epub
 
падключыць
слоўнікі

Жан-Поль Сартр

Блізкасць

I

 

Люлю клалася спаць голая: ёй падабалася лашчыцца аб просціны, і апроч таго — здаваць бялізну ў пральню каштавала дорага. Спачатку Анры гэтаму вельмі працівіўся: дзе гэта бачылі, каб у ложак клаліся голыя, ніхто так не робіць, гэта брыдка. Але ўрэшце і ён паследаваў прыкладу жонкі. Праўда, у яго гэта было хутчэй праз нядбальства. Калі да іх прыходзілі госці, ён заўсёды, каб выглядаць важнейшым, трымаўся напружана і быў прамы, як палка (яму падабаліся швейцарцы, асабліва з Жэневы: ён лічыў, што ў іх вельмі паважны выгляд — таму што яны заўжды як драўляныя), але ў дробязях ён за сабой не глядзеў: напрыклад, ён быў не надта ахайны і не вельмі часта мяняў майткі; калі Люлю клала іх у бруднае, яна не магла не заўважыць, што праз доўгае шараванне між ног на іх ужо ўтварыўся жоўты налёт. Зрэшты, Люлю асабіста неахайнасць не гідзіла: яна нават неяк збліжала, ахунала ўсё ў мяккія цені — у ямках на згінах рук, напрыклад; а ангельцаў дык яна ўвогуле не трывала — нейкія безаблічныя целы, абсалютна нічым не пахнуць. І тым не менш мужава неахайнасць Люлю абурала: у яго яна была толькі праз любоў папялегавацца. Раніцай, прачынаючыся, ён быў з сабою заўсёды такі пяшчотны, а ў свята — халодная вада і шчотка здаваліся яму жудаснай і несправядліваю карай.

Люлю ляжала на спіне, усунуўшы вялікі палец левай нагі ў прарэшак на падкоўдраніку; зрэшты, гэта быў не прарэшак — у гэтым месцы тканіна разышлася па шве. Люлю гэта злавала: «Заўтра трэба будзе зацыраваць», — але яна яшчэ крыху нацягнула ніткі, каб адчуць, як яны лопаюцца. Анры не спаў, але на яго ўжо можна было не звяртаць увагі. Ён сам часта казаў Люлю: як толькі ён заплюшчваў вочы, яго нібыта аблытвалі магутныя і неадольныя путы і ён не мог варухнуць нават мезеным пальцам. Гэткая вялізная, укручаная ў павучынне муха. Люлю падабалася адчуваць побач гэта вялікае цела вязня. «Каб ён быў паралізаваны і заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за ім даглядала б, падцірала б яго, як дзіцё, і часам пераварочвала б на жывот і пляскала па азадку, а калі б да яго прыходзіла маці, я знаходзіла б якую-небудзь зачэпку і раскрывала б яго — задзірала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусім голага. Яна, відаць, так бы і села — яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусіць, пятнаццаць». Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне і лёганька ўшчыкнула за пахвіну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. «У поўнай бяссільнасці». Люлю ўсміхнулася: слова «бяссільнасць» яе заўсёды смяшыла. Калі яна яшчэ кахала Анры і ён вось так, паралізаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усіх бакоў старанна абкруцілі і ўвязалі нейкія малюпасенькія чалавечкі накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калі яшчэ дзяўчынкай чытала гісторыю пра Гулівера. Яна часта называла Анры Гуліверам: яму гэта падабалася, бо імя было ангельскае і надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ і вымаўляла яго з ангельскім акцэнтам. «Як ужо яны мне абрыдлі! Калі хацеў сабе мець кагосьці адукаванага, няхай бы ажаніўся з той Жанаю Бедэр, грудзі ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калі мы яшчэ ездзілі па нядзелях у Со, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнігу, якая трапіцца, і заўсёды нехта падыходзіў і глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: «Вы разумееце, Люсі?..» Яны лічаць, што ў мяне не стае выхавання. Вось швейцарцы — дык гэтыя, вядома, гэта людзі выхаваныя, бо яго сястра выйшла замуж за швейцарца, і той зрабіў ёй пяцярых дзяцей. Ён іх паважае за адны ўжо іхнія горы. А я не магу мець дзяцей — такая ў мяне фізіялогія, што тут зробіш, але я ніколі не думала, што лічыцца выхаваным тое, што робіць ён, калі ідзе са мной у горад і ўвесь час толькі і бегае ў прыбіральні, а я павінна чакаць і перыцца на вітрыны — на каго я тады падобная? — а ён выходзіць пасля і, як нейкі стары дзед, згінаючы ногі, падцягвае штаны».

Люлю выняла палец з прарэшка і крыху паварушыла нагамі, ёй было прыемна адчуваць сваю жвавасць побач з гэтым млявым, знерухомленым целам. Да яе вуха данеслася ціхае булькатанне: «Бурчыць у жываце; як я гэта ненавіджу, ніколі немагчыма зразумець, у каго гэта — у яго ці ў мяне». Яна заплюшчыла вочы: «Нейкая вадкасць пераліваецца ў мяккіх, перакручаных трубках; і так ва ўсіх — у Рырэты і ў мяне (не хачу пра гэта думаць, ад гэтага толькі пачынае балець у жываце). Ён кажа, што любіць мяне, але ж ён не любіць маіх вантробаў: каб яму паказалі ў слоіку мой апендыкс, ён бы яго не пазнаў; увесь час мяне ціскае, а каб яму сунулі ў рукі слоік, ён бы нічога і не адчуў, і не падумаў бы: «Гэта належыць ёй». А трэба было б, каб чалавека любілі цалкам — і стрававод, і пячонку, і кішкі. А можа, іх не любяць, таму што не прызвычаіліся? Можа, каб іх бачылі ўвесь час — як нашыя рукі ці плечы, — дык іх таксама любілі б? Напэўна, марскія зоркі любяць адна адну болей, чым мы: яны, калі вылазяць на пляж пагрэцца на сонейку, высоўваюць страўнік — каб ён трошкі праветрыўся, і ўсе могуць яго пабачыць. Цікава, а кудой бы мы высоўвалі свой — праз пуп?» Яна заплюшчыла вочы, і перад ёй адразу закруціліся сінія кругі — як учора, на кірмашы. «Я страляла ў іх гумовымі стрэламі, і ў іх былі літары, якія запальваліся, па адной, кожны раз, як пацэліш, і потым складалася назва горада; але ён так і не даў мне выбіць цалкам «Дыжон» са сваёю маніяй ляпіцца ззаду; Божа, як я ненавіджу, калі да мяне лезуць ззаду; вось бы добра было, каб у мяне ўвогуле не было спіны: я цярпець не магу, калі са мной нешта робяць, а я пры гэтым нічога не бачу, і галоўнае — немагчыма ўбачыць іх рук, толькі адчуваеш, як яны ходзяць уверх-уніз, і ніколі не здагадаешся, куды яны цэляць; яны на вас зырацца на ўсе вочы, а вы іх нават не бачыце; яму гэта больш за ўсё падабаецца; Анры дык такое ў галаву ніколі не прыйдзе, а гэты — толькі і думае, каб прыляпіцца ззаду, хоць ведае, што я паміраю ад сораму, што ў мяне гэты зад ёсць; калі мне сорамна, дык гэта яго яшчэ больш распаляе; не хачу пра яго думаць (ёй раптам зрабілася страшна), хачу думаць пра Рырэту». Яна думала пра Рырэту штовечар у аднолькавы час, якраз перад тым, як Анры ўва сне пачынаў трызніць і енчыць. Але цяпер нешта перашкаджала, у думкі пастаянна стараўся пралезці іншы, на нейкае імгненне яна нават убачыла чорныя кучаравыя валасы і падумала: «Ну вось, пачынаецца», — яе прабрала дрыготка; ніколі не ведаеш, што потым выйдзе: калі твар, дык няхай яшчэ, але бывалі ночы, калі яна была няздольная заплюшчыць вачэй ад брыдкіх успамінаў. «Гэта жудасна, калі ў мужчыне ведаеш усё, асабліва гэта. З Анры ўсё іначай, я яго магу ўяўляць з галавы да ног, і мяне гэта адно замілоўвае: ён такі млявы, мяккі, і цела ў яго бясколернае, шэрае, толькі жывоцік ружовенькі; ён кажа, што ў добра складзенага мужчыны, калі ён сядзіць, на жываце павінна быць тры складкі, а ў яго іх шэсць, толькі ён лічыць кожную другую і не хоча заўважаць астатнія». Раптам яна ўспомніла пра Рырэту, і ёй зрабілася прыкра: «Люлю, вы яшчэ не ведаеце, што такое прыгожае мужчынскае цела». Смех, натуральна — ведаю; яна, вядома ж, мае на ўвазе — цвёрдае, як камень, з маслакамі, а мне такое не падабаецца, у Патэрсана было такое, дык я, калі ён мяне сціскаў, адчувала сябе як нейкі вусень; за Анры я таму і пайшла, што ён мяккі і нагадвае свяшчэнніка; усе свяшчэннікі — такія пухленькія, як жанчынкі, асабліва ў сваіх сутанах, можна нават падумаць, што ў іх на нагах панчохі; памятаю, калі мне было пятнаццаць, мне ўвесь час карцела паціху задзерці ім расу і паглядзець на іх мужчынскія ногі і на майткі — мяне, напэўна, вельмі здзівіла б, каб у іх там нешта было, паміж ног; адной рукою я трымала б сутану, а другою ласкава так павяла б уверх, уздоўж ног — туды, куды ўсе разумеюць; урэшце, мне не тое каб вельмі падабаліся жанчыны, але гэтая мужчынская штуковіна, калі яна пад плаццем, — яна такая пяшчотненькая, як вялікая кветка, а галоўнае — яе ніколі па-сапраўднаму немагчыма ўзяць у рукі; каб яна хоць магла паляжаць спакойна, дык не — адразу пачынае варушыцца, як нейкі звярок, і цвярдзее, мяне гэта заўсёды палохае; калі яно цвёрдае і прамое, як палка, яно адразу робіцца грубым і жорсткім; каханне ўсё-такі жудасная брыда! Анры я любіла якраз за тое, што яго маленькая штучка не цвярдзее ніколі; яна ніколі не падымае галоўкі, гэта нават мяне весяліла, і я часам яе цалавала; і зусім я яе не баюся — не больш за бязвіннае дзіцятка; а па вечарах я брала яго мяккую штучку ў рукі, а ён чырванеў і, уздыхаючы, адварочваўся, і я на яе не ціснула, і мы так доўга ляжалі, пакуль ён не засынаў. Тады я клалася на спіну, і думала пра свяшчэннікаў, пра нешта чыстае, пра жанчын, і лашчыла сабе спачатку жывот, свой прыгожы роўны жывот, і апускала рукі, апускала, і прыходзіла прыемная асалода; я толькі сама ўмею рабіць сабе прыемна».

Кучаравыя валасы, валасы мурына. І трывога ў горле стаіць камяком. Але яна моцна сціснула павекі, і ўрэшце выйшла вуха, маленькае малінавае Рырэціна вуха, крыху залацістае, нібы зробленае з цукровага ледзяша. Але звычайнага задавальнення не ўзнікла, бо ў той самы момант Люлю пачула Рырэцін голас. Ён быў пісклявы і катэгарычны і таму заўжды раздражняў Люлю: «Мілая мая Люлю, вы павінны паехаць з П'ерам; гэта адзіная разумная рэч, якую варта зрабіць». «Рырэта мне, вядома, падабаецца, але мяне раздражняе, калі яна пачынае напускаць на сябе важнасць і сама ж захапляецца тым, што кажа». Напярэдадні, у кавярні «Пад купалам», Рырэта схілілася да яе і з гэткім разумным, крыху няўважлівым выглядам прамовіла: «Вы не можаце больш заставацца з Анры, вы ж яго не любіце, гэта было б злачынства». «Яна не выпускае ніводнага выпадку, каб не сказаць пра яго блага, а я лічу, што гэта няветліва: ён заўсёды быў з ёй вельмі прыязны; ну, не люблю я яго — магчыма, але ж не Рырэце мне пра гэта казаць; у яе наогул — усё проста і лёгка: любіш — не любіш; а я — не такая простая. Перш за ўсё, у мяне ёсць свае звычкі, я да яго прызвычаілася, дый потым — ён мне падабаецца, ён мой муж. Як бы мне хацелася яе пабіць, мне заўсёды карціць зрабіць ён балюча, таму што яна тлустая». Гэта было б злачынства... «Яна тады падняла руку, і я ўбачыла яе падпаху; мне заўжды падабаецца, калі на ёй нешта без рукавоў, каб рукі былі голыя». Падпаха. Яна разявілася, як рот, і Люлю ўбачыла шызае, трошкі пакамячанае зморшчынкамі цела, пакрытае кучаравенькімі валосікамі, падобнымі да завітай прычоскі. П'ер называе яе «пухлявенькая Мінерва», ёй гэтая мянушка страшэнна не падабаецца». Люлю ўсміхнулася, прыгадаўшы свайго малодшага браціка, Рабэра, — як ён аднойчы спытаў, убачыўшы яе ў камбінацыі: «Чаму ў цябе валасы пад рукамі?» — а яна яму адказала: «Гэта такая хвароба». Яна любіла апранацца перад брацікам, бо ў яго заўсёды ўзнікалі забаўныя думкі. «Цікава, і дзе ён іх толькі знаходзіць?» Ён перабіраў усе Люлюіны рэчы, клапатліва складаў сукенкі, у яго такія спрытныя рукі, пазней з яго выйдзе вялікі кравец. «А што, цудоўнае рамяство, а я буду яму маляваць тканіны. Забаўна ўсё-такі, каб дзіцё марыла зрабіцца краўцом; каб я была хлопец, дык я, напэўна, хацела б быць даследчыкам ці акторам, але ўжо не краўцом; але ён заўсёды быў летуценнік, не надта гаваркі, нешта думае ўвесь час сваё; а я хацела б быць мнішкай — каб хадзіць і збіраць ахвяраванні па розных прыгожых маёнтках. Я адчуваю, як вочы ў мяне мякчэюць і ўсё цела — таксама, зараз засну. Уяўляю сабе мой прыгожы бледны твар пад вялікім каптуром, вось калі б у мяне быў далікатны і добра выхаваны выгляд. Я ўваходзіла б у сотні цёмных перадпакояў. Але пакаёўка амаль адразу запальвала б святло, і я бачыла б фамільныя карціны з партрэтамі, бронзавыя статуэткі на століках з гнутымі ножкамі. І вешалы. Да мяне выходзіла б пані, з маленькаю запісной кніжачкай і банкнотай на пяцьдзесят франкаў: «Вазьміце, сястра мая». — «Дзякую, васпані, няхай дапаможа вам Бог. Да пабачэння». Але я была б не сапраўдная мнішка. У аўтобусе я часам пачынала б строіць вочкі якому-небудзь тыпчыку: ну, ён спачатку слупянеў бы, вядома, а пасля чапляўся б да мяне на вуліцы і мянціў розную лухту — тады я нацкоўвала б на яго паліцэйскага і яго забіралі б. А ахвяраваныя грошы я пакідала б сабе. Што б я на іх купляла? СУПРАЦЬЯДДЗЕ. Ідыятызм». Вочы размякаюць — прыемна, быццам іх абмакнулі ў ваду, і ва ўсім целе такая ўтульнасць. Прыгожая зялёная папская карона, са смарагдамі і ляпіс-лазуркам. Яна пачала круціцца, круціцца і раптам абярнулася жудаснай бычынаю галавой; але Люлю гэта не спалохала, яна толькі прамармытала: «Ратуся... каслацёр... усё». Сярод бясплодных палёў марудна цякла доўгая чырвоная рака. Люлю ўспомнілася ручная мясарубка, потым брыльянцін. «Гэта было б злачынства!» Яна аж падскочыла і ўся напружылася, уперыўшыся злымі вачыма ў цемру. «Яны катуюць мяне, няўжо ім гэта няясна? Я выдатна разумею, што Рырэта робіць усё з сама добрымі намерамі, але калі ўжо яна такая разумная з іншымі, дык павінна ж яна зразумець, што і мне трэба падумаць. Як ён заявіў: «Прыйдзеш!» — і паглядзеў такімі вачыма — як вуголле. «Паедзеш са мной, да мяне, я хачу, каб ты ўся мне належала». Ненавіджу яго гэтыя вочы, калі ён строіць з сябе гіпнатызёра; так мне ціскаў руку — як цеста мясіў; калі толькі ўбачу гэтыя вочы, дык заўсёды чамусьці прыгадваюцца валасы ў яго на грудзях. «Прыйдзеш. Я хачу, каб ты ўся належала мне», — як гэта можна казаць падобныя рэчы? Я ж яму не сабака.

А я тады села і ўсміхаюся: раней яшчэ спецыяльна напудрылася, вочы падвяла — ён жа гэта любіць, — а гэты нічога нават не заўважыў; ён, па-мойму, наогул глядзіць не на твар, а толькі на грудзі; вось бы я хацела, каб яны ў мяне ссохліся — каб яго пазлаваць; праўда, яны і так у мяне невялікія, лічы, нават маленькія... «Паедзеш са мной, у Ніцу, на маю вілу». Кажа, яна ў яго белая, з мармуроваю лесвіцай. Насупраць самага мора. І яшчэ кажа: «Будзем хадзіць там цэлы дзень голыя». Забаўна, відаць, сябе адчуваеш, калі ўвесь голы ідзеш па лесвіцы; няхай падымаецца першы, каб на мяне не глядзеў, а то я нагі не змагу падняць, буду толькі слупом стаяць і марыць, каб ён аслеп; але што гэта зменіць: калі ён побач, у мяне заўсёды такое ўражанне, быццам я голая. А як ён схапіў мяне тады за плечы і нібыта са злосцю кажа: «Ты ўтрэскалася ў мяне, ты мяне любіш!» — я аж спалохалася, кажу: «Ага». А ён: «Я хачу зрабіць цябе шчаслівай, мы будзем ездзіць катацца — на машыне, на параходзе, паедзем у Італію, я падару табе ўсё, што захочаш». Кажа, у яго на віле амаль няма мэблі, дык мы будзем спаць на падлозе — проста, маўляў, будзем класціся на матрац. І яшчэ хоча, каб я спала ў яго ў абдымках; буду адчуваць, як ён пахне; увогуле, мне падабаюцца яго грудзі — яны такія шырокія, загарэлыя, але ж на іх цэлы лес валасоў; як бы мне хацелася, каб у мужчын не было валасоў на целе; у яго яны такія чорныя, мяккія — як мох; часам я іх нават люблю палашчыць, але бывае — аж млосна робіцца, я ўсё стараюся ад яго адсунуцца, а ён так і лепіць мяне да сябе. Захоча, каб я спала ў яго ў абдымках, і будзе ціскаць мяне сваімі рукамі, а я буду чуць, як ён пахне; а калі ўжо зусім зробіцца цёмна, да нас будзе далятаць шолах мора; ён такі, што здольны мяне пабудзіць сярод ночы, калі яму толькі захочацца; я з ім, напэўна, ніколі спакойна не высплюся, хіба што толькі калі ў мяне пачнуцца мае справы — тады ўжо, прынамсі, ён не будзе да мяне лезці; але, па-мойму, ёсць мужыкі, якія здольныя на гэта, нават калі жанчыны не схільныя, і пасля ў іх на жываце застаецца кроў, чужая кроў; напэўна ж, яна і на прасцінах, і паўсюль — як гэта брыдка; і навошта нам наогул гэтыя целы?»

Люлю расплюшчыла вочы, на фіранках ляжала чырвонае святло, што сачылася з вуліцы, чырвоная пляма адбівалася ў люстры; Люлю падабаўся гэты чырвоны колер; фатэль, што стаяў насупраць акна, вымалёўваўся на яго фоне вычварным ценем. На падлакотніку віселі складзеныя Анры штаны, шлейкі звісалі ў паветры. «Трэба купіць яму новыя вушкі да шлеек. О! Не хачу, не хачу я ехаць! Будзе там цалаваць мяне цэлымі днямі, і я буду належаць яму — буду яго ўцеха, а ён будзе зырыцца на мяне ўвесь час і думаць: «Вось мая ўцеха, я мацаў яе там і там і магу памацаць яшчэ, калі захочацца...» А тады, у Пор-Руаяль!..» Люлю некалькі разоў дала нагамі па прасціне: яна ненавідзела П'ера, калі прыгадвала, што было ў Пор-Руаяль. Яна зайшла тады за плот і, вядома ж, думала, што ён застаўся ў машыне, разглядае карту, і раптам глядзіць: ён па-воўчы падкраўся ззаду і падглядае. Люлю выпадкова трапіла нагой у Анры: «Зараз прачнецца». Але Анры толькі буркнуў: «Уф-ф-ф!» — і не прачнуўся. «Як бы я хацела пазнаёміцца з нейкім прыгожым маладым чалавекам, чыстым, як дзяўчына; мы ніколі не дакраналіся б адно да аднаго: гулялі б па беразе каля мора, трымаліся б за рукі, а ўвечары клаліся б у два аднолькавыя ложкі, побач, і ляжалі б, як брат і сястра, і гаманілі б да самага ранку. Ці лепей нават было б жыць з Рырэтай; жанчыны, калі адны, — гэта ж так цудоўна; у яе такія таўсмаценькія, гладзенькія плечыкі; я, без маны, — сапраўды адчувала сябе няшчаснай, калі яна кахала Фрэснеля, ажно сумна рабілася, калі думала, што ён яе лашчыць: мякка так, паволі гладзіць яе па плячах і па баках, а яна ўздыхае. А цікава, які ў яе твар, калі яна ляжыць уся голая пад мужчынам? І адчувае, як яго рукі гуляюць у яе па целе? Я дык ні за якія грошы ў свеце да яе не дакранулася б, ды я і не ведала б, што з ёй рабіць, нават каб яна сама захацела, каб сказала мне: «Я хачу, калі ласка», — я не ведала б; затое каб я была невідзімка, я хацела б пабачыць, як з ёй займаюцца гэтым, і паглядзець на яе твар (не думаю, каб яна і тады выглядала Мінервай), а я ціхутка лашчыла б яе рассунутыя калені, яе ружовенькія каленкі, і чула б, як яна енчыць». З ссохлага горла ў Люлю вырваўся кароткі смяшок: «Бываюць жа часам такія думкі». Аднойчы яна прыдумала, што П'ер хацеў згвалціць Рырэту. «А я быццам яму дапамагала, трымаючы яе за рукі. А ўчора. Як у яе гарэлі шчокі, калі мы сядзелі ў яе на канапе, зусім побач, яна нават ногі сціснула, а мы сядзелі і маўчалі; вось мы заўсёды сядзелі б так і маўчалі». Анры захроп, і Люлю свіснула. «Я тут ляжу, не магу заснуць, нервуюся, а ён храпе, дурань. Не, каб абняў, папрасіў, сказаў: «Ты ў мяне ўсё, Люлю, я кахаю цябе, не едзь!» — я, можа, і зрабіла б дзеля яго такую ахвяру, засталася б, а што — засталася б з ім, на ўсё жыццё, каб зрабіць яму гэтым прыемна».

 

II

 

Рырэта села на тэрасе ў кавярні «Каля сабора» і заказала порцыю порта. Яна адчувала сябе стомленай і злой на Люлю: «...і ад порта ў іх пахне коркам. Люлю — зразумела, ёй на гэта напляваць: яна п'е толькі каву; але ж нельга, урэшце, піць каву, калі час аперытыву; а гэтыя тут толькі каву і п'юць цэлы дзень, ці каву з вяршкамі — на іншае ў іх грошай няма; як ужо іх у кавярні гэта, напэўна, даводзіць, я дык дня не вытрымала б, выклала б ім усё проста ў твар, гэта ж не тыя людзі, з якімі трэба цырымоніцца. Не разумею, чаму яна прызначае сустрэчы заўсёды на Манпарнасе; не, каб у «Міры» ці ў «Пам-пам», ёй жа гэта таксама побач, а мне не трэба было б так далёка цягнуцца ад працы; проста выказаць не магу, які сум глядзець увесь час на гэтыя пысы. Толькі выпадае хвілінка, абавязкова я павінна бегчы сюды; ну, на тэрасе яшчэ куды ні йшло, а ўсярэдзіне — там жа смярдзіць ад бруднай бялізны; цярпець не магу няўдачнікаў. Дый на тэрасе ніякавата, я ж усё-такі ў чыстым; вось ужо людзі, напэўна, — праходзяць міма і дзівяцца, што я раблю ў такой кампаніі; яны ж нават не голяцца; а жанчыны? — наогул невядома на што падобны. Усе вакол, мусіць, думаюць: «Што яна тут робіць?» Я ведаю, улетку сюды часам завітваюць даволі багатыя амерыканкі, але цяпер, відаць, з гэтым нашым урадам яны толькі да Англіі і даязджаюць — таму і гандаль раскошай не ідзе, сёлета я прадала аж напалову меней, чым летась за такі ж час, а што ўжо казаць пра іншых: я ж у фірме найлепшая, мне сама пані Дзюбеш казала; шкада гэтую нябогу Ёнэль — зусім не ўмее гандляваць, за гэты месяц, мусіць, і гроша не выйграла больш за свой тарыф; пастаіш так цэлы дзень на нагах — так потым хочацца трошкі расслабіцца, пасядзець дзе-небудзь ва ўтульным месцейку, каб усё было прыгожа, камфортна, выгодна, каб абслуга была выхаваная, хочацца заплюшчыць вочы і ні ў чым ужо сябе не стрымліваць, і яшчэ было б цудоўна, каб была музыка, ціхуткая такая, прыглушаная, і дарэчы, не так ужо гэта і дорага — можна часам і ў дансінг «Амбасадор» схадзіць; а тут гэтыя гарсоны — ну такія нахабныя: адразу відаць — важдаюцца ўвесь час з рознай драбязой; хіба што гэты брунецік, што мяне абслугоўвае, — нічога такі, прыязны; а Люлю дык, відаць, падабаецца бачыць вакол сябе гэтых тыпаў, яна ўвогуле напалохалася б, каб ёй спатрэбілася пайсці ў якое шыкоўнае месца; яна ж ніколі ў сабе не ўпэўненая, і заўсёды, як толькі мужчына з добрымі манерамі, дык яна бянтэжыцца. Луі, напрыклад, ёй не падабаўся; але ўжо тут, я думаю, яна адчувае сябе цудоўна, некаторыя ж тут нават без накладных каўнерыкаў, такі ўжо жабрацкі выгляд, сядзяць са сваімі піпкамі, а яшчэ так на вас і зіркаюць, і нават не падумаюць, каб хоць не так яўна было, адразу відаць, што ім нават за жанчыну няма чым заплаціць, хоць у гэтым квартале такога дабра хапае, аж брыдка; здаецца, зараз так вас і праглынуць, нават няздольныя культурна паказаць, што яны вас жадаюць, каб хоць павярнуць усё неяк, каб вам прыемна было». Падышоў гарсон:

— Ваша порта, паненка, сухое, як і прасілі.

— Ага, дзякуй.

Прыязным голасам ён дадаў:

— Надвор'е якое сёння, цуд!

— Ды даўно ўжо пара б, — адказала Рырэта.

— Ваша праўда, здавалася, зіма ўжо ніколі не скончыцца.

Ён пайшоў, і Рырэта правяла яго позіркам. «Падабаецца мне гэты гарсон, — падумала яна, — умее трымацца на сваім месцы: і не фамільярны, і заўсёды знойдзе патрэбнае слова, кожнага ўважыць».

Яна заўважыла, што на яе настойліва пазірае нейкі худы і гарбаваты юнак, і, паціснуўшы плячыма, павярнулася да яго спінай. «Калі хочаш строіць жанчынам вочкі, навучыся спачатку мяняць бялізну. Так яму і скажу, калі толькі надумае прычапіцца. І ўсё-ткі цікава, чаму яна дагэтуль яго не кіне? Не хоча, каб Анры пакутаваў. Вясёленькія рэчы — жанчына не мае права псаваць сабе жыццё дзеля нейкага імпатэнта». Рырэта цярпець не магла імпатэнтаў — фізічна іх не выносіла. «Яна павінна з'ехаць, — падсумавала яна, — тут вырашаецца яе шчасце! Так ёй і скажу: нельга гуляць са сваім шчасцем. Не буду я ёй нічога казаць, усё, кончана, сто разоў ужо казала, чалавека немагчыма зрабіць шчаслівым, калі ён сам гэтага не хоча». Рырэта раптам адчула ў галаве абсалютную пустату: яна была вельмі стомленая, вочы ў яе апусціліся і ўтаропіліся на налітае ў кілішку порта, клейкае і густое, як распушчаны цукар; нечый голас бесперастанку паўтараў у ёй: «Шчасце, шчасце», — і слова здавалася такім прыгожым, пяшчотным, важным, і яна падумала, што, каб на конкурсе газеты «Пары-Суар» у яе спыталі, што яна думае, яна сказала б, што гэта найпрыгажэйшае слова ў французскай мове. «Ці хто думаў пра гэта? Яны ж адказвалі: энергічнасць, смеласць — а ўсё таму, што там былі адны мужчыны, а трэба было спытацца ў жанчын, бо менавіта жанчыны і могуць знайсці такое; наогул трэба было даваць дзве прэміі — адну мужчынам, і найпрыгажэйшае слова ў іх было б Чэсць, а другую жанчынам — і я яе выйграла б, я сказала б: «Шчасце»; Чэсць і Шчасце, нават гучыць вельмі падобна — забаўна. Вось я і скажу ёй: «Люлю, вы не маеце права выпускаць свайго шчасця. Вашага шчасця, Люлю, вашага Шчасця». Я дык, напрыклад, лічу П'ера вельмі добрым: па-першае, гэта сапраўдны мужчына, а галоўнае — разумны і, што таксама не лішняе, — мае грошы, ён жа зможа ўлагоджваць яе ва ўсім. Па-мойму, ён наогул з тых мужчын, што ўмеюць згладзіць усякія дробныя цяжкасці ў жаночым жыцці, а жанчыне гэта так прыемна; мне заўжды падабалася, калі мужчыны ўмеюць загадваць, тут трэба мець такую асаблівую струнку: вось ён — як умее гаварыць з гарсонамі, з рознымі там адміністратарамі ў гасцініцах, і яму падпарадкуюцца! Я называю гэта — «мець самавітую постаць». А Анры гэтага, мусіць, больш за ўсё і не стае. І апроч таго — трэба ж пра здароўе падумаць, асабліва пасля таго, што ў яе было з бацькам, трэба ж пасцерагчыся, а то цудоўна, вядома, быць такой худзенькай, што аж свецішся, — не есць ніколі, не спіць, прыкархне на чатыры гадзінкі за ноч — і давай подбегам па ўсім Парыжы, ды цэлы дзень, каб толькі дзесь уваткнуць якую новую замалёўку тканіны; а ёй патрэбны строгі рэжым: няхай нават есць мала за раз — калі ласка, але ж тады часта і заўжды ў прызначаны час. А то як засадзяць у сухотную лячэбніцу — тады парадуецца».

Няцямным позіркам Рырэта ўтаропілася на гадзіннік на скрыжаванні Манпарнас, стрэлкі паказвалі адзінаццаць дваццаць. «Не разумею я гэтую Люлю, вось ужо ў каго дзіўны тэмперамент, ніколі не разбярэш, падабаюцца ёй мужчыны ці ёй з імі брыдка; але ўжо з П'ерам, прынамсі, яна мусіць быць задаволеная, хоць крыху можа забыцца пра таго леташняга свайго тыпчыка — Рабу. Рабы, як я яго называла». Успамін развесяліў Рырэту, але яна не дазволіла сабе ўсміхнуцца, заўважыўшы, што худы юнак па-ранейшаму глядзіць на яе, — яна злавіла яго позірк, калі паварочвала галаву. У Рабу ўвесь твар быў у чорных кропках, і Люлю дзеля забавы выціскала іх пазногцямі. «Фу, паскудства, аж млосна робіцца, але што зробіш — яна ж нават не ведае, што такое прыгожы мужчына. Ах! Як я люблю зграбненькіх мужчын — гэта ж так сімпатычна, калі ў мужчын прыгожыя рэчы: кашулі, гэтыя іх чаравікі, а прыгожыя казытлівыя гальштучкі!.. Ну, вядома, усё строгае — можа быць, — але ж такое ласкавае, і ва ўсім адчуваецца сіла, ласкавая сіла: напрыклад, гэты іх пах ангельскага тытуню, змяшаны з адэкалонам; а якая ў іх скура, калі паголяцца, — гэта ўжо... вядома, гэта яшчэ не жаночая, але такая, ну, быццам добра выдубілі; а іх дужыя рукі — абдымаюць вас, а вы кладзяце ім галаву на грудзі і адчуваеце ласкавы, дужы пах дагледжанага мужчыны, а яны шэпчуць ласкавыя словы; і ўсё такое прыгожае — прыгожыя, строгія чаравікі з бычынай скуры, і яны шэпчуць: «Любая мая, мілая мая, любая», — і адчуваеш, як усё ўсярэдзіне ажно млее», — Рырэта ўспомніла пра Луі, які яе кінуў летась, і ў яе сціснулася сэрца: «Вось ужо хто любіў толькі сябе, толькі і ўмеў, што манернічаць: гэтая яго жуковіна з пячаткай, залаты партсігар, усякія маніі... Якія ж яны ўсё-такі бываюць часам псяюхі, яшчэ горшыя за жанчын. Не, лепш за ўсё — мужчына гадоў пад сорак, каб за сабой яшчэ даглядаў, валасы з сівізной на скронях, зачасаныя назад, гэткі сухі, шырокія плечы, спартовы выгляд, і галоўнае — каб ведаў жыццё і быў вельмі добры, бо некалі сам папакутаваў. Люлю — гэта ж зусім дзяўчо, ёй яшчэ пашанцавала, што ў яе такая сяброўка, як я, бо П'еру ўсё гэта пачынае ўжо надакучаць, і некаторыя на маім месцы даўно б пакарысталіся, а я — наадварот, угаворваю яго ўвесь час пацярпець яшчэ, а калі ён са мной ласкавы трошкі больш, чым трэба, — раблю выгляд, што не заўважаю, пачынаю гаманіць пра Люлю і заўсёды знаходжу слова, каб паказаць яе з выгоднага боку, але ж яна гэтага не заслугоўвае, яна нават не ўсведамляе, як ёй шанцуе, вось пажыла б трошкі адна, як я, калі Луі мяне кінуў, дык убачыла б, што такое вярнуцца дадому ўвечары, адпрацаваўшы ўвесь дзень, і ўбачыць, што ў пакоі ў цябе пуста, а самой паміраць ад жадання пакласці хоць каму-небудзь галаву на плячо. Адкуль яшчэ толькі бярэцца смеласць устаць назаўтра, і ісці зноў на працу, і быць прываблівай і вясёлай, і ўсіх яшчэ падбадзёрваць — калі самой, здаецца, лепш памерці, чым жыць так далей».

Гадзіннік выбіў палову дванаццатай. Рырэта падумала пра шчасце, пра сінюю птушку, птушку шчасця, непакорную птушку любві. І раптам схамянулася: «Люлю спазняецца на паўгадзіны — усё як звычайна. Яна ніколі не кіне мужа, у яе на гэта не хопіць сілы волі. Па сутнасці, яна застанецца з Анры толькі дзеля рэспектабельнасці: здраджвае яму, але думае, што калі ўжо ёй кажуць: «Пані», — дык гэта не лічыцца. А што яна пра яго расказвае — яго ж, здаецца, павесіць мала, але паспрабуйце ёй нагадаць, што яна сама яшчэ ўчора казала: яе аж трасе ад гневу. Не, я ўжо зрабіла ўсё, што магла, і сказала ўсё, на што была здольная, — тым горш для яе, пасля няхай наракае сама на сябе».

Перад саборам спынілася таксі, і з яго выйшла Люлю. Яна несла вялікі чамадан, і твар у яе быў крыху ўрачысты.

— Я кінула Анры, — крыкнула яна яшчэ здалёк.

Яна падышла, згінаючыся пад цяжарам чамадана. На губах у яе была ўсмешка.

— Як, Люлю? — аслупянела прамовіла Рырэта. — Няўжо вы хочаце сказаць, што?..

— Але, — сказала Люлю. — Кончана, я кінула яго.

Рырэта ўсё яшчэ не магла паверыць:

— І ён гэта ведае? Вы сказалі яму?

Люлю зрабіла гнеўныя вочы і вымавіла:

— А як жа ж!

— Ну-у, Люлюшачка!

Рырэта не ведала, што і думаць, але вырашыла, што ва ўсякім выпадку Люлю трэба падбадзёрыць.

— Як гэта добра, — сказала яна, — якая ж вы смелая.

Ёй хацелася дадаць: «Цяпер вы бачыце, што гэта было зусім не цяжка». Але яна ўтрымалася. Люлю дазволіла на сябе палюбавацца. На шчоках у яе была чырвань, вочы гарэлі. Яна села, паставіўшы чамадан побач з крэслам. На ёй было шэрае ваўнянае паліто і светла-жоўты пуловер з закручаным каўняром. Але на галаве не было шапкі. Рырэце не падабалася, калі Люлю хадзіла без шапкі, і ў яе адразу ўзнікла знаёмае пачуццё, у якім дзіўна спалучаліся і папрок, і паблажлівая ўсмешка, — Люлю заўсёды яго выклікала. «Што мне ў ёй падабаецца, — падумала Рырэта, — дык гэта яе жыццяздольнасць».

— Умэнт, — сказала Люлю, — я выклала яму ўсё, што было ў мяне на душы. Яго як абухом ударылі.

— Я ўсё апамятацца не магу, — прызналася Рырэта. — Мілая Люлю, што гэта на вас найшло? Вы што — ільвінага мяса аб'еліся? Я ўчора яшчэ ўвечары была гатовая галавой прысягнуцца, што вы яго ніколі не кінеце.

— Усё праз майго малодшага брата. Проста, калі ён са мной курчыць з сябе начальніка, дык няхай яшчэ, але я цярпець не магу, калі ён лезе да маіх крэўных.

— А што здарылася?

— Ну, дзе гэты гарсон! — сказала Люлю, круцячыся на крэсле. — У гэтым «Саборы» заўсёды — як толькі патрэбны гарсон, дык ніводнага няма. Хто нас абслугоўвае, гэты брунецік?

— Ён, — сказала Рырэта. — А ведаеце, што я яго пакарыла?

— Ну? Тады пасцеражыцеся той паненкі з умывальні, ён увесь час вакол яе круціцца: ейны залётнік. Але па-мойму, у яго гэта толькі падстава, каб паглядзець, як жанчыны заходзяць у прыбіральню: калі яны выходзяць, ён заўжды глядзіць ім у вочы, каб увагнаць у чырвань. Дарэчы, я вас на хвілінку пакіну, трэба пайсці затэлефанаваць да П'ера, ну і пыса ў яго будзе! Калі ўбачыце гарсона, папрасіце мне каву з вяршкамі; я ўсяго на хвілінку, а потым усё раскажу.

Яна ўстала, ступіла некалькі крокаў і зноў вярнулася да Рырэты.

— Вой, Рырэтачка, я такая шчаслівая!

— Люлю, дарагая, — прамовіла Рырэта, беручы яе за рукі.

Люлю вызвалілася і лёгкай хадой перасекла тэрасу. Рырэта правяла яе позіркам. «Ніколі не падумала б, што яна будзе на гэта здольная. А якая радасная, — падумала яна крыху абурана. — Каб паслухала мяне, дык даўно б ужо так зрабіла. Ва ўсякім выпадку, усё роўна — усё гэта дзякуючы мне, бо нельга не прызнаць, што я на яе маю вялікі ўплыў».

Праз колькі імгненняў Люлю вярнулася.

— П'ер так і сеў, — сказала яна. — Хацеў, каб я расказала ўсё падрабязна, але я сказала, што потым; дык ён запрасіў мяне папалуднаваць разам. Кажа, можа, заўтрашнім вечарам ужо з'едзем.

— Якая ж я шчаслівая, Люлю, — сказала Рырэта. — Ну, расказвайце ж хутчэй. Гэта вы сёння ноччу ўсё вырашылі?

— Ды ведаеце, нічога я не вырашала, — сціпла прамовіла Люлю, — яно неяк само рашылася. — Яна знервавана пастукала па століку рукой: «Гарсон! Гарсон! Гэты гарсон мяне давядзе, я хачу кавы».

Рырэта была ўражаная: на месцы Люлю, у такіх важных абставінах, яна і не падумала б траціць час дзеля нейкай кавы. Але Люлю проста цуд, нават дзіву даешся, як гэта можна быць такой бесклапотнай, як птушка.

Люлю выбухнула смехам:

— Каб вы бачылі Анрыеву пысу!

— Мне вось цікава, што пра ўсё гэта скажа вашая маці, — сур'ёзна прамовіла Рырэта.

— Мая маці? Яна будзе за-ча-ра-вана, — з упэўненасцю канстатавала Люлю. — Ён заўжды быў з ёю няветлівы. Ведаеце, яна ўжо яго во дзе мела. Увесь час толькі папрокі — я такая, ды я сякая, кепска яна мяне выхавала: маўляў, адразу відаць, што мяне выхоўвалі, як у падваротні. Я нават, ведаеце, калі і зрабіла гэта, дык таксама і дзеля яе.

— Але што ўсё-такі здарылася?

— Ён уляпіў Рабэру поўху.

— Дык значыць, да вас прыходзіў Рабэр?

— Ну я ж кажу: сёння раніцай. Праходзіў міма і зайшоў, бо маці хоча аддаць яго ў вучні да Гомпеса. Ды я, па-мойму, ужо вам казала. Ну і вось, ён зайшоў, якраз як мы снедалі, а Анры ўзяў ды ўляпіў яму поўху.

— Але за што? — спытала Рырэта з лёгкаю прыкрасцю. Яна цярпець не магла гэту Люлюіну манеру расказваць.

— Яны пагыркаліся, — нейкім няпэўным тонам прамовіла Люлю, — а малы не даў сябе ў крыўду. Ён заўсёды яму дае адпор. А тут так і сказаў: «Стары псюк», — проста ў твар. Бо Анры назваў яго кепска выхаваным — натуральна, ён жа нічога новага выдумаць не можа; я там загіналася. Тады Анры ўзяў, устаў — мы снедалі ў вялікім пакоі — і як улепіць яму поўху! Я ледзь яго не забіла.

— І тады вы пайшлі?

— Пайшла, — здзіўлена спытала Люлю, — куды?

— Ну, я думала, што тады вы яго і кінулі. Паслухайце, міленькая Люлю, трэба расказваць усё па парадку, іначай я нічога не разумею. Скажыце, — спытала яна, адчуўшы нейкае падазрэнне, — а вы сапраўды яго кінулі? Гэта праўда?

— Ну але ж, я вам ужо цэлую гадзіну тлумачу.

— Добра. Значыць, Анры даў Рабэру поўху. І што пасля?

— А пасля, — сказала Люлю, — я зачыніла яго на балконе, пацеха, так? Ён яшчэ быў у піжаме. Стаіць там і стукаецца ў шыбу, але ж не адважваецца разбіць — ён жа скупы, як смерць. Я дык на яго месцы ўсё спляжыла б, няхай нават рукі ў кроў бы разбіла. А потым прыперліся Тэксье. Дык ён пачаў ім усміхацца — праз акно: маўляў, усё гэта ў нас так, жарты.

Побач праходзіў гарсон, і Люлю злавіла яго за руку.

— Ага, нарэшце, значыць, з'явіліся? Вас не вельмі патурбуе прынесці мне кавы з вяршкамі?

Рырэта адчула сябе няёмка і па-змоўніцку ўсміхнулася гарсону. Але твар у таго застаўся змрочны, ён толькі пакланіўся з падкрэсленаю дагодлівасцю, у якой адчуваўся папрок. Рырэта злавалася на Люлю: ніколі не ўмее выбраць правільнага тону з ніжэйшымі па становішчы — то вельмі фамільярная, то, наадварот, занадта патрабавальная і сухая.

Люлю засмяялася.

— Гэта я зноў уявіла Анры, як ён у піжаме стаіць на балконе і аж трасецца ад холаду. А ведаеце, як мне ўдалося яго зачыніць? Ён быў у пакоі. Рабэр плача, а гэты чытае яму маралі. Ну, я адчыніла акно і кажу: «Анры, ты глядзі, таксі збіла нашу квятнярку!» Гэты падбег да мяне — а ён любіць квятнярку, тая неяк казала яму, што сама швейцарка, дык ён думае, што яна ў яго закаханая. «Дзе? — кажа. — Дзе?» А я ціхутка так — раз у пакой і зачыніла дзверы! І крычу яму праз шыбу: «Будзеш ведаць, як рукі распускаць з маім братам». Цэлую гадзіну трымала яго на балконе, а ён так і перыўся на нас сваімі вырачанымі вачыма, аж пасінеў ад гневу. А я яму высуну язык ды частую Рабэра цукеркамі; а пасля прынесла ў пакой свае рэчы і пачала апранацца — перад Рабэрам: я ж ведаю, што ён гэтага цярпець не можа. А Рабэр цалаваў мяне ў рукі, у шыю — як маленькі мужчына; ён наогул цуд; карацей — мы паводзілі сябе, быццам Анры і няма. За ўсім гэтым я нават памыцца забылася.

— А той, значыць, так і сядзеў на балконе. Ну, пацеха! — Рырэта рагатала ад душы.

Раптам Люлю пасур'ёзнела.

— Баюся, як бы ён не прастудзіўся, — сказала яна, перастаўшы смяяцца, — калі злуешся, не думаеш. — І зноў весела дадала: — А як ён нам пагражаў кулакамі — вой! — і ўсё нешта там балбоча, балбоча, я нават паловы не зразумела, што ён казаў. А потым Рабэр пайшоў, і адразу пазванілі Тэксье. Я іх запрасіла ў кватэру, дык ён, як іх убачыў, — так і расплыўся ўсмешкай; і так, і сяк ужо перад імі там выдыгаў, на балконе, а я ім кажу: «Вы паглядзіце на майго мужанька, які цыпачка; праўда, ён падобны да рыбкі ў акварыуме?» Ну, Тэксье павіталіся з ім, праз шыбу, — яны, вядома, крыху аслупянелі. Але гэтыя ўмеюць трымацца, каб не падаць выгляду.

— Я сабе ўяўляю, — праз смех выціснула Рырэта. — Ха-ха-ха! Ваш муж на балконе, а Тэксье ў пакоі! — Яна некалькі разоў паўтарыла: «Ваш муж на балконе, а Тэксье ў пакоі...» — ёй вельмі хацелася знайсці якія-небудзь смешныя і асабліва маляўнічыя словы, каб апісаць гэтую сцэну Люлю, — яна лічыла, што ў Люлю не стае гумару, — але словы так і не знайшліся.

— А я пасля адчыніла дзверы, — сказала Люлю, — Анры ўваходзіць, пацалаваў мяне перад Тэксье і кажа: «Ах ты малая гарэза! Вось жа, — кажа, — малая гарэза, хацела са мной штуку выкінуць!» А я ўсміхаюся, і Тэксье таксама, далікатна так, усміхаюцца — усе ўсміхаюцца. А як яны пайшлі, ён як дасць мне ў вуха. Тады я бяру шчотку ды як кіну яму, і ў самы рот: так абедзве губы ў куточку і рассекла.

— Мілая Люлю, мая вы нябога, — пяшчотна прамовіла Рырэта.

Але Люлю не прыняла гэтага жэсту спагады: яна сядзела прамая, патрасаючы з ваяўнічым выглядам чорнымі кудзерамі і кідаючы з вачэй маланкі.

— Тут мы ўсё адно аднаму і сказалі. Я абмыла яму сурвэткай вусны і кажу: усё, маўляў, з мяне досыць, я цябе больш не кахаю і жыць з табой больш не збіраюся. Ён як заплакаў, пачаў казаць, што наложыць на сябе рукі. Але мяне гэтым ужо не проймеш: памятаеце, Рырэта, летась, калі была гэтая гісторыя з Рэнані, ён мне тады таксама кожны дзень ныў: вось будзе вайна, ды я пайду на фронт, ды мяне там заб'юць, будзеш пасля мучыцца за ўвесь боль, што мне прычыніла. Я яму тады сказала: «Ага, — кажу, — ты ж імпатэнт, цябе забракуюць». Але ўсё роўна давялося яго супакоіць, а то ён гразіўся зачыніць мяне ў вялікім пакоі на ключ: паклялася яму, што раней чым праз месяц не з'еду. Тады ён паперся ў кантору: вочы чырвоныя, кавалак пластыру на губе — карацей, жах. А я ўзяла прыбрала ў хаце, паставіла сачавіцу на агонь і сабрала чамадан. А яму пакінула ў кухні на стале цыдулку.

— І што вы яму напісалі?

— Я напісала яму так, — з годнасцю прамовіла Люлю. — «Сачавіца на пліце. Еш і выключы газ. У халадзільніку ёсць вяндліна. А я сытая па горла і знікаю. Бывай».

Яны разам засмяяліся, і некаторыя прахожыя пачалі азірацца. А Рырэта падумала, што яны, мусіць, чароўна глядзяцца збоку. Ёй нават зрабілася прыкра, што ўсё гэта не на тэрасе «Вьеля» ці «Міра». Калі яны адсмяяліся і нарэшце змоўклі, Рырэта заўважыла, што ім больш няма пра што гаманіць. Яна была трошкі расчараваная.

— Ну, мне пара бегчы, — сказала Люлю і ўстала. — Мяне апоўдні чакае П'ер. А што ж мне рабіць з чамаданам?

— Пакіньце мне, — сказала Рырэта, — я папрашу, каб за ім прыглядзела тая паненка з умывальні. Калі мы цяпер убачымся?

— Я зайду да вас а другой гадзіне, сходзім разам, мне трэба купіць цэлую кучу ўсяго: я ж больш за палову з сабой не ўзяла. Цяпер трэба будзе, каб П'ер даў мне грошай.

Люлю пайшла, і Рырэта клікнула гарсона. Яна адчувала сябе ўрачыста важнаю і вельмі маркотнай. Падбег гарсон: Рырэта даўно заўважыла, што, калі яго кліча яна, ён заўсёды прыходзіць хутка.

— З вас пяць франкаў, — сказаў ён і дадаў крыху сухім тонам: — Вам, відаць, было вельмі весела, нават у кавярні было чуваць, як вы смяяліся.

«Люлю яго пакрыўдзіла», — з прыкрасцю падумала Рырэта і, пачырванеўшы, сказала:

— У маёй сяброўкі сёння нешта з самага ранку нервы крыху не ў парадку.

— Але выглядала яна цудоўна, — з пачуццём прамовіў гарсон. — Вельмі вам удзячны, паненка.

Ён сунуў у кішэню шэсць франкаў і пайшоў прэч. Рырэта была трошкі здзіўлена, але прабіла паўдня, і ёй падумалася, што зараз Анры якраз павінен вярнуцца дадому і знайсці Люлюіну запіску: пры гэтай думцы ўсярэдзіне ў яе ўсё самлела ад задавальнення.

 

* * *

 

— Будзьце ласкавы, я хацела б, каб усё гэта да заўтрашняга вечара было ў «Тэатральнай» гасцініцы, вуліца Вандам, — сказала Люлю касірцы з выглядам велікасвецкай пані. І потым, павярнуўшыся да Рырэты, дадала: — Ну, усё, Рырэта, папхнуліся адсюль.

— На чыё імя? — спыталася касірка.

— Пані Люсьене Крыспэн.

Люлю перакінула паліто цераз руку і адразу ўзяла наўзгалоп; ледзь не подбегам яны спусціліся па доўгай лесвіцы Самарытанкі. Рырэта старалася не адстаць і некалькі разоў ледзь не ўпала, бо не паспявала нават глядзець пад ногі: яе вочы сачылі толькі за тонкім сіне-жоўта-канарэйкавым сілуэтам, што скакаў наперадзе. «Якое ж у яе непрыстойнае цела»... Кожны раз, як Рырэта бачыла Люлю са спіны ці ў профіль, яе літаральна ашаламляла непрыстойнасць сяброўчыных форм, хоць гэтаму цяжка было знайсці нейкае тлумачэнне: проста вось такое ўзнікала ўражанне. «Ну, гнуткае ў яе цела, тонкае, але ўсё роўна — ёсць у ім нешта вульгарнае, і ўсё, хоць ты мяне забі. Напэўна, гэта таму, што яна любіць, каб на ёй усё было вельмі абцягнутае. Кажа, што саромеецца за свой зад, а сама носіць такія спадніцы, што так і ліпнуць да задніцы. Праўда, зад у яе маленькі — намнога меншы, чым мой, — але затое болей прыкметны. Асабліва ў параўнанні з яе худой таліяй — ён здаецца зусім круглым, і так туга сядзіць у спадніцы, як уліты, а галоўнае — увесь час танцуе».

Люлю азірнулася, і сяброўкі абмяняліся прыязнымі ўсмешкамі. Калі Рырэта думала пра бессаромнае Люлюіна цела, у яе ўзнікала змяшанае пачуццё, у якім спалучаліся ганьбаванне і прыемная млявасць: маленькія грудзі тырчком, гладкая, жоўтая скура — калі дакранаешся, здаецца, яна як гумовая, — доўгія сцёгны і наогул усё цела — доўгае і нахабнае, з доўгімі членамі. «Як у мурынкі, — падумала Рырэта. — Яна падобна да мурынкі, якая танцуе румбу». У люстры каля дзвярэй-круцёлкі Рырэта злавіла адбітак сваіх поўных форм. «У мяне болей спартовы выгляд, — падумала яна, беручы Люлю пад руку. — Можа быць, апранутая яна і эфектнейшая, але калі нам распрануцца, дык я, безумоўна, буду лепш за яе».

Пэўны час яны ішлі моўчкі. Потым Люлю сказала:

— П'ер быў проста чароўны. І вы таксама, Рырэтачка, вы проста чароўная, я вельмі вам абаім удзячная.

Яна прамовіла гэта вельмі ненатуральна, але Рырэта не надала значэння: Люлю ніколі не ўмела дзякаваць — яна была надта сціплая.

— Як гэта мне непрыемна, — раптам сказала Люлю, — але трэба купіць станік.

— Тут? — спытала Рырэта.

Яны якраз праходзілі каля лаўкі, што гандлявала бялізнай.

— Не. Гэта я проста ўбачыла і таму прыгадала. Станікі я звычайна купляю ў Фішэра.

— На бульвары Манпарнас? — ускрыкнула Рырэта. — Люлю, не трэба рызыкаваць, — дадала яна сур'ёзным тонам. — Вам цяпер лепш радзей бываць на Манпарнасе, асабліва ў такі час: мы ж можам натрапіць на Анры. Гэта будзе вельмі непрыемна.

— На Анры? — сказала Люлю, паціснуўшы плячыма. — Ды ну, з чаго гэта?

Ад абурэння ў Рырэты аж да скроняў пачырванелі шчокі.

— Вы ўсё такая ж, мая мілая Люлю, — калі вам нешта не падабаецца, дык вы проста нічога не хочаце заўважаць. Вам карціць пайсці да Фішэра, і вы пачынаеце мне даводзіць, што Анры на Манпарнасе не бывае. Але вы выдатна ведаеце, што ён кожны дзень там праходзіць каля шостай гадзіны: ён жа заўсёды тудою ходзіць. Вы мне самі казалі: ён ідзе спачатку па вуліцы Рэн, а потым на рагу бульвара Распай чакае аўтобуса.

— Перш за ўсё, яшчэ толькі пяць, — сказала Люлю, — і апроч таго, ён, можа быць, сёння зусім не хадзіў на працу: пасля той цыдулкі, што я пакінула, ён мог увогуле злегчы.

— Слухайце, Люлю, — раптам сказала Рырэта, — але ж у Фішэра ёсць яшчэ адна лаўка, вы ж ведаеце, — на вуліцы Чацвёртага верасня, непадалёку ад Оперы.

— Ды ну-у, — прамовіла Люлю нейкім млявым голасам, — туды яшчэ столькі цягнуцца.

— Ну, вы мне падабаецеся, міленькая Люлю! Столькі цягнуцца! Ды гэта два разы ступіць, нават бліжэй чым да вашага Манпарнаса.

— Мне не падабаецца, што яны там прадаюць.

Рырэта здзіўлена ўсміхнулася, падумаўшы, што ва ўсіх лаўках у Фішэра прадаюць адно і тое ж. Проста на Люлю часам находзіла зусім незразумелая ўпартасць: Анры, бясспрэчна, быў чалавек, якога ёй хацелася меней за ўсё ўбачыць, а яна як знарок лезла яму пад ногі.

— Ну добра, — памяркоўна адказала Рырэта, — хадзем на Манпарнас. Ва ўсякім разе, Анры такі высачэзны, што мы яго заўважым раней, чым ён нас.

— Дый увогуле, што такога? — здзівілася Люлю. — Нават калі і сустрэнем — ну, сустрэнем, і ўсё. Не з'есць жа ён нас.

Люлю прапанавала прайсціся да Манпарнаса пешкі: яна сказала, што ёй трэба трошкі прадыхацца. Яны рушылі па вуліцы Сены, потым па Адэон і Важырар. Рырэта пачала расхвальваць П'ера, каб паказаць Люлю, які ён быў малайчына ва ўсіх гэтых абставінах.

— Як я люблю Парыж! — раптам сказала Люлю. — Я буду так пасля шкадаваць!

— Ды што вы кажаце такое, Люлю! Я нават уявіць сабе не магу, як вам шанцуе, што вы едзеце ў Ніцу, а вы яшчэ шкадуеце Парыж.

Люлю не адказала і толькі сумна пачала глядзець па баках, нібы нешта шукаючы.

Калі яны выйшлі ад Фішэра, выбіла шэсць гадзін. Рырэта ўхапіла Люлю пад локаць і памкнулася як мага хутчэй звесці прэч. Але тая як аслулянела перад квяточнай лаўкаю Баўмана.

— Мілая Рырэтачка, вы паглядзіце, якія азалеі. Вось калі ў мяне будзе прыгожы салон, я яго ўвесь пазастаўлю такімі.

— Я не люблю вазонных кветак, — сказала Рырэта ў роспачы.

Яна павярнула галаву ў бок вуліцы Рэн і, натуральна, праз нейкую хвіліну ўбачыла доўгі, нязграбны сілуэт Анры. Ён быў без шапкі, у спартовага крою куртцы з карычневага цвіду. Рырэта ненавідзела карычневы колер.

— Вунь ён, Люлю, вунь, — скорагаворкай прамовіла яна.

— Дзе? — спытала Люлю. — Дзе?

Яна была ўсхваляваная не менш за Рырэту.

— Ззаду, на тым тратуары. Цякайма, толькі крый Божа — не азірайцеся.

Але Люлю азірнулася.

— Ага, бачу, — сказала яна.

Рырэта паспрабавала пацягнуць сяброўку сілком, але тая напружылася і як загіпнатызаваная ўперылася ў Анры. Нарэшце яна прамовіла:

— Па-мойму, ён нас заўважыў.

Здавалася, гэта яе вельмі спалохала, яна разам абмякла і паслухмяна паддалася Рырэце.

— Цяпер, Люлю, прашу, — сказала Рырэта, цяжка пераводзячы дых, — дзеля ўсяго святога, не азірайцеся. На бліжэйшай жа вуліцы павернем направа, гэта будзе Дэлямбр.

Яны шыбавалі на ўвесь дых, расштурхваючы прахожых. Часам Люлю пачынала адставаць і прымушала сябе цягнуць, а потым раптам сама кідалася наперад і валакла сяброўку. Але не паспелі яны дайсці да рага вуліцы Дэлямбр, як Рырэта заўважыла за Люлюінай спінай высокі карычневы цень; зразумеўшы, што гэта Анры, яна аж затрэслася ад абурэння. Люлю ішла побач, апусціўшы павекі, што надавала ёй нейкі хітра-ўпарты выгляд. «Што, наракае цяпер на сваю неабачлівасць. Але надта позна. Тым горш для яе».

Яны паскорылі хаду, але Анры не адставаў: ён па-ранейшаму моўчкі ішоў следам. Яны прабеглі ўсю вуліцу Дэлямбр і пасунуліся далей — да Абсерваторыі. Рырэта чула, як у Анры парыпваюць падэшвы. Іх ступе, нібы рэха, туравала роўнае і глухое сапенне: гэта дыхаў Анры (дыханне ў яго заўсёды было шумнае, але не да такой ступені: відаць, каб іх дагнаць, яму давялося бегчы; а можа, ён хрыпеў ад хвалявання).

«Трэба рабіць выгляд, быццам мы яго не заўважаем, — падумала Рырэта. — Проста быццам яго няма». Але яна не ўтрымалася і зірнула на Анры краем вока. Ён быў белы як палатно, павекі ў яго былі настолькі апушчаныя, што здавалася, ён ідзе з заплюшчанымі вачыма. «Чысты самнамбул», — з пэўнай гідлівасцю падумала Рырэта. Вусны ў Анры дрыжалі, ад чаго маленькі, напалову адклеены кавалачак ружовага пластыра на ніжняй губе дрыжаў таксама. Рырэта адчувала сябе ніякавата, але баялася яна не Анры — у жыцці яе заўсёды палохалі дзве рэчы: хваравітасць і нездаровая страсць. Яны ступілі яшчэ колькі крокаў, і раптам Анры, не гледзячы, паволі выпрастаў руку і ўчапіўся ў Люлюін локаць. Люлю перакрывіла рот, нібыта збіраючыся заплакаць, уся перасмыкнулася і вызваліла руку.

— Ух-ф-ф! — выдыхнуў Анры.

Рырэце жудасна карцела спыніцца: у яе ўжо калола ў баку і ў вушах усё гудзела. Але Люлю перайшла ўжо ледзь не на бег; яна таксама нагадвала самнамбулу. Рырэта нават падумала, што, калі зараз адпусціць руку і спыніцца, тыя абое так і пойдуць далей — моўчкі, з заплюшчанымі вачыма і бледныя, як мерцвякі.

Раптам Анры сказаў нейкім дзіўным, сціснутым хрыпам голасам:

— Вяртайся са мной дадому.

Люлю не адказала, і Анры зноў, тым жа сіпатым голасам і з такою самаю інтанацыяй, прамовіў:

— Ты мая жонка. Вяртайся дадому.

— Няўжо вы не бачыце, — адказала Рырэта цераз зубы, — яна не хоча вяртацца. Пакіньце яе ў спакоі!

Але Анры, здаецца, не чуў. Ён паўтараў сваё:

— Я твой муж, я хачу, каб ты вярнулася са мной.

— Прашу вас, пакіньце яе ў спакоі, — пісклявым голасам сказала Рырэта. — У вас нічога не выйдзе, асабліва калі будзеце так назаляць. Дайце прайсці спакойна.

Анры здзіўлена зірнуў на Рырэту.

— Гэта мая жонка, — сказаў ён, — яна мая, я хачу, каб яна вярнулася са мной.

Ён зноў ухапіў Люлю за руку, і гэты раз яна ўжо не вызвалілася.

— Ідзіце прэч! — сказала Рырэта.

— Не пайду, я буду хадзіць за ёю паўсюль, я хачу, каб яна вярнулася дадому.

Ён гаварыў праз сілу. Але раптам скурчыў грымасу і, агаліўшы зубы, крыкнуў на ўсё горла:

— Ты мая!

Некаторыя прахожыя пачалі з усмешкамі азірацца. Анры тузаў Люлю за руку і рыкаў, як звер, выскаляючы зубы. На шчасце, побач праязджала пустое таксі. Рырэта махнула рукой, і машына спынілася. Анры спыніўся таксама. Люлю памкнулася была рушыць далей, але яны цвёрда ўтрымалі яе на месцы, кожны за сваю руку.

— Вы павінны зразумець, — сказала Рырэта, цягнучы Люлю да таксі, — такім прымусам вам вярнуць яе ніколі не ўдасца.

— Пусціце яе, пусціце маю жонку, — сказаў Анры і пацягнуў Люлю ў іншы бок.

Люлю стаяла бязвольная, як ануча.

— Дык вы сядаеце ці не сядаеце, — нецярпліва крыкнуў шафёр.

Рырэта выпусціла Люлю і пачала дубасіць Анры па руках. Але той, здавалася, не заўважаў. Раптам ён аслабіў хватку і ўтаропіўся на Рырэту дурнымі вачыма. Рырэта таксама глядзела на яго. Ёй было цяжка сабрацца з думкамі, усярэдзіне яна адчувала толькі непрыемную млосць. Некалькі секунд яны стаялі, узіраючыся адно ў аднаго, і аддыхваліся. Нарэшце Рырэта схамянулася, абхапіла Люлю за стан і ўвапхнула ў таксі.

— Куды едзем? — спытаў шафёр.

Анры падаўся за імі, каб таксама сесці ў таксі, але Рырэта з усяе сілы адштурхнула яго і хутчэй зачыніла дзверцы.

— О! Едзьце, едзьце, — прабалбатала яна шафёру. — Мы пасля вам скажам — куды.

Таксі зрушыла, і Рырэта адвалілася на спінку сядзення. «Як усё гэта было непрыстойна», — падумала яна. Яна ненавідзела Анры.

— Мілая Люлю, куды вы хочаце паехаць? — спытала яна ласкава.

Люлю не адказала. Рырэта абняла яе і зрабіла ўмольны выгляд.

— Ну, што вы, трэба ж адказваць. Хочаце, я завязу вас да П'ера?

Люлю зрабіла невыразны рух, які Рырэта палічыла за згоду, і, перагнуўшыся наперад, сказала:

— Вуліца Месін, адзінаццаць.

Азірнуўшыся, Рырэта заўважыла, што Люлю глядзіць на яе нейкім дзіўным поглядам.

— Які ж ён... — пачала была Рырэта.

— Ненавіджу вас, — зараўла Люлю, — ненавіджу П'ера, ненавіджу Анры. Што вы да мяне ўсе прычапіліся? Вы мяне мучыце!

Раптам яна змоўкла, і рысы твару ў яе перакрывіліся.

— Паплачце, — сказала Рырэта з непарушнаю годнасцю, — паплачце, вам будзе лягчэй.

Люлю перагнулася напалам і зарыдала. Рырэта абхапіла яе рукамі і моцна прыціснула да сябе. Час ад часу яна пачынала пяшчотна гладзіць сяброўку па валасах, але ўсярэдзіне ў яе ўсё заставалася пагардлівае і халоднае.

Калі машына спынілася, Люлю ўжо не плакала. Яна выцерла вочы і напудрылася.

— Прабачце, — сціпла папрасіла яна, — гэта ўсё нервы. Я проста не магла вынесці такога яго выгляду. Мне балюча было на яго глядзець.

— Ён нагадваў арангутанга, — прамовіла Рырэта памяркоўным, ужо супакоеным голасам.

Люлю ўсміхнулася.

— Калі мы сустрэнемся? — спытала Рырэта.

— О! Цяпер толькі заўтра. Вы ж ведаеце, П'ер, аказваецца, праз сваю маці не можа запрасіць мяне начаваць у сябе. Я буду ў «Тэатральнай» гасцініцы. А заўтра можаце прыходзіць з самага ранку. Гадзіне а дзевятай, калі вам не цяжка, бо пасля я збіраюся схадзіць да мамы.

Твар у Люлю быў змярцвела-бледны, і Рырэце падумалася, што гэта проста кашмар, як хутка Люлю ўмее рабіцца зусім непрыгожай.

— Вы пастарайцеся ўжо сёння болей не хвалявацца.

— Праўда, — сказала Люлю, — я страшэнна стамілася. Спадзяюся, П'ер не будзе мяне позна затрымліваць. Але ж ён такі, што ніколі не разумее такіх рэчаў.

Не адпускаючы таксі, Рырэта папрасіла завезці яе дадому. Па дарозе яна падумала была, ці не схадзіць у кіно, але душа не ляжала. Дома яна скінула капялюш на крэсла і ступіла да акна. Але адразу адчула, як яе вабіць ложак: ён быў такі белы, такі ласкавы, млявы, у мяккай засені, што адцяняла на ім кожны выгін. Кінуцца на яго, адчуць пяшчотнае казытанне падушкі аб гарачыя шчокі. «Я дужая. Я ўсё зрабіла дзеля Люлю. Я. А цяпер я адна. І ніхто нічога не зробіць дзеля мяне». Ёй было так шкада сябе, што яна адчула, як да горла падступае слёзны камяк. «Паедуць у Ніцу, і я іх болей не ўбачу. Вось так — я падарыла ім шчасце, а яны ніколі і не ўспомняць мяне. І я застануся тут, і буду працаваць па восем гадзін, і прадаваць фальшывыя перлы ў краме «Бурма»...» Першыя слязіны пакаціліся па шчоках, і Рырэта паволі ўпала на ложак. «У Ніцу... — паўтарыла яна, заліваючыся гаручымі слязамі, — у Ніцу... да сонца... на Рыв'еру...»

 

III

 

«Ф-фэ!»

Чорная ноч. Здаецца, нехта ходзіць па пакоі — нейкі мужчына, у пантофлях. Вось ён вельмі асцярожна пераставіў адну нагу, потым другую, але ўсё роўна — не можа, каб падлога трошкі не рыпнула. Цяпер спыніўся і, пасля кароткае цішыні, зноў, раптам апынуўшыся ў іншым куце, як маньяк, пачынае бадзяцца без мэты. Люлю было холадна, коўдра, якою яна накрылася, была зусім тонкая. «Ф-фэ!» — гучна прамовіла яна і сама спалохалася свайго голасу.

«Ф-фэ! Я ўпэўненая: ён цяпер запаліў цыгарэту, ідзе па вуліцы і глядзіць на зорнае неба, ён неяк казаў, што яму падабаецца шызае парыжскае неба. Не спяшаючыся вяртаецца дадому, не спяшаючыся: ён казаў, што заўжды пасля гэтага адчувае сябе паэтычна і лёгка, як выдаеная карова; ён пра гэта цяпер і не думае — а я тут ляжу ўся ўквэцаная. Дый чаго здзіўляцца, што ён чысты, сваё паскудства ён пакінуў тут, у змроку, увесь ручнік запэцканы і прасціна таксама, якраз пасярэдзіне ложка, немагчыма нават як след выпрастаць ногі, увесь час адчуваеш на скуры гэтую вільгаць, ф-фэ, якое паскудства, а ён сабе чысценькі і сухі, я чула, як ён свісцеў пад акном, калі выйшаў; стаяў там на вуліцы, сухі, свежы, у прыгожай вопратцы, у сваім дэмісезонным плашчыку — трэба прызнаць, ён умее апранацца, любой жанчыне было б прыемна прайсціся з ім побач; стаяў пад акном, а я тут ляжала голая ў цемры, і трэслася ад холаду, і абцірала рукамі жывот, бо мне ўвесь час здавалася, што я ўся яшчэ мокрая. Сказаў: «Я падымуся да цябе на хвілінку, толькі зірнуць, які ў цябе пакой». А сам праседзеў аж дзве гадзіны. А як ложак рыпеў, які ж тут паскудны жалезны ложак! Цікава, і дзе ён толькі знайшоў такую гасцініцу? Казаў жа, што правёў тут аднойчы два тыдні, што мне будзе тут добра, але якія тут ідыёцкія пакоі, я паглядзела два, дык ніколі такіх маленькіх не бачыла, і ўсё аж напакавана мэбляй; розныя зэдлікі, канапы, столікі — і ўсё так і смярдзіць любоўю; не ведаю, жыў ён тут два тыдні ці не, але пэўна, што не адзін: відаць, так ён мяне паважае, што ўсунуў сюды. А як калідорны хіхікаў, калі мы пайшлі наверх, па пысе відаць — алжырац, ненавіджу гэтых тыпаў, яны мяне палохаюць, так і зырацца мне на ногі, а гэты, напэўна, вярнуўся ў свой заканурак і падумаў: «Ужо, відаць, пачалі», — і панавыдумляў сабе рознага пахабства, яны ж, мусіць, робяць са сваімі жанчынамі чорт ведае што; калі да такіх трапіш, на ўсё жыццё застанешся крывая; пакуль П'ер да мяне прыставаў, я толькі пра гэтага алжырца і думала — як ён думае, чым я займаюся, і ўяўляе сабе ўсякую найжудаснейшую брыду, якую толькі можна ўявіць. Але ж нехта ў гэтым пакоі ходзіць!»

Люлю затаіла дыханне, і рып амаль адначасна сціх. «Усё цяпер баліць паміж ног, увесь час свярбіць і пячэ, нават плакаць хочацца, і так цяпер будзе кожную ноч, апроч хіба заўтрашняй, таму што заўтра мы будзем у цягніку». Люлю закусіла губу і перасмыкнулася, прыгадаўшы, як енчыла. «Няпраўда, не енчыла я, проста трошкі мацней за звычайнае дыхала, таму што ён такі цяжкі, што як наваліцца на мяне, дык у мяне аж дыханне займае. Як ён сказаў: «Ты енчыш, табе прыемна», — цярпець не магу, калі пры гэтым яшчэ размаўляюць: калі робіш гэта, трэба забыцца, а гэты без перапынку толькі і балбоча рознае свінства. Я не енчыла: па-першае, я не магу атрымліваць задавальнення — гэта факт, так нават доктар казаў, — хіба што толькі калі зраблю сабе сама. А ён не хоча мне верыць, яны ўсе не хочуць гэтаму верыць, толькі кажуць: «Гэта таму, што табе зрабілі няправільна першы раз, але я табе пакажу, што такое сапраўдная асалода», — я ім нават ужо не пярэчу, я ж ведаю, чаму ў мяне так — усё праз фізіялогію; а іх гэта крыўдзіць».

На лесвіцы пачуліся крокі. «Нехта вяртаецца. Крый Божа, каб толькі гэта быў не ён. Бо ён на такое здольны — калі яго раптам зноў апануе жаданне. Не, не ён, у гэтага хада цяжэйшая, — а можа? — Сэрца ў грудзях у Люлю аж падскочыла. — Можа, гэта алжырац? Ён жа ведае, што я адна. Зараз пастукае ў дзверы. Не магу, не магу болей гэтага вытрываць! Не, гэта паверхам ніжэй, нейкі тып вярнуўся ў свой нумар, совае ключ у шчыліну, а як корпаецца, ды ён зусім п'яны, цікава, і хто толькі жыве ў гэтай гасцініцы, вясёленькая, відаць, публіка; надвячоркам сустрэла тут адну рыжую, на лесвіцы, — вочы, як у наркаманкі. Я не енчыла! Натуральна, ён мяне ўрэшце ўзбудзіў — столькі ціскаць, ён гэта ўмее; цярпець не магу гэтых умельцаў, далібог, згадзілася б лепей спаць з бязвінным і неспрактыкаваным. А ў гэтых рукі адразу так і лезуць туды, куды трэба, і лашчаць, і ціскаюць, паволі, не моцна... лічаць вас за нейкі інструмент, і яшчэ ганарацца, што ўмеюць на ім іграць. Ненавіджу, калі мяне ўзбуджаюць, тады ў горле ўсё сохне і робіцца страшна, а ў роце нейкі дурны смак. У мяне тады такое пачуццё, быццам мяне прынізілі, — яны ж лічаць, што ўладараць над вамі; П'еру дык я гатовая проста па пысе даць, калі ён з такім самазадаволеным выглядам кажа: «У мяне свая тэхніка». Божа, і падумаць толькі, што ўсё жыццё — гэта і ёсць: і прыбіраюцца, і мыюцца, і стараюцца выглядаць прыгажэй — усё дзеля гэтага, і раманы ўсе пра гэта напісаны, і думаюць пра гэта ўвесь час, а ўрэшце — вось да чаго ўсё зводзіцца; ідзяце з нейкім тыпам у пакой, ён вас там напалову прыдушвае, а ў канцы яшчэ пэцкае вам жывот. Як хочацца спаць! Хоць бы крыху прыкархнуць — заўтра ж ехаць цэлую ноч; зусім буду змэнчаная. А хочацца быць трошкі свежай, каб прагуляцца пасля па Ніцы; кажуць, там вельмі прыгожа — маленькія італьянскія вулачкі, каляровая бялізна сушыцца на сонцы; вазьму з сабой мальберт і буду маляваць, а маленькія дзяўчынкі будуць падбягаць і глядзець, што я раблю. Брыдота! (Яна крыху зварухнулася і адчула сцягном мокрую пляму на прасціне.) Вязе мяне туды, каб толькі гэтым і займацца. Ніхто, ніхто мяне не любіць. І гэты — ішоў побач, мне ўжо так было, што ўжо прытомнасць была гатовая страціць, усё чакала ад яго пяшчотнага слова, каб сказаў: «Я кахаю цябе», — ну, вядома, я з ім не вярнулася б, але сказала б што-небудзь прыемнае, разышліся б сябрамі, а так — чакала, чакала, ну, узяў мяне за руку — я нават не вырывала, — а Рырэта як раззлавалася; і няпраўда, што ён быў падобны да арангутанга, я так і падумала, што ў яе што-небудзь такое ў галаве, толькі і крывілася на яго сваімі гідзенькімі вочкамі, проста дзіва, якая яна часам бывае злосная, але ўсё роўна — калі ён схапіў мяне за руку, я і не падумала супраціўляцца, галоўнае зусім не ў гэтым — яму патрэбна была не я, яму патрэбна была яго жонка, бо ён са мной ажаніўся і лічыць сябе маім мужам; заўсёды мяне прыніжаў, толькі і даводзіў, што, маўляў, разумнейшы, ну, і сам цяпер вінаваты, няма чаго было ставіцца да мяне так пагардліва, можа, я з ім яшчэ і засталася б. Я нават упэўненая, што ён і не шкадуе, і не плача — толькі злуецца, і ўсё, а сам нават радуецца: цяпер жа ў яго ўвесь ложак, можа нарэшце выпрастаць свае даўжэзныя ногі. Як бы я хацела памерці! Вось толькі баюся, каб ён не падумаў пра мяне блага: я ж нічога не магла растлумачыць — побач была Рырэта і ўсё толькі і балбатала, і балбатала, як нейкая істэрычка. Цяпер можа радавацца; ганарыцца, напэўна, — якая яна была смелая, быццам з Анры гэта так цяжка: ён ціхі, як бязвіннае ягнятка. Вось пайду! Не могуць жа яны мяне прымусіць кінуць яго, як сабаку». Яна саскочыла з ложка і запаліла святло. «Так, панчохі, камбінацыю — і досыць». Яна так спяшалася, што нават не падумала прычасацца. «Паглядзяць на мяне і не здагадаюцца, што пад паліто нічога няма, яно ж у мяне доўгае, да самых чаравікаў. Чорт, яшчэ ж гэты алжырац, — яна знерухомела і адчула, як тахкае сэрца. — Давядзецца яго пабудзіць, каб адчыніў». Па-воўчы ступаючы — хоць кожная прыступка ўсё роўна непрыемна рыпала, — яна спусцілася ўніз і пастукала ў акенца канторкі.

— Што там? — прамармытаў алжырац.

У яго былі ружовыя вочы і ўскудлачаныя валасы, выглядаў ён зусім не страшным.

— Адчыніце мне дзверы, — суха сказала Люлю.

Праз пятнаццаць хвілін яна ўжо званіла ў Анрыеву кватэру.

— Хто там? — цераз дзверы спытаў Анры.

— Гэта я.

«Не адказвае, не хоча мяне пускаць, а я буду грукаць, пакуль не адчыніць, Нідзе не дзенецца, пабаіцца суседзяў». Праз хвіліну дзверы крыху адчыніліся, і ў шчыліне ўзнік бледны Анры з чырвонай скулай на носе. Ён быў у піжаме. «Не спаў», — з пяшчотай падумала Люлю.

— Я не хацела ад'язджаць, не пабачыўшыся з табою.

Анры па-ранейшаму маўчаў. Крыху адштурхнуўшы яго, Люлю ўвайшла. «Які цяльпук, заўсёды на яго натыкаешся: стаіць, глядзіць сваімі круглымі вачыма і рукі звесіў, не ведае, куды сунуць сваё цела. Давай-давай, маўчы, я ж бачу, што ты ўсхваляваны, няздольны слова сказаць». Анры стаяў, сілячыся праглынуць сліну. Люлю давялося самой зачыніць дзверы.

— Я хачу, каб мы рассталіся сябрамі, — сказала яна.

Анры разявіў рот, нібыта збіраючыся нешта сказаць, але раптам павярнуўся і пабег прэч. «Чаго гэта ён?» Люлю не адважвалася пайсці следам. «Ён што — плача?» Раптам яна пачула, як Анры кашляе: ён быў у прыбіральні. Калі ён нарэшце выйшаў, Люлю кінулася яму на шыю і пацалавала ў вусны: з рота пахла ванітамі. Люлю голасна зарыдала.

— Мне холадна, — прамармытаў Анры.

— Хадзем у ложак, — праз слёзы сказала Люлю, — я магу застацца да раніцы.

Яны леглі, але Люлю па-ранейшаму душылі рыданні: яна зноў убачыла сваю спальню, свой добры, свой чысты ложак і гэты чырвоны водбліск у акне. Яна чакала, што Анры яе зараз абдыме, але той, здаецца, не думаў: ён ляжаў, выпрастаўшыся на ўвесь рост, нібы кол праглынуў. «Вось ён такі напружаны, калі гамоніць з якім-небудзь швейцарцам». Яна ўзяла абедзвюма рукамі яго галаву і пільна зірнула ў твар. «Ты чысты, чысты, ты чысты». Анры заплакаў.

— Які я няшчасны, — сказаў ён, — я яшчэ ніколі не быў такі няшчасны.

— І я таксама, — сказала Люлю.

Яны доўга плакалі. Нарэшце яна пагасіла святло і паклала галаву яму на плячо. «Каб мы заўсёды маглі так ляжаць: чыстыя і журботныя, як двое сіротак; але гэта немагчыма, так у жыцці не бывае». Жыццё — гэта быў гіганцкі вал, які мусіў абрынуцца на Люлю і выдраць яе з рук у Анры. «Твае рукі, твае вялікія рукі. Ён ганарыцца імі, таму што яны ў яго вялікія. Кажа, што ў нашчадкаў старажытнага роду заўсёды доўгія канечнасці. Цяпер ён ніколі ўжо не будзе сціскаць мне рукамі талію — мне заўсёды рабілася трошкі козытна, але я ганарылася, таму што ён амаль злучаў пальцы. І няпраўда, што ён імпатэнт, ён чысты, чысты — і, можа, крыху ленаваты». Яна ўсміхнулася скрозь слёзы і пацалавала яго некуды пад падбародак.

— Што я цяпер скажу бацькам, — сказаў Анры. — Мая маці памрэ, як даведаецца.

«І не падумае яна паміраць, наадварот — толькі ўзрадуецца. Будуць збірацца ўпяцярых за сталом і гаманіць пра мяне, з такім ганьбавальным выглядам, быццам ім усё пра мяне вядома, проста яны не хочуць казаць пры малодшай, ёй толькі шаснаццаць, яна яшчэ маленькая, каб пры ёй гаварылі пра пэўныя рэчы. А гэтая будзе толькі ціхутка хіхікаць: яна ж усё будзе ведаць — яна заўсёды ўсё ведае і ненавідзіць мяне. Які бруд! І звонку ўсё сапраўды выглядае супраць мяне».

— Не кажы ім цяпер нічога, — папрасіла яна. — Скажы, што я паехала ў Ніцу, каб паправіць здароўе.

— Яны не павераць.

Яна пачала хутка і дробна цалаваць Анры ў твар.

— Анры, але ж ты быў са мною не надта прыязны.

— Праўда, — сказаў Анры, — я быў не надта прыязны. Але ж і ты, — дадаў ён, падумаўшы, — ты таксама была са мной не надта прыязная.

— І я таксама. У-у-у! — занудзіла Люлю. — Якія мы абое няшчасныя!

Яна рыдала так моцна, што баялася задыхнуцца. Хутка павінна было заняцца на дзень, ёй трэба будзе ісці. «Ніколі, ніколі не робіш так, як сам хочаш, заўсёды цябе некуды нясе, і нічога не можаш зрабіць».

— Табе не трэба было мяне так кідаць, — сказаў Анры.

Люлю ўздыхнула.

— Я цябе так кахала, Анры.

— А цяпер, цяпер — больш не кахаеш?

— Цяпер зусім не тое.

— З кім ты едзеш?

— Ты гэтых людзей не ведаеш.

— Як гэта ў цябе знаёмыя, якіх я не ведаю, — гнеўна сказаў Анры. — Дзе ты з імі пазнаёмілася?

— Дарагі, кінь, мілы мой Гуліверчык, не будзеш жа ты цяпер зноў строіць з сябе мужа?

— Ты едзеш з мужчынам, — плачучы, сказаў Анры.

— Анры, ну, паслухай, я клянуся табе, што не, клянуся галавой маёй мамы. Мужчыны цяпер выклікаюць у мяне агіду. Я еду з адной сям'ёй, з Рырэцінымі сябрамі, яны людзі ўжо немаладыя. Я хачу пажыць адна, яны знойдуць мне працу. О Анры, каб ты толькі ведаў, як мне трэба пабыць адной, як мне ўсё гэта абрыдла!

— Што, — спытаў Анры, — што табе абрыдла?

— Усё! — сказала яна і пацалавала мужа. — Мне ўсё абрыдла, апроч цябе, мой дарагі.

Яна сунула Анры пад піжаму рукі і доўга лашчыла яго па ўсім целе. Ён дрыжаў ад дотыку яе ледзяных пальцаў, але не супраціўляўся. Толькі прамовіў:

— Мне будзе так кепска, я захварэю.

Нешта ў ім, відаць, сапраўды надламалася.

 

А сёмай гадзіне Люлю ўстала, вочы ў яе набрынялі ад слёз.

— Цяпер мне пара вяртацца туды, — стомлена сказала яна.

— Куды гэта — туды?

— Я цяпер у «Тэатральнай» гасцініцы, на вуліцы Вандам. Не гасцініца, а нейкая жудасць.

— Заставайся са мной.

— Не, Анры, прашу цябе, не ўгаворвай, я ж сказала табе, што гэта немагчыма.

«Нясе нейкаю плынню, такое жыццё; немагчыма нічога ні ацаніць, ні зразумець, можна толькі паддацца. Заўтра я буду ў Ніцы». Яна пайшла ў ванны пакой, каб трошкі спаласнуць вочы цёплай вадой. Потым зябка захуталася ў паліто. «Толькі б удалося сёння ноччу паспаць у цягніку, іначай у Ніцы зусім выцягну ногі». Ёй не цярпелася пайсці, таму што астатнія хвіліны былі асабліва цяжкія.

— Што ты збіраешся рабіць з гэтым Галуа? — спытала яна.

Галуа заказваў Анры афішу, Анры яе зрабіў, а цяпер аказвалася, што яна Галуа больш не патрэбная.

— Не ведаю, — сказаў Анры.

Ён зашыўся пад коўдру, з-пад якой тырчалі толькі валасы і край вуха. Млявым і нейкім ленаватым голасам ён прамовіў:

— Я хацеў бы заснуць і праспаць цэлы тыдзень.

— Бывай, дарагі, — сказала Люлю.

— Бывай.

Яна нахілілася, крыху адвяла коўдру і пацалавала яго ў лоб. А потым доўга стаяла на лесвічнай пляцоўцы і не рашалася зачыніць за сабой дзверы. Нарэшце яна адвяла вочы і рэзка пацягнула за ручку. Пачуўся сухі шчаўчок, і Люлю здалося, што зараз яна страціць прытомнасць: падобнае пачуццё ў яе было, калі яна кінула першы камяк зямлі на труну свайго бацькі.

«Анры быў не вельмі прыязны. Мог бы, прынамсі, устаць і правесці мяне да дзвярэй. Можа, мне хоць не так было б сумна, каб ён сам зачыніў дзверы».

 

IV

 

— Усё-такі, значыць, яна гэта зрабіла, — сказала Рырэта, пазіраючы некуды перад сабой, — усё-такі, значыць, зрабіла.

Быў вечар. Гадзіне а шостай Рырэце затэлефанаваў П'ер, і яны сустрэліся ў кавярні «Каля сабора».

— Але ж вы, здаецца, — сказаў П'ер, — павінны былі сёння ўбачыцца з ёй у дзевяць гадзін?

— Мы бачыліся.

— І ў ёй не было нічога незвычайнага?

— Ды не, — сказала Рырэта, — я не заўважыла. Праўда, яна была крыху стомленая, але сказала, што проста доўга не магла заснуць, калі вы пайшлі: яе ўвесь час бударажыла думка, што хутка яна ўбачыць Ніцу, і, апроч таго, яна трошкі баялася алжырца, які там быў за калідорнага... Ды не — яна мяне нават спытала, ці не думаю я, што вы купілі білеты ў першы клас: яна ўсё жыццё марыла праехацца ў першым. Не, — рашуча прамовіла Рырэта, — я ўпэўненая, што нічога падобнага ў яе ў галаве не было. Прынамсі, пакуль я была з ёй. Я ж праседзела там цэлыя дзве гадзіны, а на такія рэчы ў мяне вока спрактыкаванае. Было б проста дзіўна, каб нешта выпала ў мяне з-пад увагі. Вы зараз скажаце мне, што яна вельмі скрытная, але я ведаю Люлю ўжо цэлыя чатыры гады і паспела пабачыць у розных абставінах. Не-не, я ведаю яе як свае пяць пальцаў.

— Значыць, яе ўгаварылі Тэксье. Дзіўна... — на некалькі імгненняў ён задумаўся і дадаў: — Мне вось цікава, хто мог ім даць адрас? Я ж сам выбіраў гасцініцу, Люлю пра яе раней і не чула.

Ён машынальна круціў у руцэ канверт з запіскай Люлю, што прымушала Рырэту сядзець як на іголках: ёй вельмі рупіла прачытаць, што там напісана. Але П'ер не прапаноўваў.

— Калі вы яго атрымалі? — нарэшце спытала яна.

— Пісьмо?.. — ён проста працягнуў ёй канверт. — Ды вось можаце прачытаць. Яна пакінула яго ў кансьержкі гадзіне, мусіць, а першай.

Гэта быў тонкі фіялетавы лісток, якія прадаюць ва ўсіх тытунёвых лаўках.

«Мілы мой дарагі!

Толькі што прыехалі Тэксье (я не ведаю, хто даў ім адрас), і я вельмі цябе засмучу, але, мілы мой П'еру, мая любоў, я не еду, я застаюся з Анры, таму што ён вельмі няшчасны. Яны былі ў яго сёння раніцай, ён не захацеў адчыняць, і пані Тэксье кажа, што ў яго ўжо зусім нечалавечы выгляд. Яны былі вельмі прыязныя і падтрымалі ўсе мае довады, яна кажа, што ўся віна толькі на ім і ён проста мядзведзь, але ўвогуле не такі ўжо кепскі. Яна кажа, што яму гэта было трэба, каб зразумеў, наколькі прывязаны да мяне. Не ведаю, хто даў ім мой адрас, яны не сказалі, напэўна, яны ўбачылі мяне выпадкова, калі мы раніцай сёння выходзілі з Рырэтай з гасцініцы. Пані Тэксье сказала, што ведае, якую вялікую ахвяру просіць мяне зрабіць, але яна мяне добра ведае і ўпэўненая, што мяне гэта не спалохае. Я вельмі шкадую нашага з табой цудоўнага падарожжа ў Ніцу, але я падумала, што ты не будзеш вельмі журыцца, бо я ў цябе па-ранейшаму ёсць і заўсёды буду. Я ўся твая, і сэрцам і целам, і мы будзем сустракацца гэтак жа часта, як і раней. Але Анры забіў бы сябе, каб я яго кінула, я яму неабходная. І клянуся, што мне зусім не весела адчуваць такую адказнасць. Спадзяюся, ты не будзеш на мяне вельмі злавацца, таму што я цябе тады заўсёды вельмі баюся, ты ж не хочаш, каб мяне мучылі згрызоты, праўда? Зараз я паеду да Анры, мне крыху прыкра, калі я думаю, што ўбачу яго такога, але цяпер у мяне стане смеласці паставіць свае ўмовы. Перш за ўсё, мне трэба болей свабоды, таму што я цябе люблю і не хачу, каб ён зноў увесь час чапляўся да Рабэра і каб болей ніколі не казаў кепска пра маму. Мілы мой, мне вельмі сумна, мне так хочацца, каб ты быў тут, я хачу цябе, я прыціскаюся да цябе і адчуваю твае ласкі на маім целе. Заўтра а пятай гадзіне я буду ў кавярні «Каля сабора».

Люлю».

— Бедны мой П'ер.

Рырэта ўзяла яго за руку.

— А ведаеце, — сказаў П'ер, — я больш якраз шкадую яе. Ёй так было трэба трошкі паветра, сонца. Але... калі ўжо яна сама так рашыла... Маці ж рабіла мне жудасныя сцэны, — прызнаўся ён. — Віла належыць ёй, а не мне, яна ні за што не хацела, каб я ехаў туды з жанчынай.

— Вунь... — прамовіла Рырэта здушаным голасам, — вунь што. Дык значыць — значыць, усё выдатна, усе задаволеныя!

Яна выпусціла П'ераву руку і чамусьці адчула горкае расчараванне.



Пераклад: Зьміцер Колас
Крыніца: Jean-Paul Sartre. Le mur. - Paris: Gallimard, 1982.