epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

На варце

Неба спявае соткамі жаўранкаў, якія кідаюць уніз, на рунь, срэбныя кроплі.

Хутар Грыбок мігаціць на горцы недалёка ад беларуска-польскай граніцы. Пад залацістай паводкай вясновага сонца будынкі невялічкага хутару выглядаюць кучай вялізных мухамораў.

Сонечны пыл рассыпан у паветры над палямі, хмызнякамі і балотам. Даль на польскай старане пераліваецца яскрава-каляровым абрусам, які склейвае здалёк неба з зямлёй сіняватым кволым дымком...

Недалёка ад хутара стаіць чырвонаармеец са стрэльбай на плячах.

Тут трэба вартаваць і днём, бо хутар лічыцца як бы этапным пунктам кантрабанды.

Адгэтуль розныя тавары з польскага боку перадаюцца далей у глыб вёсак, скуль ідуць на Барысаў і на Мінск. Дзікая барацьба за багацце вядзецца тут, на граніцы, усе апошнія гады. Нічога не памагае — і страх смерці. Людзі агойталіся, ідуць за кантрабандай пад кулі, часам гінуць, а часам удаецца.

Цяга да багацця іх пераіначыла, загартавала, перакруціла думкі і пачуцці, ахмяліла...

Чырвонаармеец пільна прыглядаецца, прыслухоўваецца да ўсяго, што робіцца вакол.

Заўсёды трохі перашкаджае яго назору кузня, якая звініць цэлымі днямі. Цёнгле тут круціцца народ. Гэта глушыць яго ўважлівасць, перашкаджае. Шмат разоў начальства гаварыла, што трэба забраць адгэтуль кузню, але чамусьці адкладваюць.

Сёння каля кузні ціха.

Чырвонаармеец дзівіцца.

Не гучыць кавадла прывычным мерным жалезным голасам. Не чуваць смеху людзей, хаця завіхаюцца вунь каля хаты людскія постаці, моўчкі аглядаючыся ва ўсе бакі.

Чырвонаармеец прыслухоўваецца.

З працяглай задумённай цішы як бы пачалі раптам вырывацца заглушаныя войканні. Не то выццё звера, не то чалавека...

Як бы нехта выціскае з хаты на чыстае поле балючыя стогны.

Нешта тарганула за сэрца чырвонаармейца, нешта знаёмае, роднае.

Ён успомніў, што так яго родная маці плакала тры гады таму назад, калі даведалася, што яе сын, яго родны старшы брат, загінуў на Украіне ў часы грамадзянскай вайны...

Ёп выцягнуўся, настаражыўся.

Войканне перайшло ў плач — у звычайны чалавечы плач — з галошаннем, з прычытваннем...

Чулася некалькі галасоў. Цэлы хор плачу.

З гэтага хору паасобку вырываецца яркі кабечы голас — цененькі, працяглы, пісклівы, жаласлівы...

Пошчакам разлягаецца плач ва ўсе бакі, адбіваецца аб цёмную сцяну лесу, коціцца-паўзе ў далі лугоў і дробіцца-рассыпаецца на кавалачкі, атуляючы ўвесь абшар сваім нязвычным сумам-тугой, нібы звонкай павуцінай...

Чырвонаармеец паддаецца гэтаму настрою. Прыкрым яму здаецца і радасць сонца ў такі час, і спевы жаўранкаў, і ўся зялёна-веснавая радасць, якая хмеліць зямлю.

Атрутай льецца поўнымі каўшамі журба людскога галошання і клубіцца па абшары.

Да яго вушэй крадзецца галашэнне-спеў кабеты:

 

«А ты ж, радзіцелька,

А ты ж, матухна родная.

Устань! пагутары з намі!..

Пакінула ж ты мяне сіроткаю...

Разгарні свае ручанькі белыя...

Расчыні свае вочанькі ясныя...

Ні адзінага слованька не кажаш».

 

Гэта каваліха пявучым голасам гаворыць, расплюшчвае кожнае слова і заходзіцца ў горкім плачы.

Далёка чуваць галашэнне кабеты. Кожнае слова, нібы жалезнае верацяно, лезе ў глыб сэрца, рыдлем у грудзях варушыцца...

Надзвычайна блізкай робіцца яму маладая каваліха, у якой памерла старая маці. Шкода прыгожай маладухі, якая вочкі псуе.

У гэты час мяняецца варта.

Чырвонаармеец вызваляецца і ідзе на хутар. Яго цягне туды — да людскога гора... На фронце быў ён не здолен да слёз, а тут расчуліўся, успомнілася родная Магілёўшчына, вёска, старая маці...

На хутары людзі заняты векавечным чалавечым горам-бядою. Труна белая, сасновая, свежая ляжыць ужо па простым сялянскім возе. Конік стаіць панура, і мяккія губы яго як бы іранічна моршчацца, чакаючы, што далей будзе.

Угледзеўшы чырвонаармейца, кабета яшчэ болей пачала галасіць каля труны. Слёзы без канца ліліся. Яна ламала рукі і цэлы паток галашэнняў, з рознымі прымоўкамі, з жаласлівымі слоўцамі, ліўся-плыў з яе запекшыхся вуснаў.

Мужчыны, чалавек пяць, ціха выціралі слёзы і неспакойна шапталіся між сабою.

Чырвонаармейцу здавалася, што ўвесь гэты невялічкі гурток людзей кідае на яго спадлобу непрыязныя ўзрокі.

Конік таргануўся. Наперадзе ішоў чалавек з невялікім белым крыжам у руках.

Чалавек з крыжам, селянін гадоў пад пяцьдзесят, часта аглядаўся назад, спыняўся і перашкаджаў каню ісці роўным і спорным крокам. Конь дзеля гэтага спыняў свой ход і ледзьве не паступаў чалавеку з крыжам на ногі. Але другі селянін, які вёў каня за аброць, часта штурхаў у плечы крыжаносца і гэткім чынам ажыўляў чалавека, якога агарнула роспач.

З прыходам чырвонаармейца каваліха таксама збілася з тону. Яе галашэнне страціла ранейшую плаўнасць, роўнасць і стройнасць.

Уся жалобная працэсія як бы выбілася з раўнавагі, збілася ў цесную кучку і аб чымсьці ціха перашэптвалася, разважала.

Чырвонаармеец адчуваў, што ён, бязбожнік, тут, мабыць, лішні чалавек.

Ён трохі збавіў кроку і застаўся ззаду. Сама далікатнасць вымагала, каб ён так зрабіў.

Непрыемна яму стала спачатку, бо нібы пачуў лёгкае хіхіканне мужчын. Ці хіба яму гэта здавалася? Пэўна, здавалася, бо мужчыны пачалі ў гэтую ж хвіліну кулакамі выціраць вочы, а каваліха зноў зацягнула ад усяго сэрца плач-выццё ў перамежку з хаўтурнай песняй.

Расстроеная жалобная музыка зноў настроілася.

Чырвонаармеец ішоў назад да хутара і толькі час ад часу адварочваўся ў бок дарогі, якая вяла да тракта, куды валачыўся конік з труной на возе.

Воз пакідаў за сабою лёгкі белаваты пыл, які хутка разыходзіўся па баках мутным туманам.

Пыл напомніў яму, што па гэтай самай дарозе месяц таму назад пракаціўся вясельны карнавал. Маладыя былі багата ўбраны. Радасць ззяла на іх тварах. Гармонік граў вясёлыя частушкі, і вясельныя песні сыпаліся вакол, як шрот.

Такі ж самы пыл і тады віўся. Таксама і тады з вазоў на яго скоса пазіралі...

І ён такі ж самы чалавек: са шчырасцю цягнецца да людскога шчасця, са шчырасцю спачувае чалавечаму гору...

Так думаў чырвонаармеец — і з яго добрых вачэй свяцілася крыўда.

Тым часам галошанне сціхала, замірала ўдалі і хутка пакідала ў сэрцы чырвонаармейца лёгкі водгалас успаміну. Ён толькі трохі здзівіўся, што грукат калёс яшчэ добра чуваць, а галашэнне сціхла.

— Што за аказія?

І як бы калёсы хутчэй затрымчалі па няроўнай дарозе...

Учора старая бабуля, матка каваліхі, была яшчэ зусім здаровая, а сягоння ўжо хаваюць яе.

Ён добра знаў гэтую высокую сухарлявую бабулю з маршчыністым тварам, з вечна гнеўнымі падазронымі вачамі. Заўсёды заклапочаная па гаспадарцы, яна часта сустракала яго з непрыязным тварам, нешта мармочачы сабе пад абросшы валасамі абвісшы нос-глюгу.

Нейкая затаёная хітрасць свяцілася з яе мутнаватых рачэй.

Па ўсёй ваколіцы яна славілася як шаптуха — замаўляла ад усякіх хвароб. Людзі насілі ёй гасцінцы. Яна іх «лячыла» сваімі зёлкамі.

На яго бабуля злавалася, бо ён смяяўся з яе шэптаў і адбіваў людзей. Як ні старалася яна задабрываць яго рознымі пачастункамі, гарачымі блінамі, малаком — ён не паддаваўся.

Тады яна «пракляла» яго сваім загаворам:

Трасца табе ў бок!

Трасца табе ў бок!!

Трасца табе ў бок!!!

Так прамовіла яна тры разы хрыплым голасам з дзікім, злосным захапленнем.

Пасля гэтага болей з ім не гаварыла.

— Памерла, значыць, раптоўна гэта ведзьма,— надумаў чырвонаармеец.— Чаго добрага, людзі ўб’юць у яе магілу асінавы кол, бо будуць баяцца, каб пасля смерці яна ім не паказалася. Яны ж вераць у гэты забабон!

Чырвонаармеец ціха засмяяўся. Ён не агледзеўся, як апынуўся каля кузні.

Куры капаліся ў пяску. Яны раптам пачалі крычаць ад перапалоху і адскочылі ўбок, бо навязаны конь кінуўся ў пясок і давай качацца.

Чырвонаармеец пачаў азірацца ва ўсе бакі. Глянуў здалёку на шыбы новай кавалёвай хаты.

Нешта ў акне замітусілася. Ён пабляднеў. У сэрцы млосна стала.

Ці гэта сон? Ці ён звар’яцеў?

Старая бабуля глядзела на яго праз акно...

— Не можа быць...

Чырвонаармеец у адну хвіліну пакрыўся халодным потам. Пасля пачырванеў, зазлаваўся на самога сябе, хутка адвязаў каня, ускочыў на яго і пусціўся даганяць фурманку з труною...

Ён ехаў нацянькі, дратаваў рунь, пакуль угледзеў здалёку жалобную працэсію. Выстраліў раз у паветра. Воз прыастанавіўся. Людзі разбегліся ў блізкі лес.

Чырвонаармеец падскочыў да труны, расчыніў яе. Яна была набіта шоўкам і сукном...

— Гэта ж я нядаўна прапусціў тут жа вяселле такое самае, як цяперашнія хаўтуры. Тыя ж самыя людзі...

Чырвонаармеец голасна вылаяўся на цёмны бор і давай аглядацца па баках, нібы нешта згубіў.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 228-232
Крыніца: скан