Зьміцер Паўлавец

Прапановы да Праекта новай рэдакцыі “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”

Тэкст падаецца паводле архіву Зьміцера Саўкі

1. Навошта так узмоцнена культываваць царкоўнаслвянскую няпоўнагалосную форму глава. Яшчэ ў дапісьмовую эпоху нашы продкі пазбавіліся такога немілагучнага вымаўлення. Напісанне глава пярэчыць усёй прыродзе нашай мовы.

2. Перадаваць іншамоўныя спалучэнні іо, іа, іu незалежна ад месца ў слове праз развіццё ўстаўнога ёта: трыё, ніёбій, эфіёп, адажыё, Токіё, Трухільё, мурыльё і інш.

3. Запазычаныя спалучэнні іе, іо ў пачатку слоў перадаваць праз е, ё: ена (грашовая адзінка Японіі), Ерусалім, Ерыхон, Ёган, Ёдль.

4. Пісаць ў у пазычаных словах ва ўсіх пазіцыях: фраў, шоў, Алатаў, Ландаў. Калі ж яно пад націскам, то пішам у: ля урны, вучоны-унікум.

5. Лацінізмы на -um, -us перадаваць праз -юм, -юс: калегіюм, кансіліюм, радыюс, прэзідыюм.

6. Неабходна больш абачліва падыходзіць да правядзення акання ў ненаціскных фіналях ‑эр, -эль у запазычаных словах.

7. Пісаць мяккі знак для перадачы асіміляцыйнай мяккасці адпаведных зычных.

8. Не такая простая задача, як падаецца аўтарам праекта, правапіс а, о ў складаных словах. Тут неабходна таксама добра падумаць.

9. Не разумею, навошта да правілаў правапісу далучаць пунктуацыю? Хіба з’явіліся новыя знакі прыпынку? Ці правілы пастаноўкі старых змяніліся? Ці, можа, пунктуацыя сёння больш моцна ўплывае на правапіс?

10. Было б, канешне, лепш цяпер, калі наша мова мае статус дзяржаўнай толькі дэ-юрэ, пачакаць, калі гэта стане і дэ-факта, і толькі тады праводзіць змены пасля шырокага грамадскага абмеркавання. Цяпер жа неабходна ўстрымацца ад любых змен і прыняць “нулявы варыянт”.

11. Беларуская літаратурная мова, якая мае багатую шматвяковую практыку пісьмовага ўжытку, заслугоўвае таго, каб у новым тысячагоддзі атрымаць поўны грунтоўны арфаграфічны збор, у якім адлюстроўвалася б і замацоўвалася б нацыянальная спецыфіка, у якім былі б зняты супярэчлівыя напісанні і які быў бы вольным ад палітычнага ўмяшання ў моўны працэс.

 

Выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта

Зміцер Паўлавец




Беларуская Палічка: http://knihi.com