Асенняе неба было ясна. Зоркі, нібы вочы жывыя, мігацелі ў высокім абшары і з цікавасцю пазіралі ўніз, на дробны хвойнік, што стаяў на ўзгорку, і на вялікую паляну, дзе кучкамі сядзелі салдаты. Месцамі стаялі і ляжалі стрэльбы. Месцамі блішчэлі аганёчкі, а пры іх на разасланых шынялях ляжалі торбы з сухарамі, кацялкі і другія рэчы. Гурток барадачоў з запасных сядзеў асабняком на каменнях, звесіўшы ногі ў сухую канаву, і ціха гаманіў.
— Ага! — усхапіўся раптам з свайго месца невысокі шыракаплечы чалавек з чорнай бародкай, каторага звалі Габрусь.— Ага! — і давай рыцца трывожна ў кішэнях сваіх.
— Што — «ага»? — спыталіся ў яго з цікавасцю таварышы.
— Знайшоў! — крыкнуў узрадаваны Габрусь, не звяртаючы ўвагі на іх пытанне.
— Што знайшоў? — з яшчэ большай цікавасцю спыталіся ў яго суседзі.
— Н-н-н-а-а! —тыцнуў Габрусь скомканы канверт таварышу,— во, ліст атрымаў з дому. Начальства падало і ліст, і тры рублі; цяперака толькі магу даведацца, што там напісана. Чытай, Мацей, ты ж граматны!
Той, каго звалі Мацеем, дастаў ліст з канверта і давай чытаць:
«Дарагому радзіцелю Гаўрыле Сталючонку!
Гэта піша сын твой, Казюк,— мы, дзякаваць богу, жывы і здаровы, чаго і табе жадаем ад госпада бога. Матка дыктуе мне плачучы, а я пішу. Паведамляю, што з поля ўсё сабралі — памог Сцёпка Вайдзёнак. Малаціць таксама суседзі абяцаліся талакой. Трысцёнак так і застаўся на зімку недакончаны. Бычка лысага прадалі ўчора за пяць рублёў, дык за два рублі купілі мыла, круп і солі, а рэшту, тры рублі, табе, татачка, шлём. Купіш богу свечку за саракоўку, а за рэшту — булачкі сабе. Нізка кланяецца табе цётка Аўдоцця. Яшчэ нізка кланяецца табе дзядзіна Антоля, яна штодзень, разам з намі з ўсімі за цябе богу моліцца, каб ты скоранька вярнуўся да нас жывенькі і здаровенькі. Яшчэ нізка кланяецца...»
Гэта «нізка кланяецца» прыйшлося чытаць доўга, бо амаль не ўся вёска, кожны паасобку, нізка кланялася Габрусю.
Але чыталіся гэтыя паклоны вельмі церпяліва, сур’ёзна, і відаць было, што кожны, хто нізка кланяўся, так і вызываў у думках прыемныя ўспаміны і знаёмыя вобразы.
«Зоська малая заўсёды пытаецца: «Дзе тата?» — «На кірмаш паехаў»,—кажам. Дзед раніцай злазіць з пяколка, адзявае кажух і выпускае быкоў на пашу, кожны раз з жалем вялікім прыпамінаючы гнядога коніка нашага, што таксама на вайну пайшоў. Дай бог скора ўбачыцца з табою, татачка! А матка ўсё сядзіць ды плача, сядзіць ды плача.
Пісаў твой сын і руку прылажыў. Казюк».
За ўвесь час, што чыталі ліст, усе апусцілі галовы і рабіліся сур’ёзныя, як бы слухаючы казанне ў царкве... Кожнаму прад вачамі стануў яго родны куток і сямейка. Як скончылі чытаць, усе пасумнелі і не ведалі, з чаго пачаць гутарку. Пазіралі на «сітка» зорак сярод неба і варажылі каторая цяпер можа быць гадзіна.
— Эт! — махнуў рукой Габрусь,— «плакаў, плакаў — усё бог адзінакаў; пачаў пяяць — стаў бог даваць». Бярыся, Халімон, за гармонік!
Халімон, самы малодшы паміж іх, дзяцюк гадоў дваццаці пяці, нядоўга чакаючы, пакапаўся ў сваёй торбе і вынуў гармонік, сеў на шынель, паставіў гармонік на калені і давай пальцамі перабіраць галасы. Людзі акружылі яго цясней, прыйшло яшчэ некалькі чалавек, і адразу павесялела...
— Што вам сыграць,— спытаўся Халімон,— глухінскую ці хомінскую польку?
Увесь гурток людзей быў з аднэй воласці, дзе кожная вёска на вечарынках і вяселлях грала сваю асобную польку.
— Глу-у-ухінскую! — папрасілі глухінскія людзі.
Тут Халімону зрабілася як бы «не дома, не замужам» — не ведаў ён, каму ўгадзіць.
— І глухінскую, і хомінскую,— параіў быўшы тут жыд Мэндэль: будзе «і нашым, і вашым».— А разумны ж ты, Мэндэлька,— няхай цябе кадукцы! — ажно дзівіўся Халімон з добрай рады Мэндэля.
— Дзіва што разумны, калі і раненага нашага фельдфебеля ўхітрыўся вынесці на плячах пад цэлым градам куль,— адазваўся Габрусь.
— Глупства! — махнуў Мэндэль рукой, як бы саромеўся.
— А ты, Халімон: раз, два, тры! Лідэр, лідэр, лі! — закамандаваў Габрусь строгім голасам ваеннага. Халімон засыпаў адну польку, другую, і народ ажывіўся мігам. Хтосьці дастаў пачак махоркі, і Габрусёў ліст з дому пайшоў у вялікі пажытак: усе круцілі з яго папяросы. Сам Габрусь закурыў люльку, хаця ўсе смяяліся з яго, што ён яшчэ замалады да люлькі. Пасля гэтага людзям зусім палягчэла на душы, і ўсе загадалі Халімону сыграць «Лявоніху». Халімон падняўся з свайго месца і давай граць стаячком, вельмі стараючыся. Зазухаваўся, адбіваючы такт правай нагой, і, як бы дзёўбаючы, уткнуўшыся носам у мех гармоніка, ківаў галавой у розныя бакі, ажно шапка зляцела. Усе загарачыліся, зарухаліся, забыліся ўсяго на свеце і жыва пусціліся ў скокі...
«Лявоніху» скакалі надзіва. Але дома заўсёды прывыклі яны, апрача музыкі і скокаў, яшчэ складаць пры гэтым песні і сыпаць вострымі слоўцамі, дык вось пачалася і тут жывая цікавая работа — складанне агульнымі стараннямі песняў:
Першы пачаў Габрусь:
Эх, і ну ж, мой кумок!
Эх, і ну ж, каласок!
Пойдзем ска...
— Ды пастой жа, пастой! — перапыніў яго другі,— трэба ваеннае цяперашняе выдумаць! І той зацягнуў:
Самалёт крывалупы
Натрушыў порах у крупы...
І давай азірацца, каб хто на падмогу явіўся, бо не ведаў, як скончыць:
А вораг не ведаў,
Узяў ды паснедаў,—
зухавата падхапіў трэці і задзёр галаву, як певень.
Людзі скакалі, як непрытомныя, і ўсё пяялі гэта самае. — Ну, Мэндэлька, ты ж не хавайся, што ведаеш па-нямецку! — прычапіўся хтосьці да Мэндэля і дабавіў пры гэтым:
Хаптас, таптас, ву із дайнэ,
Хаптас, таптас, ву із майнэ...
А Мэндэль не меў спрыту песень складаць і маўчаў. Народ падхапіў і новы кавалак на зубы, як нешта вельмі смешнае, і радасці канца не было, здаецца... Кожнаму хацелася чым болей смешных слоў прычапіць да сваіх песень, і вось, знайшоўся адзін, што ведаў колькі слоў не то па-жыдоўску, ці то па-нямецку, і, аглядаючы ўсіх як бы з вышку, грымнуў з пагардным відам:
Шалахвосты, балабосты,
Ой, вос, зохстэ, ой, вос зохстэ!
— Гого-го-го! — зарагатаў адзін.
— Гу-гу! — смяяўся другі.
— Гі-гі-гі! — хапаўся за бокі трэці.
І кожны паўтарыў гэта на свой лад, гэтак нагамі прытопваючы, ажно зямля дрыжэла.
Тым часам імпэт рос усё болей і болей; кожнаму жадалася штосьці сказаць і смешнае, і новае, каб усіх да самых касцей разабрала. І давай падбіраць словы і прыдумваць новыя песні. Пачаў Халімон:
Гэй, жыла-была паненачка,
Гэй, жыла-была гарэлачка.
Вось занадта загуляла
І без споведзі сканала.
Без папа яе хавалі
І малітвы не чыталі.
Там, у пекле, загуляла,
Песню п’яна запяяла:
«Ой, шкада мне рэстаранчыкаў!
Ой, шкада мне хуліганчыкаў!
Перакінуся я ў піва -
І...»
Тут складальшчык збіўся з панталыку і не ведаў, як далей казаць. Другі «востры язык» зноў пачаў падшукваць словы: «піва, крыва, жыва, дзіва».
Перакіну-ся я ў піва —
Зноў пайду гуляць надзіва!..»
— кончыў Халімон.
Але вось пачуўся нейкі трывожны гуд пад небам. Усе адразу змоўклі і з увагай сталі пазіраць уверх, прытрымліваючы рукамі шапкі. Усе ясна бачылі як бы велізарную кішку — нямецкі самалёт.
— Каб ён прапаў! — сказаў хтосьці.
— Нямецкі! — адазваліся ўсе ў адзін голас. Колькі чалавек выпаліла ў яго, але ён залунаў высока над хвойнікам і хутка схаваўся з вачэй.
З блізкай лагчыны падняўся месцамі халодны туман. На небе не было ніводнай хмаркі, і зоркі былі гэткія буйныя, ясныя, жывыя, што здавалася, во, во загавораць. Людзі начамі масцяцца на сваіх шынелях, каб троху задрамаць. Зрабілася ўсё цішэй і цішэй, толькі чуваць было, як непадалёку хадзілі паставыя, і відаць было, як стрэльбы тырчэлі з зямлі, выглядаючы густымі тычкамі па размежаваных каморнікам шнурах. Гурток барадатых таксама прылёг на адпачынак блізка адзін каля другога, і гутарка іх яшчэ доўга не спынялася.
На раніцу зрабілася холадна; людзі дрыжэлі ўсім целам і громка ляскалі зубамі. Хто мачыў у вадзе сухар і грыз, хто курыў, хто, анучы свае па ботах разлажыўшы, ветрыў і скакаў босы па халоднай зямлі. Над хвойнікам насілася з непрыемным крыкам стада варон. Неба пакрылася мутнымі хмарамі, пачаў сыпаць дробны густы дожджык, настала шэрая, нудная асенняя раніца... Усе хутка выстраіліся па камандзе і пайшлі ў хвойнік.
— Заяц! Заяц! — крыкнуў хтосьці. Усе ўбачылі зайца на сцежцы і пачалі ў яго паліць.
— Вось будзе абед ротнаму нашаму! — сказаў здаволены Габрусь, каторы ўжо паспеў падняць нежывога зайца.
Выйшлі з хвойніку і астанавіліся. Убачылі здалёк ворага. Закамандавалі паліць ды хавацца за хвойкамі і ў лагчынках. Пасыпаўся агонь. Кулі загудзелі, бы пчолы... Праца пайшла звычайным ладам...
Барадаты Габрусь выскачыў з сваёй заховы-вываратні і паляцеў на адкрыты агонь.
— Куды ты? Куды ты? — крычалі суседзі. Але ён нічога не адказаў і рабіў сваё.
Некалькі чалавек ужо звалілася каля Габруся — хто маўчаў, а хто дзікім голасам крычаў ад болі... Хутка вярнуўся Габрусь з люлькай у руках.
— Няхай яго немач,— гарачыўся ён,— чуць люлькі не згубіў.
Людзі нехаця засмяяліся.
— А калі засядзе куля ў лабаціне тваёй, куды люлька твая дзенецца? — не вытрымаў стаяўшы блізка Халімон.
— Ну дык што ж? — здзіўлена адказаў Гарбусь.— Свой чалавек забярэ: люлька добрая, грошы каштавала!..
Недачуў Халімон апошніх слоў Габруся, бо, як сноп, хутка паваліўся. А Габрусь тым часам старанна схаваў люльку у кішэнь, спакойна ўзяў стрэльбу на прыцэл і пачаў «працаваць»…