У хаце жонка лямантуе,
Страшэнна мужа ўсё кляне.
Яна з ім цэлы дзень ваюе,
І не відаць канца вайне.
І так яго муштруе, рэжа,—
Піла на сорак пяць зубоў.
Ніхто яе не перабрэша,
Ды, мусіць, мала толькі слоў:
У ход ідуць гаршкі, каструлі
І нават з малаком збанкі.
Пасля у мужа — нос, як дуля,
На шыі ў жонкі сінякі.
А дзеці плачуць, енк у хаце,
Такой не бачыць бы вайны,
І болей туляцца да маці,
Хаця за ёю больш віны.
У поўнач сціхне навальніца...
А што каму дала яна?
Не есца у сям’і, не спіцца...
Вайна, шалёная вайна.