epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

Як толькі ярмо зваліцца — будзе выбух беларушчыны

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы й навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімер Здановіч мяркуе, што ўжо ў кастрычніку законапраект «Аб правілах беларускай артаграфіі й пунктуацыі», распрацаваны Міністэрствам адукацыі ды Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук, стане законам. Прамотар клясычнага правапісу Зьміцер САЎКА лічыць, што нават 1 верасьня 2009 году занадта аптымістычным тэрмінам для прыняцьця гэтага дакумэнту, бо праект “больш чым сыры, унутрана супярэчлівы, а ў ілюстрацыйнай частцы — безнадзейна састарэлы яшчэ да моманту, калі на ім высахла чарніла”.

— Закон будзе прыняты ў названыя дэпутатам тэрміны толькі ў тым выпадку, калі ініцыятары яго ўвядзеньня ўсім “выкруцяць рукі” й пераканаюць уладу, што палітычнае значэньне гэтага закону надзвычайнае. Калі ім гэта не ўдалося зрабіць да сёньня, нягледзячы на ўсе гучныя заявы, наўрад ці ў іх атрымаецца зрабіць гэта так хутка.

— Што ўяўляе зь сябе “добраўпарадкаваны” варыянт беларускай артаграфіі й пунктуацыі?

— У параўнаньні зь леташнім варыянтам у сёлетнім ёсьць пэўныя касмэтычныя зьмены, але, па вялікім рахунку, гэта той самы дакумэнт. Толькі трошкі “падтынкаваны”, што не мяняе яго сутнасьці. На жаль, шырэйшай публіцы няма з чым параўнаць, бо леташні варыянт нідзе не публікаваўся, а сёлетні ёсьць толькі на ўрадавым прававым сайце — у друку ён так і не зьявіўся. Базавая частка дакумэнта распрацоўвалася 10 гадоў назад людзьмі, уяўленьне якіх пра мову склалася ў 50-60-я гады мінулага стагодзьдзя (палова аўтарскага калектыву ўжо адышла). Інакш кажучы, гэта ўжо помнік гісторыі. Кожную частку праекта пісаў іншы чалавек са сваімі ўяўленьнямі аб правапісе. Не было агульнага рэдактара, і з гэтай прычыны ў законапраект трапілі ўзаемавыключныя правілы. Дакумэнт ня толькі супярэчлівы, але й фрагмэнтарны. Шмат якія моманты, што засталіся па-за ўвагаю стваральнікаў правапіснага зводу 1959 году, так і не былі ўрэгуляваныя і ў гэтым праекце. Да таго ж шмат месцаў, асабліва ў пунктуацыйнай частцы, проста цэлымі абзацамі сьпісаныя зь некаторых спэцыяльных выданьняў, скажам, з кніг Леаніда Іванавіча Бурака. Каго будзе цікавіць грунтоўнейшая аргумэнтацыя, можа зазірнуць у публікацыю “Правілы левапісу” у часопісе ARCHE й пераканацца. А праект нават для звычайнага падручніка вельмі кепска напісаны. І наўрад ці б ён у такім выглядзе пабачыў сьвет, калі б трапіў на вочы добраму рэдактару.

Але самае кепскае тое, што ініцыятары новых правілаў імкнуцца зацікавіць найвышэйшае кіраўніцтва краіны не столькі сутнасьцю зьменаў у правапісе, колькі палітычнымі матывамі.

— А ім якая выгода?

Такім чынам яны паказваюць, што працуюць. Напрыклад, калі Інстытут мовазнаўства падрыхтаваў такую салідную працу, то гэта ставіцца ў заслугу дырэктару ўстановы Аляксандру Лукашанцу. Сустаршыня камісіі, якая дапрацоўвае праект, — дарадца міністра адукацыі Віктар Іўчанкаў. Удзел у такой пачэснай справе таксама дадасьць яму зорак на чыноўніцкія пагоны. Што яшчэ важнейшае можа быць для службоўца?!

— Ці паспрыяюць гэтыя зьмены ў правапісе большай пісьменнасьці вучняў ці сродкаў масавай інфармацыі?

— Па вялікім рахунку, не. Сродкі масавай інформацыі практычна й не карыстаюцца беларускай мовай, бо кіраўнік дзяржавы неаднойчы ясна тлумачыў, што беларуская мова беларускаму народу й не патрэбная (хоць неяк перад украінскімі журналістамі ён цьвердзіў і адваротнае). Для чаго гэта робіцца? Можа, Аляксандар Лукашанец так стараецца для Інстытуту, каб захаваць саму ўстанову (гадамі над інстытутам вісіць дамоклаў меч “рэарганізацыі”, што адзначае фактычнае зьнішчэньне)? Гэта важкая прычына, бо й сапраўды не хацелася б страціць адзіную на сёньняшні дзень пляцоўку, якая рэальна займаецца беларускім мовазнаўствам. Бо ж ніякіх надзей на ўнівэрсытэцкую навуку няма.

Трэба ўлічыць і яшчэ адну матывацыйную акалічнасьць: у свой час на напісаньне гэтага праекта дзяржава выдаткавала сур’ёзныя грошы. Праект пісаўся гадамі, узгадняўся, закрыта амяркоўваўся. Праўда, без асаблівага энтузіязму й плёну. На ўсе гэтыя крокі пайшлі бюджэтныя сродкі. І вось надышоў “момант расплаты”, калі трэба скласьці справаздачу. Якая можа быць справаздача, як не канчатковы дакумэнт? А іначай, куды гэтыя грошы падзеліся: закапаныя ў зямлю ці пушчаныя на вецер?

— А што, калі мова дзяржаве, нарэшце, спатрэбілася? Вось і вырашылі правілы ўзаконіць...

— Па вялікім рахунку, у атмасфэры такой палітычнай ізаляцыі, у якой знаходзіцца сёньня Беларусь, у сытуцыі дэ-факта адсутнасьці нацыянальнай ідэалёгіі мова ўсё ж такі робіцца той падставаю, якая легітымізуе ўвогуле існаваньне беларусаў як асобнай нацыі, а значыцца, і беларускай дзяржавы. Яна як бы ўладам і ня трэба, але — хай ляжыць у кішэні: можа, калі і спатрэбіцца. Пра зьмены й хістаньні ў стаўленьне да беларускай мовы з боку ўладаў сьведчаць нават шыльды на гарадзкіх будынках. Калі яны вывешваліся ў моманты асабліва палымянай любові да Расеі, дык пісаліся па-расейску. Калі ў моманты ахалоджваньня, да прыкладу, падчас газавай крызы — ужо па-беларуску. Гэта настолькі відавочна. Дзіва, што ня ўсе бачаць…

— Пры якіх умовах беларускае кіраўніцтва пачне размаўляць па-беларуску?

— Калі Лукашэнка будзе гаварыць па-беларуску? Калі яму ня будзе чаго рабіць у Расеі. Калі ён канчаткова разьвітаецца з мараю пра крамлёўскія дывановыя дарожкі. Ці разьвітаецца ён калі? Думаю, што не. Ён некалі расказваў, наколькі глыбака яму запала наведваньне Вярхоўнага Савету СССР, Крамля. Ясна, што такому ўражліваму чалавеку адразу захацелася там запанаваць.

— Ваш прагноз: як далей будзе разьвівацца беларуская мова?

— Я мяркую: чым менш яе кантралюе дзяржава, тым лепш для беларускай мовы, прынамсі ў цяперашніх умовах. Вельмі кепска для мовы ў нашай сытуацыі тое, што адукацыя — выключна дзяржаўная справа. А значыцца, дзяржава перадвызначае долю беларушчыны ў адукацыйнай сфэры. Гэтая доля ўвесь час зьмяншаецца, і я ня бачу, што можа спыніць гэты працэс. Аднак што да несанкцыянаванага, некантраляванага выкарыстаньня беларускай мовы, то яно пашыраецца. Паглядзіце, колькі кніжак выходзіць па-беларуску ў недзяржаўных выдавецтвах, у тым ліку за межамі Беларусі! Маса творцаў, маса людзей стараецца выказацца па-беларуску насуперак нават асноўным трэндам у дзяржаве. І гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што беларуская мова будзе жыць. Я сутыкаюся зь беларушчынаю часам там, дзе пры Саветах яе, на жаль, не было. Там, дзе яе не было нават у 1990-я гады, калі, падаецца, дзяржава толькі, здэцца, радавалася праявам беларушчыны. Хоць, па вялікім рахунку, дзяржава ніколі ня радавалася, бо ніколі за нашых часоў не была беларускаю. Хутчэй дзяржава дапускала, каб мы з вамі радаваліся публічна.

Гэтыя праявы жыцьця беларускага слова, нягледзячы на забарону, нягледзячы на перасьлед, даюць падставы для аптымізму — як толькі ярмо зваліцца, мы пабачым: будзе выбух беларушчыны.

— Калі?

— Я, на жаль, вам дня не назаву. І нават году. Але скажу: яно зваліцца тады, калі мы будзем спадзявацца на гэта ў найменшай ступені. Чакайце яго ў самы нечаканы момант.

— Вы рыхтуецеся да таго часу?

— Ведама ж. У найбліжэйшых плянах, але гэта не значыць, што яны будуць хутка рэалізаваныя, — перавыданьне слоўніка Насовіча сучаснаю графікаю з даданьнем расейска-беларускага слоўніка на аснове Насовічавага тэксту (у рыхтаваньні кнігі вельмі дапамаглі валянтэры — маладыя беларускія патрыёты), складаньне разам з калегамі дэрусіфікаванае граматыкі (зрэшты праца ўжо ідзе), стварэньне вялікага дэрусіфікаванага расейска-беларускага слоўніка, у якім будзе максымальна шырака рэпрэзэнтавацца ўласнабеларуская лексыка. У плянах таксама складаньне іншых слоўнікаў і дапаможнікаў. Усе свае крокі стараюся скіроўваць да аднаго — даць чалавеку, які хоча карыстацца беларускаю моваю, матэрыял максымальна беларускі, максымальна ўгрунтаваны, з аднаго боку, на народнай мове, з другога — на нашай вялікай кніжнай традыцыі.

— І які правапіс будзеце скарыстоўваць пры выданьні новага расейска-беларускага слоўніка?

— Я яшчэ не акрэсьліўся. Для таго, каб кніжкі трапілі ў афіцыйныя кнігарні, мелі доступ да школьніка, часам трэба пайсьці на тое, каб скарыстаць ня вельмі дасканалы (але ўсё ж такі беларускі!) афіцыйны правапіс. Ёсьць найвышэйшая мэта — каб беларуская мова жыла. Будзе кніжка напісаная наркамаўкаю ці тарашкевіцаю — часьцей гэта не настолькі істотна. Галоўнае, што гэта беларуская кніжка.

Я схільны папулярныя выданьні для шырокага чытача выпускаць афіцыйным правапісам, пры тым, што маё сэрца, ведаеце, належыць іншаму правапіснаму стандарту.

— Якія перамены чакаюць мову, калі, як вы кажаце, спадзе ярмо?

— Першае, што зробяць неафіцыйныя навукоўцы і мовазнаўцы, — прапануюць спэцыялістам, усім зацікаўленым асобам з Інстытуту мовазнаўства, зь Міністэрства асьветы, з унівэрсытэтаў, сесьці за адзін круглы стол і паглядзець у будучыню беларускага правапісу, выпрацаваць новыя падыходы да фармаваньня беларускае лексыкі, што мае знайсьці адлюстраваньне ў новых слоўніках.

Гэтае абмеркаваньне, дарэчы, і цяпер ужо можна весьці без аніякіх дазволаў. Ёсьць табе што сказаць — скажы ў нешматлікіх незалежных газэтах, ёсьць Інтэрнэт — выказвайся (дарэчы, у Сеціве ідуць гарачыя спрэчкі, якраз зьвязаныя з правапісам). Праўда, гэтая палеміка наўрад ці можа хоць неяк паўплываць на зьмест праекту: vox populi ні складальнікаў, ні будучых “прымальнікаў” праекта не цікавіць. І хаця б тады, калі закон будзе прыняты ў такім выглядзе, у якім ён цяпер прапанаваны, нас ня змогуць упікнуць, што мы не змагаліся, не выкрывалі адмоўных момантаў дакумэнта.

— А ці гатовыя вы цяпер пайсьці на перамовы з уладамі наконт удасканаленьня правапісу?

— А я прапаноўваў пачаць такія перамовы. Да мяне зьвяртаўся ўжо згаданы тут Віктар Іўчанкаў. Ён горача мне дзякаваў за маю публікацыю ў ARCHE. І я разумею чаму: там была выяўленая аграмадная колькасьць памылак у праекце. Я быў бы толькі рады, каб гэта ўсё было ўлічанае. Што да гутаркі з сп. Іўчанкавым, то я прапанаўся: “Калі ласка, прыцягвайце мяне да працы! Я гатовы ўдзельнічаць, магу працаваць дзень і ноч ды абсалютна бясплатна”.

— І было гэта...

— У траўні.

— У колькіх нарадах вы пасьпелі прыняць удзел з тае гутаркі?

— Да сёньняшняга дня ніякай рэакцыі на сваю прапановы я не атрымаў. Але і я, і мае калегі — “неафіцыйныя” навукоўцы — мы адкрытыя й гатовыя да працаваць. І працаваць задарма, абы не надарма. Абы гэта было на карысьць мове.

Гутарыла Марына ЗАГОРСКАЯ


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.zautra.by/art.php?sn_nid=633