epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Загадка

Вытапталі мы сабе месца сярод высокай травы на лузе ля ракі і селі, нібы ў шатры. Млела блізка рэчка сярод цішы летняй ночы, і праменні месяца залацілі нямы чарот...

Маўчала яна... Толькі сэрца маё не маўчала. Мне хацелася нешта казаць ёй, але не ведаў я што.

- Загадай загадку! - выпаліў я раптам ні з таго ні з сяго.

Зірнула яна на мяне, а ў гэты самы момант месяц зірнуў на яе. Шаўковымі хвалямі былі распушчаны валасы па плячах. Ад іх ляглі на твары паўцені, і вочы глыбокімі зрабіліся, а яна зрабілася таемнай - здаецца, любіла і не любіла, жартавала і не жартавала, не то клікала да сябе, не то адганяла... І я не мог разгадаць...

Нямела ноч. Чорныя вольхі драмалі. Адны зоркі гаслі, другія запаліліся.

Я не ведаў, ці мне ў нейкім забыцці, быццам мармуровую багіню, цалаваць яе, ці адвярнуцца ад яе і захаваць у сэрцы маладое, шчырае пачуццё...

Яна загадала загадку...

 

1913 г.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. - с. 22
Крыніца: скан