На пасёлку — дзесяць хат,
Ціха там жыве Кандрат.
Самагонку гоніць так,
Што як спірт гарыць
пяршак.
Хай к табе загляне госць —
У яго гарэлка ёсць.
Ліха дзядзьку не бярэ —
Ён не косіць,
не арэ,
На руку не сеў мазоль,
І жыве,
нібы кароль.
Вось наладзіў апарат
Самагонку гнаць Кандрат.
Ціха ў ноч.
Суседзі спяць,
І нікога не відаць.
Толькі стаў ісці пяршак,
Нацякло крыху у гляк —
Думаў дзядзька каштаваць,
Ды ля ганку стук чуваць.
Разгубіўся тут Кандрат:
— Ну папаўся,
вінават...
Падышоў ён да дзвярэй:
— Хто,— пытае,— на дварэ?
Адчыніў — аж гэта кот,
Ад парога шмыг пад плот.
— Ах ты, д’ябал, каб ты здох,
Утварыў перапалох.
Зноў настала цішыня,
Можна дзейнічаць да дня.
А пад ранак — шум і стук.
Дзядзька думае: — каюк.
Раптам чуе: — Адчыняй!
Не марудзь, гарэлкі дай.
Як не жыў,
прапаў цяпер,
Пэўна, міліцыянер.
— Не палохайся, Кандрат,
Гэта я, Мікола, сват.
— А... Міколка, мой сваток,
Ну заходзь ка мне, браток!
Апарат на поўны ход
Працаваў, як спіртзавод.
Кубак свату-дружбаку
Даў ён выпіць першаку.
— Дзякуй,— шчыра той казаў
І Кандрата абнімаў.
Так працуе дзядзька ноч,
Не заплюшчыць нават воч.
Днём гарэлку прадае,
А каму і так дае:
— На, Іванка, напавер!
Чалавек я, а не звер.
Кучу грошай награбе
І ўсміхаецца з цябе.
Ліха дзядзьку не бярэ,
Ён не косіць, не арэ,
І за наш, браткі, мазоль
Ён жыве, нібы кароль.
Ды нядоўга будзе так:
Сам згарыць,
як той пяршак.