Зянон Пазьняк

Нацыянальныя каштоўнасьці

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ
  1. ЧАЛАВЕК
  2. БЕЛАРУСКАЯ МОВА
  3. БЕЛАРУСКІ НАРОД
  4. БЕЛАРУСКАЯ ТЭРЫТОРЫЯ І ПРЫРОДА
  5. БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ
  6. КУЛЬТУРА, ГІСТОРЫЯ, МАЁМАСЬЦЬ
  7. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЕДАМАСЬЦЬ
  8. ЭЛІТА
  9. ВЯЛІКІЯ ЛЮДЗІ
  10. БЕЛАРУСКІ СЬЦЯГ
  11. БЕЛАРУСКІЯ ГІМНЫ
  12. НАШ БЕЛАРУСКІ ШАСЬЦІКАНЦОВЫ КРЫЖ
  13. ТРАДЫЦЫЯ
  14. СВАБОДА
ВЫБРАНЫЯ АРТЫКУЛЫ
  ВЯЛІКІ КУПАЛА
  СІСТЭМНАЕ РАЗБУРЭНЬНЕ МОВЫ
  ЗМАГАНЬНЕ ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ
  ЦЯЖКІ ЧАС
  ТРЭБА ЛЮБІЦЬ СВОЙ НАРОД


НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ

1. ЧАЛАВЕК

Калі задумацца над жыцьцём чалавека, мераючы яго гісторыяй, грамадзкімі дачыненьнямі і вечнасьцю, то прыходзім да высновы аб існаваньні агульначалавечых каштоўнасьцяў, якія ў кожным народзе маюць сваістае асэнсаваньне і значэньне, як грунт, на якім палягае культурнае быцьцё людзей на Зямлі.

Агульначалавечыя каштоўнасьці ёсьць, перш за ўсё, каштоўнасьці нацыі. Гэта сам чалавек, народ, мова, зямля (тэрыторыя, на якой жыве чалавек і народ), літаратура, дзяржава, сьцяг і г.д. Існаваньне чалавека ў грамадзтве накіраванае, найперш, на захаваньне і абарону гэтых каштоўнасьцяў. Абсалютнасьць іх не падвяргаецца сумненьню (не зьяўляецца дыскусійнай).

Чалавек, ягонае жыцьцё і душа, ёсьць першаснымі каштоўнасьцямі самога чалавека. Людзі падзеленыя ў грамадзтве палітычнымі і сацыяльнымі антаганізмамі, бывае, могуць, кожны па-свойму і кожны з свайго гледзішча, дбаць пра дабро ўсёй нацыі, ненавідзячы адзін аднаго. Ці справядліва гэта, ці дапушчальна, ці павінна так быць?

Безумоўна, што так быць не павінна. Але гэта ёсьць. Ёсьць, практычна, паўсюдна, толькі ў рознай ступені і ў розных праявах. Таму мы, насуперак нашым жаданьням і перакананьням, вымушаныя прызнаваць рэальнасьць. Аднак гэтая рэальнасьць дапушчальная толькі да пэўнае мяжы.

Такой мяжой ёсьць цана жыцьця чалавека, дакладней – ягоная сьмерць. Народ можа быць адзіным, пакуль не перакрочаная гэта мяжа. Таму цывілізаванае права, ствараючы юрыдычныя нормы, заўсёды імкнецца да абмежаваньня нянавісьці.

Людзі, аб’яднаныя адной культурай, адным этнасам, адной гісторыяй, ня гледзячы на супроцьлеглыя палітычныя арыентацыі, павінны памятаць пра агульнае, дбаць пра агульныя нацыянальныя інтарэсы і бачыць супольную нацыянальную пэрспэктыву. Бо нашчадкі палітычных праціўнікаў могуць быць зусім не праціўнікамі, а сябрамі. Жыцьцё не стаіць на месцы. Палітычныя дактрыны зьмяняюцца, а народ, этнас, нацыя – застаюцца.

Пры ўсёй жорсткасьці палітычных непрыхільнасьцяў, заўсёды можа надыйсьці час, калі беларус беларуса мусіць і абавязаны падтрымаць. Бо толькі тады можа існаваць беларуская палітыка, беларускі народ, беларуская дзяржава, беларуская культура ды беларуская мова, пакуль існуюць беларусы.

Гаворачы пра каштоўнасьць чалавека, мы разглядаем яго шырока: як каштоўнасьць фэнамэнальную, этнічную і народную (тое ж самае – нацыянальную). У хрысьціянскай цывілізацыі стварылася яшчэ адна тыпалёгія чалавечай адметнасьці – індывідуальнасьць душы (пра гэта я ўжо пісаў раней).

У другой палове ХХ-га стагоддзя чалавек-індывідуальнасьць стаў разглядацца ў сацыяльна-этычных дактрынах дэмакратычнага сьвету як найвышэйшая каштоўнасьць, якая валодае прыярытэтам перад народам, дзяржавай і грамадзтвам. Аднак, пасьля прыходу левых да ўлады ў дэмакратычных краінах (у выніку распаду СССР) і з узмацненьнем працэсу глябалізацыі, дактрынёрства аб „ правах чалавека” перарасло ў нешта, накшталт сурагату сацыяльнай рэлігіі чалавека, з выразнымі тэндэнцыямі нэапаганства ў этыцы і культуры.

Штучнасьць і аднабокасьць гэтай дактрыны „ абсалютнага чалавека” стала відавочнай, калі яна пачала ператварацца ў пануючую ідэалёгію левай дэмакратыі.

Тым часам, калі мы ўважліва ўгледзімся ў гісторыю і прааналізуем грамадзкія ды прыватныя дачыненьні людзей, то прыдзем да высновы, што і палітычныя эліты, і людзі ў цэлым імкнуцца да гарманізацыі дачыненьняў паміж грамадзтвам, дзяржавай і асобным чалавекам.

З гледзішча агульных інтарэсаў, ёсьць аб’ектыўныя тэндэнцыі да парытэту памж асобай і грамадзтвам (дзяржавай).

Канцэпцыя парытэту, на мой погляд, больш эфэктыўная ў абмежаваньні зла. Яна бліжэй да гармоніі супольнасьці і больш разумная, валодае большай мерай справядлівасьці і шырэйшым паглядам на існаваньне людзей.

* * *

Імкненьне да гармоніі ў чалавечай супольнасьці вынікае з гарманічнай прыроды чалавека, якую ён рэалізуе ў працэсе існаваньня. Чалавек як зьява жыцьця, як духоўны і прыродны фэнамэн ёсьць трыадзіны: чалавек-дзіця, чалавек-жанчына, чалавек-мужчына. Тут адзіны чалавечы сьвет, адна прырода і адначасна – тры сьветы, тры прыроды.

Калі мы супаставім нашыя зьвесткі пра прыроду, рэлігію, космас, гісторыю і чалавека, то заўважым дзіўную карэляцыю функцыяў і падабенства з унівэрсальнасьцю ўсёй сьветабудовы. Фэнамэн гарманічнага чалавека (гэта значыць, абстракцыя, якая выводзіцца з рэальнасьці) набліжае нас да меркаваньня, што чалавек ёсьць вобраз і мадэль (аналёгія) усяго існага, усяго сусьвету, узор (канструкцыя) разьвіцьця духу.

Ёсьць над чым задумацца, чаму, як напісана, Бог стварыў чалавека па вобразу і падобнасьці сваёй.

Калі спрасьціць аналёгію і канкрэтызаваць думаньне, то можна разважаць такім чынам. Пояс, чалавечая сярэдзіна – гэта энэргія і абмен. У гары – тры вышэйшыя субстанцыі: сэрца, розум і, як мяркуецца, душа. Ніжэй – працяг роду, распад, інстынкт палавін.

Калі жыцьцёвая канцэнтрацыя думак, дзеяньняў, паводзінаў і матывацыя засяроджаныя на верхнім узроўні, тады адбываецца высокае разьвіцьцё асобы і грамадзтва (узвышэньне).

Калі канцэнтрацыя накіраванасьці і прыярытэты засяроджаныя на нізкім узроўні, – адбываецца дэградацыя (прымітывізацыя) асобы і заняпад (распад) супольнасьці.

Раздумленьне над гэтым прыводзіць да высновы, што тут дзейнічае абсалютная заканамернасьць, якая не прадугледжвае выключэньняў.

Накладаньне і праекцыя арыентацыяў асобы у гістарычных грамадзтвах адносна будовы цела карэлююцца з пэрыядамі ўздыму і заняпаду.

Цывілізацыйная катастрофа адбываецца тады, калі грамадзтва набліжаецца да вобразу Садома і Гаморы.

Гэтакі накірунак існаваньня асобы (апушчэньне ўніз) прывёў да крызісу антычнага грамадзтва і разьвіваецца цяпер у Эўра-Амэрыканскім сьвеце былых хрысьціянаў.

Прыродная і надпрыродная сістэма чалавека (мужчыныжанчыны), практычна, усюды на Зямлі аднолькавая. Асабліва прыцягвае ўвагу аднолькавасьць дзеяньняў, паняцьцяў і рэакцыяў дзяцей у людзей розных расаў і народаў. з уключэньнем у соцыюм, аднак, рэзка зьмяняецца іхны малюнак паводзінаў і ацэнкі рэальнасьці.

Тым часам відавая ўласьцівасьць духа і натуры трыадзінага чалавека не залежыць ад соцыюма (хоць узаемазьвязаная і соцыюм здольны на яе ўплываць). Прэцэзійная дакладнасьць натуры чалавека і сіла прыроднага наканаваньня ўражвае сваёй магутнасьцю і сваёй зададзенасьцю трыадзінства, як шляху да гармоніі чалавечага існаваньня.

Псіхалягічная прырода, будова цела і біялёгія мужчыны ад пачатку спрыяе яму быць больш незалежным у выбары паводзінаў. Ён актыўны дасьледнік і пераўтваральнік сьвету, зьнішчальнік перашкодаў, заваёўнік і набытчык.

Прырода жанчыны, на якой палягае функцыя прадаўжэньня роду, спрыяе арганізацыі асяроддзя. Жанчына замацоўвае, кансэрвуе, абчалавечвае тое, што здабыта. Без кансэрвуючага, абчалавечваючага фактару жанчыны чалавек не падняўся б з прыроды і першабытнасьці. Яго актыўнасьць дзеля здабыцьця і пераўтварэньня сьвету без „ замацаваньня” магла б абярнуцца ў шлях спажываньня і разбурэньня, калі ў імкненьні наперад за плячыма застаюцца адны руіны.

Гэтае наша дапушчэньне добра відаць у гісторыі на прыкладзе варварства. У варвараў, практычна, адсутнічала каштоўнасьць чалавека. Жыцьцё чалавека нічога ня значыла. У гістарычных манголаў часоў Чынгіз-Хана сьмяротнае пакараньне ажыцьцяўлялася тут жа, калі мангол разьліў на зямлю малако з курдзюка, альбо памачыўся ў юрце. Але калі нехта па нейкай прычыне забіваў іншага, на гэта амаль не зьвярталі ўвагі. Забойства трактавалася як прыватная справа.

Роля жанчыны ў варварскім грамадзтве была мізэрнай. Тым часам і надпрыродная сістэма чалавечай натуры, пра якую я казаў у пачатку, і функцыя жанчыны ў гэтай сістэме чалавека, і гісторыя цывілізаванага сьвету паказваюць, што ўсялякі заняпад грамадзтва, распад у ім маральных правілаў, нормаў і дачыненьняў, не прыводзяць да ягонага краху і разбурэньня, пакуль дэмаралізацыя не паралізавала чалавека-жанчыну. Гэтаму ёсьць шмат прыкладаў. Чалавек-мужчына змагаецца, здабывае, стварае, зьмяняе, але сьвет трымаецца на жанчыне.

Дасьледавана, што неабарачальнае выраджэньне і выміраньне этнічнай супольнасьці характарызуецца дэградацыяй трыадзінага чалавека. Спачатку перастаюць паважаць старых людзей і клапаціцца пра старых бацькоў. Потым перастаюць цікавіцца выхаваньнем дзяцей, іхным жыцьцём і будучыняй. і нарэшце, мужчына перастае змагацца за жанчыну, уплываць на яе жыцьцё, цікавіцца яе лёсам; жанчына траціць сорам, перастае паважаць сваё цела, ня хоча дзяцей.

У мяне не адчыняецца рот, каб сказаць, якія працэсы маральных пераменаў назіраюцца ў нашым беларускім грамадзтве...

Але ня ўсё страчана. Дамагаючыся вялікага, не забывайма пра малое. Трэба змагацца, клапаціцца за кожную душу, за кожнае добрае людзкае слова, за кожнага чалавека. Так, як робяць гэта шмат хто ў нашай краіне.

* * *

Унівэрсальны прынцып гармоніі ў сусьвеце ёсьць любоў. Гэта надпрыродная зьява жыцьця, сваіста праяўляецца ў натуры чалавека і зьяўляецца асновай сям’і, дзе якраз трыадзіны чалавек рэалізуецца найбольш дасканала. Сям’я, побач з дзяржавай, ёсьць найвялікшае цывілізацыйнае дасягненьне чалавека. Гуманны, псіхалягічна паўнавартасны чалавек вырастае, як правіла, у паўнавартаснай, добрай сям’і. з гэтай прычыны інстытут сям’і, гэтак жа, як і жыцьцё чалавека, ёсьць вялікай каштоўнасьцю нацыі, вымагае спэцыяльнай аховы яго ў грамадзтве і стварэньня спрыяльных умоваў існаваньня.

Пачынаючы з другой паловы ХХ-га стагоддзя (пасьля 2-й Сусьветнай вайны), назіраецца інтэнсіўны працэс распаду сям’і, практычна, ва ўсім сьвеце (але найбольш – у Эўропе і Амэрыцы). Узіраючыся ў глыбіню пісанай гісторыі, мы не знаходзім чагосьці падобнага, з чым маглі б параўнаць тое, што адбываецца зараз з сям’ёй. Распадаюцца амаль дзьве трэці шлюбаў, зьяўляюцца хваравітыя канцэпцыі аб непатрэбнасьці сям’і, усё больш людзей (асабліва жанчынаў) сьведама не ўступаюць у шлюб, каб жыць самым з сябе (з вымогаў цела і пачуцьцяў), карыстацца гатовым, ня мець дзяцей і ня мець абавязкаў. (Гэта найбольш назіраецца ў Заходнім сьвеце.)

З мноства канкрэтных прычынаў гэтай зьявы я б вылучыў тры, найбольш агульныя. Першая – гэта культурны разрыў паміж пакаленьнямі, што прывяло да разладу ў перадачы традыцыяў, і нават элемэнтарнага вопыту.

Нагадаю, што для нармальнага і пасьлядоўнага разьвіцьця культуры (гэта значыць, з засваеньнем досьведу) павінны быць аўтарытэты (эліта), пастаяннае насельніцтва (на пастаяннай тэрыторыі), узаемаабмен і лучнасьць пакаленьняў. Мінімум тры пакаленьні (дзед, бацька і сын) павінны мець агульныя асноўныя каштоўнасьці. Хуткія зьмены ў грамадзтве дызарыентавалі мэханізм перадачы культуры.

Другая агульная прычына – упадак маралі. Трэцяя – бездухоўнасьць.

Самае дрэннае, што зьява дэградацыі і распаду сям’і – гэта вынік агульнага працэсу абясцэньваньня і рэдукцыі нацыянальнай цывілізацыі. Эўропа айчынаў перакшталтоўваецца ў Эўропу спалучаных вытворцаў і спажыўцоў. Будуецца інтэграцыя па матэрыяльных інтарэсах на фоне фатальнага ўпадку духоўнай і гуманістычнай культуры.

Мы, беларусы, стварылі нацыянальную дзяржаву ў 1918 годзе, і ў тым жа годзе страцілі незалежнасьць. з прычыны больш чы 70-гадовага пэрыяду савецкай акупацыі і камуністычнага вынішчэньня, мы ня мелі магчымасьці стабілізаваць нацыю ў рэжыме дзяржаўнага існаваньня. А гэта (дзяржаўная стабілізацыя) – абавязковы этап. Пасьля 1991 года (калі мы вярнулі незалежнасьць) трэба было прайсьці страчаны этап паскоранымі тэмпамі. Але з 1994 года ізноў усё затрымалася.

Кардынальна зьмяніўся сьвет. Той хвалі нацыянальнага ўздыму і нацыянальнага будаўніцтва, якая была ў Эўропе ў пачатку ХХ-га стагоддзя, больш не існуе. Мы ўжо ня можам плысьці на яе вяршыні. Няма нават прыбою. Але ж мы мусім, мусім дабудаваць наш нацыянальны дом, мусім мець над ім дах, каб не загінуць у абставінах, калі зьмянілася асяроддзе і плыні, і мы засталіся адны.

Мы, беларусы, павінны зразумець, што ў справе нацыянальнага будаўніцтва нам ніхто (абсалютна ніхто) не дапаможа, акрамя нас самых. Будуць прапаноўваць сваё разуменьне дэмакратыі. Але нікога не цікавіць наш нацыянальны лёс.

Таму, якія б ні былі павароты лёсу, якія б ні перажывалі мы выпрабаваньні, трэба найперш шанаваць і зьберагаць нашых людзей.

* * *

Самае страшнае цяпер для беларусаў – гэта Чарнобыльскі генацыд. Створаныя сапраўды сатанінскія ўмовы для пастаяннага вынішчэньня беларускай нацыі. За апошнія сем гадоў страчана паўмільёна насельніцтва. Змагаючыся за пасьлячарнобыльскае існаваньне, ня кожны чалавек здае сабе справу і ня кожны ўсьведамляе, што беларусам прыходзіцца весьці барацьбу з варожымі сіламі ўсяго сьвету. Уся сусьветная атамная энэргетыка пад шыльдай МАГАТЭ з усім сваім фантастычным капіталам (500 мільярдаў даляраў) стараецца схаваць ад сьвету страшныя вынікі атамнай катастрофы ў Беларусі, зьменшыць іх і сфальшаваць. Іх не цікавіць здароўе і лёс беларусаў.

Такую ж самую пазыцыю займае Расея, якая адмыслова забрудзіла ядзернымі ападкамі Магілёўскую вобласьць, ня выплаціла беларусам кампэнсацыю за Чарнобыль і нясе адказнасьць за катастрофу.

Чарнобыльскі генацыд небясьпечны для ўсіх, але найперш – для дзяцей. Цяпер, гледзячы на маштабы і мэтады чарнобыльскага вынішчэньня, некаторыя беларусы кідаюцца ў роспач, разумеючы, што толькі праводзячы адмысловую дзяржаўную палітыку, можна зьменшыць бяду. Але палітыка не ў беларускіх руках.

У Чарнобыля існуюць як бы зьнешнія пачатковыя прычыны. Але ня менш небясьпечная страта нашых людзей, што зыходзіць з унутраных, як бы зь нябачных прычынаў, зь якімі ізноў жа, вельмі цяжка змагацца без дапамогі дзяржавы.

Прыпамінаю малазначны выпадак з 1995 года. Каля гадзіны ночы ў Менску я сьпяшаўся на апошні тралейбус па пустой вуліцы. Насустрач ішоў нейкі малады чалавек гадоў 25-ці і нешта ў мяне спытаў (ці то пра прыпынак, ці то пра гадзіну). Калі я яму адказваў, ён мяне пазнаў.

– Выбачайце, – кажа потым хлапец, назваўшыся, – але ці мог бы я вам сказаць адну вельмі важную для Беларусі рэч, якая не дае мне спакою?

– Кажыце, – згаджаюся я.

– Трэба ратаваць беларускіх жанчынаў! Згінем. Згіне Беларусь, – усхвалявана загаварыў нечаканы спадарожнік.

Тут ужо зьбянтэжыўся я. Высьветлілася, што хлапец вельмі перажывае, што беларускіх дзяўчат падманваюць розныя агенты ды нягоднікі, вывозяць за мяжу, абяцаючы ўладкаваць на добрую працу. Адбіраюць пашпарты і перадаюць у рабства заходнім сутэнёрам.

– Трэба нешта рабіць, трэба спыніць, – хваляваўся хлапец. – Гэта зьнявага! Ганьба! Страцім Беларусь... У нас такія жанчыны!

Часам мне ўспамінаецца гэты разумны беларускі хлапец, які засьведчыў, што жывы наш народ, жыве, ня гледзячы ні на што, і будзе жыць.

У цяжкіх антыбеларускіх варунках існаваньня беларус беларуса павінен падтрымліваць і адзін аднаму дапамагаць. Асноўным прынцыпам дачыненьняў паміж людзьмі павінна стаць Беларуская Салідарнасьць, падтрымка і спрыяньне адзін аднаму. Шмат якія народы перажывалі цяжкія часы, але разам, зьбярогшы сябе і падтрымліваючы кожнага, перамаглі навалу і пазбавіліся вынішчэньня.

У беларусаў ёсьць магчымасьць перамяніць адмоўны ход сваёй гісторыі. Патрэбная толькі воля.

6 верасьня 2001 г., Варшава

 

2. БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Беларуская нацыя існуе, пакуль жыве Беларуская мова. Мова ёсьць галоўны вынік і сродак культуры.

Калі мы над гэтым задумаемся глыбей, то адчуем, што велічнасьць гэтай зьявы – чалавечай мовы – настолькі грандыёзная, што ўражвае нашу сьвядомасьць. і сапраўды, гэта цуд культуры, матэрыялізаванае думаньне і праяўлены дух. У мове мы, людзі, бачым сябе. Гэта люстэрка нашага існаваньня, адбітак нашых душаў.

Вытокі мовы пакрытыя хвалюючай таямніцай, як і ўсё нашае паходжаньне на Зямлі. Калі ўявіць, што чалавек разьвіваўся з прыроды, і паспрабаваць накрэсьліць схему, зрабіць мадэль ягонага пераходу ў стан культурнага існаваньня, то прыходзім да высновы, што абстрактнае думаньне, памяць роду (гэта значыць – гістарычная памяць) і мова ўзьніклі і разьвіваліся адначасова і ўзаемна ўплывалі самыя на сябе.

Гэтак адбывалася самаўдасканаленьне трох асноваў культуры: абстрактнага думаньня, гістарычнай памяці і мовы. Навуковыя дасьледваньні чалавечай жыцьцядзейнасьці ў старажытнасьці і сьведчаньні простых формаў існаваньня чалавечага грамадзтва ў цэлым пацьвярджаюць нашу траістую схему разьвіцьця сьвядомасьці і мовы людзей.

Зьяўленьне мовы як структураванага інструманту інфармацыі азначала рэзкі прарыў у культуру, у грамадзкае і гістарычнае існаваньне чалавека. Адначасна запрацавала зваротная сувязь. Мова стала найвялікшым сродкам культуры, дзейнічала як матор культурнага разьвіцьця, спрыяла стварэньню чалавека разумнага, фармаваньню чалавечага грамадзтва.

Прарыў з прыроды ў культуру адбываўся найперш праз мову. Бяручы пад увагу гэтую рэвалюцыйную ролю мовы ў разьвіцьці культуры чалавецтва, асабліва робіцца зразумелым вялікае і крылатае цьверджаньне аб тым, што напачатку было Слова. Мова трымае ўсё: культуру, гісторыю, памяць, грамадз-тва, сумоўе людзкіх душаў. Мова аб’ядноўвае і мацуе, вядзе за сабой. Вось жа сапраўды правільна: напачатку – было Слова (гэта значыць, на пачатку культуры).

* * *

Што яшчэ ўражвае нашае ўяўленьне, дык гэта шматаблічнасьць мовы. На Зямлі жыве мноства народаў і этнічных групаў, і, адпаведна, існуе вялікая колькасьць розных моваў. Кожная мова, нібы шчыт, які зьберагае і выдзяляе народ сярод іншых народаў, і адначасна, – гэта плятформа, на якой угрунтаваная культурная індывідуальнасьць чалавечай супольнасьці.

Аглядаючы пісаную гісторыю людзей, мы заўважаем, што заўсёды, калі гінула мова, то гінуў і народ. Тут узаемасувязь, сутнасныя дачыненьні, якія глыбока і афарыстычна адлюстраваў наш вялікі Багушэвіч. „ Шануйце мову нашу, беларускую, каб ня ўмёрлі”, – напісаў паэт.

Шмат моваў зьнікла на Зямлі, і зьнікае па сёньняшні дзень. Прычыны розныя. Але найчасьцей – гэта несамастойнае існаваньне (адсутнасьць незалежнай дзяржаўнасьці) і грамадзкапалітычная сацыяльная катастрофа.

Але шмат моваў трываюць і ня гінуць, ня гледзячы на неспрыяльныя абставіны. Шмат якія мовы адраджаюцца, вяртаюцца да жыцьця амаль зь нябыту. Перадусім, тут велізарнае значэньне мае дух народа (этнаса), яго ўпэўненасьць у сабе, закаранеласьць у сваю духоўную культуру і гісторыю, і, як вынік, – сьвятое шанаваньне сваёй мовы і ўсяго свайго.

Грамадзка-палітычная катастрофа можа зьнішчыць любую мову (нават самую распаўсюджаную) тады, калі зьніклі, замерлі ці ліквідаваныя яе этнічныя носьбіты. Такія зьявы, як генацыд, этнацыд, лінгвацыд, мнемацыд, якія вынікаюць, як правіла, з імпэрскай палітыкі, а таксама з ксэнафобіі і нянавісьці, вельмі небясьпечныя для моваў найперш несвабодных народаў (посткатастрафічных супольнасьцяў). Аднак разбурэньне імпэрыі пры пэўных абставінах таксама можа выклікаць зьнікненьне імпэрскай мовы, прытым нават тады, калі існуе прызнаная імпэрская літаратура.

Тыповымі прыкладамі зьяўляюцца Рымская і Атаманская імпэрыі. Рым разбурыўся, зыходзячы з унутраных прычынаў (перш за ўсё, – з-за ўпадку маралі). Рымская (лацінская) мова гучэла ў Сэнаце, сцьвярджалася ў літаратуры і на ўсіх канцах імпэрыі. Але пад друзам гэтай імпэрыі была пахаваная і вялікая рымская мова, ператварылася потым у мёртвую лаціну.

Чаму так сталася? Сталася так таму, што не было ўжо этнічных носьбітаў гэтае мовы. Лацінскі этнас дэградаваў, бо стлуміў у сабе этнічную сьведамасьць, інстынкт аддзяленьня ад чужога. Этнічная сьведамасьць замянілася імпэрскай. Лаціна рымская абслугоўвала імпэрскую культуру, імпэрскую ўладу і імпэрскую дзяржаву. Яна адрозьнівалася ад этнічнай лаціны. з разбурэньнем рымскай улады і дзяржавы, са стратай рымскага набілітэту, рэзка зьмяніліся функцыі дзяржаўнай лаціны, а ў рэальным штодзённым жыцьці, на самым нізкім (вусным) узроўні не было каму на ёй размаўляць. Лаціна памерла.

Трэба ўлічыць, што імпэрыя (гэта значыць – імпэрская ўлада і імпэрская культура) іманэнтна, зыходзячы з сутнасьці сваёй прыроды, імкнецца зьнівіліраваць і разбурыць любы этнас, у тым ліку і свой, які даў пачатак імпэрыі.

Мова Атаманскай імпэрыі, у адрозьненьне ад рымскай мовы, узьнікла на дэдуктыўным прынцыпе. Гэта была штучная мова, створаная на аснове старажытных моваў Усходу (у асноўным, пэрсідзкай) і абслугоўвала яна якраз толькі імпэрскую дзяржаву, арыстакратыю, чынавенства, афіцыйную культуру і ўвогуле – вярхі. Асноўны народ імпэрыі – туркі – размаўляў на сваёй народнай анаталійскай (турэцкай) мове.

Пасьля разбурэньня і распаду Атаманскай імпэрыі новая Турцыя, будуючы новую нацыянальную дзяржаву, абаперлася якраз на народную этнічную мову, на якой размаўляў народ, і зрабіла яе дзяржаўнай мовай краіны. Тым часам мова Атаманскай імпэрыі аджыла. У ёй не было патрэбы. Са зьнікненьнем імпэрскіх вярхоў на ёй не было каму гаварыць.

Калі мы зьвернем увагу на рускую імпэрыю (Расею), то заўважым там адначасна дзьве схемы функцыянаваньня мовы: індуктыўную, з апорай на этнас, і, ў пэўнай ступені, штучную, прыдуманую форму рускай мовы, якая ў апошнім стагоддзі значна рэдуцыравалася, дзякуючы літаратуры. Тым ня менш, улічваючы няспынную абсалютызацыю імпэрскай ідэалёгіі і адпаведна – псіхалёгіі, і беручы пад увагу таксама няспынную дэградацыю асноўнага этнасу, існуе вялікая верагоднасьць, што пры разбурэньні расейскай імпэрыі рускую мову можа напаткаць нават ня мёртвае ўжываньне, як у пострымскай сітуацыі, а глыбокі маргіналізм і звужэньне да лякальнага асяродка. (Заўважым, што ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не дапамогуць.)

Тое ж самае, улічваючы цяперашні працэс асаблівай дэструкцыі ангельскага этнасу, можа напаткаць і ангельскую мову. (Як гэта каму на слых ня здасца неверагодным.) Штуршок такому ходу гісторыі можа пакласьці пасьпешны ўпадак і распад Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Гэтакая верагоднасьць, па маіх назіраньнях, увесь час павялічваецца і абумоўлена ўнутранымі прычынамі. У ЗША беззваротна нарошчваюцца тыя ж працэсы, што некалі ў Рыме, толькі разьвіваюцца больш хуткімі тэмпамі. (Ізноў жа, паўтаруся, ніякія інфармацыйныя сістэмы тут не ўратуюць, бо сістэма – гэта прылада.)

Імпэрыя, аказваецца, ня можа гарантаваць вечнага (і, тым больш, жывога) існаваньня імпэрскай мовы. Значна лепш гэта спраўджвае і рэалізуе нацыянальная дзяржава, якая і ўзьнікла (прынамсі, у Эўропе) у барацьбе зь імпэрыяй. (Прытым змаганьне йшло, перш за ўсё, за права існаваньня і разьвіцьцё нацыянальнай мовы.)

* * *

Стварэньне нацыяў і нацыянальных дзяржаваў ёсьць гістарычная зьява, якая мае ня толькі свае грамадзкія прычыны, але і храналягічныя рамкі (найперш у Эўропе). Сьцісла можна іх пазначыць ад апошняй чвэрці ХVІІІ па першую чвэрць ХХга стагоддзяў. У гэты пэрыяд сфармаваліся і высьветліліся ўсе нацыянальныя канцэпцыі культуры, свабоды і незалежнага дзяржаўнага існаваньня.

Як правіла, нацыянальныя рухі пачыналіся з самапазнаньня, асьветніцтва, стварэньня нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра. Потым разьвіваліся у палітычнае змаганьне зь імпэрыяй і заканчваліся стварэньнем нацыянальнай дзяржавы.

Уражвае ў гэтым працэсе тое, што народы паўсюдна прызнавалі і паўсюдна змагаліся за дзьве асноўныя каштоўнасьці: за нацыянальную мову і за незалежнасьць (гэта значыць – за нацыянальную дзяржаву).

Сэнс асьветніцкай і мастацкай дзейнасьці быў падпарадкаваны адной мэце: сцьвярджэньню нацыянальнай мовы.

Гэтую задачу найперш узялі на сябе газэты, літаратура і асабліва вандроўныя тэатры, якія ўзьнікалі паўсюдна. Творца вэнгерскага прафэсійнага тэатра Ота Келеман, які стварыў вэнгерскую вандроўную трупу яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя, прызначэньне свайго тэатра і тэатральнага мастацтва сфармуляваў коратка і выразна: сцьвярджэньне і прапаганда вэнгерскай мовы. (Вэнгры змагаліся тады зь нямецкім засільлем.)

Аналягічна разумеў задачы тэатра Ігнат Буйніцкі і такія яго акторы, танцоры і сьпевакі, як Леапольд Родзевіч ды Алаіза Пашкевіч (Цётка). Гэтак жа ацэньвалі ў той час нацыянальную місію тэатра дзеячы вандроўнай сцэны на Ўкраіне, у Малдове ды Румыніі, у Баўгарыі ды Сэрбіі, у Чэхіі, Славакіі, Летуве і г.д.

Нацыянальныя рухі ўсьведамлялі нацыянальную мову як галоўную каштоўнасьць нацыі, сцьвярджэньню яе ў грамадзтве падпарадкоўвалі ўсю сваю нацыянальна-асьветніцкую дзейнасьць.

* * *

Беларуская нацыянальная ідэя рэалізавалася ў 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка і аб’яўлена яе незалежнасьць. Аднак неўзабаве незалежнасьць была страчаная, і нацыянальнай стабілізацыі не адбылося.

Расейскі камуністычны генацыд і ўсе формы вынішчэньня цярпелі тры пакаленьні беларусаў. У сэнсе культурным, і асабліва – псіхалягічным, 73 гады савецкай акупацыі – гэта чорная дзіра, правал у нацыянальнай сьведамасьці народа. Калі ў 80-х гадах ХХ-га стагоддзя аднавіўся беларускі рух за незалежнасьць і за культурнае адраджэньне нацыі, новыя адраджэнцы (некаторыя з жахам і з роспаччу) убачылі, што сутыкнуліся з узроўнем нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва, як у канцы ХІХ-га стагоддзя.

Камунізм, савецкая акупацыя, вынішчэньне ўсяго беларускага фатальна затармазілі псіхалягічнае разьвіцьцё грамадзтва, дэфармавалі ўнутраны сьвет беларуса, адкінулі сьведамасьць мноства людзей да абсурднай мяжы.

„ Зачэм этат беларускі язык?”; „ Какая разьніца, на каком языке гаварыць?”; „ Каму нужэн этат суверэніцет, главнае, чтобы жылась харашо” і г.д., – вось тыповыя цьверджаньні шмат якіх па-савецку адукаваных беларусаў канца ХХ-га стагоддзя.

На жаль, гэта рэальнасьць, і, як кажуць, тут не да сьмеху. Людзі з такой сьведамасьцю – ня рэдкасьць, яны трымаюць уладу, кіруюць беларускім грамадзтвам. На Беларусі адбылася кансэрвацыя саветызму палітычнымі мэтадамі, з выкарыстаньнем аўтарытарнай улады.

Фантасмагарычнасьць сітуацыі ў тым, што пакуль вялікая частка постсавецкага беларускага грамадзтва паўтарае сэнтэнцыі, кшталту, „ зачэм язык” і „ какая разьніца”, ні пра якую нацыянальную і сацыяльную свабоду, ні пра якое разьвіцьцё эканомікі, ні пра які дастатак і ні пра якое годнае жыцьцё ня можа быць і гаворкі. Бо такое грамадзтва, якое ня мае агульнасьці галоўных нацыянальных каштоўнасьцяў і, тым больш, адмаўляе іх, такое грамадзтва ня ў стане абараняць свае нацыянальныя інтарэсы. Прытым ня тое, што, скажам, прыродныя рэсурсы, зямлю, фінансы, прадпрыемствы, прыродныя багацьці, але і асабістую працу. Такі беларус будзе шмат і цяжка працаваць, але заўсёды застанецца бедным, не разумеючы прычынаў сваёй беднасьці.

Прыгадваю выпадак з пачатку 90-х гадоў. У час адной з нашых дэпутацкіх паездак па Беларусі, якія практыкавалі дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, мне прышлося чуць у цягніку размову нашых сяброў-дэпутатаў з адным заслужаным пэнсіянерам-настаўнікам. Заслужаны настаўнік, беларус, з гонарам расказваў па-руску, колькі добрых людзей ён навучыў за жыцьцё. Адзін – генэралам у Мурманску, нехта выехаў у Акадэмію навук у Пецярбург, хтосьці цяпер жыве і нешта робіць важнае ў Растове, нехта – спэцыялістам у Навасібірску, а яго двох сыноў, дык уладкаваліся ў Маскве. Адзін – выкладчык ва ўнівэрсітэце, а другі – інжэнер, нечым там кіруе, жаніўся на маскоўцы і ўжо гадуе двох дзяцей. Настаўнік быў вельмі задаволены.

– А якая ў вас пэнсія? – пацікавіліся ў настаўніка.

– Ой, ведаеце, малаватая, – пажаліўся ён. – Я яшчэ падпрацоўваю, маю некалькі гадзінаў у школе, бо пэнсіі не хапае.

– Чаму ж так? – запыталіся ў яго. Настаўнік разьвёў рукамі.

– А цяпер вось глядзіце, – заўважылі мае калегі. – Вы ўсё жыцьцё працавалі, навучалі беларусаў на рускай мове. Беларускі ўнівэрсітэт (таксама на рускай мове) падрыхтаваў зь іх спэцыялістаў, якія паехалі ў Расею і пачалі там працаваць, а значыцца даваць прыбытак рускай дзяржаве і плаціць падаткі ў рускі бюджэт. На адукацыю гэтых спэцыялістаў, на навучаньне іх рускай мове Расея не затраціла ні капейкі. Гэта вынік вашай працы. А дзе ж ён, гэты вынік, для вас? Дзе ваш прыбытак? з чаго ваша пэнсія, з чыйго бюджэту?

– Праўда.., – зьдзівіўся настаўнік.

– А што б было, калі б уся адукацыя была па-беларуску ў сістэме дзяржаўнай беларускай мовы? – прадаўжалі мы. – Куды была б найперш ськіраваная ўвага нашых маладых спэцыялістаў і ваш „ труд”? Аб’ектыўна – ці ж не на вашыя інтарэсы? А што было б, калі б усю беларускую адукацыю перавесьці на ангельскую мову? – працягвалі мы далей. – Да каго б мы былі прывязаныя і дзе б палягала тады прычына нашай беднасьці і бядоты: на Ўсходзе ці на Захадзе?

Настаўнік быў крыху ашаломлены. Гэты савецкі інтэлігент ніколі не задумваўся над такімі пытаньнямі. Але гэтакая размова была б нармальнай дзе-небудзь у 1890-х у вагоне Лібава-Ровенскай чыгункі, а не цяпер, праз сто гадоў, калі час для многіх беларусаў адначасна зьмяніўся і адначасна, як бачым, спыніўся ў самым пачатку.

Беларуская мова як найважнейшая зьява культуры ёсьць таксама аснова нашай нацыянальнай свабоды і найважнейшы чыньнік эканамічнага разьвіцьця.

Вось чаму нацыянальная ідэя імкнецца да стварэньня нацыянальнай дзяржавы ў нацыянальнай мове і на нацыянальнай тэрыторыі. Гэта дзеля таго, каб рэалізаваць жыцьцёвы (гэта значыць, духоўны і матэрыяльны) патэнцыял народа, каб стварыць аптымальныя ўмовы духоўнага камфорту і матэрыяльнага дастатку для ўсёй нацыі.

* * *

Страты нацыянальнага патэнцыялу і тармажэньне нацыянальнай ідэі нават на сто гадоў, пры ўсіх ускладненьнях, не выглядаюць вялікай бядой, калі б аднавіць незалежную, вольную, нацыянальную дзяржаву, якая б праводзіла палітыку ў інтарэсах нацыі. Тады зусім не спатрэбіцца яшчэ сто гадоў, каб вярнуць страчанае і дагнаць час. Бо калі зьнікаюць перашкоды, тады раней затарможаныя зьявы разьвіваюцца паскоранымі тэмпамі. Паскарэньне – гэта агульны закон разьвіцьця растарможаных працэсаў і назіраецца ўсюды: у мастацтве, у літаратуры, у прыродзе, у грамадзтве. Праз 10-15 гадоў нармальнага нацыянальнага разьвіцьця ў паскоранасьці ўжо не існавала б грамадзкай адсталасьці і сьведамасьці, тыпу „ зачэм” і „ какая разьніца”.

Але разумеючы закон паскоранасьці, мы павінны ўсьведамляць яго катэгарычную імпэратыўнасьць. Тое, што было перапынена і ня зроблена сто гадоў таму, на пачатку стабілізацыі нацыі, тое мусіць быць хутка (паскорана) зроблена цяпер. Пераскочыць праз абавязковыя этапы разьвіцьця, праз абавязковыя ацэнкі і абавязковыя каштоўнасьці – нельга. Яны ў адноўленых умовах павінны быць пройдзеныя імкліва, хоць бы пункцірам, але абавязкова пройдзеныя і замацаваныя. Інакш зьява (у дадзеным выпадку – беларуская нацыя) не рэалізуецца, як сістэма.

Беларусы, тыя, што, як наш настаўнік, заклапочаныя толькі „ сваім” і не прывыклі задумвацца над „ нашым”, над агульным, мусяць выразна сабе ўсьвядоміць, што калі беларуская мова ня будзе адроджаная, ня зойме належныя ёй дзяржаўныя, грамадзкія, культурныя і маральныя прыярытэты, то беларуская гісторыя можа неўзабаве скончыцца. Удакладняю: канец гісторыі – гэта катастрофа. Гэта – канец нацыі. Катастрофа суправаджаецца зьбядненьнем і дэградацыяй насельніцтва, стратай уласнасьці, зямлі, прыроды, дзяржавы, вынікаў працы. Нават сваёй працай чалавек перастане распараджацца сам.

Мы ўжо нешта падобнае выцерпелі ў ХХ-м стагоддзі. і таму цяпер, калі цудам засталіся жыць, нам цяжка падняцца з каленяў.

* * *

Функцыя нацыянальнай мовы ў нацыянальным грамадзтве – усеабдымная: ад духоўнага да эканамічнага выяўленьня. Аднак ня ўсюды яна выяўляецца непасрэдна. і ў гэтым хаваецца адна з цяжкасьцяў у разуменьні сутнасьці нацыянальных каштоўнасьцяў для саветызаванага чалавека.

Найбольшая складанасьць для новага беларускага Адраджэньня палягае яшчэ і ў тым, што за сто гадоў моцна зьмяніліся ўмовы і дачыненьні ў Эўропе. Пэрыяд утварэньня нацыяў якраз закончыўся ў першай чвэрці ХХ-га стагоддзя. Нацыянальная ідэя ў міжнароднай сьведамасьці стала як бы не актуальнай, бо гэта ўжо пражыты і пройдзены этап. А значыць аслабілася і гатовасьць да міжнацыянальнай салідарнасьці.

З 80-х гадоў мінулага стагоддзя пашырылася ў сьвеце ідэя інтэрнацыянальнай дэмакратыі, уздымаецца на катурны міжнародная дактрына „ правоў чалавека”, узмацняюцца лібэральныя імкненьні да інтэграцыі Эўропы і глябалізацыі сьвету. Міжнародныя дэмакраты і міжнародныя лібэралы працуюць разам над стварэньнем новых дэмакратычных супэрімпэрыяў, супэр-дзяржаваў.

Для прадстаўнікоў гэтай звышідэалёгіі (гэтай дэмакратыі uber alles) нашыя, актуальныя для нас, нацыянальныя праблемы стогадовай даўніны, наша балючасьць, нашае роспачнае імкненьне выкараскацца з той бяздоннай курапацкай ямы, куды ўсадзілі наш народ недабразычліўцы, нашае стараньне ўратаваць найперш нашу мову ды незалежнасьць – усё гэта здаецца ім (шмат каму) анахранізмам. Бо ў іх мова, культура, незалежнасьць – само сабой зразумелае, яны з гэтым нарадзіліся і думаюць, што ўсё гэта існуе натуральна, у парадку рэчаў, як горы, рэкі і даліны.

Але ж у нас – ня так. Мы мусім, паскорана мусім (!) прайсьці этап дзяржаўнага ўсталяваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і стабілізаваць нацыю разам з дэмакратыяй. Інакш у нас ня будзе будучыні.

Мы ня можам ігнараваць аб’ектыўныя законы разьвіцьця. Нам трэба дагнаць гісторыю. Мы маем на гэта найвялікшае права. Бо нас зьнішчалі, нам не давалі жыць.

Побач з фактарам пераменаў, якія адбыліся на працягу ХХ-га стагоддзя і ўскладнілі беларускую палітыку, застаўся нязьменны чыньнік – Расея, зь яе шавінізмам, імпэрскімі амбіцыямі і непрыхаванымі вялікадзяржаўнымі прэтэнзіямі на Беларусь. Гэты чыньнік небясьпечны. Калі б ня ён, не карэляцыя і не ўзаемадзеяньне яго з пераменамі ў сьвеце, беларускіх праблемаў у такім выглядзе, у якім яны існуюць сёньня, проста ўжо б не было.

Бальшавіцкі генацыд – гэта вельмі істотны аспэкт у беларускай трагедыі. Ніхто ня мае права і ніхто ня можа падважваць і адмаўляць нашу незалежнасьць, нашу беларускую мову, нашыя сымвалы, нашу свабоду, адзінства зямлі і гісторыі, не спытаўшыся тых амаль трох мільёнаў беларусаў, якіх нявінных забілі ў часе тэрору. Тых беларускіх пісьменьнікаў, інтэлігентаў, вучоных і простых сялянаў, якіх расстралялі толькі за тое, што былі беларусамі.

* * *

Якая ж яна, нашая сьвятая для нас, Беларуская Мова? Ці можна неяк глянуць на яе збоку, каб ацаніць аб’ектыўна? Як яна гучыць для іншых, як яе ўспрымаюць?

Кожная свая мова для кожнага народа – найлепшая і найпрыгажэйшая. і гэта правільна. Бо ў мове выяўляецца сутнасьць натуры народа, які яе стварыў, відаць яго душа, адбіваецца сваісты склад розуму і манера думаньня, матэрыялізуюцца рытмы духа і цела (гэта значыць, тэмпэрамэнту). Таму ў кожнай мове ёсьць свой характэрны рытм, свая мэлёдыя і сваё гучаньне, а лексіка падпарадкаваная вобразнай сістэме ўспрыняцьця сьвету людзьмі, якая ў розных этнічных супольнасьцяў (першасных носьбітаў мовы) адметная.

Гэтым тлумачыцца зьдзіўляючая для некаторых дасьледчыкаў зьява, што разумовыя і творчыя здольнасьці чалавека найлепш выяўляюцца ў роднай для яго мове. Тут рэалізуецца сумоўе – гарманізацыя рытмаў, распазнаўчых знакаў, найкарацейшых дарог паміж розумам, душой, тэмперамэнтам цела і мовай чалавека. Дасягаецца склад (камплект) аптымальнасьці асобы.

Гэта ня толькі тэарэтычныя разважаньні. Там, дзе можна прааналізаваць зьяву на масавых прыкладах і ў шырокай практыцы, вынікі відавочныя. У пачатку 90-х гадоў, калі ўзьнікла, нарэшце, магчымасьць адчыніць беларускія школы ў гарадах і разьвіваць беларускае школьніцтва, то праз нейкі час было зафіксавана, што беларускія дзеці ў беларускіх школах лепш пасьпяваюць, лепш вучацца, лепш засвойваюць матэрыял і лепш разьвіваюцца, чым беларускія дзеці ў такіх жа рускіх школах. Гэта натуральна. Адбылася гарманізацыя сваістага складу мовы і чалавека, аптымалізацыя разьвіцьця асобы. Карацей, сваё спаткалася са сваім.

Аналягічную зьяву заўважылі таксама нашыя фальклярысты. Ёсьць шмат сьведчаньняў такога роду, калі беларус, які сфармаваўся ў горадзе, у рускай мове, і ўспрыняўшы ўсе праявы савецкай эрзац-культуры, апынуўся раптам у вясковым асяроддзі сярод удзельнікаў аўтэнтычнага фальклёру і нечакана, пад уплывам эмоцыяў і ўзрушэньня, уключаўся ў народныя танцы ды сьпевы. У яго выяўляліся характэрныя рухі танцу і характэрныя прыёмы народнага сьпяваньня. Ён пачынаў ужывацца ў фальклёрнае дзеяньне, і гэтае дзеяньне, невядомае яму раней, аказваецца, не было для яго чужым.

Людзі кожнага народу, кожнага этнасу валодаюць характэрнымі рухамі, якія стасуюцца зь іхняй псіхалёгіяй, з эмацыйным станам, думкамі і мовай, на якой яны гавораць. Гэта мы называем этнаплястыкай. Гарманізацыя яе з мовай таксама накіраваная на аптымальнае выяўленьне асобы чалавека.

Аказваецца, нацыянальная мова зьяўляецца ня толькі галоўным чыньнікам сацыяльна-палітычнага адраджэньня нацыі, ня толькі зьвязваючым элемэнтам нацыянальнай культуры, але і фактарам найлепшага разьвіцьця асобы чалавека, перашаснай умовай яго гарманічнага існаваньня.

* * *

Аднак за 73 гады вырабленага гвалту над беларускай мовай за часы СССР, што афіцыйна прыкрываўся нібыта палітыкай білінгвізму ў Беларусі, сярод вялікай часткі насельніцтва стварылася вельмі некарысная зьява для беларускай культуры, менавіта, крэалізацыя (дэструктыўнае зьмешваньне) беларускай і рускай моваў. У выніку шмат беларусаў (як правіла, людзей невысокага культурнага ўзроўню) гаворыць цяпер на гэтакай зьбедненай „ паўмове” ці на своеасаблівай піджын-рускай (гібрыднай) мове. (Успомнім „ клясычныя” прамовы Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея. Ёсьць і сьвежыя прыклады.)

Трынаццаць гадоў таму мне ўжо прыходзілася пісаць пра разбуральныя вынікі прымусовага двухмоўя на Беларусі. (Радуга, – Таллинн, 1988, №4) Тады беларуска-рускі „ піджын” я назваў беларускім словам „ трасянка”, ня думаючы, што гэты тэрмін прыжывецца потым ў паняцьцях пра мову. Цяперака я паўтару тут некаторыя палажэньні.

Паўмова „ трасянка” – галоўная прычына абмежаванага культурнага ўзроўню. (І цяпер мы разумеем, чаму. Крэалізацыя – гэта не ўзбагачэньне, а зьніжэньне культуры мовы, якое адлюстроўвае ўпадак культуры асобы.) Культурны чалавек не размаўляе на крэалізаваным піджын. Таму сфэра распаўсюджаньня „ трасянкі” за савецкія часы – сярэднія і ніжнія стратыграфічныя сацыяльныя пласты. Грамадзкая лякалізацыя гэтай паўмовы, у сваю чаргу, забясьпечвае рэпрадукцыю і сацыяльную ўстойлівасьць „ трасянкі”, а значыцца, і нізкага ўзроўню духоўнай культуры, якая ў цэлым выяўляе тут тэндэнцыю да далейшага зьніжэньня. Яшчэ ў 60-80-х гадах стварылася сытуацыя, калі прычына і вынік бескультур’я зьвязаныя неразрыўна, гэта значыць, прычына (паўмова) выступае вынікам, а вынік – прычынай.

Паўмоўе значнай часткі насельніцтва Беларусі вельмі згубна адбіваецца на разьвіцьці культуры. Разумовая энэргія народа траціцца і не атрымлівае разьвіцьця. Прымусовы савецкі білінгвізм ігнараваў аксіёму, што без вызначэньня прыярытэту чалавек ня можа адначасна разьвівацца і існаваць у двух культурах. Дызарыентаваная асоба не атрымлівае паўнавартаснага духоўнага разьвіцьця. Паўмоўны індывідыум не адчувае тонкасьцяў духоўных сувязяў (што, дарэчы, засяроджана ў мове і выяўляецца праз гаворку), дрэнна думае абстрактнымі паняцьцямі, часта ня ў стане тэарэтычна асэнсаваць зьяву, а калі і разумее больш складаныя дачыненьні, то ня ўмее іх выказаць, сфармуляваць і выразна растлумачыць субяседніку. Пачынаецца пакутлівы падбор словаў, неадэкватнае ўжываньне паняцьцяў, заіканьне і спыненьне на кожнай дрэнна дапасаванай фразе, „ эканьне”, „ мэканьне” і г.д. Тут праяўляецца не паталягічнае заіканьне, а тармажэньне сьвядомасьці, прыпыненьне на кожным слове як вынік разбалянсаванасьці думаньня і моўнага выяўленьня, як вынік неразьвітых здольнасьцяў апэраваць паняцьцямі і невалоданьне сістэмнай структурай мовы (бо ў „ паўмове”, між іншым, адзінай структуры няма).

Паўмоўнае існаваньне прыпыняе ўнутраны спантанны працэс культурнага разьвіцьця чалавека, таму што тармозіць нацыянальнае самапазнаньне (ідэнтэфікацыю) яго грамадзкага, культурнага і духоўнага „ Я”.

Аднак здольнасьць да спажываньня культуры пры гэтым застаецца. Толькі яна, гэтая здольнасьць, зьмяняе арыентацыю з унутранага сьвету на зьнешняе асяроддзе, з актыўнай пазыцыі на пасіўную (спажывецкую). У выніку ўзьнікаюць умовы для разьвіцьця і спажываньня масавай культуры, эрзацу, сурагату, імітацыі духоўных каштоўнасьцяў.

Шкоду, якую наносіць беларускай культуры паўмова „ трасянка” (і ўвогуле, дэградацыя мовы, распаўсюджваньне чужых слэнгаў, жаргонаў, вульгарызмаў, паняцьцяў і г.д.) ніхто не падлічваў, і, як я ўважаю, ня шмат хто разумее, бо, як мяркуюць, справа ў прычынах, і зь імі трэба змагацца. Правільна. Але калі б так усё было проста, то трасянкавыя палітыкі не кіравалі б уладай у дзяржаве.

Найлепшы сродак выратаваньня беларускай мовы – гэта паўсюдна пачаць на ёй гаварыць. Гаварэм жа, і будуць нас паважаць.

* * *

Знаёмства зь іншай мовай пачынаецца са слуханьня, як яна гучыць, з адчуваньня яе мэлёдыкі і рытму словаў, якія мы ацэньваем, паводле нашага густу ці законаў эстэтыкі. Ужываюцца ацэнкі: прыгожая – непрыгожая. Спэцыялісты стварылі нават адмысловую сістэму тэставаньня моваў па мэлядычнасьці, гучнасьці, колькасьці адкрытых складоў і звонкіх зычных ды галосных гукаў, камбінацыі звонкіх зычных з галоснымі, па вакальных магчымасьцях і г.д. Беларуская мова ў гэтакім тэставаньні займае шостае месца ў сьвеце.

Наўрад ці трэба да гэтакіх дасьледваньняў адносіцца надта сур’ёзна, але ўсяроўна прыемна.

Я сустракаў шмат добрых людзей сярод палякаў, латышоў, украінцаў, ангельцаў, якія былі захопленыя вымаўленьнем, словамі і мэлёдыкай нашай мовы, прасілі пагаварыць па-беларуску і слухалі з захапленьнем, нібы музыку.

Памятаю, у 70-х гадах я пазнаёміўся з маладым літоўцам з Каўнаса Ёзасам Рыбікаўскасам. У дзяцінстве ён прачытаў на пачку з макаронамі словы на незнаёмай мове. Высьветлілася, што напісана па-беларуску. Ёзаса гэтая мова так зацікавіла і потым так спадабалася, што ён вывучыў яе, бегла гаварыў, нават вершы пісаў па-беларуску. Пасьля ён прыязджаў спэцыяльна ў Менск, каб паслухаць беларускую мову (так яму было прыемна). Праўда, у Менску яго напаткаткала вялікае расчараваньне.

Латышская літаратуразнаўца Мірдза Абала выдатна размаўляе па-беларуску. У 70-х гадах яна сказала мне, што яе цягне на Беларусь, як магнітам, і што яна заўсёды стараецца прыехаць на Горадзеншчыну, каб толькі пагаварыць па-беларуску ды паслухаць беларускае мовы.

У цэлым жа, я лічу, што на сьвеце няма непрыгожых моваў. Кожная мова – прыгожая, бо выяўляе асабовую сутнасьць бясконцага, невычарпальнага, шматаблічнага Боскага сьвету. Гаворачы, напрыклад, пра звонкую мэлядычнасьць італьянскай мовы, у нас звычайна ўзьнікае жаданьне спаслацца на дасканаласьць бэль-канта, на традыцыі італьянскай опэры і г.д. Але немагчыма ўявіць у італьянскай мове, скажам, тувінскі гарлавы сьпеў. Тым часам па сіле ўзьдзеяньня і глыбіні выяўленьня нашага, але не прывычнага нам сьвету і ў не прывычнай нам эстэтыцы, гэта ёсьць магутнае мастацтва. Для вобразнага выяўленьня яму адпавядае якраз тувінская мова. і зьбегі зычных тут вельмі дарэчы. Яны на месцы гэтак жа, як італьянская вакальнасьць мовы на месцы ў опэрным бэль-канта.

* * *

Чым я найбольш захоплены ў Беларускай мове, гэта яе вобразнасьцю і ёмкасьцю слова (і па зьмесьце, і па гучаньні). Другое, што мне надта падабаецца, гэта шматварыянтнасьць гучаньня і напісаньня словаў, і потым – багацьце сінонімаў. Тут рай для паэтаў, можна плаваць і купацца, плюскацца ў такой багатай мове, было б толькі што казаць.

Калі глянем у гісторыю нашай мовы, то займае дых. Беларуская мова існавала даўно, яшчэ на племянным узроўні ў дапісьмовы пэрыяд. На думку гісторыкаў, як мінімум, у VI-м стагоддзі, яна ўжо была. Але на самай справе – раней. Гэта можна зразумець, аналізуючы гісторыю і аўтэнтычны фальклёр (асабліва тэксты).

У Х-м стагоддзі пісьмовасьць распаўсюдзілася на Беларусі разам з Хрысьціянствам у чужой старабаўгарскай мове. Гэтая славянская мова, часткова набліжаная да беларускай, стала адыгрываць ролю афіцыйнай, кніжнай, „ граматнай” мовы, мовы, на якой пішуць і размаўляюць пісьменныя людзі (найперш, сьвятары і сацыяльныя вярхі). У пэўнай ступені, яна займала такое ж становішча ў старажытнай Беларусі, як пазьней – мова вярхоў у Атаманскай імпэрыі. Старабаўгарская мова ў беларускай культуры – гэта была мова бяз этнасу, гэта ад пачатку была мёртвая мова. Паступова, з разьвіцьцём грамадзтва і ўскладненьнем функцыяў дзяржавы, адбывалася лексічнае ўзаемапранікненьне моваў і экспансія жывой беларушчыны ў мёртвую кніжную мову.

Асабліва гэта стала відаць у ХІV- ХV стагоддзях. Ужо ў ХVІ-м стагоддзі, у пэрыяд Рэнесансу, мёртвая старабаўгарская мова зьнікае з грамадзкага ўжытку і лякалізуецца толькі ў праваслаўнай царкве, і то, як царкоўны (царкоўна-славянскі) афіцыёз. У дзяржаўных і грамадзкіх дачыненьнях у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала старабеларуская кніжная мова, якая канчаткова выцесьніла, запаланіла і перамагла ранейшую кніжную старабаўгарскую мову.

Тут варта заўважыць, што рускія савецкія гісторыкі-шавіністы называлі старабаўгарскую мову „ древнерусским языком” і будавалі на гэтым цэлыя антынавуковыя канцэпцыі аб міфічным „ древнерусском государстве” (пад якім падразумевалі Кіеўскую Русь і часова залежныя ад яе землі), аб „ узьнікненьні” беларусаў, украінцаў і рускіх зь міфічнай „ древнерусской народности” (якой ніколі не існавала) і аб пачатку беларускай мовы з ХIV стагоддзя, а беларускай гісторыі – з 1917 года.

Рускія афіцыёзныя гісторыкі прыдумвалі гісторыю, каб абгрунтаваць нібыта натуральнасьць існаваньня СССР, расейскі каляніялізм і расейскія прэтэнзіі на Ўкраіну і Беларусь.

Я сказаў у пачатку, што, азіраючыся на гісторыю нашай мовы, займае дых. Таму што на старабеларускай дзяржаўнай мове неверагодна шмат напісана, таму, што я зачараваны яе багацьцем, вобразнасьцю, распрацаванасьцю і хараством. Пачытаўшы на старабеларускай кніжнай мове, разумееш, чаму Максім Багдановіч, седзячы ў расейскім горадзе Яраслаўль і акунуўшыся ў чытаньне гэтай мовы, стаў вялікім паэтам. Вось жа і сапраўды, што „ як алень спрагнелы, мкнець да вады крынічнай, шукаю Бога я”.

Апошняя зьмена кніжных і афіцыйных моваў адбылася шмат дзе ў Эўропе (і ня толькі ў Эўропе) у ХVIII-ХІХ стагоддзях, у пэрыяд узьнікненьня нацыянальных рухаў супраць імпэрыяў, з разьвіцьцём літаратуры рамантызму і ў выніку стварэньня нацыянальных дзяржаваў.

У гэты час адбываецца пранікненьне ў літаратурны і афіцыйны ўжытак народнай мовы (гэта значыць мовы, на якой гаварылі і сьпявалі шырокія масы народа). Менавіта гэтая мова стала мовай нацыянальнай літаратуры, менавіта за яе змагаліся нацыянальныя рухі, менавіта на ёй будавалася нацыянальная дзяржава і новая нацыянальная культура. Беларуская гісторыя, таксама як і гісторыя іншых народаў, добра ілюструе гэты моўны працэс.

Цяперака, азірнуўшыся за сабой, углядаючыся ў глыбіню, у наш народны лёс, можам сказаць коратка і ёмка: Беларуская мова – гэта мы.

* * *

Але ёсьць яшчэ вышэйшая цана мовы, якая не вымяраецца нават жыцьцямі. Мова належыць усім пакаленьням народу, якія жылі дагэтуль і якія будуць жыць потым. Мова належыць мінуламу і будучыні. Ніхто ня мае права разбуральна распараджацца лёсам нацыянальнай мовы (а толькі станоўча), ніякі чалавек і ніякое пакаленьне народу. Мова ёсьць трансцэндэнтная, вечнасная каштоўнасьць нацыі. Таму пытаньне існаваньня ці абмежаванасьці ўжываньня мовы ніколі і нідзе не вырашаецца на рэфэрэндумах. Бо людзьмі (пакаленьнем) могуць маніпуляваць. Не дазваляюць вынясеньня лёсу мовы на рэфэрэндум і беларускія законы.

* * *

У цяперашніх абставінах, калі ўлады рэжыму прыніжаюць беларускую мову, зачыняюць беларускія школы ды беларускія газэты, па афіцыйных крыніцах вядома, што больш за 86 адсоткаў грамадзянаў Беларусі лічаць беларускую мову сваёй роднай, але толькі каля сарака адсоткаў карыстаюцца ёй ў жыцьці.

І тут узьнікае пытаньне, якое мне задавалі ўсюды, на якое ня проста адказаць і цяжка ўсім растлумачыць. Бо не разумеюць. Пытаньне гэтае гучыць так: „ А чаму беларусы між сабой не гавораць па-беларуску?” Усе на сьвеце між сабой гавораць пасвойму. Цыганы, якія ніколі ня мелі і ня маюць сваіх школаў, бо не існуе цыганскай пісьмовасьці, а між сабой – гавораць па-цыганску. Ня знойдзеш цыгана, які б не гаварыў па-цыганску. Дык у чым жа справа?

Ня стану і я адказваць на дзіўнае пытаньне, тым больш, паўтаруся, што нідзе нас у гэтым не разумеюць. Зазначу толькі, што, для датрыманьня чалавечай годнасьці і нават найпрасьцейшага культурнага звычаю ці маральнага рушэньня, заўсёды патрэбнае стараньне і сіла духа. У канцовым выпадку вырашае воля. Нішто ня можа перамагчы волю людзей, калі яна моцная і калі яна ёсьць. з гэтага гледзішча не павінна б існаваць праблемы беларускай мовы ў Беларусі. Бо заўсёды можа стацца так, як усе захочуць.

Мы мусім усьвядоміць, што ў нас самых засяроджаная велізарная магчымасьць: без вялікай бойкі, бяз грукату, бяз шуму і стратаў у корані перамяніць становішча і высока падняць нашу беларускую мову ў нашай краіне. Менавіта так думаюць і робяць усе ва ўсім сьвеце. Патрэбныя толькі хаценьне, воля і добры чын.

Дык чаму ж беларус зь беларусам не гавораць па-беларуску?..

28 верасьня 2001 г., Варшава

Надрукавана: („ Народная Воля”, – 2001, 31 кастрычніка, 2 лістапада)

 

3. БЕЛАРУСКІ НАРОД

Найвялікшай каштоўнасьцю Беларускай Нацыі ёсьць Беларускі Народ. Народ – гэта фізічнае цела нацыі. Гэта ўсе мы і кожны з нас разам. Культура, мова, вера, характар, мэнтальнасьць ёсьць як бы аўра народу (душа), вытворнае духа і дзейнасьці. У гэтакім адзінстве „ душы” і „ цела” толькі й можа існаваць народ.

Калі мы гаворым пра каштоўнасьць народу, то перш за ўсё маем на ўвазе ягонае існаваньне, ягоную бытнасьць, прысутнасьць у жыцьці. Народ павінен быць. Дзеля гэтага грамадзтва клапоціцца пра стварэньне ўмоваў існаваньня народу і пэрспэктываў ягонага разьвіцьця.

Аўра ствараецца толькі на ўзроўні грамадзкага ўсьведамленьня народнай пэрспэктывы і забясьпечвае несьмяртэльнасьць народу. Фігуральна і сымвалічна вечнасьць народу можна паказаць так: ЛЮДЗІ – ДОМ – ХРАМ. Лёгка зразумець (і гэта пацьвярджаецца гісторыяй), што дэградацыя і самавыміраньне пачынаецца заўсёды ў адваротным парадку – з разбурэньня ХРАМА, са зьнішчэньня аўры (г. зн. мовы, рэлігіі, культуры і г.д.). Потым разбураецца ДОМ (г. зн. адбываецца страта ўласнасьці, маёмасьці, дзяржаўнасьці, расстройства працоўных дачыненьняў, марнатраўства грамадзкага багацьця і г.д.).

Пасьля разбурэньня ДОМА перад людзьмі застаюцца два шляхі: альбо адраджэньне (гэта значыць найперш – адраджэньне ХРАМА), альбо заміраньне, зьнікненьне з культуры і геаграфічнае мапы чалавецтва. (У цяперашняй цывілізацыі такі стан можа зацягвацца харытатыўнай дапамогай, гуманітарнымі падачкамі на выжываньне. Але гэта не ўплывае на працэс выміраньня).

Адраджэньне заўсёды пачынаецца (і толькі магчымае) з духоўнай ідэі адбудовы ХРАМА (сьвятыні). Ізноў паўтаруся: гэта значыць мовы, гістарычнай памяці, культуры, рэлігіі, сымвалаў, велічы і г.д. Ідэалёгіі, якія дэкляруюць будаваць толькі ДОМ, як правіла, узьнікаюць у спэцыяльных абставінах, маюць матэрыялістычна-папулісцкі ці падвойны характар і вырастаюць ва ўмовах рэгрэсу, самы зьяўляюцца адлюстраваньнем заняпаду.

Будаўніцтва сьвятыні вымагае ахвярнасьці, бо яно не абгрунтаванае матэрыяльнымі мэтамі. Каб будаваць храм, трэба ўмець думаць духоўнымі сымваламі, асэнсоўваць іх і адчуваць патрэбу. Вымагаецца адпаведны ўзровень грамадзтва, каб быць народам і мець індывідуальную адказнасьць за нацыянальныя інтарэсы.

Узровень дасягаецца ў выніку стварэньня абставінаў гістарычнага разьвіцьця. Тады вялікую ролю пачынае адыгрываць характар улады і дзейнасьць грамадзкай эліты.

Тым часам пры выхадзе з заняпаду і ў пэрыяд нацыянальнага адраджэньня найвялікшую ролю адыгрывае нацыянальнае асьветніцтва і нацыянальная эліта, накіраваная на стварэньне ХРАМА. Дарога павінна весьці да сьвятыні. Грамадзтва мусіць мець ідэалы.

Ніякія прагматычныя інтарэсы не прыводзяць да нацыянальнага адраджэньня народа, бо адраджэньне патрабуе ахвярнай барацьбы і не зьяўляецца прагматычным дзеяньнем.

Гісторыя чалавецтва набрала вялікі грамадзкі вопыт, што рабіць і чаго не рабіць. Ня трэба, напрыклад, будаваць Бабілёнскую вежу, але заўсёды трэба берагчы сьвятыню, нават калі ад яе засталася толькі сьцяна.

Шляхі і вынікі нацыянальнага адраджэньня добра вядомыя, маем шмат прыкладаў. Тым часам амаль не гаворыцца пра працэсы і вынікі рэгрэсу. У гэтым ніхто не зацікаўлены. А калі і гаворыцца, то ў скажоным выглядзе, найчасьцей сьведама падмяняючы паняцьці, бо рэгрэсуючае грамадзтва ня ў стане пра сябе адпаведна паведамляць. Заняпад адных часта адпавядае інтарэсам іншых.

Ацэнка народам самога сябе розная на схіле і на ўздыме. Адраджэньне, што вымагае ахвярнасьці, менш праймаецца стратамі, бо на ўздыме на месца аднаго становяцца двое.

Тым часам пры заняпадзе страты неаднаўляльныя. Адсюль патрабаваньне рознай стратэгіі існаваньня. Пры ўзьлёце вырастае роля і вартасьць асобы. Але менавіта на схіле прыходзіць усьведамленьне каштоўнасьці кожнага чалавека, патрэбнасьці дапамагаць народу на этнічным узроўні, незалежна ад палітычнае і ідэалягічнае арыентацыі. У найбольш здаровай часткі людзей тут спрацоўвае інстынкт выжываньня. Гэта разумны інстынкт, бо народ існуе пакаленьнямі, а палітычныя погляды, ідэалёгія не абавязкова перадаюцца ў спадчыну. Кожнае пакаленьне сінтэзуе сваю ідэйна-палітычную рэальнасьць. Дзеці не абавязкова ва ўсім паўтараюць бацькоў. Але з пшаніцы вырастае пшаніца, а з бобу – боб. Культурнае поле трэба берагчы ад зарастаньня.

Тым часам у пэрыяд дэградацыі відавы інстынкт (у дадзеным выпадку, інстынкт захаваньня этнасу) якраз аслаблены. Людзі не трымаюцца сваіх, сваёй зямлі, звычаяў, сям’і, бацькоў, дзяцей, традыцыяў і г.д. Зьнікаюць паняцьці і патрэбнасьць ідэалаў, абавязкаў перад усімі, аслабляецца здольнасьць да супраціўленьня, да барацьбы за што-небудзь, нават за самыя неабходныя асабістыя інтарэсы (не кажам ужо пра інтарэсы народныя).

Працэс заняпаду народа гэта ёсьць, перш за ўсё, заняпад сьведамасьці. Аднак гэты рух па схіле ня ёсьць пэрманэнтным распадам. Адбываецца эфэкт сцісканьня. Нейкая частка народу (этнасу) на ўзроўні асобаў і цэлых групаў не паддаецца разбурэньню, захоўвае сваю ўнутраную ідэнтычнасьць і здольнасьць супраціўляцца. Колькасьць такіх людзей можа быць рознай і заставацца доўгі час на пастаянным узроўні.

Менавіта дзякуючы перш за ўсё гэтай „ сьціснутай” здаровай колькасьці людзей магчымы ёсьць фэнамэн нацыянальнага адраджэньня, і пружына тады пачынае выпроствацца (пры ўмове, калі зьбераглася бытнасьць этнасу).

Калі ж дэградаваны этнас зьнікае і засталася толькі „ сьціснутая” ягоная частка, то яна (гэтая частка, якая ідэнтыфікуе сябе) ёсьць самая моцная. Яна можа гістарычна рэалізавацца ў сваіх сьціснутых межах і выявіць надзвычайную здольнасьць да выжываньня (паколькі тут засталася спрэсаваная здаровая сіла загіблага народу).

Тыповымі прыкладамі такой „ спрэсаванай” гістарычнай рэалізацыі ёсьць, на мой погляд, краіны Балтыі (Эстонія, Латвія, Летува). Мы яшчэ назіраем таксама шмат дзе ў сьвеце працэс барацьбы за незалежнасьць такіх народаў, што панесьлі этнічныя страты і захавалі толькі сваё народнае ядро). Гэта валійцы, флямандцы, чачэнцы, татары, адзін з найстарэйшых народаў Эўропы – баскі – і іншыя.

Выпадкаў канчатковага народнага заміраньня, аднак, яшчэ больш. Блізкія прыклады: прусы, яцьвягі, правансальцы, хазары і інш.

Беларускі народ уваходзіць у трэцюю групу дачыненьняў, менавіта: нацыянальнага адраджэньня і існаваньня ў форме нацыянальнай дзяржавы. У гэтым стане знаходзіцца пераважная большасьць народаў Эўропы. Аднак Беларускае Адраджэньне, якое палітычна рэалізавалася ў 1918 годзе і стварыла беларускую нацыянальную дзяржаву, неўзабаве было перапыненае акупацыяй і расчляненьнем Беларусі паміж Расеяй і Польшчай. Нацыянальныя сілы, якія павінны б былі ў нармальных умовах забясьпечваць якраз дзяржаўную стабілізацыю беларускай нацыі, змушаныя былі адхіліцца на барацьбу з акупацыйнай палітыкай за выжываньне народа і неўзабаве ў большасьці былі фізічна зьнішчаныя; рэшта выгнаная за межы Беларусі.

Да паловы ХХ стагоддзя Беларускае Адраджэньне было разгромлена, а ягоныя дзеячы ліквідаваныя. Прытым сталінскія бальшавікі імкнуліся зьнішчыць перш за ўсё найбольш сьведамую, здаровую частку народа.

Тут трэба адзначыць, што генацыд на Беларусі расейскія бальшавікі праводзілі плянава (гэта значыць, што забівалі беларусаў па разнарадцы). Але адначасна зьнішчалі выбарачна, адпаведныя групы насельніцтва, найперш і менавіта – лепшых людзей. Так было забіта агулам каля трох мільёнаў беларусаў. Таму калі ў 80-х гадах (з падрастаньнем новага пакаленьня) пачалося вызвольнае змаганьне за беларускае адраджэньне і дзяржаўную незалежнасьць, выпростваньне пружыны ўжо не набрала належнай сілы, каб адным махам (як у іншых краінах) скончыць з акупацыйнымі дачыненьнямі і рэшткамі каляніялізму.

Мы назіраем перапляценьне супярэчлівых працэсаў. У перашай палове 90-х гадоў дамінавалі адраджэнскія тэндэнцыі. з другой паловы 90-х павялічваюцца праявы рэгрэсу.

Генацыд, русіфікацыя і вынішчэньне беларускага народу ў ХХ-м стагоддзі былі настолькі разбуральнымі для нацыі, што стварылі ў народзе характэрныя праявы заняпаду: абыякавасьць да палітыкі, гісторыі, культуры, да нацыянальных ідэалаў; адсутнасьць нацыянальнага радыкалізму; няздольнасьць да супраціўленьня і барацьбы; канцэнтрацыя на прыватным жыцьці і г.д.

І рэгрэсіўная тэндэнцыя, і адраджэнскі рух абазначылі „ ядро народу” (сканцэнтраваны этнас), лік якога ў 80-х гадах быў вельмі малы і сягаў у сярэднім аднаго-двух мільёнаў чалавек (10-20%). Гэтая лічба была добра відаць падчас гарбачоўскага ўсесавецкага рэфэрэндуму вясной 1991 года. Тут акрэсьленая велічыня, якая заўсёды вызначаецца пры комплекснай рэакцыі на нацыянальныя праблемы і нацыянальныя сымвалы, такія, як абарона нацыянальнай незалежнасьці, беларускай мовы, беларускай школы, беларускага войска, беларускага гэрба Пагоня і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, гатовасьць змагацца з імпэрскай палітыкай Расеі.

Гэтая цэнтральная велічыня (нацыянальна актывізаванае „ ядро народу”) цяпер істотна павялічылася, нягледзячы на супярэчлівыя палітычныя тэндэнцыі, і перакрочыла за палову. Але, з прычыны контравэрсійных абставінаў, яна мае, аднак, даволі размытыя межы. (Што ў цэлым якраз і адлюстроўвае становішча пераменнага руху.)

Мушу адзначыць, што ў стабільных незалежных краінах апора грамадзтва на нацыянальных каштоўнасьцях і сымвалах сягае заўсёды далёка за 90 адсоткаў. Нацыянальныя каштоўнасьці – тут бясспрэчныя пастулаты для ўсіх грамадзянаў краіны.

* * *

У беларускім грамадзтве існуюць паняцьці, якія ў сьведамасьці людзей на Захадзе альбо адсутнічаюць, альбо падразумяваюць крыху іншае значэньне. Напрыклад, няма такога шырокага паняцьця, як „ інтэлігенцыя”, што падразумявае ў нас людзей адпаведнага культурнага, адукацыйнага, сацыяльнага, інтэлектуальнага і маральна-этычнага ўзроўню, вылучаных па роду заняткаў і дзейнасьці. На Захадзе такое абагульненьне і шырокае вызначэньне патрабуе дадатковага тлумачэньня.

Нешта падобнае назіраецца і ў разуменьні слова „ народ”. Але сутнасьць тут не ў разыходжаньнях з Захадам, а ў разыходжаньні з часам.

На Беларусі – і сярод інтэлігенцыі, і сярод палітыкаў, і ўвогуле ў грамадзтве – пануюць яшчэ народніцкія паняцьці пра народ, якія склаліся ў ХІХ-м стагоддзі (найбольш у рамантычнай літаратуры). Маўляў, народ – гэта найперш сяляне, пастаяннае насельніцтва, што фізічна працуе на зямлі і выяўляе ў сабе асноўныя прыкметы этнасу. Тыя, што пісалі пра гэта і любілі „ народ”, былі шляхтай, панамі, разначынцамі і г.д. Адным словам, быў „ народ”, і былі „ яны”.

Потым „ народ” палюбілі рэвалюцыянеры і распаўсюдзілі гэтае паняцьце таксама на рабочых і на ўсіх, хто займаўся непасрэдна вытворчай ручной неінтэлектуальнай працай. Значыцца – на сацыяльныя нізы грамадзтва.

А калі так, то зьявілася жаданьне народ ашчасьлівіць. Гісторыя дамовых унутраных войнаў і ўнутранай барацьбы за ўладу сьведчыць, што як толькі зьяўляюцца энтузіясты перавярнуць усё ўверх дном, – „ шчасьце” не за гарамі.

У расейскай імпэрыі найбольш „ шчасьцетворнымі” аказаліся бальшавікі. Грамадзтва, якое яны пабудавалі, выглядала надзвычай проста: з аднаго боку ўжо „ шчасьлівы”, часткова ацалелы народ, з другога – партыя (бальшавікоў, значыць). Усё гэта называлася: „ партия и народ – едины”.

Таму калі ў Савецкім Саюзе нейкі партыйны „ таварыш” гаварыў пра народ – усё было зразумела, што ён меў на ўвазе. Калі ж гэтак гаварыў не „ таварыш”, то, як выяўлялася, пад уплывам „ таварышаў” і пад узьдзеяньнем адукацыі (дзе вывучалі паэтаў тыпу Някрасава, „ філёсафаў”, тыпу Чарнышэўскага і палітыкаў, кшталту Леніна), ён разумеў тое ж самае, толькі па паняцьцях ХІХ-га стагоддзя.

Народ – у савецкім уяўленьні – гэта простыя, як правіла, менш адукаваныя людзі, масы, якія займаюцца пераважна ручной працай, вытворчасьцю і гуртуюцца ў натоўп, рабочыя ды калгасьнікі.

Савецкае (ці савецка-народніцкае) паняцьце пра народ бытуе ў Беларусі па сёньняшні дзень. Зьявіліся нават нэўрастэнікі, гатовыя праклінаць быццам бы „ дурны народ” (як яны кажуць), што ня йдзе на барыкады і галасуе за Лукашэнку.

Нацыянальна-дэмакратычнае разуменьне паняцьця „ народ” (беларускі народ) – іншае. Народ, як я ўжо казаў у пачатку, – гэта ўсе мы – беларусы, жыхары нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы. Гэта ўсе мы – людзі аднаго беларускага этнасу, яго мовы, гісторыі і тэрыторыі, незалежна ад адукацыі, сацыяльнага стану і роду заняткаў.*

* Прадстаўнікі іншых дзяржаваў і іншых нацыянальнасьцяў, якія маюць беларускае грамадзянства і валодаюць усімі правамі, зьяўляюцца інтэгральнай часткай беларускага грамадзтва (у палітычным і юрыдычным сэнсе). У нацыянальна-культурным сэнсе яны могуць карыстацца правамі нацыянальных мяншыняў. – (З. П.)

Паводле прынцыпаў нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы, кожны беларус ёсьць частка беларускага народа, кожны можа (мае магчымасьць) сказаць: народ – гэта я. Сумяшчэньне індывідуальных інтарэсаў і пачуцьцё адказнасьці за ўсіх – гэта той стан, якім характарызуецца народ у дэмакратыі айчынаў.

Тым часам, калі пагаварыць зь беларусамі, то шмат хто думае, быццам народ – гэта нехта, а ён – так сабе: інтэлігент, ці вучоны, студэнт, ці ўвогуле „ просты чалавек”.

За часы акупацыяў і вынішчэньняў у беларускім народзе (як і ў кожным іншым) набралася шмат неадпаведных, чужых, аджылых меркаваньняў, наносных якасьцяў, якія адмоўна ўплываюць на мэнтальнасьць, перашкаджаюць адпаведна ацэньваць рэчаіснасьць.

Гэтыя „ адмоўныя якасьці” можна, што называецца, раскласьці па палічках. Але я ня бачу аніякай неабходнасьці ў такога роду аналізе і катэгарычна супраць выстаўленьня народных балячак напаказ у той час, калі зачыняюць беларускія школы, зьневажаюць беларускую мову, аплёўваюць беларускія сымвалы, гісторыю і культуру, Васіля Быкава, Кастуся Каліноўскага, і ўсё гэта называецца афіцыйнай палітыкай. Трэба нам шукаць іншыя спосабы народнай размовы і пазбаўленьня ад недахопаў, чым выстаўленьне іх на публічны агляд у няволі. (Мы ўжо маем гістарычны вопыт самабічаваньня перад чужымі.) Пра нашыя народныя ўнутраныя бядоты публічна мы будзем гаварыць у вольнай Беларусі (калі застанецца ў гэтым патрэба).

Вышэйшая праўда ня ў тым, што ў нас склаліся тыя ці іншыя адмоўныя звычкі, а ў тым, што цяпер, як на вайне, патрэбная адказнасьць і разумная самаацэнка, нельга даваць аргуманты нягоднікам і ворагам беларушчыны, каб яны потым пацьвельваліся і зьневажалі наш народ, спасылаючыся на выказваньні самых беларусаў.

Калі йдуць у адведкі да хворага чалавека, то не кажуць яму, як ён кепска выглядае і што можа памерці, бо вышэйшая праўда ў іншым – падтрымаць хворага, каб выздаравеў.

Нам, беларусам, патрэбна цяпер не самакрытыка і не самаедзтва, а самападтрымка, станоўчыя прыклады і станоўчыя ідэалы. (Тым больш, што самаедзтва – адна з заганаў у нашым грамадзтве.)

Памятаю, нядаўна ў Чэхіі група чэхаў і беларусаў слухала беларускую песьню, дзе сьпявак-беларус вітаў беларускую „ нацыю”, абзываючы яе грубым зьняважлівым словам.

„ Калі б такое пра чэхаў сьпяваў чэх, – сказаў адзін, – яго б проста...” (Тут я не перадаю, што б зь ім зрабілі, каб не пашыраць экстрэмісцкія выказваньні, але прысуд быў бы вельмі жорсткі.)

Іншая справа, што чэхі такога не сьпяваюць. Не прыходзіць у галаву. А беларусы – нічога. Слухаюць. Прывыклі, відаць.

Зважайма, аднак, што як мы думаем, так мы і жывём. А не наадварот.

Беларускі народ – гэта ты і я, ён і яны. Не забывайма, што народ існуе на доле (кансэрватыўная ягоная частка), але разьвіваецца ўгары.

Народ, як ужо гаварылася, жыве ў лепшых сваіх прадстаўніках. Павінен быць балянс, давер, лучнасьць паміж элітай і паспольствам (грамадзтвам). і найперш – у разуменьні і ўспрыняцьці нацыянальных каштоўнасьцяў. На верхавіне ж народу палягае і трымаецца найвялікшая адказнасьць за ягоны лёс.

Ці ўсьвядоміла сабе гэта наша беларуская „ верхавіна”? Вось дзе пытаньне.

* * *

Што трэба рабіць, каб народ існаваў, ствараў і разьвіваўся, як забясьпечыць стабільнасьць ягонай трыадзінай структуры быцьця?

Як і ва ўсялякай канструкцыі, ідэйнай ці матэрыяльнай, тут ёсьць асновы (апоры), на якіх трымаецца ўвесь балянс зьявы. Калі гэтыя апоры выбіць, структура пачынае распадацца, зьява не разьвіваецца. На зьберажэньне такіх апорных асноваў нацыі павінна накіроўвацца агульная энэргія народа. (Тут падкрэсьліваю, што менавіта агульная энэргія, як імпэратыўнае дзеяньне, якое не падлягае сумненьню і ўсьведамляецца як неабходнасьць.)

На ўзроўні ЛЮДЗЕЙ галоўным зьберагаючым і фармуючым грунтам зьяўляецца салідарнасьць. Пачуцьцё салідарнасьці рознае ў розных народаў. Мы гэта выразна бачым на практыцы і заўсёды можам ацаніць вынікі гэтай рознасьці.

Салідарнасьць – вялікая сіла, моц народа. Калі народ салідарызаваны, ён вытрывала пераносіць удары лёсу (страту незалежнасьці, акупацыю, генацыд, рэпрэсіі, перасьлед і інш.). Салідарны народ – непераможны, на салідарнасьці трымаецца грунт яго незалежнасьці і свабоды.

Пачуцьцё салідарнасьці – гэта частка мэнтальнасьці народа, яно складваецца гістарычна на працягу жыцьця пакаленьняў. Яго нельга адразу зьнішчыць і адразу набыць. Патрэбныя адпаведныя ўмовы і доўгі працэс, замацаваны ў падсьведамасьці.

Трэба разумець, што народу з малой салідарнасьцю цяжка самарэалізавацца (асабліва ў неспрыяльных умовах), ён лягчэй паддаецца асіміляцыі і без супраціву здольны растрачваць свой духоўны і народны набытак. Аднак салідарнасьць можна шматкроць павялічыць тады, калі народ усьведамляе яе неабходнасьць.

На ўзроўні ДОМУ галоўным апірышчам зьяўляецца незалежнасьць (дзяржаўная незалежнасьць). Гэтая пазыцыя дасягаецца і зьберагаецца толькі агульным калектыўным дзеяньнем і зьяўляецца ўмовай нармальнага разьвіцьця.

Народнае разьвіцьцё найбольш поўна забясьпечваецца дзяржаўнай палітыкай. Таму на структурным узроўні ДОМУ няма нічога важнейшага за дзяржаўную незалежнасьць, бо толькі тады ўвогуле можна нешта гарантавана плянаваць і рабіць у маштабе ўсёй нацыі.

Цяперашні актуальны лёзунг Беларускага Народнага Фронту: „ Не павы чалавека – галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свбода, бо не бывае „ правоў чалавека” пад акупацыяй”, – гэты лёзунг зыходзіць якраз з разуменьня прыярытэту дзяржаўнай незалежнасьці. Калі ня ставіць галоўнай мэтаю барацьбу за свабоду і незалежнасьць, то можна ўвесь час змагацца за „ правы чалавека” (дасягаючы мізэрнасьці цаной вялікіх ахвяраў), але змарнаваць будучыню ўсёй нацыі. Будучыня найперш – у свабодзе, а не ў выпрошваньні правоў перад акупантамі і дыктатарам.

Змагацца за правы неабходна. Але без барацьбы за волю – гэта лёгіка калябарантаў. Хаця (тут я зраблю адступленьне ад тэмы) нельга адмаўляць нацыянальнай калябарацыі з акупацыйным рэжымам у сфэры адміністрацыі, бо трэба абараняць народ любымі спосабамі. Аднак і ў абароне трэба мець на мэце змаганьне за незалежнасьць.

Шмат якія беларускія адраджэнцы пэрыяду 2-й Сусьветнай вайны сьведама пайшлі працаваць у цывільную акупацыйную адміністрацыю, адчынілі беларускія школы, тэатры, арганізавалі беларускую моладзь, у канцы вайны – беларускія вайсковыя адзінкі, выхавалі паўтысячны беларускі афіцэрскі корпус і адначасна (яны ж) адразу стварылі антынямецкае падпольле – таемную Беларускую Незалежніцкую Партыю, якая змагалася зь немцамі. (І якую гэстапаўцы вынішчылі амаль на палову.)

Потым тысячы беларускіх адраджэнцаў стварылі моцную беларускую палітычную эміграцыю на Захадзе, аднавілі дзейнасьць Рады БНР, удзельнічалі ў халоднай вайне супраць СССР, зьбераглі беларускія сымвалы і Беларускую нацыянальную ідэю, якую ў 80-х гадах зноў узьняў і сцьвердзіў нанова Беларускі Народны Фронт „ Адраджэньне”.

Другі прыклад калябарацыі: 20-я гады, беларускія дзеячы паверылі абяцаньням бальшавікоў і вяртаюцца на Беларусь. Яны працуюць дзеля Бацькаўшчыны, беларускай навукі, асьветы, культуры, не стварыўшы ніякага антыакупацыйнага падпольля і не змагаючыся з бальшавізмам. Практычна, усе яны неўзабаве былі фізічна зьнішчаныя НКВД, перастраляныя, як качкі, а тыя, што трапілі ў ГУЛАГ, толькі перад сьмерцю зразумелі сваю памылку.

Трэці прыклад: пасьляваенная беларуска-савецкая калябарацыя. Тут згнечаны нават інстынкт супраціўленьня. Абарона Беларушчыны ідзе на ўзроўні адстойваньня нацыянальных правоў, дазволеных у межах камуністычнай дактрыны і савецкай палітыкі. Хоць кожны разумеў, што ўсё вырашае не камуністычная дактрына, а крамлёўская ўлада.

Цяперашняя сытуацыя паказвае, што Масква (дакладней – маскоўская палітычная ўлада: КГБ-ФСБ) зрабіла тактычныя высновы са стогадовай барацьбы зь беларускім Адраджэньнем. Яна імкнецца насадзіць рускую вышэйшую адміністрацыю ў Беларусі, выключыўшы супрацоўніцтва зь беларусамі нават на ўзроўні былых савецкіх функцыянераў і ствараючы пры гэтым сваю квазіапазыцыю з былой каляніяльнай намэнклятуры. (Тактыка так званага „ кіруемага канфлікту”.)

Практычна, ідзе франтальнае зьнішчэньне ўсяго беларускага. (Цяпер узяліся за разбурэньне Курапатаў, за беларускія кадры і за закрыцьцё апошніх беларускіх газэтаў.) Сытуацыя падобная, як у 1943 годзе за часы гаўляйтара фон Готбэрга – беларусафоба і шэфа Гэстапа, які арганізаваў забойствы дзеячоў Беларускай Незалежніцкай Партыі і ліквідацыю прыхільнага да беларусаў Вільгэльма Кубэ.

* * *

Але вернемся да нашай размовы пра апорныя асновы народу.

На ўзроўні ХРАМУ, у сфэры ідэяў, творчасьці, веры, культуры, галоўным апірышчам зьяўляецца нацыянальная мова.

Я ужо казаў у разьдзеле пра беларускую мову, што змаганьне за ўсталяваньне нацыянальнай мовы было першасным пытаньнем нацыянальнага фармаваньня народаў, стварэньня нацыяў і нацыянальных дзяржаваў. Сцьверджаньне нацыянальнай мовы адбывалася рознымі шляхамі, але паўсюдна гэтае пытаньне ўспрымалася тады як палітычнае і вырашалася часам у зацятай барацьбе з імпэрскай палітыкай вялікіх дзяржаваў.

Мова, якая ў сваёй фэнамэнальнай сутнасьці зьяўляецца наймагутнейшым сродкам культуры (бо фармалізавала і сфармавала чалавечае думаньне), у пэрыяд стварэньня нацыяў асэнсоўваецца якраз у гэтым культуралягічным значэньні як галоўны, зьвязваючы і культурны чыньнік нацыі.

Гэты чыньнік унівэрсальны як для эвалюцыйных гістарычных нацыяў, гэтак і для новых, піянэрскіх, каляніяльных ці эмігранцкіх грамадзтваў, такіх, як, скажам, ЗША, Канада, Аўстралія і інш. Працэсы моўнай уніфікацыі тут даволі вядомыя і складваліся часам у выніку жорсткай ваеннай і палітычнай барацьбы. Адгалоскі яе не закончыліся па сёньняшні дзень. (Напрыклад, змаганьне французкамоўнага Квэбека за незалежнасьць ад Канады).

Агульнапрынята, што працэс складваньня нацыяў спыніўся ў пачатку ХХ-га стагоддзя. Але змаганьне за незалежнасьць і нацыянальнае Адраджэньне там, дзе засталіся рэшткі каляніялізму і імпэрскай палітыкі, прадаўжаецца па сёньняшні дзень (Каўказ, Балканы, Вялікабрытанія, Усходняя Эўропа, Расея).

Імпэрская палітыка спарадзіла шэраг тактычных і прапагандысцкіх прыёмаў у барацьбе з нацыянальным Адраджэньнем і нацыянальнай мовай.

Самым небясьпечным палітычным вывертам імпэрскай стратэгіі ў змаганьні з нацыямі ёсьць падмена нацыянальнай ідэі рэлігійнай (канфэсійнай) ідэяй. Такая маніпуляцыя, калі яна прышчаплялася ў грамадзтве, заўсёды прыводзіла да бясконцай братабойчай барацьбы і разьліву крыві, да падзелаў народа па канфэсійнай прыкмеце, да нацыянальных стратаў. У тым ліку – і моўных (Ірляндыя). Найбольш характэрныя прыклады – Балканы, Каўказ, Вялікабрытанія-Ірляндыя. (Мы ня кажам тут пра так званы „ трэці сьвет”.)

У сфэры прапагандысцкай дэмагогіі існаваў (і прадаўжае існаваць) цэлы набор прыёмаў супраць усталяваньня нацыянальных моваў: ад даказваньня „ непаўнавартаснасьці” і „ памерласьці” чыёй-небудзь мовы (напрыклад, Карл Маркс пра чэхаў, рускія – пра „ інородцев” і г.д.) да сцьвярджэньня ўвогуле – другаснасьці мовы ў сістэме нацыянальных каштоўнасьцяў. Маўляў, мова, быццам бы, ня мае значэньня. Галоўнае – „ самастойнасьць”, „ свой шлях”. Гатовыя былі няшчыра гаварыць нават пра „ незалежнасьць” (аўтаномію) у складзе імпэрскай дзяржавы. Нацыя, маўляў, можа быць і бяз мовы, а вось „ народнасьць”, „ адметнасьць” – трэба паважаць.

„ Мы – за Белоруссію, но протів белорусского языка”, – казалі афіцыйныя расейскія непрыяцелі Беларушчыны у пачатку ХХ-га стагоддзя (прадстаўнікі розных агентурных таварыстваў, тыпу „ Белорусское Общество”, „ Крестьянин”, газэта „ Белорусская жизнь”, усялякія саланевічы, кавалюкі і іншыя „ дзеячы”). У гэтай думцы выяўлялася сутнасьць ахоўніцкай ідэалёгіі „ западнорусизма”. На ёй тоўпіліся потым розныя „ абласьнікі” ды „ інтэрнацыяналісты”.

У апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу, калі ўжо набірала моцы новае Беларускае Адраджэньне, зноў зьявіліся людзі, якія то тут, то там пачыналі гаварыць: маўляў, „ язык не нада – нада свабода”; „ главное ликвидировать тоталитаризм”, „ главное не язык, а демократия”. Потым, калі атрымалі ня тую „ дземакрацію”, пачуліся галасы: „ главное не язык, а права человека” і г.д.

Лапідарныя сэнтэнцыі, аднак, зьяўляюцца зусім не спантанна. Пытаньні прыдуманыя на ўсе ўзроўні. „ Што лепш, – пытаюць, напрыклад, – калі хто гаворыць па-беларуску і супраць незалежнасьці, ці калі хто гаворыць па-руску, але за незалежнасьць?” Глядзіш, які-небудзь прастак і задумаецца. (Ёсьць людзі, гатовыя па наіўнасьці выбіраць нават паміж куляй і вяроўкай, хоць выбіраць трэба іншае, бо тут няма выбару.)

Гэтакая палітпрапаганда на бытавым узроўні, нават самага прымітыўнага кшталту, – далёка не бясшкодная справа ў каляніяльна дэфармаваным грамадзтве.

Цікавае назіраньне. Калі нават у вельмі агульных рысах прааналізаваць антыбеларускую дзейнасьць у нашай краіне на працягу другой паловы ХХ-га стагоддзя, так ці гэтак выкліканую ўсходняй палітыкай, то заўважаем, што найбольшая актыўнасьць, найбольшая колькасьць зьвязаных тэмаў і найбольш выразныя тэндэнцыі разбурэньня відаць былі якраз у накірунку зьнішчэньня беларускай мовы. Тут праходзіў магістральны ўдар па беларускай нацыі, які яшчэ раней пакінуў у гісторыі ўнікальныя сьведчаньні цемрашальства. (Напрыклад, афіцыйная забарона ў 1840-м годзе рускім Сэнатам ужываньня назвы „ Беларусь” – і, адпаведна, беларускай мовы – ці рэпрэсіўны сталінскі асіміляцыйны дэкрэт аб „ рэформе„ беларускай мовы і набліжэньні яе да расейскай.)

Уражвае, аднак, нават ня гэтак характар антыбеларускіх дзеяньняў, колькі іхная бязьлітасная пасьлядоўнасьць, цягласьць, на працягу ўсёй гісторыі дачыненьняў з чужой уладай, накіраваная да адной палітычнай мэты – поўнага зьнішчэньня Беларускай культуры, Беларускай дзяржаўнасьці, Беларускага народа і русіфікацыі яго рэштак.

* * *

Выключнасьць антыбеларускай палітыкі з боку Масквы тлумачыцца, перш за ўсё, старым цывілізацыйным канфліктам. Пасьля разбурэньня і заняпаду Кіева (Кіеўскай Русі) вызначыліся два варагуючыя цэнтры аб’яднаньня ўсходніх славянаў: Вільня (Вялікае Княства Літоўскае) і Масква (Масковія, потым – Расея). Больш магутнае і эўропаморфнае Вялікае Княства, тым ня менш, было ўрэшце разбурана, бо апынулася паміж дзьвюх экспансіяў: захопніцкай з Захаду (немцы) і агрэсіўнай, варварскай – з Усходу (манголы, Масква). Падзел Усходняй Эўропы адбыўся ў канцы ХVIII стагоддзя, пасьля таго, як ўсходняя і заходняя экспансіі аб’ядналіся і Беларусь цалкам трапіла ў зону Расеі.

Для Расеі гэта была найвялікшая стратэгічная перамога за ўсё яе існаваньне. Ліквідаваны асноўны супернік. Царызм лічыў, што ўтрымаць у будучыні гэтую заваёву, стратэгічную тэрыторыю і манапольную пазыцыю ён зможа толькі разбурыўшы беларускую дзяржаву, зьнішчыўшы беларускую гісторыю і беларускую мову (паколькі гэта ўсё ўзаемазьвязана).

Татальнае, агульнае вынішчэньне беларускай культуры, русіфікатарская асіміляцыя стала афіцыйнай палітыкай Расеі ў Беларусі, праводзілася непасрэдна (ХІХ ст.), праз каляніяльную адміністрацыю (ХХ ст., камунізм), цяпер робіцца праз дыктатуру стаўленьнікаў.

* * *

Калі мы адзначаем апорную функцыю мовы ў вышэйшых (ідэйных) дачыненьнях народа, то маем на ўвазе нармальны эвалюцыйны працэс разьвіцьця цывілізацыі, натуральны працэс фармаваньня нацыяў і разьвіцьця культуры ў межах аднаго ўзроўню грамадзтва.

Мы не разглядаем тут зьявы трэцяга сьвету, арганізацыю дзяржаваў на руінах эўрапейскага каляніялізму тымі этнічнымі супольнасьцямі ды плямёнамі, якія займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй ды зьбіральніцтвам, ня мелі сваёй пісьмовасьці, альфабэту, культурнай гісторыі, але з адыходам калянізатараў стварылі, пры іх дапамозе, свае ўрады і адміністрацыю на партугальскай, французкай ці іншай эўрапейскай каляніяльнай мове. Зьявы гэтакай дэкалянізацыі і дзяржаўнасьці часьцяком даволі змушаныя і хімерычныя, з прычыны папярэдніх гвалтоўных каляніяльных парушэньняў, глыбокай дэфармацыі натуральных дачыненьняў ды патрэбаў разьвіцьця больш простых супольнасьцяў.

Дэкалянізацыйныя працэсы ў трэцім сьвеце вельмі наглядна паказваюць, што калі мова народа не зьяўляецца інфармацыйным чыньнікам ягонай гісторыі (гэта значыць, пісанай фіксацыі падзеяў, ня кажам ужо пра літаратуру), то зьвязваючая (культурная) функцыя мовы аслаблена. Чым больш культурны народ, тым мацнейшае культуратворнае (і адпаведна, палітычнае) значэньне мае для яго нацыянальная мова. Невыпадкова разьвіцьцё нацыянальнай мовы, яе існаваньне, ужываньне, зьберагаючыя абставіны рэгулююцца ня толькі нацыянальным грамадзтвам, але і дзяржаўнымі законамі.

Беларуская мова ў гэтым сэнсе – надзвычай яркі прыклад высокай культуратворнай напоўненасьці яе інфармацыйнай ролі ў грамадзтве. Наша старажытная гісторыя напісана пабеларуску. Сотні тамоў Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага, кнігі Магістратаў беларускіх гарадоў, перапіска знакамітых людзей, дыпляматаў, вялікія помнікі права – Статуты Вялікага Княства, старажытная перакладная літаратура, дыярыушы, потым тэксты Школьнага тэатру, Батлейкі, казані і граматыкі, прамовы і канты, духоўныя творы – усё гэта, ня гледзячы на вынішчэньні, захавала наша гісторыя ў выдатнай беларускай мове. Я не кажу ўжо пра гісторыю і літаратуру нашага нацыянальнага Адраджэньня ў ХІХ-м і ХХ-м стагоддзях.

Калі б уявіць немагчымае, што беларуская мова якім-небудзь катастрафічным чынам раптам зьнікла (пра што стараюцца нашыя непрыяцелі) і народ застаўся б бяз мовы, то ўся беларуская гісторыя і культура сталася б для яго адсечанай, мёртвай для новых пакаленьняў беларусаў. Яны як бы павісьлі б у паветры, безабаронныя перад русіфікацыяй і анэксіяй, пазбаўленыя грунту нацыянальнага існаваньня. На гэтым бы беларуская гісторыя і скончылася, нацыя зьнікла б, як туман, як пыл над вадой.

Успомнім 73 гады камуністычнай русіфікацыі, калі вынішчылі мову ў афіцыйным ужытку, сфальсіфікавалі беларускую гісторыю, абулі культуру ў лапці і пачалі яе адлік з 1917 года. Яшчэ адно-два пакаленьні такога існаваньня, і ... я ня ўпэўнены, ці адбылося б ужо Беларускае Адраджэньне.

Беларуская мова – гэта мы. Мы існуем як гістарычная нацыя толькі таму, што жыве ў грамадзтве беларуская мова і людзі яе падтрымліваюць. Нашае нацыянальнае Адраджэньне і народнае існаваньне, гэтак жа, як існаваньне іншых народаў Эўропы, зьвязанае з адраджэньнем і жыцьцём нацыянальнай мовы. Наша беларуская народная вечнасьць – у беларускай мове.

Гэта ёсьць абсалютная праўда, неабходнасьць, якая не падлягае сумненьню.

* * *

Акупацыя Беларусі і жорсткая антыбеларуская палітыка праводзілася якраз тады, калі ўся Эўропа будзілася да нацыянальнага жыцьця. Татальная забарона мовы выключыла легальнае разьвіцьцё беларускай літаратуры. У падпольлі нацыянальная літаратура разьвівацца не магла. (Хоць і зьявіліся беларускія ананімныя творы.) У выніку беларусы страцілі ў ХІХ-м стагоддзі мноства творчых людзей, якія вымушаны былі пісаць на іншых мовах і аддалі свае таленты іншым народам.

 

Літва! Радзіма мая! Ты, як здароўе.

Як даражыць табой трэба, толькі той зьведаў,

Хто цябе страціў...

 

У самым пачатку нацыянальнай эры Беларусь страціла найвялікшага паэта. Можам даказваць цяпер, колькі заўгодна, як думаў Адам Міцкевіч, скуль паходзіў, што любіў, пра што пісаў, як адлюстраваў наш беларускі быт і дух. Але ён пісаў па-польску і ўзбагаціў Польшчу. Ён ня быў чытэльным для беларускага народа, а для тых, хто чытаў (па-польску), ён быў ужо не сваім. Вырашыла мова.

Толькі праз сто гадоў другі раз нарадзіўся яшчэ адзін беларускі Міцкевіч, якога народ ужо ня страціў. Ён стаў Коласам на роднай ніве. Ягоная „ Новая Зямля” ёсьць найвялікшым шэдэўрам і праграмным творам беларускага існаваньня. Перамагла беларуская мова.

* * *

Падсумоўваючы размову аб апорнасьці (цэнтральнасьці) беларускай мовы на ўзроўні вышэйшых дачыненьняў жыцьця нацыі і азіраючыся на пройдзены гістарычны шлях супраціўленьня і выжываньня, з палёгкай адзначаю, што ў неверагодна цяжкіх умовах безвыходнасьці і страт беларусы здолелі абмінуць найбольш небясьпечныя камяні, пасткі магчымых будучых няшчасьцяў і пазьбеглі разбуральнай бяды. Мы шмат страцілі: і сталіцу, і велізарныя тэрыторыі, і мільёны насельніцтва, але захавалі ўнітарнасьць нацыі, адзінства культуры і адзінства народу пры шматлікасьці канфэсіяў. Пры невысокім (пакуль што) узроўні нацыянальнага пачуцьця нас, беларусаў, аб’ядноўвае, перш за ўсё, наша культура, гісторыя, мова і не разьядноўвае рэлігія.

Гэта вялікае народнае дасягненьне. У змаганьні з імпэрыяй мы пазьбегнулі таго, ад чаго не зьберагліся некаторыя іншыя народы (ірляндцы, сэрба-харваты, ліванцы і г.д.) – канфэсійнай нянавісьці. Беларусам не змаглі навязаць канфэсійны разлом нацыі, мы разумна абмінулі той час, калі такое магло стацца.

Псіхалягічнаму адзінству і талеранцыі беларусаў паспрыялі самы падзеі: пратэстантызм і зьнішчэньне пратэстантызму, Вунія і потым зьнішчэньне Вуніі рускімі, затым насаджэньне рускага праваслаўя ды палянізацыя тутэйшага каталіцызму, а потым перасьлед усялякай рэлігіі бальшавікамі і г.д. Народ адчуў, што канфэсія ня ёсьць тым грунтам, на які можна моцна абаперціся. Вывад, які стыхійна быў зроблены з гістарычных пераменаў і які адпавядаў псіхалягічнаму складу беларуса, такі: з суседзямі трэба жыць згодна. Беларус ня любіць канфліктаваць. Гэта той выпадак, калі нашыя сацыяльныя недахопы зьяўляюцца працягам нашых гістарычных пераваг.

Мы, прывыклыя да нармальнага людзкага абыходжаньня адзін з адным, не зважаючы на рознасьць, часам недаацэньваем гэтае сваё жыцьцё.

Каб ацаніць сябе, варта глянуць на іншыя месцы ў стыку былых імпэрыяў. Сэрба-харвацкі народ (а гэта адзін народ) гаворыць на адной сэрба-харвацкай мове (таксама ў Босьні, Чарнагоры і Герцагавіне). Толькі для заходняга насельніцтва (харватаў) яна пішацца лацінкай, для ўсходняга (сэрбаў) – кірыліцай. Усходнія – праваслаўныя, заходнія – каталікі. Кожныя маюць сваю дзяржаву і пры нагодзе ненавідзяць адзін аднаго ды рэжуць з такой лютасьцю, што па сёньняшні дзень ня ў стане разабрацца з гэтым нават Гаагскі Трыбунал. (Я ўжо не кажу пра сэрба-харватаў мусульманаў у Босьні і Герцагавіне.)

Такія ж самыя пэрспэктывы, такая ж небясьпека падсьцерагала ў гісторыі і нас, беларусаў. Больш таго, – нас штурхалі да гэтага нашыя непрыяцелі (а некаторыя, найбольш тупыя, штурхаюць яшчэ й цяпер). Але нічога не дамагліся. То ці ж ня мудры, ці не вялікі наш Беларускі Народ!

Апошняя фармальная небясьпека нацыянальнага расколу была абмінута ў 1912 годзе, калі беларускія адраджэнцы, згуртаваныя вакол падпольнай БСГ (Грамады) і легальнай „ Нашай Нівы” (з большага – каталікі) вырашылі, што трэба ўжываць для газэты адзіны альфабэт, апыталі чытачоў і перайшлі толькі на кірыліцу. (Раней газэта друкавалася падвойна: на кірыліцы і на лацінцы.)

Рашэньне было разумным і правільным. Патрэбны быў толькі адзін альфабэт, і толькі на кірыліцы трэба было пісаць і друкаваць тым, хто рэальна ацэньваў рэчаіснасьць, ведаў гісторыю, думаў пра беларускае Адраджэньне і адзінства нацыі. Цяпер, як кажуць валійцы, мы ўжо за вуглом.

* * *

Ужо дзьвесьце гадоў беларусы прыглядаюцца да сябе, як бы шукаючы прычынаў народнай бяды і выйсьця з залежнага стану.

Выйсьце заўсёды ёсьць. Хаця б, напрыклад, падрыхтаваць станоўчыя палітычныя зьмены. Але, па-першае, гэтыя зьмены трэба зрабіць самым. Другое – як бы і куды б мы ні „ выходзілі”, мы заўсёды спаткаемся самы з сабой. Адсюль усё і пачынаецца: з унутранага (індывідуальнага і грамадзкага) усьведамленьня нацыянальных патрэбаў і нацыянальнай неабходнасьці, з гатовасьці рабіць, як трэба, а не „ як хочацца”, са спадзяваньня на сябе.

Патрэбная духоўная асьветніцкая праца, культурная і палітычная, вялікая і штодзённая, бо нічога само не адбудзецца, ніхто для нас нічога ня зробіць, нічога ня „ дасьць”. Беларуская інтэлігенцыя, часам, забываецца пра гэта і чакае нечага ад „ народу”, абураючыся за бязьдзейнасьць. Аднак, у пэрыяд апатыі, у міжчасьсі якраз толькі нацыянальная эліта можа і мусіць дапамагчы народу ўсьвядоміць свой грунт, адчуць сілу, расплюшчыць вочы, пракласьці шлях у вечныя каштоўнасьці нацыі, ў храм, які здольны пабудаваць усе разам.

1-20 лістапада 2001г., Нью-Ёрк.- Варшава

 

4. БЕЛАРУСКАЯ ТЭРЫТОРЫЯ І ПРЫРОДА

Кожны народ жыве на сваёй зямлі, якая зьяўляецца ягонай тэрыторыяй. Гісторыя сьведчыць, што тэрыторыя была і ёсьць найгалоўнейшым нацыянальным багацьцем, найвялікшым народным дабром.

Кожны народ імкнуўся абараніць сваю жыцьцёвую прастору, а некаторыя – пашырыць яе за кошт іншых. За тэрыторыю ішло змаганьне і бясконцыя войны.

Зьява і паняцьце прасторы ёсьць паважная праблема філясофіі, матэматыкі і фізічных навукаў. Прастора, злучаная з часам (ці дакладней – „ прастора-час”), ёсьць асновай быцьця фізічнага сьвету. (Гэта значыць – рухомай рэальнасьці, сьвету, у якім мы жывём.)

Прасторавыя парамэтры формы і руху (існаваньня) мусіць мець любое цела, элемэнт, часьцінка ці стан часьцінкі (хваля) на ўсіх узроўнях фізічнага сьвету. Але ўсьведамленьне, пачуцьцё жыцьцёвай прасторы ўласьцівае толькі істотам жывой прыроды.

Усялякі жывы індывідыум (асобіна) акрэсьлівае сваю прастору (гэта значыць межы, у якіх існуе, рухаецца). Прытым, чым больш высокая біялягічная і псіхічная арганізацыя жывой істоты, тым больш выразнае акрэсьленьне ёй сваёй прасторы. Найбольш абазначана яна ў чалавека, што выклікала адпаведныя сацыяльныя формы яе працягу (кшталтаваньне жыльля, уласнасьці, недатыкальнасьці асобы і г.д.).

Сацыяльнае асэнсаваньне сваёй індывідуальнай прасторы чалавекам не заўсёды супадае з рэалізацыяй. Яно можа розьніцца, не супадаць з магчымасьцямі, залежыць найперш ад узроўню разьвіцьця і культуры грамадзтва.

Няроўныя таксама біялягічныя інстынкты адчуваньня ўласнай прасторы, зьвязаныя непасрэдна з целам. Спэцыялісты адзначаюць, напрыклад, значную шырыню індывідуальнай (біялягічнай) прасторы ў нашчадкаў англа-саксаў і кельтаў і іншыя (меншыя ці большыя) парамэтры ўспрыняцьця яе ў прадстаўнікоў суседніх зь імі этнічных супольнасьцяў і групаў.

З таго, што мне ўдалося назіраць асабіста, ездзячы па сьвеце, я магу толькі пацьвердзіць агульныя меркаваньні. Людзі ў Амэрыцы, напрыклад (нават у такім тлумным і выключным горадзе, як Нью-Ёрк), на вуліцах, у транспарце, у грамадзкіх, гандлёвых месцах, у чэргах – усюды, практычна, не датыкаюцца адзін да аднаго. Калі ў вузкім месцы, на вуліцы, на эскалатары, у вагоне ці ў краме вас мінаюць, то абавязкова просяць прабачэньня. Гэта азначае, што, маўляў, выбачайце, я небясьпечна мінаю вашу тэрыторыю, але я добра да вас настроены, толькі павінен тут прайсьці.

Калі нехта, напрыклад, у чарзе (дзе стаяць, як правіла, амаль што за мэтр адзін ад аднаго) незнарок даткнуўся да іншага, то іншы недаўменна адварочваецца і глядзіць, у чым справа, чаго ад яго хочуць. Таму сітуацыя, каб нехта не заўважыў, што даткнуўся да іншага і не папрасіў бы прабачэньня, проста выключаецца. Інакш – гэта нядобрая сітуацыя.

За пяць гадоў пэрыядычнага знаходжаньня ў Амэрыцы, іншых, скажам так, „ тэрытарыяльных” адносінаў між людзьмі – я не назіраў. Тым часам за гэты пэрыяд я ні разу ня бачыў, каб нехта ў гарадзкім транспарце (мэтро ці аўтобусе) саступіў месца старому, калеку ці жанчыне. Людзі (сталыя і маладыя) проста ня ведаюць, што так трэба рабіць. Іх такому не навучылі.

Гэтыя два прыклады праяўленьня сацыяльнай культуры маюць рознае падложжа: з аднаго боку – абкультураны інстынкт пачуцьця прасторы, з другога – маральны нуль, не прыгнечаны тэрытарыяльны эгаізм асобіны.

Абкультураны інстынкт, разуменьне тэрытарыяльнага права, павага да шырокай індывідуальнай прасторы чалавека спрыяе прыязным дачыненьням паміж людзьмі.

Грамадзтва, дзе ў масе, у натоўпе не датыкаюцца адзін да аднаго, не штурхаюцца, не зьневажаюць, не гавораць грубых словаў, стварае добрыя ўмовы для самапачуцьця асобы. і наадварот: там, дзе адсутнічае пашана да прасторавай аўтаноміі чалавека, адбываецца нарастаньне азлобленасьці і агрэсіі.

Раней, за саветамі, мне рэгулярна прыходзілася назіраць такую карціну. Падыходзіць пусты вясковы аўтобус. Ля дзьвярэй скапліваецца натоўп, чалавек 15-20 і шчыльна ціснуцца, чакаюць, пакуль шофер сходзіць у аўтобусную станцыю, вернецца і адчыніць дзьверы. Зь вяртаньнем шафёра ціск павялічваецца, куча робіцца нібы адзінае цела, і, калі дзьверы адчыняюцца, яно – гэтае сьціснутае чалавекацела з жанчынаў і мужчынаў – не адразу можа нават зайсьці праз праём у пусты аўтобус. Нарэшце прарываюцца першыя, ускокваюць унутр і, штурхаючыся, з шумам разьбягаюцца па салоне.

Калі потым спакойна зайсьці ў аўтобус, то людзі ўжо сядзяць, стаяць і размаўляюць між сабой, як ні ў чым ні бывала. Ніхто не адчувае ні зьбянтэжанасьці, ні прыніжэньня, ні сораму за тое, што толькі што адбывалася перад зачыненымі дзьвярыма.

Тут жа побач, за рэспубліканскай мяжой, у балтыйскіх суседзяў, быў той жа сацыялізм, тыя ж калгасы, такі ж узровень жыцьця, практычна, такі ж узровень бытавой культуры і тыя ж савецкія аўтобусы, „ ПАЗы” ды „ ЛАЗы”, але не стваралася перад імі гэтакае „ чалавекацела”.

Я прывёў адзінкавы прыклад. Але „ чалавекацела” у нас узьнікае ўсюды, часта – зь нечаканай нагоды, без аніякай лягічнай неабходнасьці і абгрунтаваньня. Мы лічылі гэта раней вынікам дэфіцытнага сацыялізму.

Можна дыскутаваць аб бытавой культуры, аб неабкультуранасьці прыродных інстынктаў, і тут – рацыя. Але ў падложжы гэтай неабкультуранасьці – розны маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы, рознае адчуваньне індывідуальнай тэрыторыі.

Напрошваецца лапідарнае пытаньне: ці не карэлюецца маштаб асэнсаваньня ўласнай прасторы індывідыумам з патрэбнасьцю індывідуальнай свабоды? Напрасткі тут нічога не карэлюецца. Гэта відавочна. Хоць і можна выявіць пэўныя сувязі. Мае значэньне, аднак, сама зьява, сам фэнамэн індывідуальнай прасторы, які ў вельмі адметны і сваісты спосаб праяўляецца на калектыўным, грамадзкім узроўні быцьця людзей як народу, калі ягоная тэрыторыя ёсьць неад’емнай часткай народнага існаваньня.

* * *

Паўнавартаснае этнічнае асэнсаваньне сваёй калектыўнай жыцьцёвай прасторы зьявілася ў людзей толькі пасьля пераходу да земляробства і аседлага жыцьця. Людзі, прывязаныя да аднаго месца, сталі глыбей адчуваць патрэбнасьць гэтай знаёмай канкрэтнай прасторы. Яна стала больш пазнавальнай для чалавека, часткай ягонага штодзённага жыцьця. Прырода, зноў жа, канкрэтызаваная ў прасторы, становіцца ня толькі агульным асяроддзем існаваньня, але як бы прыродным домам. Пастаяннае месца, пастаянная прырода і пастаянныя суседзі спрыялі сталым кантактам паміж людзьмі, далейшаму разьвіцьцю паняцьцяў „ сваё” і „ наша”. Людзі адной тэрыторыі, якія ўжо раней адрозьнівалі сябе ад чужых па мове і сваяцтве, асеўшы на зямлі, умацавалі сваё супольнае адзінства, наладзілі пастаянства сувязяў у пастаянных абставінах.

Калі лічыць, што людзі эвалюцыйна разьвіваліся з прыроды, то самаўсьведамленьне сваёй грамадзкай асобнасьці і адрозьненьне ад іншых групаў людзей павінна было мець першасны штуршок якраз ад усьведамленьня сваёй калектыўнай тэрыторыі. Паняцьцевае разьвіцьцё мовы і думаньне паспрыялі асэнсаваньню супольнай прасторы як чыньніка лучнасьці людзей. Фігуральна гэта выглядала так: маўляў, тыя, што гавораць інакш і робяць па-іншаму, – жывуць „ там”, а мы – „ тут”. Тутэйшасьць ёсьць форма супольнага ўсьведамленьня.

Пераход да земляробства і аседлага жыцьця быў плённым для ўмацаваньня і паглыбленьня этнічнай сьведамасьці. У сфэры пастаяннага, прывязанага да мясцовасьці насельніцтва лепш разьвілася этнічная культура (перадача традыцыяў праз лучнасьць пакаленьняў).

Асэнсаваньне калектыўнай прасторы паспрыяла ўнутранай кансалідацыі раньніх этнасаў. За агульную тэрыторыю вялося сумеснае змаганьне. Тэрыторыя этнічнага расьсяленьня стала перашаснай супольнай каштоўнасьцю.

У гэты час глыбока асэнсоўваецца прырода як неад’емная частка існаваньня. Экзыстэнцыянальная і псіхалягічная залежнасьць ад прыроды ў этнічных народаў вельмі моцная. Для гэтакіх людзей прыродная прастора ёсьць іхная агульная радзіма. Гэта тое, што іх найбольш злучае, дае першасныя сродкі для выжываньня, забясьпечвае жыцьцёвую рэалізацыю, веру ў свае сілы і псіхалягічны камфорт жыцьця.

* * *

Наступны этап грамадзкай самаацэнкі і самавыяўленьня – народная сьведамасьць. Яна замацоўваецца ў грамадзтве тады, калі ўзьнікае дзяржава (дзяржаўная арганізацыя ўлады) і афармляюцца сацыяльна-праўныя дачыненьні зямельнай ўласнасьці, зьяўляюцца гарады, пісьмовасьць, фіксуецца пісаная гісторыя.

Тэрытарыяльна-прыродны чыньнік тут, як і раней, адыгрывае асноўную псіхалягічна-ацэначную ролю. Але моўна-культурныя і сацыяльна-палітычныя аспэкты пачынаюць дамінаваць у грамадзкіх паводзінах і ў грамадзкім выбары.

Гэта асабліва стала добра відаць з разьвіцьцём гарадоў і ростам гарадзкога насельніцтва. Гарады былі месцам канцэнтрацыі больш разьвітай культуры і больш складаных сацыяльна-культурных адносінаў. Тут быў і больш высокі, ідэйна асэнсаваны ўзровень народнай сьведамасьці. Гарадзкое грамадзтва больш аддаленае ад прыроды, яно існуе ў сфэры створаных ім дачыненьняў і ў асяроддзі арганізаванай ім сацыяльна-архітэктурнай прасторы. Народная сьведамасьць у сфэры лепш арганізаванага асяроддзя і абкультуранай прасторы гарадоў набывае больш абстрагаванае (а значыць больш абагуленае) асэнсаваньне, апэрыруе лягічнымі катэгорыямі, сістэмнымі паняцьцямі. Супольная (народная) сьвядомасьць гаражанаў (мяшчанаў) менш зьвязаная з псіхалягічным асэнсаваньнем прыроднай прасторы і кансалідуецца на рацыянальным абгрунтаваньні свайго калектыўнага (народнага) адзінства. А гэта, як бачым, ёсьць вышэйшы і мацнейшы ўзровень сьведамасьці.

Народная сьведамасьць – гэта тое ж этнічнае, калектыўнае ўсьведамленьне сябе, але дамінуючым і фармуючым фактарам яе (псіхалягічным і рацыянальным) зьяўляецца культура.

Сучасная культура разьвівалася найперш праз гарады. Гарады былі (і застаюцца цяпер) маторам культуры. Зразумела, чаму культурна арганізаванае грамадзтва заўсёды імкнулася зблізіць горад зь вёскай, не дапусьціць вялікага разрыву паміж гарадзкім і вясковым існаваньнем. (Пра гэта я пісаў у артыкуле „ Урбанізацыя”.)

Такім чынам стварэньне дзяржаўнасьці (дзяржаўнай улады) і ўзьнікненьне гарадоў (рост гарадзкога насельніцтва) у праўна арганізаваным земляробчым грамадзтве паспрыяла афармленьню народнай сьведамасьці жыхароў адной мовы, адной культуры і адной тэрыторыі.

* * *

Наступны этап кансалідацыі людзей – нацыянальная сьведамасьць. Яе афармленьне зьвязанае з пачаткам працэсу пераходу да індустрыяльнага грамадзтва. Пераход паўсюдна суправаджаўся бурным ростам гарадоў, які быў выкліканы разьвіцьцём машыннай (таварнай) вытворчасьці. У выніку адбылося пераразьмеркаваньне балянсу насельніцтва ў карысьць гарадзкога.

У ХХ-м стагоддзі бальшыня насельніцтва індустыяльных краінаў жыве ў гарадах. Асноўным сродкам уласнасьці становяцца грошы, што паспрыяла павелічэньню індывідуальнай свабоды чалавека і мабільнасьці яго ў грамадзтве.

У гэтых умовах (на індустрыяльным узроўні разьвіцьця грамадзтва) нацыянальная сьведамасьць становіцца формай ідэалёгіі і грунтуецца, найперш, на нацыянальнай ідэі. Гэта значыць на такой ідэі, якая імкнецца да стварэньня нацыянальнай дзяржавы і асэнсоўвае нацыянальныя каштоўнасьці грамадзтва (найперш – мову, народ, тэрыторыю, культуру, гісторыю, рэлігію і г.д.) як сродкі яго фэнамэнальнага існаваньня, кансалідацыі і разьвіцьця.

Зразумела, чаму з разьвіцьцём нацыянальнай сьведамасьці пачалі развальвацца імпэрыі, што былі турмой народаў. (Народы, сцьвярджаючы нацыянальныя каштоўнасьці, імкнуліся стварыць самастойныя нацыянальныя дзяржавы.)

Суадносіны гарадзкога і сельскага насельніцтва ў індустрыяльным грамадзтве мелі вялікае значэньне для фармаваньня нацыянальнай сьведамасьці. У традыцыйным эвалюцыйным разьвіцьці нацыі працэс адбываўся напружана, але бесканфліктна. У адраджэнскім разьвіцьці (гэта значыць шляхам змаганьня з імпэрыяй ці за незалежнасьць ад іншай дзяржавы) рашаючай была барацьба за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы і за горад (за гарадзкое насельніцтва).

Некаторыя нямецкія інтэлектуалісты ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя (напрыклад, К.Маркс) пісалі пра чэхаў як пра загіблы народ, які канчаткова анямечаны і ўжо ніколі не падымецца. Але ў другой палове ХІХ стагоддзя рэзка ўзмацнілася чэшскае нацыянальнае Адраджэньне. Таварныя адносіны выклікалі павелічэньне насельніцтва гарадоў, куды перасяліліся чэшскія сяляне, якія ператварыліся там у дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамесьнікаў, купцоў, рабочых і г.д. Яны-то найперш і падтрымалі чэшскі нацыянальна-культурны і адраджэнскі рух. Гарады пачалі рабіцца ўсё больш чэшскімі па мове і па насельніцтву. Урэшце яны й вырашылі зыход нацыянальнага змаганьня за чэшскую культуру і чэшскую незалежнасьць.

Гэта клясычны шлях нацыянальнага Адраджэньня ў Эўропе. Такой дарогай ішлі і беларусы. Шмат якія беларускія нацыянальныя дзеячы дэкляравалі стаўку выключна на вёску і не давяралі зрусіфікаванаму гораду. Яны лічылі, што сьведамы беларус, вышаўшы з вёскі і атрымаўшы нацыянальную адукацыю, апануе і створыць нанова беларускую гарадзкую культуру.Так яно і пачынала рухацца. Але зьнешне-палітычныя сілы і акупацыі прыпынілі і дэфармавалі гэты рух.

Трэба ўлічыць, што зьява індустрыялізацыі грамадзтва, – гэта не нацыянальны, а цывілізацыйны працэс, які выклікаў зрух у нацыянальнай сьведамасьці людзей. Паўтаруся, што галоўны яго цывілізацыйны вынік – утварэньне нацыяў і перабалянсаваньне насельніцтва з сельскага ў гарадзкое.

Большасьць людзей індустрыяльнага грамадзтва (як мы ўжо адзначылі) жыве ў гарадах. Гэтага не назіраецца, напрыклад, у „ трэцім сьвеце”. Там большасьць – бедныя і жывуць у вёсцы. Гэтым якраз і характарызуецца „ трэці сьвет”. Сацыяльная дэмаграфія тут мае вызначальны культуралягічны сэнс.

Увогуле, трэба мець на ўвазе, што ў працэсе цывілізацыйнага руху некаторыя народы ці этнічныя супольнасьці па тых ці іншых прычынах выпадаюць з агульнага цывілізацыйнага разьвіцьця. Яны альбо зьнікаюць, альбо цяжка існуюць (экзыстуюць).

Тысячу гадоў таму, калі балты і славяне (цяперашнія беларусы) суіснавалі побач, то нашыя продкі стварылі гарады, мелі пісьмовасьць і перадавую рэлігію (Хрысьціянства). Балты нічога гэтага ня мелі і не стварылі. Вынік – яны растварыліся дазваньня ў славянскім моры, не пакінуўшы пасьля сябе нават успамінаў, акрама, хіба што, гідронімаў ды назоваў, тыпу „ Дулебы”, „ Яцьвягі” ці „ Дзяволтва”.

Этнічная сьведамасьць з апірышчам на тэрыторыю, прыроду, традыцыю і род не змагла супрацьстаяць народнай кансалідацыі, што абапіралася на дзяржаву і культуру (і гарады, як цэнтры культуры), плюс на Хрысьціянства, як дактрынальную цывілізацыйную рэлігію.

Другі прыклад: этнічныя сібірскія народы, якія расейскі імпэрыялізм проста стаптаў, збэсьціў, паламаў, спаіў; абрабаваў і згадзіў іхную зямлю і прыроду, прастору выжываньня. Лёс іхны незайздросны. Цяжка нават сказаць, ці ёсьць у гэтых народаў якая-небудзь пэрспэктыва.

Пэрспэктыва людзей (тэрыторыяў), што былі пад заходняй калянізацыяй, лепшая, але фактам ёсьць тое, што некаторыя зь іх, як і пэўная частка ісламскага сьвету, выпалі з індустрыяльнай цывілізацыі.

Сітуацыя драматычная, бо пакуль што безвыходная. Лёгка пралічыць і даказаць, што трэці сьвет ня можа ў гэтай сітуацыі дагнаць разьвітыя краіны. (Таму ён і „ трэці сьвет”, – гэта кляймо.)

З другога боку, павялічваецца нянавісьць, эгалітарызм, эміграцыя. Нарастае канфлікт паміж цывілізацыямі, які вельмі нагадвае дачыненьні паміж Рымам і варварамі. Фактычна, гэта той самы канфлікт, такога ж роду, толькі на іншым узроўні і ў іншых умовах.

* * *

Беларусь добра індустрыялізаваная краіна (працэс разьвіцьця затармазіўся толькі за апошнія сем гадоў). Яе структурная дэмаграфія цалкам адпавядае індустрыяльнаму грамадзтву. Толькі чвэрць насельніцтва жыве ў вёсках, а тры чвэрці – у гарадах. Аднак гэты цывілізацыйны ўзровень не карэлюецца зь невысокай нацыянальнай сьведамасьцю грамадзтва.

Токое становішча мае сваё тлумачэньне і абумоўлена, перш за ўсё, трагічнымі ўмовамі ХХ-га стагоддзя, у якіх апынулася Беларусь. Пасьля генацыду і вынішчэньня эліты грамадзтва ў 19201940-х гадах, краіна апынулася ў калгасна-саўгасным рэжыме. У 1950-х гадах, калі пачалася адміністрацыйная (сацыялістычная) індустрыялізацыя, афіцыйнае і афіцыйна-грамадзкае жыцьцё ў гарадах было зрусіфікаванае ў выніку палітыкі КПСС. Беларускія школы былі ўжо зачыненыя, а беларуская мова – перасьледвалася, не дапускалася ў афіцыйны і грамадзкі ўжытак. Стваралася атмасфэра непрыняцьця беларускай мовы (і яе носьбітаў), паколькі яна, згодна палітыкі КПСС, мусіла „ адміраць”, бо пры камунізме плянавалася адна мова (падразумевалася, што руская). Пра гэта пісаліся псэўданавуковыя дысертацыі, чыталіся даклады на канфэрэнцыях і лекцыі ў інстытутах, паэты плакаліся ў вершах („ Кажуць, мова мая адамрэ...” і г.д.).

Інтэлігентаў, якія цьвёрда баранілі мову і беларушчыну, называлі „ нацдэмамі” ды „ нацыстамі” (а гэта тады былі небясьпечныя палітярлыкі). Іх перасьледвалі, іншых людзей, што размаўлялі па-беларуску, абзывалі „ калхозьнікамі”, „ дзярэўняй”, і ўсё гэтае антыбеларускае варварства адкрыта падтрымлівалася зграяй начальнікаў, савецкіх кіраўнікоў, камуністаў, савецкіх палкоўнікаў ды іхных жонак, кагэбістаў, савецкіх настаўнікаў ды камсамольцаў і г.д.

У пачатку 60-х гадоў вясковым людзям дазволілі атрымліваць пашпарты (раней калгасьнікам пашпарты не выдавалі) і больш свабодна перамяшчацца. Пачыналася адміністрацыйная індустрыялізацыя, будаўніцтва гігантаў вялікай хіміі, меліарацыя ды інтэнсіфікацыя і г.д. з пачаткам 60-х назіраецца масавая міграцыя сельскіх людзей у зрусіфікаваныя гарады. За кароткі час насельніцтва Менска павялічылася ўдвая. Ужо на 1979 год на вёсцы засталося толькі 28 адсоткаў жыхароў, амаль 72 адсоткі жылі ў горадзе. Усё гэта яшчэ больш умацавала нацыянальна-дэмаграфічную карціну ў беларускіх гарадах, якія былі беларускімі па пераважным нацыянальным складзе насельніцтава.

Аднак чэшскага варыянту (як сто гадоў таму) не атрымалася. На вуліцах загучэла „ трасянка”, і горад зноў моўна зрусіфікаваўся. Больш таго, масавы і раптоўны прыход вясковага насельніцтва ў гарады канчаткова дабіў рэшткі даўняй беларускай гарадзкой культуры. Акурат у гэты час амаль бесперашкодна зьнішчаліся гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў, помнікі архітэктуры, пераймяноўвалі вуліцы і г.д. Для прыбылага вясковага насельніцтва горада гарадзкая гісторыя нічога ня значыла, горад быў для іх чужым асяроддзем і не зьяўляўся родным домам. Яны хутчэй стараліся атрымаць прапіску, размаўляць па-руску (як начальства), стаць у чаргу на кватэру і гадоў праз 15 атрымаць яе. (Жыльлё і разьмеркаваньне жыльля было ў руках дзяржаўнай бюракратыі.) На гэтым жыцьцёвыя мэты гарадзкога вяскоўца, практычна, заканчваліся. Нашыя гарады па сваім сацыяльна-культурным узроўні і характару насельніцтва сталі нагадваць вялікія вёскі (толькі без беларускай мовы).

Справа ў тым, што ў 60-70-х гадах у беларускія гарады перасяліліся не эканамічна вольныя людзі, як некалі ў Чэхіі (каб знайсьці працу, зарабіць грошай, адкрыць бізнэс, пачаць вытворчасьць, гандль і г.д.). У беларускія савецкія гарады ўцёк нядаўна запрыгонены, загнаны, запалоханы калгасьнік з адпаведнай псіхалёгіяй, залежнасьцю, няўпэўненасьцю ў сабе і мінімумам патрабаваньняў. Але нават гэты мінімум ён павінен быў яшчэ заслужыць у адміністрацыйнай сістэмы.

Гэта была заплянаваная міграцыя ў таталітарным савецкім сьвеце пад чужой уладай: без свабоды, без дачыненьняў уласнасьці, без пашаны да беларуса і нацыянальных ідэй.

Дэфармаваная этнічная сьведамасьць ня ў стане супраціўляцца ніякай экспансіі, якая валодае канцэптуальнай культурнай (ці квазікультурнай) ідэалёгіяй і ня ў стане захоўваць сваё асяроддзе ў агрэсіўных чужародных умовах. з сьведамасьцю „ тутэйшых” у таталітарных абставінах цяжка стварыць нацыянальную гарадзкую культуру, а з псіхалёгіяй „ вясковасьці” і ўсьведамленьнем другаснасьці – нельга яе перайначыць.

Каб дасягнуць мэты, асіміляцыйная палітыка імкнецца, перш за ўсё, сцьвердзіць сваю мову на акупаванай тэрыторыі, зьнішчыць нацыянальныя эліты і асіміляваць гарады. Калі гэта рэалізуецца, то далейшы ход асіміляцыі і разбурэньне нацыянальнай культуры адбываецца ўжо хутка і паўсюдна.

Калі ў гэтых абставінах нацыя траціць мову і пераходзіць на мову асімілятараў, то яна ўцягваецца тады ў самазьнішчэньне, бо неабходныя цывілізацыйныя працэсы (напрыклад, урбанізацыя, прыватызацыя, інфарматыка, адукацыя, уніфікацыя дзяржаўнай сістэмы, стандартызацыя і г.д.) пачынаюць дзейнічаць не як нацыянальна кансалідуючыя, а як асіміляцыйныя (нацыянальна разбуральныя) мэханізмы.

* * *

У беларусаў, як і ў іншых народаў (асабліва ў тых, што змагаліся за нацыянальнае адраджэньне), існуюць адначасна розныя ўзроўні сьведамасьці. Але калі ў іншых ранейшыя, ужо гістарычныя, ўяўленьні пра сябе выяўляюцца як рэліктавыя зьявы, то ў нас, з прычыны асаблівасьцяў гісторыі, яны даволі пашыраныя. Асобы з этнічнай, і асабліва з „ трасянковай” сьведамасьцю (этнічна дэфармаванай), не адмаўляюцца ад прыналежнасьці да беларускай нацыі і да Беларускай краіны, але не разумеюць значэньня і не даражаць нацыянальнымі каштоўнасьцямі і інтарэсамі нацыі: беларускай мовай, помнікамі беларускай гісторыі і культуры, беларускай тэрыторыяй, прыродай і г.д.

Анатоль Казловіч у сваіх філясофска-псіхалягічных развагах пра беларускую прыроду і чалавека ў ёй дакладна заўважыў, што для шмат якіх вясковых беларусаў прырода, прастора, у якой яны жывуць, і ёсьць іхная Бацькаўшчына, іхнае паняцьце пра Радзіму, іхны Дом, апошні прыстанак, куды яны імкнуцца, дзе яны знаходзяць упэўненасьць і душэўны спакой. Але калі чужынцы пачалі крамсаць іхную Радзіму, асушаць ды выпростваць, высякаць ды капаць – яны маўчалі. Яны нават не супраціўляліся. Хоць месца ім на іхнай зямлі ўжо амаль не пакінулі.

На жаль, гэта тыповыя паводзіны ігнараваных людзей з этнічнай сьведамасьцю. Аналягічна паводзяць сябе іншыя людзі і цэлыя народы з тэрытарыяльна-прыроднымі паняцьцямі Бацькаўшчыны ў сутыкненьні з вынішчэньнем іхняга жыцьцёвага асяроддзя (народы Поўначы, Сібіры і г.д.).

Змагацца за сваю прыродную Бацькаўшчыну, супраць вынішчэньня зямлі пасьлядоўна могуць толькі асобы, аб’яднаныя нацыянальнай ідэяй, а не насельніцтва на ўзроўні рэліктавай (і, тым больш, дэфармаванай) этнічнай сьведамасьці.

Гэта агульнае месца. Няправільна было б бачыць на Беларусі нейкае выключэньне ці абвінавачваць вясковых беларусаў у тым, да чаго іх змусіла савецкая ўлада, чужынцы і прыбышы, перад якімі яны былі безабаронныя. І мы гэтага ня робім. Людзі, перажыўшы генацыд і ня злучаныя агульнай нацыянальнай мэтай, баяліся выступаць супраць савецкай „ уласьці”. Страх захаваўся па сёньняшні дзень.

Але каб перамагчы і нават каб захавацца, трэба супраціўляцца ўсялякаму вынішчэньню.

* * *

Тое, што прастора і прырода мае велізарны псіхалягічны ўплыў на чалавека, – гэта аксіёма. Культурныя людзі стараюцца палепшыць сваю прастору і асяроддзе, дзе існуюць.

Падсумоўваючы вопыт, можна зрабіць заключэньне, што існуе, відавочна, пэўны псіхалягічны парог ва ўспрыняцьці „ дрэннай” (іншай) прасторы, перайшоўшы які чалавек не вытрымлівае, траціць сьведамасьць, адбываецца параліч псіхікі. (Псіхалягічны эфэкт парогавай прасторы скарыстоўвалі, напрыклад, рускія энкавэдзісты-бальшавікі пры катаваньні людзей.)

Псіхапарогавым эфэктам валодае, на мой погляд, касьмічная прастора за межамі зямной гравітацыі, дзе экстрымальныя ўмовы для чалавека канчаюцца і пачынаецца псіхічны хаос (цёмнае царства Гаргоны-Мядузы, як сказалі б старажытныя грэкі).

Некалі, у XVIII-XIX стагоддзях, філёсафы будавалі пазнаваўчыя сістэмы геаграфічнага дэтэрмінізму, дзе дамінуючым фактарам уплыву на характар і паводзіны людзей лічылі якраз прастору, геаграфічнае асяроддзе, залежнасьць ад геаграфічнай шырыні, клімату, вышыні над узроўнем акіяну і г.д.

Погляды геаграфічнага дэтэрмінізму былі вельмі аднабокімі, каб растлумачыць філясофскія праблемы з свайго гледзішча. Тым ня менш, пэўны сьлед у разуменьні зьяваў яны пакінулі.

Я, праўда, не рызыкнуў бы напрасткі зьвязваць прасторавы характар беларускага краявіду з характарам народу, хоць пэўную адпаведнасьць можна знайсьці на этнічным узроўні.

Прыродны ўплыў быў раней і існуе цяпер. Мы ўвесь час адчуваем яго ў эмацыйным успрыняцьці. Гэта становіцца добра зразумелым, калі ад’едзеш ад Беларусі далей. Тады шмат якімі беларусамі апаноўвае настальгія (мэлянхолія, дэпрэсія) па беларускай прасторы і краявідах. Я шмат разоў назіраў гэта ў беларусаў за мяжой і перажываў сам.

Гэта вельмі цяжкі псіхічны стан, які ў некаторых (як правіла, у тых, хто ня ў стане вярнуцца) доўжыцца гадамі і які я нікому б ня зычыў перажываць. Чалавек адчувае боль душы. Ва ўяўленьні, днём і ноччу, узьнікаюць краявіды Бацькаўшчыны і адчуваньне страчанага замілаваньня. Пачуцьцё страчанасьці любові ў некаторых даходзіць да роспачы, да самазабыцьця, да фетышызацыі прадметаў, гукаў і пахаў Айчыны, да галюцынацыяў у рэальнасьці і да нематываванага адчаю (плачу).

Такое адчуваньне можна параўнаць са станам, як пасьля страты каханай ці са стратай (сьмерцю) самага блізкага чалавека. Толькі душа шчыміць шматкроць мацней і даўжэй.

Калі чалавек мае моцную волю і разумее, што зь ім адбываецца, то можна перамагчы настальгію па роднай прасторы, задушыць у сабе боль, загнаць яго на дно. Але калі не змагацца, то, як кажуць, Бог – бацька. Тады дапамагчы можа толькі час.

Тысячы беларусаў пасьля 2-й Сусьветнай вайны, якія апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, і шмат хто цяпер прайшлі праз такое выпрабаваньне.

Але ўсё гэта, як кажуць, цяжкая проза. (Хоць, можа, й ня ўсім ведамая). Мяне захапіла іншае адкрыцьцё, якое выявілася само сабой. Трэба было толькі параўнаць.

Я аб’ехаў усю Беларусь, уздоўж і ўпоперак і па пэрымэтру. У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць, нейкая сьвятасьць, прысутнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: „ На Беларусі Бог жыве”.

На Беларусі гэтая Боскасьць была для мяне абсалютна відавочнай, і я меркаваў, што так ёсьць ва ўсёй прыродзе. Усюды на Зямлі, думаў я, павінна бачыцца пячатка Бога.

Але потым, паезьдзіўшы трохі па сьвеце і паўзіраўшыся, я нідзе такога, як на Беларусі, ня ўбачыў і не адчуў.

Можа быць, у гэтакім адчуваньні Боскасьці беларускай прыроды ёсьць блізкая псіхалягічная аснова, як і ў перамене прасторы? Але ўсё гэта, як і раней на Беларусі, фіксуецца мной у спакойным стане духу і дастаткова рацыянальна.

Тут справа не ў суб’ектыўнасьці. Прырода, як і чалавек, мае сваё аблічча. Ёсьць людзі з добрымі вачыма, сьветлай усьмешкай і спагадным тварам, мы кажам, з Боскім абліччам. Гэтыя людзі валодаюць канцэнтрацыяй дабра.

Прырода таксама валодае такімі асаблівасьцямі ў выяўленчым сэнсе яе вобразу. і гэта (аснова асаблівасьцяў) якраз паддаецца дакладнаму вывучэньню і дасьледваньню. Распрацаваныя пэўныя сістэмы. Так што тут няма містыкі.

Беларуская прырода – унікальная зьява, зьбег выдатных геалягічных, геаграфічных, кліматычных, марфалягічных, экалягічных, флярыстычных, гідралягічных і дэмаграфічных абставінаў, якія ствараюць сваісты вобраз прасторы і аўру прыроды, у якой прыхільна і добра жывецца сваістаму чалавеку, які здольны гэтае Боскае хараство (падкрэсьліваю: пагрунтаванае на аб’ектыўнай прыроднай аснове) адпаведна ўспрыняць, цаніць, шанаваць і любіць.

Вось тут і ўзгадавалася ўзаемасувязь паміж беларускім чалавекам і беларускай прыродай. Пра іншыя дачыненьні ў сфэрах народнага і нацыянальнага грамадзтва мы ўжо гаварылі вышэй.

* * *

Мушу падкрэсьліць яшчэ раз, што на нацыянальным узроўні разьвіцьця нацыянальныя каштоўнасьці грамадзтва ацэньваюцца і ўсьведамляюцца ім у значэньні ідэй.

Клопат, пачатак, ініцыятыва ў пытаньні разьвіцьця сьведамасьці заўсёды зыходзіла і мусіць зыходзіць ад энтузіястаў, ад эліты нацыі. Эліта не павінна чакаць нацыянальнай ініцыятывы зьнізу і абвінавачваць людзей у бяздзейнасьці, бо нацыянальная ініцыятыва заўсёды ішла зьверху (гэта значыць, ад сьведамых людзей – ад ідэйнай эліты).

Ініцыятыва эліты – гэта ня заклікі. Гэта ёсьць асьветніцкая праца і дзейнасьць у нацыянальных інтарэсах ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. Нацыянальная сьведамасьць грунтуецца ўжо ня толькі на жыцьцёвай прасторы (ізноў жа, паўтаруся), ня толькі на займаемай тэрыторыі, ня толькі на прыродзе, але на нацыянальнай ідэі, нацыянальных інтарэсах і нацыянальных каштоўнасьцях (мове, культуры, гісторыі, дзяржаве і г.д.).

Істотна аднак тое, што нацыянальная ідэя можа рэалізавацца (у форме нацыянальнай дзяржавы) толькі на нацыянальнай тэрыторыі. Іншых прыкладаў у гісторыі не існуе.

Азначэньне нацыянальнай тэрыторыі мае праграмны сэнс для беларускага Адраджэньня.

„Наша зямля, наша нацыянальная тэрыторыя ад пачатку існаваньня на ёй людзей ёсьць наша зямля, – адзначаецца ў дакумантах беларускага Адраджэньня. – На ёй мы, беларусы, і нашы продкі жылі спрадвеку. На ёй мы стварылі нашу гісторыю, культуру і дзяржаву. Наша зямля ёсьць часткай нас самых, нашага гістарычнага, культурнага і нацыянальнага існаваньня. Нічога няма даражэйшага за нашу Беларускую зямлю. Наша зямля непадзельная, недатыкальная, сьвятая.

Аніхто – ніякі чалавек, ніякая група людзей, ніякі дзяржаўны ворган, ніякая краіна, ні Беларуская дзяржава, ні Беларускі народ – ня можа распараджацца лёсам Беларускай зямлі, бо яна належыць ня толькі нам, ня толькі тым, хто жыве цяпер, але й будучым пакаленьням беларусаў, датуль, пакуль будзе наш род у Сусьвеце.

Наша зямля ёсьць наш вечны Дом, вечная спадчына, якая сягае за межы часу – непадзельны маярат, асьвечаны найвышэйшым гістарычным правам і найвышэйшым абавязкам, неад’емная каштоўнасьць беларускай нацыі. Нашу Беларускую зямлю трэба любіць, берагчы, шанаваць, абараняць ад страты і спусташэньня, умець змагацца за яе.” (Праграма Партыі БНФ, 1999 г.)

Нацыянальная тэрыторыя адыграла гістарычную ролю ў самапазнаньні і самаўсьведамленьні нас як народа, паспрыяла фармаваньню нашага этнічнага характару, псіхалёгіі і мэнтальнасьці, была і ёсьць нашай жыцьцёвай прасторай, дзе мы можам гістарычна (гэта значыць – і ў будучыні, вечна і бясконца) жыць, разьвівацца і існаваць.

Беларуская тэрыторыя, гэтак жа, як Беларуская мова і Беларускі народ, ёсьць найвялікшай каштоўнасьцю беларускага быцьця на Зямлі.

8 сьнежня 2001 г.

 

5. БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ

Першаснай інтэлектуальнай і духоўнай каштоўнасьцю нацыі ёсьць Нацыянальная ідэя. Без яе нацыя ня можа ні ўзьнікнуць, ні існаваць. Гэта ёсьць нацыянальная ідэалёгія: ўсьведамленьне неабходнасьці незалежнага нацыянальнага існаваньня; стварэньне нацыянальнай дзяржавы; разьвіцьцё нацыянальнай культуры; усьведамленьне нацыянальнай самакаштоўнасьці самых сябе (народа, нацыянальнай супольнасьці).

Асэнсаваньне Нацыянальнай ідэі і дэтэрмінацыя яе (прычынна-абумоўленая сувязь) з кожнай нацыянальнай асобай ёсьць чыньнікам нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва.

Палітычная практыка і гісторыя краінаў паказала, што калі ў грамадзтве няма „ першаснай каштоўнасьці нацыі” ці калі Нацыянальная ідэя нясьпелая, а нацыянальная сьведамасьць людзей невысокая, то ніякія іншыя перавагі, нават вельмі значнага матэрыяльнага кшталту, не дапамогуць грамадзтву самаразьвіцца, сцьвердзіцца і свае перавагі рэалізаваць.

Ні багатыя прыродныя рэсурсы, ні вялікая колькасьць маёмных, адукаваных людзей, ні культурная спадчына гістарычнага мінулага, ні разьвітая эканоміка – нішто не паспрыяе, калі насельніцтва не ўсьведамляе агульных інтарэсаў і агульных каштоўнасьцяў нацыі, калі не разумее абсалютнай нацыянальнай каштоўнасьці самых сябе, сваёй супольнасьці, мовы, культуры і гісторыі. Такое грамадзтва страціць свае багацьці, апынецца ў залежнасьці ад іншых, дэградуе, занепадзе.

Прывяду прыклад. У 1991 годзе (у год аднаўленьня незалежнасьці і ліквідацыі ўлады КПСС) Беларусь, адносна сваіх суседзяў (Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны) была самай перадавой краінай па жыцьцёвым узроўні. У Беларусі (адносна гэтых краінаў) была добра разьвітая структура таварнай вытворчасьці і эканомікі, высокая навукаёмкасьць вытворчасьці, збалянсаванасьць прамысловасьці, стратэгічная вытворчасьць, нафтавая, хімічная, электронная, аптычная, тэкстыльная і харчовая, транспартная і г.д. Тут была найлепшая ў былым СССР чыгунка, найлепшая сельская гаспадарка, найбольшая колькасьць ворнай зямлі ў Эўропе з разьліку на душу (каля аднаго га). Тут была высокаразьвітая фундамэнтальная і ўжытковая навука, структураваная сістэма сярэдне-спэцыяльнай і вышэйшай адукацыі, добры ўзровень медыцыны, высокі ўзровень і вялікі працэнт адукаваных спэцыялістаў, добрая кваліфікацыя рабочых і агульная адукацыя насельніцтва, наяўнасьць важных прыродных рэсурсаў.

Ніводная з пералічаных краінаў ня мела тады такога становішча. Эканамічны патэнцыял Беларусі перавышаў патэнцыял значна большай па насельніцтву Польшчы (ня кажам ужо пра войскі і ўзбраеньні).

Цяпер, аднак, праз 10 гадоў Польшча – ўжо ў НАТО, краіна з рынкавай эканомікай, мае эўрапейскі выгляд, зьбіраецца ў Эўразьвяз. Пайшлі наперад Балтыйскія краіны, умацавалі валюту, будуюць новую гаспадарку. Нават Украіна, дзе быў даволі нізкі жыцьцёвы ўзровень і вельмі складаныя праблемы ў эканоміцы, выбралася на лепшую пэрспэктыву, добра ўспрымаецца ў сьвеце.

Толькі ў Беларусі за гэты час усё змарнавана. Яна зьбяднела, зьехала найніжэй і само існаваньне яе дзяржаўнай незалежнасьці пастаўлена пад пагрозу.

У чым жа прычына, чаму так сталася ў краіне, якая рэальна магла б быць наймагутнейшай і найбагацейшай на Ўсходзе Эўропы, гэтакім усходне-эўрапейскім драконам, як спрабавалі ўжо характарызаваць яе будучыню.

Так, згодзен, ёсьць пытаньне зьнешняй палітыкі. Расея адчула ва ўзвышэньні незалежнай Беларусі сьмяртэльную небясьпеку для сябе, для існаваньня яе як імпэрыі, для таемных мараў усё вярнуць. Эканамічна магутная, з высокім жыцьцёвым узроўнем Беларусь паўплывала б на ўвесь рэгіён як станоўчы прыклад, стала б зьвязваючым зьвяном новага жыцьця ва Ўсходняй Эўропе. Імпэрскія ўплывы Расеі тут бы вельмі аслабелі, прышлося б разьвітацца з імпэрскімі марамі на Захадзе і будаваць раўнапраўныя дачыненьні.

Таму беларускі напрамак быў аб’яўлены кірункам нумар 1 па важнасьці ў расейскай зьнешняй палітыцы, і ўся магутнасьць яе спэцслужбаў, дыпляматыі, хітрасьць розумаў „ гайдароў” і так званых „ расейскіх дэмакратаў” запрацавалі ў зададзеным рэжыме.

Яны дасягнулі вынікаў. Беларусь узначаліў свой прарасейскі кіраўнік, які дапамог расейскім спэцслужбам ажыцьцявіць акупацыю беларускай улады знутры.

Аднак зьнешнія прычыны – гэта ўсё ж недастатковае тлумачэньне заняпаду Беларусі. Адсутнасьць шырокага разуменьня ў беларускім грамадзтве таго, што рэальна адбылося і адбываецца, адсутнасьць рэальнага і шырокага супраціўленьня ўнутранай акупацыі гавораць аб тым, што прычына – ўнутры.

Ва ўсіх суседніх краінах не было такога матэрыяльна-эканамічнага ўзроўню, як у Беларусі, але існавала галоўнае, што рабіла іх моцнымі, гарантавала нацыянальнае і дзяржаўнае існаваньне і разьвіцьцё. Гэтае галоўнае – высокая нацыянальная сьведамасьць людзей, нацыянальная самасьвядомасьць грамадзтва. Гэта зрабіла іх свабоднымі, гэта дапамагло стварыць ім нацыянальную дзяржаву і падняцца зь нізін.

Беларусь, якой пасьля вайны за часы СССР, ня гледзячы на вынішчэньне і генацыд, пашанцавала акамуляваць сваю працу ў сістэме савецкай гаспадаркі і часткова ўтрымаць яе вынікі на сваёй тэрыторыі, гэтай працавітай Беларусі не ўдалося захаваць на ўзроўні сваю нацыянальную культуру. Краіна страціла беларускую школу (якая фармуе беларускую асобу), не зьберагла павагу да беларускай мовы ў грамадзтве, трапіла пад навалу шалёнай саветызацыі, дэнацыялізацыі і русіфікацыі.

У пачатку 90-х гадоў у беларускім грамадзтве было ўсё для новага годнага нацыянальна-дзяржаўнага эўрапейскага разьвіцьця. Але не было галоўнага: моцнай нацыянальнай сьведамасьці людзей. У выніку – наша грамадзтва страціла ўсе свае матэрыяльныя перавагі і магчымасьці, апынулася перад пагрозай страты незалежнасьці, народнай маёмасьці і ўвогуле – гістарычнага існаваньня.

Вось што такое нацыянальная сьведамасьць людзей. Гэта калектыўны розум нацыі. Гэта сьведчаньне існаваньня духоўнай індывідуальнасьці народа, якая дзейнічае разумна, паводле агульнай неабходнасьці патрэбаў і інтарэсаў нацыі.

Калі б у 1991 годзе гэтая беларуская нацыянальная сьведамасьць ужо б была адроджана, лёс Беларусі быў бы іншым.

Незалежнасьць Беларусі вярнуў беларускі нацыянальна-дэмакратычны авангард (гэта значыць Народны Фронт, і ўсе, хто вакол яго). Першыя, што нацыянальна адрадзіліся, рынуліся на сьведамае і сьвятое змаганьне і малою сілаю –перамаглі. Гэта было няпроста. Бо справа вымагала выключнасьці, не цярпела прамаруджаньня, нясьмеласьці і памылак.

Але далей, каб вырашыць пытаньне новай нацыянальнай улады і новай нацыянальнай дзяржавы, трэба было абаперціся на сьведамае гэтым нацыянальным задачам грамадзтва, на сьведамыя грамадзкія сілы. Сілаў было замала.

Ужо летам 1992 года Масква (у асноўным спэцслужбы), злучыўшыся з беларускай каляніяльнай адміністрацыяй (урадам і намэнклятурай) перайшла ў наступ на вольную Беларусь.

* * *

Нацыянальная ідэя – гэта ідэя аб’яднаўчага выбару. Гэта абазначае, што яна ня ёсьць ідэяй кампрамісу, але – прынцыпу. Тут трэба выбіраць: альбо-альбо. Але тым часам гэта ёсьць ідэя менавіта аб’яднаўчая для ўсіх, нават калі б спачатку за ёй стаяў толькі адзін чалавек, ці двох, ці – невялічкая група.

Чаму гэтак ёсьць? Таму што Нацыянальная ідэя – нішто іншае, як выніковая, практычная і ўнівэрсальная мэта, якая аб’ектыўна вынікае з жыцьцёвага становішча і з духоўных інтарэсаў народа.

Нацыянальную ідэю ніякі мудрэц не прыдумаў. Яе нарадзіла нацыя. Людзі аднае культуры, аднае мовы, аднае гісторыі, тэрыторыі, знаходзячыся ў аднолькавых сацыяльна-палітычных умовах, паступова ўсьведамляюць аднолькавую нацыянальную неабходнасьць. Нават тыя, што з пабочных прычынаў спачатку не разумелі і не прымалі Нацыянальнай ідэі, ці тыя, што былі да ўсяго абыякавыя. Нацыянальная ідэя, пашыраючыся, разьвіваючыся, увасабляючыся і сцьвярджаючы сябе, паступова набірае падтрымкі, бо аб’ектыўна – не супярэчыць грамадзкім інтарэсам народа, а толькі выяўляе і фармулюе іх. Нацыянальная ідэя рухаецца як шлях нацыянальнай праўды. Кожны ў народзе знаходзіць там свой інтэрас, яна ня ёсьць ідэяй абстрактнай, але канкрэтнай формулай, абапертай на агульнае народнае дабро.

Уявім найпрасьцейшыя прыклады. Калі, магчыма, вельмі простаму чалавеку тлумачыць: ты працуеш на зямлі і хочаш мець яе ва ўласнасьць. Ты атрымаеш такую квоту зямлі, якую зможаш апрацаваць. Дадзім табе трактар наперад, у кошт крэдыту. Выплаціш крэдыт з ураджаю, паступова, за 10 гадоў. Гарантуем табе, што прадасі сваю бульбу і жыта. Але дзеля гэтага нам усім разам трэба стварыць сваю дзяржаву з сваіх людзей, каб мець свае законы „ пра твой трактар”, тваю зямлю і гарантыі прадажы жыта на ўнутраным рынку, пра твае падаткі і мыта на межах (каб абараніць тваю працу) і г.д. То ўрэшце рэшт, ці ні пагодзіцца з гэтым чалавек?

Альбо пытаем: калі мы з табой будзем мець сваю беларускую ўладу, то ці будзе яна пераймяноўваць тваю вёску Быкоўшчына ў вёску „ Сірэнь”?

Нацыянальная ідэя, нават у дэталях, у самым простым, – гэта ідэя здаровага сэнсу. Яна свая. Таму яна аб’яднаўчая, патрабуе асьветніцтва, тлумачэньня сваім людзям, і змаганьня за яе – з чужой палітыкай.

Той жа прыклад, але ў рэчышчы ідэі абстрактнай (чужой, нездаровага сэнсу). Ты працуеш на зямлі, але ня маеш яе. Давай адбяром у тых, хто мае яе шмат, і дадзім табе, колькі трэба. Але потым – абагулімся, складзем зямлю ў вадно, разам з жывёлай і інвэнтаром. і будзеце ўсе разам, такія, як ты, на ёй працаваць. Бульба і жыта – агульныя. Частку ўраджаю падзеліце паміж сабой, а астатняе – Маскве, за тое, што нас аберагае і намі кіруе. Быкоўшчыну назавем „ Камінтэрн”.

Тлумачэньні, мяркую, непатрэбныя. Як укаранялася гэтакая ідэя – добра ведама. Яе не растлумачыш, не пакажаш, не дакажаш і ня ўспрымеш, ці ты адукаваны, ці ты неадукаваны. Бо яна не вынікае ні з жыцьцёвых абставінаў, ні з сацыяльных патрэбаў, ні са здаровай лёгікі. Гэта тыповая разбуральная, разьяднаўчая ідэя, не адпаведная жыцьцю, якая (каб існаваць) патрабавала маўзэра, калючага дроту і лёзунгу: „ Хто ня з намі, той супраць нас.”

* * *

Нацыянальная ідэя ёсьць ідэяй прынцыпу і выбару, але (як я ўжо адзначыў) – не канструкцыяй кампрамісаў. Некаторыя наіўныя людзі (зрэшты, і зацятыя дэмагогі таксама) шчыра мяркуюць, што ва ўсіх выпадках грамадзкіх сутыкненьняў і суперніцтва процілеглых тэндэнцыяў у палітыцы ды сярод людзей, трэба заўсёды не канфліктаваць, а шукаць нечага агульнага, прыймальнага для ўсіх. Такія людзі здаюцца палітычнымі мудрацамі, разважаюць то пра „ цэнтрызм”, то пра „ мастацтва кампрамісу” і г.д., думаючы, што валодаюць унівэрсальнай тэхналёгіяй дэмакратыі.

Квінтэсэнцыю такой „ тэхналёгіі” выявіў некалі ў польскім Сэйме наш беларускі сэнатар Аляксандар Уласаў: „ Усё будзе добра, панове, – зьвяртаўся ён да сэнатараў-дыскутантаў, – толькі нічога ня трэба рабіць”.

Кампраміс магчымы (і можа быць плённым) па збліжаных і альтэрнатыўных пазыцыях. Сутнасьць жа ў тым, што ў Нацыянальай ідэі не існуе нацыянальнай альтэрнатывы. Яе абагуленасьць – абсалютная. Яе альтэрнатыва знаходзіцца за межамі нацыі і зьяўляецца – антаганізмам. Кампраміс паміж антаганізмамі, практычна, немагчымы (альбо – альбо). Хіба што гэта будзе кампраміс абсурду.

Не існуе здаровага кампрамісу, скажам, паміж антаганізмам жыцьця і сьмерці: быць ці ня быць. Але аб’яднаўчы сэнс для людзей (здаровы сэнс), ня гледзячы на дыямэтральную супроцьлегласьць ідэяў, знаходзіцца ў пазыцыі жыцьця: „ Быць.”

Значыцца, калі мы гаворым „ быць”, – мы можам урэшце ўсіх аб’яднаць, хоць бы бальшыня меркавала зь нейкіх прычынаў, што „ быць” – ня трэба.

За „ быць” (гэта значыць, жыць) – трэба змагацца, бо жыць – мусім усе.

Добра, што за часы Хрыста не было дэмакратыі. А то арганізавалі б „ круглы стол” па дасягненьні кампрамісу паміж Хрыстом і фарысеямі.

Ідэя ад ідэі розьніцца, і ня ўсё – дзеліцца папалам. Каб разумець гэта, Бог і даў чалавеку розум.

Калі глянуць на гісторыю эўрапейскага Адраджэньня ў XIX стагоддзі, то ўбачым якраз такую аб’яднаўчую карціну: рух Нацыянальнай ідэі ад малога – да вялікагга, праз асьвету і змаганьне і нясеньне Крыжа дзеля шчасьця і будучыні ўсяго народа. Гэта такое змаганьне, дзе кожны венгр, ці кожны чэх, ці кожны беларус быў у Нацыянальнай ідэі – сябрам.

* * *

Пэўная катэгорыя людзей у Расеі і іхныя прадстаўнікі ў Беларусі вельмі ня любяць Беларускую Нацыянальную Ідэю. Але заўважана, што яны яе і баяцца. Пакусваюць, ды зпадцішка, скрытна, між іншым, не ўдаючыся ў вялікія разважаньні. А так, звычайна, робяць выгляд, што яе няма. Ды й самы яны, маўляў, амаль клапоцяцца пра Беларусь, шукаюць, быццам бы, шляхоў выхаду (у Расею, вядома).

Мітусьня ўсё гэта, пустата і дэмагогія. Пераможа праўда, бо такая яе прырода. Беларусь была і будзе. Але за Беларусь трэба змагацца.

Каб змагацца, трэба быць разам. Аб’яднаць беларусаў можа толькі Белларуская Ідэя. А гэта ёсьць Ідэя нашага вольнага нацыянальнага жыцьця ў незалежнай Беларускай дзяржаве. Беларусаў ня можа злучыць чужая Нацыянальная ідэя, ці чужая дэмакратыя, а толькі – разлучыць. Вось чаму за сваю ідэю трэба змагацца супраць чужароднага.

Сапраўды так. Ёсьць толькі адна дарога выратаваньня Беларусі: узмацняць Беларусь, берагчы ўсё беларускае. Супраціўляцца зьнішчэньню, русіфікацыі, этнацыду. Нельга цярпець, каб нас паніжалі, тапталі ў гразь наша імя, зьневажалі нашу мову і род, забіралі маёмасьць.

Як гэта ня дзіўна, але, каб абараніцца, трэба вельмі ня шмат: адчуць гонар за свой народ і адказнасьць за ягоную будучыню.

28 траўня 2002 года, Варшава

 

6. КУЛЬТУРА, ГІСТОРЫЯ, МАЁМАСЬЦЬ

Часам гаворыцца, што чалавек – гэта культура. У гэтым ёсьць сэнс. Дакультурны чалавек мусіў бы быць часткай прыроды (ці больш сьцісла – жывёльнага сьвету). Ці быў дакультурны пэрыяд у чалавека на Зямлі, сказаць цяжка, хоць дзеля гэтакага меркаваньня хораша выбудоўваецца лягічны ланцужок і пад рукой – розныя прыклады. Але пакуль што гэта ўсяго толькі навукова-лягічныя канструкцыі, а не дакладная навуковая сістэма. Тым ня менш, мы мусім карыстацца тым, што маем, – лёгікай вылучэньня чалавека з прыроды, абапіраючыся на фрагмэнты дакладных ведаў.

Калі прааналізаваць значэньне, гісторыю і сэнс слова „ культура”, то прыходзім да высновы, што яно выяўляе асноўнае паняцьце і спосаб чалавечага існаваньня на Зямлі. Культура – гэта ўсё, што створана рукамі і розумам чалавека. Вышэй культуры ёсьць толькі Бог і прырода.

Вылучэньне чалавека з прыроды – гэта быў шлях у культуру. Чалавек, утвараючы культуру, сам зьяўляецца яе стварэньнем (у сфэры культуры ён стварае сябе). У той жа час чалавек ёсьць часткай прыроды і Боскага Духу.

Мяркуючы па-філясофску, чалавек, разьвіваючыся ў культуры, ёсьць зьявай прыроды, якая, надзеленая Боскім Духам, пазнае сама сябе. Таму сэнс культуры – у чалавеку.

Ня цяжка зразумець, што фізічны чалавек у прынцыпе ня можа выйсьці за межы прыроды (усяго існага), а фізічнае жыцьцё чалавецтва абмежавана пэрыядамі прыродных пераменаў.

Таму чалавек ня можа быць „ царом прыроды”, як сцьвярджалі неадукаваныя людзі, бо прырода ў анталягічным сэнсе – бясконцая (адваротна пэрспэктыўная ў шырыню) і ў гнасеалягічным зьмесьце – непазнавальная (проста пэрспэктыўная).

У чым жа тады зьмест культуры, калі яна, існуючы паралельна, ня можа выйсьці за межы прыроды?

Культура гэта ёсьць духоўнае цела фізічнага чалавецтва, форма, у якой разьвіваецца чалавек. Гэта нібы дом, які людзі могуць абсталяваць, як сьвятыню, як храм, альбо ператварыць яго ў хлеў. Бо чалавек культурны, у адрозьненьне ад істоты прыроднай (жывёлы), валодае свабоднай воляй.

Пераходны, канцовы сэнс культуры можна зразумець, калі разглядаць яе як асяроддзе дзеля ўдасканаленьня чалавечай душы і разьвіцьця чалавечага духу (гэта значыць, як сфэру выяўленьня вечнага розуму).

Мы, беларусы, ствараючы і адраджаючы нашу культуру, ніколі не павінны забывацца пра вечнасны, духоўны сэнс народнага існаваньня.

Ёсьць таксама вузкае разуменьне тэрміну культуры. Яно ўключае ў сабе сфэры творчасьці, мастацтва, этыкі, самаарганізацыю грамадзтва. Ёсьць сваістыя катэгорыі культуры. Напрыклад, агульначалавечая культура, нацыянальная культура, народная культура (пад якой звычайна падразумеваюць фальклёр), мастацкая, бытавая, індывідуальная культура і г.д. Усе культурныя дачыненьні ўзаемазьвязаныя і, у рознай ступені, узаемазалежныя.

Нас цікавіць тут нацыянальная культура як асноўная каштоўнасьць нацыі. Некалькі пакаленьняў беларусаў жыло пры камуністычным рэжыме, пад расейска-савецкай акупацыяй. Тады ідэалёгія і палітыка ў галіне нацыянальнай культуры вызначалася падвойна. У афіцыёзным пляне лічылася, што нацыянальная культура (гэтак жа, як і мова) ёсьць часовая зьява. Пры камунізме, маўляў, да якога ўсё няўхільна рухаецца, будзе адна камуністычная культура (і адна мова). На просьбу ўдакладніць, што гэта будзе за культура і якая мова, прапагандысты (псэўдавучоныя) звычайна ухіляліся ад адказу альбо намякалі, што „ возможно, это будет взбагаченная национальными культурами русская культура и русский язык, как самые высокаразвитые и наиболее распространенные”.

Другі варыянт тлумачэньня гэтакай пазыцыі адбываўся на паў-афіцыйным (непублічным, непісьмовым) узроўні, дзе гаварылася, што беларуская нацыянальная культура і мова „ никому не нужны”, што трэба жыць іншай, „ более передовой” рускай культурай, і гаварыць – па-руску, бо „ все понимают и везде говорят”.

Узровень гэтакай шавіністычнай прапаганды, як кажуць, недыскусійны. Але бывае, што чым больш прымітыўная прапаганда, тым лепш яна засвойваецца простымі людзьмі. з такой зьявай нялёгка змагацца, бо на прапагандысцкі прымітыў павінен быць контр-прымітыў. Тады успрымаецца.

Вядома, усё вырашаецца нацыянальнай асьветай у нармальнай краіне. Але ў акупаванай краіне, дзе такой асьветы няма (ці яна забаронена), а нацыянальныя асьветнікі і шмат якія культурныя людзі – зьнішчаныя, у такой краіне могуць існаваць самыя неверагодныя антыкультурныя ўяўленьні.

* * *

Нацыянальная культура акамулюецца ў генетычнай памяці, у інтэлекце чалавека і ў набытых інстынктах. У грамадзкім сэнсе, нацыянальная культура адкладваецца ў гісторыі і выяўляецца ў людзкіх (грамадзкіх) дачыненьнях. з гэтага вынікае, што чалавек нармальна разьвіваецца толькі ў сістэме сваёй нацыянальнай культуры, але можа ўзбагачацца ў іншай нацыянальнай культуры. Такім чынам, кожная нацыянальная культура у дачыненьні сама да сябе ёсьць сістэма існаваньня і разьвіцьця, а ў дачыненьні да іншай нацыянальнай культуры яна выступае як сістэма ўзбагачэньня. Адсюль зразумела, што нацыянальная культура ёсьць абсалютнай умовай культурнага існаваньня, а множнасьць культураў ёсьць чыньнікам паскоранага культурнага разьвіцьця кожнай нацыянальнай культуры і культуры чалавецтва ў цэлым. і чым большая множнасьць, тым лепшыя ўмовы, тым большая магчымасьць разьвіцьця.

Гісторыя ёсьць часткай культуры. Гэта яе памяць і назапашаны вопыт. Аб значэньні веданьня гісторыі для асобы і грамадзтва шмат напісана і сказана.

Без гісторыі культура не разьвіваецца, як не разьвіваецца чалавек без памяці. Каб лепш зразумець, паспрабуем уявіць такога чалавека. Скажам, з сёньняшняга дня асоба перастае раптам памятаць усё, што было. Чалавек адразу нібы выпадае з сацыяльна-культурнага жыцьця. Перастае быць паўнавартаснай асобай. Ня зможа далей ні нармальна жыць, ні працаваць.

Расейскія камуністы, зьнішчаючы беларускую гісторыю, фальсіфікуючы і зачыняючы яе для цэлых пакаленьняў, стваралі непаўнавартасныя ўмовы культурнага разьвіцьця, спрыялі інтэлектуальнай люмпэнізацыі (адсутнасьці духоўных каштоўнасьцяў) і культурнай няразьвітасьці ў грамадзтве. А гэта выклікала дэфармацыю нацыянальнай сьведамасьці, неадэкватныя грамадзкія паводзіны народа.

Па-за культурай (гэта значыць, увогуле па-за культурным чалавечым грамадзтвам) чалавек не разьвіваецца як культурная індывідуальнасьць (дзічэе).

Выходзіць, што для нармальнага і праўдзівага існаваньня і разьвіцьця грамадзтва і чалавека неабходна, каб былі моцныя нацыянальныя (народныя, этнічныя) культуры, каб іх было шмат і каб людзі, жывучы ў сістэме адной нацыянальнай культуры, маглі рухацца па сьвеце (ці хаця б ведаць, што ў ім робіцца).

У рэальнасьці аднак, назіраюцца істотныя адхіленьні ад узору, узьнікаюць войны і канфлікты з мэтай захопу чужой тэрыторыі ды маёмасьці, прыдумваюцца пачварныя тэорыі ды ідэалёгіі, дзеля асіміляцыі ці вынішчэньня нацыяў, снуецца хітрая палітыка і таемная дыпляматыя, правакуецца культурная экспансія, міграцыі, дыверсіі, імпэрыялізм у культуры і г.д.

На працягу ўсёй гісторыі культурнага існаваньня людзей назіраецца пастаянная разбуральная тэндэнцыя: зьменшыць множнасьць культураў (якія ствараюцца ў выніку культурнага разьвіцьця чалавецтва.)

Найвыразьней гэтая зьява ўвасоблена ў ідэалёгіі, псіхалёгіі і палітыцы імпэрыі. Ці ёсьць у гэтым нейкі аб’ектыўны рацыянальны сэнс? На жаль, ёсьць. Для хутчэйшага і вышэйшага разьвіцьця культуры патрэбная ня толькі множнасьць, але і канцэнтрацыя магчымасьцяў, рэсурсаў, грамадзкай сілы. Так узьнікалі вялікія цывілізацыйныя імпэрыі, заснаваныя на крыві і касьцях загіблых народаў, дзе будаваліся велічныя храмы, калёны, помнікі, сфінксы, аквэдукі ды піраміды, тэатры ды стадыёны, а вайна была сродкам культурнага прагрэсу.

Канцэнтрацыя багацьцяў і культуры ў імпэрыях выклікала зайздрасьць малакультурнага, так званага „ варварскага сьвету”, зь якім імпэрыі вялі пэрманэнтныя войны. У выніку гэтакіх войнаў узьнікалі нават варварскія імпэрыі (напрыклад, Манчжурыя, Залатая Арда, імпэрыя Тамэрляна, Расея* і г.д.), якія пагражалі зьнішчэньнем любой культуры.

* Нагадаю ізноў, што „варварамі” раней звычайна называлі тыя народы (дзяржавы), якія не стваралі высокай культуры (гэта значыць, духоўнай, не ўжытковай культуры: літаратуры, тэатра, архітэктуры і т.п.), а займаліся, галоўным чынам, вайной, ваенным рабаўніцтвам і заваёўніцтвам. Расея мела характэрныя рысы варварскай імпэрыі. Расейскі Цар Мікалай І, які цараваў у ХІХ ст., характарызаваў Расею як „ваенную дзяржаву”, а Сталін (у ХХ-м стагоддзі) рыхтаваў сусьветную рэвалюцыю, заваяваньне Эўропы і Азіі, перабудаваў усю імпэрыю на ваенна-лягерны лад. – (З. П.)

Цывілізацыйныя старажытныя імпэрыі зьнікалі, аднак, перш за ўсё, з унутраных прычынаў (заняпад маралі, духоўная дэградацыя), а ня толькі пад ударамі варвараў. Бо нішто ня можа доўга трываць, заснаванае на гвалце і крыві. На месцы імпэрыяў зноў ажывалі ацалелыя народы, адраджалася множнасьць культураў, якія разьвівалі свае народныя традыцыі і вельмі выбарачна засвойвалі культуру імпэрскую.

У ХХ-м стагоддзі разваліліся і спынілі сваё існаваньне, практычна, усе (акрамя Расеі) сусьветныя імпэрыі (у тым ліку, і каляніяльныя). Утварылася мноства нацыянальных і посткаляніяльных дзяржаваў. Назапашаны велізарны вопыт па самазахаваньні і адраджэньні нацыянальнай культуры.

У гэты ж час становіцца зразумелым (а ў канцы ХХ-га стагоддзя замацоўваецца ў палітыцы), што вялікая традыцыйная вайна (вайсковая франтавая кампанія) стала эканамічна непасільнай і эканамічна ня выгаднай, а вынікі яе – надзвычай разбуральныя і гвалтоўныя для культуры, якая, з ускладненьнем сваёй структуры, стала больш датклівай на разбурэньне.

Да пачатку ХХІ стагоддзя і спосабы вайны, і імпэрская палітыка пачалі мяняць аблічча. На месца „ нэакаляніялізму” прыходзіць „ глябалізацыя” (якая ўжо выклікала канфлікт з ісламскім сьветам), а замест традыцыйнай ваеннай акупацыі часьцей і часьцей ужываецца эканамічная вайна, распрацоўваюцца мэтады інфармацыйных, кібэрнэтычных, прапагандысцкіх, фінансавых войнаў, выкарыстаньне разьведкі, спэцслужбаў і г.д.

Дзяржаўная ўлада ў Рэспубліцы Беларусь (як я ўжо адзначаў раней) была захоплена Расеяй у выніку скаардынаваных дзеяньняў расейскіх спэцслужбаў і савецкага КГБ, з выкарыстаньнем дзеючых мэханізмаў фармаваньня ўлады. Гэта новы від вайны: акупацыя знутры пры дапамозе спэцслужбаў.

На працягу ўсіх гадоў гэтай вайны (з 1994-га) адбываецца пасьлядоўнае вынішчэньне асноваў беларускай культуры, гісторыі, эканомікі, незалежнасьці і дзяржаўнасьці. Старая імпэрыя з адсталай эканомікай, культурай, з традыцыйнымі ськіраваньнямі на захоп тэрыторыяў, на генацыд, тэрор і асіміляцыю (такую тэрарыстычную вайну яна вядзе ў Чэчэніі) распачала ў Беларусі новы мэтад вайны – ўнутраную акупацыю, расьцягнутую ў часе, шляхам стварэньня ўмоваў для самазьнішчэньня беларускай нацыі.

Экспансія любой імпэрыі (варварскай ці цывілізацыйнай) ёсьць заўсёды пагроза множнасьці культураў, духоўнаму і фізічнаму існаваньню народаў.

Прыклад зь Беларусяй яскравы, але можам паглядзець на сьвежы прыклад зь іншага боку: як адбываецца экспансія цывілізацыйнай глябалізацыі, наступ супэрімпэрыі. Якім мэтадам тут зьнішчаецца мова, культура, духоўныя традыцыі народаў (інакш бо „ глябалізацыі” ці новага каляніялізму плянэты ня станецца). Гэты мэтад ёсьць культурны імпэрыялізм (распаўсюджаньне камэрцыйнай збочанай мас-культуры па рыначных каналах). „ Культурны імпэрыялізм”, распуста і збочанасьць агрэсіўнай мас-культуры ідуць наперадзе глябалізацыі і здольныя разваліць, зьнішчыць, спаганіць любую чалавечую культуру, „ сажраць” любую мараль, разбэсьціць нармальнае грамадзтва.

Радыкальныя ісламісты ў Аўганістане (талібы) пачалі змагацца з культурным імпэрыялізмам даступным ім варварскім мэтадам (рэпрэсіямі) і вышлі з-пад кантролю супэр-імпэрыі. Праз нейкі час, пад выглядам злаўленьня Бін-Ладэна, які хаваўся ў Аўганістане, Аўганістан як дзяржава* быў сьцерты з твару зямлі тысячамі бомбаў ды ракетаў. Талібы перасталі існаваць.

* Дзяржаўная ўлада ў акупаваным войскамі НАТО Аўганістане мае фармальны характар і ў сапраўднасьці не выходзіць за межы Кабула. – (З. П.)

Вось такое „ радыкальнае ўмяшальніцтва”, як кажуць у хірургіі. (Дарэчы, а дзе Бін-Ладан? Але, зрэшты, ня важна, дзе. Галоўнае, што ўсё у парадку і з „ правамі чалавека”, і з „ ідэаламі дэмакратыі” таксама.)

Дадам толькі, што Аўганістан – стратэгічны ключ да Сярэдняй Азіі і ўсяго Ўсходу. Праз яго – ўсе шляхі. Гэта яшчэ Аляксандар Македонскі ведаў, калі туды ішоў рызыкаваць сваёй галавой і арміяй.

Такім чынам, там, дзе паўстае пытаньне аб існаваньні альбо аб становішчы народаў, заўсёды, першым чынам, узьнікае пытаньне аб нацыянальнай культуры. Усім да яе раптам зьяўляецца справа.

Але, можа, у Беларусі інакш, можа тут – нейкае выключэньне з правіла? Можа, і сапраўды, як кажуць саветы, „ какая разница?”.

Мэта сучаснай, „ тэхналягічнай” вайны, гэтак жа, як і мэта традыцыйнай збройна-вайсковай кампаніі – аднолькавыя: захоп нацыянальнай маёмасьці, тэрыторыі і рэсурсаў. Культура сама па сабе менш цікавіць акупантаў, але, каб дасягнуць мэты, ім трэба зьнішчыць культуру. Бо культура, мова, гісторыя ёсьць кансалідуючым чыньнікам нацыі. Яны злучаюць народ, робяць яго сьведамым дзеля нацыянальных інтарэсаў, спрыяюць адпорнасьці народа пры замаху на ягоную ўласнасьць і свабоду. Без культуры народ раззброены.

Усьлед за стратай нацыянальнай культуры ідзе страта нацыянальнай ўласнасьці. Што гэта абазначае – тлумачыць няма патрэбы. Галечу і выміраньне, беднасьць. Зьнішчыўшы нацыянальную культуру, мову, гістарычную памяць народа, чужынцам значна лягчэй забраць („ прыватызаваць”, купіць за бясцэн) нацыянальную ўласнасьць, напрацаваную пакаленьнямі, захапіць рэсурсы, фабрыкі ды заводы, зямлю, лясы, дарогі, ваду, нетры, палі ды паветра. Народ становіцца нікім і нічым на сваёй зямлі, якая робіцца ўжо не яго. Чалавек можа пайсьці, праўда, на працу, да новых гаспадароў-акупантаў, бо ім патрэбная будзе танная рабочая сіла. Але на гэтым пэрспэктыва яго і замкнецца.

Савецкага простага беларуса, які кажа „ какая разница”, ужо рыхтуюць да нявольніцкай пэрспэктывы. Лібэрал-калябаранты да таго ж яшчэ хлусьліва „ растлумачаць” яму (па-руску), што, маўляў, ня мае значэньня, чыя ўласнасьць, важна гарантаваная праца, рабочыя месцы, заробкі. і савецкі „ пралетар”, даведзены да галечы гэтымі калябарантамі ды чужынцамі, павінен (па задуме) узрадвацца, што ўзамен за ягоную нацыянальную ўласнасьць дадуць яму пустыя гарантыі працы на прыбытак рабаўніку. (Як быццам нешта значаць гарантыі беднаму ды слабому.)

Ці вось іншы прыклад савецкага. Гандляр, прадпрымальнік робіць грошы, мае фірму. „ Быстрэй бы пад Расію, – кажа мне гэты малады нявольнік. – Расійскія законы лушчэ для бізнеса. Тагда і мы паднімемся.” Камэнтар непатрэбны.

* * *

Людзі, не аб’яднаныя нацыянальнай памяцьцю, гісторыяй і культурай, якія не разумеюць каштоўнасьці нацыянальнай культуры, страцілі нацыянальную культуру і адчужаныя ад яе, такія людзі ня ў стане валодаць нацыянальнай сьведамасьцю, зразумець нацыянальныя інтарэсы як свае інтарэсы і стварыць нацыянальную дзяржаву. Нават уласнасьць, якой яны асабіста валодаюць, будзе імі страчана ва ўмовах чужынскай акупацыйнай палітыкі, сутнасьць якой ім звычайна таксама – незразумелая.

Беларус, які валодае нацыянальнай сьведамасьцю, беражэ таксама і каштоўнасьці нацыянальнай культуры. Ён разумее: каб мець маёмасьць, памнажаць уласнасьць і стаць заможным, неабходная самастойнасьць і дзяржаўная незалежнасьць.

Каб лепш жыць у народзе, трэба найперш, рупіцца пра свабоду для народа, а не пра грошы для сябе. Бо ня маючы незалежнасьці і свабоды, людзі будуць працай сваёй узбагачаць тых, ад каго залежныя, тых, хто будзе над імі гаспадаром, хто будзе распараджацца ў іхным доме (у іхнай краіне). Калянізатар зацікаўлены ўзбагаціцца коштам і працай нявольніка, а ня тым, каб памножыць яго дабрабыт. У сваёй краіне трэба быць гаспадаром.

Некалі я напісаў для сябе малы верш (нібы зацемку, дзеля памяці):

– Ці хочаш свабоды?

– Хачу – дабрабыт.

– Ня будзеш яго мець.

Бо, каб стаць заможным,

Трэба быць незалежным.

* * *

Велізарнай каштоўнасьцю культуры зьяўляюцца талент і інтэлект нацыі (адукаваныя людзі). Гэтыя акамуляваныя каштоўнасьці зрабіліся ў сучасным сьвеце першаснымі рэсурсамі культурна-эканамічнага разьвіцьця народа (ня нафта, ня газ, не жалезная руда, а менавіта інтэлект).

Адначасна талент і інтэлект даўно ўжо сталі таварам міжнароднага клясу, які зь беларускага боку расходуецца за бясцэн, задарма нават у Афрыку, і проста марнуецца ад таго, што рэальна не існуе ў акупаваным беларускім грамадзтве абароны інтэлекту як нацыянальнай уласнасьці народу. Каб абарона існавала, патрэбна ня толькі незалежная нацыянальная палітыка, але і сьведамасьць нацыянальнага існаваньня.

* * *

Разважаючы пра нацыянальныя каштоўнасьці, зьвернем увагу на паяднаньне іхных духоўных і матэрыяльных кшталтаў. Тут выразна прасочваецца залежнасьць характару матэрыяльнага ўгрунтаваньня грамадзтва ад ўсьведамленьня ім духоўных, маральна-этычных і культурных здабыткаў нацыі.

Аказываецца, што свабода, эканамічнае разьвіцьцё і дабрабыт людзей у нацыянальным грамадзтве апасродкавана залежныя ад кшталтаваньня ў ім найперш духоўных і культурных каштоўнасьцяў нацыі (мовы, гісторыі, культуры, нацыянальных традыцыяў, маралі, этыкі, мастацтва, нацыянальнай ідэі, інтэлекту, усьведамленьне нацыянальных абавязкаў і г.д.).

Зрэшты, яно зразумела само сабой. Але пра дачыненьні культуры неабходна гаварыць. Нават пра самае відавочнае. Бо доўгі савецкі пэрыяд і затым – частковая ягоная рэанімацыя (антыбеларускі рэжым) зьмянілі шмат дзе сам характар думаньня людзей. Шмат каму падсьведама здаецца, што духоўныя інтарэсы ня маюць самакаштоўнасьці, што за ўсялякім духоўным зрухам стаіць матэрыяльны інтэрас.

Можа б яно так і выгляла, калі б чалавек ня жыў духоўным жыцьцём. Першаснасьць у канкрэтных выпадках можа быць дыскусійнай, але агульны вызначальны кшталт культуры, сувязь і ўзаемазалежнасьць – відавочныя.

Прыярытэтнасьць частак можна вызначыць па магчымасьці ўзнаўленьня цэлага. Страціўшы матэрыяльнае, але захаваўшы культуру і дух, усё можна ўзнавіць. Страціўшы культуру і дух, можам страціць і матэрыяльнае. і калі страцім, то без культуры, бяз духу, без ідэі ўжо нічога не адновім.

Бо лепш умець, чым мець, ня ўмеючы. Лепш ведаць, чым валодаць, ня ведаючы. Беларуская культура ёсьць найвялікшы нацыянальны скарб.

15 чэрвеня 2002 г., Варшава

 

7. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СЬВЕДАМАСЬЦЬ

Узровень жыцьця людзей як супольнасьці залежны ад дачыненьняў паміж асобай (асобным чалавекам) і грамадзтвам. Дачыненьні паміж асобай і грамадзтвам вымяраюцца супольнай сьведамасьцю.

Гістарычна чалавечая супольнасьць асэнсавала і прайшла праз розныя віды сьведамасьці і захавала яе рэлікты. Напачатку існавала сьведамасьць, дадзеная прыродай – усьведамленьне віду (людзі – і ўсё астатняе). Потым – родава-племянная. Затым, з разьвіцьцём цывілізацыйнага працэсу (а ён пачаўся тады, калі людзі сталі жыць асела і працаваць на зямлі), узьнікае этнічная (тутэйшая) сьведамасьць. Супольны інтэрас і супольнае адзінства вымяралася ў гэты час па тэрыторыі, па звычаях (культуры) і па мове.

Наступны этап – народная сьведамасьць. Яна зьвязаная са стварэньнем дзяржавы і дзяржаўнага віду ўлады. Супольнае адзінства і дачыненьні людзей асэнсоўваліся на ўзроўні забесьпячэньня агульных сацыяльна-культурных інтарэсаў.

У XVIII-XIX стагоддзях цывілізацыйны працэс прывёў да зьяўленьня нацыянальнай сьведамасьці, калі супольнасьць гуртуецца на аснове нацыянальнай ідэі, якая ўбірае ў сябе ўсе ранейшыя дасягненьні этнічнага і народнага духа, абагульняе інтарэсы і выступае ў якасьці нацыянальнай ідэалёгіі. Рэалізацыяй нацыянальнай сьведамасьці ёсьць вольная нацыянальная дзяржава, якая забясьпечвае ўсебаковае існаваньне і разьвіцьцё нацыі і кожнага асобнага чалавека. Гэта той стан сьведамасьці, у якім знаходзіцца зараз цывілізаваны сьвет.

Нацыянальная сьведамасьць мае тую асаблівасьць, што зьяўляецца прыярытэтнай перад сацыяльнай сьведамасьцю і перад усімі астатнімі. Менавіта гэтая асаблівасьць забясьпечвае моц і існаваньне нацыянальнай дзяржавы і ўласна самой нацыянальнай сьведамасьці, бо зьяўляецца яе найгалоўнейшай рысай.

На практыцы гэта выглядае так, што кожны грамадзянін нацыі ўсьведамляе агульны інтэрас нацыі як свой асабісты, ён разумее лучнасьць інтарэсаў і абараняе іх.

У чалавека ненацыянальнай сьведамасьці (альбо дэнацыяналізаванага) асабісты інтэрас і інтэрас агульнанацыянальны (грамадзкі, дзяржаўны) існуюць як бы незалежна. Такі чалавек дбае толькі пра свой інтэрас і, як часта бывае, – насуперак агульным інтарэсам нацыі.

Людзі нацыянальнай сьведамасьці заўсёды аддаюць перавагу агульнанацыянальным каштоўнасьцям перад сацыяльнымі, палітычнымі, канфэсійнымі, групавымі, эканамічнымі і г.д. Гэтая асаблівасьць нацыянальнай сьведамасьці трымае ў моцы і ў адзінстве і такую, напрыклад, маналітную нацыянальна зьяднаную краіну, як Польшча, і поліэтнічную эміграцыйную Амэрыку. Нацыянальная сьведамасьць грамадзтва дае магчымасьць бяз цяжкасьцяў праводзіць узгодненую, агульнанацыянальную ўнутраную і зьнешнюю палітыку, вырашаць шэраг грамадзкіх задачаў.

Напрыклад, ні ў польскіх кансэрватараў, ні ў сацыялістаў, ні ў былых камуністаў не ўзьнікае думкі дыскутаваць пра незалежнасьць Польшчы ці пра дзяржаўнасьць польскай мовы, ці пра неабходнасьць польскай школы, ці аб прызнаньні нацыянальнага гэрбу ці сьцягу і г. д. Нацыянальная сьведамасьць стварае каштоўнасьці, бясспрэчна агульныя для ўсяго грамадзтва. Ёсьць агульнанацыянальная неабходнасьць быць Польшчы ў НАТО – і ўсе польскія партыі праводзяць узгодненую палітыку, незалежна ад перамены ўлады, зьмены ўраду і г. д.

Тое ж самае – ў ЗША. Нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная ідэя, амэрыканскія каштоўнасьці – вышэйшыя за ўсе ўнутраныя, расавыя, сацыяльныя, канфэсійныя і іншыя інтарэсы, і нават канфлікты. Любімае выслоўе амэрыканскіх прэзыдэнтаў: „ Думайце не пра тое, што Амэрыка зрабіла для вас, а што вы зрабілі для Амэрыкі”.

Грамадзтва, якое ёсьць на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці, дзе існуе нацыянальны прыярытэт у паводзінах асобы, такое грамадзтва можа самаіснаваць, яно самадастатковае, яно здольнае на самакіраваньне і можа абыйсьціся без улады, устаноўленай зьверху ці звонку (абсалютызм, манархія, насьледнае каралеўства, дыктатура, імпэрыя, каляніяльнае праўленьне і г.д.).

Грамадзтва на ўзроўні нацыянальнай сьведамасьці выклікае новы тып улады – дэмакратыю, стварае нацыянальную дэмакратычную дзяржаву. Гэта натуральны стан нацыянальнай дзяржавы, якая іманэнтна (унутрана) імкнецца да дэмакратыі. Усялякія адхіленьні ад дэмакратыі (дыктатура, аўтарытарызм, аўтаркія і г.д.) асэнсоўваюцца як неадпаведныя, і нацыянальнае грамадзтва імкнецца да аднаўленьня дэмакратычнай раўнавагі.

* * *

Нацыянальная сьведамасьць фармавалася ў змаганьні з імпэрыяй і імпэрскай ідэалёгіяй. Імпэрская сьведамасьць заўсёды выяўляла інтарэсы групы ўлады, заўсёды была таталітарнай ідэалёгіяй і, як правіла, абапіралася на нейкі адзінанародны ўніфікацыйны прынцып, накінуты зьверху ці звонку.

Імпэрыя – гэта прынцып дзяржаўнай арганізацыі ўлады, які ўзьнік і мог існаваць на ўзроўні народнай сьведамасьці. Разьвіцьцё нацыянальнай сьведамасьці народаў прывяло да распаду імпэрыяў.

Аднак распад імпэрскага абсалютызму не заўсёды прыводзіў да поўнай ліквідацыі імпэрыі. Імпэрская ідэалёгія (адзіны ўніфікацыйны прынцып улады) аказвалася жывучай, калі перапляталася з нацыянальнымі інтарэсамі. Гэта прыводзіла да новых формаў таталітарызму, да ўнутраных і зьнешніх канфліктаў, станавілася прычынай войнаў.

Эўрапейскія нацыі і эўрапейскае нацыянальнае думаньне перажылі дзьве вялікія нацыянальныя рэвалюцыі („ вёсны народаў”). Першую – у сярэдзіне ХІХ-га стагоддзя (18481849 гг.), якая была задушана імпэрыямі, і другую – у першай чвэрці ХХ-га стагоддзя, якая завяршылася перамогай нацыяў і абнаўленьнем мапы Эўропы (пасьля І-й Сусьветнай вайны), крахам эўрапейскіх і сусьветных імпэрыяў (акрамя Расеі).

Заўважым, што тыя народы, якія стварылі ў той час нацыянальныя дзяржавы, дамагліся незалежнасьці і прайшлі потым пэрыяд нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі (гэта, у сярэднім, 20-25 гадоў – адно пакаленьне), тыя народы поўнасьцю ўключыліся ў сістэму эўрапейскай дэмакратычнай цывілізацыі і забясьпечылі незваротнасьць нацыянальнага працэсу існаваньня.

Тыя нацыі, якія потым неўзабаве згубілі дзяржаўную незалежнасьць і апынуліся ў таталітарнай імпэрыі – бальшавіцкай Расеі, – тыя нацыі страцілі гістарычны час, не прайшлі абавязковага пэрыяду нацыянальна-дзяржаўнай стабілізацыі і, што страшна, – сталі аб’ектам генацыду і нацыянальнага вынішчэньня. Нацыянальна-псіхалягічная і ідэйна-нацыянальнае разьвіцьцё іх – было затарможана.

Найбольш пацярпелі ў гэтым сэнсе беларусы і ўкраінцы. Вынішчалася, перш за ўсё, нацыянальная сьведамасьць і яе актыўныя носьбіты. За некалькі пакаленьняў перажытага расейска-бальшавіцкага таталітарызму і масавага зьнішчэньня ідэйна-нацыянальная самаідэнтыфікацыя грамадзтва гэтых краінаў (асабліва Беларусі) была адкінута на рэліктавы ўзровень этнічна-тутэйшай сьведамасьці. Але самае страшнае тое, што за няпоўнае стагоддзе гвалту, хлусьні і фальшывых дачыненьняў адбылася масавая люмпэнізацыя сьведамасьці вялікай колькасьці людзей. Менавіта распаўсюджанасьць люмпэнізаванай („ савецкай”) сьведамасьці стала адным з галоўных чыньнікаў выбраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі.

* * *

Аднак сытуацыя, у якой апынулася беларускае грамадзтва ў выніку 73-х гадоў расейска-бальшавіцкай акупацыйнай палітыкі, у прынцыпе падлягала выпраўленьню пасьля дасягненьня дзяржаўнай незалежнасьці. Нацыя магла адрадзіць і дзяржаву, і культуру, і стабілізаваць нацыянальнае грамадзтва. Дзеля гэтага трэба было разьвівацца паскорана ў спрыяльных умовах, і перш за ўсё – аднавіць нацыянальную эліту, беларускую школу і нацыянальную сістэму адукацыі, накіраваную на разьвіцьцё нацыянальных інтэлектуальных магчымасьцяў і фармаваньня беларускай нацыянальнай сьведамасьці.

У 1994 годзе, пасьля выбраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам і пасьля ўсталяваньня прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі, магчымасьці нацыянальнага Адраджэньня і стабілізацыі, пры існаваньні рэжыму, практычна, зьведзеныя да мінімуму (і прадаўжаюць зьмяншацца).

Беларусь зараз перажывае адну з самых небясьпечных калізіяў сваёй гісторыі (прытым значная частка грамадзтва таго не ўсьведамляе), калі вырашаецца лёс далейшага існаваньня Беларускай нацыі.

Тым ня менш, пры наяўнасьці моцнай нацыянальнай эліты, нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху, супадзеньне розных пратэстных чыньнікаў (якое паступова нарастае) магло б прывесьці да выпраўленьня становішча.

* * *

Падсумоўваючы сказанае, зьвяртаю ўвагу на істотныя акалічнасьці. Пасьля распаду СССР Беларусь мела лепшыя эканамічныя, сацыяльна-матэрыяльныя і навукова-тэхнічныя пэрспэктывы незалежнага разьвіцьця, чым іншыя краінысуседзі ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, што вызваліліся з-пад расейскага камунізму. Але ў параўнаньні зь імі, у Беларусі была моцна дэфармаваная нацыянальная сьведамасьць насельніцтва. Нават адукаваныя савецкія беларусы, людзі інтэлектуальнай працы, у большасьці, не разумелі і не арыентаваліся ў прасьцейшых пытаньнях нацыянальна-культурнага існаваньня (якія ў іх, да таго ж, не былі прыярытэтнымі).

Такое грамадзтва не магло эфэктыўна супрацьстаяць антыбеларускай палітыцы і неўзабаве страціла свае перавагі. і нават незалежнасьць дзяржавы апынулася пад пагрозай.

У той жа час суседзі, будучы больш нацыянальна салідарызаванымі, пайшлі наперад у сваім нацыянальна-дзяржаўным разьвіцьці і знаходзяцца ўжо на парозе Эўропы. Вырашальным чыньнікам стала нацыянальная сьведамасьць грамадзтва.

Зьвяртаю ўвагу таксама, па якіх накірунках вядзецца сучасная вайна супраць Беларусі. Першая антыбеларуская акцыя рэжыму – зьнішчэньне нацыянальных сымвалаў. Потым – ліквідацыя дзяржаўнай функцыі беларускай мовы, ліквідацыя беларускай школы, адукацыі і асьветы на беларускай мове, кантроль над інфармацыяй і перавод яе на чужую мову, разбурэньне беларускага мастацтва і літаратуры, разбурэньне беларускай фундамэнтальнай навукі, стварэньне ўмоваў для маральнай дэградацыі насельніцтва (адкрыцьцё на Беларусь чужой разбуральнай інфармацыйнай прасторы, чужога разбуральнага тэлебачаньня, запрашэньне антымастацкіх гастрольных групаў, цэнавая стымуляцыя п’янства, дыскрымінацыя і стварэньне нецярпімасьці да беларушчыны ў сістэме дзяржаўных установаў і г.д.).

Дэнацыяналізаваная бюракратыя і частка насельніцтва лёгка паддаюцца такой ненармальнай палітыцы, часам нават не здагадваючыся, што існуюць у сытуацыі абсурду. Калі сказаць коратка, то ўся стратэгія антыбеларускіх дзеяньняў і ўся сістэма разбурэньня накіравана на тое, каб беларусы не разьвіваліся, як нацыя, каб не ўсьведамлялі чалавечую і нацыянальную годнасьць свайго існаваньня, каб ня мелі нацыянальнай сьведамасьці. У выніку такой палітыкі непрыяцелі Беларусі ствараюць і плянуюць грамадзтва суіцыду, нацыянальнага самазьнішчэньня.

Аднак ня трэба думаць, што беларускае грамадзтва у выніку акупацыйнай палітыкі ўжо цалкам нацыянальна задушана і ня здольнае да нацыянальнага Адраджэньня.

Для нармальнага разьвіцьця нацыянальнай культуры і фармаваньня асобы неабходныя нацыянальная асьвета, адукацыя і спрыяльная дзяржаўная палітыка. Цяпер гэта ліквідавана. Аднак, ня гледзячы ні на што, беларускае грамадзтва знаходзіцца ў значна лепшым ідэйным і нацыянальным стане, чым яно было ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, напярэдадні стварэньня Беларускага Народнага Фронту і напярэдадні аднаўленьня незалежнасьці. Перажытае – не зьнікае бяссьледна.

Грамадзтва – гэта ня простая сума людзей і не натоўп. Перажываемы сацыяльна-палітычны вопыт, які асэнсоўваецца часткай беларусаў, незалежна ад афіцыйнай прапаганды і хлусьні, можа аказацца нядрэнным нацыянальным унівэрсітэтам, і тады загоншчыкі народа загоняць у пастку толькі самых сябе.

Цяпер акурат настае вызначальны час. Антыбеларускія заявы прэзыдэнта Расеі Пуціна, зробленыя ім у жніўні гэтага года, паказваюць, што расейскае кіраўніцтва лічыць ужо сваю чорную справу зробленай і паводзіць сябе так, нібы беларускі народ не існуе. Адсюль той грубы цынізм і адкрытая непавага да беларускай нацыі. Беларусам даюць зразумець, што лічаць іх за нішто, не за народ, а за сьмецьце, і таму кажуць у твар: мы вас анэксуем, ліквідуем, забярэм вашу зямлю і краіну, падзяліўшы на сем частак. Выбірайце: альбо адразу, альбо праз „ саюз” і „ дружбу навек”.

У нацыянальна разьвітай краіне такая заява выклікала б узрыў грамадзкага абурэньня і, хутчэй за ўсё, – спыненьне дыпляматычных адносінаў паміж дзяржавамі, паколькі гэта ёсьць пагроза вайны. У Беларусі нічога такога не назіраецца, бо краіна ўжо знаходзіцца ў стане ўнутранай прамаскоўскай акупацыі, а невысокі ўзровень нацыянальнай сьведамасьці і прадажнасьць элітаў не дазваляе адэкватна ацаніць небясьпеку.

І тым ня менш, – няма прычыны да роспачы. Становішча ня ёсьць аж такім дрэнным. Вопыт, які перажывае цяпер беларускае грамадзтва, вельмі істотны. Асэнсаваньне і рэакцыя высьпяваюць ў беларусаў павольна, але падзеі сьпеюць, і не ў карысьць рэжыму акупантаў. Беларуская ідэя жыве і разьвіваецца ўзьняты Беларускі Сьцяг. Пад яго павевы хутка стане мноства людзей, і не пазнаць будзе нашу ціхую Беларусь. Няхай жа мацнеюць шэрагі і набліжаецца Сьветлы час.

17 верасьня 2002 г., Варшава

Надрукавана: (Беларускія Ведамасьці, – 2002, № 6(46);(Беларус, – 2002, № 477 (кастрычнік)

 

8. ЭЛІТА

Задумваючыся над нашым беларускім цяперашнім існаваньнем, мы часта гаворым пра грамадзкія ды людзкія дачыненьні, пра плюсы і мінусы нашага нацыянальнага характару і заўважаем, што ёсьць у ім шмат тыпалягічнага, як у праявах высакароднага, так і адмоўнага кшталту. Тут вельмі істотна дайсьці да прычыны.

Мяне заўсёды ўзрушвала высакароднасьць беларускага характару ў спалучэньні са сьціпласьцю. Потым – велікадушнасьць. Гэтае рыцарства душы ёсьць спагада да чалавека, разуменьне яго патрэбаў, перажываньне несвайго болю. Рыцарствам напоўненая ўся наша гісторыя. Успомнім кап’ё Альгерда пад маскоўскай сьцяной. На пакаяньне – была літасьць, палонных вызвалялі, людзей не прадавалі. У беларусаў няма ксэнафобіі. Беларус унутрана паважае чужое жыцьцё і права чалавека быць іншым, непадобным на яго.

Адначасна мяне не перастаюць бянтэжыць якасьці іншага кшталту, якія, здавалася б, нельга вытлумачыць разумным абгрунтаваньнем. Гэта найперш – нейкае ірацыянальнае, але сьведамае адмаўленьне ад барацьбы. Калі беларус хоча нейкага агульнага дабра, у яго нестае рашучасьці змагацца з перашкодамі. Ён кажа, што трэба, каб было так і гэтак. Але калі яму прапанаваць: „ давай зробім”, ён адказвае: „ Дык жа ж не дадуць”, альбо: „ Дык жа ж ня выбяруць”, „ Дык жа ж заб’юць”, ці: „ Нічога не атрымаецца”, „ Нічога ня будзе” і г.д.

Гэтае нявер’е ў свае сілы, нявер’е ў грамадзтва, гэтае ўцяканьне ад барацьбы, гэтае антырыцарства (бо рыцар мусіць змагацца са злом) характэрнае цяпер паўсюдна і, як ні дзіўна, найбольш у інтэлігентных, адукаваных вярхах грамадзтва. У ніжэйшых сацыяльных пластах гэтая пазыцыя даведзена да лягічнага завяршэньня і да абсурду і гучыць так: „ Абы вайны не было”. Альтэрнатыва паўстае сама сабой – цярпець. Цярпець зьдзекі, паскудства, прыгнёт, жаліцца – і зноў цярпець, пакуль не памром. Ужо ходзяць анэкдоты пра беларускае цярпеньне.

У чым жа прычына, што рыцарства суіснуе з пакорай злу, а псіхалёгія свабоды – з ідэалёгіяй нявольніцтва?

Справа ў тым, што, ў выніку акупацыяў і гістарычных прычын, быў зьнішчаны беларускі набілітэт і разбураная нацыянальная эліта грамадзтва. Паўнавартаснае нацыянальнае грамадзтва існуе ў суладдзі і дачыненьні сацыяльных структураў, якія твораць адзінае цэлае. У грамадзкай сістэме нацыі найважнейшымі ёсьць дачыненьні паміж масай і элітай, паміж народным стэрэатыпам і культурным аўтарытэтам. Эліта і аўтарытэт ёсьць важнейшымі дзейнікамі нацыянальнай культуры. Калі мы кажам, што для нармальнага разьвіцьця нацыі неабходная нацыянальная літаратура, тэатр ды школьніцтва, то не забывайма, што гэтыя найважнейшыя катэгорыі ёсьць вытворныя ад існаваньня і дзейнасьці нацыянальнай эліты. Эліта першасная. Спачатку мусяць быць людзі, якія народзяць ідэю і стануць яе ажыцьцяўляць.

Невыпадкова, што ўсе антыцывілізацыйныя і антычалавечыя агрэсіўныя сілы напрацягу ўсёй чалавечай гісторыі першым чынам стараліся вынішчыць эліту чужога ім народу. Пры гэтым людзей неабавязкова зьнішчалі фізічна, як гэта рабілі манголы ці расейцы-бальшавікі. Нацыянальных кіраўнікоў, асобаў заможных, разумных, таленавітых, здольных ды ўмелых, і нават проста працавітых, стараліся запалохаць, падкупіць, навязаць фальшывыя ўяўленьні, завесьці ў тупік, на збочную дарогу дзейнасьці, ці проста забараніць тварыць і працаваць.

Народ рэалізуецца ў лепшых сваіх прадстаўніках. Таму страціўшы эліту – грамадзтва сьлепне і нямее.

Самым разбуральным вынікам рускай акупацыі (побач з паленьнем беларускіх кніг, бурэньнем беларускай архітэктуры, забаронай беларускай мовы і рэлігіі) сталася фізічнае і сацыяльнае зьнішчэньне беларускіх паноў і верхніх пластоў грамадзтва. На Беларусі была гвалтоўна перапынена элітарная традыцыя беларускай культуры. Спынілася яе сацыяльная рэпрадукцыя. Адбылася культурная катастрофа. Вялікі беларускі народ апусьцілі да ўзроўню этнічнага існаваньня, ператварылі ў мужыцкую нацыю.

Новая беларуская эліта магла адрадзіцца толькі з сялянаў. Гэта разумелі ўсе нешматлікія шляхецкія рыцары духу, ад Дуніна-Марцінкевіча ды Багушэвіча да Янкі Купалы. Яны зьвярталіся да мужыка, узвышалі яго, падбадзёрвалі, маліліся на яго, спадзяваліся і марылі, што паўстане нацыянальны геній з сялянскага народу.

Што з гэтага атрымалася – вядома. Новая беларуская эліта сапраўды адрадзілася з сялянаў і тут жа была выразаная, выстраляная ў 30-х, згноеная ў сталінскіх лягерах разам з сялянамі.

Пасьляваенныя інтэлектуальныя і сацыяльныя беларускія вярхі ўтвараліся ўжо пераважна з калгасьнікаў. і толькі нязначная іх частка (дакладней – доля працэнта) сфармавала новую нацыянальную эліту Беларусі.

Пасьляваенная беларуская эліта ўзьнікала ў вакууме разбураных традыцыяў. Яе цяперашнія прадстаўнікі валодаюць ведамі, навуковымі ступенямі ды пасадамі, яны любяць Беларусь, але нават будучы неардынарнымі спэцыялістамі, нясуць у сабе вясковую мэнтальнасьць шэрага чалавека, яго неактыўнасьць, яго задаволенасьць мінімумам, яго інфантыльныя спадзяваньні на некага. Адсюль – гэтае нярыцарскае: „ Дык жа не дазволяць” і „ Нічога ня будзе”, – адмаўленьне ад барацьбы.

Гістарычная практыка балгараў, краінаў Балтыі ды іншых народаў, якія фармавалі новыя эліты нават на пустым месцы, даказала, што становішча паляпшаецца пры нармальных варунках ва ўмовах незалежнай нацыянальнай дзяржавы напрацягу аднаго-двух пакаленьняў. Лёс Беларусі горшы. Таму нашае змаганьне доўжыцца ўжо 200 гадоў, і цяпер яно найцяжэйшае, бо ў адзіночку імкнемся пазбавіцца з магільных абдымкаў паміраючай імпэрыі.

Заканчваючы развагі пра беларускае грамадзтва, хачу спаслацца на каштоўны вопыт гісторыі і думкі вялікіх беларусаў.

Максім Багдановіч, абагульняючы ўяўленьні народнікаў, пісаў, што інтэлігенцыя гэта ёсьць тыя людзі, якія валодаюць ведамі і выкарыстоўваюць іх дзеля дабра народу на карысьць грамадзтва. Інтэлектуальная эліта народу павінна спрыяць народнаму дабру і служыць яго памнажэньню.

Раней прадстаўнікі эліты адасаблялі сябе ад народа і называлі народам толькі ніжнія, працоўныя пласты грамадзтва, масы простых людзей. Гэтае архаічнае разуменьне можна напаткаць яшчэ і цяпер, калі новая эліта, што выйшла з калгаснай вёскі, у роспачы шукае вінаватых, абзывае беларускіх людзей дурнымі, дэбільнымі, здраднікамі ды халуямі за тое, што яны быццам бы не разумеюць яе сьветлых апазыцыйных памкненьняў.

Гэта вялікая памылка. Народ нельга абзываць. Ад гэтага ён не палепшае. і за абзывальшчыкамі – ня пойдзе. Народ – гэта ўсе мы, усе беларусы.

Стагоддзямі простыя людзі назіралі нацыянальную здраду ў вярхах. Ня ў нізе выракаліся беларускае мовы, а наверсе. і калі зьнізу беларус прабіваўся ў гару, то найчасьцей там, уверсе, ён выракаўся ўсяго свайго, а часам нават краю і родных бацькоў.

Ці ж мог просты народ, сьведама і падсьведама, тым давяраць, што ўгары?

Так пад стагоддзямі няволі і прыгнёту ўтварылася заломнае кола здрады, якое можна разарваць толькі любоўю, дабром, працай на карысьць усіх беларусаў, і толькі ў свабодзе, толькі ў вольнай незалежнай краіне. Бо не разьвіваюцца людзі ў няволі.

18 студзеня 2001 г.; ВаршаваНадрукавана: („ Народная Воля”,– 2001, 24 студзеня)

 

9. ВЯЛІКІЯ ЛЮДЗІ

„Вялікі чалавек здабывае справядлівасьць,

малы – выгаду.”

Канфуцы

 

Паважаныя людзі – гэта тыя, якія валодаюць аўтарытэтам (у калектыве, у супольнасьці, у грамадзтве, у народзе). Аксіёма, пацьверджаная гісторыяй: без аўтарытэту не разьвіваецца культура.

Аўтарытэт асобы не ўтвараецца сам сабой. Павінна адбывацца ўзаемадзеяньне суб’екта і грамадзтва. Пазыцыя і паводзіны чалавека мусяць выклікаць прызнаньне і павагу. Узровень асобы і справы яе могуць пераганяць узровень грамадзтва, якое не ўспрымае, альбо не прызнае тое, што кажа ці стварае такая асоба. Але калі яе ўспрымуць і прызнаюць пазьней іншыя пакаленьні, то для іх яна стане аўтарытэтам.

Вопыт пацьвярджае, што гэтак жа, як шмат якія асобныя людзі, імкнуцца забясьпечыць сабе аўтарытэт у іншых, гэтаксама і грамадзтва для замацаваньня і абароны сваіх дасягненьняў імкнецца мець свае аўтарытэты, падтрымліваць іх, прапагандаваць і нават ствараць.

Дзейнасьць чалавечай супольнасьці, пачынаючы ад самых простых формаў яе існаваньня, ня можа быць абязьлічанай, бо вылучэньне чалавека з прыроды – гэта перш за ўсё, зьяўленьне яго асабовай індывідуальнасьці. Чым вышэйшы ўзровень культуры, тым большая роля і ацэнка асобы.

Хрысьціянства адкрыла чалавецтву каштоўнасьці душы, калі якасьць і ацэнка чалавека перамясьціліся ва ўнутраны сьвет асобы. (Высокія якасьці душы ставіліся вышэй за ўладу і матэрыяльнае багацьце, бо людзі ўспрымалі душу як вечную частку чалавека. Асобу сталі ацэньваць па ўнутраных якасьцях.) У гісторыі духоўнага разьвіцьця чалавека гэта быў найвялікшы прарыў, скачок на верхні ўзровень. Новая індывідуальнасьць, якой ня ведаў антычны сьвет, стварыла новае грамадзтва і новую культуру Эўропы, дзе асобны чалавек стаў нароўні з грамадзтвам, зрабіўся першаснай каштоўнасьцю гэтага грамадзтва і ўсіх ягоных інстытутаў, ад рэлігіі да дзяржавы.

Калі мы прасочым канцовую мэту духоўнага разьвіцьця чалавека так, як яна тлумачыцца ва ўсіх вышэйшых сусьветных рэлігіях, і асабліва ў Хрысьціянстве, то на духоўным этапе (які дасягаецца праз духоўнае ўдасканаленьне і фізічную сьмерць) супольнасьць увогуле перастае адыгрываць вызначальную ролю. Яе як бы і не існуе. Самаіснымі каштоўнасьцямі застаюцца справядлівая індывідуальная душа і яе мэта – злучэньне з Богам.

Але спусьцімся на Зямлю. Відавочны факт, што Хрысьціянства прынесла на Зямлю іншыя дачыненьні да аўтарытарнасьці. Галоўным прынцыпам узаемаадносінаў стаў ўнутраны вольны выбар. Велізарнае значэньне пачалі адыгрываць маральныя аўтарытэты, людзі вялікай адукацыі, ведаў, здольнасьцяў і культуры. Сацыяльная аўтарытарнасьць, якая раней не аспрэчвалася, таксама пачынае ацэньвацца з гледзішча маральных якасьцяў і культурнага ўзроўню. Першасным грамадзкім аўтарытэтам робіцца не герой зь яго разбуральнымі подзьвігамі, як у старым сьвеце, а чалавек-стваральнік, які сваімі думкамі, дзеяньнямі і дасягненьнямі спрыяе грамадзкаму дабру, які ня толькі зьнішчае перашкоды, але, перш за ўсё, стварае і сцьвярджае станоўчую рэальнасьць дзеля лепшага існаваньня і ўдасканальваньня ўсіх.

Менавіта такую асобу найперш стала ўхваляць грамадзтва. Паважаная актыўная асоба стала эфектыўным чыньнікам разьвіцьця культуры. Стваральны ўплыў такой вялікай асобы не абмяжоўваецца пэрыядам яе жыцьця, бо новая нацыянальная супольнасьць, арганізаваная ў нацыянальную дзяржаву, выступае як калектыўная адметная індывідуальнасьць, якая мае свае калектыўныя (нацыянальныя) інтарэсы, галоўныя зь якіх – грамадзка-культурнае разьвіцьцё і падтрыманьне вечнасьці народнага існаваньня.

Вялікая асоба якраз і выяўляла гэтыя інтарэсы. Аўтарытэт асобы ў нацыянальным грамадзтве ёсьць мера і чыньнік грамадзкай культуры, фактар нацыянальнага разьвіцьця. Яго ўплыў, незалежна ад часу, робіцца пастаянным, становіцца гістарычным здабыткам культуры. Ён (гэты ўплыў) можа большаць ці меншаць, але ўжо не мінае, бо пераходзіць у сфэру нацыянальнага духу.

З разьвіцьцём нацыі індывідуальная дзейнасьць у сфэры літаратуры, тэатра і грамадзкіх ідэй мела рашаючае значэньне для сфармаваньня нацыянальнай супольнасьці і стварэньня потым нацыянальных дзяржаваў. Калі не існуе нацыянальнай літаратуры, калі няма вялікіх нацыянальных пісьменьнікаў і паэтаў, то няма і нацыі. Нацыя не ўтвараецца без нацыянальнай літаратуры і тэатру. Нацыянальны тэатр – гэта ўвогуле мастацкая мадэль нацыі ў мініятуры. Але ўся творчасьць нацыянальнага пэрыяду ўжо ня ёсьць безыменнай, калектыўнай, цэхавай, ці вуснай народнай. Гэта ёсьць прафэсійная ўсьвядомленая творчасьць індывідуальнасьцяў, якія імкнуліся ўвасобіць і адлюстраваць агульнае ў канкрэтным, народны лёс у чалавечым вобразе.

Творцы і дзеячы нацыянальнага мастацтва, літаратуры, тэатра, навукі, палітыкі, культуры ёсьць генератарамі ідэй, стваральнікамі нацыянальнай супольнасьці; кожны мае сваё імя і аўтарытэт у пантэоне нацыянальнай культуры. Нацыя моцная сваімі вялікімі прадстаўнікамі. Уплыў іх абсалютны, каштоўнасьць безумоўная.

Кожнае нацыянальнае грамадзтва адносіцца з асаблівай увагай да сваіх грамадзкіх аўтарытэтаў. Характар дачыненьняў шмат пра што кажа. Тут выяўляецца і ўзровень культуры, і якасьць духу, і ступень салідарнасьці, і пасіянарнасьць, і скрытыя комплексы, і незалежнасьць (ці, наадварот, залежнасьць) думаньня, і нацыянальная сьпеласьць грамадзтва.

* * *

Стабільныя культуры Заходняй Эўропы і Паўночнай Амэрыкі даволі арганічна акамулююць нацыянальныя аўтарытэты ў сфэры свайго грамадзтва. Адносіны да іх разьвіваюцца ў рэчышчы агульнай павагі да чалавека. Павышаны інтэрас можа выклікаць элементы перабольшаньня альбо недаацэнкі, але ў цэлым, носіць аб’ектыўны і здаровы характар. Дачыненьні адэкватныя.

Больш складаныя дачыненьні ў ацэнцы аўтарытэту асобы ў грамадзтвах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Тут аўтарытэту часта надаецца павышаная хваравітая ўвага і вызначэньне; успрыняцьце можа быць заведама тэндэнцыйным і рэфлексійным, эмацыйныя крытэрыі могуць пераважаць.

Супраць аўтарытэтаў адных асобаў і за аўтарытэты іншых тут нярэдка йдзе змаганьне, часта вельмі аднабокае і далёкае ад рэальнасьці, аб’ектыўнасьць не шануецца, плодзяцца ілюзіі і міфы, на іх, як замкі на пяску, будуюцца цэлыя квазінавуковыя канцэпцыі. На грунце рознасьці ўяўленьняў узьнікаюць дыскусіі і непаразуменьні.

Адной з прычынаў такіх ускладненых дачыненьняў ёсьць тое, што народы Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў пэрыяд позьняга сярэднявечча страцілі сваю незалежнасьць, былі падзеленыя паміж чатырма імпэрыямі і толькі ў пачатку ХХ стагоддзя дамагліся незалежнасьці, а некаторыя неўзабаве зноў апынуліся ў савецкай імпэрыі.

У той складанай сітуацыі шмат якія вядомыя людзі дзейнічалі і тварылі на сумежжы культураў, альбо адначасна ў некалькіх культурах, часам зьмянялі сваю арыентацыю і супрацоўнічалі з акупацыйным рэжымам. Тое ж самае адносіцца да дзеючых сучасьнікаў, калі палітычныя крытэрыі ў грамадзтве пераважваюць над культурнымі і навуковымі.

У цэлым трэба прызнаць, што гэта ёсьць невысокі ўзровень дачыненьняў у ацэнцы вялікіх людзей і выкліканы ён, перш за ўсё, палітычнай няўпэўненасьцю, страхам (часам, неўсьвядомленым) зноў страціць свабоду і незалежнасьць. Адсюль імкненьне самасцьвердзіцца як найбольш.

У скансалідаваных грамадзтвах Цэнтральна-Усходняй Эўропы адбываецца (часам амаль нябачнае) змаганьне за нацыянальныя аўтарытэты на ўзроўні палітычнай аднабокасьці. Але, трэба сказаць, практычна ніхто ў гэтых грамадзтвах не сумняваецца ў вялікім значэньні аўтарытэту асобы для нацыянальнай сучаснасьці, гісторыі і культуры. Нігілізм, адмаўленьне аўтарытарнасьці культуры тут не прыжываюцца.

Адметны падыход да аўтарытэту як да стваральнага чыньніка разьвіцьця выяўляюць габрэі, для якіх на працягу тысячаў гадоў гісторыі ўтрыманьне аўтарытарнасьці габрэйскай культуры было асноўнай задачай, сродкам духоўнага выжываньня і кансалідацыі, сцьвярджэньня сябе ў не сваім сьвеце.

У дачыненьні да аўтарытэтаў габрэі вольныя ад паталёгіяў Цэнтральна-Усходняй Эўропы. Яны ніколі не бяруць чужога і не выдаюць яго за сваё. Яны ніколі не затоптываюць сваё, зыходзячы з рознасьці палітычных дачыненьняў, бо агульнае (габрэйскае) – вышэй. Тут іншы падыход да аўтарытарнасьці і нацыянальнага самазахаваньня. Лепшую, вядомую, паважаную, здольную, пэрспэктыўную асобу часьцей за ўсё ўзмоцнена прапагандуюць, ёй ствараюць аўтарытэт, ставяць нібы на катурны, яе ўзвышаюць, пра яе часта і шмат гавораць, даюць выдатныя ацэнкі, аўтарытэт і значэньне яе распаўсюджваецца, разьдзімаецца і ўсімі падтрымліваецца. Вядомасьць часам ствараецца ямаль што на пустым месцы, але настолькі энэргічна і пасьлядоўна прапагандуецца, што ніхто ўжо не адважваецца сказаць нешта насуперак. А калі і скажа, то яму ж і горай. Бо хто ж можа сумнявацца ў быццам бы звышгеніяльнасьці ўсімі прызнанай асобы – толькі той, хто ні ў чым не разьбіраецца. (Хаця сумніўца якраз можа разьбірацца найлепш.)

Вельмі дрэннымі здаюцца мне дачыненьні да вялікіх людзей у беларускім грамадзтве. з першага погляду можна падумаць, што наша супольнасьць пакутуе на нейкі сацыяльнапсіхалягічны мазахізм і самаедзтва. Топчацца і не паважаецца менавіта сваё.

Беларускі нацыянальны аўтарытэт – гэта фактычна заўсёды трагічная асоба, якую зьневажаюць, абплёўваюць і здраджваюць нібыта свае беларусы.

Практычна, аднак, нэгатыўныя дачыненьні вызначалі і вызначаюць якраз не беларусы, а калянізатары, акупанты, ворагі беларушчыны. Яны заўсёды былі агрэсіўныя і канцэптуальныя, а беларускае грамадзтва – пасіўнае і, як правіла, канфармісцкае.

Галоўная прычына такога ненармальнага стану ў тым (пра гэта я ўжо пісаў раней), што ў ХІХ-м стагоддзі была зьнішчана беларуская сацыяльна-культурная эліта, набілітэт, засталіся толькі нізы (у асноўным сяляне і часткова мяшчане). Руская каляніяльная імпэрыя ўвяла тут сваю сацыяльна-дзяржаўную эліту замест зьнішчанай беларускай і беларускія нізы змушаныя былі яе прызнаць як неабходную ўладу, бо іншай альтэрнатывы не існавала.

З гэтага часу пачалася нацыянальная сьлепата, якая ня скончылася па сёньняшні дзень.

Наша грамадзтва з прычыны даўгіх акупацыяў, падзелаў і страты элітаў, слаба скансалідаванае. У ім не хапае разуменьня асноўнага адзінства паміж прыватным, агульнанацыянальным і асабовым. Чалавек сучаснай эўрапейскай цывілізацыі айчынаў успрымае агульнанацыянальныя задачы і прэстыж вялікіх асобаў нацыі гэтак жа, як свой прыватны інтэрас. У пластах беларускага грамадзтва такога неабходнага разуменьня адзінства няма. Яно падзеленае. Задачы нацыі, палітыка, ідэі культуры, дзяржава, улада і прыватныя інтарэсы асобных людзей існуюць у сьведамасьці шмат якіх беларусаў незьвязана, нібы самы па сабе, а дзейнасьць вялікіх аўтарытэтных асобаў народа ацэньваецца як іхняя прыватная справа.

Лёс вялікай нацыянальнай асобы ў гэтакім дэфармаваным нескансалідаваным грамадзтве, як правіла, поўны драматызму. Ворагам беларушчыны лёгка расправіцца з такімі людзьмі, а прапаганда можа вытварыць, што хоча, пры агульнай пасіўнасьці і маўчаньні нацыі. Праца і творчасьць беларускіх адраджэнцаў з гэтае прычыны патрабавалі выключнай самаадданасьці.

Жыцьці вялікіх беларусаў ужо больш-менш апісаныя, больш-менш вядомыя. Менш адчыненымі засталіся грамадзкія абставіны трагедыі, якія якраз высьвятляюць яе зьмест. Гэта, перш за ўсё, абыякавасьць у грамадзтве да лёсу сваіх прадстаўнікоў.

Калізія паміж ахвярнасьцю змагарнай асобы і здрадай ёй (як непрыняцьцем асобы) адлюстраваная ў найвялікшай паэтычнай драме Янкі Купалы „ Сон на Кургане”. Нагадаю схему сюжэта. Змагара Сама, які змагаўся за шчасьце і волю беларускага народа, беларусы (у дадзеным выпадку, сяляне) услужліва аддаюць у рукі царскіх сатрапаў. Схема для Беларусі тыповая і знаёмая, пачынаючы ад здачы інсургентаў Кастуся Каліноўскага царскім уладам да даносчыкаў НКВД і прыхільнікаў Лукашэнкі.

Гэтай жа трагічнай калізіі прысьвяціў сваю выдатную паэтычную драму „ Пакрыўджаныя” Леапольд Родзевіч. Маналёг змагара за свабоду ад прыгону – старога скульптара Піліпа, адрынутага ў канцы драмы роднай дачкой, – ёсьць, бадай, адзін з самых прачулых і трагічных у беларускай паэтычнай драматургіі.

Беларуская рэчаіснасьць адэкватная такой літаратуры і ня менш выразная.

Міхась Зарэцкі, як і сотні беларускіх інтэлігентаў, пісьменьнікаў і паэтаў, быў зьнішчаны ў 1930-х гадах рускім НКВД. Сьледчыя-чэкісты шукалі рукапіс яго рамана „ Крывічы”, спачатку – каб прад’явіць уліку, а потым, пасьля прысуду, каб зьнішчыць раман. Не знайшлі. А рукапіс быў у вёсцы, і сяляне-дзядзькі, аматары махоркі, скарысталі гэты рукапіс – на ... самакруткі. Раман скурылі. Рэшта зьнікла ў НКВД.

Тут справа ня толькі ў адсталасьці і неадукаванасьці. Нешанаваньне свайго, выхаванае ў сялянскай сьведамасьці чужынцамі, прыводзіць да заганнай ацэначнай формулы: „ Няма прарока ў сваёй айчыне”. Які ўжо там аўтарытэт, якая павага!

Васіля Быкава ведае ўвесь сьвет. На Беларусі яго называюць сумленьнем нацыі. Гэта вялікі пісьменьнік, вялікі чалавек. Сіла ягонага маральнага аўтарытэту такая вялікая, што той чалавек, той чыноўнік, той дзяржаўны дзеяч, які пачаў бы яго зьневажаць ды паліваць брудам ягонае імя, павінен выклікаць усеагульнае абурэньне і шырокае асуджэньне брыдкіх паводзінаў, бо Быкаў – гэта ўжо ня проста вялікі пісьменьнік – ён вялікі гонар і каштоўнасьць Беларускай нацыі.

Аж не. У Беларусі, аказваецца, можна зьневажаць і Быкава. і гэта абыходзіцца, сходзіць з рук. і ворагі беларушчыны пра тое ведаюць.

Калі прааналізаваць жыцьцё беларускіх адраджэнцаў – вялікіх людзей ХХ-га стагоддзя, уражвае пастаянства іхных ілюзіяў у дачыненьні да беларускага грамадзтва і да Расеі. Хоць, здавалася б, хто лепш за іх павінен бы быў усё ведаць.

У канцы 60-х у размове з Паўлінай Мядзёлкай я даведаўся, што калі ў сярэдзіне 20-х на Беларусь вярнуліся з эміграцыі шмат якія беларускія нацыянальныя дзеячы і атрымалі навуковыя ды дзяржаўныя пасады ў БССР, яны неяк сабраліся разам і тады, здаецца, Язэп Лёсік сказаў: „ Ну, цяпер ужо беларускай справе ніхто і нішто не перашкодзіць”.

Праз нейкі час усе яны былі зьнішчаныя НКВД.

У 1922 годзе Аляксандар Цьвікевіч, выступаючы на пахаваньні Алеся Бурбіса і расказаўшы пра ягонае цяжкае жыцьцё, пакуты, турмы і перасьледы, зазначыў, што ён быў беларусам-адраджэнцам, а жыцьцё адраджэнца – гэта ахвярнасьць і служэньне Беларусі. Яно немагчымае без пакутаў.

* * *

Падагульняючы думкі пра сітуацыю, якая склалася на Беларусі ў дачыненьні да аўтарытэтных людзей нацыі і разумеючы, чаму так ёсьць, можна зрабіць дзьве галоўныя высновы, якімі, па маіх назіраньнях, кіраваліся вялікія адраджэнцы, такога ўзроўню, як Ларыса Геніюш і ксёндз Адам Станкевіч.

Па-першае. Каб запабегчы расчараваньням, трэба ня мець ілюзіяў. Беларускі адраджэнец павінен адносіцца да сваёй дзейнасьці (у якой бы галіне яна ні адбывалася) як да місіі, як да прызначэньня, памятаючы, што народ, людзі ёсьць такія, якія яны ёсьць, што іншых людзей няма і трэба дапамагаць ім вярнуць свой нацыянальны гонар і стаць вольнымі беларусамі, не чакаючы ад іх ні ўдзячнасьці, ні ўзнагароды. Адраджэнец мусіць узвышацца над абставінамі і не кідацца ў пэсымізм.

З іншага боку, кожны беларус, грамадзянін Беларусі, мусіў бы сабе ўсьвядоміць, што найпершае багацьце нацыі – гэта яе разумныя, таленавітыя, здольныя, адукаваныя вялікія асобы. Ім павінна быць найпершая павага, шанаваньне і абарона.

Другая выснова. У абставінах грамадзкага асьляпленьня нельга абвінавачваць усю нацыю, крыўдзіцца на народ і, тым больш, зьневажаць яго (як часам цяпер бывае). Гэта было б цалкам няправільна і абсалютна беспэрспэктыўна.

Калі я азіраюся на ХХ-е стагоддзе, мяне ўражвае маральная веліч беларускіх адраджэнцаў. Гэта людзі высокай пробы. Іхняя дарога, справы, дзейнасьць – ёсьць шлях дасканалых.

Кожны адраджэнец адчувае сябе народам. Кожны мог бы сказаць: народ – гэта я. і гэта праўда. Гэта правільнае, нармальнае адчуваньне. Гэтак павінен бы думаць кожны чалавек у дасканалым грамадзтве.

22 сакавіка 2001г., Нью-Ёрк

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №4 (34); „ Народная Воля”, – 2002, 26 красавіка)

 

10. БЕЛАРУСКІ СЬЦЯГ

Давайце пагаворым пра нацыянальны сьцяг. Гэта значыць, пра рэчы відавочныя і таемныя, рэальныя і містычныя.

Нацыянальны сьцяг – гэта каляровае палатно, як правіла, прастакутнага памеру, якое зьяўляецца сымвалам нацыі. Бываюць людзі, якіх сьцяг нічым ня ўзрушвае: палатно як палатно. Іншыя – дзеля сьцяга ахвяруюцца жыцьцём, адносяцца да яго з піэтэтам і з найвялікшай павагай.

Адносіны да сьцяга паказваюць на ўзровень нацыянальнай кансалідацыі і нацыянальнай сьведамасьці народа. і што важна: тут існуе ўзаемаабарачальная сувязь. Народ падтрымлівае сьцяг, а сузіраньне сьцяга – кансалідуе народ.

Успомнім нядаўняе мінулае, як адносіліся да беларускага нацыянальнага сьцяга на Беларусі функцыянэры КПСС. Калі ўжо перад канцом Савецкага Саюзу камуністы ня мелі моцы, яны стараліся ўсімі сіламі прынізіць, зьменшыць значэньне сьцяга. „ Ім бы толькі флажкі”, – крычалі яны ў Вярхоўным Савеце на Народны Фронт. Маўляў, ёсьць больш важныя рэчы, чым сьцяг.

Але як толькі расейскаму КГБ удалося прывесьці на прэзыдэнцкі пасад Лукашэнку, першае, з чаго яны пачалі – гэта зь ліквідацыі беларускага дзяржаўнага сьцяга. Пры гэтым, не лічыліся ні зь якімі выдаткамі.

У барацьбе за беларускі сьцяг цяперашняя рэчаіснасьць нарадзіла сапраўдных герояў. Паглядзім на подзьвігі няўлоўнага МІРОНА, які ўжо некалькі гадоў вывешвае Бел-ЧырвонаБелы Сьцяг на самых высокіх і недаступных месцах, і заўсёды пакідае пры гэтым запіскі патрыятычнага зьместу.

Апошні подзьвіг Мірона, які ён ажыцьцявіў на другі Дзень Нараджэньня Хрыстовага 26 сьнежня мінулага году ў Віцебску, уражвае сваёй сьмеласьцю. Мірон сярод белага дня вывешаў беларускі сьцяг над горадам на 110-мэтровай вышыні (на коміне гарадзкой цеплацэнтралі). Убраны ў барвовы плашч, гэты рыцар беларускага сьцяга працаваў на вышыні, на марозным ветры амаль пяць гадзінаў, дзёрзка, навідавоку ўсяго горада. Унізе яго ўжо чакала міліцэйская пастка, але Мірон, дзякуючы беларускай кемлівасьці, спусьціўся з гары і здолеў не патрапіць у рукі ахоўнікаў. Ён зноў няўлоўна зьнік, не адкрыўшы свой твар.

Я мяркую, што неўзабаве, пасьля таго, як будзе ськінуты ў Беларусі прамаскоўскі рэжым, – урачыстае ўздыманьне беларускага сьцягу над парлямантам і Домам ураду пад велічныя гукі беларускага духоўнага гімну будзе даручана герою беларускага сьцяга – Мірону, які ў гэты момант адкрые сваё аблічча.

Прыгледзімся да нашага сьцяга.

Ён заўсёды відаць здалёку як самая яркая зьява ў прасторы, якія б фарбы і аб’ёмы вакол ні былі. Гэта настолькі відавочна, што ўражвае.

Калі глядзець на наш сьцяг зблізку і асабліва, калі сьцягоў шмат і разьвіваюцца пад сонцам, – відовішча вельмі велічнае. Зьяўляецца ілюзія, што над сьцягамі і ў гушчы сьцягоў узьнікае канцэнтрацыя сьвятла. Гэтае месца ня проста самае сьветлае ў прасторы; уражаньне, што яно вылучае сьвятло. Прытым ілюзія вельмі моцная. Ніякія іншыя сьцягі зь іншымі прапорцыямі і спалучэньнямі колераў не набліжаюцца ў гэтым да эфэкту беларускага сьцяга.

Вельмі яркае таксама псіхалягічнае адчуваньне ад сузіраньня беларускіх сьцягоў. Гэта адчуваньне прыўзьнятай радасьці і надзвычайнай чыстасьці. Прытым ізноў жа – гэтае адчуваньне вельмі моцнае і аб’ектыўнае. Яго сьведама і падсьведама перажываюць усе людзі (прынамсі, пераважная большасьць).

Адразу скажу, што тут няма ніякай містыкі. Тут спрацоўваюць аб’ектыўныя законы ўспрыняцьця колераў, іхных прапорцыяў і камбінацыяў. У беларускім сьцягу ідэальна збалянсаваныя белы і чырвоны колеры. Знойдзена мера раўнавагі. Беларускі сьцяг візуальна гарманічны, бо чырвонае і белае ўраўнаважаны. Для раўнавагі гэтых колераў патрэбная якраз парпорцыя: адзін да двух.

Як прапорцыя колераў уплывае на гармонію цэласьці можна пераканацца, калі сузіраць сьцягі Інданэзіі і Польшчы, якія аднолькавыя – бела-чырвоныя (толькі іншы колерны парадак верху і нізу палатна). Тут уражаньне несімэтрычнай распалавіненасьці плошчы, ілюзія дысанансу, бо чырвонага шмат, і гэты колер выглядае цяжкім. У прапорцыі ж 1 : 2, як у беларускім сьцягу, чырвоны колер лёгкі, ён плыве, уецца, палымнее на белым, не цягне на дол, а нібы лунае ў белай прасторы. Тыя ж колеры, але ў розных прапорцыях, выклікаюць розны візуальны і псіхалягічны эфэкт.

Немалаважны і сутнасны выбар колеру. Самы яркі колер ёсьць белы, але ў рэальнасьці самым яркім колерам на Зямлі лічыцца жоўты (тут псіхалягічны эфэкт жоўтага сонца). Тым часам ніякі жоўты сьцяг і ніякая камбінацыя жоўтага зь белым, ці жоўтага з чырвоным ня будзе ярчэйшай і сьвятлейшай за беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг (я ўжо не кажу пра псіхалёгію ўспрыняцьця). Ня дасьць лепшага эфекту таксама толькі белы, ці тым больш – толькі чырвоны сьцяг.

Мастацтвазнаўцы і мастакі-калярысты ведаюць, што ёсьць колеры, якія сумяшчаюцца і гарманізуюцца, і колеры, якія не сумяшчаюцца і не гарманізуюцца. Напрыклад, зялёны і чарвоны колеры – несумяшчальныя, згарманізаваць іх разам практычна немагчыма. Тым часам зь белым можна сумясьціць і згарманізаваць любы колер.

На беларускім сьцягу згарманізаваны самы „ гарачы” колер чырвонага, ці, як яшчэ кажуць, „ цёплага” краю спэктара. Кожны колер, які бачны ў прыродзе, нясе аб’ектыўную псіхалягічную нагрузку і фактычна аднолькава псіхалягічна ўспрымаецца большасьцю людзей. Гэтая ж аб’ектыўная аснова псіхалягічнага ўспрыняцьця выяўляецца і ў камбінацыі колераў, якія мастак сумяшчае па законах эстэтыкі.

Гарманізацыя белага з чырвоным у прапорцыі 1 : 2 аблягчае цяжкую псіхалягічную актыўнасьць чырвані і на балянсе кантрасту актывізуе (высьвятляе) белы фон, ад чаго ўзьнікае ілюзія сьвятла і палымненьня ўсёй бел-чырвона-белай карціны.

Калі прааналізаваць гэтак усё да канца, то прыходзім да высновы, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ёсьць ідэальным візуальным выяўленьнем гармоніі самых актыўных колераў – чырвонага і белага – і найвыразьнейшым выяўленьнем псіхалягічнага вобразу чыстасьці і радаснага ўздыму. Гэта оптымум ідэі радасьці і сьвятла і оптымум візуальнай яркасьці.

Далей я буду гаварыць пра рэчы, набліжаныя да містыкі, над якімі нельга не задумацца.

Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг вядомы яшчэ з сярэднявечча. У ХV і XVI стагоддзях ён ужо лунае на піках беларускіх рыцараў.

Канцэпцыя гармоніі белага з чырвоным вядома на Беларусі з глыбокай старажытнасьці, яшчэ з дапісьмовых часоў, і матэрыялізавалася ў адзеньні. Сутнасьць яе ў тым, што дзейнікамі выступалі толькі чырвоны і белы колеры, і спалучэньне іх не перакрочвала прапорцыі 1 : 2. Чырвоны колер быў акцэнтам, але не дамінаваў удзельна (гэта значыць, па плошчы запаўненьня). Нашыя старажытныя продкі адчувалі законы гармоніі.

У хрысьціянскай старажытнасьці склалася традыцыя сымвалізацыі прыходу Месіі. Гэта чырвоны крыж ці чырвоная паласа на белым фоне. Тут сымвалізацыя дарогі Боскага Духу, духоўнага шляху на чыстасьці стварэньня. Тут чырвоны, гарачы шлях Хрыстовай Веры і Любові праз вечнасьць сьветабудовы да вечнага Бога.

У сярэднявеччы шмат дзе на карцінах мастакоў можна было бачыць выяву Ісуса Хрыста зь Бел-Чырвона-Белай харугвай крыжа ці зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам у руцэ. Бел-Чырвона-Белы Сьцяг з чырвоным крыжам ці чырвонай паласой на карцінах сярэднявечча выступае як атрыбут Езуса, як яго Боскі знак і Боскі Сьцяг (П’ера дэла Франчэска, Тржэбоньскі Майстар, ангельскія мініятуры 12-13 стагоддзяў і інш.)

З першага погляду відаць, што беларускі сьцяг вельмі просты. Шмат якія дзяржаўныя сьцягі на сьвеце у агульным супадаюць, паўтараюцца ў вобразе ці мадыфікуюць адзін аднаго. Нідзе і блізка не паўтараецца толькі беларускі сьцяг. Няма нават мадыфікацыяў. Некаторых беларусаў гэта здумляе. А можа, невыпадкова, што нацыя, якая стагоддзямі ўваскрасае ў пакутах і муках, мае сьцяг Ісуса Хрыста?

Але, пэўна ж, містыка тут ні пры чым: ці мала ёсьць пакутнікаў на сьвеце. і ўсё ж такі, і ўсё ж... Нічога не бывае бяз сэнсу.

Які сэнс вынікае зь гісторыі нашага сьцяга?

Я задаваў гэтае пытаньне беларусам. Кожны нешта тлумачыў, і ніхто не адмаўляў эзэтэрычнага зьместу. Адзін беларускі сьвятар у Амэрыцы сказаў мне: „ Беларускі народ ёсьць выбраным народам на Другое Прышэсьце. Толькі пра гэта ніхто ня будзе ведаць”.

Такі вось апокрыф. Але калі так, то пра гэта ня мусіў бы ведаць таксама і сьвятар.

Відаць, нічога не парадзім мы з містыкай сьцяга. Але неабходна радзіць з рэчаіснасьцю. А рэчаіснасьць такая: пакуль ёсьць, лунае й жыве наш беларускі сьцяг – жыве і Беларусь. Шануйма ж яго і ўздымайма высока. Ён, найпрыгажэйшы на сьвеце, ёсьць увасабленьне нашай краіны, нашай народнай моцы і нашай веры. Ён сымвал нашай беларускай народнай вечнасьці.

8 лютага 2001 г.; Варшава

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №3(33); „ Новы горад”, – 2001,сакавік,№1; „ Народная Воля”,– 2001, 5 красавіка)

 

11. БЕЛАРУСКІЯ ГІМНЫ

Гімны нацыі, дзяржавы, краіны пішуцца, як вядома, не па заказу, а самой гісторыяй. Прытым сам факт зьяўленьня гімну можа быць выпадковай падзеяй, неадпаведным вершам і мэлёдыяй, але, трапіўшы ў гістарычны кантэкст народа, яны становяцца яго гімнам.

Вядомая, напрыклад, гісторыя французкай салдацкай песьні Марсельеза, што стала дзяржаўным гімнам Францыі, ці мазуркі „ Ешчэ Польска не згінэла”, якая стала ў 1918 г. дзяржаўным гімнам Польшчы.

Дзяржаўны заказ на стварэньне гімну ёсьць блюзьнерства. Што з гэтага атрымліваецца, добра відаць на прыкладзе гімнаў СССР і так званых „ рэспублік свабодных”. Гімны найчасьцей ствараюцца ў барацьбе за нацыянальна-культурнае, дзяржаўнае і духоўнае адраджэньне нацыі і выбіраюцца народам, які змагаецца за сваю волю і лепшую долю.

У пачатку ХХ стагоддзя гімнам беларускага Адраджэньня найчасьцей гучаў верш Янкі Купалы „ А хто там ідзе...” на музыку Людаміра Рагоўскага. Ён так і называўся: „ Беларускі гімн”.

Пазьней, пасьля ўтварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, ужо ў 20-х гадах, шырока распаўсюдзіўся гімн „ Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, паводле верша Макара Краўцова, напісанага ў 1919 годзе (музыка Уладзімера Тэраўскага). Ён стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго сьпявалі паўсюдна змагары ў Заходняй Беларусі, потым ён гучэў у часы Другой Сусьветнай вайны і цяпер гучыць ва ўсім сьвеце, дзе жывуць беларусы, якія памятаюць пра Бацькаўшчыну.

З часоў Другой Сусьветнай вайны, падзеі якой стымулявалі беларускае нацыянальнае Адраджэньне, паўсюдна гучыць побач з гімнам БНР беларускі духоўны гімн „ Магутны Божа”. Гэта знакаміты верш Натальлі Арсеньневай (музыка Міколы Равенскага). Надзвычай велічная, узьнёслая і ўрачыстая мэлёдыя і зьмест гімна гучаць паўсюдна, дзе ладзяцца беларускія нацыянальна-культурныя мерапрыемствы. Прытым часта ўсё пачынаецца дзяржаўным гімнам БНР, а заканчваецца духоўным гімнам нацыі – „ Магутны Божа”.Рэлігійныя службы ва ўсіх беларускіх цэрквах Амэрыкі, Канады, Аўстраліі, Вялікабрытаніі завяршаюцца сьпевам „ Магутны Божа”.

Склалася добрая і прыгожая традыцыя. Беларуская нацыя мае два гімны – дзяржаўны і духоўны. Кожны заняў сваё месца. Кожны сьпяваецца ў сваім часе. Кожны адлюстроўвае нашу беларускую гісторыю, наш розум, нашую волю, наш дух, нашае беларускае сэрца.

Мяркую, што кожны Беларус павінен ведаць свае гімны.

 

МЫ ВЫЙДЗЕМ ШЧЫЛЬНЫМІ РАДАМІ

Мы выйдзем шчыльнымі радамі

На вольны, родны свой прастор;

Хай воля вечна будзе з намі,

А гвалту мы дамо адпор!

Дамо адпор!

Няхай жыве магутны, сьмелы

Наш беларускі вольны дух;

Вольны дух!

Штандар наш бел-чырвона-белы

Пакрыў сабой народны рух.

На бой! За шчасьце і за волю

Народу слаўнага свайго!

Браты, цярпелі мы даволі...

На бой! – усе да аднаго!

Да аднаго!

Імя і сілу Беларуса

Няхай пачуе й бачыць той,

Бачыць той!

Хто сьмее нам нясьці прымусы

І першы выкліча на бой.

Браты, да шчасьця мы падходзім;

Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У крывавых муках мы народзім

Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

Жыцьцё Рэспублікі сваёй!*

* У жыцьцёвых, грамадзкіх і афіцыйных абставінах сьпяваюць, як правіла, тры слупкі – першы, другі і апошні. – (З. П.)

 

МАГУТНЫ БОЖА

Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,

Вялікіх сонцаў і сэрц малых!

Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

Рассып праменьні свае хвалы.

Дай спор у працы штодзённай, шэрай,

На лусту хлеба, на родны край,

Павагу, сілу і веліч веры

У нашу праўду, у прышласьць – дай!

Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі ўмалот!

Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай

Краіну нашу і наш народ!

 

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 1998, №2(12); „ Народная Воля”, – 2001, 19 красавіка)

 

12. НАШ БЕЛАРУСКІ ШАСЬЦІКАНЦОВЫ КРЫЖ

У 30-я гады мінулага стагоддзя і за часы нямецкай акупацыі найбольш знакамітай асобай, як знаўца мастацтва і культуры, быў у Менску скульптар і прафэсар Міхаіл Керзін. Аўтарытэт ягоны быў надзвычай высокі. Напачатку 40-х, калі нямецкія акупанты ўжо абсталяваліся ў горадзе і кіраўніком цывільнай адміністрацыі Генэральнай Губэрніі быў прызначаны Вільгэльм Кубэ, тады дазволена было беларусам аднавіць беларускі гістарычны музэй, які знаходзіўся ў так званым „ Юбілейным Доме”. (Пабудаваны ў 1913 го дзе ў манеры „ а ля рюс” у гонар юбілею расейскай царскай дынастыі. Цяпер там Дом актора. 25 сакавіка 1918 года тут была аб’яўлена незалежнасьць БНР.)

Дырэктарам беларускага музэю заступіў Антон Шукелойць, які акурат уцёк з бальшавіцкай турмы ў Крупках (фактычна, з-пад расстрэлу) і апынуўся ў Менску. (Як толькі пачалася вайна, энкавэдзісты схапілі яго і, разам з тысячамі такіх жа як ён арыштаваных беларускіх інтэлігентаў, павезьлі этапамі на Ўсход.)

Пачалі фармаваць музэйную экспазыцыю. і вось сабралі аднаго разу ўсе ўнікальныя археалягічныя экспанаты, якія засталіся ад ранейшага менскага музэю, расклалі на вялікім шырокім стале каменныя сякеры, наканечнікі, фігуркі, амулеты і задумаліся, што з гэтым рабіць.

Паклікалі прафэсара Керзіна, каб той парадзіў. Прафэсар прышоў, кінуў вокам, паўзіраўся і кажа:

– Нясіце вядро.

Прынесьлі вядро. А прафэсар гэтак адным махам шырокай рукі згроб усе археалягічныя экспанаты і – шух у вядоро.

– Выносьце, – кажа, – на сьметнік. – Гэта ж падумаць толькі, – прадаўжаў далей прафэсар Керзін пасьля ўсеагульнай замінкі, – Масква ўсюды рабавала, дзе толькі магла! Па ейнай палітыцы, ніякай культуры на Беларусі не павінна было быць. Усе арыгінальныя знаходкі і ўнікумы – сабе ў Маскву забралі, а нам тут, у Беларусі, муляжы пакінулі, падробкі, хлам: радуйцеся! О, гэта адмыслова. У іх розум не на дабро, ведалі, што рабілі, – рэзюмаваў прафэсар.

* * *

Гэтую гісторыю расказаў мне аднойчы Антон Шукелойць, разважаючы пра Крыж і муляж Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Муляж Крыжа (калі не прымаць пад увагу ягоную ілюстрацыйную ўжытковасьць) мае, на мой погляд, такі самы сэнс для культуры і такую ж цану, як і той хлам, які прафэсар Керзін выкінуў у вядро для сьмецьця.

Муляж наталяе розум, але засоньвае дух, стварае ілюзію, што нешта ўжо ёсьць. Фальшыўка, падробка дае ўяўленьне – і спрыяе забыцьцю рэальнасьці.

Калі б хто думаў спэцыяльна, што зрабіць, каб прымусіць беларусаў забыцца пра сваю зрабаваную маскоўцамі культуру і пра яе духоўны сэнс, то замест кляйнота стварыў бы дублікат, пустышку, каб улагодзіць і заспакоіць сярэдніх людзей, і тых, хто ня ведае і не разьбіраецца (якіх, на жаль, вельмі шмат).

Што датычыць рэальнага Крыжа Эўфрасіньні, то тут, на мой погляд, сэнс найглыбейшы. Я б сказаў, эзатэрычны сэнс, цудатворны і лёсавызначальны для ўсяго беларускага народа. Зьдзіўляе, зь якой пасьлядоўнасьцю расейцы-бальшавікі імкнуліся неўпрыкметна зьнішчыць Крыж, завалодаць ім, ня даць, каб ён заставаўся на Беларусі.

Зь літаратуры вядома, што ў 1929 годзе ГПУ-НКВД вывез Крыж Эўфрасіньні Полацкай зь Менску ў Магілёўскі музэй. (Захаваліся нават прозьвішчы тых гэбістаў, што вывозілі.) Тлумачылі акцыю тым, што, маўляў, рэліквія павінна быць далей ад мяжы, каб гарантаваць бясьпеку.

У канцы 70-х мне прыходзілася некалькі разоў размаўляць пра Крыж з былым дырэктарам Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музэю спадаром Філіповічам, які ў 1941 годзе працаваў у музэі і прысутнічаў пры эвакуацыі ягоных экспанатаў. Ён цьвердзіў, што энкавэдзісты вывезьлі тады Крыж ў Маскву.

Праўда, пасьля вайны была пушчана плётка (хутчэй за ўсё, праз КГБ), што быццам бы Крыжа на той час у Магілёве не было, і што невядома, дзе ён. Пазьней пускаліся іншыя чуткі, што быццам бы Крыж трапіў то ў Амэрыку (называлі нават калекцыю Моргана), то ў Аўстралію, то ў беларускую эміграцыю, Бразілію і г.д.

Пусканьне плётак тымі, хто скраў Беларускую Рэліквію, мяне не зьдзіўляе. Я схільны верыць Філіповічу. Бальшавікі пры эвакуацыі музэя, першым чынам (вядома ж) забралі б Крыж, а не муляжы каменных сякераў, кшталту тых, якія выкінуў на сьмецьце прафэсар Керзін.

Але нават калі б сапраўды ў 1941 годзе Крыжа ўжо не было ў Магілёве (хадзілі яшчэ чуткі, што Крыж хавалі ў абкамаўскім партыйным сэйфе), то ці могуць быць сумненьні ў тым, дзе ён апынуўся пасьля таго, як гэбісты забралі яго зь Менску?!

Крыж схаваны ў Маскве, і прычыны ягонага знаходжаньня там, відаць, ня толькі культурна-матэрыяльнага і музэйнага кшталту. Нездарма гэтым займаўся НКВД. Там думалі наперад, зьнішчалі дзеля „ сьветлай камуністычнай будучыні”. (І, як паказала гісторыя, – дзеля рускай і гэбоўскай будучыні.)

Для беларускай нацыі Полацкі Крыж ёсьць сакральны агульнанародны сымвал, гэтак жа, як Пагоня, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, Вільня, Курапаты, Абраз Маці Божай Вострабрамскай, Наваградак, Мірскі замак, Нясьвіж, Полацак, рака Нёман і гістарычная рака Няміга (дзе цаной вялікіх ахвяраў, у крывавай бітве былі спынены чужынцы), Белавежская Пушча, Крэва і г.д. (Дарэчы, нават маючы на ўвазе толькі тое, што я назваў, заўважце, куды цаляюць непрыяцелі.)

Добра вядомы таксама Запавет Шасьціканцовага Крыжа Эўфрасіньні, сэнс якога ў тым, што Полацкі Крыж „ жыватворыць” душы народа, сьцеражэ, аберагае краіну. Страта Крыжа – пазбаўляе народ апекі і прынясе няшчасьце тым, хто яго ўкрадзе.

І вось ён зьнік. з пачатку 40-х гадоў яго няма на Беларусі. Запавет прыдае Крыжу значэньне пэрспэктыўнага і мабілізуючага нацыю сымвала. (У мяне падазрэньне, што найперш таму ён і быў выкрадзены бальшавікамі-равсейцамі. У ягоным зьнікненьні прачытваецца злая воля.)

Крыж Эўфрасіньні – гэта беларускі Грааль, толькі захоўваецца ён ужо не на Монтсальвачы (Полацку), а, відаць, у д’ябальскім замку Шахтэльмарвайль.

Нагадаю, што Полацкі Шасьціканцовы Крыж, які сымвалізуе Боскае стварэньне сьвету (шэсьць канцоў – шэсьць дзён стварэньня) ёсьць Крыж-Куфэрак, у якім захоўваюцца кавалак Крыжа Хрыстовага з кроплямі Ягонай Боскай крыві і асколак каменю з крыпты (труны) Багародзіцы.

Калі паўзірацца на нашыя пасьляваенныя гады, то відаць, што то тут, то там зьяўляюцца людзі, якім не дае спакою лёс Полацкага Крыжа. Яны пачынаюць разважаць, дзе б ён мог быць. Некаторыя нават парываліся яго безвынікова шукаць. Але, зразумела (хоць, магчыма, яшчэ нямногім), што шукаць Полацкі Крыж трэба ня толькі ў натуральным ягоным выглядзе, як канкрэтную нацыянальную рэліквію, але здабываць у духу, як найсьвятлейшую, вечную праўду, знайшоўшы якую, народ становіцца – бесьсьмяротным.

І вось, калі ў чарговы раз зноў ажыла цікавасьць да Полацкага Крыжа, аднекуль, зь вельмі сумніўных сфэраў сьвядомасьці, зьяўляецца прымітыўная ініцыятыва стварыць ілюзію Крыжа, падробку, каб заспакоіць інтэрас ды суцішыць неабуджаны дух. Ствараецца муляж рэліквіі (1997г.), фальшыўка, і хораша абгрунтоўваецца; дзіўныя спонсары, зьвязаныя з Расеяй, дапамагаюць яе зрабіць. Утварылася зьява, як наш цяперашні суверэнітэт, які, заўважце, карэлюецца з муляжным падабенствам Вялікага Сымвала.

У іншых умовах і абставінах, пры адсутнасьці маскоўскага сьледу і пры поўнай невядомасьці пра месца знаходжаньня Крыжа, можа і не было б у гэтым чыне вялікай бяды. Хутчэй за ўсё, нават рэалізаваліся б добрыя памкненьні. Але калі ведаем і здагадваемся, што злодзей засеў там, у цёмным замку Кліншора, за крамлёўскімі сьценамі, то ўся гэтая самадзейнасьць выглядае інакш.

Тут выяўляецца тыпалягічная рыса пэўнай зьявы. У дачыненьні да беларускай культуры я назваў бы яе „ адмоўным эфэктам Керзіна”. Яна (гэтая зьява) вынікае з тыпалёгіі ашуканства і каляніяльных дачыненьняў. Гэтак бэльгійцы некалі рабавалі Афрыку, забіралі брыльянты ды алмазы, а ўзамен давалі шкляныя пацеркі (каб цешыліся). з цывілізаваным народам можна абыходзіцца гэтак жа, калі давесьці ягоную сьведамасьць да ўзроўню Афрыкі.

У апошні час месцазнаходжаньнем Полацкага Крыжа спрабаваў цікавіцца Пётр Краўчанка, былы Міністар замежных справаў Беларусі. Але ён ніколі не задумваўся пра Грааль, таму ягоная мімалётная цікаўнасьць ні да чаго не прывяла, а сам ён неўзабаве ператварыўся ў „ японскага пасла” ў краіне Ўзыходзячага Сонца.

Што дзень наступны нам рыхтуе? Калі вернецца на Беларусь Полацкі Шасьціканцовы Крыж? Дзе ягоныя рыцары і абаронцы? Хто дасьць адказ?

Але ня трэба адказу. Ужо даўно, так даўно, што сталі, як мроя, ”усё лятуць і лятуць тыя коні, срэбнай збруяй далёка грымяць...”

12 жніўня 2002 г., Варшава

 

13. ТРАДЫЦЫЯ

Людзі часта гавораць пра традыцыі, не задумваючыся, што азначае традыцыя і чаму яна існуе. Ім здаецца, што традыцыі, як дождж і вецер, ці як прывычка, існуюць самы па сабе. Бо цяжка ўявіць культурнае грамадзтва без традыцыяў культуры.

Сапраўды, працэс утварэньня традыцыяў ва ўсіх галінах дзейнасьці людзей разьвіваецца самаісна. Традыцыя ёсьць найважнейшы чыньнік захаваньня і жыцьцяздольнасьці культуры. Культура зь неразьвітымі традыцыямі – слабая культура. Яна можа рассыпацца, зьнікнуць пры ўскладненьні жыцьцёвых абставінаў. А гэта суправаджаецца пакутамі людзей і агульным зьбядненьнем чалавечага грамадзтва.

Калі гвалтоўна развальваюцца традыцыі ці дэградуюць ад зьмяшаньня з чужародным, тады людзі перастаюць разумець адзін аднаго, грамадзтва перажывае рэгрэс, культура спараджае хімеры. Развал адстояных уяўленьняў і дэградацыя соцыюма прыводзіць да прымітывізацыі і змаленьня асобы.

Захаваньне традыцыяў заўсёды было клопатам вышэйшых людзей у грамадзтве. Можна дакладна вызначыць: па тым як адносяцца людзі да захаваньня традыцыяў, мераецца іхны ўзровень культуры.

Традыцыя ёсьць вынік калектыўнай дзейнасьці людзей. Гэта плён агульнай творчасьці і супольных уяўленьняў. Традыцыя – асаблівая зьява, якая існуе толькі ў жывым грамадзтве і рэалізуецца тады, калі ствараецца тып, альбо канон, ёсьць варыянтнасьць і пастаяннае насельніцтва.

* * *

Вельмі наглядна традыцыі відаць у мастацкай творчасьці, бо творы мастацтва валодаюць выразнай аўтаноміяй і самастойнасьцю (адасобленасьцю) ад носьбітаў. У калектыўным (гэта значыць народным) мастацтве гэтая самастойнасьць толькі частковая. У індывідуальным (гэта значыць прафэсійным) – практычна цалкавітая.

Гносэалягічна мастацтва зьвязанае з рэлігійнымі ўяўленьнямі і вырастае з аднаго кораня. Мэта рэлігіі – пазнаньне Бога і дасягненьне вечнага існаваньня душы ў ідэальным стане. Мэта мастацтва – узвышэньне душы праз адлюстраваньне (стварэньне) эстэтычнага ідэалу.

У філясофскім пляне мастацтва і рэлігію можна разглядаць як адзіны працэс пазнаньня абсалютнай ісьціны. Рэлігія – шлях непасрэдны, шлях дасягненьня праз веру. Мастацтва – гэта шлях апасродкаваны, шлях набліжэньня праз вобраз ідэальнага хараства.

Трэба ведаць, што хараство ёсьць функцыя ісьціны. Ісьціна заўсёды вечная, простая і прыгожая.

Таму апасродкаваныя шляхі набліжэньня да ісьціны (Бога) ішлі праз мудрасьць (філясофія, навука і т.п. „ рацыё”) і праз мастацтва (вобразы хараства). Непасрэдны шлях, як я ўжо адзначаў, ляжыць пасярэдзіне – шлях веры. (Гэта значыць успрыняцьце ісьціны агулам, усёй істотай, адразу такой, якой яна ёсьць.)

Ні адзін з трох шляхоў не гарантуе ад памылак, і толькі адзін шлях сапраўдны (шлях веры). Але сумяшчэньне гэтых накірункаў ёсьць агульнай дарогай духоўнага разьвіцьця чалавецтва. і гэта якраз пацьвярджае гісторыя.

У калектыўны пэрыяд мастацкай творчасьці людзей кожны народ па-свойму адлюстроўваў ідэал хараства, ствараў сваю сістэму вобразаў і мастацкіх традыцыяў. Тут дзівосны сінтэз. Бо, адлюстроўваючы аб’ектыўную эстэтычную ісьціну праз сваю вобразную сістэму і традыцыі творчасьці, народ выяўляў адначасна сябе, сваю душу, паняцьці і ўяўленьні.

У працэсе калектыўнай творчасьці вобразнае выяўленьне сістэматызавалася ў аптымальную форму, набывала закончаныя і дасканалыя абрысы. Так узьнікла традыцыя як найлепшае выяўленьне сутнасьці, якое характарызавалася аптымальнасьцю, закончанасьцю і дасканаласьцю.

Такім чынам традыцыя станавілася ўнівэрсальным перадатачным мэханізмам захаваньня культуры, цягласьці яе з пакаленьня ў пакаленьне. Гэта сапраўдны ўсенародны скарб, набытак, які стагоддзямі жывіў творчасьць і эстэтычнае разьвіцьцё людзей у адпаведным і найлепшым для іх рэжыме паняцьцяў і адчуваньняў.

* * *

Гвалтоўнае зьнішчэньне традыцыяў – гэта заўсёды культурная катастрофа. Тут трэба адрозьніваць натуральны працэс, выкліканы грунтоўнымі і вельмі хуткімі пераменамі ў грамадзтве, і працэс намераны, накіраваны спэцыяльна на зьнішчэньне традыцыяў культуры.

Беларусы, апынуўшыся ў расейскай імпэрыі, сутыкнуліся з вырабленай палітыкай разбурэньня традыцыяў беларускай культуры. У ХІХ стагоддзі найбольш пацярпела беларуская архітэктура і гарады. Над Беларусяй нібы пранёсься зьнішчальны ўраган. Але вынішчэньні ХІХ-га стагоддзя нельга параўнаць з тым, што зрабілі потым у ХХ-м стагоддзі рускія бальшавікі.

У даўняй Беларусі для абазначэньня традыцыйнага, выпрабаванага ўкладу жыцьця і культуры ўжываўся ўнівэрсальны тэрмін „ старына”. „ І каб старыны ня рухалі..,”– пісалі звычайна магілёўскія, смаленскія ці быхаўскія мяшчане, стаўляючы ўмовы.

Бальшавікі, ставячы задачу зьнішчэньня традыцыйнай культуры, прыдумалі свой „ тэрмін”, свой назоў разбурэньню, які быў антытэзісам азначэньню ”старына”. Гэта ярлык „ старьё” (што азначае – старызна).

Тэрмін „ старьё” быў асабліва небясьпечны на пабытовым, нізкім узроўні сьвядомасьці, у асяроддзі соцыюма, дзе якраз адбывалася ягонае прыжываньне. У савецкіх навуковых сфэрах маглі казаць што іншае, з прыцягненьнем навуковай тэрміналёгіі, але на практыцы татальная камуністычная палітыка вынішчэньня культуры абапіралася на безапэляцыйную формулу: „ Зачэм это старьё!”. і далей чулася прымітыўная нігілістычная дэмагогія, што трэба будаваць „ новае”, адмаўляцца ад „ старога”, аджылага, глядзець „ наперад”, а не „ назад” і г.д.

Формула „ зачэм старьё” пратрывала да апошняга дня існаваньня СССР.

Камуністычныя варвары вынішчылі ў Беларусі тысячы помнікаў архітэктуры і сакральнага дойлідзтва. Яшчэ ў 1961 годзе ўзрывалі культурныя здабыткі ХІІ-га стагоддзя (царква Дабравешчаньня ў Віцебску), а ў канцы 1980-х гадоў разбурылі Менскае Замчышча ХІ-га стагоддзя і архэалягічны драўляны Менск, што існаваў у ім. (На месцы Замчышча пабудавалі станцыю мэтро „ Няміга”.) Былі разбураныя старадаўнія могілкі і гістарычныя цэнтры беларускіх гарадоў ды мястэчак, зьнішчаныя тысячы прыдарожных крыжоў і капліц ды каменных муроў, вадзяных млыноў ды ветракоў, шмат дзе поўнасьцю ліквідавалі беларускія народныя строі адзеньня (забаранялі апранаць) і народныя рэлігійныя абрады, высьмейвалі аўтэнтычны фальклёр, настройвалі моладзь у школах супраць свайго.

Адначасна ўжывалі іншы татальны, больш выраблены мэтад вынішчэньня беларускіх традыцыяў культуры, накіраваны ў асноўным на зьнішчэньне фальклёру (песьняў, танцаў, звычаяў, абрадаў, сьвятаў і г.д.). У камуністычнай псэўдатэорыі ён называўся „ развитие традиций” (разьвіцьцё традыцыяў) і рэалізаваўся на практыцы найбольш праз „ мастацкую самадзейнасьць”.

Для камуністаў-ідэолягаў усё жыцьцё – гэта „ борьба” (барацьба). Разьвіцьцё – гэта ў іх „ барацьба новага са старым”. Таму камуністы заўсёды „ змагаліся”, уступалі ў „ вечны бой”, вялі „ бітву за ўраджай” на „ трудовом фронте”, скідвалі „ працоўны дэсант”, ішлі „ от победы к победе”, „ заваёўвалі новыя рубяжы” і г.д. – усё з крыкам ды камандамі.

З традыцыі, згодна камуністычных „ тэарэтыкаў”, трэба было браць „ лепшае”, адкідаць „ горшае”, „ несучаснае”, і прылучаць „ новае”, „ сучаснае”. Крытэрыі вызначаліся „ па паняцьцях”, задачы – па цыркулярах.

Была створаная сетка сельскіх клюбаў, раённых „ дамоў культуры” і „ дамоў народнай творчасьці”, дзе ў большасьці сядзела цэлая армія недавучак, „ арганізатараў культуры” і „ разьвівальшчыкаў традыцыяў”. Нашэсьце гэтай арміі за дзясяткі гадоў „ барацьбы на культурным фронце” прынесла больш шкоды, чым карысьці. Што датычыць традыцыяў, то ня гледзячы на стараньні асобных энтузіястаў, вынішчана было амаль усё жывое.

* * *

Традыцыя ў калектыўным мастацтве – гэта закончаная і дасканалая зьява. Яе далейшае самаўдасканальваньне прыводзіць да канону, які зьяўляецца самадастатковым. Кананізаваная традыцыя існуе стагоддзямі якраз з прычыны гэтых сваіх якасьцяў (дасканаласьці і самадасатковасьці) і таксама варыянтнасьці – зьявы характэрнай якраз для калектыўнай творчасьці, бо кожны выканаўца ў фальклёрнай традыцыі, прытрымліваючыся канону, зьяўляецца ня толькі выканаўцам, але й творцам, што выяўляецца ў імправізацыі. (Дарэчы, адметнай прыкмеце агульнай фальклёрнай традыцыі).

Адначаснае сумяшчэньне канону, варыянтнасьці і імправізацыі стварае дзівосную зьяву – непаўторнасьць аўтэнтычнага фальклёру. Гэтая фэнамэнальнасьць рэалізуецца ў працэсе жывога выкананьня (жывога – ня значыць, што на сцэне, а ў натуральных каляндарна-тэрытарыяльных абставінах).

Традыцыю калектыўнай творчасьці, з прычыны яе закончанай формы, нельга структурна зьмяняць, бо гэта прыводзіць да яе разбурэньня і зьнікненьня. Традыцыя, як кананізаваная форма калектыўнага мастацтва, не паляпшаецца нейкім з боку, гвалтоўным умяшаньнем у яе сутнасьць. Яе можна толькі прымаць такой, якой яна ёсьць, і прадаўжаць.

Традыцыю ў адной галіне творчасьці, ці аднаго ўзроўню мастацтва можна скарыстоўваць у іншай галіне, ці ў іншым узроўні мастацтва. Можна скарыстоўваць элемэнты традыцыі, ці яе форму, ці нават яе рэмінісцэнцыі, але ўсё мусіць называцца сваім назовам (бо інакш гэта ўжо будзе не традыцыйная творчасьць). Не павінна быць падмены аднаго мастацтва іншым, адной галіны творчасьці – іншай.

Менавіта падмена зьяўляецца сутнасьцю і вынікам разбуральнага камуністычнага паняцьця „ разьвіцьцё традыцыяў”. Якраз устаноўка на падмену выклікала ўмяшаньне ў традыцыйны парадак і разбурэньне аўтэнтычнай народнай творчасьці.

Паколькі ўстаноўка была ідэалягічнай (зьмяніць, палепшыць ды абсучасьніць) і зыходзіла з дзяржаўна-партыйных установаў – усё астатняе давершвала звычайная чалавечая цемната, бескультур’е і неадукаванасьць „ мэтадыстаў” ды функцыянэраў такой палітыкі.

Трэба сказаць, што сярэдні ўзровень адукацыі і эстэтычных паняцьцяў савецкага чалавека адпавядаў узроўню фармулёўкі „ разьвіцьцё традыцыяў”. Калі савецкі чалавек чуе, што нельга збоку ўмешвацца і зьмяняць традыцыю, тады ён (скажам, доктар якіх-небудзь тэхнічных навук, што мяркуе на ўсе тэмы) зьдзіўляецца: „ А як жа тады разьвіцьцё? Што, жыцьцё павінна спыніцца?”

Зрэшты, можна прывесьці па аналёгіі прыклады і з тэхнікі, і з фізікі, і ўвогуле – з прыроды. Нікому, скажам, не прыходзіць у галаву ўдасканаліць форму кола, зрабіць яго больш выцягнутым, ці сплюшчаным, ці хваліста-увогнутым і т.п. У людзей хапае здаровага сэнсу не задумваючыся разумець, што кола – гэта дасканала завершаная сістэма. Палепшыць яе немагчыма, зьмяніць нельга (бо гэта будзе ўжо ня кола). Можна толькі ім карыстацца, выкарыстоўваць і вар’іраваць (што і робіцца ў тэхніцы). і ніхто не задае пытаньне: хто прыдумаў кола. Прыдумалі людзі (і дарэчы, не адразу).

Традыцыя ў калектыўным мастацтве – гэта таксама „ кола” – дасканалая, як мы ўжо адзначылі, завершаная форма (сістэма) выяўленьня адпаведнай сутнасьці. Нельга яе перайначыць.

Тут адлюстраваньне вельмі агульных заканамернасьцяў. Наша фізічная трохмерная прастора ёсьць частка бясконцага сьвету. Наш трохмерны сьвет мае закончаную колькасьць дасканалых, сістэмна завершаных геамэтрычных формаў (геамэтрычных фігур), закончаную колькасьць асноўных колераў, асноўных гукаў; існуюць парогі адчуваньня сьвятла і парамэтры пераменаў стану рэчыва і г.д. Усё зьменлівае багацьце і шматаблічнасьць нашага фізічнага сьвету ёсьць варыянтнасьць і мадыфікацыя пэўных завершаных асноваў. Разбурэньне асновы прыводзіць да разбурэньня зьявы.

Тым часам сістэмная завершанасьць (самадастатковасьць, самадасканаласьць) фізічных асноваў прадвызначае ўнівэрсальную заканамернасьць разьвіцьця і стварэньня ўсяго. Менавіта: адпаведнасьць (адэкватнасьць) паміж формай і зьместам зьявы. Умоўнасьць формы і ўмоўнасьць зьместу маюць цэнтрабежную тэндэнцыю да завершанага адзінства. У ідэале ўмоўнасьць формы і ўмоўнасьць зьместу імкнуцца стаць адной існасьцю і дасягнуць дасканаласьці. Гэтае імкненьне (назавём яго шляхам гармоніі) падпарадкоўваецца законам ісьціны: прыгажосьці, прастаты і вечнасьці. (Вечнасьць дасканалай сістэмы ў дадзеным выпадку ёсьць яе завершанасьць у адпаведным сьвеце).

У пачатку 60-х гадоў, калі сьвет быў яшчэ пад уражаньнем адкрыцьця малекулы ДНК, мяне зацікавілі апісаньні трох амэрыканскіх вучоных-адкрывальнікаў (Ф. Крыка, М. Уілкінса, Д. Уотсона) пра тое, як рабілася адкрыцьцё.

Вучоныя перамянілі вялікае мноства структурных мадэляў малекулы пры расшыфроўцы вопытаў. Асноўнымі крытэрыямі адбору мадэлі ў іх былі прастата і хараство структуры. Малекула павінна была быць прыгожай. Непрывабныя, хоць і дастаткова лягічныя мадэлі, адкідвалі. У выніку – адкрыцьцё падвойнай сьпіралі, простай і дасканалай сістэмы малекулы ДНК.

Вельмі дакладная інтуіцыя. Вучоныя зразумелі, што шукаюць адну з асноваў існаваньня жывога сьвету і яна павінна валодаць якасьцямі ісьціны.

* * *

Гэтыя пункцірныя развагі я зрабіў дзеля таго, каб падвесьці да тлумачэньня, што фэнамэн стваральнага эстэтычнага працэсу ў калектыўнай творчасьці людзей падпарадкаваны ўсеагульнаму сусьветнаму парадку рэчаў і ёсьць ягоным вобразным выяўленьнем.

Менавіта таму тут няма брыдоты, паскудства, дэкадэнства, пачварнасьці, збачэнства думак, духу сьмерці, упадку і разбурэньня, як гэта часта прысутнічае ў індывідуальным прафэсійным мастацтве. Я не кажу ўжо пра масавую культуру.

Калі меркаваць па якасьці, узроўні і вобразнай сутнасьці эстэтычнага адлюстраваньня народнага духу і народнай адметнасьці, як выяўлена гэта ў аўтэнтычнай калектыўнай творчасьці людзей, то, безумоўна, – гэта вяршыня. Нішто і ніхто лепш не выяўляе хараство народу, як сам народ у сваёй традыцыйнай мастацкай творчасьці. Вядучыя мастацтвы тут – сьпевы і танцы.

Тым часам індывідуальная (прафэсійная) творчасьць гэта ёсьць мастацтва нацыі. Вядучыя мастацтвы тут – літаратура і тэатр. Яны адлюстроўваюць жыцьцё, дух і вобраз народа праз лёсы і вобразы асобных людзей.

Літаратура і тэатр ёсьць сутнасныя атрыбуты нацыянальнай культуры. (Бязь іх нацыя не ўтвараецца і не існуе.) Нацыянальнае мастацтва, як правіла, абапіраецца на народную творчасьць і выпрацоўвае плённую форму выкарыстаньня, галоўным прынцыпам якой ёсьць павага і захаваньне традыцыяў.

* * *

Разгледзім некалькі прыкладаў.

Калі ў пачатку 70-х гадоў голасна заявіў пра сябе ансамбль „ Песьняры”, нашае пакаленьне маладых беларусаў успрыняло яго зь вялікай прыхільнасьцю і энтузіязмам. Тым часам Рыгор Раманавіч Шырма – найвялікшы аўтарытэт у беларускай музыкалёгіі і знаўца народнай музыкі – даволі стрымана аднёсься да іхняе творчасьці. Ён перажываў, што ў „ Песьняроў” страчана глыбіня, народны беларускі дух і тонкая эстэтыка традыцыйнае песьні. У гэтым Рыгор Раманавіч, безумоўна, меў рацыю. Але ён не крытыкаваў калектыў публічна. Маэстра разумеў, што „ Песьняры” і не прэтэндавалі на народнае выкананьне народных песьняў. Яны рабілі свае аранжыроўкі ў межах свайго стылю і выконвалі ўсё на выдатным прафэсійным узроўні. Народную традыцыю гэта не папсавала, бо тут не было яе падмены.

Гэта прафэсійная творчасьць на падставе народнай творчасьці. Тут ёсьць своеасаблівы „ гістарызм” (як нэаготыка ў архітэктуры), тут выяўленьне тэатральнасьці і прадстаўленьне народнага сродкамі мастацкай фантазіі. Пры такім падыходзе ўсё вырашае густ і майстэрства сьпевакоў. Падыход эстэтычна апраўданы, хоць і не глыбокі.

Цяперака паўкультурнае асяроддзе ў Нью-Ёрку якраз цікавіцца Ванэсай Мэй (вельмі маладая асоба, 22 гады, магчыма, – будучая індывідуальнасьць у музыцы). Безумоўна, што яе аранжыроўкі клясыкі пад сучасныя рытмы і выкананьне зробленыя таленавіта, на добрым узроўні і слухаюцца лёгка. Але гэта ўжо ня клясыка. Гэта другасная творчасьць. і Ванэса не хавае гэтага. Клясыцы такое ня шкодзіць. (Хоць зразумела, што тут звычайны амэрыканскі бізнэс).

Горшая сытуацыя, калі размежаваньня няма, калі на сцэну цягнуць жывую традыцыйную творчасьць, але падпраўляюць яе, „ паляпшаюць” ды прерайначваюць, дадаюць „ нестаючыя элемэнты” і ўсё гэта выдаецца за народны беларускі аўтэнтычны падыход. Тут зьяўляецца ашуканства, эстэтычная дэзінфармацыя. Дрэнны варыянт – гэта так званая „ самадзейнасьць” зь яе апрацоўкамі народных песьняў савецкімі кампазытарамі. Тут адкрытае разбурэньне традыцыі і падмена яе прымітыўным „ вакалам” („ медленно, протяжно”).

Але поўнае варварства, калі малаадукаваныя культработнікі шырокага профілю вучылі „ правільна сьпяваць” народных сьпевакоў, цягаючы іх па розных раённых і абласных аглядах мастацкай самадзейнасьці.

Можна ўявіць, што сталася б з бурацкім ці тувінскім гарлавым сьпевам, ці з азербайджанскім мугамам, ці з грузінскім шматгалосьсем, калі б іхных сьпевакоў павучылі савецкія культработнікі.

У Беларусі захавалася арыгінальнае прасторавае грудное сьпяваньне, заснаванае, як і ўсё старажытнае народнае, на пентатоніцы, бяз ладавай афарбоўкі мэлёдыі. Але ў Беларусі савецкія культмасавікі, што ня ведалі часам элемэнтарных рэчаў, „ вучылі” народных майстроў „ правільнаму вакалу”.

Разбурэньне сьпеўных і выяўленчых традыцыяў ішло за саветамі праз сцэну, самадзейнасьць, радыё і тэлебачаньне. Асноўны вынік гэтай дзейнасьці – стварэньне прымітыўных уяўленьняў пра беларускую народную культуру і стварэньне сцэнічнага паказнога кіча. Аднак самы традыцыі і народная творчасьць жыла не на сцэне і ніколі не існавала на сцэне. Звужалася і зьнішчалася таксама натуральнае асяроддзе і ўмовы існаваньня традыцыяў беларускага народнага мастацтва.

* * *

Для таго каб у грамадзтве адбывалася цягласьць народнай культуры, каб з пакаленьня ў пакаленьне перадаваліся традыцыі, неабходна, каб існавала пастаяннае насельніцтва на пастаяннай тэрыторыі. Маецца на ўвазе ня толькі агульнанацыянальны маштаб, але і макрасістэмы ў межах геаграфічных мясьцінаў, адміністрацыйных раёнаў і асобных паселішчаў.

Жыхары паселішча, што існуюць у сфэры нацыянальнай і мясцовай традыцыйнай культуры, жывуць адначасна і ў сваім макрасьвеце, дзе абкультураныя ня толькі дачыненьні паміж людзьмі, але і ўся акаляючая прастора. Як правіла, кожная дарога, лагчына, камень у полі, ручайкі і рэкі, дрэвы і ўзгоркі, лясы ды палі, масты ды грэблі, крыжы пры гасьцінцы – усё мае свой назоў, сваё слова і сваю гісторыю, адлюстраваную ў памяці пакаленьняў вёскі, хутару, горада ці мястэчка.

Сацыяльна-культурнае жыцьцё паселішча – гэта таксама свая гісторыя і свой сьвет, дзе адбываюцца адметныя падзеі, існуюць адстояныя зьявы і дачыненьні. Тут пастаянна жывуць і нараджаюцца людзі. У іхняй памяці і на іх трымаецца тое, што рабілі, ведалі, стваралі дзяды і прадзеды і пяроймуць потым дзеці і ўнукі. Уся краіна пад вялікім дахам нацыянальнага адзінства складаецца з такіх макрасьветаў і асяродкаў.

Усё спыняецца, калі зьнікаюць носьбіты макраінфармацыі, калі адбываецца замена насельніцтва. Усялякая гвалтоўная масавая міграцыя нават у межах невялікіх тэрыторыяў небясьпечная для традыцыйнай культуры.

Камуністы праводзілі русіфікацыю і рыхтавалі ператварэньне людзей у савецкі народ, штучна перамешваючы насельніцтва. Чарнобыль для Беларусі – гэта ня толькі сацыяльна-экалягічная бяда, але і культурная катастрофа. (Маецца на ўвазе страта пастаяннага насельніцтва ў чарнобыльскай зоне.)

Гістарычны вопыт засьведчыў, што людзі на ўзроўні народнай культуры, калі яны адарваныя ад сваёй тэрыторыі і памешчаныя ў іншай, нават блізкай, культурнай супольнасьці, нават трымаючыся кампактна, як правіла, трацяць свае традыцыі і асімілююцца іншым асяроддзем (найдаўжэй – на працягу некалькіх пакаленьняў). Выключэньне складаюць толькі некаторыя народы, мэнтальнасьць якіх абапертая на высокія традыцыі старажытнай культуры, адлюстраванай у помніках пісьмовасьці. Гэта, перш за ўсё, габрэі, кітайцы, у меншай ступені – індусы, карэйцы і арабы.

* * *

Калектыўнае народнае мастацтва, заснаванае на традыцыі, спарадзіла і пакінула шмат фэнамэнальных зьяваў творчасьці. Зьвернем увагу, напрыклад, на архітэктуру готыкі. Шмат якія мастацтвазнаўцы лічаць архітэктуру готыкі цудам чалавецтва, вяршыняй дойлідства. Тым часам гатычная архітэктура ў поўным сэнсе ёсьць народнае рамяство і народнае мастацтва. Яго стварыў народ, рамесьнікі, арганізаваныя ў цэхі, якія зьбераглі традыцыі і таямніцы свайго мастацтва і якое майстры перадавалі з пакаленьня ў пакаленьне. Прафэсійныя (індывідуальныя) архітэктары, што займаліся адным праектаваньнем, зьявіліся пазьней, ў пэрыяд рэнесансу ў Італіі.

Фэнамэнальнай зьявай ёсьць кітайская клясычная паэзія (і зьвязаная зь ёй японская).

Кітайскаму вершаскладанству ўжо тры тысячы гадоў. Гэта індывідуальная творчасьць прафэсійных паэтаў, хоць вершы ў Кітаі вучылі складаць кожнага адукаванага чалавека і кожны дзяржаўны чыноўнік умеў іх пісаць. Тут скарбы трохтысячагадовай кітайскай паэтычнай культуры (зь якой карысталі ўсе пакаленьні), і моцная сіла традыцыяў.

Японцы вытанчылі паэтычную музу, сягнулі ў сутнасьць рэчаў і глыбіню душы, кананізавалі формы вершаў, як музычны акорд: танка – пяць радкоў, злучаныя строфы; хоку – тры радкі. і ні ўлева, ні ўправа: вялікае ў малым.

Тут вольная індывідуальная творчасьць у жорсткай традыцыі. Тым часам такія ўстаноўкі для самавыяўленьня стварала толькі калектыўная народная творчасьць.

Фэнамэн кітайскай і японскай паэзіі вядомы ў сьвеце. Ён ставіцца вельмі высока. і калі я падумаю пра гэта – агортвае мяне нейкая бясьсільная маркота, нібы ад прадчуваньня вялікага марнатраўства.

Бо ёсьць яшчэ адзін незвычайны сінтэтычны (г.зн. злучаны зь некалькіх мастацтваў) фэнамэн творчасьці на ўзроўні вяршыняў чалавецтва – сплаў дзівоснай музыкі і вялікай паэзіі. Гэты фэнамэн – беларускі песенны фальклёр, зьява ўнікальная ў Эўропе.

Але хто ведае пра гэта! Я часта быў сьведкам, калі людзі не маглі яго зразумець, усяроўна, як тыя, што не навучаныя слухаць душой, ня ўмелі ўспрымаць клясычную музыку, ці як тыя (прывыклыя да эўрапейскай шматслоўнай паэзіі), што няўцямна гарталі Сайгё, Бусона, Ісу ці Басё.

За апошнія 40 гадоў выдадзена больш за паўсотні акадэмічных тамоў паэтычных тэкстаў беларускага фальклёру. Справа ня ў тым, што ні ў каго такога няма, што гэтае неверагоднае народнае багацьце (хоць сабранае, на жаль, аднабакова) ёсьць толькі рэшткі з таго, што засталося, што гэтая веліч паказвае на велізарную культуру, якую 200 гадоў адмыслова разбуралі і зьнішчалі варвары. Справа ў тым, што гэта ёсьць сусьветны ўзровень, паэтычная энцыкляпэдыя, філясофія духу, гісторыі, побыту, характару і вобразаў хараства беларускага народу, як частка Боскай ісьціны і Боскай красы.

Хто ведае, хто разумее гэта ў эпоху рэгрэсу і дэградацыі эўрапейскай культуры! Адказ „ хто” ды „ чаму” ляжыць на паверхні. Толькі я ня буду яго паўтараць. Мы жывем у такім становішчы і ў такую пару, калі кожны да Беларусі прыходзіць сам.

2 красавіка 2001 г., Нью-Ёрк

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”,– 2001, №7(37)

 

14. СВАБОДА

Воля, свабода... Словы амаль магічныя. Яны неяк па-асабліваму ўспрымаюцца. У мяне слова „свабода” выклікае ўяўленьне шырокага сьветлага прастору, дзе вее цёплы лагодны вецер. Несвабода асацыюецца зь нечым замкнутым, прыгнечаным і абмежаваным, без даляглядаў і пераменаў.

Праявы несвабоды я назіраў з самага раньняга дзяцінства, тады, калі пачалася савецкая калектывізацыя. Пад акупацыяй воля не існуе. Беларус быў бяспраўны. Расейцы зьдзекваліся з нашых сялянаў, як хацелі. Гэтыя карціны зьдзеку бальшавікоў над людзьмі мне і цяпер стаяць у вачах. Сам жа я непасрэдна сутыкнуўся з несвабодай ужо тады, калі асэнсоўваў свабоду як сваё і наша агульнае беларускае права (а не як нейкае маё хаценьне).

Памятаю, калі я яшчэ вучыўся ў 9-м клясе ў школе, прыйшоў да нас у керзавых ботах дырэктар-расеяц і сказаў, што з наступнага дня ён будзе выкладаць у нас гісторыю па-руску, дык каб мы яму і адказвалі па-руску.

Тады мы цэлым клясам пастанавілі, што па-руску яму адказваць ня будзем. Кірзач ставіў нам усім за гэта „ калы” і „ двойкі”. Праз нейкі час я ад імя кляса запатрабаваў, каб ён спыніў свой экспэрымэнт і стаў нам чытаць лекцыі на нармальнай мове. Дырэктар спасылаўся на Леніна, маўляў, Ленін гаварыў па-руску. „ Але вы ня Ленін, – сказалі мы дырэктару, – вось калі да нас прыйдзе Ленін, тады мы зь ім і пагаворым.”

Праз нейкі час у нас зьявіўся новы настаўнік гісторыі і, як ні ў чым ні бывала, пачаў весьці заняткі па-беларуску.

Гэта была наша спакойная школьная перамога, бяз крыку і шпурляньня чарнілак у непрыяцеля. Мяне гэта ўмацавала тады ў думцы, што толькі той несвабодны, хто не змагаецца за свабоду. Свабода сама не зьяўляецца. За яе трэба змагацца, а потым – абараняць.

* * *

Дэфініцыя свабоды ўмяшчаецца ў тры словы. Свабода гэта ёсьць магчымасьць тварыць дабро.

Пра свабоду мы гаворым толькі тады, калі існуе такая магчымасьць. Калі такой магчымасьці няма – мы кажам, што няма свабоды.

Калі ж свабода выкарыстоўваецца на зло – яна ператвараецца ў несвабоду. Тады чалавек альбо робіцца нявольнікам сваіх страсьцяў, злых думак і паводзінаў, альбо, ў выпадку антысацыяльных дзеяньняў, трапляе ў турму і траціць свабоду ў літаральным, фізічным сэнсе. Прытым нікому не прыходзіць у галаву змагацца за свабоду крымінальнікаў, гвалтаўнікоў ды забойцаў. Наадварот, патрабуюць абмежаваць іхнюю свабоду.

Істотна зазначыць, што свабода ёсьць маральная катэгорыя. Яе адлюстраваньне ў канкрэтных каштоўнасьцях залежыць ад маралі і ўзроўню культуры грамадзтва. Тым часам гэта ёсьць катэгорыя аб’ектыўная. Рэлятывісцкі падыход тут памылковы і прыводзіць да зьнішчэньня свабоды. Дадам яшчэ, што ў філясофскім сэнсе, свабода – гэта магчымасьць вечнага разьвіцьця да ідэалу.

Свабода зьвязана з сьветапогляднай і маральнай арыентацыяй чалавека. Таму дэкляраваньне барацьбы за свабоду і сама барацьба за свабоду яшчэ мала што тлумачаць і вымагаюць канкрэтызацыі – у чым справа. Часта выяўляецца, што некаторыя людзі, якія змагаюцца за свабоду, на справе маюць на ўвазе толькі свае інтарэсы, прытым даволі эгаістычныя, суб’ектыўныя і заганныя. Цяпер, у час усеагульнага крызісу дэмакратыі, мы бачым, як нарастае агрэсіўнасьць сацыяльнай цемры ў грамадзтве. Зло змагаецца за свабоду. Масы цёмных суб’ектаў у розных краінах патрабуюць легалізацыі наркотыкаў, свабоды прастытуцыі, распусных палавых дачыненьняў, ліквідацыі інстытуту сям’і, свабоды абортаў і г.д.

Шматаблічная катэгорыя свабоды патрабуе, перш за ўсё, дакладнай кадэфікацыі ў праве і выразнай вызначальнасьці ў сістэме маральных каштоўнасьцяў грамадзтва. Агульнасьць і расплывістасьць праўных фармулёвак свабоды можа стаць прычынай апраўданьня абсурду і несвабоды чалавека.

Рэкардсмэнам такога абсурду зьяўляецца якраз „ свабодная” Амэрыка. Тыповы прыклад. У Нью-Ёрку ўдарыў мароз. Гэта вялікая пагроза для бяздомных, апушчаных людзей і наркаманаў, якія начуюць на вуліцах. Паліцэйскі разбудзіў бяздомную жанчыну-наркаманку, што ляжала пад сьцяной, і, ня гледзячы на яе супраціў, завёў у цёплую станцыю мэтро, каб яна там пераначавала і не замерзла. Праз нейкі час паліцэйскага пацягнулі ў суд і паліцэйскае ўпраўленьне было аштрафаванае на 500 тысячаў даляраў за парушэньне правоў наркаманкі ляжаць на вуліцы і дзе яна хоча. Паліцэйскі, згодна азначэньня суда, парушыў фундамэнтальнае права асобы – яе свабоду.

Некаторыя амэрыканцы нават з гонарам расказвалі мне пра гэта – во якая ў нас свабода. На самай справе тут звычайны (а ў нашым разуменьні – шарлатанскі) амэрыканскі бізнэс. Знайшоўся нікому не вядомы адвакат, які падгаварыў бадзяжку зьвярнуцца ў суд і, карыстаючыся агульнасьцю вызначэньня заканадаўства і фармалізацыяй мысьленьня суддзяў (такое магчыма толькі ў Амэрыцы), выйграў працэс „ абароны свабоды”.

Адвакат такім чынам зрабіў сабе бясплатную рэкляму (бо абсурдальнасьць падзеі прыцягнула ўвагу друку) і ў дадатак яшчэ зарабіў грошы (звычайна, ад 25 да 50 адсоткаў ад сумы „ судовага выйгрышу”, гэта значыць, штрафу).

Гэта вельмі тыповы для Амэрыкі прыклад, дзе бог – даляр, а свабода – сродак бізнэсу. Ні адваката, ні суддзяў, ні журналістаў, ні разьзявакаў, што цікавіліся зьявай, не абходзіла жыцьцё бадзяжкі. Яны не асэнсоўвалі нават фальшывасьці сваёй пазыцыі. Адзіным чалавекам у гэтай гісторыі, які меў жаласьць у сэрцы і цаніў жыцьцё іншага чалавека як найвялікшую каштоўнасьць, быў амэрыканскі паліцэйскі, якога пакаралі.

* * *

Свабода – гэта ўнівэрсальны прынцып Сусьвету як Боскага стварэньня, часткай якога ёсьць свабодная воля чалавека.

У сацыяльным грамадзтве абсалютны, унівэрсальны сусьветны прынцып свабоды ўзаемазьвязаны з маральнымі калізіямі духоўнага разьвіцьця чалавецтва. Гэтым абумоўлена тое, што свабода ў цывілізаваным сацыяльным грамадзтве ёсьць катэгорыяй выбару і не зьяўляецца найвышэйшай і абсалютнай каштоўнасьцю. Найвялікшымі каштоўнасьцямі ёсьць Бог, жыцьцё чалавека і жыцьцё народа. Там, дзе свабода ўступае ў канфлікт з гэтымі каштоўнасьцямі – там робіцца выбар. Ён можа быць розным. Гледзячы якія сілы, якія ўзроўні задзейнічаныя ў супроцьстаяньні.

Глыбінная сутнасьць канфлікту змаганьня за свабоду выяўляецца ў пытаньні: ці можа існаваць свабода ўсяго? (А гэта значыць – і свабода зла.)У метафізічным сэнсе, які апэрыруе вечнаснымі катэгорыямі, такое становішча прызнаецца. (Бог даў свабоду Сатане. Але на пэўны час. Пакуль колькасьць упалых анёлаў не заменіцца адпаведнай колькасьцю справядлівых людзей. У гэтым – сэнс духоўнай гісторыі чалавецтва і зьмест барацьбы дабра са злом на Зямлі.)

Але сацыяльная практыка дачаснага сьвету (і дачаснага жыцьця) паказвае, што ў соцыюме не павінна быць свабоды злу, бо спыняецца духоўнае разьвіцьцё. „ Не”, – гавораць злу свабодныя людзі. „ Так”,– кажуць тыя, што хочуць іншай свабоды. „ Так”, – кажуць лібэральныя заканадаўцы, якія лічаць, што прынцып свабоды павінен быць роўным для ўсіх: і для мільярдэра, які лётае зь Нью-Ёрка на Канкордзе паабедаць у парыжскі рэстаран (тры гадзіны лёту, 18 тысячаў даляраў туды й назад), і для бадзяжкі, што мае права замерзнуць на вуліцы, і для верных хрысьціянаў, што жывуць па запаведзях, і для дэградаванага збачэнца, што ўступае ў палавыя акты з жывёлай ці з сабе падобным (і, дарэчы, знаходзіцца ў Амэрыцы пад асобай аховай закону; гэта тут называецца „ сэкс-меншасьць”).

Лібэралы глядзяць на свабоду, як той рускі Іван на агурковае поле, які садзіў агуркі, але ніколі іх не палоў. У выніку – замест агуркоў вырасталі чартапалох ды пустазельле. Затое – свабода: расьце, што хоча. Хоць вядома, што культура пачынаецца з абмежаваньня прыроднай свабоды (стыхіі), з абмежаваньня несвабоды (г.зн. разбуральнай сілы).

Праклямацыя ў дэмакратычным грамадзтве свабоды без берагоў, „ свабоды ўсяго” заўсёды ёсьць маніфэстацыяй заганнай цемры, патрабаваньнем свабоды злу, імкненьнем да легалізацыі чалавечай нізасьці.

Часта прыходзіцца чытаць, як у Нью-Ёрку злавілі тую ці іншую банду маладзёнаў у час нападу на краму. Калі паліцыя іх хапае, яны, звычайна, абураюцца, што парушаюць іхныя чалавечыя правы і што гэта дыскрымінацыя, таму што яны чорныя. Такая рэакцыя сярод злачынцаў вельмі распаўсюджаная. Яны шчыра думаюць, што іх заціскаюць, бо ў Гарлеме яны вырасьлі „ абсалютна свабоднымі”.

* * *

У цэлым, аднак, свабода ў Амэрыцы добра рэглямантаваная і ўлічвае інтарэсы чалавека, бадай, як нідзе. Выдаткі, кур’ёзы, наступ зла ды абсурд, які пашыраецца, зьвязаны, перш за ўсё, з актывізацыяй левых ва ўсім сьвеце і лібэралаў на Захадзе, пасьля распаду сістэмы савецкага таталітарызму.

У заходнім грамадзтве зьнік страх перад камуністычным варварствам, і людзі расслабіліся, страцілі пільнасьць, сталі больш спакойна глядзець на сваіх левых сацыяльных і маральных экстрэмістаў, якія тут жа перайшлі ў наступ і ўжо шмат чаго дамагліся, і нават шмат дзе захапілі ўладу.

Выглядае парадаксальным, што маральны крызіс заходняй дэмакратыі і крызіс свабоды супаў па часе з крахам савецкага камунізму і таталітарнай сістэмы сацыялізму ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Захад, магчыма, з цягам часу пераадолее гэты крызіс. Але для нас, для беларусаў, якія змагаюцца яшчэ зь мінулым днём – з рускім каляніялізмам у кагэбоўскай упакоўцы, – для нас важна зразумець, што каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды, якія вязуць да нас з Захаду, гэта ў значнай ступені – лібэральны сурагат у дэмакратычнай абгортцы. Ім, дэмакратычным лібэралам, важней узгадаваць тут, у нас, на Беларусі, сваіх гамасэксуалістаў ды фэміністак, ды экспартаваць на Беларусь адкіды сваёй культуры, чым сапраўды дапамагчы нам, беларусам, збавіцца ад расейскай каляніяльнай агрэсіі, абараніць беларускую мову ад зьдзеку і вынішчэньня, вярнуць беларускія школы і беларускую асьвету, умацаваць беларускую незалежнасьць і г.д. Іх не цікавяць праблемы нашага нацыянальнага выжываньня. Ім абходзяць, перш за ўсё, свае лібэральныя інтарэсы.

Пад гэтыя свае абмежаваныя паняцьці яны даюць невялікія грошы ды гранты бедным беларусам і плодзяць апазыцыйны пустацьвет, балбатуноў за дэмакратыю без суверэнітэту.

Менавіта гэтакая заходняя лібэральная „ публіка” прычынілася да спробы зьнішчыць Беларускі Народны Фронт і расфармаваць яго ў „ дэмакратычную апазыцыю” (у „ балота”). з гэтага, аднак, нічога не атрымалася, бо мы ўжо ведаем іхныя норавы і іхныя справы.

* * *

Для нас, беларусаў, свабода сёньня абазначае сьцісла канкрэтную і практычную задачу. Мы павінны, перш за ўсё, збавіцца ад каляніяльнага прамаскоўскага рэжыму ўлады, спыніць агрэсію расейскай каляніяльнай палітыкі і гарантаваць бясьпеку і незьнішчальнасьць дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

Дзеля гэтага мы павінны стварыць нацыянальнае кіраўніцтва краінай. Беларусяй павінны кіраваць: Беларускі нацыянальны ўрад, Беларускі нацыянальны парлямант і Беларускі нацыянальны прэзыдэнт. Беларусяй павінны кіраваць беларусы, а не расейцы, не расейскія генэралы і не расейская каляніяльная адміністрацыя.

Пра свабоду можна казаць толькі тады, калі мы будзем гаспадарамі ў сваім доме. Толькі тады – калі мы, беларусы, самы, як мы таго захочам, – будзем кіраваць і гаспадарыць у нашай Беларускай дзяржаве. і ўжо маючы такую свабоду, мы ніколі не скарыстаем яе на зло. Наша свабода стане для нашага народа Боскім стварэньнем шчасьця нашых людзей. і тут ужо нам трэба будзе пастарацца, каб не рабіць так, як заходнія лібэралы, і ня ўкінуць Сьвятую Свабоду ў гразь.

5 траўня 2001 г., Варшава

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2001, №6(36); „ Народная Воля”, – 2001, 1 чэрвеня)

 

 

ВЫБРАНЫЯ АРТЫКУЛЫ

 

ВЯЛІКІ КУПАЛА

Як добра мець такога паэта, вуснамі якога прамаўляла вольная Беларусь! Гэта магутны талент і дар Божы для беларусаў, на ўсе часы.

Янка Купала ідэйна і эстэтычна засьведчыў сьпеласьць беларускай нацыянальнай літаратуры, адлюстраваў у творчасьці лёс нацыі на тым этапе яе існаваньня, выявіў беларускую нацыянальную ідэю ў эстэтычнай форме і нацыянальныя каштоўнасьці – у вобразах мастацкай красы.

Чым жа нязьменны і чым дарагі нам зараз, цяпер, наш вялікі нацыянальны паэт? Ён дарагі нам любовяй да Беларусі, да яе волі і незалежнасьці. Ягоная любоў, выяўленая ў мастацкай форме, гэта ня ёсьць хараство суб’ектыўнага замілаваньня, кшталту: „ Люблю мой край, старонку гэту”. Ягоная любоў ёсьць адлюстраваньне ўнівэрсальнасьці сьветабудовы і парадку рэчаў, які прадвызначае паставу і паводзіны чалавека. Бо нельга быць несвабодным. Нельга быць нявольнікам – і спадзявацца на шчасьце. Нават дабрабыту нявольныя людзі ня мецьмуць, бо колькі б яны ні працавалі, вынікі іхняе працы забяруць калянізатары, тыя, ад каго залежныя нявольнікі, тыя, хто валодае іхняй краінай.

Памятаючы Купалу, глянем цяпер на гэтых, што абяцаюць народу „ сто” ці „ трыста” даляраў зарплаты, дакляруюць рынкавую гаспадарку, багацьце ды кажуць: галоўнае – эканоміка, а не свабода, ня мова, ня сьцяг і ня Бог.

„ Чаго хочаш?” – спыталі б такога. „ Хачу – дабрабыт.” „ Ня будзеш яго мець. Бо, каб стаць заможным,трэба быць незалежным!”

Вось дзе найвялікшая каштоўнасьць і найвялікшая праўда Беларускага Адраджэньня! „ Гэта бітва йдзе сусьветна Між сьвятлом і апраметнай!” – пісаў Янка Купала.

Шчасьце людзей недасягальнае бяз вольнай будучыні ўсіх, без незалежнасьці Бацькаўшчыны. Будаваць нацыянальную будучыню трэба пачынаць зь вялікай ідэі, з Храма, а не з хлява.

„ На Вялікі Сход! Па Бацькаўшчыну!” – клікаў Купала. „ На прастор!”, „ На бітву, будучыя сілы!”

Купала, маючы Боскі талент, казаў праўду наўпрост, гучна, голасна і магутна. Гэта рабіла яго вялікім і моцным, і нават сьмяротныя ворагі, гэтае выпарэньне пекла, – рускія бальшавікі – баяліся Купалы і, ненавідзячы, дваццаць гадоў не рашаліся яго забіць. (Пакуль не заманілі паэта ў Маскву.)

„ Паўстань з народа нашага, прарок, і ў буры гром удар, пад звон кайдан!”

Гэтак пісаў і марыў Янка Купала. Ён якраз і быў тым найвялікшым прарокам і песьняром Беларускага Адраджэньня, які сказаў аб галоўным:

Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў – на свабоду,

Зваў з цемры – да сьвятла.

Ідэйная пазыцыя і творчасьць Янкі Купалы ёсьць ідэальны прыклад, узор паставы і думаньня для беларусаў, якім неабыякавы лёс Беларусі, якія мараць пра шчасьце Айчыны.

Гэта такая зьява, што пакуль будзе існаваць Беларусь, пакуль будзем мы на Зямлі, дагэтуль будзе вялікім – Купала. Ён – Вялікі Наш. Ён – частка нашай Будучыні.

Няхай жа памяць пра нашага генія станецца вечнай! Няхай творчасьць ягоная лучыцца з нашым змаганьнем. Хай веецца сьцягам і ўспаможа нам – у свабодзе.

7 ліпеня 2002 г., Варшава-Менск

 

СІСТЭМНАЕ РАЗБУРЭНЬНЕ МОВЫ

У 30-х гадах, пад расейска-савецкай акупацыяй, нішчэньне правапісу беларускай мовы адбывалася пад гукі рэвальвернай кананады ў Курапатах, у лясах пад Магілёвам ды пад Менскам, у Сьляпянцы ды Лошыцы, у двары Вялейскай турмы ды казематах Берасьцейскай крэпасьці. Таму аб акупацыйным правапісе не дыскутавалі (маглі расстраляць). Адны перасталі пісаць па-беларуску, другія пагадзіліся на „ тапор”, „ карандаш”, „ акцябрскую рэвалюцыю” і іншую лексіку. Разьвіцьцё афіцыйнай, дзелавой ды й літаратурнай беларускай мовы было спынена. Вось вынік так званай „ наркомаўскай” маніпуляцыі Масквы зь беларускай мовай. Заканадаўчае дзеяньне было накіравана на вынішчэньне беларускай мовы шляхам паралічу яе моўнай сістэмы знутры.

Толькі пасьля сьмерці Сталіна беларуская літаратура паступова пачала зьвяртацца да жывых формаў і лексікі беларускай мовы, абыходзячы вірусы і рагаткі чужароднай ін’екцыі. У сярэдзіне 50-х здолелі часткова рэфармаваць і беларусізаваць чужародны правапіс, але вярнуцца на зыходныя пазыцыі поўнасьцю не ўдалося, нягледзячы на гераічныя і плённыя высілкі выдатнай беларускай літаратуры. Афіцыйная беларуская мова (літаратурная, дзелавая) мярцьвела, лакалізавалася ў літаратуры, у некаторых газэтах і сярод асобных людзей (галоўным чынам інтэлігенцыі). Гэта амярцьвеньне жывой літаратурнай мовы бачылі, адчувалі, пра гэта пісалі, крычалі тады амаль усе вялікія беларускія пісьменьнікі і паэты („ Кажуць, мова мая адамрэ...” – клясычны рэфрэн у тагачаснай паэзіі.)

Чаму ж сталінскі ўдар аказаўся такім балючым і катастрафічным? Два чыньнікі. Найперш, удар быў накіраваны ўнутр сістэмы мовы. Другі чыньнік – удар у сістэму мовы быў падтрыманы палітыкай этнацыду і генацыду беларускай нацыі. Бяз гэтага другога чыньніку сьмяртэльны стрэл у сістэму мовы ня меў бы, практычна, ніякага значэньня. Сістэма проста выплюнала б чужароднае цела і разьвівалася б далей па сваіх жывых законах, чужароднае не прыжылося б.

Рэпрэсіі, страх, прымус – былі формай, зьместам і рэалізатарам выніковасьці сталінскага закону. Як толькі гэтыя чыньнікі пачалі слабець – агалілася сутнасьць нішчэньня, зьявілася воля да адраджэньня жывога.

Беларуская нацыянальная рэвалюцыя 1991 года і вяртаньне незалежнасьці краіны (нягледзячы на ўладу савецкай намэнклятуры) вярнулі ўсё ў пачатак. Адрадзіўся новы клясычны правапіс (Браніслава Тарашкевіча). Пачаўся паварот да мовы, зацікаўленьне лексікай, правапісам, увага да дыялектаў, да беларускай лацінкі і г.д. Клясычным правапісам пачалі пісаць нашы вялікія сучасьнікі Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Мноства людзей упершыню вярнулася да беларускай мовы і, не прымаючы афіцыёз, пачалі пісаць, як умелі, экспэрыментаваць зь лексікай і правапісам, розныя аўтары і часопісы па-рознаму пачалі адыходзіць ад афіцыйнага (савецкага) напісаньня. Разам з выдаткамі тут выявілася шмат новых формаў і словаў, адчыняецца забытае. з пункту гледжаньня савецкага акадэмічнага афіцыёзу – гэта анархія, „ абы што”, зьмяшаньне ўсяго ў кучу, псаваньне мовы і г.д. з пункту гледжаньня гістарычнага працэсу, аднак, – гэта заканамерная зьява ўсялякага адраджэньня сістэмы і аднаўленьня страчанага. Гэта аб’ектыўны працэс, ён неабходны для крышталізацыі новага ўзроўню і новага адзінства. Гэта, нарэшце, працэс пазітыўны і яшчэ ня скончаны. Ён рухае наперад (siс!) творчае зацікаўленьне мовай у шмат якіх беларусаў. Ён спрыяе вяртаньню іх ва ўлоньне беларускай моўнай стыхіі.

Вельмі істотна ўбачыць і зразумець, што ў рэчышчы функцыянаваньня беларускай мовы ў цяперашняй Рэспубліцы Беларусь гэты цяперашні творчы плюралізм правапісаў ёсьць зьявай паралельнай афіцыйнаму ўжываньню мадэрнізаванага савецкага правапісу беларускай мовы. Грунт і стабільнасьць афіцыйнага ўжываньня мовы палягае на гэтым афіцыйным правапісе. На ім базуецца школа, навучаньне, інфармацыя і г.д. Пакуль што яму нічога сур’ёзна не пагражае, і „ савецкі правапіс” квола йдзе сваёй дарогай. Але „ паралельныя працэсы” выклікаюць усё большае зацікаўленьне беларускай мовай, прытым сярод тых, хто, не ўдаючыся ў развагі, карыстаецца афіцыйнай формай правапісу. „ Паралельныя працэсы” выступаюць у ролі каталізатара ўсяго моўнага адраджэньня, нягледзячы на антыбеларускую (антышкольную, антымоўную) палітыку існуючага рэжыму. і вось тут адбыўся паўторны „ сталінскі ўдар”. Нішчыцелі заўважылі працэс і прынялі меры згодна свайго антыбеларускага ўменьня і разуменьня. Антыбеларускі рэжым прыняў закон аб новым афіцыйным правапісе беларускай мовы. Задача тая ж – разбурэньне і ліквідацыя ў афіцыйным ўжытку літаратурнай беларускай мовы. Першы чыньнік (разбурэньне моўнай сістэмы) застаўся такі ж самы, як і раней, у 30-х, таму зьмены ў афіцыйным правапісе блытаныя і некардынальныя. Але (што дакладна заўважыў З. Саўка) не „ тарашкевіца”, не „ паралельны плюралізм”, а менавіта гэты новы таталітарны закон, прыняты ўнутранымі акупантамі Беларусі, разбурае адзінства афіцыйнага правапісу і цалкам дэстабілізуе моўную сытуацыю ў агульнанацыянальным маштабе.

Другі чыньнік, палітычны (страх, рэпрэсіі, перасьлед), у выніковым сэнсе ўсё ж не дацягвае да сталінскага, каб стаць гарантам дзеяньня і выкананьня акупацыйнага закону. Таму быў прыняты небывалы варыянт: уведзена юрыдычная адказнасьць асобы за напісаньне, ня згоднае з афіцыйным правапісам. Гэта грубае дыскрымінацыйнае палажэньне (прыдуманае людзьмі, якія беларускай мовай не карыстаюцца), ўнікальнае па сваім цынізме. 23 ліпеня гэтага года яно было афіцыйна(!) зацьверджана. За артаграфічныя памылкі асоба мусіць адказваць па суду, альбо атрымаць адміністрацыйнае спагнаньне. Па паранойнай задумцы, пагроза судовага і адміністрацыйнага перасьледу за памылкі ў напісаньні павінна рэзка зьменшыць сфэру пісьмовага ўжываньня беларускай мовы (на гэта і разьлік) і павялічыць сфэру рускай, якая не дыскрымінуецца. Прытым, можна не сумнявацца, перасьлед за памылкі будзе выбарачным. Тут тыпова крымінальны падыход да выкананьня заведама крымінальнага заканадаўства і тыповая мэтодыка мафійнага гэбізму ва ўнутранай палітыцы.

Зацьвярджэньне разбуральнага закону выклікала зноў вялікую дыскусію ў непадкантрольных сродках масавай інфармацыі. Што зьвяртае на сябе ўвагу, спрачаюцца, у асноўным, пра суфіксы і канчаткі, не гаворачы (можа, не заўважаюць?) пра мэтанакіраваную разбуральную сутнасьць закона, пра заплянаваны дыскрымінацыйны гвалт над носьбітамі і карыстальнікамі беларускай мовы. Зьявіліся нават допісы, дзе з ужываньнем навуковай тэрміналёгіі пераконваюць, што, маўляў, нічога страшнага, мове „ закон” не перашкодзіць, вунь і ў грэкаў такое было, і сталінскі закон мовы ня зьнішчыў. Гэтак пішуць звычайна маладыя, што ня ведаюць пра камунізм і савецкую акупацыю. Сталінскія мэтады супраць мовы нас распляскалі так, што ўжо ў 70-х гадах Масква і гэбісты паставілі на нашай нацыі крыж. Яны сур’ёзна лічылі, што беларуская мова „ натуральным чынам” зьнішчана, і беларуская нацыя ўжо ніколі не падымецца. „ Мы не будем противопоставлять белорусскую мову великому русскому языку!” „ В Белоруссии нет национализма!” – гукалі розныя мясцовыя сакратары Цэ-Ка і „ будаўнікі камунізму” (у партупеі пад кашуляй). Зьяўленьне БНФ выклікала ў іх шок, а бліскучае выкарыстаньне сітуацыі і перамога Фронту ў 1991 годзе ўвяла Маскву ў стан прастрацыі. Але калі б Савецкі Саюз праіснаваў бы яшчэ гадоў дваццаць, то сумняваюся, ці паднялося б што ў Беларусі. Мы віселі ўжо над безданьню.

Раней я неаднаразова пісаў, што Масква зрабіла для сябе вельмі сур’ёзныя высновы пасьля паразы ў Беларусі ў пачатку 90-х гадоў. Мэтад і мэтодыка, якімі вынішчаюць нас цяпер, глыбока, прафэсійна і дэталёва распрацаваныя, а тое, што адбываецца (па мэтодыцы разбурэньня нацыі), калі зрабіць сістэмны аналіз, не ўкладваецца ў рамкі інтэлекту кіроўнай асобы Рэспублікі Беларусь (хоць выконвае ўсё якраз гэтая асоба).

Вынішчэньне мовы йдзе „ пакетам” разам з разбурэньнем школы. Апошні разбуральны прыём – раптоўны перавод на 11годку. Па мэтадалогіі нішчэньня – гэта тое ж самае, што робіцца з мовай. У гэтым жа сістэмным пакеце йдзе выключэньне беларускай гісторыі са школы, разбурэньне беларускай літаратуры, беларускай грамадзянскай супольнасьці, нішчэньне помнікаў гісторыі і культуры, і беларускага Інтэрнэту (падзеі наперадзе).

Пакуль беларуская інтэлектуальная эліта не зразумее, не ўсьвядоміць глыбока і рэальна, што з боку Расеі йдзе доўгая зацяжная вайна супраць Беларусі, што гэта вайна іншымі сродкамі, бяз бомбаў і кулямётаў, бяз гучнае зброі, – што гэта вайна не на жыцьцё, а на сьмерць, – супраціўленьне арганізаваць ня ўдасца. Цяпер, аднак, трэба думаць разам, усім пра стратэгію супраціўленьня вынішчэньню ў вобласьці культуры, пра тактыку абароны мовы, пра спосабы яе захаваньня, пра контрнаступ і барацьбу за яе адраджэньне і разьвіцьцё. Стыхійнае выказваньне пазыцыі, абурэньняў, скаргаў ды ацэнак – справа неабходная, але ў гэтай сытуацыі бездапаможная („ Масква сьлязам ня верыць,” панове).

Там, дзе ідзе арганізаваная атака, – там павінен узьнікаць і арганізаваны супраціў.

Калі глянуць у корань і калі не апэраваць дэфініцыямі ды катэгорыямі (цяжкімі для ўспрыняцьця бальшыні людзей), то галоўны сэнс русіфікацыі і ўсёй гэтай векавой антыкультурнай палітыкі ў тым, каб беларусы перасталі гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску і пачалі размаўляць, чытаць і пісаць па руску. Вось іхняя стратэгія, зьведзеная да ўзроўню звычайнага чалавека. Яна ненатуральная, але простая, як кол. Адказ на гэта ёсьць жыцьцёвы і адпаведны – беларус павінен гаварыць, чытаць, пісаць і думаць па-беларуску – на роднай мове вялікай культуры і вялікай эўрапейскай нацыі. Вось нашая галоўная стратэгія ў барацьбе за культурнае існаваньне. Ёй павінна быць падпарадкавана ўся наша дзейнасьць ў вобласьці адукацыі, асьветы, інфармацыі, творчасьці, навукі і культуры. Не забывайма пра функцыю і ролю эліты, не забываймася і пра місію інтэлігенцыі. Тут мусіць быць тактыка і мэтадалёгія. Як некалі было ў акупаванай Прыбалтыцы – першае пытаньне паэстонску (па-беларуску); другое пытаньне – чаму не размаўляеце па-эстонску (па-беларуску). Вялікая небясьпека, пачварныя зьявы насоўваюцца на нас з Ўсходу. Але мы маем супраць гэтага моцную зброю (прытым, у шырокім ужытку – непераможную). Гэтая зброя ёсьць наша вялікая Беларуская Мова.

Улічваючы разуменьне ўсяго, што сказана вышэй, што можна прапанаваць у гэтай сытуацыі, калі антымоўны дыскрымінацыйны закон прыняты? Найперш, яшчэ маецца больш за год да пачатку ўвядзеньня гэтага заканадаўчага „ акту”. Трэба добра прадумаць дзеяньні і паводзіны ў гэтым пэрыядзе і на прышласьць. Калі за гэты час ішак ня здохне і візір ня жэніцца, то першае што неабходна забясьпечыць, – гэта захаваць вобласьць, дзе мог бы разьвівацца „ плюралізм правапісаў” (паўтаруся, гэта жывы творчы працэс). Не выключаю, што трэба заранёў падумаць пра Інтэрнэт, падпольны самвыдат, кружэлкі ЦД і ДВД, псэўданімы, выданьні за мяжой і інш. Абсяг вялікі. Заўважце, што ў дзяржаўных выдавецтвах з прычыны пазыцыі рэжыму ўжо даўно і так не выходзяць кнігі сучасных выбітных беларускіх аўтараў – Барадуліна, Разанава, Бураўкіна, Някляева, Казько, Арлова, Гілевіча, ды-й, практычна, ўсе „ маладыя” друкуюцца ў недзяржаўных выдавецтвах. Так што ёсьць, існуе „ дарога жыцьця”. і будзе існаваць, пакуль творыцца наша выдатная літаратура.

Другое (прашу аднесьціся да гэтага спакойна), неабходна распрацаваць мэтодыку нацыянальнага прыстасаваньня дыскрымінацыйнага моўнага закону да патрэбаў афіцыйнага існаваньня і пашырэньня беларускай мовы. Выдаткі непазьбежныя, напэўна будуць зьнявагі і нават ганебныя рэпрэсіі, грэблівасьць з абодвух бакоў. Усё трэба выцерпець, бо калі мы гэтага ня зробім, мову ў афіцыйным ужытку „ прыхлопнуць” на „ законных” (дакладней, на законна-крымінальных) падставах. Дзеля гэтага і прыняты нішчыцелямі такі юрыдычны акт. Трэба не забывацца, паўтаруся, што сутнасьць дыскрымінацыйнага закона не ў правапісе (прапануецца мадыфікаваная „ наркомаўка”, ня больш), а ў пакараньні за артаграфію. У сёньняшнім грамадзтве яшчэ няма сілы на шырокае і стыхійнае супраціўленьне моўнай дыскрымінацыі. Сілу трэба рыхтаваць і нельга праігрываць.

Трэцяе. Беларуская эліта (уся беларуская эліта, а ня толькі ТБМ, якое змагаецца ўвесь час) мусіць забясьпечыць пэрманентную і няспынную крытыку дыскрымінацыйнай сутнасьці крымінальнага „ закона” пра мову (перасьлед за артаграфію) Гэтае пытаньне павінна гучэць паўсюдна і ўвесь час, на ўсіх канфэрэнцыях па лінгвістыцы, правах чалавека, разьвіцьці дэмакратыі, сутнасьці таталітарызму, юрыдычных аспэктах улады і г.д., гэтае пытаньне павінна гучэць у прыкладах і спасылках, стаць прыпавесьцю ў разважаньнях, заявах і патрабаваньнях. Пашырэньне крытыкі не азначае, што ўдасца прымусіць прамаскоўскі рэжым адмовіцца ад паранойнага палажэньня ў законе. Гэта выключаецца (на тое ён і прамаскоўскі рэжым). Але крытыка грубай тэндэнцыйнасьці антымоўнага акту будзе спрыяць інфармаванасьці людзей, іхняму праўнаму асьветніцтву, надасьць сілы здароваму грамадзтву ў змаганьні за розум, за сьветласьць, за вольную Беларусь.

Зразумела, што гаворачы пра гэтыя тры неабходныя пазыцыі (і ў цэлым пра ўсе мае развагі), я зыходжу з найгоршага варыянту, з той дрэннай верагоднасьці, калі прамаскоўскі акупацыйны рэжым і нелегальная ўлада Лукашэнкі праіснуюць да 2010 года. Такую верагоднасьць нельга выключаць, і плян паводзінаў на гэты выпадак павінен быць. Па вялікаму кошту перамяніць сытуацыю, спыніць вынішчэньне беларушчыны, беларускай культуры і нацыі зможа толькі кардынальная перамена – ліквідацыя антыбеларускага рэжыму і ўстанаўленьня беларускай дэмакратычнай народнай улады. Наша палітычная беларуская барацьба за вольную, разумную, беларускую Беларусь ёсьць галоўная дарога, ідучы якой, мы дасягнем нашай сьветлай народнай будучыні.

26 ліпеня 2008 г.

Надрукувана: (Народная Воля, – 2008, 12 сьнежня, (Пад загалоўкам: „ Параліч, альбо якое няшчасьце нясе Беларусі сістэмнае разбурэньне мовы”; Беларус, – 2008, № 548, верасень).

 

ЗМАГАНЬНЕ ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

Разьвіцьцё цывілізаванага грамадзтва, сістэма і структурызацыя ўлады рухаліся такім чынам, што ў непасрэднае змаганьне за ўладу ўцягваліся ўсё большыя масы людзей. Адбываецца дыферэнцыяцыя палітычных інтарэсаў, утвараюцца групы, што выяўляюць гэтыя інтарэсы, узьнікаюць канфлікты паміж агульнымі і групавымі патрэбамі. Адчыняюцца магчымасьці для маніпуляцыяў народам і масавай сьведамасьцю людзей.

У стабільнай і суверэннай нацыянальнай дзяржаве такое становішча ня ёсьць найлепшым. Але, як правіла, існуе магчымасьць яго выправіць і ўдасканаліць.

Другое, што важна: нават найгоршы стан палітычных дачыненьняў не пагражае існаваньню грамадзтва, не зачыняе пэрспэктывы яго разьвіцьця. Гісторыя паказвае, што нават самы дрэнны ўнутраны палітычны рэжым ня можа зьнішчыць народ, нацыю і дзяржаву. Самазьнішчэньня не адбываецца.

Гісторыя зноў жа сьведчыць, што ні адзін незалежны народ, ні адно незалежнае грамадзтва не загінула ад дрэннай унутранай палітыкі, ад унутранай тыраніі, ад дрэннай эканомікі і нават ад голаду, калі яно здолела захаваць сваю дзяржаву і незалежнасьць.

Паўночныя карэйцы маюць пэрспэктыву (хоць цяпер у іх кашмарны рэжым і дрэнная ўнутраная палітыка), кубінцы таксама маюць пэрспэктыву (хоць цяпер там беднасьць і дыктатура). А вось пэрспэктыва курдаў, чувашоў ці мардвы – пад вялікім пытаньнем. Чаму – я думаю, зразумела.

Народ, які ня мае дзяржавы і незалежнасьці, – ня мае магчымасьці свабодна распараджацца сваёй дзейнасьцю і разьвіваць свае інтарэсы. Яго дзейнасьць, у лепшым выпадку, накіраваная тады на выжываньне і на змаганьне за існаваньне, у горшым – на прыстасаваньне.

Вынік можа быць дваякім: альбо народ вытрывае і, скарыстаўшы магчымасьць, створыць дзяржаву і даможацца незалежнасьці, альбо зьнікне з кнігі жыцьця.

Незалежная дзяржава ёсьць найвялікшая палітычнапраўная каштоўнасьць нацыі.

У стварэньні незалежнай дзяржавы ёсьць сэнс народнай гісторыі. У арганізацыі ўлады ў дзяржаве, у змаганьні за ўладу заключаецца сэнс палітыкі.

Найцяжэй незалежнасьць дасягаецца паўторна, у працэсе дэкалянізацыі і ў змаганьні з імпэрыяй. Дасягненьне незалежнасьці і адстойваньне свабоды тут немагчымае без барацьбы ўсяго грамадзтва.

Вельмі істотна, каб пасьля перамогі тыя, хто змагаліся за незалежнасьць, адразу мелі ўладу ў краіне, адхілілі ад кіраваньня каляніяльную адміністрацыю, ліквідавалі б імпэрскі і заклалі б свой нацыянальны парадак. Гэтым адсякалася б умяшаньне старой імпэрыі ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы. Далейшае, рэглямантаванае законам, змаганьне за ўладу адбывалася б ужо як суверэнная справа вольнай краіны.

Пасьля распаду СССР толькі народы Прыбалтыкі поўнасьцю ажыцьцявілі неабходныя палітычныя пераўтварэньні, якія гарантавалі незалежнасьць і стабільнасьць улады, заснаванай на нацыянальных інтарэсах.

Складаная сітуацыя стваралася ў Беларусі. Тое, што аднавілася незалежная Беларусь, для Масквы стала поўнай нечаканасьцю. 200 гадоў Масква практыкавала асаблівую палітыку супраць Беларусі – свайго галоўнага ворага на захадзе. Было зроблена ўсё, прытым самым варварскім чынам, каб Беларусь ужо ніколі не паднялася і не існавала. і раптам ... – незалежная Беларусь.

Разгубленасьць расейцаў хутка скончылася. Ужо ў 1992 годзе беларускія адраджэнскія сілы адчулі наяўнасьць ў Беларусі маскоўскіх палітычных тэхналёгіяў. Стаўка расейцаў рабілася на КГБ і савецкую намэнклятуру, якая засталася пры ўладзе. Задача – пранікненьне расейскіх спэцслужбаў на вузлавыя пазыцыі ўлады ў Беларусі, увядзеньне ў палітычную рэальнасьць ідэі інтэграцыі з Расеяй (праз аб’яднаньне грашовых сістэмаў), увядзеньне пасады прэзыдэнта і ўсталяваньне на ёй свайго стаўленьніка.

Гэтыя дзеяньні маскоўскіх палітыкаў і КГБ былі настолькі відавочнымі, што ня бачыць і не разумець таго, што адбывалася, маглі толькі сьляпыя.

25 студзеня 1994 года, выступаючы ў Вярхоўным Савеце ад імя Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, я адзначыў:

„ Руская мафія і рускія спэцслужбы імкнуцца захапіць ключавыя пасады ў беларускай дзяржаве і паздымаць зь іх беларусаў, гэтак жа, як яны пры дапамозе B. Кебіча і Г. Данілава* паздымалі беларусаў у беларускім войску і зьмянілі беларускае кіраўніцтва буйнейшых заводаў на рускіх функцыянэраў.

* За часы БССР высокапастаўлены чыноўнік у Менскім Абкаме партыі, курыраваў КГБ. Ва ўрадзе Кебіча кіраваў антыканстытуцыйнай структурай (Дзяржсакратарыятам), створанай пад ціскам Масквы і КГБ. (аўт.)

 

Спадар Кебіч і яго акружэньне здрадзілі Беларусі. Яны імкнуцца любымі сродкамі жорстка цэнтралізаваць уладу, рыхтуюць палітычныя ўмовы для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі перад афармленьнем эканамічнай авантуры аб уваходжаньні Беларусі ў грашовую сістэму Расейскай Фэдэрацыі. Такая палітыка ёсьць антыдзяржаўная палітыка і зьяўляецца злачынствам...

Грамадзяне Беларусі павінны выразна ўсьведамляць, што галоўная небясьпека цяпер для нашага грамадзтва і галоўны вораг нашай дзяржавы ёсьць рускі палітычны і эканамічны імпэрыялізм і кампрадорская дзейнасьць ураду Кебіча.”(Беларус, – 1994, люты, №410)

Аднак казаць камуністычнаму парляманту пра небясьпеку для Беларусі было дарэмна. Грамадзтва ж у масе сваёй заставалася савецкім. Потым здрадніцкую эстафэту Кебіча пераняў Лукашэнка.

Палітыканскія тэхналёгіі чужакоў і палітычных цынікаў бездапаможныя, калі ёсьць масавы народны грамадзкі ўздым на змаганьне за агульныя інтарэсы. Тады цынічныя тэхналёгіі можна лёгка адкінуць і перакуліць. Але ўжо ў сярэдзіне 1992 года ўздым скончыўся, а ўлада ў Беларусі не зьмянілася, засталася ў руках савецкай намэнклятуры.

Такім чынам пэрыяд стабілізацыі незалежнасьці пачаўся са старой каляніяльнай адміністрацыяй ва ўладзе, для якой чужымі былі ня толькі беларускія нацыянальныя інтарэсы, але і ўвогуле якое-небудзь нават самае простае дзяржаўнае думаньне. Тыя, хто дамагліся незалежнасьці Беларусі, не маглі рэальна ўплываць на палітыку дзяржавы.

Непрыяцелі беларушчыны, валодаючы ўладай і сродкамі масавай інфармацыі, арыентавалі сваю прапаганду на людзей з дэфармаванай нацыянальнай сьведамасьцю і яшчэ больш дэфармавалі яе. Мноства беларусаў слухалі, верылі і падтрымлівалі не сваіх беларусаў-адраджэнцаў, а ворагаў Беларусі. Сытуацыя склалася амаль трагічная.

Але тут не было нічога незвычайнага. Гэта адваротны бок мэдалю нашай вялікай нацыянальнай перамогі ў 1991 годзе, калі на агульным уздыме, дзейнічаючы дакладна і своечасова, беларускім адраджэнцам удалося дамагчыся незалежнасьці, спыніць дзейнасьць КПСС, вярнуць нацыянальныя сымвалы і беларускія школы. Тым часам вялікая частка грамадзтва не была яшчэ гатовая да актыўных дзеяньняў па абароне незалежнасьці, не разумела каштоўнасьці свабоды, ня ведала, як сябе паводзіць, не арыентавалася, хто сябры, а хто ворагі.

Пасьля выбараў прэзыдэнта летам 1994 года я зьвярнуўся да людзей зь лістом, які быў напісаны, праўда, хутчэй да будучых беларусаў, чым выбаршчыкаў, якія толькі што абралі Лукашэнку. Там напісана: „ Народ, які шмат гадоў атручвалі камуністычнай прапагандай, пастаўлены перад выбарам: альбо незалежная эўрапейская дзяржава Беларусь і самастойная палітыка, альбо страта незалежнасьці і нацыянальнай пэрспэктывы ў абмен на прывідныя абяцанкі апекі іншай дзяржавы. Гэты выбар галоўны, бо вызначае наш народны лёс.

23 чэрвеня ён адбыўся на карысьць страты, адбыўся хутчэй неўсьвядомлена, пад уплывам прапаганды і дэмагагічнай агітацыі.” (Беларус, – 1994, ліпень, №414)

Праз два гады пасьля зьяўленьня прэзыдэнта-крэатуры КГБ, практычна ўсе дасягненьні беларускага адраджэньня ўнутры краіны былі ліквідаваныя.

Наступнай стратэгічнай задачай расейскай тэхналягічнай палітыкі ў Беларусі стала зьнішчэньне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, канкрэтна – Беларускага Народнага Фронту. Скарыстоўвалі тыповыя прыёмы НКВД, якія заключаліся ў фізічнай ліквідацыі кіраўнікоў руху, у стварэньні нібыта больш шырокай квазіапазыцыйнай арганізацыі, у якую ўваходзіла б рэальная нацыянальна-вызвольная арганізацыя, ствараліся б нібыта сумесныя структуры і на тое падобнае. У выніку дзейнасьць нацыянальна-вызвольнай арганізацыі была б абмежавана, назва яе зьнікла б з палітычнага ўжытку, яе ўцягвалі б у дыскусіі ды канфлікты і, пры дапамозе агентуры, даводзілі б да развалу.

Характэрнай акцыяй такога роду была ініцыятыва стварэньня так званай „ хартыі-97”, якую шырока падтрымлівалі (нават у міжнародным пляне) у асноўным праз журналістаў. Аднак разгарнуць афёру з „ хартыяй” не ўдалося. Адраджэнцы раскусілі задуму.

Больш сур’ёзнай і выніковай аказалася тэхналёгія стварэньня сваёй, паралельнай Вызвольнаму Руху намэнклятурнай апазыцыі да рэжыму і перацягненьня ўвагі на яе, стварэньне ілюзіі іншай альтэрнатывы для дыктатуры.

У арганізацыі намэнклятурнай неадраджэнскай апазыцыі найбольш стараўся нямецкі дыплямат Ганс Георг Вік, былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны, а цяпер старшыня Місіі АБСЭ ў Менску. Тут расейская дзейнасьць і нямецкая палітыка супадаюць. Нямецкая дыпляматыя дапамагае расейцам інкарпараваць Беларусь узамен за магчымыя эканамічныя ўступкі немцам у Калінінградзкай вобласьці. Вядома, што прамаскоўскія дзеячы („ дэмакраты”) зь некаторых заходніх фондаў, якія падтрымлівалі грантамі сваю матэрыяльна-залежную агентуру ў „ апазыцыі”, канкрэтна ўмешваліся ў справу разбурэньня адраджэнцкай палітыкі Фронту і патрабавалі пэўных дзеяньняў супраць кіраўніцтва БНФ. Частка людзей з БНФ перайшла ў кіруемую „ аб’яднаную апазыцыю”, але зьнішчыць БНФ і разбурыць Беларускі нацыянальна-вызвольны рух не ўдалося. Фронт ачысьціўся ад „ прагматыкаў”. Аднак падзел Фронту дрэнна адбіўся на ўсёй сытуацыі палітычнага змаганьня ў Беларусі.

Намэнклятурная ці так званая „ аб’яднаная апазыцыя”, створаная Гансам Вікам, у рэальнасьці зьяўляецца даволі ілюзорнай зьявай і трымаецца на прапагандзе, на арыентаваных (так званых „ незалежных”) рускамоўных СМІ. Яна, практычна, поўнасьцю залежная ад фінансавай дапамогі з Усходу і Захаду (а гэта абмяжоўвае самастойнасьць). Рэальнай палітычнай сілай яна ня ёсьць, альтэрнатывай рэжыму не зьяўляецца, інтарэсы беларускага народу не выяўляе, вялікіх агульнанародных ідэяў ня мае.

Паглядзім, што за людзі выступаюць пад шапкай так званай „ аб’яднанай апазыцыі”.

Гэта былы савецкі прафсаюзны намэнклятуршчыкУ. Ганчарык; гэта генэрал П. Казлоўскі – былы міністар абароны, які павыганяў беларускіх афіцэраў зь беларускага войска; гэта былы прэм’ер-міністар М. Чыгір – некалі першы памочнік Лукашэнкі, які кантактуе цяпер з рускім ФСБ (карупцыйную дзейнасьць Чыгіра раскрыў з парляманцкай трыбуны Беларускі Народны Фронт. Даклад С. Антончыка); гэта былы намэнклятуршчык з каманды В. КебічаС. Домаш; гэта былы 1-ы сакратар райкама КПСС і першы хаўрусьнік Лукашэнкі – Л. Сініцын; гэта былы адданы прыхільнік Лукашэнкі і былы сакратар ЦК ЛКСМБ А. Фядута – перапоўнены нянавісьцю да Беларускага Народнага Фронту і беларускага Адраджэньня; гэта былы яры камсамолец і няверны слуга Лукашэнкі А. Лябедзька і іншыя асобы.

Гэта ўся былая савецка-камуністычна-камсамольская намэнклятура. Яны ніколі не падтрымлівалі беларускае Адраджэньне, яны не падтрымлівалі беларускую нацыянальную ідэю і незалежнасьць Беларусі. Усе яны выступалі супраць Беларускага Народнага Фронту і паўтаралі самыя дзікія кагэбоўскія і камуністычныя выдумкі пра Фронт. Усе яны з каманды Лукашэнкі і шмат хто зь іх заграз у карупцыі, грантах ды падачках. Усе яны заўсёды па-рабску глядзелі на Маскву і цяпер езьдзяць туды адзін за другім шукаць грошай і падтрымкі.

Такую кампанію сабралі для беларусаў і кажуць, што гэта „ апазыцыя”, маўляў, галасуйце за іх, гэта лідары нацыі, цярпельцы, розум ды сумленьне, яны за дэмакратыю.

Мэтад расейскіх спэцслужбаў вядомы: кантроль над уладай і стварэньне сваёй „ апазыцыі”. Масква ўвесь час, як і ў 1994 г., імкнецца падрыхтаваць сабе бяспройгрышны варыянт. Крамлёўцам хочуцца ўвайсьці ў тую ж ваду. Але наўрад ці ўдасца ўжо гэта гнілой Расеі. Час працуе не на імпэрыю і Беларусь ўжо не тая краіна, якую (яны думаюць) ім удасца праглынуць. Ня будзе гэтага. Можа здарыцца якраз наадварот: Беларусь сыграе галоўную ролю ў распадзе апошняй імпэрыі зла.

1 сакавіка 2001 г. Нью-Ёрк

 

ЦЯЖКІ ЧАС

Клясычнае нацыянальнае адраджэньне, дзе б яно ні было, зьвяртаецца да гісторыі, змагаецца за сцьвярджэньне нацыянальнай мовы, культуры і дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтак сама разьвіваўся і беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Але ёсьць выключная гістарычная асаблівасьць беларускага змаганьня, якую я назваў бы „ беларускай (дакладней, літоўскай) трагедыяй”. Пачалася яна з таго, што ў XVIII ст. супраць вялікай літоўскай цывілізацыі (ВКЛ) і Польшчы аб’ядналася заходняя Эўропа (немцы) і ўсходняя тыранія (Масква). Наша вялікая дзяржава перастала існаваць. Аднак мэта маскоўскага забору была ня проста павелічэньне тэрыторыі, а вынішчэньне нас як народа, разбурэньне культуры, ліквідацыя літоўскай адукацыі, рэлігіі, вытворчасьці, землеўладаньня і сацыяльных вярхоў грамадзтва; наступны этап – русіфікацыя астатняга насельніцтва. Па іхняй задуме, нішто не павінна было нагадваць пра Вялікае Княства, і ніколі ўжо не павінна была паўстаць Літва.

Сто гадоў каласальнай вынішчальнай дзейнасьці Масквы мелі вынікі; разбуральнікі прывялі, так бы мовячы, у контурны стан схему гістарычнага зьнішчэньня Літвы. На канец ХІХ стагоддзя была цалкам ліквідавана беларуская школа, асьвета і адукацыя, была цалкам забаронена беларуская (ліцьвінская) мова ў афіцыйным ужытку. Народ страціў сваю рэлігію (Вунію), сваю асьвечаную эліту (набілітэт) і сацыяльныя вярхі, назву краіны і назву сябе.

І тады настала ноч. Падкрэсьліваю, „ ноч” настала тады, калі людзі забыліся, як называюцца. Жыла вялікая народная культура, традыцыі, у масе сялян і мяшчан гучэлі старажытныя прыўкрасныя песьні, паўсюдна гучэла вялікая прыгожая мова, зямлю насялялі лагодныя сьветлыя людзі, якія ў большасьці не маглі ўжо адказаць на першаснае пытаньне: хто яны ёсьць. Менавалі сябе „ тутэйшымі”, „ мужыкамі”, „ палешукамі”, „ каталікамі” і г. д. – гэта быў далейшы шлях у магілу.

Беларускае (літоўскае) нацыянальнае адраджэньне, як і ў цэлым у Эўропе, узьнікала на этнічнай аснове. Быў скарыстаны новы кансалідацыйна-этнічны тэрмін „ Беларусь”, які напачатку з цяжкасьцю засвойваўся ў цэнтральных і заходніх тэрыторыях ВКЛ, дзе ён раней, практычна, не існаваў, але ўжо на пачатку ХХ стагоддзя новая назва стала ўсеагульнай. Посьпех новай кансалідацыі быў хуткі і выніковы.

9 сакавіка 1918 года было аб’яўлена аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 Сакавіка прадэкляравана яе незалежнасьць. БНР, фактычна, прадэкляравала аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага ў межах пасьля 1569 года (акрамя былой Жмудзі, якая ў лютым таго ж 1918 года аб’явіла пра стварэньне незалежнай дзяржавы „ Літвы”). Для Беларусі адчыніліся выдатныя пэрспэктывы аднаўленьня дзяржаўнасьці і нацыянальнага адраджэньня. Здавалася, яшчэ крок – і здарыцца Боскі цуд, адродзіцца справядлівасьць гісторыі.

Што адбылося ў сапраўднасьці – вядома. БНР разарвалі, падзялілі, расчлянілі па частках. Прытым, заўважце, зроблена гэта, як і ў XVIII стагоддзі, – тымі ж чужымі сіламі, плюс памылковая палітыка толькі што адноўленай Польшчы.

Справядлівасьць мы адрадзілі толькі 25 жніўня 1991 года, калі малымі сіламі (у асноўным БНФ, але пры падтрымцы народа), удалося ня толькі вярнуць рэальную незалежнасьць Беларусі, але і закласьці асновы будаўніцтва незалежнай дзяржавы.

Дык у чым жа „ Беларуская трагедыя”? Яна ў пэрманэнтна страчаным часе, у страчаным, скрадзеным, абрабаваным, адабраным беларускім часе незалежнага і вольнага разьвіцьця. Адсутнасьць гэтага часу загамавала, затрымала наш нацыянальны рух і, галоўнае, – не дазволіла сінтэзаваць у сьведамасьці пакаленьняў мінулае і цяперашняе, новае і гістарычнае, Літву і Беларусь, Вялікае Княства і Рэспубліку Беларусь. Сінтэз мусіць мець ня толькі сутнаснае (мастацтва, гісторыя, навука, культура і г. д.) але, перш за ўсё, фармальнае выяўленьне ў Канстытуцыі, сымвалах і ў назве краіны (якая можа стаць поўнай і кароткай з дадаткам, сутнасным азначэньнем і г. д.).

Жыцьцё не стаіць на месцы. У 1918 годзе стартавалі вольная Польшча, Беларусь, Летува, Латвія. Нашыя вольныя суседзі пайшлі наперад у сваім нацыянальна-культурным разьвіцьці. Для беларусаў жа час спыніўся на 73 гады, і ня толькі спыніўся – быў адкручаны назад у „ тутэйшасьць”, у „ мужыкоў” праз вынішчэньне і мільёны ахвяр. Ніхто ня стаў чакаць, пакуль мы ўваскрэсьнем, і кожны з суседзяў патрактаваў нас, нашу „ бясхозную” гісторыю і культуру так, як лічыў сабе зручным. Пад бальшавіцка-маскоўскай акупацыяй забаронена было ўсё: і ВКЛ, і Вунія, і БНР, і Адраджэньне. Нават словы гэтыя былі забароненыя і лічыліся „ ілжывымі” буржуазнонационалистическими терминами”.

25 Жнівень 1991 года – гістарычны паварот у лёсе Беларусі. За тры гады, нават ня маючы народнай улады, краіна стала падымацца з каленяў, пачало разьвівацца нацыянальнае мастацтва, тэатр, літаратура, імгненна адрадзілася беларуская школа, беларуская гістарычная навука, паўсюдна годна загучэла беларуская мова.

Зь ліпеня 1994 года – унутраная акупацыя ўлады ў Беларусі (пры падтрымцы Расеі) прамаскоўскімі сіламі, антынацыянальная палітыка, антыбеларускі рэжым, аўтарытарная дыктатура. Зноў вынішчэньне ўсяго беларускага, зноў ліквідацыя беларускіх школаў, сымвалаў, фальсіфікацыя гісторыі, задушэньне мовы. Зноў спынены і страчаны час нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Прытым Беларусь ня тое што спынілі на мэнтальным узроўні 1994 года, не – яе апусьцілі глыбока ў 80-я, у СССР, на ўзровень эпохі маразму позьняга Брэжнева.

Нашыя меншыя суседзі ўжо даўно ў НАТО, у Эўразьвязе, у Шэнгенскай дамове, у цывілізаваным сьвеце, у нацыянальным вобліку і спосабе жыцьця.

А мы.., дзе мы? Вось што азначае трагедыя страчанага часу, якая сталася трагедыяй Беларусі.

Я называю гэта трагедыяй, бо трагедыя – гэта такая зьява, якая заканчваецца перамогай духу. Перамога народнага духу ня дасьць нам загінуць. Спыніцца сізіфаў залом. У цяжкім часе, у якім мы цяпер жывём, адна з задачаў здаровых і жывых людзей – спрыяць нацыянальнаму захаваньню і ўзвышэньню народнага духа.

Гэты „ цяжкі час”, відаць, стане імем назыўным, бо мы ніколі ня мелі яшчэ ўнутранай акупацыі, унутранага антыбеларускага рэжыму. Гэта зьява фармальна новая для грамадзтва, і шмат хто на сёньняшні дзень ня можа зразумець, што адбываецца, чаму гэты рэжым зьвязаўся з Масквой, нішчыць мову, культуру, гандлюе суверэнітэтам і душыць народ. Але і ня ў гэтым яшчэ справа. Мы, беларусы, нават у самыя змрочныя часы, калі нас расстрэльвалі тысячамі, адбіралі зямлю ды везьлі ў Сібір, мы ніколі дагэтуль не перажывалі нацыянальнай ганьбы, роспачы за сваё бясьсільле, за апатыю і прыніжэньне, сораму за тое, што робіцца ў нашым доме. Яшчэ ніколі ніхто гэтак гнюсна і подла, нахабна, штодзённа не пляваў нам у твар.

Гэты час ня мінецца, відаць, бяссьледна. Мы павінны будзем потым зрабіць захады на будучыню з праекцыяй на пакаленьні, каб ніколі тое, што ёсьць цяпер, не паўтарылася больш у Беларусі. Мы мусім потым зрабіць ня толькі палітычны, але й маральны, метафізічны аналіз зьявы, якая, зрэшты, ня новая ў сьвеце, калі да ўлады прыходзіць цемра, зло, якое ўсьведамляе сябе злом.

Прамаскоўскі рэжым на Беларусі ў чарговы раз прадэманстраваў людзям гэтак жа, як некалі антычалавечыя рэжымы ў Нямеччыне і ў Расеі, што адбываецца з грамадзтвам, калі да ўлады прыходзіць цемра, бескультур’е, перыфэрыйнае думаньне, асобы, апантаныя фобіямі і ідэямі-фікс. Тады дно робіцца верхам, і ўсё добрае, чыстае, сьветлае – глуміцца па вызначэньню.

Для беларускай нацыі і культуры гэта вельмі небясьпечны і надзвычай разбуральны рэжым якраз тым, што зьнішчэньне нацыянальнага духа, нацыянальнай вітальнасьці народа ёсьць ягонай палітыкай і мэтай, пагрунтаванай на маніякальнай падсьведамасьці аднаго чалавека, які апынуўся на вяршыні ўлады. Зададзенасьць гэтай мэты (ліквідацыі нацыянальнай тоеснасьці народа) вынікае ня толькі зь дзеяньняў і заяваў рэжыму, але і з наўпроставых выказваньняў галоўнага выканаўцы. 2-га сакавіка 2006 г., напрыклад, на так званым „ усебеларускім сходзе” Лукашэнка заявіў перад усімі: „ Я абараняю не сябе. Я ўжо наеўся гэтай улады. Для мяне вельмі важна паставіць моцную кропку ў гэтым жыцьці, каб нікому, хто прыйдзе пасьля мяне, не захацелася павярнуць назад краіну. Каб краіна ішла гэтай дарогай” і г. д. (Страшна нават уявіць, каб Беларусь засталася ў гэтым маразме – „ ішла гэтай дарогай”.)

Палітыка цяперашняга рэжыму адкрыта антыбеларуская і простая, як сякера. Але людзі, якія ўжо страцілі нацыянальную тоеснасьць, ня ў стане (як ні дзіўна) відавочнае – бачыць. Як і сто гадоў таму, мы сутыкнуліся зь неабходнасьцю тлумачыць людзям простыя рэчы нашага ня толькі народнага, але і этнічнага існаваньня.

З гэтых „ простых рэчаў” галоўным ёсьць вяртаньне ў сьведамасьць людзей страчанага першаснага, менавіта: трэба каб чалавек валодаў ацэначным вылучэньнем чужога і каштоўнасным усьведамленьнем свайго. Этнас, як вядома, не ўзьнікае, калі не існуе калектыўнага ўсьведамленьня сваіх і чужых, (альбо – ворагаў і сваіх). Адпаведна і нівеліроўка (асіміляцыя) этнаса магчыма толькі пасьля разбурэньня калектыўнай ацэначнай катэгорыі „ чужых”. Не ўсялякая імпэрская палітыка дзейнічае сьведама на этнічным узроўні, але ўсялякая палітыка асіміляцыі накіравана на тое, каб разбурыць (зьмікшыраваць) гэтую мяжу пасьля разбурэньня культуры (зьнішчэньне мовы і культуры – першы этап прымусовай асіміляцыі).

Нацыянальная палітыка расейскай імпэрыі і яе клонаў (СССР, РФ) – гэта якраз самая што ні ёсьць гвалтоўная, дзікая русіфікацыя. За амаль дзьвесьце гадоў каляніялізму (асабліва за часы СССР) маскоўская палітыка на Беларусі пакінула свой сьлед. Насельніцтва і пакаленьне новай незалежнай Беларусі павінна б было як найхутчэй зразумець пэрманэнтную чужасьць і небясьпеку, якія зыходзяць ад расейскага імпэрыялізму. Гэтае веданьне абавязковае (зьяўляецца, як кажуць, катэгарычным імпэратывам) дзеля нармальнага існаваньня незалежнай Беларусі. Калі ўсьведамленьне „ калектыўнага чужога” як пагрозы і крыніцы небясьпекі ня вернецца цалкам у палітыка-этнічную сьведамасьць беларусаў, тады застаецца і працягваецца параліч нацыі і неадэкватная рэакцыя на сваю нацыянальную сьмерць.

У часы расейскага генацыду 30-х гадоў мінулага стагоддзя гэта выявілася лапідарна даслоўна. Тысячы беларусаў, якіх расстрэльвалі ў Курапатах, казалі перад ямай, напоўненай трупамі, аднолькавую фразу – пыталіся ў катаў: „ За што?” Ніхто зь іх не разумеў, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы гаварылі эўфэмізмамі („ ворагі народа” і т. п.). Многія, сьведкі расстрэлаў, зь якімі я гаварыў у 80-х гадах, зьдзіўляліся: „ Ну, няхай бы (маўляў) немцы, а то ж свае”.

Ні мільёны замардаваных ды расстраляных беларусаў, ні сьведкі расстрэлаў так і не зразумелі, што адбылося, хто і чаму расстрэльваў. Гэта гісторыя, якая выклікае ў мяне здранцьвеньне.

Калі немцы (фашысты, значыцца) зьнішчалі габрэяў, то яны (габрэі) ведалі, „ за што”. За тое, што габрэй. Ішлі ў газавыя камэры, як на ахвяру Апакаліпсісу. Халакост ускалыхнуў чалавецтва, згуртаваў усіх габрэяў. Трагедыя скончылася перамогай духа.

Тым часам у курапацкіх магільных ямах, на ўскапанай, палітай крывёю зямлі Курапатаў нашчадкі расстраляных беларусаў па сёньняшні дзень п’юць гарэлку, смажаць шашлыкі ды ламаюць крыжы.

Вось што такое нівеліроўка этнічнай сьведамасьці і нераспазнаньне чужых. Асьветніцкая задача дзейнасьці Народнага Фронту – дапамагчы суайчыньнікам разабрацца ў прычынах нашага людзкога нацыянальнага цярпеньня і сьмерці. У 1993 годзе я напісаў артыкул на гэтую тэму „ Аб рускім імпэрыялізме і яго небясьпецы”. Матэрыял трапіў у „ яблычка” – пачаўся ўсяленскі расейска-гэбісцкі лямант (напэўна, зямля паплыла ў іх з-пад ног). Ахвярам зьнялі павязку з вачэй, і русіфікатары запанікавалі.

Цяжкі час небясьпечны сваімі наступствамі. Кожны кароткі пэрыяд адраджэньня меў свае дасягненьні і свой уздым духа. Кожны доўгі пэрыяд нішчэньня народа пакінуў свае разбуральныя і часта – неаднаўляльныя руіны, але ў прынцыпе ўсё добрае, здольнае і жыцьцёвае можа мець працяг.

Савецкі пэрыяд акупацыі ліквідаваў селяніна-гаспадара, але пакінуў яшчэ беларускую вёску зь беларускімі школамі і насельніцтвам. Цяжкі час адмысловай палітыкі (аграгарадкі, калгасная сістэма, ліквідацыя асяродкаў адукацыі і культуры), практычна, ужо ліквідаваў і гэтую рэшту этнічнай крыніцы нацыі.

Цяжкі час – гэта ня толькі пасьлядоўнае вынішчэньне ўсяго беларускага, гэта ёсьць улада цемры і хамства, непавагі да чалавека, зьдзеку над сьветлым, чыстым і добрым. Цяжкі час – гэта масавае паталягічнае п’янства, гэта разбурэньне нармальнай лексікі, абніжэньне нораваў і культуры, страта весялосьці і добрых людзей. Гэта час панурага чалавека.

Безумоўна, міне гэты час, і ў памяці сьветлых пакаленьняў беларусаў ён застанецца як кур’ёз ці мо’ як кашмарны сон, які непрыемна ўспамінаць; ці як прыклад таго, як нельга жыць, як нельга маўчаць, як нельга не шанаваць Беларусь і аддаваць уладу ў рукі чужых і цёмных людзей.

Гэты час яшчэ працягваецца, але ён ужо мёртвы, і толькі па інэрцыі коціцца ў дол. Наперадзе новая Беларусь. і нішто ня спыніць яе хады.

1 сакавіка 2009 г.

Надрукавана: („ Беларускія Ведамасьці”, – 2009, № 1 (66)

 

ТРЭБА ЛЮБІЦЬ СВОЙ НАРОД

Часам, размаўляючы з маладымі беларусамі ці чытаючы іхныя лісты, чую, як наракаюць яны на свой народ, што ён такі ды гэтакі, ды несьвядомы, ды пасіўны, ды не шануе свайго, ды баязьлівы, ды ня хоча змагацца за сваё шчасьце, ды здрадлівы, ды схіляецца перад акупантам і г.д., і злуюцца на сваіх людзей, выказваюць непавагу і гатовыя адмовіцца і ўзьненавідзець.

Гэтыя маладыя людзі яшчэ не разумеюць, што яны самы ўжо стаяць на шляху да здрады. І пакуль ім жывецца цяжка, так як і бальшыні беларусаў, яны будуць толькі наракаць, што іншыя не ўзьняліся да іхных (як яны думаюць) высокіх думак і патрыятычных памкненьняў. Але калі ім засьвеціць фартуна ў бізнэсе, у грашах, у сацыяльным становішчы, у службе, у кар’еры, то шмат хто з такіх людзей замыкаецца ў сваіх інтарэсах і хавае ідэалы пад печ, ці ў куфар на дно, каб не рызыкаваць сацыяльным камфортам. Тады гэтакі беларус, каб апраўдацца перад самым сабой, будзе ў голас казаць, што народ дурны.

Колькі я ўжо наглядзеўся на гэтакіх людзей, на такія прыклады. Гэта адзін з пратаптаных шляхоў здрады ў няволі, гэта дарога, якой ішлі шмат якія выхадцы з сялян і бедных пластоў грамадзтва.

Супрацьпаставіцца такому нявольніцкаму працэсу можа воля, духоўны чын і нацыянальная асьвета. Але толькі вольная нацыянальная дзяржава можа стварыць умовы для нармальнага культурнага разьвіцьця асобы.

***

Ніколі нельга, асабліва ва ўмовах акупацыі і нацыянальнага прыгнёту, расчароўвацца, зьневажаць і абзываць свой народ. Калісьці сацыяльныя вярхі лічылі сябе людзьмі, а рэшту „народам”. Памятайма, што народ, гэта ня нехта, недзе там. Народ – гэта мы ўсе. Народ – гэта мы. Такое ёсьць нацыянальнае і дэмакратычнае разуменьне народа. Нельга затоптваць сябе ў гразь, асабліва калі нас усіх затоптваюць чужыя. Гэта негадзіва для чалавека. Усьведамленьне адмоўных якасьцяў народа павінна выклікаць жаданьне пазбыцца гэтых недахопаў, а не імкненьне ўцячы, адмовіцца ад нацыі (ад самых сябе), ад культуры ды мовы. Пачынаць выпраўленьне найлепш з сябе. Гэта першы крок, каб стацца асобай. І кіравацца трэба на станоўчыя прыклады, якіх шмат у нашай гісторыі і ў жыцьці.

Трэба ўсьведамляць прычыны набытых „адмоўных якасьцяў” людзей. Можа варта іншым сходзіць у Курапаты і падумаць пра гэта там. Дзьвесьце гадоў фізічна і духоўна вынішчалі наш народ. Забівалі лепшых. Толькі за саветамі ў мірны час забілі больш 2-х мільёнаў і толькі за тое, што былі беларусамі, зьнішчылі ледзь ня ўсіх беларускіх пісьменьнікаў. А школа, а фальсіфікацыя гісторыі, а вынішчэньне памяці? Потым, калі Беларусь пачала адраджацца, нішчыцелі сталі называць адраджэньне „экстрэмізмам”, „дэстабілізыцыяй”. Яны хацелі захаваць стабільнасьць магільніка, спакой сьмерці, статус-кво таго пачварнага маразму, які яны стварылі ў нашым грамадзтве. „Статус-кво” – гэта ідэалёгія нішчыцеляў, мэтад па замацаваньні зьнішчэньня і ператварэньня яго ў норму існаваньня.

Наш нaрод стаў ахвярай трох імпэрыяў у выніку зьбегу нешчасьлівых абставінаў. Але ён увесь час змагаўся за волю ў абліччы лепшых сваіх прадстаўнікоў, ён ніколі не пераставаў ствараць, нават тады, калі вынішчылі ягоную эліту, а рэшта вярхоў здраджвала яму, абзывала, штурхала ў гразь.

Любіць і шанаваць свой народ неабходна, у якім бы стане, у якім бы няшчасьці ён нi апынуўся. Бо толькі з нашага народа можа быць наша будучыня.

Калі, напрыклад, на чыюсьці маці, ці на любімага бацьку напалі бандыты і сьмяртэльна зьбілі яго, і выжыў ён скалечаны, кульгаючы, бeз зубоў, з адным вокам, са зьнявечаным тварам. То ці будуць дзеці яго любіць? Ці будуць яны яго лячыць? Можа яны пачнуць саромецца яго калецтва і твару і назавуць яго страшыдлам і недалэнгам, завернуцца, кінуць яго і пойдуць ў сьвет каваць сваё шчасьце? Пэўна ж не. Але калі б такое і здарылася, то хто стане нікчэмным, хто будзе вінаватым: хворы бацька ці дзеці, што зракліся яго? Трэба памятаць простае правіла – нікчэмнасьць эліт штурхае народ у няволю. Адсутнасьць эліт хавае яго ў небыцьцё.

Ня трэба ніколі забывацца, што наша беларуская свабода дасягаецца намі праз мільёны нявінных ахвяр. Яны ляжаць у тысячах Kурапатаў па ўсёй Беларусі. Гэта такія ж самыя беларусы, што і цяпер. І было б найніжэйшай нізкасьцю і змрочным абсурдам абвінаваціць у іхняе сьмерці іх жа самых.

Шануйма ж сябе на справе, свой народ, сваю кроў, зямлю, мову, гісторыю і культуру, калі мы хочам быць, жыць і мець ад жыцьця радасьць. Для беларусаў цяпер і заўсёды, гэта ёсьць галоўная ўмова народнай свабоды. Пра гэта казалі ўсе вялікія беларусы ад Марцінкевіча ды Багушэвіча да магутнага Быкава. Вось людзі, на якіх варта зважаць у хвіліны роспачы і сумненьняў. І не забывайма (нават будучы на доле, не забывайма), што быў вялікі Вітаўт і дзейны Скарына, мудры Сапега і рашучы Кастусь. Бо сорамна плакаць нашчадкам вялікай краіны і апускацца, каб плявалі народу ў твар. Не абзываць яго трэба, не адмаўляцца, не хавацца ў камфорт, у нару, у пойла, у грошы, у быт, а бараніць.

Свой народ трэба любіць, як Бога, нават калі ён маўчыць.

Уступае ў жыцьцё новае пакаленьне беларусаў, якое ўжо ня памятае камунізму, але поўнай чашай паглынае яшчэ яго вынікі. Гэтыя вынікі – Беларусь у падпольлі. Але хай жыве яна ў сэрцы, у душах, у галаве і на вуснах, хай кіруе ўчынкамі і жыцьцём, бо наша Беларусь – гэта наша Беларусь, гэта нашае Княства; і толькі мы, беларусы, можам усё адрадзіць.

8 студзеня 2006 г.

Надрукавана: ( „Беларускія Ведамасьці”, – 2006, №2 (56);„Беларус”,– 2006, люты, № 517).




Беларуская Палічка: http://knihi.com