— Ну, пі, браток!
Я ж не шкадую,
Апаражні адну, другую,
З’еш селядца,
каўбаскі,
шпротаў
Ды што душы тваёй ахвота,—
Так пад’язджаў усё Яўхім
Да старшыні.
Сам п’яны ў дым.
Бо трэба ўладкаваць дзе сына:
— Хай не туляецца хлапчына.
Ёсць месца цёплае на складзе,
Там мёду,
масла ён накрадзе.
Калі не будзе разявакай,
То зажывём усе са смакам.
А старшыню чамусьці знялі...
На працу сына не прынялі,
Зубамі скрыгатаў Яўхім,
Хадзіў расстроены зусім.
З нуды курыў,
курыў,
курыў.
Сказаў:
«Ну, чорт яго бяры!..»
На блат уся пайшла зарплата.
Пазычыў грошай ён у брата.
І зноў купляў каньяк і віны,
Закускі, як і быць павінна.
Да старшыні прыстаў другога,
Маліцца стаў,
як перад богам.
І так ён лашчыўся,
скакаў...
А той паслухаў ды пагнаў.
Растраціўся Яўхім нямала,
Таму і жонка бушавала:
— Ах выпівака ты,
дурніца,
Каму яшчэ пачнеш маліцца?
Ды з качаргою да Яўхіма
І адхрысціла падхаліма.