epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

Калі майсеі сыходзяць

З нагоды артыкулаў Сяргея Дубаўца й Віталя Тараса ў “НН”

Тэкст падаецца паводле архіву Зьмітра Саўкі

І вадзіў Майсей народ свой па пустэльні сорак гадоў, і прытаміўся ён, і зьвярнуўся да народу свайго ды сказаў: “Усё, хлопцы, досыць, вяртаемся назад у Эгіпет, да фараона”. І прыступіўся да яго народ ды пытае: “Чаго ж так?” І адказаў ім Майсей: “Хадзілі мы сорак гадоў, а бальшыня народу нашага так і не пайшла за намі, засталася ў няволі эгіпецкай”. І сказалі людзі: “То як жа цяпер наконт зямлі абяцанай?” І адказаў ім Майсей: “Ня гэтым разам, мальцы, ня гэтым разам... Заблудзіўся я”.

Біблія паводле С. Дубаўца.

Частка “Зыход і вяртаньне”.

Разьдзел 3 (апошні?)

 

Яшчэ тыдзень да свае прапановы скансалідавацца вакол не прынятага яшчэ Міністэрскага праекту зьменаў у афіцыйным правапісе, Сяргей выступіў у “НН” усяго толькі з рэплікаю-апраўданьнем таго факту, што папяровая вэрсія рэдагаванай ім газэты “Свабода” выходзіць “наркамаўкаю”. Там жа ён запэўніў, што інтэрнэтная вэрсія будзе па-ранейшаму карыстацца “тарашкевіцаю”. Аднак хапіла колькіх дзён, каб Сяргей перадумаў (прыдумаў?) і заклікаў нас згуртавацца вакол новага праекту.

Пачаткова мне хацелася напісаць пра здраду, пра паражэнства й капітулянцтва, пра нож у сьпіну й стрэл у плечы, пра стому й зьнявераньне, пра хаваньне ўласнага я за безаблічна-абагульненым мы. Аднак пра ўсё гэта слушна напісалі наведнікі свабодаўскага форуму. Таму сканцэнтруюся на некаторых цьверджаньнях, якімі апэруе сп. Дубавец.

 

С. Д.: Неўзабаве новыя правілы стануць законам.

 

Яшчэ 25 жніўня 2006 году БелТА, а за ёю ўсе, каму яшчэ дазволена вяшчаць, абвясьцілі: праз 2 тыдні прэзыдэнт падпіша адпаведны дакумэнт. Два тыдні цягнуцца ўжо больш за год, а паводле старшыня камісіі ПП У. Здановіча, “закон должен вступить в силу 1.09.2010” (“КПвБ”. 8.08.2007). Ды праз 3 гады, як гаворыцца ва ўсходнай прыпавесьці, мо ці шах памрэ, ці асёл здохне... А Сяргей заклікае бегчы паперадзе паравоза.

 

С. Д. Замест таго, каб дамагацца зьменаў у афіцыйным правапісе, мы здаволіліся закрытымі асяродкамі сваіх выданьняў.

 

Ужо другое дзесяцігодзьдзе я й шмат маіх калегаў публічна выступаем па пытаньнях правапісу. Адзіны вынік асабіста маёй дзейнасьці – пасьля публікацыі ў “Arche” 125-старонкавай рэцэнзіі на “восеньскі” 2006 году варыянт Міністэрскага праекту, у ім выправілі некаторыя найбольш грубыя памылкі й зьнялі пару супярэчлівых артаграмаў. Так узьнік варыянт “вясна-лета” 2007 году.

Я неаднаразова прапаноўваў свае сілы й веды кіраўнікам Міністэрскага праекту – цяперашняму дырэктару Інстытуту мовазнаўства Аляксандру Лукашанцу й прафэсару БДУ, дарадцу міністра адукацыі Віктару Іўчанкаву. Аднак працягнутая мною рука так і павісла ў паветры...

 

С. Д.: Візуальна гэта будзе мадэрнізаваная “наркамаўка”. За тым выключэньнем, што ў нас, прыхільнікаў “тарашкевіцы”, больш няма падставаў для этычнага канфлікту.

 

Гэта будзе ня толькі візуальна, але й па сутнасьці “наркамаўка”. Аднак калі карыстацца лёгікаю, што міністэрскі грыф здымае з афіцыйнага правапісу ганебнае таўро, то таўра ўжо няма: яшчэ ў 1957–59 гг. зьявіўся новы варыянт правапісу (Звод-1959), які адрозьніваўся ад варыянту 1933-га году ня менш, чым Міністэрскі праект ад Зводу-1959. Паказальна, што працэс зьменаў адбыўся пасьля 1956 г., калі ўлады пайшлі на адкрытую дэсталінізацыю, у пару “хрушчоўскае адлігі”. Ах, сапраўды! Сяргей тады яшчэ толькі нараджаўся...

Шанцы прызнаць адсутнасьць таўра на афіцыйным правапісе зьяўляліся неаднаразова: у 1999-м, 2002 і 2004 гг. Менавіта тады адна за другою выйшлі тры кніжачкі – “зялёная”, “ружовая” й “жоўтая” – тры варыянты праекта групы А. Падлужнага, тагачаснага дырэктара Інстытуту мовазнаўства. 2-я і 3-я кніжачкі, праўда, засакрэчаныя, а 1-я ёсьць у вольным доступе ў Нацбібліятэцы. Зрэшты, пра іх зьяўленьне паведамлялася ў друку, чаго для сакральнага дзеяньня – ачышчэньня афіцыйнага правапісу ад сталінскае псоты – было б дастаткова.

 

С. Д.: Новыя правілы дадуць нам падставу гаварыць пра адну беларускую мову на постсавецкім этапе яе разьвіцьця.

 

Беларуская мова й так адна. Сяргей сьвядома ці несьвядома блытае мову ў цэласьці і адзін зь яе разьдзелаў – артаграфію. І не адзін ён, – гэта характэрна ці не для паловы дыскутантаў. У нас няма праблемы, зь якою жывуць, напрыклад, грэкі (суіснаваньне старагрэцкай і навагрэцкай моваў) або кітайцы (яны размаўляюць на сямі розных мовах, аднак герагліфіка дазваляе ім карыстацца адзінаю пісьмоваю сыстэмаю). І ня варта гэтую праблему выдумляць.

 

С. Д.: Хоць новы правапіс, безумоўна, запатрабуе далейшага рэфармаваньня.

 

Слова стандарт (анг. standard) паходзіць ад дзеяслова stand ‘стаяць; быць усталяваным, вызначаным’; інакш кажучы, стандарт на тое і стандарт, каб заставацца стабільным. У максымальнай ступені гэта датычыць стандарту артаграфічнага – правапісу. Таму плянаванае Сяргеем будучае жангляваньне правапіснымі нормамі, бясконцае рэфармаваньне артаграфіі, несумненна, зашкодзіць мове значна больш, чым суіснаваньні дзьвюх, але стабільных, пэўных, цьвёрдых сыстэмаў.

 

С. Д.: агульнанацыянальны моўны працэс.

 

Яго няма. Навуковыя канфэрэнцыі ператварыліся ў кваліфікацыйныя паседжаньні. Часам у канфэрэнцыйнай залі сядзяць толькі кандыдаты ў кандыдаты: самі сабе прачыталі свае тэзы, самі сабе не задалі ніводнага пытаньня па сутнасьці агучанага, самі скінуліся па $10 на зборнік тэзаў – бінго, ёсьць па яшчэ адной пазыцыі ў сьпіс публікацыяў да дысэртацыі.

Інстытут мовазнаўства жыве пад штодзённаю пагрозаю быць пераведзеным на балянс аднаго з унівэрсытэтаў, што дэ-факта азначала б зьнішчэньне інстытуту (так фактычна зьнік Скарынаўскі цэнтар, перададзены БДПУ). Унівэрсытэцкая ж навука (прынамсі ў галіне мовазнаўства) ледзь ліпіць.

 

С. Д.: Што замінае нам прыняць новыя правілы ў якасьці адзіных?

 

1. Іх недасканаласьць і супярэчлівасьць. Толькі пару прыкладаў зь Міністэрскага праекту: у § 15.3 знаходзім напісаньне Нью-Ёрк, затое ў § 18.1 – Нью-Йорк, а ў § 22.23 зноў – нью-ёркскі. У § 17.4 -- пяцьдзясят, шэсцьдзясят, але ўжо ў § 60.1 – пяцьдзесят, шэсцьдзесят. І такога бязладзьдзя там поўна. Дык зь якім напісаньнем кансалідавацца?

2. Факт іх “новасьці” – артаграфічныя правілы ня можна безупынна перарабляць і падгаблёўваць.

3. Кулюарны характар іх выпрацоўваньня. Нават Інстытут мовазнаўства адсунуты ад рыхтаваньня дакумэнту.

4. Іх бясконцае зьмяненьне. Мне вядомыя аж тры варыянты Міністэрскага праекту. І выглядае, што гэта яшчэ не канец, бо прапановы прымаюцца (гл. сайт Мінадукацыі).

5. Іх “непрынятасьць”, яны яшчэ ня сталі правіламі – і ці стануць. Апроч таго: “Нужно серьезно подготовиться, выпустить словари, учебники. Работа тяжелая» (ужо цытаванае інтэрвію У. Здановіча). Ведаючы апэратыўнасьць гэтай машыны, можна зрабіць прыпушчэньне, што слоўнікі будуць пісацца яшчэ дзесяцігодзьдзямі. Прыкладам, каб выдаць артаграфічны слоўнік паводле Зводу-1959 спатрэбілася ўсяго толькі ... 18 гадоў.

6. Карны кампантэнт будучага закону. Ні сталінская пастанова 1933 г., якая паклала пачатак артаграфічнаму расколу, і хрушчоўская пастанова 1957 г. ня ўтрымлівалі разьдзела аб пакараньні за парушэньне нормы.

7. Насьцярожанасьць у дачыненьні беларускай мовы з боку ўладаў (“А, гэта ўсё бээнэфаўцы!”).

8. Абыякавасьць пераважнай часткі грамадзтва да праблемы мовы.

Калі ўжо заклікаць гуртавацца, то вакол Зводу-1959, якому пералічаныя хібы ўласьцівыя ў значна меншай ступені. Дарэчы, калі б Сяргей прачытаў і Міністэрскі праект, і Звод-1959, то, не сумняюся, зрабіў бы для сябе нямала адкрыцьцяў, а нас пацешыў бы новымі бліскучымі ідэямі й мудрагелістымі канцэпцыямі.

У некаторых СМІ можна прычытаць, прыкладам: “В 2006 г. по распоряжению А. Лукашенко работа над проектом возобновилась” (www.3dway.org/node/7382). Насамрэч гэта ня так.

У яшчэ ў “адраджэнскім” 1993 годзе Савет Міністра прыняў пастанову №556 “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы”, паводле якой стварылі Дзяржаўную камісію. У 1994 г., бачачы бессэнсоўнасьць сваёй дзенасьці ў выніку прыходу да ўлады АРЛ, камісія самараспусьцілася, але пакінула “запавет” Інстытуту мовазнаўства – скласьці новы правапісны звод. Генэтычны бацька Міністэрскага праекту – праект Падлужнага – пісаўся ўжо ў зусім іншай атмасфэры, таму атрымаўся досыць “наркамаўскім”. На пачатку 2000-х Падлужны ня здолеў “прабіць” яго ў Адміністрацыі прэзыдэнта: там праблемы мовы нікога не цікавілі й не цікавяць.

Аднак пасьля сьмерці Падлужнага ў гульню ўключыўся ініцыятыўны сп. Іўчанкаў, які пабачыў у “незавяршонцы” добрую нагоду завяршыць і адрапартаваць. Яму і ўдалося “прабіць пытаньне наверх” праз свайго шэфа А. Радзькова. Ня варта шукаць у гэтых дзеяньнях найвышэйшых пабуджэньняў: актыўнасьць чыноўніка зазвычай матывуецца пэрспэктывамі кар’ернага росту.

Відаць, усё Сяргеевы пабудовы ішлі ад фальшывага ўяўленьня, што сёньняшнія артаграфічныя варушэньні ідуць зьверху. Але ж нішто ня робіць тэорыю настолькі безнадзейнаю, як памылкі ў зыходных зьвестках. Калі б Сяргей ведаў кухню ўзьнікненьня Міністэрскага праекту, ён бы на сваёй кухні такіх стратэгічных схемаў не напёк.

*

Рана ці позна Майсеі сыходзяць – фізычна ці духова. А народ працягвае ісьці да зямлі абяцанай.


2007

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: https://nashaniva.com/index.php/?c=ar&i=11660