epub
 
падключыць
слоўнікі

Зіновій Прыгодзіч

Бультэр'еры

Машына нарэшце вырвалася з цянётаў горада і рэзка прыбавіла ў хуткасці. Абапал шашы панура стаяў заснежаны лес. Раз-пораз ён разрываўся палянамі, на якіх чорнымі глыбамі ў вечаровых прыцемках віднеліся катэджы. Стаялі яны густа, амаль упрытык адзін да аднаго, і ад таго нагадвалі нейкае нерэальнае, фантасмагарычнае відовішча.

«Панаставілі замкаў, а жыць не жывуць... - міжволі падумалася Ірыне. - Ці не ў такі вось замак вязуць зараз і мяне?»

Паездка гэтая сталася для яе абсалютна нечаканай. З самай раніцы патэлефанавала Наташа, з якой яны год назад разам працавалі ў райвыканкоме, і папрасіла тэрмінова забегчы да яе на работу.

«Ёсць цікавая размова», - па-змоўніцку паабяцала тая.

З Наташкай яны не толькі разам працавалі, але і трохі сябравалі. Збліжала іх перш за ўсё тое, што яны абедзве былі не замужам, хоць і адной і другой даўно ўжо мінула за дваццаць. Праўда, у гэтай сітуацыі кожная з іх трымала сябе па-рознаму. Калі яна, Ірына, замкнулася ў сабе, насцярожана адносілася да любых мужчынскіх заляцанняў, не раз абапёкшыся на гэтым раней, то Наташка, наадварот, праяўляла незвычайную актыўнасць з мужчынамі, якія ёй падабаліся, ініцыятыву брала ў свае рукі, какетнічала налева і направа, безразважна кідалася ў розныя авантурныя прыгоды. Але вынік быў адзін і той: мусіць, мужчыны аднолькава баяцца як празмернай жаночай актыўнасці, так і знарокавай змрочнасці, нелюдзімасці, падкрэсленай недатыкальнасці.

Наташка сустрэла яе абрадавана і, адвёўшы ў вестыбюль, горача загаварыла:

«Слухай, Мадлен...»

Ірына ўнутрана ўсміхнулася: даўно ўжо яна не чула гэтага «Мадлен» - з таго часу, як пайшла з райвыканкома. А прыляпілася мянушка да яе пасля таго, як адзін з наведвальнікаў, не змогшы атрымаць неабходнай даведкі не зусім законным чынам, з сэрцам, хоць і не без жарту сказаў:

«Вы - суровая і непрабівальная, як Мадлен Олбрайт».

Спачатку яна, калі чула гэтую мянушку, крыўдзілася: знайшлі з кім параўноўваць - з нейкай каракаціцай! Але, разважыўшы, рашыла, што для дзяржаўнага служачага гэта не так ужо і блага - валодаць тымі якасцямі, якімі валодае вядомая амерыканка. Таму і паблажліва ставілася да таго, калі Наташка час ад часу называла яе Мадлен. Тым больш што рабіла яна гэта звычайна ў выпадках асабліва важных, значных. Што ж магло быць на гэты раз?

«Слухай, Мадлен... Учора да мяне заходзіў Мішэль. Ну, помніш, дырэктар аднаго эспэ. Дык вось, у Менск прыехаў яго нямецкі кампаньён. Ён - халасцяк і хацеў бы пазнаёміцца са свабоднай, прыстойнай жанчынай з вельмі сур'ёзнымі намерамі. Я адразу падумала пра цябе. Ты разумееш, які гэта шанц!»

Гаворачы гэта, у Наташкі ажно гарэлі вочы. Але Ірына да пачутага засталася абсалютна абыякавая. Яна заўсёды рэзка адмоўна адносілася да ўсялякага сватаўства, бачыла ў гэтым нешта зневажальнае, абразлівае - выводзяць цябе, як кабылу, на агляд і шараць пажаднымі, памаўзлівымі вачыма, прыцэньваюцца, прыстройваюцца. Цьфу! А тым больш калі гэта будзе рабіць нейкі плюгавы, зачуханы немец. Добры ж валяцца не будзе...

«Не, Наташка, прабач, але гэта не для мяне...»

У той ажно бровы папаўзлі ўверх.

«Я цябе не разумею. Табе што, васемнаццаць? У рэшце рэшт ніхто цябе ні да чаго не прымушае. А раптам немец спадабаецца, а?»

Словам, пасля настойлівых угавораў Ірына здалася. Усё-такі якую б яна скептычна-калючую маску ні надзявала на сябе, недзе пад сподам душы невынішчальна жыло патаемна жаноцкае, глыбока прыроднае - быць жонкаю, раджаць дзяцей. А можа, і праўда, шчасце нарэшце ўсміхнецца ёй?..

Машына тым часам збочыла з шашы ўправа, закалывалася па вузкай лясной дарозе і праз колькі хвілін спынілася ля цаглянага двухпавярховага асабняка.

- Прыехалі, - змрочна, не вельмі каб дружалюбна кінуў шафёр і вылез з машыны, падышоў да весніц, націснуў на кнопку званка.

З дома доўга ніхто не выходзіў, і гэта дало Ірыне магчымасць трохі агледзецца.

Дача стаяла сярод лесу, на невялікай паляне, і векавыя бухматыя сосны, елкі падступалі да самай агароджы. Дом, у адрозненне ад тых, што яна бачыла па дарозе сюды, быў адносна невялікі, але пабудаваны з густам, на прыбалтыйскі манер - сціпла, рацыянальна, прыгожа. Асаблівую прывабнасць дому надаваў чарапічны дах. Ірына цярпець не магла тыя шматлікія загарадныя вілы, што, як грыбы, павырасталі ў ваколіцах Менска і здзіўлялі ці, хутчэй, раздражнялі сваёй пампезнасцю, крыклівай безгустоўнасцю. З рознымі вежамі, аркамі, калонамі, вузкімі вокнамі-байніцамі яны нагадвалі не то сярэдневяковыя замкі, не то ўсходнія мінарэты. Бачачы ўсю гэту недарэчнасць, хацелася адно толькі паціснуць плячыма: шалёных грошай многа, а культуры - мала. Вось і прымае гэтае дурное, незаробленае багацце такія дзіўныя, ненармальныя формы. Абы толькі вылучыцца, пераплюнуць суседа, канкурэнта.

Дача, куды прывезлі Ірыну, прыемна ўразіла яе, нават супакоіла. Лясная ідылія - а менавіта так падалася ёй з першых хвілін гэта мясціна - настройвала на лёгкі, лірычны лад...

Нарэшце дзверы ў дом адчыніліся, і на ганак выйшаў мужчына - без шапкі, у світэры, накіраваўся да весніц. Ззаду за ім, не адстаючы ні на крок, панура сунуўся белы, каратканогі, са свінапацуковай галавой сабака.

«Бультэр'ер...» - сцепанулася Ірына. Яна чула пра агрэсіўнасць і неверагодную сілу гэтага сабакі. Кажуць нават, што ў іхніх сківіцах чалавечая костка трашчыць, як трухлявае палена. Гэтыя якасці ды яшчэ рэдкасць і дарагоўля пароды зрабілі бультэр'ера надзвычай модным сярод новых беларусаў. Побач з катэджам і дарагой іншамаркай гэта быў як бы своеасаблівы сімвал працвітання і дабрабыту.

Адамкнуўшы кованыя, адмысловыя весніцы, мужчына запрасіў:

- Праходзьце!

І, убачыўшы, што Ірына не рашаецца зайсці ў варотцы, супакоіў:

- Не бойцеся, са мною ён вас не зачэпіць. Сакрат, фу!

Сабака, які ўжо пацягнуўся быў да Ірыны доўгаю, тонкаю мордай, каб абнюхаць, адразу ж пасунуўся назад, ляніва варухнуў прамым, завостраным на канцы, як у пацука, хвастом.

Адпусціўшы вадзіцеля, мужчына замкнуў весніцы і павёў Ірыну ў дом.

У вялікай зале, дзе ярка гарэў камін, за сталом, устаўленым пляшкамі, талеркамі з закускаю, сядзелі госці. Яны ўжо, відаць, трохі кульнулі, таму што паяўленне Ірыны сустрэлі шумна, перабольшана радасна.

- Ваў, ваў, ваў! - ускінуў рукі Мішэль. - Якія людзі! І без аховы...

Наташка, якая сядзела побач з ім, выскачыла з-за стала.

- Спадары бізнесмены! - запляскала яна ў далоні, патрабуючы цішыні. - Дазвольце вам прадставіць. Ірына, дырэктар саліднай сталічнай кнігарні. І проста - абаяльная дзяўчына.

Мужчыны адабральна загулі. Ірына сапраўды была дзяўчынай эфектнай. Сярэдняга росту, статная, з чорнымі, гладка зачасанымі валасамі і цёмнымі вачыма, някідка, але элегантна апранутая. Было, было ў ёй нешта таямніча прыцягальнае. Асабліва ў спалучэнні з лёгкай сарамлівасцю і загадкавай стрыманасцю.

- Рады вітаць вас у сваёй абіцелі, - падышоў да Ірыны той самы мужчына, які сустрэў яе ля весніц. Падаўшы руку, назваў сябе: - Арнольд.

Рука была шырокая, моцная, па-сялянску шурпатая. Ірына чамусьці верыла, што такая рука можа быць толькі ў добрага чалавека. Кожны раз, калі даводзілася паціскаць вялую і потную даланю, ёй было да грэблівасці непрыемна, хацелася хутчэй памыцца, нібыта дакранулася да нечага слізкага, агіднага. А гэты Арнольд, адчувалася, мужчына быў не хілы. Невысокага росту, але шыракаплечы, каржакаваты. Позірк вачэй праніклівы, цвёрды.

«З характарам», - адзначыла ў думках Ірына, а ўголас сказала:

- Абіцель у вас сімпатычная.

- Дзякую... - усміхнуўся Арнольд, і гэтая ўсмешка адразу зрабіла яго намнога маладзейшым. - Адчувайце сябе як дома. А вось, дарэчы... - І ён павярнуўся да дзяўчыны, якая падыходзіла да іх: - А вось, дарэчы, і мая ненаглядная.

Дзяўчына завучана ўсміхнулася і цырымонна, ляніва-абыякава падала руку:

- Люсі.

Яна была высокая - на галаву вышэй за мужа, даўганогая і такая маладзенькая, гадоў дзевятнаццаць, не болей, што калі б Арнольд не назваў яе сваёй жонкай, можна было б падумаць, што гэта яго дачка. І было бачна, што ён яе не проста кахае, а абагаўляе. Яна ж дазваляе сябе кахаць.

- Нодзік, - усё гэтак жа манерна-капрызна звярнулася да мужа Люсі, - я ўжо засумавала без цябе.

- Ну што вы, Люсі, у вашым узросце рана яшчэ сумаваць. Хай сумуюць старыя ды бедныя, - не стрымалася, падкалола манерную бізнесменшу Ірына.

Люсі перасмыкнула вуснамі. Ці то не знайшлася, што адказаць, ці палічыла вышэй свайго гонару ўступаць невядома з кім у перапалку. А таму моўчкі ўзяла свайго Нодзіка пад руку і павяла за стол.

- Малайчына! - нахілілася да яе Наташа і шапнула на самае вуха: - А цяпер пойдзем браць немца.

Яна падвяла Ірыну да стала і, паказаўшы рукою на барадатага, сухапарага мужчыну ў акулярах, сказала:

- Наш госць з Германіі - Карл Зомер. Круты-ы бізнесмен!

Немец, пакратаўшы рукою сваю рэдзенькую бараду, цырымонна пакланіўся.

- Карлуша, - па-свойску звярнулася да яго Наташа, - бяры Ірыну пад сваю апеку. О'кей?

- Я, я!.. - заківаў галавой немец і жэстам запрасіў Ірыну сесці побач з сабой.

Месца аказалася не зусім удалае - на самым краі стала, дзе стаялі бананы, апельсіны, вінаград. А вось каб узяць што-небудзь з закусак, трэба было цягнуцца да сярэдзіны стала, нахіліўшыся да Карла. А ёй рабіць гэтага не хацелася. Немец чамусьці ёй не спадабаўся з першага позірку. І нават не знешнасцю (хаця яго рэдкая рыжаватая барада вельмі ж нагадвала казліную, акурат такую, што была некалі ў бабулінага казла, якога яна страшэнна баялася з-за яго вострых рагоў і не любіла за яго непрыемны пах). Не спадабаўся немец перш за ўсё сваёй ганарлівасцю, высакамернасцю. За цэлы вечар ён ні разу не загаварыў да Ірыны, нават не павярнуўся. Праўда, Наташа яе папярэдзіла, што Карлуша па-расейску гаворыць кепска, але разумець разумее ўсё. Ну дык мог бы хаця што-небудзь падаць, бачыць жа, што ў яе талерка пустая. Не, сам толькі топча вяндлінку ды бутэрброды з чорнай ікрой.

Пасля фужэра шампанскага, які яна выпіла пад тост за адыходзячы год, у Ірыны закружылася галава. Дзіва што, амаль цэлы дзень галодная і тут закусіла бананам.

Пасля дзвюх-трох чарак гамана за сталом стала гучнай, бязладнай. Мішэль нешта даводзіў Карлу. Нодзік залагоджваў Люсі. Наташа марна спрабавала завалодаць увагай Мішэля. А над усім гэтым грымела-панавала музыка.

Ірына адчула сябе адзінока і няўтульна.

«Божа мой, і чаго я сюды прыехала? - дакарала яна саму сябе. - Каго я тут не бачыла? Казла гэтага надзьмутага?»

Таму калі абвясцілі танцавальную паўзу, Ірына падышла да Наташы, сказала:

- Я паеду дадому.

Тая зрабіла вялікія вочы:

- Ты што, звар'яцела? Цябе запрасілі як чалавека, а ты хочаш паступіць па-свінску, зняважыць усю кампанію? Да таго ж куды ты цяпер, гледзячы на ноч, паедзеш? Супакойся!.. Давай у круг...

Танцавалі нядоўга. Мужчыны, відаць, яшчэ не разагрэўшыся як след, ляніва, па-мядзведжы патупалі, пакалываліся пад гучную музыку і пайшлі перакурыць. Жаночай палавіне без мужчын стала нецікава. І яны ўзяліся парадкаваць на стале.

Неўзабаве па тэлевізары аб'явілі выступленне прэзідэнта. Слухалі яго ўсе моўчкі, без каментарыяў. Толькі ў Карла час ад часу прабягала па вуснах скептычна-з'едлівая ўсмешка.

«Ах ты, немчура паганая! - абурана падумала Ірына і адчула да свайго суседа яшчэ большую непрыязь. - Бач ты, як яны ўжо нас успрымаюць - пагардліва, насмешліва».

Пад гукі гімна Мішэль эфектна стрэліў шампанскім і разліў шыпуча-бурштынавую вадкасць па келіхах.

- Ну, за Новы год! Дзевачкі, дзевачкі, да дна, да дна... Гэта ж вам не мясцовае пойла, а сапраўднае элітнае шампанскае - Абраў-Дзюрсо.

Віно і праўда было выдатнае - лёгкае, прыемнае на смак і мела такі багаты букет, што ўжо ад аднаго паху кружылася галава... Ірына асушыла келіх, прыкусіла бананам. Карлуша па-ранейшаму не звяртаў на яе ніякай увагі. Праўда, на гэты раз ён усчаў нейкую дыскусію з Арнольдам, які сядзеў насупраць.

- Не, не, - даказваў Арнольд Зомеру. - Такі аб'ём мы не асілім.

- Цванцыг таўзэнд... Цванцыг... - энергічна паказваў на пальцах немец і недаўменна паціскаў плячыма. - Варум?

- Шурум-бурум... Мы толькі замарозім абаротныя сродкі, і тады нам кранты.

- Вас іст дас кранты?

Арнольд выразна правёў даланёю па горле і сарданічна засмяяўся.

Карлуша, нервова жэстыкулюючы рукамі, парываўся нешта запярэчыць, але тут паднялася Наташка:

- Спадары бізнесмены! Нам па барабану вашыя камерцыйныя размовы. Адкладзіце іх на заўтра. А сягоння давайце будзем піць і весяліцца... За нас, прыгожых! - узняла яна келіх. - Хай плача той, каму мы не дасталіся, хай здохне той, хто нас не захацеў!..

- Ха! Ха! Ха! - гучна, адрывіста зарагатаў Карлуша і з захапленнем запляскаў у далоні. - Ура-а!

Размова пайшла ў адпаведным кірунку. Мужчыны пакінулі ў спакоі свае кантракты, бабкі - расказвалі анекдоты, гаварылі дзяўчатам кампліменты, прапаноўвалі тосты на грані фола...

Захмялелая Ірына смяялася разам з усімі, смяялася нават тады, калі жарты былі даволі грубаватыя, двухсэнсоўныя. Мішэль глядзеў на яе адкрытым пажадлівым позіркам, а калі пайшлі танцаваць, стараўся быць побач, пакласці руку на плячо, абняць. Дзіўна, але яе гэта не абурала, а хутчэй забаўляла. Больш таго, Мішэль падаўся ёй нават даволі сімпатычным мужчынам.

Нарэшце наважыўся запрасіць Ірыну на танец і Карлуша. Ён ужо быў на добрым падпітку, таму музыкі не слухаў, спатыкаўся, наступаў ёй на ногі, і Ірына з палёгкай уздыхнула, калі танец скончыўся і Карлуша цырымонна пакланіўся:

- Данке шон.

Недзе а трэцяй гадзіне ночы пачалі разыходзіцца на начлег.

Да Ірыны падышла Люсі і холадна праказала:

- Хадземце, я пакажу вам вашу спальню.

Яны падняліся па шырокай, з балясінамі, лесвіцы на другі паверх, зайшлі ў невялічкі, са скошанай столлю пакойчык. Уключыўшы святло, Люсі ляніва паказала рукою на двухспальны, засланы імпартным пледам ложак:

- Гэта для вас з Карлам.

- Як з Карлам? - недаўменна паглядзела на яе Ірына. - Чаму з Карлам?

- Так было сказана.

- Кім сказана? - ужо не хаваючы свайго абурэння, запытала Ірына.

Люсі грэбліва хмыкнула, павярнулася і пайшла з пакоя. Ірына памкнулася следам, але ў дзвярах ёй дарогу перагарадзіў Карлуша:

- Айн мамент...

Ірына хацела абысці яго, але немец аблапіў яе і стаў прыціскаць да сябе, цягнуцца да вуснаў.

- Пусці! - уперлася яна рукамі немцу ў грудзі. - Чуеш?

- Варум? Некарашо...

- Буду яшчэ ў цябе пытацца! - штурхнула яна Карлушу з усяе сілы, і той, адляцеўшы, паваліўся на ложак.

Ірына выскачыла ў калідор. Сэрца шалёна калацілася - не столькі ад гэтай сутычкі, колькі ад гневу і абурэння.

«Казёл праціўны! За сталом дык не бачыў, а тут палез... падкаціла жаданне... І гэтыя бугаі таксама добрыя! Вырашылі ўсё за мяне, нават не папытаўшыся...»

Яна імгненна працверазела. Пастаяўшы крыху, каб супакоіцца, спусцілася ўніз. Але ў зале нікога ўжо не было. Прыглушаныя галасы чуліся толькі на кухні. Ірына заглянула туды. Дзве незнаёмыя жанчыны мылі, парадкавалі посуд. Убачыўшы яе, ветліва, з гатоўнасцю запыталіся:

- Што-небудзь трэба?

- Не... не... - пакруціла яна галавою. - Я так, проста. Можна, я пасяджу тут, з вамі?

- З намі? - здзівіліся жанчыны. - А што, хіба вам...

- Не, не, усё ў парадку. І пакой ёсць, і ложак пасцелены. Мне нешта спаць расхацелася.

- Ну то сядайце, калі ласка. Можа, вам соку наліць?

- Соку, бадай, вып'ю, - згадзілася Ірына.

Халодны ананасны напой канчаткова астудзіў яе гнеў, і яна ўжо спакойна стала распытваць у жанчын пра дачу, пра яе гаспадароў. Жанчыны былі з суседняй, за возерам, вёскі. Даўно ведаюць Арнольда, яшчэ калі ён прыязджаў сюды са сваёй першай жонкай. Хвайная была кабета, не раўня гэтай...

Тут жанчына, якая расказвала, асеклася і спалохана паглядзела на Ірыну.

- Не бойцеся... - усміхнулася яна. - Я тут чужая. Аказалася выпадкова...

- Разумеем, разумеем... Апошнім часам тут часта незнаёмыя дзяўчаты бываюць. Толькі ж нешта вы непадобныя да іх. Тыя заўсёды п'яныя, нахабныя...

- Даруйце, а гэты Арнольд, хто ён?

- А скульптар ён. Тут у яго і свая майстэрня цяпер, і кватэра. Пасля таго як ён нешта не паладзіў з жонкаю, пераехаў сюды жыць насаўсім. Заняўся гэтым... як яго?.. бізнесам. Помнікі робіць, фігуркі розныя для дачаў. Казаў, што гэтыя фігуркі вельмі ж добра купляюць у Германіі. А чалавек ён неблагі. Каб толькі яго не сапсавалі гэтыя дурныя грошы. Ледзь не штодня п'янкі. Маладая жонка відаць што не прывучаная да кухні, дык ён нас вось наймае.

Жанчыны сталі бедаваць, што ў вёсцы цяпер цяжка жыць - плацяць мала ды і тое не заўсёды... Даводзіцца падрабляць у дачнікаў. А гэтыя во шыкуюць. Якія дачы, машыны, гулянкі!..

За ціхай няспешнай бяседай не заўважылі, як развіднела. Жанчыны пачалі завіхацца ля пліты, гатаваць сняданак.

На кухню прыцёгся заспана-апухлы, растрапаны Карлуша, доўга, са смакам, з крэктам піў з халадзільніка піва.

Скарыстаўшы момант, калі жанчыны бегалі-мітусіліся вакол немца, Ірына паднялася наверх, у пакой, зачынілася на зашчапку, закуталася ў плед, прылегла на ложак і імгненна заснула.

Калі прачнулася, было ўжо апоўдні. Праз акно ярка свяціла сонца. А ў доме чамусьці стаяла гнятлівая цішыня.

На кухні па-ранейшаму завіхаліся тыя самыя жанчыны.

- А дзе ж... астатнія? - здзівілася Ірына.

- А яны вось паснедалі і паехалі на тройцы катацца.

- На якой тройцы?

Аказваецца, тутэйшы старшыня калгаса, улавіўшы настрой новых беларусаў, арганізаваў платныя прагулкі па заснежаным лесе на вазку, запрэжаным, як калісьці, тройкай коней. І на гэтым зарабляе немалыя грошы.

Навіна пра лясную прагулку непрыемна кальнула Ірыну. Паехалі, не пазвалі... Знарок, каб паказаць ёй сваю пагарду.

Божа мой! Ды ёй і непатрэбна іхняя ласка. Чаго ёй зараз больш за ўсё хацелася б, дык гэта апынуцца дома, у сваім утульным пакойчыку, сярод сваіх любімых кніг. І навошта яна згадзілася на гэту паездку? Каб атрымаць яшчэ адно балючае расчараванне? Дурніца яна, дурніца...

Неўзабаве ўся кампанія шумна ўвалілася ў дом, атрасаючы з шапак снег, паціраючы расчырванелыя шчокі. Наташа, убачыўшы на кухні Ірыну, злосна бліснула на яе вачыма і, не разнімаючы вуснаў, прашыпела:

- Ну ты, Мадлен, і ўчудзіла!..

Ірына не стала ні апраўдвацца, ні высвятляць адносіны. Адно толькі спытала:

- А цяпер я магу ехаць дадому?

- Можаш. На ўсе чатыры бакі!

У пярэднім пакоі, куды яна пайшла апранацца, сутыкнулася з Мішэлем. Той, перакідваючы цыгарэту з аднаго кутка губ у другі, працадзіў:

- Ну што, каралева, сапсавала чалавеку свята - і цягу?

Ірына падняла галаву, хацела сказаць, што яна яшчэ дастаткова паважае сябе, каб з першай сустрэчы лажыцца ў пасцель з зусім незнаёмым чалавекам, хацела нават папрасіць прабачэння, але, убачыўшы твар Мішэля, знямела. Бог ты мой, куды падзелася тая ўчарашняя шырокая, праменістая, саладжава-спакуслівая ўсмешка! На яе глядзеў - нават не глядзеў, а працінаў калючым, злым позіркам зусім іншы мужчына - паніжэлы ростам, з непрыгожым, перакошаным тварам.

Сплюнуўшы на падлогу цыгарэту, Мішэль холадна-жорстка сказаў:

- Маўчыш... Корчыш з сябе немаведама што! Як быццам ты з мужчынамі не спала. Як быццам табе васемнаццаць. Дый у васемнаццаць цяпер так не ламаюцца. Ідыётка! Якога хрэна тады згаджалася, ехала? Выпіць ды закусіць на халяву?

Ірыну бы выцялі па твары. Не помнячы сябе, яна схапіла паліто ў ахапак і выскачыла на двор. Весніцы, на шчасце, былі незамкнёныяЁ і яна выбегла на дарогу, у лес. І толькі тут, на вольным, марозным паветры, перавяла дух. Было такое адчуванне, нібыта яна вырвалася з учэпістых, страшных сківіц бультэр'ера.

Апрануўшы паліто, Ірына ледзь не подбегам рушыла па дарозе, абапал якой стаялі высокія заснежаныя дрэвы і якіх яна цяпер не заўважала. Яе цікавіла адно: недзе там, наперадзе, павінна быць шаша, з якой яны ўчора сюды звярнулі. Ішла, раз-пораз аглядваючыся - ёй усё здавалася, што следам бягуць нячутна-маўклівыя бультэр'еры з ашчэранымі пашчамі.

І толькі калі нарэшце пачуўся гул машын і з-за дрэў зачарнела асфальтавая стужка, Ірына спынілася, абяссілена прыхінулася плечуком да шурпатага ствала сасны. Віхура пачуццяў - крыўды, сораму, злосці на самую сябе за тое, што згадзілася на гэту праклятую паездку, бездапаможнасці і бяссілля хоць чым-небудзь адказаць на атрыманую знявагу - пачуцці гэтыя разам нахлынулі на яе, балюча рвалі душу, і яна не стрымалася - заплакала. Горка, няўцешна, наўзрыд...


1985-1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая