epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

«Я кожны дзень служу беларушчыне». Інтэрв'ю

Я Зміцер Саўка, мовазнавец.

Калі нарадзіліся?

1965 год, Менск

Бацькі?

Вялікае пытанне. Бацька народжаны ў Менску (таму я ўжо чуюся такім менскім у другім пакаленні), кандыдат тэхнічных навук, інжынер, вельмі цэнены на працоўным месцы – у Інстытуце торфу, якому аддаў не адзін год жыцця. Мама ўсё жыццё прарабіла бухгалтарам, сама паходзіць з вёскі, вясковая дзеўчына, якая ў 1957 годзе прыехала ў Менск і ўсё ж такі здолела прабіцца да такіх вышыняў, як бухгалтар, потым эканаміст. І выводзіцца яна з вёскі Сенькавічы Івацэвіцкага раёну, гэта колішняя Гарадзенская губерня, Слонімскі павет.

Я думаю, мой шлях да беларушчыны пачаўся з таго, што ў 1960-я гады быў вялікі дэфіцыт ясляў. Вот мама мяне нарадзіла і мусіла ісці на працу, а каму сядзець з дзіцем? Няма каму, усе працуюць: мама працуе, тата працуе. Ну і мама адвезла мяне ў вёску Сенькавічы Івацэвіцкага раёну – гадавацца да бабы. Вот мы з маёй бабуляй Вульянай там мяне выгадоўвалі і потым, калі я ўжо зрабіўся большы, калі вызвалілася месца ў яслях, калі я пайшоў у сад, усё роўна кожнае лета, святы, як толькі вольная хвілінка, мама ідзе на цягнік, бярэ мяне з сабою ў Івацэвічы. І, ведаеце, я калі ў Івацэвічах бываю ці праязджаю цягніком, у Берасце часта ездзячы, заўсёды сэрца часцей б’ецца, я заўсёды стараюся паглядзець вот на гэтую станцыю Івацэвічы, зірнуць, як яна выглядае. Рэдка там цяпер бываю, але гэта месца, да якога маю вялікае прывязанне. На мяне вёска ўсё ж такі наклала...

Я, відаць, такі шчаслівы выпадак, калі ўва мне ў роўнай долі горад – вот мой тата, звязаны са старой менскай культурай, цывілізацыяй, з аднаго боку. Бацька нарадзіўся ў самым сэрцы Менску, гэта быў колішні панскі дом, потым разбурылі яго (вайну перажыў, а пазнейшай рэканструкцыі праспекту, відаць, не перажыў) побач з праспектам, з вуліцай Савецкаю. Гэта цяпер тэрыторыя, двор Нацыянальнага банку, уявіце сабе, гэта сэрца Менску. Мне бацька расказваў, як яны, напрыклад, хадзілі ў краму, у якой прадаваліся селядцы і вугры з аграмадных бочак, як яны, малыя хлопцы, падбіваныя нейкім мясцовым хуліганам, хадзілі і ён ім піва цішком купляў, ён трошку большы быў.

Скажу так, што Менск у апавяданнях бацькавых усё ж такі не на столькі небеларускі горад, якім ён ёсць сёння.

Вот ацаніце сітуацыю: майго бацьку і ягонага брата вадзілі, аддалі ў расейскую школу, а побач жылі НКВДысты, дакладней НКВДыст са сваёю жонкай, у іх была дачка (па-моему, двое дачок), прозвішча Турчын. І гэтыя Турчыны хадзілі ў беларускую школу, дзеці НКВДыста! Тады гэта магло быць, магло такое існаваць. Шчыра кажучы, для майго бацькі, які народжаны ў 1931 годзе, які ўжо ўсведамляў сябе чалавекам пад канец 1930-х, калі беларушчына з Менску вымяталася максімальна, усё ж такі момант беларушчыны неяк прысутнічаў, нельга сказаць, што гэтага не было. Мой бацька заўсёды падкрэсліваў, як гаварыў дзед. Дзед, напрыклад, гаварыў, дазволіў сабе расказаць мне, што бацька загледзеўся, ягоны бацька, мой дзед Іван, на нейкую дзеўчыну і кажа: “Пайшла, кірпаценькая!” Вот бацьку майму запомнілася гэтае слоўца. І бацька заўсёды падкрэсліваў, што ў дзеда заставалася, дзед гаварыў па-расейску, але з вельмі моцным беларускім акцэнтам. Я добра памятаю дзеда, усё ж такі дзед народжаны ў 1896 годзе, гэта асобная старонка, але ў любым выпадку гэтая беларусчына жыла. Я думаю, я шчаслівае спалучэнне вось гэтай цывілізаванасці нейкай і, з другога боку, беларушчыны якая была.

Як я магу сядзець?! Як?! Як я магу?! Дзень, які выпадае раз на 4 ці 5 гадоў, тут трэба паварушыцца. Я і ў менш значныя дні выходжу. Я сведчу: покуль я ёсць, покуль ёсць нязгодны Саўка, значыць, ёсць людзі, якім не падабаецца тое, што сёння адбываецца. А як яшчэ?! Я не ўяўляю для сябе іншага развязання. Адно што жонка не пайшла гэтым разам, ахоўвала агмень, дзіця малое засталося ў хаце, і проста не было куды дзець, а астатнія ўсе, усе дзеці, астатнія трое дзяцей апроч малога, тата – усе пайшлі на плошчу. Такі дзень нельга праседзець у хаце. Я не ўяўляю сабе іначай.

Для нас любыя выбары – гэта шанец, калі не шанец нешта змяніць у нашым жыцці, калі не шанец зваліць абсалютнае зло, то гэта шанец хаця б сказаць: “Мы ёсць!” і, вядома, паглядзець. Для нас гэта магчымасць, можа, нават сказаць самім сабе: “Мы сіла! Мы можам!” Іначай як?! Мы чакаем гэтага моманту ўжо 17 гадоў, ну і чакаць у хаце проста не выпадае, трэба ісці на плошчу. Гэта тое мінімальнае, што мы можам зрабіць. І калі я кожны дзень кажу, кожны дзень беларушчыне служу, кожны дзень штосьці раблю для яе, Але адзін з дзён можна вылучыць на тое, каб рабіць не як прафесіянал, а як грамадзянін.

Як адбываліся падзеі, штука такая, што мяне арыштоўвалі адзіны раз на пачатку 2000-х гадоў, і звычайна – я ж бываў калі не на сотнях, то пэўна на дзясятках такіх імпрэзаў – і гэтым разам я адчуваў, што я, відаць, у хаце начаваць не буду. Я добра падмацаваўся: цудоўныя смачныя наліснікі сабе напёк, з’еў іх, абуўся ў цёплае, але не самае прэзентабельнае, апрануў таксама цёплае, але не самае прыгожае. Я як бы збіраўся, у мяне пачуццё было тое, што мяне чакаюць халодныя муры, а не цёплая пасцеля. Так і сталася.

Калі падышлі да Дому ўраду, там былі знаёмыя мае, якія раней былі абсалютна абыякавыя да той дзікасці, што робіцца ў Беларусі, і тут вот на гэтыя выбары гэтыя мае знаёмыя раптам прачнуліся і пачалі выяўляць актыўнасць. І гэты мой сябар дзяцінства аказаўся паперадзе, і ён мяне кліча, кажа: хадзем сюды да Леніна, за помнік Леніна ўжо. Як я яму скажу: “не, не пойду, бо атрымаю па галаве дручком” – ці што?! Я ж рэвалюцыянер! Я за беларушчыну! Я за дэмакратыю! А ён у кустох адседжваўся да апошняга часу, а цяпер ён наперадзе, я не магу сказаць: “не, я адседжуся, пагляджу здалёк, папрыглядаюся і ціхенька сыду ў цёплую пасцель”. Ды няёмка мне проста! Я пайшоў, стаў поруч з ім, там аказалася яшчэ шмат знаёмага народу. Увогуле, калі міліцыянты на судзе здзіўляліся: “Няўжо вы не чулі, што абвяшчалі, што ваш мітынг не такі ці не гэткі, няўжо вы не памятаеце, хто там і што біў, і што адбывалася?” Божа ты мой! Чаго я прыйшоў? У пэўным сэнсе на свята, калі хочаце, у пэўным сэнсе прыйшоў у клуб, не скажаш, што спачатку прагучала такая кампазіцыя, гэткая кампазіцыя. Чалавек прыйшоў кантактаваць з людзьмі; ён прыйшоў, каб парадавацца такой выдатнай магчымасці выйсці нарэшце такой аграмаднаю грамадой, вот гэтымі тысячамі, дзясяткамі тысячаў людзей і сказаць: мы тут! Вы расказваеце, што нас няма, а мы тут! Вы кажаце, што нас ўсё задавальняе, а нас не задавальняе і не задавальняе вельмі шмат. І так сталася, што мы апынуліся за плячыма ў Леніна, а тут выбеглі “касманаўты” і адрэзалі пляц за плячыма Леніна. І я сам сабе сказаў: вось, сапраўды, я пэўна сёння начаваць у хаце не буду.

Не, мяне не білі. Я ні ў якія прарывы не ішоў. Ведаеце, мне няёмка было ўвогуле кудысьці прарывацца, няёмка было мітусіцца, бегаць. Я сам сваёю воляю, грамадзянін сваёй краіны, прыйшоў на плошчу галоўную сваёй краіны, да галоўнага будынку, Дому ўраду, сваёй краіны для таго, каб засведчыць сваю пазіцыю. Чаго я буду бегаць? Тады навошта я ўвогуле сюды прыйшоў, каб потым адсюль уцякаць? Якая логіка ў гэтым? Моладзь там прарывалася, спрабавала нешта рабіць, шмат хто вырваўся, некаторыя вырваліся і вельмі моцна атрымалі па галаве, я бачыў гэтых акрываўленых людзей з разбітымі галовамі і патаптанымі рукамі і нагамі. Ну, няёмка, ведаеце, такому саліднаму (якім я лічу сябе) чалавеку так мітусіцца і гэтым сведчыць сваю нярацыю. Не, я маю рацыю! І я прыйшоў па сваё! Аддайце мне маё права перадвызначаць лёс бацькаўшчыны.

Што нехта заманіў, не, нічога падобнага. Не было такога пачуцця, пайшлі людзі. Ясна, што не было такога пачуцця, што ёсць зарганізаванасць, што ёсць нейкі план, нейкія правадыры, якія ўсё прадвызначылі і ясна паказалі нам шлях. Прыйшлі як заўсёды, 18 гадоў ходзім, мы пры бальшавіках так хадзілі ў канцы 1980-ых. Для мяне, калі хочаце, гэта амаль дзяжурная падзея. Колькі было выбараў, колькі было ўсяго астатняга! Я павінен сведчыць, хаця б у такіх сітуацыях, прыйсці на плошчу і сказаць: я не згодны! Гэта мая задача як грамадзяніна.

Сказаць, што ў мяне было пачуццё, што я частка нейкай кіраванай зверху структуры, не, нічога падобнага. Я ведаю, што тысячы людзей прайшлі толькі таму, што нас заклікалі на плошчу. Ёсць людзі, якія ўзялі на сябе адказнасць, яны кажуць: мы ведаем, што рабіць, мы маем план. Добра, няхай яны дзеюць, мы іх падтрымаем, калі гэты план сэнсоўны, хаця б мы падтрымаем іх самім фактам, што мы тут, мы салідарызуемся з іх ідэямі. І гэта дастаткова ў цывілізаванай краіне. Што мы з наганамі бегаць павінны, шаблямі махаць?! Гэта нецывілізаваныя спосабы. Тое, што мы можам і лічым для сябе рабіць так, мы робім так. Наконт партызанскай нейкай барацьбы, збройнай барацьбы. Як толькі мы пачынаем браць у рукі зброю (ці ўвогуле гэта можна сабе ўявіць сёння – нейкае ўзбраенне ў часы татальнага сачэння, калі можна праслухоўваць усё і ведаць усё значна лепш, чым чальцы нейкай арганізацыі, як гэта можна зрабіць тэхнічна?)... Ды пра што тут гаварыць?! Гэта тэхнічны бок, а калі гаварыць пра нетэхнічны бок, а пра маральна-этычны... Як мы толькі ўзялі зброю, гэта значыць, нехта супраць нас можа ўжываць зброю, значыць, мы падпісаліся, што мы не маем рацыі, што мы ўжо прагулялі, калі мы пачынаем узбройвацца для таго, каб давесці, што мы маем рацыю. А хто нас зразумее тады на тым жа, выбачайце, Захадзе? Гэта для нас істотны момант таксама. Захад нас падтрымлівае, можа, яму на ідэі беларушчыны глыбока напляваць, але што да ідэяў дэмакратыі, мы хочам, каб людзі жылі мірна і маглі мірна выказваць свой пункт гледжання і маглі мірным шляхам дамагчыся таго, да чаго яны імкнуцца.

Мне хацелася расказаць пра тое, як гэта ўсё адбывалася. Парадаксальная сітуацыя: калі моладзь пайшла ў прарыў: вот моладзь злева ад мяне пайшла ў прарыў, потым справа ад мяне пайшлі ў прарыў, ззаду. Перада мною стаіць Ільіч, за мною ганак, на якім яшчэ топчуцца журналісты, кадэбісты (Ну дзе там разабраць?! Ды яшчэ з маім не “вельмі зоркім” вокам!) Аказалася так, што я стаю пасярод плошчы за Леніным увогуле адзін, там проста нікога не было. Стаў калідор са спецназу ў маім кірунку, і я ў прынцыпе разумею, што гэта шлях, я магу туды выходзіць, гэта нібыта такі калідор. Але куды я пойду? Там, здаецца, у канцы проста лупяць людзей тупа – няма чаго туды ісці. Гэта па-першае. Па-другое, там справа стаяў аўтазак, і стаялі нейкія, як выглядала, начальнікі гэбісцкія. Я ў прынцыпе думаў, можна ісці туды. Звычайна, калі насоўваліся хмары, я такім чынам і рабіў. Не лічу, што гэта вялікае геройства, але гэта нармальнае нежаданне чалавека трапіць за краты, бо сваю місію як адзінкі грамадства, я палічыў, што ўжо выканаў. Покуль я разважаў, гэты аўтазак рушыў з месца, і я гляджу, што насустрач гэтаму аўтазаку ледзьве не з кулакамі бяжыць жанчына і крычыць: “Як вы можаце?!” з поўным абурэннем. З аўтазаку выскоквае чалавек у чорным, хапае жанчыну, хапае мяне. Там ужо ў сярэдзіне прымаюць і пачынаюць запіхваць. Кажу: “Толькі не піхайце мяне! Не трэба мяне піхаць, я сам пойду!” Навошта мне сведчыць, што я не падпарадкоўваюся ўладам? Я нічога кепскага не раблю! Я раблю ў межах права, у межах канстытуцыі. І таму я не думаю, што я павінен ад некага адбівацца так, як не прызнаю права хапаць мяне за рукі, калі я нічога кепскага не зрабіў. Яны мяне запрасілі, я зайшоў у аўтазак і быў першым ці другім пасажырам. І потым гэтых пасажыраў пасыпалася адзін за адным, збітыя на горкі арэх два чалавекі былі. Адзін з іх, хлопец, пайшоў адразу лёг на падлогу, другі сядзеў на лаўцы, абхапіўшы галаву, а ў яго паміж пальцаў цячэ кроў з галавы, валасы ўсе ў крыві, зліпліся ад крыві. На марозе (было халадно) кроў застыгала даволі хутка. Я зразумеў, што тое, чаго мне не дазваляў зрок пабачыць у дэталях, вот гэтага дзікага збіцця каля Леніна, ля сценаў Дому ўраду, куды я не хадзіў у прарыў, там людзей змалацілі абсалютна канкрэтна. І я потым чуў шмат апавяданняў, як гэта адбывалася. Ну, механіка была такая: стараліся проста збіць з ног. І білі найперш па нагах, а потым, калі чалавека ўдавалася зваліць з ног, тады яго дабівалі дручкамі, і, вядома, калі ён зваліўся, яго лягчэй было схапіць і засунуць у аўтазак.

Былі там, са мною пазней ужо сядзелі хлопцы магілёўскія, якія і расказвалі, што ім тупа білі па галаве, білі па галовах, нават не столькі стараліся зрабіць зло, магчыма, гэта была тактыка падраздзялення іншага. Проста дручкамі, з-за шчытоў дручкамі стараліся трапіць па галаве, гэта страшэнна балюча. І адзін з гэтых магілёўскіх хлопцаў як калена лысы, і таму ўсе геройствы нашай міліцыі ў яго на галаве вельмі хутка праявіліся страшэннымі гузакамі.

Ну, па-першае, спецназ сам баяўся. Іх так, відаць, накруцілі маладзенькіх пераважна хлопчыкаў, што яны, такое было пачуццё, што яны робяць з нейкай нават разгубленасцю такой. Чалавек, калі бароніцца, ды і звер, калі бароніцца, сам пачынае нападаць. Такое было пачуццё, што яны як бы ўжо бараніліся ад нас. Іх так настрашылі намі, што яны не столькі ішлі нападаць на нас, колькі актыўна бараніцца ад нас. Вось такое ў мяне пачуццё. Я бачыў, мы стаялі не малы час вочы ў вочы, адныя перад аднымі. Гэта спалоханыя вочы маладых хлапцоў. Можа, ім сказалі, што мы кулямёт выставім і пакладзем іх усіх. Я не ведаю. Але яны ўсе былі спалоханыя, яны не ведалі, яны таксама апынуліся ўпершыню ў такой сітуацыі. Тое, што тысячы людзей перад імі і яны павінны ў такой сітуацыі нешта рабіць. Тыя, якія не зусім мірна да іх настроеныя. “Міліцыя з народам”, ну была надзея, што гэта ўсё разыдзецца, рассмокчацца, абыдзецца без крыві, без збіцця. Я думаю, што людзі былі настроеныя незраўнёна больш лагодна, станоўча, чымся можна было чакаць для такой сітуацыі. Звычайна няма нянавісці. Вот колькі я хаджу, вось ужо трэцяе дзесяцігоддзе я хаджу, як я ўжо казаў вышэй, на розныя “імпрэзы”. Звычайна няма нянавісці да міліцыі, да спецназу, да АМОНу. Звычайна ўсё ж такі нейкая такая спагада ёсць. Некаторыя кажуць: “Ну, слухай, іх жа выгналі, чаго вы на іх?” Ну, бывае, што нейкая жанчынка раскрычыцца ці мужчынка кажа: “Ах вы, свалата такая, праціўныя морды!” Заўсёды знойдзецца чалавек, які скажа: “Ну што вы, яны ж такія, як мы! Выгналі іх!” А што яны дазваляюць сабе быць выгнанымі, чаму яны згаджаюцца з такой сітуацыяй? Няма праўды. Найвышэйшая праўда, відаць, па сярэдзіне.

Завезлі на Акрэсціна, і там ужо, на Акрэсціна, – першая група, з першых аўтазакаў. І размясцілі нас, там даўжэзны калідор, уздоўж калідора тварам да сценкі. Так, тварам да сценкі, мы прастаялі некалькі гадзінаў. Добра, што пазней пачалі дазваляць, ну скажам, выйсці ў прыбіральню. Калі ўжо пайшла гадзінка трэцяя-чацвертая, дазволілі сесці на падлогу. Вось такія найвышэйшыя праявы чалавечнасці. І паступова нас разбіралі, разводзілі па розных месцах, камерах, і пачалі афармляць паперы пра тое, якія мы, “негадзяі”, злачынцы і мярзотнікі. Фактычна гэта выглядала, як развод злачынцаў па камерах і афармленне дакументаў – вельмі проста. Нейкаму аднаму са спецназаўцаў казалі: “Вот бяры гэтых”, абсалютна выпадковых. Яны выступалі ў якасці сведкаў. Сведкам у маім выпадку выступалі Багданаў і Селіванаў. Спецназавец Багданаў (мы потым з ім разгаварыліся) нічога сабе хлопец, я да яго асабістай крыўды не маю, шчыра скажу. Чалавек вот працуе, паставіў сябе ў такія ўмовы. Вядома, ён бы лепш ці на завод хадзіў, ці на будоўлю, на інжынера вывучыўся б, ці яшчэ чым бы займацца ўсё такі лепш, чым лупіць людзей па галовах і бараніць таго, хто не варты ніякай абароны. Аднак, несумненна, што гэты Багданаў бачыць мяне на пляцы не мог. Сведчыць пра тое, што я там рабіў і што крычаў “Живе Беларусь!” (так напісана па-расейску) і “Уходи!”, ён ніяк не мог засведчыць. Гэта цемра была, гэта ноч была, тысячы людзей, гэта ўсё не магчыма абсалютна. А яшчэ сведка таго, што я гэта рабіў быў Селіванаў. Селіванаў аказваецца гэта быў кіроўца аўтазака. Як Селіванаў як кіроўца аўтазака мог з вышыні аўтамабіля ў натоўпе бачыць, як Саўка там крычыць, ці чуць. Гэта проста абсурд! Селіванаў сядзеў у аўтазаку і прывёз мяне. Няма гарантыі, што менавіта гэтым аўтазакам я прыехаў у гасцінныя апартаменты Акрэсціна. Як бы гэта ўсе цудоўна разумелі. Цудоўна разумела начальства, якое дарэчы вельмі абуралася з непадрыхтаванасці. Прыехаў высокі чын і на матнай мове, з ужываннем фекальных праклёнаў (мне не хацелася б іх паўтараць) і зноў, кажа: Вы (ён звярнуўся да кіраўніцтва акрэсцінскага) – ізноў вы аба...” Маўляў, што няма нават паперы для таго, каб пісаць, няма бланкаў, на якіх складаць адпаведныя дакументы, пратаколы, якія сведчаць нашу віну.

Ведаеце, пры ўсёй вымоўнасці эмацыйнай гэтай сітуацыі, важны факт і для гісторыкаў можа быць. Міліцыя, спецназ, вот гэтыя органы, ну гэта ўжо органы, якія выконваюць пакаранне, таксама не былі падрыхтаваныя, значыцца такі аграмадны, маштабны хапун быў для іх навіною. Яны не падрыхтаваліся, яны не думалі, што за ноч прыйдзецца апрацаваць прыкладна 800 чалавек. Ну, думаю, на сотню ў іх паперы хапіла, а на астатніх – не. Як не хацелі (істотны момант), як абломна было ўсім гэтым людзям складаць пратаколы, штосьці пісаць. Гэта ж трэба было апытваць кожнага з нас, уявіце сабе, які аб’ём народу! І папрыганял. Мяне, напрыклад, апытвыў афіцэр Кахновіч з Кастрычніцкага РУУСу, які скончыў педагагічны ўніверсітэт і які аказаўся (мы з ім разгаварыліся) у прынцыпе сімпатычны дзядзька, маладзейшы за мяне. Таму ён з нейкаю павагаю ставіўся да мяне. І гэты Кахновіч расказаў, што ў іх былі лекцыі па-беларуску, тое, што ён нешта адказваў на іспытах па-беларуску. Вот гэты ж чалавек мог быць настаўнікам (па-мойму, ён на біяфаку вучыўся), мог бы быць добрым настаўнікам, я дапускаю, біялогіі. Ну вот стаўся міліцыянерам.

І вот калі я бачыў, як апытвалі міліцыянты іншых удзельнікаў падзеяў, была такая нервовасць, несумненна, з боку міліцыі, але яна ніяк не вынікала з усведамлення нашай глыбокай віны. Вось не было гэтай нянавісці: вы злачынцы, вы мусіце сядзець, вы мусіце быць пакаранымі. Не! Яны былі злыя, што ім даручаюць такую брудную, паскудную работу, што яны мусяць сядзець сярод ночы, яны дагэтуль мусілі на ўчастках дзяжурыць цэлы тыдзень, яны злыя, што ўлезлі ў гэтую працу і мусяць выграбаць за кагосьці гэтае лайно.

Нас завялі ў камеру, набілася народу, мусілі там чакаць рашэння. Адкаталі нам яшчэ раз пальчыкі, паздымалі нас, чарговы раз я трапіў у камеру. І сядзелі, сядзелі чакалі, калі нас развязуць на суды. Я ў некалькіх розных камерах сядзеў, у розных “групах апрацоўкі”, так скажам, сядзеў. Гэта, вядома, пераважна людзі маладзейшыя за мяне былі, але былі і людзі сталага веку, ну, напрыклад, на судзе быў чалавек, якому больш за 70 гадоў. Па-мойму, яму далі штраф.

Нейкі інтэлігентны мужчына доўга штосьці распавядаў пра ядравыя рэакцыі, мне здалося, што ён фізік, можа, з нейкай навуковай ступенню. І людзей было нямала з адукацыяй, інтэлігентных людзей, гэта было чуваць па тым, як яны рэагуюць на сітуацыю, як яны разважаюць. Былі вельмі простыя людзі, якія заяўлялі, выказваліся больш катэгарычна і адназначна, што ім не падабаецца, яны лічаць гэта злачынствам. Трэба сказаць, што там на Акрэсціна, я сустракаў толькі людзей, якія невыпадкова трапілі, якія ішлі на акцыю, якія ішлі на Плошчу, якія ішлі пратэставаць. А вось калі я сядзеў у Жодзіне ў турме, вот там былі людзі “ўскосныя”. Сярод іх былі тры чалавекі з дванаццаці (спачатку было 14, адзін мусіў спаць на стале, а другі пад сталом – больш народу, чымся месцаў у камеры). Потым засталося 12, кожны чацверты з іх трапілі сюды абсалютна выпадкова. Два з іх выйшлі на Нямігу адзначыць добры зімовы дзень. Трошку паддаценькія, вясёлыя хлопцы з будоўлі. Іх загрэблі, яны нават не зразумелі за што. Яны нават не ведалі, што тут адбываецца. Ведалі, што нейкія выбары. Ну, выбары сабе, а іхняя радасць жыцця сабе. Аказалася, не! Сышліся гэтым вечарком два шляхі: прэзідэнцкі і грамадзянскі.

Быў адзін хлопец, які ўвогуле прыехаў у Менск з, мне здаецца, Лагойскага раёну, ён – ляснік. Вот ляснік, так сталася, што ён прадаваў лес налева. Ён адзін раз прадаў налева, ну, неяк заўважылі, яшчэ раз прадаў налева, яшчэ заўважылі. Ён у Жодзіне ўжо не першы раз сядзеў за дробныя крадзяжы. Ён вельмі спакойны быў хлопец, ні ў чым не ўдзельнічаў, ні ў якіх гутарках. А калі мы ў яго запыталіся, што ён думае пра гэта ўсё (яго ў Менску схапілі ў часе акцыі, але абсалютна выпадкова), і ён сказаў, што ў прынцыпе нічога супраць Лукашэнкі не мае, галасаваў за Лукашэнку. “Хлопец, ды як так, як так?! За Лукашэнку?!” Ён кажа, што Лукашэнка абяцаў павысіць заробак нам (ну, ён – бюджэтная сфера), ён павысіў. Ён зрабіў, што абяцаў, ну і мне трэба зрабіць крок наперад. Гэта я цяпер у разгорнутым выглядзе падаў, хлопец быў вельмі лаканічны. Ён проста прыехаў у Менск, хацеў аўтамабіль купіць і такім чынам ачараваць сваю нявесту новым аўтамабілем. Новы жаніх – новы аўтамабіль. І як гэта для яго няшчасна скончылася... Істотны момант – ніхто яго не гнёў, не казаў: “Ах, ты, такі-гэткі, як ты тут за Луку?! А мы тут парымся за яго!” Ніхто не асуджаў, проста паціснулі плячыма. Ну, ёсць і такія людзі, такія дзівакі, калі не сказаць больш. А гэтыя два хлопцы такія рэвалюцыянеры, кажуць, мы будзем заўсёды галасаваць супраць Лукі, мы ўсім пакажам, мы ўсім раскажам і гэтак далей.

Так! Яны прайшлі, я б сказаў, выдатную палітычную школу. Калі раней было напляваць на гэта з высокай ёлкі, то цяпер яны, несумненна, людзі больш свядомыя, якія разумеюць, што адбываецца ў краіне. Ну, і калі стабільнасць назіраецца, не значыць, што стабільнасць дасягаецца толькі... эх... добрымі намерамі і добрымі здзяйсненнямі!

Наконт здзекаў. Людзей пратрымалі на калідоры тварам да сценкі некалькі гадзінаў, думаю, гэта не самае прыемнае выпрабаванне. Далей, вядома, трэба сказаць, што нас не кармілі на наступны дзень, покуль нас не размеркавалі ўжо ў турму, 21 (снежня). 20-га людзі нічога не елі. Ну, добра, я падрыхтаваўся. Некаторыя не рыхтаваліся, яны прыйшлі на пляц – іх загрэблі. Людзі сапраўды моцна хацелі есці. Ці гэта здзекі? Камусьці толькі пахуднець. Мне, можа, гэта пайшло на карысць? Самае цяжкое – гэта было стаяць у так званым “стакане” ў судзе. Пляцоўка 80 на 80 см, там ёсць і вузейшыя. І ў яе запіхваюць дваіх, траіх. У адным з такіх месцаў мы стаялі ўчатырох цягам... 2-х, 3-х, 4-х гадзінаў. Потым павялі ў іншае месца, такое ж. Там ты можаш стаяць толькі на дзвюх нагах, прысесці не можа ніхто ў такой сітуацыі. Змяніць позу, хоць нейкім чынам абаперціся, толькі на сценку плячыма, ты нават не можаш памяняцца месцамі з кімсьці, перайсці, пераступіць, бо ўсюды ногі. Уся плошча падлогі занятая нагамі. Вельмі непрыемна! Гэта форма катавання, несумненна. Вядома, цябе ніхто не б’е, але нармальнаму чалавечаму арганізму трэба больш прасторы для прымальнага існавання.

Самае цяжкое, ну проста на мяжы выноснасці, гэта было транспартаванне. Нас засунулі ў аўтазак, якія прызначаны, каб перавозіць зэкаў, падзелены на катушкі. Я трапіў на адной з перавозак (там былі то з суду, то ў суд, то зноў на Акрэсціна – было шмат перавозак). Два разы я трапіў у заднія дзверы, тое аддзяленне шырэйшае, большае, але народу было так шмат, а транспарту так мала, у параўнанні з колькасцю зэкаў, ужо можна і так сказаць, бо нас на месца, куды пры добрых камфортавых умовах змяшчаецца 4, ну, 5, – нас загналі 14 чалавек. І потым, калі мы стаялі, мусілі выязджаць з суда, і нас не ведалі, куды везці. Гадзіны тры нас пратрымалі ў такім выглядзе, дыхаць там не было чым. Зіма, халадно, было зябенька, калі нас грузілі. Калі мы сядзелі, надыхалі, у зімовай вопратцы чалавечыя целы, прадыхнуць не было як. Я адчуваў, як на мяне капае чалавечы пот з людзей, якія стаялі па-нада мною. Там ёсць лавачкі, мяне грузілі адным з першых, я заняў такое даволь камфортавае месца на лавачцы. На мяне капаў пот, дыхаць не было чым, адзін хлопец пачынаў млець. І пачалі стукаць туды, крычаць: “Адчыняйце! Што вы робіце!” Гэта быў відавочны абсалютны здзек. Гэта было зроблена, я не сумняюся, абсалютна наўмысна. Нас можна было не грузіць, нас можна было патрымаць у нейкім іншым памяшканні. Пасадзіць людзей у такіх умовах, дзе чалавек выпрастацца не можа, выпрастаць рукі не можа, бо ён наткнецца на іншых сядзельцаў. Несумненна, там ужо было такое пачуццё, ці не хочуць нас (мы ж не ведалі, якія тактыка і стратэгія тых, хто вырашыў з намі расправіцца) – нас запалохаць. Можа, яны проста хочуць нас задушыць тут, у гэтым умовах. Дыхаць там няма чым, там няма акенца, ніякіх продухаў, толькі, натуральна, шчыліны паміж швамі металёвых лістоў, з якіх зроблена гэтая будка. Я скажу, што гэта было самае цяжкое выпрабаванне за ўсё маё жыццё. Думаю, што не толькі я магу гэта цвердзіць, але і астатнія сядзельцы гэтай душагубкі.

Па-першае, мы ведалі, што нас сотні – сотні людзей апынуліся у такой сітуацыі. Мы аднадумцы, мы ведалі, на што мы ішлі, дзеля чаго мы ішлі. Вядома, не стаць расстраляным мясам, ніхто пра гэта не думаў, не дапускаў. Тым у большую роспач мы ўпадалі, калі бачылі такое стаўленне да сябе, што нас трымаюць у такіх умовах.

Яшчэ хацеў бы расказаць, як нас прымалі ў Жодзіне. Завезлі. Гэта турма сапраўдная, у якую можна трапіць толькі праз доўгія праходы пад зямлёю, гэта адзіны шлях. Такім чынам, відаць, адміністрацыя турмы стараецца забяспечыцца ад уцёкаў зэкаў. І мы праходзілі адным доўгім-доўгім падземным калідорам з рукамі на патыліцы. Усё як Чыпаліна, як яго сямейку вадзілі. Вот так нас прачыпалінілі па жодзінскіх сутарэннях. Ну, напрыклад, там стаяў міліцыянт з сабакам. Для чаго сабака? Ну, натуральна, для таго, каб людзей запалохаць. Як ты што не так зробіш, на цябе напускаюць сабаку, потым даказвай, хто цябе пакусаў, пры якіх акалічнасцях і калі. На ўваходзе ў будынак турмы стаяў здаравенны спецназавец у чорным. У яго ніякіх пазнакаў не было, і ён усім даваў пад дых. Проста кожнаму, на ўваходзе, проста так. Называецца “прапіска”. “Прапісваў”. Я не ведаю, што ўва мне было, можа, ён паглядзеў, што я ўжо з сівізною – дзядзька ідзе. Ён мне не ўдарыў пад дых, а ўсіх астатніх прапісваў””. Адзін хлопец паваліўся, не на маіх вачах, гэта ўжо расказвалі, што галодны чалавек, вымучаны катаваннямі. А нас ужо прывезлі. Ну, мінула гадзінаў так ужо 30-25, з моманту, як нас па аўтазаках рассавалі. Галодныя, знясіленыя людзі. І нейкі хлопец ад нечаканасці, ад знясіленасці не ўтрымаўся на нагах і проста ляснуўся на цэментавую падлогу там. Пра гэта расказвалі хлопцы. Можна аднавіць, можна знайсці гэтага чалавека.

Суд – асобная камедыя. Ведаеце, покуль я сядзеў і чакаў, як мяне завядуць у гэты кабінецік, каб разглядалася мая справа, што я там буду гаварыць. Я прадумваў, што я буду гаварыць, я прадумваў гэтую “прамову Цыцэрона”. Божа ты мой! Мне здавалася, што я ніколі не быў такі пераканаўчы. Я ўсё ж такі лектар, я быў старэйшым выкладчыкам Лінгвістычнага ўніверсітэту, 8 гадоў адрабіў. І авалодаць аўдыторыяй – гэта мая прафесія, гэта – маё майстэрства. Я рыхтаваў гэтую прамову, я спадзяваўся. Вядома, вялікіх надзеяў (я не настолькі наіўны чалавек), але я нават дапускаў: глядзіш і – ах, маё майстэрства прамоўцы, можа, зменіць мой лёс трошкі! Бо хлопцы выходзілі, казалі: 15. Калі выслухалі, прысуды пачаліся, я думаю: ну, паглядзім як там, ці ўдасца паўплываць на свой лёс. Заходжу, разам з міліцыянтам, ён заўсёды прысутнічаў увесь час, колькі я быў у гэтым кабінеціку. Сядзіць маленькая чорненькая жанчынка ў акулярках (гэта і ёсці суддзя), а там дзесьці ў куточку сакратарка. Трэба сказаць, што Савецкі суд, як ні ідыяматычна гэта гучыць, аказаўся люты. У судзе Савецкага раёну давалі амаль ўсім па 15, мала каму, толькі калі ты прызнаваў сваю віну, табе давалі 12. У іншых судох была трошкі іншая сітуацыя. І я ведаю, што нехта нават 7 атрымліваў, але не ў судзе Савецкага раёну. І тое, што Савецкі суд самы справядлівы суд у свеце, гэта найярчэйшым чынам пацвердзілася ў часе судовых паседжанняў. Гэтая суддзя Фёдарава, яна на мяне нават вачэй не падымала, я не бачыў яе вачэй. Такое было пачуццё, што сядзіць маленькі няшчасны спалоханы чалавечак перад табой, які і ўвасабляе ўладу, вот гэтую вот машыну. Вот гэтая маленькая шасцярня не задала мне амаль ніякіх пытанняў, яна проста слухала. Я гаварыў столькі, колькі хацеў. Я стараўся пераканаць яе, у яе асобе высокі суд, тое, што маё пакаранне як бацькі шматдзетнага (у мяне чацвёра дзяцей), усё ж такі будзе пакараннем не столькі мяне, колькі незаслужаным пакараннем маіх дзяцей, якія будуць пазбаўленыя (як аказалася, на паўмесяца) бацькоўскай увагі, бацькоўскай апекі. Аказалася, што мая прамова не была аж настолькі пераканаўчай. Мне ўсё ж такі інкрымінавалі, што я крычаў “Живе Беларусь” і “Уходи”, я сказаў на гэта тое, што я лічу, што “Жыве Беларусь!” у гэтай краіне павінна быць нацыянальным лозунгам. А як жа сама сабе Беларусь, беларуская дзяржава не будзе зычыць сама сабе жыцця, доўгіх гадоў існавання і квітнення?! Што да “Уходи”, я не крычаў “Уходи”, я ніколі не крычу ніякіх расейскіх лозунгаў і ўвогуле, калі ёсць магчымасць не гаварыць, я не гавару па-расейску ні ў якіх сітуацыях. Такім чынам, інкрымінаванае мне не адпавядае рэчаіснасці. Не кажучы пра тое, што сведчанні Багданава і Селіванава не маглі быць валентнымі, не маглі быць рэальнымі з той прычыны, што ні яны мяне, ні я іх у часе гэтых падзеяў проста не бачылі.

Іх не было на судзе, як яны маглі быць? Яны былі занятыя, каб яны на ўсе суды хадзілі, дзе яны сведкамі праходзілі, яны б усе боты стапталі. Стаяў побач міліцыянт, які ніякіх пачуццяў апроч пачуцця нейкай скрухі на твары не чыталася: ну, як фашысты звялі карову, а пратэставаць няма як. Вот тое, што чыталася мне на твары таго міліцыянта, які мяне вадзіў на суд і назад у зборню ў будынку Савецкага раённага суда. І потым, калі мяне прывялі на абвешчанне прысуду ў дачыненні мяне, і прагучала: на 15 сутак, там штосьці такое. Я паглядзеў на гэтага міліцыянта, як бы паціснуў плячыма: э, за што? Гэты міліцыянт так скасіў на мяне вочы, бровы таксама падняў. Маўляў, што зробіш! Маўляў, я таксама разумею, што не за што. Ну, вот так вот, улада... як бы вачыма, бровамі сваімі развёў, як рукамі.

Праблема з моўным рэжымам была адзін раз, калі ўжо сядзелі ў Жодзіне. Аднаго разу змяніўся дзяжурны, прыйшоў дзяжурны, якога мы не бачылі, ён нас не бачыў. Бялявенькі хлопчык, такі корчык вясковы. Беларус беларусам, ясна, наш вясковы хлопец ды і не вельмі чыста па-расейску гаворыць, з беларускім акцэнтам. Вясковец нармальны, такіх тысячы, калі і не мільёны. Яго вельмі здзівіла, што я звярнуўся да яго па-беларуску. Ён так зрэагаваў, ці не магу я па-расейску гаварыць. Я кажу: “Як па-расейску?! А што, вы не разумееце? Вы што, з Кыргыстану?” Павісла паўза. Пасля гэтага ён сумеўся і больш пытанне мовы не ўзнікала.

Скажу наконт мовы яшчэ такі момант. Там былі міліцыянты, прынамсі два, якія спрабавалі гаварыць па-беларуску. Яны рэагавалі па-беларуску, чуючы, што нехта звяртаецца па-беларуску, гаворыць па-беларуску, – яны адказваюць па-беларуску. Я не скажу, што быў вельмі здзіўлены, не. Хлопцы хадзілі ў беларускую школу, да хлопцаў мамка так гаварыла, бабка, дзед так гаварылі. Ну, чаму ім не размаўляць?! Гэта ж не па-афрыканску, не на суахілі размаўляць усё ж такі?! Цеплынёю павеяла, я думаю, і ім таксама. Для іх, можа, гэта быў спосаб салідарызавацца. Яны не маглі гэтага паказаць, але, можа, гэта быў спосаб сказаць: “Ну, хлопцы, мы таксама. Ну, мы “за”, толькі як улада зменіцца...” Мы чуем гэта вельмі часта ад міліцыянтаў, калі яны аказваюцца нашымі далёкімі сваякамі, знаёмымі знаёмых. Яны як бы ўсё разумеюць, але... І гэтыя два міліцыянты казалі: нам беларуская мова не чужая, мы таксама беларусы. А чаго тут?!

Ці дараваў я ўсім? Я не магу сказаць, у мяне няма нейкай злой такой вот нянавісці. І не было нават на Лукашэнку ні злосці, ні нянавісці. Проста гэта такое зло, да якога прызвычаішся і ўспрымаеш такім, які ён ёсць. Як вот ведаеце, бедная жонка, якая ведае, што ейны муж такі п’яніца, такі свалата і хамло, і гультай, але яна з ім жыве дзесяцігоддзямі. Яна ведае і прымае яго такім, як ёсць, усведамляючы ягоную паскуднасць. Адно не замінае другому! Вот штосьці такое. Да таго моманту, покуль я не пачуў прамовы Лукашэнкі ў парламенце, калі ён сказаў: “Божа ты мой, калі табе далі па галаве, ты ж мужык, чаго ты скардзішся?!” Я думаю, не ў аднаго мяне, у тысячы беларусаў узнікла жаданне паставіць яго самога ў такія ўмовы. Як бы ён пачаў скуголіць! Расейцы ў яго кранік адзін закруцяць, ён ужо так вішчыць, нібы яму нагу адрэзалі. А што б ён рабіў, калі б яго тупа збівалі?! Была злосць, і вот гэтая злосць з таго моманту канкрэтна на Лукашэнку засталася. Яе не было колькі я сядзеў, хоць ведаў, што гэта яго загад (я не сумняюся і да гэтага моманту. Відаць, гісторыкам прыйшлося б вельмі добра папрацаваць, каб пераканаць мяне ў адваротным). А вот гэтая злосць вот тады зарадзілася, калі я паглядзеў, з якім сэрцам чалавек каментуе тое, што ён з намі зрабіў. Ці ёсць у яго шкадаванне? Ці ёсць у яго гэтая доля ўсведамлення? “Ну, паскудства я раблю ўсё ж такі”. Я гляджу, не. Не, ён бароніць праўды.

Ці вычуваю я нянавісць да астатніх выканаўцаў? Не, не вычуваю. Апроч вот гэтага вот садыста, які абсалютна сведама біў людзей, і яшчэ міліцыянтаў, калі нас везлі з Менску ў Жодзіна, было некалькі міліцыянтаў (2 ці 3 чалавекі), якія да нас прамаўлялі (іх шмат набілася ў тым жа самым аўтобусе), правакавалі нас і зневажалі. Ну, акуратнымі словамі (там было сказана, натуральна, матнаю моваю), яны заклікалі нас уступаць у гомасэксуальныя дачыненні адзін з адным... Такая дзікасць!.. Я такіх прамоў, такіх выказванняў, такіх тэкстаў у прынцыпе не мог сабе ўявіць! Настолькі брудных, настолькі па-за межамі любой этыкі, якую толькі можна сабе ўявіць. Для мяне гэта было калі не шокам (бо я лінгвіст, я магу любыя словы побач сабе ўявіць), то такім цяжкім уражаннем. Натуральна, яны, як гэта водзіцца заўсёды ў такіх сітуацыях, палохалі нас, што пасадзяць нас да зэкаў, што нас там усіх “апусцяць” і гэтак далей. І аказалася, потым мы сядзелі з некаторымі хлопцамі разам, і яны кажуць, што іх і пасадзілі з зэкамі. Дваіх хлопцаў у розныя камеры па адным і “пасялілі” з зэкамі пачаткова. І тое, што да аднаго з гэтых хлопцаў адзін “пятух”, як яны кажуць, спрабаваў падлезці, і старэйшы зэк не дазволіў яму. Сказаў: “Адчапіся, не лезь да яго”, і абараніў гэтага маладога хлопца. Там жа ў Жодзіне засялілі, аказваецца некаторыя трапілі да сапраўдных зэкаў. Не толькі ў палітычныя хаты, але і ў такія зэкаўскія. Такім чынам, пагроза не была пустою.

І мне да сённяшняга дня хочацца сустрэць свайго суддзю, спадарыню Фёдараву, і запытаць у яе: вы памятаеце мяне? Запытаць яе: а вот чаму вы так зрабілі? Вы ж маглі ці даць менш, ці ўвогуле даць штраф, ці, нарэшце, апраўдаць. Што вам не дазваляла? Чаму вы так рабілі? Вы ж маглі ўвогуле не судзіць, напрыклад, не ў крымінальным судзе, не ў адміністрацыйным судзе, а займацца гаспадарчымі справамі ўсё ж такі. Інакш кажучы, можна было б знайсці ў вялікай Беларусі сабе месца і займацца больш пачэснай, больш сумленнай працаю. Мне проста хацелася б яе пабачыць, з ёй паразмаўляць, зазірнуць ёй у вочы. Я думаю, гэта жаданне любога зэка, якога несправядліва асудзілі, усё ж такі сустрэць свайго суддзю. Але я параіўся з праваабаронцамі нашымі, яны кажуць, яна на цябе напіша паперу, што ты там на яе спрабаваў напасці не напасці, але пагражаў уваходзіць у кантакт, і гэта можа скончыцца для цябе найгоршымі наступствамі. Вот покуль што чакаю свабоды, калі змагу прыйсці да сваёй суддзі. У мяне няма нянавісці да чалавека, мне з пабуджэнняў чалавеказнаўцы: хочацца ўзбагаціць свой чалавеказнаўчы багаж такім чынам. Запытацца: як вы пачуваецеся пасля гэтага? Што выклікае, што штурхае вас рабіць гэта? Мне зразумела, чаму я прыйшоў на плошчу, а мне не зразумелыя вот гэтыя людзі, якія гатовыя (ну, ім далі загад даваць усім па 15, можа, старшыня суда Савецкага раёну: “Усім давай па 15, калі не прызнае, калі прызнае, то давай па 12”). Для мяне гэта пытанне. І, можа, прыйдзе той сонечны дзень, калі я змагу не асцерагаючыся на пераслед, усё ж такі змагу сустрэцца з чалавекам, засведчыць чалавеку, што ў мяне няма нянавісці, няма імкнення паквітацца. Мне проста хочацца зразумець так, як мы ўсё жыццё жывем, каб зразумець іншых людзей. І мне хочацца сярод іншых людзей, светлых людзей, якія адыгралі станоўчую ролю ў маім жыцці, зразумець і людзей, якія адыгралі ў маім жыцці і адмоўную ролю: што імі кіруе?

Можа, я наіўны чалавек, мне хацелася б паставіць кропку ў гэтай справе. Покуль я не зрабіў спробы паразмаўляць са сваёй суддзёю, у мяне ёсць пачуццё, што гэты эпізод (гэтая адсідка, гэтыя падзеі 19 снежня 2010 году) застаўся не скончаным.

Такіх людзей, як Лукашэнка, я сустракаў, сустракаю даволі часта. Людзей, якія могуць пачынаць сказ адным цверджаннем, а сканчаць яго абсалютна адваротным. Бяда толькі ў тым, што такі чалавек кіруе намі. Я б не містыфікаваў Лукашэнку як нейкае надзвычайнае, унікальнае зло, не містыфікаваў яго як ненавісніка ўсёй беларушчыны, не рабіў бы з яго нейкага апалагета савецкіх каштоўнасцяў. Нічога гэтага няма. Топча ён беларушчыну толькі таму, што бачыць у ёй пагрозу, – не бачыў бы пагрозы, усё было б іначай з той жа беларушчынай. Гэта, я б сказаў, не вельмі часты, але народны тып.

У ЖЭСе 36, да якога належыць кватэра, у якой я прапісаны, ёсць дырэктар, як у любым іншым ЖЭСе. Калі ў нас была аварыя з віны, што ЖЭС недагледзеў, што у аварыйны стан прыйшла вонкавая сценка, я да яго звярнуўся, кажу: “Як так, як так?! Залева заліла, дажджавая вада пранікла ў кватэру, заліла кватэру”. Ён кажа: “Добра, мы пад’едзем, мы паглядзім”. Ён пад’язджае, паглядзеў. Яны штосьці пачалі рамантаваць, і гэты чалавек мне кажа: “Мы зробім гэта, мы зробім гэта, мы зробім гэта”... Мінае пэўны час – не зроблена ні гэта, ні гэта, ні гэта... Я да яго звяртаюся: “Вы ж казалі, вы ж абяцалі!” – “Я абяцаў, я казаў? Дарагі грамадзянін, вы нешта блытаеце, вы глыбака не маеце рацыі”. Вот гэты тып народны не вельмі пашыраны, але які ёсць сярод любога народу. Чалавек няшчыры, чалавек гатовы дзеля выгады выкруціць чорнае ў белае, белае ў чорнае. Вось хто намі сёння кіруе. Ніякіх надзвычайных уласцівасцяў, ніякіх надчалавечых талентаў я ў гэтым чалавеку не бачу. Я думаю, на іншым месцы, менш адказным, вось гэтая хлуслівасць, вот гэтая вываротлівасць, калі б яны былі не так запатрабаваныя акалічнасцямі, у якія ён сам сябе паставіў і якія вынеслі яго наверх, – ён бы мог аказацца някепскім гаспадаром, аказацца сумленным, патрабавальным, можа, не заўсёды шчырым, але някепскім кіраўніком на нейкім роўні саўгасу, таго ж ЖЭСу. І зло маленькае такою аграмаднаю ўладаю памнажаецца. Ніякі Лукашэнка не быў бы магчымы ў краіне, у якой падначалены можа сказаць свайму начальніку: “Ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, давайце мы так не будзе рабіць, бо будзе тое і тое...”

Калі ўся сістэма створаная для таго, каб выконваць любыя, самыя злачынныя, самыя ідыёцкія, самыя адыёзныя загады, – чалавек акрыляецца сваёй усёмагутнасцю і сваёю беспакаранасцю. І гэтая злосць, якая ў ім ёсць, кепскія рысы ў чалавека проста перамнажаюцца на сілу ўлады. Ён не злейшы за тысячы беларусаў, з якімі нам выпадала сустрэцца. Ён не больш ненавідзіць беларушчыну, ён увогуле не ненавідзіць беларушчыну. І калі б ён гадаваўся ў іншых умовах, калі б іначай павярнулася ўсё, я думаю, што мы б не бачылі яго сярод сваіх ворагаў. Можа, ён ніколі не быў бы нашым паплечнікам, проста быў бы яшчэ адным нашым суседам, грамадзянінам Лукашэнкам шэраговым.

У нас Савецкі Саюз працягваўся, і ён у Расеі працягваецца, ён у вялікай ступені працягваецца ва Украіне. Я ўжо не кажу, што ўся Сярэдняя Азія – Савецкі Саюз да сённяшняга дня. Чым ён адрозніваецца ад таго, што было, тое, што кампартыі няма, толькі гэтым, толькі назвамі, шыльдамі. Сутнасна там дачыненні паміж уладаю і народам засталіся тыя ж самыя. Скажу больш: Савецкі Саюз такая самая імперыя з царом, толькі ён называўся генеральны сакратар кампартыі. Вось і ўсё. Гэта тая самая абсалютысцкая сістэма, трошку прычасаная, у якой была ідэалогія. Чым адрозніваецца прынцыпова беларуская сітуацыя ад савецкай сітуацыі, гэта поўная адсутнасць ідэалогіі. І гэтыя спробы натужныя пачаць нашую гісторыю з 1917 году, а яшчэ лепш з 1941 году, яны не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Немагчыма, каб нацыя жыла і будавалася падзеямі 50-цігадовай адлегласці ўсяго толькі. Гэта не нацыя! І таму ўлады ўвесь час пахопліва шукаюць, за што б ім зачапіцца. За якія гістарычныя факты, за якіх асобаў. Пачалі раздзімаць Машэрава.

Самая вялікая непрыемнасць сядзення ў турме – гэта харчаванне. Па-першае, самы ранак, стукаецца чалавек на раздачы, прыносяць хлеб. Кожнаму па паўбохана. Хлеб, цаглінкі, гэты хлеб, немагчыма атрымліваць задавальнення ад яго ядзення, толькі набіваць жывот. Такога хлеба нідзе не прадаюць, яго наўмысна для турмы выпякаюць па рэцэптуры 1935 году, я дапускаю. Бо настолькі кіслы, нясмачны, глёўкі, лепіцца гэты хлеб, відаць, для таго, каб добра было шахматы рабіць з мякоты. Далей, капуста. Штодня кіслая, перакіслая капуста. Ад капусты, ад хлеба, ад паштэту (называецца рыбны паштэт, фактычна, з рыбінымі вочкамі змяшаныя хрыбетнікі) увесь час пякотка, увесь час баліць страўнік. За радасць – гэта калі макарона з квазітушонкаю, за радасць – гэта калі сачыўку, напрыклад, давалі. Я сачыўкі не еў з малога дзяцінства, часам мама вырыла. На дзесяцігоддзі я адарваўся ад гэтай цудоўнай кашы, а там была за радасць. Вось такое харчаванне – гэта, несумненна, катаванне. Ніякіх перадачаў не дазвалялі харчовых, толькі мінеральная вада, з чкой накрыўкі паскручваныя. Усё, гэта адзінае харчовае, калі можна ваду лічыць харчам, што дазвалялі да перадачы. Прычым у зэкаў, як расказвалі хлопцы, што трапілі ў зэкаўскія камеры, там быў поўны стол, там нейкі бугор меў чым пачаставаць і, вядома, нічога агульнага з тою бурдою, што давалі ў турме, гэты стол не меў. Шмат хто увогуле стараўся не есці, проста пілі ваду і практычна галадавалі. Яны мінімальна, толькі калі бульбачка, кашка, – трошку з’ядуць. Але я таксама праз некалькі дзён, пабачыўшы, што такое харчаванне прывядзе мой страўнік да цяжкой невылечнай хваробы, я сабе сказаў: лепш я буду галадаваць, чымся есці такое. Я перастаў есці хлеб, я перастаў есці кіслую капусту, гэтую перакісленую капусту і гэтыя вочкі з хрыбетнікамі, якія называліся рыбным паштэтам. Так шмат хто рабіў і, вядома, гэта пайшло ў пэўным сэнсе на карысць маёй не зусім вузенькай фігуры. Аднак уявіць сабе такое харчаванне гадамі! Гэта спосаб загубіць чалавека не б’ючы яго, здавалася б, не ставячы яго “на расцяжку”, але таксама яго ўкатаваўшы такою нечалавечаю ежаю.

Трэба сказаць, што сярод сядзельцаў было нямала інтэлігентных людзей, я пазнаёміўся з некаторымі. Ну, напрыклад, з кандыдатам фізічных навук, чалавекам адукаваным, вельмі абчытаным, з якім мы доўгімі гадзінамі размаўлялі. Там былі хлопцы, якія таксама цікавіліся літаратурай, якіх цікавілі шмат якія рэчы на свеце. Вядома, сядзець з палітычнымі – гэта ў нейкай ступені ўзбагаціцца не толькі чалавечым досведам, але проста ведамі. Адзін адному расказвалі – гэта быў наш тэлевізар, гэта быў наш канал “Discovery” – адныя другім расказвалі нейкія цікавыя назіранні. Не кажучы пра тое, што рэдка бывае, каб у камеры не аказаўся нейкі такі адораны народны апавядальнік. Вот у нас у камеры быў такі хлопец, які ўвесь час расказваў нейкія жыццёвыя гісторыі, і мы рагаталі столькі, колькі нам дазваляла ахова за дзвярыма. Вядама, некаторыя дзяжурныя пры любых шолахах, асабліва ўночы, заходзілі і тут жа нас усіх усяляк супакойвалі, пагражаючы, што нас гэтага пазбавяць, зробяць так і гэтак. Мы стараліся моцна не парушаць парадак турэмны, але нямала было гумару, нямала было і смехаў, нямала весялосці, таму сядзелася не вельмі сумна. Сказаць, што кожная хвіліна ў турме была для нас выпрабаваннем, гэта ўсё ж такі было б няпраўдай. Было даволі цёпла, аднак у адзін са шмонаў, нам адчынілі фортку, і потым гэтая фортка не замыкалася. І так мы мусілі цэлы дзень прабыць з гэтаю форткай адчыненаю, пераначаваць з ёю. Пачаліся моцныя маразы, як раз недзе пад Новы год моцны мінус, і пачалі мерзці, асабліва тыя, чые ложкі стаялі проста пад форткаю. Прыйшлося вельмі доўга дамагацца, каб нам гэтую фортку зачынілі. Адміністрацыя не адміністрацыя – стараліся гэтай форткі не зачыняць.

Хацеў адзначыць першы дзень, дакладней першую ноч у турме, калі нас прымалі і аглядалі медычныя працаўнікі. Першае, што нас прымусілі ўсіх распрануцца дагала. Ну, я думаю, зараз у ... пачнуць зазіраць. Не, гэтага не адбывалася. Дастаткова было прысесці, пасля гэтага можна было апрануцца і ісці да доктара. Там медсястра пісала, доктар нас апытваў нібыта, і, калі людзі стараліся звярнуць увагу на тое, што яны маюць нейкія хваробы, на тое, што яны кепска пачуваюцца ці хворыя, – на вот такія моманты дактары стараліся іх пераканаць, што гэта не так. Яны стараліся пераканаць: ды гэта ў вас нічога страшнага, чаму вы скардзіцеся? Вы што, на дыспансэрным уліку з гэтаю хваробаю? – Не, не на дыспансэрным. Не настолькі, што я ўжо быў інвалідам. – Дык а навошта мы будзем гэта адлюстроўваць, мы не павінны гэта адлюстроўваць у медычным паведамленні агляду. Калі вы не на дыспансэрным уліку, калі вы не хранічна хворы, то вы наагул здаровы чалавек. На што вы скардзіцеся?

Адзін з хлопцаў вельмі захварэў моцна. У яго ўвесь твар чырвоны, у яго высокая тэмпература, ліецца з вачэй, ліецца з носа. Сапраўды бачыш, што чалавеку кепска, яму патрабуецца медычная дапамога. Мы шмат-шмат разоў патрабавалі, каб яго агледзеў доктар, але гэта адбылося толькі на трэці дзень хваробы. Яго не ізалявалі, яго нікуды не паклалі, яму проста падалі жменю таблетак, якія ён мусіў выпіваць. Сапраўды ён паздаравеў праз нейкі час, не скажу, што ён памёр у цяжкіх пакутах, не. Але тое, што нас стараліся і такім чынам зламаць, такім чынам нас пакараць, фактычна адмаўляючы нам і ў медычнай дапамозе, і, ігнаруючы, стараліся не фіксаваць хваробаў, пра якія чалавек усё ж такі заяўляў. Сведчаннем гэтага, напрыклад, я гіпертонік, у мяне падвышаны ціск, і гэта паказала, калі ў мяне ціск гэты памералі, але яны не ўнеслі гэта ў паперы. Яны сказалі: “Вы што, вы гіпертонік, вы інваліднасць маеце, вы на дыспансэрным уліку ў звязку з гіпертаніяй сваёй?” Я кажу: “Не, не настолькі кепска”. – “Значыцца, вы здаровы”.

Калі я не хлусіў у судзе, што ж я буду тут прыніжаць сябе хлуснёю! Я сказаў: “Так, я быў, я сведама прыйшоў у гэтае месца”. Я сапраўды крычаў “Жыве Беларусь!”. Што ж, калі я ў такіх справах не хлусіў, не хаваўся, хоць гэта было б выбачальна, я думаю. І я, напрыклад, тым людзям, якія казалі ў судзе (я сам гэтага не чуў, расказвалі усё ж такі): “Не, я выпадкова там апынуўся”. Я не магу гэтых людзей асуджаць. Яны выбралі такую тактыку, галоўнае – яны былі побач. Вот хто не быў побач, хто адседзеўся ў хаце, або наадварот, на ўчастках у школах, установах выбарчых падрабляў гэтыя лічбачкі – вот злачынцы! Вот людзі, якія (іх можна зразумець, але з іншага боку, іхнымі ж рукамі гэтае паскудства ўсё робіцца). Калі чалавек ужо прыйшоў на плошчу, нават калі потым кажа: “Я там не быў, я там выпадкова”. Гэтая няпраўда абсалютна выбачальная, гэта няпраўда дзеля захавання сябе ў экстрэмальных сітуацыях, калі табе хочуць інкрымінаваць злачынства, якога ты не здзяйсняў. І таму што ж, як я там быў шчыры, што ж буду прыпісваць сабе хваробы, каб іншы рэжым зрабілі, што я настолькі хворы.

Не, гэта важны момант – годна трымацца. Трэба сказаць, што пад канец нашага быцця, рэжым вельмі паслабеў. Спачатку да нас вельмі жорстка паставіліся. Першыя 5-7 дзён нас проста гнялі (так!), стараліся зламаць псіхічна. Мы бачылі нават нейкую такую азлобленасць, не скажу, што нянавісць, але азлобленасць з боку ахоўнікаў. То пазней гэта станавілася ўсё менш заўважным. Я дапускаю, што іх настроілі, не кожны дзень у іх трымаюць палітычных, і ў іх, магчыма, была настроенасць, ім папулярна растлумачыла начальства: “Да вас праедуць адкіды беларускага грамадства, прыедуць злачынцы, якія хочуць усіх пазабіваць і вас будуць старацца забіць”, і гэтак далей. Таму нас так трымалі, іх настроілі на такі агрэсіўны лад. Пазней яны пераканаліся, што гэта такія ж людзі, як і ў тралейбусе ездзяць, не варта на іх так вызвервацца. І вот гэтае палагадненне ў апошнія дні я асабліва добра адчуў, калі нам дазволілі схадзіць чарговы раз у лазню. Першая лазня была, уявіце сабе: тры душы, 12 чалавек, не, тады яшчэ было 14, і пяць хвілінаў часу. Як можна пры такіх умовах? Цячэ вада – вар з душу, усё. Таму трэба: забег – выбег, забег – выбег. Нармальна памыцца, падрэгуляваць ты не можаш. Я паспеў толькі абмачыцца. І ў такім мокрым выглядзе цябе ізноў выганяюць у камеру. Вось як выглядала мыццё першы раз. Другі раз было ўжо лагодней. Ну і разгрузілі камеру, ужо 12 чалавек. Нам дазволілі хвілінаў 7-8 там пабыць, тады я трошкі ўжо памыўся. Апошні раз я быў апошні, хто папрасіўся ў душ, астатнія хацелі гэта зрабіць у хаце, а я хацеў выйсці на волю чыстым. Я сядзеў там адзін на тры ду́шы, адзін у гэтым душавым пакоі, столькі, колькі мне хацелася. Ніхто не стукаўся ў дзверы, ніхто з дручком не прыходзіў мяне выганяць. Я памыўся, каб з чыстай душою, радасны і светлы, вярнуцца ў сям’ю.

Не ў нашай камеры – у суседняй – сядзеў адзін хлопец, які трапіў зусім дзіўным чынам на нары. А менавіта: ён адзначаў дзень народзінаў свой. Запрасіў сяброў на Нямізе ў адным з бараў. Адзначалі яны, адзначалі, і сябры вырашылі выйсці курнуць на двор. Хлопец так хацеў адзначыць свой дзень народзінаў, што, відаць, трошкі і перабраў меру. Выходзіць ён на двор, глядзіць, што ў аўтобус садзяцца ягоныя сябры. Ён кажа: “Э, хлопцы, пачакайце! Куды вы без мяне?!” Чалавек паддаты, не адразу зыдэнтыфікаваў, што побач з аўтобусікам шмат міліцыянтаў, нейкая мітусня. Ён пабачыў сваіх сяброў, якія сядаюць у аўтобус, – і кінуўся за імі. Дзверы аўтобуса зачыніліся, аўтобус паехаў. І наш герой пачынае разумець, што гэта не такі аўтобус, не маршрутны, не рэйсавы. Штосьці тут не так! І праз хвілінаў 10–15 яго пераканалі, што яго “замялі”. Так чалавек трапіў на нары ў выніку свайго імкнення быць заўсёды з сябрамі.

Адзін з элементаў катавання невідавочнага, але, ведаеце, такога найгнюснейшага прыніжэння – гэта, выбачайце, параша. У тым самым памяшканні, дзе астатнія 11 чалавек, ты мусіш спраўляць свае патрэбы на вачах у іх. Гэта, я думаю, было адным з найцяжэйшых выпрабаванняў не толькі для мяне. Любы нармальны чалавек, які рос у нармальных умовах, вычувае не проста дыскамфорт, а буру найгоршых пачуццяў вычувае, калі ён мусіць гэта рабіць пры іншых людзях. Я бачыў, што іншыя вельмі пакутуюць ад гэтага і стараюцца нават менш есці і мнеш піць, каб было менш патрэбы хадзіць на вачах у іншых. Калі на Акрэсціна ёсць нейкая будачка металёвая з дзвярыма, цябе не бачаць у ёй, то ў Жодзіне, у “Чорным бусле”, ты як на далоні. Яны цябе бачаць, чуюць і ведаюць. Шмат хто стараўся рабіць гэта ўначы, трываць цэлы дзень, каб разлічваць, што частка сядзельцаў цябе не пабачыць, калі ты гэта робіш, каб сорам быў меншы.

Гісторыі расказваюцца там, але ёсць пачуццё, што ты не ў хаце, не ў сяброўскай бяседзе. І як бы вясёла ні было і смешна, усё ж такі на ўсім гэтым ляжыць цяжкі цень. Ты ўсведамляеш, што ты цяпер рагочаш, а заўтра ці праз хвіліну цябе выведуць на калідор, і не вядома, што з вамі будуць рабіць.

У дзень вызвалення нам выдалі паперку, даведку аб вызваленні, і плюс рахунак за тыя паслугі, якія ў дачыненні да нас здзейсніла турэмная сістэма. Трэба было заплаціць за 15 дзён 90 тысячаў рублёў за гэтае харчаванне. Мяне вельмі зацікавіла даведка. Як патлумачылі мне больш бывалыя сядзельцы, там быў хлопец, як раз з нясведамых, які выпадкова абсалютна трапіў у камеру. Ён быў на “малалетцы” так званай. І ён нам усім патлумачыў, што гэтая даведка дае магчымасць цягам 24 гадзін пасля вызвалення дабрацца дадому бясплатна. Дастаткова прыйсці на чыгуначную станцыю, падаць касіру, і касір выдае табе адмысловы білет. У мяне было вялікае жаданне прыйсці на станцыю Жодзіна, падаць гэтую даведку, даведацца, што ж мне скажуць. Ці працуе сістэма? І вот з такім пераможным выглядам ехаць электравіком у сталіцу Беларусі. Не здзейснілася! Аказваецца, нас усіх пагрузілі ў аўтобусы і прывезлі назад у Менск. Зроблена гэта было, відаць, для таго, каб не паўтарыліся шумныя, трыумфальныя выхады з турмы, якія практыкаваліся раней. Пад турму пад’ехалі сотні аўтамабіляў, людзі, хто быў уласным транспартам, хто быў электравіком, сцягваліся ў Жодзінь на дзень выхаду. І вызваляліся ў той дзень, ну, я думаю, чалавек 200, можа, 150. І для таго, каб сарваць трыумф, адміністрацыя вырашыла завезці нас на аўтобусах на праспект Незалежнасці, перад крамаю “Еўрапейскай”, там нас і выпусцілі. Трэба сказаць, калі людзі выгрузіліся, яшчэ доўга разыходзіліся, абмяркоўвалі, як падтрымліваць дачыненні, пракрычалі “Жыве Беларусь!” некалькі разоў. Гэта было радаснае і яснае перажыванне.

Аднак Новы год, новы 2011 год, мы мусілі сустрэць у турме. Гэтая ноч нічым абсалютна не адрознівалася ад астатніх. Нам вылучылі святло ўвечары, і крычаць, шумець, святкаваць нам ніхто не дазваляў. Мы спадзяваліся, што дадуць штосьці святочнае. Казалі, што зэкам на Новы год даюць штосьці, прысмакі нейкія, святочны абед, у якім прадугледжваецца трошкі багацейшы рацыён. Нічога гэтага не было, але, ведаеце, сканчаецца гэты 2011, і мне ён асабліва дарагі тым, што я яго сустрэў у такіх нязвыклых акалічнасцях.

Я вёў бы пераемнасць лукашэнкаўскага рэжыму не ад камунізму, а ад царызму, ад прыгону, ад паншчыны, вось ад чаго. Чалавек сам сабе не належыць, чалавек мусіць быць удзячны за ўсё добрае, што з ім адбываецца, уладзе, таму, хто над ім стаіць. Вось такая псіхалогія. Тут я прывёў бы цытату з пісьменніка. Быў такі Фларыян Чарнушэвіч, ён эміграваў у Бразілію, і некалі напісаў (для мяне – то неўміручыя радкі): “Беларускі селянін хутчэй паверыць, што сонца будзе ўзыходзіць на захадзе і каціцца на ўсход, чымся дапусціць, што на свеце няма цара”. Падстаўце любое іншае слова: пана, уладара, караля, Лукашэнкі, камуністычнай партыі, таварыша Брэжнева, таварыша Сталіна – і вы атрымаеце тую самую карціну. На жаль, стагоддзі не выхавалі ў беларусах вялікіх дэмакратаў. Вядома, у нас была дэмакратычная шляхта, была шляхецкая дэмакратыя, шляхецкая рэспубліка. Ну, гэта было рэчаіснасцю для дзясятай часткі насельніцтва. Пазней гэтую шляхту, частка асімілявалася, перастала быць беларусамі, частка гэтых людзей сталіся ахвярамі, асноўнымі ахвярамі бальшавіцкага рэжыму. Інакш кажучы, людзей, у якіх была прышчэпленая гэтая свабода, патрэба быць вольным, усведамленне, што сваімі поспехамі і няшчасцямі павінны быць найперш удзячныя сабе, а не нейкаму пану. Вот такіх людзей даўна выразалі, а селекцыя палітычная, а яшчэ пракаціліся дзве жудасныя вайны, якія выразаюць самых актыўных, самых вольналюбівых, самых ініцыятыўных. Усё гэта прывяло да селекцыі не самых, можа, вольных духам людзей, але прырода, час, акалічнасці, гісторыя ўсё ставіць на свае месцы. І я спадзяюся, што нашчадкі прыгнечаных духам усё ж такі выгадуюцца на свабодных духам людзей.

Я судзіў бы камунізм як дактрыну, як ідэалогію. Усё ж такі гэты акт мусіць быць учынены несумненна. Я таксама, пафасна гаворачы, таксама ахвяра камунізму, я таксама зазнаў на сабе гэты пераслед за пагляды, за беларушчыну, за мае антысавецкія, дэмакратычныя погляды. Вядома, я не зазнаў напоўніцу гэтага. Дзякуй Богу, што мяне гэта абнесла. Аднак, будучы маладым чалавекам, я не думаў, што мне прыйдзецца жыць яшчэ пры нейкім рэжыме, не пры камуністычным. Я не ўяўляў сабе, што Савецкі Саюз перастане існаваць. Мне здавалася, што ўсё будзе сутнасна нязменным.

Што да камунізму, вядома, мы павінны з ім развітацца выразна, акрэслена, не проста забыцца: быў ён, і памахаць яму ручкай. Усё ж такі трэба сказаць, зло назваць злом. Не ведаю, як працэс над камунізмам. Па-мойму, ужо былі працэсы над камунізмам, і пытанне ў тым, каб яны атрымалі большы пі-ар. Не ведаю, не магу прапанаваць, не магу сказаць, але камунізм, як фашызм, мусіць быць усё ж такі асуджаны. Іншая рэч, мінула нямала гадоў. Ясна, што вот гэтага выразнага падзелу паміж камуністамі і некамуністамі няма, як і паміж нацыстамі і іх ахвярамі. Але ўсё роўна, мы павінны развітацца належным чынам, вот тады мы развітаемся.

 

https://youtu.be/TI6yFRm4GMI


2016?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з архіваў Зьмітра Саўкі