Жан-Поль Сартр

Мур

Нас заштурхнулі ў вялікі белы пакой, і я адразу заміргаў ад яркага святла, якое ўдарыла ў вочы. Потым я ўбачыў стол і за ім — чатырох тыпаў у цывільным, якія разглядалі паперы. У дальнім куце гуртам таўкліся іншыя вязні, мы прайшлі праз увесь пакой і сталі побач. Многіх я ведаў, іншыя былі, напэўна, замежнікі. Двое, што стаялі бліжэй да мяне, былі вельмі падобныя: абодва бялявыя і круглагаловыя — мусіць, французы. Меншы ўвесь час падцягваў нагавіцы: відаць, нерваваўся.

Працэдура цягнулася амаль тры гадзіны; я зусім ачмурэў, у галаве не было ніякае думкі, але ў пакоі было цёпла, і ўвогуле мне гэта падабалася: за апошнія суткі мы добра пападрыжалі на холадзе. Наглядчыкі аднаго за адным падводзілі арыштаваных да стала. Чацвёра ў цывільным пыталіся ў іх імя і прафесію. Найчасцей яны гэтым і абмяжоўваліся, але зрэдку сяму-таму задавалі яшчэ адно нейкае пытанне, накшталт: «Прымаў удзел у сабатажы паставак узбраенняў?» Альбо: «Дзе быў дзевятага раніцай і чым займаўся?» Адказаў яны не слухалі, прынамсі, такі ў іх быў выгляд: пэўны час яны моўчкі глядзелі некуды перад сабой і потым пачыналі пісаць. У Тома яны спыталі, ці праўда, што ён быў у Інтэрнацыянальнай брыгадзе; адмаўляцца не мела сэнсу — пры арышце ў яго знайшлі дакументы ў куртцы. У Хуана яны нічога не запыталіся, але калі ён назваў сваё імя, доўга нешта пісалі.

— Гэта мой брат Хасэ — анархіст, — сказаў Хуан. — Але ж вы ведаеце, яго тут цяпер няма. А я — беспартыйны, я ніколі не займаўся палітыкай.

Яны не адказалі. Хуан сказаў зноў:

— Я нічога не зрабіў. Я не хачу плаціць за іншых.

Вусны ў яго дрыжалі. Наглядчык загадаў яму змоўкнуць і павёў за сабой. Настала мая чарга.

— Вас завуць Пабла Іб'ета?

Я сказаў: «Так».

Тып зірнуў у свае паперы і запытаўся:

— Дзе Рэйман Грыс?

— Не ведаю.

— З шостага па дзевятнаццатае вы хавалі яго ў сябе.

— Не.

Пэўны час яны пісалі, і потым наглядчыкі вывелі мяне ў калідор. Том і Хуан чакалі мяне там пад аховай двух іншых наглядчыкаў. Мы рушылі. Том запытаўся ў аднаго наглядчыка:

— Ну і што?

— Што? — перапытаў наглядчык.

— Гэта быў допыт ці прысуд?

— Прысуд, — сказаў наглядчык.

— І што ж яны з намі зробяць?

Наглядчык суха адказаў:

— Вырак вам паведамяць у камеры.

Зрэшты, тое, што служыла нам камерай, быў звычайны пакой у сутарэнні шпіталя. Ад пастаяннай проймы тут стаяў жудасны холад, і ўсю ноч напярэдадні мы прадрыжалі. Праўда, і ўдзень лепей не стала. Пяць дзён да гэтага я правёў у карцэры тутэйшага арцыбіскупства — гэта было нешта накшталт каменнага меха, пабудаванага, мусіць, яшчэ ў сярэднявеччы: вязняў было шмат, а месца — вобмаль, вось іх і рассоўвалі дзе давядзецца. Я не вельмі сумаваў па сваім карцэры, бо хоць і не пакутаваў там ад холаду, але ўсё-такі быў адзін, а гэта ўрэшце заўсёды пачынае раздражняць. У сутарэнні ў мяне была кампанія. Хуан увесь час маўчаў: яму было страшна, дый ён быў яшчэ малады, каб мець права на сваё слова. Затое ўжо Том быў гаварун, якіх мала, і, апроч таго, ён выдатна ведаў гішпанскую мову.

У сутарэнні стаяла лава і было чатыры матрацы. Калі нас прывялі, мы селі і пачалі моўчкі чакаць. Першы маўчанне парушыў Том.

— Па-мойму, нам капцы, — сказаў ён.

— У мяне таксама такое ўражанне, — сказаў я, — але малому, па-мойму, яны нічога не зробяць.

— У чым жа яны могуць яго абвінаваціць, — сказаў Том. — Ён усяго толькі брат змагара, і ўсё.

Я зірнуў на Хуана: той, здаецца, нічога не чуў. Том загаварыў зноў:

— Ведаеш, што яны вычвараюць у Сарагосе? Кладуць хлопцаў на дарогу і душаць іх грузавікамі. Нам гэта расказваў адзін мараканец, дэзерцір. Яны кажуць, гэта — каб эканоміць прыпасы.

— Але гэта не эканоміць паліва, — сказаў я.

Я злаваўся на Тома: ён не павінен быў пачынаць гэтай гаворкі.

— А па ўзбочыне тым часам прагульваюцца афіцэры, — не сунімаўся ён, — якія глядзяць на ўсё, сунуўшы рукі ў кішэні і пыхкаючы цыгаркай. І што ты думаеш, яны дабіваюць гэтых небаракаў? Чорта лысага! Яны пакідаюць іх енчыць. Часам цэлую гадзіну. Мараканец казаў, што першы раз ледзь не званітаваў.

— Не думаю, каб яны рабілі тут тое самае, — сказаў я. — Хіба што ў іх сапраўды не стае прыпасаў.

Дзённае святло сачылася праз чатыры маленькія акенцы і круглую адтуліну ў левым куце столі. Раней яна накрывалася люкам і прызначалася, каб згружаць у сутарэнне вугаль. Пад ёй і цяпер ляжала вялікая куча вугальнага друзу, якім апальваліся памяшканні ў шпіталі; але з пачаткам вайны хворых эвакуіравалі, і вугаль застаўся без ужытку; часам на яго ліў дождж, бо люк за паспехам на месца не паклалі, і цяпер на нас у дзірку глядзела неба.

Тома пачала прабіраць дрыготка.

— Трасца іх матары, мяне ўжо ўсяго калоціць, — сказаў ён, — зноў пачынаецца.

Ён устаў і пачаў рабіць гімнастыку. Пры кожным руху кашуля на ім расхіналася і агаляла белыя і валасатыя грудзі. Ён выпрастаўся на спіне і, задраўшы дагары ногі, пачаў рабіць «нажніцы»: я бачыў, як дрыжаць яго тоўстыя клубы. Том быў хлопец каржакаваты, але тлушчу ў яго было ўсё-ткі шмат. Я ўявіў, як неўзабаве гэтую мяккую плоць, нібы масла, прашыюць штых або куля. Напэўна, каб ён быў худы, гэта не зрабіла б на мяне такога ўражання.

Мне было не тое каб холадна, але я не адчуваў ужо ні плечаў, ні рук. Часам у мяне раптам узнікала пачуццё, быццам нечага не хапае, і я пачынаў шукаць куртку, але потым прыгадваў, што яны мне яе не вярнулі. Гэта было даволі прыкра. Яны забралі ў нас адзенне, каб аддаць яго сваім салдатам, а нас пакінулі ў адных кашулях ды выдалі кожнаму тыя палатняныя нагавіцы, у якіх хворыя ў шпіталі ходзяць толькі ў самы разгар лета. Нарэшце Том устаў і, цяжка дыхаючы, сеў побач са мной.

— Сагрэўся?

— Ды не, трасца іх матары. Стаміўся толькі.

Каля восьмай гадзіны вечара ў камеру ўвайшлі маёр і два фалангісты. У руцэ маёр трымаў аркуш паперы. Ён спытаў у наглядчыка:

— Як завуць гэтых трох?

— Стайнбак, Іб'ета і Мірбал, — сказаў наглядчык.

Маёр надзеў акуляры і зірнуў у свой спіс:

— Стайнбак... Стайнбак... Ага, вось. Вы асуджаны на смерць. Заўтра раніцай вас расстраляюць.

Ён зноў зірнуў на паперу.

— І вас двух таксама, — сказаў ён.

— Гэтага не можа быць, — сказаў Хуан. — Мяне не могуць...

Маёр зірнуў на яго здзіўлена.

— Вас як завуць?

— Хуан Мірбал, — сказаў той.

— Усё правільна, вось — тут вашае прозвішча, — сказаў маёр, — вы асуджаны на смерць.

— Я нічога не зрабіў, — сказаў Хуан.

Маёр паціснуў плячыма і павярнуўся да нас з Томам.

— Вы баскі?

— Сярод нас няма баскаў.

Выгляд у яго быў расчараваны.

— А мне казалі, што ёсць трое баскаў... Урэшце, што я — павінен ганяцца за імі! Дык вам, натуральна, свяшчэннік не спатрэбіцца?

Мы нават не адказалі. Ён сказаў:

— Хутка да вас прыйдзе адзін бельгійскі лекар. У яго ёсць дазвол правесці гэтую ноч з вамі.

Падняўшы руку да скроні, ён развітаўся і выйшаў.

— Ну, што я табе казаў, — прамовіў Том. — Вясёлыя справункі.

— Ужо ж, — сказаў я, — але тое, што яны так з малым, — гэта свінства.

Я сказаў гэта, каб быць справядлівым, хоць малога і не любіў. У яго быў занадта далікатны, амаль дзявочы твар, які цяпер ад пакуты і жаху скрывіўся так, што ўсе рысы яго перакроіліся да непазнавальнага. Тры дні назад гэта была прыгожая, саладжавая лялька, некаторым гэта падабаецца, але цяпер ён нагадваў хутчэй старую раскудзеленую анучу, і я падумаў, што ён ніколі ўжо не будзе зноў малады, нават калі яго і адпусцяць. Можа, яго сапраўды няблага было б пашкадаваць, але шкадаванне ў мяне заўжды выклікала агіду, і глядзець на яго мне было, праўду кажучы, брыдка.

Ён болей нічога не прамаўляў і ўвесь разам сшарэў: і твар, і рукі ў яго зрабіліся зусім шэрыя. Ён сеў і ўтаропіўся ў дол круглымі вачыма. Том быў заўсёды добры хлопец, ён хацеў узяць яго за руку, але малы рэзка вырваўся і скурчыў грымасу.

— Пакінь яго, — ціха сказаў я, — ты ж бачыш, ён ужо гатовы зарумзаць.

Том нехаця падпарадкаваўся. Але яму ўсё-ткі хацелася супакоіць малога: гэта яго заняло б і дапамагло адцягнуць увагу ад думак пра самога сябе. А мяне гэта раздражняла: раней я ніколі не думаў пра смерць, у мяне проста не было такога выпадку, і вось цяпер выпадак надарыўся, апроч гэтага, думаць больш не было пра што.

Том раптам сказаў:

— А табе выпадала каго-небудзь прыстукнуць?

Я не адказаў. Ён узяўся распавядаць, што з пачатку жніўня прыстукнуў ужо шасцярых; ён не ўсведамляў сабе нашага сапраўднага становішча, і я выдатна бачыў, што ён проста не хоча яго ўсведамляць. Ды я і сам яшчэ не мог усяго як след уцяміць, я пытаўся ў сябе, ці многа давядзецца пакутаваць, я думаў пра кулі, уяўляў сабе іх пякучы град, што працінаў маё цела. Але ўсё гэта не ўмяшчалася ў межы нармальнага пытання. Зрэшты, я быў спакойны: каб усё ўразумець, у нас наперадзе цэлая ноч. Нарэшце Том змоўк, я скоса зірнуў на яго краем вока і ўбачыў, што ён таксама ўвесь шэры, выгляд у яго быў мізэрны, і я падумаў: «Пачынаецца». Было ўжо амаль зусім цёмна, праз акенцы ў камеру сачылася бруднае, цьмянае святло, і куча вугальнага друзу пад небам вымалёўвалася вялізнаю чорнаю плямай. Праз адтуліну ў столі я ўбачыў зорку: ноч мелася быць чыстая і марозная.

Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшлі два наглядчыкі. З-за спіны ў іх узнік нейкі бялявы чалавек у бельгійскай уніформе. Ён прывітаўся.

— Я доктар, — сказаў ён. — У мяне ёсць дазвол пабыць у гэтых цяжкіх абставінах побач з вамі.

У яго быў прыемны і ветлівы голас. Я сказаў яму:

— Што вы будзеце тут рабіць?

— Я ўвесь у вашым распараджэнні. Я пастараюся зрабіць усё магчымае, каб гэтыя некалькі гадзін былі вам менш цяжкія.

— Чаму вы прыйшлі менавіта да нас? Здаецца, тут хапае народу, увесь шпіталь напакаваны бітком.

— Мяне сюды прыслалі, — сказаў ён нейкім няўпэўненым голасам і адразу дадаў: — О, можа, вам хочацца запаліць? У мяне ёсць цыгарэты і нават цыгары.

Ён працягнуў нам пачак ангельскіх цыгарэт і некалькі гаванскіх цыгар, але мы адмовіліся. Я зірнуў яму ў вочы, і гэта яго, здаецца, збянтэжыла. Я сказаў:

— Вы прыйшлі сюды не дзеля спагады. Дарэчы, я вас ведаю. У той дзень, як мяне арыштавалі, я бачыў вас з фашыстамі — вы стаялі на дварэ каля кашараў.

Я хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але раптам са мной штосьці здарылася, я нават здзівіўся: прысутнасць гэтага лекара неяк адразу зусім перастала мяне цікавіць. Звычайна, калі я лаўлю на чымсьці чалавека, я проста так яго ўжо не адпускаю. А тут — ахвота гаварыць мяне абсалютна пакінула; я адно паціснуў плячыма і адвярнуўся. Праз нейкі час я зноў павярнуў галаву: лекар зацікаўлена глядзеў на мяне. Наглядчыкі паселі на матрацы. Пэдра, доўгі і худы, сядзеў, склаўшы рукі, і круціў вялікімі пальцамі, другі, каб прагнаць сон, час ад часу матляў галавой.

— Можа, прынесці святло? — раптам спытаў Пэдра ў доктара.

Той кіўнуў: розумам ён, відаць, вызначаўся не болей чым бот, хоць, напэўна, быў і не злы. Мяркуючы па яго халодных блакітных вачах галоўнай яго заганай быў недахоп уяўлення. Пэдра выйшаў і вярнуўся з газніцай, якую паставіў на краю лавы. Свяціла яна кепска, але гэта было лепш, чым нічога: мінулую ноч мы праседзелі ў поўнай цемры. Я доўга глядзеў на светлае кола, намаляванае лямпай на столі. Я быў нібыта ў здранцвенні. І потым, раптам, як быццам прачнуўся, светлае кола знікла, і я адчуў, як на мяне навальваецца страшэнны цяжар. Не, гэта была не думка пра смерць і не страх: гэтаму не было назвы. У мяне раптам запякло ў сківіцах, чэрап пачаў расколвацца.

Але я схамянуўся і зірнуў на двух сваіх прыяцеляў. Том абхапіў голаў рукамі, і я мог бачыць толькі яго тлусты і белы карак. З Хуанам было зусім кепска: ніжняя сківіца ў яго адвісла, ноздры дрыжалі. Доктар падышоў да яго і, нібыта каб падбадзёрыць, паклаў руку на плячо, але вочы ў яго былі такія ж халодныя. Я заўважыў, як бельгіец спрытна апусціў руку і ўзяў Хуана за запясце. Той паставіўся да гэтага абсалютна абыякава. Нібы незнарок бельгіец сціснуў запясце трыма пальцамі, крыху адступіў і павярнуўся да мяне спінай. Я адхіліўся трошкі назад і ўбачыў, як ён выняў з кішэні гадзіннік і пэўны час, не выпускаючы запясця, пазіраў на яго. Нарэшце ён адпусціў вялую нежывую руку малога і адышоў. Пэўны час ён стаяў, абапершыся спінаю аб сцяну, і потым, нібыта раптам прыгадаўшы нешта вельмі важнае, што трэба неадкладна занатаваць, выняў блакнот і запісаў у ім колькі радкоў. «Поскудзь, — са злосцю падумаў я, — няхай толькі паспрабуе памацаць мне пульс, адразу дастане ў паганую пысу».

Ён не падыходзіў, але я адчуў, што ён глядзіць на мяне. Я падняў галаву і зірнуў яму ў твар. Тады ён сказаў нейкім невыразным голасам:

— Вам не здаецца, што тут можна азглець?

Відаць, яму было холадна: ён быў увесь шызы.

— Мне не холадна, — адказаў я.

Ён па-ранейшаму глядзеў на мяне жорсткімі вачыма. І раптам я зразумеў — я падняў рукі да твару і адчуў, што ён у мяне ўвесь мокры. Седзячы ў гэтым склепе, у разгар зімы, на самым скразняку, я сплываў потам. Я правёў пальцамі па валасах: яны склеіліся ад ліпкай вільгаці; тады я заўважыў, што кашуля на мне таксама прамокла і прыстала да цела: з мяне цякло ўжо, прынамсі, гадзіну, а я нічога не адчуваў. Але ад гэтага бельгійскага парсюка нічога не ўнікла, гэты паскуднік заўважыў, што па шчоках у мяне паўзуць потныя кроплі, і, відаць, падумаў: гэта праява крайняй паталагічнай прыгнечанасці; вядома, ён адчуваў сябе нармальна, ён мог ганарыцца гэтым — яму было холадна. Я хацеў устаць і набіць яму пысу, але ледзь прыўзняўся, як сорам і злосць адразу зніклі, і я зноў абыякава апусціўся на лаву.

Я абмежаваўся тым, што абцёр шыю насоўкаю. Цяпер я адчуваў, як ад мяне жудасна тхне потам, што цячэ з валасоў на патыліцу. Гэта было непрыемна. Але хутка я кінуў абцірацца, занятак быў цалкам дарэмны: насоўку ўжо можна было выкручваць, а пот усё ліў і ліў. Ногі і зад былі таксама мокрыя, нагавіцы прыліпалі да лавы.

Раптам загаварыў Хуан:

— Вы медык?

— Але, — сказаў бельгіец.

— Скажыце, пакутуюць... доўга?

— О! Калі?.. Ды не, — сказаў бельгіец бацькоўскім голасам, — усё вельмі хутка.

Ён казаў гэта так, нібы супакойваў хворага, які заплаціў яму грошы.

— Але я... мне казалі... што часта прыходзіцца страляць другі раз.

— Часам бывае, — сказаў бельгіец, ківаючы галавой. — Здараецца, што першы залп не закранае ніякага жыццёва важнага органа.

— Значыць, ім прыйдзецца зноў зараджаць і зноў цэліцца?

Хуан задумаўся і сказаў хрыплым голасам:

— Гэта так доўга!

Ён вельмі баяўся болю і ўвесь час толькі і думаў пра боль: яго ўзросту гэта ўласціва. Я ж пра гэта амаль не думаў, пацець мяне прымушала зусім не боязь пакуты.

Я ўстаў і прайшоўся да вугальнай кучы. Том здрыгануўся і зірнуў на мяне нібыта з нянавісцю: я яго раздражняў — у мяне рыпелі падэшвы. Неба было цудоўнае, ніводнага водбліску не пранікала ў гэты змрочны закутак, толькі над самай маёй галавой свяціўся Вялікі Воз. Але цяпер усё было не так, як раней: заўчора, седзячы ў арцыбіскупскім карцэры, я таксама глядзеў на вялікі кавалак неба, які быў відзён за акном, і кожная гадзіна прыносіла новы ўспамін. Раніцай, калі неба было ахінутае сакавітым празрыстым блакітам, мне прыгадваўся пляж на ўзбярэжжы Атлантыкі, апоўдні, калі ў акно зазірала сонца, я ўспамінаў пра бар у Севіллі, дзе піў віно і закусваў хамсою з аліўкамі, а надвячоркам, калі карцэр апускаўся ў сутонне, думаў пра змрочны цень, які пакрываў палову арэны, калі другая ўся зіхацела пад сонцам: было балюча і сумна бачыць усе гэтыя зямныя выявы адбітымі толькі на небе. Але цяпер, колькі я ні глядзеў на неба, яно не выклікала ў мяне ніякіх успамінаў. І па-мойму, так было нават лепш. Я адышоў і сеў побач з Томам. Доўга панавала цішыня.

Потым, амаль шэптам, загаварыў Том. Ён павінен быў гаварыць, бо іначай не мог разабрацца ў сваіх думках. Па-мойму, ён гаварыў са мной, хоць на мяне не глядзеў. Яму было страшна ўбачыць мяне такога — шэрага, аблітага потам: мы абодва былі падобныя, і зірнуць адзін на аднаго нам было горш, чым паглядзецца ў люстра. Ён пазіраў на бельгійца — на таго, хто жыў.

— Ты разумееш, — казаў ён, — га? Я гэтага не разумею.

Я таксама загаварыў ціхім голасам. Я глядзеў на бельгійца.

— Што? Пра што ты гаворыш?

— Заўтра з намі адбудзецца такое, чаго я няздольны ўразумець.

Ад Тома ішоў нейкі дзіўны пах. Мне здалося, што я зрабіўся болей чуйны да пахаў, чым гэта было раней. Я крыва ўсміхнуўся:

— Хутка ўразумееш.

— Не, гэта незразумела, — упарта прамовіў ён. — Вядома, я не збіраюся распускаць нюні, але ж трэба, прынамсі, ведаць... Слухай, значыць, нас вывядуць на двор. Перад намі выстраяцца некалькі тыпаў. Колькі іх будзе?

— Не ведаю. Можа, пяць ці восем. Не болей.

— Ну, добра. Няхай будзе восем. Ім крыкнуць: «На плячо!» — і я ўбачу, як на мяне ўтаропяцца восем стрэльбаў. Мне, напэўна, захочацца ўвайсці ў мур, я ўсім цяжарам навалюся на яго спінай, а ён не падасца, як у кашмарным сне. Я ўсё гэта выдатна ўяўляю. О, каб ты ведаў, як я гэта выдатна ўяўляю.

— Супакойся! — сказаў я. — Я гэта таксама ўяўляю.

— Напэўна, гэта жудасны боль. Ведаеш, яны цэляцца ў рот і ў вочы, каб болей знявечыць, — са злосцю сказаў ён. — Я ўжо адчуваю раны, ужо цэлую гадзіну мне ўсё баліць: галава, шыя. Гэта яшчэ не той, не сапраўдны боль, гэта горай: гэта боль, які я адчую заўтра. Але што будзе потым?

Я выдатна разумеў, што ён мае на ўвазе, але не хацеў паказваць выгляду. І боль я таксама адчуваў — ва ўсім целе, нібыта пасечаным безліччу маленькіх ранак. Да гэтага немагчыма было прызвычаіцца, але тут мы з Томам былі падобныя, болю я не надаваў значэння.

— Потым? — груба сказаў я. — Потым стапоршчышся, братка.

Ён пачаў гутарыць сам з сабой, ён не зводзіў вачэй з бельгійца. Той, здаецца, яго не слухаў. Я ведаў, нашто ён прыйшоў сюды; тое, што мы думаем, яго не цікавіла, ён прыйшоў паглядзець на нашыя целы — на целы, якія б'юцца ў агоніі яшчэ пры жыцці.

— Гэта як у кашмарным сне, — казаў Том. — Хочаш сабе ўявіць, і ўвесь час такое ўражанне, што вось — зараз уразумееш, а яно потым — раз! — і выслізгвае, унікае з-пад самага носа, і зноў — нічога. Я кажу сабе: потым ужо нічога не будзе. Але не разумею, што гэта значыць. Часам я падыходжу, здаецца, ужо зусім блізка... а яно зноў унікае, і я пачынаю думаць пра стрэлы, пра кулі, пра боль. Я матэрыяліст, клянуся табе; я яшчэ не вар'яцею. Але нешта тут не так. Я бачу свой труп: гэта зусім не цяжка, але ж гэта я яго бачу, маімі вачыма. І ўсё-такі мне трэба нарэшце прымусіць сябе ўявіць... уявіць, што пасля нічога не будзе, я нічога не ўбачу і нічога не буду чуць, а свет застанецца — для іншых. Мы не створаны, каб падумаць такое, Пабла. Можаш мне паверыць: мне ўжо выпадала не спаць цэлую ноч, чакаючы нечага невядомага. Але гэта — гэта ні на што не падобна: яно заўжды падкрадаецца ззаду, Пабла, і мы няздольныя да гэтага падрыхтавацца.

— Заткніся, — сказаў я яму, — можа, паклікаць табе духоўніка?

Ён не адказаў. Я ўжо заўважыў, што яго ўвесь час цягне састроіць з сябе прарока і вымаўляць маё імя — Пабла! — нейкім знямелым голасам. Мне гэта не надта падабалася; але, здаецца, усе ірландцы такія. Я цьмяна адчуваў, што ад яго пахне мачой. Шчыра кажучы, у мяне ніколі не было да Тома вялікай сімпатыі, і я не бачыў, чаму толькі праз тое, што мы памірацьмем разам, я павінен яе адчуваць больш. Ёсць хлопцы, з якімі ўсё, мусіць, было б іначай. З Рэйманам Грысам, напрыклад. Але побач з Хуанам і Томам я адчуваў сябе даволі самотна. Зрэшты, па-мойму, гэта было і лепш: з Рэйманам я, можа, яшчэ расчуліўся б. А тут я быў непахісна цвёрды і хацеў заставацца такім да канца.

Том па-ранейшаму комчыў словы, нібы ў забыцці. Ён гаварыў, вядома, каб не даць сабе думаць. Вакол яго ўжо нясцерпна пахла мачой, як вакол нейкай бабы, што хварэе на нетрыманне. Вядома, я падзяляў яго думкі, я і сам мог бы сказаць усё, што казаў ён: паміраць — гэта ненатуральна. І з той хвіліны, як мне наканавана было памерці, нішто ўжо не здавалася мне натуральным, ні гэтая куча друзу, ні лава, ні паскудная Пэдрава пыса. Але мне было непрыемна думаць пра тое, пра што думаў Том. І я выдатна ведаў, што ўсю ноч, кожныя пяць хвілін, мы зноў і зноў будзем адначасова думаць пра тое самае і будзем пацець і дрыжаць адначасова. Я зірнуў на яго, і ўпершыню мяне ўразіла яго аблічча: на ім адбілася смерць. Гэта ўзяло мяне за жывое: вось ужо цэлыя суткі я жыў побач з Томам, я слухаў яго, гаварыў з ім і ведаў, што ў нас няма нічога агульнага. А цяпер — мы былі падобныя, як два браты-блізняты, і толькі таму, што мусілі памерці разам. Не глядзячы на мяне, Том узяў мяне за руку:

— Пабла, я пытаюся ў сябе... я пытаюся, ці праўда, што пасля — знікаеш навечна.

Я выслабаніў руку і сказаў:

— Зірні сабе пад ногі, свінтух.

Паміж ног у яго была лужына, з калашын па нагавіцах цяклі брудныя кроплі.

— Што гэта? — збянтэжана сказаў ён.

— Ты насцаў у нагавіцы, — сказаў я яму.

— Няпраўда, — гняўліва сказаў Том, — я не сцаў, я нічога не адчуваю.

Падышоў бельгіец. Ён запытаўся з ілжывай спагадаю:

— Вам дзе-небудзь баліць?

Том не адказаў. Бельгіец моўчкі зірнуў на лужыну.

— Я не ведаю, што гэта, — сказаў Том зацкаваным, раз'юшаным голасам, — але мне не страшна. Я клянуся вам, мне не страшна.

Бельгіец не адказаў. Том устаў, адышоў у кут і памачыўся. Потым ён вярнуўся, па дарозе зашпільваючы прарэх, сеў і больш не прамовіў ні слова. Бельгіец нешта пісаў у блакноце.

Мы ўтрох глядзелі на яго, бо ён быў — жывы. Усе яго рухі, усе клопаты — усё гэта было жывое; ён тросся ад холаду ў гэтым склепе, як мусіў бы трэсціся любы жывы чалавек; у яго было добра наетае, паслухмянае яму цела. А мы — мы ўжо не адчувалі сваіх цел, ва ўсякім выпадку, калі і адчувалі, то ўжо зусім не так, як адчуваў ён. Мне рупіла памацаць сабе нагавіцы паміж ног, але я не адважваўся; я глядзеў на бельгійца, які сядзеў, абапершыся локцямі на калені, — ён быў гаспадар сваім мышцам, ён мог думаць пра заўтра. А мы — мы былі адно бяскроўныя цені; мы глядзелі на яго і, як ваўкалакі, смакталі вачыма яго жыццё.

Урэшце бельгіец падышоў да малога Хуана. Ці ён хацеў памацаць яму патыліцу дзеля нейкай сваёй прафесійнай цікавасці, ці проста паддаўся спагадзе? Калі гэта была спагада, то яна прачнулася ў ім першы і адзіны раз за ўсю ноч. Ён ласкава правёў малому рукой па галаве і патыліцы. Хуан моўчкі глядзеў, як той яго гладзіць, не зводзячы з бельгійца вачэй. Потым раптам схапіў яго за руку і неяк дзіўна ўтаропіўся на яе. Ён сціскаў бельгійцаву руку абедзвюма сваімі лапамі, і ад падобнага параўнання глядзець на іх было яшчэ больш непрыемна — яны нагадвалі дзве шэрыя клюшні, у якіх ушчамілася пульхная ружовая ручка. Я падазраваў, што зараз адбудзецца, і Том, відаць, падазраваў таксама, але бельгіец прымаў усё гэта за гарачы Хуанаў парыў і толькі па-бацькоўску ўсміхаўся. І тут малы падняў яго ружовую руку да рота і хацеў ужо ўкусіць, але бельгіец паспеў рэзка вырвацца і, спатыкаючыся, адступіў да сцяны. Нейкую секунду ён глядзеў на нас з жахам; мусіць, толькі цяпер ён усвядоміў, што мы — такія самыя людзі. Я зарагатаў — так, што адзін наглядчык нават падскочыў. Другі па-ранейшаму спаў, вочы ў яго былі шырока расплюшчаныя, і між павекаў былі відны толькі белыя вірлы.

Я адчуваў сябе стомленым і адначасова ўзбуджаным да астатняй ступені. Я не хацеў болей думаць пра тое, што адбудзецца на світанку, не хацеў думаць пра смерць. Гэта не мела ніякага сэнсу — я ўсё роўна натыкаўся паўсюль толькі на словы ці на пустэчу. Але як толькі стараўся падумаць пра нешта іншае, як адразу зноў бачыў рулі, нацэленыя на мяне. Я, мусіць, дваццаць разоў запар перажыў свой расстрэл, і аднойчы мне нават здалося, што ўсё адбываецца наяве: я, відаць, на хвіліну заснуў. Мяне цягнулі да мура, я адбіваўся, я прасіў у іх прабачэння. І потым, як падскочыў, —прачнуўся і адразу зірнуў на бельгійца: я баяўся, што ў сне закрычаў. Але той спакойна гладзіў вусы, ён нічога не заўважыў. Можа быць, каб была такая ахвота, я здолеў бы трошкі паспаць: апошнія двое сутак я не заплюшчыў вачэй і быў зняможаны ўшчэнт. Але мне не хацелася так марна траціць дзве астатнія гадзіны жыцця: яны прыйшлі б па мяне на світанку, разбудзілі і павялі за сабой, і я, ачмурэлы яшчэ спрасонку, здырдзіўся б, не паспеўшы нават і пікнуць; я не хацеў гэтага, я не хацеў паміраць, як бязглуздае быдла, я хацеў зразумець. Апроч таго, я баяўся, што ў мяне пачнуцца кашмары. Я ўстаў, прайшоўся сюды-туды па пакоі і, каб неяк перамяніць думкі, пачаў прыгадваць, як жыў раней. На мяне нахлынула цэлая хваля бязладных успамінаў. Былі і добрыя, і благія — прынамсі, так я называў іх раней. У маёй памяці праплывалі розныя гісторыі, твары. Я зноў убачыў аблічча таго малога novillero, які даведаўся, што жонка падчас la Feria ў Валенсіі наставіла яму рогі, я ўбачыў твар аднаго свайго дзядзькі, твар Рэймана Грыса. Мне прыгадалася, як у 1925 годзе я тры месяцы бадзяўся без працы, як я ледзь не здох з голаду. Я ўспомніў і тую маркотную ноч у Грэнадзе, калі заснуць мне прыйшлося на лаве: я тады не еў ужо тры дні, мяне грызла шалёная роспач, я не хацеў здыхаць. Цяпер я толькі крыва ўсміхнуўся. З якой прагнай упартасцю я ганяўся за шчасцем, за жанчынамі, за свабодай. Навошта было ўсё гэта? Я хацеў вызваліць Гішпанію, захапляўся Пі-і-Міргалем, далучыўся да анархістаў, я выступаў з прамовамі на публічных сходах: я ўсё прымаў усур'ёз — так, нібыта я быў бессмяротны.

І вось цяпер у мяне было такое ўражанне, што ўсё жыццё адразу паўстала перада мною, і я падумаў: «Якая ж гэта жудасная хлусня». Яно болей нічога не каштавала, бо цяпер — яно кончылася. Я казаў сабе: як жа я мог вось так — проста шпацыраваць па бульварах, выскаляцца з нейкімі дзеўкамі, ды я б нават пальцам не варухнуў, каб ведаў, што мне давядзецца вось так паміраць. Усё жыццё было цяпер перада мной, абведзенае рысай, нібы накрытае каўпаком, але ўсё, што было ўсярэдзіне, — было незавершанае. Я пастараўся неяк яго ацаніць. Я вельмі хацеў бы сказаць сабе: гэта было цудоўнае жыццё. Але яму немагчыма было даць ніякай ацэнкі — гэта быў усяго толькі невыразны накід; я ўсё жыццё пражыў, пазычаючы за кошт вечнасці, я нічога тады не разумеў. Але нішто цяпер не выклікала ў мяне шкадавання: можа, у мяне і была цэлая безліч такога, пра што я мог бы пашкадаваць — прыемны смак «Мансанільі» ці мора ўлетку, калі я плаваў у невялікай затоцы непадалёк ад Кадыкса, — але смерць сцерла з усяго гэтага былую прывабнасць.

Раптам бельгійцу прыйшла ў галаву чароўная думка.

— Сябры, — сказаў ён, — я магу — вядома, калі на тое будзе згода вайсковага кіраўніцтва, — перадаць ад вас некалькі слоў ці, можа, які напамінак людзям, якія вас любяць...

Том буркнуў:

— У мяне нікога няма.

Я нічога не адказаў. Том хвіліну счакаў і потым здзіўлена зірнуў на мяне:

— Ты нічога не перадасі Кончы?

— Не.

Мне была непрыемна гэта яго змоўніцкая спагадлівасць, але я быў сам вінаваты: пра Кончу я расказаў мінулаю ноччу, хоць, безумоўна, павінен быў бы стрымацца. Увесь апошні год я пражыў побач з ёй. Яшчэ ўчора я быў гатовы адсекчы сабе руку, каб зноў убачыць яе хоць на хвіліну. Таму я і загаварыў пра яе — гэта было неадольна. А цяпер — цяпер мне зусім не хацелася яе бачыць, я не меў чаго ёй сказаць. Мне нават не хацелася сціснуць яе ў абдымках: маё цела выклікала ў мяне агіду, яно было шэрае і потнае, — і я не ўпэўнены, што не адчуў бы такой самай гідлівасці і да яе. Вядома, Конча будзе плакаць, калі даведаецца пра маю смерць; можа, некалькі месяцаў ёй не будзе хацецца жыць. Але памерці ўсё ж павінен быў я. Я, а не яна. Я ўспомніў яе прыгожыя і пяшчотныя вочы. Калі яна глядзела на мяне, нейкая частка ад яе пераходзіла мне. Але цяпер я падумаў, што ўсё ўжо скончана: каб яна зірнула на мяне цяпер, яе позірк застаўся б у яе ў вачах і нават не дакрануўся б да мяне. Я быў адзін.

Том быў таксама адзін, але ў яго ўсё было іначай. Ён сеў верхі на лаву і ўтаропіўся на яе, скрывіўшы на губах нешта накшталт усмешкі, выгляд у яго быў здзіўлены. Ён працягнуў руку і асцярожна памацаў дрэва, нібыта баяўся штось паламаць, потым адразу жвава адхапіў далонь і здрыгануўся. На месцы Тома я не забаўляўся б мацаннем лавы; усё гэта зноў былі яго ірландскія штучкі, але і мне пачынала здавацца, што ўсе рэчы выглядаюць дзіўна: яны зрабіліся меней выразныя, болей кволыя, чым звычайна. Мне досыць было зірнуць на лаву, газніцу, на вугальны друз, каб адразу адчуць, што хутка я мушу памерці. Натуральна, я не мог сабе ясна ўявіць сваю смерць, але я бачыў яе паўсюль: у рэчах, у тым, як яны адступілі і сціпла трымаюцца воддаль, як людзі, што перашэптваюцца каля ложка смяротна хворага сябра. Да сваёй смерці — вось да чаго дакрануўся на лаве Том.

І каб цяпер мне, у гэтым стане, паведамілі, што я магу спакойна вярнуцца дамоў, што мне даруюць жыццё, гэта мяне зусім не кранула б, я застаўся б халодны: калі знікае ілюзія, што ты вечны, чакаць колькі гадзін ці колькі гадоў — усё адно. У пэўным сэнсе я да ўсяго цяпер быў абыякавы і адчуваў сябе вельмі спакойна. Але гэта быў страшны спакой — з-за таго, як паводзіла сябе маё цела: я глядзеў праз яго вочы, чуў праз яго вушы, але гэта ўжо быў не я; яно пацела і дрыжала само па сабе, я абсалютна яго не пазнаваў. Каб даведацца, што з ім адбываецца, я мусіў паглядзець на яго, памацаць, нібы гэта было цела чужога, іншага чалавека. Часам я яго яшчэ адчуваў — я адчуваў, як у ім нешта слізгоча і нібы абрынаецца, як гэта бывае ў самалёце, што зайшоў у піке, ці, іншы раз, пачынаў чуць, як тахкае маё сэрца. Але гэта нічога не мяняла: вонкі з майго цела выходзіў толькі падазроны агідны дух. Найчасцей жа яно маўчала, нібы замірала, і я нічога не адчуваў, апроч няяснага цяжару, быццам на мне было нешта брыдкае, і ў мяне ўзнікала ўражанне, што я прывязаны да вялікага, гіганцкага рабака. У пэўны момант я памацаў нагавіцы і адчуў, што яны наскрозь мокрыя; я не ведаў, ад чаго — ад поту ці ад мачы, але на ўсякі выпадак пайшоў памачыцца на кучу вугалю. Бельгіец выняў гадзіннік, зірнуў на яго і сказаў:

— Палова на чацвёртую.

Падла! Ён зрабіў гэта, напэўна, знарок. Том падскочыў; мы нават не заўважалі, што час — цячэ; ноч агортвала нас сваёй бясформеннай, змрочнаю масай, а я і не памятаў, што яна пачалася.

Малы Хуан раптам пачаў крычаць. Ён выкручваў рукі, маліў:

— Я не хачу паміраць, я не хачу паміраць!

Ён пачаў кідацца па склепе, ускідваючы рукі ў паветра, потым упаў на матрац і зарыдаў. Том глядзеў на яго згаслымі вачыма і цяпер ужо зусім не хацеў супакойваць. Дый гэта наўрад ці было патрэбна: малы больш за нас рабіў шуму, але пакутаваў меней — ён быў як хворы, якому гарачка дапамагае змагацца з немаччу. Калі ж няма нават гарачкі — гэта намнога горай.

Ён плакаў, і я бачыў, што яму проста шкада сябе; пра смерць ён не думаў. На адно імгненне, усяго на адно імгненне мне захацелася таксама заплакаць і пашкадаваць самога сябе. Але здарылася якраз наадварот: я зірнуў на малога, убачыў яго худыя плечы, што пацепваліся ў плачы, і адчуў, што нічога чалавечага ўва мне больш няма, — я быў няздольны шкадаваць ні другіх, ні сябе. Я сказаў сабе: «Я хачу памерці дастойна».

Том устаў, падышоў пад самую адтуліну ў столі і пачаў пільнаваць дзень. У галаве ў мяне ўпарта круцілася адна думка, я хацеў памерці дастойна і думаў толькі пра гэта. Але пасля таго як доктар сказаў, каторая цяпер гадзіна, я мімаволі пачаў адчуваць час: ён цёк, сачыўся кропля за кропляй.

Было яшчэ цёмна, калі я пачуў Томаў голас:

— Ты іх чуеш?

— Так.

На дварэ хадзілі нейкія людзі.

— Якога чорта яны там робяць? Не могуць жа яны страляць у такой цемры.

Хутка ўсе гукі сціхлі. Я сказаў Тому:

— Днее.

Пэдра, пазяхаючы, устаў і пагасіў газніцу.

— Холадна, каб яго, — сказаў ён свайму сябру.

Склеп ахінуўся ў шарае сутонне. Здалёк да нас данесліся стрэлы.

— Пачынаецца, — сказаў я Тому. — Напэўна, яны робяць гэта на заднім двары.

Том папрасіў у доктара цыгарэту. Я паліць не хацеў; мне наогул не хацелася ні цыгарэт, ні выпіць. Цяпер яны стралялі ўжо безупынку.

— Ты ўяўляеш сабе? — сказаў Том.

Ён хацеў дадаць нешта яшчэ, але змоўк; ён глядзеў на дзверы. Яны адчыніліся, і на парозе ўзнік лейтэнант і за ім чатыры салдаты. Том выпусціў цыгарэту.

— Стайнбак?

Том не азваўся. Тады Пэдра паказаў на яго.

— Хуан Мірбал?

— Гэта той вунь, што ляжыць на матрацы.

— Устаньце, — сказаў лейтэнант.

Хуан не варухнуўся. Два салдаты падышлі да яго і паднялі пад пахі. Але як толькі яны яго адпусцілі, ён зноў упаў.

Салдаты стаялі ў нерашучасці.

— Гэты не першы, каму зрабілася блага, — сказаў лейтэнант. — Давядзецца вам яго туды занесці, а там прыдумаем.

Ён павярнуўся да Тома:

— Ну, хадземце.

Абапал Тома сталі два салдаты, і яны выйшлі. Следам два іншыя салдаты пад пахі і калені неслі малога. Ён быў не ў непрытомнасці; вочы ў яго былі шырока расплюшчаныя, і па шчаках ліліся буйныя слёзы. Калі я хацеў выйсці таксама, лейтэнант мяне чамусьці спыніў.

— Вы — Іб'ета? — спытаўся ён.

— Так.

— Вам прыйдзецца пачакаць тут: па вас хутка прыйдуць.

Яны выйшлі. Бельгіец і два наглядчыкі выйшлі таксама. Я застаўся адзін. Я не разумеў, што здарылася, але думаў, што лепш бы ўжо яны скончылі з усім адразу. Амаль праз роўныя прамежкі часу да мяне даляталі залпы, і кожны раз я скаланаўся ўсім целам. Мне хацелася раўці на ўсю глотку, выдзіраць на сабе валасы. Але я толькі мацней сціскаў зубы і глыбей засоўваў рукі ў кішэні: я хацеў захаваць сваю годнасць.

Праз гадзіну па мяне нарэшце прыйшлі і завялі ў маленькі пакой на другім паверсе, дзе пахла цыгарамі і было, як мне адразу здалося, аж задушліва горача. У фатэлях з нейкімі паперамі на каленях сядзелі два афіцэры і палілі цыгары.

— Цябе зваць Іб'ета?

— Так.

— Дзе Рэйман Грыс?

— Не ведаю.

Той, што мяне дапытваў, быў маленькі і тоўсты. Яго жорсткія вочы хаваліся за ларнетам. Ён сказаў:

— Падыдзі.

Я падышоў. Ён устаў, узяў мяне за руку вышэй ад локця і зірнуў так, нібыта хацеў увагнаць у зямлю. Адначасова ён з усяе сілы сціснуў мне біцэпс. У гэтым не было намеру зрабіць мне балюча — гэта была проста такая гульня: ён хацеў панаваць нада мною. Відаць, ён лічыў, што дзеля гэтага трэба яшчэ і дыхаць сваім прагнілым подыхам мне ў твар. Пэўны час мы стаялі ў такіх паставах; мяне гэта хутчэй смяшыла. Падобных прыёмаў было яўна мала, каб збянтэжыць чалавека, якому наканавана памерці: яны мяне не краналі. Нарэшце ён груба адштурхнуў мяне і сеў.

— Тваё жыццё ці яго, — сказаў ён. — Выбірай. Калі прызнаешся, дзе ён, табе падораць жыццё.

Два гэтыя афіцэрыкі, з іх рыпучымі і бліскучымі ботамі, элегантнымі, тонкімі нагайкамі, — гэта былі ўсяго толькі звычайныя людзі, якім таксама было наканавана памерці. Няхай трошкі пазней за мяне, але ненамнога. І яны займаліся тым, што шукалі нейкія імёны ў паперах, ганяліся за людзьмі, каб засадзіць іх у турму ці знішчыць; у іх былі свае думкі пра будучыню Гішпаніі і пра рознае іншае глупства. Уся гэтая валтузня здавалася мне бязглуздай і нават блазенскай: я быў ужо няздольны паставіць сябе на іх месца, мне здавалася, што яны звар'яцелі.

Маленькі таўстун па-ранейшаму глядзеў на мяне, пастукваючы нагайкай па ботах. Усе яго рухі былі разлічаныя на тое, каб надаць яму выгляд увішнага і лютага звера.

— Ну што? Ты ўразумеў?

— Мне невядома, дзе Грыс, — адказаў я. — Я думаў, што ён у Мадрыдзе.

Другі афіцэр стомлена падняў бледную руку. Гэтая стомленасць таксама мела разлік. Я заўважаў усе іх маленькія хітрыкі, і мяне вельмі здзіўляла, што ёсць, аказваецца, людзі, якім здаюцца цікавымі такія забавы.

— Каб падумаць, у вас чвэртка гадзіны, — паволі прамовіў ён. — Завядзіце яго ў кашталянцкі пакой. Праз пятнаццаць хвілін ён павінен быць тут. Калі зноў будзе ўпарціцца, расстраляем на месцы.

Яны добра ведалі сваю справу і разумелі, што робяць: я чакаў ужо цэлую ноч; пасля гэтага яны пакінулі мяне ў склепе яшчэ на гадзіну, каб я пачакаў, пакуль расстраляюць Тома з Хуанам, і вось цяпер — зачынялі аднаго ў кашталянцкім пакоі; відаць, яны прыдумалі гэты выбрык яшчэ напярэдадні. Яны казалі сабе, што нервы не вечныя, і спадзяваліся такім чынам мяне раскалоць.

Але яны памыляліся. У кашталянцкім пакоі я ад вялікае стомы адразу асеў на зэдаль і пачаў разважаць. Але я думаў не пра іх прапанову. Я, натуральна, ведаў, дзе Грыс: ён хаваўся ў стрыечнага брата, за чатыры кіламетры ад горада. Я ведаў і тое, што ніколі не выдам гэтае схованкі, вядома, калі яны не пачнуць мяне катаваць (але, здаецца, яны пра гэта не думалі). Падобныя пытанні былі для мяне вырашаны, вызначаны і абсалютна мяне не цікавілі. Адзінае, што мне хацелася ведаць цяпер — чаму я паводжу сябе менавіта так. Я лічыў, што лепей памерці самому, як выдаць Грыса. Чаму? Рэймана Грыса я больш не любіў. Мае сяброўскія пачуцці да яго памерлі яшчэ да ўсходу сонца, адначасова з каханнем да Кончы і адначасова з жаданнем жыць. Вядома, я па-ранейшаму яго паважаў: гэта быў нязломны змагар. Але мая згода памерці замест яго тлумачылася зусім не гэтай прычынай; яго жыццё каштавала не больш за маё; ніякае жыццё наогул нічога не каштавала. Любога чалавека ставілі каля мура і стралялі, пакуль ён не здохне: быў бы то я, ці Грыс, ці хто іншы — з усімі было аднолькава. Я выдатна разумеў, што ён болей карысны справе Гішпаніі, але мне было насраць на Гішпанію і на анархію: нішто больш не мела значэння. І ўсё ж я сядзеў тут: я мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса, — і я адмаўляўся ад гэтага. Я лічыў, што гэта хутчэй камічна: гэта была звычайная ўпартасць. Я падумаў: «І трэба ж быць такім зацятым аслом!» Мяне апанавала дзіўная весялосць.

Нарэшце па мяне прыйшлі і зноў завялі да двух афіцэраў. З-пад ног у нас шмыгнуў пацук, і гэта мяне рассмяшыла. Я павярнуўся да аднаго фалангіста і сказаў яму:

— Вы бачылі пацука?

Той не адказаў. Ён быў змрочны і лічыў сябе, відаць, вельмі сур'ёзным. Мяне ж разбіраў смех, але я стрымліваўся, бо баяўся, што калі пачну, то не здолею ўжо спыніцца. У фалангіста былі вусы, і я зноў сказаў:

— Пагаліся, разумнік.

Мне здавалася дзіўным, што чалавек яшчэ пры жыцці дазваляе, каб на твары ў яго расла шчэць. Без вялікай упэўненасці ён ударыў мяне нагой, і я змоўк.

— Ну што, — сказаў тоўсты афіцэр, — ты падумаў?

Я паглядзеў на іх з вялікай цікаўнасцю, нібы гэта былі насякомыя нейкага вельмі рэдкага віду.

— Я ведаю, дзе ён, — сказаў я. —Ён схаваўся на могілках. У якім магільным склепе ці, можа, у хаце ў далакопаў.

Я сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць. Я хацеў пабачыць, як яны ўсхопяцца, зашпіляць свае бліскучыя дзягі і пачнуць з заклапочаным выглядам аддаваць загады.

Усе адразу ўскочылі.

— Так, выязджаем. Молес, ідзіце да лейтэнанта Лопеза і папрасіце ў яго пятнаццаць людзей. А ты, — таўстун павярнуўся да мяне, — калі ты сказаў праўду, то я двойчы сваё слова не паўтараю. Але калі ты надумаў з нас пасмяяцца, ты дорага сплаціш за гэта.

Яны з шумам вылецелі прэч, а я застаўся спакойна чакаць пад наглядам некалькіх фалангістаў. Час ад часу я ўсміхаўся: я ўяўляў, якія ў іх будуць пысы. Я зусім ачмурэў, але адчуваў сябе хітрым. Я ўяўляў, як яны падымаюць магільныя камяні, адчыняюць дзверы ў кожным склепе. Я глядзеў на ўсю гэтую сітуацыю нібыта збоку, вачыма іншага чалавека: я бачыў упартага вязня, які строіць з сябе героя, гэтых важных, сур'ёзных фалангістаў з іх вусікамі і людзей ва ўніформе, якія носяцца, як мурашы, між магіламі, — гэта была проста пацеха!

Праз паўгадзіны таўстун вярнуўся адзін. Я думаў, што ён прыйшоў даць загад, каб мяне расстралялі. Іншыя, напэўна, яшчэ былі на могілках.

Афіцэр зірнуў на мяне. Па тым, як ён выглядаў, зусім нельга было сказаць, што ён разгублены.

— Завядзіце яго на вялікі двор, да іншых, — сказаў ён. — Калі скончацца ваенныя аперацыі, яго лёс будзе вырашаны звычайным судом.

Мне здалося, што я не так зразумеў. Я спытаў:

— Дык што, мяне, значыць, не... мяне не расстраляюць?..

— Не цяпер, ва ўсякім выпадку. А што будзе пасля, мяне ўжо не датычыць.

Я па-ранейшаму нічога не разумеў. Я сказаў яму:

— Але... чаму?

Ён паціснуў плячыма і нічога не адказаў. Салдаты вывелі мяне на вялікі двор. Там было каля сотні вязняў, жанчыны, дзеці, колькі старых. У поўным атупенні я пачаў хадзіць вакол невялікага лапіка зялёнай травы на сярэдзіне пляца. Апоўдні нас павялі есці ў сталоўку. Два ці тры чалавекі мяне аклікнулі. Я, напэўна, іх ведаў, але не азваўся: я ўжо нават не ўсведамляў, дзе знаходжуся.

Адвячоркам у двор заштурхнулі яшчэ каля дзесятка арыштаваных. Сярод іх я пазнаў булачніка Гарсію. Ён сказаў:

— Ха, чортаў шчасліўчык! А я ўжо не думаў убачыць цябе жывога.

— Мяне асудзілі на смерць, — сказаў я, — а потым чамусь перадумалі. Я сам не разумею чаму.

— Мяне арыштавалі а другой гадзіне, — сказаў Гарсія.

— За што?

Гарсія не займаўся палітыкай.

— Не ведаю, — адказаў ён. — Яны хапаюць усіх, хто не думае, як яны.

Ён панізіў голас.

— Яны натрапілі на Грыса.

Мяне прабрала дрыготка.

— Калі?

— Гэтым ранкам. Вядома, ён сам даў маху. Яны там, у сераду, нешта пагыркаліся з стрыечным братам, дык ён і пайшоў ад яго. Яго заўсёды знайшлося б каму схаваць, але ж ён нікому не хацеў быць вінен. Сказаў толькі: «Схаваўся б я, мусіць, у Іб'еты, ды яго ўзялі, то пайду я на могілкі».

— На могілкі?

— Ну. Гэта было глупства. Натуральна, гэтым ранкам яны там былі, гэта павінна было некалі здарыцца. Яго заспелі ў хаце ў далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі.

— На могілкі!

Усё закруцілася ў мяне ў галаве, і калі я ачуўся, то заўважыў, што сяджу на зямлі. Я рагатаў як вар'ят — так, што на вочы набягалі слёзы.




Крыніца: Jean-Paul Sartre. Le mur. — Paris: Gallimard, 1982.
Пераклад: Зміцер Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com