epub
 
падключыць
слоўнікі

Вольга Іпатава

Выгнанне полацкіх князёў у Візантыю, год 1129

Над Дзвіной, як чорны покрыў - ранне.

Гора смокча сэрцы, як змяя.

З Полацка з'язджае на выгнанне

Ўся велікакняская сям'я.

Усьмавы пантофлік з прошвай сіняй

На назе дзявочае прамок.

Слухае манашка Еўфрасіння

Бацькі пасівелага папрок.

Ты бясплоднае абрала ложа.

Брат твой ад самоты занямог.

Без унукаў я... Хто нам паможа?

Коратка яна сказала: «Бог».

Уздыхнуў. Ладдзю панесла плынню.

З далечы усе, як мурашы.

З ветрам даняслося: «Еўфрасіння!

Прадыслава, Полацк зберажы!»

Не ўстаюць з каленяў, плачуць людзі...

Шмыгнуў некуды з даносам віж...

Юная ігумення, хто будзе

Несці за цябе і гэты крыж?

Хай і там надзея не растае,

Мужнасць не утопіцца ў слязах...

Візантыя! Клетка залатая

Вольным птушкам - полацкім князям!

І гады, і жыцці, як атаву,

Косяць Часу вострыя нажы.

А яна ўсё чуе: «Прадыслава!

Еўфрасіння! Полацк беражы!»

 


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая