Вітаўт Чаропка

Перамога ценю

Аляксандру Жаўняровічу

 

Чалавек ішоў па дарозе. Ён з цяжкасцю перастаўляў непаслухмяныя стомленыя ногі. Пад растаптанымі ботамі хлюпала чорная гразь. Латаны-пералатаны плашч, у які хутаўся чалавек, не ратаваў яго ад дажджу, што крывымі струменьчыкамі ліў з нябёсаў, зацягнутых хмарамі. Вопратка на чалавеку намокла і не грэла яго. Па твары цяклі кроплі дажджу. Час ад часу чалавек абціраў далонню твар, тужліва паглядаў наперад, дзе за даляглядам у дажджлівым мроіве губляўся шлях. Халодны, пранізлівы вецер разгульваў па зжатых пустых палетках, зрываў апошняе лісце з дрэў, што раслі абапал дарогі. Удалечыні, у панурым шэрым небе, з'явіліся ледзь відныя кропкі. З кожным імгненнем яны набліжаліся да падарожніка і ўсё дакладней набывалі абрысы птушак. Жураўліны клін праляцеў над яго галавой непарушна, трымаючы свой кірунак у далёкія цёплыя краі, дзе была радзіма. Чалавек з зайздрасцю праводзіў птушак вачыма і зноў пасунуўся па дарозе. Ён спадзяваўся нарэшце дабрацца да жытла, схавацца ад непагадзі, павячэраць, у цяпле пераначаваць. І падбіў яго чорт выправіцца ў гэты далёкі і халодны край. Як там ён называецца ў Герадота? Ці неўраў, ці чорных андрафагаў? Ці не лепш было туляцца па поўдні пад пяшчотным сонцам, начаваць пад спеў цыкадаў у садах, што пахнуць кветкамі, есці сакавітую гародніну і садавіну і, як вольная птушка, не ведаць сабе клопату? І што хацеў ён убачыць? Што адшукаць? На што, такі наіўны, спадзяваўся? Пачуў аднойчы ад людзей, што ёсць край, дзе вельмі шануюць Георгія Пераможцу і дзе ёсць яго выява: вой у даспехах на белым кані забівае дзідай цмока - лічаць там яго за дзяржаўны герб. А дабраўся сюды - сам не рады. Цэрквы разбураныя і разрабаваныя. Мышы і кажаны пасяліліся ў іх, падарожныя заходзяць туды не папрасіць у Бога сіл адолець дарогу, а справіць свае патрэбы. Фрэскі на сценах абсыпаліся, і не разглядзець твары апосталаў і святых.

І вось блукае ён па гэтых бясконцых нечарназёмных дарогах адзінокі, галодны, стомлены, чужы тут. Рэдкія весі, што траплялі на шляху, нібыта вымерлі: пахіленыя набок хаткі, дахі есць зялёны мох, на дзвярах павукі ткуць павуцінне, выбітыя вокны, як вочы невідушчых, чарнеюць пустымі прадоннямі. Дзве-тры бабкі баязліва хаваліся ад адзінокага падарожніка па хлеўчуках і праз акенца насцярожліва паглядалі на яго, ледзь чутна мармычучы сабе пад нос: «Свят, свят!» Нібыта і праўду казаў Герадот, што гэтыя дзікуны неўры ператвараюцца ў ваўкоў і гойсаюць па лясах.

Харчаваўся ён у закінутых садах кіслымі яблыкамі і грушамі. Хаця зрэдку выпадала, што які дзядок пускаў яго ў сваю хатку і частаваў тым, што Бог паслаў. Тады свята! Але свята ў жыцці бывае рэдка. Вось і сёння, відаць, прыйдзецца начаваць у пустой хаце, прыслухоўвацца, як шапоча па даху дождж і крэкчуць на двары старыя дрэвы, нібыта скардзяцца на старасць. А раніцай, калі марозік схопіць лядком лужы, зноў - у шлях.

А калісьці даўным-даўно быў у падарожнага дом, насіў ён сваё імя, былі ў яго сябры, кахаў ён дзяўчыну і ніяк не мог прадбачыць, што лёс выганіць яго з роднага дома на бясконцыя дарогі, адніме сапраўднае імя...

У прыгожым паўднёвым горадзе, што раскінуўся на беразе ласкавага, прамяністага мора, жыў ён. Часам здаецца яму, што тое далёкае мінулае - падман, прыгожы сон, што ўвесь час была дарога, голад, невядомасць. Ззаду пачулася натужнае сапенне аўтамабільнага рухавіка. Чалавек азірнуўся. Па дарозе, падскокваючы на калдобінах распырскваючы з-пад колаў бруд, паўзла легкавушка.

Чалавек узрадаваўся: можна было пад'ехаць, ён падняў руку. Аўтамабіль параўняўся з чалавекам, спыніўся. Шафёр нахіліўся над сядзеннем, адчыніў дзверцы.

- Вам куды? - прагучаў прыемны жаночы голас.

Ён і не ведаў, куды яму трэба, ішоў па дарозе наперад у надзеі, калі скончыцца гэтая краіна.

- А-а, - махнуў ён рукой, - мне ўсё роўна куды.

І чалавек залез у машыну. Запахла духамі, цыгарэтным дымам. Ад разагрэтага рухавіка цягнула цяплом. І адразу стала ўтульна і спакойна на душы. Ён не мог не пазнаць гэтую жанчыну, хаця час і сцёр у памяці рысы яе твару, і сам твар пастарэў, страціў той мілы дзіцячы румянак, які некалі так падабаўся яму. Густы слой грыму хаваў азызласць скуры і зморшчыны. У першую хвіліну чалавек хацеў ускрыкнуць ад радасці, назваць яе імя, але доўгія гады вандровак навучылі яго стрымліваць сябе. Ён праглынуў горкі камяк, што засеў у горле, і прагна ўтаропіўся ў жанчыну. Яна адчула гэты праніклівы погляд незнаёмца і, какетліва выгнуўшы густа намаляваныя бровы, спыталася:

- А чаго гэта вы так паглядаеце на мяне?

- Вы прыгожая.

Гэта спадабалася жанчыне, і яна прыемна ўсміхнулася незнаёмцу.

- Дзіўна бачыць такую прыгожую жанчыну на краі свету.

Пры апошніх словах жанчына здрыганулася і ўважліва зірнула чорнымі вялікімі вачыма на чалавека. Здалося, што вось-вось і яна пазнае яго. Каб не гэтая пасівелая барада і вусы, каб не гэтыя глыбокія зморшчыны на твары, не стомленасць у вачах - жанчына адразу ж назвала б яго імя. Але не, яна не пазнала, не вымавіла яго імя, адвярнулася ад чалавека, паклала рукі на баранку і павяла машыну. Чалавек глядзеў на профіль яе твару, на жорсткія складкі размаляваных вуснаў, на прамую лінію прыгожага носа.

Жанчына нервова сціснула вусны. Ёй не падабалася такая ўвага незнаёмца, і той адвёў позірк. На панелі машыны ён убачыў знаёмую выяву воя ў даспехах на белым кані, які забівае дзідай цмока. Крылаты цмок круціў, выгінаў свой доўгі хвост і дыхаў з пашчы на воя агнём. А вой з нявінным тварам анёла цэліў цмоку проста ў пашчу дзідай.

- Скажыце, а хто гэты юнак, які змагаецца з цудам-юдам? - паказаў пальцам на выяву чалавек.

- Як? - мільгам зірнула на незнаёмца жанчына. - І вы не ведаеце нічога пра Георгія Пераможцу? А мяне ўпэўнілі, што ў гэтым краі любяць і шануюць яго.

- Ды вось... - вінавата ўсміхнуўся чалавек.

- Ну як жа? Вы павінны пра яго ведаць. - Жанчына ажывілася і, круцячы руль, глядзела ў шкло на дарогу і з ахвотай казала: - Хаця многія гады імя яго ў гэтых краях было ў забыцці, але зараз, кажуць, тут іншыя часы... Я - прадстаўнік фірмы «Святы Георгій» - наўмысна прыехала сюды, каб аднавіць у памяці тутэйшага народа імя святога, прывезла вось кнігі аб ім, - жанчына азірнулася назад і са скрыні, што ляжала на заднім сядзенні, дастала кнігу, працягнула яе чалавеку.

На вокладцы яркімі фарбамі былі намаляваныя ўсё той жа юнак на кані і цмок. Блішчэлі ціснутыя золатам літары: Філарэт. Жыццё Георгія Пераможцы.

- Я дарую кнігу вам. Яе напісаў брат Георгія.

- Дзякуй. А вы не маглі б распавесці пра святога?

- Ну вядома. Георгій Пераможца як вялікі герой, хрысціянскі святы вядомы ўва ўсім свеце. Уплыў, аказаны гэтым вялікім чалавекам на чалавецтва, яшчэ не ацэнены як след. Пакуль многа ў яго жыцці міфічных выдумак. Народ любіць міфы. Георгій - гэта гераічны вобраз, сімвал духоўнай з'явы, гэта прастата і веліч, адвага і змірэнне, сіла і кволасць, мудрасць і наіўнасць, любоў і нянавісць, - яна казала натхнёна і з задавальненнем.

А чалавек з захапленнем паглядаў на яе.

- Нарадзіўся Георгій у інтэлігентнай сям'і паважанага ў горадзе грамадскага дзеяча. Бацька рана памёр, і ўвесь клопат пра выхаванне Георгія ўзяў на сябе яго брат Філарэт. Як кветку, беражліва і любоўна гадаваў ён брата. Усю душу і сэрца аддаваў яму. І кветка расквітнела. Георгій стаў улюбёнцам гараджан, як і сам Філарэт. Першымі ў горадзе браты ўбачылі выратавальнае святло хрысціянскай веры і прапаведавалі слова Божае сярод людзей. Філарэт натхняў брата на мары аб подзвігах у імя Бога. І час подзвігу надышоў. Страшэнная крыважэрная пачвара напала на горад, хапала людзей і жэрла іх. Гэта былі жахлівыя дні, гараджане баяліся выходзіць на вуліцу з дому, а вось Георгій не спалохаўся пачвары.

Дзень доўжылася крывавая бітва. Георгій адсек пачвары некалькі галоў, але і сам стаміўся. Меч яго затупіўся. Вось у гэты момант з'явіўся Філарэт - ён прынёс брату дзіду і адцягваў увагу цмока на сябе, а Георгій тым часам дзідай забіў страшыдла, выратаваў родны горад. Пасля гэтага подзвігу Георгій выправіўся ў далёкія краі здзяйсняць новыя подзвігі. Ён змагаўся з конелюдзьмі, з шасцірукімі, выйлабаняў з палону хрысціян. Ён перамог прыгнятальніка хрысціян імператара Дыяклетыяна. Але ў горадзе Кападокіі яго схапілі ворагі хрысціянства, здзекаваліся з яго, прапаноўвалі выракціся святой веры, а ён застаўся верны хрысціянству. Сваімі пакутамі і цярплівасцю ён прымусіў увераваць у Госпада нашага Ісуса Хрыста язычнікаў Віктара, Зоціка, Зянона, Акіндзіна і Севярына. І каты адсеклі ім галовы. І сам Георгій дваццаць трэцяга красавіка прыняў пакутніцкую смерць. Пра ўсё гэта вы прачытаеце ў кніжцы.

- А-а-а, - працягнуў чалавек, - узгадаў. Мне шмат даводзілася чуць пра гэтага чалавека.

- І што ж вам распавядалі?

- Ну тое, што бацька яго служыў гарадскім чыноўнікам і карыстаўся славаю дабрадзейнага і высакароднага патрыцыя, - павольна пачаў свой аповед падарожнік.

- Вы нават ведаеце пра патрыцыяў? - прыемна здзівілася жанчына.

- А чаму не ведаць, калі... - паціснуў плячыма чалавек і заўсміхаўся нечаму свайму. - Сыноў сваіх Філарэта і Георгія ён аддаў у філасофскую школу.

- Так яно і было, - згадзілася жанчына.

- Ах, гэтыя сумныя, доўгія ўрокі, гэтыя манатонныя словы пра сутнасць быція. Ніяк Георгій не мог палюбіць разважанні аб сэнсе ў жыцці па кнігах, якія філосафы сачынялі, хаваючыся ад жыцця, самі для сябе. Нават простая думка, як здань у цемры, знікала ў тумане іх пакручастых слоў і тэрмінаў. «Чаго тут разважаць, калі жыццё для таго, каб жыць. Лепш цалаваць жанчыну, чым думаць аб ролі кахання. Лепш піць віно і весяліцца, чым раздумваць, навошта яго піць і навошта весяліцца. Лепш быць - чым здавацца», - думалася на філасофскіх занятках Георгію. Марыў ён пра падарожжы ў далёкія і невядомыя краі.

- Цікава, цікава, - насмешліва заўважыла жанчына, упэўнена кіруючы аўтамабілем, які трасло па дарозе.

- У адрозненне ад брата Філарэт быў гонарам школы, улюбёнец настаўнікаў, ён з паўслова падхопліваў кожную іх думку. І ў малым знаходзіў вялікае, а ў вялікім - малое, у прыватным - агульнае, у агульным - прыватнае, у смешным - сур'ёзнае, у сур'ёзным - смешнае, у мінуўшчыне бачыў будучыню, у будучыні - сёння. Незвычайная музыка іншаземных моў вабіла Філарэта, ён вывучаў яўрэйскую, персідскую егіпецкую, рамейскую мовы, ад варвараў рабоў, што прыслужвалі дома, навучыўся варварскім мовам, на якіх, дарэчы, размаўляюць у Еўропе, нават хвалі марскія паслухмяна лізалі яму ногі. А які прамоўца ён быў! Голас яго зачароўваў. Вялікую будучыню прадвяшчалі ў горадзе Філарэту. Так і адышоў бацька да багоў з перакананнем, што старэйшы сын праславіць яго род, а з малодшага не будзе ладу. Пасля бацькоўскай смерці Георгій кінуў вучобу ў школе. Усё роўна нічога не давала яна яго душы і сэрцу. Усё, навучыўся, набраўся розуму, і досыць, яму многа не трэба. Штораніцы, калі першыя сонечныя промні заглядвалі ў дом, Філарэт нязменна прачынаўся, абліваўся халоднаю вадою і выбягаў на ранішні прабег. У кароткай туніцы, што агаляла яго загарэлае, вылепленае з мускулаў і біцэпсаў тулава, ён лёгкім крокам бег па вуліцах горада. Гараджане любаваліся гэтым богападобным юнаком. Пасля прабегу Філарэт падымаў цяжкасці, наліваў мускулы і біцэпсы сілай. З адчуваннем сілы бадзёра спяшаўся ён у школу. А Георгій прачынаўся толькі апоўдні, апалоскваў вочы і, паснедаўшы, ішоў у порт, дзе каля прычалаў стаялі караблі. Не вучыўся ён у маракоў вязаць марскія вузлы, ставіць ветразі, весці карабель, чытаць кнігу зорак, а піў з імі віно, ездзіў у плебейскія кварталы да жанчын. У мове яго загучалі салёныя, як марская вада, слоўцы, манеры яго сталі грубымі.

- Цікава, цікава, - адазвалася жанчына з усмешкаю.

Чалавек не звярнуў увагі на яе словы, працягваў распавядаць ціха і павольна, нібыта чытаў аповед па кнізе:

- А Георгій пачуваў сябе прыемна з маракамі. Яны не чапляліся да яго з павучаннямі, як трэба правільна жыць. За кубкам віна слухаў ён пра заморскія краіны, пра дзівосныя прыгоды. А Філарэту было не да брата: то школа, то бібліятэка, то дыспуты, то рыхтаваўся да атлетычных гульняў. Старыя філосафы ажно слязіліся на філасофскіх дыспутах, калі выступаў Філарэт. Якая глыбіня думкі! А на атлетычных гульнях ён хутчэй за ўсіх бегаў, далей за ўсіх кідаў дыск і дзіду, перамагаў усіх барцоў. Абвешаны лаўровымі вянкамі абсалютнага чэмпіёна, вяртаўся Філарэт у горад. З радасцю і гонарам сустракалі свайго героя гараджане, толькі і казалі пра яго. Скульптары ляпілі яго скульптуры, дзяўчаты кахалі яго, юнакі імкнуліся быць падобнымі да яго. Філарэта выбралі ганаровым гараджанінам горада. У яго з'явіліся вучні. Цяпер ён чытаў у філасофскай школе лекцыі. Шмат адкуль прыязджалі паломнікі паслухаць славутага разумніка, паглядзець на вялікага атлета.

- Ну гэта ўжо падобна на праўду. Так яно сапраўды і было, - згадзілася жанчына. - Але вось цікава, як праўда абрастае легендамі і паданнямі, што ўжо і праўды не знойдзеш. Бывае і наадварот. Легенда становіцца праўдай.

- Так здарылася, што Георгій закахаўся. Клікалі яе Алена, - тут чалавек панізіў голас і з пяшчотай прамовіў дзявочае імя.

- І гэта вам вядома? Скажы ты. Хто ж такі дасціпны вам усё распавёў?

- Было... - адхіліўся ад яснага адказу чалавек і працягваў: - О, яна і сапраўды, кажуць, была чароўнай і прыгожай. Летуценныя чорныя вочы, смуглявая скура, хвалі шоўкавых валасоў, усмешка, як зіхаценне зорак. «Багі, якая яна чароўная», - падумаў Георгій, калі ўпершыню ўбачыў Алену.

Чалавек заўважыў, што жанчына не здолела схаваць задавальнення, куточкі яе вуснаў задрыжэлі ва ўсмешцы.

- Георгій днямі хадзіў вакол Аленінага дома ў надзеі хоць мімаходзь убачыць дзяўчыну. У марах ён цалаваў яе яшчэ дзіцячыя прыпухлыя вусны, яе вочы, бровы, валасы, рукі, шыю, прытуляў да сябе і шаптаў самыя пяшчотныя словы: «Ты маё шчасце. Мне ад жыцця нічога не трэба: ні славы, ні грошай, ні ўлады, толькі кахаць цябе, глядзець на цябе, чуць твой голас, цалаваць цябе». І думаў Георгій, што, кахаючы Алену, ён любіць усіх, бо свет падарыў яму гэтую дзяўчыну. Колькі чалавечых лёсаў і трагедый увасобілася ў яе нараджэнні! «Брат, я закахаўся, - аднойчы не вытрымаў Георгій і прызнаўся Філарэту. - Я не магу без яе». - «Гэта святое, - адказаў Філарэт, паклаў руку на Георгіева плячо. - Гэта святое, - летуценна паўтарыў ён. - Можа, на крылах кахання ты ўзнясешся над тым убогім жыццём, якім жыў. О, каханне, чароўная твая сіла». - «Так, так, толькі цяпер разумею, як абкрадваў я сябе. Яна багіня, калі я бачу яе - мне хочацца быць лепшым, чыстым, высакародным. Каб яна пакахала мяне - быў бы я самым шчаслівым чалавекам на свеце», - прызнаваўся шчыра Георгій. «Я ўсім сэрцам зычу гэтага табе. Хачу твайго шчасця», - адказваў Філарэт.

- Адкуль вам усё гэта вядома? - не гледзячы на падарожніка, спыталася жанчына.

- А мне распавёў гэтую гісторыю марак, які жыў у тым горадзе і добра ведаў Георгія.

- Прабачце, што перабіла вас. Кажыце далей.

- Доўга не асмельваўся Георгій падысці да Алены. А як прагнуў пазнаёміцца з ёй! Ды як ён, смяротны, мог наблізіцца да багіні, як мог ён удумаць такое ў марах - валодаць ёю. Але і адмовіцца ад кахання да Алены ён не мог. Зноў і зноў ішоў да яе дома. А калі выпадкова бачыў дзяўчыну, дык яго нібы ліхаманіла. І падыдзі дзяўчына да яго, пэўна, ад хвалявання не сцяміў бы, што і мовіць ёй. У горадзе заўважылі, што брата Філарэта нібыта падмянілі: не бадзяўся ён ужо з маракамі, не піў, не насіў бруднай тогі, не лаяўся. Ну і слава багам. А паколькі Георгій вярнуўся да добрых нораваў, дык патрыцыі горада лічылі за гонар запрасіць у госці брата ганаровага жыхара горада. Каб пасля, нібыта незнарок, пахваліцца ў коле сяброў: «А ведаеце, у нас учора вячэраў Георгій. Так, так, брат самога Філарэта, многа цікавага распавядаў пра яго». Прэстыж. А на гэтых званых абедах і вячэрах Георгію і сапраўды выпадала распавядаць пра брата. У промнях братавай славы грэўся і ён. На вуліцы яго пазнавалі, паказвалі пальцам услед: «Вунь пайшоў брат Філарэта». Ім жа самім мала цікавіліся, што ён думае пра тую ці іншую з'яву, цікавіла толькі думка Філарэта. На адным са званых вечароў Георгій і пазнаёміўся з Аленай. Яна, як Венера, што з'явілася з марской пены, раптам аддзялілася з бязлікага, апранутага ў багатыя тогі і тунікі натоўпу гасцей, якіх запрасіў да сябе гарадскі суддзя, і падышла да Георгія. Па-царску, ганарліва трымаючы прыгожую галаву, яна і сапраўды паходзіла на багіню. Зірнула на Георгія вялікімі чорнымі вачыма - і ён самлеў.

«Вы брат Філарэта?» - спытала Алена і міла ўсміхнулася Георгію. А ў яго і сэрца абарвалася. «Так», - ледзь чутна вымавіў ён і пачырванеў, не маючы смеласці падняць на дзяўчыну вочы. «Які вы шчаслівы, - казала ў захапленні Алена. - Вы штодня бачыце вялікага чалавека і размаўляеце з ім. Мы ўсе ганарымся, што з'яўляемся сучаснікамі Філарэта, што жывём у адным з ім горадзе». Георгій падняў на дзяўчыну вочы і зачаравана пазіраў за рухам яе вуснаў, як яна кранальна падымала шоўкавыя бровы на гладкі лоб, як дрыжэлі яе доўгія веі. «Калі вы жадаеце пазнаёміцца з маім братам, я запрашаю вас заўтра ў госці да нас», - не верачы, што дзяўчына прыме яго запрашэнне, прапанаваў Георгій. Яна шырока расплюшчанымі вачыма зірнула на юнака, нібыта не верыла ў сур'ёзнасць яго слоў, і тут жа шчасліва заўсміхалася, бліснуўшы жэмчугам зубоў, і, як дзіця, радасна пляснула ў далоні: «Як цудоўна!» Гэтай сваёй шчырай радасцю Алена расчуліла Георгія.

«Уся яе ганарлівасць падманлівая, яна зусім іншая, яна шчырая, вясёлая, добрая», - падумалася яму.

Як на крылах вяртаўся Георгій дадому. Уся душа яго спявала. «Немагчымае магчыма, немагчымае магчыма». Вось ён і пазнаёміўся з той, да якой палохаўся нат падысці, а заўтра сустрэнецца з ёй зноў. «Брат, - прыйшоўшы дадому, звярнуўся ён да Філарэта, - я запрасіў яе да нас. Заўтра яна прыйдзе ў госці». - «Хто «яна»?» - не адрываючы галавы ад манускрыпта, спытаўся Філарэт. «Як жа? Я табе распавядаў, што закахаўся. Я запрасіў яе да нас. Яна так хацела пазнаёміцца з табою». - «Ах, памятаю, ты нешта казаў пра сваё каханне. Усё правільна зрабіў. Прыгледзімся да яе. Каханне часта невідушчае, і не заўважаеш адваротнага боку. А часцей бывае - прагнеш любові і падманваеш сябе, выдумваеш сабе каханне, а пасля - расчараванне...» - «Якое расчараванне? Я кахаю яе».

Доўгай здавалася Георгію тая ноч. І доўга ён не мог заснуць, толькі заплюшчыць вочы, як з цемры выступае стройная постаць Алены. Развіваецца на ёй туніка, што акрэслівала маладыя ногі, выступы дзявочых грудзей. Алена падыходзіць да яго, прысядае на ложак і кажа: «Ты чакаў мяне, і я прыйшла. Я ведаю, што ты кахаеш мяне, і я цябе кахаю». Пяшчотнымі рукамі цёплых далоняў гладзіць яго па валасах, нахіляецца над імі цалуе ў вусны. Не спалася Георгію. Некалькі разоў выходзіў ён у сад. Над галавой вісела зорнае неба. У прасветах паміх галінаў бруілася месячнае святло. Гучна спявалі цыкады. Водар нагрэтай за дзень зямлі, кветак і дрэў як ніколі кружыў галаву. Прахалодны подых з мора прыемна асвяжаў тулава. Гэта была самая дзівосная і незабыўная ноч у жыцці Георгія, ноч прадчування здзяйснення мары.

- Адкуль вы ведаеце такія падрабязнасці? Што думаў і перажываў Георгій? Ці ён сам вам расказаў? - адарвала позірк ад дарогі жанчына і запытальна зірнула на незнаёмца.

Неяк дзіўна ён усхліпнуў горлам, як чалавек, якога нечакана злякнулі. На шыі крануўся коўцік. Падарожнік праглынуў сліну і адвёў ад жанчыны вочы.

- Ну чаго вы змоўклі?

- Я, можа, і не ведаю ўсіх драбніц, але мне здаецца, што менавіта так думаў Георгій. Са мною таксама некалі ў юнацтве адбылося такое. Ну вось я і вырашыў... Закаханыя так падобны адзін да аднаго, - мовіў ён няўпэўнена і чакаў, што жанчына будзе аспрэчваць яго, але не, памыліўся.

- З вашым талентам толькі кніжкі пісаць. Нягледзячы на тое, што ў вашым апавяданні многа недарэчнасцей, а то і проста выдумкі, мне цікава слухаць вас. Вось яно - жывое дрэва мастацтва.

- Наступны дзень Георгій правёў у клопатах. Упрыгожыў пакоі кветкамі. К вечару дом быў падрыхтаваны да сустрэчы дарагой госці. У прыгожых вазах - ружы, у амфарах - віно, на стале - вінаград, ананасы, заморскія ласункі, мёд, смажаная рыба, дзічына. Георгій, апрануты ў шоўкавую белую тогу і абуты ў белыя скураныя сайдаліі, нецярпліва праходжваўся па мармуровай падлозе гасцёўні і з надзеяй паглядаў у вокны. Філарэт, які ў бібліятэцы чытаў манускрыпты, некалькі разоў выходзіў у гасцёўню і насмешліва паглядаў на брата. І сапраўды Георгій закахаўся. Хто яна, шчаслівая? Пэўна, нейкая дзявуля-дурнічка з прыгожанькім тварам. Ну, Бог з ёй. Каб яна ўтрымала брата каля сябе, не дала яму зноў сябраваць з гэтымі грубымі маракамі, што так ганьбіць яго, Філарэта. І калі сонца сабралася на захад і спала дзённая спёка, прыехала на калясніцы Алена. Яшчэ здалёку Георгій убачыў з акна запрэжаную белым канём калясніцу, якой кіравала дзяўчына. Вытанчана і лёгка трымала яна лейцы. Ветрык развяваў белую туніку і чорныя доўгія валасы дзяўчыны. «Алена!» - ускрыкнуў Георгій і пабег насустрач каханай. Каля дома яна спыніла каня. Георгій падаў ёй руку. Маленькая дзявочая далонь легла ў яго далонь. Алена ступіла на прыступку і сышла з калясніцы. Тыя некалькі хвілінак, пакуль ён трымаў дзявочую далонь, здаліся яму непаўторнымі.

- Спадзяюся, што і гэта вы прыдумалі для яскравага апавядання? - спыталася паспешліва жанчына.

- Вядома. Жыве дрэва мастацтва - імправізацыя, - паспяшаў згадзіцца падарожнік.

- Але цікава. Ну і што далей, калі прыехала Алена да Георгія?

- «Вось і я, - весела прамовіла дзяўчына. - Добры вечар, Георгій». Ён таксама прывітаўся. Каля мармуровых прыступак, што падымаліся да парадных дзвярэй, дзяўчына нясмела азірнулася на Георгія. Ён шчаслівай усмешкай падбадзёрваў госцю. І вось яна ўвайшла ў дом. У вітальні, распісанай фрэскамі на тэму любові Псіхеі і Эрота, іх сустрэў Філарэт. «О, здаецца, багіня сышла з Алімпа ў нашае жытло! Вітаю вас, багіня!» Філарэт манерна развёў рукі і ветла ўсміхнуўся. Чырвань заліла дзявочы твар. Алена сарамліва апусціла доўгія вейкі. Філарэт як гаспадар распараджаўся ўсім, размаўляў з дзяўчынай, частаваў яе віном і ласункамі, іграў для яе на арфе. Георгій сядзеў у куточку на мармуровай лавіцы і любаваўся Аленай, кожным яе рухам, як вытанчана трымае яна ў руцэ кубак, кладзе ў рот вінаград, смяецца. Не выпала з-пад яго ўвагі, што дзяўчына крадком з-пад вейкаў паглядае на Філарэта. Неяк слова за словам наладзілася і размова. Яны гаварылі пра паэзію, філасофію, гучалі імёны вялікіх.

Георгій не браў удзелу ў размове. Ды і што ён мог сказаць пра філасофію і паэзію? Вось і выпадала маўчаць. Пасля Філарэт чытаў вершы. Стомлена адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы і павольна, з расчараванай інтанацыяй дакламаваў Авідзія. І яна чытала нейкія вершы, гучна і натхнёна. Усе іх размовы, гэтае чытанне паэзіі нагадвала Георгію спаборніцтва двух эрудытаў - вопытнага (Філарэта), для якога яно забава, і маладога (Алены), якая з запалам імкнулася паказаць свой інтэлект.

- Цікава, цікава, - адазвалася жанчына.

- Ужо сонца схавалася за горы і слугі запалілі ў пакоях каганцы, калі Алена спахапілася: «Ой позна!» - і развіталася з гаспадарамі. «Было прыемна з вамі пазнаёміцца», - прамовіў напаследак Філарэт. Георгій праводіў дзяўчыну да яе дома. Яны ехалі на калясніцы. Ён правіў канём. Алена стаяла побач з Георгіем, ён адчуваў яе блізкасць, чуў дыханне. «Які дасціпны і праніклівы ваш брат. Як дасканала ведае ён паэзію. Як па-свойму арыгінальна трактуе творчасць паэтаў. І сапраўды ён вялікі...» І так усю дарогу Георгій слухаў захопленыя словы Алены аб тым, які ў яго незвычайны і вялікі брат. Вярнуўшыся дадому, ён убачыў Філарэта ў добрым настроі, той праходжваўся па гасцёўні і нешта вясёлае спяваў сабе пад нос. «Дзе ты пазнаёміўся з гэтай дзяўчынай?» - спытаўся Філарэт. «А што?» - насцярожыўся Георгій, якому не спадабаўся братаў тон. «Як там у вас кажуць- «клёвая». - «Дзе ў нас?» - «Ну там, у порце». Філарэт па-сяброўску паляпаў Георгія па плячы. «Цудоўная дзяўчына. Рэдка зараз сустрэнеш такую эрудыцыю. Мне падабаецца твой выбар». У нядзелю ўсё паўтарылася. Філарэт і Алена вялі інтэлектуальныя гульні-размовы, ігралі на арфе, спявалі. А Георгій быў трэці лішні. Пра яго забыліся. Некалькі слоў, якія ён уставіў у размову, яны не пачулі. Пасля ён зноў праводзіў дзяўчыну, і зноў увесь шлях яна ў захапленні гаварыла пра брата. За гэтым вечарам былі і другія, і ўсё паўтаралася зноўку: размовы Філарэта і Алены, маўклівасць Георгія, калясніца і захапленне дзяўчыны братам. І аднойчы Георгій не вытрымаў: «Ды што вы ўсё пра Філарэта. Вялікі, святы, герой. А я хто? Я нішто, мяне няма, я нецікавы. Я не веру, што ён вялікі і незвычайны. Ну і што з таго, што ён перамагае на філасофскіх дыспутах, выйграў атлетычныя гульні? Толькі час небяспекі - выпрабаванне для мужчыны. Я не веру ў яго добрыя памкненні, не дзеля народа, не дзеля горада ён стараецца, а дзеля сябе, сваёй славы, дзеля ўлады над людзьмі». - «Вы што, Георгій? Як вы маглі гаварыць такое пра брата? Ды вы проста зайздросціце яму. Хто вы без яго? Самавіты, недалужны чалавечак, які і двух слоў не скажа, які сябраваў з плебеямі, жлукціў з імі. Ды брат з вас чалавека зрабіў. Усё лепшае, што ёсць у вас, - ад брата. А вы так пра яго гаворыце. Дробны зайздроснік - вось вы хто. Спыніце калясніцу». Ніколі такой рэзкай не бачыў Георгій дзяўчыну. Яна рашуча саскочыла з калясніцы і хутка, не азіраючыся, пакрочыла па вуліцы. І Георгій усё зразумеў: ён быў патрэбны ёй для знаёмства з братам. І няма чаго сябе падманваць.

- Нават так. Я здзіўляюся паваротам вашай фантазіі, - жаночы голас задрыжэў. Жанчына дастала са скрыні пачак цагарэтаў і запаліла, глыбока зацягваючыся. Адной рукой круціла баранку, а другой трымала ў доўгіх пальцах цыгарэту, якую раз-пораз падносіла да вуснаў.

За акном па-ранейшаму цягнуліся пустыя палеткі. Далёка наперадзе стаяў лес. Машыну на калдобінах кідала з боку ў бок. І здавалася, што не скончыцца гэтая нудотная дарога, што сама бясконцасць разматала гэтую стужку ў невядомасць, дзе невядомае нарэшце павінна надаць знаёмае гэтым двум аблічча.

- І зноў Георгій зачасціў да маракоў, але выпіўшы з імі, ён сыходзіў далёка за горад на марскі бераг і доўга паглядаў на мора. Хваля за хваляй біліся ля яго ног. І думалася, мора ведае пра яго бяду, суцішае гора. Але з'явіліся ў Георгія і другія суцяшальнікі - хрысціяне. «Нельга жыць без надзеі, - казалі яму яны. - А надзею дае вера, выратоўвае толькі вера, вера чыстасардэчная, яна сагравае і ўсяляе ў сэрца любоў да выратоўцы нашага - Бога. Бог - твая любоў, любі яго і ў дзень Апошняга Суда ты ўвойдзеш у яго Вячыстае царства». Ён быў далёкі ад іх вучэння, па-ранейшаму думаў пра Алену. У гэты час у суседскім горадзе, які знаходзіўся ніжэй, на рэчцы, са звярынца ўцёк кракадзіл. Вось гэтае страшыдла і прыплыло да горада, дзе жыў Георгій, стала нападаць на людзей і жывёлу. Па горадзе папаўзлі чуткі, што ў рэчцы пасялілася крыважэрная пачвара.

На галоўным гарадскім пляцы сабраліся жыхары горада. Многае казалі яны пра гнеў багоў, заняпад нораваў у горадзе. Было вырашана, каб задобрыць пачвару, прынесці яму ў ахвяру самую прыгожую дзяўчыну. Але ўсе чакалі слова Філарэта. Што мовіць ён? І ён прыгожа казаў пра веліч ачышчальнай ахвяры, пра гераізм самаахвярнас ці, прыводзіў прыклады з гісторыі, калі самаахвярнасць аднаго чалавека ратавала народы ад загубы. І крыкнулі гараджане: «Алена!» Яе маці, пачуўшы такі прысуд, страціла прытомнасць. Бацька абрачона вымавіў: «Калі трэба, дык што ж, я згодны». Філарэт сам падышоў да Алены і сказаў пра той вялікі гонар, які выпадае ёй - выратаваць горад. А яна закахана глядзела на Філарэта, зачаравана слухала, як ён бласлаўляў яе на смерць. Не, не аб выратаванні горада думаў ён, а пра сябе.

- Чаму? - глухім голасам спыталася жанчына.

- А таму, што натоўпам валодаў жах. А жах - сляпая сіла. І гэта разумеў Філарэт. У адваротным выпадку ён, як герой, быў павінен сам змагацца з пачварай. Алена паверыла Філарэту, яна кахала яго, і ўхвала ім ахвяры асляпіла дзяўчыну.

- Паверыла, - задумліва прамовіла жанчына, спыніла машыну і раптам бяссільна апусціла галаву на баранку.

- Што з вамі? - Чалавек асцярожна дакрануўся да жаночага пляча.

- Не хвалюйцеся, - марудна выдавіла з сябе жанчына, падняла галаву, лёгкім рухам далоні змахнула са шчакі слязу. Паспрабавала ўсміхнуцца, але яе вусны па-здрадніцку задрыжэлі. - Не звяртайце ўвагі. Проста стамілася. Кажыце далей.

Яна так і не завяла машыну. Гледзячы ў лабавое шкло, засяроджана, сабраўшы хваравіта над пераноссем бровы, слухала падарожніка.

- І адзіны, хто заступіўся за Алену, быў Георгій. Ён даведаўся ад маракоў аб прысудзе гараджан і пабег да брата? Як? Алену, любую Алену. аддаць у пашчу крыважэрнай пачвары? Гэтага ён ніколі не дазволіць. Брат яму дапаможа, толькі Філарэт пераканае гараджан адмовіцца ад дзікунства. Брата Георгій адшукаў у садзе філасофскай школы, дзе той чытаў лекцыі вучням і шматлікім паломнікам. Георгій, каб не перабіваць заняткі, уладкаваўся збоку і з нецярплівасцю чакаў іх заканчэння. І раптам у хмызняку, які акаляў паляну, дзе сабраліся філосафы, нешта заварушылася, і праз імгненне адтуль з шумам, ламаючы голле вынырнула разяўленая пашча. Жахам бліснулі ў вачах прысутных вострыя, як кінжалы, шэрагі зубоў у ружовай пашчы. «Пачвара! Пачвара!» - закрычалі людзі і кінуліся ўцякаць. І Філарэт, гонар народа, герой і атлет, таксама пабег з пагорка, з якога яшчэ хвіліну назад вяшчаў пра гераізм. Затрашчаў хмызняк, і адтуль выпаўз вялікі кракадзіл. І вось гэтаму страшыдле жадаюць ахвяраваць Алену? Георгій не пабег. Кракадзіл спыніўся, нібыта збянтэжыўся чалавека, першага, хто не спалохаўся яго. Жывёла і чалавек на імгненне знерухомелі адзін перад адным. Нейкіх дзесяць крокаў раздзяляла іх. Кракадзіл разявіў пашчу і, таропка, як качка, перакульваючыся з нагі на нагу, рынуўся на чалавека. І ў крыку, што вырваўся ў чалавека з глоткі, пачула жывёла жах. Чалавек пабег да пагорка ў надзеі, што кракадзіл не падымецца туды, стралой узляцеў на самы верх. Але жывёла следам за чалавекам пачала караскацца па схіле на пагорак. І тут Георгій убачыў кінуты братам на зямлю залаты кій з цяжкім набалдашнікам - жэзл філосафа філосафаў. Георгій схапіў жэзл - кракадзіл падняўся ўжо на пагорак. З разяўленай пашчы на чалавека дыхнула смуроднай гарачынёю. З адчаем асуджанага Георгій ударыў кракадзіла па воку. Адтуль адразу ж пырснула кроў. Кракадзіл зароў, ад удараў яго доўгага моцнага хваста страсянулася зямля. Георгій ударыў па другім воку. Звер круціўся па зямлі, ляскаў зубамі, але ў той балючай цемры, што асляпіла яго, не бачыў свайго ворага. Чалавек асмеліўся, і наблізіўся да звера, і ўвагнаў востры канец жэзла ў галаву пачвары. Яшчэ з палову гадзіны біўся кракадзіл у перадсмяротных пакутах, а пасля аціх.

- А дзе ж быў Філарэт? Няўжо ён збег? - разгублена спыталася жанчына.

Але той, нібыта не пачуў пытання, казаў далей:

- Так, зусім таго не чакаючы, Георгій стаў героем. Гараджане, што сустрэлі яго перад уваходам у сад, спачатку не паверылі, што ён забіў пачвару, але калі ўбачылі на месцы бойкі тулава страшыдлы, дагналі Георгія, падхапілі на рукі і з радаснымі крыкамі панеслі па вуліцах: «Слава! Слава!» У гэты момант Георгій мог лічыць сябе шчаслівейшым у жыцці. Але не слава героя была патрэбна яму. І зусім не думаў, што ён герой, а радаваўся выратаванню Алены. Ля яе дома ён папрасіў людзей, што неслі яго на руках, спыніцца. Яго апусцілі на зямлю, і ён пабег да Алены. Матуля дзяўчыны без памяці ляжала ў ложку. Бацька, апусціўшы галаву, панура тупаў па пакоях і звар'яцела паўтараў: «Калі без ахвяры нельга, дык што ж, хай будзе так». Сама Алена ў сваім пакоі рыхтавалася да подзвігу: апранутая ў белую туніку, яна чытала на пергаменце лепшыя прамовы Філарэта на філасофскіх дыспутах. Георгій з парога радасна паведаміў: «Алена, ты выратавана! Я забіў пачвару!..» Гэтае паведамленне нібыта расчаравала дзяўчыну, яна з недаверам спыталася: «Як?» - «Я забіў пачвару! І твая ахвяра не патрэбна!»

Пэўна, Алена не магла прымірыцца з тым, што не наканавана ёй здзейсніць подзвіг і тым самым увайсці ў гісторыю, яна нейкае імгненне маўчала, хмурыла бровы, пакусваючы вусны. Георгій, які спадзяваўся, што Алена абрадуецца, падзякуе яму, разгубіўся. «Ну што ты стаіш? - не ветла вымавіла дзяўчына. - Хваліся». - «Дык што там хваліцца. Забіў, і ўсё». - «І як жа табе гэта ўдалося?» Насмешлівасць прагучала ў яе голасе. «Я прыйшоў да брата ў філасофскую школу, хацеў адгаварыць яго ад гэтай варварскай ахвяры. Вось тут з хмызняку і з'явілася пачвара. Усе ўцяклі, а я вось...» - «Ты хочаш сказаць, што ты герой? Адкуль табе вядома, што Філарэт уцякаў, мо ён арганізаваў эвакуацыю вучняў і сваёй прысутнасцю надаваў ім мужнасці. Ды і не веру я, што ты мог выйсці на бой з пачварай. Відаць, п'яны быў і сам уцякаў, але не ўцёк і з жаху, баронячыся, выпадкова перамог пачвару. А цяпер носішся і крычыш: «Перамог! Герой!»

Не чакаў Георгій пачуць ад дзяўчыны такое і, пануры, пакінуў яе. Тыдзень у горадзе праходзілі ўрачыстасці, прысвечаныя перамозе Георгія. Народ весяліўся, славіў свайго вызваліцеля. Паэты прысвячалі Георгію вершы, апявалі яго. Скульптары ляпілі статуі, у якіх ён у даспехах дзідай забіваў пачвару. Толькі сам Георгій не радаваўся. Бо і пасля подзвігу не пакахала яго Алена. Штодня ён напіваўся. На сёмы дзень урачыстасцей Філарэт, дачакаўшыся, калі Георгій прачнуўся, вырашыў сур'ёзна паразмаўляць з ім. «Брат, - пачаў Філарэт, пагардліва гледзячы на азызлы, з адвіслымі зямлістымі кругамі пад вачыма твар Георгія, - бацька перад смерцю даў запавет мне даглядаць цябе. І я павінен думаць пра гэта». - «Ну і думай», - адрэзаў злосна Георгій. «Ты слухай, а не пярэч мне. Цяпер ты герой, цябе ўслаўляюць - усё гэта добра. Але працверазеюць людзі і паглядзяць на свайго героя. І каго ўбачаць? А ўбачаць яны зусім не Геракла, не Ахілеса, а худога чалавека, п'яніцу, невука, які знаецца з плебеямі, адшчапенцамі-хрысціянамі. І гэта - герой? Няўжо ён вышэйшы за іх духам, адвагай, мужнасцю? Ці не здзек над імі? І расчаруюцца, усе ад цябе адвернуцца. Ты будзеш ім нагадваць іх жывёльны жах, будзеш ім жывы дакор. Але калі цябе абвясцілі героем - хочаш не хочаш - выпадае быць героем. А калі так, дык ты павінен пакінуць горад, каб застацца легендай. Што галоўнае ў атлетыцы? Своечасова пакінуць яе, застацца непераможаным. Ты, здаецца, некалі марыў аб падарожжах, вось і ажыццявіш свае мары. Я ўжо падумаў. Сёння вечарам адыходзіць карабель за мора, адпачні ад славы. Ваяж, ваяж - паветра, сонца і вада. Мара. А натоўпу скажам, што ты адправіўся на новыя подзвігі. Праз год забудуць пра тваю пе-ра-мо-гу, і вяртайся назад. Будзь нармальным чалавекам.

Георгію было ўсё роўна: застанецца ён у горадзе ці паплыве некуды на караблі. Калі яго не кахае Алена, дык жыццё страціла сэнс. І ён не стаў пярэчыць брату.

Праз многія, многія гады ў горад, дзе некалі жыў Георгій, адвячоркам увайшоў чалавек. Асаблівай увагі ён не выклікаў ні ў гарадской варты, ні ў саміх гараджан. Загарэлы абветраны твар, зарослы густымі вусамі і барадой, космы чорных ускудлачаных валасоў, што не ведалі грэбеня, ірваны плашч, варварскія доўгія штаны з даматканага палатна, стаптаныя сандаліі, торбачка праз плячо - ён быў падобны да соцень іншых паломнікаў, якія штодня прыходзілі з усіх бакоў свету ў горад. Гэта і быў Георгій.

- Дык ён не загінуў? А... хаця... кажыце далей, - расхвалявана адазвалася жанчына і зноў дастала з пачка цыгарэту, паднесла яе да вуснаў, забыўшыся запаліць.

- Шмат гадоў дабіраўся да сваёй радзімы Георгій. Не пераможцам яго б назваць, а пакутнікам. І зброю ў руках патрымаў на службе імператару, і выракся крывавага ляза. Запалі яму ў сэрца словы хрысціянскія: «Будзем прасіць дапамогі ў Цара Нябеснага для адраджэння нашых душаў, прасвятлення нашых сэрцаў, тады Божа выратуе нас ад няшчасцяў, суцешыць у жалобе, даруе нашыя грахі».

Не пазнаў Георгій свой горад. Замест старажытных язычніцкіх храмаў зіхацелі залатымі крыжамі цэрквы. На пастаментах узвышаліся скульптуры юнака ў даспехах, які сядзеў на кані і калоў дзідай цмока. Надпісы паведамлялі, што юнак гэты Георгій Пераможца. На кожным рагу вуліцы можна было ў гандляроў купіць маленькія скульптуры такога ж ваяра ці абраз з яго выявай. Натоўпы паломнікаў снавалі па вуліцах і талопіліся на скульптуры і цэрквы. Нейкія людзі, што іх суправаджалі, увесь час тлумачылі: «Па гэтай вуліцы неаднойчы хадзіў Георгій Пераможца. На гэтай скульптуры вы бачыце Георгія ў час здзяйснення подзвігу». І на чужыне Георгій чуў не раз пра подзвіг Георгія Пераможцы, які забіў цмока. Калі ж аднойчы не вытрымаў і стаў распавядаць, што ўсё адбывалася не так, як пра гэта кажуць, і што ён і ёсць той пераможца цмока, яго асмяялі. Але тое, што ён убачыў, зараз рассмяшыла яго. Яны нібы ўсе звар'яцелі. Навошта ўсё гэта ім? Які сэнс? Нарэшце ён дабраўся да вуліцы, дзе стаяў бацькоўскі дом. На шыльдах будынкаў прачытаў: «Праспект Георгія Пераможцы». «Не, яны і сапраўды звар'яцелі. Знайшлі мне героя. А можа, чаго не разумею, не ўсведамляю, што здзейсніў? І што для мяне толькі эпізод у жыцці, стала для людзей нечым значным і велічным», - думаў Георгій, ідучы па праспекце, названым яго імем. Падыходзячы да роднага дома, Георгій адчуў, як у душы балюча заныла туга і ў хваляванні забілася сэрца. Колькі разоў у думках ён вяртаўся дадому і ажываў душой. Мармуровая шыльда над дзвярыма золатам літараў паведамляла: «Дом-музей Георгія Пераможцы. Працуе з 9.00 да 20.00. Без перапынку на абед і без выхадных дзён». «Ну і ну», - аж прысвіснуў Георгій і штурхнуў дзверы. Яны былі зачынены. «Вось яшчэ смех, і дамоў не трапіш», - падумаў Георгій і забарабаніў у дзверы. Нарэшце за імі пачуліся крокі, і незадаволены голас запытаўся, каго яшчэ там чэрці нясуць, музей зачынены. «Гэта я, Георгій». - «Які яшчэ Георгій?» - падазрона перапыталі за дзвярыма. «Георгій, брат Філарэта». За дзвярыма наступіла маўчанне. «Ну?» - бухнуў Георгій кулаком у дзверы. «Георгій загінуў», - неяк няўпэўнена адказалі за дзвярамі. «Вось я, жывы-здаровы. Паклічце Філарэта». - «Зараз, зараз», - зноў пачуўся тупат ног, які заціх дзесьці ў нетрах дома. Праз нейкі час яшчэ затупалі ногі, да слыху даляцелі галасы. Георгій пазнаў Філарэта. «Ды не крычыце вы, чуў я ўжо, чуў».

«Вось зараз здзівіцца мне. Вачам не паверыць. Пэўна, думаюць, што я загінуў, а тут - радасць такая: я жывы і здаровы», - з прыемнасцю думаў Георгій, цешачыся хуткай сустрэчы з братам. Заскрыгатаў замок, забразгалі засаўкі, і дзверы адчыніліся. На парозе стаяў Філарэт, з-за яго спіны з цікавасцю выглядаў слуга. Брат па-ранейшаму быў стройны і прыгожы. Невялічкая курчавая бародка прыдавала яго твару мужны выраз. Філарэт сурова зірнуў на абарванага і схуднелага чалавека. «Філарэт», - збянтэжана прамармытаў Георгій. «Што вам трэба, грамадзянін? Музей ужо не працуе», - з афіцыйным халадком прамовіў Філарэт. «Няўжо ты не пазнаеш мяне? Я Георгій, твой брат». - «Я вас першы раз бачу, грамадзянін. І параіў бы вам не называць сябе светлым і дарагім для ўсіх нас імем. Добра, што гэта чую я, другія б вас здалі ў псіхушку», - усё той жа халодны і суровы тон у вуснах Філарэта. «Але я ж Георгій!» - у адчаі ўскрыкнуў ён. «О Божа, пачалося, - прамовіў Філарэт. - Вось, Феафіл, - ён звярнуўся да слугі, - і так кожны самазванец, які выдае сябе за майго брата, пачынае даказваць, што ён і сапраўды Георгій. Калі ж вы так хочаце наведаць музей, дык я магу вам паказаць яго», - казаў Філарэт, а сам падаваў знак, касіў вочы на слугу, - маўляў, маўчы, пры ім не магу цябе прызнаць. «Хачу», - згадзіўся Георгій. Ён не пазнаваў і пазнаваў родны дом. Тыя ж сцены, але на іх віселі карціны з выявай прыгожага атлетычнага хлопца, які называўся яго імем. То гэты міфічны Георгій выступае перад сівымі філосафамі, то яны з Філарэтам сустракаюць світанак, то ён стаіць на марскім беразе і задумліва паглядае на мора, а вось і малюнак бою з цмокам. У вітрынах за шклом ляжала зброя, якая нібыта належала яму, нейкія рэчы, якія, мяркуючы па надпісах, таксама яму належалі.

У гасцёўні, дзе калісьці яны - Георгій, Філарэт і Алена - сустракаліся, усё заставалася па-ранейшаму: тыя ж размаляваныя фрэскамі сцены, тыя ж вазы, скульптуры філосафаў. Прыемна было ўбачыць мармуровую сафу, дзе любіла сядзець Алена. Побач стаяла крэсла, на якім сядзеў Філарэт. «Тут сядзеў Георгій», - паведамляў надпіс. Гэтая маленькая хлусня не спадабалася Георгію. Вакол адзін падман. Лавіцы, на якой ён сапраўды сядзеў, Георгій не ўбачыў. «Усё, што нагадвае пра мяне, схавана», - з сумам падумалася яму. У бібліятэцы Філарэт спыніўся, зачыніў шчыльна дзверы. «Цяпер мы адны», - прамовіў ён і абняў брата, прытуліў яго да сваёй грудзіны. «Георгій, - нібыта і расчулена прамовіў Філарэт, але нейкая насцярожанасць і прытворнасць адчуваліся ў інтанацыі яго голасу, - ты прабач мяне, але так трэба было. Мы ж думалі, што ты загінуў. А колькі самазванцаў выдае сябе за Георгія Пераможцу». - «Філарэт, я так сумаваў па табе, па доме. Нават і не верыцца, што я тут зноў, бачу цябе», - шчыра прызнаўся Георгій. «Ты сядай, - паказаў Філарэт на крэсла і адышоў ад брата, сеў у другое крэсла. - Распавядай, як жылося табе ўсе гэтыя гады». Георгій доўга распавядаў пра ўсё тое, што здарылася з ім. Філарэт засяроджана слухаў брата, толькі час ад часу згодна вымаўляў: «Так, так». Распавёўшы пра сябе, Георгій запытаў: «Слухай, Філарэт, растлумач мне, што за такі фарс, усюды гэты вой пад маім імем, гэты музей? Нібыта ўсе звар'яцелі». - «Гэта не фарс, гэта не вар'яцтва, гэта вельмі сур'ёзна. Ты нават не ўяўляеш, як усё сур'ёзна... Але чым ты збіраешся займацца?» - прамовіў Філарэт. «Чым? Жыць буду. Я забыўся пра смак хлеба і віна, так хочацца спаць у чыстым ложку, адпачыць», - Георгій летуценна заплюшчыў вочы і заўсміхаўся, нібы ўявіў сабе тое новае жыццё, якое цяпер пачнецца ў яго: без дарог і трывог, без галодных дзён, без самоты па родным доме, без адзіноты. «Так, так... А цяпер паслухай мяне, - Філарэт падняўся з крэсла, прайшоўся па пакоі, як бы збіраўся з думкамі, і, выразна вымаўляючы кожнае слова, сурова загаварыў: - Народ паверыў у тое, што ты герой. Пра твой подзвіг вядома па свеце. Памятаеш, ты ў свой час хадзіў да хрысціян, і я табе не забараняў гэтага. Калі мы прынялі хрысціянства, а пасля даведаліся, што цябе замучылі за веру, дык у горадзе пачалі цябе лічыць святым і сімвалам духоўнай з'явы, гонарам нашага горада. Падумай сам, як узяць і пазбавіць тысячы людзей веры ў твой легендарны і гераічны вобраз, у тваю святасць? Людзей нельга пазбаўляць прыгожых міфаў. Падумай пра тысячы паломнікаў, якія ідуць у наш горад, не адымай у іх надзеі. Гэта жорстка. Дзякуючы тваёй славе квітнее на паломніцтве наш горад. І няўжо ты пазбавіш сваіх землякоў сродкаў для жыцця? А як мы растлумачым тваё з'яўленне? Падман? Але гэты святы падман дзеля велічы веры. А зараз - вось такі ўдар па веры. З якой цяжкасцю яна знаходзіла шлях у людскія сэрцы...» - «Дык што мне рабіць? У што мне верыць?» - перабіў брата Георгій і бездапаможна, як дзіцё, усміхнуўся. «Не думай, што я выганю цябе з дому. Не. Але ты павінен забыцца, што ты Георгій, мой брат. Я дам табе шмат грошай, балазе музей прыносіць немалы даход. У любым горадзе ты зможаш купіць сабе дом, вілу, можаш ажаніцца і жыць, як марыш. Згодны?»

Георгій не адказаў, панура глядзеў на мазаічнае пано на сцяне, на якім была намалявана жанчына, вельмі падобная на Алену. «А што з Аленай? Дзе яна?» - «Яна мая жонка. У нас расце сын Георгій», - адказаў Філарэт. «Я хачу ўбачыць яе». - «Ведаеш, сустрэча гэтая выкліча ў яе горкія ўспаміны. Яна так перажывала тваю смерць. Пашкадуй яе. Ці згодны ты са мною?»

Георгій не адказаў.

«Ну дык пачакай. Я пайду па грошы».

«Ён ужо ўсё вырашыў за мяне», - з прыкрасцю думаў Георгій, але самая непрыемная была таропкасць, з якой брат спяшаўся пазбавіцца ад яго, нат не пакідаючы пераначаваць у бацькоўскім доме. Філарэт выйшаў з бібліятэкі. Калі ён вярнуўся са скураной торбачкай, у якой бразгала золата, - брата ў бібліятэцы ўжо не было.

Вось і ўсё, - скончыў аповед падарожнік.

У машыне панавала цішыня. Нудотна барабаніў па даху дождж. За акном даўно апусціліся пацёмкі. У салоне таксама было цёмна, і чалавек не бачыў жанчыны. Раптам успыхнула запалка, на імгненне асвятліла жаночы твар. Жанчына запаліла. Чырвоны агеньчык на канцы цыгарэты, як светлячок, трымцеў у поцемках.

- Гэта ўсё хлусня! - рэзка вымавіла жанчына. - Прызнайся, што ты ўсё прыдумаў? А як жа пакутніцкая смерць Георгія?

Ён адчуваў, што яна запытальна паглядае на яго, і прамаўчаў. Пачуў, як жанчына ўсхліпнула. Працягнуў да яе руку, правёў пяшчотна па валасах, дакрануўся да шчакі. На пальцах засталася вільгаць.

- Не плач. Усё я прыдумаў, - ціха прамовіў ён. - А смерць? Той, хто пайшоў на смерць, каб выратаваць веру ў сябе, не мог памерці, прынамсі, сам для сябе.

- Адчапіся. Не супакойвай. Ты ішоў сваёй дарогай, дык ідзі ёй.

Ён адчыніў дзверы і выбраўся з машыны. У твар ударыў дождж. Чалавек пакрочыў сваёй дарогай у бясконцую вечнасць з дня ў дзень, са стагоддзя ў стагоддзе, як дагэтуль ішоў ён.




Беларуская Палічка: http://knihi.com