Льецца песня залатая,
Льецца песня за ракой.
Я па вуліцы гуляла
З камсамольскай грамадой.
У зялёненькім садочку
Славіць вечар салавей.
На даклад у клуб хадзіла,
Стала сэрцу весялей.
Каля рэчкі,
каля быстрай
Сенажаці зацвілі.
Пасяўную камсамольцы
Добра ў вёсцы правялі.
Эх, каліна ты, каліна,
Кучаравы твой гучок.
Эх, прыгожая дзяўчына
Носіць ленінскі значок.
Зацвітае сад вішнёвы,
Кружаць-кружаць пчолкі.
А мой мілы камуніст,
А я камсамолка.
Пойдзем новаю дарогай,
Ганна, Тодар і Астап.
Мы не верым больш у бога:
Ні ў Ісуса, ні ў Хрыста.
Дзед старэнькі Апанас
Перастаў маліцца.
Стала моладзь ужо ў нас
Без папа жаніцца.
Ў чыстым полі на гары
Вырасла асіна.
Наша Мар'я у папа
Не хрысціла сына.
Ой ты, яблынька, без плоду.
А вакол сукатая.
Плача, што няма даходу,
Пападдзя пузатая.
Чаго, курачка, сакочаш,
Чаго табе сакатаць?
Скінуць рызу поп наш хоча,
Надаела ўжо цягаць.
Я на прасніцы сяджу,
Прасніца сасновая,
Ў майго Грышкі вусы чорны,
А я чарнабровая.
Мы, вясковыя дзяўчаткі,
Ды кудзелечку прадзём.
А мне Грышка лісты піша
Пра каханне кожным днём.
Ён у Мінску на рабфаку —
Другі год там вучыцца.
А ў руцэ маёй крутое
Вераценца круціцца.
Эх, ты, пража, мая пража,
Кужалістая мая!
Не сумуй па мне, мілёнак,
Па табе сумую я.
І кудзелечку сягоння
Скора, скора дапраду.
За цябе я выйду замуж,
А за Кліма не пайду.