epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Шрам

Я прыглядаюся да старшага брыгадзіра Уладзіка. Ён малады. Невысокага росту. Шырокі ў плячах. Затоеная ўсмешка не зыходзіць з яго дабрадушнага акруглага твару, з прыжмураных вясёлых вачэй. Здаецца, што зараз ён скажа жарт, ад якога ўсе смяяцца пачнуць.

Яго лоб засланяе густа чорны чуб. Валасы наглянцаваны дажджом. Кроплі расплываюцца па твары. Лезуць у рот. Ён, брыгадзір Уладзік, спакойна хавае свой чуб пад мокрую шапку і выцірае лоб шырокай далонню.

На высокім ілбе, загарэлым ад сонца і ветру, глыбокі шрам мядзянага колеру. Шрам выглядае павялічанай коскай з круглай галоўкаю зверху, з завостранай закруткай знізу.

Шрам, захаваны раней густым чорным чубам, мільгнуў перада мною цікавай загадкай.

Адкуль такі шрам?

А дождж тысячамі пугаў лупцуе па тонкай глебе, па калгасным абшары ранняй сяўбы. Дзе-нідзе на кволых усходах стаяць лужыны. Брыгада капае канавы для стоку вады. Чакавек дваццаць дзяўчат і падлеткаў жвава працуюць рыдлёўкамі.

Шпарка з-пад рук паказваюцца абрысы канаў. Яны адразу напаўняюцца вадою.

Калгаснікі ратуюць авёс.

Старты брыгадзір, Уладзік, сам намеціў лініі для канаў.

Час ад часу ён бярэ рыдлёўку і паказвае, як капаць.

Лупцуе дождж.

У некаторых на галовах мяшкі замест башлыкоў.

 

*

Калгас называецца «Чырвоная варта». Ён ля самай мяжы з Польшчай. Калі глянеш з пагорка, дык той бок мяжы відаць, як на далоні.

Вунь маёнтак пана Тукайлы з белым палацам, з садам, з комінам ад бровара. А на самай мяжы адлюстроўвае ў сабе колер неба вялізная сажалка. Маёнтак дае пану Тукайлу мала прыбытку. І вось, жывучы каля самай мяжы з намі, ён задумаў таксама займацца «будаўніцтвам». Яго парабкі выкапалі сажалку. І пан Тукайла пусціў туды на гадоўлю «залатых рыбак».

З боку «залатых рыбак» часта ў лагоднае надвор’е чуваць касцёльны звон. Плыве ён прыглушанымі гукамі, нібы з аддаленасці сівых вякоў. Калгаснікі плююцца.

Усмешка зыходзіць з твару старшага брыгадзіра Уладзіка. Ён пачынае намацваць пальцамі свой глыбокі шрам на лбе.

Калі трактары працуюць блізка ад мяжы, шмат хто з боку «залатых рыбак» глядзіць сюды, як на дзіва.

Доўга яны стаяць на адным месцы і вачэй не зводзяць з нашых трактароў. Жандармы з нагайкамі заганяюць людзей у хаты.

А нядаўна з боку сажалкі з «залатымі рыбкамі» пачулася галашэнне. Вартаўнік пана Тукайлы ўкінуў хлапчука ў глыбокую сажалку. Хлапчук рыбу вудзіў.

— Плыві да залатых рыбак, пся косць!

Хлапчук утапіўся.

Матчына галашэнне чуваць было некалькі дзён.

...А мой ты Макарок...

...А саколік мой любанькі...

...І ножкі твае не ходзяць...

...І вочкі твае не бачаць...

Усё чуваць было ў нас, слова ў слова. З боку касцёльных званоў і «залатых рыбак» плылі да нас матчыны скаргі. Яны каламуцілі нашу калгасную радасць.

Жаласлівыя калгасніцы выціралі вочы кончыкамі хустак. А брыгадзір Уладзік у гэты час быў сур’ёзны і задуменны і часта мацаў пальцамі свой шрам на лбе.

 

*

А вось пра гэты самы шрам. У вольныя хвіліны Уладзік апавядаў.

Уладзіку было тады дзесяць год. Гарачы летні дзень. Лес пана Тукайлы густы і вялікі. Але Уладзік ведае яго не горш, чым панскія леснікі. Яму сцяжынкі не патрэбны. Ён нясе бацьку хлеб у торбе. З апаскай азіраецца па баках, прыслухоўваецца да кожнага шолаху.

— Мо хто сочыць за ім?

Праз непраходнае балота Уладзік спрытна ступае з купінкі на купінку. Данёс. Узрадаваўся бацька, аброслы, загарэлы, з вінтоўкай за плячамі.

Абрадаваліся з бацькам яшчэ многія — такія ж аброслыя і загарэлыя, з бліскучымі вачамі, са стрэльбамі.

— Малайчына, сынку! — пахваліў Уладзіка бацька.— Што там у нас?

— Шмат людзей заперлі ў панскія стайні. Там дзед Паўлюк. Там крывы Сапрон. Там...— і хлопчык пералічвае ўсіх, нібы чытае з паперы.

Бацька пагладзіў Уладзіка.

— Ідзі, сынку, дамоў. Толькі, як з лесу выйдзеш, шугай асцярожна. Ідзі жытам. Калі што якое — у жыце, сынку, хавайся. Хавайся ў жыце.

У бацькавых вачах аганькі гордасці. Кожная зморшчынка на яго ілбе радуецца і гардзіцца.

— Малайчына, Уладзік! Хлеба прынёс. А мы галодныя...

І па-сяброўску кажа хлопчыку:

— Сягоння ўночы вызвалім нашых з панскай стайні.

Твар бацькі робіцца строгім:

— Ты, сынку, аб гэтым ні слова!

— Ні слова!

Ідзе Уладзік дамоў з пустой торбай. Ён рад: самае цяжкае зроблена. Галодным партызанам хлеба падаў.

А навокал — купкі з чырвонымі буйнымі суніцамі. Пахне маліннікам і грыбамі. Так цягне да ягад. Хлопчык нагінаецца, зрывае некалькі суніц і кладзе ў рот.

А дзяцел на дрэве стук-стук.

— Асцерагайся, Уладзік...

Ён дабраўся да жыта. Аглядаецца, ці не відаць дзе легіянераў. Ідзе сцяжынкаю між высокага жыта. «Цірлі-цірлі-цірлі»,— пяе птушка над яго галавою:

— Асцерагайся, Уладзік...

Неба сіняе-сіняе. За дробным хмызняком прытулілася вёска. Адтуль чутны ўрывістыя галасы, сабачы брэх:

— Асцерагайся, Уладзік...

Сіні матылёк кружыцца над ім, мільгае перад яго тварам, дражніцца:

— Асцерагайся, Уладзік...

Забыўся Уладзік пра пустую торбу, што трымае ў руцэ, азіраецца па баках ды ідзе бліжэй да вёскі. У полі такая лагода, што хоць аставайся тут на мяжы, прыляж, маўчы ды глядзі навокал.

Галасы з вёскі плывуць яму насустрач. Галасы — не такія, як заўсёды. Холадна стала Уладзіку ад гэтых галасоў. Ён навастрыў вушы і слухае, утаропіў вочы і глядзіць. Выцірае торбай успацелы лоб.

Крыкі з вёскі чуваць больш выразна. Крыкі страху і роспачы. Устрывожыўся Уладзік.

— Што там такое? Што здарылася?

Уладзік бягом бяжыць у вёску...

— Сто-о-ой!

Легіянер у чатырохкантовай шапцы, з бліскучым брылікам, падняўся з жыта і схапіў Уладзіка за руку.

 

*

Уладзік ашаломлены. Маўчыць. Моцна трымае пустую торбу. Яму здаецца, што туман засланіў яснае сонца, а з туману вызначаецца жылісты злосны твар легіянера. Рэжа слых злосны голас:

— Ты ідзеш ад бацькі? Ты насіў яму есці? Вось і торба ад харчоў. Дзе бацька?

Легіянер вырваў торбу з рук Уладзіка. Уладзік не даваў. Нібы ў торбе быў увесь паратунак і ўся бяда для яго. Ён кусаўся.

Легіянер прывёў Уладзіка ў вёску. У хаце яго бацькі сядзеў малады паніч Тукайла, апрануты па-вайсковаму.

— Пане паручык,— звярнуўся да паніча легіянер.— Вось птушку злавіў. Бацьку, атаману іхняй бандыцкай зграі, насіў есці ён у гэтай торбе.

Легіянер палажыў на стол торбу.

Паніч з кволым, як у дзяўчыны, тварам узяў торбу грэбліва двума тонкімі ружовымі пальцамі і давай вытрахваць з яе на стол хлебныя крошкі.

— Гэта ён у поле хадзіў. Я паслала яго карову паглядзець. Я ж вам ужо казала,— пачуў Уладзік устрывожаны голас маткі.

Толькі цяпер ён заўважыў яе ў кутку. Яна сядзела згорбленая на ложку. Яе твар быў белы, як палатно. А вочы строгія, строгія. Адной рукой яна трымалася за бок. Вопратка на ёй была парваная.

— Дзе ты быў? — запытаўся паніч у Уладзіка лагодным голасам.

— У полі.

— Праўду кажы!

— Дальбог, у полі...

Уладзік зірнуў на пабітую матку і заплакаў.

— Нічога ні табе, ні бацьку не будзе. Толькі праўду кажы,— зноў лагодна прагаварыў паніч. Ён дастаў з кішэні шакаладку і падсунуў хлапцу.

— На, еш, не бойся.

Уладзік локцем адсунуў ад сябе шакаладку.

— Гыш ты, шчанё! — буркнуў паніч, і рукі яго задрыжэлі ад злосці.— Гавары, дзе бацька!

Паніч замахнуўся бізуном. Спіна хлапца пад лёгкай кашуляй апалілася агнём.

— Не бі яго,— грозна ўскрыкнула маці, падскочыла і засланіла сабою сына.

Як град, пасыпалася на матку лупцоўка. Паніч Тукайла біў яе па твары, па руках, па плячах.

— Я скажу, паніч, я ўсё скажу. Толькі матку не чапай,— прасіў, маліў Уладзік.

— Кажы!

Перад уяўленнем Уладзіка мільгануў лес, бацька са стрэльбай ды ўсе іншыя аброслыя, загарэлыя суседзі. У гэтую ноч яны павінны выратаваць усіх арыштаваных, што сядзяць запёртыя ў панскай стайні.

Але над акрываўленай маткай вісіць бізун маладога Тукайлы...

— Я панічу ўсю праўду скажу...

Перад хлопчыкам замітусіліся сцены хаткі. Перад ім не адзін раз’юшаны паніч, а многа. Перад ім не адна акрываўленая маці, а многа. Хата ідзе ходырам, кружыцца, і сярод гэтага кругу ён пачуў загад маці:

— Маўчы!

Перад ім засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя.

— Маўчы!

Уладзік маўчаў.

— Дзе бацька?

Голас паніча Уладзік не чуў. Ён толькі бачыў яго ўспенены рот і белыя зубы.

— Дзе бацька?

Паніч замахнуўся, і бізун з усяе сілы свіснуў над Уладзікам.

Калі Уладзік ачнуўся, галава яго была забінтавана. Горкі дым лез у вочы. Праз дым ён угледзеў сіняе неба і заклапочаны аброслы твар бацькі.

— Я, сынок...

— Тата! — здзівіўся Уладзік.— Ты?

— Я, сынок...

— А дзе маці?

— Спіць, сынку, спіць...

Бацька адвярнуўся ад пільнага, дапытлівага позірку сына.

Ад вёскі засталіся толькі печы і галавешкі. Дарогай ішлі атрады чырвонаармейцаў.

— А дзе маці?

— Легіянераў, сынку, мы выгналі адгэтуль. Бачыш, яны вёску спалілі. З панскай стайні вызвалілі арыштаваных. Маладога паніча застрэлілі. Стары Тукайла ўцёк.

— А дзе маці?

 

*

Гэта было ў ліпені тысяча дзевяцьсот дваццатага года. Маці Уладзіка пахавана ў гэтай вёсцы разам з іншымі, якіх замучылі панскія каты... Вунь за новымі калгаснымі будынкамі курган з вялікім помнікам.

У Уладзіка застаўся на лбе глыбокі шрам...

 


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 288-293
Крыніца: скан