Зьміцер Саўка

Правапіс клясычны і афіцыйны: генэза і сутнасьць разьбежнасьцяў

Запіс ад 14.03.07 на dzietki.by: Лекцыя Зьмітра Саўкі "Два правапісныя стандарты: клясычны і афіцыйны. Генэза і сутнасьць разьбежнасьцяў". У чацьвер, 15 сакавіка, а 19.00 на Управе БНФ. вул. былая Варвашэні, 8.

Выглядае, што гэты тэкст - запіс той лекцыі ці накід яе, бо зыходны файл у архіве быў створаны 16.03.2007.

Я б падзяліў гэтую тэму на дзьве часткі: частку гістарычна-храналягічную, калі мы будзем разьбірацца, якія падзеі за якімі ішлі, што з чаго выцякала; другую частку гутаркі мы прысьвецім уласна моўным праблемам: чым жа адрозьніваецца клясычны правапіс ад афіцыйнага і што добра, а што кепска. Я дазволю сабе даць нейкія ацэнкі, усё ж такі ня так, як журналісты гэта павінны рабіць – даць магчымасьць аўдыторыі выбіраць правільны адказ.

 

Мы пачнем з 1906 году. Я наўмысна абіраю гэты час. Рэч у тым, што па выніках рэвалюцыі 1905 году ў 1906 годзе царскія ўлады прынялі шэраг розных важных дакумэнтаў і фактычна рэвалюцыя 1905 году дазволіла шмат вольнасьцяў, адна зь якіх – права нацыі самавызначацца і самарэалізоваўцца ў нейкіх культурніцкіх праявах. Вельмі важны год: у гэты год пачынае выходзіць газэта “Наша Доля”, потым, адначасова зь ёю, як не настолькі рэвалюцыйны, больш лібэральны праект зьяўляецца “Наша Ніва”. У 1906 годзе адмяняецца забарона на друкаваньне лацінскімі літарамі летувіскіх, латгальскіх і беларускіх тэкстаў. Для чаго наш Багушэвіч пазначаў Познань як месца выданьня, іншыя нейкія гарады, -- таму што лацінкаю нельга было выдаваць. Для беларускай гэта можа не было настолькі вялікай праблемай, бо ўзровень самасьвядомасьці ня быў настолькі высокі. А вось, прыкладам, для летувісаў гэта была вялікая праблема. Пасьля паўстаньня 1863—64 гг. да 1906 году існавала забарона на выданьне тэкстаў лацініцаю для шэрагу народаў. У 1906 годзе дазваляецца мець нацыянальную адукацыю, мне здаецца, 10, а можа і 15, народам Расейскай імпэрыі. Гэта аграмадны крок наперад. Раней такая адукацыя дазвалялася, напрыклад, па-польску, але не дазвалялася на ўкраінскай мове, не дазвалялася па-летувіску або па-латыску. Увогуле 1906 – ключавы год, бо ў гэты год пачынаецца актывізацыя беларускага жыцьця ня толькі ў Вільні, ня толькі ў Менску, у гэты год пачынаецца актывізацыя ў Пецярбурзе, паўстае суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якая выдала некалькі дзясяткаў беларускіх кніжак як лацінкаю, так і кірыліцаю. Узьнікненьне вялікай колькасьці беларускіх тэкстаў, пачынаючы з 1906 году і ажно да падзеяў Лютаўскай рэвалюцыі, пазьней, натуральна – усё гэта стварала перадумовы для нарастаньня масы беларускіх тэкстаў – кніжкі, газэты, часопісы, улёткі, календары (календары вельмі папулярныя былі, яны разыходзіліся вялікімі накладамі) – ледзь ці ня ў кожнай сялянскай хаце ў некаторых паветах, дзе былі добрыя распаўсюднікі, можна было знайсьці гэтыя тэксты па-беларуску. Гэта была проста рэвалюцыя. Гэта было сапраўды тое, што зрабілася каталізатарам беларускай самасьвядомасьці і з узьнікненьнем такога попыту на беларускае слова, чаго раней не было, з дазволам для некаторых – селянін паглядзіць напісана так, як ён гаворыць у хаце сваёй – гэта проста было адкрыцьцё, гэта была рэвалюцыя ў сьведамасьці. Усё гэта раскручвалася ад году да году, зь месяца ў месяц і прывяло да рэвалюцыйных падзеяў ня толькі ў сацыяльнай сфэры – выхады на вуліцы сталічнага Пецярбургу – не, прывяло да рэвалюцыі на вясковай вуліцы. Людзі сядзелі і чыталі “Нашу Ніву”, разглядалі календары і дзівіліся, што гэтаю мовай можна чытаць, пісаць – такога раней не было. Скажам, старабеларуская мова была маладаступнай, праз тое, што людзі ў той час у большасьці сваёй ня ўмелі чытаць і пісаць, а масава ўсё ж такі царкоўна-прыхадзкія школы з аднаго боку, а хатняя і касьцельная навука для каталікоў далі магчымасьць мільёнам раней непісьменных людзей прыйсьці да пісьменнасьці.

Пераходзім да 1916 году. Вельмі важны год, ён звычайна, праўда, ня ўзгадваецца нідзе, не адзначаецца асобна. Але ён важны тым, што выходзіць фактычна першая беларуская граматыка, якую напісалі Антон Луцкевіч і Янка Станкевіч – людзі, якія пазьней вельмі шмат зрабілі і для мовы, і для самаўсьведамленьня беларусаў. Гэтая граматыка – а там ёсьць і правапісная частка, амаль ніколі ня згадваецца. У гэтым трошкі ёсьць несправядлівасьць. Хутчэй за ўсё, ня згадваецца яна з той прычыны, што Луцкевіч быў, як і Тарашкевіч, зьнішчаны ЧК ці сыстэмаю ГУЛАГу, я тут ужо ня буду дэталізаваць, а вот Янка Станкевіч да 1976 году быў жывы і жыў у такой варожай краіне як ЗША, і там ажыцьцяўляў сваю падрыўную дзейнасьць. Я гэтак бы растлумачыў той факт, што гэтая граматыка не згадваецца ў вельмі, здавалася б, падрабязных і сур’ёзных кніжках. Бо вельмі доўгі час Янка Станкевіч быў актуальным ворагам і на момант, калі ў 1968 годзе выйшаў другі том “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, натуральна, пра яго яшчэ пісаць – проста ўзгадваць – няможна яшчэ было. Таму гэтае выданьне ня ўзгадваецца. Яно было даступным.

 

Наступная веха – 1918 год. З 1906 да 1918 году буйнай квеценьню расьцьвілі школы – іх называюць “падпольнымі”, -- бо яны сапраўды не былі дазволеныя ўладамі. Я можа не гаварыў бы пра іх “падпольныя” – гэта былі школы, у якіх выкладалі сьведамыя, усьведамленныя да беларускасьці дарэктары. Я думаю, вы ўяўляеце сабе мэханізм: як пастуха наймалі на вёсцы, так скідаліся заможнейшыя, больш культурныя гаспадары, наймалі сабе настаўніка, і ён выкладаў. Былі ўжо, наколькі мне вядома, дзясяткі неафіцыйных беларускіх школаў, “падпольнымі” іх можна назваць толькі з той прычыны, што ў 1906 годзе беларусаў не было ў сьпісе народам, якім дазвалялася выкладаньне. Але я ня чуў, каб яны сур’ёзна неяк перасьледаваліся. Можа, я чагосьці ня ведаю, але да мяне такія зьвесткі не дайшлі. Настаўнікам адной з такіх школаў быў Якуб Колас. І вось за 12 гадоў гэтага нарасло, тым больш, што палова Беларусі на момант 1918 году знаходзілася не пад юрысдыкцыяй Расейскай імпэрыі, а ў зоне акупацыі кайзэраўскага нямецкага войска, дзе ўвогуле – выкладай на любой мове – ніякіх пярэчаньняў няма. Да 1918 году адбылося шмат падзеяў, якія пэдалявалі ўзьнікненьне патрэбы ў такой рэчы, як беларуская граматыка ці беларускі правапісны звод. У 1918 жа годзе абвяшчаецца БНР, у канцы 1917 года зьбіраецца ў Менску Першы Ўсебеларускі зьезд – ён названы ў гісторыі Першы беларускі кангрэс, усе гэтыя падзеі, натуральна, павялічвалі шанцы выкарыстаньня беларускай мовы ў школьным навучаньні, а падручніка ўсё не было. Кніжка, якая выйшла ў 1916 годзе, не была падручнікам. Яна была клясычнай, калі можна так сказаць, граматыкай, дзе апісваліся нейкія парадыгмы, але не было заданьняў. Па ёй нельга было займацца. І настаўнікі змушаныя былі штосьці выдумляць.

 

Думаю, Браніслаў Тарашкевіч, які да пачатку вайны і рэвалюцыйных падзеяў быў пасьпяховым маладым чалавекам, прыват-дацэнтам Пецярбурскага ўнівэрсытэту, ніколі ня думаў, што ён трапіць аналы будучай беларускай лінгвістычнай навукі, калі ён узяўся ў якасьці сваёй атэстацыйнай працы, не магу прыгадаць, якой, магчыма, дыплёмнай, складаць беларускую граматыку. Ягонымі кансультантамі былі найлепшыя выкладчыкі, прафэсары Пецярбургскага ўнівэрсытэту, сярод якіх узгадваецца Шахматаў і гэта, несумненна, узброіла Тарашкевіча больш сыстэмным падыходам. Зь іншага боку, Тарашкевіч выводзіўся з асяродзьдзя каталіцкай шляхты. Ён паходзіць з мясьціны, якая цяпер на тэрыторыі Летувы, гэта Віленскі край, дзе адвеку каталіцтва, скажам, ад ХV стагодзьдзя, і ніколі там не было праваслаўя і для мясьцінаў, адкуль паходзіць Браніслаў Тарашкевіч, найбольш характэрнай, можна сказаць, роднаю, была лацініца, лацінскія літары, якія культываваліся поўтысячагодзьдзя на тых землях, і натуральна, што Тарашкевіч выбраў у якасьці асноўнага шрыфту для сваёй граматыкі менавіта лацініцу. У 1918 годзе выйшла граматыка і лацінкай, і кірыліцай. Што ж дазваляе лічыць, што лацінкавае выданьне было першасным? На трэцяй старонцы вокладкі выданьня лацініцай: “Гэтага ж аўтара <маецца на ўвазе Тарашкевіча> «Беларуская граматыка для школ кірыліцай (рускімі літарамі) друкуецца і скора выйдзе ў сьвет”. На карысьць таго, што гэтыя кніжкі не выходзілі адначасова сьведчыць тое, што паралельнай абвесткі на кірылічным асобніку няма. Гэта матэрыяльнае сьведчаньне першаснасьці лацінкі ў якасьці шрыфта для выданьня самай папулярнай, самай вядомай граматыкі беларускай мовы аўтарства Тарашкевіча. Другі доказ на карысьць таго, што першай была лацінка, -- гэта сьведчаньні Адама Варлыгі, чалавека, які вельмі рана прыйшоў у беларускі рух, які ведаў і Тарашкевіча асабіста, і ведаў сытуацыю, якая была вакол Тарашкевіча ў часе стварэньня ім граматыкі. Варлыга заяўляе ў сваёй кнізе, выдадзенай у 1970-я гады, што Тарашкевіч пачаткова сапраўды выдаў сваю граматыку лацінкай.

 

Такім чынам, у 1918 годзе з’яўляецца “Беларуская граматыка для школ” Тарашкеівча. Чаму гэтая граматыка стала папулярнай. За два гады, якія прайшлі з 1916 году, адбыліся аграмадныя зьмены. Пасьля зьнікненьня “Нашай Нівы” – яна выходзіла да 1915 году – на яе месца прыйшлі дзясяткі беларускіх газэт, шмат якія выходзілі ўжо без цэнзуры, прынамсі без расейскай, выдаваліся лацінкай і кірыліцай, у Вільні і ў Горадні, якія ў той час (з 1915 году) знаходзіліся па іншы бок фронту. За гэтыя два гады ўзьнікла трошкі іншая лінгвістычная сытуацыя. Магчыма, Тарашкевіч быў большым рэалістам за Станкевіча і Луцкевіча. Дый кніжка ягоная трошкі больш аб’ёмная за граматыку 1916 году. І менавіта граматыка 1918 году зрабілася страшэнна папулярнай. Яе чакалі школы, яе чакалі курсы, якія ўжо ў 1920-я гады адкрыліся ў Менску, на якіх выкладаў яшчэ адна легендарная асоба, пра якую мы сёньня пагаворым, Язэп Лёсік і да 1929 году, да зьяўленьня Віленскага выданьня 1929 году граматыка Тарашкевіча з рознымі выпраўленьнямі перажыла 5 выданьняў. 1929 год – пятае выданьне, якое называецца апошнім прыжыцьцёвым. Гэта не зусім так, чаму – я скажу крышку пазьней. Але ад кніжкі 1918 году да кніжкі 1929 году граматыка вельмі вырасла, яна яшчэ ў большай ступені стала прыдатная для навучаньня ў школе. 5-е выданьне 1929 году арыентаванае, несумненна, на школьнае навучаньне. Я хацеў бы дадаць, Тарашкевіч яе папраўляў і дапісваў у турме. Ён быў былы пасол Сойму, гэта значыць дэпутат, яму дазвалялі карыстацца кніжкамі і пісаць. Трэба сказаць, што ў 1931 годзе выходзіць другое выданьне лацінкаю, пра якое я нідзе ня бачыў згадак ні ў воднай кніжцы. Яно мала чым адрозьніваецца ад першага выданьня 1918 году і асабліва на яго спасылацца цяпер мы ня будзем. Але сам факт, што такое выданьне было, сам факт замоўчваньня гэтага выданьня сьведчыць пра тое, што нас чакаюць яшчэ шмат якія адкрыцьці, і, магчыма, тая гісторыя, якая нам здаецца яснай і выразнай, акрэсьленай, у сапраўднасьці трошкі іншая. Такім чынам, апошнім прыжыцьцёвым выданьнем фармальна можна лічыць выданьне як раз лацінкавае. Першае было лацінкавае 1918 году, і апошняе таксама лацінкавае – 1931 год.

 

У 1933 годзе палякі абмянялі Тарашкевіча як шпіёна ці агента савецкага ўплыву. Яго аддалі савецкім уладам, а савецкія ўлады аддалі іншага беларуса – абмянялі на Тарашкевіча Францішка Аляхновіча. Францішак Аляхновіч напісаў геніяльную кніжку “У кіпцюрох ГПУ”, якая была надрукаваная вялізнымі накладамі можа на 18 мовах сьвету. Чалавек, якому ўдалося вырвацца з засьценкаў ГПУ. Праўда, я толькі нядаўна даведаўся ад Арсеня Ліса, які напісаў цэлую кніжку пра Браніслава Тарашкевіча, што дапамог Францішку Аляхновічу “блат”. Аказалася, што ягоны родны брат быў асабістым сябрам Пілсудскага, і Пілсудскі ў саветаў за Тарашкевіча папрасіў Аляхновіча. Палякі і расейцы абмяняліся беларусамі, кожны зь якіх на сваёй палове Беларусі лічыўся шпіёнам і агентам уплыву. Анэкдатычны быў бы выпадак, калі б не аказаўся трагічным лёс самога Браніслава Тарашкевіча, які, відаць, у 1938 годзе быў расстраляны, і Францішка Аляхновіча, які быў забіты ў Вільні на Антокалі, ён там жыў. Аляхновіч быў забіты, як лічыцца, савецкімі партызанамі, але ня выключана, што гэта зрабіла гестапа, якая займалася такімі ачысткамі, магчыма, што яго забілі акоўцы (польскія партызаны). Да сёньняшняга дня справа цёмная. Магчыма, што ў архівах КДБ ці ФСБ на сёньняшні дзень яшчэ ляжаць разгадкі гэтай таямніцы. А мы вяртаемся да падзеяў, зьвязаных з Тарашкевічам і ягонай граматыкай.

 

Трэба сказаць, што 1929 год – гэта апошні год сьведамай, разгорнутай беларусізацыі ў БССР. З гэтага часу беларусізацыя дэ-факта згортваецца. 1929 год вызначальны шырэйшым палітычным фонам. Вы ведаеце, што ў 1929 годзе была задуманая калектывізацыя – пачаліся нейкія крокі дзеля яе ажыцьцяўленьня, снаваліся пляны галадамору на Ўкраіне, іншых чынаў ганебных. І ўжо ў 1930 годзе адбываюцца падзеі, якія не пакідаюць сумневу, што савецкая ўлада перастала гуляцца ў бірулькі, перастала гуляцца ў дэмакратыю, калі яна гэта і рабіла, перастала гуляцца ў вырашэньне нацыянальнага пытаньня і за адну ноч у чэрвені было зьняволена 200 дзеячаў беларускай культуры, 200 адраджэнцаў, пазьней такія чыны яшчэ паўтараліся. Мне здаецца, ў тым жа годзе яшчэ раз была адна такая зачыстка летам праз месяц і ў 1932 годзе адна летняя ноч “падмяла” некалькі соцень беларускіх патрыётаў. У выніку гэтай зачысткі на пачатак 1930-х гадоў фактычна галавы, мазгавога цэнтру, найбольш імпэтных імклівых сілаў, якія ачалялі беларускі нацыянальны рух, нацыянальнае адраджэньне, ужо не было. Яны ўжо ўсе сядзелі або былі высланыя, рабіліся іншыя захады дзеля іх пакараньня, але можна сказаць, што тым, хто на пачатку 1930-х гадоў быў зьняволены, моцна пашанцавала, бо частка зь іх засталіся жывыя. Бо тыя, хто быў зьняволены пазьней, як той жа Тарашкевіч, звычайна сканчалі куляю ў патыліцу ў Курапатах.

1930 год нам важны яшчэ і тым, што ў 1930 годзе ўжо рыхтавался рэформа беларускага правапісу. Тое, што правапіс Тарашкевіча не ідэальны – гэта сапраўды так, гэта ўсьведамлялі носьбіты. Вельмі хутка разьвіваліся падзеі, і, натуральна, у 1918 годзе прадугледзець, як будзе разьвівацца моўная сытуацыя праз 10 гадоў, было дастаткова цяжка. Тым больш што граматыка Тарашкевіча – невялікая кніжка, яна не магла даць адказы на ўсе пытаньні, бо мовы – гэта трошкі больш чым, скажам, дакумэнт на 80 старонак. У 1930 годзе рыхтавалася рэформа правапісу, якая сутнасна ня мусіла закрануць таго, што было сфармулявана – падвалінаў, падставовых рэчаў – працы Тарашкевіча. Аднак гэты праект быў адхілены. Ён пазьней не разглядаўся, і пра яго можна даведацца толькі ў кнізе, якую самадрукам выдаў Віктар Мухін, і ў якіх асьвятляюцца пэўныя аспэкты гэтай пакручастай гісторыі беларускага правапісу.

 

На пачатку 1930-х гг. у некаторых выступах Сталіна, у некаторых пастановах ураду, у газэтнай публіцыстыцы, а вы ведаеце, што ўжо ў той час ніводнага радка ў газэтах не магло зьявіцца без “бласлаўленьня” зьверху, зьяўляецца такая думка, што ўсё ж такі гэтая нацыянальная раздробнасьць, калі можна так сказаць, мноства гэтых народаў, ня кожны з каторых валодае расейскай мовай – гэта затарможвае разьвіцьцё сусьветнай рэвалюцыі, і калі так, то трэба, каб гэтыя нацыі зьліваліся, што Маркс з Энгельсам прадугледжвалі, што будзе такое зьліцьцё, будзе адзін народ. Чым далей, тым усё больш выразна народ, людзей рыхтуюць да ўтварэньня супольнасьці “савецкі народ” з адзінай моваю і прымаюць розныя дакумэнты, зь якіх робіцца зразумелым, што Масква хацела б каб беларуская і ўкраінская мовы максымальна наблізіліся да расейскай. Я не гатовы Вам зараз сказаць, у якім канкрэтна дакумэнце гэта было, я думаю, ён цяпер мае закрыты характар, на той час ён быў адкрыты і на фоне павальных зачыстак, на фоне арыштаў начных па 200 чалавек такія дакумэнты выглядалі не настолькі страшнымі і не настолькі зьнішчальнымі, калі зьнішчаліся – покуль што маральна, а не фізычна – людзі. І ўжо на момант 1933 году краіна ўжо была прасякнутая псіхозам, у якім такая зьява, як зьмена правапісных нормаў выглядалі ня больш важнымі, як закрыцьцё трамвайнага маршруту. Інакш кажучы, пратэставаць ужо не было каму. Калі хтосьці і хацеў пратэставаць, то ня меў ніякіх маральных сілаў гэта зрабіць, назаўтра гэты чалавек быў бы пазбаўлены волі, а магчыма, і жыцьця. У атмасфэры, якая паступова склалася, усеагульнай маўклівасьці, улады прымаюць пастанову летам 1933 году. Праз некалькі месяцаў пастанова пацьвярджаецца – выходзіць новае дапаўненьне да гэтай пастановы, якія прыводзяць да фактычна карэнных зьменаў у беларускім правапісе, якія атрымалі ў гісторыі беларускага правапісу назву як рэформа 1933 году. Трошкі працытую вам адпаведныя дакумэнты. Напрыклад. Пастанова 1933 году. “Імёны і прозьвішчы іншых моў, геаграфічныя назвы. Не перакладаць у поўным напісаньні, так і ў скарочаным пачатковае О-, В-, Т-, Сч-.” Інакш кажучы, ці аканьне ёсьць, ці аканьня няма – партыі і ўраду на гэта напляваць. Адсюль прызнаецца адзіна магчымым Владзімір Ільіч. Ні Владзімір, ні Ільіч не адпавядае законам беларускай мовы. В ня можа перад зычным існаваць. Гэта павінен быць Уладзімір. Ільіч таксама ня можа існаваць, бо [л’і ] адразу пераўтвараецца ў падоўжаны [л’]. Павінна быць Ільліч. Владзімір Ільіч Ленін скарачаецца В. І. Ленін. Далей: “Іосіф Віссарыонавіч Сталін”. Чаму Іосіф, а не Іёсіф, Ёсіп, Язэп? “І. В. Сталін”. Пабуджальнікі былі такія: наблізіць максымальна да расейскай мовы хаця б знакавыя напісаньні, якія будуць найбольш часта сустракацца на плякатах, у газэтных перадавіцах. Знакавыя імёны, якія ўспрымаюцца не як комплекс літараў, а як іерогліф, сугучны значэньню “веліч”, сугучны значэньню “камунізм”, сугучны значэньню “будучыня” (Ерогліф – гэта тое, што адразу нясе панятак, ніяк ня нейкі набор гукаў). Далей “Орджонікідзе”. З літарамі “о” ў гэтым слове пазьней разабраліся, і на сёньня тут трэба пісаць а. Гэта адбылося толькі ў 1959 годзе – Арджанікідзе пачалі пісаць з аканьнем. Магчыма, ў межах разьвянчаньня культу Сталіна і пераадоленьня Сталінізму. А чаму ён -дзе? Гэтае –дзе засталося, і любімая нацыя савецкага народу такім чынам ахоўвалася ад нейкага незразумелага буржуазнага э. Магчыма. Лёгіка тут адна – чым бліжэй да расейскай мовы – мовы будучыні, мовы камунізму, мовы сусьветнай рэвалюцыі. Яшчэ некалькі напісаньняў. “Терэхаў”. Сёньня вы не паверыце, што так можна пісаць па-беларуску. “Терэк” – назва ракі. “Владзікаўказ, владзімірскі”. Я наўмысна выбраў самыя адыёзныя моманты – ня ўсе настолькі адыёзныя, не ўва ўсіх момантах рэформа 1933 году настолькі відавочная русіфікацыйная кампанэнта. Часам гэтыя русіфікацыйныя моманты скрадаюцца, часам яны не настолькі відавочныя.

 

Цяпер некалькі словаў скажу пра наступныя рэформы, якія былі, і пяройду да пытаньня, непасрэдна зьвязанага з сутнасьцю зьменаў 1933 году.

 

1933 год – гэта не апошняя прыступка русіфікацыі. У 1939--1940 годзе быў падрыхтаваны новы праект, была прапанова новай рэформы беларускага правапісу. Яна ўжо прадугледжвала разьвітацца ў запазычаных словах з дэ, тэ. Напрыклад, не пісаць тэарэма, а пісаць теарэма. Р цьвёрдае яшчэ заставалася. Яна была накіраваная на далейшую русіфікацыю беларускай мовы, і калі гэта ведаеш, калі знаёмісься з рэформаю 1930 году – прапанаванай, але не прынятай, рэформаю 1933 году – была прапанаваная і не прынятая, рэформа 1933 году яшчэ адна, якая была прапанаваная і прынятая, рэформаю 1940 году, пазьней была рэформа, прапанаваная ў 1951 годзе, абедзьве гэтыя рэформы таксама не былі прынятыя. Яны ўсе, калі вы зробіце схемку балявых кропак, былі накіраваны на далейшую паступовую, прыступка па прыступцы, адна рыса фанэтычная за другой, адна граматычная рыса за другой, каб зьнішчаць уласьцівыя беларускай мове элемэнты на карысьць элемэнтаў, уласьцівых расейскай мове.

 

У свой час былі спробы аспрэчыць, што рэформа 1933 году была русіфікацыйнай. На сёньняшні дзень я ня ведаю сур’ёзных навукоўцаў, якія б казалі, што яна была выключна на карысьць беларускай мове (Я не кажу пра Акадэмію Навук). Цяпер пару словаў, чаму не адбыліся гэтыя рэформы. 1940 год. Рэформа была падрыхтаваная да пераможнага паходу Чырвонай арміі на Польшчу, да моманту вызваленьня Заходняй Беларусі. Калі ня пакт Рыбэнтропа-Молатава, калі б ня факт прылучэньня да Савецкай Беларусі 4,5 мільёнаў беларусаў з Заходняй Беларусі, магчыма, гэтая рэформа. Усё ж такі была б прынятая. Гэта сьведчыць пра тое, што крамлёўскія стратэгічныя пляны перакрэсьлівалі мясцовыя пляны русіфікацыі. Гэта значыць, што гэтыя пляны русіфікацыі не заўсёды снаваліся ў Крамлі. Магчыма, нейкія моманты ўсё ж такі зыходзілі ад мясцовага кіраўніцтва. У той час кіраўніком Беларусі быў Панамарэнка, кубанскі казак, якому праблема беларускай культуры была глыбака нецікавая. Растлумачу, чаму паход Чырвонага войска на захад і рэформа беларускага правапісу былі рознанакіраваныя вэктары. Калі далучылі Заходнюю Беларусь, савецкія ўлады пастараліся засьведчыць сваю беларускасьць. У Беластоку, напрыклад, зьбіраўся народны сход, які якраз і папрасіў уключыць Рэспубліку Заходняя Беларусь у склад БССР. Тое самае на Ўкраіне. Там была створаная рэспубліка Заходняя Ўкраїна, якая папрасілася на сходзе быць прынятай у савецкую Ўкраіну. Калі вы будзеце праглядаць фотаздымкі, схода ў Беластоку, то пабачыце, што ўсе надпісы там па-беларуску. Адразу ў 1939 годзе ледзь ці не на плячах савецкага войска прыяжджалі цэлыя рэдакцыі раённых, абласных газэтаў, якія не заўсёды, але часам усё ж такі выдаваліся па-беларуску. Адразу прыехалі настаўнікі беларускай мовы, адчыняліся ў Заходняй Беларусі тут жа беларускія школы на месцы польскіх. Прыехалі тысячы настаўнікаў, тысячы іншых людзей прапагандысцкага корпусу, якія гаварылі па-беларуску, якія прыехалі з беларускай мовай туды – не з расейскай. І на момант 1939—40 гг., калі трэба было засьведчыць заходнім беларусам тое, што Савецкая Беларусь не настолькі русыфікаваная, адкрытая да нацыянальнага будаўніцтва, да беларускага адраджэньня, вядома, што русыфікацыйная рэформа ніяк ня клалася ў гэтыя пляны, з гэтай прычыны яна не прайшла.

Рыхтавалася русіфікацыйная рэформа ў 1950—51 гг. Чаму яна не прайшла – гэта большая загадка. Магчыма, што абсалютызацыя ўлады, калі Сталін слабеў, усё больш улады канцэнтруецца ў руках Берыі. Берыі прыпісваюць плян развалу краіны на асобныя краіны. Ёсьць пэўныя моманты, якія сьведчаць за гэты плян. Я як гістарычны факт падам тое, што ў 1952, здаецца, годзе ўсе савецкія рэспублікі атрымліваюць сьцягі. Сьягоў да гэтага не было. І вось тут зьбіраюцца аб’ядноўвацца ў адзіны савецкі народ без падезлу на нацыянальнасьці – і раптам, калі ласка, свае нацыянальныя сьцягі. Гэта быў несумненна берыеўскі праект – наданьне нейкіх атрыбутаў асобнасьці нацыянальным рэспублікам. Такім чынам, чаму не была прынятая рэформа 1951 году – покль што загадка, яку, магчыма, некалі атрымаецца разгадаць.

У любым выпадку, у 1957 годзе выходзіць пастанова, якая русыфікацыйны вэктар рэформы 1933 году істотна зьмяншае. На фоне такі пастановаў пра “Владзімір Ільіч” рэформа – не рэформа, а ўдакладненьне 1957 году (а кніжка выйшла ў 1959 годзе), таму яе часам называюць зьмены ў правапісе 1957/59 г, выглядае сапраўды прагрэсіўна, зьмены выглядаюць прабеларускімі, яны сапраўды ідуць насуперак русыфікацыйнай лініі. Можна дапусьціць, што прычына гэтага – 1956 год, 19 (?) зьезд партыі, які разьвянчаў культ асобы, а разам з тым пачалася новая эпоха, якая называецца эпоха Хрушчова, хрушчоўская адліга. І вот у гэтую хрушчоўскую адлігу, калі сапраўды адбыўся нейкі грамадскі рух у нацыянальных рэспубліках, удалося ў правапіс правесьці нейкія рэчы, якія ў 1933 годзе выглядалі абсалютна нацыяналістычнымі, дробнабуржуазнымі, непрымальнымі для савецкай рэчаіснасьці.

 

ІІ

 

Першая гутарка гэтай сустрэчы была прысьвечаная генэзе – паходжаньню двух стандартаў. Я запыніўся на нейкіх момантах, асноўны зь якіх зьвязаны з 1933 годам. У 1918 годзе зьяўляецца граматыка Тарашкевіча, якая падсумоўвае ўвесь папярэдні досьвед разьвіцьця беларускага правапісу, а ў 1933 годзе, ужо ў Савецкай Беларусі, складаецца сытуацыя, пры якой ўлады не задаволеныя з таго, якое месца займаюць нацыянальныя мовы ў жыцьці нацыянальных рэспублікаў і -- пачынаецца крыху раней, -- а ў 1933 г. адбываецца выбух рэпрэсіўных дзеяньняў, накіраваных на не на людзей, а на мовы, на нейкія правапісныя моманты. Паказальна тое, што, напрыклад, ва ўкраінскай мове рэформа правапісу (ці, прынамсі, вельмі істотныя зьмены) адбылася ў 1928 годзе, яны лічацца прагрэсіўнымі, бо былі закліканыя на злучэньне двух правапісных стандартаў – заходнеўкраінскага і ўсходнеўкраінскага. Заходнеўкраінскі склаўся ў Аўстравугоршчыне ў 19 ст. – на пачатку 20-га. Усходні склаўся ў Расейскай імпэрыі, дакладней, ужо ў Савецкай Украіне. І ў 1928 годзе яны здолелі дамовіцца, выпусьцілі новы стандарт, усе былі задаволеныя, бо ён улічваў інтарэсы і традыцыю і заходнеўкраінскую і ўсходнеўкраінскую, а ў 1933 годзе партыя загадала – і ва ўкраінскай мове таксама, як і ў беларускай, адбываецца рэформа. Вельмі паказальна, што цягам 1930-х гг. Тыя ці іншыя правапісныя рэформы адбываюцца практычна ўва ўсіх мовах Савецкага Саюзу. Рэч у тым, што безпісьмовыя народы атрымалі пісьмовасьць дзякуючы вялікаму кастрычніку. Пісьмовасьць ім далі ў 1920-я гады на аснове лацінскай графікі, яна лічылася прагрэсіўнай, больш уніфікаванай, зручнай, а ў 1930-я гады чамусьці палічылі яе нязручнай і ўсе народы пачалі пісаць ужо кірыліцай. Што да народаў, якія атрымалі пісьмовасьць значна раней, ну, скажам, азэрбайджанцы, якія ўжо мелі нейкую традыцыю ўжываньня лацінкі, яны таксама змушаныя былі памяняць лацінку на кірыліцу. Узбэкі, якія мелі пэўную традыцыю ўжываньня арабіцы, таджыкі, якія стагодзьдзямі пісалі арабскімі літарамі, таксама ў выніку пераходзяць на кірыліцу. Адбываецца павальная кірылізацыя народаў неславянскіх і адбываецца дэ-факто русіфікацыя пісьма народаў славянскіх – беларусаў і ўкраінцаў.

1933 год разглядаецца як пераломны для беларускага мовазнаўства і для існаваньня беларускага слова наагул. З 1933 году слова, форма слова, літара, якую ты пішаш у слове, пачынае разглядацца не як факт моўны, а як факт палітычны. Цяпер сабе такое цяжка ўявіць, хоць сытуацыя паволі эвалюцыянуе ў той жа бок, але, напрыклад, тады выходзіць артыкул, у якім зьвязваецца, 15 нейкіх каранёў, яны пералічваюцца. Гэтыя карані, сьцьвярджае аўтар, нацыяналістычныя, дробнабуржуазныя. Напрыклад, такі корань, як “згад”. Зорка Венэра ўзышла над зямлёю, сьветлыя згадкі з сабой прынясла. Слова “згадка” ўжо ўтрымлівае штосьці кепскае – частку “гад”, яна ўжо сама пра сябе сьведчыць, што ў ёй ёсьць контрарэвалюцыйны зьмест. На поўным сур’ёзе зьяўляюцца такія артыкулы. Зьяўляецца кола аўтараў, гатовых апэляваць да такіх глупстваў. Яны зьявіліся не з прычыны аб’ектыўнай – тае, што “народ іх паклікаў”. Натуральна, быў заказ, была замова зьверху, і яны проста выконвалі загад партыі, яны стваралі атмасфэру, пры якой любыя адхіленьні ці любыя разьбежнасьці паміж беларускай мовай і расейскай, а на ўкраінскай глебе – паміж украінскай і расейскай, разглядаліся як варожыя рабочай справе, варожыя – пойдзем далей – сусьветнай рэвалюцыі. Дзікая рыторыка. Не абгрунтаваная нічым, апроч палітычнай каньюнктуры, стварэньня атмасфэры псыхозу ў краіне. Вось што ўяўлялі з сябе ня ўсе, але шмат якія перадавыя артыкулы ў мовазнаўчай літаратуры таго часу ў нейкіх пэрыядычных выданьнях, у нейкіх пэдагагічных часопісах і газэтах. Вядома, што ў такой атмасфэры рэформа, якую падрыхтавалі слухмяныя ўладам мовазнаўцы, а ў іх, відаць, не было выбару, такія рэформы, такія зьмены мусілі мець на мэце адно: правядзеньне русыфікацыйных зьменаў у беларускім правапісе, але дэ-факто яны зьмянілі ня толькі правапіс, яны зьмянілі і граматыку, гэта адбілася на зьменах і ў лексыцы: словы “згадка, згадаць” – не, толькі словы “успомніць, успамін”. Слова “згадваць” ня можна згадваць. Гэта адбілася і на словаўтварэньні. Напрыклад, суфікс –шчык. Яго не было пэўны час, ён вельмі абмежавана выкарыстоўваўся. Я мадэлюю: замест “друкар” – які “друкаршчык”. Адсюль пайшлі ўсе інструмэнтальшчыкі, бэтоншчыкі і г. д. У той жа час да 1933 году ўсёж такі мова старалася трымацца ў межах уласных словаўтваральных сродкаў. А адпаведнікам для –шчык зьяўляецца суфікс –нік. Або прыходзіць суфікс –цель. Напрыклад, можна пабачыць слова “любіцель”. А аматар -- гэта слова, відаць, непрымальнае зусім, бо лацінскае, варожае. Такім чынам, рэформа 1933 году пры ўсіх спробах пра яе гаварыць у тэрмінах чыста лінгвістычных паказвае на кожным кроку свой характар палітычны.

Цяпер хацелася б агледзець некалькі момантаў – як разьвіваўся правапіс цягам 20-га стагодзьдзя: якія былі ў яго этапы, і тады падамо канкрэтныя прыклады.

(СХЕМА)

Граматыка Тарашкевіча -- 1918 год. У Заходняй Беларусі яна перавыдавалася і апошняе перавыданьне ў Заходняй Беларусі – 1929 году. Гэтая граматыка ўплывала і на тое, што адбывалася ў Савецкай Беларусі. У 1926 годзе ў БССР адбываецца правапісная канфэрэнцыя, якая ставіць пытаньне, якое даўно насьпела – патрэбныя рэформы ў мове. І сапраўды, рэформа адбываецца ў 1933 годзе. Але мінае нямала гадоў і ў 1933 годзе рэформа адбываецца абсалютна іншая, чымся яе можна было чакаць. Тарашкевіца перастае існаваць у БССР, пачынаецца час афіцыйнага правапісу. Тарашкевіца працягвае існаваць у Заходняй Беларусі. Далей адбываецца вельмі важны і вельмі цяжкі момант у нашай гісторыі. 1941 год. Уся Беларусь апынаецца пад нямецкай акупацыяй. Пятая частка Беларусі робіцца генэрал-губэрнатарствам Беларусь. І ў гэтым генэрал-губэрнатарстве асноўная мова навучаньня зацьвярджаецца беларуская. Менск, Ганцавічы, Баранавічы, Слуцак, Клецк, Глыбокае, Барысаў, Валожын – гэтых мясьцінах беларуская мова, беларускія школы адраджаюцца, у практыку вяртаецца тарашкевіца. Наркамаўка разам з эшэлёнамі эвакуяваных едзе на ўсход і там існуе: Тэатар працаваў, нейкія выданьні выходзілі, я дума, гэта былі мізэрныя абсалютна праявы жыцьця мовы. Можна сказаць, дэ-факто наркамаўка перастае існаваць. І гэты працэс сканчаецца ў 1944 годзе. У 1944 годзе ізноў прыходзіць савецкая ўлада, апаноўвае цяпер ужо ўсю Беларусь. І тарашкевіца перастае існаваць на тэрыторыі БССР у 1944 годзе. Тарашкевіца разам з уцекачамі ад бальшавікоў едзе на захад і трапляе практычна па ўсім сьвеце, дзе апынаецца беларуская эміграцыя. Тарашкевіца выкарыстоўваецца ў сотнях пэрыядычных выданьняў, выходзяць сотні беларускіх кніг, вядуцца перадачы – спачатку радыё “Вызваленьне” з 1953 году, потым – яно пераназываецца ў Радыё Вызваленьне/радыё Свабода. Вядзе сваю працу Голас Ватыкану, радыё з Монтэ-Карло, некаторыя яшчэ радыёкропкі і радыёхвалі зьяўляюцца і зьнікаюць. Напрыклад, была перадача на беларускай мове радыё Гішпаніі. Перадачы гэтага радыё вяла, між іншым, і Івонка Сурвілла, сёньняшняя старшыня Рады БНР. Тарашкевіца жыве і цягам усіх гэтых гадоў працягвае сваё дасканаленьне, працягвае сваё разьвіцьцё.

Трэба сказаць, што ў пасьляваенны час у БССР таксама адбываюцца рэнавацыйныя зьмены. Маразм сталінізму трошкі спадае, пэўны патрыятычны ўздым, выкліканы тым, што ўсё ж такі перамаглі фашызм, адыграў пэўную ролю. У выніку пэўнага ажыўленьня, узьняцьця пэўных патрыятычных пачуцьцяў вяртаюцца ў жыцьцё некаторыя нормы, якія былі замацаваныя тарашкевіцай, а потым перакрэсьленыя 1933-м годам. Адзін з прыкладаў: два – дзве. У 1933-м годзе была скасаваная розьніца ў скланеньні “два – дзьве”: двух хлопцаў, двух дзяўчат. У пасьляваенны час спакваля, паступова вяртаецца падзел гэтых формаў: двух – для хлопцаў цьвёрдая форма, для дзяўчат – дзьвюх. Гэта тарашкевіцкая норма. І пазьней, калі ўжо адбылося выкрыцьцё сталінізму, пачынаецца хрушчоўская адліга, у 1957 годзе поўнае разьвядзеньне парадыгмы па мужчынскім родзе і па жаночым родзе, якое было ў Тарашкевіча, вяртаецца. У 1959 годзе выходзіць вельмі важная кніжка – “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” – біблія тых, хто выкладае беларускую мову паводле афіцыйнага стандарту. Гэтая кніжка на свой час была страшэнна прагрэсіўнай, калі хочаце, -- на свой час гэтая кніжка была канцэнтратам нацыяналізму, патрыятызму. Зь вялікім энтузіязмам быў сустрэты гэты правапіс, бо ён касаваў вельмі шмат якія моманты, закладзеныя ў рэформе 1933 году. Вяртаюцца яшчэ некаторыя формы, якія былі забароненыя ў 1933 годзе. Скажам, была вельмі абмежаваная такая форма, як загадны лад дзеяслова мн. лік, 1-я ас. “кінуць” – ня “кінем”, а “кіньма”. Гэтая форма, фактычна, выганялася з мовы. Правапіс 1959 году дазваляе гэтую форму, фактычна, нават яе рэкамэндуе. Адбываюцца драбнейшыя зьмены, не настолькі вызначальныя, але вэктар гэтых зьменаў – насустрач да тарашкевіцы. Я далёкі ад таго, каб сьцьвярджаць, што на гэта паўплываў пэрыяд панаваньня тарашкевіцы ў часе нямецкай акупацыі. Але засьведчыць сваю беларускасьць, засьведчыць факт таго, што беларуская мова не асыміляваная, засьведчыць той момант, што савецкія ўлады ня толькі і ня столькі вынішчаюць беларушчыну, а наадварот даюць разьвівацца – гэтыя моманты натхнялі складальнікаў кніжкі, а папрацавалі над ёю Кандрат Крапіва і Пятро Глебка (вядома, там значна большы быў калектыў, але яны выступілі рэдактарамі). Несумненна гэта быў прагрэсіўны момант. І калі кажуць, што рэформа 1933 году і сёньняшні правапіс – гэта адно і тое ж, -- гэта няпраўда. Правапіс 1933 году (я паказваў гэта на папярэдняй лекцыі) ўтрымліваў, напрыклад, такую катэгорыю, як саветызмы. Гэта асобная група слоў, якія не падпарадкоўваюцца правілам беларускай мовы. Напрыклад, большэвізм. На сёньняшні дзень у ім дзьве памылкі: не праводзіцца аканьне ні ў дачыненьні о, ні ў дачыненьні э. Апроч таго, што яно пішацца так своеасабліва, яно нават скланяецца своеасабліва. У родным склоне словы большэвізм, ленінізм, марксізм, сталінізм, сацыялізм – усё станоўчыя “-ізмы”, якія мелі ідэалягічны характар, у родным склоне павінны былі мець канчатак –а. Такім чынам, большэвізма, сцяг комунізма і г. д. Усе кепскія і нэўтральныя “–змы” мелі канчатак –у: капіталізму, нацыяналізму, несумненна, фашызму. Вядома, калі граматычная форма, правапіс нейкага слова залежыць ад яго ідэалягічнага напаўненьня – гэта не мовазнаўства. Гэта, фактычна, палітыка, ідэалёгія ў абліччы мовы. Такіх момантаў у 1959 годзе застаецца ў правапісе зусім няшмат. Напрыклад, саветызм Владзімір. Саветызм ён па той простай прычыне, што Ульянаў быў Уладзімірам. Калі б ён меў нейкае іншае імя, саветызмам, відаць, было б іншае імя. Іосіф. Вы ніколі не задумляліся, па якой прычыне Іосіф пішацца праз іо, калі тут павінен быць ёт: Язэп, вясковае Ёсіф, Ёсіп, або проста – і адпадае, разьвіваецца в перад націскным о: Восіп, так як вочы. А ў тым прычына, што адзін з правадыроў сусьветнага пралетарыяту быў Іосіф. Саветызм Владзімір зь нязьменным в быў скасаваны ў 1959 годзе, а на Іосіфа – не паднялася рука. Такім чынам, калі мы гаворым пра рэсталінізацыю, пэўную рэсаветызацыю беларускага правапісу ў 1959 годзе, трэба мець на ўвазе, што яна мела вельмі дазаваны характар. Былі прынятыя, прыбраныя зь беларускага правапісу тыя напісаньні, правілы, артаграмы, якія выразна несьлі ідэалягічны характар. Тое, што ня мела выразна ідэалягічнага характару ўсё ж такі засталося і застаецца да сёньняшняга дня, як бы няправільна гэта ні выглядала.

Пачнем параўноўваць тарашкевіцу з наркамаўкай.

Першае. Я пішу аграмадны мяккі знак. Калі памятаеце, быў зборнік у нашага знакамітага барда Сержука Сокалава-Воюша, які называўся мяккі знак. Мяккі знак стаўся сымбалем. Мяккі знак – гэта тое, чым адразу можна адрозьніць тэкст, напісаны клясычным правапісам, і тэкст, напісаны правапісам афіцыйным. Здавалася б, ці настолькі ён істотны? Адкуль ён узяўся, хто яго прапанаваў, кім чынам мяккі знак прыйшоў у наш правапіс і якім чынам ён зьнік з афіцыйнага правапісу? Гэта асобная гісторыя. Як ён узьнік? Тарашкевіч пісаў правапіс і граматыку лацінкай. У лацінцы мяккасьць пазначаецца не асобнай літарай, а вельмі сьціплым надрадковым знакам: ś [сь]. Напрыклад, слова śviet – нікага мяккага знаку. Адным словам, пачаткова для Тарашкевіча не існавала праблемы, ці пісаць мяккі знак, ці не з адной простай прычыны: у лацінцы няма мяккага знаку. Часам кажуць: ну, гэта ж эканомія моўных сродкаў – адзін з законаў мовы. Паводле гэтых законаў, мы гаворым не “калі ласка”, а “каляска”, па-расейску – не “здравствуйте”, а “здрасьце”. Мы кожны дзень сутыкаемся з эканоміяй моўных сродкаў. Гутарка пра мяккі знак часта вядзецца ў ключы гаворкі пра эканомію моўных сродкаў – ад мяккага знаку тэкст робіцца на 2 адсоткі даўжэйшым. Для Тарашкевіча такой праблемы не існавала, бо Тарашкевіч склаў сваю граматыку лацінкаю. Вось адкуль узяўся мяккі знак – ён узьнік тады, калі лацінкавы варыянт граматыкі Тарашкевіча перавялі, перанесьлі на глебу кірылічную. Зь мяккім знакам усе звыкліся, усе яго ўжывалі, і нікому ён не замінаў. Але слава Тарашкевіча замінала аднаму выдатнаму беларускаму дзеячу, якога звалі Язэп Лёсік. Язэп Лёсік – дзядзька Якуба Коласа, чалавек, які быў адным з пачынальнікаў беларускага руху, бацька беларускага нацыяналізму, чалавек, які заўсёды цікавіўся беларускай мовай і яшчэ ў дарэвалюцыйны час меў пэўныя амбіцыі як мовазнавец. Выдатны наш дзеяч Язэп Лёсік на момант стварэньня граматыкі, на момант стварэньня правапісу ня ўдзельнічаў у гэтым працэсе і – гэта маё прыпушчэньне, але адчуваю, што гэта так, бо займаюся гэтым пытаньнем не адзін год – зайздросьціў славе Тарашкевіча. Каб вы ня думалі, што ён быў выключна зайздросьнікам – не, ён быў выдатнай асобай, але выдатная, яркая асоба – гэта асоба, поўная амбіцыяў, жаданьня быць першым, а калі ня першым – то ніякім. На жаль і на радасьць – такі сьвет. Вось Язэп Лёсік, гэтая выдатная асоба, згараў з сярэдзіны, тлеў з сярэдзіны зайздрасьцю да Браніслава Тарашкевіча, які здолеў стварыць граматыку, якой карысталіся ўсе, якая лічылася асноўным падручнікам беларускай мовы. І ў 1920-я гады Язэп Лёсік стараецца дагнаць славу Тарашкевіча. Тарашкевіч у Заходняй Беларусі, Тарашкевіча ў пэўным сэнсе няма на даляглядзе. А Лёсік застаецца ў БССР, Лёсік зьяўляецца аўтарам ўсіх асноўных школьных падручнікаў, падручнікаў для пэдадагічных тэхнікумаў, пэдагагічнага інстытуту, які пазьней пераўтварыўся ва ўнівэрсытэт. Праўда, ва ўнівэрсытэце Язэпу Лёсіку павыкладаць ужо ня выпала, не пашчасьціла, бо на момант адкрыцьця ўнівэрсытэту – пачатак 1930-х гадоў -- усе асноўныя беларускія дзеячы былі зьняволеныя. Яшчэ Курапаты не адкрылі свой лік ахвярам – тады яшчэ не расстрэльвалі, а проста высылалі, інтэрнавалі. Але ў 1920-я гады Лёсік быў мовазнаўцам №1 у Савецкай Беларусі. Відаць, гэтая зайздрасьць – паўтараю. Я дапускаю, не магу гэтага цьвердзіць – натхніла Лёсіка на тое, каб на канфэрэнцыі 1926 года, якая была сабраная дзеля таго, каб рэфармаваць беларускі правапіс, моманты, недапрацаваныя Тарашкевічам – а такіх было нямала – бо граматыка Тарашкевіча пачаткова была невялічкай кніжачкай на 76 старонак, а яшчэ і практыкаваньні там былі – у прынцыпе не магла зьмясьціцца такая вялікая інфармацыя, ня кажучы пра тое, што Тарашкевіч у 1918 годзе ў прынцыпе ня мог стварыць выверанай граматыкі, на два тамы, якую пазьней ужо ў 1980-я гады выдала Акадэмія Навук. Дык вось, у 1929? годзе Лёсік выступае з рэзкай крытыкай граматыкі Тарашкевіча і прапаноўвае абсалютна новыя прынцыпы беларускага пісьма. Напрыклад, Лёсік прапаноўваў скасаваць літару ы на карысьць літары и, так як гэта ёсьць ва ўкраінскай мове. Перавярнуць літару э. Ён прапаноўваў скасаваць й і ўвесьці j. Наконт ёту, трэба сказаць, што гэтая прапанова можа і някепская, ўлічваючы, што сэрбы, напрыклад, маюць j, некаторыя іншыя кірыліцаграфічныя мовы выкарыстоўваюць j. J значна зручнейшы за й, давайце прызнаем наступны момант: калі мы пішам і, абазначаць гук, у які гэты і можа пераходзіць (напрыклад: імя – займеньнік) зусім іншай літарай – мінімум нелягічна. Хочацца нейкага адзінства, так як гэта адзінства ёсьць у дачыненьні у і ў. Прапанова Лёсіка наконт j несумненна была цікавая, але на фоне іншых прапановаў – а мы з вамі разгледзелі зьмены літарныя, я не кажу пра зьмены правапіснага характару – чалавек проста азбуку прапанаваў мяняць. Напрыклад, адмовіцца ад усіх ётаваных галосных: я, ё, ю, е і яшчэ і можа абазначаць адначасова йі, напрыклад: імі. Лёсік прапаноўваў пісаць: jама. Гэта прапанова, трэба сказаць, досыць цьвярозая, але наўрад ці гэта можна назваць кірыліцай. Гэта фактычна было разбурэньне кірыліцы. І апроч усяго, Лёсік прапаноўваў скасаваць мяккі знак. Чаму? Ён абгрунтоўваў вельмі проста: які беларус вымавіць тое ж слова снег. Гэта немагчыма, апарат беларуса гэтага ня вымавіць. Аказалася, мы з вамі гэтаму сьведкі, ня кожнаму сёньня ўдаецца сказаць сьнег. Пры ўсёй любові да беларускай мовы і да бацькаўшчыны. Ці быў тут шчыры Лёсік? Ці ён верыў, што няможна іначай сказаць? Ці яму хацелася прапанаваць максымальную колькасьць адрозьненьняў ад тарашкевіцкага правапісу? Сёньня ўжо сказаць цяжка. У любым выпадку, з усіх прапановаў Лёсіка, нагадаю, гэта былі прапановы на ўзроўні азбукі, ён прапаноўваў, каб гэтых літар наагул не было, прапанова Лёсіка скрэсьліць мяккі знак пачулі ў 1933 годзе. Усе астатнія прапановы, натуральна, не былі пачутыя, бо вельмі рэзка аддзялялі беларускі правапіс ад правапісу расейскага. А гэта – адзіная рыса з прапанаваных Лёсікам, якая набліжала беларускі правапіс да расейскага. Я чаму так доўга пра гэта кажу – калі вы зацікавіцеся крыху больш гэтым пытаньнем, вам могуць сказаць: ну як жа зь мяккім знакам, гэта ж сам Лёсік, самы нацыяналіст прапанаваў яшчэ на канфэрэнцыі ў 1926 годзе. Ён прапаноўваў скасаваць мяккі знак у комплексе зь іншымі карэннымі зьменамі ў азбуцы і ў правапісе. І як б нават сказаў, што Лёсіка “падставілі”, калі б на момант 1933 году Лёсік яшчэ быў у нейкіх акадэмічных колах. Лёсіка ўжо не было. А ягоную ідэю скарысталі і цяпер Лёсікам прыкрываюць дзеяньне, якое ў выніку было накіраванае на зьнішчэньне характэрнага для беларускай мовы вымаўленьня і на штучнае набліжэньне беларускай мовы да мовы расейскай як у графічным абліччы, так і ў абліччы фанэтычным, на ўзроўні вымовы.

Наступнае адрозьненьне. Чалавек, які бярэ газэту, напісаную клясычным правапісам, зьвяртае ўвагу на наступную рэч: вэктар замест вектар. З чым гэта зьвязана? Ведаю, што людзі, якія ніколі такога ня бачылі, рэагуюць на гэта як на памылку. Уявіце, што да 1933 году іншага напісаньня не было. З чым зьвязанае такое напісаньне? Нагадаю вам, што ў большасьці моваў сьвету (а ў сьвеце 3,5 тысячы моваў) няма апазыцыі цьвёрдасьць/мяккасьць. Усе гукі, па вялікім рахунку, або цьвёрдыя, або мяккія. Мяккіх гукаў зусім мала, а ў прынцыпе мовы цьвёрдыя. Так сталася, што славянскія мовы, вугра-фінскія мовы – ня ўсе, але большасьць, -- яшчэ некаторыя мовы маюць апазыцыю па цьвёрдасьці—мяккасьці. Для нас важна, будзе мяккі знак у канцы слова ці ня будзе, важна, напрыклад, лік ці лык (Р. склон мн. ліку ад лыка). Такім чынам, у большасьці моваў сьвету зычныя цьвёрдыя. І Тарашкевіч пастанавіў перадаваць гэтую цьвёрдасьць. Калі в цьвёрды ў лацінскіх і грэцкіх назвах, францускіх, нямецкіх і г. д. – так павінна і быць па-беларуску. Такім чынам: вэктар, сэмэстар, дынаміка, тэрмомэтар і г. д. У 1933 годзе гэтае правіла перагледзелі і пакінулі толькі два выпадкі, у якіх захоўваецца зыходная цьвёрдасьць гукаў у запазычаньнях: д. т. Такім чынам, адбылася асымэтрыя – у дачыненьні адных зычных гукаў захоўваецца цьвёрдасьць, у дачыненьні другіх зычных гукаў гэтая цьвёрдасьць замененая на мяккасьць. З якой прычыны? Напісаньні і вымаўленьні вэктар, сэмэстар вельмі адрозьніваюць і фанэтыку, і графіку слова беларускага ад фанэтыкі слова расейскага. Гэтыя моманты з мовы зьніклі.

Наступны момант. Я сказаў бы, эмацыйна самы балючы. Момант, на які заўсёды зьвяртаецца асаблівая ўвага. Гэта – мяккі/цьвёрды л. Ідуць вельмі гарачыя спрэчкі і ў інтэрнэце, і падчас сустрэчаў з людзьмі. Любыя довады ўпіраюцца ў эмоцыі. Пытаньне л/ль – прынцыповае. Тарашкевіч разважыў наступным чынам: у заходнеэўрапейскіх мовах, адкуль мы атрымліваем большасьць пазычаньняў, гук ль – адзін. Ён вымаўляецца ні як мяккі, і ні як цьвёрды. У пэўнай пазыцыі ён можа быць – на наша ўспрыманьне – быць бліжэйшы да мяккага ль, у пэўнай – да цьвёрдага л. Называецца сярэднеэўрапейскі л. Ён утвараецца паміж нашым цьвёрдым і мяккім. Перад Тарашкевічам паўстала пытаньне: калі ў нейкай мове – адзін гук, а ў нас яму адпавядаюць – два, то што выбраць? Падобная праблема існуе для тых, хто спрабуе транслітараваць або транскрыбаваць японскія напісаньні і напісаньні кітайскія. У японскай мове няма розьніцы паміж р і л. Нават гэтыя гукі для іх адное і тое ж. І таму Хірасіма і Хіласіма – гэта тое самае для японцаў. Перад такой праблемай паўстаў Тарашкевіч, умоўна кажучы, вядома, паўстала нацыя, паўсталі ўсе, хто спрабаваў нармалізаваць беларускі правапіс і беларускую вымову. Што абраць: мяккі знак для перадачы, ці цьвёрды знак? Ну, скажам, калі гэта лёгіка (грэцк.): што нам пісаць – логіка ці лёгіка? Бо гэты гук ні адно, ні другое, а выбраць трэба. Тарашкевіч прыходзіць да наступнай высновы: на канцы слова – гэта звычайна цьвёрды, у становішчы перад галоснымі і перад зычнымі (у сярэдзіне слова) – ль мяккі. Таму: генэрал, капрал, футарал, пазьнейшае слова, не тарашкевіцкае ўжо, але ў гэтым жа кірунку – нелегал, прафэсіянал. Сотні словаў маюць на канцы л. Толькі невялікая група словаў, якія замацаваліся да ўсякіх нармалізаваньняў, стагодзьдзямі раней – захавала ль: паркаль (слова прыйшло з францускай мовы), магістраль. Ёсьць невялікая група словаў, якія ў мужчынскім родзе і ў жаночым родзе маюць на канцы ль мяккі. Яны хутчэй складаюць групу выключэньняў. Бальшыня ж словаў мужчынскага роду на л будзе цьвёрдымі. Я думаю, нават тыя, хто падтрымліваюць тарашкевіцу, стараюцца праводзіць яе ў штодзённае жыцьцё, не ўсьведамляюць, што засваеньне сярэднеэўрапейскага л залежыць ад пазіцыі. А вось калі мы кажам пра пазыцыю ў сярэдзіне слова, то: лёгіка, філялягічны, ляпідарны і г. д.

Вось такое разьвязаньне. У чым яго плюс у параўнаньні з тым, што мы маем у наркамаўцы. У наркамаўцы тарашкевіцкі прынцып быў скасаваны і прыняты прынцып “паводле вымаўленьня”. Пры панаваньні расейскай мовы ў Савецкай краіне ясна, як вымаўлялася і што зьяўлялася ўзорам такога вымаўленьня: расейская мова. У расейскай мове ль сярэднеэўрапейскае рэалізоўваецца па-рознаму, нават у адным і тым жа корані: цэлюлоза. Чаму яна цэлюлоза? Тут два л, у інтэрвакальнай пазіцыі – і першае, і другое. А чаму не цэлулоза? Чаму не цэлулёза? Чаму не цэлюлёза? Яшчэ прыклад: нота ля, але опэра – ла Скала. І такіх прыкладаў – тысячы. Расейскае асваеньне – стыхійнае, якое адбывалася без усякіх правілаў, без усякага мовазнаўчага аналізу нельга браць за аснову для асваеньня беларускага. Іначай мы трапляем у тыя ж пасткі, у якія сёньня трапілі расейцы. У расейскай мове адбываюцца вельмі вялікія зьмены ў графіцы. Напрыклад, напісаньне кэш яшчэ дваццаць гадоў назад існаваць не магло. К – заднеязычны гук, нават у беларускай мове , дзе э сустракаецца значна часьцей -- выклікае пэўную шурпатасьць, у нас ва ўласнабеларускай лексыцы ёсьць слова мякенькі (к+е можа быць ва ўласных словах, бо, скажам, кераміка – гэта запазычаньне), а спалучэньне к+э быць ня можа. І слова кэш – гэта ня ўласная назва, у дачыненьні якіх у расейскай мове дапускаюцца пэўныя вольнасьці і яшчэ ў 1885 годзе расейскі правапіс Грота замацоўваў, што ў прынцыпе можа пісацца слова Бэрд (прозьвішча паэта вядомага) праз э, але ня можа быць у напісаньні агульных назваў спалучэньня э пасьля зычных. Сёньня ў расейскім правапісе гэта ўжо можа быць. Паспрабуйце напісаць так па-беларуску – і адразу скажуць: Што такое, гэта ж тарашкевіца. Экзэмпляр, відаць, ужо дапускаецца праз э пісаць, але вазьміце слова сэрвіс, напішыце праз э – атрымаеце абвінавачаньні ў тым, што гэта няправільна. На сёньняшні дзень клясычны расейскі правапіс Грота, які трошкі зьмяніўся ў выніку рэформы 1917—18 году, але ў сэнсе правапісу запазычаньняў застаўся прыкладна той жа самы, што і ў канцы 19 стагодзьдзя – гэты правапіс аказваецца цесным для сучаснасьці, для сёньняшняга дня расейскай мовы. І расейская мова, расейская практыка, стыхія мовы адкідае гэтыя правілы, яна будуе правапіс паводле іншых нейкіх прынцыпаў, якія яшчэ не сфармуляваныя, якія ідуць насуперак таму, што напісана ў падручніках. І вот гэты расейскі правапіс, які не задавальняе саміх расейцаў, нам прапаноўваюць у якасьці арыенціра. Для нас гэта – рэформа 1933 году і пазьней зьмены, якія былі ўведзены ў 1959 годзе, замацавалі ў якасьці ўзору таго, на што мы павінны арыентавацца.

Пытаньне ад аўдыторыі: У першым выданьні граматыкі Тарашкевіча сустракаецца э з націскам. Навошта?

У першым выданьні граматыкі Тарашкевіча 1918 году – і кірыліца, і лацініца, -- мы знаходзім э з націскам. Усюды, дзе на гэтае э гэты націск прыпадае. Напрыклад, сам Тарашкевіч піша сваё прозьвішча на вокладцы менавіта такім чынам: Taraškiévič. Для чаго гэта было рабіць: хто-небудзь іначай яго вымавіў бы? Пачаткова ў мяне ўзьнік такі сумнеў. Мы дапускаем, што Тарашкевіч, які правёў іканьне і аканьня/яканьне ў папярэдніх складох, напрыклад: вясёлы, ня было, Аканьне ня толькі ў першым складзе перад націскам, але і ў другім, Тарашкевіч не насьмеліўся правесьці яканьне ці іканьне ў пасьлянаціскных складох (тады ўсё э пасьля націску павінны былі пісацца праз а або праз і, гэта вельмі сьмелае было б рашэньне). Такім чынам, адсутнасьць націску на э трэба разглядаць як адхіленьне ад э, дзе няма націску над э, гэта абазначае або фактычна а, або і. Хутчэй заўсё, так гэта разгадваецца. Разгадваньне гэтай загадкі яшчэ наперадзе. Мне невядома ніводная публікацыя на гэты конт, ніводнае выказваньне. Беларускі ненаціскны вакалізм – гэта вельмі складаная рэч. Пад націскам усё ясна і зразумела. Калі мы адыходзімся ад націску, то ў розных мясьцінах Беларусі адныя і тыя ж, этымалягічна тыя ж самыя гукі, той жа самы э дае тры розныя рэфлексы: а, і і ХХ – невыразны гук, ён называецца рэдукаваны, абазначаецца пасьля цьвёрдых: ХХ і пасьля мяккіх: ХХ. І Тарашкевіч проста не насьмеліўся. Усяго не зрабіў, і потым яму гэта закідалі. Антон Адамовіч прапаноўваў праводзіць аканьне ва ўсіх выпадках там, дзе ненаціскное э. Такім чынам, у доме трэба было б пісаць у домя. У некаторых гаворках так і гавораць. Я думаю, трэцяя частка з тут прысутных чула такое вымаўленьне, але не ўсьведамлялі, што вымаўляецца –мя. Бо чалавек вельмі залежыць ад моманту чаканьня, якое дэтэрмінаванае напісаньнем. Калі чалавек пабачыў у доме, для яго гучыць –ме, хоць ён пачуе –мя, ці ў домі – ёсьць і такое вымаўленьне. І Тарашкевіч з гэтай прычыны ня мог акрэсьліцца, ён ня ведаў – якую з вымоваў: ці іканьне, ці аканьне правесьці ў правапісе.




Крыніца: з архіваў Зьміцера Саўкі

Беларуская Палічка: http://knihi.com