epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

Claudio Gugerotti

Шаноўныя калегі!

Дазволю сабе зрэагаваць на меркаваньне паважанага Юрася Бабіча.

1. Пра імёны, якія сканчаюцца на спалучэньне “зычны + io”. У Законе-2008 (“Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, Мінск, 2008) адназначнасьці няма:

– з аднаго боку, сапраўды, відаць, мела б быць -ыа (на ўзор Рыа-Грандэ);

– але, з другога боку: Сант-Эліё (§ 25.1), Дзі Віторыё (§ 25.2).

Прыклад з -ыа – слова з гішпанскае мовы (Rio), прыклады на -іё/-ыё – з італійскае (Sant’Elia, Di Vittorio). Як бачым, Сант-Эліё – відавочная памылка, бо мусіла б быць Сант-Элія ці Сант-Элья (я зьвяртаў увагу на гэтую ды іншыя шматлікія памылкі ў публікацыі “Правілы левапісу”, Arche, 2007, №№ 1–41). Аднак ёсьць напісаньне Віторыё, якое слушна карэспандуецца з Vittorio.

Ужо гэтая блытаніна змушае задумацца, ці ёсьць усталяваньні Закону-2008 аўтарытэтнымі, навуковымі, а таму абавязкавымі да выканання. Ня кажучы ўжо пра тое, што супярэчнасьці не дазваляюць быць пэўным у задуме і волі складальнікаў Закону-2008, бо -io ў адным выпадку дае -ыа, а ў другім – -ыё.

Спасылка на Куліковіча не зусім карэктная, бо ён экстрапаляваў дэклярацыі аўтараў Закону-2008 на шырэйшы матэрыял, чаго ў Законе і блізка няма. І зрабіў ён гэта, як мне выглядае, на падставе маёй вышэйазначанай публікацыі.

У Законе двойчы падаецца ілюстрацыя Токіа, аднак анідзе не тлумачыцца, што на спалучэньне “зычны + io” мусіць перадавацца як -іа/-ыа. Калі быць дакладным (а гэтага і патрабуе ад нас жанр), то ў слове Tokio/Tokyo спалучэньне io/yo існуе толькі графічна, а з гледзішча фанэтыкі яго няма, бо i/y служыць паказьнікам мяккасьці папярэдняга k (як у беларускай лацініцы і: miod = мёд). У японскай Tokio/Tokyo вымаўляецца як [tok’o] = *Токё, і менавіта такая форма і была б карэктнаю. Што да прэцэдэнтаў, то ў БелЭн тыпалягічна блізкіх выпадкаў дзясяткі: Будзё, Тоё, Тромсё.

Ілюстрацыя Рыа-дэ-Жанэйра выглядае непераканаўча, бо адпаведны тапонім адаптаваны часткова як партугальскі, а часткова як гішпанскі. Па-партугальску мусіла б быць Рыў, як і ў выпадках зь іншымі тапонімамі Бразыліі (гл. БелЭн: Рыу-Бранку, Рыу-Грандэ). А пытаньне ~заслугоўвае асобнага разгляду.

У дачыненьні Claudio якраз да месца будзе аналёгія з radio > радыё, на што і спасылаецца сп. Бабіч, праўда, зь іншае нагоды.

Выснова: Закон-2008 не дае адназначнага адказу на пытаньне, як мае выглядаць фіналь адаптацыі імя Claudio-дыа ці -дыё.

2. Спасылку на § 23.22 не выпадае лічыць за пераканаўчую, бо ў ёй рэгулюецца падвойнае напісаньне зацьвярдзелага ц. (Дарэчы, сам § 23 мае назву “Суфіксы”, аднак з трох выпадкаў цц, якія называюцца ў п. 22 гэтага параграфа, суфіксальнаму цц прысьвечаны толькі адзін – у лічэбніках на -ццаць, астатнія выпадкі датычаць цц на марфэмным сутыку – паміж інфінітыўнаю марфэмаю і постфіксам, паміж флексіяй і постфіксам. Зьвяртаю на гэта ўвагу як на сьведчаньне навуковага роўню, на якім выканалі сваю працу складальнікі Закону-2008.)

У нашым жа выпадку гутарка пра зусім іншы гук – мяккі падоўжаны [ц’:], за якім шмат якія крыніцы прызнаюць статус самастойнае фанэмы хоць бы з прычыны таго, што [ц’:] уваходзіць у склад адной марфэмы (каранёвай ці суфіксальнай) і ў шэрагу словаформаў можа мець мінімальную пару зь непадоўжаным [ц’]: абіцце ~ абіце (заг. лад., 2 ас. мн.л. ад абіць), Забалацці (М.скл. ад Забалацце) ~ забалаці (мн.л. ад забалаць), закуцце ~ закуце (М.скл. ад закут), луцце ~ луце (М.скл. ад лут ‘лыко’), макроцце ~ макроце, мярзоцце ~ мярзоце, Узбалацці ~ Узбалаці, чарноцце ~ чарноце.

У фіналі прозьвішчы Gugerotti – таксама падоўжаны гук – [t:], для якога лепшым адпаведнікам за “кароткі” [ц’] быў бы, несумненна, падоўжаны [ц’:] – прынамсі зыходзячы з прынцыпу захаваньня пры адаптацыі колькасьці гуку.

Што да Закону-2008, то ў ім пытаньне адаптацыі італ. -tti не асьвятляецца, зрэшты, як і тысячы іншых, што спараджае артаграфічны вакуўм у галіне правапісу ўласных назоваў іншамоўнага паходжаньня. Аніводнага прэцэдэнту асваеньня -tti – хоць бы ў якасьці ілюстрацыі іншых артаграмаў – у Законе-2008 знайсьці таксама не ўдалося (Таіці і Поці нічога агульнага з італ. -tti ня маюць).

За форму з “кароткім” [ц’] сапраўды прамаўляе практыка, аднак узьнікла яна ў выніку мэханічнай экстрапаляцыі правіла замены падвойных адным зычным, зь якога, аднак, на практыцы ёсьць нямала выключэнняў, у тым ліку з італ. мовы: mezzo > мецца, donna > донна, belladonna > беладонна, madonna > мадонна. У прысьвечаным гэтаму пытаньню параграфе Закону-2008 знаходзім такую адсылку: “Напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку” (§ 17.2). Як вядома, слоўніка ўласных назваў не было, няма, і яго выхад, наколькі мне вядома, не плянуецца.

 

Гатовы да працягу абмеркаваньня. Пагатоў, тут выпала закрануць мізэрную долю аспэктаў узьнятых пытаньняў.

1 http://arche.bymedia.net/2007-01/sauka2-701.htm


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з архіву Змітра Саўкі