epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьміцер Сьвірскі

Зямля пад чорнымі вусамі, альбо Што здарылася зь Зямлёй пад белымі крыламі

Месяц таму сабраў старшыня суседняга калгасу Грышка‚ па мянушцы Атрэп'еў‚ на сход усіх жыхароў вёскі Халуева. Былі амаль усе. Чалавек трыццаць прыйшло. Над грамадой панавала атмасфера цікавасьці й перапалоху. Такія-ж пачуцьці Хромаў адчуваў у дзяцінстве‚ слухаючы абвестку Левітана аб здрадніцкім нападзе фашыстоўскай Нямеччыны. Гэтым разам старшыня калгасу дрыжачым голасам зачытаў паперку з райсавету аб будучай візыце прэзыдэнта. Пры гэтым‚ візыта плянавалася ня ў Грышкін калгас‚ а ў падшэфную вёску‚ дзе жылі адны старыя-пэнсыянэры. Народ стаяў моўчкі‚ не разумеючы ці радавацца‚ ці маркоціцца.

- Будзем рыхтавацца да сустрэчы‚ - падвёў рысу Грышка‚ і выцер рукавом з лобу пот.

Што менавіта рабіць‚ выглядала‚ старшыня ня ведў і сам.

- Я Яму ўсё скажу, - працадзіла скрозь штучныя ськівіцы бабка Параска. - Будзе цяпер і на вас укарот.

- Ня кіпяціся‚ - адступіў старшыня‚ - пэнсыю за восем месяцаў у Райсавеце паабяцалі выплаціць ужо на гэтым тыдні.

Пётар Хоміч жадаў выказаць захапленьне й на ягоным твары сударгава застыгла ўсьмешка замілаваньня. За такія даўгія месяцы бяз пэнсыі ў яго накапілася шмат грошай‚ даляраў сто‚ ня менш‚ калі‚ вядома‚ перакласьці ў «зялёныя».

Агульная радасьць ахапіла натоўп. То тут‚ то там было чуваць слова «дзякуй»‚ накіраванае на таго‚ за каго яны ўсёй вёскай галасавалі на выбарах.

- А чаму менавіта да нас? - выгукнуў з натоўпу былы механізатар Хвёдар. - Яму што‚ ехаць больш няма куды?

- А ён усюды хоча навесьці парадак‚ - лягічна заўважыла даярка-пэнсыянэека Варвара Сьцяпанаўна‚ - вось і да нас калейка дайшла.

Парадак пачалі наводзіць ужо назаўтра. Спачатку на ЎАЗіку старшыня прывёз бухгальтэршу з суседняй вёскі‚ якая выдала пэнсыі за тры месяцы. Потым на ваенным Уралу прывезьлі жаўнераў‚ якія пачалі акультурываць тэрыторыю‚ напраўляць пахіснуўшыяся й спарахнелыя платы‚ і нават маляваць тое‚ што калісьці называлася бардзюрамі. Салдаты зацята працавалі‚ гучна лаяліся й наракалі на адсутнасьць маладых кабет. Праз тыдзень‚ нечакана для ўсіх‚ быў вымаляваны вапнай кароўнік‚ які стаяў пусты гадоў пяць‚ але зь якога так і ня выветрыўся характэрны пах.

Хутка вёска пачала набываць прыстойны выгляд. Жаўнеры працавалі на славу. Відавочна‚ што наводзіць парадак было для іх справай звыклай. Жыхары вёскі пачалі актыўна дапамагаць жаўнерам у адраджэньні сваіх гаспадарак. Невядома адкуль старшыня прывёз фарбу‚ цьвікі й шыфер. Амаль бяз боек усё гэта дабро было сумленна падзелена паміж самымі сялянамі й невядома адкуль зьявіўшыміся дачнікамі.

Ня гледзячы на адсутнасьць алькаголю ў сельпо‚ і нават на ўвод часовага сухога закону‚ вечарамі ў Халуева пачыналіся народныя гулянкі‚ прысьвечаныя будучай падзеі. Камэрсанты з гораду пастаўлялі гарэлку ў бутэльках без этыкетак‚ але са смакам плястмасы. Усе тасты й пажаданьні здароўя прысьвячаліся прэзыдэнту‚ які‚ нарэшце‚ успомніў і пра іх. Маўкліва пілі толькі жаўнеры‚ дый то толькі пасьля таго як пераконваліся ў тым‚ што іх прапаршчык-камандзір меў усе прызнакі цяжкога алькагольнага атручаньня.

Неўзабаве здарылася сэнсацыя. З падшэфнага калгасу ў кароўнік завезьлі кароў. Жывёла была худая‚ але досыць дагледжаная. Даўно забытае мычаньне кароў казытала слых. Разам з худобай прыслалі двух даярак невядомага веку й пастуха Булдыгу‚ меўшага славу на ўсю ваколіцу выпівохі й хулігана. На пытаньне: «Як цябе сюды занесла?»‚ Булдыга з гонарам адказываў: «У каманьдзіроўку паслалі». «Лепш-бы цябе на тры літары паслалі»‚ - кпілі з пастуха вяскоўцы. Карацей кажучы, было нясумна. Вёска прыйшла ў сябе пасьля даўгіх гадоў беспрабуднага сну.

Бліжэй да запаветнай даты ў Халуева прыехала цэлая дэлегацыя з раёну. Раскошныя аўтамабілі чыноўнікаў выгадна глядзеліся на фоне іржавай сеялкі. Такіх прыгожых машын Пётар Хоміч не бачыў нават у горадзе. Грышка зноў склікаў сходку. Нават жаўнеры падыйшлі паслухаць. Высьвятлілася‚ што госьці прывезьлі тэкст‚ які сяляне павінны былі вымаўляць перад прэзыдэнтам. Гаварыць па-за межамі тэксту жорстка забаранялася. Усё тлумачылася тым‚ што прэзыдэнт і так заладаваны працай вышэй галавы й дадатковы галаўны боль яму не патрэбны. А калі ў каго язык будзе задаўгі‚ то яму мала ня здасца. Гэтак-жа загадалі ўсем апрануць тое‚ што прызначана на паховіны. Прэзыдэнт‚ маўляў‚ у юнацтве наглядзеўся на галадранцаў‚ бо сам такім-жа быў. Адным словам усе павінны быць памытыя й паголеныя.

Пётар атрымаў паперу з рук завітаўшага госьця. Дрэнны зрок не дазваляў прачытаць радкі‚ надрукаваныя зьдзекліва-дробным шрыфтам. Выглядала‚ што Пётар ня быў адзіны ў гэтай бядзе‚ бо то тут‚ то там чутныя былі бабскія ўздыхі‚ маўляў‚ без акуляраў ня бачна. Праблему вырашылі проста - прыцягнулі зь сельпа лупу‚ не прададзеную яшчэ з савецкіх часоў. Пётар Хоміч‚ дачакаўшыся сваей чаргі‚ схапіў павелічальнае шкло й пачаў пра сябе чытаць тэкст‚ ледзь заўважна варушачы вуснамі: «Уважаемый президент! Нет слов той благодарности, которую испытывают жители нашего села Холуево, района и страны в целом за Ваш титанический труд, направленный на восстановление народного хозяйства! От имени всех беларусов хочу заверить Вас в поддержке любых Ваших начинаний! Спасибо Вам огромное!»

Што за пачынаньні такія ў тэскту ня ўдакладнялася. Але было зразумела, за што дзякавалі.

Склаўшы напапалам белы аркуш паперы‚ Пётра накіраваўся дахаты перапісываць тэкст больш буйнымі літарамі.

 

За дзень да прыезду прэзыдэнта здарылася НЗ. Прайшоў дождж. Хаця хутчэй гэта была залева. Вапна‚ якой быў пабелены кароўнік‚ пацякла‚ пры гэтым ня толькі звонку але і ў сярэдзіне. На сьценах утварыліся жудасныя разводы‚ вартыя пэндзэля мастака-абстракцыяніста‚ але нявартыя ўвагі галавы дзяржавы. Лужы пабялелі. Вяскоўцы‚ якія праходзілі ля кароўніку‚ разносілі за сабой вапну ў выглядзе шэрых сьлядоў‚ запэцкаўшы цэнтральную‚ й адзіную‚ дарогу. Грышка гарлаў як недарэзаны парсюк. Але да прапаршчыка ён не дацягваў. Жаўнеры‚ як выратаўнікі‚ ўзяліся за мыцьцё кароў і перамалёўку кароўніка. Цэнтральную дарогу заклалі дзернам‚ што прыцягнулі зь лесу. Усе маліліся на надвор'е. Вечарам таго-ж дня жаўнеры зьехалі‚ заставіўшы пасьля сябе чысьціню й парадак‚ а таксама цяжарную даярку.

 

Перад сном Пётар Хоміч дастаў свой блакітны адзіны гарнітур‚ калісьці белую‚ зараз моцна пажаўцелую зь цягам часу кашулю й чырвона-блакітны гальштук. Усё гэта апошні раз ён апранаў на ўласнае вясельле‚ гадоў сорак таму. Жонка Тамара памерла пяць гадоў назад ад раку. Настальгічныя ўспаміны зьявіліся самі сабой. Ён успомніў як езьдзіў на трактары ў суседні калгас да сваей нарачонай і як яны‚ п'яныя й шчасьлівыя‚ зваліліся ў канаву. Як шмат народу было на вясельлі. Як Томка хацела разыйсьціся зь непрасыхаючым мужыком‚ і як яна-ж амаль не засекла яго сякерай‚ пасьля чарговай сваркі. Жыцьцё было бурлівым і бесклапотным. Потым усё пачало згасаць. Спачатку моладзь пасунулася ў горад. Пачалі адзін за другім паміраць старыя. Школа зачынілася з-за непатрэбнасьці. Дзяцей ніхто не наражаў. Сваіх у Пятра з Томкай ня было. Не склалася...

 

Прачнуўся Пётар Хоміч ад шуму. За вакном завіхаліся якіясьці людзі. Міліцэйскія машыны апанавалі адзіную вуліцу. Побач з хатай Пятра вазіліся рэпарцёры‚ рыхтуючы дарагія камэры й махнатыя даўгія мікрафоны. Зьбляднеўшы старшыня Грышка аб чымсьці гутарыў зь незнаёмцам у цывільным. Над клюбам павесілі чырвона-зялёны сьцяг‚ а фасад упрыгожылі чырвона-зялёнымі паветранымі шарыкамі. Было прыгожа.

Пётар апрануўся‚ паўтараючы завучаны тэкст. Жыхары вёскі ўжо грузьдзіліся на вуліцы. Аднавяскоўцаў амаль не было бачна пасярод вялікай колькасьці невядома адкуль папрыяжджаўшых людзей.

- Падлётны час дзесяць хвілін‚ - дакладна паведаміў прысутным чалавек у чорным гарнітуры й з партатыўнай рацыяй.

Усе замёрлі ў чаканьні‚ накіраваўшы зрок у неба. Чарада прыгожых буслоў праляцела міма. Пётар Хоміч адчуў прыемнае хваляваньне. Яно нагадвала яму хваляваньне ад першых спатканьняў з Томкай. Хутка даляцеў гул і з-за лесу высьлізнуў верталёт белага колеру. Жалезная машына паволі прызямлілася на імправізаваную верталётную пляцоўку‚ адзіную ў ваколіцы‚ роўны кавалак зямлі‚ дзе зусім недаўна пасадзілі трускаўкі.

Яшчэ хвіліну й прэзыдэнт стаяў побач з жыхарамі вёскі. Высокі‚ дужы‚ у камуфляжнай вопратцы без пагон і ў кепцы‚ ён нагадваў немца часоў Другой сусьветнай. Канцы чорных вусоў былі накіраваны на зямлю. Было бачна‚ што прэзыдэнт чымсьці незадаволены.

- Пачаму у вас такія нізкія паказчыкі па малаку‚ мясу і яйцу? - зьвярнулася пахмурная першая асоба дзяржавы да прысутных.

- Ну дык у нас і жывёлы сваей няма‚ - паспрабаваў запярэчыць сусед Пятра Цімох.

Прэзыдэнт‚ відаць‚ яго ня чуў і працягваў:

- Вот вы ўсё жалуецесь‚ а я закупачныя цэны паднял на малако і хлеб‚ что вам яшчо нужна?

- Ну дык не расьцець у на хлеб‚ ды й жывёлы сваей няма‚ - ніяк ня супакойваўся Цімох.

- Я вам саляртку бясплатна в крадзіт дал‚ на посевную‚ а на уборачную не дам‚ выкручвайцесь самі‚ хоць каней запрагайце‚ хоць самі запрагайцесь...

- Дык у нас і салярку няма куды заліваць‚ і каней таксама няма‚ - працягваў супярэчыць Цімох. - Дый мы й не распрагаліся...

Пётар Хоміч заўважыў як малады хлапец‚ відаць з аховы‚ скруціў руку Цімоцху й адцягнуў у бок гаворкага старога.

- Вот на сколька вы сможэце увялічыць паказчыкі за счот эканоміі? - ня супакойваўся з пытаньнямі прэзыдэнт.

- Працэнтаў на сем‚ - ікаючы‚ выдавіў зь сябе Грышка.

- А есьлі очэнь пастарацца?

- Ну‚ на дзесяць‚ - ужо пасьмялеўшы‚ бадзёра адказаў старшыня.

- А на дваццаць пяць сможаце? - быццам гандлюючыся‚ працягваў галава дзяржавы.

- Мы пастараемся‚ - адрапартаваў Грышка.

- Вы паабяшчалі‚ а я лічна праверу выпалненіе абяшчаній‚ - вымавіў прэзыдэнт і працягнуў сваю палымяную прамову.

Прэзыдэнт казаў шмат і з запалам. Ён паведаміў аб ворагах‚ якія ўзялі Беларусь у кальцо‚ аб якімсьці-та валютным фоньдзе і сусьветным банку‚ якія не даюць грошай на жніва ў краіне. Ён казаў аб махлярах і карупцыянэрах‚ атабарыўшыхся ва Ўрадзе і першкаджаючых прэзыдэнту працаваць. Ён узгадаў пра клопат пра здароўе кожнага беларуса і параіў усім часьцей бегаць трусцой і радзей піць дарагія лекі. Пра сябе ён казаў як-быццам і не пра сябе. Маўляў‚ прэзыдэнт сказаў‚ прэзыдэнт падпісаў‚ прэзыдэнт забараніў... То тут‚ то там шчоўкалі ўспышкі фотаапаратаў. Журналісты штосьці запісывалі ў нататнікі. Нечакана Пётар Хоміч апынуўся побач маладога прэзыдэнта.

- Ну что ты мне скажаш? - нечакана‚ чамусьці на «ты»‚ нягледзячы на істотную розьніцу ў веку‚ зьвярнуўся да старога прэзыдэнт.

У Пятра Хоміча пахіснуліся ногі. Ён пачаў‚ зьбіваючыся‚ успамінаць прамову‚ падрыхтаваную наперад.:

- У-уважаемый президент! - пачаў Пётар‚ падглядаючы ў паперку. - Нет слов той благодарности, которую испытывают жители нашего села Холуево, района и страны в целом за Ваш титанический труд, направленный на восстановление народного хозяйства! От имени всех беларусов хочу заверить Вас в поддержке любых Ваших начинаний! Спасибо Вам огромное!

У вачах прэзыдэнта чыталася задавальненьне.

- Ну а ты что скажаш харошага? - па-свойску зьвярнуўся прэзыдэнт да бабкі Параскі.

Старая сабраўшы волю ў кулак і без паперкі пацэдзіла:

- Уважаемый президент! Нет слов той благодарности, которую испытывают жители нашего села Холуево, района и страны в целом за Ваш титанический труд, направленный на восстановление народного хозяйства! От имени всех беларусов хочу заверить Вас в поддержке на любых Ваших выборах! Спасибо Вам огромное!

Прэзыдэнт‚ выглядала‚ не зьвярнуў увагі на падабенства прамоў і‚ са змоўшчыцкім відам‚ напомніў‚ што паказчыкі ўсяроўна трэба павышаць‚ інакш ён іх не абароніць.

Было незразумела ад каго прэзыдэнт зьбіраўся абараняць жыхароў вёскі Халуева‚ але было прыемна мець абаронцу ў ягонай асобе.

Хутка разьвітаўшыся‚ прэзыдэнт схаваўся ў чэраве аграмаднага верталёту і паляцеў.

Так-жа хутка разьехаліся і ўсе прыежджыя‚ пакінуўшы пасьля сябе шмат сьмецьця й вытаптаную траву на сьвежаўкладзеным дзёрне.

 

Дома Пётар Хоміч самотна дапіваў рэшткі самагону й разважаў над тым як звычайны вясковы басяк здолеў стаць прэзыдэнтам? І чаго ён у горад уцёк‚ калі ў вёсцы яму так добра было? Мабыць‚ яшчэ тады ведаў‚ што будзе прэзыдэнтам‚ вось і ўцёк... Пётар заснуў.

 

І сьнілася яму‚ як людзі ў ваеннай форме ліха наводзяць у краіне парадак.


1995-2005?

Пераклад: Раман Кардонскі
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая