Плача горка маладзіца,
Слёзы льюцца,
Як з крыніцы.
— Ой, суседачкі, паверце,
—Завяліся ў хаце чэрці...
Гэта ж дзіва, проста дзіва,
Да папа я вось хадзіла.
— О, дзіця святога бога,
Не палохайся нічога...
Пасвянціць патрэбна хату,—
Поп ёй кажа барадаты.
— Пасвянці,
Айцец наш мілы,
Ды пазбаў нячыстай сілы.
— Калі ласка,
Можна... можна...
Хай ратуе грэшных божа.
Акрапіў вадою хату,
Не за дзякуй, а за плату.
«Ну ўжо,— думала кабета,—
Вось цяпер зімой і летам
Буду жыць я без трывогі,
Як за пазухай у бога».
А праз месяц пад вялікдзень
Напалохаць і пакрыўдзіць
Чорт касматы і рагаты
Ноччу зноў прыйшоў у хату.
Кажа:
— Злазь, кабета, з печы,
Мне давай такія рэчы:
Залатыя ўсе пярсцёнкі,
Буталь моцнай самагонкі.
Не дасі — спалю будову,
Забяру свінню, карову,
А цябе,
Душа-кабета,
Я застрэлю з пісталета.
Цётка чорту паказала:
— Вунь у склепе ўсё схавала
Чорт у склеп ускочыў скора,
Ды нагу зламаў на гора.
Лез назад, нібы з магілы,
Ды не вылез — мала сілы.
— Памажы ты мне, кабета,—
— Як не моліць, просіць гэтак.—
— Нічагуткі браць не буду,
Век цябе я не забуду.
Цётка склеп свой зачыніла.
— Каб ты здох, нячыста сіла!..
Ды хутчэй людзей пазвала,
Гэта цуда расказала.
З ліхтаром бягуць да склепа,
Каб убачыць чорта лепей.
Чорт паўзе са склепа ракам.
— О-ёй-ёй, святы дыякан!
І назаўтра ўсе ўжо зналі,
Як «святыя» зараблялі.