epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Саўка

Ліст Лявону Баршчэўскаму з нагоды рэформы

Праблема не ў правапісе як такім, а таму і не ў тарашкевіцы, ды наагул яна – па-за колам гэтых пытаньняў. Я сам штодня карыстаюся афіцыйным правапісам і, у адрозьненьне ад ранніх і сярэдніх Дубаўца ды Шупы, ніколі не лічыў, што наркамаўка – “гэта не беларуская мова”. Дзеля справы я гатовы ісьці на кампрамісы, у тым ліку правапісныя, што й раблю штодня.

Мая рэпліка вынікае з зусім іншага.

Цяперашняя рэформа – гэта інвэстыцыя праф. Іўчанкава ў сваё члян-корства ў НАНБ (сёлета сарвалася, а прайшоў акурат іншы айчым Закону-2008 – Лукашанец) і ў міністэрскі партфэль па Радзькову. Усе папярэднія прыгоды гэтае “рэформы” я падрабязна апісаў у “Архэ” (“Вярблюд на трасянцы”. 2007. №1-2. Ё ў Сеціве), праўда, не загадаў самых пікантных момантаў, каб не падстаўляць Булгакава (інакш Іўчанкаў ды іншыя зачынілі б “Архэ”, я там і без таго мусіў пайсьці на саступку Валерку з цэнзурных меркаваньняў). Ніякіх іншых мэтаў рэформа ня мае.

Такім чынам, рэформа – чужая брудная намэнклятурная гульня, вынікі якой нам ПРЫЙДЗЕЦЦА прыняць як факт, аднак нішто не змушае нас у гэтым удзельнічаць. Наадварот. Наш абавязак – выкрываць і крытыкаваць і зьмест зьменаў, які сьведчыць аб прафэсійнай бездапаможнасьць рэформатараў, і цынізм рэформы, якая праводзіцца не ў імя мовы, а ў імя кар’ернага росту аднаго чыноўніка антыбеларускага па сутнасьці дзяржаўнага апарату. Мінімум, што мы можам зрабіць у такім становішчы – застацца ўбаку.

Дапускаю, Ты бачыш у такой сытуацыі шанец павярнуць да лепшага, у атмасфэры хаосу скарыстаць разгубленасьць пільных русіфікатараў і праз новы слоўнік прапанаваць шкаляру большы беларускі варыянт – з гледзішча граматычнага. Наколькі магу меркаваць, кірунак словазьмяненьня, праведзены ў Тваім слоўніку, незраўнёна больш адпавядае маім уяўленьням пра сапраўды беларускі граматычны лад. І калі б слоўнік не апэляваў да новых правілаў і не прызначаўся найперш школьнікам і абітурыентам, то я быў бы першым, хто вітаў бы яго зьяўленьне.

Аднак у нашай сытуацыі ўсё выглядае значна горш.

Напрыклад, Ты прапаноўваеш форму Р.мн. “мужчынаў”. Гэта, несумненна, слушна. Так я і сам прапісаў у “Мануале” для “Белсату”. Аднак некалі я прапаноўваў такую форму як варыянтную студэнтам падрыхтоўчага аддзяленьня ў МДЛУ. Акурат у тым годзе ўпершыню зрабілі тэсты па бел. мове для ўступных у МДЛУ. Шмат хто з маіх навучэнцаў ужыў менавіта такую форму і... атрымаў ніжэйшую адзнаку (для некаторых яна аказалася лёсавызначальнаю), бо правяраў ня я, а школьныя настаўніцы – паводле акадэмічных нормаў. Гэтак студэнты, якія давяралі мне, маім ведам найбольш, – заплацілі за гэта горшымі жыцьцёвымі пэрспэктывамі...

Нам, апанэнтам саветызаванага варыянту мовы, варта цьвёрда і пасьлядоўна адстойваць свае прынцыпы ўсюды – АПРОЧ ТЭРЫТОРЫІ ШКОЛЫ. А школьнік, абітурыент вельмі хутка засвойвае: “гэта я буду казаць настаўніку, так я напішу ў тэсьце, а вось гэдак я буду ведаць сам сабе”. Кепска, што змалку яны змушаныя хлусіць, весьці падвойную бухгальтэрыю. Аднак за тое мы і змагаемся, каб нарэшце патрэба ў гэтым штодзённым крывадушшы зьнікла.

Што да Валодзі, то выдаваць слоўнікі – ягоны бізнэс, таму часам імкненьне выжыць на рынку штурхае да ажыцьцяўленьня не зусім бездакорных выданьняў. Напр., “Современный русско-белорусский политехнический словарь” Булыкі – ведамага халтуршчыка. Такія слоўнікі робяць больш шкоды мове, чымся карысьці.

Што да “тарашкевіцы”, то выхад артаграфічнага слоўніка клясычнага правапісу, мяркую, быў бы цяпер нясвоечасовым. Што да фінансаваньня пазытыўных, карысных мове слоўнікавых праектаў, то гэта можна абмяркоўваць. Калі б сапраўды вартасны слоўнік быў бы прапанаваны, то, відаць, мне ўдалося б знайсьці грошай і на яго выданьне, і на ганарар аўтару.

З глыбокаю павагаю, умацаванаю гадамі супольнае працы й барацьбы,

 

ЗС


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з архіву Зьмітра Саўкі