Нездаровіцца жанчыне:
Нейкі боль пачула ў спіне.
Не да доктара лячыцца,
А ў царкву пайшла маліцца.
Нізка кланяецца богу —
Лоб пабіла аб падлогу.
І прасіла, і маліла,
Каб ёй даў здароўя, сілы.
Прадала яна яечкі,
А за іх купіла свечкі.
Мела шэрсці на спадніцу —
Аддала за плашчаніцу.
Ў пост скароміну не ела —
Пасінела, пахуднела.
Паглядзіце на Грыпіну,—
Хоць кладзі у дамавіну.
Не памог ёй «добры божа»,
Не памог і не паможа.
Узлавалася на бога,
Да ўрача пайшла нябога.
У бальніцы паляжала,
Паямчэла, ачуняла.
А ад божай дапамогі,
Пэўна б, выцягнула ногі.