У Кандрата, майго свата,
У двары людзей багата.
У кіно ўся вёска наша,—
Як у свята на кірмашы.
Тут Пракоп, Антоля, Надзя,
Хто стаіць, а хто прысядзе.
Лезуць да кінамашыны
Дзеці, цёткі і мужчыны.
— Не чапай яе, Агнеша,
А то пальцы шчэ адрэжа.
— Верыш ты нячыстай сіле,—
Крыкнуў сівы дзед Даніла.
Тут машына як завыла,
Страсянуўся аж Гаўрыла.
— А няхай цябе маланка,—
Плюнуў спуджаны і Янка.
Цераз тры якіх хвіліны
Паказаліся навіны:
Горад, вёска, рэкі, лужы,
Пан пузаты ў капялюшы.
Аўтабус шалёна прэцца,
Ну якраз на нас, здаецца.
Бабы ўголас, з дзецьмі — драла,
Па кутках, куды папала.