epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

Дзе націск у "шэсцьдзесят"?

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі

Ці не кожны ўпэўнена адкажа: на першым складзе. Аднак азнаямленне з акцэнтуацыяй гэтага слова ў акадэмічных слоўніках сведчыць, што тут назіраюцца ваганні (гл. табл.).

 

Табл. Націск у лічэбніку шэсцьдзесят у акадэмічных слоўніках1 2.

Год Слоўнік Месца націску
Назоўны скл. Родны скл.
1937 “Руска-беларускі слоўнік” пад рэд. А. Александровіча. шЭсцьдзесят
1948 “Арфаграфічны слоўнік” М. Судніка і М. Лобана пад рэд. К. Крапівы. шЭсцьдзесят
1953 “Руска-беларускі слоўнік” пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі. шЭсцьдзесят шасцІдзесяці
1962 “Беларуска-рускі слоўнік” пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі. шэсцьдзесЯт шасцІдзесяці
1982 “Руска-беларускі слоўнік” пад рэд. К. Крапівы. Выд. 2, дапоўненае і перапрацаванае. шэсцьдзесЯт шасцІдзесяці
1984 “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” пад агульн. рэд. К. Крапівы. Т. 5. Кн. 2. Рэд. тома М. Р. Суднік. шэсцьдзесЯт шасцідзесяцІ
1987 “Слоўнік беларускай мовы” пад рэд. М. Бірылы. шэсцьдзесЯт шасьцідзесяцІ
1989 “Беларуска-рускі слоўнік” пад рэд. К. Крапівы. Выд. 2, дапоўненае і перапрацаванае. шэсцьдзесЯт шасцІдзесяці
1991 “Руска-беларускі слоўнік” пад К. Крапівы. Выд. 3, выпраўленае і дапоўненае. шЭсцьдзесят шасцІдзесяці
1993 “Руска-беларускі слоўнік” пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі. Выд. 4, выпраўленае і дапоўненае. шЭсцьдзесят шасцІдзесяці
1995 “Руска-беларускі слоўнік” пад рэд. Я. Коласа, К. Крапівы, П. Глебкі. Выд. 6, выпраўленае. шЭсцьдзесят шасцІдзесяці
1996 “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. шЭсцьдзесят шасцідзесяцІ
1999 “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. Выд. 2, дапрацаванае і дапоўненае. шЭсцьдзесят шасцідзесяцІ
2003 “Беларуска-рускі слоўнік” пад рэд. К. Крапівы. Выд. 3, папраўленае і дапоўненае, пад рэд. А. Падужнага. шэсцьдзесЯт шасцІдзесяцІ
2009 “Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы” пад рэд. А. Лукашанца. шэсцьдзесЯт
2010 “Беларускі арфаграфічны слоўнік” пад рэд. А. Лукашанца. шэсцьдзясЯт шасцідзесяцІ

 

Як бачым, у слоўніках 1930–1950 гг. нарматыўнаю лічылася форма з націскам на першую частку шэ́сцьдзесят. Хістанні пачалася з “Беларуска-рускага слоўніка” 1962 г., магчыма, праз карэктарскі недагляд. Звяртае на сябе ўвагу і акцэнтуацыя ў форме роднага склону: тут ужо не два — як у назоўным склоне, — а тры варыянты: шасцíдзесяці, шасцідзесяцí і шасцíдзесяцí. Прытым у апошнім варыянце (яго мы сустракаем у 3-м выданні “Беларуска-рускага слоўніка”) — два націскі і абодва — асноўныя. Магчыма, гэта ўказанне на акцэнтуацыйную варыянтнасць; прынамсі так можна меркаваць, грунтуючыся на тлумачэннях у аўтарскай ноце “Аб карыстанні слоўнікам”: “У складаных словах Слоўнік адзначае толькі асноўны націск” (с. 13).

Да апошняга часу націск у лічэбніках на -дзесят меў выключна арфаэпічнае значэнне. Аднак “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008) праводзяць яканне ў лічэбніках, і таму цяпер пытанне націску зрабілася праблемаю правапіснаю. У “Правілах” 60 мае розныя абліччы: то “традыцыйнае” – шэсцьдзесят (§ 61.14), то “абноўленае” — шэсцьдзясят (§ 18.4, § 61.1).

На старонках “Роднага слова” — у рубрыцы “Вяртаючыся да надрукаванага” — прадстаўнікі аўтарскага калектыву “Правілаў” змясцілі ўдакладненне адносна 70 і 80:

 

“трэба прызнаць некарэктным прапанаванае напісанне слоў семдзясят, восемдзясят... гэтыя словы павінны пісацца сéмдзесят, вóсемдзесят3.

 

На жаль, у дачыненні 60 удакладнення не зроблена, хоць на неабходнасць гэтага звяртаў увагу яшчэ адзін суаўтар “Правілаў” – праф. В. Іўчанкаў:

 

“пад дыялектным уплывам [слова шэсцьдзесят] часам трапляе ў літаратурную мову з націскам на апошнім складзе... Такое напісанне пададзена і ў ілюстрацыях пра правапіс мяккага знака “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 2008 года. Аднак трэба мець на ўвазе, што на сёння вымаўленне гэтага слова варыянтнае, і яго трэба прымаць як вымушанае няўстойлівасцю націску. У літаратурнай мове перавага павінна аддавацца вымаўленню з націскам на першым складзе і напісанню: шэ́сцьдзесят4.

 

Было б лагічна вярнуцца да ўзнятага пытання і прыняць адпаведнае рашэнне, замацаваўшы ў слоўніках і навучальнай літаратуры агульнапрынятую, узуальную форму: шэ́сцьдзесят, шасцíдзесяці.

 

ЗС

 

1 Без уліку стэрэатыпных перавыданняў.

2 Для большай нагляднасці націскны галосны пішацца вялікаю літараю.

3 Роднае слова. 2009. №6. С. 69.

4 В. І. Іўчанкаў. Гарэзлівая літара я // Народная газета. 2009. 30 мая.


2009?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: архіў Зьмітра Саўкі