А няхай цябе паралюш,
Кандрат,
Ля каня ты ходзіш вечна,
як гад.
Як пачнеш хрысціць дубінаю,
Аж махае конік грываю.
Вось затым конь і брыкаецца,
Ды баіцца, вырываецца.
А ты кажаш — знаравіўся ён,
Ваўкарэзіна ды падла — не конь.
Паглядзі,
затым худзенечкі,
Нібы жаба,
і маленечкі.
Крыж ад сала нераздвоены,
Ад касцей тырчыць завостраны.
Не бі ж ты яго дубінкаю,
А кармі лепш канюшынкаю.
Будзе бегаць аж падскакваючы,
Галавою ды памахваючы.
І вазьмі ж ты ў галованьку
Вось людскую пагавораньку:
Не гані каня ніколі дубцом,
А гані,
гані заўсёды аўсом.