Вітаўт Чаропка

Шчасце страсцей

Яго вялікасць імператар Аляксандр І сядзеў на імператарскім пасадзе, а вакол стаялі слугі гасударавы і лісліва паглядалі на суровы твар гасудара. Аляксандр пагрозліва ўставіўся на дзяржаўнага злачынцу Міцьку, які баяўся нават вочы падняць на імператара. Чакаў свайго прысуду. Пасадам імператару служыла звычайная каляложкавая тумбачка. Белая прасціна, накінутая на шырокія Аляксандравы плечы, азначала мантыю. Імператарскі тытул насіў Аляксандр Чэрнік - вучань восьмага «Б» школы-інтэрната. Чатыры месяцы вучыўся ў інтэрнаце Чэрнік, але моцнымі кулакамі заваяваў сабе ўладу сярод аднакласнікаў і вучняў малодшых класаў. Вакол яго неўзабаве згуртаваліся тыя, у якіх не вучоба ў галаве, а сверб у руках - шкоду ўчыніць якую. Кволы і худы - косці скуру праціралі - Косцік Ждановіч, аматар гісторыі і прыгодніцкіх сачыненняў, каб наблізіцца да Чэрніка, прапанаваў яму абвясціць сябе імператарам. А чаму і не. І Чэрнік з таго памятнага дня загадаў сябе велічаць «ваша вялікасць», а інтэрнат і ўся тэрыторыя каля яго, абгароджаная высокім драўляным плотам, сталі імперыяй наваяўленага ўладара Аляксандра I. Ждановіч і быў першым дзяржаўным мужам імперыі - канцлерам, а хаўруснікі Чэрніка атрымалі іншыя дзяржаўныя пасады, хто вайсковага міністра, хто галоўнага паліцыянта, хто міністра фінансаў. Усе астатнія вучні перайшлі ў стан халопаў гасударавых. Праўда, змена дзяржаўна-сацыяльнага ладу адбылася і не без хваляванняў. Той-сёй не захацеў прызнаваць манархіі. Бунтаўшчыкоў выклікалі ноччу ў палац - палату, дзе жыў са сваім дваром манарх. Канцлер чытаў дзяржаўнаму злачынцу імператарскі прысуд - «цёмная». І не паспяваў падсудны мовіць і слова ў сваё апраўданне, як ззаду на яго накідалі коўдру і верныя імператарскія міністры кулакамі выбівалі з яго ўсялякае памкненне да волі. Так нарадзілася новая імперыя. Усе яе грамадзяне павінны былі плаціць імператару даніну; хто што меў, тое і аддаваў: грошы, цукеркі, кнігі, маркі, ручкі і г.д.

А сёння імператар Аляксандр І здзейсніў паход на суседнюю з імперыяй вёску Пятроўшчыну. Чалавек трыццаць вёў за сабой Чэрнік. І здарылася немагчымае: з імператарскага войска ўцёк Міцька Мархель. Не тое што яго кулакі спатрэбіліся б у бойцы з абарыгенамі, якія, дарэчы, пахаваліся па хатах, ды і якая карысць ад невысокага кволага хлапчука «духарыка», але Мархель не паслухаўся імператара - гэта быў бунт. Толькі цяжкае пакаранне заслугоўваў бунтаўшчык.

Які там бунт? І не думаў Міця бунтаваць супраць Чэрніка, верна яму служыў, стаяў на шухеры, калі па начах той з хаўруснікамі гуляў у карты, каб хто з начных нянек не накрыў іх, паслухмяна засцілаў яму раніцай ложак, а вечарам распранаў, здымаў абутак. Мо хто і адважыўся б процістаяць Чэрніку, але толькі не гэты духарык Мар-хер. Міця проста спалохаўся бойкі - любы яму настукаў бы па касцях, і калі Чэрнікава раць ішла праз стары сад, ён адстаў ад усіх і схаваўся за дрэва. Думаў, не заўважаць яго адсутнасці, і пралічыўся. Чэрнік і заўважыў: «А дзе гэты духарык?» - «Няма яго». - «Ну добра». І вечарам, калі званок празвінеў «адбой» - час класціся спаць, канцлер паклікаў Міцю да імператара.

Яго вялікасць Аляксандр І сядзеў на імператарскім пасадзе і пагрозліва паглядаў на дзяржаўнага злачынцу. Не спадзяваўся Міця на цуд. Чэрнік не пашкадуе яго, як не пашкадаваў тых, хто не падначальваўся яму. Хай застанецца ён рабом, хай будзе выконваць любы загад Чэрніка, хай пагарджаюць ім, але толькі не б'юць. Боль палохаў яго. А Ждановіч чытаў гучным голасам напісаны на старонцы сшытка імператарскі ўказ. «Мы, вялікі імператар Аляксандр Першы, за дзяржаўную здраду раба нашага Міцькі Мархеля пастанаўляем: онага аддаць у гладыятары». Такі быў прысуд. Хто такія гладыятары, Міця ведаў з падручніка гісторыі - былі некалі такія рабы ў старажытным Рыме, пацяшалі крывавымі бойкамі рымлян. Значыць, і ён цяпер гладыятар і павінен кулакамі ў бойках пацяшаць гэтага вылюдка Чэрніка з яго прыхлебнай хеўрай.

- Шульц! - рэзка, як загад, прамовіў імператар.

На сярэдзіну палаты міністры выпіхнулі Шустала - хлопа з сёмага класа. Шустала дражнілі Шульцам. Яго, пэўна, таксама паднялі з ложка, бо, як і Міця, ён не адзеўся - быў у белай сарочцы і доўгіх чорных трусах. Босымі нагамі Шустал зашлёпаў па падлозе. Яго санлівыя вочкі палахліва глядзелі на Чэрніка, і жаласліва, нібыта хацеў выклікаць у імператара шкадобу, ён скрывіў вусны і захныкаў.

- Біцца па-сапраўднаму, а то кожнаму цёмная, - прыгразіў Чэрнік і з'едліва ўсміхнуўся. - Ну, Мар-хер.

Цяпер ужо залежыць ад яго самога - быць пабітым або абараніць сябе. Шульц не волат, аднаго з ім росту. Можа, і адолее яго. Яны паглядалі адзін на аднаго. Да гэтага вечара не варагавалі ды і не сябравалі паміж сабой. І вось з жадання Чэрніка яны ворагі. І ніхто з іх не рашаўся першым пачаць бойку.

- Чаго стаім? - прыкрыкнуў незадаволена Чэрнік.

Міця і не чакаў, як Шустал ухапіў яго за сарочку і моцна штурхнуў у бок. Радасныя крыкі міністраў віталі пачатак бойкі. Падаючы, Міця паспеў учапіцца за рукі Шустала і пацягнуў яго за сабою. Абодва і грымнуліся на падлогу. Цяжарам свайго тулава Шустал прыціснуў Міцю да падлогі. Ад гэтай няўдачы, ад болю пабітай спіны Міця ўзлаваўся, і злосць дала сілу. Нагамі ўпёрся ён у падлогу, рэзка падкінуў тулава ўгору. Шустал не ўтрымаўся і паваліўся на спіну. Умомант абодва ўскочылі на ногі. Злыя і расчырванелыя, яны цяжка дыхалі і пільна сачылі адзін за адным. Прысутныя ўхвальнымі крыкамі падбадзёрвалі іх.

- Што, выкусіў? - прахрыпеў Міця.

- Не радуйся, сваё атрымаеш, - агрызнуўся Шустал і зрабіў падманны выпад правай рукой.

Міця паверыў і адхіліў галаву ўлева. Моцны ўдар левай рукой у сківіцу ледзь не збіў яго з ног. У вачах імгненна паласнула цемрай. Пачуў сярод радасных крыкаў і задаволены ўсхліп Чэрніка. За гэтым ударам паследаваў другі - у вусны, але не такі моцны. Міця таксама ўдарыў кулаком правай рукі і не дастаў Шульца - ён адскочыў назад. Смех прысутных толькі больш раззлаваў Міцю. Аднаго ён хацеў - біць і біць Шульца, біць па твары, у нос, у вушы, у вочы. Ніякай боязі перад сваім праціўнікам цяпер ён не адчуваў. Біць. Як падхоплены віхорам, Міця сарваўся з месца і пабег на Шустала. Ад нечаканасці той на кароткае імгненне знерухомеў. З помслівай радасцю Міця сунуў з усёй сілы кулаком у нос Шусталу. З разбітага носа пырснула кроў.

- Ды ён малаток! - завішчаў Чэрнік.

А Міця спалохаўся, калі ўбачыў звярыную раз'ятранасць у вачах свайго праціўніка, яго перакошаны нянавісцю твар. Нічога добрага цяпер не чакай - парай аплявух бойка не скончыцца. Кроў. За кроў Шульц адпомсціць. Дзе тут пераможаш яго раз'ятранага. Боязь адабрала веру ў перамогу. І калі Шульц нема закрычаў: «Сука, заб'ю!», аж халадок працяў спіну і ёкнула сэрца - загінуў.

- Давай, Шульц! Мясі яго! Гасі Мар-хера! - крычалі хлопцы. Хутчэй ад боязі перад Шульцам - хоць неяк стрымаць яго, Міця схапіў свайго праціўніка за тулава і паваліў яго на ложак. Як ціскамі, Шустал абхапіў Міцю за шыю. Дарэмна ён спрабаваў вызваліцца - хватка ў Шульца была жалезная.

- Не брыкайся, пакуль ты жывы, я не адпушчу, - злосна хрыпеў над вухам Шустал.

Ужо не хапала паветра - Міця задыхаўся. Яшчэ імгненне, другое - і хана... Правай рукой Міця дастаў да горла свайго праціўніка. Адчуў пальцамі, як дрыжаць крохкія храсткі пад танклявай скурай, сціснуў іх. Шульц левай рукой паспрабаваў адарваць Міціну далонь са свайго горла, а правай па-ранейшаму трымаў у абхваце яго шыю. Заставалася толькі адно. У роспачы Міця з усёй сілы сціснуў Шульцава горла. Хрып, што вырваўся з рота ў Шустала, узрадаваў Міцю. Ну, цяпер Шульц адпусціць. Толькі Шустал па-ранейшаму жалезнай хваткай трымаў яго за шыю, а левай рукой схапіў за куток рота і стаў яго рваць. Дыхаць Міцю не было чым, але ўсё ж былі сілы схапіць зубамі Шустала за пальцы.

- Ах, так! - віскнуў Шустал, ударыў кулаком правай рукі па галаве і ўскочыў на ногі. - Кусацца, падла! Заб'ю!

Не паспеў Міця падняцца на ногі, як Шустал падмяў яго пад сябе і абхапіў рукамі яго галаву. Хутчэй бы скончылася гэтая бойка. Хай бы ўжо на задавальненне гэтым гадам і атрымаў бы колькі піз...лей ад Шульца, можа, Чэрнік і злітасцівіўся б - спыніў бойку. А Шустал усё мацней сціскаў яго галаву і шыю. У грудзях не было ўжо паветра. І тады Міця здаўлена закрычаў:

- Выратуйце мяне. Ён жа задушыць мяне.

- Адпусці яго, Шульц. Хай жыве! - зняважліва і павольна прамовіў. Чэрнік.

- Навошта мне патрэбны гэты казёл? - адказаў Шустал і расціснуў рукі.

- Малайчына, Шульц, - мовіў Чэрнік і велічна выцягнуў наперад руку.

Расчырванелы Шустал, абцёршы далонню пад носам кроў, пашлёпаў босымі нагамі да Чэрніка, апусціўся на калена і паслухмяна тыцнуўся вуснамі ў імператарскую далонь. А Міцю Чэрнік суцешыў:

- Нічога, Мар-хер, вось так памахаеш кулакамі і навучышся піз...цца.

 

* * ** * *

 

Накрыўшыся з галавой коўдрай, ляжаў Міця на сваім ложку. Ён хацеў заснуць і з прыкрасцю думаў, што імгненнем праляціць ноч і заўтра зноў гэтая клятая доля раба. І толькі ў сне можна забыцца пра жорсткае жыццё. Што добрае ён бачыў у ім? Дзе яго бацькі? Дом яго - вось гэты інтэрнат. І колькі разоў з яго здзекаваліся: то лупілі яго, то кідалі ў возера, каб парагатаць з таго, як ён тануў, то разбівалі тухлыя яйкі на галаве, то ноччу завязвалі вузлы на вопратцы, то мачыліся ў яго чаравікі, то пасля адбою ставілі з падушкай на выцягнутых руках - усяго не перакажаш. Такая бяда, што нават не п'ецца і вада. Няма ў яго сяброў, і павагі ні ад кога няма ў інтэрнаце. І сапраўды, ён раб, пазбаўлены нават імя, Мар-хер - крыўдная мянушка замест імя. І калі зрэдку пачуе «Міця», дык не адразу і здагадваецца, што звяртаюцца да яго. Што ж, ён змірыўся са сваёй бездапаможнасцю і нікчэмнасцю і адчувае сябе такім. Ён зжыўся са сваімі пакутамі - апраўданне яго мар пра шчаслівае будучае, гэта плата за тое, што рана ці позна, а павінен жа лёс усміхнуцца яму. І калі быў у яго добры настрой, Міця ўспрымаў гэта як нешта штучнае і падманлівае, нібыта жыццё вось такой дробнай падачкай намагаецца пазбавіць яго законных правоў на шчасце. Ды што тут нагадваць пра добры настрой, бо рэдка надараліся хвіліны радасці - трапіць у кіно, купіць цукерак або марозіва, але на гэта патрэбны былі грошы. Толькі адкуль у яго грошы? І ён краў іх, снаваў па спальным корпусе і, калі якая палата была адчыненая, заходзіў у яе, шнарыў па кішэнях. Радаваўся ўсяму - і капейцы, і марцы, і блакноціку. Рызыкаваў, калі б злавілі яго - не пашкадавалі б. Але адмовіцца ад крадзяжу - адмовіцца мець якую капейку. Аднойчы яго ледзь не застукалі. Лазіў па кішэнях і пачуў тупат ног у калідоры. Добра, што схаваўся пад ложак. У палату ўвайшоў з двума вучнямі настаўнік біялогіі Мікалай Лукіч, празваны за бародаўку на гарбатым носе Бародаўкай. Яны вешалі шторы на вокнах і размаўлялі паміж сабой, а ён, стаіўшы дыханне, ляжаў пад ложкам і нават не верыў, што пранясе. Ну, пашчасціла, калі вучні здымалі абутак і не заўважылі яго, а ці пашчасціць, калі яны пачнуць надзяваць свае пантофлі, зірні хто з іх выпадкова пад ложак - і ўсё. Вядома, што тут робіць чужы - крадзе. Хацеў нават выскачыць з-пад ложка і да дзвярэй, а там на ногі... Толькі не адважыўся, а калі зловяць? Пранесла - і працягваў красці. Вось такое жыццё. Думаў, што ў гэтым годзе - у восьмым класе, калі ўжо не будзе старшакласнікаў, ён зажыве спакойна - перастануць біць і здзекавацца. Ды вось з'явіўся Чэрнік. Першага верасня на школьным пастраенні, калі дырэктар віншаваў вучняў з пачаткам заняткаў, класны Франц Іосіфавіч падвёў да іх шэрагу высокага і плячыстага хлопца. Такое ўражанне, што не ў восьмым класе павінен быў вучыцца ён, а ў дзесятым. І сапраўды, пасля Міця даведаўся, што Чэрнік двойчы заставаўся на другі год у пачатковых класах. Па развязнай паходцы, грэблівай усмешцы і нахабным позірку можна было здагадацца, што ён не адчуваў сябе нясмелым навічком. Манерна склаў рукі на грудзях, нібыта хацеў паказаць наколкі на далонях. Славік Ярашэвіч, прыгажун і заўзяты футбаліст, раўніва паглядаў на навічка, як адчуваў, што згубіць сваё лідэрства. «Чувак», - мовіў ён Сашку Дзенісевічу - мажному хлопцу, які вельмі ганарыўся, што ён самы моцны ў класе. «Нічога, управімся», - супакоіў яго Дзенісевіч. Як бы не так - управіліся! Падмяў іх пад сябе Чэрнік. Дзенісевіч хоць і моцны, але зусім не ўмеў біцца.

А Чэрнік умеў. І калі сышліся яны ў бойцы - Чэрнік паказаў клас. Малаціў няшчаснага Сашку нагамі з такой жорсткасцю, што хлопцы спужаліся, каб не забіў яго. Біцца з навічком ва ўсіх адпала ахвота. Прыхлебнікамі Чэрніка сталі і Дзенісевіч, і Ярашэвіч, і Ждановіч, і ён, Міця Мархель. Нават узрадаваўся, калі Чэрнік прапанаваў яму прашвырнуцца ў горад. Спадзяваўся ў сябры патрапіць, прычыніцца да яго сілы і славы. Разам з Чэрнікам сарваліся ў горад Валерка Сямёнаў, які перажываў ад таго, што мачыўся начамі ў ложак, ды Бабёр - Баброўскі Валерка з сёмага класа, пра якога казалі, што ён згвалціў Лорку Тумановіч з іх класа. У нейкім закутку паміж двума высокімі цаглянымі платамі, на рэйках, якія вялі на элеватар, чые высокія вежы ўзвышаліся ўдалечыні, яны пілі з бутэлек піва. Хлопцы развесяліліся і распавядалі Чэрніку камічныя выпадкі з інтэрнацкага жыцця. А той маўчаў і спадылба паглядаў на плот. Гэтае маўчанне пужала Міцю. Здавалася, што задумаў Чэрнік нешта нядобрае. І раптам той прамовіў: «Хачу новыя штаны, Мархель, украдзі з крамы». Як украсці? Ці не жартуе Чэрнік? Але калі ён пачаў аднеквацца, Чэрнік ударыў пустую бутэльку аб рэйку і прыставіў да яго шыі розачку - вострае рыльца: «Маё слова - закон. Зразумеў?» Прыціхлі, як мышы, гаваркія хлопцы. І яны не чакалі такога ад Чэрніка. Сваё права праве. А ў яго не было выбару. Гэтыя штаны ён украў з крамы. Як і вучыў яго Чэрнік, мераць у кабіну прыхапіў двое штаноў. Хлопцы спінамі загарадзілі яго ад прадаўшчыцы. У кабіне адны штаны запхнуў пад пояс- і зашпіліў пінжак на гузік, вешалку таксама засунуў пад пояс, а з другімі выйшаў у залу. Нёс іх вешаць і дрыжаў ад боязі. Чакаў, што прадаўшчыца застукае яго. Крык, высвятленне, ганебная слава злодзея. Такі сорам. І з-за чаго? З-за сваёй кволасці. А няма моцы, дык кожны цябе паганяе. Толькі за дзвярыма крамы паверыў у цуд. І пабег адразу з ганка, нырнуў у нейкі двор. Пранесла.

А пасля вечарам, калі вярталіся назад у інтэрнат, напаткалі дзяўчат. Чэрнік, як загад, цвёрда вымавіў: «Мархель, падбяжы і вырві ў крайняй сумачку, а мы пацешым дзяўчат». І ён павінен быў гэта рабіць, не жадаў, а павінен. І сумачку ён вырваў. Калі Чэрнік з хлопцамі наўмысна ўкліпіліся ў дзявочую купку і дзяўчаты завішчалі, ён рэзка рвануў з рук у крайняй чорную невялічкую сумачку - і ходу. Зараз жах і згадаць, што мог пад машыну трапіць - бег жа праз вуліцу на чырвонае святло. Нічога і нікога не бачыў. А там пералез праз плот на нейкі завод, на хаду запусціў руку ў сумачку. Намацаў тоўсты кашалёк. Зноў удача. Сто восемдзесят рублёў. Грошы! Але ж дурань які. Не, каб схаваць іх - такое багацце - дык, каб улагодзіць Чэрніка, усе і аддаў яму. А той хоць бы капейку даў, хоць бы падзякаваў. Во - выкусі. А цяпер вось і блазнам сабе на пацеху зрабіў. Кошцы смех, а мышцы слёзы. Дык ужо лепш уцячы з інтэрната. Што яго тут трымае? Вучоба? Але вучоба яму як пакута: ні ў зуб нагой ні ў літаратуры, ні ў матэматыцы, ні ў фізіцы - нідзе. Настаўнікі толькі злосць сваю на ім спаганяюць - крычаць на яго, ставяць каля дошкі на цэлы ўрок. А жрачка. На парнатаўскай пайцы тлушчу не нагуляеш. Абедаў, абедаў, а жывот не ведаў. Калі ж што і смачнае даюць, дык Чэрнік забярэ сабе. Дык што ж, за тое, каб пераспаць на ложку, ён павінен расплачвацца пабоямі і здзекамі з сябе? Хай пераспіць у падвале або на гарышчы, але затое будзе вольны. Чаго палохацца волі? Вунь Ала Сямёнава месяцамі не жыве ў інтэрнаце - гуляе сабе. Міліцыя прывядзе яе, павучыцца дзень-другі і зноў на волю. І нічога з ёй не здарылася, жывая-здаровая і ад голаду не памерла, і начлег знаходзіць. Яна і яму прапаноўвала ўцячы з парната, а ён забаяўся. Дурань. Калі ўжо дзяўчына не прапала, дык ён таксама не прападзе. Затое воля, і не будзе там Чэрніка. Заўтра ўцякае. І ўпершыню ў сваім жыцці заснуў ён з радаснымі спадзяваннямі на заўтрашні дзень.

 

* * ** * *

 

І надышоў заўтрашні дзень. Пачаўся ён, як і сотні мінулых, рэзкім званком у калідоры - пад'ём! Класны, настаўнік малявання Франц Іосіфавіч - высокі мужчына за трыццаць гадоў па мянушцы Гусь, - уключыў святло і з парога гаркнуў: «На зарадку!» Хацелася хоць хвілінку-другую паваляцца ў ложку, але трэба падымацца. Разам з другімі жыхарамі палаты Міця паплёўся махаць рукамі і нагамі, прысядаць пад раззлаваныя вокрыкі Гуся - гэта і называлася зарадкай. За вокнамі стаяла цемра, а ў вестыбюлі сляпіла вочы святло лямпаў у падобных на гаршкі абажурах. Міця адразу ж згадаў, што сёння для яго пачынаецца новае жыццё, і павесялеў. Нават з ахвотай памахаў рукамі і паскакаў, чым заслужыў пахвалу класнага. І ложак Чэрніку засцілаў без ніякага ўнутранага супраціўлення. Апошні раз.

Збіраўся ён уцячы яшчэ перад урокамі, адразу пасля сняданка. Ды вось не ўдалося паразмаўляць з Алай. І толькі за некалькі хвілін перад званком на першы ўрок Міця адвёў дзяўчынку ўбок. Бойкай і задзірлівай Але нарадзіцца б хлопцам. Ну, тое, што яна любіла сядзець закінуўшы нага на нагу, плявалася праз зубы і ніколі не забывалася пра моцнае слоўца, - гэтым нікога не здзівіць у інтэрнаце - такіх дзяўчат тут хапала. А вось толькі яна гуляла з хлопцамі ў футбол, толькі яна магла, як хлопец, біцца, толькі яна - ірвалася на волю.

- Ну, чаго табе? - незадаволена спытала Сямёнава.

- Ала, давай уцячом з парната. Сёння і дунем.

На яе скуластым вяснушчатым твары з'явілася недаўменная грымаса здзіўлення. Дзяўчына з'едліва ўсміхнулася:

- Чаго так?

- Абрыдла ўсё. Не магу я больш тут.

- А я пачакаю. Можа, на Новы год падарунак які дадуць, а там канікулы. Жыць можна, - яна плюнула на падлогу і расцерла нагой сліну, - куды спяшацца?

Дзяўчына падняла на яго свае зялёныя вочы, прыкусіла ніжнюю губу. Здалося Міцю, што яна хоча мовіць яму нешта па-сяброўску шчырае і пяшчотнае.

- І не баішся? - спытала Ала.

- Не. Скажы, дзе можна пераначаваць?

- Ведаеш, дзе старая царква? Ну, каля палаца, куды нас на ёлку возяць. Там зараз нейкая кантора. Вечарам па лесвіцы падымешся на гарышча. Стукнеш у дзверы два разы - адчыняць.

Ну што ж, ёсць куды падацца, ёсць у яго прытулак, і нічога не трымае яго ў інтэрнаце, пакуль тут пануе Чэрнік са сваёй хеўрай.

Па калідоры крочыў з журналам пад пахай і доўгай драўлянай указкай у правай руцэ дырэктар інтэрната і настаўнік гісторыі Віктар Міхайлавіч, празваны за звычку ўсё высвятляць, што ды дзе, Сышчыкам.

- Мархель, а званок не для цябе? - сурова прыкрыкнуў на Міцю настаўнік.

Уцёкі пераносіліся на сорак пяць хвілін. Але Міця любіў гісторыю, якая з усіх прадметаў лягчэй яму давалася і падабалася, ці, не таму, што яго вабілі ілюстрацыі ў падручніках гісторыі. І не раз ён уяўляў сябе сярод высакародных і смелых рыцараў, з якімі вандраваў у пошуках прыгод, змагаўся з ворагамі, баляваў у рыцарскіх замках. Гэтае самаўзвялічванне надавала яму пачуццё незалежнасці і асабістай значнасці. Так ён абараняў сваё «Я». Яго фантазія на імгненне дазваляла забыцца на нярадаснае жыццё ў інтэрнаце. І цеплавая станцыя, што знаходзілася непадалёк ад інтэрната, уяўлялася Міцю таямнічым замкам. Раней ён з якой-небудзь палкай у руках, якая азначала зброю, шнырыў каля станцыі, нават некалькі разоў пералазіў праз плот - браў штурмам непрыступны замак, размахваў палкай, нібыта змагаўся з ворагам. Цешыўся сваёй гульнёй.

Так што Міця асабліва і не засмуціўся, што яшчэ сорак пяць хвілін прабудзе ў інтэрнаце, - паслухаць аповеды Сышчыка пра падзеі ў Францыі часоў трох мушкецёраў усё ж цікава, ды і на вуліцы яшчэ не развіднела.

Не мінула і дзесяці хвілін з пачатку ўрока, як ззаду Міцю балюча ўдарылі па плячы. Чаго азірацца? За спінай сядзелі Чэрнік і Ждановіч - нічога ім не зробіш. Але калі атрымаў удар кулаком у галаву, - ледзь стрымаў сябе. Каб яму сілы - вось тады б не да хіхікання было тым за ягонаю спінаю. Міця ўжо не слухаў настаўніка - чакаў новага ўдару. І вось зноў ударылі, а ўслед смех за спінай. Міця азірнуўся і сустрэў нахабныя ўсмешкі на вуснах у Чэрніка і Ждановіча.

- Можа, досыць? - і гэта быў голас чалавека, які не прасіў злітавацца з яго, а які папярэджваў.

Толькі Міця адвярнуўся, як зноў яго ўдарылі па плячы. Каб і хацеў стрымаць сябе, не стрымаў бы, бо злосць была мацнейшай за разважлівасць і жах. Яго падкінула на ногі, і з помслівай радасцю Міця наляцеў на Чэрніка. Удар, другі - біў па твары. Трэба было біць, трэба было перамагчы свой жах перад мацнейшымі. А пагрозлівы Чэрнік, няўклюдна, выставіўшы перад сабою рукі, не супраціўляўся. Залямантавалі дзяўчаты, а хлопцы анямелі. Небывалае - білі самога імператара, і хто... Не, ён не самагубца, ён мсціўца за сябе, за свае прыніжэнні. Учарашняга Мархера, духарыка, няма - ён там, ва ўчарашнім дні.

- На месца! Спыніць бойку! - закрычаў настаўнік.

І гэты суровы вокрык нібыта падбадзёрыў Чэрніка. Ён выскачыў з-за парты і рынуўся на Міцю. Вышэйшы за Міцю на дзве галавы, Чэрнік, здавалася, адным ударам укладзе яго на падлогу. І зноў адбыўся цуд! Замест таго каб уцякаць, Міця накінуўся з кулакамі на Чэрніка - біў яго ў грудзі і жывот. Настолькі адчайным быў гэты ціск, што Чэрнік міжволі спінай адступіў назад і прытуліўся да сцяны, закрыўшы рукамі твар, асуджана трываў Міцевы ўдары. Біліся моўчкі, толькі цяжка саплі. Спыніў бойку настаўнік, схапіў Міцю за каўнер і пацягнуў за сабой.

- Прэч з класа! Пасля званка да мяне! - рыкаў Сышчык.

А ўслед выў Чэрнік, які ўскочыў на парту і махаў кулаком:

- У-у, хер! Заб'ю! Капай магілу!

- Чэрнік, сядзь! - пабег да яго настаўнік.

Міця спужаўся сваёй перамогі. Самая жорсткая расправа чакала яго. Цяпер ніяк нельга было заставацца ў інтэрнаце.

 

* * ** * *

 

Калі закончыўся ўрок, Міця, адзеты ў шэрае паліто, якое ўзяў у гардэробе, нахлабучыўшы на галаву шапку-вушанку, крочыў на аўтобусны прыпынак. Пад нагамі патрэскваў снег. Раз-пораз азіраўся назад - баяўся пагоні. На прыпынку нікога не было. Ранішнюю цішыню парушала вуркаценне машын, што снавалі па шашы. Ужо развіднела. З неба падалі рэдкія сняжынкі. Ад пранізлівых подуваў ветру Міця схаваўся ў невялікім хвойнічку. На дарозе з інтэрната ніхто не з'яўляўся, і гэта супакойвала Міцю. Ён сеў на снег каля хваіны, дастаў з кішэні штаноў лустачку чорнага хлеба, якую прыхапіў са сняданка. Украдзены хлеб Міця хаваў у батарэю дзе-небудзь у зацішным месцы, а пасля праз гадзіну-другую, калі ён падсыхаў, - такая смаката. Хлеб праглынуў умомант. Засталося чакаць аўтобуса. Пры кожным руху па целе непрыемна прабягалі дрыжыкі. Міця хутаўся ў шарфік. На кончыках пальцаў ног і рук адчуў халоднае паколванне, цягнула на сон, і Міця заплюшчыў вочы. І не так холадна здалося яму.

Нарэшце падкаціў аўтобус, развярнуўся і спыніўся. З аўтобуса выйшлі два мужчыны - настаўнікі, што выкладалі ў інтэрнаце. Як толькі яны трохі адышлі, Міця выбег з хвойніку і шмыгнуў у цёплае нутро салона. І калі аўтобус крануўся з месца і за акном мільганула зацярушаная цагляная будачка для пасажыраў, Міця з палёгкай уздыхнуў. Усё - ён вырваўся на волю. З прыўзнятым настроем паглядаў на заснежаныя палеткі, што цягнуліся ўздоўж дарогі. Як добра доўга ехаць куды-небудзь і глядзець у акно. Толькі вось няма куды яму ехаць. На ўсім свеце няма ніводнага чалавека, які чакаў бы яго. І нічога не ведае ён пра сваіх бацькоў. Часам хацелася хоць зірнуць на іх, не наракаць, што адмовіліся ад яго, а проста зірнуць на іх. Хто яны?

На першым прыпынку, каля вёскі Пятроўшчына, у аўтобус з шумам і гіканнем уваліліся тры хлопцы, адзетыя ў вясковыя кажушкі і пацёртыя джынсы, якія былі ўвабраныя ў кароткія тупаносыя боты. На галовах у хлопцаў красаваліся калматыя янотавыя шапкі. Убачыўшы Міцю, хлопцы падвалілі да яго.

- А-а, парнатаўскі! - з'едліва прамовіў невысокі з рабым тварам.

Абодва яго сябрукі зарагаталі і бухнуліся на сядзенне побач з Міцем. Адзін з іх, выскаліўшы сталёвыя фіксы, плюнуў на дзверы. Тлустая сліна пацякла па шыбе.

- Ну давай, хлопчык, паглядзім на цябе, - прамовіў той, з фіксамі. - Падымі ножку. Чаравікі? Не тое. Шкарпэткі потныя. Шапку забіў. Порты - лухта. Жабрак, браце, - паляпаў ён Міцю па плячы.

- А грошы ёсць? - папытаў рабы.

Вось яна, воля. І тут тое самае: хто мацнейшы - той і пануе.

- Не спяшайся, падумай, хлопчык. Нагадаў? Не... Паглядзі ў шкарпэтках. Не саромся.

І толькі тады, калі аўтобус спыніўся і ў салон увайшлі людзі, хлопцы адчапіліся ад Міці.

На канцавым прыпынку - чыгуначным вакзале - ён выйшаў. Адсюль было блізка да вуліцы, дзе знаходзілася царква, пра якую казала Сямёнава. І трох крокаў не адышоўся Міця ад аўтобуса, як яго гукнулі.

- Ну што, хлопчык, драбязою не пабалуеш?

Азірнуўся назад - і ёкнула сэрца: за спінай стаялі тыя ж рабаўнікі. Пераможна ўсміхаліся.

- Не! - злосна адрэзаў Міця.

Рабы нечакана ўдарыў яго кулаком у твар. І балюча было яе ад болю, а ад таго, што ён і тут, на волі, стаў нейчай ахвярай.

- Гэй, свісь, парнатаўскі.

Яго акружылі, сунулі кулаком у твар і адначасова штурхнулі ў спіну.

Нейкая жанчына віскнула:

- Бандзюгі! Вось міліцыю выклічу!

- Каціся адсюль, бабуля! - прыкрыкнуў на жанчыну рабы.

І ніхто болей не дапамог Міцю. Людзі паспешліва абыходзілі іх. Побач спыніўся аўтобус, ляснуў дзвярыма, і з салона вывалілі некалькі чалавек. Ад моцнага штуршка Міця прыліп да аўтобуса. Пакуль хлопцы рагаталі, ён хуценька шмыгнуў у расчыненыя дзверы і схаваўся сярод пасажыраў.

Так пачаўся першы дзень яго вольнага жыцця.

На прыпынку ён выйшаў. Доўга блукаў па вуліцах, злосны і пануры, пакуль не змёрз. У кавярні, што знаходзілася ў хлебнай краме, ён ад духмянага паху захацеў есці. Грошай у кішэні ні капейкі, і Міця з зайздрасцю паглядаў на тых шчасліўчыкаў, што пілі каву. Заўважыў на адным стале недапітую шклянку кавы і недаедзены кекс. Пляваць ён хацеў на тое, што падумаюць пра яго гэтыя задаволеныя і сытыя людзі. Голад не цётка.

Не, пэўна, сёння яму не шанцавала. Дзверы крамы адчыніліся, і на парозе стаяў іх класны, Франц Іосіфавіч. Вось дык уліп. Гуся ў інтэрнаце баяліся за яго круты нораў. Голас ён меў грамавы, як гыркне, дык каленкі трэсліся. Ды і калі маўчаў, дык змрочным выразам свайго квадратнага твару наводзіў на вучняў боязь. Казалі, што ў шостым класе перад усімі зняў ён порткі Шурыку Калесніку. Не верылася, як гэта так зняў. Зусім звар'яцеў Гусь. Але ж Міця неўзабаве сам ледзь не стаў яго ахвярай. Неяк на ўроку Франц Іосіфавіч выклікаў яго да дошкі за тое, што ён засмяяўся з нейкага жарту. Гусь паставіў яго каля свайго стала. «Пакажы, пакажы, якія ў цябе прыгожыя гузікі», - прамовіў класны. Міця даверліва падышоў да Франца Іосіфавіча, а той расшпіліў верхні гузік на яго портках. Добра што ўцяміў - адскочыў ад настаўніка. А то абняславіўся б на ўсю школу.

Франц Іосіфавіч падаўся да стойкі, на палове дарогі спыніўся. Заўважыў. Бывай воля - цяпер класны пагоніць яго ў парнат.

З затоенай насцярожанасцю, нават варожасцю глядзеў Міця, як настаўнік крочыць да яго.

- Мархель? - усклікнуў настаўнік. - А чаму ты не ў школе, - ён аблізнуў кончыкам языка вусны. - Прагульваеш?

Нахмурыўшы бровы, Міця спадылба паглядзеў на Франца Іосіфавіча. І нічога не прыдумаеш, каб зманіць.

- Маўчыш. Ну, акадэміка з цябе не атрымаецца. Можна і пагуляць. Добра, пайшлі са мной.

На вуліцы Франц Іосіфавіч упэўнена, нібыта ведаў, што не сустрэне пярэчання, мовіў:

- У цябе адметныя рысы твару, Міця. Своеасаблівая мужчынская прыгажосць. І позірк вачэй вельмі выразны. Я напішу з цябе партрэт. Паехалі да мяне.

І не гэтая нечаканая прапанова была прыемная Міці, а прызнанне настаўніка, што ў яго прыгожы твар. Колькі смяяліся з яго - урод. А тут вось - своеасаблівая мужчынская прыгажосць. Не абы-хто прызнаўся - мастак, які, мабыць, разумее, што такое прыгажосць.

Адмовіць настаўніку было б глупствам. Лепш перасядзець да вечара ў цёплым пакоі, чым бадзяцца па вуліцах. Можа, чаго і перакусіць дасць.

Па дарозе да аўтобуснага прыпынку Франц Іосіфавіч узахлёб казаў:

- Мы, настаўнікі, лічым вучняў ніжэйшымі за сябе. Лічым, што яны зусім не жадаюць нічога ведаць, што яны гультаяватыя і прагнуць толькі гуляць, і не заўважаем самі, як складаецца да іх знявага. А пасля здзіўляемся, калі даведаемся пра той ці іншы іх добры ўчынак. Не можам паверыць у іх шчырасць.

Высветлілася, што Франц Іосіфавіч можа казаць нармальным голасам - мякка і прыемна.

- Вось і ты? Што мне вядома пра твае пачуцці, пра твой духоўны свет? Здаецца, нічым адметным не вылучаешся сярод аднакласнікаў. А сапраўды ты асоба. Здольны на рашучы ўчынак - вось збег з парната, як вы яго называеце, - настаўнік засмяяўся і пахітаў галавой. - Хочаш праз волю рэалізаваць сваю індывідуальнасць. А другія палохаюцца. І што табе заўтра? Ты даражыш сённяшнім. Гэта мы ўсе спадзяёмся на будучае. Лічым, што яно будзе лепшае, чым цяпер. Забываемся, што нічога ў жыцці не паўтараецца. Усё мае сваё і толькі адзінае імгненне, якое можна, праўда, штучна паўтарыць, але гэта будзе ненатуральна, ужо не тое. - Сумна дадаў: - Зусім не тое. Я табе зайздрошчу - ты толькі яшчэ адкрываеш для сябе свет. Зведаць жыццё трэба ва ўсіх яго праявах.

 

* * ** * *

 

Якраз у аўтобусе Міця зведаў адну з праяў жыцця. Стаялі яны ў самым кутку задняй пляцоўкі. Франц Іосіфавіч загарадзіў Міцю сваёй спінай. Праехалі касцёл са стромкімі вежамі.

- Я не люблю касцёла. Адчуваеш штосьці далёкае і незразумелае. - Франц Іосіфавіч расшпіліў на Міцевым паліто ніжні гузік, і яго рука шмыгнула пад крысо. - Элементы чужой культуры, - казаў настаўнік і нібыта выпадкова правёў далонню па прарэху Міцевых порткаў. - Мне праваслаўе бліжэй, - ізноў правёў рукой па прарэху.

Міця і не ведаў, што падумаць. Ці выпадкова настаўнік дакрануўся да яго, або... Чуў пра мужчын, якія кахаюцца паміж сабой. Чэрнік называў іх куракамі. Але каб вось суровы і разумны Франц Іосіфавіч быў кураком...

- У праваслаўі ўсё ж славянскі пачатак, - працягваў настаўнік і расшпіліў гузікі. - Але храмы ў каталікоў багацейшыя, і фрэскі, і культура.

Халодная рука настаўніка абхапіла Міцеў пеніс, некалькі разоў сціснула яго. Міця прамаўчаў. Было сорамна за сябе, што не можа даць адпор настаўніку. Вакол людзі...

Рука настаўніка пяшчотна гладзіла пеніс, які наліваўся пругкасцю.

- Не трэба, - узмаліўся ціха Міця.

Франц Іосіфавіч выцягнуў руку з партоў, зашпіліў гузік у паліце.

Калі яны выйшлі з аўтобуса, настаўнік, нібыта баючыся, што Міця ўцячэ, моцна сціснуў далонь у сваёй.

- У цябе эстэтычны пеніс і харошая эрэкцыя, - мовіў Франц Іосіфавіч. - Напішу з цябе натуру. Згодны?

Здаецца, Франц Іосіфавіч не курак, а проста ў яго прафесійны інтарэс мастака да аголенага цела.

- Толькі ў парнат мяне не ганіце. Усё роўна ўцяку адтуль.

- Міця, - Франц Іосіфавіч паклаў руку яму на плячо, - гэта ў школе ты мне вучань, а цяпер ты мой сябар. Я не магу няволіць цябе.

Прыкра стала ад сваёй бяздарнасці, калі Міця разглядаў у аднапакаёвай кватэры настаўніка яго карціны, што віселі на сценах. З такім талентам у жыцці ён не прападзе. А яму што свеціць? Як сцвердзіць сябе ў гэтым жыцці? Хабза, а пасля завод.

- Падабаецца? - папытаўся Франц Іосіфавіч.

- Ага. Здаецца, жывыя людзі ў рамках сядзяць. Зараз, здаецца, падміргнуць і спытаюць: «Ну што, палюбавацца прыйшоў?»

Пахвала гэтая, відаць, прыйшлася даспадобы Францу Іосіфавічу, і ён весела прапанаваў:

- Давай што-небудзь з'ямо. А пасля за працу.

Не такі ўжо і багаты стол прапанаваў гаспадар. Марынаваныя памідоры, халодную смажаную курку, каўбасу, але ў інтэрнаце такога не падавалі, а сухую каўбасу Міця паспрабаваў першы раз у жыцці. І таму ён ужо не шкадаваў, што згадзіўся прыехаць сюды. Каб хоць неяк падліслівіць гаспадару, Міця вырашыў завесці гаворку, блізкую яму.

- Вельмі шкада, што я не разумею мастацтва.

Жуючы бутэрброд з каўбасой, Франц Іосіфавіч дзелавіта адказаў:

- А вось я, Міця, не магу ўявіць сабе, як можна разумець мастацтва. Гэта што матэматыка або фізіка - мастацтва трэба адчуваць. Бо яно і заклікана перш за ўсё раскрыць глыбей душу чалавека, яе страсці і пакуты, а ўсё гэта хутчэй адчуваеш, чым разумееш. Ды і абсурд, напрыклад, пераказваць змест музыкі або карціны.

Міця рабіў выгляд, што слухае Франца Іосіфавіча, і прагна еў. Усё ж такі клёвы мужык Гусь. А здаваўся такім суровым і бессардэчным.

- Кожны знаходзіць у мастацтве перш за ўсё штосьці сваё, блізкае сабе, і гэта найболей яго хвалюе, чым адлюстраванне, напрыклад, на карціне пакут. Вось і атрымліваецца, што не розум галоўнае ва ўспрыманні мастацтва, а сэрца, - настаўнік прыклаў далонь да грудзей. - І яно ў мяне ў мастацтве - галоўны суддзя. І калі яго штосьці кране, то гэта становіцца мне блізкім. Як-ніяк, Міця, мастацтва ствараецца не для разумення, а для ўздзеяння на чалавека. Іншая справа, так мовіць, прафесійныя навыкі творцы, якімі цяжка простаму чалавеку не толькі авалодаць, але і зразумець. Ну, вось, калі ты глядзіш на стул, што бачыш?

- Стул і бачу.

- А я бачу не проста рэч, а гульню святла і ценяў на ёй. Калі гляджу, напрыклад, на цябе, я бачу своеасаблівасць твайго твару, яго прыгажосць. У нас ёсць стэрэатыпы прыгажосці. І часта не заўважаем сапраўднай прыгажосці. Не проста ў правільных рысах, а ў поглядзе, у выразе твару. Вось у табе ёсць нешта такое рамантычна-меланхалічнае, нейкая стомленасць ад жыцця. Ці, скажам, многім мужчынам здаецца непрыгожым мужчынскае цела.

Яны перайшлі з кухні ў пакой, які служыў і спальняй, і майстэрняй, - канапа, шафа з кніжкамі, тэлевізар, часопісны столік, крэсла, мальберт на тонкіх ножках. І, ня гледзячы на цеснату, у пакоі было ўтульна. Асабліва спадабаліся Міцю шпалеры з рознакаляровымі букетамі кветак, бо ён стаміўся ад аднастайнай жоўтай фарбы, якой былі пафарбаваны сцены ў інтэрнаце. Франц Іосіфавіч пасадзіў Міцю ў крэсла, а сам стаў за мальберт і з алоўкамі ў руцэ доўга прыглядаўся да Міці, нахіляў галаву то ў адзін бок, то ў другі і нарэшце пачаў нешта крэмзаць алоўкам па паперы.

- Ды не сядзі слупом. Гэта толькі бездары патрабуюць, каб ім пазіравалі нерухома, помсцячы гэтым за сваю бяздарнасць. Вазьмі што-небудзь паглядзі. Я думаю, цябе зацікавіць, - Франц Іосіфавіч узяў з паліцы кніжнай шафы часопіс і падаў яго Міцю. З вокладкі часопіса голая загарэлая жанчына прыязна паказвала белыя зубы. - «Плэй бой». Чуў пра такі? Зірні. Ты якраз у такім узросце, калі патрэбна навучыцца сексуальнай грамаце.

Такога Міця яшчэ не бачыў. Здалося, што Франц Іосіфавіч зразумеў яго стан, бо паблажліва заўсміхаўся. І таму, нібыта яго ніколькі не кранулі гэтыя спакуслівыя фотаздымкі, паклаў часопіс на столік. З вокладкі па-ранейшаму дражніла яго белазубая прыгажуня. І такімі далёкімі недасягальнымі былі гэтыя прыгажуні, што Міця з прыкрасцю падумаў, што з яго жабрацкімі магчымасцямі будучага рабочага, з яго знешнім выглядам ніколі не мець яму вось такіх жанчын.

- Падабаецца? Чалавецтва глыбока няшчаснае ад таго, што пачало саромецца сваіх пачуццяў. Мы сталі нявольнікамі сваіх жа прымхаў і забабонаў, а таму палохаемся вялікай страсці. Чаму калі мы хочам есці, дык не саромімся, а калі наша цела жадае сексуальнай асалоды, дык баімся адкрыта гэта прызнаць. Шчасце чалавека якраз у тым, каб жыць у суладдзі з прыродай. І калі мы паламаем дурныя людскія прымхі і поўнасцю аддадзімся сваім пачуццям, дык станем сапраўды шчаслівымі. Сэнс жыцця - атрымаць усю асалоду, якой адарыла нас прырода. Дурасць ходзіць з заплюшчанымі вачыма ў той час, калі свет такі прыгожы.

Сеанс перарваў прыход сябра Франца Іосіфавіча, смуглявага, з чорнымі вачыма мужчыны. Селі за стол, на якім з'явілася бутэлька віна. Налілі і Міцю. Ад выпітага ў Міці закружылася галава, і ён з цяжкасцю ўспрымаў размову настаўніка і ягонага госця. Іх словы зліліся ў адно манатоннае бубненне.

- Лок... Бекон... У англічан філасофія... сядзелі на сваім востраве, рабавалі палову свету і гора не ведалі... Інквізіцыя... Агонія... апошні сродак утрымаць сваю ўладу... Гегель... На дробязях не засяроджваўся... Дарэмна ты мучыўся... Няма... Няма дзейнасці, адны рэфлексы. Ірына... Жанчыны, якія кажуць аб філасофіі, - хочуць у ложак...

- А чаму Міця маўчыць? - звярнуўся да яго госць.

- О, ён ведае калі казаць. Гэта мы прывыклі... Нейкі слоўны панос, - падхапіў Франц Іосіфавіч.

А што ён мог мовіць? Што ён ведаў пра нейкага там Гегеля, Лока? Упершыню чуў гэтыя імёны. Сорамна было за сваё невуцтва. За акном стаяла ўжо цемра, у якой свяціліся агеньчыкі ліхтара і вокны дамоў. Невялікі насценны гадзіннік паказваў болей за сем гадзін. Міця падняўся з-за стала, каб развітацца з гаспадаром. Але той спыніў яго і прапанаваў пераначаваць.

Міця засынаў, калі адчуў, што настаўнік, які ляжаў побач на канапе, пагладзіў яго рукой па члене. Прытварыцца сонным? І Міця нерухома ляжаў, баючыся выдаць сябе. Ласка яму падабалася. Раптам настаўнік адкінуў коўдру і пачаў лізаць языком ягоны член. Было і прыемна ад гэтай незвычайнай ласкі, але і боязна. А калі Гусь прымусіць рабіць тое самае?

Тое, што адбывалася далей, нагадвала нейкае вар'яцтва. Настаўнік і ягоны сябар, забыўшыся на ўсё, аддаліся сваім страсцям. Ад іх гучных стогнаў і крыкаў халадзела душа.

Міця па-ранейшаму прытвараўся, што спіць, і палохаўся нават паварушыцца, каб не прыцягнуць да сябе ўвагі. А за спінай яго адбывалася шаленства пачуццяў. Жыццё прыадчыніла перад ім адну са сваіх таямніц, і якая непраўдападобная і незразумелая яна. Ён хацеў аднаго - уцячы. Валтузня за спінай сціхла. Настаўнік і яго сябар нерухома ляжалі на канапе, і толькі цяжкае дыханне вырывалася з іх грудзей. Пасля яны пайшлі ў ванную. І пакуль былі там, Міця паспеў надзець штаны, накінуць кашулю, нават не зашпіліў яе, і пінжак. На цыпачках выйшаў у вітальню, хуценька ўсунуў ногі ў чаравікі - шнуркі таксама не зашнураваў - і хутчэй адсюль. Накінуў паліто. З ваннай раздаваліся вясёлыя галасы мужчын. Ах, Міця згадаў пра часопіс з аголенымі жанчынамі, і спакуса валодаць ім перамагла - памкнуўся ў пакой, схапіў са стала і сунуў у кішэню.

 

* * ** * *

 

Праз гадзіну на аўтобусе Міця дабраўся да царквы. Пустынна выглядала вуліца, па якой ішоў ён да свайго прытулку, - ні душы, толькі ліхтары сіратліва цадзілі цьмянае святло. Непрыемна завываў вецер. Трывожна было на душы ў Міці. А што, калі ў царкве нікога няма, - дзе тады яму пераначаваць?

Царква з высокімі вежамі нагадала Міцю сярэдневяковы замак. Ён абышоў вакол і знайшоў металічную лесвіцу, што была прыладжана да сцяны і вяла на гарышча. Лез па лесвіцы і сам сябе падбадзёрваў, нібыта лез насуперак свайму жаданню. Штурхнуў невялічкія драўляныя дзверцы - яны не падаліся. Некалькі разоў грукнуў кулаком. Узрадаваўся, калі пачуў галасы. Праз хвіліну шоргнулі засаўкі і дзверы адчынілі. У праёме з ліхтарыкам у руцэ стаяў нехта высокі і мажны. І зусім не стасаваўся да гэтай мажной паставы па-жаночаму мяккі голас.

- Хто такі?

Пачуўшы, што Міця з інтэрната, мажны ўпусціў яго на гарышча. Дзве свечкі выхоплівалі з цемры невялічкую прастору каля коміна, ад якога цягнула цяплом. На падлозе ляжалі рваныя паліто, фуфайкі, вайсковы бушлат, на якім, накрыўшыся жаночым сінім паліто, нехта спаў. Табурэт, што стаяў каля коміна, служыў сталом. На ім былі напалову выедзеная кансерва сардзін, некалькі лустачак хлеба, недапітая бутэлька віна, дзве шклянкі і тры відэльцы. З падлогі падняўся сярэдняга росту мужчына. Сваімі доўгімі русымі валасамі, што падалі на плечы, вусамі, бародкай ён нагадваў Міцю рыцара з карцінак у падручніках гісторыі.

- Толік, - працягнуў ён руку Міцю і паціснуў яго далонь, - а гэта вось Алег, - паказаў на таго, хто адчыніў дзверы, - плячыстага юнака, апранутага ў чорны швэдар і парты.

Міця назваў сваё імя.

- А то наш Ільюша, - кіўнуў Толік на таго, што спаў. - Гэй, падымайся, госць у нас, - схіліўся над ім і патрос за плячо. - Падымайся.

Ільюша расплюшчыў вочы і жаласліва, як кацяня, паглядзеў на Толіка.

- Ты мне сябар? - прамармытаў ён і заплюшчыў вочы.

- Хер з ім, - махнуў рукой Алег. - Міця, сядай за стол.

Міця зняў паліто і апусціўся на падлогу, падабраўшы пад сябе ногі. Яму налілі віна, і ён выпіў.

- Значыць, уцёк з інтэрната. Надакучыла? - звярнуўся да яго Алег і, не дачакаўшыся адказу, паведаміў: - Нас вось з Толікам выгналі з працы. Ну і хер з імі.

- Дык вось слухай, дакажу, - перабіў яго Толік. - Я з ёй паспрачаўся, што пераплыву возера. П'яны, і баба, разумееш, падбухторыла: «Плыві. Чаго ж ты?»

Алег з'едліва ўскрыкнуў, падняўшы ўгору ўказальны палец.

- Во, заўважце, баба, а не мужык!

- Я б не паплыў, калі б не быў п'яны, ды яшчэ хацеў бабу гэтую трахнуць, разумееш.

- Разумею, разумею, - нібыта здзекаваўся Алег з Толіка, бо казаў зноў-такі з'едліва і сярдзіта, - ты ў нас герой.

- Я табе сур'ёзна кажу. Ну, паплыў адзін.

- Заўважце, адзін, а не ўдвох!

Толік працягваў свой аповед:

- Яшчэ п'яны, дык сілы адчуваў, а як пачаў цверазець, ахапіла стома. Рукі, як алейныя, слізгацелі па вадзе. Вось так. Перавярнуўся на спіну, зірнуў - вакол хвалі. Далёка мігацяць агеньчыкі. - Толік наліў у шклянку віна і выпіў, пагладзіў вусы. - Разумееш, жахліва стала. Хутчэй плыць. Ужо да берага падплываў, і сутарга схапіла. Я ў крык. Ну і накрычаўся тады. Во вішчаў, як свіння. А баба выклікала лодку. Ну, карацей...

- А яшчэ карацей, - не ўтрымаўся Алег.

- Яна мяне і падабрала. Вось ты, Міця, уяўляеш, палез плыць. Ну, калі п'яны, дык нармалёва, а працверазеў, дык і жах напаў. А рукі стаміліся, правальваюцца, што алейныя. - Толік падняў угору рукі і, нібыта перабітыя, апусціў уніз - паказаў, як яны праваліліся. - А бабу тую трахнуў. Не давала, а я кажу: «Разумееш, я за цябе ледзь не патануў, а ты тут галаву дурыш».

- Ага, ты б яе і другі раз, каб яна першы дала, - зноў ушпіліў Толіка Алег.

Было прыемна з гэтымі людзьмі, і Міця адразу палюбіў іх. Яны далі яму прытулак, падзяліліся з ім сваёй небагатай вячэрай, прынялі ў сваю кампанію, і ён для іх не «раб», не «гладыятар», не «натуршчык», а такі самы, як і яны, бадзяга. І калі лёс наканаваў яму быць з гэтымі людзьмі, сярод якіх ён адчуе сябе чалавекам, дык якая розніца, хто яны, п'янчугі або бабнікі, і зусім не бяда, што не пра Гегеля яны распавядаюць, галоўнае, у іх ёсць сэрца.

- Так, і другі раз яе, - адказаў Толік.

- Вядома ж, - падняўся са свайго месца Алег і замахаў рукамі, - Толік Прошын - сексуальны гігант.

- Вось, Міця, - Толік нахіліўся да яго, і яму падабалася, што да яго звяртаюцца па імені, - Амеля дзевятнаццаць гадкоў жыве, а я мог патануць. Каб не ён - гэты сын, дык не напіўся б і не выгналі б з працы.

- Я малалетні, затое Толік у нас увесь свет аб'ездзіў, усё бачыў! - ходзячы па гарышчы, насмешліва пракрычаў Алег.

- Так, бачыў, - п'яна працягнуў Прошын і дастаў з кішэні заношанага шэрага пінжака пачак «Прымы», запаліў, нервова пускаючы з рота дым.

- А хто спрачаецца?.. Ты ў нас разумнейшы за ўсіх.

- Ды я такіх салаг... Мяне, ведаеш, паважаюць. Калі грошай не было, - не толькі падвезлі, а яшчэ далі грошай. - Толік падняўся з падлогі.

- Ага, даюць - ты ж Прошын. Колькі- тры рублі?

- Не, рубель. А пасля яшчэ два рублі.

- Ах, гэты Прошын, - Алег схапіўся за жывот і закаціў вочы. - Гэта ж Прошын. Варта яму дзесьці з'явіцца, як адразу ўсе ў жаху мітусяцца, суюць яму грошы. А як ім не мітусіцца. Толік таўкачом быў і пазнаёміўся з міністрам. Ага, ён таксама грошы даваў, бо гэты Прошын вядомы таўкач.

- Вось зараз як дам, - замахнуўся Толік і апусціў руку, прымірэрча мовіў: - Свету не бачыў. Дзевятнаццаць гадоў, нават не ведаеш, што я тануў. Куды там табе, - махнуў рукой і звярнуўся да Міці: - Жыве чалавек, разумееш, я паспеў патануць, намучыцца, а яму, як з гуся вада. - І да Алега: - Ты ў войску не быў.

- А ў войску служаць такія доўбні, як ты, - рэзка адказаў яму Алег. - А я ўмею...

- Нічога ты не ўмееш, возьмуць і цябе. - Толік сеў на падлогу, відэльцам выхапіў з бляшанкі кавалак рыбы і паклаў у рот.

- Ну глядзі.

Алег паваліўся на падлогу і сутаргавата затузаўся тулавам і нагамі, высунуўшы язык, закруціў галавой. Дзікі крык вырываўся з яго глоткі, што нават Ільюша прачнуўся і прамырмытаў:

- Ты мне сябар, - і зноў заснуў.

Смешна было глядзець на гэтае крыўлянне. Міцю нават свярбела спытаць у Алега, што яшчэ можа паказаць ён. Але калі на вуснах у таго выступіла пена, Міця спужаўся. А мо і сапраўды Алег прыпадачны? Вось ужо пабачыў сёння дзівосаў, пра якія ў сваім парнаце і ўявіць не мог. Нарэшце Алег супакоіўся, нейкі час нерухома ляжаў на падлозе і хрыпла дыхаў. Калі ён падняўся, увесь расчырванелы, з пенай на вуснах, Прошын абыякава прамовіў:

- Ну і што?

- А тое, што ты нічога не разумееш у мастацтве, - махнуў рукой Алег. - Сябар!

- А ты? Пайдзі з такім сябрам. Хацеў цябе абараніць, а ты мяне кінуў.

Алег далонню выцер з вуснаў пену і, вырачыўшы вочы, злосна адказаў:

- Што ты нясеш? Я цябе кінуў? А хто мяне збіраўся біць? Сам прычапіўся да іх. Хацеў на халяву выпіць, а мяне адшыў, каб болей дасталося. Дай лепш прыпаліць.

- А во бачыш, - Толік паказаў фігу.

- Так, - Алег парваў цыгарэту і падбег да Прошына.

Не паспеў Толік і слова мовіць, як Алегаў кулак трапіў яму ў лоб. Ад удару Прошын паваліўся на падлогу. Алег схіліўся над ім, ухапіўся рукамі за каўнер пінжака, ірвануў яго. Затрашчалі швы, паляцелі гузікі. Захісталіся языкі свечак.

- Ільюша, Міця, выратуйце мяне! Ён хоча мяне забіць! Дапамажыце хутчэй! - нема крычаў Прошын.

Будзіць Ільюшу Міцю не давялося - той сам прачнуўся ад шуму. Невысокі, на галаву ніжэйшы за Алега, здавалася, і ён не справіцца. Узрадаваны Прошын, якому ўдалося вырвацца з рук Алега, схаваўся за Ільюшу і верашчаў, паказваючы на свайго праціўніка рукой:

- Вось ён мяне забіць хоча. Вось адзежу парваў. Пакарай яго.

- Блядзь. Дзіцячы сад, - вылаяўся Ільюша і спрытна схапіў Алега за руку. Той без супраціўлення даў закруціць сабе руку.

Асмялеўшы, Прошын бегаў каля Алега і крычаў:

- Дайце мне яго задушыць. Дайце задушу яго!

Алег прымірэнча прамовіў:

- Ладна, давай мірыцца. Ільюшка, адпусці.

- Купляй новы пінжак.

- Сам купляй.

Гэты адказ выклікаў у Прошына прыступ злосці, і ён узвыў:

- Я цябе задушу!

Ажно зубы счапіў і сціснуў кулакі ў неспатоленай празе спагнаць сваю злосць. Цяпер Ільюша адштурхоўваў ад Алега Толіка, а той раззлавана крычаў:

- Дай задушыць яго.

- Блядзь, нап'юцца і абавязкова паб'юцца, а пасля цалуюцца, - злосна вымавіў Ільюша.

- І пацалуемся, - прабубніў Прошын. - Ідзі, Алежка, пацалуемся, - і сам пакрочыў да Алега, і той таксама пайшоў насустрач. Яны абняліся і чмокнулі адзін аднаго ў шчаку.

- Спаць давайце, - прыкрыкнуў на іх Ільюша. Пагасілі свечкі, і на гарышчы запанавала цемра. Міця паклаў пад бок паліто. І хоць ён стаміўся, але заснуць не мог. Нейкая незразумелая і няясная трывога мучыла яго. Можа, гэта была трывога за заўтрашні дзень, які пужаў яго невядомасцю і непрадбачанасцю. Кожны шоргат раздражняў, прымушаў расплюшчваць вочы. Міця варочаўся з боку на бок.

Убачыў, што Алег пры запаленай свечцы сядзіць на падлозе і засяроджана пазірае на комін.

- Што здарылася? - папытаўся Міця.

Нібыта чагосьці спужаўшыся, Алег паказаў пальцам на комін і прашаптаў:

- Гэта ён. Я пазнаў яго.

Што там яшчэ такое? Міця прыўзняўся са свайго месца.

- Вось і трохвуголка. Гэта Напалеон.

- Які там яшчэ Напалеон?

- Ай, што ты разумееш. Вось там сядзіць, - Алег паставіў на калена руку і абапёрся падбародкам на кулак. - Напалеон, які з расейцамі ваяваў. Няўжо гэта праўда? Мара дзяцінства, - ён падняўся на ногі. - Не, гэта волат.

І было не зразумець: ці жартуе Алег, ці сапраўды кагосьці бачыць. Пасля тых конікаў, якія выкідваў, ад яго можна было ўсякага чакаць.

- Гэта ж комін, - мовіў Міця.

- А вось адсюль здаецца, што Напалеон.

Раніцай паснедалі чым бог паслаў - недаедзеная кансерва, салянка, хлеб. Ільюша з азызлым тварам і мутнымі вачыма пазяхнуў і панура прабурчэў:

- Пасля ўчарашняга баліць галава.

- Цяпер тваю галаву трэба лячыць толькі эшафотам або гільяцінай, - заўважыў Алег.

Ільюша сур'ёзна адказаў:

- Ай, спрабаваў таблеткі, не памагае. Вось каб сто грам.

Алег пырснуў смехам і манерна схапіўся за жывот.

- А братачка мой, з'ела сучка лой.

- Чаго ржэш. Каб ты ведаў, я сёння сніў цябе. Ну і скнара ты. Прасіў у цябе цыгарэту, і не даў жа, гад.

- У наступным сне ты яму не дай, - заўважыў Прошын.

Ільюша пакапаўся ў сваёй палатнянай торбачцы і дастаў загорнуты ў газету кавалак зжаўцелага сала.

- Хто хоча? - прапанаваў ён.

- Жары ты сам гэта сала, - адказаў Алег. - На якім сметніку падабраў? Ды і пагрызенае, мабыць, мышы елі.

- Калі мышы елі - значыць, ядомае, - заключыў Прошын. - Хай жывот пабаліць, чым прападаць дабру.

Ільюша дзелавіта нарэзаў сала на тоненькія долькі, паклаў іх на газету. Без ніякай агіды Ільюша і Прошын елі сала, Міця не дакрануўся да яго, але з прыкрасцю падумаў, што, можа, настане час, і ён будзе радавацца вось такой ежы.

 

* * ** * *

 

Выбраліся з гарышча да святла. На небе яшчэ зіхацелі зоркі. Горад прачнуўся. Адзін за адным жыхары гарышча апусціліся па лесвіцы ўніз. Вырашылі заняцца промыслам. Падзяліліся на пары - Ільюша з Прошыным, а Міця з Алегам - і разышліся.

Раніцу прабадзяліся Міця і яго новы сябар па горадзе, заходзілі пагрэцца ў крамы, галоднымі вачыма глядзелі на харч. Алег раз нават не вытрымаў:

- Пажраць бы і бутэльку хоць бы адну.

Сумныя выходзілі яны з крамаў і зноў панура тапталі снег па гарадскіх вуліцах. Днём яскравае сонца, ад якога заіскрыўся снег, аж рэзала вочы, падняло настрой.

- Міця, табе ніколі не хацелася вось у такі дзень уславіць сілы, якія далі табе жыццё, падаравалі магчымасць атрымліваць асалоду ад такога хараства? - раптам папытаўся Алег. Нават здзівіў Міцю сваім незвычайным пытаннем. Хоць чаго тут здзіўляцца. Відаць, Алег чувак начытаны, але ў яго кампаніі ніхто на высокія тэмы не размаўляе, вось і рад пагаварыць з новым субяседнікам.

- Што ў гэтым жыцці добрага? Сонца? Але мне няма месца пад ім, - адказаў Міця.

- Воля, Санча, ёсць каштоўная шчадрота, якую неба дае людзям. Шчаслівы той, каму неба пасылае скарынку хлеба, за якую ён нікому не абавязаны дзякаваць, апроч самога неба, - паляпаў Алег па Міцевым плячы. - Гэта Прошын кажа, што я малалетка. А я тое-сёе зразумеў у жыцці. Не дурань, бачу ўсё. Наверсе жыве ў задавальненні купка ўладароў. Ну і сярэдняя праслойка, без якой не можа існаваць ніводная дзяржава: буйныя навукоўцы, дробныя дзяржаўныя функцыянеры. А ўнізе - рабочы клас, які ўграз у п'янстве і беспрасветных клопатах аб выжыванні. І якая знявага вярхушкі да тых, за чый кошт жыве. Хам, п'яніца, а нам мовяць: вы гаспадары, гегемоны. Усё тыя ж дынастычныя шлюбы. Пра ўладу мараць не як пра поле дзейнасці, пашырэнне магчымасцей і перспектывы, а толькі як пра сродак атрымаць паболей. І самае крыўднае для іх - маюць многае і не могуць гэтым карыстацца. А тыя паны, што выйшлі з народа? І што мне рабіць? Нічога не свеціць. Дзеля кавалка хлеба быць рабом? Вось і не захацеў ім быць. І ты не захацеў ім быць. Таму і заўпарціліся.

- А Толік як?

- А што Прошын? Дажыў да сівога ўзросту і не стаў чалавекам. А спачатку ў яго было ўсё прыстойна. Бацька палкоўнік. Жыў, не піў, ажаніўся. Памёр бацька, новыя сябры, пачаў выпіваць. Маці не змагла даць рады. І пайшло-паехала. Жонку кінуў. Пакаціўся. Вось табе і Прошын. А што да Ільюшы. Ты ж сам яго бачыў. Тэма ўсіх яго размоў - войска. Адслужыў два гады, і аповедаў хопіць на ўсё жыццё. І сяброў сабе выбірае такіх, якія маглі б яго слухаць, а як толькі ім надакучыць, шукае другіх. Прыкідваецца сваім хлопцам. - І раптам узбуджана прашаптаў: - Ах, гэтую бутэльку выпіць.

Наперадзе ішоў мужчына, а ў правай руцэ трымаў бутэльку віна. Алега нібыта падмянілі - вочы загарэліся спакусай. У хваляванні завярцеў галавой, аглядаючы малалюдную вуліцу.

- Ах, гэтую бутэлечку, - зноў узбуджана прашаптаў Алег.

- Няўжо так хочацца піць?

- Не дзеля таго, каб напіцца, а забыцца на гэты свет. Быць вольным ад яго законаў і ўмоўнасцей. Віно якраз і дапамагае нам стаць самім сабой, жыць сваімі страсцямі, а не падладжвацца пад людское глупства.

- Міця, у цябе ногі маладыя, выхапі бутэльку і - у завулак.

І ён не мог адмовіцца, павінен быў гэта зрабіць, каб стаць сапраўдным сябрам сваёй новай кампаніі. Нічога не адказаў ён Алегу, прыбавіў хады і дагнаў мужчыну. Імгненне - і выхапіў бутэльку з рук. Бег з упэўненасцю, што мужчына не дагоніць яго. Аднак нечакана ён упаў на зямлю. Гэтага хапіла, каб мужчына дагнаў яго. Міця чакаў бязлітаснага ўдару нагой і ўвесь сцяўся, гатовы паслухмяна прыняць пакаранне. Знізу паглядаў на мужчыну, які стаяў над ім і пераводзіў дых. Расчырванелы і няголены твар мужчыны не выказваў ні злосці, ні радасці, а быў як у дзіцяці, у якога аднялі цацку, пакрыўджаным.

- Дзе выпіўка?

Міця падняўся на ногі, трымаў бутэльку ў руках.

- Ты што, думаў, хлопчыка знайшоў, - задаволена мовіў мужчына. - Не, міленькі. Гані выпіўку.

Аднаму радаваўся Міця, што мужчына не біў яго. Усміхнуўся яму жаласліва і лісліва.

- Мяне прымусілі. Я не хацеў.

- Давай бутэльку. Я табе не маленькі.

- Добра, добра. Не крычы. Вось твая бутэлька, - Міця ўбачыў Алега, які стаяў непадалёк і махаў яму галавой, маўляў, дуй. І Міця рэзка сарваўся з месца. Мужчына пранізліва закрычаў услед:

- Трымай вора!

Міця перабег на другі бок вуліцы і шмыгнуў за дамы, што стаялі побач. Дарогу перагароджваў невялікі плот, зроблены з металічных сетак. Толькі пераскочыць гэты плот і не ўпасці. За спінай раздаваўся тупат ног мужчыны. Толькі не ўпасці. Другі раз ужо не вырвецца. Міця, адштурхнуўшыся ад зямлі, пераскочыў. Пакуль мужчына няўклюдна пералазіў цераз плот, Міця паспеў адарвацца ад пагоні. Задыхаўся, але бег. Паветра ўрывалася ў лёгкія, абпальвала іх холадам. Неўзабаве Міця пачаў хрыпець. Кожны крок даваўся з цяжкасцю. Насустрач з сумкай у руках сунуўся стары, і мужчына на ўсю глотку закрычаў:

- Трымайце яго! Трымайце вора! Трымайце вора!

Стары спыніўся і недаўменна глядзеў на хлопца з бутэлькай у руцэ, які бег яму насустрач. Міця праімчаўся паўз старога. Аднак надзіва - мужык працягваў пагоню. Праз двары Міця выбег прама на аўтобусны прыпынак, на якім стаяла купка людзей. Туды нельга, пачуюць крыкі гэтага п'янюгі і зловяць. А там міліцыя і ганебнае вартанне ў інтэрнат. Міця кінуўся ў другі бок, да закутай ільдом рэчкі.

Міця быў на сярэдзіне рэчкі, як пад нагамі пачуўся трэск лёду. Халодная вада абпаліла яго ногі, тулава, твар - Міця апынуўся ў вадзе. Адразу ж кінуў бутэльку прэч - яна разбілася, і чырвонае віно вылілася на шэрую паверхню льду. Міця адчайна барахтаўся ў палонцы. Ногі не даставалі дна. Намоклая адзежа і чаравікі цягнулі ўніз. Хапаўся рукамі за лёд, а той ламаўся. Ён мог выратавацца, але ў той момант, калі мужчына працягнуў яму руку, як прасвятленне, мільгнула думка. Не боязна памерці, а боязна жыць. Самая вялікая страсць - перамагчы смерць - адмовіцца ад жыцця. І калі ён прыме дапамогу, значыць, так і застанецца рабом.




Беларуская Палічка: http://knihi.com