Маша з выгляду кругом —
Лялька, як з вітрыны,
Вочы свецяцца агнём,
Шчокі — журавіны.
Хлопец сумны з нейкіх пор
Закахаўся ў ружу.
Ён выдатны камбайнёр,
Сам прыгожы, дужы.
Нібы ў гулкія званы,
Зазванілі людзі:
— Ах, кахаюцца яны,
Ну, вяселле будзе!
Ходзяць людзі сабіраць
Ураджай багаты.
Ну а Маша любіць спаць,
Кожны дзень ёй свята.
Дачакаўшыся цямна,
Падфарбуе губы
Ды бяжыць хутчэй яна,
Каб сустрэцца з любым.
Бо работа ёй — не ў смак:
Паліць, смаліць сонца.
А на танцах, як вятрак,
Круціцца бясконца.
— Разгадаў я твой манер,—
Камбайнёр ёй кажа.—
Не жаніцца нам цяпер,
Пагуляй больш, Маша!