Вітаўт Чаропка

Уладары Вялікага Княства

Прадмова
Міхайла Глінскі. Мяцежны князь
  Фаварыт
  Клецкая перамога
  Падзенне
  Мяцеж
  Новыя спадзяванні
  Падарунак вялікаму князю
  Рахунак
Канстанцін Астрожскі. Непараўнальны ні з адным з сучасных правадыроў
  Чалавек годны
  Даніна славы
  «Слава Воршы ўжо не горша...»
  Абаронца Айчыны
  Слаўны і вялікаразумны
Мікалай Радзівіл Чорны. Словам і справай
  З роду Радзівілаў
  На Марсавым полі
  Паслуга ўладару
  Дзеля славы роду
  Польская каралева
  Некаранаваны ўладар
  Пазвольская перамога
  Нелюбоў
  Далучэнне Лівоніі
  Полацкая вайна
  За свабоду Літвы
Ян Гаранімавіч Хадкевіч. Манархам роўны справамі
  «Верне и пожиточне»
  Вендэнская вунія
  Вула
  Братэрская любоў
  Горыч і гнеў
  Люблінская вунія
  Безгаспадарства
  Перад выбарам
  Элекцыя
  Другое безгаспадарства
  Мімалётнасць і пастаянства
Мікалай Радзівіл Руды. Вялікі і пярвейшы сенатар і патрыёт
  Вульская перамога
  «Рабскае іга»
  Вялікія Лукі
  Пскоўскі паход
Ян Кароль Хадкевіч. Вялікі воін
  Прароцтва караля
  Траянская гісторыя
  Шведская вайна
  Кірхгольмская бітва
  Рокаш
  Заставаўся пераможцам
  «Смутное время»
  Ахвяра шчырасці
  Простая ісціна
  Паход па царскі вянец
  Шчыт хрысціянства
  Хоцінская вайна
  «Водца стоячы павінен паміраць»
  Замест пасляслоўя
Леў Сапега. Бацька Айчыны
  На пачатку шляху
  Пасольства
  Трэцяе безгаспадарства
  Статут
  Спакой Айчыны
  Марная надзея
  Абвінавачванне
  Пад сценамі Смаленска
  Страсці па шапцы Манамаха
  На схіле жыцця
Януш Радзівіл. Двухаблічны Януш
  У свет па навуку
  Смаленская вайна
  Аздоба каралеўскага двара
  Крывавыя часы
  Агнём і мячом
  Лоеўская бітва
  Кіеўскі трыумф
  Супрацьстаянне
  Свабода забароны
  Дзеля праваслаўнай хрысціянскай веры
  «Ни единого нести подобия»
  Асуджаны на паразу
  «Да канца спустошыць»
  Апраўданне
  Двайное зло
  Кейданская вунія
  Magnus Dux Litvaniae
Павел Сапега. Liberator Litvaniae
  Адраджэнне
  «Добры і шчаслівы пачатак»
  Супраць непрыяцеля
  Пошукі міру
  На два франты
  Непараўнальная дзейнасць
  «Быў бы ўвесь свет пад іх моцай»
  Братэрскі звязак
  Перамога
Кроніка падзей
Бібліяграфія
  Міхайла Глінскі
  Канстанцін Астрожскі
  Мікалай Радзівіл Чорны
  Ян Гаранімавіч Хадкевіч
  Мікалай Радзівіл Руды
  Леў Сапега
  Януш Радзівіл
  Павел Сапега


Прадмова

 

 

«Уладары Вялікага Княства»... Гэтак называлі сябе магнаты сярэдневяковай беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Багацце і палітычная ўлада дазвалялі ім пачуваць сябе некаранаванымі ўладарамі гаспадарства, і справамі сваімі яны былі роўныя манархам.

У гэтай кнізе распавядаецца пра самых яскравых асоб беларускай гісторыі ХVІ-ХVІІ стагоддзяў. Усе важнейшыя падзеі таго часу адбываліся з іхнім чынным удзелам. Яны героі і здзяйсняльнікі вялікіх справаў. Іхнія імёны ўвайшлі ў аналы эўрапейскай гісторыі. У пантэоне беларускай славы яны займаюць пачэснае месца. Іх можна лічыць вялікімі. Прынамсі сучаснікі ў гэтым не сумняваліся і гучнымі эпітэтамі праслаўлялі іхняе жыццё. Князь Міхайла Глінскі - «у дзеях рыцарскіх вельмі спраўны». Гетман Канстанцін Астрожскі - «муж великий войсковой славы». Вялікі палітык - Мікалай Радзівіл Чорны. «Манархам роўны справамі» - Ян Геранім Хадкевіч. «Вялікі і пярвейшы сенатар і патрыёт» - Мікалай Радзівіл Руды. Геніяльны палкаводзец Ян Кароль Хадкевіч - «вялікі воін». Вялікі канцлер Леў Сапега - «Бацька і збаўца Айчыны». «Вялікі Радзівіл» - Януш Радзівіл. «Вызваліцель Літвы» - Павел Сапега.

Але хіба толькі яны... Тыя, хто аддаў сваё сэрца Айчыне, тыя, хто адчуваў крэўную повязь са сваімі дзядамі, тыя, хто ўсведамляў сваю адказнасць перад будучыняй - іх асяняў горды і велічны дух Маці-Айчыны. Вось яны сапраўдныя ўладары Вялікага Княства. Імі былі і простыя людзі, якія сваім мазалём кармілі яснавяльможнае шляхецтва, а на плячах сваіх трымалі дзяржаўны падмурак. Імі былі і тыя, хто жыццём і крывёю бараніў родны край, бо ён належаў ім, а яны - яму. Імі былі і тыя, каму выпала стаяць на вяршыні ўлады, каб служыць народу і Айчыне. Гэтая кніга пра іх - невядомых і вядомых, мужных і мудрых герояў нашага мінулага.

Мы ідзём услед. Іхні шлях пралёг праз нашыя сэрцы і вядзе нас у будучыню, да нашчадкаў. І калі ёсць яны - носьбіты і ахоўнікі вечнага Духа Любові да Літвы-Беларусі, верныя яе рыцары «Пагоні» - яму не згаснуць і шляху нашаму не зарасці быльнягом забыцця.

1992-1994 гг.

 

Міхайла Глінскі. Мяцежны князь

 

Фаварыт

Вядомы нямецкі падарожнік і дыпламат першай паловы ХVІ стагоддзя Сігізмунд Гэрбэрштайн называў Глінскага «чалавекам выдатнай вопытнасці і рэдкай доблесці»[1]. Другі яго сучаснік - кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары - гняўліва пісаў у сваіх граматах, што Глінскі здрадца, які «чарамі сослал с сего света» вялікага князя Аляксандра Казіміравіча і хацеў Вялікае Княства пад сябе «подсести»[2]. «Чалавек рэдкай доблесці» і «здрадца» - супрацьлеглыя ацэнкі князя Міхайлы Глінскага. Высакароднае і злахітрае, светлае і чорнае, добрае і злое ўжываліся ў гэтым чалавеку. Асоба ў беларускай гісторыі выключная і, пэўна, Глінскі разумеў сваю выключнасць, разумеў, што здольны на вялікае - і малое яго не задавальняла. Ахвяра сваіх няўтольных страсцей і пачуццяў, якія штурхалі яго на змовы, здрады, прымушалі брацца за зброю. За хвіліны трыумфу перамог заплаціў ён лёсам выгнанніка і вязня. Але як не ставіліся б да Глінскага сучаснікі, а пасля і гісторыкі, зацікаўленыя ў сваёй інтэрпрэтацыі ягонага жыцця і дзейнасці, бясстрасным суддзёй князю выступіў невядомы летапісец «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай»: «... бо Глинский, будучи мужным велце и смелым, и на все делным, розуму довсципного и до каждой речи способного, так был славный, же межи всеми королями и княжаты посторонными добре значный и в великой у кроля Александра хованый был ласце. Приятелей теж много гойностю, достатком и датком щодробливым собе мел, так теж маетностий и скарбов праве княжих маючи поднеслися в пыху»[3].

Паходзілі Глінскія ад палавецкіх князёў Убо-Кіятаў, якія да нашэсця Чынгізхана качавалі «на гэтым баку Волгі»[4]. Чынгізхан скарыў Кіятаў і выдаў сваю дачку Залахуб за аднаго з іх - Бурлуда. Ад гэтага шлюбу нарадзіўся Тохкаш, чыім імем і пачалі называць падуладную яму палавецкую арду. Гісторыя гэтай арды была нядоўгай. «І прыйшоў цар Кутлух, і перамог, Тахтагаву Арду ўзяў»[5]. Ён ажаніўся з трыма жонкамі пераможнага ворага. Так што ў крыві Глінскіх цякла кроў яшчэ аднаго хана - Кутлуга. З гэтага роду паходзіць і славуты ўладар Залатой Арды Мамай. Ягоны сын Мансур-Кіят пасля Данскога пабоішча заснаваў на межах Вялікага Княства Літоўскага тры гарадкі - Глінеск (адсюль і прозвішча князёў Глінскіх), Падову ды Глечаніцу (р-н сучаснай Палтаўшчыны). Меншы, Снідар, адкачаваў у Перакоп, а старэйшы, Лекса, застаўся пры бацьку і атрымаў у спадчыну ягоныя землі і гарады.

Лекса разам са сваім сынам хрысціўся ў Кіеве і ў святым хрышчэнні атрымаў імя Аляксандар, а сын стаў Іванам. Гэта ўжо былі часы Вітаўта. Вялікі князь літоўскі рыхтаваўся да паходу на Цемір-Кутлуга і ў Кіеве збіраў войска. Прыслаў грамату і да Аляксандра, каб той яму «захацеў служыць». Аляксандар з сынам прыехалі да ліцьвінскага ўладара і білі яму чалом на службу. Нашчадкам Чынгізхана і Мамая Вітаўт выказаў і належны гонар - «прыняў іх праўдзіва не як слуг, але як родных братоў сваіх»[6]. І вотчыны падараваў, і сасватаў за Івана дачку князя Данілы Астрожскага, Настассю. Малады Іван быў чалавек хвацкі і не прамінуў выпрасіць у Вітаўта новых узнагарод. Адбылося гэта адразу пасля бітвы на Ворскле, калі Вітаўт з купкай прыбліжаных уцякаў ад ворага. Уцекачы заблудзіліся і Вітаўт узмаліўся да Івана: «Толькі выведуць твае вожы да маёй Украіны да якіх маіх гарадоў або валасцей; і я тымі гарадамі і валасцямі цябе памілую»[7]. Вожы вывелі Вітаўта да гарадка Харобля і вялікі князь стрымаў сваё слова - падараваў горад у вотчыну князю Івану. З часам род Глінскіх разросся і вотчынных земляў усім нашчадкам Івана (а ён пакінуў пасля сябе трох сыноў: Барыса, Хведара і Сымона) не хапала, давялося шукаць вотчын на службе. Князь Барыс (дзед Міхайлы Глінскага) выслужыў у Жыгімонта Кейстутавіча воласці Ракаў каля Менска ды Рашуковічы, двор у Клецку. Казімір Ягайлавіч пажалаваў Барысу гарады Кліглічэск ды Старадуб. Трох сыноў меў Барыс Іванавіч: Льва, Васіля ды Івана. Ім таксама давялося шукаць шчасця на службе. Старэйшы, Леў, служыў амсціслаўскаму князю Івану Юр'евічу і асаблівай ласкай ад свайго сюзерэна не цешыўся. Атрымаў ад князя сяльцо Хадосава каля Амсціслава. Пасля смерці Івана Юр'евіча князь Леў служыў па панах літоўскіх. І цяпер не выслужыў ён нічога значнага. Пэўна, такая няміласць да Льва была выклікана ад'ездам у 1482 годзе стрыечнага брата Івана ў Маскву. Праўдападобна, што Іван удзельнічаў у вядомай змове Алелькавіча супраць Казіміра Ягайлавіча. І каб паправіць сваё матэрыяльнае становішча, Леў Барысавіч ажаніўся з удавой шляхціца Гаўрылы Меляшковіча - вотчынніка Гарадзенскага павета (яна ж сястра амсціслаўскага баярына Сцяпана Есмановіча), якая і нарадзіла яму сыноў Міхайлу, Івана, Васіля, Хведара і дачку Хведку[8]. А радзімай іх з пэўным правам можна лічыць вёску Хадосава каля Амсціслава. Князь Міхайла нарадзіўся прыблізна ў 1470 годзе і да пары жыў у бацькоўскім Хадосаве. І чакаў бы Глінскіх лёс здрабнелых князькоў (як, напрыклад, нашчадкаў Даўмонта - князёў Свірскіх), каб не шчаслівае замужжа Хведкі з Марцінам Храптовічам. Напрыканцы ХV стагоддзя гэты ліцьвінскі род займаў высокае месца пры велікакняжацкім двары. Марцінаў брат Ян-Літавор быў адным з буйнейшых дыгнітарыяў таго часу. Не раз узначальваў пасольствы ў Польшчу і Масковію.

Радавод Глінскіх паведамляе, што «паслаў кароль Аляксандар Літавора паслом у Немцы, а Літавор таго князя Міхайлы Глінскага ўзяў з сабою ў Немцы і даў яго ўчыці ў Немцах тутэйшай мове нямецкай і граматам»[9]. Так, дзякуючы дзеверу сваёй сястры, малады Міхайла апынуўся за мяжой. Вучыўся Глінскі, відаць, пры двары саксонскага герцага Альбрэхта, а пасля паступіў да яго на службу. Міхайла Глінскі прабыў у Альбрэхта больш за 12 гадоў, што адпавядае і дадзеным зямельных актаў, бо з 1482 па 1496 год у іх згадваюцца толькі яго браты[10].

Пры двары саксонскага герцага Глінскі, паводле слоў Гэрбэрштайна, «засвоіў вытанчаныя манеры і рыцарскія звычаі, быў спрытны ў вайсковых практыкаваннях: скачках, фехтаванні, барацьбе, скоках, а таксама і ў пацехах, такіх, як танцы і ўсялякія куртуазіі, чым заслужыў сабе шырокую вядомасць». А калі Альбрэхт развязаў вайну ў Фрысляндыі, дык «пан Міхаіл», як называлі яго немцы, «праявіў храбрасць... і, прайшоўшы ўсе ступені вайсковай службы, прыдбаў сабе слаўнае імя»[11]. На радзіму Міхайла Глінскі вярнуўся, па словах Карла Маркса, бывалым «ваяводам і палітыкам»[12].

Гібець, як бацька, на службе ў князёў і паноў - гэта не для яго. Міхайлу распаляюць самалюбівыя мары - сцвердзіць сябе, падняцца да вяршынь улады.

Адыходзіла ў гісторыю ХV стагоддзе, слаўнае перамогаю над Тэўтонскім ордэнам і трагічнаю братазабойчаю вайною Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Не сціхалі войны з Масковіяй. Вялікае Княства слабела. Страціла частку Смаленскай і Северскай зямель. Частымі набегамі крымскія татары рабавалі паўднёвыя землі Княства, а ў 1482 годзе нават захапілі Кіеў. Неспакойна было і ў самым Вялікім Княстве. Змагаліся за ўладу паміж сабой буйныя феадалы. Ім фактычна і належала ўлада. Палітычным органам кіравання дзяржавай была велікакняжацкая рада, або, як яе называлі, паны-рада. Паны імкнуліся абмежаваць уладу вялікага князя Аляксандра Казіміравіча.

У Глінскім Аляксандар убачыў чалавека, на якога можна было абаперціся ў барацьбе з панамі-радай, і наблізіў яго да сябе. Што за служба была ў князя Міхайлы? Трохі прасвятляе гэтае пытанне запіс у «Памяці»: «...нямецкіх паслоў перакладаў і граматы перад каралём чытаў... Калі кароль Аляксандар пойдзе да царквы або ад царквы, і князь Міхайла Глінскі перад каралём дзяцей баярскіх разбівае»[13]. Вядома, кола абавязкаў Глінскага было куды шырэйшым, чым перакладчык ды «разбіўшчык» (хаця цяжка меркаваць, што гэта азначала, мабыць, «расчышчаў» князь дарогу перад Аляксандрам ад баярскіх дзяцей, якія праглі трапіць на вочы ўладару), але ясна - Міхайла стаў адным з блізкіх да Аляксандра людзей. Можна ўявіць, што вялікі князь часта раіўся з ім ці проста размаўляў, тым больш што Аляксандар любіў у вузкім коле сяброў выпіць чарку-другую, пагаварыць шчыра. Ну, а Глінскі мог шмат распавесці, ды, відаць, і сваім тэмпераментам вабіў рахманага Аляксандра. Так ці інакш, а велікакняжацкія міласці шчодра пасыпаліся на Міхайлу.

А калі 14 ліпеня 1500 года (пасля паражкі ліцьвінскага войска ад маскавітаў) у палон трапіў дворны маршалак Рыгор Станіслававіч Осцік, Аляксандар перадаў пасад дворнага маршалка свайму ўлюбёнцу. Маршалак дворны быў намеснікам маршалка земскага і ў яго адсутнасць адказваў за лад і этыкет пры велікакняжацкім двары і на соймах. Пры ім адбываліся прыёмы ў вялікага князя, ён вёў пасяджэнне рады, у адсутнасць гаспадара і земскага маршалка - трымаў у радзе месца самога гаспадара. Непасрэдна дворны маршалак загадваў гаспадарскімі дваранамі.

На гэтым пажалаванні Глінскаму не скончыліся. У 1501 годзе ён назначаны кіраўніком манетнага двара і намеснікам мерацкім. І чуткі, што вялікі князь прымаў усе свае рашэнні толькі са згоды Глінскага, не выклікалі ўжо здзіўлення. Так яно і было. Нават хан Залатой Арды Шых-Ахмат слаў да Міхайлы пасольства і шчодрыя падарункі, каб заручыцца ягоным пасрэдніцтвам у перамовах з Аляксандрам. Ведаў - як надумае Глінскі, так і ўчыніць вялікі князь. А Глінскага вабіла перспектыва падняцца яшчэ вышэй па прыступках улады. Мала яшчэ быць верным дарадцам гаспадару - трэба высокі пасад заняць. Але ж...

Зразумела, не абышлося без зайздроснікаў і інтрыганаў. Не па сэрцы было такое імклівае ўзвышэнне Глінскага віленскаму біскупу Войтаху Табару, троцкаму ваяводзе Яну Забярэзінскаму, якія раней хадзілі ў першых дарадцах Аляксандра. Без бою яны не збіраліся аддаваць уплыў на вялікага князя. Асабліва дзейным паказаў сябе Забярэзінскі. Мабыць, не раз Ян выказваў князю Міхайлу сваю незадаволенасць, бо Глінскі прызнаваўся: «...многокроть была межи нами размова и некоторая розъторжка, и ваша милость, государ наш, нас згодивши, и в том поеднали; и приказали ваша милость нам, обыхмо напротивку себе с обу сторон в згоде были и напотом таковых речей не починали»[14]. Што ж, вялікі князь памірыў абодвух, але Забярэзінскі не мог доўга хаваць сваю нянавісць да ягонага ўлюбёнца. І рашыўся... На пачатку 1503 года пан Ян задумаў забіць свайго ворага.

Знайшоў чалавека, які за грошы адправіў бы князя на той свет, - шляхціца Брэзоўца. Але не так проста забіць Глінскага. Лепш за ўсё гэта магло атрымацца ў таго, хто часта бывае каля князя. Брэзовец нагледзеў такога чалавека - немца Калікрайтэра, які служыў пры двары. Раз за разам запрашаў яго Забярэзінскі да сябе «ласкаве становил и вспомогал... пенязми и стацыями»[15]. Не будзе мастацкай фантазіі, калі дадаць, што і вінца наліваў пан Ян свайму «сябру», і пагаварыць з ім пра жыццё-быццё не забываўся. Калікрайтэр мог толькі дзівіцца такой прыязнасці да сябе: «А того есми не взнал, для которое причины... тую ласку им вказывал?»[16]. І вось, вырашыўшы, што Калікрайтэр «саспеў» для пасвячэння ў змову, Брэзовец зноў паклікаў яго да Забярэзінскага і прама прапанаваў: «Дам тобе двесте золотых, вчини то: нашодши час подобный, забей князя маршалка»[17].

Ці рыцарская годнасць не дазваляла стаць забойцам-наймітам, ці палохаўся сам за сваю галаву, але немец паведаміў Глінскаму, што пан ваявода направіў яго, каб «забити и горла позбавить». Глінскі адразу ж паскардзіўся на Забярэзінскага Аляксандру. 17 траўня 1503 года ў прысутнасці паноў-рады вялікі князь разгледзеў гэты вырак. Можна толькі ўявіць становішча Аляксандра: за спінай Забярэзінскага стаялі незадаволеныя Глінскім вяльможы. Сам жа Забярэзінскі, абазваўшы Калікрайтэра «забойцам», выракаўся абвінавачванняў: «...иж того не чинил, што на него Коликрайтер мовил, ему не надобе ся того очищати, а ни слова Коликрайторовы ему шкодят яко раде». Вялікі князь пайшоў на кампраміс: загадаў Глінскаму «абы с паном воеводою покой мел и ховал, а естли бы иначей чинил, и его без ласки нашое карать будем»[18].

Неяк Глінскі паслаў слугу ў Трокі за аўсом для велікакняжацкіх коней. Ян Забярэзінскі, які запраўляў у Троках, дазволіў узяць авёс, але злосна прыгразіў слугу, што калі ён зноў заявіцца, дык будзе пабіты. Слуга паскардзіўся Глінскаму і той ужо не ўпусціў моманту справакаваць свайго непрыяцеля. Князь зноў адпраўляе за аўсом і... Забярэзінскі стрымаў слова. Беднага слугу пабілі і выгналі прэч. Гэты выпадак Міхайла Глінскі выкарыстаў, каб настроіць супраць Забярэзінскага вялікага князя. І настроіў...

Калі троцкі ваявода трапіў на прыём да Аляксандра, ён не сустрэў ранейшай пашаны. Замест таго, каб прывітаць дыгнітарыя, падняцца з крэсла і зрабіць насустрач некалькі крокаў, як гэта было прынята пры двары, вялікі князь адвярнуўся і ўтаропіўся ў акно. Абражаны Забярэзінскі спытаў, чым заслужыў такую няміласць. Вось тут Глінскі і нагадаў яму пра «авёс». Забярэзінскі пачаў апраўдвацца, што думаў пра выгоду караля, але Аляксандар рэзка адказаў: «Мне не патрэбны апекуны. Я ўжо дарослы»[19].

Так Забярэзінскі трапіў у няміласць да Аляксандра. А Глінскі каваў жалеза, пакуль яно было гарачым.

Ахвярай інтрыг Глінскага стаў і зяць Забярэзінскага, лідскі староста Юрый Ільініч - фундатар славутага Мірскага замка. Яшчэ ў 1501 годзе на Ільініча скардзілася Аляксандру вялікая княгіня Алена. Лідскі староста не аднойчы нападаў на яе маёнтак Канцягінскае. Справа закончылася судом. Ільініч заплаціў вялікай княгіні за шкоды. Але не ў грашах была справа. Ільініч абразіў гонар Аляксандра. І рана ці позна той нагадаў бы пра гэтае нахабства і свавольства. Можна меркаваць, што Глінскі і Ільініч паглядалі адзін на аднаго варожым вокам. Глінскі прадбачыў, што Забярэзінскі паспрабуе расправіцца з ім рукамі свайго зяця, а таму вырашыў нанесці ўдар першым. Князь Міхайла пераканаў Аляксандра пазбавіць Ільініча пасады і перадаць Ліду канюшаму віленскаму Андрэю Дразду (стрыечны брат Глінскага). Будзь Ільініч толькі непрыяцелем Глінскага, Аляксандар не паддаўся б свайму ўлюбёнцу, але ж памятаў дзёрскасць лідскага старосты і сам хацеў правучыць яго. Як зрабіць гэта без прычыны? Сам жа пацвярджаў прывілей на вольнасці шляхецкія - і не парушыш іх. Глінскі надаў вялікаму князю рашучасці і Аляксандар забраў у Ільініча Ліду і перадаў яе Андрэю Дразду. Толькі Ільініч не той чалавек, які пакорліва падпарадкоўваецца лёсу - ён гатовы на барацьбу і з вялікім князем. За пакрыўджанага стаялі першыя вяльможы Вялікага Княства: ваявода віленскі Мікалай Радзівіл, ваявода полацкі Станіслаў Глябовіч, намеснік жамойцкі Станіслаў Кезгайла, намеснік смаленскі Станіслаў Кішка і сам біскуп віленскі Войтах Табар, ну і, вядома, Ян Забярэзінскі. Спаслаўшыся на прывілей, паводле якога адняць пасаду вялікі князь «ні ў кога не можа, толькі з гербом»[20], яны прынялі бок Ільініча. Гэта быў прамы выклік Аляксандру. Глінскаму засталося распаліць у Аляксандравай душы яшчэ большы гнеў. І як толькі вялікі князь у лютым 1505 года прыехаў з Кракава ў Берасце, дык Глінскі пачаў намаўляць на заступнікаў Ільініча: «Пакуль у Літве будуць жыць гэтыя паны, да тых часоў у Княстве не сціхнуць звадкі»[21]. Аляксандар зазлаваў. Выратаваў паноў польскі канцлер Ян Ласкі, які паведаміў, што вялікі князь вельмі гневаецца на іх. Паслы на сойм у Берасце не паехалі, а сабраліся ў Наваградку. І хаця ў гэты час на Літву напалі татары, паны раіліся не пра тое, каб даць адпор ворагу, а што рабіць, каб суцішыць Аляксандраў гнеў, нават гатовы былі падацца Глінскаму. Аляксандар адабраў ў Забярэзінскага Троцкае ваяводства і перадаў яго Мікалаю Мікалаевічу Радзівілу, Ільініча загадаў пасадзіць у вязніцу, а з панамі-радай пабачыцца нават не захацеў. Глінскага асыпаў новымі міласцямі - надаў яму пасаду Бельскага старосты і адпісаў Тураў і Гонязь. Гэтая перамога не ўмацавала Глінскага як, пэўна, здавалася яму. Варожасць першых вяльможаў дзяржавы - якая тут перамога? Ды і Аляксандар неўзабаве пашкадуе, што паслухаўся Глінскага, бо ўжо на наступным сойме 1 лістапада 1506 года ў Радамлі віленскі біскуп Войтах Табар прама ў вочы заявіў яму: «Міласцівы кароль. Нявінны быў на нас гнеў твой гаспадарскі, з-за прычыны некаторых людзей, бо мы супраць цябе, гаспадара нашага, не стаялі, але мы баранілі правы і прывілеі нашы, каб застацца пры іх, а так, міласцівы гаспадар, я, як пастыр тутэйшага панства і ваш, павінен таго сцерагчы, і цябе, гаспадара нашага, ад таго адводзіць, абы ты, гаспадар наш, правы нашы і лісты свае нам пацвердзіў, а каб хацеў хто іх парушыць, божа, помсці кожнаму такому»[22]. Словы гэтыя, як праклён, надламалі Аляксандра. А тут яшчэ польская шляхта сваімі патрабаваннямі адняла нямала сіл. Аляксандар злёг у ложак. Цяжка хворы ён прыехаў у Вільню, каб узначаліць абарону Вялікага Княства ад татараў, што зноў напалі на Літву. Дваццаць тысяч іх на чале з царэвічам Біціс-Гірэем трымалі ў аблозе Слуцак, дзе слуцкая княгіня Анастасія асабіста ўзначаліла абарону. Яшчэ дзесяць тысяч пад зверхнасцю царэвіча Махмат-Гірэя здабывала Менск. У гэты час у Лідзе сабралася дзесяцітысячнае войска, але воі не жадалі выступаць на ворага без вялікага князя. І Аляксандар у суправаджэнні жонкі Алены, Глінскага, польскага канцлера Ласкага і... Яна Забярэзінскага адправіўся ў Ліду. Цяжка зразумець, чаму Аляксандар зноў наблізіў да сябе Забярэзінскага. Верагодна, у такі нялёгкі для Княства момант жадаў ён яднання паноў, каб забыліся яны пра былыя сваркі. Але прымірыць Забярэзінскага з Глінскім не змог. Па-ранейшаму Ян і яго хаўруснікі таілі ў душах нянавісць да князя Міхайлы. Распусцілі пагалоскі, што лекар Балінскі, які лячыў Аляксандра, па намове Глінскага «горш здорове его псовал»[23].

 

Клецкая перамога

У Лідзе Аляксандар перадаў усе земскія справы ў рукі паноў-рады і загадаў везці сябе назад у Вільню.

Татары ўжо падступілі да Наваградка. Асобныя загоны, пераправіўшыся праз Нёман, дайшлі да Ліды, Ашмян, Крэва, Ваўкавыска, Горадні і палілі сёлы, хапалі людзей у палон. Цягнуць далей час не выпадала. Войска ўзначаліў Станіслаў Кішка. Пасланы ім аддзел каля Ліды разбіў татарскі загон. Гэтая перамога натхніла вояў і яны пачалі ірвацца ў бой. Пасля малебна войска выступіла з Ліды. Татары ўхіляліся ад сечы і ўцякалі з-за Нёмана. Войска дайшло да Наваградка і прабыло там тры дні. Каб дакладна ведаць, дзе стаяць галоўныя сілы ворага, Станіслаў Кішка паслаў на віжаванне наваградскіх шляхціцаў - братоў Юрыя і Андрэя Неміровічаў. Пад Гарадзішчам (вёска за 40 км ад Наваградка) віжы злавілі шасцярых татараў. Ад іх і даведаліся, што татарскае войска стаіць пад Клецкам і чакае вяртання загонаў. 4 жніўня, вечарам, войска пакінула Наваградак і ноччу дайшло да вёскі Асташына, што за 20 км ад Наваградка. Тут адпачыўшы, ваяры зноў выправіліся ў паход. Па дарозе да іх далучаліся мясцовыя шляхціцы. Каля Ішкалдзі перадавы атрад разбіў татарскі загон у пяцьсот чалавек. Ноч перад бітвай ліцьвінскае войска правяло ў вёсцы Немнава. Для Глінскага гэта была сама трывожная ноч у яго жыцці. Лёс рыхтаваў яму няпростае выпрабаванне. Раптам захварэў гетман Станіслаў Кішка, нават не мог сесці на каня. Паны-рада вырашылі перадаць гетманскую булаву Глінскаму, таму што ён «у дзеях рыцарскіх вельмі спраўны»[24]. Ці гэта прызнанне яго вайсковых здольнасцей, а можа, хітры палітычны ход ягоных ворагаў?

Добра разумеў дворны маршалак, што са смерцю Аляксандра ён пазбавіцца свайго магутнага апекуна і тады многія ягоныя злоснікі паспрабуюць расправіцца з ім. Неяснай бачылася князю будучыня. І прызначэнне гетманам мог разглядаць, як першую спробу пакончыць з ім. Рызыкаваў жа - галавой. Татараў удвая болей і перамагчы іх нялёгка. У выпадку няўдачы ў паноў-рады з'явіцца магчымасць абвінаваціць яго ў паразе, нават у здрадзе, а там - і кара. Яшчэ можна адмовіцца... Ён не адмовіўся. Для Глінскага гэта была бітва не толькі з татарамі, але са сваімі ворагамі. І трэба было прыняць іх выклік.

6 жніўня 1506 года на рацэ Лані каля Клецка непрыяцельскія войскі сустрэліся.

Тры гадзіны абодва войскі перастрэльваліся праз раку з лукаў і ручніц. І пад градам куль і роем стрэл смельчакі ладзілі гаці праз балоцістыя берагі Лані, наводзілі масты. Агнём з двух гаркабуз (лёгкіх гармат), якія прывезлі шляхціц Рачка і Ян Радзівіл, ліцьвіны адагналі ад рэчкі ворага і нарэшце навялі пераправы. Некалькі прагных да подзвігаў шляхціцаў паспяшаліся на другі бок і першымі скрыжавалі сваю зброю з ворагам. У гэтай сутычцы загінуў пісар Забярэзінскага Копаць. Ягоную галаву татары ўзнялі на дзіду і з рогатам насіліся па беразе.

Перад самай сечай Глінскі мовіў кароткае слова: «Каб воі дзеля мілай айчыны мужна пачыналі, яе бяду сабой смела засланілі... За дзетак, жонак, бацькоў, братоў здароўе сваё не шкадавалі. А братоў з палону вырвалі»[25]. А пасля з крыкам: «За мной, браты!» - паскакаў на другі бераг. За ім рушылі воіны. Харугвы правай рукі менскай і гарадзенскай шляхты пераправіліся цераз Лань і прынялі на сябе першы ўдар. Тым самым яны далі магчымасць падысці ўсяму войску. Праславілася і наваградская шляхта, якая доўгі час стрымлівала татараў. Ну а Глінскі быў у самай гушчы сечы. Двойчы забівалі пад ім каня, слугі падводзілі новага, і князь зноў сваёй мужнасцю натхняў сэрцы ваяроў. Наступ ліцьвінскага войска разламаў татарскія шэрагі. Адбіліся ад ворага харугвы правай рукі і таксама перайшлі ў наступ. І татары пабеглі. Іх гналі да ракі Цэпры, дзе ў мітусні ўсе яны і патанулі. Падчас гэтай пагоні пад Глінскім трэці раз забілі каня.

Перамога над войскам крымскіх царэвічаў была поўнай: 27 000 татараў загінула і патанула, 3000 трапіла ў палон. З татарскай няволі было вызвалена 40 000 чалавек[26]. Але і тых, каму ўдалося ўцячы, пераймалі пад Капылём і Пятровічамі аддзелы слуцкай княгіні Анастасіі. Так што ад татарскага войска засталіся толькі рэшткі.

Раней Глінскага чакала б слава, шчодрыя міласці Аляксандра, а цяпер гэтая перамога яшчэ больш распаліла варожасць паноў-рады да яго. Глінскі быў для іх занадта небяспечным. Пераможца татараў здабыў і любоў народа. Але яшчэ не забрала смерць Аляксандра. Ён, пачуўшы аб Клецкай перамозе, сумна ўздыхнуў і мовіў слова ўдзячнасці Богу. 20 жніўня Аляксандар памёр. Польскі канцлер Ласкі хацеў везці цела нябожчыка ў Кракаў. Яму запярэчылі паны, патрабуючы пахаваць Аляксандра ў Віленскім саборы святога Станіслава, бо, маўляў, Глінскі можа скарыстацца іх адсутнасцю, сесці на велікакняжацкі пасад.

 

Падзенне

Тым часам да Вільні спяшаўся малодшы Казіміраў сын Жыгімонт. Глінскі і тут апярэдзіў сваіх непрыяцеляў. Ён з сямюдзесяццю вершнікамі выехаў з Вільні і сустрэў Жыгімонта за дванаццаць міляў ад горада. Насцярожана аднёсся да Глінскага Жыгімонт, паны ўжо папярэдзілі яго пра «чорныя намеры» дворнага маршалка. І вельмі здзівіўся, пачуўшы ад Глінскага, што той невінаваты, і не думаў, як кажуць паны-рада літоўскія, сесці на вялікае княжанне, а гатовы, як падданы, вернасцю паслужыць яму - пану прыроджанаму. Жыгімонт падзякаваў Міхайлу за такую ласкавую ахвяру. Інтрыга паноў-рады не прынесла поспеху. Міхайла сам прызнаваў над сабой уладу Жыгімонта.

Здавалася, што вялікі князь міласцівы да Глінскага. Вось і на каранацыі 8 снежня Глінскі як дворны маршалак падаваў яму меч і прымаўляў традыцыйнае вітанне, а пасля, калі Жыгімонта абралі польскім каралём, суправаджаў яго ў Кракаў. І гэта яшчэ больш занепакоіла Яна Забярэзінскага і ягоных хаўруснікаў. На Глінскага пасыпаліся абвінавачванні - то ён хацеў Княства пад сябе «подсести», то «чарами сослал с сего света» Аляксандра, то «у великое нежитье ввел» яго з маскоўскім князем, то «великой княгини Елене много прикрости починил»[27].

Разлік просты - пасеяць у душы Жыгімонта недавер да дворнага маршалка. І Жыгімонт захістаўся. Сапраўды, мець каля сябе такога чалавека, як Глінскі, - небяспечна. А можа, былы глогаўскі князь, які вызначаўся сілай (ламаў падковы і рваў вяроўкі) ды страсцю да ловаў і быў вядомы сваёй любоўнай сувяззю з мараўскай шляхцянкай Катаржынай Тэнчынскай, з якой нажыў пазашлюбных дзяцей, пазайздросціў славе пераможцы татараў. Жыгімонт задумаў пазбавіцца ад Глінскага: «Хотели есмо судом справедливого доводу, за таковую великую проступку его сказнити и стяти»[28].

І ўжо 8 снежня, у дзень сваёй каранацыі на вялікае княжанне, Жыгімонт адабраў у Глінскага кіраванне манетным дваром. Ударыў, як бы мовіць, знянацку, у надзеі выкрыць якія злоўжыванні. Але расчараванне - Глінскі «справне» распараджаўся фінансамі. І князь Міхайла яшчэ пры двары - разам з Жыгімонтавай світай (дзе быў і Ян Забярэзінскі) адпраўляецца ў Кракаў. Адразу пасля каранацыі Жыгімонт адхіляе Глінскага ад пасады маршалка дворнага.

Міхайла мог падзівіцца падставе, паводле якой у яго забралі пасад: «вряд маршалство есть знаменитого пана рады нашое Ивана Григорьевича Остиковича, который то, по грехом, за брата нашого, попал в руки неприятельские, служачы нам верне, и до тых часов там у великой нужи седить, и братья и приятели его припоминали ся нас, абыхмо службу его памятуючи, тое жалости там, в том нятстве, не дали ему больше терпети, не только на теле, але и на мысли: и мы, хотячи поданным нашим справедливость вчинити, тот вряд маршалство на пана Григорья с его рук зася есмо взяли»[29].

Пазбавіў Жыгімонт Глінскага і намесніцтва Бельскага, а яго ўладанні Гонязь і Бельск перадаў вялікай княгіні Алене. Гэта быў хітры палітычны ход з разлікам пасварыць Глінскага і вялікую княгіню. Цяпер Міхайла наўрад ці мог разлічваць на заступніцтва Алены. Для Глінскага не была тайнай сапраўдная прычына велікакняжацкай няміласці.

Яшчэ ўчора ўсемагутны фаварыт, удачлівы ваявода, а сёння абражаны і пазбаўлены ўлады Глінскі апынуўся на раздарожжы: змірыцца са сваім лёсам ці змагацца. Ён звяртаецца да Жыгімонта з просьбай: «каб з паном Яном Заберезинским, иж бы ему справедливость сталася»[30]. Але на судзе трэба давесці віну Глінскага, а вось доказаў яе ні ў Забярэзінскага ні ў Жыгімонта не было. І вялікі князь не спяшаецца «справедливость вчинити». А Глінскі шукаў заступнікаў. Ён напісаў ліст крымскаму хану, каб той паўплываў на Жыгімонта, а сам адправіўся ў сталіцу Вугоршчыны Буду да Жыгімонтава брата - вугорскага караля Ўладзіслава. 27 сакавіка Міхайла сустрэўся з Уладзіславам і выказаў яму свае крыўды. Толькі і да братавага слова Жыгімонт не прыслухаўся. Ведаў бы ён чым скончыцца яго ўпартасць, можа, быў бы трохі абачлівы. Раззлаваны Глінскі пры сустрэчы прама кінуў: «Покушуся, кролю, о такую речь, которая тобе и мине напотом будет жалосная»[31]. І зараз Жыгімонт не прыслухаўся. А дарэмна. Князь рашаецца падняць зброю супраць Жыгімонта. У Тураве пачаў збіраць ён воінаў. Але хто і мог дзейсна яму дапамагчы, дык гэта маскоўскі ўладар Васіль ІІІ. Яго можна таксама лічыць пакрыўджаным Жыгімонтам. Васіль разлічваў на выбранне сябе вялікім князем літоўскім і нават паслаў ганца да Алены, каб яна садзейнічала таму, каб паны «пахацелі яго»[32]. Але на велікакняжацкі пасад абралі Жыгімонта. Так што былі ў Васіля падставы бачыць яго асабістым ворагам. Абодва рыхтаваліся да вайны. Перавагай валодаў Жыгімонт. Ён пажаў плён Клецкай перамогі. Крымскі хан Менглі-Гірэй заключыў з Літвой і Польшчай мір. Абяцаў падтрымку Літве казанскі хан Мухамед-Эмін. Абнадзеены Жыгімонт падбухторваў на вайну з Масковіяй Лівонскі ордэн. Не забыўся ён пашукаць саюзнікаў і ў самой Масковіі і прапанаваў Васілёваму брату, дзмітраўскаму князю Юрыю, дапамогу ў барацьбе за шапку Манамаха.

На віленскім сойме ў лютым 1507 года Жыгімонт дамогся ад шляхты выплаты «срэбшчыны» - вайсковага падатка. Былі зацверджаны меры на ўмацаванне дысцыпліны ў войску.

Вораг твайго ворага - твой саюзнік. Дзесьці ў красавіку 1507 года да Васіля прыехалі паслы Глінскага пад старшынствам Воіна Ясковіча. Глінскі прасіў у маскоўскага ўладара прыняць яго ў сваё падданства, аднак з умовай адняць у Літвы тыя гарады, якімі ён валодаў і якія ён здабудзе зброяй. Васіль з радасцю згадзіўся.

Была ў Глінскага яшчэ адна задума. Сватаўся ён да слуцкай княгіні Анастасіі. Разлік хітры: Алелькавічы некалі былі кіеўскімі князямі і, ажаніўшыся з Анастасіяй, Глінскі на законных правах мог прэтэндаваць на кіеўскі пасад. У гэтай справе Міхайла спадзяваўся на брата Івана - кіеўскага ваяводу, а таксама на крымскага хана Менглі-Гірэя, які абяцаў здабыць для Глінскага Кіеў. У выпадку ўдачы Міхайла мог аднавіць Кіеўскае княства, падуладнае Крымскаму ханству. Перспектыва вельмі спакуслівая, каб не разлічваць на яе. І Глінскі сватаецца да Анастасіі, але атрымлівае адказ. Гэта не бянтэжыць князя Міхайлу, і ён вырашае дамагчыся свайго - захапіць Слуцак і сілай павесці Анастасію пад вянец.

 

Мяцеж

Пачатак мяцяжу Глінскага «Кроніка Літоўская і Жамойцкая» пазначае пад 1507 год. Скарыстаўшыся ад'ездам Жыгімонта ў Кракаў, Глінскі на чале семсот вершнікаў напаў на Горадню. Але пачатковай мэтай выступу былі Трокі, дзе жыў былы хан Залатой Арды Шых-Ахмет. Глінскі хацеў захапіць яго ў палон і выдаць Менглі-Гірэю. А крымскі хан абяцаў князю заваяваць Кіеў. Усё абяцала ўдачу. Атрад Глінскага патаемна набліжаўся да Трокаў. Там мяцежнага князя ніхто не чакаў. Каля Горадні людзі Глінскага сустрэліся з каханкай Яна Забярэзінскага. Тут жа на дарозе ёй учынілі допыт і выведалі, што пан Ян знаходзіцца ў Горадні. І князь загадаў павярнуць коней. Пераправіўся цераз Нёман. Мяцежнікі ўвайшлі ў горад і атачылі двор Забярэзінскага. Турак, які служыў князю, уварваўся ў пакой да пана Яна і прама ў ложку адсек таму галаву. Некалькі міляў галаву пераможанага ворага везлі на дзідзе, пакуль не кінулі яе ў возера. Гэтая перамога каштавала Глінскаму другой - больш важнай: пра набліжэнне мяцежнікаў ужо ведалі ў Вільні і Троках і паднялі гарнізоны для сустрэчы. Глінскі адступіў у Наваградак. Мяцежнікі памардавалі там шляхту, якая не падтрымала іх правадыра. Сабраўшы вакол сябе тры тысячы мяцежнікаў, князь разаслаў іх «шукати литовских панов и казал их забивать, мордовать»[33]. Жадаючы перацягнуць на свой бок пабольш людзей, ён абвясціў сябе змагаром за праваслаўе. Вельмі паказальны ў гэтых адносінах выпадак з шляхціцам Хведарам Калантаевым, які нібыта прасіў Глінскага заступіцца за праваслаўных. Вось як сам Калантаеў распавядае: «Иж князь Михайло, едучм за Новагородка, созвавши многих людей а рек так: тот замяток, который то есми вчинил, им от кого стался, только от Федора Колонтаева: как дей есмо были на свадьбе в Белици, ино прмшол ко мне Федор Колонтаев и пал передо мною крыжом и рек так: поведаю тобе, княже Михайле, што ж тыми разы на том нинешнем сойме, што маеть быти в Вильни о громницах, всих нас Русь мают хрестити в Лядскую веру, а хто бы не хотел пойти в Лядскую веру, тых мають стинати: а то мне поведал пан Иван Сапега. Про то господине княже Михайле, со слезами чолом бью твоей милости, для Бога змилуйся, вступися за нас! И я дей, слышавши то от Колонтаева и тую речь есми на него почал, и то все сталося от Колонтаева»[34].

Якім змагаром за праваслаўе быў князь Міхайла, можна даведацца з яго ж ліста да Васіля ІІІ. «Везде люди вашое милости огонь пускали, и шкоды чинили, и полону на колко сь десять тысяч взяли»[35]. Ну а Слуцкае княства мяцежнікі Глінскага «якоже татаре поплени»[36]. І няма чаму здзіўляцца, што не так і шмат праваслаўных далучылася да «змагара за праваслаўе», нават родныя браты Васіль ды Іван не падтрымалі яго.

Тая палітычная перавага, на якую спадзяваўся Жыгімонт, растаяла як леташні снег. Крымскія татары былі разбіты маскавітамі, а казанскі хан раптам заключыў мір з Васілём ІІІ. Адмовіўся ад сумесных дзеяў і Васілёў брат Юрый. Палякі не абяцалі Літве дзейснай дапамогі. Вось цяпер Жыгімонт шкадаваў, што так неабачліва сваімі ж рукамі запаліў агонь, які трэба тэрмінова тушыць. Да Глінскіх у Тураў прыехаў княжацкі пасол Ян Касцевіч і перадаў, што ўладар кліча іх да сябе, бо «хочет им всякую управу учинити в их делех с литовскими паны» і загадаў «присягу дати своею душою». Князь Міхайла ўжо добра ведаў вартасць гаспадарскага слова і таму не паверыў яму: «...похочет государь нашь король Жикгимонт нашие службы к собе и с нашими недруги, с литовскими паны учинить управу прямую, и он бы к нам прислал Олбрехта Мартынова Гастовтова, и мы ся на его душу дадим. А нынеча от своего государя, от короля, ни к которому его недругу не едем, а живем в своей отчине. А от него, государя, пана Олбрехта ждем...»[37].

Альбрэхт Гаштольд зацята супраціўляўся вуніі Вялікага Княства з Польшчаю. На антыпольскіх настроях яны маглі і паразумецца. Прадбачыў гэта Жыгімонт. І Гаштольд так і не прыехаў у Тураў.

Куды больш разумна паступіў Васіль ІІІ. Ён праз свайго пасла дзяка Міцьку Губу прапанаваў Глінскаму ісці да яго на службу: «Я хачу пажалаваць і за вотчыны вашы стаяць»[38]. Цяпер, калі Глінскаму не ўдалося ажаніцца з Анастасіяй Слуцкай і захапіць Шых-Ахмета, ён злучыў свой лёс з Васілём. Разам з Міцькам Губой у Маскву з граматай да Васіля ІІІ паехаў пасол ад Глінскага Іван Прыежы, каб вялікі князь «пажалаваў, да сябе іх на службу ўзяў, а за іх і за іх вотчыны стаяў»[39]. Глінскі пачаў здабываць сабе «вотчыны». У 1508 годзе з Турава ён на чале 3-тысячнага войска рушыў да Мазыра. Мазырскі староста Якуб Івашэнцаў, які быў жанаты з стрыечнай сястрой князя Міхайлы, здаў горад. Як паведамляў сучаснік тых падзей польскі гісторык Бернард Вапоўскі, мазыране «аказалі яму (Глінскаму. - В.Ч.) божаскую пашану, нібыта валадару: праваслаўнае святарства і манахі выйшлі яму насустрач са святынямі»[40].

На Ўкраіне дзейнічаў Васіль Глінскі. Ягоныя загоны абклалі Жытомір і Оўруч. І калі Міхайла выдаваў сябе за «абаронцу» праваслаўя, Васіль адкрыта прызнаўся, што мэта ягонага брата: «Вялікае Княства з рук Літвы адабраць і вярнуць Русі, як перад гэтым было спрадвеку, ды аднавіць Кіеўскую дзяржаву»[41]. Шмат каго прывабіла такая мэта і яны далучаліся да мяцежнікаў. Але Васілю так і не ўдалося авалодаць ні Жытомірам, ні Оўручам, ні Кіевам.

У Мазыры Глінскіх знайшоў Хазей-Мірза - пасол ад Менглі-Гірэя. Крымскі хан прапаноўваў Глінскім служыць яму і абяцаў пасадзіць іх на Кіеў і на ўсе кіеўскія прыгарады і сцерагчы яго ад караля. Неўзабаве вярнуўся з Масквы дзяк Міцька Губа і прывёз патрэбны адказ Васіля, што той жалуе Глінскіх, бярэ іх на службу і гатовы «ад караля іх сцерагчы з вотчынамі»[42]. Асабліва радавала Глінскіх, што Васіль ІІІ абяцаў «не ўступаць» у тыя гарады, якія яны возьмуць, а значыць, прызнавалася іх права на ўсе заваяваныя землі. Глінскія цалавалі крыж перад Міцькам Губой на вернасць маскоўскаму ўладару. Аднак сувязей з крымскім ханам Міхайла Глінскі не разарваў і запэўніваў яго, што трымае Шых-Ахмета ў сваіх руках. Каб выкрыць гэтую хлусню, Жыгімонт наўмысна паказваў крымскім паслам былога ўладара Вялікай Арды.

Ужо рухаліся з Северскай зямлі да межаў Вялікага Княства маскоўскія палкі пад зверхнасцю князёў Васіля Шамячыча, Івана Адоеўскага і Івана Варатынскага. 10 сакавіка з Масквы выступіла 60-тысячнае войска, якое ішло на Смаленск. З Вялікіх Лук да Полацка выступіла ноўгарадская групоўка князя Данілы Шчэні. Становішча памянялася на вачах. Цяпер не Літва, а Масковія мела перавагу. Казанскі хан заключыў з Васілём мір і спадзявацца на яго Жыгімонту не даводзілася. Ды і Менглі-Гірэй схіліўся на бок Глінскага і патрабаваў ад Жыгімонта вярнуць Міхайлу маршальства, напамінаючы вялікаму князю, што той: «таковый молодец добрый, што ж много в Литве нет»[43]. Жыгімонт з 5-тысячным корпусам наймітаў паспяшаўся ў Літву.

Не сядзеў склаўшы рукі і Міхайла Глінскі - напаў на Глуск і захапіў яго. Тут знайшоў яго пасол ад валашскага ваяводы Стэфана з запэўніваннем аб сяброўстве. Прыехаў і Васілёў пасол Іван Жыгона Паджогін. Глінскі адправіў на віжаванне пад Наваградак атрад на чале з князямі Дзмітрыем Жыжэмскім і Андрэем Лукомскім, а сам хацеў выступіць на Слуцак. Гэты план памяняўся пасля прыходу ў чэрвені ў Бабруйск маскоўскага ваяводы Васіля Шамячыча. Месцам сустрэчы быў выбраны Менск. Глінскі рушыў туды з мяцежнікамі і маскоўскім палком князя Аленкі.

Дваццаць дзён прастаяў Глінскі пад Менскам, і хаця замак абаранялі толькі трыццаць драбаў на чале з князем Багданам Заслаўскім, на штурм князь так і не наважыўся. Акружаны рвамі і высокімі валамі Менскі замак стаўся не па сілах Глінскаму. Ці не лепш было пачакаць маскоўскія палкі. І Глінскі піша Васілю ІІІ ліст з просьбай загадаць «поспешася» ваяводам пад Менск, прасіў ён пакінуць яму «до живота» заваёваныя гарады. Затое загоны мяцежнікаў і маскоўскі полк Андрэя Трубяцкога «агонь пускали и шкоды чинили» пад Слуцкам, Слонімам, Клецкам, Наваградкам і нават у васьмі мілях ад Вільні. Абцяжараныя палонам і нарабаваным, яны збіраліся пад Менскам. Горад Глінскі не ўзяў, не дапамог і корпус Шамячыча, які ў ліпені прыйшоў сюды. Два тыдні прыступалі да замку, білі па ім з гарматаў.

Шырокай падтрымкі Глінскі не атрымаў. Яўна пераацаніў ён свае сілы і сваю значнасць. У вялікай гульні манархаў ён быў не роўны з роўнымі, а толькі адной з фігур, якой можна было і ахвяраваць. «Так и тепер о всем надежду маю на Бога и на вашу милость государя хрестьянского», - пісаў Глінскі Васілю Іванавічу[44]. Гэта было падобна на прызнанне сваёй паразы.

А ў Наваградак тым часам прыехаў Жыгімонт і асабіста павёў сабраная там войска на ворага. Як толькі Глінскі і Шамячыч пачулі аб гэтым, дык адразу знялі аблогу Менска і адступілі за Бярэзіну. Мяцежнікі прымусілі друцкага князя Андрэя здаць ім Друцк. Вось-вось, здавалася, павінна была пасці Ворша, якую здабываў князь Даніла Шчэня. Глінскі і Шамячыч павялі свае палкі пад Воршу. Сюды спяшаўся з войскам і Жыгімонт. Дзевяць дзён абодва войскі, раздзеленыя Дняпром, стаялі адно перад адным.

22 ліпеня 1508 года Жыгімонт даў бой ворагу. Пад абстрэлам маскавітаў ліцьвіны пачалі пераходзіць бродам цераз Дняпро. Адначасова некалькі ліцьвінскіх харугваў пераправіліся вышэй па рацэ і наляцелі на маскоўскі стан. Нечаканы напад выклікаў сярод маскавітаў паніку, і яны пачалі адступаць ад Дняпра. Жыгімонт, які са свайго берага назіраў за бітвай, сам павёў астатнія харугвы на ворага. Асноўныя сілы маскавітаў яшчэ не ўступілі ў бой і стаялі на Бахаўскіх палях за Дняпром. Рашучы Глінскі абяцаў Шамячычу і Шчэню «певное и велми сладное звитязтство (перамогу)»[45]. Ваяводы не сталі рызыкаваць і адступілі да Амсціслава. А Жыгімонт павёў войска на дапамогу Смаленску.

Устрывожаны князь Міхайла, пакінуўшы ў Почапе сваіх паплечнікаў князёў Жыжэмскага, Азярыцкага і Лукомскага, паехаў у Маскву на сустрэчу з Васілём ІІІ.

Ведаў бы князь, якую трагічную ролю адыграе гэты чалавек у ягоным жыцці, дык пашукаў бы шчасця пры дварах іншых венцаносцаў. Васіль з пашанай сустрэў Глінскага. У ягоны гонар учыніў баляванне і адарыў адзежамі, даспехамі, пародзістымі канямі. Глінскі і параіў Васілю звярнуцца да імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна, ворага Польшчы, дзеля «достования своих вотчин» - Вугоршчыны для Максіміліяна, а Ўкраіны і Літвы - для Васіля. Так што ідэя падзелу Літвы паміж імперыяй і Масковіяй упершыню нарадзілася ў галаве князя Міхайлы Глінскага. І Васіль адаслаў Максіміліяну грамату, у якой паведамляў пра прыняцце ў сваё падданства Глінскага і прапаноўваў заключыць з Імперыяй дамову супраць Польшчы і Літвы[46].

З вайны Васіль вынес для сябе ўрок - ваяваць з Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім без саюзнікаў - небяспечна. Істотных вынікаў няма - ніводнага буйнога горада не захапіў, ад паразы маскоўскае войска выратавала адступленне.

Гэтым разам Васіль больш схіляўся да замірэння. Глінскаму, зразумела, такое не падабалася, а таму, каб суцешыць яго, Васіль пажалаваў свайму новаму падданаму ў «кармленне» Малы Яраславец і Бароўск, а князю Васілю - Мядынь. Замена не раўназначная ў параўнанні з тым, што гублялі Глінскія ў Літве, але трэба было задаволіцца і гэтым у надзеі, што Васіль рана ці позна адваюе іх літоўскія вотчыны.

З Масквы князь Міхайла ў суправаджэнні невялікага атрада і прыстава Хведзькі Ярапчонка прыехаў да братоў у Мазыр. Без дзейснай маскоўскай дапамогі Міхайла не адважыўся на новыя паходы. Ды і час ужо быў не той. 19 верасня ў Маскву прыбыло ліцьвінскае пасольства на чале з полацкім ваяводам Станіславам Глябовічам. Трэба было чакаць аб чым дамовяцца паміж сабою Жыгімонт і Васіль. Абодва згадзіліся на кампраміс. Васіль не патрабаваў занятых Глінскім гарадоў - Турава, Мазыра, Глуска, Друцка. Узамен Жыгімонт прызнаваў пераход да Масковіі северскіх земляў, заваяваных яшчэ Іванам. Ну, а пра Глінскага Васіль забыў, ягоныя інтарэсы не абараніў. Як пасля такога мог пачуваць сябе Міхайла? Зноў ашукалі.

Глінскі раззлаваўся на Васіля і ў гневе вырашыў уцячы са сваімі людзьмі ў стэп і помсціць абодвум уладарам, якія так падманулі яго. Аднак і ад гэтага мяцежнаму князю давялося адмовіцца. Ягоныя спадручнікі выбралі спакойнае жыццё.

15 лістапада Глінскі ў акружэнні паплечнікаў (адзначым некаторых: князі Андрэй Друцкі, Іван Казлоўскі, Васіль Мунча, Іван Азярэцкі, Дзмітрый і Васіль Жыжэмскія, стрыечныя браты Дзмітрый ды Іван Глінскія, Андрэй Дрозд і ягоны брат Пётр, Якуб Івашынцаў і інш.) адправіліся ў Масковію. І перад Хрышчэннем (25 снежня) Васіль ІІІ прыняў іх пад сваю дзяржаўную ўладу.

 

Новыя спадзяванні

На што было цяпер спадзявацца князю Міхайлу Глінскаму? Што яму падараванні Васіля. Ці варта было браць у рукі зброю, каб залежаць ад чужой міласці і шукаць шчасце на чужыне? Глінскаму патрэбна ўлада, ён з тых, для каго жыць - значыць змагацца за ўладу. Толькі, калі зноў пачнецца вайна з Літвой, ён будзе незамянімы для Васіля, а ў мірныя часы і без яго хапае дарадцаў у маскоўскага гасудара. Глінскі абяцаў перамогу ў новай вайне. Недарэмна, што сучаснікі ў адзін голас засведчылі: «Маскоўскі гасудар спадзяваўся, што ён зможа захапіць усю Літву - з парады і дапамогі Міхайлы»[47], ці «...паспрабаваў заваяваць герцагства Літоўскае і ўсю карону Польскую паводле парады свайго гетмана князя Міхайлы Глінскага»[48]. Васіля асабліва і не трэба было пераконваць. Толькі ў адрозненне ад нецярплівага Глінскага ён хацеў грунтоўна падрыхтавацца да вайны, пазбавіць Літву саюзнікаў і нанесці па ёй сакрушальны ўдар. І Глінскі дапамагае Васілю ў дыпламатычных зносінах з Эўропай. Было дзеля чаго і старацца - Васіль абяцаў яму перадаць Смаленск з прыгарадамі, а гэта ўжо сур'ёзная прапанова. Летам 1509 года Міхайла адправіў пасла да дацкага караля Іаана. Той адаслаў ліст да Жыгімонта. Вялікі князь, прачытаўшы пасланне Глінскага, адразу выправіў пасольства да Васіля ІІІ. Глінскі па-ранейшаму заставаўся небяспечным, падбухторваў супраць яго эўрапейскіх манархаў. Таму так упарта і даводзіць Жыгімонт Васілю, каб той пакараў Глінскага: «...брат наш, сам посмотри, гораздо ль ся то деет? Ты з нами в любви и в докончаньи и в крестном целованьи, а тот здрадца наш, слуга твой, будучи в твоей земли, нашу легкость шлет к братьи нашой королям хрестіянским, пишучи неправдивыи слова. А про то, абы есм того злого человека за таковый его збыток сказнил, абы вперед того не починал»[49]. Васіль нават і словам не адказаў на гэтую просьбу Жыгімонта. Глінскі быў яму патрэбны. Восенню 1510 года Міхайла сустрэўся са сваім даўнім прыяцелем яшчэ па мяцяжу - немцам Хрыстафорам Шляйніцам. Дараваны Жыгімонтам за ўдзел у мяцяжы, Шляйніц, карыстаючыся каралеўскай граматай, наведаў Лівонію, Прусію, а пасля пабываў у Дрэздэне ў герцага Саксонскага і ўсюды падбіваў выступіць супраць Польшчы і Літвы. Георг Саксонскі накіраваў яго ў Маскву, каб праз князя Міхайлу дамовіцца з Васілём аб прыездзе пасольства. Глінскі звёў былога свайго паплечніка з Васілём і намовіў яму, каб ён ад імя саксонскага герцага прасіў маскоўскага ўладара разарваць мір з Літвой. Васіль згадзіўся прыняць саксонскіх паслоў, адпісаў таксама ордэнскім саюзнікам. З гэтымі лістамі Шляйніц і адправіўся спачатку ў Прусію, а пасля збіраўся ў Саксонію - меў намер наняць рэйтараў для Васіля. Але пра ягоную місію нейкім чынам стала вядома Жыгімонту. На пошукі агента Глінскага былі высланы віжы, якія і натрапілі на яго непадалёку ад мора (дзе менавіта - крыніцы не паведамляюць. - В.Ч.). Шляйніц, ратуючыся ад пагоні, выкінуў лісты ў мора, аднак хвалямі іх прыбіла да берага. Так перапіска Глінскага і Васіля з Саксоніяй і Ордэнам стала вядома Жыгімонту. Зноў Глінскі. Гэты чалавек проста стаў праклёнам вялікага князя.

У Княстве засталіся прыхільнікі Глінскага. Іх пазбавілі пасад і кінулі ў вязніцы. Альбрэхт Гаштольд, Марцін Храптовіч, Хведка Храптовіч, Аляксандар Хадкевіч, князь Палубенскі - асобы не дробныя. Як нейкае наканаванне - усюды інтрыгі Глінскага. Вось і гэты ліст да саксонскага герцага. Раззлаваны Жыгімонт адпісаў Георгу і даволі рэзка дакараў яго за сувязі з Глінскім: «Замест дапамогі супраць пагрозлівых ворагаў, якую мы заслугоўваем, баронячы ўсеагульны спакой нашаю крывёю, усімі нашымі сродкамі, вы, забыўшыя на страх Божы і чалавечы сорам, не палохаецеся рыхтаваць нам ворагаў і прыводзіць іх на нас і валоданні нашыя»[50]. Саксонскі герцаг усяляк выракаўся свайго ўдзелу ў авантуры Шляйніца і Глінскага і прадстаўляў яе прыватнай змовай двух апошніх. У абарону саксонскага ўладара выступіў герцаг Карл Люнстэрбург, які заўважаў Жыгімонту, што калі б Глінскі «змог увесь свет падняць супраць Вашай Каралеўскай міласці, дык ён, верагодна, ахвотна зрабіў бы гэта»[51]. Падобныя прызнанні не маглі суцешыць Жыгімонта. Зрэшты ён гатоў быў выдаць Менглі-Гірэю Шых-Ахмета, каб толькі той «выпрасіў» у Васіля ІІІ Глінскага.

Перапіска Міхайлы Глінскага з саксонскім герцагам была яшчэ адным напамінам Жыгімонту, што Масковія рыхтуецца да вайны з Літвой. І тым горш было прызнаваць, што Літва да яе не гатова. Крымскі хан, як заўсёды, не трымаў мір і слаў свае загоны на ўкраінскія землі Вялікага Княства. Прускі магістр не прыносіў клятву на вернасць Польшчы і зносіўся з Масквой. Лівонскі ордэн чакаў, каб далучыцца да пераможцы. А хто ім будзе? З усіх сваіх удач Жыгімонт мог пахваліцца толькі шлюбам у пачатку 1512 года з Барбарай Заполі. Бацька Барбары семіградскі ваявода Стэфан Заполі ўзначальваў у Венгрыі антыгабсбургскую партыю і меў вялікі ўплыў у дзяржаве. Затое Васіль дасягнуў куды большых поспехаў. Канчаткова скарыўся перад ім Пскоў. Заключаны мір з Казанскім ханствам. Менглі-Гірэй абяцаў Васілю ваяваць Літву і дапамагчы «любезнаму сыну» князю Міхайлу Глінскаму[52]. Схіляліся на бок Масквы імператар Максіміліян і прускі магістр Альбрэхт Брандэнбургскі. А неўзабаве з'явілася і падстава для вайны з Літвой. Васілю паведамілі, што ягоную сястру Алену, удаву вялікага князя Аляксандра, сілком вывезлі з Вільні ў невялікае выменне Сцёклышкі. Там Алена пры загадкавых абставінах памерла. Было падазрэнне, што вялікую княгіню атруцілі. І зноў усплывае імя Глінскага. Вельмі туманна паведамляе дакумент з царскага архіва, што «даў (запіс. - В.Ч.) князь Міхайла Глінскі аб каралеве і вялікай княгіні Алене, як ёй зелле даваў Сапегін чалавек»[53]. Пэўна, Глінскі, каб распаліць гнеў Васіля і штурхнуць яго на вайну з Літвой, і прыдумаў «чалавека», які даў «зелле» Алене. Што ж, яшчэ адна загадка гісторыі, якую ці магчыма разгадаць.

 

Падарунак вялікаму князю

Галоўнай мэтай у новай вайне з Літвой была заваёва Смаленска. Усе спробы завалодаць старажытным крыўскім горадам заканчваліся для Масковіі няўдачамі. Былі зроблены належныя высновы. Васіль кінуў на Смаленск амаль усе вайсковыя сілы Масковіі. Лівонскія паслы даносілі магістру Плетэнбергу ў Рыгу, што ніколі Масковія не мела такога шматлікага войска, як цяпер. Задаволены Васіль пахваляўся: «Пакуль конь мой будзе хадзіць і меч секчы, не дам спакою Літве»[54]. І ўжо, калі не штурмам, дык «измором» спадзяваўся Васіль адчыніць смаленскую браму. Ды і ўрад Вялікага Княства Літоўскага і Рускага паклапаціўся пра ўмацаванне Смаленска.

Жыгімонт пісаў, што Смаленская цвержа «моцная... дзякуючы самой рацэ (Дняпру. - В.Ч.), балотам, а таксама людскому майстэрству, дзякуючы байніцам з дубовых брусоў, укладзеных зрубам у выглядзе чатырохкутнікаў, набітых глінай знутры і звонку; яна акружаная рвом і такім высокім валам, што ледзьве бачны дахі будынкаў, а самыя ўмацаванні не разбіць ні з гармат, ні таранамі, ды і не падрыцца пад іх, ні разбурыць або спаліць ні агнём, ні серай»[55]. У горадзе пастаянна знаходзіўся гарнізон, а падчас небяспекі за сценамі хаваліся смаленская шляхта і навакольныя жыхары. Не па лёгкую перамогу выпраўляўся Васіль ІІІ. Да Жыгімонта ён прыслаў разметную грамату, «узяўшы сабе Госпада ў дапамогу, іду на цябе...»[56].

У пачатку снежня 1512 г. маскавіты ўжо стаялі пад Смаленскам. З штурмам не спяшаліся. Чакалі, калі падыдзе сам Васіль ІІІ. А каб дарэмна не губляць час, ваяводы, пакінуўшы частку войск пад горадам, рушылі ў глыб Літвы пад Воршу, Друцак, Барысаў і Браслаў. У самым пачатку 1513 года Васіль з братамі Юрыем і Дзмітрыем і Міхайлам Глінскім прывёў галоўнае войска.

У адну з начэй пад прыкрыццём гармат маскавіты рынуліся на смаленскія сцены. Наперадзе ішлі споеныя пскоўскія пішчальнікі. Штурм смаляне адбілі. Васіля ніколькі не засмуціла страта дзвюх тысяч ваяроў, і ён па-ранейшаму трымаў Смаленск у аблозе. Што ж датычыцца Міхайлы Глінскага, дык згадак пра яго ў дакументах на той час няма. Можна сцвярджаць, што Васіль не даручыў князю Міхайлу кіраванне сваімі палкамі і, верагодна, той знаходзіўся ў велікакняжацкай свіце.

Шэсць тыдняў прастаялі маскавіты пад Смаленскам. Іаасафоўскі летапіс тлумачыць зняцце аблогі надыходам вясны і недахопам «корму конскага»[57].

Прычына тут іншая. Васіль хаця і страціў 4 тысячы воінаў, але, даведаўшыся, што Жыгімонт падрыхтаваў 30-тысячнае войска для выручкі Смаленска, паспешліва адступіў ад горада[58].

Ад заваёвы Смаленска ён не адмовіўся. У Літве нават засталіся маскоўскія загоны, якія ваявалі аж за Менскам і вывелі «бесчисленно много» нявольнікаў.

Праз два месяцы, у сярэдзіне чэрвеня, маскавіты зноў рушылі да Смаленска. У Бароўску войска збіралася для паходу. Сюды прыехаў і Васіль. На нейкі час ён заставаўся ў вотчыне Глінскага. Высветлілася, крымскія татары з'явіліся каля Тулы. Давялося паслаць на нечаканага ворага войска. Татары павярнулі назад. Гэта развязала Васілю рукі, і ён адправіў войска на Смаленск. Гарнізон горада ўмацаваўся атрадам татараў, якіх прывёў сын смаленскага намесніка Міхайла Глябовіч, ды атрадам Яна Цыбулькі, былога дарагічынскага старосты. Сіл для паспяховай абароны горада не хапала. У першай жа бітве ліцьвіны адступілі за сцены.

Знайшлася справа і Міхайлу Глінскаму - ён узначаліў групоўку войск, што стаяла пад Полацкам (24 тысячы) і Віцебскам (8 тысяч). Аднак асноўныя падзеі адбываліся пад Смаленскам. Гэтым разам Васіль апроч 80-тысячнага войска меў дзве тысячы пішчаляў і гармат. Частку гармат прыслаў імператар Максіміліян, а другую адлілі ў Маскве нямецкія ды італьянскія майстры. Знаходзіліся ў войску і нанятыя Шляйніцам у Чэхіі і Сілезіі рэйтары, былі казанскія татары. Маскавіты шчыльна акружылі горад, каб нават мыш не праскочыла ў яго. І пачаўся бесперапынны абстрэл Смаленска. Была разбіта Крынашэўская вежа і пярэднія ўмацаванні. Смаляне ноччу аднаўлялі разбурэнні. Сумны вынік першага штурму стрымліваў Васіля ад паўторнага прыступу. Паспрабаваў ён запаліць горад, каб пажар нарэшце прымусіў абаронцаў здацца. Дзеля гэтага маскавіты кідалі з катапультаў у горад падпаленых кошак, пускалі з агнём галубоў. І гэта не дапамагло. Смаляне галадалі, але гатовы былі хутчэй «з'есці адзін аднаго, чым здацца»[59]. Смаленск трымаўся.

Зноў Васіль спалохаўся ліцьвінскага войска. Сорак тысяч воінаў сабралася ў Чарнігаве і чакала падыходу крымскіх татараў, якіх абяцаў прыслаць Менглі-Гірэй. Жыгімонт пагражаў тылам маскавітаў. У гэты час пад Віцебск падаспела шляхецкая апалчэнне і прагнала ворага ад горада. Натхнёныя перамогай ліцьвіны рушылі на выручку Полацка, але ворагаў там не засталі. Тады яны кінуліся ў пагоню і нагналі некалькі маскоўскіх атрадаў, якія і разбілі. Усяго Глінскі страціў болей за 8 тысяч чалавек, а калі ўлічыць 20 тысяч забітых пад Смаленскам, дык страты ў маскоўскім войску былі адчувальныя. Васіль зняў аблогу і адступіў ад Смаленска. Баі пад Смаленскам настолькі ўразілі сучаснікаў, што сведка тых падзей здзіўлена пытаўся: «Хто і калі чуў пра такую аблогу, якая так доўга і моцна працягвалася?»[60]. Сапраўды, падобнай аблогі такім шматлікім войскам Эўропа не ведала. Уражаны вайсковай сілай Масковіі імператар Максіміліян загарэўся ідэяй з яе дапамогай сакрушыць Польшчу і Літву. Ён меркаваў стварыць кааліцыю з Свяшчэннай Рымскай імперыі і Масковіі - і адначасова напасці на Польшчу і Літву. У самы разгар бітвы за Смаленск імператарскі пасол Георг Шнітцэнпайнер ездзіў па эўрапейскіх дварах. І не без поспеху. Ён атрымаў згоду ўдзельнічаць у кааліцыі ад курфюрста Брандэнбурскага Іаахіма, маркграфа Фрыдрыха Брандэнбургскага, курфюрста Фрыдрыха Саксонскага, герцага Георга Саксонскага, прускага магістра Альбрэхта. З радасцю прыняў Васіль у Маскве Георга Шнітцэнпайнера. Мог радавацца і Глінскі - ягоныя планы здзяйсняліся. Паміж Імперыяй і Масковіяй была падпісана дамова аб сумеснай барацьбе супраць Польшчы і Літвы.

Імператар прагнуў Памор'я і тых зямель, якія адваявала Польшча ў Ордэна, а Васілю патрэбна была «отчина» - Кіеў, Смаленск і Полацак. На Смаленск паклаў сваё вока Глінскі.

Такая шматабяцальная дамова з Імперыяй акрыляла Васіля. Асабліва даспадобы прыйшлося, што ў грамаце яго называлі «цесарем». Паразы пад Смаленскам уяўляліся не болей чым крыўднай няўдачай. На радасцях Васіль прыняў рашэнне аб трэцім паходзе на Смаленск. Выступленне намеціў на вясну, каб восеньскія дажджы і зімовыя маразы не перашкаджалі здабываць «отчину». І пакуль яшчэ быў час - дзейсна вялася падрыхтоўка да паходу.

У сакавіку 1514 года адправілася пасольства ў Данію для перамоў з каралём Хрыстнернам ІІ аб саюзу супраць Жыгімонта.

Небагата шансаў меў Жыгімонт выйсці пераможцам з будучай вайны. Дыпламатычнымі перамогамі не пахваліцца, апроч мірнай дамовы з Портай. Доўгія перамовы з Менглі-Гірэем яшчэ не высветлілі пазіцыю Крыма. Найбольш рэальная дапамога бачылася шляхце і панам Княства ў найме вояў.

Новым смаленскім намеснікам Жыгімонт прызначыў Юрыя Салагуба. І ўсё ж з падрыхтоўкай войска ў Літве спазніліся і не сустрэлі ворага на мяжы. Маскавіты зноў без перашкод падышлі да Смаленска. У сярэдзіне красавіка 1514 года перадавы полк колькасцю ў тысячу чалавек пад зверхнасцю Міхайлы Глінскага ўжо стаяў перад горадам. З такімі сіламі князь не рашыўся на штурм, а павёў перамовы з смалянамі, намаўляючы паддацца маскоўскаму ўладару. Праз месяц падышоў са сваёй раццю князь Дзмітрый Шчэня. Да Воршы на «Дрютское поле» рушыла ноўгарадская групоўка князя Васіля Шуйскага. У ліпені пад Смаленск з асноўным войскам прыбыў Васіль ІІІ. Як і ў папярэднім паходзе ён вывеў на вайну 80 тысяч воінаў. 29 чэрвеня маскавіты пайшлі на штурм. Сто сорак гармат, агнём якіх кіраваў немец Стэфан, пачалі абстрэльваць горад. Першы залп нанёс нямала шкоды абаронцам. Адно ядро трапіла ў зараджаную гармату і яна ўзарвалася. Загарэліся дамы і чорны дым слупамі падымаўся над горадам. Смаляне, напужаныя сілай абстрэлу, узмаліліся са сцен да Васіля, каб ён «меч свой суняў і загадаў спыніць бой»[61]. Пахіснуліся смаляне - пакінула іх мужнасць. А яшчэ нядаўна кляліся яны змагацца з ворагам да апошняга. Недарэмна цэлы месяц вёў перамовы з імі князь Міхайла, абяцаючы вольнасці ад Васіля. Салодкія абяцанні размякчылі некалі мужныя сэрцы смалян.

Глінскі пераконваў іх: «Мы не адступім у гэтым годзе і не прапусцім да вас ніякай дапамогі, а калі вы жадаеце дабра, дык здайце замак. Усю маёмасць вы возьмеце з сабою і адпусцім вас без перашкод. А калі вы не жадаеце так зрабіць, дык заставайцеся ў замку служыць, пакуль вам будзе даспадобы, а вялікі князь маскоўскі будзе вам лепшы, чым польскі кароль»[62].

Здаць горад настойваў смаленскі ўладыка Варсанофій, і большасць смаленскага баярства, а таксама найміты - чэхі, якіх, паводле Гэрбэрштайна, падкупіў Глінскі[63]. Салагубу і тым воям, якія гатовы былі яшчэ змагацца, давялося падначаліцца волі большасці абаронцаў.

Сам уладыка Варсанофій выехаў да Васіля і прасіў даць часу да наступнага дня. Васіль адмовіўся... і зноў ударылі гарматы. Тады смаляне выйшлі з абразамі за браму і білі чалом Васілю: «Гасудар, князь вялікі, нямала, крыві хрысціянскай лілі, а зямля пустая, твая вотчына: не пагубі горад, прымі горад наш з ціхасцю»[64]. Васіль суняў свой гнеў, пацвердзіў Смаленску ўсе былыя прывілеі, якія надавалі гораду вялікія князі літоўскія і паабяцаў смалянам жыццё «па старыне». Васіль не таргаваўся, быў міласцівым і шчодрым.

І Смаленск адчыніў сваю браму перад маскавітамі. Пасланы ў горад князь Дзмітрый Шчэня перапісаў усіх жыхароў і прывёў іх да клятвы на вернасць новаму ўладару. 1 жніўня Васіль урачыста ўехаў у Смаленск. Смаляне, абрадаваныя, што горад пазбегнуў рабавання, выйшлі сустракаць вялікага князя. За абедам Васіль прапанаваў Юрыю Салагубу паступіць да яго на службу. Нягледзячы на тое што Салагуб адмовіўся ад гэтай прапановы, Васіль адпусціў яго на волю.

Настала чарга і Глінскаму патрабаваць узнагароды. «Вялікі князь маскоўскі, я сёння дару табе Смаленск, які ты даўно жадаў, што ж ты падаруеш мне?». Васіль здзекліва адказаў: «Паколькі ты мне падараваў гэта, дык я дару табе Княства Літоўскае»[65]. А калі смаленскім намеснікам Васіль назначыў князя Васіля Шуйскага, Глінскі ўжо не цешыў сябе надзеяй. Васіль выкарыстаў яго ў сваіх мэтах, але да ўлады не дапусціць і быць яму да скону жыцця асобаю дробнаю. І з гэтым Глінскі не хацеў змірыцца.

 

Рахунак

Страта Смаленска сапсавала настрой Жыгімонту. Расчараванне і разгубленасць адчуваюцца ў ягоным лісце да брата Ўладзіслава. Ён скардзіцца на «нягодніцкую» здраду наймітаў і смаленскай знаці, што перайшлі на бок ворага, наракае на імператара Максіміліяна, які падбіваў папу дзейнічаць супраць яго і вось намовіў маскавітаў напасці на Літву. Стойкасць пакінула Жыгімонта - на сілу свайго войска ён мала спадзяецца. Вялікі князь просіць брата пераканаць Максіміліяна пакінуць «злосць» супраць Польшчы. І вось зусім нечакана ў Менск, дзе знаходзіўся Жыгімонт, слуга Глінскага прывёз ліст. Глінскі прасіў, каб Жыгімонт адпусціў ранейшую віну, таму што ён «да Літвы ад маскоўскага вярнуўся»[66]. Яшчэ Глінскі раіў Жыгімонту накіраваць войска пад Воршу, абяцаючы дапамогу ў баях з маскавітамі. І гэты шанс трэба было выкарыстаць. Ажыўшы духам, Жыгімонт паспяшыў у Барысаў да войска, каб выправіць яго ў паход. А да Глінскага вястун павёз грамату. Вялікі князь дараваў мяцежнаму князю. Толькі Глінскі ведаў кошт Жыгімонтава слова. Не давяраў яму. Што ж, калі апёкся на кіпені, дзьмухаеш на малако. Князь зноў шле да Жыгімонта вестуна і просіць паручыцца за вялікага князя двум ягоным прыдворным рыцарам: Георгу Пісбеку ды Іаану фон Рэхенбергу. Аднак вястун наткнуўся на маскоўскую варту. Князь Дзмітрый Булгакаў, у чые рукі трапілі «граматы пасыльныя», падняў атрад маскавітаў для звязення Глінскага. Відаць, Міхайла даведаўся аб палоне свайго вестуна, бо ў тую ж ноч з паплечнікамі ўпотайкі пакінуў лагер і адправіўся да Воршы. Непадалёк ад горада маскавіты дагналі князя. Ён з ахоўнікамі ехаў за вярсту ад свайго войска. Без асаблівых цяжкасцей людзі Булгакава расправіліся з княжацкімі ахоўнікамі, а самога князя захапілі ў палон. Пад пільнай вартай Глінскага прывезлі ў Дарагабуж. Раззлаваны Васіль прыгразіў свайму няўдзячнаму падданаму: «Злахітры, я ўчыню табе належнае пакаранне, па заслугах». Цяпер заставалася з годнасцю прызнаць сваю паразу. Не радаваць Васіля просьбамі аб літасці. «Не прызнаю абвінавачвання ў злахітрасці, бо калі б ты застаўся верны сваім абяцанням, дык я быў бы сама верны з усіх слуг. Але раз ты не выконваеш абяцанні і, акрамя таго, насміхаешся з мяне, дык мне вельмі шкада, што я не мог выканаць таго, што задумаў супраць цябе. Смерцю я заўжды пагарджаў і без жаху сустрэну яе, хаця б з тае прычыны, каб не бачыць твайго твару, тыран. ДУША МАЯ НЕ Ў ТВАЁЙ УЛАДЗЕ»[67]. Усё той жа князь Міхайла - ганарлівы і рэзкі. Васіль запомніць ягонае «тыран».

Пад вартай Глінскага адправілі ў Маскву. У Вязьме перад гараджанамі Міхайлу закавалі ў кайданы. «Міхайла, як ты ведаеш, гасудар міласціва адносіўся да цябе, пакуль ты верна служыў. А калі ты захацеў узвысіцца здрадаю, дык ён па тваіх заслугах жалуе табе гэты дар». У адказ Глінскі звярнуўся да людзей: «Каб вы не былі падмануты з-за чаго мяне звязенілі, распавяду, што я зрабіў і за што схоплены, каб хоць на маім прыкладзе вы зразумелі, якога маеце гасудара і чаго кожны з вас павінен або можа ад яго чакаць». І Міхайла распавёў гісторыю сваёй службы Васілю. А калі, - працягваў Міхайла, - ён падмануўся ў сваіх чаканнях ад гасудара і хацеў зноў вярнуцца ў айчыну, дык быў схоплены. Паколькі гэтая ганьба ўчынена яму не па заслугах, дык ён асабліва не пазбягае смерці, ведае, што па агульнаму закону прыроды ўсім аднолькава належыць памерці[68]. Гэтыя словы мовіў Глінскі хутчэй за ўсё не дзеля таго, каб расчуліць слухачоў, а ў суцяшэнне самому сабе. Што ж, калі наканавана яму смерць, ён прымае яе - свайго лёсу ніхто яшчэ не пазбегнуў.

Трынаццаць гадоў прасядзеў у вязніцы мяцежны князь.

Здавалася, што і закончыць ён сваё жыццё ў цямніцы. Спачатку Васіль хацеў пакараць Глінскага, але Міхайла прасіў мітрапаліта Варлаама, «каб яму зноў быць у грэчаскім законе»[69]. Мітрапаліт добра разумеў прапагандысцкі характар пераходу з каталіцтва ў праваслаўе вядомага ў Эўропе чалавека. Яшчэ адзін доказ святасці праваслаўя. Варлаам заступіўся за Міхайлу перад Васілём, і той саступіў мітрапаліту. А Глінскі, які спадзяваўся на заступніцтва імператара Максіміліяна і саксонскага герцага Георга, цягнуў час.

Мітрапаліт цярпліва чакаў, калі Глінскі «не неволею» прыступіць да веры праваслаўнай.

Імператар Максіміліян і сапраўды прасіў Васіля вызваліць князя Міхайлу. У 1517 годзе імператарскі пасол Сігізмунд Гэрбэрштайн перадаў гэтую просьбу Васілю.

«Паколькі мы (Максіміліян. - В.Ч.) выхоўвалі герцага Міхайлу Глінскага з юнацтва пры нашым двары і ён паказаў сябе сумленным і дбайным на нашай службе... мы вельмі прыхільны да яго; хаця ён, можа быць, і здзейсніў што-небудзь супраць Яго Любезнасці, нам усё ж здаецца, што ён ужо даволі адбыў віну сваёй няволяй»[70]. Аднак Васіль не праявіў міласэрнасці да Глінскага нават дзеля паслугі імператару і заявіў Гэрбэрштайну, што князь прыняў рускую веру і нельга яго выдаваць у чужую веру.

Прайшло пяць гадоў і Васіль нарэшце зміласціўся над Глінскім. Гэта не значыла, што Міхайла пакінуў вязніцу. Васіль дараваў яму жыццё. Але па-ранейшаму кайданы на руках і нагах, падзямельная цемра і няволя. У 1525 годзе Гэрбэрштайн зноў наведаў Маскву на чале імператарскага пасольства. І на гэты раз Васіль адмовіўся вызваліць князя. Ну, калі да просьбаў Максіміліяна вялікі князь быў глухі, дык чыю ж ён мог пачуць?

Не прадбачыў Васіль, што рыхтуе яму лёс - князь Міхайла Глінскі стане ягоным сваяком. Хоць у дзяржаўных справах вялікаму князю і спадарожнічала ўдача, але вось у сямейным жыцці ён не меў шчасця.

Жонка Саламонія Сабурава так і не парадавала яго нашчадкамі. Ні наведванні манастыроў, ні вялікія ахвяраванні з просьбамі «о чадородии» не дапамагалі. Саламонія заставалася «бездетства». А гады міналі. Аднойчы Васіль, убачыўшы на дрэве птушынае гняздо, расплакаўся: «Птушкі шчаслівейшыя за мяне, у іх ёсць дзеці». Баяры параілі вялікаму князю: «Гасудар, няплодную смакоўніцу ссякаюць: на яе месцы садзяць новую»[71]. І тады Васіль вырашыў развесціся з жонкай і ажаніцца другі раз. Стаў ён прыглядацца да баяравых дачок... і закахаўся ў дачку Васіля Глінскага, прыгажуню Алену. Нават, як «басурман», пагаліў бараду, каб спадабацца ёй. І не толькі дзеля прыгажосці выбраў ён Алену Глінскую.

Род Глінскіх не худародны. Праз шлюб з Аленай Васіль меў бы дынастычныя правы на спадчыну ханаў Залатой Арды - Казань. Па маці Алена паходзіла з роду сербскага ваяводы Стэфана Якшыча (дачка Стэфана - Ганна - была жонкай Васіля Глінскага) і Васіль ІІІ мог усталяваць сувязі з Сербіяй. Сястра была ў шлюбе з малдаўскім гаспадаром Пятром Рарэшам, што ўмацоўвала саюз Масквы з Малдавіяй.

Як бачым, і немалую палітычную выгоду прынёс бы Васілю шлюб з Аленай Глінскай. Васіль сілай пастрыг сваю жонку ў манахіні. Саламонія растаптала манашаскую расу, але лёс яе быў ужо вырашаны. Васілёў прыбліжаны Іван Шыгона перацягнуў былую княгіню бічом і мовіў, што яе пострыг - гэта гасударава воля. І княгіня скарылася. Каб людзі не плявузгалі языкамі, Васіль абвясціў, што ягоная жонка, сама, «видя неплодство», прыняла пострыг. Саламонію саслалі ў манастыр у далёкае Каргаполе. Не забыўся Васіль і пра Глінскага. З яго знялі кайданы і выпусцілі з вязніцы, але для «надзейнасці» трымалі пад вартаю.

21 студзеня 1526 года Васіль павёў пад вянец Алену Глінскую. Новая вялікая княгіня прасіла ў мужа даць поўную волю свайму дзядзьку. Аднак Васіль не спяшаўся і толькі 28 лютага 1527 года Міхайла быў выпушчаны і то пад зарукі. Віднейшыя князі і баяры паручыліся за Глінскага і абавязаліся выплаціць пяць тысяч рублёў, калі Міхайла ўцячэ з Масковіі. А каб яшчэ больш надзейна прылучыць Глінскага да Масквы, на яго накінулі яшчэ і «Гіменеевы ланцугі». Васіль ажаніў яго з дачкой князя Івана Абаленскага. Ды і навошта было Глінскаму ўцякаць - цяпер ён як-ніяк сваяк гасудара і спадзяваўся на ягоную міласць. Лёс зноў даваў Міхайлу магчымасць узвысіцца. Хаця Глінскі і атрымаў «казну и отчину» гарадок Старадуб-Рапалаўскі - на гэтым і скончыліся міласці сваяка. Васіль не дапускаў Міхайлу да дзяржаўных пасад. І толькі вясной 1530 года вялікі князь назначыў Глінскага ваяводам над конніцай у паходзе маскавітаў на Казань. Паход гэты закончыўся няўдала. Казанскі хан Сафа-Гірэй уцёк з Казані, а за ім у роспачы пачалі пакідаць горад і казанцы. Гарадская брама на працягу трох гадзін заставалася адчыненай. Бяры Казань голымі рукамі. Замест гэтага Міхайла Глінскі і другі ваявода князь Іван Бельскі заспрачаліся, каму першаму ўехаць у горад. Гонар настолькі засціў вочы ваяводам, што яны забыліся нават аб ахове свайго лагера. Казанцы ўзрадаваліся такой незразумелай для іх нерашучасці маскавітаў, напалі на абоз і адбілі 70 пішчалей. У баі загінулі князі Хведар Лапата Абаленскі ды Іван Дарагабужскі. А калі Глінскі і Бельскі спахапіліся, было ўжо позна - Казань зачыніла браму. Дваццаць дзён прастаяла войска пад горадам, так і не здабыла яго. Разгневаны Васіль кінуў Івана Бельскага і іншых ваявод у вязніцу. А Міхайлу, хаця і не крануў, але ўжо не давяраў яму войска, ды ад дзяржаўных спраў трымаў далей.

Тры гады Міхайла Глінскі пражыў у сваёй вотчыне. Засталіся ў мінулым палітычныя інтрыгі ды вайсковыя паходы. Немалады ўжо князь нарэшце знайшоў шчасце ў сямейным жыцці. Жонка нарадзіла яму сына, якога ён назваў Васілём, ці то ў гонар брата, ці то - вялікага князя. Нішто не абяцала Глінскаму змены ў ягоным жыцці. І вось, у сярэдзіне кастрычніка 1533 года, да князя прыскакаў вястун ад Васіля. Вялікі князь тэрмінова клікаў яго да сябе.

У верасні разам з Аленай Глінскай і сынамі Іванам і Юрыем ездзіў вялікі князь памаліцца ў Троіцкі манастыр, а пасля адправіўся «на свою потеху» - ловы. Па дарозе выступіла ў яго на сцягне «малая балячка». Не зважаючы ўвагі на «балячку», Васіль пагуляў на балі, што закаціў у Валакаламску яго ўлюбёнец Шыгона. Наступным днём яму стала дрэнна. І ўсё ж выехаў на паляванне. Праехаўшы дзве вярсты, вымушаны быў спыніцца з-за болю ў назе. Толькі зараз Васіль задумаўся пра смерць. Паклікаўшы Міхайлу Глінскага, рашыў перадаць таму апякунства над сваімі сынамі. Хто іншы так парупіцца пра іх, як не славуты дзядзька. Аднак, пакуль яшчэ цеплілася надзея ачуняць, Васіль не выказаў сваю апошнюю волю. Увесь гэты час Глінскі быў каля хворага. Нібыта забыўся на даўнія крыўды. Але стан здароўя Васіля з кожным днём пагаршаўся. Патаемна, каб не выклікаць чутак, гасудара прывезлі ў Маскву. За тры дні да смерці Васіль сабраў баяраў і абвясціў сваю волю. Спадкаемцам велікакняжацкага пасада павінен стаць трохгадовы Іван. «Пастойце, браты, моцна, каб сын учыніўся на дзяржаве гаспадаром, каб была ў зямлі праўда, і ў вас розні ніякай не было; загадваю вам Міхайлу Львовіча Глінскага, чалавека, які прыехаў да нас, але вы не кажыце, што ён чужы. Трымайце яго за тутэйшага ўраджэнца, таму што ён мне верны слуга; будзьце ўсе заадно, справу земскую і сына майго справу захоўвайце і рабіце разам; а ты б, князь Міхайла Глінскі, за сына майго Івана, і за жонку маю, і за сына майго князя Юрыя кроў сваю праліў бы і цела сваё на пакуты аддаў бы»[72]. У ноч на 4 снежня вялікі князь памёр.

Мара Глінскага здзейснілася - нарэшце ён апынуўся на вяршыні ўлады. Ягонымі словам і справай будзе кіравацца Масковія. Толькі ні Васілёвы браты Юрый ды Андрэй, ні баяры, ні сама Алена не збіраліся дзяліць уладу з апекуном новага вялікага князя Івана. Не мінула і тыдня пасля пахавання Васіля, як Юрыя западозрылі ў жаданні захапіць велікакняжацкі пасад і кінулі ў вязніцу, дзе і замарылі голадам. Рабілася ўсё гэта баярскай думай ад імя Алены, якая яшчэ не ачуняла ад гора. «Вы бачыце маё гора, рабіце што трэба для карысці дзяржавы», - казала Алена[73]. А пасля схапілі і задушылі Андрэя. Цяжка вызначыць ролю Міхайлы Глінскага ў смерці Васілёвых братоў. Летапісы маўчаць пра гэта. Але зразумела, што Глінскі, як і астатнія баяры, быў зацікаўлены, каб на пасадзе сядзеў малалетні Іван. Не мог уявіць князь Міхайла, што наступнай ахвярай стане ён сам.

Неўзабаве ў баярскай думе ўзвысіўся Іван Аўчына-Абаленскі. Брат Іванавай нянькі Аграфены спадабаўся маладой удаве. Пра іх сувязь загаварылі пры двары. Алену гэта асабліва не хвалявала - яна была шчаслівая ад кахання. Глінскі неаднойчы дакараў пляменніцу за яе распусту: «каб не ганьбіла царскае ложа»[74]. Аўчына марыў адхіліць Глінскага ад улады і, дзякуючы ўплыву на Алену, самому ўладарыць у Масковіі. Хутка надарылася і падстава. У Літву ўцёк князь Сымон Бельскі, які баяўся расправы над сабой, а разам з ім і акольнічы Іван Ляцкі. Гэты выпадак Аўчына падаў Алене як змову супраць яе і назваў галоўным змоўшчыкам... Міхайлу Глінскага. Трэба было выбіраць - ці дзядзька, ці каханак. І сардэчная прыхільнасць перамагла разважлівасць. Алена саступіла Аўчыне. Пляменніца абгаварыла дзядзьку перад баярамі, нібыта ён пляце інтрыгі, «каб адаслаць маладых гасудараў у Польшчу, зрабіцца вялікім князем і падначаліць сабе ўсю Маскоўскую дзяржаву»[75]. Падкупленыя вялікай княгіняй сведкі прысягнулі, што гэтыя абвінавачванні справядлівыя. Зноў Міхайлу Глінскага кінулі ў вязніцу, а разам з ім і яго бліжэйшага паплечніка Міхайлу Варанцова. Князь апынуўся ў тым жа самым склепе, дзе прасядзеў доўгія гады.

15 верасня 1534 года замораны голадам князь Міхайла памёр.

Што ж, за хвіліны свайго трыумфу Глінскі плаціў па найвышэйшаму рахунку - сваёй нядоляй. І трагедыя ягоная ў тым, што нарадзіўся ён таленавітым і самалюбівым, дзейсным і смелым. І застаўся самім сабой да апошняга ўздыху.

 

Канстанцін Астрожскі. Непараўнальны ні з адным з сучасных правадыроў

 

Чалавек годны

Ягоныя перамогі на ратным полі ўражвалі сучаснікаў. Ягоныя подзвігі апеты ў беларускіх народных песнях. Вялікі гетман Канстанцін Астрожскі «быў непараўнальны ні з адным з сучасных правадыроў»[1].

Ёсць некалькі меркаванняў аб паходжанні роду князёў Астрожскіх. Найбольш праўдападобнае сцвярджэнне Мацея Стрыйкоўскага, які выводзіў Астрожскіх з роду князёў Друцкіх[2]. І калі гэта так, дык Канстанцін Астрожскі - далёкі нашчадак славутага полацкага князя Ўсяслава Брачыславіча. Але ў ХІХ стагоддзі ўкраінскі гісторык Максімовіч паводле памінальніка Астрожскіх, дзе яны запісаны як «Благоверніи князи Туровскіи», палічыў іх нашчадкамі Тураўскіх князёў[3]. Калі ўлічыць, што Астрожскія былі велікакняжацкімі намеснікамі ў Тураве і таксама валодалі гэтым горадам, дык зразумела з'яўленне ў Астрожскіх тытулу «князи Туровскіи».

Не паглыбляючыся ў геніялагічныя росшукі продкаў Астрожскіх, адзначым некаторых з іх, якія пакінулі след у гісторыі Літвы. Гэта - князь Даніла, адзін з кіраўнікоў галіцкага войска ў вайне з палякамі ў 1340 годзе, які першым з роду стаў валодаць Астрогам.

Ягоны сын Хведар атрымаў ад Ягайлы прывілей на Астрог, быў прыхільнікам князя Свідрыгайлы і разам з пінскім князем Аляксандрам Носам у 1418 годзе вызваліў яго з Крамянецкага замка. Сын Хведара Васіль Красны актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Вялікага Княства. Сын Васіля Іван жанаты з княгіняй Анастасяй Глінскай і быў бацькам Канстанціна.

Ад шлюбу з Глінскай у Івана Васілевіча нарадзіліся сыны Міхайла і Канстанцін. Дата нараджэння апошняга дакладна не вызначана, прыблізна 1460-1463 год. У раннім дзяцінстве Канстанцін застаўся без бацькоў, якія памерлі дзесьці пасля 1466 года. Разам з братам ён жыў у Астрозе, а ў 1481 годзе пераехаў у Вільню, дзе пазнаёміўся з троцкім ваяводам Мартынам Гаштольдам і, верагодна, вучыўся ў школцы пры ягоным двары. Праз два гады Канстанцін вярнуўся ў Астрог, дзе дапамагаў брату ў гаспадарчых справах. Але няўрымслівая натура малодшага Астрожскага не магла прызвычаіцца да спакойнага жыцця. Ён прагнуў пабачыць свет, паслужыць Бацькаўшчыне.

Канстанцін, а следам і Міхайла пакінулі Астрог і падаліся да двара вялікага князя. Мы не знойдзем у крыніцах паведамленняў пра дзейнасць Канстанціна Астрожскага ў час ягонай службы гаспадарскім дваранінам, але ясна, што ён абзавёўся знаёмствам з дзяржаўнымі вяльможамі. Адзін з іх - гетман Пётр Янавіч Белы - раней быў маршалкам Валынскай зямлі і добра ведаў сям'ю Астрожскіх. А пасябравалі яны, калі ездзілі пасламі ў 1494 годзе да маскоўскага гасудара Івана Васілевіча з просьбай адпусціць у Літву дачку Алену, да якой сватаўся вялікі князь Аляксандар.

Служба Астрожскага не задавальняла, і ён вяртаецца на Валынь. Сюды зноў панадзіліся татары. У 1495 годзе яны прайшліся з агнём і мячом па Галіцыі і Валыні, але былі разбіты атрадам князя Сымона Юр'евіча Гальшанскага. Гэтая параза не астудзіла ваяўнічы нораў татараў, і ў наступным годзе яны зноў напалі на Валынь. У Ровенскім замку зачыніліся воіны на чале з Сымонам Гальшанскім, Васілём Храптовічам і Канстанцінам Астрожскім. На вайсковай радзе водцы вырашылі: «Сътворим что мужско»[4]. Але вылазка ліцьвінаў не ўдалася. Толькі пасля багатага выкупу татары знялі аблогу.

Пад Роўнам і пачалася баявая біяграфія князя Канстанціна Астрожскага. Яшчэ не астылі папялішчы спаленых сёлаў і гарадоў, як татары зноў заявіліся на Валынь. 2 сакавіка 1497 года татарскі загон, у якім былі і туркі, разрабаваў ваколіцы Крамянца. Брат Астрожскага, Міхайла, атрымаўшы вестку пра варожы набег, падняў сваіх людзей і кінуўся ў пагоню за ворагам. Абцяжараныя здабычай і палонам, татары далёка не адышлі. Харугва Астрожскага раптоўна напала на іх.

Летам 1497 года Канстанцін Астрожскі з братам Міхайлам разбілі татарскі загон на рацэ Сароце, паклаўшы на полі сечы 340 варожых ваяроў. Сярод забітых быў і царэвіч Акмала.

А ў ліпені Астрожскі ўдзельнічаў у малдаўскім паходзе Аляксандра і Яна Альбрэхта. Калі меркаваць па данясенні Менглі-Гірэя маскоўскаму ўладару, што Астрожскі вяртаўся з Валахіі з многімі палоннымі, дык можна дапусціць: князь са сваім атрадам хадзіў на Валахію. Па дарозе дадому, каля Ачакава, Астрожскага чакаў з тысячным загонам сын крымскага хана Махмат-Гірэй. Тры дні татары праследавалі атрад ліцьвінаў, але згубіўшы ў баях тры сотні ваяроў, адступілі. Сам Махмат-Гірэй паранены ледзь не трапіў у палон[5]. Слава пра перамогі князя дасягнула і Вільні.

А таму не здзіўляе парада Аляксандру смяротна хворага гетмана Пятра Белага: «Ёсць тут князь адзін, які паходзіць з князёў Друцкіх, жыве ён на Валыні, іменем Канстанцін Іванавіч, даручы гетманства яму, дапамажы маёнткамі, бо ён чалавек годны»[6]. Не будзем дакараць Пятра Белага, што забыўся ён пра многіх слаўных ваяроў Княства, вартых гетманства, а назваў імя свайго ўлюбёнца; прадчуванне не падвяло старога гетмана, пераемніка сабе ён выбраў выдатнага. Аляксандар не стаў спрачацца: Астрожскі паказаў свой вайсковы спрыт, дый і тое, што будучы гетман праваслаўны, магло падкупіць сэрцы праваслаўных падданых. І так, прыкладна летам 1497 года Канстанцін Астрожскі атрымаў з рук вялікага князя гетманскую булаву. Не забыўся Аляксандар «дапамагчы маёнткамі» і, «бачачы верныя заслугі высакароднага Канстанціна князя Астрожскага»[7], шчодра ўзнагародзіў яго зямельнымі наданнямі, а таксама мястэчкамі Дубна і Здзяцель (сучаснае Дзятлава).

Не выпадае казаць пра дзейнасць Канстанціна Астрожскага ў першыя гады гетманства. У той час, калі кожная кардынальная мера ў кіраванні дзяржавай або ў вайсковых справах залежала ад «ухвалы» вальных соймаў, гетман не мог, каб і хацеў, змяніць падрыхтоўку «абароны земскай». Таму рэфарматарам Астрожскі не стаў. І пры ім лад вайсковай службы заставаўся ранейшым. Шляхта па велікакняжацкаму загаду збіралася на вайну і выстаўляла са сваіх земляў вызначаную ім колькасць вершнікаў. Пытаннямі камплектавання войска, выдачы «заслужанага», мабілізацыі, рамонту ўмацаванняў, забеспячэнню баявымі і харчовымі прыпасамі загадваў вялікі князь і паны-рада. Гетман уступаў у свае абавязкі непасрэдна пры зборы войска. У зборным месцы ён аглядаў войска і перапісваў яго. Падчас вайсковых дзеяў усе ў войску без рознасці іх звання падначальваліся гетману.

А ў мірны час гетман быў быццам бы і без справы. Але мірныя гады рэдка выпадалі Вялікаму Княству Літоўскаму. Вось і цяпер маскоўскі ўладар рыхтаваўся да вайны. Абвінаваціўшы ў 1500 годзе Аляксандра ў невыкананні пагадненняў, Іван разарваў мір.

Маскоўскае войска пад зверхнасцю казанскага царэвіча Махмат-Аміня перайшло межы Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Адна частка войск рухалася на Чарнігаў і Старадуб, другая - на Дарагабуж і Смаленск, трэцяя - на Таропец. Асабліва адчувальнай была страта Бранска, жыхары якога перайшлі на бок маскавітаў.

Аляксандар выслаў 3-тысячны аддзел шляхты пад началам Канстанціна Астрожскага на ахову дзяржаўных межаў. Сам жа прыехаў у Менск, каб сабраць войска і дачакацца прыходу наёмных польскіх і мараўскіх атрадаў. Астрожскі, даведаўшыся, што маскоўскі ваявода Юрый Захар'ін з нязначнымі сіламі стаіць каля Дарагабужа на рацэ Вядрошы, пайшоў на яго. Да Астрожскага далучыліся смаляне са Станіславам Кішкам.

Па дарозе на Дарагабуж у палон да ліцьвінаў трапіў былы дзяк Багдана Сапегі Герман, які і паведаміў, што на дапамогу Якаву Захар'іну прыйшлі з палкамі ваявода Даніла Шчэня і князь Іван Перамышленскі. «...Цяпер жа ведайце і добра падумайце, не хадзіце да іх, але адступіце назад, таму што вам нельга біцца з імі, паколькі іх шмат, а вас супраць іх вельмі мала»[8], - папярэдзіў Герман. Астрожскі ды Кішка вырашылі, што маскавіты зводзяць іх у зман і наўмысна падаслалі дзяка. Аддзел рушыў далей. 14 ліпеня каля вёскі Вядрош віжы паведамілі Астрожскаму, што ў дзесяці попрышчах (пераходах) стаіць маскоўская раць. На вайсковай радзе гетман і яго важары (водцы) пастанавілі: «Мала ці шмат будзе маскавітаў, але, спадзеючыся на божую дапамогу, біцца з імі, а без боя не вяртацца»[9].

Рашэнне вартае сапраўдных ваяроў. Але вось забыўся Астрожскі пра простую прымаўку: «На Бога спадзявайся, а сам не зявай». Не правёў ён пільнага віжавання за ворагам, спадзяваўся на нечаканы напад. Па густым лесе, вязнучы ў твані і слаце, прайшлі патаемна ліцьвіны апошнія дзве мілі да поля сечы. Перадавыя атрады маскавітаў стаялі на заходнім беразе Вядрошы. І пачаўся бой. Здавалася фартуна ў гэты дзень спрыяе ліцьвінам. Пад іх ударам маскавіты адступілі за раку. Ашуканыя лёгкім поспехам ліцьвіны на чале з гетманам пераправіліся на другі бераг рэчкі... і трапілі ў пастку. Тут знаходзіліся асноўныя сілы маскоўскага войска на чале з Дзмітрыем Шчэняй. Шэсць гадзін аддзел смельчакоў біўся з 40-тысячным маскоўскім войскам. У гэты час атрад маскавітаў абышоў ліцьвінаў і захапіў мост цераз рэчку. Шлях да адступлення быў адрэзаны. Маскавіты ўдарылі ў спіну. Пад іх зброяй амаль усе, хто ў гэты дзень уступіў у бой за Княства, паклалі свае галовы. Астрожскі трапіў у палон і разам з ім і іншыя знатныя вяльможы: дворны маршалак Рыгор Осцікавіч, маршалак Літавор Храптовіч, Мікалай Глябовіч, Мікалай Зенуевіч, Хведар Няміра, Багдан Масковіч, князі Друцкія ды Масальскія. Але і вораг добра заплаціў за перамогу. Адразу пасля бітвы ваяводы прасілі ў Івана ІІІ прыслаць папаўненне. Нечаканы паход на Смаленск быў сарваны.

Палонных закавалі ў ланцугі. На Астрожскага навесілі кайданы, прычым затворы на руках залілі волавам. У такім становішчы гетман прасядзеў у вязніцы год. Іван ІІІ прымушаў ліцьвінскага князя прыняць прысягу вернасці і перайсці да яго на службу. Другі на ягоным месцы згадзіўся і атрымаў бы волю. Але для Астрожскага служыць ворагу - зганьбіць сваё імя на векі вечныя. Аляксандар праз пасольства дамагаўся вызвалення палоннага, але Іван адмаўляў яму.

Неўзабаве Астрожскага перавялі ў Волагду. Андрэй Курбскі і Сігізмунд Гэрбэрштайн сведчаць, што па-ранейшаму князь у кайданах пакутаваў у вязніцы. Іван прагнуў зламаць волю ліцьвінскага патрыёта.

Спадзяваўся Іван, калі змаладушнічае Астрожскі, дык і другія палонныя паддадуцца слабасці. Для Астрожскага перамога ў гэтай барацьбе - гонар ягонага імя, а кошт - жыццё. І ўсё ж на шосты год палону (сярэдзіна 1506 г.) Астрожскі, здавалася, не вытрымаў. Праз валагодскіх святароў князь даў згоду новаму вялікаму князю Васілю перайсці да яго на службу. На радасцях той узнагародзіў свайго вязня санам баярына і землямі. Ды патрабаваў ад Астрожскага клятвы ў вернасці і праўдзе. «Калі ж супраць таго ўсяго ў нечым адступлюся... пакараць мяне вольны смерцю залежна ад маёй віны... і не будзе мне літасці Божай ні ў гэты век, ні ў будучы»[10]. Аднак Канстанцін не збіраўся прыслужваць ворагу Літвы, яму патрэбна была воля, каб уцячы на Радзіму, і ён дамогся яе. Калі нават і хітрасцю.

Толькі і на волі за Астрожскім пільна цікавалі. Не так проста было і ўцячы. Амаль год князь чакаў зручнага моманту. Васіль даручыў яму кіраваць палкамі на паўднёвай мяжы. Гэтае назначэнне давала больш волі, можна было перахітрыць цікуноў. Дзесьці ў жніўні 1507 года Канстанцін Астрожскі выехаў з верным слугой з Масквы нібыта для агляду палкоў. Аднак шлях яго ляжаў да ліцьвінскай мяжы. Праз лясы, аб'язджаючы заставы, князь прабіраўся да Радзімы. У Маскве хутка аглядзеліся і выслалі пагоню. Праследавацелі ледзьве не злавілі Астрожскага, калі пераапрануты ў селяніна ў нейкай вёсцы ён зайшоў памаліцца ў царкву. Якраз была нядзеля і Астрожскі, як чалавек набожны, не прамінуў храма, а ягоны слуга працягваў шлях. Яго і прынялі тропцы за князя і схапілі. Пачуўшы з вуліцы галасы, князь выйшаў на паперць і, даведаўшыся ад сялян, што злавілі «князя Астрожскага», хутка схаваўся ў лесе. Таемнымі шляхамі, хаваючыся ад пагоні, Астрожсккі дабраўся да Літвы.

 

Даніна славы

Сустрэўся Астрожскі з Жыгімонтам у Горадні. Ведаў вялікі князь - Астрожскі па кудзелі* сваяк Міхайлу Глінскаму, а таму ласкава прыняў яго і вярнуў яму гетманства. На міласць не сквапіўся. Астрожскі атрымаў маёнтак Чуднава і Жыдзічынскі манастыр. А каб яшчэ больш задобрыць гетмана і каб раптам той не перакінуўся на бок сваяка, запрасіў яго з сабою ў Польшчу. Вось і давялося Канстанціну замест паездкі дадому суправаджаць караля. І толькі, пэўна, у студзені 1508 года Астрожскі вярнуўся ў родны Астрог, ды ненадоўга. Глінскі падняў мяцеж і распусціў па Літве свае загоны. На дапамогу мяцежнаму князю рушылі маскоўскія палкі. Пачалася новая вайна з Масковіяй. Жыгімонт тэрмінова вярнуўся ў Літву і ў Наваградку пачаў збіраць войска. Сюды ж выклікаў і Астрожскага, які прывёў харугву.

* Сваяцтва па кудзелі - сваяцтва па матчынай лініі. Маці Астрожскага паходзіла з роду Глінскіх.

Глінскі стаяў пад Менскам. І таму, не губляючы часу, Жыгімонт павёў войска на мяцежніка. Глінскі не стаў лезці ў бой - адступіў пад Барысаў, а пасля - за Дняпро пад ахову маскоўскага войска, якое стаяла пад Воршай. Пад Воршу і прыйшло ліцьвінскае войска.

Дняпро раздзяліў дзве раці, якія дзевяць дзён рыхтаваліся да бою. 22 ліпеня ліцьвіны пераправіліся цераз раку. Маскоўскія ваяводы палічылі за лепшае адступіць да Амсціслава. А Жыгімонт павёў ліцьвінскае войска да Смаленска. На вайсковай нарадзе вялікі князь вырашыў паслаць у глыб Масковіі корпус на чале з Астрожскім і пяць тысяч наймітаў пад зверхнасцю Мікалая Фірлея. Сам Жыгімонт застаўся ў Смаленску. Хаця і прагнуў Астрожскі рэваншу за Вядрош, ды сустрэцца з ворагам не ўдалося. Маскавіты не прымалі бою і адступалі перад ім. Астрожскі заняў спалены і пакінуты непрыяцелем Дарагабуж.

Васіль ІІІ адразу адрэагаваў на няўдачы свайго войска і паслаў прасіць у Жыгімонта міру.

На гэтым і закончылася вайна. 19 верасня паміж Літвой і Масковіяй быў падпісаны мір. Васіль не толькі вярнуў захопленыя падчас вайны ліцьвінскія гарады, але і адпусціў вядрошскіх палонных. Была ў перамозе над маскавітамі заслуга гетмана Канстанціна Астрожскага. Жыгімонт і гэтым разам шчодра аддзячыў яму новымі наданнямі, перадаў «вотчыну» Глінскага - Тураў. Відавочна, вялікі князь меў ласку да Астрожскага і гэта кідалася ў вочы. Князь Канстанцін становіцца ці не сама паважаным сярод прыбліжаных вялікага князя.

Многія мяцежнікі прасілі Астрожскага заступіцца за іх перад вялікім князем, і той абараняў іх. Каля двухсот чалавек пакінулі Глінскага і паступілі на службу да Астрожскага, спадзяючыся на ягоную апеку. Вярнуўся ў Літву вядомы водца казацкіх загонаў Аўстафій Дашковіч, бо Астрожскі выпрасіў у Жыгімонта дараванне ягонай здрады. Нягледзячы на шчодрыя наданні, ён быў зусім не багаты. Татарскія набегі разарылі ягоныя ўладанні. А трэба было яшчэ вяртаць значную пазыку, якую князь узяў пад залог радавога срэбра, каб узброіць сваю харугву. Таму Астрожскі заняўся гаспадарчымі клопатамі, каб хоць неяк аднавіць свае маёнткі і вёскі. Не забыўся і пра Астрог - умацаваў яго і пабудаваў там царкву. Яшчэ адзін клопат турбаваў князя Канстанціна - ужо даўно трэба было падумаць пра жаніцьбу. Выбраў сабе ў жонкі дачку луцкага старосты князя Сымона Гальшанскага, Таццяну. Адгулялі вяселле. Своеасаблівы вясельны падарунак Астрожскаму зрабіў Жыгімонт - даў яму пасаду «пана віленскага».

Але сама прыемным сюрпрызам для Канстанціна з'явілася навіна, што вялікі князь выплаціў крэдыторам яго пазыку і выкупіў радавое срэбра Астрожскіх. Высакародна!

І гэтым разам нядоўга затрымаўся Астрожскі на Валыні. Зноў трэба было збірацца на вайну. Вялікаму Княству пагражалі татары. Нягледзячы на тое, што з крымскім ханам Менглі-Гірэем вяліся перамовы аб міры і ў памяці татараў яшчэ не сцерлася сакрушальная паражка пад Клецкам, усё ж такі яны прагнулі пажывіцца ў Вялікім Княстве. Не задавальняла хана і сума памінак (грашовых выплат) - пяць тысяч залатых, - патрабаваў утрая больш. А каб ліцьвіны не сквапіліся, восенню 1510 года адправіў сваіх сыноў на чале 50-тысячнага войска на Літву. Чакалі татараў на Падоллі, а яны раптам змянілі кірунак і апынуліся каля Кіева, дзе пераправіліся цераз Дняпро. Нідзе не сустракаючы супраціўлення, татарскія загоны дабраліся аж да Вільні. Менглі-Гірэй праз вестуна крывадушна апраўдваўся перад Жыгімонтам, што набег здзейснены без яго ведама, што пасылаў ён сыноў ваяваць Валахію, але тыя падпалі пад угаворы злых людзей і пайшлі на Літву, абяцаў вярнуць увесь палон і нарабаванае. «Як можна верыць татарам, якія дапамагаюць Маскве», - здзіўляўся вялікі князь[11]. А паколькі з Крыма даходзілі весткі, што татары зноў збіраліся ў набег на Літву, было сабрана войска, якое ўзначаліў Канстанцін Астрожскі, Жыгімонт «с порадою панов рады» даў гетману «зупольную моц» - грамату на неабмежаваную ўладу над войскам: ваяры павінны былі слухацца гетмана, як самога гаспадара.

Войска размясцілася ў Петрыкавічах(сучасны Петрыкаў), адсюль зручна было выступаць супраць татараў у любое месца, дзе яны б ні з'явіліся. Лета і восень прастаялі ваяры ў Петрыкавічах. Татары, даведаўшыся, што іх чакае ліцьвінскае войска, не сунуліся далей Кіева. Непадалёк ад горада знаходзілася перадавая застава - слуцкая дружына на чале з шаснаццацігадовым князем Юрыем Сымонавічам. Малады князь аб'яднаўся з кіеўскім ваяводам - наваградскім шляхціцам Андрэем Неміровічам і ноччу, каля ўрочышча Рутна, напаў на татараў. Восем тысяч іх палегла пад зброяй ліцьвінаў. Але і гэтая параза не суцішыла драпежны запал рабаўнікоў. У пачатку 1511 года сорак тысяч татараў, якіх асабіста вёў Менглі-Гірэй, напалі на Падолле і Валынь. Некаторыя загоны дайшлі да Кракава.

Жыгімонт у Кракаве збіраўся ісці да шлюбу з Барбарай, дачкой сяміградскага ваяводы Стэфана Заполі. І вось замест вяселля давялося чыніць адпор непрыяцелю. Паляцелі ганцы на збор войска. Князю Канстанціну Жыгімонт пісаў: «Маючы надзею на Бога з дапамогаю пільнасці і поспеху, адпомсці ворагу за бяду»[12]. Гетман, які ў гэты час жыў у Астрозе, не стаў чакаць, пакуль падыйдзе войска. З невялічкім атрадам рушыў ён на татараў. Да яго далучыліся са сваімі харугвамі князі Міхайла Вішнявецкі, Андрэй Збаражскі, Аляксандар Чартарыйскі. З Літвы падаспелі гарадзенскі староста Юрый Радзівіл і слонімскі староста Ян Радзівіл. Усяго набралася тры тысячы ваяроў. Толькі ў марах можна было спадзявацца на перамогу. Каля 30 тысяч татараў з Менглі-Гірэем стаяла каля Вішняўца. Па дарозе атрад Астрожскага ўшчэнт разбіў буйны татарскі загон. У ноч на 28 красавіка Астрожскі выйшаў да Вішняўца. Сюды з Падолля падаспеў і 3-тысячны польскі аддзел пад зверхнасцю Мікалая Камянецкага. Польскія водцы прыехалі ў стан да Астрожскага і заявілі гетману, што гатовыя «дзеля Айчызны памерці ў смелым звіцязтве»[13]. Ірваліся ў сечу і ліцьвіны.

На вайсковай радзе нечакана заспрачаліся. Астрожскі настойваў, каб ён пачаў бітву з татарамі: «Я іх шыхі бачыў. На тым век свой справаваў. Ведаю іх справы. Мне з Літвой іх уперад ваяваць, а калі палякі ўперад пойдуць, не ведаючы іх шыхаў, дык каб гэты напад злом не стаў і астатняе войска не разгубілася»[14]. Палякі пачалі даводзіць, што многія з іх вучыліся за мяжой і ведаюць як ваююць у Немцах, у Італіі, у Францыі. На што Астрожскі з гумарам адказаў: «Іншая ў Влохах <Італіі>, іншая ў Немцаў у вайне справа. Інакшы непрыяцель, інакшая забава. Інакшая і з татарамі вайна трэба, як з влохамі»[15]. Затое каму ўзначаліць аб'яднанае войска, ніхто не спрачаўся - Астрожскаму.

Раніцай 28 красавіка гетман разшыхаваў войска. У сярэдзіне ён паставіў валынскую і ліцьвінскую шляхту, левы край занялі польскія ваяры. Сам жа Астрожскі з конніцай стаў на правым баку. Перад самай бітвай князь Канстанцін, апрануты ў баявыя даспехі з булавой у руцэ і седзячы на вараным кані, звярнуўся да ваяроў з палымянай прамовай: «О таварышы мае, таварышы мілыя. Ёсць нам патрэба ў гэтай хвіліне. Бачыце самі, што з намі чыніцца. Ах! Як горка і як цяжка - чужая нага на зямлі нашай мілай. Колькі надзей знішчана, колькі лёсаў парушана з таго, што злыя паганы наляцелі. Бачыце, як вядуць яны людзей у палон у паўрозах <вяроўках>. Праз плач не распавесці пра пакуты братоў нашых. На неба далятае іх плач, на нас яны спадзяюцца. Нашы дамы разбураны і коні на іх месцы пасуцца. Хто такую бяду можа зносіць, хто бяду такую сцерпіць, той сэрца ўмыслу нягоднага. Надышоў для нас жалобны час. Бачым перад сабой татарына паганага. Цераз гэта ўзяліся за зброю. Будзем мужна трымаць шаблю ў руцэ сваёй, каб праз нас ніякай бяды не сталася. Пойдзем на ратунак братам сваім»[16].

Калі развіднела, татары кінуліся ў сечу. Іх сустрэў Астрожскі са сваімі ваярамі. Гетман асабіста ўдзельнічаў у бітве і падбадзёрваў ваяроў: «Гэй, у кім мужная сіла, братоў мілых ратуйце! Гэй, не чакайце! Мяне і мой гонар бярыце ў залог! Ведайце, што шчасце дапамагае смелым другам! Мужным слава даніну дае, а палахлівым ганьбу!»[17]. Вестуны, пасланыя гетманам, перадалі палякам загад ударыць па флангу татарскага войска. Адначасова ліцьвінская і валынская шляхта наступала па цэнтры. Атакі палякаў па флангу татары не вытрымалі і адступілі да балоцістых берагоў Гарыні, многія з іх патанулі. Другая палова польскага аддзела ўварвалася ў татарскі кош і вызваліла 16 тысяч палонных. Той, хто мог, узяў у рукі зброю і разам з ваярамі ўдарыў у тыл татарам. І своечасова, бо тыя аправіліся і акружылі аддзел Астрожскага. Раптоўны ўдар у спіну перапужаў татараў. Менглі-Гірэй першым пагнаў свайго каня з поля сечы, а за ханам і астатнія пабеглі ратавацца. Коні іхнія вязнулі ў балотах і танулі разам з вершнікамі. На чацвёртай гадзіне з пачатку бітвы татарскае войска было знішчана. 24 тысячы захопнікаў склалі свае галовы пад Вішняўцом.

Вестку пра перамогу Жыгімонту прынеслі ў Кракаў, якраз у дзень ягоных імянін - 2 траўня. Каралеўскі падарунак каралю.

 

«Слава Воршы ўжо не горша...»

Буйная параза пад Вішняўцом прымусіла Менглі-Гірэя прыслаць паслоў (і як закладніка свайго ўнука Джэлальдзіна) і прасіць міру. Мір паміж Крымскім ханствам і Польшчай і Вялікім Княствам быў заключаны. І адразу крымскія загоны кінуліся на маскоўскія землі. Васіль ІІІ, які пад ціскам Глінскага ўжо рыхтаваўся да вайны з Літвой, заявіў, што набег справакаваны ліцьвінамі. А гэта была добрая падстава разарваць мірную дамову і рушыць сваё войска пад Смаленск.

Тэрмінова ў Кракаў выехалі паслы Альбрэхт Гаштольд і Аляксандар Хадкевіч. Вялікі князь збіраўся паехаць у Літву, каб узначаліць абарону краю, але польскія саноўнікі не адпускалі Жыгімонта. Яны не прамінулі выкарыстаць цяжкі для Літвы час і прапанаваць ліцьвінам «зъедноченье». Зацяты праціўнік «зъедноченья» Альбрэхт Гаштольд адмовіўся ад вуніі, а гэта азначала, што дапамогі з боку Польшчы ліцьвінам не дачакацца. Ды ў Літве і не спадзяваліся на яе. Пакуль Смаленск стрымліваў палкі Васіля ІІІ, Астрожскі з панамі-радай хутка сабраў 30-тысячнае войска і ўжо гатоў быў выступіць на ворага. Не спатрэбілася. Васіль зняў аблогу Смаленска. Праўда, ненадоўга - ужо праз два месяцы маскавіты зноў рушылі пад Смаленск. Горад мужна абараняўся. Міхайла Глінскі на чале 30-тысячнага корпуса здабываў Віцебск і Полацак.

Жыгімонт паспяшаўся ў Літву. У Вільні ён доўга раіўся з панамі-радай аб абароне краіны. Адначасова ў Чарнігаве збіралася войска Вялікага Княства. Яно павінна было нанесці ўдар у тыл маскавітам. Рыхтаваліся да паходу на Масковію і крымскія татары. Астрожскі з невялікім аддзелам шляхты пад Воршай разбіў маскоўскі полк. Дарога на Смаленск была свабоднай. Пасланыя Астрожскім атрады вызвалілі ад аблогі Віцебск і Полацак. Пад Смаленск Глінскі вярнуўся з вялікімі стратамі. І Васіль напужаўся, паспяшаўся ўбрацца з-пад горада. Але ад заваёвы Смаленска не адмовіўся. Увесь канец 1513 года і пачатак 1514 года ў Маскве рыхтаваліся да новага паходу. Васіль дамовіўся з імператарам Максіміліянам аб сумесных дзеях супраць Польшчы і Літвы і іх падзеле.

У выніку перамогі Польшчу і Літву раскрамсалі б на кавалкі. Да саюзу далучыліся Тэўтонскі ордэн і Данія. Галоўная роля адводзілася Масковіі - поспехі Васіля ў вайне з Літвой развязалі б рукі і другім маскоўскім саюзнікам. Пагроза небяспекі навісла над Літвой. Ліцьвінскія паслы Аляксандар Хадкевіч і канонік Стэфан (гаспадарскі сакратар. - В.Ч.) прасілі ў польскіх саноўнікаў дапамогі Літве. Палякі ж зноў нагадалі пра «слушную едность панств». Занадта ж дарагі кошт дапамогі. Паны-рада паабяцалі, што пасля заканчэння вайны «паразумеюць» і пра вунію.

Дапамогі палякі не далі зноў. Удалося толькі наняць у Польшчы чатыры тысячы ваяроў.

Пунктам збору ліцьвінскага войска быў вызначаны Менск. Шляхта марудна збіралася на вайну, а найміты адседжваліся ў Берасці. Толькі пасля пісьмовага загаду вялікага князя яны прыбылі ў Менск. Прыехаў сюды з Вільні і Жыгімонт, які вырашыў асабіста ўзначаліць войска. Час быў страчаны. Застаўшыся без дапамогі, смаляне здалі Васілю горад. Маскоўскія палкі рушылі на Літву, захапілі Амсціслаў, Крычаў, Прапойск. Нарэшце, у пачатку жніўня Жыгімонт выступіў з Менска. Вёў ён 30 тысяч ліцьвінаў і чатыры тысячы польскіх наймітаў[18].

У Барысаве вялікі князь спыніўся, пакінуўшы для аховы сваёй асобы чатыры тысячы ваяроў. Войска ўзначаліў Канстанцін Астрожскі. 27 жніўня за Бярэзінай адбылася першая сутычка з перадавымі маскоўскімі палкамі. Маскавіты адступілі. Не ўдалося ім стрымаць ліцьвінаў і пры пераправе цераз Бобр. Ліцьвінскае войска зніштожыла на сваім шляху варожыя заставы і рушыла на Воршу. У чатырох мілях ад Воршы на рацэ Крапіўне стаяла 80-тысячная раць на чале з ваяводам Іванам Чалядніным. 6 верасня ліцьвіны падыйшлі да Дняпра і пачалі шукаць месца, каб без перашкод пераправіцца цераз раку. Маскоўскія ваяры пільна сачылі за дзеяннямі непрыяцеля. Аднак не заўважылі і пакінулі без аховы адзін брод, праз які гетман і накіраваў на супрацьлеглы бераг конніцу. Пяхота пераправілася на лодках і плытах. Ваявода Чаляднін вырашыў адным ударам пакончыць з ліцьвінскім войскам. У сваёй перамозе ён не сумняваўся. «Пачакаем , пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што без сумнення і без вялікіх намаганняў мы зможам ці разбіць гэтае войска, ці акружыць яго і гнаць аж да Масквы. Нарэшце, адзінае, што нам застаецца, - заняць усю Літву»[19].

У ноч з 7 на 8 верасня ўсё ліцьвінскае войска пераправілася на левы бераг Дняпра і адышло ад рэчкі на дзве мілі. Высветлілася што ў шыхтах засталося толькі дваццаць пяць тысяч ваяроў[20]. Галоўная надзея была на гарматы, пад знішчальны агонь якіх і хацеў гетман завабіць маскавітаў.

Перад бітвай Астрожскі наведаў царкву і шчыра прасіў Бога аб дараванні перамогі. Пакляўся ён пабудаваць у Вільні дзве царквы: «Калі міласцівы і ўсемагутны Бог дасць нам перамогу над... бязбожным ворагам і перадасць у нашы рукі і ягоных людзей, такіх жорсткіх, як і шматлікіх»[21].

Раніца 8 верасня 1514 года застала дзве раці гатовымі да крывавай сечы.

Першымі пачалі маскавіты - ударылі па цэнтры ліцьвінскага войска, дзе знаходзіўся Канстанцін Астрожскі. Ліцьвіны лёгка адбілі першую атаку. Тады маскавіты паспрабавалі прарваць флангі і ўдарыць з тылу. Дапамога, якую паслаў гетман, прымусіла маскавітаў і на гэты раз адступіць. Да поўдня працягваліся дробныя сутычкі паміж двума войскамі. Відавочна Чаляднін хацеў падобнай тактыкай знясіліць ліцьвінаў, а пасля расправіцца з імі. Сілы хапала. Апоўдні маскавіты ўдарылі па ўсяму фронту ліцьвінскага войска. Асноўны ўдар наносіўся па цэнтры. Завязалася жорсткая сеча. Астрожскі на кані быў у гушчы падзей, вёў за сабой ваяроў: «Гэта наша звіцязтва і нас чакае трыумф! Ужо непрыяцель слабее! Браты мілыя, пакажыце звыклую мужнасць у гэты нялёгкі час! Будзьце мужнымі ў мужным целе! Няхай кожны акрыяе духам супраць непрыяцеля. Сам Бог стаіць на нашым баку! Ёсць нам абарона з неба! За мной смялей наступайце! А ў мужнасці чуйцеся слаўных бацькоў! Вось я сам перад вамі сваю галаву стаўлю! Першым у непрыяцеля сваю шаблю пакрываўлю»[22]. І ліцьвіны стрымлівалі шалёны націск маскавітаў. Але вось ліцьвінскае войска крок за крокам пачало адступаць, а пасля і зусім кінулася наўцёкі. Маскавіты рынуліся ўслед і наскочылі прама на гарматы. Хітрасць Астрожскага ўдалася - вораг трапіў у пастку. Гарматы ўдарылі па непрыяцелю. Астрожскі перашыхаваў сваё войска і павёў яго ў атаку: «О мужныя рыцары! Цяпер пацярпіце. Цяпер мужныя сілы пакажыце. Нагадайце мужнасць продкаў мілых»[23]. І гэтай атакі ліцьвінаў маскавіты не вытрымалі. Становішча мог выратаваць Чаляднін - варта было б толькі паслаць дапамогу палкам князя Міхайлы Булгакова. Але, убачыўшы ўцёкі ягоных ваяроў, Чаляднін «князя Михайла выдал» і сам пабег з поля сечы, а за ім і запасныя маскоўскія палкі. Ліцьвіны разбілі палкі Булгакава і, пераправіўшыся праз Крапіўну, пусціліся ў пагоню за ворагам. Астрожскі, стоячы на беразе рэчкі, падбадзёрваў ваяроў: «Гэй, дзеткі, цяпер кожны паслужыце, як можаце»[24]. Ніякага супраціўлення маскавіты ўжо не чынілі, толькі б выратавацца. Ноч спыніла знішчэнне рэшткаў маскоўскага войска. Чаляднін так і не ўцёк, яго дагналі і захапілі ў палон. Яшчэ ніколі маскоўскае войска не ведала такой сакрушальнай паразы. 30 тысяч забітых, у палон трапіла 46 ваявод, князёў і баяр, паўтары тысячы баярскіх дзяцей і каля 8 тысяч ваяроў. Сярод трафеяў знайшлі і тысячы кайданоў, якія Васіль ІІІ падрыхтаваў для ліцьвінаў.

Наступным днём Астрожскі міласціва прыняў палонных ваявод, а пасля адправіў іх да вялікага князя ў Барысаў. Але вайна не скончылася. У руках маскавітаў заставаліся Смаленск, Амсціслаў, Крычаў, Дуброўна.

Астрожскі пачаў рыхтавацца да новага паходу. Немалыя страты панесла ліцьвінскае войска, і ўсё ж гетман ставіў за мэту вяртанне Літве захопленых ворагам земляў. Тым больш, што Васіль ІІІ паспешліва пакінуў Смаленск, а ў самым горадзе супраць маскавітаў склалі змову. Смаленскі епіскап Варсанофій праз свайго пляменніка прыслаў Жыгімонту ліст аб жаданні смалян здаць горад Астрожскаму. Трэба было спяшацца да Смаленска. І князь Канстанцін, пакінуўшы гарматы ў абозе, з конніцай і пяхотай накіраваўся да горада. Падаспей ён своечасова... Нечакана лінулі дажджы, якія сапсавалі дарогі. Войска з цяжкасцю прабіралася праз слоту. Спатрэбілася чатыры тыдні, каб нарэшце дабрацца да Смаленска. Па дарозе шмат ваяроў захварэла, і пад горад Астрожскі прывёў шэсць тысяч. Відавочна, што з такімі сіламі штурмаваць добра ўмацаваны горад было немагчыма. І тут высветлілася, што смаленскі ваявода, князь Васіль Шуйскі выкрыў змову. Варсанофій апынуўся ў вязніцы, а астатніх змоўшчыкаў маскавіты павесілі. Не выпадала і паспрабаваць узяць горад доўгай аблогай. Маскавіты спусташалі смаленскія ваколіцы і немагчыма было пракарміць войска. Жыгімонт, улічваючы становішча, загадаў гетману вярнуцца назад. На зваротным шляху Астрожскі адваяваў у ворага Дуброўну, Крычаў і Амсціслаў. У Вільні яго чакала ўрачыстая сустрэча. 3 снежня ўвесь горад вітаў герояў Варшанскай бітвы. У гонар Астрожскага Жыгімонт пабудаваў трыумфальную арку, праз якую ён начале войска і ўехаў у сталіцу Літвы. Віленцы кветкамі сустракалі герояў.

 

«Великославному господарю королю

Жикгимонту Казимировичу буди честь и слава на векы...

а гетману его, вдатному князю

Костянтину Ивановичу Острозскому

Дай Боже здоровье и щастье вперед лепшее

как ныне; побил силу великую московскую,

абы так побивал сильную рать татарскую

Проливаючи кров их бесурменьскую»[25] -

 

усхваляў гетмана аўтар Валынскага кароткага летапісу.

Праслаўлялі ў сваіх спевах подзвіг воінаў гусляры і лірнікі:

 

«Ой у нядзельку параненьку

Узышло сонейка хмарненька,

Узышло сонейка над борам,

Па-над Селецкім таборам.

А ў таборы трубы граюць,

Да ваяцкае парады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Адкуль Воршу дабываці:

А ці з поля, а ці з лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Ані з поля, ані з лесу.

Толькі з рэчкі невялічкі.

А ў нядзелю параненьку

Сталі хлопцы - пяцігорцы

Каля рэчкі на прыгорцы.

Гучаць разам з самапалаў,

З сяміпалых ад запалаў.

Б'юць паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці,

А як з Воршы ўцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

- Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала.

Як нашая слава тут прапала;

Бадай высахла да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету. -

Слава Воршы ўжо не горша.

Слаўся, пан Астроскі!»[26].

 

Вестка пра паразу маскавітаў хутка абляцела Эўропу. У самім апостальскім Рыме былі адслужаны ўдзячныя малебны.

Так і не адважыліся выступіць супраць Польшчы і Літвы ні вялікі магістр, ні лівонскі магістр, ні дацкі кароль, ні герцаг саксонскі, ні граф Брандэнбургскі, ні валашскі гаспадар.

Крымскі хан прапанаваў сваю дапамогу супраць Масковіі і здзейсніў на яе набег. Імператар Максіміліян шчыра прызнаўся аб змове з Масквой і пажадаў паразумецца з Жыгімонтам. Папа рымскі Леў бачыў у Літве і Польшчы сілу, якая можа стрымаць турэцкую пагрозу. Словам, эўрапейскія ўладары на справе пераканаліся ў магутнасці Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Высока сягнула слава Канстанціна Астрожскага. Сама гучнымі эпітэтамі называлі яго сучаснікі: «Слаўным і вялікаразумным», «князь варты вечнай памяці», «непараўнальны ні з адным з сучасных правадыроў», «муж великий войсковой славы», «у бітвах Ромул», параўноўвалі Канстанціна і з Аляксандрам Македонскім, і з Пірам, Авіем, і з Тыгранам Армянскім, і з Ганібалам, і Порам[27].

Слава не ўскружыла галаву Астрожскаму. Не стаў ён фанабэрыстым і пыхлівым, а па-ранейшаму быў сціплым і простым. Прымаў кожнага, хто меў да яго патрэбу, шчодра ўзнагароджваў сваіх ваяроў, не шкадаваў грошай на дабрачыннасць. Так і не прызвычаіўся ён да раскошы.

Ягоныя княжацкія пакоі не ўражвалі гасцей шыкам: драўляная пафарбаваная падлога, кафляная печ, лаўкі ўздоўж сцен. Князь заставаўся самім сабой.

Карыстаючыся прыхільнасцю да сябе, угаварыў ён вялікага князя не караць Міхайлу Амсціслаўскага, які мусіў здаць свой замак маскавітам. Выпрасіў Астрожскі і дазвол пабудаваць у Вільні за свой кошт дзве царквы: Троіцкую і Нікольскую, як помнікі перамогі пад Воршай і як памяць пра тых ліцьвінскіх ваяроў, якія склалі галовы, абараняючы Бацькаўшчыну.

 

Абаронца Айчыны

Да замірэння з Масквой было далёка. Жыгімонт і паны-рада спадзяваліся вярнуць Літве Смаленск і другія захопленыя маскавітамі гарады. Васіль прагнуў узяць рэванш за варшанскую катастрофу. Паводле заявы архібіскупа Яна Ласкага на Латэранскім саборы ў 1514 годзе, маскоўскі ўладар меў болей за 200 000 ваяроў[28]. Аднак абвастрэнне маскоўска-казанскіх адносін і пагрозы набегу крымскіх татараў стрымлівалі Васіля ад рашучых дзеянняў супраць Літвы. У самой Літве таксама ставала праблем. Шляхта стамілася ад вайны і не рвалася ў бой. Найміты, якія не атрымлівалі жалавання, пакінулі службу і на Берасцейскім сойме вясной 1515 года выпрошвалі ў Жыгімонта «заслужанае». Плаціць ім не было чым. У такім становішчы асабліва не паваюеш. Таму ўвесь 1515 год абодва бакі абмяжоўваліся дробнымі набегамі. Летам аддзел наймітаў Яна Свярчэўскага спаліў Вялікія Лукі і Таропец. У адказ маскоўскія палкі спустошылі наваколлі Амсціслава і Полацка. Закончылася няўдачай і аблога ліцьвінамі Гомеля.

Галоўныя падзеі разгарнуліся на дыпламатычным фронце. Летам у Вене сустрэліся імператар Максіміліян, Жыгімонт і ягоны брат, вугорскі кароль Уладзіслаў. Максіміліян недарэмна выдаў Жыгімонту патаемную змову Імперыі і Масковіі. Імператар нарэшце зразумеў тую небяспеку, што пагражала Эўропе ад Масковіі. «Цэласнасць Літвы - неабходна для карысці ўсёй Эўропы: вялікасць Расіі небяспечна», - прызнаўся імператар[29]. Каб не дапусціць на далейшае хаўрусу паміж Імперыяй і Масквой, Жыгімонт стаў больш падатлівым. На сустрэчы манархі дамовіліся, што пасля Ўладзіслававай смерці правы на Чэхію і Маравію пяройдуць да Габсбургаў. Сам жа Жыгімонт парадніўся з імператарам, згадзіўшыся на шлюб з Максіміліянавай унучкай італьянскай прынцэсай Бонай Сфорца. У сваю чаргу Максіміліян вызваўся стаць пасрэднікам у заключэнні міру з Масковіяй, адмовіўся падтрымліваць Тэўтонскі ордэн і заявіў, што з Жыгімонтам ён гатовы «пайсці і ў рай, і ў пекла»[30].

Важную дыпламатычную перамогу атрымаў і Васіль, заключыўшы саюз з Ордэнам і з дацкім каралём. Ужо летам 1516 года прускае войска стаяла каля межаў Жамойці. Жыгімонт быў вымушаны падняць супраць яго жамойцкую шляхту, валынская і кіеўская сцерагла татараў. Махмат-Гірэй пісаў Васілю: «Не думай ні пра што іншае, вазьмі для мяне Кіеў, я дапамагу табе заваяваць Вільню і ўсю Літву»[31].

Канстанцін Астрожскі сцярог межы Княства на Валыні. Летам 1516 года татарскія загоны спустошылі Галіцыю, а пасля накінуліся на Падолле і Валынь. Толькі пачуўшы, што Астрожскі сабірае супраць іх войска, пры адной гэтай вестцы татары ўцякалі дадому.

Нарэшце ў снежні 1516 года з Вены ў Вільню і Маскву выправілася імператарскае пасольства на чале з баронам Сігізмундам Гэрбэрштайнам для пасрэдніцтва ў перамовах. Жыгімонт перадаў Гэрбэрштайну, што памірыцца з Васілём пры ўмове вяртання Смаленска. Васіль адмовіўся, але ўсё ж згадзіўся прыняць ліцьвінскае пасольства. Каб маскоўскі ўладар стаў больш згаворлівым, Жыгімонт і паны-рада задумалі напужаць яго зброяй. У Крым паехаў Альбрэхт Гаштольд, які павёз новаму крымскаму хану Махмат-Гірэю «великую казну». Задобраны хан у жніўні 1517 года паслаў загоны на тульскія землі, дзе іх разбіла маскоўскае войска. Адначасова ў Літве рыхтаваўся вялікі корпус да паходу на горад Апочку. Да земскага апалчэння далучыліся нанятыя Жыгімонтам ваяры з Чэхіі і Польшчы. Загадваць корпусам вялікі князь даручыў Астрожскаму, але не выдаў яму «уставы» - сваіх паўнамоцтваў на кіраванне войскам. У паходзе і адбілася адсутнасць у гетмана велікакняжацкай «уставы». Найміты прагнулі дзейнічаць асобна ад галоўных сіл, а дакладней займацца рабаваннем мірных сёлаў. Управы на іх у Астрожскага не было. 20 верасня гетман акружыў Апочку. Пасланыя ім аддзелы захапілі гарадкі Варонач, Велле і Красны Гарадок. Ніякіх стратэгічных задач перад Астрожскім не стаяла. Галоўнае - факт прысутнасці на маскоўскіх землях ліцьвінскага войска, каб Васіль асабліва не спрачаўся за Смаленск. А таму гетман не спяшаўся пераходзіць да актыўных дзеянняў. Але давялося ратаваць Полацак ад аблогі варожай раці. І своечасова, бо палачане ўжо адчувалі недахоп харчу. Падыход Астрожскага вымусіў маскавітаў убрацца з-пад сцен Полацка.

Васіль ІІІ не паддаўся на шантаж і цвёрда патрабаваў сваю «отчину»: Кіеў, Полацак і Віцебск. Дзе тут было казаць пра мір, калі нават пра перамір'е паслы з Васілём не дамовіліся.

Канец 1517 і пачатак 1518 года Астрожскі правёў на Валыні, прымаючы багатую спадчыну, якую пакінула яму княгіня Марыя Равенская, бабуля ягонай жонкі Таццяны Сямёнаўны. Амаль 60 вёсак і горад Роўна перайшлі да Астрожскага - князь станавіўся багацейшым у Літве чалавекам. Толькі Гаштольды маглі пахваліцца, што не бяднейшыя за Астрожскага. Аўтарытэт гетмана, міласць да яго вялікага князя - і для Гаштольдаў ён станавіўся небяспечным. Такі чалавек меў вялікую ўладу ў дзяржаве.

Вясна застала князя Канстанціна ў дарозе. На чале пасольства Вялікага Княства ён паехаў у Польшчу, дзе перадаў просьбу паноў-рады, каб палякі «помоч моцную вчинили» Літве супраць Масковіі: «В которой колве суме людей а в котором почте ваша милость нам в той потребе помоч вчинити, мы такеж у вашой милости потребе в таковом же почте людей хочом вашей милости невмешканую, а рыхлую помоч завжды чинити»[32]. Нават і гэтае абяцанне Астрожскага не падзейнічала на польскіх саноўнікаў і яны адмовіліся дапамагчы Княству, спаслаўшыся на свае цяжкасці. «Корона польская на тот час тяжким накладом ховати муси так противку татаром, яко противку мистрова Прускому»[33].

Перамовы з палякамі закончыліся нічым. Астрожскі затрымаўся ў Польшчы па просьбе Жыгімонта.

Вялікі князь і кароль чакаў прыезду з Італіі сваёй нявесты Боны. З'яўленне ў Кракаве славутага водцы было дарэчы. Астрожскаму Жыгімонт даручыў сустрэць будучую польскую каралеву і вялікую княгіню літоўскую на мяжы Польшчы і суправаджаць яе ў Кракаў. Хітрая Бона ведала добра, што перад ёю ўплывовейшы і багацейшы ў Літве чалавек і ласкава прыняла яго. Прамадушны Канстанцін шчыра паверыў у прыязнасць да сябе Боны і ледзьве не багатварыў італьянскую прыгажуню.

20 красавіка ў Кракаве шыкоўна адсвяткавалі шлюб Жыгімонта з Бонай. Астрожскі паднёс маладым багатыя падарункі. Адразу пасля ўрачыстасцей гетман вярнуўся ў Літву. З Масковіі паведамлялі пра падрыхтоўку новага паходу маскавітаў. І сапраўды, у чэрвені 2-тысячная маскоўская раць падышла да Полацка. Маскоўскія палкі пакідалі пасля сябе попел спаленых сёлаў каля Слуцка, Менска, Новаградка, Магілева, Маладэчна. А Полацак маскавітам не ўдалося захапіць. Паводле пскоўскіх летапісаў, на дапамогу палачанам падаспеў ваявода Валынец і разбіў маскавітаў, патапіўшы іх шмат у Дзвіне[34]. Хто быў гэты загадкавы Валынец? У дакументах таго часу няма чалавека з такім прозвішчам, які займаў бы высокую пасаду, каб вялікі князь даверыў яму загадваць войскам. Ці не назваў пскоўскі летапісец «Валынцам» Канстанціна Астрожскага? Паводле Гэрбэрштайна, перамогу над маскавітамі пад Полацкам атрымаў Альбрэхт Гаштольд, аднак гэта сумніцельна, бо той у гэты час знаходзіўся з пасольствам у Крыме. А маршалка Валынскай зямлі Канстанціна Астрожскага летапісец мог назваць Валынцам.

Няўдачу кампаніі 1518 года Васіль спадзяваўся кампенсаваць новым наступам на Літву. Вялікія дары падкупілі сэрца крымскага хана, і той таксама рыхтаваўся напасці на Літву. У чэрвені 1519 года на Літву адначасова выступілі і маскавіты, і татары. Супрацьстаялі маскавітам пераважна «почты»* паноў-рады. Большасць шляхты не выехала з дому, скарыстаўшыся адсутнасцю гетмана Астрожскага. Частка войска на чале з гарадзенскім старостам Юрыем Радзівілам стаяла ў Жамойці. Маскавіты, не сустракаючы супраціўлення, рабавалі ваколіцы Магілева, Менска, Барысава, Маладэчна, Крэва. А тут яшчэ пасварыліся паміж сабой троцкі ваявода Альбрэхт Гаштольд і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл. Апошні затрымаў у сябе гаспадарскія лісты на збор войска, а калі іх разаслаў - ужо было позна. Гаштольд, не дачакаўшыся віленскай шляхты, з невялікім аддзелам абараняў ад ворага Крэва.

* Почта - прыватная ўзброеная адзінка буйных феадалаў ВКЛ.

Не лепшае становішча было і на поўдні Княства. Татары спачатку спусташалі землі Польшчы - Белзскую і Люблінскую. Пакуль татары ваявалі Польшчу, Астрожскі ахоўваў Валынь, але калі яны павярнулі назад, дык паспяшаўся на злучэнне з польскім войскам. Пад рукой у Астрожскага знаходзілася каля дзвюх тысяч ваяроў, многіх з якіх гетман наняў за свой кошт. Татары стаялі кошам на правым беразе Буга пад цвержай Сакаль. Аб'яднанае польска-ліцьвінскае войска налічвала не больш за 6 тысяч ваяроў. І тым не менш польская моладзь, якой так праглася славы, рвалася ў сечу. Астрожскі ацаніў выгаднае становішча ворага - высокі бераг і рака давалі татарам перавагу. Не было чаго і думаць, каб атакаваць. Астрожскі прапанаваў даць бой у іншым месцы. Гэтая слушная заўвага не абразуміла палякаў, і яны патрабавалі ад сваіх водцаў сечы з ворагам. І тыя міжволі саступілі моладзі. 2 жніўня 1519 года стаў для Астрожскага нешчаслівым днём. Палякі, не шукаючы броду, уплаў пусціліся цераз Буг. І татары спакойна забівалі іх з лукаў. Паколькі пачалася бітва, дык не мог Астрожскі не ўдзельнічаць у ёй. Са сваім аддзелам ён пераправіўся праз брод і ўдарыў татарам у спіну. Гэты напад дазволіў палякам выбрацца на бераг і нарэшце скрыжаваць зброю з ворагам. Татары неслі вялікія страты, але колькасная перавага дазваляла татарскаму водцы Багатыр-Салтану слаць у сечу новых ваяроў. І калі шэрагі ліцьвінаў і палякаў парадзелі, татары акружылі іх. Змагацца далей станавілася бессэнсоўна - было відаць, што татары знішчаць невялічкую купку смельчакоў. Астрожскі павёў за сабой ваяроў і прабіўся праз татарскія шэрагі. Выратавалі палякаў і ліцьвінаў сцены Сакальскага замка, за якімі яны схаваліся.

Амаль 1200 чалавек згубіла польска-ліцьвінскае войска, але і татары дорага заплацілі за перамогу - 4 тысячы забітых[35]. Нельга расцэньваць вынік гэтай бітвы, як паразу Канстанціна Астрожскага. І пры больш спрыяльных умовах цяжка было 6-тысячнаму атраду перамагчы 40-тысячную раць. Ды і татары ніяк не скарысталіся сваёй перамогай, а проста вярнуліся ў Крым. Хай і не перамога, але і не параза. І не дакаралі Астрожскага за гэтую бітву ні кароль, ні паны. Вінаватымі прызналі палякаў. І ўсё ж быў адзін чалавек, які злараднічаў, - Альбрэхт Гаштольд. Кожнай няўдачы Астрожскага ён радаваўся, бачыў у ім таго, хто можа стаць на ягоным шляху да ўлады ў Літве.

Ці мог прадбачыць Канстанцін, што неўзабаве Гаштольд выступіць супраць яго? Калі і мог, дык што з гэтага. Не такі ён быў чалавек, каб апусціцца да дробных інтрыг, звадак і зайздрасці. У той час, калі многія паны грызліся паміж сабой з-за ўлады, Астрожскі, як апошні паладзін рыцарскай годнасці, бачыў сэнс свайго жыцця ў змаганні з ворагам сваёй Бацькаўшчыны.

 

Слаўны і вялікаразумны

Два гады (1520-1521) нічога значнага не адбывалася на ліцьвінска-маскоўскай вайне. Толькі ў лютым 1520 года маскавіты здзейснілі набег на ваколіцы Віцебска. Летам Астрожскі ўзначаліў земскае апалчэнне, якое сабралася ў Менску на выпадак нападу маскавітаў ці татараў.

Васіль ІІІ, як і раней, патрабаваў свае «отчины»: Полацак, Віцебск, Кіеў і не адступаўся ад Смаленска. Усё ж і ён добра разумеў, што вайна не можа працягвацца бясконца. У 1522 годзе палітычнае становішча для Масковіі значна пагоршылася. Саюзны ёй Тэўтонскі ордэн праіграў вайну з Польшчай, а ў Казані сеў варожы Васілю брат крымскага хана Садат-Гірэй. Спусташальны набег крымскіх татараў на Маскву напужаў Васіля. Цяпер ён не ўпарціўся і 14 верасня 1522 года падпісаў з ліцьвінскімі пасламі пяцігадовае замірэнне. Смаленск хаця і заставаўся ў складзе Масковіі, але ўрад Літвы з гэтым не пагаджаўся. Дзевяцігадовая вайна паміж Літвой і Масковіяй закончылася. Грандыёзныя планы Васіля заваяваць усю Літву праваліліся. Вялікае Княства Літоўскае ў барацьбе з Масковіяй, Крымам і Ордэнам не толькі выстаяла, але і нанесла ім шэраг буйных паразаў. Немалая ў гэтым была заслуга і Канстанціна Астрожскага; здабываў перамогі на полі сечы, арганізоўваў абарону Літвы, не шкадаваў сваіх грошай дзеля перамогі над ворагам (Астрожскі выстаўляў почту ў 426 вершнікаў). І Жыгімонт адзначыў заслугі Астрожскага. Напрыканцы 1521 года памёр віленскі ваявода і канцлер Вялікага Княства Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. Вызвалілася першая пасада ў дзяржаве. Два кандыдаты прэтэндавалі на яе - троцкі ваявода Альбрэхт Гаштольд і Канстанцін Астрожскі. Аднак Астрожскі быў праваслаўным і, паводле закону, не мог заняць гэтую пасаду - заставаўся католік Гаштольд. Жыгімонт апынуўся ў даволі няёмкім становішчы. Прызначыць Гаштольда - павялічыць ягоную ўладу ў Літве, а гэта небяспечна. Вялікі князь знайшоў «выйсце». Зімой 1522 года на сойме ў Горадні Жыгімонт перадаў віленскае ваяводства Альбрэхту Гаштольду, а пасаду троцкага ваяводы - Астрожскаму. Такім чынам Гаштольду павінен быў супрацьстаяць Астрожскі. Нялёгка было вялікаму князю ўгаварыць тых, хто нагадаў яму пра даўні прывілей абіраць на троцкае і віленскае ваяводствы «толькі вернападданых Рымскай каталіцкай веры». Астрожскі, пачуўшы незадаволеныя галасы, адмовіўся ад прапанаванай яму пасады. Ды зрэшты, хто як не Астрожскі заслужыў вышэйшых узнагарод? Вялікі князь адстаяў Астрожскага, але вымушаны быў паклясціся: «Мы і нашчадкі нашыя ў Вялікім Княстве Літоўскім не павінны будзем вышэйшыя званні і пасады нікому з рускіх даваць або саступаць без рады са старэйшымі панамі нашымі»[36]. Своеасаблівым кампрамісам было і прадстаўленне Астрожскаму першага месца ў радзе, хаця па пасадзе ён займаў трэцяе, а таксама права карыстацца пячаткай з чырвоным воскам.

Неўзабаве Астрожскі адкрыта сутыкнуўся з Альбрэхтам Гаштольдам. І справа была вось у чым. 1 ліпеня 1520 года Бона нарадзіла Жыгімонту сына, якога назвалі Жыгімонтам Аўгустам. Хітрая італьянка загадзя пачала рупіцца пра будучыню сына. Яшчэ будучы цяжарнай, каралева і вялікая княгіня праз Камянецкага біскупа Медзялецкага дамовілася з Альбрэхтам Гаштольдам пра абвяшчэнне Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім. Гаштольд, які разлічваў стаць апекуном маладога ўладара - вялікага князя і ад яго імя самому ўладарыць у дзяржаве, падтрымаў Бону.

Пройдзе час і ў 1529 годзе Жыгімонт, прыехаўшы ў Вільню, пачне ў прыватных сустрэчах з феадаламі і дыгнітарыямі схіляць іх абвясціць дзевяцігадовага Жыгімонта Аўгуста вялікім князем. І калі заручыўся іх падтрымкай, склікаў сойм. Здавалася, ніякіх перашкод для ўзвядзення на велікакняжацкі пасад Жыгімонта Аўгуста не прадбачылася. Вяльможы згодны, а за імі пагодзіцца і шляхта. І раптам Астрожскі выступае супраць, на каленях просіць Жыгімонта адмовіцца ад сваёй задумы. Вось чаго не чакаў Жыгімонт: «Вельмі здзіўляюся змене жаданняў, бо пакуль не мелі наступніка, прагнулі яго, молячыся, каб Бог яго вам паслаў. Неўзабаве Найвышэйшы ў сваёй невымернай ласцы захацеў нас гэтым абдарыць, а вы, здаецца, не жадаеце шчасця для нас і нашага сына, каб мы бачылі яго ўзвышэнне. Як гэта прыкра, можаце зразумець»[37]. Астрожскі вымушаны быў саступіць. Зусім не варожасць да Жыгімонта Аўгуста рухала ім. Хто стаў бы апекуном маладога вялікага князя? Альбрэхт Гаштольд, а з ім Астрожскі варагаваў.

Віленскі ваявода пасля Гарадзенскага сойму яшчэ больш пашырыў сваю ўладу, наладзіў цесныя сувязі з прускім герцагам Альбрэхтам, польскім канцлерам Крыштофам Шыдлавецкім, карыстаўся і міласцю Боны. Астрожскі з'яднаў вакол сябе Гаштольдавых непрыяцеляў: Рыгора Осцікавіча, князя Юрыя Алелькавіча, Івана Сапегу, Радзівілаў. Пры такім супрацьстаянні ў радзе цяжка было дамовіцца пра што-небудзь слушнае. Толькі этыкет стрымліваў абодва бакі ад зацятых лаянак і сварак. Жыгімонт у 1524 годзе паспрабаваў памірыць паміж сабой непрыяцеляў, каб «...не сягали ни словом, а ни рукою, а ничым иным, и были бы собе во всем вовпокои...»[38]. Назначыў абодвум заруку ў 30 000 коп грошаў. Аднак і гэтая вялікая сума не ўціхамірыла Гаштольда. У лістах да Боны як мог чарніў ён Астрожскага, здзекліва называў яго «рускім князьком». Нагадаў пра паразы пад Вядрошу і Сакалем і пра незварот ад маскавітаў Смаленска, і вінаватым у гэтых няўдачах лічыў толькі Астрожскага. Трэба было сапраўды люта ненавідзець, каб, забыўшыся на прыстойнасць, заяўляць, што той «нягодны кандыдат», які задумаў «здрадлівае хованне». Уся гэтая сварка з Гаштольдам адымала ў Астрожскага і час, і здароўе. Гетману даводзілася ехаць у Польшчу апраўдвацца перад вялікім князем і вялікай княгіняй. Аднак Гаштольду так і не ўдалося пахіснуць уладу і аўтарытэт Астрожскага ў дзяржаве. Па-ранейшаму прыхільна ставіліся да князя Канстанціна Жыгімонт і Бона.

Нягледзячы на немаладыя гады, Канстанцін Астрожскі быў поўны жыццёвых сіл. Спраў хапала і ў мірныя часы: кіраванне Троцкім ваяводствам, арганізацыя абароны Літвы і сустрэчы з пасламі іншых краін. Адбыліся змены і ў асабістым жыцці Канстанціна. У чэрвені 1522 года памерла ягоная жонка Таццяна Гальшанская, пакінуўшы князю сына Іллю. Праз год Астрожскі ажаніўся з княгіняй Аляксандрай Слуцкай, якая нарадзіла яму сына Канстанціна і дачку Софію. Здавалася, так і пражыве князь у дзяржаўных клопатах, цешачыся сямейным шчасцем ды ўспамінамі пра былыя паходы і бітвы, але давялося яшчэ раз са зброяй у руках паслужыць на полі сечы Бацькаўшчыне.

Неспакойна было на паўднёвых межах Княства. Турцыя падбухторвала крымскага хана да набегаў на Літву і Польшчу.

У пачатку 1524 года Астрожскі ўзначаліў войска, якое хадзіла на Ачакаў. Крымскае войска было разбіта пад Астраханню нагайцамі, а таму для Літвы і Польшчы надарылася магчымасць нанесці Крыму папераджальны ўдар і сарваць сумесны крымска-турэцкі наступ на ВКЛ. Паводле звестак, Астрожскі вёў з сабой 40 тысяч вершнікаў, а па Дняпры спускаўся з казакамі Астафій Дашковіч[39]. З'яўленне ліцьвінскай раці застала татараў знянацку. Усяго два дні спатрэбілася Астрожскаму, каб заваяваць Ачакаў.

Заключаны ў 1525 годзе мір паміж Вялікім Княствам і Крымскім ханствам не прынёс чаканага спакою. Хан і гэтым разам не выканаў узятых абавязацельстваў. Саступіўшы патрабаванням турак, ён у 1527 годзе паслаў загоны на Валынь і Галіцыю. Астрожскі хутка сабраў харугвы Юрыя Радзівіла і Альбрэхта Гаштольда і паспяшаў з Вільні насустрач ворагу. Пад Пінскам гетман разбіў татарскі загон і рушыў у пошуках заваёўнікаў да Кіева. Па дарозе да гетманскага атрада далучыліся почты князёў Юрыя Слуцкага, Хведара Сангушкі, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх, Аляксандра Чартарыйскага, кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча і старосты чаркаскага і канеўскага Астафія Дашковіча. Амаль 30-тысячнае татарскае войска, абцяжаранае здабычай і палонам, вярталася праз Кіеўшчыну ў Крым. Астрожскі ішоў услед за ворагам. На рацэ Альшанцы, што працякае за 40 міляў ад Кіева, татары спыніліся на адпачынак. Тут і вырашыў гетман напасці на іх. 27 студзеня 1527 года прама з марша ліцьвінскія ваяры кінуліся на татарскі кош і адсеклі татараў ад коней. Конніца хутка зламала супраціўленне ворагаў і прымусіла іх уцячы. Аднак і тых, хто пабег, дагналі вершнікі Юрыя Слуцкага і Астафія Дашковіча і нямала паклалі на полі. Усяго татары страцілі ў гэтай бітве 24 тысячы ваяроў. Сярод забітых былі і туркі са сваім водцам перакопскім пашою Ібрагімам.

Гэта быў апошні вайсковы трыумф гетмана Канстанціна Астрожскага. Жыгімонт наладзіў пераможцу пышную сустрэчу ў Кракаве і разам з Бонай вітаў яго. Прыдворны летапісец Дэцый напісаў пра бітву каля Альшанцы кнігу на лацінскай мове і выдаў яе ў Нюрнбергу. Зноў па Эўропе пракацілася слава пра гетмана Канстанціна Астрожскага. Французскі пасол Пінзон шукаў з ім сустрэчы, каб на свае вочы ўбачыць пераможцу маскавітаў і татараў. А жыць заставалася ўжо нядоўга. 8 жніўня 1530 года ў Тураве Канстанцін Астрожскі памёр. Паводле ягонай волі гетмана пахавалі ў Пячорскім манастыры. Надпіс на грабніцы паведамляў: «Маскву з татарамі паклаўшы, выпісаў 63 над імі перамогі, дадай афарбаваныя крывёй Рось, Дняпро, Альшанку, дадай шмат замкаў, шмат манастыроў, шмат цэркваў, якія вымураваў у Княстве Астрожскі і ў стольным месце Вільня... для калек ён пакінуў шпіталі, для дзетак - школы, для людзей рыцарскіх - палашы з дзідамі ў Марсавай Акадэміі, і міла напішы: Сцыпіёну Рускаму Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, Гетману - Вялікае Княства Літоўскае. Гэта ўсё. Надмагілле»[40].

 

Мікалай Радзівіл Чорны. Словам і справай

 

З роду Радзівілаў

Упершыню ў гісторыі Літвы з'явіўся чалавек, які, надзелены вялікай уладай, вырашаў дзяржаўныя справы не сілай, а згодай, не зброяй, а словам, не вайной, а мірам.

Мікалай Радзівіл, празваны Чорным, быў далёкі ад ідэалу, але не можа не выклікаць сімпатыю ягонае неўспрыманне насілля і жахаў вайны, ягоныя духоўныя пошукі, самаадданае служэнне Бацькаўшчыне. Трагедыя такіх людзей, як Чорны, у тым, што яны значна апярэджваюць свой час, і сучаснікі не разумеюць іх, а то і цкуюць. І непаразуменне, і няўдзячнасць, і нянавісць да сябе, і расчараванне спазнаў Чорны. Але ўсё ж ён жыў у свой час, бо менавіта такі чалавек патрэбны быў тады Літве, і калі ён з'явіўся, дык, значыць, з'явіўся своечасова.

Самое паходжанне Чорнага з слаўнага роду Радзівілаў ужо асуджала яго на бліскучую палітычную кар'еру. З часоў Гедзіміна Радзівілы нязменна знаходзіліся на вяршыні ўлады ў Вялікім Княстве. З кожным новым пакаленнем яны ўмацоўвалі сваё становішча ў Літве і прыбіралі да рук новыя землі і маёнткі. Калі пры Вітаўце род не мог пахваліцца асаблівым багаццем, дык у 1528 годзе яму належала 12 288 дымоў і каля 70 тысяч падданых, і Радзівілы выстаўлялі сваю харугву ў 768 вершнікаў[1].

За нейкае стагоддзе яны здолелі падняцца да першых паноў у Вялікім Княстве. А калі было багацце і ўлада, дык хацелася і высакароднага гонару. Як і многія роды, што ў гэты час разбагацелі, Радзівілы ў апакрыфічных радаслоўных прыпісвалі сабе княжацкае паходжанне. І не ад якога-небудзь дробнага ўдзельнага князька выводзілі свой род, а ад вялікага князя літоўскага Нарымонта[2]. Паводле «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», Нарымонт быў сынам вялікага князя Рамана і «вчинил город Кернов, и знесеть столец свой з Новагородка до Кернова, и почнеть княжити»[3], а пасля смерці сваёй жонкі забраў за сябе жонку брата Даўмонта. Калі Нарымонт памёр, вялікім князем стаў другі ягоны брат Тройдзень. Даўмонт падаслаў да яго забойцаў. Ратуючыся ад іх, былая Даўмонтава жонка з сынам уцякла да паганскага святара Крэва-Крывейты (Крэва-Крывіча).

Неўзабаве Нарымонтавіч застаўся без маці. Аднойчы паблізу месца, дзе жыў святар (раён сучаснай Вільні), паляваў вялікі князь Віцень. Крэва-Крывіч пасадзіў Нарымонтавіча ў арлінае гняздо. Пачуўшы дзіцячы плач, Віцень спыніўся каля гнязда і ўбачыў там хлопчыка. Святар, які суправаджаў князя, прамовіў, што дзіця паслаў сам Пярун (Пяркунас). Віцень зычліва аднёсся да такога шчодрага «падарунка бога» і перадаў хлопчыка на выхаванне Крэва-Крывічу. Празвалі яго Ляздзейкам. Калі ён вырас, Віцень выдаў за яго сваю дачку Паяту, а пасля смерці Крэва-Крывіча зрабіў і першасвятаром. Менавіта Ляздзейка і параіў вялікаму князю Гедзіміну пабудаваць Вільню, за што і атрымаў мянушку Радзівіл (Радзіў Вільню). Дык вось, Ляздзейку і лічылі Радзівілы сваім продкам. У гэтай гісторыі выдуманае пераплятаецца, пэўна, і з рэальнымі падзеямі. Вялікага князя Нарымонта не называе ніводны гістарычны дакумент і гісторыкі даўно прыйшлі да высновы, што гэта асоба міфічная, ды і выпадак з Даўмонтавай жонкай адбыўся з Міндоўгам. Увод у ліцьвінскія летапісы міфічнага князя Нарымонта мог быць запісан са слоў саміх Радзівілаў, бо найбольш верагодным ініцыятарам стварэння легендарнай часткі ў ліцьвінскіх летапісах быў Станіслаў Гаштольд - муж Барбары Радзівіл[4]. Іншае піша пра паходжанне Радзівілаў Мацей Стрыйкоўскі, які занатаваў у сваёй «Кроніцы» старажытнае паданне[5]. Паводле яго, Радзівілы паходзілі ад Крэва-Крывіча. Паганскі святар закахаўся ў простую дзяўчыну, якая і нарадзіла ад яго сына. Пры родах дзяўчына памерла і пакінула немаўля на руках Крэва-Крывіча. Паколькі прызнаць на людзях хлопчыка сваім сынам святар не адважыўся, дык прыдумаў хітрасць з гняздом і богам Пяркунасам. Ці праўдзівае гэта паданне, цяпер ужо не вызначыць, але вось тое, што продкі Радзівілаў у ХІV стагоддзі ганарыліся паходжаннем ад жраца, сведчыў у сваім дзённіку крыжацкі пасол Конрад Кібург[6].

Кібург дае падставу лічыць Ляздзейку рэальнай гістарычнай асобай і заснавальнікам роду Радзівілаў. Праўдападобна, што продкі Радзівілаў паходзілі з Ашмянаў, бо пра гэта пісаў Мікалай Чорны[7]. Несумненна, што Радзівілы былі славянамі. І такі абазнаны ў паходжанні Радзівілаў чалавек, як Сымон Будны, уважаў іх за прадстаўнікоў народу «славного языка словенъского»[8].

Роля вярхоўных святароў у тагачасным жыцці Літвы была вялікай, да іх слова прыслухоўваўся, а часам і падначальваўся ім сам вялікі князь. Таму не дзіва, што Ляздзейкаў сын Віршал займаў пры Гедзіміне важныя дзяржаўныя пасады*. Гэтак, у 1322 годзе ён узначаліў ліцьвінскае войска ў паходзе супраць крыжакоў. Ад шлюбу Віршала з Белзскай княгіняй нарадзіўся Серпуцій, які ажаніўся з нейкай княгіняй Яраслаўнай, ад якой меў сына Войшунда. Той стаў бліжэйшым паплечнікам Ягайлы, узначальваў у 1381 годзе паход на Полацак, дапамагаў яму ў вайне з Кейстутам. Пры хрышчэнні ён атрымаў імя Мікалай, якім Радзівілы ў далейшым называлі старэйшых сыноў. Гэтым разам нашчадак Ляздзейкі ажаніўся з княжацкай дачкой - Пракедай Віцебскай. Двух сыноў - Осціка і Радзівіла нарадзіла Пракеда. Ад Осціка пайшоў род Осцікавічаў, а ад Осцікавага сына Радзівіла - Радзівілаў. Радзівіл Осцікавіч вядомы ў гісторыі як адзін з прэтэндэнтаў на велікакняжацкі пасад, вылучаны пры Казіміры партыяй Яна Гаштольда. Старэйшы Радзівілаў сын Мікалай даслужыўся да сама высокіх дзяржаўных пасад: віленскага ваяводы і канцлера. Гэтым ён быў абавязаны Яну Манівіду - слонімскаму князю, з дачкой якога - Ганнай - ажаніўся.

* Князь Віршал Ляздзейка выступае сведкам у грамаце Альгерда 1359 года. Prochaska A. Cryistnial Krywe na Litwe / Kwartalnik Historyczny. Lwow, 1904. R.18. Z.3-4. S.486.

Паколькі браты Мікалая Пётра і Ян памерлі бяздзетнымі, дык на яго адзінага ўсклаў лёс місію прадаўжальніка роду Радзівілаў. І ў гэтым вызначыўся Мікалай, або як яго называлі Стары. Ён меў трох сыноў - Мікалая, Яна і Юрыя і дзвюх дачок Софію-Ганну і Ганну. Дачок ён удала выдаў замуж: Софію-Ганну за семіградскага ваяводу Стэфана Батары дэ Самліа, дзеда будучага вялікага князя літоўскага і польскага караля Сцяпана Батуры, а Ганну - за мазавецкага князя Конрада. Пад бацькоўскай апекай сталі на ногі і сыны. Старэйшы Мікалай ад крайчага літоўскага падняўся да ваяводы троцкага і маршалка земскага, а пасля бацькавай смерці ў 1509 годзе заняў пасады віленскага ваяводы і канцлера. У 1518 годзе ён атрымаў ад імператара Максіміліяна княжацкі тытул. Юрый праявіў сябе на палях сечы. За перамогі ў 30 бітвах яго празвалі Віктор (Пераможац), або літоўскі Геркулес. Менавіта яму, пасля слаўнага Канстанціна Астрожскага, Жыгімонт Стары перадаў булаву вялікага гетмана. Бацька Мікалая Чорнага Ян, па мянушцы Барадаты, не мог пахваліцца такімі, як у братоў, поспехамі. Неяк так здарылася, што ён доўгі час быў у цяні, не адыгрываў важнай ролі ў палітычным жыцці Вялікага Княства. Ды, відаць, і сам Ян асабліва не прагнуў вялікай улады, а шукаў шчасця ў самім жыцці. Падарожнічаў па Эўропе. У Рыме пакланіўся грабніцам апосталаў Пятра і Паўла. Ездзіў ён у 1507 годзе з пасольствам у Маскву. Як і Юрый, вызначаўся смеласцю. Праславіў сябе ў Клецкай бітве, дзе агнём з гармат аблегчыў ліцьвінскаму войску пераправу цераз Лань. Удзельнічаў у бітве пад Вішняўцом у 1512 годзе і ў вялікай перамозе пад Воршай.

Урэшце рэшт і ягоныя заслугі перад Княствам былі ўзнагароджаны вялікім князем - ён даў Яну Радзівілу пасады маршалка земскага і кашталяна троцкага. Аднак не толькі вайсковымі подзвігамі праславіўся Ян Радзівіл, але і абняславіўся сваім згрызотным характарам. Пасля смерці ў 1502 годзе першай яго жонкі Альжбэты Гаштольд па ліцьвінскаму закону яе пасаг павінен быў «отдан быти в тот же дом, с которого дому тая девка будет выдана», але Ян Радзівіл пачаў аспрэчваць гэты закон. Справу разгледзелі ў судзе і не на карысць Радзівіла. Тады пан Ян скардзіўся аж папу рымскаму, чым выклікаў незадавальненне Аляксандра Казіміравіча. Аднак не назавеш Яна Радзівіла скнарам. За свой кошт пабудаваў ён касцёлы ў Нясвіжы, Дуброве, Дусятах, замак у Слоніме, дзе займаў пасаду старосты. А выдаткі на гэта не маленькія, але было з чаго браць - чатыры тысячы дымоў належала Яну Радзівілу. Вось такім быў Ян Радзівіл - бацька Мікалая Чорнага. Не вельмі шчасціла яму ў сямейным жыцці. Памерла і другая ягоная жонка Багдана з роду князёў Лукомскіх, пакінуўшы дзвюх дачок - блізнят Ганну і Софію. У 1513 годзе Ян Радзівіл зноў ажаніўся - гэтым разам з дачкой былога вялікага гетмана Станіслава Кішкі, Ганнай. Яна прынесла ў пасаг Нясвіж, Алыку і Лахву. 4 лютага 1515 года ў Нясвіжы нарадзіла Ганна першынца. Згодна родавай традыцыі, яму далі імя Мікалай. А праз некалькі гадоў нарадзіўся яшчэ адзін сын - Ян. Аднак не выпала бацьку пабачыць сваіх сыноў пасталелымі, неўзабаве, у 1522 годзе, Ян Радзівіл памёр. Паводле тастаменту, апякунства над дзецьмі даверыў вялікаму князю Жыгімонту і свайму брату Юрыю Радзівілу. Пасля смерці мужа Ганна Кішка пабралася шлюбам з Станіславам Яновічам. Юрый Радзівіл узяў братанічаў у свой дом. Нібыта сіроты былі Мікалай і Ян, жылі без бацькі і маці, аднак не адчувалі сябе чужымі ў сям'і стрыя. Юрый ласкава адносіўся да сваіх братанічаў. А ў вясёлых гульнях са сваім стрыечным братам Мікалаем, якога празвалі Рудым, і стрыечнай сястрой, прыгажуняй Барбарай, можна было і забыцца пра сваё сіроцтва.

У 1529 годзе Жыгімонт Стары запрасіў сыноў і дачок Яна Радзівіла да сябе (дзяўчат узяла каралева Бона). Паехаў разам з імі і Мікалай Руды. Афіцыйна лічылася, што Радзівілы служаць пры каралеўскім двары. Па маладосці да дзяржаўных спраў іх не дапускалі, так што, мабыць, абодва Мікалаі і Ян знаходзіліся ў свіце Жыгімонта Старога. Хаця, больш верагодна, што ён запрасіў Радзівілаў, каб яны склалі кампанію ягонаму сыну Жыгімонту Аўгусту. Польскіх саноўнікаў непакоіла выхаванне будучага караля. Хітрая Бона марыла вырасціць свайго сына паслухмяным сабе, каб праз яго кіраваць Польшчай. Але хлопчык рос распушчаным і капрызным. Да вучобы сэрца не ляжала, затое любіў забавы і гульні. Жыгімонт добра ведаў, што ягоны нашчадак «марна траціць час сярод зграі дзяўчат і нявест»[9]. Відаць, таму і хацеў, каб каля сына з'явіліся Радзівілы, выхаваныя ў старых ліцьвінскіх традыцыях. Знаёмства з Жыгімонтам Аўгустам прынесла карысці больш Радзівілам. Каралевіча і вялікага князя яны не перавыхавалі, а ягонай прыязнасцю заручыліся, што ў далейшым аблегчыла ім шлях да ўлады ў Літве. Якой бы ні была ганаровай служба пры двары ўладара, але Мікалая Чорнага больш вабілі веды. Прыкладна ў 1534 годзе ён паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт, бо пад гэтым годам ва ўніверсітэцкіх дакументах знаходзім запіс «Nicolaus Radzyvil de districtu Przelagensi Lithuanus dioc Vilnensis»[10]. Аднак доўга вучыцца ва ўніверсітэце Чорнаму не выпала, бо ён павінен быў ад'ехаць ў Літву на «абарону краю».

 

На Марсавым полі

У 1533 годзе памёр «гасудар усея Русі» Васіль ІІІ. На маскоўскі пасад сеў ягоны малалетні сын Іван, ад імя якога кіравала дзяржавай баярская дума на чале з Аленай Глінскай і яе фаварытам - баярынам Аўчынай. Неўзабаве пачалася барацьба за ўладу. Некаторыя з баяр апынуліся ў вязніцы, сярод іх і князь Міхайла Глінскі. У Літве пільна сачылі за падзеямі ў суседняй краіне. Лёс даваў добрую магчымасць узяць рэванш у Масковіі за няўдачы ў папярэдніх войнах з ёю. Выказваючы агульны настрой паноў-рады Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд у лісце да прускага герцага Альбрэхта прызнаўся: «Памерлы вялікі князь Масквы Васіль забраў у нас шмат земляў. Будзем старацца іх вярнуць, тым больш час выпаў зручны»[11]. Радзілі Жыгімонту Старому: «Каб стараўся адшукаць забраныя здрадай і подступам праз нягоднага ворага, памерлага князя Масквы гарады і землі літоўскія»[12]. Князь Бельскі і ваявода Іван Ляцкі, якія ўцяклі з Масквы, паведамілі панам, што на межах з Літвой стаяць невялікія маскоўскія заставы, якія лёгка разбіць і забраць назад Смаленск і Северскую зямлю. А ў Пскове гараджане сабіраюцца на вечы і выступаюць супраць Масквы Надзея на лёгкую перамогу над старым ворагам надавала ліцьвінам смеласці. Без асаблівых спрэчак 15 лютага 1534 года на вальным сойме ў Вільні вырашылі пачаць вайну з Масковіяй.

Пасля заканчэння сойма 14 сакавіка вялікі князь напісаў вайсковыя позвы да паноў-рады, князёў, рыцарства, баяр, каб яны «ку службе нашай на войну ехали»[13]. Месцам збору быў назначаны Менск.

Чорны разам з братам Янам выставілі са сваіх уладанняў збройную почту ў 160 вершнікаў. Кіраваў войскам стрый, вялікі гетман Юрый Радзівіл. У Чорнага з'явілася добрая магчымасць вызначыцца ў ратнай справе, але ад нараджэння фізічна кволы ён з цяжкасцю пераносіў паходнае жыццё і лаўры слаўнага водцы і смелага рыцара яго не вабілі.

Паволі, як мокрае гарыць, з'язджаліся ў Менск харугвы шляхты і почты князёў і паноў. У назначаны тэрмін - на Вялікдзень - войска не сабралася. Пакуль гетман чакаў поўнага збору, многія з воінаў пачалі выказваць яму «силное непослушенство», а то і зусім уцяклі з лагера[14]. Зноў «вызначыліся» жамойты, якія без усякай ахвоты ішлі ваяваць за Літву. Жамойцкія атрады пакінулі Менск і адправіліся дадому. Па дарозе рабавалі ліцьвінскія вёскі не горш за наезджага ворага. Раззлаваны Жыгімонт Стары пагражаў усіх дэзерціраў «за горла имати».

Усё, што бачыў у менскім лагеры Чорны, было для яго добрым урокам - вайсковая справа далёкая ад рыцарскіх ідэалаў. Звады паміж воямі, спрэчкі з гетманам, непаслушэнства.

Нарэшце, 1 жніўня 1534 года, Юрый Радзівіл выступіў у паход з мэтаю адваявання Северскай зямлі. Аднак толькі рушылі харугвы ў шлях, як гетман атрымаў трывожную вестку ад амсціслаўскага дзяржаўцы Юрыя Зяновіча, які даносіў, што пад Смаленскам з'явілася вялікая маскоўская раць. Гетман павёў войска да ўсходніх межаў Літвы. І толькі каля Магілева Юрый Радзівіл даведаўся ад віжаў, што «вялікае маскоўскае войска» - усяго некалькі палкоў. Аднак за гэтымі палкамі чакалі падыходу асноўных сіл маскавітаў, таму гетман вырашыў не пакідаць безабаронную Ўсходнюю Літву. На Севершчыну ён паслаў з аддзелам кіеўскага ваяводу Андрэя Неміровіча, пад Смаленск - князя Аляксандра Вішнявецкага, а сам з астатнім войскам застаўся ў Магілеве.

Гэты паход не прынёс ліцьвінам значных вынікаў. Неміровіч паваяваў Севершчыну, захапіў гарадок Радагошч, але ні Старадуб, ні Чарнігаў, да якіх ён падступаўся, узяць не ўдалося. Адступіў з-пад Смаленска і Аляксандар Вішнявецкі. Надзея на лёгкую перамогу над маскавітамі, як дым, знікла. А неўзабаве трэба было думаць пра абарону Літвы.

Моцную дзяржаву пакінуў пасля сябе Васіль, моцную бясспрэчнай пакорлівасцю народа свайму гаспадару, моцную шматлікай арміяй. Вайна з Літвой не напужала ўрад Масковіі. Войска стаяла напагатове і чакала загаду юнага вялікага князя, і ён па просьбе мітрапаліта і Алены Глінскам даў гэты загад. Глыбокай восенню на Літву рушыла 150-тысячнае войска. Супрацьстаяць такой раці ліцьвіны не маглі ды і не чакалі яны паходу маскавітаў. Юрый Радзівіл распусціў на зіму шляхецкае апалчэнне, і вось вораг беспакарана паліў вёскі, браў у няволю людзей. Аж да Маладэчна дайшлі маскавіты, а некаторыя атрады з'явіліся ў пятнаццаці мілях ад Вільні.

Чорны бачыў страшэнны вынік маскоўскага нашэсця на Літву: папялішчы і смерць, бачыў гора тых, хто ўцалеў. Вайна паказала свой сапраўдны твар - кроў, слёзы, гора і разбурэнне. Не, не хацеў ён служыць жорсткаму Марсу. Няўжо ўсе спрэчкі павінны вырашацца зброяй? І пэўна тое, што ўбачыў Чорны пад Старадубам, зрабіла яго зацятым прыхільнікам міру. Летам наступнага года Чорны з братам Янам на чале сваёй почты ўдзельнічаў у паходзе Юрыя Радзівіла на Старадуб. Было сабрана 40-тысячнае войска.

З Польшчы атрад наймітаў у тысячу вершнікаў і пяцьсот драбаў прывёў гетман Ян Тарнаўскі. У ліпені Радзівіл рушыў на Гомель. Гомельскі намеснік князь Абаленскі-Шчэня збег, і горад пасля двухдзённага абстрэлу з гарматаў здаўся. Аднак за Старадуб кроў лілася ракой. Ліцьвіны патаемна зрабілі падкоп і ўзарвалі сцяну. Агонь ад выбуху перакінуўся на будынкі. Праз густы дым ліцьвіны рынуліся ў праём. Маскавіты двойчы адбіваліся і ўсё ж іх супраціўленне было зломлена.

Бесчалавечна павялі сябе польскія найміты, якія па загаду гетмана Яна Тарнаўскага перабілі «старых і меней годных»[15] сярод палонных. Невядома, ці ўдзельнічаў непасрэдна ў баі Чорны, а вось тое, што відовішча гэтае ўразіла яго, можна не сумнявацца. Такога не чакаў. Убачыць смерць людзей, убачыць усю жорсткасць і агіднасць вайны і адчуць нянавісць да яе ўсёй душой і сэрцам. І пэўна, тады ў той дзень, 29 верасня 1535 года, калі гарэў у агні Старадуб, калі зямля чырванела ад крыві, Мікалай Радзівіл цвёрда вырашыў не разбураць, не знішчаць, а будаваць і ствараць. Не вайна, а МІР.

Як бы ні працівіўся душой Мікалай вайне, але ж павінен быў выконваць свой абавязак па «абароне краю». Жыгімонт Стары прыехаў у Літву і «обмову чинил с паны радами своими о обороне земской». Было вырашана ўзяць дзве нядаўна пабудаваныя маскавітамі на межах Літвы цвержы Себеж і Завалочча. Сярод тых, «хто вперед маеть почты свои... слати, а которые сами мают ехати» Жыгімонт назваў і «панове Радиволове» Мікалая і Яна з іх почтай у 80 коней[16]. Усяго панскія і княжацкія почты склалі 1486 вершнікаў. Гэтае невялічкае войска і павёў у лютым 1536 года Андрэй Неміровіч пад Себеж. Аднак пад цвержу прыйшло і таго менш - 1200 вояў, як вынікае з паведамлення прускага шпіка на кракаўскім двары, а не 20 тысяч, як пішуць маскоўскія летапісцы[17]. Себеж заваяваць не ўдалося. Убачыўшы, што перад імі невялікі атрад, маскавіты выйшлі з горада, ліцьвіны не вытрымалі іх ціску і адступілі да возера. Раптам пад нагамі абламаўся лёд і шмат ліцьвінаў патанула. Маскавіты былі гаспадарамі становішча - білі і тапілі непрыяцеля. Тым, каму ўдалося вырвацца з сечы, паспешліва адступілі ад Себежа. Услед за себежскай перамогай маскавіты спалілі пасады Любеча і Віцебска. Няўдача пад Себежам стала добрым урокам панам-рады, якія зразумелі, што Масковію лёгка не пераможаш, а яшчэ, што горш, можна і прайграць вайну. Ініцыятарам мірных перамоваў з маскоўскім урадам выступіў Юрый Радзівіл, які адправіў князю Івану Абаленскаму ліст з прапановай не праліваць хрысціянскую кроў. Ці не паўплываў на ваяўнічага «літоўскага Геркулеса» антываенны настрой ягонага братаніча? Можна дапусціць, што Мікалай Чорны ў сямейным асяроддзі не аднойчы выказваў дзядзьку сваё адмоўнае стаўленне да гэтай вайны і ліст да Абаленскага Юрым Радзівіл мог напісаць пры ўдзеле братаніча. Алена Глінская і яе дума прынялі прапанову Юрыя Радзівіла. Пачаліся перамовы. Спрэчкі за землі ўсё ж не перашкодзілі ліцьвінскім паслам Яну Глябовічу і Мацею Вайтэховічу пагадзіцца з маскавітамі на пяцігадовае перамір'е, якое і падпісалі 25 сакавіка 1537 года. Паводле дамовы, за Літвой застаўся Гомель, а Старадуб адыходзіў да Масковіі. Хоць такі пажытак атрымала Літва з гэтай вайны - вярнула частку сваіх зямель.

Наступіла прымірэнне і ў Літве. Два магутныя роды - Радзівілы і Гаштольды - парадніліся паміж сабой. 17 траўня 1537 года ў Геранёнах адбыўся шлюб дачкі Юрыя Барбары з наваградскім ваяводам Станіславам Гаштольдам. Безумоўна, што і Чорны быў на іх вяселлі, і пэўна, шчыра радаваўся за сястру. Аднак чаго не мог ён прадбачыць, дык таго, што Барбара стане ягонай шчаслівай зоркай.

 

Паслуга ўладару

Хаця і не было ў Чорнага ніякай дзяржаўнай пасады, амаль усіх вяльмож ён ведаў. Менавіта да Чорнага і звярнуўся малады Жыгімонт Аўгуст, каб той агітаваў ліцьвінскіх дыгнітарыяў прасіць Жыгімонта Старога перадаць яму ўладу ў Літве. А да каго яшчэ было звяртацца Жыгімонту Аўгусту, як не да свайго старога сябра па кракаўскім жыцці. Становішча, у якім апынуўся Жыгімонт Аўгуст, не задавальняла яго - уладар без дзяржавы. Яшчэ ў 1526 годзе паны-рада, даведаўшыся, што папа рымскі выношваў задуму перацягнуць у каталіцтва вялікага князя Васіля ІІІ і надаць яму каралеўскую годнасць, хацелі абвясціць Жыгімонта Аўгуста вялікім князем літоўскім. Таму яны і адправілі паслоў у Кракаў да Жыгімонта Старога. Перад пагрозай таго, што Маскоўскае княства магло стаць каралеўствам, а Польшча ўжо даўно дамагалася, каб Літва была ў «пониженью, а жебы втелено им к короне», паны-рада выступілі з ініцыятывай ператварыць Вялікае Княства ў каралеўства, бо «тогды не може быти привлащоно к коруне Польской; бо коруна в коруну втелена быть не може»[18]. Жыгімонт Стары не стаў браць на сябе лішні клопат - справа складаная і доўгая, сварыцца з палякамі не хацелася. Ды каралева Бона пераконвала мужа дамагацца, каб Жыгімонта Аўгуста абралі мазавецкім князем. Якраз у гэты час памёр апошні нашчадак мазавецкіх Пястаў князь Януш. Хадзілі чуткі, што яго атруцілі з намовы Боны, якая жадала прыбраць да рук Мазавецкае княства. Прасілі ліцьвіны адпусціць Жыгімонта Аўгуста і ў 1529 годзе. Гэтым разам Жыгімонт Стары задаволіў іх просьбу. Маладога Жыгімонта Аўгуста вянчалі ў саборы святога Станіслава на вялікае княжанне, але фактычная ўлада вялікага князя заставалася ў ягонага бацькі. Пакуль Жыгімонт Аўгуст весяліўся з дзяўчатамі на кракаўскім двары і не цікавіўся дзяржаўнымі справамі, ён і не імкнуўся да княжання ў Літве. Бацька вырашаў там за яго справы. Але калі Жыгімонт Аўгуст пасталеў, дык роля ўладара без дзяржавы яму ўжо была не па душы. «Сорамна мне, - прызнаваўся ён, - перад самім сабой і людзьмі. Я кароль і князь, але без каралеўства і ўлады княжацкай і не маю нават месца, дзе мог бы жыць з каралевай-жонкай»[19]. Дваццаціпяцігадовы вялікі князь упершыню ў сваім жыцці праявіў характар і насуперак пратэстам Боны і польскіх вяльмож у 1544 годзе выехаў у Літву. Ехаў ён з адным жаданнем заручыцца падтрымкай ліцьвінаў, каб яны прасілі бацьку перадаць яму Вялікае Княства. І чалавек, якому ён даверыў сваю мару, быў Мікалай Чорны. А Мікалай адразу зразумеў асабістую выгаду ў выпадку, калі задуманае здзейсніцца, - новы вялікі князь літоўскі не забудзе ягонай паслугі.

Мікалай перагаварыў са сваімі братамі і тыя таксама згадзіліся дапамагчы Жыгімонту Аўгусту. Малады вялікі князь апынуўся пад пільнай апекай Радзівілаў. І яшчэ адна дарога прывяла Жыгімонта Аўгуста да дому Радзівілаў - да Гаранён. Там жыла прыгажуня Барбара. Прайшло два гады, як яна пахавала мужа. Аднак ягоную смерць забыла хутка і неўзабаве ў геранёнскім доме загучаў смех гасцей, якія часта наведвалі прыгожую гаспадыню. І многіх Барбара ашчаслівіла сваім каханнем. Тагачасны польскі публіцыст Станіслаў Аржэхоўскі пісаў пра «каханне» Барбары: «Сенатар, шляхціц, багаты, бедны, знатны, нязнатны, нават брацішак кляштарны, мешчанін, селянін, конюх і кожны, каго ўважаем за сапраўднага лайдака, у яе аддаваўся распусце нават супраць сваёй волі»[20]. Відаць, не перабольшваў Аржэхоўскі, калі сам Чорны, які добра ведаў, што адбываецца ў Геранёнах, асуджаў сястру за любоў да «асалодаў д'ябальскіх»[21]. Жыгімонт Аўгуст, які «не могучы здеръжати прырожоное хтивости своем ку белым головам»[22] марыў пазнаёміцца з прыгожай і вясёлай удавой. І вось выдалася нагода. Паколькі са смерцю Станіслава Гаштольда гэты род вымер, дык паводле закону Вялікага Княства іх уладанні пераходзілі да вялікага князя. Вось, нібыта і ехаў Жыгімонт Аўгуст у Геранёны, каб узяць гэтае мястэчка сабе. Некалькі тыдняў гасцяваў ён у Барбары, спасылаючыся на тое, што хаваецца ад эпідэміі, якая на той час лютавала ў Літве. А сапраўды і ён, зачараваны яе «павабамі і пяшчотамі», закахаўся і, як пісаў сакратар панскага нунцыя Граціані, «з запалам яе пажадаў»[23].

Восенню на Берасцейскім сойме сама гарачымі прыхільнікамі Жыгімонта Аўгуста выступілі Радзівілы, асабліва стараўся Чорны. Галоўным праціўнікам быў віленскі ваявода і канцлер Ян Глябовіч, які палохаўся, што з прыходам да ўлады Жыгімонта Аўгуста той трапіць пад уплыў Радзівілаў. Сойм ужо заканчваўся, а Жыгімонт Стары не даваў адказу. І вось 6 кастрычніка ён усё ж падпісаў акт, якім перадаваў уладу ў Літве свайму сыну. Пэўна, доўга думаў бацька пра лёс сына - трэба было ратаваць таго ад шкоднай апекі Боны - і вось як выйсце - пакінуў Жыгімонта Аўгуста ў Вільні вялікім князем.

Новы вялікі князь не забыў паслугу Мікалая Чорнага і надаў яму пасаду маршалка земскага, што адчыняла дзверы ў палату паноў-рады.

 

Дзеля славы роду

Як высветлілася, Жыгімонт Аўгуст не гарэў жаданнем клапаціцца пра дзяржаву. «Выхаванец нявест» зусім не быў прывучаны да той ролі, якая выпала яму. Дзяржаўныя справы адымалі час, які можна было правесці ў весялосці і задавальненні, таму часта ён спыняў сваіх саноўнікаў: «Не трэба мне дыспутаў... я так хачу» і на гэтым заканчваўся разгляд дзяржаўных спраў[24]. Куды больш увагі аддаваў вялікі князь уладкаванню свайго двара ў Вільні. Сабіраў карціны эўрапейскіх майстроў, якімі ўпрыгожыў палац. Некалькі пакояў заняла бібліятэка. Для выезду на «людзі» сабраў 27 карэт і 167 коней. Дарагія і прыгожыя рэчы сталі для Жыгімонта Аўгуста атрыбутам ягонай велічы. Што ж наконт дыспутаў, дык пагаварыць вялікі князь любіў, асабліва пра новыя плыні ў рэлігіі - лютэранства і кальвінізм. Невыпадкова пры віленскім двары жылі казнадзеі з рэфармацкімі поглядамі.

Але больш за ўсё перашкаджалі Жыгімонту Аўгусту прысвяціць сябе дзяржаве забавы і ловы. Ніколі яшчэ ў велікакняжацкім палацы так часта не даваліся балы і маскарады, на якіх весялілася радавітая моладзь. І ні адзін вялікі князь не праводзіў столькі часу ў пушчах на ловах. Гэтак у 1546 годзе ён паляваў 223 дні. Пабываў у Белавежскай, Берштанскай, Аліцкай, Вігрынскай, Акеніцкай, Рудніцкай пушчах. Пад Лаварышкамі ледзь выратаваўся ад параненага мядзведзя, які задраў на ягоных вачах аднаго з лоўчых.

Весела жылося Жыгімонту Аўгусту. Камендант Бары, які прыязджаў у Вільню, са скрухай прызнаваўся: «Не здзіўляюся, як малады кароль клапоціцца аб сваіх падданых у Літве. Нічым ён там грунтоўным не займаецца. Цалкам аддаўся ўцехам, танцам, маскарадам»[25]. Другі сведка пісаў так: «Акружыла яго цэлая зграя нежанатых аднагодкаў: смех і размовы толькі аб дзяўчатах, а пасля танцы, гутаркі, музыка, флірты, паляванне і на тым сыходзілі дарэмна ягоныя найлепшыя гады»[26]. Мірная перадышка, якая выпала Вялікаму Княству, і ўнутраны спакой падманвалі Жыгімонта Аўгуста прывідным абяцаннем, што яснае неба над Літвой будзе заўсёды.

Мікалай Чорны апынуўся ў няёмкім для яго становішчы - з аднаго боку, як маршалак земскі павінен знаходзіцца пры вялікім князі, а значыць, і ўдзельнічаць у ягоных забавах, а з другога боку - падобнае марнаванне часу не падабалася яму.

Замест ловаў і бесклапотнага жыцця Чорны выбраў для сябе інтарэсы дзяржавы і ездзіў у гэтым годзе да Жыгімонта Старога паслом ад паноў-рады па пытаннях агульнай манеты для Польшчы і Літвы. Прымаў удзел у працы пруска-ліцьвінскай камісіі па вызначэнню мяжы паміж гэтымі краінамі. Шмат часу адымала ў Чорнага і непасрэднае выкананне абавязкаў маршалка земскага, падрыхтоўка і правядзенне вальнага сойма ў 1547 годзе.

Аднак лёс Мікалая Чорнага ўжо цесна быў звязаны з лёсам Жыгімонта Аўгуста, і перамены ў жыцці вялікага князя неслі перамены і ягонаму жыццю. Не забыўся Жыгімонт Аўгуст пра прыгажуню Барбару Радзівіл. Смерць жонкі Альжбэты 15 чэрвеня 1545 года вызваліла яго ад путаў Гіменея. Нават хадзілі пагалоскі, што Альжбэту атруцілі з намовы Барбары Радзівіл. Нядоўга насіў Жыгімонт Аўгуст жалобу па сваёй памершай жонцы - балі, маскарады зноў весялілі яго. Часта ў палац на гэтыя балі прыязджала па Жыгімонтавым запрашэнні Барбара. Толькі Жыгімонту Аўгусту мала было бачыць каханую, ён хацеў быць з ёю. Ноччу, патаемна, закаханы манарх прыходзіў да Барбары, балазе яе дом стаяў непадалёк ад палаца. Як таго ні хаваў Жыгімонт Аўгуст, але ягоныя начныя візіты сталі вядомы. Чорны і Руды прасілі вялікага князя, каб «неславы дому их не чынил»[27]. А з Радзівіламі ён мусіў лічыцца: сваю сястру яны ў наложніцы не аддадуць. Вялікі князь паабяцаў больш не сустракацца з Барбарай і мог стрымаць сваё слова, каб дні разлукі не былі сапраўднай пакутай. Зразумеў ён, што не ў сілах адмовіцца ад кахання да Барбары. Дый што яму было рабіць? Ажаніцца з каханай, але велікакняжацкая годнасць не дазваляла ўзяць жонку не з роду венцаносцаў. Як прызнаваўся Жыгімонт Аўгуст: «...маю надзею, што Пан Бог, якога штодня прашу, не дапусціць мяне да такога падзення, бо магу зло ўжыць супраць свайго розуму»[28]. Як было слабавольнаму Жыгімонту Аўгусту наважыцца на шлюб з Барбарай, пайсці супраць маці, каралевы Боны, якая сватала яму дачку прускага герцага Альбрэхта Ганну-Софію? Аднак каханне не ведае забаронаў і забабонаў - Жыгімонт Аўгуст зноў потайкі адправіўся да Барбары і сустрэў Чорнага і Рудога. «Милостивии королю, не мел еси то до сестры нашое ходити, а тепер для чого еси пришол?» - падступілі з пытаннем да Жыгімонта Аўгуста Радзівілы. Пэўна, зразумеў ён, што павінен рашыцца на адчайны крок, бо назаўсёды згубіць каханую - і рашыўся. «А што ведаете, можэть теперешнее прыистье мое ку сестре вашеи вчинити вам большую славу, честь и пожиток». І Радзівілы пагадзіліся з вялікім князем: «Боже, даи то»[29]. У тую ж ноч каплан Радзівілаў патаемна абвянчаў Жыгімонта Аўгуста і Барбару. Сведкамі іх вянчання былі Чорны, Руды ды іх сваяк Станіслаў Кезгайла. Адбылося гэта ў пачатку ліпеня 1547 года. За святочным сталом у гонар маладых не гучала радасных здравіц шматлікіх гасцей. Трывожнае пачуццё невядомасці замяніла радасць. Нібыта не вяселле, а змова - змова супраць лёсу. Як успрымуць Жыгімонт Стары і Бона шлюб свайго сына, як паставяцца да гэтага вяльможы ў Літве і Польшчы? Жаніцьба венцаносца - гэта перш за ўсё справа палітыкі і не пачуцці манарха тут галоўныя, а інтарэсы дзяржавы і дынастыі. І ўсё ж якое вяселле без спеваў? Напаўголасу спявалі за сталом старую беларускую песню «Едзе Вітаўт па вуліцы»[30]. Пэўна, напаўголасу і крычалі маладым «горка». Вось такім, зусім не каралеўскім, было гэтае вяселле.

Мікалаю Чорнаму даручыў Жыгімонт Аўгуст нялёгкую місію - улагодзіць Жыгімонта Старога і Бону. Не адкладваючы спраў, Чорны разам са Станіславам Кезгайлам у пачатку жніўня адправіўся ў Польшчу, адтуль ён збіраўся ў Вену да двара імператара Карла V з афіцыйным паведамленнем пра смерць Альжбэты.

У Сандаміры Чорны сустрэўся з каронным гетманам Янам Тарнаўскім. Да свайго здзіўлення Чорны даведаўся ад гетмана, што пра шлюб Жыгімонта Аўгуста ўжо ведаюць у Польшчы. Свет не без добрых людзей. Таямніца перастала быць таямніцай. Паводле парады Тарнаўскага, маладых мог абараніць кракаўскі біскуп Самуіл Маціеўскі. А гэта была ўжо значная падтрымка. Біскупа Чорны знайшоў у Пётркаве, дзе ў гэты час знаходзіўся і Жыгімонт Стары. 27 жніўня Радзівіл прыехаў у Пётркаў і ўжо наступным днём яго прыняў кароль. Пра шлюб Мікалай прамаўчаў, толькі перадаў Жыгімонту Старому прывітанне ад сына. Пасля аўдыенцыі Чорны сустрэўся з Самуілам Маціеўскім. Той і распавёў яму, што на вестку аб жаніцьбе Жыгімонта Аўгуста стары кароль са скрухай прамовіў: «Калі яму не спадабалася тая, якую мы яму раілі, дык няхай бярэ каго хоча»[31]. Здавалася, Жыгімонт змірыўся з выбарам сына, але вось Бона? Яна спрабавала выведаць пра шлюб сына ў блізкіх да Радзівілаў людзей і паслала ў Літву сваіх шпікаў. Чорны, даведаўшыся пра гэта, папярэджваў Рудога, каб Барбара і Жыгімонт Аўгуст асцерагаліся і захоўвалі ў таямніцы свой шлюб. Дзейнічаў і Жыгімонт Стары. Ён афіцыйна паслаў запрашэнне сыну прыехаць на Пётркаўскі сойм і самому растлумачыць размовы аб жаніцьбе з Барбарай Радзівіл. Чорны ў сваім лісце раіў вялікаму князю прызнацца толькі на Пётркаўскім сойме, каб ніхто не паспеў учыніць выступ супраць яго жонкі.

З Польшчы Чорны адправіўся ў Вену. Сустрэча з імператарам Карлам V прынесла Мікалаю жаданы поспех. Імператар задаволіў ягоную просьбу і надаў яму і Яну Радзівілу тытул князёў на Алыцы і Нясвіжы, а Мікалаю Рудому - князя на Біржах і Дубінках. Тут у Вене высветлілася, што Тарнаўскі не проста за добрае слова паспрыяў Радзівілу, а за паслугу, бо для яго Мікалай «выпрасіў» графскі тытул. Але імператар не ад добрай душы «ашчаслівіў» Радзівілаў і Тарнаўскага. Як прызнаўся Чорны - тытул яму дорага каштаваў. Гэта не былі выкінутыя на вецер грошы дзеля задавальнення самалюбства. Радзівілы імкнуліся ўзвысіць веліч і гонар свайго роду, каб паноў і шляхту як у Літве, так і ў Польшчы не бянтэжыла, што іх новая вялікая княгіня і каралева з роду разбагацеўшых паноў.

Пакуль Чорны быў у Вене, пачаўся Пётркаўскі сойм, на які прыехаў Жыгімонт Аўгуст. Бацькі не адобрылі шлюб: «...ёсць рэч няслушная і быць яе ня можа»[32]. Бона не стрымлівала сваіх пачуццяў, залілася слязьмі з-за гэтага «нефартуннага» ўчынку сына. У такім становішчы было б неразумна паведаміць пра шлюб яшчэ і сойму. Заставалася паціху сабіраць сваіх прыхільнікаў. І Жыгімонт Аўгуст падкупляў грашыма польскіх саноўнікаў. Пэўна, і шлюб Чорнага з дачкой польскага канцлера Крыштофа Шыдлавецкага Альжбэтай меў на мэце перацягнуць на бок Радзівілаў і Жыгімонта Аўгуста ўплывовы на Польшчы род Шыдлавецкіх. Сватам выступіў Ян Тарнаўскі. Неўзабаве пасля сойма 12 лютага 1548 г. у Сандаміры адыгралі вяселле паміж Чорным і Альжбэтай, на якім прысутнічаў і Жыгімонт Аўгуст.

Жыгімонт Стары звярнуўся да паноў-рады з просьбай угаварыць сына адмовіцца «ад непрыстойнай жаніцьбы, якая і нам, і яго міласці вялікае прыніжэнне, а панствам нашым нямалую знявагу прычыніла»[33]. Калі ўлічыць, што многім у Літве не падабалася ўзвышэнне Радзівілаў, то яны не адобрылі ўчынак свайго ўладара. Паны-рада слёзна прасілі Жыгімонта Аўгуста «абы того не чынил и неровни собе, подданое своее, за малъжонку не брал»[34]. Жыгімонт Аўгуст «слухати не хотел» іх. Не пахіснулі яго і шматлікія пасквілі на Барбару. Але ад каханай ён не адмовіўся.

Навіна пра смерць бацькі 1 красавіка 1548 года не толькі засмуціла вялікага князя, але надала надзею. 17 красавіка Жыгімонт Аўгуст паслаў па Барбару, каб афіцыйна як сваю жонку ўвесці ў велікакняжацкі палац. Сам сустрэў яе каля палаца і паведаміў панам: «иж ся вже з нею давно отдал, и шлюб брал»[35]. Паны і шляхта наракалі на валадара, які ўзяў за жонку сваю падданую і гэтым абразіў гонар дзяржавы, але павінны былі змірыцца з ягоным выбарам. Аднак у Польшчы Жыгімонту Аўгусту далі бой. Велікапольская шляхта і панства думалі запрасіць на каралеўства Габсбурга. У Малой Польшчы апазіцыю ўзначаліў вялікі маршалак і кракаўскі ваявода Пётра Кміта. І зноў Жыгімонт Аўгуст звярнуўся па дапамогу да Чорнага. Палякі сустрэлі Чорнага варожа: «Радзівілаў - здрадзівілаў трэба знішчаць жалезам, агнём і морам»[36]. Пра Барбару распаўсюджваліся сама чорныя і неверагодныя чуткі. Казалі, што яна палюбоўніца Чорнага, называлі яе чараўніцай, нягодніцай. Вядомы памфлетыст Аржэхоўскі заяўляў, што Барбару «меў усякі, хто толькі хацеў»[37]. На дзвярах дамоў, дзе спыняўся Чорны, ягоныя праціўнікі вывешвалі абразлівыя пасквілі на Радзівілаў. «Сэрца з тых вершаў баліць», - прызнаўся Чорны ў лісце да Мікалая Рудога[38]. «Балела сэрца», але рукі Радзівіл не апускаў. Па просьбе вялікага князя ён арганізоўваў сустрэчу Барбары ў Польшчы. Чуткі аб прыездзе Барбары яшчэ больш раззлавалі ворагаў «няслаўнага каралеўскага малжэнства». Раздаваліся заклікі не дапускаць Барбару да караля, а дарадцаў гэтага шлюбу пакараць смерцю. Барбару, калі яна асмеліцца заявіцца ў Польшчу, утапіць у Вісле, а галоўнага спраўцу «няслаўнага малжэнства» Чорнага павесіць. Даставалася і Жыгімонту Аўгусту. «Мы, палякі, маем, на жаль, караля не толькі распешчанага на пачатку свайго жыцця, але таксама безразважлівага ў справах і ў слове, хутчэй блазна, чым караля», - заяўляла шляхта[39]. Не заставалася ўбаку і каралева Бона: «Гэты шлюб будзе пачаткам заняпаду панства яго каралеўскай міласці», - пагражала яна[40]. Дайшло да таго, што прыхільнікі караля не маглі выехаць з дому без аховы. Прыезд Барбары толькі падліў бы масла ў агонь. Аднак Чорны і Жыгімонт Аўгуст разумелі, што адступаць нельга. Кожнае праяўленне іх слабасці надасць упэўненасці праціўнікам. Ды і закранулі іх гонар. Жыгімонт Аўгуст як мужчына не мог дапусціць абразы сваёй жонкі. Быў зняважаны і Чорны: «Заўжды кожны мовіць, што яна проста не дапушчана да каранацыі, бо яна такая, як пра яе тут увогуле пішуць і кажуць»[41].

Чорны і Тарнаўскі сабралі прадстаўнічую групу польскіх саноўнікаў для сустрэчы Барбары. Чорны напісаў у Літву брату Яну, Мікалаю Рудому, Станіславу Кезгайлу, каб яны выязджалі ў Польшчу. Не губляў дарэмна часу і Руды, ён перацягнуў на свой бок троцкага ваяводу князя Януша Гальшанскага, князя Юрыя Слуцкага і Івана Гарнастая. Не ўдалося ўгаварыць галоўнага праціўніка Радзівілаў Гараніма Хадкевіча, але і без яго Барбару суправаджалі не апошнія людзі Вялікага Княства.

У верасні Барбара ў атачэнні сваёй світы і пад аховай атрада ваяроў прыехала ў Польшчу. У першым жа мястэчку Лошыцах яе прывітаў на чале двухсот вершнікаў Фларыян Зэброўскі. А ў Лукаве ўрачыста сустракалі каралеўскую жонку Пётра Фірлей, Ян Касцельскі, Андрэй Тэнчынскі, Андрэй Наскоўскі і другія польскія вяльможы. Жыгімонт Аўгуст і Чорны кідалі выклік сваім праціўнікам. Гэта павінна было астудзіць гарачыя галовы - кароль не намераны адракацца ад сваёй жонкі. Ёсць у яго сіла і ёсць з кім абараніць Барбару. Каля Радамлі ён сам спаткаў Барбару. Пашану Жыгімонт Аўгуст аказваў сваёй жонцы, як каралеве. Ад ягонага імя Барбару прывітаў падканцлер кароны Мікалай Грабя. У Радамлі кароль даў гасцям шыкоўны абед і на вачах усіх адправіўся ў пакоі да Барбары. Зноў паказаў, што яна перад Богам і людзьмі ягоная жонка. Тры тыдні пражылі Жыгімонт Аўгуст і Барбара ў Радамлі, нібыта хаваліся там ад усяго свету, які так варожа ставіўся да іх кахання. Няўмольна беглі дні і надышоў час адпраўляцца на сойм, дзе павінен быў вырашацца лёс Барбары.

Апазіцыі так і не ўдалося вымусіць караля вырачыся Барбары, а Жыгімонту Аўгусту - дамагчыся згоды на каранаванне сваёй жонкі. Дэпутат ад шляхты Станіслаў Лупа Падлатоўскі нават пужаў караля, што з-за ягонага шлюбу «альбо разальецца хрысціянская кроў, альбо самі крывёю сваёю заплацім»[42]. На гэта Жыгімонт Аўгуст адказаў: «Адпусціць мне яе (Барбару. - В.Ч.) нельга, перад Панам Богам узяў я шлюб з ёй, нельга мне зычыць такое, каб адпусціў яе, ці што іншае чыніць супраць закону хрысціянскага... калі шлюб свой і прысягу парушу, дык такім чынам і вольнасці вашы парушу»[43]. Застаўся кароль непахісным і тады, калі дэпутаты пасольскай палаты на чале з Кмітам упалі перад ім на калені і прасілі адмовіцца ад Барбары.

Ціск апазіцыі не слабеў і Жыгімонт Аўгуст гатовы быў адмовіцца ад польскай кароны і хай «у апошняй кашулі», але застацца разам са сваёй жонкай. Ян Тарнаўскі і Самуіл Маціеўскі ўгаворвалі караля не рабіць гэтага. Зразумеўшы, што сілавы ціск на караля дасць іншы вынік - той проста пакіне Польшчы яе карону, дэпутаты сойма прапанавалі кампраміс: Барбару прызнаць жонкай караля, але не каралевай. Жыгімонт Аўгуст быў абрадаваны гэтай важнай для сябе ўступкай і ледзь не пагадзіўся на яе. Але не дзеля гэтага стараўся Чорны, аддаў столькі грошай і сіл, што «сам ледзьве жывы», каб Барбара засталася без каралеўскай кароны. Ён выступіў супраць прапановы апазіцыі, давёўшы Жыгімонту Аўгусту, што адмова каранаваць Барбару - гэта абраза яму і жонцы і пазбаўляе ягоных нашчадкаў права на польскую карону.

 

Польская каралева

Быць Барбары польскай каралевай або не быць, залежала ад таго, як абодва варагуючых паміж сабой бакі выкарыстаюць час перад новым соймам. Жыгімонт Аўгуст адразу паспяшыў да каханай у Радамль. І адтуль разам з ёю выправіўся ў Кракаў. Па дарозе да караля далучыліся некаторыя з ягоных праціўнікаў. Асабліва важны быў пераход серадзскага ваяводы Станіслава Ласкага і біскупа хелмскага Яна Драгойскага.

Бона дэманстратыўна пакінула Кракаў і з'ехала ў Варшаву, каб толькі не бачыць Барбару. А яна цяпер стала гаспадыняй каралеўскага замка - Вавеля. Просты люд шчыра вітаў на вуліцах каралеўскую абранніцу. У Барбары адлягло ад сэрца. Людская радасць падбадзёрыла яе. Жыгімонт Аўгуст забыўся і на сваё каралеўства, і на ўсё на свеце, днямі прападаў у пакоях Барбары. Весткі, што кароль з-за чар сваёй жонкі занядбаў справы дзяржавы, разыходзіліся па Польшчы і трывожылі паноў і шляхту. Занепакоены Чорны пісаў Барбары, каб яна шукала «міласці і прыязнасці людской», а не бавіла час ва ўцехах з мужам. Барбары не спадабалася братава прапанова. Такая «няўдзячнасць» сястры абразіла Чорнага. «Для фаміліі сваёй далібог аб той кароне руплюся, але для яе (Барбары. - В.Ч.) кроку не ступіў бы ...толькі, каб каранавалі, а пасля няхай за сваё здароўе сама просіць...», - прызнаваўся ён Рудому[44]. Падстаў для хвалявання хапала. Велікапольская шляхта па-ранейшаму была настроена па-ваяўнічаму. Як герояў, сустрэла яна дэлегатаў з Пётркаўскага сойму. Жыгімонт Аўгуст вырашыў сам адправіцца ў Вялікую Польшчу, каб суцішыць тутэйшую шляхту. Разам з ім захацела ехаць і Барбара. Чорны, Руды і гетман Тарнаўскі адгаворвалі караля ад намеру ўзяць з сабой Барбару. Яе з'яўленне ў Вялікай Польшчы шляхта магла ўспрыняць як выклік. Зрэшты эпідэмія, якая ўспыхнула ў Польшчы, вымусіла і караля застацца ў Кракаве. Сам жа Чорны ў пачатку жніўня 1549 года вярнуўся ў Літву для разгляду судовых спраў. У дарозе ён атрымаў радасную вестку: у яго нарадзіўся сын. Паводле Радзівілаўскай традыцыі, першынца назвалі Мікалаем.

У Літве Чорны доўга не затрымаўся, паспеў толькі ахрысціць сына. Зноў клікаў яго Жыгімонт Аўгуст. Прысутнасць Чорнага надавала каралю ўпэўненасці ў сабе і каб была такая мажлівасць, дык пэўна, і не разлучаўся б са сваім шваграм. Але і ў Кракаве Мікалай Чорны прабыў нядоўга. Сорак тысяч крымскіх татараў пад кіраўніцтвам ханскіх сыноў ваявалі Падолле і Галіцыю. Жыгімонт Аўгуст паслаў на ворага польскае войска з гетманам Янам Тарнаўскім. Чорны таксама выехаў з Кракава ўзначаліць абарону Валыні. Лаўраў на полі сечы Мікалай не здабыў - татары, нарабаваўшы дабра і захапіўшы палон, вярнуліся ў Крым. Тым не менш Жыгімонт Аўгуст палічыў, што ёсць падстава надаць Чорнаму пасаду гетмана. Зразумела, не за вайсковыя заслугі, а жадаючы падвысіць становішча свайго галоўнага саюзніка супраць апазіцыі. Толькі Чорны, які ўжо на свае вочы ўбачыў, што такое вайна, не прагнуў прысвяціць сябе службе Марсу. Нават годнасць гетмана не прываблівала Мікалая Радзівіла. Упершыню за гісторыю Літвы вяльможа адмовіўся ад прапанаванай яму гетманскай булавы. Усё ж яго маральныя прынцыпы былі вышэйшымі за славу, здабытую праліццём людской крыві.

Тым часам паволі вырашалася і справа Барбары. Жыгімонт Аўгуст паводле парады Чорнага адправіў пасольства да Габсбургаў, абяцаючы не падтрымліваць свайго пляменніка Яна Заполі, які змагаўся за вугорскую карону, а ўзамен прасіў дапамагчы супраць апазіцыі. Ход быў правільны.

Першым на бок Жыгімонта Аўгуста перайшоў прымас Мікалай Дзяргоўскі, за ім здаліся і галоўныя праціўнікі каралеўскага шлюбу: Кміта, Горка, Тэнчынскі і іншыя. На сойме яшчэ раздаваліся галасы супраць шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл, але яны ўжо нічога не значылі. Пытанне каранацыі Барбары было вырашана. Цяпер паны і шляхта радасна крычалі: «Хай будзе забіты той, хто яе не хоча мець за панну»[45]. Чорны мог павіншаваць сябе з перамогай дзеля «славы продкаў».

Нарэшце 9 снежня 1550 года прымас Дзяргоўскі ўрачыста надзеў на галаву Барбары Радзівіл каралеўскую карону. Радавацца б гэтай падзеі і самой Барбары, і Жыгімонту, і Радзівілам, але радасць азмрочвалася пагаршэннем здароўя новай польскай каралевы. Барбара згасала на вачах. Яе лекар Пётра з Познані прадказваў каралеве хуткую смерць. Праз два месяцы пасля каранацыі Барбару цяжка было пазнаць. «Схуднела так, што адны косці засталіся», - паведамляў Чорны Рудому[46]. Ды і сама Барбара адчувала, што нядоўга ёй наканавана жыць. Паводле сведчанняў, вярнуўшыся з каранацыі, Барбара зняла з сябе карону і са смуткам прамовіла: «Да іншай кароны пан нябесны мяне воліць. Прасіце яго за мяне, каб замяніў цяжар на нябесны вянец, а мілага мужа майго пасля мяне ў жалобе суцешыў»[47]. Неўзабаве яна злягла ў ложак і, адчуваючы блізкую смерць, прасіла мужа пахаваць яе ў Вільні. Ён не адыходзіў ад ложка, на якім згасала каханая жанчына. Лекары нічым не маглі дапамагчы хворай. У адчаі Жыгімонт Аўгуст прасіў Чорнага і Рудога прыслаць з Літвы чараўнікоў, якія б узяліся вылечыць Барбару. Чорны выязджаў на Падляшша і знайшоў там трох чараўніц, якіх адправіў у Кракаў. Пад іх даглядам здароўе Барбары трохі палепшылася, але хвароба не адступала. У пачатку красавіка Барбара ўжо не мела сіл паварушыцца, цела яе высахла, а ногі распухлі. 8 траўня 1551 года, адчуваючы смерць, Барбара прыняла камунію (прычашчэнне), спавядалася, пасля чаго папрасіла ўсіх прысутных пакінуць яе пакой. Апошнія гадзіны жыцця яна правяла з чалавекам, які за яе гатовы быў адрачыся ад каралеўства. Жыгімонт Аўгуст плакаў ад гора. На ягоных вачах Барбара і памерла.

У смерці Барбары падазравалі каралеву Бону. Тагачасныя гісторыкі пісалі, што Барбару атруціў сакратар Боны Людвіг Монці. Падазрэнні павялічыліся асабліва пасля таго, як Бона паспешліва з'ехала з Польшчы, прыхапіўшы з сабой каштоўнасці з дзяржаўнай скарбніцы. Невыпадкова, што Чорны звязеніў «чараўніцу» Боны і трымаў яе ў Берасці, пэўна, і ён лічыў старую каралеву віноўніцай смерці сваёй сястры.

 

Некаранаваны ўладар

Чорны шчыра шкадаваў сястру і яе змучанага горам мужа. І ўсё ж Радзівіл не забываўся і пра тое, што трэба жыць далей. У лісце да Рудога ён прасіў брата трымацца адзін аднаго. Згода ім цяпер была патрэбна. Апазіцыя супраць Радзівілаў ажыла з надзеяй, што Жыгімонт Аўгуст забудзецца пра сваю ласку да іх. Жыгімонт Аўгуст паспрабаваў «суцешыць» свайго швагра, паабяцаўшы даць пасаду віленскага ваяводы, якая вызвалілася пасля смерці Яна Глябовіча. І стрымаў сваё слова. На Віленскім сойме ў снежні 1551 года Чорны атрымаў гэтую пасаду і ва ўласнасць Клецк і Давыд-Гарадок, а Руды - пасаду дзяржаўцы шумілінскага. Жыгімонт Аўгуст перадаў Чорнаму на захоўванне дзяржаўны архіў дзеля таго, каб, па словах Радзівіла, дакументы і граматы мінулых часоў «на час прышлый потомству и обывателям великого князьства Литовского ведомость, славу и можность приносить могли»[48].

Такім чынам, Чорны, трымаючы ў сваіх руках тры важнейшыя пасады Вялікага Княства: маршальства земскае, канцлерства і віленскае ваяводства - стаў першым дыгнітарыем Літвы, а ў адсутнасць вялікага князя фактычна з'яўляўся некаранаваным уладаром дзяржавы. Дый што там карона, калі сам Жыгімонт Аўгуст цалкам апынуўся пад уплывам Чорнага. Не было ў той час сярод эўрапейскіх вяльмож ніводнага, які меў бы такую ўладу над сваім гаспадаром. Амаль кожнае рашэнне Жыгімонт Аўгуст прымаў толькі са згоды і парады Чорнага. Сучаснікі пачалі тлумачыць гэтую залежнасць гаспадара ад свайго падданага чарадзействам. Аўстрыйскі пасол Ян Ланг гэтак і лічыў: «Формуламі чарадзейскімі і д'ябальскімі ўплывамі апанаваў ён (Радзівіл. - В.Ч.) поўнасцю караля і тое, што радзіць, нагаворвае, што скажа і што пажадае, тое кароль чыніць, не зважаючы ні на чыю раду, у справах рэлігійных, ці справах панства, ці іншых важных справах[49]. І ў справах сардэчных Жыгімонт Аўгуст залежаў ад Чорнага. Радзівіл шукаў для караля жонку. Урэшце Чорны схіліў яго прасіць рукі дачкі імператарскага брата аўстрыйскага эрцгерцага Фердынанда І Катарыны, якая аўдавела пасля смерці свайго мужа - мантыйскага герцага. Гэты шлюб быў карысны перш за ўсё Літве. Варожыя адносіны Габсбургаў з Польшчай прымусілі тых ісці на саюз з Масковіяй. Чорны ведаў пра былую дамову імператара Максіміліяна і Васіля ІІІ аб падзеле Літвы і вось, каб унікнуць паўтарэння падобных хаўрусаў, ён і вырашыў ажаніць Жыгімонта Аўгуста з прадстаўніцай Габсбургаў. Неўзабаве высветлілася, што Чорны як у ваду глядзеў. Польскія паслы ў Рыме данеслі Жыгімонту Аўгусту, што вялікі князь Іван Васілевіч патаемна нават ад сваіх баяр зносіцца з імператарам Карлам V і просіць у яго каралеўскага тытулу, абяцаючы прыняць каталіцтва і прызнаць на Масковіі духоўную ўладу папы рымскага. Нічога добрага гэта не абяцала Літве. Зноў аднаўляўся саюз паміж Імперыяй і Масковіяй, а з наданнем маскоўскаму князю каралеўскай годнасці прызнавалася б папам законнасць захопу Масковіяй ліцьвінскіх земляў.

Для Чорнага не выклікала сумненняў, што на дамаганне кароны Іван Васілевіч наважыўся пад уплывам «ласкі і надзеі імператара». Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Катарыны Габсбург і дапамог бы спыніць інтрыгі Карла V. Чорны раіў Жыгімонту Аўгусту схіліць папу рымскага Юліяна ІІІ і калегію кардыналаў не падтрымліваць імператара ў ягоных спробах надаць маскоўскаму князю каралеўскі тытул, а калі не атрымаецца, прасіць, каб папа патрабаваў ад Івана вярнуць захопленыя Масковіяй ліцьвінскія землі. Прапанова Радзівіла і стала планам дзеяння. У Рым адправілася пасольства. Неўзабаве папа напісаў Жыгімонту Аўгусту, што жаданню Івана ён не спрыяе. Цяпер заставалася «нейтралізаваць» Карла V. Паслом да яго і паехаў Чорны ў лютым 1553 г. З імператарам Радзівіл не сустрэўся, а вось з Фердынандам пабачыўся ў Вене і паведаміў пра мэту свайго пасольства. Каб Фердынанд быў больш згаворлівым, Чорны паабяцаў яму адстойваць інтарэсы Габсбургаў пры польскім двары.

Адмаўляцца ад такой дапамогі было неразумна. Як высветлілася, Фердынанд нічога не чуў пра жаданне маскоўскага князя стаць каралём, але з ахвотай вызваўся перашкодзіць яму. Ён адгаварыў Чорнага ехаць да імператара і сам напісаў брату, каб той не спрыяў Івану ў ягоным памкненні. Вырашылася і справа са шлюбам Жыгімонта Аўгуста і Катарыны. Фердынанд абрадаваўся, што можна ўдала ўладкаваць сваю эпілептычную дачку. Калі склалі дамову, адбыліся зашлюбіны, на якіх Чорны сімвалічна прадстаўляў жаніха. 31 ліпеня 1553 года Аўгуст павёў пад вянец сваю трэцюю жонку. На вяселлі піў за здароўе маладых і Чорны. Ён мог быць задаволены. Планы Івана ІІІ атрымаць карону - сарваў, зблізіў Жыгімонта Аўгуста з Габсбургамі.

Была і ўзнагарода ад Фердынанда - тытул «графа на Шыдлоўцах».

Адна справа перашкодзіць Івану Васілевічу набыць каралеўскую карону, а другая - паразумецца з ім. Тут ужо было складана. Маскоўскі гасудар не адмаўляўся ад міру з Літвой, але пры ўмове, калі за ім застануцца захопленыя раней ліцьвінскія землі і калі аддадуць Полацкую, Кіеўскую і Валынскую землі, ды яшчэ прызнаюць царом. Хто ж у Літве мог згадзіцца з такімі ўмовамі? Абедзве дзяржавы за апошні час так часта скрыжоўвалі паміж сабой зброю, што нарэшце ўжо стаміліся ад вайны.

Польскія дыгнітарыі падбухторвалі Жыгімонта Аўгуста на вайну з Масковіяй. Спадзяваліся, што перад маскоўскай зброяй ліцьвіны самі запросяць вуніі з Польшчай. Чорны заставаўся верным свайму прынцыпу: мір, а не вайна. Разам з віленскім біскупам Паўлам Гальшанскім яны ў 1555 г. напісалі грамату да мітрапаліта Макарыя і маскоўскіх баяр, каб «кровь бы ся христьянская невинная на обе стороны не разливали» і прапанавалі ім парадзіць Івану Васілевічу «абы з нашим государем миру и доброго пожитье похотел»[50]. Пасольства рыхтавалася ў строгай таямніцы, апроч Чорнага і Гальшанскага пра яго ведалі Іван Гарнастай ды сам пасол. Такая таямнічасць тлумачылася апаскай Радзівіла, што палякі пастараюцца перашкодзіць пасольству. Каб не выклікаць у іх падазрэнняў, паслом у Масковію Чорны адправіў не дзяржаўных вяльмож, а прыватную асобу - купца Дзяменція.

Іван Васілевіч быў не супроць прадоўжыць тэрмін замірэння, але і цяпер злаваўся, што ў грамаце няма царскага тытулу. Выпраўляючы сваіх паслоў да Радзівіла, ён загадаў перадаць першаму дыгнітарыю ліцьвінаў, што царскі тытул даў маскоўскім уладарам імператар Максіміліян і царом яго называе турэцкі султан. Чорны дыпламатычна заявіў паслам, што пра наданне маскоўскім князям царскага тытулу нічога не «ведамо», а калі іншыя хрысціянскія венцаносцы не называюць Івана царом, то і літоўскаму ўладару «тым именем именовать брата своего, вашего государя не годитца». Што ж тычыцца турэцкага султана, «они яко завжды о том мыслили, абы межы государей християнских невзгоды видели и справы и обычеи своих именований у християнство уводили»[51]. Радзівіл далікатна намякнуў Івану Васілевічу, хай прызнаюць яго царом у Эўропе, а пасля ўжо і ў Літве прызнаюць.

Жыгімонт Аўгуст быў пастаўлены перад фактам - Іван Васілевіч чакае ад яго пасольства для новага замірэння. Уступаючы патрабаванням паноў-рады, ён паслаў у Масковію князя Збаражскага, які ў 1556 годзе і заключыў замірэнне на шэсць гадоў. Гэта была яшчэ адна важная перамога Чорнага, якая дала магчымасць Літве далучыць да сябе Лівонію.

 

Пазвольская перамога

Лівонія ўжо не была той пагрозлівай краінай, якая непакоіла сваіх суседзяў войнамі. Доўга яна залечвала раны пасля паразы ад Масковіі ў 1518 годзе, а моц Лівонскага ордэна засталася толькі ў аповедах кронік. Мір прыйшоўся даспадобы лівонцам. Багацела з гандлю Рыга і яе жыхары. Бесклапотна пачувалі сябе ў сваіх замках і маёнтках феадалы, балявалі і весяліліся, ганялі звера ў лясах. Ордэнскія рыцары забыліся пра былую славу сваіх папярэднікаў і зброю насілі, як упрыгожанне. Не мужнасцю і подзвігамі выхваляліся, а хто каго перап'е ў карчме або поспехамі гульні ў косці. Лівонскі краніст Бальтазар Русаў са скрухай прызнаў: «...чым далей, тым больш, з дня ў дзень, сярод уладароў ды іх падданых пашыраліся вялікая самаўпэўненасць, гультайства, фанабэрыя, раскоша і пахвальба, разбэшчанасць і бязмерная распуста і бессаромнасць»[52]. Нават магістры Ордэна і біскупы і тыя «ўпалі ў такую распусту, што сорамна аб гэтым і нагадваць»[53]. Ордэн уяўляў зборышча мужчын, якія не ведалі, куды прыкласці свае сілы. Стары магістр Генрых фон Гален лепшым сродкам выратаваць Ордэн ад поўнай згубы бачыў у вайне. Так спадзяваўся ён вярнуць сваім рыцарам баявы дух. Ні з Масковіяй, ні з Літвой Ордэн не асмеліўся памерацца сіламі. Ахвярай будучай перамогі было выбрана герцагства Прусія. Ордэнскія саноўнікі разлічвалі зброяй выгнаць адтуль герцага Альбрэхта і аднавіць уладу Тэўтонскага ордэна. Фінансавую дапамогу рыцарам абяцаў брушнвейскі князь. Праз шпікаў Альбрэхт даведаўся пра небяспеку свайму герцагству. Яшчэ ў 1552 годзе Альбрэхт прапаноўваў Жыгімонту Аўгусту далучыць Лівонію да Вялікага Княства Літоўскага. І вось ён зноў вярнуўся да гэтай думкі.

У палове жніўня 1554 года ў Вільню да Жыгімонта Аўгуста прыехаў прускі пасол Бранд, які і нагадаў вялікаму князю даўнейшую Альбрэхтаву прапанову наконт Лівоніі. План Альбрэхта быў просты і, здавалася, надзейны. Альбрэхт планаваў з дапамогай стрыечнага брата Жыгімонта Аўгуста рыжскага архібіскупа Вільгельма пасадзіць на месца рыжскага каад'ютара (наступніка) князя Мекленбургскага Крыштофа. А пасля таго як Крыштоф стане магістрам, дык зліквідуе Ордэн і прызнае сябе васалам Літвы, а Жыгімонт Аўгуст абвесціць яго герцагам Лівоніі.

Бранд падзяліўся планамі Альбрэхта з Чорным. Тлумачыць Радзівілу выгады далучэння Лівоніі да Вялікага Княства не трэба было. Лівонія - гэта выхад да мора такіх жыццёва важных рэгіёнаў Літвы, як Полаччына і Віцебшчына, гэта пашырэнне гандлю з Эўропай. Лівонія з яе замкамі прыкрыла б ліцьвінскія землі ад магчымага ўдару маскоўскіх рацей з флангу. Лёгкасць і бяскроўнасць авалодання Лівоніяй падкупіла і Радзівіла, і Жыгімонта Аўгуста. А тое, што да іх далучыўся ордэнскі ландмаршал Яспар фон Мюнстэр, і ўвогуле прымусіла забыцца пра сумненні і ваганні.

І ўсё спачатку было добра. Крыштоф напрыканцы кастрычніка 1555 года заявіўся ў Кралевец і збіраўся ў Лівонію. Альбрэхт хацеў, каб Жыгімонт Аўгуст як апякун рыжскага біскупства афіцыйна паведаміў лівонскім уладам аб прыездзе Крыштофа. Вялікага князя ў Вільні Альбрэхтаў пасол не застаў, аднак Чорны ўзяўся за свой кошт выправіць пасольства ў Лівонію. Да магістра і архібіскупа паехаў Каспар Ласкі. Тут і высветлілася, што не ўсё так добра, як гэта ўяўлялася. Генрых фон Гален заявіў Радзівілаўскаму пасланцу, што для выбару Крыштофа каад'ютарам трэба згода не толькі архібіскупа, але і другіх лівонскіх прадстаўнікоў. І ў Галена быў свой кандыдат - комтур Феліна (зараз горад Вільяндзі ў Эстоніі) Вільгельм фон Фюрстэнберг. Пад уплывам магістра прадстаўнікі лівонскіх станаў каад'ютарам абралі менавіта Фюрстэнберга. Даведаўшыся, што на баку Вільгельма і Крыштофа стаіць Жыгімонт Аўгуст і Альбрэхт, магістр паспяшыў падрыхтаваць войска і запрасіў дапамогі ў імператара і ў нямецкіх герцагаў. Жыгімонт Аўгуст, які не вельмі жадаў абцяжарваць сябе новымі клопатамі ды яшчэ сварыцца з імператарам, з палёгкай гатовы быў паставіць кропку ў «лівонскай справе». Чорны таксама не настойваў на ажыццяўленні плана далучэння да Вялікага Княства Лівоніі, асцерагаўся, што гэта давядзе да вайны.

Можа, усё і скончылася б непаразуменнем паміж магістрам і рыжскім архібіскупам, калі б нецярплівы Мюнстэр не пачаў дзейнічаць. Разлічваў ён на тое, што Жыгімонт Аўгуст не кіне яго на волю лёсу. Ордэнскае войска, якое ўзначаліў Вільгельм фон Фюрстэнберг, разбіла атрад Мюнстэра. Мяцежны ландмаршал уцёк у Літву, дзе заклікаў Чорнага схіліць вялікага князя да вайны з Ордэнам. Пра тое самае неўзабаве прасіў Чорнага і архібіскуп Вільгельм. Становішча яго было нялёгкае. Ратуючыся ад рыцараў, Вільгельм схаваўся за кукейноскія сцены. Ненадзейная абарона, і гэта разумеў архібіскуп. Ягоны ліст да прускага герцага Альбрэхта з просьбай прыслаць 10 тысяч ваяроў перахапіў Фюрстэнберг. Стала ясна, наколькі небяспечны для рыцараў архібіскуп - рыхтуе Ордэну згубу. Гален выправіў Фюрстэнберга з войскам на Кукейнос. Чорны праз свайго пасла Каспара Ласкага запэўніваў Вільгельма, што не пакіне яго без дапамогі. Але як дапамагчы? Варта заступіцца са зброяй, дык паміж Літвой і Ордэнам пачнецца вайна. А Чорны быў супраць праліцця крыві. Да вайны падштурхоўваў і Альбрэхт, устрывожаны весткай, што лівонскія рыцары рыхтаваліся высадзіцца ў Прусіі. З другога боку на Чорнага насядалі Мікалай Руды і Гаранім Хадкевіч, якія ўзначалілі ліцьвінскае войска і прагнулі перамогі над Ордэнам.

Так і не прыйшла да архібіскупа ўзброеная дапамога з Літвы. Кукейнос захапілі рыцары, а Вільгельм апынуўся ў вязніцы. У ліпені 1556 года каля Салат рыцарскае войска сустрэлася з ліцьвінскім войскам, толькі мяжа падзяляла іх. Руды нецярпліва чакаў гаспадарскага дазволу на баявыя дзеі. Магістр Гален паслаў да Чорнага спытацца, дзеля чаго на лівонскай мяжы стаіць ліцьвінскае войска. Адказ Радзівіла, што гэта перасцярога з-за неспакойнага становішча ў Лівоніі, не задаволіў Галена. У Ордэне падазравалі, што Літва падрыхтавалася да паходу ў Лівонію. Трывогі рыцараў не былі дарэмнымі. Паны-рада выступалі за вайну і быць ёй, калі б Чорны не ўтрымаў Жыгімонта Аўгуста, нагадаўшы яму куды больш сур'ёзную пагрозу, чым Ордэн, - Масковію. 13 ліпеня Чорны прыняў у Вільні лівонскіх паслоў. Яны хацелі ведаць умовы, па якіх можна заключыць мір, і пачулі, што аб міры не можа быць ніякай размовы, пакуль Вільгельм сядзіць у няволі. З такім адказам Чорнага лівонскія паслы вярнуліся ў Рыгу. А ў Вільні тым часам кіпелі спрэчкі. Адныя з паноў-рады падтрымлівалі Чорнага, другія, наадварот, выступалі за вайну, а сярод іх Руды, Гаранім Хадкевіч і Станіслаў Давойна. Маскоўскі пасол Алфёраў пісаў, што Руды і Хадкевіч «паміж сабой сябры, а недруг ім абодвум ваявода віленскі і паміж сабой б'юцца смяротным боем»[54].

Довады Чорнага, што вайна з Лівоніяй немінуча прывядзе да больш цяжкай вайны з Масковіяй, ягоныя апаненты не прымалі. Саюзнікаў Чорны знайшоў у асобе біскупаў Пратасевіча і Даманоўскага. Відаць, сапраўды нялёгка давялося Радзівілу, калі ён, кальвініст, вымушаны быў звяртацца па дапамогу да каталіцкіх біскупаў. Але і ў прыхільнікаў вайны быў моцны саюзнік - прускі герцаг Альбрэхт. Ягоныя паслы паведамілі Жыгімонту Аўгусту, што Прусія гатова выступіць супраць Лівоніі. Гэтая навіна натхніла Рудога і ягоных паплечнікаў, і яны не адступалі ад свайго патрабавання. Толькі Чорны заставаўся непахісным, заявіўшы, што пакуль жывы - не дапусціць вайны з Лівоніяй. Жыгімонт Аўгуст не прымаў канчатковага рашэння. Ён таксама рад быў пазбегнуць вайны, але і праігнараваць волю слуг Марса не мог. Неўзабаве з'явілася надзея, што «лівонскае пытанне» вырашыцца мірна. У Вільню прыехаў ордэнскі пасол Мельхіер Фолкерсам, які ад імя Вільгельма фон Фюрстэнберга прапанаваў Чорнаму заключыць мір. Фолкерсам паведамляў, што лівонскія станы абяцалі прызнаць рыжскім архібіскупам зняволенага Вільгельма, а Крыштофа - каад'ютарам. Прадугледжваўся ў дамове і саюз супраць Масковіі. Калі ж дайшло да справы, дык высветлілася, што Фолкерсам не мае паўнамоцтваў ад лівонскіх станаў, і размовы пра мір засталіся толькі размовамі. Ад пасла рэвельскага біскупа Чорны даведаўся, што Фолкерсам звычайны шпік, які прыехаў выведаць пра настроі ў Літве. Тым не менш Чорны зразумеў, што і ў Лівоніі супраць абвастрэння адносін з Літвой, а значыць лівонцы на парозе таго, каб прыняць ліцьвінскія ўмовы. Разумным было б не падганяць падзеі. З гэтым згадзіўся і Жыгімонт Аўгуст.

14 верасня ён выехаў у Польшчу, даручыўшы Чорнаму кіраваць Вялікім Княствам.

Палякі радзілі Жыгімонту Аўгусту пачаць вайну з Лівоніяй. А тут яшчэ стала вядома, што ад рукі рыцараў загінуў пасол Чорнага Каспар Ласкі. Устрывожаны Жыгімонт Аўгуст вярнуўся ў Вільню, каб на месцы разабрацца, што рабіць далей. Было вырашана склікаць шляхецкае апалчэнне і дэманстрацыяй сілы прымусіць Лівонію прыняць ліцьвінскія ўмовы. Летам 1557 года ліцьвінскае войска было сабрана - 70 тысяч ваяроў. Што магла выставіць супраць Лівонія? Ордэн - 5 тысяч вершнікаў ды біскупства - 12 тысяч, яшчэ 12 тысяч конніцы і 20 тысяч пяхоты на дапамогу Лівоніі сабралася ў Нямеччыне. Значная колькасная перавага была на баку Літвы. Ну, а калі ўлічыць, што лівонскія ваяры за мірным часам даўно развучыліся ваяваць, дык лівонскае войска падобна было на ўзброены натоўп. Ва ўсёй Лівоніі ледзь знайшлі чалавека, які ўмеў на барабане выбіваць баявыя загады. Толькі хмяльныя напоі і падымалі дух лівонскіх ваяроў.

Жыгімонт Аўгуст асабіста ўзначаліў паход. Чорнага вялікі князь прызначыў маршалкам польным, а Мікалая Рудога - гетманам. 10 жніўня ліцьвінскае войска рушыла да лівонскай мяжы. Сваю справу дэманстрацыя сілы зрабіла. Вільгельм фон Фюрстэнберг, выбраны магістрам пасля смерці Генрыха фон Галена, асабіста 13 верасня прыбыў у Пазвол, дзе стаяла ліцьвінскае войска. Чыя сіла - той і дыктуе свае ўмовы. А сіла была на баку ліцьвінаў, таму магістр пагадзіўся вызваліць з няволі Вільгельма і вярнуць яму біскупскую годнасць, абраць на месца каад'ютара Крыштофа, заключыць вайсковы саюз супраць Масковіі (ініцыятарам гэтага саюзу быў Чорны), дазволіць свабодны гандаль у Лівоніі ліцьвінскім купцам і выплаціць кантрыбуцыю ў 60 тысяч коп літоўскіх грошаў. Наступным днём, 14 верасня, была заключана дамова паміж Літвой і Лівоніяй. Канфлікт, дзякуючы намаганням Чорнага, так і не перарос у вайну.

 

Нелюбоў

Толькі не лаўры дасталіся Радзівілу, а дакоры і абвінавачванні.

Як сведчыць Алфёраў, паны і шляхта скардзіліся на Радзівіла, маўляў, «падымаў віленскі (ваявода) караля на лівонскіх немцаў, а зямлі... у той вайне вялікая страта... жываты свае ў той службе паклалі, а прыйшоўшы... на ўкраіну на нямецкую, ваявода віленскі караля вярнуў, а сабе... прыдбаў вялікія выгоды, а яны за тое ваяводу ўсе яго людзі не любяць, і чорныя людзі ўсе на яго скардзяцца, кажуць гвалт ад яго вялікі»[55]. Сведчанне Алфёрава дапамагае нам уявіць, у якой маральнай атмасферы даводзілася Чорнаму жыць і працаваць. Як кажуць: «Няма прарока ў сваёй Айчыне». Прынцып мірнага вырашэння канфлікту, які так упарта адстойваў Чорны, быў незразумелым для ягоных сучаснікаў. На той час панавалі іншыя прынцыпы. Лепшы сродак дамагчыся свайго - сіла, нават калі яна прынясе часовую выгоду, а ў перспектыве можа стаць і бядой. Аднак мала хто думаў пра будучае, большасць жыла сённяшнім днём, а калі і задумвалася, дык не далей заўтрашняга дня. А Чорны разглядаў падзеі ў іх развіцці - да чаго, урэшце рэшт, яны могуць прывесці, што яны прынясуць не сёння, а праз год, праз дзесяткі гадоў. І ніяк не верылася панам-радзе і шляхце, што Чорны рупіцца пра дзяржаву, а не шукае сабе карысці. Было б памылкай растлумачыць «нелюбоў» да Радзівіла толькі блізарукасцю і недальнабачнасцю ягоных сучаснікаў. Вядома, гэта і следства ягонай вялікай улады і багацця, што выклікала зайздрасць, гэта і злосць на першага вяльможу за панесеныя страты падчас паходу на Лівонію. А галоўная прычына «нелюбові» да Радзівіла - гэта тое, што менавіта ён узяўся за чорную працу - ажыццявіць аграрную рэформу ў Вялікім Княстве.

Вечная бяда Вялікага Княства - пустая скарбніца. Ні падаткі, ні надзвычайныя зборы не кампенсавалі выдаткі на дзяржаўныя расходы. Трэба было шукаць іншыя крыніцы грошай. Жыгімонт Аўгуст скарыстаў вопыт маці, каралевы Боны. Тая ў сваіх уладаннях правяла рэформу, сутнасць якой заключалася ў тым, каб даць сялянам стандартныя зямельныя ўчасткі - валокі. За карыстанне валокамі сяляне і павінны былі плаціць падатак або выконваць дзяржаўныя павіннасці. Землі гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, разбіваліся на валокі, за якія гараджане таксама мусілі плаціць падатак. Апроч таго, рэформа прадугледжвала і рэвізію велікакняжацкіх пушчаў з мэтай уладкавання лясной гаспадаркі і прыняцце мераў супраць злоўжыванняў пры карыстанні ляснымі багаццямі. Царкоўная дзесяціна замянялася наданнем кожнаму прыходу адной ці дзвюх валокаў, вызваленых ад плацяжоў. Адначасова меркавалася праверыць у паноў і шляхты правы на карыстанне зямлёю. На думку Жыгімонта Аўгуста, падобная рэформа садзейнічала б «прымнажэнню гаспадарскіх пажыткаў». Правядзенне рэформы Жыгімонт Аўгуст даручыў Мікалаю Чорнаму, выдаў прывілей, каб рэвізоры «в тую службу ставленые способляли ся наукою, помочъю и обороною...»[56] віленскага ваяводы. Як толькі стала вядома, што Жыгімонт Аўгуст збіраецца «ўзводзіць навіну», дык шляхта паспяшалася выказаць пратэст і незадавальненне. Праверка правоў на зямлю выявіла, што шмат хто незаконна прыбраў да рук дзяржаўныя землі. Рэвізоры вярталі захопленыя ўчасткі і прыпісвалі іх да дзяржаўных уладанняў. Сустракаліся і такія шляхціцы, якія не толькі не прадставілі дакументаў на права мець зямлю, але і не мелі пацвярджэння свайго шляхецтва. Гаспадарскую канцылярыю завалілі скаргамі і просьбамі не мерыць шляхецкія землі на валокі. Незадаволенымі былі і мяшчане дзяржаўных гарадоў. Паменшылася роля гарадскіх сходаў і ўзрасла ўлада пастаўленых вялікім князем войтаў. Непакоіліся і сяляне. Свабодным пагражала закабаленне ў стан цяглых сялян, а таму і яны падавалі чалабітныя ў канцылярыю аб захаванні іх ранейшага становішча. Цяглым сялянам не падабалася тое, што яны замацоўваліся за зямлёй і тым самым пазбаўляліся апошняй волі. А паколькі Мікалай Чорны праводзіў рэформу, дык ён і стаў у вачах людзей прычынай «бяды», яму і слалі праклёны. Да гонару Чорнага, ён уважліва адносіўся да скаргаў і просьбаў, што паступалі ў дзяржаўную канцылярыю. Гэтак, у адказ на чалабітную Упіцкай воласці канцлер асабіста выязджаў на месца і, пераканаўшыся ў цяжкім становішчы насельніцтва, дамогся ад Жыгімонта Аўгуста змяншэння там падаткаў[57]. І ўсё ж якія б добрыя намеры ні меў Чорны, як бы ні апраўдваліся яго дзеянні дзяржаўным інтарэсам, яго «ўсе не любілі».

А ў 1556 годзе, паводле паведамлення маскоўскага пасла, Чорнага хацелі нават забіць. У гэты час цяжка захварэў Жыгімонт Аўгуст, і лекары ўжо не ўтойвалі таго, што выратаваць яго нельга. Усе чакалі смерці ўладара і паны-рада думалі запрасіць на велікакняжацкі пасад вугорскага караля Ўладзіслава. Аднак стала вядома, што Чорны адправіў ліст да імператара з просьбай пасля смерці ЖыгімонтаАўгуста пасадзейнічаць «быць яму на Віленскім княжанні Літоўскім»[58]. План Чорнага стаць вялікім князем не падабаўся дзяржаўным мужам Літвы, нават Мікалай Радзівіл Руды і той выступіў супраць брата. А паколькі перашкодзіць Чорнаму рэальнай сілы ў іх не было, дык вырашылі забіць яго. І калі б Жыгімонт Аўгуст не выздаравеў, можа, услед за ім на той свет адправіўся б ягоны першы дарадчык.

Не любілі Чорнага і за актыўную дзейнасць на ніве рэфармацыі каталіцкага касцёла. Хіба магло падабацца католікам тое, што Радзівіл зачыняў у сваіх уладаннях касцёлы, выганяў ксяндзоў і адчыняў кальвінскія зборы або на ўвесь голас называў католікаў «ерэтыкамі», а папу - «стодам рымскага капішча... сейбітам зеліва, антыхрыстам, сляпым павадыром з пароды яшчарак»[59]. Вядома ж, не падабалася. Вярхі каталіцкай царквы ў Польшчы і Літве малілі Жыгімонта Аўгуста забараніць Чорнаму прапаганду Рэфармацыі. Аднак і ад самога Жыгімонта Аўгуста Чорны дамагаўся пераходу ў пратэстанцтва. Нават угаварыў яго наведаць пратэстанцкую службу. Але ці маглі гэта дапусціць католікі? Калі Жыгімонт Аўгуст у суправаджэнні Чорнага адправіўся ў збор, насустрач ім выбег дамініканец Кіпрыян. Ён схапіў за аброць каралеўскага каня і ўсклікнуў: «Продкі вашай мосці ездзілі на малітву другой дарогай, вунь той»[60] і паказаў на каталіцкі храм. І Жыгімонт паехаў да касцёла.

Поспехі Чорнага ў Рэфармацыі ўстрывожылі каталіцкі клер у Літве. У Вільню нават прыехаў у 1555 годзе папскі легат Алаіз Ліпамані, каб ратаваць касцёл. Аднак і легат быў бяссільны перад Радзівілам. Як прызнаваўся адзін з сучаснікаў: «Касцёлы ў Літве заняпалі, бо ўсіх пацягнуў за сабой Радзівіл, не толькі поглядамі рэлігійнымі, але сваім аўтарытэтам, бо ён шмат значыць і шмат можа зрабіць, больш чым усе разам узятыя біскупы»[61]. Ліпамані абмежаваўся пісьмовай дыскусіяй з Чорным, назваўшы яго ерэтыком і грэшным чалавекам. І атрымаў адказ: «Той ваш занятак рымскі сабе імя справіў, што не трэба па іншых знаках у вас ерэтыка пазнаваць»[62]. У гэтай дыскусіі з папскім легатам Чорны выказаў свой погляд на рэлігію: ён адмаўляў вяршэнства папы над касцёлам, маўляў, яна ўзурпавана, не прызнаваў культу святых, бо Хрыстос не завяшчаў іх адпраўляць. Пост лічыў выдумкай «папістаў». Не верыў ён у чысцілішча і пакуты пекла. Выступаў за ўжыванне мовы «айчыннай» у набажэнстве і малітвах. Дарэчы, за ягоны кошт у Нясвіжы ў 1562 годзе Сымон Будны выдаў беларускамоўны «Катэхізіс», а польскія кальвіністы выдалі ў Берасці «Святое пісьмо», перакладзенае на польскую мову. Зразумелая тая нянавісць каталіцкіх і праваслаўных святароў да Чорнага. Над касцёлам і царквой у Літве навісла смяротная пагроза. Ва ўсіх 700 каталіцкіх парафіях у Вялікім Княстве ў 1566 годзе ўцалела адна тысячная частка католікаў. Пахіснуліся і пазіцыі праваслаўнай царквы. Гэтак, у адным Наваградскім ваяводстве было зачынена 650 праваслаўных цэркваў[63].

Несумненна, што Чорны падыходзіў да Рэфармацыі і з палітычнымі мэтамі. Пазбавіць касцёл і царкву іх багатых уладанняў, за якія яны не неслі цяжару абароны краю, але затое шчодра жывіліся ягонымі багаццямі; адхіліць святарства ад дзяржаўных і свецкіх спраў. Зрэшты, і шляхта выступала з такімі патрабаваннямі на Берасцейскім (1544) і Віленскім (1547) соймах. Так што Чорны выказваў погляды найбольш прагрэсіўнай часткі грамадства, якая жадала абнаўлення духоўнага жыцця, каб скінуць панаванне сярэднявечнай закасцянеласці.

Рэфармацкую царкву Мікалай Радзівіл разглядаў і як выйсце са становішча рэлігійнага падзелу народу на праваслаўных і католікаў. Улада і багацце дазвалялі Радзівілу з'яднаць ліцьвінаў у хрысціянскім братэрстве абноўленай і народнай царквы. Каб хапіла яму часу, дык Літва магла стаць пратэстанцкай краінай. Не хапіла.

Што ж, Мікалая Радзівіла Чорнага напаткаў лёс многіх рэфарматараў, якія старыну рушылі і навізну ўводзілі, - заслужыў ён ад сучаснікаў «нелюбоў».

 

Далучэнне Лівоніі

Збліжэнне Лівоніі з Літвой занепакоіла маскоўскага ўладара Івана Жахлівага, бо перашкаджала ягоным планам выхаду Масковіі да Балтыйскага мора. Пасля заваёвы Казанскага і Астраханскага ханстваў Іван Жахлівы рыхтаваўся да захопу Лівоніі, нават у граматах ужо тытулаваў сябе гасударом Лівонскім. Спадзяваўся Іван на лёгкую перамогу, і вось у Лівоніі з'явіўся саюзнік - Літва. Іван Жахлівы чакаць не стаў. Зачэпку для пачатку вайны ён знайшоў - дэрпцкі біскуп не плаціў даніну паводле даўняга пагаднення з Масковіяй. У студзені 1558 года маскоўскае войска рушыла на Лівонію.

Ордэн звярнуўся па дапамогу да шведскага караля Густава Вазы, але той, палохаючыся Масковіі, адмовіўся заступіцца за Лівонію. Рэвельскі магістрат шукаў паратунку ў Даніі, ды толькі дацкі кароль Хрысціян ІІІ не адважыўся сварыцца з маскавітамі. Заставалася лівонцам прасіць абароны ад ворага ў Літвы. Іван Жахлівы прадбачыў гэты варыянт і паспрабаваў нейтралізаваць Літву, звязаўшы ёй рукі мірнай дамовай. У Вільню прыехаў маскоўскі пасол Раман Алфёраў і прапанаваў ад імя свайго ўладара пачаць перамовы пра мір і саюз супраць Крымскага ханства.

І ўсё адбывалася, як задумаў Іван. Сапраўды, паны-рада з захапленнем прынялі ягоную прапанову, але... Адзіным, хто разгадаў хітрасць Івана, быў Мікалай Радзівіл Чорны. Той, хто глядзіць далёка, той і разумее, што і да чаго дзеецца сёння. Згадзіцца на саюз з Масковіяй супраць Крымскага ханства - зрабіць ласку Івану Жахліваму, дазволіць яму без боязі за свой тыл забраць Лівонію. Крымскае ханства можа стаць саюзнікам Літвы. Чорны пераканаў вялікага князя і паноў-рады не згаджацца на саюз супраць Крыма, а мір з Масковіяй трымаць. Сам Чорны і адказаў паслу, сустрэўшыся з ім: «Вы приехали от государя к нашему государю о покое государском с добром: и государю то нашему за честь с вашим государем хотят дружбы и братства и о християнстве стоять заодин, да в дружбе бы меж государей была правда»[64]. Нагадаў Чорны, што крымскі хан «посаженник» турэцкага султана, а той памірыўся да «сями колен» з Жыгімонтам Аўгустам. І хаця за «неправду» і трэба выгнаць хана з Крыма, але турэцкі султан будзе помсціць «нашему государю». А на заканчэнне Чорны адкрыта прызнаўся: «Да лихи вы, верить нельзя, ничем вас не утешить»[65].

Гэтым разам справа не дайшла да міру - зноў з-за спрэчак аб «отчинах». Пасол Васіль Тышкевіч настойваў на вяртанні Літве Смаленска: «А гасудару нашаму не ўзяўшы сваіх вотчын, нельга мірыцца - які гэта мір узяў ды не аддаць»[66]. Іван Жахлівы ў адказ заявіў, што не толькі Смаленск «вотчына наша спрадвечная», але Кіеў, Валынь, Падолле, Полацак і Віцебск. Незгаворлівасць ліцьвінаў раззлавала Жахлівага, і ўжо нават на замірэнне ён не згадзіўся. Што датычыцца Лівоніі, дык Іван таксама прама і ясна адказаў: «Віфлянты спрадвечныя нашыя даншчыкі»[67].

І маскоўскае войска здабывала свайму ўладару Лівонію. Пала Нарва, на міласць пераможцаў здаўся Дэрпт, а за ім і Негаўз. Магістр Вільгельм Фюрстэнберг на чале ордэнскага войска ўцякаў ад ворага. Лёс Лівоніі, здавалася, быў вырашаны - стаць вотчынай Масковіі. Фюрстэнберг склаў з сябе абавязкі магістра, перадаўшы ўладу над Ордэнам маладому Готгарду Кетлеру. Надзеі свае Кетлер ускладаў на Жыгімонта Аўгуста. Яшчэ раней, у лютым 1559 года, разам з пасламі рыжскага архібіскупа ездзіў ён у Кракаў прасіць у караля польскага заступніцтва ад Масковіі. Жыгімонт Аўгуст спаслаўся, што без рады польскіх станаў і без «правых падстаў» не можа дапамагчы Лівоніі. Тады Кетлер звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста як да вялікага князя літоўскага, абяцаючы Літве частку лівонскіх зямель. Можа, і зараз Жыгімонт Аўгуст адмовіў бы, але на ягоную бяду ў Кракаве быў і Чорны. А ён добра разумеў тую небяспеку, што пагражае Літве ў выніку захопу маскавітамі Лівоніі. Масковіі выпадала б зручная магчымасць ударыць па Літве з флангу, а галоўнае, што з заваёвай Рыгі гандаль Полаччыны і Віцебшчыны трапляў у залежнасць ад новых гаспадароў гэтага горада - непрымірымых ворагаў ліцьвінаў. Лівонію трэба было ратаваць і пазіцыя Чорнага вызначыла пазіцыю Жыгімонта Аўгуста. Вялікі князь згадзіўся дапамагчы Лівоніі, было вырашана скласці ліцьвіна-лівонскае пагадненне аб сумесных дзеях супраць Масковіі. Вярнуўшыся ў Літву, Чорны ўзяўся агітаваць паноў-рады падтрымаць рашэнне Жыгімонта Аўгуста. Мала таго, ён ідзе яшчэ далей. Чорны паспрабаваў схіліць Рыгу прыняць падданства Літвы. Радзівілаў пасол Ян Борылен 7 траўня 1559 г. выступіў у рыжскім магістраце: «Пан ваявода віленскі не хоча дапусціць, каб слаўнае месца заняпала і прапануе ад сябе з-за сваёй зычлівасці, калі хочуць быць абаронены пад тыраніі маскоўскага князя, паддацца Жыгімонту Аўгусту. На другіх умовах кароль не будзе абараняць Рыгу»[68]. Гэтая прапанова была падобна на ўльтыматум. Рыжскі магістрат яшчэ спадзяваўся выратаваць горад ад маскоўскай заваёвы з польскай дапамогай і без такой кабальнай умовы. Радзівіл атрымаў адмову, толькі гэтая няўдача не парушыла ягонай задумы далучыць Лівонію да Літвы. Што ж, паспяшаўся, лепш пачакаць, калі Лівонія сама на каленях стане прасіць Літву прыняць яе да сябе. Як і было вырашана, у жніўні Кетлер прыехаў у Вільню скласці з Жыгімонтам Аўгустам дамову. Ён прасіў на сойме не пакідаць Лівонію на волю маскавітаў, бо гэта пагражае і Літве, суседні пажар трэба тушыць, калі не з-за прыязнасці да суседа, дык дзеля сваёй небяспекі і выратавання. Папярэдняя агітацыя Чорнага дала свой плён - шляхта і паны-рада выступілі за абарону Лівоніі. Адзінае, чаго яны не прынялі, дык просьбу Кетлера, каб і Польшча ўдзельнічала ў дамове. Літва сама ў сілах абараніць Лівонію. 31 жніўня 1559 года Кетлер падпісаў дамову. Паводле яе, магістр перадаваў Ордэн разам з ягонымі ўладаннямі пад апеку вялікага князя літоўскага, які атрымаў у заклад ордэнскія замкі Боўск, Рэжыцу, Люцын, Дынабург і Зельбург і землі ад ліцьвінскай мяжы па Дзвіне да Ашэрадана. Закладзеныя землі і замкі Ордэн мог пасля вайны выкупіць за 600 000 гульдэнаў. Жыгімонт Аўгуст абавязаны быў патрабаваць ад Івана Жахлівага вывесці маскоўскае войска з Лівоніі, вярнуць назад нарабаванае і палон, а ў выпадку адмовы абараняць Лівонію зброяй. Да гэтай дамовы 15 верасня 1559 года далучыўся і архібіскуп рыжскі, аддаўшы Жыгімонту Аўгусту ў заклад замкі Марыенгаўзен, Леневард з правам іх выкупа за 100 000 гульдэнаў.

Ліцьвінскія станы аднадушна выказалі жаданне змагацца з маскавітамі.

Чорны па-ранейшаму выступаў за мір з Масковіяй і, перш чым ісці біцца за Лівонію, варта было б паразумецца з царом Іванам. Затое польскія саноўнікі патрабавалі ад Жыгімонта Аўгуста «стаць» за лівонскую зямлю і не слаць у Маскву пасольства, а ў выпадку адмовы пагражалі непадпарадкаваннем.

Жыгімонт Аўгуст пад уплывам Чорнага адправіў у Маскву дзяка Андрэя Івановіча. Апроч велікакняжацкай граматы са скаргамі на памежныя непаразуменні Івановіч прывёз і ліст Чорнага. Мікалай Чорны прасіў баяр угаварыць свайго гасудара спыніць вайну ў Лівоніі, бо яна можа перашкодзіць заключэнню вечнага міру паміж Літвой і Масковіяй. Адказ не суцешыў ні Чорнага, ні Жыгімонта Аўгуста: заступніцтва за Лівонію настроіць цара супраць Літвы. Услед за Івановічам прыехаў у Маскву пасол Марцін Валадковіч. Ён жа і паведаў баярам: «Ляхі цяпер усёю зямлёю хочуць таго, каб гасудар наш з вашым гасударом ваяваў і ваявода віленскі і Астафей аб тым стаяць моцна, каб кароль з гасударом вашым быў у любові. І ляхі з ваяводаю віленскім брань вялікую ўчынілі, а кажуць: ты ваявода памінкі ўзяў, рускаму гасудару служыш, а нам лівонскай зямлі ніяк не выдаці; а не стане кароль за лівонскую зямлю, і мы яго не пачнем за гасудара трымаць»[69]. Валадковіч прасіў баяр схіліць Івана выправіць пасольства ў Літву, «а там ужо безумоўна ваявода (Чорны. - В.Ч.) уступіцца за тое моцна, і паміж гасудароў любоў зробіць»[70]. Іван Жахлівы быў не супраць «любові» з Літвой, аднак не хацеў ахвяраваць дзеля гэтага Лівоніяй. Не прыняў ён заявы Жыгімонта Аўгуста, што Лівонія са згоды Ордэна і рыжскага архібіскупа «паддалася ў абарону... Вялікаму Княству Літоўскаму»[71].

Царскі пасол Мікіта Сушчоў прывёз грамату, у якой Іван яшчэ раз нагадваў пра тое, што Лівонія спрадвеку маскавіцкая данніца. Меў Сушчоў патаемны наказ «праведываць аб усіх тамашніх справах». Асабліва цікавіў Івана Чорны: «і што ваяводы віленскага справа з усімі людзьмі, што пра яго кажуць, ці любяць яго ці не любяць»[72].

Пасля Іванавай граматы Чорны не сумняваўся, што мірнымі перамовамі Лівонію не выратаваць - маскоўскі ўладар не адступіцца ад «сваёй вотчыны». Ягонае войска працягвала агнём і мячом дабываць «вотчыну»: узяло Марыенбург і Шмільтэн, спустошыла Курляндыю. Нанятыя Ордэнам ваяры, не атрымліваючы платы, пакінулі войска. Маскавітам заставалася толькі паспяшацца і пераможна закончыць паход. Перамога была блізкай. Не спыніў маскавітаў і прыход у Лівонію ліцьвінскага войска на чале з гетманам Мікалаем Рудым. Адразу ж на Лівонію выступіла новае войска з Андрэем Курбскім, якога блаславіў сам Іван Жахлівы: «Ідзі і перамагай»[73]. А ўслед паслаў яшчэ 60 тысяч ваяроў. Пад Эрмісам ордэнскае войска было разбіта, а пасля здалася цвержа Фелін. У палон трапіў былы магістр Фюрстэнберг.

Урад Вялікага Княства прапаноўваў Івану Жахліваму вывесці сваё войска з Лівоніі і ў сваю чаргу ліцьвінскае войска таксама пакіне яе. Іван адмовіўся. Абодва бакі спрачаліся з-за Лівоніі і не прызнавалі адзін у аднаго правоў на яе. І раптам Іван праз свайго пасла Хведара Сукіна папрасіў рукі адной з сясцёр Жыгімонта Аўгуста і гатовы быў заключыць мір і нават адмовіцца ад правабярэжнай часткі Лівоніі. Але і цяпер абодва бакі не дамовіліся паміж сабою. Жыгімонт Аўгуст згаджаўся на шлюб Івана са сваёй сястрой Кацярынай пры ўмове вяртання Літве Северскай і Смаленскай земляў і вываду маскоўскага войска з Лівоніі. Іван быў расчараваны, бо спадзяваўся ў якасці прыданага за нявесту атрымаць правы на Лівонію. Усе варыянты паразумення былі вычарпаны - заставалася вырашаць спрэчку зброяй. У сакавіку 1561 года Жыгімонт Аўгуст разаслаў вайсковыя лісты па Вялікаму Княству, заклікаючы паноў і шляхту станавіцца пад сцяг гетмана Мікалая Рудога. Збор войска быў назначаны на чэрвень у Зельбургу. У чэрвені 20-тысячнае войска пад кіраўніцтвам Рудога рушыла на лівонскую цвержу Тарваст.

Пад новымі ўдарамі маскавітаў пачалася палітычная агонія Лівоніі. Кожны думаў толькі пра выратаванне. Эзельскае біскупства за 20 тысяч талераў прызнала сваім біскупам брата дацкага караля Магнуса, які марыў завалодаць Рэвелем і Курляндыяй. А Рэвель паддаўся пад шведскую ўладу. Каб спыніць распад Лівоніі, Чорны прапанаваў Жыгімонту Аўгусту ўдарыць па шведах і выгнаць іх з Рэвеля. Нават раіў Рудому выступіць з войскам на Рэвель. Жыгімонт Аўгуст баяўся вайны са Швецыяй і не паслухаўся Чорнага. Вінаватым у страце Рэвеля назвалі Кетлера, які не настояў перад рэвельскім магістратам на размяшчэнні ў горадзе ліцьвінскага гарнізона. Наступныя навіны былі яшчэ горшымі. Прускі герцаг Альбрэхт паведамляў, што Швецыя, Масковія, Ангельшчына і Любэк збіраюцца ўтварыць кааліцыю з мэтай падзелу Лівоніі. Любэкскія купцы прыслалі ў Нарву 12 караблёў са зброяй для маскавітаў. Стала вядома, што і Кетлер думае пра сваё ратаванне і гатовы перайсці пад шведскую апеку з умовай прызнання яго герцагам Лівоніі.

Жыгімонт Аўгуст паслаў у Рыгу Чорнага з паўнамоцтвамі заключыць новае пагадненне Лівоніі з Літвой. Аднак мэта Радзівіла была іншай: схіліць лівонскія станы далучыць Лівонію да Літвы. Не ўпэўнены ў тым, што Жыгімонт Аўгуст згодзіцца на гэта, Чорны ўтоіў сваю задуму ад вялікага князя. Браў ініцыятыву на сябе. Напрыканцы чэрвеня 1561 г. Чорны прыбыў у Рыгу. Каб надаць свайму пасольству ўрачысты і велічны характар, акружыў сябе світай больш за тысячу чалавек. Вось як апісвае ўезд Радзівіла ў горад краніст Русаў: «...Ён (Чорны. - В.Ч.) у жніўні з вялікай шыкоўнасцю і велічнасцю ўехаў у Рыгу; з ім было шмат людзей чужых народнасцей: армянаў, туркаў, татараў, падольцаў, маскоўцаў і валахаў, а таксама немцаў, палякаў і ліцьвінаў. Ён аб'язджаў з імі ўвесь горад, пры гэтым шмат хто, убачыўшы столькі іншаземцаў, кожнага ў асаблівым адзенні і ўзбраенні і з асаблівай музыкай, дзівіліся і сумавалі аб тым, што ў іх айчыне і на вуліцах хрысціянскага горада Рыгі з'явілася столькі незвычайных, чужых і барбарскіх людзей. Глядзець на гэтых людзей, якія ехалі міралюбна па горадзе, было для кожнага горам і сумам, што за жах і жалоба былі б, калі б яны сталі варожа абкладаць або кіраваць хрысціянскім горадам?»[74]. «Прагулка» па Рызе стала своеасаблівым паказам сілы. Яшчэ адзін напамін лівонцам, хто павінен дыктаваць умовы - той, у каго сіла. Паколькі дзяржаўная скарбніца была пустой, дык гэтае пасольства поўнасцю аплаціў Чорны. Паказ «сілы» каштаваў яму 10654 польскіх злотых[75].

На перамовах з магістрам і архібіскупам Радзівіл даведаўся, што Лівонія ўжо не мае сіл весці вайну з Масковіяй. Лівонцы спрачаліся - пад чыю ўладу падацца і аднадушна клялі Ордэн, на які звалілі ўсю віну ў бедах краю. Самі ж рыцары згодны распусціць Ордэн і стаць свецкімі людзьмі. Было ясна, што ў лівонцаў няма выбару, і яны змірыліся з думкай, што выратавацца ад маскоўскай няволі можна толькі ахвярай палітычнай незалежнасці Лівоніі. Не было выбару і ў Радзівіла, бо пакінуць Лівонію на расправу Масковіі - значыць нанесці ўдар і па Літве. Пытанне трэба было ставіць прама - далучэнне Лівоніі да Літвы. У пачатку верасня ў ліцьвінскім стане сабраліся магістр, архібіскуп рыжскі, дэпутаты з гарадоў Рыгі, Вольмара і Вендэна, прадстаўнікі рыцарства і дваранства. Радзівіл пацікавіўся, якім чынам яны збіраюцца выратаваць Лівонію, калі замест аднаго ворага з'явілася яшчэ некалькі, а вялікі князь літоўскі абяцаў дапамагчы ваяваць толькі супраць Масковіі. Жыгімонт Аўгуст, выконваючы свае саюзныя абавязкі, паслаў войска на маскавітаў, аднак лівонцы нічога не рабілі дзеля абароны свайго краю. Нанятыя нямецкія ландскнехты замест гераічнай смерці на полі сечы выбралі золата і, падкупленыя маскавітамі, здавалі ім замкі і гарады. Нельга дапамагчы Лівоніі, пакуль яны не вырашаць сваіх унутраных спраў. А паколькі Жыгімонт Аўгуст жадае абараніць Лівонію з-за хрысціянскай зычлівасці, а не дзеля здабычы, дык лепш добраахвотна падначаліцца вялікаму князю літоўскаму. Чорны прапанаваў і праграму вырашэння «ўнутраных спраў»: распусціць Ордэн, ператварыць Лівонію ў свецкае герцагства на ўзор Прусіі і абвясціць Кетлера герцагам. Некалькі дзён лівонскія прадстаўнікі раіліся і спрачаліся прыняць або не прыняць прапанову Радзівіла. Першым згадзіўся рыжскі архібіскуп Вільгельм. Рыцары на сходзе аднадушна пастанавілі распусціць Ордэн і выбралі сваім герцагам Кетлера. Пасля і прадстаўнікі лівонскага дваранства і гарадоў Вольмара і Вендэна далі станоўчы адказ. Аднак Кетлер і дваранскія дэпутаты жадалі далучэння і да Польшчы, спадзеючыся на дапамогу ад каралеўства. Чорны настойваў на падданстве Літве. Гэтае пытанне засталося нявырашаным да перамоваў з Жыгімонтам Аўгустам.

Рыжскі магістрат вылучыў свае ўмовы: 1. Жыгімонт Аўгуст дамагаецца ад імператара вызвалення горада ад прысягі, дадзенай Імперыі. 2. Пацвярджае ўсе ранейшыя правы і прывілеі горада. З. Дазваляе свабоду евангельскай веры. 4. У выпадку разрыву вуніі Польшчы з Літвою Рыга мае права на выбар паміж гэтымі дзяржавамі.

Умовы не падабаліся Чорнаму. Нялёгка было ўгаварыць імператара вызваліць рыжан ад прысягі Імперыі. Пацвярджэнне правоў і прывілеяў Рызе азначала, што застаецца ранейшая манаполія рыжскіх купцоў на гандаль у горадзе. Радзівіл доўга не згаджаўся на ўмовы рыжан, аднак і тыя трымаліся свайго. Такая ўпартасць пагражала зрывам пагаднення. Радзівіл здаўся. Пасля спрэчак удакладнілі тыя ўмовы, па якіх Лівонія далучалася да Літвы або Польшчы: 1. Кетлер і Вільгельм да канца жыцця застаюцца пры сваёй годнасці як васалы караля і вялікага князя. 2. Жыгімонт Аўгуст заступаецца за Лівонію перад імператарам. З. Лівонскія пасады займаюць немцы. 4. Абвяшчаецца свабода евангельскай веры.

Справа была яшчэ не зробленай. Цяпер усё залежала ад стаўлення Жыгімонта Аўгуста і паноў-рады да такой «ініцыятывы» Чорнага. У лісце да вялікага князя Радзівіл апраўдваўся за перавышэнне сваіх паўнамоцтваў. Толькі пераканаўшыся ў крайняй небяспецы для Лівоніі, ён і пачаў перамовы аб далучэнні яе да Літвы. Хаця яму добра вядома, што яго міласць не гоніцца за чужым дабром, не жадае сварыцца з імператарам і імперскім соймам, але пакінуць Лівонію ў тым становішчы, у якім яна знаходзіцца цяпер, значыць аддаць яе Маскве, і тым самым асудзіць Літву на вялікую небяспеку. Менавіта таму ён і парушыў каралеўскую інструкцыю. Адносна Рыгі Чорны пісаў, што з заваёвай гэтага горада Масковіяй літоўскаму гандлю наступіць канец. «Падчас перамоваў я памятаў словы Яна Тарнаўскага, які часта казаў, што ён не даў бы і дзесяці польскіх грыўнаў за Вільню, калі б Рыга дасталася ворагу»[76]. Жыгімонт Аўгуст без захаплення прачытаў ліст Чорнага. Абавязкова давядзецца зброяй даказваць свае правы на Лівонію. Аднак тое, што адбылося, ужо не зменіш. Міжволі вялікі князь падпарадкаваўся рашэнню Радзівіла. Калі 15 кастрычніка ў Вільню прыехалі лівонскія паслы, дык Жыгімонт Аўгуст згадзіўся прыняць Лівонію пад сваю ўладу. На скліканым у гэты час у Вільні сойме станы таксама далі згоду на жаданне «земли Лифлянтское з иншими паньствы нашими за ровню статися»[77]. Перамовы з пасламі вёў Чорны. Адразу высветлілася рознасць поглядаў. Лівонцы настойвалі на перадачы ўсёй Лівоніі. Чорны, дзеля таго каб пазбегнуць вайны з Масковіяй, Даніяй і Швецыяй, стаяў за тыя землі, якія не падпалі пад уладу гэтых дзяржаў. Не маглі пагадзіцца - да каго далучыцца Лівонія - да Літвы ці да Польшчы. Лівонцы жадалі «мець дзве маці» - Польшчу і Літву. Чорны пераконваў іх выбраць Літву.Спрэчку спынілі паслы гарадоў Вольмара і Вендэна, якія прапанавалі адкласці гэтае пытанне і прызнаць непасрэдную ўладу Жыгімонта Аўгуста.

Было абумоўлена, што калі польскі сойм адмовіцца зацвердзіць гэтую дамову, дык Лівонія далучаецца толькі да адной Літвы. 28 лістапада лівонскія паслы і Жыгімонт Аўгуст урачыста прысягнулі выканаць заключаную дамову. Не прысягалі архібіскуп Вільгельм і рыжскія паслы, саслаўшыся на тое, што трэба дачакацца слова і польскага сойма.

Апошнюю кропку ў гісторыі Лівонскага ордэна паставіў Мікалай Радзівіл Чорны. 5 сакавіка 1562 года ў рыжскім замку ў прысутнасці камандораў і рыцараў Кетлер перадаў Чорнаму пячатку Ордэна, ключы ад Рыгі і ордэнскіх замкаў і зняў з сябе магістраўскую мантыю. Радзівіл абвясціў Кетлера дзедзічным герцагам Курляндыі і Земгаліі. Калі ж камандоры і рыцары таксама знялі ордэнскія мантыі, дык нават расплакаліся. Лівонскі ордэн перастаў існаваць.

Наступным днём Радзівіл вярнуў Кетлеру атрыманыя ключы і ад імя караля і вялікага князя абвясціў яго правіцелем Лівоніі. У гэты прыезд Чорнаму ўдалося схіліць рыжскі магістрат прысягнуць на вернасць Жыгімонту Аўгусту. Радзівіл выдаў грамату, паводле якой Рыга мела права выбару.

А Польшча і гэтым разам здрадзіла. Выглядала ўсё даволі прыстойна. На сойме палякі заявілі, што жадаюць захоўваць перамір'е з Масковіяй, а таму не згадзіліся прыняць пад апеку каралеўства Лівонію. Так, гэта была здрада. Ведаючы, што паміж Літвой і Масковіяй з-за Лівоніі наспявае вайна і не падтрымаць у гэтую хвіліну свайго саюзніка! Такім чынам пасля адмовы польскага сойма Лівонія юрыдычна лічылася далучанай да Літвы.

 

Полацкая вайна

Можна зразумець незадавальненне Івана Жахлівага вынікамі Лівонскай вайны. Столькі сіл і намаганняў паклаў, а жаданай мэты не дасягнуў - Масковія так і не выйшла да Балтыйскага мора. Плён перамогі маскоўскай зброі дастаўся Швецыі і Літве, пад іх уладу трапілі Рэвель і Рыга - брамы ў Эўропу. Што ж, Іван Жахлівы гатовы быў змагацца за Лівонію і нанесці ўдар вырашыў па землях, на якія «галоўным чынам абапіралася веліч Літвы» - па Полаччыне[78]. У красавіку 1562 года маскоўскія палкі напалі на землі Ўсходняй Літвы і спустошылі ваколіцы Віцебска, Дуброўны, Воршы, Копыся і Шклова. Жыгімонт Аўгуст абвясціў збор паспалітага рушэння. Гетман Мікалай Руды, якому так рэдка ўдавалася вызначыцца перамогамі на полі сечы, павёў ліцьвінскае войска да Веліжа. Паколькі не было абложных гармат, дык давялося абмежавацца толькі спусташэннем прыгарадаў. Гэты паход адметны тым, што шляхта ўпершыню выступіла супраць буйных землеўласнікаў. Ліцьвінская шляхта даўно зайздросна паглядала на палітычнае ста новішча польскай. У Польшчы шляхта была сілай, а што ў Літве? Пад нагамі ў паноў. А правы польскай шляхты ім магла даць вунія з Польшчай. Палохала шмат каго і будучая вайна з Масковіяй. Ратаванне ад ворага бачылася зноў-такі ў саюзе з Польшчай. Абураныя тым, што большасць паноў «з-за багацця дома сядзелі», шляхта, утварыўшы ў Віцебску канфедэрацыю, пастанавіла дамагацца заключэння вуніі з Польшчай «дзеля абрання аднаго пана і дзеля адной абароны, каб разам соймавалі і права адно ўжывалі»[79].

Жыгімонт Аўгуст не мог праігнараваць патрабаванне Віцебскай канфедэрацыі, бо яе ўдзельнікі пастанавілі не ўхваляць «срэбшчыну» і іншыя падаткі, пакуль не будзе выканана іх жаданне. На чарговы каронны сойм у Пётркаве было ўключана і пытанне аб вуніі Польшчы з Літвой. Вялікае Княства Літоўскае апынулася пад двайной пагрозай - заваёвы яго маскавітамі або скасаванне самастойнасці праз вунію з Польшчай. Наяўнасць у самім Княстве значнай групы шляхты, якая ў пошуках аблягчэння свайго палітычнага і маёмаснага стану гатова была ахвяраваць самастойнасцю дзяржавы, давала палякам добрую магчымасць навязаць ліцьвінам свае ўмовы вуніі. А яны былі ранейшыя - не саюз дзвюх дзяржаў, а далучэнне Княства да Кароны. І хто мог абараніць Вялікае Княства ад зброі маскавітаў і ад інтрыг палякаў? На бязвольнага Жыгімонта Аўгуста, занятага больш каханкамі і баляваннямі, нельга было спадзявацца.

Самі абставіны ўскладалі на Чорнага місію абаронцы Літвы. Калі ў ягоных руках улада, дык святы абавязак выкарыстаць яе на карысць Айчыны. Радзівіл пачаў доўгую і цяжкую барацьбу за Літву. І гэта ён падбіў паноў-рады супраць патрабавання шляхты заключыць вунію з Польшчай.

Аднак лёс Літвы перш за ўсё вырашаўся на палях сечы з Масковіяй і трэба было не даць разгарэцца полымю вайны. Зноў Чорны браў на сябе ініцыятыву мірных перагавораў з Масковіяй. Разам з віленскім біскупам Валяр'янам Пратасевічам ён склаў грамату да баяр з прапановаю, «как бы ласкою божьею доброе дело меж их милостью государи статися могло»[80]. Прасілі «государя своего на то бы естя наводили, верне о добром христьянском промышляли и о том радили, как бы межи государи на каковой певный час настановенье перемирьем учинити и христьянство упокоити»[81].

Грамату ў Маскву прывёз у пачатку 1563 года Сымон Аляксееў. Іван Жахлівы згаджаўся на прыезд ліцьвінскага пасольства, аднак і не хаваў сваіх намераў ад Жыгімонта Аўгуста «раць наша пойдзе... на тваю брата майго зямлю»[82]. Баяры ў сваёй грамаце выказалі «непраўды» Жыгімонта Аўгуста: не прызнае царскага тытулу іх уладара («імя поўнасцю не піша»); «крымскага цара сябрам сабе трымае больш нашага гасудара»; «гасудара нашага ў спрадвечную вотчыну ў землю Віфлянскую ўступаецца»[83]. Заявілі, што і «літоўская зямля ўся вотчына гасудара нашага»[84]. А спасылаліся яны на рэальны факт мінулага Літвы: «А толькі, панове, нагадайце ранейшыя звычаі, якім звычаям гетманы літоўскія Рагвалодавічаў Давіла, ды Маўколда на Літоўскае Княства ўзялі і якім звычаям вялікаму ўладару Мсціславу Ўладзіміравічу Манамашу да Кіева даніну давалі, мы гэта добра ведаем, гэта так было»[85].

З граматы стала зразумела, што Іван Жахлівы гатовы да вайны з Літвой. Так яно і было. Ужо рыхтавалася ў паход войска. Іван сабраў велізарнейшую раць у 280 000 ваяроў ды яшчэ 80 000 абозных чалавек[86]. Вогненны нарад складаў 200 гармат, з якіх чатыры былі настолькі вялікімі, што кожную з іх цягнула па тысячы чалавек[87]. Апроч маскавітаў у паходзе ўдзельнічалі казанскія, астраханскія і крымскія татары, нагайцы, чаркасы, чэрамісы, чувашы, башкіры, мардва, латышы, чухонцы. Іван Жахлівы сагнаў пад свае сцягі ўсіх, хто ў дзяржаве мог трымаць зброю ў руках.

Ад перабежчыка полацкі ваявода даведаўся, што Іван Жахлівы з войскам 16 студзеня 1563 года прыбыў у Невель і збіраецца выступіць на Полацак. Станіслаў Давойна адправіў вестуноў у Вільню да паноў-рады. На трывожную вестку яны разаслалі па Княству загад усім, хто нёс вайсковую павіннасць, неадкладна «яко на кгвалт» ісці ў Далгінаў. Аднак было ўжо позна. Іван Жахлівы рушыў сваё войска на Полацак. Толькі дзве тысячы воінаў абаранялі старажытную крыўскую сталіцу. Мікалай Руды, не дачакаўшыся збору ліцьвінскага войска, з невялікім аддзелам у дзве тысячы ліцьвінаў і 1400 польскіх наймітаў паспяшыў пад Полацак, «хотячи и будучи повинны за панство государя нашего, а отчизны головы наши положити»[88]. Чорны далучыўся са сваёй почтай да брата.

Між тым 31 студзеня маскавіты падступілі да Полацка, пачалі ставіць туры і рабіць шанцы. На другі дзень гарматы абстралялі горад. Запылалі прадмесці. Ратуючыся ад пажару, палачане здаліся на міласць ворага. А міласць была горшай за няміласць - Іван Жахлівы раздаваў палачан у няволю сваім баярам. Некалькі дзён маскавіты шчыльным колам акружалі полацкія замкі і рыхтаваліся да іх штурму. Начная вылазка абаронцаў не прынесла ім поспеху. Маскавіты адбілі ліцьвінаў. Даведаўшыся ад сваіх віжаў, што на выратаванне Полацка ідуць Мікалай Руды і Мікалай Чорны, «а з імі сорак тысяч літоўскіх людзей і ляцкіх, а нараду з імі 20 гармат»[89], Іван Жахлівы ноччу, 15 лютага, загадаў штурмаваць. З усіх гармат маскавіты ўдарылі па замках. Стралялі бесперапынна. Ядраў і пораху не шкадавалі. Усё больш і больш гарэла будынкаў і пажар немагчыма было патушыць. Для абаронцаў заставалася ці загінуць у полымі, ці здацца пераможцу. 15 лютага полацкі ваявода Станіслаў Давойна, полацкі ўладыка, святары і воіны выйшлі з замкаў і прасілі Івана Жахлівага суняць агонь гармат. Полацак аддаваўся пад руку маскоўскага ўладара. Іван кляўся даць свабоду палачанам і не чапаць іх маёмасці, але маскавіты разрабавалі ўсё, што ацалела ад пажару. Жахлівы забраў полацкую скарбніцу, а палонных загадаў гнаць у Маскву. Аднак драпежніку хацелася крыві... Усіх полацкіх жыдоў маскавіты патапілі ў Дзвіне. Затое польскіх наймітаў Іван Жахлівы адарыў сабалінымі футрамі і адпусціў на волю. Такую «міласць» зрабіў Полацку новы вялікі князь Полацкі.

Мікалай Руды спазніўся, ды і не па сілах было яму выратаваць Полацак. Некалькі дзён ён прастаяў каля горада. І пад пагрозай нападу маскавітаў адступіў у Менск. Літва і цяпер была не падрыхтаванай да вайны. Трэба было ахвяраваць Полацкам, каб замірыцца з Масковіяй і выйграць час.

Такі план дзеянняў выбралі Мікалай Чорны, Мікалай Руды і польны гетман Рыгор Хадкевіч. Ад свайго імя яны паслалі грамату маскоўскім ваяводам князю Івану Бельскаму, князю Пятру Шуйскаму, баярыну Івану Захар'іну з прапановай заключыць замірэнне. «А если государь ваш, за вашим челобитьем, того не похочет, мы за ласку государя нашего панств его королевское милости а наших отчин боронити будем и мусим сколко нам милый Бог допоможет», - папярэджвалі паны[90]. Іван Жахлівы быў задаволены - прапанову аб «покою хрмстьянском» успрыняў як мальбу. А паколькі ліцьвіны прызналі ягоную сілу, дык і ўмовы пагаднення яму дыктаваць. Лівонія і Полацак адыходзяць да Масковіі. Гэтая дыпламатычная перамога выратавала Літву ад заваёвы. Большая частка маскоўскага войска вярнулася разам з Іванам Жахлівым у Масковію. У Полацку на чале моцнага гарнізону застаўся князь Пётра Шуйскі. Іван Жахлівы даў яму падрабязную «навуку», паводле якой палачанам забаранялася не толькі жыць у родным горадзе, але нават прыязджаць у яго. Полацак чакаў лёс Ноўгарада і Пскова, вольнасць якіх раздавіла тыранія, а самі гарады былі заселены рознай навалаччу.

Навіну аб заваёве маскавітамі Полацка Жыгімонт Аўгуст атрымаў у Пётркаве на сойме і не стрымаў слёз. Палякі хацелі абмеркаваць з каралём пытанне вуніі Польшчы з Літвой, Жыгімонт Аўгуст за «гвалтовною потребаю» выехаў у Вялікае Княства. Не па душы было палякам заключанае Радзівіламі і Рыгорам Хадкевічам замірэнне з Масковіяй. Яны абвінавацілі ўсіх трох у самаволлі і нават у здрадзе каралю. Спадзяваліся, што вайна з Масковіяй паставіць Літву на калені перад Польшчай, тады яе можна забраць голымі рукамі, а тут вось гэтая вайна закончылася. «Вінаватым» зноў стаў Чорны.

 

За свабоду Літвы

Прыехаўшы ў Літву, Жыгімонт Аўгуст склікаў у Вільні на 12 траўня вальны сойм. Шляхта, паны, князі гатовы былі на ахвяры дзеля ратавання краіны ад варожага нашэсця. На вайну мабілізоўваліся ўсе сілы Вялікага Княства. Да 1 жніўня загадаў Жыгімонт Аўгуст сабрацца ў Крэве паспалітаму рушэнню. Не забылі на сойме і пытанне аб вуніі Літвы з Польшчай. Многія наіўна лічылі, што палякі згадзяцца на раўнапраўны саюз абедзвюх дзяржаў і дапамогуць Літве супраць Масковіі. У добрае хочацца верыць. Ды ад каго магла атрымаць дапамогу Літва, як не ад Польшчы, кароль якой быў свой жа - ліцьвін, Жыгімонт Аўгуст? Ліцьвінскую дэлегацыю на Варшаўскі сойм узначаліў Мікалай Чорны.

Дэлегатам далі наказ, на якіх умовах заключаць з Польшчай вунію. Карона і Княства маюць аднаго ўладара, якога сумесна абіраюць ліцьвіны і палякі. Каранацыя спачатку адбываецца ў Кракаве ў прысутнасці ліцьвінскіх дэлегатаў, а пасля ў Вільні ўладара ўзводзяць на вялікае княжанне. Перад каранацыямі ўладар пацвярджае правы і прывілеі адпаведна Кароны і Княства. Палякі і ліцьвіны павінны заўсёды дапамагаць адзін аднаму ў цяжкія часы і ўзгадняць знешнюю палітыку. На агульных соймах вырашаюцца толькі справы, якія датычацца абедзвюх дзяржаў, усе ўнутраныя пытанні разглядаюцца на сваіх. І ў Польшчы, і ў Літве застаюцца ранейшыя структуры ўлады - свае соймы, канцылярыя, сенаты, гетманствы. Падаткі з Лівоніі паступаюць у велікакняжацкую скарбніцу. Як бачым, ліцьвіны прапаноўвалі вунію, заснаваную на ўладзе агульнага для Польшчы і Літвы ўладара з захаваннем самастойнасці Вялікага Княства.

Палякі ад свайго погляду на вунію не адмовіліся - Літва павінна прызнаць сябе ўладаннем Польшчы. Перад Варшаўскім соймам польскі гісторык Марцін Кромер аблазіў каралеўскі архіў і дастаў адтуль граматы Жыгімонта Кейстутавіча, у якіх той перадаваў Польшчы Падолле, Валынь, а пасля сваёй смерці і Вялікае Княства. Натхнёныя гэтымі граматамі палякі настроіліся нарэшце дамагчыся жаданага - забраць Вялікае Княства.

У пачатку студзеня 1564 года пачаўся сойм у Варшаве. На першых жа пасяджэннях палякі прапанавалі свае ўмовы вуніі: агульны ўладар, які тытулуецца толькі каралём польскім; Вялікае Княства будзе называцца не Літвою, а Новаю Польшчаю. А паколькі адзін уладар, дык павінна быць адна пячатка і адно права. Для падмацавання сваіх дамаганняў палякі вуснамі кракаўскага біскупа нагадалі ліцьвінскім паслам, што, маўляў, Ягайла навечна далучыў Літву да Польшчы. Погляды палякаў і ліцьвінаў на вунію прынцыпова разыходзіліся. Але ліцьвіны выступалі ў ролі прасіцелей, а значыць палякі дыктавалі свае ўмовы. Стала вядома і пра няўдалыя перамовы ў Маскве. Маскоўскі ўрад патрабаваў не толькі Кіеў, Валынь, але і ўсю Літву з Вільняй разам, а таксама і Лівонію.

Мір так і не быў заключаны. Маскоўскія раці зноў рушылі на Літву. Міжволі ліцьвінам трэба было згаджацца на польскія ўмовы. Палякі прапаноўвалі весці перамовы на падставе дамовы 1501 г., так званай Мельніцкай вуніі. Высветлілася, што арыгінала граматы не існуе. Палякі тлумачылі гэта тым, што грамату выкралі з дзяржаўнай скарбніцы і спасылаліся на Кромера, які нібыта бачыў яе і спісаў у сваю кроніку. На вачах здзіўленых ліцьвінаў адбывалася палітычнае махлярства, калі неіснуючае выдавалі за рэальнае. Радзівіл не даў сябе правесці і прама адказаў: «Тое, што Кромер уставіў у кроніку, ніколі не было праўдай»[91]. І як контраргумент Чорны паказаў прывезеную ім грамату прывілея, якім Аляксандар Казіміравіч кляўся захоўваць дзяржаўную самастойнасць Вялікага Княства. Каштоўнасць гэтай граматы павялічвалася тым, што ў якасці сведкаў на ёй павесілі свае пячаткі польскія саноўнікі. І цяпер Чорны патрасаў гэтымі пячаткамі перад вачыма іхніх нашчадкаў. «Вось гэты ліст паказвае, што мы правы, душа і гонар вашых продкаў лямантуюць супраць вас»[92]. Але ў палякаў быў саюзнік - маскоўскія раці. Вось хто прымусіць ліцьвінаў падначаліцца Кароне. Менавіта пагроза заваёвы Літвы вымагала ліцьвінскіх дэпутатаў саступіць. Гэтак ліцьвіны прынялі артыкул аб агульных соймах, згадзіліся і на тое, каб не адбывалася асобнага выбрання ў Літве вялікага князя. Аднак у такім прынцыповым пытанні, як тытул агульнага ўладара, Чорны і ягоныя паплечнікі заставаліся цвёрдымі. Скасаванне тытула вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага, як прапаноўвалі палякі, азначала б і юрыдычную смерць Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Адстойваў Чорны і структуру ўлады ў Літве, асобныя ад Польшчы пасады, канцылярыю, пячатку, скарб, гетманскую булаву. Тады палякі звярнуліся да прадстаўнікоў ліцьвінскай шляхты. Маршалак Мікалай Сяніцкі ў сваёй прамове выставіў справу вуніі як клопат аб інтарэсах ліцьвінскай шляхты. «Таму старайцеся самі і схіляйце іх міласць паноў радных, каб не было ніякай прычыны да раз'яднання братэрства, што чыніцца паміж намі»[93]. У сваім адказе Чорны заявіў, што ліцьвіны гатовы захаваць сваю дзяржаву ва ўсёй велічы і пакладуць за яе сваё жыццё. Гаворачы наконт актаў Крэўскай вуніі, Чорны абвергнуў іх юрыдычную законнасць для Вялікага Княства. Маўляў, Ягайла да Кароны «сваё дзедзічнае панства прылучыў, але нашых (панстваў. - В.Ч.) не мог, бо мы маем свае правы і не адзін князь ліцьвінскі не можа нас і ўладанні нашы без нас нікому аддаць»[94].

А пасля таго як Чорны атрымаў вестку, што ліцьвінскае войска пад Вулай і Воршай разбіла маскоўскія раці, дык увогуле адхіліў польскі праект вуніі. Расчараваныя палякі пачулі ад ліцьвінаў, што тыя не адмовяцца ад сваёй дзяржавы, ад сваіх соймаў і пасадаў, а на каронныя будуць пасылаць дэлегатаў, і то дзеля таго, каб абмеркаваць пытанні, якія датычацца абедзвюх дзяржаў. А ў прыватных размовах з палякамі паўтаралі, што будуць абараняць сваю дзяржаву, якая не ўступае каралеўству Польскаму і іншым хрысціянскім дзяржавам. У палякаў заставаўся апошні козыр - Жыгімонт Аўгуст. І яны населі на слабавольнага ўладара, патрабуючы ад яго выказаць свой пункт гледжання на вунію. Ліцьвіны пратэставалі. Кароль і вялікі князь не можа выступаць як трацейскі суддзя. Чорны зноў выступіў з палкай прамовай і нагадаў Жыгімонту Аўгусту, што калі ён «хоча над намі абсалютную ўладу ўчыніць, дык гэта насілле над вольнасцямі нашымі... Пратэстую, а калі нам якія перашкоды будуць, тады папросім рады і дапамогі ад паноў хрысціянскіх і нават у паганскіх пашукаем»[95].

Жыгімонт Аўгуст бачыў вунію як злучэнне Польшчы і Літвы ў адну дзяржаву пад уладай аднаго гаспадара, а дзеля таго, каб гэтаму злучэнню не перашкаджалі рознасці правоў абедзвюх дзяржаў, ён гатоў адмовіцца за сябе і сваіх нашчадкаў ад правоў на Княства на карысць Польскага каралеўства. Такім чынам Жыгімонт Аўгуст даваў яшчэ адну падставу палякам патрабаваць уваходжання Вялікага Княства ў склад Кароны. Чорны шчыра прызнаўся Жыгімонту Аўгусту, што «цяжка верна служыць» такому гаспадару, які забываецца на сваю прысягу, прасіў не адмаўляцца ад дзедзічных правоў на Вялікае Княства без ведама рады і ліцьвінскага сойму. Толькі Жыгімонт Аўгуст ужо проста выслухоўваў Чорнага, але не падначальваўся ягоным парадам і рашэнням. Вялікі князь хацеў пазбавіцца ад волі свайго ўсемагутнага падданага.

Варшаўскі сойм не прынёс жаданага выніку ні ліцьвінам, ні палякам. Абодва бакі засталіся пры сваіх інтарэсах. Вінаватым у тым, што вунія так і не была заключана, палякі назвалі Чорнага. Марцін Збароўскі абвінаваціў Радзівіла, што ён не дазволіў прыбыць на сойм многім ліцьвінскім дэлегатам, а на іх месца назначаў сваіх людзей, каб яны не згаджаліся з палякамі. Мабыць, на падобную заяву Збароўскі меў падставы, Чорны мог і сапраўды замяніць частку дэлегатаў на сваіх паплечнікаў, што і высветлілася ў Варшаве. Перамовы аб вуніі нагадвалі дыпламатычную вайну. Палякі ўсімі праўдамі і няпраўдамі імкнуліся далучыць Літву да Польшчы. Яны выдалі фальшывы рэцэс*, у якім паведамлялі, што на Варшаўскім сойме прадстаўнікі абедзвюх дзяржаў дамовіліся аб зліцці «двух народаў польскага і літоўскага ў адзін народ, адно цела, а таму целу ўстанаўліваецца адна галава і адзін уладар кароль і таксама адна агульная рада»[96]. Жаданае было абвешчана за рэальнасць. Чорны пратэставаў супраць рэцэса і адмовіўся паставіць пад ім пячатку Вялікага Княства. Вярнуўшыся ў Літву, ён дзейсна агітаваў супраць вуніі з Польшчай. Дзякуючы гэтай агітацыі, паны не прызналі рэцэс Варшаўскага сойму.

* Рэцэс - дакумент, у якім занатоўвалася соймавая пастанова.

Летам на Бельскім сойме ліцьвіны абмяркоўвалі пытанне аб вуніі. У Бельску Чорны сустрэўся з Жыгімонтам Аўгустам і прасіў яго не дапусціць няволі, да якой палякі праз вунію дамагаюцца прымусіць Вялікае Княства падобна, як маскавіты «праз моц». Нагадаў і пра прысягу служыць Літве. Жыгімонт Аўгуст падтрымліваў польскіх саноўнікаў. Тым не менш Літва знайшла выйсце і з гэтага складанага становішча. На сойме быў зацверджаны новы Статут, які складаў Чорны. Артыкул ІІІ скасоўваў дзедзічныя правы вялікага князя на Вялікае Княства, «в котором они, яко люде вольные, вольно обираючи из стародавна из вечных своих продков собе панов и господарей Великих князей Литовских»[97]. Такім чынам, усе дзедзічныя правы Жыгімонта Аўгуста на Вялікае Княства гублялі сваю законнасць. Шэраг артыкулаў быў накіраваны на захаванне незалежнасці і цэласнасці Вялікага Княства, а значыць кожны, хто выступаў за далучэнне да Польшчы, парушаў бы дзяржаўныя законы. Каб шляхту не спакушалі польскія вольнасці, паны-рада заявілі вялікаму князю, што яны «милуючи речь посполитую а в ней братью свою малодшую, народ шляхетский и рыцарский» адмаўляюцца ад сваёй судовай улады. Старэйшая «братья» паддалася «в одно ровное право, в одинакий и не инакший суд и моц и властность и поступки судовые» з «братью свою молодшую»[98]. 1 ліпеня 1564 года Жыгімонт Аўгуст зацвердзіў новы статут і абавязваўся выконваць яго артыкулы і не дазваляць парушаць іх іншым асобам.

Нечакана для Чорнага на яго звалілася бяда. Стала вядома, што шведскі кароль Эрык ІV, жадаючы вызваліць з палону Крыштофа Мекленбургскага, задумаў захапіць некалькі знатных падданых Жыгімонта Аўгуста і вымяняць іх на нявольніка. Сярод «вызваліцелей» павінен быць і сын Чорнага Мікалай Крыштоф, які вучыўся ў Страсбургскім універсітэце. Бацькава сэрца забалела ад прадчування бяды. У Страсбург паспяшаў ганец Чорнага з лістом да сына і да рады горада з просьбай аб апецы Мікалая Крыштофа. Пакуль Чорны чакаў весткі з Германіі, дык не знаходзіў сабе месца. Падаўся ў Берасце, каб сустрэць ганца на мяжы. Дзень і ноч выглядваў яго. Як прызнаваўся ў лісце да сына: «Уначы быў лепшым вартаўніком на Берасці»[99]. Напрыканцы верасня вярнуўся ганец з Страсбурга - сын жывы-здаровы і на волі. Ад сэрца адлягло.

Але ўсё часцей мучылі яго прыступы падагры. І так не волат, Чорны за апошні год вельмі аслабеў і ад хваробы, і ад трывог, і ад нястомнай працы. Сябе ён не шкадаваў. Як толькі палепшала - зноў у змаганні за Літву. Стала вядома, што Жыгімонт Аўгуст у пачатку 1565 года на Пётркаўскім сойме пад ціскам палякаў абвясціў, што склікае ў траўні агульны польска-літоўскі сойм для заключэння вуніі. Палякі спяшаліся выкарыстаць нялёгкае становішча ліцьвінаў. Чорны, які сам жа прызнаваўся, што думае «заўжды пра пакой (мір)»[100], які мірам перамагаў вайну, узяўся за зброю, каб не дапусціць «нягоднай вуніі» Літвы з Польшчай. Як паведамляў з Літвы папскі легат Камендоне, Радзівіл у пачатку сакавіка на чале 6-тысячнага аддзела конніцы падступіў да Вільні і стаў абозам пад горадам. Якую мэту ставіў перад сабой Чорны? Паказам вайсковай сілы даць зразумець Жыгімонту Аўгусту і палякам, што ліцьвіны гатовы зброяй абараняцца ад прымусовай вуніі? Або Чорны вырашыў, што надышоў час ажыццявіць сваю патаемную мару - стаць вялікім князем літоўскім і рускім? А дзейнічаў ён рашуча. Напрыканцы красавіка «на падставе абароны свабод Літвы», як пісаў Камендоне, Чорны заняў Вільню[101]. Палякі страцілі ваяўнічы пыл і не адважыліся нагадваць Жыгімонту Аўгусту пра вунію. Сойм у назначаны тэрмін так і не адбыўся. Гэта была апошняя перамога Чорнага. На ягоным шляху стала хвароба.

Боль разламваў усё ягонае цела. Чорны яшчэ змагаўся за сваё жыццё. Даведаўшыся, што адзін з ягоных слуг вылечыўся, націраючыся ртуццю, ён загадаў прыгатаваць сабе мазь з яе. Не паслухаўся лекараў, якія адгаворвалі ад падобнага лячэння. Чорны сам памазаў сябе «жывым срэбрам» (ртуццю). Палягчэння не наступіла. Боль узмацніўся і не адпускаў Радзівіла цэлых тры дні, аж «вылезлі вочы, вушы і вусны, распёрла яму бакі і нарэшце галава рашчапілася на дзве часткі»[102] - як пісаў Камендоне. У ноч з 28 на 29 траўня 1565 года Мікалай Радзівіл Чорны памёр.

Няўдзячнымі да Чорнага былі ягоныя сучаснікі, несправядлівым быў да яго і лёс. Незадоўга перад смерцю Чорны ў лісце да Рудога прызнаўся: «Прыйдзе час і буду ў каталогу, сярод тых грамадзян, якія добра служылі сваёй дзяржаве»[103]. Так яно і здарылася. У спісе вялікіх ліцьвінаў ягонае імя застанецца назаўжды.

 

Ян Гаранімавіч Хадкевіч. Манархам роўны справамі

 

«Верне и пожиточне»

Жыгімонт Аўгуст неаднойчы выказваў пахвалу гэтаму чалавеку: «...завжды от часу лепшую годность служб своих в Речи Посполитой оказывал»[1].

Нават Іван Жахлівы і той пачціва адазваўся пра яго: «Муж храбры, вельмі разумны і паважаны, варты ты ўзначаліць народ і ўладарыць! Даўно чуў пра храбрасць тваю і дзівіўся ёй, хваліў цябе і жадаў любіць і жалаваць на многія часы»[2]. Гэтым чалавекам быў Ян Гаранімавіч Хадкевіч. Паходзіў ён з слаўнага роду. У гістарычнай навуцы памылкова прынята, што Хадкевічы вядуць свой радавод ад кіеўскага баярына Ходкі[3]. Аднак у прывілеі Жыгімонта Аўгуста на графскі тытул Яну продкам Хадкевічаў названы нехта Барэйка, які яшчэ да прыняцця хрысціянства служыў вялікім князям літоўскім, і «в том панстве великом князьстве Литовском Борейков дом давный»[4].

Паводле сямейных паданняў, Барэйка праславіўся сваёй перамогай над татарскім волатам. Золатаардынскі пасол, які прыехаў у Вільню, выставіў перад вялікім князем Гедзімінам незвычайнай сілы волата і заявіў: «Калі можаш выставіць супраць ханскага батыра роўнага па сіле і той пераможа, то мой цар заволжскі даруе даніну. Але калі наш батыр пераможа - заплаціш усю даніну і сам пойдзеш у вязніцу». З усяго Княства прыбылі ў Вільню рыцары, але ніхто з іх не асмеліўся памерацца сіламі з татарынам. І толькі адзін шляхціц прыняў выклік. У бойцы ён перамог татарскага волата. Гедзімін назваў яго Барэйкам, узнагародзіў сялом Кулішкі і даў трымаць Слонім і Стаківілавічы, а нашчадкам у дзедзічнае права Мсцібог[5]. Ягоны сын Ходка вынес на руках з поля сечы Альгерда. Сам паранены, Ходка тым не менш пазбег крыжацкай пагоні і данёс Альгерда да Бельска. Ён атрымаў пушчу паміж Нарвай і Нёманам, а ў знак пашаны яго пачалі называць Хадкевічам.

А паколькі адзін з нашчадкаў Барэйкі Іван Хадкевіч быў кіеўскім ваяводам, дык гісторыкі і пачалі выводзіць Хадкевічаў з «кіеўскіх баяр», што не адпавядае сапраўднасці. Памёр Іван Хадкевіч у крымскім палоне, у якім апынуўся пасля захопу татарамі ў 1482 годзе Кіева. Ягоную жонку княгіню Агнежку Бельскую і сына Аляксандра выкупіў з няволі Казімір Ягайлавіч. Аляксандар Хадкевіч абессмяроціў сваё імя фундацыяй Супрасльскай царквы - шэдэўра сусветнага дойлідства. Ён быў абвінавачаны ў падтрымцы Міхайла Глінскага і кінуты ў вязніцу, адкуль праз два гады (у 1511 г.) выйшаў на волю. «Здрада» не перашкодзіла Аляксандру дасягнуць пасады наваградскага ваяводы. Ад шлюбу з дачкой пінскага князя Івана Яраславіча, Васілісай, меў ён сыноў Івана (памёр у маладым узросце), Гараніма, Рыгора, Юрыя і дачку Софію. Рыгор праславіўся сваімі ратнымі подзвігамі і меў булаву вялікага гетмана. Рупіўся ён і пра асвету. У сваім маёнтку Заблудава даў прытулак Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу і дапамог ім заснаваць друкарню і выдаваць кнігі. Менш вызначыўся Юрый. Быў ён кашталянам троцкім, але затое жонку ўзяў сабе не абы якую, а самую княгіню слуцкую Софію Алелькавіч. А жамойцкі староста Гаранім Хадкевіч быў прыкметнай асобай. Нават імператар Карл V шукаў у яго прыхільнасці і ашчаслівіў графскім тытулам. Ажаніўся Гаранім з Ганнай Шэмет і нажыў з ёй двух сыноў - Яна і Гараніма. Дакладна невызначана, калі нарадзіўся Ян. Гісторыкі называюць прыблізна 1537 год.

Да юнацкіх гадоў Ян жыў у бацькоўскім доме, дзе і авалодаў азамі навукі. Далей малады Хадкевіч адправіўся (1547 год) вучыцца ў Кракаўскі ўніверсітэт. Калі меркаваць, што Ян свабодна валодаў польскай і нямецкай мовамі, ведаў добра гісторыю і філасофію, славіўся красамоўствам, дык навука прыйшлася яму па душы. Пасля Кракава ён падаўся ў Лейпцыгскі ўніверсітэт. Аднак, пэўна, вырашыў Ян, што засядзеўся за кнігай. Прага подзвігаў клікала яго на «великие музства». І толькі пачуў, што імператар Карл V пачаў вайну з французскім каралём, як адразу кінуў вучобу. Служба ў імператарскім войску стала для Хадкевіча добрай вайсковай школай. Пакідаў Ян Літву хлопчыкам, а вярнуўся назад сталым чалавекам - і свет пабачыў, і мудрасць кніжную спазнаў, і пораху панюхаў.

Аднак справы Яну Хадкевічу не знайшлося. Пасады ён не атрымаў. Пэўна, быў ён пад рукой у бацькі, жамойцкага старосты. Зрэшты ў 1559 годзе вялікі князь даў Яну пасаду стольніка. Цяпер Хадкевіч нёс «пачэсны» абавязак - даглядаў за сервіроўкай гаспадарскага стала. А паколькі вялікі князь часта ад'язджаў у Польшчу, дык і клопату стольніку выпадала не шмат. І ўсё ж у Яна з'явілася магчымасць праявіць сябе. Напрыканцы года Жыгімонт Аўгуст назначыў яго гетманам над аддзелам у 500 наёмных драбаў, якія павінны былі ўзяць пад ахову Лівонскі замак Люцын. Разам з Хадкевічам у Лівонію адпраўляўся і Юрый Зяновіч з атрадам у 500 вершнікаў для аховы Рэжыцы.

Вялікі князь наказваў абодвум гетманам: «Напервей, абы сторожу служебными чуйную и дбалую при границах неприятельских держалм, яко бы без вести неприятельские люди не пришли»[6]. Але не ад ворага спазнаў Ян непрыемнасці, але ад сваіх жа ваяроў. Не змаглі яны ўтрымацца, каб не парабаваць багатых лівонцаў. Жыгімонт Аўгуст нават прыгразіў Хадкевічу і Зяновічу, што за «кривды шкоды... повинен будет кождый отповедати, на кого в чом вина будет дана»[7].

Праслужыў Ян Хадкевіч у Люцыне два гады, ахоўваў замак ад маскавітаў, а лівонцаў ад сваіх галаварэзаў. Служыў, па словах вялікага князя, «верне и пожиточне»[8]. Смерць бацькі ў 1561 годзе прынесла змены ў яго жыццё. Жамойцкая шляхта, задаволеная мудрым кіраваннем Гараніма Хадкевіча, прасіла Жыгімонта Аўгуста назначыць жамойцкім старостам ягонага сына Яна. Толькі вось Жыгімонт Аўгуст пакінуў просьбу жамойтаў без увагі. Ці то спалохаўся даверыць высокую пасаду маладому, ці то яшчэ што, але «спраўцаю Жамойці» вялікі князь назначыў гетмана Рыгора Хадкевіча. Жамойты не адступілі ад свайго і «неоднокрот» прасілі вялікага князя даць ім у старосты Яна Хадкевіча. Нарэшце, напрыканцы 1563 года, Жыгімонт Аўгуст задаволіў іх просьбу. Так Ян Хадкевіч стаў жамойцкім старостам. Ужо паспеў ён праславіцца, як таленавіты і разважлівы палітык. Недарэмна менавіта яго шляхта абрала пад Віцебскам у 1562 годзе паслом да Жыгімонта Аўгуста біць чалом аб «роспусщеньи з войска для причин недостатку живности»[9]. Справу і патрэбы Літвы Ян Хадкевіч лічыў сваімі. Не шкадаваў дзеля гэтага ні сябе, ні часу, ні грошай. Адклікнуўся ён і на просьбу Трабскага сойма (1564 г.) да паноў наняць ваяроў для аховы Лівоніі і сваім «коштам и накладом» выставіў 1200 вершнікаў, болей за ўсіх паноў Княства. У пераможнай бітве з маскавітамі каля Вулы Ян Хадкевіч вызначыўся мужнасцю. Кардынал Камендоне ў сваім данясенні ў Рым сярод тых, хто заслужыў пахвалу, назваў і Хадкевіча, «таленавітага не толькі вялікім розумам, але і вайсковай здатнасцю»[10]. Разам з віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам і Рыгорам Хадкевічам ён у 1565 годзе прапаноўваў маскоўскаму ўраду пачаць мірныя перамовы і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы пасольства ў Маскву. «Знакомитыми заслугами своими... мудрым баченем... от часу собе тым болшей ласки нашое приспорал и примножал»[11], - так адзначыў службу Яна Хадкевіча сам Жыгімонт Аўгуст. І яму перадаў вялікі князь у 1566 годзе на Віленскім сойме пасаду маршалка вялікага літоўскага. «Справовати до живота своего»[12].

 

Вендэнская вунія

Менавіта Яна Хадкевіча на Берасцейскім сойме ў красавіку таго ж 1566 года прапанавалі адправіць у Лівонію. Паноў і шляхту хваляваў лёс гэтай зямлі. Як-ніяк у Лівоніі «немало не одно крови народу их шляхетского выливалося, але и голов братьи их полегло, з великою утратою маетностей их»[13]. Вось і баяліся, каб Лівонія не адпала ад Вялікага Княства або не захапіў яе вораг. А на Лівонію, як на багатую нявесту, прагна паглядаў і маскоўскі гасудар Іван Жахлівы, і шведскі кароль Эрык ІV, і дацкі кароль Фрыдрых ІІ. Ліцьвіны прапаноўвалі паслаць у Лівонію Хадкевіча, каб ён «тую землю ку Великому Князьству способил и привласцил, яко того початок учинил небощик пан Миколай Радивил»[14]. Жыгімонт Аўгуст адобрыў выбар сойма. У грамаце да курляндскага герцага Кетлера вялікі князь загадваў перадаць кіраванне Лівоніі «гетману і адміністратару зямлі Ліфляндскай» Яну Гаранімавічу Хадкевічу, якому былі нададзены велікакняжацкія паўнамоцтвы. Паводле інструкцыі, Ян павінен быў схіліць лівонскія станы да вуніі з Літвой, дамагчыся ад рыжскага магістра прызнання ўлады вялікага князя літоўскага.

У кастрычніку 1566 года Ян Хадкевіч на чале аддзела ў тры тысячы вершнікаў адправіўся ў Лівонію.

Лівонія была ў той час «болем» эўрапейскай палітыкі. Свяшчэнная Рымская Імперыя, Швецыя, Масковія, Данія, Прусія, Ганзейскі саюз, Польшча цягнулі да Лівоніі рукі, каб адхапіць ад яе добры кавалак зямлі. Масковія спрабавала выйсці да Балтыйскага мора. Дацкі кароль узгадаў, што калісьці дацкія рыцары заваявалі Эстляндыю, а таму лічыў гэтую зямлю па праву сваёй.

Швецыя марыла завалодаць Лівоніяй і панаваць на моры. Польшча разлічвала рукамі ліцьвінаў завалодаць Лівоніяй, каб пасля разам з Літвой далучыць яе да кароны.

Пакуль Іван Жахлівы пераводзіў дых ад пераможнага шэсця па сваіх «вотчынах», з-за Лівоніі пасварыліся Швецыя і Данія. Шведскі кароль Эрык ІV прыбіраў у Лівоніі адну вобласць за другой. Наважыўся нават на Рыгу, але рыжане адбілі заваёўнікаў. Поспехі шведаў устрывожылі дацкага караля Фрыдрыха ІІ, які са зброяй прыняўся адстойваць свае правы на Эстляндыю. Паміж Даніяй і Швецыяй у 1563 годзе пачалася вайна. Лівонія па-ранейшаму заставалася полем бітваў, у якіх вырашаўся яе лёс. Эрык шукаў падтрымкі ў Івана Жахлівага. І за мір з Масковіяй, і прызнанне за ім права на Рэвель, Пернаў, Вітэнштэйн і Каркус гатоў быў гвалтам забраць у свайго брата жонку Кацярыну і перадаць яе Івану Жахліваму. А маскоўскі ўладар жаніцьбай на Ягелонцы хацеў прыдбаць права на велікакняжацкі пасад Літвы.

У сваю чаргу Фрыдрых ІІ і ягоны брат эзельскі ўладар Магнус дамаўляўся з Жыгімонтам Аўгустам пра саюз супраць маскавітаў і шведаў. Не застаўся ў баку і герцаг курляндскі Кетлер, які не без поспеху ваяваў са шведамі. Гэтак, у 1565 годзе яму ўдалося, дзякуючы здрадзе наймітаў, захапіць Пернаў. Адсюдь Кетлер рабіў напады на Рэвель. Нарэшце ў студзені 1566 года шведы ўзялі Пернаў у аблогу і сем тыдняў здабывалі горад. Толькі падыход двухтысячнага ліцьвінскага атрада вымусіў шведаў адступіць. Сваю няўдачу яны кампенсавалі спусташэннем Эзэля, дзе жорсткасцю пераўзышлі маскавітаў. Сам жа Кетлер спрабаваў умацавацца ў Лівоніі і зносіўся з уладарамі іншых дзяржаў, набіраў ваяроў, раздаваў усе пасады сваім сябрам па Ордэну. Лёс кідаў Яна Хадкевіча ў самы вір палітычнай барацьбы Ўсходняй Эўропы і з'яўленне яго ў Лівоніі было многім не па душы. Асабліва Івану Жахліваму, які адмовіўся весці мірныя перамовы толькі таму, што Хадкевіча назначылі лівонскім гетманам і адміністратарам. З'яўленне ў Лівоніі дзейнага і рашучага «спраўцы» магло перакрэсліць планы, як Івана Жахлівага, гэтак і іншых, стаць лівонскімі гаспадарамі.

5 кастрычніка 1566 года ў Кукейносе Кетлер перадаў новаму адміністратару кіраванне краем. Першае, што зрабіў Ян, - гэта склікаў у Вендэне ландтаг (сойм) усіх лівонскіх станаў. Не прыехалі толькі прадстаўнікі Рыгі. Хадкевіч выступіў перад дэлегатамі. У прадмове ён нагадаў, што менавіта з-за Лівоніі ліцьвіны настроілі супраць сябе такога небяспечнага ворага, як Івана Жахлівага, і ў вайне з ім страцілі Полацак. А таму справядліва, каб лівонцы вернасцю і добразычлівасцю былі годныя каралеўскай пратэкцыі, адмовіўшыся ад некаторых сваіх правоў, злучыліся з Вялікім Княствам, каб Лівонія і Літва сталі адной дзяржавай і адным народам.

Лівонцам не вельмі хацелася страціць аўтаномію, аднак разумелі, што калі не з Літвой, дык - пад Масковію або Швецыю. Пужала іх тыранія Івана Жахлівага, пужала і своеўладдзе Эрыка. Пасля нядоўгіх спрэчак лівонцы пастанавілі: «У будучым не аддзяляцца ад Вялікага Княства Літоўскага, а быць у цеснай вуніі, прыязнасці і братэрстве з Літвою. Нікога не прызнаваць сваім уладаром, апроч вялікага князя Літоўскага, і ніякіх трактатаў супраць гэтай вуніі не заключаць»[15]. Аб пастанове Вендэнскага ландтага Жыгімонт Аўгуст паведаміў на Гарадзенскім сойме: «Сполне с паны обователи земли Лифлянтское зволившися, доброволне приступили с тою землею ку Великому Князьству Литовскому и стали ся частью того панства, поддаными нашими всяким способом, и нас, господара, приняли суть за зверхнего и дедичного пана зо всякою пристойностью и владностью, прилучивши ся под подданность нашу и ставши ся члонком одного тела и одное головы, Великого Князьства Литовского, к тому и по смерти нашой госпадарской не много кого за пана своего брати и мети мають и вызнавати в подданстве и в послушенстве быти будут повинни, толко того, хто великим князем Литовским обран и за пана принят и выволан через Великого князьства родичи; печати нашое Великого Князьства, гербу погони слухати и того ся в оной земли от нас, господара, отпровавати»[16]. Акт вуніі падпісалі ўсе дэлегаты ліцьвінскіх станаў. Лівонія канчаткова была далучана да Літвы «стараньем... и через раду» Яна Гаранімавіча Хадкевіча.

Вярнуўшыся з сойма, Хадкевіч даведаўся аб нападзе шведаў на мястэчка Лемзель каля Рыгі.

Вось справа дайшла да вайны. З лютага каля Рунафера высланы Хадкевічам аддзел на чале з Мікалаем Тальвашам разбіў атрад рэвельскага губернатара Гейрага Клаўсена. Цяжка ўзброеныя шведскія кнехты і нямецкія найміты завязлі ў глыбокім снезе і сталі лёгкай здабычай ліцьвінаў. Нямецкія кнехты спрабавалі супраціўляцца, але іх змялі агнём гармат. Ліцьвіны захапілі шмат палонных, якіх адправілі ў Вільню. Пасля гэтай паразы шведы доўгі час не наважваліся нападаць на лівонскія землі, што ўвайшлі ў склад Вялікага Княства. Хадкевіч меў магчымасць спакойна кіраваць давераным яму краем. Рука гаспадара адчувалася. Ён падзяліў Лівонію на чатыры воласці і правёў там выбары сенатараў і земскіх суддзяў, упарадкаваў суды, а землі рыжскага архібіскупства секулярызаваў. Адкрыў школы і прытулкі.

Няўдача чакала Яна Хадкевіча ў Рызе. Гарадскі магістрат не пагаджаўся прыняць вунію і адстойваў прывілеі, дадзеныя гораду Мікалаем Радзівілам. Паводле велікакняжацкай інструкцыі, Хадкевіч вырашыў сілай прымусіць здацца рыжанаў. Ён загадаў пабудаваць у вусці Дзвіны крэпасць, каб браць мыта з рыжскіх караблёў. Рыжанаў гэта не палохала, і яны вырашылі напасці на крэпасць і спаліць яе, а Хадкевіча забіць. Папярэджаны аб гэтым намеры, Хадкевіч ноччу ўчыніў засаду, на якую і трапілі рыжане. У баі яны панеслі вялікія страты і ўцяклі ў горад. Здавалася, цяпер можна было падначаліць Рыгу, аднак і сам Хадкевіч не радаваўся пралітай крыві і вырашаць лёс горада прадаставіў вялікаму князю. А той не стаў ускладняць становішча і саступіў рыжанам.

Дзейнасць Хадкевіча ў Лівоніі Жыгімонт Аўгуст вызначыў так: «Вси внутрение небеспечности усмирил и незгодные станы розные у едность злучил... и тую землю Инфлянтскую, стараньем своим приведши под расказыванье нашо, за часть Великого Князьства Литовского и за одно тело з Великим Князьством Литовским злучил»[17].

 

Вула

Пасля бліскучай перамогі ліцьвінскага войска Мікалая Радзівіла Рудога над маскоўскім войскам Пятра Шуйскага абодва варагуючыя бакі абмяжоўваліся дробнымі баямі паміж сабой. Ліцьвінам удалося разбіць у 1564 годзе дзесяцітысячны аддзел ваяводы Юрыя Такмакова, які здабываў Азярышча. Яшчэ адну перамогу святкавалі ліцьвіны 20 ліпеня 1567 года, калі князь Раман Сангушка на чале 2-тысячнай почты начным нападам разагнаў пад Чашнікамі 8-тысячны аддзел ваяводы Пятра Сярэбранага. Віцебскія казакі гетмана Бірулі набегамі спусташалі памежныя воласці Масковіі. Маскавіты спынілі свой наступ на Літву. Яны захапілі Азярышча і гэтым задаволіліся. Пакуль што ўмацоўваліся ў Полацкай зямлі. Пабудавалі некалькі драўляных замкаў: Казьяны, Сітна, Красная, Туроўля, Суша, Сокал і другія. У вусці ракі Вула маскавіты ў 1566 годзе ўзвялі моцны замак, які пагражаў Віцебску. Віцебскі ваявода пасылаў шляхту пад варожую цвержу, але здабыць яе не ўдалося. Іван Жахлівы ўмацаваў Вульскі гарнізон свежымі сіламі.

Мірныя перамовы паміж Літвой і Масковіяй сталі звычайнымі дыскусіямі каму і якія належаць землі і хто на іх мае больш правоў. Іван Жахлівы накопліваў сілы. Баяры, князі, святары, дваране, купцы ў адзін голас раілі яму працягваць вайну за Лівонію і Полацак. Маскоўскія паслы Хведар Колычаў і Рыгор Нагі, якія прыехалі зімой 1567 года да Жыгімонта Аўгуста ў Горадню, патрабавалі саступіць Масковіі ўсю Лівонію па Дзвіну, а таксама Полацкую зямлю. Ніякіх кампрамісаў і чуць не хацелі. А калі ў Жыгімонтавай грамаце Ян Хадкевіч быў названы адміністратарам Лівоніі, дык адмовіліся ўзяць яе. Жыгімонт Аўгуст абвясціў збор шляхты ў Маладэчне. Аднак замест таго каб узначаліць войска, вялікі князь адпачываў ад дзяржаўных спраў у Кнышыне. І толькі калі ў кастрычніку атрымаў вестку, што вялікая маскоўская раць рушыла да межаў Літвы, выехаў да войска і адправіў яго ў Барысаў. Было сабрана каля 60 тысяч ваяроў і гэтая сіла напужала Івана Жахлівага. Ён вярнуўся ў Маскву. А што ж Жыгімонт Аўгуст? Не, ён не скарыстаў зручны момант, каб вызваліць Полацак, а палічыў свой абавязак выкананым. Не на полі сечы адчуваў ён сябе героем, а ў будуарах з наложніцамі. І прастадушна, як дзіця, апраўдаваўся: «Гэтыя сокалы (так называў ён каханак) не дазваляюць ні за што ўзяцца, каб і хацеў бы»[18]. Вось і зараз кінуў войска і паспяшаўся ў Кнышын да каханак. А няма вялікага князя, дык і шляхта пачала раз'язджацца па хатах, а тыя, хто заставаўся пры зброі, скардзіліся на холад і голад і прасіліся дадому. У студзені 1568 года Жыгімонт Аўгуст распусціў войска. Засталіся толькі почты паноў, якія ён выправіў пад Вулу. Кіраваць імі вялікі князь назначыў Яна Хадкевіча. І без усялякага настрою ішлі ваяваць шляхціцы. Як жа, уся астатняя шляхта дома ў цяпле і спакоі, а ім ісці на смерць.

Аб падзеях пад Вулай у летапісах знойдзем колькі радкоў. Летапісцы ўказваюць на адчайнае супраціўленне маскавітаў, значныя страты ліцьвінаў - і ўсё. Аднак захаваўся ліст Яна Хадкевіча да Жыгімонта Аўгуста з падрабязным апісаннем аблогі Вулы. Можна даведацца, як нялёгка здабываліся перамогі. Сам час «непогодни зимни» не спрыяў ліцьвінам. З-за мерзлай зямлі нельга было падвесці падкоп пад замкавыя сцены, а таму іх абстрэльвалі з гармат. Прабілі ў сцяне дзірку.

Але высветлілася, што шляхціцы не жадаюць браць замак.

Каб воям смерць іх сяброў «серца не псовали», Хадкевіч загадаў пачаць штурм уначы. Не дапамагло, шляхта «похоронилася», хто ў лесе, хто ў рове. А ротмістры ледзь «волоклися». Хадкевіч сілай гнаў воінаў у бой: «До того пришло, иже-м руки мои окровавил, принужаючы их до штурму»[19]. А яны ўсё роўна не хацелі «справы рыцарское оказаць» і ўцякалі надалей ад замка. «Прозьбою м добротою» Хадкевіч угаворваў шляхту паўтарыць штурм.

Маршалак сам пайшоў у бой: «або службу вашой королевской милости вырядити, або теж нам горло отдать»[20]. Смеласці воінам хапіла толькі падысці да замка. Вылазка маскавітаў напужала іх і яны «и разу стрелити не смели, а потом утекли от шанцов»[21].

Надзеі на перамогу з такімі ваярамі не было. Хадкевіч вырашыў зняць аблогу. Як ён сумна пажартаваў: «Ачбы была дыра в том замку, яко с Кракова до Вильни, предься бы до нее драбы ити не хотели и не смели»[22].

Жыгімонт Аўгуст не дакараў Яна Хадкевіча. Хто-хто, а ён сам заслужыў нараканні. Маскоўскі ўцякач князь Курбскі, чалавек новы ў Літве, і той заўважыў: «Кароль думае не аб тым, як ваяваць з нявернымі, а толькі аб танцах і маскарадах»[23]. Добра што яшчэ цаніў тых, хто дбаў аб дзяржаве. Вось і Хадкевічу за «накладные старанья» 10 чэрвеня 1568 года надаў ён «тытул, зацносць и вышенье то есть грабство»[24]. Так Ян Хадкевіч стаў графам на дзедзічных месцах Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы. Мужнасць Хадкевіча пад Вулай прызнаў і сам Іван Жахлівы. Праз дзевяць гадоў (1577) у сваім лісце да яго маскоўскі ўладар прызнаецца: «Чуў пра твой вялікі розум і храбрасць пад Вулаю і дзівіўся, як ты храбра там паводзіў сябе»[25].

 

Братэрская любоў

Пакуль ліцьвіны са зброяй у руках баранілі свой край ад заваёвы ўсходняга суседа, іх заходні сусед - «браты палякі» - плялі павуціну інтрыгі, каб прывесці Літву да «няволі». Час падганяў. Распуснае жыццё знясіліла Жыгімонта Аўгуста і, гледзячы на гэтага схуднелага і хваравітага чалавека, нельга было спадзявацца, што ён доўга пражыве. А з ягонай смерцю спарахнелыя граматы (частка іх была падроблена або не мела арыгіналаў) вуній з Літвой зніклі б у архівах, а вось хацелася, каб яны «не ляжалі дарэмна». На соймах у Берасці (1565) і ў Любліне (1566) палякам, нягледзячы нават на падтрымку Жыгімонта Аўгуста, не ўдалося схіліць ліцьвінаў падпісаць Варшаўскі рэцэс нібыта заключанай паміж Літвой і Польшчай вуніі. Адносіны ліцьвінаў да «нявольнай вуніі» выказаў ананімны аўтар у памфлеце «Размова Паляка з Ліцьвінам»: «Іван Жахлівы сядзіць на нашым горле і душыць, а палякі цягнуць за ногі да сябе. І пры вуніі вы не толькі раздавіце нас, але нават разарвяце на кавалкі»[26]. Аднак на 1568 год абодва бакі дамовіліся правесці сойм для заключэння вуніі. Асаблівую цікаўнасць да сойму праявіла рымская курыя. І было ад чаго. Каталіцкі касцёл у Літве, здавалася, дажываў апошнія дні - Рэфармацыя не пакідала яму ніякіх надзей. Далучэнне Літвы да Польшчы магло выратаваць каталіцызм на велізарных абшарах Усходняй Эўропы. У Польшчу прыбылі кардынал Гозій і легат Порцікус. І ў тым, што зацятымі прыхільнікамі «няволі» Літвы выступалі польскія біскупы на чале з кракаўскім Філіпам Паднеўскім, парупіліся папскія пасланцы.

Ліцьвіны не падманвалі сябе: палякі не пагадзяцца з іх праектам «роўнага злучэння». Важна было ўтрымаць на сваім баку Жыгімонта Аўгуста. Вялікі князь абяцаў, што вунія будзе заключана паводле «згоды братское». Аднак веры Жыгімонту Аўгусту не давалі, таму паны-рада дамагліся ад яго клятвы не парушаць правы і вольнасці Княства, не прымушаць да вуніі, а ў выпадку іх нязгоды з палякамі яны могуць спакойна ад'ехаць з сойма. Гарантаваў ён захоўваць цэласнасць Вялікага Княства. І ліцьвіны паверылі клятвам свайго ўладара і нарадзілі дэлегацыю на Люблінскі сойм з наказам: «Абы не от старых списов, але з милости братерское знову унею становили»[27]. Дэлегацыю ўзначалілі Мікалай Радзівіл Руды і Ян Гаранімавіч Хадкевіч, з імі былі кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, валынскі ваявода Адам Чартарыйскі, брацлаўскі ваявода Раман Сангушка, падканцлер Астафі Валовіч, віцебскі кашталян Дамінік Пац, крайчы Крыштоф Радзівіл, падчашы Мікалай Хадкевіч і другія. «Ад таго, што пакінулі нам продкі, мы не адступім ні ў найменшым пункце», - заявіў ад імя дэлегацыі Мікалай Руды[28].

Сойм пачаўся 10 студзеня 1569 года. І пачаўся зусім не так, як таго хацелі палякі.

Некалькі дзён ліцьвіны не прыходзілі ў соймавы зал.

Палякі непакоіліся, бо даведаліся, што ліцьвіны дамагаюцца ў Жыгімонта Аўгуста зацвердзіць новую рэдакцыю статута, «у якім было шмат супраціў вуніі». На дванаццаты дзень польскія паслы сустрэліся з Мікалаем Рудым і Янам Хадкевічам і пацікавіліся, ці жадаюць ліцьвіны вуніі. Нічога радаснага ў адказ не пачулі. Ліцьвіны толькі тады дадуць згоду на перамовы, калі добра ўладкуюць сваю рэч паспалітую. Ян Хадкевіч прама, без хітрыкаў, мовіў: «Што нам трэба - гэта мы ведаем лепш за іншых. Бо нашы народы і мы - людзі пачцівыя, шляхетныя і сваімі вольнасцямі можам параўнацца з любым народам на свеце і з вамі, але перш, чым закончыць вунію, уладкуем нашу рэч паспалітую, каб ведалі, што вы бераце вунію з прыяцелямі сабе ў шляхецтве роўнымі, ладам дамовым годным. Гэта перш за ўсё вырашым з панам сваім, а тады ўжо і пра вунію мовім з радасцю, да якой каралю, яго міласці, няма справы; вырашым мы самі, бо мы людзі вольныя, хрысціянскія, пра якіх ніхто не можа ніяк трактаваць, апроч нас саміх - так як нашы продкі з продкамі вашымі чынілі»[29]. Чаго яшчэ тлумачыць - ліцьвіны не лічылі сябе падданымі Кароны і таму гатовы весці перамовы на роўных правах. Сандэцкі кашталян Асалінскі з жоўцю на вуснах паспрабаваў давесці, што «польскія каралі ўладараць у Літве». Мікалай Радзівіл не пагадзіўся з гэтым: «Што датычыцца таго, што кароль польскі даўно ўладарыць у Літве, дык не думаю, каб праспявалі вечную памяць вялікаму князю літоўскаму». А Хадкевіч дадаў: «Каб Літва толькі тады вольнасці мела, калі там кароль польскі радзіў»[30]. Напрыканцы размовы Хадкевіч паабяцаў даць польскім дэлегатам Літоўскі статут. І калі наступным днём польскія сенатары і паслы азнаёміліся са статутам, яны ажно абурыліся. У статуте Жыгімонт Аўгуст даваў клятву за сябе і за сваіх наступнікаў, што ні славы, ні тытулу, ні сталіцы, ні значнасці, ні пасад, ні межаў Вялікага Княства «ни в чом не вменшати». А гэта значыць, што Жыгімонт Аўгуст, на падатлівасць якога яны так спадзяваліся, павінен адстойваць дзяржаўнасць Літвы. Не спадабаўся палякам і артыкул, якім забаранялася чужаземцам набываць у Літве землі і трымаць пасады. А гэта ўжо сапраўдная сцяна польскім панам і шляхціцам прыбраць Літву да сваіх рук. Не «лепшым» аказаўся і артыкул, дзе Жыгімонт Аўгуст пастанаўляў, што ён і ягоныя наступнікі - вялікія князі літоўскія - будуць праводзіць у Княстве вальныя соймы. «І ўсё гэта яны (ліцьвіны. - В.Ч.) чыняць, нібыта для таго, каб прыстаць да Польшчы з добраўладкаванай рэччу паспалітай!» - абурыліся палякі[31]. Дык што гэта за вунія?

Якім было расчараванне палякаў, калі Ян Хадкевіч ад імя ліцьвінскай дэлігацыі заявіў у сенаце: «Мы жадаем, каб пры заключэнні вуніі былі захаваны нашы правы і статуты»[32]. Палякі патрабавалі заключыць вунію на падставе старых актаў і фальшывага Варшаўскага рэцэса. Для палякаў гэтыя граматы галоўны аргумент.

Мікалай Руды насмешліва заўважыў: «Ведаю, што вашы мосці добра хавалі гэтыя старыя граматы ў скрынях і яшчэ дзе. А вось раней, хоць палякі прысягалі на Літву, а Літва на палякаў, але ласкава сябравалі; не было пергаментаў паміж намі, а пралівалі палякі кроў за Літву, таксама як Літва за палякаў, не мелі спісаў, а мелі шаблі і мячы»[33].

З такой жа зацятасцю адмаўлялі палякі законнасць прывілеяў, якія выдалі вялікія князі літоўскія Казімір, Аляксандар, Жыгімонт Стары і Жыгімонт Аўгуст на захаванне дзяржаўнай самастойнасці Вялікага Княства: «Тыя князі за зверхнасцю каралёў польскіх у Літве ўладарылі, таму гэтыя прывілеі не могуць парушаць сілу нашых прывілеяў»[34]. Нічога, хай будзе і хлусня, толькі «зрабіць так, каб Літва і Польшча складалі адно цела, адзін народ, адну рэч паспалітую»[35]. А за гэта аднадушна выступалі ўсе польскія сенатары і паслы ад шляхты. Адзін аднаго пераконвалі не адступаць ад вуніі паводле старых запісаў. Сярод довадаў сама нечаканы выказаў ваявода рускі: «Памятайце, што падчас вайны перш ліцьвін дапаможа нашаму краю, чым нехта з Познані або Кракава і Перамышля»[36]. Так палякі спадзяваліся ліцьвінскай крывёю купіць спакой свайму краю. «Калі страцім Літву (такое вялікае панства), дык вельмі занепадзем»[37]. А занепадаць не хацелася, хоць за кошт Літвы, а стаяць яшчэ на нагах. На вунію ўжо глядзелі, як на выратаванне Кароны. І пакуль Літве пагражае нашэсцем Масковія, міжволі ліцьвіны прымуць вунію. «На нашых храбтах быў непрыяцель, калі ад'язджалі сюды», - прызнаўся Мікалай Руды[38]. А таму палякі адкінулі ўсялякае прытворства - Літва павінна стаць Польшчай. Кракаўскі біскуп доўга абгрунтоўваў правы Польшчы на Літву. Маўляў, Ягайла «з'яднаў абодва панствы ў адно» і перадаў Княства свайму намесніку Вітаўту, а значыць, Літва належыць Польскай кароне. Грувасткая прамова біскупа выклікала ў душы Яна Хадкевіча з'едлівую іронію: «Калі мы вам падараваны, дык навошта вам яшчэ вунія з намі?»[39]. Адной фразай разбурыў усе аргументы біскупа. Зразумела, што ліцьвіны не прынялі польскі праект вуніі. Нічога новага там не было: Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае злучаюцца ў адну дзяржаву, з адным уладаром, польскім каралём (якога абіраюць палякі і ліцьвіны, тытул вялікага князя скасоўваецца), адным соймам, адной агульнай пячаткай, адным сенатам, адным войскам, адной манетай - словам, ад Вялікага Княства не павінна застацца нават назвы.

Такой была «братэрская любоў» палякаў. Інакш яе разумелі ліцьвіны. І Ян Хадкевіч ад іх імя выступіў у сенаце: «Братэрская любоў павінна быць роўнай, каб прынесла пажытак абодвум народам, але ўцяленне Вялікага Княства Літоўскага ў Карону не дасць ніякай любові, бо Княства павінна пасці, а народ мусіць стаць іншым народам, так што не можа быць ніякага братэрства... Мы прыехалі да вас па братэрства, па братэрскую міласць, а не страціць сваю рэч паспалітую і нашага пана - вялікага князя літоўскага, пазбаўленага свайго тытула княжацкага. Калі б мы гэта дазволілі, то ўчынілі б супраць нашай прысягі абразу нашага сумлення. Калі б мы падманулі ў гэтым Бога і нашага пана, і нашу рэч паспалітую, і ашукалі сваё сумленне, дык хто надалей верыў бы нам паводле прымаўкі: хто не верны сабе, ці можа быць верным другім?

Нам трэба рупіцца, каб пакінуць нашай маці - Рэчы Паспалітай Літоўскай і нашым нашчадкам памяць, як верна і зычліва мы служылі ім не толькі справамі, але і мудрымі парадамі, каб пакінуць нашчадкам нашае добрае імя»[40]. Не прызнавалі ліцьвіны і правы Ягайлы «ўцяліць» Вялікае Княства ў Карону, бо ён быў не спадкаемным, а выбарным уладаром, таму не мог самавольна вырашаць лёс дзяржавы. Так што Ягайлаў прывілей не мае для ліцьвінаў ніякай законнай сілы. Прапанаваны ліцьвінамі праект вуніі грунтаваўся на роўных правах кожнага з бакоў, гэта быў саюз роўных народаў і дзяржаў над вярхоўнай уладай агульнага гаспадара, які насіў бы тытул караля польскага і вялікага князя літоўскага. Княства захоўвала свае дзяржаўныя структуры, межы, манету, войска, сойм, статут.

Як і трэба было чакаць, польскія сенатары і паслы не прынялі гэты праект. Кракаўскі біскуп заявіў: «Тое, што вы напісалі, вядзе не да вуніі, а хутчэй да раз'яднання, або да канфедэрацыі. Такую вунію не толькі нам, але і вам лёгка ўчыніць з любым народам»[41]. З ліцьвінамі было не згаварыцца, і палякі ўхапіліся за апошнюю надзею - за Жыгімонта Аўгуста. Хай ён любымі праўдамі і няпраўдамі, сваёй уладай прымусіць ліцьвінаў да вуніі. Пра гэта і малілі караля польскія сенатары на патаемнай нарадзе з ім, якая адбылася 21 лютага. Жыгімонт Аўгуст паслухмяна згаджаўся: «Я рад зрабіць усё, што ваша мосць сенатары, а таксама і рыцарства будзе мне раіць»[42]. О, гэта і трэба было. І палякі не пасквапіліся на ўсхваленне караля, як той праславіць сябе на вякі вуніяй Польшчы і Літвы.

Пакуль палякі радаваліся, што «яго мосць выканае нашу просьбу», ліцьвіны адправіліся на сустрэчу з каралём. Аднак палякі не пусцілі ліцьвінскіх дэлегатаў да Жыгімонта Аўгуста. Раз палякі не прынялі іх праект, адвярнуўся ад іх уладар, заставалася пакінуць сойм. Дарэмна чакалі палякі ліцьвінаў 27 лютага на пасяджэнне сойма, на якім планавалася прымусіць іх падпісаць вунію. Жыгімонт Аўгуст даў палякам поўную волю: «Не пакідайце па-за ўвагай ніводнага сродку, якім можна было прывесці да канца вунію»[43]. І вось ліцьвіны не з'явіліся ў зале. Паслалі за імі, і як абраза для палякаў прагучаў адказ Хадкевіча і Радзівіла, што яны паедуць да караля, а не да польскіх сенатараў. Палякі паспешліва адправіліся да караля і засталі ў яго Яна Хадкевіча, Мікалая Рудога і Астафія Валовіча.

Калі ўвайшлі польскія сенатары, Ян Хадкевіч звярнуўся да караля: «Дайшло да нас, што за намі прыслалі дзеля таго, каб пры нас нейкія дэкларацыі зрабіць». Гэта заключэнне вуніі - «нейкія дэкларацыі»?! Як такое было пачуць палякам? А Хадкевіч паведаміў, што ліцьвіны не прымуць ніякіх дэкларацый. «Даходзяць да нас чуткі, што нас сілаю хочуць браць з дому. Калі дойдзе да гэтага, то мы будзем бараніцца, хіба толькі ў паўрозах прывядуць нас у замак». Жыгімонт Аўгуст пачаў упэўніваць Хадкевіча, каб не верылі такім чуткам і прасіў ліцьвінаў прыехаць заўтра ў замак на сойм. «Бог дасць, пастановім паміж вамі справу і ўсе будзем радавацца». - «Да вашай мосці мы можам прыехаць, але дзеля якой-небудзь дамовы з станамі кароннымі не прыедзем»[44], - адказаў Хадкевіч.

Ноччу 1 сакавіка ліцьвінскія дэлегаты пакінулі Люблін. Аб ад'ездзе павінен быў паведаміць Жыгімонту Аўгусту падканцлер Астафі Валовіч і падскарбі Мікалай Нарушэвіч, аднак палякі і цяпер не дапусцілі іх да караля.

Ад'езд ліцьвінскай дэлегацыі яны прыпаднеслі каралю, як вялікую ганьбу, нібыта ліцьвіны выставілі яго на смех перад усім светам. І Жыгімонт Аўгуст, забыўшыся, што сам выдаў ліцьвінам прывілей на свабодны ад'езд з сойма, пакрыўдзіўся і прызнаў, што яны зняважылі яго каралеўскую ўладу і Польскае каралеўства. «Што мне параіць рада і кароннае рыцарства, так і ўчыню. ...Нічога не пашкадую, не зраблю ніякіх уступак», - паабяцаў Жыгімонт Аўгуст[45]. Абрадаваныя тым, што кароль аддаў ім «сваё сумленне і сваю душу» палякі горача заспрачаліся як вырашыць лёс Літвы. Нянавісць да ліцьвінаў, якіх абвясцілі ворагамі, горшымі за туркаў і за сама страшных непрыяцеляў, адняла ў многіх розум. Паслы ад шляхты патрабавалі мячом прывесці Літву да вуніі і абвясціць збор паспалітага рушэння для паходу на Вільню. На парады каралю не сквапіліся. Забраць у Літвы Валынь і Падляшша, якія нібыта належаць Польшчы, забараніць ліцьвінскія соймы, адмовіцца ад паноў-рады, адмяніць валасныя пячаткі, замест герба «Пагоні» даць Літве польскага «Арла», далучыць Лівонію да Кароны, зняць з пасады лівонскага адміністратара і гетмана Яна Хадкевіча. Учыніць вунію, ці сілаю закона ці мячом. І трэба было выконваць парады. На вайну з Літвой Жыгімонт Аўгуст не адважыўся, бо і ваяваць не ўмеў, і не хацеў, і ў скарбніцы пуста, і баяўся, што ліцьвіны адмовяцца прызнаваць яго за ўладара. Але вось Валынь і Падляшша перадаў Кароне, і ўніверсалам ад 12 сакавіка 1569 года абвяшчаў жыхарам гэтых земляў, што яны сталі падданымі Польскага каралеўства. Вось так росчыркам пяра вырашыўся лёс Валыні і Падляшша. Вось так уладар здраджваў сваёй дзяржаве.

Яшчэ не выйшаў універсал, а палякі пачалі паляваць за валынскімі і падляшскімі пасламі, якія не паспелі выехаць з Любліна, сілай і пагрозамі забраць пасады, выбівалі з іх прысягу на вернасць Кароне. Адмовіўся толькі мельнікскі староста Мацішык, «каб не запляміць сваё сумленне». Раззлаваныя палякі накінуліся на старосту, не далі нават слова мовіць - гналі пад клятву і пагражалі адняць староства. Мацішык здаўся. Аднак Астафія Валовіча запужаць не ўдалося. Ён меў на Падляшшы землі. Вось і вырашылі палякі ўзяць прысягу і ў ліцьвінскага падканцлера. Сам факт, што адзін з першых дыгнітарыяў Княства прызнаў адыход Падляшша пад Польшчу, мог стаць прыкладам для падляшан. Валовіч запярэчыў супраць самавольнай пастановы Жыгімонта Аўгуста і прасіў яго «адкрыць вуха» для Літвы. І як ні прасілі палякі, як ні пагражалі падканцлеру, ён заставаўся непахісным: «Ваша мосць, рабіце са мной, што пажадаеце, прысягаць не магу»[46]. Валовіча пазбавілі падляшскіх уладанняў. Калі паны-рада даведаліся пра ўніверсал Жыгімонта Аўгуста і пра жаданне палякаў зброяй навязаць Літве вунію, дык яны вырашылі сабраць войска. На Падляшша і Валынь былі пасланы загады не падначальвацца Кароне, а рыхтавацца да вайны. Меркавала рада адправіць пасольства да крымскага хана дзеля заключэння саюзу супраць Польшчы. Але заўпарцілася шляхта, якая патрабавала працягваць перамовы з палякамі.

У Люблін тэрмінова выехала дэлегацыя на чале з Янам Хадкевічам.

 

Горыч і гнеў

Пачынаўся апошні акт трагедыі як для Вялікага Княства Літоўскага - «ахвяры», так і для Польшчы - «пераможцы». «Нетрывалае ўсё, што чыніцца гвалтам»[47], - разумелі гэта палякі, але не дапускалі, што гэта датычыцца іх саміх.

І падзенне Вялікага Княства і Польскага каралеўства - іх агульнай Рэчы Паспалітай - пачалося ў Любліне. Толькі тады яшчэ ніхто не мог гэтага прадбачыць. Ніхто? А можа, нейкім звышпачуццём і трывогай на сэрцы адчуваў трагічны канец Жыгімонт Аўгуст, але не хацеў верыць свайму прадчуванню.

5 красавіка Ян Хадкевіч у прысутнасці польскіх сенатараў і паслоў зачытаў грамату паноў-рады. Ліцьвіны тлумачылі, чаму яны пакінулі сойм, а менавіта таму, што была парушана роўнасць паміж Вялікім Княствам і Каронай. Палякі не толькі не згадзіліся з ліцьвінамі на іх умовы вуніі, але нават не пусцілі ліцьвінскіх дэлегатаў да караля. Пратэставалі паны-рада супраць «прысваення» Польшчай Валыні і Падляшша: «Вялікае Княства Літоўскае заўсёды валодала гэтымі землямі і доказ таму тое, што на зямлі Валынскай жывуць толькі ліцьвіны і рускія і роды князёў Алелькі, Альгерда, Нарымонта, Карыбута і да сёняшняга дня мы абараняем яе ад непрыяцеля. Падляшша закладвалі вялікія князі літоўскія князям Мазавецкім, што сведчыць пра ўладу літоўскіх князёў над Падляшшам. Да таго ж гэты край ужо даўно вернуты ў рукі, з якіх выйшаў»[48]. Ад вуніі ліцьвіны не адмаўляліся, але настойвалі на тым, каб «абедзве рэчы паспалітыя злучыліся братэрствам і каб адзін бок не асуджаўся на загубу дзеля другога»[49]. Дзеля заключэння вуніі паны-рада прапаноўвалі склікаць новы сойм, а да яго ліцьвіны на сваіх сойміках абмяркуюць умовы вуніі і выберуць паслоў. Такой была заява паноў. Палякі пачалі абмяркоўваць яе. Пакуль Хадкевіч чакаў адказу, яму давялося судзіцца з віленскім ваяводзічам Глябовічам. А справа была вось у чым. Глябовіч у 1563 годзе пасля ўзяцця маскавітамі Полацка трапіў у палон. Каб вызваліцца з няволі, Глябовіч і паабяцаў Івану схіліць ліцьвінскіх і польскіх дыгнітарыяў абраць яго польскім каралём і вялікім князем літоўскім.

І вось у траўні 1566 года ён адправіў да цара свайго чалавека Шылінга. На зваротным шляху Шылінга па загаду Хадкевіча звязнілі і пыткамі дамагаліся праўды аб намерах Глябовіча. Нічога важнага не даведаўся Хадкевіч ад вязня, але ўсё ж абвінаваціў Глябовіча ў жаданні ад'ехаць у Маскву. Вырак паміж двума панамі адбыўся 16 красавіка 1569 года ў прысутнасці Жыгімонта Аўгуста. Ян Хадкевіч заявіў: «Найяснейшы і міласцівы кароль! Я нічога іншага не мовіў Глябовічу, апроч таго, што ён здраднік. Ваша мосць можаце ў гэтым пераканацца з яго ліста, які сведчыць, што ён будучы ў палоне змовіўся з маскоўскім князем і абяцаў таму схіліць людзей Польскага каралеўства і Літоўскага Княства, што яны выберуць маскоўскага князя сваім панам, а князь выдасць замуж сястру вашай каралеўскай мосці. Ён абяцаў намовіць і прывесці да гэтага ўсіх літоўскіх паноў, а таксама вызваліць двух маскоўскіх палонных. Ён пакляўся выканаць сваё абяцанне. Ваша каралеўская мосць, ці не віноўны ён у злачынстве супраць вас». Глябовіч як мог так і апраўдваўся: «У няволі я думаў, як атрымаць волю: таму, калі маскоўскі князь прапанаваў мне нагаданыя вышэй умовы, то я, жадаючы як-небудзь вызваліцца, мусіў згадзіцца на іх; я і сам другі раз прапаноўваў яму гэтыя ўмовы, каб вызваліцца. Аднак, ваша каралеўская мосць, заўважце тое, што гэтыя ўмовы нельга выканаць і пасля вяртання з Масквы, я распавёў вашай каралеўскай мосці ўсё, што ўчыніў. Усё гэта я ўчыніў дзеля таго, каб ваша каралеўская мосць ведалі думкі і намеры вашага ворага і маглі засцерагчыся. І так, я чыніў гэтыя справы будучы вязнем, і чыніў дзеля дабра вашай каралеўскай мосці; ваша каралеўская мосць міласціва аднесліся да гэтых спраў; вызвалілі за мяне палонных, апраўдалі мяне, таму прашу, ваша каралеўская мосць, пазбавіць мяне ад абвінавачванняў старосты»[50]. Тлумачэнне Глябовіча не задаволіла Хадкевіча. Ягоная высакародная душа не магла прыняць такога «двайнога» клятваадступніцтва. Як можна падмануць кагосьці, а пасля лічыць сябе сумленным чалавекам. А дзе гонар, дзе годнасць? Гэта было супрацьстаянне двух прынцыпаў: годны чалавек заўсёды павінен заставацца годным, а па словах Глябовіча, - дзеля дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя, у тым ліку крывадушша і падман. Хадкевіч нагадаў учынак вугорца Будзіфэрэнса, які ў турэцкай няволі выбраў смерць замест таго, каб прысягаць туркам, нагадаў і больш даўнія прыклады самаахвярнасці Муцыя Сцэволы і іншых. Вось і Глябовіч павінен быў не забывацца пра сваю пачцівасць і хутчэй пакласці галаву на адсячэнне, чым прысягаць непрыяцелю. І ці варта пачэснаму чалавеку чыніць адваротнае сваім перакананням. Відаць, лічыў сябе Хадкевіч абражаным, бо выклікаў Глябовіча на паядынак: «Пакуль ваша каралеўская мосць не прызнае яго сваім дэкрэтам невінаватым, датуль я не толькі не буду сустракацца з ім, але і за чатыры мілі буду абыходзіць яго, а то загадайце, ваша каралеўская мосць, я сам зараз пакараю яго»[51]. Глябовіча не напужаў гэты выклік і ён з запалам адказаў: «Я не столькі спадзяюся на сваю мужнасць, колькі на сваю невінаватасць. Як і продкі мае, я чалавек пачцівы. Не глядзіце, ваша каралеўская мосць, што я невысокі; пусціце мяне і зараз убачыце, як я адпомшчу за сваю абразу»[52]. Жыгімонт Аўгуст абараніў Глябовіча, бо заступнікі ў таго былі важныя: Мікалай Радзівіл Руды і рускі ваявода Яраш.

Прыведзены выпадак - адметная рыса да партрэта Яна Гаранімавіча Хадкевіча. Перад намі чалавек рыцарскай годнасці і высакароднасці, якая на тыя часы, на жаль, была ўжо рэдкасцю.

Чалавекам другога часу выглядаў Ян Хадкевіч сярод польскіх сенатараў і паслоў гатовых на ўсё, абы дамагчыся свайго. Падман і сіла, нахабнасць і хітрасць змятала са свайго шляху справядлівасць і праўду, любоў і братэрства. Цынічна гучаць многія прамовы палякаў у адрас сваіх «братоў» ліцьвінаў, халодны гандлярскі разлік у прапановах як заняволіць Літву. «Тыя, якія жадаюць прыняць вунію, павінны атрымаць асаблівыя міласці, а тыя, якія не жадаюць, - павінны ведаць, што мы на ўсё гатовы». Або вось такая заява: «Усе сенатары лічаць ліцьвінскія просьбы незаконнымі і непатрэбнымі»[53]. Пасольская палата плявала на прыстойнасць і адкрыта хацела сарваць правядзенне соймікаў у Літве для абрання дэлегатаў на сойм. Нават сенатары не адважваліся парушыць правы суседняй дзяржавы, а шляхецкія паслы ўжо дзейнічалі без прытворства: «Няхай ліцьвіны прысягаюць, што прынялі ўсе нашы пастановы»[54]. Сенатары прапанавалі заключыць вунію на наступным сойме, але паслы дружна запярэчылі ім, маўляў, ліцьвіны могуць заявіць, што Люблінскі сойм закончыўся нічым і гэтым «знішчыць прывілей на вунію»[55]. Не трэба даваць ліцьвінам цягнуць час, бо раптам вайна або смерць караля - і парушыцца справа вуніі, і замест Літвы ў руках застануцца пергаменты.

Адказ палякаў быў такім - яны чакаюць ліцьвінскую дэлегацыю на сойм да Троіцы.

У сваёй грамаце вялікі князь крывадушна абяцаў «ласку» і права свабодна ад'ехаць з сойма ліцьвінскай дэлегацыі. Ян Хадкевіч вярнуўся ў Літву.

А тым часам палякі не марнавалі час і выклікалі ў Люблін для прывядзення да прысягі валынскіх і падляшскіх магнатаў. Многія з іх спасылаліся на хваробу і не ехалі на сойм. Раззлаваныя палякі патрабавалі ў Жыгімонта Аўгуста пазбавіць непаслухмяных пасад. І кароль для пастраху іншым адняў ваяводства Падляшскае ў Тышкевіча і перадаў яго Кішку. Гэтая мера падзейнічала, і ў Люблін прыбылі валынскі ваявода Чартарыйскі, кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі, луцкі, брацлаўскі і вініцкі староста Богуш Карэцкі і іншыя. Аднак высветлілася, што валынцы не жадалі прысягаць Кароне. У сенатарскай палаце наступіла цішыня. І толькі пагроза Жыгімонта Аўгуста, што ён паступіць па закону (адыме пасады), паставіла валынцаў на калені перад Каронай. Як уладар земляў на Валыні прысягнуў і кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі. А ў палякаў распаліўся імпэт. Кіеў павінен належаць Польшчы, ёсць жа законнае права - права сілы.

Трывожныя навіны даходзілі ў Літву. Палякі гатовы былі па частках разарваць Вялікае Княства. Ян Хадкевіч нават і не перадыхнуў з дарогі, засабіраўся ў Люблін. Прасіў ехаць разам з ім і Мікалая Рудога: «...ратуй сваю Рэч Паспалітую, якой ты адзін можаш служыць лепш за ўсіх»[56]. Аднак Радзівіл застаўся ў Літве. Так што Ян Хадкевіч мусіў сам ратаваць Вялікае Княства ад «няволі».

Па дарозе ў Парчаве Ян сустрэўся з валынцам панам Радомскім. Той распавёў, што з-за валынскіх уладанняў прысягнулі Кароне ваяводы троцкі, кіеўскі і валынскі, шмат паноў і шляхты, нават Астафі Валовіч і той здаўся. Валынь перайшла да Польшчы. Але мала таго, валынцы падтрымалі дамаганні палякаў на Кіеў, баючыся, каб ліцьвіны праз Кіеўскую зямлю не наводзілі на іх татараў. А калі так, дык няма чаго сумнявацца, што Жыгімонт Аўгуст аддасць Польшчы і Кіеўшчыну.

Тое, што Вялікае Княства асуджана, Хадкевіч зразумеў у першы дзень прыезду ў Люблін. Літву дзялілі як хацелі. Валынь і Падляшша ўжо лічыліся польскімі землямі. А валынцы патрабавалі далучыць да валынскага ваяводства не толькі Кіеў, але і Берасце, Пінск, Кобрын і правесці мяжу Валыні па рэках Нараў і Ясельда. Жамойць палякі прапаноўвалі перадаць Прусіі. І ўжо адкрыта казалі, што цяпер і не патрэбна вунія з Літвой, каб не ваяваць з Масковіяй: «Няхай вые сабе Літва»[57]. Са скрухай пісаў Ян Хадкевіч Мікалаю Рудому: «Цяжка баліць сэрца, калі глядзіш на тое, што чыніцца з намі, асабліва, калі бачыш, што мы вельмі ва ўсім памыляемся і менавіта ў тым, адкуль з надзеяю чакалі для сябе ўсяго добрага»[58]. І заклікаў Богам, каб Руды спяшаўся ў Люблін ратаваць дзяржаву, «бо няма ніякай надзеі на тых, хто прыехаў»[59]. Ян Хадкевіч яшчэ гатовы быў адстойваць Вялікае Княства. На другі дзень (1 чэрвеня) пасля прыезду ў Люблін, ён сустрэўся з Жыгімонтам Аўгустам і прасіў яго ад імя паноў-рады «адкрыць вуха» і для Літвы. Не выносіць сваёй пастановы, «пакуль з усёю справядлівасцю не высветліць, - каму належыць ягнё і каму казёл»[60]. Даводзіў, што Валынь і Падляшша былі набыты Літвой «крывёю нашых продкаў»[61], і прасіў не прымушаць брацлаўскага ваяводу Рамана Сангушку і кіеўскага ваяводу Канстанціна Астрожскага прысягаць Кароне. Асабліва абурала Хадкевіча тое, што адабралі пасады ў тых, хто застаўся верным клятве Вялікаму Княству: «Можна зразумець, як мы ўражаны, убачыўшы, як лёгка пазбаўляюцца пасад такія заслужаныя ў дзяржаве людзі, і больш годныя, чым тыя, якія занялі іх месца. Просім так сурова з намі не абыходзіцца, а з ласкаю і па-братэрску»[62]. Усе довады, увесь запал Хадкевіча не дайшлі да вушэй венцаноснага. Радзілі ж яму цяпер польскія саноўнікі і радзілі, што і Кіеў, і Брацлаў, і Вініца «заўжды належылі да каралеўства». А венцаносны толькі паслухмяна з імі пагаджаўся. Пра Валынь і Падляшша ўжо не нагадвалі - яны цяпер на векі вечныя польскія землі і няма чаго спрачацца з ліцьвінамі. Быў вырашаны і лёс Кіеўшчыны. У крыках большасці не пачулі разважлівыя галасы меншасці: «Як бы не ўзяць на сябе больш цяжару, чым могуць вынесці нашы сілы»[63]. Ад караля чакалі, каго ён падтрымае. А ён адкрыта прызнаўся, што небяспечна пакідаць Кіеў Літве і неабходна «дзеля ўтрымання ліцьвінаў пад уладай акружыць іх сваімі ўмацаваннямі і землямі»[64]. Яшчэ адна здрада Вялікаму Княству. Кіеў быў падараваны Польшчы. У каралеўскім універсале ад 5 чэрвеня прысваенне Кіева тлумачылася тым, што Руская зямля здаўна належала Польшчы. Вось як! Ужо казалі, што Польшчы здаўна належаць і Вільня, і Трокі. Нярадасна было на сэрцы тых ліцьвінаў, якія яшчэ не схілілі калені перад Каронай. «Нашы справы па-ранейшаму ідуць усё горш і горш і ўжо не ведаю як паправіць іх, - пісаў Ян Хадкевіч Мікалаю Рудому, - палякі забраўшы ў нас усіх людзей, яшчэ жадаюць, каб мы і абаранялі іх, пэўна, дзеля таго, каб хутчэй вынішчыць нас. Мой стрый (Гаранім. - В.Ч.) троцкі кашталян, размаўляючы ў мяне за абедам з Асалінскім пра тое, якую згубу прыносіць гэтая вунія, з-за патрыятычнай любові мовіў, што жадаў бы не дажыць да яе, што і здарылася, - ён не дачакаўся дня і аддаў пану Богу душу»[65].

Смерць блізкага чалавека і бяда, што навісла над родным краем, цяжарам леглі і на сэрца Яна Хадкевіча. Але трэба было не паддавацца адчаю, знайсці ў сябе сілы для змагання.

6 чэрвеня Жыгімонт Аўгуст паклікаў да сябе ліцьвінскую дэлегацыю, дзе іх чакалі польскія сенатары. Хадкевіч «з горыччу і гневам» казаў, што палякі без усялякіх справядлівых падстаў адабралі ў Княства частку земляў і патрабаваў іх вяртання. На рэзкія дакоры Хадкевіча палякі маўчалі.

Ужо занадта яўным і непрыкрытым было рабаванне Літвы, каб адмаўляць гэта. А таму кракаўскі біскуп Філіп Паднеўскі ўльтыматыўна заявіў, што ніякіх перамоваў з ліцьвінамі не будзе, пакуль яны не прымуць вунію. Хадкевіч горка заўважыў: «Не ведаю, якая гэта будзе вунія, бо бачым паноў Княства Літоўскага ў радзе з вамі. Вы ўжо абрэзалі нам крылы!»[66]. Так, са стратай чатырох ваяводстваў: Падляшскага, Валынскага, Брацлаўскага і Кіеўскага ў Княства сапраўды «абрэзалі крылы». Нават калі ліцьвіны і ўзяліся б за зброю, каб абараніць сваю дзяржаву, дык не перамаглі б двух драпежнікаў: Польшчу і Масковію. Польскія паслы палічылі, што Хадкевіч зняважыў караля, сенат і шляхту і паскардзіліся Жыгімонту Аўгусту. Той суцешыў паслоў: «Калі па праўдзе, дык ліцьвіны не могуць не гневацца: бяда іх нялёгкая - у іх абарвалі крылы, але вы, ваша мосць, патрабуйце свайго»[67]. Натхнёныя яшчэ адным бласлаўленнем караля, палякі ні на коску не змянілі сваёй пазіцыі. Так і не прынялі яны тыя ўмовы вуніі, якія ім прадставіў Ян Хадкевіч, а менавіта: каб агульны ўладар, прыносіў як вялікі князь літоўскі прысягу Вялікаму Княству, каб у акце вуніі стаяла ліцьвінская пячатка, каб былі захаваны ўсе службовыя пасады ў Княстве і соймы праводзіліся па чарзе - адзін раз у Польшчы, другі - у Літве, палякі даюць прывілей на сябе, а ліцьвіны - на сябе. Пры захаванні тытула вялікага князя літоўскага, дзяржаўнай пячаткі і сваёй улады Літва па-ранейшаму заставалася б асобнай дзяржавай. Як на гэта можна было пагадзіцца палякам? У Хадкевіча яшчэ заставалася надзея, што зрэшты яны саступяць і таму 15 чэрвеня ён выступіў у сенаце. «Мы прыехалі да вас з надзеяй мець ад вас тое, пра што казалі з вамі раней. Але вы спаткалі нас не з тым праектам вуніі, які мы ад вас чакаем; як баба ўпала з гары, чым далей, тым горш. Нельга без горычы пра гэта ўспамінаць. Калі вы, ваша мосць, жадаеце быць з намі ў роўнасці, дык мы не разумеем, чаму трэба цярпець такое жаласлівае становішча - быць ніжэйшымі за вас? Нам трэба захаваць сваю годнасць, што пацверджана ва ўсіх прывілеях, асабліва ў прывілеі Аляксандра. Мы досыць наслухаліся, што вы не хочаце быць над намі. Але калі соймы будуць толькі ў Польшчы, калі граматы будуць выходзіць пад пячаткай кароннай, дык мы не разумеем, якая ўлада застанецца пры нашых пасадах»[68]. «Вашамосці» не супраць у драбніцах саступіць: «Нам трэба падганяць ліцьвінаў у сеці, а не адпугваць іх»[69], але пасольская палата прасіла Жыгімонта Аўгуста не абмяркоўваць ліцьвінскіх умоў. Урэшце рэшт і ў яго не хапіла цярпення. Вокрык падзейнічаў, і шляхта абмеркавала ліцьвінскі праект. Паслы згадзіліся на існаванне Вялікага Княства Літоўскага і захаванне ў Літве асобных ад Кароны пасад, але вось не згаджаліся на дзве пячаткі, бо яны «будуць азначаць, што ў нас дзве дзяржавы, дзве рэчы паспалітыя»[70].

Не магло быць згоды і еднасці паміж двума народамі пры такой «любові». І Жыгімонт Аўгуст прамовіў прарочыя словы: «Калі не жадаеце згадзіцца на дзве пячаткі, то ўбачыце, што будзе яшчэ горш: я гэтага ўжо не ўбачу; зло гэта высветліцца пры другім каралі, аднак кажу, што вы жадаеце горшага на вечную памяць»[71]. Толькі што там кароль, калі шляхта лічыла, што схапіла Бога за бараду, а значыць, яна мудрэйшая і за сенат, і за караля. І паслы ад шляхты клянчылі ў Жыгімонта Аўгуста патрэбнай ім пастановы. Цэлы дзень 20 чэрвеня спрачаліся паміж сабой палякі і ліцьвіны. А вынік адзін - ні довадамі, ні просьбамі не ўгаварыць польскіх сенатараў і паслоў. Ян Хадкевіч канстатаваў, што і гэты артыкул, як і ўсе папярэднія, навязваецца ліцьвінам. «Мы мусім падначаліцца волі яго каралеўскай мосці, але па добрай волі і сумленні згадзіцца на тое, каб на грамаце, якой новы кароль будзе пацвярджаць нашы прывілеі, не прыкладваць нашай пячаткі не можам. Толькі няволяй можам гэта дапусціць»[72]. Некалькі дзён у пасольскай палаце шляхта абмяркоўвала адно і тое ж пытанне - згадзіцца на пячатку Вялікага Княства або не. Не трэба быць празарліўцам, каб прадбачыць адказ. «Нам нельга прыняць прапанову літоўскіх сенатараў»[73]. Аднак ліцьвіны па-ранейшаму праяўлялі ўпартасць, нават Жыгімоту Аўгусту давялося прыкласці намаганні, каб угаварыць іх. У суботу, 24 чэрвеня, на працягу шасці гадзін ён, як вястун, хадзіў з палаты ліцьвінаў у палату польскіх сенатараў - пасрэднічаў у перамовах, аж адчуў сябе кепска. А паколькі ліцьвіны не пагаджаліся, сваё слова мовіў Жыгімонт Аўгуст - ён выканае польскі прывілей на вунію. Як верныя падданыя свайго ўладара Ян Хадкевіч і ягоныя паплечнікі вымушаны былі саступіць. Што ж, не толькі ахвярамі ваяўнічасці ворага і злахітрасці «сябра», але ахвярамі і сваёй высакароднасці сталі ліцьвіны. Яны выконвалі волю свайго вялікага князя, які стаў магільшчыкам дзяржавы продкаў.

 

Люблінская вунія

І вось надышоў доўгачаканы палякамі дзень заключэння вуніі - гэта было 27 чэрвеня 1569 года ў аўторак. У Люблінскім замку польскага караля і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста яшчэ з раніцы сабраліся нецярплівыя польскія сенатары і паны. Пазней з'явілася ліцьвінская дэлегацыя на чале з Янам Гаранімавічам Хадкевічам. Ён і выступіў з прамовай да караля і польскіх дзяржаўных мужоў: «Найяснейшы і міласцівы кароль! Вашай каралеўскай мосці вядома, што наша справа абмеркавана радай і станамі Вялікага Княства Літоўскага. Цяпер яна дайшла да таго пункту, што самі мы не можам без уступкі сумленню адмовіцца ад таго, што мы патрабавалі ад сенатараў каралеўства. Мы прыйшлі да вашай каралеўскай міласці як верныя і пакорлівыя вашы падданыя, каб сказаць, на чым спынілася справа: на спадчыне літоўскага пасада, на Інфлянтах, на пячатцы літоўскай Рэчы Паспалітай, на Варшаўскім рэцэсе, на Люблінскім прывілеі. Паводле вашай каралеўскай мосці расказання, мы з вялікім жалем і ўшчымленнем нашага сэрца волілі згадзіцца і на гэтыя пяць пунктаў, але як нам гэта жаласліва, не можам выказаць словамі, бо мы павінны дбаць пра айчыну нашу, як добрыя яе сыны, колькі ёсць у нас сіл. І вы самі, ваша каралеўская мосць, і ўвесь гэты сход можаце сведчыць, што мы ўсімі нашымі сіламі абаранялі нашу айчыну, якую дагэтуль захавалі цэлай нашаю крывёю і жыццём. Але, калі цяпер мы не змаглі закончыць гэтай абароны, дык таму, што саступілі волі лёсу і часу.

Мы саступаем, але мы саступаем не якому-небудзь дэкрэту, а волі вашай каралеўскай мосці як спраўцу законаў і супольнага пана, якому ўсе мы прысягалі. Згаджаемся на адну пячатку для зацвярджэння прывілеяў або супольных спраў. Саступаем у гэтым братэрскай любові (пэўна, гэты выраз у вуснах Хадкевіча прагучаў іранічна. - В.Ч.), каб не думалі пра нас, што мы хочам быць асобна ад іх мосці паноў польскіх і іх Рэчы Паспалітай. Няхай будзе адна пячатка, але не знішчаецца пячатка літоўская. Саступаем таксама і ў тым, аб чым мы пільна напаміналі, прыехаўшы сюды, каб захавалася наша Рэч Паспалітая, як была раней. Што тычыцца Інфлянтаў, дык вашай каралеўскай мосці вядома, што мы абаранялі іх ад ворагаў сваім коштам і накладам, і сваёю крывёю, ахвяравалі і здароўем. Мы далі ім клятву, што яны будуць пры Літоўскім Княстве. Калі Інфлянты добравольна пажадаюць адступіцца за намовамі вашай каралеўскай мосці, дык мы не будзем супраць гэтага, і як яны адыйдуць, дык ваша каралеўская мосць здыміце з нас клятву. Але, як я казаў, мы атрымалі гэтую краіну за кошт вялікіх страт і дагэтуль абараняем яе, не шкадуючы нашай маёмасці і здароўя, дык слушна было б узнагародзіць нашы страты.

Застаецца сказаць пра спадчыну літоўскага пасада, пра Варшаўскі рэцэс, і пра Люблінскі прывілей, найяснейшы і міласцівы кароль! Прывілеі продкаў вашай каралеўскай мосці сведчаць, мы свабодна выбіралі нашага ўладара. Гэтак, бацька вашай кралеўскай мосці быў у Сілезіі - у дальняй ад нас краіне, аднак нашы продкі выбралі яго за свайго пана і ездзілі за ім, як ён сам нам сведчыў. Сведчыў ён - слаўнай памяці бацька вашай каралеўскай мосці - і аб тым, што мы і вас свабодна выбралі сабе за пана яшчэ ў дзяцінстве вашай каралеўскай мосці. Ад часоў дзядоў і прадзедаў вашай каралеўскай мосці заўсёды было так, што не паводле спадчыны, а за вольным абраннем панавалі над намі. Але якую спадчыну ваша каралеўская мосць не мелі б у Літве, калі яна можа быць там, дзе вольна выбіраюць пана, мы бачым, што гэтая спадчына, якую ваша каралеўская мосць Варшаўскім рэцэсам і Люблінскім прывілеем жадае даць Кароне, прыносіць нас пад Карону, таму што, калі мы належым да вашай каралеўскай спадчыны, якую перадаеце Кароне, тады разам са спадчынай аддаеце і нас у падданства Кароне.

Мы не думаем, каб мы маглі з добрым сумленнем, з добрай славай і добрым розумам згадзіцца на гэта і зволіць, каб у прывілеі на вунію былі ўзгаданы Варшаўскі рэцэс і Люблінскі прывілей. Мы ўжо казалі, што мы пра гэтыя рэчы ніколі не чулі, не ведаем, з кім не гаварылі. Ваша каралеўская мосць, можаце самі зразумець, што нам як пачцівым не прыстойна згаджацца на падобныя пункты. Няма звычаю, каб падданыя зацвярджалі дары сваіх паноў, і калі мы зацвердзім рэцэс і прывілей, дык тады зацвердзілі б спадчыну на нас і разам з тым наша падданства Кароне. А ўжо нам няма да каго звярнуцца па дапамогу, адно да Бога, і да вашай каралеўскай мосці, нашага міласцівага спраўцы нашых пачцівасцей, абаронцу нашых правоў і Боскаму памазанцу, то вось мы цяпер стаім перад вашай каралеўскай мосцю, як дабравольна і хутка мы прыехалі сюды, так цяпер дабравольна і стаім перад вамі, як верныя падданыя вашай каралеўскай мосці. Просім вашу каралеўскую мосць, пана нашага, так справаваць да канца, каб праз то няволі і ганьбы нам і нашчадкам нашым не было. Не дапускайце, ваша каралеўская мосць, зганьбіць нас. Няхай гэтая вунія закончыцца так, каб ніякай ганьбы на нас не засталося.

Будзьце самі, ваша каралеўская мосць, вартаўніком і спраўцам гэтай справы, і калі вы ўчыніце яе з ласкай, дык гэта будзе найвялікшай вашай ласкай. Нам, або нашым унукам, было б вельмі балюча, калі з часам высветліцца, што на гэтую справу трэба глядзець не з любоўю, а з жалем, або што мы мусім вінаваціць сябе за тое, што не разумелі свайго зняволення. (Можна ўявіць, што адчуваў Ян Хадкевіч, калі не вытрымаў і са слязьмі на вачах упаў на калені перад Жыгімонтам Аўгустам вымаліць «ласку» для Літвы.) Просім дзеля пана Бога, успомніце нашу службу, нашу вернасць табе і нашу кроў, якую пралівалі дзеля тваёй славы. Учыні так, каб усім нам быў гонар, а не здзек і прыніжэнне, захавай сваё панскае сумленне. Дзеля Бога просім цябе памятаць сваю прысягу нам»[74]. Настолькі пачуццёвы быў заклік Хадкевіча да караля, столькі горычы і болю чулася ў кожным слове, што і сэрцы палякаў крануў гэты крык душы і многія з іх не стрымалі слёз. Шчыра аплаквалі яны смерць Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, якое ўжо гатовы былі навечна пахаваць пад стосам струхлелых грамат і магілу запячатаць цяжарам люблінскага пагаднення. Дарэмна маліў Хадкевіч караля, дарэмна прасіў ён і польскіх сенатараў, каб ад вуніі абодвум народам была «радасць». Лёс Літвы яны ўжо вырашылі. І Жыгімонт Аўгуст у квяцістых выразах канстатаваў факт. Ужо загадзя напісаны адказ караля і вялікага князя прачытаў каронны падканцлер. Жыгімонт Аўгуст адмаўляў ліцьвінам у іх просьбах, нават не выслухаўшы іх. «Мы не бачым, каб тут у чым-небудзь абражаўся або прыніжаўся ваш слаўны народ. Таму я спадзяюся, што вашы мосці, зразумеўшы, што ўсё ідзе толькі да агульнага дабра, згадзіцеся на вунію і яшчэ больш парадніцеся з кароннымі чынамі, таму што, чым больш паміж вамі будзе памнажацца згода і любоў, пры якіх можна будзе з часам выправіць ўсё, што вы лічыце патрэбным. Я ніколі не пераконваў бы вас, каб бачыў знявагу і прыніжэнні для вас таму, што я аднолькава клапачуся пра абодва гэтыя панствы. І паколькі бачу, што супольная справа прынясе вам пажытак і славу, дык я павінен не толькі раіць, але і праз сваю ўладу схіліць вас да вуніі»[75]. Пэўна, убачыўшы па тварах ліцьвінаў, што яны без усялякай радасці ўспрынялі ягоны адказ, Жыгімонт Аўгуст звярнуўся да іх з доўгай прамовай. Нібыта хацеў схаваць сваю здраду Літве і апраўдваўся перад самім Богам. «Я то ведаю, што гэта хвалебная справа несупраціўная ні майму ні вашаму сумленню таму, што яна ідзе да ўзаемнай міласці і вечнага братэрства, а дзе міласць, там прыбывае пан Бог... Тут я жадаю з Боскай дапамогай выканаць тое, што патрабуе ад мяне мой абавязак. Я ўпэўнены, што Бог даў мне ў гэтай справе такое разуменне, што я тут выконваю, што абавязаны выканаць, і, што атрымаўшы такое разуменне, я вяду вас да таго, што ў дагоду Богу... На гэта была Боская воля, і ён сам гэта справаваў і ўчыніў гэтую справу, бо, калі не было ягонай волі, тады б мы да вуніі не прыйшлі. Ані сабе гэтага поспеху, ані хто другі не можа залічыць сабе, бо гэта здзейсніў пан Бог, які вышэйшы за ўсіх паноў і які справуе свае дзіўныя справы... Таму я не ведаю, што іншае сказаць вам, апроч таго, што вам трэба скарыцца Боскай волі і згадзіцца з тым, што я вам прапаноўваю. І паводле сваёй павіннасці нават сваёй уладаю мушу схіліць вас гэта зрабіць»[76]. Здавалася, што ліцьвіны падначаляцца і волі Боскай, і волі гаспадарскай, але і цяпер, калі ў іх не заставалася ніякіх шансаў, яны не здаваліся - Ян Хадкевіч папрасіў у вялікага князя часу на роздум. Амаль тры гадзіны думалі і абмяркоўвалі ліцьвінскія паслы, што ім рабіць. Добра ведалі, што прымаюць важнейшае рашэнне, ад якога будзе залежаць лёс іх Айчыны. А воля гаспадарская: «Выканайце жаданне чыноў каронных, негледзячы ні нашто»[77]. Вядома, можна было не згаджацца на вунію і пакінуць сойм, але Жыгімонт Аўгуст пад ціскам палякаў прадасць Літву да апошняй валокі.

Зноў ад ліцьвінскай дэлегацыі выступіў Ян Хадкевіч: «Найяснейшы і міласцівы кароль! Жаласліва ўспамінаць, што грахамі сваімі і цяжкімі абразамі ўгневалі пана Бога, бо доўга трэба пералічваць усе тыя няшчасці, што напаткалі Княства Літоўскае. Вось і цяпер бачым, што нашу рэч паспалітую пераносяць з аднаго народа ў другі. Але, як заўжды ў нашых смутках і ўсякіх нашых справах, ваша каралеўская мосць давалі нам палёгку, так і цяпер мы спадзяёмся на пана Бога і на ласку вашай каралеўскай мосці, то ваша каралеўская мосць будзе рупіцца пра наша аблягчэнне, за што вы будзеце мець вечнае блаславенства і мы, як вашы вернападданыя, вечна малілі б за вас Бога.

З той справы, якую нам ваша каралеўская мосць паведаў, мы бачым, што вы з бацькоўскай міласцю правіце паміж намі вунію... Былі часы, што і мы ўладарылі над другімі народамі і многімі непрыяцелямі нашага панства. Цяпер мы рашыліся на ўсё згадзіцца таму, што ведаем, што пасля Бога павінуемся вам першаму і слухаем вашу каралеўскую мосць. Рашэнне закончыць справу, што прапаноўвае ваша каралеўская мосць, трохі супакойвае нашы сэрцы, але мы яшчэ больш супакоімся, калі тое, што нам было прачытана ад вашага імя, ваша мосць адзначыць прывілеем аб рэцэсе і да таго дададзіце, што мы маем права, калі спатрэбіцца, так абараняць правы нашай рэчы, як палічым лепш паводле нашай пачцівасці. Што да Люблінскага прывілея, дык просім іх мосцей паноў каронных так яго змяніць, каб было бачна, што вы сапраўды адносіцеся да нас з любоўю. Згаджаемся на гэты прывілей, але каб у ім улічылі нашы просьбы і быў рэвенсал вашай каралеўскай мосці, што вунія не прынясе нам зла.

Разумеем, што ваша каралеўская мосць, будучы памазанцам Боскім, які паміж усімі каралямі хрысціянскімі даўно і слаўна пануе, прызнаем, што ваша каралеўская мосць ёсць найвышэйшы суддзя ўсіх нашых пачцівых спраў: просім, абы ваша каралеўская мосць даў бы тастамент спраў, каб гэта сведчанне было вечнай памяццю. Не з-за боязні смерці, якой мы тут не бачым, і не з-за асабістых выгод, але з-за жадання дабра Рэчы Паспалітай і любові братэрскай, да таго ж, каб заслужыць ласку вашай каралеўскай мосці і любоў ад паноў-рад каронных, нашых братоў, мы згадзіліся выканаць волю вашай каралеўскай мосці. Калі мы не ўбачылі вачыма сваімі гэтай любові, дык упэўнены, што яна будзе, няхай убачым пісьмовае пацвярджэнне ў гэтым. Да таго ж ваша каралеўскя мосць стамілася і многіх з нас тут няма, - вам давядзецца пасля прыводзіць іх да вуніі. Калі вы дадзіце гэта пацвярджэнне, дык і яны прымуць вунію і ўсе мы будзем маліць за вас Бога. У кожнага чалавека ёсць прыяцелі і непрыяцелі: таму, каб ніводны наш непрыяцель не мог дакараць нас, нібыта мы ўчынілі вунію за падарункі або паводле нейкіх іншых меркаванняў, мы просім вашу каралеўскую мосць і ўсіх вас, ваша мосць, добра памятаць, як мы абаранялі сваю Бацькаўшчыну, як і трэба было абараняць яе»[78]. З усёй гэтай прамовы ясна бачна, што Ян Хадкевіч яшчэ не расстаўся з надзеяй хоць неяк змякчыць умовы вуніі на карысць Літвы, уздзейнічаць на Жыгімонта Аўгуста.

Асаблівае значэнне Хадкевіч і ягоныя паплечнікі надавалі ўнясенню ў прывілей вуніі пункта, што ліцьвіны маюць права, «калі спатрэбіцца, так абараняць правы Рэчы Паспалітай, як палічым лепш», а гэта азначала, што ліцьвіны адстойвалі права скасаваць вунію.

Кракаўскі біскуп ад імя польскіх сенатараў і паслоў пачаў запэўніваць ліцьвінаў, што вунія прынясе шчасце абодвум народам. Пасля гэтых слоў сенатары, нібыта ў знак згоды, падняліся з месцаў і стоячы даслухалі біскупа. А ён кляўся ў шчырасці і любові палякаў: «Не сумнявайцеся ў нас. Мы вам верныя, як да мілых братоў»[79]. Абяцанні даваць было лёгка - трэба ж ліцьвінаў загнаць у сеці. І Жыгімонт Аўгуст задаволены, што нарэшце перамовы завяршыліся, у сваёй прамове быў шчодрым на абяцанні: «Будзьце ўпэўнены, што аб усім патрэбным вашай Рэчы Паспалітай я буду добра рачыць»[80]. Гэтак, абяцаннямі і закончыўся дзень. Вунію так і не заключылі. Наступным днём палякі і ліцьвіны абмяркоўвалі праект. Зноў ліцьвінская дэлегацыя адстойвала пячатку Княства на акце вуніі, каб прызнаць яго актам свабоднай дамовы паміж абедзвюма дзяржавамі. Спрэчку аддалі на суд Жыгімонта Аўгуста. А той ясна чый бок прыняў. І хаця яшчэ не склалі акта, але ўжо ў люблінскіх касцёлах ксяндзы заклікалі народ дзякаваць Богу за тое, што ён прывёў два народы да вуніі. І наступны дзень прайшоў у працы над актам. Пад ціскам Жыгімонта Аўгуста ліцьвіны «на ўсё згадзіліся»[81]. Нарэшце быў складзены акт. Абвяшчалася злучэнне Польшчы і Літвы ў адну дзяржаву - Рэч Паспалітую. «Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае ёсць адно непадзельнае і неасобнае цела, а таксама не асобная, але адна супольная Рэч Паспалітая, якая з двух панстваў і народаў у адзін люд злілася і злучылася.

А таму абодвум народам будзе на вечныя часы адна галава, адзін пан і адзін кароль»[82]. Паводле акта, агульнага ўладара палякі і ліцьвіны выбіралі супольна, але выбіралі яго ў Польшчы. Новы ўладар каранаваўся ў Кракаве. Асобнае выбранне яго ў Літве і ўзвядзенне на велікакняжацкі пасад адмяняліся. Аднак паколькі захоўваўся тытул вялікага князя літоўскага, дык уладар пасля абрання і каранацыі абвяшчаецца каралём польскім, вялікім князем літоўскім, рускім, прускім, мазавецкім, жамойцкім, кіеўскім, валынскім, падляшскім і лівонскім. Пасля выбрання ўладар у адной грамаце пацвярджае прывілеі і вольнасці абодвух народаў і прысягае ў выкананні іх. Устанаўліваецца агульная рада (сенат) і сойм. Ніякіх дамоў асобна Польшча і Літва не могуць заключаць, толькі разам. Уводзіцца адна манета, ад мыта вызваляецца шляхта, палякі могуць набываць зямлю ў Літве, а ліцьвіны - у Польшчы. У Літве захоўваюцца пасады, якія былі да вуніі.

1 ліпеня акт пабачыў свет. У гэты ж дзень адбылася ўрачыстая прысяга. Палякі давалі клятву ліцьвінам, а ліцьвіны палякам, прычым «палякамі» былі валынцы, падляшане і кіяне. Ад радасці, што нарэшце жаданая вунія здзейснілася, польскія сенатары настолькі расчуліліся, што абліваліся слязьмі, а канцлер не змог ад хвалявання прачытаць прысягу. Ну што ж, палякам і сапраўды на радасцях было чаго плакаць. Голымі рукамі, без зброі абрабавалі «мілых братоў». Валынь, Падляшша, кіеўскую зямлю - задарма атрымалі ад вялікага князя літоўскага. А там з часам і Літва стане новай Польшчай.

Вялікае Княства Літоўскае (а цяпер пасля адыходу рускіх земляў да Польшчы яно ўжо не называлася Рускім) так і не было пахавана, яно працягвала жыць. Замест аб'яднання двух дзяржаў утваралася федэрацыя Кароны і Княства пад уладай агульнага ўладара і з адным сенатам і соймам. Захаваннем сваёй дзяржавы Літва была абавязана перш за ўсё Яну Гаранімавічу Хадкевічу.

Недарэмна непакоіўся Ян Хадкевіч, што вунія можа прынесці Літве зло і прыніжэнне. Яшчэ не мог ён ды і іншыя пабачыць вынікаў «братэрства» з Польшчай. Прарочымі былі словы Жыгімонта Аўгуста, моўленыя ім пры закрыцці Люблінскага сойма: «Старайцеся аб тым, каб у панствах не чулася, як раней, плача і стогнаў, бо калі ў іх не будзе справядлівасці, яны не толькі доўга не пратрымаюцца, але Бог звергне іх»[83]. Гісторыя, як бачым, пацвердзіла прароцтва Жыгімонта Аўгуста. А іначай і не магло быць, бо «нетрывала ўсё, што чыніцца насіллем».

 

Безгаспадарства

Такім чынам вунія была заключана. Ужо ў першыя дні пасля гэтай падзеі выразна праявіліся супярэчнасці паміж Польшчай і Літвой, і яны разрасталіся, пагражаючы ператварыць акт у пустую фармальнасць. І польскі бок, і ліцьвінскі бок хваляваліся не пра дабро сваёй агульнай Рэчы Паспалітай, а толькі пра свае інтарэсы. Палякаў не цікавілі ліцьвінскія справы, і яны адмовіліся іх абмяркоўваць, а ліцьвіны не лезлі ў польскія. Замест «любові», панаваў недавер: і ліцьвіны, і палякі пільна сачылі, каб не былі прынятыя якія-небудзь шкодныя для іх пастановы. Замест збліжэння абодва бакі пачалі пакрысе аддаляцца адзін ад аднаго. Варожасць і нянавісць да «ляхаў» завалодалі ліцьвінамі: «Не дай Бог ляху быць! Вырежет Литву, а Русь поготову»[84]. Жыгімонт Аўгуст разумеў несправядлівасць вуніі і пачаў ужо думаць, як выправіць сваю віну перад Літвой - хацеў далучыць да яе Мазовію, але... Але знясілены ад свайго распуснага жыцця - жаласная ахвяра нізкіх пачуццяў - Жыгімонт Аўгуст поўнасцю залежаў ад той цёмнай і двурушнай хеўры, што акружала яго пры польскім двары. Спрытныя і хітрыя дворцы не выпускалі каралеўскую руку, якой вадзілі па дакументах. Кароль плакаўся: «Я і не ведаю, што вы даяце мне падпісваць! Я падпішу - і толькі клопату будзе з гэтага! Да чаго вы мяне давялі!»[85]. Ясна, што аддаць Мазовію Княству Жыгімонту Аўгусту не дазволілі б. А дні ягонага жыцця былі злічаны. Смерць увайшла ў ягоны палац у Кнышыне, дзе ён хаваўся ад паморку. Кароль адчуваў яе блізкасць, і свае апошнія сілы патраціў на сховы каштоўнасцей, каб хоць што пакінуць сваім сёстрам. 7 ліпеня 1572 года смерць забрала апошняга Ягайлавіча. Наступіў час безгаспадарства. Не словам удзячнасці праводзілі палякі свайго ўладара, а аблягчоным уздыхам - скончыўся палон вавілонскі.

Хто меў магчымасць, той і абкрадаў дзяржаву. І пакуль прагныя набівалі кішэні, самалюбівыя пачалі грызціся за ўладу. На ролю «спраўцы» прэтэндаваў гнезенскі архібіскуп Якаб Уханскі. Упарты і хітры святоша ўявіў сябе выратавальнікам Польшчы і з галавой кінуўся ў вір палітычных інтрыг. Праціўнік ягоны быў куды больш годны - каронны маршалак і кракаўскі ваявода Ян Фірлей - адзін з правадыроў польскіх пратэстантаў. Своечасова зразумеўшы сілу шляхты, ён кляўся ў любові да «меншых братоў». І не дзіўна, што малапольская шляхта прызнавала яго за свайго правадыра. А яе падтрымка і ўплыў пратэстантаў у Польшчы надавалі надзею Яну Фірлею быць абраным на каралеўскі пасад. Аднак на ягоную бяду ўспыхнула старая нянавісць паміж вялікапалянамі і малапалянамі, якую ўдала выкарыстаў сандамірскі ваявода Пётр Збароўскі. Ён марыў верхаводзіць у Польшчы і ненавідзеў Фірлея за тое, што кароль перадаў яму па просьбе каханкі Кракаўскае ваяводства, на якое і сам Збароўскі нацэліў вока.

Пакуль у Польшчы разбіраліся, каму там запраўляць, дык у сталіцах манархій ужо рыхтаваліся праекты, як завалодаць каронай Рэчы Паспалітай.

Шведскі кароль Ян ІІ, якому мяцежныя дваране паднеслі карону ягонага брата, як муж Кацярыны Ягелонкі спадзяваўся на прыхільнасць фартуны. Французскі кароль Карл ІХ і ягоная хітрая маці Кацярына Медзічы хацелі выправадзіць з Францыі неспакойнага Генрыха Анжуйскага, польская карона і ліцьвінскі вянец задаволілі б ягоныя самалюбівыя памкненні. Ды і Карл ІХ нямала выйграў бы ад гэтага, бо пры саюзе Францыі і Рэчы Паспалітай ён мог без цяжкасцей забраць пасад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі. За французскага кандыдата выступаў і турэцкі султан, які палохаўся кандыдатуры Івана Жахлівага. Меней за ўсіх хваляваўся імператар Максіміліян ІІ. Па натуры дабрадушны і памяркоўны, Габсбург быў ужо ўпэўнены, што менавіта нехта з ягоных пяці сыноў стане каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Сам папа рымскі Рыгор ХІІІ узяў на сябе клопат аб пашырэнні магутнасці Габсбургаў. Клопат папы зразумелы - не даць польска-ліцьвінскую карону ў рукі пратэстантам. У Польшчу быў пасланы Ян Камендоне, які праявіў сябе верным і самаадданым служкам рымскай курыі. Ведалі добра Камендоне і ў Польшчы. Некалькі разоў прыязджаў ён сюды, каб падтрымаць католікаў, якія ўжо зусім палі духам перад поспехамі пратэстантаў. Гэта ён доўга і цярпліва пераконваў Яна Хадкевіча перайсці ў каталіцызм. Пасылаў у палац да Яна гаваркіх каталіцкіх казнадзеяў. Зрэшты пад іх красамоўствам і пад уплывам свайго школьнага сябра езуіта Варшавіцкага Ян Хадкевіч стаў католікам, чым выклікаў гарачае асуджэнне пратэстантаў. Яшчэ аднаго «ерэтыка» прывёў да касцёла Камендоне - сына Чорнага Мікалая Радзівіла Сіротку. І яго акружыў езуітамі, якія хітра дурачылі князя рознымі цудамі (то ажываў смажаны певень, то яшчэ што «дзівоснае») і зрабілі шчырым католікам. Асаблівую ўвагу Камендоне надаваў Літве. Ён добра зразумеў, што палякі сталі закладнікамі вуніі, бо выбраць сабе караля яны маглі толькі са згоды ліцьвінаў. Каго пажадаюць ліцьвіны, таго вымушаны будуць і прыняць, каб не разарвалася вунія. Слова Яна Хадкевіча і Мікалая Рудога вырашала ў Княстве ўсё. Як пісаў маскоўскі пасол Рыгор Мяшчэрскі: «слухаюць віленскага ваяводу ды старосту жамойцкага ўсёю зямлёю»[86]. З Радзівіламі (Рудым і Мікалаем Сіроткам) Камендоне згаварыўся без клопатаў. Радзівілы даўно прыязна адносіліся да імператарскага дома. А вось з Янам Хадкевічам? Дапамаглі тыя ж Радзівілы - ведалі, як ненавідзіць Хадкевіч маскавітаў, і параілі Камендоне напалохаць яго крывавымі намерамі Івана Жахлівага заваяваць Літву. Камендоне так і зрабіў.

А выбранне Габсбурга - гэта і дапамога Імперыі і ўдар па магчымаму маскоўска-імперскаму саюзу. Ды і асоба імператара Максіміліяна ІІ вабіла. Рэдка на цэзарскім пасадзе сядзеў чалавек просты ў абыходжанні, душэўны па натуры, даверлівы і сардэчны да людзей і верацярплівы. І Хадкевіч пагадзіўся на кандыдатуру Габсбурга. Яшчэ Жыгімонт Аўгуст чапляўся за жыццё ў любімым Кнышыне, а каля Варшавы ў лесе патаемна сустрэліся Камендоне, ягоны спадручнік Грацыані, Ян Хадкевіч і Мікалай Сіротка. За надзейнай сцяной векавечных дрэў вырашылі змоўшчыкі, што пасля смерці Жыгімонта Аўгуста ліцьвіны абвясцяць вялікім князем літоўскім аднаго з сыноў імператара, каго ён сам параіць. Каб падтрымаць свайго выбранніка, выставяць войска ў 25 тысяч вершнікаў. Аднак умовы, што вылучылі Хадкевіч і Сіротка, не спадабаліся Камендоне.

Ліцьвіны хацелі мець свайго ўладара. Гэта ж супярэчыла інтарэсам апостальскага пасада. Як ні адгаворваў легат Хадкевіча і Сіротку, тыя цвёрда стаялі на сваім. І на ўсе довады Камендоне заяўлялі, што яны вырашаюць не прыватныя справы, а лёс Літвы, а таму не адступяць ад сваіх патрабаванняў. Усё ж яны згадзіліся на захаванне вуніі, але пры ўмове, што Літве будуць вернуты тыя землі, якія прысвоіла сабе Польшча, усе пасады ў Княстве павінны займаць тутэйшыя, ліцьвінскія біскупы свабодна выбіраюцца канонікамі. Тут жа, у лесе, была складзена дамова, якую змоўшчыкі падпісалі і пакляліся выканаць.

Камендоне збіраўся ехаць у Вену на сустрэчу з Максіміліянам, аднак смерць Жыгімонта Аўгуста затрымала яго ў Польшчы. Трэба было не губляць часу, пачаць агітаваць за Габсбурга. Імператар лёгкадумна чакаў, калі яго абвясцяць польскім каралём. А ў Літве чакалі імператарскае пасольства з пацвярджэннем заключанай дамовы і з абвяшчэннем Габсбурга вялікім князем не спяшаліся.

Унеслі свае змены ў план і падзеі, з-за якіх стала ясна, што паспешлівасць можа прынесці бяду. З Кнышына Сіротка даносіў Хадкевічу і Рудому: «Паны-палякі з прыхаванай злосцю і нянавісцю глядзяць на нас (ліцьвінаў. - В.Ч.). Яны амаль перакананы, што мы жадаем разарваць вунію і нашы сэрцы ляжаць да маскавітаў. І вось яны куюць у гэтую хвіліну свае задумы! Яшчэ наша шчасце, што яны варагуюць паміж сабой. Але я баюся, што яны надумалі нешта ўчыніць з намі, ледзь не адхіліць нас ад выбрання. Трэба дзейнічаць, пакуль яны яшчэ не згадзіліся адзін з адным. Чым больш адкладваць, тым горш для нас: каб яшчэ не дайшла справа да зброі! Ужо цяпер некаторыя кажуць пра караля - Пяста. Яны забываюць, што паляк не будзе кланяцца перад ліцьвінам, а ліцьвін перад палякам. У нашага караля не было ні кроплі польскай крыві: адна ліцьвінская з італьянскай. Аднак польская адукацыя сапсавала яго і ліцьвіны тое адчулі на сябе і будуць адчуваць. Спяшайцеся сюды, але не з пустымі галовамі! Трэба цвёрдыя і прадуманыя рашэнні, бо надышоў час выступіць перад Польшчай з нашымі законнымі патрабаваннямі»[87]. Намаўляліся супраць ліцьвінаў «браты», таілі нядобрае супраць іх «ворагі». Па-ранейшаму вісела над Літвой пагроза маскоўскага нашэсця. Здавалася, Івану Жахліваму ўжо не да Літвы. То «выкрываў змовы» баяраў і цешыў сябе пакараннямі, то зімой 1570 года рэзаў і тапіў непакорлівых ноўгарадцаў, то наступным годам сам дранцвеў ад жаху перад крымскімі татарамі Дзіўлят-Гірэя, якія спалілі палову Масковіі і яе сталіцу. Але няўдачы яшчэ больш распальвалі сатанінскую душу драпежнага тырана. Вырашыў ён абавязкова завалодаць Лівоніяй. Гандляваўся з-за яе з Жыгімонтам Аўгустам і прапанаваў узамен Полацак. Гандаль не адбыўся. Тады два нямецкія прайдзісветы Таўбе і Крузе, якія гатовы былі кланяцца любому, хто купіў бы іх сумленне і даў бы сытнае карыта, параілі Жахліваму ўтварыць Лівонскае каралеўства, а на караля паставіць сына Готгарда Кетлера.

Маладому Готгарду хапіла розуму адмовіцца ад ролі марыянеткі. Не бяда - Таўбе і Крузе знайшлі яму замену - дацкага прынца Магнуса. Незадачлівы прэтэндэнт на ўладарства ў Эстляндыі сядзеў як мыш пад венікам на купленай выспе Эзелі і баяўся, каб і яе не адабралі прагавітыя суседзі. І вось тут такая прапанова - быць лівонскім каралём.

Вялікі князь абласкаў прынца, ажаніў яго з сваёй пляменніцай Ефіміяй (дачкой забітага ім брата Ўладзіміра) і даў 25-тысячнае войска. І Магнус у 1570 годзе рушыў здабываць сабе «каралеўства». 30 тыдняў прастаяў пад Рэвелем і так не заваяваў яго. Крузе і Таўбе, зразумеўшы бесперспектыўнасць Магнуса, перабеглі да ліцьвінаў. Затое Іван Жахлівы па-ранейшаму быў зычлівым да «лівонскага караля», нават зноў ажаніў з другой пляменніцай, замест памёршай Ефіміі. Уздумай маскавіты напасці на ліцьвінскую частку Лівонію, дык як яе бараніць? Ні грошай, ні войска ў Хадкевіча не было. «Зусім няма грошай ні ў мяне, ні ў ліцьвінскай скарбніцы. Жаўнераў вельмі мала, ды і тых утрымліваю толькі сілай. Яны пакутуюць ад нястачаў і наракаюць на мяне. А я не маю не толькі людзей для бою, але і сотні не налічу для выканання звычайных адміністратыўных спраў»[88]. Хадкевіч не шкадаваў сваіх асабістых грошай (патраціў 32 000 коп), каб толькі ўтрымаць гэты невялічкі аддзел. Адзіная надзея, што Іван Жахлівы ў бліжэйшы час не пачне вайны з Літвой. У ход пайшла дыпламатыя. Хадкевіч і Руды вырашылі перахітрыць маскоўскага ўладара. Каб падтрамаць надзею, што ліцьвіны гатовы выбраць яго на велікакняжацкі пасад, паны-рада адправілі ў Маскву пасла. Пачуўшы, што ліцьвіны і палякі жадаюць мець яго за свайго ўладара, Іван не шкадаваў абяцанняў. «Калі вашы паны пажадаюць узяць мяне за гаспадара, то ўбачаць, якога атрымаюць ад мяне абаронцу і добрага гасудара, тады не будзе высіцца паганая сіла; ды не толькі паганства, Рым і ніводнае каралеўства супраць нас не ўстаіць, калі землі вашы будуць заадно з нашымі»[89].

Іван Жахлівы сам не разумеў, які ён нікчэмны ў сваёй фальшывай велічы. Ніводнаму яго слову Хадкевіч не верыў. Не можа быць тыран свайго народа дабразычлівым да чужога. Хадкевіч гатовы быў «кожнага прызнаць сваім панам, апроч маскоўскага»[90]. Малады Сіротка прызнаваўся Рудому: «Не дай Бог, каб намі ўладарыў маскоўскі каўпак»[91]. Ад гэтых людзей і залежаў лёс Літвы, а значыць, кандыдатура Івана была асуджана. Аднак калі Івана Жахлівага прывабіла ліцьвінская «прапанова», дык трэба было як мага далей не раскрываць сваіх намераў. І не паехалі ў Маскву паслы, і не абвясцілі ліцьвіны сваім уладаром Габсбурга. Ян Хадкевіч спісаўся з імператарам і паведаміў, што ён па-ранейшаму застаецца верным іхняй дамове.

А ў Польшчы тым часам разгаралася барацьба паміж вялікапалянамі на чале з прымасам Якабам Уханскім і малапалянамі з Янам Фірлеем. Абодва бакі спрачаліся паміж сабой, даводзячы адзін аднаму свае правы выступаць ад імя ўсёй Рэчы Паспалітай.

З'езд у Кнышыне паходзіў, па словах Хадкевіча, на змову нейкай «патаемнай лігі», а кіраваў ёй «той, якому вельмі хочацца стать Пястам нават насуперак багам, хто ўжо прымерваў каралеўскую адзежу на сваім халопскім целе». І гэта - Ян Фірлей. Ён не хаваў сваіх намераў. «Усе ягоныя ўчынкі і ўчынкі ягоных сяброў, іх словы і ўсе абставіны сведчаць: вось вам пан: другога не шукайце». Такім было ўражанне Хадкевіча ад Кнышынскага з'езда. Няцяжка было здагадацца, што чакала ліцьвінаў і вялікапалянаў у Любліне. «...І на выбарчым сойме ў Любліне ва ўсіх нас на галовах будуць цясаць кіі». Хадкевіч прыняў бок вялікай Польшчы і Якаба Ўханскага. У сваіх лістах да прымаса і правадыроў вялікапалян ён заклікаў іх «ратаваць айчыну ад будучай тыраніі»[92]. Пазіцыя Хадкевіча была раўназначнай пазіцыі ўрада Вялікага Княства. І пазбаўленыя падтрымкі Літвы, Ян Фірлей і малапаляне прызналі першынство прымаса. Аднак спрэчкі і рознагалоссе не ўціхлі.

А там, дзе нязгода, там лёгка плясці інтрыгі. І яны пляліся. Польшчу наваднілі імператарскія агенты, якія пачувалі сябе гаспадарамі. Раз'язджалі па краіне і сыпалі грашыма (на подкуп імператар выдзеліў ім больш за 60 000 талераў). Як абураліся палякі, калі ў адным з перахопленых лістоў даведаліся пра сябе, што яны «варварскі, няздатны народ, жабрацкі, хцівы і да таго прагны, што вечна жыве толькі падачкамі ды падарункамі і гатовы абрабаваць нават бажніцу»[93]. Палякі ў адказ бэсцілі немцаў: «Гэты народ фанабэрысты, нянавісны людзям і багам, які зневажае ўсе народы пад сонцам, народ - п'яніца»[94]. Максіміліяна назвалі нікчэмным уладаром. Пры такім настроі палякаў да Габсбурга ягоныя шансы на пасад Рэчы Паспалітай рэзка ўпалі.

Пэўна, і сам Максіміліян зразумеў, што карона не дастанецца яму, а таму праз свайго пасла прапаноўваў Івану Жахліваму падзяліць Рэч Паспалітую. Польскае каралеўства - да цэзара, а Вялікае Княства Літоўскае - да Маскоўскай дзяржавы.

Невялікімі былі шансы і ў Івана Жахлівага, хаця прыхільнікаў у яго хапала і ў Польшчы, і ў Літве, а некаторыя з іх нават пісалі ў Маскву і прасілі за свае паслугі грошай і сабалёў.

Заварушыўся Ян Глябовіч, збіраў ваяроў і не хаваў сваіх сімпатый да маскоўскага ўладара. Пазіцыя самога Івана Жахлівага не вызначалася яснасцю, то ён жадаў быць выбраным, то не жадаў, то прапаноўваў замест сябе свайго сына Хвёдара. Ды і ўмовы дыктаваў непрымальныя: злучэнне Польшчы і Літвы з Масковіяй, адыход пад маскоўскую ўладу Кіева і Лівоніі.

А можа, ён сам зразумеў, што ў яго вельмі мала надзей. Верныя людзі даносілі, што супраць яго Ян Хадкевіч. І Станіслаў Карнкоўскі, прыхільнік цара, прызнаў асуджанасць Івана, бо «Хадкевіч, хаця і сваяк Маскоўскага, ніякім чынам не згаджаецца на яго выбранне з-за асабістай варожасці да яго. А без Хадкевіча нельга дзейнічаць»[95].

Ставілі і на Ганну Ягелонку. Той жа Карнкоўскі і ... Камендоне думалі абвясціць польскай каралевай Ганну і ажаніць яе з якім-небудзь падатлівым прынцам або герцагам. Паўтарыць камбінацыю з Ядвігай і яе прымаком Ягайлам, які поўнасцю трапіў пад волю сваіх саноўнікаў. Поспех і гэтай кандыдатуры таксама залежаў ад Хадкевіча. «Паколькі нельга дзейнічаць без Хадкевіча, дык было б добра загадзя ведаць ягоныя меркаванні», - папярэджваў Камендоне свайго саўдзельніка Карнкоўскага[96]. Што ж думаў пра Ганну гэты ўплывовы чалавек у Рэчы Паспалітай? Можна было толькі пашкадаваць гэтую няшчасную жанчыну. Фізічнае ўродства (горб) адштурхнула ад яе жаніхоў. Так і заставалася яна ў дзеўках аж да сарака гадоў. Зайздросціла сямейнаму шчасцю сясцёр, у яе гэтага не было, толькі чатыры сцяны пакоя каралеўскага палаца і адзінота. Ніхто не бачыў на яе змрочным твары ўсмешкі, затое вочы не прасыхалі ад слёз. І ніякай надзеі на светлыя дні. Пасля смерці брата яна нібыта згубіла апошнюю надзею на нешта лепшае, некалькі разоў траціла прытомнасць.

Ніхто сур'ёзна яе не ўспрымаў: ліцьвіны адмаўляліся прызнаць яе правы на Літву, прэтэндэнты Генрых Анжуйскі і Сцяпан Батура (Стэфан Баторый) і чуць не хацелі, каб узяць яе за жонку. А каб не абцяжарваць сябе, палякі засадзілі Ганну ў Плоцкі замак, дзе пад вартай трымалі без грошай і сытнай ежы. Каралеўна плакала, наіўна спадзеючыся, што слязамі зменіць свой лёс. Не, лёс вырашалі тыя, хто хацеў выгадна для сябе скарыстаць яе каралеўскае паходжанне. Вось і Ян Хадкевіч загарэўся думкай ажаніцца з Ганнай і з поўным правам прэтэндаваць на пасад караля польскага і вялікага князя літоўскага. А чаму не паспрабаваць? Сваю сілу ён ведаў.

Патаемна ад усіх да Ганны перадалі ліст Хадкевіча. Адзін з правадыроў Літвы прасіў у яе рукі. І Ганна, якая нечакана апынулася ў цэнтры ўвагі, уявіла сябе значнасцю, а не пешкай у чужой гульні. Зганьбіць сябе шлюбам са сваім васалам не захацела, а тым самым адштурхнула ад сябе чалавека, які мог пасадзіць яе на пасад бацькоў. А без ягонай падтрымкі за Ганну ніхто і не рупіўся. Шляхта адкрыта крычала, што не жадае падначаліцца жанчыне.

Ніхто сур'ёзна не разглядаў і другіх прэтэндэнтаў. Семіградскага ваяводу Сцяпана Батуру не прымалі з-за таго, што ён прызнаваў сябе турэцкім васалам. Прускага герцага Фрыдрыха лічылі вар'ятам. А пра шведскага караля Яна казалі, што ён «блядуе з курвамі». Адна за адной адпадалі кандыдатуры на пасад уладара Рэчы Паспалітай. Падзеі спрыялі французу - Анжуйскаму герцагу Генрыху Валуа. У Польшчу прыехаў ягоны пасол Жан Манлюк.

Не паспеў Манлюк дабрацца да польскай мяжы, як яго апярэдзіла вестка аб крывавай разні ў Варфаламееўскую ноч. Палякі і ліцьвіны (католікі і пратэстанты) шчыра абураліся жорсткасцю і злахітрасцю Валуа. Манлюк пачаў ужо думаць, як паціху вышмыгнуць з Польшчы. Аднак з Парыжа прыслалі новыя інструкцыі і легенду пра «адміральскую змову», у якой крывавыя злачынцы выдаваліся за герояў, што раскрылі змову; тысячы забітых гугенотаў ператварыліся ў сорак змоўшчыкаў-дваран. Манлюк ажыў і бессаромна выдаваў хлусню за праўду. Не ведаючы стомы, ён пісаў і пісаў свае падобныя адзін на другі памфлеты, у якіх апраўдваў Генрыха і маляваў усё тое дабро і шчасце, што чакае Рэч Паспалітую, калі француз стане яе ўладаром.

Не было ніводнага шляхціца або пана на ягоным шляху, перад якім не выгінаўся хітрай лісой. Любому з іх ён гатоў быць і бацькам, і братам, і сватам, калі трэба грошы - калі ласка, дасць і грошай. Манлюк паказваў дзівосы пераўвасабленняў. Для католікаў ён быў свяцейшы за самога папу, а для пратэстантаў першы ганьбач каталіцызму. Але вяршыні ён дасягнуў у салодкамоўі. Такога захаплення імі палякі яшчэ не чулі. Яны і слаўны, і шчодры, і высакародны, і храбры, і шчыры, і ўвогуле вялікі народ. Усыплёныя ліслівасцю Манлюка забыліся і пра свой гнеў на Генрыха, і анжуйскі герцаг ужо не здаваўся ім крывапійцам, а чалавекам вартым стаць каралём польскім. Штодня лагер Манлюка папаўняўся ўсё новымі і новымі прыхільнікамі Генрыха. І былі сярод іх і важныя асобы, як браты Збароўскія і ваяводы, і кашталяны, і старосты. Аднак больш за ўсё ўмацавала становішча Манлюка далучэнне да яго легата Камендоне.

 

Перад выбарам

Нарэшце ў самым пачатку 1573 года ў Варшаве адбыўся канвакацыйны сойм. Падазронасць і нянавісць панавалі на гэтым зборы паноў і шляхты. Трывогу наводзіла маўчанне Літвы. Ліцьвіны не прыехалі на сойм. Не сціхалі гаворкі, што Літва выбрала сваім панам то маскоўскага цара, то цэзарскага сына. А паведамленне Пятра Збароўскага пра сустрэчу з панамі-радай у Мсцібогаве і ўвогуле прымусіла палякаў паверыць у сама горшыя прадчуванні. Ян Хадкевіч, Радзівілы (Руды і Сіротка), Астафі Валовіч рэзка і непрыемна выказаліся пра палякаў: «Мы будзем лішнімі ў Варшаве, дзе паны-палякі жадаюць чыніць усё па-свойму і загнаць Літву ў пастку. Яшчэ і таму мы не можам пакінуць Літву, што вы свае межы з боку татараў, турак і немцаў абаранілі, а на нашы не зважаеце. І вось, на нашай шыі сядзіць увесь узброены і люты вораг. Мы павінны сустрэць яго, бо лепш загінуць за айчыну, чым бачыць яе заваёву. Да таго ж Польшча нічога не чыніць з намі супольна, шчыра і па-братэрску, а ўсё загадвае, нібыта сваім хлопам»[97]. Зноў патрабавалі ліцьвіны вяртання Валыні, Кіева, Брацлава і Падляшша і пагражалі ў выпадку адмовы забыцца пра «ўзаемную любоў». Сваю справаздачу Збароўскі закончыў меркаваннем, што няма чаго чакаць ліцьвінскую дэлегацыю. А без ліцьвінаў гэты сойм траціў усялякую законнасць. І раптам прыемная навіна - едуць ліцьвіны. Аднак радасць была дарэмнай. Прыехала не дэлегацыя, а толькі Астафі Валовіч ды віцебскі кашталян Павел Пац без ніякіх паўнамоцтваў. Прыехалі, як віжы, убачыць і пачуць, што робяць палякі. Адначасова ў Варшаву патаемна прыбыў вястун ад слуцкага князя Юрыя Юр'евіча Алелькавіча. Князь умудрыўся перасварыцца і з Мікалаем Рудым, і з Янам Хадкевічам. Усімі забыты, ён сядзеў у Слуцку і вось нагадаў пра сябе. Алелькавіч даносіў палякам пра зносіны Яна Хадкевіча з імператарам і маскоўскім царом, нават прыслаў і копіі грамат да Івана Жахлівага, на якіх, дарэчы, стаяў і ягоны подпіс. За данос князь прасіў месца ў сенаце Рэчы Паспалітай і прызнаваў над сабой уладу Кароны. Сенатары звярнуліся па тлумачэнні да Валовіча і Паца. Тыя супакоілі іх, кажучы, што ліцьвіны пісалі да маскоўскага ўладара з адной толькі мэтай, каб адхіліць напад маскавітаў на Літву.

Пасля доўгіх пасяджэнняў і спрэчак выбарчы сойм быў перанесены на 5 красавіка. Час да адкрыцця прайшоў у інтрыгах варагуючых партый. Максіміліян ІІ пужаў палякаў, што забярэ Прусію, а нямецкія князькі хваліліся, што заваююць для імператара польскі пасад. Чым бліжэй да выбарчага сойма, тым больш накаляліся страсці, тым выразней адчувалася нейкая бяда і небяспека.

Трывожна было і ў Літве. Падняла галаву шляхта. Узяліся за зброю прыхільнікі Івана Жахлівага і адмаўляліся падначальвацца панам-радзе. І правадыр у іх з'явіўся - Ян Глябовіч, які прагнуў горла першых ліцьвінскіх вяльмож. Юрый Алелькавіч падлізваўся да віленскага біскупа і зносіўся з кіеўскім ваяводам, задумаўшы зло супраць Сіроткі і Яна Хадкевіча. Грэлі рукі на безуладдзі махляры. А ў Лівоніі нейкі ксёндз падбіваў лівонцаў супраць «іга» Літвы і яе Сцыпіёна, як называлі Хадкевіча. Сам Ян Гаранімавіч не ведаў спакою, то аглядаў памежныя землі, то адліваў гарматы, то судзіў злодзеяў (заўжды за дзвярыма ягоных пакояў стаяла дванаццаць плячыстых дзецюкоў, гатовых тут жа выканаць прысуд суровага суддзі).

У сваім бяссіллі нядобразычліўцы распускалі пра яго сама неверагодныя чуткі, зласловілі наконт няўдачы пад Вулай.

Тым часам каля Варшавы на зялёным лузе паставілі вялізарную палатку (на замежны манер яе назвалі шопай), якая ўмяшчала больш за шэсць тысяч чалавек. Тут павінны быў засядаць сенат Рэчы Паспалітай і пасольская палата, але любы шляхціц меў сюды свабодны ўваход.

Вакол шопа выраслі палаткі сенатараў, паноў, шляхты. Месца ўсім не хапала і лагер раскінуўся на тры мілі. Дэлегацыі ваяводстваў, нібыта рыхтаваліся да вайны, акружалі свае станы равамі і плотам, нават гарматы прывезлі. Не толькі словам, але зброяй гатовы былі даказваць сваю правату. Многія выбаршчыкі нават не ведалі імёнаў прэтэндэнтаў і прыехалі на сойм разагнаць самоту, пакрычаць ды пагуляць. Прыбывалі і замежныя пасольствы. Ян Хадкевіч і Мікалай Сіротка з'явіліся ў Варшаву раней ліцьвінскай дэлегацыі. І часу дарэмна не гублялі. Сустракаліся з кіеўскімі, валынскімі і брацлаўскімі вяльможамі і схілялі іх вярнуцца да Літвы. Высветлілася, што не так і салодка жывецца пад Польшчай. Канстанцін Астрожскі горка скардзіўся, што зусім збяднеў на пасадзе кіеўскага ваяводы, а раней на гэтым месцы людзі багацелі. Брацлаўскі ваявода Раман Сангушка ўсім сэрцам ненавідзеў палякаў за забойства свайго брата і пакляўся адпомсціць. Усе чакалі ліцьвінскую дэлегацыю, а яна спазнялася. Што надумалі ліцьвіны, за каго аддадуць галасы? А тыя захоўвалі маўчанне, і гэта пужала палякаў. Так і не дачакаўшыся ліцьвінскай дэлегацыі, сойм 5 красавіка 1573 года пачаў сваю працу. І адразу Пётр Збароўскі абурыўся на папскага легата Камендоне за патрабаванне роспуску пратэстанцкай канфедэрацыі. Католікі незадаволена закрычалі і падняліся са сваіх месцаў. Пачалося! Сойм закіпеў страсцямі, і нянавісць зноў адчула сябе валадаркай людскіх сэрцаў.

Імператарскі пасол Розенберг без усялякага натхнення, абы адбыць свой абавязак, распавёў пра выгады, якія чакалі Рэч Паспалітую, калі яе панам стане Габсбург: усмірэнне турак, панаванне палякаў на Балтыйскім моры, заканчэнне спрэчак з-за Прусіі і Лівоніі, вяртанне заваяваных маскавітамі земляў, шляхта можа служыць у Імперыі і нават бязмытны ўвоз вугорскіх вінаў.

Прамова Розенберга нарабіла клопату Манлюку. Нейкім чынам цэсарскі пасол даведаўся пра патаемную дамову Манлюка і Пятра Збароўскага і выкрыў яе перад соймам. Манлюк адразу ж прыкінуўся хворым, каб толькі не трапіць пад гнеў паноў і шляхты. Цэлую ноч ён рыхтаваўся да свайго выступу. А раніцай здаровы з'явіўся на сойм. Сваёй тактыкі ён не змяніў. Зноў бязмернае ўсхваленне палякаў, а яны ад пахвал разамлеюць і тады бяры іх голымі рукамі. І Манлюк пераўзышоў сябе. Не сквапіўся на сама гучныя эпітэты. Тры гадзіны ён распавядаў аб велічы палякаў, што ніхто не можа параўнацца з імі.

Гэта яны захавалі волю і беражліва перадаюць яе з пакалення ў пакаленне ў той час, як другія страцілі яе. Гэта ім удзячна Эўропа за тое, што яны стрымліваюць напады дзікіх барбараў і абараняюць хрысціянства.

Смешна гучалі словы Манлюка, калі ён усхваляў непадкупнасць польскіх соймаў, перад якімі блякне слава Рымскай рэспублікі, і апяваў польскую «згоду». А палякі ад шчасця аж плакалі. Калі гэта было такое, каб ім распавялі, які яны вялікі і высакародны народ.

Аднак і гэты галасісты птах не наважыўся расхвальваць Генрыха - распусніка, п'яніцу, а ўзяўся выкрываць Івана Жахлівага. Маўляў, у параўнанні з гэтым тыранам Генрых проста нявінны анёлак. «Маскоўскі гвалтоўна і несправядліва забірае чужое дабро, знясільвае народы набегамі, пажарамі, рабаваннем; выганяе законных уладароў з іх спрадвечных вотчын; дзеля сваёй выгоды або забавы выдумвае новыя пакаранні і жорсткасці, каб забіваць і мучыць нявінных. Усе ягоныя рашэнні і жаданні дзеля аднаго: як бы падарваць дзяржаўную справу, абрабаваць правы народаў, прыгнятаць сваіх падданых сама цяжкімі падаткамі і паборамі. Вось вам сапраўдны тыран, усё жыццё якога азмрочана забойствамі, гвалтам, рабаваннем і другімі злачынствамі»[98].

А Генрых захавае ўсе вольнасці і правы Рэчы Паспалітай, будзе ахвяраваць ёй 450 000 злотых са сваіх даходаў, не дапусціць і рэлігійнай вайны. Французскі кароль дапаможа палякам заваяваць не толькі Малдавію, але нават і Маскву, падыме польскі гандаль і завядзе флот.

Радаснымі крыкамі палякі шчыра дзякавалі Манлюку за тры гадзіны іх велічы... у сваіх памутнелых слязьмі замілавання вачах. Такім слаўным народам, як яны, мог уладарыць толькі прадстаўнік не меней слаўнага народа - француз. Само сабой, што прыхільнікаў Генрыха адразу ж значна прыбавілася. Зусім безнадзейна выступіў пасол шведскага караля. Суроваму шведу не хапіла красамоўнай пачуццёвасці француза, ды і важкіх аргументаў на карысць свайго ўладара ён не знайшоў. Замест таго каб таксама расхваліць палякаў, ён нагадаў ім пра нявыплачаную пазыку і нявыдачу вена (пасага) за Ягелонку. Ды што мог ім даць Ян? Сам жабрак і нягоднік. Пужаў шведаў і маскавітамі: «Хто не знаёмы з нягодніцтвам і злахітрасцю гэтага лютага ворага? Хто не ведае, як гэты нікчэмны, цёмны народ падняўся за кошт зняволеных ім народаў»[99]. А справіцца палякам з маскавітамі дапаможа Швецыя. Толькі палякі асабліва і не праглі памерацца сіламі з такім «лютым ворагам», хай Літва ваюе з ім. І да прамовы шведа засталіся глухімі. А тут яшчэ, як на бяду, абвалілася шопа і ўсе думалі не пра шведскага караля, а як выбрацца на свет Боскі.

Незайздросным было становішча і прыхільнікаў Івана Жахлівага. Мала таго, што ім пужалі палякаў, ён не прыслаў сваіх прадстаўнікоў. Умовы, якія ён вылучаў, здаліся палякам знявагай іх гонару. І пра Івана Жахлівага забыліся. З усіх прэтэндэнтаў больш за ўсё спадабаўся Генрых. Непрыяцелям Валуа засталося толькі пускаць плёткі, што французы падкупілі ўсіх сваіх прыхільнікаў. Нават і кошт называлі, маўляў, патрацілі дзвесце тысяч дукатаў, а Хадкевіч і Сіротка атрымалі кожны па сто тысяч. Так высока цаніліся галасы гэтых двух ліцьвінаў. Камендоне і той меней атрымаў - дванаццаць. Плёткі ніколькі не перашкаджалі Манлюку. Ён апынуўся ў цэнтры ўвагі. Штодня яго асаджала шляхта з шчырымі прызнаннямі ў любові да Генрыха. Натхнёны поспехам, Манлюк цягнуў на свой бок і каралеўну Ганну, кляўся ёй, што Генрых закахаўся ў яе і гатовы павесці пад вянец. Аднак без падтрымкі Літвы Манлюк не быў упэўнены ў сваёй перамозе. І вось праз пасрэдніцтва Камендоне французскі пасол пачаў перамовы з Янам Хадкевічам і Мікалаем Сіроткам. Тут ужо пахвальбой або пустымі абяцаннямі і золатам свайго не дамагчыся. Ліцьвіны аддадуць свой голас за Генрыха і прызнаюць яго сваім уладаром, калі той выканае іх умовы. «Усё забранае ў Літвы маскавітамі вяртаецца ёй і ранейшым уладальнікам. Вяртаюцца ёй і захопленыя Польшчай Валынская, Кіеўская і Брацлаўская землі, а з Падляшша Літва саступае дзеля братэрства частку на рацэ Нурэц. Не толькі ўсе ліцьвінскія ўлады, законы і прывілеі застаюцца непарушнымі, але і генеральныя соймы павінны быць як у Польшчы, так і ў Літве, у апошнім выпадку ліцьвінскія справы разглядаюцца ў першую чаргу. Усе пасады ў Вялікім Княстве, як духоўныя, так і свецкія, даручаюцца толькі ўраджэнцам. Усе ліцьвінскія князі застаюцца ў сваім ранейшым, спрадвечным становішчы. Лівонія ні ў якім выпадку не адрываецца ад Літвы»[100].

Манлюк пакляўся, што Валуа выканае патрабаванні ліцьвінаў, пагадзіўся ён і з жаданнем кіеўскіх, валынскіх і брацлаўскіх прадстаўнікоў, што Валынь, Кіеў і Брацлаў адгэтуль ніколі ўжо не будуць адарваны ад Літвы.

 

Элекцыя

Час да выбараў уладара Рэчы Паспалітай праходзіў у высвятленні адносінаў. Не было і дня, каб стан не абляцела вестка пра сварку або бойку. Католікі грызліся з пратэстантамі, «французы» з «немцамі», шляхта з панамі, а ліцьвіны паміж сабой. Разам з ліцьвінскай дэлегацыяй прыехаў на сойм і даўні праціўнік Хадкевіча Ян Глябовіч. Менскага кашталяна акружыла світа ўзброеных прайдзісветаў, якія гатовы былі перарэзаць горла любому, на каго ўказаў бы іх правадыр. Услед на чале коннай почты заявіўся і Юрый Алелькавіч. Слуцкі князь сабраўся ўсесціся на сенатарскае месца, якое ён заслужыў даносам на суайчыннікаў. Толькі Ян Хадкевіч не дараваў яму здрады. Сенат да свайго здзіўлення даведаўся ад Хадкевіча, што данясенне Алелькавіча падман. Сенатарскае месца ён атрымаў тайком за шчодры подкуп. Аспрэчваць Хадкевіча ніхто не ўзяўся. Алелькавічу абвясцілі, што ён пазбаўляецца сенатарства, бо сенатарская годнасць не можа быць наследнай у краіне, дзе нават ненаследная каралеўская ўлада. Раззлаваны князь адправіўся да сваіх людзей. І вось ужо хацеў прабіцца сілай у шопу і сесці ў сенаце. Але на сілу ёсць сіла. Алелькавіча не пусцілі і ён з ганьбай убраўся прэч.

Не дзіўна, што Глябовіч і Алелькавіч без лішніх слоў зразумелі адзін аднаго і аб'ядналіся дзеля помсты свайму галоўнаму ворагу. Яну Хадкевічу і ягоным паплечнікам Мікалаю Рудому, троцкаму ваяводзе Стэфану Збаражскаму, Астафію Валовічу давялося ўзброіцца. Калі яны наступным днём прыехалі да сената на чале коннай почты, дык у шопе пачаўся перапалох. Сенатары ўявілі сама горшае - ліцьвіны гатовы іх рэзаць. Але Хадкевіч адказаў, што ліцьвіны памятаюць свой абавязак і не хацелі парушаць мір на сойме, але не могуць стаяць бяззбройнымі сярод натоўпу заклятых ворагаў, якія толькі і думаюць, як ажыццявіць свае злахітрыя задумы. Усё ж ліцьвінскія правадыры, «шануючы шчасце Рэчы Паспалітай вышэй за сваё жыццё», згадзіліся ўвайсці ў сенат без зброі. Высветлілася, што «ворагі» былі толькі падставай, каб паказаць сенатарам сілу, бо замест ласкавых прамоў ліцьвіны заявілі пра вяртанне Літве прысвоеных Польшчай земляў. Сенатары пачалі круціцца на лавах. Якая тут «любоў і братэрская згода»? Каб неяк супакоіць ліцьвінскіх паноў, сенатары пастанавілі разгледзець іх патрабаванні перад асобай новага караля і ўсёй Рэчы Паспалітай.

А тут новая бяда. Заявіліся галодныя і злыя найміты выбіваць плату за службу. Гэтых абяцаннямі не супакоіць - ім трэба грошы. Пагрозы разрабаваць усё, што трапіць пад руку, прымушалі дрыжаць ад жаху і польскіх сенатараў, і польскую шляхту. У дзяржаўнай скарбніцы даўно чыста і пуста - ні злотага. Як толькі пра гэта жабрацтва даведалася шляхта, дык закіпела абурэннем. Добрая падстава паквітацца з ненавіснымі панамі і прыдворнымі, якія так спрытна абкрадалі краіну. Шляхта асаджала сенат з патрабаваннямі выявіць і пакараць рабаўнікоў. Пачалося новае трагікамічнае дзеянне. Прыдворныя звальвалі віну на каралеўскую камарыллю, каханак Жыгімонта Аўгуста, галоўных яго «еўнухаў» - Юрыя і Мікалая Мнішкаў. Пётр Збароўскі, назначаны старшынёй следства, выпусціў злосць на Мнішкаў... за тое, што іх сястра, багацейшая ўдава, выбрала не яго, а Яна Фірлея. Аслеплены нянавісцю, ён не разлічыў свае сілы. Не толькі Мнішкі палохаліся выкрыцця, але шмат хто з сенатараў, чые імёны яшчэ не ўсплылі ў следстве. І яны гарой падняліся за сваіх саўдзельнікаў. Сам каронны канцлер Дэмбінскі даводзіў, што не вялікі грэх красці ў дзяржавы. І асмялеўшы, казнакрады ўжо выдавалі сябе за сама шчырых патрыётаў. Эўрапейскія паслы пацяшаліся, як «лепшыя сыны сама вялікага і знакамітага народа» з пенай на вуснах выкрываюць адзін аднаго ў нягодніцтве і крадзяжу. Следства, як таго і трэба было чакаць, закончылася нічым. Куды падзеліся дзяржаўныя грошы, у чыіх кішэнях яны аселі, засталося таямніцай. А наймітам паабяцалі выплаціць каралеўскую кварту. Тыя падлічылі, што не хапае яшчэ 10 000 злотых, і ўразілі палякаў веданнем іх фінансаў. Замест недабранай сумы найміты патрабавалі частку спадчыны Ганны Ягелонкі і срэбра з Тыкоцінскага палаца. Як ні сорамна было перад іншаземцамі, як гэта ні прыніжала годнасць і сумленне «вялікага народа», але сенатары абрабавалі сваю каралеўну. Задаволеныя перамогай, найміты ўбраліся ахоўваць межы. На слёзы Ганны ніхто не звяртаў увагі. Каго яна хацела разжалобіць?

Не сціхалі сваркі паміж пратэстантамі і католікамі. Пратэстанцкія лідэры жадалі закону, паводле якога ўладар Рэчы Паспалітай абавязаны захоўваць рэлігійную свабоду. Іх падтрымлівалі і прадстаўнікі праваслаўнай Валыні. Якаб Уханскі заявіў, што ўсялякая вера, апроч рымскай, ерась. Наперадзе прадбачылася ўзброеная калатнеча. Каб прадухіліць кровапраліцце, заўзяты пратэстант Станіслаў Шафранец уздумаў сарваць сойм, а па дапамогу звярнуўся да ліцьвінаў. Вось каму надакучылі бязглуздыя польскія разборкі і спрэчкі.

У апошнюю красавіцкую ноч Шафранец потайкі пракраўся ў ліцьвінскі стан і перагаварыў з кожным з правадыроў Літвы. Раніцай яны параіліся паміж сабой і вырашылі паразмаўляць з папскім легатам. Да Камендоне ў Скерніцу паскакаў Ян Хадкевіч. Легат не адобрыў намеру ліцьвінаў. «Палякаў другі раз ніяк ужо не збярэш. А цяпер вельмі лёгка выбраць караля католіка», - казаў Камендоне[101]. Перакананы ягонымі довадамі, Хадкевіч вярнуўся да сваіх і настояў не пакідаць сойм.

Вось так у сварках міналі дні, і нарэшце надышоў дзень падачы галасоў - 1 траўня. З новай сілай успыхнулі спрэчкі паміж партыямі, хаця ўжо даўно было ясна, што большасць за Генрыха. І ўсё ж нібыта схапіліся за апошні шанц. Гучней за ўсіх крычалі і хваляваліся «пястаўцы», носячыся па лагеры з ідэяй «родака» - ўладара родных крывей. Супраць іх дружна падняліся і «французы», і «немцы», і «шведы» і ў адзін голас ганілі праўленне Пястаў. Усе заслугі гэтых каралёў бязлітасна змешвалі з граззю. Ды і кандыдатуру «пястаўцы» ніяк не маглі выбраць, называліся дзесяткі імёнаў ад пярвейшых вяльмож Яна Хадкевіча, Мікалая Рудога, Пятра Збароўскага ды нікому невядомых шляхціцаў. «Пястаў» было як мух на кучы гною. І каб выбраць з іх караля, спатрэбілася б не адзін год, і то не выбралі б.

Галасаванне дало такія вынікі. Эрнэст Габсбург перамог у Кіеўскім ваяводстве і Прускім герцагстве. Нямала галасоў атрымаў шведскі кароль Ян ІІІ. Ягонае імя называлася ў спісах дзесяці ваяводстваў, а ў пяці з іх (Рускім, Падольскім, Сандамірскім, Познанскім і Калішскім) швед набраў большасць за кошт праваслаўных і пратэстантаў. Па-за канкурэнцыяй апынуўся Генрых Анжуйскі. Манлюк сабраў важкі ўраджай галасоў: у васьмі ваяводствах Генрых быў пераможцам. Падкупленая Манлюком жабрацкая мазавецкая шляхта крычала: «Француза! Француза! І нікога больш не хочам!»[102]. Да мазураў далучыліся «французы» і іх тысячагалосны крык настойліва напамінаў сенату, хто павінен стаць уладаром Рэчы Паспалітай. Не сказалі свайго слова ліцьвіны. Чакалі, чыя возьме, і адгаворваліся, што яны пагадзяцца з большасцю. Хітрыкі ліцьвінаў прымушалі палякаў кланяцца ім па дзесяць разоў. Ян Хадкевіч ад імя Літвы, Валыні і Брацлава абвясціў: «Дзеля шчасця, выгоды і выратавання Рэчы Паспалітай мы пасля дакладнага і разважлівага абмеркавання з аднадушнай згоды вырашылі так: калі герцаг анжуйскі саступіць нам рэлігійную свабоду, абароніць нас ад маскоўскага, ажэніцца з каралеўнай Ганнай, абяцае свята і непарушна захоўваць нашыя вольнасці і прывілеі, а таксама і свабоду выбару: калі да таго, выбар будзе аднадушным і згодным, бо, апроч таго, асабліва важна тое, што турак узрадаваўся б сваркам паміж палякамі і скарыстаўся б імі, дык мы выбіраем яго ў нашы каралі і лічым і прызнаем яго каралём»[103]. Хадкевіч аддаваў галасы васьмі ліцьвінскіх, а таксама Валынскага і Брацлаўскага ваяводстваў за Генрыха. Узрадаваныя «французы» гучна віталі ліцьвінаў: «О годныя і магутныя ліцьвінскія мужы! Ён будзе панаваць у вас! А мы гатовы праліць нашу кроў, пакласці наша жыццё за вас!»[104]. І чым больш набіраў галасоў Валуа, тым адчайней супраціўляліся ягоныя непрыяцелі. На сваю пагібель вылезлі са спісам пястаўцы. Калі называліся імёны вяльмож, сенат яшчэ трымаўся, а калі загучалі імёны нікому невядомых шляхціцаў, сенатары давіліся ад рогату. Апошнім значыўся нейкі Бандура. Камусьці востраму на язык уздумалася пажартаваць: «Пяст з бандураю». І пайшла гуляць прымаўка. Пад раскатамі рогату была пахавана ідэя «родака». На пасад Рэчы Паспалітай рэальна прэтэндавалі Генрых Анжуйскі і Ян Ваза. За Вазу стаялі іншаверцы. Сам Ян Фірлей 9 траўня выступіў у сенаце за выбранне шведа. Ведаў, куды ўдарыць. Ён пачаў пужаць Масковіяй - вось дзе загуба Рэчы Паспалітай. І толькі з дапамогай шведаў, вопытных у баях з маскавітамі, можна скарыць гэтае царства тыраніі і жаху. Усе прыціхлі. Сапраўды, хто, як не суседзі-шведы, маглі дзейсна дапамагчы вайне супраць маскавітаў. Французы далёка, немцы паміж сабой не ладзяць. Запанавала цішыня, нібыта раптам працверазіліся і скончылася ап'яненне. І тут падняўся Ян Хадкевіч. «Паглядзіце палякі, каго вам прапаноўваюць, як чалавека годнага вашага пасада! Шведскі кароль здраднік і нягоднік. Ён падмануў свайго брата і незаконна тыраніць над ім, захапіўшы ягоны пасад. А толькі гэты брат і перамог дацкага караля. Сам жа ён у вочы не бачыў ніводнай бітвы, і цяпер вось шведскае войска ў Лівоніі ўвесь час па ягонай міласці церпіць нястачы і паразы. Ён, як стаў каралём, ледзь-ледзь разы два ў год высунецца на свет. Больш сядзіць каля каміна ў чатырох сценах. Спіць сярод белага дня; а падымаецца, дык расчэсвае сваю барадзішчу ды валасы. Пасля ідзе снедаць; а на каралеўскім стале замест прыстойных страў ляжаць вантробы гавяды. Паесць і зноў заваліцца спаць на некалькі гадзін. Прачнецца, пашляецца па двары або па садзе. Вось вам жыццё гэтага чалавека, у якога няма і намёка на думку або свядомасць. Тут ні пры чым і ягонае веданне моваў, якое не дае яснага розуму, калі яго няма. Дарэмна казаць і пра ягонае кіраванне краінай. Гэта самапраўны тыран. Ён выразаў усіх сенатараў і ўсю шляхту, апроч аднаго графа ды некалькіх рыцараў. Цяпер і сам ён чорнага роду, і вакол яго адна чэрнь ды халопства. Словам, гэта такое кіраванне, што толькі з-за жонкі падданыя так і не забілі яго або не выгналі прэч. Таму не спадзявайцеся на злучэнне Швецыі з Польшчай: зрабі ён толькі крок за межы сваёй дзяржавы - і ўжо падданыя не пусцяць яго назад. Не спакушайцеся, палякі, таксама і шведскімі грашыма. Шведскі кароль вельмі сквапны, не плаціць жалаванне жаўнерам, а калі прымушаюць - падсоўвае фальшывую манету. Ды і краіна тая вельмі ўбогая; а славутыя срэбныя радовішчы заняпалі. У скарбніцы ні залатога. Вось гэтым паслам, што цяпер у вас, няма чаго было даць у дарогу, па ўсёй дзяржаве збіраў грошы для іх, адымаў палову ў кожнага падданага. Гэты нягодны сын праматаў усё, што бацька накапіў цяжкай працай, гандлюючы маслам, сырам, малаком, жалезам ды валамі. А тое што ён даруе нам пазыку, дык яшчэ трэба спытацца, што гэта за пазыка? Прыданае ўзяў за сваю жонку, нібыта за цэсарскую дачку. Ды ці не ён яшчэ павінен палякам, калі ўлічыць, што па ягонай віне маскавіты забралі шмат польскіх умацаванняў? І, паверце, Масква на будучую зіму забярэ ў яго ўсё, калі вы не пасадзіце яго на свой пасад. Ды і на моры яго ўладу моцна падарваў дацкі кароль. А палякам неабходны кароль, які са славай верне аднятыя маскоўскім землі. Замест гэтага швед прынясе вам інтрыгі і кайданы, якія ён так любіць, ды яшчэ ўвядзе шведскі згубны парадак наследавання пасада не толькі па мужчынскай, але і па жаночай лініі. У гэтым выпадку ў вас можа ўсталявацца небяспечны трыумвірат сясцёр (Жыгімонта Аўгуста. - В.Ч.): шведскай каралевы; інфанткі Ганны Ягелонкі і герцагіні браўншвейгскай. Нарэшце ўкажу на пагалоскі, нібыта Ян ІІІ ведае вашу мову. Так, два-тры словы ён можа сказаць па-польску. А пра ягоную зычлівасць да палякаў можа паведаміць вам пан Салікоўскі, які разам з Кромерам быў пасланы гады два таму ў Шчэцін дзеля прымірэння Яна ІІІ з Дацкім. Ён паступаў з імі горш за сабак»[105]. Увесь арэол мудрага правадыра развеяўся.

Праціўнікі Яна дадалі, што Кацярына адхапіла сабе трыста тысяч злотых - больш, чым дасталося іншым яе сёстрам. А Швецыя часта трапляла пад дацкае ярмо. Дык што гэта за краіна? Ратаваць шведскага караля ўзяўся ўлюбёнец шляхты пратэстант Мікалай Мялецкі. Ён кінуў пальчатку Хадкевічу. «Але я разаб'ю ўсе твае довады». Як бы не так. Шляхта заглушыла яго крыкамі: «Не швед, а француз, француз будзе ў нас! Вось наш кароль!»[106]. Перакрычаць гэты шматтысячны натоўп Мялецкі не змог. І нават Ян Фірлей нічога не зрабіў. «Французы» бралі горлам і не хацелі нічога чуць, апроч сваіх крыкаў. Раззлаваны Фірлей пакінуў сойм, а за ім падаліся і ягоныя паплечнікі. А ў шопе запанавала трывога. Што яшчэ надумаў Фірлей?

Раніцай даведаліся. Фірлей са сваімі сябрамі і аднадумцамі ноччу перабраўся ў суседняе сяло Грохаў. Тут сабраліся ўсе праціўнікі каталіцтва і Генрыха Анжуйскага. Да гэтай партыі далучыўся Юрый Алелькавіч і кіеўскі ваявода Канстанцін Астрожскі. У сенат даходзілі трывожныя весткі: Фірлей расставіў гарматы і падрыхтаваў да бою конніцу. Узбуджаная шляхта патрабавала ад сенатараў весці яе на непрыяцеля. Хадкевіч, Ласкі і Крыштоф Збароўскі ўзначалілі ахвотнікаў, якія ўпрыгожылі сябе французскімі лілеямі. Хадкевіч даў загад падкаціць гарматы і навесці іх на Грохава. Аднак лёгка рассекчы мячом вузел і парвалася нітачка згоды, а лепш паспрабаваць развязаць гэты вузел супярэчнасцей. Хадкевіч сабраў нараду правадыроў войска і на ёй вырашылі паслаць дэлегацыю ў Грохаў з прапановай вярнуцца ўсім на выбарчае поле або згубіць права голасу. Грохаўцы наракалі на тое, што ім не далі выступіць, а іх непрыяцелі змагаюцца і сілай, і хітрасцю. Таму засталося толькі захаваць дарагую свабоду і законнасць выбараў. Дэлегацыя вярнулася і перадала адказ грохаўцаў. Некаторыя з сенатараў ужо пачалі шкадаваць, што занадта несправядліва абышліся з прыхільнікамі шведскага караля. Гэтую нерашучасць разбіў Ян Хадкевіч: «Генрых прызнаны большасцю галасоў, значыць, пра другіх кандыдатаў няма чаго і казаць»[107]. Шляхта нібыта чакала гэтага слова і запатрабавала: «Француза! Нікога, апроч француза». Можна было яшчэ спрачацца, нешта даводзіць, але гэта ўжо нічога не вырашала - перамога Генрыха не выклікала сумненняў. І шведы здаліся, адзінае, чаго яны прасілі, - рэлігійнай свабоды.

Яшчэ тры дні сойм выпрацоўваў свае ўмовы Генрыху. Быў прыняты артыкул пра рэлігійныя свабоды. А ўсе астатнія пункты склаў пералік абяцанняў Манлюка. Вечны мір паміж Францыяй і Польшчай. Узаемная дапамога ў барацьбе з ворагамі, супрацоўніцтва ў гандлі. Генрыху дастаўся абавязак даваць штогод 450 тысяч флорынаў са сваіх французскіх уладанняў, утрымліваць за свой кошт флот і Кракаўскую акадэмію, заплаціць усе пазыкі Рэчы Паспалітай. Ён жа павінен ашчаслівіць каралеўну Ганну, ажаніўшыся з ёй. Перад каранацыяй пацвярджае ўсе законы і прывілеі Рэчы Паспалітай. Манлюку давялося расплачвацца за свае абяцанні і няволяй падпісаць дамову. Ды яшчэ пад ціскам пратэстантаў пакляўся, што Карл ІХ дасць рэлігійную свабоду і гугенотам. Нарэшце наступіла згода. 15 траўня ўсе выбаршчыкі сабраліся. У шоп набілася столькі, што і носа не ўсунуць. Стаць сведкамі гістарычнага моманту хацелася ўсім. Фірлей урачыста звярнуўся да сенатараў і шляхты: «Ці ўсе згодны на выбранне польскім каралём Генрыха, герцага анжуйскага, брата французскага караля?» - «Усе! Усе!» І маршалак засведчыў абвяшчэнне Генрыха: «Аман»[108].

 

Другое безгаспадарства

Спадзяванні ліцьвінаў і палякаў на Генрыха Валуа не спраўдзіліся. Распусны гуляка не займаўся дзяржаўнымі справамі. Не ведаючы па-польску і па-ліцьвінску ні слова, не вывучыўшы і латыні, ён сядзеў у сенаце, нібыта нямы, і ад самоты марыў толькі пра адно - вырвацца з абрыдлых сценаў. І толькі па начах за картачнай гульнёй і на баляваннях з сябрамі і жанчынамі ён адчуваў сябе на сваім месцы. Дагуляўся да таго, што застаўся без граша ў кішэні. Каралеўскія кухары пабіраліся па людзях, каб пазычыць чаго-небудзь на ежу. Палякі наракалі на Генрыха, нават гразіліся адабраць карону, а ён скардзіўся, што яго хочуць зрабіць сенатарскім суддзёй. У такім становішчы вабіў пасад Францыі, які вызваліўся пасля смерці брата. Сенатары не адпускалі Генрыха, бо дазвол на ад'езд з Рэчы Паспалітай ён павінен атрымаць ад сойма. Тады кароль у ноч на 28 чэрвеня 1574 года потайкі ўцёк з Кракава. Дагналі яго толькі за аўстрыйскай мяжой. Генрых паабяцаў вярнуцца і адправіўся ў Францыю. Палякі абурыліся і клялі Генрыха як толькі маглі: «Няўдзячны, бессаромны, распусны... прысягаў адной дзяржаве, а цяпер, як начны злодзей, уцёк у другую...»[109]. А спрытныя на руку прыдворныя рабавалі каралеўскі замак, падмятаючы ўсё, што засталося ад караля-ўцекача. У Галіцыі ўзбунтаваліся найміты і здабывалі сваё заслужанае зброяй.

Уцёкі Генрыха ўразілі ўсіх, як у Кароне, так і ў Княстве. Зноў безгаспадарства? А ў манархічных дамах ажылі духам - надарылася магчымасць узяць рэванш за папярэднюю паразу на выбарах.

Аднак у Польшчы і Літве яшчэ спадзяваліся, што Генрых адумаецца. Ліцьвіны паведамлялі палякам, што па-ранейшаму лічаць Генрыха Валуа сваім уладаром і прапаноўвалі адправіць сумеснае пасольства ў Парыж. На Варшаўскім сойме, скліканым прымасам Якабам Уханскім без ведама Літвы і без яе ўдзелу, палякі пастанавілі чакаць Генрыха да 12 траўня наступнага года. Калі ён да гэтага тэрміну не вернецца, прызнаць, што ён адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай. У гэтым выпадку ў Стэнжыцах адбудзецца новая элекцыя.

Ліцьвіны на сваім сойме пастанавілі пры неабходнасці новых выбараў аддаць свой голас за імператарскага сына Эрнэста. Гэты выбар, без сумнення, прадвызначылі Хадкевіч і Радзівілы, памятаючы сваю былую дамову з імператарам. Мэта была ранейшая - дамагацца ў новага ўладара вяртання забраных ад Літвы земляў. «А калі хто-небудзь з палякаў або Літвы выбера караля, апрача Эрнэста, і гэтым парушыў бы нашы вольнасці, дык, хаця б гэта каштавала нам жыцця, мы ні ў якім разе не саступім, а далучымся да тых, хто падасць голас за Эрнэста»[110]. Пастанову замацавалі сваімі подпісамі ўсе віднейшыя дыгнітарыі Княства, нават кіеўскі біскуп Мікалай Пац і кіеўскі кашталян Павел Сапега. Такой была пазіцыя Вялікага Княства Літоўскага.

У часы другога безгаспадарства Ян Гаранімавіч Хадкевіч дасягнуў вяршыні сваёй улады. Ягоныя рашэнні прымаюць і паны-рада, і біскупы. Без ягонай пячаткі ніводны дакумент урада Вялікага Княства не мае законнай сілы. Ён вызначае палітыку дзяржавы. Радзівілы баяліся супрацьстаяць яму і толькі марылі аб магчымасці «адпомсціць старосту за ўсе ягоныя крыўды. Трэба толькі чым-небудзь не напужаць яго, каб ён сам не навёў на нас гарматы»[111]. Былы непрыяцель, слуцкі князь Юрый Алелькавіч, шукаў з ім прымірэння. Ян Глябовіч ужо «сябар» і папярэджваў аб намерах Радзівілаў. У новай барацьбе за карону Рэчы Паспалітай Ян Хадкевіч вырашаў, каму яе аддаць. І гэты голас хацелі купіць. Вільгелым Розенберг, які марыў аб кароне, схіляў Пятра Збароўскага падкупіць Хадкевіча за сто тысяч залатых. Не шкадаваў абяцанак Хадкевічу і яшчэ адзін кандыдат - Іван Жахлівы: «І толькі нам паслужыш, і тыя тры дзяржавы: Масква, Польшча і Літва - аб'яднаюцца, і нам дасць Бог на тых дзяржавах быць, то мы цябе сваім жалаваннем ва ўсялякіх пашанах і прыбытках пачнём узнагароджваць больш за іншых паноў, а таксама вотчынамі і скарбам пажалуем цябе і задаволім»[112].

Папулярнасць Івана Жахлівага сярод шляхты як у Польшчы, так і Літве прымушала задумацца. Шляхта наіўна марыла, што Іван пакончыць з усемагутнасцю паноў. У Літве партыю маскавітаў узначальваў менскі кашталян Ян Глябовіч, які акружыў сябе ўзброенымі паплечнікамі. І з гэтым трэба было лічыцца. Хадкевіч заявіў маскоўскаму паслу: «Каб гасудар прыслаў да нас у Літву добрага свайго пасланніка, а пісаў бы нам граматы паасобна з жалаваным словам: да ваяводы віленскага грамату, другую - да мяне, трэцюю - да пана троцкага, чацвёртую - да маршалка, Сіротку Радзівілаваму, пятую - да ўсяго рыцарства, прымаў бы пасланніка адразу ж, не марудзячы: а каралю Генрыху ў нас не бываць. Я сваёй віны ні ў чым перад гасударом не ведаю, а гасудар да мяне не адпіша ні пра якія справы і сабе служыць не загадае; нам вельмі прыкра, што міма нас палякі пана на панства просяць, а наша вера лепш з маскоўскай сышлася, і мы, уся Літва, гасудара жадаем да сябе на дзяржаву. Калі мы ўмолім Бога, а гасудара ўпросім, каб быў у нас у Літве на дзяржаве, дык палякі ўсе прыедуць да гасудара біць чалом сваімі галовамі, а гасудару вядома, што калі ў нас раней быў кароль Вітаўт, дык ён заўсёды жыў у Вільні; і цяпер нам гэтага хочацца, каб у нас кароль быў у Вільні, а ў Кракаў бы ездзіў на час; але гасудар як быццам праз пень калоду валіць»[113].

Не будзем адмаўляць, што ход Хадкевіча быў выкліканы і жаданнем захаваць з Масковіяй перамір'е, тэрмін якога ўжо заканчваўся. Нібыта дзейнічаў Ян паводле народнай мудрасці: каля пекла жывучы, трэба й чорта за кума папрасіць. Хадкевіч быў асабіста зацікаўлены ў кандыдатуры Івана, як у запасным варыянце, на выпадак няўдачы з камбінацыяй з Эрнэстам Габсбургам, бо тады рэальны шанц на карону атрымаў бы шведскі кароль Ян ІІІ. Аднак Хадкевіч не збіраўся выклікаць злога дэмана, якога цяжка было б суняць.

Не пасквапіўся Ян на ягоныя шчодрыя абяцанні ўсялякіх пашан і прыбыткаў і маўчаннем адказаў на пытанне «Якое ты наша жалаванне хочаш?»[114].

На Стэнжыцкім сойме, які пачаў працу 11 траўня 1575 года, зноў праявілася супрацьстаянне паміж палякамі і ліцьвінамі. Ліцьвіны ўпарта адмаўляліся прызнаць законнасць папярэдняй пастановы Варшаўскага сойма. Тое, што абвяшчэнне элекцыі адбылося без іх удзелу, сведчыла, што палякі адводзілі ім ролю паслухмяных выканаўцаў сваёй волі. І гэтым разам Хадкевіч быў душой і галавой ліцьвінскай дэлегацыі. Ён гнеўна заяўляў, што не пагодзіцца з пастановамі, якія парушаюць правы Літвы.

«Нельга столькі разоў зневажаць ліцьвінаў, і калі палякі так прыніжаюць іх, дык яны цяпер і паедуць»[115].

Аднаго позірку на ягоны суровы твар хапала, каб халадок трывогі прабягаў па спінах сенатараў. Варта было ім узняць пытанне аб падазроных узброеных прыгатаваннях у ліцьвінскім стане, Ян Хадкевіч зноў прама рэзануў: «Досыць з вас, калі ў шопе будзем цярпець вашы ўстоі; калі ж кожны сядзіць у сваім абозе, няхай у нашы справы не лезуць. Гэта было б ужо занадта»[116]. Калі ж палякі асмеліліся прасіць ліцьвінаў прызнаць пастанову Варшаўскага сойма, Ян Хадкевіч са сваімі паплечнікамі пакінуў сенат. А за імі следам падаўся і прымас. Цяжка было чакаць, што пры такой «згодзе» сойм прыме што-небудзь істотнае. Так яно і здарылася. Шляхта, не дачакаўшыся заканчэння, пачала раз'язджацца. Каб выратаваць становішча, польскія сенатары абвясцілі элекцыю. Хадкевіч і гэтым разам запрацівіўся і заявіў, што элекцыя магчыма толькі пасля таго, як усе станы падпішуць акт аб нізлажэнні Генрыха. Зразумела, тое самае заявілі ліцьвінскія сенатары і шляхта. Не дзіўна, што на сойме так і нічога не справілі.

7 лістапада 1575 года ў Варшаве пачаўся новы сойм. Шляхта і паны сабраліся, каб выбраць уладара Рэчы Паспалітай. Зноў загучалі шчодрыя абяцанні кандыдатаў. Былі яны падобныя - паслы кляліся, што пад уладай іх гаспадароў Рэч Паспалітая стане квітнець і багацець. А памеры кішэні дазвалялі называць тую ці іншую суму, якую будучы ўладар ахвяруе дзяржаве. Гэтак, брат імператара эрцгерцаг Фердынанд кляўся даваць штогод 150 000 талераў са свайго даходу. Шведскі кароль гатовы быў выкарыстаць трэць сваіх прыбыткаў на вайну з Масковіяй. Аднак і цяпер ён нагадаў пра пазыку і велікадушна адмаўляўся ад яе ўзамен за Лівонію. Пасол беднага ферарскага герцага Альфонса шчодрых дароў не абяцаў, а сціпла паведаміў, што ягоны ўладар прывядзе вучоных людзей у Кракаўскую акадэмію ды стане на сваё жалаванне выхоўваць сто пяцьдзесят маладых шляхціцаў. Пасол Сцяпана Батуры доўга расхвальваў семіградскага ваяводу, які розумам і дзеяннямі падняўся да свайго высокага становішча. Як з рога сыпаліся абяцанкі: Батура захавае правы і вольнасці паноў і шляхты, заплаціць усе каралеўскія пазыкі, адваюе ў Масковіі забраныя землі, нават прывядзе сваё войска, дасць 800 000 злотых на вайсковыя патрэбы, выкупіць палонных з маскоўскай і татарскай няволі. Важкім аргументам на карысць Батуры было і пасланне турэцкага султана, які папярэджваў, каб не выбіралі Габсбурга, і раіў семіградскага ваяводу.

Шмат прыхільнікаў, асабліва сярод дробнай шляхты, меў Іван Жахлівы. Але на сойме маскоўскі ганец груба заявіў, што цар прышле да сенатараў не вялікае пасольства, як да караля, а сярэдняе, суадносна іх годнасці, і тым самым абразіў самалюбства сената. Нават прыхільнікі Івана збянтэжыліся ад падобнай заявы. Значная частка «маскавітаў» ахладзела да свайго куміра.

Ліцьвіны, якія прыехалі ў Варшаву на чале са сваімі правадырамі Янам Хадкевічам і Мікалаем Рудым, стаялі за кандыдатуру эрцгерцага Эрнэста. За яго Літва і падала голас. Польскія сенатары, прадстаўнікі Прусіі і святарства прагаласавалі хто за Эрнэста, а хто за імператара. Ніводная партыя так і не набрала пераважнай колькасці галасоў. Жаданага аднадушна не было. Нецярплівая шляхта патрабавала выбрання Сцяпана Батуры, за якога стараліся Збароўскія. «Пястаўцы» на чале з Янам Косткам і Андрэем Тэнчынскім заклікалі ўспомніць уласную годнасць і выбраць «родака». Тэнчынскага вельмі абурала тое, што такому слаўнаму панству, як Рэч Паспалітая, «чужаземцы» мала давалі грошай. Ганьба! А «родак» будзе бацькам сваім падданым, а не айчымам.

Вось тады прыхільнікі Габсбургаў аб'ядналіся і вырашылі выбраць імператара. 12 снежня яны пакінулі сенат і сабраліся каля Варшавы. Для прыліку адправілі паслоў да праціўнікаў з паведамленнем аб сваім намеры, але не чакалі ад іх адказу. Перад самым вечарам Уханскі, які не ўстояў пасля ўгавораў нунцыя Лаўрэа, абвясціў каралём польскім і вялікім князем літоўскім Максіміліяна ІІ.

Гэты акт быў поўнасцю незаконным: Габсбург не набыў большасці галасоў і за яго не выказаўся ўвесь сойм. «Пястаўцы» і шляхта спачатку разгубіліся. А іх правадыры белзскі ваявода Тэнчынскі і белзскі староста Ян Замойскі, Збароўскія, кракаўскі біскуп аб'ядналіся. План, прыдуманы імі, задавальняў абедзве партыі. Каралевай Польшчы абвяшчалася Ганна Ягелонка, што было даспадобы «пястаўцам», а яе мужам выбралі Сцяпана Батуру. Такім чынам той станавіўся польскім каралём, як таго дамагалася шляхта.

Як бачым, сойм нарадзіў яшчэ адну незаконную пастанову - абвяшчэнне вуснамі Замойскага ад імя рускіх (украінскіх) ваяводстваў каралевай Ганну Ягелонку, як у першым выпадку: ні большасці галасоў, ні аднадушша, і абвяшчэнне зрабіў чалавек, які не меў на гэта права. Мужам каралевы і каралём польскім шляхта выбрала Сцяпана Батуру. Безгаспадарства скончылася двухуладарствам.

Стары імператар не вельмі абрадаваўся новаму клопату, што зваліўся на ягоную галаву: лепш польска-ліцьвінская карона дасталася б ягонаму сыну Эрнэсту. Ды ўмовы, якія прадставілі яму паслы, не задавальнялі Максіміліяна, ён завёў гаворку аб іх пераглядзе. Прапаноўваў у мужы Ганне свайго сына, што памірыла б варагуючыя партыі. Сесці на пасад Рэчы Паспалітай няпроста, ды палохаўся імператар і рэакцыі Турцыі. І Максіміліян стаў чакаць лепшай для сябе кан'юнктуры. Чакаў і Батура, які пабойваўся імператара.

Мінула тры месяцы, аніводны з выбраных каралёў не прыехаў у сваё новае гаспадарства. Ужо пачалі раздавацца галасы, каб абодва кандыдаты адмовіліся ад кароны і правесці новыя выбары. Прымас Уханскі нагадаў пра Івана Жахлівага і шчаслівы ад сваёй знаходлівасці цягнуў рукі да неба, заяўляючы, што гэты чалавек пасланы Святым Духам. Да кандыдатуры Івана ўсё больш схіляліся і ў Літве. Ян Хадкевіч у размове з маскоўскім паслом Навасельцавым прызнаўся: «Мы ўжо міжволі выбралі Максіміліяна; цэсар Максіміліян стары і хворы, і мы думаем, што ён адмовіцца ад пасаду; ляхі выбіраюць на панства Абатуру і да нас ужо другі раз прысылаюць, каб мы яго выбралі; але нам ні ў якім разе Абатуру на панства не браць. Абатура турэцкі пасажанік, і як нам аддаць хрысціянскае панства басурманам у рукі? Ты едзеш да палякаў, так сам убачыш польскую праўду: яны ні за што не пашлюць з табой граматы на гасударовых паслоў, а я цару-гасудару ўсёю душою рад служыць, толькі б гасудар не адняў бы нашых вольнасцей, таму што мы людзі вольныя»[117]. Пакуль што Хадкевіч арыентаваўся на імператара і ў выпадку ягонай адмовы гатовы быў прызнаць кандыдатуру Івана Жахлівага.

Неўзабаве адносіны правадыра Літвы да абодвух венцаносцаў рэзка змяніліся. Імператар працягваў зносіцца з царом. У снежні 1575 года ягоныя паслы пабывалі ў Масковіі. Цар прапаноўваў Максіміліяну пасадзіць на Польскае каралеўства Эрнэста, а Вялікае Княства, Кіеў і Лівонія адыходзілі б да Масковіі і сутнасць гэтай змовы не была таямніцай для ліцьвінаў. Пра што яшчэ маглі дамаўляцца цэсар і цар? «Каб ім заадно прамысліць і Літоўскую зямлю паміж сабой падзяліць»[118].

Многія прыхільнікі Габсбурга, паводле прызнання нунцыя Лаўрэ, «каб выратаваць дзяржаву, вырашылі згадзіцца на выбранне і вянчанне Батуры, калі імператар з неабходнай у гэтым выпадку хуткасцю не апярэдзіць яго ў Польшчы»[119]. Бяздзейнасць Максіміліяна надала рашучасці Батуру і ён у красавіку 1576 года з'явіўся ў Польшчы. Каб не губляць час, каранацыю і вянчанне Батуры назначылі на 28 красавіка. У Літву прыехала пасольства з запрашэннем на ўрачыстасць. Аднак гэта не азначала, што ліцьвіны так лёгка прызнаюць Батуру вялікім князем. Па-ранейшаму яны лічылі сваім уладаром Максіміліяна. Мікалай Руды рассылаў па Княству ўніверсалы, у якіх імператар абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Аднак ужо не давяраў Максіміліяну Хадкевіч. А тое, што імператар не прыслаў абяцанай субсідыі, пераконвала Яна ў нядобрых намерах Максіміліяна. І Хадкевіч выбраў Сцяпана Батуру, хаця не без хістанняў. Не дарэмна так упарта ўгаворваў яго Пётр Збароўскі. Ды і сам Батура абяцаў яму гетманства і прыслаў нямала грошай, якія Хадкевіч не ўзяў. Аднак магутныя Радзівілы не вельмі хацелі і гэтым разам ісці за Хадкевічам. Ды і ліцьвіны злаваліся на палякаў, што тыя навязваюць ім свайго выбранца. На Гарадзенскім сойме, які пачаўся 19 красавіка, адкрыта казалі, што нельга далей трываць польскую фанабэрыю, бо колькі разоў ужо палякі праяўлялі сваю нянавісць і знявагу да Літвы. Таму і заклікі Хадкевіча прызнаць вялікім князем літоўскім Батуру не дайшлі да сэрцаў угневаных ліцьвінаў. Настроены яны былі рашуча. Калі палякі пачнуць гвалтам навязваць Літве свайго караля, дык ліцьвіны з чыстым сумленнем абвясцяць дамову аб вуніі скасаванай. Пасля чаго на сойме ў Мсцібогаве яны выбяруць сабе вялікага князя. Падобная пастанова не падабалася Хадкевічу. У той час, калі Іван Жахлівы з войскам стаяў на мяжы Лівоніі, было б неразумна пачынаць яшчэ і адкрытую барацьбу з Польшчай. Свае палітычныя інтарэсы Літва магла рэалізаваць і праз Сцяпана Батуру, які дзеля велікакняжацкай кароны вымушаны прызнаць ліцьвінскія патрабаванні.

Аднак здавалася верх возьмуць Радзівілы. Ліцьвінскае пасольства на чале з Янам Глябовічам, выконваючы рашэнне Гарадзенскага сойма, указала Сцяпану Батуру (якога тытулавалі толькі каралём) на дамову вуніі, дзе гаварылася, што адзін народ не павінен нічога абмяркоўваць без ведама другога, а таксама выбіраць асобна ўладара. А ён, нягледзячы на тое, што ліцьвіны не выбралі яго і не запрашалі на велікакняжацкі пасад, ужывае тытул вялікага князя літоўскага. А таму Літва не прызнае яго за свайго пана. Рэзка і прама Ян Глябовіч заявіў у сенаце: «Вы, палякі, вырвалі ўсё з нашых рук; вы несправядлівым чынам зняважылі нас, не далі нам удзельнічаць у элекцыі і каралеўскай каранацыі. Таму мы пратэстуем супраць парушэння нашых правоў праз каранацыю, якую ўчынілі без нашага ведама, і мы ўжо вызвалены ад вузаў вуніі з Польшчай»[120]. Як і планавалася, пасля вызвалення ад «вузаў вуніі» ліцьвіны сабраліся ў Мсцібогаве, каб выбраць уладара.

Між тым Хадкевіч пераконваў паноў і шляхту абвясціць Батуру вялікім князем літоўскім, бо ён не мае «злога вока на Літву»[121]. І прыхільнікаў Батуры прыбавілася. На Мсцібогскім з'ездзе ўжо не было таго аднадушша, як у Горадні. Партыя Батуры ўяўляла сур'ёзную сілу. І Радзівілы здаліся. Не сама горшы выбар і Батура. Як-ніяк, ягоная бабуля Ганна паходзіла з Радзівілаў, а значыць, будучы вялікі князь іх сваяк. Згода Радзівілаў азначала і згоду Літвы на прызнанне вялікім князем літоўскім Сцяпана Батуры.

Новы ўладар Вялікага Княства адрозніваўся ад свайго бязвольнага папярэдніка Жыгімонта Аўгуста рашучасцю і актыўнасцю, прыроджаным дарам военачальніка і дыпламата. Якасці, якія прымушалі забыцца пра ягонае нязнатнае паходжанне. Батура атрымаў добрую адукацыю ў Падуанскім універсітэце. Чалавека са светлай галавой заўсёды ўбачаць і ацэняць. Вось і Батура не прапаў пры двары вугорскага караля Фердынанда і вылучыўся сярод прыдворных. Служачы трансільванскаму князю Яну Жыгімонту Заполлі, Батура быў паслом да імператара Максіміліяна ІІ. Аднак з-за супярэчнасцей з вугорскім каралём імператар засадзіў пасла ў турму. Тры гады правёў Батура ў няволі. За гэты час перачытаў тамы старажытных аўтараў, а любімыя запіскі Юлія Цэзара ведаў напамяць. Пасля смерці Яна Жыгімонта імператар выпусціў Батуру на волю. Неўзабаве ён стаў семіградскім ваяводам. Складанай дыпламатычнай тактыкай яму ўдавалася захоўваць мір з туркамі і нават дамагчыся прыхільнасці турэцкага султана. І карону Рэчы Паспалітай ён прыняў дзеля таго, каб уладарыць, а не быць марыянеткай у руках палітычных сіл. «Не ў хляве нарадзіўся, але вольным чалавекам. І была ў мяне ежа і адзежа, перш чым прыбыў я ў гэтую краіну. Прыбыў сюды на падставе вашых просьб і дамаганняў, вы самі ўсклалі мне на галаву карону, таму я ваш сапраўдны кароль, а не кароль, намаляваны на малюнку. Хачу панаваць і загадваць, і не пацярплю, каб хтосьці ўладарыў мной», - заявіў Батура[122]. У вайне з Масковіяй ліцьвінам якраз і патрэбны быў вось такі правадыр, які вызначаўся не толькі тытулам, а і словам, і справай. І яны яго выбралі.

З Мсцібогава да Батуры ў Кракаў прыехала дэлегацыя на чале з Янам Хадкевічам. Прыехалі ліцьвіны не з віншаваннямі, а з умовамі, паводле якіх яны прызнаюць Батуру за свайго ўладара. І Батура прынёс прысягу ў выкананні ўсіх ранейшых прывілеяў. На радасць ліцьвінам ён сваёй клятвай урачыста абвяшчаў самастойнасць Літвы ад Польшчы. Вядома ж, Батура не мог выканаць усіх патрабаванняў ліцьвінаў, у прыватнасці вярнуць ёй адабраныя Польшчай землі. Але гарантаваў роўную з польскімі колькасць ліцьвінскіх сенатараў у сваёй радзе, чым паказаў, што лічыць Вялікае Княства асобнай ад Польшчы дзяржавай. Выракаўся ён на карысць Княства і ад гаспадарскіх земляў.

 

Мімалётнасць і пастаянства

З першай сустрэчы паміж Хадкевічам і Батурам усталяваліся добрыя адносіны. Батура прыхільна ставіўся да чалавека, дзякуючы якому стаў вялікім князем літоўскім, разумеў ён і значэнне Хадкевіча ў Літве. Амаль па ўсіх «великоважных» справах Вялікага Княства раіўся з ім.

А Хадкевіч дамагаўся ад Батуры, каб той служыў інтарэсам Княства. Сумны вопыт папярэдніх супольных польска-ліцьвінскіх уладароў паказваў, што перш за ўсё яны стараліся дзеля Польшчы, а дзеля Літвы не хапала ні часу, ні жадання, ні сіл. Гісторыя магла паўтарыцца і зараз, бо палякаў больш хвалявала адмова ад польскага падданства Гданьска, чым вайна з Масковіяй. А на Лівонію дык і наогул забыліся - на яе абарону палякі адкупляліся сімвалічнымі сумамі. Такое ўражанне, што Лівонію асудзілі на волю лёсу. Перад маскоўскімі палкамі гэтая зямля была бяззбройнай - ідзі ды забірай яе. Хадкевіч нават адмаўляўся кіраваць Лівоніяй, каб не браць на сябе віны за магчымую заваёву яе Масковіяй. Батура на радзе з польскімі і ліцьвіннскімі вяльможамі ў Кнышыне (адбылася ў сярэдзіне ліпеня 1576 г.) угаварыў Хадкевіча застацца лівонскім адміністратарам. Аднак дзейснай дапамогі той не атрымаў. Грошай хапіла толькі для найму 600 чалавек. А падзеі, што адбываліся ў гэтым важным рэгіёне, сведчылі, што вайна не за гарамі. Калі да 1572 года маскавіты завалодалі Нарвскай і Дэрптскай землямі, дык у 1576 годзе пасля ўпартых баёў з шведамі ўся Эстляндыя, апроч Рэвеля, апынулася пад Масковіяй.

Пасля падзення Пернава эстляндскія жыхары натоўпамі ўцякалі ў Рыгу. Слёзна малілі яны Яна Хадкевіча заступіцца за Эстляндыю. Але з 2-тысячным аддзелам не пераможаш шматтысячную раць. Хадкевіч вызваліў ад ворага замак Руян - вось і ўсё. Пакуль што даводзілася спадзявацца больш на дыпламатычныя інтрыгі, чым на зброю. Хадкевіч зносіўся з «лівонскім каралём» Магнусам. Гэты стаўленік Івана Жахлівага пасля няўдалай аблогі Рэвеля валодаў з царскай міласці замкамі Карнусам і Аберпаленам. Ды і то ўвесь час баяўся, што ягоныя ўладанні захопяць шведы або забярэ сабе цар. Занадта позна зразумеў ён, што стаў марыянеткай у руках маскавіцкага ўладара. Магнус патаемна перапісваўся з Хадкевічам, абяцаючы перадаць свае землі пад уладу Рэчы Паспалітай.

Пра гэтыя зносіны Іван Жахлівы даведаўся ад імператарскага ганца Грэіна, Маўляў, за свой пераход Магнус атрымае Рыгу, выплаціўшы 20 000 ефімкаў Хадкевічу. Цар загадаў звязеніць «лівонскага караля». Некалькі маскоўскіх атрадаў шнырыла па «каралеўскіх» уладаннях, шукаючы Магнуса, які хаваўся ад іх то ў адным месцы, то ў другім. Нарэшце Магнус, пабаяўшыся надалей гуляць у «хованкі» са сваім магутным апекуном, добраахвотна падаўся да яго на паклон у Пскоў. Магнус апраўдаўся перад Іванам і той нават паабяцаў новыя землі. Такім было становішча ў Лівоніі.

У гэты час Сцяпан Батура ўвязнуў у вайне з Гданьскам і, здаецца, надоўга. Замест таго каб выканаць справядлівыя патрабаванні гданьчан: захаваць ранейшую аўтаномію і кампенсаваць выдаткі, што панёс горад пры папярэднім уладару, Батура пачаў пужаць Гданьск і дамагацца поўнай падначаленасці яму. Але гданьчане былі не з баязлівых. Яны не толькі выставілі моцнае 20-тысячнае войска, але і дзейсна схілялі на свой бок Ганзейскі саюз, нямецкія княствы, Данію і Нідэрланды - усіх, хто быў не зацікаўлены ў выхадзе Польшчы да мора. Дацкі кароль Фрыдрых ІІ нават усклікнуў, што хутчэй ахвяруе паловай свайго каралеўства, чым дапусціць зняволенне Гданьска польскім каралём. І не толькі напіваўся за росквіт Гданьска, аж на нагах не стаяў, але падкідваў гораду грошай і зброю. У саюзе з Батурам супраць гданьчан выступіў шведскі кароль, злосны, што яны адмовіліся ваяваць з Масковіяй. І вось шведскія караблі з'явіліся каля гданьскай гавані. Унутраны канфлікт паміж каралём і непакорным горадам пагражаў перарасці ў міжнародную вайну. Ды і сабраць войска Сцяпану было нялёгка. На паспалітае рушэнне надзей ён не ўскладаў. Карысці ад свавольнай шляхты мала. А грошай для наймітаў засталося ў скарбніцы не багата. З цяжкасцю ўдалося прабіць на сойміках новы вайсковы падатак. Вось тут палякі і нагадалі пра Літву, хай і ліцьвіны нясуць нараўне з імі цяжар паводле заключанай вуніі. Толькі ліцьвіны не забыліся, як «браты» паказвалі ім кукіш на ўсе просьбы абараніць супольную з імі зямлю - Лівонію. На Віленскім сойме 17 ліпеня 1577 года ліцьвіны прынялі пастанову, што ўсе падаткі з Літвы пойдуць «ку потребам того самого панства великого князьства Литовского, а не на што иного»[123].

У сваіх лістах Хадкевіч раіў Батуру паразумецца з Гданьскам і ўказваў на больш вялікую небяспеку для Рэчы Паспалітай - Масковію. Трэба было не губляць час і грошы на ўсмірэнне гданьчан, а ўмацоўваць Лівонію. А Батура прагнуў дабіцца перамогі над Гданьскам. Нанятае каралём войска на чале з Пятром Збароўскім аблажыла горад. Ішлі месяцы, а Гданьск так і не паў.

Іван Жахлівы адразу ацаніў зручны момант, каб спакойна завалодаць не заваяванай часткай Лівоніі. У пачатку 1577 года 50-тысячная маскоўская раць яшчэ раз паспрабавала захапіць Рэвель. Шэсць тыдняў маскавіты абстрэльвалі горад з гармат, але ні запаліць яго, ні запалохаць гараджан не ўдалося. Рэвель выстаяў. Маскавіты з сорамам убраліся прэч у Ноўгарад.

Да лета падрыхтоўка да паходу закончылася. Іван Жахлівы асабіста вырашыў узначаліць войска. Чым жа мог сустрэць ворага адміністратар і гетман Лівоніі? Супраць трыццаці тысяч у Хадкевіча было чатыры тысячы ваяроў, размешчаных па замках.

Шмат хто з камендантаў замкаў (з лівонскіх немцаў) зносіліся і са шведамі, і з маскавітамі. Хто прыйдзе, таму і адчыняць браму. Крывадушнасць лівонцаў не была таямніцаю для Хадкевіча. Ён не склікаў паспалітага рушэння, баючыся здрады, нават забараніў ім узбройвацца. Так што Івана Жахлівага не чакала адчайнае супраціўленне. Віжы даносілі цару аб мізэрных сілах лівонцаў. І ў пачатку ліпеня Іван рушыў войска ў паход. Першы замак на ягоным шляху - Марыенгаўзен здаўся без бою. Таксама без аднаго стрэла здаліся на міласць пераможцы Люцын і Рэжыца. За гэтымі гарадамі паследаваў і Дынабург, які здаў камендант паляк Сакалінскі. Скарыўся добраахвотна і Лаўдон. Паспрабавалі супраціўляцца жыхары Зесвегена і заявілі маскавітам, што жадаюць захоўваць вернасць Рэчы Паспалітай, але, калі ўбачылі пад сценамі маскоўскую раць, запрасілі аб літасці. Тыран прагнуў крывавай расправы. Няшчасных гараджан чвартавалі, разрывалі канямі на кавалкі, саджалі на палю, секлі шаблямі, а жанчын гвалцілі. Новы гаспадар Лівоніі ўсталяваў свой жахлівы лад. Толькі за чэрвень маскавіты забілі тры тысячы мірных жыхароў, а дзевяць увялі ў няволю[124]. Пасля ўзяцця Ашэрыдана князь Багдан Бельскі загадаў выкалаць вочы і засекчы розгамі да смерці старога Яспара Мюнсцера, таго самага ландмаршала, які ваяваў з Ордэнам за далучэнне Лівоніі да Літвы. Ваколіцы ўсіх гарадоў, дзе пабывалі заваёўнікі, пакрыліся целамі забітых. Зграі здзічэлых сабак адкармліваліся на чалавечым мясе. А жудасную ціш парушалі крыкі груганоў. Гэтак пустошачы і рабуючы ўсё на сваім шляху, Іван Жахлівы ішоў па Лівоніі. Між тым некалькі замкаў здаліся і Магнусу, які без царскага дазволу заняў Вендэн і Кокенгаўзен. Угневаны цар паспяшыў да Кокенгаўзена, калі ўзяў горад, усіх жыхароў пакараў смерцю. Новы прыступ гневу выклікала ў цара вестка, што на бок Магнуса перайшоў Вальмар, дзе камендантам быў князь Аляксандар Палубенскі, якога немцы звязенілі. Адразу ў Вальмар Іван паслаў 3-тысячны атрад з наказам жорсткай расправы над горадам. Сілы былі няроўнымі і абаронцы паспрабавалі прарвацца праз шэрагі маскавітаў. У сечы амаль усе яны загінулі. Вальмар паў. Палоннага Палубенскага пад аховай адправілі да цара. Каб выратаваць сваё жыццё, князь распавёў цару, што Магнус бярэ гарады з надзеяй перадаць іх Літве. Палубенскі атрымаў волю і быў шчодра ўзнагароджаны. Іван адпусціў і іншых палонных ліцьвінаў і прасіў іх пераканаць Батуру заключыць з ім мір.

Як бы ні гневаўся Іван на Магнуса, але той быў патрэбны.

Марыянетачны «лівонскі кароль» задавальняў цара - гэта і саюз з Даніяй, і прыкрыццё гвалтоўнага далучэння Лівоніі да Масковіі. Але Магнуса трэба было правучыць, ды так, каб ён і думаць баяўся шукаць новага гаспадара. Іван з войскам рушыў да Вендэна і выклікаў сюды Магнуса. «Лівонскі кароль» не адважыўся ехаць на сустрэчу з грозным царом, бо нічога добрага ад яго не чакаў. Паслаў да яго двух прадстаўнікоў. «Каралеўскіх» пасланцаў высцебалі бізунамі і адправілі назад клікаць «караля». Магнус апынуўся ў пастцы - уцякаць няма куды. Пэўна, ужо і не спадзяваўся на царскую літасць. Пры сустрэчы з ім пакорліва ўпаў на калені, просячы даравання. Цар ударыў «караля» па твары і аблаяў яго: «Дурань! Ты асмеліўся марыць аб каралеўстве Лівонскім?»[125].

Магнуса ўзялі пад варту і адвялі ў хлеў, дзе «кароль» прасядзеў пяць дзён. Падчас сустрэчы з гарадскога замка адкрылі агонь з гармат. Іван убачыў у гэтым замах на сваё жыццё і пакляўся, што не пакіне ў жывых ніводнага чалавека ў Вендэне. І пачалася крывавая разня. Не ў сілах адбіцца ад ворага, абаронцы замка сабраліся разам і ўкацілі ў пакой чатыры дзежкі пораху. Святары прачыталі малітвы, пасля чаго вендэнцы развіталіся адзін з адным і камендант Генрых Боўсман паднёс агонь да пораха. Трыста чалавек аддалі свае душы Богу. Самаахвярны подзвіг вендэнцаў раззлаваў яшчэ больш цара. Жывыя зайздросцілі мёртвым. Заваёўнікі гвалцілі і здзекаваліся з жанчын, мужчын палілі на вогнішчы. Сам цар пацяшаўся тым, што на яго вачах у людзей вырывалі языкі і сэрцы. Лівонскі летапісец запісаў, што пра падобныя зверствы «не было чуваць нават у турак і другіх тыранаў»[126].

Гэтак была заваявана Лівонія - зямля, якой апошнія дзевяць гадоў кіраваў Ян Гаранімавіч Хадкевіч. Сама чорныя прагнозы адміністратара збыліся. Каго было тут вінаваціць? Лівонцы абвінавачвалі Хадкевіча, што гэта ён садзейнічаў заваёве маскавітаў. Здавалася, ёсць падставы. Так і не выйшаў Хадкевіч са сваімі ваярамі насустрач ворагу, а наадварот, увёў войска з Лівоніі. На ўсе просьбы лівонцаў заяўляў, што нічым не можа дапамагчы, а каб і мог, дык і не прыслаў бы ім нават худую карову. Можна абвінаваціць Хадкевіча ў тым, што ён кінуў Лівонію ў бядзе. Аднак мы ведаем, што ні войска, ні грошай у адміністратара не было, каб чыніць годную абарону краю. А здрада лівонцаў (здалі амаль усе замкі ворагу) настолькі абурыла Хадкевіча, што ягоны гнеў на іх зразумелы. Літва была даражэй. А вораг стаяў на берагах Дзвіны за 24 мілі ад сталіцы Княства, і воіны Хадкевіча загарадзілі яму шлях.

Іван Жахлівы ўжо лічыў вырашаным лёс Лівоніі - гэтая зямля ягоная вотчына. У сваім пасланні да Яна Хадкевіча цар суцяшаў яго і раіў адмовіцца ад Лівоніі. «А ты пісаўся адміністратарам і гетманам ліфляндскім, а цяпер ты пазбавіўся гэтага, і ты б, муж вялікаразумны і храбры, у гэтым не сумняваўся, бо Бог дае ўладу таму, каму захоча. А гэта было імя годнае гасудара, не вартае цябе (ты з роду вялікіх паноў...). А страты тут ты ніякай не панёс, таму што была ў цябе толькі назва, і ты аб гэтым не сумуй, бо назва - мімалётнасць, а не пастаянства. І ўказалі б вы гасудару вашаму Сцяпану каралю польскаму, каб ён не ваяваў нашай вотчыны Ліфляндскія землі і нічым не чапаў. Так і ты скруху сваю забудзь. Жыві і ты ў добрым здароўі, а вотчыне нашай, Ліфляндскай зямлі, ніякай шкоды не чыні»[127].

Хадкевіч адправіўся пад Гданьск да Сцяпана Батуры.

Атрымаўшы вестку аб лівонскіх падзеях, Батура разгубіўся. Што рабіць? На гэтае пытанне адказаў Ян Хадкевіч. Замірыцца з Гданьскам. Батура загадаў адступіць ад горада. Праз пасрэдніцтва прускага герцага Альбрэхта з Гданьскам быў заключаны мір. А тым часам вайна ў Лівоніі не сціхала. Як толькі Іван Жахлівы пакінуў гэты край, дык ліцьвіны і лівонцы пачалі адваёўваць гарады. Першым удалося вярнуць Дынабург. Ведаючы схільнасць тамашняга гарнізона да п'янак, Вільгельм Плятар паслаў у горад дзежку віна, нібыта ў знак сяброўства. Абрадаваныя маскавіты так перапіліся, што зваліліся з ног. Той жа ноччу Плятар павёў сваіх ваяроў на штурм і захапіў замак. Нечаканымі нападамі ліцьвіны і лівонцы вярнулі Сунтцэль, Эрлу і іншыя замкі. Сакратар Хадкевіча Ганс Сюрынт начным штурмам выбіў маскавітаў з Вендэна. У Лівонію з-пад Гданьска вярнуўся Ян Хадкевіч і, не зважаючы на хваробу, узначаліў вайсковыя дзеі. І своечасова, бо маскавіты абклалі Вендэн і дзень і ноч абстрэльвалі яго з гармат. Пасланы Хадкевічам аддзел адагнаў ворага ад горада. Няўдала закончылася аблога ліцьвінамі на чале з Плятарам Леневарда. Сюды на дапамогу маскавітам выступілі з Кукейноса дзве тысячы татараў.

Гэтая няўдача мала паўплывала на ход вайны. Лівонцы і ліцьвіны занялі яшчэ некалькі замкаў (Буртнік, Лемзаль, Роне, Пуркель). Поспехі ў Лівоніі вярнулі баявы дух у сэрцы ліцьвінскай шляхты. На Гарадзенскім сойме ў пачатку 1578 года ліцьвіны вырашылі пачаць вайну з Масковіяй.

Восенню маскавіты панеслі цяжкую паразу пад Вендэнам. Аб'яднаны лівонска-шведскі аддзел на чале з Андрэем Сапегам 21 кастрычніка разбіў 18-тысячны маскоўскі корпус. Перавага ў доўгай Лівонскай вайне няўхільна схілялася на ліцьвінскі бок.

Пройдзе колькі часу і ліцьвіны вызваляць Полаччыну і Лівонію, аднак гэта адбудзецца без удзелу Яна Хадкевіча. Апошнія гады цяжка ён перажываў смерць свайго пятнаццацігадовага сына Яраша. Забыццё находзіў у справах дзяржаўных, якія няўхільна адбіралі ягоныя сілы. Хворым Хадкевіч вярнуўся з-пад Гданьска і ўзначаліў войска. Але сам разумеў, што ўжо не баец. Таму ў траўні 1578 года на сустрэчы з Сцяпанам Батурам склаў з сябе абавязкі адміністратара Лівоніі. Апошняе, што паспеў Хадкевіч зрабіць дзеля Бацькаўшчыны, дык выставіць за свой кошт почту ў 900 вершнікаў. 4 жніўня 1579 года ў 18 гадзін дня Ян Хадкевіч памёр у сваім віленскім палацы. Ліцьвінскі пісьменнік і палітычны дзеяч Хведар Еўлашоўскі, які добра ведаў Яна Гаранімавіча Хадкевіча, гэтак адазваўся аб ім: «великий пан, а монархом справами своими ровный»[128].

 

Мікалай Радзівіл Руды. Вялікі і пярвейшы сенатар і патрыёт

 

Мікалай Радзівіл Руды на вяку свайго жыцця ўяўляўся маладому пакаленню легендарным чалавекам з часоў юнацтва іх бацькоў. Так ці інакш, але ў кожнай значнай падзеі ў гісторыі Літвы сярэдзіны ХVІ стагоддзя справаваўся гэты «хрестианский, справедливый а цнотливый пан»[1]. Пра яго напісаў польскі паэт Францішак Градоўскі: «Нават калі б у мяне было сто языкоў і сто вуснаў, жалезны голас, я не змог бы пералічыць усе бітвы, якія вёў гэты пераможца з узнятым мячом на варожых палях...»[2]. Гэта Мікалаю Радзівілу Рудому Жыгімонт Аўгуст «паклаў усю зямлю Літоўскую і быў ён вольны ва ўсім каму што даць і што ў каго ўзяць»[3]. «Вялікі і пярвейшы сенатар і патрыёт, які горача любіць сваю айчыну»[4] на Люблінскім сойме на дамаганні палякаў забраць пад сябе Літву горда заявіў: «...Мы людзі вольныя, з усякім народам можам параўнацца сваімі вольнасцямі, пачцівымі заслугамі нашых продкаў... А калі хто хоча забраць у мяне волю, дык буду лічыць яго тыранам»[5]. І горка аплакваў ён «пахаванне і зніштажэнне на вечныя часы вольнай і незалежнай дзяржавы, некалі Вялікага Княства Літоўскага»[6]. Гэта ён - адзіны чалавек, які так і не прызнаў вуніі і не прысягаў на яе захаванне. Гэта ён разам з Янам Хадкевічам у часы безгаспадарства ўзялі ў свае рукі дзяржаўнае стырно і моцна трымалі яго пад націскам бурных палітычных падзей. І марыў ён нават сесці на велікакняжацкі пасад. Увекавечана імя Мікалая Радзівіла Рудога славай пераможнай Вульскай бітвы, якая выратавала Літву ад варожай заваёвы.

 

Вульская перамога

Пасля захопу Полацка Іван Жахлівы марыў ужо пра ўсю Літву. У пачатку 1564 года дзве раці рушылі ў паход. Першую, у 20 тысяч ваяроў, якая выйшла з Полацка, узначаліў князь Пётр Шуйскі, любімец цара за перамогі ў Лівоніі. А другая (50-тысячная) раць на чале з князем Пятром Сярэбраным выступіла з Вязьмы. Каля Воршы на Друцкіх палях яны павінны былі злучыцца, а пасля ісці на Менск, Наваградак і Вільню.

26 студзеня каля рэчкі Вула Мікалай Руды з атрадам ліцьвінскай шляхты разбіў раць Пятра Шуйскага. Расійскія крыніцы сведчаць, што ліцьвіны напалі «безвестно» на маскавітаў, якія не сцерагліся, даспехі свае і ўсялякі рыштунак везлі на санях. І, маўляў, удар ліцьвінаў быў настолькі нечаканы, што царскія ваяводы не толькі не паспелі палкі паставіць, але і даспехі надзець. Быццам і не адбылося чэснай сечы, а ліцьвіны пасеклі бяззбройных людзей. Аднак самі ўдзельнікі гэтай бітвы кажуць зусім інакш. Даведаўшыся аб варожай раці, Мікалай Радзівіл з шасцітысячным войскам пайшоў насустрач ворагу. Імклівым маршам ліцьвіны дасягнулі рэчкі Вулы, дзе іх ужо чакаў вораг. Па дарозе ад конніцы адстала пяхота. Давялося пакінуць і гарматы. Упэўнены ў лёгкай перамозе, Шуйскі даў магчымасць ліцьвінам выйсці з лесу і пастроіцца. Почты чэрскага старосты Зяновіча, князя Саламярэцкага і наваградскага ваяводзіча Мікалая Сапегі стрымалі першы ўдар. Радзівіл умелымі манеўрамі і своечасовымі падмацаваннямі не даваў магчымасці маскавітам дамагчыся перавагі ні на адным з участкаў бітвы. Доўгі час чаша вагаў хісталася, то адступалі ліцьвіны, то пад іх ударамі адступалі маскавіты. Вырашальным у гэтай бітве стала не зброя і не колькасць ваяроў, а прысутнасць духу і мужнасць. Ліцьвіны, як пісаў кардынал Камендоне, «мужнасцю сваёй збілі непрыяцеля з месца, чым аднялі ў іх магчымасць страляць»[7]. І калі ноч апусцілася на зямлю, маскавіты, хаваючыся ў цемры, кінуліся наўцёкі. Прыклад паказаў сам Шуйскі, які так і не выратаваўся. Параненага ваяводу засек сякерай нейкі селянін. За сваім ваяводам з поля сечы ўцякло і войска.

Такім чынам перамогу каля Вулы ліцьвіны здабылі сваёй мужнасцю і крывёй у жорсткай сечы, а не дзякуючы хітрасці і раптоўнаму нападу. Сам Мікалай Радзівіл так апісваў бітву ў лісце да Чорнага:

«Справа ж пачалася з таго, што маскоўскі гаспадар, выправіўшы пасольства да нашага ўсяміласцівейшага гаспадара, караля польскага, пажадаў ваяваць у землях яго панства і спустошыць іх мячом і агнём.

І вось даў ён свайму ваяводзе Шуйскаму (знатнаму маскоўскаму князю, які быў віноўнікам усіх бед Ліфляндыі) даволі вялікую дапамогу з Смаленска і з Пскоўскай, Ноўгарадскай, Таропецкай і Луцкай абласцей дзеля таго, каб гэтыя раці злучыліся каля Воршы. Шуйскі выступіў з Полацка ў нядзелю 23 студзеня. Пра гэта я атрымаў вестку. Даведаўся і пра тое, што ён пойдзе да Вулы.

У гэты час я з маім войскам стаяў каля Лукомля, літоўскага горада, які знаходзіцца непадалёк ад Полацка і на адлегласці сямі міль ад Вулы. І хаця, у параўнанні з непрыяцелем, я быў слабым, але сорам і ганьба, што выпалі мне і ўсяму нашаму народу і нашаму імю захопам у нас горада і вобласці Полацкай, заахвоцілі мяне выступіць супраць ворага і паблізу самой Вулы сустрэцца з ім тварам у твар, што і адбылося ў сераду 26 студзеня і адбылося так:

Калі згаданы ваявода са сваім войскам выйшаў з лесу ў поле, што ляжала каля Вулы, я з другога боку, з Лукаўскага лесу, выйшаў на тое ж поле. Дарэчы, ён перада мною і маім войскам меў значную перавагу не толькі ў занятай пазіцыі, але і ва ўсіх іншых адносінах, чым і скарыстаўся. Калі ж я выступіў з лесу, уведамлёны аб усім маімі віжамі, дык ён, ведаючы аб маім прыходзе, чакаў мяне на палове поля, а другую палову аддаў (ды ўзнагародзіць яго Бог) мне і майму войску. Стаяў ён спакойна і ў баявым шыхце, не кранаўся з месца, пакуль я не пастроіў сваё войска і не зрабіў належныя загады. Пасля, даручыўшы сябе і войска ўсемагутнаму Богу і з цвёрдай надзеяй на яго, пачаў я бітву. Скажу, што вораг разбіты мною дазвання. Так што, самаго ваяводу і яго войска я праследаваў цэлых пяць міль і што ўся гэтая прастора была завалена целамі забітых, якія ляжалі адзін каля аднаго. Мы думаем загінула дзевяць тысяч чалавек. Сам ваявода, убачыўшы паразу перадавога палка, пабег да Полацка. Маскоўскія палонныя паведамляюць, што іх войска было да 20 000; аднак я, як чалавек, які неаднойчы рабіў падобныя назіранні, думаю, што іх стаяла на чале 17 000 або 18 000. Адным словам, па дабраце і міласэрнасці Ўсявышняга Шуйскі пераможаны мною і, ратуючыся ўцёкамі, пакінуў на полі сечы ўвесь свой абоз у пяць тысяч вазоў... Сярод нашых забіта не больш за 20 чалавек, але паранены ад шасці да сямі рот. У роце князя Саламярэцкага амаль усе параненыя, тое самае і ў роце Зяновіча, і сам ён паранены ў галаву.

Вось, міласцівы пане, як усё гэта здарылася з Боскай дапамогай і дзякуючы ўдзелу пана Хадкевіча. Ды і я са свайго боку зрабіў усё магчымае...»[8].

Перамога мела важнае значэнне для Літвы. Князь Сярэбраны, даведаўшыся пра паразу Шуйскага, пачаў адступаць са сваім войскам да Смаленска. Маскавіты былі настолькі напалоханыя, што невялікі атрад Філона Кміты і амсціслаўскага ваяводы Юрыя Осціка, які праследаваў іх, прынялі за ліцьвінскае войска. Увесь абоз у 25 тысяч вазоў з харчам і зброяй уцекачы пакінулі на Смаленскай дарозе. Шматтысячная раць, якая збіралася здабыць цару Літву, ператварылася ў натоўп баязлівых людзей, якія без аглядкі ўцякалі ад купкі смельчакоў. Вера ў непераможнасць сваіх палкоў пакінула Івана Жахлівага. Цару ўжо мроіліся баярскія змовы супраць яго асобы. І паляцелі галовы вінаватых і невінаватых. У жаху з Масковіі пабеглі ратавацца віднейшыя людзі і сярод іх улюбёнец цара князь Андрэй Курбскі.

І каб утрымацца на пасадзе, Іван Жахлівы акружыў сябе галавасекамі без душы і сэрца. На Масковію апусцілася крывавае і жахлівае ярмо апрычніны. Напужаны вульскай паразай, цар так і не адважыўся паўтарыць паход. У гэты час на Варшаўскім сойме «панове ляхове дивными а розными претекстами хотели, жебы Литву у кабалу записали и у вечную неволю собе нас взяли», як зазначыў невядомы ўдзельнік Вульскай бітвы[9]. Момант быў спрыяльны, каб навязаць «вечную неволю» Літве. Ліцьвіны з двух бед павінны былі міжволі выбраць найменшую - замест маскоўскай тыраніі польскую «няволю». Але перамога каля Вулы сарвала планы палякаў «уцялення» Княства ў Карону. Літва не стала на каленях прасіцца пад Польшчу.

Для самога Мікалая Радзівіла, які ўспрыняў падзенне Полацка за асабістую ганьбу, Вульская перамога дала права без сораму глядзець у вочы суайчыннікам. А яны ўдзячны былі ягонаму подзвігу.

Ліцьвінскі паэт Андрэй Рымша ўсхваліў подзвіг Мікалая Радзівіла ў паэме «Радзівіліяда...», у якой гетман прадстае абаронцам Айчыны, свабоды і справядлівасці. Натхнёна і паэтычна гучыць заклік Радзівіла да ваяроў:

 

«Вунь вораг. Вось цяпер тое, да чаго вы так імкнуліся,

Чаго так жадалі ў сваіх маленнях - тут. Дык правай рукой,

А не языком услаўце Марса. Цяпер кожны няхай згадае подзвігі бацькоў,

Згадае няхай радзіму, дзяцей і ласкавую жонку.

Вось поле славы, цяпер трэба ўжыць сілы»[10].

 

І калі пры Сцяпане Батуры Літва рыхтавалася да абароны «отчизны и славы народу своего», дык чалавекам, вартым узначаліць войска, быў прызнаны Мікалай Радзівіл Руды. І ён «тую працу и владность гетманства великого в той потребе и небезпечности Речи Посполитое на себя принял»[11].

 

«Рабскае іга»

Пасля смерці Яна Гаранімавіча Хадкевіча ў Літве не было чалавека, які мог аспрэчваць уладу ў Мікалая Рудога. Вернай апорай яму служылі ягоныя сыны і пляменнікі. Пад бацькоўскай апекай маладыя Радзівілы занялі важныя пасады ў Княстве: Крыштоф стаў польным гетманам, кашталянам троцкім і падканцлерам, Мікалай - наваградскім ваяводам, Войтах - дворным маршалкам, а братаніч Мікалай Крыштоф (Сіротка) - маршалкам земскім. І Мікалай Руды, апора кальвінізму ў Літве, дапамагае другому братанічу Юрыю атрымаць тыяру віленскага біскупа. Радзівілы слухаліся главу рода, у любой справе прасілі: «Ваша міласць, навучыце»[12]. Акружаны сынамі і сваякамі, якія занялі сама высокія пасады, Мікалай Радзівіл пачуваў сябе сапраўдным уладаром дзяржавы. Сцяпан Батура даручыў яму і кіраванне Лівоніяй. Пэўна, Мікалай Радзівіл ясна ўсведамляў тую вялікую адказнасць за лёс краіны і народа, якую ўсклала на яго гісторыя. Дзеля «беднай Літвы» ён гатовы ахвяраваць нават інтарэсамі Радзівілаў. Гэтак, даведаўшыся ад Сіроткі, што Генрых Валуа сабіраецца ад'ехаць у Францыю, Руды замест таго, каб паклапаціцца пра «фамілію», як раіў яму братаніч, умаляе: «Пастарайцеся, ваша міласць, не толькі сваім і маім імем, але ад імя ўсёй беднай Літвы прасіць, нагадаць і проста ўмаляць караля, каб ён пакінуў добрую памяць пасля сябе... даў бы канфірмацыю нашым літоўскім правам і законам... Няхай гэта будзе яго апошнім падарункам нашай радзівілаўскай фаміліі»[13]. Нават сваім непрыяцелям ён даруе, бо не дзеля гэтых «блазнаў» рупіцца, а «дзеля дабра краю»[14]. І калі раней у маладых гадах ён часта сварыўся то з братам Чорным з-за ўлады, то з слуцкім князем Юрыем Алелькавічам, то ў помсту Яну Хадкевічу прыцясняў жамойцкую шляхту, «забороняючи им права и вольности шляхетские уживати»[15], дык цяпер павінен быць хрысціянскім, справядлівым і цнатлівым уладаром. Надышоў такі час, калі трэба служыць сваёй Айчыне «лепш за ўсіх», як некалі заклікаў яго Ян Хадкевіч[16]. І Мікалай Руды служыць. То сабірае войска, якое разбівае маскавітаў пры Вендэне, то ўжо сам едзе ў курляндскі гарадок Боўск, каб схіліць «лівонскага караля» Магнуса перайсці пад апеку Вялікага Княства, то рыхтуе Літву да вайны з Масковіяй і выстаўляе за свой кошт тысячны атрад вершнікаў, то старшынствуе ў камісіі па складанню новага Статуту законаў. Усіх дзеяў гэтага чалавека і не пералічыш, і не апішаш. А галоўная дзея Рудога - правадырства над ліцьвінскім войскам, якое было ядром збройных сіл Рэчы Паспалітай у пераможнай Полацкай вайне. Стары князь і вяльможа мог спакойна адсядзецца за сценамі свайго палаца. А вось узяў на сябе, як ён прызнаваўся, «рабскае іга» гетманства[17]. А за ім і іншыя вяльможы, і паны, і князі, і шляхта дружна падняліся на бой з ворагам.

Новая спроба паразумецца з царом зноў паказала, што без зброі вярнуць Полацкую зямлю і Лівонію немагчыма. На перамовах у студзені 1578 года з польска-ліцьвінскімі пасламі Станіславам Крыйскім і менскім ваяводам Мікалаем Сапегам Іван Жахлівы заявіў, што Літва ягоная вотчына, літоўскія князі паходзяць ад полацкіх Рагвалодавічаў, а паколькі «з гэтага княскага роду не засталося нікога», дык па праву сваяцтва «Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае - нашы вотчыны»[18]. Паслы так і не дамовіліся пра вечны мір, а прапанаванае Іванам трохгадовае замірэнне не прыняў Сцяпан Батура. На Варшаўскім сойме, які адбыўся ў лютым, пастанавілі пачаць вайну з Масковіяй. Батура думаў з лёгкасцю заваяваць Масковію; толькі варта ўзяць Полацак і Смаленск і з Боскай дапамогай возьме і Маскву.

Аднак планы Батуры апынуліся пад пагрозай з-за недахопу грошай і інтрыг Збароўскіх, якія падбухторвалі шляхту супраць уладара, а таксама складаных адносін Рэчы Паспалітай з Турцыяй. А ў Літве Батура сутыкнуўся з Мікалаем Радзівілам.

Справа ў тым, што вялікі князь па просьбе біскупа Валяр'яна Пратасевіча і суфрагана (намесніка біскупа) Юрыя Радзівіла выдаў прывілей аб пераўтварэнні віленскага езуіцкага калегіума ў акадэмію. І вось канцлер Вялікага Княства адмовіўся паставіць дзяржаўную пячатку на прывілеі. Пратасевіч і Ян Хадкевіч прасілі Рудога перамяніць сваё рашэнне і не ўгаварылі. Дзіўная ўпартасць, калі нагадаць, што Радзівіл часта прызнаваў кампрамісы, а тут вось не захацеў паспрыяць добрай справе. Батура шчыра здзіўляўся: «...хто мог ім даць прывілей на вечнае невуцтва і няведанне, на варварства і цемру?»[19]. Не, не супраць асветы выступіў Радзівіл, а супраць тых, хто нёс яе ў Вільню, - езуітаў. Руды рабіў захады для стварэння ўніверсітэта - у якім, дарэчы, навучанне вялося б і на беларускай мове. Пад кіраўніцтвам Радзівіла італьянец Бляндрацэ заняўся справамі арганізацыі ўстановы і запрашэння прафесараў. З'яўленне ж у Вільні каталіцкай акадэміі наносіла ўдар па планах Радзівіла стварыць універсітэт, але і аслабляла пазіцыі рэфарматараў у Літве. Узяўшы ў свае рукі адукацыю ў краі, езуіты станавіліся б уладарамі розуму маладых ліцьвінаў. Было б здрадай самому сабе, каб Мікалай Радзівіл падпісаўся пад дакументам, які знішчаў плён ягонай працы на рэфармацкай ніве. Батура зразумеў, што Руды не саступіць яму, таму патрабаваў ад падканцлера Астафія Валовіча паставіць на прывілей малую дзяржаўную пячатку. Ды і падканцлер заўпарціўся, тады вялікі князь прыгразіў яму: «Няхай зараз пячатае альбо мне пячатку аддасць, якая ўжо да яго не вернецца»[20]. Валовіч здаўся.

Да лета 1579 года была закончана падрыхтоўка да вайны. Войска стаяла ў Свіры і чакала прыезду Батуры. Паводле данясення папскага нунцыя Калігары, колькасць войска даходзіла да 60 000 чалавек. Але частку сіл даводзілася трымаць у замках, а таксама паслаць у Лівонію, дык у паход павінна было выступіць 40 000 чалавек[21]. Стрымалі сваё слова ліцьвіны і дружна выйшлі на абарону краю. Паны нават выставілі 12 000 вершнікаў. Апалчэнне налічвала 15 000, ды яшчэ 15 000 узначаліў князь Юрый Слуцкі. Дадзеныя гэтыя ўзяты з тагачасных звестак[22]. Яны розняцца з дадзенымі Калігары, але дазваляюць азнаёміцца з раскладам вайсковых сіл Рэчы Паспалітай. Гэтак, вугорскіх наймітаў было 2400 пяхоты і 2600 конніцы; атрад трансільванскага ваяводы Хрыстафора Баторыя - 2500, польская конніца - 6000, нямецкія найміты - 2000, атрад кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага - 8000, казакоў - 15 000, татараў - 12 000. Калі падлічыць, дык атрымаецца 92 000, а гэта значна пераўзыходзіць лічбу, названую Калігары. Аднак вядома, што замест 15 000 дняпроўскіх казакоў Баторый наняў усяго 600 чалавек - значыць, каля 78 тысяч. Выглядае даволі праўдападобна. Калі браць пад увагу тое, што атрад Астрожскага і, пэўна, татараў дзейнічаў у раёне Чарнігава і ўступіў у вайну пазней, дык атрымліваецца 57 000 чалавек. З іх 42 000 выставіла Вялікае Княства. Ясна, што менавіта ліцьвінскае войска было асноўнай ударнай сілай у Полацкім паходзе. Гэтым войскам і кіраваў Мікалай Радзівіл. Сам ён прывёў атрад у тысячу вершнікаў[23].

Іван Жахлівы таксама рыхтаваўся да вайны. Са знясіленай і разрабаванай апрычнінай краіны цар з цяжкасцю сабраў войска ў 23 641 чалавек[24]. Небагата. Пэўна, цар недаацаніў сілы ворага. Звялі ў зман свайго гаспадара паслы, якія вярнуліся з Літвы і суцяшалі яго, маўляў, з Батурам ідуць нямногія ахвочыя людзі. Але дзеля большай перасцярогі цар пужаў ліцьвінаў, што калі яны пойдуць на Полацак, дык ён выступіць на Вільню.

Батура адправіў да Жахлівага Вацлава Лапацінскага з аб'яўленнем вайны, а сам 30 чэрвеня ў суправаджэнні Рудога прыехаў у Свір. З задавальненнем агледзеў ён ліцьвінскую конніцу і адзначыў, што яна «добра забяспечана ўсім неабходным»[25]. Асабліва спадабалася каралю почта Мікалая Рудога. На вайсковай радзе вырашалася куды ісці. Ліцьвіны прапаноўвалі на Пскоў, бо горад дрэнна ўмацаваны і там не чакаюць нападу. Так падаюць тагачасныя летапісцы. Верагодна, паны-рада на чале з Рудым жадалі вырашыць лёс вайны ў галоўнай бітве з маскавітамі, бо ў Пскове ў гэты час знаходзіўся Іван Жахлівы з асноўнымі сіламі. Іншы погляд меў Батура. З аднаго боку, маючы ў абодвух панствах шмат незадаволеных ім, ён асцярожнічаў і не мог рызыкаваць. Батура вырашыў: «усе сілы нашай зброі перш за ўсё павінны быць накіраваны на аблогу Полацка, таму што гэты замак пагражае Вялікаму Княству Літоўскаму і нават самому нашаму гораду Вільні»[26]. Першым рушыў у паход на чале ліцьвінскага войска Мікалай Руды. Разам з ліцьвінамі выступіў і вугорскі атрад Кашпара Бекеша. Гэты адчайны чалавек некалі прэтэндаваў на сяміградскае княства, але прайграў барацьбу Сцяпану Батуру. І вось адазваўся на заклік свайго былога непрыяцеля і з'явіўся дапамагчы яму. Вугорцаў падахвочвалі аповеды пра незлічоныя каштоўнасці Полацка, а таму яны прагнулі першымі ўварвацца ў горад.

Трэба было спяшацца, каб не дапусціць у Полацак пасланы Іванам Жахлівым атрад. Аднак за гады варожага панавання ўсё полацкае наваколле на дваццаць міль апусцела, дарогі зараслі хмызняком і лесам. Сякерамі пракладвалі шлях наперад. Перашкаджалі дажджы. Коні і людзі вязлі ў гразі. Каля Дзісны па пабудаваным загадзя мосце пераправіліся праз Дзвіну. Услед за Радзівілам выступіў Батура.

17 ліпеня ў Дзісне Батура ўчыніў агляд войска. Перад вачыма караля і ягоных іншаземных гасцей прайшлі ўзброеныя лукамі, шаблямі і дзідамі, адзетыя ў панцыры і шлемы харугвы. Коні былі пакрыты воўчымі і тыгровымі шкурамі, а вяльможы ўпрыгожылі сваіх коней золатам, зброя зіхацела на сонцы каралямі.

Тым часам Радзівіл падышоў да Полацка і заняў усе дарогі, што вялі да горада. Да ягонага расчаравання, ён усё ж спазніўся, і ў горад праскочыў невялікі непрыяцельскі атрад. Руды паслаў у Полацак грамату з прапановай здаць горад. У адказ маскавіты, нібыта жадаючы паказаць сваю моц, выйшлі з горада і сталі ў баявы шыхт. Радзівіл прыняў гэты выклік і паслаў на ворага конніцу. Аднак маскоўскія ваяводы паспешліва адвялі ваяроў за сцены. Як бывалы военачальшк Руды разумеў, што здабыць Полацак нялёгка. Горад абнесены высокай драўлянай сцяной, але галоўнымі цвержамі былі два замкі: Высокі, які стаяў ля сутокаў рэчак Палаты і Дзвіны, прыкрыты гарадскім пасадам Запалоцце, і другі - Стралецкі Астрог. Абодва замкі маскавіты ўмацавалі высокімі вежамі, шырокай сцяной і глыбокімі равамі. З-за дажджоў прапала надзея перабрацца да замкаў цераз брод. Больш за 6000 ваяроў абараняла Полацак. Яны мелі добрую артылерыю, а зброі, пораху і ежы хапала на месяцы. У бліжніх да Полацка замках, пабудаваных маскавітамі, таксама заселі моцныя гарнізоны, якія ў любы момант маглі прыйсці на дапамогу абаронцам Полацка або нападамі перашкаджаць весці аблогу і перахопліваць абозы з ежай.

Поспех у аблозе Полацка залежаў і ад таго, ці ўдасца ўзяць гэтыя замкі і запанаваць у полацкім наваколлі. Яшчэ на маршы Радзівіл паслаў два атрады на замкі Краснае, Каз'ян і Сітна. Каз'ян стаяў на рацэ Обалі і ахоўваў Полацак з усходу. Казакі на чале з Хведарам Жуком начным нападам захапілі замак і спалілі яго. Таксама, дзякуючы раптоўнасці і начной цемры, казакі незаўважанымі падняліся па драбінах на сцены Краснага і расправіліся з гарнізонам. Аднак на радасцях пераможцы на сваю ж пагібель перапіліся, а з суседняга замка Сушы наляцела восем соцень маскавітаў і перарэзала безразважлівых удальцоў. Яшчэ адзін замак Сітна, які знаходзіўся ў вярхоўі Палаты на Люцынскім шляху, захапілі радзівілаўскія ваяры. Гэтыя перамогі былі азмрочаны бесчалавечнай жорсткасцю маскавітаў, якія пабілі ліцьвінскіх і польскіх палонных і, прывязаўшы іх да бярвенняў, пусцілі ўніз па Дзвіне.

Нарэшце, 10 жніўня да Полацка з войскам падышоў і Сцяпан Батура. Ужо на другі дзень, пакуль Батура ў суправаджэнні Замойскага і Бекеша аглядаў размяшчэнне горада, ліцьвіны, вугорцы і польскія драбы пачалі абстрэльваць з гармат Запалоцце. Маскавіты, страціўшы надзею абараніцца, запалілі пасад і адступілі ў Высокі замак. Батура, каб пазбегнуць кровапраліцця, прапанаваў абаронцам здаць цвержу. Маскавіты пыхліва адказалі, што ключы ад замка ў руках уладара, а таму хай кароль сам адчыніць браму, калі гэта яму ўдасца. Заставалася штурмам адчыніць браму. Было вырашана прабіць ядром у сцяне праём і кінуць туды ваяроў. Драўляныя сцены вытрымалі агонь гармат. А дажджы тушылі раскаленыя ядры. Тады смельчакі пераправіліся праз Палату і спрабавалі запаліць сцены. Маскавіты сустракалі іх стральбой з гармат, а калі хто і прабіраўся да замка, кідалі ім на галовы вялікія бярвенні. Супраціўляліся абаронцы адчайна. Днём і ноччу адстрэльваліся і рабілі вылазкі. Батура прызнаўся, што «маскавіты пры абароне крэпасцей сваёй вытрымкай і мужнасцю пераўзыходзяць усе другія народы»[27]. Аблога зацягвалася. Кожны новы дзень прыносіў новыя цяжкасці. Дажджы лілі як з вядра. Нават думалі, што яны выкліканы чарадзействам маскавітаў. Уся зямля набрыняла вільгаццю, і ў шатрах, і палатках стаяла вада. Канчалася і ежа. Дарогі распаўзліся ад гразі, і коні не ў сілах былі адолець іх. Абозы ў лагер прыходзілі вельмі рэдка. А шлях па Дзвіне сцераглі замкі Суша і Туроўля. Купцы, баючыся вайны, не паказваліся пад горадам. Адразу ж падскочылі кошты на харч. Хто не цураўся, той перабіваўся мясам дохлых коней. У войску ўспыхнулі хваробы. Асабліва мучыліся немцы, на якіх напала крываўка. Пэўна, з гора яны аднойчы перапіліся і паваліліся адсыпацца. Маскавіты не прамінулі скарыстацца такой безадказнасцю, выскачылі з замка, пахапалі сонных ваяроў. Дарэмнымі былі мальбы працверазеўшых гуляк. Літасці яны не выпрасілі. Адных маскавіты варылі жывымі ў кіпені, другім пратыкалі плечы і, прасунуўшы праз дзіркі вяроўку, вешалі на сценах паміраць пакутлівай смерцю. Сэрцы іх сяброў, што засталіся ў лагеры, поўніліся гневам на жорсткага ворага. А той за высокімі полацкімі сценамі пачуваў сябе беспакарана.

Не пакінуў без дапамогі Полацак і цар. Іван Жахлівы выправіў пад горад перадавы полк, а следам выступіў яшчэ адзін полк на чале з сынам Пятра Шуйскага Іванам. Шуйскі спадзяваўся прабіцца ў горад. Але дарогу яму перагарадзіў Мікалай Руды. Ліцьвіны пільна сцераглі ўсе подступы да Полацка. А пад Сокал, які стаяў над Дзвіной у пяці мілях ад Полацка па Пскоўскай дарозе, Руды паслаў атрад на чале са сваім сынам Крыштофам. Сюды і рушылі маскоўскія палкі. Убачыўшы, што шлях на Полацак заняты, маскавіты акапаліся пад замкам. Некалькі разоў ваяводы кідалі сваіх ваяроў у бой, але ліцьвіны адбівалі іх атакі. Яшчэ адна варожая раць засела ў замку Туроўлі - у чатырох мілях ад Полацка на Віцебскай дарозе. Радзівіл адправіў на Туроўлю казакоў з Францам Жуком. Казакі не ўзялі замак (не хапала гармат), але і не выпусцілі з яго ворага. Усе спробы Івана Жахлівага ўдарыць у тыл войску Рэчы Паспалітай не прынеслі поспеху. Полацак знаходзіўся ў аблозе. Нарэшце ўдача схілілася на ліцьвінскі бок. Заціхлі дажджы. Сонца заліло зямлю цяплом. Шматлікія смельчакі, заахвочаныя Батурам, кінуліся праз Палату падпальваць падсохлыя сцены. Адзін з іх (мешчанін з Львова) усё ж прабраўся праз град ядраў і куль да замка. Ён прынёс з сабой кацёл з гарачымі вуглямі і падпаліў вежу. Агонь прагна ўзяўся за сухое дрэва і вежы неўзабаве запалалі. Смяльчак шчаслівы вярнуўся ў лагер. За свой подзвіг ён атрымаў ад караля шляхецкую годнасць і прозвішча Палацінскага. На бяду маскавітам агонь разгарэўся і ў іншых месцах. Пажар ужо было не патушыць. Некаторыя з абаронцаў пабеглі з замка, аднак трапілі да вугорцаў і развіталіся з жыццём. Убачыўшы, што вораг захістаўся, Батура падняў усё войска. Аднак вялікі агонь не дазваляў ісці на прыступ. Усё ж адчайныя галовы, прагныя да багатай здабычы, гатовы былі і праз полымя праскочыць у замак. Іх маскавіты спынялі стрэламі з гармат. Батура прапанаваў гарнізону здацца. Абаронцы яшчэ спадзяваліся выстаяць і сабраліся ўмацаваць згарэлую вежу. Наступным днём вугорцы зноў падпалілі яе. Цэлую ноч агонь распраўляўся з замкам. Гарматы бесперапынна абстрэльвалі Полацак. І абаронцы не вытрымалі 30 жніўня стральцы і баярскія дзеці падаліся на каралеўскую ласку.

«И так Полоцко, славная столица княжат давных, з рук московских выдертая есть»[28]. Пасля чужынскага панавання гэты багацейшы горад ператварыўся ў пустыннае месца. Жыхары былі ўведзены ў няволю, а новы гаспадар нагнаў сюды салдатні. Былую магутнасць Полацка растаптала вайна. Сумнае відовішча ўяўлялі спаленыя будынкі, на вуліцах валяліся забітыя. Батура нават адклаў урачысты ўезд у горад з-за смуроду.

Абаронцы атрымалі волю і права на сваю маёмасць. Гэтым яны і скарысталіся, прыбралі ўсе каштоўнасці з полацкіх храмаў. Вугорцы і палякі аж узвылі ад скрухі, калі ўбачылі абвешаных абразамі і золатам ворагаў, якія беспакарана пакідалі горад. Багацце, дзеля якога яны рызыкавалі галавой, уплывала з іх рук. Нейкі няшчасны нават не вытрымаў і ўзяўся адымаць у маскавітаў каштоўнасці. Яго заўважыў Батура і ўдарам булавы супакоіў назаўсёды. Для аховы маскавітаў кароль назначыў два эскадроны ліцьвінскіх казакоў і шляхты. Аднак і гэта не адвадзіла рабаўнікоў. Яны пацягнуліся ўслед за маскавітамі, і калі тыя спыніліся нанач, накінуліся на іх. Варта замест таго каб ахоўваць сваіх падапечных, сама прынялася за рабаванне. Маскавіты ў жаху разбегліся хто куды, пакідаўшы сваё багацце.

Пераможцам дасталіся ў Полацку слаўныя трафеі: 38 гармат, 300 гакаўніц (лёгкіх гармат), 600 ручніц, порах, зброя, запасы харчоў. Некалькі дзён па гораду рыскалі пераможцы і выграбалі ўсё, што ім трапляла пад рукі. Багацейшую бібліятэку Сафійскага сабора разабралі вяльможныя аматары кніг. Золата пасварыла ўчарашніх паплечнікаў па зброі. Разборкі, што каму належыць, прывялі да таго, што вугорцы і палякі ледзь не кінуліся ў баявым парадку адзін на аднаго. А ў начальных людзей былі свае разборкі. Польскі гетман Мікалай Мялецкі спрачаўся з канцлерам Янам Замойскім з-за ўлады, а пасля счапіўся з Мікалаем Рудым. Вельмі ж пакрыўдзіўся гетман, што Руды ад імя ліцьвінаў прасіў прыняць у шэрагі ліцьвінскай шляхты Каспара Бекеша. Як гэта так, ён жа, Мялецкі, першы герой? І, пэўна, жадаючы даказаць свой гераізм - пажадаў узяць Сокал. З ім пайшлі палякі і немцы. Замак падпалілі першым гарматным залпам. Агонь вымусіў абаронцаў прасіць літасці. Аднак нямецкія найміты, злыя на маскавітаў за жорсткае пакаранне іх суайчыннікаў, не ведалі літасці. Маскавіты, ратуючыся ад раз'юшаных немцаў, апусцілі жалезную рашотку і заперлі іх у замку. Сярод агню і дыму людзі азвярэла секлі адзін аднаго. Калі рашотку зламалі, ратавацца ад полымя рынуліся і маскавіты, і немцы. А насустрач ім лезлі тыя, хто марыў пра багатую здабычу. У штурханіне загінуў не адзін чалавек. Гэткай разні жахнуліся нават бывалыя ваяры, якія ўсё жыццё карміліся з вайны, бо ў такой сечы яны яшчэ не біліся. Загінула больш за 4000 маскавітаў, але і пераможцы крывёй заплацілі за свой поспех. Немцы страцілі 500 чалавек. Затое не пралілося крыві пры ўзяцці Туроўлі. Батура хацеў паслаць туды вугорцаў, аднак Мікалай Руды апярэдзіў караля і адправіў пад замак атрад вульскага старосты князя Канстанціна Лукомскага. У Туроўлі здагадаліся, што Полацак паў, бо сціхла гарматная кананада і неба не асвятляла зарыва пажараў. І толькі абаронцы ўбачылі перад сценамі атрад ліцьвінаў, як ад жаху вырашылі, што гэта ідзе ўсё войска і праз другую браму кінуліся ратавацца. Туроўлю засталіся абараняць адны ваяводы, якія таксама не пажадалі ахвяраваць жыццём дзеля «батюшки-государя» і адчынілі браму. Радасць пераможцаў была нядоўгай. Свой поспех яны адсалютавалі пальбой з гармат і падпалілі замак.

На гэтым і скончыўся паход - Полацкая зямля была вернута Вялікаму Княству. Шчаслівы Сцяпан Батура ў акружэнні сваіх паплечнікаў са славай вярнуўся ў Вільню, дзе яго вітаў папскі легат Андрэй Калігары. А пасля адправіўся на сойм у Варшаву. Галоўным водцам войска пакінуў Рудога, які адпусціў ваяроў па дамах. Мяжу сцераглі невялікія атрады служылых шляхціцаў. А Іван Жахлівы баяўся і ворага, які мячом і агнём апалчыўся супраць яго, баяўся і сваіх, якія маглі прыпомніць яму крывавыя пакаранні. Ганарлівы пераможца татарскіх ханстваў і Лівоніі ўпершыню прызнаў сваю паразу. Змагацца з тымі, хто не ўступаў яму па сіле, не хапала духу і смеласці, цар прасіў міру. І ўжо не здзекаваўся над ліцьвінскімі пасламі, як раней. Каралеўскага ганца запрасіў да стала і шчодра адарыў. Аднак самалюбства не дазваляла цару паказаць сваю слабасць і палахлівасць. Сваім баярам Івану і Васілю Мсціслаўскім, Нікіту Захар'іну загадаў звярнуцца да Мікалая Рудога і Астафія Валовіча з мірнай прапановай. Баяры пісалі, што іх «гасудар абавязкова адпомсціць за ўзяцце Полацка, але мы, не жадаючы праліцця хрысціянскай крыві, упалі да яго ног і прасілі ўстрымацца, і ён дазволіў трохі спыніць сябе. Таму просім вас, каб і вы спынілі свайго гаспадара і рупліва схілілі яго да міру»[29].

Радзівіл і Валовіч гатовы былі садзейнічаць перамовам і па іх просьбе Батура выдаў царскаму пасланніку Лявону Страмавухаву грамату на пасольства. Аднак і за словамі пра мір абодва бакі цягнулі час, дзеля падрыхтоўкі да новых баёў.

Прагнуў вайны Сцяпан Батура. Былы дробны князёк, які воляй лёсу стаў уладаром дзвюх дзяржаў, быў цяпер на вяршыні славы. Яго віталі ў Эўропе як героя. Паэты ўсхвалялі яго імя. Агульнае захапленне натхняла Батуру на подзвігі. Ваяўнічы запал караля і вялікага князя ўмела распальвалі езуіты, якія акружалі венцаносца. Рымская курыя марыла крывёю ліцьвінаў і палякаў заваяваць Масковію, накінуць ёй вунію цэркваў, а яе вайсковы патэнцыял выкарыстаць супраць Турэцкай імперыі. Надзею каталіцкага свету бласлаўляў сам папа Рыгор ХІІІ, які нават адправіў Батуру асвячоны меч. Патрэбна была вайна і канцлеру Яну Замойскаму, які спадзяваўся, што перамога ўмацуе яго становішча пры двары. Ён горача заклікаў шляхту на Варшаўскім сойме павялічыць межы ўладарства Рэчы Паспалітай, што аблегчыць іх падаткавы цяжар. Прапанова канцлера захапіла легкадумную шляхту. І тыя, хто выступаў супраць заваёў (асабліва Збароўскія, расчараваныя каралём), аказаліся ў меншасці. Так што было вырашана працягваць вайну з Масковіяй. А пакуль маскоўскія вестуны запэўнівалі Батуру ў шчырым жаданні «спакою хрысціянскага». Неўзабаве высветлілася, што цар хітраваў. Іван узяўся рыхтаваць змову ліцьвінскіх феадалаў супраць Батуры. Спадзяваўся ён на прайдзісвета і гуляку Рыгора Осціка. У адрозненне ад свайго брата амсціслаўскага ваяводы Юрыя Рыгор шукаў лёгкага і вясёлага жыцця. Дзеля каханкі кінуў ён жонку і сына, а пасля закруціла няшчаснага ў віры гулянак і распусты. Каб мець грошы, Рыгор падрабляў дакументы і пячаткі і судзіўся за землі і маёмасць, рабіў наезды на суседзяў. А грошай усё роўна не хапала. У часы першага безгаспадарства прапаноўваў ён свае паслугі цару. Хаця ягоны вястун з лістамі да цара быў схоплены і пакараны смерцю, але сам Рыгор, дзякуючы заступніцтву брата Юрыя, збярог галаву. Фінансавыя праблемы Рыгор пачаў вырашаць вырабам фальшывых грошай. Калі ж адчуў небяспеку, забіў сваіх саўдзельнікаў, свайму заступніку Юрыю аддзячыў тым, што адсудзіў у ягонай жонкі паводле падробленых дакументаў дваццаць тысяч коп грошаў. Вось да такога чалавека і звярнуўся цар. Маскоўскі пасол Нашчокін сустрэўся з Осцікам і перадаў яму царскі ліст з прапановай саслужыць службу. А служба такая - угаварыць ліцьвінскіх вяльмож забіць Батуру. Осцік, паквапіўшыся на царскую ўзнагароду, згадзіўся, нават паказаў Нашчокіну фальшывыя пячаткі вяльмож, маўляў, за ім стаяць знатныя асобы. Прагнасць і загубіла Осціка. На сваю бяду прыняў ён падарунак - каня. Добры конь выклікаў зайздрасць у шляхціца Мірскага, які і дапытаўся ў Осцікавага слугі пра візіт яго гаспадара да пасла. Мірскі данёс на Рыгора. У вялікай тайне Батура на радзе з Рудым і яшчэ трыма панамі вырашыў звязеніць Осціка. Дзеяннямі па захопу здрадніка кіраваў Радзівіл. Пасланыя ім віжы знайшлі Осціка ў Троках і ад імя вялікага князя ўзялі яго пад варту. У адным з куфэркаў былі знойдзены фальшывыя пячаткі і лісты з падробленымі подпісамі. Росшук у выменні Каварск даў новыя доказы - прылады для вырабу манет і пячатак. На судзе Осцік апраўдваўся тым, што ад сваёй беднасці хацеў пустымі абяцаннямі выманіць у цара грошай. На каленях прасіў ён памілавання. Аднак суддзі не злітаваліся і вынеслі яму смяротны прысуд. І нават Руды, якому Осцікі былі сваякі, не заступіўся за гэтага нікчэмнага чалавека. Але вось за свайго сына... Здарылася так, што Крыштоф Радзівіл пасварыўся з трабскім старостам Уладзімірам Забалоцкім. Той нібыта не захацеў зняць шапкі перад польным гетманам. Ну і дагаварыліся да злых слоў. Абражаны Крыштоф паскардзіўся на Забалоцкага бацьку. Гонар любога шляхціца не дазваляў дараваць «сорамныя словы», а тут - першыя вяльможы. Руды палічыў сябе абражаным і мовіў сыну: «Не помстишь ли му се тэкго, тэды и я о тобе так розуметь буду, яко то он назвал»[30]. Атрымаўшы бацькоўскае блаславенства, Крыштоф вырашыў самасудам пакараць крыўдзіцеля. У тую ж ноч на сваім двары сабраў ён ваяроў і шляхту. Напужаны Забалоцкі паслаў слуг да сенатараў прасіць памірыць яго з Радзівілам. Сенатары абяцалі раніцай разабрацца ў чым справа. Відаць, Крыштоф не хацеў праліцця крыві, бо стрымліваў тых, хто браўся расправіцца з ягоным непрыяцелем.

Раніцай, калі Забалоцкі выйшаў са свайго сховішча, на яго напаў ашмянскі шляхціц Гарэцкі і кордам (кароткім мячом) ударыў па твары. Праз дзве гадзіны паранены памёр. Сцяпан Батура, які любіў Забалоцкага, так запаліўся гневам на Крыштофа Радзівіла, што страціў вытрымку і, лемантуючы бегаў па сваіх палатах. Па закону справу павінен быў разгледзець суд. Ды і з Радзівіламі сварыцца Батура не хацеў - яны ж ягоная апора ў Літве. Крыштоф сам паспяшыў у палац да караля, каб апраўдацца, аднак Батура не прыняў яго. За сына заступіўся Руды, «здаючи здрове свое на волен и ласку его кролевской милости»[31]. І паны-рада ўсмірылі гнеў Батуры. Нарэшце кароль астыў і прыняў Крыштофа, які шчыра прасіў не таіць на яго зло. Батура маўчаннем паказаў Радзівілу сваю няміласць да яго. Справа дайшла ўсё ж да суда. Сястра забітага судзілася з Крыштофам. Але куды ёй было супраць Радзівілаў. Справядлівасці яна не дамаглася. Руды абараняў сына і перад судом. «А маючи вшэтэк сэнат по собе»[32] Руды ўблажыў караля і супакоіў грашыма няшчасную сястру Забалоцкага. Многія шкадавалі забітага. Еўлашоўскі, які ведаў Забалоцкага, піша пра яго з сімпатыяй і не лічыць, што староста з-за сваёй пыхі не пажадаў зняць шапкі перад польным гетманам. Проста Забалоцкі па сваёй натуры быў меланхалічным, і часта задумаўшыся то размаўляў сам з сабой, то не заўважаў, як яго віталі знаёмцы, не заўважыў і Радзівіла...

 

Вялікія Лукі

У пачатку лета 1580 года войска Рэчы Паспалітай сабралася ў Чашніках. Пад зброю сталі 20 000 ліцьвінскіх вершнікаў (палова з іх прыйшлі добраахвотна), а таксама тысячны атрад вугорскіх наймітаў і 1500 польскіх валанцёраў. Пяхоту складалі 5000 вугорцаў, 2000 польскіх і 3000 ліцьвінскіх добраахвотнікаў. Свой атрад, наняты з вугорцаў, прывёў Ян Замойскі - 1000 вершнікаў і 2000 пяхоты[33]. Руды, як і ў першым паходзе, узначаліў ліцьвінскае войска ды яшчэ прывёў свой атрад у 1200 ваяроў.

Цар змог выставіць каля 15 000 ваяроў[34]. Нягледзячы на царскі загад, шмат дваран так і не з'ехаліся ў палкі. Не хапала і грошай. Каб напоўніць скарбніцу, Іван Жахлівы склікаў духоўны сабор і плакаўся перад святарамі. Праваслаўе ў небяспецы, бо шматлікія ворагі падняліся на Русь, а таму святарства павінна дапамагчы цару ратаваць царкву і дзяржаву. Святарства вырашыла падзяліцца сваімі даходамі з абаронцам праваслаўя. Трывожыла цара і невядомасць намераў Батуры. Куды ён ударыць? Можа, на Смаленск - і дарога на Маскву свабодная, а можа, і на Вялікія Лукі - апорны пункт царскага войска на межах Літвы, а можа, і на Лівонію. На ўсялякі выпадак цар умацаваў памежныя гарады. Сам з галоўным войскам спыніўся ў Пскове. А Батура, прыняўшы ад Паўла Ўханскага прысланы папам асвячоны меч, 15 чэрвеня выехаў з Вільні. Непадалёк ад Чашнікаў, у вёсачцы Шчуці, 8 ліпеня кароль учыніў нараду са сваімі ваяводамі. Вырашалі куды ісці. Адны раілі да Смаленска, другія - да Пскова, трэція - да Вялікіх Лук. Выбралі Вялікія Лукі.

У Чашніках Батура агледзеў войска і застаўся задаволеным ягоным станам. Перад самым выступам да Батуры прыбыў царскі вястун. Так спяшаўся, што нават апярэдзіў абоз і без святочнай адзежы прадстаў перад каралём. Цар паведамляў, што ён, насуперак звычаям продкаў, першым шле вялікае пасольства для заключэння міру і прасіў Батуру прыняць паслоў у сталіцы Княства. Маленькую хітрасць Івана - пустаслоўем пра мір сарваць паход - Батура зразумеў. Кароль адказаў, што ён ужо даволі далёка адышоў ад Вільні і прыме пасольства ў любым месцы. З такім адказам вястун паскакаў у Маскву, а войска Рэчы Паспалітай рушыла ў дарогу. Аднак услед за першым пасланцам да Батуры прыбыў другі і перадаў ранейшую царскую просьбу не ісці раццю, а вяртацца ў Вільню, дзе і чакаць паслоў. Пра ганарлівы тон цар забыўся і пачціва называў Батуру ўжо не суседам, а братам, пісаў, што змірыўся перад Богам і перад ім, каралём. Батура нават не стаў чытаць царскі ліст. Было ясна, што цар не ўпэўнены ў сваіх сілах і не верыць у перамогу.

Вайсковыя дзеі пачаліся ўзяццем Веліжа. Пасля падзення гэтага горада войска выступіла з Віцебска і каля Суража 11 жніўня пераправілася цераз Дзвіну. Устрывожаны цар прыслаў Батуру новую грамату, у якой прасіў спыніць паход для перамоваў пра мір. Батура быў непахісны і патрабаваў вызвалення Лівоніі. Цар зусім паў духам. Хворая фантазія малявала яму змовы і здрады падданых. Са слязьмі на вачах ён каяўся перад мітрапалітам і святарамі ў сваіх грахах і абяцаў наперад быць міласцівым. Тыя запэўнілі Івана, што даруюць ягоныя несправядлівасці і застануцца заўжды вернымі яму. І гэтая мера не прынесла цару жаданай палёгкі - па-ранейшаму мроіліся яму змовы і здрады, былыя рашучасць і цвёрдасць пакінулі гэтага, здавалася б, жалезнага чалавека. Ён не толькі не адважыўся выйсці насустрач ворагу, але і выправіць на яго войска. Гэтак гарнізон Вялікіх Лук быў асуджаны сваім гаспадаром.

Мікалай Радзівіл на чале авангарда падступіў да Ўсвятаў, дзе некалі пражыў два шчаслівыя гады малады Альгерд, жанаты з віцебскай княгіняй Марыяй. Шлях да гэтага горада быў нялёгкім, прабіваліся праз густы лес з сякерай у руках. Гарматы і вайсковы рыштунак цягнулі на лодках уверх па рацэ Ўсвячы.

Усвяцкі замак стаяў на высокім пагорку паміж двума азёрамі, на беразе ракі Ўсвячы. У замку засела больш за тысячу ваяроў. І штурм каштаваў бы не аднаго жыцця. Мікалай Радзівіл не хацеў крыві і адправіў у крэпасць ліст з прамовай здаць яе на каралеўскую міласць. Абаронцы насмешліва адказалі, што няма каму прачытаць ліст. На паўторную прапанову маскавіты ўжо прама адказалі, што гатовы памерацца з ворагам сіламі. І нібыта ў доказ сваіх намераў, пачалі абстрэльваць з гармат пераправу праз брод. Цэлую ноч ліцьвіны капалі шанцы і раніцай падабраліся пад самыя сцены.

Становішча рэзка змянілася - цяпер абараніць замак стала немагчыма. І абаронцы адчынілі браму. Усіх іх, акрамя тых, хто перайшоў да ліцьвінаў, а таксама і ваявод, Руды адпусціў па дабру і здарову. Наступным днём 17 жніўня прыехаў Батура і прыняў замак ад Радзівіла. Задаволены новым поспехам кароль пахваліў мужнасць і дбанне ліцьвінскіх ваяроў, што выклікала зайздрасць у палякаў.

Можна было смела ісці на Вялікія Лукі. Дарога да гэтага горада заняла сем дзён. Лясы, рэкі і балоты сталі цяжкім выпрабаваннем для войска. Многія палі духам, а ў палякаў з'явіліся ўцекачы. Замойскаму нават давялося павесіць некалькі дэзерціраў. Складаней было ліцьвінам, якія шлі ў авангардзе і пракладвалі шлях, секлі дрэвы, убіралі іх з дарогі, наводзілі масты і клалі гаці.

25 жніўня войска падышло да Вялікіх Лук. Батура ў акружэнні водцаў агледзеў замак і пад'ехаў да самых сцен. Руды, які не падзяляў вось такога паказнога геройства, прасіў караля не рызыкаваць жыццём. Па сваіх памерах Вялікія Лукі не саступалі Вільні. Горад акружалі драўляныя сцены і вежы. Непрыступна выглядаў і замак, падыходы да якога перакрывалі рэчка Ловаць, роў, сажалкі і балоты. Навучаныя папярэднімі няўдачамі маскавіты абклалі сцены дзірваном, каб уратаваць іх ад агню. Сам замак абараняла каля 7000 ваяроў на чале з князем Хведарам Янковым.

Баявыя дзеянні Батура не пачынаў, бо даведаўся, што да яго едзе пасольства ад Івана Жахлівага. Паслы Іван Сіцкой і Раман Піваў прыбылі 28 жніўня і прывезлі царскае патрабаванне зняць аблогу Вялікіх Лук, а перамовы правіць у Вільні. На гэта Руды адказаў паслам: «Прыйшлі з нічым, з нічым і пойдзеце»[35]. А калі з гармат удалося падпаліць замак, паслы папрасілі ў караля дазволу перагаварыць з панамі-радай. Перамовы вёў Руды. Цар адмаўляўся ад прэтэнзіі на Курляндыю і землі, якімі валодаў Магнус. Такія ўмовы не задаволілі паноў, і яны адказалі, што курляндскі герцаг свабодны ўладар сваёй зямлі, які добраахвотна падначаліўся Кароне і Княству, як і Магнус. Мір можна заключыць тады, калі цар саступіць Літве Северскую зямлю, Лівонію, Пскоў, Ноўгарад і Смаленск і заплаціць кантрыбуцыю. Умовы былі цяжкімі і паслы пачалі крычаць, каб іх дапусцілі да караля. Батура гатовы быў адмовіцца ад Пскова і Ноўгарада. Аднак паслы ніяк не згаджаліся саступіць Северскую зямлю. Некалькі гадзін гарачых спрэчак так і не прывялі да згоды - паслы пайшлі ні з чым.

Тым часам працягвалася аблога. Кароль паабяцаў шчодрую ўзнагароду таму, хто падпаліць замак. Ваяры лезлі насустрач смерці, каб заслужыць каралеўскую міласць. Каля ста смельчакоў падабраліся да сцяны і зарыліся ў пагорак. Ноччу ім дастаўлялі ваду і ежу. Метр за метрам падкопваліся пад замак і вось 4 верасня дабраліся да вежы і падпалілі яе. Агонь хутка ахапіў пабудову. Перад пагрозай пажару маскавіты запрасілі літасці. Калі яны пачалі выходзіць з замка, вугорскія найміты закрычалі, што вось адпускаюць ворагаў, каб яны зноў паднялі зброю супраць караля. І прасілі адпомсціць за смерць і кроў сваіх сяброў. Заклікамі да помсты вугорцы апраўдвалі сваё жаданне ўварвацца ў замак і разрабаваць яго. І тут іх нельга было стрымаць, яны пабеглі да брамы, а за імі і палякі. Раз'юшаныя ваяры секлі і дабівалі ўсіх, хто трапляўся пад руку, тапталі нагамі дзяцей. Рабаўнікоў не спыніў і выбух парахавых складаў.

Замак з багатымі вайсковымі запасамі згарэў. Ахвярай гэтага «ганебнага і вялікага забойства»[36] сталі сотні чалавек. Кароль, гледзячы на поле жахлівага пабоішча, ледзь стрымліваў слёзы.

Стары гетман Мікалай Радзівіл таксама жахнуўся ад бесчалавечнай расправы азвярэлых наймітаў. Таму, відаць, не шукаў ён крывавай славы пад Азярышчам. Узяць гэты замак ліцьвінскаму войску было няцяжка. Аднак Руды жадаў пазбегнуць дарэмнага кровапраліцця з абодвух бакоў і прапанаваў абаронцам Азярышча свабоду ўзамен на капітуляцыю. Радзівілу паверылі. Слова сваё гетман стрымаў - адпусціў маскавітаў, як ужо не раз, па дабру і здарову. Недарэмна ж сярод маскавітаў Руды ў адрозненне ад Яна Замойскага праславіўся, як «справядлівы, вялікі і добры пан, які хоча міру»[37]. Апроч гэтага замка войска Рэчы Паспалітай узяло Невель і Завалочча. Пад Таропцам маскоўскія палкі ваяводы Хілкова хацелі стрымаць атрад князя Збаражскага, аднак не вытрымалі першай жа атакі і ўцяклі.

Вайсковыя няўдачы маскавітаў надалі храбрасці шведам і яны ў лістападзе захапілі горад Карэлу. Масковія апынулася ў стане вайны з дзвюма дзяржавамі.

 

Пскоўскі паход

Два паходы войска Рэчы Паспалітай не далі чаканай перамогі над Масковіяй. Так, Іван Жахлівы запрасіў міру і ахвяраваў Лівоніяй, апроч Нарвы. Аднак Батура патрабаваў і Нарву, і Ноўгарад, і Пскоў, а таксама выплаты кантрыбуцыі ў 400 000 злотых. Цар не згаджаўся. Таму Батура лічыў, «што для карыснага і сумленнага міру трэба ваяваць»[38] і зброяй прымусіць Жахлівага прызнаць свае ўмовы. «Радуйцеся перамозе, але гэтага мала: умейце карыстацца ёю. Лёс, здаецца, дае вам усю Маскоўскую дзяржаву: смеласць і надзея накіроўваюць да вялікага», - заклікаў кароль паноў і шляхту да вайны[39]. Сойм адобрыў двухгадовы вайсковы падатак, але грошай усё ж не хапала і кароль узяў пазыку ў прускага герцага, саксонскага і брандэнбургскага курфюрстаў. Батура збіраўся ісці на Пскоў або Ноўгарад. А зломлены духам цар не верыў ні ў сваё шматлікае войска, ні ў свой па-рабску паслухмяны народ, не верыў ён і сам сабе. У нялёгкую хвіліну для дзяржавы цар схаваўся за спіны ваявод: «Уся надзея мая на Бога і на вашу дбайнасць»[40]. Прымірыць яго з Батурам прасіў ён папу рымскага Рыгора ХІІІ. А той узрадаваўся - вось той час, калі можна і Масковію ўзяць пад апеку апостальскага пасада. Пасрэднікам у перамовах паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй папа назначыў езуіта Антонія Пасевіна і загадаў таму схіліць цара да прыняцця каталіцызму.

А вайна не заціхала. Віцебскія казакі Вацлава Жабкі спалілі Холм і натхнёныя поспехам здзейснілі набег пад Ноўгарад. Завалодалі ліцьвіны горадам Варонечам і прывялі жыхароў да клятвы. Няўрымслівы Філон Кміта - граза маскавітаў - заявіўся пад Старую Русу і без супраціўлення месцічаў увайшоў пераможцам у горад. Пражыўшы ў Русе тры тыдні, ён разбурыў горад і вярнуўся ў Вялікія Лукі. У Лівоніі ліцьвінскае войска разам з атрадам Магнуса ўзяло замак Смільцен. Дарэмна спадзяваўся цар на дбайнасць сваіх ваявод. Яны хаваліся ад ворага за высокія крапасныя сцены. Ды і Пасевін не мог утрымаць Батуру. Кароль і вялікі князь адказаў езуіту: «Гаспадар маскоўскі хоча падмануць папу, бачачы пагрозу над сабой, гатовы ўсё абяцаць: і злучэнне вер, і вайну з туркамі; але мяне не падмане. Ідзі і дзейнічай: не забараняю, ведаю толькі, што для карыснага і сумленнага міру трэба ваяваць. Мы будзем мець яго: даю слова»[41]. І калі за мір трэба было ваяваць, дык за яго і ваявалі. Гэта добра разумелі ў Літве, прынамсі Ян Радван у сваёй «Радзівіліядзе» выказаў агульную думку:

 

Святы мір лепш, чым вялікія трыумфы,

Але цяпер трэба весці за мір вайну[42].

 

Амаль шэсць месяцаў у непагадзь і мароз войска Рэчы Паспалітай здабывала мацнейшую цвержу Пскоў. Паход на Пскоў быў апошнім паходам Мікалая Радзівіла. Стары гетман зноў узначаліў ліцьвінскае войска і не баявымі подзвігамі, не дзівоснай для яго ўзросту актыўнасцю праславіў сябе, а дбайнасцю пра мір. Да яго звярталіся і свае, і ворагі «абы быў пакой і кроў хрысціянская не пралівалася»[43]. І Радзівіл рупіўся дзеля патрэбнага абедзвюм краінам спакою. А пазіцыя Радзівіла прымусіла і Батуру быць згаворлівым з царом. Хто ведае, ад якіх новых бед і нястачаў выратаваў гэты чалавек Літву, чыёй крывёю прагнулі рымскія палітыканы ўзнесці каталіцкі крыж над Масковіяй. І не кароннага гетмана Яна Замойскага можна назваць героем Пскоўскай аблогі, а Мікалая Радзівіла. Польскія мемуарысты і летапісцы ў дагоду свайму канцлеру ўзносяць ягоныя заслугі, любуюцца ягонымі подзвігамі. Толькі цяжка назваць заслугай і подзвігам мітуслівую дзейнасць Замойскага ў жаданні выслужыцца перад каралём. Безразважліва шле ён на верную смерць людзей, гатовы пакласці апошняга чалавека, але ўзяць горад. Ваяры вынеслі яму прысуд: «Вайсковай справы не разумее, раіць каралю ўпарта трымацца пад Псковам і гэтай парадай загубіць усё войска»[44]. І зусім інакш паводзіць сябе Радзівіл. Утрымлівае ліцьвінскае войска ад непатрэбнага штурму, даражыць жыццём сваіх ваяроў. Сваёй дбайнасцю ў службе паказвае ім прыклад. Ясна бачыць ён беспаспяховасць аблогі і замест вайны думае пра мір. Узначаленая Радзівілам апазіцыя вымагае Замойскага і Батуру патушыць паходню вайны.

Кажучы больш празаічна, Радзівіл засцярог Рэч Паспалітую ад неспрыяльнага для яе развіцця вайны, бо ў выпадку паразы пад Псковам цар мог перайсці ў наступ і перамогі двух папярэдніх паходаў былі б дарэмнымі.

Ход падзей пскоўскага паходу фатальным чынам не спрыяў войску Рэчы Паспалітай. Зразумела, у ім можна вызначыць і свае заканамернасці, якія вынікалі з тых ці іншых абставін і акалічнасцей. Можна назваць памылковым выбар Пскова замест, напрыклад, Смаленска, як раілі Батуру палонныя ваяводы. Мацнейшая маскоўская цвержа, абароненая мураванымі сценамі з вялікім гарнізонам, які пераўзыходзіў колькасць абложнікаў, была не па сілах войску Рэчы Паспалітай. Але Пскоў ключ да Лівоніі, і гэты ключ Батура хацеў мець у сваіх руках. І гэта была памылка Батуры. Фатальнымі сталі пралікі і ў падрыхтоўцы: недастатковая колькасць ваяроў, і запознены збор войска, і недахоп пораху, што зрабіла войска бяззубым перад пскоўскімі мурамі. Так што паход паходзіў больш на авантуру, якая не абяцала поспеху хаця б таму, што яе задачы былі не па сілах ні войску, ні самому Батуру. Спачатку амаль усе ўдзельнікі верылі ў перамогу сваёй зброі і вайсковы геній караля і вялікага князя.

Упэўнены ў перамозе Батура і гэтым разам не прыняў царскай просьбы памірыцца. Раззлаваны на тое, што маскавіты здзейснілі набег на Магілеўскую зямлю, ён прагнуў адказаць цару не словам, а зброяй. Ад каралеўскага імя маскоўскім паслам, якіх Батура прыняў у Полацку ў сярэдзіне ліпеня, Мікалай Радзівіл заявіў, што кароль з дапамогай справядлівага і ўсемагутнага Бога па заслугах адпомсціць іх князю, і не толькі на Лівонскую зямлю падняўся ён, але на ўсе землі іх уладара. І ў адказ на знявагі, якімі асыпаў яго ў грамаце цар, Батура паслаў не меншую любезнасць. Іван называўся і «Каінам», і «Неронам», і «Ірадам», і «катам людзей». «Чаму сам да нас з сваім войскам не прыехаў? Чаму не бараніў сваіх падданых? І бедная курыца перад ястрабам і арлом птушанят сваіх крыламі сваімі акрывае: а ты, арол з дзвюма галовамі, бо такую пячатку маеш, хаваешся»[45].

Радзівіл узяўся апісаць у грамаце «ўсё, што ад пачатку той вайны тычылася»[46]. Асаблівая ўвага надавалася гісторыі Ноўгарада і Пскова. «Которых яко продкове твои достали под той час, кгды войнами Прускими продкове наши забавилися»[47]. Урад Рэчы Паспалітай нагадаў цару аб гвалтоўнай заваёве гэтых гарадоў і тым самым надаваў паходу на Пскоў вызваленчы характар. Канчатковае рашэнне ісці на Пскоў Батура прыняў 29 ліпеня ў Полацку на патаемнай нарадзе з ліцьвінскімі панамі. Ваяўнічы кароль гатовы быў выступіць нават пад Ноўгарад. Але паны (а сярод іх вылучаліся Радзівілы: Юрый - віленскі біскуп, Мікалай Крыштоф - земскі маршалак, Альбрэхт - дворны маршалак, Крыштоф - польны гетман, са сваім главой Мікалаем Рудым) выбралі Пскоў, разважыўшы, што дарога на Ноўгарад знясіліць войска, а пскоўскі гарнізон будзе пагражаць з тылу.

Батура ўзначаліў 30-тысячную раць, якую апроч ліцьвінаў, палякаў, жамойтаў, украінцаў складалі вугорскія, браўншвейгскія, прускія, аўстрыйскія, курляндскія, шатландскія, дацкія найміты. Уражаны гэтай сілай турэцкі пасол у захапленні ўскрыкнуў: «Калі султан і Батура пажадаюць дзейнічаць аднадушна, дык перамогуць Сусвет»[48].

Надзвычай цяжка было ўзяць Пскоў. Колькасць гарнізона складала 7000 конніцы і да 50 000 драбаў разам з жыхарамі, якія ўсе да аднаго падняліся на абарону роднага горада[49]. Узначалілі гарнізон Васіль Скопін і сын Пятра Шуйскага Іван. Убачыўшы высокія крапасныя муры і даведаўшыся, што за імі засела шматлікае войска, Батура засмуціўся. Аднак адступаць было позна. Пачалася аблога.

Назначаны каронным гетманам Ян Замойскі, каб апраўдаць каралеўскі давер, безразважліва пачаў штурм горада. 7 верасня з раніцы да позняга вечара гарматы крышылі крапасныя сцены і прабілі іх. Наступным днём палякі, вугорцы, немцы рынуліся праз праломы ў горад і захапілі дзве вежы: Пакроўскую і Свіную. Адступленне абаронцаў спыніў князь Іван Шуйскі, які з абразом у руках павёў іх на непрыяцеля. Крывавая сеча доўжылася шэсць гадзін. Маскавіты ўзарвалі Свіную вежу разам з тымі, хто завалодаў ёй. Штурм захлынуўся. Страта 5000 чалавек паказала, наколькі бессэнсоўным і безразважным было рашэнне штурмаваць Пскоў. Да гонару Мікалая Радзівіла, ён не паслаў ліцьвінаў у гэтую разню. Стары гетман разумеў, што такія крэпасці з наскоку не бяруцца і дзеля прывіднай перамогі не праліў крыві. Аднак Батура яшчэ не губляў надзеі на сваю зброю. Абложнікі пачалі рыць падкопы, каб падабрацца пад сцены. І тут іх напаткала няўдача. Абаронцы даведаліся ад перабежчыка аб падкопах і ўзарвалі іх. А патаемны падкоп перагарадзіла скала. Набліжалася зіма. Раннія маразы - яшчэ адно выпрабаванне для ваяроў. Батура зноў паспрабаваў штурмам захапіць Пскоў. Пяць дзён білі гарматы і прабілі пралом у гарадской сцяне. 5 лістапада ваяры па лёдзе ракі Вялікай памкнуліся да горада. Двух гарматных залпаў са сценаў хапіла, каб прымусіць іх да ўцёкаў. Усе сродкі былі выкарыстаны, заставалася толькі доўгай блакадай адчыніць пскоўскую браму. Войска адступіла ад горада ў лагер. Цяпер кароль больш клапаціўся, каб утрымаць ваяроў пад Псковам. Супраць іх паўстаў новы непрыяцель - голад і холад. А лютыя маразы касілі іх шэрагі лепш за варожую зброю. У каравулах замярзалі разам з сваімі коньмі. Не давалі спакою і маскавіты. Частымі вылазкамі яны зніштажалі пікеты. Войска таяла штодня. Менш стойкія падаліся дадому. Ян Замойскі траціў свае сілы на змаганне з марадзёрамі і прастытуткамі. Ваяры злосна лаялі гетмана: «Мог задаволіцца адным пяром, а на гетманскую годнасць не прэтэндаваць»[50]. Трэба было абавязкова пратрымацца пару месяцаў, пакуль Іван Жахлівы не прыме ліцьвінскія ўмовы. Аднак гэтыя месяцы маглі стаць ракавымі, і так ваяры ўжо пагаворвалі, што войска чакае загуба. Вось сведчанне аднаго з удзельнікаў паходу: «Ежу здабываем за 12 міль ад лагера, ды і тое з вялікай небяспекай. Маскавіты захопліваюць коней, правіянт і ўсё астатняе... ваяры ўцякаюць ад холаду, б'юцца з-за дроў, якія прывозяць у лагер, адымаюць адзін у аднаго адзежу і абутак»[51].

У гэты нялёгкі час Мікалай Радзівіл узяўся наладжваць вартавую службу. У мароз і завіруху ліцьвіны ахоўвалі агульны лагер. Сам гетман, каб падтрымаць сваіх ваяроў, нёс з імі цяжар службы, дзень і ноч аб'язджаў пасты, а то і сам трымаў варту, чым выклікаў захапленне ваяроў. Толькі голад і маразы былі мацнейшымі за дух. Першымі не вытрымалі ліцьвіны, і 20 кастрычніка заявілі Радзівілу, што ў сілах заставацца ў лагеры яшчэ 18 дзён. Вечарам Руды быў у караля і да трох гадзін ночы ўгаворваў яго не губіць войска. «Ужо не з Псковам вайна, але з Богам, бо ні пешцы ў шанцах, ні вершнікі на варце не могуць перанесці моцных маразоў»[52]. На вайсковай радзе Руды заявіў: «Пачакаем, што прынясе вястун ад Пасевіна. Калі што пэўнае і праўдзівае, абы князь вялікі хацеў згоды, тады служылі б вашай каралеўскай міласці, пакуль бы да той згоды не дайшлі»[53]. Батура мусіў прыняць прапанову Радзівіла і згадзіцца пачаць мірныя перамовы з царом. А напужаны Іван Жахлівы рад быў саступіць усю Лівонію і заключыць мір, які патрэбен быў яму, каб адбіцца хоць ад шведаў. Шведскае войска на чале з французам Дэлагардзі ў верасні штурмам заваявала Нарву. Не сустракаючы сур'ёзнага супраціўлення, бо ўсе вайсковыя сілы цар паставіў супраць Рэчы Паспалітай, шведы бралі адзін горад за другім: Івангорад, Ям, Капор'е. А ў глыбі Масковіі, прабіраючыся праз лясы, агнём і мячом пракладвалі шлях да міру Крыштоф Радзівіл і Філон Кміта на чале сямітысячнага атрада. Ліцьвіны разбілі некалькі маскоўскіх рацей, высланых царом ім насустрач, і дайшлі да вытокаў Волгі. Праз акно сваіх палат у Старыцы цар бачыў зарыва пажараў. Іван мог на яве пераканацца, што і ў бяскрайняй Масковіі яму не схавацца ад помсты тых, каму прынёс ён вайну. Цяпер яны прыйшлі на ягоную зямлю. А спадзяванні на ваявод не спраўдзіліся. Тыя са шматлікімі рацямі хаваліся па гарадах. Іван Жахлівы не ведаў, як яшчэ можна выратаваць Масковію, апроч як мальбой суняць карны меч. Антоній Пасевін з-пад Пскова пужаў цара: «...у горадзе шмат гіне ад абстрэла каралеўскіх гармат, ад хваробы і душэўнай скрухі, у сёлах шмат хто спазнаў на сабе варожы меч, што я бачыў сваімі вачыма, а паколькі яны твае падданыя і ты будзеш адказваць за іх перад Богам, падумай, ці не захочаш ты паклапаціцца пра іх выратаванне без вялікай працы, а менавіта: аддаць каралю Сцяпану тое, што ён у цябе просіць»[54]. Выратавання цар не бачыў. Параіўшыся з сынамі-царэвічамі і баярамі, ён пастанавіў: «Саступіць неабходнасці і магутнасці Батуры, саюзніка шведаў, які валодае сіламі шмат якіх земляў і народаў, аддаць яму, але толькі ў канечнай няволі, усю расейскую Лівонію з тым, каб ён вярнуў нам усе іншыя заваёвы і не ўключаў шведаў у дамову, каб мы на волі маглі суняць іх»[55]. Каб схіліць Батуру да міру, цар вырашыў дзейнічаць праз Мікалая Радзівіла. Да Рудога 8 лістапада прабраўся праз польскія пасты маскоўскі вястун з просьбай даць засцерагальную грамату для пасольства. Гэтую грамату Руды дамогся ў караля.

Цяпер лёс вайны павінен быў вырашацца за дыпламатычным сталом. Батура, не чакаючы вынікаў перамоваў, 1 снежня ад'ехаў у Вільню. Відавочна паказаў, што ўжо не верыць у паспяховае заканчэнне аблогі.

Мірныя перамовы паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй пачаліся 15 снежня ў вёсцы Ківерава Гара, што знаходзілася за 15 вёрст ад Запольскага Яма. Рэч Паспалітую прадстаўлялі брацлаўскі ваявода князь Мікалай Збаражскі, дворны маршалак Альбрэхт Радзівіл і каралеўскі сакратар Міхайла Гарабурда, а Масковію - князь Дзмітрый Яцецкі і баярын Раман Алфераў. І пасля доўгіх спрэчак на 21-ым пасяджэнні паслы заключылі перамір'е на 10 гадоў ад 6 студзеня 1582 года. Цар саступаў Лівонію, Полацак і Веліж Рэчы Паспалітай, а Батура вяртаў Вялікія Лукі і Пскоўскую зямлю. Доўгачаканае перамір'е з радасцю ўспрынялі простыя людзі ў абедзвюх дзяржавах.

Крывавая Лівонская вайна закончылася. Не толькі крывёю заплаціла Вялікае Княства за сваю перамогу, але і стратай паловы сваіх земляў, якія па-зладзейску прысвоіла Польшча.

Яшчэ адзін выпадак, які ўразіў свет, адбыўся ў гэты час. Царэвіч Іван маліў цара паслаць яго з войскам на ворага. Цар не верыў і роднаму сыну і ад яго ён чакаў здрады: «Мяцежнік! Ты разам з баярамі хочаш скінуць мяне з пасада»[56]. Гнеў асляпіў тырана. Раз'юшаны цар ударыў сына па галаве вострым жазлом. Праз чатыры дні царэвіч памёр. Зло ўжо было непадуладна творцу зла. І слёзныя раскаянні перад Богам былі падобны на вар'яцтва. Чалавек, які прынёс людзям жахлівую трагедыю вайны, сам стаў яе ахвярай. Нават не верыцца, што Мікалай Радзівіл і Іван Жахлівы жылі ў адзін і той жа час - такімі рознымі былі яны.

Руды, які са зброяй у руках бароніць Радзіму, і Жахлівы, які пралівае кроў дзеля заваёвы чужых земляў. Руды, які гатовы памерці на полі сечы, абы змыць з сябе і Радзімы ганьбу паразы, і Жахлівы, які баязліва хаваецца ад ворага за крапасныя сцены. Руды, які не дапускае думкі, што можна сілай пазбавіцца ад палітычнага праціўніка, і Жахлівы, які атрутай і забойствам распраўляецца з няўгоднымі яму. Руды, які «па дабру і здарову» адпускае палонных, і Жахлівы, які жорстка распраўляецца з людзьмі. Руды, які пакутліва шукае свой шлях да Бога, і Жахлівы, які прытворна замальвае перад Госпадам крывавыя грахі, каб не мучыцца сумненнямі перад новымі злачынствамі. Руды, які выступае з ідэямі прававога грамадства і дзяржавы, і Жахлівы, які прызнае адзін закон - сваю волю, адно права - сваю сілу. Руды, які да канца свайго жыцця захоўвае каханне да памершай жонкі, і Жахлівы, які раз за разам жэніцца і аддаецца распусце. Руды, які гатовы ахвяраваць сваё «здрове», абы выратаваць сына і, шануючы ягоную мужнасць, сустракае яго, здымаючы на марозе шапку, і Жахлівы, які забівае свайго сына. Руды высакародны і вялікі ў сваіх здзяйсненнях, і Жахлівы нікчэмны нявольнік улады, не варты яе.

Два чалавекі адной і той жа эпохі. Адзін прыўносіў у яе чалавечнасць, хоць і вымушаны быў дзеля міру ваяваць, і другі - увасабленне пекла і сіл разбурэння. І невыпадкова, што тагачасныя паэты ўспяваюць Мікалая Радзівіла - воіна, абаронцу Айчыны, свабоды і справядлівасці[57].

Была вышэйшая Боская праўда ў тым, што перамагла справа, якой служыў Мікалай Радзівіл. У дваццацігадовай вайне за сваю незалежнасць Вялікае Княства Літоўскае перамагло і выстаяла.

І слава героям, што абаранялі са сваім гетманам бацькаўшчыну!

 

Ян Кароль Хадкевіч. Вялікі воін

 

Прароцтва караля

Сцяпан Батура прарочыў Яну Каролю Хадкевічу: «Ён будзе вялікім воінам»[1]. А мовіў іх кароль у чэрвені 1579 года, калі наведаў у Вільні езуіцкі калегіум. Батура ўпадабаў з купкі навучэнцаў, якія віталі яго, васемнаццацігадовага сына Яна Гаранімавіча Хадкевіча. Пройдуць гады і славай праляціць па ўсёй Эўропе імя вялікага воіна з Літвы. Ягоныя перамогі на палях сечаў уразяць уяўленне сучаснікаў. І не будзе яму роўных сярод ваявод. Але доўгі і пакручасты шлях чакаў Яна Кароля да перамог. Ад ваяра да палкаводца, ад аднаго паходу да другога, ад адной бітвы да другой і так да апошняга свайго подзвігу - разгрому турэцкай раці пад Хоцінам.

Як і ў свой час бацька, Ян Гаранімавіч, Ян Кароль адправіўся ў свет. Аб'ездзіў ён Нямеччыну, Гішпанію, Нідэрланды, Ангельшчыну, Францыю, Італію. На службе ў гішпанскага караля Філіпа ІІ ваяваў у Нідэрландах пад началам герцага Альбы супраць гёзаў. Пасля знаёміўся з жыццём мальтыйскіх рыцараў. А вярнуўшыся ў Літву, застаў Ян Кароль новага гаспадара. Сцяпан Батура памёр і на яго месца Ян Замойскі са сваімі хаўруснікамі пасадзіў сына шведскага караля Яна Вазы Жыгімонта, які па маці Кацярыне быў сестрынцам Жыгімонту Аўгусту. Збароўскія, з роду якіх паходзіла маці Яна Кароля, пацярпелі паразу са сваім прэтэндэнтам Максіміліянам Габсбургам і пазбавіліся ранейшага палітычнага значэння ў Польшчы. А ў Літве першынствавалі Радзівілы, якія адцяснілі ад улады сваіх даўніх праціўнікаў Хадкевічаў.

Але Яна Кароля, мабыць, не вельмі спакушала перспектыва прысвячаць сябе звадкам ды інтрыгам. «Тепер же за держаня кроля пана нашего Жикгимонта Третего явилася промеж панами великая немилость», - так вызначаў становішча ў Літве летапісец[2]. У адным былі аднадушны паны - не даць умацавацца каралеўскай уладзе. Усё чынілі па сваёй волі і не давалі волі Жыгімонту. Расчараваны ўбачаным Хадкевіч у верасні 1592 года зноў ад'ехаў «до чужих земель»[3]. Гэтым разам у Нямеччыну. Доўга там ён не прабыў і ўжо ў наступным годзе вярнуўся ў Літву. Праўдападобна, што Хадкевіч жадаў не страціць момант, бо ў гэты час вызвалілася пасада жамойцкага старосты, якую раней займалі яго дзед і бацька. Кароль не прамінуў заручыцца падтрымкай чалавека з лагера ягоных супраціўнікаў, выдаў Хадкевічу прывілей на староства. У тым жа 1593 годзе Ян Кароль ажаніўся з дачкой Падольскага ваяводы Софіяй Мялецкай, якая засталася ўдавой пасля смерці мужа князя Яна Алелькавіча. «Мая наймілейшая Зосенька, мая сардэчная ўцеха. Мая адзіная, дужа каханая», - гэтак пяшчотна адносіўся Ян Кароль да жонкі[4]. Такія ўжо абставіны, што не выпала ім шчасця быць увесь час побач. Доўгія месяцы ўдалечыні ад дома служыў Хадкевіч Айчыне. Але думкамі заўсёды быў разам з каханай. Пры любой магчымасці пісаў да Софіі. Менавіта ў лістах да жонкі шчыра прызнаваўся ён пра свае пачуцці і думкі. І знікае легендарны арэол вялікага воіна і церад намі прадстае чалавек. А ў дзяржаўным жыцці нічым адметным Хадкевіч не вылучаўся, займаўся справамі даручанага яму староства. Але сам час працаваў на Яна Кароля Хадкевіча.

Напрыканцы 1594 года на Ўкраіне падняліся казакі на чале з Севярынам Налівайкам. Не было такога раней, каб казакі жывіліся зладзейскім чынам на землях Вялікага Княства, наадварот, баранілі яго ад ворагаў. А цяпер пад польскай уладай раз за разам паўставалі яны супраць Кароны. Даставалася ад бўйных казакоў і Княству. Шмат бегла ў Запарожскую вольніцу і з Літвы: каму надакучыла потам паліваць зямлю, а каму хацелася ў разбоях разбагацець, а хто марыў пра вольную волю. Гуртаваліся ў загоны, а пасля вярталіся ў Літву чыніць «вялікую шкоду»[5]. Вось і гэтым разам казакі, парабаваўшы на Валыні шляхту, рушылі на Палессе.

На сцягу Налівайкі былі словы «Мір хрысціянству, а на зачыншчыкаў Бог і крыж»[6]. Выглядала, што налівайкаўцы выступалі абаронцамі праваслаўя. Нават падазравалі, што падбіў Налівайку на мяцеж праціўнік царкоўнай вуніі князь Канстанцін Астрожскі. Сам Налівайка ненавідзеў польскую шляхту, якая некалі расправілася з яго бацькам і забрала родавы маёнтак. Але большасць тых, хто пайшоў за ім, жадалі пажывіцца ліхадзействам. «Злыя людзі, якія рабуюць сваю айчыну і праліваюць нявінную людскую кроў»[7], - пісаў пра іх Крыштоф Радзівіл.

Заняўшы Петрыкавічы, казакі заказалі «подарки собе давать»[8]. Калі ж з суседняга Слуцка не прыслалі адкупнога, дык сваявольная купа ў дзве тысячы ліхадзеяў 6 лістапада штурмам здабыла слуцкі замак. У няволю трапіла з двума дзецьмі і сваячніца Хадкевіча, жонка ягонага стрыечнага дзядзькі Гараніма. І так Ян Кароль не ўседзеў бы дома, калі такія «крывды» чыніліся ў Літве, а тут яшчэ трэба дапамагчы дзядзьку ў ягонай бядзе. На чале сваёй почты Ян Кароль адправіўся да ліцьвінскага войска. А яно стаяла ў Клецку. Паны раіліся і «не ведели, што почать»[9]. Налівайка перад носам у вяльможных дыгнітарыяў пакінуў Слуцак, прыхапіўшы з сабой 12 гармат і аблегчыў кішэні месцічаў на пяць тысяч коп грошаў. І пакуль паны ніяк не маглі дадумацца з чаго пачынаць, Налівайка 13 снежня заняў Магілеў. Горш за сама лютых ворагаў вынішчылі казакі «место славное». У агні пажараў заваёўнікі рыскалі па вуліцах, рабавалі ўсіх, хто пападаўся ім пад руку. «Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жон, детей малых побили, порубали, попоганили, скарбов теж незличоных побрали с крамов и з домов»[10]. Два тыдні гаспадарылі ў Магілеве казакі. Усіх, хто не схіліўся перад крывавым атаманам, ён перабіў. Нарэшце на чале 600 вершнікаў да горада падышоў Мікалай Буйвід. Але з-за звычайнай ужо сваволі шляхты водца нічога годнага не дамогся. Казакі заселі ў абкружаным вазамі табары і адтуль адстрэльваліся з гармат і пулгакаў (мушкетаў). Шляхта адступіла і сама прынялася за рабаванне ацалелых ад казакоў сёлаў. Так цяпер у Літве ваявалі з ворагам. Не было ў дзяржаве зацнага і паважанага гетмана, які павёў бы за сабой ваяроў.

Вялікі гетман Крыштоф Радзівіл адседжваўся ў Кейданах і толькі наракаў на казакоў, з-за якіх не мог адправіцца на ловы ў менскія лясы. Буйвіда больш хвалявалі яго разборкі ў судзе са сваім непрыяцелем-шляхціцам, а таму не хацеў «вэждацца» з ваярамі. Такія былі цяпер норавы ў Літве - кожны думаў пра сябе і свае задавальненні. Невыпадкова казаў са скрухай паэт: «Цяжка знайсці таго, хто балеў бы агульным горам» і з пачуццём заклікаў ліцьвінаў: «...Пакіньце сваю бесклапотнасць і зацятую пагоню за багаццем, крэўныя ліцьвіны, імкніцеся да высакароднай славы і старадаўняй пашаны, хай вернецца радзіме былая веліч»[11].

А Налівайка спакойна выправіўся на Ўкраіну, раскідваючы іскры мяцяжу. І мяцеж запалыхаў пажарамі шляхецкіх маёнткаў. Разгубленасць адчуваецца ў пасланні вялікага канцлера Льва Сапегі да вялікага гетмана Крыштофа Мікалая Радзівіла: «Хлопы, падданыя нашы, нападаюць, зніштажаюць усё, ваююць, пануюць над намі, а ў нас нібыта звязаныя рукі: не толькі не можам адплаціць ім, але нават абараніцца ад іх»[12].

Нарэшце ў Капыль сабралася тры тысячы шляхціцаў, якія гатовыя былі зброяй паслужыць Бацькаўшчыне. Да іх далучыўся са сваёй почтай і Ян Кароль Хадкевіч. Па дарозе ён наведаў у Станькаве Крыштофа Радзівіла. Вялікі гетман даручыў начальстваваць над аддзелам Хадкевічу, а сам працягваў забаўляцца ловамі.

Польскае 17-тысячнае войска было разбіта мяцежнікамі каля Белай Царквы. Аднак Налівайка не скарыстаўся перамогай і заняўся рабаваннем паноў і шляхты. А да Станіслава Жулкеўскага, які вёў палякаў, падаспелі з новымі сіламі камянецкі староста Патоцкі і Хадкевіч. Налівайка ўпусціў свой шанц. Два тыдні, засеўшы ў табары каля Лубнаў, адбіваліся мяцежнікі ад урадавага войска. Па адных звестках, яны пацярпелі паразу. Але па другіх - Налівайка паверыў Жулкеўскаму, які ад імя караля абяцаў дараванне мяцежнікам, калі яны складуць зброю. Налівайка заключыў з Жулкеўскім перамір'е і адправіўся ў Варшаву для падпісання поўнага міру, дзе яго схапілі і пакаралі смерцю[13].

Мяцежнікі былі скораны, і Ян Кароль Хадкевіч вярнуўся са свайго першага вайсковага паходу. Не ведаў ён яшчэ, што не хатні спакой, не вясёлыя забавы, не надакучлівая валтузня пры двары наканаваны яму, а «прынесці славу вечную Літве»[14].

Дома чакала Хадкевіча радасная падзея - у яго нарадзіўся сын, якога ў гонар дзеда назваў ён Гаранімам.

Ізноў у паход. Гэтым разам за няблізкі свет у Малдавію. На чале сваёй почты ў 1599 годзе ўдзельнічаў ён у барацьбе стаўленіка Рэчы Паспалітай Яромы Магілы супраць валашскага ваяводы Міхая Храбрага.

Прароцтва Батуры збывалася - Ян Кароль Хадкевіч стаў воінам.

 

Траянская гісторыя

А Літва з трывогай чакала, чым скончыцца «варажнеча» паміж Хадкевічамі і Радзівіламі. Спрачаліся дзве магутнейшыя фаміліі... з-за жанчыны. Апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў княгіня Софія Юр'еўна міжволі стала «разменнай манетай» у руках паноў. Бацька Софіі слуцкі князь Юрый Юр'евіч памёр у 1592 годзе і яе апекуном быў Гаранім Хадкевіч, якога звязвалі сваяцкія сувязі з домам Алелькавічаў. На багатае прыданае Софіі (а гэта ўсё Слуцкае княства) пасквапіўся Крыштоф Радзівіл. Ён і высватаў свайго сына Януша за Софію. Ужо быў назначаны і дзень іх шлюбу (6 лютага 1600 года) і здавалася нішто не перашкодзіць маладым абвянчацца. Але ж падзеі прынялі зусім нечаканы накірунак. Учарашнія сябры Гаранім і Крыштоф пасварыліся з-за Копысі. Гэтае месца Радзівілы заклалі за пазыку Хадкевічам, а цяпер уздумалі неяк хітра і невялікім коштам вярнуць яго сабе. Хадкевічы ўстрывожыліся. Ян Кароль і Аляксандар (троцкі ваявода) параілі Гараніму адпомсціць Крыштофу Радзівілу і адмовіць ягонаму сыну ў руцэ Софіі. Падставу для адмовы знайшлі, маўляў, Софія і Януш блізкія сваякі, паколькі Софіна бабка Аляксандра была жонкай Канстанціна Астрожскага, а іх дачка - маці Януша. Раз так, дык па хрысціянскаму праву нельга шлюбавацца блізкім сваякам без дазволу папы. І Гаранім як «опекун повинный» адмовіў Янушу выдаць за яго Софію. Хто другі і змірыўся б з няўдачай, але толькі не Радзівілы. Абраза - гэта адно, а вось багацце Алелькавічаў, якое павінна была прынесці Радзівілам Софія, - за гэта яны гатовы змагацца. Радзівіл выйграў суд (а старшынстваваў на ім віленскі біскуп Юрый Радзівіл), і Гаранім павінен быў заплаціць за невыкананне дамовы сто тысяч коп грошаў, а ў выпадку нявыплаты асуджаўся на «баніцыю» - выгнанне з Літвы.

Хадкевічы ведалі сваю сілу і дзяржаўны суд ім не ўказ. Ніякіх грошай яны Радзівілам не заплацілі.

Калі Януш патаемна пранік у дом Гараніма Хадкевіча, каб сустрэцца з сваёй нарачонай, Гаранім проста выштурхнуў няшчаснага жаніха за парог. Абражаны Крыштоф Радзівіл вырашыў сілай забраць сынаву нявесту. Вялікі гетман наняў сабе цэлае войска. «Вызваляць» Софію паслалі почты князі Астрожскія, смаленскі ваявода Абрамовіч, кашталян жамойцкі Мікалай Нарушэвіч, каронны канцлер Ян Замойскі, ліцьвінскі канцлер Леў Сапега, нават курляндскі герцаг і той выставіў атрад у дзвесце вершнікаў. Радзівілы сабралі 6000 ваяроў - дастаткова, каб захапіць не толькі камяніцу Хадкевіча, але і ўсю Вільню. Віленскія пратэстанты і праваслаўныя падтрымлівалі біржанскіх Радзівілаў, спадзеючыся, што яны нанясуць католікам Хадкевічам сакрушальны ўдар, а з іх падзеннем аслабне ў краі і касцёл.

Хадкевічы таксама ўзяліся за зброю. Рэдкая цвержа была так умацавана, як камяніца Гараніма Хадкевіча. Аж 24 гарматы абаранялі яе. Ян Кароль наняў ваяроў і ўвёў іх у Вільню. Ён і ўзначаліў сямейнае воінства - 2000 чалавек. Прыватны канфлікт паміж двума родамі перарастаў у сапраўдную вайну, у якой удзельнічалі пярвейшыя вяльможы ўсёй Рэчы Паспалітай. Ну, як у свой час успыхнула крывавая бойка з-за Алены паміж Трояй і ўсёй Эладай. Нават Жыгімонт Ваза не памірыў Хадкевічаў і Радзівілаў. Уся Літва затоена чакала надыходу 6 лютага. Што там будзе? У цэрквах маліліся за «яснавяльможную княжну Слуцкую» і за тое, «яко бы тые два домы зацные, во впокою, з хвалою Божою и с потехою всих хрестіян с покоем речы свое пристойне отправивши розъехалисе»[15]. У Вільні людзі хавалі сваё дабро і пакідалі горад, ведалі, дай толькі волю жаўнерам, дык адымуць усё да апошняй ніткі. А тыя чакалі прызначанага дня і папівалі віно, якое шчодра прастаўляў ім Радзівіл.

І вось надышоў гэты дзень. Радзівіл так і не адважыўся на бой. З самага ранку ў доме Крыштофа за келіхамі віна і закускамі прыхільнікі Радзівілаў раіліся што рабіць. Вузкія вулкі горада не дазвалялі выкарыстаць усю моц войска, а Хадкевічы лёгка абараняліся б агнём гармат. Стала ясна, што сілай не запалохаць Хадкевічаў, а праліваць кроў не хацелася. Таму да Гараніма адправіліся паслы Леў Сапега, берасцейскі ваявода Крыштоф Зяновіч, пісар львоўскі Сташэўскі. Крыштофа цікавіла, ці выдасць Хадкевіч Софію за князя Януша, які ўжо і ўбраўся да вянца. Паслоў сустрэў ваявода сандамірскі Юрый Мнішак і прывёў іх у нейкую цёмную і цесную камору. Аднак яны паспелі пабачыць, што Хадкевічы добра ўмацавалі дом. З вокнаў тырчалі жаролы гармат. Двор кішэў узброенымі людзьмі. На дахах гаспадарчых пабудоў заселі стралкі. Нямала крыві каштаваў бы штурм. Гаранім гэтым разам быў больш падатлівы: «Я гатовы выканаць абяцанае і чакаю князя Івана з яго сябрамі. Аддам яму княжну, якую я не прымушаў і не адгаворваў ад шлюбу, і як Бог уразуміць ёй адказаць, няхай так і будзе»[16].

Паслы вярнуліся да Радзівіла і ўгаварылі яго закончыць справу мірам. Крыштоф, узведзены ў зман абяцаннем Хадкевіча, памякчэў сэрцам. Войска разышлося па кватэрах на начлег. А ў доме Радзівілаў цэлую ноч гарэла святло - гаспадары чакалі прыезду Софіі. Тут жа быў і ксёндз, каб абвянчаць маладых. Накрытыя сталы чакалі гасцей. А Софія так і не з'явілася. Мінула палова ночы і надзеі растаялі. Крыштоф абвясціў, што ён стрымаў слова і гатовы быў павянчаць сына ў прызначаны дзень і віноўнік у невыкананні дамовы - Гаранім Хадкевіч. Са скрухі Радзівілы і госці ўтапілі сваё расчараванне ў віне.

Два тыдні хлебасольныя Радзівілы прапівалі з гасцямі сваю ганьбу... і прапілі. Прынамсі, гонару паменшала, і яны праз крыўду паразумеліся па добраму з Хадкевічамі. Саступілі ад сваіх прэтэнзій. Справа закончылася ў Берасці сціплым вяселлем Януша з Софіяй. Спадчына Алелькавічаў трапіла ў дом Радзівілаў, пасля чаго яны сталі багацейшымі князямі Эўропы. Софія неўзабаве памерла, пакінуўшы добрую памяць па сабе за дбанне пра людзей. Праваслаўная царква залічыла яе да святых.

Вось такая «траянская гісторыя» адбылася ў Літве. Адзін з яе ўдзельнікаў берасцейскі ваявода Крыштоф Зяновіч убачыў у гэтых падзеях «трагедыю або пачатак значнага заняпаду ў Літоўскім Княстве»[17].

 

Шведская вайна

Пакуль паны і шляхта сварыліся паміж сабой з-за ўлады і багацця, пакуль змагаліся за сталом з Бахусам, на межах Рэчы Паспалітай станавілася ўсё трывожней. Мірныя гады пасля заканчэння Лівонскай вайны скончыліся. Пачыналіся войны.

Спачатку з валашскім ваяводам Міхаем Храбрым. Яго падтрымліваў імператар, жадаючы сілавым ціскам пасадзіць на пасад Рэчы Паспалітай свайго сына Максіміліяна. Валашскае войска ў траўні 1600 года напала на Малдавію, дзе правіў васальны Рэчы Паспалітай гаспадар. Ратуючы яго, палякі рушылі ў паход. Але сіл было недастаткова, а таму з Літвы на дапамогу прыйшло войска, якое рыхтавалася супрацьстаяць у Лівоніі шведам. На чале сваёй почты ў паходзе ўдзельнічаў Ян Кароль Хадкевіч і ягоны брат Аляксандар. У бітве 20 кастрычніка 1600 года з валахамі каля рэчкі Цялецына атака, узначаленая Янам Каролям Хадкевічам, прынесла перамогу. Калі 60-тысячнае войска Міхая накінулася на палякаў і ліцьвінаў і ўжо здавалася вось-вось зломіць іх супраціўленне, Хадкевіч павёў у бой запасныя харугвы. Гэты ўдар збіў наступ. Міхай, убачыўшы замяшанне сваіх ваяроў, не чакаючы заканчэння бітвы, уцёк, а пакінутае ім войска было разбіта. Паход закончыўся ўдачна, бо ў Малдавіі застаўся стаўленік Рэчы Паспалітай. Пагроза на паўднёвай мяжы на нейкі час знікла. Пад уплывам перамогі над Міхаем маскоўскі цар Барыс Гадуноў, нарэшце, падпісаў з ліцьвінскім паслом Львом Сапегам перамір'е паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай.

Не застаўся без узнагароды і Ян Кароль Хадкевіч, ён атрымаў булаву польнага гетмана літоўскага. Прызначэнне своечасовае, бо Рэч Паспалітую чакала вайна са Швецыяй і патрэбны быў малады і дзейны водца войска. Хаця на гэтае месца прэтэндаваў Януш Радзівіл.

Тое, што так доўга стрымлівалі дыпламаты, стала явай - Швецыя і Рэч Паспалітая ўсё ж сутыкнуліся ў барацьбе за Лівонію. Рэч Паспалітая як правапераемнік Лівонскага ордэна лічыла Паўночную Эстонію сваёй зямлёю, але ёю валодала Швецыя. Спрэчку спадзяваліся вырашыць мірным шляхам. Адной з умоў выбрання Жыгімонта Вазы на караля польскага і вялікага князя літоўскага было якраз патрабаванне далучэння Паўночнай Эстоніі да Рэчы Паспалітай. Якая ж дзяржава так проста аддае свае землі? Шведскі кароль Ян заявіў, што ён лепш забярэ сына да сябе, чым аддасць Рэвельскую зямлю. Пасля смерці Яна ў 1592 годзе Жыгімонта каранавалі і шведскім каралём. Польская і ліцьвінская шляхта на сойміках пачала патрабаваць ад Жыгімонта выканання «абяцання». Ды толькі не так ужо лёгка было гэта зрабіць. Хаця Жыгімонт і лічыўся шведскім каралём, але запраўляў у Швецыі ягоны стрый судэрманскі герцаг Карл. У пратэстанцкай краіне кароль-католік, канешне, не меў той падтрымкі, як ягоны сапернік - пратэстант. Неяк і вырашылі б гэты канфлікт Вазы самі, каб не вялікадзяржаўныя амбіцыі кароннага канцлера Яна Замойскага. Вось ужо каму было ўсяго мала. Ён і падбіў Жыгімонта на барацьбу з Карлам. На сойме ў 1598 годзе пераважыла групоўка Замойскага, і Жыгімонт атрымаў падтрымку. Гэтак Рэч Паспалітая безразважліва ўзялася за сумніцельную авантуру, якая парадзіла доўгую і крывавую вайну. Замойскі, шчодры на «вялікія планы», раіў каралю сабраць войска з татараў, казакоў, польскай шляхты, запрасіць ліцьвінаў, над якімі паставіць Яна Хадкевіча, і з усёй гэтай сілай заявіцца ў Швецыю - перамога забяспечана. Так лічыў гэты «велікадумны» муж. Як заўсёды, не хапала грошай, а па-другое, Польшча не мела свайго флоту. Так што Жыгімонт абмежаваўся пяццю тысячамі ваяроў, з якімі на захопленых і на нанятых у Гданьску караблях ён пераправіўся праз мора і высадзіўся ў Швецыі.

25 верасня 1598 года ў бітве каля Стонгебра Жыгімонт пацярпеў паразу. На сустрэчы з Карлам Жыгімонт абяцаў даць амністыю ўсім сваім праціўнікам і правіць згодна каранацыйнай прысязе, гэта значыць застацца ў Швецыі. Адносіны караля і герцага будуць разгледжаны рыксдагам. Аднак падпісаўшы гэтую дамову, Жыгімонт прызнаўся сваім прыхільнікам, што лічыць яе незаконнай і несапраўднай. Ён потайкам уцёк у Польшчу з адным жаданнем - вярнуцца з новай сілай і ўсталяваць сваю ўладу ў Каралеўстве. Шведскія станы клікалі яго назад і папярэджвалі, што, калі ён гэтага не зробіць, «шведы адмаўляюцца ад сваёй прысягі яму, паколькі не жадаюць заставацца пад папскім ярмом». Каралю давалі чатыры месяцы, а ён не выканаў патрабавання, нават не прыслаў адказу. Пасля чаго шведскі рыксдагам пазбавіў яго каралеўскай годнасці. Уладаром Швецыі стаў Карл. Каб «шведы заставаліся ў міры, Карл загадаў адсекчы галовы відным дзяржаўным мужам»[19]. Расправіўшыся з сваімі праціўнікамі, ён заняў Фінляндыю - асабістае ўладанне Жыгімонта. Натхнёны лёгкімі перамогамі, Карл вырашыў забраць і Паўночную Эстонію. Становішча дазваляла зрабіць гэта без асаблівых намаганняў, якраз на той час ліцьвінскае войска адправілася ў Малдавію і пакінула без аховы Лівонію. Рэвельцы прыхільна паглядалі ў бок пратэстанта Карла.

Спроба Жыгімонта перакінуць праз ноўгарадскія землі вайсковы аддзел у Фінляндыю не ўдалася. Маскоўскі цар Барыс Гадуноў не згадзіўся пасадзейнічаць. Жыгімонт не ўяўляў сапраўднай пагрозы. Рэч Паспалітая так і не сустрэла вайну напагатове. Гэтым і можна растлумачыць тую лёгкасць, з якой Карл дамагаўся перамог. 8 лютага 1600 года шведы захапілі Нарву. А сам Карл з войскам заявіўся ў Рэвель, які перайшоў на ягоны бок. Пернаў здаўся без барацьбы. Адчыніў сваю браму Дэрпт.

Маскоўскі цар Барыс, жадаючы прыцягнуць Швецыю ў антыліцьвінскую кааліцыю, падтрымаў Карла і прапусціў праз Ноўгарадчыну шведскія аддзелы з Фінляндыі. Весці вайну з Карлам у Жыгімонта не было сродкаў. Нарэшце ён прызнаў уваход Паўночнай Эстоніі ў склад Рэчы Паспалітай, каб атрымаць ад сойма патрэбныя грошы. Цяпер ужо Рэч Паспалітая павінна была ўзяць на сябе цяжар вайны са Швецыяй за шведскую карону Жыгімонта. Толькі позна Жыгімонт перадаў Рэвельскую зямлю, яна ўжо не належала яму. Гэтак Рэч Паспалітая была ўцягнута ў дынастычную вайну двух шведскіх уладароў. Аднак пакуль на сойміках шляхта спрачалася пра падаткі на войска, Карл перайшоў межы Лівоніі.

Траціць порах Карлу не давялося, бо замкі здаваліся без аднаго стрэлу. Невялікія почты ліцьвінскіх паноў Крыштофа Радзівіла, Юрыя Тышкевіча, Вінцэнта Войны, Станіслава Белазора, Тызенгаўза, князя Дарагастайскага не маглі супрацьстаяць 24-тысячнай шведскай раці. Усё ж каля Каркуса ліцьвіны разбілі пяцітысячны аддзел Карлавага сына Карльсана. Гэтая няўдача не спыніла судэрманскага герцага. Шведы штурмам узялі Вольмар і Трэйдан. І толькі перад Кокенгаўзенам яны былі бяссільнымі. Абаронцы гэтага горада спынілі пераможны рух шведскага войска. Карл асабіста кіраваў штурмам. Калі шведы рынуліся да прабітага гарматай у сцяне хода, абаронцы ўзарвалі вежу, якая пахавала пад сабой заваёўнікаў.

Сабіраўся на вайну і Хадкевіч на чале сваёй почты ў 800 вершнікаў. Час пасля малдаўскага паходу ён правёў у Ляхавічах, дзе займаўся будаўніцтвам мураванага палаца і царквы, ды ў Быхаве. Толькі пажыць дома яму не выпадала. І будзе наканавана яму: то адна вайна, то другая і гады пройдуць у вайсковым лагеры і на палях бітваў. Не спыніла Хадкевіча і цяжкая траўма. На адным з рыцарскіх турніраў спатыкнуўся ягоны конь і Хадкевіч, упаўшы з сядла, зламаў галёнку. Так з хворай нагой і выправіўся ў паход. Ехаў на возе. «Калоціць у левым баку пад самай кульшой, нясцерпна баліць, хоць крычы», - прызнаваўся ён жонцы[20]. Ледзь дабраўся да Горадні, дзе праляжаў, змагаючыся з болем, цэлы дзень.

Яшчэ не ведаў ён, што гэтая вайна прынясе яму славу і расчараванне. Яшчэ не ведаў ён, што з шведскім каралеўствам давядзецца ваяваць яму за ўсю Рэч Паспалітую з нанятымі на свае грошы ваярамі. Не лёгкі паход за славай выпадзе яму, а цяжкая і трывожная праца ваяра, дзе будзе хапаць усяго: і нястачы, і выпрабаванняў, і холаду, і голаду, і няўдач, дзе трэба будзе праявіць і талент, і мужнасць, і смеласць, і не будзе ён шкадаваць самога сябе. У адчаі, калі і жаўнеры не вытрымаюць, калі закружыцца галава ад клопатаў і трывог, у хвіліну роспачы прызнаецца ён жонцы: «Ледзь далібог не шалею, не ведаю, што з сабой чыніць»[21].

Вясной 1601 года польны гетман са сваёй почтай пераправіўся цераз Дзвіну і рушыў да Кокенгаўзена. Аднак на дапамогу шведам пад Кокенгаўзен з 3-тысячным аддзелам падаспеў Карльсан. Агульныя сілы шведаў цяпер складалі 4000 драбаў і 2000 вершнікаў. Ліцьвіны ж мелі ўдвая меншае войска. 23 чэрвеня вялікі гетман Крыштоф Радзівіл прыняў бой і выйграў. У сама цяжкі момант, калі шведы пачалі цясніць цэнтр, Хадкевіч на кані кінуўся на перахоп уцекачоў, спыніў іх і павёў за сабой.

Контратаку гетмана падтрымалі і флангі. Агульны наступ ліцьвінаў па ўсяму фронту апракінуў шведаў. Гэтак, дзякуючы мужнасці Яна Кароля Хадкевіча, была знята аблога з Кокенгаўзена. Са сваёй почтай ён вызваліў Трэйдан і Зыгвалт, а пасля рушыў пад Рыгу. Сюды ішоў на чале 17-тысячнага войска і Карл Судэрманскі. Ліцьвіны гатовы былі напасці на шведаў, але рыжане адмовіліся ў выпадку няўдачы ўпусціць іх у горад. Хадкевіч размясціў сваіх ваяроў за гарадскімі валамі. Карл спадзяваўся доўгай аблогай адчыніць браму Рыгі. Два тыдні Хадкевіч ахоўваў горад. 8 верасня Ян Замойскі прывёў польскае войска.

Прыбыў у Лівонію Жыгімонт і спыніўся ў Кокенгаўзене. Карл адступіў ад Рыгі. На прапанову графа фон Насаў прымірыцца з братанічам і не спусташаць няшчасны край Карл адказаў: «Выпусціць розгу з рукі не выгадна, пакуль я ваюю ў Ліфляндыі, у Швецыі ў мяне мір»[22]. Расставіўшы войска па гарадах, Карл адплыў у Швецыю па дапамогу. А пакутлівая Лівонія перажыла новае нашэсце, цяпер ужо «вызваліцеляў», якія бязлітасна забіралі ў жыхароў ежу і маёмасць. Сотні людзей паміралі ад голаду і холаду і ляжалі не пахаванымі. «Камяні маглі б над імі злітавацца», - як пісаў сучаснік тых падзей[23]. А вось людзі не шкадавалі адзін аднаго: білі, забівалі, забіралі апошняе. Нарэшце не вытрымалі рыжане і са зброяй паўсталі на палякаў, якія напалі на магістрацкую рэзідэнцыю. У бойцы загінула шмат рыжскіх кнехтаў. Тады магістрат паслаў сваім папаўненне. Палякі згубілі 150 чалавек і ўцяклі з Рыгі. Хадкевіч, якому патрэбна было падмацаванне, так разгневаўся на рыжанаў, што прагнуў іх пакараць. Ледзь суцішылі яго гнеў. Кіраваць такімі свавольнікамі было няпроста. Тут і жалезная воля, і моцная рука не дапамагалі. Не дзіўна, што першыя военачальнікі дзяржавы разам з каралём убраліся з Лівоніі, пераклаўшы ўвесь цяжар вайны на плечы Яна Кароля Хадкевіча.

Вынікі паходу Яна Замойскага і Жыгімонта былі сціплымі. Шведы здалі Фелін і Вольмар, дзе ў палон трапіў Карльсан. Няўдачай закончылася аблога Дэрпта. Змучаныя суровай зімой ваяры адмовіліся гібець на лівонскіх палях. Давялося адводзіць іх на адпачынак. Гэтым і скарысталіся шведы, якія зноў адчулі сябе гаспадарамі становішча. Ведалі, куды біць - перахоплівалі абозы з правіянтам. Ян Замойскі зразумеў, што ўлез у непрыемную для яго справу і пакінуў Лівонію ўслед за каралём і Крыштофам Радзівілам. Кіраванне войскам ён перадаў Хадкевічу.

Калі Ян Кароль вярнуўся ў верасні 1602 года ў Лівонію з набранымі ў Літве харугвамі, дык убачыў сумнае відовішча. Войска было знясілена вайной. Хворых і параненых налічвалася болей за здаровых. Ваяры патрабавалі жалавання. Выратоўвала толькі тое, што Карл яшчэ быў у Швецыі. Выпадала нядоўгая перадышка.

А ў Варшаве на вальным сойме пастанавілі, што няма больш годнага чалавека на пасаду адміністратара і гетмана Лівоніі, чым Ян Кароль Хадкевіч. Ніхто больш не прэтэндаваў на гэтае нялёгкае, неспакойнае і недаходнае месца. Толькі вось грошай на ўтрыманне войска яму не паслалі, і яно неўзабаве зменшылася напалову. Слабыя ад'язджалі дадому. Хадкевіч не шкадаваў сваіх грошай тым, хто застаўся з ім. Толькі тры тысячы, але сапраўдныя ваяры - рыцары звіцязтва. І Эўропа ўбачыла, як ваююць вялікія воіны.

 

Кірхгольмская бітва

Летам 1604 года ў Лівоніі зноў закіпелі баі. Шведскія караблі блакіравалі Рыгу, не прапускаючы туды купцоў. Тыя аб'ядналіся, і купечаскі флот у 80 караблёў прарваўся ў Рыгу. Горад атрымаў патрэбныя запасы прадуктаў і зброі. Аднак на зваротным шляху каля Руўна шведская эскадра напала на купцоў і адбіла ў іх 20 караблёў. Цяпер Рызе пагражала марская блакада. Тым не менш Хадкевіч не хаваўся ад ворага за высокімі мурамі, а сам перайшоў у наступ. 16 чэрвеня 1604 года ён на чале 2300 ваяроў выступіў на Дэрпт. Шведы не прынялі прапановы добраахвотнай здачы, і гетман перакрыў усе дарогі да горада. «Голад утаймуе і саб'е пыху», - лічыў Хадкевіч[24]. Дэрпт не застаўся без падтрымкі. Вызваляць яго ад аблогі выступіў з Рэвеля 4-тысячны шведскі аддзел. Хадкевіча не напужала гэта, і ён, падцікаваўшы непрыяцеля каля Рахісборга, імклівай атакай разагнаў аддзел. Неўзабаве віжы данеслі, што пад Дэрпт выступіў буйны корпус, які налічваў 7300 шведаў і немцаў пад водствам Ліндэрсона. Хоць шведскі водца ўжо ведаў, што ліцьвінскі гетман ва ўсіх папярэдніх бітвах біў шведаў, але спадзяваўся нарэшце разграміць Хадкевіча. Шведы нават выклікалі гетмана на бой, думаючы, што ён, напалоханы іх колькаснай перавагай, адступіць. Хадкевіч прыняў выклік. 25 верасня каля мястэчка Белы Камень на вачах здзіўленых шведаў ён спакойна павёў войска ў бой. «Хадкевіч са сваім маленькім войскам перамог вялікае войска шведаў і немцаў і прымусіў іх да ўцёкаў: на месцы засталося іх каля дзвюх з паловай тысяч чалавек, ды згубілі яны 6 палявых гармат і 22 сцягі», - занатаваў гэты подзвіг ліцьвінаў лівонскі краніст[25]. Асуджаны на голад шведскі гарнізон у Дэрпце здаўся Хадкевічу.

Перамогі Хадкевіча знялі пытанне, каму перадаць пасля смерці Крыштофа Радзівіла булаву вялікага гетмана. Адзін Хадкевіч быў годны вялікага гетманства. Гэта прызналі і сам Жыгімонт, і ўвесь сойм. Незадаволены застаўся Януш Радзівіл, які не мог схаваць зайздрасці да Хадкевіча. Падтрыманы канцлерам Львом Сапегам, ён даводзіў каралю, што заслужыў булаву польнага гетмана. Што датычыцца Лівоніі, дык высветлілася, што паноў і шляхту мала хваляваў яе лёс. І зразумела - трэба зноў плаціць падаткі на войска. Затое, як горача і зацікаўлена абмяркоўвалі перспектыву ўладарання ў Маскве самазванца Дзмітрыя. Як клапаціліся пра свой інтарэс, калі выказвалі незадавальненне каралём. Дзе там ужо якая Лівонія! Хадкевіч вярнуўся з сойма вялікім гетманам літоўскім, але без рэальнай падтрымкі. Становішча яго было нялёгкім. Галоднае жыццё знясільвала ваяроў, толькі ў почце Томаша Дубровы памерла 250 чалавек. Страты большыя, чым у баях з ворагам. «Паміраю ад жалю, чуючы адусюль плач, нараканні і прычытанні», - прызнаваўся Хадкевіч у лісце да Льва Сапегі. А Хадкевічу супрацьстаяў сам Карл Судэрманскі, які ўжо тытулаваў сябе шведскім каралём.

Карл з 14-тысячным войскам у верасні 1605 года высадзіўся на лівонскі бераг і рушыў на Рыгу. Пад сваім сцягам вёў ён не толькі шведаў, але і нанятых ім нямецкіх, французскіх, ангельскіх, нідэрландскіх жаўнераў. Наперадзе ішоў авангард на чале з графам Мансфельдам. Каля Дынамюндэ, які абараняў Габрыель Белазор з 250 воінамі, Мансфельд спыніўся і чакаў падыходу астатняга войска. Хадкевіч у гэты час знаходзіўся ў Феліне. Ён думаў не дапусціць аб'яднання шведаў і разбіць іх паасобку, а таму выступіў насустрач 5-тысячнаму аддзелу Андрэя Ліндэрсона, які з Рэвеля ішоў на Пернаў. Аднак Ліндэрсон ужо не лез у бойку з непераможным гетманам і калі пачуў аб набліжэнні ліцьвінаў, адразу загадаў сваім ваярам акапацца і выставіў гарматы. Хадкевіч не стаў выкурваць ворага з умацаванняў, бо гэта каштавала б вялікіх страт, а вярнуўся ў Фелін. Сіл відавочна не хапала. На заклікі прыслаць падмацаванне з Літвы і Польшчы ніхто не адклікнуўся. Прыбыў з почтай адзін Тальваш, а кароль прыслаў толькі свайго прадстаўніка Аманда. Яшчэ добра, што той прывёз жалаванне і можна было суцешыць незадаволеных.

Тым часам Карл падступіў пад Рыгу. Рыжане прасілі Хадкевіча спяшацца на абарону горада. І ён выступіў з 2400 вершнікамі і тысячай драбаў. З пункту гледжання тагачаснай вайсковай навукі з такімі сіламі любога водцу чакаў бы поўны разгром. Але Хадкевіч не меў выбару. Абавязкова трэба было адстаяць Рыгу. Спадзяваўся ён на Бога, якому шчыра маліўся, просячы нябеснага заступніцтва, і на сваіх выпрабаваных у баях ваяроў. Калі Карл даведаўся, што пад Рыгу ідзе Хадкевіч, дык вырашыў адправіць яму насустрач 8-тысячны аддзел. Каралю запярэчыў Ліндэрсон, а ён ведаў, з кім мае справу: «Перш убачыш, ваша каралеўская міласць, як Дзвіна пацячэ супраць плыні, чым ліцьвінаў і іх гетмана ўцякаючых з поля»[26].

Карл незадаволена моршчыў лоб. Але і другія водцы таксама раілі яму даць бой Хадкевічу ўсімі сіламі. Хай будзе так. Не сумняваўся кароль у перамозе. У звароце да ваяроў ён фанабэрыста заявіў, што іх непрыяцель зусім нястрашны і перамагчы яго лёгка, а ўзнагародай стане ўся Лівонія. І вельмі здзівіўся Карл, калі палонны ліцьвінскі шляхціц Краеўскі прызнаўся: «Войска нашае, найяснейшы княжа, змардаванае доўгімі паходамі, страціла палову тысячы людзей, дарэмна спадзяваліся два тыдні на пасілак, таму мой гетман у той маласці жаўнераў гатовы з вамі ўчыніць бітву». - «Мабыць, твой гетман вельмі зухвалы: кажуць ён ані малады, ані занадта стары, ані розумам дасціпны, каб са сваімі роткамі супраць войска майго з многіх тысячаў зложанаму асмеліўся паўстаць», - казаў пахваляючыся Карл[27]. Разлічваў ён на нечаканасць, а таму 27 верасня выступіў у гадзіну ночы, каб у цемры напасці на ліцьвінаў. Яны стаялі ў дзвюх мілях ад Рыгі каля вёскі Кірхгольм. Віжы папярэдзілі Хадкевіча пра рух непрыяцеля і ён падняў войска. Толькі шведам было ўжо не да бітвы. Праліўны дождж вымачыў іх з ног да галавы, а раскацістыя пяруны, якія грымелі з нябёсаў, наганялі забабонны жах. Многія з ваяроў успрынялі гэта за нядобры знак, нібы само неба паўстала супраць іх. Уначы пад дажджом і пад злавесныя гукі грымотаў Карл спыніў войска. На світанку Ян Кароль, забраўшыся на высокі пагорак, убачыў, якая сіла пажалавала за перамогай. Гэта была пагрозлівая сіла - Карл прывёў 11 тысяч пяхоты і 3 тысячы конніцы. Шведы ладзілі баявы шыхт у два шэрагі. Кожны мушкецёр меў побач двух спічнікаў - вояў, якія карысталіся ў баі дзідамі. На флангах стаяла конніца, а ў тыле застаўся з гвардыяй Карл. Перавага шведаў выявілася і ў тым, што яны стаялі на высотах, так што атакаваць іх было нязручна. Самагубствам палічыў бы любы ваявода з 3-тысячным аддзелам прымаць няроўны бой. Хадкевіч так не лічыў. Ён схаваў частку ваяроў у засадзе. І Карл, палічыўшы, што ліцьвіны ўцяклі, хацеў паслаць за імі пагоню. Адгаварыў караля ад безразважлівага рашэння Ліндэрсон, які добра ведаў, што Хадкевіч кемлівы на выдумкі. Але той падрыхтаваў яшчэ некалькі ўловак. Галоўная ж надзея была, канешне, на мужнасць і гераізм ваяроў. А іх сэрцы не спужаліся шматлікага ворага. Калі Хадкевіч мовіў да войска, што шведаў столькі, што і палічыць нельга, нехта з ваяроў перабіў яго: «Палічым мы гэта лепш, калі шведаў паб'ём». Абрадаваны гетман адказаў: «Дай Божа, каб Вашай міласці словы споўніліся. За добры знак прымаю вашу ахвоту і спадзяюся на вашую мужнасць»[28]. Гэткай кароткай і сціплай была прамова водцы да ваяроў, і - за справу. Хадкевіч, вывеўшы войска з-за пагоркаў, падзяліў яго на тры палкі. На чале паставіў свой гетманскі полк, кіраваць якім паручыў Вінцэнту Войне. Левае крыло занялі вершнікі пад началам Тамаша Дубровы (былі тут 200 панцырных гусараў, тры харугвы татарскай конніцы). А за вершнікамі змясціліся лівонскія ландскнехты Плетэнберга. Да лівонцаў далучыліся ўзброеныя абознікі, якія таксама жадалі біцца з ворагам. Правым крылом кіраваў усвяцкі староста Ян Пётр Сапега. Яно складалася з яго харугвы ў 200 вершнікаў, сотні панцырных Невяроўскага, 150 чалавек почты Аляксандра Хадкевіча (водца Млоцкі), а таксама почты Баркоўскага і Гедройца. Сам Хадкевіч з астатнімі сіламі стаў у засадзе. Падчас шыхтавання на другім беразе Дзвіны з'явіўся конны аддзел. То падаспеў на дапамогу з трыма сотнямі рэйтараў Курляндскі герцаг Фрэдэрык. Курляндцы смела пусціліся цераз раку. Вось ужо сапраўды: смеламу дапаможа ўдача. Рэйтары наткнуліся на брод і без страт і цяжкасцей выбраліся на бераг. Каб падняць дух ваяроў і надаць ім веры ў перамогу, Хадкевіч патаемна вывеў усіх людзей з абозу, даў ім харугвы і паставіў у некаторай адлегласці ад войска. А па шэрагах пракацілася навіна, што гэта прыйшоў вялікі атрад з Літвы. Даводзілася вось і так хітрыць.

Каля васьмі гадзін раніцы бітва пачалася. Шведы рынуліся ў атаку. Гэтага і чакаў Хадкевіч. Наперад паляцеў вястун з загадам - уцякаць. І ваяры пабеглі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, шведскі кароль радасна ўсклікнуў: «Ці не казаў, што ліцьвіны ўцякуць»[29]. Уцекачы навялі шведаў прама на шэрагі ліцьвінскіх палкоў. З Боскім імем на вуснах ударылі ліцьвіны па непрыяцелю. Галоўнай сілай была конніца, якая імкліва абрынулася на шведскую пяхоту. Шведы ашчаперыліся дзідамі. Ды толькі гэта не спыніла ліцьвінаў. Першымі сутыкнуліся з ворагам ваяры гетманскага палка на чале з Вінцэнтам Войнам. Падалі, наткнуўшыся на дзіды, людзі і коні. Неслі смерць кулі мушкетаў. Хадкевіч у гэтую рашучую хвіліну разам з курляндскім герцагам з'яўляўся то ў адным месцы, то ў другім і падбадзёрваў сваіх воінаў.

Пашчасціла ліцьвінам і з надвор'ем. Вялікія парывы ветру неслі з марскога берага пыл, прама ў вочы шведам. Ліцьвіны нават палілі вогнішчы, каб і дымам засціць зрок ворагу. На левым крыле Тамаш Дуброва ў баі засёк водцу шведскай пяхоты люксембургскага герцага Фрэдэрыка. І шведы там не вытрымалі. На правым крыле шведскія рэйтары біліся з панцырнымі гусарамі і казакамі Яна Сапегі. Толькі пасланая Хадкевічам дапамога дала Сапегу перавагу. А ў цэнтры ліцьвіны ўсё ж змялі варожыя шэрагі. Загінуў Андрэй Ліндэрсон, які, стоячы на каленях, да апошняга не выпусціў з рук зброю. Не меншую мужнасць паказаў і Хадкевіч. Не зважаючы на небяспеку, ён быў у самай гушчы сечы. Шведскі рэйтар, прыняўшы за гетмана ягонага ад'ютанта, застрэліў таго. Угневаны Хадкевіч, наскочыўшы на шведа, рассёк яго шабляй. Супраціўленне шведаў было зломлена.

Сам Карл быў паранены і ледзь не трапіў у палон. Выратаваў яго адзін з ваяроў, які аддаў каралю свайго каня. Даскакаўшы да мора, дзе яго чакалі караблі, ён загадаў эскадры адчаліваць ад берага.

І так гневаўся кароль, што закалоў слугу толькі за тое, што той абрадаваўся, убачыўшы яго жывым: «Вы, гады, павінны быць там, дзе я быў!»[30]. Шведскае войска пацярпела сакрушальную паразу, толькі загінула, апроч тых, хто патануў у Дзвіне, дзевяць тысяч чалавек. Шмат трапіла ў палон. Ліцьвіны страцілі больш за сто чалавек забітымі, 150 параненымі. Але Хадкевіч не цешыўся з крывавага трыумфу. У лісце да герцага Мансфельда гетман прызнаваўся: «...вельмі шкадую аб пралітай крыві столькіх хрысціянаў, за якіх сын Божы ахвяраваў сваю дарагую кроў»[31]. Шкадаваў Хадкевіч «знатнага мужа» Андрэя Ліндэрсона і Фрэдэрыка Люксембургскага, якіх ён загадаў з ушанаваннямі пахаваць.

28 верасня Ян Кароль Хадкевіч на чале пераможцаў урачыста ўехаў у Рыгу. Услед за імі палонныя цягнулі ўзятыя на полі сечы гарматы. Рыжане радасна віталі свайго збаўцу. Усе былі ўражаны подзвігам невялікага войска ліцьвінаў. Манархі слалі Хадкевічу віншаванні. Засведчыў сваё захапленне перад гетманам імператар Рудольф. Ангельскі кароль Якаб прыслаў дары. Нават папа Павел V праз легата перадаў Хадкевічу сваё віншаванне. Дзівіўся такому слаўнаму звіцязтву ліцьвінаў і турэцкі султан, а персідскі шах Абас выказваў сваю пашану Хадкевічу ў лісце да Жыгімонта. І сам кароль польскі дзякаваў Хадкевічу за «такую значную паслугу, якую нам і Рэчы Паспалітай учыніў, не лічачы для нас не толькі кошту і часу нямалага, але і ўласнага жыцця свайго»[32].

 

Рокаш

Жыгімонт пісаў Хадкевічу: «І пасля такой працы быў бы мне, пэўна, мілы адпачынак, але вайсковы клопат патрабуе не кідаць тое, што можа быць карысцю і славай»[33]. Сапраўды, «вайсковы клопат» не даваў часу і магчымасці адпачываць. Трэба было скарыстацца плёнам перамогі і вызваліць Лівонію ад шведскіх заваёўнікаў. Аднак задума гетмана не здзейснілася. Жыгімонт тэрмінова выклікаў Хадкевіча ў Польшчу.

Для караля наступілі чорныя дні. З самага выбрання супраць яго выступала значная колькасць паноў і шляхты. Адны крыўдавалі на яго за тое, што акружыў сябе шведамі і немцамі, другія былі незадаволены дзеляжом дзяржаўных пасад, трэція проста не ўспрымалі Жыгімонта - чалавека маўклівага, падазронага, тугадумнага, ганарыстага. Пакуль быў жывы Ян Замойскі, непрыяцелі Жыгімонта цярпелі яго на пасадзе дзяржавы. Але пасля смерці канцлера асмялелі і адкрыта выказвалі незадавальненне каралём. Штуршком для рокашу (мяцяжу. - В.Ч.) стаў прыватны выпадак. Жыгімонт пазбавіў кракаўскага ваяводу Мікалая Жабрыдоўскага дзяржаўнага дома. Раззлаваны ваявода прыгразіў: «Я камяніцу, але кароль пасад хутка мусіць саступіць»[34]. І не толькі пагражаў, а пачаў гуртаваць вакол сябе паноў і шляхту. А каб знайсці больш важкую прычыну, Жабрыдоўскі заявіў, што Жыгімонт патаемна без ведама сойма вядзе перамовы з Габсбургамі і жадае аддаць ім карону. Уцягнуў дзяржаву ў шведскую вайну, акружыў сябе хітрымі езуітамі, якія лезуць у свецкія справы, змяняе прысуды трыбуналаў - словам, грахоў за каралём досыць, каб пазбавіцца ад яго. У Літве Жабрыдоўскага падтрымаў Януш Радзівіл. Князь таксама злаваўся на караля. Не забыўся на сваю крыўду за тое, што гетманская булава дасталася Хадкевічу.

Жабрыдоўскі і Радзівіл аб'ядналі свае сілы. У сваім універсале яны абвяшчалі, што падняліся на абарону шляхецкіх вольнасцяў. «А иншого ратунку на той час отчизне нашой не видимо»[35]. «Ратаваць» Рэч Паспалітую сабралася шмат «милостивых панов и ласкавых братий». Кароль прызнаў іх за мяцежнікаў. У Кракаў на каралеўскі заклік з усіх куткоў Рэчы Паспалітай, пакідаючы межы, прыйшлі верныя яму войскі. Асаблівае значэнне прыдаваў кароль пазіцыі ліцьвінскага гетмана. Па маці Ян Кароль быў у сваяцтве з Збароўскімі, якія яшчэ з элекцыйнага сойма выступалі супраць Жыгімонта. І таму кароль выклікаў Хадкевіча з Лівоніі. «Наляглі на мяне і прымусілі харугвы весці», - прызнаўся Ян[36]. Гэтак Жыгімонт паставіў свае інтарэсы вышэй за дзяржаўныя.

Замест таго каб скарыстацца плёнам перамогі, Хадкевіч заключыў з шведскім генералам Мансфельдам перамір'е да лістапада 1608 года. Такім чынам, шведы атрымалі патрэбны ім час для падрыхтоўкі новага паходу на Лівонію. А Хадкевіч адправіўся ратаваць караля.

На Варшаўскім сойме, які адбываўся ў траўні 1607 года, Жыгімонт апраўдаўся ад абвінавачванняў. Сойм ухваліў жаданне караля сілай расправіцца з рокашам. У адказ ракашане абвясцілі караля звергнутым. Вайны так і не ўдалося пазбегнуць. Каралеўскае войска на чале з Янам Каролям Хадкевічам і Станіславам Жулкеўскім рушыла на ракашан, якія стаялі каля мястэчка Варкі. Жабрыдоўскі, убачыўшы, што ягоныя сілы саступаюць Жыгімонту, падаслаў у каралеўскі лагер сваіх людзей падбухторваць жаўнераў да непаслушэнства. Каб супакоіць войска, абодва гетманы далі слова, што пачнуць перамовы з ракашанамі. На мір Жабрыдоўскі са сваімі паплечнікамі не згадзіўся. Ракашане рушылі на Кракаў. Войска выступіла ў пагоню. Каля Гузава Жабрыдоўскі спыніўся.

Бітва адбылася 6 ліпеня. Хадкевіч, які ўзначаліў правае крыло каралеўскага войска, павінен быў ваяваць супраць Януша Радзівіла. Вось давялося ім сысціся і на полі сечы. Сумна, што і героі лівонскіх перамог падзяліліся на два лагеры. Гербурт нават узначаліў правае крыло ракашан. Хадкевічу было «жаласна ісці на братоў сваіх»[37]. Прарочыя словы Жыгімонта Аўгуста збываліся. Нязгоды і гвалт запанавалі ў Рэчы Паспалітай.

Бітву пачаў коннай атакай Хадкевіч. І Януш Радзівіл годна сустрэў яго. Самкнутыя шыхты ягоных ваяроў адкінулі каралеўскіх вершнікаў. Ракашане на гэтым крыле перайшлі ў наступ. Адзін з іх, шляхціц Галаўня з гусарскага палка Радзівіла, аж прарваўся да каралеўскага намёту: «А дзе гэты швед?» - і ўпаў, забіты Жыгімонтавай аховай[38]. У гэты час Жулкеўскі, маючы пад сваім водствам куды больш жаўнераў, чым Хадкевіч, не вёў іх у бітву. Гэткая бяздзейнасць гетмана пагражала паразай. Добра, што кароль паслаў запасныя харугвы на дапамогу Хадкевічу. Перавага перайшла да каралеўскага войска, і праз гадзіну крывавай сечы яно разграміла ракашан. Хаця галоўныя зачыншчыкі мяцяжу Жабрыдоўскі і Радзівіл уцяклі, але ў палон трапілі іх паплечнікі, сярод якіх віцебскі ваявода Пац, брацлаўскі староста Аляксандар Каліноўскі, Гербурт. Радзівіл так спяшаўся, што забыўся аб скрыні з грашыма і дакументамі. У гэтай скрыні ляжала і дамова ракашан з Габрыэлем Баторыем аб паднясенні яму кароны.

Жабрыдоўскі схаваўся ў кляштары, а Радзівіл падаўся ў Літву. Януш не склаў зброю, а на свае грошы пачаў наймаць ваяроў з лівонскага войска, якое стаяла ў Берасці. З'яўленне ў Літве Хадкевіча, якому кароль наказаў «вока мець» на мяцежнікаў, стрымала Радзівіла ад кровапраліцця. Ян Кароль, каб супакоіць воінаў, аддаў ім сваё родавае срэбра. Пасля таго як Жабрыдоўскі запрасіў каралеўскай ласкі, з'явілася надзея, што і Януш Радзівіл здасца. Аднак асцерагаючыся Хадкевіча, ён не распускаў сваё войска. Ян Кароль праяўляў мудрае цярпенне і дачакаўся, пакуль сам Януш не склаў зброю. Мяцеж праваліўся, але шкоды дзяржаве прынёс нямала. Была страчана магчымасць пераможна закончыць вайну са шведамі. Падзеі рокаша і праліццё крыві «братоў сваіх» прыгняталі Хадкевіча і ён цяжка перажываў: «Ужо даводзіцца шалець, бо блізка ўсё прымаю і не спіцца, а ў галаве пустата, пакуль пару кілішкаў віна не вып'ю і гэта вяртае мне галаву»[39]. Зразумела, што гетман стаміўся і патрэбны быў адпачынак, каб аднавіць растрачаныя сілы. Ды які там адпачынак, калі чакала абароны шматпакутная Лівонія. «Жаласліва мне раставацца з табою, добрай жонкай і мілымі дзеткамі, але мушу так рабіць, бо жаласней, калі, як пёс або быдла, загіну, аглядаючыся на цябе або на дзяцей. Гатовы памерці пачціва, бо пачуваюся і хачу заставацца рыцарскім чалавекам, а не здрадцам, праз якога гінуць людзі»[40]. Трэба было зноў вяртацца ў Лівонію.

 

Заставаўся пераможцам

Мансфельд парушыў перамір'е, і шведы пачалі спусташаць Вендэнскую зямлю. Пад Белым Камнем яны разбілі атрад Андрэя Збароўскага, які паранены трапіў у палон. Застаўшыся без гарнізона, Белы Камень здаўся шведам. А напрыканцы чэрвеня 1608 года са Швецыі прыбыў на 60 караблях Карл з новым войскам. Шведы высадзіліся ў вусці Дзвіны і адразу ж адзначылі сваё з'яўленне рабаваннем насельніцтва. Карл сам заахвочваў сваіх ваяроў да разбою, пэўна, гэтак жадаў падняць іх баявы дух. Праз тыдзень са Швецыі прыплыло яшчэ 80 караблёў з папаўненнем, гарматамі, правіянтам і зброяй. Хто толькі ні складаў шведскае войска: ангельцы, французы, шатландцы, галандцы, немцы, палякі, нават туркі. Гэтым разам Карл падрыхтаваўся грунтоўна і не сумняваўся ў перамозе. Пра сілу ворага Хадкевіч ведаў з данясенняў віжаў, якіх меў і ў Швецыі. А ён не мог разлічваць на дзейсную падтрымку караля і сената. Аднак гетман не апускаў рукі і агітаваў ліцьвінскую шляхту падняцца на вайну з шведамі. І пакуль у Ляхавічы сабіраліся шляхціцы, Карл спяшаўся скарыстацца безабароннасцю Лівоніі і апанаваць яе. Больш за ўсё шведскага караля вабіла Рыга. Вось да аблогі гэтага горада і прыступілі шведы. Першы ўдар нанеслі па Дынамюндэ - рыжскаму фарпосту. З 20 па 22 ліпеня шведскае войска беспаспяхва штурмавала цвержу. Аднак 26 ліпеня гарнізон адчыніў браму. Здаліся шведам Кокенгаўзен і Фелін. Больш траціць час на зборы Хадкевіч не мог і на чале 2-тысячнага аддзелу выступіў у Лівонію. Трэба адзначыць, што на заклік гетмана адгукнуліся несвіжскія Радзівілы (Сіротка - ваявода віленскі выставіў 200 гусараў, ды ягоны сын Альбрэхт узначаліў почту ў 300 чалавек). Выставілі почты і іншыя вяльможныя паны: наваградскі ваявода Крыштоф Хадкевіч, Валовічы, Кішкі, прыйшоў слаўны рыцар Тамаш Дуброва. Вяртанне ў Лівонію Хадкевіча напужала шведаў, бо ўжо ведалі, з кім ім наканавана мець справу. Не дзіўна, што яны пазбягалі бітвы з «вялікім воінам», схаваліся за сцены Дынамюндэ.

Тады Хадкевіч выбраў іншую тактыку - імклівых і патаемных паходаў, нечаканых для ворага манеўраў, найбольш яскрава прадэманстраваўшы яе ў паходзе на Пернаў. Авалоданне гэтым горадам перарывала б прамую сувязь Рэвеля з рыжскай групоўкай шведаў. Рухаліся ліцьвіны ўначы, а днём хаваліся па лясах. Хадкевіч разлічваў на нечаканы напад. Не шкадаваў ні сябе, ні ваяроў. Нават вогнішчы забараніў паліць, каб не выдаць сябе раней часу. Усё ж ад віжаў гарнізон даведаўся пра небяспеку. Хадкевіч з войскам падышоў уначы да горада і заклікаў тых, хто любіць караля і Айчыну, дзеля славы народа свайго ісці з ім на штурм. І першы пусціў каня да гарадскіх мароў. Ваяры схапілі за аброць ягонага каня і прасілі гетмана не рызыкаваць сабой, а яны з ахвотай гатовы біцца з ворагам. Хадкевіч накіраваў почты Крыштофа Хадкевіча, Валовіча, Дубровы на штурм. Хаваючыся ў начной цемры, ліцьвіны пад агнём гармат прабраліся да брамы і ўзарвалі яе петардамі. І шведаў пакінула мужнасць. Раніцой да Хадкевіча прынеслі ключы ад горада. Гэта адбылося 16 сакавіка 1906 года - новая перамога Яна Кароля Хадкевіча. Сама значнымі трафеямі былі два караблі з гарматамі. Хітры на выдумкі гетман прыдумаў, як выкарыстаць іх. У ангельскіх і галандскіх купцоў ён набыў некалькі ладдзей. У Хадкевіча з'явіўся флот, а гэтага шведы не чакалі. Шведскія караблі стаялі каля Шалца. Маракі пачувалі сябе ў бяспецы. І якім было іх здзіўленне, калі яны ўбачылі на моры невядомую эскадру. Аднак, калі пазналі свае караблі, дык супакоіліся. А дарэмна. Хадкевіч і на гэты раз ужыў нечаканы ход. Да шведскіх караблёў падплылі гружоныя порахам ладдзі. Не паспелі шведы ўцяміць што да чаго, як ліцьвіны запалілі порах і перабраліся ў лодкі. Агонь ад выбухаў перакінуўся і на шведскія караблі, з якіх два згарэлі. Напужаныя шведы паднялі ветразі і адчалілі ад берага. Як бачым, і на моры святкаваў перамогу «вялікі воін».

Цяпер Хадкевіч направіўся да Дынамюндэ. На дапамогу гарнізону прыйшоў Мансфельд і як высветлілася - па сваё бясслаўе. Папярэднія паразы ад ліцьвінаў проста вымагалі яго пакрыць ганьбу гучнай перамогай над ліцьвінскім гетманам. Але памылкай Мансфельда было тое, што ён зноў спадзяваўся на колькасную перавагу свайго войска: меў ён 14 000 чалавек. Так, яно вызначалася шматлікасцю і добрым узбраеннем; ваяры з усёй Эўропы прайшлі школу Марса. Мансфельд лічыўся адным з лепшых водцаў у габсбургскай імперыі. Шведскае войска адпавядала патрабаванням таго часу, але вайсковы геній Хадкевіча апярэдзіў час. Ліцьвінскі гетман абапіраўся на мабільнасць і манеўранасць, умела выкарыстоўваў асаблівасці мясцовасці, хутка і рашуча прымаў рашэнні і асабістай мужнасцю і смеласцю вёў за сабой ваяроў. Мансфельд быў упэўнены ў перамозе. І здавалася, ягоныя спадзяванні збываліся. 27 верасня Хадкевіч раптам адступіў ад Дынамюндэ і пераправіўся цераз Дзвіну. Мансфельд палічыў гэты манеўр за ўцёкі. Спакуса не ўпусціць перамогу ўзяла сваё над абачлівасцю. Мансфельд рушыў войска ўслед за Хадкевічам. Праз наведзены мост шведы пачалі перапраўляцца на другі бераг. Вось тут і высветлілася, што Хадкевіч не ўцёк, а чакаў іх у засадзе. І як толькі палова шведскага войска пераправілася, ліцьвіны кінуліся ў бой. Так і не выкарысталі шведы ні сваёй колькаснай перавагі, ні тактычных прыёмаў, ні добрай зброі. Ліцьвіны не далі ворагу пастроіцца, імклівай лавінай наляцелі на яго, зламалі, стапталі і загналі ў раку. Каля тысячы шведскіх жаўнераў склалі зброю. Убачыўшы бясслаўную загубу сваіх сяброў, жаўнеры павярнулі і ўцёкамі выратавалі сваё жыццё. Пабіты Мансфельд убраўся з-пад Рыгі. Хадкевіч заняў Дынамюндэ, даў адпачынак войску і адправіўся на сустрэчу з Жыгімонтам, які знаходзіўся ў Вільні перад выправай на Смаленск. Канешне, гетмана цікавіла меркаванне караля адносна шведскай вайны - ці будзе папаўненне і калі паступіць жалаванне ваярам. Кароль урачыста прыняў праслаўленага гетмана. Ад імя ягамосці з пахвальнай прамовай выступіў каронны падканцлер Фелікс Крыцкі. «Мала пра такіх гетманаў у кроніках прачытаем, якія і водцы і жаўнера службу правілі. Справы рук тваіх альбо першыя ў кроніках, альбо з першымі віцязямі параўнаны будуць. Сэрца і мужнасць Вашай міласці, нашым народам абодвух панстваў, з крыві якіх паходзіш, бессмяротную славу прыносіш»[41]. Апроч пахвал Жыгімонт нічым не парадаваў Хадкевіча: войска і грошы былі кінуты на вайну з Масковіяй. Кароль жадаў, каб і Хадкевіч прыняў у ёй удзел. Сам гетман адмоўна ставіўся да гэтага: «Я ніякіх захадаў да Масквы не чыню... Сваёй айчыны шукаю, чужога не прагну»[42]. І трапіў у каралеўскую няміласць.

За палітычныя пралікі ўрада Рэчы Паспалітай плацілі крывёю і жыццём ваяры. Цярпенне ў іх нарэшце скончылася. Пасля вяртання Хадкевіча з пустымі рукамі ваяры адмовіліся несці службу, пакуль ім не заплацяць. І былі правымі - свае абавязкі перад дзяржавай яны неслі, а дзяржава нічым не падтрымлівала іх, асуджала ці на галодную смерць, ці на загубу ад моцнага ворага. Пустымі абяцаннямі не накорміш і не адзенеш. Хадкевіч даў згоду ўтварыць канфедэрацыю і заявіў, што і сам падтрымлівае канфедэратаў. А дзе павінен быць водца, як ні са сваімі вайсковымі сябрамі, асабліва ў час бяды. «Яшчэ адзін цяжар прычыніўся мне. Я пана Бога прашу аб смерці і не маю яе: жыць у такіх клопатах усё роўна як у пекле, яшчэ і чужыя цяжкасці нясу і цярплю. А мне самому служба абрыдла, але так сорамна з поля сыходзіць, жадаў бы смерці», - толькі ў лістах да жонкі прызнаваўся Хадкевіч[43]. А перад воінамі трымаўся мужна і цвёрда, беручы на сябе іх роспач і безнадзейнасць. І з-за павагі і любові да свайго водцы ваяры не кінулі яго і, вось дзіва, пайшлі за ім у бой.

Шведы не давалі спакою. Мансфельд ачуняў ад паразы і з 6-тысячным аддзелам падступіў пад Пернаў. Ян Кароль са скрухай прызнаўся: «І так яшчэ не выцершы крывавага поту з твару, з цяжкім жалем мушу прыняць гэтую небяспечнасць»[44]. Усё ж пайшлі за ім ваяры, даравалі свае крыўды на караля і дзяржаву. Тры тысячы сабраў гетман - дастаткова, каб даць шведам бой. Толькі Мансфельд навучыўся баяцца Хадкевіча і добра ведаў, чаго каштуе сустрэча з ім. Шведскі водца паклапаціўся аб абароне. Лагер шведы паставілі паміж морам і ракой, насыпалі з двух бакоў высокія валы і выкацілі на іх сорак гармат. Усе дарогі да лагера шведы завалілі засекамі. Аднак Хадкевіч абышоў Пернаў з другога боку, зрабіў вялікі круг у 20 міль і з'явіўся там, дзе яго не чакалі. Тут знаходзіўся шведскі блакгаўз. Шведы, якія заселі ў ім, не прынялі гетманскай прапановы памерацца сіламі ў чыстым полі. Тады Хадкевіч паслаў на штурм пяхоту і захапіў умацаванне. Мансфельд усяляк ухіляўся ад бітвы і хаваўся за высокімі валамі лагера. Хадкевіч загадаў наводзіць масты цераз раку, каб самому атакаваць шведаў. Гэта напужала Мансфельда і ён адступіў ад Пернава. На баку Хадкевіча была цяпер і псіхалагічная перамога - вораг баяўся яго. Аднак без фінансавай падтрымкі ад урада ўтрымліваць каля сябе ваяроў Хадкевічу было ўсё складаней. Яны зноў патрабавалі платы. Некалькі дзён канфедэраты бяздзейнасцю выказвалі пратэст. Гэта і вярнула смеласць шведам. Мансфельд рушыў на Дынамюндэ. Уперадзе патаемна кралася па лясах пяхота. Набліжэнне ворага прымусіла ваяроў успомніць свой абавязак і ў баявой гатоўнасці яны чакалі сустрэчы з ім. Бітва адбылася 6 лістапада каля Дынамюндэ. Шведы напалі на абоз і захапілі яго. Пасланая Хадкевічам конніца пагнала шведаў з поля сечы. Мансфельд не паспрабаваў нават выправіць становішча. Водца ўжо не верыў у перамогу - пры першай няўдачы змірыўся з паразай і клапаціўся толькі аб тым, каб уратавацца.

Шведскае войска ператварылася ў натоўп баязлівых людзей. Пагоня, якую выслаў гетман, завяршыла разгром. І Дынамюндэ ўжо не супраціўляўся. Камендант цвержы вынес ліцьвінскаму гетману ключы.

Паразы шведскага войска ў Лівоніі нарэшце прымусілі рыксдаг патрабаваць ад Карла мірнай перадышкі. Швецыя прапанавала Рэчы Паспалітай перамір'е, якое неўзабаве і было заключана.

 

«Смутное время»

Другі прэтэндэнт на Лівонію Масковія ў гэты час перажывала нялёгкія часы, названыя пасля «смутным временем».

А ўсё пачалося з загадкавай смерці ў 1591 годзе малодшага сына Івана Жахлівага, Дзмітрыя. Афіцыйна было прызнана, што царэвіч гуляў з ножыкам і сам закалоўся. Іншыя сцвярджалі, быццам Дзмітрыя забілі і падазравалі ўсясільнага баярына Барыса Гадунова. Хадзілі і такія чуткі, маўляў, царэвіч выратаваўся, а забілі іншага хлопчыка і менавіта яго пахавалі замест царэвіча. Ніхто тады не мог уявіць, які неверагодны і трагічны працяг будзе мець гэтая гісторыя. Пасля смерці ў 1598 годзе цара Фёдара Земскі сабор выбраў на царства Барыса Гадунова. Незадаволеныя новым царом радавітыя баяры і князі шукалі загубы на галаву Барысу. Зноў ажылі пагалоскі, што царэвіч Дзмітрый уцёк і вось з'явіцца ў Масковіі, каб узяць пасад свайго бацькі. У краіне, дзе народ верыў у «добрага цара», падобныя чуткі абнадзеілі сэрцы тых, у каго не гнулася спіна на баяр, хто марыў разбоем здабываць хлеб.

Вось у гэты час і з'явіўся чалавек, які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўвайшоў у гісторыю пад імем Ілжэдзмітрыя І. Хто б ён ні быў, але трэба прызнаць, што гэты чалавек - незвычайная і смелая асоба. Барыс Гадуноў абвяшчаў, што гэта беглы манах растрыга Грышка Атрэп'еў, чым не адвадзіў ад яго прыхільнікаў. Народ дачакаўся «добрага цара» і падтрымаў яго.

Сапраўднае ўзвышэнне Ілжэдзмітрыя пачалося, калі ён трапіў да сандамірскага ваяводы Юрыя Мнішака, таго самага хітрага інтрыгана, які пастаўляў наложніц Жыгімонту Аўгусту і абкрадаў дзяржаўную скарбніцу.

Мнішак ажаніў сваю дачку Марыну з царэвічам. Такі зычлівы клопат Ілжэдзмітрый абяцаў шчодра акупіць. Марыне ён адпісваў Ноўгарад і Пскоў, а старому Мнішаку - Смаленск і Северскае княства, ды яшчэ і нямала грошай. Абнадзеены Мнішак наняў для свайго зяця войска ў 1600 чалавек, ахвочых да прыгод і лёгкай нажывы ў Масковіі. Зацікавіліся царэвічам і езуіты. Кароль Жыгімонт афіцыйна не падтрымаў самазванца, але не забараніў яму набіраць войска і назначыў штогадовае ўтрыманне. Напрыканцы кастрычніка 1604 года Ілжэдзмітрый уступіў у Чарнігаўска-Северскую зямлю. І нават параза ад царскай раці ўжо не спыніла Ілжэдзмітрыя. Ён сам ужо быў ахвярай сваёй авантуры, тым сцягам, пад які сталі тысячы людзей. Заявіліся да «царэвіча» і данскія казакі з атаманам Заруцкім. Далучыліся да самазванца баяры, варожыя да Барыса Гадунова. Павялічваючы свае шэрагі і разганяючы царскія раці, Ілжэдзмітрый падступаў да Масквы. Каб падняць баявы дух сваіх ваяроў, ён паведаміў ім, што нібыта сам Ян Кароль Хадкевіч з ліцьвінскім войскам ідзе яму на дапамогу. Вестка гэтая дасягнула вушэй маскоўскіх ваяроў і нагнала на іх жаху. Гэтак міжволі імя непераможнага гетмана добра саслужыла Ілжэдзмітрыю.

А ў Маскве «добрага цара» чакала галыцьба і чэрнь, чакалі і баяры. Нечакана памёр цар Барыс, падазравалі, што яго атруцілі. Нядоўга царстваваў новы цар Фёдар Гадуноў. У Маскве ўспыхнула паўстанне ў падтрымку самазванца. Фёдар быў забіты. Маскоўскі пасад вызваліўся і яго заняў Ілжэдзмітрый. Ён стаў правіць у Масковіі, як Дзмітрый Іванавіч. Але супраць самазванца ўчынілі змову князі Шуйскія і Галіцыны. Змоўшчыкі распускалі чуткі, што новы цар - беглы манах Грышка Атрэп'еў, які жадае звесці праваслаўную веру, расправіцца з баярамі і падзяліць з Жыгімонтам Масковію. Галоўнымі выканаўцамі волі змоўшчыкаў сталі шматлікія зладзеі, якіх яны выпусцілі з вязніц. Гэтыя зладзеі і падбівалі народ супраць цара. Патаемна ў Маскву быў уведзены атрад стральцоў. Але паколькі мала хто верыў у пагалоскі, змоўшчыкі ўдарылі ў набат, маўляў, палякі задумалі забіць цара. Народ кінуўся да Крамля бараніць Ілжэдзмітрыя. І пакуль просты люд падстаўляў свае галовы пад зброю царскай варты, змоўшчыкі ўварваліся ў палаты і засеклі самазванца. Чарговым царом паспешліва абралі князя Васіля Іванавіча Шуйскага. З такімі выбарамі шмат хто не пагадзіўся і не прыняў назначанага маскоўскімі галаварэзамі ўладара. Адна смута парадзіла другую - больш жахлівую і крывавую. Яшчэ не пахавалі Ілжэдзмітрыя, як ужо Масква напоўнілася чуткамі, што цар паспеў уцячы і замест яго забілі іншага. Царскі каморнік кляўся, што труп, які выставілі на агляд людзям, зусім непадобны на Ілжэдзмітрыя. Падазрэнні павялічвала і адзетая на твар нябожчыка маска. У ворагаў Шуйскага з'явілася добрая падстава падняць супраць яго мяцеж. Завадатарам новай смуты сталі князі Грыгорый Шахоўскі - пуціўльскі ваявода і Андрэй Целятэўскі - чарнігаўскі ваявода. Яны пачалі збіраць войска з беглага люду, галыцьбы і чэрні, прымалі да сябе казакоў. Знайшоўся і правадыр гэтаму воінству - былы халоп Іван Балотнікаў. Толькі паўстанцы падыйшлі да Масквы, як агонь паўстання ахапіў палову дзяржавы. Шуйскаму ўдалося разбіць паўстанцаў і загнаць іх у Тулу. Два разы яны слалі Мнішаку просьбы паслаць у Масковію якога-небудзь Ілжэдзмітрыя: «Ад мяжы да Масквы ўсё нашае, ідзіце і бярыце, толькі пазбаўце нас ад Шуйскага»[45]. Нарэшце новы Ілжэдзмітрый з'явіўся. Верагодна, гэта быў нейкі адважны і кемлівы авантурыст з Магілеўшчыны. У Баркулабаўскай кроніцы знаходзім звесткі, што новы самазванец «был напервей у попа шкловского именем, дети грамоте учил, школу держал; а потом до Могилева пришол, также у священника Федора Сасиновича Никольского у селе дети учил. А сам оный Дмитр Нагий мел господу у Могилеве у Терешка, который проскуры заведал при церкви святого Николы. И прихожувал до того Терешка час немалый, каждому забегаючи, послугуючи, а мел на себе оденье плохое, кожух плохий, шлык баряный, в лете в том ходил»[46]. Адзін з сучаснікаў адзываўся так пра новага самазванца: «Ён чалавек нікчэмны, неадукаваны, без гонару і сумлення, блюзнерца, п'яніца, распуснік»[47]. Але важна была не асоба, а імя, якое ён прысвоіў, - Дзмітрый. Вось гэты чалавек і загарэўся думкай паўтарыць шлях свайго папярэдніка па самазванству. Упершыню ён абвясціў сябе Дзмітрыем у мястэчку Прапойску, дзе трапіў у мясцовую вязніцу. Ратуючыся ад няволі, і выдаў сябе за маскоўскага цара. Пакуль новы самазванец збіраў сваіх прыхільнікаў, пала Тула. Шуйскі расправіўся з паўстанцамі. Гэтым разам дапамагаць самазванцу вызвалася ліцьвінская шляхта. Спакуса дабрацца да багатых маскоўскіх скарбніц пагнала іх з дому. Адным з першых са шматлікай почтай прыбыў да другога Ілжэдзмітрыя мазырскі харунжы Будзіла. Пазней прывёў тысячную почту Самуіл Тышкевіч, выставіў аддзел князь Раман Рожынскі. Цэлае войска ў 7 тысяч вершнікаў сабраў староста ўсвяцкі Ян Сапега. Вось бы гэтыя сілы ды Хадкевічу! Але ліцьвіны трацілі свае сілы на сумніцельныя авантуры. Вясной 1608 года князь Рожанскі, выбраны гетманам, выступіў з войскам самазванца на Маскву.

Вяртанне «добрага цара» падняло новую хвалю мяцяжоў супраць Васіля Шуйскага. І ўсё менш і менш заставалася ў цара надзей усядзець на пасадзе. Ажывіліся ягоныя недругі сярод баяраў. Не выказвала ахвоты змагацца за цара і войска. Пад Болхавам яно пабегла з поля сечы пад ударамі ваяроў Ілжэдзмітрыя. Сталіцу самазванец не ўзяў і спыніўся каля Тушына, за што і атрымаў мянушку «тушынскі вор». Поспехі Ілжэдзмітрыя памножылі шэрагі ягоных прыхільнікаў. У Тушына прыбывалі харугвы ліцьвінскай і польскай шляхты, запарожскія і данскія казакі, галыцьба і розны зброд. Знайшлі тут прытулак ракашане Жабрыдоўскага. Прыйшоў з татарамі касімаўскі хан. Параза 15-тысячнага войска ад атрада Яна Сапегі пад вёскай Рахманцавай развеяла веру ў Шуйскага. Баяры з Масквы пабеглі да самазванца. Цар быў падобны «арлу без пёраў, без дзюбы і кіпцюроў». І ўжо, калі Марына Мнішак прызнала ў другім Ілжэдзмітрыі свайго мужа, а пасля патаемна абвянчалася з ім, дык мала хто сумняваўся ў ягонай перамозе.

Самазванец правіў як сапраўдны ўладар: жалаваў землямі і пасадамі, назначаў у гарады ваявод. Была створана і свая баярская дума, дзейнічалі прыказы. Нават быў свой патрыярх. Заставалася толькі ўзяць Маскву і перайсці на царскі трон. А Масква трымалася ўсю зіму. Ян Сапега са сваім воінствам беспаспяхова біўся аб сцены Троіцка-Сергіеўскага манастыра. Ратуючыся ад немінучага падзення, Васіль Шуйскі ў лютым 1609 года заключыў дамову з шведскім каралём Карлам. Цар адмаўляўся ад Лівоніі, згаджаўся быць саюзнікам супраць Жыгімонта і саступаў Карэлу, а кароль абяцаў выставіць яму наёмнае войска. Гэты саюз выклікаў зразумелую трывогу ў Жыгімонта, і ён вырашыў ударыць першым па Масковіі.

Між тым становішча самазванца пагоршылася. І калі шляхта буйствавала за выпіўкай ды ганялася за дзеўкамі, дык казакі і галыцьба рабавалі ўсё да апошняга цвіка і пускалі на агонь гарады і сёлы. Ясна, што просты люд бараніўся як мог ад такой напасці. У Разані мясцовы ваявода Пракоп Ляпуноў сабіраў апалчэнне. Вызваліліся ад улады самазванца Паволж'е і Памор'е.

Вясной 1609 года пляменнік цара, малады і таленавіты палкаводзец Міхайла Скопін-Шуйскі і Якаў Дэлагардзі выступілі з Ноўгарада на чале аб'яднанага маскоўска-шведскага войска. Карл выканаў абяцанне і даў Шуйскаму пяць тысяч наймітаў ды яшчэ дзесяць тысяч рознага зброду, які далучыўся да іх. Разбіўшы некалькі дробных аддзелаў Ілжэдзмітрыя, Скопін і Дэлагардзі вярнулі цару Ноўгарадскую і Пскоўскую землі.

А ў верасні 1609 года войска Рэчы Паспалітай, якое вёў сам кароль і вялікі князь, узяло ў аблогу Смаленск і ўвязла на месяцы. Пераможны рух Скопіна і Дэлагардзі, з'яўленне пад Смаленскам Жыгімонта сумна падзейнічала на тушынцаў. Пачаўся развал тушынскага лагера. Самазванец, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, на санках уцёк у Калугу. Пасля гэтага Рожынскі прыняў Жыгімонтаву прапанову і далучыўся да каралеўскага войска. А самазванец пачаў заклікаць маскавітаў на вайну з Жыгімонтам. «Не дазволім панаваць ерасі, не саступім каралю ні кала ні двара»[48]. Без асаблівага супраціўлення з боку тушынцаў Скопін і Дэлагардзі дайшлі да Масквы і ў сакавіку ўрачыста ўехалі ў сталіцу. Заўчасная смерць Скопіна, а падазравалі, што яго атруцілі, адняла ў цара сама таленавітага палкаводца. Маскоўскае войска ўзначаліў нерашучы і баязлівы брат цара Дзмітрый Шуйскі. У бітве каля Клушына 24 чэрвеня 1610 года ліцьвінска-польскае войска гетмана Станіслава Жулкеўскага разграміла маскоўска-шведскую раць (40 тысяч маскавітаў і 8 тысяч шведаў) з-за бяздарнага кіраўніцтва Дзмітрыя Шуйскага. Як толькі вынік бітвы стаў ясным, дык шведскія найміты кінуліся рабаваць маскоўскі абоз і гэтым самым канчаткова падарвалі баявы дух маскавітаў. Жулкеўскаму засталося толькі дабіваць іх. Параза развязала рукі ворагам цара і пад іх ціскам ён адмовіўся ад царскага пасада. Васіля гвалтам пастрыглі ў манахі і схавалі ў манастыр. Да ўлады прыйшла баярская дума. Вяртанне пад Маскву самазванца напужала новы ўрад і ён упусціў у Маскву войска Жулкеўскага, які настойваў, каб царом абралі Жыгімонтавага сына Ўладзіслава. І жах быць пабітымі ад «холопей своих» зрабіў баярскую думу згоднай - Уладзіслава абвясцілі царом. Паводле дамовы, Уладзіслаў павінен быў прыняць праваслаўе, а кароль зняць аблогу Смаленска. Жыгімонт не згаджаўся прыняць гэтыя ўмовы ў надзеі прымусіць баяр абвясціць царом яго самога. Аднак у Маскве ўжо праводзілася прысяга новаму цару. Тым не менш пазіцыі самазванца заставаліся моцнымі - Суздаль, Уладзімір, Юр'еў, Галіч і Растоў гатовы былі прызнаць яго царом. Аднак, калі верны яму Ян Сапега не прыняў бітвы з аб'яднаным войскам маскавітаў і Жулкеўскага і адступіў ад сталіцы, самазванец зноў уцёк у Калугу. У Маскве гаспадарылі каралеўскія ваяры і так паказалі сябе, што маскоўскі люд застагнаў. Хітры гетман пачуў набліжэнне буры. Варта было даведацца народу, што кароль не жадае адпускаць сына на царства, як выбухнула б паўстанне. Жулкеўскі, дбаючы пра цноту сваёй славы, пакінуў расхлёбваць няславу Аляксандру Гасеўскаму і з'ехаў з сталіцы да караля. Як сама дарагі падарунак каралю прывёз з сабой і палоннага Васіля Шуйскага. На месцы нізложанага цара заўладарыў Аляксандар Гасеўскі, які падначаліў сваёй волі баярскую думу. І жыў па-царску ў харомах Барыса Гадунова.

Неўзабаве загінуў адзін з галоўных дзеячаў смуты - Ілжэдзмітрый. Доўга хадзіў ён каля смерці і вось не ўсцярогся. Падвёў самазванца гнеў на касімаўскага хана. Татарскі водца перайшоў да Ўладзіслава. На сваю бяду хан захацеў пабачыцца з сынам, які заставаўся верным Ілжэдзмітрыю. Калі ж хан прыехаў у Калугу, яго па загаду самазванца ўтапілі. Татары не даравалі расправы са сваім уладаром. Самазванец быў запрошаны імі на ловы і там забіты. Са смерцю Ілжэдзмітрыя ягоная партыя згубіла не проста правадыра, але і саму ідэю свайго змагання. Тушынцы раз'ехаліся з Калугі, якая прысягнула Ўладзіславу, шукаць, як і дзе ўладкавацца. Частка, прынамсі казакі, узначаленыя князем Дзмітрыем Трубяцкім і Іванам Заруцкім, далучыліся да апалчэння Пракопа Ляпунова, якое ў сакавіку 1611 года рушыла на Маскву. У сталіцы ўспыхнула паўстанне, якое падтрымаў перадавы атрад апалчэння, узначалены князем Дзмітрыем Пажарскім. Каб выратавацца ад поўнага разгрому, ліцьвінскія і польскія воіны паводле рады баяр запалілі горад. Сцяна агню раз'яднала ворагаў. Аблога Масквы 80-тысячным апалчэннем Ляпунова і 50-тысячным казацкім войскам закончылася няўдачай. Кіраўнікі перасварыліся паміж сабой. Аляксандар Гасеўскі ўмела выкарыстаў іх нязгоду. У адным з баёў у палон трапіў данскі казак. Яму і падсунуў Гасеўскі падложную грамату з падробленым подпісам Ляпунова. Нібыта той даў загад біць і тапіць казакоў - «гэты злы народ». Аслепленыя такой «злахітрасцю» казакі здзейснілі свой суд. Выкліканы на казацкі сход ваявода лёг там пад шаблямі ўгневаных недругаў. Са стратай правадыра апалчэнне развалілася. Земскія палкі разышліся. Пад Масквой засталіся толькі казакі Заруцкага і Трубяцкога. Было іх каля 50 000 чалавек, але так і не асмеліліся яны штурмаваць сталіцу. Між тым у Ніжнім Ноўгарадзе пасадскі староста Кузьма Мінін заклікаў народ выступіць за вызваленне радзімы. «Калі мы жадаем дапамагчы Маскоўскай дзяржаве, дык не будзем шкадаваць сваёй маёмасці, жыватоў нашых: не тое што жываты, але двары свае прададзім і дзяцей закладзём»[49]. Ніжагародцы пастанавілі сабраць апалчэнне. У патрыятычным парыве гараджане абклалі сябе падаткамі, а Мінін ахвяраваў частку маёмасці. Да Ніжняга Ноўгарада далучыліся і іншыя паволжскія гарады. Новае апалчэнне ўзначаліў князь Дзмітрый Пажарскі, які выракся клятвы цару Ўладзіславу. І толькі ў 1611 годзе Жыгімонт паслаў да Масквы войска, і вёў яго Ян Кароль Хадкевіч.

 

Ахвяра шчырасці

На час у Лівоніі наступіў мір. Швецыя вымушана была перакінуць свае сілы на вайну з Даніяй. А пасля смерці Карла Судэрманскага ў 1611 годзе ўвагу шведаў адцягвалі ўнутраныя справы. Такім чынам вызвалілася войска Хадкевіча. Але без справы яно не засталося. Жыгімонт адправіў гетмана на дапамогу маскоўскаму гарнізону. Пра сустрэчу з каралём Ян Кароль распавядае ў лісце да жонкі Софіі. Напаткаў гетман караля каля Талачына. Жыгімонт запрасіў Хадкевіча на вячэру. На здзіўленне Хадкевіча кароль піў за яго здароўе, якога «Вашай мосці зычым наперад». Пілі за гетмана, за яго слуг, за яго жаўнераў. «Аж галава задрыжала», - прызнаўся гетман. На п'яную галаву і язык развязаўся ў гетмана і спытаў ён у караля, якая ягоная віна. «Ніколі ў табе не сумняваўся», - адказаў кароль і прапанаваў гетману выпіць за яго. «Я, узяўшы шкляніцу поўную віна, сам яму мовіў: «Найяснейшы міласцівы кароль! Пілі паручнікі з рукі тваёй, пана міласцівага, дык чаму б я, гетман, не магу піць. А кароль ягамосць пацалаваў мне руку. Не хацеў я дапусціць гэтага: «Ты пан мой, а я слуга». Кароль мовіў: «Іншае табе, іншае другому, вельмі я табе павінны». І так, узяўшы маю шклянку віна ў сваю руку, трымаў, пакуль я піў. Стукнуў я шкляніцай па галаве, аж кароль кажа: «Мілы пане гетмане, не біце гэтай галавы, сіла наша ад яе залежыць». Сам яму адпавядаў: «І галава, і рука здаровыя, і сэрца сталае, а яно Вашай каралеўскай няласкі не выцерпіць». Кароль мне на тое падаў руку: нічога благога на мяне не мае і да мяне прыязны, каб я ніколі і ні чаму не верыў, калі мне хто аб ім паведае». Вясёлае баляванне за каралеўскім сталом зацягнулася да самай раніцы і ледзь не закончылася бойкай. Канцлер Леў Сапега, пакрыўджаны каралеўскай ласкай да гетмана, захацеў зняважыць яго. П'яны жаўнер Дзітрык палез абараняць свайго водцу і калі б не спынілі яго, дык рассек бы шабляй канцлеру лоб. Тут і таварыства пана канцлера схапілася за зброю. Ажно тры сотні гайдукоў прыставіў кароль ахоўваць Хадкевіча. «Але сам я па п'янай звадзе нічога не разумеў, бо быў вельмі п'яны і вясёлы», - па-дзіцячаму шчыра апраўдваўся Хадкевіч[50].

Вось такая сцэнка з жыцця каралеўскага двара, апісаная Хадкевічам. Канешне, такія пагулянкі здараліся з гетманам рэдка.

Праявіў бы кароль палітычную мудрасць і прадбачлівасць, паслаў бы Ўладзіслава з моцным войскам, дык плён гэтай вайны прынёс бы добры пажытак і пазбавіў бы і Масковію ад крывавай трагедыі. Толькі Жыгімонт спадзяваўся на тое, што баярская дума, сціснутая з усіх бакоў, прапануе царскі вянец яму. Такімі прывіднымі і авантурнымі надзеямі цешыў сябе Жыгімонт. Гэтая бяздарная палітыка караля не вяла да поспеху. Войска, якое меў Хадкевіч, налічвала ўсяго дзве тысячы чалавек. Як ён заявіў: «Падобна, не вялікія сілы патрэбны, але мужнасць; і калі войска добра папрацуе, дык будзе мець не верагодны, а верны поспех»[51]. Мэтай Хадкевіча была дапамога Гасеўскаму ўтрымаць Маскву. Валоданне сталіцай Масковіі з'яўлялася залогам таго, што царскі вянец дастанецца Жыгімонту Вазу. Ці ведаў Хадкевіч патаемныя намеры караля? Калі і ведаў, дык што мог змяніць. Ён - воін і павінен выконваць загад. І як там ні было - ішоў ён дапамагаць зусім не каралю, а сваім, абложаным шматлікім ворагам, ішоў ратаваць іх ад загубы. Гэтая выправа, паводле прызнання Хадкевіча, «маёй шчырасці была ахвяра»[52].

А давялося перш за ўсё думаць, як захаваць войска. Ваяры патрабавалі жалавання, утваралі канфедэрацыі і адмаўляліся служыць каралю. Маскоўскі гарнізон заявіў, што, калі Жыгімонт не заплаціць ім і не прышле змену, застанецца ў Маскве да 6 студзеня 1612 года. Вось і ўлагоджваў гетман незадаволеных, абяцаў, суцяшаў і зноў абяцаў. Часам і не вытрымліваў і пагражаў свавольнікам смерцю. Але нельга было патрабаваць ад чалавека таго, што вышэй за яго сілы. І тыя, хто засеў у Маскве, і тыя, хто ішоў ім на дапамогу, стаміліся ад доўгіх войнаў і нястачаў, знясілелі ад трывожнага жыцця. І калі яшчэ знаходзілі ў сябе сілы несці службу і супрацьстаяць ворагу, дык таму, што суцяшалі сябе надзеяй на ўдзячную ўзнагароду ад караля. Ды і раз'ядноўвала войска нязгода. Палякі не хацелі падначальвацца гетману літоўскаму і прынялі бок смаленскага намесніка Патоцкага, які варагаваў з ім з-за ўлады.

Прыход Хадкевіча 4 кастрычніка 1611 года пад Маскву нагнаў жаху на маскоўскае апалчэнне. Паляцелі па гарадах вестуны: «Змілуйцеся, зрабіце гэтую справу хутчэй, ратнымі людзьмі і скарбніцаю дапамажыце»[53]. На гэты заклік ішлі на дапамогу новыя аддзелы.

Гетман таксама ўмацоўваў свае шэрагі і прыняў на службу сапежанцаў, якія пасля смерці свайго водцы не ведалі, каму прадаць свае паслугі. Але і пасля гэтага ў Хадкевіча не хапала сіл, каб вызваліць Маскву ад аблогі. Апалчэнне колькасна значна пераўзыходзіла ягонае войска. Маскавіты заселі ва ўмацаваннях і сцераглі подступы да горада. Выкурыць іх з «ямаў» у Хадкевіча не хапала пяхоты. І ўсё ж ён паспрабаваў прарвацца праз непрыяцельскія заслоны ў крэмль і даставіць туды абоз з правіянтам і зброяй. 5 кастрычніка гетман пераправіўся з войскам цераз раку Маскву і ўступіў у бой з ворагам. Некалькі разоў гетман атакай конніцы апракідваў маскавітаў і заганяў іх назад у табары. А выбіць іх адтуль без гармат і пяхоты было цяжка. Хадкевіч адступіў і стаў лагерам каля Краснага Сяла.

Трэба было выбіраць тактыку. Без пэўных надзей на хуткую дапамогу ад караля - увесці ў Маскву войска - значыла залезці ў пастку. Калі не зброяй, дык голадам вораг прымусіў бы здацца. Правільным рашэннем бачылася падтрымліваць гарнізон прадуктамі і перашкаджаць маскавітам весці аблогу. Хадкевіч выбірае гэты план. Назначыўшы плату гарнізону, чым падняў паніклы дух абаронцаў сталіцы, ён адышоў ад Масквы на зімнія кватэры ў мястэчка Рагачоў. Спакойнага жыцця не прадбачылася. Некалькі аддзелаў гетман выправіў на пошукі харчу. З Масквы даносілі пра голад. Людзі ўжо харчаваліся здыхлінай. Што меў, тым і дзяліўся гетман з братамі па вайсковай службе. На пасланы ім абоз князя Карэцкага напалі маскавіты і адбілі большую частку. Усё ж з баямі, праз варожыя заслоны, трываючы маразы, ад якіх людзі замярзалі да смерці, Карэцкі ўвёз харчы ў Маскву.

Новы 1612 год пачаўся з выступу ваяроў, якія патрабавалі жалавання. Ракавы дзень 6 студзеня надышоў. Кароль нават не даў адказу. А пад удар трапіў гетман. Ваяры ўчынілі канфедэрацыю. Угаворы і нават пагрозы Хадкевіча не дзейнічалі. Да канфедэрацыі далучылася частка маскоўскага гарнізона. У сакавіку канфедэраты, лікам 7 тысяч чалавек, адправіліся ў Польшчу патрабаваць ад караля выплаты жалавання. Услед за імі, паддаючыся інтрыгам Патоцкіх, і сапежанцы кінулі гетмана і пайшлі ў Літву. А гэтая страта каштавала чатырох тысяч вопытных воінаў. І хаця Хадкевіч наняў на службу аддзел мазырскага старосты Язэпа Будзілы, гэта не аднавіла страты. У Маскве застаўся невялічкі гарнізон у 1600 чалавек. У такім становішчы Хадкевіч міжволі адмовіўся ад актыўных дзеянняў. Адзінае, што ён мог, дык збіраць прадукты і пасылаць іх у Маскву, каб гарнізон канчаткова не разбегся ад голаду.

Змучаныя жаўнеры марылі пра мір. З Масквы пісалі гетману наступнае: «Нам не столькі цяжка ад бачнага ворага, не столькі цяжка пераносіць крывавую працу, але мы не можам вытрымаць голаду. Прыніжана просім вашу міласць злітавацца над нашай злабядой і нястачай, не асуджаць нас на больш цяжкую бяду, прыняць зычліва нашу просьбу і звесці нас са сцен да апошняга дня жніўня, таму што цярпець далей гэтага тэрміну нам, якія страцілі ўсе сілы, не дазваляюць чалавечыя законы, наша здароўе і нарэшце ваша абяцанне, пан гетман. Мы і да караля адправілі паноў з паўторнай заяваю, што не можам заставацца далей у гэтым ярме»[54]. Грошай у гетмана не было. Каб утрымаць гарнізон на службе, ён аддаў у залог царскія рэгаліі. Мала радавалі гэтыя залатыя рэчы. Даражэй за золата цаніліся ў Маскве ежа, асабліва гарэлка, якой ратаваліся ад цынгі. Новая спроба Хадкевіча зняць аблогу не прынесла перамогі. Маскавіты заселі ва ўмацаваннях і выбіць іх адтуль без гармат і шматлікай пяхоты было немагчыма. Масква заставалася ў аблозе. Калі не зброяй, дык дыпламатыяй Хадкевіч паспрабаваў дамагчыся перамогі. Сваім саюзнікам ён выбраў Івана Заруцкага. Пасрэднікам у перамовах гетман паслаў шляхціца Барыслаўскага. Каб не выклікаць падазрэнняў у маскавітаў, Барыслаўскі заявіў, што ён незадаволены гетманам і хоча служыць маскавітам. Яму паверылі. Інтрыгу выкрыў перабежчык паляк Хмялеўскі, які паведаміў, што Барыслаўскі вядзе перамовы з Заруцкім. Барыслаўскага палілі агнём, але ён мужна вытрымаў катаванні і памёр, не выдаўшы тайны. Аднак напужаны Заруцкі падняў сваіх казакоў і павёў іх на Каломну, дзе жыла з сынам Іванам Марына Мнішак. Узяўшы «царыцу», Заруцкі разграміў горад і рушыў спусташаць Разанскую зямлю.

 

Простая ісціна

Да сталіцы падыходзіла апалчэнне Дзмітрыя Пажарскага. Хадкевіч знаходзіўся ў Вязьме, дзе чакаў абяцаных каралём пасілкаў. І расчараваўся. Жыгімонт прыслаў тысячу немцаў. Прыйшлі і 8 тысяч запарожскіх казакоў.

«Увесь цяжар нашай Літве дастанецца. Тое сам пан Бог бачыць і нічога ад казакоў не маем, бо яны кроў праліваюць і цэрквы плюндраваць будуць, а справу гэтую можна было без крыві справіць», - прызнаваўся Хадкевіч[55]. Справядлівы дакор Хадкевіча каралю: «Толькі абяцаннямі цешылі мяне»[56]. Усяго Хадкевіч меў каля 12 тысяч чалавек супраць 30-тысячнага апалчэння Пажарскага. Не багата, каб на роўных біцца з ворагам. «Але як чалавек мужнага сэрца»[57] (так адазваўся пра Хадкевіча Язэп Будзіла - В.Ч.), гетман выступіў да Масквы, каб дапамагчы абложаным і даставіць ім прадукты.

На адзін дзень апярэдзілі апалчэнцы Пажарскага гетмана і 30 жніўня падступілі да сталіцы і пакляліся «стаяць пад Масквою і пакутаваць усім і біцца да смерці»[58]. Вось як апісаў гэты бой Язэп Будзіла: «Гетман, натхнёны мужнасцю, загадаў усёй невялікай конніцы атакаваць маскавітаў. Сілы былі няроўнымі, таму што ў гетмана было мала конніцы, а маскоўскай - некалькі дзесяткаў тысяч. Нашы зламалі вялікасць маскоўскіх людзей і загналі іх у рэчку Маскву, аж яны вымушаны былі скакаць з берагоў у ваду: іншыя з іх беглі са свайго лагера, іншыя ледзь трымаліся ў лагеры. Нашы, гонячы іх, урываліся ў самыя лагеры і білі іх стрэламі. Абложныя, жадаючы падзяліць маскоўскае войска, учынілі вылазку супраць Алексееўскай вежы і супраць Чартольскай брамы, але маскавіты, маючы шмат стральцоў, добра ўмацавалі гэтае месца і адбілі абложных з немалымі стратамі для гэтых няшчасных. Маскавіты, наеўшыся хлеба, былі мацнейшымі за нашых, якія хісталіся ад ветру. Толькі шляхетная годнасць павяла іх на вылазку, каб паказаць свайму правадыру гетману і свайму пану каралю, што для дабра айчыны яны заўсёды гатовы памерці. Пасля гетман, убачыўшы, што нічога не можа без асобнай падрыхтоўкі ўчыніць маскавітам у іх лагерах, адвёў войска да абозу, які паклаў за рэчкай Масквой, пад Дзявочым манастыром»[59]. Паводле маскоўскіх крыніц, вынік бою вырашыў флангавы ўдар пяцісот дваранскіх вершнікаў, якіх Пажарскі адаслаў у падтрымку князю Трубяцкому. Пакуль апалчэнцы Пажарскага змагаліся, Трубяцкой бяздзейнічаў. Дваране не сцярпелі такой ганьбы, насуперак загадам князя пераправіліся цераз раку і ўдарылі войску Хадкевіча ў фланг. Услед рванулі і чатыры сотні казакоў. Хадкевіч вымушаны быў адступіць. Аднак уначы ён адправіў у горад абоз. Маскавіты выкрылі гэты рух і ў сутычцы захапілі амаль усе вазы. Няўдача не засмуціла гетмана. Ён шукаў шляхі да перамогі. Наступным днём 2 верасня Хадкевіч перавёў войска на другі бераг Масквы-ракі, дзе маскавіты мелі толькі два ўмацаваныя астрогі. Актыўна садзейнічалі манеўру гетмана абложаныя. Смелай вылазкай яны ўзялі адно з варожых умацаванняў і заселі там. Рашучы бой адбыўся 3 верасня. Становішча вымагала падзяліць войска на дзве часткі - адна супрацьстаяла Пажарскаму, а другая - Трубяцкому. На досвітку Хадкевіч напаў на маскавітаў. Да ўсходу сонца апалчэнцы Пажарскага стрымлівалі наступ і не стрымалі. Пакінуўшы поле сечы, яны пабеглі да рэчкі. Сам Пажарскі таксама ратаваўся ўцёкамі на другі бераг Масквы. І цяпер ён, апусціўшы рукі, глядзеў, як Хадкевіч уводзіў у горад абоз. Наперадзе ішла другая частка войска, якая гнала са свайго шляху казакоў Трубяцкога. Не спыніў гетманскіх ваяроў і астрог, які адстрэльваўся з дзвюх гарматаў. Гетман загадаў вершнікам спешыцца і дапамагчы драбам выбіць маскавітаў з умацавання. Пры першай жа атацы яны разбегліся хто куды. Быў узяты яшчэ адзін астрог. Гэтак Хадкевіч набліжаўся да крамля. Усю дарогу пераразалі равы, завалы і ямы.

Між тым Пажарскі, страціўшы надзею на сваю зброю, звярнуўся да святара Аўрама Паліцына, вядомага патрыятычнымі заклікамі. Святар адправіўся ў казацкі лагер і ўбачыў, што казакі з запалам рэзаліся ў зернь і пілі. Божым імем Паліцын умаляў іх пастаяць за «праваслаўную веру». І п'яная, разгарачоная купа з гіканнем пераправілася цераз раку. Апалчэнцы Пажарскага ажывіліся і таксама пайшлі ў бой і вярнулі адзін з астрогаў. Пяхота залягла па ямах і садах, ахоўваючы дарогу да крамля. Так і мінуў дзень. Ужо поцемкі пакрывалі зямлю, а пераможца так і не вызначыўся. Хадкевіч не прабіўся ў крэмль, але і Пажарскі не адбіў яго ад горада. Усталявалася хісткая раўнавага і перамогу вырваў бы той, хто меў свежыя сілы.

Мінін выпрасіў у Пажарскага, які ўжо не спадзяваўся на поспех, тры сотні вершнікаў і павёў іх на дзве роты Хадкевіча, што стаялі асобна ад галоўнага войска. Ліцьвіны адступілі. Натхнёная нечаканай удачай маскоўская пяхота выскачыла са сваіх ямаў і рынулася на непрыяцеля, а ўслед за імі пайшла ў атаку і конніца. Уся шматтысячная раць накінулася на невялічкае войска Хадкевіча. І цяпер ужо маскавіты былі блізкімі да перамогі. Не вытрымай Хадкевіч гэтага ўдару, выпусці ход бітвы з рук, падумай пра сваё ратаванне і воіны пабеглі б. Вось тут ворагі і разграмілі б дазвання ўсё войска. «Гетман, будучы сэрца вялікага, не спалохаўся іх»[60]. Залпы мушкетаў стрымалі атаку маскавітаў і тыя не палезлі ў рукапашную сечу, толькі абстрэльвалі гетманскі стан. І ўсё ж страты ліцьвіны панеслі адчувальныя - 500 забітых. Стала ясна, што ў крэмль не прабіцца. Вельмі памыснай была б у гэты момант дапамога абложаных. Але новы начальнік гарнізона Струсь з-за непрыязнасці да Хадкевіча ўтрымаў іх ад вылазкі. І замест славы водца заслужыў няславу. Хадкевіч загадаў адступаць абозу, а сам з ваярамі засланіў дарогу маскавітам і больш за гадзіну стрымліваў іх. З-за лязгату зброі, грому мушкетаў і гармат людзі не чулі свайго голасу. Вогненныя сполахі праціналі начную цемру і неба чырванела нібы ад зарыва пажараў. Яшчэ ніколі Масква не бачыла такой бойні. Калі абоз выйшаў з поля сечы, дык і Хадкевіч у баявым шыху адступіў. Адступленне, а не ўцёкі. І маскоўскія ваяводы не адважыліся праследаваць яго: «Не бывае на адзін дзень па дзве радасці»[61]. Далей сваіх ямаў маскавіты не выйшлі. На радасцях, што выстаялі, яны ўсю ноч святкавалі «перамогу». А Хадкевіч прыводзіў сваё войска да ладу. У шэрагах засталося 400 вершнікаў. Значныя страты панесла і пяхота. Шмат было параненых. Весці бітву за Маскву не выпадала. Яшчэ два дні Хадкевіч стаяў каля горада, але «пераможцы» так і не ўступілі з ім у бой. І калі б абложаныя не згадзіліся пацярпець яшчэ тры тыдні, пакуль гетман не прывядзе новае войска, ён змагаўся б да апошняга. Гэта быў не той выпадак, калі гераічная смерць прынесла б перамогу. Хадкевіч разважаў цвяроза. Зняць аблогу з Масквы можна толькі дзякуючы вялікаму і свежаму войску. 7 верасня гетман адступіў ад маскоўскай сталіцы. Са слязамі на вачах абложаныя глядзелі са сцен, як адыходзіць гетман. Яшчэ два месяцы яны мужна будуць абараняць Маскву і з гонарам адкажуць Пажарскаму на прапанову здацца: «Ваша мужнасць, як мы гэта добра ведаем і бачым, праяўляецца ў вас у ямах і ў лесе, бо мы бачылі сваімі вачыма, як напалохаў вас гетман Вялікага Княства Літоўскага з малой купкай людзей. Лепш ты, Пажарскі, адпусці сваіх людзей да сахі»[62]. І не перад зброяй саступілі яны, а перад голадам.

«І калі не стала травы, карэнняў, мышэй, сабак, кошак, здыхліны, то абложаныя з'елі палонных, з'елі памерлых, вырываючы іх з зямлі. Хто каго мог, хто быў здаравейшы за другога, той таго і з'ядаў. За памерлага сваяка або сябра, калі хто другі з'ядаў яго, судзіліся, як аб спадчыне, і даказвалі, што яго з'есці павінен бліжэйшы сваяк... Падчас гэтага жахлівага голаду з'явіліся розныя хваробы, аж нельга было без плачу і жаху глядзець на паміраючага чалавека. Я многа наглядзеўся на такіх. Іншы пажыраў пад сабой зямлю, грыз свае рукі, ногі, сваё цела і горш за ўсё, - жадаў хутчэй памерці і не мог, - грыз камень або цагліну, молячы Бога ператварыць іх у хлеб, але не мог адкусіць. Стогны раздаваліся па ўсёй цвержы, а па-за цвержай - палон і смерць. Цяжкай была гэтая аблога, цяжкае цярпенне!»[63]. Вось прызнанне Язэпа Будзілы, удзельніка трагічнага «маскоўскага сядзення». І дзіўна, гэтыя людзі - абаронцы - у такім стане яшчэ знаходзілі сілы змагацца. Аднойчы яны зрабілі вылазку і выбухнулі падкоп, які вялі маскавіты пад Кітай-горад. Канешне, спадзяваліся яны на Хадкевіча і двойчы пасылалі да яго вестуноў з просьбай як мага хутчэй вярнуцца да Масквы.

Становішча гетмана таксама было нялёгкім. Пакінулі яго запарожскія казакі, якія напалі на Волагду і выпалілі гэты горад да тла. І хто цяпер застаўся ў войску? Купка стомленых і змучаных воінаў. А Жыгімонт спазняўся з дапамогай. Грошай хапіла толькі на тры тысячы нямецкіх наёмнікаў. Але і яны не праглі спяшацца насуперак зімы ў Масковію. Шляхта адседжвалася па хатах. Нічога не заставалася рабіць, як ісці ў паход з гэтым невялікім і ненадзейным войскам. У Смаленску кароль склікаў сход і ўмаляў тамтэйшых воінаў следаваць за ім. Настроеныя Патоцкім супраць Хадкевіча яны адмовіліся. Сумны кароль адправіўся з Смаленска ні з чым. Перад брамай раптам сарваліся завесы і ўпалі на дарогу. Жыгімонт мусіў выязджаць з горада праз другую браму. Настрой канчаткова сапсаваўся. Гэтак з-за чорнай зайздрасці аднаго маскоўскі гарнізон быў выдадзены на загубу. У сваёй грамаце Жыгімонт суцяшаў абложаных надзеямі атрымаць належную ўзнагароду за свае подзвігі. Толькі час ужо быў безнадзейна загублены. Кароль спазніўся. Сіл абараняць Маскву ў воінаў ужо не хапала. Надзеі на выратаванне змяніліся адчаем.

Хадкевіч паспрабаваў яшчэ раз прарвацца ў горад з абозам прадуктаў. І ён, убачыўшы, што не прабіцца праз шчыльныя шэрагі маскавітаў, якіх назбіралася за сто тысяч, адышоў ад горада. У Вязьме гетман застаў Жыгімонта і Ўладзіслава. Хадкевіч горача прасіў караля спяшацца да Масквы. Жыгімонт паслухаўся яго і павёў войска на сталіцу Масковіі. Але было ўжо позна: «Калі нас, няшчасных абложаных, з усіх бакоў акружыла няшчасце, калі мы не маглі атрымаць ніякай дапамогі ад караля - нашага пана, калі кола нашага шчасця ўпала і наступіў сумны канец нашых справаў, так шчасліва намі пачатых, і падтрыманы доўгі час нашай крывёю, здароўем і стратамі, калі сілы нашы скончыліся, наша прырода адмовілася служыць, тады мы, ледзь жывыя, з вялікім жалем і плачам, узяўшы ў сведкі Бога, што мы не павінны ні ў чым перад дзяржавай і айчынай, трымалі сталіцу да тых часоў, пакуль нам хапала сродкаў», - прызнаваўся ў сваім дыярушы Будзіла[64]. Так, абаронцы Масквы падалі з ног ад знямогі і голаду. І яны здаліся. Маскавіты далі прысягу, што захаваюць ім жыццё і будуць адносіцца да іх з годнасцю. 7 лістапада абаронцы выйшлі з крамля і Кітай-горада. Пажарскі заняў Маскву. Насуперак прысязе маскавіты перабілі амаль усіх палонных, а тых, над кім злітаваліся, засадзілі ў вязніцы.

Аб падзенні Масквы кароль даведаўся каля Волака. Ён адправіў да сталіцы пасольства. Але маскавіты не хацелі слухаць каралеўскіх паслоў, аблаялі іх і выправадзілі назад. Ніхто не прыязджаў у каралеўскі стан вітаць і кланяцца цару Ўладзіславу, ні адзін горад не адчыняў перад ім браму, а сталіцу ўзяў Дзмітрый Пажарскі. Вось і Волак упарта абараняўся. Нарэшце, калі ўдарылі маразы і пачаў насядаць голад, кароль павярнуў войска назад. Бясслаўным уходам Жыгімонта з Масковіі закончылася «смутное время». Усе спробы караля праз самазванцаў, а пасля і праз выбранага баярамі цара Ўладзіслава стаць фактычным уладаром Масковіі праваліліся. Колькі крыві пралілося з-за гэтай трагічнай вайны, колькі загінула людзей! Краіна выстаяла, але былі разбураны і спустошаны багацейшыя гарады. Спалены сотні сёлаў. Трагізм заключаўся ў тым, што абодва бакі лічылі сябе правымі. Маскоўскія апалчэнцы ішлі ў бой з упэўненасцю, што абараняюць сваю айчыну ад іншаземных заваёўнікаў, якія няпраўдай завалодалі Масквой. А староннікі Ўладзіслава шчыра думалі, што змагаюцца за законна выбранага цара, якому ўся Масковія цалавала крыж, успрымалі апалчэнцаў як здраднікаў і віноўнікаў кровапраліцця. І хаця ў студзені 1613 года пасля доўгіх спрэчак групка баяр і дваран выбралі царом Міхайлу Раманава, Уладзіслаў па-ранейшаму лічыў сябе царом Масковіі. А значыць, засталася прычына для новай барацьбы за царскі вянец, цяпер ужо паміж Раманавым і Вазай. Канечне, Хадкевіч не лічыў сябе заваёўнікам, прыйшоў ён у Маскву на чале войска, каб вызваліць яе ад царовых здраднікаў. Як бы ні ўсхвалялі расейскія гісторыкі вызваленне Масквы ад «польскіх акупантаў» (чамусьці звычайна забываюцца ліцьвіны), але факт застаецца фактам: «Уся зямля здрадзіла Ўладзіславу, паўстала супраць яго», - гэтак характарызавалі дзеі апалчэнцаў тыя, хто верна служылі цару[65]. Кожны млын на сваё кола воду цягне. Так і ў гісторыі: цар са сваіх - лепшы за цара з чужых. Паводле гэтага няхітрага пераканання, можна першага назваць законным, а другога ўзурпатарам, апраўдаць першага і зганьбіць другога і адпаведна падзяліць іх паплечнікаў на герояў-вызваліцеляў і на ворагаў-заваёўнікаў. А справа ў тым, што ва ўсёй гэтай падзеі ні герояў-вызваліцеляў ні ворагаў-заваёўнікаў не было, а былі два лагеры, якія змагаліся за свайго цара. Гэта аб'ектыўна, а суб'ектыўна, дык кожны мае права вызначыць, хто тут герой, а хто заслугоўвае іншага слова. Аб'ектыўна і тое, што абедзве дзяржавы баранілі ў гэтай вайне свае інтарэсы.

Адносна ролі Яна Кароля Хадкевіча можна і нагадаць ягоныя заслугі і знайсці прычыны ягонай няўдачы, але для гісторыі важна перш за ўсё пацвярджэнне гістарычнай ісціны: якім бы ні быў таленавітым водца, якімі б ні былі вялікімі ягоныя воіны, але калі падняўся супраць яго народ, дык і перамогі стануць паразай. Народ нельга перамагчы. Сумна, што гэтую ісціну давялося праверыць на справе Яну Хадкевічу. Відаць, было наканавана яму Богам спазнаць нямала ў жыцці, загартаваць сваю мужнасць, навучыцца пераносіць і няўдачы, убачыць чорнае і белае. Чалавек, якому наканавана будзе выратаваць Эўропу ад нашэсця мусульманскага воінства, павінен падняцца да велічы свайго наканавання.

 

Паход па царскі вянец

Ян Хадкевіч прызнаваўся ў лісте да Жыгімонта: «У мяне па праўдзе і сілы спрацаваны, і здароўе сапсавана, на закат ідзе і да спакою цягне. Служыў досыць працавіта Вашай каралеўскай мосці і Рэчы Паспалітай ад росквіту маладосці маёй: рэшту майго веку рад быў бы прысвяціць сабе. Ужо з апоўдні да вечара паказвае мне компас: доўга мяне поле, доўга зброя трымала, час пры коміне адпачываць»[66]. Хто іншы можа і сапраўды лёг спачываць на лаўрах, але вось не Хадкевіч. Не апускаць жа рукі? «Для таго Бог даў запавет свой, каб мы, выбіваючыся з сіл, не ўсякаму верылі шчасцю, супраціўныя лёсу горасці намаганнем пераносілі», - гэтак лічыў гетман[67]. І не мог ён шукаць сабе спакою і адпачынку, калі бачыў заняпад славы Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. А таму як гарачы патрыёт Хадкевіч цвёрда вырашыў: «Не хачу быць удзельнікам заняпаду Рэчы Паспалітай. Бог не пакіне без помсты таго, хто гэтаму спрыяе»[68].

І не дадому вярнуўся Хадкевіч, а застаўся ў Смаленску.

Гетман узначаліў абарону ўсходніх межаў Літвы. Ён прасіў Жыгімонта мірным пагадненнем з Масковіяй паспрыяць дабру Рэчы Паспалітай. Але справа гэта вымагала часу. Хадкевіч па сваёй ініцыятыве вёў перамовы «о добрых делах и о покою крепком и непарушном» з маскоўскімі баярамі Іванам Хаванскім, Міронам Вельямінавым і Барысам Лыкавым-Абаленскім. Аднак паслам Хадкевіча яны ўсяляк паказвалі «неприязнь, нелюдность, грубость и невдячность свою против моее доброчинности и ушанования»[69]. Хадкевіч не мог адказаць на беззаконне безаконнем - іншае выхаванне. «Возможно б и мне такме твои (Лыкава-Абаленскага) грубые поступки против таким же обычаем посланцом твоим отдати: нижли отечество мое и звычай рыцарского дела того мне забороняют»[70]. Перамовы не прынеслі міру. Маскоўскія палкі нападалі на ваколіцы Віцебска, Воршы і Дуброўны, і як пісаў баярам Ян Кароль: «кровь проливают, полон берут и много кривды чинят»[71]. Толькі сумная акалічнасць і прывяла Хадкевіча дадому. Памёр ягоны пятнаццацігадовы сын «наймілейшы Гаранімка». Марыў, што вырасце сын рыцарскім чалавекам і навучаў яго, «каб пана Бога любіў, набажэнства не забываў, пані маці сваёй служыў, навук пільнаваў, і не забываў і на працу, дбаў пра час і звяртаў яго на такі пажытак, які на хвалу Божую і на дабро Айчыны паслужыў бы»[72].

І вось не стала сына. Хадкевіч цяжка перажываў гэтую страту і знаходзіў палёгку ў малітвах і багачынных ахвяраваннях. За свой кошт пабудаваў гетман у Крозах езуіцкі калегіум са школкамі для адукацыі шляхецкай моладзі. Сярод настаўнікаў выкладаў там таленавіты паэт-лацініст Мацей Сарбеўскі, які прысвяціў свайму апекуну не адзін твор.

Як бы ні балела душа, але не забываўся Хадкевіч пра свой гетманскі абавязак - абараняць айчыну. Так і не заключыла Рэч Паспалітая з Масковіяй мір. Пасрэднікам у перамовах выступіў імператар Мацей Габсбург, накіраваўшы да новага цара Міхайлы Раманава пасла Мацея Гендэ. Цар патрабаваў Смаленскую зямлю і ў якасці кампенсацыі - мільён сто тысяч злотых. На гэтым гаворка з ім і скончылася. Але цар вырашыў размаўляць зброяй. У жніўні 1615 года пушыў войска на Смаленск і аблажыў яго. Горад пасля ўходу польскіх жаўнераў з-за нявыплаты жалавання застаўся без войска, толькі мясцовая шляхта і гарадское апалчэнне сустрэлі ворага. Кароль паслаў да гетмана некалькі польскіх аддзелаў, але яны бавілі час на Падляшшы. А час «варты золата» і Хадкевіч паспяшыў да Смаленска. Ужыў ён вайсковую хітрасць - схаваў у засаду частку войска, а з другой стаў насупраць маскавітаў. Пасланыя Хадкевічам вестуны паведамілі, што гетман не хоча біцца з такім вялікім войскам. І сапраўды ліцьвіны пачалі адыходзіць з поля. Вось ён зручны момант ударыць ворага ў спіну і разграміць яго дазвання. Маскавіты кінуліся здабываць сабе славу. Баявы шых распаўся. І раптам ліцьвіны развярнуліся ім насустрач. У фланг маскавітаў ударылі з засады харугвы. Вораг пабег. Гэтым скарыстаўся варшанскі староста Аляксандар Сапега і пернаўскі староста Кішка, якія са сваімі аддзеламі напалі на маскоўскі табар і ўвялі адтуль усю жыўнасць у горад. Хаця маскавіты не былі прагнаны з-пад Смаленска, але апынуліся ў складаным становішчы. Супраць голаду не паваюеш. А пакінуты Хадкевічам кіраваць войскам Аляксандар Гасеўскі ўвесь час трывожыў непрыяцеля. Усю зіму і мерзлі пад Смаленскам маскоўскія воіны, галодныя і змардаваныя нападамі ліцьвінаў, і нарэшце не вытрымалі - убраліся прэч. Болей Міхайла Раманаў не лез на Смаленск. Вайсковыя сілы Масковіі былі кінуты на вайну са Швецыяй на вызваленне Ноўгарада. Гэтым і вырашыў скарыстацца ўрад Рэчы Паспалітай. На сойме ў 1616 годзе была ўхвалена вайна супраць Масковіі з мэтай вярнуць царскі вянец каралевічу Ўладзіславу. Войска ўзначаліў Ян Кароль Хадкевіч. Жыгімонт спадзяваўся на ягоны вайсковы талент і вопыт. Адзначаючы заслугі гетмана, кароль пасля смерці Мікалая Сіроткі аддаў Хадкевічу пасаду віленскага ваяводы і такім чынам той стаў першым дыгнітарыем Вялікага Княства Літоўскага. Але па-ранейшаму галоўнай дзейнасцю Хадкевіча засталася служба на Марсавым полі. Вось і цяпер ён павінен быў адправіцца ў паход на Маскву. Трэба адразу адзначыць, што паход не прынёс жаданага выніку. Уладзіслаў яўна пераацаніў свае шанцы на маскоўскі пасад, бо пэўна лічыў, што варта яму з'явіцца ў Масковію і народ прыме яго за цара. Пасольствы некаторых маскоўскіх баяр на чале з князем Трубяцкім прывезлі лісты нібыта ад маскоўскіх станаў з запрашэннем яго на царства. Гэтыя лісты надалі ўпэўненасці Ўладзіславу ў сваім перакананні. Пэўна, таму і войска сабраў ён невялікае, але палову яго давялося выслаць на паўднёвыя межы Рэчы Паспалітай супраць туркаў і засталося толькі чатыры тысячы чалавек. Турэцкая пагроза прымусіла Ўладзіслава ўсё лета знаходзіцца на Валыні. Зручны час для паходу быў страчаны, і Ўладзіслаў выступіў у пачатку восені. Ужо адразу ён спазнаў расчараванне. Маскавіты сустракалі яго не хлебам-соллю, а зброяй. Пасольства з граматамі да баяр і ўсіх станаў далей Вязьмы не пусцілі. А першы горад на шляху да Масквы Дарагабуж не адчыніў брамы. Уладзіслава прымалі як заваёўніка. Замест трыумфу яго чакалі цяжкія баі. Не падрыхтаваны да такога павароту падзей, Уладзіслаў выпусціў ініцыятыву з рук. Правіў паходам Ян Кароль Хадкевіч. Баявы водца быў уцягнуты ў вір інтрыг, якія з-за зайздрасці чынілі супраць яго Ўладзіслававы прыбліжаныя. Польскія жаўнеры адмаўляліся падначальвацца ліцьвінскаму гетману, а ўсё войска патрабавала платы. Хадкевіч зноў апынуўся паміж двух агнёў. Трэба было ваяваць з ворагам і адначасова змагацца са сваімі нядобразычліўцамі і незадаволенымі воінамі, яшчэ і хвароба некалькі разоў валіла гетмана з ног. Аднак вечны воін Марсавага поля, здавалася, не ведаў стомы, не палохаўся ворага і вёў сваё войска да перамогі. Вось і Дарагабуж пасля нядоўгай аблогі 11 кастрычніка 1617 года здаўся. Святары з абразамі выйшлі насустрач Уладзіславу, а месцічы прывіталі яго хлебам і соллю. Расчулены Ўладзіслаў аж пацалаваў паднесеныя яму праваслаўныя абразы. Восемсот дарагабужскіх стральцоў паступілі на службу да Ўладзіслава. Астатнія дзве сотні ён адпусціў з мірам, даўшы на дарогу па два чырвонцы. Поспех натхніў Уладзіслава да дзеяння. Насуперак парадам Хадкевіча, які прапанаваў перазімаваць у Дарагабужы, запасціся прадуктамі і дачакацца каралеўскага жалавання, «цар» вырашыў ісці на Маскву. Тут яшчэ прыбылі пасланцы з Вязьмы і перадалі, што месцічы, памятаючы сваю клятву Ўладзіславу, паддаюцца пад ягоную ўладу. Войска рушыла пад Вязьму і 24 кастрычніка Ўладзіслаў урачыста ўехаў у горад. У Вязьме Ўладзіслава застала зіма.

З усіх куткоў Масковіі, нават з далёкай Астрахані, паспешліва збіраліся сілы для адпору 4-тысячнаму войску Хадкевіча. 7-тысячная раць на чале з князем Дзмітрыем Пажарскім заняла Калугу, а пад Мажайск выступіла 8-тысячная раць ваяводы Лыкава. Жадаючы апярэдзіць таго, Хадкевіч з пяццю харугвамі выступіў пад Мажайск. У горадзе ведалі аб блізкай дапамозе, і таму гарадскія ўлады гатовы былі абараняцца. А сіл для штурму ў Хадкевіча не хапала, ды і аблогу з-за маразоў і недахопу прадуктаў не выпадала весці. Гетман вярнуўся ў Вязьму.

Зіму Хадкевіч перанёс цяжка - часта хварэў. Псавалі настрой і прэтэнзіі «царскага» дарадцы Марціна Казаноўскага.

Зайздрасць круціла Казаноўскага. Нашэптаваў каралевічу, каб не даў гетману адабраць у яго славу перамогі, то падбухторваў супраць Хадкевіча польскіх жаўнераў. А то на вачах усіх расхаджваў з гетманскім знакам. Як кажуць: вош не саромеецца на лоб выпаўзці. Угневаны Хадкевіч заявіў каралевічу: «Няхай ваша каралеўская мосць перасцеражэ яго, абы той знак да торбы схаваў, бо яму на лбе яго разаб'ю»[73]. Булаву Казаноўскі схаваў, ды што яму? - хоць бы што. Толькі летам на пачатку ліпеня Ўладзіслаў выступіў на Маскву. Казаноўскі не згаджаўся з гетманскім загадам ісці ў ар'ергардзе «збіраць за другімі падковы». Натуральна, што ён паскардзіўся Ўладзіславу і прасіў перадаць яму пад зверхнасць каралеўскі полк. Гетману надакучыла ўся гэтая непрыстойная валтузня: «Галавы маёй ніхто не дакранецца, хто сваёй не падставіць»[74]. І прыйшоў да Ўладзіслава ў намёт. Дарма што каралевіч, але без пачцівасці заявіў, што калі Ўладзіслаў не перастане падтрымліваць інтрыгі Казаноўскага, дык ён, а за ім ліцьвіны пакінуць войска. Папярэджанне паўплывала на каралевіча, і ён разам з Казаноўскім прызналі зверхнасць і волю гетмана. Аднак зняважаны Ўладзіслаў намовіў гетманскага сакратара, каб ён выкраў дыяруш Якуба Сабескага, у якім незычлівымі словамі апісвалася ягоная асоба. Уладзіслаў адправіў дыяруш да бацькі, маўляў, гетман падбіваў Сабескага на зласлоўе. Жыгімонт нават чытаць не стаў дыяруш і загадаў яго спаліць, а сыну адказаў: «Калі б я хацеў па чужых шкатулках шукаць, што пра мяне хто піша, дык і каралеўства і здароўе страціў бы»[75].

Услед за інтрыгамі на Хадкевіча звалілася старая бяда - бунт ваяроў. Вярнуўся з сойма канцлер Леў Сапега і вінавата развёў рукамі. Грошай для войска няма, толькі надзеі прывёз. Ваяры, зразумела, абурыліся і са слязамі наракалі на лёс, калі вораг іх не пабіў, дык голад даб'е. Сама нястойкія ад'ехалі дадому. З гетманам засталося не больш за тысячу вершнікаў ды і яны абяцалі служыць да студзеня. І тым не менш трэба было працягваць паход і паспяхова завяршыць яго ў Маскве. Хадкевіч не стаў больш губляць часу на здабыванне Мажайска, вакол якога спынілася войска, а павёў яго прама на Маскву. Падняла баявы дух ваяроў вестка, што на дапамогу ім ідзе дваццаць тысяч запарожскіх казакоў на чале з Пятром Канашэвічам, празваным Сагайдачным. Хадкевіч паслаў водцу казакоў булаву і харугву як знакі ўлады над казацкім войскам і прыняцця на службу Рэчы Паспалітай. Выступ запарожцаў быў справай Льва Сапегі, які прапанаваў ім дапамагчы Ўладзіславу вярнуць царскі вянец. І казакі рушылі з Дняпра, узялі па дарозе Ялец, Ліўны, Калугу і іншыя гарады. Але і ў Маскве падрыхтаваліся да абароны. Прыйшоў у сталіцу з войскам князь Дзмітрый Пажарскі.

Усё ж Хадкевіч вырашыў штурмам завалодаць Масквой. Спыніўся ён у Тушыне, там, дзе раней стаяў другі Ілжэдзмітрый. Сюды прыйшлі і запарожцы, якія адразу ж раз'ехаліся рабаваць бліжэйшыя гарады і сёлы. Пасля таго як маскоўскія баяры не прынялі граматы аб паслушэнстве, а выпэцкаўшы яе дзёгцем адаслалі назад, стала зразумела, што толькі зброяй можна вярнуць Уладзіславу царскі пасад. Штурм быў назначаны на ноч 11 кастрычніка. Хадкевіч спадзяваўся на раптоўнасць. Але перабежчыкі з нямецкіх наймітаў выкрылі намеры гетмана, і абаронцы горада ўсе да аднаго выйшлі на сцены. Не дзіўна, што начны штурм не атрымаўся. Харугва Навадворскага, узарваўшы браму, уварвалася ў горад. Маскавіты пусціліся наўцёкі і толькі наёмная нямецкая пяхота затрымала іх і пагнала перад сабой у бой. Раніцай маскавіты выбілі харугву з горада. Няўдача напаткала штурмуючых і ў іншых месцах, дзе іх сустрэў вогненны бой гарматаў і мушкетаў.

Штурм напужаў маскавітаў і яны запрасілі міру. У сяле Дзявуліна каля Троіца-Сергіева манастыра пачаліся перамовы. Ад Рэчы Паспалітай вёў перамовы Леў Сапега. Ліцьвінскі канцлер патрабаваў прызнання Ўладзіслава маскоўскім царом. Маскавіты трымаліся за Міхайлу Раманава. І толькі тады, калі з Варшавы прыйшлі лісты ад Жыгімонта з паведамленнем, што сойм адмовіўся фінансаваць вайну, Уладзіслаў адмовіўся ад свайго патрабавання. 11 студзеня 1618 года ў Дзявуліне было падпісана перамір'е тэрмінам на 14 гадоў. За Рэччу Паспалітай засталіся Смаленская і Чарнігава-Северская землі, а Масковія атрымала назад Падольск, Мажайск, Мянгчэрск і Вязьму. Міхайла Раманаў выракаўся тытулаў Лівонскага, Смаленскага і Чарнігаўскага ўладара. Абодва бакі абменьваліся палоннымі. Несумненна, што гэтая дамова была карыснай Рэчы Паспалітай, якая замацавала за сабой ліцьвінскія і ўкраінскія землі. Так што ўсё ж не дарэмнымі былі намаганні Яна Кароля Хадкевіча, бо менавіта ўзначалены ім паход прымусіў маскавітаў саступіць некалі захопленыя землі Вялікага Княства Літоўскага.

 

Шчыт хрысціянства

Пад кіраўніцтвам Яна Кароля Хадкевіча войска Рэчы Паспалітай у 1621 годзе каля замка Хоцін разбіла полчышчы турэцкага султана Асмана ІІ у вайне, «падобнай па памерах, не бачылі і не памятаюць нашы сучаснікі»[76]. Хоцінская перамога стала закатам магутнасці Турэцкай імперыі. Міф пра яе магутнасць развеяўся. Эўропа ўздыхнула з палёгкай. Карны меч Іслама абламаўся аб шчыт Хрысціянства. І гэты шчыт выпала трымаць ліцьвіну Яну Каролю Хадкевічу.«Лёс вырашыў падараваць перамогу старому і вопытнаму ў вайсковай справе Каролю Хадкевічу, ваяводзе віленскаму, гетману вялікаму і дазволіў яму ўтаймаваць маладога дзікага тырана», - гэтак адзначыў апошні подзвіг «вялікага воіна» ягоны сучаснік Якуб Сабескі[77].

На працягу апошніх стагоддзяў Турэцкая імперыя была адной з мацнейшых дзяржаў як Эўропы, так Азіі і Афрыкі. Уладанні імперыі раскінуліся па трох частках свету. Яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя турэцкае племя кайы, ратуючыся ад мангольскага нашэсця, перасялілася з Цэнтральнай у Малую Азію. У гісторыю туркі-кайы ўвайшлі пад імем асманы, так звалі іх султана Асмана - заснавальніка дынастыі турэцкіх уладароў. Паступова, кавалак за кавалкам, асманы адрывалі ад Візантыі землі і пашыралі межы сваёй дзяржавы.

А напрыканцы ХІV стагоддзя пад іх зброяй палі Балгарыя і Сербія. Цень турэцкага ярма навісла над Эўропай. Крыжацкае войска вугорскага караля Сігізмунда Люксембургскага ў 1396 годзе ў бітве каля Нікопаля (на тэрыторыі Балгарыі) было разбіта асманамі. Бяссільная Эўропа бездапаможна назірала, як Асманская імперыя распраўлялася з Візантыяй. І вось 29 траўня 1453 года чарговая хваля асманскага нашэсця ўварвалася ў Канстанцінопаль. Апошні візантыйскі імператар Канстанцін Палеалог загінуў у баі. Багацейшы горад свету, скарбніца эўрапейскай культуры, стаў ахвярай дзікунства пераможцаў. Канстанцінопаль асманы зрабілі сваёй сталіцай і назвалі яго Істанбул. Неўзабаве і ўся Візантыя скарылася перад асманамі. Эўропа здрыганулася ад жаху і аплаквала смерць тысячы тысяч візантыйскіх хрысціян. Але дапамагчы Візантыі эўрапейскія манархі не захацелі. Турцыя не сустракала праціўніка, які мог бы спыніць яе наступ. Чарговую перамогу асманы святкавалі ў Крыме, дзе крымскі хан уніжана прызнаваў сябе «рабом шахіншаха».

Дарога для заваёвы Ўсходняй Эўропы была адкрытай. Адно за другім накатваліся на Літву, Польшчу і Масковію спусташальныя набегі крымскіх татараў. Здавалася, прагных да заваёў асманаў не стрымаць. І хаця турэцкая хваля разбілася аб сцены Вены, а турэцкі флот у бітве з гішпанскім флотам у 1571 годзе каля Лепонта і пацярпеў паразу, асманы працягвалі свой наступ. Уся Турцыя ператварылася ў адзін вялікі вайсковы лагер. Краіна жыла вайной. «...Гэтая дзяржава мячом здабыта і толькі мячом можа падтрымлівацца. У нашага прававернага султана зорка высока, мужчыны храбрыя, шаблі вострыя», - пахваляліся туркі[78]. І вострыя шаблі ставілі на калені перад султанам новыя краіны.

У пачатку ХVІІ стагоддзя Турэцкая імперыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Турэцкія султаны прысвоілі сабе тытул Халіфа - намесніка прарока Мухамеда на зямлі, духовага главы ўсіх мусульман-сунітаў. Фанатызм вернікаў служыў султану. Заваёўніцкія войны абвяшчаліся свяшчэннымі войнамі з нявернымі. Хрысціянства адступала перад пагрозлівым мячом іслама. І толькі доўгія і крывавыя войны Турцыі з Персіяй, якія адцягвалі сілы асманаў, ратавалі Эўропу. «Калі туркі ўладкуюць свае адносіны з Персіяй, яны возьмуць нас за горла, абапіраючыся на моц усяго Ўсходу», - гэтак думалі эўрапейцы[79]. Непасрэдная пагроза турэцкай заваёвы перш за ўсё пагражала Рэчы Паспалітай. З падзеннем польска-ліцьвінскай дзяржавы Турцыя б стала гегемонам Эўропы. Ніводная эўрапейская краіна на той час не мела такога вайсковага патэнцыялу, як Асманская імперыя. Польшча і Літва таксама не маглі на роўных супрацьстаяць магутнай імперыі, а таму яшчэ з часоў Казіміра ўладары Кароны і Княства прытрымліваліся міру з султанамі. Гэты мір захоўваўся толькі на паперы. Па волі султана крымскія татары амаль штогод нападалі і на Польшчу, і на Літву. Агнём і мячом спусташаліся мястэчкі і сёлы, тысячы людзей уводзіліся ў палон і на продаж. Чалавек, «які ўвесь час бачыў незлічонае мноства іншых людзей, якіх гналі туды, пытаўся ў нас: ці засталося хоць трохі яшчэ людзей у нашай краіне або іх ужо зусім няма?» - такое ўражанне было ў відавочцаў крымскіх набегаў[80]. Цэлыя вобласці абязлюдзелі пасля татарскіх паходаў. Часта татараў суправаджалі і туркі. Такая паслядоўная тактыка спусташэнняў падрывала моц Польшчы і Літвы. Порта (прынятая ў Эўропе назва ўрада Асманскай імперыі) толькі чакала зручнага часу для заваёвы Рэчы Паспалітай. І вось такі час, на думку султана Асмана і ягоных дарадчыкаў, надышоў. Рэч Паспалітая знясілела ад войнаў і цяпер яе можна без цяжкасцей скарыць. Падставай для вайны паслужыла чарговая авантура польскіх магнатаў, якія хітра і невялікім коштам прагнулі дамагчыся багацця і славы. На гэты раз ужо ў падуладнай султану Малдавіі. Стэфан Патоцкі, сваяк былога малдаўскага гаспадара Ерамея Магілы, захацеў пасадзіць на гаспадарства ягонага сына. Нанятае Патоцкім войска было разбіта асманамі і малдаванамі на берагах ракі Дзежы. Сам водца закончыў жыццё на круку, на які падвесілі яго пераможцы. Ганебны правал авантуры так і не абразуміў паноў. Ужо князь Самуіл Карэцкі пасквапіўся на гаспадарскі пасад. На чале сабраных ім паноў і шляхты Карэцкі паспяхова змагаўся з малдаўскім гаспадаром Томшай, пакуль за справу не ўзяліся асманы. Воінства Карэцкага палягло пад іх зброяй. Карэцкага чакаў лёс папярэдніка. Яго таксама падвесілі за крук. Паразу палякаў успрынялі ў Турцыі як слабасць усёй Рэчы Паспалітай. Вось той час, калі можна скарыць Польшчу і Літву.

Асабліва прагнуў вайны малады султан Асман ІІ. Уладаром ён стаў, дзякуючы перавароту. У 1618 годзе янычары скінулі султана Мустафу І. «Асман быў чалавекам ганарлівым, жорсткім і няўраўнаважаным; выхаваны сярод ліслівасці прыніжаных рабоў, ён марыў пра заваёву ці не ўсяго свету. Празмерна ганарлівы, ён уяўляў сябе ўладаром усёй прыроды і лічыў, што яго магутнасць і шчасце не ведаюць мяжы», - пісаў пра новага султана Якуб Сабескі[81]. Ваяўнічы дух Асмана распальвалі і ягоныя прыбліжаныя. Сябры дывана (урада) упэўнівалі султана, што ён лёгка заваюе ўсю Рэч Паспалітую. Выгнаны з Малдавіі Томша таксама падбухторваў Асмана да вайны і абяцаў яму верную службу. Схілялі да вайны султана і маскоўскія паслы, якія прапаноўвалі саюз супраць Рэчы Паспалітай і багатымі падарункамі падкуплялі турэцкіх саноўнікаў. Не дзіўна, Асман ніколькі не сумняваўся ў перамозе і пачаў рыхтавацца ў паход. Пасланыя ім орды белгарадскіх і крымскіх татараў пустошылі Валынь і Галіцыю. Вайна пачалася.

Каб забяспечыць свой тыл, Асман замірыўся з персідскім шахам Абасам. І цяпер ён мог кінуць усе сілы імперыі на Рэч Паспалітую. А там яшчэ не падазравалі пра смяротную пагрозу. Персідскі пасол паведаміў Жыгімонту, што Абас хоча ваяваць з Турцыяй і прасіў даць 12 тысяч казакоў. Кароль і сенат спадзяваліся заключыць мір з Портай і адмовіліся дапамагаць Персіі. Рэч Паспалітая засталася без саюзніка. Неўзабаве давялося пашкадаваць пра адмову. Пасла караля Асман нават не пусціў на парог свайго палаца. Султану не патрэбны быў мір. Вось цяпер стала зразумела, што вайны з Турцыяй не пазбегнуць. Пра будучую вайну даносіў каралю і малдаўскі гаспадар Гаспар Граціані і прапаноўваў сваю дапамогу. Трэба было не губляць часу і апярэдзіць туркаў, каб заняць зручныя пазіцыі ў Малдавіі. Паспешліва сабранае 10-тысячнае войска ўзначаліў каронны канцлер і гетман Станіслаў Жулкеўскі. У сярэдзіне верасня 1620 года ён пераправіўся цераз Днестр і ўступіў у Малдавію. Толькі 17 дзён доўжылася вайна, названая гісторыкамі Цацорскай - крывавая прэлюдыя Хоцінскай бітвы. У сечы каля ўрочышча Цацора асманы і орды татараў разбілі польскае войска. Граціані ўцёк, але не выратаваўся і загінуў. Жулкеўскі не перажыў паразы і рынуўся на татарскія шаблі, каб смерцю пазбавіцца ад ганьбы. Белгарадскі мурза Канцемір адсёк гетману галаву і паслаў яе султану. У палон трапілі польны гетман Станіслаў Канцэпольскі, Ян і Лука Жулкеўскія (сын і братаніч гетмана), галіцкі староста Мікалай Струсь, вініцкі староста Аляксандар Балабан, князь Самуіл Карэцкі, Мартын Патоцкі і амаль усе водцы харугваў. Сапраўдная катастрофа - Польшча засталася без войска. На безабаронную краіну напалі татары, беспакарана спусташалі і рабавалі Падолле і Галіцыю. І толькі набег на Крым запарожскіх казакоў вымусіў заваёўнікаў павярнуць назад.

Натхнёны лёгкай перамогай над палякамі, Асман прыспяшаў падрыхтоўку да вайны з Рэччу Паспалітай. Мужчыны, без розніцы ўзросту і стану, павінны былі ўдзельнічаць у паходзе. Балгары і малдаване будавалі мост праз Дунай. Перад султанскім палацам лунаў сцяг з конскай грывы - знак таго, што Асман асабіста прыме ўдзел у вайне. З усіх куткоў велізарнай імперыі сабралася ў Стамбуле войска. Султан не зважаў на выдаткі, якія з лішкам спадзяваўся акупіць заваёвай Рэчы Паспалітай. Ён ужо дзяліў яе землі і гарады паміж сваімі пашамі. Праўда, знайшліся і разважлівыя галовы, якія выступалі за мір. Візір Мустафа нават усумніўся ў будучай перамозе. Раззлаваны султан накінуўся на яго з нажом і парэзаў яму руку. Якія сумненні? Асман быў упэўнены ў сваіх сілах.

«Увесь хрысціянскі свет задрыжаў пры першай вестцы пра знішчальную вайну»[82]. А ў Рэчы Паспалітай гадалі і думалі, як абараніцца ад навалы. Жыгімонт склікаў у Варшаве сойм. Абмяркоўвалі тры важнейшыя пытанні: грошы, войска і выбары водцы. Былі ўстаноўлены надзвычайныя падаткі. Не спрачаліся. Нават Літва без спрэчак прыняла сваю долю падаткаў. Меркавалася сабраць 60-тысячнае войска, абвясціць паспалітае рушэнне і наняць запарожскіх казакоў. А вось хто ўзначаліць войска? На гетманскую булаву прэтэндавалі князь Крыштоф Збаражскі, кіеўскі ваявода Томаш Замойскі, падчашы Станіслаў Любамірскі. Але ўсе разумелі, што лёс дзяржавы можна даверыць чалавеку валявому і моцнаму, вопытнаму і мужнаму, разважліваму і рашучаму, славутымі сваімі дзеямі. Толькі адзін чалавек адпавядаў гэтым патрабаванням і за яго аддалі галасы прадстаўнікі ўсіх станаў Польшчы, Мазовіі, Літвы, Украіны, Прусіі і Лівоніі. Аднагалосна гетманам войска выбралі Яна Кароля Хадкевіча. Памочнікам Хадкевічу выбралі Станіслава Любамірскага, якому перадалі булаву польнага гетмана.

Вестка аб назначэнні яго гетманам войска застала Хадкевіча на Валыні ў мястэчку Яраслаўі. Тут Ян Кароль справіў вяселле з Ганнай Астрожскай. Першая жонка Хадкевіча «наймілейшая Зосенька» памерла ў 1618 годзе. Ён застаўся без сям'і, адзінокі і хворы. Так і не выпала яму сямейнага шчасця. Усё ж спадзяваўся ён, хоць на збегу веку свайго вярнуць, што забралі ў яго трывожныя паходы, што адняло ў яго нялёгкае жыццё - сям'ю, любоў, спакой і дзяцей. І вось зноў лёс Айчыны даручаны яму. Можна было спаслацца на хваробу і адсядзецца дома. Варта і пра сябе падумаць. Няшмат засталося ў яго сіл, каб ахвяраваць імі. Хадкевіч прымае кіраўніцтва над войскам. І зноў пакінуў свой дом. Сустрэўшыся ў Варшаве з каралём, Ян Кароль адправіўся ў Літву для збору войска.

Надзеі выставіць 60 тысяч ваяроў неўзабаве растаялі. Скарбніца была пустой, а падаткі паступалі дрэнна, і то іх як маглі раскрадалі. Ды яшчэ пасля таго, як Швецыя парушыла перамір'е і захапіла Дынамюнд і Пернаў, можна было чакаць і ўдару шведаў. Даводзілася трымаць войска ў Лівоніі. Мала суцяшала і паспалітае рушэнне - паны і шляхта не спяшаліся на абарону краіны. Расчаравалі і адказы хрысціянскіх уладароў. Дапамогі Рэчы Паспалітай яны не далі, толькі ветліва выказалі спачуванне высакароднаму дбанню Жыгімонта аб абароне хрысціянства. Папа рымскі абяцаў грашовую падтрымку і траціў грошы на змаганне з імператарам Фердынандам. Войска сабіралася марудна. Жаўнеры беспакарана рабавалі людзей, а то і зусім уцякалі дадому. Не хапала грошай на набыццё гармат і пораху. «То пачатак так ідзе, а што ж далей? - дзяліўся Хадкевіч сваёй трывогай з Львом Сапегам. - Ведае тое мілы Бог, што з намі будзе, калі Яго каралеўская міласць якога сродку іншага не знойдзе, а сваёй галавой не рашу; мне не стрымаць ворага, бо і палову абяцанага войска не буду мець»[83]. Аднак надзеі на караля было мала. Сярод жаўнераў ён не карыстаўся ні любоўю, ні павагай. Гетманы самі ламалі галаву, як сабраць войска. І ўсё ж яно сабралася. Не такое вялікае, як думалі, - 18 950 чалавек. З іх 5450 - драбаў, 6350 - гусараў, 6350 - панцырных вершнікаў і 800 - рэйтараў. Яшчэ 9960 чалавек узначаліў каралевіч Уладзіслаў: гусараў - 1100, панцырных - 600, рэйтараў - 1060, пяхоты - 7200. Пазней да войска далучыўся полк князя Адама Чартарыйскага - 2100 чалавек: гусараў - 180, панцырных - 600, рэйтараў - 300 і пяхоты 1050[84]. Атрымоўвалася 31 010 чалавек. Гэтыя дадзеныя ўзяты з рэестру палкоў. Калі ж улічыць абознікаў і прыслугу паноў, дык войска якраз магло складаць 34 987 чалавек - такую лічбу называў камісар Якуб Сабескі[85]. Цяжка вызначыць нацыянальнае прадстаўніцтва ў войску, бо апроч палякаў і ліцьвінаў у яго наняліся ўкраінцы, немцы, вугорцы, нават армяне і французы. Крыніцы падаюць лічбу нямецкіх воінаў - 9 тысяч і 3 тысячы вугорскіх пешцаў[86]. Літва выставіла каля 11 тысяч воінаў. Полк Хадкевіча - 3700 (сам гетман утрымліваў за свой кошт 600 чалавек), полацкага кашталяна Мікалая Зяновіча - 1800, полк варшанскага старосты Аляксандра Сапегі - 2000, полк князя Адама Чартарыйскага - 2100, полк князя Дамініка Заслаўскага - 600, харугва ў 300 ваяроў князя Аляксандра Радзівіла і 200 чалавек харунжага Пінскага[87]. Такім чынам, конніцы - 8050 і пяхоты - 2650 чалавек.

Імёны ўсіх ліцьвінаў, што біліся з ворагам пад Хоцінам, не дайшлі да нашага часу. Але паводле крыніц можна назваць водцаў ліцьвінскіх харугваў: дворны маршалак Юрый Заслаўскі, Даменік Заслаўскі, Няміра, браты Багуслаў і Мікалай Зяновічы, ваявода берасцейскі Яўстафій Тышкевіч, Рудамін, Кісель, Зяленка, Багдановіч, Закрэўскі, Сенята, Аляксандар Сапега, ваявода віцебскі Ян Завіша, Корсак, Гулевіч, Смоліна, Пінскі, Аляксандар Радзівіл, Адам і Юрый Чартарыйскія, Кішка, вялікі маршалак Ян Станіслаў Сапега, родны брат Хадкевіча Аляксандар. Большасць прозвішчаў вядомыя ў гісторыі Літвы, вось і нашчадкі з гонарам працягвалі слаўныя традыцыі дзядоў.

Польскае войска прадстаўлялі, апроч палякаў, вугорцы і ўкраінцы, і налічвала яно каля 11 тысяч чалавек. Такім чынам, усе народы, якія ўваходзілі ў Рэч Паспалітую, ахвяравалі не толькі грошы, але і сваіх адважных сыноў на яе абарону. Вельмі патрэбна была б дапамога ваяўнічых запарожскіх казакоў, якія мелі багаты вопыт войнаў з туркамі. Аднак казакі, якія ўсе да аднаго ўступілі ў Кіеўскае праваслаўнае брацтва, не любілі караля за ўціск праваслаўя, а польскую шляхту і паноў проста ненавідзелі і лічылі за сваіх ворагаў. Жыгімонт дзейнічаў праз патрыярха Феафана, якога шанавалі казакі, да яго паслаў свайго сакратара Абалхоўскага. Феафан звярнуўся да казакоў з лістом, заклікаючы дапамагчы каралю. Казацкая рада вырашыла выступіць на агульнага ворага славян і ўсяго хрысціянства. Сам мітрапаліт Іова Барэцкі заклікаў да вайны з «басурманамі». За вайну выказаўся і казацкі гетман Пётр Канашэвіч.

Рада адправіла да караля пасольства на чале з Канашэвічам з просьбай адмяніць універсалы, выдадзеныя супраць праваслаўнай царквы. Каралю нічога не засталося рабіць, як згадзіцца на гэта. І казакі, хуткія на зборы, падняліся ў паход. Казацкае войска ўражвала - 48 тысяч закалёных у баях ваяроў[88]. Якуб Сабескі называе лічбу - 30 тысяч[89]. Хаця самі казакі вызначылі колькасць свайго войска куды меншую - 3 тысячы чалавек[90]. Наколькі гэтая лічба адпавядае ісціне - цяжка меркаваць, але яна прыведзена ў рукапісным казацкім летапісе, аўтар якой удзельнічаў у паходзе і, зразумела, не быў зацікаўлены змяншаць заслугі запарожцаў.

Можна сцвярджаць, што Хоцінская бітва - гэта бітва народаў. З аднаго боку, як бачым, ліцьвіны, украінцы, палякі, немцы, вугорцы, армяне, жамойты, а з другога: туркі, арабы, негры, татары, грэкі, сербы, валахі, малдаване, егіпцяне, балгары, албанцы і іншыя падуладныя султану народы.

Войска Турцыі ў шмат разоў пераўзыходзіла па колькасці войска Рэчы Паспалітай. Паводле звестак Юрыя Вароцкага, які ўцёк з турэцкай няволі, Асман меў пад зброяй 75 тысяч туркаў, 30 тысяч арабаў, 17 тысяч грэкаў, армянаў, сербаў, балгараў, 10 тысяч янычараў, а таксама 260 гармат[91]. Паводле дадзеных турэцкіх крыніц, султан меў 200 тысяч свайго войска ды яшчэ 50-тысячную арду крымскіх татараў і 7-тысячную арду нагайцаў[92]. Аднак можна дапусціць, што турэцкія летапісцы зменшылі колькасць султанскага войска. Гэтак удзельнік Хоцінскай вайны армянін Аўксент Камянецкі сведчыць, што пад Хоцінам асманскае войска налічвала 460 000 чалавек[93]. Француз Гільём Баплан увогуле называе лічбу ў 600 000 чалавек, што яўна выглядае перабольшаннем[93а]. Калі ўсё ж узяць за падставу турэцкія дадзеныя, дык на Рэч Паспалітую рушыла 257 000 варожых воінаў. А гэта магутнейшае войска, «якога ніхто больш вялікага не меў», - як адзначаў Хадкевіч[94]. Калі ж улічыць, што да гэтага войска пад Хоцін увесь час падыходзілі папаўненні, дык яно намнога перавышала прыведзеную туркамі лічбу. Можна гаварыць пра 300 000-400 000-тысячнае турэцкае войска. У абозе было 6000 вярблюдаў, якія везлі зброю і прадукты, нават чатырох сланоў вёў султан для запалохвання непрыяцеля. Галоўную сілу войска складала султанская гвардыя янычараў. Сюды султаны набіралі хлопчыкаў з хрысціянскіх народаў і з маленства выхоўвалі з іх верных воінаў ісламу. Конніцу складалі сіпахі - таксама рэгулярнае прафесійнае войска. Аднак пераважная частка турэцкіх воінаў была дрэнна ўзброенай і не карысталася даспехамі, што рабіла іх у баі безабароннымі перад вогненным нарадам і атакамі панцырнай конніцы.

У паход Асман выступіў 29 красавіка 1621 года з лагера пад Стамбулам. Шматлюдныя калоны, якія рухаліся па дарозе, натхнялі самалюбства маладога султана. Ён уяўляў сябе паслядоўнікам славутага султана Сулеймана і падражаў яму ў ганарлівасці і жорсткасці. Перад войскам султан з'яўляўся, апрануўшы Сулейманаў панцыр. Верачы ў перамогу, Асман ужо пачуваў сябе ўладаром свету. І аслеплены верай у сваю бязмежную магутнасць, султан забыўся, што лёс людзей вельмі пераменлівы і любая недарэчнасць можа стаць ракавой. Так, аднойчы Асман ледзь не развітаўся з жыццём. Нечакана з-пад моста, праз які султан пераязджаў адну з рэчак, выскачыла чатыры дэрвішы. Яны схаваліся там з надзеяй сустрэцца з султанам і выкленчыць у яго міластыню. Ад крыкаў абрадаваных і галодных дэрвішаў султанскі конь спудзіўся і ўзняўся на дыбкі. Будучы ўладар свету не ўтрымаўся ў сядле і кулем зваліўся на зямлю, добра пабіўшыся. Разгневаны Асман загадаў адсячы дэрвішам галовы. Каля Адрыаполя султан агледзеў войска. Воіны пацешылі ўладара стральбой з лукаў і мушкетаў. Султан застаўся задаволеным і шчодра ўзнагародзіў тых, хто вызначыўся. Усе кволыя замяняліся моцнымі, усе старыя - маладымі.

Праз Балканы турэцкае войска напрыканцы чэрвеня выйшла да Дуная. Дарога праз горы была цяжкай. Людзі і жывёла выбіваліся з сіл. Але султан упарта гнаў войска наперад. Мост цераз Дунай балгары і малдаване не закончылі своечасова. Султан прыняўся муштраваць войска манеўрамі і забаўляўся стральбой з лука ў палонных. А то загадваў закопваць іх жывымі ў зямлю, таптаць сланамі, разрываць на часткі. Сама нізкія і звярыныя інстынкты абуджаў водца ў сваіх ваяроў перад тым, як спусціць іх з ланцуга. Толькі «перамогу і здабычу» абяцаў ён ім.

Нарэшце ў пачатку ліпеня мост цераз Дунай пабудавалі і Асман пераправіўся на другі бераг. Памятную падзею ён увекавечыў мармуровым слупам.

Яшчэ можна было павярнуць назад. І галоўны муфцій паслаў да султана сама шаноўнага дэрвіша. Той адгаворваў Асмана ад вайны і прадвяшчаў, што ён страціць панства, а меч яго стане бяссільным. Султан у насмешку над дэрвішам праверыў сілу мяча на ягоным карку. Адсек таму галаву. Напужаны муфцій, прыкінуўшыся хворым, уцёк у Стамбул. Але і там цяпер было ненадзейна. Запарожцы на лёгкіх лодках «чайках» перасяклі мора і палілі прадмесці турэцкай сталіцы. Чорны дым пажараў стаяў над горадам. Візіры і ўлемы ўмалялі султана вяртацца ў Турцыю. Але султан вёў сваю незлічоную раць па перамогу.

 

Хоцінская вайна

Перад выправай у свой апошні паход Хадкевіч прысвяціў сябе дабрачыннасці. На свой кошт ён прафундаваў будаўніцтва двух касцёлаў - адзін у Крозах, а другі Святой Марыі ў Нясвіжы. Так з Богам у сэрцы гетман ішоў на абарону Айчыны і хрысціянскага свету ад варожага нашэсця. Развітаўся Хадкевіч з маладой жонкай у Астрозе. Больш ужо не ўбачыць ён каханую. І павёў ліцьвінскае войска на злучэнне з польскім. Палякі стаялі на беразе ракі Збруч каля мястэчка Скала. Любамірскі высылаў віжаў, каб даве