epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Імя ў летапісе

У пошуках мінулага.
Рагвалод, Рагнеда. Рагвалодаў род
Святаполк. «Акаянны»
Брачыслаў Ізяславіч. Аднаўленне незалежнасці
Усяслаў Брачыславіч. Вешчая душа
Глеб Менскі. Няспраўджаныя надзеі
Рагвалод-Васіль. У часы міжусобіц
Уладзімір Полацкі. За два стагоддзі да Грунвальда
  Пачатак Лівонскага ордэна
  «Вялікі кароль Вальдэмар»
  Полацкае княства напрыканцы ХІІ ст.
  Пачатак вайны з Ордэнам
  Наступ Ордэна
Міндоўг. Падманлівая веліч
  Падманлівая веліч
  «Литва Миндовга»
  Шлях у Наваградак
  Вайна з Галіцка-Валынскім княствам
  Таўцівіл - полацкі князь
  Цяжар улады
  Змова Траняты
Войшалк. Наваградскі князь
Трайдзень. З пакалення рускага
Даўмонт. Сны аб Радзіме
Давыд Гарадзенскі. Меч і слава
Віцень. Віцязь Пагоні
Гедзімін. Заснавальнік дынастыі
Альгерд. Слуга дзяржавы
Андрэй Полацкі. Час подзвігу надышоў
Вітаўт. Слаўны ва ўсіх землях
Свідрыгайла. «...На Вялікім Княстве Рускім»
Казімір. Паміж Скілай і Харыбдай
Аляксандар. «А называлі яго міласцівым»


У пошуках мінулага.

 

Рагвалод, Рагнеда. Рагвалодаў род

 

Рагвалод, Тур, Рагнеда, Ізяслаў - першыя вядомыя нам гістарычныя асобы старажытнай Беларусі. З іх імёнамі беларуская гісторыя перастае быць безасабоваю і ананімнай.

Доўгім быў шлях нашых продкаў да той вяхі, калі летапісцы занеслі ў аналы дзеі Рагвалода і яго дачкі Рагнеды. З якога стагоддзя пачаўся адлік гэтага шляху? Багатая на падзеі, гераічная і слаўная гісторыя была ў нас і да часоў Рагвалодавых. Ды шкада, што вельмі мала дайшло звестак пра жыццё крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў да іх перасялення на землі сучаснай Беларусі, а таксама пра жыццё легендарных неўраў і волатаў. З «Жыція Дзмітрыя Салунскага» даведваемся мы пра вольналюбівых дрыгавітаў, якія ваявалі ў VІІ стагоддзі з Візантыяй. Няшмат ведаем і пра гісторыю нашых далёкіх продкаў пазнейшых часоў, іх паходы на Візантыю, барацьбу з варагамі, з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам. Як міф успрымаецца зараз намі аповяд ісландскай сагі аб вайне палачанаў пад кіраўніцтвам князя Ўладзіміра супраць готаў і гунаў Ацілы. А можа, гэта зусім не выдумка аўтара сагі? Міфічнымі ўяўляюцца нам легендарны правадыр радзімічаў Радзім і яго брат Вятка? Колькі герояў нашага далёкага мінулага засталося невядомымі летапісцам, невядомымі нам?

Рагвалод стаў першым, чыё імя не загінула ў тоўшчы стагоддзяў. Летапіс паказвае яго самастойным валадаром Полацкага княства: «Роговолоду держащю и владеющю и княжащю Полотьскую землю»[1]. Хто ж такі быў Рагвалод? У летапісе сказана, што прыйшоў ён «з-за мора, имяше свою волость в Полотьске»[2]. Нельга пагадзіца з тымі гісторыкамі, якія лічылі (і дагэтуль той-сёй лічыць), што Рагвалод быў нарманам, які падначаліў сваёй уладзе Полацак. Адно славянскае імя князя абвяргае іх сцвярджэнні. Яно сустракалася ў чэхаў, дзе, як вядома, нарманаў не было[3]. Славянскім з'яўляецца і імя Рагнеды. Тут назіраем старажытны славянскі звычай (дарэчы, пашыраны і ў старажытнай Германіі) даваць дзецям імя, у якім гучала б для азначэння сваяцтва частка імя бацькоў. Так што імя князёўны вытворчае ад імя Рагвалода[4]. Сімвалічнае значэнне апошняга імя магло ўказваць на тое, што яго носьбіт з'яўляўся «валадаром рогу». У паганстве рог быў сімвалам зямной урадлівасці, багацця (нагадаем пазнейшае пераасэнсаванне рога ў беларускай казцы «З рога ўсяго многа»). Калі ўлічыць гэта, дык імя Рагвалод можна растлумачыць як валадар багацця, багаты і шчодры чалавек. Ну, а ўладар Полацкай зямлі, вядома, не быў жабраком.

Паведамленне ж, што Рагвалод прыйшоў з-за мора, таксама не можа сведчыць пра нарманскае паходжанне полацкага князя. Трэба валодаць дзіўнай фантазіяй, каб абвяшчаць першых вядомых князёў Русі нарманамі. Як жа так? Гэтыя «нарманы» - Алег і Ігар - у дамовах з грэкамі клянуцца не скандынаўскім Одынам, а Перуном і Велесам. Ну, а скандынаўскія сагі, якія ведалі генеалогію рускіх князёў і ўказвалі на наяўнасць у іх скандынаўскіх дружын, наогул маўчаць аб нарманскім паходжанні князёў. Ды і сама легенда пра запрашэнне ў Ноўгарад Рурыка вельмі падобная на выдумку: яна спатрэбілася летапісцу дзеля ўзвелічэння роду ўладароў Кіеўскай Русі. Летапісец, не разабраўшыся ў паданні пра нейкага Рурыка, які прыйшоў у іншыя краіны «с роды своими» (па-шведску «сине усе») і «вернай дружиной» («тру вар»), прыпісаў яму братоў Сінявуса і Трувара. Што ж датычыцца «прызвання» варагаў, дык куды верагодней, што гэтымі «варагамі» з'явіліся дружыны паморскіх славянаў-ваграў.

Летапіснае паведамленне аб Рагвалодавым прыходзе з-за мора можна ўспрымаць як паданне, што склалася ў Полацку аб уласным княжацкім родзе, роўным па знатнасці Рурыкавічам, аб чым сведчыла яго варажскае паходжанне. А можна тлумачыць гэтае паведамленне інакш. Нагадаем, што ў канцы ІХ стагоддзя Полацак заваявалі кіеўскія князі Аскольд і Дзір, і, верагодна, полацкія князі, ратуючыся ад смерці, уцяклі да паморскіх славянаў або на востраў Ругію ці да нарманаў. Ужо ў сярэдзіне Х стагоддзя, скарыстаўшы тое, што Кіеўская Русь ваявала з Юдэя-Хазарыяй, нашчадак князёў-уцекачоў Рагвалод вярнуўся на зямлю бацькоў як законны яе ўладар, на што і ўказвае летапіс: «...имяше свою волость в Полотьске».

Такім чынам, летапіс паказвае нам Рагвалода як самастойнага валадара Полацкай зямлі.

Аналогію ўскняжання ў Полацку Рагвалода або ягонага бацькі мы знойдзем у складзенай у ІХ стагоддзі сазе пра Дзітрыка Бернскага. Паводле сагі, князь вільцінаў (волатаў-люцічаў) Вількін заваяваў Польшчу, Полацак і Смаленск, а пасля і сталіцу рускага конунга Герніта Ноўгарад. Рускі конунг павінен быў плаціць Вількіну даніну, аднак пасля ягонай смерці Герніт скарыў вільцінаў. Ці не пераказ гэта рэальных падзей: ускняжання ў крыўскіх землях люцічскага князя. Ягонае з'яўленне ў Полацку не выпадковае. Люцічы - гэта волаты, якіх народныя паданні называюць ранейшымі жыхарамі старажытнай Беларусі, і ў прыватнасці Полаччыны. Верагодна, крывічы і дрыгавічы ўваходзілі ў волата-люцічскі саюз, прынамсі археалагічныя помнікі крывічоў і люцічаў вельмі падобныя. Сага ўказвае, што краіна вільцінаў межавала з Полацкай зямлёй. А ці не Літва гэта, якая раней называлася Лютва або Лютава, а ліцьвіны - лютвінамі? Ліцьвінскія летапісы захоўвалі памяць, што полацкія князі па паходжанню ліцьвіны. Падцвярджае летапісные звесткі і руская быліна пра Дуная, сюжэт якой перадае гісторыю сватання князя Ўладзіміра да Рагнеды. Дык вось, паводле быліны, полацкі князь названы каралём Літоўскім.

Калі зірнуць на мапу рассялення крывічоў, убачым, што яны займалі вялізную прастору ад Верхняга Панямоння да вярхоўя Волгі, а з поўначы на поўдзень - прастору ад Чудскага возера да лініі ўпадзення Свіслачы ў Бярэзіну. Крывічы валодалі вярхоўямі Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі - вузламі галоўных гандлёвых шляхоў Усходняй Эўропы. Склалася сапраўдная крыўская імперыя са сталіцай у Полацку. Летапіс і сцвярджае гэта, гаворачы аб крывічах, «еже живут на верх Волги и на верх Двины и на верх Днепра, их же град есть Смоленск и прочии Полотьские власти»[5]. Аднак, калі пры Аскольдзе і Дзіры Полацак быў захоплены іх войскамі, парушылася былое адзінства крыўскіх земляў. Пры Алегу яго ўладу прызналі ізборскія, пскоўскія і смаленскія крывічы. Крыўскае «княжанне» перастала існаваць як самастойнае палітычнае ўтварэнне.

І вось Рагвалод аднавіў незалежнасць палачанаў. Але гэтым ён не абмежаваў сваёй дзейнасці. У яго на мэце было аб'яднанне ўсіх крыўскіх і дрыгавіцкіх земляў пад уладай Полацка. Полацкі князь ажыццяўляе паход на Палессе. Народнае паданне, запісанае ў 70-х гадах мінулага стагоддзя, даносіць да нас некаторыя дэталі гэтага паходу. Рагвалод з вялікім войскам спусціўся на ладдзях па Дняпры да вусця Прыпяці. Тут ён спыніўся, каб загарадзіць шлях кіеўскаму войску, і выслаў уверх па Прыпяці дружыну пад зверхнасцю Тура (ва Ўсцюжскім летапісе ён названы братам Рагвалода). Падначаліўшы дрыгавіцкія і яцвяжскія землі, Тур заклаў на Прыпяці горад і назваў яго сваім імем - Тураў[6]. Выгадным было геаграфічнае размяшчэнне Турава: у гэтым месцы ў Прыпяць упадалі буйнейшыя прытокі - Піна, Ясельда, Случ, Гарынь, Убараць, якія звязвалі новы град з басейнамі Нёмана і Заходняга Буга.

Услед за заваёвай Дрыгавіцкай зямлі Рагвалод пачаў вайну з Ноўгарадам, пэўна, жадаючы вярнуць пскоўскія ды ізборскія землі[7].

Верагодна, і на гэты раз Рагвалод дамогся перамогі. Гэтак у «Кроніцы з летапісцаў старадаўніх» Феадосія Сафановіча Рагвалод названы пскоўскім князем[8]. Звесткі Сафановіча заслугоўваюць веры, бо ён карыстаўся летапісамі, якія не дайшлі да нашага часу, у прыватнасці Залатаверхім летапісам, які болей поўна збярог тэкст арыгінала Пачатковага Зводу, чым ягоныя рэдакцыі (Іпацьеўская, Хлебнікаўская, Ермалаеўская)[9]. З далучэннем да Полацкага княства Турава і Пскова Рагвалод стаў адным з магутнейшых уладароў ва Ўсходняй Эўропе. Для аднаўлення адзінства ўсіх крыўскіх земляў заставалася вярнуць з-пад кіеўскай улады Смаленск.

Тым часам на Русі наспявалі крывавыя падзеі. Пасля гібелі ад печанегаў вялікага князя Святаслава ў Кіеве сеў яго старэйшы сын Яраполк, у Чарнігаве - Алег, а ў Ноўгарадзе - пазашлюбны сын Уладзімір. Увесну 975 года чарнігаўцы забілі сына Яраполкавага ваяводы Свенельда. Ваявода, жадаючы адпомсціць за смерць сына, давёў Яраполку неабходнасць вайны з Алегам і падначалення Чарнігава Кіеву.

Праз два гады Яраполк напаў на Чарнігаўшчыну. Каля Оўруча кіеўскія і чарнігаўскія дружыны сустрэліся ў бітве. Не вытрымаўшы ўдару кіеўскіх войск, якімі верхаводзіў Свенельд, чарнігаўцы разам з Алегам кінуліся ратавацца за гарадскімі сценамі. На мосце цераз роў узнікла даўка: многа вояў сарвалася ўніз і загінула, сярод іх і Алег.

Гэтыя падзеі ўстрывожылі Ўладзіміра і яго дзядзьку Дабрыню. Было ясна, што рана ці позна Яраполк захоча расправіцца і з Уладзімірам. І яны не памыліліся: Яраполк не стаў цярпець у Ноўгарадзе ўладу зводнага брата. Уладзімір і Дабрыня ўцяклі з горада і два гады збіралі войска. На думку гісторыка І.Забеліна, уцекачы знайшлі прытулак «у славянскіх памаранаў, быць можа, на самым востраве Ругене, у тутэйшых русаў, або ў Шчэціне, ці ўласна ў славянаў у Славоніі бліжэй да вусця Віслы»[10]. Не губляў дарэмна часу і Яраполк. Ён разбіў печанегаў і абклаў іх данінай. Пад уражаннем гэтай перамогі Візантыя прыслала да кіеўскага князя пасольства і згадзілася выплачваць даніну, толькі б трымаць з Руссю мір.

Здавалася, становішча Яраполка было моцнае і надзейнае: ён расправіўся са сваімі ворагамі, і нішто не абяцала ў бліжэйшы час бяды і небяспекі. Ды вось нечакана ў 980 годзе Ўладзімір і Дабрыня са сваімі наймітамі наляцелі на Ноўгарад, прагналі адтуль кіеўскага намесніка і загадалі перадаць Яраполку: «Уладзімір ідзе на цябе. Рыхтуйся біцца з ім»[11].

І Яраполк, і Ўладзімір шукалі саюзу з Рагвалодам: у будучай вайне многае вырашалася ад таго, на чыім баку выступіць полацкі князь. Палачане кантралявалі водныя шляхі, што злучалі Ноўгарад і Кіеў, і саюзнік мог без перашкод правесці па іх войскі. Акрамя таго, ён мог атрымаць значную дапамогу ад полацкай дружыны. І вось амаль адначасова з Ноўгарада і з Кіева да Рагвалода прыбываюць сваты, каб высватаць ягоную дачку - прыгажуню Рагнеду*. Паводле летапісу, Рагвалод спытаўся ў дачкі: «Ці хочаш ісці за Ўладзіміра?». Яна ганарліва адказала: «Не хачу разуць сына рабыні, а хачу за Яраполка»[12]. Хутчэй за ўсё гэты выбар не быў выбарам самой Рагнеды, выбіраў Рагвалод і выбраў Яраполка. Яно і зразумела: Яраполк - законны ўладар Русі**, а хто такі Ўладзімір - незаконнанароджаны сын Святаслава ад ключніцы Малушы, які не мае правоў на кіеўскі пасад. І вуснамі Рагнеды Рагвалод ясна мовіў, каго ён падтрымлівае. У гэтым становішчы для Ўладзіміра засталося адно выйсце: не марудзіць, не даць саюзнікам аб'яднацца, расправіцца з імі паасобку.

* У «Кроніцы» Ф.Сафановіча Рагнеда названа сястрой Рагвалода. Ф.Сафановіч. «Кроніка з літописців стародавніх». С.69.

** Русь - гэта пакуль што Кіеўская зямля. Назвы астатніх земляў залежалі ад таго, якое племя на іх жыло. Паводле тэорыі беларускага гісторыка Вацлава Ластоўскага, назва «Русь» пашырылася на ўсе ўсходнеславянскія землі пасля таго, як Уладзімір Святаславіч Чырвонае Сонейка пасадзіў сваіх сыноў на княжанне ў розных гарадах (Ноўгарадзе, Полацку і г.д.). Акрамя дынастычнай падасновы, назва «Русь» пасля хрышчэння ўсходніх славян мела і рэлігійную падаснову. Гісторыкі адрозніваюць чатыры Русі: Полацкую (Заходнюю), Кіеўскую (Паўднёвую), Ноўгарадскую (Паўночную) і Растова-Суздальскую (Усходнюю, Залескую). Паняцці «Кіеўская Русь» і «Старажытнаруская дзяржава» не супадаюць і атаясамліваюцца некаторымі гісторыкамі памылкова. У гэтых нарысах мы пад Кіеўскай Руссю маем на ўвазе паўднёвыя землі ўсходніх славян.

Атрымаўшы ад Рагнеды адмову, ноўгарадскі князь выступіў на Полацак. Ён вёў больш чым двухтысячны атрад шведскіх наймітаў пад зверхнасцю ярла (ваяводы) Фуліера, ноўгарадскую дружыну, атрады чудзі (эстаў), ізборскіх і пскоўскіх крывічоў. Усё войска складала больш за дзесяць тысячаў вояў[13]. Летам таго ж года Ўладзімірава войска на ладзях з возера Ільмень па Лавоці дабралася да вярхоўя Заходняй Дзвіны і праз валокі перацягнула караблі ў Дзвіну, па якой і падступіла да сцен Полацка[14]. Рагвалод выйшаў насустрач ворагу і быў разбіты. Пасля моцнага штурму Ўладзімір захапіў Полацак. І пераможцы далі сабе волю...

Горад быў разрабаваны і спалены. Палоннага Рагвалода разам з сям'ёй прывялі да Ўладзіміра. Не, не высакароднасць, не літасць праявіў будучы хрысціцель Русі. Жорсткая расправа чакала полацкага князя. На ягоных вачах Уладзімір згвалціў Рагнеду, а пасля забіў жонку, двух сыноў і самога Рагвалода. Становіцца не па сабе, калі ўяўляеш гэтую дзікую сцэну. У адно імгненне гінула, ляцела ў бездань забыцця ўсё свядомае Рагвалодавае жыццё, надзеі, мары. У адно імгненне не стала блізкіх і дарагіх яму людзей. За гэта імгненне перажыў ён столькі, што іншаму і за ўсё жыццё не наканавана. Ды лепш ён загінуў бы ў сечы, чым бачыць, як пад рогат заваёўнікаў Уладзімір растаптаў гонар яго дачкі, чуць апошнія ўздыханні сыноў і жонкі.

Уладзімір задаволіў сваё звярынае жаданне помсты. Рагвалод пераможаны і забіты, ганарлівая Рагнеда абражана. Вось табе «сын рабыні»! Гэта каб не ганарылася, каб ад кожнага яго слова жах адчувала. Ён падараваў ёй жыццё. Толькі што гэта было за жыццё! З забойцам родных, нялюбым, якога ўсім сваім сэрцам ненавідзела. Гораснае жыццё!

І празвалі яе ў народзе Гарыславай.

Яраполк, даведаўшыся аб заваёве Полацка, паслаў на Ўладзіміра сваіх ваявод. І куды падзелася Ўладзімірава смеласць? У жаху ён ужо гатовы быў уцякаць у Ноўгарад, і толькі Дабрыня ўтрымаў яго. Довад Дабрыні аказаўся пераканаўчым: «Яраполк не любімы ёсць у людзей, бо хрысціянам даў волю вялікую»[15]. І сапраўды, Яраполк, сам паганец, прыхільна ставіўся да хрысціян, што жылі ў Кіеве. А гэта прыйшлося не даспадобы баярам-паганцам. Яны не без падстаў прадчувалі, што Яраполк падумвае аб хрышчэнні Русі[16]. Вось тут і нарадзілася ў ваяводы Блуды задума замяніць Яраполка на зацятага паганца Ўладзіміра. Блуд са сваімі прыхільнікамі папярэдзілі Дабрыню аб гэтым намеры.

На рацэ Дручы абодва войскі сустрэліся. Дабрыня задобрывае кіеўскіх ваявод падарункамі, падгаварыўшы іх здрадзіць Яраполку. І Ўладзімір «...победиша полки Ярополка не силою, не храбростию, но предательством воевод Ярополчих»[17]. Шлях на Кіеў быў свабодны.

У абозе Ўладзіміра ехала ў Кіеў і Рагнеда. Пэўна, той, хто ведаў яе раней, з цяжкасцю пазнаў бы ў гэтай маўклівай жанчыне ранейшую дзяўчыну-прыгажуню. Лёс асуджаў яе на новыя пакуты: дзяліць ложа з чалавекам, якога яна ненавідзела. Што заставалася ёй? У сама адчайныя хвіліны, калі не хацелася жыць, памятала: яна апошняя ў родзе Рагвалодавічаў, і насуперак прыніжэнням і гору, ёй трэба жыць. Быць можа, начамі, уткнуўшыся тварам у далоні, яна плакала. Беззваротна загінула былое, але не загінула памяць аб ім, нянавісцю да Ўладзіміра пякло ёй душу.

І зноў «не силою, не храбростию, но предательством» перамог Уладзімір Яраполка. Ён паслаў сваіх людзей да Блуда: «Будзь мне сябрам! Калі заб'ю брата майго, дык буду шанаваць цябе, як бацьку, і ўшану вялікую атрымаеш ад мяне, не я пачаў забіваць братоў, але ён. Я, спалохаўшыся гэтага, выступіў супраць яго»[18]. Блуд згадзіўся і перадаў паслам: «Буду з табою ў любові і сяброўстве»[19]. Ён запэўніў Яраполка, што Ўладзімір не адважыцца напасці на Кіеў: «Гэта ўсё роўна, як сініца пайшла ваяваць на арла... Чаго нам палохацца і збіраць войска? Дарэмная праца будзе і для цябе, і для ратных людзей»[20]. І Яраполк паслухаў. А калі да Кіева падышоў Уладзімір, у кіеўскага князя не было дастаткова войска, каб абараніць горад. Яраполк запёрся ў сценах крэпасці на Старакіеўскай гары. Аблога цвержы зацягнулася. Блуд пачаў нагаворваць Яраполку на дружыну: маўляў, воі жадаюць выдаць цябе Ўладзіміру, трэба ўцякаць да печанегаў. І на гэты раз Яраполк паслухаўся Блуда і разам з ім уцёк у Родню - памежны горад на рацэ Росі, прытоку Дняпра. Уладзімір без бою авалодаў Кіевам і адразу пагнаўся за братам. Родня была ўзята ў аблогу. У горадзе пачаўся голад. А Блуд нашэптваў Яраполку: «Бачыш, колькі воінаў у брата твайго? Нам іх не перамагчы. Заключай мір з братам сваім». Яраполк пакінуў і Родню. Аднак Блуд раіў: «Пайдзі да брата свайго і кажы яму: «Што ты мне ні дасі, тое я і прыму»[21]. Пазбаўлены волі і веры ў перамогу, Яраполк адправіўся да Ўладзіміра і напаткаў смерць ад мячоў ворагаў. А пераможцу дастаўся велікакняжацкі пасад і былая жонка Яраполка, з якою ён і ажаніўся.

Сын рабыні стаў вялікім князем кіеўскім. Можна было пацешыць самалюбства, зрабіць Рагнеду наложніцай, зноў прынізіць ганарлівую палачанку. Але ўсё-такі Рагнеда была полацкай князёўнай і, ажаніўшыся з ёю, Уладзімір, як яе муж, станавіўся ўспрыемнікам княжацкай улады на Полаччыне, успрыемнікам Рагвалода. Вось чаму не забіў яе, не зрабіў наложніцай, а пакінуў у якасці яшчэ адной жонкі.

Ішоў час - князь быў заняты дзяржаўнымі справамі: паходы, збор даніны, пашырэнне межаў сваёй дзяржавы. А доля жонкі празаічная і разам з тым вечная і святая - выношваць і песціць новае жыццё. Чатырох сыноў нарадзіла Рагнеда свайму мужу: Ізяслава, будучага вялікага полацкага князя, Яраслава, будучага вялікага князя кіеўскага, Мсціслава, будучага цьмутараканскага князя, пераможцу Хазарскага каганату, Усевалада, будучага заснавальніка Ўладзіміра-Валынскага. Дала жыццё яна і дзвюм дачкам: Прадславе (яе напаткаў матчын лёс: да яе сватаўся польскі князь Баляслаў, якому адмовілі; калі ж ён захапіў Кіеў, дык забраў князёўну ў палон) і Дабранезе, будучай жонцы польскага князя Казіміра, маці польскіх князёў Баляслава Храбрага і Ўладзіслава І[22].

З усіх сваіх жонак, а ў яго было іх чатыры, Уладзімір аддаваў перавагу Рагнедзе. Не, гэта не каханне. Ці мог кахаць Рагнеду чалавек, які на вачах сваіх слуг згвалціў яе, а пасля забіў яе бацькоў і братоў, чалавек, пра якога летапісец паведамляў: «И был он ненасытен в блуде, приводя к себе замужних женщин, и растлял девиц...»[23]? Думаецца, не. Відаць, Уладзімір, памятаючы аб сваім паходжанні (сын рабыні), хацеў, каб маці яго дзяцей была прадстаўніцаю знатнай княжацкай сям'і. Тым самым ён жадаў падняць іх прэстыж у вачах баярства і простага люду.

Міналі гады. Але час не вылечыў былы боль. Памятала Рагнеда пра той жахлівы дзень, па-ранейшаму ненавідзела Ўладзіміра. З Уладзімірам бачыліся яны рэдка. Не частым госцем быў ён у Лыбедзі, вёсцы каля Кіева, дзе жыла з дзецьмі Рагнеда. Князь прападаў у паходах, а вярнуўшыся ў Кіеў, займаўся дзяржаўнымі справамі ці баляваў са сваёй дружынай, а часцей наведваў наложніц, каб спатоліць ненасытства блуднае. Ды і васьмісот наложніц не хапала яму, тады прыводзілі прыгожых жанчын, якіх упадабала княжацкае вока. Было, што князь згадваў і пра Рагнеду, прыязджаў да яе словам-другім перамовіцца і зірнуць на дзяцей. У час аднаго такога прыезду князь застаўся начаваць у Лыбедзі. Вось тады і вырашыла княгіня адпомсціць мужу за ўвесь той здзек з яе Айчыны, з бацькоў і з яе самой. Калі князь спаў, Рагнеда з кінжалам у руцэ падышла да ягонага ложка, схілілася над ім. Уладзімір раптам прачнуўся і перахапіў Рагнедзіну руку з кінжалам. Ён тут жа ўскочыў. На пытанне, чаму яна хацела яго забіць, Рагнеда адказала: «За тое, што бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў і не любіш ні мяне, ні сваіх дзяцей». На расправу ён аказаўся і цяпер хуткі: загадаў княгіні рыхтавацца да смерці, апрануцца ў шлюбнае. Пасля таго як Уладзімір выйшаў з пакоя паклікаць слуг, Рагнеда дала меч старэйшаму сыну Ізяславу і мовіла: «Калі бацька прыйдзе сюды, скажы яму: «Ты не адзін тут». Ізяслаў так і зрабіў. Калі Ўладзімір вярнуўся, падняў на яго меч: «Ты не адзін тут». Гэтага князь не чакаў, ён збянтэжана адказаў: «А хто ведаў, што ты тут?». Сынавы словы і жэст выратавалі Рагнеду. На баярскай радзе баяры параілі Ўладзіміру: «Ужо не забі яе дзеля дзіцяці гэтага, але аднаві айчыну яе і дай ёй з сынам сваім»[24].

Не з добрай ласкі згадзіўся Ўладзімір аднавіць Полацкае княства і пасадзіць там князя. Полаччына не скарылася. Тое, што не занатавалі летапісы, захоўвалася ў народнай памяці. Паводле быліны аб Іллі Мурамцу, у часы Ўладзіміра на Чарнігаўскую зямлю «наехала» літва. І легендарны Салавей-разбойнік мог быць рэальнай асобай - правадыром ліцьвіна-крыўскага паўстання супраць заваёўнікаў. Лес, дзе засеў Салавей, названы Крывым, так звычайна называлі мясцовасці, звязаныя з крывічамі, напрыклад, Крывы горад, Крывая гара. А імя Салаўя па бацьку Адзіхмант супадае з ліцьвінскімі імёнамі тыпу Ямант, Нарымонт, Пасімонт і г.д. Так што ёсць падставы сцвярджаць, што Полацак працягваў вайну за сваю незалежнасць. Кіеў прызнаў сваё бяссілле перад ім. А цяпер самы час і прымірыцца з Полацкам. Уладзімір пабудаваў горад, які назваў Ізяслаўлем, і адправіў туды Рагнеду са старэйшым сынам. Але чаму з Рагнедай адправіўся Ізяслаў? Мог жа Ўладзімір пакінуць яго пры сабе, як пакінуў другіх Рагнедзіных дзяцей.

У нашай гісторыі шмат таямніц і загадак. І не ўсё таемнае становіцца яўным. Многія тайны паміраюць разам з тымі, хто ведаў іх. Гісторык С.Анінскі пісаў: «Спрадвечнай княжацкай дынастыяй, якая спадчынна кіравала Полацкам, былі Рагвалодавічы. Шэраг абставін (своеасаблівасць імён гэтай дынастыі, амаль пастаянная ізаляванасць полацкай палітыкі ад палітычнага жыцця Рурыкавічаў, родавая нянавісць і стогадовая барацьба паміж нашчадкамі Рагвалода і «ўнукамі Яраслава» ў 1021-1129 гадах) дазваляе думаць, што «ўнукі Рагвалода» не належалі да Рурыкавічаў, таму і першы з іх, Ізяслаў, сын Рагнеды, не мог быць сынам Уладзіміра»[25]. Калі дапусціць верагоднасць гэтага меркавання, дык няўмольна паўстае пытанне: хто бацька Ізяслава? Вернемся ў тыя трагічныя дні, калі Ўладзімірава войска штурмавала Полацак. Сваю асуджанасць Рагвалод разумеў: літасці ад Уладзіміра не чакай, знішчыць ён род полацкіх князёў. Адзіная, каму, можа, даруе ён жыццё, - Рагнеда. Такія выпадкі, калі пераможца жаніўся з дачкою пераможанага ім праціўніка, у тыя часы былі не рэдкія. Пра падобныя падзеі распавядаюць скандынаўскія сагі. У адной з іх гаворыцца пра сватанне нарвежскага конунга да дачкі другога, якую звалі Асай. Атрымаўшы адмову, ён ідзе вайной, забівае бацьку і брата Асы, а яе бярэ сабе за жонку.

Значыць, Рагнеда, толькі яна магла адрадзіць лінію полацкіх князёў, не даць загінуць роду, і яе дзеці павінны былі адпомсціць Уладзіміру. Аднак, калі яна народзіць сына ад Уладзіміра, дык той можа застацца «глухім» да смерці Рагвалода. Рагнеда павінна была нарадзіць не ад захопніка і забойцы яе бацькоў. Відаць, нехта з блізкіх да Рагвалода баяраў і быў бацькам Ізяслава. І праўду аб яго нараджэнні Рагнеда адкрыла сыну. Мог не толькі здагадвацца, але і ведаць, што Ізяслаў не яго сын, і Ўладзімір. Вось чаму ён пазбавіў Ізяслава ды яго нашчадкаў права сядзець у рускіх гарадах, вярнуўшы яму дзедаву вотчыну - Полацкую зямлю. Было яно так ці не, ужо ніхто не даведаецца.

Але чаму пасялілася Рагнеда з сынам не ў Полацку, а ў Ізяслаўлі? Відаць, Уладзімір усё ж баяўся свавольнай Рагнеды і вырашыў трымаць яе і бліжэй да Кіева, і далей ад Полацка. Сам горад быў пабудаваны не на крывіцкіх землях, а ў Літве*, што ўскладняла б Рагнедзе збіраць вакол сябе незадаволеных кіеўскай уладай палачанаў. Меў горад важнае вайсковае і гандлёвае значэнне як цэнтр славянскай каланізацыі Літвы. Тут - водападзел паміж басейнамі Дняпра і Нёмана.

* Літва - гістарычная вобласць старажытнай Беларусі. Знаходзілася ў Верхнім Панямонні паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Наваградскай землямі. Назва, верагодна, славянскага паходжання: ці ад слова «літва» - лівень (Верхняе Панямонне - раён інтэнсіўных атмасферных ападкаў), ці ад слова «лютва», якое магло азначаць вайсковую дружыну. Першапачаткова Літва была заселена балтамі, якіх асімілявалі славяне. Паводле Ноўгарадскіх летапісаў, вядома, што існавалі літоўскія «селищи в Торопьчьской волости» на рацэ Дуброўне. Менавіта Літва «яко быша на Дубровне» і рабіла набегі на Ноўгарадскую і Смаленскую землі.

Хоць летапісы і маўчаць, але можна думаць, што, пакуль Ізяслаў не вырас, Рагнеда кіравала Полацкім княствам. Але лёс рыхтаваў княгіні новае выпрабаванне. У 988 годзе Ўладзімір з палітычных меркаванняў прымае хрысціянства і жэніцца з сястрою візантыйскага імператара Васіля ІІ, Ганнаю. Давялося адмовіцца ад наложніц і жонак. У Ізяслаўль князь шле Рагнедзе загад: «Зараз, хрысціўшыся, павінен я мець адну жонку, а ты выберы сабе мужа з маіх князёў і баяраў, каго пажадаеш». І на гэты раз Рагнеда аказалася духоўна прыгажэйшай і высакароднейшай за свайго былога мужа. Горда адказала яму: «Царыцай я была, царыцай і застануся, і нічыёй рабыняй не буду. А калі ты хрысціўся, дык я буду нявестай Хрыстовай»[26]. У гэтых словах - нескароны дух Рагнеды. Вымушаная грубай сілай стаць жонкай нялюбага, абражаная ім, яна захавала свой жаночы гонар, не стала яго рабыняй, не даравала яму ні забойства бацькоў, ні спусташэння Айчыны, ні здзеку з сябе. І зараз не збіралася паслухмяна выконваць Уладзіміраву волю. Але Ўладзімір мог гвалтам аддаць яе за аднаго са сваіх баяраў, і таму, каб пазбегнуць гэтага, Рагнеда прымае манаства. Яна заснавала пад Ізяслаўлем ці не першы ва Ўсходняй Эўропе жаночы манастыр і пастрыглася пад імем Анастасія. Адсюль, з Ізяслаўскага манастыра, і пачало пашырацца на Полаччыне хрысціянства.

Праз дванаццаць гадоў, на парозе ХІ стагоддзя, Рагнеда памерла. Паводле падання, яе пахавалі на гары паўвыспы Перавоз, паміж вусцем рэчкі Ўшы, якая ўпадае ў возера Дрысу, і вытокам рэчкі Дрысы, што выцякае з яго. На гэтым месцы нібыта быў забіты князь Рагвалод[27]. Памяць пра гордую і палымяную полацкую княгіню доўга жыла ў народзе. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі этнографы запісвалі паданні аб Рагнедзе. У гонар сваёй першай уладаркі ізяслаўцы назвалі яе імем возера, што было непадалёку ад манастыра, два прытокі ракі Свіслачы - Княгінька і Чарніца.

На год пазней за сваю маці (1001 год) памёр Ізяслаў, пражыўшы дзесьці каля дваццаці трох гадоў. Ніканаўскі летапіс з пахвалаю паведамляе аб полацкім князі: «Бысть жа сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив...»[28]. Першым з усіх усходнеславянскіх князёў Ізяслаў ахарактарызаваны ў летапісе як кніжнік і асветнік. А Ізяславава пячатка з надпісам ад граматы з'яўляецца першым помнікам усходнеславянскага пісьменства.

Пасля смерці Ізяслава полацкі пасад займалі яго сыны Ўсяслаў і Брачыслаў. Княжацкая дынастыя Рагвалодавічаў не перарвалася. Полацкае княства канчаткова аформілася як самастойнае палітычнае ўтварэнне са сваёй незалежнай ад Кіева княжацкай дынастыяй.

 

Святаполк. «Акаянны»

 

Не назавеш лёс гэтага чалавека незвычайным. Гісторыя ведае не адзін прыклад, калі пасля смерці таго ці іншага валадара паміж яго сынамі распачыналася крывавая барацьба за бацькоўскі пасад. Хто перамог - той і кіруе дзяржавай. Ну, а лёс пераможанага - сумны, трагічны: ці ізгоем туляецца ён па чужыне, ці гіне ад мяча пераможцы. Тое самае здарылася і з тураўскім князем Святаполкам, які прайграў вайну за кіеўскі пасад Яраславу Мудраму і вымушаны быў уцякаць на чужыну, дзе і памёр. Незвычайнае пачалося пасля Святаполкавай смерці. Воляю заказчыкаў «Аповесці мінулых гадоў» - кіеўскіх князёў Святаполка Ізяславіча і Ўладзіміра Манамаха - Святаполк быў аб'яўлены забойцам сваіх братоў Барыса, Глеба і Святаслава. Так і ўвайшоў ён у гісторыю як хцівы забойца сваякоў, названы летапісцам Каінам і Акаянным. Але ўсё па чарзе.

Неспакойнаю выдалася старасць вялікага князя кіеўскага Ўладзіміра Святаславіча. Бунтавалі смерды, не жадаючы прымаць новай веры, паказвала свой нораў баярская знаць, непакоілі і знешнія ворагі, не заціхала вайна з ляхамі. Толькі намаганнем апошніх сіл удавалася Ўладзіміру падтрымліваць хоць нейкі парадак у сваёй агромністай дзяржаве, трымаць ва ўладзе гарады і землі. Але асабліва засмучалі князя сыны. Не было паміж імі любові і яднання, кожны думаў пра сваю выгоду, жыў сваімі інтарэсамі. Яраслаў сядзеў у Ноўгарадзе, Барыс, сын ад Ганны, - у Растове, Глеб, таксама сын ад Ганны, - у Мураме, Святаслаў кіраваў Драўлянскаю зямлёй, Мсціслаў - Цьмутараканню. Святаполка, які быў сынам Яраполка, Уладзімір пасадзіў у Тураве, і невыпадкова. Князь ведаў, што Святаполк ненавідзіць яго за забойства бацькі і пазбаўленне права на велікакняжацкі кіеўскі пасад. У эканамічна неразвітым Палессі пасынку цяжка было б сабраць моцнае войска для вайны супраць вялікага князя. Ды і з Кіева можна было кантраляваць становішча ў Тураве. Відаць, Уладзімір адаслаў Святаполка ў Тураў яшчэ малалетнім (10-12 гадоў). Кіеўскія войскі захапілі Тураў і хрысцілі тураўцаў. Паданне распавядае, што пасля Тура ў горадзе правіў уладыка, пэўна, епіскап, які апекаваўся над малалетнім князем[1].

Пасталеўшы, Святаполк стаў праводзіць палітыку на адасабленне Тураўскага княства ад Кіева, нават пачаў чаканіць свае грошы. Не выключана, што з Турава ён перабраўся ў Пінск, дзе, паводле Суздальскага летапісу, збіраў вояў. Але для барацьбы з Кіевам патрэбны быў моцны саюзнік. І Святаполк знайшоў яго - польскі князь Баляслаў, які беспаспяхова адваёўваў у Русі Чэрвеньскую зямлю*. Ажаніўшыся з дачкою польскага князя, тураўскі ўладар заручыўся яго падтрымкай. Да Святаполка ад Баляслава прыехаў духоўнік яго дачкі біскуп Рэйнберн. Прыбыў ён з «асобым» заданнем: падрыхтаваць змову супраць Уладзіміра, скінуць яго і пасадзіць на велікакняжацкі пасад Святаполка. Рэйнберн усталяваў сувязі з кіеўскай баярскай апазіцыяй і святарствам, перацягнуўшы на свой бок епіскапа Анастаса.

* Чэрвеньская зямля, або Галіцыя, ці, як пазней называлі гэтую вобласць, - Чэрвоная Русь.

Відаць, паход Баляслава ў 1013 годзе супраць Русі быў здейснены з мэтай ажыццяўлення Святаполкавых задум. За гэтую дапамогу Святаполк, мабыць, абяцаў саступіць цесцю Чэрвенскую зямлю. Паход сарваўся з-за хваляванняў печанегаў, якія далучыліся да польскага войска. І Баляслаў не адважыўся біцца з Уладзімірам. Можна дапусціць, што Святаполк актыўна ўдзельнічаў у гэтым выступе, мог падняць і дружыну ў паход. Так ці інакш, а Ўладзімір даведаўся пра намеры тураўскага князя і выклікаў яго да сябе. Святаполк, спадзяючыся на міласць уладара, прыехаў разам з жонкай і Рэйнбернам у Кіеў і паплаціўся за сваю даверлівасць. Уладзімір засадзіў яго з жонкай у няволю. А біскупа, верагодна, атруціў, бо той заўчасна памёр. Як паведамляе летапісец Цітмар, Баляслаў не пакінуў зяця ў бядзе і прасіў Уладзіміра выпусціць яго на волю. Уладзімір, каб не сварыцца з польскім уладаром, саступіў яго просьбе.

Не паспеў Уладзімір пазбавіцца адной бяды, як ля парога новая: Яраслаў пад ціскам ноўгарадцаў адмовіўся плаціць даніну Кіеву. Не думаў князь, што на старасці гадоў прыйдзецца ваяваць з родным сынам, але што рабіць - трэба сядлаць коней. Інтарэсы дзяржавы вышэй за асабістыя пачуцці і сваяцкія сувязі. Стаў бы ён, Уладзімір, вялікім кіеўскім князем, калі б кіраваўся пачуццямі, калі б быў паслухмяны брату свайму Яраполку? Не! У барацьбе за ўладу для яго няма сваякоў і сяброў - ёсць праціўнікі і саюзнікі. Яраслаў падняўся супраць яго - і вораг цяпер ён.

Уладзімір загадаў дружыне рыхтавацца да паходу. Але як ні апраўдваў сябе Ўладзімір, а сынаву непаслухмянасць перажываў цяжка і ўсё адцягваў і адцягваў паход, спадзеючыся, што «напужаны» Яраслаў перадумае. А той не перадумваў. Вайна была непазбежнаю. Князь захварэў і выклікаў з Растова любімага сына Барыса, які і павінен быў узначаліць паход на Ноўгарад.

Да гэтага моманту апавяданне «Аповесці мінулых гадоў» рэалістычнае і ў яго праўдзівасці не прыходзіцца сумнявацца. А пасля? А пасля пачынаецца тое, што сучаснай мовай называецца фальсіфікацыя.

Раптам у Кіеў прыходзяць весткі, што неспакойна на паўднёвых межах. Барыс выступае на печанегаў, якіх чамусьці не знаходзіць.

15 ліпеня 1015 года ў сваёй загараднай рэзідэнцыі - Бераставе - памірае Ўладзімір. І вось як падае наступныя падзеі «Аповесць мінулых гадоў»[2]. Кіеўскія баяры, палохаючыся прыходу да ўлады Святаполка, утаілі Ўладзіміраву смерць. Ноччу ўпотайкі княжацкае цела вывезлі ў царкву Багародзіцы. Аднак доўга маўчаць пра смерць вялікага князя не ўдалося. Пасля пахавання Ўладзіміра на велікакняжацкі пасад сеў Святаполк. Каб задобрыць кіянаў, ён раздае ім падарункі з Уладзіміравай скарбніцы. Падарункі кіяне бралі, «але сэрца іх не ляжала да яго, таму што браты іх былі з Барысам».

А што ж Барыс? Пасля весткі аб бацькавай смерці ён паводзіць сябе не як князь-вой, а як герой павучальных праваслаўных казанняў і жыцій. Не спяшаецца на пахаванне бацькі, не збіраецца і займаць кіеўскі пасад. На прапанову дружыны: «Вось у цябе бацькоўская дружына і войска. Пайдзі сядзь у Кіеў на бацькоўскім пасадзе» - Барыс адказаў: «Не падыму рукі на брата свайго старэйшага: калі бацька ў мяне памёр, дык няхай гэты будзе мне замест бацькі». Незадаволеныя дружыннікі пакінулі Барыса, а ён у акружэнні отракаў застаўся на Альце аплакваць бацьку. Між тым Святаполк «успрыняў думку Каінаву» - захацеў забіць Барыса і паслаў да яго перадаць: «Хачу з табою любоў мець і аддам табе яшчэ да атрыманага ад бацькі ўладання». Разам з тым патаемна пасылае забойцаў. Не, Барыс не ратуецца ад смерці, а пакорліва і паслухмяна сустракае яе.

Барысавай смерцю Святаполк не абмяжоўваецца. «Пераб'ю ўсіх братоў і стану адзін валодаць Рускаю зямлёю», - вырашае ён. Таксама пакорліва, як і Барыс, прымае смерць Глеб. Ён, атрымаўшы ад Святаполка вестку аб хваробе бацькі, не спяшаецца ў Кіеў, а некалькі тыдняў немаведама што робіць у Смаленску. Да яго прыязджаюць вестуны ад Яраслава, якія папярэджваюць аб смерці Ўладзіміра і забойстве Барыса. І Глеб, як і брат, не ратуецца ад небяспекі, аплаквае сваякоў. Яго пакідае дружына. Святаполкавы слугі без перашкод захапілі княжацкі карабель і забілі Глеба. Наступнай ахвярай стаў Святаслаў. Ён паспрабаваў уцячы ў Вугоршчыну, але і тут Святаполк аказаўся спрытнейшым. Яго слугі перанялі Святаслава ў Карпатах і расправіліся з ім.

Ну, а князь Яраслаў? Ён, даведаўшыся ад сястры Прадславы, якая ўцякла з Кіева, пра забойства Барыса, вырашыў адпомсціць за яго смерць. Яраслаў сабраў ноўгарадцаў, наняў дружыну варагаў і выступіў перад імі: «Не я пачаў забіваць братоў, але ён, няхай будзе Бог мсціўцам за кроў братоў маіх, бо без віны пралітая праведная кроў Барыса і Глеба. Відаць, і са мной тое самае зробіць? Судзі мяне, Госпадзі, па праўдзе, няхай сунімецца зладзейства грэшнага». Гэтыя словы надта падобныя на словы Ўладзіміравы перад яго вайной з Яраполкам. Як і Ўладзіміра, летапіс прадстаўляе Яраслава помснікам за кроў братоў, барацьбітом за справядлівасць.

Увосень 1015 года Яраслаў і Святаполк з войскамі сышліся на Дняпры пад Любечам. Тры месяцы не адважваліся праціўнікі пачынаць бітву. І толькі калі ўдарылі першыя замаразкі, Яраслаў ноччу па лёдзе перайшоў рэчку і напаў на Святаполкава войска. Святаполк усю ноч разам з дружынаю п'янстваваў. Нечаканасць нападу, аддаленасць Святаполка ад лагера яго саюзнікаў - печанегаў, якія не змаглі прыйсці яму на дапамогу, спрыялі поспеху Яраслава.

Святаполк з дружынай адступіў да возера, але пад воямі праламіўся лёд... Князь кінуў дружыну і ўцёк у Польшчу.

У 1017 годзе Яраслаў сеў у Кіеве. Але праз год польскі князь Баляслаў і Святаполк перамаглі Яраслава і захапілі Кіеў. Пасля таго як на Русі пачалі ўспыхваць паўстанні супраць палякаў, Баляслаў вярнуўся ў Польшчу. Яраслаў з ноўгарадскім войскам тут як тут, ля Кіева. Святаполк уцёк да печанегаў і набіраў там войска. Калі на рацэ Альце ворагі сустрэліся, Яраслаў зноў перамог. Святаполк, «ганімы божым гневам, прыбег у пустыннае месца паміж Польшчай і Чэхіяй, і там няшчасна закончыў жыццё сваё...»

Так распавядае «Аповесць мінулых часоў». І доўгі час гісторыкі бралі на веру аповяд Нестара. Стагоддзямі імя Святаполка ганілі як імя забойцы і злодзея. Мала хто мог падумаць, што ён пасля смерці быў абылганы і на яго спісалі злачынствы таго, хто ў «Аповесці...» выступаў як барацьбіт за справядлівасць - Яраслава Мудрага.

Для дапытлівага чытача «Аповесці...» многае ў апісанні падзеяў 1015-1018 гадоў было незразумелым і нерастлумачаным. Так і хочацца атрымаць адказ, навошта Святаполк, які не карыстаўся любоўю ў кіян, забіў Барыса, калі той добраахвотна прыняў яго ўладу і быў такі далёкі ад палітыкі? Што тут за выгода? Навошта было Святаполку пазбаўляць жыцця Глеба і Святаслава, якія не мелі значнага ўплыву на агульнарускія справы? І чаму Святаполк так удачліва распраўляўся з другараднымі сваімі праціўнікамі ў той час, як яго галоўны вораг - Яраслаў - быў жывы-здаровы? Незразумела таксама, чаму кіяне не жадалі прымаць у Кіеве цела Барыса і яно да 1072 года знаходзілася ў драўлянай труне ў Вышградзе? А сама незразумелае, чаму імя Святаполка - гэтага крыважэрнага братазабойцы - насіў унук Яраслава? Як гэта растлумачыць?

Летапісец Нестар добрасумленна выканаў загад сваіх венцаносных заказчыкаў і стварыў міф аб Акаянным Святаполку. Але ён не ведаў, што ў далёкай Скандынавіі вось ужо стагоддзе як існавала «Сага аб Эймундзе», якую склаў відавочца тых падзей. Яму перайначваць нічога не спатрэбілася, толькі пахваліўся подзвігамі Эймунда і варагаў у краіне Гардарыкі, а так па сутнасці праўдзіва распавёў аб барацьбе Ярыцлайва (Яраслава) і Бурыслава (Барыса) за велікакняжацкі пасад. Гэтая сага, а таксама кроніка біскупа Цітмара Мерзебургскага і дапаможа нам аднавіць праўду тых часоў.

Цітмар, апісваючы паход польскага караля Баляслава і Святаполка на Кіеў летам 1018 года, адзначае, што перад гэтым на Русі памёр князь Уладзімір, які пакінуў усю сваю спадчыну двум сынам, а трэці, вызваліўшыся з вязніцы, уцёк да цесця, Баляслава[3]. Значыць, Святаполк не застаўся ў Кіеве, прычым Цітмар нічога не ведае пра братазабойства, здзейсненае Святаполкам. Тады хто ж сядзеў у Кіеве? Памятаеце, Уладзімір выклікаў да сябе Барыса, каб ён узначаліў паход на Ноўгарад? Менавіта Барыс сеў пасля бацькавай смерці на велікакняжацкі пасад. Аб гэтым і кажа сага: «Бурыслаў (Барыс) валодаў Кенугардам (Кіевам)»[4]. Вось так: Барыс зусім не аплакваў смерць бацькі на Альце, а знаходзіўся ў Кіеве і дзейсна рыхтаваўся да вайны з Яраславам. Не, не пакорлівым хрысціянінам прадстае Барыс. Верагодна, што менавіта ён і арганізаваў забойства Святаслава. Навошта? Як ведаем, Святаслаў уцякаў у Вугоршчыну прасіць дапамогі ў караля Іштвана І. І перш за ўсё гэта пагражала Барысу...

Ну, а хто загадаў забіць Глеба? Хутчэй за ўсё забойцаў паслаў Яраслаў, які баяўся, што Глеб падтрымае Барыса. Яраслаў і перахапіў Глеба ў Смаленску, не пусціўшы яго ў Кіеў.

Такім чынам, Яраслаў і Барыс засталіся адзін на адзін. Звернемся да «Сагі аб Эймундзе». Што яна паведамляе аб іх барацьбе? Барыс прысылае да Яраслава патрабаванне саступіць яму некалькі валасцей і гарадоў, якія межавалі з Кіеўскай зямлёй. Заклапочаны Яраслаў звярнуўся па параду да Эймунда, правадыра варажскай дружыны, што служыла ў Ноўгарадзе. Эймунд параіў не падначальвацца кіеўскаму князю: «...Заўсёды саступаць яму ўсё, што ён просіць, не так і небяспечна, і многім можа здацца маладушным і нявартым конунга, калі ты будзеш так рабіць. Не ведаю таксама, навошта ты трымаеш іншаземнае войска, калі ты не спадзяешся на нас? Цяпер ты павінен сам выбіраць»[5]. Яраслаў адмовіўся выконваць Барысава патрабаванне і разаслаў па княству стралу - знак збору войска. У апісанні бітвы «каля вялікага лесу ля ракі»[6] паміж войскамі Яраслава і Барыса мы распазнаём асобныя эпізоды з паведамлення Нестара аб сечы Яраслава і Святаполка каля Любеча. І сага, і Нестар кажуць, што войскі сустрэліся ля ракі. Паводле Нестара, войскі прастаялі тры месяцы. Паводле сагі, - чатыры дні. Але звернем увагу на працяг апавядання сагі. Вараг Рагнар звяртаецца да Эймунда: «Чаго мы чакаем і што гэта значыць, што мы сядзім спакойна?». Эймунд адказвае: «Нашаму конунгу раць нашых ворагаў здаецца невялікай: яго задумы мала чаго варты»[7]. Пасля чаго яны ідуць да Яраслава і настойваюць пачынаць бой. Думаецца, што аўтар сагі наўмысна скараціў тэрмін да чатырох дзён, каб такім чынам паказаць, як нецярпліва рваліся ў бітву варагі, а не тупалі на адным месцы ў нерашучасці на працягу трох месяцаў. Ці можна дапусціць, што варагі падышлі пазней і Яраслаў без іх не пачынаў бітвы. А тое, што прайшло не чатыры дні стаяння войска, а куды больш, якраз сведчаць словы Эймунда: «...А ў вас (у Яраслава. - В.Ч.) шмат войска разышлося дадому па валасцях, і ненадзейнае яно, пане»[8]. Цяжка паверыць, каб праз чатыры дні пасля прыходу на месца бітвы войска пачало разыходзіцца. Такое магло адбыцца толькі тады, калі яно стаяла без справы ўжо працяглы час і ў лагеры пачаўся голад.

Не супярэчыць Нестараваму апісанню бітвы і аповяд сагі. У «Аповесці...» Яраслаў пераправіўся цераз Дняпро і знянацку напаў на Святаполка. Сага таксама паведамляе, што вынік бітвы вырашыў нечаканы напад Яраслава. Эймунд са сваёй дружынай патаемна пераправіўся цераз рэчку і ўдарыў у «адкрыты шчыт», гэта значыць ззаду, зайшоўшы ў тыл Барысаваму войску. Барыс не вытрымаў гэтага ўдару і ўцёк з поля сечы. Як бачым, ёсць сур'ёзныя падставы сцвярджаць, што і Нестар, і сага апісваюць адну і тую бітву, толькі летапісец замест Барыса падставіў Святаполка.

«Пасля гэтага (бітвы. - В.Ч.) летам і зімой было мірна, і нічога не здарылася, і кіраваў Ярыцлайв абодвума княствамі з парады і розуму Эймунда конунга», - паведамляе пра далейшыя падзеі сага[9]. Для нас істотна, што з дня бітвы (глыбокая восень 1015 г.) прайшло лета 1016 года і зіма 1017-га. І вось у 1017 годзе, паводле сагі, Барыс з войскам пайшоў на Кіеў, дзе сядзеў Яраслаў. Барысава войска складалі печанегі, якіх сага называе, як і жыхароў суседняй са Скандынавіяй вобласці, Б'ярмаланд, б'ярмамі. Падчас штурму Кіева нападаючыя авалодалі брамай, дзе кіраваў абаронай сам Яраслаў. Князя цяжка паранілі ў нагу - з гэтага часу ён стаў кульгаць, на што ўказваюць не толькі сага і летапіс, але і сучаснае анатамічнае даследаванне княжацкіх астанкаў[10]. Б'ярмы-печанегі ўварваліся ў горад. У гэты момант на дапамогу Яраславу прыйшоў з дружынай варагаў Эймунд. Ён выбіў з горада Барысавых вояў і адкінуў іх ад гарадскіх сценаў.

Напад печанегаў на Кіеў у 1017 годзе, спаленне многіх цэркваў і Сафійскага сабора падцвярджаюць і старажытнарускія крыніцы[11]. Кроніка Цітмара таксама распавядае аб спусташэнні Кіева і спаленні сабора[12]. Цяпер становіцца зразумелым, чаму кіяне не жадалі прымаць у горад цела Барыса і трымалі яго астанкі ў драўлянай труне ў Вышградзе, - не маглі дараваць яму нападу на Кіеў.

Пасля паразы Барыс зноў уцякае да печанегаў і збірае новае войска. На вайсковай нарадзе Эймунд спытаўся ў Яраслава: «Але як жа быць, пане, калі мы дабярэмся да конунга (Барыса. - В.Ч.), - забіць яго ці не? Бо ніколі не будзе канца варожасці, пакуль вы абодва жывыя». І вось адказ Яраслава: «Не стану я ні заклікаць людзей да бою з Барысам князем, ні вінаваціць, калі ён будзе забіты»[13]. Тым самым Яраслаў умываў рукі: нібыта і не загадваў забіць брата, але і не забараняў гэта зрабіць.

Хаця асобныя моманты апавядання пра забойства Эймундам Барыса і выглядаюць малаверагоднымі, як, скажам, эпізод з нахіленнем дрэва, але па сутнасці яно праўдзівае і рэалістычнае. Эймунд з 12 варагамі пайшоў насустрач Барысу. Яны доўга ехалі па лесе, пакуль не дабраліся да вялікага поля. Тады Эймунд паведаміў сваім таварышам: «Тут мы спынімся. Я даведаўся, што тут будзе стан Бурыслава-конунга і будуць пастаўлены на ноч шатры»[14]. Знайшоўшы месца, дзе Барыс мог паставіць свой шацёр, загадаў завязаць на бліжэйшым дрэве вяроўку і схіліць яго так, каб галіны дакрануліся да зямлі, а пасля замацаваць канцы вяроўкі. Як толькі варагі скончылі гэтую працу, паказалася Барысава войска. Сам Барыс ехаў у багата ўпрыгожаным кочы, перад якім вой нёс сцяг. Варагі пахаваліся ў лесе і дачакаліся ночы. Як і думаў Эймунд, княскі шацёр паставілі там, дзе была падрыхтавана пастка.

Ноччу, калі Барысавы людзі заснулі, таму што яны «стаміліся ад паходу і былі п'яныя»[15], варагі нячутна акружылі Барысаў шацёр. Па загаду Эймунда завязалі пятлю на вяроўцы і на дзідзе ўзнялі яе на флюгер шатра. Тут жа варагі перасеклі вяроўку, што трымала схіленае ўнізе дрэва, яно рэзка разагнулася, сарвала шацёр і закінула яго далёка ў лес. Эймунд адразу ж пабег туды, дзе спаў Барыс, забіў яго і адсек галаву. Скарыстаўшы сумятню, што ўсчалася ў лагеры, Эймунд без перашкод захаваўся ў лесе. Гэтае забойства, відаць, адбылося непадалёку ад ракі Альты. Таму Нестар, каб растлумачыць, чаму Барыс апынуўся тут, і выдумаў паход на печанегаў, якіх князь нібыта не знайшоў. Мала таго, Нестар піша, што быццам тут, на рацэ, Барыс даведаўся пра бацькаву смерць.

Яраслаў толькі пачырванеў, калі яму паказалі адсечаную галаву Барыса. І гэтая маленькая дэталь, якая не выпала з-пад зроку будучага аўтара сагі, што прысутнічаў пры тых падзеях, яшчэ раз пераконвае нас у праўдзівасці яго апавядання.

Войска Барыса, пазбаўленае свайго правадыра, «разышлося ў нязгоднасці»[16].

Але яшчэ рана было Яраславу святкаваць перамогу. Супраць яго ў 1018 годзе выступіў Святаполк з падтрымкі Баляслава. Польскі князь нарэшце закончыў вайну з германскім імператарам Генрыхам ІІ, які падтрымліваў саюзныя адносіны з Яраславам. Паводле мірнай дамовы, ён абавязаўся дапамагаць Баляславу ў вайне з Руссю. І сапраўды немцы прыслалі тры сотні вояў. Разам з палякамі і немцамі ў паходзе ўдзельнічалі «500 уграў і 1000 печанегаў»[17].

Яраслаў паспешліва сабраў русь, варагаў, славян і сустрэў сваіх ворагаў на Валыні каля Буга. Удача, якая так доўга была з ім, здрадзіла. Баляслаў рашуча пераправіўся цераз Буг, не даў Яраслававым воям «исполчиться» да сечы і разбіў іх. Толькі з чатырма слугамі прыбег Яраслаў у Ноўгарад. А польскі князь 14 жніўня ўступіў у Кіеў і пасадзіў на велікакняжацкі пасад Святаполка. Новаму вялікаму князю хочаш - не хочаш, а давялося трываць залежнасць ад Баляслава. Ён пусціў польскае войска ў гарады на пакорм. Але пад заступніцтвам Баляслава нядоўга пакняжыш: патрэбна свая сіла. Святаполк падтрымлівае сувязі з Тураўскім княствам, дзе засталіся яго прыхільнікі, набірае там вояў у дружыну.

Збіраў вояў у Ноўгарадзе і Яраслаў. Ён спачатку думаў бегчы за мора, але пасаднік Канстанцін, сын Дабрыні, з ноўгарадцамі рассёк ладдзі: «Хочам і яшчэ біцца з Баляславам і Святаполкам»[18]. Занадта многа меў спадзяванняў Ноўгарад на Яраслава. Праз яго разлічвалі ноўгарадцы падпарадкаваць Кіеў. З другога боку, калі б Яраслаў уцёк за мора, Святаполк прыйшоў бы ў Ноўгарад і ўчыніў расправу з тымі, хто паўставаў на яго. Таму жыхары сабралі сродкі, на якія Яраслаў наняў варагаў.

Становішча Святаполка ў Кіеве пагоршылася. Мацнеў на Русі гнеў супраць засілля палякаў. Баляслаў паводзіў сябе як захопнік. Разрабаваў велікакняжацкую скарбніцу і, помсцячы Прадславе за адмову пабрацца з ім шлюбам, згвалціў яе. Не мог падабацца Святаполк кіянам і за любоў да шумлівых баляванняў, на якіх піў віно і весяліўся са сваімі ўлюблёнцамі, і ён апынуўся перад выбарам: з кім быць - ці з Баляславам, ці з народам? Зброяй, ды яшчэ чужой, не абароніш свой пасад. Куды больш надзейная народная падтрымка. І Святаполк загадаў: «Колькі ёсць палякаў па гарадах, забівайце іх»[19]. Заклік тут жа падхапілі. Супраць польскіх войскаў успыхнула паўстанне. Баляслаў, захапіўшы каштоўнасці з княжацкай скарбніцы і ўзяўшы ў палон княгінь Прадславу і Дабрагневу, пакінуў Кіеў.

Нядоўга пракняжыў Святаполк у Кіеве. Яраслаў пасля таго, як з Кіева ўцёк польскі князь, з'явіўся з войскам каля горада. Не спадзяваўся Святаполк на падтрымку і вернасць кіянаў, бо адчуваў, што не даравалі яны яму прыводу палякаў і разрабаванне скарбніцы. Як і Барыс, ён уцякае да печанегаў, а ўжо праз год на чале печанежскага войска ідзе на Кіеў. На сумна вядомай Альце Яраслаў сустрэў Святаполка. Паводле «Аповесці...», Яраслаў перад бітвай стаў на месцы, дзе забілі Барыса, і, узняўшы рукі да нябёсаў, усклікнуў: «Кроў брата майго кліча да цябе, уладыка! Адпомсці за кроў праведніка гэтага, як адпомсціў ты за кроў Авеля, наслаўшы на Каіна стогны і жах: так нашлі і на гэтага»[20]. Калі яно так і было, дык нельга не здзіўляцца прытворству Яраслава. Зразумелае яго імкненне адмыцца ад крыві брата, перакласці ўсю віну за забойства Барыса на Святаполка. Ужо тады здзейсненае злачынства не давала спаць спакойна ўзурпатару кіеўскага пасада. І пры кожным зручным выпадку ён намагаўся «выкрыць забойцу братоў», а сябе выставіць як мсціўца за іх кроў.

Бітву на Альце Яраслаў выйграў. «Была ж тады пятніца, і ўсходзіла сонца, і сышліся абодва бакі, і была сеча жорсткая, якой не бывала на Русі, і, за рукі хапаючыся, секліся, і сыходзіліся тройчы, так што цякла кроў па нізінах. К вечару перамог Яраслаў, а Святаполк уцёк», - так распавядае «Аповесць...»[21].

Верагодна, гэтая бітва і не адбылася, а проста летапісец, дзеля лепаты свайго расповяда пра тое, што зло павінна абавязкова быць пераможаным, выдумаў яе. Можна дапусціць, што Святаполк, зразумеўшы, што яму не ўтрымацца ў Кіеве, сам пакінуў велікакняжацкі пасад і падаўся пад апеку Баляслава.

Калі верыць далейшаму аповяду Нестара, дык на Святаполка «напаў д'ябал, і расслабелі ўсе цялёсы яго, і не мог ён сядзець на кані, і неслі яго на насілках». Увесь час Святаполк у бяспамяцтве трызніў: «Уцякайце са мною, гоняцца за намі»[22]. Не, не д'ябал зваліў з ног Святаполка. Калі яго атруцілі? А па чыйму загаду гэта зрабілі, здагадацца няцяжка - па Яраслававу. Святаполк так і не ачуняў. Недзе ў Польшчы ён памёр.

Яраслаў жа доўгія гады кіраваў Руссю. І не давалі яму спакою размовы, што незаконна ён ускняжыўся ў Кіеве, на трупах сваіх братоў падняўся на велікакняжацкі пасад.

Пра сваі грахі ён прызнаўся мітрапаліту Іану. Святар жахнуўся ад княжацкай споведзі і сабраў параіцца «попоство». Вось пасля гэтага сабору магіла Барыса становіцца месцам паклону людзей. Віноўнікам забойства Барыса і Глеба быў названы няшчасны Святаполк. На яго спісалі грахі чужога чалавека, яму ўклалі ў магілу акраваўлены другім меч, яму паставілі ў гісторыі таўро «Акаянны». Гэты міф занёс Нестар у летапіс пры ўнуках Яраслава, якім важна было абгрунтаваць сваё законнае права на кіраванне Руссю.

Так баязлівец і хцівец стаў героем, далёкія ад святасці Барыс і Глеб былі абвешчаны святымі (рускаму праваслаўю якраз былі патрэбны «нацыянальныя» святыя). Святаслаў, які, пэўна, загінуў па загаду Барыса, такога гонару не меў, ну а законны прэтэндэнт на кіеўскі пасад Святаполк быў названы забойцам братоў і пракляты царквою.

Творцы гэтага міфа спадзяваліся, што тайнае не стане яўным. І пралічыліся. Бо было сказана Божай мудрасцю: «Няма нічога тайнага, што ня выявілася б, і ўкрытага, аб чым не даведаліся б».

 

Брачыслаў Ізяславіч. Аднаўленне незалежнасці

 

Скупыя летапісныя радкі данеслі нам паведамленне пра барацьбу полацкага князя Брачыслава Ізяслававіча з Яраславам Мудрым: «Приде Брячислав, сын Изяславль, внук Володимърь, на Новъгород, и зая Новъгород, и поим новгородце и именья их, поиде Полотьску опять. И прешедшю ему к Судомере реце, и Ярослав ис Кыева в 7 день постиже и ту. И победи Ярослав Брячислава, и новгородце вороти Новгороду, а Брачислав бежа Полотьску»[1]. Больш падрабязна распавядае пра гэтыя падзеі «Сага аб Эймундзе». Да яе і мы звернемся.

Пасля таго як Яраслаў выгнаў з Кіева Святаполка, Эймунд, не атрымаўшы ад князя платы за службу, адправіўся разам са сваёй дружынай у Полацак да Брачыслава.

Яшчэ ў раннім маленстве застаўся Брачыслаў без бацькі і, трэба думаць, яго выхоўваў хтосьці з полацкіх баяраў. Нагадаем, як крок за крокам вёў па жыцці маладога Ўладзіміра яго дзядзька Дабрыня. Так і Брачыслава ўводзіў у складаны свет княжацкага жыцця вопытны і мудры настаўнік, вучыў трымацца ў баявым сядле, валодаць зброяй, спасцігаць кніжную мудрасць, разбірацца ў хітраспляценнях палітыкі. Дзейным, смелым воінам, мудрым дзяржаўным мужам хацелі бачыць палачане сына Ізяслава, якому наканавана было сядзець на полацкім пасадзе. Нямала спадзяванняў ускладалі яны на Брачыслава.

Амаль палова стагоддзя мінула з таго часу, калі раз'юшаныя Ўладзіміравы ваяры захапілі і спалілі горад, а памяць пра гэты трагічны дзень жыла ў сэрцах яго жыхароў. Толькі не помсты Ноўгараду праглі палачане. Куды больш значныя мэты паўсталі перад Полацкам. Хаця Ўладзімір і вымушаны быў аднавіць Полацкае княства, але, відаць, не прамінуў прыпыніць палітычна-эканамічнае развіццё Полаччыны, адцясніць палачанаў ад вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра. Можа быць, тады і перайшлі ва ўладанне Ноўгарада гарады Віцебск і Ўсвят - ключавыя пункты на водных шляхах. Золата, якое бралі з купцоў заставы, плыло ў Ноўгарад, золата, так патрэбнае Полацку для ўзмацнення. Палачане жадалі зноў вярнуць пад сваю ўладу вярхоўі Дзвіны і Дняпра, не адмовіліся яны і ад даўняй мары аб'яднаць вакол Полацка ўсе крыўскія землі, аднавіць страчаныя пазіцыі ў Дрыгавіцкай зямлі. Дасягнуць сваіх мэтаў можна было толькі ў крывавай барацьбе з Ноўгарадам і Кіевам. І гэтую барацьбу павінен быў узначаліць Брачыслаў.

У той час калі на Русі лілася кроў міжусобнай вайны, Брачыславу было каля дваццаці гадоў. Полацкі князь не падтрымаў ні Яраслава, ні Барыса, ні Святаполка. Можа, у гэтым і была свая мудрасць: не спяшацца, чакаць, хто пераможа, не траціць дарэмна сілы. Перамог Яраслаў, ён і сеў у Кіеве. Прыход Эймундавых варагаў у Полацак быў дарэчы: тым самым павялічваліся сілы полацкай дружыны.

І вось адбылася першая сустрэча паміж Эймундам і Брачыславам. Полацкі князь прыняў правадыра варагаў ветла і гасцінна. Эймунд падрабязна распавёў Брачыславу аб тым, што прымусіла яго пакінуць Яраслава. «Што ж вы цяпер думаеце рабіць?» - спытаў Брачыслаў. Эймунд адказаў: «Мовіў я Ярыцлайву-конунгу, што мы сюды да вас паедзем, бо я думаю, ён хоча паменшыць твае ўладанні, як брат яго зрабіў з ім, і вырашайце цяпер самі, уладар, ці думаеце вы, што вам патрэбна наша дапамога»[2].

Пра баявыя якасці варагаў Брачыслаў чуў, і не раз. Той жа Ўладзімір з дапамогай варагаў у свой час авалодаў Полацкам, Яраслаў расправіўся з Барысам. І было б неразумна адмаўляцца ад паслуг варажскай дружыны, калі Полацку пагражаў Кіеў. «Так, - згадзіўся Брачыслаў, - жадаем мы вашай дапамогі, але што вы патрабуеце за гэта?» На што Эймунд адказаў: «Таго ж самага, што было ў нас у брата твайго»[3].

Але каб прыняць на службу варагаў, Брачыславу патрэбная была згода веча. Як у Ноўгарадзе, так і ў Полацку веча выконвала заканадаўчую ролю, яно запрашала ў горад князёў, кантралявала іх дзейнасць, заключала мірныя і гандлёвыя дамовы, слала пасольствы, вырашала іншыя важныя дзяржаўныя пытанні. Гэтая асаблівасць полацкага палітычнага ладу ў далейшым пакладзе пачатак дэмакратычным прынцыпам кіравання ў Вялікім Княстве Літоўскім. І зусім не перабольшанне тое, што па сутнасці Полацкае княства з'яўлялася феадальнай рэспублікай, дзе князь выконваў ролю выбранага канстытуцыйнага валадара.

Брачыслаў і тлумачыць Эйманду сваю залежнасць ад веча: «Дайце мне тэрмін параіцца з маімі людзьмі, таму што яны даюць грошы, хоць выплачваю іх я»[4]. На вечы Брачыслаў распавёў аб жаданні Яраслава адабраць ад Полаччыны землі і прапанаваў прыняць на службу варагаў. Красамоўны факт, на які ўказвае сага: дамову з Эймундам заключыў не Брачыслаў, а веча. Вядома, трымаць на службе варажскую дружыну было накладна, не па кішэні гэта аказалася Яраславу, але палачане не скупіліся. Пагрозу Кіева ўспрынялі яны сур'ёзна: наўрад ці змірыцца Яраслаў з незалежнасцю Полацкай зямлі.

Брачыславава перасцярога была недарэмнай. Перамогшы на Альце Святаполка, Яраслаў у 1021 годзе прыслаў у Полацак паслоў з патрабаваннем перадаць яму гарады і сёлы, што межавалі з кіеўскімі ўладаннямі. Паводле сагі, Эймунд параіў Брачыславу: «...Уладар, падобна на тое, што трэба чакаць бойкі з прагным ваўком. Будзе захоплена яшчэ болей, калі гэта саступіць»[5]. Брачыслаў назначыў месца, дзе павінны былі сустрэцца полацкія і кіеўскія войскі, і адпусціў паслоў. Сам жа вырашыў апярэдзіць Яраслава і першым нанесці ўдар па яго спадчыннаму ўдзелу - Ноўгарадскай зямлі. Гэта, з аднаго боку, аслабіла б Яраслава, а з другога - дало б магчымасць Полацку пашырыць свае ўладанні за кошт Ноўгарада.

Бліскучым па выкананні і выніках трэба назваць гэты паход на Ноўгарад. Каб захапіць буйнейшы ва Ўсходняй Эўропе горад з непрыступнымі абарончымі ўмацаваннямі, Брачыславу трэба было мець немалое войска. Такое войска ён здолеў сабраць за кароткі час і хутка прывесці пад Ноўгарад. З'яўленне палачанаў пад горадам застала ноўгарадцаў знянацку. Не даўшы ім падрыхтавацца да абароны, полацкае войска штурмам узяло Ноўгарад.

Паводле польскага краніста Яна Длугаша, Брачыслаў услед за Ноўгарадам авалодаў усім Ноўгарадскім княствам[6]. Захапіўшы ноўгарадскія гарады, паставіў там сваіх намеснікаў. Відавочна імкненне Брачыслава не проста падарваць магутнасць суседняга княства, а пазбавіць яго палітычнай незалежнасці і поўнасцю далучыць да Полацка. У Ноўгарадзе Брачыслаў таксама паставіў свайго намесніка, а сам узяў у палон многа знатных ноўгарадцаў і выступіў дадому.

Паводле рускіх летапісаў, Яраслаў сустрэў Брачыслава на рацэ Судоме і разбіў яго. А ці была сапраўды гэта бітва? На прыкладзе Святаполка мы маглі пераканацца, як бессаромна перайначвалася ў летапісах праўда ў дагоду кіеўскім князям. На маю думку, бітва на Судоме такі ж міф, як і міф пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба. Па-першае, не назавеш лагічным вынік гэтай бітвы: пераможца Яраслаў нечакана перадае ва ўладанне Брачыславу такія важныя гарады на водных шляхах, як Віцебск і Ўсвят, заключае з полацкім князем мір. Па-другое, нерэальна прыйсці з войскам з Кіева за тысячу вёрст на Судому за сем дзён, як аб гэтым паведамляе летапіс. Можна дапусціць, што Брачыслаў без перашкод вярнуўся ў Полацак, а ўжо пасля выступіў супраць Яраслава.

Маўчыць пра бітву паміж полацкім і кіеўскім войскам і «Сага аб Эймундзе», а яе сведчанні заслугоўваюць даверу. Паводле сагі, войскі прастаялі, не пачынаючы бітвы, сем дзён. Ці не адсюль з'явілася летапіснае паведамленне аб сямідзённым паходзе Яраслава з Кіева на Судому? Відавочна, Яраслаў не адважыўся нападаць на Брачыслава, а толькі пужаў, спадзеючыся на тое, што полацкі князь замірыцца.

Брачыслаў звярнуўся да Эймунда: «Што ж мы будзем тут сядзець без справы? Нельга ўпускаць перамогу з рук»[7]. Значыць, ён быў упэўнены ў сваіх сілах, верыў у сваю перамогу. А хітры вараг задумаў захапіць у палон жонку Яраслава Інгігерд, якая мела вялікі ўплыў на свайго мужа, і такім чынам вымусіць кіеўскага князя пайсці на мір з Брачыславам. Гэтая задума Эймунда спадабалася Брачыславу. Эймунд удвох з таварышам прабраліся ў лес, што знаходзіўся за баявым станам кіеўскіх войск, і заселі ў засадзе. Яны дачакаліся, калі па дарозе праязджала са слугамі княгіня Інгігерд, нечакана напалі на яе і захапілі ў палон. Яраслаў вымушаны быў пайсці на перамовы з Брачыславам і перадаць яму Віцебск і Ўсвят. Такім чынам палачане дамагліся адной са сваіх мэт - вярнулі частку страчаных крыўскіх земляў, зноў выйшлі да вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра. У сваю чаргу Брачыслаў адмовіўся ад улады над Ноўгарадам і вызваліў захопленых у палон яго абаронцаў. Гэты двухбаковы кампраміс быў выгадны і Яраславу, і Брачыславу. Полацкі князь пашырыў межы сваёй дзяржавы, а кіеўскі пазбег верагоднай паразы, якая ўскладніла б яго становішча.

Нельга адмаўляць сцвярджэнне сагі, што Яраслаў саступіў Брачыславу кіеўскі пасад. З паведамленняў летапісаў вядома, што Яраслаў з гэтага часу пражываў у Ноўгарадзе і кіраваў Кіевам праз сваіх намеснікаў. Такім намеснікам мог быць і Брачыслаў. Пра гэта сведчыць наяўнасць у Кіеве «двара Брачыслаўля», дзе жыў Брачыслаў.

Няма дакладных звестак, як склаўся ў далейшым лёс Брачыслава. Паводле дамовы, полацкі князь згадзіўся «заадзін» ваяваць з Яраславам да канца жыцця і, відаць, удзельнічаў у многіх яго захопніцкіх паходах, хаця крыніцы маўчаць пра гэта. І ў Кіеве, па ўсёй верагоднасці, Брачыслаў сядзеў не доўга. Вярнуўшыся назад у Полацак, ён скіраваў сваю дзейнасць на пашырэнне межаў Полацкага княства на захад, на пакарэнне памежных балцкіх плямёнаў. Ён разумеў, што падначаленне балцкіх плямёнаў Полацку было важнай крыніцай магутнасці княства. На заваяваных землях князь заснаваў новыя гарады і вёскі. Так узніклі горад Брачыслаўль (сучасны Браслаў), вёска Браслаў каля возера Сівер, Браслаў (Абрэнскі раён, Латвія), Браслаў, што ў 20 кіламетрах на поўнач ад Воршы, - цэнтры крыўскай каланізацыі балцкіх земляў.

Палітычная дзейнасць Брачыслава прывяла да аднаўлення незалежнай Полацкай дзяржавы, яе росквіту. І не з голага месца пачынаў яго сын Усяслаў. У спадчыну ён атрымаў моцную дзяржаву, якая здолела выстаяць і перамагчы ў нялёгкай вайне за незалежнасць з Кіеўскай Руссю. Гэта і стала галоўнай заслугай князя Брачыслава.

 

Усяслаў Брачыславіч. Вешчая душа

 

Сучаснікі ў жаданні хоць неяк растлумачыць незвычайны лёс гэтага чалавека, таямнічасць і легендарнасць яго асобы, ягоную бурлівую дзейнасць, бліскучыя перамогі, далучылі Ўсяслава Брачыславіча да чарадзеяў, волхваў. Нават у летапісе пра Ўсяславава нараджэнне запісана, што паявіўся на свет ён ад «волхования». Верылі, што можа князь абвярнуцца ў ваўка, тура, сокала, нібыта герой быліннага эпасу волат Вольга. Лічылі, што меў ён вешчую душу. Ужо пры жыцці пра яго подзвігі складалі быліны і паданні. Яскравая і каларытная постаць Усяслава натхняла і невядомага аўтара «Слова пра паход Ігаравы»:

Усяслаў-князь людзям чыніў суды,

Радзіў князям гарады,

А сам уночы ваўком рыскаў,

З Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя,

Хорсу вялікаму шлях перацінаў.

Яму ў Полацку пазвоняць Ютрань рана

У званы святое Сафіі,

А ён той звон чуе ў Кіеве*.

* Тут і надалей «Слова пра паход Ігаравы» даецца ў перакладзе Р.Барадуліна (ЛіМ, 1985, 24 траўня).

На адзінай вядомай выяве князя - у мініяцюры Радзівілаўскага летапісу бачым яго схуднелы і стомлены твар. Быццам не грознага ваяра паказаў мастак, а пакутніка. Нейкая наканаванасць адчуваецца ва ўсім абліччы, у позірку сумных вялікіх вачэй, а княскі вянец на Ўсяслававым чале ой як падобны на цярновы. Але хіба не пакутаваў Усяслаў у сваім жыцці?

Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,

Ды часта ад бедаў цярпеў ён.

Дзень 10 ліпеня 1067 года, калі Ўсяслаў прыехаў на перамовы да Ізяслава Яраславіча, стаў адным з сама трагічных у яго жыцці. Пад ціскам свайго брата, чарнігаўскага князя Святаслава, Ізяслаў, парушыўшы «крестное целование», звязеніў Усяслава, прывёз яго ў Кіеў і кінуў у поруб - турму без дзвярэй, з адным маленькім акенцам, праз якое падавалі ежу. Што яго чакала? Ніякіх надзей на вызваленне. Ізяслаў не выпусціць яго жывога з поруба, не пашкадуе і сыноў. Так і скончыцца дынастыя полацкіх князёў. І невыносная думка пра тое, што цяпер у родным Полацке запраўляе чужынец, што ходзіць той на службы ў яго Сафію, якую ён, Усяслаў, колькі гадоў з любоўю будаваў... І цяжка змірыцца, што без дагляду застануцца магілкі продкаў, а з часам забудуцца іх слаўныя імёны... Няма ніякага суцяшэння. Колькі гадоў паклаў на служэнне Полаччыне, і ўсе яго намаганні дарэмныя. Засталіся толькі ўспаміны. Можна ўзгадаць бацьку, князя Брачыслава, яго аповяды пра мінулае Полацка. Можна аднавіць у памяці, як ён, Усяслаў, пятнаццацігадовым юнаком узышоў на полацкі пасад*, сустрэчу з вечам, калі тысячу вачэй з надзеяй паглядалі на прапраўнука князя Рагвалода, праўнука Рагнеды і ўнука Ізяслава, успомніць, як марыў ён аб велічы і славе Полацка, як будаваў святую Сафію, жадаючы давесці Ноўгараду і Кіеву роўнасць з імі Полацка, як забіраўся на самы верх і адтуль пазіраў на горад, што ляжаў перад ім. Можна згадаць, як сем гадоў назад радасна сустракалі яго кіяне, калі прывёў дружыну на дапамогу Ізяславу супраць торкаў. Як насцярожліва паглядаў на яго Ізяслаў, нібыта прадчуваў, што хутка падняць ім мячы адзін на аднаго. І ён, Усяслаў, ведаў, што не абысціся без вайны з Кіевам. Быццам цмок, разявіў сваю пашчу на Полацкую зямлю Кіеў. З поўначы - Пскоў, з захаду - Наваградак, з усходу - Смаленск, з поўдня - Кіеў. Здавалася, жалезныя зубы ўпіваліся ў цела Полаччыны. І вось-вось сціснуцца сківіцы...

* Аб тым, што Ўсяслаў у пятнаццацігадовым узросце стаў вялікім полацкім князем, дае падставу сцвярджаць быліна пра Волха Ўсяславіча, правобразам якога быў Усяслаў:

Стал себе Волх дружину прибирать,

Дружину прибирал в три года.

Он набрал дружину себе сем тысячей:

Сам он, Волх, в пятнадцать лет...

(Былины. Л., 1984. С.390)

Не раз успамінаў Усяслаў у порубе тыя тры гады, што прайшлі ў вайне з Кіевам. Нанесці ўдар па тых цвержах Кіеўшчыны, якімі яна акружыла Полаччыну, - вось дзеля чаго і пачаў раць трымаць. Не думаў, што ўсё так кепска для яго скончыцца.

Першы ўдар нанёс ён ў 1065 годзе па Пскове. Ізяслаў у гэты час разам з братамі, чарнігаўскім князем Святаславам і пуціўльскім князем Усеваладам, ваяваў супраць цьмутараканскага князя Расціслава Ўладзіміравіча. Акружыў ён Пскоў, расставіў парокі (камнекідальныя машыны) і пачаў з іх разбіваць крапасныя сцены. Яшчэ колькі дзён - і паў бы горад. На дапамогу Пскову з Ноўгарада выступіла войска пад зверхнасцю князя Мсціслава Ізяславіча. Давялося здымаць аблогу, ісці насустрач ноўгарадцам. На рацэ Чарэсе яны сустрэліся.

Перамога над Мсціславам акрыліла яго. Цяпер і Ноўгарад не палохаў. Праз год Усяслаў пайшоў на заходняга суседа. І вось ён, «господин великий Новгород». Узнёсся ганарліва золатам купалоў Сафіі над Паўночнай Руссю - сама багаты і вялікі горад на ёй. Кіеву, «мати городов русских», у красе сваёй і велічы не саступіць. Але ж спазнаў ты, «господин великий», і прыніжэнні, і сорам, калі князь Брачыслаў пераможцам ехаў па тваіх вуліцах. Прыйдзецца і зараз схіліць ганарлівую выю перад Полацкам. І яго, Усяслававы воі, раз'юшаныя ад упартага супраціўлення ноўгарадцаў, уварваліся ў горад. І пачалося тое, што звычайна адбываецца на войнах. Пераможцы рабавалі дамы, палацы баяраў, захаплялі ў палон. Лілася, як віно перамогі, людская кроў. Чорны дым ад пажараў стаяў над Ноўгарадам.

Быць можа, летапісцы назавуць яго няміласцівым, крывавым? Так яно і будзе. У апраўданне сабе ён можа сказаць, што вайна не бывае без крыві.

Можа, нагадаць, як пры Рагвалодзе тое самае з Полацкам учынілі ноўгарадцы? Але хіба гэта даруецца? На апошнім судзе цяжка будзе адказ трымаць. Казаў жа яму вешчы Баян: «Ни хытру, ни горазду, ни птицю горазду суда Божио не минути!..»[1]

На знак падначалення Ноўгарада зняў з Сафійскага сабора званы і перавёз іх у Полацак - там свая Сафія...

Пасля Ноўгарада выступіў ён на Наваградак. Заклаў гэты горад Яраслаў Мудры на землях Літвы, якія ён заваяваў. Наваградак - апірышча кіеўскай улады ў Верхнім Панямонні - пагражаў полацкім інтарэсам у Літве. Таму і адчыніў ён браму Наваградку - «разшыбе славу Яраславу».

Вось тут і ўстрывожыліся Яраславічы. Падасланы імі грэк Катапан атруціў Расціслава Ўладзіміравіча, супраць якога яны ваявалі. Развязалі сабе рукі і раццю пайшлі на Полацкае княства. У снег, у завіруху спяшаліся перахапіць яго, Усяслава, па дарозе з Наваградка ў Полацак. І вось варожыя войскі падышлі да Менска. Толькі сілы былі няроўныя. Дзе ж купцы месцічаў было ўстояць супраць дружын, якія трымалі ў пакоры землі ад Варажскага да Рускага мораў. Расправа з Менскам была жорсткая: усіх мужчын русы забілі, жанчын і дзяцей узялі ў палон, а сам горад спалілі.

Такі быў адказ Кіева. А ён, Усяслаў, спазніўся і сустрэў Яраславічаў на Нямізе, непадалёку ад Менска. 3 сакавіка 1067 года адбылася бітва. Калі б перамаглі Яраславічы, Полаччына засталася б безабароннай: бяры і дзялі яе. Не ведаў тады Ўсяслаў, што і праз стагоддзі нашчадкі будуць памятаць аб гэтым жорсткім пабоішчы. Аўтар «Слова аб паходзе Ігаравым» напіша: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяны, посеяни костьми руских сынов»[2]. Яраславічы так і не перамаглі.

Толькі верыў ён сваім воям - ганебны бег не ўчыняць, шукаюць яны сабе гонару і слаўнае імя і змагаюцца за Радзіму. І паклаўшы спадзяванні на Бога, павёў ён іх у сечу. Да цемры біліся дзве раці. Мячы булатныя прытупіліся. Стрэлы схавалі сонца. Трубы ратныя гласам гласілі, а не чуваць іх было з-за лязгату зброі і баявых клічаў. Шмат палачан паклалі жываты свае ў сечы, душы жамчужныя аддалі Богу і вянцы нябесныя атрымалі. Не прайшоў вораг. Сцягі яго не залуналі на Палаце.

Поле сечы засталося за ім, Усяславам, а так ужо павялося: хто застаўся «стаяць на касцях» - той і пераможца. Ён засланіў Полаччыну ад варожай навалы, вораг адступіў. Аднак не радасныя весткі панеслі вестуны ў Полацак. Шмат, ой як шмат загінула палачанаў на Нямізе. Плачам асірацелых матуляў, аўдавелых жонак, нявестаў, што не дачакаліся сваіх каханых, адзначаць гэтую перамогу ў Полацку. Калі б была ў яго, Усяслава, тады тысяча-другая вояў, не выпусціў бы Яраславічаў з Полацкай зямлі. А праз чатыры месяцы з новым войскам яны ўжо стаялі каля Воршы, на беразе Дняпра. Аднак яго палохаліся і цяпер, памяталі Нямігу. Таму і задумалі ўзяць хітрасцю: выклікалі да сябе на перамовы і крыж святы цалавалі: «Прыйдзі да нас, не зробім табе зла»[3]. І паверыў ім. Некалі так прыехаў да Яраслава Мудрага бацька, князь Брачыслаў, і паразумеліся яны паміж сабою. З тое і назвалі Яраслава Мудрым, што і сапраўды быў ён мудры - ведаў, што мір куды карыснейшы за вайну. Яраславічы ж аказаліся вераломнымі, крыж пераступілі. Звязенілі яго з сынамі і кінулі ў поруб. І вось ён, былы полацкі валадар, цяпер нявольнік.

Ці гэта Божае пакаранне за спусташэнне Ноўгарада, за разрабаванне Сафіі? Ці спраўдзіліся словы вешчага Баяна і не мінуў ён Божага суда? Можа, яму трэба пакаяцца за пралітую кроў? Пакаецца, але ж гэта здрада самому сабе, прызнанне сваёй паразы, свайго бяссілля. А Полаччына? Як яна без яго? Пакуль ён жывы, пакуль ён не выракся Радзімы, палачане адданы яму, спадзяюцца на яго чарадзейную сілу, вераць, што ён зноў апынецца на волі. Таму і не замірыліся з ворагам, змагаюцца. Як доўга ён будзе тут, у порубе? Да канца свайго жыцця? Няхай так, але ён не мае права адымаць веры ў свайго народа. Ён не належыць сабе, ён належыць Полацку, палачанам. І яны ніколі не даруюць яму маладушша, здрады.

А з усходу, з бяскрайніх азіяцкіх стэпаў, прыйшла новая бяда - полаўцы. Як і хазары, і печанегі, і торкі, вогненным смерчам уварваліся яны ў Паўднёвую Русь. У 1068 годзе Яраславічы выступілі супраць полаўцаў. На рацэ Альце 15 верасня ў жорсткай сечы браты былі разбітыя і ледзьве выратаваліся ганебнымі ўцёкамі. Гэта і выклікала гнеў у кіян. Сабраўшыся на веча, яны звярнуліся да Ізяслава: «Полаўцы разышліся па зямлі; дай, княжа, зброю і коней, і яшчэ паб'емся з імі»[4]. Куды болей за полаўцаў баяўся Ізяслаў свайго народа: а раптам зброю падымуць супраць яго? Тады не быць яму на пасадзе. Князь адмовіў кіянам - і як алею ў агонь лінуў. Успыхнулі кіяне. Раздаліся заклікі да паўстання. Гэта і скарысталі палачане, якія былі ў горадзе, і прапанавалі паўстаўшым: «Пойдзем, высадзім дружыну сваю з порубу»[5].

Кіяне рушылі да княжацкага двара, дзе ў порубе сядзеў Усяслаў. Баяры раяць Ізяславу: «Пашлі да Ўсяслава, ды пакліч падманам да ваконца, пракалі мячом»[6]. Лёгка было даваць парады: забі князя! А Ўсяслаў папулярны сярод кіянаў, памятаюць яны, як той прывёў сваю дружыну і дапамог яму, Ізяславу, перамагчы торкаў. Памятаюць, як, забыўшыся на цалаванне крыжа, звязеніў ён полацкага князя. І за гэты грэх паслаў на Русь Бог паганых. Забі князя - і кіяне ў гневе самога заб'юць. Ізяслаў не адважыўся ажыццявіць баярскую параду, вырашыў сам, пакуль жывы-здаровы, несці ногі з Кіева. А Ўсяслава пад вітальныя крыкі кіяне вызвалілі з няволі, праслаўляючы, абвясцілі вялікім князем кіеўскім.

Вось такі лёс. Не думаў, не гадаў учарашні вязень, што ўзнясецца ён па волі народнай на самы верх улады. Па волі народнай, але не баярскай... У свой час Брачыслаў сядзеў у Кіеве, цяпер і ён сеў.

Сем месяцаў кіраваў Усяслаў Руссю, але доўга памяталі ў народзе справядлівае і мудрае княжэнне свайго абранніка. Памяць гэтая жыла і ў часы аўтара «Слова...»:

Усяслаў - князь людзям чыніў суды,

Радзіў князям гарады.

А вось баярства ўспрымала Ўсяслава як незаконнага ўладара кіеўскага пасада. Баярскую варожасць да сябе князь адчуваў і разумеў, што ў цяжкі момант кіеўская знаць не падтрымае яго. Не прызнавалі полацкага ўладара вялікім князем і ўдзельныя князі. Ноўгарадцы на патрабаванне заплаціць даніну адказалі: «Княжа, мы ёсць племяні Яраслава і да Полацка даніны бацькі і дзяды не давалі і табе не хочам, а бяры са сваей воласці»[7]. Што ж, як дарабілі ліха, прарэжуцца і зубы.

А тым часам з Польшчы з войскам свайго цесця, караля Баляслава ІІ, рушыў на Кіеў Ізяслаў. З кім выходзіць супраць яго? З дружынай і баярамі, на якіх няма надзеі, што не здрадзяць табе? З натоўпам чэрні, які не ўстаіць перад закутым у браню войскам? На каго спадзявацца? Калі б былі ў яго пад рукою палачане, можна паваяваць, ды Полацак далёкі.

Раніцай, калі прачынаецца пад звон Сафіі, здаецца яму, што звоніць яго родная, полацкая Сафія, а падыдзе да акенца ў княжацкіх палатах - убачыць не Дзвіну, а Дняпро, не Полацак, а Кіеў. Чужы ён тут, і ўсё яму тут чужое, не роднае. Ды што гэта ён? Няўжо пачне ваяваць за кіеўскі пасад, забыўшыся пра родную зямлю? Там яго любяць, там яго чакаюць, там ён моцны. І Ўсяслаў патаемна ад кіянаў, якіх прывёў супраць Ізяслава пад Белград, уцякае ў Полацак.

Ізяслаў заняў Кіеў і жорстка расправіўся з тымі, хто падтрымліваў Усяслава.

Не доўга Ўсяслаў заставаўся ў Полацку. Ізяслаў з польскім войскам выступіў на яго. Сабраць за кароткі час дружыну Ўсяслаў не паспеў і вымушаны быў пакінуць Полацак. Куды яму цяпер? Як за ваўком, гоняцца за ім Ізяслававы воі. І, як воўк, па начах, употайкі, па воўчых сцежках прабіраецца князь-ізгой з купкай верных сваіх паплечнікаў. Спакойныя, яны вераць яму, вераць, што ў князя вешчая душа, што валодае ён чарадзейнай сілай, знойдзе выйсце і з гэтага цяжкага становішча, пераможа і на гэты раз. І ні адчаем, ні злосцю, ні разгубленасцю не павінен Усяслаў паказаць, як цяжка яму цяпер.

Ён знаходзіць прытулак у фінскага племені водзі. Сярод водзі і набраў Усяслаў вояў.

Аднак, відаць, водскія старэйшыны, спадзяючыся на вайсковы талент полацкага князя, марылі з яго дапамогай аслабіць Ноўгарад. І, пэўна, умовай прадастаўлення войска быў захоп Ноўгарада. Калі шлях у Полацак ляжыць праз Ноўгарад - Усяслаў пойдзе гэтым шляхам. 23 кастрычніка 1069 года ён падышоў да Ноўгарада. Ноўгарадскі князь Глеб Святаславіч на чале войска сустрэў яго на рацэ Гзені. Ноўгарадцы разбілі водзь, а Ўсяслава захапілі ў палон. Цяпер яны маглі адпомсціць яму за 1066 год. Ды палітычныя меркаванні ўзялі верх над пачуццямі.

Яшчэ ў 1015 годзе ноўгарадскі князь Яраслаў Уладзіміравіч адмовіўся плаціць Кіеву даніну, але Кіеў у гэтай спрэчцы аказаўся мацнейшым. Мара ж быць самастойным і незалежным не пакідала Ноўгарад. Толькі ці магла яна здзейсніцца, калі Кіеў захапіў Полацак і рэальна пагражаў накласці руку і на тую прывідную, але ўсё ж самастойнасць Ноўгарадскай рэспублікі. Ноўгарадцам быў патрэбны саюз з Полацкам для барацьбы з Кіевам. Тут інтарэсы ноўгарадскага і полацкага баярства супалі. Таму і адпусцілі ноўгарадцы свайго палоннага.

Два гады Ўсяслаў пры падтрымцы войска, якое, пэўна, набраў з варагаў[8], змагаецца супраць кіеўскага стаўленніка ў Полацку, князя Святаполка, і выганяе яго. З Кіева тут жа ідзе войска пад зверхнасцю Яраполка Ізяславіча, каля Галацічаска (месца знаходжання гэтага горада не вызначана) разбівае Ўсяслава. І сапраўды паверыш, што Ўсяслаў - чарадзей. Вось і зараз, нягледзячы на паразу, ён не прыпадае прыніжана да ног пераможцы, а, нібыта зачараваўшы Яраполка, пазбаўляе яго волі, перацягвае на свой бок. І параза становіцца для Ўсяслава перамогай: паміж ім і Яраполкам заключаны мір. Усяславаў сын, будучы менскі князь Глеб, бярэ за сябе Яраполкаву дачку.

Здавалася б, трывалы саюз паўднёварускіх князёў даў трэшчыну. Але Ўсяслаў не спыніўся на гэтым. Калі зброяй перамагчы Кіеў цяжка, дык на дапамогу прыходзіць інтрыга. Пасеяць варожасць паміж Яраславічамі, нацкаваць іх адзін на аднаго - вось мэта Ўсяслава. І дамогся свайго, паразумеўся з Ізяславам. А вынікі міру з Ізяславам пажынаў ён, Усяслаў. Святаслаў і Ўсевалад, устрывожаныя сепаратнымі зносінамі Ізяслава з полацкім князем, здагадаліся, што гэты саюз накіраваны супраць іх: «Ізяслаў сватаецца з Усяславам, думаючы на нас, калі яго не сцерагчыся, дык прагоняць нас»[9], таму выгналі свайго брата з Кіева. А выгадаў Усяслаў. Сеўшы на Кіеўскі пасад, Святаслаў, які баяўся вайны з Ізяславам, пакінуў у спакоі Полацкую зямлю. Тры гады мірнага жыцця выйграў Полацак. Усяслаў скарыстаў іх для ўмацавання сваёй дзяржавы. Не ведаў ён спакою, снаваў па Полаччыне з краю ў край, збіраў ваяроў у дружыны, узводзіў цвержы: рыхтаваўся да новай вайны з Кіевам.

Відаць, у гэты час Усяслаў і аднавіў Менск. Паводле дакументаў Менскай епархіі, полацкі князь пабудаваў цвержу пры вусці ракі Нямігі ў Свіслач, на тым месцы, дзе некалі адбылася Нямігская бітва. Ён жа заснаваў Узнясенскі манастыр, дзе жыў легендарны Баян[10]. З той прычыны, што першапачатковага Менска, які стаяў на рацэ Менцы, ужо не было, Усяслаў стаў заснавальнікам новага Менска на Свіслачы.

У канцы 1076 года Святаслаў памёр. На кіеўскі пасад сеў Усевалад. Ён і распачаў наступ на Полаччыну. Разам са сваім сынам, чарнігаўскім і смаленскім князем Уладзімірам Манамахам, з вайсковымі сіламі ўсёй Паўднёвай Русі ў 1077 годзе рушыў на Полацак. Толькі не перамогі дамагліся яны. Палачане пад зверхнасцю Ўсяслава адбілі ад сцен свайго горада ворага.

Няўдача яшчэ болей раззлавала паўднёварускіх князёў. З Полацкам тэрмінова трэба было канчаць. Уладзімір Манамах збірае велізарнае войска, якога з часоў Святаслава Ігаравіча не было на Русі. Усе вайсковыя сілы Паўднёвай Русі, ноўгарадская дружына князя Святаполка (якога некалі Ўсяслаў выгнаў з Полацка) і палавецкая арда зімою 1078 года пайшлі на Полацак. Некалі з такою сілаю Алег вымусіў Візантыю да пакорлівасці, павесіў свой шчыт на браму Канстанцінопаля. Напэўна, цешыў Манамах сябе надзеяй, што дажывае Полацак апошнія дні сваёй незалежнасці. Але і на гэты раз аказаліся бяссільнымі супраць Полацка Манамахавы раці. Зноў Усяслаў абараніў сталіцу сваёй дзяржавы. У гневе Манамах спаліў полацкія прадмесці, а вяртаючыся дадому ў Чарнігаў, каменя на камені не пакінуў ад Одрска. Гэты горад так і не адрадзіўся да жыцця. За такой жорсткасцю хавалася бяссілле Кіева. Гады барацьбы з непакорлівым Усяславам не прынеслі жаданай перамогі. Цмок, які гатовы быў праглынуць Полаччыну, абламаў на ёй свае зубы.

Помсцячы за разрабаванне сваёй зямлі, Усяслаў напаў на Смаленск, захапіў яго і спаліў. Манамах з чарнігаўцамі «о двое коне» (г.зн. з запаснымі конямі) памчаўся ў Смаленск. Не заспеўшы там Усяслава, пайшоў за ім у пагоню, ды той ужо быў у Полацку, а сунуцца туды ў Манамаха прапала ахвота. Ён і тут выказаў свой крывавы нораў, «пожег землю, повоевав до Лукомля и до Логожска, та на Дрютск воюя»[11]. У 1084 годзе Ўладзімір нападзе на Менск, возьме яго на шчыт. Але перамагчы Ўсяслава сілаў у Кіеве не хапала і, хочаш не хочаш, трэба было прызнаваць сваю паразу - адступіцца ад Полаччыны. І калі на Любецкім з'ездзе ў 1097 годзе сабраліся рускія князі, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчыну сваю», з Полацкага княства як з самастойнай, асобнай ад Русі дзяржавы не прыехаў ні адзін князь.

Апошнія гады жыцця Ўсяслаў пражыў у міры. Суседзі асцерагаліся нападаць на полацкія землі, каб не выклікаць яго помсту. На гэтыя гады прыпадае росквіт магутнасці Полацкага княства, яго ўлада распаўсюджваецца на Ніжняе Падзвінне аж да Балтыйскага мора - на Земігалію, Лівонію, Летонію, Літву.

У 1101 годзе Ўсяслаў памёр. Летапісец дакладна адзначыў і дзень (14 красавіка), і час (9 гадзін), калі вялікі сын Полаччыны адышоў у бессмяроцце.

 

Глеб Менскі. Няспраўджаныя надзеі

 

Пасля смерці Ўсяслава ў Полацку сеў яго старэйшы сын Барыс-Рагвалод. Але не ён, вялікі князь полацкі, вёў рэй палітычнага жыцця на Полаччыне ў першай чвэрці ХІІ стагоддзя, а менскі князь Глеб. Дзейны і ваяўнічы, гэты сын Усяслава мог прысвяціць сябе барацьбе за полацкі пасад і, трэба думаць, дамогся б свайго. Мог, аднак сваю дзейнасць падначаліў інтарэсам Полацкага княства. З усіх братоў ён адзіны паслядоўна працягваў справу бацькі. Мэты, якія Глеб ставіў перад сабою, былі яму не пад сілу, і жыццё ягонае закончылася не ў славе, не ў велічы здзейсненага, а на чужыне, ў няволі. Азіраючыся на пражытае, горка было яму ўсведамляць, што так і не спраўдзіліся надзеі.

Амаль немагчыма без полацкага летапісу дэталёва крок за крокам прасачыць жыццёвы шлях Глеба. Дзякуй, Божа, і за тыя весткі, што дайшлі да нас пра менскага князя. А там, дзе постаць Глеба знікае ў невядомасці, нам застаецца спасылацца на здагадкі, версіі.

Вось першая здагадка. Можа, гэта ён, Глеб, разам з бацькам сваім Усяславам Брачыславічам і другім сваім братам быў кінуты Ізяславам Кіеўскім у поруб і амаль год пакутаваў там. І што відавочна, дык тое, што маладосць Глеба не прайшла ў раскошы і забавах. Удзел у баявых паходах бацькі, вымушанае блуканне па чужыне ўдалечыні ад Радзімы, вайна з Кіевам выпалі на яго юнацкія гады. Але пры Ўсяслававым жыцці Глеб, як і астатнія яго браты, не мог праявіць сябе самастойным палітычным дзеячам: Усяслаў да самай смерці трымаў уладу ў Полацкім княстве ў сваіх руках. Быць можа, гэта і ўсцерагло яго сыноў ад памылак, якія звычайна робяцца ў маладосці. Перажылі яны з гадамі і сверб славалюбства, і зайздрасць адзін да аднаго. Пасталеўшы, набраўшыся мудрасці, зразумелі, што яны - будучыя гаспадары сваёй Бацькаўшчыны, а яе інтарэсы куды вышэйшыя за асабістыя амбіцыі і крыўды. Відаць, стары Ўсяслаў не раз прасіў і заклікаў сыноў не падымаць меч адзін на аднаго, памятаць, што іх нязгодай скарыстаюцца ворагі Полацкай зямлі. Вялікі быў аўтарытэт Усяслава, і не асмеліліся сыны парушыць яго запавет: быць разам, быць заадно.

Гісторык, зазірнуўшы ў летапісы і кронікі, можа прывесці не адзін прыклад, як пасля смерці таго ці іншага валадара яго сыны мячамі пачыналі дзяліць спадчыну. Адно з красамоўных таму пацверджанняў - смерць Уладзіміра Чырвонага Сонейка. Адразу ж пачалася вайна паміж яго сынамі, пралілася братняя кроў... Пэўна, ох як чакалі ў Кіеве, што пачнуць Усяславічы ўздымацць меч адзін на аднаго. Не абышлося і без гэтага.

У Менску сядзеў Давыд, ён праводзіў сепаратную палітыку на саюз з Кіевам. Больш за тое, у 1103 годзе Давыд хадзіў разам з паўднёварускімі князямі ў паход на полаўцаў. Гэтыя актыўныя стасункі менскага князя з варожым Полацку Кіевам выклікалі зразумелую трывогу ў Барыса. Не трэба быць вельмі разумным, каб здагадацца, што Кіеў сее зерне варожасці паміж Усяславічамі і спадзяецца прыбраць да рук Менск. І ў 1104 годзе Барыс ідзе з войскам на Менск і выганяе адтуль Давыда. На яго месца сеў Глеб. Дзейны, адданы Полаччыне, рашучы Глеб, на думку Барыса, якраз і падыходзіў на ролю князя ў Менску - важнейшым эканамічным і стратэгічным цэнтры Полацкай зямлі.

Выгнаны Давыд знайшоў прытулак у Ноўгарадзе-Северскім, дзе князяваў Алег Святаславіч. У Кіеве з'явілася магчымасць пад выглядам дапамогі Давыду напасці на Полацкае княства. Каб не надаваць паходу характар адкрытай вайны, ні вялікі князь Святаполк, ні неўтаймонны Ўладзімір Манамах не бралі ў ім удзелу, але войскі свае Давыду далі. Падтрымаў князя-ізгоя і Алег Святаславіч. Так што ў добра арганізаванай вайсковай акцыі супраць Полаччыны ўдзельнічалі, як звычайна, усе вайсковыя сілы Кіеўскай Русі. Гэтае вялікае войска падышло да Менска.

У памяці менчукоў былі яшчэ свежыя ўспаміны пра расправы паўднёварускіх князёў з іх родным горадам, калі ад яго засталіся адны галавешкі, а жыхароў вывелі ў няволю. Гэты жах спусташэння і палону мог паўтарыцца. Мог, але не паўтарыўся. Менчукі, мабыць, з удзячнасцю згадвалі Ўсяслава Чарадзея. У апошнія гады жыцця вялікі князь полацкі, замірыўшыся з Кіевам і Ноўгарадам, заняўся будаўніцтвам. Менск адрадзіўся з попелу. Вакол горада выраслі высокія крапасныя сцены. Паспрабуй цяпер узяць Менск! Глеб Усяславіч падняў менчукоў на абарону роднага горада. Дзесяць месяцаў прастаяла каля Менска рускае войска і так нічога і не дабілася. Ну, а Давыд яшчэ нейкі час памыкаўся пры двары Алега Святаславіча і таксама нічога не дамогся. Няўдача пад Менскам астудзіла заваёўніцкі імпэт паўднёварускіх князёў. Хочаш не хочаш, а давялося Давыду вяртацца дадому і мірыцца з Усяславічамі. Барыс не стаў караць брата. Яго вяртанне было дарэчы. Полацак рыхтаваўся да буйнога паходу на Земігалію, і варта было захоўваць адзінства і згоду паміж Усяславічамі.

Смерць Усяслава скарысталі некаторыя падуладныя Полацку землі. Так, яшчэ ў 1102 годзе пачалі барацьбу за свабоду яцвягі, што жылі ў Верхнім Панямонні. І Барыс вымушаны быў ісці на іх паходам.

Мы вельмі мала ведаем пра яцвягаў. Гэты мужны і свабодалюбівы народ у старажытнасці да прыходу славянаў жыў на левым беразе Нёмана і Прыпяці. Чатыры стагоддзі, не выпускаючы зброі з рук, яцвягі змагаліся за сваю свабоду супраць польскіх, кіеўскіх і вось цяпер полацкіх войскаў. Паміж смерцю на полі сечы і ганебнымі ўцёкамі яны выбіралі смерць і стаялі да апошняга ўдару сэрца. Помсцячы за напады на свае землі, рабілі набегі на Русь і Польшчу. Не лёгкай прагулкай па даніну з'явіўся для палачан паход 1102 года, але, відаць, ён быў удачлівы, і Полацак зноў аднавіў уладу над яцвягамі. У гэтым паходзе ўдзельнічаў і Глеб.

Вяртаючыся ў Полацак, Барыс заснаваў на Бярэзіне горад Барысаў - паводле «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», «знак вечной границы умоцнити межи Литвою и князством Полотцким»*[1]. Беларускі гісторык М.Ермаловіч лічыць, што мяжа гістарычнай Літвы з Полацкім княствам праходзіла па Бярэзіне Нёманскай, а не па Дняпроўскай, але можна дапусціць, што валоданні Літвы даходзілі і да Бярэзіны Дняпроўскай. Таму яшчэ ў ХVІ стагоддзі Масква прызнавала мяжу Полаччыны з Літоўскай зямлёю па Бярэзіне[2]. Яшчэ адно падуладнае Полацку племя адмовілася плаціць даніну - земігалы. У 1106 годзе вялікае полацкае войска, у якім былі і менчукі пад зверхнасцю Глеба, выступіла ў паход. Відаць, палачане на караблях спусціліся ўніз па Дзвіне ў Лівонію, а адтуль пайшлі на Земігалію. Земігалы выкарысталі звычайную тактыку ўсіх балцкіх плямёнаў - завабліванне ворага ў глухі, непраходны гушчар, дзе яго чакала засада. Нечаканы напад з усіх бакоў, не даць ворагу ачуняць, перашыхавацца - і перамога! Палачане трапілі ў такую засаду. Параза была катастрафічнай. Паводле адных крыніц, у бітве загінула дзевяць тысяч полацкіх вояў, паводле другіх - дзевяцьсот. Немалыя страты панесла і Глебава дружына.

* Цытаты з беларускіх летапісаў падаюцца на мове арыгінала.

Параза ў Земігаліі ў пэўнай ступені адцягнула ажыццяўленне Глебам сваіх шыроказадуманых планаў. Амаль дзесяць гадоў Глеб не пераходзіў да актыўных дзеяў, збіраў сілы. Аб чым жа марыў менскі князь? А замахнуўся ён на многае - малое яго не задавальняла. Цягнула Глеба Падняпроўе. Авалодай сярэднім цячэннем Дняпра, авалодай шляхам «з варагаў у грэкі» - і ты багацейшы на Полаччыне і Русі князь. Колькі золата асядае ў тваёй скарбніцы, золата, якое бярэ з купцоў Смаленск і багацее штогод. А там марылася Глебу завалодаць Наваградскай зямлёй і Верхнім Панямоннем - трымаць у сваіх руках гандлёвы шлях па Нёмане, выхад у Варажскае мора. Калі б здзейсніў свае намеры Глеб, Менск на вачах багацеў бы і мацнеў. А праз колькі гадоў Можна было б адваяваць у Кіева дрыгавіцкія землі, аднавіць былое адзінства крывіцка-дрыгавіцкіх земляў, раз'яднаных пры Аскольдзе і Дзіры, аб'яднаных зноў Рагвалодам і наноў раз'яднаных Уладзімірам Святаславічам.

Такія былі задумы менскага князя Глеба. І можна было спадзявацца іх ажыццявіць. Глеба падтрымліваў вялікі князь полацкі Рагвалод-Барыс, а праз сваю жонку быў ён у сваяцтве з яе бацькам Яраполкам Ізяславічам, князем уладзіміра-валынскім, луцкім і тураўскім. Не бедную меў Глеб і скарбніцу, калі ахвяраваў Кіеўскаму Пячэрскаму манастыру шасцісот грыўнаў срэбра і пяцьдзесят грыўнаў золата[3]. Сваю сілу Глеб ведаў, а сіла надавала яму надзею на поспех задуманага. Ужо да 1116 года ён, умацаваўшыся ў Друцку, захапіў у Смаленскага княства Воршу і Копысь. Асабліва важным для Глеба было авалоданне Копыссю, дзе знаходзіўся перавоз цераз Дняпро, мытні і корчмы, што прыносілі вялікія прыбыткі.

А ў 1116 годзе Глеб «паваеваў Другавічы», захапіў Слуцак і спаліў яго, жыхароў узяў у палон[4]. Гэта быў удар па ўладзе Кіева на дрыгавіцкіх землях. Кіеўскі князь Уладзімір Манамах, каб выйграць час для падрыхтоўкі да вайны з Глебам і з мэтай запалохаць яго, прыслаў у Менск паслоў. Глеб і слухаць не захацеў аб скарэнні Кіеву, пасмяяўся ў адказ з паслоў і паабяцаў захапіць кіеўскія ўладанні. Значыць, адчуваў Глеб сваю сілу, не страшны быў яму вялікі кіеўскі князь, таму і кідаў Манамаху выклік. Аднак той не асмеліўся сам пайсці на Менск. Як раней супраць Усяслава, ён сабраў супраць Глеба кааліцыю паўднёварускіх князёў, далучыў да іх і смаленскага князя, свайго сына Вячаслава. Зноў уся Паўднёвая Русь паднялася на Полаччыну. Вячаслаў Смаленскі ў купе са сваім братам пераяслаўскім князем Яраполкам і чарнігаўскім князем Давыдам Святаславічам напалі на Друцак, разрабавалі яго, а ўсіх жыхароў узялі ў палон і пасялілі ў спецыяльна пабудавым горадзе Жэлні.

Цяпер сам Манамах пайшоў на Менск. 28 студзеня 1117 года кіеўскія войскі апынуліся каля менскіх сценаў. Манамах на свае вочы мог убачыць, што ў Менску час дарэмна не гублялі. Уражвалі дзесяціметровыя, пакрытыя лёдам валы, на якіх высіліся моцныя сцены. Адзіны ўваход у горад абаранялі дзве высокія, па 12 метраў угору, вежы. Было відавочна, што прыступам Менск не ўзяць. Два месяцы стаяў Манамах перад горадам. Прыбліжалася вясна, таянне снягоў, а гэта адразала дарогі ад Кіева. Не хапала харчоў. Але ніяк не хацелася прызнавацца ў сваёй няўдачы і вяртацца ні з чым. Каб з гонарам выйсці з непрыемнага становішча, Манамах распачаў перамовы з Глебам.

На вачах князёў-саюзнікаў Манамах пагрозліва пужае карамі Глебавых паслоў, патрабуе перадаць менскаму князю прапанову скарыцца. Хітрыў Манамах. Патаемна адразу ж пасля прыёму паслоў пасылае ў Менск сваіх давераных людзей, каб яны падвучылі Глеба пайсці да яго і прасіць заступніцтва. Відаць, за гэта Манамах абяцаў Глебу адмовіцца ад аблогі Менска. З тым паслы і прыбылі ў Менск. Глеб прыняў прапанову Манамаха, бо чакаць дапамогі з Полацка не выходзіла. Манамах прадугледзеў такую магчымасць, таму і заставаліся на ўсходніх межах Полаччыны смаленска-пераяслаўска-чарнігаўскія войскі.

Наступным днём Глеб разам з жонкаю, дзецьмі і набліжонымі прыйшоў да Манамаха і «прыніжана» прасіў аб літасці. Уладзімір узяў ад менскага князя абяцанне не парушаць у далейшым міру і адпусціў яго.

Аднак Сафановіч у сваёй «Кроніцы» падае іншыя звесткі - Глеб заваяваў Смаленск[5]. Менавіта ў гэтым горадзе і абараняўся Глеб ад раці кіеўскага князя. І толькі тады, калі Манамах пачаў «ставіць ізбу» - будаваць абложную вежу, Глеб запрасіў «пакоі». Уладзімір «зжаліўшыся крывіпраліцця» абяцаў Глебу «пакой» і выпусціў менскую дружыну з Смаленску. Падзеі даволі верагодныя. Вярнуць Смаленск да Полацкага княства намагаўся Ўсяслаў Вешчая Душа, а за ім паспрабаваў і Глеб. Заваяваць Смаленск яму ўдалося, а вось утрымаць - не ўтрымаў. Гэтае паведамленне не магло быць не дакладнасцю летапісца, бо Сафановіч, які карыстаўся кіеўскімі летапісамі, двойчы нагадаў, што Ўладзімір «Глеба вывеў з Смаленска» і адзначыў: «даў яму Менск»[6]. Дарэчы, і ў «Аповесці мінулых гадоў» сказана пра паход Манамаха супраць Глеба «к Смоленьску»[7].

Што ж, першая спроба ажыццявіць свае задумы не ўдалася. Але застаўся ён жывы-здаровы, горад не спалены, дружына на полі бітвы не пасечана, менскія землі не спустошаны. І што, адмаўляцца ад мары? Сядзець да скону гадоў у Менску, як мыш у нары? Ну, не!..

Цяпер Глеб вырашыў дзейнічаць у саюзе з Полацкам. Менскі князь папрасіў дапамогі ў палачанаў і атрымаў яе. І ў 1117 годзе (паводле іншых крыніц, у 1119 годзе) Глеб з полацка-менскім войскам праз Літву ўрываецца ў Наваградскую зямлю і, трэба думаць, заваяваў яе. Вярнуўшыся з гэтага паходу, менскі князь пачынае барацьбу за Падняпроўе, жадаючы вярнуць Воршу і Копысь.

У кнізе «Воспоминания о древнем православии Западной Руси», напісанай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя на падставе архіваў Тураўскай і Менскай епархій ігуменам Антоніем і адразу ж пасля яе выдання забароненай Сінодам, знаходзім цікавыя звесткі пра «нечестивого» князя Глеба. Паводле гэтых звестак, Глеб рабіў рабаўніцкія паходы на дрыгавіцкія землі, браў гарады Мазыр, Петрыкаў, Тураў і Давыд-Гарадок, выводзіў адтуль жыхароў, якіх у Друі прадаваў немцам[8]. Тое самае сцвярджае Нарбут. Менскі князь часта нападаў на Літву Завілейскую, дзе ўладарыў князь Жывінбуд, даходзіў да ракі Дзітвы і захопліваў нявольнікаў, якіх таксама прадаваў, але ўжо ў Друцку. Пасля ж таго, як Жывінбуд напаў на Менск і спаліў яго, Глеб стаў хадзіць за лупам (вайсковай здабычай) і палоннымі на Палессе. Спаленыя вёскі, разрабаваныя гарады пакідаў пасля сябе. Кіеўскі мітрапаліт пракляў менскага князя[9]. І хаця летапісы маўчаць пра падобныя паходы Глеба, але адмаўляць гэты факт нельга. Гандаль нявольнікамі быў важнай крыніцай прыбытку ў тыя часы, і Глеб мог займацца такім ганебным промыслам.

Захоп Слуцка перапоўніў чашу цярпення Манамаха. У адказ Кіеў перайшоў да актыўных дзеяў супраць Глеба. Вялікае войска ў 1119 годзе рушыла на Менск. Глеб вярнуўся ў сваю вотчыну ў спадзяванні і на гэты раз адсядзецца за магутнымі крапаснымі сценамі. Але Ўладзімір Манамах штурмам авалодаў горадам.

Кіеўскі князь ужо не верыў Глебу, не разлічваў на яго паслушэнства. Найлепшае вырашэнне «праблемы Глеба» - кінуць менчука ў поруб і згнаіць яго там. Ды памятаў Уладзімір выпадак з Усяславам, калі таго паўстаўшыя кіяне вызвалілі з няволі і абвясцілі сваім вялікім князем. Магло такое здарыцца і цяпер. Толькі тры гады назад бунтавалі кіяне. Лепш, каб Глеба не было ў жывых. Так спакайней, так надзейней. А пры больш спрыяльных умовах можна і Менск далучыць да кіеўскіх уладанняў. Няма чаго дзівіцца, што хутка пасля прыезду ў Кіеў Глеб памёр (13 верасня 1119 года). Так і засталіся не здзейсненымі мары князя Глеба Ўсяславіча.

 

Рагвалод-Васіль. У часы міжусобіц

 

Вялікая Скуфь - так называлі Русь візантыйцы. «Шматковая імперыя Рурыкавічаў» - паводле К.Маркса і Ф.Энгельса. Замешаная на крыві, сабраная мячом, яна і сотні гадоў не пражыла ў адзінстве і міры. Ад былой велічы толькі засталіся аповяды ў летапісах. І дарэмна будуць намагацца кіеўскія князі хоць неяк уратаваць сваю дзяржаву. Сам Кіеў, пакорліва схіліўшыся перад Андрэем Багалюбскім, стане толькі сталіцай невялікага Кіеўскага княства.

Перыяд феадальнай раз'яднанасці не абмінуў і Полацкую зямлю. І тут брат пайшоў на брата. Але ў адрозненне ад міжусобных войнаў, якія адбываліся ў Кіеўскай Русі, дзе асобныя землі дамагаліся самастойнасці, на Полаччыне барацьба адбывалася за палітычнае пяршынства паміж Полацкам і Менскам. Напал гэтай барацьбы прыпадае на 1158-1167 гады, калі ў Полацку сядзеў князь Рагвалод-Васіль - старэйшы сын вялікага князя Рагвалода-Барыса. Не назавеш яго выдатным палітычным дзеячам або ваяводам. Увесь ягоны шлях - няўдача за няўдачай. Гэта ў рэшце рэшт і абумовіла лёс Рагвалода як полацкага валадара.

У 1119 годзе Полаччына страціла Менскае княства, а разам з ім - Сярэдняе Падняпроўе з Воршай і Копыссю і Верхняе Панямонне, якое было заселена балцкімі плямёнамі і якое паступова каланізавалі дрыгавічы і крывічы. Цяпер у Кіеве маглі спадзявацца на паслухмянасць Полацка. Але пралічыліся.

Ізяславічы былі настроены ваяўніча і не мірыліся са стратай полацкіх земляў. Устрывожаны іх настроем Уладзімір Манамах у 1121 годзе склікаў у Смаленску сваіх сыноў, каб паразумецца супраць крыўскіх князёў. Запрасіў у Смаленск Манамах і Ізяславічаў. Мабыць, пужаў іх вайной, калі яны не перастануць быць у «нязгодзе» з Руссю. І на час Ізяславічы затоіліся. Аднак, калі ў траўні 1125 года памёр Уладзімір Манамах, крыўскія князі вырашылі скарыстацца спрыяльным для іх момантам. Паводле звестак В.Тацішчава, полацкія князі пачалі нападаць і спусташаць землі, што належалі Русі[1]. Вось тады разгневаны вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч вырашыў скарыць Полацкае княства. У паход на Крывію ён сабраў дружыны Ноўгарадскага, Уладзіміра-Валынскага, Чарнігаўскага, Курскага, Тураўскага, Клецкага, Гарадзельскага княстваў, а таксама атрады торкаў. Князі ўзгаднілі план сумесных дзеяў, паводле якога яны адначасова павінны былі выступіць на Полацкае княства з чатырох бакоў і ўзяць у аблогу Ізяслаўль, Лагожаск, Барысаў і Друцак. На 4 жніўня 1127 года намячаўся штурм гэтых гарадоў, тым самым Мсціслаў не даваў палачанам магчымасці змагацца з праціўнікам паасобку. Аднак і на гэты раз Русь не дамаглася жаданай перамогі над Крывіяй. Няўдача напаткала курскага князя Ізяслава Мсціславіча, які не змог узяць Лагожска. Тады ён паспяшыў да Ізяслаўля, куды ўжо падышлі дружыны ўладзіміра-валынскага князя Андрэя, тураўскага князя Вячаслава (братоў Мсціслава), гарадзельскага князя Ўсевалада і клецкага князя Вячаслава. Ізяслаўскі князь Брачыслаў, які быў жанаты на Мсціслававай дачцэ, выехаў з горада на сустрэчу са сваім цесцем, жадаючы пакорлівасцю заслужыць ягоную міласць. Па дарозе Брачыслаў трапіў у рукі да Ізяслава Курскага. Нядоўга бараніліся ізяслаўцы, паверыўшы абяцанню ворага, што іх горад не будзе «ўзяты на шчыт», яны здаліся. Як толькі адчынілі браму Ізяслаўля, рускія ваяры забыліся пра сваё слова і ўварваліся ў горад. Цэлую ноч рабавалі Ізяслаўль пераможцы. Нават маёмасць Мсціслававай дачкі ўдалося адстояць толькі з праліццём крыві. Невядома, як адбываліся падзеі каля Барысава і Друцка, але, калі пра гэта маўчаць летапісы, дык можна дапусціць, што рускіх напаткала там няўдача. Надзея палачан адбіць ворага прапала, калі на Полацак выступіў ноўгарадскі князь Усевалад Мсціславіч. У гэты цяжкі час полацкае веча выдаліла з Полацка князя Давыда, а на яго месца выбрала Рагвалода-Барыса. Ён, пэўна, прызнаў над сабой уладу Мсціслава. Рускія князі не сталі рызыкаваць працягваць вайну з Крывіяй і задаволіліся дасягнутым. Толькі і Рагвалод-Барыс аказаўся непаслухмяным волі вялікага кіеўскага князя. Калі ў 1128 годзе Мсціслаў Уладзіміравіч, збіраючыся на полаўцаў, паслаў загад крыўскім князям удзельнічаць у паходзе, дык яны здзекліва адказалі ўладару Русі: «Ты з Бонякам Шэлудзюком будзьце здаровымі і ўпраўляйцеся самыя, а мы маем што рабіць дома»[2]. Палачане зноў паказвалі свой свабодалюбівы дух. І Мсціслаў не дараваў ім гэтага. Тым больш, полацкія дружыны пачалі нападаць на кіеўскія землі, пэўна, жадаючы вярнуць Менск. Адразу ж пасля паходу на полаўцаў Мсціслаў у 1129 годзе паслаў войска на Полацак. Становішча палачан ускладнілася нечаканай смерцю Рагвалода-Барыса.

Полацкае веча, каб уратаваць дзяржаву ад спусташэння, выдала Кіеву князёў Расціслава, Святаслава, Рагвалода-Васіля, Івана, Давыда. Мсціслаў саслаў іх у Візантыю. Кіеўскі князь не пасмеў расправіцца з Ізяславічамі - за імі стаяла Візантыя. У сваёй антыкіеўскай палітыцы Полацкае княства знаходзіла саюзнікаў у Царградзе, у асобе візантыйскіх імператараў. Невыпадкова, што адзін з іх парадніўся з полацкім княжацкім домам, узяўшы адтуль жонку*.

* Цётка Ефрасінні Полацкай была замужам за сынам імператара Мануіла - Аляксеем.

У Полацку сеў кіеўскі намеснік. Але і цяпер палачане не склалі зброі. У суседняй Літве ацалелыя ад высылкі Ізяславічы збіралі войска. І Мсціслаў у 1130 годзе здзейсніў паход у Літву да Ізяслаўля, спаліў нямала сёлаў, вывеў шматлікі палон, але галоўнай мэты не дасягнуў: полацка-літоўскае войска не было разбіта. І таму ў 1131 годзе ён з кіянамі і чарнігаўцамі зноў пайшоў на Літву. Палачане і ліцьвіны напалі на войска кіеўскага князя і нанеслі яму цяжкую паразу.

Пасля Мсціслававай смерці (1132), калі Русь канчаткова развалілася на асобныя княствы, Кіеву было ўжо не да Полацка, самому б уцалець у той віхуры міжусобнай барацьбы, што пачалася паміж Рурыкавічамі. Палачане тут жа выгналі з Полацка кіеўскага стаўленіка князя Святаслава: «пазбаўляешся нас» і ўзвялі на полацкі пасад свайго князя Васільку Ўсяславіча. А ў канцы 30-х - пачатку 40-х гадоў менскія землі перайшлі да сыноў Глеба. У Менску сеў князь Расціслаў Глебавіч. У 1140 годзе з Візантыі вярнуліся князі Іван і Рагвалод - пасля дванаццацігадовай разлукі з Радзімай яны зноў убачылі яе. Пастарэлыя, праславіўшыя свае імёны ў войнах з сарацынамі, пазнаўшыя не адну бяду і расчараванне.

О Радзіма, колькі разоў там, на чужыне, ляцелі птушкай думкі да цябе, колькі разоў ажывала ў памяці твая мілая, непаўторная прыгажосць. Вось гэтыя хваёвыя бары, дзе так лёгка дыхаецца водарам лясным, вось гэтыя дубровы з паганскімі капішчамі, вось гэтыя палеткі, дзе каля самай дарогі сярод жыта квітнеюць валошкі і рамонкі, зялёныя выганы, адкуль чуваць няхітрыя спевы пастуховай жалейкі. Хвалі роднай Дзвіны. Усё з дзяцінства знаёмае і дарагое сэрцу. І як стала трывожна на сэрцы, калі ўбачылі купалы Сафіі. Полацак! Вось і вярнуліся да цябе.

Не быў князь Рагвалод-Васіль улюбёнцам лёсу. Яму выпала доля няўдачніка, нявольніка, ізгоя. Гэта пра яго сказана: адна бяда не ходзіць... Хаця хіба толькі Рагвалода тое тычыцца? Увесь Ізяславаў род выпіў з гэтай чашы нямала, а колькі яшчэ наканавана горычы! Не для мяккіх пуховых ложкаў, не для хмельных баляванняў, не для пустых забаў і пацех, не для асабістай выгоды жылі полацкія князі. Меч узнялі яны супраць Яраславічаў, супраць Кіева. Ганарлівыя варагі служылі Кіеву, лацінскія каралі за гонар лічылі парадніцца з Яраславічамі, ваяўнічыя куманы палохаліся іх. Магутная Візантыя з Кіевам на ліслівым «Вы», а вось яны, Ізяславічы, на «Ты». Паднялі меч за веліч і славу роднай зямлі, за яе свабоду і незалежнасць. Кроў Рагвалода на іх сцягах. Нялёгкая барацьба з Кіевам, ды лёс, як і Радзіму, не выбіраюць. Значыць, несці ім крыж на сваю Галгофу, а шлях на Галгофу - шлях у вечнасць. Не дажываць свой век на Радзіме, а служыць ёй вярнуўся Рагвалод.

Напачатку ўсё складвалася ў яго даволі добра, прынамсі ён аб такім не марыў. Палачане з радасцю сустрэлі яго. Праз тры гады выбралі сваім князем. У той жа час другая, не меншая прыемнасць - жаніцьба з дачкой Ізяслава Мсціславіча. Сам кіеўскі князь Усевалад Ольгавіч з усёй сваёй сям'ёй і баярамі прысутнічалі на вяселлі. Пашану яму выказалі. Здавалася, цяпер толькі і жыві, уладар, служы Бацькаўшчыне, Полацку.

Восем гадоў княжыў Рагвалод. Ніякіх звестак пра яго гаспадаранне ў нас няма. Толькі ў «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» туманна паведамляецца: «Той Василий псковян долгою войною примусил до голду и поступленя некоторых волостей, которые были от князства Полоцкого оторвали, а, гды в покою потым пановал много лет». Нельга адмаўляць падобны канфлікт паміж Полацкам і Псковам. Цалкам верагодна, што Пскоў мог скарыстацца аслабленнем Полацкага княства і захапіць некаторыя полацкія воласці. І вось Рагвалоду-Васілю давялося зброяй вяртаць страчанае. Не выключана, што складальнік «Кронікі...» карыстаўся летапісамі, якія не дайшлі да нас, і там знайшоў паведамленне пра «долгую войну» паміж Полацкам і Псковам.

Можна думаць, сярод асноўных клопатаў полацкага князя найважнейшым было далучэнне да Полацка земляў Менскага княства. Але як гэта зрабіць? На Меншчыне ўмацаваліся Глебавічы, якія яго ўлады не прызнавалі і марылі самі завалодаць Полацкам. Пачынаць вайну з Менскам? Але ці прынясе яна жаданы вынік?

Нерашучасць Рагвалода не задавальняла полацкае баярства. І тады яны вырашылі запрасіць у Полацак менскага князя Расціслава Глебавіча, які пад сваёй уладай аб'яднаў бы Полацкую і Менскую землі. Каб унікнуць сутычкі з Мсціславічамі, да якіх мог звярнуцца Рагвалод, палачане папрасілі ў ноўгарад-северскага князя Святаслава Ольгавіча апекі над імі, тым самым заручыліся падтрымкай моцнай кааліцыі паўднёварускіх князёў. Самога ж Рагвалода яны звязенілі і «держаша в велице нужи». Гэтая перасцярога не была залішняй: Рагвалод-Васіль, апынуўшыся на волі, мог паклікаць на дапамогу зацікаўленых у міжусобнай калатнечы на Полаччыне суседзяў, пайсці вайной на Полацак.

Да Расціслава Глебавіча прыбылі паслы з прапановай стаць полацкім князем. І Расціслаў не адмовіўся: полацкі пасад для Ізяславічаў меў значэнне велікакняжацкага.

У 1151 годзе Расціслаў сеў у Полацку, а Рагвалода саслаў у Менск. Восем доўгіх гадоў знаходзіўся былы вялікі князь у няволі. Пэўна, не пакідала яго крыўда на палачанаў. Ён аказаўся цацкай у руках полацкага веча, баяраў, якія там верхаводзілі. І не няволя яго прыгнятала, а няўдзячнасць суайчыннікаў. Верай і праўдай служыў ім, а падзяка якая! Ну, не спадабаўся ён ім, не спраўдзіў іх надзей, дык мовілі б яму: «Пазбаўляешся нас», - і развіталіся б у любові, адпусцілі б яго на ўсе чатыры бакі. Дык не ж!.. За сваю службу ізгоем быць ён не заслужыў. Як злодзея і душаемца, кінулі ў цвержу, пахлебнічалі перад Расціславам.

Горкі прыклад Рагвалода, ды і іншых князёў, якіх свавольнае веча выгнала з Полацка, вымусіла Расціслава Глебавіча імкнуцца да ўмацавання сваёй улады. Жорсткі, рашучы, не паслухмяны вечавой волі, Расціслаў не ўсім падабаўся ў Полацку. Многія палачане марылі вярнуць назад «ціхмянага» Рагвалода. Рагвалодавыя прыхільнікі звяртаюцца да магутнага Юрыя Даўгарукага. Той, даведаўшыся пра нялёгкі лёс былога полацкага князя, патрабуе ад Расціслава адпусціць яго. Так Рагвалод атрымаў волю. Адразу ж пасля вызвалення ён адпраўляецца да Святаслава Ольгавіча, у якога і знаходзіць падтрымку. Святаслаў дае Рагвалоду «полк», з якім той і пайшоў на Полаччыну.

А ў Полацку ўсё болей незадаволеных Расціславам. У 1158 годзе полацкая дружына, якую вёў Расцілаў, удзельнічала ў паходзе на Тураў. На гэты паход спатрэбіліся немалыя выдаткі ад палачанаў, і яны спадзяваліся акупіць іх вайсковай здабычай. Расціслаў з дружынай спазніўся пад горад, усе навакольныя вёскі ўжо былі разрабаваныя саюзнікамі, і полацкім воям ні з чым давялося вяртацца назад. Гэта таксама магло выклікаць незадавальненне палачанаў сваім князем.

Тым часам Рагвалод-Васіль прыбыў у Слуцак. Адсюль ён пасылае сваіх людзей у Друцак. Дручане з радасцю запрашаюць Рагвалода да сябе, бо, мабыць, яны стаміліся ад Расціслававай улады (князем у Друцку быў сын Расціслава - Глеб). Такі ўдалы пачатак абнадзеіў Рагвалода. Ён выступае да Друцка. Дручане паўсталі супраць Глеба Расціславіча, выгналі яго з горада, разрабавалі двор і з пашанай і ўрачыстасцю разам з палачанамі - прыхільнікамі Рагвалода, якія прыбылі ў Друцак, - сустрэлі былога свайго ўладара.

З'яўленне Рагвалода ў Друцку падштурхнула да дзеянняў і палачанаў. Яго прыхільнікі ў Полацку выступілі супраць Расціслава. Толькі дарамі і ўдалося Расціславу ўціхамірыць незадаволеных ім месцічаў, прывесці іх да прысягі. Не губляючы часу, ён аб'ядноўваецца з братамі. Што-што, а тлумачыць Глебавічам, які іх чакае лёс, калі ў Полацку сядзе Рагвалод, не трэба: яны разумеюць, што застануцца без удзелаў, як і Глеб Расціславіч. Наступныя падзеі падштурхнулі князя да рашучых дзеяў.

У Полацку ўспыхнуў мяцеж. Мяцежнікі патрабавалі вяртання на полацкі пасад Рагвалода. Дарамі многімі Расціслаў супакоіў сваіх непрыяцеляў і вадзіў іх да крыжа - узяў клятву на вернасць. Хутчэй трэба было расправіцца з Рагвалодам. На Друцак рушыла вялікае войска, сабранае з усяго княства.

Рагвалод замкнуўся ў Друцку. Дручане падтрымалі яго. «Бъяхутся крепко», - сказана ў летапісе аб тых баях[3]. Абодва бакі неслі вялікія страты. Працяглая аблога пагражала Расціславу паразаю. А ў Полацку гэтага яму не даравалі б. І Расціслаў ідзе на мір з Рагвалодам, прызнаўшы яго друцкім князем.

Няўдача пад Друцкам дала Рагвалодавым прыхільнікам зачэпку для таго, каб узбунтаваць палачан супраць Расціслава. Яны шлюць спачатку патаемных паслоў да Рагвалода: «Княже нашь! Согрешили есмь к Богу и к тобе, оже въстахом на тя без вины, и жизнь твою всю разазграбихом и твоея дружины, а самого емше выдахом тя Глебовичем на великую муку: да аще ныне помнеши всего того, и же створихом своим безумием, и хрест к нам целуеши, то мы людие твое, а ты еси нашь князь; а Ростислава ти емше вдамы в руче, а ежь хощеши, то створиши ему»*[4]. Рагвалод пакляўся на крыжы, што даруе палачанам учыненае яму зло.

* Даследнікі лічаць, што гэта ўрывак з Полацкага летапісу.

На Пятроў дзень было вырашана звязеніць Расціслава. Палачане запрасілі князя з яго рэзідэнцыі ў Бельчыцах удзельнічаць разам з імі ў свяце. Расціслаў разважліва апрануў пад адзежу даспехі і прыехаў у горад. Але тады змоўшчыкі не адважыліся напасці на яго. Наступным днём яны зноў паклікалі яго з Бельчыцаў: «Княже! Поеди к нам, суть ны с тобою речи; поеди же к нам в город». Расціслаў здзівіўся: «А вчера есмь у вас вчера был; а чему есте не молвили ко мне, а что вы было речи?»[5]. Аднак усё ж згадзіўся прыехаць. Каля Сафіі тым часам сабралася веча, якое і вырашыла пазбавіць Расціслава пасаду. Найболей гарачыя галовы ўжо раззбройвалі княжацкіх дружыннікаў. Аб гэтым Расціслаў і даведаўся ад аднаго са сваіх слуг. Той уцёк з горада і папярэдзіў князя: «Не езди, княже, вече ти в городе, а дружину ти избивають, а тебе хотять яти»[6]. Для Расціслава ўсё стала ясна: Полацак падняўся супраць яго і полацкім князем яму не быць. Ён вяртаецца ў Бельчыцы і, забраўшы дружыну, уцякае да брата Валадара ў Менск. Па дарозе, помсцячы за сваю паразу, рабуе і паліць Полацкія воласці.

Рагвалод па запрашэнню палачанаў прыйшоў у Полацак і сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»[7]. Але з выгнаннем Расціслава парушалася адзінства Полацкай зямлі: зноў яна падзялілася на Полацкае і Менскае княствы. Рагвалоду неабходна было аб'яднаць іх. Мірным шляхам зрабіць гэтага ён не мог. Расціслаў не дараваў Полацку свайго выгнання. Разам з братам Валадарам нападаў ён на полацкія ўладанні. Рагвалод звярнуўся па дапамогу да дзядзькі сваёй жонкі, Расціслава Мсціславіча, які прыслаў яму смаленскую дружыну. Да палачанаў і смаленцаў далучыліся ноўгарадцы і пскавічы. За гэта Рагвалод павінен быў удзельшчаць у паходзе на Ўшчызну.

Першы ўдар Рагвалод вырашыў нанесці па Ізяслаўлі і тым самым адрэзаць Менск ад саюзнай з ім Літвы (тут, у Літве, набіралі дружыны менскія князі). Заслаўскі князь Усевалад, спадзяючыся на былыя сяброўскія адносіны з Рагвалодам, выйшаў з горада на сустрэчу з ім. Сяброўства сяброўствам, а палітыка палітыкай - Рагвалод забірае ў былога сябра Ізяслаўль, а яго самога высылае ў Стрэжаў. У горадзе ён садзіць сваіх намеснікаў: князеў Брачыслава і Валодшу.

На гэтым і закончыліся поспехі Рагвалода. Дзесяць дзён яго войска прастаяла пад Менскам - так і не рашыўся ён на штурм. Вялікія страты маглі выклікаць незадаволенасць полацкага веча. Давялося Рагвалоду заключыць мір з Расціславам. Але калі Расціслаў памірыўся з Полацкам, дык ягоны брат Валадар «не целова хреста, темь оже ходяше под Литвою в лесех...»[8], збіраў там войскі. Так што вайна не закончылася. Адразу пасля таго як Рагвалод вярнуўся ў Полацак, Глебавічы напалі на Ізяслаўль, захапілі яго. Валодшу кінулі ў поруб, Брачыслава закавалі ў жалеза. Рагвалоду зноў давялося надзяваць баявыя даспехі. На дапамогу сваяку Расціслаў Мсціславіч, які цяпер сядзеў у Кіеве, прыслаў 600 торкаў. Шэсць тыдняў прастаяў Рагвалод Барысавіч каля Менска. Ад голаду ў торкаў падохлі коні, і саюзнікі, не дачакаўшыся канчатку вайсковых дзеяў, адправіліся пехатою ў Кіеў. І на гэты раз Рагвалод не авалодаў Менскам «и створи мир с Ростиславом по своеи воли». Удалося толькі вызваліць з няволі Брачыслава і Валодшу.

У Полацку засталіся незадаволены паходамі - Менск не зломлены, і ў наступным 1161 годзе Рагвалод хадзіў на Менск. І зноў няўдача, зноў з нічым прыйшлося «възвратися въсвои».

Тры безвыніковыя паходы на Менск, бездапаможнасць у кіраванні дружынай... І сцішыліся галасы Рагвалодавых прыхільнікаў. Рагвалод адчуваў холад, з якім цяпер адносіліся да яго ў Полацку. Адзіны сродак вярнуць сабе прыхільнасць палачанаў - перамагчы Менск. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль з полацкімі ваярамі зноў каля Менска, дзе пасля смерці Расціслава сеў Валадар. Хітры і асцярожны менскі князь не ўступіў у бой з Рагвалодам днём, а ўначы з войскам, якое набраў у Літве, выступіў з горада і напаў на полацкі стан. У бітве шмат палачанаў загінула, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод з рэшткаю дружыны ўцёк ў Слуцак. Ён разумеў, што Полацак не даруе яму ганебнай паразы. Са Слуцка ён пасылае сваіх людзей у Полацак, каб яны сказалі, што вялікі князь адракаецца ад пасаду, а сам вяртаецца ў Друцак.

Так бясслаўна скончылася княжанне Рагвалода ў Полацку. Яму не хапала ні рашучасці, ні цвёрдасці, ні вайсковага ўмельства, ні палітычнай мудрасці. І калі ў мірныя гады ён яшчэ спраўляўся са сваімі абавязкамі полацкага валадара, дык у вайне не змог праявіць сябе. І да самай смерці Рагвалод заставаўся князем у Друцку.

А міжусобная вайна паміж Полацкам і Менскам не закончылася. Праз пяць гадоў Валадар з менска-літоўскім войскам пайшоў на Полацак. Полацкі князь Усяслаў Васількавіч выступіў яму насустрач і стаў чакаць падыходу віцебскага князя Давыда Расціславіча. Валадар нечакана напаў на палачанаў і разбіў іх.

Пасля паразы Ўсяслаў Васількавіч уцёк у Віцебск да Давыда Расціславіча. Полацкім князем стаў Валадар, і першай яго справай з'явіўся паход на Віцебск. Князь Давыд ухіліўся ад бою, бо чакаў дапамогі ад брата, смаленскага князя Рамана. Аднак неспадзяваны выпадак перакрэсліў усе Валадаравы намаганні. Ноччу расхадзілася навальніца, ударылі перуны. Воі Валадаравы ўспрынялі гэта як нядобры знак і сталі прасіць князя адступіць. Валадар вымушаны быў паслухаць. Раніцай Давыд, убачыўшы, што варожае войска адступіла, пусціўся наўздагон, але не дагнаў яго. Валадар, не заходзячы ў Полацак, вярнуўся ў Менск, назаўжды адмовіўшыся ад мары стаць полацкім князем.

Міжусобная вайна на Полаччыне закончылася. Яе горкія ўрокі не прайшлі дарэмна для палачанаў. Ужо праз дванаццаць гадоў - у 1180 годзе - у вайне са Смаленскам за Друцак усе полацкія князі, у тым ліку і менскія, выступілі на абарону сваёй зямлі. І адзінства прынясло перамогу.

А што ж Рагвалод-Васіль? Ён жыў у Друцку і, мабыць, не праяўляў былой актыўнасці ў палітыцы, а таму яго імя знікла з летапісаў. Аднак 7 траўня 1171 года ў ягоным жыцці павінна была адбыцца нейкая важная падзея, бо ён выбіў на камяні, што ляжаў паміж Друцкам і Воршай, зварот да Бога. «В ле(то) sход мсца маия въ з днь доспе(н)ъ (к)ръсні гипомози (ра)бу своему Василию в с крщенц(и) (и) менемь Рогволод(у) сну Борисову» Што за падзея?

У летапісах пад 1175 год князь Усяслаў Васількавіч названы віцебскім князем, значыць, да гэтага часу ён страціў полацкі пасад. Калі? Можа, якраз у 1171 годзе і Рагвалод паспрабаваў зноў вярнуцца ў Полацак. Праўдзівая наша версія або памылковая, застаецца толькі гадаць.

Далейшы лёс Рагвалода-Васіля нам невядомы. Але свой след у гісторыі ён пакінуў не толькі дзеямі, але і слаўнымі нашчадкамі. У ліцьвінскіх летапісах распавядаецца, што князь меў сына Глеба, які нядоўга княжыў у Полацку, а таксама дачку Параскеву, якая за сваю хрысціянскую добразычлівасць пасля смерці была прылічана да святых. Магчыма, што і князь Усяслаў Васількавіч быў ягоным сынам, бо ў Густынскім летапісе ён названы паводле княжацкага імя бацькі Ўсяславам Рагвалодавічам. Увогуле лёс нашчадкаў Рагвалода-Васіля вельмі загадкавы. Ад Рагвалода-Васіля летапісцы выводзяць такія княжацкія роды, як Друцкія, Астрожскія, Пуцяты, Сакалінскія. Стрыйкоўскі даводзіў, што і польская каралева Сафія паходзіла ад Друцкіх. Але сама заблытанае, дык гэта радавод ліцьвінскіх князёў. Незалежна адзін ад аднаго розныя летапісцы выводзілі ўладароў Літвы ад Рагвалода-Васіля. Гэтак паводле Васкрэсінскага летапісу і Міндоўг, і Тройдзень, і Віцень былі нашчадкамі Рагвалодавага сына Расціслава. Той жа Стрыйкоўскі пісаў, што ліцьвінскі князь Таўцівіл, а значыць і ягоны брат жамойцкі князь Транята, былі сынамі Глеба Рагвалодавіча, а таму і стаў Таўцівіл па «праву дзедзічнаму» полацкім князем. А можа, так яно і ёсць, Рагвалод-Васіль паклаў пачатак дынастыі вялікіх князёў літоўскіх? І сапраўдную славу і памяць пра Рагвалода-Васіля прынеслі яму ягоныя нашчадкі! Вось такая гісторыя пра князя Рагвалода-Васіля - асоба не гераічная і не славай праславіўся ў летапісах. Але пакінуў сваё імя на памяць нашчадкам. Жыў такі чалавек, можа быць, мяккадушны і нерашучы па натуры, стаў нявольнікам свайго княжацкага паходжання і воляю людской і паверыў, што можа спраўдзіць надзеі, што ўсклалі на яго, пераацаніў сілы, а сіл вось і не хапіла. Асудзіў сябе на пакуты і другім прынёс нямала бяды. Ды і гонар княжацкі не дазваляў прызнацца ў сваёй слабасці і праліваў братняю кроў, мячом і гвалтам сцвярджаў сябе. І сабе шчасця не здабыў, і не тым, хто даверыўся яму. Павучальная гісторыя пра ўладара,не вартага высокага пасаду і княжацкага вянца. Пэўна, трэба толькі пашкадаваць гэтага чалавека, ну што рабіць, калі абставіны былі мацнейшымі за яго. Але не хочацца і асуджаць. Усё ж вабіць барацьба слабага, які смела кідае выклік моцнаму, не хаваецца за чужымі спінамі, а мужна бярэ свой крыж у рукі і нясе яго. Прыніжалі і білі, а нёс. А калі зразумеў, што ноша не па ім, змірыў свой гонар, выракся ад таго, што наканавана не яму. І можа быць, у сваім маленькім і зялёным Друцку, дзе яго любілі месцічы, дзе штодня радавалася сэрца, гледзячы на сваіх дзяцей, састарэлы князь адчуваў сябе як ніколі шчаслівым, і адкрывалася яму новая ісціна, што ні ўлада, ні багацце, ні пераможная, на крыві ўзгадаваная слава, ні самаўлюблёнасць у свой гонар - шчасце. І дзякаваў Богу князь, што давялося яму пажыць простым жыццём, як людзі жывуць. І не карона яго суцяшала, а любоў людзей да яго і любоў яго да людзей. Чамусьці верыцца, што Рагвалод-Васіль дажыў апошнія гады ў шчасці, любові і згодзе з самім сабой.

 

Уладзімір Полацкі. За два стагоддзі да Грунвальда

 

Пачатак Лівонскага ордэна

У 1186 годзе высадзіўся на бераг Лівоніі святар ордэна блаславеннага Аўгусціна Мейнард і «проста дзеля справы Хрыстовай» прыняўся «садзіць вінаграднік Гасподні». Полацкі князь Уладзімір - валадар Лівоніі - дазволіў Мейнарду прапаведаваць хрысціянства лівам. Ні полацкі князь, ні Ўсевалад, князь Герцыке, ні кукейноскі князь Вячка - ніхто з іх не адчуваў, якая бяда пастукала ў дзверы іхняга дома. Як жа не спрыяць было святой справе - слова Божае распаўсюдзіць сярод пазбаўленых выратавальнай веры паганцаў.

З'яўленне Мейнарда ў Лівоніі не было выпадковым. Яшчэ ў сярэдзіне Х стагоддзя пры германскім каралі Генрыху І Птушкалове нямецкія феадалы пачалі заваёву земляў заходніх славянаў. Пасля доўгай і крывавай барацьбы Генрыху І удалося скарыць лужыцкіх сербаў і люцічаў. Але ўжо ў канцы таго ж стагоддзя падуладныя немцам славянскія плямёны паўсталі і на цэлыя паўтара стагоддзі адваявалі сабе незалежнасць, толькі землі люцічаў засталіся ў руках немцаў. Аднак з сярэдзіны ХІІ стагоддзя немцы зноў пачалі «рух на ўсход». У 1160 годзе саксонскі герцаг Генрых Леў перамог абадрытаў. На захопленай абадрыцкай зямлі нямецкія феадалы стварылі Мекленбургскае герцагства. Такі ж трагічны лёс напаткаў астатніх люцічаў і шпрэвян, на іх землях захопнікі стварылі Брандэнбургскае герцагства са сталіцай Берлін. На славянскіх землях немцы адчувалі сябе ўладарамі: гвалтоўна хрысцілі славянаў, прымушалі іх працаваць на сябе, а непакорных каралі смерцю. Заваёўніцкі імпэт нямецкіх рыцараў павялічыўся, іх прагнае вока ўглядалася ва ўсход - там ляжалі новыя землі. Ад купцоў даведаліся яны і пра Лівонію.

А Лівонія ў той час належала Полацку. Лівы, як падуладны народ, плацілі полацкаму князю даніну, а ў час вайсковых дзеянняў выстаўлялі войска. Апроч Лівоніі, полацкая ўлада распаўсюджвалася на Латгалію, на землі селаў і лэтаў. Так, папа рымскі Урбан ІІІ лічыў, што Латгалія знаходзіцца «ў Русіі»[1]. Паводле Рыфмаванай кронікі, землі селаў, ліваў, лэтаў да прыходу мечаносцаў былі ў руках рускіх[2]. Хто былі гэтыя рускія, указаў Арнольд Любецкі, які пісаў: «Кароль Русіі з Полацка меў звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў»[3]. Палачане валодалі Ніжняй Дзвіной аж да вусця Балтыйскага мора, што давала ім магчымасць бесперашкодна гандляваць з нямецкімі і скандынаўскімі купцамі. Па Дзвіне стаялі полацкія гарады Кукейнос і Герцыке - шматлюдныя, з мноствам цэркваў, у якіх знаходзіліся дарагія абразы і срэбнае начынне, з добраўмацаванымі замкамі. Гэта былі цэнтры крывіцкай каланізацыі ў Прыбалтыцы, на якія абапіраўся ў сваім кіраванні Лівоніяй полацкі князь, яны ж з'яўляліся і сталіцамі ўдзельных княстваў. Апроч Герцыке і Кукейноса, палачане мелі ў Лівоніі шэраг невялікіх гарадоў-крэпасцей: Аіціна, Ашуце, Лепэкэ, Бебшынэ, Бебінэ, Ліксна, Гердынэ, Рэжыца.

Каб заваяваць Лівонію, нямецкім феадалам трэба было не толькі змагацца з лівамі і суседнімі плямёнамі, але перш за ўсё з Полацкам. А сілу гэтага княства яны разумелі. Вялікім каралём называў нямецкі краніст Генрых Латвійскі князя Ўладзіміра. І пакуль нямецкія каланісты не замацаваліся ў Лівоніі, не набраліся сілы, ім патрэбны быў мір з Полацкам. Таму Мейнард і дзейнічаў асцярожна, хаваў сапраўдныя мэты сваёй дзейнасці. Разам з пропаведдзю ён займаўся зусім далёкімі ад веры справамі - узводзіў з нямецкімі паломнікамі замкі Ікесколь і Гольм. Пасля дабіваўся ў брэменскага архібіскупа дазволу на ўтварэнне Ікескольскага біскупства.

У Рым ад наваяўленага біскупа да папы прыбыў пасол з просьбай абвясціць крыжовы паход супраць язычнікаў-ліваў. Мейнард зняў маску дабрадзейнага святара, пад ёю прадстаў жорсткі і хітры палітык з нясцерпнай прагай заваёвы новых земляў. Цэлестын ІІІ не мог не ўхваліць дзеянні Мейнарда: у Рыме таксама марылі аб новых землях і новай пастве. У 1192 годзе папа абвясціў крыжовы паход у Лівонію і паабяцаў адпушчэнне грахоў усякаму, хто ўскладзе на сябе крыж для падтрымкі новазаснаванай царквы. Разлік Мейнарда быў дакладны - ён дамогся падтрымкі каталіцкага свету. І паспяшылі ў Лівонію бедныя нямецкія рыцары ў надзеі атрымаць зямельныя лены, святошы-пілігрымы, грэшнікі - адкупляць крывёю язычнікаў грахі, проста авантурысты і шукальнікі прыгодаў. Ахвотнікаў было нямала. Гэта ж не далёкая і небяспечная Палесціна з яе спёкай і пустынямі і не войны з ваяўнічымі сарацынамі. Да Лівоніі - рукой падаць, падарожжа туды не доўгае, а лівы амаль бяззбройныя, куды ім ваяваць супраць закутых у латы рыцараў. І запалалі ліўскія сёлы, пралілася кроў.

Пасля смерці Мейнарда «місію хрысціцеля» Лівоніі працягваў дзейны біскуп Бертольд. Але ў баі з лівамі ён загінуў. На яго месца заступіў біскуп Альберт. Дзе трэба было хітрыць - Альберт хітрыў, дзе выгадна было забыцца на хрысціянскія запаветы - Альберт забываў, дзе неабходна было праліваць кроў - Альберт праліваў яе. Як і Мейнард, звярнуўся да папы рымскага з просьбай абвясціць крыжовы паход на ліваў. Інакенцій ІІІ заклікаў вернікаў Саксоніі і Вестфаліі прыйсці на дапамогу Лівонскай царкве супраць «язычнікаў». Сам Альберт і прапаведаваў у Германіі паход на Лівонію. Толькі на востраве Готландзе пасля ягонага казання болей за пяцьсот чалавек згадзіліся прыняць крыж. Біскуп зачасціў у двары знатных нямецкіх феадалаў, у якіх дамагаўся падтрымкі крыжаносцаў. Сустрэўся ён і з дацкім каралём Кнудам VІ, спакушаючы яго на заваёву Ўсходняй Прыбалтыкі. Быў Альберт прыняты і германскім каралём Філіпам, дзе выступіў у каралеўскай радзе.

Увесну 1200 года 23 караблі з крыжакамі прычалілі да берагоў Лівоніі. «І залілі крывёю паганцаў усе дарогі і месцы», «І схапілі яны многіх, і перабілі ўсіх мужчын і звялі ў палон жанчын і дзяцей», «Спустошылі і аддалі агню ўсе сёлы, а мужчын, якіх захапілі, усіх спалілі жывымі...» Як ні апяваў подзвігі нямецкіх рыцараў Генрых Латвійскі, але ўсё ж не ўтойваў і праўды аб хрышчэнні Лівоніі. Каб полацкі князь не ўстрывожыўся і не павёў сваё войска на крыжакоў, Альберт плаціў Полацку даніну за ліваў.

Захопленыя землі натхніцель экспансіі раздаваў на ленных правах рыцарам, якія павінны былі несці вайсковую службу. Аднак Альберт разумеў, што без пастаяннай вайсковай сілы нельга ўтрымаць Лівонію ў сваіх руках. Многія паломнікі пасля году службы ў біскупавым войску вярталіся ў Германію. Нічога новага рыжскі святоша не прыдумаў - ён заснаваў вайскова-манаскі ордэн на ўзор існаваўшых рыцарскіў ордэнаў.

Папа рымскі Інакенцій ІІІ надаў новаму Ордэну статут храмоўнікаў (тампліераў) і сымбалі для нашэння на вопратцы. Першапачаткова новы Ордэн называўся «Fratres militiae Christi» - «Браты воінства Хрыстова», але па сымбалях на вопратцы - чырвонаму крыжу і мячы - ён называўся Ордэнам мечаносцаў, або Лівонскім.

Кожнаму, хто ўступаў у Ордэн, адрасавалі такія словы: «Ты вельмі памыляешся, калі думаеш жыць у нас спакойна і весела: наш статут - калі жадаеш снедаць, дык павінен пасціцца, калі хочаш пасціцца, дык павінен снедаць, калі не хочаш спаць, павінен спаць, калі хочаш спаць, павінен забыцца на сон. Дзеля Ордэна ты павінен адрачыся ад бацькі, ад маці, ад брата і сястры, і ўзнагародай за гэта Ордэн дасць табе хлеб, ваду і вопратку»[4]. Ордэнскі статут быў суровы. Кожны рыцар даваў чатыры зарокі - зарок паслушэнства начальству, зарок дабрачыннасці, зарок беднасці і зарок прысвячэння ўсяго свайго жыцця барацьбе з паганцамі ды іншаверцамі. За парушэнне статута рыцара жорстка каралі. На чале Ордэна стаяў магістр, які карыстаўся неабмежаванай уладай.

Больш за два стагоддзі Ордэн мечаносцаў быў сама небяспечным ворагам Полацкай зямлі.

 

«Вялікі кароль Вальдэмар»

Толькі тады, калі ў вусці Дзвіны Альберт узвёў Рыгу і загарадзіў палачанам выхад у Балтыйскае мора, у Полацку забілі трывогу. Уладзімір пачаў збіраць войска... Але няўжо раней не было бачна небяспекі, што так позна схамянуліся? Калі і бачылі, і разумелі, што з'яўленне ў Лівоніі немцаў - прамая пагроза Полацку, дык куды болей важныя і неадкладныя справы ў той час адцягвалі сілы палачанаў ад Лівоніі.

Полацкая зямля ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя трымала шчыльны саюз з Суздальскім княствам, дзе ўладарыў Андрэй Багалюбскі. Полацкія дружыны разам са смаленскімі і суздальскімі ў 1167 і 1169 гадах хадзілі на Ноўгарад, а ў 1168, 1174 і 1178-м - на Кіеў. І аслабленне Ноўгарада, і аслабленне Кіева - даўніх палітычных праціўнікаў Полацка - было яму на руку. Так што паходы гэтыя прынеслі Полацку карысць - хаця б тое, што працяглы час у межах Полацкай зямлі не з'яўляліся варожыя войскі. А гэта - уцалелыя сёлы і гарады, гэта мірнае жыццё, гэта гандаль і развіццё рамёстваў, гэта росквіт культуры. Ззаду засталіся міжусобіцы, і ўсё выразней было імкненне полацкіх удзелаў да згоды і адзінства.

Ужо ў 1180 годзе ў паходзе на падуладны Смаленску Друцак удзельнічалі шэсць полацкіх князёў разам з ліцьвінамі і лівамі. Адзінства стала залогам перамогі. Палачанаў падтрымалі чарнігаўцы і ноўгарадцы. Смаленскі князь Давыд Расціславіч, каб пазбегнуць сечы, адступіў з-пад Друцка ў Смаленск. Аднак ён не змог змірыцца з тым, што страціў Друцак і ўсяляк намагаўся аднавіць свае пазіцыі на Полаччыне. Ён дабіўся поспеху ў гэтым.

Пасля інтрыг Давыд пасадзіў у Друцку саюзнага сабе Ўсяслава Мікуліча, былога лагожскага князя. А ў 1186 годзе арганізаваў паход на Полацак. Разам са смалянамі выступілі ноўгарадцы на чале з сынам Давыда - Мсціславам. Падтрымалі смаленскага князя і яго саюзнікі - друцкі князь Усяслаў і лагожскі князь Васілька Валадаравіч. Такія сілы спатрэбіліся Давыду для заваёвы Полаччыны і далучэння яе да Смаленскага княства. Тым самым Смаленск выступаў у ролі пераемніка даўняй палітыкі Полацка - аб'яднання крыўскіх земляў у адну дзяржаву. Ды вось бяда: ні раней Смаленск ні цяпер Полацак не хацелі пазбавіцца палітычнай самастойнасці. Таму палачане без асаблівай радасці ўспрынялі перспектыву хадзіць пад уладаю Смаленска. А гэта значыць, што зноў вайна. Толькі вось сілы не на карысць палачанам.

Веча вырашыла не дапусціць варожае войска на свае землі і дыпламатычным шляхам пазбегнуць спусташальнай вайны: «Не можам стаць супраць ноўгарадцаў і смалян, і калі пусцім іх у сваю зямлю, калі і мір учынім з імі, шмат нам зла ўчыняць, пустую зямлю ўчыняць тыя, хто ідуць на нас, але пойдзем да іх на сумежжа і ўчынім там з імі мір»[5]. Паслы з Полацка з багатымі дарамі сустрэлі ноўгарадцаў і смалян на полацкай мяжы і дамагліся свайго. Задобраны падарункамі князь Давыд спыніў свае войскі. Не абышлося і без зямельных уступак: да Смаленска адышоў Віцебск. Вось у гэты час і пачаў княжыць у Полацку князь Уладзімір.

Хто ён, гэты загадкавы «вялікі кароль Вальдэмар»? У рускіх летапісах пра яго няма ніякіх звестак. І каб не ордэнскі краніст, нічога б мы не даведаліся пра яго, і загінулі б у забыцці яго імя, яго дзеянні, яго жыццё.

У гістарычнай літаратуры прынята, што Вальдэмар - гэта нямецкая форма імя Ўладзімір. Мікола Ермаловіч лічыць, што імя полацкага князя магло быць іншае - харакэрнае для палачанаў Валадар або Валодша[6]. Яны гучаннем падобныя на імя Ўладзімір, і не выключана, што Генрых Латвійскі назваў Вальдэмарам Валадара ці Валодшу. Гэты ж вучоны выказаў думку, што князь Валодша ў летапісах мог быць узгаданы пад імем Уладзімір - ён той самы, якога ў 1159 годзе менскія князі Глебавічы пасадзілі ў поруб у Ізяслаўлі і які вельмі верагодна мог быць сынам Рагвалода Барысавіча. Не выключна, што пазней яго абралі на полацкі пасад і ён дажыў да 1216 года[7].

«Каралём Вальдэмарам» мог быць і менскі князь Уладзімірка Валадаравіч, сын Валадара Глебавіча, звесткі пра якога знаходзім у Тацішчава[8]. Паводле гісторыка, Уладзімірка ў 1182 годзе напаў на Падляшша - землі дарагічынскага князя Васількі Яраполкавіча. Дарагічынскі князь паклікаў на дапамогу палякаў і мазураў. На рацэ Буг варожыя войскі сустрэліся. У жорсткай сечы Ўладзімірка Валадаравіч быў разбіты і адступіў у Менск. Васілька ўзяў Берасце, дзе пакінуў з дружынай свайго швагра - мазавецкага князя, і вярнуўся ў Драгічын.

А Ўладзімірка рыхтаваўся да новага паходу. На дапамогу яму прыйшлі палачане. Менскі князь зноў адваяваў Берасце, пасля чаго рушыў на Васільку, які з войскам палякаў стаяў на Нуры за Драгічыным. Цяпер перамога была на баку Ўладзіміркі. Не вытрымаўшы націску ягоных вояў, палякі пачалі адступаць да лесу, а Ўладзімірка ў помсце за сваю ранейшую паразу амаль усіх іх пасек. Васілька з невялічкай дружынай уцёк да свайго цесця Лешкі і пры падтрымцы таго ў рэшце рэшт прагнаў з Падляшша Ўладзімірку.

Адсутнасць дакладных крыніц і сведчанняў пра асобу полацкага вялікага князя не дае магчымасці вызначыць, хто ён быў сапраўды.

 

Полацкае княства напрыканцы ХІІ ст.

Запрашаючы Ўладзіміра ў Полацак, веча, мабыць, паставіла перад ім дакладныя задачы, ад вырашэння якіх і залежаў яго лёс як кіраўніка Полацкай дзяржавы. Што ж маглі патрабаваць ад новага князя палачане? Аднаўлення былой магутнасці і велічы Полацкага княства, вяртання страчаных земляў, захавання адзінства полацкіх удзелаў. Мяркуючы па тым, што Ўладзімір княжыў у Полацку на працягу трыццаці гадоў (1186-1216), чаго пасля славутага Ўсяслава Чарадзея не ўдавалася ніводнаму полацкаму валадару, ён, калі і не выканаў усе тыя патрабаванні веча, усё ж сваёй дзейнасцю шмат у чым апраўдаў спадзяванні палачанаў. Галоўнае - не толькі дамогся аб'яднання ўсіх удзельных полацкіх князёў пад сваёй уладай, але і здолеў абараніць полацкі пасад ад іх дамаганняў. Унутраная стабільнасць дзяржавы, моцная ўлада яе кіраўніка давала палачанам надзею на поспех і ў знешняй палітыцы. І першай мэтай было - вызваліцца ад палітычнага ўплыву Смаленска, вярнуць Віцебск. А там, магчыма, бачылася баярам перспектыва авалодання Смаленскам і аб'яднання пад сваёй рукой усіх крыўскіх земляў.

Для барацьбы са Смаленскам у Полацку шукалі саюзнікаў. Спачатку надзея была на Ноўгарад. У 1191 годзе ноўгарадскі князь Яраслаў Уладзіміравіч у Вялікіх Луках сустрэўся з полацкімі пасламі, якіх, верагодна, узначальваў Уладзімір. У асвятленні гэтага эпізоду нельга не пагадзіцца з думкай М.Ермаловіча, які лічыў, што Ноўгарад у адплату за саюз з Полацкам патрабаваў ад яго паходу на чудзь і на літву[9]. Гэта было не выгадна Полацку, і палачане адмовіліся ад саюза з Ноўгарадам. Полацак дамаўляецца з Чарнігавам, які таксама быў зацікаўлены ў аслабленні Смаленска. У 1195 годзе чарнігаўскі князь Алег пасылае на Смаленскае княства войска на чале са сваім сынам Давыдам. Дзесьці каля Віцебска чарнігаўцы сустрэліся з палачанамі, якіх, без сумненняў, прывёў Уладзімір, бо ўдзел князя ў баявых паходах - адзін з яго абавязкаў.

Сюды, пад Віцебск, паспяшалася і смаленскае войска пад зверхнасцю Мсціслава Раманавіча, а таксама разанская дружына. Мсціслаў Раманавіч, убачыўшы перад сабой чарнігаўцаў, адразу рушыў у бой, нават «не изрядивши полков своих». Баявы дух і мужнасць смаленскіх вояў былі добра вядомыя на Русі (летапіс паведамляе пра іх «дерзи боевы»). Смаленцы змялі чарнігаўскія палкі, патапталі сцягі Алегавы і забілі яго сына Давыда.

Вось тут і паказалі сябе «грозные» палачане. Паводле тацішчаўскіх звестак, палачане сталі перад лесам, і смаленцы, выступіўшы супраць іх, палічылі, што перад імі толькі частка полацкага войска, а другая схавалася ў лесе[10]. Тысяцкі (водца гарадскога апалчэння) Міхалка даў смаленцам загад адыходзіць. Тым не меней палачане не пагналіся на злом галавы за ворагам, а патаемна абышлі яго і ўдарылі нечакана ў спіну. У шэрагах смаленскага войска пачалася сумятня. Да самай цемры палачане распраўляліся са смаленцамі. Мсціслаў Раманавіч у гэты час пасля пагоні за чарнігаўцамі вяртаўся з перадавой дружынай, але ў цемры натрапіў на палачанаў. Друцкі князь Барыс захапіў яго ў палон. Астатнія смаленскія князі ў паніцы кінуліся наўцёкі. Уладзімір авалодаў Віцебскам і пасадзіў там князя Васільку.

Так ярка была здабыта перамога над Смаленскам, і цяпер у Полацку выношвалі задуму аслабіць Ноўгарад. Уладзімір, як гэта часта ён рабіў раней, набірае ў Літве войска, якое разам з палачанамі нападае на бліжэйшы ад іх княства ноўгарадскі горад Вялікія Лукі і спальвае яго. Гэты паход выклікаў шаленства ў Ноўгарадзе. Зімой 1198/99 года вялікае войска ноўгарадцаў, пскавічоў, ладжанаў, наваторжцаў рушыла на Полацак. Уладзімір, каб не дапусціць спусташэння сваіх земляў, пусціўся ў дыпламатыю, як у 1186 годзе, калі такім чынам удалося вырашыць канфлікт са Смаленскам і Ноўгарадам. Полацкія паслы каля возера Каспля сустрэлі варожае войска і дарамі і грашамі задобрылі ноўгарадскага князя, які ўсё ж палохаўся і добра ведаў, што сустрэча з палачанамі не абавязкова скончыцца перамогай. Так паступова Полацак вызваляўся ад уплыву двух моцных суседзяў і сам пераходзіў да агрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да іх.

Моц княства выявілася і ў 1201 годзе, калі частка літоўскіх князёў выправілася ў рабаўніцкі паход на падуладных Полацку земігалаў. Тут жа Ўладзімір увёў свае войскі ў Літву, вымусіўшы літоўцаў вярнуцца ў свае межы.

Толькі пасля гэтага - у 1203 годзе - Уладзімір пачаў адкрытую вайну з крыжакамі.

 

Пачатак вайны з Ордэнам

Існавала ў сярэднявеччы традыцыя: перад сечай лепшыя віцязі варожых рацей скрыжоўвалі зброю паміж сабой. Пераможца гэтага паядынку нібыта рабіў зачын на перамогу, усяляў у сэрцах сваіх таварышаў адвагу і мужнасць. Вельмі падобны на гэтых віцязяў палачане - яны першымі з усходніх славянаў прынялі бой з небяспечным ворагам. Грунвальд пачынаўся тут, у Лівоніі, дзе беларускія дружыны ўпершыню ўступілі ў бой з крыжакамі - зачын на грунвальдскую перамогу рабіўся за два стагоддзі да яе.

Паход 1203 года болей паходзіў на набег (наскок), чым на прадуманую і добра падрыхтаваную вайсковую аперацыю. Яшчэ ў барацьбе з лівамі, што прызналі ўладу Ордэна, Уладзіміру спрыяў поспех (ягоная дружына абклала замак Ікескола і вымусіла ліваў плаціць даніну), але вось з крыжакамі... Тых жахам не возьмеш, у тых навейшая ў Эўропе зброя: далёкасяжныя самастрэлы і моцныя каменямёты. Пад Гольмам рыцары з самастрэлаў і каменямётаў паранілі ў палачанаў шмат коней - і Ўладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма. Відаць, Уладзімір усё ж такі не даацаніў крыжацкай пагрозы і ўзяў з сабой у паход невялікую дружыну.

Адразу пасля адступлення палачанаў герцыксю князь Усевалад з летонамі, як іх называе «Кроніка Лівоніі», таксама зрабіў напад на Рыгу і парабаваў рыжскія ваколіцы.

Нягледзячы на адносную няўдачу першага сутыкнення палачанаў з крыжакамі, паход 1203 года стаў сур'ёзнай перасцярогай Альберту. Яму неабходна было шукаць шляхі стрымання Полацка, не даць разгарэцца вайне з ім, трэба было выйграць час, каб паспець умацаваць свае пазіцыі ў Лівоніі, папоўніць Ордэн новымі пілігрымамі. Альберт працягвае лічыць Уладзіміра ўладаром Лівоніі, прызнае ягоную ўладу і выплачвае яму даніну за ліваў, але адначасова мячом заганяе ліваў у хрысціянства, захоплівае і раздае рыцарам у леннае карыстанне лівонскія землі. Так доўга не магло працягвацца. Да Ўладзіміра ў 1206 годзе прыбыло ліўскае пасольства. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць мір, нападаюць на ліваў, прымушаюць іх прымаць новую веру. І Ўладзімір зрабіў выбар: ён разаслаў па ўсёй Полацкай зямлі вестуноў збіраць дружыны для паходу на Лівонію. Князь вырашыў на караблях і плытах з бярвенняў спусціцца да Рыгі і захапіць яе.

Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся Альберт, і ён, каб задобрыць полацкага князя і сарваць паход, пасылае да Ўладзіміра сваё пасольства, а на чале яго ставіць хітрага манаха Тэадорыха - таго самага, што яшчэ пры Мейнрадзе ездзіў да папы рымскага. Па дарозе ў Полацак на пасольства напалі летоны і адабралі дары для полацкага князя. Верагодна, да гэтага прыклаў руку герцыкскі князь Усевалад - ён быў у сваяцтве з летонскім князем Даўгерутам і часта ўзначальваў летонаў у паходах. Усеваладу, валоданні якога знаходзіліся ў Лівоніі, нічога не выгарала ад міра Полацка з Рыгай. Ён разумеў, што рана ці позна крыжакі нападуць і на ягонае княства.

Паслы прыбылі ў Полацак. Прымаючы іх, Уладзімір вырашыў выкрыць хлусню ордэнцаў, што нібыта Ордэн не парушаў мір і не нападаў на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і лівонскіх паслоў. Тыя пацвердзілі свае словы: крыжакі не выконваюць умоў міру. Князь загадаў немцам выйсці на двор і чакаць ягонага рашэння. Пакуль князь раіўся са сваімі баярамі, Тэадорыху ўдалося грашыма падкупіць аднаго з княжацкіх слуг і выведаць у яго аб намерах Уладзіміра выступіць паходам на Лівонію. Генрых Латвійскі, які апісвае гэтыя падзеі, распавядае, што Тэадорых, знайшоўшы ў Полацку жабрака з Гольма, наняў таго і паслаў у Рыгу да Альберта з папярэджаннем аб небяспецы. Але ўзнікае пытанне: як мог Тэадорых так хутка знайсці ў вялікім горадзе гэтага «жабрака з Гольма»? Ці не быў гэта ордэнскі віж?*

* Падзеі 1216 года, калі нечакана перад самым паходам памёр Уладзімір, празрыста сведчаць, што ён быў атручаны і гэта справа крыжацкіх шпегаў. Вельмі верагодна, што Альберт меў у Полацку сваю агентуру.

Даведаўшыся, што Ўладзімір рыхтуецца да паходу на Рыгу, Альберт затрымаў у Лівоніі пілігрымаў, што збіраліся вярнуцца ў Германію. У сваю чаргу і Ўладзімір даведаўся пра ўчынак Тэадорыха і, зразумеўшы, што яго намер выкрылі, задумаў хітрасць. Ён адпусціў Тэадорыха дадому і адправіў разам з ім сваіх паслоў да Альберта, нібыта дзеля таго, каб яны, выслухаўшы абодва бакі - крыжакоў і ліваў, - вырашылі, хто з іх кажа праўду. Сапраўднай жа мэтай іх было падняць супраць Ордэна ліваў і лэтаў. Прыбыўшы ў Лівонію, полацкія паслы спыніліся ў кукейноскага князя Вячкі. Разам з Тэадорыхам у Рыгу паслалі дзяка Стафана, каб той запрасіў Альберта на сустрэчу з пасольствам 30 траўня 1206 года каля ракі Вогі (зараз Огер). Як толькі Тэадорых са Стафанам пакінулі Кукейнос, палачане раз'ехаліся па селішчах ліваў і лэтаў і пачалі заклікаць іх падняцца на крыжакоў. Тут і праявілася раз'яднанасць і варожасць паміж плямёнамі, чым не раз карысталіся крыжакі. Калі лівы падняліся на барацьбу з ворагам, дык лэты не падтрымалі іх.

На запрашэнне Стафана Альберт пасля нарады са сваімі набліжанымі адказаў: «Ва ўсіх краінах, як вядома, існуе агульны звычай, каб паслы, адпраўленыя сваімі валадарамі, самі шукалі таго, да каго пасланыя, і з'яўляліся да яго, але ніколі гаспадар, якім бы сціплым і ласкавым ён ні быў, не выходзіць са сваіх умацаванняў насустрач паслам. Таму і паслам, і іх ганцам належыць шукаць нас у нашым горадзе, дзе мы са сваімі маглі б прыняць і ўтрымліваць іх з большай пашанай. Такім чынам, хай завітаюць, нічога не баючыся, чакаючы ганаровага прыёму»[11]. Альберт адмовіўся пакідаць Рыгу. Можа, на яго выезд з Рыгі і спадзяваўся Ўладзімір, каб з дапамогай ліваў захапіць рыжскага біскупа.

У прызначаны дзень лівы сабраліся на рацэ Возе. З Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасцю выманіць з Ікесколя мечаносцаў, запрашаючы тых сесці да іх на карабель, але немцы не згадзіліся. Тады лівы, аб'яднаўшыся з летонамі з Тарэйды і з Вейкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль паўстанцы накіраваліся на Рыгу. Калі б былі ў іх даспехі, навейшая зброя, хто ведае, як бы закончыліся падзеі ў Лівоніі. Закутыя ў браню крыжакі, лёгка разбіўшы ліваў, вярнулі сабе Гольм. Апошняй надзеяй для ліваў быў полацкі князь, і яны звярнуліся да яго па дапамогу.

Уладзімір сабраў «войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў, сваіх сяброў»[12], - так Генрых Латвійскі засведчыў адзінства Полацкай зямлі. Палачане на караблях спусціліся ўніз па Дзвіне. Пры высадцы ля Ікесколя многіх у полацкім войску крыжакі паранілі з каменямётаў. Уладзімір не стаў штурмаваць замак, а нечакана падышоў да Гольма і акружыў яго з усіх бакоў. Некалькі дзён паміж абаронцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з дапамогай каменямётаў, палачане, «вопытныя ў стральбе з лукаў»[13], закідвалі замак стрэламі. Спрабавалі палачане падпаліць умацаванні, расклалі вялікае вогнішча пад сценамі, толькі ўсё дарэмна - крыжакі тушылі агонь. Не прынесла поспеху і баліста, якую зрабілі палачане па ўзору тэўтонскіх: не ведаючы майстэрства кідаць з такога прыстасавання камяні, яны ранілі многіх сваіх. Не дапамаглі Ўладзіміру і лівы з Тарэйды, амаль бяззбройныя ў параўнанні з крыжакамі.

Між тым вярнуліся пасланыя пад Рыгу віжы і паведамілі, што ўсе дарогі і палі вакол горада поўныя жалезных трохзубых шыпоў, аб якія коні колюць ногі.

Уладзімір перадумаў пасылаць войскі пад Рыгу і працягваў аблогу Гольма. «Калі б працягнуліся дні вайны, дык наўрад ці рыжане і жыхары Гольма пры сваёй малалікасці змаглі б абараніцца», - прызнаецца Генрых Латвійскі[14]. Выратавала крыжакоў падмога, што прыбыла з Германіі, а таксама дацкі кароль Вальдэмар з войскам, якое ён збіраў тры гады і з якім высадзіўся на Эзелі. Суадносіны сіл палачанаў і крыжакоў адразу перамяніліся. Дзе тут было працягваць вайну - Уладзімір адступіў.

Адчуўшы сваю сілу, Ордэн ад тактыкі ўступак Полацку, мірных пагадненняў з ім, прызнання яго правоў на Лівонію пераходзіць у наступ. Да 1207 года ўся Лівонія апынулася ў руках крыжакоў. Яны падступілі да межаў Кукейноскага княства.

Яшчэ ў 1205 годзе Вячка сустракаўся ў Рызе з Альбертам і заключыў з ім мір. У 1207 годзе ён зноў адпраўляецца ў Рыгу. Пужаючы кукейноскага князя летонскай пагрозай, біскуп вымушае яго аддаць палавіну княства Ордэну, які за гэта быццам будзе абараняць Кукейнос ад летонаў. Аднак не з прычыны летонскай пагрозы саступіў Вячка Альберту (летоны ні разу не напалі на Кукейнос і, больш за тое, былі саюзнікамі полацкіх князёў). У Вячкі не хапала сілы супрацьстаяць агрэсіі Ордэна. І каб зусім не пазбавіцца княства, ён пайшоў на кампраміс, згадзіўся з Альбертам. Але гэта не значыць, што змірыўся кукейноскі князь з залежнасцю ад Ордэна. Некалькі разоў Вячка нападаў на крыжакоў. У адказ і тыя пад павадырствам нейкага рыцара Данілы аднойчы ноччу напалі на Кукейноскі замак. Узышоўшы на вал, крыжакі захапілі галоўнае ўмацаванне. У ліку палонных апынуўся і Вячка. Біскуп Альберт вярнуў яму горад, але з умоваю размясціць там крыжацкі гарнізон. Хітры біскуп ведаў, што рабіў. Далучыць адкрыта Кукейнос да сваіх уладанняў - значыць пачаць вайну з Уладзімірам. У ход пускаецца прыём з арсеналу візантыйскіх базылеўсаў. Вячку з пашанай прымаюць у Рызе, дораць яму коней, дарагую вопратку. У сама пачцівых інтанацыях біскуп просіць прабачэння ў Вячкі за «непаразуменне»: крыжакі без ягонай, біскупавай, згоды захапілі горад. Таму ў знак міру вяртае яму Кукейнос. Але вось крыжацкі гарнізон... Вячка нібы і гаспадар у сваім горадзе, а разам з тым і нібы вязень. Кожны ягоны крок пад увагай крыжакоў. І, прадчуваючы ў любое імгненне здрадніцкі ўдар у спіну, Вячка распраўляецца з крыжакамі, спальвае замак і ідзе ў Ноўгарадскую Русь непрымірымым ворагам «хрыстовых рыцараў».

 

Наступ Ордэна

...Языкі полымя дрыготка ўздымаліся ў неба. Агонь знішчаў хаты, цэрквы, замкавыя сцены і вежы - усё тое, што гадамі будавалася руплівымі рукамі гараджан. Чорны час надышоў для Герцыке. Паспешліва пакідалі ахоплены пажарам полацкі град крыжакі, «бласлаўляючы Бога за тое, што так нечакана ён даў ім перамогу», вялі закутых у кайданы нявольнікаў, гналі жывёлу, везлі на вазах здабычу. Сярод палонных ішла і герцыкская княгіня. А сам валадар Герцыке, кароль Усевалад, як называлі яго крыжакі, ледзь выратаваўся ад палону. З некалькімі служкамі пераправіўся ён на лодцы цераз Дзвіну і з другога берага глядзеў на трыумф пераможцаў. Не, ён не працягваў да Бога рукі і не ўсклікаў са слязьмі на вачах: «О Герцыке, мілы горад! О спадчына бацькоў маіх! О нечаканая гібель майго народа. Гора мне! Навошта я нарадзіўся, каб бачыць пажар майго горада і знішчэнне майго народа»[15]. Гэта ўжо крыжацкі летапісец Генрых Латвійскі ў сваёй «Кроніцы Лівоніі» ўклаў у княжацкія вусны запазычаныя ў плачу Макавеяў словы. Усевалад быў сапраўдны воін, і небяспечнае баявое жыццё навучыла яго мужна трываць няўдачы і цяжкасці. Ён моўчкі перажываў гібель Герцыке і мсціва да болю сціскаў у руцэ рукаяць мяча. Была восень 1209 года.

А здарылася ўсё гэта вось якім чынам. Біскуп Альберт, які вельмі ўважліва сачыў за падзеямі на Полаччыне, хутка здагадаўся аб ролі Ўсевалада ў полацкай палітыцы. «Герцыскі кароль заўжды быў ворагам рыжан, змагаючыся з імі і не жадаючы заключыць мір», - адзначае ён[16].

Восенню 1209 года Альберт сабраў раду, абмеркаваў на ёй, «якім чынам пазбавіць маладую царкву ад падкопаў летонаў і русаў, нагадаў усё зло, прычыненае каралём Герцыке разам з летонамі гораду Рызе»[17]. Было вырашана захапіць Герцыке. Біскуп распачаў збіраць вялікае войска з усёй Лівоніі. Да яго далучыліся нямецкія каланісты з Рыгі, пілігрымы, рыцары, атрады хрышчоных ліваў і лэтаў. Супрацьстаяць гэтым полчышчам Усевалад не меў сілы. Крыжакі разбілі ягоную дружыну і ўварваліся ў Герцыке.

Як і ў выпадку з Кукейносам, біскуп Альберт зрабіў выгляд, што напад адбыўся без ягонага ведама і выказаў жаданне заключыць з Усеваладам мір, вярнуць палонных і нарабаванае дабро. Зноў імкненне не развязваць вайны з полацкім князем, які, паводле тагачасных законаў, павінен быў бараніць свайго васала. Усевалада гэты «грасмайстарскі ход» не ўвёў у зман, ён разумеў, што біскуп навяжа яму, як і Вячку, сваю волю, але выйсця не было. Толькі згадзіўшыся з умовамі Ордэна, князь мог вызваліць з няволі сваю сям'ю. Герцыкскі князь прыехаў у Рыгу. Непрыемнай была для яго сустрэча з Альбертам. Давялося і прыніжацца перад святаром, прасіць «забыць былое зло». «Калі ты згодзішся ў далейшым пазбягаць зносін з паганцамі, не будзеш разам з летонамі ваяваць зямлю тваіх рускіх хрысціян, калі ты згодзішся аддаць сваё каралеўства ў вечны дар царкве святой Марыі...»[18] - вось пры якіх умовах Усевалад мог атрымаць назад палонных і заключыць мір з крыжакамі. Ён згаджаецца, абяцае «заўсёды быць верным царкве святой Марыі, пазбягаць зносін з паганцамі і быць саюзнікам рыжан».

«Тым не меней у далейшым ён працягваў удзельнічаць у задумах летонаў», - адзначае Генрых Латвійскі[19]. Так, Усевалад і не збіраўся служыць Ордэну, хаця вонкава і выконваў мірныя ўмовы. Ужо праз год летоны нападаюць на Рыгу. У 1211 годзе яны двойчы ваююць ордэнскія землі. Канечне, натхняў гэтыя паходы Ўсевалад, які прагнуў адпомсціць тэўтонам за разрабаванне Герцыке.

Першым з крыўскіх князёў ён разумее, што змагацца з крыжакамі паасобку нельга: толькі сумеснымі сіламі ўсходніх славян і балтаў можна разбіць Ордэн. Не без ведама Ўсевалада ягоны цесць Даўгерут з багатымі дарамі едзе ў Ноўгарад і заключае там саюз. На зваротным шляху ён быў схоплены крыжакамі і кінуты ў вязніцу, дзе пакончыў з сабою, працяўшы сябе мячом.

Але якімі б значнымі ні былі поспехі мечаносцаў у Лівоніі, усё роўна Альберт не мог адчуваць сябе спакойна. У любы момант Полацак мог зноў пачаць з Ордэнам вайну. Таму біскуп імкнецца ўсяляк адцягнуць яе. Да Ўладзіміра ў 1210 годзе прыбываюць яго паслы пад зверхнасцю рыцара Арнольда. Ведаючы зацікаўленасць Полацка ў гандлі з Рыгай, Арнольд паспрабаваў скарыстаць гэта. Уладзіміру прапануецца заключыць з Рыгай мір і адчыніць рыжскім купцам доступ у свае ўладанні. За ветлівымі словамі і зычлівасцямі кожны бок хаваў свае карысныя інтарэсы. Каб абмеркаваць умовы пагаднення, Уладзімір адправіў да Альберта багатага чалавека Лудольфа са Смаленска. Гэта нейкім чынам можа сведчыць, што Ўладзімір выступаў у інтарэсах як Полацка, так і Смаленска. Галоўнае, што хвалявала князя, - даніна біскупа за ліваў. Альберт ахвотна згаджаецца выплачваць яе. Гэта тыя путы, якія будуць стрымліваць Уладзіміра. Калі хто болей і выйграе ад міру, дык Ордэн, які цяпер без хвалявання за свае падзвінскія ўладанні мог ваяваць Эстонію. І толькі тады, калі тэўтоны скарылі эстаў, Уладзімір зразумеў сваю памылку: сваёй згодай з Альбертам развязаў Ордэну рукі, які з заваёвай Эстоніі яшчэ болей умацаваўся ў Прыбалтыцы.

Занепакоены князь настаяў на сустрэчы з Альбертам і ў Герцыке, дзе спадзяваўся канчаткова вырашыць лёс ліваў, абмеркаваць пытанне бяспекі плавання купцоў па Дзвіне і аднаўлення міру. Альберт адпраўляецца разам са сваімі людзьмі і былым пскоўскім князем Уладзімірам, які ўцёк у Лівонію.

То прамымі пагрозамі, то ўгаворамі полацкі князь вымагае біскупа адмовіцца ад хрышчэння ліваў, сцвярджаючы, што толькі ў яго ўладзе або хрысціць рабоў яго ліваў, або пакінуць нехрышчонымі, бо каралі русаў, пакараючы зброяй які-небудзь народ, звычайна клапоцяцца не аб хрышчэнні, а пра выплату даніны. Альберт і не думаў паддавацца на патрабаванні Ўладзіміра - сіла была на ягоным баку, цяпер ён фактычны ўладар Лівоніі. Насміханнем і над Уладзімірам, і над хрысціянствам гучалі ў вуснах Альберта словы пра выкананне ім святой справы пропаведзі, даручанай яму вярхоўным святаром. Як выконваў Альберт гэтую «святую справу», Уладзімір ведаў. Біскуп, нібыта не адмаўляўся ад выплаты даніны, кіруючыся эвангельскім: «Аддайце кесарава кесару, а Богава Богу», ды вось лівы не жадаюць служыць двум гаспадарам і ўмольваюць яго вызваліць іх ад ярма русаў. Так Альберт адмовіўся выплачваць за ліваў даніну. І Ўладзімір страчвае вытрымку, пагражае спаліць усе замкі Лівоніі, а разам з тым і Рыгу. Ён выводзіць сваё войска з замка і рушыць на рыцараў, якіх прывёў з сабою біскуп. Калі абодва войскі сышліся, былы пскоўскі князь Уладзімір і настаяцель царквы св. Марыі Іаан сталі пераконваць полацкага князя не трывожыць вайной маладую царкву, каб і яго не трывожылі тэўтоны. Прымусіць ордэнцаў зброяй слухацца яго Ўладзімір не наважыўся. Ён загадаў свайму войску адступіць, а сам зноў адправіўся на сустрэчу з біскупам. Перамовы нічога не далі. Альберт настойваў на сваім, і князь саступіў - перадаў Лівонію ва ўладу Ордэну.

Змірыцца са стратай Лівоніі Ўладзімір не мог. Знешне пачцівы, называючы біскупа айцом, князь застаўся ў душы яго непрымірымым ворагам. Ён пачаў дзейнічаць супраць Ордэна праз Усевалада. Нібы і мір трымаў з ім, але ў той час з дапамогай Усевалада ўваходзіў у зносіны з летонамі і падтрымліваў іх у вайне з крыжакамі. «Бо кароль Усевалад з Герцыке заўсёды быў ворагам хрысціянскага роду, а болей за ўсё лаціян. Ён быў жанаты з дачкою аднаго з найболей магутнейшых летонаў (Даўгерута. - В.Ч.). І будучы як зяць ягоны для іх амаль сваім, звязаны з імі звыш таго і сяброўствам, часта ўзначальваў іх войскі, аблягчаў ім пераправу цераз Дзвіну, забяспечваў іх прадуктамі, калі ішлі яны на Русію, Лівонію ці Эстонію»[20]. І схапіць за руку Ўладзіміра немагчыма: ён нібы не мае ніякага дачынення да летонскіх паходаў.

Тую самую палітыку мы назіраем у адносінах Полацкай зямлі да суседніх рускіх княстваў. Альберт указвае, што Ўсевалад ваяваў землі рускіх хрысціян. Якія ж землі меў на ўвазе біскуп? Трэба думаць, не полацкія. Не мог Усевалад у такі складаны для ягонага княства час, калі над ім навісла крыжацкая навала, падняць меч супраць свайго сюзерэна і саюзніка ў барацьбе з Ордэнам. Таму можна сцвярджаць, што з Уладзімірава ведама Ўсевалад нападаў на смаленскія, пскоўскія і ноўгарадскія землі. І тут таксама Ўладзіміра было цяжка схапіць за руку, абвінаваціць у парушэнні міру з суседнімі княствамі, а значыць, пачаць з ім вайну.

Як правіла, летонскія набегі адбываліся з Полацкай зямлі, што пасля дало падставу гісторыкам сцвярджаць, нібыта Полацкая дзяржава ў канцы ХІІ стагоддзя настолькі аслабела, што падпала пад уладу Літвы. Паведамленне Генрыха Латвійскага ў многім абвяргае гэты міф. Характэрна, што рускія князі так і не здзейснілі ніводнага паходу на Літву праз Полаччыну. Відаць, полацкія князі, якія не былі зацікаўлены ў паразе Літвы, проста не прапускалі іх праз свае землі.

А Ордэн тым часам зноў перайшоў у наступ. Кукейноскія рыцары абвінавацілі князя Ўсевалада ў тым, што ён ужо шмат гадоў не з'яўляецца да Альберта і заўсёды дапамагае летонам і парадай, і справай. З біскупава бласлаўлення крыжакі з лэтамі ў 1214 годзе выправіліся на Ўсевалада. Паблізу Герцыке яны злавілі аднаго з русаў, звязалі яго і ноччу павялі з сабою да замка. Загадалі яму перабрацца цераз роў і загаварыць з вартавым, а самі крочылі за ім. Вартавы падумаў, што гэта ішлі свае гараджанне, якія днём пакінулі горад, і бесперашкодна прапусціў іх. Крыжакі падняліся на вал, акружылі замак. Раніцай яны захапілі Герцыке і разрабавалі яго. Жыхароў, якія не паспелі ўцячы, узялі ў палон.

Усевалад у гэты час адсутнічаў, вярнуўся ён ужо на папялішча роднага дома. Толькі не аднаўляць спалены горад давялося яму, а зноў абараняцца ад ворага. Ордэн паўтарае паход на Герцыке. Усевалад пасылае вестуноў да летонаў. Але тыя спазніліся. Ёсць звесткі, што ў баі з крыжакамі Ўсевалад загінуў[21]. Хоць Генрых Латвійскі і згадвае ягонае імя ў 1225 годзе сярод тых, хто прыехаў у Рыгу на сустрэчу з папскім легатам, але хутчэй за ўсё крыжацкаму краністу было непрыемна заносіць на старонкі летапісу факт здрадніцкага забойства рыцарамі ордэнскага падданага, бо чым можна вытлумачыць, што амаль за дзесяць гадоў ён ані разу не памянуў імя герцыкскага князя. Змірэннем Усевалада? Нешта не падобна, каб ён, зацяты вораг крыжакоў, мог змірыцца з іхняй уладай над сабою.

Так Полацак страціў свой апошні фарпост у Ніжнім Падзвінні. І ўсё ж Полацак не склаў зброі. Яго пазіцыі ў Прыбалтыцы па-ранейшаму былі моцныя. У руках палачан заставалася Латыгольская зямля. Па-ранейшаму народы, што змагаліся супраць крыжакоў, бачылі ў Полацку свайго саюзніка. У 1216 годзе эсты звярнуліся да князя Ўладзіміра з просьбай, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і лэтаў, а таксама заперці гавань у Дынамюндэ. Гэта быў той момант, які так цярпліва чакаў Уладзімір. У выніку ўзгодненых дзеянняў эстаў і палачанаў Ордэн аказаўся б у акружэнні, а гэта абяцала перамогу над ім. Уладзімір пачаў дзейсна збіраць войска з Полаччыны і Літвы. Калі ўсё было гатова для паходу, Уладзімір, які збіраўся ўзначаліць войска, узышоў на карабель. Раптам ён беспрытомна паваліўся і адразу памёр. Застаўшыся без правадыра, войска разышлося па дамах. Верагодна, і гэта падобна на праўду, Уладзіміра атруцілі ордэнцы.

А праз восем гадоў - у 1224 годзе - пры абароне Ноўгарадскага горада Юр'ева (цяпер горад Тарту ў Эстоніі) загінуў князь Вячка. Так і не ўклаў ён меч у похвы - ваяваў з крыжакамі. Як прызнаецца ордэнскі краніст: «...стаў корнем усялякага зла ў Лівоніі»[22]. Вячка ўзначаліў паўстанне эстаў супраць Ордэна і, калі крыжакі акружылі яго ў Юр'еве і прапанавалі «вольны шлях», адмовіўся ад гэтай прапановы. Пасля доўгага штурму крыжакі ўварваліся ў Юр'еў. У няроўным баі загінулі ўсе абаронцы горада.

Пасля будуць годы жорсткай і ўпартай барацьбы з крыжакамі. Будуць і паразы, будуць і перамогі, і надыдзе дзень Грунвальдскай бітвы, калі беларускія, жамойцкія, украінскія, чэшскія, польскія палкі разгромяць Тэўтонскі ордэн. Але тады, калі на пажарышчах разбураных гарадоў крыжакі святкавалі сваю чарговую заваёву, ніхто з іх не ведаў аб сумным і бясслаўным канчатку той справы, дзеля якой яны ўзялі ў рукі зброю, не ведалі, што смерць і Ўсевалада, і Ўладзіміра, і Вячкі - гэта зачын вялікай перамогі над Ордэнам.

 

Міндоўг. Падманлівая веліч

 

Падманлівая веліч

Ён загінуў тады, калі, здавалася, дасягнуў усяго, аб чым многія гады марыў: улады «во всей земле Литовской», славы, багацця. Толькі ці прынесла ўсё гэта яму шчасце, адчуванне недарэмнасці пражытых гадоў, супакой? Мяркуючы па тым, што ўсё жыццё ён ваяваў супраць ворагаў, падманваў, хітрыў, здраджваў учарашнім сябрам, хаўруснікам, паплечнікам, сам сабе, мяняў веру, ён адчуваў, што ўся ягоная веліч, усе дасягненні - мройныя, а таму зноў падманваў, хітрыў, здраджваў сябрам і хаўруснікам, мяняў веру, ваяваў... І хіба не адпомсціла яму жыццё за здраду і аблудлівасць, калі ўчарашнія паплечнікі забілі яго разам з сынамі? Пазней яму беспадстаўна прыпішуць тое, чаго ён не здзейсніў, яго назавуць вялікім, прысвецяць не адзін твор, ідэалізуюць яго вобраз. Але якім жа на самай справе быў той, каго клікалі Міндоўгам?

Даводзіцца толькі шкадаваць, што час данёс да нас не так ужо шмат звестак як пра Міндоўга, так і пра яго эпоху. Фрагментарнасць звестак, іх «туманнасць», адсутнасць багатага фактычнага матэрыялу спарадзіла нямала спекуляцый адносна асобы Міндоўга. Да яго спраў далучалі «заваёву» Беларусі, прычым ніхто з гісторыкаў, якія сцвярджалі гэта, не прывёў ніводнага дакумента на доказ. Нам, беларусам, аднаго з дзеячаў нашай мінуўшчыны афіцыйная гісторыяграфія прадстаўляла як чужынца і заваёўніка.

Але ж зазірнем у беларускія паданні, што распавядуюць яны пра Міндоўга. Як жа самі простыя беларусы з ваколіц наваградскіх успрымалі князя. Дык вось беларусы ў паданнях не называюць Міндоўга ні заваёўнікам, ні тыранам, ні чужаком, а называюць наваградскім князем[1] - гэтым самым прызнаюць яго законным уладаром Наваградка. Памяць народная зберагла і тое, пра што так сціпла нагадваюць летапісы, - што Наваградак «быў у той час сталіцай Літоўскай»[2]. І яшчэ адна акалічнасць. Так званыя «вызваліцелі» - галіцка-валынскія князі са сваімі дружынамі - старажытнымі наваградцамі, паводле паданняў, успрымаліся адназначна - вораг, а войска Міндоўга для іх - «наша» войска[3].

Першы напамін пра Міндоўга мы знаходзім у Іпацьеўскім летапісе, у запісе пад 1219 годам сярод князёў Літвы і Жамойці, якія прыехалі да Данілы Галіцкага браць мір з Галіцка-Валынскім княствам. Другі раз згадвае летапіс пра Міндоўга пад 1235 годам. У той час Даніла Галіцкі ваяваў з Кандратам Мазавецкім, і «Даниил возведе на Конрада Литву Миндовга Изяслава Новогородьского»[4]. Гэты запіс дае нам каштоўную інфармацыю і як вынікае з яго, Літва Міндоўга залежала ад Ізяслава Наваградскага і знаходзілася недзе паблізу Наваградка. Дзе? Адказ на гэта пытанне даў М.Ермаловіч.

 

«Литва Миндовга»

Прааналізаваўшы дадзеныя летапісаў, дакументаў, тапанімікі, гісторык высветліў, што летапісная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, а не на тэрыторыі сучаснай Летувы. Гэтая летапісная Літва «пакінула свае "аўтографы" ў выглядзе назваў вёсак Літва, якія мы знаходзім і зараз у Слонімскім, Ляхавіцкім, Уздзенскім, Стоўбцаўскім і Маладэчанскім раёнах. Яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Навагародскай землямі і побач з імі з'яўлялася гістарычнай вобласцю Беларусі»*[5].

* Можна дапусціць, што межы старажытнай Літвы былі куды шырэй, чым тыя, якія вызначыў М.Ермаловіч. На поўдні літоўская мяжа, пэўна, сягала да Ясельды і нават пераходзіла яе. «Кроніка Літоўская і Жамойцкая», распавядаючы пра паход Данілы і Васількі Раманавічаў на Літву, кажа: «...места и все их волости огнем и мечем аж за Ясолдаю и Нарвою реками выплендровали». Усходне-паўднёвая мяжа пралягала каля Слуцка і Менска, пра што ўказвае Магілеўская кроніка. У раёне Слуцак - Капыль і Шацак - Талька якраз і знаходзім значны арэал балцкіх назваў. Абагнуўшы Менск, літоўская мяжа на ўсходзе ішла, пэўна, да Барысава і пралягала па Бярэзіне. Не выпадкова супадаюць паданні «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», дзе гаворыцца, што князь Барыс заснаваў горад Барысаў: «...знак вечной границы умоцнити межи Литвою и князством Полотцким», і заява маскоўскіх паслоў, якія патрабавалі беларускія гарады: «...а рубеж был тем городом с Литовской землею по Березыню». І тут, у раёне к паўночнаму захаду ад Барысава і паўднёвага захаду ад Бярэзінскага запаведніка, у радыусе 80-100 кіламетраў знаходзіцца арэал балцкіх назваў. На поўначы мяжа, відаць, пралягала за Віліяй і праходзіла каля вёскі Крывічы. А на паўночны захад у кірунку Крэва ўжо пачыналася Нальшанская зямля. На захадзе па лініі Слонім - Наваградак - рака Нёман старажытная Літва мяжавала з яцьвяжскімі землямі.

Тут, у старажытнай Літве, знаходзілася і так званая Літва Міндоўга, якая ляжала на левым беразе Нёмана паміж Пінскай і Наваградскай землямі. Сам Міндоўг жыў, пэўна, у гарадку Варута, дзе ён адбіваўся ад сваіх ворагаў. Розначытанне Хлебнікаўскага і Пагодзінскага спісаў з Іпацьеўскім дазваляюць удакладніць назву Міндоўгавай сталіцы. У Хлебнікаўскім і Пагодзінскім пішацца «въ Роута», што значыць Рута[6]. Некалькі населеных пунктаў з назвай Рута ёсць паблізу Наваградка, там працякае і рака з такой назвай. Тое, што Літва Міндоўга знаходзілася побач з Наваградкам, указвае і «Кроніка» Стрыйкоўскага. Так, у аповядзе пра вайну Данілы Галіцкага з Міндоўгам сказана, што галіцка-валынскія атрады: «...ад Наваградка пусціліся да Здзітава, бурачы і пустошачы краіну Мендогаву, і шмат замкаў літоўскіх пабраўшы». Гэты рух галіцка-валынскіх дружын апісвае таксама і Іпацьеўскі летапіс. Так што на правым беразе Нёмана паміж Наваградкам і Здзітавам і знаходзілася Літва Міндоўга - «Краіна Мендогава»[7]. Цікава, што побач са Здзітавам у Пружанскім раёне ёсць сяло Таўтведы, гэта можа ўказваць на пражыванне тут князя Таўцівіла, з якім змагаўся Міндоўг. А на ўсходзе, каля Клецка, два тапоніма «Балевівічы» сведчаць пра тое, што ў тых мясцінах жылі князі Булевічы - з імі таксама змагаўся Міндоўг. І яшчэ адна цікавая акалічнасць - наяўнасць у мінулым у Пінску кургану і вуліцы Мендога[8]. Можна дапусціць, што Міндоўг адзін час жыў у гэтым горадзе, дзе служыў са сваёй дружынай пінскаму князю. Вельмі падобна, што быў ён наймітам і прадаваў сілу свайго мяча таму, хто добра заплаціць. Не выключана і тое, што Міндоўг прызнаваў сябе васалам наваградскага князя. На гэта, апроч Іпацьеўскага летапісу, указвае і ў «Пачатках» Мацей Стрыйкоўскі: «Тая Літва, якая жыла над Нёманам у пушчах, здаўна прыслугоўвала Наваградскаму княству»[9].

Сучасная Летува ў тыя далёкія часы называлася па-іншаму. Паўночная прыбалтыйская яе частка аж да ХХ стагоддзя мела назву Жамойць (Нізкая зямля)*. У раёне сучаснага Вількаміра была зямля Дзяволтва. Паўднёвы захад і цэнтр сучаснай Летувы займала Аўкштота-Аўкштайція (Высокая зямля). З утварэннем Вялікага Княства Літоўскага назва «Літва» распаўсюдзілася і на гэтыя землі. Але перш за ўсё яна адносілася да сучасных беларускіх земляў, аб чым сведчаць летапісы. Так, калі ў 1345 годзе з Вялікага Княства Літоўскага і Рускага выдзялілася Троцкае княства, «Кроніка Быхаўца» адзначыла: «І ў той час княжыў на Літве і ў Русі вялікі князь Альгерд», а пра вялікага князя Кейстута, уладанні якога былі ў Аўкштоце і Жамойці, кроніка кажа, што ён уладарыў «у Троках і зямлі Жамойцкай»[10]. Як бачым, раней не лічылі, што Трокі знаходзяцца на землях гістарычнай Літвы. І варта было князю Вітаўту вярнуць назад заваяваную Ягайлам бацькаву сталіцу, як «Кроніка Літоўская і Жамойцкая» адзначыла, што ён вярнуў «впавши до Литвы Троки»[11].

* Пэўна, Жамойцкая зямля даходзіла на поўдні да ракі Святой (Свенты), бо ў Пскоўскіх летапісах Вількамір знаходзіўся «оу Жимоитской земли, оу Святои реке». (ПЛ. Вып.2. С.131).

З той прычыны, што кароткая назва Вялікага Княства Літоўскага была Літва, дык яна пашырылася на старажытныя беларускія землі, што ўвайшлі ў яго склад. Ужо напрыканцы стагоддзя Літвой называлі старажытную Беларусь, а беларусы называлі сябе ліцьвінамі*. Гэтак звалі іх і суседзі - расейцы, украінцы, мазуры, палякі, жамойты. Белай Руссю яшчэ ў ХІІ стагоддзі называецца Растова-Суздальская зямля, а пасля гэтае імя носяць Ноўгарадская і Пскоўская землі, а ў ХV стагоддзі ўжо маскоўскія ўладары тытулуюць сябе князямі Белай Русі[12]. Аж да ХХ стагоддзя ліцьвіны лічылі, што Белая Русь гэта Расея. Беларусцамі ў Літве называлі праваслаўных і гэты тэрмін не быў этнонімам нашых продкаў[13].

* У дадзеных нарысах згодна са шматвяковай традыцыяй пакінуты назвы старажытнай Беларусі з яе спрадвечным імем - Літва, а старажытных беларусаў - ліцьвіны.

Ужо ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях старажытная Літва ў значнай частцы была каланізавана крывічамі і дрыгавічамі, а балты, што жылі тут, асіміляваліся. Узнікалі на яе землях славянскія паселішчы: Ізяслаўль, Гарадок, Менск, Крыў-горад (Вільня) і інш. Невыпадкова, што біскуп Хрысціян, які пры Міндоўгу (1253) узначальваў Літоўскае біскупства, адзначаў: «Літва, або Літванія, - гэта славянская краіна»[14]. Сведчанне славянскай каланізацыі летапіснай Літвы, а таксама іншых балцкіх земляў і асіміляцыі балтаў мы бачым у славянскіх імёнах ліцьвіноў: Жывінбуд, Вілікаіл, Вішымут, Кіндібоўт, Боўтавіт, Кіценій, Хвал, Логвеній, Лоў, Алехна, Данута, Будзікід, Будзівід, Слаўка, Нямір, Нялюб, Лялюш, Борза, Лесь, Лесій, Серпуцій, Трайдзень, Рукля, Войшалк, Транята, Любім, Любка, Лютавер, Віцень, Воін, Няжыла, Кумец, Круглец, Гольша, Ягайла, Рэпенья, Сірвід, Полюш, Спуд, Гердзень, Боўтавіт, Фёдар, Волчка, Лісіца, Казлейка.

Часта славянскія імёны прыстасоўваліся балтамі да сваёй моўнай сістэмы. Менавіта тады і быў прыўнесены той літоўскі элемент, які прыдаваў славянскаму або царкоўнаму імю літоўскае гучанне. Напрыклад: Вітаўт (Віт), Альгерд (Аляксандар), Кейстут (Канстанцін), Любарт (Люб), Сенгайла (Семка), Карыгайла (Коргуй, Егор), Свідрыгайла (Сідрык), Скіргайла (Серга), Карыят (Кірыяй), Пацірг (Патрыкій), Вікант (Вікенцій), Таўцівіл (Феафіл), Карыбут-Корбут (Кора, Егор), Нарбут (Наруша), Гедзімін (Едзімей), Мінгайла (Міхайла), Пунігайла (Пунька), Яўнуцій (Іван), Гердзень (Андрэнь), Нарымунт (Наруша), Даўмонт (Домант). Імя Міндоўг, паводле меркавання філолага В.Юргевіча, таксама славянскае, атрыманае ад памяншальна-ласкальнага Менця (Дземянцей). Ноўгарадскае імя Мендуй атрымалася таксама з той жа формы[15]. Сустракаецца яно ў беларусаў у такіх формах: Міндзюк, Мінда, Мендыла, Мендык[16].

З усяго сказанага вынікае, што Міндоўг нарадзіўся і жыў на землях сучаснай Беларусі. Паміж Наваградкам і Пінскам знаходзілася ягоная «краіна». Верагодна, быў ён нашчадкам полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча, сыноў якога Давіла і Маўколда віленцы ўзялі сабе за князёў[17]. Калі гэта так, дык як спадкаемца крывіцка-дрыгавіцкіх уладароў ён меў права і на полацкі пасад, і на княжацкую карону ў Наваградку. Менавіта паходжаннем з дынастыі Рагвалодавічаў можна растлумачыць, чаму Міндоўга абралі наваградскім князем, а ягонага братаніча (пляменніка па брату). Таўцівіла - полацкім князем.

Хаця ў некаторых ліцьвінскіх летапісах бацькам Міндоўга называецца наваградскі князь Рынгольд[18], аднак паводле Іпацьеўскага летапісу князем у Наваградку ў гэты час быў нейкі Ізяслаў, а значыць, што Рынгольд асоба міфічная. Не называе імя Міндоўгавага бацькі і Рыфмованая кроніка, аднак адзначае, што ён «быў вялікім каралем і ў свой час не меў сабе роўных у Літве»[19]. Як вынікае з гэтай узгадкі, Міндоўг пачынаў ажыццяўленне сваіх задум не з голага месца. Ад бацькі ён атрымаў і багацце, і землі, і ўладу, і моцную дружыну, што і надавала яму ўпэўненасці ў сваіх сілах.

 

Шлях у Наваградак

У адрозненне ад іншых балцкіх земляў «Літва Міндоўга» не ведала спусташальных крыжацкіх нашэсцяў, не была ў гандлёвай блакадзе Ордэна, вяла ажыўлены гандаль з Наваградкам, і не выпадкова, што Міндоўг становіцца адным з моцных і ўплывовых феадалаў «всей земли Литовской». Саюзныя адносіны з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам (Міндоўг двойчы ўдзельнічаў у яго паходах: першы ў 1235 годзе супраць Конрада Мазавецкага, другі ў 1245 годзе супраць чарнігаўскага князя Расціслава) забяспечвалі князя падтрымкай моцнага хаўрусніка. Таму і звярнуліся да яго куршы з просьбаю аб дапамозе ў барацьбе супраць немцаў, якія з 1242 года пачалі захопліваць куршскія землі, будаваць там замкі і мячом хрысціць насельніцтва.

Міндоўг сабраў, паводле Рыфмаванай кронікі, каля 30 тысячаў вояў, што даволі верагодна (польская «Вялікая кроніка» называе такую ж колькасць войска Міндоўга падчас яго пахода на Мазовію[20]), і пайшоў на Амботэн і ўзяў яго ў аблогу. Пяць тыдняў беспаспяхова ваяваў ён гэтую цвержу.

З Гольдынгена на дапамогу крыжакам падаспеў ордэнскі атрад. Калі Міндоўг павёў сваё войска на штурм, крыжакі нечакана з лесу ўдарылі ў тыл. Пачалася паніка, войска кінулася наўцёкі. 1500 воінаў згубіў Міндоўг. Крыжакі захапілі і яго абоз. Акрыленыя перамогай рыцары рушылі ўслед за Міндоўгам, каб канчаткова расправіцца з князем. Міндоўг зачыніўся ў сваім градзе (відаць, Руце, дзе ён пазней таксама будзе абараняцца ад сваіх ворагаў) і ледзь здолеў адбіцца ад крыжакоў.

Паразаю тут жа скарысталіся ворагі Міндоўга ўнутры Літвы. «За ворожьство с ними»[21] яны і выгналі князя з яго зямлі. Міндоўга напаткаў лёс многіх літоўскіх феадалаў, якія ў выніку міжусобных войнаў уцякалі з Літвы і шукалі прытулак пры дварах рускіх князёў або ў крыжакоў. Уцекачы прымалі хрысціянства, а пасля з войскам, якое давалі ім новыя гаспадары, ваявалі сваю былую Радзіму. Так рабілі Таўцівіл, Едзівіл, Вікінт, Даўмонт, Суксе, Полюш, Вітаўт, Свідрыгайла. Міндоўг са сваімі баярамі ўцёк у Наваградак, дзе яго добра ведалі.

Мінула два стагоддзі, як Яраслаў Мудры пасля пахода на Літву заснаваў на мяжы яцьвяжскіх і літоўскіх земляў Наваградак. За гэты час невялікая цвержа ператварылася ў багаты і шматлюдны горад - цэнтр славянскай каланізацыі балцкіх земляў. Горад акружалі высокія драўляныя сцены, а ўнутры ён быў забудаваны дварамі наваградскіх феадалаў і купцоў, дамы якіх упрыгожвалі яркія роспісы, разьба, мэбля. Урадлівая глеба, наяўнасць балотных рудаў, радовішчы крэйды ў раёне прытоку Нёмана Росі (археолагі знайшлі там старажытныя шахты), і як вынік - развіццё раместваў, сталі асновай эканамічнай магутнасці Наваградчыны.

Важнай крыніцай багацця Наваградка быў гандаль. Па Нёману наваградскія купцы пападалі ў Балтыйскае мора, а далей у гарады Паўночнай і Заходняй Эўропы. Развітая волакавая сістэма звязвала Нёман з Дняпром і Заходняй Дзвіной. Па Дняпру быў выхад у Чорнае мора, а праз Заходнюю Дзвіну купцы маглі выйсці ў басейн Волгі, у Каспійскае мора. Як сведчанне шырокіх гандлёвых сувязей Наваградскай зямлі - знаходкі скарбаў з арабскімі дзірхемамі, манетамі візантыйскіх імператараў, пражскімі грошамі, дынарыямі манетнага двара Вісбю, шылінгамі Тэўтонскага ордэна, заходнеэўрапейскімі грашамі[22]. А па разнастайнасці прывазнога посуду, які знаходзяць археолагі ў Наваградку, можна вывучыць мастацкія стылі візантыйскіх, кіпрскіх, сірыйскіх сасудаў[23]. Усё гэта сведчыць, што ў наваградскіх баяраў назапасілася нямала багаццяў.

Прыток славянскіх перасяленцаў спрыяў узнікненню гарадоў: Слоніма, Ваўкавыска, Гарадзеня, Здзітава, Зэльвы, Свіслачы. А выгаднае геаграфічнае становішча ўратавала Наваградчыну ад спусташальнага татара-мангольскага нашэсця. Тысячы і тысячы ўцекачоў з рускіх княстваў знаходзіла тут сабе паратунак ад мангольскай навалы.

І не такой ужо нязбытнай марай было жаданне наваградцаў вызваліцца ад улады Данілы Галіцкага, зрабіць свой горад цэнтрам аб'яднання ўсіх беларускіх земляў. Для гэтага меліся ўсе ўмовы: выгадная палітычная кан'юнктура ва Ўсходняй Эўропе, і аслабленне Галіцка-Валынскага княства пасля мангольскага нашэсця, і развітая гаспадарка і эканоміка, і багатая скарбніца. Ордэнская і мангольская пагроза вымушалі не чакаць. Патрэбна была моцная дзяржава, якая б супрацьстаяла і крыжакам, і манголам, і другім ворагам. Сам лёс паслаў наваградскім феадалам Міндоўга: ён з полацкага княжацкага дома, нарадзіўся і жыў на Літве, добра яе ведаў, меў вайсковы досвед, быў неразборлівы ў сродках, прагнуў адпомсціць літоўскім феадалам за сваю паразу. Мог пакласці пачатак наваградскай княжацкай дынастыі. Так Міндоўга выбралі на наваградскі пасад. Але каб стаць паўнапраўным князем, яму давялося прыняць Хрост. Паводле Густынскага летапісу, адбылося гэта восенню 1246 года[24].

Некалькі гадоў Міндоўг затраціў на збіранне баявой дружыны і падрыхтоўку да заваёўніцкага паходу на Літву. Якім было ўзбраенне і даспехі наваградскіх вояў, дае ўяўленне знойдзены на ваўкавыскім Замчышчы гравіраваны медны медальён. На ім выбіта выява воя. На галаве ў яго шлём-шышак, злучаны з кальчугай барміцай. У правай руцэ - меч, у левай - шчыт. Мяркуючы па археалагічных дадзеных, наваградскія воі шырока карысталіся баявымі сякерамі, лукамі, дзідамі, штылетамі, кісценямі, дубінамі і паліцамі. Так што адпраўляўся Міндоўг у паход з добра ўзброенай дружынай.

Дзесьці ў 1252 годзе Міндоўг «Литву зане»[25]. Тое, што ён дзейнічаў на чале наваградскай дружыны, вынікае і з паведамлення Ноўгарадскага летапісу. Распавядаючы пра падзеі, якія адбыліся пасля Міндоўгавай смерці, летапіс указвае, што Войшалк прыйшоў на Літву «съвкупи около себя вои отца своего и приятели»[26], а Іпацьеўскі летапіс удакладняе, што гэта былі наваградцы[27]. Ваяводам у Міндоўга служыў разанскі баярын Астафій Канстанцінавіч, які ўцёк ад мангола-татарскага нашэсця ў Наваградак.

Менавіта ў гэты час заходнебеларускі перапісчык «Кронікі» Іана Малалы ва ўстаўцы пра паганскую ерась Совія адзначыў, што яна распаўсюджана ў «Літве нашей», тым самым засведчыў прыналежнасць Літвы да Наваградскай зямлі[28].

 

Вайна з Галіцка-Валынскім княствам

Здрадніцкія забойствы, хітрасць, падман - ні перад чым не спыняўся Міндоўг, каб усталяваць сваю ўладу на Літве, той, хто станавіўся на ягоным шляху, быў забіты, як князі Булевічы, альбо вымушаны падзяліць лёс ізгояў, як князі Вікінт, Таўцівіл і Едзівіл. «Бесчисленное имение» літоўскіх феадалаў Міндоўг раздаваў сваім наваградскім паплечнікам.

Вельмі ўмела выкарыстоўвае ён міжусобныя войны дробных літоўскіх і жамойцкіх князькоў. Напрыклад, падтрымаў нейкага князя Лонгвена, які варагаваў з князямі Дуцэ, Мільгернэ і Дзіндэне. «З тых часоў як Міндоўг пайшоў супраць нас, нам не жыць у гэтай краіне», - прызнаюць яны[29]. І ўцякаюць у Рыгу, дзе, прыняўшы хрысціянства, становяцца крыжацкімі прыслужнікамі і водзяць рыцараў у паходы на Літву. Падобны лёс напаткаў і князёў Таўцівіла (магчыма, тапонім Таўтвелы ў Пружанскім раёне паказвае, што Таўцівіл жыў там), Едзівіла, Міндоўгавых братанічаў, і жамойцкага князя Вікінта. Каб пазбавіцца ад іх, Міндоўг пусціўся на хітрасць - паслаў ваяваць Смаленск і паабяцаў: «Што кто приемлеть, собе держать»[30], а ўслед паслаў сваё войска для расправы з імі.

Не думалі яны, калі Міндоўг з купкай сваіх баяраў «за ворожьство» з імі ўцёк з Літвы, што ўся вайна з ім яшчэ наперадзе. Што знойдзе ён падтрымку ў Наваградку і з наваградскімі дружынамі вернецца назад. І будзе зваявана «вся земля Литовская». І ўжо яны толькі ўцёкамі і выратуюцца. Не прадбачылі. Вяртанне Міндоўга было нечаканасцю. Хаця і змоцніліся яны супраць наваградскага князя, але давялося прызнаць над сабою ягоную ўладу. Ды хіба пакора магла выратаваць жыццё? Не падманула іх ветлая ўсмешка Міндоўга: у халодных ягоных вачах чыталі яны смяротны прысуд. Смерць князёў Булевічаў памятная ім. Ну, скарыліся яму, і што - чакаць, калі ён пачне іх знішчаць, ці ратавацца?

Міндоўг пасля нямала будзе шкадаваць, што выпусціў іх з Літвы. А разлічыў, здаецца, усё. Не ўлічыў аднаго: што яго непрыяцелі, не спадзеючыся на ратунак, на Смаленск не пойдуць.

Шляхі ізгояў... Куды яны вядуць? Туды, дзе вораг твайго ворага. Галіцка-валынскі князь Даніла, які быў жанаты з Таўцівілавай сястрой, - вось хто мог дапамагчы ім у барацьбе з Міндоўгам. Князь даўно з трывогай сачыў за падзеямі, што адбываліся на Наваградчыне і Літве. Наваградак станавіўся новым палітычным цэнтрам Усходняй Эўропы, канкурэнтам Галічу і Ўладзіміру. Да Данілы і прыбылі князі-ўцекачы.

Адным моцным ударам рашае Даніла пакончыць з новай дзяржавай. А для гэтага патрэбны войскі, і таму князь звяртаецца да Польшчы. Адасобленая ад Наваградка і Літвы Падляшскай зямлёй, яна не бачыла пагрозы сабе. Наадварот, Наваградская дзяржава разглядалася палякамі як сіла, здольная супрацьстаяць Галіцка-Валынскаму княству. І Польшча адмовілася падтрымаць Данілу. Так Міндоўг, які яшчэ не ўступіў у вайну, атрымаў важную перамогу. А для Таўцівіла гэта было паразаю.

Тады Даніла пасылае ў доўгі ваяж Вікінта - Яцьвезь, Жамойць, Лівонія. «Сребром и дарми многыми» Вікінту ўдаецца схіліць супроць Міндоўга яцьвяжскіх і жамойцкіх князёў. Трохі складаней было з «рыцарамі Хрыстовымі». Тыя таргаваліся. Умова: прыміце хрысціянства. Ну як жа: слугі хрысціянства і дапамагаюць паганцам. Вікінт прыняў хрысціянства, і крыжакі забылі аб крыўдах на яго. Занепакоены Міндоўг шле Данілу дары, каб той расправіўся з Таўцівілам: «Не чини има милости»[31]. Марная надзея.

І пачалася вайна. «И многое воевание бысть межи ими»[32]. Можна ўявіць, што хаваецца за гэтымі скупымі летапіснымі словамі. «Воевание» не ведала літасці. Гарэлі сёла, коні тапталі жытнія палеткі, руйнаваліся «грады многи».

Менавіта з тых часоў захавалася паданне пра гібель горада Свіцязь. Свіцязянскі князь Туган прыйшоў на дапамогу Міндоўгу, а гэтым і скарыстаўся вораг. Рускія дружыны ўзялі ў аблогу горад. «Тады свіцязянкі даюць клятву лепш памерці, пахаваць сябе жывымі ў зямлю, чым аддацца ў рукі ворагу». Паводле падання, жыхары Свіцязя паклікалі багоў, «каб не дапусцілі зганьбавання». А калі іх голас быў пачуты, горад праваліўся, а на ягоным месцы паўстала возера[33]. Паданне гэта, відаць, нарадзілася з рэальнай падзеі. Верагодна рускія ваяры разбурылі дамбы на беразе возера, або неяк інакш затапілі непакорлівы горад. З таго часу Свіцязь не адрадзіўся да жыцця, і памяць пра яго жыла ў паданнях. Яшчэ адзін эпізод з гэтай вайны знаходзім у ліцьвінскіх летапісах, дзе распавядаецца, што Міндоўгава войска здабывала Полацак, і толькі Таўцівіл, які прывёў з сабой лівонскіх рыцараў, адбіў «Литву пречь»[34]. Ні Рыфмованая кроніка, ні Іпацьеўскі летапіс не ўзгадваюць пра гэты паход на Полацак, аднак ён мог і адбыцца, бо ў планах наваградскіх баяраў і Міндоўга як раз і было аб'яднанне крыўскіх, ліцьвінскіх і дрыгавіцкіх земляў.

Паводле кронікі Русава, лівонскі магістр Андрэй Сцірланд з рыцарамі спустошыў Міндоўгавы землі і падышоў да града, дзе зачыніўся князь. Галоўны ўдар наносіўся сіламі галіцка-валынскіх князёў Данілы і Васількі Раманавічаў на Ваўкавыск, Слонім, а пасля князі «поидоша к Новугородку», які захапіць так і не ўдалося.

Таўцівіл тым часам разам з ордэнскім войскам вяртаецца ў Рыгу, дзе прымае хрысціянства. І пакуль каталіцкія святары пасвячалі новахрышчонага ў таемствы святой веры, магістр Андрэй Сцірланд вёў перамовы з Міндоўгам. «І калі яны (Міндоўг і магістр. - В.Ч.) любезна сустрэліся і пагаварылі, дык князь загадаў прыгатаваць шыкоўную вячэру і запрасіў магістра ў госці, падчас вячэры магістр доўга ласкава размаўляў з князем»[35]. Дзе ўжо там ласкава, магістр адразу паставіў свае ўмовы: «Не выратуешся і не пераможаш ворага, калі не пашлеш да папы і не прымеш хрысціянства. А служыць табе рад, і, хаця асляпіў вочы свае золатам, якое атрымаў ад цябе, усё ж я табе дапамагу»[36].

«Так што, нарэшце князь абяцаў, што ён прыме хрысціянства. І князь пажадаў, каб магістр выпрасіў у папы, каб князя і яго княгіню адразу ж пасля хрышчэння каранавалі, як хрысціянскага караля, што яму магістр Андрэй Сцірланд і абяцаў»[37]. Як бачым, Таўцівіл у гэтай гульні аказаўся пешкай, якую мянялі на караля, праўда, яшчэ без кароны. Але што значыць выкаваць карону? Быў бы кароль, а карона знойдзецца. «Калі б ты быў хрысціянінам, дык я зрабіў бы табе яшчэ большы гонар і выпрасіў бы табе каралеўскую карону, клянуся жыццём»[38], - абяцаў магістр Міндоўгу. Ён ведаў, што Міндоўг раней прыняў праваслаўе. Але гэта для яго, католіка, не сапраўдная вера, да таго ж варожая. Магістр прапануе Міндоўгу не толькі самому прыняць веру Хрыстову, але і сваіх падданых прывесці да яе, ну, і за тружанне Ордэну саступіць частку земляў жамойтаў і селонаў, а магістр падтрымае яго ў барацьбе з Таўцівілам і Данілам. Міндоўг ведаў, на што ідзе: раз'яднаць варожую кааліцыю, знайсці сярод ворагаў саюзнікаў. А землі, што ён адпісваў Ордэну, яму не належалі. Нібыта ён, Міндоўг, з гэтага пагаднення выгадаў болей карысці, чым Ордэн. А па сутнасці крыжакі скарысталі яго ў сваёй палітыцы, знайшлі сабе хаўрусніка ў скарэнні балцкіх земляў, хаўрусніка, які хаця і не падтрымае іх войскам, але цяпер ужо не будзе ваяваць супраць Ордэна і дапамагаць жамойтам і куршам.

У далёкі Рым разам з ордэнскімі пасламі адправіўся і Міндоўгаў баярын Парнус. Папа абрадаваўся, што Міндоўг «спазнаў хвалу Божую і праз хрышчэнне адрадзіўся» і прыслаў яму булу, якой абвяшчаў: «...каралеўства літоўскае і ўсе землі, якія здабыў ад няверных або ў будучым мог здабыць на права і ўласнасць святога Пятра і яго (Міндоўга. - В.Ч.) з жонкай, сынамі і ўсім дваром пад пратэкцыю і апеку апостальскай сталіцы вырашылі ўзяць»[39]. А ў другой буле папа прасіў дапамагчы «каралю літоўскаму, які жадае павярнуць паганцаў да веры» рыжскага, дерптскага і эзелійскага біскупаў[40]. Холмскаму біскупу Генрыху папа даручыў каранаваць Міндоўга.

Так Міндоўг дабіўся яшчэ адной важнай перамогі.

У адчаі Таўцівіл пакінуў Рыгу і павёў сваю дружыну на Міндоўгаў град Руту. А да Міндоўга на дапамогу прыйшоў нямецкі атрад. Градам Таўцівіл не змог авалодаць. У адной з начных вылазак Міндоўг «разогнаша и Русь и Ятвязе»[41].

Таўцівіл бачыў, што воі ягоныя ўжо не вераць у перамогу і ў бітве не шукаюць ворага, а ўцякаюць ад яго. Зноў параза. Таўцівіл адпраўляецца ў Жамойць да Вікінта. А па ягоных слядах, «собрав силу велику»[42], урываецца туды Міндоўг. І хаця ўдалося адбіць яго ад Вікінтавага града, Цвірамента, але гэта не перамога. Удача адвярнулася ад Таўцівіла, а вось Міндоўгу лёс спрыяе. Той у Наваградку 6 ліпеня 1253 года карануецца каралеўскім вянцом. Сам лівонскі магістр са сваёю світаю прыехаў на каранацыю. Холмскі біскуп Генрых уздзеў на галаву князю каралеўскую карону. Міндоўг шчодра аддзячыў Ордэн і падпісаў некалькі грамат, у якіх саступаў яму Корсь, Яцьвязь, Нальшчаны, Дайнову і «ўгневаны на жамойтаў» - Жамойць[43]. Не адна з гэтых земляў не належала Міндоўгу, а з Яцьвязю і Жамойцяй ён ваяваў. Пэўна, трэба казаць, што Міндоўг даваў слова не прэтэндаваць на гэтыя землі. Так як сярод адпісаных Міндоўгам земляў былі Дайнова (зямля паміж Нёманам і вярхоўем ракі Нараў), Нальшчаны, мястэчка Вейшышкі (знаходзіцца на сучасным беларуска-летувіскім памежжы), а таксама мястэчка Лукаў на Падляшшы, дык можна прыблізна вызначыць межы Міндоўгавай дзяржавы на поўначы і на ўсходзе. На поўначы гэтая мяжа, пэўна, ішла па лініі Горадня - Ліда - Крэва, а на захадзе, пэўна, не сягала далей Ваўкавыска. Што ж датычыцца мяжы на поўдні, дык яна магла праходзіць па лініі Камянец - Здзітаў - возера Зьяце, а на ўсходзе па лініі возера Зьяце - Бялевічы - Койданава - Валожын - Маладэчна - Крэва.

Не абышлося без хітрасці. Міндоўг хацеў, каб касцёл у Літве не падпарадкоўваўся рыжскаму біскупу. Ён просіць папу заснаваць на Літве асобнае біскупства са сваёй сталіцай, дзе гатоў за ўласны кошт пабудаваць катэдру. Папа згадзіўся і назначыў ліцьвінскім біскупам ордэнскага каплана Хрысціяна, чаму працівіўся рыжскі біскуп Альберт. Аднак Міндоўг адпісаў ліцьвінскаму біскупству землі ў Жамойці, якая не прызнавала ягонай улады і якую ён саступаў Ордэну. Хітры ход. З гэтага надання Хрысціян не меў ніякіх прыбыткаў, а значыць - падпаў пад залежнасць ад Міндоўга, з добрай волі якога біскупства магло існаваць ці бедна, ці багата. Хрысціян нават скардзіўся на караля новаму папе Аляксандру ІV і той у буле ад 7 сакавіка 1255 года пісаў, каб Міндоўг «памятаў аб патрэбах біскупства»[44]. Так што і ў сферы духоўнай Міндоўг прагнуў улады.

Таўцівіл яшчэ гатоў змагацца. Уся надзея на Данілу Галіцкага. «Поди к Новугородку»[45], - пасылае ён да яго свайго слугу Роўбу (быць можа, назва сяла Раўбы ў Лідскім раёне ўказвае, што той паходзіў адсюль). У 1253 годзе Даніла з братам Васількам, з сынам Львом і з полаўцамі зімой прыйшлі да Пінска. Пінскія князі, якія ўжо даўно арыентаваліся ў сваёй палітыцы на Наваградак і Літву, «неволею» пайшлі на вайну. У першым жа баі на возеры Зьяце Міндоўгава дружына разбіла перадавыя атрады Данілавага войска і пагнала іх праз балоты да ракі Шчары. Раззлаваны Даніла патрабаваў ад саюзнікаў працягваць вайну: «Срамоту имеем от Литвы и от всех земель, аще не дойдем и вратимся»[46].

Наступным днём галіцка-валынскае войска зламала супраціўленне Міндоўгавых войск, уварвалася на Літву, а адтуль і на Наваградчыну і «плениша всю землю Новогородьскую»[47]. Раман Данілавіч у гэты час захапіў Горадню.

Міндоўг яшчэ спрабуе наладзіць абарону Наваградчыны, пасылае свайго сына (відаць, Войшалка) ваяваць каля Турыйска, але супрацьстаяць Данілу ён не ў сілах. На ўсе ягоныя звароты аб заключэнні міру Даніла не адказвае. Няўдачы Міндоўга ў гэтай вайне паўплывалі на адносіны да яго наваградскіх баяраў - ён пакідае Наваградак, а наваградскім князем выбіраюць яго сына Войшалка. Той і заключае мір з Данілам Галіцкім. А Міндоўгу застаецца правіць у Літве. Для Таўцівіла ж - гэта канчатковая параза. Застаўшыся без саюзнікаў, ён амаль бездапаможны перад Міндоўгам. Срэбра Міндоўгава адвяло ад яго і яцьвягаў, і жамойтаў. Як ваяваць? Адчай гоніць яго з Жамойці на Валынь да Данілы. Таўцівіл заклінае таго змагацца з Міндоўгам. Але Даніла свайго дамогся: Наваградак і Літва зноў падуладныя яму. Трэба перадыхнуць, сабраць сілы. З поўдня пагражаюць татары, і пра гэта забывацца нельга. Ніяк не выпадала зноў ваяваць. Адзінае, што застаецца Таўцівілу, - кінуць галіцкаму князю: «Миндовг убеди я серебром многим»[48]. Ды толькі ўгнявіў Данілу. І няма цяпер у Таўцівіла хаўруснікаў, застаўся адзін. З чаго пачынаў, тым і скончыў: ізгой, без войска, без надзейных сяброў і паплечнікаў, без грошай. А па слядах крадзецца смерць. Міндоўг не супакоіцца, пакуль ён жывы. Князь пакідае Радзіму.

І вось Полацак. Мужы-палачане хочуць узяць яго за баявога князя. Выбару няма, і ён згодны.

 

Таўцівіл - полацкі князь

Усю вайну 1252-1254 гадоў Полацак заставаўся ўбаку, староннім гледачом назіраў за падзеямі на заходніх і паўднёвых межах сваіх зямель. Што ў ягоным позірку? Зацікаўленасць? Трывога? Абыякавасць? Чаканне? Многа загадкавага і незразумелага ў гэтым бяздзейным маўчанні. Што скажа Полацак? Літва ж даўняя данніца, яго саюзнік, зямля, якую не першае стагоддзе каланізуюць крывічы разам з дрыгавічамі. Дык чаму бяздзейнічае Полацак? Страціў Смаленск - свой даўні прыгарад, страціў Лівонію - данніцу сваю, вось і Літву аддае на волю галіцкіх князёў. Няўжо няма каму ў Крыўі пазвінець мячамі аб варожыя шаломы? Аднак вось Полацак выклікаў да сябе Таўцівіла, ізгоя і ліцьвіна, мог жа свайго Ізяславіча пасадзіць, дык спатрэбіўся ліцьвін. Навошта? Якія такія надзеі звязваюць з ім палачане?

Не ў інтарэсах Полацка было ўзвышэнне Наваградка і далучэнне да яго Літвы. Полацак і сам не супроць аб'яднаць Наваградскую зямлю і Літву пад сваёй зверхнасцю. Вайна Данілы Галіцкага з Міндоўгам Полацку на руку. Хай кідаюць у пашчу смерці лепшых сваіх вояў, а ён пачакае, а пасля можна і слаць свае дружыны, і мець зямлю Літоўскую. Можа, на гэта спадзяваўся Полацак? Аднак Наваградчына і Літва ў залежнасці ад Галіцка-Валынскага княства... Ці на гэта разлічваў Полацак? Не, не на гэта. Значыць, вынікамі вайны незадаволены. Некалі Міндоўга прытулілі наваградскія баяры, хрысцілі яго ў веру праваслаўную, далі вояў і паслалі ваяваць Літву. А цяпер і Полацак вырашыў такім прыёмам пакарыстацца. Вось і запрасілі Таўцівіла. Ён пераходзіць у праваслаўе і цяпер замест каталіцкага імя Готліб атрымаў праваслаўнае Феафіл. А каб болей прывязаць князя да Полацка, яго ажанілі з дачкою былога полацкага князя. І па жонцы ён парадніўся з Аляксандрам Неўскім.

Полацкае веча прапаноўвала Таўцівілу стаць князем у Полацку паводле «права дзедзічнага», бо ён быў сынам Глеба Рагвалодавіча[49]. Праўда, Мацей Стрыйкоўскі пісаў, што гэтае абранне адбылося падчас паходу Таўцівіла, Вікінта і Едзівіла на Русь, аднак тагачасныя летапісы называюць яго полацкім князем з 1262 года. Можна дапусціць, што полацкім князем Таўцівіл стаў дзесьці ў 1256-1258 гадах, бо пад 1258 годам ёсць узгадка пра паход палачан і літвы на Смаленск, праўдападобна, што гэтую літву прывёў Таўцівіл. За верную службу Полацку палюбілі палачане Таўцівіла і празвалі яго Добрым.

 

Цяжар улады

Цяжка было заваяваць уладу, яшчэ цяжэй было яе ўтрымаць. Міндоўг разумеў усю хісткасць свайго становішча: яму пагражае Таўцівіл з Полацка; незадаволеныя ім многія феадалы ўнутры Літвы наракаюць за хаўрус з Ордэнам; жамойты падбіваюць выракціся хрысціянства і парваць з крыжакамі. І гэта дваістае становішча: для хрысціянаў паказваць, што ты хрысціянін, для язычнікаў - што не адрокся ад старой веры, што «крещение... льстиво бысть»[50]. За пакланенне старым багам на яго наракае жонка. І гэтая зняважлівая залежнасць ад Ордэна і Данілы Галіцкага. Па першым патрабаванні галіцка-валынскага князя ён паслухмяна шле яму войска для барацьбы з татарамі, тым самым выклікае гнеў татараў. І вось паваяваў у 1258 годзе Літву Бурундай. Колькі сёлаў ляжыць у руінах. Такая расплата. Невядома, як бараніўся Міндоўг ад татара-манголаў. Захавалася паданне пра перамогу Міндоўга над ханам Кайданам у бітве каля Нёмана, пасля чаго месца гэтае пачалі называць Койданава[51]. У ліцьвінскім летапісу мы знаходзім узгадку, што Бурундай «имя мел власнае Кадан»[52]. Так што, магчыма, хан Кайдан з падання і быў Бурундаем.

Трывожыў Міндоўга і сын Войшалк. Варожасць і нелюбоў між імі. Каля самай мяжы Літвы ён у Лаўрышава пабудаваў манастыр. Навошта? Трывогі, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, сумненні... Цяжар улады не прыносіў ні радасці, ні шчасця, ні супакою. Сваё хісткае становішча Міндоўг усвядамляў, таму зноў заручыўся падтрымкай апостальскай сталіцы. Папа Аляксандар ІV на Міндоўгаву просьбу пацвердзіў ад 6 сакавіка 1255 года ягоны каралеўскі тытул і дазволіў каранавацца ягонаму сыну, пацвердзіў і ўладу Міндоўга на Літве[53]. Толькі рэальнай сілы папская була не давала.

У 1260 годзе каля возера Дурбе жамойцка-куршскія дружыны разбілі войска Лівонскага ордэна. Паўсюдна ў Куроніі, Земігаліі, Жамойці супраць крыжакоў успыхнула паўстанне.

Жамойці патрэбна была дапамога Літвы, і жамойцкія феадалы звярнуліся да свайго князя Траняты: «Жадаем, каб кароль загадаў перабіць усіх хрысціян, што жывуць у яго, сам зноў стаў язычнікам і выракся хрышчэння». Транята паабяцаў: «Не хвалюйцеся, жамойты, я сам пайду да Міндоўга і буду прасіць і пагражаць яму, пакуль ён не згодзіцца».

Жамойцкі князь прыбыў да Міндоўга і, не хаваючы прыкрасці, выгаварыў яму за саюз з Ордэнам: «Жамойты не задаволены табою, і дзеля твайго гонару ты павінен выконваць тое, што ад цябе патрабуем. Так будзе лепш. Забудзь Хрыста, якім цябе падманулі. Усё хлусня, што табе распавядаюць ордэнскія браты, калі адгаворваюць ад тваіх багоў. Твой бацька быў знатны князь, і ў яго час не было яму роўных. Няўжо ты жадаеш прыняць ярмо сам і сваім дзецям, калі можаш быць вольным. Калі крыжакі скораць жамойтаў, дык слава твая загіне, а з ёю і ўсё тваё каралеўства, бо ты павінен будзеш скарыцца ім тады з усімі дзецьмі. Няўжо ты такі невідушчы? Калі жадаеш цяпер жа вызваліцца ад католікаў, на тваім баку жамойты, якія любяць цябе, ты павінен згадзіцца адрачыся ад хрысціянства. Пашкадуй ад усёй душы, што ты, усімі шанаваны, моцны і да таго ж багаты кароль, пакінуў сваіх багоў, якія так часта дапамагалі тваім бацькам. Хочаш застацца хрысціянінам, заставайся, аднак пасля пашкадуеш, што застаўся. Гэта табе параіць усялякі, хто жадае табе славы. Як толькі мы з табой прыйдзем да латгалаў і ў Лівонію, дык абедзве гэтыя землі адразу трапяць у твае рукі, бо яны так хочуць зрабіцца язычнікамі»[54]. Вось такія кароль выслухаў дакоры. Ніякай пачцівасці: «...Ты павінен выконваць тое, што ад цябе патрабуем... Пашкадуеш...»

Спакуса ўладарыць у Жамойці, Куроніі, Лівоніі была вялікая, і Міндоўг згадзіўся з Транятам. Ён парывае з Ордэнам, адракаецца ад каталіцтва і ідзе на дапамогу Жамойці. У Куроніі ягоныя войскі занялі крыжацкія крэпасці Сіцеліс, Георгенбург, Добен. Адказнага ўдару крыжакоў доўга чакаць не давялося. Яны ў саюзе з мазавецкімі князямі і велікапольскім войскам у студзені 1261 года рушылі «ў землі літоўцаў і другіх паганскіх народаў з намерам іх заваяваць і вынішчыць»[55]. Калі заваёўнікі раздзяліліся на некалькі атрадаў і разышліся па краіне, Міндоўгава войска напала на варожы лагер і заняло яго. Крыжакі з саюзнікамі вярнуліся ў лагер і сустрэлі там непрыяцельскае войска. «Храбра з імі сышоўшыся, яны смела пачалі бітву. І хаця яны забілі многіх язычнікаў, аднак апошнія з дазволу Госпада і за грахі хрысціян дабіліся перамогі і прагналі хрысціян»[56]. Гэтая перамога яшчэ больш узвысіла Міндоўга ў сваім жа ўяўленні. Паняволеныя Ордэнам народы бачаць у ім надзею. О, ён моцны!..

Аднак пасля таго як Жамойць адбілася ад крыжакоў, Транята і жамойцкія феадалы не пажадалі мірыцца з уладай Міндоўга. Транята і сам марыў стаць адзіным уладаром усёй зямлі Літоўскай і далучыць яе да Жамойці. Так у асяродку жамойцкіх феадалаў нарадзілася змова супраць Міндоўга.

 

Змова Траняты

Пакуль Міндоўг цешыўся падманлівай веліччу сваёй улады, Транята рабіў усё, каб аслабіць свайго ўладара. Ён і падбіў Міндоўга зімой 1261/62 года на паход у Лівонію, абяцаючы падтрымку ліваў і латгалаў. Міндоўг паверыў яму, нават накіраваў пасольства ў Ноўгарад да Аляксандра Неўскага і заключыў з ім пагадненне аб сумесных дзеях супраць крыжакоў. Гэты крок Міндоўга ніяк не ўваходзіў у задумы Траняты: неабходна, каб літоўскага князя перамаглі крыжакі, атрымлівалася ж адваротнае - аб'яднанымі сіламі Літвы, Жамойці, Ноўгарада, Полацка і Віцебска Міндоўг мог разбіць Ордэн і тым самым умацаваць сваю ўладу на Літве. Таму Транята зрабіў усё магчымае, каб сарваць паход. Ні лівы, ні латгалы не паўсталі супраць крыжакоў, ноўгарад-полацкае войска своечасова не з'явілася, Транята пайшоў з жамойтамі, і Міндоўг ні з чым вярнуўся з Лівоніі. Толькі цяпер, пераканаўшыся ў здрадзе Траняты, Міндоўг прызнаў усю праўду жончыных слоў, што ён дарэмна слухае такую малпу, як Транята, дарэмна адрокся ад каталіцтва і здрадзіў Ордэну. Міндоўг з горыччу адказаў жонцы Марфе: «Падабаецца табе ці не, але я кінуў хрысціянства, парваў з магістрам і зноў прыйшоў да паганства. Вяртацца ў каталіцтва цяпер позна. Таму, жонка, маўчы цяпер. Што будзе, то будзе, я прытрымаюся ўказанняў Траняты і жамойтаў. Ведаю, што зрабіў неразумна, але тваім настаўленням цяпер канец»[57].

«Што будзе, то будзе...» Паслухмяны нявольнік абставін, выканаўца чужой волі, які разумее, што не мае сіл неяк змяніць сваё незайздроснае становішча і вымушаны змірыцца з ім. Цяпер бы Міндоўгу болей разважлівасці, мудрасці, асцярожнасці, каб не нарабіць глупства, што магло абцяжарыць яго становішча. Ды пачаў ён неапраўданыя войны. Помсцячы мазавецкаму князю Земавіту за нядаўні напад на Літву, Міндоўг рушыў у паход на Мазовію. 30-тысячнае войска Міндоўга пакрыла попелам Мазовію. Ляжалі ў руінах Плоцк, Яздоў, Ловіч. Каля Яздова трапіў у палон мазавецкі князь Земавіт са сваім сынам Конрадам. Паводле «Вялікай кронікі», галіцка-валынскі князь Шварн адсек галаву Земавіту, але гэта выдумка. У каталозе кракаўскіх біскупаў ёсць паведамленне, што Земавіта забіў нехта з яго акружэння[58]. Такое ж спусташальнае нашэсце Міндоўгава войска перажыла і Прусія, дзе пры яго прыходзе паўсталі супраць Ордэна прусы. І, паверыўшы ў сваю моц, Міндоўг распачаў вайну з берасцейскім князем Васількам Раманавічам. Даніла Раманавіч Галіцкі прыслаў на дапамогу брату сваё войска. Адзін атрад ліцьвіноў прагналі за Ясельду, аднак галоўнае войска пад началам даводцы Жэкадбажада Мінавіча напала на ваколіцы Мельніца і, пабраўшы палон, павярнула да Літвы. Васілька са сваімі ваярамі дагнаў ліцьвіноў каля Невеля і дазвання разбіў іх, толькі адзінкам удалося выратавацца. Гэтая параза і разрыў Міндоўгам мірных адносінаў з Васількам былі толькі на руку Траняту. А Міндоўг робіць чарговую памылку, як пазней высветлілася - ракавую. Пасля таго як памерла ягоная жонка Марфа, ён захацеў, каб за ягонымі малалетнімі сынамі даглядала яе сястра - жонка нальшчанскага князя Даўмонта. Міндоўг запрасіў яе да сябе. «Се сестра твоя мертва, а поеди карить по своей сестре». А калі яна прыехала да караля, дык ён сілай узяў яе ў жонкі. «Сестра твоя, умираючи, велела ми тя пояти за ся: тако рекла ать иная детий не цвелить»[59].

Становішча, у якім апынуўся Міндоўг, і сапраўды было нялёгкім. Ён ухітрыўся пасварыцца з усімі суседнімі дзяржавамі - і Ордэн, і Полацкае княства, і Галіцка-Валынскае княства, і Мазовія, і Наваградскае княства варагавалі з ім. У самой Літве супраць яго выступалі Транята і Даўмонт. На што мог спадзявацца Міндоўг? Нібыта ў адчаі ён робіць нечаканы для ўсіх крок. Пакінуўшы напрыканцы 1262 года Літву, Міндоўг адправіўся ў далёкі Рым шукаць заступніцтва папы. У Рыме ён зноў ахрысціўся паводле каталіцкага абрадка і выпрасіў у папы Урбана ІV дараванне за разрыў з хрысціянствам[60]. Толькі ў Літве ён сутыкнуўся з супрацьстаяннем Траняты, Даўмонта і паганцаў, незадаволеных ягоным вяртаннем у хрысціянства. Нічога лепшага не прыдумаў, як прыбегнуць да таго ж прыёму, які некалі выкарыстаў, каб расправіцца з Таўцівілам і Вікінтам, - паслаў Даўмонта і многіх варожых сабе князёў на Русь, пад Бранск у надзеі на іх паразу. Стары прыём і цяпер не прынёс жаданых вынікаў. І зараз Міндоўга перахітрылі. Даўмонт вярнуўся назад і нечакана ноччу напаў на дом соннага літоўскага ўладара, забіў яго разам з сынамі Рэпеньёй і Рукляй. Хаця ў рочніку Кракаўскага капітулу забойцам Міндоўга названы Транята[61]. Верагодна, што яны абодва ўдзельнічалі ў забойстве першага караля Літвы.

Істотны факт падае Т.Нарбут, які паведамляе, што ў 1618 годзе ў Лівоніі каля мястэчка Аглона знайшлі мармуровую пліту з напалову сцертым надпісам, аднак можна было прачытаць «Mendocus Dux Lithuanas...», а таксама і дату 12 верасня 1263 год[62]. Нарбут лічыць, што гэтая пліта стаяла на месцы Міндоўгавай магілы. Аднак паводле падання Міндоўга пахавалі ў Наваградку і на месцы ягонай магілы наваградцы ў памяць аб сваім князі насыпалі высокі курган, які і дагэтуль называецца Міндоўгавым курганам. Праўдападобна, што гэта пліта стаяла на месцы забойства Міндоўга. Хаця калі ўлічыць паведамленні некаторых крыніц, дык паміж змоўшчыкамі і атрадам Міндоўга адбыўся бой, дзе кароль і загінуў[63], дык, пэўна, разам з ім загінулі і ягоныя паплечнікі і завесці ў Літву тулава свайго ўладара не было каму. А Транята не абцяжарваў сябе такім клопатам і пахаваў Міндоўга на месцы забойства. Пазней, мабыць, крыжакі паставілі на ягонай магіле помнік. Ва ўсёй гэтай гісторыі важны іншы момант, а менавіта чаму апынуўся Міндоўг так далёка ад Літвы - у Лівоніі. Сяло Аглоне, верагодна, знаходзілася на рацэ з назвай Еглоне - левым прытоку Заходняй Дзвіны. Упадае Еглоне ў Дзвіну непадалёк ад Герцыке[64]. Праўдападобна, што невыпадкова з'явіліся ў гэтых мясцінах Міндоўг, Транята і Даўмонт са сваімі войскамі. Мэта пахода на Лівонію становіцца зразумелай - адваяванне ў Ордэна былой полацкай цвержы Герцыке. Сама зацікаўленым у гэтым чалавекам быў Таўцівіл, як полацкі князь, ён і мог выступіць з прапановай аб'яднанага паходу на Герцыке. Ягоны брат Транята падтрымаў прапанову, а за ім і Даўмонт. А Міндоўг зноў трапіў у нялёгкае становішча - удзел яго ў вайне з Ордэнам пагражаў яму стратай заступніцтва папы, але і адмовіцца адкрыта ён не мог, бо ў гэтым выпадку зноў бы абвастрыліся адносіны з Таўцівілам і Транятам. Мабыць, Міндоўг вырашыў сарваць паход, каб і з Ордэнам не ваяваць і з жамойцкім і полацкім князямі не пасварыцца. У паходзе ён удзельнічаў, але калі войска падышло да Герцыке, нечакана пасылае яго на Бранск, добра ведаючы, што без яго ні Транята, ні Таўцівіл не наважацца на штурм Герцыке. Падставу можна было знайсці, напрыклад, перашкодзіць шлюбу сына Рамана Бранскага з дачкой Васількі Берасцейскага, які павінен быў адбыцца ў гэты час. З палітычнага і вайсковага пункту гледжання гэты паход быў бессэнсоўны: ні заваяваць, ні далучыць Бранск да Літвы Міндоўг не мог, бо Бранскае княства не межавала з дзяржавай. Але так, як Міндоўгу патрэбна было сарваць штурм Герцыке, ён даволі хітра выправадзіў сваё войска з Лівоніі за няблізкі свет. Як высветлілася, перахітрыў сам сябе.

Справу бацькі прадоўжыў сын, наваградскі князь Войшалк. Менавіта ён з дапамогай пінскіх і наваградскіх палкоў і галіцка-валынскіх дружын аб'яднаў Навагародскую, Літоўскую, Нальшчанскую землі і Дзяволтву ў адзіную дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае.

 

Войшалк. Наваградскі князь

 

На акладзе помніка старажытнай беларускай пісьменнасці - Лаўрышаўскага Евангелля ёсць выбітая на срэбры выява воіна з дзідай і шчытом. Па традыцыі лічыцца, што гэта вобраз святога Лаўрыша, а ў свеце Войшалка, сына Міндоўга, князя наваградскага, вялікага князя літоўскага. Глыбока сімвалічна, што яго вобраз змясцілі на Евангеллі. Князь, дзяржаўны дзеяч, воін, а разам з тым богабаязны манах, паломнік, заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра - два розныя бакі жыцця гэтага чалавека. Многія дзеі і ўчынкі Войшалка выклікалі ў сучаснікаў неразуменне і здаваліся непаслядоўнымі і нелагічнымі. Але калі прыгадаць, у якім складаным становішчы апынулася Наваградская зямля пасля паразы ў вайне з Галіцка-Валынскім княствам, дык стане ясна, што толькі ўмелая, вытанчаная дыпламатыя, хітрасць, дэталёвы разлік маглі прынесці Наваградку поспех. Войшалк у адрозненне ад Міндоўга дзейнічаў не грубай сілай, не аблудлівасцю. Ён да патрэбнага часу хаваў свае намеры, без шуму плёў інтрыгі, пускаўся на хітрасці, ішоў на кампрамісы. Учынкі яго толькі на першы погляд здаваліся нелагічнымі. На самой справе кожны князеў крок быў прадуманы, паслядоўны. Менавіта Войшалку выпала фактычна стаць заснавальнікам буйнейшай эўрапейскай сярэдневяковай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага.

Разам са сваім бацькам, князем Міндоўгам, Войшалк у маладосці трапіў у Наваградак. Ён адчуў уплыў новай культуры, новага ладу жыцця, новых людзей і прасякнуўся інтарэсамі Наваградка, прысвяціў сябе служэнню сваёй другой Радзіме. Тут, у Наваградку, Войшалк разам з бацькам прыняў праваслаўе. Міндоўг, вядома, зрабіў гэта з палітычных меркаванняў, і вера яго была нетрывалая. Іншая справа - Войшалк. Праваслаўным хрысціянінам ён стаў у юныя гады, калі душа падатлівая да ўспрымання духоўнасці. Наведваючы храм, прысутнічаючы на службах, ён убірае ў сябе дух праваслаўя. Іпацьеўскі летапіс, прыводзячы ў прыклад Войшалка, даказвае на эфекце кантрастаў сілу хрысціянскай веры. Войшалк-язычнік, дзікун - неміласцівы да людзей, штодня забівае па тры, па чатыры чалавекі, а калі ў які дзень не заб'е нікога, «печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда весел бяшеть». Але вось «вниде страх божий во сердце его»[1] - і як падмянілі Войшалка. Святасць на душы ў яго, дні ў малітвах праводзіць, на Афон паломнікам адпраўляецца - святы чалавек. Няма чаго і казаць пра ўсю надуманасць гэтай летапіснай характарыстыкі, якая нічога агульнага з гістарычнай праўдай не мае. Але вінаваціць Войшалка-хрысціяніна за хітрасць, жорсткасць не выпадае: час і абставіны патрабавалі менавіта такога чалавека на чале дзяржавы. Больш важна адзначыць іншае: Войшалк не здраджваў сваёй веры, як Міндоўг, ён быў ваяўнічы праваслаўны хрысціянін.

У гады, калі ў Наваградку сядзеў Міндоўг, Войшалк ад яго імя правіў у Ваўкавыску і Слоніме. І толькі ў 1254 годзе ён выступіў як самастойны палітычны дзеяч. Няўдачы Міндоўга ў вайне з Данілам Галіцкім вымусілі наваградскіх баяр шукаць яму замену, іх выбар і спыніўся на Войшалку.

Усе спробы Міндоўга заключыць з Данілам мір заканчваліся няўдачамі. Цяпер заключэнне міру стала справай Войшалка. Не магло быць ніякай гаворкі аб тым, каб Наваградак выступаў як роўны з Галіцка-Валынскім княствам: ён павінен паслухмяна прыняць усе ўмовы пераможцы. Аднак трэба было неяк выгадаць і свае інтарэсы. Войшалк адправіўся ў Холм на сустрэчу з Данілам Галіцкім. Каб знайсці хаўрусніка ў лагеры галіцка-валынскіх князёў, ён аддае сваю сястру за сына Данілы, холмскага князя Шварна. І цяпер яго візіт мае выразную афарбоўку: вось бачыце, ён прыехаў да Данілы з сама лепшымі намерамі, ён хоча міру і сяброўства з ім. Нялёгка было Данілу разгледзець гэтага маладога князя. Што ў яго на розуме? З Міндоўгам ясна - той хітры і вераломны, і верыць яму нельга. А гэты?

Даніла Галіцкі запатрабаваў аддаць Наваградскую зямлю Шварну, дзеці якога маглі б мець яе ў спадчыну. Войшалк быў гатовы ўступіць Наваградак, але з умовай, што ў ім сядзе не Шварн, а яго брат - князь Раман Данілавіч. Які разлік Войшалка? Было відавочна, што Галіцка-Валынскае княства не змагло трывала далучыць да сябе Наваградскую зямлю хаця б таму, што паміж імі ўкліньвалася Пінская зямля. Галоўнае ж заключалася ў тым, што дзяржава Данілы Раманавіча кацілася да скону, усё болей і болей трапляючы ў залежнасць ад Залатой Арды, таму і сілай утрымаць Наваградчыну ў сваіх руках Даніла Галіцкі не меў. Войшалк гэта добра разумеў. Якія пяць-шэсць гадоў - і Наваградак акрыяе, збярэцца з сіламі.

Даніла згадзіўся з Войшалкам. Наваградскім князем стаў Раман. Аднак Войшалк як заложнік павінен быў жыць пры двары Данілы. Каб пазбавіцца ад гэтага ганаровага палону, Войшалк прымае манаства. Даніла лічыў, што Войшалк адмовіўся ад палітычнай барацьбы і цалкам аддаў сябе на служэнне Богу. І сапраўды, Войшалк нібыта выракся свецкага жыцця, забыўся пра ўладу. Тры гады жыве ён у Палонінскім манастыры. Як і кожны з браціі, творыць малітвы, посціцца, працуе ў манастырскай гаспадарцы. Змірыў свой княжацкі гонар, моліцца аб уратаванні сваёй душы і нават хрысціць унука Данілы Галіцкага - Юрыя Львовіча. Потым просіць адпусціць яго ў паломніцтва на Афон, і Даніла дазваляе. Адпраўляўся Войшалк на Афон з канкрэтнай мэтай - прывесці адтуль святароў для будучага хрышчэння Літвы пасля яе заваёвы, але з-за ваенных перашкод вярнуўся назад.

Паверыў Даніла былому князю і тады, калі той выказаў жаданне заснаваць каля Наваградка манастыр. У 1258 годзе Войшалк з манахамі, выбранымі ім у Палонінскім манастыры, зноў у Наваградку. На самай літоўскай мяжы ён засноўвае манастыр і адначасова ўважліва сочыць за падзеямі на Наваградчыне. Для яго не сакрэт, што наваградцы не задаволены князем Раманам. Удзел Наваградка ў вайсковых авантурах Данілы Галіцкага (у 1255 годзе наваградцы хадзілі разам з галіцка-валынскімі войскамі на Яцьвязь; у 1258-м - на Кіеў супраць татараў) не толькі не адпавядаў інтарэсам наваградцаў, але і прыносіў ім людскія страты. Дый давялося несці цяжар «волі татарскай», якою было заярэмлена Галіцка-Валынскае княства. Войшалк мог сустракацца - і, верагодна, не раз гэта рабіў - з прадстаўнікамі наваградскага баярства і ведаў, што ў Наваградку чакаюць яго. Але, рыхтуючыся да паўстання супраць Данілы Галіцкага, ён цвяроза ацэньваў свае сілы - іх не хапала, патрэбна была дапамога. І ён знайшоў хаўрусніка - полацкага князя. Можа, Таўцівіл не пайшоў бы на саюз з сынам свайго непрымірымага ворага, але палачанаў непакоіла распаўсюджанне ўлады Галіцка-Валынскага княства на Наваградак і Літву, і ён як баявы князь Полацкай рэспублікі вымушаны быў выконваць насуперак сваім асабістым інтарэсам волю веча.

Зноў Войшалк усё разлічыў дакладна. Ён не мог не ведаць аб будучым паходзе мангола-татарскага войска Бурундая на Паўднёва-Заходнюю Русь і разумеў, што ў такі нялёгкі час Данілу Галіцкаму будзе не да Наваградка. Незадоўга да паходу Бурундая Войшалк пакідае манастыр і бярэцца за зброю. Аднак і ў свеце Войшалк не забываўся пра свой манаскі чын. Як піша ў сваёй «Кроніцы» Ф.Сафановіч: «Стаўшы вялікім князем літоўскім, Войшалк жыў набожна ў чэрнечым законе, у княжых адзежах ходзячы, насіў заўсёды клобук на галаве»[2]. Выпадак у гісторыі выключны - на чале дзяржавы стаў манах-князь.

З Полацка прыбывае з дружынай Таўцівіл. Удвух яны авалодалі Наваградкам і, відаць, забілі Рамана.

Пасля чатырох гадоў прыніжэнняў, змірэння са сваім становішчам, прытворства Войшалк зноў сеў на наваградскі пасад. Толькі часу ні для радасці, ні для ўрачыстасцяў у яго няма. Раз'юшаны Даніла Галіцкі рушыў з войскам на Наваградскую зямлю. Войшалк і Таўцівіл, не ўступаючы з ім у сечу, умела манеўруюць, заблытваюць сляды. І Даніла ніяк не можа знайсці іх. Ён захапіў Ваўкавыск, паслаў атрад на Зэльву, а сына Льва - на Горадню. Войшалк, так і не ўступіўшы з Данілам Галіцкім у бой, захаваў сваю дружыну ад разгрому і выйграў час. У Паўднёва-Заходнюю Русь прыйшло войска Бурундая. Даніла Галіцкі вымушаны быў выводзіць войскі з Наваградчыны і слаць іх па загаду Бурундая на Літву і Нальшчаны.

Вызваленне Наваградка з-пад улады галіцка-валынскіх князёў з'явілася пачатковым этапам у планах наваградскіх баяраў стварыць сваю моцную дзяржаву. Наступны крок - заваёва Літвы. Першая спроба яе заваёвы закончылася няўдачай. Сумны вопыт стаў добрым настаўнікам наваградскаму баярству. Ранейшых памылак яно не паўторыць. На сваёй скуры адчулі наваградцы, што значыць не ўлічыць палітычнай кан'юнктуры, не прадбачыць наперад развіццё падзей, паспяшыць. Цяпер яны былі мудрэйшыя.

Не ўсё ў палітыцы вырашае зброя. Хіба ўменне сыграць на супярэчнасцях паміж тваімі суседзямі, перацягнуць на свой бок будучага ворага, пасварыць саюзнікаў не з'яўляецца сілай, якая можа прынесці болей плёну, чым зброя? Яшчэ якой сілай! Гэта і возьме на ўзбраенне Наваградак у сваёй новай палітыцы, а Войшалк яе бліскуча ажыццявіць на справе.

Пасля Міндоўгавай смерці жамойцкі князь Транята захапіў уладу «во всей земле Литовской и Жемоти». Але ён не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Наваградку сядзяць законныя прэтэндэнты на Літву. Таму Транята і вырашыў паасобку расправіцца і з полацкім, і з наваградскім князямі. Ён запрасіў Таўцівіла да сябе дзяліць «зямлю и добыток Миндовгов». У Полацку вырашылі, што надышоў час дзейнічаць, забіць рукамі Таўцівіла Траняту і далучыць Літву да Полаччыны. Каб падтрымаць свайго князя і дапамагчы яму расправіцца з Транятам, разам з Таўцівілам у Літву адправілася цэлая світа полацкіх баяраў. Цяжка сказаць, што вымусіла баярына Пракопія выдаць Траняту намеры палачанаў. А той не стаў марудзіць. Апярэдзіўшы Таўцівіла, ён забіў яго і паланіў полацкіх баяраў. Перад Полацкам была пастаўлена ўмова - прыняць да сябе залежнага ад Траняты князя, а ўзамен палонныя баяры атрымаюць волю. Выбару не было - Полацак згадзіўся.

Усё ж Транята не насмеліўся пасылаць у Полацак чужога палачанам князя. Чаго добрага яны выправадзілі б яго. Таму ў Полацак адправіўся нальшчанскі князь Гердзень, сын полацкага князя Давыда Расціславіча. Транята яшчэ дамагаўся выдачы Таўцівілавага сына, але палачане адмовілі яму ў гэтым і дапамаглі таму ўцячы ў Ноўгарад.

Цяпер, калі Полацак выйшаў з палітычнай барацьбы, Транята мог расправіцца і з Войшалкам. Аднак Войшалк аказаўся і хітрэйшы, і прадбачлівы за літоўскага ўладара. Ён не толькі не паехаў у Літву, але больш за тое - пакінуў Наваградак і адправіўся ў Пінск, у Ляшчынскі манастыр. Зноў надзеўшы манаскую расу і клобук, Войшалк збірае войска і, верагодна, вядзе перамовы з літоўскімі феадаламі. Трэба думаць, што не без ягонага ўдзелу сярод літоўскай знаці, якая была незадаволена жамойцкай уладай, узнікае змова супраць Траняты. Былыя Міндоўгавы слугі забілі Траняту. Атрымаўшы вестку пра гэта, Войшалк з пінскай дружынай выступае да Наваградка, дзе «съвкупи около себя вои отца своего и приятели»[3], г.зн. наваградскую дружыну, абапіраючыся на якую Міндоўг у свой час «зане Литву». Як і спадзяваліся ў Наваградку, Войшалка прынялі на Літве як законнага ўладара: «Литва же вся прияше с радостью своего господитича»[4]. Але з «радостью» да Войшалка ставіліся не ўсе. І былы манах, забыўшыся на хрысціянскую літасць, з жорсткасцю «поча вороги свои убивати, изби их бесчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя»[5]. Відавочна імкненне наваградскіх баяраў рукамі Войшалка расправіцца з літоўскімі феадаламі, знішчыць тую нутраную сілу, якая яшчэ пры Міндоўгу выступіла супраць Наваградка і магла гэта зрабіць і зараз.

Расправіўшыся з нутранымі ворагамі сваёй дзяржавы, Войшалк зрабіў захады, каб забяспечыць мір з суседзямі, унікнуць вайны з імі. Ён вырашыў перацягнуць на свой бок Ордэн. З палону былі вызвалены хрысціяне, якіх пасля адрачэння ад хрысціянства звязеніў Міндоўг і якіх трымаў у палоне заўзяты язычнік Транята. Да магістра ў Рыгу прыбыў Войшалкаў пасол. Новы ордэнскі магістр Конрад адразу ацаніў тую выгоду, якую прынясе крыжакам мір з Войшалкам. Жамойць зноў заставалася без хаўрусніка, і можна было прыступаць да яе заваёвы.

Забяспечыўшы мір з Ордэнам, Войшалк шукае магчымасць паразумецца з Галіцка-Валынскім княствам. Калі б не зрабіў ён гэтага, магло б паўтарыцца тое, што адбылося пры Міндоўгу: тады Даніла Галіцкі скалаціў супраць Наваградка кааліцыю і пайшоў на яго вайной. Войшалк прызнаў сябе васалам князя Васількі Берасцейскага. Як ён і спадзяваўся, галіцка-валынскія князі забыліся на яго вераломства і, прывабленыя перспектывай валодаць Наваградскай зямлёй і Літвой, згадзіліся на мір.

Галіцка-Валынскае княства ўжо не тая моцная дзяржава, якою яно было раней. Супярэчнасці паміж яго ўдзельнымі князямі падрывалі моц княства, і яно ўсё болей трапляла пад уладу Залатой Арды. Так, па загаду мангольскага хана Даніла Галіцкі зруйнаваў крапасныя сцены сваіх гарадоў. Утрымаць жа пад сабой Наваградак Галіцка-Валынскае княства не мела сіл. На гэта і разлічваў Войшалк. Ён прызнаў над сабою ўладу Васількі, забяспечыў мір з варожай дзяржавай, атрымаў ад яе вайсковыя сілы для заваёвы новых зямель і ўтрымання іх пад сваёй рукой. На наваградскі пасад Войшалк запрашае «дапамагаць яму ўладарыць» Шварна. Калі ў 1254 годзе Войшалк асцерагаўся перадаваць Наваградак жанатаму з ягонай сястрой Шварну, дык цяпер трывогі не было: Шварн не меў дзяцей, і пасля яго смерці Войшалк зноў мог стаць паўнапраўным гаспадаром у сваёй дзяржаве на Наваградчыне і Літве.

З вайсковай дапамогай Шварна і Васількі Войшалк у 1264 годзе напаў на Дзяволтву і заваяваў яе. Гэтакі лёс напаткаў і другую балцкую зямлю - Нальшчаны з яе сталіцай Крэва (паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Летувы). Як ў Літве, так і на новых заваяваных землях наваградскі князь жорстка расправіўся з мясцовымі феадаламі, «вороги своя избив»[6]. Пасля заваёвы Дзяволтвы і Нальшчан Войшалк вярнуўся ў Наваградак. Захоп Літвы, як слушна адзначыў М.Ермаловіч: «быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб карыстацца і ў далейшым матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак павінен быў прызнаць «волю» Наваградка. У гэтым і заключаўся стратэгічны план Войшалка»[7]. Ужо ў грамаце полацкага князя Ізяслава (прыблізна ў 1265 годзе) прызнаецца «воля» Войшалка над Полацкам.

Аб'яднанне Войшалкам вакол Наваградка Літоўскай і Нальшчанскай земляў, а таксама Дзяволтвы, саюз з Пінскам і Полацкам - усё гэта і было пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Першай сталіцай гэтай дзяржавы стаў Наваградак, а яго герб - коннік на белым кані з мячом у руцэ - дзяржаўным гербам Вялікага Княства. З тае прычыны, што Наваградак, які ўзнік на землях старажытнай Літвы, і сама Літва былі ядром новай дзяржавы, яна і атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ).

Утварэнне ВКЛ - гэта вынік эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх і балцкіх земляў. Дзяржава з'яўлялася перш за ўсё беларускай, і таму ў ёй панавалі беларуская мова, беларуская культура, беларускае права. Няшмат паспеў зрабіць Войшалк на велікакняжацкім пасадзе. У 1266 годзе ён разам з князем драгічынскім і луцкім Шварнам удзельнічаў у паходзе на Польшчу. Аб'яднанае руска-ліцьвінскае войска паваявала ваколіцы гарадоў Скарышава, Ваўжы і Таржка. Мабыць, ініцыятарам гэтага паходу выступіў Войшалк, бо Шварн, апраўдваючыся перад польскім каралём Баляславам, заявіў: «Не я, але Літва воевала». Баляслаў гэтаму не здзівіўся: «На Літву не скарджуся, бо яны з намі не маюць пакою»[8]. Сапраўды пасля таго, як Польшча і Мазовія сталі спрабаваць захапіць яцьвяжскія землі, «пакой» з Літвой скончыўся. І Міндоўг ваяваў з-за Яцьвязі з Мазовіяй, а вось зараз і Войшалк арганізаваў паход з мэтаю заваёвы яцьвяжскіх земляў[9]. Праўда, жаданай мэты ён не прынёс, аднак раскрыў Войшалкавы задумы - далучыць да Літвы і Яцьвязь.

Пасля заваёвы Літвы і другіх балцкіх земляў Войшалк задумаў хрысціць іх. Рэлігія разглядалася ім не толькі як магчымасць ідэалагічнага ўплыву на паганскае насельніцтва Літвы, але і як сродак асіміляцыі балтаў. Ужо пры ім вызначыўся адзін з галоўных напрамкаў у палітыцы ўладароў Вялікага Княства - абеларушванне балтаў па прынцыпу «адна дзяржава - адзін народ», што і выявілася ў вядомых артыкулах статута Вялікага Княства Літоўскага аб дзяржаўнасці беларускай мовы і прыманні на дзяржаўныя пасады тых феадалаў, якія ведалі яе.

З мэтай ахрысціць Літву Войшалк у 1265 годзе звяртаецца з просьбай у Пскоў прыслаць яму святароў, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы. Войшалк так і не дачакаўся іх. У гэты час пскоўскім князем быў вораг ягонага бацькі - нальшчанскі князь Даўмонт. Не дачакаўшыся адказу з Пскова, Войшалк адправіўся ў Палонінскі манастыр, каб набраць там манахаў.

А на велікакняжацкім пасадзе пакінуў Шварна. Той адгаворваў Войшалка ад вяртання ў манастыр, але ён адказаў: «Согрешил есмь много перед Богом и человеки, ты княжи, а земля ть опасена»[10]. Ён зноў надзеў клобук і расу, каб дзейнічаць як манах, бо, мабыць, асцерагаўся помсты князя Льва Данілавіча за тое, што «дал землю Литовскую брату яго Шварновы». Але той усё ж даведаўся аб прыездзе Войшалка ў Галіцка-Валынскае княства, і паслаў вестуна да Васількі: «Хотел бых снятися с тобою, абы туто и Войшелк был!..» Васілька паслаў да Войшалка: «Прислал ко мне Лев, а быхомся сняли; а не бойся ничего же»[11]. Войшалку нічога не засталося, як ехаць да свайго «сюзерэна» ва Ўладзімір-Валынскі. Паводле Іпацьеўскага летапісу, Леў Данілавіч і Войшалк сустрэліся ў доме нейкага немца Марколта, які паклікаў іх да сябе на абед. Госці селі «обедати и пити и веселитися». Васілька, напіўшыся, паехаў спаць дадому. Паехаў у манастыр, у якім спыніўся і Войшалк. Следам сюды прыехаў Леў Данілавіч і мовіў: «Куме! Напъемся»[12]. За хмельнымі чашамі і абудзіліся ў Льва даўнія крыўды на Войшалка. Галіцкі князь, відаць, пачаў пагрозамі патрабаваць ад Войшалка перадачы яму Наваградка. На гэта Войшалк не згадзіўся, чым выклікаў у Льва гнеў, і той у п'яным шаленстве выхапіў шаблю дый засек Войшалка.

Так трагічна і неспадзявана абарвалася жыццё гэтага чалавека.

Іншую версію забойства Войшалка падае «Кроніка Літоўская і Жамойцкая». Паводле кронікі, пасля смерці Данілы ягоныя сыны мячом пачалі дзяліць бацькоўскую спадчыну. Князь Леў Данілавіч захапіў Шварнаў удзел - Драгічынскую зямлю. Шварн звярнуўся па дапамогу да саўладальніка Наваградскага пасада. І Войшалк не прамінуў выкарыстаць спрыяльны момант нанесці ўдар па Галіцка-Валынскаму княству. На чале вялікага войска ён заняў Драгічынскую і Берасцейскую землі і рушыў на сталіцу Валыні Ўладзімір. Тут ужо Льву Данілавічу было не да варажнечы са сваякамі, ён адразу памірыўся з імі. Але ясна бачыў, што сіл супрацьстаяць Войшалку ў яго не хапае, а таму прыбегнуў да аблудлівасці. Праз пасрэдніцтва князя Ўладзіміра Леў запрасіў Войшалка на перамовы. Шварн і Васілька «верою своею» абяцалі Войшалку «безпеченство». І Войшалк паверыў іх клятве, спыніў сваё войска і з набліжонымі прыехаў ва Ўладзімір. Вось у манастыры святога Міхайлы п'яны князь Леў Данілавіч забіў Войшалка, рассекшы шабляй яму галаву. Гэта быў не хвілінны гнеў аслепленага злосцю чалавека, а загадзя спланаваная змова супраць ліцьвінскіх паслоў, бо «гасціныя» гаспадары ў тую ж ноч пасеклі іх, парэзалі сонных і бязбройных. Такая нябачная раней аблудлівасць абурыла Васільку і Шварна. Вечная ганьба лягла на дом Данілавічаў і Бог пакараў іх. Не прайшло і стагоддзя, як іх род вырадзіўся, спадчына стала здабыткам чужынцаў, а імёны забыліся. Яшчэ адзін яскравы прыклад містычнай сувязі паміж злачынствам і пакараннем. Рана ці позна любое злачынства будзе пакарана ці па законах зямных, ці па законах божых.

Смерць Войшалка ўжо нічога не вырашыла: Вялікае Княства не загінула. Наваградскі князь Шварн абараніў новую дзяржаву ад пасягнення галіцка-валынскіх заваёўнікаў. У бітве на рацэ Ясельдзе наваградскае войска да звання разграміла галіцка-валынскае. Пераможцам Шварн уехаў у Пінск і Тураў. Пасля смерці бяздзетнага Шварна ўладу ў Вялікім Княстве ўзяў у свае рукі князь Трайдзень. Сеўшы ў Наваградку, ён адбіў усе спробы галіцка-валынскіх князёў авалодаць Вялікім Княствам Літоўскім. Закладзены Войшалкам падмурак аказаўся трывалым. На ім і пабудавалі Войшалкавы наступнікі буйнейшую ў Эўропе дзяржаву, якая стала на многія стагоддзі агульным домам для ліцьвіноў, жамойтаў і ўкраінцаў.

 

Трайдзень. З пакалення рускага

 

Вельмі мала захавалася звестак пра Трайдзеня - князя, які пасля Войшалка падняўся на велікакняжацкі наваградскі пасад. Можна было б звярнуцца да ліцьвінскіх летапісаў ХVІ стагоддзя, але яны так зблыталі падзеі, якія адбываліся пры Міндоўгу, з падзеямі часоў Трайдзеня, што не выклікаюць даверу. Толькі з малой доляй дапушчэння можна ўслед за імі казаць, што Трайдзень быў малодшым сынам вялікага князя Нарымонта (гістарычныя крыніцы не ведаюць такога князя), а яго братам - крязь Гольша, легендарны продак князёў Гальшанскіх з пакалення рускага.

Паводле ліцьвінскіх летапісаў, Нарымонт пасадзіў Трайдзеня князем над яцьвягамі. Новы валадар «зарубил город, и назовет его Райгород»[1]. Нельга адмаўляць, што ў 60-х гадах Наваградак далучыў да сваіх уладанняў яцьвяжскія землі па рацэ Бобр, і Трайдзень быў тут наваградскім намеснікам*. На гэта, дарэчы, указвае і летапіс, кажучы, што Трайдзень «прибавил ятвяг»[2]. Красамоўны факт: горад, які нібыта заснаваў Трайдзень, насіў славянскую назву. Гэта яшчэ раз указвае, якая мова гучала ў вуснах Трайдзеня і хто быў ён па паходжанні.

* Т.Нарбут лічыў Трайдзеня князем Дайноўскім, які сядзеў у Лідзе[3].

Так, сапраўды яго імя славянскае, як і імёны яго братоў Борзы, Лесія, Свелкення і Серпуція. У Кроніцы Быхаўца сказана, што яны з «пакалення рускага». «Родство великих князей литовских» называе Трайдзеня сынам нашчадка полацкіх князёў Віда[4]. Распавядаюць летапісы пра тое, што Трайдзень «великие вальки чынил з Ляхи, и з Русю, и з Мазовшаны, и завжды зыскивал и над землями их сильные окрущества чынил»[5]. Што так, дык так - Трайдзень нямала паваяваў з ворагамі беларускай дзяржавы. Прыступы нянавісці выклікала ягонае імя ў крыжакоў, якія называлі яго Хіжым. А колькі жоўці і злосці выліў у яго адрас галіцка-валынскі летапісец! «Окаяньный и безаконьный, проклятый, немилостивый Тройден, яго же безаконья не могохом псати срама ради». Летапісец параўноўваў Трайдзеня з Ірадам і Неронам, не забыўшы дадаць, што ён «многа злейша того безаконья чиняша»[6], што ён ледзь не вораг чалавецтва, ледзь не ўвасабленне д'ябла. Летапісец хацеў хоць гэтак адпомсціць таму, хто паклаў канец дамаганням галіцка-валынскіх князёў на Наваградскую зямлю. Аднак словы летапісца наводзяць на думку і пра тое, што наваградскі князь быў чалавекам уладарным, рашучым і хітрым, які асабліва не выбіраў сродкі для дасягнення сваіх мэтаў і руку меў цяжкую, моцна трымаў у ёй ганарлівых князёў.

Войны для яго былі з'явай звычайнай: «...весь живот свой до войны и крови розляне простовал», - кажа «Кроніка Літоўская і Жамойцкая»[7]. Той трывожны час і вымагаў такога ўладара: крыжакі, галіцка-валынскія войскі, манголы, свае князі, якія пасля смерці Войшалка паднялі галаву і пагражалі незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага. Толькі цвёрды душой, мудры розумам, смелы ў брані мог адбіць варожую пагрозу.

Да таго як Трайдзень падняўся на велікакняжацкі пасад, яго імя звонам пераможных мячоў гучала ў Літве. Паводле «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», ён з вялікім войскам спустошыў Мазовію і Холмскую зямлю. Невядома, як дамогся Трайдзень улады: ці сілай, ці мірным шляхам. Але ў 1270 годзе ён «нача княжити в Литве».

Дванаццаць гадоў уладарыў Трайдзень. Для стагоддзяў - імгненне. Аднак і гэтага імгнення хапае, каб знікла ў нябыт не адна дзяржава, здавалася б, учора яшчэ моцная, непераможная, каб у попел ператварыліся яе квітнеючыя гарады. Дзе Эгіпет? Дзе Месапатамія? Дзе дзяржава ганарлівых рымлян? Дзе Хазарыя? Дзе Волжская Булгарыя?

У гады княжання Трайдзеня старажытнай беларускай дзяржаве выпалі цяжкія выпрабаванні. Расправіўшыся з прусамі, земігаламі, выйшлі да межаў Вялікага Княства крыжакі і ўжо ў марах дзялілі яго землі. У прадсмяротнай агоніі, абапіраючыся на золатаардынскія тумены, двойчы спрабавала Галіцка-Валынскае княства пакончыць з Наваградкам. Калі б не выстаяла ў гэты час Вялікае Княства Літоўскае, калі б перамаглі яго ворагі, які лёс чакаў бы нашых продкаў? Лёс полаўцаў? Прусаў? Яцьвягаў?

З самага пачатку свайго княжання Трайдзеню прыйшлося браць меч. Упартая барацьба распачалася паміж ім і валынскім князем Уладзімірам Васількавічам. І хоць ваявалі яны «не великими ратями», але крыві пралілі нямала. Загінулі Трайдзеневы браты Борза, Лесій і Свелкеній. З малых іскраў гатовы быў успыхнуць агонь вялікай вайны. І ён успыхнуў. Зусім нечакана Трайдзень пасылае гарадзенскую дружыну на Драгічын-на-Бузе, які належаў галіцкаму князю Льву Данілавічу. А з ім жа Трайдзень «живаше во величе любови, шлюче многа дары межи собою»[8]. Чым жа растлумачыць дзеі вялікага князя? Тым, што «забыв любви Лвови»? Тады трэба прызнаць, што на наваградскім пасадзе сядзеў валадар, які не ведаў, што тварыў. Было ж ясна, што напад на Драгічын парушыць мір паміж Наваградкам і Галічам. Але ўсё ж паслаў гарадзенцаў, і тыя ў ноч на Вялікдзень захапілі горад, «избиша вся и мала и до велика».

Не трэба літаральна верыць у летапіснае паведамленне. Летапісец быў верны традыцыі паказваць ворагаў ягонай зямлі як аспідаў неміласцівых, прагных да крыві хрысціянскай. Якой жорсткай не была расправа над драгічынцамі, але наўрад ці ўсе яны загінулі пад шаблямі гарадзенцаў. Хутчэй за ўсё смерць напаткала ваяроў і гараджан, якія са зброяй абаранялі свой горад. Усіх астатніх вывелі ў палон.

Ці не быў напад на Драгічын помстай Льву Данілавічу? Аб чым маўчыць летапіс, чаго не сказаў летапісец? А мо не ведаў усіх палітычных таямніц галіцкага князя? Даць загад на такое жорсткае пакаранне драгічынцаў Трайдзень мог у гневе на Льва Данілавіча за здраду, за патаемную падтрымку Ўладзіміра Васількавіча. Калі згадаць пра злахітрасць і аблуднасць галіцкага князя, які ўжо дагэтуль парушыў святы закон гасціннасці - забіў вялікага князя Войшалка, - дык можна ўявіць, што і з Трайдзенем ён збіраўся расправіцца не ў адкрытым баі, а хітрасцю і ашуканствам, ударам у спіну. І вось угневаны Трайдзень паслаў на Драгічын свае войскі.

А гэтага толькі і чакаў Леў Данілавіч: «И посла в татары ко великому царю Меньгаут-Мереви, прося себе помочи у него на Литвоу»[9], - як паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Галіцкаму князю карцела вымусіць Трайдзеня пачаць з ім вайну. Цяпер галіцкія паслы палохаюць ардынскага валадара Трайдзенем: маўляў, хоча захапіць ханскі ўлус. Разлік правільны. Хан шле да Льва Данілавіча войска пад зверхнасцю Ягурчына, а разам з тым прымушае ісці на Літву і князёў, што знаходзіліся ў «волі татарскай»: Рамана Бранскага, Глеба Смаленскага і «иные князии заднепровские». Да гэтай кааліцыі далучыліся тураўскія і пінскія дружыны. Леў Данілавіч прагне захапіць Літву разам з Наваградкам, дзе можна было б набраць нямала скарбу дарагога, каб ім выплочваць ардыншчыну. Лядашчая дзяржава галіцка-валынскіх князёў, якая ўжо занепадала, яшчэ мелася пажывіцца за чужы кошт, каб выратавацца ад загубы.

Ды не ўсё так адбылося, як хацелася Льву Данілавічу. Ні Раман Бранскі, ні Глеб Смаленскі, ні князі задняпроўскія не збіраліся класці свае галовы за галіцкія інтарэсы. Глеб і Раман не спяшалі ў сечу і адсталі ад асноўных войскаў. А тураўскія і пінскія князі ўвогуле ўхіліліся ад паходу. Мсціславу Холмскаму прыйшлося са сваімі ваярамі караць аслушнікаў, плюндраваць Палессе. Удар, які, паводле задумы Льва Данілавіча, павінен быў стаць смяротным для Вялікага Княства, мог яшчэ атрымацца моцным, але не атрымаўся.

Саюзнікі падышлі да Наваградка, акружылі яго і сталі чакаць падыходу смаленска-бранскіх дружын. І тут Леў Данілавіч не вытрымаў. Навошта з кімсьці дзяліцца ворапам (нарабаванай здабычай) і здабыткам? У сваёй неспатольнай празе здабычы князь дзейнічаў не як дзяржаўны муж, а як звычайны таць з лясных гушчароў. «Лев же лесть учини межи братью своею, оутаивше Мстислава и Володимера взя окольный град»[10]. Так апавядае нам Іпацьеўскі летапіс пра гэты «подзвіг» галіцкага князя. І не словы падтрымкі, ухвалы, нават зайздрасці, а абурэння і гневу зляталі з вуснаў князёў і татарскіх важароў, калі яны даведаліся аб дзеяннях Льва Данілавіча. Хаўруснікі так перасварыліся між сабою, што ўжо не маглі дамовіцца аб далейшых дзеях супраць Літвы і з «гневом про Льва» вярнуліся назад.

Так закончыўся гэты паход. Нібыта пашчасціла Трайдзеню: без бою здабыў перамогу. Дзень за днём мацаваў ён Вялікае Княства Літоўскае, жорстка распраўляўся з праціўніўкамі нутранага адзінства, што марылі аб самастойнасці і гатовы былі ў міжусобных спрэчках і войнах аслабляць дзяржаву. Уцёк у Лівонію Суксе, так і не дамогся самастойнасці Нальшчанаў, якія канчаткова зліліся з Літвой у адзіны палітычны арганізм. Паступова падпадае ў залежнасць ад Наваградка і другая балцкая зямля - Аўкштота.

Менавіта пры Трайдзене на аснове беларускіх вайсковых традыцый - знакамітай Пагоні - складваецца сістэма абароны Вялікага Княства ад варожых нашэсцяў. Трайдзень распачаў справу, якую пасля яго працягнулі Віцень і Гедзімін, Альгерд і Вітаўт, - будаваць замкі. Першая мураваная вежа ўзведзена ў Наваградку, «столп бо без камен» паўстаў у Горадні. На дарогах, што вялі з суседніх краін, рабіліся засекі і завалы дрэў, насыпаліся земляныя валы. Дзень і ноч на памежных заставах несла службу варта. Пры з'яўленні ворага падаваўся вогнішчамі знак наступнай заставе. Тут жа пра небяспеку папярэджвалі сёлы і гарады. Мужчыны браліся за зброю: удзел у вайне з ворагам быў абавязкам кожнага з іх.

Падумаў Трайдзень і пра «камунікацыю». Уцёкшых ад крыжакоў прусаў князь наўмысна рассяляе ля перапраў цераз Нёман, прызначыўшы ім павіннасць будаваць масты. Ён стварае добра ўзброенае і навучанае ратнай справе войска, якое ходзіць на Валынь, Падляшша, Мазовію, Лівонію.

Мацнела, падымалася з попелу былых пажарышчаў, поўнілася жыццёвай сілай Нёманская зямля.

Леў Данілавіч яшчэ спадзяецца скарыць Вялікае Княства Літоўскае. Не атрымалася раз, можа, дасць Бог перамогу за другім разам. Ён не складвае зброі і разам з Уладзімірам Васількавічам нападае на Турыйск і на Слонім. У адказ Трайдзень пасылае свайго брата Серпуція «воевать около Камене». Не, на доўгую вайну ў галіцка-валынскіх князёў не хапае сілаў, патрэбна перадышка. Але ці надоўга заключаны мір паміж імі і Трайдзенем? Разумеюць, што ненадоўга. Вялікі князь спяшаецца з войскам пад Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), дзе крыжакі паспешліва ўзвялі на мяжы з Літвой і Полацкай зямлёй крэпасць. А ў Льва Данілавіча іншы клопат: ён рыхтуецца да новага паходу на Наваградчыну. Адправіліся ў Залатую Арду паслы са скаргамі на Літву: зноў яна зарыцца на ханскі ўлус. Уладзімір Васількавіч паставіў на мяжы з Вялікім Княствам новы град-крэпасць Камянец. «Градоруб» Алекса ўзвёў славутую Камянецкую вежу.

А тым часам Трайдзень ваюе Дынабург. Здабыць яго нялёгка, бо, размешчаны на высокім абрывістым беразе Дзвіны, акружаны мурамі, крыжацкі замак амаль непрыступны. І хоць Трайдзень вядзе аблогу па ўсіх правілах тагачасных войнаў, крэпасцю яму не авалодаць. Пабудаваны чатыры вялікія рухомыя вежы для штурму - балісты, штоночы кідаюць на замак камяні. На дапамогу Трайдзеню прыходзяць «рускія лучнікі». Імі маглі быць толькі палачане, бо ні ў пскоўскіх, ні ў ноўгарадскіх летапісах няма ўспамінаў аб паходзе пскавічоў або ноўгарадцаў пад Дынабург. Можа, пра гэтае полацкае войска паведамляў на берасцяной грамаце, датаванай прыкладна тым часам, ноўгарадскі пасаднік: «Пришел искупник (выкуплены палонны. - В.Ч.) из Полоцка. Сообщает о большом войске. Пришлите же пшеницы для гарнизона»[11]. Тая грамата лепш за ўсе летапісныя паведамленні сведчыць пра нерастрачаную моц Полацка. Адно паведамленне пра вялікае полацкае войска, як бачым, выклікала трывогу ў Ноўгарадзе. Толькі не на Ноўгарад пайшлі палачане, а пад Дынабург.

Чатыры тыдні доўжылася аблога. А пасля гэтага Трайдзень павёў сваё войска з-пад сцен Дынабурга. Не, гэта не прызнанне бяссілля. Калі б у Трайдзеня быў час, ён узяў бы замак на змор. А часу якраз і бракавала. На паўднёвых межах гучала бразганне зброі: Леў Данілавіч рыхтаваў сваё воінства ў паход, і трэба было спяшацца сустрэць яго.

Усё ж такі ў 1277 годзе пад Дынабургам атрымана перамога і важная - над узаемным недаверам паміж ліцьвінамі і наваградцамі, з аднаго боку, і палачанамі - з другога. Не ворагамі адзін аднаму, не праціўнікамі прадсталі яны, а саюзнікамі, у якіх адзін вораг, братамі, што адчуваюць сваю этнічную блізкасць, разумеюць агульнасць лёсу, ведаюць: будучыня не ў раз'яднанні, а ў адзінстве. Пад Дынабургам зроблены яшчэ адзін крок дзвюх беларускіх дзяржаў - Вялікага Княства Літоўскага і Полацкай зямлі - да аб'яднання ў адну дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. Гэта здарыцца пры Вялікім князі Віцені, але ідэя нараджалася ўжо тады, у 1277 годзе.

А Дынабургам Трайдзень усё ж авалодаў. У 1281 годзе ён захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад Лівоніі і прымусіў крыжакоў аддаць яму крэпасць узамен захопленага Герцыке.

Галіцкім паслам удалося вымаліць у Залатой Арды войска пад павадырствам ваяводы Мамшына. Разам з мангола-татарамі і галічанамі ў паход на Наваградак выправіліся і валынскія князі. Праўда, замест сябе Леў Данілавіч паслаў сына Юрыя. І зноў гэтае жаданне замест бітваў рабаваць сёлы і гарады, нібыта адзінае, аб чым марылі, дык аб багатай здабычы.

Мамшынава раць адразу накіравалася да Наваградка. А што ж галіцка-валынскія князі? Яны сабраліся ў Берасці, дзе і даведаліся, што татары ўжо каля сталіцы Вялікага Княства. І што, паспяшалі на дапамогу сваім хаўруснікам? Як бы не так! «Поедем к Новоугродкоу а тамо оуже татарове извоевали все»[12]. І да Наваградка не пайшлі, адправіліся «ко Городкоу» - там татары яшчэ не зваявалі нічога. Але чым бліжэй Горадня, тым болей трывожна на сэрцы ў князёў, каб хто з іх «лесть не учинил». Ужо за Ваўкавыскам луцкі князь Мсціслаў і Юрый Галіцкі, утоіўшыся ад Уладзіміра Васількавіча, паслалі свае дружыны плендраваць гарадзенскія ваколіцы. І, пэўна, няблага папрацавалі. Сп'янеўшы ад удачы, дружыннікі разбілі на ноч стан і забыліся пра варту. Перабежчык паведаміў пра гэта гарадзенцам. А тыя раздумваць не сталі. Тут жа была накіравана дружына прусаў і борцей, якія жылі ў горадзе. «И избиша я все, и дроугим изоимаша и в город ведоша»[13], - паведамляе Іпацьеўскі летапіс. Паранены ваявода Таюма трапіў у палон. Мсціславаў сын, «наг и бос», ледзь уцёк да бацькі.

Раз'ятраныя князі наступным днём сталі палком перад горадам. Толькі гараджане, «аки мертва стояша на забролях города»[14], мужна адбілі штурм. Такога адпору князі не чакалі. Адзінае, што заставалася: прасіць міру, «како города ими не имати»[15], ды ісці прэч. Так і зрабілі. І князі, атрымаўшы на знак міру палонных, «городу не вспеша ничего же тако возвратиша во свояси»[16]. Так бясслаўна скончыўся паход.

Аднак у той жа час з поўначы рухаўся новы вораг - крыжакі. Вялікае войска - ордэнская брація, дружыны ліваў, лэтаў, земігалаў, куршаў, дацкіх і нямецкіх рыцараў - адправілася ў крыжовы паход. Трайдзень, які, відаць, у гэты час знаходзіўся на Наваградчыне, не змог сустрэць ворага. Усю зіму крыжакі беспакарана рабавалі Аўкштоту, але кара іх не абмінула. Трайдзень са сваёй дружынай кінуўся па слядах захопнікаў, калі яны са здабычай і палонам вярталіся ў Рыгу. Ужо ў межах Лівоніі, пад Ашэрадэнам, Трайдзень нагнаў крыжакоў. 5 сакавіка ў жорсткай сечы ліцьвінскае войска разбіла ордэнцаў. Сам магістр Эрнэст і 71 ордэнскі брат загінулі. Дружыны земігалаў, ліваў, лэтаў разбегліся, толькі датчане, якія трапілі ў акружэнне і страцілі свайго важара Эйларта, здолелі прабіцца праз шэрагі Трайдзеневых вояў.

Калі вестка пра паразу крыжакоў дасягнула Земгаліі, там успыхнула паўстанне супраць Ордэна. Узначаліў земгалаў Наймес, які прызнаў сябе васалам Трайдзеня. Паўстанцы захапілі крыжацкія замкі, а палонных адправілі да Трайдзеня ў надзеі на яго дапамогу.

Але галоўную пагрозу Вялікаму Княству Трайдзень бачыў у Прускім ордэне, Рыцары няўмольна прыбіралі да рук Прусію. І адчаяная барацьба прусаў не магла спыніць іх. Трайдзень, нягледзячы на тое, што і самому даводзілася адбівацца ад ворага, падтрымліваў прусаў і яцьвягаў. Так, у 1277 годзе дружыны з Вялікага Княства ўдзельнічалі ў паходзе на Хельмінскую зямлю чатырохтысячнага атрада яцьвяжскага князя Скомунда. У 1280 годзе Трайдзень зноў шле сваё войска на дапамогу яцьвягам у паходзе на Самбію. Па яго ж загаду і Найміс хадзіў на Памезанію. Ды Ордэн быў мацнейшым. Адну за другую скаралі крыжакі прускія землі. Натоўпы прусаў і яцьвягаў уцякалі з Радзімы ў Вялікае Княства. Трайдзень даваў ім прытулак на землях Наваградчыны, воінаў прымаў у свае дружыны. Па сутнасці Вялікае Княства Літоўскае знаходзілася ў варожым акружэнні. Суседнія дзяржавы паглядалі на Наваградскую зямлю і Літву, як на ахвяру будучых заваёў, кожны марыў адарваць сабе кавалак зямліцы: Ордэн - Аўкштоту, Залатая Арда - Наваградчыну. Відавочна, што пры такім становішчы выстаяць няпроста.

Трайдзень падтрымліваў земгалаў, прусаў, яцьвягаў у іх вайне з Ордэнам, але разумеў, што, нягледзячы на іх мужнасць і гераізм, асуджаны яны на паразу. Ну, год, два, дзесяць будуць абараняцца ад крыжакоў, але не выстаяць ім. А значыцца, ужо Вялікаму Княству ўступаць у доўгую і цяжкую вайну з Ордэнам. Каб гэтага не здарылася, патрэбен мір з Польшчаю, або Мазовіяй, або з Галіцка-Валынскім княствам.

Польшча - хаўруснік Ордэна. Трайдзень спрабуе разарваць гэты саюз. У канцы 1278 года князь пасылае брата Серпуція з раццю на дапамогу яцьвягам, якія ваявалі Мазовію і Ўсходнюю Польшчу. Аж да Любліна дайшлі яцьвяжскія і ліцьвінскія дружыны. Больш за ўсё выпала на долю Мазовіі. Мазавецкія князі, каб выратаваць свае землі ад спусташальных нашэсцяў, разарвалі адносіны з Ордэнам і запрасілі ў Трайдзеня прымірэння. У 1279 годзе быў заключаны мір паміж Мазовіяй і Вялікім Княствам. Мазавецкі князь Баляслаў ажаніўся з Трайдзенавай дачкой Гайдамундай-Софіяй. Саюз гэты быў накіраваны як супраць Ордэна, так і супраць Польшчы. Пад гэты год М.Стрыйкоўскі адносіць шлюб паміж Трайдзенем і мазавецкай княгіняй Ганнай. Паводле падання, Трайдзень з дружынай захапіў замак Бабін, які належаў князю Конраду Земавітавічу. Сам князь у гэты час паляваў на звера ў навакольных лясах, а ў замку засталася ягоная хворая маці ды сястра Ганна. Уварваўшыся ў замак, ліцьвіны пачалі рабаваць яго. У адным з пакояў Трайдзеня сустрэла Ганна, і ён, уражаны яе прыгажоскю, апусціў меч. Быў ён чалавекам хуткім на рашэнні і адразу прапанаваў Ганне стаць ягонай жонкай. Ганна адказала, што дзеля гэтага трэба спыніць рабаванне і бязбройным прасіць дазвол на шлюб яе маці. Трайдзень паслухаўся, зняў з сябе зброю і адправіўся ў пакой да Ганнавай маці. Між тым вярнуўся з палявання Конрад, і Трайдзень выйшаў яму на сустрэчу, і таксама прасіў у яго сабе ў жонкі Ганну. Конрад прадставіў права выбару сястры, і яна, жадаючы міру паміж Літвой і Мазовіяй, згадзілася пайсці за Трайдзеня[17]. Калі гэта сапраўды адбылося ў 1279 годзе, дык значыць першая Трайдзенева жонка да гэтага часу памерла і ад яе ён меў двух дачок названых Софіяй. Іх хрысціянскія імёны сведчаць, што яны спавядалі хрысціянства, а значыць, і Трайдзень быў хрысціянінам.

Усё актыўней Трайдзень вядзе палітыку на міжнароднай арэне. Хочаш не хочаш, а з Вялікім Княствам павінны лічыцца і Галіцка-Валынскае княства, і Залатая Арда, і Ордэн, і Польшча, і Полацкая зямля. Гэта быў час сталення Вялікага Княства, нялёгкі час. У 1282 годзе Трайдзень загінуў ад рукі змоўшчыкаў. Сын нальшчанскага князя Даўмонта Полюш марыў адваяваць ад Літвы Нальшчаны. Ён уцек у Ордэн, прыняў каталіцтва і стаў рабіць набегі з рыцарамі на Літву і Нальшчаны. Аднак такі сродак барацьбы з Трайдзенем не прынёс яму поспеху, тады ён задумаў забіць вялікага князя. Гэта і зрабілі два ягоных памагатых, мабыць, нальшчанцы Стуманд і Гірдзела, якія адразу ж уцяклі ў Ордэн[18]. Але ворагі ліцьвінскай дзяржавы пралічыліся - яна пасля Трайдзеневай смерці не заняпала і не развалілася, як, напрыклад, Галіцка-Валынскае княства пасля смерці Данілы Галіцкага. Было каму на Літве і ў Наваградку захаваць адзінства і моц Вялікага Княства Літоўскага.

Дванаццаць гадоў з мячом у руках Трайдзень бараніў нашу Бацькаўшчыну ад ворагаў. Дванаццаць гадоў на мяжы быць або не быць?.. Быць нашым продкам вольнымі на сваёй спрадвечнай зямлі, быць на ёй гаспадарамі, быць іхнім спевам і паданням, гучаць іх мове ці паўтарыць лёс полаўцаў, яцьвягаў, прусаў і знікнуць у небыцці. «Быць!» - такім быў адказ Трайдзеня.

 

Даўмонт. Сны аб Радзіме

 

Князю снілася Бацькаўшчына. У снах ён вяртаўся да яе. Раніцай князь сумна паглядаў з вокнаў палат у бок ліцьвінскай мяжы, туды, дзе ляжала зямля бацькоў - Нальшчанская*. Зямля бурштынавых лясоў і крынічнай сінявы азёраў і рэк, старажытных міфаў і паданняў. Зямля, дзе свята верылі ў адухоўленасць нябёсаў, зямлі і водаў, дзе гарэў нязгасны агонь Зніча. Край, дзе князь нарадзіўся. Пад зорамі якога спазнаў ён каханне жанчыны. З крыніц якога наталяў смагу. Там засталося ягонае дзяцінства, там адгаралі дні ягонага юнацтва.

* Нальшчанская зямля - паўночны захад Беларусі, раён Крэва, Гальшанаў, Ашмянаў.

У мігаценні агменя бачылася князю палыханне Зніча. У завыванні зімовага ветру, вясновым шапаценні зялёных вяршалін, у тужлівым мармытанні восеньскіх дажджоў чуўся князю спеў нальшчанскіх пушчаў. І нават у шматгалоссі знаменных распеваў чулася песня роднага краю, яго хвалюючы кліч. І бачылася князю вечаровае сонца, што стомлена пакідала залітае рабінавай чырванню неба і кацілася за спічастую сцяну лесу. Апошнія промні бліскавіцамі зіхацелі на рачных хвалях. А на беразе бачылася адзінокая постаць хлопчыка, на пачцівай адлегласці - узброеныя слугі, што суправаджалі яго. Хто гэта? Гэта ён - Даўмонт. Яшчэ не дарос ён да сядла. Яшчэ далёка яму да баявых паходаў, і птах славы яшчэ не пралятаў над ім. Бацька ўпершыню ўзяў яго ў аб'езд па Нальшчанскай зямлі. Вось бацька падыходзіць да яго, кладзе на плячо руку. А за ракой зямля крывічоў. Памяць зберагла ў віхуры падзей і панесла праз не адно кола часу гэтую яву далёкага дзяцінства. Бацькаўшчына - яна сонцам, заходзячым за лес, рэчкай, на хвалях якой мігацелі сонечныя промні - апошняй мяжой перад Чужыншчынай, крыніцамі, у якіх спаталяў смагу, і бурштынавымі стваламі хваін - гэтымі вобразамі жыла ў ягоным сэрцы. І водар скошаных траў... І крыкі драчоў на лугах... І бацькоўская рука на плячы... Як гэта было даўно!

Нікому князь не казаў пра свае сны.

Даўно ў князя была другая Айчына - Пскоў. Даўно ён насіў другое імя - Цімафей. Даўно забыта бацькоўская вера.

Каму-каму, а яму грэх наракаць на лёс. Не напаткала князя смерць, як многіх, з кім сутыкнуўся на шляхах зямных. Няма ўжо Міндоўга, Таўцівіла, Траняты, Войшалка. Не туляецца ён ізгоем пры дварах лівонскіх рыцараў, як той Суксе. Ужо якое дзесяцігоддзе ён улюбёнец і абраннік пскоўскі. Любяць яго пскавічы за храбрасць і ўмельства ў ратным баі, багалюбства і дабрачыннасць да люду хрысціянскага, спагаду да сірот і ўдавіц, за дух разумнасці святой, за дзеянні дзеля прыбытку і славы Пскова. І слаўнае імя ягонае вядома не толькі ў Пскове, але і ў іншых краях і землях. Шматмудрыя мніхі-летапісцы заносяць ягоныя дзеянні на старонкі летапісаў нашчадкам для павучання і памяці, параўноўваюць яго з вялікім Аляксандрам Неўскім - князем князёў, ваяводам ваявод. Грэх наракаць на лёс.

Малады быў тады князь нальшчанскі Даўмонт, калі на Літве прагным звычаем брат пайшоў на брата. Дружалюбства і іншыя добрыя норавы забыў Міндоўг, зірнуць смерці ў вочы многіх ліцьвіноў прымусіў, правам і вольнасцям баярскім гвалт ад яго стаў. Улады, славы, пажытку, новых зямель Міндоўгу хацелася. Але болей, чым князю, хацелася гэтага ягоным воям і прыяцелям-наваградцам. Ім патрэбна была Літва, ужо даўно абжытая і заселеная крывічамі ды дрыгавічамі. Наваградак прагнуў уладарыць Літвою, і Міндоўг быў мячом, якім наваградскае баярства ваявала яе. Паклікалі яго ў Наваградак. Сказалі: «Прымі веру нашу - і будзеш князем». Прыняў Хрост. І стаў князем. А што ён, князь нальшчанскі? Ён укленчыў перад наваградскім князем. З Міндоўгам звязвала сваяцтва - іхнія жонкі былі сёстры. Часта гасцяваў у Міндоўгавым доме і не раз прымаў будучага ліцьвінскага караля ў сваім.

Да Міндоўга тоіў ён нелюбоў. Неміласцівы на кроў, вуздою хцівасці абрытаны, хіжы і злахітры. Сэрца сваё да сяброў і паплечнікаў зачыніў і лічыў іх сваімі галдоўнікамі (тымі, хто плаціць дань). Ад боязі за карону і кволасці ўлады было гэта.

І здзіўляла Міндоўгава любоў да жонкі Марфы. Была яна тым чалавекам, ля якога забываўся ён пра цяжар улады. Калі памерла яна, тугою і смуткам пакутаваў былы кароль. Ці не ейныя незабыўныя рысы ўбачыліся Міндоўгу ў твары Даўмонтавай жонкі, ці не голас Даўмонтавай жонкі нагадваў яму голас каханай? І гвалтам узяў за сябе чужую жонку.

Стрываць, змірыцца з абразай, праглынуць крыўду? А дзе гонар? Можна дараваць учарашняму ворагу, які просіць у цябе літасці, зла не памятаць, пусціць у сваё жытло, пасадзіць побач за сталом, падняць кубак за любоў і яднанне, але як дараваць таму, каму служыў без хітрасці, а ўзнагародай табе - здзек? Аднак хто ён, Даўмонт, а хто - Міндоўг? Вялікая сіла ў Міндоўга - моцная ў бранях наваградская дружына. І малая - у яго, у Даўмонта. Не паспееш і меч падняць на вялікага князя, як сам без галавы ляжаш ля ягоных ног.

А тут Транята. Той ведаў, што яму трэба ад іншых. Прагнуў жамойцкі князь улады, і таму, хто мог дапамагчы яму, гатовы быў дапамагчы і ён. Так яны змовіліся. І падышла ноч, калі іхнія воі акружылі Міндоўгаў дом. Без шуму, нібы прывіды, выраслі яны з начной цемры перад вартай і пасеклі яе. Сам Транята і Даўмонт кінуліся ў велікакняжацкія пакоі. Кароль спаў. Соннага яго ў ложку і забілі. І сыноў ягоных - Руклю і Рэпенью - забілі. Хіба дзеці прычынілі яму зло? Навошта было гэтае забойства? Каб ніхто не змог узяць меч помсты, каб ніхто не адпомсціў за Міндоўга.

Было каму помсціць за Міндоўга - Войшалку. Ён з-пад Пінска прыйшоў на Літву, у Верхняе Панямонне. Наваградскія дружыннікі і баяры, пінчукі - сіла вялікая. Літасці нальшчанцы не чакалі. Уцёкамі выратаваўся Даўмонт. Тады не ведаў, што назаўсёды пакідае Бацькаўшчыну. Не мог князь прадбачыць, што рыхтуе яму лёс. Ды і думаць пра гэта не думаў. Смерць была побач - ратаваўся ад яе. І толькі вось цяпер, пасля столькіх гадоў, смуткам адзывалася ў душы памяць аб Бацькаўшчыне. А была магчымасць вярнуцца. Была. Загінуў Войшалк. У Наваградку сеў Войшалкаў швагер Шварн Раманавіч: можна было вяртацца. Не вярнуўся, застаўся ў Пскове.

Пскоў - малодшы брат «господина Великого Новгорода». Малодшы прагнуў роўнасці са старэйшым. Малодшаму надакучыла несці цяжар залежнасці ад старэйшага. Малодшы марыў пра вольны дух вечавы. Ноўгарад, аслеплены велічнасцю, па-ранейшаму прызнаваў Пскоў сваім прыгарадам. І не болей. Па-ранейшаму ноўгарадскае веча вырашыла лёс пскавічоў. Толькі вось у бедах, калі імклівым набегам ваявала Пскоўшчыну Літва або прыпаўзаў да яе межаў жалезны цмок крыжацкай навалы, не спяшаў старэйшы брат дапамагчы малодшаму, і ўсё часцей пскавічы адбіваліся ад ворага сваімі сіламі. Пскоў шукаў выйсце і часта не лепшае знаходзіў. Мір з крыжакамі, які заключылі яны, не прынёс чаканага. Давялося пакласці за Ордэн многіх лепшых мужоў сваіх у бітве з жамойтамі пры Шаўлях у памятным 1236 годзе. А праз чатыры гады Ордэн, сабраўшыся сіламі, рушыў свае закутыя ў браню «свінні» на пскоўскую зямлю. Ізборск і Пскоў расплаціліся за лішнюю даверлівасць незалежнасцю. Праз два гады Аляксандар Неўскі разбіў крыжакоў і вызваліў Пскоў, але на гэтым вайна з імі не закончылася.

Пскову патрэбны быў баявы князь, які адвагу і ўмельства яўляў бы ў рацях, які мог бы адстаяць інтарэсы пскоўскія перад Ноўгарадам, які разбіраўся б ва ўсіх хітраспляценнях адносін літоўска-рускіх, ноўгарадска-рускіх і ў супярэчнасцях іхніх шукаў выгаду для Пскова. Надзеі ўскладалі на Даўмонта. Пскавічы добра разлічылі. У ізгоя выбару мала, нават зусім няма - значыць, волі вечавой падначаліцца. Падтрымку ў іншых землях яму цяжка знайсці - значыць, стане даражыць месцам баявога князя. А вопыту баявога Даўмонт паднабраўся нямала. Чаму б не ўзяць яго? Узялі ж палачане Таўцівіла, і верай і праўдай служыў ім, атрымаўшы ад іх імя Добры.

«И крещен был бысть у соборной церкви святой Троицы и наречено было имя ему в Святом крещении Тимофей», - пакіне летапісец паведамленне пра Даўмонтава хрышчэнне[1]. А пасля адразу выпрабаванне. Вядзі, княжа, дружыну ў паход. І павёў Даўмонт пскавічоў на сваю былую Бацькаўшчыну. Не гонару сабе шукаці ішлі пскавічы, не імя слаўнага, нават не здабытку. Хай пралье Даўмонт кроў былых суайчыннікаў, хай гора і слёзы прынясе Літве, каб не вабіла яго дарога назад. Разумеў гэта Даўмонт, а вёў патаемнымі сцежкамі ў Нальшчаны пскоўскую дружыну. Праз адрачэнне ад Радзімы мог ён застацца ў Пскове і адрокся. За ўсё прыходзіцца плаціць у гэтым свеце. За вячыстае шчасце на нябёсах - адрачэннем ад зямных радасцей. За каханне да жанчыны - неспакоем душэўным. За славу ваярскую - крывёй. І ён таксама плаціў...

Браталюбна жыў раней з Гердзенем, полацкім князем, а цяпер - вораг яму. На ягоныя землі напаў і аб браталюбстве забыў, аб сваяцтве. Хацелі гэтага ад яго пскавічы - і ён падняў на Гердзеня меч, і не па-ваярску ў адкрытым баі, а, як таць, патаемна. Гвалту і рабавання не спыняў. Закон войнаў святы. Узятае зброяй у ворага - тваё. Нямала здабыткаў пскавічы захапілі, нямала палону павялі з сабою. Паланянкай стала і жонка Гердзеня з двума сынамі. Праўда, не ўзяў грэх на душу, не пакараў іх смерцю.

Гердзень з дружынай у семсот ваяроў дагнаў яго за Дзвіной. І хаця толькі сотню вояў і меў Даўмонт, але бой прыняў. Уцякаць? Толькі пераможцам мог ён вярнуцца назад у горад. Абняславіць сябе баязлівасцю - пазбавіцца пасаду пскоўскага. «Браты, мужы, пскавічы, хто стары - той бацька мне, а хто малады - той брат; чуваць пра вашу мужнасць ва ўсіх краінах: дык вось жа, браты, нам выбіраць жывот і смерць: браты, мужы пскоўскія, падніміцеся за святую Тройцу і за святыя цэрквы, за сваю айчыну», - заклікаў ён пскавічоў за сабою ў бой[2]. Першым рушыў у сечу Даўмонт.

І кожны раз, апускаючы цяжкі меч на галовы нальшчанцаў, ён нібыта зноў рассякаў тыя павязі, што яшчэ злучалі яго з Бацькаўшчынай.

Той бой ён выйграў. У Літве яго імя клялі - у Пскове славілі. І ў Ноўгарадзе з пачцівасцю аднесліся да новага пскоўскага князя. Таму і не падтрымалі ноўгарадцы вялікага князя ўладзімірскага Яраслава, калі той з сваімі палкамі прыйшоў у Ноўгарад з прапановаю рушыць паходам на Пскоў, каб выгнаць Даўмонта.

У наступным 1267 годзе Даўмонт зноў павёў на Літву пскавічоў, цяпер ужо разам з ноўгарадцамі. І зноў прынёс Бацькаўшчыне кроў і слёзы. Новай Радзіме служыў верай і праўдай. Хто ў дакор слова скажа? Усякае было: смяротная пагроза ад вялікага князя Яраслава, выгнанне з Пскрва і зноў вяртанне ў горад, сечы з крыжакамі, паходы ў Лівонію, адраджэнне спаленых пскоўскіх пасадаў, узвядзенне крамля.

Перамогамі над крыжакамі праславіў імя сваё Даўмонт. У 1268 годзе ягоныя воі разам з ноўгарадцамі, князем Дзмітрыем Аляксандравічам і дружынамі Яраслава пасля жорсткай сечы ля Кергольма разбілі ордэнскае войска. У баі гэтым загадваў ён правым крылом, стрымліваючы націск жалезнай «свінні». Пасля перамогі агнём і мячом прайшоўся князь з пскавічамі па Эсцейскай зямлі да самага мора. Магістр Отан, помсцячы пскавічам, праз год прывёў пад сцены Пскова васемнаццаць тысяч ваяроў Хрыстовых. Тыя падзеі ўжо сталі легендай, дзе прыдуманае і праўдзівае пераплялося, як карані дрэў... Адзнаку пераможнага мяча атрымаў ад пскоўскага князя на твары сам магістр. І крыжакі адступілі. Як адступалі яны і пазней - у 1271 і 1272 гадах, - так і не перамогшы Даўмонта.

На многія гады адбіў ён ахвоту ў крыжакоў хадзіць на Паўночную Русь, на многія гады дараваў Пскову мір. Цэлае пакаленне пскавічоў вырасла не пад звон мячоў, а пад спевы жнеяў і гучанне саборных званоў. Ягоным клопатам аперазаўся горад каменнай сцяной, сама моцнай на Русі. Імем прышлага князя называецца сцяна і цяпер - Даўмонтаў град. Пскоў рос, багацеў, набіраўся моцы перад новымі выпрабаваннямі. Славілі пскавічы свайго ўладара. Шчаслівы, зайздросны лёс.

Усё часцей снілася князю Бацькаўшчына, на крылах памяці ляцеў ён туды. Там і сонца не такое, там і месяц не такі, там і зоркі не такія, там і дрэвы не такія, там усё да болю роднае, мілае, апетае моваю матчынаю, там усё сваё. Там засталося маленства, там ягонае юнацтва. Там спяць вечным сном яго бацькі. Апавядаюць, што легендарны Ўсяслаў Чарадзей у Кіеве звон сваёй Сафіі Полацкай чуў. І да яго, Даўмонта, людзі трызнілі аб страчанай Бацькаўшчыне. А можа, ад старасці гэта? Жыццё, як знічка, дагарае. І цягне азірнуцца назад. А там бачыцца постаць хлопчыка на рачным беразе, а побач - постаць ягонага бацькі. І сонца ўжо зайшло за лес. Напіцца б вады з тае ракі...

Стары князь зноў возьме ў рукі пераможны меч і разаб'е крыжакоў, што з'явяцца пад Пскоў. «Бысть сеча зла яко николи яше тока не бывала у Пскове»[3]. Гэта адбудзецца ў сакавіку 1299 года. А праз месяц князь памрэ.

«Гэты князь не адной храбрасцю быў паказаны ад Бога, але і богалюбцам паказаўся, у міры ветлівы і цэрквы ўпрыгожваў і папоў, і жабракоў любіў і ўсе святы чэсна праводзіў, і папоў і чэрнецоў карміў і міластыню даваў сіротам і ўдовіцам». «Быў тады жаль вялікі ў Пскове, мужам, жонкам і малым дзецям, па добрым уладары прававерным князю Цімафеі»[4].

Так запісалі летапісцы.

І не хлусілі яны. Дзіўныя справы твае, пане Божа! Змірыла свой гонар пыха ў сэрцы чалавека, прасветленага тваёй верай. Узвышаны нізкі і нягодны тваёй любоўю да святога прызначэння - служыць людзям. Іншая тайна жыцця, іншы сэнс жыцця раскрыліся перад дзікуном і рабаўніком. І гэтая тайна абараніла ад бед, і гэты сэнс усцярог ягоную душу ад вечнай няволі цемры і зла. Той, хто спазнаў любоў да Бога, той спазнаў і гэтую тайну, і гэты сэнс. Іх існасць не выкажаш словам - гэта адчуеш душой. І хай нам, нашчадкам ліцьвіноў, хай нашай легендарнай Літве-маці руплівым заступнікам будзе і святы Цімафей. У коле нябёсных заступнікаў нашай Айчыны і ён бярэ на сябе нашы грахі і нашу паняверку, і ён, нябесны віцязь, абараняе бацькоўскую зямлю ад цяжкіх выпрабаванняў. Хай малітва святога Цімафея падтрымае нас: «Пане Божа, дай нам сіл, мы людзі твае, авечкі пожні тваёй, імя тваё заклікаем, зміласціся над лагоднымі людзьмі сваімі, і змірэнных узвысі, і ганарлівых высокія думкі спакладзі, хай не апусцее пожня авечак тваіх».

...У адзін з летніх дзён 1299 года літоўска-пскоўскую мяжу пераехаў атрад вершнікаў. Суправаджалі яны Даўмонтавага сына - князя Давыда. Сын выканаў перадсмяротную волю бацькі - вярнуўся на зямлю сваіх продкаў. Што чакала яго на ёй? Але гэта ўжо новы аповяд пра славутага ваяводу ліцьвінскіх дружын Давыда Гарадзенскага.

 

Давыд Гарадзенскі. Меч і слава

 

Вялікі князь літоўскі Віцень прымаў Давыда, сына былога нальшчанскага і пскоўскага князя Даўмонта. У яго дзёрзкім поглядзе адчуваў Віцень смеласць і ганарыстасць. Што прывяло Давыда на Літву? Віцень хацеў верыць, што малады князь, выконваючы наказ свайго бацькі, вярнуўся ў яго Айчыну, каб служыць ёй. Хацеў верыць і сумняваўся. А што, калі ён задумаў вярнуць вотчыну? Абжывецца, агледзіцца, а пасля пакліча пскавічоў і разам з імі пачне адваёўваць Нальшчаны. Не ўдасца - уцячэ да крыжакоў.

Для асцярогі ў Віценя меліся сур'ёзныя падставы. Каторы ўжо год ваюе Літву князь Полюш. Таксама імкнецца вярнуць страчаныя бацькоўскія землі. Як воўк, па патаемных сцежках вядзе за сабою крыжацкія зграі ў глыб Вялікага Княства. Колькі сёлаў папаліў, колькі крыві праліў. Чатыры гады таму, у 1296 годзе, разам з тэўтонамі напаў на Нальшчанскую зямлю, дзе сваяк яго гуляў вяселле сваёй дачкі. Семсот гасцей - знатных князёў, баяраў, вояў - забіў, а маладых, жанчын і дзяцей вывеў у палон. І гэта толькі адзін Полюш. А калі вось і гэты ганарысты юнак возьме меч у рукі і стане ваяваць Вялікае Княства? Нутраныя ворагі небяспечнейшыя за знешніх. Хіба лёс Міндоўга таму не прыклад? Учарашнія паплечнікі нанеслі першаму каралю Літвы здрадніцкі ўдар. Аднак пры ўсёй асцярожнасці нельга адмовіць Давыду, не ўзяць яго на службу: праз Давыда можна нарэшце памірыцца з Псковам, знайсці саюзніка ў барацьбе з крыжакамі, гандляваць з пскавічамі.

...Іншы раз, калі думаеш аб лёсе той ці іншай гістарычнай асобы, задаеш пытанне: ці мог бы ён стаць тым, кім стаў для гісторыі, калі б жыў у іншым часе, ці змог бы праявіць сябе ў іншых абставінах? Ці быў бы Давыд тым славутым ваяводам і як склаўся б яго лёс, калі б застаўся ён у Пскове? Можна гадаць, можна ўяўляць. Мог быць ён любімым пскавічамі, а маглі яны выправадзіць яго з горада, як гэта здаралася не з адным князем, і туляўся б ён ізгоем па чужых дварах. Толькі прадчуваў малады князь, што ў Літве чакае яго слава, прызнанне, каханне, што там, на бацькавай радзіме, ён патрэбнейшы, чым у Пскове, і рашыўся - ад'ехаў з горада, у якім нарадзіўся.

Не адразу Віцень паслаў Давыда кашталянам у Горадню, трымаў каля сябе і ўвачавідкі пераканаўся і ў вернасці свайго васала, і ў яго рыцарстве, адвазе, ваяводскім таленце. У паходах не шукаў сабе Давыд бяспечнага месца, пераносіў, як і воі, усе нястачы і цяжкасці, у бітвах не хаваўся за чужыя спіны, змагаўся з ворагам у першых шэрагах. Малады, дзейсны і адважны князь спадабаўся Віценю, таму і даверыў ён Давыду абарону Горадні.

Назначэнне Давыда адбылося якраз напярэдадні аднаўлення вайсковых дзеяў паміж Тэўтонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім. Сам Ордэн быў заснаваны нямецкімі рыцарамі ў 1197 годзе ў Палесціне. Але, так і не дамогшыся перамогі над арабамі, тэўтоны перанеслі сваю дзейнасць у Эўропу. Пад добразычлівай апекай папы рымскага Ганорыя ІІІ Ордэн набыў землі ў Германіі, Італіі. Атрымаўшы запрашэнне вугорскага караля Андрэя ІІ, атабарыўся ў Сяміграддзе, паабяцаўшы ахоўваць усходнія межы краіны ад ваяўнічых полаўцаў. Не вайна з полаўцамі вабіла тэўтонаў, а новыя землі. Кароль своечасова разгледзеў сапраўднае аблічча «хрыстовых вояў» і сілай выгнаў іх з Вугоршчыны. Але і цяпер Ордэн не застаўся без справы. Мазавецкі князь Конрад звярнуўся да яго па дапамогу ў вайне супраць прусаў. Тэўтоны перабраліся ў Прусію, і з падтрымкай і блаславеннем папскай курыі прыняліся заваёўваць прускія землі. Нічым не адрозніваліся яны ад лівонскіх рыцараў, агнём і мячом скаралі прусаў. Пасля паразы тэўтонаў, што нанёс галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч, пасля бітвы пры Сауле (сучасны Шаўляй у Летуве) у 1237 годзе, калі жамойцка-куршскія войскі разбілі войска лівонскіх крыжакоў, Тэўтонскі і Лівонскі ордэны аб'ядналіся.

Ні перамогі над ордэнскімі войскамі, ні гераізм прускіх вояў не змаглі стрымаць крыжацкі наступ на Прусію. Уся Заходняя Эўропа падтрымлівала Ордэн. Здрадніцкі ўдар у спіну нанёс прусам Міндоўг сваім мірам з крыжакамі. У 1283 годзе Прусія была скорана. Рэшткі прусаў знайшлі прытулак у Літве, астатніх асімілявалі немцы. Ордэнскія ўладанні раскінуліся ад Ніжняй Віслы да Нёмана, ад паўночнай мяжы Мазовіі да Балтыйскага мора.

Для ўтрымання заваявальных земляў Ордэн будаваў гарады і крэпасці, запрашаў туды каланістаў з Германіі. Асаблівая ўвага надавалася войску. У ім пры абозе і на караблях служылі нямецкія сяляне, у лёгкай кавалерыі - прусы, у цяжкай кавалерыі - рыцары са сваімі васаламі. Апроч таго, Ордэн звяртаўся па дапамогу да шматлікіх паломнікаў, якія прыязджалі ў Прусію. А каб прыцягнуць іх да сябе, не сквапіўся на куплю святынь царквы, мошчаў святых, якім пакланяліся вернікі.

Уважліва сачылі ў Ордэне за развіццём вайсковай справы ў Эўропе. Усё навейшае ўзбраенне выкарыстоўвалі ў сябе. Так, у 1324 годзе ў Эўропе з'явілася гармата, а ўжо праз чатыры гады Ордэн валодаў паходнымі, абложнымі і марскімі гарматамі. Навейшае ўзбраенне, матэрыяльная падтрымка Германіі, строгая дысцыпліна, вайсковая вывучка рабілі ордэнскае войска адным з лепшых. У паходах своечасова вызначаўся парадак руху харугваў, праводзілася віжаванне маршруту. Войска ахоўвалася авангардам і ар'ергардам. Без дазволу старэйшага ніхто не мог выйсці з шэрагу або зняць даспехі.

Вось такі вораг стаяў каля мяжы Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў наступным годзе пасля скарэння Прусіі крыжакі перайшлі яе і свой першы ўдар нанеслі па Горадні. Дзякуючы дапамозе князя Скомунда, выхадца з Прусіі, які патаемна правёў тэўтонаў да горада, яны захапілі і спалілі яго. Разумеючы важнае стратэгічнае значэнне Горадні, Віцень зноў аднавіў паселішча, умацаваў замак. Узімку 1296 года камандор Ордэна Зігфрыд Рэйберг спрабаваў штурмам авалодаць замкам, але яго войска было адбіта. Увесну таго ж года ўмацаванне штурмавалі крыжакі з камандорам Генрыхам Зугівертам на чале, і зноў без поспеху.

Сюды, у Горадню, і адправіўся Давыд.

Непрыступным быў гарадзенскі замак. На крутой трыццацімятровай гары ўзвышаліся па-над Нёманам яго сцены. Аб высокую каменную вежу-данжон («столп камен») не раз разбіваліся штурмавыя хвалі варожых рацей. Але не толькі на непрыступнасць сценаў і вежаў спадзяваўся Давыд. Ён дзейсна ўзяўся за стварэнне баявой дружыны, з якой можна і бараніць замак, і хадзіць у далёкія паходы. І такую дружыну Давыд стварыў. А крыжакоў доўга чакаць не давялося. Зімою 1305 года брандэнбургскі комтур Конрад Ліхтэнхатэн з ордэнскім войскам асадзіў замак. Пад кіраўніцтвам Давыда гарадзенцы два дні змагаліся супраць крыжакоў, пакуль на дапамогу не падаспела Віценева дружына.

Праз год крыжакі паўтарылі паход на Горадню. На гэты раз кёнігсбергскі комтур Эбехард фон Вірненбург прывёў з сабою 100 рыцараў і 6 тысяч вояў. Крыжакі ўварваліся ў горад, захапілі падзамча, разбурылі і спалілі гарадскі пасад. Але, калі рынуліся на штурм замка, іх сустрэў град стрэлаў, дроцікаў, камянёў. У разгар бою Давыд вывеў дружыну з брамы і адкінуў крыжакоў ад сцен. Да самых поцемкаў кіпеў бой. Той жа ноччу крыжакі адступілі за Нёман.

У 1311 годзе ваколіцы Горадні спустошыў атрад Ота фон Бертана. Праз некалькі месяцаў славуты Генрых фон Процкі, былы ордэнскі магістр, а зараз вялікі маршал, што ў адной з бітваў у Прусіі разбіў чатырохтысячны атрад Віценя, сабраў вялікае войска. Нейкі гарадзенскі баярын, якога калісьці маршал вызваліў з палону, абяцаў яму дапамагчы авалодаць горадам. Да гарадзенцаў прыйшоў Віцень з дружынай, і, калі крыжакі з'явіліся пад сценамі Гарадзенскага замка, іх чакалі стройныя шэрагі ліцьвінскага войска. Вялікі маршал так і не прыняў бой, паспешліва адступіў ад горада.

Першыя перамогі Давыда над крыжакамі развеялі ўсе сумненні Віценя адносна мэтаў сына Даўмонта: не, не дзеля ўлады, не дзеля барацьбы за бацькоўскую воласць прыехаў ён у Вялікае Княства, а служыць яму. З гэтага часу вялікі князь у вайсковых і дзяржаўных справах аддаваў перавагу Давыду і перад сваімі братамі, і перад прыбліжанымі.

Менавіта князю Давыду Віцень даручыў у 1314 годзе абарону Наваградка. Ордэн вырашыў нанесці ўдар у самае сэрца Вялікага Княства. У верасні дзве арміі пад кіраўніцтвам таго ж Генрыха фон Процкі выправіліся ў паход на Літву, на яе сталіцу Наваградак. Войска рухалася двума шляхамі: конніца - па дарозе ўздоўж Нёмана, а астатнія воі плылі на караблях па рацэ. Пасля кожнага пераходу крыжакі рабілі склады з правіянтам і выстаўлялі каля іх шматлікую ахову. Усе сёлы, што сустракаліся на шляху, рабаваліся і спальваліся. Так тэўтоны дабраліся да Наваградка. Захапіўшы гарадскія прадмесці, яны спрабавалі штурмаваць замак. Сустрэўшы адчайнае супраціўленне наваградцаў, крыжакі адступілі. Яны ўзялі замак у аблогу і разбілі каля яго баявы стан. Назаўтра штурм аднавіўся. Рыцарам у цяжкіх даспехах нязручна было падымацца на высокую замкавую гару, таму яны пакінулі баявое аблачэнне ў лагеры. Наваградцы мужна абараняліся ад ворага, кідалі на галовы штурмуючых камяні і бярвенні, стралялі з лукаў.

А з Горадні на дапамогу са сваёй дружынай выступіў Давыд. Дзейнічаў ён не сілаю, а хітрасцю і смеласцю. Гарадзенцы напалі на крыжацкія склады з правіянтам, перабілі варту і забралі ўсе прыпасы. Пасля Давыд нечакана з'явіўся каля стаянкі ордэнскага флоту на Нёмане, захапіў і спаліў караблі. Патаемнымі сцежкамі дружына зайшла крыжакам у тыл, потым імклівай атакай уварвалася ў крыжацкі стан, перабіла 30 чалавек аховы, авалодала даспехамі, абозам, павяла з сабою 1500 коней. Гэты напад Давыда на крыжацкі лагер быў настолькі дзёрзкім і нечаканым, што напужаныя тэўтоны, чакаючы новага ўдару ліцьвіноў, спынілі штурм і ў баявым парадку адступілі ад Наваградка. Варта ім было дайсці да Нёмана, дзе павінен быў знаходзіцца флот, і ўбачыць, што караблі спаленыя, як роспач і замятня расстроілі ордэнскія шэрагі. Войска страціла ўсялякую дысцыпліну. Рыцары, не слухаючы комтураў і камандораў, пакідалі зброю, параненых таварышаў і кінуліся наўцёкі. Не здолеўшы здабыць сабе ежы, тэўтоны харчаваліся карэннямі і травамі, сілы пакідалі іх. І ўвесь час іх непакоілі атрады ліцьвінскіх вояў, што нападалі з засадаў. Амаль усё крыжацкае войска загінула ад голаду, знясілення і ад зброі пагрозлівых мсціўцаў з Горадні. Толькі адзінкі праз шэсць тыдняў вярнуліся дадому. Бясслаўная гібель крыжацкага войска аслабіла моц Ордэна. З шаленствам, схаваўшыся за непрыступныя сцены Марыенбурга, рыцары пазіралі, як ліцьвінскія дружыны спусташалі Прусію. Арганізаваць ім адпор не хапала сілаў. Чатыры гады не асмельваліся тэўтоны нападаць на Вялікае Княства.

У 1315 годзе, вяртаючыся з паходу ў Прусію, загінуў Віцень. На велікакняжацкі пасад сеў Віценеў сын Гедзімін. Можна было чакаць, што пры новым вярхоўным уладары Вялікага Княства зменяцца адносіны да фаварыта ягонага бацькі. Але не, Гедзімін таксама вылучаў гарадзенскага кашталяна сярод усіх сваіх дзяржаўных мужоў. Ён жа аддаў за Давыда сваю дачку Біруту. Выпадак выключны, калі нагадаць, што Гедзімін праз шлюб сваіх дачок парадніўся з уладарамі Ўсходняй Эўропы: маскоўскім, цвярскім, галіцка-валынскім, мазавецкім князямі, а таксама з польскім каралём. Значыць, высока цаніў вялікі князь Давыда Гарадзенскага, даражыў яго дружбай.

І не дарэмна давяраў Гедзімін свайму зяцю: любую адказную вайсковую акцыю Давыд выконваў бліскуча, з той падманлівай лёгкасцю і ўдачлівасцю, за якой хаваецца штодзённая цяжкая праца з дружынай, рэдкая вайсковая адоранасць і доблесць, пагарда да небяспекі і смерці. Калі ў 1319 годзе крыжакі рыхтаваліся да паходу на Жамойць, Гедзімін паслаў на Прусію Давыда Гарадзенскага. З васьмістамі вершнікаў ліцьвінскі ваявода дасягнуў прускай правінцыі Вегендорф, непрыкметна апынуўся ў ордэнскіх уладаннях і, як снег на галаву, з'явіўся ў самай глыбіні Прусіі. Крыжакі ад нечаканасці так і не здолелі абараніцца. Разрабаваўшы Вегендорф, Давыд без перашкод вывеў сваю дружыну з Прусіі.

Пасля гэтага паходу па ўсёй Аўкштоце, Літве і Наваградчыне разнеслася слава аб адважным ваяводзе з Горадні. Дасягнула яна і Пскова. Згадалі пскавічы сына свайго ўлюбёнца - князя Даўмонта, згадалі перад нялёгкімі выпрабаваннямі, калі лівонскія і дацкія рыцары збіралі раці для паходу на Пскоў, і запрасілі ў 1322 годзе Давыда да сябе. Паводле лівонскіх дакументаў, крыжакі, устрывожаныя запрашэннем у Пскоў Давыда, заключылі ў студзені 1323 года хаўрус з Ноўгарадам і, каб вымусіць пскавічоў адмовіцца ад свайго рашэння, захапілі Гдоў, перабілі на Чудскім возеры пскоўскіх купцоў. У гэты час у Пскове знаходзіўся маскоўскі князь Юрый Данілавіч, брат Івана Каліты, і пскавічы звярнуліся да яго, просячы адпомсціць крыжакам. Маскоўскі князь, не жадаючы звязвацца з Ордэнам, палахліва пакінуў горад і ад'ехаў у Ноўгарад. Тады пскавічы адправілі пасла ў Горадню - да Давыда, і ён паспяшаў на іхні кліч. Далучыўшы да гарадзенскай дружыны пскоўскіх вояў, Давыд пайшоў у Эстонію.

Попел пакідалі пасля сябе Давыдавы воі. Быў узяты штурмам Рэвель (сучасны Талін). Рыцарскі краніст Петр Дузбург пісаў, што Давыд забіў «многіх святароў, парафіяльных і манастырскіх. Святыні царквы, святыя ўборы і посуд бажніцы, і ўсё, што адносілася да набажэнства, ён бесчалавечна ганьбіў і раскрадаў»[1]. Не верыцца, што сам Давыд асабіста забіваў манахаў, рабаваў цэрквы. Безумоўна, аўтар кронікі жадаў ачарніць гарадзенскага ваяводу, прыпісаць яму антыхрысціянскія ўчынкі. Але і тое, што расправа з крыжакамі была жорсткаю, праўда. У многіх вояў з гарадзенскай і пскоўскай дружын загінулі ад крыжацкіх мячоў сваякі і блізкія, і воі забыліся аб літасці. А многія, як звычайна, імкнуліся абагаціцца ў паходзе.

З вялікім войскам лівонскія рыцары пагналіся ўслед за Давыдам і 13 красавіка падышлі да Пскова. Трое сутак прабылі яны каля Даўмонтава града. Увесь гэты час Давыд знаходзіўся на крапасных сценах. Напад крыжакоў быў адбіты, і яны без славы пайшлі прэч. А Давыда пад вітальныя крыкі пскавічы праводзілі дадому.

З тужлівым сэрцам пакідаў ён Пскоў. Многа роднага і памятнага засталося ў гэтым горадзе. Калі яшчэ прыедзе сюды? Аднак лёс зноў прывёў Давыда ў горад юнацтва ўжо праз месяц.

Пасля ад'езду з Пскова ліцьвінскага ваяводы лівонцы асмялелі і ў маі на ладдзях і конях рушылі да горада. Кіраваў рыцарамі намеснік лівонскага правінцыйнага магістра Кецельгод. Васемнаццаць дзён працягвалася аблога. Крыжакі абстрэльвалі горад з каменямётаў, разбуралі сцены сценабітнымі машынамі. Пры першым жа прыступе ворага загінуў пскоўскі пасаднік Сяліла Алексініч, пскавічы засталіся без правадыра. Адзінае выратаванне ў гэтым становішчы - дапамога Ноўгарада. Некалькі вестуноў «з многою печялию и тугою» паслалі пскавічы да князя Юрыя Данілавіча. Ён і зараз спалохаўся, «не помогоша».

А на дапамогу Пскову «приспе князь Давыд из Литвы с людьми своими»[2]. Дзень і ноч, не шкадуючы ні сябе, ні коней, імчаліся гарадзенцы. Кароткі адпачынак - і зноў у дарогу. У гэты час з Ізборска выступіў князь Астафій і ўдарыў па крыжаках. Давыд паспеў у самы разгар бітвы і адкінуў ордэнцаў за раку Вялікую. Усе асадныя машыны і каменямёты дасталіся пераможцам. Крыжакі ўцяклі ў Лівонію.

Сяброўства з Давыдам Гарадзенскім шукае Рыга. У пасланні рады горада Гедзіміну ад 1323 года чытаем: «Пасля даведаліся мы, быццам пан Давыд стаў цяпер князем пскоўскім. А паколькі вы з ім вельмі блізкія сябры, дык мы настойліва просім вашу міласць не адмовіць зрабіць так, каб з вашага ўплывовага пасрэдніцтва ён стаў сябрам нашага горада і заступнікам нашых суайчыннікаў, таму што яны не аднойчы праязджаюць праз яго землі»[3].

Не здолеўшы перамагчы ліцьвінскага ваяводу ў адкрытым баі, Ордэн вырашыў расправіцца з ім хітрасцю. У раннюю вясну 1324 года атрад з 600 крыжакоў патаемна прабраўся ў гарадзенскія ваколіцы і напаў на родавае памесце Давыда. Усіх, хто там жыў, напаткала смерць. Пад мячамі крыжакоў, відаць, загінула і жонка Давыда, Бірута. Сам ён у гэты час знаходзіўся ў Горадні, а калі з дружынай паспяшыў дадому, крыжакі паспелі ўцячы за мяжу. Толькі попел убачыў Давыд на месцы свайго дома.

Жорсткай і крывавай, інакш не назавеш, была помста Давыда Гарадзенскага. У тым жа годзе ён з гарадзенцамі напаў на саюзніка тэўтонаў - Мазовію. Гарадзенская дружына ўзяла штурмам горад Пулуцк, авалодала 130 сёламі, разбурыла 30 касцёлаў, вывела ў няволю 2 тысячы палонных. Адначасова Гедзімін спустошыў Добрынскую зямлю. Па Польшчы быў нанесены сакрушальны ўдар. Польскі кароль Уладзіслаў Лакетак адправіў да Гедзіміна пасольства з прапановай заключыць хаўрус супраць крыжакоў. Вялікі князь прыняў гэтую прапанову і, каб умацаваць саюз, выдаў сваю дачку Альдону (у хрышчэнні - Ганну) за сына Ўладзіслава - Казіміра і вярнуў з палону 20 тысяч палякаў. Мірны саюз з Вялікім Княствам заключыла і Мазовія. І гэтую дамову Гедзімін змацаваў шлюбам сваёй дачкі Марыі з мазавецкім князем Трайдзенем.

Упершыню супраць Ордэна выступілі Вялікае Княства Літоўскае і Польшча. Давыд Гарадзенскі з 1200 ліцьвінскімі ваярамі і польскім атрадам уварваўся ў Брандэнбургскую мархію. Саюзнае войска дайшло да Франкфурта-на-Одэры, захапіўшы 6 тысяч палонных. На зваротным шляху падкуплены крыжакамі мазавецкі рыцар Анджэй Гост, скарыстаўшы даверлівасць Давыда, прыйшоў да яго ў шацёр і па-здрадніцку забіў ваяводу. Па даўняй славянскай традыцыі ліцьвінскія ваяры на шчытах прынеслі цела свайго правадыра ў Горадню. Пахавалі Давыда на беразе Нёмана, каля Каложскай царквы. І назаўсёды застаўся Давыд на зямлі сваіх продкаў.

 

Віцень. Віцязь Пагоні

Гедзімін. Заснавальнік дынастыі

Альгерд. Слуга дзяржавы

Андрэй Полацкі. Час подзвігу надышоў

Вітаўт. Слаўны ва ўсіх землях

Свідрыгайла. «...На Вялікім Княстве Рускім»

Казімір. Паміж Скілай і Харыбдай

Аляксандар. «А называлі яго міласцівым»


1987-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая