epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Легенда паўстання

Жыццё Эміліі Плятэр стала легендай, а яе імя - сімвалам самаахвярнай любові да Айчыны. Яе подзвіг услаўлены паэтамі і мастакамі. Яе параўноўвалі з Жанай д'Арк. За сваё кароткае жыццё яна зрабіла тое, на што іншы і за доўгія гады не здатны. А не здатны таму, што не гарыць у яго душы агонь патрыятызму, не кліча няўрымслівасць, а боязь перад небяспекай захоўвае яго за сценамі дома. Але не толькі сваёй самаахвярнасцю і гераізмам увайшла ў гісторыю Эмілія Плятэр, але і як адна з першых беларускіх паэтак і фалькларыстак. На жаль, яшчэ не знойдзена нічога з яе паэтычнай спадчыны, што дазволіла б нам убачыць у Эміліі не воіна, а паэта. Хаця само жыццё яе было ўжо гераічнай паэзіяй змагання...

Нарадзілася Эмілія 13 студзеня 1806 года ў Вільні. Бацька яе, граф Францішак Ксаверый, паходзіў са старажытнага нямецкага роду Плятэраў, а маці Ана Моль была з Браслава. І не нацыянальная прыналежнасць, а Радзіма вызначыла светапогляд юнай графіні.

Сямейнае жыццё бацькоў Эміліі не склалася. Маці з дачкой жылі ў маёнтку Ліксна каля Дынабурга. Адукацыю дзяўчынка атрымала дома. Захаплялася яна гісторыяй і, як не дзіўна, матэматыкай. Такой дваістай і расла Эмілія - смелая і сарамлівая, мужная і пяшчотная, узнёслая і разважлівая. Навучылася яна ездзіць вярхом на кані, страляць з пісталета. І марыла пра подзвіг. «Ад дзіцячых гадоў была думка, што калісьці пайду я на вайну», - казала яна пазней. Вось і выхоўвала з сябе воіна. А кумірам яе быў Тадэвуш Касцюшка. Таму і не дзіўна, што дзяўчына расла патрыётам роднага краю. Хоць ніхто не мог і прадбачыць, што гэтае невялічкае дзяўчо гартуе ў сабе дух змагара.

Эмілія часта прыязджала ў Віцебск да сям'і Марксаў, бо шчыра сябравала з маці Максіміляна Казіміра. Яе прыезд быў святам для Марксаў. Эмілія галасіста спявала беларускія песні і танчыла пад радасныя воклічы гаспадароў і іх гасцей: «Ну паненка, ну дзявуха! Ды яшчэ і якая дзявуха - залатая дзявуха!» 3 успамінаў Маркса Эмілія паўстае рамантычнай асобай. «Першая яна, - бадай, я не памыляюся, - з запалам, уласцівым чулым, высакародным сэрцам, аддалася душою беларускаму люду, вывучала яго бяду, спачувала ёй, стараючыся па магчымасці аблегчыць яе, збірала, спявала яго песні, шчодра плаціла за іх дастаўку і спрабавала пяро ў іх наследаванні. На фартэпіяна яна ўмела найвыразней перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дуды. ...Голасам, у якім, здаецца, чуліся стагоддзі, яна пачынала:

 

Авой, авой, дзяцюк ты мой!

Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся!

 

І ўсе выпрабаванні, усе пакуты жыцця беларускага мужыка падрабязна тут пералічваліся, дакладна апісваліся, глыбока наноў перажываліся».

Безумоўна, гэтыя два радкі не даюць поўнага ўяўлення пра паэтычны дар Эміліі. Але яе творчасць - з'ява знакавая. Як і Ян Чачот, і яго сябры філаматы, як і Ян Баршчэўскі, Эмілія Плятэр была прадвесніцай беларускага Адраджэння.

Вось яшчэ адно каштоўнае сведчанне Маркса пра Эмілію. «Апошні яе прыезд вельмі памятны для мяне. Было мне амаль адзінаццаць гадоў. У горадзе кватараваў у той час нейкі коннагвардзейскі полк - гусарскі ці ўланскі, - добра не памятаю. Заможная, ласая на прыгоды вайсковая моладзь, захопленая строем панны Плятэр, шалёна круцілася каля яе, а яна, прыгнечаная занадтай настойлівасцю, не заўсёды зграбнымі заляцаннямі тых, як іх у вочы называла, паўночных амураў, ухілялася як толькі магла ад баляванняў і сходаў, адгаворваючыся, звычайна, дрэнным самаадчуваннем і хаваючыся ў маёй маці - сваёй улюбёнай Касі - на прыяцельскія пяшчоты і гутаркі». Як бачым, не пацехі і забавы вабілі Эмілію.

Калі ў 1831 годзе пачалося паўстанне супраць царызму, Эмілія ўзяла ў рукі зброю. Яна стварыла невялічкі атрад з чатырох дзяўчат. 29 сакавіка ў мястэчку Дусяты выступіла з прамовай перад людзьмі, заклікаючы іх падняцца на паўстанне. Яе радасна прывіталі: «Няхай жыве графіня Эмілія! Няхай жыве наша ясная паненка!» І яе гарачы заклік адгукнуўся ў людскіх сэрцах. У атрад Плятэр уступіла 280 стральцоў, 60 вершнікаў і некалькі сот касінераў.

У першым баі 2 красавіка паўстанцы разбілі пяхотны аддзел царскіх войск. Перамога надала паўстанцам веры ў свае сілы. Эмілія вырашыла рушыць на Дынабург і захапіць горад. Між тым дынабургскі камендант выслаў супраць паўстанцаў два аддзелы пяхоты. Разведчыкі своечасова данеслі Эміліі пра набліжэнне ворага. Паўстанцы падрыхтаваліся да бою. Царскія жаўнеры трапілі ў засаду і былі разбіты. Праследуючы ўцекачоў, Эмілія хацела з ходу ўзяць Дынабург. Каля горада дарогу паўстанцам загарадзіў батальён пяхоты з гарматамі. Пачаўся бой. Агонь гармат змяў паўстанцкія шэрагі. Паўстанцы адступілі.

Рэшткі атрада Эмілія далучыла да атрада свайго стрыечнага брата Цэзара, а сама ў суправаджэнні ад'ютанта Марыі Прушынскай ляснымі сцежкамі дабралася ў ваколіцы Упіты. Тут дзейнічаў паўстанцкі корпус генерала Караля Залускага. Па просьбе Эміліі Залускі залічыў яе да аддзела вольных стральцоў. Увесь цяжар вайсковага жыцця Эмілія пераносіла мужна і адважна змагалася з ворагам. У баі 4 траўня каля вёскі Прыставяны яна была ў першых шэрагах, хоць паўстанцы прайгралі гэты бой і адступілі.

На дапамогу Залускаму з Польшчы прыйшоў корпус генерала Хлапоўскага. Генерал раіў Эміліі вярнуцца дадому, аднак яна адказала: «Вырашыла змагацца, пакуль не вернем незалежнасць». Гэта было рашэнне шчырага патрыёта свайго краю і сапраўднага воіна. Зрэшты, і сам генерал пераканаўся, што ў мужнасці і адвазе гэтая дзяўчына не саступіць выпрабаваным жаўнерам. Хлапоўскі надаў Плятэр чын капітана і назначыў ганаровым водцам роты ў пяхотным палку.

У корпусе Хлапоўскага змагаўся і Ігнат Дамейка. Пазней ён напіша пра легендарную паўстанку: «Плятаранцы можна было даць не болей за 24 гады. Невялічкая ростам, бледная, не прыгажуня, але з акруглым, прыемным, сімпатычным тварам, блакітнымі вачыма, стройнага, хоць і не моцнага складу. Была паважная, хутчэй суровая, чым свойская, у абыходжанні, малагаваркая і поглядам нібыта патрабавала да сябе належных адносін і прыстойнасці. Дый ніхто ў лагеры не дазваляў у яе прысутнасці кінуць якое недарэчнае слова, жарт або паграшыць у ветлівым абыходжанні. На ёй быў шарачковы сурдут з чырвоным каўняром, а каля шыі каўнерык, што вельмі ёй пасавала, невялікі мужчынскі ківер на галаве, валасы падрэзаны, шырокія, да зямлі шаравары, на поясе кінжал і невялікая шабля, срэбныя шпоры на боціках. Сціплая, без усякай ненатуральнай прэтэнзіі, зграбна трымалася на кані». Гэта ўжо не тая гарэзлівая і жартаўлівая дзяўчынка, якая са шчырасцю юнацтва радуецца жыццю. Цяпер яна воін і водца змагароў за свабоду. Пасталела і ўзмужнела на вачах. Яе духоўная моц надае ёй рысы міфічнага героя. Яе жыццё - подзвіг дзеля роднага краю. Дамейка нагадвае, што ў баі каля Вільні 19 чэрвеня Эмілію бачылі смелай, адважнай пад карцечным агнём. Пад ёй забілі каня, і яна грымнулася на зямлю. Рызыкуючы сабой, маёр Станіслаў Мацэвіч прарваўся да Эміліі, пасадзіў яе на свайго каня і паскакаў ад пагоні ў лес. У іншым баі, пад Шаўляем, Эмілія заслужыла пахвалу генерала Хлапоўскага: «Высокай мужнасцю і адвагай вызначыўся капітан Эмілія Плятэр». Гэта быў яе апошні бой. Праз колькі часу Дамейка распавядзе пра гераічную літвінку Адаму Міцкевічу, і той напіша пра яе верш «Смерць палкоўніка». Гэтак свет даведаўся пра подзвіг Эміліі Плятэр.

Пад ударамі царскіх войск паўстанцы адступалі да прускай мяжы. Зрабілася зразумела, што паўстанне разбіта. Хлапоўскі вырашыў весці паўстанцаў у Прусію, каб там здацца на міласць прускіх улад. «Лепей было б памерці са славай, чым скончыць такім ганебным прыніжэннем», - заявіла Эмілія. Удзельнічаць у гэтай «ганьбе для народа» яна не хацела. «Што да мяне, дык пакуль чую іскру жыцця ў грудзях, буду біцца за Айчыну!» - цвёрда вырашыла яна.

У суправаджэнні Цэзара Плятэра і Марыі Рушановіч Эмілія выправілася да Варшавы. Яшчэ спадзявалася, што там гарыць агонь змагання. Рухаліся яны ўначы па лясных сцежках, а днём хаваліся ў сялянскіх хатах. Толькі лёс быў да Эміліі няміласцівым. Па дарозе яна захварэла. Давялося спыніцца ў вёсцы Юсцінава, што ў Сейпенскім павеце, у доме шляхціца Ігната Абламовіча. Эмілія не сказала свайго імя, бо царскія ўлады шукалі яе, а назвалася Каравінскай. Здароўе яе было падарвана нястачамі і цяжкасцямі баявых паходаў. Часта яна ўпадала ў гарачку. Але спадзявалася паправіцца, бо было дзеля чаго жыць. «Жыццё сваё аддала Айчыне і да апошняга ўздыху буду змагацца за яе незалежнасць», - казала яна. А калі дайшла горкая вестка аб падзенні Варшавы, дык была страчана і надзея на далейшую барацьбу. «Няма чаго жыць», - са смуткам прызналася Эмілія. Перад смерцю яна наказала брату і сяброўцы: «Жыццё маё канчаецца. Пакіньце мяне тут, а самі ідзіце служыць Айчыне, якой можаце яшчэ быць патрэбнымі». Памерла Эмілія Плятэр 23 снежня 1831 года і была пахавана на могілках каля вёскі Капцёва (цяпер вёска Канчамеціс у Летуве).

Яшчэ доўга народ не верыў у смерць Эміліі. Пра яе складалі легенды, бо і сапраўды была яна легендай.


1992-2005?

Тэкст падаецца паводле выдання: Вітаўт Чаропка. Лёсы ў гісторыі. Менск, Беларусь, 2005.
Крыніца: невядомая