Якіх не мела хлопцаў Ала?
Каго яна ні чаравала?
Былі ў красуні інжынеры,
Былі ўрачы і камбайнеры.
Усіх дзяўчына зганьбавала.
Высока нос свой задзірала,
Аж вось ні сніла,
ні гадала,
Як раптам замуж выйшла Ала.
З налёту, прама нечакана
Узяў бухгалтар з-пад Пружанаў,
Чарнявы хлопец і румяны,
Ну, проста бы намаляваны.
Не курыць нават,
вып’е ў меру,—
Не знойдзеш ганьбы кавалеру.
— О, шчасця лепшага не трэба,
Нібы само зляцела з неба.—
Не раз зайздросцілі суседкі,—
Такі жаніх надзвычай рэдкі.
Не пражыла і месяц Ала,
А мужа хутка збракавала.
Заўжды надзьмутая ад злосці:
— Вось не хапае ў ім чагосьці.
— Чаго?
Сама, нібы не знае,
Як солі ў страве не хапае.
— Мужык мой,— кажа,— эт,—
куцця.
Не будзе, бачу, ў нас жыцця.
І вось — знайшла сабе шафёра:
— Ну з гэтым буду жыць без гора.
Як прыгалубіць
ды абдыме:
З магілы мёртвую падыме.
Нярэдка маецца халтурка,
Дык, значыць, будзе чарнабурка.
Жыццё ружовае так Ала
Сама сабе ўсё малявала.
Прайшло тры месяцы, і Ала,
Як бура ў дождж, забушавала,
Зараўнавала, закрычала,
На часткі б мужа разарвала.
Былі падставы ўсе на гэта:
У мужа, ўзрэза-крутасвета,
Апроч яе ёсць жонка,
дзеці
Ды шчэ якаясь на прымеце.
Тут Ала ледзь не абамлела,
Нібы пятля яе заела.