзінскага здавацца. Здавацца? Праз байніцу Ян бачыў таго, хто напаў на яго сядзібу. Не, гэта не просты шляхецкі наезд за багатым лупам, гэта заявіўся за ягонай душой Глінскі. У яго свой суд, не памілуе... Якая радасць, пэўна, зараз на сэрцы ў князя. Перад самай смерцю вымушае Яна Забярэзінскага прыніжацца перад ім. Бачыў яго ў акружэнні шляхты. Сядзеў на кані і паглядаў на вежу, чакаў... Пан Ян безнадзейным позіркам слізгануў па тварах сваіх сяброў. Моўчкі паглядалі на яго сябры. Таксама спадзяваліся на княскую міласць.

— Прынясіце белае палотнішча,— ціха прамовіў ён.

З байніцы на дзідзе выставілі белы сцяг. Праз адчыненыя дзверы з вежы адзін за адным выходзілі госці Забярэзінскага і ягоныя слугі. Сам гаспадар не выйшаў.

— Я хачу бачыць Забярэзінскага,— загадаў Глінскі свайму слузе Шлейхнічу.

Па стромкіх прыступках Шлейхніч і два татарыны падняліся на апошні паверх. Дзверы ў пакой, дзе запёрся гаспадар, былі зачынены. Забярэзінскі, не звяртаючы ўвагі на шалёныя ўдары ў дзверы, маліўся. Ён забыўся словы малітвы, паўтараў адно і тое: «Божа, памілуй і даруй грахі». Паляцелі з завесаў дзверы. За спінай затупалі боты. Імгненне, і Ян схапіў загадзя пакладзены побач штылет і ўдарыў сабе ў сэрца. Шлейхніч падбег да Забярэзінскага, шабляй адсек яму галаву і, трымаючы яе за валасы, прынёс Глінскаму.

— Князь, ты хацеў пабачыць Забярэзінскага. Глядзі.

Глінскі скрывіў вусны, зняважліва хмыкнуў.

— Пан Ян так марыў узвысіцца над намі. Уздыміце яго.

Пад’ехаўшы на кані, нехта са слуг уздзеў адсечаную галаву на дзіду і, як харугву, падняў яе ўгору.

— Сёння твой час, час твайго трыумфу, пан Ян,— прагаварыў здзекліва Глінскі.

Увесь наступны дзень на Гародні атрад шляхты вазіў на дзідзе галаву былога троцкага ваяводы і панарады. Гараджане хаваліся па хатах ад злавеснай кавалькады. Ужо за горадам галаву кінулі ў возера. Расправіўшыся з Янам Забярэзінскім, Глінскі адкрыта пачаў вайну з Жыгмонтам. Пасля Гародні князь адправіўся да брата ў Наваградак. Жыгмонт, палохаючыся пакідаць у руках Глінскіх Кіеў, перавёў Івана ваяводам у Наваградак. Міхайла хацеў цвёрда ведаць, ці падтрымае яго брат.

Іван спрабаваў адгаварыць Міхайлу супраць мяцяжу. Маўляў, не трэба спяшацца, бог дапаможа, і ўсё ўладкуецца. Глінскі хадзіў па пакоі і, размахваючы рукамі, таропка распавядаў брату пра свае задумы.

— Ты думаеш Жыгмонт пакіне цябе тут у Наваградку? — у запале казаў былы дворны маршалак.— Кіеў забраў у цябе, а каб ты не абураўся, даў Наваградак. Хоча, каб мы былі не заадзін, аднак як толькі ўмацуе сваю ўладу, возьмецца і за цябе.

— Бог з табой, Міхайла, што ты кажаш? Ты прапануеш мне не верыць каралю,— запярэчыў Іван.— Вось жалаваная грамата з пячаткамі. Як жа я магу не верыць каралю. Ён даручае мне ваяводства ў багацейшым на Літве горадзе. Кароль робіць мяне маршалкам земскім і дае мне месца ў радзе — а я супроць яго вайной? Жыгмонт абяцае не рушыць ваяводства да жывата майго. Няўжо кароль не стрымае клятвы?

— Ха-ха-ха,— разрагатаўся Міхайла.— Можаш верыць, а я ўжо не веру Жыгмонту.

— Табе проста казаць, Міхайла, у цябе ні сям’і, ні дзяцей. Усё, што ты мог, ты страціў. А ў мяне ваяводства, у мяне дзеці. Што будзе з імі? За цябе і на мяне коса пазіраюць.

Глінскі зняважліва ўсміхнуўся. Іван палохаецца падтрымаць яго. Што ж, ён абыдзецца і без Івана. Невідушчы, не бачыць, як кароль і паны-рада капаюць для яго яму.

— Да пабачэння, брат,— Глінскі накіраваўся да дзвярэй.

— Куды ты? Застанься нанач,— падняўся з крэсла Іван.— На шляху небяспечна, па лясах гультайства.

Глінскі быў упэўнены, што Іван у душы жадае, каб ён як мага хутчэй пакінуў замак; хутчэй бы збавіцца ад небяспечнага госця і не выклікаць падазрэнняў у караля.

— Няма часу,— кінуў брату князь і выйшаў з пакоя.

 

Глінскі наўмысна вырашыў правесці свой атрад па вуліцах Наваградка — хай бачаць наваградчане ягоную моц, што не таці ды ізгоі пайшлі з ім, а шляхта, якая яшчэ нядаўна ваявала з татарамі. Уперадзе ехаў на белым кані сам князь, за ім з харугвай, на якой быў вышыты герб Глінскіх, ехаў харунжы, а ўжо следам, падымаючы снежны пыл, рухалася на конях княская шляхта. Наваградчане паспешліва хаваліся па хатах. Глінскага нагнаў на кані Дрозд.

— Княжа, Хведар Калантаеў уцёк,— паведаміў ён.— Загадай, і я спалю Калантаеву сядзібу.

Трэба было пакараць Калантаева на жах тым, хто задумаў здрадзіць яму. Але трэба думаць пра заўтрашні дзень — як абвясціць сябе абаронцам праваслаўя, калі сам Глінскі б’е і рабуе праваслаўную шляхту.

— Не трэба,— адказаў князь.

Наперадзе, каля дому Неміровічаў, тоўпіўся народ. Уздоўж плота стаялі сталы, на якія слугі з хаты выносілі мяса, пірагі, іншыя пачастункі. З пузатай дзежкі налівалі ў конаўкі віно. Гралі музыкі, людзі, адышоўшы ад сталоў, весела скакалі і спявалі. Забачыўшы на вуліцы атрад вершнікаў, народ прыціх, той-сёй падаўся прэч.

— Што тут адбываецца? — спытаўся князь.

— Вяселле пана Юрыя Неміровіча,— адказалі з натоўпу.

— Павіншуем,— азірнуўся да Дразда Глінскі.— Хай прынясуць скрыню з падарункамі. Тое, што ўзялі ў пана Яна.

Па высокім ганку з разнымі парэнчамі князь падняўся ў хату. На вяселлі ўжо ведалі, што ў госці пажалаваў Глінскі. Раней які гонар — а цяпер толькі непрыемнасці мог выклікаць візіт апальнага князя, але тым не меней Юрый Неміровіч разам з маладой паспяшаўся з-за стала насустрач госцю. У святліцы, пры з’яўленні Глінскага, прыціхлі, забыліся пра хмельныя кубкі і чашы, насцярожана паглядалі на князя. Пагалоскі апярэдзілі яго — у Наваградку казалі пра забойства Забярэзінскага. Глінскі абвёў застолле позіркам, хітнуў галавой знаёмцам, у тым ліку і Андрэю Неміровічу. Усе чакалі, што мовіць госць, а ён маўчаў. Да яго падышлі маладыя. Нявеста трымала ў руцэ срэбны разнос, на якім ляжала луста хлеба і стаяў срэбны карэц з віном.

— Рады бачыць, княжа, на нашым вяселлі,— прамовіў Юрый Неміровіч. Маладая паднесла Глінскаму разнос. Князь узяў у рукі карэц. У святле свечак бліснулі карункамі залатыя пярсцёнкі на доўгіх княскіх пальцах.

— Хлеб ды соль, любоў ды шчасце вам! — князь паднёс карэц да вуснаў, закінуў галаву назад і доўгімі глыткамі асушыў яго і, перавёўшы дых, рэзка вымавіў: — Горка!

І ап’янелыя госці радасна загулі:

— Горка! Горка!

Маладыя падаліся адно да аднаго ў абдымкі і пацалаваліся.

Нявеста не спадабалася князю — нізкая, непрыгожая, з скуластым вуглаватым тварам. Лыпала шэрымі вачыма на Глінскага, нібыта на дзіва якое, раз-пораз рассоўвала прыпухлыя вусны ва ўсмешцы, паказваючы буйныя зубы. Такі шляхціц, як Неміровіч, мог знайсці сабе жонку і зорыстую, тварам гожую, каб не сорам і людзям паказаць, але, пэўна, паквапіўся Юрый на багаты пасаг, узяў і такую. Па загаду Глінскага слугі паднеслі маладым кутую жалезную скрыню, дзе ляжала дарагая вопратка: шытыя золатам кунтуш, жупан, футры, сарафаны, спадніцы — шчодры княскі падарунак.

— Княжа, выкажы гонар нам, падзялі з намі хлеб-соль,— запрасіў за стол Неміровіч.

— Дарога чакае мяне — коні аседланы. Але слова моўлю, паведаю вам, ад чаго той замятак, які я ўчыніў. Ні ад кога ён не стаўся, як ад Хведкі Калантаева. Як быў у Вільні, прыйшоў да мяне Хведка, і паў перада мною крыжом, і мовіў так: паведаю табе, княжа Міхайла, што на нынешнем сойме ўсіх нас, Русь маюць хрысціці ў ляцкую веру, а хто бы не хацеў пайсці ў ляцкую веру, тых маюць сцінаці, а то мне паведаў пан Іван Сапега. Са слязьмі чолом бью тваёй міласці, для Бога змілуйся, уступіся за нас! І я, пачуўшы мольбы Хведкі Калантаева, вырашыў уступіцца за веру праваслаўную. На Бога ўкладаю спадзяванні свае, што зразумееце вы мяне і падтрымаеце,— прамовіў князь і выйшаў са святліцы.

Цяпер князь накіроўваўся да сябе ў Тураў, дзе і вырашыў збіраць пад свой сцяг прыхільнікаў, рыхтавацца да вайны з Жыгмонтам. Па дарозе Глінскі жадаў заехаць да слуцкай княгіні Настассі, быццам бы ў госці завітаць: на самай справе меў свой інтарэс. Княгіня вось чацвёрты год удавіца, і калі да яе пасватацца, абвянчацца — слуцкае княства ў ягоных руках. На скарбы Алелькаў можна наняць некалькі харугваў татарскай конніцы ды і случакоў тысячы дзве вояў падняць за сабой. А галоўнае — Алелькам належаў некалі Кіеў, і можна было па праву прэтэндаваць на Кіеўскую зямлю.

Пад вечар спыніліся ў вёсцы. Татары выпалілі яе, аднак жыхары паспелі да зімы паставіць тры хаты, дзе зараз усе разам і жылі. Для начлегу слугі выгналі з адной хаты сялян і ўжо збіраліся абдыміць яе хваёвымі лапкамі, каб меней смярдзела клапамі ды жывёлай, што там стаяла, як Глінскі, убачыўшы задубелых на марозе сялян і сярод іх дзяцей, загадаў вярнуць ім хату. Начаваць ваярам і шляхце давялося ля вогнішчаў, а князю — у паходным шатры.

Не ад добрага сэрца пашкадаваў Глінскі сялян. Людзін ёсць людзін — няма чаго яго шкадаваць. Зараз іншая справа, Глінскі ў валоданнях слуцкай княгіні, і не варта крыўдзіць яе людцаў, настройваць Настассю супраць сябе. Ды і ўвогуле зараз да людзінаў простых трэба ставіцца абачліва, паказаць ім, што чэрню ён не грэбуе, як іншыя князі. Зараз усё, што ён мог выкарыстаць супраць Жыгмонта, яму на пажытак.

 

Наступным днём Глінскі дабраўся да Слуцака. З княскага замка ўбачылі атрад Глінскага. У настылым марозным паветры гучна забілі вартавыя званы. Ударыла са сценаў гармата. З навакольных дрэў з крыкамі падняліся чароды груганоў. Людзі Глінскага спыніліся. Насустрач з замка выехалі тры езных. Сотнік Шыкуліч, сотня якога несла сёння варту, шляхціц Бойка і просты ваяр Кмітка Дзівок. Случакі наблізіліся да людзей Глінскага, і сотнік пацікавіўся, хто яны такія і што ім трэба ў Слуцаку.

— Князь Міхайла Львовіч Глінскі завітаў у госці да княгіні Насты і просіць прыняць яго,— адказаў сотніку Андрэй Дрозд.

Сотнік ўздрыгануўся і трывожна зірнуў уперад — туды, дзе знаходзіліся шаткі з князем.

— Добра, я паведамлю княгіні, аднак давядзецца пачакаць,— адказаў задумліва сотнік і павярнуў каня да замка.

За сотнікам і Кузьмінічы накіраваліся ў замак.

Мацей яшчэ раз кінуў позірк, бы хацеў убачыць князя Глінскага. Нечага ў гэтай гісторыі ён не разумеў. Не хацеў Кузьмініч верыць у пагалоскі пра чорныя намеры князя. Чалавек, які змагаўся за Айчыну, не мог здрадзіць каралю — нешта тут не тое. І зусім князь не падобны на зламыснага аблуду і галоўніка, які задумаў зжыць са свету свайго гаспадара. Хаця бог яго ведае. Вунь і стрый кажа: «Не веру я гэтаму Саулу: спачатку воўк, а потым ягнё. Што яму патрэбна ў Случаску. Недарма ён едзе, не дзеля гасцявання ў княгіні».

Да Глінскага падскакаў на кані Дрозд.

— Ну, што там? — нецярпліва спытаўся князь з цікавасцю праз адчыненыя дзверцы шаткоў, пазіраючы на княскі замак.

— Трэба пачакаць, князь.

— Што ж, пачакаем. Мне зараз адно гэта і засталося. Чакаць, — адказаў Глінскі і зноў стаў разглядваць замак.

Моцны земляны вал пакрыты льдом, глыбокія равы, якія, каб не замерзлі, штодня ачышчаліся ад лёду, высокія сцены-гародні з двума ярусамі баёў, жаролы гарматаў, што выглядвалі з байніцаў, непрыступныя вежы ўражвалі князя. Абавязкова трэба мець гэты замак у сваіх руках. Тут у замку можна было вытрымаць аблогу каралеўскіх войск, адсюль рукой падаць да Наваградка, дзе ваяводзіць брат Іван, а з Наваградка адзін скачок — і ты ў Вільні. Калі княгіня разумная жанчына, дык прыме ягоную прапанову, згодзіцца стаць жонкай. Усё ж павінна разумець Настасся, што ў гэтыя трагічныя часы адной ёй прыйдзецца нялёгка: і землі ад ворагаў бараніць, і месца аднаўляць, і княствам уладарыць. Тут патрэбна мужчынская рука і мужчынскі розум. Добра б, каб пра ўсё дамовіцца з княгіняй у гэты раз — час не чакае, чым раней яны ажэняцца, тым лепш для яго.

Нарэшце прыбылі вестуны княгіні і запрасілі Глінскага ў замак. Праз браму ўехалі ў замак. Ад самай брамы пачыналася забудаваная хатамі і сядзібамі багатых месцічаў вуліца. Мінулі царкву святога Юрыя і дабраліся да княскага палаца. Глінскага сустрэла сама княгіня Настасся.

Апранутая яна была ў зялёную сукенку з каразеі, аздобленую брамкай і з вышытай золатам перлавай аздобай. Трымалася перад князем з гонарам. І хаця ветла ўсміхалася князю, у яе вачах ён бачыў затоены недавер.

Дзве маладыя жанкі на срэбным разносе паднеслі князю хлеб і чару віна. Па-старадаўнім звычаі князь адламаў ад хлеба лустачку, абмакнуў яе ў чару, паспытаў віна, закусіў хлебам, а пасля, выліўшы чару на парог палаца, прамовіў: «Няхай жа будзе шчасце ў доме гэтым для гаспадара, госця і жабрака».

Пакуль слугі клапаціліся пра вячэру, Глінскі ў суправаджэнні княгіні і князя Юрыя аглядаў палац.

Князь Міхайла чуў пра скарбы Алелькевічаў, аднак тое, што ўбачыў у палацы, уразіла яго. Пакоі палаца былі багата аздоблены золатам, усходнімі дыванамі, шкурамі звяроў, зброяй, пазалочанымі люстрамі і падсвечнікамі, камінамі, выкладзенымі кафляй. Багатыя Алелькевічы, багатыя — нямала ў іх залатых клейстонаў прыгожай аздобы, не адну сотню вояў за гэтыя скарбы можна спарадзіць.

У параднай зале малады Алелька з гонарам распавядаў пра сваіх продкаў. Глінскі рабіў выгляд, што ўважліва слухае князя Юрыя, разглядваў вялікія, у чалавечы рост, партрэты Алелькаў, што віселі ў залатых, адмысловай выпрацоўкі рамах.

— Князь Алелька бараніў паўднёвыя ўскраіны Літвы,— распавядаў Юрый.— Пасля смерці Вітаўта многія князі і паны хацелі выбраць яго на велікакняскі пасад. Вялікі князь Жыгмонт звязеніў яго і пяць рокаў трымаў у вязніцы разам з жонкаю княгіняй Настай — дачкою князя Маскоўскага.

Слухаючы маладога князя, Глінскі зайздросціў Алелькам, што ў асобе гэтага юнака, які ганарліва распавядае пра сваіх продкаў, яны маюць працяг свайго жыцця, сваёй справы. Ён таксама мог мець сына. Мог, а не мае. Усё, думалася, паспее ажаніцца. Ды было не да гэтага. Кружылі, туманілі галаву слава, улада, а гады міналі, мільгалі, і вось яму ўжо трыццаць сем, і няма ні сям’і, ні дзяцей, ні каханай жанчыны. А мог ужо даўно мець вось такога вырастка, які б зараз стаў яму падтрымкай у барацьбе з каралём.

На вячэры паплечнікі Глінскага, згаладаўшыся за дарогу, дружна накінуліся на ежу. У дальнім куце залі княскія музыкі гралі на лютнях і цымбалах. Князь, прыгубіўшы кубак з віном і паспытаўшы некалькі страў, паспрабаваў завесці гаворку з княгіняй. Настасся слухала без ахвоты. Князь выказаў сваё захапленне замкам і ад лёстак у адрас слуцкіх князёў, што так клапаціліся пра сваё родавае гняздо, неўпрыкмет скіраваў размову на тыя цяжкасці, што выпалі на плечы княгіні; татарскія нашэсці, спаленыя месты, разрабаваныя весі. Ён здзіўляецца мужнасці Настассі: іншы вопытны ваявода і той не адбіўся б ад татарскіх загонаў. Вунь Хадкевіч не здолеў абараніць Кіеў — захапілі яго крымчакі. А княгіня сама вяла ў бой слуцкіх вояў. Княгіня мужная жанчына, вельмі мужная, але ж яна жанчына, і ёй цяжка рабіць тое, што і мужчыне часам не па сілах. А зараз град трэба ставіць новы, а гэта столькі клопату, зноў прыйдзецца ёй нялёгка. А там, крый божа, мо татары зноў пойдуць вайной. Не пашкодзіла б яшчэ адзін замак зафундаваць. Глядзіш, вайна з масквітамі, войска трэба выстаўляць каралю. Цяжка адной, вельмі цяжка.

Але княгіня перавяла размову на іншую тэму. Пацікавілася віленскімі навінамі. Што князь ёй мог мовіць, калі ў Вільні кажуць толькі пра князя Глінскага, якога прагналі з велікакняскага двара?

— Якія навіны? Усё тыя ж. Глінскі,— князь развёў рукамі, паблажліва ўсміхнуўся,— чарамі адправіў з гэтага свету караля Аляксандра! Хацеў падсесці пад сябе княства. Вось каб Глінскі вялебнага караля Жыгмонта не адправіў за Аляксандрам, яго і прагналі са двара. І яшчэ ён павінен быў дзякаваць каралю, што горлам не пакаралі ці не пусцілі па свеце жабраком з карбонай1 А зараз у Вільні супакой. Няма каму чорную здраду і змову замышляці, няма каму вяльможны пасад губіць. Вось так,— скончыў Глінскі, казаў ён насмешліва, а ў голасе адчувалася крыўда, паставіўшы локаць левай рукі на край стала, правёў некалькі разоў пальцам па лбе.— Вось так.

Узгадалі Клецкую бітву, і на гэтым вячэра скончылася.

— Княгіня, я хацеў бы з вамі паразмаўляць,— звярнуўся Насты князь.

Княгіня запрасіла яго да сябе. Невялічкі і ўтульны пакойчык, куды яны перайшлі, быў упрыгожаны дыванамі; на падлозе ляжалі звярыныя шкуры, якія глушылі крокі, у кутку, перад абразамі ў залатых акладах, мігацела лампадка, у каміне весела трашчаў хваёвымі смалякамі агеньчык.

— Сядайце, князь,— паказала Настасся на разное крэсла, пакрытае мядзведжай шкурай, а сама села ў другое.

Князь застаўся стаяць. Ён рашыў усё выкласці адразу, без папярэдніх размоў. Праглынуўшы сліну, Глінскі ціха прамовіў:

— Княгіня, я хацеў бы пасватацца да вас.

Дык вось дзеля чаго прыехаў да яе князь, і ён станавіўся для княгіні не проста госцем, якому па звычаі яна дала прытулак з дарогі, а чалавекам, які хацеў падзяліць з ёй свой лёс. Як бы другімі вачыма глянула яна на Глінскага. Толькі не ганарыстасць высокай княскай постаці, не ўладарнасць ягонага твару, не цвёрда сціснутыя вусны ўбачыла княгіня, а стомленыя чорныя вочы, што стоена чакалі яе адказу, сівізну ў скронях і барадзе, маршчыны каля вачэй, набухлыя вены на руках, якія трымаў Глінскі на спінцы крэсла. І гэта той чалавек, што разбіў татараў, што мог лезці самой смерці ў пашчу, які мог, не азірнуўшыся, пераступіць мяжу недазволенага каралям, які сустракаўся з імператарамі, каралямі, ханамі, імя якога ведала ўся Еўропа — зараз ён быў ізгой. А ён жа адзінокі. Хто-хто, а княгіня гэта разумее. Раней князь уцякаў ад адзіноты ў справы дзяржаўныя, а цяпер?.. Раней ён быў патрэбны шматлікім сябрам, а цяпер?.. Раней ён мог схаваць свой сум у баляваннях, а цяпер?.. Раней не дрыжаў ягоны голас, а цяпер?.. Княгіня маўчала, моўчкі чакаў яе адказу і князь.

І скажы б ён раптам:

— Княгіня, я вельмі стаміўся ад гэтага жыцця: інтрыгі, зайздрасць, зайсце, аблудлівасць, і мяне гэта вымушала інтрыгаваць, падманваць, не ведаць супакою, нікому не давярацца, забыцца на шчырасць. Але ж існуе іншае жыццё, дзе ёсць любоў і пяшчота, дзе чуецца дзіцячы смех, дзе тваю нягоду аблегчыць каханы чалавек. Я пазбаўлены гэтага жыцця. Княгіня, богам прашу, дапамажыце. Мне цяжка. Я люблю вас.

Тады б яна не ведала, што адказаць князю. Але Глінскі прамаўчаў, і холад гэтага маўчання працяў княгіню. Яна адказала:

— Князь, не трэба слаць сватоў.

— Аднак, княгіня, падумайце. Я мог бы аблегчыць той цяжар, што лёг на вашы плечы.

— Князь, не будзем мовіць пра гэта,— паднялася Алелькевіч з крэсла, даючы зразумець, што гаворка скончана.

Глінскі не мог змірыцца, што ягонай задуме не збыцца.

— Княгіня,— ён схапіў гаспадыню за руку і зазірнуў ёй у вочы.— Але чаму? Падумайце, не спяшайцеся.

— Добра, князь, я адкажу заўтра.

Раніцай, калі ўсе селі за стол і чакалі выхаду Настассі, слуга паведаміў, што княгіні нездаровіцца, і перадаў князю ліст. Глінскі, прадчуваючы нядобрае, паспешліва разгарнуў паперу і прачытаў: «Князь, каханне да мужа майго — нябожчыка князя Сымона, вернасць яму і светлая памяць па ім не дазваляюць мне прыняць вашу прапанову. З павагай да Вас княгіня Анастасія». Гэта была ветлівая адмова.

— А дарэмна...— Глінскі скамячыў у далоні паперу. Апошняе слова князь мовіў з пагрозай, павольна і важна вымаўляючы яго, а потым з пасуравелым тварам рэзка загадаў сваім людзям:

— Выязджаем.

Праз гадзіну атрад Глінскага выступіў з замка. Каля замкавай брамы Шлейхніч спыніў каня, звярнуўся да Шыкуліча, які разам са сваёй сотняй ахоўваў браму.

— Князь хацеў бы, каб ты паказаў нам шлях. Ёсць дазвол ваяводзіча.

— Добра,— адказаў сотнік і загадаў двум ваярам, што стаялі побач з ім, прывесці каня.

— А яшчэ князь хоча мець з табой гаворку,— ціха прамовіў Шлейхніч, калі ваяры кінуліся выконваць сотнікаў загад.

Сотнік ўздрыгануўся, адчуванне трывогі сцяла яму сэрца.

 

1 Карбона — жабрацкая кружка для збору міласціны.

ІV

Канец зімы і пачатак вясны Мацей правёў у Слуцаку. Стрый не адпускаў яго дадому. «Пацяплее — з’ездзіш, а цяпер няма чаго там рабіць»,— адказваў Карп на ўсе Мацеевы просьбы. Заставалася чакаць цяпла і сумаваць па Яні. На вялікдзень ён наведаў княскіх вояў, з якімі разам ваяваў супраць татараў. Кузьмініча памяталі і шчыра ўзрадаваліся яму. Пануры Гнат Галуха паказаў на вуснах усмешку. А Частап’ян наляцеў, як віхор, аблэпаў Мацея ручышчамі, ды так з радасці пачаў ціскацца, што ён ледзь дух не аддаў, а вой ціскаў, ляпаў, цалаваў яго і, як жарабок, іржаў:

— Гыг-гы-гы... Мацей... Бадай мяне каза, калі я не ўп’юся ад радасці.

— Напіся, напіся, каб дурні не звяліся,— насміхаўся з яго Гнат.

— У карчму! У карчму! Уперад, сябры! — крычаў Частап’ян.— Хто не са мною, аддаю яго праклёну, хай чэрці душу яго грэшную цягнуць у пекла.

Па дарозе ў карчму да хеўры далучыўся яшчэ адзін ахвотнік — Пустабрэх.

— Патрэбны ты нам, як манаху малітва,— даволі злосна сказаў яму Частап’ян.

Аднак Пустабрэха гэта ніколькі не засмуціла: «Усяка мошка хоча трошка». Смехам расплаціўся ён з Частап’янам.

Хеўра знаходзілася ў вясёлым і безразважлівым настроі людзей, якія прадчувалі блізкую пагулянку. Пустабрэх, як галаслівы птах, заліваўся на ўсе лады, ваяры смяяліся на ягоныя показкі і жарты, падміргвалі сустрэчным маладзіцам. Тыя заліваліся чырванню і спяшылі хутчэй збегчы падалей ад нечаканых кавалераў. Ды і сустрэчны люд слушна збочваў перад ваярамі. Нарэшце дабраліся да карчмы.

— Ох ты, дарагая! — усклікнуў Пустабрэх, і як да бога працягнуў рукі да карчмы.— Здавён — праклён жонак і радасць мужоў, прытулак усіх няшчасных і адзінокіх. Уцеха наша, прымі ж нас, прынеслі табе апошнія нашыя пенязі.

Карчма сустрэла сяброў моцным пахам віна і піва, шумлівымі п’янымі крыкамі наведвальнікаў, гучным звонам цымбалаў. За доўгімі дубовымі сталамі ўладарыў хмель: падымаліся гліняныя конаўкі, уміналіся харчы, гучаў смех. П’янтосы зацята спрачаліся і размаўлялі між сабой, здавалася, яны ўжо заблыталіся ў сваіх спрэчках і ўжо не ведаюць, аб чым спрачацца, пра што казаць, а ўсё ж не ўнімаліся, усё спрабавалі нешта даказаць адзін аднаму, толькі каб не маўчаць, каб мяцеліць языком.

Адшукаўшы свабодны стол, ваяры тут жа пападалі на моцныя дубовыя лавы і гучнымі галасамі сталі патрабаваць ландыра: «Гэй, Панкратка, дзе цябе чэрці носяць? Ідзі да нас».

— Калі не ўдавіцца, дык з’явіцца,— заспакоіў ваяроў Пустабрэх.

Ландыр — пануры, зарослы чорнай густой барадой, з цяжкім позіркам шэрых вачэй не прымусіў сябе чакаць.

— Панкратка, сябра,— загудзеў радасна Частап’ян, разводзячы ўшыркі рукі, бы жадаў абняць карчмара.— Здарова!

— Здарова, здарова,— стрымана адказаў Панкрат.

— Во думаем пагуляць у цябе.

— І піці будзем, і гуляць будзем, а кашчавая прыйдзе, дык і паміраці будзем! — гучней усіх крычаў Пустабрэх.— А ну, хлопцы, выкладвай грошыкі. Усё адно: прыйшло махам і пойдзе прахам.

— Давай, Панкрат, з печы, з полу ўсё да столу. Ох, гульнём,— загудзелі разам ваяры і выклалі на стол свае скарбы.

Шырокія жылістыя далоні ландыра спрытна зграблі са стала грошы і схавалі іх у глыбокія кішэні.

— Панкратка, хутчэй, няма сіл чакаць. Так выпіць карціць, што душа трымціць,— не цярпелася Пустабрэху.

Панкратка стараўся: разам са слугой ён, што палескі човен, спрытна снаваў па карчме. Ад дзвярэй кладоўкі, дзе ў яго знаходзілася ежыва, да стала ваяроў,— спусціўся ў скляпок, з чэраваў пузатых дзежак набраў у гладышы віна і піва. Хутка на стале стаялі патэльні з яечняю, скваркамі, каўбасой, збаны з віном.

— Чаго ж гэта мы сядзім,— не вытрымаў Пустабрэх — і, схапіўшы гладыш з віном, разліў яго па конаўках.— Што, сябры, падымаем, каб не скончылася пітво гэтае ніколі. Давайце.

— Хмель суцяшае душы нашы! — згодна загаманілі ваяры і, перашыся, умомант кульнулі віно. Потым ужо пілі за ўсё запар, за што толькі жадалі і здолелі дамовіцца ў п’яным рознагалоссі: за сябе, за кожнага асобна, за ўсіх разам, за тых, хто загінуў за княгіню, за маладога князя, за родны Слуцак, за тое, каб добра жылося і салодка пілося. Ад выпітага ў Мацеевай галаве думкі ледзь прабіваліся праз хмельнае мроіва. Кузьмініч спрабаваў сябе пераканаць, што не такі ўжо п’яны, не страціў галавы і добра разумее, дзе ён і што з ім адбываецца. Так, ён у карчме. Вось, нахіліўшыся да самага вуха, нясе нейкую слязлівую споведзь ваяр Восіп па прозве Курмель. Вось побач Галуха Гнат моўчкі пацягвае піва. Вось Пустабрэх спрачаецца з Частап’янам. Нібыта д’ябал і манах счапіліся між сабою, кожны гарыць ад злосці, махае рукамі, крычыць адзін аднаму, пырскаючы слінай.

— Гэта ты мяне прыдушыш? Во, выкусі,— паказвае дулю Пустабрэх.

— Адною рукою,— крычыць яму расчырванелы Частап’ян.

— Глядзі, каб пупок не трэснуў.

— Змоўч, як жаба ў карчы. Не клікай бяды,— бухнуў кулаком па стале Частап’ян.

Спрэчнікі хапілі адзін аднаго загрудкі.

— Хлопцы, вы што, блёкату аб’еліся, спыніцеся? — кінуліся раздымаць іх ваяры.

Мацей таксама падняўся на ногі, каб дапамагчы ваярам разняць задзіраў. Яго спыніў Галуха.

— Куды ты? Няхай б’юцца сабе, мо паразумнеюць,— танклявыя вусны Гната скрывіліся ў такой пагардлівай усмешцы, што нельга было не зразумець, што ён пагарджае і гэтай карчмой, і ўсім тым, што зараз адбываецца ў ёй, і сваімі таварышамі таксама.

Задзіраў разнялі, затым зноў пілі і закусвалі, зноў спрачаліся, крычалі, мірыліся, цалаваліся. Потым усе вывалілі з карчмы, ваяры пайшлі да сябе, а Мацей яшчэ бадзяўся па горадзе.

 

На невялікім пляцы, перад замкавымі сценамі, сабраўся натоўп. Яшчэ здалёк чуваць былі нечыя адчайныя енкі і крыкі. Зацікавіўшыся, Мацей памкнуўся туды. На памосце, збітым з дубовых дошак, два каты бязлітасна лупцавалі карбачамі нейкага чалавека, прывязанага рамянямі за рукі да слупоў. З акрываўленай спіны, на якую нельга было без дрыжыкаў глядзець, звісалі шматкі скуры. Пры кожным удары карбачы глыбока ўпіваліся ў цела. Пырскала кроў. Чалавек з нутранымі крыкамі торгаўся, намагаўся вырвацца з рамянёў.

— Так яго! Так яго! А, не падабаецца? Не шкадуйце. Шыбніцу ён заслужыў,— крычалі ў натоўпелюдзі.

— За што яго? — спытаўся Мацей у аднаго з мужыкоў, што стаяў побач.

— Караюць злодзея,— растлумачыў той. Мацей прабраўся да самага памоста і пазнаў Цітка. Вось яны, шляхі-пуцявіны людскія. Жах, боль і сляпую надзею на міласць, здаецца, убачыў Мацей у Цітковых вачах. І прыгадаўся Ёсіпка... Карбачы зноў і зноў апускаліся на Ціткову спіну. Кроў пырскала на слупы і спацелых катаў. Не сваім голасам крычаў Ціток. Не сцярпеў Мацей, зарыпелі пад ягонымі нагамі прыступкі памоста. Твары людскія, твары вакол, усе глядзяць на яго. Ён адчувае гэтыя позіркі... П’яныя вочы катаў. Акрываўленыя карбачы ў іх руках. Спаласаваная крывавымі пісягамі Ціткова спіна.

— Спыніцеся! — Кузьмініч выхапіў бізун з рук здзіўленага ката. І ўразіла Мацея тая цішыня, якая наступіла вакол. Людзі нібыта анямелі, здаецца, пачуў ён, як гучна білася ў грудзях сэрца.

— Ты што? — кат злосна лыпаў на яго вырачанымі, налітымі крывёю вачыма.— Яшчэ ніхто не асмельваўся спыніць яго.— Ты што? — паўтарыў кат.

— Нічога, адпачні, а то ўпарыўся,— здзекліва адказаў Мацей і, выцягнуўшы з-за пояса штылет, абрэзаў рамяні на руках Цітка.

— Век не забуду, пане, век не забуду,— плаксіва ўсхліпваючы глоткай і пужліва мігаючы пачырванелымі слязлівымі вачыма, замармытаў удзячна Ціток, паспешліва }каціўся з памоста, шмыгануў у натоўп.

— Гэй, што робіш? Перад княгіняй адкажаш. На шыбеніцу захацеў? Будзеш віну злодзея несці,— пагрозліва падступіліся да Кузьмініча каты.

А натоўп, які яшчэ хвіліну назад падтрымліваў іх, зараз адкрыта перайшоў на Кузьмінічаў бок.

— Так іх, крывасмокаў! Малайчына! Бі іх, хлопцы! — крычалі людзі ў натоўпе. Той-сёй ужо сатрасаў у паветры кулакамі.

Каты палахліва азірнуліся на людзей, якія цесным колам акружалі памост.

— Што вам няўцям? Падумайце, што робіце? Разыдзіцеся! — крычалі на людзей каты.— А табе, агурнік, не паддобрыцца. Са спіны будзем рамяні рэзаць. Знойдзем цябе,— пагражалі яны Мацею.

Раптам праз натоўп пралез з двума ваярамі шляхціц Бойка.

— Што такое? Разысціся, разысціся! Што тут такое? — вісклівым голасам крычаў шляхціц.

— Вось ён выслабаніў злодзея. Людзінаў бухторыць супраць нас,— абрадавана растлумачылі Бойку каты, паказваючы на Мацея.

Бойка пазнаў яго. «А, гэта ты»,— мовіў ён. «Так» я»,— адказаў Кузьмініч. Сустрэча з шляхціцам нічога добрага не абяцала: той ведаў яго і мог выдаць княгіні. Самае разумнае зараз было не злаваць Бойку, аднак выпітае віно тлуміла галаву, штурхала на. дзёрзкасць. Няёмка было саступаць на вачах мноства людзей пасля таго, як выслабаніў злодзея, паказаў сваю смеласць. Свідравалі" адзін аднаго позіркам. У абодвух зняважліва крывіліся губы.

— Узяць — і за краты,— загадаў Бойка ваярам.

— Паспрабуй, хто першы? — Кузьмініч выставіў наперад востры штылет.— Ну, давай, хто смялейшы?

Ваяры выхапілі з похваў шаблі. «Не дурнічай»,— казалі яны Мацею. І няпроста прыйшлося яму, калі б у натоўпе нехта не выкрыкнуў: «Ану, мужыкі, не дадзім хлопца ў крыўду». Натоўп з крыкамі рынуўся да памоста, адштурхнуў катаў і ваяроў ад Кузьмініча. Нехта ззаду схапіў яго за руку і пацягнуў па прыступках уніз. Барадаты высокі шляхціц, які трымаў яго, адабральна прамовіў:

— Ну ты — майстра выкідваць конікі. Добра, калі ўсё ўціхамірыцца, а калі пачнуць дайзранне, табе не паздаровіцца. Можаш трапіць за замкавыя краты.

Кузьмініч, забыўшыся пра небяспеку, радаваўся высакароднасці свайго ўчынку: ён выратаваў чалавека. І чаму ён павінен палохацца?

Яшчэ доўга Кузьмініч блукаў па вуліцах Слуцака. Хмель даўно выветрыўся, хаця галава і балела, аднак ён не звяртаў увагі на гэта. Хадзіў шчаслівы і горды сабою, і думалася Кузьмінічу, што ўсе сустрэчныя ведаюць пра яго ўчынак.

 

Стрый, калі Мацей вярнуўся дадому, ужо ўсё ведаў. Бойка прыпаслаў да яго ваяроў.

Карп сурова сустрэў братаніча.

— Біць цябе няма каму. На геройства пацягнула. Зараз чакай бяды.

Толькі цяпер, убачыўшы ўстрывожаны Карпаў твар, Мацей зразумеў, што яму сапраўды пагражае небяспека.

— Не мог стрымацца,— апраўдваўся Мацей.

— Не мог! Трэба трываць, нават калі і не можаш. За такое можаш галавы не знасіць. Давай збірайся.

— Куды? — спытаўся Мацей.

— Паедзеш дамоў. Пажывеш там тыдні два, пакуль тут усё супакоіцца. Мо як уладзім,— Карп стомлена сеў на лаву, цяжка ўздыхнуў: — Эх, дурань, я тут яму месца добрае шукаю, а ён дурасцю маецца.

Мацей хутка забыўся пра ўсе пагрозы. Ён паедзе дадому, а там можна і да Каліноўскіх, убачыць Яню. Пра гэта ён толькі і марыў.

Стрый даўно запрог каня, паклаў у тайстры вопратку, сняданак, у альстрах знаходзілася зброя: лук, сякера-чэкан, шарпатынка, вогніва з крэсівам. Мацею засталося цяплей апрануцца, захапіць з сабой вылею1 ды развітацца з дзядзькам і яго сям’ёй.

— Глядзі, Мацейка, без выкрунтасаў,— сказаў Карп.— Думай, што робіш. І не забывай, ты апошні з нас, Кузьмінічаў, на табе род трымаецца. Ну, з богам! — ён перахрысціў пляменніка.

І Мацею стала шкада Карпа. Ведаў ён, што стрый нямала перажыў на сваім вяку. Падчас выкрыцця змовы князя Міхайлы, Карпа, тады маладога яшчэ шляхціца, звязенелі, выпытваючы пра змову, бязлітасна катавалі. Рубцы ад катаванняў носіць на целе і цяпер. Потым некалькі гадоў Карп правёў у казні2 }каралеўскага замка ў Гародні, пакуль яго не вызваліў князь Сымон. Не склалася ў стрыя і сямейнае жыццё. Жонка — сварлівая і заўсёды нечым незадаволеная — была не той жанчынай, якія прыносяць шчасце. Ды і наследка не нарадзіла.

— Дзякуй табе, стрый,— Мацей пацалаваў дзядзьку.

— Ну нічога, сынок,— вывеў яго Карп за вароты, доўга глядзеў услед.

 

Мацея нечакана спынілі ля замкавай брамы. Звычайна варта, якая ведала яго (намазоліў ёй вочы, ездзячы часта з дзядзькам на паляванні здабываць на княскі стол птушку і звера), прапускала без перашкоды. Двое вартаўнікоў схапілі каня за аброць.

— Пачакай, шляхта, куды спяшаешся?

Кузьмініч, не падазраючы нічога, спыніў каня.

— Чаго вам?

— Зара зазнаеш. Гэй, Ждан, пакліч сотніка,— крыкнуў адзін з вартаўнікоў ваяру, што стаяў на браме,

І толькі тады, калі зверху спусціўся Шыкуліч, калі сотнік без усялякіх тлумачэнняў загадаў злезці з каня і вой закруціў рукі і моцна звязаў іх вяроўкай, Мацей зразумеў усё. Недарэмна трывожыўся стрый. За напад на катаў яму не даруюць.

— За што?

— Ведаеш за што,— адказаў панура Шыкуліч. — Сам у лёхі пойдзеш ці з вартай?

— Сам, не маленькі,— агрызнуўся Мацей.

На душы сталася трывожна і горка. Гэтае адчуванне ўзмацнілася, калі прыйшлі ў замкаву вязніцу. Ён не заўважыў ні нізкага скляпення лёхаў, ні жалезных, з вялікімі засаўкамі і замкамі, дзвярэй, ні пацукоў і мышэй, што з піскам шмыгалі каля ног. Кузьмініч крочыў следам за сотнікам. Іхнія крокі парушалі змрочную цішу падзямелля. Раптам аднекуль спераду данёсся адчайны крык. Халодныя мурашы прабеглі па Мацеевай спіне.

Яны ўвайшлі ў склеп. Паходні, што былі прымацаваны да каменных сцен, асвятлялі памяшканне, ланцугі, колы, дошкі, лавы, якія былі тут. У дальнім куце ў каміне тлелі вуголлі. Каля каміна корпаўся кат. Пасярэдзіне склепа да жалезнага слупа быў прыкуты ланцугамі чалавек, галава якога ўпала на грудзі. З яго скінулі ўсю вопратку, каб нячыстая сіла не таілася ў складках адзежы і не надавала чалавеку сілы трываць катаванні. На целе няшчаснай ахвяры не было жывога месца. Крывавыя пісягі і раны пакрывалі яго.

Кат пазнаў яго, узрадаваўся: «Даўно чакаю цябе. Казаў, што пашкадуеш пра сваю дзёрзкасць, пашкадуеш, што і на свет нарадзіўся».

— Што, зараз гэтага? — спытаўся кат у сотніка і кіўнуў на Мацея, плюхнуўся на дубовае сядала, наліў у конаўку віна і, ускінуўшы зарослую рыжай поўсцю сківіцу, выліў віно ў глотку, толькі коўцік забегаў туды-сюды.

— Паспеем,— спакойна адказаў Шыкуліч і скіраваўся ў склеп.— А што гэты пан вам цікавага мовіў? — спытаўся ён у ката.

— Лаецца, сука, брэша на шляхту і княгіню.

— Вось што робіць неразумная галава і брахлівы язык,— звярнуўся да Мацея сотнік, кіўнуў галавой на чалавека.— Усё дурню не падабалася, усё скавытаў: заняпалі хрысціянскія норавы, чысціні боскай ніхто не мяргуецца. Садом у месце развялі, гамору. Шляхту блудлівымі словамі паносіў, пільшчаваў яе, княгіню нашу, у знявагу ўводзіў. Дагаварыўся, ёлуп, што замест бога, нашага выратоўцы, — выратоўцам павінен выступаць сам чалавек: сам сабе павінен быці гаспадаром, сам сябе ратаваць і выслабаняць ад грахоў. Ну, яшчэ шмат чаго благога. Нават д’яблам будзе цяжка яго грэшную душу ў пекла цягнуць. Вось і трапіў сюды пакуль. Праўду хацеў выказаць. А хто любіць праўду? Каты. Яны і выслухаюць уважліва, і дзякуй яшчэ мовяць. Мо і ты жадаеш да катаў? Глядзі, як яны чакаюць цябе, як прагнуць размовы.

— Няма мне пра што з імі размаўляць.

— Ну, тады паразмаўляй са мною. Забяры гэту здэхліну,— сотнік паказаў на вязня.— І пакінь камору. Трэба мне са шляхціцам перакінуцца слоўцам.

Кат, гультаявата перакульваючыся з нагі на нагу, падышоў да чалавека, раскаваў яго і вывеў з каморы.

— Што, і табе заманулася тут сядзець разам з ерэтыкамі і зладзеямі? Ты ж шляхціц, у вайне з татарамі вылучыўся мужнасцю,— Шыкуліч паціснуў плячыма, быццам хацеў паказаць, што не разумее Кузьмініча.— Нейкага таця вызваляць. Навошта? Калі хочацца тут застацца, дык каты звітна выцягнуць з цябе ўсе флякі.

Што тлумачыць? Хіба Шыкуліч зразумее, чаму заступіўся за злодзея, чаму вызваліў яго? Палічыць вар’ятам. Сотнік працягваў:

— Калі да княгіні дойдзе — яна не пашкадуе. Ты ж ведаеш каралеўскі загад. А злодзея, дзе калі імуць, там жа яго маюць і караюць, а калі хто гэтага злодзея вызваліць — таму віну ягоную заплаціці. Ну, а калі ўлічыць, што ты чарноту да бунту бухторыў — думаю, твая віна занадта цяжкая. На шыбеніцу цяпер. І стрый не дапаможа. Аднак я магу дапамагчы.

— Дык дапамажы,— без радасці мовіў Кузьмініч.

— Толькі з умоваю: калі мне спатрэбіцца твая дапамога, ты не адмовіш. Саслужыш мне службу —вось і расплацімся з табою. Згодны?

— Так.

— Добра. Аднак, як здавён завядзёнка, дай мне клятву перад богам, што саслужыш мне. Не станеш пытацца, што да чаго — што скажу, тое і выканаеш. А пра нашу ўмову — нікому, нават на дыбе... Ну, кляніся на крыжы.

Мацей расшпіліў кунтуш і сарочку, дастаў з-пад вопраткі крыж і пацалаваў яго. Цяпер ён зразумеў, што гэтай згодай не вызваліў сябе ад небяспекі, завязаў сваё жыццё ў неразрыўны вузел. Аднак выйсця не было.

— А зараз пайшлі,— адчыніў сотнік дзверы.

Яны пакінулі склеп. У калідоры сустрэлі ката, і Шыкуліч спыніў яго.

— Вось што, гэтага малайца ты не ведаеш. Каб хутчэй дайшло, трымай,— і Шыкуліч працягнуў кату капшук з грашыма.— Тут хопіць на добрую пагулянку...

Кузьмінічу вярнулі каня і зброю. Над зямлёю ўжо апускалася сутонне, гарэлі зоркі. Замкавую браму зачынілі. Па вечаровай вуліцы Кузьмініч і Шыкуліч адправіліся да лоўчага. Карп, забачыўшы на двары братаніча і сотніка, выбег насустрач.

— Што здарылася? — трывога гучала ў стрыевым голасе.

— Нічога ворашнага,— заспакоіў Шыкуліч.— Трохі затрымаўся твой братаніч. А мне паразмаўляць з табой трэба, Карп.

Як толькі яны засталіся адны, сотнік звярнуўся да лоўчага:

— Братаніч твой можа трапіць у лёхі. Бойка пазнаў яго. Аднак яго можна выратаваць. Бяруся памагчы. Шкада хлопца, добры вой ды і шляхціц. Катам я заплаціў, яны языкі праглынуць, аднак Бойка. Нямала запросіць. Трэба грошы.

— Колькі?

— Коп дзвесце грошай.

— Божа, дык гэта ж сапраўдны ворап. Па свеце з жабрацкай торбай пайду. У мяне дочкі на выданні, вена ім патрэбна. Мо як дамовіцца, каб меней.

— Гэта яшчэ малкасць. Я думаю, жыццё каштуе болей, чым дзвесце коп,— спакойна прамовіў Шыкуліч.

— Добра, я згодны, але ў мяне коп сорак набярэцца, а астатнія дзе ўзяць?

— Я дам табе пад рэз3 '. Нясі грошы, а я пайду да Бойкі.

Калі Шыкуліч пакінуў Кузьмінічаў двор, Мацей, пазіраючы, як стрый са спахмурнелым, тварам снаваў па святлачцы, накрычаў на жонку, якая была пацікавілася, чаго гэта прыходзіў сотнік, спытаўся ў Карпа:

— Чаго хацеў сотнік?

— Чаго хацеў, тое і забраў,— адмахнуўся стрый.

— Грошай?

Хоць Карп не прызнаўся, але па яго «адчапіся», якое стрый з нейкай сумнай безнадзейнасцю мовіў, Мацей здагадаўся, што гаворка ішла пра грошы. Яго абурыла крывадушнасць Шыкуліча. Ён жа заплаціў сотніку за сваё вызваленне, заплаціў згодай саслужыць службу, а гэтаму яшчэ і грошы давай.

— Колькі ты даў? Я вярну.

Карп толькі адмахнуўся.

Назаўтра, перш чым адправіцца са Слуцака, Мацей заехаў да сотніка. Шыкуліч снедаў, запрасіў за стол. Мацей адмовіўся, папрасіў сотніка выйсці ў сенцы, перакінуцца словам.

— Слухай, Шыкуліч, колькі ты грошай узяў у стрыя? — спытаў Кузьмініч, калі яны выйшлі са святліцы.

— Якія грошы? — здзівіўся Шыкуліч,— не браў я ніякіх грошай.

— Не абувай казу ў лапці. Я ж ведаю. Колькі?

— Дзвесце коп.

— Дык вось, давай гэтыя грошы назад. Я вярну іх стрыю, а з табою сам разлічуся.

— Як ты разлічышся? Дзе возьмеш столькі грошай?

— Знайду.

Сотнік прынёс Карпавы грошы.

— Вось сорак коп, астатнія сто шэсцьдзесят я яму пазычыў пад рэз, і ўсяго ты мне павінен, калі не лічыць рэз, дзвесце коп,— мовіў Шыкуліч.— А вось зараз распішыся на гэтай грамаце,— сотнік падаў Мацею нейкую паперу.-— Тут умова, што ты бярэш на пазыку ў мяне дзвесце коп грошай і па першым маім патрабаванні вернеш іх, распішыся.

Кузьмініч узяў грамату, пакруціў у руках. Хітры Шыкуліч, накідвае на яго завесы. Не, сотнік, не атрымаецца. Мацей спакойна разарваў грамату.

— Што ты робіш? — недаўменна заскавытаў Шыкуліч. Ён насунуўся тулавам на Кузьмініча.

— Мы з табою дамовіліся, што я за тваю дапамогу саслужу табе службу. Гэтым я і разлічуся з табою. А ты захацеў маім салам ды мне па вуснах. За такія грошы я мог і без тваёй дапамогі сабе свабоду купіць і не клясціся на крыжы служыць табе.

— Аднак зразумей, што патрэбны грошы.

— Вось і давай свае. Ты ўзяўся мяне выслабаніць, таму мяне не цікавіць, як гэта зробіш. А калі ты яшчэ патрабуеш і грошы, тады і я маю права за сваю службу таксама прасіць дзвесце коп, а інакш я пальцам не варухну.

— Хм... Хай будзе так. Я заплачу сваімі, аднак памятай, не вады прынесці я буду цябе прасіць,— з ноткамі пагрозы мовіў Шыкуліч.

— Я гэта ведаю,— адказаў Мацей і выйшаў з сотнікавай хаты.

Карп нямала здзівіўся, калі Мацей вярнуў яму грошы.

— Адкуль ты іх узяў?

— Не хвалюйся, ты нічога не вінен Шыкулічу,— заспакоіў стрыя Мацей.

Аднак гэта яшчэ болей усхвалявала Карпа. Жыццёвы вопыт падказваў лоўчаму, што Мацей зноў па сваёй гарачнасці ўлез у нейкую бяду. Каб яшчэ, чаго добрага, не ўзяўся сам плаціць гэтыя клятыя грошы. А калі не выплаціць, дык сотнік падасць на яго ў суд.

— І ўсё ж, дзе ты іх узяў? Ты быў у Шыкуліча?

— Чаго ўжо казаць? Справа зроблена.

 

1 Вылея — цёплы, падбіты футрам плашч.

2 Казнь — астрог.

3 Даць пад рэз – даць пад працэнты.

V

Мацей Кузьмініч пад’язджаў да сваёй сядзібы. Стаяў зусім не вясновы, а па-восеньску слотны, пануры і дажджлівы дзень. Цяжкія панурыя хмары паўзлі па небе, і мокры халодны снег ляцеў на зямлю. Пранізлівы вецер разгойдваў старыя вербы абапал шляху. За снегавою імглою губляліся з вачэй рэдкія вёскі, пералескі, адзінокія разгалістыя дубы на палетках. Дарога ад вільгаці ператварылася ў чорную дрыгвяністую кашу. Конь з цяжкасцю мясіў нагамі густую хляпу. Вылея, у якую хутаўся Кузьмініч, даўно вымакла і шчыльна ліпла да вопраткі. Нарэшце ўперадзе мройна завіднелася чорная сцяна знаёмага з дзяцінства ўзлеску, за якім ляжаў двор Кузьмінічаў.

Яшчэ здалёк Мацей убачыў папялішча роднага дома. Адзін абгарэлы комін сіратліва тырчаў пасярод двара. Не чулася людскіх галасоў, не гарлапанілі пеўні, не брахаў сабака, не стаяў у паветры гаркаваты пах пячнога дымка, што вабіў утульнасцю і цеплынёй жытла. Ніхто зараз не выйдзе насустрач: ні бацька, ні маці, ні брат — ніхто не прывітае яго і не ўзрадуецца яго вяртанню. Мацей цяжка злез з каня, як п’яны, няўпэўнена пакрочыў да папялішча.

Што ён убачыў там? Што знайшоў? Хіба толькі вось абгарэлую печ. Печ, яна ж некалі ў сваіх далонях песціла яго, грэла ў зімовыя ночы, раніцай будзіла ад сну вясёлым спевам агню і вось асуджана на адзіноту, на забыццё, аддадзена на расправу часу і ветру. А вось гэтая абгарэлая бяроза, якую некалі садзіў бацька, таксама сведка мінулага, аднак і яна не абудзіцца да жыцця, не зашапаціць кучаравай вершалінай, не будуць у яе зеляніне шукаць сабе прытулку птушкі.

Захоплены горкім пачуццём, Мацей не заўважаў ні мокрага снегу, ні халоднага ветру, ні сваёй адзіноты. Узгадваліся заўсёды суровы бацька, матчына мілая ўсмешка, брат Ёсіпка, ластаўкі пад стрэхамі, сонечныя зайчыкі раніцай на падлозе, трэск дрэў у грубцы, калі ўсе збіраліся разам каля яе. Кожны родны твар, кожная ява мінулага, якую ўваскрашала памяць, аддавалася болем у сэрцы. З неба па-ранейшаму сыпаў мокры снег, сумна падвываў вецер. Прайшоўся па двары. На гародзе, у кустах бэзу, Кузьмініч раптам патрапіў на лахманок абгарэлай, падзёртай наміткі. Матчына. Ён кінуўся да хмызу, схапіў гэты ласкут, тыцнуўся гарачым тварам у яго і, нягледзячы на тое, што намітка столькі часу ляжала пад дажджом і снегам, здаецца, адчуў пах матчыных валасоў: палынна-горкі і мятны. Да горла падкаціўся пакутлівы камяк, і на вачах у Мацея выступілі слёзы. Ён пакрочыў да каня, паставіў нагу ў стрэмя, цяжка сеў у сядло. Па дарозе ў вёску, заехаў на кладзішча. Адшукаў магілкі Кузьмінічаў, апусціўся каля іх і на кожнай пацалаваў вільготную чорную зямлю. Доўга сядзеў ён каля магілак, пакуль не сцямнела, і толькі пасля скіраваўся ў суседнюю з выменнем весь шукаць сабе начлегу.

Ад весі засталося толькі тры хаты. Дзве з іх адбудавалі ўжо пасля татараў. Мацей падышоў да бліжэйшай хаты, пагрукаў у дзверы. Праз нейкі час за дзвярамі пачуліся галасы.

— Хто? — запыталіся з хаты.

— Я, Кузьмініч.

— Што табе трэба?

— Пусціце нанач. Увесь змок і зазябіўся.

Кузьмініч пачуў, як за дзвярамі размаўлялі, пэўна, раіліся, ці адчыняць яму.

— Колькі яшчэ чакаць?

Заскрыгаталі засаўкі — дзверы нарэшце адчыніліся. На парозе з цёскай у руках стаяў Хадор Ярмоліч — высокі жылісты селянін, вядомы Мацею, як сварлівы і заўсёды нечым незадаволены людзін.

— А, гэта ты, шляхціц,— зусім не абрадаваўся ён Мацею. З-за спіны Хадора паказаўся яго бацька, дзед Калінец.

— Божачкі мае, а мы ўжо думалі, што вы загінулі, а вы жывы-здаровы! — прамовіўшы гэта, дзед, бы дзіця, якое пахвалілі, не здолеў схаваць радаснай усмешкі.— Ды заходзьце, заходзьце,— завіхаўся ён ля Мацея.— Цеснавата ў нас. Акрамя нас з Хадорам яшчэ чатыры душы прытулак знайшлі. Параска з дачкою ды брат яе Юзік. Зміцер — крывы. Разам гора гораем. Заходзь, знойдзецца куточак і табе.

— Зараз, трэба каня рассядлаць.

Мацей звёў каня ў хляўчук, кінуў яму аўса.

У хаце з нецярплівасцю чакалі госця, Усім было цікава даведацца, дзе насіў лёс іх земляка. Знаёмыя твары і разам з тым незнаёмыя: змарнелыя і сумныя.

Цені ад тых людзей, некалі вясёлых і бадзёрых, якіх ведаў Кузьмініч.

— А мы вось так жывём. Дзякуй богу, княгіня не забывае пра нас. Весь ад вінасцей выслабаніла на год. Звера біць дазволіла і лес на хаты дае,— мовіў дзед Калінец, і столькі радасці было ў ягоных словах, быццам княгіня менавіта дзеля яго так зрабіла.

— Як жа, не забывае,— насміхліва вымавіў Хадор.— Вось толькі ачуняем, мяса нагуляем...— ён не дагаварыў, пакасіўся на Мацея.

Кузьмініч зразумеў селяніна. Пэўна, хацеў сказаць так, што не адну шкуру з іх здзярэ княгіня, ды пасцярогся пры шляхціцу. Дзед Калінец паспяшыў перамяніць гаворку.

— Мацейка, не слухай яго. Век пражыў, а розуму так і не нажыў.

І пачаў распавядаць, каго і які лёс напаткаў з вяскоўцаў: хто згінуў немаведама куды, хто застаўся жывы. Мацей, слухаючы яго, думаў пра Яню. Дзеля чаго ён абкрадвае сябе, палохаецца браць тыя крохі шчасця, што жыццё пакінула яму? Ён страціў родных, бацькоўскі дом, што ў яго засталося? Жыццё як свечка на ветры, навошта губляць сваё шчасце. Заставалася Яня — адзіная надзея і радасць.

Праз дзень Мацей Кузьмініч, хвалюючыся, уехаў у двор да Каліноўскіх.

— Мацей! — успляснула рукамі пані Ядвіга, пацалавала ў шчаку.— Не забыўся нас. Вось узрадуецца Яня.

— Прыехаў са Слуцака паглядзець, як вы тутака жывяце,— сумеўся Мацей.

—Якое тут жыццё,— неяк нават абрадавана, бы ў асобе Кузьмініча знайшла чалавека, якому можна паскардзіцца на сваю нястачу, адвесці душу,— адказала Каліноўская.— Ад ліха ціха, а дабра не чуваць.

Кузьмініч стоена паглядаў на дзверы — можа, выйдзе Яня.

— Заходзь, заходзь у дом...

Убачыўшы Мацея, дзяўчына спачатку разгубілася, здзіўлена паглядала на яго, нібыта не верыла, што ў святліцу ўвайшоў доўгачаканы госць.

— Яня!

— Мацей.

Яны кінуліся адно да аднаго. І, не саромеючыся адно аднаго, пацалаваліся. Пані Ядвіга ўсё зразумела. Крадком выцірала слёзы канцом хусткі.

 

Увесь наступны дзень Мацей правёў разам з Яняй, і што б ён ні рабіў — усё было асветлена прысутнасцю каханай. Яны глядзелі адно на аднаго, усміхаліся, шапталі пяшчотныя словы. Вечарам яны ўдваіх збеглі з дому. І, як дзеці, радаваліся, што нарэшце засталіся адны.

Міналі дні, Мацею здавалася, што яны згараюць, як знічкі. Была б ягоная воля, ён бы спыніў бег часу, толькі б падоўжыць хвіліны шчасця, толькі б заўсёды быць з каханай.

Нечакана прыехаў Карп. На чакальны позірк братаніча стрый адказаў:

— Ты не хвалюйся. Справу тваю мы ўладзілі. Бойка не стаў намаўляць на цябе, маўчыць. Але вось вестка прыйшла ад княгіні, што Глінскі нападзе на Слуцак — Наста збірае ў замак шляхту.

Вечарам Мацей прызнаўся Яні, што заўтра адпраўляецца ў Слуцак.

— Як ехаць? — у Яні быў такі разгублены выгляд, нібы яна не ведала, што цяпер ёй рабіць.— Як жа так?

— Служба,— панура прамовіў Мацей.

— Божа, чаму ж так, Мацей,— яна са слязамі на вачах прытулілася да яго; танклявыя дзявочыя рукі аплялі шыю.— Я кахаю цябе. Як я буду жыць без цябе, што рабіць? Каб ты ведаў, як чакала цябе?

Ён гладзіў яе льняныя валасы, цалаваў яе шыю і вусны, суцяшаў.

 

VI

З сярэдзіны лютага і да сярэдзіны квеценя ў Вільні праходзіў вялікі сойм. Пасля доўгіх спрэчак, было вырашана пачаць вайну з Масковіяй за страчаныя землі. Усё панства павінна было перапісаць сваіх людзей і аддаць спісы каралю, каб ён паразумеў, хто як будзе яму служыць. Каб панства не пазбягала службы, спадзеючыся адкупіцца ад яе багатай калітой, паны-рада і Жыгмонт запатрабавалі плаціць сто коп грошай, хто не ў час з’явіцца ў войска, а той, хто праз упор свой зусім на вайну не выйдзе, хай траціць шыю. Заможная шляхта і княжаты пахмурнелі тварамі — падразаў Жыгмонт ім крылы. Аднак бедная шляхта, у якой, апрача герба ды шаблі, нічога не было, падтрымала вялікага князя. Хопіць галовы свае класці за кагосьці. Хай усё будзе па-боску. Калі ваяваць, дык усім разам. Не паспелі заціхнуць спрэчкі і высахнуць атрамант на граматах, як Жыгмонт запатрабаваў даваць срэбшчыну з валовай сахі па шэсць грошаў, а з конскай — па тры. Шляхта ў крык: не трэба, пры Аляксандру не плацілі, дык чаму зараз павінны плаціць! І тут выскачыў на сярэдзіну Юрый Мікалаевіч Радзівіл, падняў руку, заклікаючы да ўвагі. І калі зала прыціхла, з запалам кідаў у цішыню: «Шкада пенязяў на абарону Бацькаўшчыны? Дый які нам гонар пасля гэтага? Ганьба! Кароль Аляксандр апошняе аддаваў, землі свае закладваў, золата фамільнае не шкадаваў. А вы гатовы ахвяраваць Айчыне свае пенязі?»

Жыгмонт удзячна зірнуў на Радзівіла. Срэбшчыну таксама ўхвалілі. На новыя грошы кароль спадзяваўся наняць некалькі палкоў нямецкіх наймітаў.

Пасля сойма Жыгмонт паслаў пасольства да Лівонскага магістра Вальтэра Плетэнберга з запрашэннем удзельнічаць у вайне з Масковіяй. Пасол Юрый Завіша вёз магістру пасольскую грамату, у якой было пісана, што «з ласкі мілога Бога цар поганіна Перакопскі, каторы без перастання панство яго міласці наяснейшага Жыгмонта плюндраваў, пасла свайго да яго прыслаў, хоцячы з ім у прыязні быці напроціўку вялікага князя Маскавіцкага.

Жыгмонт таксама паведамляў, што крымскі хан прысягнуў яму ў вернасці і абяцаў па вясне напасці на Маскоўскія землі. Паведамляў кароль, што ў прыяцельстве ён з казанскім ханам, які летась разбіў войска масквітаў і зараз прыслаў да яго паслоў, каб выказаць, што хоча быць заадзін супраць Васіля.

Спрыяла Жыгмонту і становішча ў самой Масковіі. Васілём былі незадаволены многія маскоўскія князі і баяры, сярод якіх князь Хведар Валоцкі — стрыечны брат маскоўскага гасудара, вотчыну якога захапіў сабе яшчэ Іван ІІІ, а таксама родны брат Васіля, Юрый Іаанавіч, які марыў сам сесці на велікакняскі пасад. Жыгмонт спадзяваўся, што, прывабленыя ягонай дапамогай, Хведар Валоцкі і Юрый Іванавіч выступяць на вялікага князя. А тут яшчэ казанская паразка. Летам 1506 года маскоўскія раці на чале з Хведарам Валоцкім і Змітрам Жылкам пад Казанню былі разбіты казанскімі татарамі. І хаця масквіты трымалі гэтую няўдачу ў вялікай тайне, нават летапісцам было забаронена заносіць звесткі пра яе ў летапісы, але да Жыгмонта ад казанскага хана дайшлі звесткі: масквіты страцілі болей за пяцьдзесят тысяч войска. Усё гэта не магло не радаваць караля і надавала яму ўпэўненасці, што ён пераможа масквітаў. І таму, калі на мяжы з Масковіяй дарагабужскія памешчыкі напалі на смаленскія землі, Жыгмонт вырашыў правучыць масквітаў, паказаць сваю моц. Вестуны панеслі на каменных крэпасцях каралеўскі дазвол на ворап1 Маскоўскіх зямель.

 

Першымі свайго моманту не ўпусцілі мсціслаўцы. У адзін з лютаўскіх ранкаў да сядзібы шляхціца Хведара Якаўлева пад’ехала некалькі запрэжаных гарачымі коньмі шаткоў. З іх са смехам і жартам саскочылі ўзброеныя шляхціцы, застукалі ў дубовыя дзверы сядзібы. Хведар адчыніў нечаканым гасцям і ўбачыў сваіх даўніх сябрукоў, шляхціцаў Пятра і Дашка Васілёвых з узброенымі слугамі. Абняліся. Па загаду Дашка слугі пацягнулі з шаткоў віно, вэнджаную вепручыну, пірагі, рыбу і іншую ежу. Браты растлумачылі здзіўленаму Хведару, што сабраліся плюндраваць маскавітаў, і пад сакрэтам паведамілі, што сам кароль згадзіўся. Хведар таксама пажадаў удзельнічаць у набегу. Дзень шляхта балявала. Захмялелыя ад віна, выскоквалі на мароз, лезлі ў снежныя гурбы, асвяжалі галовы — і зноў за стол, пакуль, упіўшыся, не падалі тут жа спаць. Праспаўшыся, шляхціцы пахмяляліся І зноў пілі. Сюды ў сядзібу Хведара прыбыло яшчэ некалькі дзесяткаў мсціслаўскай шляхты.

За маскоўскай мяжой рухаліся па начах, днём адседжваліся ў лесе. Неўзабаве да мсціслаўцаў далучыўся загон рослаўскай шляхты на чале з шляхціцам Жабкам. Разам дабраліся да Бранска і ўжо тут прыняліся за справу. Сплюндравалі болей за сто сёлаў, не горш за татараў паказалі сябе, секлі, бралі ў палон, палілі хаты. Бранскі намеснік Васілей Елізараў, зачыніўшыся ў дзяцінцы, у жаху слаў малітвы богу, каб уратаваў горад ад бязбожнай Літвы.

Гэтым набегам не абышлося. Пад Крычавам шляхта падсцерагала купцоў з Козліч, Алексанцаў і Калугі, парабавала іх і многіх пабілі ваўкам на спажыву. Тое самае зрабілі смаляне з купцамі з Пскова, а намеснік смаленскі Юрый Салагуб паслаў некалькі загонаў на ўладанні князя Сымона Бельскага. Падобныя загоны былі накіраваны на карэнныя Маскоўскія і Северскія землі. Тут дзейнічалі казакі пад зверхнасцю чаркаскага старасты Еўстафія Дашкевіча.

Жыгмонт даў зразумець Васілю, што настроены ваяваць з ім. Вырашыўшы, што Васіль добра напуджаны і адчуў сілу Літвы, кароль на пачатку квеценя паслаў да маскоўскага гаспадара пасольства з патрабаваннем вярнуць Літве землі, якія захапіў некалі Іван ІІІ, выдаць палонных і пакараць тых, хто нападаў на Смаленшчыну. Пасольства ўзначальваў земскі маршалак, ваяводзіч вількскі Ян Радзівіл. З ім ехалі кухмістар Пётр Аляхновіч (пасылаючы паслом чалавека, які загадваў гаспадарскай кухняй, Жыгмонт нібы хацеў абразіць Васіля. Толькі такіх паслоў і заслугоўвае маскоўскі ўладар) і пісар Іван Сапега. За два дні паслы з Вільні дабраліся да Полацка. Тут пасольства сустрэў харунжы полацкі Алесь Пятух. Ён на чале трыццаці езных вояў далучыўся да пасольскага каравана ў дапамогу варце. Разам з пасольствам ехаў у Масковію і Асташ Недабой. Нічым асаблівым ён не вылучаўся сярод вояў, якія ахоўвалі пасольства. Адзін толькі Ян Радзівіл ведаў, што паслаў шляхціца кароль да Васілёвага брата князя Юрыя Іванавіча і былога гетмана, князя Канстанціна Астрожскага з патаемнымі лістамі.

 

Адзінаццатага квеценя пасольства мінула літоўскую мяжу і ўступіла на землі Маскоўскія. У першы дзень паслоў ніхто з маскавітаў не сустрэў. Упершыню за падарожжа начавалі на вуліцы. Паслам разбілі шатры, а варта спала каля вогнішчаў. Раніцай зноў выступілі ў шлях, які быў не з лёгкіх: раставаў снег, і коні выбіваліся з сілы, часта прыходзілася спыняцца на адпачынак. Днём пасольства сустрэў прыстаў Іван Кабякоў, які раней ездзіў паслом у Вільню. Воі, што ехалі з прыставам, вельмі непрыхільна і падазрона адносіліся да паслоў. На свежых конях масквіты хутка рухаліся наперад, не даючы магчымасці адпачыць стомленым пасольскім коням. На просьбы ж паслоў не спяшацца масквіты не адклікаліся, нібы ўвайшлі міжсобку ў патаемную змову паздзекавацца з літвінаў. Тады вопытны Алесь Пятух, які ўжо не першы раз ездзіў з пасольствамі ў Маскву, параіў Яну Радзівілу адарыць прыстава і ягоных вояў шубамі ды паабяцаць шчодрую ўзнагароду, бо масквіты робяць толькі так у надзеі атрымаць падарункі. Радзівілу, якому не вельмі карцела траціцца, усё ж прыйшлося расчодрыцца на куніцу кожнаму з Кабяковай світы. Гэта падзейнічала, масквіты, забыўшыся, што перад імі «пагана латына», цяпер з пашанаю адносіліся да пасольства.

Пад вечар прыбылі ў Дарагабуж. Тутэйшы ваявода сустрэў паслоў далёка за горадам; у горад жа нікога з пасольства не пусцілі. Прыйшлося спыніцца на пастаялым двары. У надзеі атрымаць у знак павагі шчодры падарунак, ваявода прыслаў ад сябе багата харчоў і і віна. Паслы яму — кунню шубу, крытую сукном люньскім, і два аксамітавыя абрусы.

Пасля Дарагабужа ехалі праз вёскі, дзе ў прытуленых адна да адной, нахіленых пад цяжарам бед халупінах з падслепаватымі, зацягнутымі бычынымі пузырамі вакенцамі гібеў просты люд. У кожную весь, што ляжала ка шляху, наганялі з наваколля сялян, каб у літвінаў складвалася ўражанне шматлюдства Маскоўскага княства. Калі паслы спрабавалі загаварыць з некаторымі, дык тыя спужана касіліся на прыставаў. Адказы гучалі адны і тыя: дзякуючы клопатам бацюшкі-гасудара маскоўскі люд самы шчаслівы ва ўсім свеце, зямля маскавіцкая квітнее з году ў год. Вунь у Літве латына д’ябалавы цянёты цягне і ловіць у іх душы праваслаўныя, а ў іх гасудар-бацюшка грэчаскага закона трымаецца, веру сапраўдную беражэ. Ці ў латынян, кажуць, чарадзеі і ведзьмы развяліся, што жыцця няма ад іх, а ў Масковіі, дзе які аб’явіцца, адразу ж у пельку ці на шыбеніцу яго — няма чаго табе, нечысць, хрысціянам жыццё псаваць. І ерась усю вывеў бацюшка-гасудар, а ў Літве гэтых ерэтыкоў процьма. Ці яшчэ, кажуць, у заморскіх краінах пошасці рознай: людаедцы, шасцірукі, конелюдзі. І як там людзі жывуць? А яны — масквіты — самыя шчаслівыя на свеце.

Ехалі паслы без асаблівых прыгод. Днём шлях, вечарам адпачынак. На адным мосце праз невялічкую рачулку, які, мяркуючы па свежых бярвеннях, быў пабудаваны літаральна перад праездам пасольства, выскачылі клюбы, што трымалі бярвенне, і яны раз’ехаліся пад коламі вазоў. Адзін воз зваліўся ў ваду. Прыйшлося ахове выцягваць яго з рэчкі. Масквіты і літвіны, нягледзячы на холад, лезлі ў рэчку, адпрагалі коней, здымалі з воза паклажу, потым саграваліся ля вогнішча і, хлябнуўшы гарэлкі, лезлі зноў у сцюдзёную ваду.

За вярсту ад Масквы паслоў сустрэў князь Даніла Шчэня з вялікай світай. Пасля неабходных у такіх выпадках прывітанняў пасольства ў акружэнні прыставаў уехала ў Маскву. З вакенца карэты паслы з цікавасцю пазіралі на вуліцы горада. Сталіца Масковіі не ўразіла, як гэтага яны чакалі, начуўшыся пра незлічоныя скарбы маскоўскіх уладароў. Мноства драўляных хат ціснулася адна да адной. Хіба гэта ўразіць? Галечы і ў сябе хапае. Толькі каменны Крэмль з багатымі саборамі, пабудаванымі фразінамі, прыцягваў позіркі паслоў. Аднак зграі груганоў, што віліся над пазалочанымі купаламі сабораў і трывожна крычалі на свае адбіткі ў пазалоце, наганялі непрыемнае ўражанне.

— Мяркуючы па Крамлі, маскавіты сур’ёзна наважыліся зрабіць Маскву трэцім Рымам,— звярнуўся да сваіх таварышаў Радзівіл.— Кажуць, што з Ноўгарада яны вывезлі трыста вазоў золата і скарбаў. На такое багацце можна не адзін Рым сфундаваць.

— Пужалі Ноўгарад Літвой,— уступіў у размову Пётр Аляхновіч,— маўляў, латына згубіць Ноўгарад, а самі ж, як татары, да апошняга пенязя зрабавалі.

Усюды на вуліцах стаялі ваяры, за спінамі якіх маскоўскі люд з цікавасцю паглядаў на іншаземцаў. Да слыху паслоў даносіліся абразлівыя крыкі: «Літва паганая! Латынам прадаліся!» Нарэшце дабраліся на пасольскі двор, агароджаны такім высокім плотам з тоўстых дубовых плах, што адтуль немагчыма было ўбачыць нічога, апрача неба. Тут ужо чакаў багаты стол, накрыты па загаду Васіля. Павячэраўшы, паслы разышліся па пакоях. Прыставы, якія ўважліва сачылі, каб ніхто з пасольства, крый божа, не выслізнуў з двара ў горад, тут жа пазачынялі на засаўкі дзверы пакояў.

 

У апошнюю ноч перад Масквой Асташ Недабой потайкі пакінуў пасольскі табар. Доўгі шлях чакаў шляхціца — у Волагду, дзе цяпер жыў былы гетман Канстанцін Астрожскі. Сем гадоў назад гетман на чале трохтысячнага войска, якое кароль Аляксандр паслаў бараніць Смаленскія землі ад нападу маскавіцкіх войск, трапіў непадалёк ад Ведрашы ў засаду. Беглы пісар Багдана Сапегі, які ўцёк ад маскавітаў, папярэджваў, што каля Ведрашы стаіць болей за сорак тысяч маскоўскіх ваяроў. Князь не паслухаў яго — павёў войска ў бой. Слаўны пераможца татарскіх загонаў у шматлікіх сечах і на гэты раз прагнуў перамогі. Заўжды бог быў міласцівы да гетмана, аднак пры Ведрашы адвярнуўся. Амаль усё войска палегла пад шаблямі маскавітаў. Сам князь трапіў у палон. І пацягнуліся доўгія гады няволі, краты, цяжкія ланцугі на руках, гнілая ежа і нярадасныя думкі. Дзень праходзіў за днём, а князь не ведаў: дзень ці ноч на двары, колькі тыдняў, месяцаў, гадоў ён у гэтай цверджы. Хаця было выратаванне — Іван прапанаваў перайсці да яго на службу. Яго згода — і князь вольны, зноў убачыць сонца. Адно слова... Пры жаданні можна апраўдацца ва ўсім перад богам і людзьмі. Якое там здрадзіў Айчыне? Не захацеў служыць каталіцкаму каралю, выкарыстаў пракаветную прывілею — свабоду выбару гасудара. Не Астрожскі першы пакінуў Літву. Ці мала іх, князёў, слаўных на Літве, ад’ехала да двара праваслаўнага маскоўскага гасудара: Бельскія, Лукомскія, Шамяцічы, Мсціслаўскія, Адоеўскія, Варатынскія. На Літве пакрычаць: «Здраднік! Здраднік!» Дый што з гэтага: ні ўежна ні ўлежна. Затое будзе на волі, затое не ўпіваецца ў рукі холад кайданоў, не слепіць вочы цемра. А вернасць, а гонар? Дый ці нагадаюць пра ягоную вернасць? Калі хто і згадае Канстанціна Астрожскага, дык не як героя, а як пакутніка. Ні ўхвалу, а шкадаванне выкліча князь сваёй вернасцю. Адно слова!.. Аднак ад гэтага слова вялікі князь маскоўскі так і не пачуў.

Год таму да Астрожскага ў краты пажалаваў Васіль. Маскоўскі гасудар махнуў рукой — слугі выйшлі з каморы.

— Князь, плеццю абуха не перашыбеш. Сваёй зацятасцю нічога не возьмеш, апроч кайданаў,— казаў Васіль нязлосна, нібы выклікаў панявольніка на давер, на сяброўскую размову.

— А мне няцяжка іх трымаць,— Астрожскі бразнуў важкімі ланцугамі.— Я да золата не прызвычаіўся, да жалеза болей.— Князь слізгануў позіркам па златых адзежах Васіля.

— Здаецца, забыў ты, князь, што Гедымін пазбавіў тваіх продкаў Тураўскага і Пінскага княстваў — вотчын вашых, а замест іх астрог даў. Каму ж ты верны? Ці змірыўся з крыўдай? Толькі пёс давольны косткай з гаспадарскага стала.

Астрожскі здагадаўся, куды хіліць Васіль: вось табе войскі, ідзі адваёўвай бацькоўскія землі, каб пасля далучыць іх да Масковіі.

— Я верны Айчыне і не здраджу. Астрожскія ваявалі з ворагамі, але не былі ворагамі Літвы.

Васіль вырачыў на яго вочы, нібы глядзеў на нейкае заморскае дзіва. Позірк пытаўся: «Няўжо ты, князь, усур’ёз гэта кажаш і ўсур’ёз у гэта верыш?»

— Што ж, князь, дарэмна я спадзяваўся на тваю дапамогу ў вайне з Жыгмонтам,— прамовіў Васіль і выйшаў з каморы.

Аднак праз тыдзень Астрожскі згадзіўся служыць Васілю. З князя ўзялі заручны запіс на вернасць. Маскоўскі ўладар пажалаваў новаму слугу баярскі сан. Астрожскі рабіў выгляд, што задаволены. Але з верным чалавекам князь паслаў ліст да Жыгмонта, у якім папярэджваў караля пра будучую вайну Масковіі з Літвой.

Князь рызыкаваў: варта было вестуну трапіць у рукі Васілёвых ваяроў — і міласці не чакай. Кароль паслаў да Астрожскага Асташа Недабоя.

Недабой прадбачліва нацягнуў на сябе простую сярмягу. Пад ёй на ўсялякі выпадак была кальчуга, на пасе — корд, у боце — штылет.

Хуткі конь нясе Асташа пад начнымі зоркамі. Але дзеля чаго рызыкуе Недабой жыццём? Дзеля славы? Дзеля багатай узнагароды? І дзеля гэтага: без славы і багацця — ён, Асташ Недабой, ніхто — бедны шляхціц, Але і слава, і грошы патрэбны яму, каб хоць раз зірнула на яго Яня Каліноўская — падчарыца аднаго з уплывовых дыгнітараў пры каралеўскім двары Андрэя Дразда, памагатага князя Глінскага. Прыгожая, чароўная, заўсёды Яня была аточана колам маладых і зацных князёў, не падступішся. Але толькі гэтае абразлівае жабрацтва, гэтыя прыніжэнні за сваю мізэрнасць, як адчай, штурхнуў яго дамагчыся багатай і прыгожай дзяўчыны. На злосць усім гэтым княскім выпясткам. Колькі глупства ён натварыў, каб ягонае імя загуляла па Вільні, каб паказаць свету сваё зухвальства. На злом галавы лез у небяспеку, бойкі, звадкі. Аднойчы ледзь не патануў, калі п’яны паспрачаўся пераплыць Нёман і палез у рэчку. Аднойчы ледзь не трапіў зубру на рогі, калі на вачах вяльможнага панства памкнуўся заваліць звера. У самую зеўру сечаў гнала яго, неўтаймоўнага, прага славы, і толькі дзеля таго, каб яго імя пачула Яня, каб хоць зацікавілася, хто ж гэта такі — Асташ Недабой.

Праз тры дні Асташ Недабой дабраўся да Волагды. На пастаялым двары пакінуў каня, а сам адправіўся да князя Астрожскага. Князь хоць і атрымаў волю, але жыў у сваім цераме як вязень. За кожным ягоным крокам сачылі саглядаі, якіх прыставіў Васіль. Аднак Астрожскаму ўдалося вызваліць з палону двух сваіх вояў, якія і былі пры князю вернымі людзьмі. Аднаго з іх, Войшу Доўгаля, прызначыў вадавозам — і не проста так. Гэтага вадавоза і шукаў Недабой. Ён мінуў некалькі вуліц і выйшаў на пляц, на якім падымалася ў неба пяціглавая драўляная царква, пакруціўся сярод людзей, што штурхаліся на бабінцы, крадком агледзеўся, ці не цягнецца следам хвост, і, упэўніўшыся ў бяспецы, пакрочыў да рэчкі. У першы дзень княскага вадавоза ён не сустрэў. Але назаўтра той прыехаў на возе з трыма велізарнымі дзежкамі. Што гэта патрэбны яму чалавек, Недабой здагадаўся па гербах князёў Астрожскіх, якія былі намаляваны на дзежках і возе. Недабой падышоў да вадавоза, і калі той, выліўшы ў дзежку чарговы цэбар вады, прамовіў:

— Дзень добры. Ну як вадзіца?

— Дзень добры. Сцюдзёная вадзіца,— адказаў вадавоз.

Гэта быў умоўны адказ. У глухой вулцы, падалей ад людскіх вачэй, Недабой схаваўся ў пустую дзежку, і воз адправіўся на княскі двор. «Як Іона ў кітовым чэраве»,— думалася Асташу. Ведала б Яня, дзе яго нялёгкая носіць. І дзе яна зараз? Пэўна, у бацькоўскім выменні сядзіць, сумуе, згадвае вясёлую Вільню. Вярнуся з Масковіі, абавязкова ажанюся. Калі трэба, дык гвалтам выкраду і абвянчаюся. Усё роўна маёй будзе, нікому не аддам.

Вадавоз схаваў Недабоя на гарышчы лазні, а сам, заліўшы вялікі кацёл вадой, падпаліў у печы. Шляхціц мучыўся ад доўгага чакання князя. Пад вечар у лазню заявіўся Астрожскі, замкнуў на засаўкі дзверы і паклікаў каралеўскага вестуна.

Пяць гадоў зняволення наклалі знак на Астрожскага. Князь трохі горбіўся, мужны твар пакрыўся сеткай зморшчын, барада і галава пасівелі. І толькі вочы былі ранейшыя — уладарныя, суровыя, пранізліва паглядалі на каралеўскага вестуна.

— Даруй, шляхціц, не магу цябе прыняць у палатах,— бы апраўдваючыся, глухім голасам прамовіў Астрожскі.— Тут і сцены маюць вушы.

— Кароль прыслаў табе ліст, князь,— Недабой дастаў з-пад сярмягі драўляную баклагу, напоўненую гарэлкай, у падробленых бакавінах баклагі ляжала грамата да Астрожскага; нажом ён ускрыў тайнік і дастаў грамату.

Князь прачытаў паперу і кінуў яе ў печку, папытаўся :

— Калі рыхтуеце ўцёкі?

— Бліжэй да лета, зручней прабірацца па лясах. Прыйдзецца, князь, пачакаць яшчэ трохі,— адказаў шляхціц.

Раптам штосьці ў княскім твары перамянілася. Недабой убачыў, як сумная ўсмешка пазбавіла твар Астрожскага сур’ёзнасці, як заблішчалі суровыя вочы.

— Божа, не верыцца, што бачу перад сабою чалавека з радзімы, чую родную мову,— усхвалявана прамовіў князь.— Ну, распавядай. Кажы, што там. Ты быў пад Клецакам? Глінскі — слава яму. Кажы, шляхціц...

 

Позна вечарам Недабой неўпрыкмет, праз плот, пакінуў княскі двор. На горад спусціліся поцемкі. Рэдкія прахожыя спяшаліся схавацца па хатах, каб не трапіць да ваяроў, якія з поцемкамі хапалі ўсіх, хто меў няшчасце сустрэцца з імі, білі і абіралі да апошняга рубца альбо кідалі ў вязніцу. Асташ прыбавіў хады, сустракацца з начной аховай — непрыемная справа, асабліва для яго. Ён ужо быў непадалёк ад пастаялага двара, як ззаду пачуўся пошчак конскіх капытоў і крыкі: «Стой! Стой!» Толькі вытрымка, якая не раз выратоўвала шляхціца, стрымала яго ад спакусы кінуцца наўцёкі. Можа, пранясе? Прыкінецца бедаком, суне які грош у рукі ваярам — тыя і адчэпяцца. Недабой спыніўся. Следам за ім скакалі на конях два езнікі. Зыркае полымя паходні ў руках аднаго з іх выхоплівала з цемры іхнія постаці. Недабой загадзя дастаў з каліты два вугорскіх чырвонцы. Ваяры падскакалі да шляхціца, спынілі разгарачаных коней, што касіліся налітымі крывёю вачыма на чалавека, злосна скалілі жоўтыя зубы.

— Кто таков? Зачем по ночам, как тать, шастаешь?

— Что вы, что вы,— замармытаў Недабой.— Какой тать? К свояку ходил, задержался вот,— маніў Асташ.

— Сейчас мы проверим, кто ты такой,— наехаў на яго канём ваяр з паходняй.

У святле Асташ разгледзеў ягоны пабіты шадрай твар з чырвоным гарбатым носам і чорнымі ўраскос вачыма.

— Отпустите, братцы. Вот...— Недабой выцягнуў з кішэні чырвонцы і працягнуў да ваяра.

Ваяр узяў чырвонцы, хмыкнуў, пераглянуўся са сваім хаўруснікам.

— Мало, давай еще.

— Больше нет.

— Сейчас проверим,— ваяр саскочыў з каня, падышоў да шляхціца.— Подыми руки.

Недабой пакорліва падняў рукі ўгару. Аднак не паспеў ваяр дакрануцца да яго, як шляхціц правай рукой ударыў яго ў сківіцу. Ваяр паляцеў на зямлю. Імгненна Недабой падхапіў паходню і кінуўся да другога ваяра. Той хацеў секануць шляхціца шаблюкай, але Асташ тыцкнуў яму ў твар паходняй. Ваяр, ускрыкнуўшы, адхінуўся ад гарачага полымя і на нейкі момант страціў з відоку свайго праціўніка. Недабой скінуў яго на зямлю і ўскочыў на каня. Ну, міленькі, выратоўвай. У спіну паляцелі злосныя крыкі: «Стой, гад, не уйдешь».

Па прыціхлых вуліцах Волагды разнёсся пошчак конскіх капытоў. Брэхам азваліся сабакі. Забілі ў свае калатушкі вартаўнікі.

— Стой! Держите татя! — крычалі раз’ятрана ваяры.

Асташ не шкадаваў каня, гнаў яго на загон. Паходняй асвятляў сабе шлях. Уперадзе Недабой убачыў людзей з паходнямі. Застава вартаўнікоў. Толькі б яе мінуць. Усё цяпер залежала ад каня. Не спудзіцца — пераскочыць праз загародку — выратаваны. Асташ гнаў каня проста на заставу, выкінуў паходню, каб яго не бачылі ў цемры вартаўнікі, выхапіў корд. Насустрач беглі тры чалавекі, але толькі адзін з іх асмеліўся кінуцца да каня. Асташ плазам корда ўдарыў смельчака па галаве. Конь птушкай пераляцеў праз перагароду і панёс вершніка далей.

 

Князь Юрый збіраўся класціся спаць. Слуга зняў з яго боты, дапамог распрануцца, князь гатоў быў ужо забрацца пад коўдру, як на вуліцы раздаўся тупат конскіх капытоў і нехта забарабаніў у дубовыя вароты. Слугі паведамілі, што з Масквы, ад вялікага князя, прыскакаў вястун. Прадчуванне нечага нядобрага сцяла князева сэрца. Чаго заманулася Васілю? Пасля таго як па Васілёвым загаду звялі з гэтага свету малалетняга ўнука Івана ІІІ, якому вялікі князь запавятаў свой пасад, стала зразумела: Васіль доўга думаць пра лёс князя Юрыя не будзе, калі ўпадозрыць, што брат рыхтуе супраць яго змову. Вось саслаў у гэтую глуш — сядзі і радуйся, што не ў вязніцы клапоў крывёю сваёй княскай корміш. Затоіліся напуджаныя баяры, што хацелі яго, Юрыя, узвесці на пасад. У доме няма ніводнага надзейнага чалавека. Павязаў яго Васіль па руках і нагах, не варухнешся. Збегчы? Куды? Да каго? Хто пойдзе за князем Юрыем? Чаго прыслаў Васіль вестуна? Месяцамі пра яго не нагадвае...

Вестуном быў АсташНедабой. Ён наўмысна назваўся велікакняскім вестуном, каб не выклікаць у слуг залішняй падазронасці. Цяпер ён сядзеў у невялічкім пакойчыку і, згаладалы з дарогі, прагна ўмінаў ежу, якую прынеслі слугі. За дзвярыма пачуліся таропкія крокі. Дзверы адчыніліся, у пакой увайшоў князь. Асташ падняўся з-за стала, пакланіўся Юрыю. Перад ім стаяў маленькі, круглаваты таўсцячок. У водсвеце свечак князеў твар здаваўся змарнелы. Юрый жыва і з цікавасцю акінуў постаць нечаканага госця.

— Ты назвался гонцом от великого князя. С чем приехал?

— Зараз, князь, даведаешся.

Недабой зняў фляжку, дастаў з тайніка Жыгмонтаву грамату і працягнуў яе ў пухлявыя княскія рукі. Князь паспешліва сарваў пячаткі, разгарнуў грамату, стаў чытаць. У каўняры расшпіленай сарочкі Недабой бачыў кароткую тоўстую шыю, па якой забегаў коўцік. Князь усхліпнуў носам, сам не заўважаючы таго, у хваляванні пачухаў рукою лоб.

— Так ты гонец от Жыгмонта? — здзіўлена спытаўся Юрый. Веі ягоных невялічкіх вачэй задрыжалі.

Князь сеў на лаву. Нейкае імгненне ён сядзеў зусім нерухома, адчужана, паглыбіўшыся ў сябе. Рука з граматаю, як карбач, вісела ўздоўж тулава. Пасля цяжка падняў на Недабоя вочы.

— Жыгмонта...— не то пытаўся, не то проста так мовіў князь.

— Так, князь. Кароль чакае ад цябе адказу.

Князь цяжка ўздыхнуў, паднёс грамату да вачэй...

«Брати милы, памятаючы житье предков наших и братство их верное и не льстивое,— чытаў ён Жыгмонтава пасланне,— хочем с тобою, братом нашим, быти в любви в крестном целованьи, приятелю твому быти приятелем, а неприятелю — неприятелем. И по всякому твоему делу хочем тебе помочью нашою готовы быти, и к осподарству, и готовы есмо для тебя брата нашого сами сваею головою на конь всести со всеми землями и со всеми людьми нашими и дела твоего, не меньше того и своего, доводити, сколько нам милый Бог поможет».

«Не сносить головы, когда узнает Василь про эту грамоту»,— думаў князь.

Раптам Юрый падняўся з лавы, подбегам падышоў да дзвярэй, тузануў іх на сябе і крыкнуў у калідор:

— Сюды! Сюды!

У пакой убеглі двое слуг, устрывожана зірнулі на гаспадара.

— Схватить его в подземелье! — закрычаў князь, паказваючы пальцам на Недабоя.

Князевы слугі кінуліся да шляхціца. Асташ убачыў побач з сабой раз’ятраны твар аднаго з іх. Ударыў яго ў сківіцу з такой злосцю і адчаем, што слуга, гучна застагнаўшы, схапіўся рукамі за сківіцу і асеў на падлогу. Недабой адскочыў да стала, схапіў у рукі лаву. Моцным ударам паваліў з ног другога слугу. А ў расчыненыя дзверы беглі ўжо князевы людзі.

— Взять его! — крычаў шалёна князь.

Слугі акружылі шляхціца з усіх бакоў. Яшчэ адзін з іх, хто асмеліўся падступіцца бліжэй да Недабоя, з віскам пакаціўся па падлозе. Асташ шалёна круціў лавай вакол сябе.

— Ну, падыходзь! Разаб’ю! — пагрозліва крычаў ён.

— Чего стоите? Взять! — не сунімаўся за спінамі слуг князь.

Удар па галаве Недабой атрымаў тады, калі рушыў да дзвярэй. Некуды ўдалячынь паплылі твары, што акружалі Асташа, прымоўклі галасы. Адчуў, як пабегла па лбе кроў, заліла вочы. Зноў удар, зыркае святло разарвала тую цемру, што настала ў вачах. Шляхціц паваліўся на падлогу.

Знепрытомнага Недабоя слугі знеслі ў падзямелле І прыкавалі жалезнымі клюбамі за рукі і ногі да сцяны.

Апоўначы Асташ апрытомнеў. Балела галава, ныла збітае цела. Таміла смага. Ён праглынуў сліну. Усё калі-небудзь канчаецца,— падумаў Асташ,-— такі закон, яго не абыдзеш. Прадбачыў шляхціц і няўства, але не верыў, што гэта здарыцца. Вось здарылася. Смерць чакае яго. Князь пашле яго ў Маскву, а там каты пачнуць выцягваць жылы, выпытваючы, каму яшчэ прывёз ён ад Жыгмонта лісты. Прамаўчыць, захавае тайну — і згіне Недабой назаўжды ў цёмных лёхах, Не дзеля гэтага адпраўляўся ён у Масковію, не загінуць безвядома ў руках катаў. Можна выратавацца, перайсці на службу да Васіля, але тады яму ўжо ніколі не ажаніцца з Яняй, ніколі не ўбачыць болей каханую. Асташ заплюшчыў вочы — з цемры выйшла яна. Ён бачыць яе гарэзлівую белазубую ўсмешку, блакітныя ганарлівыя вочы. Яня... Хто б распавядаў табе, што кахаў цябе шляхціц Асташ Недабой, што з тваім імем ішоў на бой, з тваім імем канаў у лёхах, як твой вобраз саграваў уначы, як марыў ён сустрэцца з табою... Не, не прыме Асташ Недабой, каб ягонае імя прагучала ў Яніных вуснах як імя здрадніка.

 

1 Ворап — грабёж.

VII

У Крамлі ўдарыў звон, і яго настуджаны металічны голас паплыў у ранішнім сутонні. Адразу ж гучна заліліся вясёлым перазвонам малыя бомы, на крамлёўскіх сценах азваліся вартавыя звоны. Масква прачыналася. На пасольскім падвор’і з самага ранку стаяла мітусня. Паслы збіраліся з’явіцца перад «яснымі вачамі» маскоўскага гаспадара. Іван Кабякоў не адыходзіў ад паслоў — усё павучаў іх, як трэба паводзіць сябе на прыёме, як звяртацца да бацюшкі гасудара. Калі не хочуць паслы трапіць да Васіля ў няміласць, крый божа, не назваць яго гасударом усея Русі. Пры ўсёй сваёй важнасці Іван Кабякоў не забываўся ўжо каторы раз нагадаць: «Не забудьте, государь всея Руси».} Васіль, як і яго бацька Іван ІІІ, вельмі хваравіта адносіўся да свайго тытула. У Вільні ўпарта не прызнавалі Івана гасударом усея Русі, яшчэ вялікім князем — куды ні йшло, але не гасударом. Прызнаць гэты тытул — прызнаць правы маскавітаў на рускія землі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага княства. Праўда, у апошні час кароль Аляксандр пасля няўдалай вайны з Іванам, быў вымушаны называць яго гасударом усея Русі. Але і Аляксандр, і Іван памерлі. Ці прызнае Жыгмонт Васіля гасударом усея Русі?

Апоўдні пасольства выехала ў Крэмль. На ўсім шляху па абодвух баках вуліц стаялі ваяры, за спінамі якіх зыркаў на паслоў натоўп гараджан. З крамлёўскіх сцен у знак прывітання выбухнулі гарматы. Паслы павесялелі. Прымаў іх Васіль з пашанай. Нямала начуліся ад іншых паслоў, як дрэнна прымаў тых Іван, усяляк намагаўся зняважыць, а ім, здаецца, пашчасціла болей.

У Крамлі ўсё было забіта народам. Перад храмам Успення стаялі святары ў рызах, якія зіхацелі золатам. Паслы з цікавасцю азіраліся па баках. Маскоўскія князі размахнуліся шырока. Крамлёўскія саборы ўражвалі агромністымі памерамі і велічнай прыгажосцю. Высока ў неба падымалася яшчэ не дабудаваная стромкая званіца Іаана Лествінніка. Суровы Благавешчанскі сабор зіхацеў на вясновым сонцы залатымі купаламі. Нібы дзяўчынка сярод сталых жанчын згубілася сярод сабораў адмысловая аднагаловая цэркаўка Рызапакладання.

Перад княскімі палатамі болей за тысячу ваяроў, выстраіўшыся ў два шэрагі, утварылі жывы калідор, па якім і давялося ехаць паслам. Радзівіл ды і іншыя паслы без задавальнення разглядалі суровыя твары маскоўскіх вояў, адчуваючы міжволі нейкі забабонны жах перад маскавітамі. Перад самымі прыступкамі, што вялі ў палаты, слугі дапамаглі паслам злезці з коней. Усюды на сходнях, у пакоях, па якіх ішлі паслы, ім сустракалася вялікае мноства багата апранутых баяраў. Аксаміт, золата, жэмчуг, сабалі, куніцы — багацце, што вісела на прыдворных, выклікала зайздрасць у паслоў. Толькі адзін Пятух, які не першы раз разам з іншымі пасламі быў на прыёме ў вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ, зняважліва крывіў вусны. Быццам нічога і не змянілася пасля Іванавай смерці: усё тая баярская пыхлівасць і пахвальба адзін перад адным багаццем сваіх убораў: жэмчугам, карункамі, золатам...

Перад дзвярамі ў Гранавітую палату, дзе паслоў чакаў Васіль, іх сустрэла некалькі баяраў.

— Божьей милостыо,— пачаў адзін з іх і тут жа змоўк, даючы працягваць другому: — благороднейший, могуственнейший и знаменитейший,— тут падхапіў трэці баярын: — Государь всея Руси Василий Иоанович,— змоўк, загаварыў чацвёрты: — Великий князь Володимерский и Московский,— за ім пяты: — Тверский и Новгородский,— шосты: — Псковский и Югорский,— сёмы: — Пермский и Булгарский,— восьмы: — Приветствует вас, послов короля польского и великого князя Жигмонта, и просит вас к себе.

Слугі расчынілі дзверы, і паслы ўвайшлі ў палату. Квадратная вялікая зала з чатырма высокімі распісанымі скляпеннямі, што абапіраліся на цэнтральны слуп, ціснула на кожнага, хто сюды трапіў, велічнасцю, залатой аздобай, рознакаляровай вясёлкай вітражоў, глянцам кафельных печак, зыркім святлом соцень свечак, што мігацелі ў вялікай жалезнай люстры, якая вісела на ланцугу.

Па мяккіх персідскіх дыванах, пад пільным позіркам баяраў, што шчыльна займалі шырокія лавы ўздоўж сцен, паслы падышлі да вялікага князя маскоўскага. Той сядзеў на разным, са слановай касці, троне, які ўзвышаўся над мармуровай падлогай на дзве прыступкі. На князю вісела столькі золата і карункаў, што можна было здзівіцца, дзе браў Васіль сілы трымаць на сабе такі цяжар. На княскай галаве блішчэла золатам і жэмчугам карона, якую прывезла Васілёваму бацьку Івану ІІІ яго жонка Сафія Палялог. Пальцы левай рукі, упрыгожаныя пярсцёнкамі з карункамі, моцна ўпіліся ў срэбны пасох. Па баках ад велікакняскага трона стаялі ваяры-рынды з невялічкімі срэбнымі сякерамі, якія трымалі на плячах.

Васіль халодным невідушчым позіркам паглядаў паверх галоў паслоў, бы іх не заўважаў. Ягоны суровы твар з вялікім кручкаватым носам быў нерухомы.

Калі паслы наблізіліся да трона, адзін з баяраў» што стаяў праваруч ад Васіля, выступіў наперад і гучным голасам урачыста вымавіў:

— Государь, послы короля польского, великого князя литовского бьют тебе челом.

Пасля гэтых слоў паслы прыхілілі калені перад вялікім князем.

— Здоров ли мой брат и сват король польский и великий князь литовский Жигмонт? — спытаўся Васіль прыемным мяккім голасам.

— Міласцю боскай кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгмонт здаровы,— адказаў Радзівіл.

— О здоровье его милости рад слышати! — І ўслед Васіль спытаўся: — Чем же кланяется он мне?

Паслы падняліся з каленяў. Радзівіл, ветла ўсміхаючыся, прамовіў:

— Вялікі князь, кароль шле тваёй міласці падарункі!

З задніх шэрагаў да трона падышлі слугі, якія ў вялікіх срэбных скрынях паднеслі каралеўскія дары.

Васіль насуполіў бровы. Дарэмна намагаўся прыстаў, паслы назвалі маскоўскага ўладара не гасударом усея Русі, а вялікім князем. Дзёрзкі язык у Радзівіла. Не, ён не стане на яго гневацца. Не варты гэты людзін гневу таго, на чыёй галаве вянец візантыйскіх імператараў, таго, хто ўладарыць у горадзе, якому наканавана стаць трэцім Рымам, замест тых двух, што згінулі ў мроіве гісторыі. Дайце часу — і ўлада трэцяга Рыма будзе распаўсюджвацца на ўсе краіны. А ў гэтай спрэчцы з Жыгмонтам хай вырашыць праўду зброя.

Умыецца кароль, як яго брат, юхаю, адразу з’явіцца і пашана да гасудара ўсея Русі.

Падарункі, што прыслаў Жыгмонт — сабаліныя футры, аксамітам на золаце крытыя, срэбны посуд, даспехі, залатыя каралі для княгіні Саламоніі,— не радавалі Васіля. Хаця Жыгмонт і прытрымліваўся правілаў павагі да маскоўскага ўладара, але ўсяляк даваў зразумець, што не збіраецца прызнаваць яго правоў на Русь.

Пасля таго як паслы перадалі дары і слугі панеслі іх на залатых талерках паказваць баярам у другія пакоі, Васіль паклікаў паслоў да рукі. Яны без ахвоты тыцкнуліся вуснамі ў працягнутую Васілём руку. Да трона падышлі два баярыны. Адзін трымаў срэбную місу з вадой, другі — шаўковы ручнік. Васіль абмыў у місе рукі, выцер іх ручніком. Са зняважлівым задавальненнем паглядалі баяры на паслоў, усміхаючыся ў бароды. Не жадае гасудар насіць сляды ад вуснаў людзей, апаганеных іншай верай. Гэта была абраза паслам. І Радзівіл не вытрымаў, дастаў з кішэні шытага золатам жупана насоўку і выцер вусны. За ім тое самае зрабілі і другія паслы. Глухі шэпт прабег па баярскіх шэрагах, і ў палаце запанавала ціша — усе чакалі гасударава гневу. Васіль да болю сціснуў пальцамі посах, халодная ўсмешка кранула ягоныя вусны. Ён нешта ціха прамовіў баярыну, што стаяў побач з тронам.

— Государь всея Руси приглашает вас, послов короля польского и великого князя литовского, на обед,— гучна выкрыкнуў баярын.

Назаўтра паслы зноў прадсталі перад Васілём. На гэты раз вялікаму князю была зачытана пасольская грамата Жыгмонта. Чытаў грамату Іван Сапега.

— Жыгмонт, божаю міласцю кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, княжа пруское, жомайцкі, спаўскі, велікаклоўскі, сілезскі, Васілю Іванавічу,— князь насцярожыўся, як стануць тытулаваць яго ў афіцыйнай? — гасудару ўсея Русі і вялікаму князю, брату і свату сваему,— у князя адлягло ад сэрца — хаця і не поўны тытул, аднак прызналі гасударом усея Русі.— Велеў тобе брату і свату свайму казаці,— працягваў чытаць Сапега.— Поведаем тобе, брату і свату нашому, што брата нашога, зяця вашога, Аляксандра кароля і вялікага князя, бог душу з гэтага свету забраў, так сталася божая воля над ім, чого ж мы братною кроўнаю жалосцю жалуем і ўяўляем тобе, брату нашаму. І воляю божаю селі на стольцах отчынных нашых, на государстве коруны Полскай і Вялікага князаства Літоўскага госпадаром.

Грамата была доўгай. Жыгмонт пісаў пра тое, што Іван Васільевіч без усякае прычыны братэрства, любоў і кроўнае звязанне забыўшы, гарады, воласці і землі Вялікага княства ваяваў, парушыў хроснае цалаванне, і кароль патрабуе вярнуць захопленыя землі, адпусціць ягоных падданых, што трапілі ў маскоўскі палон. Некаторыя з баяраў немаладых гадоў паціху заплюшчвалі вочы і хілілі галовы, другія сумна блукалі вачыма па палаце. Васіль колка з-пад броваў паглядаў на баяраў. Хто яны? Уявілі сябе роўнымі з ім, уявілі сябе сталпамі дзяржавы. Златы пыл каля ягоных ног. Рабскія душы. Яшчэ тры дзесяцігоддзі назад па-сабачы лізалі ардынскую руку, якая лупцавала іх бізуном па спінах, і грызліся за косткі, што кідаў ім татарскі хан. Русь, аб ёй не думалі, ёй, як дзеўкай непатрэбнай, гандлявалі, а зараз яго — нашчадка тых, хто падняў Русь на ногі і каму даверана богам узвялічыць яе, пнуцца навучаць, указваць, што і як ён павінен рабіць. Ах, як ім карцела пасадзіць гэтага маладзёна Дзмітра або баязлівага Юрыя, каб расцягнуць Русь па сваіх кутках сабе на пажытак. Не падабаўся ім бацька за тое, што бізуном у руцэ ўтаймаваў іх свавольства, зрабіў слугамі, сабакамі вернымі. Ведае, што і ён не падабаецца баярам. Ведае, што падгаварвалі брата Юрыя распачаць з ім барацьбу за велікакняскі пасад. Так, ён: жорсткі, як і бацька. А такім і трэба быць: жорсткім, рашучым, хітрым. Дзяржава моцная, калі моцная рука ў яе гасудара. Цяжкія беды чакаюць тую дзяржаву, дзе гасудар залежыць ад сваіх слуг, дзе стаміўся ён ад дзяржаўных спраў. Хіба Літва не прыклад таму? І правільна рабіў бацька, што не шкадаваў ганарлівыя і пыхлівыя галовы. Гонар і пыха нараджае ў сэрцы непавагу да гасудара. Ганарлівец Бельскі ўцёк з Літвы. Але тут не Літва. Тут, князь, твой гонар не патрэбны, тут патрэбна з сабачай вернасцю служыць вялікаму князю. А Бельскі быў ганарлівы, хваліўся, што толькі дзякуючы яму Іван пазбег татарскага нашэсця. І правільна, што Іван кінуў яго ў цверджу, хай падумае, ці можа хлоп вырашаць лёс дзяржавы — гэта пад сілу толькі тым, хто богам пастаўлены для гэтага на зямлі. А Івашка Лукомскі? Той таксама фанабэрыўся, роўным з вялікім князем сябе лічыў, вольнасцяў літвінскіх хацеў. Сам сабе прысуд вынес. І правільна, што спаліў яго бацька ў клетцы. Каб другім у навуку было...

Нарэшце дачыталі грамату. На гэтым прыём скончыўся.

Праз два дні Васіль выклікаў да сябе паслоў і даў ім адказ. Дзякі прачыталі грамату. Васіль у сваю чаргу ва ўсіх грахах абвінаваціў Аляксандра, назваў захопленыя Іванам землі сваёй вотчынай, якую атрымаў у спадчыну ад бацькі і таму не збіраецца вяртаць іх Літве. Ён патрабаваў пакараць каралеўскіх людзей, якія чынілі ліха ў Бранскіх землях і парабавалі маскоўскіх купцоў, грабеж і пабітыя галовы трэба паплаціць золатам.

Паслы слухалі дзякаў і ўсміхаліся. Добра ведалі, як правіў даканчанне і хроснае цалаванне Іван. Штогод на землі княства агонь пускаў. А калі Аляксандр паслаў паноў з гетманам Канстанцінам Астрожскім атчызны бараніць, маскавіты падсцераглі іх пад Ведрашу і пабілі. А колькі разоў Іван татараў наводзіў. Дайшло да таго, што маскоўскія паслы, вяртаючыся ад асманаў, вялі за сабой загоны крымскіх татараў плюндраваць землі Літвы. А патаемныя граматы да праваслаўных князёў, у якіх Іван падбухторваў здрадзіць свайму гаспадару і перайсці на ягоны бок?

Пасля таго як дзякі прачыталі ўсе граматы і на шытых золатам падушках перадалі іх паслам, сваё слова мовіў Радзівіл:

— Гасудар, усё, што тут мы пачулі, няпраўда. Бог таму сведка. Пабойся яго, гасудар.

Васіль прыжмурыў вочы, задаволена ўсміхнуўся.

— Угроз ваших не боюсь. Помогайте неправому делу. Я надеюсь на Бога и свою справедливость. Под Литвою много нашей вотчины, и нам нужно ее взять!

Гэта былі апошнія словы маскоўскага князя паслам.

 

VIII

Цяжкія панурыя хмары марудна паўзлі над зямлёю, ледзь не чапляліся за голле дрэў. Час ад часу пачынаў сеяцца дробны дождж, засцінаючы туманнай шэранню далягляд. Дзьмуў халодны вецер, ад якога трашчалі і рыпелі старыя вербы, што схіліліся ўздоўж шляху. А па шляху буланы конь цягнуў воз. На возе апрача возніка быў яшчэ адзін чалавек. Жалезныя кайданы скавалі яму ногі і рукі. Чалавек, заплюшчыўшы вочы, ляжаў на гнілой саломе. Услед за возам ехала двое вершнікаў. Яны хуталіся ў плашчы, клялі кепскае надвор’е, палоннага літвіна, з-за якога давялося цягнуцца за няблізкі свет, аж у Маскву.

Рыпелі аблепленыя гразюкай колы, пакрыкваў незадаволена на каня вознік. Аднаго разу ён азірнуўся на палоннага і ўбачыў: з-пад заплюшчаных веяў у літвіна кацілася сляза. «Плача? Не, відаць, дажджавая капка»,— вырашыў вознік і зноў злосна прыкрыкнуў на каня, сцебануў яго пугай.

 

«Вось і ўсё»,— сумна думаў Асташ Недабой, гледзячы, як набліжаўся воз да вартавой вежы. Брама, а там — Крэмль, лёхі, каты, дыба, катаванні. Вытрымаць бы боль, не зганьбіць сваё імя здрадай.

Воз спыніўся перад Кутаф’яй брамай. Некалькі вартавых падышлі да прыезджых, пачалі выпытваць, адкуль яны і чаму трымаюць шлях у Крэмль. Асташ не чуў іхніх галасоў. Адчужана паглядаў уніз, дзе на каленях ляжалі бездапаможныя рукі. Ад кайданоў на далонях уздзьмуліся жылы. Боль ад пабояў так і не прайшоў. Разламвалася параненая галава.

— Дарогу! Дарогу! — раздаліся наперадзе гучныя галасы.

З Траецкай вежы на конях скакала кавалькада езнікаў. Загрукалі конскія капыты па каменным мосце, што злучаў Траецкую вежу з Кутаф’яй.

Вартаўнікі кінуліся збочваць воз з дарогі. Праскакалі воі велікакняскай аховы, за імі, абкружаны світай, скакаў нейкі разапрануты баярын.

Нечакана чалавек, які скакаў побач з баярынам, спыніў каня.

— Крый мяне божа, але я не абачыўся. Пан Асташ Недабой,— ускрыкнуў ён гучным радасным голасам і засмяяўся.— Вось дык сустрэча!

Недабоя ледзь не падкінула ўгору. Перад ім быў не хто іншы, як Янін айчым — Андрэй Дрозд. І сапраўды — сустрэча.

Даўно не быў Андрэй Дрозд у такім добрым настроі, як сёння. Учора вечарам ён разам са сваімі людзьмі дабраўся да Масквы, а вось сёння сам вялікі князь маскоўскі запрасіў да сябе. Прыняў Васіль яго без урачыстасцей, бо пасольства ад князя Глінскага прыбыло ў Маскву патаемна, і ніхто апрача Васіля і кола самых блізкіх людзей, пра яго не ведаў. Дрозд амаль дзве гадзіны сам-насам размаўляў з маскоўскім гасударом. Андрэй бы зусім асвоіўся, калі б не гэты суровы і халодны позірк вялікага князя, што кожны раз, калі спыняўся на шляхціцу, прымушаў таго памятаць, што перад ім уладар магутнейшай дзяржавы. Васіль цікавіўся да драбніц справамі Глінскага. А Дрозд, памятаючы княскі наказ, не шкадаваў слоў, каб ухваліць свайго князя. І нямала шляхты сабралася пад княскія сцягі, і многія князі праваслаўныя падтрымліваюць яго, і пры Жыгмонтавым двары ёсцека верныя людзі, і спісаўся князь з дацкім каралём, крымскім ханам, валашскім гаспадаром, лівонскім магістрам і з самым імператарам Максіміліянам. Васіль слухаў шляхціца і думаў. Трывожыла, што Глінскі, паступіўшы да яго на службу, тым не меней вядзе сваю палітыку, застаецца незалежным. Нешта задумаў сваё. Быць можа, князь меціць на віленскі пасад? Сваімі сіламі яму гэта не здзейсніць, вось і просіць дапамогу. А пасля сутыкне яго і Жыгмонта лбамі: лупіце адзін аднаго, а сам хоп — і сеў у Вільні. І што адбудзецца, калі Мендзі-Гірэй прызнае Глінскага вялікім князем і пашле сваіх татараў на дапамогу? А там і прыяцель Глінскага, лівонскі магістр Вальтэр Плетэнберг, таксама яго падтрымае, прызнае імператар Максіміліян. Можа здарыцца і такое. Для яго, Васіля, Глінскі ў Вільні не на карысць. Хай ужо лепш сядзіць там Жыгмонт, які па руках спутаны панскімі прывілеямі, чым чалавек з цвёрдай воляй і хітрай галавой. А вояў Глінскаму ён пашле, аднак не татараў, як просіць князь. Хітры: татараў можна перакупіць. Пашле служывых дваран, якія па першым ягоным імператарскім загаду прыцягнуць Глінскага ў Маскву на аркане. Людзей, зброю, порах, вогненны нарад — усё гэта Васіль паабяцаў даць. Так што пасольства Глінскага дабілася сваёй мэты.

Чаму ж не быць пану Андрэю ў добрым настроі? І раптам, калі пакідаў Крэмль разам з князем Шамяцічам, які суправаджаў у Маскве паслоў, сустрэў Асташа Недабоя.

— Якія чэрці цябе занеслі сюды? — спытаўся ў шляхціца Дрозд.

— Служба Жыгмонтавая.

— Хто такі? — пацікавіўся ў Дразда князь Шамяціч.

— Наш чалавек, Асташ Недабой. Трэба яго вызваліць,— Дразду хацелася выратаваць Недабоя, хоць шляхціц і не служыў у Глінскага, але яго варта было перацягнуць на свой бок.

— Тать это, потоенные листы до князя нашего Юрия от короля польского вёз,— прамовіў слуга князя Юрыя.

— Які ён таць? — ускрыкнуў Дрозд.— Ён, як і ты, служыць свайму гаспадару і выконвае ягоныя загады. Таць у лясах рабуе душы хрысціянскія. А гэты шляхціц зацнага рожаю і гербу. Князь,— Дрозд звярнуўся да Шамяціча,— трэба вызваліць шляхціца. Мужны чалавек. І Глінскага падтрымлівае.

— Мовит, кому письма возил от Жигмонта, может, батюшка-государь и отпустит его.

— Чуеш, Недабой.

— Чую,— панура адказаў шляхціц.

 

Не, не ўсю праўду казаў Недабой, калі яго прывялі да Васіля. Пра грамату да Юрыя прызнаўся. Так, загадаў Жыгмонт даставіць ліст да гасударова брата, а болей ніякіх даручэнняў ад караля не атрымліваў. Прамаўчаў пра грамату да князя Астрожскага. Не мог ён выдаць былога гетмана. Як нагадаў ягоны ўсхваляваны твар падчас іхняй сустрэчы ў Волагдзе, той пакутлівы сум у княскіх вачах, сум па далёкай радзіме, якую ўжо сем гадоў не даводзілася бачыць, так і шкада стала князя. Выдай Канстанціна — і зноў кінуць яго ў цверджу, цяпер назаўжды.

Васіль паглядаў на гэтага збітага, у парванай вопратцы шляхціца, які без усялякай прыніжанасці перад ім, з годнасцю трымаў адказ, і не ведаў, верыць яму ці не верыць. Гэта добра, што ўдалося выкрыць хітрыкі Жыгмонтавы, але штосьці не верыцца, каб кароль не шукаў падтрымкі сярод другіх баяраў. Мог кароль паслаць ліст і да князя Іосіфа Валоцкага, які за казанскую паражку трапіў у гасударову няміласць. Мог Жыгмонт адправіць лісты і іншым баярам. Але як старанна ні абшукалі каралеўскага вестуна, так і не знайшлі ў яго ніводнага ліста. Быць можа, і праўду кажа літвін: да аднаго князя Юрыя паслаў яго кароль. Канечне, правільней усяго было б кінуць літвіна ў лёхі, хай бы каты выцягнулі з яго ўсю праўду, але занадта ўжо просіць яго вызваліць Дрозд, маўляў, гэты Недабой — верны слуга Глінскага, толькі вось не ведаў, што князь перайшоў на Васілёву службу, а то б сам прынёс гасудару маскоўскаму Жыгмонтаву грамату. Што ж, хай будзе так, не стане ён з-за шляхціца псаваць адносіны з Глінскім. Зараз важна вымусіць князя ўзбунтавацца супраць Жыгмонта, спутаць каралю рукі, што дасць магчымасць паслаць войскі на паўднёвыя межы княства адбіць напад крымскіх татараў.

 

Тры дні Недабой валяўся ў ложку ў палатах князя Шамяціча, дзе спынілася пасольства Глінскага. Удар дубінай па галаве, на шчасце Асташу, быў не настолькі моцны, каб адправіць яго на той свет. І хаця балела галава, але пагрозы для жыцця не было. На чацвёрты дзень шляхціц, абматаўшы галаву льняной павязкай і нацягнуўшы на самыя вочы шапку-аблавуху, заявіўся да Дразда і папрасіў даць яму каня.

— Навошта табе конь? — здзівіўся Андрэй.

— Трэба наведаць аднаго знаёмца,— адказаў шляхціц.

— Бяры, але глядзі доўга не затрымлівайся.

— Можа, яснейшы пан, і грашыма ссудзіць, а то мяне абрабавалі да апошняга пенязя. А з пустымі рукамі ў госці не ходзяць. У лік маёй будучай службы князю Глінскаму дай.

— Многа?

— Каб можна было віна купіць і сняданку ды яшчэ які гасцінец.

— Добра,— Дрозд працягнуў шляхціцу капшук з вугорскімі чырвонцамі.— Упраўся да цемры, каб не трапіць у рукі начной варце.

— Не палохайся, пан,— запэўніў Асташ Дразда.

Да поцемак Асташ Недабой так і не вярнуўся. Не вярнуўся ён і на другі дзень. Дарэмна чакаў Дрозд шляхціца і наступныя дні: Недабой знік і хутчэй за ўсё цяпер дзесьці ў дарозе, спяшаецца ў Вільню, каб папярэдзіць Жыгмонта пра змову Глінскага з маскоўскім уладаром.

 

Князь і ягоныя спадарожнікі ўехалі ў векавечны лес, што цягнуўся аж да самай літоўскай мяжы. Вясна адчувалася і тут, у лесе, хаця ў нізінах і лагчынах яшчэ ляжаў брудны, зацярушаны лускою і ігліцаю дрэва снег. Сонца прабівалася праз галлё і прыгравала прагаліны, на якіх ужо квітнелі пралескі. Водар юнай вясны панаваў у паветры пахам вільготнай зямлі, першых траў і кветак. Па дрэвах скакалі вавёркі: рэхам разносіўся дробны стук дзятлаў, клікалі сваіх сябровак рабчыкі. Вясновае абуджэнне радавала падарожных, і яны не заўважалі змрочнасці лесу.

Вось ужо тыдзень, як князь Канстанцін Астрожскі разам з двума слугамі і Асташам Недабоем прабіраўся па лясах да літвінскай мяжы. Адразу ж пасля таго як шляхціц пакінуў двор князя Шамяціча, ён накіраваўся на гарадскі рынак, дзе запасся ежаю, і рушыў на Волагду. Князь не доўга здзіўляўся, калі зноў у лазні сустрэўся з Асташам. Уцякаць дык уцякаць. З адкладу няма ладу. Наступнай ноччу Астрожскі з слугамі пакінуў горад. Тыдзень нялёгкага падарожжа па лясах — і ўжо рукой падаць да Літвы. Князь хваляваўся. Сем гадоў не быў ён на радзіме. Не верылася, што хутка ўбачыць родныя мясціны, пераступіць парог бацькоўскага дома, сустрэнецца з блізкімі, сваякамі, сябрамі. Ён ціха ўсміхаўся, уяўляючы, як узрадуюцца яны яго вяртанню. Часта ўзгадваў Астрожскі сябе маленькім хлопчыкам, калі ўпершыню ўзяў яго бацька на паляванне. Успаміналася агромністае чырвонае сонца, якое падымалася на ўсходзе, невялічкая рачулка, што зіхацела пад сонечнымі промнямі, туманны лес, прыгожыя птушкі з чорнымі, як вугаль, грудзьмі, чырвонымі бровамі, моцнымі белаватымі з сінім водсветам дзюбамі, расшыранымі веерам хвастамі, чуў іхнія таямнічыя спевы, якія ўвабралі ў сябе гукі вясновага лесу. Назаўжды гэтая ява засталася ў памяці князя. Не раз нагадваў пра тое паляванне Астрожскага ў вязніцы. Пабачыць хутка ён і тую рачулку, і той лес, пройдзецца тымі сцежкамі, якімі прабіраліся яны з бацькам на глушцовы ток.

На дарозе ўцекачы ўбачылі конскія сляды. Недабой, які ехаў першы, спыніў каня, пачакаў, калі пад’едзе да яго князь, паказаў на вузкую, збітую конскімі капытамі сцежку, што вужакай вілася паміж старых ялін — яна і вывела з дрымучых нетраў невядомых вершнікаў.

— Княжа, а можа, аб’едзем? Навошта шукаць прыгоду сабе? — прапанаваў Недабой.

— Яшчэ чаго не хапала. Рукой падаць да Літвы, а я буду хавацца бог ведае ад каго.

Недабой зірнуў на Астрожскага. Князь нагадаў яму чалавека, які яшчэ не зразумеў усю небяспеку, што сцерагла яго, і з-за сваёй ганарлівасці не жадаў яе прызнаваць, каб, чаго добрага, не аславіцца баязліўцам, а таму насуперак сэнсу з вар’яцкай упартасцю выпрабоўваў лёс.

— Быць можа, наперадзе маскавіцкая застава?

— Паехалі,— загадаў князь.

Неўзабаве падарожныя апынуліся ў самай пашчы гэтага змрочнага лесу. Сонца, не маючы моцы прабіцца праз густыя яловыя шаты, не зазірала сюды, і глыбінны могілкавы змрок панаваў тут і днём, наганяючы на людзей трывогу. Глухая цішыня парушалася толькі стукам конскіх капытоў.

Аднойчы Недабой адчуў, што з гушчару, з гэтага бясконцага нагрувашчвання буралому, сухазелля, ствалоў паваленых і спарахнелых ад часу дрэў за атрадам хтосьці пільна назірае. Шляхціц сцяўся пад нечым нядобрым позіркам і пацягнуўся да крыжа шарпантынкі. Але варта было праехаць падарожным крыху далей, як раздаліся гучны свіст і крыкі: «Лаві! Лаві! » Прама перад Недабоем выскачыў з гушчару зарослы чорнымі космамі валасоў чалавек, апрануты ў адзежу маскавіцкіх ваяроў. Ён схапіў каня за цуглі і спыніў яго.

— Маскавіты! — вырвалася ў Недабоя. Гэтым крыкам ён адолеў хвілінную разгубленасць і, выхапіўшы з похваў шарпантанку, секануў ёю па вою, цэлячы паміж ягоных злосных вачэй. Аднак вой спрытна адскочыў ад каня, і шабля без карысці прасвісцела ў паветры.

— Ах ты, сабаччо! — мсціва ўскрыкнуў маскавіт.— Ану, хлопцы, хапайце яго.

На Асташа наляцелі яшчэ два чалавекі, акружылі, перагарадзілі шлях, і цяпер шляхціц адбіваўся ад трох праціўнікаў. Двух княскіх слуг нападаючыя выкінулі з сёдлаў. Князя аглушылі ўдарам дубіны. Грымнуўшыся вобзем, Астрожскі нейкі кароткі момант страціў прытомнасць, а калі ачуняў, убачыў над сабою нечы зарослы рудым шчаціннем твар. Смурод гарэлкі і цыбулі шыбануў у нос. Імгненна выгнуўшыся тулавам, Астрожскі ўдарыў нагою чалавека, што схіліўся над ім. На твары чалавека адбілася нешта падобнае на здзіўленне — як гэта так, што такое здарылася, адкуль такі невыносны боль? Потым чалавек пакутліва захрыпеў, сагнуўся і рукамі схапіўся за жывот. Не губляючы ні хвіліны, князь ускочыў на ногі і, выхапіўшы з похваў шаблю, пабег да свайго каня. Шлях Астрожскаму перагарадзіў яшчэ адзін вой. Абаронены кальчугай-байданкай, з буйнымі пляската кутымі кольцамі, жалезнай шапкай, узброены вузкім канчаром і дагай, маскавіт адчуваў сябе ўпэўнена і не збіраўся без бою саступаць перад князем. Гарапашнік, хлоп, сабака. Ну, пачакай. Таць бою корміцца, душы хрысціянскія губіць за пенязі.

Князь замахнуўся шабляю на ваяра, але той надзіва спрытна вывернуўся. Князь зноў кінуўся на маскавіта. Іхнія шаблі з ляскатам, высякаючы іскры, сустрэліся і заскакалі ў жорсткай сечы. Ваяр ні ў чым не саступаў. Тым не меней князь здолеў азірнуцца па баках і ацаніць становішча. Нападаючых было каля дзесяці. Трое з іх змагаліся супраць Недабоя, чацвёра вязалі слугаў, двое дасталося на ягоную долю.

Трэба як мага хутчэй адолець гэтага клятага маскавіта, каб прыйсці на дапамогу Недабою. Астрожскі ўпарта наступаў на ваяра, той спрытна адбіваў усе ягоныя ўдары.

— Смерд, хлоп, прэч са шляху!

— Кідай шаблю, усё роўна не выратуешся,— скаліў зубы маскавіт.

У гэты момант ззаду на князя накінулі цянёты. Астрожскі заблытаўся ў іх і паваліўся на зямлю. Недабой, прарваўшыся праз ваяроў, кінуўся на кані вызваляць князя. І жахам адбілася ў Асташавых вачах: як адзін з маскавітаў нацягнуў яму насустрач лук. Выгнуўся пруткі кібіць, вось з цецівы сарвецца страла —імгненне, і боль разарве грудзі, а там смерць... Страла ўдарыла ў плячо. Асташ паваліўся на высокую луку, аслабелымі рукамі паспрабаваў абхапіць каня за шыю, але споўз бездапаможна на зямлю. Да параненага падскочыў нехта з ваяроў. Недабой паспрабаваў падняцца на ногі. Перад вачыма мільгануў тупы насок бота...

Князь не прызнаваўся, хто ён. Што патрэбна гэтым людзям? Грошы,— хай бяруць, толькі б адпусцілі на ўсе чатыры бакі. Грошы хутка найшлі пад сярмягай на пасе. Развязалі капшук — золата. О! Не чакалі такога пажытку. «Ды ты не простая птушка, не купец, а тым болей хлоп»,— прагаварыў вой, з якім біўся князь, ірвануў сярмягу, а пад ёй кальчуга. «Не простая птушка. Хто такі?»

— Не табе ведаць,— рэзка адказаў князь.

— Вось як. Нічога, даведаемся.

Застагнаў, апрытомнеўшы, Недабой.

— Свістапляс, што з гэтым? — падышоў да ваяра адзін з яго хаўруснікаў, кіўнуў галавой на шляхціца, які валяўся на зямлі.

Нешта драпежнае і жорсткае мільганула ў шэрых Свістаплясавых вачах, маскавіт падабраў вусны і нечакана засмяяўся і так жа нечакана сціх.

— Калі ты яго будзеш цягнуць на сабе, цягні. Не ведаеш, што рабіць? — раззлавана прамовіў ён.

— Не забівайце яго,— спыніў князь ваяра, які ўжо выцягнуў з похваў шаблю, каб секануць Недабоя.— Не забівайце. Вось вазьміце,— ён здзеў з пальца залаты пярсцёнак з жэмчугам, працягнуў яго Свістаплясу.

— Добра, хай жыве,— лагодна прамовіў Свістапляс, уздзеючы пярсцёнак на палец.

Ледзь прыкметная сцяжына бегла між змрочных ялін і хваін, між хмызняку і крушынніку, вяла ў глыб лесу. Астрожскаму моцна звязалі рукі сырамятнымі рамянямі, скруцілі так, што і не варухнуць імі. Уперадзе атрада везлі параненага Недабоем ваяра. Паранены час ад часу глуха стагнаў і, бы саромеючыся, што не можа вытрымаць болю, тут жа сціхаў. За ім, ведучы коней за паводдзе, ішлі астатнія маскавіты.

Пасля таго як атрад маскавітаў разам з захопленымі нявольнікамі перабраўся цераз рачулку, лес неўзабаве скончыўся. Уперадзе, за шэрым ланцужком вербаў, туліліся адна да адной сялянскія хаткі, над якімі паднялася цыбатая постаць цэркаўкі. Сюды, на ўзлесак, з вёскі даносіліся крыкі пеўняў, сабачы брэх і такія знаёмыя гукі чалавечага жыцця: стук сякеры, рып журавоў, крыкі дзяцей. За вёскай, на ўзгорку, узвышаўся драўляны замак. Нават адсюль, з узлеску, можна было разгледзець высокія гародні, магутныя вартавыя вежы. «Відаць, прыехалі»,— падумаў князь. І сапраўды атрад накіраваўся да замка.

Загрукаталі жалезныя ланцугі, збіты з моцных дубовых плахаў падвесны мост павольна апусціўся над глыбокім ровам, злучыўшы абодвы ягоныя берагі. У замку адчынілі высокія, абабітыя жалезнымі пласткамі вароты. Па мосце ваяры і палонныя пад’ехалі да брамы. Насустрач вываліў натоўп ваяроў. Яны былі апрануты ў вопратку вояў Вялікага княства Літоўскага.

— Ну з чым вярнуліся? — выступіў наперад высокі ладны мужчына. На галаве ў яго сядзеў капялюш з доўгімі палямі з пёрамі паўліна, зялёны жупан аблягаў моцную стройную постаць. На пасе бразгала шабля.

«Кадук іх пабраў, а яны ж размаўляюць па-літвінску»,— падумаў Астрожскі.

— Вось нейкага маскавіта прылавілі. Скідваецца жабраком, а пад сярмягай — кальчуга на пасе, паўнюткая злата. Хто такі, маўчыць,— адказаў Свістапляс.

— Дык гэта ж князь Астрожскі! — усклікнуў адзін з вояў.

І хваля здзіўленых галасоў пракацілася сярод ваяроў; іхнія позіркі скіраваліся на звязанага рамянямі чалавека, які сурова і спакойна паглядаў на іх, ганарыста падняўшы голаў.

— Так, я гетман Вялікага княства Літоўскага і Рускага Канстанцін Астрожскі,— спакойна прагаварыў князь.

— Гетман, мы вітаем цябе на крыўскай зямлі,— схіліўся ў паклоне перад князем вой у зялёным жупане.

— Дык, значыць, я ўжо на Літве,— усхвалявана прагаварыў Астрожскі.— До-ма.

— Так, князь. Гэты замак — першая крэпасць ад маскавіцкай мяжы. А я — замкавы кашцелян, раслаўскі шляхціц Жабка,— прамовіў чалавек у зялёным жупане.— Людзі, што напалі на цябе, князь, нашыя ваяры — віжы, якіх мы пасылаем у Масковію. Маскавіты збіраюць палкі. Тут каля мяжы ўжо стаяць маскоўскія войскі. Вайна хутка, гетман.

 

Частка трэцяя

 

І

Ні Жыгмонт, ні тым болей яго паслы не ведалі, што да Васіля прыбылі з Казані паслы, якія прасілі міру. Казанскі хан Мухамед-Эмін, напуджаны перамогай над маскавітамі, каб, чаго добрага, тыя не сабралі новае войска і зноў не выступілі на Казань, паспяшаў скарыстацца цяжкім для Масквы становішчам і заключыць з ёй мір. Такім чынам адзін з Жыгмонтавых саюзнікаў, на якога кароль так спадзяваўся, употайкі здрадзіў. Аднак па-ранейшаму перавага заставалася на баку Вільні: крымчакі рыхтаваліся напасці на землі Масковіі. У гэтым становішчы Васіль дзейнічаў абачліва, паслаў ганцоў да нагайцаў, падбухторваючы іх ударыць па крымчаках.

А ў грамаце да Глінскага, якую ў Тураў прывёз Андрэй Дрозд, Васіль, каб заахвоціць князя на вайну з Жыгмонтам, абяцаў яму падтрымку войскамі і зброяй, прапаноўваў распусціць па Літве загоны — перашкодзіць шляхце збірацца на вайну, захапіць крэпасці і потым выступіць к Менску, абкласці яго і чакаць прыходу маскоўскіх войскаў. Разам з Драздом у Тураў патаемна прыбыў атрад маскоўскіх служывых людзей пад зверхнасцю Івана Юр’ева, болей за пяць соцень вершнікаў. У абозе прывезлі зброю, гарматы, порах.

І ўжо ў канцы квеценя, калі растаў снег і падсохлі дарогі, Глінскі падняў сваіх людзей. Перш за ўсё мяцежны князь накіраваўся да Слуцака. Думка скарыстацца багаццем Алелькевічаў не пакідала Глінскага.

 

У Слуцаку людзі жылі ў прадчуванні бяды. Хадзілі самыя розныя і неверагодныя пагалоскі. Казалі людзі, што бачылі ў ваколіцах горада нядобрую мару; яна, бы воблака, белая і лёгкая, ляцела над зямлёй і гучна стагнала: «Кроў, кроў, кроў». Злавесным папярэджваннем прагучалі гэтыя словы. Казалі і пра тое, што старая вядзьмарка Гушча на вачах натоўпу месцічаў з рогатам і крыкамі: «Хутка, хутка прыйдзе наш час. Будзем мы радавацца, а вы горкімі слязьмі залівацца» — ператварылася ў чорную кошку. Людзі кінуліся да Гушчы, сталі біць яе качэргамі і кіямі, а яны адскоквалі ад вядзьмаркі. Кошка зарагатала чалавечым голасам і шмыганула прэч паўз людскія ногі. Пайшлі пагалоскі, што кароль Жыгмонт хоча ўвесь праваслаўны люд у ляхскую веру перавесці і княгіня Настасся таксама прадалася ляхам, запрашае латынаў кляшторн фундаваць. Бяда набліжалася, але ніхто са слуцкага люду не ведаў, што два езнікі, якія выехалі з замка ў адзін з квеценьскіх ранкаў, былі першыя прадвеснікі гэтай бяды. Ноччу ў замак прыскакаў вястун з трывожнай навіной: «Князь Міхайла Глінскі ў нямалае пошт сваіх, шляхціцаў, баяраў, зямянаў у зброях з ручніцамі, хуфінцамі і іншымі многімі бронямі, узрушыўшы пакой паспаліты, непрыяцельскім звычаем цягнуў на Слуцак». Ваяводзіч Сцецка тут жа выклікаў да сябе сотнікаў княскага войска і загадаў рыхтавацца да абароны горада.

Па ваяводскім знаку Шыкуліч паслаў віжаў цікаваць Глінскага. Езнікі, што выехалі, і былі тымі віжамі. Аднак ніхто, апрача сотніка, не ведаў, што яны патаемныя вестуны да князя Глінскага.

 

У 1492 годзе, калі ў Гародні на сойме выбіралі новага вялікага князя, Глінскі, які прыехаў у гэты час на Літву з Еўропы, упершыню сутыкнуўся са слуцкім князем Сымонам Алелькевічам. Алелькевіч узначальваў партыю праваслаўных магнатаў і шляхціцаў, якія жадалі бачыць слуцкага князя на велікакняскім пасадзе. Тады Глінскі і знайшоў сярод Алелькевічавых людзей шляхціца Шыкуліча. На сваю бяду, Якуб Шыкуліч вельмі рана зразумеў: у жыцці шмат спакус і ўцех, але яму мала чаго перападзе ад гэтага смачнага пірага. І тут Глінскі... Ну і кадук з ім, каму служыць — Алелькевічу ці Глінскаму. Хто болей заплаціць, таму трэба і правіць сваю службу. Глінскі заплаціў болей. Тружання сотніку асаблівага не выпала, даносіў маршалку пра Алелькаў і атрымліваў свае срэбнікі. Аднак падзеі, што адбыліся пасля смерці караля Аляксандра, паклалі канец пакою сотніка. Глінскі ў патаемным лісце да сотніка папярэджваў, што хутка спатрэбіцца яго дапамога і што сотнік павінен збіраць вакол сябе надзейных людзей. А калі князь прыязджаў у Слуцак — пажадаў пагаварыць і з Шыкулічам. Сотнік, якога па просьбе Глінскага ваяводзіч адпусціў паказаць шлях, паехаў разам з князем. За горадам Глінскі даў прывал воям і шляхце, якія не паспелі паснедаць у замку, загадаў разбіць шацёр. Туды Глінскі і запрасіў Шыкуліча. Лютага выгляду воі правялі сотніка ў шацёр. Глінскі па-татарску сядзеў на разасланай мядзведжай шкуры ля напаленай да чырвані меднай жароўні, ад якой разлівалася цяпло. Каля ўвахода знерухомеў татарын-грыдзь і пільна пазіраў на сотніка.

Шыкуліч у пашане схіліўся перад Глінскім. Князь запрасіў сотніка разам паснедаць. Сотнік не прымусіў сябе ўпрошваць. Тут жа плюхнуўся на шкуру і, не перахрысціўшыся, як галодны, накінуўся на ежу. З горыччу і пагардай пазіраў князь на Шыкуліча. Так, відаць, дрэнныя твае справы, князь, калі залежыш ты вось ад такіх людцаў, якія за грош гатовы каго хочаш прадаць: і самога сябе, і душонку сваю хцівую.

Спачатку перакідваліся пустымі словамі — пра Слуцак, пра княгіню і маладога князя. І раптам князь загаварыў рэзкім, уладарным тонам, што сотніка халадок працяў. «Шыкуліч, мне патрэбен Слуцак. Адчыніш браму — зраблю ваяводам!» Ад такіх слоў сотніка кінула ў гарачыню: ды павінен згадзіцца, а інакш жывым яго адсюль не выпусцяць — занадта шмат ведае. Шыкуліч на момант задумаўся. Аднак Глінскі быў перакананы, што за грошы сотнік здрадзіць сваёй княгіні.

— Патрэбны мне верныя ды смелыя людзі. Я веру табе, Шыкуліч,— падліслівіў князь.— І спадзяюся, што загад выканаеш.

— Цяжка гэта зрабіць.

— Гэта ўжо твая справа. Але...— Князь працягнуў набіты золатам скураны капшук.— Трымай, каб не так цяжка было. Там, дзе не паможа зброя, усё зробіць злата.

 

Апоўдні коні віжаў ад доўгай скачкі стаміліся і перайшлі на крок. Узмыленыя за доўгую дарогу, яны цяжка дыхалі. Трэба было даць коням адпачынак, але людзі ўпарта іх падганялі. Паветра, духмянае ад водару маладых траў і сырой зямлі, хмельна кружыла галовы. Было добра, як бывае добра чалавеку, які нарэшце вырваўся з цемры і духоцця на святло. Усё навокал здавалася цудоўным: лёгкі ветрык, які, быццам жаночыя рукі, пяшчотна гладзіў валасы езнікам і лашчыў іх твары, галоўкі падбелу, што жоўтымі кветкамі пазіралі на сонца, ліловыя гронкі чубаткі, зялёная маладая трава і лісце на дрэвах...

Першы ехаў Гнат Галуха, за ім Мацей. Гнат ведаў, навошта іх адправіў Шыкуліч, Мацей — не. Выклікаў Кузьмініча сотнік да сябе, нагадаў пра ўмову, што заключылі яны міжсобку, і загадаў ехаць з Галухам і выканаць усё, што той мовіць.

Пад вечар, калі барвовы сонечны шар стомлена скаціўся за далягляд і ў вечаровым зацішшы мякка падкраліся поцемкі, віжы спыніліся нанач у весі. Выбраўшы сабе хату, яны пастукаліся. Напужаны з’яўленнем на двары княскіх ваяроў, гаспадар — худы, сівавусы селянін са змораным, пасечаным шадрай тварам — адразу стаў завіхацца ля нечаканых гасцей, дапамагаючы ім рассядлаць коней і звесці ў хляўчук. Павячэралі прывезенымі з сабой харчамі: смажанай вепручынай, пірагамі, віном (на княскай кухні не пашкадавалі ежы для віжаў). У дрыготкім агеньчыку смолкай лучыны Гнат убачыў, як з-за печкі на іх пазіраюць дзве пары насцярожаных вочак. Дзве мурзатыя дзіцячыя мордачкі раз-пораз нясмела, але з цікавасцю, бы лісяняты з нораў, выглядвалі адтуль і знікалі, калі на іх натыкаўся позірк ваяроў. Нешта балючае варухнулася ў Гнатавай душы. Ён не вытрымаў, перастаўшы вячэраць, па-сяброўску, даверліва мовіў:

— Гэй, чарцяняты, ходзьце сюды.

А яны, як тыя вераб’і, спуджана шмыгнулі за печку і схаваліся там.

— Вось чарцяняты,— усміхнуўся Гнат і паклікаў селяніна.

— На, пакармі іх,— падаў ён гаспадару кавалак вэнджанага мяса.

Дзе гэта бачна такое, каб княскі слуга частаваў беднага мужыка, вось так проста ні з таго ні з сяго ўзяў і пачаставаў. Не, каб у цябе цягнуць апошняе, а сам з табой дзеліцца сваім. Ці не падман які, ці не захацелася ваярам пацешыцца з беднага мужыка? Селянін недаверліва зірнуў на пачастунак.

— Што вы, што вы,— замармытаў ён разгублена.

— Бяры.

Мазолістая сялянская рука нясмела пацягнулася да вепручыны і тут жа паспешліва тузанулася назад.

— Бяры, калі даюць,— Гнат сілком сунуў селяніну мяса.

Пасля вячэры леглі спаць. Выцягнуўшы на падлозе зморанае за дзень цела, Гнат ніяк не мог заснуць. На палацях доўга варушыўся і гарэтна крахтаў гаспадар, на печцы соладка саплі дзеці. Гнат ляжаў і слухаў, як дзесьці пад печчу спяваў цвыркун. І сумны яго спеў нагадваў аб нечым родным і незабыўным. Вось так заводзіў цвыркун некалі ў Гнатавым маленстве сваю гаворку з поцемкамі. Тады Гнат часта засынаў пад яго цвырканне. У галаву ўпарта лезлі ўспаміны. Ён уявіў сябе басаногім хлапчанём. Калі тое было? Сумна зрабілася Гнату. Бяжыць час. Хвіліны, гадзіны, дні, гады.

Гадоў таму дваццаць з’явіўся ў Слуцаку чалавек з малым дзіцем, пайшоў да князя і папрасіў даць яму прытулак. Князь прызначыў чалавека на пасаду забітага маланкай баброўніка. У яго хаце і пасяліўся чужынец.

Новага баброўніка ў наваколлі адразу неўзлюбілі: ці за ягоны нелюдзімы нораў, ці за тое, што ён быў неміласцівы да мужыкоў, якія патаемна білі бабра. Ніякай літасці да іх: злавіць — і адразу да князя, а ў таго рука цяжкая. Непрыхільнасць да баброўніка парадзіла мноства чутак: нейкі злодзей, душагуб збег са сваіх мясцін ад расплаты за зладзейства. І пазбягалі людзі знацца з баброўнікам. Так і рос Гнат адзін з бацькам. А ён, калі супакоіць душу горкай, клікаў да сябе сына, садзіўся ў хаце на лаву і з пяшчотай гладзіў Гнатку. А ў самога слёзы ў вачах, успамінае жонку, якую прыкмеціла баярскае вока, і наведалася ў Галухаў дом бяда... У адну з начэй успыхнула полымя над баярскімі харомамі, а Галуха разам з сынам падаўся з маскоўскага краю на Літву. Гнату і шкада бацьку, і разам з тым няёмка; немаленькі, каб песцілі, але не прымае галавы з-пад цяжкай бацькоўскай рукі. А потым бацьку забілі. У тое незабыўнае лета касцяной рукой прыбірала на той свет людзей пошасць. Нішто не мусіла яе спыніць: ні лекі, ні малітвы, ні слёзы, ні закляцці. Тады ў роспачы людзі падумалі: хтосьці з нядобрых чараўнікоў паслаў на іх бяду, але і расправы над чараўнікамі не спынілі пошасць. Жадаючы выратаваць весь, дзе жыў і Гнат з бацькам, сяляне ноччу выйшлі на хрэсны ход вакол вёскі. І трэба такому здарыцца, што ў гэты менавіта час у бацькі прапала свірэпа1: ён нанач гледзячы і выправіўся шукаць жывёлу. І сустрэліся сяляне з баброўнікам. Убачылі ў руках Галухі вуздэчку і прынялі яго за чараўніка, які ноччу насылае на людзей шкоду. Вось хто наклікаў бяду, вось па чыёй волі гуляе смерць. Тут жа сяляне звязалі баброўніка, павесілі дагары нагамі на бярозе і прыняліся бязлітасна біць. Выпытвалі, чаму пошасць на людзей наклікаў, колькі душ хрысціянскіх загубіў, чаму шкоду творыць. Бацька нарэшце сцяміў, за каго яго прымаюць, і грымнуў шалёнай лаянкай. Як яны асмеліліся суд чыніць над княскім слугой, вось ужо князь пакарае іх за свавольства. Параіліся людзі і паслалі да князя ў Слуцак вестуна, хай князь сам вырашыць лёс баброўніка. А самога знялі з бярозы і зацягнулі да хаты.

— Тата, татачка, не бядуй,— туліўся да бацькі Гнат.— Князь жа ведае, што ты не чараўнік. Ён цябе вызваліць.

Пад вечар прыскакаў сотнік Якуб Шыкуліч з двума ваярамі.

Прыціх натоўп, чакаючы гневу шляхціца: зараз блісне вачыма і накінецца на іх лаянкай, а там і бізунамі пачастуе.

Сотнік загадаў прывесці баброўніка. Некалькі чалавек паспешліва вывелі з хаты збітага да крыві Галуху.

— Не чараўнік я,— прастагнаў ён.

Шыкуліч, гарцуючы на кані, здзекліва ўсміхнуўся.

— Хто цябе ведае? Кажаш не чараўнік, а вунь людзі сведчаць, што ты наклікаў бяду, бачылі цябе, як ты ў полі клікаў пошасць.

Натоўп у адзін голас загуў:

— Праўда! Праўда! Бачылі ўсе! Ён пошасць пасылае. Спаліць! Спаліць!

— Не верце ім. Хлусня гэта, хлусня,— у роспачы закрычаў бацька.— Свірэпа збегла ў мяне, хадзіў яе шукаць.

— Дык вось, князь не стаў ламаць голаў, а загадаў цябе спаліць. Калі маеш за сабой віну, дык адойдзе ад нас пошасць, а калі не маеш, дык божа за твае пакуты дасцека тваёй душы вечны спакой на нябёсах.

Натоўп радасна завыў:

— Правільна, спаліць!

— Паночак, паночак, міленькі, даражэнькі! — кінуўся да сотніка Гнат.— Не верце, не верце ім! Яны маняць! Татка добры, ён не чараўнік! Пашкадуйце яго!

Гната звязалі рамянямі і кінулі на зямлю, каб не замінаў, а бацьку абвязалі пасам з сырамятнай скуры галаву, заклаўшы ў вушы пад павязку каменьчыкі і, прасунуўшы ў вузел паса кій, сталі сцягваць пас. Бацька ад болю крычаў і лаяўся. Нехта з сялян замазаў гноем яму рот і, вымачыўшы ў дзёгаць анучу, завязаў вочы. Пасля бацьку зацягнулі ў хату і кінулі там. Хату падпалілі. Не, не забыў Гнат таго дня. Не забудзе ніколі тых раз’юшаных людзей, не забудзе адчайных бацькавых крыкаў: «Гнатка, адпомсці, адпомсці». Колькі разоў гэты дзень вяртаўся да Гната жахлівымі бачаннямі і ўспамінамі. Колькі разоў Гнат прачынаўся ўначы ўвесь успацелы, як толькі зноў снілася пылаючая агнём хата, лютыя твары людзей, збіты да крыві бацька. Адпомсціць усім, хто прынёс смерць бацьку, адпомсціць ён.

Горкае жыццё пачалося ў Гната. Сотнік Шыкуліч узяў яго да сябе ў парабкі. Так і гнуў ён спіну ад цямна да цямна. Гады ляцелі ў бясконцай і цяжкай працы.

Ён цярпеў усё: лаянку і бізуны ціўноў, цяжкую працу і здзекі, беды і няшчасці, цярпеў дзеля помсты, толькі б хутчэй падняцца на ногі, і тады з усімі расквітаецца за бацькаву слязу, за свае пакуты і прыніжэнні. Тады ўжо нікому ніякай літасці ні князю, ні сотніку, ні сялянам.

Аднойчы восенню сотнік узяў Гната разам з усімі іншымі парабцамі на княскія ловы. Гнаныя крыкамі клікуноў на стралкоў, сярод якіх быў сам князь, выскачыў зубрыны статак. Цяжкі тупат сатрасаў зямлю, трашчаў сухастой і галлё. Ад пагрозлівага звярынага рыку дрыжалі душы нават самых мужных паляўнічых. Уперадзе, нахіліўшы моцную галаву, выставіўшы вострыя рогі, бег важак статка. Амаль тры сажні ўгору. Згустак мускалаў і неўтаймаванай сілы.

Успыхнулі агеньчыкамі ручніцы, загудзелі цецівамі лукі і кушы. Некалькі звяроў грымнуліся на зямлю, забіліся ў прадсмяротных сутаргах. Астатнія панесліся на стралкоў. Прама на ваяводзіча Сцяцка выскачыў важак; рассякаючы магутнымі грудзямі, нібы таран, хмызнякі ядлоўніку, нёс ён на вострых рагах смерць ваяводзічу.

На дапамогу ваяводзічу пабег Гнат. Сцецка стрэліў у зубра з ручніцы. Кулка застрала ў сцягне жывёліны. Рана яшчэ болей уз’юшыла зубра, ён кінуўся на Гната.

Прама перад сабой Галуха ўбачыў вострыя рогі. У жаху адскочыў назад і ўпёрся спінай у дуб. Зубр, аслеплены болем, пырнуў рагамі дрэва, і чалавек апынуўся між імі. Вазьмі звер трохі ўбок, і ляжаць Гнату нежывым. Вечнасць доўжылася тое імгненне, пакуль паляўнічыя дзідамі не забілі зубра.

Увечары Гната паклікаў да сябе князь Сымон Алелькевіч, які са світай баляваў у сваім шатры. За хмельнымі размовамі і пахвальбамі ўспомнілі і пра адчайнага хлопа, што выратаваў ваяводзічы. Князь сядзеў у крэсле за сталом, устаўленым стравамі і вінамі. Гнат бачыў у ім толькі забойцу бацькі, таго, каму павінен адпомсціць, каб супакоілася на нябёсах бацькава душа.

— Смелы,— лагодна прамовіў князь.— За тое, што ўратаваў ваяводзіча, трымай ад мяне,— Алелькевіч працягнуў скураны капшук з грашыма.

— Не, князь, не трэба мне грошай.

Здаецца, знікні са стала ўсе смачныя стравы, ніхто з прысутных у шатры не здзівіўся гэтаму, як здзівіў Гнатаў адказ. Усе змоўклі, чакаючы князевага слова. Нахабны хлоп ад княскай міласці адмаўляецца. Ды іншы рабачэк на ягоным месцы адразу ж ногі князю, цалаваць пачаў бы, такое шчасце выпала.

— Вось навучыцеся ў гэтага хлопа,— звярнуўся Алелька да світы.— Вучыцеся разумнаму, хай гэтаму вучыць нават хлоп, і не бярыце дурнога нават ад караля. Чый ты будзеш? — прамовіў князь.

— Мой, ваша міласць,— заварочаў хмельным языком Шыкуліч.

— Бяру яго сабе,— князь аддаў сотніку грошы.— Мне такія каршукі даражэй за золата. Кінь назад — знойдзеш перад сабою.

Так Гнат стаў княскім ваяром. Прыйшлося яму вучыцца скакаць на кані, валодаць дзідай, шабляй, страляць з лука, кушы і ручніцы. Спачатку атрымлівалася ваярам на пацеху. Парагаталі яны з яго нямала: «Ідзі лепш грэчку сей». Але ён упарта пераносіў кпіны і працягваў адольваць ратную службу. Нашэсце татараў Гнат успрыняў з радасцю. Штосьці павінна было змяніцца ў ягоным жыцці ў лепшы бок. Зрэшты, хоць скончыцца гэтая аднастайная служба. Секся з татарамі з нейкай помслівай радасцю, удзельнічаў у вылазках з замка; сваёй безразважлівай адвагаю заслужыў Галуха павагу ў ваяроў, і яны хутка забыліся пра свае кпіны і здзекі. Але ўсё тое, дзеля чаго ён так настойліва рыхтаваўся, чым жыў — помста князю,— раптам стала непатрэбнае — Алелькевіч памёр. Так і не атрымалася паквітацца з ім за бацькаву смерць. Што рабіць далей? У княскім войску заставацца не хацелася, цягнулі дрымучыя пушчы ды подых вольнага ветру.

І тут адбылося непрадбачанае — Шыкуліч выклікаў яго да сябе. Спачатку Гнат рашыў, што сотнік неяк праведаў пра ягонае жаданне яму адпомсціць, аднак, раскінуўшы розумам, падумаў: адкуль сотнік мог ведаць пра яго намер, калі нікому словам не абмовіўся, нават на споведзі ў царкве і то маўчаў, ну, а калі хацеў Шыкуліч ад яго збавіцца, чаму гэта не зрабіў раней?

Шыкуліч казаў без хітрыкаў: «Ведаю, Галуха, ненавідзіш мяне». Гнат маўчаў, ды і што тут казаць: так, ненавідзіць, хай ведае. «Але падумай,— працягваў сотнік,— ці вінен я ў смерці твайго бацькі? Ці па маёй волі яго спалілі? Я толькі волю княскую выканаў. Чалавек я, як і гы, паднявольны, што загадаў князь, тое мушу рабіць. Загадаў спаліць твайго бацьку,— спаліў, а каб загадаў вызваліць — вызваліў бы. Якая тут мая віна?»

Зноў нічога не адказаў Гнат. Апраўдвайся не апраўдвайся, але помсты не мінеш. «Каб не я, дык і цябе хлопы спалілі б»,— працягваў Шыкуліч. «Вось які выратоўца. Не, падла, не выратаваў ты мяне, а хамут парабца накінуў. Колькі поту праліў на цябе»,— думаў Галуха.

— Дык уразумі, хто загубіў бацьку твайго. Князь, вось каму ты павінен адпомсціць.

— Князь памёр,— за ўсю размову ўпершыню вымавіў Гнат.

— Ты забыўся пра жонку яго Насту, княжыча Юрыя і княжну Аляксандру. Не жадаеш адпомсціць? Гатоў дапамагчы табе.

Калі б князю помсціць, дык не думаў бы Гнат, а то жонцы і дзецям яго. У чым іхняя віна? Хаця пра што тут думаць: ці віноўныя, ці невіноўныя. Князь не думаў — паслаў на смерць бацьку. Чаго ж яму сумнявацца? Гнат згадзіўся. «Я табе веру, Галуха, калі надыдзе час, дам знак»,— прамовіў Шыкуліч.

І вось гэты час надышоў. Гнат Галуха вязе князю Міхайлу Глінскаму ліст ад сотніка. Гнат дапаможа князю ўзяць гняздо Алелькаў і знішчыць яго. Хай бацькава душа на нябёсах будзе спакойнай: смерць яго не застанецца без помсты.

 

Падняліся віжы яшчэ на золку. Па ранішняй цішы выехалі з весі. Уперадзе з-за сцяны векавога хвойніку выбіралася агромністае барвовае сонца. Птушынымі галасамі ажыло наваколле. Віжы пусцілі коней уздоўж рэчкі, якая скрозь па берагах зарасла вербалозам, ажыннікам і алешнікам. Часам сустракаліся магутныя разгалістыя дубы. У некаторых дрэвах ад старасці засохлі вершаліны; гаротна і сіратліва тырчэла іх ссохлае галлё, змрочна чарнелі дуплы, у якіх аблюбавалі сабе жытло пугачы. На другім беразе выйшаў з ляснога гушчару зубр. Стаяў па калена ў рэчцы. Убачыўшы людзей, павольна падняў цяжкую галаву, суглоба зірнуў з-пад калматага лба; з ніжняй губы ўпала некалькі празрыстых кропель.

Пад вечар віжы сустрэлі загоны Глінскага. Прама на іх, з-за ляснога павароту, выскачылі ўзброеныя людзі. Адразу ж акружылі, хапілі коней за паводдзе. Некалькі дужых рук тут жа сцягнулі случакоў на зямлю.

— А бадай ты апруцянеў,— залаяўся Гнат.

— Лядзі ты яго, ён яшчэ скуголіць,—закрычалі мяцежнікі.

— Даражэнькі, ты што — нюх страціў? На каго голас падняў?

— Хто такія? — сурова прамовіў сярэдніх гадоў шляхціц, які пад’ехаў да мяцежнікаў.

— Патрэбны нам князь Глінскі,— адказаў Гнат.

— Паехалі за мною,— загадаў шляхціц.

Глінскі са сваімі бліжэйшымі паплечнікамі баляваў у прасторным паходным шатры. Былі тут князь Андрэй Друцкі, браты Зміцер і Васіль Жыжэмскія, нямецкі дваранін Шлейхніч, які ўзначальваў у Глінскага атрад немцаў — наймітаў, маскоўскія дваране, якіх прыслаў Васіль. Глінскі, як Хрыстос на тайнай вячэры, сядзеў пасярод застолля ў акружэнні сваіх паплечнікаў. Ад выпітага чырванеў князеў твар. Нешта хітраватае таілася ў чорных вачах Глінскага.

— Князь, гэтыя людзі хацелі пабачыць цябе,— звярнуўся да Глінскага шляхціц.

— Хто вы і ад каго? — спытаўся князь і, склаўшы на грудзях рукі, адкінуўся на спінку разнога крэсла.

— Паслаў нас сотнік Шыкуліч,— адказаў Галуха, расшпіліў гузікі на каптане і дастаў са скураной торбачкі, што вісела на грудзях, грамату. Глінскі развярнуў скрутак, нецярпліва прабег вачыма. Вусны разышліся ў задаволенай усмешцы: —Добра,— прамовіў князь, пасля запытаўся ў вестуноў:

— Што пра мяне кажуць у Слуцаку?

— Рознае. Адны, што Жыгмонта хацеў ты, князь, з сяго свету звесці, другія, што праваслаўных падняўся абараняць,— адказаў Гнат.

— А чэрнь мяне чакае?

— Чэрнь любіць бунтаваць.

— Слуцак...— князь прыжмурыў вочы, усміхнуўся.— Татары ім не авалодалі, а я авалодаю,— ударыў далонню па стале: — Авалодаю ўсёй Літвой!

«Не, не можа такое быці»,— не верыў сваім вушам Мацей. Да свядомасці нарэшце пачало даходзіць, дзе ён, што адбываецца вакол. «Здрада» -— мільганула ў галаве. І жудасным здалося становішча, у якім ён апынуўся: не па сваёй волі стаў здраднікам. «Дык вось якой службы патрабаваў Шыкуліч. Божа мой, здрада!» Ён дрэнна разумеў, што адбывалася далей, што казаў князь, што яму адказваў Галуха. У галаве засела адно слова: «Здрада».

 

1 Свірэпа — кабыла.

ІІ

Увесь адваротны шлях у Слуцак Мацей думаў аб выкрытай ім змове супраць княгіні. Вырашыў усё ёй паведаміць. Не мог ён здрадзіць Алелькам, якім Кузьмінічы столькі гадоў служылі верай і праўдай.

Праз два дні, позняй ноччу віжы вярнуліся ў Слуцак. Вартавыя, што стаялі каля брамы, змучаныя маркотай, абрадаваліся магчымасці неяк прагнаць марудлівы час, даволі доўга не прапускалі віжоў, чапляліся з выпытам і толькі тады, калі даведаліся, што тыя ездзілі цікаваць Глінскага, прапусцілі ў замак. Галуха адправіўся да Шыкуліча, а Мацей, спаслаўшыся на стому, паспяшаў да княскага палаца.

Толькі праз дзве гадзіны сустрэўся Кузьмініч з княгіняй. Пакуль дамогся, каб яго ўпусцілі ў княскі палац, пакуль паднялі кашцеляна, які ў сваю чаргу падняў княгіню, пакуль яна прывяла сябе ў парадак, дык прайшло якраз каля дзвюх гадзін. Увесь гэты час Мацей мучыўся думкай, што раптам у палац прыедзе сотнік Шыкуліч, каб абясшкодзіць яго, абвясціць намоўнікам, звязеніць і аддаць кату.

Княгіня прыняла Мацея ў пакоі князя Сымона. Нічога не змянілася тут пасля князевай смерці. Наста рэдка наведвалася сюды, дзе ўсё нагадвала пра мужа і выклікала боль у сэрцы. На падлозе ляжалі калматыя мядзведжыя шкуры, якія мякка глушылі крокі; на завешаных персідскімі дыванамі сценах, блішчэла золатам зброя. Настасся сядзела ў крэсле, абабітым плямістай барсавай шкурай.

— Княгіня, вінен перад вамі,— пачаў Мацей.

— У чым? — спыталася Настасся.

— Княгіня, словамі хітрымі падмануў мой розум сотнік Шыкуліч. Прасіў службу яму саслужыць, мовіў, што на карысць гэта служба вашай міласці,— Мацей на момант сціх, зірнуў на княгіню.

Яна нерухома, падабраўшы вусны, паглядала на свечкі, якія мільгацелі ў срэбным падсвечніку, што стаяў на стале.

— І вось,— працягваў Мацей.— Пасылае Шыкуліч мяне з ваяром Гнатам Галухам цікаваць Глінскага. Я думаў, што гэта праўда. Дык не ж. Галуха скрутак вёз да Глінскага, у ім сотнік даваў Глінскаму слова адчыніць браму і ўпусціць князя ў замак.

Што яна пачула? Здрада, супраць яе здрада. Яна лічыла сябе спагадлівай да сваіх падданых, лічыла, што яны любяць яе, ды вось высвятляецца, што тыя, каго яна ведала як верных сваіх слуг, гатовы здрадзіць ёй, памагчы яе ворагу. Княгіня падазрона перапытала:

— Ты кажаш, хацеў адчыніць Глінскаму браму?

— Так, княгіня, бог сведка!

— Ах, сабаччо,— помсліва выдыхнула Настасся,— супраць мяне ўздумалі. Добра, няхай. Кажы далей.

— Як толькі праведаў я, як уцяміў, куды мяне д’ябал штурхнуў, дык адразу да вас.

Княгіня ўстала, прайшлася па пакоі. І куды падзеліся тыя мяккія і прывабныя рысы яе твару. Нянавісць і затоеная баязлівасць да непазнавальнасці змянілі яго, зрабілі жорсткім і скамянелым.

— Сабаччо! — мсціва прашаптала яна.— Змову супраць мяне! — яна падышла да стала і пазваніла ў срэбны званочак.

Гнеў княгіні тут жа скончыўся. Яна цяжка асела ў крэсла. Рукі з доўгімі пальцамі знясілена абвіслі з падлакотнікаў. Прыбегшым служкам загадала паклікаць ваяводзіча Сцецка.

— Княгіня, вам кепска? — спыталі яны.

Настасся іх абарвала.

— Ваяводзіча сюды,— і, зірнуўшы на Мацея, рэзка кінула: — Прэч.

Сцецку знайшлі на замкавых сценах. Дзень і ноч прападаў там ваяводзіч. Даведаўшыся, што княгіня вельмі гняўлівая і кліча яго, пагнаў каня да княскага палаца. Нібы малады, не адчуваючы сталых гадоў, пранёс ваяводзіч сваё цяжкае цела па палацавых пераходах і галерэях і апынуўся перад княгініным пакоем. Настасся к гэтаму часу супакоілася, толькі неспакой у вачах сведчыў аб трывожным стане яе душы. Сцецку сустрэла ветла, мяккая ўсмешка змянілася на яе прыгожых вуснах, але ваяводзіч не паверыў у гэтую ўсмешку. Так усміхаюцца чалавеку ягоныя недругі, калі той неспадзявана трапіў у бяду і яшчэ сам аб гэтым у адрозненне ад іх не ведае. Ён не памыліўся, бо ў самым пытанні: «Як справы, ваяводзіч?» — хавалася зусім не цікавасць ці жаданне сапраўды ведаць, як ідуць справы з падрыхтоўкай да абароны замка (іх княгіня ведала добра: сёння ж наведвала сцены і на свае вочы бачыла ўсё), а хутчэй усяго хацела выклікаць яго на прызнанне, што ўсё, слава богу, добра — і вось тады яна і збянтэжыць яго сваёй навіной.

Сцецка не падаўся на хітрыкі княгіні і ўхіліўся ад прамога адказу.

—Княгіня, вы днесь прысутнічалі на гароднях і ўсё самі бачылі.

— Так, бачыла,— усмешка знікла з яе вуснаў, вочы сурова спыніліся на постаці ваяводзіча.— Супраць мяне змова. У сэрца мне мецяць ударыць, а ты нічога :не ведаеш?

— Княгіня, якая здрада? — казаў наўмысна спакойным голасам Сцецка. Думаў так уздзейнічаць, заспакоіць яе.

— Якая? А вось якая. Сотнік твой Шыкуліч паслаў вестуноў да Глінскага з лістом, што чакае яго і браму яму адчыніць.

— Пазнаю Глінскага, але хто мог падумаць, каб Шыкуліч,— Сцецка збянтэжана зірнуў на княгіню, нібы жадаў, каб яна растлумачыла, як гэта здарылася, што сотнік здрадзіў.

— Гэтага Шыкуліча,— загаварыла рэзка княгіня, незадаволеная ваяводзічам,— на дыбу, выведаць пра змову. Змову пад корань.

Княгіні пагражала небяспека, і яна жадала хутчэй ад яе збавіцца: зрабіць пошук, вылавіць, выкараніць, не шкадаваць.

— Княгіня, адкуль гэтыя звесткі? — спытаўся ваяводзіч у Настассі.

— Была на тое воля боская. Божа сцеражэ мяне ад зайсця.

Сцецка быў незадаволены, яму хацелася дакладна ведаць, як стала вядома княгіні пра змову, бо адсюль трэба пачынаць пошук, яна ж заладзіла пра бога. Аднак яна, бы адчуўшы яго незадаволенасць, прамовіла:

— Адзін з віжаў, якіх паслаў Шыкуліч да Глінскага, выкрыў яго.

Паклікалі Мацея, ён распавядаў усё, што ведаў. Нагадаў, што Глінскі амаль перад самым Слуцакам і толькі чакае, калі яму дадуць знак, каб уварвацца ў замак. Сумненняў болей у ваяводзіча не было. Сцецка, як толькі выйшаў ад княгіні, падняў сотню ваяроў і загадаў звязеніць Шыкуліча, яго слуг, а таксама Гната Галуху.

Шыкуліча выклікалі ў замак. Сотнік нічога не падазраваў і паспяшаў да ваяводзіча. І толькі тады, калі замест ваяводскіх пакояў Шыкуліча павялі ў цёмнае падзямелле, адчуў нядобрае, трывожна азірнуўся. За спінамі моўчкі крочылі тры дужых воі. Не, не дзеля размовы паклікаў яго ваяводзіч. Як толькі спусціліся ў падзямелле, на сотніка накінуліся ваяры і закруцілі рукі. Паспеў толькі ўдарам нагі паваліць аднаго з ваяроў. Той спужана, як шчаня, віскнуў і паляцеў на каменную падлогу. «Ах, гадзюка, ты яшчэ брыкаешся»,— моцны ўдар па галаве прымусіў сотніка ўскрыкнуць ад болю. Узляцеў некуды ўгору ліхтар, што вісеў на сцяне і пырскаў вакол сябе цьмяным святлом, заскакалі перад вачыма раз’ятраныя твары ваяроў.

Як толькі Шыкуліч пакінуў дом, туды ўварвалася два дзесяткі ваяроў, звязалі слугаў і перавярнулі ўвесь дом, шукаючы доказу здрады, аднак нічога не знайшлі. Следам за Шыкулічам па ваяводскім загаду звязенілі Гната і таксама адправілі ў лёхі, дзе ўжо Сцецка вёў выпыты. Стомлены ад клопатаў і трывог, што зваліліся на яго ў апошні час, ваяводзіч спяшаўся хутчэй пакончыць са змовай. Спачатку да яго прывялі сотніка. Каб Шыкуліч хутчэй ачуняў ад пабояў, каты лінулі :на яго вадой. Да Шыкуліча з цяжкасцю даходзіла, што да чаго: асветлены цьмяным святлом ліхтароў, запырсканы крывёю склеп, аголеныя постаці катаў, ваяводзіч, што панура сядзеў за сталом, побач з ім пісар. Як праз сцяну даляцелі словы ваяводзіча: «Казаць станеш?» Яшчэ ніяк не верылася сотніку, што змову выкрылі.

— Аб чым табе казаць, ваяводзіч? — з цяжкасцю варочаўся распухлы ад пабояў язык.

Здзеклівая ўсмешка слізганула ў густой барадзе Сцецка.

— Аб здрадзе сваёй зладзейскай кажы. Аб тым, як Глінскаму службу служыць сабраўся.

«Усё вынюхаў»,— мільганула ў сотніка, але тая трапяткая нітачка, якая злучала яго з надзеяй на выратаванне, яшчэ заставалася непарванай, і ён не здаваўся.

— Аб якой такой здрадзе кажаш, ваяводзіч? Намовілі на мяне хіжыя людзі.

— Ах, намова! Кат!

І тут сотнікава цела працяў жахлівы боль. Як сухія галінкі захрабусцелі ў плячах косці, і здалося Шыковічу, яшчэ адно імгненне, і тулава не вытрымае, разломіцца на дзве часткі. Пакутлівы крык вырваўся з горла. Колькі разоў да гэтага сам прысутнічаў на катаваннях і заўсёды, калі ахвяры пасля першых катаванняў крычалі, з пагардай глядзеў на іх: слімак, не варта такую гніль і шкадаваць. І вось сам па волі боскай апынуўся на дыбе. А не кволы, не палахлівы — і не вытрымаў. У гэтую хвіліну ён проста ненавідзеў сам сябе за сваю слабасць. Яшчэ чаго добрага, не вытрымае і прызнаецца.

— Нагадаў?

— Намова,— з цяжкасцю прамармытаў Шыкуліч

— Кузьмініч,— клікнуў Сцецка.

У склеп увайшоў Мацей. Дык вось хто выдаў яго — Кузьмініч. Усё, ужо не адкруціцца. Ад гневу і нянавісці Шыкуліч затросся на дыбе, бы хацеў вырвацца з яе, накінуцца на Кузьмініча і сваімі рукамі задушыць таго.

— Юда, ваўкалака, каб агнём пад табой гарэла зямля, каб цябе бог пакараў, каб самому тут апынуцца. Кляну цябе, кляну...

Прыступ нянавісці быў настолькі моцны, што сотнік хутка знясілеў, знямог тулавам; галава ўпала на грудзі, з рота пацякла кроў.

— Суцешыўся,— расчаравана прамовіў кат.— Што з ім?

— Давай Галуху,— загадаў ваяводзіч.

Пакуль каты здымалі з дыбы сотніка, ваяводзіч выпіў віна. Тое, што зараз Сцецка рабіў, ніяк не магло яму падабацца. Самае жахлівае, што яму трэба мучыць людзей, якіх добра ведаў, якія змагаліся з ім побач з ворагам: Шыкуліч, Гнат Галуха, а гэты ж аднойчы выратаваў яму жыццё.

Прывялі Гната Галуху.

— І ты будзеш маўчаць? — спытаўся ў яго Сцецка,

— А чаго маўчаць? Табе ўсё вядома. Так, я пайшоў супраць княгіні, бо хацеў адпомсціць за смерць бацькі, а што яшчэ табе казаць. Так, ездзіў да Глінскага, вазіў яму ліст. А болей я нічога не ведаю.

Што было ў Сцецкавай уладзе, дык пашкадаваць свайго выратоўцу і не аддаваць яго ў рукі катаў. Дый пэўна, Галуха і на дыбе болей ні ў чым не прызнаецца, апрача таго, што зараз мовіў.

— Адвядзіце яго назад,— загадаў ваяводзіч.

Гнат павярнуў твар да Мацея, той адвёў вочы, стараючыся не сустрэцца з Галухам позіркам.

— Эх, Мацей,— ледзь чутна прагаварыў Галуха.— Што ж ты нарабіў?

З цяжкасцю дачакаўся Мацей раніцы. Выпытвалі яшчэ сотнікавых слуг, але тыя нічога дакладнага не маглі паведаміць, і ваяводзіч спыніў выпыты, адпусціў Кузьмініча. Ён адразу накіраваўся да карчмы. Палохаўся застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. Адно выкрыць змову, а другое бачыць, як пакутуюць на дыбе людзі, чуць іхнія праклёны.

Карчма была зачынена — загад княгіні на час аблогі корчмам не працаваць, каб люд не ўпіваўся. Кузьмініч гучна загрукатаў у зачыненыя дзверы. Грукаў з нейкай сляпой злосцю, не адчуваючы зусім болю ў далонях. Доўгае маўчанне яшчэ болей злавала яго. Здавалася: наўмысна не адчыняюць, ведаюць, як патрэбны яму глыток віна, і не адчыняюць. І ён шалёна лупіў кулакамі ў дзверы. Нарэшце з карчмы нехта азваўся:

— Каго там чэрці нясуць?

— Адчыняй, пакуль дзверы не выбіў.

Заскрэбалі, заляскалі жалезныя замкі і засаўкі, і дзверы рыпнулі нямазанымі завесамі. Адчыніла мажная кабеціна. Яна санліва зірнула маленькімі прыпухлымі вачыма на Мацея, пазяхнула: «Чаго трэба?»

Кузьмініч ускіпеў. Жывуць жа падлы, і вайна ім не вайна. За іх трэба шыі свае падстаўляць пад шаблі. Такая злосць ахапіла яго, што варта было карчмарцы груба адмовіць: «Віна не дам», як ён выбухнуў: «Ах, не дасі, дык я з цябе ўсе вантробы вытрасу».

— Божухна,— замалілася кабета.— Княгіня як даведаецца...

— Маўчаць! Віна! У карчму нікога не пускаць.

Піў, стараўся ўцячы ад горкіх думак. Усяму свая гадзіна і час, усякай справе пад нябёсамі. Вось і надышоў час апынуцца на расстайнай дарозе.

 

ІІІ

Так і не дачакаўся князь Міхайла Глінскі Шыкулічавага знаку, хоць чакаў некалькі начэй. Пакінуўшы сваё сховішча ў пушчах пад Слуцакам, загоны мяцежнікаў падступілі да Слуцака. Першымі ўбачылі іх вартавыя на замкавых вежах.

Зазванілі сігнальныя званы. Ваяры беглі на гародні, рыхтаваліся да бою. З трывогай глядзеў ваяводзіч Сцецка ўдалеч. Усё бліжэй і бліжэй падступала да горада, ашчапераная дзідамі людская хваля. З гікаценнем і свістам у слупах пылу да сцен падскакаў загон язды. Спынілі езнікі разгарачаных каней і, нібыта зразумеўшы, што няпроста авалодаць замкам, шмат хто з іх зложыць ля гэтых высокіх гародняў свае галовы, на момант прымоўклі, толькі на ўспацелых тварах, як у драпежнікаў, зласліва блішчалі вочы.

— Гэй, слуцак!,—закрычаў гучна адзін з мяцежнікаў,— адчыняйце брамы, не пужайцеся нас. Давайце разам ваяваць супраць Жыгмонта, які ляхам і латынам прадаў Літву.

— А вось зараз агнянкамі вам у зад, каб ведалі, супроць каго пайшлі,— закрычалі з замка ў адказ.

Некалькі стрэл з гудам паляцелі ў мяцежнікаў. Не дасягнуўшы іх, пападалі на зямлю. Мяцежнікі загікалі, засвісталі, пагрозліва затраслі зброяй:

— Нічога, ірады, дабяромся і да вас. Возьмем замак, дабра не чакайце.

А да замка падыходзілі ўсё новыя і новыя загоны, цесным колам акружалі яго. Нарэшце ўбачылі слуцакі таго, хто прывёў да іх вайну — князя Глінскага. Ён скакаў акружаны сваімі таварышамі і паплечнікамі. Закуты ў даспехі, што зіхацелі на сонцы, у шлеме з пышным сутанам, князь здаваўся волатам.

Да замка з княскай світы паскакала два чалавекі. У аднаго ў руках трапятаў белы сцяг. Глінскі ўступаў са слуцакамі ў перамовы. Каля сценаў езнікі спынілі коней. Сцяганосец затрубіў у сурму.

— Чаго вам? — закрычаў са сцяны ваяводзіч.

— Яго міласць, князь Міхайла Глінскі шле княгіні Настассі эпістолю,— адказалі пасланцы.

Ваяводзіч, палохаючыся падману, не стаў падымаць рашотку і адчыняць браму, таму патрабаваў, каб ліст даставілі ў замак па паветры. Вястун прывязаў ліст да стралы і выпусціў яе ў замак. Страла ўтыркнулася ў сцяну непадалёк ад ваяводзіча.

— Адказу чакаем перад заходам сонца,— абвясцілі мяцежнікі і пусцілі коней прэч ад замка.

Ваяводзіч занёс ліст княгіні, якая знаходзілася на вежы і з трывогай пазірала на войска Глінскага.

«Княгіня,— чытала Наста.— Я зноў прапаноўваю вам пайсці са мной пад вянец. Пакуль не позна, вы можаце гэта зрабіць па сваёй волі. Князь Міхайла Глінскі».

Княгіня закусіла губу. Яна не верыла ў княскае каханне. Сэрца падказвала, што Глінскі нясе бяду. Калі паверыць у тое, што гэты чалавек звёў з гэтага свету караля Аляксандра, дык што яму варта, ажаніўшыся з ёй, і яе разам з дзецьмі адправіць на нябёсы, каб захапіць княства ў свае рукі. Княгіня не адказала Глінскаму.

 

Моўлена: хто ходзіць бязгрэшна, той будзе ў пакоі, а той, хто ходзіць крывымі шляхамі, упадзе на адным з іх.

Не ведаў Глінскі і нават не меркаваў, што яго хаўруснікаў у замку выкрылі. Ён верыў у вопыт і хітрасць Шыкуліча. Той, аслеплены золатам, адчыніць браму, і таму князь, раззлаваны на Настассіну адмову, рыхтаваўся да захопу замка. Праз ноч тры паходні на браме, як было ўмоўлена з сотнікам, падалі знак, што брама адчынена. Дзве сотні мяцежнікаў, якія чакалі гэтай хвіліны, кінуліся да брамы. Тут яны трапілі ў пастку: прама ў лоб ім ударылі гарматы. У цемры асляпляльна бліснулі доўгія вогненныя языкі, што вырваліся разам са смяротнымі ядрамі з гарматных жаролаў. Услед за гарматамі затрашчалі ручніцы, загудзелі стрэлы. У вогненных бліскавіцах было відаць, як падалі мяцежнікі. Зноў грымнулі гарматы. Людзі Глінскага кінуліся наўцёкі. Брама з глухім рыпам зачынілася.

Як толькі пачалася стральба, Глінскі паслаў на штурм гародняў пяць соцень вояў, якія павінны былі ўслед за першым атрадам уварвацца ў замак. Але толькі яны наблізіліся да замка, гародні ажылі: запылалі паходні, забілі вартавыя званы, завухкалі ручніцы, на галовы штурмуючых палілася смала, паляцелі камяні. Мяцежнікі кінуліся назад у выратавальную цемру. Андрэй Дрозд, які вёў вояў на штурм, паспрабаваў спыніць уцёкі, скакаў на кані, пагражаў, заклікаў, біў плазам шаблі па галовах.

— На штурм! На штурм! — крычаў ён.

З цемры далятаў злосны адказ:

— Пайшоў к чорту. Сам лезь.

Непадалёк ад Дразда выбухнула ядро. Слуп зямлі, высвечаны агнём, узняўся перад шляхціцам, але ён не звярнуў на гэта ніякай увагі, працягваў шалёна крычаць: «На штурм! На штурм!» Яго не слухаліся. Людзі беглі ад учэпістых кіпцюроў смерці, і жах перад ёй быў куды мацнейшы, чым жах перад гэтым раз’юшаным чалавекам, што насіўся на кані і шалёна патрабаваў, каб яны зноў рынуліся насустрач смерці.

Дразда заўсёды здзіўляў звычай Глінскага ставіцца да сваіх няўдач з немалой доляй насміхлівасці. Ці гэта была толькі вонкавая гульня, якой князь хаваў свой гнеў і злосць, ці сапраўды князь з усмешкай над самім сабою пераносіў нялёгкія хвіліны ў сваім жыцці, пан Андрэй так і не разумеў. Вось і пасля начной няўдачы ён чакаў, што князь будзе злавацца. Прыступ адняў шмат вояў. Відаць, Шыкуліча выкрылі, а без дапамогі месцічаў замкам авалодаць цяжка. Патрэбны войскі, патрэбен час. А дзейнічаць трэба хутка. Пакуль кароль не паспеў падняць шляхту, Глінскі павінен стаць уладаром Літвы. А тупаніна каля Слуцака забірае дарагі час. Як тут не злавацца.

— А што ж ты хацеў,— нібыта ён, Дрозд, прагнуў захапіць замак, і князь вось зараз пацяшаецца над ягонай няўдачай, казаў Глінскі.— Каб шляхта клала свае галовы там, дзе татары сабе лбы паразбівалі. Хочаш рыбы палавіць і штаны не памачыць. Дый не хвалюйся, пан Андрэй, выпі лепш віна,— князь наліў з сулеі ў апраўлены срэбрам рог, працягнуў яго Дразду: — Маліся богу, што сам жывым застаўся. Будзем жыць — пазмагаемся.

Дрозд выпіў віно, паклаў рог на стол.

— А цяпер будзем думаць,— прамовіў Глінскі,— Зробім так. Трэба рыць падкоп пад браму, бухнем яе — і айда браць горад. Месяц на падкоп патрацім. За гэты час я ўпраўлюся пабываць пад Менскам, злучыцца з маскавіцкімі палкамі. А ты, Андрэй, застаешся тут галоўным, капай падкоп, трымай аблогу. Нічога. Вып’ем мы яшчэ віна ў палацы Алелькаў!

Каб неяк супакоіць войска — няўдалы прыступ на замак у многіх мяцежнікаў астудзіў баявы шал,— Глінскі загадаў абстраляць замак з гарматаў. Потайкі князь спадзяваўся, што абаронцы замка не вытрымаюць агню, здадуцца на яго міласць.

Па загаду Глінскага ваяры змайстравалі з бярвенняў высокую вежу, на якую паставілі чатыры гарматы і ноччу падцягнулі яе да сценаў і пачалі з яе бамбаваць замак. Ядры са зласлівым выццём пераляталі праз сцены і падалі ў замак. Князю гэтага здалося мала, і сотні лучнікаў з тугіх лукаў усю ноч закідвалі замак стрэламі з запаленай кудзеляю. У паветры мільгалі вогненныя змейкі з доўгімі дымнымі хвастамі. Загарэліся дахі дамоў. Агонь браўся ў сілу. Хутка заняліся полымем некалькі дамоў і ваярская стайня. Вакол агню паспешліва мітусіліся людзі. Трывога перадалася і жывёле: вылі сабакі, пранізліва ржалі коні, спуджана вішчалі ў хлявах свінні, мыкалі каровы. Са свайго палаца пазірала на пажар княгіня. Якія яшчэ выпрабаванні чакаюць яе? Яна адышлася ад акна. Не, зусім не ўладарная князёўна слуцкая крочыла па палацы, а стомленая нялёгкім цяжарам улады, змучаная трывогамі і бедамі жанчына. Яна апусцілася на калені перад цьмянатварымі лікамі абразоў, што маўкліва пазіралі з залатых акладаў на яе. Зіхоткае святло лампадак адбілася ў яе вачах.

— Госпадзі, божа мой, памажы мне,— дрогкім голасам прагаварыла яна.— Выратуй мяне дзеля літасці тваёй. На цябе спадзяюся, госпадзі, на тваю дапамогу...

Толькі пад раніцу, калі пачало світаць і заставацца каля сцен станавілася небяспечна, людзі Глінскага, задаволеныя сваёй працай, убраліся ў табар. А слуцакі да самага вечара змагаліся з пажарамі.

Князь Глінскі на чале ў пяць соцень езных падыходзіў да Менска. Штурмаваць горад князь не наважыўся. Імклівым набегам на Заслаўе захапіў замачак менскага ваяводзіча Багдана Заслаўскага. Праўда, ваяводскія слугі адбілі першы прыступ, але агнём гарматаў мяцежнікі адчынілі браму і ўварваліся ў замачак і пасля жорсткай сечы каго са слуг Заслаўскага пасеклі, каго ўзялі ў палон. Толькі двум удалося вырвацца. За імі ўвязалася ў пагоню чалавек дзесяць мяцежнікаў. Аднаго ўцекача забілі, другі дамчаў на кані да лесу і знік у гушчары.

А ў замку займаліся рабаваннем. Да апошняга рубца, да апошняга зярнятка, да апошняй лыжкі забіралі ўсё прагныя да лупу рукі. Глінскі не спыняў ворап. Сам ён размаўляў з палоннымі, якіх выгналі на бераг Свіслачы. Ездзіў на кані ўздоўж шэрага людзей, якія хто з нянавісцю, хто насцярожліва, хто спуджана пазіралі на яго.

— Я вам прапаноўваў адчыніць браму, аднак вы ўчынілі адпор. Вось і вынік,— задаволена казаў князь.— Але калі вы пяройдзеце на маю службу і на святым крыжы паклянецеся служыць мне, я памілую вас.

— Мы не хочам ваяваць супраць нашага гаспадара,— прамовіў нехта з палонных.

—Які ён вам гаспадар? — здзекліва засмяяўся князь.— Ці забыліся вы, што незаконна нарадзіўся Казімір, а значыць, і сын ягоны Жыгмонт незаконна сядзіць на велікакняскім пасадзе. Гэта ўсе католікі паны, каб уладарыць на Літве, выбралі Казіміра, а пасля яго смерці Аляксандра і Жыгмонта выбралі, не пусцілі на пасад нашчадкаў Альгерда — Алелькевічаў. А цяпер хочуць праваслаўных усіх у ляцкую веру зняволіць. Пісар Івашка Сапега іх змову падслухаў і прасіў мяне абараніць праваслаўных і Літву ад ляхаў.. Дык уразумеце, з кім вы павінны быці?

Палонныя маўчалі. Тры чалавекі нясмела выступілі наперад.

— Ну, хто яшчэ жадае мне служыць? — паўтарыў князь, аглядаючы палонных.

— Не знойдзеш сярод нас памагатых,— наперад: выйшаў шляхціц Давыдка Несцяровіч. Ён трымаўся за прабітае кулкай навылёт левае плячо, праз ягоныя пальцы цякла густая кроў.— Злахітры і аблудлівы, забыўшыся клятвы свае каралю і вялікаму князю Жыгмонту, звычаем зладзейскім з тацямі, з гультайствам і маскавітамі плюндруеш Літву, узрушыў пакой пасполіты, крыўды і гвалт чыніш і хочаш нас узяць за хаўруснікаў. Не, памыляешся, не забыліся мы пра гонар і бога ў сэрцы...

— На шыбеніцу,— спакойна прамовіў князь, быццам словы шляхціца зусім яго не кранулі, і ад’ехаў прэч.

Да Несцяровіча тут жа падбегла некалькі ваяроў з асабістай княжай сотні і павялі яго на замкавы двор.

— Княжа, што з палоннымі рабіць? — папытаўся ў Глінскага сотнік.

— Перавязаць раны і адпусціць.

Рабаванне замка працягвалася. Раптам раздаўся выбух, ды настолькі моцны, што затрэслася пад нагамі зямля. У паветра ў языках агню ўзляцелі бярвенні і дошкі. Гэта выбухнуў склеп з порахам. Аднак мяцежнікі не спыніліся; размахваючы шаблямі, шляхта паскакала да бліжняй вёскі — лупіць яе. Другія кінуліся да става. Раскапалі яго, спусцілі ваду, вылавілі ўсю рыбу. Са смехам стралялі з лукаў па лебедзях. Тут жа разрабавалі млын, забралі ўсю муку, што там: захоўвалася; млын запалілі... А вечарам устроілі баляванне. Лілося віно, елі смажаных лебедзяў, рыбу, свініну, лічылі здабычу і луп. Эх, гуляй душа... Што там заўтра чакае, не хвалюе: бой, раны, смерць — не хвалюе. Сёння ты пераможца, сёння гуляй. І лілося віно, абдымаліся і цалаваліся між сабой мяцежнікі. Панура паглядалі на баляванне пераможцаў захопленыя ў палон сяляне. Панура паглядаў на баляванне і князь Глінскі. Спыніць сваіх вояў ён не мог: не забароніш, бо гэта адштурхне многіх шляхціцаў, якія пайшлі за ім толькі ў спадзяванні багатага лупу.

 

Шляхціц Несцер Змітровіч, які цудам выратаваўся ад пагоні, праз лес дабраўся да сядзібы Асташа Недабоя. Трэба было папярэдзіць Недабоя пра небяспеку, разам з ім падняць тутэйшую шляхту супраць мяцежнікаў.

Паведамленне пра напад на Заслаўе Глінскага Недабой, на здзіўленне Змітровіча, успрыняў без здзіўлення, толькі перапытаў, ці часам не памыліўся ён, ці сапраўды Глінскі напаў, і калі пачуў сцвярджальны адказ, здаецца, прасвятлеў тварам.

— Дай віна,— папрасіў яго Несцер.

Недабой прынёс віна. Заўважыў, як дрыжаў кубак у руцэ Змітровіча.

— Напалохаўся? — насміхліва спытаўся Недабой.

— Пытаешся,— не стаў маніць Змітровіч.— Адкуль ён узяўся? І маскавіты з ім, татарва і шляхта. Выменне застралялі і запалілі. Усіх людзей нашых збілі і акрутна паранілі, узялі ў палон. Трэба скаргу справядлівасці напісаць Жыгмонту. Прынясі, шляхціц, паперу.

— Ну пішы, пішы,— хітрая ўсмешка слізганула па вуснах у Недабоя.— Зараз прынясу.

Недабой пакінуў шляхціца аднаго, зачыніў дзверы ў пакоі, выклікаў слугу Шэршня і загадаў яму сядлаць коней, узбройвацца, потым вынес Змітрову паперу, чарніла і пяро.

— Пішы,— паклаў усё на стол.— А я зараз пераапрануся.

Пасля вяртання з Масковіі Асташ Недабой нейкі час жыў у віленскім доме князя Астрожскага. Але сумна было ў яго на душы, бо ў Вільні ён не знайшоў Яні. Дзесьці ад’ехала каханая дзяўчына. А Дрозд там, дзе Глінскі — у Тураве. Рознае казалі ў горадзе пра Глінскага, але ўсё настойлівей хадзілі чуткі, што пакрыўджаны князь збірае ў Тураве воінства супраць караля. Думаў па начах Недабой: з кім зараз быць. Розум падказваў: з каралём, які з многіх тысяч шляхціцаў адзначаў яго сваёй міласцю, а князь Астрожскі, якому вярнулі гетманскую булаву, браў яго сотнікам у асабістую ахову. Вось яна парадная лінія да зацнасці. Але толькі прыгадваў ён блакітныя вочы, усмешку на дзявочых вуснах, гарэзлівы смех, што так соладка вярэдзіў душу, як гатовы быў самому д’яблу служыць, толькі б быць побач з Яняй. Сябры не пазнавалі шляхціца: заўжды шумлівы, вясёлы, задзірлівы, цяпер ён быў задумлівы, маўклівы, самотны, не цягнула яго да забаў, не імкнуўся ён у корчмы і ка паляванне. Сказаўшы Астрожскаму, што хоча наведаць свой маёнтак і там далячыць рану, Недабой паехаў дадому. І вось — Глінскі побач. А значыць — і Дрозд.

— Шляхціц, коні запрэжаны,— прамовіў Шэршань, які ўвайшоў у пакой.

Калі ён вярнуўся, апрануты ў кальчугу, з шаломцам на галаве, узброены шабляй і ручніцай, Змітровіч ужо напісаў сваю скаргу. «Дай пагляджу»,— працягнуў Недабой руку да паперы. «Сабраўшы ў немалой пошце людзей у зброях, з дрэўцамі, з ашчапамі, з лукамі, з хуфніцамі, князь Глінскі, звычаем зладзейскім уз’ехаўшы на выменне князя Багдана Жаслаўскага, замак той спаліў пад корань. Людцаў, падданых вашай міласці, забіваюць і рабуюць, крыўду і ўціскі чыняць...» — уголас чытаў Недабой.

— Ну, добра,— Асташ склаў паперу ўдвая і схаваў яе ў суму, што вісела ў яго праз плячо.

— Ты што? —не зразумеў яго Змітровіч.— Навошта забраў скаргу?

— Не хвалюйся,— заспакоіў яго Недабой і гучна пляснуў у далоні. Тут жа адчыніліся дзверы, і ў пакой уваліліся ўзброеныя з ног да галавы слугі. Змітровіча звязалі, вывелі на вуліцу, пасадзілі на параконку. Следам выйшаў Недабой, ускочыў на падведзенага слугой каня.

— Куды вязеш мяне? Навошта звязеніў? — трывожна пытаўся Змітровіч.

— Пабачыш,— адказаў Недабой.— Гэй, у дарогу! — гучна загадаў ён слугам.

Атрад з чатырох слуг і Недабой выехалі з двара, следам выкаціў воз з паняволеным Змітровічам. Кірунак узялі ў бок Заслаўя. Змітровіч усё зразумеў.

— Што, Недабой, выдасі мяне Глінскаму? — сумна гучаў Змітровічаў голас.

Асташ не адказваў, ехаў наперадзе, апусціў на грудзі голаў, паглыбіўся ў свае думы.

—Гад ты, Недабой, забыўся на каралеўскую клятву,— не сунімаўся Змітровіч.

Недабой спыніў каня, пачакаў, калі падкоціць воз, кінуў пагрозліва шляхціцу:

— Супакойся, Несцер, а то анучу ў рот засуну.

— Гадзіна ты, Недабой.

— Лічу, што я не чуў гэтых слоў.

— Шляхціц, што загадаеш,— зірнуў на Недабоя Шэршань.

— Едзьце,— махнуў Асташ.

Неадольна цягнула азірнуцца назад, на бацькоўскі дом. Здалося шляхціцу, што болей не вернецца сюды, у гэты старэнькі дом, дзе ён вырас, дзе кожны закуток хаваў памяць пра бацькоў і маленства, пра які нагадваў у вайсковых паходах і ў Вільні. Што на яго найшло? Азірацца — кепская прыкмета. Калі выправіўся ў шлях — няма чаго азірацца назад. Ён прышпорыў каня, і той панёс свайго неспакойнага гаспадара наперад.

Ужо непадалёк ад Заслаўя сустрэлі шляхціца Бутрыма Ваўчка. Недабой прывітаўся з ім, папытаўся, куды той ідзе.

— Ды вось, у мясцечка купіць каня і іншага для службы каралю,— адказаў Бутрым і, убачыўшы, як дапытліва зірнулі на Недабоя слугі, пашкадаваў аб сваіх словах.

— Высцерагайся! — закрычаў з воза Змітровіч.— Пракуды гэтыя, шышы! Глінскаму прадаліся!

Шэршань плазам шаблі ўдарыў Змітровіча па галаве. Шляхціц ускрыкнуў ад болю, схапіўся за акрываўленую галаву. У той жа момант на Бутрыма, які кінуўся быў бегчы, напалі Недабоевы слугі, павалілі на зямлю, скруцілі рукі. Шэршань абрэзаў штылетам капшук з грашыма, падаў яго Недабою.

— Адумайся, Недабой, што робіш? За тваё зладзейства не чакай міласці,— сплёўваючы акрываўленую сліну, вымавіў Ваўчок, якога слугі трымалі за рукі.

— Каралеўскай міласці не шукаю.

— Вярні грошы. На святую справу яны.

Усмешка, толькі куточкамі вуснаў, якая не пакідала Недабоевага твару, на імгненне знікла. Недабой, пазіраючы на капшук з грашыма, некалькі разоў падкінуў яго на далоні. Злучыўшы свой лёс з Глінскім, які перайшоў на службу да маскавіцкага гасудара, ён, Недабой Асташ, страціў Айчыну, цяпер ён ваюе супраць яе, а значыць, і супраць Бутрыма Ваўчка, які за гэтыя грошы набудзе сабе зброю і каня.

— Вам за службу,— прамовіў Недабой і кінуў капшук пад ногі сваім слугам.

 

ІV

Пасля выкрыцця змовы Мацей Кузьмініч страціў раўнавагу і спакой. Ён не мог сабе дараваць, што за яго на дыбе апынуліся людзі. Так, толькі па ягонай віне, толькі ён вінаваты ў іхніх пакутах. Паспяшаў да княгіні, а пра іх не падумаў. Толькі зараз сцяміў, як правільна было яму зрабіць. Не да княгіні трэба было спяшацца, а распавядаць сотніку і Гнату ўсё як на духу, што клятва служыць верай і праўдай Алелькам, прымушае яго выкрыць змову, але ён не хоча іхняй смерці і таму папярэджвае іх, што пойдзе да княгіні, так што, пакуль ёсць час, ратуйцеся. Ці паслухаліся яго, ці не — галоўнае не гэта, а галоўнае, што не ўзяў бы на сябе грэх. І ці можа ён спакойна жыць, калі з-за яго пакутуюць людзі, калі яны яго апошнім словам клянуць?

Пэўна, можна пражыць, калі пра пакуты людскія не думаюць, але гэта не ўдавалася Мацею. Як ні гнаў думкі аб няшчасных ахвярах, што гібелі ў лёхах, але ўсё роўна думкі вярталіся да іх. Сон — гэта просты і безадмоўны механізм чалавечага забыцця — не прыносіў яму спакою, з ночы ў ноч мардаваў яго жудаснымі явамі. Мацею часта сніўся склеп катаў, Горбячыся крутой спінай, на Гната насоўваўся кат. Вар’яцкая ўсмешка на тоўстых, выварачаных вонкі, як у вурдалака, губешнях, п’яныя вочкі быкавата ўтаропіліся на Галуху.

Моцнымі, парослымі рудымі валасамі рукамі штурхаў Гната да дыбы. Тут жа з другога боку падскакаў памочнік — тыя ж п’яныя быкаватыя вочкі, тая ж вар’яцкая ўсмешка на вуснах. Удвух каты таропка прывязвалі Гната да дыбы. Галуха глядзеў на яго, Мацея. У вачах няма ні нянавісці, ні помсты. Каты цягнуць дыбу да сябе — Гнатава тулава выцягваецца, бы струна, хрусцяць косці рук. Аднак Гнат трывае пакуты і толькі ўсякі раз паўтарае: «Эх, Мацей, што ж ты нарабіў?» А потым катуюць сотніка, яго слуг, і ён кожны раз чуе праклёны, і кожны раз нібыта нейкая бязлітасная пачвара хапае яго сваімі пруткімі лапішчамі і, не выпускаючы, душыць. Ён крычаў, скрыгатаў зубамі, але вызваліцца ніяк не мог. І толькі тады, калі ўвесь у ліпкім поце прачынаўся, на момант вызваляўся ад пакутаў, але гэта не прыносіла ўцехі, ён адчуваў сэрцам бяду. Гэта праклёны збываюцца над ім. І не чакаць яму шчасця, будзе ён пакутаваць, як, і тыя, каго паслаў да катаў.

Аднойчы ноччу, калі нёс варту княскага палаца, яму раптам здалося, што нехта за вуглом палаца перашэптваўся. Хто там мог быць? Яму раптам падумалася, што гэта з’явіліся да яго прывіды скараных смерцю змоўшчыкаў. Цьмяна гарэў ліхтар на галерэі, ад палаца на зямлі ляжалі змрочныя цені. І раптам адна з ценяў варухнулася. Мацей так і здранцвеў. Можа, здалося? Аднак у тую ж хвіліну ён убачыў, як цень зноў варухнуўся. Прывіды ідуць помсціць яму. Ён стаяў здранцвелы ад жаху, палохаючыся зрабіць і крок, забыўся і пра зброю.

Зірнуў на сцяну — на ёй раптам таксама заварушыўся доўгі чорны цень. І толькі калі Мацей звярнуў увагу на сцяг, што вісеў над ліхтаром, зразумеў, якія прывіды акружылі яго. Вецер раздуваў палотнішча сцяга, і ў водбліску ліхтарнага святла цені, што падалі ад сцяга на сцены, варушыліся. Мацей вылаяўся. Так далей нельга. Пакутаваць за мучэнні іншых, адчуваць сябе нягоднікам, чакаць помсты. Трэба было нешта, рабіць. А што?

Аднаго дня Кузьмініча выклікаў ваяводзіч Сцецка і прапанаваў саслужыць службу.

— Кузьмініч, цябе ведае Глінскі. Вось у мяне думка ёсць. Перабяжыш да Глінскага. Мовіш, што змову сотніка выкрылі, а табе адзінаму ўдалося выратавацца. Застанешся там у яго і пра ўсё будзеш паведамляць у замак. Як, згодны? — калі меркаваць, як задаволена і бадзёра казаў ваяводзіч, задума яго, пэўна, здавалася яму лёгкай прыгодай,

— Боязна...

Ваяводзіч бухнуў кулаком па стале, ускочыў на ногі. У святле свечак на сценах замітусіліся цені ад яго постаці.

— Чаго табе боязна? Што ты ўпёрся, як кабыла ў дышла! — раптам Сцецка як падмянілі, ён спыніўся пасярэдзіне пакоя і зняважліва мовіў: — Можаш не йсці да Глінскага. Тут патрэбна зухвальства.

— Мне не за сябе боязна,— адказаў Мацей.— Палохаюся, што зноў з-за мяне будзе наканавана камусьці пакута. Не хачу, каб мяне клялі.

— Божа мой, што за блюзнерства. Якія пакуты, якія людзі,— здзівіўся Сцецка.— Калі ты думаеш пра тых здраднікаў, дык яны каразі1 свае заслужылі сваёй злахітрасцю і аблудай. Чаго маўчыш? Ой, Кузьмініч, рана ты ўцяміў, што крылы ў цябе моцныя. Яшчэ птушаня, толькі вылецеў з гнязда. Глядзі, можаш так ударыцца вобзем, што ўжо і не ачуняеш. Ведаю, як ты злодзея адпусціў. Шыкуліч прызнаўся. Так што раю не казырыцца, а прыняць маю прапанову. А твае паведамленні могуць уратаваць замак ад захопу. Ты выратуеш княгіню і ўсіх нас ад тацей Глінскага. Калі яны сюды ўварвуцца, дык вылупяць і выграбуць усё, бы татарове.

— Добра, я згодзен,— адказаў Мацей.

— Тады слухай. Сёння ноччу ты прабярэшся ў кош Глінскага, папросішся на службу. Князь цябе прыме. Яму слуцкая шляхта патрэбна, тым болей ты ведаеш ваколіцы. Пастарайся заслужыць яго давер, прыслухоўвайся да размоў, усё важнае паведамляй сюды ў замак. Сувязь трымай праз ігумена Трайчанскага манастыра. У таго ёсць галубінец, ён галубамі дасць нам знак. Вось і ўсё.

Аднак Мацей, якога хваляваў лёс змоўшчыкаў, папытаўся пра іх.

— Слухай, ваяводзіч, а што са здрадцамі?

Сцецка незадаволена скрывіўся:

— Вядзём дайзранне. Трэба просап2 учыніць, усіх змоўшчыкаў вылавіць у замку. А там княгіня вырашыць іхні лёс.

Першыя дні, што Мацей пражыў у кошу мяцежнікаў, мінулі без асаблівых падзей. Чым ён займаецца, куды ходзіць, з кім сустракаецца — нікога не цікавіла. Мацей хадзіў па кошы, слуцкім прадмесцям, уважлівым вокам прыглядаўся, што рабілася вакол. Але на трэці дзень яго выклікаў Дрозд.

— Кузьмініч, ты наваколле ведаеш, дык вось паедзеш разам з Недабоем,— Дрозд паказаў галавой на шляхціца, што знаходзіўся ў шатры.— Патрэбны харчы для войска.

У той жа дзень Кузьмініч і Недабой на чале дзесяці вершнікаў адправіліся з-пад Слуцака. Увесь час язды Недабой, які ехаў на кані побач з Мацеем, маўчаў. Мацей злаваўся і на яго, і на загад: не па душы яму такая справа. Ззаду гаманілі паміж сабой мяцежнікі.

— Вось мысліш,— казаў адзін,— не дайшлі мы да царквы, як чуем, нехта галосіць голасам немым, рятуйце, рятуйце. Ну звесна Нікопару, яму тока кулакамі памахаць, як учуў крыкі, дык і туды хутчэй шусь. Разумееш, прыбеглі мы і ўглядаем там ена дзецюка, му-оцны такей, прыцапіўся ета ён да нейкай дзеванькі, тузае яе малодзеньку туды-сюды, а яна, звесна баба — курыны розум — у крык: рятуйце, рятуйце. Ну суцішылі мы хлопца. Дзеванька ад яго, як мыш ад ката, шмысь — і няма яе. Тут бабы, тое ўгледзеўшы, скрычытаць прыняліся, так і трэба яму, дайце яму, саколікі міленькія, а то няма каму нас, гаротніц, бараніці. I ведаеш што?

— Ты адзін яго павязаў,— абыякава працягнуў другі мяцежнік.

— Ды не, разумееш, ён супроць нас не выступаў. Ніколечкі, разумееш, ніколечкі. Такей здаровы, а не біўся. Разумееш, расплакаўся, плачацца, слязьмі глыкаецца. Надта ўжо шкада яго, што нічога і не рабілі з ім, браталюбна адпусцілі. Каб за бабу і так плакацца.

— Ха-ха-ха... Ну і дзеўбань той хлопец. За бабу плакацца... Недалужны мужычок... З дзеўкамі вадзіцца — чорту хіліцца,— рагатаў другі мяцежнік.

Далей Мацей не слухаў. Ды ведаюць яны, што не з-за бабы плакаў той хлапец, а за сваё каханне. Ды хіба яны ведаюць што пра каханне. Вось каб самі пакахалі так, нават слёз сваіх не саромеліся б. Ён успомніў Яню. Пэўна, і сам той хлопец глыкаўся б слязьмі, каб Яня пакінула яго. Дзе яна зараз? Што робіць?

Праехалі тры апусцелыя вёскі — жыхары пахаваліся па пушчах ад мяцежнікаў. Спыніліся на адпачынак, падсілкаваліся. Многія мяцежнікі, як ваўкі ў галодныя дні, накінуліся на захопленую ў дарогу ежу. Нешта звярынае і дзікунскае было ў тым, як яны заўзята працавалі сківіцамі. Мацей паспытаў смажанага мяса. Яно здалося яму сырым, дрэнна перажоўвалася, амаль з агідаю пхаў яго ў рот. Настрой быў дрэнны. Лепш у бой з ворагам, чым выконваць гэты загад. Супраць Кузьмініча сядзеў Недабой. Вострым штылетам адразаў танклявыя кавалкі мяса, асцярожна клаў іх у рот, пільным позіркам глядзеў на яго, нібыта нешта вывучаў у ім, бы хацеў зразумець, што гэта за чалавек Кузьмініч.

Пад вечар дабраліся да нейкага сяльца. Яно жыло сваімі клопатамі: чуліся людскія галасы, рыпеў калодзежны журавель, стукалі сякеры. Мяцежнікі павесялелі. Малеча, здаля заўважыўшы ўзброеных людзей, з крыкамі пабегла да весі. Зарыпелі дзверы, заскрыгаталі засаўкі — жыхары хаваліся па хатах. Мала што магло здарыцца, лепш схавацца ад збройных людзей. Перад самай вессю стаяў высокі драўляны крыж, абвязаны ручнікамі. На яго памаліліся мяцежнікі. Побач з крыжам вісеў звон. Мацей саскочыў з каня і ўзяўся біць у звон.

Стаў збірацца народ. Да мяцежнікаў сяляне не падыходзілі, заставаліся на значнай адлегласці, насцярожліва глядзелі на няпрошаных гасцей. Многія мужыкі трымалі дубіны, сякеры, вілы, што не спадабалася мяцежнікам. Нарэшце, калі сабралася даволі народу, Мацей рашыў мовіць пра мэту іх прыезду.

— Усім заставацца на месцы,— папярэдзіў ён мяцежнікаў.

Трэба пазбегнуць крыві. Ведаў: сяляне так проста не аддадуць сваё быдла, стануць бунтаваць — вунь ужо і дубіны ўзялі ў рукі. Ніхто з мяцежнікаў, пазіраючы, як ён спакойна падышоў да каня, як упэўнена ставіў нагу ў стрэмя, як лёгка ўзляцеў у сядло, не здагадаўся, колькі намаганняў каштавала яму гэтая спакойнасць і лёгкасць.

Ён не спяшаўся, ехаў марудна, хацеў як мага адцягнуць час, думаў, што мовіць, якія словы знайсці, каб сяляне змірыліся, не бунтаваліся. Уперадзе стаяў з віламі ў руках высокі хударлявы мужык. Позірк яго вачэй свідраваў Кузьмініча нянавісцю, за ім стары панура глядзеў пад ногі. Гэты адчуваў бяду.

Мацей яшчэ азірнуўся назад, бы жадаў упэўніцца, што мяцежнікі не пакінулі яго. Тыя заставаліся, як ён і загадаў, на месцы, трымалі напагатове зброю. Што ж, гэта прыпужае сялян.

— Людцы! — закрычаў Кузьмініч як мага гучней і адчуў, што голас ад напружання сарвецца. Ён сутаргавата глытнуў паветра і зноў крыкнуў: — Людцы!

Яму не далі дагаварыць. Голас патануў у людскіх крыках:

— Чаго трэба? Убірайцеся прэч! Прэч, пакуль галовы на плячах!

Людзі яшчэ з хвіліну гнеўна пакрычалі, потым прыціхлі.

— Людцы, я не хачу крыві і таму прапаноўваю самім прывесці нам быдла: кароў, вепрукоў, коней, свірэп. А таксама муку жытнюю...

— Гэта ж што такое? Мардаваць нас прыехалі?! — ускрыкнуў высокі з віламі і патрос імі ў паветры.

— Вы што, хлопы, бунтаваць?! — раздалося раптам ля Мацея. Гэта Недабой падскакаў на кані.

Недабоевы словы яшчэ болей узрушылі сялян.

— Прэч! Прэч! Сабаччо! Цмокі! Ваўкалакі! Наша тут усё!

— Ах вы, хлопы! — раззлавана закрычаў Недабой і, размахваючы карбачом, пусціў каня ў натоўп.

— Бі іх, мужыкі! — заклікаў высокі селянін.— У коллі іх, лупі!

І натоўп рынуўся да Недабоя і Кузьмініча. Іх акружылі. Моцныя, жылістыя рукі пацягнуліся да іх, хапілі коней за паводдзе. Недабой выхапіў шаблю і стаў адбівацца. Заенчыў жаночы голас: «Забілі, забілі». Цудам удалося прарвацца праз людскія шэрагі.

— Да зброі! — закрычаў яшчэ здалёк Недабой.

Натоўп з крыкамі: «Бі іх, прэч, гніды», пагрозліва размахваючы дубінамі, сякерамі і віламі, бег да мяцежнікаў. Праз якую хвіліну загуляе крывавая малацьба, паляцяць долу галовы, пальецца кроў, трэба пазбегнуць гэтага любым коштам. І ў адчаі Мацей закрычаў:

— Дзеля бога, людзі, ратуйцеся! Пашкадуйце сябе, уцякайце,— Кузьмініч выскачыў наперад мяцежнікаў, бы жадаў спыніць натоўп.— Уцякайце, уцякайце! Вас жа пераб’юць!

На якісь момант натоўп, нібыта ўпёршыся ў нябачную сцяну, у нерашучасці спыніўся.

— Назад, быдлы! Страляць буду! — выхапіў ручніцу Недабой.

— Крыві нашай захацелася! Цмокі! Вылюдкі! Страляйце! Піце нашу кроў, захлябніцеся ёю! — закрычалі ў натоўпе. Некалькі кабецін пападалі на калені, за імі на калені пападалі і астатнія сяляне.

— Людзі, адумайцеся. Не трэба крыві,— паспрабаваў угаварыць іх Мацей.

— Чаго ты іх упрошваеш? — раззлавана накінуўся на яго Недабой.— Гэй, хлопцы, за мной.

Не прадухіліць крывавай бойні. Што рабіць? Кузьмініч схапіўся за лук, паклаў на кібіць стралу, нацягнуў цеціву.

— Спыніся, шляхціц, ці развітаешся з жыццём! — пракрычаў ён у адчаі.

Недабой збляднеў. Якое імгненне ягоны твар заставаўся нерухомым, і толькі нос з усхліпам уцягваў паветра, потым вусны задрыжалі, скрывіліся ў пагардлівай усмешцы.

— Вось як, глядзі хвост асабліва не закаручвай. Малы сабака да веку шчанё. Каб пасля не шкадаваць.

— Загадваю назад! — прамовіў мяцежнікам Кузьмініч.

Па рашучым выразе Мацеевага твару Недабой зразумеў, што той і сапраўды не жартуе і можа спусціць стралу. Імгненне, і вастрыё праб’е сэрца.

— Ты за гэта адкажаш.

— Ану, хлопцы, вярніце коней назад,— не слухаў Недабоя Мацей. І мяркуючы па тым, як мяцежнікі без лішніх слоў выканалі загад, ім самім не вельмі карцела лезці ў бойку з сялянамі. Недабою таксама давялося падпарадкавацца Мацею, развярнуць каня. Пад свіст і крыкі сялян мяцежнікі пакінулі весь. За вёскай Недабой спыніў каня, за ім спыніліся і мяцежнікі. Да іх падскакаў Мацей.

— Ты гэта што? — са злосцю загаварыў Асташ.— Хрысталюбівы знайшоўся. Я за цябе шыю траціць не жадаю. Можаш вяртацца ў табар. За мною,— загадаў мяцежнікам Недабой.

Кузьмініч вачыма прасачыў за атрадам мяцежнікаў якія з гіканнем паскакалі да вёскі, і ад свайго бяссілля гатоў быў плакаць.

 

Спадзяванні Недабоя, што ён лёгка і хутка расправіцца з сялянамі, не спраўдзіліся. Забачыўшы мяцежнікаў, натоўп падаўся назад у вёску. Здавалася, што сяляне спужаліся, пабеглі, і засталося толькі пакараць іх. Але ўварваўшыся на вясковую вуліцу, мяцежнікі трапілі ў пастку. Спачатку з нейкага двара выскачыў раз’юшаны бык і з храпам, нахіліўшы ўніз вострыя рогі, уклініўся ў шэрагі вершнікаў. Нехта ўскрыкнуў, нехта паляцеў з каня. Узвіліся на дыбкі коні. Сярод мяцежнікаў пачалася замятня. У гэты момант на іх і напалі ўзброеныя сяляне. Сцягвалі вершнікаў з коней, віламі і сякерамі дабівалі іх. Недабоя і чатырох мяцежнікаў, што засталіся з ім, адцяснілі на двор крайняй хаты. Яны, схаваўшыся за плот і гаспадарчыя пабудовы, адстрэльваліся з лукаў і кушаў ад сялян.

— Пагуба нам! — спуджана перахрысціўся Шэршань.

Недабой халодна зірнуў на слугу, стрымліваючы сябе, рэзка кінуў:

— Два разы не паміраць, а разу ўсім не мінаваць.

— Гэй, вы, здавайцеся! — крычалі сяляне.—А то ўсіх на шыбеніцу павесім.

І сапраўды некалькі маладых хлопцаў на высокім ясакары прывязвалі да галіны тры вяроўкі з петлямі на канцах.

— Атлан!3 — загадаў сваім людзям Асташ.

Мяцежнікі пабеглі да коней, ускочылі ў сёдлы. Запертая брама сатрасалася ад удараў штурмуючых. Асташ дастаў з сядзельных сумаў тры невялічкія мяхі з порахам, працягнуў іх мяцежнікам, высек крэсівам іскру і падпаліў аборкі, якімі былі завязаны мяхі. У той момант, калі сяляне адчынілі браму і забеглі на двор, мяцежнікі шпурнулі ў іх мяхі з порахам. Праз імгненне аглушальныя выбухі страсянулі паветра. Калматае вогненнае воблака паднялося ўгору. Некалькі сялян забіла. І не паспеў рассеяцца дым, як мяцежнікі рынуліся на прарыў.

Каля вясковай брамы да Недабоя кінуўся селянін з калом у руках. Ударам кала падсек пярэднія ногі каня, і жывёліна ўпала на калені. Недабой выкуліўся з сядла.

Счапіўшыся ў клубок, два чалавекі ў звярыным асляпленні качаліся па зямлі, білі кулакамі адзін аднаго. Селяніну ўдалося падмяць пад сябе Недабоя, які брыкаўся, выгібаўся тулавам і ўсяляк намагаўся выслізнуць з-пад яго. Моцныя пальцы селяніна схапілі шляхціца за горла. Хрыплыя гукі заклекаталі ў горле. Недабой дацягнуўся да жаданай касцяной асадкі штылета і садануў ім селяніна ў спіну. Той ускрыкнуў. Пальцы на горле аслаблі. Недабой скінуў з сябе праціўніка і ўдарыў штылетам прама яму ў сэрца. З вёскі да брамы спяшаліся сяляне. Асташ пабег да лесу. Засцёбала па твары голле дрэваў. Ён прабег праз зарослы хмызняком ліпнічак, спусціўся па стромкім схіле ў лагчыну. Так спяшаўся, што зачапіўся нагой за корань і паляцеў на кусты воўчага лыку. Шум прыцягнуў увагу пагоні. Зверху да Недабоя даляцелі галасы, ён затаіўся сярод хмызняку. Хутка ўбачыў і сялян. Яны выбеглі да лагчыны, спыніліся, зірнулі ўніз і марудна пайшлі ўздоўж абрыву, уважліва пазіраючы, ці не варухнецца дзе галінка. Ён чуў іхнія незадаволеныя галасы. Пастаялі, палаялі яго і пакрочылі назад. Яшчэ нейкі час Асташ заставаўся ў хмызняку, пасля, упэўніўшыся, што нікога няма, вылез. Адчуў страшэнную стомленасць, апусціўся на зямлю, абыякава зірнуў на чырвонае вечаровае неба. «Хутчэй бы ўсё гэта скончылася»,— прашаптаў Недабой. Як добра было б зараз разам з Яняй сядзець каля цёплага агменю, размаўляць з ёй, любавацца дзяўчынай і забыцца на гэтыя пагоні, крывавыя сутычкі, трывогу і няўтульнасць баявога жыцця.

 

1 Каразі — пакаранне.

2 Просап — следства, пошук.

3 Атлан — па конях (татарскі.

V

У Кракаў да караля Жыгмонта прыехаў канцлер Мікалай Радзівіл з паведамленнем пра мяцеж Глінскага.

Кароль думаў аб пачутым. Зноў Глінскі. Не сунімаецца, зноў свой злы нораў выявіў, Аднак хіба не ён штурхнуў на гэта князя?

— Я думаю, што мы занадта сурова абышліся з князем Міхайлам. Вось і Мендзі-Гірэй просіць, каб князю вярнулі маршальства, і брат мой Уладзіслаў просіць аб гэтым,— нечакана ўслых падзяліўся сваімі думкамі Жыгмонт.

Канцлер Польшчы Ян Ласкі і Радзівіл пераглянуліся між сабою. Усмешка кранула танклявыя вусны Жыгмонта. Ён ведаў нянавісць Ласкага да Глінскага, асабліва пасля таго, як Аляксандра і канцлера шмат хто з панства абвінавацілі ў палітычнай кволасці і няўдачах, якія напаткалі Польшчу з Літвой за апошні час, і наадварот, ухвальвалі Глінскага, як чалавека нораву ганарлівага, у размовах вучонага, думкі мудрай, сэрца смелага, рукі мужнай у сечах. Нямала прыйшлося каралю выслухаць непрыемных слоў ад Ласкага за гэтыя дні; не можа ўзяць Літву ў свае рукі, улашчвае літвінаў, не выконвае закона уніі. А тут яшчэ з другога вуха святары каталіцкія ў свае трубы задудзелі: загульвае з праваслаўнымі, не каб прыкласці ўсе сілы для распаўсюджвання веры святой каталіцкай, дык кароль узяў пад сваю апеку праваслаўную царкву. Што ж, і кароль можа дазволіць сабе маленькую помсту. Паглядзім, яснавяльможны, як ты зараз заспяваеш. Напамін пра Глінскага табе не даспадобы.

І сапраўды Ласкі адразу насеў на караля.

— Твая міласць, хіба можна было астаўляць Глінскага пры ўладзе. Ён бы і вас са свету звёў, як і караля нашага Аляксандра.

Танклявыя дужкі броваў самкнуліся над пераноссем. Жыгмонт не любіў частыя размовы пра Аляксандраву смерць і гэтыя намёкі на Глінскага. Як-ніяк менавіта Глінскі настаяў, каб Аляксандр запісаў у тастаменце запавет абвясціць яго вялікім князем. І, саступіўшы патрабаванням паноў-рады, выставіўшы Глінскага са двара, ён тым самым адплаціў таму чорнай няўдзячнасцю. Ужо пры ўсіх еўрапейскіх дварах кажуць пра аблудлівасць і хітрасць вялікага князя літоўскага і польскага караля. А чаго ён дамогся? Умацавання паноў-рады, цяпер яны запраўляюць усім на Літве, а ён толькі падпісвае прывілеі. Зразумела, чаму Аляксандру быў патрэбны Глінскі, той асаджаў паноў-раду. Быў бы зараз пры двары князь Міхайла, дык уся іх энергія пайшла на барацьбу з ім.

— Было б болей слушна памірыцца з князем. Трэба паслаць яму ліст і паабяцаць прошчу, калі ён складзе зброю,— прамовіў Жыгмонт.

— Ваша міласць, Глінскі падняў мяцеж. Ягоныя людзі шмат вёсак, замачкаў вылупілі, чыняць учынкі марадзёрскія, хлопаў забіваюць, жонак ад мужыкоў бяруць і дзевак гвалцяць, а вы жадаеце яго дараваць. Глінскага падтрымліваюць пры двары праваслаўныя паны. Пісар Іван Сапега сустракаўся з князем і прасіў яго ваяваць супраць вашай міласці. Трэба схапіць Сапегу і яго прыяцеляў і пакараць іх смерцю,— казаў Радзівіл.

— Ці ёсць патвар супраць Сапегі?

— Не.

Радзівіл ірвецца да ўлады на Літве, і праваслаўныя паны яму перашкаджаюць. А яны сіла, сярод іх нашчадкі Гедымінавічаў, Рурыкавічаў, магутныя баярскія роды Сапегаў, Хадкевічаў, Храбтовічаў, Валовічаў, Тышкевічаў, Ільінічаў, Корскаў, Неміровічаў, Саковічаў. Пакарай бяздоказна Сапегу і яшчэ некалькіх праваслаўных паноў, як гэтага дамагаецца Радзівіл, і ўсё праваслаўнае панства падымецца на іх абарону, балазе правадыр у праваслаўных цяпер ёсць — Глінскі, і зноў вернуцца часы Свідрыгайлавы, калі брат пайшоў на брата, калі католік рэзаў праваслаўнага, а праваслаўны — католіка. Тады католікаў падтрымала Польшча, і Жыгмонту Кейстутавічу ўдалося перамагчы, але зараз праваслаўных падтрымае Масковія, і наўрад ці іх можна перамагчы. Не, не гвалтам трэба зараз дзейнічаць, не сілай... Калі Сапега незадаволены, тоіць крыўду на вялікага князя, трэба яго ўміласціць. А што, калі яго зрабіць ваяводам? У Віцебску якраз няма ваяводы, а Сапегі з Полаччыны, прымуць вітбляны пана Івана, як свайго. Калі чалавек сыты і задаволены, ён небяспечны.

Да здзіўлення Радзівіла, Жыгмонт загадаў падрыхтаваць ліст да Глінскага і прывілей на атрыманне Віцебскага ваяводства Івану Сапегу. Пакінуўшы каралеўскі пакой, канцлер Літвы незадаволена мовіў канцлеру Польшчы:

— Калі змей уджаліў без замоў, дык ужо няма карысці ў замоўшчыку.

Ласкі прамаўчаў, але ўсміхнуўся, добра разумеючы, каму Радзівіл адрасаваў гэтыя словы з эксіліяста.

Дваццаць дзён прастаяў Глінскі пад Менскам, і хаця менчукі, якія далучыліся да яго, паведамілі, што ў менскім замку засталося толькі трыццаць драбаў на чале з князем Багданам Заслаўскім, Глінскі так і не наважыўся на яго штурм. Акружаны рвамі і высокімі валамі замка, які двойчы беспаспяхова штурмавалі татары, разам з драбамі схавалася шмат гараджанаў, і яны не збіраліся здавацца на міласць пераможцаў: на дапамогу менчукам спяшаліся трыста татараў на чале з князем Чартарыйскім. У князя не хапала войска. Ці не лепш было пачакаць з-пад Полацка і Смаленска маскавіцкіх палкоў, якія абяцаў Васіль. Няхай маскавіты і ваююць замак, а яму трэба сваіх людзей паберагчы.

Першыя дні князь правёў у дзейнасці, разбіў табар, расставіў вартавыя заставы, аб’ездзіў менскія ваколіцы, напаў на Заслаўе і Барысаў, аднак потым Глінскага апанавала маркота. Некалькі дзён ён сумаваў, многа піў віна, чытаў Святое пісьмо, іграў на лютні і зусім не цікавіўся аблогай. Маскоўскія ваяры рабавалі наваколле Менска і штодня гналі ў табар натоўпы палонных. Людзі прасілі заступы, Глінскі заставаўся глухі да іхніх слёз і мальбы. Сварыцца з маскавітамі за смердаў ён не збіраўся.

У сярэдзіне квеценя да Глінскага прыбыў з каралеўскім лістом Андрэй Неміровіч, пры сустрэчы з Неміровічам стараўся весці сябе па-свойску, каб схіліць шляхціца да сябе. Аднак Неміровіч трымаўся насцярожана і не паддаваўся на княскія хітрыкі.

Глінскі нічога не чакаў ад паслання караля. Хіба паступіцца кароль сваімі інтарэсамі і верне яму гетманства і маршальства? Зразумела, не, хутчэй пужае яго Жыгмонт карай і гневам сваім, папярэджвае суняцца. Так яно і было: кароль заклікаў да паслушэнства. Ці варта было і пісаць гэту эпістолю? Не дзеля таго ён падняў зброю, каб пры першым вокрыку скласці яе і прасіць прыніжана каралеўскай літасці. Вось каб кароль прыслаў яму грамату, у якой вяртаў гетманскую булаву і дворнае маршальства, князь яшчэ мог бы падумаць аб міры. Час слоў мінуў, надышоў час дзейнічаць. Хіба ён не папярэджваў караля? «Ты прымушаеш мяне пакусіцца на такую справу, аб якой абодва мы пасля горка будзем шкадаваць» — так мовіў ён каралю, а той не паслухаў. Ну дык пра што можна казаць цяпер?

Князь адарваўся ад ліста і прапанаваў Неміровічу перайсці да яго на службу. Маўляў, няўжо не бачыш, шляхціц, як Радзівілы, Забярззінскія, Кішкі, Яновічы прадаюць Літву ляхам? Тыя рожаі, што пры Міндоўгу і Вайшэлку мячом сваім і крывёю княства абаранялі, які ім зараз гонар? Ніякага. Затое тыя зараз уладу трымаюць, хто за яе веру і Літву прадаў ляхам. Вось ён падняўся супраць Жыгмонта, яго паслугачоў і прыхлебычаў. Заваюем Літву і сваю ўладу паставім.

Неміровіч заставаўся глухі да княскіх слоў. Ён не верыў. Успомніў пра шляхецкія рожаі, а дзе ты, князь, раней быў, чаму раней не абараняў іх прывілеі. Зараз, калі самога папёрлі са двара, пачаў шукаць сабе прыяцеляў, нацкоўваць іх на караля. Так, Неміровічы заўсёды ваявалі шабляй, да двара велікакняскага не лезлі, не вельмі іх вялікія князі і жалавалі, але ніколі Неміровічы не здраджвалі ім.

— Што адказаць каралю? — суха запытаўся Неміровіч.

— Можаш перадаць тое, што я казаў табе. Глінскі разумеў, што Неміровіча так і не ўдалося схіліць на свой бок, а шкада. Не першы раз князь сутыкаўся з тым, што праваслаўная шляхта, на дапамогу якой ён вельмі разлічваў, адмаўлялася падтрымаць яго. Адна за адной не збываліся княскія спадзяванні: не ажаніўся на княгіні Настассі, не прыбраў да рук Слуцак, не падняў за сабой праваслаўную шляхту, ды што казаць, калі брат Іван і той не падтрымаў яго, сядзіць у Наваградку, чакае, што далей будзе. А тут яшчэ маскавіты не вельмі паспяшаюць з дапамогай, думаюць яго сіламі змагацца з Жыгмонтам. Раззлаваны ад няўдачаў князь пасля таго, як ад’ехаў Неміровіч, паклікаў пісара і пачаў дыктаваць маскоўскаму князю ліст.

— Вашай міласці, гасудару, вялікаму князю маскоўскаму,— прахаджваючы па шатры, дыктаваў Глінскі,— Міхайла Львовіч Глінскі вялеў чолом біці. Іно, гасудару, як казалі загоны пусціці, то дзеля таго, абы замешка ў Літве стала, а сабранне земскае расторгнута і перакажана; людзі, гасудару, вашай міласці, з нашымі людзьмі былі ад Вільні ў васьмі мілях, а іншыя пад Велею пад Куренцові, а іншыя ў чатырох мілях ад Наўгарадка, а ад Слуцака загоны былі за Клечаск, ад Ліды пад Слонім. А там, гасудар, усюды людзі вашае міласці агонь пускалі і шкоды чынілі, а палону на колкось дзесяць тысяч узялі; і міласцю боскай і шчасцем вашае міласці гасударскім усі людзі вашае міласці да нас к Менску собраліся здаровы. А людзей, гасудар, каралеўскіх нідзе не сустракалі...

Князь перастаў хадзіць па шатры, сеў у крэсла і, працягваючы дыктаваць пісару ліст, паднёс да твару люстэрка. Некалі гладкая, смуглявая скура страціла свежасць і зямлістым колерам прадракала старасць, каля вачэй, ад носа да кончыкаў вуснаў і па пакутым ілбе прабеглі глыбокія зморшчыны. У космах чорных валасоў зіхацела срэбра. Сівізна ў скронях, а жыццё амаль знову прыходзіцца пачынаць.

— Гасудар,— працягваў Глінскі,— прыйшлі пад Менск і ў той час некаторых людзей пад Менскам паімалі, а іншыя з горада к нам самі сышлі і паведалі нам, што ў горадзе прыбылых людзей нікаковых няма: толькі трыццаць драбаў, і людзей у горадзе была вельмі мала. Іно, гасудару, князі і ваяводы вашае міласці, і мы з імі не слышалі весці аб тых ваяводах вашае міласці ад Смаленска і ад Полацка, а добываці горада без заказу вашае міласці пакусіцца не хацелі, і болей таго пад горадам не мешкалі, пайшлі людзі вашае міласці да Барысава, іно і ў Барысаве яшчэ аб ваяводах вашае міласці не слыхалі. А вашае міласці, гасудар, нізка чолом бью, абы ваша міласць змілаванне свае ўчыніў подле слова не толькі для маего чолобіція, але для доброго того хресцянства, каторыя са мною ўсю надзею на Бога і на вашу міласць налажылі, тым ваяводам сваім велеў паспяшацца і з усімі сіламі цягнулі к Менску.

Наступным днём маскоўскі дваранін Нікольскі павёз ліст да Васіля, а Глінскі з сотняй язды адправіўся лад Слуцак.

 

Святло паходняў выхоплівала з цемры вільготныя каменныя сцены падзямелля, нізкае, навіслае над галавой скляпенне, жалезныя дзверы камораў. Княгіня ў суправаджэнні трох вояў крочыла па доўгім калідоры замкавай вязніцы. Цяжкае адчуванне астаўляла на яе душы ўбачанае. Немагчымым здавалася ёй пражыць тут нават дзень. Але ж вось людзі гадамі гібеюць у вязніцах, пераносяць гэтую жахлівую цемру, вільгаць, голад.

Але пакаранне — неабходна. Чалавек — істота няўдзячная, хітрая, здрадлівая. Высакароднасць і любоў — рэдкія рысы, і таму, каб людзін быў паслухмяны свайму ўладару, не бунтаваў, патрэбны пакаранні. І чым пакаранне больш жорсткае, тым мацней жах, ён утрымае ад свавольства і ганарлівасці. Хочаш не хочаш, а трэба змірыцца з наяўнасцю вязніцы, катаў, непазбежнасці пакарання за злачынства, выкінуць з галавы думкі пра пакуты няшчасных нявольнікаў. Але ці знікаюць з пакараннем чалавека яго ганарлівасць, зладзейства, непаслухмянасць закону і ўладзе? Ці не ёсць пакаранне — соль на раны, якая прыносіць новы боль, не дае загаіцца ране? Ці не бяром мы вялікі грэх на душу па сваім разуменні і волі, караючы людзей? Быць можа, той, хто саграшыў, шчырым пакаяннем скупіў свой грэх і сам Бог дараваў яму? Ці не падымаемся мы ў сваёй ганарлівасці вышэй Бога? Не судзіце, і не судзімы будзеце; бо якім судом судзіце, такім будзеце судзімы. Быць верным Богу — жыць у законе і волі Божай, жыць з ісцінай Хрыстовай. І пакаранне кагосьці за чужыя грахі — ці не забыццё Хрыстовых запаветаў? Не за чужыя грахі адказвае чалавек у судны дзень, а за свае... Такія пытанні задаваў ёй духоўнік ойча Арэфа, калі яна прасіла ў яго парады, што рабіць са змоўшчыкамі, як пакараць іх. Заслужылі яны смерць, але пасля размовы з духоўнікам княгіня вырашыла памілаваць змоўшчыкаў.

Вартаўнікі расчынілі дзверы аднаго са склепаў, і Настасся ўвайшла туды. Пры святле паходняў убачыла ў дальнім куце вязня, які ляжаў на голай падлозе. Патрывожаны бразганнем засавак, рыпам жалезных дзвярэй, вязень падняў галаву. І цяжка было ў гэтым схудалым, з запалымі шчокамі твары, на якім рудымі карослівымі нарастамі заставаліся згусткі крыві, пазнаць сотніка Шыкуліча. Безжыццёвыя вочы невідушча слізганулі па княгінінай постаці. Шыкуліч апусціў галаву і заплюшчыў вочы.

Зламаны выпытамі і пакутамі, горкімі думкамі пра свой лёс, пра лёс сям’і, Шыкуліч пазбавіўся волі: што хочуць ад яго. Адзінае, што хацеў сотнік, каб пакінулі яго ў спакоі, далі хоць дзень перадыхнуць, не цягнулі на выпыты, не вешалі на дыбу, не дамагаліся, чаму ён пайшоў супраць княгіні, хто яшчэ з ім змову чорную рыхтаваў.

Княгіня разгубілася: не ведала, з чаго пачынаць, што мовіць гэтаму чалавеку. Маўчанне зацягвалася. Нарэшце Настасся спыталася:

— Шыкуліч, навошта ты здрадзіў?

Сотнік не адказваў, як ляжаў на падлозе, заплюшчыўшы вочы, так і працягваў ляжаць, быццам не чуў княгіню. Два ваяры кінуліся да Шыкуліча, схапілі за рукі, паднялі, Настасся дала знак: не чапаць. Сотнік, прытуліўшыся да сцяны, не падымаў галавы, утарапела паглядаў уніз на падлогу. Княгіня паўтарыла пытанне.

— Грошы,— мовіў Шыкуліч.— За іх і сябе прадаў і гонар свой. Дзяцей шкада. Княгіня,— ён узняў галаву, з надзеяй зірнуў на Настассю,— што я, мне тут гінуць, а дзетак не чапайце, не пазбаўляйце шляхецтва,

— Не хвалюйся, сотнік. Я памілую цябе. Не цяпер, але я дам табе магчымасць скупіць сваю віну.

Княгіня раптам прымоўкла. А правільна яна робіць, што хоча вызваліць чалавека, які здрадзіў ёй, які не міласці заслужыў, а пакарання смяротнага. Ці не здрадзіць ён яшчэ раз? Той, хто раз здрадзіў, той можа і другі раз гэта зрабіць. Навошта выпускаць свайго ворага на волю? Хіба так хто з уладароў робіць? Вунь і Жыгмонт Кейстутавіч не пашкадаваў князя Алельку, узяў у няўства, і Казімір не пашкадаваў князя Міхайлу, сказніў яго, а Алелькі ж не простыя шляхціцы, а князі, нашчадкі Гедыміна, сваякі вялікім князям і каралям. Аднак прыйшла яна сюды не з мячом кары, а з боскай міласцю ў сэрцы. І яна не адчувала да Шыкуліча ні варожасці, ні нянавісці, наадварот, бачачы яго падаўленага і стомленага, спакутаванага, ёй стала шкада сотніка. Можа быць, каб Шыкулічу ўдалося адчыніць браму і ўпусціць у замак Глінскага, яна ненавідзела б сотніка і прагла пакараць яго. Аднак гэтага не здарылася. І вось здрадца сядзіць, апусціўшы галаву, і палохаецца зірнуць ёй у вочы. І, відаць, яшчэ не загінуў ён у сваёй чорнай сквапнасці, калі прыгадаў пра гонар, калі пакутуе ад сваёй аблудлівасці, каецца ў злачынстве сваім. Што ж, яна даруе сотніку. Бо моўлена — болей радасці будзе аб адным грэшніку, што каецца, чым аб дзевяноста дзевяці праведніках, якія не маюць патрэбы ў пакаянні.

— Я вызваляю цябе, калі Глінскі здыме аблогу. Ты будзеш служыць у войску. Простым воем.

Шыкуліч не паверыў. Падман ці здзек? І толькі тады, калі княгіня выйшла са склепа і каты, што нядаўна бязлітасна круцілі яму рукі, сталі здымаць ланцугі, ён нарэшце ўцяміў: сапраўды княгіня памілавала яго.

У дзвюх другіх каморах сядзелі слугі Шыкуліча, убачыўшы княгіню, пападалі перад ёй на калені. Настасся загадала вызваліць іх. Перад наступным склепам вартавы паведаміў, што тут сядзіць, схоплены ў горадзе, паслугач Глінскага, які распускаў па Слуцаку пагалоскі, што Алелькі прадаліся ляхам і хочуць усіх слуцакоў перавесці ў ляцкую веру.

— Адчыняй,— загадала княгіня.

Яна і раней чула, што па горадзе хадзілі такія чуткі, і зараз цікава было зірнуць на аднаго з тых, хто іх разносіў. Як толькі княгіня ўвайшла ў склеп, вязень кінуўся да яе ў ногі.

-— Княгіня, богам заклінаю, не пераходзь у латыні. Не адракайся веры нашай.

— Падыміся з калень.

Але вязень не паслухаў яе — па-ранейшаму стаяў на каленях і ўмольваў:

— Не рабіце гэтага, княгіня, не паддавайцеся спакусам латынскім.

— Хто табе такое мовіў?

— Людзі казалі такое. Маўляў, і Глінскага многія, хто не хацеў быць латынам, паклікалі да Слуцака.

Вось адкуль ішлі гэтыя чуткі. І тут Глінскі руку прыклаў. Вось людзей падбухторвае супраць яе і гэты няшчасны. Падмануты Глінскім, ён гатоў быў загінуць.

Цікава, як жа католік Глінскі бараніў бы праваслаўных? Пэўна, такое пытанне не прыходзіла да вязня, бо ён разгублена знізу пазіраў на княгіню, быццам чакаў, што яна сама растлумачыць такую дзіўную рэч: католік абараняе ад католікаў праваслаўных. Аднак замест гэтага Настасся мовіла:

— Калі ты мне верыш, то я табе скажу, што веры сваёй не збіраюся мяняць. І люд слуцкі не прымушаю ў латынства падавацца. А тое, што кажуць — гэта чуткі, якія распускае Глінскі, каб выклікаць недавер да Алелькаў. Я вызвалю цябе. Ты пойдзеш зараз да чэрні і кожнаму, хто верыць у гэтыя непатрэбныя пагалоскі, перакажаш мае словы.

Калі княгіня выйшла са склепа, пацікавілася, ці ёсць яшчэ здрайцы.

— Ёсць тут адзін. Ён хацеў адпомсціць вам. Яго бацьку спалілі, як чараўніка.

З кожным новым днём, што Гнат праводзіў у кратах, з кожнай новай пакутай у катавальні, ён усё болей ненавідзеў Алелькевічаў. З-за якіх, лічыў, зломана яго жыццё. І ён гэтага не хаваў. На допытах казаў пра гэтае. Зрэшты рэшт яго пакінулі ў спакоі і ў апошні час рэдка турбавалі выпытамі. Днямі ляжаў у склепе. У змроку, што панаваў тут, ён страціў усякае ўяўленне аб часе. Колькі ён тут знаходзіцца? Здавалася, што доўгія-доўгія гады. Часта трызніў. Перад вачамі раптам паўставалі зялёны луг і рэчка з сіняй халоднай вадой. Ён бег па лузе і з высокага берага даваў нырца ў ваду. Прыемны халадок вады асвяжаў цела. То бачыўся яму хвойнік, медныя, высвечаныя сонечнымі промнямі ствалы хвояў. Мяккая рудая ігліца пад нагамі, чырвоныя шляпкі красначоў. А калі ачуняў і цемра напамінала, дзе ён знаходзіўся, адчуваў горкі шчымлівы камок у грудзях. Ён плакаў над сваім жыццём. Што бачыў ён у ім? Што прынесла яно яму? Навошта ён жыў? Нянавісць, нянавісць і жаданне помсты. І дзеля гэтага адмовіўся і ад сяброўства, і ад кахання, шчырасці, ад людзей. Увесь час адзін, нікому не патрэбны, нікому не дарагі і не блізкі. І ўсе гэтыя ахвяры былі марныя. Адзінае, што цяпер заставалася, дык гэта чакаць смерці і марыць, каб яна ўзяла яго хутка, каб ужо на апошняй прыступцы жыцця не пакутаваць. Настассю ён пазнаў адразу. І зноў успыхнуў агонь нянавісці да Алелькаў. Прыйшла пацешыцца над яго пакутамі. Ён падняўся з падлогі.

— Ці праўда, што ты хацеў адпомсціць Алелькам?

— Так. Па загаду князя Сымона майго бацьку спалілі на вогнішчы, і я пакляўся адпомсціць за яго пакуты і смерць.

— Аднак твой бацька быў чараўнік.

— Ён не быў чараўніком,— гняўліва ўскрыкнуў Гнат.— Князь пакараў яго без віны, паслухаўся намовы. Загубіў, як паганца, без пакаяння, без прычашчэння.

— І як жа ты хацеў адпомсціць?

— Я спаліў бы замак, каб пайшоў ён прахам. Каб там, на нябёсах, князь убачыў, што яго гняздо загінула, каб ведаў, што за любое зладзейства немінуча прыйдзе пакаранне. Каб і ты, княгіня, папакутавала з маё, каб ведала, што такое жорсткасць і гора.

— Так,— ціха прамовіла Настасся.

— Калі думаеш, што я пужаюся твайго пакарання, пужаюся смерці — памыляешся.

— Мне не патрэбна твая смерць. Шкада цябе. У тваіх вачах столькі нянавісці, што за яе ты аслеп, ёю ты атруціў сваю душу. Раю забыцца на яе, і самому лягчэй стане. Ты вольны.

Ноччу Галуха вырашыў збегчы да Глінскага.

Ля гародняў, куды паспяшаў Гнат, жыццё не сціхала і ўначы: гарэлі вогнішчы, снавалі туды-сюды месцічы і княскія ваяры — людзі наўмысна не спалі, каб не застаць сябе знянацку. На Галуху асаблівай увагі ніхто не звярнуў, толькі знаёмыя ваяры спынілі яго, пацікавіліся, дзе ён прападаў. Задурыўшы ім галовы, Гнат развітаўся. Выбраўшы зручны момант, калі паблізу не было вартавых, Галуха падняўся на гародні, паспешліва прывязаў вяроўку за забролі і ўжо прыгатаваўся спусціцца на той бок, як да слыху даляцелі нечыя крокі. Азірнуўся. У цемры да яго з паходняй у руках крочыў вартавы. Бегчы? Не збяжыш, заўважаць і з лукаў адправяць на той свет. Заставалася адно. Пальцы сціснулі касцяную асадку штылета.

Вартавы пазнаў Галуху, спытаўся, што ён тут робіць. На вартавым Гнат заўважыў кальчугу. Штылет яе не праб’е, трэба выкручвацца па-другому.

— Вось княгіня паслала за ваяводзічам. Казалі, ён тутака на гароднях варту правярае,— маніў Гнат, у схованай за спінай руцэ сціскаў штылет.

— Што, зноў правярае? Пакою яму няма,— незадаволена прабурчаў вартавы,— Звечара ўжо двойчы правяраў.

— Не бачыў яго?

— Не.

— Добра, ну тады я пайду. Дарэчы, што гэта за вяроўка тут такая?

— Якая вяроўка? — вартавы падышоў да Гната, асвяціў паходняй вяроўку.

— Адвязвай хутчэй, пакуль ніхто не заўважыў, а то бяды не абярэшся,— параіў Гнат.

Вартавы, не сцяміўшы падману, аддаў Гнату паходню, а сам нахіліўся. Гнат засунуў у ножны штылет і, кінуўшы ўніз паходню, ударыў вартавога зверху па карку складзенымі разам рукамі. Ускрыкнуўшы, вартавы паваліўся ля Гнатавых ног. Галуха схапіўся за вяроўку і пераступіў край гародні.

Раніцай Галуху прывялі да Глінскага. Князь сам захацеў паразмаўляць з уцекачом з замка. І нямала здзівіўся, калі ўбачыў свайго старога знаёмага, якога ўжо лічыў загінуўшым. Гнат распавядаў, як Кузьмініч выкрыў змову.

— Кузьмініч! — ускрыкнуў Дрозд.

Глінскі моўчкі зірнуў на яго. Маўчы.

— Ты не памыліўся? — спытаўся князь.

— Чаго мне памыляцца? Кузьмініч выдаў нас і сам потым, на выпытах супраць нас паказваў.

— А дзе ён зараз, не ведаеш?

— Адкуль я ведаю? У замку, пэўна.

— Так,— пагладзіў князь бараду.— Так, так. А што за чалавек гэты Кузьмініч?

— Што за чалавек? Неблагі чалавек. З людзінамі ды і з намі, ваярамі, без пыхі. І ў сечы смелы. Я не асуджаю яго. Кузьмініча, пэўна, Шыкуліч падманам уцягнуў да сябе, а калі высветлілася праўда, не стаў ён парушаць клятвы князям Алелькам. Аднак усё ж...— Гнат змоўк, не давёўшы сваёй думкі.

— Кажы, кажы далей,— падбадзёрыў князь.

Але Гнат прамаўчаў, ён і зараз, калі мінула нямала часу пасля вязніцы, ніяк яшчэ не мог паверыць, што Мацей выдаў яго. Не верылася, каб Кузьміч так лёгка мог паслаць на смерць яго, з кім разам ваяваў, разам не адзін дзень ляжалі параненыя ў Каліноўскіх, адкрывалі адзін аднаму душы. Гнат не стаў пра гэтае казаць Глінскаму.

— Добра, застанешся пры мне,— прамовіў Глінскі.— А зараз можаш ісці.

Як толькі Галуха пакінуў пакой, Глінскі і Дрозд пераглянуліся.

— Ну, што, пан Андрэй, мовіш?

— Калі верыць гэтаму чалавеку, дык Кузьмініч: віж Алелькаў.

— Знайдзіце яго.

 

VII

Яня адразу здагадалася, навошта прыехаў да іх у дом Асташ Недабой з шумлівай хеўрай. Як спуджаная птушка, замітусілася па пакоі, падбегла да люстэрка, адтуль паглядалі на яе разгубленыя вочы, паправіла валасы, хацела пераапрануцца ў лепшае. Раптам падумала: а для чаго? Нашто ёй выглядаць ва ўсёй красе, каб пайсці пад вянец з нялюбым. Тут дайшоў да яе ўвесь жах таго, што зараз адбудзецца. Яна ў адчаі ўпала ў крэсла, схавала твар у далоні. Чула за дзвярамі вясёлыя галасы, смех і ненавідзела ў гэтую хвіліну ўсіх тых, хто там знаходзіўся. Што рабіць? Матуля? Матуля не згодзіцца, яна не выдасць яе за нялюбага. Але ўвайшлі айчым і маці і пазбавілі ўсялякіх надзей. Паспешлівым змоўніцкім голасам маці зашаптала:

— Адзенься ў лепшае, зараз выйдзеш да гасцей. Прыехаў Недабой сватацца.

— Мама, я не хачу за яго.

— Што за дурасць? — раззлавана прыкрыкнуў на яе Дрозд.— Якога князя ты чакаеш, а Недабой і розуму дасціпнага, і рукі мужнай шляхціц. І Глінскі ласкавы да яго.

— Не магу за яго.

— Годзе, чакаем цябе,— Дрозд кіўнуў галавой на дзверы і пакінуў пакой.

Яня прытулілася да маці.

— Матуля, мілая, не аддавайце мяне за Недабоя,— папрасіла яна.

— Ведаю, што ты Мацея любіш. Але не быць вам разам. Ён за Жыгмонта ваюе, а мы — ворагі вялікага князя.

— Божа, навошта вы падтрымалі Глінскага? Навошта вам гэтая вайна?

— Не плач...— пані Ядвіга пагладзіла дачку па валасах.— Што ж паробіш, такі лёс.

Маці выйшла з пакоя. Яня засталася адна. Няўжо няма ніякага паратунку? Збегчы адсюль? За дзвярыма нешта весела казаў айчым. Яня падбегла да акна, адчыніла яго...

 

Мацей Кузьмініч разам з сямю ваярамі вяртаўся з ловаў. Ужо некалькі разоў выбіраўся Кузьмініч у пушчы на ловы біць для войска звера, але не забываў, дзеля чаго ён у Глінскага. Пільным вокам прыкмячаў усё, што рабілася ў табары мяцежнікаў. Асцярожна выпытваў у мяцежнікаў, куды іх пасылае Дрозд, чым яны займаюцца; вызначаў, дзе знаходзяцца пасты аховы. Усё, пра што ён даведваўся, паведамляў ігумену, і той ужо слаў галубоў з цыдулькамі ў замак. Асабліва зацікавілі Мацея нейкія таямнічыя працы каля замкавай брамы. Па начах да хаты, дзе раней знаходзілася кардыгарда, накіроўваліся людзі і прападалі там усю ноч. Насцярожыла Мацея і тое, што з двара кардыгарды нешта вывозілі на вазах. Ён прасачыў за вазамі. На беразе Случы з вазоў выкідвалі свежую зямлю. І Мацей здагадаўся, што рабілі мяцежнікі ў кардыгарды — падкоп пад замкавую браму. Адразу ж Кузьмініч паспяшаўся ў манастыр і папярэдзіў ігумена пра небяспеку. А ўчора, прыйшоўшы да яго з паведамленнем аб вяртанні пад Слуцак Глінскага, Кузьмініч атрымаў ад ігумена княгінін загад узарваць падкоп: «Заўтра ноччу са сцен спусцяцца воі, ты дапаможаш ім мінуць вартавыя пасты і ўзарваць падкоп. Сустрэнеш іх каля Случы». Сёння на ловах Мацей абдумваў, як выканаць княгінін загад. Узарваць падкоп было рызыкоўна і цяжка. Трэба было незаўважаным прабрацца ў табар мяцежнікаў, расправіцца з вартай, што сцерагла кардыгарду, захапіць яе, спусціцца ў падкоп, закласці порах, падпаліць яго і паспець уцячы падалей ад узрыву, а пасля яшчэ трапіць у замак, абмінуўшы пасты. Любая няўдача пагражала смерцю. Мацей гэта разумеў, і на душы ў яго было трывожна.

Пад’язджаючы да горада, ён убачыў на беразе Случы дзяўчыну. Яна сядзела на траве, падабраўшы пад сябе калені і абхапіўшы іх, сумна паглядала на Случ. Усхвалявана забілася сэрца. Яня! Гэта яна. Ён адразу пазнаў яе чорныя валасы, гэтую доўгую касу. І прышпорыў каня, пусціў яго ўгалоп. Адкуль яна тут?

— Яня! — закрычаў ён яшчэ здалёку і радасна замахаў рукой, калі дзяўчына азірнулася на яго вокліч.

— Мацей? — нібыта не паверыла, што перад ёй ён, запытальна і неяк разгублена прамовіла Яня, абрадавана ўскрыкнула: — Мацей!

Дзяўчына падхапілася з зямлі і пабегла Кузьмінічу насустрач. Мацей спыніў каня, саскочыў з сядла і ў абдымкі сустрэў дзяўчыну, заўважыў яе заплаканыя вочы.

— Яня, што здарылася, чаму ты тут? — пытаўся ён, абдымаючы дзяўчыну, прагна паглядаючы на яе.

— Гэй, Кузьмініч, пра службу забыўся,— са смехам крычалі яму паляўнічыя.

А ён не чуў іх, перад ім былі гэтыя вялікія блакітныя вочы, якія штодня ён нагадваў, гэтыя прагныя вусны, што цалавалі яго, гэтыя чорныя, смаляныя валасы, якія ён гладзіў, перад ім была Яня. І было не да пытанняў ці адказаў, яны радаваліся адно аднаму, цалаваліся, нарэшце дзяўчына апамяталася, пацікавілася:

— Ты з Глінскім?

— Што здарылася? Чаму ты плачаш? Што ты тут робіш? — пацікавіўся ён у дзяўчыны.

— Ты з намі, ты з намі. Цяпер мы будзем разам,— дзяўчына абняла яго за шыю, прытулілася, зазірнула ў вочы.— А я прыехала сюды з мацераю да айчыма, ён кіруе аблогай Слуцака, і тут вось ужо тыдзень жывём, а пасля збіраемся ад’язджаць у Масковію. Як я не хацела гэта, бо тады мы ўжо не сустрэліся б, але бацькі так вырашылі, а цяпер мы разам.

—Дрозд твой айчым? — недаўменна спытаўся ў яе Кузьмініч.

— Так, ён ажаніўся з матуляй, калі мне было тры гады, а Лесь — яго сын.

— О божа...

— Што? — з трывогай зірнула на Кузьмініча дзяўчына.

— Ды нічога, нічога...

Ён не мовіў пра тое, што падумаў у гэты момант. Не быць ім разам. Жыццё развяло іх па розных баках. Ён змагаецца за Жыгмонта, а яна засталася разам са сваім айчымам, які падняўся на вайну з вялікім князем. Ён губляе, губляе Яню. А што рабіць? Божа, як усё жахліва атрымліваецца. Пачуўся конскі тупат.

— Нехта скача,— прамовіў Мацей.

— Ну і хай,— адказала дзяўчына і пацалавала Кузьмініча.

— Ну і як, салодка цалуецца? — прагучаў ззаду нечы голас.

Мацей азірнуўся. Каля іх спыніў каня Асташ Недабой. Ён з непрыяззю паглядаў на Кузьмініча.

— Салодка,— з выклікам кінула Недабою дзяўчына і, ганарліва падняўшы галаву, прайшла паўз яго.

Недабой правёў яе позіркам, праглынуў сліну, потым павольна павярнуў галаву да Мацея і, выразна вымаўляючы кожнае слова, прамовіў:

— А ты, гніда, прэч адсюль. Каб я ніколі не бачыў цябе з ёю, а то адпраўлю на нябёсы.

— Прыкусі язык, Недабой. Не табе мне загадваць,— узлаваўся Мацей і рашуча ступіў да шляхціца.

— Вось як?

З пераможнай ухмылкай Недабой выцягнуў з альстры ручніцу і навёў яе на Кузьмініча. Чорнае дула, як вока смерці, халодна зірнула на Мацея. Ён спыніўся. Адзін паспешлівы крок, і Недабой можа націснуць на курок.

— Ты не стрэліш,— стараючы схаваць хваляванне, прамовіў Мацей.

— А ты б стрэліў, калі я не паслухаўся цябе і напаў на хлопаў? Стрэліў. І я стрэлю. Забудзь пра Яню, калі жыць хочаш.

Кузьмініч закусіў губу, шукаючы выйсце.

— Недабой, апусці зброю і пакінь нас,— закрычала ззаду Яня, падбегла да Мацея і стала перад ім.— Можаш страляць,— гледзячы на Асташа, рашуча прамовіла дзяўчына.

— Памятай мае словы, Кузьмініч,— мовіў Недабой, апусціў ручніцу, схаваў яе ў альстру і крануў каня.

Яны сядзелі на беразе Случы. Сонечныя промні зіхацелі асляпляльнымі бліскаўкамі ў рачной вадзе. На другім беразе, густа зарослым алешнікам і вербалозам, з рэзкімі крыкамі лёталі сарокі; мільгалі іх белыя крылы, і, быццам след ад палёту, цягнуліся за птушкамі доўгія хвасты. Юнак і дзяўчына маўчалі. Сонца схавалася за выродлівую, падобную на цмока, цёмную хмару, і знікла чароўная гульня бліскавіц на рачных хвалях.

— Вось і скончыўся наш дзень,— сумна мовіла дзяўчына.

— А гэта так заўжды. Тыя гадзіны, што прыносяць радасць і шчасце, бягуць, бы вада з далоні,— адказаў Мацей і падняўся з зямлі. Трэба было адпраўляцца ў кош.

Каля горада яны развіталіся. Дзяўчына запрашала яго да сябе, але ён не мог прыняць яе запрашэнне. А так хацелася забыцца на ўсе загады, на гэтую вайну і застацца зараз з Яняй. Непазбежнае развітанне прыгнятала яго.

— Бывай, Яня,— ціха і сумна мовіў ён.

— Ты кажаш так, быццам мы болей ніколі не ўбачымся,— адказала яму дзяўчына.

— Хто ведае свой лёс? — не, не тыя словы ён казаў цяпер, як некалі, у хвіліны іх апошняй сустрэчы, не тыя; ён узяў дзяўчыну за рукі, прагна глядзеў на яе твар, нібыта хацеў назаўжды запомніць яго, кожную рысачку. Што ён робіць? Ён жа здраджвае каханай, здраджвае самому сабе. Хіба будзе яму без яе шчасце? Не будзе. Яшчэ не позна, можна ва ўсім прызнацца, абаім вырашыць, як ім быць далей. А сотні людзей, чый лёс зараз залежыць ад яго? Ці мае ён права забывацца пра гэта? Ці мае ён права здраджваць абавязку і гонару?

— Я кахаю цябе,— прамовіў ён і рашуча пакрочыў ад дзяўчыны, нават не азірнуўшыся на яе вокліч услед. Яшчэ імгненне, і не хапіла б сіл расстацца з каханай.

У кошы Кузьмінічу паведамілі, што яго шукалі вестуны ад князя Глінскага. Навошта ён спатрэбіўся князю? Мацей губляўся ў здагадках, але ўжо падсвядома адчуваў небяспеку. Вырашыў да Глінскага не ісці, забраць свае рэчы ў палатцы і пакінуць кош. Але толькі Мацей падышоў да сваёй палаткі, як каля яго тут жа апынуліся два мяцежнікі і загадалі ісці за імі. Яго прывялі да княскага шатра, адзін з ваяроў увайшоў унутр і хутка паказаўся, хітнуў галавой, даючы зразумець, што князь чакае Кузьмініча.

Глінскі сядзеў у крэсле на дальнім канцы шатра. За спінай стаялі два воі-ахоўнікі, зняважліва паглядаючы на Кузьмініча. Мацей прыблізіўся да крэсла, пакланіўся князю, убачыў яго прыжмураныя вочы, нерухомы суровы твар.

— Чаму ты служыш мне? — папытаўся Глінскі, не зводзячы з шляхціца позірку.

— Я служу табе, князь, не па сваёй волі. Так атрымалася. Шыкуліч пазбавіў мяне ад звязення, а ўзамен папрасіў дапамагчы яму. Ён адправіў мяне да цябе з граматай. Нехта выдаў Шыкуліча і нас з Галухай. Іх звязенілі, а я вось паспеў уцякчы і служу цяпер табе, князь.

— Як стала вядома княгіні пра змову? Хто мог выдаць ёй Шыкуліча?

Мацей пахаладзеў. Не проста так пытаўся князь пра Шыкуліча. Няўжо яму стала нешта вядома? А можа, падазрае яго? Трэба не даць застаць сябе знянацку. Калі князь нешта і падазрае — у яго ўсё роўна няма доказаў.

— Я нічога не ведаю. Можа, хто са слуг Шыкуліча выдаў нас, а можа, хто іншы?

— Не ведаеш,— гзта было сказана князем з доляй насмешлівасці, нібыта ён даваў зразумець Кузьмінічу, што не паверыў яму.— Скажы, шляхціц, чаму ты не выканаў загад, адмовіўся ваяваць з хлопамі?

— Я не хачу праліваць кроў.

— І тым не меней ты выдаў на смерць людзей і чалавека, які выратаваў цябе, а тут табе раптам стала шкада хлопаў.

Ліпкі пот выступіў на целе, Мацей збляднеў; востры непрыемны боль падкаціў да сэрца. Князь усё ведаў. Але адкуль? Хто мог яму паведаміць?

— Гэта ты, Кузьмініч, выдаў Шыкуліча,— ад пранізлівага позірку княскіх вачэй Мацей сцяўся; яго галава апусцілася ў плечы.

— Гэта няпраўда,— выціснуў з сябе Мацей.

— Ты пасланы сюды цікаваць мяне.

— Я? Гэта хлусня,— у адчаі крыкнуў Кузьмініч.

— Паклічце Галуху,— загадаў князь воям, што стаялі каля выхаду.

Вось хто паведаміў Глінскаму, што ён выкрыў змову. Але як мог уцячы Гнат з вязніцы? І разам з трывогай за свой лёс Кузьмініч адчуў сорам. Ён гатоў быў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не сустракацца з чалавекам, з якім калісьці сябраваў, які давяраў яму і якога ён прадаў.

За спінай пачуліся крокі — у шацёр увайшоў Галуха. Кузьмініч у адчаі закусіў вусны.

— Ты ведаеш гэтага чалавека? — звярнуўся да Гната князь.

Галуха падышоў да Мацея, зірнуў на яго.

— Ты? — на Гнатавым твары варухнуліся мускулы, бровы прыпадняліся над здзіўленымі вачыма.

Мацей не адказаў, адвёў позірк ад Галухі.

— Дык ён выдаў вас?

— Так,— халодна адказаў Глінскаму Гнат.

— Кузьмініч, ты слуцкі шпіг.

Адпірацца было дарэмна, ды і не хацеў Мацей прыніжаць сябе хлуснёй.

— Гэта праўда, мяне паслалі сюды шпігаваць за табой, князь.

— На шыбеніцу,— махнуў князь рукой на Мацея.

Ад нечаканасці Кузьмініч у першае імгненне нат не ўцяміў увесь жах княскага загаду, і толькі калі ваяры, заламаўшы яму рукі, вывелі з шатра, зразумеў, што вядуць яго на смерць. У сляпым пратэсце ён адчайна рвануўся з рук ваяроў: «Не, не, не хачу!» — «Падла, давай ідзі!» — вылаяліся ваяры і ўдарылі асадкай дзіды ў спіну.

— Князь,— звярнуўся да Глінскага Галуха пасля таго, як вывелі Кузьмініча,— а можа быць, абмяняць яго на Шыкуліча?

Глінскі задумаўся.

— Хай будзе так,— махнуў ён рукой.

Галуха выбег з шатра, дагнаў мяцежнікаў, што вялі Кузьмініча, і перадаў ім загад Глінскага.

Яны стаялі адзін супраць аднаго. Мацей не глядзеў на Гната. Што ён мог мовіць у сваё апраўданне? Тое, што выконваў свой абавязак перад княгіняй і аддана служыў ён.

— Даруй мне, Гнат,— вымавіў Кузьмініч, падняў на яго вочы.— Мне і самому нялёгка на душы.

— Я верыў табе, але зараз мне цяжка будзе паверыць каму-небудзь яшчэ раз. Бывай, Кузьмініч.— Гнат пайшоў прэч.

— Пачакай,— Кузьмініч схапіў Гната за руку.— Перадай вось Яні,— Мацей зняў з шыі гайтан з крыжыкам і працягнуў яго Галуху.

 

Пані Ядвіга абрадавалася вяртанню дачкі. Ніводнага слова не пачула Яня ў дакор, нібыта і не паслухалася яна бацькоў. Пад самы вечар прыехаў Галуха. Яня пазнала яго, абрадавалася. Гнат быў нешматслоўны. На ўсе Яніны выпыты, што здарылася з Кузьмінічам, чаму яго звязенілі, супакойваў: «Нічога ворашнага, не хвалюйся». А Яня не знаходзіла месца. Чаму? За што звязенілі Мацея? Чым ён не дагадзіў князю? Нагадала, які сумны быў юнак, калі развітваўся з ёю, нібыта адчуваў, што чакала яго наперадзе. І, не вытрымаўшы, Яня загадала слугу запрагаць у ноч каня. Айчым, канечне, ведаў, што здарылася з Кузьмінічам. Да яго ў лагер мяцежнікаў і паехала дзяўчына.

Айчым спачатку абрадаваўся з’яўленню падчарыцы, але ўбачыўшы яе ўстрывожаны твар, і сам занепакоіўся.

— Што такое? Ты на сябе не падобная.

— Тата, за што звязенілі Кузьмініча?

— Ён слуцкі шпіг.

— І што чакае яго?

— Князь загадаў павесіць яго.

Пры гэтых словах дзяўчына збляднела; лёгкі ўскрык вырваўся з яе грудзей. Дрозд убачыў у дзявочых вачах жах. І сапраўды дзеўка закахалася ў гэтага слуцкага шляхціца, як яму казала Ядвіга. Як бяжыць час. Яшчэ на памяці першая сустрэча з маладой удавой Ядвігай Каліноўскай, яшчэ на памяці, як трымаў на руках маленькую Яню, а вось перад ім прыгожая дарослая дзяўчына, і трэба весці з ёй нялёгкую размову...

— Князь перадумаў і вырашыў абмяняць яго на палоннага,— супакоіў Яню Дрозд.

— А калі княгіня адмовіцца? Што будзе з ім?

— Не ведаю. Ды забудзь ты пра яго. Хто ён такі? Дробны шляхціц — гол як сакол. Праваслаўны, а ты каталічка. Служыць Жыгмонту, супраць якога мы ваюем.

— Ну і што, ну і што. Я магу сустрэцца з ім?

— Не.

Хто дапаможа ёй? Яна адчувала сябе адзінокай і ўсімі пакінутай. Здавалася, усе яе любяць, усе ласкавыя з ёю, а вось калі спатрэбілася дапамога, дык ніхто і не хоча ёй дапамагчы — у іх свае інтарэсы, і ахвяраваць імі не жадаюць, нат айчым. У расчараванні яна пакінула яго. Апошняя надзея — сам князь Глінскі. Ён спыніўся ў слуцкім прадмесці Востраў на двары купца Кміты Кавуровіча — туды і адправілася Яня.

Сярод шляхты, што таўклася каля княскай рэзідэнцыі, дзяўчына заўважыла і брата. За апошні год Лесь пасталеў, раздаўся ў плячах. Цяпер ён служыў у асабістай ахове князя Глінскага, пабываў з ім пад Менскам, памахаў шабляй падчас штурма Заслаўскага замка. Баявое жыццё зрабіла Леся развязаным і грубаватым. За хмельнымі застоллямі паспрабаваў ён і віна. Убачыўшы сястру, Лесь манерна, уразвалачку падышоў да яе.

— Яня! — развёў рукі ўшыркі.— Вось ты і знайшлася, а то бацькі хваляваліся за цябе.

— Лесь, мілы, дапамажы.

— Ну што там у цябе? — скалячы зубы, казаў Лесь. Але пачуўшы ад сястры яе просьбу, Лесь замяўся, пачаў спасылацца на цяжкасці.

— Лесь, прашу цябе, не адмаўляйся. Ты адзіны можаш мне дапамагчы.

— Бачыш вунь той хлеў,— Лесь паказаў на будынак, што знаходзіўся ў дальнім канцы двара.— Там сядзіць Кузьмініч. Як яго вызваліць, калі двор ахоўваецца?

— Ну прыдумай што-небудзь. Няўжо нельга нічога зрабіць?

Лесь задумаўся, агледзеў двор, перавёў позірк на хлеў, на саламяны дах.

— Янька, Янька,— прагаварыў ён.— Толькі дзеля цябе.

 

VIII

Панавала глухая ноч. Месячнае святло прабівалася праз хмары. У кошы мяцежнікаў гарэлі вогнішчы. Адтуль даносіўся сабачы брэх, конскае ржанне. Ваяводзіч Сцецка праз байніцу ўглядаўся ў цемру. Каля яго стаяў шляхціц Бойка. Шляхціц з пяцярымі ваярамі адпраўляўся ўзрываць падкоп. Усё, што можна было абгаварыць — было абгаворана, і гэтыя апошнія хвіліны яны маўчалі.

Ваяводзіч, хаця і быў задаволены, што ўдалося выкрыць падкоп, але тым не меней злаваўся на княгіню. Няма горш, калі ў мужчынскую справу суецца кабета, не дасі тады рады. Вось і княгіня, не параіўшыся з ім, вызваліла з няўства Галуху, а той учора збег да Глінскага і, канечне, выдасць Кузьмініча. А без свайго шпіга ў лагеры Глінскага нялёгка абараняць замак. Праўда, ён і сам вінаваты, не мовіў Алелькевіч, што паслаў чалавека да мяцежнікаў, хацеў паказаць княгіні сваю дасведчанасць, маўляў, ведаю, што задумвае Глінскі, прадбачу ягоныя дзеі, а тут вось атрымалася... Прыходзіцца губляць шпіга, але нічога не паробіш. Кузьмініч і так нямала здзейсніў. Каб яшчэ ўдалося ўзарваць падкоп, дык Кузьмініч сваю справу выканаў.

— Бойка, час выступаць. З богам,— прамовіў ваяводзіч.

Шляхціц выйшаў з вежы на баявую галерэю. Там яго ўжо чакалі воі. Сярод іх былі Частап’ян і Пустабрэх. Са сцяны скінулі ўніз вяровачную лесвіцу. Адзін за адным воі спусціліся па лесвіцы ўніз на вал. Кожны апроч зброі нёс з сабою па невялікім меху пораху. З вала воі спусціліся ў роў. Месцамі вада даходзіла людзям да грудзей і, каб не намачыць порах, яны трымалі мяхі ў руках над галавой. Гразкае дно перашкаджала рухацца — ногі вязлі. Час ад часу людзі спыняліся перадыхнуць і зноў рухаліся наперад. Калі да слыху даносіліся галасы варты мяцежнікаў, атрад тут жа нерухомеў у вадзе. Неўзабаве дабраліся да Случы. Ва ўмоўленым месцы Кузьмініча не аказалася. Бойка ціха вылаяўся, кленучы таго.

Гадзіну прачакалі воі Мацея на беразе Случы. За гэты час абсушыліся, адпачылі. Але адсутнасць Кузьмініча непакоіла і Бойку, і ягоных людзей. Нарэшце Бойка не вытрымаў і загадаў выступаць. Уперадзе на значнай адлегласці ад усіх пайшоў Пустабрэх. Раптам ён пачуў убаку ад сябе нечыя крокі. У цемры маячылі дзве чалавечыя постаці. Пустабрэх затоіўся, асцярожна выцягнуў з похваў нож.

 

Ноччу Лесь Дрозд пранік на суседні з княскім домам двор. Па ясакары, што рос там і працягнуў свае галіны над хлявом, дзе сядзеў Кузьмініч, забраўся на дах. Каля гадзіны, затаіўшыся ў зялёным голлі дрэва, Лесь выразаў дзірку ў саламяным даху. Вецер, што шамацеў голлем, скрадваў шоргат нажа, і вартавыя, што праходжваліся па княскім двары, нічога падазронага не заўважылі. Зрабіўшы дзірку, Лесь даволі доўга пераразаў жэрдку-ключ, да якой мацавалася салома, пасля чаго праз адтуліну залез на гарышча. Востры пах сухога моху і кастравіцы, што ляжалі на падлозе, ударыў у нос. Лесь выбіў крэсівам іскру, запаліў свечку, агледзеўся. На гарышчы валяліся разламаныя дзежкі, скрыні, колы ад вазоў. Прабіраючыся праз хлам, ён дабраўся да лаза з гарышча. Лесь адсунуў драўлянае века, па вузкіх драбінах спусціўся ў хлеў. У святле свечкі ўбачыў Мацея. Той, звязаны рамянямі, сядзеў, прытуліўшыся да сцяны.

— Ты? — здзівіўся Кузьмініч.

Апусціўшыся каля яго, Дрозд нажом разрэзаў рамяні.

— Дзякуй, Лесь.

— Будзь ўдзячны Яні, а не мне. Давай хутчэй выбірацца адсюль,— сурова прамовіў Дрозд.

Першы на страху праз дзірку ў страсе вылез Мацей. Настаяў на гэтым Лесь: «Давай ты першы. Калі нас выкрыюць — ты паспееш уцячы, а я ўжо як-небудзь выкручуся». Вартаўнікі па-ранейшаму нічога падазронага не заўважалі, праходжваліся па двары. Па галіне ясакара Мацей перабраўся на суседні двор, злез з дрэва. Хутка сюды выбраўся і Лесь.

— Куды ты зараз? — спытаўся ён Мацея.

— Падамся ў замак.

— Я цябе правяду, а то трапіш на варту і зноў у няўцтва пасадзяць.

Удвух яны і адправіліся па прадмесці. Перад апошняй хатаю іх спынілі вартаўнікі, але, пазнаўшы Дразда, прапусцілі. За прадмесцем пакрочылі ўздоўж Случы. Скрозь хмары прабіваўся месяц, на рачных хвалях клалася ломкая сцяжына месячнага святла. Наперадзе невыразнымі абрысамі выступалі замкавыя сцены і вежы. Яны набліжаліся да месца сустрэчы Мацея са слуцкімі ваярамі. Трэба было развітвацца з Лесем.

Вострае лязо нажа нечакана ўперлася ў Мацееву спіну. У той жа момант нехта рукой хапіў яго за шыю, моцна сцяў яе. Глухі голас прагучаў каля вуха: «Цішэй, без крыкаў». Тут жа з цемры выскачыла некалькі чалавек, акружыла Леся.

— Хто такія? — нельга было не пазнаць гэты вісклівы і немы голас — ён належаў Бойку.

— Я, Кузьмініч. Убярыце свае нажы, нападаеце, як душаемцы. Ледзь не зарэзалі.

— Дзе цябе чэрці носяць? — Бойка наблізіўся да Мацея.— Колькі можна чакаць? А хто гэта з табою? — шляхціц пачаў прыглядацца да Леся.— Га, ,Дрозд. І ты з намі? Малайчына, Кузьмініч, што прывёў яго да нас.

— Дык ты наўмысна завабіў мяне сюды? — Лесь абярнуўся да Мацея. Што за насланнё такое: усе яго добрыя памкненні ператвараюцца ў зло для іншых, і няма высакароднага рыцара Мацея Кузьмініча — ёсць нягоднік, палахлівец, хітрун, імя якога пракляццем гучыць у вуснах людзей, якіх ён выдаў і асудзіў на пакуты. Вось і Леся міжволі заманіў у пастку. І няма чаго мовіць у сваё апраўданне.

— Ну пайшлі,— падштурхнуў Леся ў спіну Частап'ян.— Гы-гы-гы....

— Куды пайшлі? — па-дзіцячы разгублена прагучаў Драздоў голас.

— Правядзеш нас па кошы да кардыгарды, ды не ўздумай выдаць нас — адразу нажом па шыі шахнем,— прагаварыў Бойка.

— Нікуды я не павяду вас.

— Тады застанешся тут назаўжды,— пагражальна працадзіў скрозь зубы Бойка.

Ён не жартаваў. Калі Лесь адмовіцца весці ваяроў у кош — яго маглі забіць, каб не папярэдзіў мяцежнікаў. І нічым Мацей не мог дапамагчы свайму выратоўцу.

— Лесь, паслухай іх,— ціха мовіў Кузьмініч.

Здаецца, і ў цемры ўбачыў ён у Лесевых вачах пагарду да сябе. Дрозд нічога не адказаў яму, адвярнуўся і моўчкі пакрочыў у бок коша. Следам за ім, тыцнуўшы ў спіну штылет, крочыў Пустабрэх. А за імі ўсе астатнія. Апошні ішоў Мацей. Бойка, які крочыў наперадзе, прыпыніўся:

— Калі прывядзеш у засаду —• я сам адсяку табе галаву.

— Ты мне не верыш?

— Табе не верыць княгіня. Пойдзеш перада мною,— загадаў Бойка і прапусціў Кузьмініча наперад.

Бязлюдная дарога прывяла ваяроў да могілак. За спінай засталася Случ, убаку знаходзіўся замак; ледзь бачна мігацелі на замкавых сценах паходні вартавых. На небе чырванела акрываўленая пляма месяца. Падняўся вецер, трывожна зашамацелі вершаліны вербаў, што раслі абапал дарогі. Неба зацягнула нізкімі чорнымі хмарамі, якія праглынулі месяц. На могілках панавала ціш, нават груганы, што звілі сабе гнёзды на вячыстых ліпах, нібы палохаючыся будзіць сон тых, хто знайшоў тут апошні прытулак, маўчалі, толькі шапацелі вершалінамі дрэвы. У цемры цямнелі невялічкія пагоркі магілак і самотныя крыжы. Праз могілкі атрад дабраўся да коша. Наперадзе каля ўвахода ў кош мігацела вогнішча, каля якога знаходзіліся вартаўнікі.

— Не ўздумай папярэдзіць варту — адразу развітаешся з душой,— яшчэ раз паўтарыў пагрозу Пустабрэх і штурхнуў Леся ў спіну.— Пайшоў.

Каля брамы вартаўнікі аклікнулі невядомых людзей, што, як прывіды, вынырнулі з цемры.

— Ну,— укалоў штылетам у спіну Дразда Пустабрэх.

— Лесь Дрозд з людзьмі Глінскага.

У святле вогнішча вартаўнікі пазналі Дразда, прапусцілі яго і слуцакоў у кош. Калі яны мінулі браму, старэйшы варты шляхціц Шчасны Мікутовіч звярнуўся да аднаго з вартаўнікоў:

— Падазроная хеўра. Хаця з імі Дрозд, але нешта тут не тое. Гэтых людзей я не бачыў сярод шляхты Глінскага. Што яны неслі ў мяхах? Адкуль ідуць? І гэты слуцкі шляхціц, якога выкрылі як шпіга. Прасачы, куды яны накіраваліся, што будуць рабіць? Калі што — падымай кош.

І вось кардыгарда перад імі. Бойка паслаў да яе аднаго з вояў. Пацягнуліся доўгія хвіліны чакання. Раптам з цемры даляцелі глухія крыкі, гукі барацьбы. Бойка і адзін ваяр пабеглі да кардыгарды. Каля брамы, што вяла на двор, счапіліся ў барацьбе два чалавекі. Яны качаліся па зямлі, намагаючыся адолець адзін аднаго. Бойка нахіліўся над імі, нажом ударыў вартавога. Мяцежнік нема закрычаў і адразу ж захрыпеў. Ударам нажа Бойка дабіў яго. З кардыгарды на крыкі выбеглі тры мяцежнікі. Паміж імі і слуцакамі ўсчалася сеча. Уначы заляскала жалеза шабляў. На дапамогу сваім падаспеў Частап’ян. Ваяры пачалі адцясняць мяцежнікаў на двор. Адзін з іх адскочыў да запрэжанага воза. Бойка пабег за ім. Перад самымі вачыма мільганула жалезнае джала шаблі. Шляхціц ледзь паспеў адскочыць назад. Абодва спрабавалі з-за воза дастаць адзін аднаго шаблямі. Тым часам Частап’ян удалым ударам параніў другога мяцежніка. Той, схапіўшыся за параненае плячо, заенчыў аб літасці. Ягоны таварыш, застаўшыся у адзіноце супраць трох ваяроў, кінуўся да плота.

— Не выдавай. Не выдавай! — адчайна закрычаў мяцежнік, што змагаўся з Бойкам.

Уцекача дагналі і засеклі на плоце, ён з перадсмяротнымі енкамі глуха бразнуўся на зямлю. І, падаспеўшы на дапамогу Бойку, расправіліся і з яго праціўнікам. На двор кардыгарды Пустабрэх прывёў Леся Дразда. З імі прыйшоў і Кузьмініч, за якім наглядаў вой.

— Глядзі, Пустабрэх, шыяй адкажаш за Драздзёнка,— папярэдзіў Бойка і звярнуўся да Мацея: — А ты пойдзеш са мною.— Пасля чаго загадаў аднаму з ваяроў вартаваць. Слуцакі заскочылі ўнутр кардыгарды. Некалькі паходняў, прымацаваных да сцен, асвятлялі памяшканне. Каб святло не было бачна знадворку, вокны забілі дошкамі. У покуце, каля цёмнай дзіркі ў падлозе, мяцежнік даставаў драўлянае вядро з зямлёй, якое яму падалі знізу. Убачыўшы прама перад сабою ўзброеных невядомых людзей, ён ад нечаканасці збляднеў і выпусціў вядро з рук. Бойка наставіў на яго шаблю.

З падкопа данесліся ўстрывожаныя галасы:

— Гэй, што там адбываецца?

Бойка, нахіліўшыся над уваходам у падкоп, гучна закрычаў:

— Калі душу богу не жадаеце аддаць, вылазьце і здавайцеся!

— Хто вы такія?

Гучна, каб маглі пачуць у падкопе, Бойка звярнуўся да Частап’яна:

— Нясі порах — будзем узрываць!

Гэта падзейнічала. Праз імгненне з падкопа адзін за адным вылезлі шэсць мяцежнікаў, усе потныя, вымурзаныя ў зямлю. Іх завялі ў сенцы і зачынілі там. Цяпер заставалася галоўнае — знесці порах у падкоп і ўзарваць яго.

— Навошта. Узарвём кардыгарду і лахі пад пахі дадому? — прапанаваў Пустабрэх.

— Мы завалім вусце падкопа, і яго лёгка будзе аднавіць,— адказаў Мацей.

— Вось ты і палезеш узрываць,— прамовіў Бойка.

— Палезу, не хвалюйся. Адпусці Дразда. Ён правёў нас праз кош. Што табе яшчэ трэба?

— Гэта мне вырашаць, а не табе. Давай выконвай загад. Часу няма.

Ваяры прынеслі з вуліцы мяхі з порахам. Кузьмініч, узяўшы мех, спусціўся ў падкоп. У нос ударыў вільготны пах зямлі. Падкоп быў выкапаны ў чалавечы рост, моцныя дубовыя слупы, на якіх цьмяна гарэлі ліхтары, падпіралі скляпенне. Усе ваяры, за выключэннем Пустабрэха, які сцярог Леся, і вартавога, што застаўся на двары, следам спусціліся ў падкоп. Яны прайшлі сярэдзіну шляху, калі ззаду іх нагнаў Бойка.

— Давайце хутчэй узрываць! Нас выкрылі, сюды бягуць таці Глінскага!

— Ах, каб іх ліха матары...— вылаяўся Частап’ян, скінуў з плячэй мех.

-—Кузьмініч, застанешся тут, а мы наверх. Затрымаем мяцежнікаў, пакуль не падрыхтуеш усё для выбуху,— загадаў Бойка.

Ваяры скінулі мяхі ў адну кучу і пабеглі ўслед за Бойкам назад, у кардыгарду. Мацей хутка развязаў адзін з мяхоў і пачаў рассыпаць струменьчыкам порах па зямлі. Тым часам Бойка, выбраўшыся з падкопа, запаліў парахавую сцяжыну. Успыхнуў агеньчык, з трэскам і іскрамі папоўз да мяхоў.

— Бойка, Кузьмініч не паспее выбрацца з падкопа. Затушы,—мовіў трывожна Частап’ян.

— Падкоп павінен быць узарваны,— злосна агрызнуўся Бойка.— У нас няма часу чакаць Кузьмініча,— штурхнуў Частап’яна ў дзверы і сам выбег за ім на двор.

Да кардыгарды з паходнямі ў руках беглі мяцежнікі. Чуліся іх галасы і крыкі.

— Уцякайма! — крыкнуў сваім людзям Бойка.

Пустабрэх, які звязаў Лесю рукі, перадаў канец вяроўкі Частап’яну, і той, наматаўшы яе на руку, пацягнуў за сабой Дразда. Сам Пустабрэх падштурхоўваў палоннага ў спіну.

Мацей, скончыўшы рассыпаць порах, дастаў з ліхтара свечку і падпаліў яго, яшчэ хвіліну паназіраў на агеньчык, нібыта чакаў, што ён патухне — пабег да ўвахода. Калі ён выбраўся з падкопа, не паверыў вачам — на яго рухаўся агонь. Імгненне, і кардыгарда ўзляціць у паветра. Ён скокнуў да агню, нагамі затаптаў яго. У гэты момант у кардыгарду забеглі мяцежнікі. «Вось ён! Хапай яго!» — закрычаў Асташ Недабой, які першы паказаўся ў дзвярах і кінуўся да Кузьмініча. Мацей паспеў ухапіць пешню, што стаяла каля сцяны, і ёю выбіў шаблю з рук шляхціца.

— Ах, так! — ускрыкнуў Асташ, вырваў з рук аднаго з мяцежнікаў заражаны самастрэл і навёў яго на Мацея.— Развітвайся з жыццём, гад!

Мацей не паспеў нават спужацца, як раздаўся аглушальны выбух. Зямлю пад нагамі моцна страсянула. На галовы людзям са столі паляцелі пыл і церуха. Недабой ад нечаканасці паспешліва націснуў на спуск самастрэла — востры боль ударыў Мацея ў левае плячо. Застагнаўшы ад болю, губляючы сілы, Кузьмініч здолеў дабегчы да паходні, выцягнуць яе з жалезнай клюбы і з паходняй у руцэ адскочыў да мяхоў з порахам.

— Прэч адсюль,— закрычаў ён мяцежнікам.— Калі не хочаце світанак сустракаць на небе,— паднёс паходню да мяхоў з порахам. Мяцежнікі спыніліся, ураз прыціхлі. У цішы было чуваць, як трашчыць полымя паходні, ды ў сенцах мяцежнікі збівалі пешнямі замок з каморы, дзе былі зачынены тыя, хто капаў тут.

—Адзін крок — і я ўзрываю порах.

Ён адчуваў, як сілы пакідалі яго. Кружылася галава, ногі ў каленях дрыжалі, да горла падкатвала нудота. Вопратка на левым плячы набрыняла крывёю. Адна за адной кроплі крыві падалі на падлогу.

Ніхто не рашаўся падысці да яго. Мяцежнікі паціхеньку пакідалі кардыгарду.

— Схапіце яго,— неяк няўпэўнена загадаў Недабой.

Мацей апусціў паходню ўніз і запаліў рассыпаны Бойкам порах. Зыркі агеньчык зноў папоўз да мяхоў..

І мяцежнікі не вытрымалі гэтай небяспечнай гульні са смерцю, гуртам кінуліся да дзвярэй. Апошні выбег Недабой. Агонь падбіраўся да мяхоў, яму засталося пераадолець невялікую адлегласць. Мацей паспеў пакінуць кардыгарду, спусціцца з ганка, прабегчы метры чатыры, і бліснула вогненная зарніца, а пасля грымнуў выбух. Тугая хваля ўдарыла Кузьмініча ў спіну. Здалося, што тулава пераламалася напалам. Ногі пахіснуліся, і ён паляцеў тварам уніз.

А ззаду гарэла кардыгарда.

 

ІХ

Перад Глінскім на зямлі ляжалі целы трох забітых ноччу случакоў. Двух з іх засеклі каля замкавых сценаў яго вартаўнікі, калі атрад Бойкі вяртаўся ў замак. Адзін з іх быў Частап’ян, другі — вой Жданка Голы. Ад кардыгарды сюды ў табор прыцягнулі і цела Кузьмініча. Глінскі пазнаў шляхціца. Вось з-за гэтага рабачэка марна страцілася шматдзённая аблога Слуцкага замка, намаганні сотні людзей, не спраўдзіліся яго надзеі. Ну якая розніца гэтаму Кузьмінічу, хто будзе ўладарыць у Вялікім княстве: Жыгмонт ці Глінскі? Ці бачыў ён хоць раз на ўласныя вочы гэтага Жыгмонта? Але вось жа аддаў сваё жыццё за вялікага князя. Занадта дарагі кошт заплаціў гэты дурань за пустую клятву быць верны сваім уладарам. А можа, справа зусім не ў гэтым шляхціцы, ён толькі вынік, а не прычына. Як Брут быў выканаўца, але не прычынай смерці Цэзара — прычынай быў дэспатызм імператара, які выклікаў змову сярод сенатараў. Як вой-цэнтурыён, які забіў імператара Антаніна, быў толькі выканаўца, толькі тая рука, што прынесла венцаноснаму смерць, але не прычына яго смерці. Жорсткасць Антаніна спарадзіла жах і нянавісць да яго прыбліжаных, і вынік — смерць. І не прыдворныя Мамая былі прычынай яго смерці, а залішняя ўпэўненасць таго ў сваіх сілах. Адсюль непатрэбная ганарыстасць і асляпленне сваёй велічнасцю, адсюль і паражэнне на Куліковым полі, а варта толькі стаць безабаронным, як адразу знойдзецца той, хто захоча сесці на ханскі пасад. І можна прыводзіць шмат прыкладаў... Але тады і яго няўдачы заканамерныя. Так можна згадзіцца і з манахам Саванаролай. Тады на дыспуце, у Мядзічы, манах казаў на словы Макіявелі: «Якая веліч? Якое шчасце?Якая слава? Нам прапаноўваюць будаваць храм без бога. Гора таму храму, дзе няма бога — там служаць фарысеі і срэбралюбцы. Гора той дзяржаве, дзе гасудар правіць з дапамогай хітрасці, хлусні, жорсткасці. У гэтай дзяржаве веліч — гэта не веліч духа і дабра, а багацце каліты. Шчасце — гэта не служэнне людзям і богу, а сыты страўнік і асабісты спакой. Закон — гэта не абарона кволага ад моцнага, беднага ад багатага, а ўзаконенае беззаконне на абарону тых, хто захапіў уладу і багацце. У гэтай дзяржаве чалавек — нявольнік, а раб ніколі не будзе любіць дзяржаву, якая трымае яго ў няволі, і ніколі не стане ахвяраваць дзеля яе. Калі інтарэсы дзяржавы чужыя інтарэсам яе народа — дзяржава гіне. Колькі іх было такіх дзяржаў, дзе ўлада абвяшчала сябе змагаром за народнае шчасце, а сапраўды змагалася толькі за сябе, за ўладу над народам, заклікаўшы на дапамогу злахітрасць, падман, зброю. Але непазбежны канец гэтых дзяржаў. Нават Рым і той не пазбег гэтай долі. І толькі царства божае вечнае, царства веры і любові, і ўсе нашыя беды і няшчасці не ад таго, што ў нас няма моцнага гасудара, а ад таго, што мы забыліся, што наш гасудар — Бог. Ён даў нам сапраўдную мудрасць, сапраўдную праўду, сапраўдную прыгажосць. Дык чаму ўздумалі мы, што мудрэйшыя за госпада, ведаем, што трэба нам для велічы і шчасця. О вялікае падзенне для душ! Быць хрысціянінам і не жыць па-хрысціянску — значыць ганьбіць імя божае, казаў у пасланні да рымлянаў святы апостал Павел. Нагадаем жа пра свае абеты, што давалі мы ў святым хрышчэнні: забыцца на ўсякі грэх, жыць у дабрадзейнасці і чысціні, вераваць у вучэнне госпада Ісуса Хрыста, любіць адзін аднаго, як Хрыстос узлюбіў нас, каяцца і скупляць зло, што мы: зрабілі. Без гэтага, як чалавека, так і грамадства, чакае пагуба. Будзем памятаць, што мы закліканы выконваць такое ж анёльскае служэнне тут, на зямлі.I гэта аб’яднае нас, хрысціян, у адзінае братэрства вучняў і сяброў — Хрыстовых, братэрства, замацаванае вузамі ўзаемнага кахання». Але і манаху не ўдалося пабудаваць такое грамадства, такую рэспубліку, дзе б панавала божая ісціна, дзе ўсе былі звязаны вузамі ўзаемнага кахання і дабра. Пры першых жа выпрабаваннях, пры першых жа цяжкасцях увесь гэты рэлігійны тлум пакінуў галовы прыхільнікаў дамініканца, і яны ж самі пакаралі свайго ўчарашняга куміра і настаўніка. Галодны страўнік аказаўся важнейшы за любоў да бліжняга. Жыццё са сваімі суровымі законамі разбіла высакародныя памкненні. І што такое любоў? Вось мы думаем, што пачуццё ўдзячнасці сваім бацькам, прывязанасць да іх — гэта ёсць любоў да бацькоў. Нямала ён ведаў людзей, якія ненавідзелі сваіх бацькоў за тое, што тыя не пакінулі ім багатай спадчыны. А каб пакінулі? Любілі б іх? Дык што гэта за любоў за скарбы? Ці любоў да жанчыны. Колькі вершаў прысвяцілі ёй паэты, але хіба не ўпэўнівалі яго тыя ж паэты, што каханне да жанчыны .жыве да першай начы з ёю, а пасля каханне знікае — застаецца толькі жаданне насыціць плоць. Ды ён сам можа нагадаць, як пакутаваў ад кахання да жанчын, але, калі авалодваў імі, расчароўваўся. Нічога вабнага, чароўнага — усё як неаднойчы адбывалася. Як усё проста і звычайна. І як хутка надакучвалі тыя жанчыны, якіх, здавалася, кахаў.

Любоў да бога? Але любоў гэтая небескарыслівая, вымушаная перад жахам трапіць у пекла. І цяжка назваць гэта любоўю.

А калі і ёсць сапраўдная любоў — яна ахвярная. Любіць — пакутаваць. І мала хто можа ахвяраваць сябе на пакуты. Ды якія мы хрысціяне — мы засталіся язычнікамі, і сілы стыхіі і прыроды мацнейшыя ў нас за сілы духа, хаця бог у нас на вуснах, але не ў сэрцы. Гэта не разумеў Саванарола, захацеў пабудаваць храм з богам... і паплаціўся. Вось яна неадольная бездань паміж заклікам «Узлюбі» і жыццём, і не пераадолець яе.

— Княжа, што загадаеш рабіць з гэтымі,— адарваў ад роздумаў Глінскага Асташ Недабой, хітнуў галавой на забітых.

— На шыбеніцу,— рэзка загадаў князь і пакрочыў да шатра.

 

Усю ноч не клалася Яня спаць — чакала вяртання Леся: ці ўдалося яму вызваліць Мацея. Трывожылася і за брата, можа, што здарылася з ім, трывожылася і за Мацея. І не пакідала яе балючае пачуццё страты каханага. Нават падумалася, а што, калі ўсё кінуць і падацца ў Слуцак, але тут жа ахладзіла сябе. А як без яе матуля, айчым, брат? Як яна без іх? Не ў яе сілах забыцца на дарагіх і блізкіх людзей. З крыўдай падумала пра Мацея. Калі ён кахае яе, тады чаму ён перайшоў да Глінскага, чаму застаўся верным княгіні. Не ўсё роўна ад каго зямлю на кармленне атрымаць, не ўсё роўна за каго галавой рызыкаваць. Дык не, застаўся служыць Алелькевічам — валок зямлі даражэй стаў яму за каханую. Вунь Недабой і не таго дамогся ў жыцці: каралеўскай ласкі, пасады сотніка ў гетманскай ахове і ўсё прамяняў на яе каханне.

Пад раніцу яна стамілася, прылегла на ложак і пад успаміны пра былыя сустрэчы з Мацеем заснула.

Ніколі так яна не гнала каня, як зараз. Не заўважала ні хат, ні дрэваў, ні людзей, што спужана шарахаліся ад узмыленага каня. Пра тое, што на світанку некалькі слуцкіх ваяроў, сярод якіх быў і Мацей Кузьмініч, узарвалі падкоп і пры гэтым Кузьмініч і яшчэ два случакі загінулі, паведаміў Яні слуга, які прыехаў з коша да айчыма папытацца ў пані Ядвігі, ці з’яўляўся дома Лесь. Яня не паверыла ў Мацееву смерць. Не магла сабе ўявіць, што ўжо няма ў жывых чалавека, якога кахала, якога яшчэ ўчора цалавала, размаўляла, абдымала. Не, ён жывы, жывы... На слугавым кані паскакала ў кош. Каля вартавой брамы шлях перагарадзілі вартаўнікі. Дзяўчына нават не прыцішыла каня. Вартаўнікі ледзь паспелі адскочыць з-пад конскіх капытоў, злосна вылаяліся, позіркамі праводзілі адчайнага конніка. Віхорам праскакала яна па табары, спыніла каня каля княскага шатра, саскочыла з сядла і накіравалася ў шацёр, адвяла рукой дзіды, якія вартаўнікі скрыжавалі перад ёй. Глінскі сядзеў за пісьмовым сталом, адарваўся ад паперы і, хаваючы нездавальненне, спытаўся:

— Што такое, пані?

— Дзе ён?

— Пра каго ты пытаешся?

— Дзе Кузьмініч? Што з ім?

— Ах вось ты пра каго,— расчаравана працягнуў князь, зачасаў далонню лохан чорных валасоў, што ўпаў на лоб, падняўся з-за стала, падышоў да дзяўчыны, паказаў рукой на крэсла.— Сядай.

Яня не прыняла запрашэнне, нецярпліва пазірала на яго. Глінскі заклаў рукі за спіну, нервова сціснуў далоні ў кулакі, расціснуў іх.

— Кузьмініч,— гняўліва прамовіў Глінскі, на яго твары выступілі чырвоныя плямы,— слуцкі шпіг.

Я звязеніў яго, але нехта дапамог яму ўцячы. Сёння ён узарваў падкоп. З-за яго не ўдалося захапіць замак.

— Дзе ён? Што з ім, князь? — умольна гучаў Янін голас.

— Чаго ты хвалюешся за яго?

— Я кахаю яго. Ка-хаю,— выразна паўтарыла яна, каб князь зразумеў, што казала яна сур’ёзна.

— Ён загінуў.

— Не веру, не веру,— вырвалася ў дзяўчыны.

Князь убачыў яе паўнюткія адчаю вочы. І раптам са шкадаваннем падумаў пра сябе. Што слава? Што пасады? Што скарбы? Калі ён так і не пазнаў сапраўднага кахання, калі няма побач з ім чалавека, які вось так, як гэтая дзяўчына, хваляваўся б за яго. Вакол чужыя яму людзі, ад якіх трэба хаваць свае задумы і пачуцці, і нікому нельга верыць.

— Я хачу бачыць яго. Ён жывы?

— Я мовіў — ён загінуў. Па-маім загаду яго павесяць перад замкам, але дзеля цябе я дазваляю аддаць яго цела зямлі.

У яе падкасіліся ногі, перад вачыма некуды ўдалячынь паплыла постаць князя, грудзі сцяў шчымлівы боль. З цяжкасцю яна падышла да крэсла, апусцілася ў яго. У яе вачах стаялі слёзы. На гучанне званка ў княскай руцэ ў шацёр увайшоў слуга. Глінскі хітнуў галавой на дзяўчыну і вымавіў: «Дапамажы ».

— Не трэба,— прашаптала Яня, цяжка паднялася з крэсла і пакрочыла да выхаду.

Князь не спыніў яе, моўчкі паглядаў услед.

Цела Мацея яна адшукала за агароджай, што акружала кош. Яно ляжала разам з двума забітымі ноччу слуцакамі. Яшчэ здалёк убачыла тры нерухомых кодабы. І трэба было змірыцца — Мацей загінуў, ужо на свае вочы пераканалася ў гэтым, але ўсё ў яе душы супраціўлялася гэтаму жорсткаму прызнанню, хацелася верыць, што адбылася памылка і за Кузьмініча прынялі кагосьці іншага. З жахам і надзеяй набліжалася яна да забітых. Непадалёк ад іх корпалася чацвёра мяцежнікаў. Двое капалі ямы пад шыбеніцу, трэці прыбіваў да двух абчэсаных бярвенняў жэрдку. Чацвёртым быў Асташ Недабой. Ён прахаджваўся туды-сюды, нецярпліва паглядаў на працуючых. Убачыўшы Яню, Недабой паспяшаўся да яе. У куточках вуснаў хавалася ўсмешка.

— Князь загадаў аддаць яго цела зямлі,— вымавіла Яня.

Недабой не адказаў, прагна паглядзеў на яе твар, уздыхнуў.

— Я хачу развітацца з ім.

— Развітайся.

Яна падышла да забітых. Першым ляжаў здаравенны дзяцюк. Шкляныя вылупленыя вочы нерухома паглядалі ў неба. На зжаўцелым твары, па якім поўзалі мурашкі і мухі, скамянела з’едлівая ўсмешка, нібыта чалавек прытварыўся забітым і насміхаўся над тымі, хто лічыў яго нежывым. Шэрыя крупіцы мозгу з рассечанай галавы выцеклі на зямлю. За дзецюком ляжаў Мацей. Вочы яго былі заплюшчаны, твар збляднеў. Вялікая крывавая пляма чырванела на левым плячы. Стралу з цела нехта з мяцежнікаў паспеў выцягнуць. Яня апусцілася на калені, схілілася над Кузьмінічам.

— Мацей, Мацей,— з надзеяй паклікала яна.

І не пачула адказу. Асцярожна прыпадняла ягоную галаву з зямлі. З рота цягнулася праз усю шчаку рудаватая сцежка запеклай крыві. Хацела выцерці яе, але рукі не слухаліся, пальцы дрыжэлі. Убачыла на іх свежую кроў. На галаве крываточыла рана.

— Мацей, міленькі, адзавіся, адзавіся, не маўчы.

Яна прыпала вухам да ягоных грудзей. Кволымі, ледзь улоўнымі штуршкамі, даляцеў да яе слыху ход Мацеевага сэрца. Ён жывы. У нейкім сляпым прыпадку, забыўшыся пра ўсё, яна цалавала яго заплюшчаныя вочы, жорсткія вусны, цалавала рукі. Апамяталася, калі падышоў Недабой. Ратаваць. Зараз жа, не губляючы часу, ніводнай хвіліны.

— Недабой, ён жывы. Яго трэба выратаваць ад смерці.

— Каб потым князь пакараў мяне горлам. Я павінен яго павесіць.

— Я цябе прашу, Асташ. Калі любіш мяне — выратуй яго. Выратуй.

Абыякавасць бачыла яна ў яго вачах. Раптам усмешка рассунула яго шчокі ў дзве ломкія складкі.

— Калі мы абвянчаемся.

З-пад доўгіх вей на дзяўчыну глядзелі чорныя колкія вочы. З імі яна сустрэлася позіркам. Хвіліну-другую глядзелі яны адно на аднаго. Нейкі неспакой авалодаў Недабоем. Задрыжалі веі. На шыі крануўся коўцік. Недабой праглынуў сліну, ціха спытаўся:

— Ну што?

— Я згодна. Згодна,— паўтарыла Яня, нібыта спалохалася, што Асташ перадумае. Паднялася з зямлі.—Яму трэба тэрмінова дапамагчы, перавязаць, спыніць кроў.

— Мы зараз паедзем у Трайчаны і ў манастыры абвянчаемся.

— А як жа Мацей?

— Князь дазволіў яго пахаваць, дык вось нікому не прызнавайся, што ён жывы. Мы вывезем яго з коша, нібыта як забітага на могілкі. А ў прадмесці знойдзем хату, лекара.

Недабой падышоў да Кузьмініча, апусціўся на кукішкі, выцягнуў з похваў штылет і прыклаў яго да вуснаў параненага. Лязо штылета запацела. Кузьмініч быў яшчэ жывы, яшчэ дыхаў. Хто мог падумаць, што ад жыцця гэтага чалавека залежыць яго, Недабоеў, лёс. Хай будзе так, ён выратуе Кузьмініча, выратуе дзеля Яні. Не трэба, каб яна мучылася. Мінуць гады — суцішыцца боль страты, аслабее каханне да Кузьмініча, і будзе Яня ўспрымаць тое каханне, як захапленне юнацтва, прыемную прыгоду, але яго смерць можа пакінуць у яе душы негаючую рану... Недабой падазваў да сябе Шэршня і загадаў яму прыгнаць сюды воз, каб забраць Кузьмініча. Яшчэ палову гадзіны прыйшлося чакаць Шэршня з возам. Нарэшце ён з’явіўся. Параненага паклалі на воз і павезлі ў прадмесце. Варце, што спыніла іх пры выездзе з коша, Асташ растлумачыў, што па загаду Глінскага вязе хаваць на могілкі забітага — іх прапусцілі. Кузьмініча прывезлі ў прадмесце Востраў, тут за плату знялі хату і пакінулі яго там. Яня прамыла Мацею рану, перавязала яе. Ціхі стогн сарваўся з вуснаў Кузьмініча. І яна радавалася гэтаму стогну. Стагні, Мацей, адчувай боль, не аддавай сябе забыццю,

Адразу ж пасля гэтага шляхціц Асташ Недабой і Яня Дрожыч адправіліся ў Трайчанскі манастыр, дзе іх абвянчаў айцец Макарый. І стоячы пад вянцом са сваім будучым мужам, Яня не думала пра жыццё з ім, а трывожылася пра параненага, і сэрца сціскалася ад адчаю і плачу. Не чула гугнявага голасу святара, не чула і свайго, калі трэба было адказваць на пытанне, ці жадае яна стаць жонкай Асташа Недабоя, згодна вымавіла: «Так». З царквы яны выйшлі мужам і жонкай.

 

У той жа дзень яго перавезлі ў Падзеры да Цупрыяніхі. Яе адшукала Яня, сунула ёй свае жамчужныя каралі, каб усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі, хай нават з дапамогай нячыстай сілы выхадзіла Мацея. Напоямі, настоенымі на травах, прымочкамі з бабровага струменя, мазямі з барсучага і мядзведжага тлушчу лячыла Мацея лекарка. І паранены выжыў, гаілася рана, вярталіся сілы. Штодня да яго наведвалася Яня, садзілася каля ложка — сумна і задумліва паглядала на яго. Нешта адбылося з дзяўчынай. Не была яна, як раней, гаваркой, не зіхацелі радасцю яе вочы, калі і ўсміхалася яму — адчувалася, праз знямогу ўсміхаецца. На ягоныя пытанні, што здарылася, адмахвалася: «Ды нічога, не хвалюйся». І ўсё ж аднойчы спыталася ў яго пра Леся. Каб Мацей і свядома гнаў думкі пра Леся — усё роўна не збавіўся адчування той міжвольнай віны перад ім. Ён чакаў гэтай размовы з Яняй і палохаўся, ці зразумее яна, што не наўмысна прывёў ён яе брата да слуцакоў, што не па яго волі прымусілі Леся прывесці іх да кардыгарды.

— Ён вызваліў мяне і вывеў з прадмесця, але натрапілі на слуцкіх ваяроў, і яго вымусілі правесці іх па кошы да кардыгарды. Я быў у падкопе, а ён заставаўся наверсе,— Мацей перавёў дых, казаць было цяжка і ад болю ў ране, і ад горкіх успамінаў.— Калі я вылез з падкопа, ні слуцакоў, ні Леся не было. І што з ім, я не ведаю.

— І мы не ведаем нічога пра яго. Ці загінуў ён, ці ў палоне.

— Прынясі мне паперу і атрамант,— папрасіў Мацей.

Наступным днём ён напісаў ігумену цыдудьку, у якой пытаўся пра лёс Леся Дразда. Гэтую цыдульку занесла ў манастыр па Мацеевай просьбе Цупрыяніха. Праз дзень ён паслаў лекарку зноў да ігумена па адказ. Цупрыяніха прынесла ігуменаў ліст, дзе было напісана ўсяго адно слова «Палон». І цяпер Мацей ведаў, што рабіць. Як толькі ён выздаравее — з’явіцца ў кош мяцежнікаў і здасца ў палон, каб Дрозд мог абмяняць яго на свайго сына і Шыкуліча. Але рана, якая пачала гнаіцца, вымусіла яго два тыдні ляжаць у Цупрыяніхі. І толькі цяпер, ужо значна ўзмацнелы, калі рана зажывала, ён пакідаў лекарку. Яні ён растлумачыў, што перабіраецца ў манастыр, дзе яго дагледзяць манахі.

Ён ляжаў на возе, які дастала Яня. Прыемна пахла сенам, што падаслалі на дне воза. Мацей глядзеў на засыпанае зоркамі начное неба. Колькі іх? Таямнічае, загадкавае і прыцягальнае іх святло. Вунь пралягла Птушыная дарога, па якой птушкі вяртаюцца з далёкіх краёў на радзіму, а вунь Лель і Палель — заступнікі закаханых, а вунь Анёльскі воз, па якім некалі Люцыпар ляцеў проці бога, а далей вабіць сваім яскравым святлом Знача1. І нагадаў Мацей, як год назад ён разам з бацькам і двума парабкамі, якіх наняў бацька, вяршылі стагі. Працавалі па ранішнім халадку з задавальненнем і ахвотай. Адзін парабак падвозіў копны, другі разам з ім доўгімі драўлянымі віламі падаваў копны на стог бацьку, той на ляту падхопліваў копны граблямі і пластка за пласткай клаў у стог. Днём, успацелыя і разгарачаныя, яны пабеглі да рэчкі. На хаду распрануліся і булдыхнуліся ў ваду, распужаўшы шчупакоў, што выбраліся пагрэцца на мель. Прыемная прахалода вады асвяжыла, паабедалі ў цяньку дрэў, адпачылі і зноў за працу. Закончылі познім вечарам. Сонца закацілася за спічастыя вершаліны лесу. Павольна адгарэла малінавая зара, і начное сутонне апусцілася на зямлю. З рэчкі пацягнула прахалодай. У паветры стаяў мядовы водар разагрэтых сонечным днём траў і дрэваў. З лугоў крычалі перапёлкі і драчы, стракаталі конікі. Разагрэтая за дзень зямля астывала. Ехалі дадому пры першых зорках. Ён ляжаў на возе з сенам і пазіраў на зоркі. Прыемна было вось так пасля працы выцягнуць стомленае тулава на пахучым сене і марыць пра каханне, пра шчасце, пра славу, і жыццё здавалася ў той момант такім цудоўным і прывабным, што ён адчуваў сябе шчаслівым — вось дыхае гэтае настоенае на мядовых травах паветра, і прыемна ломіць ад працы стомленае тулава, і побач сядзіць бацька, а матуля дома чакае іх, згатавала смачную вячэру, а потым ён пабяжыць на сяльцо — туды, на бераг рэчкі, дзе ўсю ноч гарыць вогнішча і моладзь іграе на цымбалах, спявае, танцуе і крадком мілуецца, і ён малады, і ўсё жыццё наперадзе. Прыемна было думаць пра шчасце, каханне, славу, подзвігі. І вось мінуў амаль год. Многа пазнаў ён у жыцці. І зараз яно не ўяўлялася яму ваблівай дзяўчынай, з пунцовымі шчокамі і мілай усмешкай на прыгожых вуснах, а хутчэй часам паходзіла яно на злосную і жорсткую старую, што ўзабралася на скрыню з людскім шчасцем і жалезнай плешняй б’е па руках тых, якія хочуць гэтую скрыню адчапіць. Вось і яму дасталося. І тое, што здавалася добрым, раптам прымала звярыны выскал, а тое, што было злым, апранала маску дабра, тое, што лічылася праўдай, станавілася хлуснёй, а новай праўдай абвяшчалася ўчарашняя хлусня, а тое, што пужала сваёй непераможнасцю, заваёўвалася вельмі проста, затое прастата патрабавала непамерных ахвяраў, лёгкае, як цяжар пражытых гадоў, а цяжкае, як пушынка, падхопленая ветрам. І дзеля чаго ён жыве? Усё часцей і часцей ён задаваў сабе гэтае пытанне і не знаходзіў адказу. Раней усё было зразумелым: ён ажэніцца з Яняй, пабудуе дом, а пасля — дзеці, будзе выхоўваць іх; за службу атрымае ад княгіні добрую пасаду, зямлю, багацце і вось раптам —нічога не засталося. Яня ад’язджае ў Масковію, ён згубіў яе. А што далей? Служыць княгіні за валокі зямлі, за тое, каб набіць свой страўнік. І за гэта рызыкаваць жыццём, ісці паслухмяна на смерць, калі загадае княгіня. А калі дасць бог — застанецца жывы, ажэніцца з якой дзяўчынай і будзе жыць, як той Карп, без кахання і шчасця, злуючыся на сваё няўдалае жыццё і на жонку, пакутуючы ад думкі, што ўсё магло быць інакш. Што быў бы побач каханы чалавек, і кожны новы дзень прыносіў не расчараванне, а радасць. Як усё нікчэмна. Пустата і бессэнсоўнасць будучага жыцця ляглі на душы адчуваннем няшчасця.

За прадмесцем яны развіталіся. Ён трымаў яе цёплую далонь і паглядаў у схілены над сабою дзявочы твар, бачыў яе вочы — яны былі сумныя.

— Бывай,— мовіў Мацей.

— Не кажы «бывай». Мы яшчэ сустрэнемся.

Яня схілілася над ім і пацалавала. Збоку раздалося перханне — гэта падыходзіў Шэршань, які дзеля далікатнасці пакінуў іх адных. Усё.

— Яня,— ён падняўся з воза, схапіў яе за рукі.— Яня, не магу без цябе. Чакай мяне, я вярнуся да цябе, каб быць разам з табой. Мне ўсё роўна, дзе і каму служыць, толькі быць з табой.

— Не, Мацей. Я ўжо абвенчана з Недабоем. Прабач мяне, але так трэба было,— дзяўчына выслабадзіла далоні з ягоных рук і хуценька адышла ад воза, села ў коч, і слуга сцебануў каня.

Уначы было чуваць, як аддаляўся ўдалечыню конскі пошчак.

Чаму так трэба было? Яна здрадзіла яму. Усё цяпер ненавісным было — і жыццё, і непатрэбная ўжо вернасць Алелькам, і сумненні, і пакуты, і Недабой, і Глінскі, і княгіня... Не хацелася і думаць пра Яню, забыцца пра яе, вынішчыць з сэрца каханне да яе...

— Ну што, паехалі,— прамовіў Шэршань.

— Вярні каня ў кош.

— У кош? — здзіўлена адазваўся Шэршань.— Чаго гэта?

— Так трэба.

І зноў павольна хістаецца па дарозе воз.

 

1 Знача — сузор’е Вялікай Мядзведзіцы.


1992?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чаропка В. Храм без бога. Раман /Аўт. прадм. К. Тарасаў. - Мн.: Маст. літ., 1992. - 262 с. (Першая кніга празаіка).
Крыніца: скан