Кажуць, быў такі дзівак:
Дай гарэлкі — вып’е гляк,
Потым дзень увесь працуе,
Нібы польку ён танцуе.
Захварэў быў штосьці ён,
Не бярэ яго і сон.
Так баліць яму жывот,
Аж кідае хлопца ў пот.
Думаў ён і так і сяк:
«Можа, язва, можа, рак?»
Пахудзеў і стаў як цень,
Браць патрэбна бюлетэнь.
Ён да доктара:— Ой, боль!
Доктар кажа: —Алкаголь!
Больш гарэлкі ані ў рот,
Каб паправіўся жывот.
Спіцца соладка ўначы —
Днём хоць польку зноў скачы.