epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Дзядзенка

За нашу і вашу чарку і шкварку

Вялікі гетман літоўскі каторы дзень піў, не пакідаючы пакоі ў аршанскім замку. У князя Канстанціна Іванавіча быў кепскі настрой. Кепскі, як жнівеньскае надвор'е, што не зьмянялася ўжо колькі дзён: ліў бясконцы дождж. Вялікі гетман піў, шукаючы ў моцных напоях адзінага ратунку ад свайго неймаверна паганага настрою. Ён піў салодкую італьянскую раманею, кіслы вугорскі такай, крамбамбулю, згатаваную ўласным кухарам, гаркаватае піва з сутарэньняў аршанскага замку, салодкую мядуху зь вялікакняскіх запасаў у Вільні, і духмяны крупнік з каралеўскай кухні ў Варшаве. Калі Ян Віславух, пісар земскі аршанскі, запісаў, што ў замкавых сутарэньнях нічога не засталося, апрача чатырох пустых піўніцаў, князь Астроскі разважна перайшоў на тутэйшую жытнюю гарэлку.

Ведаючы неспакойны характар яго мосьці князя, усе навокал імкнуліся паводзіць сябе не гучней за мышэй і пацукоў. Дробная шляхта наагул пільнавалася, каб не паказвацца ў замку. А калі ўсё ж надаралася такая неабходнасьць, шляхцічы стараліся хадзіць, угінаючыся па ўпадзінах і выпуклінах замкавых муроў, прытрымліваючы двума рукамі меч - каб, крый Божа, лішне ня бразнуў па камені!

Вялікі гетман піў, бо ня ведаў выйсьця з складанай сытуацыі. На Княства сунулася велізарнае маскоўскае войска: шпегі казалі пра восемдзесят тысячаў, пераезныя купцы - пра сто пяцьдзесят, а то і дзьвесьце тысячаў... Купцам у князя веры вялікай не было, але ж і лічба, пра якую кажуць шпегі, таксама немалая. А гетман Астроскі мог толькі выставіць супраць ворагаў хіба што тысячаў дваццаць пяць. Ну, можа, трыццаць... Вялікі ж князь Жыгімонт разьбірацца ня стане, чаму гетман ня змог спыніць варожае войска, - пакарае бязьлітасна. Вось і маеш: і Радзіму шкада, і ворага ня спыніш... Непярэліўкі! І заставалася князю Астроскаму толькі піць, што ён і працягваў з зайздроснай упартасьцю.

Тым часам вялікакняскае войска, не адчуваючы над сабой гетманскай улады, пачало буяніць і сваволіць у горадзе. Ворша не счакала з адказам. Гандляры амаль перасталі паказвацца на базары (няма дурняў задарма аддаваць свой тавар!). Маткі перасталі выпускаць з хатаў дачок. Рамесьнікі хадзілі цяпер па вуліцах толькі гуртам ды яшчэ прыхапіўшы такую-сякую зброю. Аршанцы, пакутуючы ад вайсковае шляхецкае сваволі, пачалі раздумваць: а ці насамрэч такое ўжо дужа кепскае жыцьцё пад маскоўскім царом?

Дзяржаўца аршанскі князь Сямён Адзінцэвіч, баючыся такіх настрояў, паклікаў да сябе найбагацейшых аршанскіх купцоў, лаўнікаў ды самых шанаваных месьцічаў на раду: што рабіць? Пагаманіўшы паміж сабой, тыя надумалі: прывесьці для вялікага гетмана якую-небудзь вясковую дзеўку - для ўцехі. А потым, можа, і супакоіцца гетман, справамі нарэшце зоймецца... А калі ягамосьці вялікаму гетману вясковая дзеўка недаспадобы прыйдзецца, дык і мяшчаначку якую падшукаць можна.

Прывялі дзевак - прыгажуні: шчочкі - яблычкі крамяныя, пяшчотныя, грудкі - дынькі сакаўныя, салодкія, вочы - вішанкі бліскучыя, вабныя, талія і... (гм!) ніжэй - груша сьпелая, гладкая. Але зь якім віскам уся гэтая салята-вінэгрэта ляцела з княскіх пакояў - вушы ўсім пазакладала!

Князь Сямён змрочна закусіў вусы, нешта неразборліва мармытнуў сабе ў бараду і закрыўся ў сваіх пакоях. Шляхта і слугі пакутліва застагналі, як ад зубнога болю: трываць двух разьлютаваных князёў - гэта ўжо занадта!

Вялікі гетман літоўскі адагнаў ад твару мух. Лётаюць тут, бзынкаюць, гадаўкі. Не падманеце - я пакуль што жывы. Пакуль што...

Цяжкія думы, здаецца, агарадзілі князя Канстанціна Іванавіча нябачным мурам. Мухі стукаліся аб гэты мур і, пакрыўджаныя, адляталі. Пакрыўджаная муха - магутная сіла! Прынамсі, самі яны меркавалі менавіта так і пнуліся давесьці гэтую нескладаную думку князю: спрабавалі набраць хуткасьці, разганяліся, каб прабіць мур, - і з густым бомканьнем стукаліся ў нябачную завесу. Падалі на стол, на падлогу, адпаўзалі, кульгаючы.

Самаму князю Астроскаму тая завеса не замінала - яна сядзела на ім нібы добра пашыты кармазынавы кунтуш: і ня муляе, і рухацца не замінае. Гетман паварушыў нагамі пад сталом - зазьвінелі пляшкі, глякі, збаны, сутыкаючыся й падаючы ад няўклюднага руху. Мутным позіркам князь абвёў усю гэтую разнамасную гаспадарку, паспрабаваў пнуць нагой ката, які немавед адкуль узяўся тут (апсік, зар-раза!), не дастаў, і таму папросту тупнуў нагой па падлозе. Потым узьняў вочы і не адразу ўцяміў, што ён бачыць перад сабой.

Востры (крані - парэжашся!) мужчынскі профіль вылучаўся на тле аканіцы. Цёмныя віслыя вусы тырчэлі двума доўгімі драпежнымі ікламі.

- Хто? - прагудзеў Астроскі.

- Што «хто»? - перапытаў незнаёмец.

- Ты хто, пане?

- Шляхціч Твардоўскі гербу Тры магілы. Добраахвотнік з Польшчы. Прыбыў для таго, каб змагацца супраць усходніх барбарынцаў.

Князь глядзеў на польскага шляхціча і адчуваў, што ў галаве сьвятлее, аднак яснасьці не прыбаўляецца. Калі ён зайшоў, гэты Твардоўскі? Адзіны, хто рызыкнуў. А ведаў жа, мабыць, што князь Астроскі не ў гуморы. І што гэтаму польскаму шляхцічу тут трэба?

- Што. Табе. Тут. Трэба, - князь літаральна выціскаў зь сябе кожнае слова.

- Ня мне, ваша мосьць, ня мне, - па твары госьця вужакай прасьлізнула ўсьмешка. - То вашае мосьці патрэбная дапамога. Збройная дапамога. Я магу яе забясьпечыць.

Думкі зь цяжкасьцю прабіваліся праз густую завалу шматдзённага запою. На імгненьне Канстанціну Іванавічу падалося нават, што варочаць камяніскі было б цяпер значна лягчэй, чым думаць.

- І як ты дапаможаш? Нават калі зараз войскі выйдуць з Польшчы, дык пакуль яшчэ яны дойдуць дасюль... Палова Княства будзе ляжаць у руінах, а другая палова будзе вывезеная ўва ўсходнюю Тартарыю.

- Не, ваша мосьць, я вам прапаную іншую дапамогу, - вочы Твардоўскага не міргалі, шабельную вастрыню і цьвёрдасьць позірку вялікі гетман адчуваў на сваім адамавым яблыку. - Войскі, вядома, так хутка сюды ня дойдуць. Людзям не пад сілу так шпарка перамяшчацца.

«А можа, ён вар'ят? - князю Астроскаму зусім не спадабалася думка, што зачапілася за нешта ў галаве і ніяк не хацела сыходзіць. - Трэба ж, як надарылася - сабраліся п'яны і вар'ят. Якая цудоўная размова можа атрымацца... Другая такая хіба толькі ў страшным сьне прымроіцца!»

Твардоўскі працягваў нешта казаць. І ягоныя словы, нібы мухі, кружыліся вакол галавы. Хаця - якія там мухі: тая лятучая навалач білася аб нябачны мур і не магла празь яго пралузнуцца, а гэтыя гладкія словы неяк прасьлізвалі праз драбнюткія шчыліны ў тым муры. Прасьлізвалі і запаўнялі сабой усю мазгаўню. Каб прагнаць навязьлівыя словы, князь Канстанцін Іванавіч пакруціў галавой. Стараўся зрабіць гэта як мага незаўважней, аднак паляк усё адно ўбачыў - пасьміхнуўся краёчкамі вуснаў. Ну і халера з табой, хвароба чарнавусая! Варта дзеля цябе яшчэ і прыкідвацца! Князь рэзка завярцеў галавой ды яшчэ і фыркнуў пару разоў.

- Я прапаную вашае мосьці дапамогу, зь якой няма параўнаньня, - працягваў казаць Твардоўскі, нібы нічога ня бачыў. - Дапамогу, якая папросту зьмяце маскавітаў і адкрые нам... вашай мосьці чысты шлях на Маскву. Гэта будзе паход, слаўны ня менш за Альгердавы. Як некалі вялікі князь Альгерд прыхінуў сваю дзіду да маскоўскае брамы, пагрукаўшы ў яе літоўскай зброяй, так і ваша мосьць пройдзе паходам, які нагадае ўсяму сьвету пра славу літоўскага войска. Дый хіба адну Масковію можна далучыць да Княства? Тартарыя, краем якой ёсьць Масква, - зямля вялікая, яна цягнецца аж па самую Індыю. Вось яна, мэта, вартая вялікага ваяводы і слаўнага гетмана! Зраўняцца з самім вялікім Аляксандрам! Пераўзысьці Цэзара! Набраць шаломам індыйскае вады і выкупаць коней у далёкіх індыйскіх рэках!

Твардоўскі перавёў дых і працягваў:

- У войску вашае мосьці з маёй дапамогай будуць біцца неўтаймоўныя бэрсэркі з Асгарду - лютыя байцы ў мядзьведжых і ваўчыных скурах. Ад іхных сякераў немагчыма схавацца, перад іхнымі ўдарамі нельга ўстаяць. Гэта дзікія воіны з далёкай Поўначы, якія не баяцца сьмерці. Апроч іх я прывяду ў войска вяльможнага князя асасынаў - ціхіх забойцаў з Усходу. Яны безь пярэчаньняў выконваюць усе загады, бо вераць у пасьмяротную ўзнагароду: райскія сады зь пяшчотнымі гурыямі. Зброя асасынаў - вяроўка, атрута і кінжал: яны ня дужа дапамогуць у адкрытым баі, аднак такіх адмысловых шпегаў больш нідзе няма. Вашае войска папоўняць кельцкія воі з Захаду, чый кароль Артур - найлепшы баец па той бераг Віслы. А нязломную моц войска нададуць адмысловыя байцы, якія аднолькава добра змагаюцца і з зброяй у руках, і безь яе. Гэта віжы і байцы, вершнікі і пяшцы. Яны прыдадуцца вашае мосьці да ўсялякай нагоды. Яны ня ведаюць страху сьмерці, бо - перамагаюць самую сьмерць. Іхная назва гучыць няўцямна для нашага вуха, іхная радзіма - у краіне Ніпон, далёка за Індыяй, у якую імкнуўся Аляксандар Вялікі, і нават за краінай Катаем, па якую распавядаюць шмат неверагоднага.

«І праўда, вар'ят, - цяжка ўздыхнуў пра сябе князь Астроскі. - Ну, за што мне такая кара? Мала мне галаўнога болю, дык яшчэ і гэта... І зараз я, з сваёй хворай галавой, буду выслухоўваць трызьненьне гэтага ненармальнага? Адкуль ён возьме гэтых непераможных вояў, пра якіх узьняў такі крык?»

Князь утаропіўся вачыма ў стол. Там на празрыстае лужынцы гарэлкі коўзалася нетаропкая паважная муха. Няўжо таксама п'е сьпірытус? А ці п'янее? Вось яна, найвялікшая загадка прыроды... І як муха будзе лётаць, ап'янеўшы, - роўна? Ці якімі кругамі ды петлямі? Уга, п'яной мусе пад руку (не, пад лапу) не трапляйся: зачэпіць і не заўважыць, а ты потым хадзі ўвесь дзень - мацай балючую галаву...

Гетман так захапіўся назіраньнем за мухай, што не адразу пачуў, што Твардоўскі зноў зьвяртаецца да яго.

- Глядзі, княжа: вось яны, непераможныя воі! Вось тыя, хто пракладзе шлях на Ўсход, - Твардоўскі паказаў рукой некуды ў вакно. У руцэ шляхціча немавед адкуль зьявіўся дзіўны двубакова навостраны нож з чорнай тронкай.

Князь працёр вочы і зірнуў за вакно, куды паказваў чарнавусы шляхціч. Там, нібы чакаючы ягонага загаду, шыхтаваліся войскі: згуртаваныя бясконцыя шэрагі вояў. На тварах - рашучасьць. У вачах - адданасьць і адвага. Цёмныя калматыя шкуры на плячах рудавалосых гігантаў суседзілі з паяснымі павязкамі смуглявых невысокіх людзей. Іх яднаў аднолькавы бляклы фанатычны бляск уваччу. Побач зь імі нават дэбільныя з выгляду кельцкія рыцары, у якіх усе рэдкія думкі імгненна адбіваліся на твары, здаваліся амаль геніямі. Перад войскам рыцараў на кані сядзеў асілак, які, бадай што, мог ваяваць і без шалому: ад гэтага гладкага ілба стрэлы мусілі адлятаць самі. Мяркуючы па тым, як раўніва ён параўноўваў сваіх байцоў з суседнімі часьцінамі гэтага дзіўнага збору, гэта і быў кароль Артур. Самымі дзіўнымі князю Астроскаму падаліся воі, захутаныя ў свае шэрыя апраткі па самыя вочы. Напэўна, гэта непераможныя байцы з далёкай краіны за казачным Катаем.

Так, гэта было войска, зь якім ён, князь Астроскі, мог атрымаць перамогу. З такімі байцамі ён мог увайсьці ў Маскву на белым кані і нават памачаць свае боты ў рэках далёкай Індыі.

Князь Астроскі з гонарам расправіў плечы. Нябачны мур, што атачаў яго доўгі час, даў расколіну. І муха, якая даўно імкнулася прарвацца праз тую няўгледную перашкоду ейнаму мушынаму гонару, радасна села на княскі нос і пацёрла заднія лапкі. Вялікі гетман матлянуў галавой, зганяючы навалач, і ўзлавана глянуў ёй усьлед. І краем вока заўважыў нешта настолькі незвычайнае, што проста адразу ня даў сам сабе веры. Што гэта, Божухна? Усё войска, якое чакала ягонага загаду, усе гэтыя пешыя і конныя воі раптам на імгненьне, на нейкі ледзь заўважны момант здрыгануліся, іхныя абрысы змазаліся і нібы паплылі ў паветры. Ці гэта толькі здалося? «Войча наш, каторы ёсьць у небе», - пачаў шэптам прагавораць князь.

- Разумны ты, князь, - прашыпеў Твардоўскі, адступаючы да дзьвярэй. - Ня думаў я, што заўважыш... І што, цяжка табе было прамаўчаць?! Я ж нават не прасіў дамову падпісаць: усё адно ты непісьменны. Мы з табой маглі б ня толькі Масковію падпарадкаваць, але і Княства над Каронаю ўзвысіць. А цяпер... Цяпер ня ведаю, княжа, што будзеш рабіць!

- Зьнікні, шатан, змоўч! - князь шырака перажагнаўся. - І слухаць цябе ня стану: мне несьмяротная душа важней.

- Ну, як хоч, княжа. І не кажы потым, што табе нічога не прапаноўвалі. Калі надумаеш зноў да нас зьвярнуцца, дапамога даражэй абыдзецца, - Твардоўскі рэзка рагатнуў, так што ў князя дрыжыкі прабегліся па скуры, і, крутануўшыся, выскачыў у дзьверы.

Астроскі моўчкі глядзеў яму ўсьлед, нібыта зачыненыя дзьверы маглі даць адказ на нейкае важнае пытаньне.

- Правільна, княжа, ты гэтага крыкуна выгнаў, - раздаўся голас аднекуль з кута.

Князь зноў сутаргава перажагнаўся: у гэтым пакоі яўна нешта адбываецця ня тое. Сьпярша гэты д'ябал Твардоўскі, цяпер нейкі голас у пустым памяшканьні. Няйнакш, трэба выклікаць сюды бацюшку, каб адчытаў малітвы ды асьвяціў пакой. Можа, яшчэ папрасіць, каб паглядзеў тую дзіўную кнігу, што лаціньнікі нядаўна прывезьлі ў падарунак - нешта там было пра вядзьмарак ды пра молат. Бадай, шкоды ад тае кнігі ня будзе, хоць яна і лацінская... Нячыстая сіла як ужо дзе завялася, дык проста так ад яе не пазбавішся!

- Ты, княжа, мяне ня бойся, - з кута даносілася натужнае крактаньне і керханьне. - Я табе шкоды не нараблю. Дамавік я. Аддаўна тут жыву, і ўсіх, хто ў маім замку як госьць бывае, як гасьцей і сустракаю. Мы, дамавікі, людзям ня шкодзім, калі і тыя да нас па-людзку... Але вось жа, княжа, што панарабілася: гэтая навалач заходняя, што да цябе прыходзіла, апошнім часам нас, карэнных тутэйшых жыхароў, спрабуе выжыць.

Дамавік нарэшце вылез з кута. Князь ніколі раней ня бачыў дамавікоў. Дзед як дзед: сівы, вусаты, мажны, зь вялізным чэравам («Піва багата п'е», - падумалася Астроскаму). Дзіўна глядзеліся хіба што валасатыя рукі, якія тырчэлі з кабату.

- Я табе так скажу, княжа. Усім трэба выжыць - і нам, і вам. Хоць людзі нас і называюць нячысьцікамі, але мы такія ж жыхары гэтага краю, як і вы. Хочаш - называй гэта любоўю да Радзімы, хочаш - боязьзю за сваю скуру. Мне вялікай розьніцы няма... Я табе дапамагу - проста таму, што ўсе мы жывем на гэтай зямлі.

Князь недаверліва глядзеў на сівога дзеда. Мабыць, гэта ўжо прызвычаенасьць да нячысьцікаў: другі ўспрымаўся куды спакайней за першага.

- Ну, і што за сваю дапамогу запатрабуеш ты? - скептычная ўсьмешка на вуснах сьведчыла, што Астроскі ўжо цалкам справіўся з сваімі эмоцыямі.

- Шчыра табе сказаць, мы сваю вайну з маскавітамі ўжо распачалі, - дамавікова ўсьмешка ў вусах была шчырай, хаця гэтаксама стрыманай, як і ў князя. - Я толькі хацеў, каб мы адзін аднаму не заміналі ды каб твае байцы маіх не баяліся і ня нішчылі. Адну ж справу робім!..

Калі б хто зайшоў у гэты момант у пакой, дык мог бы паклясьціся галавой, што бачыць двух блізкіх сябрукоў: ласкава пасьміхаючыся адзін аднаму, князь і дамавік жлукцілі гарэлку. А недзе праз паўгадзіны сьцены аршанскага замку здрыгануліся ад бязладнага галёканьня дзьвюх магутных глотак:

 

Дзе тая барэлачка,

Дзе была гарэлачка?

А ці ў хаце пад лаўкаю

Накрытая халяўкаю?

 

* * *

 

Стральцу Івану Пятрову выпала ў гэтую ноч стаяць на варце - у сакрэце. Сакрэт, ён так і называецца, каб яго ніхто ня ведаў. А як яго ўтоіш, гэты сакрэт, калі навокал нейкі шум дзіўны? Неяк так вые - сьпярша жаласна «а-а-а», а потым пагрозьліва - «у-у-у». Нечысьць нейкая! Яшчэ б ведаць, што тут у гэтых ліцьвінаў за нечысьць такая. Ці бярэ яе нашая малітва? З нашымі ж усё ясна: прачытай нармальную малітву, яны і адчэпяцца. А гэтыя, замежныя, можа, і не зразумеюць сьвятых словаў... Страшна, незразумела.

Учора Капітон Цітоў (з суседняй вёскі, разам забіралі - лічы, самы блізкі зямляк) бачыў нейкіх істотаў: самі маленечкія, памерам з котку, вёрткія. Усё, кажа, круцілася тая брыда вакол паноў камандзіраў. А тыя, маўляў, нават не заўважалі - надта сур'ёзную размову вялі. А калі Капітон паспрабаваў паганяць тых істотаў, дык паны камандзіры паглядзелі на яго сувора і параілі пайсьці выспацца ды ня надта надалей налягаць на тутэйшую гарэлку.

Капітон пакрыўдзіўся, бо, кажа, быў цьвярозы, з заўчорашняга ў рот ні кроплі ня браў. І нават хрысьціцца пры гэтым - значыць, ніяк нельга ня верыць. Пагатоў, сам Іван якраз зь земляком тую гарэлку і жлукціў. І як гэтую мярзоту п'юць ліцьвіны? Цьху!..

Палонны Ждан (вось жа імечка, крый Божа!), якога з сабой паны камандзіры загадалі весьці, каб дарогу паказваў, кажа, што істоты тыя былі шэшчы. Сам ён ніколі раней, маўляў, гэтых шэшчаў ня бачыў, толькі чуў ад старых. А старыя дарма ня збрэшуць!

Вось цяпер Іван Пятроў гэтых шэшчаў і пабойваўся: падкрадуцца няўзнак, ціхама, ды як цапне каторы за нагу. Хто іх ведае, чаго ад гэтай чужынскай нечысьці чакаць!

Праўда, Ждан казаў, што ўначы ў лесе трэба баяцца найбольш ня шэшчаў, а іншых істотаў. Назвы нейкія дзіўныя гаварыў - пад Масквой такой брыды і ня чулі ніколі. Страшыў, што на сонных насядае ўначы мара - чорная жахлівая істота на кароткіх лапах. Гэтая пачвара сонных душыць і мучыць усяляк. Іван як пачуў пра такое страхапудзіла, дык адразу сам у сакрэт папрасіўся - усё адно пасьля такога спаць ня будзеш.

А выйшла, здаецца, так, што ён чарговы раз прагадаў: усе цяпер сьпяць, а ён тут адзін, як дурань, у цемры стаіць ды слухае гэтае «а-а-а» ды «у-у-у».

 

* * *

 

Стралецкі сотнік Авакум Каласкоў задуменна аглядаў свайго падначаленага Івана Пятрова. Свайго былога падначаленага. Бо труп падначаленым быць ня можа.

У тым, што Іван Пятроў ужо не лічыўся сярод жывых, сумневу не было. Жудасныя крывавыя раны па ўсім целе глядзеліся так, нібы да стральца ўначы папрысмоктваліся вялізныя п'яўкі.

- Касны, - з выглядам знаўцы пахітаў галавой палонны ліцьвін.

- Што яшчэ за касны? - сотніку зусім не спадабалася, што ягоныя байцы гінуць сярод начы ад нейкіх дзіўных укусаў.

- Касны, - паўтарыў Ждан. - Гуртам налятаюць на выбранага чалавека і прысмоктваюцца да яго, як п'яўкі. А як пачынаеш ад іх адбівацца, дык толькі яшчэ больш шалеюць. Пакуль кроў у чалавека ня высмакчуць - не супакойваюцца.

Апроч забітага каснамі Івана Пятрова ў гэтую раніцу не далічыліся трох вартавых ды яшчэ з добрую сотню коней. Коні знайшліся ў лесе - замучаныя да сьмерці. Вартавых так і не ўдалося адшукаць. Сотнік Каласкоў запісаў іх у беглыя. Пасьля таго, як ліцьвін шчыра ўсім патлумачыў, што коней завёў у лес кумяльган, стральцы пачалі абурацца:

- На сьмерць нас камандзіры вядуць!

- Чужаземнай нечысьці скарміць нас хочуць!

- Мы так і да поля бою ня дойдзем - па дарозе, у лясах усіх перадушаць!

Сотнік заўважыў, што палонны маўчыць, але з хітрага вусатага ліцьвінскага твару не сыходзіць усьмешка ката, задаволенага жыцьцём увогуле і канкрэтнай місай сьмятанкі ў прыватнасьці. Чорныя падозраньні замітусіліся ў галаве сотніка. Няйнакш, гэты палонны мярзотнік спрычыніўся да ўсяго: і да начных злачынстваў, і да падбухторваньня стральцоў. Самі такую гнюсь на сваю галаву прывялі. Ну, цяпер ён за ўсё адкажа! Вось ён, галоўны вінаваўца. Скараць яго сьмерцю - а там і стральцы супакояцца. Чаму ж адразу было ня скеміць, што ніякае нечысьці няма, а ёсьць ён, вось гэты палонны ліцьвін?!

Той, пэўна, нешта адчуў: павярнуўся спакваля, глянуў сотніку ў вочы і... падміргнуў. А потым перакульнуўся праз кінуты на зямлі пас - і вось ужо няма палоннага ліцьвіна: вялікі шэры воўк зь белым паскам поўсьці на шыі стаіць і пазірае на сотніка. Каласкоў чуў пра такіх пярэваратняў, але ж спалохаўся ад таго ня менш. Навокал усё сьціхла - вочы стральцоў былі быццам прыкаваныя да ваўкалакі. А той (Авакум быў гатовы прысягнуць на Бібліі) нахабна пасьміхнуўся, ашчэрыўся і нясьпешна, трушком падаўся ў лясныя нетры, прагырчэўшы нешта наастачу. І кожнаму падалося, што разабраў ён тыя апошнія ваўкалакавы словы: «Ня лезьлі б вы не ў свае справы, ішлі б дадому». Праўда, паклясьціся ў тым, што словы наагул былі ды што яны былі менавіта гэткімі, ніхто б не рызыкнуў.

 

* * *

 

Празь некалькі дзён, у сьвятую нядзелю стралецкія палкі выйшлі на ліцьвінскія сілы. Раніца была хмарная, сонца не было відаць на шэрым небе. У баі ліцьвіны ня выстаялі, пабеглі. На іхных плячах стральцы рынуліся наперад: дабіць, даламаць, зьнішчыць дарэшты, каб пра супраціў і не было каму заікнуцца! Вось была б слаўная перамога - адкрыты шлях у сарцавіну Літоўскага Княства.

Але тут і праявілася недаравальная ліцьвінская падступнасьць. Як толькі стральцы вылецелі на поле, зь лесу, што віднеўся непадалёку, пачалі лупцаваць гарматы. Там, дзе не ставала гарматаў, з кустоўя вытыркаліся дзікія жывёльныя пысы базылішкаў. Аднаго погляду тае брыды ставала, каб скамяніць пару дзясяткаў вершнікаў разам з коньмі. Раптоўныя каменныя помнікі, якія паставалі ў шэрагах стральцоў, заміналі рухацца астатнім.

Зьбянтэжаныя маскавіты паспрабавалі разьвярнуць коней, каб выйсьці з-пад наўпроставага гарматнага абстрэлу ды заатакаваць зь іншага боку. Дзе там! Зь лесу вылецелі сьціжмы белашыіх ваўкоў. Шалёна скавычучы (вуха музыкі лёгка разабрала б напеў ірляндзкай джыгі), яны наляталі на коней і чапляліся ім у глоткі. Хутка поле нагадвала конскую бойню, дзе спаміж конскіх трупаў там-сям праглядалі й чалавечыя.

Сьледам за ваўкалакамі вылецела ліцьвінская кавалерыя і паімчалася па полі, дробненька шынкуючы ворагаў (прыдаліся навыкі традыцыйнай нарыхтоўкі квашанай капусты на зіму). У роспачы тыя ляцелі на злом галавы. Некаторыя спрабавалі хавацца ў прыбярэжным хмызьняку. Але тыя, каму пашчасьціла ўратавацца адтуль, распавядалі такія жахі пра нейкага зялёнабародага дзеда («Хапаў аберуч, душыў і цягнуў у ваду! А ўжо адтуль ніводзін не ўсплыў!»), што астатнія проста хрысьціліся ды цешыліся: прамінула, дзякаваць Богу.

 

...Князь Астроскі шырока перажагнаўся:

- Вось і прагналі ворага.

- Дзякуй табе, княжа, - азваўся дамавік праваруч ад яго.

- Табе дзякуй, - князь пасьміхнуўся. Шчыра, не хаваючы сваёй радасьці. Раптам на імгненьне сумеўся: - Але, даруй, за перамогу я ўсё ж царкоўку сфундую.

- Тае бяды! - дамавік быў сам сабе пэўны. - Царкоўка - штука неблагая. Адно хіба што папрашу, княжа: збудуй ты яе ня тут - не на полі ды ня ў Воршы. Мы ж таксама адзначаць перамогу хочам - гэта ж і нашае сьвята! Пастаў ты царкоўку тую дзе-небудзь у Вільні - сталіца, што ні кажы! Дамовіліся? - і дадаў, выцягваючы нешта з кустоўя: - А барылу, дарэчы, я з сабой прыхапіў. Жытняя...


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Раман Кардонскі