epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Пакуль не сціхне дождж

Ён нібыта сышоў з экранаў амерыканскіх баевікоў. Рослы, шыракаплечы, з вузкай таліяй - вылеплены з мускулаў, як элінскі атлет. Яго па-мужчынску суровы твар рамантычны. Ён смелы і дужы, валодае прыёмамі ўсіх школ барацьбы - ударамі далоні ломіць дошкі і цагліны, забаўляючыся, завязвае ў вузлы арматуру, кідае нажы на шоргат ды трапляе ў ціры толькі ў дзесяткі. Утаймоўвае дзікіх коней, можа тыднямі жыць без ежы і вады, умее кіраваць машынай, матацыклам, яхтай і самалётам. Ніколі нічога не баіцца: ні смерці - ні жыцця, ні закону - ні беззаконня. Ён эрудыт і палітолаг, гурман і меламан... Адным словам - Супермен.

Вось ён, нібы старшакласнік сярод малодшых вучняў, з пачуццём сваёй перавагі і абранасці крочыць па праспекце. Яму няма куды спяшацца: ні ў віна-гарэлачную краму, ні ў чаргу па цукар ды масла, ні на працу - Супермен далёкі ад штодзённай мітусні. Усё, што патрэбна для жыцця і прэстыжу, - мае.

У цьмяных шкельцах яго акуляраў адбіваецца людская плынь. Супермен нібыта не бачыць нікога і ў той жа час бачыць усіх. Жанчыны пажадліва паглядаюць на яго. Бывала і такое, што некаторыя з іх насмельваліся пазнаёміцца. Але Супермен прывык выбіраць сам...

Сёння ён выйшаў на шпацыр. Дзень не абяцаў нічога незвычайнага. Як надакучыў яму горад з будынкамі-скрынямі, плакатамі, што заклікаюць усіх выконваць пастановы ўрада, з гэтымі людзьмі-ценямі, якія сноўдаюць па вуліцах і спуджана зашываюцца ў натоўп, убачыўшы ахоўніка парадку. Рэдка хто з іх усміхаецца. І калі ў каго і блішчаць вочы, дык не ад нейкіх перажыванняў, а ад выпітага віна. Людзі баяцца моцных пачуццяў. Падыдзі да любога і прапануй самае лёгкае - плюнуць на партрэт прэзідэнта. Крый божа пачуць ім такое - як ад вар'ята пабягуць.

Няўжо наканавана без прыгод туляцца па горадзе, а пасля гібець вечар у шынку, піць каньяк і назіраць за п'янчугамі? Усё гэта так надакучыла. Часам здаецца, што ён і сам падобны да іх, з выглядам шчасліўчыка сядзіць за сталом і з юрлівасцю пазірае на жаночыя ногі.

Супермен збочыў з шумлівага праспекта на вузкую вулку старога горада. Абшарпаныя будынкі шчыльна туліліся адзін да аднаго, нібыта баючыся нападу сучасных хмарачосаў. Раптам за спінаю хлопца прагучаў патрабавальны аўтамабільны сігнал. Ён не звярнуў на гэта ніякай увагі. Сігнал паўтарыўся.

- Гэй, таварыш, аглух?! - аклікнулі з аўто.

Супермен азірнуўся на чорны лімузін - з акенца глядзела галава шафёра.

- І што ты хочаш мне такое сказаць, чаго я не ведаю?

- Таварыш, праезджая частка не для таго, каб па ёй прагульвацца, - павучальна, нібы настаўнік вучню, прамовіў шафёр.

Уладальнік лімузіна меў усе атрыбуты прадстаўнічага чалавека: добра выгалены падбародак, тройку, белую кашулю і гальштук. У ягоных вачах, здавалася б, нязлосных і прыяцельскіх, Супермен прачытаў: «Ну і што з таго, што ты малады і прыгожы. А вось я пры пасадзе, пры сувязях, я - валадар гэтага жыцця. Любое маё жаданне выконваецца».

На заднім сядзенні хлопец убачыў дзяўчыну гадоў васемнаццаці. Тая, адкінуўшыся на спінку, папыхвала цыгарэтай, выпускаючы з танклявых ноздраў прамога носіка струменьчыкі дыму. Прыжмурыўшы вочы, яна насмешліва паглядала на Супермена, нібы ацэньвала.

- Ну што, прыяцель... - Супермен схапіўся за дзверцы машыны і рвануў іх на сябе.

- Што вы робіце? - віскнуў шафёр.

Не ведаў ён, што калі б хлопец захацеў - вырваў бы гэтыя дзверцы разам з завесамі. Кароткае імгненне барацьбы - і Супермен выцягнуў уладальніка з ягонага лімузіна, адштурхнуў убок, сеў у машыну, закрыў дзверцы. Рабіў ён усё спакойна, з поўнай абыякавасцю да скавытанняў прадстаўнічага чалавека, няўмольны ў сваёй саманадзейнасці. Рукі звыкла ўзяліся за баранку. Лімузін крануўся з месца, пакідаючы пасярод вуліцы свайго разгубленага гаспадара.

Праз люстэрка Супермен паглядзеў на дзяўчыну. Збянтэжаная, тая пачырванела. Ён усміхнуўся і надаў хуткасці. Машына панеслася па вузкай брукаванцы.

Дзяўчына нарэшце апамяталася, выкінула ў акенца канчарык, таропка дастала з сумачкі пачак цыгарэт і зноў запаліла. Глыбока зацягнуўшыся, спытала:

- Навошта ты гэта зрабіў?

- Дух супярэчнасці прыносіць у наша жыццё гераічнае. Згадзіся, не кожны пойдзе супраць устаноўленых нормаў паводзін або насуперак свайму страху. - Ён зірнуў у люстэрка - дзяўчына дыміла цыгарэтай, абыякава паглядаючы яму ў патыліцу. - Зрабі што-небудзь у сваім жыцці насуперак агульнапрынятаму - і табе гарантавана слава героя або чалавека, які апярэдзіў свой час.

- Хм... - азвалася дзяўчына. - Ты хоць ведаеш, хто ўладальнік гэтай машыны?

- І не цікаўлюся. Лепш скажы, як цябе велічаць?

- Вольгай.

- А я - Супермен.

- Супермен... - захіхікала тая. - Шыза косіць нашы шэрагі.

- Ты што, дзявуля, тармозіш па выпадку? Кажу табе: Супермен. - Ён вывеў лімузін на праспект, абганяючы адну машыну за другой.

- Куды так спяшаемся? - запытала дзяўчына.

- А так, едзем з вецярком. Я табе падабаюся?

- У нейкім сэнсе - так.

- Значыць, не супраць правесці са мною вечарок...

- Абяцаеш нешта цікавае?

- Абяцаю.

Пакінуўшы лімузін, яны пайшлі да Суперменавага дома - пяціпавярховага будынка, што нічым не адрозніваўся ад сваіх братоў-блізнятак.

Кватэра Супермена ўяўляла болей склад, чым чалавечае жытло. Відэа- і стэрэамагнітафоны, калонкі, пласткі, стосы часопісаў, керамічныя вазы, абразы на сценах. На століку - некалькі замежных выданняў, з вокладак якіх белазуба ўсміхаліся аголеныя дзявулі. Збоку стаялі дзве недапітыя бутэлькі віскі і два крышталёвыя келіхі, гіпсавая попельніца ў выглядзе чалавечага чэрапа. На запыленых паліцах роўнымі шыхтамі пакоіліся кнігі. На падлозе валяліся газеты. Гэты вэрхал як бы падкрэсліваў знявагу гаспадара кватэры да ўсялякага парадку.

- Жыць можна, - вызначыла Вольга, села ў крэсла-гойдалку, адкінула галаву на спінку і манерна спытала:

- Ну і што будзем рабіць?

- Не пра Канта ж або Гегеля размаўляць...

Супермен націснуў кнопку відэамагнітафона, і неонавая роўнядзь тэлеэкрана ажыла: замітусіліся ўзброеныя людзі, прагучалі стрэлы, звалілася некалькі забітых...

- Віскі? Марціні? Ром? Гарэлка? Самагонка?.. А можа, чаго рэдзенькага? Шампанскае? Партвейн? Мускат? Лікёр?.. - прапанаваў хлопец.

Выпілі. Яна - шампанскага, дробнымі глыточкамі, нібы гарачую каву, ён - келіх віскі, нагбом, нават і не вохнуў. Наліў зноў - выпілі.

- Ну што, секс? - прамовіў Супермен.

У дзявочых вачах ён заўважыў расчараванне, нібыта Вольга чакала традыцыйных рытуальных кампліментаў, ну, на горшы выпадак, размоў пра культуру ці яшчэ пра штосьці адвольнае, а тут - адразу на канапу.

Вядома, хлопец мог пагаварыць пра мастацтва або палітыку. Але даўно ўжо так не робіць. Некалі часта заставаўся сам-насам з якой-небудзь знаёмай і любіў паказваць свой інтэлект - чытаў вершы, цытаваў на памяць выказванні вялікіх людзей... Але аднойчы чарговая дзяўчына, якой ён вечар «дурыў» галаву, развітваючыся з ім, спытала: «А ты што - ананіст?» Супермен тады пачырванеў... ад сораму за яе. Хіба такое кажуць юнаку? Што за вульгарнасць? Ён так і не зразумеў, чаму тая спытала. І вось праз колькі часу ўжо другая знаёмая, якая вечар пакорліва слухала яго, сказала тое ж самае. Ён таксама пачырванеў. Непрыемна было, што яго падазравалі ў сексуальных вычварэннях. Рашуча абняў дзяўчыну і пацалаваў, яна адказала тым жа... З таго часу хлопец засвоіў сабе: непатрэбна напускаць туману...

Вольга так і не адказала на яго прапанову, адно ўмольна глядзела ў вочы. Боязь перад чужой воляй прымушала яе падпарадкавацца, быць паслухмянай.

Ён падышоў да дзяўчыны, паклаў рукі ёй на плечы. Лёгкая шаўковасць дзявочых валасоў прыемна казытала далоні.

- Галоўная сіла ў свеце - не чалавечы розум, а секс... Забудзем пра ўсе ўмоўнасці, прымхі ды прытворную сарамлівасць, станем свабоднымі гаспадарамі саміх сябе, сваіх учынкаў і дзеяў, як ні пужалі б яны людзей. Толькі тады чалавек будзе весці здаровае жыццё ва ўсім, бо ён нешчаслівы не ад паняверкі ў будучыню ці маральныя ідэалы, а таму, што стрымлівае свае натуральныя патрэбы. Секс у сваёй вышэйшай праяве становіцца сродкам выказвання самых патаемных жаданняў, эмоцый і пачуццяў. Ён падымаецца над узроўнем існавання, - расшпіляючы гузікі дзявочай кофты, Супермен завучана вымавіў словы з «Плейбоя», якія ён казаў кожнай, каго раздзяваў упершыню.

- Гэта ўжо напісана Фрэйдам, - прашаптала Вольга.

- Ведаю, - адказаў Супермен і скінуў з яе кофтачку.

Потым ён скінуў і станік, без усялякага ўнутранага хвалявання, нібы рабіў самую звычайную справу, правёў далонню па напружаных дзявочых грудзях. Вольга сарамліва апусціла вочы...

У гэты момант дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў цыбаты вырастак. Ніхто б не паверыў, што вось гэты худы хлопец з хваравіта-жоўтай скурай на твары і адтапыранымі вушамі - родны брат Супермена, настолькі рознымі знешне выглядалі яны.

- І я хачу, - дурнавата ўсміхаючыся, прамармытаў ён.

- Што ты хочаш? - раззлавана спытаў Супермен.

- Сексу.

- Рана табе, падрасці...

- Ну хоць трошкі, - захныкаў той, капрызна надзьмуўшы вусны.

- Добра.

Брат нясмела дакрануўся да дзявочых грудзей. Дурнаватая задаволеная ўсмешка агаліла яго жоўтыя буйныя зубы.

- Пяшчотная, - шчаслівы, прамовіў ён.

Дзяўчына сарамліва тыкнулася тварам у далоні.

- Хопіць, - загадаў Супермен.

Брат неахвотна выйшаў з пакоя, але праз хвіліну вярнуўся назад і, паказваючы пальцам у акно, радасна ўскрыкнуў:

- Парашутысты! Парашутысты! Вунь глядзі!

- Што ты яшчэ выдумаў? - страціў вытрымку Супермен.

Ён таксама падышоў да акна. І сапраўды - парашутысты. Удалечыні ператвараўся ў кропку двухкрылы «кукурузнік», а з нябёсаў апускаліся на белых парашутах людзі ў чорных камбінезонах. Некаторыя з іх ужо былі на даху паліклінікі, што знаходзілася насупраць. «Служба» не дрэмле. Паслалі па мяне. Ну што ж, вечар абяцае прайсці весела», - падумаў Супермен.

- Ідзі пагуляй на вуліцу, - ён узяў брата за руку і вывеў з пакоя.

Калі вярнуўся назад, яго чакаў сюрпрыз. Вольга паспела апрануцца і цяпер стаяла пасярод пакоя з наганам у руцэ.

- Не рыпайся! Рукі ўгору!

- Думаеш, так лёгка забіць чалавека?

- А што тут цяжкага - націснуць на курок. Не падыходзь! Ну, не падыходзь, я прашу цябе...

А ён з усмешкай ішоў на чорнага дула нагана, бо смерць для Супермена - спалохацца і падпарадкавацца дзяўчыне.

- А ты смялей.

- Не падыходзь!

Без барацьбы яна выпусціла з кулачка зброю, калі хлопец узяў наган за дула.

- Гэта цацка не для цябе, схавай яе.

Вольга ўзяла з яго рук наган і паклала ў сумачку.

- Ты думаеш, я звычайная?.. - у яе голасе Супермен пачуў інтанацыю пакрыўджанай жанчыны, якой не далі сцвердзіць сваю адметнасць. - Я шмат магу. Загадаю - і гэтыя парашутысты знікнуць адсюль.

- І пазбавіш мяне забавы на вечар.

- А хочаш, Леў Іванавіч даруе табе, - яна ўмольна зірнула на Супермена і, убачыўшы, як ён пагардліва скрывіў вусны, прапанавала іншае: - Хочаш, цябе абвесцяць нацыянальным героем.

- О Божа...

- Жлоб! - істэрычна крыкнула Вольга і пад яго смех выйшла з пакоя. З помслівай радасцю ляпнула дзвярыма. «Ну, цяпер з нязначнымі справамі пакончана, пачнуцца - сапраўдныя», - падумаў хлопец.

Паверхам вышэй раптам пачуліся нечыя мацюкі, валтузня і бразганне жалеза. Тут жа ў акно звесіліся ногі ў ботах. Супермен выбег на балкон. Зачапіўшыся, там на стропах павіс парашутыст.

- Які чорт цябе сюды занёс? Ану давай!.. - хлопец схапіў чалавека за ногі.

- А ты не адпусціш? - з недаверам спытаў той.

- Не было клопату.

Парашутыст дастаў з-за пояса нож, перарэзаў стропы і скочыў на балкон.

- Заходзь, - запрасіў Супермен нечаканага госця.

Яны ўвайшлі ў пакой.

- Можа, пацягнеш чарачку? - гаспадар кіўнуў галавой на бутэльку віскі, што стаяла на стале.

- Не магу. Пры выкананні службовых абавязкаў, - сурова адмовіўся парашутыст.

- Ну, чарачку, - наліваючы ў келіх віскі, настойваў Супермен.

- Калі толькі адну... - госць падняў келіх - і на яго доўгай шыі заскакаў коўцік. - А-а, - выдыхнуў парашутыст.

- Палягчэла?

- Нібыта.

- Што здарылася? Чаго мітусімся?

- Забыўся, Супермен, у каго машыну забраў? У адказнай асобы. І сакратарку звёз. Вось і далі загад: «Спыніць нахабніка!»

- Святое, святое... - згодна заківаў галавой хлопец. - Ды ты не саромейся, налівай яшчэ. Калі не падабаецца віскі, пакаштуй чаго іншага. - Супермен наліў у келіх каньяку. - Ты выпівай ды сяброў пакліч.

- Я гэта ўмомант, - жуючы бутэрброд з чорнай ікрой, прагаварыў парашутыст, падняўся з-за стала і выбег на балкон. - Гэй, хлопцы, сюды! - замахаў ён рукамі.

Пакуль тыя збіраліся, Супермен выставіў на стол усё, што захоўваў у бары і халадзільніку. Відовішча ўражвала... Толькі пачаў расстаўляць шклянкі, як у кватэру ўваліліся парашутысты і навялі на яго свае наганы. Супермен налічыў шэсць чалавек, і стала нават крыўдна - так мала паслалі па яго.

- Рукі ўгору!

- Апусціце свае цацкі. Усё жыццё марыў пазнаёміцца з такімі смелымі хлопцамі. Я і стол падрыхтаваў.

- Які стол? Цябе трэба звязеніць, - выступіў наперад сталы мужчына з закручанымі пышнымі вусамі.

- Ды ты што, Сямёныч?! - закрычаў з пакоя першы парашутыст. Твар яго пачырванеў, а ў вачах заскакалі агеньчыкі. І гэта падзейнічала на астатніх - яны пахавалі наганы. - Звязеніць яго мы паспеем заўсёды. А чаму б і не выпіць, калі прапануюць, на халяву і воцат пітво, а тут - каньячок.

Пасля трэцяй шклянкі госці памякчэлі душой, весела загаманілі да гаспадара:

- Клёвы ты хлопец.

- Ідзі да нас працаваць. Лафа.

Пасля нехта з парашутыстаў прапанаваў купіць у яго наган. А Сямён Сямёнавіч, выпіўшы яшчэ шклянку віскі, прамямліў, што Леў Іваныч паслаў іх арыштаваць нейкага Супермена, але пачуў ад сваіх сяброў, што ён, Сямёныч, п'яны і яму больш не нальюць.

- Сапраўды, мяне трэба звязеніць, - пацвердзіў гаспадар кватэры.

- Кораш, ды мы... за цябе... - першы парашутыст на момант задумаўся, ікнуў. - Мы Льва Іванавіча на пенсію выправім і цябе на яго месца пасадзім. Будзеш нашым начальнікам!

- Ды ну... - засмяяўся Супермен.

- Ты нам не верыш?! Вось табе зуб! Ён нам не верыць, думае, што мы драбяза. Сямёныч, прачынайся! Ды мы... Прэч Льва Іваныча! - загаманілі парашутысты.

І дарэмна адгаворваў іх хлопец. Тыя вывалілі з-за стала і кінуліся адпраўляць свайго начальніка на пенсію. А Сямёныча ўзялі пад рукі і на развітанне запэўнілі Супермена: «Будзеш ты Іван Іванычам. Вось табе зуб. Магіла».

Нацыянальны герой Леў Іванавіч - якая бязглуздзіца. Ха-ха-ха! Але, здаецца, ён крыху ап'янеў. Трэба праветрыцца...

На вуліцы, дзе плаваў смярдзючы туман аўтамабільных газаў, Супермен, пазіраючы на паніклыя ад чорнага пылу дрэвы, раптам захацеў за горад, у лес. «Хачу хацець» - святы для яго прынцып.

Расплаціўся з таксістам, на пероне сеў у першую ж электрычку. Загрукалі колы. За акном праплылі прывакзальныя будынкі, твары людзей, карабкі шматпавярховых дамоў. Потым пацягнуліся сумныя краявіды зжатых палеткаў.

Супермену не хацелася глядзець у акно, ён заплюшчыў вочы, каб падрамаць. Але перашкаджалі суседкі, якія сядзелі побач з ім. Адна паказвала другой кофту і выхвалялася:

- Я ведаю ўсе крамы. Прыехала ў горад, набрала прадуктаў - і дадому. Што яшчэ ў горадзе рабіць...

- Так, так, - згаджалася другая. - Раней лепш жыць было. А зараз... А кохта добрая... Багата ў гэтым годзе яблык у людзей. Можна капейку ўтаргаваць.

- Сённі, ета, адзін там, на рабоце, грошы атрымаў - пяцьдзесят рублёў. Дзяцей двох. Галодны ходзіць. А я вось і кажу. Ета, на хлеб мала. Праўда?

- Не дай Бог. Што ты. А вось забылася. Сонін Саша ажаніўся. З Агул узяў дзяўчыну.

Заснеш тут з такімі. Супермен расплюшчыў вочы. Усё той жа краявід зжатых палеткаў за акном. Нейкая птушка, з цяжкасцю ўзмахваючы крыламі, ляцела ўслед за вагонам. На памяць прыйшло: «Птушка з апаленымі крыламі». Некалі ён чытаў апавяданне з такой назвай. Ужо не прыгадае, хто яго напісаў, а вось назва спадабалася і запала ў душу. Расказвалася там пра школьнікаў, якія ў вандроўцы злавілі птушанё зязюлі. І гэтыя «правільныя» хлопчыкі, што пісалі ў сачыненнях прыгожыя і ўзнёслыя словы пра любоў да Радзімы, пра мужнасць, сумленне, душэўную прыгажосць, падпалілі зязюльчаня. Яно, маўляў, дрэннае, бо яго маці падкінула яйка ў чужое гняздо. Хлопчыкі рагаталі з таго, як ахопленае агнём птушаня з крыкам насілася па зямлі. І той, які быў адарвігалава, двоечнік, ганьба класа, не вытрымаў, падбег і забіў бездапаможную істоту, каб яна не пакутавала. Вось такое апавяданне. Кім сталі тыя хлопчыкі? Сапраўднымі мужчынамі? Кажуць, пэўна, зараз правільныя словы пра гонар, сумленне, любоў і вырашаюць, што ёсць добрае, а што - дрэннае. А той адарвігалава? Можа, гэта ён - Супермен? І вось цяпер вырашылі тыя мужчыны, што ён - нахабнік, жыць спакойна не дае. Але ў чым яго віна?.. Хіба зязюля па сваёй забаве падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды? Не. Такі яе лёс - інакш яна не можа. Так і ён. Суперменства - яго жыццё... Але ж нахабнік - і паднесена запалка да яго крылаў, апаліў іх агонь, і што ж, у несуцешным сваім горы адчайна не рвацца ў нябёсы? Салодкі смак хлеба з рук чалавека прамяняць на спеў ветру і птушыны палёт?

- Электрычка прыбывае на канцавую станцыю, - аб'явіў дынамік у вагоне.

За акном замільгалі драўляныя хаткі, шэрыя двух- і трохпавярховыя будынкі нейкага мястэчка. Праехалі высокі пераходны мост, воданапорную вежу з чырвонай цэглы, пашарпаны будынак дэпо, перон, на якім стаяла купка людзей.

Вагон спыніўся далёка за станцыяй. Супермен пакрочыў уздоўж чыгункі, абыходзячы густыя мазутныя плямы. Злева, за півярняй, каля якой тупалі чырванатварыя мужыкі, цягнуўся высокі плот, справа, на запасных пуцях, знайшлі апошні прытулак старыя цягнікі. Глухая правінцыяльнасць кідалася ў вочы ва ўсім: у драўляных хатах, акружаных садамі, сумнай і ўбогай архітэктуры цагляных будынкаў, пакрытым пылам асфальце з выбоінамі, простай вопратцы людзей, адсутнасці няспыннай гарадской мітусні. Здавалася, час тут заблукаў і ніяк не мог выбрацца з лабірынтаў кладзішча цягнікоў.

На пераездзе панурыя мужыкі здымалі старыя знакі, вешалі на слупы новыя.

Горад застаўся за спіной. Вузкая сцяжынка, па якой крочыў Супермен, пабегла ўніз з насыпу. Вось ён ідзе і не ведае - куды. Як хацеў. Насустрач яму - мужчына і кабета. У абодвух абветраныя і загарэлыя твары. Кабета апранута па-вясковаму сціпла і безгустоўна: паношаная чорная спадніца, выцвілая кофта, стракатая хустка, з-пад якой выбіліся пасмы сівых валасоў. На мужчыне - старыя афіцэрскія боты, галіфэ і зашмальцаваны пінжак. Фуражка са слядамі ад кукарды і раменьчыка. Паперадзе іх бегла малое кудлатае сабачанё. Супермен збочыў са сцяжынкі, прапускаючы сустрэчных. Тыя недаверліва зірнулі на яго. Пачуў, як кабета прыкрыкнула на сабачанё:

- Жулік, хоць бы раз брахнуў. Што гэта такое?

Мужчына падтрымаў яе:

- Ні разу не брахне...

Ад насцярожанасці ў іх вачах, ад гэтага шкадавання, што сабака нават не брахнуў на яго, Супермен адчуў сябе чужым і не патрэбным нікому ў свеце, самым звычайным прыніжаным чалавекам. І яму стала шкада сябе.

Ён пайшоў далей. Роўныя, як нацягнутыя струны, рэйкі зіхацелі на сонцы. На дрэвах, што раслі абапал сцяжыны, чырванелі плямы дрывесных клапоў. У паветры гудзелі пчолы, кружыліся над кветкамі. З-пад ног з шоргатам разбягаліся яшчаркі, якія грэліся на сонцы. Сцяжына звярнула ў хвойнік. У лесе стаяў вільготны прыемны пах смалы, ігліцы і моху. Сонечныя промні прабіваліся праз зялёнае скляпенне і светлымі блікамі клаліся на сцяжыну. Хвойнік хутка скончыўся, і хлопец выйшаў да невялічкай вёсачкі. У крайняй хаце палілі ў печы. Пахла гаркаватым дымам, сенам. І гэты водар вясковага жыцця, і выгляд хат, кукарэканне, кудахтанне і рыканне - усё хвалявала Супермена. Нікому не прызнаваўся ён, што некалі ў маленстве, пакуль не пайшоў у школу і маці не забрала яго да сябе ў горад, жыў у вёсцы ў бабулі. У школе яго, «дзікаватага і грубага», які размаўляў «па-вясковаму», называлі «деревней» і не сябравалі з ім. Нямала папацеў, каб навучыцца казаць «па-гарадскому», і як ён ненавідзеў сябе, калі раптам у размове з кімсьці міжволі з вуснаў зрывалася «деревенское» слоўца. І вось цяпер ён, які столькі гадоў выракаўся ўсяго вясковага, які стаў Суперменам, трапіўшы ў вёску, раптам усхваляваўся. Крочыў па вуліцы і з прагнай цікавасцю азіраўся вакол, нібы адкрыў для сябе новы свет.

Вокны многіх хат былі забіты крыж-накрыж дошкамі. На пакінутых сядзібах вымахала ў чалавечы рост крапіва, агароды зараслі лебядою.

Супермен параўняўся з натоўпам старых. Скручаныя гадамі дзяды і бабулькі абапіраліся на кійкі, моўчкі паглядалі ў двор сядзібы, каля якой сабраліся. Убаку ля пахіленага плота тупалі музыкі. На траве зіхацелі іхнія трубы. «Хаваюць некага», - падумаў хлопец.

На прызбе кабета ў чорнай вопратцы налівала з каністры мутную вадкасць у жбан, які трымала жанчына ў белым. Дзіўным і недарэчным быў кантраст іх адзення: чорнае і белае. Нібыта не ў жыцці ўсё адбывалася, а ў тэатры і жанчыны выконвалі ролі-сімвалы зла і дабра, жалобы і радасці. І кабета ў белым выйшла з двара і, беражліва прыціскаючы жбан да грудзей, падалася праз вуліцу. Яна ўвайшла ў хату, каля якой бавілася выпацканая ў пыл басаногая малеча. З расчыненых вокнаў чуліся п'яныя галасы і крыкі «горка!». «Баляванне пад час чумы», - падумалася Супермену.

Нешта знаёмае было і ў гэтай вёсцы. І ў краявідзе за яе ваколіцай. І здалося, некалі ён быў тут, бачыў вёску і луг за ёй, на якім адзінока рос дубок, і сцяну лесу за лугам, вербы, што нахіліліся над пыльным шляхам, і цагляны будынак крамы некалі бачыў. Ці не сюды прыходзіў ён з бабуляй з суседняй вёскі па хлеб ды газу... А пасля вось гэтым шляхам яны вярталіся дадому. Час ад часу сядалі на траву адпачыць. Дык няўжо трапіў у тыя мясціны, якія гадоў дваццаць як пакінуў? І гэтая рэчка, што нясе празрыстыя воды паміж зарослых ярнікам і вербалозам берагоў, знаёмая яму. Ён памятае, як кошыкам лавілі яны з сябрам рыбу. Якую радасць выклікала плотка ці пячкур, што біліся аб пруткія лазовыя галінкі. Ну а калі трапляў шчупак - стрымгалоў беглі яны да берага, каб, барані Божа, не выскачыў у ваду. Але ж якое імя сябрука? Даня? Гедзя? Ці яшчэ як?.. Маленства з ім правёў. Памятае, як той выбіў яму два зубы - каталіся з горкі на санках, як тады плакаў і харкаўся крывёю, а сябрук рагатаў.

Супермен перайшоў драўляны, з дзіркамі, без парэнчаў, мост. Кіраваўся ён у бабуліну вёску. Як называлася яна, таксама дакладна не ведаў. Ці то Ліцвінава, ці то Лучыцы. Здаецца, Лучыцы; яшчэ было тады віно «Лучыстае», што ў вёсцы называлі на свой лад «Лучыцкім». Відаць, Лучыцы...

Хлопцу хацелася зірнуць на старую хату. Пасля смерці бабулі ён ужо ніколі не чуў, як рыпяць пад нагамі палавіцы, не грэўся на печцы, не паглядаў з акна на суседні двор, чакаючы ўбачыць суседскую дзяўчыну, не выбягаў ранкам у сад, каб назбіраць пад яблыняй сакавітых медавікоў, не слухаў, як спявае ў падпеччы цвыркун. Успомнілася, як цягнула яго з горада да бабулі, як першыя дні, уткнуўшыся ў сцяну, плакаў і канючыў: «Ба-а-ба», па-дзіцячы спадзеючыся, што яго слезы крануць маці і яна адвязе яго зноў у вёску, дзе ніхто не смяяўся з яго мовы. Ды матулю слёзы так і не кранулі. Яна раззлавана крычала, каб сціхнуў і не скуголіў - даў ёй спаць.

Такое адчуванне, што ён вяртаўся ў мінулае, дзе не было ні расчараванняў, ні гора, ні суму, ні трывог, ні думак пра будучае. Ён - выгнаннік сённяшняга дня, і нічога ў яго не засталося, апроч маленства - там яго чакаюць, там радзіма і дом.

Замест старой бабулінай хаткі з крытым драніцай дахам, за высокім плотам, што ашчэрыў вострыя зубы, паверх якіх быў нацягнуты калючы дрот, стаяў прасторны цагляны дом. Высокія шчыльныя вароты, што пакоіліся на дубовых слупах, вартавалі ўваход у двор. Дзе тая старая хатка, у якой было столькі незвычайнага? Хлопчыкам ён верыў, што ў падпеччы жыве хатнік, а калі адчыніць паддзімала - адтуль выскачыць чорны, як саха, чорт. (Так казала яму бабуля.) Таямнічымі і непаўторнымі былі рэчы: вышыўкі ў партрэтных рамках, вялікі куфар, дзе ляжала адзежа, разныя паліцы, на якія бабуля хавала ад яго цукеркі і варэнне, дзверы, у якіх куля ў вайну прабіла дзірачку, партрэты бабулінай радні, што жыла ў Амерыцы, старыя кнігі з малюнкамі, абразы, абвешаныя ручнікамі, колкі вялікі альяс, што рос у дзежцы, шафа, у якой ляжалі розныя жалезныя прылады: малаткі, завесы, цвікі, замкі - яго цацкі.

Супермен хацеў зайсці ў двор, але за варотамі пачулася бразганне ланцуга і пагрозлівы сабачы брэх. Хлопец пашукаў вачыма, куды прысесці, але нідзе паблізу лаўкі не было, сеў на траву каля плота. Прыгадаў, як калісьці выбягаў з двара і лавіў у траве конікаў.

Ён запаліў. «Адшукаць бы сябра. Цікава, ці пазнае мяне?» - падумаў і падняўся з долу. Як памятаў, сябар яго жыў недзе ў канцы вёскі.

На выгане ўбачыў людзей, падышоў да іх. Ніхто на яго не звярнуў увагі. Большасць з іх былі старыя. Людзі акружылі чырвоны «МАЗ», на кабіне якога красаваўся белы надпіс «Агітацыя». На кузаве стаялі пяць чалавек. Супермен адразу пазнаў уладальніка лімузіна. Той, апрануты ў чорную тройку з белай кашуляю, пры гальштуку, трымаючы за спіной рукі, сумна пазіраў паверх людскіх галоў. Побач з ім стаяла Вольга. Гледзячы на яе сур'ёзны, заклапочаны твар, нельга было і паверыць, што яшчэ нейкую гадзіну назад гэтая дзяўчына без асаблівага сораму ледзь не легла на канапу з чалавекам, якога ўпершыню ўбачыла. За спінамі ўладальніка лімузіна і Вольгі тупалі два здаравенныя дзецюкі ў форме ахоўнікаў парадку з доўгімі чорнымі дубінкамі ў руках. А перад мікрафонам выступаў юнак у галіфэ і фрэнчы без пагонаў. На нагах былі ялавыя боты. На грудзях ярчэй за люстэрка на сонцы зіхацеў ордэн. Людзі адводзілі вочы ад прамоўцы.

- Вы бліжэй, бліжэй да мяне, - казаў юнак, і калонкі далёка навокал разносілі ўзмоцнены апаратурай голас: - ...Гэй, да мяне-е-е.

Людзі без ахвоты зрабілі некалькі крокаў наперад, спыніліся.

- Вы ведаеце мяне. Я вам усю праўду распавяду пра тых экстрэмістаў, якія рвуцца да ўлады і хочуць быць авангардам грамадства. Вы верце мне. Гэта жменька адшчапенцаў, маральных вырадкаў, правакатараў.

Прысутныя, нібыта выконвалі непрыемны абавязак, панура апусціўшы галовы, слухалі агітатара.

- Кузьма!

Супермен здрыгануўся. Хто паклікаў яго? Хто мог пазнаць? Сябра?.. Ён азірнуўся. З-пад расхрыстанай фуфайкі, што была на чалавеку, выглядала брудная кашуля, заплямленыя мазутам парты запраўлены ў кірзавыя боты. На няголеным жаўтавата-матавым твары выступаў мясісты чырвоны нос; з ноздраў тырчалі чорныя сцяблінкі валасоў. Пуставатыя вочы, пад якімі ляжалі зямлістыя кругі, абыякава глядзелі на хлопца.

- Дай запаліць, - голас прагучаў глуха і стомлена.

І гэта «дай запаліць» болей за ўсё ўразіла Супермена. Сябра (а што гэта ён, не было сумневу) не здзівіўся, не ўзрадаваўся і нават не прывітаўся, а, як у свайго суседа, якога бачыў штодня, прасіў цыгарэту. І ўсяго...

Супермен падаў яму пачак «Мальбара».

- «Беламора» няма?

- Не...

Бруднымі, мазутнымі пальцамі той выцягнуў з пачка цыгарэту і, згорбіўшыся, пашыбаваў па вуліцы. Супермен падумаў, што так ходзяць людзі, якія страцілі ўсялякае адчуванне жыцця, абыякавыя да ўсяго, людзі без надзеі і радасці. Ён хацеў паклікаць сябра, але так і не прыгадаў яго імя.

- Таварышы, сярод нас прысутнічае нацыянальны герой, - гэта ўжо казаў Леў Іванавіч, і казаў пра яго, Супермена. - Сваёй смеласцю ён кліча нас на подзвіг, сваімі подзвігамі сцвярджае ідэалы высакароднасці, сваім жыццём ён даказвае, што і адзін чалавек здольны шмат здзейсніць. Папросім яго на трыбуну.

Прысутныя без ахвоты запляскалі ў далоні. А побач з Львом Іванавічам пераможна ўсміхалася Вольга.

Да натоўпу пад'ехала чорная крытая машына, спынілася, і з яе вылезлі п'яныя парашутысты.

- Іваныч, збірайся на пенсію! - крычалі яны, ідучы да трыбуны.

Цяпер ён стане яшчэ Львом Іванычам. А што? Хоць нечым можна змяніць гэтае жыццё ў лепшы бок. Толькі навошта гэта людзям - ім не трэба «Мальбара», яны задаволены «Беламорам».

- Ах, ліха маці вашай! Спыніцца! - грымнуў Леў Іванавіч, і голас яго, узмоцнены дынамікамі, як удар перуна, страсянуў паветра.

Парашутысты быццам ацверазелі, спыніліся каля трыбуны і спуджана ўталопіліся на начальніка.

- Смаркачы! - загрымеў той. - Ды я вас у парашок сцерушу!

Вось і ўсё. Кожнаму сваё... Супермен пайшоў прэч, радуючыся, што Леў Іванавіч не бачыць яго і не кліча на трыбуну.

За бетонным мостам, што злучаў берагі рачулкі, ён спыніўся і пазнаў месца, дзе знаходзіўся. Шмат гадоў таму быў тут, дзе зараз стаіць. Памятае, пасвіў тады кароў і, каб тыя не лезлі ў шкоду, старэйшыя пастухі паслалі яго сюды, на шлях, а самі гулялі ў карты. І тады, як і цяпер, удыхаў гаркавата-п'янкі водар лугу. Па шляху праходзілі аднавяскоўцы, як з дарослым, віталіся з ім, размаўлялі, цікавіліся, ці спраўляецца пасвіць. І ён, узрадаваны іхняй увагай, адказваў, што спраўляецца.

Тады пайшоў цёплы летні дожджык - цыганскі - і на нябёсы рознакаляровай дугой легла вясёлка. Аднавяскоўцы казалі яму, што трэба спяшацца падняцца на яе, каб быць шчаслівым, - такое існавала паданне.

І вось - ён зноў тут. Вецер гойдае ля ног палын. Здаецца, ён па-ранейшаму хлапчук-падпасак, які ніколі не пакідаў вёскі, і не насіла яго па чужых дарогах, і не забыўся ён «деревенской» мовы, і не гандляваў памяццю...

І раптам цёплая капка ўпала на твар, за ёй - другая, трэцяя. Пайшоў дожджык, цыганскі - лёгкі і цёплы. І з-за лесу, што пачынаўся за лугам і цягнуўся за далягляд, узышла вясёлка і выткала неба рознакаляровай сцяжынкай. Супермен пабег туды, да яе. Трэба было паспець трапіць на вясёлку, пакуль не сціхне дождж.


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая