epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

Звычайная трагедыя

Дзень добры, Міця!

Гэтак хочацца назваць цябе мілы, каханы і дарагі, аднак вось пішу гэтае простае прывітанне.

Я доўга перажывала, пакуль не прымусіла сябе прызнацца табе. Яшчэ калі мы вучыліся ў школе, дамовіліся казаць адно аднаму ўсё шчыра. Я так і раблю. Давай нагадаем мінулае. Твая першая запіска... Каб ты ведаў, як яна ўзрадавала мяне. Я нават разгубілася і зразумела, што магу адказаць толькі «так», бо закахалася ў цябе яшчэ тады, калі ўпершыню ты прыйшоў у наш клас. Тады і вырашыла, што, апроч цябе, нікога не пакахаю. Калі ўспамінаю пра гэта, дык хоць наплачуся.

Нашы сустрэчы і першы ў маім жыцці пацалунак - гэта было для мяне, для той наіўнай школьніцы, вяршыняй шчасця. Але ці то мая ганарлівасць, ці то проста нясмеласць, а верагодна, ад сораму не магла я прызнацца ў сваіх пачуццях. Пэўна, таму і казала я: «Не ведаю» або «Не хачу», аднак як я жадала быць побач з табою, чуць твой голас, размаўляць з табою аб чым заўгодна, толькі б глядзець у твае вочы! Дурніца, кахання палохалася. Шчасце сваё хавала ад сябе...

Успамінаю наш выпускны вечар. Усё цудоўна пачалося, а плата якая за гэта - развітанне з каханнем. Нашы сустрэчы, узнёсласць святых слоў, зачараванне першых пацалункаў - усё забылася. І толькі таму, што я не згадзілася пайсці з табою сустракаць світанак. Я адмовілася, а ты пакрыўдзіўся на мяне. Божа мой, плётак спужалася. І як шкада, што крыўда асляпіла цябе. Гэтак і не зразумеў: я ўсё роўна кахаю цябе.

Каб ты ведаў, як горка мучылася без цябе тое лета. Я рыхтавалася ў інстытут, здавала іспыты і ўвесь час думала пра цябе. Дні невыноснай самоты і адзіноты. І толькі ночы былі маімі сяброўкамі, ім са слязамі прызнавалася пра сваё каханне, але яны не суцяшалі мяне. І зноў вяртаюся ў той час, калі жыццё падаравала нам імгненне шчасця. Сэрцам я рвалася да цябе і кахала, кахала, нават тады, калі бачыла цябе з дзяўчатамі. А пасля інстытут. Я чакала твайго вяртання. Штодня, кожную хвіліну, мой любы і дарагі... І не дачакалася.

А сустрэча выпускнікоў? Мне і ўспамінаць балюча. Міця, як жа ты мог? Абыякавасць, калі не знявага. Я ж верыла табе...

Ты пісаў, што, мабыць, недарэмна адбылася паміж намі гатая звадка і я пасля гэтага расставання стала бліжэйшай табе. Не, ты памыляешся - гэтае расставанне прынесла нам адчужанасць.

Што тут далей казаць? Крыўдавала на цябе. Калі ты забыўся на мяне, дык я забудуся на цябе. Забыцца не забылася, аднак паспрабавала. Я сустракалася з другімі. Нікога з іх не пакахала, але зразумела, што ты на гэтым свеце не адзін. І яшчэ я спазнала пяшчоту другіх, іх ласкавыя словы. А ты кажаш, расставанне пайшло на карысць.

Сэрца маё разрывалася. Я сустракалася з іншымі, а думала пра цябе. Мне так было цяжка. А пасля твой званок. Наша быццам бы ні пра што размова, а як я чакала і марыла пра яе. І ўсе мае спробы выкінуць цябе з сэрца - гэта самападман, гэта ўцёкі ад успамінаў пра нашы шчаслівыя дні. І я паверыла, што каханне вернецца да нас. Зноў паўторыцца шчасце нашых сустрэч, трапяткое дакрананне рук, нясмелыя позіркі, і пяшчота, і шчасце. Я хацела, вельмі хацела гэтага. Ды толькі ў сэрца пракраўся недавер да цябе. А раптам зноў убачу з другою, і зноў мая вернасць спатрэбіцца абыякавасці начэй, і зноў зачараванае кола адзіноты. Я не знайшла сілы адолець гэты недавер.

Калі б мы хоць часцей сустракаліся, можа быць, усё атрымалася б інакш. Аднак зноў нашае шчасце толькі на імгненне наведала нас. Тут, вядома, нічога не зменіш - войска. Я паабяцала чакаць, і я чакала цябе. Мне так хацелася нашага шчасця. І ўсё ж яно не прыйдзе да нас. Не, ты будзеш шчаслівым, і я, спадзяюся, буду шчаслівай, але разам нам шчасця не наканавана. Ты, мабыць, усё ўжо зразумеў. Так, я сустрэла другога чалавека.

Я кахала цябе, чакала і думала пра цябе, марыла аб нашым будучым. Па некалькі разоў перачытвала твае лісты, плакала. Вось і цяпер перада мною ляжыць твой апошні ліст. «Дарагая, мая родная і адзіная. Мая каханая, жыву днём нашай сустрэчы. Чарнавокая мая, хай будзе бласлаўлёны той дзень, калі я зразумеў, што няма мне жыцця без цябе, хай будзе бласлаўлёны свет гэты, таму што ў ім ёсць ты». Я веру ў шчырасць кожнага слова. І тут зноў гэтае аднак. Як мне зразумець тыя злосныя словы, якія слаў ты, калі я затрымлівалася з адказам. І тады мне здавалася: можа, тое, што я чакаю цябе два гады, і ёсць глупства, і ты зноў пакінеш мяне.

А пра яго нічога сур'ёзнага не думала. Проста спадабалася яму і ён мне таксама. Так было дзесьці год. Неўпрыкмет для сябе самой я прызвычылася да яго. Ён мяне пакахаў. Мы часта сустракаемся.

Я разумею стан тваёй душы пасля таго, як прачытаеш гэты ліст. Калі можаш, прабач мне. Твае сябры мовяць: «Мы ж казалі, што няма такіх дзяўчат, якія могуць чакаць». Пра гэтае ты пісаў у лістах. Ёсць такія дзяўчаты. А я, на жаль, не здолела...

Ты, пэўна, думаеш, з якой лёгкасцю даюцца мне гэтыя словы. А мне нялёгка. Доўга не магла набрацца мужнасці ды напісаць табе. Ты ж мне па-ранейшаму дарагі і блізкі, і хіба лёгка пакідаць табе замест кахання горыч страты.

Я спрабавала выкінуць яго з сэрца, каб чакаць цябе. Але мы адно без аднаго ўжо не можам, занадта позна нешта мяняць. Сэрца маё належыць Яму.

Мой добры Міця, не засмучайся. Мой мілы, і не думай болей пра мяне як пра каханую - забудзь. Але не забывай сваю Жанну, якая міжволі сама пакінула цябе. Будзь шчаслівы, мой мілы Міця, маё першае каханне.

Бывай, любы мой.

Р.S. Гэты ліст я напісала дзесьці месяц таму і ўсё не наважылася яго адправіць. Атрымала ад цябе вестачку і адважылася.

Сёння 31 снежня - дзень твайго нараджэння. Табе ўжо дваццаць гадоў. Віншую і жадаю шчасця. Відаць, не давядзецца, як мы марылі, разам сустракаць наступны Новы год. А гэты - я сустракаю з ім.

З Новым годам!


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая