epub
 
падключыць
слоўнікі

Вітаўт Чаропка

... і робіцца трывожна

Хацелася і мне аддаць даніну модзе і зазірнуць у тлумачальны слоўнік У.Даля, каб знайсці тлумачэнне слова «фальсіфікацыя». Такім чынам спадзяваўся я пазбавіцца неабходнасці распавядаць чытачу, што такое гісторыя Беларусі ў выкладзе афіцыйнай гістарычнай навукі. На жаль, «фальсіфікацыі» у слоўніку не знайшоў. Але ці значыць гэта, што ў канцы ХІХ стагоддзя не было такой з'явы?

Фальсіфікацыя існавала яшчэ раней. Ужо сярод першых летапісцаў і гісторыкаў чалавецтва былі і тыя, хто, дагаджаючы венцаносным асобам, кіруючыся палітычным інтарэсам, скажаў у сваіх пісаннях гістарычную Праўду.

Даўную традыцыю мае і фальсіфікацыя гісторыі Беларусі. І распачаў яе аўтар «Аповесці мінулых часоў». Так і не даведаліся мы ўсёй праўды пра Няміжскую бітву. Так і не адкрыў ён, чаму «пераможцы» Яраславічы замест таго, каб пасля перамогі над Усяславам Чарадзеем ісці паходам на безабаронны Полацак, раптам немаведама чаму пакінулі межы Полацкай зямлі. Ці не ўтаіў Нестар паразы кіеўскіх войскаў? З блаславення Нестара і пайшла вандраваць па старонках летапісаў, кронік, гістарычных манаграфій і падручнікаў фальсіфікацыя мінулага Беларусі. Фальсіфікацыяй было народжана «Сказанне пра князёў Уладзімірскіх», у якім апраўдваліся прэтэнзіі вялікіх князёў маскоўскіх на беларускія землі.

У тым сама ХVІ стагоддзі ўзніклі летапісы, напісаныя на старажытнабеларускай мове, дзе даводзілася, што «панство Литовское почалося звати и множити от Жомойти». Так жамойцкія феадалы імкнуліся прыпісаць сабе галоўную ролю ў стварэнні Вялікага Княства Літоўскага, абгрунтаваць свае правы на палітычнае першынства ў дзяржаве. Ідэя перавагі жамойцкіх нобіляў над беларускімі феадаламі ўвасобілася і ў «Кроніцы Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», якая больш «навукова» за папярэднія летапісы распрацавала міф пра «літоўскую заваёву» Беларусі. Гэты міф трапіў у кроніку каталіцкага каноніка з Жамойці Мацея Стрыйкоўскага, які быў знаходкаю для польскай шляхты і каталіцкай царквы, зацікаўленых у жамойцкім сепаратызме, у разладзе і варожасці паміж феадаламі Вялікага Княства. Вельмі даспадобы міф пра заваёву Беларусі жамойцкімі феадаламі прыйшоўся і Кацярыне ІІ, калі спатрэбілася даказаць правамоцнасць захопу царызмам земляў пад сцягам «аб'яднання сваяцкіх плямёнаў, якія насілі рускае імя»[1]. Гісторыкі зарыпелі пёрамі, распавядаючы, як жорсткія «літоўскія» князі, а пасля не менш жорсткія польскія паны захапілі безабаронную Беларусь і толькі дабрадзейная «матушка-императрица» вызваліла беларусаў ад шматвяковага прыгнёту. Гэтай схемы пры асвятленні мінулага Беларусі трымаюцца шмат якія гісторыкі і цяпер.

«Пакуль царызм рэзаў і мардаваў Украіну, Беларусь, Літву ды іншыя народы ў рэальным жыцці, гісторыкі рабілі тое сама з гісторыяй гэтых народаў у сваіх працах», - прызнаецца савецкі гісторык У.Пашута. Правільныя словы, і, здавалася б, можна было спадзявацца, што ўжо іхны аўтар «рэзаць і мардаваць» гісторыю не будзе. Але ж... Чытаеш ягоны фундаментальны том «Образование Литовского государства» (у самым назове гэткая хітрая аблудлівасць: дзе ж Энгельсава думка, што Вялікае Княства Літоўскае было «літоўскім» толькі паводле наймення; дзе Марксава сцверджанне, што гэта была славянская дзяржава?) і сустракаеш той жа міф з «Кронікі» М.Стрыйкоўскага, з працаў царскіх гісторыкаў. Зноў ідзе гаворка пра захоп Беларусі «літоўскімі» князямі, хаця ні Пашута, ні іншыя гісторыкі так і не падалі з гістарычных крыніц ніводнага дакладнага факта гэтага захопу. Ды хіба толькі Пашута «нязменна паказваў да апошняга часу проста-такі сыноўскую прыхільнасць да царызму, малюючы двухгаловага арла ў выглядзе нейкага анёла-ахоўніка, які прысвяціў сябе выключна дабрачынным дзеянням дзеля росквіту падуладных яму народаў»[2]. Пасля таго як праўдзівая гісторыя стала не патрэбная Сталіну і яго памагатым, у савецкай гістарычнай навуцы на доўгія дзесяцігоддзі запанавала фальсіфікацыя.

І вось, схаваўшы свой крывадушны твар за маску праўды, фальсіфікацыя абвясціла сябе праўдзівай гісторыяй Беларусі. Іншы погляд на нашае мінулае фальсіфікацыя гучна абвяшчала... фальсіфікацыяй. А гэтым часам разбуралі помнікі беларускага дойлідства, выганялі з штодзённага ўжытку беларускую мову, гвалтам зачынялі беларускія школы. І фальсіфікацыя апраўдвала і абгрунтоўвала гэты духоўны генацыд супраць беларускага народа.

Не трэба падманваць сябе, што ў наш час яна адступіла, здала свае пазіцыі. Зноў перавыдадзена «евангелле» аднаго з апосталаў фальсіфікацыі беларускай гісторыі Л.Абэцэдарскага «У святле неабвержных фактаў» (Дары данайцев. Менск, 1987).

Абэцэдарскі, як і шмат якія іншыя гісторыкі, імкнецца даказаць наяўнасць у мінулым старажытнарускай народнасці. Палітонім Русь, які з цягам часу пашырыўся на ўсходнеэўрапейскія землі, ён выдае за агульны для ўсіх усходніх славян этнонім і даводзіць, што была, маўляў, такая старажытнаруская народнасць, і ўсё тут. Але калі ж яна паспела скласціся, гэтая народнасць? Летапісы ўказваюць нам на неаднароднасць усходніх славян. Так, да 1018 года як пра асобныя народы летапісы кажуць пра ноўгарадскіх славенаў, да 1127 - пра крывічоў, да 1149 - пра дрыгавічоў, да 1169 - пра радзімічаў, да 1183 - пра севяранаў, да 1197 - пра вяцічаў, (Нямецкія кронікі згадваюць пад 1314 годам пра «зямлю крывіцкую», пад 1393 - «зямлю дрыгавічоў»). Як бачым, за сорак гадоў да нашэсця на Ўсходнюю Эўропу татара-мангольскіх ордаў яшчэ працягваўся працэс распаду плямёнавай сістэмы. Дык што, сур'ёзна лічыць, што за гэтыя сорак гадоў і склалася старажытнаруская народнасць? Вядома, ненавуковы доказ - сцверджанне, што ва ўсходніх славян была адзіная мова. Нельга выдаваць царкоўнаславянскую мову справаводства, летапісаў і царкоўнай літаратуры за жывую народную мову. Царкоўнаславянская мова выконвала на Русі тыя ж функцыі, якія ў Заходняй Эўропе ў сярэднявеччы - лацінская, але нікому не прыйдзе ў галаву на падставе гэтага сцвярджаць пра наяўнасць нейкай агульнай для Заходняй Эўропы мовы, а значыць і народа. У нас жа падобнае якраз і робяць.

Пазычаную ў Візантыі царкоўную культуру, якую неслі на Ўсходнюю Эўропу візантыйскія і баўгарскія святары, таксама нельга выдаваць за сведчанне нібыта адзінай старажытнарускай культуры. Дадзеныя археалогіі зняпраўджваюць сцверджанні пра «чысціню» і аднароднасць усходнеславянскай культуры ў старажытнасці. Нельга назваць пераканаўчым тэзіс, які ўслед за царскімі і шмат якімі савецкімі гісторыкамі паўтарае Абэцэдарскі, - што старажытнаруская народнасць склалася з усходнеславянскіх плямёнаў. Апошнім часам частка даследнікаў прыходзіць да высновы, што крывічы былі аславяненымі балтамі. Так, пецярбургскія гісторыкі Ю.Лаўчютэ і Д.Мачынскі пішуць: «Паўночная Беларусь і абшар Верхняга Падзвіння і Падняпроўя ў VІІІ-Х стст. былі заселеныя крывічамі, якіх «Аповесць мінулых часоў» збліжае са славянамі па звычаях і гістарычным лёсе, але не прылічвае ні да ўласна «словенов», ні да «иних языцев». Корань гэтага этноніма супадае з найменнем вярхоўнага жраца Крэве ў прусаў і літвы. Матэрыяльная культура крывічоў мае выразныя балцкія элементы»[3]. Карысна было б прывесці выснову са змешчанага ў гэтай жа кнізе артыкула А.Мачынскай і О.Давідана наконт ролі крывічоў у старажытнай Русі: «Аналіз усіх дадзеных дазваляе бачыць у крывічах вышнявінаў Дзвіны і Дняпра і нізавіны Волхава этнагрупы, што складаліся з паўночных праславянаў і балтаў, якія ў далейшым цалкам аславяніліся. Па Волхаве і ў Прыладожжы сувязі крывічоў са скандынавамі, «словенамі» і рознымі групамі фінаў прыводзяць да складвання этнасоцыўма, які называецца ў летапісах «Русь». На тэрыторыі пражывання славяна-балтаў крывічоў завязваюцца важныя вузлы рускай дзяржаўнасці, тут фіксуюцца найстаражытнейшыя ў лясной зоне знаходкі земляробчых прыладаў тых тыпаў, якія пазней пераважаюць на Старажытнай Русі, старажытныя адміністрацыйна-дружынныя і гандлёва-рамесніцкія цэнтры, тут складваецца і сістэма паганскай рэлігіі паўночнарускай протадзяржавы».

Разглядаючы праблему ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, Л.Абэцэдарскі паўтараў сцверджанні фальсіфікатараў гісторыі Беларусі. Цытую «неабвержныя факты»: «Вялікае Княства Літоўскае ўтварылася ў ХІІІ стагоддзі на тэрыторыі ўласна Літвы як дзяржава літоўскіх феадалаў». Гэта напісана ім адразу ж пасля слоў, што «мы павінны кіравацца адзіна правільнай, марксісцка-ленінскай характарыстыкай дзяржавы». Тым не менш бачым тут поўнае ігнараванне Л.Абэцэдарскім і пададзеных вышэй выказванняў класікаў марксізму наконт характару Вялікага Княства Літоўскага.

Абэцэдарскі не абцяжарваў сябе аналізам летапісаў і гістарычных крыніц. Навошта? Былі гатовыя схемы і канцэпцыі. Першы ж сур'ёзны аналіз паведамленняў Іпацеўскага летапісу ды іншых крыніц, што зрабіў Мікола Ермаловіч, адразу выявіў мноства фактаў, якія, па сутнасці, зняпраўджваюць старыя канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Ён нарэшце пакончыў з блытанінаю наконт месца знаходжання гістарычнай Літвы, давёўшы, што яна была не на тэрыторыі сучаснай Летувы, а ў Верхнім Панямонні. Менавіта адсюль найменне «Літва» пашыралася на Нальшчаны, Аўкштоту, а ў ХІХ стагоддзі і на Жамойць. Да тых фактаў, якія прывёў на гэты конт М.Ермаловіч[4], хачу дадаць яшчэ колькі.

Паведамляючы пра паход «літвы» ў 1268 годзе на «ляхи», Іпацеўскі летапіс удакладняе, што яны «идоша мимо Дорогичин». Навошта такое вялікае калена, калі напасці на Польшчу можна было непасрэдна з сучасных летувіскіх земляў, якія з ёю межавалі? Але, ведаючы, што старажытная Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, становіцца зразумела, што літоўскія дружыны і рухаліся адтуль паўз Дарагічын на Польшчу. Красамоўныя звесткі падае пад 1311 годам нямецкая кроніка. Гэтым часам вялікі князь Віцень напаў на Прусію. Паводле кронікі Дусбурга, ліцьвіны вярталіся з паходу не на тэрыторыю сучаснай Летувы, а ў бок Горадні, гэта значыць у кірунку Верхняга Панямоння. Якраз паблізу Горадні крыжакі дагналі дружыну Віценя і напалі на яе.

Вызначэнне месца знаходжання гістарычнай Літвы дало магчымасць М.Ермаловічу разгадаць тайну «літоўскага сфінкса» (В.Ластоўскі). Звярнуўшы ўвагу на запіс Іпацеўскага летапісу, што Міндоўг «Литву зане», ён слушна давёў, што Міндоўг зрабіў гэта з Новагародка, у які ён трапіў праз «ворожьство» з літоўскімі феадаламі і прыняў са сваімі баярамі «веру от Востока» (Густынскі летапіс). Даследнікі беларускай гісторыі не зважаюць на другое паведамленне Іпацеўскага летапісу: «По том же лете Данил же возведе на Кондрата Литву Минъдога Изяслава Ногородьского», а гэты запіс выразна паказвае васальную залежнасць Міндоўга ад Ізяслава Новагародскага (пра залежнасць Літвы ад Новагародка піша ў сваей кроніцы і М.Стрыйкоўскі). Цяжка сказаць, у чым гэтая васальная залежнасць праяўляліся: ці быў Міндоўг намеснікам новагародскага князя ў падуладным яму Верхнім Панямонні, ці сам служыў у Новагародку наймітам. Але зразумела, што там яго ведалі. Летапісныя запісы дапамагаюць высветліць, што пры заваёве Літвы Міндоўг апіраўся на наваградскую дружыну. Так 1-шы Ноўгарадскі летапіс, апавядаючы пра падзеі, што адбыліся пасля Міндоўгавай смерці, піша, што Войшалк прыйшоў на Літву «съвкупи около себе вои отца своего и приятели», а Іпацеўскі летапіс удакладняе, што гэта былі новагародцы. Не дзіўна, што ваяводам у Міндоўга быў славянін Астафей Канстанцінавіч, і два другія ягоныя ваяводы - Хвал і Лагвеній, - якіх згадваюць летапісы, мелі славянскія імёны.

Менавіта ў гэтым часе (1261 год) беларускі перакладнік «Кронікі» Іаана Малалы ў тэксце пра «поганьскую прелесть Совня» называе Літву не як варожую краіну - не «погана» Літва, як яе называлі галіцка-валынскія і ноўгарадскія летапісы, а - «нашае». І калі ўявіць, што апавяданне пра Совія пісалася ў Новагародку (толькі ў гэтым выпадку перакладнік мог ведаць пра паганскія звычаі новагародскіх суседзяў яцьвягаў і ліцьвіноў), дык азначэнне «нашае Літва» трэба разумець як Літву, што належала Новагародку.

Правадніком новагародскай палітыкі быў і Міндоўгаў сын Войшалк. Абапіраючыся на новагародскія і пінскія дружыны, ён далучыў да Новагародка Літву, а пасля з дапамогай галіцка-валынскіх войскаў - Нальшчаны і Дзяволтву. Улада Новагародка распаўсюджвалася на Полацак з Віцебскам. Так Новагародак, які ўзнік на землях старажытнай Літвы, што адваяваў Яраслаў Мудры ў 1044 годзе, і Літва (Верхняе Панямонне) сталі ядром новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Як бачым, яно складалася не на сучасных летувіскіх землях, а на беларускіх, і складалася як дзяржава беларускіх феадалаў. Новагародак быў першай сталіцай гэтага гаспадарства, беларуская мова выконвала функцыі дзяржаўнай, новагародскі герб «Пагоня» стаў дзяржаўным гербам.

Гаворачы пра гэты герб, Абэцэдарскі выкарыстоўвае (кажучы ягонымі ж словамі) «свой звычайны ашуканскі прыём» і даводзіць, што «Пагоня» «ніколі не была беларускім гербам, а служыла асабістым гербам вялікіх князёў літоўскіх». Якія ж довады прыводзіць Абэцэдарскі? Ён спасылаецца на «Кроніку Быхаўца» і цытуе словы міфічнага літоўскага князя Рыманта, які кажа зноў-такі пра міфічнага князя Нарымонта, што той нібыта прыдумаў сабе герб: «...той герб азначае дарослага гасудара». Вось так - спасылкі на падзеі, якіх не было, на гістарычных асобаў, якіх не існавала, спасылкі не на гістарычныя крыніцы, а на літаратурныя - і гэта довад, і гэта - неаспрэчны «факт»?

А вось гістарычныя факты. Сам славянскі назоў герба «Пагоня» выразна паказвае на яго беларускае паходжанне. Пра гэта пісаў і Стрыйкоўскі: «І герб рускі (г.зн. беларускі. - В.Ч.), ездніка з шабляю прыняў (Віцень), дагэтуль карыстаюцца». Італьянскі падарожнік Гваніні, які ў ХVІ стагоддзі пабыў на Беларусі, паведамляе, што ў мінулым гербам Новагародскага княства быў «езднік на белым кані ў чырвоным сцягу з шабляю над галавою», гэта значыць той герб, які пры Віцені быў прыняты як дзяржаўны. На думку некаторых даследнікаў, ён азначаў не «дарослага гасудара», а святога Меркура Смаленскага, які, паводле народных паданняў, быў абаронцам крыўскіх земляў. «Вера ў тое, што нацыянальны Крыўскі герой уставаў з дамавіны, браў сваю зброю, садзіўся на вешчага каня і выступаў у кожнай вайсковай патрэбе краю, падсунула мысль Крывічом выабражаць сьв.Мэркурага на дзяржаўных пячатках і дзяржаўных сьцягах»[5], - лічыў В.Ластоўскі. Ёсць і меркаванні, што на гербе «Пагоня» адлюстраваны бог Ярыла.

Тую ж некрытычнасць, паўтарэнне старых догмаў бачым у сцверджанні Абэцэдарскага, што «усе без выключэння вялікія літоўскія князі былі літоўскага паходжання». Аднак нішто не паказвае, што яны былі летувісамі. Іхныя імёны, невытлумачальныя з летувіскай мовы, сведчаць пра іх славянскае паходжанне. Польскі даследнік Ю.Латкоўскі лічыў, што імя Міндоўг мела правільную форму Мендог, якая, дарэчы, чаргуецца ў «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» з формамі Мендок і мае ў беларускім анамастыконе простыя адпаведнікі Мендзя, Мендзік, а ў расейскім - Мендуй, Мендзюк. Славянскага паходжання былі імёны і Міндоўгавых сыноў Войшалка (блізкае яму беларускае імя Войшаль, Войша), Рапекі, Руклі. Славянскія імёны мелі і сямейнікі вялікага князя Тройдзеня: ён сам, ягоныя браты Борза, Серпуцый, Лесій (Лесь, Алесь). Славянскага паходжання было імя Віцень. Нагадаем, што гэтае імя насіў першы вядомы гісторыі князь абадрытаў. Сустракаецца яно сярод беларусаў і пазней, напрыклад, у 1528 г.[6] Вядома расейскае імя «Едиман», а таксама крывіцкае селішча Едыманава. Гэта наводзіць на думку, што імя Гедзімін - таксама крыўскае. Ці не назіраем мы тут уласцівае беларускай мове з'яўленне зычнага «Г» перад галоснымі? Напрыклад, расейскае жаночае імя Елена мае беларускую форму Гелена, Анна - Ганна; гэтую з'яву назіраем і ў мужчынскіх імёнах: Ольша - Гольша, Ердень - Гердзень. Славянскімі імёнамі называліся і іншыя браты Віценя - вялікі князь полацкі Воін і князь Фёдар.

На першы погляд, імёны Гедзімінавых сыноў - Монвід, Нарымунт, Карыят, Альгерд, Кейстут, Любарт, Яўнут - летувіскія, але гісторык В.Юргевіч давёў іх нелетувіскае паходжанне[7]. Так, імя Альгерд ён лічыў вытворным ад Аляксандра, Кейстут - ад Канстанціна (нагадаем ноўгарадскае імя Кестуй). Імя Карыят, на думку Юргевіча, паходзіла з імёнаў Кір або Кірыяк, Яўнут - ад памяншальнага хроснага імя гэтага князя (Іванюта), Нарымонт - ад памяншальнага Наруша. Калі нагадаць, што Гедзімін княжыў спачатку ў Троках, а пасля ў Вільні і жыў у балцкім асяроддзі, якое на свой лад пераіначыла імёны ягоных сыноў, дык становіцца зразумелай іх «літоўскасць». Нельга не звярнуць увагі на тое, што імёны па бацьку вялікіх князёў літоўскіх маюць характэрны для беларускай мовы патранамічны суфікс - віч (іч), а ў летувіскіх імёнаў гэтага суфікса няма.

На славянскае паходжанне вялікіх князёў літоўскіх указваюць і летапісы. Так, «Кроніка Быхаўца» паведамляе, што Ягайла казаў пра князёў Гальшанскіх (паводле летапісаў, яны паходзілі ад вялікіх князёў літоўскіх і былі ў блізкім сваяцтве з Тройдзенем), што яны былі з «пакалення рускага». Тыя ж летапісы паведамляюць, што міфічны літоўскі князь Скірмонт Мікгайлавіч быў нашчадкам «князёў рускіх». Вядома, такія запісы не былі выпадковымі. У народзе памяталі, ад каго вялі свае паходжанне вялікія князі. Паданне захавала памяць, што Гедзімінавічы былі нашчадкамі выхадцаў з племя дрыгавічоў. Васкрасенскі летапіс выводзіў род Гедзімінавічаў ад полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча. Цікава, што ў ХVІІІ стагоддзі Кацярына ІІ, якая займалася пытаннямі генеалогіі вялікіх князёў літоўскіх і карысталася дакументамі, якія не дайшлі да нашага часу, пацвердзіла паведамленне Васкрасенскага летапісу. Яшчэ адзін факт ускосна пацвярджае славянскае паходжанне вялікіх князёў літоўскіх. У 1350 годзе сыны Гедзіміна падпісваюць з польскім каралём дамову, у якой час вызначаецца па славянскіх святах: «а мир от Покрова буде до Иваня ўже до Купале». Заўважым, што пры царскім двары ў Маскве Гедзімінавічаў таксама прызнавалі за нашчадкаў полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча. Пра гэта маскоўскія баяры афіцыйна паведамлялі ў 1562 годзе паслам Вялікага Княства Літоўскага: «Только вспомните старину, каким образом гетманы литовские Рогволодовичей Данила и Мовколда на Литовское княжество взяли...»[8] Характэрна, што родавы герб Гедзімінавічаў - «Калюмны» на вялікай дзяржаўнай пячатцы цара Івана Жахлівага быў названы «печать полотцкая».

Імкнучыся абавязкова даказаць «заваёву» летувіскімі феадаламі Беларусі, Абэцэдарскі ўсяляк падкрэслівае нібыта прывілеяванае становішча летувіскіх феадалаў у параўнанні з беларускімі: «Беларускія феадалы не мелі кіруючай ролі ў дзяржаве, яны не ўваходзілі ў склад «паноў-рады», не ўдзельнічалі ў выбарах вялікага князя, не валодалі асабістымі гарантыямі». Незразумела, па якіх прынцыпах Абэцэдарскі падзяляе феадалаў Вялікага Княства Літоўскага на летувіскіх і беларускіх. Па веравызнанні? Каталікі - летувісы, праваслаўныя - беларусы? Але ж гісторыкі ведаюць, што многія беларускія феадалы былі каталікамі. Па месцы іх пражывання? Але вядома, што многія феадалы з беларускіх земляў атрымлівалі зямельныя ўладанні ў Летуве і, наадварот, летувіскія - у Беларусі. Па паходжанні? Балты - летувісы, славяне - беларусы. Але ўжо навукова даказана, што беларуская народнасць складалася шляхам асіміляцыі ўсходнімі славянамі балтаў, што жылі на Беларусі. Так што само балцкае імя яшчэ мала пра што сведчыць. І сапраўды вельмі цяжка пагадзіцца, што даўно абеларушаныя Гаштаўты, Монвіды, Радзівілы, Остыкі, Трабскія былі летувіскімі феадаламі. У адваротным выпадку трэба ігнараваць факты пражывання іхных продкаў і іх самых у Беларусі, карыстання беларускай мовай, служэння Беларусі. Кіруючыся такой логікай, шэраг сучасных беларускіх культурных дзеячоў з балцкімі прозвішчамі - Мядзёлку, Пукста, Мележа, Бембеля, Камейшу, Ягоўдзіка, Шніпа, Біталя, Бічэль - можна назваць летувісамі, а пасля сур'ёзна даводзіць пра «засілле» летувіскай культуры ў Беларусі. Тым не менш Абэцэдарскі карыстаецца ў сваёй працы менавіта такімі ненавуковымі і наагул абсурднымі прыёмамі, і ўсе гэта друкуецца і падаецца як сур'ёзная навуковая праца. У разліку на што? На недасведчанасць беларусаў? Вядома, мы яшчэ, на жаль, вельмі дрэнна ведаем сваю гісторыю, таму і вольна адчуваюць сябе фальсіфікатары, таму і завучана бубняць яны ўсе адно і тое ж: «Літоўскія захопнікі... Польскія паны-прыгнятальнікі... Няшчасная Беларусь... Сусветна-гістарычнае значэнне ўз'яднання Беларусі з Расіяй... Росквіт Беларусі...»

Але вернемся да «навуковых» поглядаў прафесара Абэцэдарскага. Дапусцім, ён кіраваўся прынцыпамі: славяне - беларусы, балты - летувісы. А цяпер зазірнем у гістарычныя крыніцы. Вось толькі невялічкі пералік беларускіх феадалаў славянскага паходжання, якія займалі важныя дзяржаўныя пасады: Іван Хадкевіч - ваявода кіеўскі, стараста луцкі; Іван Сапега - ваявода віцебскі, канцлер; Зміцер Пуцята Друцкі - намеснік мцэнскі і бранскі; Кастусь Астрожскі - ваявода кіеўскі, гетман, ваявода троцкі; Станіслаў Кішка - стараста гарадзенскі, гетман; Станіслаў Глябовіч - ваявода полацкі, канцлер; Рыгор Хадкевіч - гетман; Ян Геранім Хадкевіч - земскі маршалак, стараста жамойцкі, гетман, намеснік вялікага князя ў Інфлянтах; Астафей Валовіч - канцлер; Леў Сапега - канцлер, вялікі гетман, ваявода віленскі; Ян Кароль Хадкевіч - намеснік вялікага князя ў Інфлянтах, вялікі гетман, кіраўнік войскаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў бітве з туркамі каля Хоціна ў 1621 годзе... Спіс можна доўжыць і доўжыць, але і пададзеныя факты ўжо выкрываюць «канцэпцыю» Абэцэдарскага. Беларускія феадалы заўсёды адыгрывалі галоўную ролю ў палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Так, сярод паноў-рады ў 1483 годзе беларусамі былі пяцёра з васьмі, у 1511 годзе ў склад паноў-рады ўваходзіла пяць беларускіх феадалаў, а ў 1574-м з адзінаццаці сяброў паноў-рады з Беларусі было дзевяць.

Шмат увагі Абэцэдарскі аддае Крэўскай вуніі і Гарадзельскаму прывілею, спрабуючы ў традыцыях царскіх гісторыкаў даказаць прывілеяванае становішча летувіскіх феадалаў параўнальна з беларускімі. Але зноў спекуляцыя ісцінай. Шаноўны прафесар не гаворыць, што прывілеі, якія былі дадзеныя Ягайлам феадалам Вялікага Княства, не падзялялі іх па этнічнай прыкмеце: асобныя прывілеі атрымалі не летувісы, а каталікі, сярод якіх былі і беларусы. Забываецца Абэцэдарскі і пра такія важныя дакументы, як прывілеі Полацкай і Віцебскай зямляў, якія бралі пачатак з дамоваў палачанаў з князямі. Гэтыя дакументы пацвярджалі аўтаномны статус Полацкай і Віцебскай земляў, дакляравалі «старыны не рухаць», захоўваць дэмакратычны вечавы лад, прызначаць ваяводаў «згодна са старым звычаем, каго захочуць», дакляравалі свабоду веравызнання, маёмасныя правы. Вялікі князь не меў права судзіць палачаніна або віцябляніна - яны былі падсудныя сваім мясцовым судам; полацкія купцы былі вызваленыя ад мыта ва ўсім Вялікім Княстве, тым часам як на межах Полацкай зямлі заставаліся мытні. У 1634 годзе Ўладзіслаў ІІІ зраўняў феадалаў праваслаўнага і каталіцкага веравызнання ў палітычных правах.

Паўтараючы словы Ў.Пашуты, што «Беларусь была падуладнай і эксплуатаванай літоўскай магнатэрыяй краінай», Абэцэдарскі так і не прывёў ніводнага дакумента ў доказ гэтага сцверджання. Хіба Беларусь плаціла Жамойці даніну, як Маскоўская Русь - Залатой Ардзе? Не, не плаціла. Хіба ў Беларусі былі вышэйшыя, чым у Жамойці, дзяржаўныя падаткі? Не. Хіба «літоўскія заваёўнікі» насаджалі на Беларусі сваю культуру, лад жыцця, веру, хацелі асіміляваць беларусаў? Не. Хіба «літоўскія заваёўнікі» рабавалі, спусташалі Беларусь, выводзілі яе насельніцтва ў палон і прадавалі ў няволю, разбуралі храмы, як рабілі, скажам, у Польшчы, Прусіі, Лівоніі? Не, няма і пра гэта ніякіх сведчанняў. Можа, Абэцэдарскі і Пашута грунтуюцца на тым, што некаторыя жамойцкія феадалы атрымлівалі ў Беларусі землі? Але і гэта не сведчанне «падуладнасці» Беларусі. Не трэба забывацца, што значна больш беларускіх феадалаў атрымалі ўладанні ў Жамойці. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова зазірнуць у Попісы войска Вялікага Княства Літоўскага, дзе пайменна перапісаная ўся шляхта з Жамойці. Сярод імёнаў гэтай «літоўскай» шляхты мы сустракаем такія беларускія найменні, як Трацяк, Чыж, Жаба, Клопат, Шчыт, Добрагост, Зарэцкі, Жук, Люля, Завіша, Кісель, Гардына, Белазор, Карызна, Дуброва, Скура, Яварка, Гутарка, Звяга, Чаропка, Мошка, Лыка, Быхавец, Гогаль, Хадыка, Савіч, Пабачок, Пахмелка, Выдра, Воўк... Няма аніякага сумневу, што іх носьбіты былі беларусы. Напрыклад, паводле Попісу 1567 года, толькі ў адным Віленскім павеце сярод шляхты я налічыў 76 чалавек з падобнымі антрапонімамі, у Вількамірскім - 57. Але пераважная частка шляхты мела імёны з уласцівым для беларусаў патранімічным суфіксам «віч», такія, як Багдановіч, Багушэвіч, Валковіч, Некрашэвіч. Носьбітамі такіх антрапонімаў былі беларусы або збеларушаныя тубыльцы. Падобных антрапонімаў, якія паказваюць на беларускасць тамтэйшай шляхты я налічыў (па Віленскім, Вількамірскім, Троцкім, Уцянскім, Ковенскім паветах) 1301, антрапонімаў балцкага паходжання, такіх, як Жвірбліс, Санкгайла, Кузеліс, Вілкоженціс, Пуйдак, і балцкіх антрапонімаў з суфіксам «віч»: Монтаўтавіч, Вайшвілавіч і г.д.- 875. Блізу 735 чалавек жамойцкай шляхты (Попіс 1528 года) мелі беларускія імёны (Смятаннік, Кравец, Вепр, Рагоўскі, Сестрынец, Крыж Юр'евіч, Ясь Мікутэвіч, Рэкоша, Некіпелы, Багдановіч, Багушэвіч, Варовіч, Аляхновіч, Саковіч... і 1250 - балцкія імёны. Пра што могуць казаць гэтыя лічбы? Пра каланізацыйную палітыку ўрада Вялікага Княства Літоўскага на балцкіх землях, імкненне замацаваць іх за беларускімі феадаламі. Безумоўна, не ўсе носьбіты беларускіх антрапонімаў там былі беларусамі, нямала сярод іх было і збеларушаных жамойтаў. І гэта яшчэ раз яскрава сведчыць аб працэсе беларусізацыі летувіскай шляхты.

Тут трэба звярнуцца да пытання нутраной палітыкі вялікіх князёў літоўскіх. Палітыка гэтая была па сутнасці сваёй беларускай. Прызнанне беларускай мовы дзяржаўнай, занатаваная ў Статуце ўрадавая пастанова, паводле якой на дзяржаўныя пасады ваяводы дапускалі людзей, «што ведаюць законы і рускую грамату», узаконьвалі працэс беларусізацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вось вынікі гэтай палітыкі: канчатковая асіміляцыя летапіснай Літвы, Нальшчанскай зямлі, Віленскага краю. У 1897 годзе расейскі гісторык А.Качубінскі пісаў, што «у Троках (па-летув. Тракай. - В.Ч.) літоўскі (летувіскі) элемент амаль не прыкметны», «Віленская губернія, гэты чаканы намі зямельны фонд літоўскага арыйца, ужо ўваходзіць у тэрыторыю беларускага племя, а сама Вільня ўжо за мяжой літоўскай». А вось сведчанні сучаснай даследніцы Е.Грынавецкене, прыведзеныя ў «Балта-славянскім зборніку» (М., 1972): «Жыхары паўднёва-заходніх ваколіц летувіскай сталіцы (паўднёва-заходняя частка Віленскага р-на, усходняя частка Троцкага р-на, Ейшышскі р-н) у асноўным размаўляюць па-беларуску (ці, як яны самі кажуць, «па-просту»), у ваколіцах Салечнікаў (па-летув. Шальчынінкай. - В.Ч.), напрыклад, пакінулі размаўляць па-летувіску гадоў 70-80 таму назад». Тыя ж сапраўды гістарычныя факты, якія прыводзіць у сваёй працы Абэцэдарскі, трактуюцца ім тэндэнцыйна. Вядомая змова беларускіх князёў Міхайлы Слуцкага, Івана Гальшанскага, Фёдара Бельскага ў 1480 годзе, мэтай якой быў дзяржаўны пераварот і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Міхайлы Слуцкага, Абэцэдарскі падае як імкненне «беларускіх феадалаў, незадаволеных засіллем літоўскай феадальнай знаці, далучыць да Расіі ўсходнія беларускія землі». Паўстанне Міхайлы Глінскага шаноўны прафесар трактуе таксама як імкненне беларускіх феадалаў далучыць беларускія землі да Расеі. На сапраўдныя мэты Міхайлы Глінскага паказвае ліст Жыгімонта Старога да Васіля ІІІ, у якім вялікі князь пісаў: «А как то гораздо было сведомо, иже бы вотчыну нашу Великое Князество Литовское, по смерти брата нашого, без бытности нашое, первей нижели до нашого господарства приехали, хотел подступивши под нами подсести». Менавіта барацьба за ўладу ў Вялікім Княстве вымусіла Глінскага ўзняць бунт і шукаць падтрымкі ў Васіля ІІІ, але, не дамогшыся свайго, Глінскі здрадзіў маскоўскаму гаспадару, забыўшыся пра «барацьбу за ўз'яднанне Беларусі з Расіяй».

Дзіўная няпамятлівасць у Абэцэдарскага, калі ён распавядае пра падзеі 1654-1667 гадоў. Нельга аспрэчваць, што нізы беларускага народа, якія падняліся на збройную барацьбу (у значнай ступені, дарэчы, інспіраваную казацкімі наездамі) супраць феадальна-каталіцкай рэакцыі, з надзеяй глядзелі на Маскву, на праваслаўнага цара. Але Аляксей Міхайлавіч цэлыя шэсць гадоў «раздумваў», ці дапамагчы, а дакладней, чакаў аслаблення народнага руху, каб пасля дыктаваць свае ўмовы беларускаму і ўкраінскаму народам. Бунтаўнікі ў Беларусі чакалі царскіх войскаў як хаўруснікаў, а сустрэлі рабаўнікоў і захопнікаў. Маўчыць Абэцэдарскі пра шматлікія факты гвалтоўнага захопу царскімі войскамі беларускіх сялян у палон, пра ганебны гандаль беларусамі (чалавек каштаваў тры рублі), пра нявольніцкі рынак у Астрахані, на якім прадавалі беларусаў азіяцкім купцам. Маўчыць Абэцэдарскі і пра факт знішчэння 30 000 амсціслаўцаў на загад князя Трубяцкога, маўчыць пра спаленыя царскімі войскамі болей за 200 беларускіх вёсак і гарадоў[9], маўчыць і пра рабункі ўкраінскіх казакоў Залатарэнкі, якія палілі селішчы сялян, «без остатку выпалили» Койданава, а жыхароў яго «под меч пустили», за што цар прыслаў Залатарэнку сваю падзяку[10], маўчыць і пра барацьбу беларускіх сялян, гараджан, шляхты і ўкраінскіх казакоў супраць царскіх войскаў. Гэтыя факты не ўкладваліся ў штучную тэорыю «дружбы народаў» і «векавечнай мары беларускага народа аб'яднацца з рускім», а таму Абэцэдарскі, як і іншыя гісторыкі, іх абмінуў.

Як з'яву прагрэсіўную ацэньваў Абэцэдарскі далучэнне Беларусі да Расейскай імперыі, якую Ленін трапна назваў «турмой народаў». Выпадак у гістарычнай навуцы беспрэцэдэнтны: страта сваім народам дзяржаўнасці разглядаецца гісторыкам не як нацыянальная трагедыя, а як дабро, шчасце, прагрэс, выратаванне для народа. Пра якое скасаванне рэлігійнага прыгнёту можна было пісаць, калі царызм гвалтам пераводзіў у праваслаўе з вуніяцтва сотні тысяч беларусаў, калі зачыняліся вуніяцкія бажніцы, дзе гучала беларуская мова, знішчаліся вуніяцкія святыні. Як можна пісаць пра аслабленне нацыянальнага прыгнёту, калі сам назоў «Беларусь» царызм забараніў, калі не было адчынена ніводнай беларускай школы, калі руйнаваліся помнікі нашай культуры, калі падаткі ў Беларусі былі фактычна ў 4-5 разоў вышэйшыя за падаткі ў іншых месцах імперыі (бо бралі іх не асігнацыямі, а золатам і срэбрам). Калі да цяжару прыгонніцтва дадаўся цяжар рэкрутчыны (толькі перад вайной з Напалеонам царскі ўрад забраў у рэкруты з Беларусі болей за 130 тысяч чалавек, а ўсяго за перыяд ад 1782 да 1811 года з Беларусі было ўзята болей за 220 тысяч рэкрутаў)[11]. «Няма правінцыі ў былой імперыі, да якой бы так сурова ставіўся ўрад, як да Беларусі», - пісаў беларускі гісторык Доўнар-Запольскі ў брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» (Горадня, 1919), сумна падводзячы вынік знаходжання Беларусі ў складзе Расейскай імперыі.

З'яўленне «неабвержных фактаў» Абэцэдарскага як бы падтрымала адэптаў старых тэорый пра «заваёву» Беларусі летувіскімі феадаламі, пра бездзяржаўнасць беларускага народа і г.д. І вось правадзейны сябар Геаграфічнага таварыства А.Рогалеў слова ў слова паўтарае ўжо неаднойчы сказанае фальсіфікатарамі гісторыі Беларусі: «Са смерцю Ўсяслава закацілася былая магутнасць Полацкай зямлі. Сыны яго не ўмелі і не хацелі мірна падзяліць бацькоўскую спадчыну. Успомнім радкі з вялікага «Слова»: «Дзвіна балотам цячэ к тым грозным палачанам пад клікі паганых». «Клікі паганых» на берагах Дзвіны - гэта воінскія справы язычнікаў-літоўцаў, якія ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя і ў той час, калі пісалася «Слова», рабілі напады на беларускія землі, даходзілі да Мазыра, Турава і Пінска, а ў 1190 годзе захапілі і Полацак»[12]. Дзіўна чытаць пра «воінскія подзвігі язычнікаў-літоўцаў», якія «рабілі напады на беларускія землі» пасля таго, як М.Ермаловіч у нарысе «Самы старажытны» («Маладосць», 1987, № 5) растлумачыў, што меў на ўвазе аўтар «Слова», калі пісаў пра «клікі паганых» на берагах Дзвіны. Падаўшы шэраг фактаў выкарыстання полацкімі і менскімі князямі вайсковых дружын падуладнай ім літвы ў міжусобнай барацьбе і вайне з кіеўскімі князямі, М.Ермаловіч слушна даводзіць, што не самі «паганыя» прыходзілі на Дзвіну - іх прыводзілі князі ў сваіх мэтах. Кіеўскія князі, як вядома, таксама выкарыстоўвалі ў міжусобнай барацьбе полаўцаў ды іншых «паганых». За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Яраслава ўсе ўнукі і Ўсяслава!.. Вы... сваімі крамоламі пачалі наводзіць паганых на зямлю Рускую, на надзел Усяслава!..» Невядома, з якіх гістарычных крыніц узяў Рогалеў факт, што літва ў 1190 годзе захапіла Полацак. Гэта супярэчыць гістарычным звесткам, бо вядома: ад 1186 да 1216 года тут княжыў Валодша - «вялікі кароль» Вальдэмар, як называе яго Генрых Латвійскі. Трыццацігадовае яго панаванне - сведчанне палітычнай стабільнасці і еднасці Полацкай зямлі. Менавіта ў гэтым часе «грозныя» палачане і разбілі смаленска-разанскія войскі, спынілі націск крыжакоў, не пусціўшы іх на свае спрадвечныя землі. Нешта не падобна на заняпад былой магутнасці Полацкай зямлі, пра які кажа Рогалеў.

Шмат якія гісторыкі робяць такую выснову на падставе таго, што літва рабіла набегі на ўсходнеславянскія землі праз нібыта аслабелую ад міжусобіц Полаччыну. Яшчэ ў 1911 годзе расейскі гісторык А.І.Сабалеўскі ў сваёй працы «Дзе жыла Літва?» аспрэчыў гэтыя сцверджанні. На падставе аналізу летапісных звестак Сабалеўскі давёў, што ў раёнах Усвятаў і Тарапца захаваўся вялікі востраў балцкага насельніцтва, гэтаксама як на рацэ Протве жыло балцкае племя голядзь. Пра гэтых балтаў, якіх па традыцыі называлі літвою (у некаторых летапісах і голядзь выступае як літва), і Ноўгарадскі летапіс кажа, што пасля набегаў яны вярталіся «на селищи в Торопьчьской волости». Вось адкуль і адбываліся літоўскія набегі на Смаленскія, Пскоўскія і Ноўгарадскія землі, а не з сучаснай Летувы, як гэта памылкова лічылі гісторыкі. У.Пашута, які карыстаўся працай Сабалеўскага пры напісанні сваёй манаграфіі «Образование Литовского государства», каб дагадзіць кананізаваным гістарычным уяўленням пра заняпад Полацкай зямлі і залежнасць яе ад Летувы, замоўчаў і гэты факт. Цікава адзначыць, што паходы ўсходнеславянскіх дружын у адказ на гэтыя набегі даходзілі да Ўсвятаў, іншымі словамі - да межаў Полацкага княства. Ці не наводзіць гэта на думку, што літва, якая жыла ў раёне Тарапца і Ўсвятаў, была пад заступніцтвам Полацка і сваімі набегамі на суседнія з ім землі праводзіла палітыку полацкіх князёў? Характэрна, што летапісы маўчаць пра напады літвы на Полацкія землі, толькі аднойчы ў Лаўрэнцеўскім летапісе згадваецца пра напад яе на Полаччыну (1235), але ў акадэмічным спісе гэтага летапісу і ў 1-м Ноўгарадскім летапісе гэтая звестка не пацвярджаецца.

«Разрядная книга похода царя Ивана Васильевича 1563 года» паведамляе пра ўдзел у паходзе «Литвы Медынскай». Адсюль вынікае, што ў раёне Медыні ў мінулым, відаць, таксама знаходзіўся востраў балцкага насельніцтва.

Вельмі цяжка зразумець, пра які «злашчасны лёс Полацкага княства» кажа А.Рогалеў, да якога такога скону хілілася Полацкая зямля? Можа, А.Рогалеў лічыць «злашчасным» тое, што Полаччына, аб'яднаўшыся з Вялікім Княствам Літоўскім, захавала дэмакратычна-вечавы лад нутранога жыцця, палітычную аўтаномнасць, магчымасць развіваць адметную культуру, дала свету такіх волатаў духу, як Францішак Скарына і Сымон Полацкі. А можа, паводле Рогалева, «шчаслівы лёс» - гэта лёс Ноўгарада і Пскова. «Пскоў і Ноўгарад - культурныя цэнтры старажытнарускай вечавой дэмакратыі. Там пачыналася рускае Адраджэнне. Яно не развілася, таму што рэспублікі былі раздушаныя Масквой»[13]. Можа, такі лёс для Полацка быў бы не злашчасны? Можа, гвалтоўны вывад з Радзімы на чужыну, крывавыя расправы апрычнікаў Івана Жахлівага, як гэта здарылася з ноўгарадцамі і пскавічамі, - гэта шчаслівы лёс?

Міф пра «заваёву» Беларусі летувіскімі феадаламі прыйшоўся даспадобы і Г.Філісту, аўтару кнігі «Увядзенне хрысціянства на Русі» (Мн., 1988). «У 1230 г. на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю былі ўтвораныя тры літоўскія княствы: Ердзівіна, Мінгайлы і Скірмунта. Да сярэдзіны века князь Міндоўг аб'яднаў іх у Вялікае Княства Літоўскае, куды ўвайшла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі і часткова Смаленская зямля». Чытаеш гэты пераказ поглядаў царскіх гісторыкаў-фальсіфікатараў і не верыцца, што ўсё гэта напісана ў наш час, а не гадоў сто таму. Але кніга выйшла ў нашы, «перабудовачныя» дні, і даводзіцца канстатаваць: о, ваша вялікасць фальсіфікацыя, гады не стараць вас! Да ведама Г.Філіста, князі Ердзівін, Мінгайла, Скірмунт - асобы міфічныя, якіх ніводны тагачасны летапіс не прыгадвае. І пры Міндоўгу «амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусі і часткова Смаленская зямля» не ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага; паводле нямецкіх кронік і Іпацеўскага летапісу, Міндоўг княжыў у Новагародку і Літве (летапіснай). Ні Полацкая, ні Менская, ні Турава-Пінская зямля не ўваходзілі ў склад Міндоўгавай дзяржавы, як не ўваходзілі ў яе склад ні Нальшчанская зямля, ні Аўкштота, ні Жамойць. І толькі пасля 1260 года, калі на возеры Дурбе жамойцка-куршскае войска разбіла аддзелы Лівонскага ордэна, жамойцкі князь Транята, жадаючы заручыцца падтрымкаю Міндоўга ў барацьбе з крыжакамі, прызнаў яго ўладу над сабой. Сучасныя ж землі Летувы ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў ХІV стагоддзі пры Віцені і Гедзіміне. Іпацеўскі летапіс выразна паказвае, што пры Гедзіміне Аўкштота ўжо была тэрыторыяй Княства: «Нача княжети Кгедимин Витунович в Литве, в Новгородку и Кернове». Кернава знаходзілася на землях Аўкштоты, якая тады, як бачым, яшчэ і не называлася Літвой. Смаленская зямля ў склад Вялікага Княства Літоўскага ўвайшла пры Вітаўце на пачатку ХV стагоддзя.

Памыляецца Г.Філіст, калі кажа, што полацкі князь Таўцівіл не прыняў хрысціянства. Паводле «Рыфмаванай кронікі» і Іпацеўскага летапісу, «крещен бы» Таўцівіл у Рызе, прыняўшы каталіцтва пад імем Готліб. Паводле ж «Кронікі Літоўскай і Жамойцкай», заняўшы полацкае княжэнне, Таўцівіл перайшоў у праваслаўе пад імем Феафіл. Трэба адзначыць, што гістарычная навука дакладна не высветліла, ці былі вялікія князі Віцень і Гедзімін паганцамі, але чамусьці бяздоказна сцвярджаецца, у тым ліку і Г.Філістам, што яны не прынялі Хрыстовае веры. Хоць існуюць ўсё ж доказы іх прыналежнасці да хрысціянства. Так, у вядомай грамаце 1300 года рыжскаму пробсту і ратманам полацкі епіскап Якаў называе Віценя «сыном моим», а гэта ў хрысціянстве традыцыйная форма звароту святара да верніка. В.Юргевіч у згаданай вышэй працы «Опыт объяснения имен князей литовских» падае факты, якія сведчаць, што і Гедзімін вызнаваў хрысціянства. У грамаце, пасланай папу Іаану ХХІІ, ён пісаў, што верыць у тройцу, і карыстаўся хрысціянскімі выразамі. На пячатках граматы былі выявы анёлаў. Гэтыя факты паказваюць, што трэба крытычна ставіцца да звестак нямецкіх кронік, дзе Віцень і Гедзімін выступаюць як паганцы. Зразумела, што Ордэн быў зацікаўлены паказаць уладароў Вялікага Княства Літоўскага нехрысцямі, каб апраўдаць крыжацкую экспансію пад выглядам іх хрысціянізацыі. Паступовая хрысціянізацыя паганскага насельніцтва Княства адбывалася яшчэ да Крэўскай вуніі. І калі ў 1386 годзе каталіцкія святары прыбылі на Літву, дык ахрысцілі ўсяго блізу 30 000 чалавек і то пераважную бальшыню з іх у Аўкштоце. Гэта значыць, што да афіцыйнага хрышчэння Літвы яна ўжо была ў значнай ступені хрышчаная праваслаўнымі святарамі, што, безумоўна, адбывалася з ведама вялікіх князёў. Трэба нагадаць, што са згоды таго ж Альгерда, якога абвінавачваюць ва ўціску хрысціян, на загад ягонай жонкі Марыі Яраслаўны ў Вільні было разбурана паганскае капішча бога Рагуціса і пабудавана Пятніцкая царква. Факт, які зусім не характарызуе Альгерда абаронцам паганства і ворагам хрысціянства, як гэта падае Д.Балашоў у рамане «Сымон Ганарлівы».

Калі ўжо ганараваныя гісторыкі выяўляюць такую любоў да яе вялікасці Фальсіфікацыі, дык што тут казаць пра шматлікі штат шэраговых гісторыкаў і краязнаўцаў. Чытаеш іх нататкі, допісы, кнігі па нашай гісторыі і нельга пазбавіцца ўражання, што іх пяром вадзіла пані Фальсіфікацыя. Зноў тыя ж, знаёмыя і бяздоказныя, сцверджанні, якія панавалі ў гісторыі Беларусі з часоў М.Стрыйкоўскага. Зноў знаёмыя словы пра «перыяд панавання літоўскіх феадалаў у Беларусі», пра прагрэсіўнае значэнне ўлучэння Беларусі ў склад Расейскай імперыі і г.д.

Найбольш тыповая ў гэтым дачыненні кніга «Волковысский военно-исторический музей им. П.И.Багратиона» (аўтар-складальнік Н.Дудзін, Мн., 1987). Для нас яна цікавая тым, што адлюстроўвае характар экспазіцый шмат якіх нашых музеяў, у тым ліку і Дзяржаўнага музея Беларусі. Фальсіфікацыя і там пачуваецца няблага. Музеі так і не сталі асяродкамі гістарычнай адукацыі і патрыятычнага выхавання народа. Мінулае Беларусі ў нашых музеях падмяняецца гісторыяй Расеі. У экспазіцыях пануюць міфы і схемы, вядомыя факты замоўчваюцца або трактуюцца скажона. Напрыклад, Н.Дудзін у сваёй кнізе называе паходы галіцка-валынскіх дружын на Новагародчыну вызвольнымі. Аўтар і сам не разумее, што сказанае ім - нонсэнс. Ад каго маглі вызваляць галіцка-валынскія князі новагародцаў, калі ў Новагародку ніколі не панавалі ніякія «литовские захватчики», калі Вялікае Княства Літоўскае складвалася як беларуская дзяржава. Атрымліваецца, што галіцка-валынскія князі вызвалялі новагародцаў ад... самых новагародцаў. І ўвогуле як можна назваць вызвольнымі паходы князёў, якія былі ў «волі татарскай» і пры падтрымцы мангола-татарскіх аддзелаў намагаліся пашырыць гэтую «волю» і на заходнія землі Беларусі? Іпацеўскі летапіс яскрава паказвае рабаўніцкі характар гэтых ваенных экспедыцый.

З кнігі Н.Дудзіна мы даведваемся, што ў Ваўкавыскім музеі на адным са стэндаў апавядаецца пра расейскіх ваяводаў Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога. А вось месца беларускім палкаводцам Давыду Гарадзенскаму, Віценю, Гедзіміну, Альгерду, Андрэю Полацкаму, Вітаўту ды іншым ні ў Ваўкавыскім музеі, ні ў Дзяржаўным музеі Беларусі не знайшлося. А значыць, наведнікі гэтых музеяў так і не даведаюцца пра шматвяковую барацьбу беларусаў супраць крыжацкай і татарскай навалы, не даведаюцца і пра подзвігі князёў Вячкі і Ўсевалада, пра бітвы нашага войска з крыжакамі каля Стравы, Рудавы, пра перамогу беларускіх ваяроў над татарамі каля Сіняй Вады. У Ваўкавыскім музеі можна даведацца пра Мініна і Пажарскага, але дарэмна шукаць стэнды, якія распавялі б пра гераічную барацьбу беларусаў супраць царскіх войскаў у часы Інфлянцкай вайны і «крывавага патопу». Не знойдзеш гэтых стэндаў і ў нашым Дзяржаўным музеі. Замоўчванне - адзін з універсальных сродкаў фальсіфікацыі. Дзякуючы яму можна дасягнуць адразу некалькіх мэтаў.

Мы не ведаем шмат чаго з нашага мінулага (у прыватнасці, з палітычнай і вайсковай гісторыі), не ведаем фактаў, якія супярэчаць псеўданавуковым канцэпцыям, а то і зусім зняпраўджваюць іх «стройныя схемы». Пры замоўчванні адных гістарычных асобаў і падзей можна ўсхваляць іншыя. Як правіла, беларускія дзеячы замоўчваюцца на карысць расейскіх. Выдатны сын Беларусі Тадэвуш Касцюшка, брыгадны генерал амерыканскай арміі пад час вайны за незалежнасць ад Брытанскай імперыі, правадыр вызвольнага паўстання супраць расейскіх акупантаў - для беларусаў асоба амаль невядомая, мы не шануем яго памяці. Затое царскі генерал А.Сувораў, які камандаваў захопніцкімі войскамі, што задушылі паўстанне Касцюшкі, ушаноўваецца як герой: яго імем названыя дзесяткі вуліц, калгасаў, яму пастаўлены помнікі, адчынены музей.

У тых выпадках, калі нейкія факты з нашай гісторыі замоўчаць нельга, гісторыкі-фальсіфікатары «нямеюць», падаючы гэтыя факты без каментароў. Напрыклад, пазнаёміўшыся з тэкстам размовы па провадзе І.Сталіна з А.Мясніковым за 25 снежня 1918 года, дапытлівы юнак так і не знойдзе ў нашых гісторыкаў адказу на пытанне, што за «меркаванні, аб якіх цяпер казаць не выпадае», далі падставу «згадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага Савецкага ўрада». Сапраўды, якія іншыя «меркаванні», калі не абвешчанае Савецкім урадам права самавызначэння народаў, меў на ўвазе І.Сталін?

Дзе дапытлівы юнак знойдзе тлумачэнне вось гэтым словам: «Абвяшчэнне Савецкай рэспублікі Беларусі не толькі не служыла б інтарэсам барацьбы з нацыяналістычнымі тэндэнцыямі дробнай буржуазіі, але якраз давала б магчымасць гэтым тэндэнцыям развівацца. А гэта не ў інтарэсах сацыялістычнай рэвалюцыі. Тое, што мы прызнаём дапушчальным у адным месцы ў сілу тактычных меркаванняў, не павінна быць перанесена ў другія месцы, дзе такіх практычных меркаванняў няма і быць не можа» (газета «Западная Коммуна», 21 снежня 1918 г.). А дзе знайсці адказ, на якой падставе адразу пасля абвешчання БССР ад гэтай суверэннай дзяржавы былі адабраныя на карысць Расеі Магілеўская, Віцебская, Смаленская губерні, а таксама некалькі паветаў Чарнігаўскай? На простыя пытанні трэба адказваць наўпрост, праўду называць праўдай, хлусню - хлуснёй, ігнараванне суверэнных правоў народа - ігнараваннем, гвалт - гвалтам, анексію - анексіяй. Але дарэмна чакаць гэтага ад фальсіфікатараў.

У часы Даля працэс «рэзання і мардавання» гісторыі падуладных Расейскай імперыі народаў яшчэ не набыў свайго назову. Цяпер ён называецца фальсіфікацыяй, і ў кожным тлумачальным слоўніку мы можам прачытаць, што гэта - падробка, замена сапраўднага несапраўдным, фальшывым. Але калі гісторыя - наша памяць, дык як можа быць памяць несапраўднай? Калі гісторыя - наш нацыянальны гонар, дык як можа быць нацыянальны гонар несапраўдным? Калі чалавецтва, як сказаў хтосьці з вялікіх, ідзе ў будучае з позіркам, накіраваным у мінулае, дык куды ідзем мы?

На старонках друку чуваць і галасы тых, хто супакойвае: вось павялічым колькасць гадзін на выкладанне беларускай мовы ў школах, вось распрацуем праграму нацыянальнага адраджэння, вось напішам новы падручнік па гісторыі Беларусі - і не трэба хвалявацца. Так хацелася б верыць у гэта, так хацелася б застацца аптымістам.

Але калі ўжо былі напісаны гэтыя нататкі, набыў я энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час» (Мн., 1988). Зноў тыя ж аповяды пра «літоўскую заваёву» Беларусі. У артыкуле «Вялікае Княства Літоўскае» (аўтары - З.Капыскі і В.Мялешка) чытаю пра «аўкштайцкага нобіля» Міндоўга (хоць ў гістарычных крыніцах няма звестак, што ён быў аўкштоцкім феадалам), якому ўдалося «пашырыць сваю ўладу на некаторыя беларускія землі». А варта было пісьменніку І.Ласкову выказаць сумневы наконт старых поглядаў на гісторыю Беларусі (ЛіМ, 10 лютага 1989 г.), як адразу кандыдат філалагічных навук А.Катэрлі дасылае ў гэтую газету гнеўны ліст пад адметным назовам «Паглядзім з пазіцый праўды» (ЛіМ, 19 траўня 1989 г.), дзе рашуча ўзнімаецца на абарону прыхільнікаў канцэпцыі «заваёвы Літвой сучасных беларускіх зямель». Вядома, не прыводзіцца ніводнага гістарычнага факта, які пацвердзіў бы гэтую «заваёву», але гэта не бянтэжыць А.Катэрлі.

Зноў знаёмыя словы. Зноў падман, што абвяшчае сябе праўдай. І робіцца трывожна на сэрцы...

 

Вітаўт ЧАРОПКА

 

Крыніцы

1 Маркс К., Энгельс Ф. Збор твораў. Т. 22, с. 31.

2 Васіле Бахнару, Канстанцін Тэнасэ. Як у нас адымалі мову і звычаі // Радуга. 1989, № 1.

3 Гл.: Балтские истоки древнерусской сакральной пары Перун-Велес // Проблемы этнической истории балтов. Рига, 1985.

4 Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989.

5 Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926. С.60.

6 Пописы войска Великого княжества Литовского // Руская историческая библиотека. Т. 33. Пг., 1915. С. 93.

7 Опыт объяснения имен князей литовских // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских. Кн. 3. Спб., 1883.

8 Соловьев С. История России с древнейших времен. Кн. ІІІ. М., 1989. С. 556.

9 Маркевич С. История Малороссии. Т. 1. Спб., 1842. С. 355.

10 Акты истории Южной и Западной России. Т. ХІV. Спб., 1889. С. 750-751, 754.

11 Тарасов К. Память о легендах. Мн., 1985. С. 133.

12 Чырвоная змена, 27 жніўня 1988 г.

13 Лихачев Д. Боль Отечества // Огонек, 1988, № 34.


1991?

Тэкст падаецца паводле выдання: З гісторыяй на «Вы». Публіцыстычныя артыкулы. Менск, Мастацкая літаратура, 1991. ISBN 5-340-00835-5
Крыніца: невядомая