Вольга Дэконская

«Пра лепшы лёс спяю народу...»

Калі мы, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1964 годзе ў далёкім Уральску ў Казахстане стаялі каля магілы, то не кожны з нас у поўнай ступені ўсведамляў, што пад сціплым абеліскам знайшоў спачын адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры - Змітрок Бядуля, постаць яркая, каларытная, неардынарная; у нацыянальным прыгожым пісьменстве ён паэт-рамантык, аўтар лірычных мініяцюр, «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай» (М.Багдановіч), раманіст, публіцыст з выразна акрэсленай цікавасцю да актуальных праблем, дзіцячы пісьменнік... У творчасці З.Бядулі, як у люстэрку, адбілася ўся гама нашага беларускага жыцця з яго нацыянальнай, сацыяльнай і канфесійнай цераспалосіцай.

Нарадзіўся Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) 23 красавіка 1886 года на Лагойшчыне ў мястэчку Пасадзец былога Вілейскага павета Віленскай губерні (Лагойскі раён Менскай вобласці) у вялікай, дружнай, працавітай жыдоўскай сям'і. Яму давялося даволі рана дапамагаць бацькам па гаспадарцы, але дзяцінства не было непраглядна-цяжкім, бо ў сям'і быў культ кнігі: грамацей дзед навучыў чытаць унука яшчэ да школы, бацька любіў чытаць вечарамі дзецям уголас.

Бацькі хацелі, каб сын стаў святаром і аддалі сямігадовага Самуіла ў пачатковую жыдоўскую школу - хедар, а пасля яе заканчэння паслалі вучыцца ў ешыбот - школу рабінаў, якую ён не скончыў і вярнуўся ў Пасадзец, дзе некаторы час працаваў хатнім настаўнікам, пасля - канторшчыкам. Менавіта гэтыя некалькі гадоў, праведзеныя ў мястэчку, сталі вызначальнымі для будучага пісьменніка. Ён не толькі працуе, але надзвычай многа чытае, «марыць аб ведах, як галодны аб хлебе». Ідзе перыяд самапаглыблення і самааналізу. З.Бядуля бярэцца за пяро: спачатку піша вершы, арыентуючыся на класічныя ўзоры старажытнажыдоўскай літаратуры, і даволі хутка адмаўляецца ад архаічных форм і спрабуе пісаць па-расейску. Праўда, яго вершы і апавяданні, напісаныя на расейскай мове, па сведчанні самога пісьменніка, «былі перасыпаны беларусізмамі, і рэдакцыі патрабавалі ад мяне тлумачэння незразумелых слоў». Вызначальным для З.Бядулі стаў 1909 год, калі ў рукі яму трапіла газета «Наша Ніва» і нельга было перадаць словамі тое пачуццё радасці, што газета выдаецца на мове, якую ведаеш з дзяцінства. Неўзабаве там з'яўляюцца дзве карэспандэнцыі з Пасадца, адна з якіх падпісана Саша Плаўнік, а другая - Змітрок Бядуля.

Першы мастацкі твор З.Бядулі - імпрэсія «Пяюць начлежнікі...» - убачыў свет на старонках «Нашай Нівы» 23 верасня 1910 года. Сімвалічна, што ў адрозненне ад іншых пісьменнікаў (Янкі Купалы і Якуба Коласа), чые творы былі прысвечаны замардаванай долі народа, З.Бядуля, як і М.Багдановіч, уславіў творчы пачатак у чалавеку, духоўную моц народа, веліч народнай песні. Парафраза гэтай імпрэсіі - верш «Начлежнікі пяюць...» (1910).

 

Начлежнікі пяюць. У словах глуш лясоў,

І дзікай птушкі крык на зыбістым балоце,

І чулы летні шэпт расістых каласоў,

І човен рыбака, і клёны ў пазалоце.

 

Далучыўшыся да стварэння новай літаратуры, З.Бядуля, сын гэтай няшчодрай, палітай потам і слязьмі зямлі, не мог не сказаць у сваіх вершах, большасць якіх падпісана псеўданімам Ясакар, пра жабрацкі лёс народа.

 

На горне душы першы верш я каваў,

Мне молатам гора служыла;

Зык песні паўночнай у сэрцы хаваў,

І сэрца свой боль гаварыла...

 

На струнах душы першы верш я зайграў,

Імчаліся рэхі далёка.

Ратай пры іх шнур свой глыбей заараў,

І слёзы туманілі вока.

(*** На горне душы першы верш я каваў...)

 

Але спецыфіка, дамінанта таленту такая, што ў будзённым, штодзённым пісьменнік бачыць шматграннасць, прыгажосць, радасць жыцця. Найвялікшая любоў паэта - родная зямля, прырода, таемная, рамантычная. З.Бядуля глыбока адчувае дух і душу краю, які яго ўзгадаваў. Дзякуючы З.Бядулю і М.Багдановічу, беларуская паэзія набыла «адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця» (В.Каваленка), навучылася перадаваць «найтанчэйшыя адценні чалавечых настрояў» (Ю.Дворкіна).

Інтымная лірыка - рэдкі госць у творчасці З.Бядулі. У рамантычным ключы лірычны герой вырашае тэму кахання. Верш «Дазволь...» - жамчужына беларускай паэзіі.

 

Дазволь цябе любіць, як кветачку на полі,

Як явар малады, што над ракой стаіць,

Як залатую птушку, што жыве на волі,

Дазволь цябе любіць.

 

У лірыцы З.Бядуля не быў сацыяльна ангажаваны, як старэйшыны беларускага паэтычнага цэха - Янка Купала і Якуб Колас, дэмакратычна настроены, ён, бясспрэчна, марыў аб лепшай долі народа.

 

З хаціны курнай выйду. Над зямліцай

Наладжу арфу я зарніцы.

 

Нацягну струны я з праменняў сонца,

З яго агністых валаконцаў.

 

У зоркі-ноты я ўглядацца буду,

Паймкнецца з сэрца спеў да люду.

 

І на пажар рубінавага ўсходу

Пра лепшы лёс спяю народу.

Мары паэта

 

З.Бядуля-празаік пачынаў з мініяцюр, вершаў у прозе, імпрэсій, абразкоў. У лірычнай прозе моцныя матывы любові да роднага краю («Плач пралескаў», «Над сажалкай»), спачування бедным, абяздоленым («Кветка», «Араты»). Герой адчувае сябе пакутнікам, яго пазіцыя даволі пасіўная. Погляд пісьменніка, ці яго лірычнага «alter ego», некалькі абстрагаваны, як бы збоку, гэта погляд інтэлігента, які блізкі да народа. Каштоўнасць мініяцюр перш за ўсё ў тым, што яны вылучаюцца пачуццёвасцю, метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, вобразнасцю.

Пісьменнік бачыў беднасць, цемнату селяніна. У апавяданнях «Пяць лыжак заціркі», «На Каляды к сыну», «Малыя дрывасекі», «Дванаццацігоднікі» выразна паказана беспрасветнасць жыцця, без перспектыў на пазітыўныя перамены. Такі ж матыў - адсутнасць героя-рэфарматара, стваральніка - даследчыкі заўважылі і ў ранніх творах М.Гарэцкага («Антон», «Ціхая плынь»).

Апавяданні З.Бядулі абмежаваны ў прасторы, часе, падзейнасці, колькасцю персанажаў, аўтар завастрае сітуацыю і вырысоўваюцца вобразы: працавітыя хлопчыкі з апавядання «Малыя дрывасекі», дзед Мірон з апавядання «Летапісцы». Як выдатны майстар, пісьменнік разумеў, што нельга акцэнтаваць увагу толькі на слязах, бедах, стогнах - патрэбна паказаць чалавека аб'ектыўна, улічваючы складанасць жыццёвых абставін, шматграннасць характару, таму «босы і голы» люд З.Бядулі далёка не просты і прымітыўны. Селянін пісьменніка - асоба з пачуццём уласнай годнасці, тонкая, уражлівая натура. Ён адчувае прыгожае ў будзённым (Даніла-бондар), імкнецца да самапазнання (Янка з апавядання «Тры крыжыкі»), марыць пра лепшую долю (Сымон з аднайменнага апавядання), жыве «не адным хлебам, у яго развіта пачуццё гумару («Палескія байкі»).

Першым пазіцыю пісьменніка заўважыў М.Багдановіч: «Са змрочным гумарам малюе ён невясёлае беларускае жыццё і імкнецца адысці ад яго ў фантастычны, казачны свет» (Багдановіч М. Зб. тв.: У 3 т. Мн., 1993. Т. 3. С. 283). Пацверджанне гэтаму - хрэстаматыйна вядомыя «Пяць лыжак заціркі», «Велікодныя яйкі», «Летапісцы», дзе трагічнае пераплятаецца з камічным, а камічнае - «смех скрозь слёзы». «Пяць лыжак заціркі» - шэдэўр беларускай навелістыкі пачатку XX стагоддзя, адна з жамчужын усёй новай беларускай літаратуры» (А.Лойка).

Узаемаадносіны народа і інтэлігенцыі былі актуальнай праблемай ва ўсе часы. У апавяданні З.Бядулі «На Каляды к сыну» рэзка асуджаецца рэнегацтва некаторых выхадцаў з вёскі - сялянскі хлопец Лаўрук стаў чыноўнікам Лаўрэнціем Купрыянавічам і адцураўся родных каранёў. Тэкля з цяжкасцю «вывела ў людзі» сына». З радасцю і надзеяй ішла яна ў горад, спадзеючыся атрымаць ад яго дапамогу. Жанчына не здагадвалася, што гэта - яе апошняе падарожжа. Сынок «не пазнае» матулю і загадвае выгнаць яе...

«Як зышла з маляваных сходаў, як апынулася на шумным тратуары каля варот, яна сама не памятала... Ачухалася толькі тады, калі той самы лёкай яшчэ раз выйшаў да яе і торкнуў ёй у скурчаныя ад холаду пальцы нейкія бумажкі...

Яна нават не чула, як з яе акалелых пальцаў выпаў гасцінец роднага, доўгажаданага сына. Некалькі трохрублёвых прыліплі да макраватага тратуара...»

Відаць, характар, паводзіны героя тыповыя; аналагічныя выведзены К.Каганцом («Модны шляхцюк») і Я.Купалам («Паўлінка», «Тутэйшыя»).

Цяга людзей да прыгожага, мастацкі пачатак у чалавеку - магістральная тэма ў творчасці З.Бядулі. Даніла, герой апавядання «Бондар», майстраваў «вельмі зграбныя» рэчы, славіўся на ўсю ваколіцу сваімі вёдрамі, бочкамі, начоўкамі, лыжкамі. Данілу паважалі і ахвотна куплялі яго вырабы на кірмашах. Трагедыяй для героя стаў выпадак, калі пані - а па яе загаду былі змайстраваны гаспадарчыя прылады - не ацаніла яго таленту.

«Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоцця. Пані нават не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла не таргуючыся... Грошы ён кінуў ля ганку...

Пані, сама гэтага не разумеючы, бязлітасна плюнула чалавеку ў самую душу, зрабіла яму такую рану, якая ніколі не загоіцца. Крыўда была бязмежна балючая, неспадзяваная, хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве і выць. Яго скінулі з гары ў глыбокую яму».

Незвычайную любоў да мастацтва, якой апантаны хлопчык Сцяпан з апавядання «Велікодныя яйкі», не разумелі ні суседзі, ні бацькі. Проза жыцця, эстэтычная глухата перамаглі: аднавяскоўцы называлі яго «Сцяпанка Пяцкун», кожны, хто бачыў намаляваных на сваім плоце конікаў, сабачак, хаткі, лясы, дзёр малога за вушы. Толькі ў сне дзіця ўбачыла чалавека, якому спадабаліся яго малюнкі, ды браты-студэнты з суседняй вёскі зацікавіліся талентам, абяцалі забраць у горад і аддаць вучыцца.

Стварыўшы яркія, запамінальныя вобразы ў апавяданнях, З.Бядуля звярнуўся да больш буйнай празаічнай формы - аповесці «Салавей». Завязка твора - успаміны саўгаснага вартаўніка пра часы прыгону, пра тэатр пана Вашамірскага, вядучым артыстам якога з'яўляецца Сымон Салавей, што можа імітаваць галасы людзей, спевы птушак. У вобразе галоўнага героя пісьменнік увасобіў лепшыя рысы беларуса: дабрату, талент, спагадлівасць. Сымон не церпіць несправядлівасці, здзеку над тымі, хто не можа абараніць сябе, сваю маёмасць - плёнам іх працы карыстаюцца багацеі. Амаральным з'яўляецца жаданне сквапнага, карыслівага пана Вашамірскага скарыць Сымона - асобу тонкую, чулую і адначасова незалежную.

Некаторыя крытыкі (М.Смолкін) называлі аповесць гістарычным творам. Гэта сцверджанне даволі ўмоўнае - у аповесці няма рэальных гістарычных персанажаў, адсутнічаюць канкрэтныя падзеі. Твору больш адпавядае іншае, рамантычна-фальклорнае вызначэнне. Сымон Салавей - герой рамантычнага складу: тыя калізіі, у якія ён трапляе, уласцівы рамантычнай літаратуры. І. Навуменка лічыў аповесць тыпова «маладнякоўскай» прозай, толькі яна, «дзякуючы значнаму мастацкаму вопыту аўтара і яго яркаму мастацкаму таленту, намнога зграбней, глыбей псіхалагічна, эмацыянальна напісана, чым падаўляючая большасць маладнякоўскіх твораў» (Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя.: У 4 т. Мн., 2001. Т. 1. С. 250-251). З.Бядуля бліскуча выканаў сацыяльны заказ часу: агульная тэма аповесці - змаганне працоўнага люду супраць прыгнятальнікаў; аўтар даказаў, што нянавісць народа да паноў, яго імкненне да волі спрадвечныя. Галоўная думка твора, якая актуальна ў любую эпоху, - праблема мастака і мастацтва ва ўзаемаадносінах з уладай. Праз гістарычную прызму З.Бядуля рашуча асуджае імкненне «ўладу маючых» кіраваць творцам дзеля ўласных амбіцый і выгады, падпарадкаваць трапяткую таленавітую душу. Аповесць «Салавей» не страціла свайго значэння і ў наш час. Народнае мастацтва - важнейшы сродак умацавання самасвядомасці нацыі.

З цікавасцю чытаецца і аўтабіяграфічна-мемуарная аповесць З.Бядулі «У дрымучых лясах», якой не было аналагаў у тагачаснай беларускай літаратуры. Трапятліва, эмацыянальна паказаны быт дакастрычніцкай вёскі. Аўтар успамінае сваё маленства ў Пасадцы, абапіраецца на ўласна перажытае. Героі аповесці - блізкія, родныя, суседзі, знаёмыя, жыды і беларусы, што жывуць побач. Рысы іх характараў, узаемаадносіны, лёсы, умовы жыцця тыповыя для ўсёй Беларусі - усе рэаліі аповесці склалі абагульнены вобраз народа.

Як публіцыст З.Бядуля моцны, калі ён разважае пра значэнне духоўнага адраджэння («Не адным хлебам...»), пра неабходнасць вывучэння фальклору, развіцця беларускага нацыянальнага тэатра. Асобная старонка яго творчасці - артыкулы і апавяданні, прысвечаныя сябру Максіму Багдановічу, які ў 1916 годзе прыязджаў у Менск і пасяліўся ў доме, дзе жыў З.Бядуля.

Апошні твор пісьменніка - аповесць-казка «Сярэбраная табакерка» (1940), дзе ў алегарычнай форме аўтар паказаў спрадвечную мару чалавека аб вечнасці жыцця, справядлівасці.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, пісьменнік быў вымушаны пакінуць родную Беларусь і па дарозе ў эвакуацыю памёр.

Усё з літаратурнай спадчыны З.Бядулі, што вытрымала праверку часам, тыя творы, у якіх адчуваецца неспакойны, неўтаймоўны дух іх аўтара, уяўляюць мастацкую вартасць для літаратуры і, вядома, цікавасць для чытача.




Крыніца: Змітрок Бядуля. Выбраныя творы. Менск, Мастацкая літаратура, 2002.

Беларуская Палічка: http://knihi.com