Быў ён хітры без навукі,
Што трапляла — краў і браў,
Добра ўмеў пагрэць ён рукі
Ля казённага дабра.
Масла, мяса, макарону
Нацягае, набярэ.
Зробіць быццам па закону,
І сам чорт не разбярэ.
Дакажы, што гэта кража?..
Не чапай яго, не руш.
А калі ды што — замажа,
Лёгка выкруціцца вуж.
Рэвізор наскочыў шпарка,
Выкрываць пачаў грахі,
Той за скварку ды за чарку —
На застолле пірагі...
Чаркі выпіўшы дачыста,
Злодзей злодзея пазнаў,
А як выпілі па трыста—
Злодзей злодзея абняў.
Адкупляўся за чужое
І заблытаў сцежкі воўк.
Але вось дабро людское,
Кажуць, вылезе праз бок.
Быў на днях цікавы, лоўкі
Фельетон пра іх такі:
Як папалі ў мышалоўку
Два старыя пацукі.