У сяле ёсць два сабакі,
Мусіць, знае іх усякі:
Гэта поп — айцец Вавіла,
Ды кулак яшчэ Гаўрыла.
Набрахалі яны чутак,
Што вайна праз восем сутак.
Клім, Сымон, Захар ды Вера
Усхваляваліся без меры.
Была справа якраз гэта
Ў сенакос гарачым летам.
Не нажалі людзі хлеба,
А вайною, кажуць, трэба.
Дык хоць дораг у Мікіты —
Сем рублёў той пудзік жыта,
Але нашы грамадзяне
Расхвацілі ўсё дазвання.
А ў старой гандляркі Цывы
Разабралі соль на дзіва.
Нават разам пазаўчора
Купіў сват мой пудоў сорак.
Аж тым часам дні нядзелі,
Як заўсёды, праляцелі.
Любата, спакойна, ціха —
Ні вайны тае, ні ліха.
Так ці ж варта, мае братцы,
Ад сабак вам хвалявацца?
Калі дзе другі забрэша —
Страху ў вас тады без межаў.
Я скажу, не абмылюся,
Калі дзе сабака хлусіць,
Заставайся сам сабою:
Будзь заўсёды з галавою.