epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Геній смерці

Ён спяшаўся, і літары пад пяром атрымліваліся крывыя і няроўныя. «Мой адзіны сябар!» У яго не было сяброў, знаёмых хапала, а сяброў - ніводнага. Нікуды ліст гэты ён не адправіць, і паштальёны не будуць шукаць адраса таго, каму ён прызначаўся. «Вось пішу табе, бо няма болей да каго звярнуцца. Калі ёсць Бог, дык як ён мог дазволіць, каб растапталі святое для мяне. Колькі гадоў я нёс свой крыж. Я выбіўся з сіл. Год таму зразумеў, што ў жыцці я ніхто і нішто. Я рваўся да волі, а мяне зрабілі рабом. Я хацеў кахаць, а мне здраджвалі. Я верыў, а мяне падманвалі, я хацеў быць высакародным, а мной пагарджалі. Мне ўсё апрыкла. Але набрацца мужнасці, каб выйсці з гульні, я не мог. Заўсёды знаходзіў сабе адгаворкі. То шкадаваў маці, то запэўніваў сябе, што я народжаны для нечага вялікага, то падманваў сябе марамі пра шчасце, то прыдумваў сабе каханне, а то палохаўся болю. Год таму я адважыўся. Я ўжо не ашукваў сябе. Я памыляўся. У свае трыццаць - адчуваў сябе старым, якога ўжо нішто не радуе і ні ў чым не бачыць ён сэнсу. І я адважыўся. Гэта была не хвілінная слабасць, гэта было адзінае, што зрабіў я вартае ў сваім жыцці. Я палохаўся болю і крыві. Таму разбавіў у шклянцы нейкія пігулкі, што набыў у зельні, выпіў іх і лёг, каб заснуць. Мне хацелася пайсці туды без роздуму, без сумнен няў, без шкадавання, без боязі - ціха і неўпрыкмет. Не... Схапіла жывот так, што я ванітаваў проста ў ложку. Устрывожаная маці выклікала «хуткую». Выратавалі, хаця я ўсім казаў, што ў мяне быў апендыцыт. Паверылі, бо ніхто не хоча сабе турбот: важдацца і супакойваць няўдачніка-самагубцу. Мабыць, мяне ахоўвае анёл. Я адчуваю па начах яго подых на сваёй шчацэ - лёгкі, як вясновы ветрык. Чым заслужыў яго клопат? Я пазашлюбны, бацька мой памёр у вар'ятні, маці ненавідзіць мяне, бо лічыць, што з-за мяне сапсавала сваё жыццё. Дык навошта я нарадзіўся супраць волі Божай, супраць жаданняў бацькоў? Я стаў няшчасцем для другіх і сам быў нешчаслівы. Смерць - гэта збаўленне, і яна не палохае мяне. Да пабачэння, мой адзіны сябар.

Арыель».

 

Ён закончыў пісаць і падняўся. Гадзіннік, што вісеў над сталом, паказваў дзве гадзіны ночы. З-за сцяны чулася соннае чмоканне маці. Ад выпітага балела галава, хаця хмель ужо амаль прайшоў.

Ну што яшчэ застаецца яму? Ах... Так. Ён выключыў святло настольнай лямпы і ўпэўнена прайшоў па пакоі. З маленства жыў у ім Арыель. І гэтыя чатыры сцяны, як сябры, ратавалі яго ад людзей і ад жорсткага свету і, як ворагі, не пускалі да яго тых, што маглі б стаць яго сябрамі, сцераглі яго адзіноту. Ён апусціўся на калені перад кутом, дзе ўжо каторы год паглядалі з абраза святыя. Абраз называўся «Усім жалобным радасць» - стары, пісаны на дрэве. Фарба ад часу патрэскалася. Выменяў абраз на модны японскі плашч. Дзеля прыгажосці ўзяў, а вось і маліцца перад ім стаў. І такое адчуванне, што сцены не выпускалі яго малітвы. Тут, сярод сценаў, яны і знікалі, так і не пачутыя Богам. Але ж і цяпер ён звернецца да Ўсявышняга. І гэтую малітву прачытае не з малітоўніка. Ён мовіць усё, што ў яго на сэрцы. «У імя Айца, Сына і Святога Духа. Амінь, - перахрысціўся, паглядаючы ў цемру, туды, дзе вісеў абраз. - Божа, пачуй мяне. Вось я перад табой на каленях. Я стаміўся несці свой крыж, а ты не даеш мне сіл. Навошта ты пасылаеш на мяне свае выпрабаванні, я не Іоў. Я падмануты, я абрабаваны, я без надзеі і любові. Забяры маю стурбаваную душу. Не дай мне жыць у гэтым свеце са зласлівасцю і нянавісцю ў сэрцы. Даруй мне грахі свядомыя і несвядомыя».

На душы палягчэла. Нядаўнія думкі і крыўда здаліся Арыелю дробнымі і смешнымі. А што, калі Бог пачуў яго і ўбачыў з мільёнаў людзей чалавека, які ў адчаі ўзмаліўся, і выпрастаў над ім сваю далонь, каб паслаць міласць сваю? І было такое адчуванне, што зараз пачуе Божы голас. Адкуль такое? Арыель не мог растлумачыць. Вось мільганула думка - пачуе голас, і ён, паслухмяна паверыўшы ў гэта, чакаў. Адлічваў час гадзіннік, сапла за сцяною маці. Ён заплюшчыў вочы, слухаў, і здалося, што нехта даверліва шапнуў яму на вуха: «Чакай - будзе знак». Цуд, і з гэтым трэба пагадзіцца. І гэткая лёгкасць і прыемнасць на душы - адкуль яна? Ад Бога. Значыцца, да Бога дайшла яго малітва. Бог дапамагае яму, ратуе ад пакуты і адчаю. Хвіліну-другую ён чакаў, што пачуе яшчэ нешта, а пасля ў запале ўдзячнасці некалькі разоў перахрысціў сябе, падняўся з каленяў і, шчаслівы і радасны, пацалаваў абраз. Вострае лязо, што ляжала на стале, Арыель так і не ўзяў у рукі. Ён павінен жыць, бо яму будзе знак, які вызначыць яго шлях.

 

* * *

 

У халодным ложку Арыель скруціўся калачыкам і засунуў руку пад падушку. Так ён засынаў з дзяцінства. Але не спалася. То холад калаціў яго, то абліваўся потам. Сэрца цяжка білася ў грудзях. Арыель нават спалохаўся, што яно не вытрымае і спыніцца. Ён колькі разоў мяняў позу: клаўся на спіну, пераварочваўся на другі бок, але сон так і не змарыў яго. Пастараўся не думаць пра тое, што здарылася з ім. І тут жа ў галаве засела думка: вось у гэты момант яна, тая, якую ён кахаў, ляжыць у ложку з яго ворагам, і той абдымае яе - лапае сваімі вузлаватымі тоўстымі пальцамі, а яна, заплюшчыўшы вочы ад асалоды, адгукаецца на яго ласкі. Ён аж застагнаў з крыўды і адчаю: яна выбрала не яго, Арыеля. Яна засталася з ворагам. А з ім - Бог. Ён усцярог ад жанчыны, не вартай яго кахання.

 

* * *

 

Гэта быў не сон. Арыель не ведаў, што адбывалася з ім, але ён не спаў, усё ўспрымаў за рэальнасць і ўсё разумеў. Не было гэта і трызненнем. Вось ён - воін вялікай і слаўнай імперыі Рымскай. За той час, пакуль стаіць на варце, даспехі намулялі плечы, і ные ад іх цяжару спіна. У руках шчыт, а на рэмені - меч. Пад нагамі каменная падлога лёхаў. Толькі адзін вязень сядзіць за вялікімі драўлянымі дзвярыма ў камеры лёхаў. Чалавек называў сябе Ісусам, Божым Сынам. Там, наверсе, у палацы, пракуратар Іўдзеі Понцій Пілат раіўся з архірэямі ды фарысеямі пра далейшы лёс Ісуса. І пакуль не вынесены яму прысуд, сядзіць ён у гэтай каморы. Шкадобу выклікаў гэты збавіцель людзей. Калі вялі яго пад вартай у лёхі, ішоў згорбіўшыся, як стары; худыя доўгія рукі, бы перабітыя, бездапаможна матляліся ўздоўж яго няўклюднага тулава. Вярблюджая грубая накідка замяняла сарочку, парты знізу зіхацелі дзіркамі, штосьці прыцягальнае хавалася ў яго самотных чорных вачах, у гэтым мудрым і лагодным позірку, з якім ён зірнуў на яго, Арыеля. Гэта былі вочы не ашуканца, як казалі пра яго фарысеі, гэта былі вочы мудраца і настаўніка. І ўсё ж цяжка паверыць, што гэты няўклюдны, з космамі нечасаных валасоў на галаве жабрак, гэты чалавечак - Божы сын. Але ж натоўпы людзей слухалі яго казані, але ж і пра розныя дзівосы, якія ён здзейсніў, распавядаюць.

Хацелася загаварыць з вязнем, толькі забаранілі размаўляць з ім. І ён праходжваўся ад адной сцяны лёхаў да другой. На асветленых паходнямі сценах маўкліва сноўдаў яго цень. І ўсё ж не вытрымаў. Ну што здарыцца, калі загаворыць з Ісусам? Не ўцячэ ж ён? Падышоў да каморы і ціхенька грукнуў у дзверы. Там, за дзвярыма, каменная падлога азвалася шоргатам сандаляў вязня.

- Ісусе! Ісусе! - паклікаў ён.

- Што трэба табе, чалавек? - прагучаў голас вязня.

- Ісус, адкажы: ты Божы Сын?

- Людзі заўсёды хочуць доказаў. Але ў веры няма доказаў, і той, хто патрабуе іх, - сваім розумам і сэрцам не можа спасцігнуць тайны веры. Я і сам не ведаў, хто я, дзеля чаго нарадзіўся. Але прадчуваў, што я прыйшоў у гэты свет дзеля нейкай місіі. І ўвесь мой шлях - гэта шлях на Галгофу. Я вучыўся ў тых, хто выдаваў сябе за мудрацоў, але не знаходзіў у іх словах мудрасці. І гэта было не для мяне. Я кахаў жанчыну, а яна выбрала другога. І нічога не засталося ў мяне. У хвіліну адчаю ўзмаліўся я да Бога, толькі ён застаўся ў мяне, і пачуў адказ: «Чакай, будзе знак». І быў знак, і ўгледзеў я Духа Божага.

- Калі ж ты Божы Сын, дык разбуры гэтыя дзверы. Я не стану цябе затрымліваць.

- Кожны павінен прыняць тое, на што асуджаны, - адказаў Ісус.

- Тады растлумач. Вось ты кажаш: любі бліжняга свайго. А як мне любіць, хаця б таго Святонія, які ў мяне ўкраў пас. Як мне яго любіць?

- Любі і даруй яму, бо не ведае ён, што творыць. І не разумей мой запавет літаральна. Любіць бліжняга - гэта любіць і сваё «Я». Ты разумееш мяне?

- Хм...

- Не разумееш... Шкада.

Гэта былі апошнія словы, што нарадзіліся ў свядомасці Арыеля, якія ён памятаў. Пасля ён неўпрыкмет заснуў.

 

* * *

 

Прачнуўся позна. Як падняўся з ложка, дык адразу на яго накінулася маці:

- Зноў прыплёўся ўчора п'яны. І што гэта за пакаранне? Людзі вунь муку, мыла, крупы набываюць, а ў нас нічога няма. Яму нічога не трэба!.. І што за дур у чалавека?

Вось так штодня. Нібыта яму ў жыцці толькі і прызначана стаяць у чэргах. Куды ўцякаць? Як ратавацца?

- Чаму мне не пашчасціла, лепш бы я дзяўчынку нарадзіла, - працягвала крычаць маці. - Бабы кажуць: ты яго псіхіятру пакажы... Чаму я такая няшчасная? - Яна села на крэсла, дастала з кішэні замызганага халата насоўку і прыклала да вачэй. - Бог шчасця не даў ні ў чым ні грамулькі. Чуеўская сваім сынам не нахваліцца, а мне хваліцца няма чым, адно горкія слёзы.

Колькі разоў Арыель чуў гэтыя дакоры! Ён ужо не мог спакойна іх слухаць. Яго выводзілі з сябе і тая істэрычная інтанацыя, з якой гаварыла маці, і гэтая з дня ў дзень метадычнасць матчыных енкаў з-за жыцця, якое ён ёй сапсаваў. Не вытрымаў Арыель і цяпер.

- Што ты нясеш?!. - схапіў са стала керамічны куфель і кінуў яго ў сцяну. На падлогу ўпалі керамічныя аскалёпкі.

Маці загаласіла і ўскочыла з крэсла.

Ён, ляпнуўшы дзвярыма, выйшаў з кухні ў свой пакой. Злосць душыла яго вось на гэтае вар'яцкае жыццё, і чым больш ён думаў пра бессэнсоўнасць свайго існавання, тым больш хацелася ўбачыць яе, Ніту. Толькі яна магла прынесці аблягчэнне, і ён пазваніў ёй. Тэлефон яе маўчаў. А з кухні даносіўся і гнаў з кватэры матчын голас. Хутчэй адсюль, каб не чуць гэтай абразы, гэтых дакораў, што даводзяць да адчаю і злосці. І ён пайшоў.

 

* * *

 

Ён не заўважаў людзей, не разумеў, куды ідзе, адно думаў пра Ніту. У кавярні, куды яны ўчора зайшлі, быў і той, каго ён цяпер ненавідзеў. Не, нянавісць занадта высокае пачуццё. Ненавідзець можна асобу, а хіба гэтага чалавека, хай сабе і мясцовую славутасць, назавеш асобаю. Ён заслугоўваў знявагі. Яшчэ ўчора нясмелы правінцыйны хлопчык, ён ужо таго-сяго дамогся. Цяпер быў вядучы папулярнай у моладзі музычнай перадачы.

Арыель пазнаёміўся з ім выпадкова. Ганарысты і самаўпэўнены, ён не спадабаўся Арыелю. І вось учора ў кавярні яны сустрэліся зноў. Квадратны твар славутасці азыз ад п'янкі, а пад шэрымі кашэчымі вачыма віселі чорна-сінія мяшкі. Як гогалеўскі Басаўрук, ён цяжка, спадылба, паглядаў на п'яны базар у кавярні, на ўсіх гэтых шчасліўчыкаў - ім удалося накруціць такую-сякую капейку, якую цяпер прапівалі. Ён сумаваў і зняважліва крывіў вусны і, здавалася, як Басаўрук, затаіў нешта нядобрае на сэрцы.

Убачыўшы яго з Нітай, вядучы перасеў за іх столік. Ён прыцягнуў з сабою бутэльку таннай настойкі. Размовы не атрымлівалася. Ніта моўчкі паглядала на яго азызлы твар, і на яе пафарбаваных вуснах кволілася ветлая ўсмешка. Арыель чакаў аднаго - калі вядучы адчэпіцца ад іх. А ён наліваў у келіхі настойку, прапаноўваў Арыелю выпіць і ўсё хваліў сам сябе: і там пра яго надрукавалі, і туды яго запрашаюць, і стаміўся ён ад славы. Пасля стаў распавядаць пра эстрадных зорак: усе яны ў яго былі няўдольнымі, дробнымі інтрыганамі; усе здраджвалі і падманвалі, ненавідзелі; усе гналіся за спажывай.

- Зоркамі сябе ўявілі. Як жа? Самога Бога за бараду схапілі. І нікому не дадуць права ствараць новыя каштоўнасці. Павінна панаваць шэрасць, каб на яе фоне ў вочы не кідалася іх убоства, - ён з помслівай радасцю выліваў з сябе жоўць. - Вось такое наша мастацтва - вірлівае балота. Падзяліліся на кланы і грызуцца між сабою, але і моцных сварак палохаюцца, каб не парушаць спакою і пераварвання ежы.

- Гіне культура, - падвёў вынік Арыель.

- Ну і што? Пражывём і без культуры. Галоўнае - свет не загінуў, - адказаў вядучы і кульнуў чарку, абцёр кулаком вусны. - Паехалі да мяне ў госці. Ёсць што выпіць.

Ніта ўзрадавана заківала галавою, і нічога не заставалася, як сунуцца разам з імі. Вядучы жыў на гарадскім ускрайку, куды яны гадзіну дабіраліся на таксоўцы. Арыель не здзівіўся таму, што ўбачыў у кватэры незасланы ложак з пачарнелай бялізнай, непрыбраны ад бруднага посуду стол, а пад ім пустыя бутэлькі, раскіданыя па падлозе часопісы і газеты. Ды і гаспадар зусім не саромеўся за бедлам у сваім жытле, адразу дзелавіта распрануў Ніту, падсунуў ёй зэдлік. На апусцелы ад посуду стол выставіў бутэльку гарэлкі, паклаў некалькі яблыкаў, дастаў шклянкі. Ніта сціпла адводзіла позірк - рабіла выгляд, што разглядвае кнігі на паліцы.

- Вось паглядзіце. Прывёз з Германіі. - Вядучы зняў з паліцы альбом рэпрадукцый Дрэздэнскай галерэі і даў яго Ніце.

- А ты быў у Цвінгеры? - спытала Ніта.

- Не. У Цвінгеры не быў, а Дрэздэнскую галерэю наведаў. Вельмі шмат карцін рэлігійнага зместу. Бачыў і гэту, расхвалёную, «Сіксцінскую мадонну». Як яго? Рэмбранта. Нічога ў ёй няма геніяльнага.

Арыель сумна ўсміхнуўся. Шкада культуры, калі яе твораць вось такія дзеячы. А сапраўды, навошта такому нейкая там адукацыя, нейкія веды?

Зноў пілі. Ніта адмовілася. Арыель зразумеў, што гэты геній проста спойвае яго. Вечар, які Арыель хацеў прабавіць з Нітай, быў сапсаваны чалавекам, які пасмейваўся з яго.

- Хочаш, я табе нешта скажу? - раптам прапанаваў гаспадар бруднай каморы. - Выйдзем.

За дзвярыма ён, абапёршыся на сцяну рукою, нібыта адрэзаў Арыелю шлях назад, прамовіў:

- Пагасцяваў. Час і дадому, - хітравата заўсміхаўся, паказваючы буйныя зубы; з парванай на грудзях кашулі тырчалі валасы.

Вось гэтае ўбоства прэтэндуе на Ніту, на яго святую Ніту, да рукі якой Арыель баяўся дакрануцца.

- Ты мяне праганяеш?

- Я не праганяю, але ты лішні. Мог ужо здагадацца.

- Можа, ты лішні?

- Не крыўдуй на мяне, - паляпаў Арыеля па плячы і, як змоўшчык, прашаптаў: - Не хоча яна быць з табою.

Атрымлівалася неяк па-базарнаму бязглузда. Чаго спрачацца? Дурноты Арыель не выносіў. Адно - трапіць у дурное становішча, другое - паводзіць сябе як дурань. Хай сама Ніта вырашае. Ён не мае права ні на яе душу, ні на яе цела, ні на яе волю. Хоча застацца - хай застаецца, яе воля.

Арыель вярнуўся ў пакой, надзеў плашч.

- Я еду дадому, - мовіў ён Ніце.

Яна падхапілася з зэдліка:

- І я таксама.

Адлегла ад сэрца. Не, яна не збіралася заставацца з п'янай славутасцю ў парванай кашулі і з хіжай усмешкай на вуснах. Вядучы браў яго на «понт». Не атрымалася. Ніта не такая, яна бачыць, хто перад ёю. Але вядучы сказаў ёй:

- Застанься.

Ніта няўпэўнена замармытала нешта пра дом, і па інтанацыі яе голасу Арыель зразумеў, што яна не супраць застацца.

Арыель пакінуў пакой, ляпнуўшы дзвярыма. Ён яшчэ раз пераканаўся ў сваім убостве. А таму з яго можна смяяцца, яму можна здрадзіць, яго можна прыніжаць... І чым больш думаў пра сваё ўбоства, тым больш ненавідзеў вядучага. З вуснаў сарвалася: «Я праклінаю цябе».

 

* * *

 

Па вузенькай вуліцы старога горада Арыель выйшаў да невялічкай царквы. Яе рэстаўравалі, і рыштаванні абляпілі абшарпаныя сцены з аголенымі цаглінамі. Стромкая, у візантыйскім стылі, званіца стаяла без купала і крыжа. Вакол храма валяліся абрэзкі дошак, кавалкі цэглы, ляжалі кучы жвіру і смецця. У прытворы праз адчыненыя дзверы сноўдалі людзі. Сіратлівымі агеньчыкамі мігцелі ў іхніх руках свечкі. Арыель зайшоў у прытвор і ўбачыў там некалькі жанчын, адзетых у шэрыя простыя світкі. На яго ніхто і не зірнуў. Святло свечак падала на сцены прытвора, засяроджаныя твары людзей.

- І нямала законаў прыдумалі людзі, - гучаў з храма голас святара. - І вось Хрыстос даў людзям дзесяць запаведзей. І ў прастаце іх была ўся мудрасць чалавечага жыцця. Мы, людзі, адзіныя на зямлі істоты, якія адказваюць за свае думкі і ўчынкі...

І згадаў Арыель начную яву. Але ж жыццё, пра якое яму распавёў Хрыстос, супадала і з яго асабістым жыццём. Ён, Арыель, у юнацтве жыў крадзяжамі і рабаваннем людзей. Ненавідзеў сябе за тое, што мацнейшыя прымушалі яго рабаваць. І калі яго ахвяры ў жаху крычалі, учапіўшыся рукамі за сумку, крык гэты болем біў па ягоным сэрцы. Ён з бояззю нападаў вечарам на адзінокіх людзей, баяўся ўдарыць чалавека і баяўся, што боязь гэтую заўважаць яго хаўруснікі. Ён палохаўся, але краў, ненавідзеў сябе, але жыў злачынствам. Аднойчы яны напалі на двух п'яных дзядзькоў, і ён першы падляцеў і спрактыкаваным ударам нагі ў грудзі паваліў чалавека на брук. І тут - зыркае святло фар асляпіла іх. У той жа момант пачулася пранізлівае выццё сірэны, ён кінуўся ўцякаць. Жах перад міліцыянтамі, як адчай, надаваў яму сілы. А ўслед ляцела: «Сука! Сука! Дагонім!» Ён ведаў, што калі зловяць - будуць біць нагамі і дубінкамі доўга і балюча, ведаў, што пасля запхнуць яго ў турму, ведаў, што гэта будзе ўдар па маці...

Жалезная скрыня сметніцы стала яго схованкай. Патыхала гніллю і смуродам, а ён сядзеў у гэтым смярдзючым чэраве і жадаў аднаго: каб не знайшлі яго, і калі ён выблытаецца, дык забудзе пра хаўруснікаў, толькі б пранесла. Міліцыянты прабеглі міма...

Назаўтра, нічога не кажучы маці, ён узяў трохі грошай, пашпарт і з'ехаў з горада. Працаваў на заводзе, паступіў вучыцца ва ўніверсітэт на філасофскі факультэт. А філосафам быць не навучаць. Простае ў гэтым свеце ён не спасцігнуў, а на высокае і не замахваўся. Не для мудрасці ж нарадзіўся. Адчуваў, што нешта незвычайнае наканавана яму, а што? Вось і каханне не для яго... «Чакай, будзе знак». Што за знак? Як яго распазнаць? А можа, гэты храм і тое, што ён тут, і ёсць знак яго новага жыцця? Яму ж прарочылі, што абавязкова прыйдзе да ўлоння царквы. Казалі, што хворая яго душа і лекі ёй будуць горкімі. Няўжо ўсе яго пакуты - і ёсць лекі душы?

- Чалавек, які жыве для сябе, пражывае пустое і непатрэбнае жыццё... - пад гэтыя словы святара Арыель выйшаў з храма.

 

* * *

 

Дома яго чакаў сюрпрыз. Да маці прысунуўся яе даўні палюбоўнік. Палысеў на службе ў нейкай сельскагаспа дарчай канторы, дзе - хваліўся - васемнаццаць чалавек хадзілі пад ім, і меў ён асабовы блакітны лімузін. Колькі сябе памятае Арыель, палюбоўнік наведваў маці, будучы на падпітку, і заўсёды хваліўся ўладай над сваімі супрацоўнікамі. Шумлівы і задзірлівы, ён прыносіў у іх ціхі дом ажыўленне. Арыель, які не ведаў бацькоўскай ласкі, цягнуўся да яго. Слухаў п'яныя аповеды пра тое, як ён слаўна некалі ваяваў з ворагамі дзяржавы, як падарожнічаў па свеце, з кім з вялікіх людзей яму даводзілася выпіваць, хаця «вялікія» былі футбалістамі мясцовай каманды. Потым Арыель стаў дакараць маці за яе сябра. Тая злавалася, крычала, каб не лез туды, куды яго не просяць. І варта было палюбоўніку тыдні два не з'яўляцца ў іх доме, як маці злосна заяўляла: «З-за цябе не ходзіць Іван, як пачаў яго цкаваць, дык і не ходзіць. Каб не ты - мы пажаніліся б...»

У кватэру Арыель увайшоў незаўважна. З гасцёўні чуўся нізкі голас дзядзькі Івана:

- Што я, п'яны? А мне на ўсё напляваць. Быў чырвонец, зараз пашукаю.

- Што ты тут?.. - раззлавана крычала маці. - У чаравіках на дыване. І яшчэ паліць. Тут табе не прыбіральня... Ідзі, не тупай, сволач. Такая сволач...

- Перастань балбатаць. Нікуды я не пайду. - Ён колькі разоў ікнуў. - Я ехаў да цябе. Ты разумееш, ехаў да цябе.

- Ідзі, не лезь. Ідзі, не лезь... - верашчала маці. - Брудны прыпёрся. Не трэба мне. Ты чаго? Ты чаго? Прымі руку...

Пашчасціла, вечар сапсаваны. Хоць ты з хаты сыходзь. Зараз прычэпіцца са сваімі аповедамі.

- Арыель! А вось і я!

На парозе стаяў дзядзька Іван. Норкавая шапка з'ехала яму на вуха. З-пад расшпіленага паліто выглядаў гальштук, што выбіўся вонкі на пінжак. У зубах тырчэла папяроса.

- Што з ёй рабіць? - паказаў ён на сцяну, за якой засталася маці. - Паліць нельга, піць нельга. Нічога нельга рабіць. - Зацягнуўся і выпусціў з мясістых ноздраў струменьчыкі дыму. - Я з краю свету нёсся. Звар'яцець можна, а яна мне заварку такую дае. - Плюхнуўся ў крэсла, заклаў нагу за нагу, зноў зацягнуўся. Попел ад цыгарэты паляцеў на яго парткі. - Я ў сваім доме не чалавек. Прыйдзеш - адразу жонка выбягае: «Давай грошы!» Не, каб спытацца: «Ваня, ты стаміўся, будзеш вячэраць?» Дык не - ім патрэбны мае грошы, а не я. Колькі пакояў, а прытуліцца няма дзе. У адным жонка, у другім на машынцы дачка пстрыкае, у трэцім сын рок слухае, у чацвёртым...

Зараз вось рабі выгляд, што ты яго разумееш, спачуваеш яму. Ды напляваць, што там у цябе дома.

Іх размову перапыніў тэлефонны званок. Арыель падняў трубку - і пазнаў голас вядучага музычнай перадачы.

- Прывітанне! - бадзёра сказаў той. - Ну, скажу, Ніта - майстар на штучкі, такая распусніца... Хораша... Хораша... Ну, бывай. - У трубцы завылі гудкі.

Гэта быў забаронены ўдар. Вядучы ведаў, як біць - ніжэй пояса, каб перацяло дых. І каб не матчын палюбоўнік, Арыель нема закрычаў бы. Не, вядучы маніць, хоча выклікаць у яго душы нянавісць да Ніты, прымусіць адмовіцца ад яе, ганьбіць дзяўчыну. Ды толькі ад гэтых супакаенняў Арыелю лягчэй не стала. Лепш не ведаў бы ён і Ніты, і гэтага вылюдка, як лёгка і спакойна адчуваў бы сябе цяпер.

Увечары ён напісаў Ніце ліст. Хацелася неяк аблегчыць душу, даверыцца камусьці, і ён даверыўся паперы.

«Ніта! - вывеў яе імя. - Я кахаю цябе - не падазраваў, што так моцна і сур'ёзна. Учора гэта зразумеў. Я не хачу нагадваць пра тое, што здарылася. Тут не рэўнасць і не крыўда на цябе. І не абраза на таго, хто ў плечы выпхнуў мяне за дзверы, каб застацца з табою...»

Ён ні разу не пісаў любоўных лістоў і задумаўся, што яшчэ дадаць. Пераконваць Ніту высокім словам, што ён і дня не можа без яе? Не, трэба пісаць проста, шчыра.

«Я зведаў, што такое кахаць жанчыну, якая не адказвае табе. Тое пачуццё я перажыў, мабыць, таму, што не страціў веры ў сваё будучае. Але калі год таму ўсё паўтарылася, у мяне ўжо не засталося веры. Я расчараваўся ва ўсім. І ўжо болей не падманваю сябе. Я стаміўся ад жыцця».

Арыель не стаў пісаць пра сваю няўдалую спробу пакінуць гэты свет. Выглядала б гэта як скарга на лёс або самалюбаванне.

«Так, я сустрэў цябе. І баяўся, каб тое самае не паўтарылася ўжо з табою. Бог сведка, я гнаў кожную думку пра цябе. Наўмысна не вітаўся, пазбягаў сустрэч, насміхаўся з цябе, уцякаў. Толькі аднойчы ўначы прачнуўся і адчуў, што ты недзе блізка і зараз падыдзеш да мяне. Я ляжаў і думаў пра цябе, і на душы было прыемна. Прысуд мне быў вынесены. Памятаеш, калі я сустрэў цябе ў горадзе і сказаў: «Каханая». Я не жартаваў. Аднымі думкамі пра цябе я шчаслівы. Але лёс забірае цябе, а я не магу расстацца з табою. Мяне палохае будучыня, бо яна без цябе. Я кахаю цябе. Што мне рабіць?»

Але ён не ведаў адраса. І куды слаць гэты ліст? З Нітай на гэтым тыдні так і не сустрэўся. Кожны раз, калі ён тэлефанаваў, яна адказвала, што ў яе або госці, або няма часу з-за спраў, або прасіла перазваніць. А калі ён гэта рабіў, то ўжо не заставаў яе дома. Нарэшце зразумеў: яна пазбягае яго. Злаваўся на Ніту, кляўся забыць пра яе. Навошта ён сябе падманвае? Знайшоў прыгажуню. Ды такіх прыгажуняў... Адно што вочы - вабныя. Ці ж яна культурная і выхаваная, як пахвалялася? Проста ўмее міла ўсміхацца, прыгожа рухацца... І маўчаць, калі чаго не ведае. Навошта Ніта яму? Яна дачка нуварыша, а для іх, як бяльмо на воку, іх плебейскае паходжанне. Ім трэба хоць кропля высакароднай крыві, таму любы пародзісты стане мужам Ніты, але ні ў якім разе не просты рабочы, хай яна нават і пакахае. Так што ў яго, простага рабочага, ніякіх шанцаў.

Мінала колькі гадзін, і цягнула пачуць яе голас, убачыць яе. Ён зноў з пяшчотаю думаў пра яе. Зноў набіраў нумар тэлефона і зноў чуў у адказ ветлівыя прабачэнні: не стае часу... спяшаецца... госці ў яе. Пакутуючы, напісаў ёй другі ліст.

«Ніта, мой дарагі і родны чалавек! Я мару пра сустрэчу з табою. Калі каханне да цябе - падарунак лёсу, дык я ўдзячны лёсу. Калі гэта мая кара - значыцца, я прыму яе.

Нічога не зменіцца ў свеце? Хіба так? Кожны чалавек нясе зло ці дабрату людзям. Я веру, што ты нясеш добрасць і пяшчоту. І за гэта я кахаю цябе больш, чым за твае чорныя вочы, наіўную дзіцячую ўсмешку. Была б мая воля - стаў бы тваім анёлам-ахоўнікам, суправаджаў бы цябе, ахоўваў бы твой сон, каб хоць аднойчы пачуць з тваіх вуснаў словы ўдзячнасці. Але я бяссільны. Я кахаю цябе».

І гэты ліст, як і першы, Арыель паклаў у шуфлядку пісьмовага стала.

 

* * *

 

Пра смерць вядучага музычнай перадачы Арыель прачытаў у газеце. У некралогу гаварылася, што культура панесла цяжкую страту. Як гэта робіцца звычайна, пра нябожчыка кажуць толькі добрае: прызнаваліся яго вялікія заслугі, згадвалася пра яго сціпласць і высакароднасць. Ад чаго ён памёр - Арыель ведаў: значыцца, праклён яго збыўся. Не, гэта не супадзенне... Яго праклёны заўсёды збываліся, і таму яшчэ адно пацвярджэнне. Першы раз такое здарылася ў маленстве, калі ён прыязджаў на лета ў вёску да сваёй бабулі. Рукі ажно свярбелі, каб учыніць якую пацеху. Часта са сваімі хаўруснікамі ён дражніў немаладую кабету Фросю, якую ў вёсцы лічылі за вядзьмарку, казалі, што калісьці прыспала сваё дзіця-немаўля. Хадзіла яна апранутая ва ўсё чорнае, маўклівая і панурая, з нацягнутай на вочы чорнай хусткай і ў гумавых ботах, не заўважаючы людзей і не адказваючы на іх прывітанні. Сапраўды нешта вядзьмарскае было і ў яе паглядзе, і ў суровым маўчанні, і ў гэтай чорнай вопратцы. Каб не спасаваць перад іншымі, Арыель крычаў ёй услед: «Ведзьма!» І, мабыць, уеўся ёй у сэрца, бо аднойчы, калі праходзіў паўз яе хату, адчынілася брамка і з двара да яго выскачыла Фрося - чорныя вочы злосныя, ніжняя губа прыкушаная. Ён аслупянеў ад нечаканасці. Фрося ўдарыла яго ў бок бярозавай палянякаю. І не ад болю ён заплакаў - ад абразы і крыўды - і, як пабіты сабака, уцёк. «А каб ты падох, выблядак», - крыкнула ўслед яму Фрося.

Вось тады, зусім з недзіцячай нянавісцю ён агрызнуўся: «А каб ты сама здохла». Калі Арыель наступным летам зноў прыехаў у вёску, дык даведаўся, што Фросю знеслі зімою на кладзішча. Пачуў і не мог падумаць пра нейкую сувязь паміж яго праклёнам і гэтай заўчаснай Фросінай смерцю. Ну памерла - значыцца, надышоў час. І другі раз, калі пракляў чалавека і той памёр, Арыель не звязаў яго смерць са сваім праклёнам. Здарылася гэта ў юнацкія гады. Аднаго вечара яго акружыла хеўра п'яных хлопцаў. Кожнага з іх Арыель ведаў, але ж вось не чакаў... Біў яго Сыч - так клікалі высокага плячыстага юнака з дзёрзкім паглядам блакітных прыгожых вачэй. За што? Бязлітасна, з радасцю пераможцы і пахвальбой майстра наносіў Сыч удары: у твар, у пераноссе, пад дых. Арыель не супраціўляўся - пачні абараняцца, як гэтая п'яная хеўра ўся накінулася б на яго. Ён толькі сагнуўся і прыкрыў рукамі твар. Чуў, як нехта фальцэтам верашчаў: «Дайце, дайце мне ўдарыць». Увесь збіты, у сіняках, харкаючы крывёю, ішоў Арыель дадому і кляў Сыча.

Мінула некалькі гадоў. Пра Сыча Арыель нічога не ведаў. Аднак, мабыць, яму было ўдагоду яшчэ раз сустрэцца з ім. Арыель прысутнічаў на пахаванні супрацоўніка са свайго цэха. Не любіў пахаванняў. Іх гнятлівая атмасфера містычна дзейнічала, і ён з адчаем думаў, што жыццё - гэта ўсяго толькі павольнае паміранне і што чалавек, па сутнасці, жывы нябожчык. Каб не бачыць, як убівалася над памерлым мужам жонка, як плакалі яго дзеці і блізкія, Арыель блукаў сярод могілак і наткнуўся на мармуровы помнік. З партрэта на помніку паглядаў на яго з дзёрзкім выклікам у вачах Сыч. Арыель прачытаў надпіс. Трагічна загінуў. Не, не радасць адчуў Арыель, а шкадобу да гэтага хлопца. Былая крыўда забылася. Пра свой праклён ён і не згадаў. І толькі два месяцы таму здарылася тое, што прымусіла Арыеля задумацца. На працы ён пасварыўся з электрыкам Гукам. Звадка з-за дробязі - сапсаваўся станок, на якім працаваў Арыель. Гук наладзіў. Аднак станок зноў спыніўся. Раззлаваны, Гук выпаліў: «Я не павінен стаяць каля цябе». А тут яшчэ майстар са сваім: «Давай норму». Так, слова за слова - счапіліся. Гук схапіў Арыеля загрудкі: «Зараз як суну ў лыч, дык і канькі адкінеш». Ды Арыель таксама не вытрымаў: «Ты сам канькі адкінеш». Іх разнялі. Майстар у крык - нормы не выканаў, гультай. Амаральныя паводзіны, безадказнасць перад працоўным калектывам. Па дарозе дадому ў перапоўненым аўтобусе ў галаве чамусьці засела лічба восем. Вось раптам бах - і восем: ці то ўбачыў праз аўтобусную шыбу гэтую лічбу на нейкай афішы, ці то гэта быў час пачатку футбольнага матча, які хацеў паглядзець, ці то яшчэ штосьці... Праз тыдзень, восьмага жніўня, ён працаваў у другую змену. Дзень выдаўся спякотны. Не ратавала і газіраваная вада, якую - шклянка за шклянкаю - пілі рабочыя, вентыляцыя гнала ў цэх распаленае сонцам паветра. І праца не ладзілася. То ламаліся станкі, то стаяў канвеер, а то сапсаваўся маставы кран. Гук палез рамантаваць. Арыель стаяў у тупіку, куды загналі кран, таму ўсё, што здарылася, бачыў на свае вочы. Ужо па тым, як ішоў Гук, злёгку хістаючыся, Арыель здагадаўся, што электрык выпіў. Той залез на кран і нечага там корпаўся ў маторы. Нібы прадчуваў Арыель - зірнуў на кран і ўбачыў, як моўчкі, распластаўшы рукі, ляцеў долкі Гук. Арыель кінуўся туды, куды ўпаў Гук. Электрык нерухома, тварам уніз, ляжаў на кучы жалезнага лому. Арыель дакрануўся да яго і палахліва прагаварыў: «Падымайся». Яшчэ нешта казаў, сам не памятае што, пакуль не здагадаўся перавярнуць Гука. Невідушчы пагляд вачэй утаропіўся ўгору, па твары сцякалі кроплі крыві. Арыель паспрабаваў падняць Гука, але ад цяжару апусціў. Выбег на пралёт. Крычаў, клікаў да сябе. Ніхто не падыходзіў.

Калі «хуткая» забрала Гука, Арыеля выклікалі пісаць тлумачальную. У кабінеце начальніка сядзела кранаўшчыца, рукі яе дрыжалі, яна слова не магла вымавіць. «Ну што там з ім?» - спытаў начальнік у майстра. «Ды вось, пералом ног, ну, гэта дробязі, пабіў галаву - таксама дробязі...» Арыель ужо напісаў тлумачальную, калі зазваніў тэлефон. Начальнік узяў трубку. «Што? Памёр? - здзівіўся ён, яшчэ хвіліну-другую слухаў, што яму казалі, пасля паклаў трубку, незадаволена сказаў: - Ну вось, і ў гэтым годзе смерць. Падарунак да юбілею завода. Добра, што п'яны быў. Пракуратура не стане капаць. Ну, напісаў тлумачальную?» Арыелю засталося толькі паставіць дату, і ён вывеў - восьмага жніўня. Восем? Супадзенне? Нечаканая здагадка спалохала яго. Няўжо здзейсніўся яго праклён? І нагадаліся папярэднія выпадкі: не верылася, што яго слова нясе смерць. Немагчыма... Якая такая сіла ў яго праклёне? Не, гэтага не можа быць! Значыць... Той ноччу Арыель не мог заснуць. Як толькі заплюшчваў вочы - і ляцеў долу чалавек.

Мы жывём у гэтым свеце і думаем па законах гэтага свету, і што мы ведаем пра другі свет, непадуладны нашаму разуменню?.. Не жах, не разгубленасць, а злую радасць адчуваў Арыель. О, ён самы магутны на зямлі чалавек. Адно яго слова - і любы, ад просталюдзіна да прэзідэнта краіны, можа закончыць свой жыццёвы шлях. У гэтым свеце магутны той, хто мае грошы. І ён, Арыель, некаранаваны ўладар людзей, павінен штодня працаваць за сваім станком, выконваць сваю норму, каб мець такую-сякую капейку... Пры сваёй сіле ён - жабрак, нішто. Толькі можна прадаць сваю сілу, як мастак прадае свой талент, і зарабіць на гэтым вялікія грошы. Смерць, якую ён нясе людзям, - гэта збаўленне іх ад болю і пакут гэтага жыцця, ён адчыніць няшчасным дзверы ў іншы свет. Вунь ужо і вучоныя сцвярджаюць, што ёсць душа ў чалавека, нават сфатаграфавалі яе зіхаценне над памерлымі і вызначылі вагу гэтай душы. Значыць - ён без гвалту над людзьмі дапаможа іх душам пакінуць вязніцу з касцей і мяса. І хто ведае, можа, дзякуючы яму, многія выратуюцца, бо не паспеюць награшыць. Можа, ён, як Харон, толькі перавозчык душ? Хто ведае?

Не адмовіцца ён ад сваёй сілы. Ёсць цяпер і ў яго шлях да велічы. Ён той Звышчалавек, пра якога марыў Ніцшэ. Хай хрысціянства суцяшае кволых, выродлівых, нізкіх. А ён, моцны чалавек, ад спачування да людзей адно знясілее. Яго штурхае да дзеяння інстынкт жыцця, а задавальненне - доказ, што дзеянне яго правільнае. З чалавекам адбываецца тое самае, што і з дрэвам: чым больш яно імкнецца ўгору, да святла, тым з большай сілай імкнуцца карані яго ў глыб зямлі, у цемру - у зло. Так, здаецца, пісаў той, хто марыў пра Звышчалавека. Трэба знайсці таго, хто мог бы плаціць яму за збаўленне людзей ад жыцця. Спецслужба? Так! Дзе палітыка, там і палітычныя забойствы. Ды ён для іх сапраўдная знаходка: хай даюць за кожную яго ахвяру - дзесяць тысяч. І чым вышэй стаіць чалавек на іерархічнай лесвіцы - тым і плата вышэйшая. У яго будуць грошы, шмат грошай. Ён купіць тады і Ніту. І ў ложку з ім, разумеючы, што яна куплена, ненавідзячы сябе за сваю прадажнасць, прыніжаная і абражаная, яна пераканае сябе, што аддаецца яму не за грошы, а таму, што кахае яго. І гэта будзе помста за прыніжэнні, за той абразлівы для яго вечар.

Ніколі не адчуваў Арыель сябе так хораша, як цяпер. Ён уяўляў і новы прасторны дом, пабудаваны пад замак, утульныя пакоі ў ім, абстаўленыя мэбляй, карціны ў бронзавых рамах - гэта яго дом, дзе кожная рэч будзе радаваць сэрца, бо кожная будзе сцвярджаць веліч і значнасць свайго гаспадара - яго, Арыеля. Ён марыў пра мора, яхту. Марыў пра лімузін і ахову. Марыў пра Ніту. Ён палюбіў гэтае будучае жыццё, якое купіць за вялікія грошы, што атрымае за сілу свайго праклёну.

 

* * *

 

Спецслужба, такая патрэбная дзяржаве, займала цэлы квартал, забудаваны з высокімі калонамі дамамі, упрыгожанымі гербам дзяржавы на фасадах; гэта былі помнікі той эпохі, калі любілі стыль, які сімвалізаваў моц і неўміручасць імперыі. Цяжкія металічныя дзверы будынкаў рэдка адчыняліся. А на першым паверсе вокны сцераглі жалезныя краты. Гараджане прымхліва стараліся абыходзіць гэты квартал.

Арыель расчыніў непадатлівыя дзверы прыёмнага пакоя спецслужбы і апынуўся ў прасторным вестыбюлі. З высокага скляпення апускалася масіўная старамодная люстра. У святле лямпачак зіхацелі, як снег на сонцы, яе крыштальныя долькі. Абкладзеныя чорным мармурам сцены надавалі вестыбюлю выгляд прыёмнай залы гарадскога крэматорыя. Пакуль Арыелю выпісвалі пропуск, ён праходжваўся па мармуровай падлозе. Перад ім расчыніліся дзверы ў тайну, якая палохала многіх людзей. Але да крыўднага расчаравання ўсё здавалася тут пазбаўленым таямнічасці і значнасці. Службоўцы ў бюро прапускоў нічым не адрозніваліся ад людзей з вуліцы. Простыя дзяўчаты, якія працуюць у заштатнай канторы. Ні суровасці, ні сур'ёзнасці, а нейкая санлівасць ды абыякавасць да яго, аднаго-адзінага наведніка. Каля ўвахода самотнымі вачыма сачыў за Арыелем ахоўнік. У кутку, уладкаваўшыся ў крэслах з высокімі спінкамі, тры мужчыны ў гарнітурах строгага пакрою і пад гальштукамі гучна размаўлялі паміж сабою. Арыель прыслухаўся. У кампаніі распавядалі показкі пра вядомую спявачку.

Неўзабаве дзяўчына праз акенца выдала Арыелю пропуск - запаветную паперчыну, дзе значыліся яго прозвішча і нумар пакоя, які належала наведаць. Ахоўнік праверыў пропуск і пашпарт і прапусціў. Патрэбны пакой знаходзіўся на першым паверсе. За паліраваным пісьмовым сталом, на якім роўным стосам ляжалі папкі і стаялі два тэлефоны, сядзеў мужчына адных з Арыелем гадоў. І ён не быў падобны да тых супрацоўнікаў спецслужбы, якія грозіліся раней Арыелю: суровых і засяроджаных, з квадратнымі тварамі і пранізлівымі позіркамі насцярожаных вачэй. Мяккі інтэлігентны твар школьнага настаўніка, прыязны позірк маленькіх падслепаватых вачэй, якія супрацоўнік увесь час жмурыў, нібыта ад яркага святла, выклікалі прыхільнасць да гаспадара пакоя.

- Дзень добры, - павітаўся Арыель і застаўся стаяць ля дзвярэй.

- Добры дзень, - павярнуў галаву да наведніка супрацоўнік. - Праходзьце і сядайце, - паказаў ён рукою на крэслы, што стаялі ля сцяны насупраць стала. - Якая справа?

Арыель прайшоў па дывановай дарожцы на сярэдзіну пакоя, паклаў на стол пропуск, сеў. Супрацоўнік вастрыў ножыкам аловак.

- Гаварыце, гаварыце, - ён не пераставаў аточваць аловак. Раптам лязо нажа разанула яго па пальцы. З раны пацякла кроў. - Ах, оперны тэатр!.. - усклікнуў ён, выцягнуў з кішэні клятчастага зялёнага пінжака насоўку і заматаў палец. - Я слухаю, - зірнуў на Арыеля.

- Вам патрэбны забойца? - спакойна спытаў Арыель і ўтупіўся ў супрацоўніка. Той апусціў вочы, усміхнуўся, нібыта пачуў няўдалы жарт, зірнуў на насоўку, на якой выступіла чырвоная пляма.

- Наша служба - ахова грамадзян. Супраць забойстваў мы і змагаемся, - павучальна прамовіў супрацоўнік. - Вось яны, стэрэатыпы мяшчанскага ўяўлення пра нас. Усе думаюць, што мы тут займаемся забойствамі няўгодных дзяржаве грамадзян. А мы, наадварот, абараняем вас.

- Я магу ліквідаваць любога чалавека, і ніхто не ўстановіць, што яго забілі. Мне не патрэбны ні філёры, ні агенты, ні зброя. Ніякіх сенсацыйных выкрыванняў. Усё ціха і гладка.

- Хм... - Твар супрацоўніка пасур'ёзнеў. Яго пільны позірк палохаў Арыеля сваёй прыцягальнасцю і халоднасцю.

- Любы чалавек у вашай уладзе - і ў краіне, і за яе межамі, у любы момант яго можна ліквідаваць...

- І як гэта вы зробіце?

- Гэта мой сакрэт.

- Што вас прымушае стаць забойцам?

- Мяне не цікавяць палітычныя матывы. Мне ўсё роўна, якая ўлада. Плаціце толькі грошы... Дык я патрэбны вам? Там, дзе палітыка, - там заўсёды ёсць людзі, якія некаму перашкаджаюць. Ёсць чалавек - ёсць праблема. Няма чалавека - няма праблемы.

- Хвілінку, - спыніў яго супрацоўнік, зняў трубку тэлефона і набраў нумар. - Ало, трэці, гэта я, дзесяты. Тут для вас ёсць кадр. Ага, зразумеў. - Ён паклаў трубку, прыязна і задаволена заўсміхаўся. - Зараз вырашым, пайшлі.

На ліфце яны падняліся на трэці паверх. Шырокім калідорам, засланым чырвонай дывановай дарожкаю, прайшлі да пакоя, на дзвярах якога красавалася металічная лічба «3». Супрацоўнік адчыніў дзверы і прапусціў наперад Арыеля. Гэты пакой быў прасторны і ўтульны, каля акна, занавешанага зялёнымі шторамі, стаяў на гнутых ножках масіўны стол. Каля сцяны - мяккая канапа і маленькі часопісны столік, па кутах - крэслы. Каля другой сцяны ў шафе на паліцах красаваліся пераплётамі, ціснутымі золатам, тоўстыя кнігі. Пад столлю вісела крыштальная люстра.

З-за стала насустрач наведнікам падняўся гаспадар пакоя.

Ад здзіўлення Арыель ледзь не ўскрыкнуў - перад ім стаяў дзядзька Іван.

- Рады вас вітаць, - працягнуў ён Арыелю маленькую далонь. - А вы - свабодны, - адпусціў ён Дзесятага. - Сядайце, - правёў госця да канапы.

Гаварыў ён ціха, ветліва, з тактам. Наліў з тэрмаса ў кубачкі кавы, дадаўшы магічнае: «Бразільская». Сам сеў на канапу. Кароткімі глыткамі піў каву, вытанчана, як жанчына, трымаючы пальцамі кубачак.

- Я - Феб Лаўша, - прамовіў ён. - І забудзь, хто я для цябе... Ну, што прывяло сюды?

- Я магу ліквідаваць любога няўгоднага ўладзе чалавека. Без кулі, без атруты, без катастроф... І ніякіх слядоў, ніякіх памагатых, - так і не дакрануўшыся да кавы, адказаў Арыель. Каб выглядаць самаўпэўненым і спакойным, ён закінуў нагу на нагу і склаў на грудзях рукі.

- Ты - чалавек сур'ёзны і разумееш, што служба ў нас небяспечная і нялёгкая.

- Мяне гэта не палохае.

- Выдатна, Арыель. І як жа ты рашыўся забіваць людзей?

- Гэта маё прызванне.

Феб пакруціў галавою. І было не ясна, ці асуджаў ён Арыеля, ці зрабіў так ад здзіўлення. Але твар яго заставаўся па-ранейшаму ветлівым, усмешка не пакідала яго вуснаў. У гэты момант дзверы ў пакой адчыніліся - увайшоў малады чалавек, адзеты ў класічны чорны гарнітур з шырокім гальштукам. Адно не пасавалі яму доўгія, да плеч, валасы і нахабная раскутасць. Ён кінуў на стол тоўстую кардонную папку і скрозь зубы працадзіў:

- Тое, што прасілі.

- Дзякуй, - акурат японец, хітнуў галавою Феб і, калі малады чалавек выйшаў, падняўся з канапы і сеў за стол.

- Хіба ёсць такое прызванне - забіваць людзей? - разгарнуўшы папку, спытаў ён.

- Ёсць. Кожная праца мае свайго майстра і свайго генія. Дык вось я - геній смерці. Буду пазбаўляць людзей ад страсцей гэтага свету, ратаваць іх душы ад мітусні і грахоў.

- Вось як? - перабіраючы ў папцы паперкі, адказаў Феб і раптам адарваўся ад іх і спытаў: - У вас на заводзе загінуў чалавек. Ты з ім пасварыўся. Што скажаш пра яго смерць? - Гаварыў ён ціха, гледзячы Арыелю проста ў вочы.

Арыель не здзівіўся гэтаму пытанню. Такая тут служба - ведаць пра ўсіх усё. І, пэўна, гэтая папка - дасье на яго самога. Нехта збірае весткі, цікуе за кожным крокам і даносіць сюды.

- Зваліўся п'яны з крана.

Феб усміхнуўся, маўляў, паверыў.

- А вядучага ты ведаў?

- Ведаў.

- Паміж вамі не ўзнікала ніякіх праблем? Ну, скажам, з-за жанчыны?

Стала ніякавата. Гэты ветлівы чалавек - вось зазірнуў у папку - і ўсё ведае пра яго, Арыеля, нібыта наскрозь бачыць душу, чытае думкі.

- Мне з ім не было за што сварыцца, - са штучнай абыякавасцю адказаў Арыель.

- Так, так. Я прагледзеў тваё дасье. Ні ў чым антыдзяржаўным ты не заўважаны. І характарыстыка добра надзейная... Карыстаешся аўтарытэтам... актыўна ўдзельнічаеш... палітычна свядомы... палітыку разумееш... добра сумленна адносішся... маральна вытрыманы... Аднак ці не перабольшваеш ты свае магчымасці?

- Не перабольшваю. Гэта я пажадаў, каб загінуў Гук, я пажадаў смерці вядучага...

- Я не пытаю, як ты гэта зрабіў. У кожнага майстра - свая тайна. А ты ж геній - геніяльнае цяжка зразумець. Падпішы вось гэты дакуменцік... - Феб дастаў з шуфлядкі аркуш паперы і паклаў яго на стол.

Арыель падняўся з канапы і падышоў да стала. Перад ім ляжаў бланк. Чорныя друкаваныя літары лаканічна паведамлялі: «Я - ішоў пропуск для ўпісання прозвішча, імя - паступаю на службу Дзяржаўнай аховы грамадзян, прымаю абавязак выконваць усе заданні, якія мне даручаць, без нараканняў слухацца начальства і захоўваць тайну службы». Арыель прачытаў гэтую ці то прысягу, ці то інструкцыю, узяў ласкава працягнутую Фебам асадку і ўпісаў сваё імя «Арыель Бергель», а ўнізе распісаўся.

- Вось і слаўна, вось і слаўна! - Феб кончыкамі пальцаў схапіў паперку за куток і паклаў яе ў папку. - Будзем працаваць. - Калі ён загарнуў папку, у вочы Арыелю кінуўся старанна выведзены чорным атрамантам подпіс: «Справа № 567890123. Арыель Бергель».

- Табе даручаецца важнае дзяржаўнае заданне, - Феба як падмянілі: вочы засцюдзянелі, твар пасур'ёзнеў, а голас загучаў сурова. Ён падняўся з-за стала і, заклаўшы рукі за спіну, пругкім крокам пранёс сваё тулава да сцяны, на якой вісеў у бронзавай рамцы фатаграфічны партрэт прэзідэнта краіны, спыніўся.

- Ты павінен яго ліквідаваць, - Феб на хвіліну змоўк, а пасля павольна падняў руку і пальцам паказаў на партрэт.

- Прэзідэнта? - спалохаўся Арыель.

- Так, яго, - дзелавіта хітнуў галавою Феб. - Заўтра ён наведвае вайсковыя могілкі... Там ты яго і сустрэнеш. Дапамога табе, як я зразумеў, не патрэбная.

- Колькі мне заплацяць?

- Пяцьдзесят тысяч.

- Мала.

- Сто.

- Згодны.

Феб падышоў да сейфа, уставіў ключ у замочную адтуліну, крутануў раз-другі і пацягнуў на сябе масіўныя дзверы.

З-за спіны Феба Арыель не бачыў, што ўзяў з гэтай жалезнай скрыні яе ўладар. Феб схаваў ключ у кішэню, павярнуўся:

- Вось табе аванс. - У правай руцэ ён трымаў ладны стос новых купюр, перацягнутых паласатай паперкаю.

Адразу такая ўдача - сто тысяч! Яшчэ пару такіх заказаў - і можна пачынаць свой бізнес. Яму трэба шмат грошай - яны дадуць свабоду, моц і рэальную ўладу над людзьмі. А прэзідэнт нібыта і добры чалавек, нават дзяржаўныя рэформы спрабуе ажыццяўляць. Але што яму, Арыелю, да рэформ. Тут сто тысяч. За такую плату не шкада і прэзідэнта.

У добрым настроі вяртаўся Арыель дадому. Будучыня нарэшце расчыніла перад ім дзверы туды, дзе святло, дзе пануюць гармонія і шчасце. Вакол яго плыла людская рака. Твары, твары. Нехта з гэтых людзей не зводзіць з яго вачэй, адзначае яго кожны крок. Хто? Азірнуўся. Людзі, не заўважаючы Арыеля, праходзілі міма. Але ж нехта цікуе за ім. Не можа быць, каб цяпер за ім не прыставілі філёра. Цяпер ён асоба не дробная. Такое ўяўленне, што ён раптам апынуўся ў клетцы, дзе ўся яго свабода вызначалася межамі жалезных кратаў. Можна лічыць сябе вольным чалавекам, калі не падыходзіць да гэтых кратаў, не ведаць пра іх, а калі падышоў, калі ведаеш, што твая воля толькі падман, як тады? А тады цягне вырвацца на сапраўдную волю. Яму захацелася раптам кінуцца ў першую падваротню і ўцячы, каб той невядомы, што ідзе следам, згубіў яго. Каб не цікаваў, каб нічога пра яго не ведаў.

Але куды ўцячэш, куды схаваешся? І ён пайшоў па горадзе з непрыемным адчуваннем, што за ім, бы цень, ідзе той, хто павінен ведаць кожны яго крок.

 

* * *

 

Можа, пазваніць Ніце ды падацца ў якуюсь рэстарацыю? Ён, не распранаючыся, ціхенька прайшоў у свой пакой, схаваў у шуфлядку стала грошы.

На гэты раз ён застаў Ніту. Яна не абрадавалася яму. Уражанне было такое, што ён ужо надакучыў ёй сваімі званкамі. У голасе Ніты гучала незадавальненне. Яна адмаўлялася ісці з ім, чакала ў госці сябра - вельмі выразна прамовіла гэтае «сябра». Можна было класці трубку, але ён хацеў пачуць ад яе хоць адно добрае слова. Не ведаў, што і сказаць ёй, і яна маўчала. На яго пытанне, як яна жыве, хмыкнула: «А што табе да майго жыцця?» Размовы не атрымлівалася. «Ну, добра», - сказаў ён, і Ніта адразу ж, не дачакаўшыся яго «да пабачэння» і не развітаўшыся з ім, паклала трубку. Ён сядзеў абражаны, з крыўдаю на ўвесь свет. І зласлівае пачуццё помсты несла яго душы палёгку: ён мог знішчыць і новага Ніцінага сябра, прыніжэння ён болей не сцерпіць. У люстэрку адбілася яго помслівая ўсмешка, сцятыя моцна вусны дрыжэлі ў куточках. Арыель, убачыўшы сябе, спалохаўся. Гэта была ўсмешка д'ябла.

 

* * *

 

Амаль гадзіну ляжаў Арыель у ложку і тупа глядзеў на столь. Ні пра што не хацелася думаць. Яму нават спадабалася ляжаць такім абыякавым да ўсяго. Тэлефонны званок адарваў Арыеля ад роздуму. На яго здзіўленне, званіла Ніта.

- Арыель, сумуеш? - данёсся з трубкі бадзёры голас.

- Я па табе заўсёды сумую, - адказаў ён і пачуў, як дзяўчына засмяялася.

- Калі так, дык я запрашаю цябе ў «Альбу».

Ён не паверыў. «Альба» - самая дарагая рэстарацыя ў горадзе. Адна вячэра там каштавала яго месячны заробак. І вось Ніта сама запрашае яго туды. Дзяўчына, нібыта здагадаўшыся, што хвіліннае маўчанне Арыеля выклікана яго здзіўленнем, паўтарыла:

- Я запрашаю цябе ў «Альбу», - і дадала: - Я сама за ўсё плачу. Толькі не задавай пытанняў. Можаш лічыць, што гэта мой капрыз. Чакаю... Каля «Альбы», - яна паклала трубку.

Гэта чаму ёй раптам заманулася запрашаць яго ў рэстарацыю? Штосьці тут не тое. Нейкі патаемны намер мела яна ў галаве. Хоць бы і так, ды толькі не адмовішся ад яе прапановы.

Што ж...

 

* * *

 

Па небе паўзлі шэрыя хмары. Горад быў заліты агнём неонавых вітрын. Перад шклянымі дзвярыма рэстарацыі, як заўсёды, сабраліся тыя няшчасныя, што не трапілі ў яе. Стары швейцар з пасівелай галавою, адчуваючы сваю важнасць, ганарліва стаяў на вахце запаветных дзвярэй, не заўважаючы тых, хто мёрз вонках. Швейцар выпусціў з залітага святлом чэрава рэстарацыі купку іншаземцаў, вясёлыя і бесклапотныя, яны гучна смяяліся. Смуглявая дзяўчынка ластаўкай лётала паміж іх. Божа, каб у яго была такая дачка ад Ніты! Самотнымі вачыма ён праводзіў гэтае анёльскае дзіця.

Чакаць Ніту доўга не давялося. Арыель убачыў, як выйшла яна з залы і, заўважыўшы яго, радасна памахала рукой. Нешта сказала швейцару, і той павольна адчыніў дзверы.

- Не дзівіся, Арыель, проста мне сумна тут сярод чужых.

А можа, і сапраўды яна хацела пабачыць яго. Можа, сярод многіх людзей, з якімі яна так лёгка сыходзілася і расставалася, Ніта адчула, што ёй не хапае яго, Арыеля. О, каб так гэта было!

Швейцар пакорліва пакланіўся яму і паспяшыў дапамагчы зняць плашч. У пярэдняй зале каля сцен пыхкалі цыгарэтамі размаляваныя, адзетыя ў квяцістыя адзежы дзявулі. Ён у старым швэдры, памятых штанах і стаптаных чаравіках выклікаў у іх вачах знявагу. Раней адчуў бы сваю нікчэмнасць і прыніжанасць, а цяпер - нахабна абвёў прысутных позіркам прымружаных вачэй і ўсміхнуўся д'ябальскай усмешкаю - куточкамі вуснаў. Убачыў, як збляднелі спалоханыя дзявулі. І было ў гэтым жаху перад ім хмельнае пачуццё задавальнення.

Усё здавалася яму тут фальшывым, як гэтая стылізаваная пад старасвецкую карчму зала: камін, у якім ні разу не гарэў агонь, разныя сталы, якія і гадоў пяць не паслужылі тым, хто на іх баляваў, цьмяныя ліхтары ў металічнай аправе. І людзі тут былі фальшывыя. Прывабнасць жанчын з галівудскімі ўсмешкамі была ўсяго толькі платаю за тое, што іх прывялі сюды кавалеры. І мужчыны толькі таму былі галантныя, бо хацелі выдаваць выхаванымі, а на самай справе думалі, як пакласці сваіх жанчын у ложак, спакусліва паглядалі на іх лыткі і аголеныя плечы. Усе ігралі адведзеныя ім ролі, наколькі дазваляў ім іх талент пераўвасаблення.

Арыель сядзеў за столікам насупраць Ніты.

- Ты любіш рэстарацыі? - спытаў ён Ніту, калі афіцыянт, галантна схіліўшыся над столікам, наліў у крыштальныя келіхі з высокімі ножкамі шампанскага.

- А што? Тут весела, ёсць пачуццё свята, - манерна адказала Ніта і вытанчаным рухам рукі паднесла да вуснаў келіх.

- Але і свята стамляе.

- Куды больш стамляе жыццё, якім ты жывеш, - яна раззлавана адставіла келіх убок. - Ну што ў ім добрага? Гарбацішся за бясплатна... Ты ж ніхто. А я хачу жыць іначай.

Каб раней Арыель пачуў такое ад Ніты, дык палічыў бы сябе абражаным, але цяпер, калі ў яго кішэнях ляжалі тысячы, ён толькі пасмяяўся з дзяўчыны. Але так і не адказаў ёй, бо яго ўвагу прыцягнуў п'яны стары з бародкаю і вусамі, які, хістаючыся на кароткіх нагах, выпаўз на сярэдзіну залы і, узмахнуўшы рукою, пракрычаў:

- Я хачу спяваць!

Яго ніхто не слухаў, ён затупаў нагамі на адным месцы, завіхляў задам і заспяваў:

Дзеўкі вы... па-па... так яму і нада...

Опа, опа, дзеўкі вы... па-па...

Затым ударыў кулаком у грудзі і сказаў:

- Я люблю спяваць! Я такі, вы мяне ведаеце.

Ды гэта ж дзядзька Іван. Як яго? Феб Лаўша. І вось ад гэтага ўбоства залежыць яго, Арыелеў, лёс, і лёс прэзідэнта краіны, і лёс тысяч і тысяч людзей. Мабыць, у чалавека самае развітае пачуццё - пачуццё жаху. Жах перад таямнічай і злавеснай спецслужбай адняў у людзей волю і гонар. Але калі яны б даведаліся, што вось гэты п'яны смарчок і ёсць адзін з тых, хто трымае іх у жаху, то, пэўна, учарнелі б ад крыўды. А можа, дзесяць разоў шкадавалі б, што ўбачылі яго ў такім стане?

- І не трэба... Ведаю я Маркса, - закрычаў Феб і пагразіў камусьці пальцам. - Ведаю палкоўніка Маркса, разам служылі, яго няма, а я ёсць і буду. Магу палец адкусіць сабе. Я такі. Я такі. Я жалезна магу палец адкусіць або нос. Хто хоча? - Ён засунуў палец у рот і агледзеў залу. - Я такі... Усе мае пяць братоў рэстарацыямі загадваюць, а я - паэт. Усе мяне гоняць, нават унучка за нос кусае. Я вам зараз свае вершы...

Але Фебу не далі прачытаць вершы. Да яго падскочылі два ладныя хлопцы і пад рукі павялі з залы.

- Ты так глядзеў на гэтага старога, што я спалохалася... - Ніта пахітала галавою.

- Ай, вось дурное ўсякае лезе ў галаву.

Зноў загучала музыка - мякка і пяшчотна. Быццам плакаў пра нешта страчанае саксафон, які вёў сола. Да іх століка падышоў адзеты ў белую вельветавую тройку высокі мужчына. Свежапаголены, коратка стрыжаны, з ветлай усмешкаю. Ну, хоць ты яго ў каталожныя прыгажуны запісвай. Запрасіў на танец Ніту, і дзяўчына моўчкі падала яму руку, паднялася. Нічога, няхай павесяліцца. Нікуды ад яго Ніта не дзенецца - раскрыла карты. Хочацца ёй свята - ён падаруе ёй гэтае свята.

Танец закончыўся, і кавалер правёў Ніту да століка. «Казёл стары, крыўляецца тут. А яна і радая, што вакол яе круцяцца такія казлы».

- Мне здаецца, ты не кахаеш мяне, - сказала Ніта, дапіваючы з келіха шампанскае. - Такое ўражанне, што табе ўсё роўна, каго кахаць: мяне або каго іншага. Ты проста жывеш сваім пачуццём. Але табе напляваць на пакуты і радасці каханай, ты не хочаш нічым ахвяраваць дзеля яе. А навошта? Так спакойней. І з такой жа лёгкасцю, як узбудзіў сваё пачуццё, ты забудзеш на мяне і знойдзеш сабе іншую...

- Ты памыляешся, - павольна адказаў ён, не ведаючы, што і сказаць ёй.

Дапамог яму ўсё той жа кавалер, які зноў запрасіў Ніту на танец.

Як азарэнне, мільганула - яна помсціць яму. Так, помсціць за той вечар, калі ён не стаў змагацца за яе - уступіў вядучаму, чым і зняважыў яе гонар. Гэтага яна не магла дараваць, бо страціла ўладу сваёй прыгажосці над ім, а таму зненавідзела яго. Вось і спатрэбілася гэтая рэстарацыя, каб растаптаць яго: «Ты - ніхто». Танцуе з гэтым казлом знарок, каб выклікаць у яго душы рэўнасць. А ты не простая, Ніта, табе хочацца іграць галоўную ролю. Не, галоўная роля - яго роля.

Калі Ніта вярнулася за столік, Арыель паклікаў афіцыянта.

- А нельга, каб ваш аркестр змоўк?!

- Калі баліць галава, ідзіце дадому, - адказаў афіцыянт.

- Я хачу, каб аркестр маўчаў, - цвёрда сказаў Арыель і выцягнуў з кішэняў штаноў купюру, кінуў яе на стол. - Мне падабаецца цішыня.

- Усё зробім, - афіцыянт спрытна ўхапіў грошы і, мякка ступаючы, пайшоў да музыкантаў на эстраду.

- Навошта гэта зрабіў? - з пагрозаю ў голасе спытала Ніта.

- Мне падабаецца чуць твой голас і глядзець у твае вочы. А музыка мне замінала, - спакойна адказаў ён і ўзяў келіх з шампанскім.

- Ты гэта зрабіў, каб... каб я не танцавала. Ну, і што ты даказаў? - Ніта ледзь не крычала, яе голас дрыжаў ад хвалявання. - Ах, ах, у цябе шмат грошай, - яна засмяялася, адкінуўшыся на спінку крэсла. - Ну, тады разлічыся, а я паехала дадому. Не трэба мяне праводзіць, - рэзка паднялася і пайшла да дзвярэй.

Ён разгадаў Ніту - хацела адпомсціць яму, і гэтая істэрыка - ад крыўднай няўдачы, хоць усё разлічыла, выклікала ў ім пачуццё віны перад ёю. Спадзяецца, што пабяжыць услед, пачне прасіць прабачэння, а ёй гэта і трэба.

Не!

Дадому ён ехаў на чорным лімузіне, які наняў ля рэстарацыі. Шафёрам аказаўся стары яўрэй. З уласцівым гарбаносым профілем і чорнымі жывымі вочкамі. Ён, нібыта дзень ні з кім не размаўляў, узахлёб малаціў языком:

- Наездзіў сто кіламетраў, і ніводнага пасажыра. Што, грошай у людзей няма?.. Патрапіла адна... А ў яе, як назло, дробных грошай няма: тысяча і дзесятка... Узяў дзесятку. Ні за хера адвёз яе. Ну і людзі пайшлі - усё намагаюцца за дзякуй. Вось быў я на вяселлі. Машыну дыванамі ўпрыгожыў... Ну, думаў, і заплацяць як мае быць. А яны: «Вялікі табе дзякуй, Арон». Ці вось знаёмага вазіў - бутэльку віна абяцаў. А сустрэў яго, дык вады ў рот набраў, маўчыць...

Убоства і шэрасць усюды. Усюды падман і прадажнасць. Арыель глядзеў праз шкло на асветленыя цьмянымі ліхтарамі спусцелыя вуліцы горада і думаў, што і ён прадаўся за сто тысяч. Гэты вечар апошні ў жыцці прэзідэнта. І не ведае той, што ўжо блізкая яго смерць. Можа, сядзіць цяпер перад камінам, а на каленях яго даверліва прытулілася маленькая дачка. «Не думаць пра гэта, забыцца».

Каля дома, нягледзячы на позні час, хадзілі двое ў цывільным. Арыель прайшоў міма, адчуваючы на спіне іхнія пагляды.

 

* * *

 

Сон не браў яго. Амаль гадзіну варочаўся ў ложку, не вытрымаў, уключыў святло. Што б пачытаць? Але кнігі, што стаялі на паліцах кніжнай шафы, выклікалі агіду. У іх таксама падман і ўбоства гэтага свету. Можа быць?.. Арыель узяў танюсенькі томік Новага Запавета. Толькі аднойчы з таго часу, калі набыў гэтую кнігу, чытаў яе. І здалося, што цяпер падыдзе гэтая кніга. Ён наўздагад разгарнуў яе. Паводле Мацвея Святое Евангелле. «Калі настаў вечар, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, іменем Язэп, каторы таксама быў вучнем Ісуса. Ён прайшоў да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела»...

 

* * *

 

Прачнуўся ён а дванаццатай гадзіне. На стале ў гасцёўні ляжала пісулька. Маці пісала, што паехала на лецішча і вернецца заўтра. То ён вечарам запросіць да сябе Ніту, а не - збярэ сваіх знаёмых, з якімі гадамі не бачыўся. У выхадныя, як ніколі, ён сумаваў, адчуваў сябе адзінотна. Сумна было да слёз. Асабліва вясною, калі сонца клікала на вуліцу, калі гучаў смех, калі бачыў шчаслівых закаханых. І не яму радавацца сонцу, жыццю, каханню. І вось так адыходзяць дні, адыходзяць назаўсёды. Людзі жывуць, а ён існуе. Але цяпер былі грошы, якія збавяць яго ад суму і адзіноты.

Ён хацеў пазваніць Ніце, ды перадумаў: калі зноў адмовіцца ад запрашэння, дык ужо зранку сапсуе яму настрой.

У гадзіну ён адправіўся на вайсковыя могілкі. Калі выходзіў з дому - убачыў каля пад'езда двух мужчын, апранутых у скураныя плашчы і капелюшы з доўгімі палямі. Чорныя акуляры хавалі іх вочы. Філёры. У адкрытую так ідуць, калі маюць бяспройгрышныя козыры. Філёры прысунуліся на стаянку таксовак. Ветліва папыталі, ці апошні ён, і сталі за ім. Падкаціла таксоўка. Арыель сеў у яе. Адзін з філёраў адчыніў пярэднія дзверцы.

- Шэф, нам таксама на вайсковыя могілкі, - сказаў ён цвёрдым уладным голасам.

- Паехалі, - махнуў рукою Арыель, тузануў дзверы на сябе і зачыніў іх.

Яшчэ задоўга да вайсковых могілак міліцыянты накіроўвалі машыны ў аб'езд. Народ ужо сабраўся вітаць прэзідэнта. Той-сёй быў з дзяржаўнымі сцяжкамі ў руках. Важныя міліцыянты ў парадных мундзірах, з гумавымі дубінкамі ў руках сваімі шырокімі спінамі адгарадзілі людзей ад вуліцы, па якой павінен быў ехаць прэзідэнт. Арыель падышоў да кладзішчанскай брамы, пабудаванай у мінулым стагоддзі і ўпрыгожанай ляпной труною, чэрапам, капачом і нейкім лацінскім вымоўем пра смерць. Ён праціснуўся ў сярэдзіну натоўпу. Народ! А за кожным чалавекам у гэтым натоўпе, пэўна, нехта сочыць і дакладвае ў спецслужбу. І так усюды: на працы, у школе, у інстытуце, у лякарні, у войску і ў самой службе аховы грамадзян. Усе пад наглядам, а можа, і за тымі, хто цікуе, таксама наглядаюць.

- Едзе! Едзе! - загаманілі ў натоўпе.

Па вуліцы павольна ехалі на матацыклах нацыянальныя гвардзейцы, апранутыя ў чорныя камбінезоны і перацятыя белымі рамянямі. За матацыклістамі кацілі чорныя лімузіны. Насупраць брамы машыны спыніліся. Да другога ў калоне лімузіна, на капоце якога вісеў на металічным штыры дзяржаўны сцяжок, падбегла некалькі чалавек. Адзін з іх адчыніў дзверцы лімузіна і лісліва нахіліў наперад галаву. З салона спачатку паказаліся чаравікі з тоўстай падэшваю, пасля ногі ў чорных партках, а затым і ўвесь чалавек у шэрым паліто і капелюшы. Як стары, марудна, бы кожны рух даваўся яму з цяжкасцю, ён вылез на свет божы. Невясёлым позіркам абвёў ён людзей, якія крычалі: «Слава!» і махалі рукамі. Усё гэта выдавала на спектакль. Прэзідэнта акружала кола ахоўнікаў і яшчэ колькі чалавек, пераважна жанчын, якія стараліся зацікаўлена размаўляць з прэзідэнтам. А ён, нібы двоечнік каля дошкі, калі яму не хапае слоў выказаць сваю думку, распавядаў пра шчасце, якое чакае дзяржаву ад яго рэформ, але трэба трошкі патрываць, не ўсё адразу - год-другі, а мо й трэці... У адказ яму лапаталі: «І мы... І мы так думаем. Дай вам Бог здароўечка».

Прэзідэнт пачакаў, пакуль выграбецца з машыны жонка - жанчына, год нараджэння якой стаў амаль дзяржаўнай тайнаю, бо журналісты ўсё яшчэ не ўстанавілі яго. У норкавым футры, у боціках на кароткіх абцасах, яна выглядала элегантна. Па-маладому лёгка падышла да мужа і ўзяла яго пад руку. Яны пайшлі на кладзішча. Услед за імі нацыянальныя гвардзейцы неслі вянок, каб ускласці да помніка нядаўна памерламу генералу, з лёгкай рукі якога звычайны чынуша-падхалім стаў прэзідэнтам. Ахоўнікі расступіліся. Толькі невялічкая купка людзей трапіла ў гэтае кола і апынулася акурат за пяць-шэсць крокаў ад першага чалавека дзяржавы. Сярод іх быў і Арыель. Ён добра разгледзеў прэзідэнтаў твар: сінія плямы пад вачыма, нездаровы колер скуры, сівізна на скронях. Затраскацелі камеры, забліскалі маланкі фотаапаратаў. Прэзідэнт падаваў руку тым, хто стаяў перад ім. Падаў і Арыелю. Поціск яго быў па-мужчынску моцны. Так звычайна вітаюцца ўпэўненыя ў сабе людзі.

- Прыемна бачыць тут моладзь... - гаварыў прэзідэнт.

- За намі будучае! - выкрыкнуў нейкі юнак.

- Вядома. Так што, маладыя людзі, спрабуйце сілы. Пакуль што цяжка, але трэба пацярпець... Гэта добрая школа сталення.

- Скажыце, чаму вы так рэдка сустракаецеся з моладдзю? - прагучаў голас таго дзёрзкага юнака, што крычаў пра будучыню.

Прэзідэнт засмяяўся:

- А ў мяне, бюракрата, усё не стае часу: візіты, пасяджэнні... а пасля барацьба, каб сядзець на гэтых пасяджэннях.

А калі сур'ёзна, дык час размоў мінуў - наступіў час дзеяння. Вы верыце ў рэформы?

- Верым!.. - азваліся людзі, што стаялі перад прэзідэнтам, і толькі Арыель прамаўчаў.

Прэзідэнт заўважыў гэта і звярнуўся да яго:

- А вы што - не верыце?

- Тут, на гэтым кладзішчы, ляжаць тыя, хто шчыра падтрымаў вашыя рэформы... Яны выйшлі на вуліцу, каб патрабаваць перамен на справе, а не на словах. На іх паслалі войска. Іх білі, стралялі, атручвалі газам...

Прэзідэнт апусціў вочы долу, цяжка ўздыхнуў.

- Вы не баіцеся, што блізкія і родныя забітых праклялі вас - таго, хто здрадзіў, падмануў свой народ?.. Я праклінаю вас!

- Хадзем адсюль, - затрывожылася жонка прэзідэнта. - Мне ўсё тут не падабаецца.

- Не хвалюйся, дарагая, - прэзідэнт рашуча павярнуўся і пакіраваў да машыны, а за ім пацягнуліся і яго ахоўнікі.

Справа была зроблена. Арыель ішоў уздоўж высокага цаглянага плота. За ім, зрэшты, сунуліся і тыя два філёры ў скураных плашчах і капелюшах. Прымхлівы жах гаварыў яму, што філёры хочуць забіць яго. А чаму і не? Так адбывалася ў кіно пра мафію. Там платных забойцаў пасля таго, як тыя выконвалі загад, ліквідоўвалі. Але ж агенты спецслужбы не стануць пры людзях забіваць. Хаця - што за глупства? Не такі Феб Лаўша дурань, каб пазбавіцца ідэальнага забойцы, бо заўсёды трэба будзе кагосьці з ворагаў улады адправіць на той свет. Няма чалавека - няма праблемы...

Калі ён нарэшце дабраўся да ўскраіны кладзішча, дык убачыў купку людзей. Сцежка праходзіла побач. Пачуў ён, як галасіла над нябожчыкам жанчына.

- Не веру! Не веру! - вырываўся з яе грудзей пакутлівы крык-стогн, і жанчына загаласіла: - Сыночак мой, сыночак родненькі!..

З-за спінаў людзей Арыель не ўбачыў ні гэтай жанчыны, ні самога нябожчыка. І не адчай, не боль у жаночым голасе ўразілі Арыеля, а вось гэтае суладдзе яе слоў з тымі словамі, якія ён учора ў сваёй фантазіі ўклаў у вусны Ісусавай маці. Паміж гэтымі абедзвюма з'явамі існавала незразумелая яму сувязь.

- Не веру! Не веру! - лямантавала жанчына.

Арыель абышоў пахаванне і цяпер мог убачыць усё, што там адбывалася. У труне, абабітай чырвонай тканінаю, ляжаў вядучы. І, каб не васковы колер твару, можна было падумаць, што ён жывы. Яго вусны знерухомелі ў з'едлівай усмешцы, нібыта вядучы прытварыўся мёртвым і вось не вытрымаў спектакля, які называўся - яго асабістае пахаванне, гэтых слёз на вачах жанчын, панурых твараў мужчын, плачу і ляманту маці, - у шчырасць усяго гэтага ён не верыў і не ўцярпеў, каб не пасмяяцца з прысутных. На каленях перад труной, распластаўшыся на нябожчыку і абхапіўшы яго галаву рукамі, стаяла маці.

- Сыночак мой, сынулька. Ой, навошта ты пакінуў нас? А хто ж цяпер нас суцешыць? Падніміся, сыночак. Падніміся, зірні. Ой, які ты стаў, сыночак родненькі. Не веру! - галасіла жанчына.

А побач з ёй стаяў бацька вядучага. Просты вясковы мужык. Як чалавек з другой эпохі, адзін з тых людзей, што смела ішлі ў бой, адстойваючы незалежнасць дзяржавы, каго цяпер называлі героямі, ён быў адзеты ў вайсковы кіцель колеру хакі і галіфэ, запраўленыя ў боты. Па яго маршчыністым твары цяклі слёзы. Першы раз Арыель бачыў, як плачуць мужчыны. І не вытрымаў, пайшоў да выхаду. А ўслед, як кулі ў сэрца, білі крыкі жанчыны: «Не веру! Не веру!»

 

* * *

 

Дома ён пазваніў у службу сервісу і заказаў прывезці скрыню каньяку і скрыню шампанскага, а таксама закуску. Пасля ўзяў свой тэлефонны нататнік. Старонку за старонкаю гартаў яго. Тэлефоны тых, каго гадамі не бачыў і не званіў ім. Але цяпер набіраў нумары тэлефонаў і, калі заставаў іх уладальнікаў дома, запрашаў да сябе на сем гадзін. Тыя дзівіліся: чаму, навошта? Ён прасіў абавязкова прыехаць: пасядзім, вып'ем, згадаем былое. Пазваніў і Ніце. Яна падняла трубку і бадзёра прамовіла: «Ало, слухаю!» Пачуўшы яго прывітанне, расчаравана выдыхнула: «А, гэта ты...» Доўга не згаджалася прыняць яго запрашэнне, спасылаючыся на нейкія справы. «Прыедзь, я вельмі прашу. Мне так трэба ўбачыць цябе. Гэта вельмі важна». Яна здалася, паабяцала прыехаць.

А пятай гадзіне прыбылі два агенты службы сервісу. Накрылі ў гасцёўні стол. А там - прабіў гадзіннік шэсць разоў.

І вось сядзяць за сталом яго былыя сябры і знаёмыя. І сярод іх Ніта. Як ніколі, сёння яна выглядала незвычайна прыгожай і чароўнай. Як ніколі, сёння яна смяялася і жартавала, і ў вачах яе гарэзлівымі агеньчыкамі адбівалася святло крыштальнай люстры. І з Арыелем паводзіла, як са старым добрым сябрам, ахвотна адказвала на яго пытанні. І не сыходзіла з яе вуснаў мілая ўсмешка. І калі ўсе селі за стол, падняўся Арыель, трымаючы чарку з каньяком:

- Я ўдзячны вам, што вы сабраліся, бо я хацеў бачыць вас. З кожным з вас я правёў нейкія імгненні свайго жыцця. Можа, быў да каго несправядлівы, кагосьці крыўдзіў, дык даруйце мне. Я вас люблю...

Яны пілі і закусвалі. Паставіўшы локаць на стол, Арыель паглядаў на Ніту. Ён кахае яе, і немагчыма, здаецца, жыць у будучым без яе. Яна - крыніца яго натхнення, яго святло ў цемры гэтага свету. Як там у моднага цяпер філосафа, яна - тая, хто далучыць яго да прыгажосці вячыстай жаноцкасці, хто, абняўшы, злучыць іх мужчынскую і жаночую прыроду ў вобразе і падабенстве Божым, каб раскрылася перад імі тайна чалавека. А прасцей, як трэба яму, усемагутнаму, прыпасці да яе пляча, каб яе слабасць усчалавечыла яго. І яна не падазравала пра тое, што ён думаў, піла шампанскае з высокага крыштальнага келіха, смяялася.

Пілі і закусвалі. За сталом панаваў вясёлы вэрхал. Ніхто не звярнуў увагі, калі Арыель выйшаў з гасцёўні.

 

* * *

 

Ён ляжаў на канапе ў сваім пакоі. За сцяною гучалі п'яныя галасы ды раз-пораз звінелі ад удараў келіхі. «Я прыйшоў у гэты свет, каб кахаць і быць шчаслівым. Гэта права любога чалавека, і многія гэта права атрымалі, а я вось не. Як добра было раней неразумным хлопчыкам сядзець на беразе рэчкі, глядзець на сонечныя промні на хвалях, якія краліся да ног, і марыць пра будучыню. І ўжо тады я прадчуваў цябе, Ніта. Ужо тады мне не хапала цябе. Я прымаў другіх за цябе і казаў ім словы кахання. Але я нарэшце сустрэў цябе. Прыйдзі сюды да мяне. Пачуй душою, як мне зараз пагана, як патрэбна мне твая дапамога. Я слабы перад спакусаю. Я слабы чалавек, але ты дасі мне моцы, каб перамагчы нянавісць ды зло, каб на ўсё забыцца. Прыйдзі ж...» Ён чакаў яе, чакаў, што прыйдзе, прысядзе на канапу і ён возьме яе далонь, пацалуе і прызнаецца: «Я кахаю цябе, Ніта!» Прапануе з'ехаць з гэтага горада, з гэтай краіны, туды, дзе не будуць віжаваць за ім філёры, дзе ніхто не ведае пра яго тайну, дзе забудзецца ён пра тых, хто памёр з яго праклёнаў, дзе пачне новае жыццё. Ён чакаў Ніту. І адчыніліся дзверы. Промень святла ўпаў на падлогу.

- Вой, тут цемра! - сказала Ніта.

- І хай. - Арыель пазнаў голас свайго школьнага сябра, крываногага танцора з нейкага народнага ансамбля. Ён не хадзіў, а валюхаўся, як качка, перавальваўся з нагі на нагу.

Яны ўвайшлі ў пакой і зачынілі дзверы; цемра схавала іх.

- Ніта, чаму я раней не сустрэў цябе?

- Значыць, не лёс, - какетліва адказала яна.

- Едзем да мяне.

- Непрыгожа. Арыель з комплексамі, пакрыўдзіцца.

Дык што - вось гэтае «непрыгожа» і стрымлівала яе? Ён, Арыель, ашукваў сябе, бо хацеў быць яе каханым. І каханне да яе было як вера, што надае сілы. Дурань ён. Веру не купляюць за грошы, але ў веры расчароўваюцца. Яго школьны сябра, па мянушцы Гапак, цалаваў Ніту. Цяжкія ўздыхі вырваліся з яе грудзей. Як усё проста і як усё агідна.

Пэўна ж, Ніта зноў помсціць яму, цяпер ужо за няўдачу ў «Альбе». Жадае выклікаць у яго рэўнасць, тым самым паставіць яго на калені перад сабой, каб зрабіць сваім рабом, які забяспечыў бы ёй заўсёднае свята. А значыць - ён зноў мусіць зарабляць грошы забойствам людзей.

- Мы звар'яцелі, - задыхаючыся, выгукнула Ніта. - Не трэба...

- Я кахаю цябе!..

Калі яны выйшлі з пакоя, Арыель яшчэ доўга ляжаў на канапе і тупа глядзеў у цемру. Нянавісць да Ніты пякла яго душу. І ён бязгучна, але цвёрда сказаў: «Праклінаю цябе, Нітачка. Смерць, смерць!..»

Нарэшце адчыніліся дзверы - у пакой уварваліся гучныя галасы гасцей. Пстрыкнуў выключальнік, і цемру паглынула святло трох лямпачак. Арыель падняўся і ўбачыў Ніту.

- Ты быў тут? - разгублена спытала яна і, не пачуўшы адказу, ледзь усміхнулася, падышла і прысела на канапу. - Стамілася. Можна, я на хвілінку прылягу? - Зморанымі вачыма паглядала на дыван, што ўсцілаў падлогу. Яе вытанчаныя рукі бездапаможна пакоіліся на абцягнутых спадніцаю каленях. - Нейкая стома... Выключы святло.

Арыель падышоў і націснуў на пруткі рычажок выключальніка.

У пакоі запанавала цемра.

Як цяжка зразумець жанчыну. Можна дзівіцца пераменлівасці яе сэрца, але завалодаць ім наўрад ці гэта магчыма. Арыель прысеў на канапу.

- Зоркі... - прашаптала Ніта і змоўкла; дыхала яна часта, узрушана. У святле месяца Арыель бачыў, як падымаліся і апускаліся яе поўныя грудзі. - Мне боязна... Дай сваю руку... Толькі што перадалі па радыё: наш прэзідэнт памёр... Мне дрэнна, не хапае паветра...

- Ну што ты, супакойся... - паспрабаваў суцешыць Ніту. - Не бяры да галавы... Прэзідэнты не дэфіцыт, новага выберам... - Ён сціснуў яе невялікую і пяшчотную далонь - самая шчаслівая хвіліна ў яго жыцці. Не было ні горада з яго мітуснёй, ні гасцей за сцяной, а было доўгачаканае імгненне лучнасці. Рэдкае і хрыплае дыханне дзяўчыны ўстрывожыла яго. - Ніта, Ніта! - паклікаў. І, не пачуўшы адказу, пахаладзеў ад жахлівай здагадкі: Ніта памірае, яго словы праклёну сталі прысудам. Але ж ён не жадаў цяпер гэтай смерці. - Ніта, Ніта! - у адчаі прыўзняў ёй галаву.

Ніта прашаптала яго імя, і нечакана цяжкі ўздых вырваўся з яе грудзей. Яна не дыхала. Слёзы пацяклі з яго вачэй, але плач не прыносіў ні палёгкі, ні забыцця. Ён, геній смерці, і сам стаў ахвяраю свайго зла. Ці ж ёсць яму апраўданне? Як перажыць крах сваіх спадзяванняў? На каго наракаць? Ён пракляў Ніту...

Паступова незвычайны супакой авалодаў ім - усе яго перажыванні адступілі. Заціхлі за сцяною галасы гасцей. Цішыня павісла ў пакоі. Арыель падумаў, што калі Бог вучыць любіць адно аднаго, дык ён не разлучае закаханых і за парогам смерці. І з'явілася дзіўная перакананасць, што так яно і ёсць. Ён не мог растлумачыць сабе, адкуль такая перакананасць, але яна панавала ў яго галаве і поўніла душу радасцю прасвятлення.

- Хрысце, супакой і прымі душу рабы твае, - Арыель казаў гэтую малітву шчыра і з каханнем да Ніты. - Божа, ачысці грахі мае. Уладыка, даруй беззаконне маё і ўвядзі ў Валадарства Тваё вечнае. Амін.

І, не ўключаючы святла, ён сеў за пісьмовы стол. Знайшоў аркуш чыстай паперы і намацаў роўненькія стосы грошай, атрыманых ад Феба. Што з імі рабіць? Выкінуць? Ай, хай ляжаць, спатрэбяцца маці. Хоць за гэта згадае яна яго добрым словам. Напісаў толькі адно слова, склаў аркуш і сунуў яго ў кішэню. Цяпер усё. Стараючыся не шумець, асцярожна выйшаў з пакоя. У гасцінай весяліліся, гучалі песні ўперамешку з п'янымі выкрыкамі. Там ужо забыліся пра яго. Ён адчыніў дзверы і пераступіў парог. Чакаў, што яго хоць цяпер хопяцца, можа, хто выйдзе паглядзець, дзе ён дзеўся. Зачыніў за сабою дзверы - няма вяртання назад.

Філёры яго пазналі і не здзівіліся.

- Пайшлі, - прамовіў Арыель.

- Куды? - спытаўся адзін з філёраў.

- А ёсць тут месца.

Месцам гэтым была будоўля. Туды і павёў іх Арыель: сам наперадзе, а яны за яго спінаю.

Ён нагадаў ранейшае трызненне, калі Хрыстос мовіў яму ўзлюбіць сваё «Я». Можа быць, з-за гэтага і ўсе ягоныя беды. Ён не любіў сябе, а значыць, быў пазбаўлены духоўнай веры ў сябе і пачуцця асабістай ягамосці. Яму давялося даказваць і самому сабе, і астатнім, што ён не горшы за іншых. Адсюль і жаданне, каб Ніта сваёй прыгажосцю сведчыла значнасць і непаўторнасць яго асобы. Адсюль і чорная зайздрасць да тых, хто дамогся ў жыцці большага, чым ён. Не дзіўна, што часам ненавідзеў сябе. Але позна зразумеў гэта.

Да будоўлі прыйшлі хутка. Арыель і не заўважыў, як вырасла перад ім глухая сцяна недабудаванага дома. Далей ісці не было куды. Арыель не павярнуўся да філёраў. Хай усё адбудзецца знянацку. Ён падняў вочы на месяц. Жоўты шар свяціўся таямнічым святлом. Некалі ў дзяцінстве ён вяртаўся з бабуляй вось такой парою з гасцей. І цемра пужала яго, і ваўкі, якія, мабыць, дзесьці сцерагуць адзінокіх падарожнікаў, адно месяц, што заліваў святлом шлях, надаваў яму смеласці. І ён заўсёды, бываючы далёка ад дому, гледзячы па начах на месяц, успамінаў тую ноч і памерлую даўно бабулю. Шкадоба да сябе ахапіла Арыеля, і ён адчуў, што вочы яго завільгацелі. Раптам грымнуў стрэл і агонь апаліў яго сэрца. Сляза так і не скацілася...

Філёры схіліліся над забітым. Як вымагала таго інструкцыя, абшукалі кішэні. На знойдзеным аркушы паперы ў святле ліхтарыка, які адзін з іх уключыў, прачыталі толькі адно слова: «Дзякуй».

 

* * *

 

Пад ім ляжаў горад. Сотні і сотні каляровых агнёў свяціліся ў цемры. Вышыня не пужала Арыеля, а захапляла сваёй падуладнасцю яму. Невядомая сіла падымала яго ўсё вышэй, і ад таго, што ён у яве бачыў пад сабою горад, зразумеў: ён жывы. Ён не адчуваў болю ад раны ў сэрцы. Дзесьці там, на пляцоўцы каля недабудованага дома, ляжала яго цела, якое мучылі спакуслівыя страсці і пачуцці. Цяпер яно вызвалілася ад гэтага. Здзівіла, што ён не шкадуе свайго цела, як не шкадаваў зношанай вопраткі, разумеючы, што болей яна яму не патрэбная. Светлая радасць перапаўняла яго, падобная на тую, якую ён перажываў, калі летам ехаў у вёску, дзе чакала яго вольнае жыццё без надакучлівых урокаў і настаўнікаў. Нібыта і праўда ён вярнуўся ў той час, і няма ні хваляванняў, ні клопатаў, ні страхаў, ні засмучэнняў, а ёсць радасць, адна толькі светлая радасць. І, як у дзяцінстве, адчуў Арыель, што ён мае ўсё, каб лічыць сябе шчаслівым. Такім нязначным здалося тое, чым ён жыў раней, - гэтыя крыўды, зайздрасць, замарочкі, перажыванні. Які быў ён дурань! Навошта мітусіўся і пакутаваў, навошта тая ўлада, багацце? Цяпер нічога яму не трэба. Ён вольны і шчаслівы. Жыццё яго не скончылася. Вось жа думае, ляціць над зямлёю. А цікава, які ў яго выгляд? Толькі Арыель пра гэта падумаў, як убачыў сябе ў сваім ранейшым абліччы - чалавечым. Белая туніка пакрывала яго тулава. Ён варушыў рукамі, і яны слухаліся яго. Не, жыццё не скончылася.

Арыель ляцеў да свайго дома. Увесь сусвет звузіўся да асветленага вакенца пакоя, дзе засталася Ніта. У пакоі, каля канапы, на якой нерухома ляжала нябожчыца, мітусіліся яго госці. Гапак трымаў дзявочую руку за запясце, мабыць, шукаў пульс. Астатнія моўчкі назіралі за ім. І раптам радасны ўскрык:

- Арыель!

Ён убачыў каля сябе Ніту. Белая туніка агаляла яе смуглявыя плечы і рукі, даходзіла да каленяў. Ніта радасна ўсміхнулася і працягнула да яго руку. І ён абняў яе, і яна не працівілася гэтаму. Незямную асалоду і радасць перажыў Арыель ад блізкасці каханай.

- Я баюся, - даверліва прашаптала яна. - Мне трэба ім сказаць, каб яны не хваляваліся.

- Гэта цяпер ужо не наш дом. У нас сваё жыццё. Я адчуваю зліццё з табою, тваю цеплыню, тваю пяшчоту, тваю дабрату, і я шчаслівы.

- І я таксама.

Дзве душы ляцелі над горадам, над тысячамі агнёў, што разліліся па лабірынтах вуліц. Яркі прамень, як пражэктар, прарэзаў цемру наперадзе і наблізіўся. Пяшчотнае залатое святло ўказвала закаханым душам шлях у царства любові, дзе без любові нічога не можа быць.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая