Жуль Вэрн

80000 кіламетраў пад вадой

Частка першая
  Раздзел першы. Рухаючыйся рыф
  Раздзел другі. За і супраць
  Раздзел трэці. Як будзе пажадана гаспадару
  Раздзел чацвёрты. Нэд Лэнд
  Раздзел пяты. Пагоня наўздагад
  Раздзел шосты. На ўсіх парах
  Раздзел сёмы. Кіт невядомага віду
  Раздзел восьмы. “Рухомы ў рухомым”
  Раздзел дзевяты. Нэд Лэнд абураны
  Раздзел дзесяты. Чалавек прорвы
  Раздзел адзінаццаты. “Наўтылус”
  Раздзел дванаццаты. Усё праз электрычнасць
  Раздзел трынаццаты. Некалькі лічбаў
  Раздзел чатырнаццаты. Чорная рака
  Раздзел пятнаццаты. Пісьмовае запрашэнне
  Раздзел шаснаццаты. Прагулка па раўніне
  Раздзел сямнаццаты. Падводны лес
  Раздзел васямнаццаты. 19 000 кіламетраў пад Ціхім акіянам
  Раздзел дзевятнаццаты. Ванікоро
  Раздзел дваццаты. Тарэсава пратока
  Раздзел дваццаць першы. Некалькі дзён на сухазем’і
  Раздзел дваццаць другі. Маланка капітана Нэма
  Раздзел дваццаць трэці. Зноў у турме
  Раздзел дваццаць чацвёрты. Царства каралаў
Частка другая
  Раздзел першы. Індыйскі акіян
  Раздзел другі. Новая прапанова капітана Нэма
  Раздзел трэці. Перл коштам у 10 000 000 франкаў
  Раздзел чацвёрты. Чырвонае мора
  Раздзел пяты. Аравійскі тунэль
  Раздзел шосты. Грэцкі архіпелаг
  Раздзел сёмы. У сорак восем гадзін праз Міжземнае мора
  Раздзел восьмы. Бухта Віго
  Раздзел дзевяты. Загінуўшае сухазем’е
  Раздзел дзесяты. Падводныя капальні
  Раздзел адзінаццаты. Саргасава мора
  Раздзел дванаццаты. Кашалоты і кіты
  Раздзел трынаццаты. У ільдах
  Раздзел чатырнаццаты. Паўднёвы полюс
  Раздзел пятнаццаты. Няшчасны выпадак, ці нязначнае здарэнне
  Раздзел шаснаццаты. Недахоп паветра
  Раздзел семнаццаты. Ад мыса Горн да Амазонкі
  Раздзел васямнаццаты. Спруты
  Раздзел дзевятнаццаты. Гальфштрэм
  Раздзел дваццаты. Пад 47°24́ шыраты і 17°28́ даўгаты
  Раздзел дваццаць першы. Брацкая магіла
  Раздзел дваццаць другі. Апошнія словы капітана Нэма
  Раздзел дваццаць трэці. Заключэнне


Частка першая

 

Раздзел першы. Рухаючыйся рыф

1866 год вызначыўся незвычайным здарэннем, якога ніхто не мог вытлумачыць, і якое пэўна і да гэтага часу не забыта многімі. Чуткі, якія выклікалі цікавасць насельніцтва кантынентаў, узрушылі жыхароў партовых гарадоў і асабліва ўстрывожылі маракоў. Купцы, уласнікі суднаў, капітаны, шкіперы, вайсковыя маракі і нарэшце нават урады многіх дзяржаў Старога і Новага свету — усе былі надзвычайна зацікаўлены гэтым феноменам1.

У тым годзе цэлы рад караблёў сустрэлі ў моры нейкую доўгую, падобную да верацяна рэч, якая сваімі памерамі і хуткасцю руху перавышала кіта і часам давала яркае святло.

Апісанні гэтых сустрэч, занесеныя ў суднавыя кнігі розных караблёў, аднолькава характарызавалі знадворны выгляд гэтай рэчы, або істоты, і ў адзін голас адзначылі нябачаную хуткасць яе руху. Калі гэта быў кіт, дык па памерах ён быў большы за ўсе віды, якія толькі ведала навука. Але ніводзін з выдатных вучоных — ні К’юврэ, ні Ласепед, ні Дзюмерыль, ні Катрфаж — не згаджаліся паверыць у мажлівасць існавання жывёлы такіх памераў да таго часу, “пакуль не ўбачаць яго ўласнымі вачыма”.

Падводзячы вынікі шматлікім паведамленням, адкідаючы надта зменшаныя, па якіх даўжыня гэтага феномена ўсяго толькі дзвесце футаў, і занадта перавялічаныя, па якіх выходзіць, што ён мае даўжыню ў тры мілі і шырыню ў адну, усё-ж можна было смела сказаць, што гэтая жывёла, — калі толькі яна існавала ў рэчаіснасці, — намнога перавышала сваімі памерамі ўсё вядомае іхтыёлагам2. А між тым нельга было сумнявацца ў яго існаванні — гэты факт быў бясспрэчны.

Натуральна, што пры ўласцівай чалавеку схільнасці захапляцца загадкамі ўвесь свет быў надзвычай усхваляваны гэтымі паведамленнямі. Скептыцызм, спробы палічыць іх за казкі былі тут зусім недарэчы.

Сапраўды, 20 чэрвеня 1866 года параход “Губернатар Хігінсон”, які належаў “Calcutta and Burnach Steam Navigation Company”, сустрэў гэтую масу, якая рухалася недалёка ад усходняга берагу Аўстраліі. Спачатку капітан Бэкер рашыў, што ён знайшоў не адзначаны на карце рыф; ён ужо быў сабраўся распачаць дакладнае вызначэнне яго геаграфічных каардынат, як раптам з сярэдзіны дзіўнага прадмета выбухнулі два слупы вады і са свістам падняліся на паўтараста футаў угару. Калі толькі гэта не было вывяржэнне гейзера, “Губернатар Хігінсон”, відаць, патрапіў на нейкую невядомую марскую жывёліну, што выкідае з ноздраў слупы вады, змешаныя з парай.

Падобную-ж сустрэчу меў 23 чэрвеня таго-ж года ў Ціхім акіяне параход “Хрыстафор Калумб”, належаны “West-India and Pacific Steam Navigation Company”. Відаць было, што гэты дзіўны кіт сапраўды мог рухацца з шалёнай хуткасцю, бо на працягу трох дзён “Губернатар Хігінсон” і “Хрыстафор Калумб” сустрэлі яго ў двух розных пунктах зямлі, якія знаходзяцца адзін ад другога на семсот марскіх міль!

Праз пятнаццаць дзён за дзве тысячы міль адтуль параходы “Гельвецыя” Нацыянальнай Кампаніі і “Ханафі” кампаніі “Royal Mail”, сустрэўшыся ў Атлантычным акіяне паміж Амерыкай і Еўропай, знайшлі “страшыдла” пад 42°15́ паўночнай шыраты і 60°35́ заходняй даўгаты (ад Грынвіча). Капітаны абодвух параходаў вызначылі мінімальную даўжыню жывёлы ў трыста пяцьдзясят англійскіх футаў3. “Ханаан” і “Гельвецыя”, кожны памерам сто метраў ад форштэўня4 да ахтэрштэўня, былі меншымі за яго. Між тым самыя буйныя (кіты, якія сустракаліся ў раёне Алеўцкіх астравоў, Куламака і Ўмгуліка, ніколі не перавышалі пяцідзесяці шасці метраў у даўжыню.

Гэтыя паведамленні і весткі, якія паступалі адно за другім аб тым, што трансатлантычны параход “Перэйра” таксама назіраў страшыдла, што карабель “Этно” нават сутыкнуўся з ім, нарэшце пратакол, складзены афіцэрамі французскага фрэгата “Нармандыя”, і дакладная справаздача, якая паступіла ў англійскае адміралцейства ад камандзіра судна “Лорд Клайд” Фітц-Джэмса, — усё гэта надзвычайна ўстрывожыла грамадскую думку. У некаторых краінах з феномена толькі смяяліся, але ў сур’ёзных дзяржавах — у Англіі, Амерыцы і Германіі — ім дужа зацікавіліся.

Ва ўсіх буйных цэнтрах “страшыдла” зрабілася моднай тэмаю для гутарак. Пра яго спявалі песні з эстрад, карыкатуры на яго змяшчаліся ў газетах, п’есы аб ім ставілі ў тэатрах. Ва ўсіх газетах з’явіліся малюнкі выдуманых і сапраўды гіганцкіх істот, якія існавалі — ад страшнага белага кіта прыпалярных вод да фантастычных васьміногаў, якія нібы могуць ахапіць сваімі шчупальцамі пяцісоттонны карабель і зацягнуць яго на марское дно. З архіваў паспешна выцягваліся старадаўнія дакументы, сведчанні даўніх — Арыстотэля, Плінія — якія дапускалі магчымасць існавання марскіх страшыдлаў, апавяданні нарвежскіх маракоў, запісаныя біскупам Понтапідана, паведамленні Паўля Гегеды і, нарэшце, невыклікаючыя сумлення паказанні Харынгтона аб убачанай ім у 1857 годзе нечуваных памераў марской змяі.

Тады ў вучоных колах, у навуковых журналах разгарэліся бясконцыя спрэчкі паміж тымі хто верыў і няверыў. Пытанне аб “страшыдле” займала ўсіх. Патокі чарніла былі разліты ў часе гэтых памятных спрэчак.

На працягу шасці месяцаў барацьба ішла з пераменным поспехам. Бульварны друк падняў на смех артыкулы ў “Бюлетэні Бразіліянскага геаграфічнага інстытута”, у “Аналах Берлінскай акадэміі навук”, у журнале Смітаўскага інстытута ў Вашынгтоне, здзекваўся з дыскусіі паважаных “The Indian Archipelago” і “Mittheilungen” Петэрмана, з нататак у хроніках лепшых навуковых журналаў Еўропы. Дасціпныя журналісты, скажаючы вядомы сказ Лінея5 прыведзены кімсьці з супрацоўнікаў “страшыдлы” — “Прырода не стварае дурняў” — угаворвалі вучоных не крыўдзіць прыроду, прыпісваючы ёй стварэнне такіх бескарысных гігантаў, якія могуць існаваць толькі ва ўяўленні п’яных маракоў. Нарэшце папулярны сатырычны журнал пяром вядомага пісьменніка атакаваў “страшыдла” з такім непаўторным гумарам, што пад агульны смех абаронцы яго прымушаны былі адступіць. Так дасціпнасць перамагла навуку.

У першыя месяцы 1867 года пытанне аб “страшыдле” здавалася назаўсёды пахаваным. Але тут новыя факты дайшлі да ведама чытацкай публікі. Справа ўжо ішла не аб адцягненай навуковай праблеме, а аб барацьбе з сур’ёзнаю і зусім рэальнаю небяспекай. Пытанне паўстала ў новым асвятленні. “Страшыдла” зноў зрабілася астраўком, скалою, рыфам, але рухаючымся рыфам, няўлоўным, загадкавым.

Ноччу напярэдадні 5 сакавіка 1867 года параход “Маравія”, які належаў “Montreal Ocean Company” пад 27°30́ шыраты і 72°15́ даўгаты напароўся на скалу, не адзначаную ні на якіх картах. “Маравія”, дзякуючы папутнаму ветру і чатырохсотсільнай машыне, ішла з хуткасцю трынаццаць вузлоў6. Каб корпус судна не быў такім моцным, пры такой хуткасці дно адразу затанула-б ад штуршка, цягнучы на дно сваіх дзвесце трыццаць сем чалавек пасажыраў і каманды.

Сутычка адбылася ў пяць гадзін раніцы. Занімалася толькі што на дзень. Вахценныя афіцэры кінуліся да бартоў. Яны агледзелі паверхню акіяна з вялізарнейшай увагай, але не заўважылі нічога падазронага, калі не лічыць вялікай хвалі, узнятай нібыта магутным грэбным вінтом у трох кабельтовах7 адлегласці. Адзначыўшы дакладныя каардынаты мясцовасці, “Маравія” прадаўжала свой шлях. Знадворных адзнак аварыі не было выяўлена, і камандны склад парахода дарэмна ламаў сабе голаў над пытаннем, ці наткнуліся яны па падводны рыф, ці на якое-небудзь затануўшае судна. Пасля прыходу ў порт, у сухім доку было ўстаноўлена, што частка кіля “Маравіі” разбіта.

Гэтае дзіўнае здарэнне, мабыць, хутка было-б забыта, як і многа іншых, каб праз тры тыдні яно не паўтарылася ў такіх-жа ўмовах. Толькі на гэты раз, дзякуючы таму, што ў даным выпадку пацярпеўшае судна належала сусветна вядомаму параходнаму таварыству, выпадак стаў шырока вядомы і выклікаў водгукі ўсяго свету.

Мусіць, усім вядома імя англійскага судаўласніка Кюнарда, чые параходы першымі пачалі падтрымліваць рэгулярныя зносіны паміж Еўропай і Амерыкай. За дваццаць сем гадоў існавання параходства судны “Cunard Line” перасеклі Атлантычны акіян, больш як дзве тысячы разоў, ні разу за ўвесь час не спазніўшыся, ні разу не адмяніўшы рэйсаў, ні разу не згубіўшы пісьма з даверанай ім пошты. Аўтарытэт кюнардаўскага параходства быў настолькі моцны, што яно зусім не баялася канкурэнцыі. Тым больш разышліся чуткі пра здарэнне з адным з лепшых параходаў кампаніі.

13 красавіка 1867 года, пры зусім гладкім моры і лёгкім ветрыку, “Шатландыя” была пад 15°12́ шыраты і 45°37́ даўгаты. Тысячасільная машына давала параходу хуткасць трынаццаць вузлоў і сорак тры сотых.

Колы “Шатландыі” рассякалі воды размерана, як гадзіннікавы маятнік.

У 4 гадзіны 17 хвілін, у той час, калі пасажыры пілі чай у вялікім зале, “Шатландыя” злёгку ўздрыганулася ад ледзь прыкметнага ўдару ў правы борт, крыху ззаду ад кола.

Удар быў да таго слабым, што ніхто на палубе не звярнуў-бы на яго ўвагі, каб з трума не данесліся крыкі:

— Мы топімся! Мы топімся!

Пасажыры, натуральна, перапалохаліся. Але капітан Андэрсан паспяшаўся супакоіць іх. Сапраўды, адна прабоіна не магла пагражаць небяспекаю “Шатландыі”, падзеленай непрапускаючымі вады перагародкамі на сем адсекаў.

Капітан Андэрсан адразу-ж апусціўся ў трум. Ён устанавіў, што пяты адсек заліты вадою і, мяркуючы па хуткасці, з якою прыбывала вада, прабоіна ў борце павінна быць вельмі значная. На шчасце ў гэтым адсеку не было топак паравых катлоў, якія вядома адразу згаслі-б.

Капітан Андэрсан загадаў спыніць машыны, а аднаму матросу нырнуць у ваду. Матрос далажыў, што ў корпусе судна ёсць прабоіна шырынёй у два метры. Такую прабоіну не было чаго і думаць правіць у моры, і “Шатландыя”, з напалову пагружанымі ў ваду коламі, ледзь-ледзь прадаўжала свой шлях. Судна было ў гэты час у трох мілях ад мыса Кліра і ў Ліверпульскі порт прыйшло, спазніўшыся на тры дні, чым выклікала вялікі непакой ва ўсёй Англіі.

“Шатландыю” ўвялі ў сухі док, і інжынеры кампаніі агледзелі яе. Яны не хацелі верыць сваім вачам: на два з палопваю метра ніжэй ватэрлініі ў корпусе судна была прабоіна, меўшая форму правільнага трыкутніка! Берагі прабоіны былі нібы выраўнены пад лінейку, нібы яе зрабілі знарок. Відаць было, што прылада, прабіўшая корпус, была надзвычайна загартаваная. Яшчэ большае здзіўленне выклікала пытанне, якім чынам, прабіўшы дзірку ў чатырохдзюймовым ліставым жалезе, гэтая прылада магла вызваліцца з прабоіны. Гэтага ніяк нельга было вытлумачыць.

Гэтая апошняя падзея зноў распаліла ўжо астыўшую раней цікавасць публікі. З гэтай хвіліны ўсе марскія катастрофы ад невядомых прычын пачалі прыпісваць “страшыдле”. А як з трох тысяч крушэнняў штогод не менш двухсот прыпадае на долю без вестак загінуўшых суднаў, то з дня на дзень віна фантастычнага “страшыдла” рабілася ўсё больш цяжкой.

Справядліва або несправядліва прыпісваючы адказнасць за ўсе гэтыя беды “страшыдле”, грамадская думка ўсіх краін, устрывожаная тым, што зносіны паміж кантынентамі сталі небяспечнымі, патрабавала ад сваіх урадаў, каб моры нарэшце былі, чаго-б гэта не каштавала, вызвалены ад гэтага страшнага кіта.

 

1 Феномен — незвычайная, рэдкая з’ява

2 Іхтыёлагі – вучоныя, што вывучаюць рыб.

3 1 англійскі фут – 30,4 сантыметра

4 Форштэвень — працяг кіля ў насавым канцы судна. Ахтэрштэвень — працяг кіля кармавога канца судна.

5 Ліней, Карл (1707—1778) — вядомы шведскі натураліст.

6 Вузел—марская міля; 1800 метраў.

7 Кабельтоў — марская мера даўжыні для невялікіх адлегласцей — каля 200 метраў.

Раздзел другі. За і супраць

У той час, калі разгортваліся гэтыя падзеі, я вяртаўся з навуковай экспедыцыі ў дзікія куткі Небраскі ў Паўночнаамерыканскіх злучаных штатах. У гэтую экспедыцыю мяне адправіў французскі ўрад, як натураліста і ад’юнкт-прафесара пры Парыжскім музеі прыродазнаўства. Сабраўшы за шэсць месяцаў жыцця ў Небрасцы каштоўнейшыя калекцыі, у канцы сакавіка 1867 года я прыбыў у Нью-Ёрк. Вярнуцца ў Францыю я павінен быў толькі ў пачатку мая, і час, які ў мяне заставаўся, я рашыў выкарыстаць на правядзенне ў парадак сваіх мінералагічных, батанічных і заалагічных калекцый. Але ў гэты час адбыўся няшчасны выпадак з “Шатландыяй”.

Вядома, я быў зусім у курсе ўсіх падзей, хваляваўшых грамадскую думку. Ды ці магло быць інакш, калі паведамленнямі аб іх былі поўныя ўсе газеты і журналы? Гэтая загадка распаліла маю цікавасць. Не ведаючы, якое тлумачэнне даць падзеям, я пераходзіў ад адной крайнасці да другой. Тут бясспрэчна было штосьці загадковае: тым, хто не верыў, варта было зірнуць на прадзіраўлены борт “Шатландыі”, каб пераканацца ў гэтым.

Увесь Нью-Ёрк быў усхваляваны, калі я прыехаў туды. Гіпотэзы аб плывучым астраўку, няўлоўным рыфе, высунутыя малаведаючымі асобамі, ужо былі канчаткова адхілены. І сапраўды, нельга было сабе ўявіць, як мог рухацца з такою хуткасцю гэты плывучы рыф, калі толькі ў ім не было магутнай машыны.

Таксама была пакінута гіпотэза аб блукаючым корпусе затануўшага гіганцкага карабля, таму што яна не магла растлумачыць хуткасць руху “страшыдлы”.

Заставаліся такім чынам толькі два праўдападобныя рашэнні задачы: або “страшыдла” было велізарнай жывёлай, або падводным караблём з незвычайна магутнай машынай.

Гэтае астатняе меркаванне, фактычна самае праўдападобнае, рассеялася ў пыл пасля следства, якое зрабілі ў Еўропе і Амерыцы. Немагчыма было сабе ўявіць, каб такі падводны карабель належаў прыватнай асобе: яго трэба было будаваць, а як магла захавацца ў сакрэце такая гіганцкая пабудова?

Толькі якая-небудзь дзяржава магла стварыць машыну такой страшнай руйнавальнай сілы. У нашы сумныя часы, калі чалавецтва завастрыла ўвагу на вынаходстве ўсё новых і ўсё больш смяротных прылад для руйнавання, лёгка было дапусціць, што якая-небудзь дзяржава, употайку ад усіх астатніх, збудавала і выпрабоўвае на практыцы такі баявы карабель.

Але гіпотэза аб ваенным караблі адпала, бо ўсе ўрады адзін за другім заявілі, што яны нічога агульнага не маюць з гэтымі падзеямі. А як “страшыдла” пагражала міжнародным трансакіянскім зносінам, то не прыходзілася сумнявацца ў праўдзівасці ўрадавых заяў. Апрача таго, нельга было сабе ўявіць, каб такі вялізны карабель будаваўся ў глыбокай тайне. Калі цяжка захаваць тайну ў такіх умовах і прыватнай асобе, дык дзяржаве, за кожным крокам якое пільна сочаць зайздросныя краіны, гэта тым больш немагчыма.

Такім чынам, пасля таго як запыталіся ў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі, Амерыкі і нават Турцыі, меркаванне пра падводны крэйсер канчаткова адпала.

На паверхню вады, не гледзячы на высмейванне бульварнай прэсы, зноў усплыла страшэнная жывёла, і ўзбуджанае ўяўленне пачало выклікаць адну за другою самыя фантастычныя іхтыёлагічныя гіпотэзы.

У Нью-Ёрку многія прасілі мяне выказаць свае меркаванні па хвалюючаму ўсіх пытанню.

У свой час у Францыі я выдаў двухтомную працу, якая называлася “Тайны марскога дна”. Гэтая кніга, сустрэўшы добры прыём у вучоным свеце, давала мне права лічыцца спецыялістам у гэтай малавывучанай галіне прыродазнаўства.

Мяне пачалі настойліва прасіць, каб я выказаўся. Я ўхіляўся ўсялякімі спосабамі, але, прыціснуты да сцяны надакучлівымі рэпарцёрамі “Нью-Ёркскага весніка”, прымушаны быў нарэшце даць абяцанне падзяліцца з грамадствам сваімі думкамі па гэтаму пытанню.

І вось 30 красавіка ў газеце з’явіўся грунтоўны артыкул “шаноўнага прафесара П’ера Аранакса”, які разглядаў пытанне аб “страшыдле” з усіх бакоў і даваў навуковую ацэнку ўсіх вядомых фактаў. Вось вытрымка з гэтага артыкула:

“Такім чынам — пісаў я, разгледзеўшы адну за другой усе высунутыя гіпотэзы, — не маючы іншага, вытрымліваючага крытыку дапушчэння, мы вымушаны дапусціць, што “страшыдла” не што іншае, як марская жывёла надзвычайнай сілы.

Жыццё вялікіх глыбінь акіяна нам зусім невядомае. Ніводзін зонд іх яшчэ не дасягаў. Што робіцца ў гэтых бяздонных прорвах? Якія істоты жывуць, якія істоты могуць жыць на глыбіні дванаццаць-пятнаццаць тысяч метраў пад узроўнем мора? Які арганізм павінен быць у гэтых істот? Пра гэта нават цяжка меркаваць.

Рашэнне пастаўленай перада мной задачы можа быць двоістым: або нам вядомы ўсё насяляючыя зямлю істоты, або толькі некаторая частка іх.

Калі мы ведаем не ўсіх істот, засяляючых нашу планету, калі прырода хавае яшчэ ад нас тайны, асабліва ў галіне іхтыялогіі, — няма ніякіх падстаў не дапускаць існаванне рыб, або марскіх сысуновых жывёл невядомых нам відаў, або нават родаў, з асобнай “глыбіннай” канстытуцыяй, якія жывуць у недаступных даследванню наддонных пластах акіянаў і ў сілу нейкіх невядомых пертурбацый або без ніякай прычыны час ад часу з’яўляюцца на паверхні акіянаў.

Калі-ж, наадварот, мы ведаем усе віды жывых істот, тады трэба шукаць цікавячае нас “страшыдла” сярод ужо класіфікаваных марскіх жывёл. У гэтым выпадку я схільны дапусціць існаванне гіганцкага нарвала.

Звычайны нарвал часта дасягае шасцідзесяці футаў у даўжыню. Упяцярыце, удзесяцярыце яго памер, надзяліце яго жывёльнаю сілай, адпаведнай яго велічыні, прапарцыянальна ўзмоцніце яго бівень і вы атрымаеце разгадку хвалюючай вас тайны. Гэтая жывёла будзе ўладаць памерамі, указанымі афіцэрамі “Ханаана”, біўнем, які можа зрабіць прабоіну такой самай велічыні, як у корпусе “Шатландыі”, і такой сілай, каб пусціць на дно акіянскі параход.

Сапраўды нарвал узброены своеасаблівым касцяным мячом, ці алебардай, як кажуць некаторыя натуралісты. Гэтая алебарда цвёрдая, як сталь. Такія алебарды часта знаходзілі застраўшымі ў целе кітоў, якіх нарвалы амаль заўсёды перамагаюць у барацьбе; такія алебарды ледзь выцягвалі з карпусоў драўляных караблёў, якія яны пранізвалі наскрозь — ад барта да барта Музей Парыжскага медычнага факультэта мае такую алебарду, даўжынёю ў два з паловаю метра і таўшчынёю ў аснове ў сорак восем сантыметраў.

Такім чынам уявім сабе нарвала, у дзесяць разоў большага, як звычайны, з удзесяцяронаю па велічыні алебардай, або біўнем, надзелім яго хуткасцю ў дваццаць марскіх міль у гадзіну, перамножым яго масу на хуткасць руху — і вас не здзівіць, што сутычка з ім скончыцца катастрофай для кожнага судна. Я канчаю: пакуль не паступяць больш дакладныя весткі, я буду лічыць гэтае “страшыдла” гіганцкім нарвалам, узброеным не простай алебардай, а сапраўдным таранам, як броненосны фрэгат, і надзеленым не меншай як у фрэгата масай і сілай!

Так і толькі так можна вытлумачыць гэтую незразумелую з’яву, у тым выпадку... калі яна сапраўды існуе. А гэта яшчэ патрабуе праверкі”.

Гэты апошні сказ быў прадыктаваны трусасцю: мне хацелася захаваць свой аўтарытэт вучонага і не даць поваду для высмейвання амерыканцам, якія любяць і ўмеюць насмяяцца. Я падрыхтаваў сабе такім чынам лазейку, але ў глыбіні душы я не сумняваўся ў існаванні “страшыдлы”.

Мой артыкул выклікаў гарачыя водгукі і стаў шырока вядомым, ён нават сабраў некаторую колькасць прыхільнікаў. Прапанаванае ў ім рашэнне загадкі давала значны матэрыял для фантазіі. Людзі любяць марыць аб незвычайным. Мора-ж акурат з’яўляецца тым адзіным асяроддзем, дзе сапраўды існуюць умовы для развіцця гіганцкіх істот, у параўнанні з якімі зямныя волаты — сланы і насарогі — здаюцца пігмеямі. У марской вадзе жывуць самыя буйныя прадстаўнікі сысуновых, як напрыклад кіты. Чаму-ж нельга думаць, што там водзяцца гіганцкія малюскі, страшэнныя ракападобныя — амары даўжынёю ў сто метраў — або крабы, якія важаць па дзвесце тон? Бо ў часы ранніх геалагічных эпох чацвераногія і чацверарукія птушкі і гады дасягалі каласальных памераў, і толькі праз дзясяткі, сотні тысячагоддзяў яны паменшыліся да сучасных памераў. Але чаму-б у моры, склад якога не ва ўсе часы заставаўся нязменным, у той час, як зямная кара безупынна відазмяняецца, не маглі захавацца прадстаўнікі жывёльнага свету даўніх часоў жыцця на зямлі? Чаму-б мору не захаваць у сваіх таямніцах апошнія разнавіднасці гэтых гіганцкіх першабытных істот, для якіх гадамі жыцця служаць нашы стагоддзі?

Але я захапіўся марамі, а гэта падыходзіць да мяне менш, як да каго-небудзь іншага.

Паўтараю, прырода гэтай надзвычайнай з’явы не выклікала больш спрэчак, і грамадства прызнала існаванне нейкай велізарнай жывёлы, якая не мае нічога агульнага з казачнымі марскімі змеямі.

Але калі для некаторых гэта было адцягненым пытаннем, маючым толькі навуковую цікаваць, то для іншых, людзей больш практычных, асабліва для англічан і амерыканцаў, зацікаўленых у бяспецы трансакіянскіх зносін, ясна вызначылася задача ачысціць акіян ад гэтага небяспечнага страшыдла.

Фінансавы і камерцыйны друк займаўся цяпер пытаннем аб страшыдле толькі з гэтага пункту гледжання. “Марскі агляд”, “Газета Лойда”, “Пакетбот”, “Shipping and Mercantile gazette” — усе гэтыя друкаваныя органы страхавых таварыстваў, якім пагражалі вялікія страты, аднадушна патрабавалі бязлітаснай вайны супроць страшыдла.

Грамадская думка, і ў першую чаргу паўночнаамерыканская, была на баку газет. У Нью-Ёрку пачалі рыхтаваць экспедыцыю для палявання на нарвала. Быстраходны фрэгат “Аўраам Лінкальн” паспешна пачалі рыхтаваць у дарогу. Дзверы арсеналаў былі шырока адчынены перад камандзірам фрэгата, капітанам Фарагутам, які з усіх сіл стараўся паскорыць дзень адплыцця. Але, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, як толькі было прынята рашэнне аб праследванні страшыдла, яно перастала паказвацца. На працягу двух месяцаў ніхто нічога не чуў пра яго. Ніводзін карабель не сустрэў яго. Можна было падумаць, што нарвал пачуў, што супроць яго рыхтуюць паход. Пра гэта-ж так многа гаварылі па трансатлантычнаму падводнаму караблю! Жартаўнікі казалі, што хітры нарвал перахапіў якую-небудзь з шматлікіх тэлеграм і пастараўся загадзя дзе-небудзь схавацца.

Такім чынам, калі фрэгат быў гатоў у дарогу і абсталяваны ўсімі прыладамі для незвычайнай лоўлі, ніхто не ведаў, куды яму трэба накіроўвацца.

Усеагульная нецярплівасць дасягнула свайго вышэйшага пункта, калі 2 ліпеня пайшлі чуткі, што параход, які робіць рэйсы між Сан-Францыска і Шанхаем, сустрэў жывёлу каля трох тыдняў назад у паўночнай частцы Ціхага акіяна.

Гэтая навіна зрабіла вялікае ўражанне. Капітану Фарагуту не далі адтэрміноўкі нават на дваццаць чатыры гадзіны. Харчы былі пагружаны на борт, трумы ламаліся ад вугалю, каманда была ў поўным складзе. Заставалася толькі распаліць топкі, развесці пару і зняцца з якара.

Капітану Фарагуту не даравалі-б, каб ён затрымаўся хоць на поўдня. Ды ён і сам ірваўся ў дарогу.

За тры гадзіны да адыходу “Аўраама Лінкальна” мне далі ліст наступнага зместу:

 

ПАНУ ПРАФЕСАРУ АРАНАКСУ

Гасцініца Пятага авеню

Нью Ёрк.

Міласцівы гасудар

Калі вы пажадаеце далучыцца да экспедыцыі на “Аўрааме Лінкальне”, ураду Злучаных штатаў будзе прыемна ведаць, што Францыя, у Вашай асобе, удзельнічае ў гэтым мерапрыемстве. Капітан Фарагут прадаставіць Вам асобную каюту.

Сардэчна адданы Вам марскі міністр

Д.Б.ГАБСОН

 

Раздзел трэці. Як будзе пажадана гаспадару

За тры секунды перад атрыманнем ліста ад марскога міністра я столькі думаў аб праведванні нарвала, колькі аб спробе прарвацца праз льды Паўночна-заходняга прахода8. Праз тры секунды пасля атрымання ліста я зразумеў, што мая сапраўдная схільнасць, мая адзіная мэта жыцця заключалася ў прасле дваенні гэтага небяспечнага “страшыдла” і выратаванні ад яго свету.

Між тым я толькі што вярнуўся з цяжкага падарожжа, бясконца змарыўся і мне патрабаваўся адпачынак. Я марыў аб звароце на радзіму, да сваіх сяброў, у сваю маленькую кватэрку каля батанічнага саду, да сваіх дарагіх і бясцэнных калекцый! Але нішто не магло стрымаць мяне. Я забыўся на ўсё — на стому, на сяброў, калекцыі — і, доўга не думаючы прыняў запрашэнне амерыканскага ўрада.

“Да таго-ж, — думаў я, — усе дарогі вядуць у Еўропу, і можа здарыцца, што нарвал ласкава прыцягне мяне да берагоў Францыі. Гэтая паважаная жывёла можа дазволіць прыкончыць сябе ў Еўрапейскіх морах, і я завязу тады прынамсі паўметровы кавалак яго алебарды ў музей прыродазнаўства ў Парыжы!”

Але пакуль што нарвала прыходзілася шукаць у паўночнай частцы Ціхага акіяна, гэта значыць варочацца ў Францыю вакол свету.

— Кансель! — крыкнуў я нецярпліва.

Кансель быў маім слугой і суправаджаў мяне ва ўсіх паездках. Я шчыра палюбіў гэтага слаўнага фламандца, і ён плаціў мне тою-ж самаю манетай. Гэта быў чалавек флегматычны па прыродзе, сур’ёзны і салідны па характару, старанны і паслухмяны па звычках; ён спакойна сустракаў усе жыццёвыя нечаканасці, быў майстра на ўсе рукі, прагны да работы і, наперакор свайму імю9, ніколі і нікому не даваў парад, нават калі ў яго іх прасілі.

Маючы заўсёды дачыненне да гуртка вучоных, наведваўшых маю маленькую кватэру, Кансель паступова сам многаму навучыўся і ператварыўся ў спецыяліста ў галіне прыродазнаўчай класіфікацыі, здольнага са шпаркасцю акрабата прабягаць усе ступені аддзелаў, груп, класаў, падкласаў, атрадаў, сем’яў, родаў, відаў і падвідаў. Але ўсе яго веды гэтым і абмяжоўваліся. Класіфікаваць — у гэтым заключалася ўсё яго жыццё і на гэтым ён спыніўся. Многа ведаючы ў тэорыі класіфікацыі і вельмі далёка ад практычных ведаў, ён не здолеў-бы, я думаю, адрозніць кіта ад кашалота!

І ўсё-ж які харошы дзяцюк!

На працягу дзесяці год Кансель суправаджаў мяне усюды, куды толькі вабіла мяне навука. Ніколі ніводнай скаргі на працягласць падарожжа або стому!

Заўсёды згодны адправіцца ў якую хочаш краіну, на якую хочаш адлегласць, хай гэта будзе Кітай або Конго, ён гатовы быў ехаць абы куды, ні пра што не распытваючы.

У яго было выключнае здароўе, пры якім не страшны ніякія хваробы, моцныя мускулы і сапраўды жалезныя нервы.

Яму было трыццаць гадоў, і яго ўзрост адносіўся да ўзросту яго гаспадара, як пятнаццаць да дваццаці. Прашу прабачэння за гэты некалькі складаны спосаб прызнання ў тым, што мне сорак год. Кансель меў толькі адзін недахоп. Непапраўны фармаліст, ён гаварыў са мною не інакш, як у трэцяй асобе, і гэта нярэдка выводзіла мяне з цярплівасці.

— Кансель! — паўтарыў я, пачынаючы ў той-жа час паспешна рыхтавацца да ад’езду.

Я быў упэўнены, што Кансель бязмежна адданы мне. Звычайна я ніколі не пытаў яго, ці згодзен ён суправаджаць мяне ў падарожжа; але на гэты раз меркавалася экспедыцыя, якая пагражала нямаведама паколькі зацягнуцца і да таго яшчэ была рызыкоўным прадпрыемствам. Гэта не жарты: праследваць жывёлу, здольную патапіць фрэгат, як арэхавую лушпайку! Было над чым задумацца нават самаму спакойнаму чалавеку ў свеце! Што скажа Кансель?

— Кансель! — клікнуў я яго трэці раз.

Кансель з’явіўся.

— Гаспадар клікаў мяне? — спытаў ён, уваходзячы.

— Так, галубок. Прыгатуй усё, што патрэбна для мяне і для цябе. Праз дзве гадзіны мы адпраўляемся.

— Як будзе пажадана гаспадару, — спакойна адказаў Кансель.

— Нельга траціць ніводнай хвіліны. Складзі ў мой чамадан усё неабходнае для дарогі, вопратку, кашулі, шкарпэткі, палажы іх столькі, колькі ўлезе, але толькі як мага хутчэй!

— А калекцыі гаспадара? — заўважыў Кансель.

— Мы зоймемся імі пазней. Яны застануцца на схову ў гасцініцы.

— А аленні кабан?

— Яго будуць карміць і без нас. Дарэчы, я распараджуся, каб увесь наш звярынец адправілі ва Францыю.

— Значыцца мы не вяртаемся ў Парыж? — спытаў Кансель.

— Але, так, — ухіляючыся, адказаў я, — але робячы крук...

— Які хочаце друк, калі гэта да спадобы гаспадару.

— О, гэта дробязь! Той-жа шлях, толькі крыху даўжэйшы. Вось і ўсё. Мы адправімся на “Аўрааме Лінкальне”.

— Як пажадае гаспадар, — спакойна адказаў Кансель.

— Ты ведаеш, любы мой, справа ідзе аб страшыдле... вядомым нарвале... Мы павінны вызваліць ад яго мора!.. Аўтар двухтомных “Таямніц марскога дна” не можа адмовіцца ад падарожжа з капітанам Фарагутам... Слаўная місія, але разам з тым і небяспечная! Зусім невядома куды нас завядзе нарвал... Гэтая жывёла можа аказацца дужа капрызнай. І ўсё-ж паедзем! Наш капітан— малайчына!

— Куды паедзе гаспадар, туды паеду і я, — сказаў Кансель.

— Падумай добра! Я нічога не хачу ад цябе хаваць. Гэта адно з тых падарожжаў, адкуль не заўсёды вяртаюцца.

— Як будзе пажадана гаспадару...

Праз чвэртку гадзіны нашы чамаданы былі складзены. Кансель зрабіў усё адным мігам, і я быў упэўнены, што ён нічога не запамятаў. Гэты дзяцюк класіфікаваў кашулі і адзенне таксама ўдала, як птушак і звяроў. Слуга гасцініцы склаў нашы рэчы ў вестыбюлі. Я спусціўся ў кантору заплаціць па рахунку і загадаў, каб мне пакункі з прэпарыраванымі жывёламі і засушанымі раслінамі былі адпраўлены ў Парыж. Я адкрыў значны крэдыт аленняму кабану і нарэшце ўскочыў у каляску разам з Канселем.

Экіпаж спусціўся па Брадвею да Юніён-сквера, завярнуў на Чацвертую авеню, ехаў па ёй да Катрын-стрыт і нарэшце спыніўся ля Трыццаць чацвёртай наберажнай. Адтуль паром перавёз усіх нас — людзей, коней і экіпаж — у Бруклін, прадмесце Нью-Ёрка, што ляжыць на левым беразе ракі Гудзон. Праз некалькі хвілін каляска пад’ехала прама да ўсходцаў “Аўраама Лінкальна”, выпускаўшага густыя клубы чорнага дыму з абодвух труб.

Наш багаж зараз-жа быў узняты на палубу фрэгата. Я паспешна ўзбег па трапу. Спытаў, дзе можна знайсці капітана Фарагута. Адзін з матросаў завёў мяне на мосцік і паказаў мне на высокага з ветлівым тварам афіцэра. Той працягнуў мне руку.

— Спадар П’ер Аранакс? — спытаў ён.

— Ён самы, — адказаў я. — Капітан Фарагут?

— Я і ёсць. Калі ласка, спадар прафесар! Кабіна чакае вас.

Я адкланяўся і, каб не перашкаджаць капітану ў гэтыя гарачыя перадад’ездныя хвіліны, папрасіў матроса паказаць прызначаную мне каюту.

Выбар “Аўраама Лінкальна” для задуманай экспедыцыі быў вельмі ўдалым.

Гэта быстраходны фрэгат, абсталяваны самымі дасканалымі машынамі, дазваляўшымі яму развіваць хуткасць васямнаццаць і тры дзясятых мілі ў гадзіну Але і гэтая вялікая хуткасць была недастатковай для барацьбы з гіганцкім нарвалам.

Унутранае абсталяванне не было горшым за яго навігацыйныя якасці. Я быў зусім задаволены данаю мне каютаю, якая змяшчалася ў афіцэрскім аддзяленні на карме.

— Мы добра тут абсталюемся, — сказаў я Канселю.

— З дазволу гаспадара, я скажу — таксама ўтульна, як раку-пустэльніку ў ракавіне ўліткі, — адказаў мой вучоны слуга.

Я пакінуў Канселя ў каюце распакоўваць чамаданы, а сам выйшаў на палубу, каб сачыць за падрыхтоўкай да адплыцця.

У гэтую хвіліну капітан Фарагут якраз загадаў аддаць канцы, прывязаўшыя “Аўраама Лінкальна” да Бруклінскай наберажнай. Варта мне было затрымацца на чвэртку гадзіны — “Аўраам Лінкальн” адплыў-бы без мяне, я-б не ўдзельнічаў у гэтай надзвычайнай экспедыцыі, самая праўдзівая справаздача аб якой напэўна будзе ўсё-такі недаверліва сустрэта многімі скептыкамі.

Капітан Фарагут не хацеў адкладаць не толькі на дзень, але і на гадзіну, нават на хвіліну пачатак паходу супраць нарвала.

Ён выклікаў карабельнага інжынера.

— Ціск пары выстарчальны? — спытаў ён.

— Так, капітан.

— Малы ход! — скамандаваў капітан.

Атрымаўшы гэты загад па машыннаму тэлеграфу, што дзейнічае сціснутым паветрам, механік павярнуў пускавы рычаг. Пара са свістам ірванула ў цыліндры, і поршні пачалі рухаць грабны вал. Лопасці вінта пачалі круціцца з усё ўзрастаючай хуткасцю, і “Аўраам Лінкальн” важна паплыў, суправаджаемы сотнямі катэраў і буксірных параходзікаў, перапоўненых праводзячымі.

Наберажныя Брукліна былі перапоўнены сотнямі тысяч гледачоў: Трохразовае “ура” з пяцісот тысяч глотак прагучала, як гром. Тысячы хустачак затрапяталі ў паветры над шчыльным натоўпам, вітаючы “Аўраама Лінкальна”, пакуль фрэгат не зайшоў у раку Гудзон, у канцы таго выцягнутага ў даўжыню паўвострава, за якім стаіць горад Нью-Ёрк.

Спусціўшыся ўніз па плыні ракі Гудзона, удоўж Нью-Джэрсея, што выцягнуўся ланцугом прыгожых віл, “Аўраам Лінкальн” мінаваў фарты і адказаў на іх пушачныя салюты тройчы ўзнятым і спушчаным кармавым сцягам, усыпаным трыццаццю дзевяццю зоркамі. Потым сцішыўшы ход, фрэгат увайшоў у няроўны фарватэр марскога канала, адзначаны бакенамі; пасля таго абагнуў пясчаную касу Сэндзі-Гука, дзе яго зноў вітаў тысячны натоўп гледачоў, і вышаў у адкрыты акіян.

Чарада катэраў і буксіраў праводзіла фрэгат да плывучых маякоў, агні якіх паказваюць суднам уваход у Нью-Ёрк.

Было тры гадзіны пасля поўдня. Лоцман пакінуў мосцік, шлюпка хутка даставіла яго на катэр, і “Аўраам Лінкальн”, набіраючы хуткасць, паплыў удоўж берагу Лонг-Айлэнда. Да васьмі гадзін вечара зніклі і агні Файр-Айлэнда, і фрэгат на ўсіх парах панёсся па цёмных водах Атлантычнага акіяна.

 

8 Праход з Атлантычнага акіяна ў Ціхі праз паўночныя берагі амерыканскага кантынента.

9 Ігра слоў: Кансель (conseil) па-французску — парада.

Раздзел чацвёрты. Нэд Лэнд

Капітан Фарагут быў добрым мараком, вартым вялікага фрэгата, якім ён камандаваў. Карабель і ён складалі нібы адно цела, у якім капітан выконваў функцыі мозгу. У яго не было ніякіх сумненняў у існаванні нарвала, і ён не дапускаў у сваёй прысутнасці ніякіх спрэчак па гэтаму пытанню. Страшыдла існавала, і ён ад, яго вызваліць моры — ён пакляўся ў гэтым. Або капітан Фарагут заб’е нарвала, або нарвал заб’е капітана Фарагута — трэцяга выйсця, не было.

Афіцэры судна падзялілі перакананні капітана. Прыемна было чуць, як яны спрачаліся аб шансах на хуткую сустрэчу з страшыдлам, вылічалі хуткасць яго хода, шукалі яго вачыма на паверхні пустыннага акіяна. Нават тыя, хто ў звычайных умовах лічылі вахты нуднай неабходнасцю, у гэты рэйс заўсёды гатовы былі аддзяжурыць лішні раз.

Пакуль сонца абходзіла па небасхілу свой дзённы шлях, мачты былі ўсыпаны кучкамі матросаў, якія лічылі за лепшае сядзець на рэях і выглядаць страшыдла, чым стаяць гадзінамі на распаленых, апякаючых ногі дошках палубы. А між тым “Аўраам Лінкальн” быў яшчэ далёка ад падазроных вод Ціхага акіяна!

Каманда гарэла жаданнем сустрэць нарвала, загарпуніць яго, усцягнуць на борт і пасячы яго на кавалачкі. Уся вольная ад работы частка каманды з самаю пільнаю ўвагай углядалася ў марскую гладзь. Трэба сказаць, што капітан Фарагут заахвочваў гэта, паабяцаўшы прэмію ў дзве тысячы долараў, якую мог атрымаць кожны — юнга, матрос, боцман або афіцэр, — хто першы заўважыць нарвала. Няцяжка сабе ўявіць, з якой стараннасцю каманда Фрэгата ўглядалася ў мора!

Што тычыцца мяне, дык і я не адставаў ад іншых і сумленна прастойваў па цэлых днях ля бартоў. Адзін толькі Кансель быў абыякі да пытання, якое займала ўсіх, і не падзяляў агульнага захаплення.

Я ўжо казаў, што капітан Фарагут узброіў свой фрэгат усімі прыладамі для лоўлі гіганцкіх кітоў. Мабыць, ніводнае кітабойнае судна не выходзіла ў плаванне лепш узброеным.

У нас былі ўсе сучасныя кіталоўныя снасці, пачынаючы ад ручнога гарпуна і канчаючы зубчастымі стрэламі, якія выкідаліся з спецыяльных гармат. На носе стаяла скарастрэльная ўдасканаленая гармата, якая пасылала свае чатырохкілаграмныя снарады на шаснаццаць кіламетраў.

Такім чынам, “Аўрааму Лінкальну” нельга было паскардзіцца на нястачу смертаносных аруддзяў. Але гэтага мала — на барту яго знаходзіўся сам Нэд Лэнд, кароль гарпуншчыкаў!

Нэд Лэнд быў ураджэнцам Канады і спрытнейшым у свеце кіталовам, не маючым роўнага ў гэтым небяспечным рамястве. Ён быў надзелены выключным спакойствам, спрытнасцю, смеласцю і кемлівасцю. І трэба было быць дужа спрытным кітом або хітрым кашалотам, каб выкруціцца ад яго страшнага гарпуна.

Нэд Лэнду было каля сарака год. Гэта быў высокі, амаль шасці футаў росту, моцны, суровы чалавек. Ён трымаўся асобна, быў запальчывы і лёгка прыходзіў у ярасць пры самым нязначным супярэчанні.

Выгляд яго міжвольна прыкоўваў да сябе ўвагу, асабліва вочы, надзвычайная дальназоркасць якіх надавала своеасаблівы выраз усяму яго твару.

Я лічу, што капітан Фарагут зрабіў зусім правільна, прыцягнуўшы яго ў экспедыцыю: калі патрэбна будзе моцная рука і вернае вока, ён адзін будзе каштоўней за ўсю каманду. Яго можна параўнаць з магутным тэлескопам, злучаным у адно непадзельнае цэлае з заражанай, заўсёды гатовай стрэліць гарматаю.

Канадзец — гэта той-жа француз, і хоць не надта таварыскі быў Нэд, але я мушу зазначыць, што ён хутка прывязаўся да мяне, — відаць, яго прыцягнула мая нацыянальнасць. Ён быў рады выпадку пагутарыць па-французску, а мне было прыемна паслухаць старафранцузскі дыялект, захаваны некранутым з часоў Раблэ10 ў некаторых правінцыях Канады.

Нэд Лэнд належаў да старой квебекскай сям’і, даўшай нямала адважных маракоў яшчэ ў тыя даўнія часы, калі горад гэты належаў Францыі.

Пакрысе Нэд Лэнд уваходзіў у смак гутарак са мною, і я ахвотна слухаў аб яго прыгодах у Палярных морах. Яго апавяданні пра паляванні і байкі былі такія шчырыя і паэтычныя, што часамі мне здавалася, нібы я слухаю нейкага канадскага Гамера, спяваючага Іліяду палярных краін.

Я апісваю гэтага смелага чалавека, якім я яго ведаю цяпер, — мы старыя прыяцелі, і дружба наша, народжаная ў дні страшных перажыванняў, застаецца моцнай і непарушанай.

Які-ж быў погляд Нэда Лэнда на морскае страшыдла? Павінен прызнацца, што ён не верыў у існаванне нарвала і — адзіны чалавек на ўсім фрэгаце — не падзяляў агульнага пераконання. Ён ухіліўся ад гутаркі пра гэта, калі я аднойчы паспрабаваў выпытаць яго погляд.

Праз тры тыдні пасля нашага ад’езду, 30 ліпеня, фрэгат знаходзіўся недалёка ад мыса Бланка, у трыццаці мілях ад Патагоніі. Мы перасякалі ўжо тропік Казерога, і цяпер Магеланава пратока была ад нас менш як за семсот міль на поўдзень. Яшчэ восем дзён — і “Аўраам Лінкальн” будзе рэзаць воды Ціхага акіяна.

Я сядзеў з Нэдам Лэндам на юце. Мы гутарылі пра сёе і тое, гледзячы на таямнічае мора, глыбіні якога і дагэтуль застаюцца недаступнымі чалавечаму воку. Па натуральнай асацыяцыі я загаварыў пра гіганцкага нарвала і пачаў разглядаць усе ўмовы, ад якіх залежалі поспех або няўдача нашай экспедыцыі. Але, заўважыўшы, што Нэд Лэнд маўчыць, я паставіў яму пытанне рубам:

— Як можа быць, Нэд Лэнд, — сказаў я, — што вы сумняваецеся ў існаванні гіганцкага нарвала, якога мы праследуем? Ці ёсць у вас якія-небудзь скрытыя падставы быць такім недаверлівым?

Гарпуншчык на працягу некалькіх секунд моўчкі глядзеў на мяне. Раней чым адказаць, ён прывычным жэстам хлопнуў сябе па ілбу, закрыў вочы, нібы збіраючыся з мыслямі, і толькі пасля гэтага сказаў:

— Можа і так, спадар Аранакс.

— Паслухайце, Нэд, вы-ж гарпуншчык па прафесіі, вы перабачылі за свой век сотні вялізных марскіх жывёл — вам лягчэй, як каму-б там ні было іншаму, паверыць у магчымасць існавання гіганцкага кітападобнага. Вы павінны быць апошнім чалавекам, які будзе сумнявацца ў гэтым пры падобных абставінах!

— Вось тут вы і памыляецеся, спадар прафесар, —адказаў Нэд. — Невук скарэй дасць веры ў існаванне фантастычных жывёл, насяляючых сярэдзіну зямнога шара, — гэта зусім натуральна. Але геолаг ніколі не дасць веры гэтым казкам. Так і кітабой. Я праследваў сотні кітападобных, загарпуніў дзясяткі іх і забіў вялікую колькасць. Але якія яны ні былі вялікія і моцныя, ні іх хвасты, ні біўні не маглі прабіць ліставое жалеза абшыўкі парахода!

— Аднак, Нэд, вядомы выпадкі, калі зуб нарвала прабіваў наскрозь барты караблёў.

— Драўляных, прафесар, драўляных! — супярэчыў Нэд. — Ды, прызнацца, я не дужа ў гэта веру — асабіста я нічога падобнага не бачыў. І датуль, пакуль не будзе даведзена адваротнае, я адмаўляю, што кашалоты, кіты і нарвалы могуць рабіць такія руйнаванні.

— Паслухайце, Нэд...

— Не, прафесар, не! Усё, што вы хочаце, але толькі не гэта! Можа велізарны спрут...

— Ні ў якім разе, Нэд! Спрут — гэта малюск гіганцкіх памераў з вялым, мяккім целам. Хай будзе ён хоць пяцьсот футаў у даўжыню, спрут застанецца бесхрыбетным, і значыць зусім бяспечным для такіх суднаў, як “Шатландыя” або “Аўраам Лінкальн”. Трэба пакінуць байкі аб небяспецы васьміногаў для караблёў!

— Такім чынам, спадар прыродазнаўца, — іранічна заўважыў Нэд, — вы настойваеце на існаванні велізарнага нарвала?

— Так, Нэд, я перакананы ў гэтым, і маё перакананне асноўваецца на радзе бясспрэчных фактаў. Я не сумняваюся ў існаванні гіганцкай кітападобнай жывёлы, належачай, — як кіты, кашалоты і дэльфіны — да разраду хрыбетных і надзеленай зубам, рогам або біўнем, надзвычайнай моцы.

— Гм! — ухмыльнуўся гарпуншчык і з сумненнем паківаў галавой.

— Заўважце, дарагі мой канадзец, — прадаўжаў я,— што калі такая жывёла жыве ў глыбінях акіяна, у некалькіх мілях пад паверхняю вады, яна павінна мець выключна моцны арганізм.

— Таму, што патрэбна нечуваная сіла для таго, каб вытрымаць велізарнейшы ціск вады на такой глыбіні.

— Няўжо-ж? — сказаў Нэд, недаверліва прыжмурыўшы вочы.

— Сапраўды так. Магу прывесці некалькі лічбаў, для доказу.

— О, лічбы! — працягнуў Нэд. — Лічбамі можна давесці ўсё, што захочаш...

— Не заўсёды і не ўсюды, Нэд. Вось паслухайце мяне. Уявім сабе ціск у адну атмасферу ў выглядзе ціску вадзянога слупа вышынёй у трыццаць два футы. У сапраўднасці вышыня вадзянога слупа павінна быць нават трохі меншай, бо марская вада мае большую шчыльнасць, як прэсная. І вось, Нэд, калі вы нырцуеце ў ваду, ваша цела знаходзіцца пад ціскам у столькі атмасфер, гэта значыць у столькі кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр яго паверхні, колькі слупоў вады ў трыццаць два футы адлучае вас ад паверхні мора. Адсюль выцякае, што на глыбіні ў трыста дваццаць футаў гэты ціск роўны дзесяці атмасферам, на глыбіні тры тысячы дзвесце футаў — стам атмасферам, і ў трыццаці двух тысячах футах, ці на глыбіні прыкладна двух з паловаю міль, — тысячы атмасферам. Інакш кажучы, каб вам удалося дабрацца да гэтай глыбіні, кожны квадратны сантыметр вашага цела знаходзіўся-б пад ціскам у тысячу кілаграмаў, або адной тоны. Дарэчы, дарагі мой, ці ведаеце вы, колькі квадратных сантыметраў мае паверхня вашага цела?

— Не маю аніякага ўяўлення аб гэтым.

— Каля сямнаццаці тысяч.

— Так многа!

— А як у сапраўднасці атмасферны ціск некалькі перавышае названую мною лічбу ў адзін кілаграм на адзін квадратны сантыметр, то сямнаццаць тысяч сантыметраў паверхні вашага цела знаходзяцца ў гэтую хвіліну пад ціскам у сямнаццаць тысяч пяцьсот шэсцьдзясят восем кілаграмаў.

— І я гэтага не заўважаю?

— І вы гэтага не заўважаеце. Гэты вялізны цяжар не сплюшчвае вас толькі таму, што паветра, што знаходзіцца ўнутры вашага цела, ураўнаважвае гэты ціск. Таму вы нічога не заўважаеце. Але варта вам трапіць у ваду, і гэтая раўнавага парушыцца...

— Разумею, — перабіў мяне Нэд, відаць, зацікавіўшыся маім тлумачэннем. — Вада-ж абкружыць мяне, але не пранікне ўнутр арганізма!

— Вось іменна, Нэд. Такім чынам, на трыццаці двух футах пад паверхняю мора вы будзеце пад ціскам у сямнаццаць тысяч пяцьсот шэсцьдзясят восем кілаграмаў; на трыста дваццаці футах гэты ціск падзесяцярыцца, ці будзе роўна ста сямідзесяці пяці тысячам шэсцьсот васьмідзесяці кілаграм; на тры тысячы дзвесце футах ён павялічыцца ў сто разоў, або на вас будзе ціснуць цяжар у сямнаццаць мільёнаў пяцьсот шэсцьдзясят восем тысяч кілаграмаў. Інакш кажучы, вы мігам ператворыцеся ў аладку, у танюсенькі аркушык, нібы вас вынялі з-пад гіганцкага гідраўлічнага молата!

— Ух, чорт! — ускрыкнуў Нэд.

— Такім чынам, дарагі таварыш, калі хрыбетная жывёла ў некалькі сот метраў даўжыні можа існаваць у падобных глыбінях, дык мільён квадратных сантыметраў яго паверхні знаходзяцца пад ціскам у многа мільярдаў кіламетраў. Падумайце цяпер, якую мускульную сілу павінны мець гэтыя жывёлы, і якое супраціўленне павінна быць у іх арганізмах, каб без ніякай шкоды вытрымлівала гэты ціск!

— Падобна на тое, што яны павінны быць абшыты васьмідзюймовым ліставым жалезам, як браняносцы, — сказаў канадзец.

— Правільна, Нэд! Падумайце цяпер, якія страшэнныя руйнаванні, можа зрабіць такая жывёла, сутыкнуўшыся з караблём, калі яна здольная рухацца ў вадзе з хуткасцю самага шпаркага з нашых паяздоў.

— Так... сапраўды... — няўпэўнена мармытаў канадзец, здзіўлены гэтымі разлікамі, але яшчэ не жадаючы здавацца.

— Што-ж, пераканаў я вас?

— Вы пераканалі мяне ў адным, спадар прафесар, што калі такія жывёлы сапраўды існуюць у глыбінях акіяна, дык яны павінны быць дужа моцнымі.

— Ах вы, упарты гэтакі! Ды калі яны не існуюць, то як вы вытлумачыце выпадак з “Шатландыяй”?

— Можа... — нерашуча пачаў Нэд.

— Ды кажыце-ж!

— Можа... такога выпадку і не было! — выпаліў канадзец.

Але гэты адказ сведчыў толькі аб упартасці гарпуншчыка і больш ні аб чым. У гэты дзень я больш не намагаўся яго пераконваць. Выпадак з “Шатландыяй” быў зусім бясспрэчны. Прабоіна была да таго рэальнай, што яе прыйшлося зашываць; я думаю, цяжка знайсці больш пераканальны довад яе існавання. Не выклікала ніякіх сумненняў і тое, што гэтая прабоіна не магла ўзнікнуць сама. а як зусім не дапускалася нават думка аб сутычцы з падводным камнем або рыфам, то неабходна было прызнаць існаванне страшнага зуба марской жывёлы.

Я асабіста, выходзячы з усіх вышэйвыказаных меркаванняў, адносіў гэтую жывёлу да аддзела хрыбетных, класа сысуновых, падкласа рыбавідных і атрада кітападобных. Што тычыцца сям’і, да якой яе належала аднесці — кітоў, кашалотаў ці дэльфінаў — падсям’і і, нарэшце, віду, то на гэтае пытанне магла адказаць толькі будучыня.

Каб вырашыць гэтае пытанне, трэба было ўскрыць невядомае страшыдла; а каб ускрыць, неабходна было спачатку яго злавіць; каб злавіць, трэба было загарпуніць яго; — гэта тычылася Нэда Лэнда; каб загарпуніць, патрэбна было яго ўгледзець, — гэта справа ўсёй каманды; каб угледзець, трэба было сустрэць яго, — а гэта ўжо была справа выпадку.

 

10 Рэблэ Франсуа (1495 (?) — 1533) — буйнейшы французскі пісьменнік эпохі Адраджэння.

Раздзел пяты. Пагоня наўздагад

Першыя дні плавання “Аўраама Лінкальна” не былі адзначаны ніякімі здарэннямі. Толькі аднойчы была падзея, выставіўшая ў самым выгадным святле выключнае майстэрства Нэда Лэнда і давёўшая, што на яго бясспрэчна можна спадзявацца.

Каля Фальклэндскіх астравоў 30 чэрвеня “Аўраам Лінкальн” сустрэў амерыканскае кіталоўнае судна “Манроэ”. Каманда яго нічога не чула пра нарвала. Але капітан “Манроэ”, даведаўшыся, што на барту “Аўраама Лінкальна” знаходзіцца вядомы Нэд Лэнд, папрасіў яго дапамагчы ў паляванні на высачанага кіта. Капітан Фарагут, якому хацелася паглядзець на работу Нэда Лэнда, дазволіў гарпуншчыку перайсці на борт “Манроэ”.

Канадцу пашанцавала і замест аднаго кіта ён загарпуніў двух: першага ён забіў на месцы, усадзіўшы яму гарпун у сэрца, а другога — пасля некалькіх хвілін праследвання.

Калі страшыдла апынецца калі-небудзь у межах, дзе дастане гарпун Нэда Лэнда, я буду дужа здзіўлены, калі яму ўдасца ўцячы цэлым!

Фрэгат прадаўжаў з вялікаю хуткасцю плысці ўдоўж паўднёва-ўсходняга берагу Амерыкі. 3 ліпеня мы падышлі да мыса Дзеў ля ўваходу ў Магеланаву пратоку.

Але капітан Фарагут прайшоў міма гэтай пакручастай пратокі і ўзяў курс на мыс Горн.

Усе адзінадушна ўхвалілі гэтае рашэнне. Сапраўды, наўрад ці можна было сустрэць нарвала ў гэтай вузкай пратоцы.

Многія матросы былі перакананыя, што страшыдла “залішне тоўстае, каб прайсці праз Магеланаву пратоку”.

Каля трох гадзін пасля поўдня, 6 ліпеня, “Аўраам Лінкальн” абагнуў той адзінокі астравок, тую скалу, што загубілася ў самым канцы амерыканскага кантынента, якую галандскія маракі ахрысцілі мысам Горн у імя свайго роднага горада. Фрэгат узяў курс на паўночны захад, і вінт яго пачаў пеніць воды Ціхага акіяна.

— Глядзі, прыглядайся, глядзі! — у адзін голас казалі матросы “Аўраама Лінкальна”.

І яны сапраўды глядзелі, як толькі маглі! Аслепленыя зданню двух тысяч долараў, людзі не адрывалі вачэй ад паверхні акіяна. Ноччу і ўдзень вочы і біноклі не мелі ні секунды спакою. Нікталопы — людзі, здольныя бачыць па начах так ясна, як у дзень, — мелі на пяцьдзесят процантаў больш шансаў атрымаць прэмію, чым людзі з звычайным зрокам.

Хоць прэмія ніколі не спакушала мяне, але і я таксама ўпарта гадзінамі ўглядаўся ў ваду. Абмяжоўваючы свой сон трыма-чатырма гадзінамі ў суткі, трацячы на яду лічаныя хвіліны, я ўвесь астатні час стаяў на палубе, не гледзячы ні на якое надвор’е.

То перагнуўшыся праз борт носа, то абапіраючыся на борт кармы, я прагна ўглядаўся ў аднолькавыя пеністыя грабяні хваляў, што прасціраліся ва ўсе бакі, як толькі можна ахапіць вокам. Як часта, разам з усёй камандай, я перажываў хвіліны бурнага хвалявання, калі на гарызонце паказвалася чорная спіна кіта! Увесь экіпаж адразу высыпаў на палубу. З люкаў вырываліся патокі матросаў і афіцэраў. Кожны, цяжка дыхаючы, напружваючы зрок да болю, сачыў за рухамі кіта. І я глядзеў, глядзеў да таго часу, пакуль усё не пачынала блытацца ў вачах.

Флегматычны Кансель у такіх выпадках спакойна гаварыў мне:

— Гаспадар бачыў-бы куды лепш, каб менш углядаўся!

Але хваляванне было дарэмнае. “Аўраам Лінкальн” падыходзіў бліжэй да меркаванага ворага і, пераканаўшыся, што гэта самы звычайны кашалот, або кіт, зноў лажыўся на ранейшы курс, абсыпаючы тысячамі праклёнаў ні ў чым не вінаватую жывёліну.

Надвор’е ўвесь час стаяла добрае, і наша плаванне праходзіла ў найлепшых умовах, не гледзячы на тое, што ліпень у паўднёвым паўшар’і адпавядае студзеню ў паўночным, і на яго прыпадае самы разгар дажджлівага сезону. Тым не менш мора было спакойнае і бачнасць была выдатная.

Нэд Лэнд па-ранейшаму быў упарты ў сваім недавер’і. Ён нават знарок не глядзеў на мора ў гадзіны, вольныя ад вахты, або калі не было відаць кіта. Гэта было прыкра, бо яго выключна зоркія вочы маглі саслужыць вялікую службу экспедыцыі. Але ўпарты канадзец лічыў за лепшае шаснаццаць гадзін з дваццаці чатырох праводзіць у сваёй каюце, сплючы, або чытаючы. Я сто разоў дакараў яго за такую абыякасць.

— Гэта лішняе, прафесар, — адказваў ён мне. — Перш за ўсё наогул нічога няма, а каб нават і існавала якая-небудзь жывёла, то колькі ў нас шансаў натыкнуцца на яе? Мы-ж гонімся за ёю наўздагад. Дапускаю, што нейкі карабель сапраўды сустрэў “гэтую няўлоўную жывёліну ў Ціхім акіяне. Але-ж з такога часу мінула ўжо каля двух месяцаў, а тое, што нам вядома аб характары гэтага нарвала, гаворыць, што ён не любіць доўга боўтацца на адным месцы. Вы самі прызнаеце, што ён здольны перамяшчацца з надзвычайнаю хуткасцю, і я думаю, вы згодзіцеся са мною, што прырода не стала-б надзяляць непаваротлівае па натуры стварэнне здольнасцю імчацца з хуткасцю ветру, каб яно не мела ў гэтым патрэбы. Выходзіць, што калі гэтая жывёла існуе, яна ўжо далёка адгэтуль!

Супраць гэтага разважання ніяк нельга было пярэчыць. Мы сапраўды плылі наўздагад. Але што нам заставалася рабіць? Нэд Лэнд быў правы: нашы шансы на сустрэчу з страшыдлам былі нязначныя. І тым не менш ніхто не сумняваўся ў канчатковым поспеху, і ніводзін матрос не пайшоў-бы ў заклад, што нарвал хутка не з’явіцца.

Дваццатага ліпеня мы другі раз перасеклі тропік Казерога пад 105° даўгаты, а 27 таго-ж месяца перайшлі экватар пад 110° даўгаты. У той-жа дзень фрэгат узяў курс на захад, да цэнтральнага басейна Ціхага акіяна. Капітан Фарагут правільна лічыў, што больш шансаў на сустрэчу было ў глыбокаводных зонах, далей ад кантынентаў і астравоў, прыбліжацца да якіх страшыдла да гэтага часу ўхілялася, “мабыць таму, што там мора невыстарчальна глыбокае для яго”, як тлумачыў наш боцман.

Фрэгат такім чынам мінуў астравы Паўмоту, Маркізскія, Сандвічавы, перасек тропік Рака пад 132° даўгаты і накіраваўся ў Кітайскае мора.

Нарэшце мы дабраліся да месца, дзе апошні раз было спаткана страшыдла! Усе сэрцы біліся з такою шпаркасцю, што на фрэгаце пэўна павінны былі шырока распаўсюдзіцца сардэчныя хваробы. Уся каманда была занята неадчэпнаю ідэяй. Людзі не спалі, не елі па цэлых тыднях. Па дваццаць разоў на дзень памылкі зроку выклікалі выбухі радасці, і гэтае кожны раз ашуканае чаканне трымала каманду ў стане такога нервовага напружання, якое не абяцала нічога добрага.

І сапраўды, рэакцыі не прыйшлося доўга чакаць. На працягу трох месяцаў — трох месяцаў, кожны дзень якіх цягнуўся цэлы век! — “Аўраам Лінкальн” аб’ехаў удоўж і ўпоперак усю паўночную частку Ціхага акіяна, кідаючыся наўздагон за заўважанымі кітамі, робячы раптоўныя павароты з галса на галс, раптам спыняючыся, то ўзмацняючы, то змяншаючы пару з рызыкай папсаваць машыну, і не пакінуў не абследванай ніводнай кропкі ад берагоў Японіі да Амерыканскага кантынента. Але дарма! Зусім нічога не ўдалося знайсці ў велізарным даследваным прасторы! Нічога, што хоць крыху напамінала-б гіганцкага нарвала, або падводны астравок, або абломак крушэння, ці рухаючыйся рыф, або іншага якога-небудзь д’ябла! Нічога!

Адбылася рэакцыя. Роспач працярэбіла шлях нявер’ю. Адно пачуццё авалодала ўсімі: яно складалася з трох дзесятых сораму і сямі дзесятых крыўды. Кожнаму было сорамна, што ён застаецца ў дурнях, паверыўшы бязглуздай байцы, і яшчэ больш за сорам было крыўдна. Горы довадаў, што складаліся на працягу цэлага года, разбурыліся ў адзін дзень, і цяпер кожны думаў толькі пра тое, як нагнаць у гадзіны сна і яды так бязглузда патрачаны час.

З уласцівай чалавечаму розуму нясталасцю, людзі з адной крайнасці кінуліся ў другую. Самыя гарачыя прыхільнікі экспедыцыі сталі яе самымі лютымі ворагамі. Нявер’е хваляю заліло ўвесь фрэгат ад трумаў да кают-кампаніі, і каб капітан Фарагут не выявіў нейкай незразумелай упартасці, то “Аўраам Лінкальн” адразу павярнуў-бы носам на поўдзень.

Але гэтыя бескарысныя пошукі не маглі працягвацца бясконца. “Аўрааму Лінкальну” не было ў чым папракаць сябе — карабель зрабіў усё, ад яго залежачае, каб паспяхова выканаць даручэнне. Ніколі яшчэ каманда амерыканскага карабля не праяўляла такой стараннасці і доўгага цярпення. Менш за ўсё яна заслужыла дакору ў непаспяховасці экспедыцыі. Відаць, нічога не заставалася рабіць, як вярнуцца.

Капітану Фарагуту была зроблена адпаведная заява. Ён не паддаўся.

Матросы не ўтойвалі свайго нездавальнення, і дысцыпліна на судне аслабла. Я не хачу сказаць, што на судне пачаўся бунт, але пасля некаторага супраціўлення капітан Фарагут, як у свой час Калумб, папрасіў у каманды тры дні цярпення: калі на працягу гэтых трох дзён страшыдла не будзе знойдзена, “Аўраам Лінкальн” паверне назад.

Гэта абяцанне было дадзена 2 лістапада. Яно адразу ўзняло настрой каманды. Людзі зноў пачалі ўглядацца ў хвалі з новаю ўвагаю. Біноклі і падзорныя грубы зноў былі пушчаны ў ход. Гэта было апошнім выклікам гіганцкаму нарвалу, і, здавалася, ён не мог цяпер не прыняць запрашэння паказацца...

Так мінулі два дні. “Аўраам Лінкальн” ішоў малым ходам. Каманда прыдумвала тысячы спосабаў, каб прыцягнуць увагу нарвала, або вывесці яго з стану апатыі, калі толькі ён знаходзіцца недалёка.

Вялізныя кавалкі сала кідаліся за борт, на вялікую радасць акулам, што натоўпамі суправаджалі фрэгат. Шлюпкі фрэгата шнырылі па моры ва ўсіх кірунках, даследуючы кожны квадратны метр яго паверхні. Але прышоў ужо вечар 4 лістапада, а падводная тайна па-ранейшаму заставалася нераскрытай.

На наступны дзень, 5 лістапада, апоўдні канчаўся вызначаны тэрмін. З апошнім ударам дванаццаці гадзін капітан Фарагут, верны свайму слову, павінен быў загадаць павярнуць на паўднёвы ўсход і канчаткова пакінуць паўночную частку Ціхага акіяна.

Фрэгат знаходзіўся ў гэты час пад 31°15́ паўночнай шыраты і 136°42́ усходняй даўгаты. Японія была менш як у двухстах мілях пад ветрам. Надыходзіла ноч. Склянкі прабілі восем гадзін. Густыя хмары завалаклі вузкі серп месяца, які толькі што ўступіў у сваю першую квадру. Мора павольна гойдала фрэгат.

Я стаяў у гэтую хвіліну на штырборце, абапёршыся на парэнчы палубы. Кансель быў побач са мною і безуважна глядзеў уперад. Матросы, паўзлазіўшы на рэі, апошнімі позіркамі аглядалі гарызонт, які ўсё больш і больш вузеў ад надыходзячай цемры. Афіцэры даследвалі паверхню мора праз начныя біноклі. Час ад часу прамень месячнага святла, прабіваючыся праз заслону воблакаў, кідаў свой срэбрысты бляск на хвалі, але зараз-жа хмары завалоквалі прасвет — і зноў усё знікала ў цемрадзі.

Паглядзеўшы ўважліва на Канселя, я рашыў, што ўпершыню за ўвесь час гэты абыякавы чалавек заразіўся агульным хваляваннем. Прынамсі так здалося мне ў тую хвіліну.

— Што, Кансель, — спытаў я яго, — апошні раз знайшоўся выпадак зарабіць дзве тысячы долараў?

— З дазволу гаспадара, я ніколькі не разлічваў на гэтую прэмію, — адказаў Кансель. — Урад Злучаных штатаў мог з такім-жа поспехам паабяцаць прэмію ў сто тысяч долараў, і ён не пабяднеў-бы ад гэтага.

— Ты маеш рацыю, Кансель. Нарэшце, гэта — бязглуздая забава, і я паступіў легкадумна, улезшы ў гэтую справу. Колькі дарэмна страчана часу, колькі нерваў гэта каштавала! Мы-б ужо шэсць месяцаў, як вярнуліся ў Францыю...

— У маленькую кватэрку гаспадара, — падхапіў Кансель, — у яго музей. І я размеркаваў-бы па класах выкапні з нашай калекцыі, і аленні кабан-бабірус, прывезены гаспадаром, займаў-бы клетку ў зоалагічным садзе і прыцягваў-бы да сябе цікавых з усіх канцоў Парыжа.

— Усё гэта акурат так і было-б, Кансель. А цяпер звыш усіх няўдач, з нас яшчэ будуць смяяцца...

— Бясспрэчна, — спакойна пацвердзіў Кансель, — я ўпэўнены, што з гаспадара будуць кпіць. Не ведаю, ці варта гаварыць...

— Гавары, гавары, Кансель.

— Але я думаю, што гэтыя кпіны заслужаныя гаспадаром.

— Ты так думаеш?

— Калі чалавек мае гонар быць такім выдатным вучоным, ён не павінен рызыкаваць...

Кансель не скончыў свайго камплімента. Гучны голас пачуўся ў навакольнай цішыні.

Гэта быў голас Нэда Лэнда.

Канадзец крыкнуў:

— Гэй! Гэтая штука тут, пад ветрам супраць нас!

 

Раздзел шосты. На ўсіх парах

Пры гэтым крыку ўся каманда кінулася да гарпуншчыка — капітан, афіцэры, матросы, юнгі, нават інжынеры і механікі, пакінуўшыя свае машыны, нават качагары, пакінуўшыя свае топкі.

Капітан загадаў спыніць фрэгат.

Ноч была самая цёмная, і хоць я ведаў, што ў канадца выключны зрок, я пытаў сам у сябе, як і што ён мог угледзець у такой цемры. Сэрца маё білася з такою сілаю, што пагражала разарвацца.

Але Нэд Лэнд не памыліўся. Хутка ўсе мы ўбачылі тое, на што ён паказваў рукою.

За два кабельтовы ад “Аўраама Лінкальна”, за штырбортам, мора здавалася асветленым знутры. Гэта не магло быць звычайным фасфарычным свячэннем — у гэтым не было сумнення. Страшыдла, пагружанае на некалькі футаў пад паверхню вады, давала яркае і дзіўнае ззянне, пра якое казалі ў сваіх справаздачах многія капітаны. Гэтае свячэнне павінна было выклікацца нейкаю дужа яркаю крыніцаю. Асветлены ўчастак акіяна меў форму доўгага авала. У цэнтры гэтага авала свячэнне было вельмі яркім, а далей яно слабела.

— Гэта проста злучэнне фасфарасцыруючых малекул! — ускрыкнуў адзін з афіцэраў.

— Не, вы памыляецеся! — адказаў я. — Ні ў якім разе камнеточцы або сальпы не маглі-б даваць такога яркага святла. У гэтага вылучэння бясспрэчна ёсць нейкая электрычная крыніца... Але глядзіце... Глядзіце! Яно рухаецца ўзад і ўперад. Яно накіроўваецца да нас.

Крык вырваўся з грудзей усіх, хто быў на палубе.

— Маўчаць! — скамандаваў капітан Фарагут. — Лева руля! Поўны ход назад!

Усе кінуліся на свае месцы. Загад быў адразу-ж выканан, і “Аўраам Лінкальн”, апісаўшы поўкруг, падаўся на некалькі метраў назад.

— Права руля! Поўны ход наперад! — загадаў капітан Фарагут.

Вінт зноў запрацаваў, і фрэгат пачаў хутка аддаляцца ад крыніцы святла.

Я памыліўся: фрэгат хацеў аддаліцца, але незвычайная жывёла набліжалася да яго ў два разы хутчэй, як ён адступаў.

Мы затоілі дыханне і замерлі ў нерухомасці, не вымаўляючы ні слова не столькі ад страху, колькі ад здзіўлення. Жывёла, жартуючы, даганяла нас. Яна абагнула фрэгат, які імчаўся з хуткасцю чатырнаццаці вузлоў, і асвяціла яго сваімі электрычнымі праменнямі, нібы бліскучым пылам. Потым яна адплыла на дзве ці тры мілі, пакінуўшы за сабою фасфарасцыруючы след, падобны на клубы дыму, што адкідае назад імклівы лакаматыў экспрэса. І раптам з цемры, у якую яно адступіла для разгону, страшыдла кінулася на “Аўраама Лінкальна” з жахлівай хуткасцю і таксама раптоўна спынілася на адлегласці дваццаці футаў ад яго і... пагасла. Яно не схавалася ў ваду — у такім выпадку яркасць святла змяншалася-б паступова, а яно згасла адразу, нібы крыніца, што дае гэты паток святла, адразу вычарпалася. Праз хвіліну страшыдла зноў з’явілася з другога боку фрэгата, ні то абагнуўшы яго, ні то праплыўшы пад кілем “Аўраама Лінкальна”.

Кожную секунду магла адбыцца сутычка, якая немінуча павінна была мець для нас жудасныя вынікі.

Мяне дзівілі манеўры фрэгата. Ён ратаваўся, уцякаючы, а не ўступаў з страшыдлам у бойку. Фрэгат, пасланы для праследвання страшыдла, сам апынуўся ў становішчы праследуемага. Я зрабіў гэтую заўвагу капітану Фарагуту.

Яго звычайна спакойны твар выражаў цяпер крайняе здзіўленне.

— Бачыце, прафесар, — адказаў ён мне, — я не ведаю, з якім вялізным зверам я маю справу, і не хачу рызыкаваць сваім фрэгатам у гэтай непрагляднай цемры. Як атакаваць невядомае, як ад яго абараняцца? Пачакаем, пакуль развіднее, тады ролі зменяцца.

— Капітан, ці ёсць у вас яшчэ сумненні наконт прыроды гэтай істоты?

— Не, прафесар. Відаць, гэта гіганцкі нарвал, але нарвал электрычны.

— Можа да яго таксама небяспечна набліжацца, як на гімнота11 або плывучай міны?

— Зусім магчыма, — згадзіўся капітан. — І калі ён, акрамя ўсяго іншага, зараджаны электрычнасцю, дык ён сапраўды самая небяспечная жывёла ў свеце. Таму я і рашыў трымацца асцярожна.

Каманда фрэгата не зачыняла вачэй усю ноч. Ніхто не зыходзіў з палубы... “Аўраам Лінкальн”, пераканаўшыся ў немагчымасці цягацца з нарвалам у хуткасці, зменшыў ход. З свайго боку і нарвал, гледзячы на фрэгат, плаўна калыхаўся на хвалях і, здавалася, не збіраўся пакінуць поля бойкі.

Каля поўначы аднак ён знік, або — каб быць больш дакладным — згас, як вялікі святляк. Ці ўцёк ён? Гэтага трэба было больш баяцца, як жадаць. Але ў гадзіну без сямі хвілін пасля поўначы пачулася аглушальнае сіпенне, падобнае на шум вады, якая пад вялікім ціскам вырываецца з вузкай адтуліны.

Капітан Фарагут, Нэд Лэнд і я былі ў гэты час на палубе. Мы прагна ўглядаліся ў навакольную густую цемень.

— Нэд Лэнд, — спытаў капітан, — ці часта вам даводзілася чуць шум, які робіць кіт?

— Часта, капітан, але дагэтуль я не сустракаў яшчэ кітоў, адзін выгляд якіх прынёс-бы мне дзве тысячы долараў.

— Сапраўды вы заслужылі прэмію. Але скажыце мне, ці падобны гэты гук на шум вады, што выкідае кіт з ноздраў?

— Гук падобны, толькі мацнейшы за звычайны. Але сумнявацца не прыходзіцца — перад намі несумненна кітападобнае, і з вашага дазволу капітан,— дадаў гарпуншчык, — заўтра на зорку я скажу яму пару слоў.

— Калі толькі ён палічыць патрэбным выслухаць вас, Нэд, — заўважыў я. — Але я не дужа ўпэўнены ў гэтым.

— Калі мне ўдасца падыйсці да яго на адлегласць пачацвяронай даўжыні гарпуна, — адказаў канадзец, — яму прыдзецца пазнаёміцца са мною.

— Але-ж для гэтага прыдзецца даць вам шлюпку? — спытаў капітан.

— Вядома.

— І рызыкаваць жыццём грабцоў?

— Таксама, як і маім, — проста адказаў гарпуншчык.

Каля двух гадзін пасля поўначы электрычны бляск, не менш яркі, як раней, зноў з’явіўся з наветранага боку ў пяці мілях ад “Аўраама Лінкальна”. Не гледзячы на значную адлегласць, шум ветру і мора, выразна былі чуваць усплёскі вялізнага хваста жывёлы і яго перарывістае дыханне. Молена было падумаць, што калі нарвал выходзіць на паверхню, каб падыхаць, паветра ўрываецца ў яго лёгкія з такою-ж сілай, як пара ў цыліндры двухтысячасільнай машыны.

“Вось ліха на яго! — падумаў я. — Кіт, які валодае сілай цэлага кавалерыйскага палка, павінен быць не абы якім кітом”.

Ноч мінула ў напружаным чаканні і ў падрыхтоўцы да бою. Кіталоўныя снасці былі выкладзены на палубе ўдоўж бартоў. Другі памочнік капітана загадаў зарадзіць гарпунныя гарматы, якія кідаюць гарпуны на цэлую мілю, і карабіны, страляючыя разрыўнымі кулямі, якія раняць насмерць самых буйных жывёл.

Нэд Лэнд задаволіўся тым, што навастрыў гарпун — страшную зброю ў яго руках.

А шостай гадзіне заняўся золак. З першымі промнямі святла электрычны бляск навакол нарвала знік. А сёмай гадзіне зусім пасвятлела, але ранішні, дужа густы туман, непранікальны для самых сільных бінокляў, абмяжоўваў бачнасць. Можна сабе ўявіць агульнае нездавальненне і гнеў.

Я ўзлез на першую перакладзіну бізані. Некалькі афіцэраў палезлі яшчэ вышэй, да самага верха мачты.

А восьмай гадзіне туман паплыў над хвалямі і клоччамі павольна стаў уздымацца ўгару. Гарызонт праясніўся і адначасова пашырыўся.

Раптам, як і напярэдадні, пачуўся голас Нэда Лэнда.

— Гэтая штука з наветранага боку за кармою! — крычаў гарпуншчык.

Усе вочы накіраваліся ў паказаным кірунку.

Там, за паўтары мілі ад фрэгата, доўгае чорнае цела выступала прыблізна на метр з вады. За яго хвастом, як відаць, хутка рухаючымся, мора бурліла і хвалявалася. Ніводная вядомая жывёла не магла біць ваду з такою сілаю. Агромністы след белай пены, выгінаючыся па крывой, адзначаў шлях жывёлы.

Фрэгат накіраваўся да кітападобнага. Я вывучаў яго з усёй увагаю. Рапарты “Ханаана” і “Гельвецыі” некалькі перавялічвалі яго - памеры. Я вызначыў яго даўжыню ўсяго ў дзвесце пяцьдзесят футаў. Аб таўшчыні яго цяжка было што-небудзь казаць, але ў мяне стваралася ўражанне, што жывёла мае добрыя прапорцыі ва ўсіх трох вымярэннях.

У той час як я назіраў за гэтаю жывёлаю, з яе ноздраў вырваліся два слупы вады і ўзняліся на сорак метраў угару. Гэта дало мне разуменне аб спосабе яе дыхання. Я канчаткова прышоў да вывада, што жывёла належыць да раздзела хрыбетных, класа сысуновых, падкласа аднаўтробных, групы рыбавідных, атрада кітападобных, сям’і... Гэтага я яшчэ не ведаў. Атрад кітападобных мае тры сям’і: кітоў, кашалотаў і дэльфінаў. Да гэтага апошняга належаць і нарвалы. Кожная з гэтых сем’яў падзяляецца на мноства падсем’яў, тыя — на роды, роды — на віды. Від, род, сям’я, падсям’я — пра гэта я яшчэ нічога не мог сказаць, але я не сумняваўся, што хутка, дзякуючы майстэрству Нэд Лэнда і вопытнасці капітана Фарагута, атрымаю і гэтыя даныя.

Каманда з нецярплівасцю чакала загадаў свайго начальніка. Капітан, паглядзеўшы ўважліва на жывёлу, загадаў пазваць інжынера.

Той хутка з’явіўся.

— Пара разведзена? — спытаў у яго капітан.

— Так, капітан, — адказаў інжынер.

— Добра. Паддайце агню і дайце поўны ход.

Трайное “ура” сустрэла гэты загад.

Час барацьбы надышоў.

Праз некалькі хвілін абедзве трубы фрэгата пачалі пускаць патокі чорнага дыму, і палуба задрыжэла дробнаю дрыготаю ад клёкату вады ў катлах.

Магутны вінт “Аўраама Лінкальна” рушыў фрэгат да жывёлы. Яна спакойна дазволіла наблізіцца да сябе на поўкабельтова. Потым, не хаваючыся ў ваду, ціха паплыла далей, захоўваючы ранейшую дыстанцыю ад фрэгата.

Праследванне прадаўжалася каля трох чвэртак гадзіны, але за гэты час фрэгату не ўдалося выйграць ніводнага фута. Ясна было, што пры такой хуткасці немагчыма было дагнаць жывёлу.

Капітан Фарагут з ярасцю скубаў сваю густую бараду.

— Нэд Лэнд! — крыкнуў ён.

Канадзец падышоў.

— Ну, спадар спецыяліст, — звярнуўся да яго капітан, — ці параіце вы мне і цяпер спусціць на ваду шлюпкі?

— Не, — адказаў гарпуншчык. — Гэтую жывёлу ўдасца паймаць толькі тады, калі яна сама дасца ў рукі.

— Што-ж рабіць?

— Павялічыць ціск пары, калі гэта магчыма. Я-ж, з вашага дазволу, змяшчуся на насу, і калі мы падыйдзем да яго дастаткова блізка, я яго загарпуню.

— Станавіцеся, Нэд, — сказаў капітан. І па перамоўнай трубе крыкнуў інжынеру: — Узняць ціск пары!

Нэд Лэнд адправіўся на свой пост. Печы былі загружаны новай порцыяй вугалю, і вінт пачаў даваць сорак тры абароты ў хвіліну. Кінуты ў ваду лаг паказаў, што “Аўраам Лінкальн” рухаецца з хуткасцю восемнаццаці з паловай міль у гадзіну. Але праклятая жывёліна таксама пачала рабіць па восемнаццаць з паловаю міль у гадзіну.

Зноў на працягу гадзіны фрэгат ішоў з гэтаю хуткасцю, не выграўшы ніводнага сантыметра адлегласці. Гэта была ганьба для самага быстраходнага судна амерыканскага флота. Шаленства клекатала ў грудзях усяе каманды. Матросы люта лаялі страшыдла, але яно пагардліва маўчала. Капітан Фарагут ужо не скуб сваю бараду, а кусаў яе.

Інжынера зноў паклікалі на мосцік.

— Ці давялі вы ціск пары да канца? — спытаў капітан.

— Так, — адказаў інжынер.

— Да колькіх атмасфер?

— Да шасці з паловаю.

— Давесці ціск да дзесяці атмасфер!

Гэта быў чыста амерыканскі загад. Лепш не мог сказаць капітан парахода на Місісіпі, імкнучыся абагнаць канкурэнта.

— Кансель, — сказаў я свайму слаўнаму слузе, які стаяў поплеч — ці ведаеш ты, што мы напэўна, узарвёмся?

— Як пажадае гаспадар, — адказаў Кансель.

Прызнаюся, мне нават спадабалася рызыкоўная смеласць капітана.

Качагары зноў засыпалі вугаль на каласнікі. Вентылятары нагняталі патокі паветра ў топкі. Ціск пары ўзмацніўся. “Аўраам Лінкальн” пайшоў хутчэй. Мачты яго дрыжэлі да самых асноў, і віхры дыма ледзь прарываліся вон праз вузкія адтуліны труб.

Другі раз быў кінуты лаг.

— Колькі? — крыкнуў капітан.

— Дзевятнаццаць і тры дзясятых, капітан.

— Яшчэ ўзняць ціск!

Інжынер паслухаўся. Стрэлка манометра паказала дзесяць атмасфер. Але і страшыдла, мабыць, “развіло пару” без ніякага прыкметнага напружання яно таксама плыло цяпер з хуткасцю дзевятнаццаці і трох дзясятых міль у гадзіну.

Якая пагоня! Не, я не магу апісаць свайго хвалявання. Я ўвесь дрыжаў ад узбуджэння.

Нэд Лэнд стаяў на носе з гарпуном у руцэ.

Некалькі разоў жывёла дазваляла наблізіцца да сябе.

— Даганяем! Даганяем! — крычаў канадзец.

Але ў тую хвіліну, калі ён заносіў руку, каб кінуць гарпун, жывёла раптам адплывала з хуткасцю прынамсі трыццаць міль у гадзіну. Мала таго, у той час як мы ішлі з максімальнай хуткасцю, яна, нібы здзекуючыся з нас, апісала вакол нас шырокі круг.

Крык шаленства вырваўся ва ўсіх з грудзей.

Апоўдні мы былі на такой-жа адлегласці ад нарвала, як і а восьмай гадзіне ўранні.

Тады капітан Фарагут рашыў пусціць у ход іншыя сродкі.

— Ах, так! — ускрыкнуў ён. — Гэтая жывёла плыве хутчэй, як “Аўраам Лінкальн”? Што-ж, паглядзім, ці абгоніць яна канічную бомбу. Боцман! Кананіра да насавой гарматы!

Гармата была мігам зараджана і наведзена. Раздаўся стрэл, але снарад праляцеў на некалькі футаў вышэй нарвала, які знаходзіўся на паўмілі ўперадзе.

— Другога наводчыка, больш спрытнага! — крыкнуў капітан. — Пяцьсот долараў узнагароды таму, хто трапіць у гэтае праклятае стварэнне!

Стары кананір з сівою барадою — я і цяпер выразна бачу яго спакойны позірк і халодны твар — падышоў да гарматы і старанна прыцэліўся. Раздаўся гул стрэлу, да якога адразу-ж далучыўся магутны крык “ура”.

Снарад трапіў у цэль і ўдарыў жывёлу. Але, замест чаканага эфекту, ён слізгануў удоўж яго закругленай паверхні і адляцеў далёка ў мора.

— Ах, чорт! — ускрыкнуў раз’юшаны стары кананір. — Няўжо ў гэтага гада шасціцалевая браня?

— Пракляцце! — ускрыкнуў капітан Фарагут.

Пагоня прадаўжалася.

Падышоўшы да мяне, капітан сказаў:

— Я буду прадаўжаць праследванне да таго часу, пакуль фрэгат не ўзляціць у паветра.

— Правільна, — адказаў я. — Так і трэба!

Можна было спадзявацца, што рана ці позна, жывёла зморыцца, не вытрымаўшы спаборніцтва з няўтомнай паравой машынаю. Але покуль што гэтага нельга было заўважыць. Гадзіна мінала за гадзінай, а жывёла не праяўляла ніякіх адзнакаў зморы.

Да гонару “Аўраама Лінкальна” трэба сказаць, што ён працягваў праследванне з непахіснаю ўпартасцю. Па маіх разліках ён прайшоў не меней пяцісот міль у гэты злошчасны дзень 6 лістапада. Але зноў спусцілася ноч і ахутала цемрай бурнае мора.

Я рашыў у гэтую хвіліну, што наша экспедыцыя закончана і што мы болей ніколі не ўбачым фантастычную жывёлу. Але я памыліўся.

А 10 гадзіне 50 хвілін вечара электрычны бляск зноў з’явіўся ў трох мілях ад фрэгата.

Нарвал здаваўся нерухомым. Можа, змарыўшыся за дзень, ён спаў цяпер, гойдаючыся на хвалях. Трэба было скарыстаць гэты шанс, і капітан рашыў паспрабаваць шчасця.

Ён аддаў распараджэнні. “Аўраам Лінкальн” пасунуўся ціхім ходам наперад, каб не разбудзіць жывёлу. У акіяне нярэдка можна сустрэць кітоў, якія спяць глыбокім сном, і Нэд Лэнд загарпуніў не аднаго з іх іменна ў час сну. Канадзец зноў заняў свой пост на носе.

Фрэгат бясшумна падышоў на два кабельтовы да жывёлы і, спыніўшы машыну, рухаўся па інерцыі.

На борце ўсе затоілі дыханне. Мёртвая цішыня была на палубе. Мы знаходзіліся бадай на сто крокаў ад ззяючага авала, і святло яго сляпіла нас.

Зірнуўшы ў гэтую хвіліну на Нэда Лэнда, я ўбачыў, што ён выцягнуў руку са сваёю страшнаю зброяй.

Фрэгат падплыў яшчэ бліжэй да нерухомай жывёлы — толькі дваццаць крокаў аддзялялі нас ад яе.

Раптам рука Нэда Лэнда з сілаю апісала ў паветры паўкруг, і гарпун паляцеў. Я пачуў звонкі стук нібы ад удару аб цвёрдае цела.

Электрычны бляск адразу пагас, і два велізарных слупы вады раптам паляцелі на палубу фрэгата, збіваючы з ног людзей і руйнуючы ўсё на сваім шляху.

Раздаўся страшны штуршок, і, не паспеўшы ўхапіцца за парэнчы, я вылецеў за борт.

Не гледзячы на поўную неспадзяванасць гэтага падання, я захаваў выразны ўспамін аб усіх сваіх адчуваннях.

Спачатку я пагрузіўся ў ваду.

Я добра плаваю, хоць, вядома, не магу раўняцца ў гэтым майстэрстве з такімі матросамі, як Байрон і Эдгар По; я не замяшаўся пры нечаканым пагружэнні. Двума сільнымі штуршкамі ног я ўсплыў на паверхню акіяна.

Першым чынам я пачаў шукаць вачыма фрэгат. Ці заўважылі там маё знікненне? Ці спусціў ужо капітан Фарагут шлюпку на ваду, каб шукаць мяне? Ці магу я спадзявацца на выратаванне?

 

11 Гімнот – электрычны вугар

Раздзел сёмы. Кіт невядомага віду

Не гледзячы на цемру, я разглядзеў на ўсходзе нейкую чорную масу, якая, мяркуючы па размяшчэнню апазнавальных агней, аддалялася. Гэта быў фрэгат.

Вопратка перашкаджала мне. Намокнуўшы, яна прыліпала да цела і паралізавала рукі. Я задыхаўся. Мяне цягнула на дно...

— Памажыце!

Гэта быў мой апошні крык. Я ў роспачы забоўтаўся, адчуваючы, што мяне цягне на дно.

Раптам моцная рука схапіла мяне за каўнер і адным штуршком выцягнула на паверхню вады.

Я пачуў наступныя словы, сказаныя над самым маім вухам:

— Калі гаспадар не пагрэбуе абаперціся на маё плячо, яму будзе куды ямчэй плысці!

Я схапіў за руку вернага Канселя.

— Гэта ты? — ускрыкнуў я. — Гэта ты?

— Я самы, — адказаў Кансель, — гатовы да паслуг гаспадару.

— Значыцца, штуршок скінуў цябе ў мора таксама, як і мяне?

— Зусім не! Знаходзячыся на службе ў спадара прафесара, я палічыў сваім абавязкам паследваць за ім.

Шаноўнаму дзецюку гэты ўчынак здаваўся звычайным.

— А фрэгат? — спытаўся я.

— Фрэгат? — перапытаў Кансель, пераварочваючыся на спіну. — Мне здаецца, што гаспадару лепш было-б не разлічваць на яго дапамогу.

— Чаму?

— Таму, што ў тую хвіліну, як я кінуўся ў ваду, вахценны матрос крыкнуў “Вінт і стырно зламаныя”.

— Зламаныя?

— Так, зламаныя зубам страшыдла. Здаецца, “Аўраам Лінкальн” абышоўся толькі гэтаю аварыяй. Але на наша гора ён страціў здольнасць кіравацца.

— Значыцца, мы загінулі?

— Магчыма, — спакойна адказаў Кансель. — Аднак у нашым распараджэнні ёсць яшчэ некалькі гадзін, а за некалькі гадзін можна многае зрабіць.

Непарушны спакой Канселя бадзёрыў мяне. Я паплыў больш энергічна. Але вопратка па-ранейшаму страшэнна сціскала ўсе рухі і перашкаджала трымацца на паверхні.

Кансель заўважыў гэта.

— Прашу ў гаспадара дазволу разрэзаць на ім адзенне, — сказаў ён.

І ён нажом распароў на мне вопратку зверху да нізу, і хуценька раздзеў мяне, у той час як я падтрымліваў нас абодвух на паверхні. У сваю чаргу я зрабіў тую-ж паслугу Канселю. Пасля гэтага мы зноў паплылі побач.

Але наша становішча не зрабілася лепшым. Наша знікненне магло быць не заўважана, ды нават каб яго і заўважылі, фрэгат усё роўна не мог, страціўшы руль і вінт, пайсці за намі супроць ветру. Значыцца мы маглі спадзявацца толькі на дапамогу яго шлюпак.

Прыйшоўшы да гэтага заключэння, мы рашылі трымацца на паверхні колькі будзе магчыма. Каб не растраціць адначасова сілы, мы рашылі трымацца так: у той час, як адзін з нас будзе, склаўшы рукі, нерухома ляжаць на спіне, другі будзе плысці наперад і падпіхаць ляжачага. Праз кожныя дзесяць хвілін мы павінны былі мяняцца. Такім чынам мы маглі ўтрымацца на паверхні вады на працягу некалькіх гадзін, магчыма нават, да ўсходу сонца.

Якая слабая надзея на выратаванне! Але здольнасць спадзявацца, якое-б ні было безнадзейнае становішча, так уласціва чалавеку! Да таго-ж мы былі ўдвух...

Сутычка фрэгата з нарвалам была каля адзінаццаці гадзін вечара. Значыць, да наступнага дня нам трэба было трымацца ў вадзе каля васьмі гадзін. Гэта было безумоўна магчыма, калі часта змяняцца. Мора, амаль спакойнае, не зморвала нас. Час ад часу я намагаўся разгледзець што-небудзь у цемры, дзе свяцілася фасфарычным бляскам патрывожаная нашымі рухамі вада. Я глядзеў на гэтыя іскрыстыя хвалі, што разбіваліся аб маю руку, прычым люстрана-гладкая паверхня іх пакрывалася на міг мутнымі плямамі. Здавалася, што мы плывем у ртутнай ванне.

Каля гадзіны ночы я адчуў смяртэльную стому. Сільныя сударгі зводзілі мае рукі і ногі. Канселю прышлося падтрымліваць мяне і аднаму клапаціцца аб нашым ратунку. Хутка бедны дзяцюк стаў часта і цяжка дыхаць — я зразумеў, што ён нядоўга зможа трымацца.

— Пакінь мяне! Пакінь мяне! — сказаў я яму.

— Пакінуць гаспадара? Ніколі! — адказаў ён. — Я цвёрда мяркую ўтапіцца раней за яго.

У гэтую хвіліну з прасвету цёмнай хмары, адганяемай ветрам на ўсход, выглянуў месяц. Паверхня акіяна заіскрылася пад яго праменнямі. Гэтае жыватворнае святло вярнула мне сілы. Я ўзняў галаву і абвёў вачыма гарызонт.

Я ўбачыў фрэгат — ён быў за пяць міль ад нас, на такой адлегласці ён здаваўся ледзь значнаю кропкай, і ніводнай шлюпкі.

Мне захацелася крыкнуць. Але што-б гэта дапамагло на такой адлегласці? Да гэтага-ж мае распухлыя губы не, маглі выдаць ніводнага гуку.

Кансель мог яшчэ крычаць, і я чуў, як ён паўтарае:

— Памажыце! Памажыце!

Спыніўшыся на секунду, мы прыслухаліся. Што гэта шум у вушах ад прыліву крыві да галавы, ці сапраўды даляцеў адказ?

— Ты чуў? — прашаптаў я.

— Але, але!

І Кансель зноў кінуў у прастор прызыўны кліч.

Цяпер — ніякага сумнення. Чалавечы голас адказаў на крык Канселя. Ці быў гэта голас якога-небудзь няшчаснага, загубленага ў бязмежным акіяне, яшчэ адной ахвяры штуршка, атрыманага караблём? А можа нас гукнулі з нябачнай у цемры шлюпкі?

Кансель зрабіў страшэннае напружанне, абапёрся на маё плячо, — мне прыйшлося для гэтага напружыць апошнія сілы — напалову высунуўся, але адразу-ж знясілены, упаў назад.

— Што ты ўбачыў?

— Я ўбачыў... — прашаптаў ён, — я ўбачыў... Але лепш, памаўчым, зберажом сілы...

Што-ж ён убачыў? Невядома чаму, але ў гэтую хвіліну мне ўпершыню прышла думка аб страшыдле...

Між тым Кансель прадаўжаў падпіхаць мяне наперад. Час ад часу ён узнімаў галаву і кагосьці клікаў. Яму зараз-жа адказаў голас, які ўсё больш набліжаўся да нас. Але я ўжо дрэнна чуў. Мае сілы вычарпаліся дарэшты, пальцы бязвольна растапырыліся; далонь больш не служыла пунктам апоры; сударгава расчынены рот напоўніла салёная вада; холад пранізаў мяне да касцей. Я ўзняў галаву ў апошні раз і пачаў тануць...

У гэтую секунду я наткнуўся на нейкае цвёрдае цела. Я ўчапіўся за яго. Потым я адчуў, што мяне выцягваюць з вады, што грудзі мае павольна дыхаюць — і я страціў прытомнасць.

Відаць, я хутка апамятаўся, дзякуючы энергічнаму расціранню.

Я крыху расплюшчыў вочы.

— Кансель! — прашаптаў я.

— Гаспадар клікаў мяне? — адразу-ж азваўся Кансель.

У гэты міг пры святле апошніх праменняў месяца,што хаваўся за гарызонт, я ўбачыў твар, але не Канселя, а другі добра знаёмы мне.

— Нэд! — ускрыкнуў я.

— Ён самы, уласнаю персонаю, спадар прафесар. Як бачыце, ганяўся за сваёю прэміяй! — адказаў канадзец.

— Вас выкінула ў мора пры штуршку?

— Так, спадар прафесар, толькі мне больш пашчасціла, як вам,— я амаль адразу выбраўся на плывучы астравок.

— Астравок?

— Так. Або — каб быць дакладным — на вашага гіганцкага нарвала.

— Кажыце ясней, Нэд!

— І тут толькі, — прадаўжаў канадзец, — я зразумеў, чаму мой гарпун не мог прабіць яго скуры, а толькі слізгануў па ёй.

— Чаму, Нэд, чаму?

— А таму, спадар прафесар, што гэтая жывёла абшыта сталёвымі плітамі!

Тут я павінен спыніцца, каб сабрацца з думкамі, асвяжыць памяць і праверыць захаваныя з таго часу ўражанні.

Словы канадца зрабілі раптоўны пераварот у маіх думках. Я хутка ўстаў і выпрастаўся на спіне напалову пагружанай у ваду істоты, ці прадмета, на якім мы знайшлі прытулак.

Пастукаўшы па ім нагою, я пераканаўся, што спіна была непранікальнай і цвёрдай, а не пруткай і мяккай, якім бывае цела буйных сысуновых.

Але гэта магло быць касцістым чэрапам, падобным да чарапоў дапатопных жывёл. Тады мне прыйшлося-б аднесці страшыдла да разраду земнаводных гадаў, як чарапахі і алігатары.

Але не. Чорная спіна, на якой я стаяў, была гладкаю і паліраванаю, а не лускатай. Пры ўдары яна давала металічны гук, і як гэта ні здавалася дзіўным, але яна стварала ўражанне склёпанай з сталёвых лістоў. Нельга было сумнявацца. Жывёла, страшыдла, натуральны феномен, загадка якога ўсхвалявала ўвесь навуковы свет і ўзбудзіла маракоў абодвух паўшар’яў, аказалася —прыходзілася паверыць відавочнасці — яшчэ больш дзіўным феноменам, феноменам, створаным рукой чалавека!

Каб давялося мне адкрыць існаванне самай незвычайнай, самай міфічнай жывёлы, я не быў-бы больш і здзіўлены і ўсхваляваны. Няма нічога дзіўнага ў тым, што прырода творыць цуды. Але нечакана ўбачыць сваімі вачыма, што чалавек стварыў цудоўнае і немагчымае — ад гэтага можна страціць розум.

І тым менш сумнявацца нельга было. Мы знаходзіліся на паверхні своеасаблівага карабля, які меў форму, наколькі я мог судзіць, велізарнай сталёвай рыбы. Погляды Нэда Лэнда на гэты факт ужо цвёрда ўстанавіліся. Канселю і мне заставалася толькі далучыцца да яго.

— Але ў такім выпадку, — сказаў я, — гэты карабель павінен мець рухавік і розныя механізмы, а значыць і людзей для кіравання імі.

— Вядома, — адказаў гарпуншчык, — і тым не менш на працягу тых трох гадзін, якія я правёў на гэтым плывучым востраве, я не заўважыў ніякіх адзнакаў жыцця.

— Гэты карабель не рухаўся?

— Не, прафесар. Ён гойдаецца на грэбнях хваль, але не рухаецца з месца.

— Але-ж мы добра ведаем, што ён можа рухацца з вялікаю хуткасцю. А каб развіць гэтую хуткасць, патрэбна машына і механізм для кіравання машынай; таму я лічу... што мы выратаваныя.

— Гм! — прабурчэў недаверлівы Нэд Лэнд.

У гэты мамант, нібы ў пацверджанне маіх слоў, на карме гэтага дзіўнага карабля пачуўся нейкі клёкат, і ён рушыў з месца. Відаць, ён не прыводзіўся ў рух лопасцямі грэбнага вінта. Мы ледзь-ледзь паспелі ўчапіцца за выступаючае на яго носе сантыметраў на восем-дзесяць узвышэнне. На шчасце развітая караблём хуткасць не была празмернай.

Пакуль ён плыве па гарызанталі, — прабурчэў Нэд Лэнд, — я нічога не маю супроць. Але калі яму ўздумаецца нырнуць, я не дам і двух долараў за сваю скуру.

Канадзец мог-бы прапанаваць за яе нават і таго менш. Нам відаць, трэба было зараз-жа ўступіць у зносіны з людзьмі, што знаходзіліся ўнутры гэтага плывучага апарата, кім-бы яны ні былі.

Я пачаў шукаць на паверхні які-небудзь люк, адтуліну. Але рады заклёпак, шчыльна прыпаяных да краёў сталёвай абшыўкі, былі ўсе аднолькавыя.

Акрамя таго месяц зайшоў, і мы апынуліся ў паўнейшай цемры. Трэба было дачакацца золаку, каб паспрабаваць пранікнуць унутр гэтага падводнага карабля.

Такім чынам, наша жыццё цалкам залежала ад капрызу таямнічных рулявых, накіроўваўшых гэты карабель. Калі яны надумаюцца апусціцца ў ваду, мы загінулі. Калі-ж гэтага не здарыцца, я не сумняваўся, што нам удасца ўвайсці ў зносіны з імі. І сапраўды, калі толькі яны самі не здабывалі сабе кісларод, час ад часу яны павінны былі выходзіць на паверхню акіяна для аднаўлення запасу паветра. А адсюль вынікала, што павінна была існаваць нейкая шчыліна, праз якую паветра ўнутры карабля аднаўлялася.

Ад надзеі быць выратаваным капітанам Фарагутам прышлося канчаткова адмовіцца. Мы ішлі на захад з умеранаю хуткасцю дванаццаць міль у гадзіну. Лопасці вінта рэгулярна білі ваду, часамі выкідаючы высока ў паветра фантаны фасфарысцыруючых пырскаў.

Каля чатырох гадзін раніцы хуткасць руху ўзрасла. Нам стала цяжка ўтрымлівацца на паверхні карабля, асабліва, калі нас залівалі хвалі. На шчасце Нэд намацаў рукою шырокае кальцо, прымацаванае да вышкі, і нам удалося ўсім учапіцца за яго.

Нарэшце гэтая бясконцая ноч мінула. Я не магу зараз аднавіць у памяці ўсе свае перажыванні, але адна падрабязнасць востра ўрэзалася ў памяць: часамі, калі шум ветру і песні хваль сціхалі, мне здавалася, што чую гукі якойсьці музыкі, беглыя акорды, урыўкі мелодыі.

Якую тайну хаваў гэты падводны карабель? Якія дзіўныя істоты жылі ў ім? Які рухавік перамяшчаецца з такою велізарнаю хуткасцю?

Развіднела. Ранішні туман ахутаў нас. Але і ён хутка рассеяўся. Толькі я хацеў распачаць падрабязны агляд выступаўшай з вады часткі падводнага судна, як раптам яно павольна пачало апускацца.

— Гэй, вы, чэрці! — закрычаў Нэд Лэнд, з усёй сілы стукаючы нагамі па гулкаму металу. — Ды пусціце-ж нас!..

Але голас яго губляўся сярод аглушальнага шуму, які ішоў ад руху вінта. На шчасце карабель перастаў апускацца.

Раптам стук адчыняемых завалаў данёсся знутры судна. Адчынілася крышка люка, і з яго выглянуў чалавек. Ён крыкнуў штосьці і адразу-ж знік.

Праз некалькі хвілін з люка вышлі восем здаравенных хлопцаў. Яны моўчкі павялі нас унутр таямнічага карабля.

 

Раздзел восьмы. “Рухомы ў рухомым”

Гэтая аперацыя была зроблена з такою маланкаваю шпаркасцю, што ні я, ні мае таварышы не паспелі абмяняцца нават словам. Не ведаю, што яны адчулі, калі іх уцягвалі ў гэтую плывучую турму, але ў мяне пры гэтым мароз пракаціўся па целе. З кім мы мелі справу? Бясспрэчна, з нейкімі піратамі навейшай фармацыі.

Як толькі вузкая крышка люка зачынілася за намі, мы апынуліся ў паўнейшай цемнаце. Мае вочы пасля яркага святла нічога не маглі разглядзець навакол. Я адчуў пад сваімі ступнямі жалезную лесвічку. Нэд Лэнд і Кансель, таксама пад моцнаю вартай, следвалі за мною.

У канцы лесвіцы былі дзверы. Яны адчыніліся і зараз-жа звонка зачыніліся за намі.

Мы былі адны. Дзе? Гэтага я не мог сказаць і нават не мог уявіць сабе. Навакол было цёмна, да таго цёмна, што нават пасля доўгага прабывання ў цемры мае вочы не ўлавілі ні пробліску святла, якое бывае нават у самыя цёмныя ночы.

Тым часам Нэд Лэнд, узлаваны такімі грубымі адносінамі, даў волю свайму абурэнню.

— Тысяча чарцей! — закрычаў ён. — Вось гэта людзі не лепшыя па гасціннасці за самых дзікіх каледонскіх дзікуноў! Нехапае толькі цяпер, каб яны аказаліся людаедамі! Мяне гэта ніколькі не здзівіць, але я загадзя заяўляю, што добраахвотна на з’ядзенне не дамся!

— Супакойцеся, Нэд, супакойцеся, — спакойна сказаў Кансель. — Не варта наперад хвалявацца. Пакуль што мы яшчэ не на патэльні.

— Згодзен, мы яшчэ не на патэльні, — адказаў канадзец, — але ў печы — гэта ўжо напэўна! Тут даволі цёмна. На шчасце, нож пры мне, а на тое, каб пусціць яго ў ход, мне не патрэбна многа святла. Першы з гэтых бандытаў, які даткнецца да мяне...

— Нэд, не шуміце, — сказаў я гарпуншчыку, — і не абцяжарвайце нашага становішча... Хто ведае, можа нас падслухоўваюць. Лепш паспрабуем выясніць, дзе мы знаходзімся.

Я асцярожна зрабіў некалькі крокаў і наткнуўся на сцяну, абабітую ліставым жалезам. Прайшоўшы вобмацкам каля сцяны, я наткнуўся на драўляны стол, вакол якога стаяла некалькі табурэтак. Падлога нашай турмы была заслана шчыльнаю цыноўкаю, заглушаючай крокі. У голых сценах я не знайшоў ні акна, ні дзвярэй. Кансель, пайшоўшы каля сцяны ў другі бок, наткнуўся на мяне, і мы разам вярнуліся на сярэдзіну каюты, якая мела дваццаць футаў даўжыні і дзесяць шырыні. Вышыні яе мы вызначыць не маглі, таму што нават Нэд Лэнд, не гледзячы на свой высокі рост, не мог дастаць столі.

Прайшло каля поўгадзіны, а становішча не змянілася. Але раптам турма наша асвятлілася, і мы былі аслеплены струменямі яркага святла. Па яркасці і белаце святла я пазнаў у ім электрычнасць, — тое самае, што акружала падводны карабель фасфарасцуючым воблікам. Я мімаволі прыплюшчыў вочы ў першую секунду. Зноў адкрыўшы іх, я ўбачыў, што святло ідзе ў каюту з матавага паўшар’я, прымацаванага да столі.

— Нарэшце ўсё відна! — ускрыкнуў Нэд.

Ён стаяў у абарончай пазіцыі, сціснуўшы нож у руцэ.

— Так, — адказаў я жартаўліва, — не відаць толькі, што з намі будзе.

— Раю гаспадару запасціся цярпеннем, — сказаў флегматычны Кансель.

Пры яркім святле мы змаглі аглядзець як след сваю турму. Адзіным яе абсталяваннем былі стол і пяць табурэтак.

Патайныя дзверы былі герметычна зачынены — слядоў іх я не знайшоў. Ніякі шум не даходзіў да нашых вушэй. Карабель, здавалася, увесь вымер. Я не мог пазнаць, ці стаіць ён на адным месцы, ці рухаецца, або пагрузіўся пад ваду, ці па-ранейшаму знаходзіцца на паверхні.

Але відаць было, што электрычная лямпа была запалена з нейкаю мэтаю. Я не сумняваўся, што хто-небудзь з каманды неўзабаве з'явіцца сюды, — людзі яе стануць дарэмна асвятляць турму.

Я не памыліўся. Хутка пачуўся шум адсоўваемых завалаў, дзверы адчыніліся і ў каюту ўвайшло два чалавекі.

Адзін з іх быў маленькага росту, мускулісты, шырокаплечы, з вялікаю галавою, густымі ўскудлачанымі чорнымі валасамі, доўгімі вусамі, жывым працінаючым поглядам. У яго абліччы была тая паўднёвая рухавасць і жвавасць, якая ў Францыі, напрыклад, адрознівае правансальцаў.

Другі невядомы заслугоўвае больш падрабязнага апісання. Вучань вялікіх фізіянамістаў — Грасіёле або Энгеля — прачытаў-бы на яго твары яго характар, як па кнізе. Я, не хістаючыся, вызначыў важнейшыя ўласцівасці яго: упэўненасць у сабе — галава яго горда была ўзнята, і чорныя вочы глядзелі з халоднай рашучасцю; спакойства — бледнасць яго скуры гаварыла пра хладнакроўе; энергія — аб гэтым сведчылі быстрыя скарачэнні надброўных мускулаў; нарэшце смеласць — пра гэта гаварыла яго магутнае дыханне, выяўляўшае вялікі запас жыццёвай сілы. Дадам яшчэ, што чалавек гэты быў гордым, што яго спакойны і цвёрды погляд адбіваў далікатнасць мыслей і што ў цэлым аблічча яго стварала ўражанне вялікай шчырасці.

Як толькі ён увайшоў, я адразу адчуў, што можна не баяцца за наш лёс і што сустрэча з ім скончыцца спрыяльна для нас.

Гэтаму чалавеку можна было даць ад трыццаці пяці да пяцідзесяці год, — дакладней вызначыць яго ўзрост я не мог. Пры высокім росце ў яго быў вялікі лоб, прамы нос, рэзка акрэслены рот, вельмі добрыя зубы, тонкія, прыгожай формы, рукі. Увогуле ён быў самым дасканалым узорам мужчынскай прыгожасці, якую мне калі-небудзь даводзілася сустракаць. Адзначу яшчэ адну своеасаблівую, адрозніваючую рысу яго твара: шырока расстаўленыя вочы маглі ахапіць адным поглядам цэлую чвэрць гарызонта. Гэтая ўласцівасць, як я даведаўся пазней, спалучалася з астратою зроку, яшчэ большай, як у Нэда Лэнда.

Калі гэты незнаёмец глядзеў на што-небудзь, яго бровы хмурыліся, павекі звужваліся, абмяжоўваючы поле зроку, і погляд яго пранізваў наскрозь. Які погляд! Ён павялічваў далёкія прадметы, забіраўся ў самыя скрытыя таямніцы нашых мазгоў, пранікаў, як праз шкло, у вадзяныя тоўшчы і чытаў, як па кнізе, жыццё марскіх глыбінь!

Абодва незнаёмцы насілі шапачкі са скуры выдры, высокія марскія боты з цюленевай скуры і былі адзеты ў касцюмы з нейкай невядомай мне тканіны, зручныя, не сціскаючыя рухаў цела і прыгожыя.

Больш высокі — як відаць, начальнік — паглядзеў на нас з найвялікшаю ўвагаю, але не прамовіў ні слова. Звярнуўшыся потым да свайго таварыша, ён загаварыў на невядомай мне мове. Гэта была мілагучная, гнуткая, пявучая мова, багатая галоснымі гукамі, з скачучымі націскамі.

Той у адказ кіўнуў галавой і ў сваю чаргу прамовіў два-тры такія-ж незразумелыя словы.

Потым погляд начальніка накіраваўся на мяне, нібы нешта пытаючы.

Я адказаў на чыстай французскай мове, што не разумею яго пытання. Але ён, відаць, не зразумеў мяне. Становішча рабілася няёмкім.

— Раю гаспадару расказаць нашу гісторыю, можа яны ўсё-такі зразумеюць з яе хоць што-небудзь.

Я паслухаўся парады Канселя і расказаў нашу гісторыю, выразна вымаўляючы кожнае слова, не мінаючы ніводнай дробязі. Я пералічыў нашы імёны і стан і ў канцы, захоўваючы ўсе правілы этыкета, прадставіў незнаёмцам прафесара Аранакса, яго слугу Канселя і заслужанага гарпуншчыка Нэда Лэнда.

Чалавек з задуменнымі і добрымі вачыма слухаў мяне далікатна і ўважліва. Але ніводзін мускул не ўздрыгануўся на яго твары, нішто не сведчыла пра тое, што ён зразумеў хоць адно з маіх слоў.

Заставалася яшчэ адна магчымасць дагаварыцца па-англійску. Можа гэтая мова — амаль міжнародная — будзе больш зразуметай. Я ведаў англійскую, таксама як і нямецкую, даволі добра, каб чытаць без слоўніка, але не настолькі, каб вольна гаварыць. А тут трэба было гаварыць як найлепей.

— Цяпер ваша чарга, — сказаў я гарпуншчыку. — Пачынайце, Нэд! Дастаньце з торбы вашу самую дасканалую англійскую мову і пастарайцеся дабіцца лепшых вынікаў, чым я!

Нэд зараз-жа паўтарыў па-англійску маё апавяданне. Вярней, ён перадаў сутнасць яго, але зусім змяніў форму. Канадзец гаварыў з вялікім палам. Ён рэзка пратэставаў супроць гвалтоўнага затрымання, якое супярэчыць, казаў ён, чалавечым правам; пытаў, у сілу якога закона яго пасадзілі ў гэтую камеру, пагражаў судовым спагнаннем тым, хто пазбавіў яго волі, махаў рукамі, крычаў, і нарэшце выразным жэстам даў зразумець, што мы паміраем ад голаду.

Гэта была праўда, але мы на гэта амаль забыліся.

З вялікім здзіўленнем гарпуншчык пераканаўся, што і яго прамова таксама мала была зразумета, як і мая. Нашы наведвальнікі не міганулі і вокам. Відаць, яны ведалі мову Фарадэя12 не больш, як мову Араго13.

Збянтэжаны няўдачай, вычарпаўшы свае філалагічныя рэсурсы, я не ведаў, што рабіць далей, калі Кансель звярнуўся да мяне.

— Калі гаспадар дазволіць, я раскажу тое самае па-нямецку.

— Хіба ты гаворыш па-нямецку? — ускрыкнуў я.

— Як кожны фламандзец, калі гэта цікава ведаць гаспадару.

— Цікава, цікава. Кансель. Гавары хутчэй!

І Кансель зусім спакойна трэці раз паўтарыў апавяданне аб усіх нашых прыгодах. Але, не гледзячы на дасціпнасць зваротаў і майстэрскія прыёмы апавядальніка, нямецкая мова таксама не мела поспеху.

Нарэшце, прыпёрты да сцяны, я сабраў у памяці абрыўкі школьных успамінаў і пачаў тое-ж апавяданне па-лацінску.

Цыцэрон14 пэўна заткнуў бы сабе вушы і выгнаў-бы мяне на кухню, каб пачуў маю мову, але ўсё-ж я давёў сваю прамову да канца.

Вынік быў таксама нездавальняючы.

Пасля няўдачы гэтай апошняй спробы незнаёмцы абмяняліся некалькімі словамі на сваёй незразумелай мове і выйшлі, не адказаўшы нам нават супакойваючым жэстам, які аднолькавы ва ўсіх краінах і ва ўсіх народаў.

Дзверы зачыніліся за імі.

— Гэта подласць! — закрычаў Нэд Лэнд, дваццаты раз ускіпаючы ад абурэння. — Як! З імі, з гэтымі прахвостамі, гавораць па-французску, па-англійску, па-нямецку, па-лацінску і ніводзін з іх ні словам не адказвае!

— Супакойцеся, Нэд, — сказаў я ўсхваляванаму гарпуншчыку. — Гневам справе не дапаможаш.

— Але вы разумееце, прафесар, — адказаў узнерваваны канадзец, — што мы тут падохнем ад голаду, у гэтай жалезнай клетцы!

— Ну, — з філасофскім спакоем сказаў Кансель, — яшчэ не так хутка.

— Прыяцелі мае, — сказаў я, — не трэба прыходзіць у роспач. Мы прайшлі ўжо праз горшыя пакуты. Будзьце ласкавы, не спяшайцеся ганіць капітана і каманду гэтага карабля. Мы паспеем яшчэ скласці сабе думку аб іх.

— Мая думка ўжо склалася канчаткова, — заявіў Нэд Лэнд. — Гэта злыдні!

— Добра, але адкуль яны родам?

— З краіны злыдняў!

— Даражэнькі Нэд, гэтая краіна не зусім дакладна адзначана на геаграфічнай карце, таму, прызнаюся, мне цяжка вызначыць нацыянальнасць гэтых людзей. Можна толькі з упэўненасцю сказаць, што яны не англічане, не французы і не немцы. Аднак у мяне ўражанне, што начальнік і яго спадарожнік нарадзіліся ў краіне, якая ляжыць пад нізкімі градусамі шыраты — штосьці паўдзённае ёсць у іх выглядзе. Але расавыя асаблівасці ў іх не так яскрава выражаны, каб можна было з упэўненасцю сказаць, што яны — іспанцы, туркі, арабы, ці індусы. Мова іх мне зусім невядомая.

— Вось як дрэнна не ведаць усіх моў, — заўважыў Кансель. — Але лепш было-б, каб існавала адна міжнародная мова.

— Гэта ні да чаго не прывяло-б, — скаваў Нэд Лэнд. — Хіба вы не бачыце, што ў іх свая асобная мова, выдуманая для таго, каб даводзіць да шаленства сумленных людзей, якія просяць есці? Ва ўсіх краінах усяго света разумеюць, што азначае расчынены рот, ляскаючыя зубы, руханне сківіц. У Квебеку, у Парыжы, на Паумото, у антыподаў15 — усюды гэты жэст азначае адно і тое-ж: я галодны, дайце мне есці!

— О, — спакойна адказаў Кансель, — ёсць такія някемлівыя людзі...

У гэты момант расчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў сцюард16. Ён прынёс нам вопратку — курткі і штаны, зробленыя з нейкай невядомай мне тканіны.

Я хутка апрануўся. Мае таварышы паследвалі гэтаму прыкладу.

Тым часам сцюард — нямы, а можа і глухі — паставіў на стол тры прыборы.

— Вось гэта іншая рэч! — сказаў Кансель. — Гэта прыемны пачатак.

— Паглядзім, — прабурчэў злапамятны гарпуншчык. — Уяўляю сабе, чым тут кормяць! Трэсковаю пячонкаю, акунёвым філе, і біштэксам з марскога сабакі?

— Мы хутка даведаемся пра гэта,—адказаў Кансель.

Накрытыя срэбнымі накрыўкамі блюды былі сіметрычна расстаўлены на скацерцы. Мы паселі за стол. Бясспрэчна, мы знаходзіліся сярод цывілізаваных людзей, і каб не электрычнае святло, можна было-б падумаць, што мы ў сталовай у якім-небудзь гатэлі Адэльфі ў Ліверпулі, або ў Гранд-гатэлі ў Парыжы.

Між іншым, трэба адзначыць, што хлеба і віна не было зусім. Вада была свежая, празрыстая, але гэта была толькі вада, што прыйшлося не да густу Нэду Лэнду.

У ліку паданых на абед страў я пазнаў па смаку некалькі адменна прыгатаваных рыбных блюд. Але затое пра астатнія я не мог-бы нават сказаць, да якога прыроднага царства — расліннага ці жывёльнага — яны належаць.

Абедзены сервіз быў беззаганна элегантны і прыгожы. На кожнай лыжцы, вілцы, талерцы, сарвэтцы і г. д. быў выгравіраваны наступны дэвіз:

Рухомы ў рухомым
Н

Рухомы ў рухомым асяроддзі! Гэты дэвіз цалкам падыходзіў падводнаму караблю. Літара “Н”, відаць, была, ініцыялам таямнічага падводнага капітана.

Нэд Лэнд і Кансель не турбавалі сябе разважаннямі. Яны прагна елі, і я неадкладна паследваў іх прыкладу. Цяпер я быў спакоен за наш лёс. Я не сумняваўся, што нашы гаспадары не будуць зводзіць нас голадам.

Але ўсё на гэтым свеце мінае, нават голад людзей, не еўшых на працягу пятнаццаці гадзін. Задаволіўшы голад мы адчулі непераможную цягу да сна. Гэта была натуральная рэакцыя на стому ад бясконца доўгай начной барацьбы са смерцю.

— Я цяпер з ахвотаю заснуў-бы, — сказаў Кансель,

— Я ўжо сплю, — адказаў Нэд Лэнд.

І абодва мае спадарожнікі выцягнуліся на разасланых на падлозе каюты цыноўках і мігам паснулі глыбокім сном.

Я не мог так лёгка аддацца сну. Надта многа думак было ў маіх мазгах, надта многа невырашальных праблем хвалявала мяне, надта многа вобразаў мільгала перада мною. І вочы мае доўга не заплюшчваліся ад сну. Дзе мы знаходзімся? Якая дзіўная сіла цягнула нас? Я адчуваў, вярней мне здавалася, што я адчуваю, нібы карабель пагружаецца ў глыбокія паддонныя пласты вады. Жахі праследвалі мяне. Перада мною мільгалі ў гэтых таямнічых глыбінях цэлыя царствы невядомых жывёл, чымсьці блізкіх гэтаму падводнаму караблю, такіх-жа велічэзных, такіх-жа рухавых, такіх-жа дужых, як і ён.

Але хутка вобразы зблеклі, мазгі ахапіў туман дрымоты, і я заснуў непрабудным сном.

 

12 Фарадэй — выдатны англійскі фізік

13 Араго — вядомы французкі фізік і астраном.

14 Цыцэрон — славуты рымскі прамоўца.

15 Антыподы — жыхары заемна процілеглых краін зямнога шара.

16 Сцюард — слуга на караблі.

Раздзел дзевяты. Нэд Лэнд абураны

Не ведаю колькі цягнуўся мой сон. Але, відаць, ён быў дужа доўгім, бо, прачнуўшыся, я адчуў сябе зусім свежым і адпачнуўшым.

Я прачнуўся першым. Мае таварышы яшчэ моцна спалі.

Узняўшыся з свайго даволі жорсткага ложа і адчуваючы, што мазгі адпачнулі і зноў набылі здольнасць дакладна і выразна працаваць, я перш за ўсё распачаў уважліва даследванне каюты.

Нічога не змянілася ў ёй за час нашага сна. Турма засталася турмою, а зняволенне — зняволеннем. Толькі сцюард паспеў бясшумна прыбраць са стала. Нішто, такім чынам, не давала надзей на хуткія змены нашага лёсу, і я сур’ёзна пытаўся ў сябе самога, ці не прызначаны мы на вечнае зняволенне ў гэтай клетцы?

Гэта перспектыва паказалася мне тым больш жудаснай, што хоць мае мазгі і аслабаніліся ад учорашніх кашмараў, але нешта сціскала мае грудзі. Дыхаць стала цяжка. Душнае паветра перашкаджала нармальнай рабоце лёгкіх. Не гледзячы на тое, што каюта была прасторнаю, мы, відаць, паглынулі большую частку кісларода, які быў у яе паветры. Сапраўды, чалавек ужывае на дыханне ў гадзіну такую колькасць кісларода, якая змяшчаецца ў ста літрах паветра. І гэтае паветра, насычанае амаль роўнаю колькасцю вуглекіслаты, становіцца непрыгодным для дыхання.

Такім чынам, трэба было спешна аднавіць паветра ў нашай турме, а можа і ва ўсім падводным караблі.

Тут узнікла першае пытанне: што робіць у такім выпадку камандзір падводнага карабля? Ці атрымлівае ён кісларод хімічным шляхам, шляхам награвання берталетавай солі? У такім выпадку ён, пэўна, павінен падтрымліваць сувязь з сушаю, каб аднаўляць запасы гэтай солі. Або ён абыходзіцца тым, што сціскае паветра ў спецыяльных рэзервуарах і потым траціць яго па меры патрэбы? Магчыма што і так. Або проста, дзеля эканоміі, ён уздымаецца на паверхню кожныя дваццаць чатыры гадзіны па новы запас паветра? Але якім-бы з гэтых спосабаў ён ні карыстаўся, час ужо быў, па-мойму, ужыць яго зараз-жа!

Я павінен быў ужо дыхаць удвая хутчэй, каб атрымаць тую колькасць кісларода, якая неабходна для лёгкіх, як раптам у каюту ўварваўся струмень свежага паветра, якое пахла соллю. Гэта быў марскі вецер, асвяжаючы, насычаны ёдам. Я шырока раскрыў рот і прагна глытаў паветра. У тую-ж хвіліну стала заўважацца качка, праўда не дужа вялікая, але даволі адчувальная.

Падводны карабель, жалезнае страшыдла, відаць, узняўся, як кіт, на паверхню акіяна, каб падыхаць свежым паветрам. Спосаб вентыляцыі, прыняты на судне, быў такім чынам дакладна ўстаноўлены.

Надыхаўшыся досыць, я пачаў шукаць вачамі вентыляцыйную адтуліну “паветраправод”, праз які дайшоў да нас жыватворчы газ, і лёгка знайшоў яго. Над дзвярыма знаходзілася шчыліна, праз якую ў каюту ўваходзіў струмень паветра.

Ледзь паспеў я зрабіць гэтае назіранне, як Нэд і Кансель, амаль адначасова, прачнуліся. Яны працерлі вочы, пацягнуліся і ўскочылі на ногі.

— Як спалася гаспадару? — спытаў Кансель са сваёй звычайнаю ўвагаю.

— Вельмі, добра, мой любы, — адказаў я — А вы, Нэд?

— Спаў, як забіты, спадар прафесар. Але што гэта? Мне здаецца, што тут пахне морам?

Я расказаў канадцу, што адбывалася ў час яго сна.

— Так, — сказаў ён, — цяпер робяцца зразумелымі тыя гукі, якія мы чулі, калі “нарвал” быў каля “Аўраама Лінкальна”.

— Правільна, Нэд. Гэта ён “дыхаў”.

— Ведаеце, прафесар, я ніяк не магу скеміць, якая цяпер гадзіна? Ці не час нам абедаць?

— Ці не час абедаць? Вы хочаце, мабыць, спытаць пра снеданне, Нэд, бо зусім зразумела, што мы праспалі і дзень і ноч!

— Не буду з вамі спрачацца, — адказаў Нэд Лэнд,— але я з шырокімі абдымкамі сустрэну сцюарда, што-б ён ні нёс, — снеданне ці вячэру.

— Асабліва, калі прынясе і тое і другое разам! — дадаў Кансель.

— Правільна, — сказаў канадзец. — Мы маем права і на тое і на другое, і з свайго боку, я быў-бы не супроць таго, каб ушанаваць і снеданне і абед разам.

— Што-ж, Нэд, пачакаем, — сказаў я. — Відаць, гэтыя людзі не збіраюцца нас замарыць голадам, інакш ім не было-б сэнсу прысылаць нам учора абед.

— А можа яны наадварот, хочуць адкарміць нас на ўбой? — супярэчыў Нэд.

— Не, Нэд, будзьце справядлівы! Вы-ж не думайце сапраўды, што мы трапілі ў лапы звыклых людаедаў!

— Адзін раз — гэта яшчэ не прывычка, — сур’ёзна адказаў канадзец. — Хто ведае, можа гэтыя людзі даўно не елі свежага мяса... А ў такім выпадку трое здаровых, добра складзеных і сытых людзей, як спадар прафесар, яго слуга і я...

— Пакіньце, Нэд! — перапыніў я гарпуншчыка. — Выкіньце з галавы гэтыя думкі. А галоўнае не надумайцеся так гаварыць з нашымі гаспадарамі — гэта толькі пагоршыць наша становішча!

— Як-бы там ні было, — сказаў Нэд Лэнд, — але я галодны, як сабака, а снедання або абеда нам усё яшчэ не прыносяць!

— Дарагі Нэд, нам трэба падпарадкавацца існуючаму тут распарадку. Я думаю, што нашы страўнікі значна спяшаюцца ў параўнанні з гадзіннікам кока17.

— Што-ж, перасунем стрэлкі страўніка, і ўсё будзе ў парадку, — спакойна сказаў Кансель.

— Пазнаю вас і ў гэтым, Кансель! — сказаў нецярпліва канадзец.

— Вы шкадуеце свае нервы, як заўсёды! Вось дык спакой! Вы здольны хутчэй памерці ад голаду, чым паскардзіцца!

— Чаго скардзіцца? Гэта ўсёроўна не дапаможа!

— Як не дапаможа? Ды калі скардзішся, то нават ад аднаго гэтага ўжо робіцца неяк лягчэй! І калі гэтыя піраты — я заву іх піратамі толькі з павагі да спадара прафесара, які забараняе называць іх людаедамі, — калі, кажу, гэтыя піраты думаюць, што я моўчкі дазволю трымаць сябе ў гэтай каморцы, дзе я задыхаюся, і не пазнаёмлю іх нават са сваім рэпертуарам лаянкі, то яны вельмі памыляюцца! Паслухайце, спадар прафесар, скажыце шчыра, як па-вашаму, — ці доўга яны нас патрымаюць у гэтай клетцы?

— Праўду кажучы, Нэд, я ведаю пра гэта столькі сама, колькі і вы.

— Але што вы пра гэта думаеце?

— Я думаю, што мы выпадкова даведаліся пра важную тайну. Калі каманда падводнага карабля зацікаўлена ў захаванні гэтай тайны і гэтая зацікаўленасць важней, як жыццё трох чалавек, тады -нам пагражае сур’ёзная небяспека. А калі не, дык пры першым зручным выпадку праглынуўшая нас “страшыдла”, зверне нас у свет, заселены падобнымі нам людзьмі.

— Або залічыць нас у судовую каманду, — дадаў Кансель, — і пакіне тут...

— Да таго часу, — дакончыў гэты сказ Нэд Лэнд,— пакуль другі фрэгат, больш быстраходны і больш шчасліва, да “Аўраама Лінкальна”, не захопіць гэтае пірацкае гняздо і не павесіць усю яго каманду, і нас у тым ліку, на самым канцы сваёй грот-мачты!

— Слушная заўвага, Нэд, — сказаў я. — Але, колькі мне вядома, покуль яшчэ ніхто не рабіў нам падобных прапаноў. Таму няварта абмяркоўваць, як нам трымацца ў такім выпадку. Паўтараю, запасемся цярпеннем, будзем чакаць, будзем трымацца адпаведна з абставінамі, а покуль нічога не будзем рабіць, бо рабіць усёроўна няма чаго!

— Наадварот, — супярэчыў упарты гарпуншчык, не жадаючы здавацца, — неабходна нешта зрабіць!

— Але што, Нэд?

— Выратавацца.

— Уцячы з зямной турмы надзвычайна цяжка, выратавацца-ж з падводнай—зусім немагчыма,—сказаў я.

— Ну што-ж, дружа Нэд,—спытаў Кансель,—што адкажаце вы на заўвагу гаспадара? Я ведаю, што амерыканцы па словы не лазяць у кішэню.

Гарпуншчык збянтэжана маўчаў. Уцякаць пры такіх умовах, у якіх мы знаходзіліся, было сапраўды немагчыма. Але канадзец напалову-ж француз. І Нэд Лэнд давёў гэта сваім адказам.

— Спадар прафесар,—сказаў ён пасля некалькіх хвілін раздум’я,—вы не ведаеце, што павінны рабіць людзі, якія не могуць уцячы з сваёй турмы?

— Не, дружа мой.

— Але-ж гэта вельмі проста. Яны абсталёўваюцца ў сваёй турме так, каб у ёй было прыемна заставацца...

— Але,—сказаў Кансель.—Лепш ужо быць унутры падводнай турмы, чым пад ёю, або над ёю заставацца.

— Толькі раней выкідаюць адтуль гаспадароў і вартаўнікоў,— дадаў Нэд Лэнд.

— Ды што вы, Нэд! Няўжо вы сур’ёзна думаеце заўладаць гэтым суднам?

— Зусім сур’ёзна,—адказаў канадзец.

— Гэта немагчыма.

— Чаму немагчыма, прафесар? Вельмі можа здарыцца, што будзем мець зручны выпадак. І я не бачу прычыны, чаму-б не скарыстаць яго. На борце гэтага карабля, я думаю, не больш за дваццаць чалавек. Такая жменька людзей не можа прымусіць адступіць двух французаў і аднаго канадца!

Лепш было абыйсці моўчкі прапанову гарпуншчыка, як завязваць з ім спрэчкі. Таму я абмежаваўся тым, што сказаў:

— Пачакаем такога выпадку, Нэд, і тады пабачым. Але да таго часу папрашу вас стрымліваць сваю нецярплівасць. Тут можна дзейнічаць толькі хітрасцю, а ваш запал менш за ўсё дапамагае стварэнню зручнага выпадку. Абяцайце мне цярпліва і без гневу чакаць яго.

— Я абяцаю вам гэта, спадар прафесар,—адказаў Нэд Лэнд не зусім упэўненым голасам.—Вы не пачуеце ад мяне ніводнага грубага слова, не ўбачыце ніводнага рэзкага руху, нават калі яда не будзе падавацца нам з усёю жаданаю акуратнасцю.

— Памятайце-ж ваша абяцанне, Нэд,—адказаў я канадцу.

Гутарка спынілася, і кожны з нас пачаў разважаць сам з сабою. Што датычыцца мяне, дык павінен прызнацца, што, не гледзячы на ўсе пераконанні гарпуншчыка, я не суцяшаў сябе ніякімі надзеямі. Я не дапускаў ніякіх шчаслівых вьпадковасцей, пра якія гаварыў Нэд Лэнд. Бясспрэчна, што падводнае судна мела шматлікую каманду, а таму на выпадак барацьбы нам давялося-б сустрэцца з дужа моцным супраціўнікам. Перш за ўсё, для таго каб думаць сур’ёзна пра ажыццяўленне плана Нэда Лэнда, нам трэба было быць вольнымі, а мы былі палоннікамі. Я не бачыў ніякай магчымасці вызваліцца з гэтай жалезнай, герметычна зачыненай клеткі.

І калі толькі дзіўны капітан гэтага судна хавае нейкую тайну, што здавалася зусім магчымым,—ён не дазволіць нам вольна дзейнічаць на яго барту. Ці вызваліцца ён ад нас сілаю зараз-жа, ці закіне нас калі-небудзь на які-небудзь астравок—гэта было зусім невядома. Усе гэтыя меркаванні здаваліся мне вельмі праўдападобнымі, і трэба было быць Нэдам Лэндам, каб спадзявацца на заваяванне волі ў такіх умовах. Я разумеў, аднак, што чым больш Нэд Лэнд будзе разважаць, тым больш ён будзе раздражняцца. Я адчуваў ужо, што ў яго горле застралі праклёны, і я бачыў, што яго жэсты рабіліся ўсё больш пагражальнымі. Ён бегаў узад і ўперад, як дзікі звер па клетцы, і стукаў у сцены нагамі і кулакамі. Між тым час ішоў, голад сурова напамінаў пра сябе, а сцюард усё не з’яўляўся. Гэтая няўвага да пацярпеўшых крушэнне нічога добрага нам не абяцала. Нэда Лэнда мучылі спазмы голаду, і ён усё больш і больш лютаваў. Не гледзячы на яго абяцанне, я баяўся, што ён наробіць бяды, калі з’явіцца хто-небудзь з каманды.

На працягу наступных двух гадзін гнеў Нэд Лэнда ўвесь час нарастаў. Канадзец клікаў, крычаў, але дарэмна: жалезныя сцены былі глухімі.

Я не чуў аніякага шуму ў глыбіні гэтага судна, якое здавалася мёртвым. Яно стаяла на месцы, інакш мы адчувалі-б уздрыгі корпуса ад руху вінта. Пагружанае ў вадзяную прорву, яно больш не належала зямлі. Гэтая магільная ціша была жахлівай.

Я баяўся і думаць пра тое, колькі можа працягвацца наша зняволенне ў гэтай жалезнай клетцы.

Надзеі, якія ўзніклі былі ў мяне пасля сустрэчы з капітанам судна, паступова зніклі. Ласкавы погляд, адкрыты выраз твара, благародная постаць—усё сцерлася з маёй памяці. Я ўяўляў сабе гэтага загадковага чалавека такім, якім ён павінен быў быць—жорсткім і бязлітасным. Я ўявіў сабе яго, як стаячага вышэй чалавечнасці, недаступнага пачуццю літасці, непрымірымага ворага людзей, якім ён пакляўся ў вечнай нянавісці. Але няўжо-ж гэты чалавек дасць нам загінуць ад голаду ў цеснай турме, ва ўладзе страшных спакус, на якія нас штурхаў голад? Гэтая страшная думка цалкам завалодала маім розумам. Жах ахапіў мяне. Кансель заставаўся спакойным, Нэд распаляўся ўсё больш і больш.

У гэты момант пачуўся шум. Гукі крокаў адбіваліся ў металічных плітах. Заскрыпелі запоры. Дзверы адчыніліся, і з’явіўся сцюард.

Не паспеў я агледзецца як канадзец кінуўся на гэтага няшчаснага, паваліў яго на падлогу і схапіў за горла. Сцюард задыхаўся ў яго дужых руках.

Кансель кінуўся вырываць з рук гарпуншчыка яго напалову задушаную ахвяру, я рыхтаваўся далучыць да яго намаганняў свае, як раптам скамянеў на месцы ад слоў, вымаўленых па-фрацузску:

— Супакойцеся містэр Лэнд, і вы спадар прафесар! Выслухайце мяне, калі ласка!

 

17 Кок — карабельны кухар.

Раздзел дзесяты. Чалавек прорвы

Гэта казаў капітан карабля.

Нэд Лэнд адразу ўскочыў. Сцюард, ледзь жывы, хістаючыся, выйшаў з каюты па знаку свайго гаспадара. І такая была ўлада капітана на судне, што чалавек гэты ніводным жэстам не выявіў пачуцця нянавісці, якое бясспрэчна павінен быў мець да канадца. Я і Кансель са здзіўленнем чакалі, развязкі гэтай сцэны.

Капітан, злажыўшы накрыж рукі на грудзях, разглядаў нас з глыбокаю ўвагаю. Можа ён не адважыўся гаварыць? Ці можа шкадаваў, што выказаўся па-французску? Гэта было магчыма.

Мінула некалькі секунд, і ніхто з нас не парушыў маўчання.

— Спадарства,—сказаў нарэшце капітан,—я аднолькава добра валодаю французскаю, англійскаю, нямецкаю і лацінскаю мовамі. Значыцца я мог-бы вам адказаць пры першай нашай сустрэчы. Але мне хацелася спачатку прыгледзецца да вас, падумаць пра вас. Усе вы па-рознаму расказалі мне пра сябе адно і тое-ж— гэта зусім пераканала мяне ў тым, што вы і ёсць тыя людзі, за якіх сябе выдаеце. Я цяпер ведаю, што выпадак мяне звёў са спадаром П’ерам Аранаксам, прафесарам прыродазнаўства Парыжскага музея, накіраваным за граніцу з навуковай місіяй, Канселем, яго слугой і канадцам Нэдам Лэндам, гарпуншчыкам з фрэгата “Аўраам Лінкальн”, які ўваходзіць у склад ваеннага флота Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатаў.

Я пакланіўся ў знак згоды. Капітан не зварачаўся да мяне з пытаннем, значыць і адказаў не патрабавалася. Гэты чалавек гаварыў па-французску зусім правільна, без ніякага акцэнту. Яго вымаўленне не мела ніякіх хібаў, словы дакладныя, лёгкасць мовы выключная. І не гледзячы на гэта, я не адчуваў у ім земляка.

Ён працягваў сваю прамову.

— Вядома, спадарства, вы думаеце, што я крыху спазніўся з сваім другім візітам. Але, даведаўшыся хто вы такія, я павінен быў абмеркаваць, што зрабіць з вамі. Я доўга хістаўся. Прыкрыя абставіны сутыкнулі вас са мною, — чалавекам, які парваў сувязь з усім чалавецтвам. Вы парушылі маю адзіноту...

— Мімаволі,—сказаў я.

— Мімаволі? — паўтарыў незнаёмы, узвышаючы голас. — Хіба “Аўраам Лінкальн” мімаволі паляваў на мяне па ўсіх морах? Хіба мімаволі вы згадзіліся плаваць на гэтым фрэгаце? І вашы ядры мімаволі трапілі ў корпус майго судна? А Лэнд, ён таксама мімаволі кінуў у мяне гарпуном?

Я адчуў у яго словах стрыманую злосць. Але на ўсе гэтыя папрокі ў мяне быў зусім слушны адказ.

— Судар, — сказаў я — вы, зразумела, не ведаеце тых спрэчак, якія вы выклікалі ў Амерыцы і Еўропе. Вы не ведаеце, што рад выпадкаў, выкліканых сутычкамі з вашым падводным суднам, ўсхвалявалі грамадскую думку на двух кантынентах. Я пазбаўляю вас ад пералічэння ўсіх незлічоных гіпотэз, якімі прабавалі рашыць гэтую загадку, ключ якой вядомы толькі вам. Але ведайце, што, праследуючы вас да самых далёкіх частак Ціхага акіяна, “Аўраам Лінкальн” быў упэўнены, што ганяўся за нейкім магутным марскім “страшыдлам”, ад якога ён абавязкова павінен вызваліць моры.

Нешта накшталт ухмылкі прабегла па твары капітана. Ён працягваў больш спакойным тонам:

— Спадар Аранакс, ці адважыцеся вы сцвярджаць, што ваш фрэгат не пачаў-бы праследваць і абстрэльваць падводнае судна таксама, як і марское страшыдла?

Гэтае пытанне збянтэжыла мяне, бо сапраўды капітан Фарагут без разваг і хістанняў зрабіў-бы гэта. Ён лічыў-бы сваім абавязкам знішчыць падводнае судна таксама, як і гіганцкага нарвала. Я нічога не адказаў.

Капітан казаў далей:

— Значыцца, вы разумееце, што я маю права абыходзіцца з вамі, як з ворагамі?

Я зноў прамаўчаў, і зусім свядома. Навошта абгаварваць падобнае пытанне, калі сіла можа зруйнаваць вашы лепшыя довады?

— Я доўга хістаўся,—казаў тымчасам капітан.— Нішто не прымушала мяне быць гасцінным. Каб я хацеў пазбавіцца вас, мне не было ніякага сэнсу бачыцца з вамі яшчэ раз. Я мог выставіць вас назад на палубу гэтага судна, пагрузіцца ў мора і... забыцца, што вы некалі існавалі. Хіба гэта не было-б маім правам?

— Гэта было-б права дзікуна, але не культурнага чалавека,—адказаў я.

— Спадар прафесар,—жыва адказаў капітан,—я не ведаю, што вы называеце “правам культурнага чалавека”. Я парваў з грамадствам з прычыны, аб значэнні якой я адзін маю права судзіць. Я не падпарадкуюся яго законам, і я прапаную вам ніколі не ўспамінаць мне пра іх.

Гэта было сказана вельмі рэзка. Вочы невядомага загарэліся гневам і пагардай. У гэты міг у мяне мільганула дагадка, што ў мінулым гэтага чалавека было затоена нешта страшнае. Нездарма-ж ён паставіў сябе вышэй законаў, перайшоў за межы, недаступныя для чалавецтва, стаў незалежным і вольным у самым шырокім сэнсе гэтага слова.

Хто-б адважыўся праследваць яго ў марской глыбіні, калі і на паверхні ён лёгка адбіваў кожны напад? Якое судна ўтрымаецца перад яго падводным маніторам? Якая броня будзе настолькі моцнай, каб вытрымаць удары яго страшэннага біўня? Ніхто ў свеце не можа патрабаваць у яго справаздачы ў яго дзеяннях.

Усё гэта хуценька пранеслася ў маіх мазгах у той час, калі гэты дзіўны чалавек хадзіў, пра нешта думаючы. Я разглядаў яго са змяшаным пачуццём цікавасці і жаху.

Пасля доўгага маўчання капітан зноў загаварыў:

— Так, я хістаўся, але я падумаў, што мае інтарэсы можна сумясціць з натуральным жалем, на які мае права кожная чалавечая істота. Вы застанецеся на маім судне, калі ўжо выпадак закінуў вас сюды. Вы будзеце вольнымі, і за гэтую волю, дарэчы вельмі адносную, я пастаўлю вам толькі адну ўмову. Ваша абяцанне падпарадкавацца ёй цалкам мяне задаволіць.

— Кажыце, капітан,—адказаў я.—Спадзяюся, што ваша ўмова такая, што сумленны чалавек можа прыняць яе?

— Бясспрэчна! Вось яна: магчыма, што “некаторыя непрадбачаныя абставіны прымусяць мяне часам трымаць вас зачыненымі ў вашых каютах па некалькі гадзін, а можа нават і дзён,—цяпер цяжка сказаць. Не жадаючы ні пры якіх умовах прымушаць вас да гэтага сілком,—я хачу заручыцца вашым абяцаннем, што вы будзеце без супярэчанняў падпарадкавацца ў такіх выпадках. Прапануючы вам гэта, я цалкам здымаю з вас адказнасць за тое, што можа здарыцца, бо вы не будзеце нават бачыць тое, што вам не трэба ведаць. Прымаеце вы гэтую ўмову?

Значыць, на борце падводнага судна часам адбываюцца падзеі, якіх нельга нават бачыць людзям, што не парвалі з чалавечымі законамі? З усіх нечаканасцей, якія рыхтавала мне будучыня, гэтая была, мажліва, адной з самых непрыемных.

— Мы прымаем,—адказаў я.—Толькі... дазвольце мне, капітан, задаць вам адно пытанне?

— Калі ласка.

— Вы сказалі, што мы, будзем вольнымі ў вас на борце?

— Так, зусім.

— Я прашу вас растлумачыць, як трэба разумець гэтую волю?

— Вольна хадзіць па ўсяму судну, глядзець, назіраць усё, што тут адбываецца, — за рэдкімі выключэннямі,—адным словам, такая-ж воля, якою карыстаюся я сам і мае спадарожнікі.

Я ўбачыў, што мы адзін аднаго не зразумелі.

— Выбачайце, капітан, — сказаў я,—але-ж гэтая воля — воля вязня, якому дазволена хадзіць па яго турме. Мы не можам задаволіцца ёю.

— І тым не менш вам прыдзецца задаволіцца ёю.

— Як, мы назаўсёды павінны адмовіцца ад звароту на радзіму, да сем’яў, да сяброў?

— Так. Але адмовіцца ад цяжару агіднага прыгнёту, які завецца законамі грамадства і які людзі ў сваім асляпленні лічаць за волю,—гэта ўжо не так цяжка, як вы думаеце.

— Што да мяне,—ускрыкнуў Нэд Лэнд,—дык я ніколі не дам абяцання не спрабаваць уцячы адгэтуль!

— Я і не патрабую ад вас гэтага, містэр Лэнд!— халодна адказаў капітан.

— Капітан!—закрычаў я, не стрымаўшыся.—Вы злоўжываеце сваёй уладай над намі. Гэта лютасць!

— Не, спадарства, гэта міласэрнасць! Вы трапілі да мяне ў палон пасля бою. Я дарую вам жыццё, хоць мог-бы выкінуць вас у акіян. Вы напалі на мяне! Вы даведаліся пра тайну, якую не павінен быў ведаць ніводзін чалавек — пра тайну майго існавання! І вы думаеце, што я дазволю вам бесперашкодна вярнуцца на гэтую зямлю, дзе ніхто не павінен нават здагадвацца аб маім існаванні? Ніколі! Затрымліваючы вас на барту, я думаю не пра вашы інтарэсы, а пра свае ўласныя!

У голасе і словах капітана гучэлі такія ноткі, якія паказалі, што спрачацца больш няма сэнсу.

— Такім чынам, капітан, вы проста прапануеце нам выбар між жыццём і смерцю?

— Зусім так.

— Сябры мае,—звярнуўся я да Канселя і Нэда Лэнда.—Пры такой пастаноўцы пытання нам няма чаго спрачацца. Але памятайце, што ніякае абяцанне не звязвае нас з гаспадаром гэтага судна.

— Ніякае,—пацвердзіў капітан

І больш мяккім тонам ён сказаў.

— Цяпер выслухайце, калі ласка, тое, што я яшчэ хачу сказаць вам. Я ведаю вас, спадар Аранакс. Не ведаю, як вашы таварышы, але вы асабіста не павінны скардзіцца на выпадак, які звёў вас са мною. Сярод кніг, якімі я звычайна карыстаюся, вы знойдзеце і сваю працу пра тайны марскога дна. Я часта перачытваю яе. Вы ў сваёй кнізе дасягнулі таго, што толькі было даступна для зямной навукі. Але вы не ўсё ведаеце, бо вы мала бачылі. Дазвольце мне запэўніць вас, што вы не будзеце шкадаваць часу, праведзенага на маім барту. Вы зробіце падарожжа ў краіну цудаў. Здзіўленне і захапленне не пакіне вас на ўвесь гэты час.

Вы не хутка нацешыцеся відовішчамі, якія бесперапынна будуць разгортвацца перад вашымі вачыма. Я рашыў распачаць новае кругасветнае падарожжа, магчыма апошняе—хто ведае?—каб падвесці вынікі ўсім назіранням, зробленым у час ранейшых бясконцых падарожжаў. Вы будзеце дапамагаць мне ў гэтай рабоце. З сёнешняга дня вы трапіце ў зусім новы свет. Вы ўбачыце тое, чаго не бачыў ніводзін чалавек—я і мае таварышы не лічымся, — і нашая планета, дзякуючы мне, раскрые вам свае апошнія таямніцы!

Не магу не прызнацца, што словы капітана зрабілі на мяне вялікае ўражанне. Ён крануў самую чулую маю струнку, і я забыўся сам на міг, што назіранне гэтых цудаў не можа замяніць страчанай волі. Але я меркаваў у будучым яшчэ вярнуцца да гэтага важнага пытання. Таму я абмежаваўся такім адказам:

— Капітан, я спадзяюся, што страціўшы сувязь з чалавецтвам, вы не адмовіліся ад чалавечых пачуццяў. Мы—пацярпеўшыя крушэнне, якіх вы міласэрна прытулілі на сваім караблі. Мы не забудзем пра гэта. Прызнаюся, што асабіста мяне магчымасць служыць інтарэсам навукі да некаторай ступені ўзнагароджае за страчаную волю.

Я думаў, што капітан працягне мне руку, каб замацаваць нашу ўмову. Але ён не зрабіў гэтага. І я шчыра пашкадаваў яго ў душы.

— Яшчэ адно пытанне,—сказаў я ў той момант, калі гэты дзіўны чалавек хацеў ісці.

— Слухаю, спадар прафесар.

— Якім імем мы павінны вас зваць?

— Для вас я толькі капітан Нэма, а вы самі і вашы спадарожнікі для мяне толькі пасажыры “Наўтылуса”.

Капітан Нэма штосьці крыкнуў. У каюту ўвайшоў сцюард. Капітан яму нешта загадаў на той-жа незразумелай мне мове. Потым, павярнуўшыся да канадца і Канселя, ён сказаў:

— Снеданне чакае вас у вашай каюце. Прашу вас пайсці за гэтым чалавекам.

— Не адмаўляюся,—сказаў гарпуншчык.

Кансель і ён вышлі з гэтай клеткі, у якой мы прабылі. нявольнікамі амаль трыццаць гадзін.

— А цяпер, прафесар, чарга за вамі. Снеданне чакае нас. Дазвольце паказаць вам дарогу.

— Да вашых паслуг, капітан.

Я пайшоў за капітанам Нэма. Мы вышлі ў асветлены электрычнасцю калідор, падобны на звычайныя калідоры ў суднах і, прайшоўшы метраў дзесяць, апынуліся перад зачыненымі дзвярыма.

Капітан Нэма расчыніў дзверы і прапусціў мяне наперад. Я апынуўся ў сталовай, абсталяванай з суровым густам. Высокія дубовыя пастаўцы, інкруставаныя чорным дрэвам, стаялі ў супроцьлеглых баках залы. На іх паліцах зіхацела і пералівалася агнямі хрустальная, фарфоравая, срэбная пасуда мастацкай работы, незвычайнай каштоўнасці. Суровыя тоны афарбоўкі сцен сталовай змягчалі бязмерную яркасць святла, якое лілося са столі. Пасярэдзіне залы стаяў багата сервіраваны стол. Капітан Нэма жэстам паказаў мне маё месца.

— Сядайце,—сказаў ён, — і ешце, — вы пэўна паміраеце ад голаду.

Я не чакаў другога запрашэння.

Снеданне складалася з некалькіх рыбных страў і з блюд, прыгатаваных з нейкіх невядомага мне паходжання прадуктаў. Усё гэта было смачнае, але з нейкім прысмакам, да якога аднак лёгка было прызвычаіцца. Гэтыя прадукты мне здаліся багатымі фосфарам, і я падумаў, што яны павінны быць марскога паходжання.

Капітан Нэма ўважліва глядзеў на мяне. Я ні пра што не распытваў яго, але ён сам паспяшаўся адказаць мне на незаданыя пытанні, якія мне проста пяклі язык.

— Большасць гэтых страў невядома вам,—сказаў ён.—Але вы можаце есці іх, не баючыся. Усе яны здаровыя і спажыўныя. Я ўжо даўно адмовіўся ад зямных прадуктаў і адчуваю сябе, не гледзячы на гэта, вельмі добра. Ды і ўся мая каманда, якая харчуецца таксама, як і я, мае найлепшае здароўе.

— Значыць, уся гэтая яда—марскія прадукты?

— Так, прафесар, мора задавальняе ўсе мае патрэбы. Часам я закідваю сеці і выцягваю іх, баючыся, каб яны не парваліся ад вялікага ўлову. Часам я іду, на паляванне, у стыхію недаступную іншым людзям і праследую “дзічыну”, якая водзіцца ў маіх падводных лясах. Мае табуны, як табуны старога пастуха Нептуна, спакойна пасуцца ў акіянскіх прэрыях. Уладанні мае незлічоныя, і я адзін карыстаюся імі.

Я са здзіўленнем паглядзеў на капітана Нэма і адказаў яму:

— Я разумею, капітан, што сеці дастаўляюць вам найлепшую рыбу для стала. Я не ведаю як, але ўсё-такі дапускаю, што вы можаце паляваць на “дзічыну” ў сваіх падводных лясах, але мне зусім незразумела, адкуль на ваш стол трапляе мяса, як-бы мала вы ні ўжывалі яго?

— Але,—адказаў капітан Нэма,—я ніколі не ем мяса зямных жывёл.

— А гэта?—спытаў я, паказваючы на блюда, на якім ляжала некалькі кавалкаў філею.

— Гэтая страва, якую вы палічылі за мяса, ёсць не што іншае, як філей марской чарапахі. Вось таксама соус з печані дэльфіна, які здаецца вам па смаку свіным рагу. Мой кухар—сапраўдны артыст сваёй справы, і ніхто не згатуе так страў з марскіх рыб і жывёл, як ён. Вось кансервы з ракушак, якія кожны малаец прызнаў-бы за лепшыя ў свеце, вось крэм, зліўкі для якога дала грудная залоза кіта, а цукар— водарасці Паўночнага мора; нарэшце, вось варэнне з анемонаў, не горшых па смаку за самыя лепшыя зямныя плады.

Я каштаваў усе гэтыя стравы не ад жадання есці, а з цікавасці, нібы зачараваны, слухаючы апавяданні капітана Нэма.

— Мора, казаў ён,—не толькі корміць мяне, але і апранае. Тканіна, з якой пашыта ваша вопратка, саткана з валокнаў некаторых марскіх ракушак. Яна афарбавана ў пурпуравую фарбу, сакрэт прыгатавання якой знік разам з старажытнымі рымлянамі і грэкамі і якую я здабыў з водарасцяў-аплізій у Міжземным моры. Духі, што стаяць на туалетным століку адведзенай вам каюты,—прадукт сухой перагонкі некаторых марскіх раслін. Матрас на вашай пасцелі зроблен з лепшых акіянскіх траў. Пяро, якім вы будзеце пісаць, зроблена з кітавага вуса, чарніла—з сакраторных выдзяленняў каракаціцы. Усё, чым я карыстаюся цяпер, дае мне мора, і ўсё гэта калі-небудзь вернецца назад у мора.

— Вы любіце мора, капітан?

— О, так, я люблю яго! Мора—гэта ўсё. Яно пакрывае сем дзесятых зямнога шара. Яго выпарэнні свежыя і жыватворчыя. У яго вялізнай пустыні чалавек не адчувае сябе адзінокім, таму што навакол сябе адчувае подых жыцця. Сапраўды, у моры ёсць усе тры царствы прыроды: мінеральнае, расліннае, жывёльнае. Апошняе прадстаўлена чатырма групамі зоафітаў18, трыма класамі членістаногіх, пяццю класамі малюскаў, трыма класамі хрыбетных, сысуновымі, гадамі і незлічоным легіёнам рыб, вялікім атрадам жывёл, які налічвае больш за трынаццаць тысяч рознавіднасцей, з якіх толькі адна дзесятая частка жыве ў прэсных водах. Мора—неабходны рэзервуар прыроды. Жыццё на зямлі пачалося ў моры і, хто ведае, ці не ў моры яно і скончыцца? У моры вышэйшы спакой... Мора не належыць дэспатам. На яго паверхні яшчэ яны могуць прад’яўляць свае захопніцкія правы, біцца, жэрці адзін аднаго, паўтараць увесь шлях жыцця на сушы. Але на трыццаці футах пад яго паверхняю іх улада канчаецца, іх магутнасць знікае. Ах, прафесар, жывіце ў глыбі мораў! Толькі тут поўная незалежнасць, толькі тут чалавек сапраўды вольны, толькі тут у яго няма гаспадароў!..

Капітан Нэма раптам перарваў сваю гарачую прамову. Ці не пашкадаваў ён, што здрадзіў сваёй звычайнай стрыманасці? Ці не спалохаўся, што сказаў лішняе?

На працягу некалькіх хвілін, яшчэ ўвесь усхваляваны, ён хадзіў па сталовай. Потым, авалодаўшы сваімі нервамі, вярнуўшы свайму твару звычайны выраз халоднай велічы, ён звярнуўся да мяне з наступнымі словамі:

— А цяпер, прафесар, калі вы жадаеце аглядзець “Наўтылус”,—я да вашых паслуг.

 

18 Зоафіты — жывёла-расліны. Так называлі раней каралавых паліпаў, імшанак і ігласкурых.

Раздзел адзінаццаты. “Наўтылус”

Капітан Нэма накіраваўся да дзвярэй. Я пайшоў за ім. У глыбі сталовай адчыніліся дзверы на дзве палавіны і мы ўвайшлі, ў суседні пакой такога-ж размеру, як і той, які мы толькі што пакінулі.

Гэта была бібліятэка высокія, да самай столі шафы з палісандравага дрэва з бронзавай аправай захоўвалі мноства кніг у аднолькавых пераплётах. Шафы цягнуліся вакол усіх сцен пакоя. Ля іх стаялі шырокія, абабітыя карычневай скурай канапы, выгодныя сядзенні якіх вабілі да адпачынку. Лёгкія перасоўныя пюпітры-падстаўкі для кніг стаялі каля канапаў. Пасярэдзіне пакоя стаяў вялікі стол, завалены гарою кніг. Пад ім ляжала некалькі нумароў газет, ужо старых.

Гэты пышны зал быў асветлены чатырма электрычнымі паўшар’ямі, прымацаванымі да столі.

Я з захапленнем аглядаў гэты зал, так камфартабельна і прыгожа абсталяваны.

— Капітан Нэма,—сказаў я гаспадару бібліятэкі, які сеў на адну з канап,—вось кнігасхоў, якім ганарыўся кожны з палацаў на кантыненце. Мяне проста ашаламляе думка, што гэтая выдатная бібліятэка суправаджае вас на дно акіянаў!

— А дзе-ж вы знойдзеце большы пакой і цішыню, прафесар? Хіба ваш кабінет у музеі дае вам такі непарушны спакой для работы?

— Не, вядома... Я павінен прызнацца, што ён выглядае дужа бедным у параўнанні з гэтым залам. У вас тут не менш шасці-сямі тысяч кніг?

— Дванаццаць тысяч, спадар Аранакс. Гэта адзінае, што звязвае мяне з зямлёю. А свет перастаў для мяне існаваць у той дзень, калі “Наўтылус” упершыню апусціўся ў ваду. У гэты дзень я купіў апошнія кнігі, апошнія брашуры і апошнія выпускі газет. З таго часу для мяне чалавецтва больш не думала, не пісала. Кнігі гэтыя, прафесар, у пэўным вашым распараджэнні—карыстайцеся імі, калі і як хочаце.

Падзякаваўшы капітану Нэма, я падышоў да бібліятэчных паліц. Я знайшоў там кнігі на ўсіх мовах, па розных галінах дакладных навук, па філасофіі, па літаратуры. Мне кінулася ў вочы цікавая рэч: усе кнігі стаялі ў алфавітным парадку, незалежна ад таго, на якой мове яны напісаны. Гэта сведчыць пра тое, што капітан Нэма аднолькава добра валодаў усімі мовамі.

У бібліятэцы я ўбачыў творы старажытных і сучасных аўтароў — усё тое лепшае, што створана чалавечым геніем і ў галіне навукі, і ў мастацкай прозе, і ў паэзіі—ад Гамера да Віктара Гюго, ад Ксенафонта да Мішле, ад Раблэ да Жорж-Занд. Але навуковыя кнігі ўсё-такі пераважалі ў гэтай бібліятэцы; кнігі па механіцы, балістыцы19, гідралогіі, метэаралогіі, геаграфіі, геалогіі і г.д. займалі не менш месца, як працы па прыродазнаўству, што як я зразумеў, з’яўлялася галоўным прадметам навуковых заняткаў капітана Нэма. На паліцах стаялі поўны Гумбольдт, поўны Араго, работы Фуко, Анры-Сэн-Клер-Дэвіля, Шасля, Мільн-Эдварса, Катрфажа, Тындаля,, Фарадэя, Бертэло, абата Сэкі, Петэрмана, Моры, Агасіса і іншых, “Мемуары” Акадэміі навук, бюлетэні розных геаграфічных таварыстваў і г. д. І тут-жа, побач у гэтай шаноўнай кампаніі, тыя два томы, якія можа я быў абавязан гасціннасцю капітана. Кніга Жозефа Бертрана “Асновы астраноміі” дазволіла мне ўстанавіць адну дату: я ведаў, што гэтая кніга выйшла ў свет у сярэдзіне 1865 года; значыць, “Наўтылус” быў спушчаны на ваду не раней гэтага часу. Значыцца капітан Нэма зрабіўся падводным вандроўнікам не больш трох гадоў назад. Я падумаў, што калі ўдасца знайсці больш свежыя кнігі, то можна будзе вызначыць дату спуску падводнага судна яшчэ больш дакладна. Але ў мяне наперадзе было даволі часу для гэтых вышукаў, а пакуль што мне не хацелася адкладаць азнаямленне з цудамі “Наўтылуса”.

— Дзякую вам, капітан,—сказаў я,—за дазвол карыстацца вашай бібліятэкай. Гэта сапраўдная скарбніца навукі, і я выкарыстаю яе.

— Гэты пакой служыць не толькі бібліятэкай, але і курыльняй.

— Курыльняй?—закрычаў, я.—Хіба на “Наўтылусе” кураць?

— Вядома.

— У такім выпадку, капітан, я павінен выказаць меркаванне, што вы падтрымліваеце сувязь з Гаванай?

— Ніякай,—адказаў капітан Нэма.—Вось пакаштуйце гэтую цыгару, прафесар, і хоць яна і не гаванская, але калі вы знаўца, дык яна спадабаецца вам.

Я ўзяў цыгару, якая формаю нагадвала лепшыя гатункі гаванскіх, але больш светлую, скручаную з залацістых лістоў. Я прыкурыў яе ад свяцільніка, што стаяў на прыгожай бронзавай падстаўцы, і зацягнуўся дымам з прагнасцю заўзятага курца, які не бачыў тытуню на працягу двух сутак.

Гэта выдатная цыгарка, але... гэта не тытунь?

— Так,—адказаў капітан,—гэты “тытунь” не з Гаваны і не з Усхода. Гэта гатунак марскіх водарасцяў, якія маюць нікатын. Ці шкадуеце вы цяпер, што няма гаванскіх цыгар?

— З гэтай хвіліны я на іх глядзець не хачу!

— У такім выпадку курыце, колькі захочаце, не пытаючы пра паходжанне цыгар. Ніякая табачная манаполія не брала за іх падатку. Але-ж ад гэтага яны не зрабіліся горшымі, хіба няпраўда?

— Ніколькі.

У гэтую хвіліну капітан Нэма расчыніў дзверы насупроць тых, праз якія мы ўвайшлі ў бібліятэку, і я прайшоў у вялікі надзвычайна добра асветлены салон.

Гэта быў прасторны квадратны зал з зрэзанымі кутамі, даўжынёй у дзесяць, шырынёй у шэсць і вышынёю ў пяць метраў. Схаваныя ў столі, упрыгожанай лёгкімі арабескамі, лямпы залівалі яркім, але нярэзкім святлом цуды, сабраныя ў гэтым музеі, бо гэта быў сапраўдны музей, у якім умелыя і шчодрыя рукі сабралі ўсе скарбы прыроды і мастацтва ў тым мастацкім беспарадку, які адрознівае памяшканне мастака. Трыццаць карцін вялікіх майстраў у аднолькавых рамках упрыгожвалі сцены, абабітыя прыгожымі, з суровым малюнкам, тканінамі. Між карцін віселі шчыты са зброяю і стаялі фігуры ў поўным рыцарскім узбраенні. Я ўбачыў палотны вялікай каштоўнасці, якімі любаваўся на выстаўках і ў прыватных карцінных галерэях Еўропы. Даўнейшыя майстры былі тут прадстаўлены адною “Мадоннаю” Рафаэля, “Дзевай” Леанарда да Вінчы, “Нямой” Карэджыё, “Жанчынай” Тыцыя, “Пакланеннем валхвоў” Веранеза, “Узнясеннем” Мырульё, “Партрэтам” Гольбейна, “Манахам” Веласкеза, “Мучанікам” Рыбейра, “Кірмашом” Тэніера, двума фламандскімі пейзажамі Рубенса, трыма маленькімі палотнамі ў манеры Жырара-Доў. Мэтсу, Поля Потэра, двума карцінамі Жэрыко і Прудона, некалькімі марскімі відамі Бакюйзена і Вернэ. Сярод твораў сучаснай жывапісі я заўважыў карціны, падпісаныя Дэлякруа, Энграм, Дэканам, Труайнам, Мейсонье, Добініі і інш. Некалькі цудоўных паменшаных мармуровых і бронзавых копій з найвялікшых антычных статуй узвышаліся на высокіх п’едэсталах па кутках гэтага выдатнага музея.

Прараканні капітана пачыналі спраўджвацца: з першых-жа крокаў агляду “Наўтылуса” я быў ашаломлены.

— Прафесар, спадзяюся, прабачыць мне,—сказаў гэты дзіўны чалавек,—за тую бесцэрамоннасць, з якою я яго прымаю, і за беспарадак, які пануе ў гэтым пакоі.

— Капітан, — адказаў я, — я павінен сказаць — вы сапраўдны артыст!

— О, не, толькі аматар, — адказаў ён. Мне было радасна збіраць гэтыя незвычайныя творы чалавечага генія. Я быў няўтомны ў пошуках і прагны ў набыцці — гэта дазволіла мне атрымаць рад рэчаў сапраўды высокай вартасці. Гэта апошнія ўспаміны аб памёршай. для мяне зямлі. У маіх вачах нават сучасныя вашы мастакі—старажытныя майстры. Я гляджу на іх карціны і думаю, што ім па дзве, тры тысячы год. У геніяў няма ўзросту.

— А гэтыя музыканты?—спытаў я, паказваючы на партытуры Вебера, Расііні, Моцарта, Бетховена, Гайдна, Майербера, Герольда, Вагнера, Обера, Гуно і раду іншых параскіданых на вялікім піяніне-аргане, які займаў цэлы прасценак у салоне.

— Гэтыя музыканты для мяне—сучаснікі Арфея20, розніца сціраецца ў памяці мерцвякоў, а я мёртвы, прафесар, таксама мёртвы, як тыя з вашых сяброў, якія ляжаць на шэсць футаў пад зямлёю.

Капітан Нэма змоўк у глыбокай задуменнасці. Я глядзеў на яго з жывейшай увагай, моўчкі вывучаючы асаблівасці яго твара. Абапершыся аб вельмі дарагі столік з інкрустацыямі, ён не бачыў мяне і, здавалася, зусім забыўся на маё існаванне.

Я рашыў не перашкаджаць яму і прадаўжаў аглядаць цуды, сабраныя ў гэтым салоне.

Побач з творамі мастацтва віднае месца займалі прыродныя рэдкасці. Гэта былі галоўным чынам расліны, ракавіны і іншыя прадукты акіянскай флоры і фауны відаць, усе сабраныя рукамі самога, капітана Нэма. Пасярод салона біў фантан, асветлены знізу электрычнасцю: струменькі вады спадалі ў басейн, зроблены з адной гіганцкай ракавіны-трыдакны. Акружнасць трыдакны дасягала шасці метраў. Значыцца, па велічыні яна перавышала нават славутую ракавіну, падараваную Венецыянскай рэспублікай каралю Францыску І.

Наўкол басейна ў прыгожых шкляных вітрынах у меднай аправе былі расстаўлены самыя каштоўныя марскія рэдкасці, якія калі-небудзь даводзілася бачыць натуралісту. Можна сабе ўявіць маю радасць, калі я ўбачыў іх.

Раздзел зоафітаў быў прадстаўлен тут двума групамі паліпаў і ігласкурых. У першай групе былі веерападобныя гаргоніі, марскія “арганчыні”, сірыйскія губкі, малукскія каралы, незвычайны экземпляр альчыёны, вельмі прыгожыя веераліснікі, глазчаткі з вострава Бурбона і цэлая серыя мадрэпор, у ліку якіх асабліва зварачала на сябе ўвагу “калясніца, Нептуна” з Антыльскіх астравоў. Тут былі сабраны самыя разнастайныя віды каралаў, калоніі якіх ствараюць цэлыя астравы, а з цягам часу, мажліва, і кантыненты. У групе ігласкурых, якія адрозніваюцца сваёй калючай абалонкай, былі прадстаўлены некалькі разнавіднасцяў марскіх звёзд, марскіх кубышак, вожыкаў, валасацікаў, змеезвёздак, тубіпор і інш.

Каб на маім месцы быў слабанервны канхіліёлаг21 ён страціў-бы прытомнасць, убачыўшы суседнія вітрыны, у якіх размясціліся калекцыі малюскаў. Гэтым калекцыям не было цаны, і апісанню іх трэба было-б прысвяціць цэлы том. Таму я абмяжуюся пералічэннем толькі самага цікавага. Там быў зграбны малюнак Індыйскага акіяна з правільна размешчанымі на чырвона-карычневым фоне белымі плямамі; так званы “імператарскі спандылій”, увесь усеяны камячкамі і ярка афарбованы, — экземпляр, за які кожны еўрапейскі музей не пашкадаваў-бы аддаць дваццаць тысяч франкаў; звычайны аўстралійскі малаток, якога амаль немагчыма знайсці; сенегальскія сэрцавікі-двухстворчатыя, белыя, такія крохкія, што рассыпаюцца на порхаўку пры самым малым павеі, як мыльныя пузыры; некалькі яванскіх марскіх леяк-вапняковых трубачак са складчатымі берагамі, высока ацэньваемых аматарамі; цэлы рад бруханогіх — жоўта-зялёных, якія сустракаюцца ў амерыканскіх водах, цёмна-бурых, якія водзяцца ля берагоў Новай Зеландыі, у Мексіканскай затоцы і вызначаюцца сваёю чарапіцападобнаю ракавінай; затым дзіўныя серністыя тэліны, каштоўнейшыя пароды цэтэр, кратчаты сонечнік, мармуровая кубарна з перламутравымі плямамі; далей усе віды вужовак, што ўжываюцца ў Індыі замест манет. “Слава мора”—самая дарагая ракавіна Усходняй Індыі; нарэшце лужанкі, дафніі, янцыны, яйцавідкі, мітры, каскі, баграцы, арфы, трытоны, птэрацэры, патэлі, гіялеі, клерадоры, адзіныя і крохкія ракавіны, якім вучоныя далі прыгожыя імёны.

У асобных вітрынах ляжалі нізкі нябачнага хараства перлаў, у якіх водбліскі электрычнасці запальвалі іскры агню: ружовыя перлы, што сустракаюцца на дне Чырвонага мора, зялёныя, жоўтыя, сінія, чорныя, перлы-хваравітыя нарасты ў целах розных малюскаў, якія жывуць амаль ва ўсіх морах і акіянах.

Некаторыя з гэтых перлаў велічынёю перавышалі галубінае яйка. Іхняя каштоўнасць перавышала каштоўнасць таго перла, які падарожнік Тавернье прадаў за тры мільёны шаху персідскаму, а хараство было лепшым, як у перла імама Маскаты, які я лічыў першым у свеце.

Такім чынам, вызначыць каштоўнасць гэтай калекцыі было зусім немажліва. Капітан Нэма павінен быў патраціць мільён, каб набыць гэтыя экспанаты.

Я пытаў сябе, дзе крыніца яго нечуванага багацця, але раптам капітан звярнуўся да мяне:

— Вы разглядаеце мае калекцыі, прафесар? Яны і сапраўды заслугоўваюць увагі натураліста. Але для мяне вартасць іх тым больш значная, што кожную з іх я сабраў сваімі ўласнымі рукамі, і няма на зямным шары мора, якое не дало-б мне хоць што-небудзь для калекцыі.

— Я зусім разумею, капітан, радасць, якую вы павінны адчуваць, гледзячы на такія багацці. Ніводзін з еўрапейскіх музеяў не мае такой поўнай калекцыі твораў акіяна! Але калі я патрачу ўсё сваё захапленне на агляд музея, што застанецца мне для агляду карабля? Я менш за ўсё хачу быць недалікатным і дапытвацца пра вашыя тайны, але прызнаюся, што мая цікаўнасць надзвычай узбуджана самім “Наўтылусам”, сілай, якая прыводзіць яго ў рух, прыборамі, якія надаюць яму такую рухавасць. На сценах гэтага салона я бачу прыборы, прызначэнне якіх мне не ясна. Ці магу я запытацца...

— Спадар Аранакс, — перапыніў мяне капітан, — я ўжо сказаў, што вы вольны на гэтым караблі і, значыцца, няма такога кутка на “Наўтылусе” куды-б вам быў забаронены доступ. Можаце аглядзець карабель, колькі хочаце, і я з прыемнасцю гатовы служыць вам правадніком.

— Не ведаю, чым аддзякаваць вам, капітан. Пастараюся не злоўжываць вашай ласкаю. Дазвольце мне толькі даведацца, якое прызначэнне маюць гэтыя фізічныя прыборы?

— Акурат такія самыя прыборы, прафесар, ёсць у маёй каюце, і я там растлумачу вам іх прызначэнне. Але спачатку пойдзем у адведзеную вам каюту. Трэба-ж вам ведаць, у якіх умовах вы будзеце жыць на “Наўтылусе”.

Я паследваў за капітанам Нэма. Праз адны з дзвярэй, прабітых у кожным зрэзаным куце салона, мы вышлі ў вузкі калідор. Прайшоўшы на нос карабля, капітан Нэма прывёў мяне ў каюту або лепш сказаць — у багата абсталяваны прасторны пакой, з ложкам, туалетным сталом, крэсламі і г. д.

Я пачаў шчыра дзякаваць.

— Ваш пакой побач з маім, — сказаў капітан, расчыняючы дзверы, — а мой злучаецца з салонам, які мы толькі што пакінулі.

Мы ўвайшлі ў пакой капітана. Ён ствараў уражанне суровай прастаты і строгасці. Жалезны ложак, рабочы стол, некалькі крэслаў, умывальнік — вось і ўсё яго абсталяванне. Толькі неабходныя рэчы, ніякага камфорту.

У пакоі панаваў паўзмрок.

Капітан Нэма паказаў мне на крэсла.

— Сядайце, калі ласка.

Я сеў. Ён памаўчаў крыху і потым загаварыў.

 

19 Балістыка — навука, якая вывучае законы налётаў артылерыйскіх снарадаў.

20 Арфей — у старажытна-грэцкай міфалогіі спявак, які сваімі песнямі прыводзіў у рух дрэвы, скалы і ўціхамірваў дзікіх звяроў.

21 Канхіліёлаг — вучоны, які вывучае ракавіны

Раздзел дванаццаты. Усё праз электрычнасць

— Глядзіце, прафесар, — пачаў капітан Нэма, указваючы на прыборы, што віселі на сценах пакоя. — Вось апараты, якія служаць для кіравання “Наўтылусам”. Тут, таксама як і ў салоне, яны заўсёды перад маімі вачыма і паказваюць мне дакладнае месцазнаходжанне “Наўтылуса” ў акіяне і яго напрамак. Некаторыя з гэтых прыбораў вам вядомыя. Гэта тэрмометр, які паказвае тэмпературу паветра на “Наўтылусе”; барометр, які вызначае ціск паветра і тым самым змену надвор’я; гігрометр азначае прысутнасць вільгаці ў атмасферы; компас, які паказвае судну кірунак; секстант дазваляе па вышыні сонца вызначыць шырату мясцовасці; хранометры, пры дапамозе якіх мы знаходзім даўгату; нарэшце дзённыя і начныя падзорныя трубы, якія служаць мне для агляду гарызонта, калі “Наўтылус” узнімаецца на паверхню вады.

— Усе гэтыя прыборы, — адказаў я, — звычайныя ў мораходнай практыцы, і я даўно з імі знаёмы. Але вось тут ёсць нейкія невядомыя мне прыборы. Відаць, яны і адпавядаюць асаблівасцям кіравання “Наўтылусам”. Вось гэты вялікі цыферблат з рухавай стрэлкай — ці не манометр гэта?

— Гэта сапраўды манометр. Злучаючыся з вадою за бортам карабля, ён паказвае яе ціск і тым самым — глыбіню пагружэння “Наўтылуса”.

— А гэта — зонды?

— Так, толькі новай канструкцыі. Гэта тэрмаметрычныя зонды, які паказваюць тэмпературу розных пластоў вады.

— А вось гэтыя прыборы? Я не ўяўляю сабе, для чаго яны могуць служыць.

— Тут, прафесар, прыйдзецца даць вам некаторыя тлумачэнні, — адказаў капітан Нэма.

Ён прамаўчаў крыху, потым прадаўжаў:

— У прыродзе ёсць сіла — паслухмяная, хуткая, простая для ўжывання. Яна рабіць усё на маім караблі. Асвятляе, апальвае, прыводзіць у рух машыны. Гэтая сіла — электрычнасць.

— Электрычнасць? — здзівіўся я.

— Так.

— Аднак, капітан, ваш карабель уладае незвычайнай шпаркасцю. Гэта мала пасуе да таго, што нам вядома пра электрычнасць22. Дагэтуль яе механічная сіла ўяўлялася надзвычай абмежаванай.

— Бачыце, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — мае спробы выкарыстання энергіі электрычнасці не падобныя да агульнапрынятых. Дазвольце мне абмежавацца толькі гэтым паведамленнем.

— Не буду настойваць, капітан, хаця я зусім ашаломлены вашым паведамленнем. Прашу вас адказаць мне толькі на адно запытанне, калі, вядома, вы яго не палічыце за нетактычнае. Элементы, якія служаць, крыніцаю атрымання гэтай дзівоснай сілы, павінны-ж хутка вычарпацца, асабліва цынк. Якім-жа чынам вы папаўняеце яго запасы, калі вы не падтрымліваеце сувязі з зямлёю?

— Ахвотна адкажу вам на гэтае пытанне, — сказаў капітан Нэма. — Перш за ўсё ведайце, што на дне марскім ёсць залежы цынку, жалеза, срэбра, золата і іншых металаў, распрацоўку якіх безумоўна можна было-б наладзіць. Але я не карыстаюся гэтымі металамі і ў моры-ж атрымліваю тую колькасць энергіі, у якой маю патрэбу.

— У моры?

— Так, прафесар, у моры. Ёсць нямала спосабаў прымання электрычнасці ў моры. Я мог-бы, напрыклад у ланцугу праваднікоў, апушчаных на розную глыбіню, атрымаць ток ад рознасцей тэмператур у пластах вады. Але я палічыў за лепшае выбраць другі, больш практычны спосаб.

— Які ?

— Вы ведаеце склад марской вады? У ста частках яе чыстая вада займае дзевяноста шэсць з паловаю частак, а дзве і дзве трэці, прыкладна, частак прыпадае на долю хлорыстага натра23. Далей, у ёй ёсць у невялікай колькасці хлорысты магній і хлорысты кальцый, бромісты сернакіслы магній, серная кіслата і вуглекальцыевая соль. Вы бачыце, што хлорысты натр ёсць у марской вадзе ў вельмі значнай колькасці. Вось гэтым самым хлорыстым натрам, які я здабываю з марской вады ў неабмежаванай колькасці, я і насычаю свае элементы.

— Хлорыстым натрам?

— Так. У злучэнні са ртуццю ён утварае альмагаму, якая замяняе цынк у элементах Бунзена. Ртуць у элементах не раскладаецца. Выдаткоўваецца, такім чынам толькі натрый, а яго мне дае само мора. Павінен вам яшчэ сказаць, што натрыевыя элементы, прынамсі ў два разы мацнейшыя за цынкавыя.

— Я разумею, капітан, перавагі натрыя ва ўмовах, у якіх вы знаходзіцеся. У моры яго колькі хочаш. Вельмі добра. Але-ж натр трэба яшчэ вылучыць у чыстым выглядзе з яго хлорыстага злучэння. Што вы робіце для гэтага? Бясспрэчна, вашы батарэі маглі-б паслужыць для электроліза хлорыстага натра, але, калі не памыляюся, выдаткаванне натрыя на электроліз перавысіць колькасць натрыя, які можна атрымаць ад яго. І вы больш страціце натрыя, як атрымаеце новага!

— Вось таму, прафесар, я і не здабываю натрый электралітычным спосабам, а карыстаюся для гэтага энергіяй гарэння каменнага вугалю.

— Не. Назавём, калі, хочаце, гэты вугаль марскім.

— Значыць, вы знайшлі спосаб распрацоўкі падводных залежаў каменнага вугалю?

— Вы ўбачыце гэта ўласнымі вачыма, прафесар. Я прашу ў вас толькі крыху цярпення, тым болей, што час зусім дазваляе вам быць цярплівым. Памятайце толькі адно: я абсалютна ўсё атрымліваю ад акіяна. Ён дае мне электрычнасць, а электрычнасць дае “Наўтылусу” цяпло, святло, рух — адным словам, жыццё!

— Але толькі не паветра для дыхання?

— О, мне было-б лёгка вырабляць патрэбную колькасць паветра, але гэта непатрэбна, бо я магу узнімацца на паверхню акіяна, калі мне толькі прыйдзе ахвота. Ды і зараз электрычнасць прыводзіць у рух магутныя насосы, якія нагнятаюць паветра ў спецыяльныя рэзервуары; карыстаючыся імі я магу, калі патрэбна, доўга знаходзіцца пад вадой.

— Капітан, — сказаў я, — я магу толькі вітаць вас. Відаць, вам удалося вынайсці тое, да чаго людзі дадумаюцца толькі куды пазней, — велізарную дынамічную сілу электрычнасці!

— Не ведаю, ці знойдуць яны яе калі-небудзь, — холадна адказаў капітан Нэма. — Аднак, як-бы там ні было, а вы ўжо ведаеце, якое прыстасаванне я даў гэтай цудоўнай сіле. Гэта яна асвятляе карабель са сталасцю і бесперапыннасцю, якіх няма нават у сонца. Цяпер гляньце на гэты гадзіннік — ён электрычны і ідзе з такой дакладнасцю, якая паспрачаецца з лепшым хранометрам. Я падзяліў цыферблат на дваццаць чатыры гадзіны, як італьянскі гадзіннік, таму, што для мяне не існуе ні дня, ні ночы, ні сонца, ні месяца, але толькі тое штучнае святло, якое я цягну за сабой у глыбіню мораў. Глядзіце, цяпер дзесяць гадзін раніцы.

— Зусім правільна.

— А вось вам другое дапасаванне электрычнасці. Гэты цыферблат, што вісіць перад вашымі вачыма, служыць паказальнікам хуткасці “Наўтылуса”. Провад злучае з вінтам лаг, і стрэлка яго кажа мне, з якой хуткасцю ідзе судна. Вось бачыце, у гэтую хвіліну мы ідзём з умеранай хуткасцю ў пятнаццаць міль у гадзіну.

— Надзвычайна! — крыкнуў я. — Я цяпер бачу, капітан, што вы зусім правільна зрабілі, выкарыстаўшы іменна гэтую прыродную сілу, якая замяняе вам вецер, ваду і пару.

— Мы яшчэ не кончылі агляду, прафесар, — сказаў капітан Нэма, устаючы з крэсла. — Калі вы не стаміліся, пройдзем на карму “Наўтылуса”.

Сапраўды, я пазнаёміўся ўжо з усёй насавой часткай падводнага карабля. Вось пералік памяшканняў гэтай часткі ў паслядоўным парадку, ад сярэдзіны да тарана на носе: сталовая, даўжынёю ў пяць метраў, аддзеленая ад бібліятэкі воданепранікальнай пераборкай; бібліятэка даўжынёю ў пяць метраў; вялікі салон даўжынёю дзесяць метраў, аддзелены ад пакоя капітана другою воданепранікальнаю пераборкаю; пакой капітана даўжынёй у пяць метраў; мой пакой у два з паловаю метра і, нарэшце, рэзервуар для паветра ў сем з паловаю метраў даўжыні, які ідзе да самага форштэўня.

Увогуле даўжыня гэтай часткі складала трыццаць пяць метраў. Воданепранікальныя пераборкі мелі герметычныя дзверы і павінны былі захаваць “Наўтылус” ад запалення, на выпадак, калі ў якой-небудзь яго частцы адкрыецца цеч.

Я пайшоў за капітанам Нэма па калідорах у сярэдзіну судна. Там змяшчалася нешта накшталт вузкага калодзежа, заключанага паміж двума воданепранікальнымі пераборкамі. Жалезная лесвіца, прашрубованая да сцяны калодзежа, вяла да столі. Я запытаў капітана, якое прызначэнне гэтага калодзежа.

— Ён вядзе да шлюпкі, — адказаў ён мне.

— Як? У вас ёсць шлюпка? — здзіўлена перапытаў я.

— Вядома. Вельмі добрая шлюпка, лёгкая і нятонучая. Яна служыць для прагулак і рыбнай лоўлі.

— І для таго, каб спусціць шлюпку на ваду вам прыходзіцца ўздымацца на паверхню?

— Зусім не. Шлюпка змяшчаецца ў спецыяльнай выемцы ў палубе “Наўтылуса”. Яна мае герметычна прыгнаную, воданепранікальную крышку і ўтрымліваецца ў сваёй выемцы моцнымі балтамі. Гэтая лесвіца вядзе да вузкага люка ў палубе “Наўтылуса”, а гэты люк злучаецца з такім-жа люкам у дне шлюпкі. Праз гэтыя дзве адтуліны я ўлязаю ў шлюпку. За мною закрываюць люк “Наўтылуса”. Я сам закрываю люк у дне шлюпкі спецыяльнымі шрубамі. Потым я адкручваю балты, і шлюпка з вялікай хуткасцю ўсплывае на паверхню мора. Тады я разбіраю складную крышку, станаўлю мачту, парус, або бяруся за вёслы і пачынаю сваю прагулку.

— А як вы вяртаецеся на борт?

— Я і не вяртаюся. “Наўтылус” прыходзіць за мною.

— Па вашаму загаду?

— Па майму загаду. Я злучаны з ім электрычным провадам. Калі я хачу вярнуцца на судна, я даю тэлеграму.

— І сапраўды, — ускрыкнуў я, ашаломлены ўсімі гэтымі цудоўнасцямі, — нічога не можа быць прасцей!

Абмінуўшы каморку трапа, што вядзе на палубу, мы прайшлі каля каюты даўжынёю ў два метры, у якой Нэд Лэнд і Кансель уміналі за чацвярых вельмі добрае снеданне. Побач знаходзілася кухня, займаўшая тры метры ў даўжыню. Тут-жа змяшчаліся прасторныя кладоўкі. Кухня ацяплялася электрычнасцю. Правады, прыпаяныя да плацінавых пласцінак, напальвалі іх дабяла, падтрымліваючы патрэбную для пячэння, гатавання і смажання тэмпературу пліты. Электрычнасць-жа награвала дэстыляцыйны апарат, які з марской вады пераганяў прэсную.

Ля кухні быў ванны пакой з выгоднай ваннай і ўмывальнікам з халоднай і гарачай вадой.

Далей знаходзіўся кубрык — памяшканне каманды —даўжынёй у пяць метраў.

Але дзверы ў яго былі зачыненыя і мне не ўдалося, як я спадзяваўся, вызначыць па абсталяванню кубрыка колькасць людзей у камандзе “Наўтылуса”.

Тут-жа знаходзілася чацвёртая воданепранікальная пераборка, аддзяляючая кубрык ад машыннага аддзялення. Прайшоўшы праз дзверы ў пераборцы, мы апынуліся ў зале, дзе капітан Нэма, першакласны інжынер, устанавіў машыны, якія рухалі “Наўтылус”.

Гэтая ярка асветленая зала мела не меней дваццаці метраў удаўжкі. Зала падзялялася на дзіве часткі. У першай стаялі элементы, выпрацоўваючыя электрычную энергію, у другой — машыны, якія круцілі вінт карабля.

Мяне здзівіў нейкі дзіўны пах, разліты ў гэтай зале. Капітан Нэма заўважыў маё неўразуменне.

— Гэта пах газу, — сказаў ён, — які вылучаецца пры здабыванні натрыя. Але гэта не вельмі перашкаджае. Ды мы і кожную раніцу грунтоўна вентылюем увесь карабель.

Са зразумелай цікавасцю я разглядаў машыны “Наўтылуса”.

— Як бачыце, — сказаў капітан Нэма, — я карыстаюся элементамі Бунзена, а не Румкорфа. Яны не далі-б мне патрэбнай магутнасці. Батарэй Бунзена ў мяне нямнога, але затое кожная вельмі магутная. Выпрацаваная батарэямі электрычнасць перадаецца ў процілеглы канец залы, уздзейнічае там на вялізныя электраматоры, якія праз складную сістэму поршняў і шасцяронак прыводзяць у рух грэбны вал. Дыяметр гэтага вала — шэсць метраў, даўжыня — сем з паловаю. Не гледзячы на такія вялікія памеры, хуткасць вярчэння вала даходзіць да ста дваццаці абаротаў у секунду.

— І вы развіваеце хуткасць?..

— Пяцьдзесят міль у гадзіну.

Тут хавалася нейкая тайна, але я не адважыўся дамагацца растлумачэння яе. Якім чынам электрычнасць магла развіваць такую велізарную сілу? Дзе крыніца гэтай нечуванай, амаль неабмежаванай магутнасці? Хаваўся гэты сакрэт у шпульках новай сістэмы, якія даюць высокае напружанне, ці ў сістэме трансмісій? Гэтага я не мог зразумець.

— Капітан Нэма, — сказаў я, — я захапляюся вынікамі і не спрабую нават вытлумачыць сабе, як вы дасягнулі іх. Я бачыў “Наўтылус” манеўруючым наўкол “Аўраама Лінкальна” і ведаю, якую жахлівую хуткасць можа ён развіваць. Але недастаткова адной хуткасці. Трэба яшчэ бачыць, куды ідзеш. Трэба мець мажлівасць накіроўваць судна ўгару, уніз, улева, управа. Як дабіваецеся вы ўсяго гэтага на вялікіх глыбінях, дзе ціск дасягае сотняў атмасфер? Як узнімаецеся вы на паверхню акіяна? Нарэшце, якім чынам вы трымаеце прамалінейны рух у абраным вамі водным пласце? Можа недалікатна задаваць вам гэтую кіпу пытанняў?

— Ніколькі, прафесар, — адказаў капітан пасля нядоўгага вагання. — Вы-ж ніколі не пакінеце гэтага падводнага карабля. Пройдзем у салон. Там мой рабочы кабінет, і там я раскажу ўсё, што вы павінны ведаць пра “Наўтылус”.

 

22 Не трэба забываць, што гутарка ідзе пра стан навукі, які быў 60-70 гадоў назад (заўв. рэд.).

23 Хлорысты натр — звычайная павараная соль.

Раздзел трынаццаты. Некалькі лічбаў

Праз некалькі хвілін мы ўжо сядзелі з цыгаркамі ў зубах на канапе ў салоне. Капітан Нэма даў мне чарцяжы, на якіх “Наўтылус” быў паказаны ў прадольным і папярэчным разрэзах. Затым ён пачаў сваё тлумачэнне:

— Вось, спадар Аранакс, чарцяжы судна, на якім вы знаходзіцеся. Гэта выцягнуты: ў даўжыню цыліндр з канічнымі канцамі. Форма яго падобна да цыгары, а цыгаравідная форма лічыцца ў Лондане лепшай для такога роду канструкцый. Даўжыня цыліндра, ад канца да канца, дакладна складае семдзесят метраў, а найвялікшая яго шырыня — у цэнтры — восем метраў. Я не прытрымліваўся звычайнай для хуткаходных суднаў суадпаведнасці шырыні да даўжыні, як адзін да дзесяці, але пры даных мною суадносінах лобавае супраціўленне невялікае і выціскаемая вада не тармозіць ходу.

Гэтыя велічыні ўжо дазваляюць вам вылічыць плошчу і аб’ём “Наўтылуса”. Плошча яго дакладна складае адну тысячу адзінаццаць і сорак пяць сотых квадратнага метра, аб’ём — адну тысячу пяцьсот і дзве дзесятых кубічнага метра. З гэтага вынікае, што, поўнасцю пагружаны ў ваду, ён выціскае тысячу пяцьсот кубічных метраў, або тон, вады.

Складаючы план гэтага судна, прызначанага для падводнага плавання, я ставіў сабе задачу, каб пры спуску на ваду дзевяць дзесятых яго плошчы былі пагружаны ў мора і адна дзесятая выступала з вады. Пры такіх умовах яно павінна было выціскаць дзевяць дзесятых свайго аб’ёму, або тысячу трыста пяцьдзесят шэсць і сорак восем сотых кубічнага метра, і важыць столькі-ж тон. Мне, значыцца, трэба было не дапускаць перацяжарвання судна звыш гэтай вагі.

“Наўтылус” мае два корпусы — адзін унутраны і другі вонкавы, злучаныя між сабой жалезнымі бэлькамі, якія маюць форму літары “Т”; гэтыя бэлькі надаюць яму незвычайную трываласць. Сапраўды, дзякуючы такой сістэме, пустацелы “Наўтылус” уладае такой-жа супраціўляемасцю, якую ён меў-бы ўвесь літы. Ягоная абшыўка не прагінаецца, дасканаласць мацаванняў і аднароднасць матэрыялаў, пайшоўшых на канструкцыю судна, дазваляюць яму не баяцца самага бурнага мора.

Гэтыя два корпусы складаюцца са сталёвых лістоў, шчыльнасць якіх у адносінах да вады дае сем і восем сотых. Таўшчыня лістоў унутранога корпуса — каля пяці сантыметраў і вага яго — трыста дзевяноста чатыры і дзевяноста шэсць сотых тоны. Вонкавы корпус, кіль, які мае ў вышыню пяцьдзесят і ў шырыню дваццаць пяць сантыметраў і які адзін важыць шэсцьдзесят дзве тоны, машыны, баласт, усё астатняе абсталяванне і абстаноўка, унутраныя пераборкі і падпоркі — усё гэта разам узятае важыць дзевяцьсот шэсцьдзесят адну і пяцьдзесят дзве сотых тоны, што разам з трымастамі дзевяноста чатырма і дзевяноста шасцю сотымі тоны ўнутранага корпуса складае патрэбную сумарную вагу ў тысячу трыста пяцьдзесят шэсць і сорак восем сотых тоны. Вы зразумелі мяне?

— Зразумеў.

— Такім чынам, — прадаўжаў капітан, — калі “Наўтылус” знаходзіцца на паверхні вады, пры гэтай нагрузцы ён выступае на адну дзесятую частку. Значыцца, каб на караблі былі рэзервуары ёмкасцю ў гэтую дзесятую частку, г. зн. ёмкасцю ў сто пяцьдзесят і семдзесят дзве сотых тоны, і каб гэтыя рэзервуары напоўніць вадою, дык “Наўтылус”, выціскаючы тысячу пяцьсот сем кубаметраў, або, што тое самае, вагаю ў тысячу пяцьсот сем тон, поўнасцю апусціўся-б пад ваду. Гэта самае і адбываецца на практыцы. На “Наўтылусе” ёсць рэзервуары, размешчаныя ў яго ніжняй частцы. Калі адкрыць краны, рэзервуары напаўняюцца вадою, і карабель поўнасцю пагружаецца ў мора на ўзровень з паверхняю.

— Надзвычайна добра, капітан. Але тут, па-мойму, і пачынаюцца галоўныя цяжкасці. Я разумею, што вы можаце пагрузіцца ў ваду настолькі, што ніводзін сантыметр “Наўтылуса” не выступае на паверхню. Але вось калі вы спускаецеся ў глыб, хіба вашае судна не сустракае павялічанага ціску? Хіба гэты ціск не выштурхоўвае яго знізу ўгару з сілаю, прыкладна, адной атмасферы на кожныя трыццаць футаў вадзянога пласта, або, іначай кажучы, з сілаю аднаго кілаграма на квадратны сантыметр?

— Зусім правільна, прафесар.

— У такім разе, калі толькі вы не запаўняеце вадою ўвесь “Наўтылус” поўнасцю, я не бачу, якім чынам вы прымушаеце яго пагружацца глыбока ў ваду.

— Спадар прафесар, — сказаў капітан Нэма, — нельга змешваць статыку з дынамікай — гэта можа пацягнуць за сабою сур’ёзныя памылкі. Для таго, каб дасягнуць вялікіх глыбінь акіяна, трэба затраціць зусім нямнога работы. Сачыце за ходам маіх разважанняў.

— Я слухаю вас уважліва.

— Для азначэння, наколькі трэба павялічыць вагу “Наўтылуса”, каб ён мог пагружацца ў глыбіню мораў, я павінен быў заняцца разлікам змяншэння аб’ёму, займаемага марской вадой на розных глыбінях, пад ціскам вышэйляжачых пластоў.

— Гэта безумоўна, капітан.

— Аднак, хаця нельга адмаўляць, што вада ўладае здольнасцю сціскацца, але трэба сказаць, што сціскальнасць яе надта абмежаваная і сапраўды, паводле навейшых даных, вада сціскаецца на чатырыста трыццаць шэсць дзесяцімільённых частак пры павелічэнні ціску на адну атмасферу, гэта значыць на глыбіні трыццаць футаў. Калі трэба пагрузіцца на глыбіню ў тысячу метраў, дык трэба ўзяць у разлік змяншэнне аб’ёму ад ціску слупа вады вышынёю ў тысячу метраў, гэта значыць, ціск у сто атмасфер. Гэтае змяншэнне аб’ёму вызначаецца ў такім выпадку ў чатырыста трыццаць шэсць стотысячных. Выходзіць, што вага судна павінна будзе павялічыцца да тысячы пяцісот трынаццаці цэлых і сямідзесяці сямі сотых тоны, замест нармальнай вагі ў тысячу пяцьсот сем і дзве дзесятых тоны. Такім чынам, патрабуецца павелічэнне вагі ўсяго на шэсць і пяцьдзесят сем сотых тоны.

— Усяго?

— Усяго толькі, спадар Аранакс, і разлік гэты няцяжка праверыць. Між тым у мяне ёсць запасныя рэзервуары ёмкасцю ў сто тон. Дзякуючы ім я магу пагружацца на значныя глыбіні. Для таго, каб падняцца на ўзровень з паверхняю вады, мне даволі вызваліць гэтыя дадатковыя рэзервуары ад вадзянога баласта. Калі-ж я хачу, каб “Наўтылус” выплыў з вады на адну дзесятую частку свайго аб’ёму, я цалкам павінен апаражняць усе рэзервуары.

Мне не было чаго сказаць супраць гэтых разважанняў, якія грунтаваліся на дакладных лічбах.

— Я прымаю вашы разлікі, капітан, — сказаў я.— І сапраўды, смешна было-б супярэчыць, калі практыка штодня пацвярджае іхнюю правільнасць. Але ў мяне ўзнікае яшчэ адно сумненне.

— Якое?

— Калі вы апускаецеся на глыбіню ў тысячу метраў, сценкі корпуса “Наўтылуса” адчуваюць ціск у сто атмасфер. Значыцца, калі вы на такой глыбіні захочаце апаражніць рэзервуары, каб аблегчыць ваш карабель і ўзняцца на паверхню, дык насосам, што выштурхоўваюць ваду з рэзервуараў, прыйдзецца перамагчы дадатковае супраціўленне ў сто кілаграмаў на кожны квадратны сантыметр. А гэта патрабуе ад насосаў такой магутнасці...

— Якую можа даць толькі электрычнасць, — перапыніў мяне капітан Нэма. — Паўтараю, прафесар, магутнасць маіх машын амаль бязмежная. Насосы “Наўтылуса” надзвычай моцныя. Вы павінны былі ў гэтым пераканацца, калі на палубу “Аўраама Лінкальна”, як вадаспад, выліліся выкінутыя імі слупы вады. Між іншым, дадатковымі рэзервуарамі я карыстаюся толькі ў тых выпадках, калі хачу пагрузіцца на глыбіню ад паўтары да двух тысяч метраў, — каб не перагружаць свае батарэі. А калі мне прыйдзе ў галаву фантазія наведаць самыя глыбокія месцы акіяна — на восемдзесят тысяч метраў ад яго паверхні, — я ўжываю другія манеўры, мажліва, больш складаныя, але такія-ж пэўныя.

— Якія-ж, капітан?

— Для таго, каб вы зразумелі іх, я павінен спачатку расказаць вам, як я кірую “Наўтылусам”.

— Мне вельмі рупіць даведацца пра гэта.

— Каб накіроўваць судна ўправа-улева, ці, другімі словамі, у гарызантальнай плоскасці, я карыстаюся звычайным стырном, умацаваным пад кармою. Стырно гэта прыводзіцца ў рух штурвалам і штуртросамі. Але можна таксама накіроўваць “Наўтылус” і ў вертыкальнай плоскасці — згары ўніз і знізу ўгару — пры дапамозе двух плоскасцей, свабодна прымацаваных да яго бартоў каля ватэрлініі. Плоскасці рухаюцца ў вертыкальным напрамку знутры судна спецыяльнымі рычагамі. Калі плоскасці ўстаноўлены паралельна кілю, “Наўтылус” ідзе па гарызанталі. Калі яны нахілены, “Наўтылус”, у залежнасці ад вугла іх нахілу, або апускаецца па дыяганалі, або падымаецца па дыяганалі-ж, прычым даўжыня гэтай дыяганалі цалкам залежыць ад майго жадання. Больш таго, калі я хачу паскорыць пад’ём, я спыняю вінт, і ціск вады выштурхоўвае “Наўтылус” на паверхню па вертыкалі, як напоўнены вадародам аэрастат.

— Брава, капітан! — крыкнуў я. — Але кіраванне пагружаным у ваду “Наўтылусам” адбываецца наўздагад?

— Нічога падобнага. Стырнавы знаходзіцца ў будцы, якая выступае над палубай “Наўтылуса” ў насавой частцы. Ілюмінатары гэтай будкі маюць тоўстыя чачавіцападобныя шкелцы.

— Шкло, вытрымліваючае такія ціскі?

— Так. Крышталь крохкі пры падзенні або штуршку, уладае у той-жа час значнай трываласцю. У 1864 годзе ў часе вопытаў лоўлі пры электрычным асвятленні ў Паўночным моры крышталёвыя пласцінкі таўшчынёю ў сем міліметраў вытрымалі ціск у шаснаццаць атмасфер. А шкло, якім я карыстаюся, мае таўшчынёю ў цэнтры ў дваццаць адзін сантыметр, гэта значыць, яны ў трыццаць разоў таўсцейшыя.

— Я зразумеў. Але для таго, каб бачыць, трэба каб святло рассейвала цемру, і я пытаю сябе, якім чынам у цёмных глыбінях...

— За стырнавой будкай змяшчаецца магутны электрычны рэфлектар, — перапыніў мяне капітан Нэма,— праменні якога асвятляюць ваду на паўмілі наперад.

— Брава, тройчы брава, капітан! Цяпер мне зразумела гэтае электрычнае асвятленне вядомага нам “нарвала”, якое так дзівіла вучоных. Дарэчы, дазвольце даведацца: ці толькі выпадкова сутыкнуліся “Наўтылус” з “Шатландыяй”, нарабіўшы столькі шуму ва ўсім свеце?

— Зусім выпадкова, прафесар. Я плыў на двух метрах пад паверхняй вады, калі адбылася сутычка. Але-ж я адразу ўбачыў, што ніякай бяды не здарылася.

— Зусім правільна. “Шатландыя” шчасліва дабралася да порта. Ну, а ваша сустрэча з “Аўраамам Лінкальнам”?..

— Спадар прафесар, я сам спачуваю гэтаму лепшаму з караблёў адважнага амерыканскага флота, але ён нападаў на мяне, і я павінен быў абараняцца. Але-ж я абмежаваўся тым, што пазбавіў фрэгат магчымасці нападаць на мяне, — яму няцяжка будзе залячыць свае раны ў бліжэйшым порце.

— О, капітан, — вырвалася ў мяне, — “Наўтылус” сапраўды цудоўны карабель!

— Так, прафесар, — з прыкметным хваляваннем у голасе адказаў капітан Нэма. — Я люблю яго, як роднае дзіця. Караблі, што плаваюць па паверхні акіяна, сустракаюць тысячы небяспек. Кожная выпадковасць можа стаць для іх гібельнай. А тут, у глыбіні мора, чалавеку няма чаго непакоіцца. Не даводзіцца баяцца сплюшчвання ад ціску — корпус гэтага судна мацней за жалеза. У яго няма такелажу, які “стомліваецца” ад бур. Няма парусоў, якія можа сарваць вецер. Няма катлоў, якія могуць выбухнуць. Не страшны пажар, бо на ім няма драўляных частак. Няма вугалю, запасы якога хутка трацяцца — ён-жа рухаецца толькі электрычнасцю. Не страшны сутычкі, бо толькі ён адзін вандруе ў нетрах акіянаў. Не з’яўляюцца небяспекаю і буры, бо на некалькі метраў пад паверхняю акіяна заўсёды пануе непарушальны спакой. Вось, прафесар, ідэальны карабель! І калі праўда, што вынаходца заўсёды больш дае веры свайму судну, як інжынер-канструктар, а гэты апошні больш, як капітан, дык вы зразумееце, з якім бязмежным давер’ем станаўлюся да “Наўтылуса” я, адначасова і вынаходца, і канструктар, і капітан судна!

Капітан Нэма гаварыў з велізарным уздымам. Агонь, што загарэўся ў яго вачах, жвавасць рухаў рэзка змянілі яго.

У мяне ўзнікла адно пытанне, і, хаця яно магло палічыцца недалікатным, я не ўтрымаўся і задаў яго капітану Нэма:

— Выходзіць, што вы інжынер па адукацыі?

— Так, — адказаў ён. — У той час, калі я быў яшчэ зямным жыхаром, я вучыўся ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку.

— Але як вам удалося пабудаваць цішком ваш непараўнальны “Наўтылус”?

— Кожная частка яго, спадар прафесар, рабілася ў розных кутках зямнога шара, і заводам гаварылася выдуманае прызначэнне іх. Кіль “Наўтылуса” быў выкаваны на заводах Крэзо ў Францыі; грэбны вал — у Пэна і Ко. у Лондане; вінт — у Скота ў Глазго; рэзервуары — у Капля і Ко. у Парыжы; машыну зрабілі заводы Крупа ў Германіі; таран — шведскі фабрыкант Мотана; складаныя прыборы — браты Барт у Нью-Ёрку і так далей і да таго падобнае. Кожны з пастаўшчыкоў атрымаў мае чарцяжы, падпісаныя іншым імем.

— Але, — заўважыў я, — недастаткова-ж было атрымаць часткі, трэ’ было іх сабраць, прыгнаць...

— Я пабудаваў сабе верф на адным бязлюдным астраўку, загубленым у акіяне. Там навучаныя мною рабочыя, лепш сказаць мае таварышы, пад маім назіраннем сабралі “Наўтылус”. Калі зборка закончылася, агонь знішчыў усе сляды нашага прабывання на астраўку. Каб хапіла моцы — я пусціў-бы ў паветра і самы астравок.

— Трэба лічыць, што карабель абышоўся вам у велізарныя сумы?

— Звычайна жалезны карабель каштуе тысячу сто дваццаць пяць франкаў з кожнай тоны вагі. Мой “Наўтылус” важыць тысячу пяцьсот тон. Значыцца, ён каштуе без малага два мільёны франкаў, калі лічыць толькі кошт яго абсталявання, і чатыры-пяць мільёнаў разам з калекцыямі і прадметамі мастацтва, што хаваюцца на ім.

— Дазвольце задаць апошняе пытанне, капітан?

— Кажыце, прафесар.

— Вы вельмі багаты?

— Я бясконца багаты і мог-бы лёгка, не збяднеўшы, заплаціць дзесяцімільярдны доўг Францыі.

Я пільна паглядзеў на гэтага дзіўнага чалавека. Ці злоўжываў ён маёй даверлівасцю? Будучыня павінна была паказаць гэта.

 

Раздзел чатырнаццаты. Чорная рака

Плошча, якую займае вада на зямной паверхні, складае трыста шэсцьдзясят адзін мільён квадратных кіламетраў. Аб’ём гэтай масы вады роўны двум мільярдам двумстам пяцідзесяці мільёнам кубічных міль. Калі-б усю гэтую ваду ўзважыць, дык вага яе раўнялася-б тром квінтыльёнам тон. Каб усвядоміць гэтую лічбу, трэба ведаць, што квінтыльён так адносіцца да мільярда, як мільярд да адзінкі, або, інакш кажучы, у квінтыльёне столькі мільярдаў, колькі ў мільярдзе адзінак. Гэтая маса прыблізна адпавядае той колькасці вады, якую маглі-б выліць усе рэкі зямнога мора на працягу сарака тысяч год.

У дні маладосці зямлі за вогненным перыядам пайшоў перыяд вадзяны. Акіян спачатку пакрываў усю зямлю. Затым паступова, у сілурыйскі перыяд, пачаўся гораўтваральны працэс. З акіяна выступілі верхавіны гор. Потым з’явіліся астравы; яны зноў зніклі ад частковых патопаў, затым зноў з’явіліся, умацаваліся і ўтварылі сухазем’і; нарэшце сухазем’е набыло тыя абрысы, якія мы бачым цяпер. Сухазем’е адваявала ў вады сто сорак мільёнаў шэсцьсот сем тысяч квадратных кіламетраў.

Абрысы кантынентаў дазваляюць падзяліць ваду на пяць галоўнейшых частак: Паўночны ледавіты акіян, Паўднёвы ледавіты акіян, Індыйскі акіян, Атлантычны акіян і Ціхі акіян.

Ціхі акіян выцягнуўся з поўначы на поўдзень, паміж абодвума палярнымі кругамі, і з захаду на ўсход, паміж Азіяй і Амерыкай, на працягу ста сарака пяці градусаў даўгаты. Гэта самы спакойны з акіянаў; ягоныя плыні шырокія і павольныя, прылівы і адлівы ў ім невялікія, дажджы багатыя. Вось такі акіян, з якога пачаліся мае незвычайныя вандраванні.

— Калі хочаце, прафесар, — сказаў мне капітан Нэма, — мы дакладна вызначым наша месцазнаходжанне, адпраўны пункт новага вандравання. Цяпер без чвэрці дванаццаць гадзін. Я зараз загадаю падняць “Наўтылус” на паверхню акіяна.

З гэтымі словамі капітан тройчы націснуў кнопку электрычнага званка. Насосы пачалі выштурхоўваць ваду з рэзервуараў. Стрэлка манометра варухнулася і папаўзла па цыферблату, паказваючы, што ціск усё змяншаецца. Гэта сведчыла аб тым, што “Наўтылус” узнімаецца. Нарэшце, яна спынілася.

— Мы на паверхні, — сказаў капітан Нэма.

Я накіраваўся да цэнтральнага трапа, узняўся па яго жалезных усходцах угару і праз адкрыты люк выйшаў на палубу “Наўтылуса”.

Яна выступала з вады не болей як на восемдзесят сантыметраў. Вераценавідныя абрысы “Наўтылуса” сапраўды нагадвалі даўгую цыгару. Я звярнуў увагу на тое, што яго ліставая абшыўка нагадвала луску на целе буйных земнаводных жывёл. Цяпер я зразумеў, чаму ўсе караблі прымалі “Наўтылус” за марскую жывёлу.

Напалову схаваны ў корпус “Наўтылуса” човен трохі выступаў у сярэдзіне палубы. На носе і на карме ўзвышаліся дзве невялікія каморкі з нахіленымі, сценкамі, зашклёнымі тоўстым чачавіцападобным хрусталём. У пярэдняй змяшчаўся стырнавы, што кіраваў “Наўтылусам”, у другой — пільны электрычны пражэктар, які асвятляў дарогу.

Мора было надзвычай прыгожае, неба яснае. Доўгае судна ледзь гойдалася на шырокіх акіянскіх хвалях. Лёгкі ўсходні ветрык варушыў паверхню хваль. Нічым не затуманеная, выразная лінія гарызонта дазваляла з поўнай дакладнасцю рабіць назіранні.

Мора было зусім пустыннае. Нідзе астраўка, ні скалы. “Аўраама Лінкальна” таксама не было відаць. Бязмежная, грандыёзная пустыня акружала нас.

Капітан Нэма пачакаў поўдня і, паднёсшы да вачэй секстант, вызначыў вышыню сонца — гэта давала яму шырату месца. У часе назірання ніводзін мускул яго не здрыгануўся, і секстант, мабыць, быў-бы такім-жа нерухомым і ў руцэ мармуровай статуі.

— Поўдзень, — сказаў ён. — Ці не будзеце вы ласкавы, прафесар, спусціцца ўніз?

Я кінуў апошні позірк на мора, вада якога была крыху жаўтаватая ад блізкасці Японіі, і спусціўся ўслед за ім у салон.

Там капітан Нэма вылічыў пры дапамозе хранометра даўгату месца, праверыў свой разлік па папярэдніх вугламерных назіраннях і занёс на карту знойдзенае месцазнаходжанне “Наўтылуса”.

— Спадар Аранакс, — сказаў ён, — мы знаходзімся на 137°5́ заходняй даўгаты.

— Лічачы ад якога мерыдыяна? — жвава запытаўся я з надзеяй, што адказ капітана пралье святло на яго нацыянальнасць.

— У мяне ёсць розныя хранометры, — адказаў ён,— пастаўленыя па Парыжскаму, Грынвіцкаму і Вашынгтонскаму мерыдыянах. Але ў гонар вашай прысутнасці я карыстаўся сёння Парыжскім мерыдыянам.

Гэты адказ нічога не даў мне. Я пакланіўся ў знак удзячнасці. Капітан прадаўжаў:

— 137°15́ заходняй даўгаты ад Парыжскага мерыдыяна і 30°7́ паўночнай шыраты. Іншымі словамі, мы прыкладна ў трохстах мілях ад берагоў Японіі. Такім чынам, сёння, восьмага лістапада ў поўдзень мы пачнём сваю даследчую кругасветную экспедыцыю пад вадой. А цяпер, спадар прафесар, я не буду вам перашкаджаць працаваць. Я загадаў узяць курс на ўсход — паўночны ўсход і пагрузіцца на глыбіню пяцідзесяці метраў. На гэтай вялікай карце штодня будзе азначацца пройдзены шлях. Салон у поўным вашым распараджэнні, і я ў вас папрашу дазволу пайсці.

Капітан Нэма пакланіўся і выйшаў. Я застаўся адзін у салоне, заняты сваімі думкамі. Яны нязменна вярталіся да ўладара “Наўтылуса”. Ці даведаюся я калі-небудзь пра нацыянальнасць гэтага чалавека, які горда заяўляе, што ён не мае радзімы? Што або хто ўзбудзіў у ім нянавісць да чалавецтва? Быў ён ці адным з тых непрызнаных вучоных, якіх “пакрыўдзіў свет”, як гаворыць Кансель, сучасным Галілеем24, ці вучоным-рэвалюцыянерам, выгнаным са сваёй радзімы? Гэтага я яшчэ не ведаў. Ён прыняў мяне, закінутага выпадкам на яго карабель, гасцінна, але з адценнем халоднасці, не дазваляючы мне забывацца, што маё жыццё ў яго ўладзе. І ён ні разу не паціснуў рукі, якую я яму працягваў, і ні разу не працягнуў мне сваёй рукі.

Цэлую гадзіну я быў заняты гэтымі думкамі, імкнучыся пранікнуць у хвалюючую тайну гэтага чалавека. Потым мае вочы спыніліся на раскладзенай па стале карце, і я апусціў палец на месца скрыжавання вызначаных капітанам Нэма даўгаты і шыраты.

Мора мае свае рэкі, таксама як і сухазем’і. Гэта плыні, якія лёгка пазнаць па колеру і тэмпературы, якія адрозніваюцца ад колеру і тэмпературы астатняй вады. Найбольш вядомая акіянская плынь — гэта Гольфштром. Навука нанесла на карту кірунак пяці галоўнейшых плыней: адной у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна, другой — у паўднёвай, трэцяй — у паўднёвай частцы Ціхага акіяна, чацвёртай — у паўночнай і нарэшце пятай — у паўднёвай частцы Індыйскага акіяна. Пэўна можна сказаць, што ў даўно мінулыя часы, калі Каспійскае і Аральскае моры і вялікія азіяцкія азёры складалі адзін вадаём, у паўночнай частцы Індыйскага акіяна існавала шостая плынь.

Праз той пункт карты, дзе кропкай адзначана было месца знаходжання “Наўтылуса”, праходзіла адна з гэтых плыней — Японская плынь Куро-Сіва, што ў перакладзе азначае “Чорная рака”. Выйшаўшы з Бенгальскай затокі з водамі, нагрэтымі вертыкальнымі праменямі трапічнага сонца, яна праходзіць Малакскай пратокаю, ідзе каля берагоў Азіі і апісвае крывую ў паўночнай частцы Ціхага акіяна, даходзячы да Алеуцкіх астравоў. Плынь гэтая цягне за сабой камлі камфорных дрэў і іншых трапічных раслін і рэзка адрозніваецца сваёй ярка-сіняй афарбоўкай і высокай тэмпературай ад цёмна-зялёных і халодных водаў акіяна.

Шлях “Наўтылуса” ляжаў па гэтай плыні. Я сачыў за плыняй па карце, уяўляючы сабе ў думках, як яна знікае, раствараючыся ў бязмежным прасторы Ціхага акіяна, і так далёка адышоў ад сапраўднасці, што не заўважыў, як Нэд Лэнд і Кансель увайшлі ў салон.

Мае слаўныя спадарожнікі проста скамянелі, убачыўшы багацці, што раскінуліся перад іх вачыма.

— Дзе мы знаходзімся, — здзівіўся канадзец. — Няўжо ў Квэбекскім музеі?

— З дазволу гаспадара, — адказаў на гэта Кансель,— я хутчэй падумаў-бы, што мы ў гатэлі Сомерара.

— Сябры мае, — сказаў я, — вы не ў Канадзе і не ва Францыі, а на борце “Наўтылуса”, на пяцьдзясят метраў пад узроўнем мора.

— Прыходзіцца гэтаму паверыць. Калі ўжо так гаворыць гаспадар, — адказаў Кансель, — але, кажучы шчыра, такі салон можа збянтэжыць нават гэтакага фламандца, як я!

— Можаш здзіўляцца, колькі твая душа пажадае, сябра мой. А за адно агледзь вітрыны — там ёсць над чым папрацаваць такому класіфікатару, як ты.

Канселя не трэба было двойчы запрашаць заняцца класіфікацыяй. Схіліўшыся над вітрынамі, ён ужо бурчэў нешта на мове натуралістаў: клас, атрад, падатрад, сямейства, род, від...

Тым часам Нэд Лэнд, якога мала цікавіла конхіліялогія, распытваў мяне аб сустрэчы з капітанам Нэма: ці даведаўся я, хто ён, адкуль родам, куды трымае шлях, у якія глыбіні ўцягвае нас? Ён засыпаў мяне тысячай пытанняў, не даючы мажлівасці адказаць ні на адно.

Калі ён змоўк, я паведаміў яму ўсё, што ведаў сам, і ўсё, чаго не ведаў і, у сваю чаргу, запытаў у яго, што ён чуў і бачыў за гэты час.

— Нічога не чуў і нічога не бачыў, — адказаў канадзец. — Я нават не бачыў нікога з каманды судна. Можа і яна таксама электрычная?

— Электрычная?..

— Сапраўды, гэтаму можна даць веры... Але скажыце, спадар прафесар, — запытаў Нэд Лэнд, захоплены ўсё той-жа ідэяй, — колькі чалавек каманды на борце гэтага судна? Дзесяць, дваццаць, пяцьдзесят, сто?

— Нічога не магу вам адказаць, Нэд, на гэтае пытанне. Паверце мне, выкіньце з галавы думку заўладаць “Наўтылусам” або ўцякаць з яго. Гэты карабель— цуд сучаснай тэхнікі, і я ўсё жыццё шкадаваў-бы, каб мне не ўдалося як належыць азнаёміцца з ім! Шмат хто пазайздросціў-бы нашаму з вамі становішчу, хаця-б дзеля магчымасці зрабіць экскурсію сярод цудаў. Такім чынам, сядзіце ціха і давайце будзем назіраць за тым, што адбываецца вакол нас.

— Назіраць? — ускрыкнуў гарпуншчык. — Ды тут нічога не ўбачыш у гэтай жалезнай турме! Мы рухаемся, нібы сляпыя!

Не паспеў Нэд Лэнд скончыць сказ, як раптам у салоне зрабілася абсалютна цёмна. Асветленая столь пагасла з такой хуткасцю, што ў мяне нават вочы забалелі, нібы ад поўнага змроку я перайшоў адразу да яскравейшага святла.

Мы анямелі і не рызыкавалі нават паварушыцца, не ведаючы, які сюрпрыз — прыемны ці непрыемны — нас чакае. Але тут пачуўся нейкі гук, нібы жалезная абшыўка “Наўтылуса” пачала рассоўвацца.

— Гэта канец, — сказаў Нэд Лэнд.

Раптам салон асвяціўся. Святло праходзіла з абодвух бакоў скрозь дзве авальныя шчыліны ў сценах. Вадзяныя тоўшчы былі ярка асветлены электрычным пражэктарам. Два тоўстыя хрустальныя вокны аддзялялі нас ад мора. Спачатку я здрыгануўся пры думцы, што гэта кволая перагародка можа разбіцца. Але, разгледзеўшы тоўсты медны пераплёт акон, я супакоіўся — ён павінен быў надаваць шклу велізарную трываласць.

Мора было надзвычайна добра відаць у радыусе адной мілі ад “Наўтылуса”. Якое незвычайнае відовішча! Якое пяро магло апісаць яго? Хто можа перадаць дзівосны эфект святла, працінаючага празрыстыя воды, мяккую гаму пераходаў ад святла да ценю, неапісальнае багацце паўтонаў?..

Усім вядома празрыстасць марской вады — яна чысцей за самую чыстую крынічную ваду. Раствораныя і ўзважаныя ў ёй мінеральныя солі толькі павялічваюць гэтую празрыстасць. У некаторых месцах акіяна, напрыклад ля Антыльскіх астравоў, скрозь пласты вады, таўшчынёй сто сорак метраў, можна выразна бачыць кожную пясчынку на дне; сонечныя праменні, наколькі нам вядома, пранікаюць у марскую ваду на глыбіню да трохсот метраў.

Электрычнае святло, здавалася, ператварыла вадкае асяроддзе наўкол “Наўтылуса” не ў асветленую ваду, а ў патокі вадкага святла.

Калі прызнаць правільнай гіпотэзу Эрэмберга аб тым, што глыбокія водныя солі фасфарысцыруюць, то прырода даравала глыбокаводным жыхарам відовішча нябачанага хараства. Я мог пераканацца ў гэтым, гледзячы праз вокны “Наўтылуса” на ігру святла ў вадзе. Абапал салона расчынена было па акну ў свет невядомага і недаследаванага. Цемра, панаваўшая ў салоне, узмацняла эфект вонкавага асвятлення, і мы глядзелі нібы праз шкло гіганцкага акварыума.

Здавалася, “Наўтылус” стаіць на месцы нерухома. Гэта тлумачылася тым, што наперадзе не было ніякага нерухомага прадмета, перамяшчэнне якога магло-б паказаць нам, што мы рухаемся. Але час ад часу струменькі вады, рассечаныя носам нашага карабля, мільгалі перад вачыма з вялікай хуткасцю.

Зачараваныя і захопленыя, мы праціснуліся да акон, не знаходзячы слоў для выказвання свайго здзіўлення.

Раптам Кансель загаварыў:

— Ну-с, прыяцель Нэд, вы хацелі бачыць? Глядзіце-ж!

— Цікава, цікава, — сказаў канадзец, забываючыся перад гэтым захапляючым відовішчам і на свой гнеў і на мары пра пабег. — Варта прыехаць здалёк, каб назіраць такі спектакль!

— Цяпер для мяне зразумела жыццё гэтага чалавека, — ускрыкнуў я. — Ён стварыў сабе асобны свет і цешыцца назіраннем яго непараўнальных цудаў!

— Але дзе-ж рыбы? — запытаў канадзец. — Я не бачыў рыб!

— А ці не ўсёроўна вам, Нэд? — адказаў Кансель.— Вы-ж іх не ведаеце.

— Як не ведаю? Ды я-ж рыбак! — ускрыкнуў Нэд Лэнд.

Паміж сябрамі разгарэлася спрэчка — абодва яны ведалі рыб, але кожны па-свойму. Усім вядома, што рыбы складаюць чацверты і апошні клас аддзела хрыбетных. Навука выпрацавала зусім дакладнае азначэнне для іх: “Хрыбетныя з халоднай крывёю, якія дыхаюць жабрамі і прыстасаваныя да жыцця ў вадзе”. Рыбы падзяляюцца на два непадобныя падкласы25; касцістых, г. зн. такіх, у якіх спінны хрыбет складаецца з косных пазванкоў, і храшчавых, г. зн. такіх, у якіх спінны хрыбет складаецца з храшчавых пазванкоў.

Мажліва, што канадзец чуў пра гэты падзел рыб, але Кансель бясспрэчна ведаў аб гэтым непараўнальна болей. Пасябраваўшы з Нэдам, ён шчыра захацеў пашырыць яго веды і таму сказаў:

— Сябра мой, Нэд, вы — страх для рыб, вы спрытны і смелы рыбак. На сваім вяку вы пералавілі безліч гэтых цікавых стварэнняў. Але я гатовы біцца аб заклад, што вы не маеце ўяўлення аб тым, як іх класіфікаваць.

— Нічога падобнага, — сур’ёзна адказаў канадзец.— Рыбы падзяляюцца на ўжыткоўныя і неўжыткоўныя.

— Гэта класіфікацыя абжораў, — рассмяяўся Кансель. — Але скажыце, ці ведаеце вы розніцу паміж касцістымі і храшчавымі рыбамі?

— Мажліва што і ведаю, Кансель.

— А далейшы падзел гэтых класаў?

— Не, пра гэта не маю ўяўлення, Кансель.

— У такім разе слухайце, Нэд, і запамінайце. Касцістыя рыбы падзяляюцца на шэсць атрадаў. Першы атрад — калючапёрыя рыбы з цэльнай і рухомай верхняй сківіцай і з жабрамі, нагадваючымі па форме грэбень. Гэты атрад уключае пятнаццаць сямействаў, г. зн. амаль тры чвэрці ўсіх вядомых рыб. Прадстаўнік атрада — звычайны акунь.

— Даволі смачная рыба, — зазначыў Нэд Лэнд.

— Другі атрад, — прадаўжаў Кансель, — адкрытапузырныя, у якіх брушныя плаўнікі знаходзяцца пад чэравам, ззаду грудных, і не прымацаваны да плечавых касцей. Гэты атрад уключае пяць сямействаў і ў яго ўваходзіць большая частка прэснаводных рыб. Прадстаўнікі атрада: карп, шчупак.

— Фу, — пагардліва сказаў канадзец, — не люблю прэснаводных рыб.

— Трэці атрад, — казаў Кансель, — мяккапёрыя, брушныя плаўнікі якіх размешчаны пад груднымі і непасрэдна прымацаваны да плечавых касцей. У гэтым атрадзе чатыры сямействы. Прадстаўнік атрада — камбала.

— Во гэта дык рыба! — ускрыкнуў гарпуншчык, упарта прадаўжаючы разглядаць рыб толькі з кулінарнага пункту гледжання.

— Чацвёрты атрад, — не слухаючы, прадаўжаў Кансель, — складае адно толькі сямейства вугроў26, — з падоўжаным целам, пазбаўленым брушных плаўнікоў і пакрытым шчыльнай, нярэдка слізістай скурай.

— Нясмачныя, — уставіў гарпуншчык.

— Пяты атрад, — казаў Кансель, — пучкажабёрныя з цэльнымі рухавымі сківіцамі, але з жабрамі, якія складаюцца з маленькіх пучкоў, размешчаных папарна ўдоўж жаберных дуг. У гэтым атрадзе толькі адно сямейства27 ігліцавых. Прадстаўнік — марскі канёк.

— Фу, брыдота! — ускрыкнуў канадзец.

— Шосты і апошні28 — зроснасківічныя, сківічная костка якіх нерухома злучана з паміжсківічнай і паднёбны звод злучаецца з чэрапам. У гэтым атрадзе два сямействы — цвёрдаскурыя і скалазубыя. Прадстаўнік — луна-рыба.

— Якая можа толькі запэцкаць каструлю, — заўважыў канадзец.

— Вы зразумелі мяне, дружа? — запытаў вучоны Кансель.

— Ні д’ябла не зразумеў, Кансель, — адказаў гарпуншчык. — Але прадаўжайце. Тое, што вы гаворыце, вельмі цікава.

— Што датычыць падкласа храшчавых рыб, — спакойна прадаўжаў Кансель, — дык ён уключае ў сябе ўсяго толькі тры атрады.

— Чым меней, тым лепш, — зазначыў Нэд.

— Першы кругларотыя29, сківіцы якіх злучаны ў адно кальцо, а жабры адкрываюцца, шматлікімі шчылінамі. У гэтым атрадзе толькі адно сямейства30. Прадстаўнік — мінога.

— Нядрэнная рыба,—адказаў Нэд Лэнд.

— Другі атрад — акулы і скаты31 з жабрамі, як у кругларотых, але з рухомай ніжняй сківіцай.

— Як! — ускрыкнуў Нэд. — Акула і скат у адным атрадзе? Ну, браце Кансель, калі вы хочаце, каб скаты ўцалелі, не раю вам змяшчаць іх у адзін атрад з акуламі.

— Трэці атрад, — не міргнуўшы вокам, прадаўжаў Кансель, — асятровыя32, жабры якіх адкрываюцца адной шчылінай, прыкрытай крышкай. У гэтым атрадзе чатыры сямействы. Прадстаўнік — асётр.

— Ага, Кансель, лепшае захавалі на самы канец! Ці скончылі вы?

— Так, Нэд. Але майце на ўвазе, што вы ўведалі яшчэ самую дробязь, бо атрады падзяляюцца на падатрады, сямействы, падсямействы, роды, віды, разнавіднасці.

— Во, Кансель, акурат некалькі рознавіднасцей,— сказаў канадзец, павяртаючыся тварам да акна.

— Так, рыбы, — усклікнуў Кансель. — Можна падумаць, што знаходзішся ў акварыуме.

— Не, — адказаў я, — акварыум — гэта-ж толькі клетка, а гэтыя рыбы такія-ж вольныя, як птушкі ў паветры.

— Ну, Кансель, назавіце-ж мне гэтых рыб, — папрасіў Нэд Лэнд.

— Гэта не па маёй спецыяльнасці, — адказаў Кансель, — звярніцеся да майго гаспадара.

І сапраўды, гэты добры дзяцюк, заўзяты класіфікатар, не быў натуралістам, і я не ведаю, ці мог ён адрозніць у натуры тунца ад пузанка. У гэтых адносінах ён быў простай процілегласцю канадца, які адразу называў усіх рыб.

— Гэта спінарог, — сказаў я.

— Прамавугольны спінарог, — дадаў Нэд Лэнд.

— Род спінарогаў, сямейства цвёрдаскурых, атрад зроснасківічных, — прашаптаў Кансель.

Сапраўды, Кансель і Нэд Лэнд, разам узятыя, склалі-б аднаго выдатнага натураліста!

Канадзец не памыліўся. Мноства спінарогаў, з прамавугольнымі, нібы спрасаванымі целамі, з лускаватай скураю, з шыпам на спінным плаўніку, круціліся наўкол “Наўтылуса”, варушачы чатырма радамі калючак, якімі ўсеяны іх хвост. Цяжка ўявіць сабе што-небудзь прыгажэйшае за іх луску — шэрую на спіне і белую на чэраве, залатыя плямы якой блішчэлі агнямі ў цёмнай вадзе. Побач са спінарогамі плылі скаты, нібы палотнішчы, узнятыя на ветры. Сярод іх я заўважыў кітайскага ската з жаўтаватай спіною, квола ружовым чэравам і трыма шыпамі над вокам; гэтая рознавіднасць надзвычайна рэдка сустракаецца. У часы Ласепеда33 ў існаванні кітайскіх скатаў нават наогул сумняваліся, бо ён бачыў іх толькі ў адным зборы японскіх малюнкаў.

На працягу двух гадзін цэлая падводная армія суправаджала “Наўтылус”. Сярод прыгажэйшых адна за адну і спрытнейшых рыб я распазнаў зялёнага губана, султанку з падвойнай чорнай рыскай на спіне, японскую макрэль з сінім целам і срэбнай галавою, блішчастых лазоравых рыб, адна назва якіх замяняе цэлае апісанне, паласатых спараў з сіне-зялёнымі плаўнікамі, спараў з чорнай паласою вакол хваста, спараў з шасцю “паяскамі”, бекасавых рыб, з якіх некаторыя дасягалі цэлага метра даўжыні, японскіх саламандраў, мурэн даўжынёю ў шэсць футаў, з маленькімі жывымі вочкамі і шырокім ротам, усеяным зубамі.

Мы не пераставалі захапляцца. Нэд называў рыб, Кансель зараз-жа класіфікаваў іх, а я прыходзіў у экстаз ад хараства іх форм і хуткасці руху. Нідзе мне яшчэ не даводзілася бачыць жывых, вольных рыб у іх натуральным асяроддзі.

Не буду пералічаць усе рознавіднасці, прамільгнуўшыя перад нашымі вачыма, усю гэтую калекцыю рыб японскіх і кітайскіх мораў. Прывабленыя, відаць, яркім электрычным святлом, яны сцякаліся зграямі, больш шматлікія, як птушкі ў паветры.

Раптам салон асвятліўся. Жалезныя акяніцы засунуліся. Цудоўнае відовішча знікла, але я доўга яшчэ быў ахоплены марамі, пакуль вочы мае выпадкова не спыніліся на прыборах, вісеўшых на сцяне. Стрэлка компаса па-ранейшаму паказвала кірунак на ўсход — паўночны ўсход, манометр — ціск у пяць атмасфер, што адпавядала пяцідзесяціметровай глыбіні, а электрычны лаг — хуткасць у пятнаццаць міль у гадзіну.

Я чакаў капітана Нэма. Але ён не з’яўляўся.

Хранометр паказваў пяць гадзін пасля поўдня.

Нэд Лэнд і Кансель вярнуліся ў сваю каюту. Я таксама пайшоў у свой пакой. Абед чакаў мяне на стале. Ён складаўся з чарапахавага супу, смажанай султанкі, пячонка якой, прыгатаваная асобна, была на дзіва далікатнай стравай, і філею з круглагаловага шыпаглаза, больш смачнага, як сёмга.

Вечар я правёў за чытаннем, пісаннем і ў разважаннях. Калі сон пачаў авалодваць мною, я расцягнуўся на ложку і моцна заснуў, у той час, як “Наўтылус” хутка рухаўся па “Чорнай рацэ”.

 

24 Галілей (1564—1642) — вялікі італьянскі вучоны, якога царкоўнікі праследавалі за сцвярджэнне, што зямля круціцца вакол сонца.

25 Паводле Брэма — на тры падкласы: косных, касцістых, і храшчавых.

26 Паводле Брэма вугры не складаюць самастойнага атрада, а ўваходзяць у атрад адкрытапузырных.

27 Паводле Брэма, два — ігліцавыя і трубакрылыя.

28 Прапушчаны атрад зроснаглотачных.

29 Паводле Брэма, не ўваходзіць у падклас храшчавых.

30 Паводле Брэма, два — максіны і міногі.

31 Паводле Брэма, два асобных атрады.

32 Паводле Брэма, адносяцца да падкласа не храшчавых, а косных рыб.

33 Ласепед (1756—1825) — вядомы французскі натураліст.

Раздзел пятнаццаты. Пісьмовае запрашэнне

На другі дзень, 9 лістапада, я прачнуўся толькі познім ранкам, пасля дванаццацігадзіннага сну. Кансель прыйшоў, як зазвычай, запытацца, “як гаспадар правёў ноч”, і прапанаваць свае паслугі. Ён пакінуў свайго сябра-канадца які спаў так моцна, як быццам нічым іншым той усё сваё жыццё і не займаўся.

Я прадставіў слаўнаму Канселю балбатаць, колькі яму ўздумаецца, адказваючы яму абы як і абы што. Мяне клапаціла адсутнасць капітана Нэма на ўчарашнім спектаклі, і я спадзяваўся, што ўдасца пабачыць яго ў гэты дзень.

Я апрануўся ў свой гарнітур з вісона. Выгляд гэтай тканіны выклікаў у Канселя рад заўваг. Я сказаў яму, што тканіна зроблена з шаўкавістых валокнаў, якімі прымацоўваюцца да скалаў некаторыя міжземнаморскія ракушкі. Даўней з гэтых валокнаў вырабляліся прыгожыя тканіны, панчохі, пальчаткі, бо вісон дае вельмі мяккую і вельмі цёплую тканіну. Такім чынам, само мора забяспечвала каманду “Наўтылуса” адзеннем, і яна не мела патрэбы ні ў баваўнянку, ні ў воўне, ні ў шаўкавістых чарвяках.

Апрануўшыся, я выйшаў у салон. Там нікога не было.

Я аддаўся разгляду каштоўнасцей, сабраных пад шклянымі вітрынамі. Я капаўся ў гербарыях, запоўненых самымі рэдкімі марскімі раслінамі, якія захавалі, не гледзячы на тое, што яны былі засушаны, незвычайнае хараство і яскравасць фарбаў.

У гэтых занятках прайшоў увесь дзень. Капітан Нэма не паказваўся. Жалезныя акяніцы на вокнах салона не расчыняліся. Мажліва, што нас не хацелі перанасычаць гэтым цудоўным відовішчам.

“Наўтылус” па-ранейшаму трымаў курс на ўсход-поўнач-усход і ішоў на глыбіні пяцідзесяці-шасцідзесяці метраў з хуткасцю дванаццаці міль у гадзіну.

Наступны дзень, 10 лістапада, прайшоў у такім-жа адзіноцтве. Я не бачыў ніводнага чалавека з каманды “Наўтылуса”. Нэд і Кансель правялі большую частку дня са мною. Незразумелая адсутнасць капітана здзіўляла нас. Магчыма, гэты дзіўны чалавек захварэў? Або ён рашыў змяніць свае меркаванні наконт нас.

Урэшце, як правільна сказаў Кансель, нам не было на што скардзіцца. Мы карысталіся поўнай свабодаю, нас смачна і сытна кармілі. Наш гаспадар добрасумленна выконваў нашу ўмову. Да таго-ж самая незвычайнасць нашага становішча абяцала нам столькі ўцех, што мы не мелі рацыі скардзіцца на лёс.

У гэты дзень я пачаў весці запіс усіх падзей, што дазваляла мне цяпер расказваць аб іх з велізарнейшай дакладнасцю. Цікавая падрабязнасць: дзённік свой я пісаў на паперы, зробленай з марскіх водарасцяў...

Адзінаццатага лістапада рана-рана прыток свежага паветра даў мне зразумець, што мы ўзняліся на паверхню акіяна, каб аднавіць запасы кіслароду. Я накіраваўся да лесвіцы і ўзняўся на палубу “Наўтылуса”.

Была шостая гадзіна раніцы. Стаяў густы туман. Мора было шэрае, але спакойнае, лёгкая зыб ледзь гойдала яго паверхню. Мяне займала пытанне: ці выйдзе на палубу капітан Нэма?

Але пакуль што, апроч стырнавога, заключанага ў сваю шкляную будку, на палубе нікога не было.

Сеўшы на выступ, створаны дном шлюпкі, я прагна ўдыхаў насычаныя соллю выпарэнні.

Патроху, пад дзеяннем прамых сонечных прамянёў, туман развеяўся. Ззяючае свяціла ўзнялося з-за гарызонту на ўсходзе. Мора выбухнула пад яго праменямі, як ракета, начыненая порахам. Шматлікія перыстыя, зазубраныя па краях воблачкі, прадвяшчаўшыя ветраны дзень, афарбаваліся ў на дзіва тонкія тоны.

Але што значыць ветраны дзень для “Наўтылуса”. які не баіцца ніякіх бур?

Я любаваўся гэтым вясёлым, жыццярадасным усходам сонца, калі за маёй спіною пачуліся крокі. Хтосьці ўзнімаўся на палубу.

Я нарыхтаваўся ўжо аддаць паклон капітану Нэма, але гэта аказаўся яго памочнік — я яго бачыў ужо раней, пры першым наведванні капітана. Ён выйшаў на палубу і як быццам не заўважыў маёй прысутнасці. Прыставіўшы да вачэй моцны бінокль, ён з велізарнейшай увагай стаў аглядаць краявід. Скончыўшы агляд, ён падышоў да люка і прамовіў наступны сказ, — я дакладна запомніў яго гучанне, бо потым часта чуў яго пры падобных-жа абставінах:

— Nautron respoc lorni virch!

Не ведаю, што ён азначаў.

Кінуўшы гэтыя словы, памочнік спусціўся ўніз па драбінцы. Я падумаў, што “Наўтылус” зараз зноў апусціцца ў ваду, і таму паспяшаўся ў сваю чаргу сыйсці ўніз і вярнуцца ў свой пакой.

Так, без змен, прайшлі пяць дзён. Кожную раніцу я выходзіў на палубу. Кожную раніцу той-жа чалавек вымаўляў той-жа сказ. Але капітан Нэма не з’яўляўся.

Я прымірыўся ўжо з тым, што больш не ўбачу яго, калі 16 лістапада, увайшоўшы ў свой пакой у суправаджэнні Канселя і Нэда Лэнда, я знайшоў на стале адрасаваны мне ліст.

Я нецярпліва ўскрыў канверт. Ён быў надпісаны цвёрдым і чытэльным почыркам па-французску, але абрысы літар мелі падабенства да гатычных літараў нямецкага алфавіту.

Вось змест гэтага ліста:

 

ПАНУ ПРАФЕСАРУ АРАНАКСУ

на борце “Наўтылуса”

 

16 лістапада 1867 года

Капітан Нэма запрашае прафесара Аранакса прыняць удзел у паляванні, якое адбудзецца заўтра раніцаю ў лясах вострава Крэспо. Капітан Нэма будзе вельмі рады, калі спадарожнікі спадара прафесара пажадаюць далучыцца да гэтай экскурсіі.

Камандзір “Наўтылуса”

Капітан НЭМА

— Паляванне! — ускрычаў Нэд.

— Ды яшчэ ў лясах вострава Крэспо! — дадаў Кансель.

— Значыцца, гэты тып наведвае іншы раз і цвёрдую зямлю? — запытаў Нэд.

— На маю думку, гэта зусім ясна сказана,— адказаў я, перачытаўшы ліст.

— Што-ж, у такім разе неабходна прыняць запрашэнне, — заявіў канадзец. — Трапіўшы на сухазем’е мы, у залежнасці ад абставін, выпрацуем план дзеянняў. І апроч усяго я не супярэчыў-бы, каб з’есці кавалак свежага мяса.

Не спрабуючы прымірыць відавочную супярэчнасць паміж заявамі капітана Нэма аб агідзе да сухазем’яў і астравоў і гэтым запрашэннем на паляванне ў лесе я абмежаваўся такім адказам:

— Давайце паглядзім спачатку, які такі востраў Крэспо.

Пашукаўшы на карце, я знайшоў пад 32°40́ паўночнай шыраты і 167°50́ заходняй даўгаты астравок. У 1801 годзе яго адкрыў капітан Крэспо. На старых іспанскіх картах ён называўся — Рока дэ ля Плата, што ў перакладзе азначае “Сярэбраная скала”.

Гэты астравок быў прыкладна за тысяча восемсот міль ад пункту нашага адпраўлення: “Наўтылус”, такім чынам, некалькі змяніў першапачатковы курс і накіраваўся цяпер да паўднёвага ўсходу.

Я паказаў сваім таварышам на гэтую маленечкую кропку, загубленую на карце ў прасторах паўночнай часткі Ціхага акіяна.

— Ясна, што калі капітан Нэма іншы раз і выходзіць на сушу, то ён выбірае для гэтага зусім незаселеныя астравы.

Нэд Лэнд, не адказваючы, паківаў галавой. Потым ён і Кансель пайшлі.

Пасля вячэры, паданай спакойным нібы нямым сцюардам, я лёг спаць некалькі заклапочаны.

Наступнай раніцай, 17 лістапада, прачнуўшыся, я адчуў, што “Наўтылус” стаіць зусім нерухома.

Я спрытна апрануўся і выйшаў у салон.

Капітан Нэма ўжо знаходзіўся там. Ён падняўся мне насустрач, пакланіўся і запытаў ці згодзен я суправаджаць яго.

Паколькі ён не рабіў ніякага намёку на сваю васмідзённую адсутнасць, я асцярогся загаварыць аб гэтым і каротка адказаў, што мае таварышы і я сам гатовы ісці следам за ім.

— Дазвольце толькі капітан, — дадаў я, — задаць вам адно пытанне.

— Калі ласка, прафесар, — сказаў ён. — Калі я змагу, я адкажу вам.

— Як здарылася, капітан, — запытаўся я, — што парваўшы ўсе сувязі з зямлёй, вы валодаеце лясамі на востраве Крэспо?

— Бачыце, прафесар, — адказваў мне капітан, — лясы, якімі я валодаю, не патрабуюць ад сонца ні цеплыні, ні святла. У іх не водзяцца ні львы, ні тыгры, ні пантэры, ні наогул чацвераногія. Пра іх існаванне ведаю толькі я адзін. Яны і растуць толькі для мяне... Гэта не зямныя, а падводныя лясы.

— Падводныя лясы?! — ускрыкнуў я.

— Так, прафесар.

— І вы прапануеце мне ісці туды?

— Зусім правільна.

— Пехатою?

— Нават не замачыўшы ног.

— І паляваць?

— Так, паляваць.

— Са стрэльбай?

— Са стрэльбай.

Я кінуў на капітана Нэма позірк, у якім не было нічога прыемнага для яго.

“Няма сумнення, — падумаў я, — гэты чалавек псіхічна хворы; у яго толькі што быў прыступ хваробы, якая працягвалася восем дзён, а мажліва працягваецца яшчэ і цяпер. Шкада! Я лепш хацеў-бы лічыць яго за чалавека з дзівацтвам, чымся вар’ятам”.

Гэтыя думкі, напэўна, лёгка было прачытаць на маім твары.

Але капітан Нэма, нічога не гаворачы, жэстам прапанаваў мне пайсці за сабой, і я пайшоў з выглядам чалавека, гатовага да ўсялякіх здарэнняў.

Мы прайшлі ў сталовую, дзе нас ужо чакала снеданне.

— Спадар Аранакс, — сказаў капітан, — сядайце, калі ласка, і закусвайце без цырымоніі. За снеданнем мы пагаворым. Я абяцаў вам падводны шпацыр, але не падводны рэстаран. Таму раю вам снедаць больш грунтоўна, бо палуднаваць мы зможам толькі ўвечары.

Я паслухаўся гэтай парады і аддаў належную ўвагу снеданню. Яно складалася з разнастайных рыб, прыпраўленых марскімі водарасцямі.

Запівалі мы снеданне чыстай вадой, да якой, беручы прыклад ад капітана, я дадаў некалькі капель перабрадзіўшага настою водарасцяў пад назвай “перапончатай радаменіі”.

Спачатку капітан Нэма еў моўчкі.

Але крыху пад’еўшы, ён сказаў:

— Я думаю, прафесар, што атрымаўшы запрашэнне на паляванне ў лес вострава Крэспо, вы палічылі мяне непаслядоўным. Калі-ж вы даведаліся, што я запрашаю вас у падводны лес, вы рашылі, што я звар’яцеў. Спадар прафесар, ніколі не трэба павярхоўна судзіць аб людзях!

— Але, капітан, паверце, што...

— Будзьце ласкавы выслухаць мяне, а пасля судзіце, ці варты я абвінавачвання ў непаслядоўнасці альбо ў вар’яцтве.

— Я слухаю вас.

— Вы ведаеце таксама, як і я, прафесар, што чалавек можа знаходзіцца пад вадой пры ўмове, калі ён забірае з сабою дастатковы запас паветра для дыхання. Пры падводных работах рабочыя-вадалазы, апранутыя ў непрамакальную вопратку і ў абараняючы галаву металічны шлём, атрымліваюць паветра з паверхні праз спецыяльны шланг, злучаны з насосам і рэгулятарам для знішчэння вуглекіслага газу.

— Так, гэта вопратка завецца скафандрам.

— Правільна. Але апрануты ў скафандр вадалаз не можа быць вольным. Яго звязвае гумавы шланг, праз які насосы падаюць яму паветра. Гэта сапраўдны ланцуг, які прыкоўвае яго да зямлі. Каб мы былі таксама прыкаваны да “Наўтылуса”, мы не далёка пайшлі-б.

— А які-ж спосаб быць вольным? — запытаўся я.

— Карыстацца прыладай Рукверойля-Дэнейруза. Гэтая прылада вынайдзена абодвума вашымі адназемцамі, спадар прафесар, і ўдасканалена мною настолькі, што вы можаце адправіцца ў ім пад ваду — у асяроддзе з зусім іншымі фізіялагічнымі ўмовамі — без ніякай шкоды для свайго здароўя. Апарат — гэта рэзервуар з тоўстага ліставога жалеза, у які нагнана паветра пад ціскам у пяцьдзясят атмасфер. Рэзервуар прымацоўваецца на спіну пры дапамозе рэменя таксама, як ранец на спіне салдата. У верхняй частцы рэзервуара прымайстравана прылада накшталт кавальскага меха, якая разрэджвае ціск паветра да звычайнага і толькі ў такім выглядзе прапускае паветра праз клапан. У звычайнай прыладзе Рукверойля-Дэнейруза дзве гумавыя трубкі, злучаныя з рэзервуарам, падводзяцца да асобнай маскі, якую накладаюць на рот і нос вадалаза. Адна служыць для ўдыхання паветра з рэзервуара, а другая — для выдалення вуглекіслата газу, які выдыхаецца. Вадалаз адчыняе то адну, то другую трубку языком, у залежнасці ад таго, ці хоча ён удыхнуць, ці выдыхнуць паветра. Але мне для таго, каб вытрымліваць значны атмасферны ціск на дне мораў, прыйшлося замяніць гэтую маску мядзянай каскай для галавы і да яе ўжо прымацаваць трубкі для ўдыхання і выдыхання.

— Вельмі добра, капітан. Але паветра, якое вы нясеце з сабою, павінна хутка траціцца, а як толькі наяўнасць кіслароду ў ім падае ніжэй пятнаццаці адсоткаў, ён робіцца шкодным для дыхання.

— Гэта верна, прафесар. Але я вам ужо сказаў, што насосы “Наўтылуса” дазваляюць мне нагнятаць паветра ў рэзервуар пад значным ціскам. Пры гэтых умовах рэзервуар забяспечвае запас паветра для дыхання пад вадой на дзевяць-дзесяць гадзін.

— Мне няма чаго болей супярэчыць, — сказаў я.— Дазвольце толькі запытацца ў вас, капітан, якім чынам вы асвятляеце сабе шлях у глыбіні акіяна?

— Апаратам Румкорфа, прафесар. Рэзервуар са сціснутым паветрам умацоўваецца на спіне, а гэты — каля пояса. Ён складаецца з элемента Бунзена, які я зараджаю натрыем, а не двухромакіслым каліем, як звычайна. Індукцыйная шпулька збірае вырабляемы ток і накіроўвае яго да ліхтара асобнай канструкцыі: ён складаецца са змеепадобнай, пустой шклянай трубкі, напоўненай вуглекіслым газам. Калі апарат працуе, газ свеціцца досыць яркім белесаватым святлом. Узброены такім чынам, я дыхаю і бачу пад вадой.

— Капітан Нэма, на ўсе мае супярэчанні вы даеце такія вычарпальныя адказы, што я не магу больш ні ў чым сумнявацца. Аднак-жа, прызнаўшы сябе пераможаным апаратамі Рукверойля і Румкорфа, я спадзяюся яшчэ ўзяць рэванш на стрэльбах, якімі вы абяцалі ўзброіць нас.

— Але-ж гэта не агнястрэльныя стрэльбы, якія зараджаюцца порахам, — сказаў капітан.

— Значыцца, яны дзейнічаюць сціснутым паветрам?

— Вядома. Ну, як-бы я стаў вырабляць порах на “Наўтылусе”, дзе няма ні селітры, ні серы, ні вугалю.

— Але-ж, каб страляць пад вадой, дзе асяроддзе ў тысячу восемсот пяцьдзясят разоў больш сціслае, чым паветра, куля павінна перамагчы велізарнае супраціўленне.

— Гэта не перашкаджае маім стрэльбам. Дарэчы кажучы, існуюць гарматы, удасканаленыя пасля Фультона англічанамі Філіпам Кольсам і Берлеем, французам Фурсі і італьянцам Ландзі, якія могуць страляць і ў гэтых умовах. Але, паўтараю, не маючы пораху, я замяніў яго ў сваіх стрэльбах сціснутым паветрам, запас якога, дзякуючы насосам “Наўтылуса”, вядома, неабмежаваны.

— Але гэты запас павінен адразу-ж вычарпацца, пасля кожнага стрэлу.

— Што-ж, хіба ў мяне няма за спіной рэзервуара Рукверойля, каб перазараджаць стрэльбу? Для гэтага досыць толькі пакруціць кран. Аднак вы самі ўбачыце, прафесар, што ў час падводных паляванняў не даводзіцца траціць шмат сціснутага паветра, а таксама і куль.

— Але мне здаецца, што ў пануючым на дне змроку і пры большай сцісласці вадкага асяроддзя ў параўнанні з паветрам, стрэлы не патрапяць на далёкую адлегласць і не могуць быць смяротнымі.

— Наадварот, прафесар, усе стрэлы гэтай стрэльбы — смяртэльныя, і калі жывёла хоць крыху кранута куляй, яна падае, быццам забітая маланкай.

— Чаму?

— Таму што мае стрэльбы б’юць не простымі, а маленькімі шклянымі кулямі, вынайдзенымі аўстрыйскім хімікам Ленібрэкам. У мяне даволі значны запас гэтых снарадаў. Гэтыя шкляныя маленькія кулі, аточаныя сталёвай абалонкай, абцяжаранай свінцовай абкладкай, ёсць сапраўдныя маленькія лейдэнскія банкі, якія маюць у сабе электрычны зарад высокага напружання. Пры самым лёгкім штуршку яны разраджаюцца, і жывёліна, якой-бы вялікай яна не была, падае мёртвай. Я дадам, што гэтыя шкелкі не буйнейшыя за шрот нумар чатыры і што звычайны стрэльбавы зарад мае ў сабе не менш дзесяці шкелак.

— Здаюся, — сказаў я, падымаючыся з-за стала. — Вы перамаглі ўсе мае супярэчанні. Мне застаецца толькі ўзброіцца сваёй стрэльбай і пайсці за вамі, куды-б вы ні пайшлі.

Капітан Нэма павёў мяне на карму “Наўтылуса”. Праходзячы ля каюты Нэда Лэнда і Канселя, мы клікнулі іх, і яны зараз-жа далучыліся да нас.

Усе разам мы пайшлі ў камеру, якая знаходзілася непасрэдна за машыннай залай. Тут мы павінны былі апрануцца ў скафандры для падводнай прагулкі.

 

Раздзел шаснаццаты. Прагулка па раўніне

Гэтая камера была адначасова і арсеналам і гардэробнай “Наўтылуса”. Напэўна тузін скафандраў вісеў на сценах, чакаючы паляўнічых.

Нэд Лэнд, паглядзеўшы на скафандры, зрабіў крывую міну. Яму, відаць, непрыемна было апранаць гэты цяжкі гарнітур.

— Вы павінны ведаць, Нэд,—сказаў я адважнаму канадцу,—што лясы вострава Крэопо — падводныя!

— Вось дык штука, — расчаравана працягнуў гарпуншчык, бачачы, як рассейваюцца ўшчэнт яго мары аб куску свежага мяса. — А вы, спадар прафесар, — запытаўся ён мяне, — збіраецеся ўлезці ў гэтую збрую?

— Абавязкова, дарагі Нэд.

— Вольнаму воля, — адказаў Нэд Лэнд, паціскаючы плячыма, — але, калі мяне не прымусяць да гэтага сілай, добраахвотна я ў іх не палезу!

— Вас ніхто прымушаць не будзе, містэр Лэнд,— сказаў капітан Нэма.

— А Кансель рызыкне? — запытаўся Нэд.

— Я пайду за гаспадаром усюды, — адказаў Кансель.

Па кліку капітана два матросы прыйшлі дапамагаць нам апрануцца ў гэтыя цяжкія непрамакальныя вопраткі, зробленыя з гумы, без шва. Гэтыя, разлічаныя на высокі ціск скафандры, нагадвалі часткова панцыр сярэдневяковага рыцара, але адрозніваліся ад яго сваёй гнуткасцю.

Адзежа складалася з курткі, штаноў і тоўстых ботаў з падбітымі свінцом падэшвамі. Тканіна курткі была нацягнута на медныя абады, якія абаранялі грудзі ад ціску вады і дазвалялі вольна дыхаць. Рукавы курткі канчаліся мяккімі рукавіцамі, не перашкаджаўшымі руху пальцаў.

Капітан Нэма, адзін з яго матросаў — сапраўдны Геркулес па выгляду і відаць надзвычайна дужы, Кансель і я — усе мы хутка апранулі скафандры. Патрэбна было толькі прасунуць галаву ў металічную каску.

Але перад тым я папрасіў дазволу капітана праверыць стрэльбу, якая мне прызначалася.

Адзін з матросаў даў мне звычайную на выгляд стрэльбу, але з трохі большым, як у агнястрэльнай прыкладам, пустым у сярэдзіне і зробленым з сталі. Прыклад гэты служыў рэзервуарам для сціснутага паветра, якое вырывалася ў дула, у той час, калі апушчаны курок адсоўваў клапан рэзервуара. Абойма з кулямі, прымацаваная да казённай часткі стрэльбы, змяшчала штук дваццаць электрычных куль, якія асобнай пружынай аўтаматычна падаваліся ў дула. Як толькі са стрэльбы вылятала куля, яе месца займала зараз-жа другая.

— Капітан Нэма, — сказаў я. — Гэта надзвычайная зброя і вельмі простая ва ўжыванні. Я хацеў-бы, хутчэй выпрабаваць яе на справе. Але якім чынам мы спусцімся на дно?

— “Наўтылус” стаіць цяпер на дне, на глыбіні дзесяці метраў. Мы можам ісці, прафесар.

— Але як мы выйдзем з карабля?

— Зараз убачыце.

І капітан Нэма надзеў на галаву медную каску. Кансель і я зрабілі тое самае. На развітанне Нэд Лэнд не без іроніі пажадаў нам шчаслівага палявання.

Вакол каўняра маёй курткі быў зроблены медны абруч са шрубавай нарэзкай, на які навінчвалася медная каска. Тры адтуліны ў касцы са ўстаноўленымі ў іх таўстымі шыбамі давалі магчымасць глядзець ва ўсе бакі, варочаючы галаву ў сярэдзіне каскі. Як толькі каска была завінчана, пачаў працаваць апарат Руквейроля, прымацаваны за спіною.

Надзеўшы на пояс лямпу Румкорфа, я ўзброіўся стрэльбай і быў гатовы адправіцца. Але, каб быць шчырым, прызнаюся, што ў цяжкім скафандры, прыкаваны да падлогі ботамі, налітымі свінцом, я адчуў, што не здолею зрабіць ніводнага кроку.

Але, відаць, гэта было звычайнай справай. Мяне вывалаклі ў маленькую кабінку побач з гардэробнай. Маіх спадарожнікаў выпхалі следам за мной такім-жа чынам. Я чуў, як за намі зачыніліся дзверы і мы апынуліся ў абсалютнай цемры.

Праз некалькі хвілін да маіх вушэй данёсся моцны свіст. Я адчуў, як нешта халоднае паднімаецца ад ног да грудзей. Відаць, знутры карабля адчынілі кран, які дае доступ марской вадзе, і яна залівала зараз кабінку, у якой мы знаходзіліся. Як толькі вада запоўніла ўсю кабінку, расчыніліся другія дзверы, прабітыя ў барту “Наўтылуса” і мы ўбачылі бледны змрок. Праз секунду мы ўжо ступалі па дну мора.

Як мне цяпер апісаць уражанні ад гэтай экскурсіі па дну марскому? Словы не могуць перадаць бачаныя мною цуды. Калі нават пэндзаль мастака не можа намаляваць дзіўныя эфекты воднай стыхіі, дык як-жа патрабаваць гэтага ад пяра?

Капітан Нэма ішоў наперадзе. Яго матрос ішоў апошнім. Кансель і я ішлі побач пасярэдзіне, як быццам можна было гутарыць праз нашы металічныя каскі. Я больш не адчуваў цяжару скафандра, свінцовых ботаў, рэзервуара са сціснутым паветрам і металічнай каскі, у якой мая галава боўталася, як арэх у лушпіне. Усе гэтыя прадметы, апушчаныя ў ваду, гублялі ў вазе акурат столькі, колькі важыла вада, якую яны выціскалі. Я дзякаваў гэтаму фізічнаму закону, адкрытаму яшчэ Архімедам і даўшаму магчымасць рухацца.

Мяне здзівіла яркае святло, якое залівала дно, не гледзячы на трыццаціфутавы пласт вады. Сонечныя праменні вольна пранізвалі гэтую водную тоўшчу і нібы знішчалі яе колер. Я выразна бачыў драбнюткія прадметы за сотню метраў ад мяне. Далей абрысы рабіліся цмянымі, фарбы згушчаліся, сінелі і нарэшце ўсё знікла ў сінім змроку. Асяроддзе, якое атуляла мяне, здавалася тым-жа паветрам, больш сціслым, чымся зямная атмасфера, але не менш празрыстым. Над сабою я бачыў спакойную паверхню мора.

Мы крочылі па дробнаму, сцісламу і ідэальна гладкаму пяску, не маючаму тых зборак, што хвалі пакідаюць на ўзбярэжных пясках. Гэтае дно служыла сапраўдным рэфлектарам для сонечных прамянёў. Вось чаму так ярка былі асветлены водныя тоўшчы, кожная малекула якіх была літаральна пранізана святлом. Ці павераць мне, калі я скажу, што на гэтай глыбіні ў трыццаць футаў было таксама светла, як на паверхні вады ў светлы дзень?

На працягу чвэрці гадзіны мы ступалі па гэтаму іскрыстаму пясчанаму дну, пасыпанаму недатыкальным пылам мільярдаў драбнюткіх ракушак. Корпус “Наўтылуса”, які здаваўся на адлегласці доўгай скалою, памалу раставаў у аддаленні: яго пражэктар, калі на дне надыйдзе ноч, павінен быў сваімі яркімі промнямі палегчыць нам зварот на борт.

Мы ўсё ішлі і ішлі, а прасторная пясчаная раўніна, здавалася не мела межаў. Я рассоўваў рукамі рэдкія фіранкі, але яны зараз-жа злучаліся за маёй спіной, і ціск вады ў момант знішчаў сляды маіх крокаў на пяску. Нарэшце ўводдалі цмяна пачалі вызначацца нейкія абрысы. Падышоўшы бліжэй, я разглядзеў падводныя скалы, густа заросшыя зоафітамі. Тут мне кінуўся ў вочы эфект, які ўласцівы толькі вадкаму асяроддзю.

Было каля дзесяці гадзін раніцы. Сонечныя праменні падалі ў ваду пад вострым вуглом, і святло іх пералівалася ў вадзе нібы ў прызме, афарбоўвала бакі кветак, скал, паліпаў, раслін ва ўсе сем колераў сонечнага спектра. Гэты колерны хаос, гэты калейдаскоп яскравых фарбаў — фіялкавай, сіняй, блакітнай, зялёнай, жоўтай, аранжавай і чырвонай, рассыпаных у вадзе, як на палітры тэмпераментнага мастака, быў сапраўдным святам для вачэй, быў сапраўдным цудам!

Як прыкра было, што я не мог падзяліцца з Канселем сваімі адчуваннямі, той радасцю, якая хваляй залівала мяне і шукала выйсця ў гуках, і як я шкадаваў, што не ведаў мовы знакаў, на якой капітан Нэма размаўляў са сваімі матросамі! І вось, не маючы нічога лепшага, я размаўляў сам з сабою, крычаў у мядзяную каску, якая закрывала мне галаву, мажліва трацячы на бескарысныя словы больш паветра, як трэба было.

Кансель, таксама як і я, спыніўся, ашаломлены гэтым дзівосным відовішчам.

Мне здалося, праўда, што добры хлапец, убачыўшы зоафітаў і малюскаў, пачаў класіфікаваць...

Дно было ўсеянае мноствам паліпаў і ігласкурых. Разнастайныя асцідыі, карпулярыі, якія жывуць у адзіноцтве, пушыстыя акуліны, якіх раней называлі “белымі караламі”, фунгіі, маючыя форму шампіньёнаў, актыніі з вянцом шчупальцаў вакол рота, — стваралі сапраўдны кветнік. Але лепшымі аздобамі гэтага марскога саду былі парпіты з мярэжнымі каўнярамі блакітных шчупальцаў, марскія звёзды, складаўшыя цэлыя сузор’і на пяску, астэрафіты, далікатныя мярэжы якіх, быццам сплеценыя рукамі наяд34, павольна варушыліся ад слабага вагання вады, якое выклікаў наш прыход, і нарэшце Pelagia panopyra, якая асвятляла-б нам шлях сваім фасфарычным бляскам, каб мы ішлі ўначы.

Я шчыра шкадаваў, калі мне прыходзілася душыць пад ботамі выдатных малюскаў, тысячамі засцілаўшых дно, — кальмараў, грабенчатых вісельнікаў, шкляначак, птэратрахей, байдарак і шмат іншых твораў невычарпальнага ў сваім багацці акіяна.

Але трэба было ісці ўперад, і мы ішлі. Над нашымі галовамі павольна плылі атрады фізалій з развінутымі нябесна-блакітнымі шчупальцамі і медуз, светларужовыя апалавыя шапкі якіх, з блакітным паскам па краях, баранілі нас ад сонечных праменняў.

Усе гэтыя цуды я назіраў на працягу якой-небудзь чвэрці мілі, нахаду, амаль не спыняючыся, спяшаючыся за капітанам Нэма, які хутка ішоў наперад. Неўзабаве характар грунта змяніўся. Пясок змяніўся пластом тваністага глею, які амерыканцы завуць “оазам”. Гэты глей складаўся галоўным чынам з крамністых альбо вапнавых ракушак. Затым мы прайшлі па заросшай водарасцямі паляне. Падводныя лугавінкі, пакрытыя густой расліннасцю, слаліся пад нагамі, як пухкі дыван, вытканы таленавітым майстрам.

Расліны цвілі не толькі пад нагамі ў нас, але і над нашымі галовамі. Мы ішлі нібы па алеі са столлю з марскіх раслін, належачых да пладлівейшага сямейства водарасцяў, у якім амаль дзве тысячы членаў. Тут былі даўгія стужкі фуксій, круглыя альбо трубчатыя лаўрэнцыі, кладастэфы з тонкімі лістамі, перапончатыя радамены, нагадваючыя вееры кактусаў.

Я заўважыў, што зялёныя водарасці трымаліся бліжэй да паверхні мора, чырвоныя — на сярэдняй глыбіні, карычневыя і чорныя стваралі кветнікі і сады ў самых глыбокіх пластах акіяна.

Водарасці — сапраўдны цуд прыроды. Да гэтага сямейства належаць адначасова і самыя маленькія і самыя буйныя расліны ў свеце. Так, побач з мікраскапічнымі водарасцямі, сорак тысяч штук якіх умяшчаюцца на плошчы ў пяць квадратных міліметраў, вядомы і водарасці, маючыя звыш пяцісот метраў у даўжыню.

Прайшло ўжо гадзіны паўтары з таго часу, як мы пакінулі “Наўтылус”.

Надыходзіў поўдзень. Я заўважыў гэта таму, што сонечныя праменні пачалі падаць стромка, не пераламляючыся ў вадзе. Фантастычнае багацце фарбаў паволі блякла, і сапфіравыя ды смарагдавыя тоны знікалі над нашымі галовамі. Мы мерна шагалі ўперад, і стук нашых крокаў аддаваўся з незвычайнай выразнасцю. Малейшыя шумы разыходзіліся са шпаркасцю, да якой вуха не прызвычаілася на зямлі. І сапраўды, вада-ж лепшы праваднік гуку, як паветра, і гук распаўсюджваецца ў ёй у чатыры разы хутчэй.

Тым часам дно зрабілася прыкметна пакатым. Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні ў сто метраў і адчувалі ціск у дзевяць атмасфер. Але, відаць, мой скафандр быў прыстасаваны да гэтых умоў, бо я аніколькі не цярпеў ад ціску. Я адчуваў толькі нейкае няўлоўнае сціскнанне ў суставах пальцаў, але і гэта трохі непрыемнае адчуванне хутка знікла. Ніякай стомы ад двухгадзіннай хады ва ўзбраенні, да якога ў мяне, натуральна, не было прывычкі, — я не адчуваў. Падтрымліваемы вадой, я рухаўся ў ёй незвычайна лёгка.

На гэтай глыбіні ў трыста футаў я яшчэ назіраў водблескі сонечнага святла, але ўжо ледзь значныя. Яркае святло дня змянілася чырванаватым змрокам, сярэднім паміж днём і ноччу. Аднак мы досыць добра бачылі дарогу, і яшчэ не прыйшоў час карыстацца лямпамі Румкорфа.

Раптам капітан Нэма спыніўся. Ён пачакаў, пакуль я да яго падыду, і выцягнуўшы палец уперад, паказаў мне на нейкую цмяную масу, што выразна вырысоўвалася ў поўзмроку недалёка ад нас.

“Гэта лес вострава Крэспо”, падумаў я, і не памыліўся.

 

34 Наяды — у старагрэцкай міфалогіі — жаночыя духі вод

Раздзел сямнаццаты. Падводны лес

Нарэшце мы прышлі да ўзлесся, мабыць, аднаго з прыгажэйшых у неабсяжных уладаннях капітана Нэма. Ён лічыў гэты лес сваёй уласнасцю, прысвойваючы сабе тыя-ж правы, якія былі ў першых людзей у першыя дні існавання свету. Ды і хто яшчэ мог прэтэндаваць на права ўладання падводнымі маёнткамі? Хто іншы, больш смелы піянер, з’явіцца сюды з сякерай у руках высякаць драмучыя лясы?

Лес вострава Крэспо складаўся з вялікіх дрэвавідных раслін, і як толькі мы ўвайшлі пад яго прасторны шацёр, я быў здзіўлены адной асаблівасцю ў размяшчэнні галін. Нічога падобнага я да гэтага часу не бачыў!

Травянікі, якія засцілаюць дно і галлё на дрэвах, не гнуліся, не выгіналіся і не ляжалі ў гарызантальнай плоскасці — ўсе яны перпендыкулярна паднімаліся да паверхні акіяна. Самыя тонкія былінкі выцягваліся стрункай угару, як жалезныя пруты. Фуксіі і ліяны, пад уплывам шчыльнасці акружаючага асяроддзя, таксама выцягваліся ўгару па строга перпендыкулярнай лініі. Гэтыя расліны, калі я адсоўваў іх у бок, зараз-жа прымалі свой ранейшы стан, як толькі я апускаў руку.

Хутка я прызвычаіўся да гэтага дзіўнага царства вертыкальнасці, таксама як і да акружаючай нас адноснай цемры. “Глеба” ў лесе была ўсеяна вострым каменнем. Падводная флора здавалася мне дужа багатай.

Мне не адразу ўдалося адрозніць расліннае царства ад жывёльнага: я лічыў зоафіты за гідрафіты, і наадварот. І хто не памыліўся-б на маім месцы? Фауна і флора так-жа ж моцна звязаны ў гэтым падводным свеце!

Я заўважыў, што ўсе расліны штучна прыклейваліся да грунту, а не раслі з яго. У гэтым няма нічога дзіўнага: пазбаўленыя карэнняў, яны патрабуюць ад глебы не жыццёвых сокаў, а толькі пункта апоры. Таму яны з аднолькавай ахвотай селяцца і на камянях, і на пяску, і на гальцы і на ракушках. Гэтыя расліны жывуць, дыхаюць і харчуюцца вадой, якая іх акружае. Большасць з іх замест лісця выпускае маленькія пласцінкі самай дзіўнай формы. Афарбоўка гэтых пласцінак абмежавана гамай наступных колераў: ружовы, кармінавачырвоны, зялёны, аліўкавы, буры і карычневы. Я зноў убачыў тут, але ўжо не засушанымі, як у калекцыях “Наўтылуса”, а поўнымі жыцця, падзін-паўлінаў, падобных да раскрытых веяроў, ярка-чырвоныя цэраміі, ламінарыі, выцягваючыя маладыя атожылкі, ніцевідныя нерэацістэі, якія цвітуць на вышыні пятнаццаць метраў, букеты ацэтабулаў, чыё сцябло ўтаўшчаецца ўгары, і мноства іншых марскіх раслін, якія не мелі кветак. “Які дзіўны свет, — сказаў адзін натураліст, — тут жывёлы цвітуць, а расліны не даюць кветак!”

Пад ценем розных дрэвавідных раслін, не ўступаючых па велічыні дрэвам умеранага пояса, віднеліся сапраўдныя зараснікі жывых кветак, цэлыя парканы з зоафітаў, пад якімі пышна красаваліся меандрыны з пакручастымі барознамі, жаўтаватыя карыяфілы з празрыстымі шчупальцамі, і для поўнай аналогіі з надземным садам — рыбы-мухі пераляталі з кветкі на кветку, як рой калібры, а з-пад ног у нас падымаліся, як зграі бекасаў, жоўтыя лепісаканты, дактыляптэры і монацэнтры.

А гадзіне дня капітан Нэма даў сігнал на адпачынак. З свайго боку, я быў вельмі задаволены гэтым. Мы расцягнуліся на дне пад ценем аларый, даўгія сцяблы якіх уздымаліся ўгару, як стрэлы.

Гэты адпачынак быў вельмі прыемны. Не хапала толькі магчымасці пагутарыць. Але ні гаварыць, ні слухаць нельга было. Я абмежаваўся тым, што прыблізіў сваю вялікую мядзяную галаву да гэткай-жа галавы Канселя і ўбачыў, што вочы майго слаўнага таварыша блішчаць ад захаплення. У знак свайго поўнага задавальнення ён смешна закруціў галавой унутры металічнай каскі.

Мяне дужа здзівіла, што пасля чатырохгадзіннай прагулкі я не адчуваў голаду. Чаму страўнік выяўляў гэтую ўмеранасць — я не ведаю. Але затое мне страшэнна хацелася спаць, як гэта бывае з вадалазамі. Павекі мае сплюшчваліся пад тоўстым шклом, і я аддаўся дрымоце, якой да гэтага часу перашкаджала толькі хада. Капітан Нэма і яго асілак-матрос першыя падалі прыклад і, расцягнуўшыся на сваім празрыстым вадкім ложы, моцна спалі.

Не магу сказаць, колькі часу я праспаў. Але калі я прачнуўся, сонца хілілася да заката. Капітан Нэма ўжо быў на нагах. Я толькі пачаў яшчэ пацягвацца, як раптам нечаканае з’явішча прымусіла мяне адразу ўскочыць на ногі.

За некалькі крокаў ад мяне стаяў велічэзны марскі павук, ростам у цэлы метр; вылупіўшы свае раскосыя вочы, ён, відаць, хацеў напасці на мяне. Хаця мой скафандр быў дастаткова шчыльным, каб абараніць мяне ад яго ўкусаў, але я ўсё-такі не мог устрымацца, каб не задрыжаць ад жаху. У гэтую хвіліну прачнуліся Кансель і матрос з “Наўтылуса”. Капітан Нэма паказаў матросу на гэтую жывёліну, і ён забіў яе ўдарам прыклада.

Сустрэча з павуком навяла мяне на думку, што ў гэтых цмяных глыбінях маглі пражываць і іншыя жывёлы, больш страшныя, супроць якіх мой скафандр не з’явіцца дастатковай абаронай. Я вырашыў быць асцярожным.

Я думаў, што гэты адпачынак азначаў канец прагулкі, але аказалася, што я памыліўся, — замест таго, каб павярнуць да “Наўтылуса”, капітан Нэма зноў пайшоў наперад.

Дно паступова ўсё больш зніжалася, і ідучы па яго пакатасці, мы адыходзілі ўсё далей у глыб мора. Павінна было быць каля трох гадзін дня, калі мы дасягнулі вузкай лагчыны, выкапанай паміж двума стромкімі скаламі на глыбіні ў сто пяцьдзесят метраў. Дзякуючы дасканаласці нашага вадалазнага адзення, мы апусціліся ўжо на дзевяноста метраў ніжэй таго рубяжа, які прырода, здавалася, устанавіла для падводных экскурсій чалавека.

Я вызначыў глыбіню нашага апускання ў сто пяцьдзесят метраў, хаця, вядома, ніякіх прылад для вымярэння адлегласці ад паверхні вады ў мяне не было. Але я ведаў, што нават у самых празрыстых марах сонечныя праменні не могуць пранікаць глыбей. Між тым на той глыбіні, дзе мы знаходзіліся, была поўная цемра. Прыходзілася ісці вобмацкам. Але раптам наперадзе бліснула даволі яркае святло. Гэта капітан Нэма засвяціў свой электрычны ліхтарык. Яго спадарожнік узяў з яго прыклад. Тады Кансель і я таксама засвяцілі свае ліхтары: мы павярнулі выключальнік, і змеевідная трубка, напоўненая газам, засвяцілася ад дзеяння электрычнага току. Пры злучаным святле нашых чатырох ліхтароў мора асвяцілася ў радыусе дваццаці пяці метраў.

Капітан Нэма прадаўжаў паглыбляцца ў цёмны лес. Дрэвы пайшлі радзей. Я прыкмеціў, што расліннае жыццё знікла хутчэй, як жывёльнае. Мы ўжо амаль не сустракалі марскіх раслін, у той час як зоафіты, членістаногія, малюскі і рыба яшчэ капашыліся вакол нас.

Мне прыйшла ў галаву думка, што электрычныя ліхтары павінны былі прывабіць да нас жыхароў гэтых цёмных пластоў. Але хоць яны і набліжаліся да нас, дык усё-ж заставаліся на значнай адлегласці, недастатковай для паспяховага палявання.

Некалькі разоў я бачыў, як капітан Нэма спыняўся і прыладжваў стрэльбу да пляча, не страляючы.

Нарэшце каля чатырох гадзін дня мы дайшлі да мэты нашага дзіўнага падарожжа. Перад намі раптам вырасла велізарная гранітная сцяна, велічнае награмаджэнне скал з цёмнымі пячорамі; сцяна гэтая была амаль зусім вертыкальнай. Гэта было падножжа вострава Крэспо. Гэта была зямля.

Капітан Нэма раптам спыніўся. Жэстам ён прапанаваў нам паследваць яго прыкладу, і як мне ні хацелася ўзыйсці на гэтую сцяну, але прыйшлося і мне спыніцца. Тут канчаліся ўладанні капітана Нэма. Ён не хацеў перайсці мяжы іх. За гэтай мяжой пачынаўся іншы свет, у які ён не хацеў уступаць!

Мы пайшлі назад. Капітан Нэма зноў стаў на чале нашага маленькага атрада і павёў нас наперад. Мне здалося, што мы вярталіся да “Наўтылуса” іншай дарогай. Гэта новая дарога дужа крутая, а таму і дужа ўтомная, хутка наблізіла нас да паверхні мора.

Аднак зварот у верхнія пласты вады быў не настолькі хуткім, каб пагражаць нам непрыемнымі вынікамі: як вядома, раптоўная змена ціску выклікае ў чалавечым арганізме кровезліянне з прычыны разрыву крывяносных судзін. Гэтая небяспека пагражае ўсім неасцярожным вадалазам, якія хутка падымаюцца на паверхню з вялікіх глыбінь.

Неўзабаве мы зноў вышлі ў асветленыя пласты вады. Таму што сонца ўжо стаяла нізка над гарызонтам, яго праменні, пераламляючыся, зноў запалілі вясёлкавыя колеры па краях раслін.

Мы ішлі на глыбіні дзесяць метраў, акружаныя зграямі самых разнастайных рыбак, больш шматлікіх і больш рухавых, чымся птушкі ў паветры. Але да гэтага часу ніводная вадзяная жывёліна, вартая стрэлу, не траплялася нам на вока.

Раптам я ўбачыў, што капітан Нэма ўскінуў стрэльбу да пляча і стаў прыцэльвацца ў нейкую істоту, што рухалася ў падводным хмызняку. Ён спусціў курок. Пачуўся слабы свіст, і за некалькі крокаў ад нас звалілася нейкая жывёліна.

Гэта была прыгожая марская выдра — адзінае марское чацвераногае. Скура гэтай жывёлы, даўжынёю ў паўтара метра, цёмна-бурая на спіне і срабрыста-белая на жываце, вельмі высока цэніцца на расейскім і кітайскім рынках. Я з цікавасцю разглядваў гэтага звярка з доўгім плоскім целам на кароткіх нагах, з пляскатай галавою, тупой мордай, кароткімі круглымі вушамі, вельмі развітай перапонкай паміж пальцамі і даўгім, завостраным, сплюшчаным хвастом. Гэта каштоўнае драпежнае аднаўтробнае, на якога старанна палююць рыбакі, стала за апошні час вельмі рэдкай здабычай. Яно водзіцца цяпер толькі ў паўночных частках Ціхага акіяна, і, магчыма, недалёка той час, калі яно зусім знікне.

Матрос падняў забітую жывёліну, ускінуў яе на плячо, і мы зноў крануліся ў дарогу.

На працягу гадзіны мы ішлі па пясчанай раўніне. Месцамі яна падымалася да паверхні мора, не даходзячы да яе толькі на два метры. Тады я бачыў нас саміх у выразным люстраным адбітку — здавалася, што над намі ішла група людзей, паўтараючая ўсе нашы рухі і жэсты, але... галавой уніз і нагамі ўгару.

Яшчэ адно з’явішча, якое заслугоўвае быць адзначаным: над намі бесперапынку праносіліся і раставалі густыя хмары, на момант засланяўшыя святло. Падумаўшы над прычынамі гэтага дзіўнага з’явішча, я зразумеў, што эфект гэтых “хмар” быў не чым іншым, як вынікам хвалявання на паверхні вады. Прыгледзеўшыся, я нават заўважыў пеністыя “барашкі” на грэбнях хваляў. Празрыстасць вады была такая, што я ясна бачыў нават цені вялікіх марскіх птушак, хутка мільгаючых над вадой.

Тут я і стаў сведкам самага цікавага стрэлу, які калі-небудзь даводзілася бачыць паляўнічаму. Да вады набліжалася, лунаючы на шырока распластаных крыллях, нейкая вялікая птушка. Яе можна было выразна бачыць. Матрос з “Наўтылуса” ўскінуў на плячо стрэльбу і стрэліў у яе, калі яна ляцела на некалькі метраў ад паверхні вады. Птушка каменем упала ў ваду, і сіла яе падання настолькі была вялікай, што перасіліўшы супраціўленне вады, яна спусцілася бадай у самыя рукі трапнага стралка. Гэта быў буйны альбатрос, выдатны прадстаўнік групы марскіх птушак.

На працягу двух гадзін мы ішлі то па пясчанай раўніне, то па заросшым водарасцямі лугам, праз якія было цяжка прабівацца.

Павінен прызнацца, што я траціў ужо апошнія сілы, калі ўбачыў за паўмілі ад нас слабае святло. Гэта быў пражэктар “Наўтылуса”. Не пазней як праз дваццаць хвілін мы павінны былі вярнуцца на борт карабля. Там я спадзяваўся зноў уздыхнуць поўнымі грудзямі, — мне здавалася, што сціснутае паветра, паступаючае пад каску з рэзервуара, мае недастаткова кіслароду. Але я не прадбачыў адной сустрэчы, якая крыху затрымала наш зварот.

Я ішоў прыблізна на дваццаць крокаў ззаду капітана Нэма. Раптам ён павярнуўся і хутка накіраваўся да мяне. Жалезнай рукой ён прыгнуў мяне да зямлі. Яго матрос таксама зрабіў з Канселем. Спачатку я не ведаў, што падумаць аб гэтым раптоўным нападзе, але супакоіўся, убачыўшы, што сам капітан улёгся побач са мной і ляжыць нерухома...

Я ляжаў пад кустом водарасцяў, не разумеючы, што адбываецца, як раптам, падняўшы вочы, убачыў, што над намі праносяцца нейкія велічэзныя фасфарасцыруючыя тушы. Кроў застыла ў мяне ў жылах. Я пазнаў у гэтых страшыдлах пару акул. У гэтых страшных жывёлін вялізны хвост, жалезныя сківіцы, якія могуць адным узмахам перарубіць чалавека напалам, і цмяныя шкляныя вочы.

Не ведаю, ці займаўся Кансель класіфікаваннем, але што датычыцца мяне, дык я глядзеў на іх срэбнае чэрава і пасць, усеяную велізарнымі вострымі зубамі, больш як ахвяра, чымся вучоны даследчык прыроды. На наша вялікае шчасце ў гэтых пражэрлівых жывёлін дрэнны зрок. Яны прайшлі над намі, не заўважыўшы нас, хоць іх цёмна-карычневыя плаўнікі бадай закранулі нас. Мы шчасліва выратаваліся ад небяспекі больш страшнай, як сустрэча з тыграм у глухім лесе.

Праз паўгадзіны мы дабраліся да “Наўтылуса”, яркі пражэктар якога паказваў нам дарогу. Знадворку дзверы заставаліся адчыненымі. Капітан Нэма зачыніў іх, як толькі мы зайшлі ў кабінку.

Затым ён націснуў кнопку. Я пачуў шум насосаў знутры карабля і адчуў, як спадае ўзровень вады вакол мяне. Праз некалькі хвілін кабіна зусім аслабанілася ад вады. Тады расчыніліся ўнутраныя дзверы і мы перайшлі ў гардэробную.

З мяне знялі скафандр, і, стомлены да паўсмерці, амаль падаючы ад знясілення і жадання спаць, але бясконца задаволены гэтай прыемнай падводнай экскурсіяй, я вярнуўся да сябе ў пакой.

 

Раздзел васямнаццаты. 19 000 кіламетраў пад Ціхім акіянам

На другі дзень, 11 лістапада, я прачнуўся зусім адпачыўшым. Я падняўся на палубу “Наўтылуса” акурат у тую хвіліну, калі памочнік капітана гаварыў сваю звычайную фразу. Мне прыйшла раптам у галаву думка, што гэта фраза азначае “Нічога не відаць”.

І сапраўды, акіян быў зусім пустынны. Ніводнага паруса на гарызонце. Горы вострава Крэспо зніклі з вачэй, мусіць, яшчэ ноччу. Мора, паглынаючае ўсе колеры спектра, акрамя сіняга, адбівала гэты колер, рассейваючы яго ва ўсіх напрамках і ўсё афарбоўваючы ў цудоўныя тоны.

Я ўсё яшчэ глядзеў з замілаваннем на дзівоснае відовішча акіянскай раніцы, калі на палубу выйшаў капітан Нэма. Як быццам не заўважаючы мяне, ён заняўся астранамічнымі назіраннямі. Скончыўшы іх, ён адышоў да штурвальнай будкі і, абапёршыся аб яе, утаропіў вочы ў акіян.

Тым часам на палубу падняліся чалавек дваццаць матросаў “Наўтылуса”. Гэта ўсё былі здаровыя і дужыя хлопцы. Яны пачалі выбіраць невад, закінуты, як відаць, напярэдадні ўначы. Мяркуючы па вонкаваму выгляду, гэта былі людзі розных нацыянальнасцей, але належнасць іх да еўрапейскай расы не выклікала сумнення. Я пазнаў сярод іх некалькіх ірландцаў, французаў, славян, аднаго грэка, аднаго ўраджэнца вострава Крыта. Усе яны былі маўклівыя, а часам гаварылі між сабой на нейкай незразумелай мове, нават паходжання якой я не мог угадаць. Таму мне прыйшлося адмовіцца ад размоў з камандай.

Матросы выцягнулі невад на палубу. Гэты невад нагадваў нармандскі, гэта быў мяшок, адтуліна якога, пры дапамозе дручка і ланцуга, працягнутага праз ніжнія петлі, застаецца прыадчыненай у вадзе.

Мяшок гэты, прымацаваны да кармы сталёвымі тросамі, вымятае начыста дно акіяна, збіраючы ў сябе ўсё, што сустракаецца на шляху карабля.

У гэты дзень у невад трапілі цікавыя ўзоры акіянскай фаўны — лягвы-рыбаловы, празваныя “марскімі чарцямі” з-за свайго выродства, незвычайнай пражэрнасці і дзіўнага спосабу перасоўвання: яны трымаюцца на дне і пераскокваюць з месца на месца пры дапамозе сваіх рукапёрых плаўнікоў; далей — у невадзе аказаліся прамавугольныя спінарогі, атрымаўшыя гэткую назву за чорныя лініі, якія падпяразваюць іхняе цела і сыходзяцца адна з другой амаль пад прамым вуглом; плямістыя іглабрухі, якія ў спакойным стане з’яўляюцца рыбай прадаўгаватай формы, з прыплюшчаным жыватом, а пры набліжэнні небяспекі яны надзьмуваюцца, распраўляюць складкі скуры на жываце, прымаюць выгляд шара і выстаўляюць ворагу свой жывот, абаронены калючкамі; некалькі жаўтаватых міног; два срабрыста-шэрых валасахвосты, даўгое цела якіх замест хваставога плаўніка заканчваецца тонкай ніткай; лушчатыя простапёры, ніжні бок якіх аблямаваны даўгім прамым плаўніком; жаўтавата-шэрая з бурымі плямамі траска; мноства разнастайных бычкоў і, нарэшце, некалькі буйных тунцоў, якіх не выратавалі ад невада нават вялікая шпаркасць іхняга руху.

Невад даў не менш тысячы фунтаў рыбы. Гэта быў шчаслівы, але не выключны ўлоў. Сапраўды, ён-жа цягнуўся за суднам шмат гадзін, убіраючы ў сябе ўсё, што сустракалася па дарозе. Цяпер мне стала ясна, што “Наўтылусу” пры шпаркасці яго руху і прывабнасці электрычнага пражэктара лёгка было мець заўсёды вялікі выбар свежай ежы.

Уся злоўленая рыба зараз-жа была знесена ў камбуз35: частку яе павінны былі скарыстаць для ежы ў свежым выглядзе, а рэшту захаваць на далейшае.

Рыбная лоўля скончылася, а “Наўтылус” ужо паспеў запасціся свежым паветрам. Я падумаў, што зараз карабель нырне пад ваду, каб прадоўжыць свой шлях і спадзяваўся ўжо звярнуцца ў свой пакой, як раптам, павярнуўшыся да мяне, капітан Нэма сказаў:

— Гляньце на акіян, прафесар! Хіба вам не здаецца, што гэта жывая істота, якая часам гневаецца, а часам бывае і ласкава? Учора ўвечары ён заснуў, таксама, як і мы, а сёння прачнуўся ў добрым гумары пасля спакойнай ночы.

“Ні добры дзень, ні бывайце! — падумаў я. — Збоку можа здацца, што гэты дзівачны чалавек працягвае даўно пачатую гутарку!”

— Глядзіце, — прадаўжаў капітан Нэма, — вось ён прачынаецца ад пяшчоты сонца, пачынае жыць сваім дзённым жыццём. Як цікава сачыць за з’явамі жыццедзейнасці яго арганізма. У яго ёсць пульс, ёсць артэрыі... Я зусім згодзен з вучоным Моры, які сцвярджае, што ён прыкмеціў у акіяне кругаварот з’явішч, акурат падобных да звароту крыві ў жывёлы!

Было зусім ясна, што капітан Нэма не чакаў ад мяне адказу. Таму я не стаў адказваць на яго гутарку бессэнсоўнымі “зусім правільна”, “вы правы”, “так”, “вядома”. Капітан, можна сказаць, гаварыў сам з сабой, робячы вялікія перапынкі паміж фразамі. Гэта былі думкі ўголас, якім не патрэбны чужы адказ.

— Так, — казаў ён, — у акіяне адбываецца безупынны калаўрот з’явішч, які абумоўліваецца тэмпературнымі зменамі, прысутнасцю солей і мікраарганізмаў. Тэмпературныя змены ствараюць розную шчыльнасць вады і як вынік гэтага — цячэнні і проціцячэнні. Выпарэнне вады — нязначнае ў палярных краях і зусім дастатковае ў экватарыяльных зонах, — раджае сталы абмен паміж трапічнымі і палярнымі водамі. Апрача таго я выявіў нязменны рух вады ад паверхні да дна і наадварот, сапраўднае дыханне акіяна. Я бачыў, як нагрэтая сонечнымі праменнямі малекула з паверхні мора спускалася ў глыбіню яго, астудзіўшыся дасягала сваёй максімальнай шчыльнасці, а потым зноў паднімалася да паверхні. Вы ўбачыце ля полюса вынікі гэтага з’явішча і ўразумееце, чаму вада можа абледзянець толькі на паверхні.

Пакуль капітан Нэма заканчваў сваю фразу, я паспеў падумаць. “Ля полюса? Няўжо гэты храбрэц хоча павесці нас туды?” Між тым капітан змоўк і ўставіўся вачыма ў акіян, які ён так старанна, любоўна і безупынна вывучаў.

Памаўчаўшы крыху, ён зноў загаварыў:

— Мора мае ў сабе значную колькасць солей. Каб сабраць усю соль, распушчаную ў марской вадзе, дык яна заняла-б аб’ём у чатыры з паловай мільёны кубічных міль. Каб вы, прафесар, пажадалі рассыпаць гэтую соль роўным пластом па ўсяму зямному шару, то атрымаўся-б пласт таўшчынёю звыш дзесяці метраў. Толькі не думайце, калі ласка, што наяўнасць солей у вадзе абумоўліваецца якім-небудзь капрызам прыроды. Не! Соль змяншае выпарэнне марской вады, не дае вятрам зносіць залішнюю колькасць вадзяных пароў і гэтым змяншае празмерныя дажджы умераных зон нашай планеты.

Гэта аграмадная і важная роля — ураўнаважваць працу стыхій на зямным шары!

Капітан Нэма змоўк, зрабіў некалькі крокаў па палубе і, вярнуўшыся да мяне, зноў пачаў:

— Што датычыцца інфузорый, гэтых драбнюткіх жывых арганізмаў, мільёны якіх змяшчаюцца ў адной каплі — і восемсот тысяч штук якіх важаць адзін міліграм, — іх роля не менш значная. Яны паглынаюць марскія солі, забіраюць у сябе ўсе распушчаныя ў вадзе цвёрдыя рэчавы і, ствараючы калоніі каралаў і паліпаў, будуюць цэлыя сухазем’і! А капля вады, згубіўшая сваю каплю мінерала, робіцца лягчэй, усплывае на паверхню, уцягвае ў сябе солі, пакінутыя выпарыўшыміся часткамі, робіцца цяжэйшай і апускаецца ў глыбіню, каб прынесці новы запас ежы інфузорыям. Ад гэтага ў моры безупынныя токі вады ўверх і ўніз, безупынны рух, незгасальнае жыццё. Жыццё, больш напружанае, як на сухазем’і, больш плоднае, больш няспыннае і квітнеючае ва ўсіх частках акіяна — гэтага мёртвага для людзей, але жыватворнага для мірыядаў жывёл — і для мяне — асяроддзя!

Калі капітан Нэма гаварыў гэта, ён увесь перарадзіўся. Словы яго зрабілі на мяне вялікае ўражанне.

— І сапраўднае жыццё, — дадаў ён, — тут і толькі тут! Я веру ў магчымасць стварэння падводных гарадоў, згрупаваная падводных дамоў, якія, як “Наўтылус”, кожнай раніцай будуць падымацца на паверхню акіяна, каб дыхаць свежым паветрам, — заўсёды вольных, ні ад каго не залежных гарадоў!.. І, хто ведае, калі які-небудзь дэспат адважыцца...

Капітан Нэма не скончыў фразы і пагражальна махнуў рукою. Потым, зварачваючыся непасрэдна да мяне, як быццам жадаючы адагнаць ад сябе смутныя думкі, сказаў:

— Спадар прафесар, ці ведаеце вы, якая глыбіня акіяна?

— Я ведаю толькі тыя лічбы, капітан, якія атрыманы ў час зандавання.

— Ці можаце вы паведаміць іх мне, каб я ў выпадку патрэбы праверыў іх?

— Калі ласка, я скажу вам усё, што памятаю. Калі я не памыляюся, даследванні высветлілі, што сярэдняя глыбіня ў паўночнай частцы Атлантычнага акіяна дасягае васьмі тысяч двухсот метраў, а ў Міжземным моры — двух тысяч пяцісот. Самыя выдатныя прыклады глыбіні былі зроблены ў паўднёвай частцы Атлантычнага акіяна, прыкладна, на трыццаць пятым градусе шыраты. Іхнія вынікі гэтакія: дванаццаць тысяч метраў, чатырнаццаць тысяч дзевяноста адзін метр і пятнаццаць тысяч сто сорак дзевяць метраў. Вучоныя лічуць, што каб дно марское было нівеліравана, глыбіня яго па ўсёй зямлі была-б, прыкладна, сем кіламетраў.

— Добра, прафесар, — сказаў капітан Нэма, — я спадзяюся, што здолею паказаць вам нешта лепшае. Калі-ж вас цікавіць глыбіня гэтай часткі Ціхага акіяна, то я магу паведаміць вам, што яна не перавышае чатырох тысяч метраў.

Сказаўшы гэта, капітан Нэма накіраваўся да люка і спусціўся па жалезнай лесвіцы ўніз. Я паследваў за ім і зайшоў у салон. Вінт амаль у тую-ж хвіліну пачаў круціцца, і лаг паказаў хуткасць дваццаць міль.

На працягу наступных дзён, і нават тыдняў, капітан Нэма вельмі рэдка рабіў мне гонар сваім прыходам. Я сустракаўся з ім праз вялікія прамежкі часу. Памочнік яго кожнай раніцай акуратнейшым чынам рабіў назіранні і атрыманыя вынікі адзначаў на карце, таму я заўсёды ведаў шлях “Наўтылуса”.

Кансель і Нэд Лэнд кожны дзень праводзілі са мною шмат часу. Кансель апавядаў свайму прыяцелю аб цудах падводнай прагулкі, і гарпуншчык ад душы шкадаваў, што не прыняў у ёй удзелу.

Але я суцешыў яго надзеяй, што пэўна будзе яшчэ выпадак зноў наведаць акіянскія лясы. Амаль кожны дзень жалезныя акяніцы на вокнах салона адсоўваліся на некалькі гадзін, і мы не маглі нацешыцца цудамі падводнага свету.

“Наўтылус” ішоў цяпер на паўднёвы ўсход, трымаючыся на глыбіні паміж ста і ста пяццюдзесяццю метрамі. Але аднойчы, з прычыны нейкага капрызу капітана, уцягнуты нахілам свайго стырна глыбіні, ён апусціўся на дзве тысячы метраў пад узровень мора. Стоградусны тэрмометр паказваў чатыры з чвэрцю градуса вышэй нуля — тэмпературу, якая ўласціва гэтым глыбіням пад усімі шыротамі.

26 лістапада ў тры гадзіны раніцы “Наўтылус” перасёк тропік Рака пад 172° даўгаты. 27-га ён прайшоў каля Сандвічавых астравоў, дзе 14 красавіка 1779 года загінуў вядомы капітан Кук. Мы прайшлі ўжо чатыры тысячы восемсот шэсцьдзесят лье з часу нашага адплыцця.

Раніцай 29-га, выйшаўшы на палубу, я ўбачыў у двух мілях пад ветрам Гавані самы вялікі з сямі астравоў, ствараючых Гавайскі архіпелаг. Я добра бачыў апрацаваныя палі, прыгор’і і горныя валы, якія цягнуліся паралельна ўзбярэжжу, і вулканы, над якімі ўзвышаецца вяршыня Муна-Рэа, вышынёй у пяць тысяч метраў над узроўнем мора.

“Наўтылус” трымаў курс на паўднёвы ўсход. Ён перасек экватар 1 снежня пад 142° даўгаты, а 4 снежня, пасля хуткага пераходу, не адзначанага нічым выдатным, мы падыходзілі да групы Маркізскіх астравоў.

У трох мілях пад ветрам я ўбачыў пік Марцін на Нука-Гіва, буйнейшым з Маркізскіх астравоў, які ляжыць пад 8°57́ паўднёвай шыраты і 139°32́ заходняй даўгаты.

Але акрамя густых лясоў, пакрываўшых гару, я нічога не здолеў разгледзець, бо капітан Нэма не любіў набліжацца да зямлі.

Невад, закінуты ў гэтыя воды прынёс некалькі залацістых з сінім адценнем макрэляў, мяса якіх надзвычай добрае на смак, гарбушаў з выгнутымі ў крук вялізнымі сківіцамі, блакітна-зялёных са срэбным адценнем сарганаў. Усе гэтыя рыбы заслугоўвалі шаноўнага месца на стале.

Развітаўшыся з гэтымі прыгожымі астравамі, над якімі рэе сцяг Францыі, з 4 па 11 снежня “Наўтылус” прайшоў яшчэ каля двух тысяч міль. Пераход адзначыўся толькі сустрэчай з велізарнай зграяй кальмараў, дужа цікавых малюскаў, родзічаў каракаціцы і належачых да класа галаваногіх, — сямейству двужаберных, да якога належаць таксама каракаціцы і арганаўты. Гэтыя малюскі чамусьці прыцягвалі ўвагу старадаўніх натуралістаў і, займаючы шаноўнае месца ў метафарах старажытных прапаноўцаў, карысталіся не меншай павагай за сталом у багатых грамадзян. Так прынамсі сцвярджае Атэней, старагрэцкі ўрач, папярэднік славутага Галена.

Армію кальмараў “Наўтылус” сустрэў у ноч з 9-га на 10 снежня. Іх можна было налічыць цэлыя мільёны. Яны пераходзілі з умераных зон у больш цёплыя, ідучы той-жа дарогай, што сельдзь і сардыны. Мы глядзелі на іх праз тоўстае хрусталёвае акно, дзівячыся шпаркасці іх папятнага руху — яны плылі задам наперад, бесперапынна размахваючы дзесяццю нагамі, якія прырода размясціла ў іх на галаве, з’ядаючы маленькіх рыбак і з’ядаемыя вялікімі.

Не гледзячы на свой шпаркі ход, “Наўтылус” на працягу доўгага часу плыў акружаны кальмарамі і яго невад сабраў незлічымую колькасць іх; я налічыў тут усе дзевяць разнавіднасцей кальмараў, знойдзеных д’Орбін’е ў Ціхім акіяне.

Мора не давала нам нудзіцца ў час гэтага пераходу. Яно разгортвала перад намі відовішча за відовішчам, спектакль за спектаклем, кожны раз па-іншаму, кожную гадзіну змяняючы дэкарацыю і пастаноўку. Яно не толькі пацяшала нас, але адкрывала нам самыя сукрытыя тайны.

Удзень 11 снежня я сядзеў у салоне, чытаючы кнігу з бібліятэкі капітана Нэма. Нэд Лэнд і Кансель цешыліся ярка асветленай вадой праз крышталёвае акно. “Наўтылус” не рухаўся. Напоўніўшы рэзервуары, ён трымаўся на ўзроўні тысячы метраў, у мала населеным пласце акіяна, у які толькі часам трапляе буйная рыба.

Я чытаў у гэты час цікавую кнігу Жака Масэ — “Слугі страўніка”, захапляючыся дасціпнасцю аўтара, калі Кансель раптам гукнуў мяне:

— Ці не можа гаспадар падыйсці на хвіліну? — сказаў ён нейкім дзіўным голасам.

— Што здарылася, Кансель?

— Няхай гаспадар паглядзіць!

Я пакінуў кнігу і прыціскаючыся да акна, пачаў углядацца.

У вадкай прасторы, ярка асветленай электрычным пражэктарам, вісела нерухома нейкая чорная маса. Я пільна ўглядаўся ў яе, стараючыся разгледзець пароду гэтага велізарнага кітападобнага. Раптам здагадка маланкай мільганула ў маім мазгу.

— Гэта карабель! — закрычаў я.

— Так, — адказаў канадзец, — патануўшы карабель...

Нэд Лэнд не памыліўся. Перад намі быў патануўшы карабель, абрэзаныя ванты якога яшчэ віселі на ланцугах. Корпус яго быў яшчэ ў добрым стане, і здавалася, што крушэнне здарылася не болей, як некалькі гадзін назад. Тры абрубкі, узвышаючыся над палубай амаль на два футы, сведчылі аб тым, што караблю ў барацьбе за жыццё прышлося ахвяраваць свае мачты. Але, відаць, гэта не дапамагло...

Як сумна было глядзець на гэты затануўшы карабель!.. Але яшчэ больш сумнае відовішча мела яго палуба, дзе ляжалі некалькі трупаў, прывязаўшых сябе вяроўкамі да поручняў, відаць каб не быць змытымі хвалямі. Я налічыў шэсць трупаў: чатырох мужчын — адзін з іх стаяў, трымаючы ў руках стырно, — і жанчыну, якая напалову высунулася са шчыліны люка і трымала ў руках дзіцянё. Жанчына была маладая. Пры яркім святле пражэктара я мог нават разглядзець рысы яе твару, яшчэ не кранутага гніццём. Апошняй намогай яна падняла над галавой дзіця; бедная малютка так і памерла, абняўшы ручкай матчыну шыю... Трупы трох матросаў застылі ў жудасных позах — смерць захапіла іх, відаць, у сударгавай спробе развязаць вяроўкі, што прывязалі іх да палубы тануўшага карабля. Чацвёрты, стырнавы, стаяў прама са спакойным і строгім тварам. Сіваватыя валасы яго прыклеіліся да твару. Яго рукі застылі на стырне. Здавалася, стары стырнавы прадаўжаў кіраваць затануўшым трохмачтавіком у яго апошнім шляху па глыбінях акіяна...

Які жудасны спектакль! Мы замерлі, не гаворачы ні слова, са сціснутым сэрцам, і, не адрываючыся, глядзелі на гэты малюнак крушэння. Я ўжо бачыў, як набліжаліся, бліскаючы вачыма, велізарныя акулы, якіх прывабіў пах чалавечага мяса...

“Наўтылус” абышоў вакол затануўшага карабля, і я здолеў прачытаць надпіс на яго карме:

“Фларыда”
Зундэрлянд.

 

35 Камбуз – кухня на судне.

Раздзел дзевятнаццаты. Ванікоро

Гэта трагічная сустрэча адкрыла сабой цэлую серыю марскіх катастроф, сляды якіх “Наўтылус” сустрэў на сваім шляху. З таго часу, як мы апынуліся ў больш ажыўленых морах, мы часта пачалі сустракацца з затануўшымі суднамі, якія дагнівалі, вісячы ў вадзе. У больш глыбокіх пластах, на дне нам сустракаліся гарматы, ядры, якары, ланцугі і тысячы іншых жалезных прадметаў, з’едзеных іржавінай.

11 снежня мы наблізіліся да архіпелага Паўмоту, якому Бугенвіль у свой час даў назву “Небяспечнай групы астравоў”; астравы гэтага архіпелага параскіданы на працягу больш двух тысяч кіламетраў са ўсходне-паўднёвага ўсхода на заходне-паўночны захад між 13°3́ — 20°50́ паўднёвай шыраты і 125°30́ — 151°30́ заходняй даўгаты. Крайні ўсходні востраў групы завецца востравам Дзюсі, крайні заходні — востравам Лазарава.

Гэты архіпелаг займае плошчу ў трыста семдзесят квадратных лье і складаецца з пяцідзесяці груп астраўкоў, у ліку якіх знаходзіцца і група Гамб’е, належачая Францыі. Астравы гэтыя — каралавыя. Павольная, але несупынная праца паліпаў падымае іх з вады і раней ці пазней злучыць паміж сабою. Потым гэты новы востраў злучыцца з бліжэйшымі архіпелагамі, і паміж Новай Зеландыяй і Новай Каледоніяй, з аднаго боку, і Маркізскімі астравамі — з другога, узнікне новае сухазем’е.

У той дзень, калі я развіў гэтую тэорыю перад капітанам Нэма, ён холадна адказаў мне:

— Зямля адчувае патрэбу не ў новых сухазем’ях, а ў новых людзях!

Выпадкова курс “Наўтылуса” ішоў міма вострава Клермон-Тонера, аднаго з цікавейшых ва ўсім архіпелагу, адкрытага ў 1882 годзе капітанам “Мінеўры” Бэлем. Гэтая выпадковасць дазволіла мне азнаёміцца з дзіўнымі калоніямі мадрэпор, якім абавязаны жыццём астравы гэтай часткі Ціхага акіяна.

Мадрэпоры, якіх не трэба змешваць з караламі, з’яўляюцца тканінай, пакрытай вапеннай абалонкай. Розніца ў структуры іх абалонкі дала Мільн-Эдвардсу, майму славутаму настаўніку, магчымасць падзяліць іх на пяць груп. Гэтыя мікраскапічныя жывыя істоты, выдзяленні якіх ствараюць паліпнякі, мільярдамі жывуць у сваіх ячэйках. З выдзяляемай імі вапны вырастаюць скалы, кручы, астраўкі і астравы. Тут яны ствараюць вапнавы абруч, акружаючы лагуну, альбо маленькае возера, якое злучаецца з морам праз падводныя шчыліны; там яны будуюць бар’еры з скал, падобныя да тых, якія аблямоўваюць берагі Новай Каледоніі, альбо цэлыя астравы, як напрыклад, архіпелаг Паўмоту. У іншых месцах, напрыклад на астравах Маўрыкія, яны ўзводзяць зубчатыя скалы, высокія стромкія сцены, ля падножжа якіх глыбіня акіяна вельмі значная.

Мы плылі на адлегласці некалькіх кабельтоваў ад падножжа вострава Клермон-Тонера, і я не спыняўся захапляцца грандыёзнай працай, зробленай драбнюткімі будаўнікамі.

Кансель задаў мне пытанне, колькі часу патрабуе ўзвядзенне гэткай сцяны, і надзвычайна быў здзіўлены, калі я паведаміў яму, што вучоныя вылічылі, што за год вышыня сцяны вырастае на тры міліметры.

— Значыцца, для таго, каб пабудаваць гэтую сцяну вышынёй у трыста метраў...

— Патрабавалася сто тысяч гадоў, сябар мой Кансель! Выходзіць, што біблія занадта амаладзіла зямлю. Апрача таго, біблійскія сцвярджэнні робяцца яшчэ менш праўдападобнымі, калі ўспомніць, якія велізарныя тэрміны патрабуюцца для таго, каб дапатопныя лясы ператварыліся ў каменны вугаль!

Калі “Наўтылус” выплыў на паверхню акіяна, я змог разглядзець ва ўсіх дробязях гэты востраў Клермон-Тонер, ледзь выступаючы з вады і зарослы густым лесам. Яго вапнавая глеба была заплоднена, мусіць, гураганамі і бурамі. Калісьці якое-небудзь зерне, падхопленае гураганам на суседняй зямлі, упала на яго глебу, угноеную рэшткамі рыб і водарасцяў. Следам за тым бурныя хвалі выкінулі на яго какосавы арэх, вырасшы на пальме, што знаходзілася за тысячы міль. Зерні далі парасткі, выраслі дрэвы. Дрэвы затрымлівалі выпарэнні. Узніклі раўчакі. Расліннасць пачала пашырацца. Якія-небудзь жучкі, чарвякі, закінутыя сюды дрэвамі, якія бура прынесла з бліжэйшай зямлі, былі першымі жыхарамі вострава. Затым чарапахі сталі закопваць у берагавы пясок свае яйкі. Птушкі звілі гнёзды на маладых дрэвах. Паступова развілося жывёльнае царства. Нарэшце, прываблены свежай зелянінай і багаццем жывёлы, сюды перасяліўся чалавек.

Гэтак на гэтых астравах, створаных працай мікраскапічных жывёлінак, пачынала расквітаць жыццё.

Пад вечар Клермон-Тонер знік у аддаленні, і “Наўтылус” рэзка змяніў свой курс.

Дайшоўшы да тропіка Казерога пад 135° даўгаты, ён накіраваўся на захад — паўночны захад, астаючыся ўнутры трапічнай зоны. Хаця праменні трапічнага сонца былі занадта гарачыя, мы зусім не цярпелі ад гарачыні: на трыццаць — сорак метраў пад узроўнем мора тэмпература вады не перавышала дзесяць-дванаццаць градусаў.

15 снежня мы прайшлі з заходняга боку прывабныя астравы Таварыства і прыгожы востраў Таіці, перл Ціхага акіяна. Раніцай я здалёк убачыў высокія горныя верхавіны гэтага вострава.

У яе вадзе мы злавілі некалькі добрых рыб — макрэлей, тунцоў — і разнавіднасць марской змяі — двухколерную пеламіду.

“Наўтылус” прайшоў восем тысяч сто міль. У той дзень, калі мы праплылі каля архіпелага Тонга-Табу, дзе загінулі каманды “Арго”, “Порт-о-Прэнс” і “Дзюк-оф-Портлэнд”, лаг “Наўтылуса” адзначыў дзевяць тысяч семсот дваццатую пройдзеную мілю.

Затым мы абышлі астравы Фіджы, дзе дзікуны забілі каманду карабля “Юніён” і капітана Бюро, камандзіра “Ласкавай Жазефіны”. Гэты архіпелаг цягнецца на чатырыста кіламетраў з поўначы на поўдзень і трыста шэсцьдзесят ад усходу на захад, між 6° і 2° паўднёвай шыраты і 144° заходняй даўгаты. Ён складаецца з раду астравоў, астраўкоў і скал, буйнейшыя з якіх — Віці-Леву, Вануа-Леву і Кандубон.

Гэтыя астравы былі адкрыты Тасманам у 1643 годзе, у тым-жа годзе, калі Тарычэлі вынайшоў барометр, а Людовік XIV уступіў на прастол Францыі. У 1714 годзе іх наведаў Кук, у 1793-м — д’Антркасто, і нарэшце ў 1827 годзе Дзюмон-Дзюрвіль разблытаў увесь гэты геаграфічны клубок.

“Наўтылус” наблізіўся да бухты Ваілеа, памятнай па жахлівых прыгодах капітана Дзілона, які першым выявіў тайну пагібелі караблёў Лаперуза.

Мы некалькі разоў закідвалі драгу на дно гэтай бухты і выцягнулі шмат вустрыц. Мы жэрлі з прагнасцю, расчыняючы іх па рэцэпту Сенекі36 тут-жа за сталом. Вустрычная мяліна бухты Ваілеа была вельмі значнай па размерах.

Кожная вустрыца дае да двух мільёнаў яек, і вустрычныя расады, вядома, хутка запоўнілі-б бухты, каб не тысячы ворагаў, якія не даюць вустрыцам множыцца.

Калі Нэд Лэнду не давялося пашкадаваць аб сваім пражэрстве, дык толькі таму, што вустрыцы — адзіная страва, якая не выклікае нястраўнасці. Сапраўды трэба з’есці не менш шаснаццаці тузінаў гэтых безгаловых малюскаў, каб праглынуць тыя трыста пятнаццаць грамаў азоцістых рэчаў, з якога павінен складацца дзённы рацыён дарослага чалавека.

25 снежня “Наўтылус” плыў сярод астравоў Нова-Гебрыдскага архіпелага, адкрытага Квірасам у 1606 годзе, даследаванага Бугенвілем у 1768 годзе, і якому Кук даў яго сучасную назву ў 1773 годзе. Гэты архіпелаг складаецца з дзевяці вялікіх астравоў, і раду дробных і цягнецца паласой у чатырыста восемдзесят кіламетраў з паўночна-паўночнага захаду на паўднёва-паўднёвы ўсход, паміж 15° і 2° паўднёвай шыраты і 164° і 168° даўгаты. Мы прайшлі даволі блізка ад вострава Ватэ. У час палудзённых назіранняў шыраты я выйшаў на палубу і ўбачыў гэты востраў. Ён быў пакрыты суцэльным лясным масівам, увенчаным вельмі высокім горным пікам.

Я не бачыў капітана Нэма ўжо дзён восем. Нарэшце раніцай 27 снежня ён выйшаў у салон і кіўнуў галавой з выглядам чалавека, які разлучыўся з вамі не больш як пяць хвілін таму. У гэты час я шукаў на карце шлях “Наўтылуса”.

Капітан падышоў да стала, апусціў палец на карту і вымавіў толькі адно слова:

— Ванікоро.

Гэта слова прагучэла, як стрэл. Гэта была назва маленькага вострава, дзе загінулі караблі Лаперуза!

Я ўскочыў на ногі.

— “Наўтылус” трымае курс на Ванікоро?

— Так, прафесар, — адказаў капітан.

— І я здолею наведаць гэты славуты востраў, дзе разбіліся “Бусоль” і “Астралябія”?

— Калі пажадаеце.

— Калі-ж мы прыйдзем у Ванікоро?

— Мы ўжо прышлі, прафесар.

У суправаджэнні капітана Нэма я падняўся на палубу і стаў прагна ўглядацца ў кругавід.

На паўночным усходзе відаць былі два астравы, бясспрэчна вулканічнага паходжання. Іх акружаў каралавы бар’ер, даўжынёй прыблізна сорак міль. Мы знаходзіліся перад востравам Ванікоро, ля ўваходу ў маленькі порт Вану, які знаходзіцца пад 16°4́ паўднёвай шыраты і 164°32́ усходняй даўгаты. Востраў парос лесам ад берагу акіяна і да самай верхавіны гары Капога, вышынёй дзевяцьсот дваццаць метраў.

“Наўтылус”, увайшоўшы праз вузкую пратоку ўнутр каралавага бар’ера, апынуўся за лініяй прыбою, у гавані глыбінёй пяцьдзесят-шэсцьдзесят метраў. Пад ценем высокіх пальмаў я ўбачыў некалькі дзікуноў, якія з велізарным здзіўленнем сачылі за нашым набліжэннем. Яны, мусіць, прымалі чорны верацянападобны корпус “Наўтылуса” за велізарнага кіта і палахліва наглядалі за яго рухамі.

Капітан Нэма запытаў мяне ў гэтую хвіліну, што я ведаю аб гібелі Лаперуза.

— Тое, што вядома ўсяму свету, капітан, — адказаў я.

— Вельмі добра. Але ці не можаце вы паведаміць мне тое, што вядома ўсяму свету? — не без іроніі запытаў капітан Нэма.

— Вельмі ахвотна, — адказаў я.

І я расказаў яму змест паведамленняў Дзюмон-Дзюрвіля.

Вось коратка гэтыя факты.

Лаперуз і яго памочнік капітан дэ-Ланэль у 1785 годзе былі пасланы Людовікам XVI у кругасветнае плаванне на двух карветах — “Бусоль” і “Астралябія”.

У 1791 годзе французскі ўрад, устрывожаны доўгай адсутнасцю караблёў Лаперуза, наладзіў выратоўчую экспедыцыю ў складзе двух фрэгатаў — “Вышук” і “Надзея”, якія вышлі ў плаванне з Брэста 28 верасня пад камандай Бруні д’Антркасто. Праз два месяцы ўрад даведаўся з паказанняў нейкага Боўэна, капітана карабля “Эльбермейль”, што нейкія адломкі крушэння ён бачыў ля берагоў Паўночнай Георгіі. Але д’Антркасто, не ведаючы пра гэтае паведамленне, дарэчы кажучы, досыць няпэўнае, працягваў свой шлях да астравоў Адміралцейства, якія ў рапарце капітана Гунтэра паказваліся, як месца крушэння карветаў Лаперуза.

Пошукі д’Антркасто не мелі поспеху.

“Вышук” і “Надзея” прайшлі міма Ванікоро, не спыняючыся. Плаванне было дужа нешчаслівым, бо каштавала жыцця самому д’Антркасто, двум яго памочнікам і многім матросам экспедыцыі.

Першым на бясспрэчныя сляды крушэння караблёў Лаперуза натрапіў стары марскі воўк, капітан Дыльён. 15 траўня 1824 года яго карабель “Святы Патрык” спыніўся ля вострава Тыкопія, які належыў да Новагебрыдскай групы. Там адзін тубылец прадаў яму срэбны эфес шпагі, на якім яшчэ відаць былі сляды нейкага выразанага надпісу. Той-жа тубылец паведаміў Дыльёну, што шэсць гадоў назад ён бачыў на Ванікоро двух еўрапейцаў з суднаў, якія разбіліся аб рыфы недалёка ад таго вострава шмат гадоў назад.

Дыльён здагадаўся, што гаворка ідзе пра караблі Лаперуза, знікненне якіх хвалявала ўвесь свет. Ён рашыў адправіцца на Ванікоро, дзе, па словах тубыльца, хаваліся шматлікія сляды крушэння. Але вятры і цячэнне не далі яму выканаць гэтае жаданне.

Дыльён вярнуўся ў Калькуту. Там ён здолеў зацікавіць сваім адкрыццём Азіяцкае таварыства і Ост-Індскую кампанію, і яму далі карабель, які атрымаў назву “Вышук”.

23 студзеня 1827 года, суправаджаемы французскім прадстаўніком, Дыльён адплыў з Калькуты.

Пасля раду прыпынкаў у розных пунктах Ціхага акіяна, 7 чэрвеня 1827 года “Вышук” кінуў якар у той самай гавані Вану, дзе цяпер знаходзіўся “Наўтылус”.

Тут Дыльён знайшоў шматлікія рэшткі крушэння, — якары, прылады, блокі, камнямёт, васямнаццаціфунтавае ядро, зламаныя астранамічныя прылады і нарэшце бронзавы звон з надпісам: “Мяне адліў Базен”, кляймом Брэсцкага арсенала і датай “1785”. Цяпер сумненням не заставалася месца.

Дыльён, каб сабраць больш доказаў, заставаўся ў Ванікоро да кастрычніка 1827 года. Затым ён падняў якар і праз Новую Зеландыю адправіўся ў Калькуту, куды і прыбыў 7 красавіка 1828 года. З Калькуты Дыльён выехаў у Францыю, дзе яго вельмі ласкава сустрэлі.

У гэты час Дзюмон-Дзюрвіль, камандзір карабля, названага “Астралябіяй” у гонар загінуўшага карабля Лаперуза, нічога не ведаючы аб адкрыцці Дыльёна, працягваў пошукі слядоў катастрофы зусім у іншым кірунку: са слоў аднаго кітабоя яму стала вядома, што ў дзікуноў Новай Каледоніі і Лузіяды бачылі медаль і ордэн св. Людовіка.

Праз два месяцы пасля таго, як Дыльён пакінуў Ванікоро, Дзюмон-Дзюрвіль кінуў якар ля Гобарт-Тоўна. Толькі тут ён даведаўся пра ўдачу Дыльёна. Тут-жа ён азнаёміўся з паказаннем нейкага Джэймса Гобса, памочніка капітана карабля “Юніён” з Калькуты. Гэты Гобс сцвярджаў, што прыстаўшы да вострава, які знаходзіцца пад 8°18́ паўднёвай шыраты і 156°30́ усходняй даўгаты, ён бачыў у тубыльцаў жалезныя палосы і кавалкі тканіны.

Дзюмон-Дзюрвіль, збянтэжаны гэтымі супярэчлівымі звесткамі, і не ведаючы ці можна ім давяраць, рашыўся ўсё-такі адправіцца па слядах Дыльёна.

10 лютага 1828 года “Астралябія” падышла да вострава Тыкопія, забрала на борт у якасці лоцмана жыўшага тут збеглага матроса і ўзяла курс на Ванікоро. Падышоўшы да вострава 12 лютага, “Астралябія” заставалася за межамі яго каралавага кальца дзевяць дзён і толькі 20 лютага ўвайшла ў гавань Вану.

23-га “Астралябіі” прынеслі некалькі малакаштоўных абломкаў крушэння. Тубыльцы адмовіліся паказаць месца крушэння і на ўсе пытанні адказвалі незразуменнем і няведаннем. Такія падазроныя паводзіны тубыльцаў навялі на думку, што яны дрэнна абыходзіліся з пацярпеўшымі крушэнне; і сапраўды, тубыльцы, як відаць, баяліся, што Дзюмон-Дзюрвіль з’явіўся, каб адпомсціць за гібель Лаперуза і яго няшчасных спадарожнікаў.

Але 26 лютага, спакушаныя абяцаннямі падарункаў і ўпэўніўшыся, што ім не пагражае помста, тубыльцы паказалі памочніку капітана, Жакіно, месца крушэння.

Там, на глыбіні чатырох-пяці метраў, між скаламі Паку і Вану, ляжалі якары, гарматы, жалезныя і свінцовыя чушкі баласта, якія пакрыліся ўжо вапнавымі адкладамі. Шлюпкі “Астралябіі” накіраваліся да гэтага месца і з вялікімі цяжкасцямі паднялі з дна якар, які важыў тысячу восемсот фунтаў, гармату, страляючую васьміфунтавымі ядрамі, адну свінцовую чушку і два медных камнямёты.

Дзюмон-Дзюрвіль, апытаўшы тубыльцаў, даведаўся, што Лаперуз, згубіўшы абодва свае караблі ля берагоў вострава, пабудаваў з абломкаў іх трэці маленькі карабель, выйшаў у адкрытае мора і загінуў без звестак...

Камандзір “Астралябіі” загадаў тады пабудаваць над ценем мангіфер помнік адважнаму мораплаўцу і яго таварышам.

Гэта была простая чатырохсценная мураваная піраміда на каралавым п’едэстале. Ні кавалка жалеза не пайшло на гэты помнік, каб у тубыльцаў не было спакусы яго разбурыць.

Пасля гэтага Дзюмон-Дзюрвіль хацеў зараз-жа здымацца з якара. Але каманда “Астралябіі” была знясілена трасцай, карай гэтых месцаў, ды і сам ён быў хворы. Таму ён мог адправіцца назад толькі 17 сакавіка.

Між тым французскі ўрад, баючыся, што Дзюмон-Дзюрвіль нічога не ведае аб адкрыцці Дыльёна, паслаў у Ванікоро карвет “Байёнезку” пад начальствам Легоарана дэ Тромелена. “Байёнезка” кінула якар ля берагоў Ванікоро праз некалькі месяцаў пасля адплыцця “Астралябіі”, не знайшла ніякіх новых дакументаў, але ўпэўнілася, што дзікуны пашкадавалі помнік Лаперузу.

Вось усё, што я мог паведаміць капітану Нэма.

— Значыцца, — сказаў ён мне, — па гэты дзень нікому невядома, дзе загінуў гэты трэці карабель, пабудаваны пацярпеўшымі крушэнне на Ванікоро?

— Ніхто не ведае гэтага.

Капітан Нэма нічога не адказаў мне, але знакам прапанаваў ісці следам за ім у салон. “Наўтылус” спусціўся на некалькі метраў у глыбіню, і жалезныя акяніцы рассунуліся.

Я кінуўся да акна і пад каралавымі адкладамі і зараснікамі зоафітаў і водарасцяў, сярод мноства сноўдаючых ва ўсе бакі рыб, я заўважыў адломкі крушэння, якія не былі выцягнуты драгамі: якары, гарматы, мачты, ланцугі, ядры. Усё гэта зарасло жывымі кветкамі зоафітаў.

І ў той час, як я разглядаў гэтыя трагічныя адломкі, капітан Нэма з сумам у голасе сказаў:

— Экспедыцыя капітана Лаперуза адплыла ад берагоў Францыі 7 снежня 1785 года на карветах “Бусоль” і “Астралябія”. Яна зайшла спачатку ў Батані-Бай, на востраў Тонга, на Новую Каледонію, затым накіравалася ў Сандра-Круцу і спынілася на Намука, востраве, які належыць да Гавайскай групы. Нарэшце караблі Лаперуза падышлі да невядомых скал Ванікоро. Карвет “Бусоль”, які ішоў наперадзе, напароўся на рыфы на паўднёвым беразе. “Астралябія” паспяшалася да яго на дапамогу і ў сваю чаргу таксама наляцела на рыф. Першы карвет загінуў амаль умомант. Другі, сеўшы на мель пад ветрам, змагаўся некалькі дзён. Тубыльцы аказалі досыць добры прыём пацярпеўшым крушэнне. Яны абсталяваліся на востраве і пачалі будаваць маленькі карабель з адломкаў двух вялікіх карветаў. Некалькі матросаў добраахвотна засталіся ў Ванікоро. Астатнія, стомленыя хваробамі, знясіленыя, паехалі з Лаперузам у напрамку да Саламонавых астравоў і там загінулі ўсе да аднаго ля галоўнага вострава групы, між мысамі Расчаравання і Задавальнення.

— Але адкуль вы гэта ведаеце? — ускрыкнуў я.

— Вось што я знайшоў на самым месцы апошняга крушэння!

І капітан Нэма паказаў мне бляшаную шкатулку, на крышцы якой быў выбіты герб Францыі. Шкатулка ўся праржавела ў салёнай вадзе. Ён расчыніў яе, і я ўбачыў пачак пажоўклых, але захаваўшыхся дакументаў.

Гэта была інструкцыя марскога міністра капітану Лаперузу з уласнымі адзнакамі Людовіка XVI па краях!

— Вось гэта смерць, вартая марака! — сказаў капітан Нэма. — Ён ляжыць у спакойнай каралавай магіле, і я быў-бы дужа рады, каб у маіх таварышоў і ў мяне была такая самая магіла.

 

36 Сенека — старарымскі філосаф.

Раздзел дваццаты. Тарэсава пратока

У ноч з 27 на 28 снежня “Наўтылус” пакінуў Ванікоро і з вялікай хуткасцю паімчаўся на паўднёвы захад. У тры дні ён прайшоў адлегласць, якая аддзяляла Ванікоро ад паўднёва-ўсходняй часткі Новай Гвінеі, гэта значыць, звыш трох тысяч кіламетраў.

1 студзеня раніцай Кансель знайшоў мяне на палубе “Наўтылуса”.

— Ці не дазволіць мне гаспадар пажадаць шчаслівага новага года? — запытаўся ён.

— Як-жа, як-жа, Кансель, з такой-жа прыемнасцю прымаю тваё пажаданне, як быццам мы былі-б у Парыжы, у маім кабінеце, у батанічным садзе. Дзякую за віншаванне, і ў сваю чаргу — віншую цябе. Толькі дазволь запытацца, які год ты лічыў-бы шчаслівым: год, калі скончыцца наша паланенне, альбо год, на працягу якога наша дзіўнае падарожжа будзе прадаўжацца?

— Сапраўды, — сказаў Кансель, — я не ведаю, што адказаць гаспадару. Пэўна, мы бачым цікавыя рэчы, і за тыя два месяцы, што мы тут, нам не было часу сумаваць. Апошняе па часу відовішча тут заўсёды самае незвычайнае, і калі гэтая прагрэсія застанецца, дык цяжка сабе ўявіць, да чаго мы дойдзем! Думаю, што ніколі больш мы не сустрэнем гэткага выпадку...

— Ніколі! Твая праўда, Кансель!

— Акрамя таго капітан Нэма цалкам апраўдвае сваё лацінскае імя — Ніхто: ён так мала перашкаджае нам, нібы яго і няма на свеце.

— Праўда, Кансель.

— Таму дазваляю сабе сказаць гаспадару, што я буду лічыць шчаслівым той год, які дасць нам магчымасць убачыць усё!

— Убачыць усё, Кансель? Гэта можа быць занадта доўгім? Дарэчы, што аб гэтым думае Нэд Лэнд?

— Нэд Лэнд думае акурат наадварот, — адказаў Кансель. — Гэта чалавек са станоўчым розумам і прагным страўнікам. Яму недастаткова ўвесь час глядзець на рыб і есці рыбнае. Адсутнасць хлеба, мяса, віна — балюча для гэтага англасакса, які прызвычаены да крывавых біфштэксаў і да больш-менш значнай штодзённай порцыі віскі, джына альбо брэндзі37.

— А мяне гэта менш за ўсё абыходзіць, — сказаў я. — Я добра прызвычаіўся да рэжыму “Наўтылуса”.

— І я таксама, — адказаў Кансель. — Таму я з такой-жа ахвотай гатовы застацца тут, як Нэд Лэнд гатоў уцякаць. Такім чынам, калі надыходзячы год будзе нешчаслівым для мяне, — ён будзе шчаслівым для яго і наадварот. Значыцца, хто-небудзь з нас абавязкова будзе задаволены. Гаспадару-ж я дазваляю сабе пажадаць тое, што ён сам сабе жадае.

— Дзякую, Кансель. Прашу цябе толькі адкласці на нейкі час пытанне аб навагодніх падарунках і задаволіцца моцным пацісканнем рукі. Нічога больш я не магу табе прапанаваць.

— Гаспадар ніколі не быў больш шчодрым, — адказаў Кансель. З гэтымі словамі добры хлапец выйшаў.

2 студзеня лаг паказваў, што мы прайшлі адзінаццаць тысяч трыста сорак міль, альбо пяць тысяч дзвесце пяцьдзесят лье, з часу нашага адпраўлення з Японскага мора. Наперадзе “Наўтылуса” знаходзіліся небяспечныя зоны каралавых мораў, амываючых паўночна-ўсходнія берагі Аўстраліі.

Наш карабель ішоў на адлегласці некалькіх міль уздоўж здрадніцкага бар’ера з рыфаў, які ледзь не згубіў 10 чэрвеня 1770 года караблі капітана Кука. Карабель, на якім быў сам Кук, напароўся на скалу і не затануў толькі дзякуючы таму, што кавалак карала, які адламаўся пры сутычцы, заткнуў сабою прабоіну.

Мне вельмі хацелася аглядзець гэты бар’ер у трыста шэсцьдзесят лье, аб які заўсёды разбіваецца бурнае мора з грукатам, нагадваючым несціхальныя ўдары грому.

Але ў гэты час нахіленыя плоскасці глыбіні пацягнула “Наўтылус” у ніжнія пласты вады, і мне так і не ўдалося ўбачыць гэтыя каралавыя сцены. Прыйшлося толькі задаволіцца знаёмствам з яго фаунай, што трапіла ў нашы сеці.

Я заўважыў у ліку іншых рознавіднасцей — скумбрыі велічынёй з добрага тунца, з срабрыста-сінім целам, пакрэсленым папярочнымі палоскамі, якія знікаюць пасля смерці. Гэтыя скумбрыі праваджалі нас цэлымі зграямі і забяспечвалі нас надзвычай смачным мясам. У сеці траплялі таксама ў вялікай колькасці спары даўжынёй не больш пяці сантыметраў, але дужа смачныя, і трыглы, сапраўдныя марскія ластаўкі, якія ў цёмныя ночы мільгаюць у моры і паветры сваім фасфарычным бляскам. Сярод малюскаў і зоафітаў у петлях невада я знайшоў таксама розных прадстаўнікоў альцыёнарый, лужанак жыварадзячых, байдарак, малаткоў.

Праз два дні пасля таго, як мы перасеклі Каралавае мора, 4 студзеня мы апынуліся недалёка ад берагоў Новай Гвінеі. Капітан Нэма сказаў мне пры сустрэчы, што ён збіраецца прайсці ў Індыйскі акіян, праз Тарэсаву пратоку. Больш ён нічога не дадаў, але Нэду Лэнду і гэтага было досыць: ён задаволена адзначыў, што мы набліжаемся да еўрапейскіх мораў.

Тарэсава пратока карыстаецца дрэннай рэпутацыяй з-за высцілаючых яе небяспечных рыфаў, таксама з-за дзікасці засяляючых яе берагі пляменняў. Яна аддзяляе Аўстралію ад Новай Гвінеі.

Новая Гвінея расцягнулася на чатырыста лье ў даўжыню і на трыста лье ў шырыню і займае плошчу ў сорак тысяч геаграфічных лье. Яна раскінутая паміж 0°19́ і 10°2́ паўднёвай шыраты і 128°23́ і 146°15́ даўгаты.

У поўдзень, калі памочнік капітана “браў” секстантам вышыню сонца, я ўбачыў верхавіны гор Арфалькса, якія ўздымаліся ўступамі і канчаліся вострымі пікамі.

Новая Гвінея была адкрыта ў 1511 годзе партугальцам Францыскам Серано; яе наведалі паслядоўна дон Хозе Менесес у 1526 годзе, Грыхальва — у 1527, іспанскі генерал Альвар дэ Сааведра — у 1528, Хіго Ортэц — у 1545, галандзец Шутэн — у 1616, Нікалай Стрэйк — у 1753, Тасман, Дамп’е, Фюмель, Картрэ, Эдвардс, Бугенвіль, Кук, Форэст, Мак Клёр, д’Антркасто ў 1792, Дзюперэй у 1823 і нарэшце Дзюмон-Дзюрвіль у 1827.

“Гэта цэнтр усяго чорнаскурага насельніцтва Меланезіі”, сказаў аб Новай Гвінеі дэ Рыенцы.

Мне і ў галаву не прыходзіла, што выпадковасці нашага плавання прывядуць мяне да гэтых цікавых берагоў.

“Наўтылус” падышоў да ўваходу ў гэтую самую небяспечную ў свеце пратоку, перад якой у разважанні спыняліся нават самыя адважныя мораплаўцы. Гэтая пратока была адкрыта Луі Пац дэ-Торэсам на зваротным шляху з паўднёвых мораў у Меланезію; тут у 1848 годзе ледзь не загінулі на мяліне экспедыцыі Дзюмон-Дзюрвіля. Нават “Наўтылус”, які не баіцца ніякіх небяспек у вадзе, павінен быў пазнаёміцца з яго каралавымі рыфамі.

Тарэсава пратока мае прыкладна сто трыццаць пяць — сто сорак кіламетраў у шырыню, але яна завалена незлічымай колькасцю астравоў і астраўкоў, скал і падводных рыфаў, якія робяць амаль немагчымым праход праз яе.

Капітан Нэма, улічваючы гэта, прыняў усе неабходныя перасцярогі: “Наўтылус” плыў на паверхні вады з вельмі малай хуткасцю. Лопасці яго вінта, як хвост стомленага кіта, павольна білі ваду.

Карыстаючыся гэтым, я і абодва мае таварышы вышлі на заўсёды пустую палубу і сталі за стырнавой будкай. Наўрад ці я памылюся, калі скажу, што капітан Нэма сапраўды знаходзіўся там, асабіста кіруючы “Наўтылусам”.

У мяне перад вачыма ляжала вельмі добрая карта Тарэсавай пратокі, складзеная інжынерам-гідрографам Вінцэндонам Дзюмуленам і мічманам экспедыцыі — цяпер адміралам — Купван-Дзюбуа, прымаўшым удзел у апошняй кругасветнай экспедыцыі Дзюмон-Дзюрвіля. Гэта карта, а таксама карта складзеная капітанам Кінгам, — лепшыя карты Тарэсавай пратокі, разблытваючыя гэты непраходны лабірынт. Я сачыў па іх з надзвычайнай увагай.

Вакол “Наўтылуса” мора шалёна клекатала. Моцнае цячэнне, якое несла свае воды з паўднёвага ўсходу на паўночны захад з хуткасцю двух з паловай міль у гадзіну, разбівалася аб рыфы, выступаўшыя з вады амаль на кожным кроку.

— Вось шкоднае мора! — сказаў мне Нэд Лэнд.

— Сапраўды, горш нельга прыдумаць, — адказаў я, — нават для “Наўтылуса”, які ўсюды праходзіць.

— Трэба думаць, што гэты пракляты капітан добра ведае свой шлях, бо я бачу там такую каралавую кашу, што пры першай сутычцы з ёй “Наўтылус” рассыплецца на кавалкі.

І сапраўды, станавішча было вельмі сур’ёзным. Але “Наўтылус”, нібы пад чараўніцтвам, шчасліва прапаўзаў каля самых грозных скал. Ён не трымаўся шляху, пракладзенага караблямі Дзюмон-Дзюрвіля, “Астралябіяй” і “Стараннай”, якія ледзь не загінулі на гэтым шляху. Падводны карабель трымаў курс: больш паўночны і толькі абышоўшы востраў Мёрэя, завярнуўся на паўночны захад, да праходу Кумбэрлэнда. Я было падумаў, што цяпер “Наўтылус” пойдзе прама гэтым праходам, як раптам ён павярнуў на паўночны захад і паплыў, абмінаючы незлічоную колькасць малавядомых астравоў і астравочкаў да вострава, Таўнда і Небяспечнага канала.

Я са здзіўленнем запытваў сябе, няўжо капітан Нэма будзе такім неасцярожным, што павядзе свой карабель гэтым каналам, дзе селі на мель абодва караблі Дзюмон-Дзюрвіля, але ў гэты час, зноў змяніўшы кірунак, “Наўтылус” пайшоў прама на захад да вострава Гвебаару.

Ужо было каля трох гадзін дня. Прыліў амаль дасягнуў свайго вышэйшага пункту і хваляванне сціхала. “Наўтылус” падышоў да гэтага вострава. Мы былі ад яго толькі за дзве мілі. Я і цяпер яшчэ бачу прыгожы бераг, парослы пальмамі.

Раптам моцны штуршок паваліў мяне на палубу.

“Наўтылус” напароўся на рыф і спыніўся, трохі нахіліўшыся ўправа.

Падняўшыся на ногі, я ўбачыў, што на палубу ўжо вышлі капітан Нэма і яго памочнік. Яны аглядалі судна, і адрывіста гаварылі між сабой на невядомай мне мове.

Вось якое было становішча. За дзве мілі, за штырбортам, віднеўся востраў Гвебараар, які цягнуўся з поўначы на поўдзень, як гіганцкая рука. На ўсходзе з вады ўжо сталі паказвацца аголеныя адлівы верхавіны рыфаў.

Мы грунтоўна селі на мель, ды яшчэ ў такім месцы, дзе прылівы не бываюць высокімі. Гэта не абяцала нічога добрага “Наўтылусу”. Аднак карабель не пацярпеў ад сутычкі, настолькі моцным быў яго корпус. Але калі “Наўтылус” не здолее ні зняцца з мелі, ні апусціцца ў ваду, то як-бы ён ні быў добра зроблены, цячэнне хутка расправіцца з ім, і тады — бывай, капітан Нэма!..

Гэтак я думаў, калі да мяне падышоў капітан Нэма, добра ўладаючы сабою, як звычайна спакойны і халодны. На яго твары нельга было прачытаць ні трывогі, ні хвалявання.

— Няшчасны выпадак? — запытаў я яго.

— Не, проста здарэнне, — адказаў ён.

— Але ўсё-ткі гэтае здарэнне можа прымусіць вас зноў стаць жыхаром той самай зямлі, ад якой вы бяжыце?

Капітан Нэма неяк дзіўна паглядзеў на мяне і адмоўна паківаў галавой. Ён, відаць, хацеў даць мне зразумець, што ніколі нішто не прымусіць яго вярнуцца на зямлю. Затым ён сказаў:

— Што вы, прафесар? Становішча “Наўтылуса” зусім не такое безнадзейнае. Ён яшчэ будзе насіць нас сярод цудаў акіяна. Наша падарожжа толькі пачалося, і я не хачу яшчэ так хутка страціць гонар быць вашым спадарожнікам!

— Аднак, капітан, — супярэчыў я, робячы выгляд, што не заўважыў іроніі ў яго словах, — “Наўтылус” сеў на мель у самы прыліў. Заўважце, што ціхаакіянскія прылівы наогул невысокія, і калі толькі вы не знойдзеце спосабу як-небудзь палегчыць “Наўтылуса”, я не бачу, якім чынам вы прымусіце яго зноў усплыць на ваду.

— Ваша праўда, прафесар, — адказаў капітан Нэма, — ціхаакіянскія прылівы невысокія, але ўсё-такі ў Тарэсавай пратоцы ўзровень высокай і нізкай вады розніцца на паўтара метра. Сёння ў нас 4 студзеня, і праз пяць дзён наступіць поўналунне. Я буду вельмі здзіўлены, калі месяц, гэты верны спадарожнік зямлі, не падыме марскую ваду да такой вышыні, каб зрабіць мне гэтую дробную для яго паслугу.

З гэтымі словамі капітан Нэма, разам са сваім памочнікам, пайшоў унутр “Наўтылуса”. Падводны карабель стаяў нерухома, як прыросшы да месца, нібы каралавыя паліпы паспелі ўжо замураваць яго ў скалу сваім непарушымым цэментам.

— Ну што, спадар прафесар? — запытаў Нэд Лэнд, зараз-жа падышоўшы да мяне пасля ўходу капітана.

— Вось што, дружа Нэд: мы спакойненька дачакаемся прыліву 9 студзеня. Выходзіць так, што месяц ласкава дапаможа зняцца нам з мелі.

— Толькі ўсяго?

— Толькі ўсяго!

— І капітан не закіне якара далей і не пусціць машыну поўным ходам, каб паспрабаваць зняцца з мелі!

— Навошта ўсё гэта, калі нас зніме з мелі прыліў? — проста адказаў Кансель.

Канадзец паглядзеў на Канселя і паціснуў плячыма. У ім загаварыла цяпер абражанае пачуццё марака.

— Помніце маё слова, спадар прафесар, — звярнуўся ён да мяне, — ніколі больш гэтая жалезная памыйніца не будзе плаваць ні па вадзе, ні пад вадой! Яна варта цяпер толькі для продажу на злом! Я думаю таму, што прыйшоў час вызваліць капітана Нэма ад нашай кампаніі!

— Бачыце, дарабі Нэд, — адказаў я, — я не так песімістычна гляджу на будучае гэтага выдатнага карабля, як вы. Пачакайце чатыры дні — мы даведаемся дакладна, якая сіла прыліваў Ціхага акіяна. Дарэчы кажучы, парада уцякаць была-б пажаданай каля берагоў Англіі альбо Праванса. А каля берагоў Новай Гвінеі не варта спяшацца, бо ніколі няпозна будзе звярнуцца да гэтага спосабу, калі “Наўтылус” не здымецца з мелі. Павінен толькі сказаць вам, што гэты апошні выпадак я лічу небяспечным і зусім непажаданым.

— Але ці нельга хоць сыйсці на зямлю? — з прыкрасцю запытаўся Нэд Лэнд. — Вось напрыклад, востраў. На гэтым востраве растуць дрэвы. Пад імі вандруюць зямныя жывёліны — жывыя катлеты, ростбіфы і біфштэксы... З якой-бы прыемнасцю я іх пакаштаваў!

— Вось у гэтым праўда Нэда, — сказаў Кансель. — Я цалкам далучаюся да яго погляду. Ці не можа гаспадар дамагчыся ў свайго прыяцеля, капітана Нэма, дазволу сыйсці на гэты бераг, хаця-б для таго, каб мы не адвыклі ступаць па цвёрдай зямлі?

— Я магу папрасіць у яго дазволу, але я ўпэўнены, што ён адмовіць.

— Няхай гаспадар усё-такі паспрабуе, — сказаў Кансель, — прынамсі мы будзем ведаць мяжу ласкавасці капітана Нэма!

На маё шчырае здзіўленне, капітан Нэма даў дазвол зараз-жа і з вялікай ахвотай. Ён нават не патрабаваў ад мяне абяцання вярнуцца на борт. Але трэба сказаць, што падарожжа па астравах Новай Гвінеі было настолькі небяспечным, што я не параіў-бы Нэду Лэнду пачынаць яго. Лепш было заставацца ў палоне на "Наўтылусе”, чымся трапіць у рукі тубыльцаў-папуасаў.

Я не спрабаваў даведацца, ці збіраецца капітан Нэма суправаджаць нас. Больш таго, я быў упэўнены, што ніхто з матросаў не будзе адпушчаны з намі, і Нэду Лэнду самому прыйдзецца кіраваць шлюпкай. Але зямля знаходзілася толькі на дзве мілі ад нас, і канадзец, як добры марак, безумоўна здолее пераправіць лёгкі човен цераз грады скал, пагібельныя для вялікіх караблёў.

Назаўтра, 5 студзеня, шлюпку выцягнулі з гнязда і пусцілі на ваду. Гэта лёгка зрабілі два матросы. Вёслы былі складзены на дне, і нам заставалася толькі заняць месцы на лаўках.

У восем раніцы, узброеныя стрэльбамі і сякерамі, мы адплылі ад борта “Наўтылуса”. Мора было даволі спакойнае. Лёгкі брыз дзьмуў з берагу. Кансель і я сядзелі на вёслах. Мы энергічна граблі, а Нэд накіраваў шлюпку ў вузкія праходы між рыфамі. Шлюпка добра слухалася стырна і ляцела, як страла.

Нэд Лэнд не стрымліваў свайго захаплення. Ён адчуваў сябе нявольнікам, які вярнуўся на волю і не думаў аб тым, што хутка прыйдзецца зноў вярнуцца ў турму.

— Мы зараз будзем есці мяса! — нібы спяваў ён. — І якое мяса! Сапраўдную, не падробленую дзічыну! Праўда, без хлеба... Я не кажу, што рыба не смачная ежа, але згадзіцеся самі, нельга-ж увесь час есці рыбу і рыбу! Кавалак добрага мяса, засмажаны на вугольчыках, можа толькі ўнесці прыемную разнастайнасць у надакучыўшую ежу!

— Вось ненажэра! — сказаў Кансель. — У мяне ад яго размоў ужо слінкі цякуць.

— Застаецца толькі даведацца, — сказаў я, — ці ёсць дзічына ў гэтых лясах, і калі ёсць, дык ці не дасягае яна такіх памераў, пры якіх сам паляўнік можа зрабіцца дзічынай?

— Гэта глупства, спадар прафесар, — адказаў Нэд Лэнд, зубы якога, здавалася, былі завостраныя як лязо сякеры, — я гатовы з’есці нават тыгра, — добры кавалак смажанага тыгра, — калі на гэтым востраве няма іншых жывёл!

— Нэд проста палохае мяне, — сказаў Кансель.

— І да якой-бы пароды ні належала спатканая намі жывёліна — хай то неаперанае чацвераногае, альбо аперанае двухногае, — я гатовы вітаць яго трапным стрэлам са стрэльбы!

— Ага! — ускрыкнуў я. — Містэр Лэнд зноў пачынае вар’яцець!

— Не бойцеся, прафесар, — аказаў канадзец, — грабіце смела! Не пройдзе і гадзіны, як я прапаную вам страву, згатаваную па майму рэцэпту!

А палове дзявятай гадзіны шлюпка “Наўтылуса” павольна прыстала да пясчанага берагу, шчасліва абмінуўшы каралавае кальцо, што акружала востраў Гвебараар.

 

37 Спіртовыя напіткі.

Раздзел дваццаць першы. Некалькі дзён на сухазем’і

Я памятаю, што першы дотык да цвёрдай зямлі зрабіў на мяне досыць моцнае ўражанне. Нэд Лэнд крануў зямлю нагой, як быццам прабуючы яе грунтоўнасць. Між тым не прайшло і двух месяцаў з таго часу, як мы зрабіліся пасажырамі “Наўтылуса”, па выразу капітана Нэма, альбо, дакладней кажучы, палоннікамі капітана гэтага падводнага карабля.

За некалькі хвілін мы аддаліліся на адлегласць стрэлу ад берагу мора. Глеба складалася амаль выключна з каралавага вапняку, але, судзячы па рэчышчах высахлых рэк, усеяных гранітнымі грудамі, можна было дапусціць, што востраў гэты існуе з першабытных часоў.

Увесь кругавід быў закрыты гушчарнікам раскош нага лесу. Велічэзныя дрэвы, некаторыя з якіх дасягалі двухсот футаў у вышыню, злучаліся адно з адным густой сеццю паўзучых ліян — сапраўднымі натуральнымі гамакамі, якія гушкаліся ад подыху ветру.

Тут былі мімозы, казуары, фукусы, гібіскавыя дрэвы, пальмы, пальмы бясконца. Ля падножжа дрэў, пад аховай іх зялёных шапак, красаваліся гіганцкія архідэі, бабовыя расліны і папараці.

Але канадзец, увесь захоплены думкамі аб карысным, не звяртаў увагі на прыемнае — на гэтыя дзівосныя ўзоры новагвінейскай флоры. Знайшоўшы какосавую пальму, ён збіў з яе каменем некалькі какосаў і, ускрыўшы іх, прапанаваў нам. Мы выпілі какосавае малако і згелі мякаць з асалодай, якую нельга было разглядаць інакш, як пратэст супраць звычайнага меню “Наўтылуса”.

— Цудоўна — заявіў Нэд Лэнд.

— Надзвычайна! — падтрымаў яго Кансель.

— Як вы думаеце, няўжо капітан Нэма забароніць нам прынесці на борт “Наўтылуса” некаторы запас гэтых какосаў? — запытаўся ў мяне канадзец.

— Не думаю, — адказаў я, — але ўпэўнены, што ён не датыкнецца да іх.

— Тым горш для яго! — адказаў Кансель.

— І тым лепш для нас! — падхапіў Нэд Лэнд. — Нам-жа больш застанецца.

— Хвілінку, дружа Нэд! — сказаў я канадцу, які мерыўся атакаваць другую пальму. — Какосавыя арэхі — надзвычайная рэч, але раней як напоўніць імі. даверху шлюпку, мне здаецца разумным высветліць ці няма на востраве іншых прадуктаў, не менш карысных. Я думаю, што свежая гародніна будзе добра спаткана на кухні “Наўтылуса”.

— Гаспадар мае рацыю, — сказаў Кансель. — Я прапаную падзяліць шлюпку на тры часткі: першую пакінуць для пладоў, другую для гародніны, а трэцюю — для дзічыны, якой, дарэчы кажучы, мы пакуль зусім не бачым.

— Кансель, не трэба прыходзіць у роспач, — адказаў канадзец.

— Такім чынам, прапаную ісці далей, але ўвесь час быць пільнымі. Хаця востраў і здаецца не заселеным, але ўсё-ж тут могуць быць жыхары, менш разборлівыя ў выбары стравы, як мы...

— Эге-ге — ускрычаў Нэд Лэнд, ляскаючы сківіцамі пры гэтым напамінку.

— Далібог, — сказаў канадзец, — я пачынаю разумець прывабнасць людаедства.

— Нэд! Нэд! Што вы сказалі? — ускрыкнуў Кансель. — Выходзіць, што вы людаед? Значыцца, падзяляючы з вамі каюту, я ўвесь час быў у небяспечным становішчы? Значыцца, мне пагражае адным прыгожым ранкам прачнуцца напалову з’едзеным?

— Сябра Кансель, я вас кахаю, але не настолькі, каб есці вас!

— Не веру вам, — адказаў Кансель. — Давайце паляваць. Трэба хутчэй падсунуць якую-небудзь дзічыну гэтаму канібалу, а то ў адзін з бліжэйшых дзён гаспадар знойдзе толькі кавалкі свайго былога слугі.

У той час, як Нэд і Кансель перакідваліся гэтымі жартамі, мы дайшлі да ўскраю лесу. Прайшоўшы пад яго густыя галіны, мы на працягу двух гадзін абышлі яго з усіх бакоў.

Выпадак спрыяў нам у пошуках ужыткоўных раслін, і мы натрапілі на адну з самых карысных раслін трапічнага пояса: яна забяспечыла нас ежай, па якой мы нудзіліся на борце “Наўтылуса”.

Я кажу пра хлебнае дрэва, якое пышна расце на востраве Гвебараар; мы вельмі хутка натрапілі на яго безнасенную разнавіднасць, атрымаўшую ў малайцаў назву “рыма”.

Хлебнае дрэва адрознівалася ад іншых прамым ствалом вышынёю ў сорак футаў. Яго стройная закругленая верхавіна, складзеная з шматдольчатых лісцяў, адразу кідаецца ў вочы натуралісту. Сярод масы лісцяў звешваліся вялікія шаравідныя плады з шурпатай скурай, шырынёю адзін дэцыметр. Гэта карыснае дрэва, якім прырода ўзнагародзіла месцы, пазбаўленыя хлебных злакаў, без ніякага догляду і клопатаў дае плады на працягу васьмі месяцаў за год.

Нэд Лэнд добра ведаў гэтыя плады. Яму даводзілася ўжо есці іх у час сваіх шматлікіх падарожжаў, і ён ведаў, як ужываць іх.

Выгляд гэтых пладоў абудзіў яго апетыт.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — я памру ад нецярпення, калі не пакаштую зараз-жа мякаці, гэтага дрэва!

— Пакаштуйце, Нэд, пакаштуйце. Мы-ж для таго і забраліся сюды, каб рабіць доследы. Не саромцеся-ж.

— На гэта не пойдзе шмат часу, — сказаў ён.

Узброіўшыся запальваючым шклом; ён хутка запаліў касцёр з ламачча. Агонь весела затрашчаў. Тым часам Кансель і я выбіралі адпаведнае хлебнае дрэва.

Плады некаторых з іх не дасягнулі патрэбнай ступені спеласці, і іх тоўстая лушпіна пакрывала белую няспелую мякаць. Затое іншыя — а гэткіх было шмат, — празрыстыя і жаўтаватыя, здавалася, чакалі, каб іх сарвалі.

Плады хлебнага дрэва не маюць ніякага насення. Кансель прынёс Нэду некалькі гэтых пладоў. Канадзец разрэзаў іх на лустачкі і палажыў смажыцца на гарачыя вуголлі. Пры гэтым ён увесь час прыгаварваў:

— Вы ўбачыце, прафесар, які смачны гэты хлеб!

— Асабліва, калі даўно наогул не еў хлеба, — дадаў Кансель.

— Гэта нават не хлеб, — прадаўжаў канадзец. — Гэта смачнейшае пірожнае. Вам ніколі не даводзілася пакаштаваць яго, спадар прафесар?

— Ніколі, Нэд.

— У такім выпадку, рыхтуйцеся паласавацца смачнейшай стравай. Калі вы не папросіце другой порцыі — я не варты годнасці караля гарпуншчыкаў!

Праз некалькі хвілін той бок лустак, які быў бліжэй да агню, зусім абсмаліўся. У сярэдзіне лусты паказалася белая мякаць, пахам нагадваючая арцішок.

Трэба прызнацца, што хлеб быў дужа смачным, і я еў яго з вялікай прыемнасцю.

— На жаль, — сказаў я, — наўрад ці гэтая мякаць захаваецца ў свежым выглядзе... Таму мне здаецца, не варта браць запас яе на борт.

— Што вы, спадар прафесар! — абурыўся Нэд Лэнд. — Вы гаворыце, як тэарэтык-натураліст, я-ж зраблю, як практык-пекар. Кансель, зрабіце запас гэтых пладоў, мы возьмем яго з сабою на борт.

— А як вы іх захаваеце?

— Зраблю з мякаці цеста. Пасля таго, як яно падыйдзе, яно можа захавацца бясконца доўга, не папсаваўшыся. Перад ужываннем яго трэба будзе згатаваць на кухні “Наўтылуса”, і, не гледзячы на кіславаты прысмак, вы пальчыкі абліжаце, калі вам яго пададуць.

— Я бачу, Нэд, што за хлеб — дасканаласць, і нам няма чаго болей жадаць...

— Наадварот, спадар прафесар, — сказаў канадзец, — можна пажадаць яшчэ гародніны і садавіны для большай прыемнасці.

— Што-ж, давайце шукаць садавіну і гародніну.

Скончыўшы збор пладоў хлебнага дрэва, мы зноў пусціліся на пошукі новых страў для нашага “сухаземнага” абеда.

Пошукі не засталіся без поспехаў, і да поўдня мы сабралі добры запас бананаў. Гэтыя на дзіва далікатныя трапічныя фрукты спеюць на працягу круглага года, і малайцы, якія завуць іх “пізангамі”, ядуць іх сырымі. Акрамя бананаў, мы набралі смачных пладоў манга і непраўдападобнай велічыні ананасаў. Хоць на гэтыя зборы і пайшло ў нас шмат часу, мы не шкадавалі аб гэтым.

Кансель не зводзіў вачэй з Нэда Лэнда. Гарпуншчык ішоў наперадзе і, праходзячы каля кустоў альбо дрэва, упэўненай рукой зрываў лепшыя плады для папаўнення запасаў.

— Ну, — сказаў нарэшце Кансель, — спадзяюся, цяпер задаволены, дружа Нэд? Вы атрымалі ўсё, што жадалі?

— Гм, — адказаў канадзец.

— Няўжо-ж вы яшчэ не задаволены?

— Уся гэтая траўка — толькі прыправа да абеда, — дэсерт, салодкае. А дзе суп? Дзе мяса?

— Так, так, Нэд, — сказаў я, — не запамятайце, калі ласка, свайго абяцання накарміць нас катлетамі! Штосьці я не бачу гэтых катлетак...

— Спадар прафесар, — адказаў канадзец, — паляванне не толькі не скончылася, але нават яшчэ не пачыналася. Цярпенне! Раней ці пазней, але мы сустрэнем крылатую альбо чацвераногую дзічыну, не тут, дык дзе-небудзь у другім месцы...

— І калі не сёння, дык у які-небудзь іншы дзень, — у тон канадцу падхапіў Кансель. — Аднак-жа забірацца ў глыбіню лесу няварта. Я раю вярнуцца да шлюпкі.

— Як? Ужо? — ускрыкнуў Нэд.

— Мы павінны вярнуцца на борт да наступлення цемры, — сказаў я.

— Але колькі цяпер часу? — нявесела запытаўся канадзец.

— Не меней двух гадзін, — адказаў, Кансель.

— Як хутка бяжыць час на цвёрдай зямлі! — глыбока ўздыхнуўшы, сказаў Нэд Лэнд.

— У дарогу! — адказаў Кансель.

Мы пайшлі назад лесам. Па дарозе мы папоўнілі свае запасы лісцямі капуснай пальмы, за якімі прыйшлося лезці на самую верхавіну дрэва, бобам, які малайцы завуць “абру”, і добрай якасці ямсам.

Мы аж гнуліся ад цяжару, калі падыходзілі да лодкі. Аднак Нэд Лэнд лічыў, што мы яшчэ мала сабралі харчоў. І лёс дапамог яму. Ужо ўсеўшыся ў лодку, ён раптам заўважыў некалькі сагавых пальмаў, вышынёю ў дваццаць пяць — трыццаць футаў. Гэтыя дрэвы таксама карысныя, як і хлебныя, і па справядлівасці лічацца адным з каштоўнейшых прадуктаў Меланезіі.

Нэд Лэнд ведаў, як трэба абыходзіцца з імі.

Узяўшыся за сякеру, ён праз некалькі хвілін зрубіў два-тры дрэвы, аб спеласці якіх сведчыў белы пыл на іх ствалах.

Я сачыў за канадцам больш вачыма натураліста, як згаладалага чалавека. Ён пачаў з таго, што ад кожнага ствала адарваў па кавалку кары, таўшчынёю з вялікі палец; пры гэтым агалілася сець валокнаў, пераплеценых у блытаныя вузлы, між якімі віднелася клейкая мука.

Гэтая мука і была тым рэчывам, якое з’яўляецца галоўнаю ежай меланезійскага насельніцтва.

Нэд Лэнд задаволіўся на гэты раз тым, што пасек ствалы на кавалкі, як сякуць дровы, а здабыванне мукі адклаў напотым, бо гэта патрабавала шмат часу на прасейванне, адлучэнне ад валокнаў, сушку на сонцы і на зацвярдзенне ў формах.

Нарэшце а пятай гадзіне па поўдні, нагружаныя багаццем, мы пакінулі бераг вострава і праз паўгадзіны прысталі да “Наўтылуса”. Нас ніхто не сустрэў. Вялізны жалезны цыліндр здаваўся бязлюдным. Скінуўшы цяжар, я спусціўся ў свой пакой. Там чакала мяне вячэра. Я паеў і лёг спаць.

На другі дзень, 6 студзеня, не здарылася нічога новага. Ніякага шуму ўнутры судна, ніякай адзнакі жыцця. Шлюпка боўталася каля борта, на тым самым месцы, дзе мы яе пакінулі. Мы захацелі вярнуцца на востраў Гвебараар. Нэд Лэнд спадзяваўся, што на гэты раз паляванне будзе значна лепшае, як напярэдадні. Акрамя таго, нам вельмі хацелася наведаць другую частку лесу.

З усходам сонца мы крануліся ў дарогу. Лодка, падхопленая бягучай да берага хваляй, хутка падплыла да вострава.

Мы высадзіліся і, даверыўшыся інстынкту Нэда Лэнда, пайшлі за ім, сочачы толькі за тым, каб доўганогі канадзец не надта аддаляўся ад нас.

Нэд Лэнд павёў нас у глыбіню заходняй часткі вострава. Перайшоўшы ўброд некалькі раўчакоў, мы вышлі на раўніну, з аднаго боку якой рос пышны лес. Некалькі зімародкаў скакалі на беразе раўчака, але ніводзін не дазволіў наблізіцца да сябе на стрэл. Паводзіны птушак навялі мяне на думку, што яны не першы раз сустракаліся з двуногімі істотамі і ведаюць, чаго можна чакаць ад чалавека. З гэтага я зрабіў вывад, што калі востраў і не заселены ў гэты момант, дык у кожным выпадку яшчэ нядаўна яго наведвалі людзі.

Прайшоўшы ўсю вялікую раўніну мы падышлі да маленькага лясочка, адкуль даносілася пяянне мноства птушак.

— Пакуль што гэта толькі птушкі, — сказаў Кансель.

— Але сярод іх ёсць і ядомыя, — адказаў гарпуншчык.

— Наўрад, браточку. Па-мойму, гэта папугаі.

— Сябра мой, Кансель, — важна заявіў канадзец, — папугай будзе замест фазана ў людзей, якім няма чаго есці!

— З свайго боку, магу пацвердзіць, — сказаў я, — што добра прыгатаваны папугай — досыць смачная страва.

І сапраўды, пад густым лісцем дрэва тулілася цэлая калонія папугаяў, гатовых загаварыць на чалавечай мове, калі хто-небудзь зацікавіцца іхнім выхаваннем.

А пакуль што яны балбаталі са сваімі рознакаляровымі самкамі, пераскокваючы з галіны на галіну, з аднаго дрэва на другое. Тут былі прадстаўлены ўсе разнавіднасці падатрада папугаеў: і марудныя, важныя какаду, як быццам занятыя рашэннем нейкай філасофскай праблемы, і яркаафарбаваныя арары, у часе палёту падобным на кавалкі рознакаляровай тканіны, і разумныя папугаі-жако, больш за іншых здольныя пераняць чалавечую мову, і шмат іншых відаў гэтых чароўных, але невядомых птушак.

Аднак у гэтай калекцыі не хапала аднаго экспаната — птушкі, якая водзіцца выключна ў гэтых краях і ніколі не бывае па-за межамі астравоў Ару і Новай Гвінеі. Але лёс быў ласкавы да мяне і даў выпадак цешыцца і з гэтай птушкі.

Прайшоўшы праз негусты лясок, мы вышлі на лугавінку, паросшую хмызнякам. Нашы крокі спудзілі нейкіх надзвычайна прыгожых птушак, апярэнне якіх размеркавана так, што яны могуць лятаць толькі насупраць ветру. Іх хвалісты палёт, грацыя, з якой яны апісваюць у паветры кругі, неперадаваемая ігра фарбаў у іх апярэнні — усё гэта чаравала і цешыла вочы. Я адразу пазнаў іх.

— Гэта райскія птушкі! — ускрыкнуў я.

— Аддзел кілегрудых, атрад вераб’інападобных, сямейства райскіх птушак, — зараз-жа дадаў Кансель.

— А можа сямейства курапатак? Ты не памыліўся, Кансель? — запытаўся Нэд Лэнд.

— Не, сябра Нэд — сказаў я. — Але хоць гэта і не курапаткі, я буду вам вельмі абавязаны, калі вы, з уласцівай вам спрытнасцю, дапаможаце мне злавіць адну з гэтых чароўных трапічных птушак.

— Паспрабую, спадар прафесар, — хаця, шчыра кажучы, я больш прызвычаены да гарпуна, чымся да стрэльбы.

Малайцы, гандлюючыя райскімі птушкамі, ужываюць разнастайныя спосабы лоўлі іх: то яны расстаўляюць сілкі на верхавіне высокага дрэва, дзе з найбольшай ахвотай гнездзяцца райскія птушкі; то яны ловяць іх пры дапамозе спецыяльнага, вельмі ліпучага клея; то, нарэшце, атручваюць вадаёмы, з якіх гэтыя птушкі прызвычаіліся піць ваду.

Што датычыцца нас, дык нам заставалася толькі страляць іх улёт з малымі шансамі на поспех. І сапраўды, мы страцілі значную частку сваіх зарадаў, але не забілі ніводнай з гэтых птушак.

К адзінаццаці гадзінам раніцы мы прайшлі першы рад узвышшаў, у цэнтры вострава, але яшчэ нічога не забілі. Голад падганяў нас. Спадзяючыся на паспяховае паляванне, мы не захапілі з сабой харчоў і цяпер горка каяліся. Але тут на першую радасць і вялікае здзіўленне самога Канселя, яму пашчасціла двума стрэламі ўзапар забіць белага голуба і вяхіра. Мы хутка абскублі іх і, насадзіўшы на прут, пачалі смажыць на кастры з сухога галля.

У той час, як забітая дзічына смажылася пад наглядам Канселя, Нэд Лэнд гатаваў плады хлебнага дрэва.

Як і можна было чакаць, вяхір і голуб былі з’едзены да апошняй костачкі і, па агульнаму водзыву аказаліся выдатнымі. Мускатныя арэхі, якімі яны жывяцца, прыдалі асаблівы пах іхняму мясу і смажаніна з іх атрымалася сапраўды надзвычайная.

— Яны такія-ж смачныя, як пуляркі, узгадаваныя на труфелях! — сказаў Кансель.

— Ну-с, Нэд, — запытаўся я, — чаго вам цяпер не хапае?

— Чацвераногай дзічыны, спадар прафесар, — адказаў канадзец. — Гэтыя птушкі — толькі закус, а не сапраўдная ежа. Таму я не супакоюся да таго часу, пакуль не заб’ю якую-небудзь жывёлу, з якой можна зрабіць катлету.

— А я, Нэд, не супакоюся да таго часу, пакуль не злаўлю райскую птушку.

— У такім разе будзем працягваць паляванне, — сказаў Кансель. — Толькі вернемся назад, бліжэй да мора. Мы забраліся ўжо надта далёка, і я думаю, што лепш было-б усё-ткі вярнуцца ў прыморскі лес.

Кансель меў рацыю, і мы паследвалі яго парадзе. Пасля гадзіны хады мы прышлі ў лес, які складаўся выключна з самага дрэва. З-пад нашых ног некалькі разоў вырываліся змеі, але не атрутныя. Райскія птушкі адляталі, як толькі мы набліжаліся да іх на адлегласць стрэлу; я ўжо страціў быў надзею злавіць хоць адну з іх, але раптам Кансель, які ішоў наперадзе, нахіліўся і, радасна ўскрыкнуўшы, павярнуўся тварам да мяне.

Ён трымаў у руцэ прыгожы экземпляр райскай птушкі.

— Брава, Кансель! — крыкнуў я.

— Гаспадар вельмі ласкавы, — адказаў ён.

— Не, не, дружа мой, ты сапраўды зрабіў цуд. Злавіць райскую птушку жывой, ды яшчэ голымі рукамі — гэта надзвычайна!

— Калі гаспадар захоча паглядзець на яе бліжэй, ён зразумее, што мая заслуга не такая вялікая.

— Чаму, Кансель?

— Таму, што гэтая птушка п’яная, удрызг п’яная!

— П’яная?!

— П’яная?

— Так. П’яная ад мускатных арэхаў, якімі яна частавалася пад мускатным дрэвам, і мне нічога не каштавала ўзяць яе. Глядзіце ўважліва, Нэд, вось наглядны доказ шкоды неўстрыманасці!

— Ну, ведаеце, Кансель, грэх вам папракаць мяне колькасцю выпітай за апошнія два месяцы гарэлкі, — адказаў канадзец.

Тым часам я разглядаў цікавую птушку. Кансель не маніў: райская птушка сапраўды ап’янела ад дурманавага соку мускатных арэхаў і была зусім бездапаможнай. Яна не толькі не магла лятаць, але і ледзь хадзіла.

Злоўлены Канселем экземпляр належаў да прыгажэйшай з васьмі разнавіднасцей райскіх птушак, якія водзяцца на Новай Гвінеі і суседніх з ёю землях. Гэтая разнавіднасць атрымала назву “смарагдавай” і была самай рэдкай. Птушка мела трыццаць сантыметраў даўжыні. Галоўка ў яе была вельмі маленькая, вочы, што змяшчаліся побач з дзюбай, таксама зусім малыя. Афарбоўка яе была вельмі стракатая: жоўтая дзюба, цёмна-карычневыя лапы і кіпці, светла-карычневыя з чырвонай аблямоўкай крыллі, бледна-жоўты хахалок, смарагдавазялёная шыя і каштанавыя грудзі і бруха. Два пышных і пушыстых, выгнутых дугою пяра, незвычайнай далікатнасці і прыгажосці, упрыгожвалі яе хвост: Наогул, птушка была незвычайна прыгожая і цалкам заслугоўвала сваю тубыльскую назву “сонечнай птушкі”.

Мне вельмі хацелася прывезці ў Парыж жывым гэты рэдкі экземпляр і падараваць Заалагічнаму саду, у якім яшчэ не было жывых райскіх птушак.

— Гэта сапраўды рэдкая птушка? — запытаўся Нэд Лэнд тонам паляўніка, для якога невядомая дзічына не мае ніякай каштоўнасці.

— Сапраўды, Нэд, і да таго яшчэ іх цяжка злавіць жывымі. Але нават і мёртвыя, гэтыя птушкі вельмі высока цэняцца. Таму тубыльцы дадумаліся да таго, што пачалі падрабляць іх, таксама як падрабляюць перлы і брыльянты.

— Як! — усклікнуў Кансель. — Яны падрабляюць райскіх птушак?

— Так, Кансель.

— І гаспадар ведае, як тубыльцы гэта робяць?

— Ведаю, Кансель. Райскія птушкі ў час летніх мусонаў губляюць сваё выдатнае хваставое апярэнне. Птушыныя “фальшываманетчыкі” збіраюць гэтыя пер’і і ўдала ўклейваюць або ўшываюць у хвост якога-небудзь няшчаснага папугая, загадзя абскубаўшы яго. Потым яны фарбуюць шоў, “лакіруюць” птушку і... пасылаюць у Еўропу — музеям альбо аматарам — вынікі гэтага своеасаблівага мастацтва.

— Што-ж — заўважыў Нэд Лэнд, — тым няма на што скардзіцца. Яны-ж атрымліваюць пер’і, а гэта самае галоўнае, калі птушка не прызначана для яды.

Мая мара — заўладаць райскай птушкай — такім чынам ажыццявілася, але з мараю Канселя пра катлету справа пакуль не клеілася. Але а другой гадзіне дня канадцу нарэшце пашчасціла падстрэліць сапраўднага ляснога кабана з пароды тых, якіх тубыльцы называюць “бары-утанг”.

Стрэл Нэда, які даставіў нам смажаніну, быў сустрэты ўсеагульнай радасцю. Нэд Лэнд ганарыўся сваёй удачай. Кабан зваліўся на месцы мёртвым, як толькі яго датыкнулася электрычная куля. Канадзец спрытна разабраў яго і выразаў добры кавалак мяса на вячэру. Пасля гэтага паляванне пачалося зноў.

Праціскаючыся сквозь хмызняк, Нэд Лэнд і Кансель, нечакана для сябе, спудзілі статак кенгуру, якія кінуліся бегчы, высока падскокваючы на сваіх пругкіх нагах. Але як ні хутка беглі гэтыя жывёлы, электрычныя кулі паляцелі яшчэ шпарчэй.

— Ах, спадар прафесар, — закрычаў Нэд Лэнд, ап’янелы шчаслівым паляваннем, — якая добрая дзічына, асабліва ў тушаным выглядзе! Які запас прадуктаў для “Наўтылуса”! Два, тры, чатыры кенгуру. І падумаць толькі, што мы адны з’ямо гэтую гару мяса, а тыя аслы нават і не панюхаюць яго!

Я думаю, што калі-б ад радасці канадзец не разбалбатаўся, ён перабіў-бы ўвесь статак. Але цяпер яму прыйшлося задаволіцца тузінам гэтых цікавых сысуноў, якія належылі да сямейства кенгуровых, атрада сумчатых і падкласа двуутробных, як паведаміў Кансель.

Забітыя кенгуру былі маларослыя. Яны належалі, да пароды зайцападобных кенгуру. Гэта начныя жывёлы, і ўдзень яны моцна спяць. Акрамя дужа вялікай хуткасці бегу, гэты від кенгуру адзначаецца вялікай вываротлівасцю. Не гледзячы на маленькую велічыню гэтага звярка, скуркі яго высока цэняцца.

Мы былі вельмі задаволены вынікамі свайго палявання. Захоплены Нэд збіраўся на другі дзень вярнуцца на гэты чароўны востраў і пазабіваць усіх спажыўных чацвераногіх. Але ён не прадбачыў, што падзеі абярнуцца інакш...

Каля шасці гадзін вечара мы вышлі на бераг мора. Шлюпка стаяла на тым месцы, дзе мы яе пакінулі. “Наўтылус” здалёк здаваўся даўгім рыфам і выступаў з вады за дзве мілі ад нас.

Нэд Лэнд, не адкладваючы, узяўся за гатаванне абеда. Ён быў майстрам у кухеннай справе. Падсмажаныя ім “адбіўныя катлеты з бары-утанга” неўзабаве напаілі паветра прыемным пахам...

Але я лаўлю сябе на тым, што таксама, як і канадзец, захапляюся смажаным кавалкам свініны. Даруй мне гэта, чытач, як я прабачаю канадца...

Такім чынам абед выйшаў на дзіва. Два вяхіры дапоўнілі меню. Цеста сагі, плады хлебнага дрэва, некалькі пладоў мангавага дрэва, з дзесятак ананасаў і перабушаваўшы сок какосавага арэха прывялі нас у добрадушны настрой. Мне здаецца, што мае шаноўныя сябры, ды і я таксама, зрабіліся цяжэйшымі ад сытасці.

— Што, калі мы не вернемся сёння ўвечары на “Наўтылус”? — сказаў Кансель.

— Ні сёння, ні заўтра і ніколі, — дадаў Нэд Лэнд.

У гэты момант каля нашых ног упаў камень, які абарваў словы гарпуншчыка.

 

Раздзел дваццаць другі. Маланка капітана Нэма

Не ўстаючы, мы азірнуліся ў бок лесу. Мая рука замярцвела на паўдарозе да рота, але Нэд Лэнд свой кавалак данёс да рота.

— Каменні звычайна не падаюць з неба, — сказаў Кансель. — Калі-ж гэта здараецца, яны завуцца аэралітамі.

Другі камень, кінуты больш трапна, вырваў з рук Канселя смачную ножку вяхіра, падмацоўваючы важкасць яго заўвагі.

Ускочыўшы на ногі і ўскінуўшы стрэльбы на плечы мы ўсе трое гатовы былі сустрэць усякі напад.

— Няўжо гэта малпы? — сказаў Нэд Лэнд.

— Бадай што, — адказаў Кансель. — Гэта дзікуны.

— Да шлюпкі! — скамандаваў я і скіраваўся да вады.

І сапраўды час быў адступаць, бо за сотню крокаў, на ўзлессі, што засланяла кругавід налева ад нас, паказалася чалавек дваццаць дзікуноў, узброеных лукамі і прашчамі.

Да шлюпкі было дваццаць метраў. Дзікуны набліжаліся, не спяшаючыся, але з зусім варожымі намерамі. Камні і стрэлы дажджом сыпаліся на нас.

Нэд Лэнд не захацеў кінуць сабраны харч і, не гледзячы на пагражаючую небяспеку, пацягнуў да лодкі тушы забітых кабана і кенгуру.

За дзве хвіліны мы перанеслі ў лодку харч, зброю, штурхнулі яе на ваду, прыладзілі вёслы і селі самі. Не паспелі мы ад’ехаць на два кабельтавы, як сотня выючых і рыкаючых дзікуноў зайшла ў мора па пояс. Я думаў, што іхнія крыкі пачуюць на “Наўтылусе”. Але не: палуба падводнага карабля заставалася зусім пустыннай.

Праз дваццаць хвілін мы прычалілі да “Наўтылуса”. Люк быў адчынены. Прывязаўшы шлюпку да борта, мы спусціліся ў судна.

Я зайшоў у салон, адкуль данесліся гукі аргана. Капітан Нэма іграў з такім захапленнем, што не заўважыў нават майго прыходу.

— Капітан, — сказаў я.

Ён не чуў.

— Капітан, — паўтарыў я, дакрануўшыся да яго пляча.

Ён здрыгануўся і хутка павярнуўся.

— Ах, гэта вы, спадар прафесар! — сказаў ён. — Ну, як было паляванне? Якія расліны знайшлі?

— Надта добра капітан, дзякую. Але скажу па шчырасці, мы прывялі за сабой зграю двухногіх, суседства якіх мне здаецца небяспечным...

— Двухногіх?

— Дзікуноў.

— Дзікуноў? — з насмешкаю паўтарыў капітан Нэма. — Вас, мабыць, здзівіла, прафесар, што, ступіўшы нагой на адну з зямель нашай планеты, вы натрапілі на дзікуноў? Дзе толькі няма дзікуноў!.. Ды і чым яны горшыя ад іншых, гэтыя людзі, якіх вы называеце дзікунамі?

— Але, капітан...

— Што тычыцца мяне, дык я дзікуноў сустракаў усюды.

— Але ўсё-ж такі, — адказаў я, — калі вы не хочаце дапусціць навалы гэтай аравы на “Наўтылус”, раю вам прыняць меры перасцярогі.

— Супакойцеся, прафесар, няварта аб гэтым турбавацца.

— Але гэтых дзікуноў вельмі многа!

— Колькі?

— Не менш сотні!

— Спадар Аранакс, — сказаў капітан, зноў апускаючы пальцы на клавішы аргана, — каб усё тубыльскае насельніцтва Новай Гвінеі сабралася на гэтым пляжы, то і ў гэтым выпадку “Наўтылусу” нічога не пагражала-б.

Пальцы капітана забегалі па клавішах інструмента. Я звярнуў увагу на тое, што ён удараў толькі па чорных костках, што надавала яго музыцы мінорныя адценні. Хутка ён забыўся на маю прысутнасць і цалкам захапіўся ігрой. Я не асмеліўся больш адрываць яго і ціха выйшаў з салона.

Я падняўся на палубу. Была ўжо ноч — у гэтых нізкіх шыротах дзень раптам, без змроку, пераходзіць у ноч. Востраў Гвебараар ледзь быў відаць у цемры.

Але шматлікія агні кастроў, запаленых на беразе, сведчылі аб тым, што дзікуны і не думалі пакідаць яго.

Я заставаўся ў адзіноце на палубе на працягу доўгіх гадзін, то ўспамінаючы пра тубыльцаў, але ўжо без ніякай трывогі, бо капітан Нэма заразіў мяне сваёй упэўненасцю, то проста аддаўшыся захапленню гэтай трапічнай ноччу. Мае мары звярталіся да Францыі пры поглядзе на бліскучыя на паўночным схіле неба зоркі, якія праз некалькі гадзін павінны былі ўбачыць маю радзіму. Месяц пачаў падымацца, гасячы сузор’і. Я падумаў, што гэты адданы спадарожнік зямлі праз два дні падыме марскую ваду і здыме “Наўтылус” з мелі. Каля поўначы, пераканаўшыся, што пацямнеўшая паверхня вады таксама спакойная, як і сонны бераг, я вярнуўся ў сваю каюту і спакойна заснуў.

Ноч прайшла без здарэнняў. Дзікуны, відаць, спалохаліся аднаго выгляду страшыдлы, якое ляжала на вадзе, бо скрозь адчыненыя люкі яны мелі вольны доступ ва ўнутр “Наўтылуса”.

А шостай гадзіне раніцы 8 студзеня я зноў падняўся на палубу. Ранне толькі разганяла начныя цені. Неўзабаве скрозь разарваныя клоччы туману паказаўся востраў — раней пляж, а потым і верхавіны дрэў.

Тубыльцы ўсё яшчэ былі тут, толькі стала іх болей — чалавек пяцьсот-шэсцьсот. Некаторыя з іх, карыстаючыся адлівам, па аголеных верхавінах рыфаў наблізіліся да “Наўтылуса” і спыніліся на адлегласці не больш двух кабельтоваў ад яго.

Я добра бачыў іх няўзброеным вокам. Гэта былі папуасы гіганцкага росту, добра складзеныя, з высокім прамым ілбом, з вялікім, але не сплюснутым носам і з асляпляюча белымі зубамі; іхнія кучаравыя валасы, афарбаваныя ў чырвоны колер, рэзка вылучаліся на бліскучым чорным целе. У мочках іхніх вушэй, разрэзаных на дзве часткі і адцягнутых уніз, віселі касцяныя бусы.

Большасць мужчын былі зусім голымі. Некалькі жанчын, якія знаходзіліся тут-жа, былі апрануты ў сплеценую з траў спадніцу да кален, падтрымліваемую поясам з ліян. У некаторых, як відаць, правадыроў, шыя была ўбрана паўкальцом альбо маністамі з каляровых — белых і чырвоных — шкелак. Усе былі ўзброены лукамі, стрэламі, шчытамі. У многіх за спіной матляліся сеткі з круглымі каметамі, якімі яны з надзвычайным майстэрствам страляюць з прашчы.

Адзін з правадыроў падышоў бліжэй, за ўсіх да “Наўтылуса” і разглядваў яго з пільнай увагай. Відаць, гэта была важная персона, бо ён быў захутаны ў накідку з лісцяў банана, з зубцамі па краях, размалёванымі яркімі фарбамі.

Мне няцяжка было забіць гэтага дзікуна, які стаяў вельмі блізка, але я рашыў, што лепш пачакаць, пакуль ён сам не выявіць варожых намераў. Калі еўрапеец сустрэнецца з дзікуном, ён павінен абараняцца, а не нападаць.

Увесь час, пакуль працягваўся адліў, дзікуны бадзяліся каля “Наўтылуса”. Але яны нічым не выяўлялі сваёй варожасці. Я чуў, як яны часта паўтаралі слова “окан” і па іхніх жэстах я зразумеў, што яны запрашаюць мяне сыйсці на бераг. Аднак я палічыў за лепшае адхіліць гэтае запрашэнне.

У той дзень, вядома, шлюпка не пакідала борта “Наўтылуса”, на вялікі жаль Нэда Лэнда, якому надта хацелася папоўніць свае запасы харчоў. А пакуль што канадзец заняўся рыхтаваннем на запас прывезеных з вострава Гвебараара мяса і “хлеба”.

Дзікуны вярнуліся на бераг каля адзінаццаці гадзін раніцы, як толькі прыліўныя хвалі пачалі пакрываць верхавіны скал. Але колькасць іх на беразе ўвесь час павялічвалася. Магчыма, што яны сцякаліся сюды з суседніх астравоў. Але, з другога боку, я пакуль яшчэ не бачыў ніводнай тубыльскай пірогі. Не маючы магчымасці лепш правесці час, я рашыў паскрабсці драгай празрыстую ваду, дазваляўшую бачыць на дне мноства чарапашак, зоафітаў і марскіх раслін. Гэта было тым больш своечасовым, што сёння быў апошні дзень нашай стаянкі ля берагоў Новай Гвінеі, — у тым выпадку, вядома, калі прароцтва капітана Нэма спраўдзіцца, і прыліў сапраўды падыме “Наўтылус” на паверхню.

Я паклікаў Канселя, і ён прынёс мне лёгкую драгу, падобную да тых, якімі ловяць вустрыц.

— А як сябе трымаюць дзікуны? — запытаўся Кансель. — З дазволу гаспадара скажу, што на мяне яны робяць уражанне не надта злых людзей.

— І тым не менш гэта людаеды, сябар мой!

— Можна быць людаедамі і ў той час заставацца добрымі хлопцамі, — адказаў Кансель, — таксама, як можна быць ласуном і разам з тым прыстойным чалавекам. Адно не выключае другога.

— Добра, Кансель, я ўступлю табе, — гэта сумленныя людаеды і яны паядаюць сваіх нявольнікаў з захаваннем усіх правіл далікатнасці. Аднак мне не хочацца быць з’едзеным нават чэснымі асобамі, і я буду на варце, бо капітан “Наўтылуса” не прымае ніякіх мер перасцярогі. А цяпер — за працу!

На працягу двух гадзін мы шчыра закідвалі драгу, але нічога цікавага не злавілі: трапляліся кальмары, грабенчатыя вісельнікі, марскія звёзды, — бадай самыя прыгожыя экземпляры, якія калі-небудзь трапляліся мне, — галатурыі і маленькія чарапахі, якіх мы рашылі перадаць на кухню. І вось у тую хвіліну, калі я менш за ўсё чакаў, я ўбачыў цуд... Уласна кажучы, убачыў незвычайна рэдкае выродства. Кансель толькі што закінуў драгу і выцягнуў яе, поўную рознымі чарапашкамі, не маючымі нічога цікавага. Таму ён быў надзвычайна здзіўлены, калі ўбачыў, як я раптам рвануў драгу, выцягнуў з яе ракавіну і выдаў крык канхіліёлага, гэта значыць, самы прарэзлівы, які калі-небудзь вырываўся з чалавечай глоткі.

— Што здарылася з гаспадаром? — здзіўлена запытаўся Кансель. — Гаспадара ўкусіў хто-небудзь?

— Не, мой сябар, але я з ахвотай аддаў-бы палец за гэтую находку!

— Якую нахадку?

— За гэтую чарапашку! — радасна сказаў я.

— Але-ж гэта самая звычайная пурпуравая аліва, з віду аліў, сямейства грабенчатажаберных, атрада бруханогіх, класа малюскаў...

— Зусім правільна, Кансель, але замест таго, каб закручвацца справа налева, гэтая ракавіна закручваецца злева направа!

— Ці мажліва гэта? — крыкнуў Кансель.

— Так, мой любы. Гэта ракавіна-ляўша!

— Ракавіна-ляўша? — паўтарыў Кансель з дрыготай у голасе.

— Паглядзі на яе закрутак.

— Гаспадар можа мне паверыць, — сказаў Кансель, з замілаваннем беручы ў рукі чарапашку, — што я ніколі яшчэ гэтак не хваляваўся.

І сапраўды было з чаго прыйсці ў хваляванне. Усім вядома, што ў прыродзе рух часцей за ўсё ідзе справа налева. Зоркі і іхнія спадарожнікі круцяцца справа налева. У чалавека правая рука дужэйшая за левую, і таму ўсе яго інструменты, прылады, апараты, замкі, гадзіннікавыя пружыны прыстасаваны да карыстання імі справа налева. Прырода захоўвае гэты-ж закон, — калі толькі можна назваць гэта законам, — і ў закручванні малюскаў: усе яны закручаны справа налева, і ў тых вельмі рэдкіх выпадках, калі трапляюцца ракавіны-ляўшы аматары гатовы плаціць за іх якія хочаш сумы.

Кансель і я былі захоплены разглядваннем нашага скарба.

Я ўжо марыў аб тым, як я падарую яго Музею прыродазнаўства ў Парыжы, — і вось раптам камень, кінуты дзікуном, разбіў гэтую каштоўнасць у руках Канселя.

Я дзіка закрычаў. Кансель кінуўся да маёй стрэльбы і нацэліўся ў дзікуна, які размахваў прашчой за дзесяць метраў ад нас. Я хацеў стрымаць Канселя, але не паспеў. Ён стрэліў і куля разбіла бранзалет з амулетаў на руцэ дзікуна.

— Кансель! — з дакорам крыкнуў я. — Кансель!

— Што? Хіба гаспадар не бачыць, што гэты людаед першы напаў на нас?

— Ніякая ракушка не варта чалавечага жыцця, Кансель!

— Ах, нягодны!.. Я лепш згадзіўся-б, каб ён зламаў мне плячо! — ускрыкнуў Кансель.

Кансель казаў зусім шчыра, але не пераканаў мяне ў сваёй правасці.

Між тым за апошнія хвіліны, пакуль мы былі захоплены разгляданнем ракавіны-ляўшы, становішча змянілася. Штук дваццаць тубыльскіх пірог акружылі “Наўтылус”. Гэтыя пірогі, выдзяўбаныя ў ствале дрэва, вузкія, даўгія, прыстасаваны для хуткага ходу, ураўнаважваюцца на вадзе пры дапамозе падвойнага бамбукавага балансіра, які плыве побач з іхнімі бортамі.

Мяне ўстрывожыла гэтае наступленне.

Было відаць, што папуасы ўжо сустракаліся з еўрапейцамі і бачылі раней іхнія караблі. Але што яны павінны былі падумаць аб гэтай жалезнай цыгары, без мачт, без труб, ледзь выступаючай з вады? Відаць, нічога добрага, бо яны доўга трымаліся на значнай адлегласці ад яе. Аднак, пераканаўшыся, што яна не праяўляе ніякай агрэсіўнасці, яны паступова прызвычаіліся да яе выгляду, набраліся адвагі і цяпер рашылі бліжэй пазнаёміцца з ёй. Але акурат гэтаму знаёмству і трэба было перашкодзіць. Нашы стрэльбы, страляючыя без шуму, не маглі зрабіць моцнага ўражання на дзікуноў, паважаючых толькі магутныя грымоты гармат. Гэтак і маланка, каб яна не была разам з громам, не палохала-б людзей, хоць усім вядома, што небяспечная іменна маланка, а не гром.

У гэтую хвіліну некалькі пірогаў злучыліся вакол “Наўтылуса”, і хмара стрэлаў пасыпалася на палубу.

— Чорт вазьмі! — крыкнуў Кансель. — Ідзе град! І яшчэ можа атручаны...

— Трэба папярэдзіць капітана Нэма, — сказаў я, накіроўваючыся да люка.

Я зайшоў у салон, але там нікога не было. Тады я паспрабаваў пастукаць у дзверы пакоя капітана Нэма.

— Уваходзьце, — адказалі мне з-за дзвярэй.

Я застаў капітана Нэма за нейкімі складанымі вылічэннямі; куча паперы, якая ляжала перад ім, была спісана алгебраічнымі знакамі.

— Я патурбаваў вас? — з далікатнасці запытаўся я.

— Сапраўды, спадар прафесар, — адказаў мне капітан, — але я думаю, што ў вас ёсць сур’ёзныя падставы жадаць бачыць мяне безадкладна?

— Вельмі сур’ёзныя. Нас акружылі пірогі тубыльцаў, і мусіць, не пазней як праз некалькі хвілін шмат соцень дзікуноў нападуць на нас.

— Ага, — сказаў зусім спакойна капітан, — яны з’явіліся на пірогах?

— Так, капітан.

— У такім выпадаў досыць зачыніць люк.

— Акурат гэта я і хацеў вам параіць.

— Нічога не можа быць прасцей, — адказаў капітан Нэма.

І, націснуўшы кнопку электрычнага званка, ён перадаў адпаведны загад у каюту каманды.

— Вось і ўсё, — сказаў ён мне пасля хвіліннага маўчання. — Шлюпка пастаўлена на месца, і люк зачынены. Спадзяюся, вы не баіцеся, што дзікуны зламаюць борты, супраць якіх былі бяссільныя ядры “Аўраама Лінкальна”?

— Не, не баюся. Але ёсць яшчэ адна небяспека, капітан.

— Якая, прафесар?

— Заўтра ў гэты-ж час прыйдзецца адчыніць люкі, каб аднавіць запас паветра на “Наўтылусе”.

— Зусім правільна, прафесар, бо мой карабель дыхае таксама, як кіты.

— Але-ж, калі ў гэты час папуасы будуць яшчэ на палубе карабля, я не бачу, як вы можаце перашкодзіць ім уварвацца ўнутр?

— Значыцца, вы ўпэўнены, прафесар, што яны прыйдуць на борт “Наўтылуса”?

— Зусім упэўнены.

— Што-ж, няхай прыходзяць. Не бачу ніякіх падстаў перашкаджаць ім у гэтым. Гэта-ж толькі бедныя, цёмныя дзікуны. І я нізавошта не хачу, каб маё наведванне вострава Гвебараара каштавала жыцця аднаму з гэтых няшчасных.

Я хацеў развітацца і пайсці, але капітан Нэма затрымаў мяне і запрасіў сесці побач з ім. Ён з цікавасцю распытваўся пра нашы экскурсіі на востраў, пра паляванне, і зрабіў выгляд, нібы не разумее, чаму канадзец так нудзіцца без мяса. Потым гутарка перайшла на іншыя тэмы. І на гэты раз ён застаўся стрыманым, але ўсё-ткі выявіў больш далікатнасці.

Гутарка між іншым закранула і становішча “Наўтылуса”, сеўшага на мель акурат у той пратоцы, дзе амаль не загінулі караблі Дзюмона-Дзюрвіля. Па гэтаму поваду капітан Нэма сказаў:

— Дзюрвіль быў адным з найвялікшых маракоў і адным з адукаванейшых людзей Францыі. Гэта французскі капітан Кук. Бедны вучоны! Змагацца з ільдамі паўднёвага полюса, з караламі Акеаніі, з людаедамі Ціхаакіянскіх астравоў і нарэшце быць забітым у час крушэння поезда прыгараднай чыгункі! Каб акалічнасці далі час на развагу гэтаму мужнаму чалавеку ў апошнія хвіліны яго жыцця, ці ўяўляеце вы сабе, што ён павінен быў-бы думаць?

Гаворачы гэта, капітан Нэма здаваўся ўсхваляваным. Гэта хваляванне рабіла яму гонар. Затым, узброіўшыся картай, мы пераглядзелі ўсе работы вялікага французскага мораплаўцы, усе яго кругасветныя падарожжы, яго двухразовую спробу адкрыць паўднёвы полюс, што скончылася няўдачай, але затое прывяло да адкрыцця зямель Адэлі і Луі-Філіпа.

Нарэшце мы ўспомнілі зробленыя ім гідраграфічныя даследаванні вакол важнейшых астравоў Ціхага акіяна.

— Тое, што ваш Дзюрвіль зрабіў на паверхні акіяна, я паўтараю ў яго глыбінях, але больш вычарпальным і пэўным спосабам і з меншай тратай энергіі. “Астралябія” і “Старанная” — караблі Дзюмона-Дзюрвіля, якія ўвесь час траплялі ў буры і гураганы, вядома, не могуць параўняцца з “Наўтылусам” — сапраўдным падводным домам, у спакойных кабінетах якога ніхто не перашкаджае працаваць.

— Аднак, капітан, з аднаго боку лёс “Наўтылуса” падобны да лёсу “Астралябіі” і “Стараннай”, — сказаў я.

— З якога, спадар прафесар?

— З таго, што “Наўтылус” сеў на мель таксама, як і яны, і ў тым-жа месцы.

— “Наўтылус” не садзіўся на мель — няветліва адказаў мне капітан Нэма. — “Наўтылус” пабудаваны для таго, каб адпачываць на марскім дне, і мне не прыдаецца столькі пакутваць, як Дзюмон-Дзюрвілю пры спуску на ваду яго караблёў. “Астралябія” і “Старанная” ледзь не загінулі, між тым як майму “Наўтылусу” не пагражае ніякая небяспека.

Заўтра, у вызначаны мною час, у азначаны мною дзень, прыліў павольна падыме яго, і ён зноў паплыве па морах.

— Капітан, — пачаў я, — не сумняваюся, што...

— Заўтра, — перапыніў мяне капітан Нэма, устаючы з крэсла, — у дзве гадзіны сорак хвілін па поўдні “Наўтылус” паплыве і без ніякага пашкоджання выйдзе з Тарэсавай пратокі!

Сказаўшы гэтыя словы адрывістым голасам, капітан Нэма трохі пакланіўся. Гэта значыць, што ён лічыць гутарку скончанай. Мне засталося толькі выйсці, што я і зрабіў.

Вярнуўшыся ў свой пакой, я застаў там Канселя, які жадаў ведаць вынікі маёй гутаркі з капітанам.

— Сябар мой, — сказаў я яму, — капітан пасмяяўся з мяне, калі я сказаў, што яго “Наўтылусу” пагражаюць тубыльцы. Магу табе сказаць толькі што капітану можна даверыць. Можаш спакойна спаць!

— Гаспадар не адчувае зараз патрэбы ў маіх паслугах?

— Не, дзякую. Што робіць Нэд Лэнд?

— З дазволу гаспадара скажу, што Нэд Лэнд у гэты час гатуе паштэт з кенгуру, ад якога пальчыкі абліжаш!

Застаўшыся адзін у пакоі, я лёг у пасцелю, але спаў вельмі дрэнна.

Над маёй галавою часта раздаваўся тупат ног дзікуноў па жалезнай абшыўцы палубы і іхнія гучныя галасы.

Ноч прайшла спакойна. Каманда па-ранейшаму заставалася бяздзейнай. Як відаць, яе столькі-ж турбавала прысутнасць дзікуноў на палубе, як салдат якога-небудзь бліндыраванага форта непакояць мурашкі, што бегаюць па бліндажах.

У шэсць гадзін раніцы я ўстаў. Люкі яшчэ не адчыняліся. Значыцца, паветра не аднаўлялася з учорашняга дня. Але гэта і не адчувалася, бо рэзервуары своечасова дадалі ў збяднеўшую атмасферу падводнага карабля некалькі кубічных метраў кісларода.

Я працаваў у сваёй каюце да поўдня, не бачыўшы капітана Нэма. На борце судна не было відаць ніякіх рыхтаванняў да адплыцця.

Я пачакаў яшчэ некалькі часу, а потым пайшоў у салон. Гадзіннік паказваў палову трэцяй. Праз дзесяць хвілін прыліў павінен быў дасягнуць вышэйшага пункта і, калі капітан Нэма не памыліўся ў сваіх разліках, “Наўтылус” павінен быў усплыць на паверхню вады. Калі-ж гэта не здарыцца, пройдзе яшчэ шмат месяцаў, пакуль ён здолее пакінуць каралавае дно.

Неўзабаве корпус судна пачаў уздрыгваць. Я пачуў, як рыпела абшыўка аб шурпатае дно.

У дзве гадзіны трыццаць пяць хвілін капітан Нэма выйшаў у салон.

— Зараз мы адправімся, — сказаў ён.

— Ага, — буркнуў я.

— Я загадаў адчыніць люкі.

— А папуасы?

— Папуасы? — капітан Нэма паціснуў плячыма.

— Яны-ж забяруцца ў сярэдзіну “Наўтылуса”.

— Якім чынам?

— Праз люк, які вы загадалі адчыніць.

— Прафесар, — спакойна адказаў капітан Нэма, — праз люк “Наўтылуса” не заўсёды можна прайсці нават тады, калі ён адчынены.

Я паглядзеў на капітана.

— Вы не разумееце? — запытаўся ён.

— Нічога не разумею.

— У такім выпадку ідзіце за мной. Вы ўбачыце.

Мы пайшлі да сходаў, што вялі да люка. Там ужо знаходзіліся Нэд Лэнд і Кансель, з вялікай цікавасцю глядзеўшыя на працу некалькіх матросаў, адчыняўшых люк пад акампанімент шалёных крыкаў і лямантаў, якія несліся з палубы.

Дзверцы люка адкінуліся ў бакі. Адразу-ж у адтуліне паказаліся дваццаць раз’юшаных твараў. Але першы-ж з дзікуноў, які палажыў руку на поручні лесвіцы, быў адкінуты невядома якой сілай і пабег эксцэнтрычна падскокваючы і дзіка крычучы.

Дзесяць яго сяброў паследвалі яго прыкладу, і ўсе дзесяць такім-жа чынам адступілі.

Кансель быў у захапленні. Нэд Лэнд, пад уплывам свайго ваяўнічага тэмперамента, кінуўся праведваць адступаючага ворага; але не паспеў ён ухапіцца рукою за поручні, як у сваю чаргу быў адкінуты назад.

— Тысяча чарцей! — закрычаў ён. — Мяне ўдарыла маланка!

Гэтыя словы растлумачылі мне ўсё. Поручні лесвіцы былі ператвораны ў праваднік току высокага напружання. Кожны, хто датыкаўся да іх, атрымліваў страшэнны штуршок. Гэты штуршок быў-бы смяротным, каб капітан Нэма пажадаў накіраваць у поручні ток з усіх сваіх батарэй. Але ён абмежаваўся тым, што стварыў не смяротны, але непраходны бар’ер паміж нападаючымі і нутром свайго карабля.

Між тым перапалоханыя насмерць папуасы паспешна адступалі. Мы, стрымліваючы ўхмылкі, суцяшалі Нэда Лэнда, які лаяўся, як вар’ят.

У гэтую хвіліну “Наўтылус”, падняты хваляй прыліву, усплыў на паверхню акіяна. Было роўна дзве гадзіны сорак хвілін — момант, вызначаны капітанам Нэма.

Вінт карабля паважана пачаў біць ваду. Але паступова хуткасць вярчэння павялічвалася, і цэлы, някрануты “Наўтылус” выгнаў з небяспечных месцаў Тарэсавай пратокі.

 

Раздзел дваццаць трэці. Зноў у турме

На другі дзень, 10 студзеня, “Наўтылус” зноў плыў у адкрытым акіяне. Але на гэты раз хуткасць яго была вельмі значная — не менш трыццаці пяці міль у гадзіну. Вінт круціўся з такой шпаркасцю, што сачыць за ім і падлічыць колькасць абаротаў у хвіліну я не мог.

Калі я ўспомніў, што гэтая цудоўная сіла — электрычнасць — не толькі прыводзіла ў рух “Наўтылус”, але і асвятляла, і ацяпляла яго, і абараняла ад нападкаў звонку, ствараючы загароду, за якую не мог ступіць ніхто без рызыкі загінуць на месцы ад удару маланкі, — калі я ўспомніў усё гэта, майму захапленню не было мяжы, і ад апаратаў яно пашырылася на пабудаваўшага іх інжынера.

Мы трымалі курс на захад. 11 студзеня мы абмінулі мыс Весель пад 135° даўгаты і 10° паўночнай шыраты, які пільнуе ўваход у затоку Карпентарыя. Тут было нямала падводных скал, але яны былі параскіданы на значных адлегласцях адна ад адной і з вялікай дакладнасцю азначаны на карце.

“Наўтылус” лёгка прайшоў паміж рыфамі Монэ злева і скаламі Вікторыі справа, размешчанымі пад 130° даўгаты на той-жа дзесятай паралелі, усцяж якой мы плылі.

13 студзеня мы ўвайшлі ў воды мора Цімор ля вострава таго-ж імя, які ляжыць пад 120° даўгаты. Гэты востраў, плошчай у тысячу шэсцьсот дваццаць пяць квадратных лье, кіруецца некалькімі раджамі. Гэтыя ўладары завуць сябе сынамі кракадзілаў, гэта значыць, лічуць сябе самымі шляхетнымі істотамі, якія толькі могуць існаваць на свеце. Драпежныя продкі раджаў у вялікай колькасці водзяцца ў рэчках вострава і, дзякуючы свайму сваяцтву з манархамі, карыстаюцца надзвычайнай пашанай насельніцтва. Іх даглядаюць, ім дагаджаюць, кормяць маладымі дзяўчатамі, і гора таму, хто адважыцца падняць руку на аднаго з гэтых свяшчэнных паўзуноў!

Але “Наўтылус” не цікавіўся гэтымі агіднымі гадамі. Мы бачылі востраў Цімор усяго некалькі хвілін, у поўдзень, калі памочнік капітана рабіў чарговае назіранне. Таксама мімаходзь я ўбачыў маленькі востраў Році, які належыць да той-жа групы; насельніцтва яе славіцца сваёй пекнатой і высока цэніцца на меланезійскіх нявольнічных рынках.

Адсюль “Наўтылус” раптам завярнуў на паўднёвы захад, да Індыйскага акіяна. Куды нас занясе капрыз капітана Нэма? Ці падымемся мы да берагоў Азіі? Ці наблізімся мы да еўрапейскага сухазем’я? Гэтыя дапушчэнні цяжка ўзгадніць са звычайнай нянавісцю капітана Нэма да заселеных зямель. Значыцца, мы спусцімся яшчэ паўднёвей? Можа “Наўтылус” абыйдзе мыс Добрай Надзеі і мыс Горн і даплыве да паўднёвага полюса? Якім шляхам мы вернемся ў воды Ціхага акіяна, дзе падводнаму караблю было больш за ўсё прастору? Толькі будучыня магла даць адказ на гэтыя пытанні.

Прайшоўшы ўдоўж падводных рыфаў Карц’е, Гіберніі, Серынгапатама і Скота, апошніх аплотаў цвёрдай зямлі, высунутых глыбока ва ўладанні варожай вадкай стыхіі, 14 студзеня мы апынуліся ў адкрытым моры, далёка ад сухазем’я. Хуткасць руху “Наўтылуса” значна знізілася. Капрызны і нясталы карабель альбо ўвесь час ішоў на вялікай глыбіні, альбо доўга не пакідаў паверхні акіяна.

У часе гэтага плавання капітан Нэма зрабіў цікавыя назіранні тэмпературы марской вады на розных глыбінях. У звычайных умовах гэтыя назіранні ажыццяўляюцца пры дапамозе даволі складаных прылад; але паказанні іх не заўсёды заслугоўваюць веры, ці будуць гэта тэрмаметрычныя зонды, шкло якіх часта не вытрымлівае высокага ціску, ці прылады, дзейнасць якіх грунтуецца на неаднолькавай электрычнай супраціўляльнасці розных металаў. Да таго-ж атрыманыя такім чынам вынікі цяжка паддаюцца кантролю.

А тут капітан Нэма сам апускаўся на патрэбную глыбіню, і тэрмометр, апушчаны ў розныя пласты вады, адразу-ж даваў зусім дакладнае і бясспрэчнае паказанне.

Такім чынам, то апускаючыся пры дапамозе напоўненых вадою рэзервуараў, то з дапамогаю нахіленых рулёў глыбіні, капітан Нэма паслядоўна дасягаў узроўню ў тры, чатыры, пяць, сем, дзевяць і дзесяць тысяч метраў пад паверхняю акіяна і прыйшоў да канчатковага вываду, што пад усімі шыротамі тэмпература вады на глыбіні ніжэй тысячы метраў раўняецца заўсёды чатыром з паловаю градусам Цэльсія.

Я сачыў за гэтымі даследваннямі з вялікай цікавасцю. Часта я пытаў сябе: навошта капітану Нэма гэтыя навуковыя даследванні? Няўжо ён думае аб карысці людзей? Гэта было непраўдападобна, бо рана ці позна яго работы павінны былі разам з ім назаўсёды загінуць у глыбіні якога-небудзь далёкага мора. Хіба толькі ён хацеў перадаць мне вынікі сваіх даследванняў. У гэтым выпадку трэба было дапусціць, што ён думае абмежаваць нейкім тэрмінам маё пражыванне на борце “Наўтылуса”. На жаль, покуль што не было падстаў так думаць.

Як-бы там ні было, але капітан Нэма падзяліўся са мною вынікамі зробленага ім даследвання шчыльнасці вады ў важнейшых морах зямнога шара. З гэтага паведамлення я разам з тым атрымаў асабіста для сябе ўрок, нічым не звязаны з навукай.

Гэта здарылася раніцай 15 студзеня. Я прагульваўся з капітанам Нэма па палубе “Наўтылуса”, калі ён нечакана запытаў мяне, ці ведаю я, што марская вада ў розных месцах мае неаднолькавую шчыльнасць. Я адказаў адмоўна і дадаў, што навука не мае правераных звестак па гэтаму пытанню.

— Я сам зрабіў гэтае даследванне, — сказаў мне капітан Нэма, — і ручаюся за дакладнасць яго.

— Добра, — адказаў я, — але “Наўтылус” — гэта абасоблены свет, і вынаходствы яго вучоных ніколі не дойдуць да жыхароў зямнога шара.

— Ваша праўда, прафесар, — сказаў капітан Нэма, трохі падумаўшы, — “Наўтылус” сапраўды абасоблены свет. Ён таксама далёка знаходзіцца ад зямлі, як планеты, якія круцяцца разам з ёю вакол сонца. І таксама, як на зямлі не даведаюцца ніколі аб працы вучоных Сатурна, альбо Юпіцера, таксама застануцца невядомымі работы вучоных “Наўтылуса”. Але вам, лёс якога выпадкова аказаўся з лёсам “Наўтылуса”, я магу паведаміць вынікі сваіх назіранняў.

— Я слухаю вас з увагаю, капітан.

— Вы пэўна ведаеце, спадар прафесар, што марская вада мае большую шчыльнасць, як прэсная? Але гэтая шчыльнасць неаднолькавая. Сапраўды, калі прыняць за адзінку шчыльнасць прэснай вады, дык шчыльнасць вод Атлантычнага акіяна будзе раўняцца адной цэлай і дваццаці васьмі тысячным, Ціхага акіяна — адной цэлай і дваццаці шасці тысячным. Гэтая шчыльнасць раўняецца для вод Міжземнага мора...

“Ага, — падумаў я, — ён забіраўся і ў Міжземнае мора!”

— Адной цэлай і трыццаці адной тысячнай, для вод Іёнічнага мора — адной цэлай і васямнаццаці тысячным і для вод Адрыятычнага мора — адной цэлай і дваццаці дзевяці тысячным.

Відаць было, што “Наўтылус” не ўхіляўся ад самых ажыўленых мораў зямнога шара. Адгэтуль я зрабіў вывад, што калі-небудзь, а можа і хутка — ён наблізіцца да больш цывілізаваных земляў. Я падумаў аб тым, што гэтая навіна найбольш спадабаецца Нэд Лэнду.

На працягу наступных дзён мы разам зрабілі рад доследаў, маючых дачыненне да насычанасці вады солямі на розных глыбінях, даследванні электрычнасці, афарбоўкі, празрыстасці вады. Увесь гэты час я здзіўляўся надзвычайнай вынаходлівасці капітана Нэма, з якою магла спрачацца толькі яго ласкавасць да мяне. Але па сканчэнні гэтых доследаў ён зноў знік, і па-ранейшаму я застаўся адзінокім на борце падводнага карабля.

16 студзеня “Наўтылус” нібы заснуў на некалькі метраў ніжэй паверхні мора. Яго электрычныя машыны спыніліся, і скаваны вінт не перашкаджаў плыні несці падводнае судна абы куды. Я меркаваў, што машыны спынены для дробнага цякучага рамонту, неабходнасць якога абумоўлівалася толькі што зробленым вялікім прабегам пры значнай хуткасці.

У гэты дзень мае таварышы і я заўважылі цікавае з’явішча. Акяніцы на вокнах салона расчыніліся і, паколькі пражэктар “Наўтылуса” бяздзейнічаў, а неба, пакрытае густымі навальнічнымі хмарамі, амаль не асвятляла ніжнія пласты вады, у акаляючым нас асяроддзі панаваў паўзмрок.

Я цешыўся дзіўным выглядам мора, як раптам “Наўтылус” трапіў у паласу яскравага святла. Спачатку я падумаў, што запаліўся электрычны пражэктар і асвятліў водныя пласты. Але ўгледзеўшыся ўважлівей, я пераканаўся, што гэта не так.

“Наўтылус” быў знесены плынню ў фасфарасцыруючы пласт вады, свячэнне якога па кантрасту з акаляючай цемрай здавалася асляпляюча яркім. Гэтае свячэнне стваралася мірыядамі мікраскапічных фасфарасцыруючых жывёлінак, вылучэнні якіх узмацняліся, адбіваючыся ад металічнай паверхні падводнага карабля. Я заўважыў нечаканае шуганне святла сярод гэтага бліскучага мора, падобнае на струмень растопленага свінца ў распаленай печы; дзякуючы гэтаму шуганню, па кантрасту, некаторыя ўчасткі фасфарасцыруючага пласта рабілі ўражанне цёмных. Не, гэтае святло зусім не было падобнае на спакойную прамяністасць нашага пражэктара, у ім адчувалася сіла і рух. Адразу можна было заўважыць, што гэта святло жыве!

Сапраўды, гэта было згрупаванне незлічонай колькасці марскіх інфузорый, падобных да шарыкаў з празрыстага кісяля і маючых ніцевідныя шчупальцы. У трыццаці кубічных сантыметрах вады налічваецца не менш дваццаці пяці тысяч гэтых драбнюткіх прасцейшых істот. Светланоснасць іх “Павялічваецца з прычыны мільгацення, уласцівага медузам, астэрыям, аўрэліям і іншым фасфарасцыруючым зоафітам, убіраючым у сябе прадукты гніцця арганічных матэрый у марской вадзе, а магчыма і слізь, якую вылучаюць рыбы.

На працягу многіх гадзін “Наўтылус” плаваў у гэтых празрыстых водах. Наша захапленне яшчэ больш павялічылася, калі мы ўбачылі вялікіх марскіх жывёлін, якія жвава гулялі ў гэтым святле, напрыклад саламандры. Я ўбачыў у гэтым халодным агні нястомных акрабатаў дэльфінаў і мечаносаў даўжынёю ў тры метры, вялізныя мячы якіх некалькі разоў закраналі акно салона. Потым з’явіліся больш дробныя рыбы, разнастайныя спінарогі, макрэлі і сотні іншых.

Якое нечаканае ачараванне было ў гэтым відовішчы! Магчыма, што атмасферныя ўмовы павялічвалі інтэнсіўнасць свячэння інфузорый. Можа над паверхняй мора разгулялася навальніца? Але на глыбіні некалькіх метраў, дзе плыў “Наўтылус”, непагадзь не мела сілы, і мы ціха гойдаліся ў спакойнай вадзе.

Гэтак мы ціханька прасоўваліся сярод усё новых і новых цудаў: Кансель глядзеў ва ўсе вочы і класіфікаваў бясконца ўсё новых зоафітаў, членістаногіх, малюскаў і рыб.

Дні цяклі хутка, і я перастаў іх лічыць. Нэд, з уласцівай яму прывычкай, імкнуўся ўнесці разнастайнасць у наша харчаванне.

Мы не пакідалі сваёй ракавіны, як слімакі. Я на сабе самім упэўніўся, што быць слімаком зусім няцяжка.

Такім чынам, мы прызвычаіліся да свайго спосабу жыцця, лічылі яго лёгкім і прыемным і зусім забыліся на тое, што на паверхні зямнога шара жыццё ідзе зусім па-іншаму. Раптам адно здарэнне напомніла нам пра рэчаіснасць.

18 студзеня “Наўтылус” знаходзіўся пад 105° даўгаты і 15° паўднёвай шыраты. Надвор’е было навальнічнае, мора лютавала высокімі хвалямі. Вецер дзьмуў з усходу з вялікай, бадай, ураганнай сілай. Барометр ужо некалькі дзён безупынна падаў і абяцаў блізкую буру.

Я падняўся на палубу ў тую хвіліну, калі памочнік капітана рабіў назіранні. Я чакаў, што ён, як звычайна, скажа сваю таямнічую фразу. Але ў гэты дзень ён сказаў іншую, хоць і ў такой-жа ступені незразумелую фразу. Амаль зараз-жа ўслед за гэтым на палубу выйшаў капітан Нэма і, прыставіўшы да вачэй бінокль, пачаў углядацца ў кругавід.

На працягу некалькіх хвілін капітан стаяў, не адводзячы бінокля ад нейкай кропкі на кругавідзе. Першым, апусціўшы бінокль, ён сказаў памочніку некалькі слоў на незразумелай мне мове.

Памочнік здаваўся нечым узбуджаным і ледзь стрымліваў хваляванне. Капітан Нэма лепш уладаў сабою і захоўваў спакой.

Мне здалося, што ён зрабіў заўвагу памочніку, на што той адказаў палкім абяцаннем. Прынамсі гэткае ўражанне засталося ў мяне ад інтанацыі іх галасоў і жэстаў.

Я ўважлівейшым чынам углядаўся ў тое месца на кругавідзе, куды глядзелі капітан Нэма і яго памочнік, але нічога не бачыў. Вада і неба злучаліся здалёк у адну рысу, ідэальная прамізна якой нідзе не парушалася.

Тым часам капітан Нэма хадзіў па палубе з канца ў канец, не гледзячы, а магчыма, і не заўважаючы мяне. Яго крокі былі такімі-ж упэўненымі, толькі можа крыху менш раўнамернымі, як звычайна. Часам ён спыняўся і, скрыжаваўшы рукі на грудзях, аглядаў мора.

Што ён шукаў у вялізнай воднай пустыні? “Наўтылус” знаходзіўся на адлегласці некалькіх міль ад бліжэйшай зямлі.

Памочнік капітана зноў паднёс бінокль да вачэй і паглядзеў у тым-жа кірунку. Пасля ён замітусіўся па палубе ўперад, назад, раптам спыняўся, тупаў нагой і зноў пачынаў бегаць. Яго хваляванне асабліва рэзка вызначалася ў параўнанні са стрыманасцю капітана.

Тайна, відаць, павінна была хутка высветліцца, бо па загаду капітана Нэма машыны пусцілі поўным ходам, і вярчэнне вінта адразу паскорылася.

У гэтую хвіліну памочнік зноў гукнуў свайго начальніка. Той спыніў хаду па палубе і ўтаропіў бінокль ва ўказаную кропку. Ён доўга не адымаў бінокль ад вачэй.

Зацікаўлены дзіўнымі паводзінамі гэтых звычайна спакойных людзей, я спусціўся ў салон і ўзяў там надзвычай добрую падзорную трубу, якой звычайна карыстаўся. Затым, вярнуўшыся на палубу, я ўсеўся на ўзвышэнні, дзе змяшчаўся пражэктар, і паднёс трубу да вока, каб агледзець кругавід. Але не паспеў я наставіць трубу, як яе раптам вырвалі ў мяне з рук.

Я жвава абярнуўся. Перада мной стаяў капітан Нэма, але я не пазнаў яго. Твар яго змяніўся. Вочы яго бліскалі хмурым полымем. Рот скрывіўся, паказваючы зубы. Яго напружанае цела, сціснутыя кулакі, уцягнутая ў плечы галава гаварылі аб тым, што ўся яго істота ахоплена вялікай нянавісцю і гневам. Ён не варушыўся. Труба, якую ён вырваў з маіх рук, валялася каля ног.

Няўжо гэта я выклікаў гэты выбух гневу? Можа гэты дзівак падумаў, што я разгадаў нейкую тайну, якую нельга было ведаць палонніку “Наўтылуса”.

Але не, не я быў прычынай яго нянавісці. Ён нават не глядзеў на мяне. Вочы яго ўтаропіліся ў тую-ж нябачную кропку на гарызонце.

Але капітан Нэма ўжо зноў аўладаў сваімі пачуццямі. Яго скажоны твар расправіўся і набыў звычайны выгляд халоднага спакою. Ён кінуў некалькі слоў на незразумелай мове свайму памочніку і тады звярнуўся да мяне:

— Спадар прафесар, — сказаў ён уладна, — я павінен патрабаваць ад вас выканання аднае з умоў майго дагавора з вамі.

— Якой іменна, капітан?

— Вам і вашым спадарожнікам прыйдзецца прасядзець пад замком да таго часу, пакуль я не знайду магчымым вярнуць вам волю.

— Я вымушаны падпарадкавацца вашаму загаду, — адказаў я, уважліва гледзячы на яго, — але дазвольце задаць вам адно пытанне...

— Не, не дазваляю!

Спрачацца было бескарысна, таму што супраціўляцца яму ў мяне не было сілы.

Прыйшлося падпарадкавацца.

Я спусціўся ў каюту да Нэда Лэнда і Канселя і паведаміў ім загад капітана. Прадастаўляю чытачу самому здагадацца, якое ўражанне зрабіла маё паведамленне на канадца. Аднак на доўгія размовы ў нас не хапіла часу. Чатыры матросы ўжо чакалі нас каля дзвярэй і павялі ў тую каюту, дзе нас замкнулі ў першы дзень пражывання на “Наўтылусе”. Нэд Лэнд хацеў быў пратэставаць, але замест адказу дзверы зачыніліся перад самым яго носам.

— Ці не скажа нам гаспадар, што ўсё гэта азначае? — запытаўся Кансель.

Я расказаў сваім таварышам усё, што здарылася на палубе. Яны таксама здзівіліся, як і я, але ад гэтага мы нічога не даведаліся болей.

Я аддаўся панураму разважанню. Дзіўны выраз твара капітана Нэма не выходзіў у мяне, з галавы. Я знаходзіўся ў такім становішчы, што не мог звязаць нават і двух думак, блытаўся ў самых бессэнсоўных здагадках і дапушчэннях. Раптам мяне вывелі з развагі словы Нэда Лэнда:

— Глядзіце, снеданне на стале!

Сапраўды, стол быў застаўлены стравамі. Відаць, капітан Нэма аддаў распараджэнне аб гэтым адначасова з загадам паскорыць ход “Наўтылуса”.

— Ці дазволіць гаспадар даць яму адну параду? — запытаўся Кансель.

— Вядома, сябар мой, — адказаў я.

— Дык вось, я раю гаспадару паснедаць. Гэтага патрабуе і асцярожнасць. Невядома-ж, што здарыцца.

— Твая праўда, Кансель.

— Ох, — уздыхнуў Нэд Лэнд, — нам падалі толькі рыбную страву і нічога з нашых запасаў...

— Падумайце, Нэд, што-б вы сказалі, каб нам не далі ніякай стравы?

Гэты аргумент адразу ўціхамірыў канадца.

Мы селі за стол. Снедалі моўчкі. Я еў мала. Кансель прымушаў сябе есці болей, усё з прычыны той-жа асцярожнасці, а Нэд Лэнд, не гледзячы на сваё нездавальненне, не пакінуў аніводнага кавалка стравы.

Пасля снедання кожны з нас усеўся ў свой кут. У гэтую хвіліну матавае паўшар’е, якое асвятляла нашу камеру, згасла, і мы засталіся ў паўнейшай цемры. Нэд Лэнд тут-жа захроп. Мяне здзівіла, што і Кансель зараз-жа паследваў яго прыкладу. Я пытаў сябе, што магло выклікаць у маіх сяброў раптоўную санлівасць, і хутка адчуў, што і мяне апанаваў сон. Я імкнуўся не зачыняць вачэй, але павекі мае так абцяжэлі, што зачыніліся проці маёй волі. Мяне ахапіў цяжкі паўсон, які суправаджаўся галюцынацыямі. Відаць, у пададзеную нам страву падмяшалі нешта снатворнае.

Значыцца, капітану Нэма мала было схаваць нас у турму, каб мы не даведаліся пра яго дзеянні, яму патрэбна было яшчэ, каб мы спалі?..

Скрозь паўсон я чуў стук зачыняемых люкаў. Лёгкае калыханне, выкліканае хваляваннем на паверхні вады, спынілася. “Наўтылус”, як відаць, апусціўся ў вечна спакойныя глыбіні акіяна.

Я ўсё яшчэ спрабаваў змагацца са сном. Але гэта было немагчыма. Дыханне маё паслаблялася, я адчуў, як смяротны холад падбіраецца да майго сэрца. Набраклыя свінцом павекі немагчыма было падняць. Цяжкі сон, поўны кашмараў, аўладаў мною. Затым здані зніклі, і я страціў прытомнасць.

 

Раздзел дваццаць чацвёрты. Царства каралаў

Назаўтра я прачнуўся са страшэннай пустатой у галаве. На вялікае дзіва, я ўбачыў, што знаходжуся ў сваёй уласнай каюце. Відаць, і маіх сяброў таксама перанеслі, калі яны спалі. Значыцца, яны не больш за мяне павінны ведаць аб здарэннях папярэдняй ночы, і мне заставалася толькі спадзявацца, што будучае якім-небудзь чынам раскрые таямніцу.

Мне захацелася выйсці з сваёй каюты. Я не ведаў, ці быў я палоннікам, ці зноў вольным. Аказалася, што я зусім вольны. Я расчыніў дзверы і калідорам прайшоў да лесвіцы, што вяла на палубу. Зачынены папярэдне люк быў насцеж адчынены. Я выйшаў на палубу. Нэд Лэнд і Кансель чакалі мяне там. Я пачаў распытвацца ў іх. Яны нічога не ведалі. Заснуўшы ўчора цяжкім сном, без сноў, яны прачнуліся толькі сёння ў сваёй каюце.

“Наўтылус” быў, як звычайна, спакойны і таямнічы. Ён плыў з умеранай хуткасцю па паверхні мора. Здавалася, нічога не змянілася на ім.

Нэд Лэнд агледзеў краявід. Мора было бязлюдным, — нават зоркія вочы канадца не ўбачылі воддалі ні паруса, ні трубы парахода, ні зямлі. Моцны вецер з захаду развёў на моры вялікую хвалю. “Наўтылус” добра хістала.

Аднавіўшы запас паветра, “Наўтылус” апусціўся метраў на пятнаццаць у ваду з такім, відаць, разлікам, каб можна было ўсплыць зараз-жа, як толькі гэта спатрэбіцца. Супроць звычайнага, гэты манеўр некалькі разоў паўтараўся на працягу дня 19 жніўня. Кожны раз памочнік капітана падымаўся на палубу і адтуль кідаў звычайную фразу ў люк.

Капітан Нэма не паказваўся. З каманды я бачыў у гэты дзень толькі спакойнага сцюарда, які прыслугоўваў мне за сталом са звычайнай акуратнасцю і маўклівасцю.

Каля двух гадзін дня ў салон, дзе я прыводзіў у парадак свае запісы, увайшоў капітан Нэма. Я пакланіўся яму. Ён у адказ крыху матнуў галавой і не сказаў ні слова. Я зноў узяўся за сваю працу, спадзяючыся, што ён што-небудзь раскажа аб здарэннях учорашняга дня. Але ён гэтага не зрабіў.

Я цішком зірнуў на яго. Ён здаваўся стомленым, вочы яго пачырванелі, як ад бяссоння, твар выражаў глыбокую журбу, нават гора.

Ён хадзіў па пакоі, садзіўся на канапу, зноў уставаў, браў у рукі абы-якую кнігу і тут-жа кідаў яе, падыходзіў да прыбораў, глядзеў на іх, але не рабіў, як звычайна, запісаў. Здавалася, ён не мог ні секунды сядзець на адным месцы.

Нарэшце ён падышоў да мяне і запытаўся:

— Ці не ўрач вы, спадар Аранакс?

Я быў зусім не падрыхтаваны да гэтага пытання, таму некалькі секунд глядзеў на яго, не адказваючы.

— Я пытаюся, ці не ўрач вы? Многія-ж з вашых калег-натуралістаў атрымалі медычную асвету...

— Я сапраўды быў урачом і ардынатарам клінікі і шмат гадоў займаўся медычнай практыкай да паступлення ў музей, — адказаў я.

— Добра, — сказаў капітан.

Мой адказ, відаць, сапраўды ўзрадаваў яго. Але я яшчэ не ведаў чаго ён ад мяне хоча, і чакаў новых пытанняў, падрыхтаваўшыся адказваць на іх у залежнасці ад іхняга характару.

— Спадар прафесар, — сказаў капітан пасля нядоўгага маўчання, — ці не згадзіцеся вы аказаць медычную дапамогу аднаму з маіх матросаў?

— У вас на борце ёсць хворы?

— Так.

— Я гатоў ісці за вамі.

— Хадземце.

Прызнаюся, сэрца маё моцна стукалася. Не ведаю чаму, але мне адразу прыйшло ў галаву, што паміж хваробаю матроса і здарэннямі ўчарашняй ночы ёсць нейкая сувязь, і гэтая таемнасць цікавіла мяне больш, як сам хворы.

Капітан Нэма павёў мяне на карму “Наўтылуса” і адчыніў дзверы маленькай каюты, якая знаходзілася побач з матроскім кубрыкам.

У каюце на ложку ляжаў чалавек гадоў сарака з мужным тварам сапраўднага англасакса. Я схіліўся над ім. Гэта быў не столькі хворы, колькі паранены. Яго галава, завязаная акрываўленымі бінтамі, ляжала на двух падушках.

Я зняў бінты. Ранены ўважліва глядзеў на мяне шырака адчыненымі вачыма, але не перашкаджаў развязваць сябе і нават ні разу не застагнаў.

Рана была жудасная. Скрозь чэрап, прабіты нейкай тупой прыладай, віднеўся мозг. Відаць было, што мазгавыя тканкі сур’ёзна папсаваны. Крывавыя падцёкі, якія віднеліся на шэраватай масе мозга, былі падобныя да вінных плям на абрусе. Такім чынам, у хворага было адначасова і сатрасенне мозга і мясцовыя кровезліянні. Небарака цяжка дыхаў. Часамі яго твар крывіўся ў сударзе. Перада мной быў тыповы выпадак запалення мозга з паралічам рухаючых цэнтраў.

Пульс у хворага быў пераменлівы. Рукі і ногі пачалі ўжо халадзець. Я бачыў, што смерць набліжаецца і што яе нічым нельга адхіліць. Я зноў перавязаў рану і павярнуўся да капітана Нэма.

— Што параніла гэтага чалавека? — запытаўся я.

— Хіба гэта важна? — увільваючы, сказаў ён. — “Наўтылус” атрымаў штуршок, ад якога рычаг машыны зламаўся і ўпаў на галаву гэтаму чалавеку. Але скажыце, што вы думаеце аб яго становішчы?

Я адчуў сябе няёмка.

— Можаце гаварыць, — сказаў капітан Нэма, — гэты чалавек не ведае французскай мовы.

Я яшчэ раз паглядзеў на хворага і сказаў:

— Гэты чалавек пражыве не больш двух гадзін.

— Нішто не можа яго выратаваць?

— Нішто.

Капітан Нэма сударгава сціснуў кулакі. Слёзы пакаціліся з яго вачэй, якія здаваліся мне не створанымі для плачу.

На працягу некалькіх хвілін я не спускаў вачэй з паміраючага. Жыццё паступова пакідала яго. Халоднае электрычнае святло яшчэ больш падкрэслівала яго бледнасць. Я глядзеў на яго разумны твар, пакрыты заўчаснымі зморшчкамі — няўхільнымі вынікамі жабрацтва і няшчаснага жыцця. Я хацеў прачытаць сакрэт гэтага жыцця ў апошніх словах, якія скажуць халадзеючыя вусны. Але капітан Нэма сказаў мне:

— Я не затрымліваю вас, спадар прафесар.

Прыйшлося выйсці.

Я пакінуў капітана ля ложка паміраючага і, узрушаны толькі што бачаным, вярнуўся ў сваю каюту. На працягу ўсяго дня мяне прыгняталі цяжкія прадчуванні. Ноччу я дрэнна спаў. Праз сон мне чуўся далёкі плач і нібы жалобныя мелодыі.

Наступнай раніцай, досвіткам, я падняўся на палубу. Капітан Нэма папярэдзіў мяне ў гэты дзень — ён быў ужо там. Як толькі ён мяне ўбачыў, ён падышоў да мяне:

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — хочаце сёння прыняць удзел у падводнай экскурсіі?

— І мае таварышы таксама могуць удзельнічаць у ёй?

— Калі яны пажадаюць.

— З падзякай прымаю вашу прапанову.

— У такім разе апраніце скафандр.

Аб паміраючым або мёртвым — ні слова. Я зайшоў да Нэда Лэнда і Канселя і перадаў ім запрашэнне капітана Нэма. Кансель з радасцю згадзіўся, ды і канадзец на гэты раз быў не супраць таго, каб пайсці.

Не было яшчэ васьмі гадзін раніцы. А палове дзявятай мы ўжо апрануліся ў скафандры і ўзброіліся рэзервуарамі для дыхання і электрычнымі ліхтарамі. Абедзве дзверы расчыніліся па чарзе, і ў суправаджэнні капітана Нэма і дзясятка яго матросаў мы ступілі на глыбіні дзесяці метраў на камяністае дно, дзе адпачываў “Наўтылус”.

Лёгкі спачатку ўхіл глебы прывёў нас да стромкага схілу, які апускаўся метраў на трыццаць уніз. Мы спусціліся ў лагчыну, якая зусім адрознівалася сваім выглядам ад дна, па якім мы хадзілі ў час першай экскурсіі ў Ціхім акіяне. Тут не было ні мяккага пяску, ні падводных палянак, ні марскіх лясоў. Мне адразу кінуліся ў вочы непаўторныя асаблівасці той мясцовасці, па якой нас вёў капітан Нэма.

Гэта было каралавае царства.

У аддзеле зоафітаў, у класе альцыянарый ёсць атрад гаргоній, у якім тры сямействы: гаргоній, ізід і каралаў. Да апошняга сямейства і належаць каралы, цікавыя стварэнні прыроды, якія па чарзе адносіліся вучонымі да ўсіх трох царстваў прыроды — мінеральнага, расліннага і жывёльнага. Гэта лякарства старадаўніх людзей і каштоўная цацка для сучасніц была канчаткова аднесена да жывёльнага царства толькі ў 1694 годзе марсельцам Пейсонелем. Карал — гэта калонія драбнюткіх жывёлін, утвараючых камяністы, крохкі паліпняк. Гэтыя паліпы маюць аднаго агульнага роданачальніка, які нарадзіў іх шчапленнем. Жывучы агульным жыццём, кожны з сяброў калоніі ў той-жа час мае сваё прыватнае жыццё.

Я чытаў апошнія творы пра гэтых цікавых зоафітаў, і мне было надзвычайна важна наведаць лес з акамянелага каралавага дрэва, што прырода пасадзіла ў глыбіні акіяна.

Мы прывялі ў дзеянне апараты Румкорфа і пайшлі ўдоўж толькі яшчэ будуемай караламі сцяны, якая з цягам часу адгародзіць гэтую частку Ціхага акіяна ад індыйскага. Дарогаю мы ўвесь час павінны былі абмінаць гушчарнікі каралавага дрэўца.

Святло нашых ліхтароў раджала дзівосныя эфекты, падаючы на ярка афарбаванае галлё. Мне часам здавалася, што гэтыя акамянеласці хістаюцца ад руху вады, мне хацелася сарваць з іх свежыя вяночкі, з кволымі тонкімі шчупальцамі, толькі што закрасаваўшыя пышным цветам або ледзь пачынаючыя распускацца. Лёгкія, няўлоўна хуткія рыбкі стралою праносіліся, ледзь закранаючы іх, як зграі птушак. Але варта было мне працягнуць руку да гэтых жывых кветак, як уся калонія прыходзіла ў хваляванне. Белыя вяночкі хутка хаваліся ў свае чырвоныя чахлы, кветкі марнелі на вачах, і ўся калонія з квітнеючага куста ператваралася ў засохлую акамянеласць.

Выпадак прывёў мяне да зарасніка самых рэдкіх зоафітаў. Гэты каралавы гай не ўступаў па прыгожасці каралам, якія здабываюцца ў Міжземным моры, ля французскіх, італьянскіх і афрыканскіх берагоў. Афарбоўка каралаў апраўдвае паэтычную назву, якую ювеліры даюць лепшым экземплярам: “крывавая кветка” і “крывавая пена”.

Праз некаторы час хмызняк стаў часцей, а дрэўцы — вышэй. Даўгія калідоры фантастычнай архітэктуры адкрываліся перад намі. Капітан Нэма ўглыбіўся ў цёмную, трохі нахіленую галерэю, паступова прывёўшую нас на глыбіню ў сто метраў. Святло нашых ліхтароў давала проста чароўныя эфекты, падаючы на зубчатыя выступы гэтых натуральных скляпенняў альбо запаляючы чырвонае полымя ў навісаючых выступах, нагадваючых сваім выглядам жырандолі.

Сярод каралавых дрэўцаў я заўважыў і іншыя не менш цікавыя віды паліпаў з сустаўчатымі галінаваннямі, затым некалькі кустоў зялёных і чырвоных каралаў, сапраўдных водарасцяў па знадворнаму выгляду, не гледзячы на поўную акамянеласць іхніх абвапненых тканак. Але, як сказаў адзін мысліцель, “каралы — гэта мажліва і ёсць тая мяжа, дзе жыццё пачынае прачынацца ад сваёй каменнай спячкі, але яшчэ не набыло руху”.

Нарэшце, пасля двух гадзін хады, мы дасягнулі глыбіні прыкладна ў трыста метраў, значыцца, той мяжы, дзе канчаюцца каралавыя ўтварэнні. Але там былі не асобныя групы і рэдкія гушчары каралавых дрэў. Гэта быў густы лес з гіганцкіх акамянелых дрэў, злучаных між сабой прыгожымі гірляндамі плюмарый, гэтых марскіх ліян, афарбаваных у розныя колеры. Мы праходзілі, не згібаючыся, пад іхнімі скляпеннямі, якія губляліся ўверсе ў цемры водных тоўшч, а пад нагамі ў нас квітнеў прыгожы дыван з тубіпор, астрэй, меандрын, фунгій і карыяфілій.

Якое дзівоснае відовішча! Шкада, што мы не маглі выказваць адзін аднаму свае ўражанні. Крыўдна было ў гэткія незабыўныя хвіліны адчуваць, што твая галава ў палоне ў гэтай касцы са шкла металу! Чаму мы не можам жыць у вадзе, як гэтыя рыбы, што стралой праносяцца каля нас, альбо, яшчэ лепш, як амфібіі, якія доўгія гадзіны могуць знаходзіцца ў вадзе і на сушы, аднолькава добра сябе адчуваючы ў абодвух стыхіях — паветранай і воднай?

Між тым капітан Нэма спыніўся. Мае сябры і я паследвалі яго прыкладу. Я ўбачыў, што матросы “Наўтылуса” выстраіліся паўкругам за сваім начальнікам. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што чацвёра з іх неслі на плячах нейкі прадаўгаваты прадмет.

Мы знаходзіліся ў цэнтры прасторнай палянкі, аблямаванай з усіх бакоў высокім каралавым лесам. Нашы ліхтары кідалі на дно цмянае святло, ад якога вырасталі велізарныя цені. Па краях палянкі была густая цемра, і толькі дзе-ні-дзе шугалі і зараз-жа згасалі крывавыя аганькі — гэта прамень ліхтара адсвечваўся на момант у каралах.

Нэд Лэнд і Кансель стаялі побач са мной. Усім нам толькі цяпер прыйшла ў галаву думка, што наша падводная прагулка рабілася з нейкай мэтай. Агледзеўшы дно, я заўважыў, што яно ў некаторых месцах горбілася ўзгоркамі, зробленымі радамі, правільнасць якіх сведчыла, што гэта вынік чалавечай працы.

Па знаку капітана Нэма адзін з матросаў выгнаў наперад, адвязаў кірку ад пояса і пачаў вырубаць яму ў дне. Тут і я ўсё зразумеў. Гэтая палянка была могільнікам, яма, якую капаў матрос — магілай, а прадаўгаваты прадмет на плячах у матросаў — целам памёршага ўночы чалавека.

Капітан Нэма і яго матросы прышлі сюды, каб аддаць цела свайго таварыша пахаванню на гэтым брацкім могільніку, на недасяжна глыбокім дне акіяна!

Ніколі я не быў так усхваляваны. Ніколі ніводнае відовішча не ўзрушвала мяне да такой ступені. Я не хацеў бачыць тое, што рабілася перада мною, і не мог адарваць вачэй ад гэтага відовішча ні на секунду.

Тым часам яма павольна вырастала ў каралавым дне. Спалохаўшыся ад удараў кіркі, рыбы ўцякалі ва ўсе бакі. Я чуў глухі стук і бачыў іскры, калі жалеза кіркі ўдарыла па кавалку крэмня, загубленаму ў глыбіні вод. Яма выцягвалася ў даўжыню і расла ў шырыню і, нарэшце, стала досыць прасторнай, каб змясціць труп.

Тады наблізіліся насільшчыкі. Цела, ахутанае белай тканінай, слізганула ў запоўненую вадой магілу. Капітан Нэма і яго матросы сталі навакол са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Я і мае таварышы, глыбока ўзрушаныя гэтай сцэнай, адступілі на крок назад, каб не перашкаджаць іхняму гору.

Магілу засыпалі вырытымі з ямы кавалкамі карала і надалі насыпу правільны абрыс.

Калі гэта было зроблена, капітан Нэма і ўсе яго спадарожнікі апусціліся на адно калена і паднялі ўгару рукі ў знак апошняга развітання...

Потым жалобная працэсія пайшла назад, да “Наўтылуса”. Мы зноў прайшлі пад скляпеннямі каралавага лесу і ўдоўж каралавага гаю, увесь час ідучы ўгару.

Нарэшце здалёк паказаліся агні “Наўтылуса”. Мы пайшлі прама на іх і да гадзіны дня вярнуліся на борт.

Змяніўшы вопратку, я паспяшыў выйсці на палубу, увесь ахоплены смутнымі думкамі, навеянымі толькі што ўбачанай сумнай цырымоніяй. Капітан Нэма неўзабаве далучыўся да мяне. Я запытаў яго:

— Значыцца, як я і прадбачыў, гэты чалавек уночы памёр?

— Так, спадар прафесар, — адказаў капітан.

— І цяпер ён спіць апошнім сном, побач з шмат якімі сваімі таварышамі, на падводных каралавых могілках?

— Так, ён спіць там, забыты ўсімі, але не намі...

І, закрыўшы твар рукамі, капітан Нэма дарэмна намагаўся стрымаць рыданне.

Пасля доўгага маўчання ён сказаў:

— Там, на некалькі соцень метраў пад вадой, знаходзяцца нашы ціхія могілкі.

— І там вашы мерцвякі спяць спакойна, недасяжныя для акул?..

— Так, — глухім голасам адказаў капітан Нэма, — недасяжныя для акул і для людзей.

 

 

Частка другая

 

Раздзел першы. Індыйскі акіян

Тут пачынаецца справаздача аб другім этапе нашага падводнага вандравання. Першы скончыўся журботнай сцэнай па каралавым могільніку, якая зрабіла на мяне моцнае ўражанне.

У бязмежных прасторах акіяна цякло жыццё капітана Нэма, і той-жа акіян падрыхтаваў таемны прытулак, каб захаваць яго цела, калі жыццё пакіне яго.

Там, глыбока-глыбока пад вадою, ніякае марское страшыдла не зможа парушыць спакой апошняга сну насельнікаў “Наўтылуса”, сяброў таемнага капітана, моцна злучаных адзін з адным у смерці і ў жыцці... Там спяць яны, недасяжныя не толькі для марскіх страшыдлаў, “але і для людзей”, дадаў капітан Нэма.

Заўсёды тая нязменная, упартая недаверлівасць да людскога грамадства!

Мяне ўжо не задавальнялі гіпотэзы, якія выказваў Кансель.

Гэты добры хлапец сцвярджаў, што капітан Нэма проста вучоны, які не мог заваяваць прызнання і плаціць за гэта чалавецтву знявагай. Іншы раз ён казаў, што камандзір “Наўтылуса” — геній, якога высмеялі зямныя вучоныя, і што, стаміўшыся змагацца з тупасцю і безуважлівасцю грамадства, ён схаваўся ў гэтым, недаступным нікому асяродзішчы, каб жыць вольным. Але, на маю думку, і гэта дапушчэнне мала што казала аб капітану Нэма.

І сапраўды, загадка гэтай ночы, калі нас замкнулі ў турме і да таго яшчэ прымусілі спаць, паспешнасць, з якой капітан Нэма выхапіў з маіх рук падзорную трубу, перад чым я паспеў агледзець кругавід, смяротнае раненне аднаго з матросаў, якое з’явілася вынікам незразумелай сутычкі “Наўтылуса”, — усе гэтыя факты штурхалі мяне на адну думку: не, капітан Нэма не абмежаваўся тым, што ўцёк ад людзей. Яго геніяльна задуманы падводны карабель быў патрэбен яму не толькі як прытулак, дзе нішто не стрымлівала яго волі, але мог служыць і зброяй страшэннай помсты!

Аднак, пакуль што, я не меў ніякіх доказаў гэтага. У акаляючай мяне густой цемры няведання гэтая здагадка магла быць толькі намёкам на разгадку.

Таму буду працягваць запісы, калі можна так сказаць, непасрэдна пад дыктоўку падзей...

Нас нішто не звязвае з капітанам Нэма. Ён ведае, што ўцякаць з “Наўтылуса” немагчыма. Таму ён не ўзяў з нас нават і слова — не ўцякаць. Ніякія абавязацельствы не звязваюць нас. Мы — звычайныя палоннікі, якіх толькі з-за далікатнасці лічаць гасцямі!

Аднак Нэд Лэнд не адмовіўся ад надзеі вырвацца на волю. Ён упэўнены, што здолее скарыстаць першы зручны выпадак. Магчыма, і я зраблю таксама. І, тым не менш, я не без жалю пакіну ўсе гэтыя цуды, знаёмствам з якімі я абавязаны велікадушшу капітана Нэма.

Мне і цяпер няясна, ці павінен я паважаць гэтага, чалавека, альбо ненавідзець яго. Ахвяра ён ці кат? Каб быць чэсным, прызнаюся, што перш, чым назаўсёды пакінуць “Наўтылус”, я ўсё-ж хацеў-бы скончыць гэтае падводнае кругасветнае падарожжа, пачатак якога быў такім бліскучым. Я хацеў-бы ўбачыць усе сабраныя ў морах цуды, паглядзець усё тое, чаго не бачыў яшчэ ніводзін чалавек, нават, каб гэтае прагавітае жаданне ведаў каштавала мне жыцця. Што я адкрыў да гэтага часу? Нічога, або амаль нічога, бо мы прайшлі ўсяго толькі шэсць тысяч лье па Ціхаму акіяну.

Тым не менш я добра ведаю, што “Наўтылус” набліжаўся да заселенай зямлі і што, калі нам выпадзе хоць якая-небудзь магчымасць уцячы, з майго боку было-б невыбачальнай жорсткасцю здрадзіць інтарэсам маіх таварышаў дзеля свайго жадання — усё ведаць. Я павінен буду паследваць за імі, а мажліва і павесці іх. Але ці будзе калі-небудзь гэткі выпадак? Чалавек, гвалтам пазбаўлены волі, марыць аб ім, але вучоны-даследчык баіцца, што гэты выпадак нарэшце з’явіцца.

У гэты дзень, 21-га студзеня, апоўдні памочнік капітана па звычаю выйшаў на палубу, каб зрабіць назіранне. Я падняўся следам за ім і, закурыўшы цыгару, пачаў наглядаць. Я больш не сумняваўся ў тым, што гэты чалавек не гаворыць па-французску, бо часта наўмысля голасна рабіў заўвагі, якія павінны былі, каб ён разумеў мяне, вырваць у яго які-небудзь мімавольны знак увагі. Але ён заўсёды заставаўся спакойным і маўклівым.

У той час, калі ён прыставіў секстант да вачэй, вызначаючы вышыню схілення сонца над гарызонтам, на палубу выйшаў адзін з матросаў “Наўтылуса”, той самы волат, які праваджаў нас на паляванне ў лясы вострава Крэспо. Ён пачаў чысціць шкло пражэктара. Я з цікавасцю разглядаў гэтую прыладу, сіла святла якой павялічвалася ў сто разоў, дзякуючы кругавому размяшчэнню чачавіцападобных шкелак, збіраючых у жмуток прамені святла. Крыніца святла была зроблена так, што яго светаносная сіла была даведзена да максімума. Электрычная дуга свяцілася ў штучна зробленым беспаветраным асяроддзі, што забяспечвала сталасць накала і ў той-жа час захоўвала графітныя свечкі, між якімі ўзнікала дуга. Гэта было асабліва важна для капітана Нэма, якому, як відаць, нялёгка было аднаўляць запасы графіта. А ў беспаветранай прасторы яны знашваліся вельмі доўга.

Калі “Наўтылус” пачаў рыхтавацца да апускання, я вярнуўся ў салон. Люкі зачыніліся, і мы пайшлі прама на захад.

Цяпер мы перасякалі Індыйскі акіян, прасторную раўніну, займаючую плошчу ў пяцьсот пяцьдзесят мільёнаў гектараў. Воды гэтага акіяна да таго празрыстыя, што, гледзячы на іх з палубы карабля, у слабых людзей кружыцца галава.

“Наўтылус” плыў звычайна на глыбіні ад ста да двухсот метраў. Так працягвалася некалькі дзён. Іншы на маім месцы напэўна скардзіўся-б на нудоту і аднастайнасць гэтага падарожжа. Але штодзённыя ранішнія прагулкі па палубе, пад свежым, насычаным соллю, ветрыкам, назіранне цудаў акіяна праз вокны салона, чытанне кніг з бібліятэкі капітана Нэма, вядзенне запісаў у дзенніку — усё гэта цалкам займала мае дні, не пакідаючы для нуды альбо стомленасці ніводнае хвіліны.

І Нэд Лэнд, і Кансэль, і я сам адчувалі сябе зусім здаровымі. Харчовы рэжым “Наўтылуса” наогул задавальняў нас, і каб не боязнь пакрыўдзіць канадца, я з радасцю адмовіўся-б ад гэтых “зямных” дадаткаў да агульнага стала, якія ён ухітраўся неяк набываць. Пры той нязменнасці тэмпературы, якая была вакол нас, немагчыма было захварэць нават насмаркам, а каб гэта і здарылася, то ў аптэчцы “Наўтылуса” быў дастатковы запас парашку з мадрэпоры dendrophyles, вядомай ў Правансе пад назвай “марскога кропу”, вельмі добрага лякарства супраць кашля і насмарку.

На працягу некалькіх дзён, падымаючыся раніцай на палубу, я здзіўляўся багаццю вадзяных птушак, асабліва чаек і паморнікаў. Матросы “Наўтылуса” палявалі на іх, і гэтая “вадзяная дзічына”, адпаведным чынам згатаваная, выходзіла дужа смачнай стравай. Сярод буйных птушак, якія залятаюць далёка ад берагоў і адпачываюць ад зморанасці на хвалях, звярталі на сябе ўвагу сваім непрыемным крыкам, здалёк нагадваючым крык асла, прыгожыя альбатросы, належачыя да атрада трубканосаў. Сямейства весланогіх было прадстаўлена тут шпаркакрылымі фрэгатамі, лавіўшымі рыбу, якая плавае блізка ад паверхні мора, і шматлікімі фаэтонамі, велічынёю з голуба, белы плюмаж якіх, ледзь афарбаваны ў ружовы колер з бакоў, яшчэ больш падкрэслівае надзвычайную чарнату крылляў.

У сеці “Наўтылуса” траплялі кожны дзень новыя разнавіднасці марскіх чарапах; у прыватнасці адзначу цікавую чарапаху карэту, альбо бісу, з паўкруглым пукатым панцырам, які дорага каштуе ў продажы. Гэтыя чарапахі могуць вельмі доўга знаходзіцца пад вадою, зачыніўшы мясісты клапан, што знаходзіцца ля выхадной адтуліны іхняга насавога канала. Некаторыя з карэтт былі злоўлены, калі яны спалі, схаваўшыся ў свой панцыр для абароны ад марскіх жывёл. Мяса іх нясмачнае, але яйкі іхнія лічацца тонкай стравай.

Што тычыцца рыб, дык назіранне за імі праз адчыненыя вокны салона заўсёды захапляла нас. Я знайшоў тут некалькі відаў, якіх да гэтага часу не даводзілася назіраць. Раней за ўсё назаву кузаўкоў — рыб, якія жывуць выключна ў цёплых морах, асабліва ў Чырвоным моры, Індыйскім акіяне і ля берагоў Цэнтральнай Амерыкі. Гэтыя рыбы, таксама як чарапахі ды ракападобныя і марскія вожыкі, маюць панцыр, але не крамяністы ці вапенны, а моцны касцяны, які складаецца са злучаных адна з адной пласцінак. Цела кузаўкоў у гэткім панцыры мае выгляд трохсценнай, чатырохсценнай альбо пяцісценнай каробкі з цвёрдымі сценкамі, і зусім не гнуткае. Рухацца ў іх можа толькі канец хваста ды канец морды, якія пакрыты мяккай скурай, але і гэтыя рухі не надта гнуткія і могуць рабіцца не ва ўсіх напрамках. Нам трапляліся трохкутныя кузаўкі, мяса якіх вельмі далікатнае, і рагатыя кузаўкі з чатырохсценным панцырам; іх завуць рагатымі за тое, што над іхнімі вялікімі круглымі вачыма тырчаць даўгія калючкі, падобныя на рогі.

Назаву яшчэ шыпаватых скатаў, маючых дужа доўгія, падобныя на пугу, хвасты з вострымі шыпамі. Хвост гэты можа наносіць страшэнныя ўдары, небяспечныя нават для чалавека.

У запісах, якія вёў Кансель, адзначаны яшчэ некаторыя разнавіднасці рыб: іглабрухі, якіх мы ўжо сустракалі ў Ціхім акіяне; скаты даўганосыя, мяса якіх наогул нясмачнае, але чамусьці лічыцца далікатнай стравай у Англіі і знаходзіць шмат аматараў; скаты электрычныя — круглыя голыя рыбы, без лускі і калючак; мармуровыя электрычныя скаты, даўжынёю ў паўтара метры і шырынёю ў адзін метр, афарбаваныя ў рудаваты колер з больш светлымі мармуровымі плямамі на спіне, і г.д.

З прадстаўнікоў іншых відаў адзначу яйцападобных рыб, цёмна-карычневых, бадай чорных, з белымі пражылкамі, без хваста; двузубых, падобных на дзікабразаў, якія могуць надзьмувацца і прымаць выгляд шара, з усіх бакоў абкружанага калючкамі; марскіх канькоў, такіх самых, як і ў іншых акіянах; пегасавых рыб з далёка высунутым наперад рыльцам і шырокімі гарызантальна стаячымі груднымі плаўнікамі, падобнымі на крыллі і надаючымі гэтым маленькім рыбкам фантастычны выгляд; ліры-рыбы, афарбаваныя ў жоўты колер і пакрытыя сапфіра-блакітнымі праменнямі і плямамі. Мяса іхняе белае і смачнае.

Мы сустракалі таксама цёмна-сініх паруснікаў даўжынёй шэсць метраў, якія могуць распусціць свой вялізны моцны плаўнік на вышыню паўтара метры і карыстацца ім, як парусам; валасахвостаў звычайных з вельмі даўгім і тонкім стружкападобным целам, афарбаваным у самцоў у срабрыста-белы колер, і з шэравата-жоўтым плаўніком; нарэшце — акіянскіх мухаловак, узброеных стрэльбай, аб якой не сніў нават Рэмінгтон і іншыя фабрыканты зброі, але трапна збіваючай казявак набоем з... каплі вады.

З 21 па 23 студзеня “Наўтылус” рабіў у суткі па дзвесце пяцьдзесят лье, альбо па пяцьсот сорак міль. Інакш кажучы, мы ішлі з хуткасцю дваццаці двух міль у гадзіну. Калі нам і ўдавалася разгледзець пры такім шпаркім руху некаторых рыб, дык гэта значыла, што прыцягнутыя яркім святлом пражэктара, яны імкнуліся праваджаць нас. Але большасць з іх зараз-жа адставалі, і мала хто з іх ухітраўся больш-менш доўгі час плысці разам з намі.

Дваццаць чацвёртага раніцай мы ўбачылі востраў Кілінга, які знаходзіцца пад 12°5́ паўднёвай шыраты і 94°33́ даўгаты. Гэта каралавы востраў, паросшы раскошнымі какосавымі пальмамі. У свой час яго наведалі Чарльз Дарвін і капітан Фіц-Рой. “Наўтылус” прайшоў на блізкай адлегласці ад берагоў гэтага незаселенага вострава. Драгі вылавілі з вады мноства самых разнастайных паліпаў, у тым ліку некалькі цікавых экземпляраў дэльфінчыкаў, заняўшых месца ў калекцыі капітана Нэма.

Неўзабаве востраў Кілінга знік з вачэй, і “Наўтылус” узяў курс на паўночны захад, у бок Індыйскага паўвострава.

— Мы набліжаемся да цывілізаваных краін, — сказаў мне ў гэты дзень Нэд Лэнд. — Гэта будзе лепей за Новую Гвінею, дзе дзікуноў больш, як касуль. У Індыі, спадар прафесар, ёсць шасейныя і жалезныя дарогі і гарады — англійскія, французскія, індускія. Там на кожным кроку можна сустрэць земляка. Як па-вашаму, ці не прыйшоў ужо час развітацца з капітанам Нэма?

— Не, не, не! — рашуча адказаў я канадцу. — Цішэй едзеш, далей будзеш! “Наўтылус” набліжаецца цяпер да заселеных зямель. Ён трымае курс на Еўропу. Няхай ён нас даставіць туды. Вось калі мы падплывем да еўрапейскіх берагоў, толькі тады зробім так, як нам падкажа асцярожнасць. Дарэчы, я не веру ў тое, што капітан Нэма дазволіць нам адправіцца на паляванне на малабарскі альбо карамандэльскі бераг з такой-жа ахвотай, як на востраў Гвебараар.

— Што-ж, спадар прафесар, у такім разе нам прыйдзецца абыйсціся без яго дазволу.

Я не адказаў канадцу. Спрачацца мне не хацелася. Але ў глыбіні душы я цвёрда парашыў скарыстаць да канца магчымасці, прадастаўленыя выпадкам, закінуўшым мяне на падводны карабель.

Пасля вострава Кілінга “Наўтылус” зменшыў ход. Мы часта апускаліся цяпер на вялікія глыбіні з дапамогаю стырна глыбіні. Мы апускаліся на два, часам на тры кіламетры пад паверхню мора, але ні разу не даследавалі ўсёй глыбіні Індыйскага акіяна, дзе апушчаны на трынаццаць кіламетраў зонд не дасягаў дна. Тэмпература ніжэйшых пластоў вады і тут была такой самай, як і ў Ціхім акіяне — чатыры з паловай градусы вышэй нуля. Я звярнуў увагу толькі на адну з’яву — што ў неглыбокіх месцах тэмпература павярхоўных пластоў вады заўсёды ніжэй, як у глыбокіх.

Дваццаць пятага студзеня акіян быў зусім пустынным, і “Наўтылус” увесь дзень плыў па паверхні яго, расцінаючы хвалі сваім магутным вінтом і ўздымаючы фантаны пырскаў на вялікую вышыню. Нядзіва, што караблі, якія бачылі “Наўтылус” толькі здалёк, прымалі яго за кіта.

Я правёў тры чвэрці дня на палубе, гледзячы на мора. Кругавід увесь час быў пустынным. Толькі каля чатырох гадзін дня здалёк паказаўся параход, які ішоў на захад. Яго мачты выразна вызначаліся на гарызонце на працягу некалькіх хвілін, але з парахода нельга было заўважыць “Наўтылус”, які ледзь высоўваўся з вады.

Я падумаў, што гэты параход належыць “Паўвостраўнаму і ўсходняму параходнаму таварыству”, абслугоўваючаму лінію Цэйлон — Сідней, з заходам у Мельбурн і на мыс караля Георга.

А пятай гадзіне па поўдні, незадоўга да кароткага трапічнага змяркання, Кансель і я зрабіліся сведкамі захапіўшага нас відовішча.

Існуе адзін прывабны малюск, сустрэча з якім, па думцы старадаўніх, прадвяшчае шчасце. Арыстотэль, Атэней і Пліній вывучалі яго звычкі і густ і не пашкадавалі на яго апісанне ўсяго паэтычнага арсенала старадаўняй Грэцыі і Рыма. Сучасная навука ведае гэты малюск пад імем арганаўта.

Кожны, хто звярнуўся-б з пытаннем да Канселя, даведаўся-б, што аддзел малюскаў падзяляецца на пяць класаў; што да першага класа, які завецца класам галаваногіх, адносяцца толькі два сямействы — двух і чатырохжаберных, якія розняцца па колькасці жабраў; што сямейства двужаберных уключае тры віды: арганаўтаў, кальмараў і каракаціц у той час, як сямейства чатырохжаберных толькі адзін — караблікаў.

І калі, пазнаёміўшыся з гэтай наменклатурай, няўважлівы чытач зблытае арганаўта, маючага прысоскі, з караблікам, які мае шчупальцы, дык яму нельга гэтага дараваць!

Мы сустрэліся з цэлай зграяй арганаўтаў, якія плавалі па паверхні акіяна. Іх было шмат соцень. Гэтыя зграбныя малюскі рухаліся задам наперад пры дапамозе сваіх варонак, праз якія яны выштурхоўвалі ўцягнутую пры дыханні ваду. З васьмі іхніх прысоскаў шэсць, тонкіх і даўгіх, плавалі на паверхні вады, а два апошніх, так званыя гектакатылі, больш моцныя і загнутыя дугою, падстаўлены былі ветру, як парусы. Я выразна бачыў у вадзе іхнія спіральныя ракавіны, якія Кюв’е правільна параўноўвае з прыгожым ялікам. І сапраўды, яны дужа нагадваюць лодку. Гэтая лодка, “пабудаваная” самім арганаўтам з адкладзеных вапенных солей, носіць яго на сабе заўсёды, хоць малюск і не зрастаецца з ёю.

— Арганаўт заўсёды можа пакінуць сваю лодку, але ніколі не робіць гэтага, — сказаў я Канселю.

— Таксама, як і капітан Нэма, — адказаў Кансель. — Таму лепш было-б яму назваць свой карабель “Арганаўтам”.

На працягу гадзіны “Наўтылус” плыў сярод зграі гэтых малюскаў. Але раптам, не ведаю чаму, іх хапіў жах. Як па камандзе, усе парусы былі адначасова спушчаны, выстаўленыя наперад шчупальцы ўцягнуліся, целы скруціліся, лодкі перамясцілі свае цэнтры цяжару, і ўся флатылія ўмомант знікла пад вадой.

Ніколі яшчэ ніводная эскадра не рабіла гэткага складанага манеўра з гэткай арганізаванасцю і дакладнасцю.

У гэтую хвіліну сонца закацілася, і бадай адразу настала ноч. Зыб, паднятая лёгкім ветрыкам, паціху гушкала плывучы “Наўтылус”.

На другі дзень, 26 студзеня, мы перасеклі экватар пад восемдзесят другім мерыдыянам і ўвайшлі ў воды паўночнага паўшар’я.

У гэты дзень нас праваджала вялізная зграя акул — страшэнных жывёлін, якія робяць моры небяспечнымі. Гэта былі плашаносныя акулы, з бурай спіной і белым брухам, узброеныя адзінаццацю радамі зубоў; гладкія акулы з вялікай чорнай плямай на шыі, аблямаванай белым ускрайкам і падобнай на вока; акулы калючапёрыя з закругленай і ўсеянай чорнымі кропкамі мордай. Некалькі разоў гэтыя велічэзныя драпежнікі кідаліся на вокны салона з страшэннай злосцю. У такія хвіліны Нэд Лэнд вар’яцеў. Яму хацелася быць на паверхні вады і паляваць на гэтых страшыдлаў, асабліва на тыгравых акул, пасць якіх усеяна зубамі, як мазаікай, вялізных — даўжынёй пяць метраў, якія кідаліся на шыбы салона надта настойліва.

Але тут “Наўтылус” паскорыў ход і адразу пакінуў ззаду нават самых шпаркіх акул.

Дваццаць сёмага студзеня каля ўвахода ў Бенгальскую затоку мы некалькі разоў сустракалі мерцвякоў, плаваючых па паверхні вады. Якое жудаснае відовішча! Гэта былі памёршыя жыхары індыйскіх гарадоў, якіх каршуны — адзіныя магільшчыкі гэтай краіны — не паспелі знішчыць. Цячэнне Ганга аднесла іх у адкрыты акіян, і тое, чаго не зрабілі каршуны, хутка зрабілі акулы...

Каля сямі гадзін вечара “Наўтылус” падняўся на паверхню і паплыў па малочна-белых хвалях. Колькі бачыла вока, акіян здаваўся малочным. Ці было гэта эфектам месяцавага святла? Не, бо малады месяц, які налічваў усяго два дні, яшчэ не ўсходзіў, і неба асветленае водбліскам праменняў толькі што схаваўшагася сонца, здавалася чорным па кантрасту з белым колерам вады. Кансель не верыў сваім вачам, гледзячы на гэтае дзівоснае з’явішча, ён запытаў мяне аб прычынах яго.

— Гэта так званае малочнае мора, — сказаў я. — Такія вялікія плямы малочна-белага колеру — не рэдкае з’явішча ля берагоў Індыі.

— Але ці не скажа мне гаспадар, з якой прычыны робіцца гэтае збяленне вады? — запытаў Кансель. — Не ператварылася-ж сапраўды марская вада ў малако.

— Зразумела — не, дружа мой. Гэтая здзіўляючая цябе афарбоўка вады выклікана мірыядамі інфузорый, бясколерных, бліскучых камячкоў слізі, таўшчынёю як волас, а даўжынёю прыкладна ў адну пятую частку міліметра. Гэтыя інфузорыі далучаюцца адна да аднае і ўтвараюць цэлыя палі, якія часам цягнуцца на многа кіламетраў.

— На многа кіламетраў! — ускрыкнуў Кансель.

— Так, дружа мой. І не спрабуй падлічыць колькасць інфузорый у такіх “палях”. Табе ўсёроўна не ўдасца гэта, бо, калі я не памыляюся, некаторыя маракі паведамлялі, што яны сустракалі малочныя моры, якія цягнуліся на сорак і нават больш міль!

Але Кансель не паслухаўся маёй рады і моўчкі пачаў лічыць, колькі інфузорый змесціцца на плошчы ў сорак квадратных міль, калі кожная інфузорыя не таўсцей воласа і не даўжэй пятай часткі міліметра.

Пакінуўшы яго за гэтым заняткам, я працягваў назіранне гэтага цікавага з’явішча прыроды.

На працягу некалькіх гадзін “Наўтылус” разразаў сваім вострым носам белесаватыя воды малочнага мора, і я звярнуў увагу на тое, што ён рухаецца зусім без шуму, нібы праходзячы праз згусткі мыльнай пены.

Каля паўночы мора нечакана набыло звычайны колер наперадзе нас, але за кармой, колькі бачыла вока, неба, адбіваючы белату вод, здавалася асветленым водбліскам паўночнага ззяння.

 

Раздзел другі. Новая прапанова капітана Нэма

Дваццаць восьмага лютага, падняўшыся ў поўдзень на паверхню вады пад 9°4́ паўночнай шыраты, “Наўтылус” апынуўся побач з нейкай зямлёю, ляжаўшай у васьмі мілях да захаду. Мне кінулася ў вочы перш за ўсё награмаджэнне даволі высокіх гор з капрызнымі абрысамі спадаў; некаторыя з іх дасягалі вышыні больш за дзве тысячы футаў. Пасля таго, як назіранні былі зроблены, я спусціўся ў салон і ўбачыў па карце, што гэта былі берагі вострава Цэйлона — гэтага перла Індыі.

Я адправіўся ў бібліятэку, каб пашукаць кнігі аб гэтым надзвычайна ўрадлівым востраве, і знайшоў працу Х.К. Сіра пад назвай “Цэйлон і сінгалезы”.

Сеўшы з кнігай у салоне, я перш за ўсё адзначыў геаграфічныя каардынаты гэтага вострава: ад 5°55́ да 9°49́ паўночнай шыраты і ад 79°42́ да 82°4́ усходняй даўгаты (ад Грынвіча); даўжыня яго — дзвесце семдзесят пяць міль; максімальная шырыня — сто пяцьдзесят міль; даўжыня берагавой лініі — дзевяцьсот міль; нарэшце яго плошча — дваццаць чатыры тысячы чатырыста сорак восем міль, г. зн. толькі крыху менш за Ірландыю.

У гэты час у салон увайшлі капітан Нэма і яго памочнік. Капітан паглядзеў на карту. Потым, абярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Востраў Цэйлон славіцца лоўляй перлаў. Ці не хочаце, спадар прафесар, пабываць на месцы гэтай лоўлі?

— З прыемнасцю, капітан.

— Добра. Гэта вельмі лёгка зрабіць. Праўда, мы ўбачым толькі месца лоўлі, а не саміх лаўцоў, бо сезон лоўлі яшчэ не пачаўся. Але гэта не мае значэння. Я загадаю зараз-жа ўзяць курс на Манаарскую затоку. Мы прыбудзем туды ноччу.

Капітан сказаў некалькі слоў на невядомай мове свайму памочніку, і той хутка выйшаў з салона. Зараз-жа “Наўтылус” апусціўся ў ваду, як паказваў манометр, на глыбіню трыццаць футаў.

Узяўшы карту, я пачаў шукаць Манаарскую затоку і знайшоў яе каля маленькага астраўка таго-ж імя, пад 9° паўночнай шыраты, на паўночна-заходнім беразе Цэйлона. Для таго, каб дасягнуць яе, нам трэба было прайсці ўздоўж усяго заходняга ўзбярэжжа вострава.

Капітан Нэма зноў загаварыў:

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — лоўля перлаў адбываецца ў Бенгальскай затоцы, у Індыйскім моры, у Кітайскім і Японскім морах, у морах, абмываючых поўдзень Амерыкі, у Панамскай затоцы, у Каліфарнійскай затоцы. Але на Цэйлоне гэтая лоўля дае найлепшыя вынікі. На жаль, мы надта рана прышлі сюды. Лаўцы перлаў прыязджаюць у Манаарскую затоку не раней сярэдзіны сакавіка — да гэтага часу тут збіраюцца да трохсот суднаў, якія на працягу трыццаці дзён займаюцца гэтым прыбытковым промыслам. Кожнае судна мае каманду ў дзесяць грабцоў і дзесяць нырцоў. Нырцы разбіваюцца на дзве змены, па чарзе ныраючыя ў ваду. Яны спускаюцца на глыбіню дванаццаці метраў пры дапамозе цяжкога каменя, які яны заціскаюць між ног і выпускаюць тады, калі дасягаюць патрэбнай глыбіні. Потым камень гэты, прывязаны вяроўкай да карабля, выцягваецца грабцамі назад на борт.

— Значыцца, гэтыя варварскія спосабы ўсё яшчэ існуюць?

— Так, тут нічога не змянілася, — адказаў Нэма, — хоць гэтыя перлавыя багацці належаць самай індустрыяльнай у свеце краіне — Англіі, якая атрымала іх ва ўласнасць па Ам’енскаму трактату 1802 года.

— Мне ўсё-такі здаецца, што скафандр такога тыпу, як вашы, мог-бы прынесці значную карысць у гэтым промысле?

— Вядома, таму што час прабывання пад вадой гэтых няшчасных нырцоў, натуральна, вельмі абмежаваны. Ангелец Персіваль у апісанні свайго падарожжа на Цэйлон гаворыць аб адным кафры, які мог цэлых пяць хвілін заставацца пад вадою, але мне гэтае сцвярджэнне заўсёды здавалася сумніцельным. Я ведаю, што ёсць плаўцы, якія знаходзяцца пад вадой бадай хвіліну — пяцьдзесят сем секунд, а некаторыя, самыя моцныя, нават восемдзесят сем — амаль паўтары хвіліны! Але такіх дужа мала, ды і ў гэтых няшчасных, калі яны вяртаюцца на борт, з вушэй і носу выходзіць афарбаваная крывёю вада. Мне здаецца, што сярэдняя доўгасць прабывання ныральшчыка пад вадой, не перавышае трыццаці секунд, і за гэты кароткі час ён павінен знайсці, сарваць і кінуць у сетку перлавыя ракавіны. Нізальшчыкі рэдка дажываюць да сярэдніх гадоў, большасць з іх памірае маладымі; зрок іхні хутка слабне, вочы пачынаюць гнаіцца, язвы пакрываюць усё цела. Часта яны раптам паміраюць пад вадой ад разрыву сэрца.

— Так, — сказаў я, — гэта трудная прафесія... І ўсё гэта прыносіцца ў ахвяру жаночым капрызам... Але, скажыце, капітан, колькі ракавін вылаўлівае такім чынам адно судна?

— Ад сарака да пяцідзесяці тысяч у працоўны дзень. Гавораць, што ў 1814 годзе англійскі ўрад арганізаваў лоўлю перлаў для дзяржавы, і лаўцы набралі за дваццаць дзён семдзесят шэсць мільёнаў ракавін.

— Прынамсі, праца лаўца добра аплачваецца?

— Наадварот — мізэрна. У Панаме яны зарабляюць не больш даляра за тыдзень. Часцей за ўсё яны атрымліваюць па меднай манеце каштоўнасцю ў адно су38 за кожную ракавіну, маючую ў сабе перл. Але не кожная ракавіна, сярод сабраных імі, мае гэты перл.

— Па аднаму су за перл, які ўзбагачае прамыслоўца? Гэта агідна!

— Такім чынам, спадар прафесар, — сказаў капітан Нэма, — вы і вашы спадарожнікі можаце агледзець перлавае дно Манаарскай затокі. Калі выпадкова ў гэты час там будзе які лавец, вы пазнаёміцеся і з тэхнікай гэтага промысла.

— Гэта будзе вельмі цікава.

— Дарэчы, прафесар, вы не баіцеся акул?

— Акул? — ускрыкнуў я.

Гэтае пытанне здалося мне, мякка кажучы, дарэмным.

— Дык як-жа? — настойваў капітан Нэма.

— Павінен шчыра прызнацца, капітан, — сказаў я, — што я яшчэ недастаткова прызвычаіўся да гэтых рыбак...

— А мы прызвычаіліся настолькі, што ўжо не заўважаем іх і хутка вы таксама будзеце глядзець на іх, — адказаў мне капітан. — Мы будзем добра ўзброены і адначасова, калі ўдасца, зробім паляванне на якую-небудзь акулу. Гэта цікавае паляванне. Значыцца, да заўтрага, прафесар? Мы адправімся раніцаю.

Сказаўшы гэта самым бесклапотным тонам, капітан Нэма выйшаў з салона.

Каб вас запрасілі паляваць на мядзведзяў у гарах Швейцарыі, вы, напэўна, адказалі-б: “Добра, заўтра пойдзем паляваць на мядзведзяў”. Калі-б вас запрасілі паляваць па львоў у раўнінах Атласа альбо на тыграў у джунглях Індыі, вы, магчыма, падумалі-б: “Што-ж, папаляваць на тыграў альбо на львоў, гэта цікава”. Але калі вас запрашаюць паляваць на акул не з палубы карабля, а ў іхнім уласным родным асяроддзі, вы, напэўна, сур’ёзна падумаеце, раней як прымеце такое запрашэнне.

Скажу шчыра, калі капітан Нэма выйшаў з салона, я павінен быў сцерці з ілба выступіўшы на ім халодны пот.

“Падумай добра, — сказаў я сабе, — спяшацца няма куды. Адна справа — паляванне на выдраў у падводных лясах вострава Крэспо — гэта толькі прыемная забава. Але другая справа — вандраваць па дну мора, калі цвёрда ўпэўнены, што немінуча сустрэнеш акул. Я ведаю, што ў некаторых месцах, у прыватнасці на Андаманскіх астравах, негры не баяцца нападаць на акул з кінжалам у адной руцэ і пятлёй — у другой. Але я ведаю таксама, што шмат смельчакоў, якія ўступаюць у паядынак з гэтымі вялізнымі драпежнікамі, не вяртаюцца жывымі. Акрамя таго, я-ж не негр, а калі-б і быў ім, дык у гэтым выпадку мае хістанні былі-б да некаторай ступені апраўданымі”.

Перада мною ў думках праплывалі зграі акул; я бачыў іхнія вялізныя пасці, узброеныя некалькімі радамі зубоў, здольных перакусіць напалам чалавека; я адчуваў, як гэтыя зубы ўядаюцца ў мае бакі...

Акрамя таго, я не мог зразумець той бесклапотнасці, з якой капітан зрабіў мне гэтую прапанову. Можна было падумаць, што ён запрашаў мяне ў лес на паляванне на якую-небудзь нічога не вартую лісічку.

“Кансель, пэўна, адмовіцца, — падумаў я. — Гэта дасць і мне магчымасць адхіліць запрашэнне капітана Нэма”.

Што тычыцца Нэда Лэнда, прызнаюся, я менш верыў у яго разважнасць. Небяспека, якой-бы вялікай яна ні была, заўсёды вабіла гэтую баявую натуру.

Я вярнуўся да кнігі Сіра, але перагортваў яе зусім машынальна; з яе старонак на мяне глядзелі страшэнныя разяўленыя пасці акул.

У салон увайшлі ў гэтую хвіліну Нэд Лэнд і Кансель. У абодвух быў добры настрой. Яны не ведалі, што чакае іх.

— Ведаеце, — звярнуўся да мяне Нэд Лэнд, — ваш капітан Нэма — ліха на яго! — толькі што зрабіў нам даволі прыемную прапанову.

— А, — сказаў я, — вы ўжо ведаеце?

— З дазволу гаспадара, — адказаў Кансель, — скажу, што камандзір “Наўтылуса” запрасіў нас наведаць цікавыя перлавыя промыслы ў Цэйлоне. Ён быў выключна далікатны з намі і трымаў сябе, як сапраўдны джэнтльмен.

— Ён больш нічога не сказаў вам?

— Нічога, — адказаў канадзец, — калі не лічыць яго заўвагі аб тым, што ён і вас запрасіў прыняць удзел у гэтым маленькім шпацыры.

— Сапраўды, — сказаў я. — Але ён не сказаў вам нічога аб...

— Не, спадар прафесар. Вы, вядома, пойдзеце з намі, так?

— Я?.. Вядома. Я бачу, што вам пачынаюць падабацца падводныя прагулкі, містэр Лэнд?

— Так, гэта цікава. Дужа цікава.

— Але можа крыху і небяспечна, — сказаў я, нібы мімаходзь.

— Што-ж можа быць небяспечнага ў простай пагулянцы на перлавую мялізну? — адказаў Нэд Лэнд.

Было відаць, што капітан Нэма не лічыў патрэбным палохаць маіх таварышаў думкай аб акулах. Я глядзеў на іх так, нібы яны ўжо страцілі руку ці нагу. Ці трэба было мне папярэдзіць іх аб небяспецы? Вядома. Але я не ведаў, як узяцца за гэта.

— Ці не згадзіцца гаспадар, — сказаў Кансель, — расказаць нам што-небудзь аб лоўлі перлаў?

— Пра самую лоўлю, ці пра звязаныя з ёй небяспекі? — запытаўся я, убачыўшы ў гэтым магчымасць даць гутарцы належны кірунак.

— Пра лоўлю, — адказаў канадзец. — Трэба заўсёды ведаць усё пра дарогу, па якой збіраешся ісці.

— У такім выпадку сядайце бліжэй, прыяцелі мае, і я раскажу вам аб перлавым промысле ўсё, што сам даведаўся з кнігі Сіра.

Нэд і Кансель селі на канапу побач са мной. Канадзец перш за ўсё задаў мне пытанне:

— Спадар прафесар, што такое перл?

— Для паэта, дружа Нэд, перл — гэта сляза мора. Для ўсходніх народаў — гэта зацвярдзелая раса; для дам — гэта каштоўнейшы авальны камень з цмяным бляскам, які можна насіць, як аздобу на пальцах, на шыі, альбо ў вушах; для хіміка — гэта злучэнне фосфарнакіслых солей з вуглекіслым кальцыем і невялікай колькасцю жалатыны; нарэшце, для натураліста гэта проста хваравіты нараст у некаторых двустворчатых ракушак...

— Належачых да аддзела малюскаў, класа пласцін-чатажаберных, — падхапіў Кансель.

— Зусім правільна, мой вучоны прыяцель. Усе тыя малюскі, якія вылучаюць перламутр, г.зн. блакітную, фіялкавую альбо белую матэрыю, усцілаючую ўнутраную паверхню створак іх ракавін, — усе яны могуць рабіць перлы.

— І спажыўныя ракушкі таксама? — спытаў канадзец.

— Але, і спажыўныя ракушкі некаторых вадаёмаў Шатландыі, Уэльса, Ірландыі, Саксоніі, Багеміі, Францыі39.

— Так, — сказаў канадзец, — будзем мець гэта на ўвазе. Спатрэбіцца калі-небудзь!

— Але галоўным пастаўшчыком перлаў з’яўляецца перлавая ракавіна. Перл — гэта не што іншае, як перламутравы нараст, прыняўшы сферычную форму. Перл альбо прыклейваецца да створак ракавіны, або гняздзіцца ў складках цела малюска. Незалежна ад таго, дзе ўтварыўся перл — ці на створках ці на целе малюска — ён заўсёды мае ядро, вакол якога тонкімі канцэнтрычнымі пластамі з года ў год нарастаюць перлавыя адклады. Ядром можа служыць мёртвае яйка або выпадкова трапіўшая пад створкі пясчынка.

— Ці можа быць некалькі перлаў у адной ракавіне? — запытаўся Кансель.

— Гэта бывае. Некаторыя ракавіны вырошчваюць цэлыя перлавыя каралы. У друку паведамлялася аб ракавіне, у якой знайшлі — праўда, я мала веру ў гэта — цэлых сто пяцьдзесят акул.

— Сто пяцьдзесят акул? — ускрычаў Нэд Лэнд.

— Няўжо я сказаў акул? — замяшаўся я. — Я хацеў сказаць перлаў. Акулы — гэта бязглуздзіца.

— Вядома, — сказаў Кансель. — Але ці не скажа гаспадар, як здабываюць перлы з ракавін?

— Ёсць розныя спосабы. Іншы раз, калі перл прыклеіўся да створак, яго вымаюць проста абцугамі. Але часцей за ўсё сабраныя ракавіны раскладаюцца на цыноўках, тут-жа на беразе, і іх пакідаюць мерці на свежым паветры. Праз дзесяць дзён, калі малюскі пачынаюць гнісці, іх ссыпаюць у вялікія басейны з марской вадою, а потым адчыняюць створкі ракавін і мыюць іх. Тут пачынаецца работа сартавальнікаў: сабраўшы раней перлы, прыклееныя да створак, яны аддзяляюць тады ад ракавін перламутравыя пласцінкі, якія ідуць у асобны продаж, і, нарэшце, кіпяцяць парэнхіму40 малюскаў да абсалютнага расплывання і адцэджваюць з вадкасці аж да драбнюткіх перлаў.

— Каштоўнасць перла залежыць толькі ад яго велічыні? — запытаўся Кансель.

— Не, не толькі ад велічыні, — адказаў я, — але і ад формы, “вады”, г.зн. колеру, бляску, тых пераліваў святла, якія робяць перл такім прыемным для вока. Самыя буйныя перлы ствараюцца ў зборках цела малюскаў. Яны белага колеру, большай часткай не празрыстыя, але часам апалава-празрыстыя. Яны бываюць пераважна сферычнымі альбо грушавіднымі па форме. Сферычныя перлы ідуць на бранзалеты, грушавідныя — на завушніцы і падвескі. Тыя і тыя прадаюцца па штуках. Перлы, прыліплыя да створак, маюць менш правільную форму і таму каштуюць таней першых і прадаюцца на вагу. Нарэшце, трэці гатунак — гэта дробныя перлы. Яны прадаюцца меркамі і служаць галоўным чынам для розных вышывак, асабліва царкоўнага адзення.

— Відаць, сартаванне перлаў па велічыні — гэта доўгая і даволі цяжкая праца? — запытаўся канадзец.

— Не, мой любы, гэта вельмі простая справа. Гэтая праца выконваецца пры дапамозе адзінаццаці сіт, альбо рэшат. Перлы, якія не прайшлі праз рэшата з колькасцю дзір ад дваццаці да васьмідзесяці, належаць да першага гатунку; не прайшоўшыя скрозь рэшата з колькасцю дзір ад ста да васьмісот — гэта другі гатунак; нарэшце, перлы, для якіх патрэбна рэшата з васьмюстамі тысячаў дзірак, адносяцца да трэцяга гатунку.

— Гэта дасціпна, — сказаў Кансель. — Я бачу, што праца сартоўшчыка механізавана... Ці не можа сказаць, гаспадар, які прыбытак прыносіць эксплуатацыя перлавых промыслаў?

— Калі верыць звесткам, якія дае Сір, — адказаў я, — дык цэйлонскія перлавыя мяліны аддаюцца на водкуп за гадавую плату ў тры мільёны акул.

— Франкаў! — паправіў мяне Кансель.

— Вядома, франкаў! Тры мільёны франкаў, — паўтарыў я. — Але мне здаецца, што цяпер гэтыя мелі не прыносяць ужо такога прыбытку, як раней. Тое-ж самае з амерыканскімі мелямі. Пры Карле пятым яны давалі кожны год перлаў на чатыры мільёны франкаў, а цяпер гэтая прадукцыя знізілася на дзве трэці. Наогул усе перлавыя промыслы свету даюць у год перлаў прыкладна на дзевяць мільёнаў франкаў.

— Але я чуў, што ёсць асобныя перлы, якія прадаюцца за вялікія грошы? — сказаў Кансель.

— Так, мой дружа. Гісторыя гаворыць, што Юлій Цэзар падарыў Сэрвіліі перл коштам сто дваццаць тысяч франкаў на нашыя грошы.

— А я чуў, — сказаў канадзец, — што нейкая старадаўняя дама распускала перлы ў воцату і піла яго.

— Гэта Клеапатра! — крыкнуў Кансель

— Напэўна гэта было не смачна! — заўважыў Нэд Лэнд.

— Гэта было агідна, Нэд, — адказаў Кансель, — але падумайце, што такая шкляначка воцату каштавала паўтараста тысяч франкаў!

— Шкада, што гэтая дама не была маёй жонкай, — сказаў канадзец, пазіраючы на свае моцныя кулакі.

— Нэд Лэнд — супруг Клеапатры! — зарагатаў Кансель.

— Я збіраўся жаніцца, Кансель, — не міргнуўшы вокам, адказаў канадзец, — і не мая віна, калі справа не выгарэла. Я нават купіў перлавыя каралы Кэт Тэндэр, сваёй нявесце, але яна чамусьці выйшла замуж за другога. Але гэтыя каралы каштавалі мне ўсяго паўтара даляры. Хоць — паверце майму слову, спадар прафесар, — ніводзін з камянёў гэтых каралаў не прайшоў-бы нават праз дваццацідзірнае рэшата.

— Любы мой Нэд! — рассмяяўся я. — Гэта былі каралы са штучных перлаў — звычайных шкляных шарыкаў, напоўненых перлавай эсенцыяй.

— Усё-ж, — адказаў канадзец, — гэтая эсенцыя павінна каштаваць не танна.

— Яна нічога не каштуе. Гэта луска дробнай рыбы — уклейкі, раствораная ў азотнай кіслаце. Эсенцыя гэтая каштуе глупства.

— Цяпер я разумею, чаму Кэт Тэндэр выйшла замуж за другога, — з філасофскім спакойствам сказаў Нэд Лэнд.

— Але вернемся да гутаркі аб каштоўных перлах, — сказаў я. — Я не думаю, каб у каго-небудзь з земных манархаў быў перл больш каштоўны за той, што належыць капітану Нэма.

— Вось гэты? — запытаўся Кансель, паказваючы на каштоўнасць, якая ляжала пад шклом вітрыны.

— Гэты самы. Думаю, што не памылюся, вызначыўшы яго кошт у два мільёны...

— Франкаў! — хуценька падказаў мне Кансель.

— Зусім правільна, два мільёны франкаў. І для таго, каб здабыць яго, капітану Нэма варта было толькі нахіліцца...

— Вось бачыце, — ускрыкнуў Нэд Лэнд, — хто ведае, можа ў часе заўтрашняй пагулянкі і мы знойдзем такі самы?

— Гм! — буркнуў Кансель.

— А чаму-б і не?

— Навошта нам на борце “Наўтылуса” мільёны?

— На борце яны, вядома, не патрэбны, але ў іншых месцах...

— У іншых месцах! — Кансель толькі паківаў галавою.

— Нэд Лэнд мае рацыю, — сказаў я, — каб мы прывезлі ў Еўропу ці Амерыку перл, коштам некалькі мільёнаў франкаў, гэта надало-б большую вартасць расказам пра нашы падводныя прыгоды, выклікала-б да іх большае давер’е.

— Зразумела! — згадзіўся канадзец.

— Але скажыце, — зноў пачаў Кансель, якога цікавіў больш навуковы бок пытання, чымся матэрыяльны, — ці мае якую-небудзь небяспеку лоўля перлаў?

— Не, — адказаў я жвава, — асабліва калі прыняць некаторыя меры перасцярогі.

— А якія небяспекі можа мець такое рамяство? — запытаўся Нэд Лэнд — Хіба толькі можна праглынуць лішнюю каплю вады.

— Ну, не толькі гэта, Нэд. Дарэчы, — дадаў я, стараючыся гаварыць таксама бесклапотна, як капітан Нэма, — вы не баіцёся акул, Нэд?

— Гэта я? — усклікнуў Нэд. — Мне, прафесіянальнаму гарпуншчыку, ды баяцца акул? Ды пляваў я на іх!

— Гутарка ідзе не аб гэтым, каб злавіць акулу на кручок, уцягнуць на палубу карабля, адсячы ёй тут сякерай хвост, успароць чэрава, вырваць сэрца і выкінуць яго ў мора.

— Значыцца, вы пыталіся пра...

— Вось іменна!

— У вадзе?

— У вадзе!

— Калі мець добры гарпун у руцэ!.. Ведаеце, спадар прафесар, наогул гэта досыць нязграбная жывёла. Для таго, каб схапіць вас, яна абавязкова павінна павярнуцца на спіну, а за гэты час вы заўсёды паспееце ўсадзіць ёй гарпун у сэрца.

— А ты Кансель, якой думкі аб гэтых акулах? — запытаўся я.

— Я буду зусім шчыры з гаспадаром, — пачаў Кансель.

“У добры час!” падумаў я.

— Калі гаспадар рашыў не звяртаць увагі на акул, то чаму-ж мне, яго пакорнаму слузе, баяцца сустрэчы з імі?

 

38 Су - дзве капейкі.

39 Варта адзначыць, што перлы сустракаюцца і ў нас у СССР у некаторых паўночных рэках. Яны, вядома, дробныя, але ў некаторых выпадках каштоўнасць іх дасягае 100 р. за штуку.

40 Парэнхіма — у ніжэйшых жывёл тканіна, напаўняючая ўсе прамежкі паміж органамі.

Раздзел трэці. Перл коштам у 10 000 000 франкаў

Надышла ноч. Я ўлёгся на ложак, але спалася мне дрэнна. Акулы ўвесь час сніліся мне, і не раз я прачынаўся, абліваючыся халодным потам.

Раніцай, а чацвёртай гадзіне, мяне разбудзіў сцюард, прыстаўлены да мяне для паслуг капітанам Нэма. Я хутка ўстаў, апрануўся і выйшаў у салон.

Капітан Нэма ўжо чакаў мяне там.

— Гатовы вы адправіцца, прафесар? — запытаўся ён.

— Зусім гатоў, капітан.

— У такім разе прашу паследваць за мною.

— А мае спадарожнікі, капітан?

— Іх ужо папярэдзілі, і яны чакаюць нас.

— Мы надзенем зараз скафандры?

— Пакуль што — не. “Наўтылус” не можа падыйсці блізка да берагу, і я спыніў яго даволі далёка ад перлавых мялін Манаарскай затокі. Таму я загадаў падрыхтаваць шлюпку, якая даставіць нас непасрэдна да самай мяліны і гэтым вызваліць нас ад залішняй стомленасці. Нашы скафандры складзены ў шлюпку, і мы надзенем іх перад самым апусканнем.

Капітан Нэма запрасіў мяне пайсці за ім. Мы падняліся на палубу. Нэд Лэнд і Кансель ужо чакалі нас там, задаволеныя перспектывай “прыемнай прагулкі”. У шлюпцы, спушчанай на ваду і прывязанай да борта “Наўтылуса”, на вёслах сядзелі пяць матросаў.

Світання яшчэ не было, і ноч была беспрасветна цёмнай. Рэдкія зоркі мігацелі паміж густымі воблакамі. Я паглядзеў у бок зямлі, але ўбачыў толькі невыразнае згушчэнне цемры, закрываўшае тры чвэрці кругавіда. “Наўтылус”, які прасунуўся за ноч уздоўж заходняга берагу Цэйлона, знаходзіўся цяпер каля ўвахода ў затоку, альбо, пэўней, у бухту, створаную берагамі Цэйлона і вострава Манаар. Пад цёмнай паверхняй вады знаходзілася адна з буйнейшых у свеце перлавых мялін, невычарпальная скарбніца, якая цягнулася бадай на дваццаць міль.

Капітан Нэма, Нэд Лэнд, Кансель і я занялі месца на карме шлюпкі. Адзін з матросаў стаў ля стырна, астатнія чацвёра ўзяліся за вёслы, і як толькі была адпушчана прычэпка, мы крануліся ў дарогу.

Шлюпка накіроўвалася на поўдзень. Грабцы не спяшаліся. Я заўважыў, што яны з сілай апускалі вёслы ў ваду з інтэрваламі ў дзесяць секунд, як гэта практыкуецца ў вайскова-марскіх флотах. У той час, калі шлюпка ішла па інерцыі, чуваць быў лёгкі шум вадзяных капляў, спадаўшых з паднятых вёсел на паверхню хваль. Лёгкая зыб, што ішла ад берагу, ледзь калыхала шлюпку, і грэблі хваляў з плёскам разбіваліся аб яе нос.

Мы маўчалі. Аб чым думаў капітан Нэма? Можа аб гэтай зямлі, аб тым, што мы надта наблізіліся да яе? Нэд Лэнд, мусіць, таксама думаў пра зямлю, але, па яго думцы, мы ўсё-ж былі надта далёка ад яе. Што-ж датычыцца Канселя, дык ён, здаецца, ні аб чым не думаў, а толькі з нецярплівасцю чакаў абяцанай прыемнасці.

А палове шостай гадзіны першыя праменні вызначылі больш выразна лінію гор на гарызонце. Нізкі на ўсходзе востраў быў гарыстым на поўдні. Мы знаходзіліся цяпер за пяць міль ад яго.

Між востравам і нашай шлюпкай мора было пустынным. Не відаць было ніводнага судна, ніводнага ныральшчыка. У гэтым месцы сустрэчы лаўцоў перлаў панавала глыбокая цішыня. Капітан Нэма казаў праўду: мы прыбылі сюды надта рана!

У шэсць гадзін раніцы надышоў дзень з той раптоўнасцю, якая ўласціва трапічным краінам, не ведаючым ні золаку, ні вячэрняга змроку. Сонечныя праменні прарываліся праз воблачную заслону, затуліўшую кругавід, і дзённае свяціла хутка падымалася па небе. Цяпер я выразна бачыў зямлю і нават асобныя дрэвы на беразе.

Шлюпка павярнула да вострава Манаар, берагавая паласа якога закруглялася на поўдні. Капітан Нэма падняўся з лаўкі і паглядзеў на мора.

Па яго знаку шлюпка спынілася, і якар быў кінуты ў ваду. Але прышлося выпусціць не больш аднаго метра якарнага ланцуга — настолькі мелкай была ў гэтым месцы перлавая мяліна. Шлюпку зараз-жа падхапіў адліў і пацягнуў назад у адкрытае мора, колькі дазволіў якарны ланцуг.

— Вось мы і прыехалі, прафесар, — сказаў капітан Нэма. — Бачыце гэтую замкнутую бухту? — У ёй праз месяц збяруцца сотні прамысловых суднаў, і тысячы адважных ныральшчыкаў апусцяцца ў гэтыя воды. Гэтая бухта вельмі зручная для лоўлі перлаў: яна абаронена горамі ад самых сільных вятроў, і ў ёй ніколі не бывае буйнага хвалявання, што надзвычай важна для працы ныральшчыкаў. Зараз мы надзенем свае скафандры і пачнём сваю прагулку.

Я нічога не адказаў і, не адрываючы вачэй ад падазроных вод, стаў пры дапамозе аднаго з матросаў апранацца ў цяжкі скафандр. Капітан Нэма і абодва мае таварышы таксама пачалі надзяваць скафандры, аказалася, што ніхто з матросаў “Наўтылуса” не суправаджае нас у гэтым падарожжы.

Неўзабаве мы былі засаджаны па самую шыю ў каўчукавую вопратку і на спіну нам павесілі рэзервуары са сціснутым паветрам. Апаратаў Румкорфа і электрычных ліхтароў у шлюпцы не было. Перад тым як надзець металёвую каску на галаву, я сказаў аб гэтым капітану Нэма.

— Яны нам не спатрэбяцца, — адказаў ён. — Мы не будзем забірацца ў глыбіню, а па мелкаводдзю нам зусім дастаткова будзе сонечнага святла. Акрамя таго, было-б вялікай хібай запальваць электрычныя ліхтары ў гэтых водах: іхняе святло магло-б прыцягнуць увагу небяспечных драпежнікаў.

У той час, калі капітан Нэма гаварыў гэта, я паглядзеў на Нэда Лэнда і Канселя. Але неразлучныя таварышы ўжо насадзілі на галовы металёвыя каскі і нічога не чулі.

Мне засталося толькі задаць капітану Нэма апошняе пытанне:

— А дзе-ж стрэльбы? Няўжо мы пойдзем няўзброенымі?

— Стрэльбы? Навошта яны нам? — адказаў капітан Нэма. — Хіба вашы горцы ідуць калі-небудзь на мядзведзя са стрэльбай? Кінжал у руцэ лепш усякай кулі. Вось добрае лязо. Суньце яго за пояс і хадземце.

Я паглядзеў на нашых спадарожнікаў. Яны былі ўзброены таксама, як і мы, і акрамя таго ў Нэда Лэнда ў руках быў гарпун, які ён захапіў з сабою з “Наўтылуса”.

Мне нічога не заставалася рабіць, як прадзець галаву ў цяжкую мядзяную каску, дазволіць закруціць яе і адчыніць кран рэзервуара са сціснутым паветрам.

Праз хвіліну матросы спусцілі нас аднаго за другім у ваду, і на глыбіні не больш за паўтара метры мы намацалі нагамі пласт зляжалага пяску. Капітан Нэма зрабіў нам знак рукой, мы паследвалі за ім і па пакатаму спуску ўглыбіліся пад ваду.

Прыгнятаўшыя мяне прадчуванні раптам зніклі. Я адчуў глыбокі спакой. Лёгкасць майго руху, не сціснутага скафандрам, яшчэ больш узмацніла маю ўпэўненасць, і я ўвесь аддаўся цудоўнаму відовішчу падводнага жыцця.

Сонца зусім ясна асвятляла дно. Нават драбнюткія прадметы былі выразнымі. Пасля дзесяці хвілін хады мы апусціліся на глыбіню пяць метраў, і дно зрабілася плоскім і роўным.

Мы спудзілі некалькі зграек цікавых рыбак з атрада аднапёрых, не маючых іншага плаўніка, акрамя хваставога. Я заўважыў тут паласатых змеягаловаў даўжынёй амаль у метр, з жаўтавата-шэрай спіной і такім-жа брухам; яны адзначаліся ад змеягаловаў кітайскіх вялікім памерам і больш светлай афарбоўкай. Далей нам сустрэлася афарбаваная ў яркія колеры рыбка-парус, спінны плаўнік якой нагадвае каўнерык. Гэта спажыўная рыбка; высушаная і замарынаваная, яна лічыцца дэлікатэсам у мясцовага насельніцтва. Нарэшце я звярнуў увагу на належачую да сямейства карангавых рыб стаўрыду, цела якой пакрыта вельмі дробнай лускай; зверху стаўрыда блакітна-шэрага колеру, знізу — срабрыстага. Даўжыня яе не перавышае трыццаці сантыметраў.

Між тым усходзіўшае сонца ўсё ярчэй і ярчэй асвятляла ваду. Характар дна патроху змяняўся. Дробны, шчыльна зляжалы пясок перайшоў нібы ў шасейную дарогу, замошчаную круглымі зломкамі скал, паросшых дываном з зоафітаў і малюскаў.

Сярод прадстаўнікоў гэтых аддзелаў я ўбачыў плацэн з няроўнымі тонкімі створкамі ракавіны, належачых да сямейства вустрычных, якія водзяцца толькі ў Чырвоным моры і Індыйскім акіяне; памеранцавых люцын з круглай ракавінай; некалькі персідскіх пурніц, якія дастаўлялі “Наўтылусу” добрую фарбу; анацын — спажыўных ракавін, што прадаюцца на індастанскіх базарах, і, нарэшце, акулін, чароўныя веяры якіх прадстаўляюць, мусіць, самае прыгожае відовішча акіянскай фауны.

Сярод гэтых жывёлін-раслін сноўдалі легіёны членістаногіх, у прыватнасці многакаленчатых, з круглаватым целам, якое канчаецца з аднаго боку хабатком, а з другога — брушком з сямю парамі ног; палеастракоў — амаль вымершую разнавіднасць, пазбаўленую перадротавых канцовасцей; гіганцкіх крабаў, якіх назіраў і Чарльз Дарвін; прырода дала ім велічэзную сілу: яны ўзбіраюцца на прыбярэжныя дрэвы зрываюць з іх какосы, якія разбіваюцца пры падзенні, а тады расчыняюць іх сваімі магутнымі клюшнямі. Тут, у гэтых ярка асветленых водах, крабы перасоўваліся з дзіўнай рухавасцю, у процілегласць малабарскім, якія ледзь-ледзь паўзуць паміж скал.

Каля сямі гадзін раніцы мы, нарэшце, дабраліся да перлавай мяліны, дзе параскіданы мільёны ракавін. Гэтыя каштоўныя малюскі прыклейваюцца да скал пры дапамозе вылучаемай імі-ж слізістай вадкасці і больш ужо не рухаюцца, у адрозненне ад спажыўных ракушак, якія не трацяць здольнасці перасоўвацца.

Ракавіна, у якой ствараецца перл, мае амаль аднолькавыя вельмі тоўстыя створкі, шурпатыя звонку. Некаторыя з ракушак мелі зеленаватыя палосы, якія, як праменні, ішлі ва ўсе бакі ад іхняй вярхушкі. Гэта былі маладыя ракушкі. Іншыя, старэйшыя на дзесяць і больш год, былі цмяныя, амаль чорныя, і дасягалі пятнаццаці сантыметраў шырыні.

Капітан Нэма паказаў мне рукою на безліч ракавін, і я зразумеў, што гэтыя пяскі сапраўды невычарпальныя, бо ўраджайнасць прыроды ўсё-такі заўсёды стварае больш, чымся можа разбурыць чалавек. Нэд Лэнд, адданы чалавечаму інстынкту разбурэння, паспяшыў напоўніць сетку, вісеўшую ў яго збоку, лепшымі малюскамі.

Але нам нельга было спыняцца. Трэ’ было не адставаць ад капітана, які ўпэўнена ішоў наперад па вядомых яму дарожках. Мы некалькі разоў траплялі ка такія месцы, што, падняўшы руку над галавою, я даставаў ёю паверхню мора. Але тут-жа дно зноў апускалася. Часта нам прыходзілася абмінаць высокія пірамідальныя скалы. У іхніх шчылінах і расколінах гняздзіліся буйныя ракападобныя. Балансуючы на сваіх высокіх ножках, падобныя на нейкія фантастычныя вайсковыя машыны, яны пільна глядзелі на нас.

Нарэшце мы апынуліся каля ўвахода ў пячору, вырытую ў прыгожай, з капрызнымі абрысамі скале, густа паросшай найлепшымі прадстаўнікамі марской флоры. Спачатку мне здалося, што ў пячоры пануе непранікальная цемра і што сонечныя праменні гаснуць каля ўвахода; аднак, аказалася, што вада, якая запаўняе пячору, свеціцца нейкім празрыстым і невыразным святлом праглынутых сонечных праменняў.

Капітан Нэма зайшоў у пячору. Мы паследвалі за ім.

Неўзабаве мае вочы прызвычаіліся да змроку, панаваўшаму ў пячоры. Я пачаў распазнаваць зводы, капрызна зрэзаныя і падтрымліваемыя натуральнымі пілястрамі з шырокімі гранітнымі падножкамі, падобнымі на цяжкія калоны тасканскай архітэктуры.

Навошта нашаму дзіўнаму правадніку спатрэбілася зацягнуць нас у глыб гэтай падводнай пячоры?

Хутка я даведаўся аб гэтым.

Спусціўшыся па досыць цвёрдаму спаду, мы апынуліся на дне акруглай нізіны. Там капітан Нэма спыніўся і паказаў нам прадмет, які мы яшчэ не заўважылі.

Гэта была трыдакна гіганцкіх размераў, — дыяметрам два метры, — басейн, у якім маглі купацца некалькі дарослых людзей, большая нават, як трыдакна, што стаяла ў салоне “Наўтылуса”.

Я падышоў бліжэй да гэтага дзіўнага малюска. Ён прыклеіўся да гранітнай пляцоўкі і рос у адзіноцтве ў спакойных водах гэтай пячоры. Я вызначыў вагу гэтай трыдакны ў трыста кілаграмаў. Такая “вустрыца” павінна мець не менш пятнаццаці кілаграмаў мяса.

Капітан Нэма, відаць, ведаў раней аб існаванні гэтай трыдакны. Ён ужо не ўпершыню наведваў яе, і я падумаў, што ён прывёў нас толькі затым, каб паказаць гэты цуд прыроды. Але я памыляўся. Капітану Нэма самому неабходна было азнаёміцца са становішчам ракавіны.

Гіганцкія створкі ракавіны былі трохі адчыненыя. Капітан прасунуў паміж іх кінжал, каб не даць ім замкнуцца. Потым ён рукою падняў зубчаты бераг мантыі малюска.

Там паміж зборак цела малюска я ўбачыў вольна растучы перл велічынёй у какосавы арэх. Яго правільная сферычная форма, надзвычайная чыстата і надзіва прыгожыя пералівы рабілі з яго каштоўнасць, якой літаральна не было цаны. Ахоплены цікавасцю, я працягнуў руку, каб дакрануцца да яго, зважыць, пацешыцца ім бліжэй. Але капітан Нэма затрымаў маю руку і выцягнуў кінжал са створак, якія зараз-жа зачыніліся.

Я зразумеў намер капітана: пакідаючы гэты перл у адзенні малюска, ён даваў яму магчымасць паціху расці. Кожны год вылучэнні малюска дадавалі яму новы пласт. Адзін толькі капітан Нэма ведаў пячору, дзе спеў гэты дзіўны плод. Ён вырошчваў яго, каб у які-небудзь дзень перанесці ў свой музей. Мажліва, ён сам і выклікаў стварэнне гэтага перла, як робяць гэта кітайцы і індусы, падсунуўшы пад мантыю малюска бусінку альбо металёвы шарык, які патроху абрастае перламутравым пакрыццём. Так ці інакш, але параўноўваючы гэты перл з тымі, аб існаванні якіх я чуў, і з тымі, якія захоўваліся пад вітрынамі ў музеі “Наўтылуса”, я ацаніў яго мінімальна ў дзесяць мільёнаў франкаў. Гэта была нават не каштоўнасць, бо не было на свеце жанчыны, вуха якой вытрымала-б цяжар гэтай завушніцы.

Агляд цудоўнай трыдакны скончыўся. Капітан Нэма выйшаў з пячоры, і мы зноў узабраліся па адхону на перлавую мяліну сярод чыстых вод, яшчэ не ўспененых вадалазамі.

Мы ішлі ўраскідку, нібы шпацыравалі па полі. Кожны з нас спыняўся, дзе яму хацелася, далёка адстаючы ад іншых. Я зусім кінуў думаць аб небяспеках гэтай падводнай прагулкі, так хваляваўшых мяне напярэдадні.

Дно ўвесь час падымалася, і, нарэшце, на мелкім месцы, дзе глыбіня не перавышала метра, мая галава высунулася над паверхняй акіяна. Кансель дагнаў мяне і, прыставіўшы шкло сваёй каскі да шкла маёй, перадаў мне вачыма сяброўскае прывітанне. Але гэтае неглыбокае месца цягнулася ўсяго на некалькі дзесяткаў метраў, і мы зноў апусціліся ў сваю стыхію. Мне здаецца, я меў рацыю так называць цяпер акіян.

Прайшло яшчэ хвілін дзесяць. Раптам капітан Нэма спыніўся. Мне здалося, што ён спыніўся таму, што не ведае куды ісці, і мы зараз павернем назад. Але не: ён даў знак сабрацца вакол яго ў глыбіні даволі шырокай расколіны ў падводнай скале. Затым ён працягнуў руку да нейкай кропкі ў вадзе, і я пачаў уважліва ўглядацца ў яе.

За пяць метраў ад мяне мільгануў нейкі цень. Трывожная думка аб акулах пранеслася ў маёй галаве. Але я дарэмна ўсхваляваўся: на гэты раз яшчэ справа была не ў гэтых акіянскіх драпежніках. Гэта быў чалавек, жывы чалавек, індус-рыбак, небарака, мусіць нырнуў за перлавымі ракавінамі. Я ўбачыў дно яго лодкі, якая стаяла недалёка, над яго галавой. Ён ныраў і зараз-жа вяртаўся на паверхню. Апускаючыся ў ваду, ён трымаў нагамі вялікі камень, прывязаны вяроўкай да кармы лодкі. Гэта дапамагала яму хутчэй спускацца на дно; на глыбіні, прыкладна, пяць метраў ён выпускаў камень, кідаўся на калені і паспешна запаўняў сетку ля пояса ракавінамі, якія першымі трапляліся ў рукі. Потым ён усплываў на паверхню, высыпаў у лодку ракавіны, выцягваў на паверхню камень і зноў паўтараў сваю аперацыю. Пад вадою ён знаходзіўся кожны раз не болей трыццаці секунд.

Вадалаз не бачыў нас. Цень скалы хавала нас ад яго. Ды ці магло прыйсці ў галаву беднаму індусу, што людзі, істоты, падобныя да яго, знаходзіліся побач з ім пад вадою і сачылі за кожным яго рухам?

Шмат разоў ён ныраў і зноў падымаўся на паверхню. Кожны раз ён паспяваў набраць не больш дзесяці ракавін, бо іх прыходзілася адрываць ад дна, да якога яны моцна прылеплены. А колькі гэтых ракавін, з-за якіх ён рызыкаваў жыццём, былі пустымі!

Я сачыў за ім з вялікай увагай. Ён ныраў і падымаўся на паверхню праз правільныя адрэзкі часу. На працягу паўгадзіны яго працы нішто не перашкаджала. Я вельмі захапіўся назіраннем гэтай цікавай работы і зусім забыўся на пагражаючыя лаўцу небяспекі, як раптам у тую хвіліну, калі індус стаяў на каленях, збіраючы ракавіны, я ўбачыў, што ён нечакана шарахнуўся ад жаху, ускочыў на ногі і паспешна адштурхнуўся ад дна, каб усплыць.

Я зразумеў прычыну яго спалоху. Над няшчасным вадалазам мільгануў вялізны цень. Гэта была велізарная акула, якая неслася наперарэз яму з адчыненай пасцю і палаючымі вачыма!

Я скамянеў ад жаху і не мог зрабіць ніякага руху.

Пражэрлівы драпежнік кінуўся на няшчаснага індуса. Той адскочыў у бок і ўхіліўся ад расчыненай пасці, але не здолеў выратавацца ад страшэннага ўдара хвастом па грудзях, і адразу паваліўся на дно.

Уся гэтая сцэна адбылася на працягу некалькіх секунд. Акула вярнулася і, павярнуўшыся на спіну, рыхтавалася перарэзаць індуса напалам, як раптам я ўбачыў, што капітан Нэма, які стаяў побач са мной, рашуча зрабіў крок насустрач страшыдлу, трымаючы кінжал у руцэ.

Ён хацеў уступіць у паядынак са страшэнным драпежнікам.

Акула ўжо збіралася праглынуць беднага вадалаза, калі ўбачыла новага супраціўніка. Мігам павярнуўшыся на жывот, яна кінулася яму насустрач. Я і цяпер выразна памятаю ўсе падрабязнасці жудаснай барацьбы.

Капітан Нэма спыніўся і спакойна чакаў набліжэння вялізнай акулы. Калі тая кінулася на яго, ён з незвычайнай спрытнасцю адскочыў у бок, ухіліўся ад штуршка і да самай ручкі ўсадзіў ёй у бруха кінжал.

Але на гэтым справа не скончылася. Толькі тут і пачалася барацьба.

Акула, фігуральна кажучы, зараўла. Кроў струменем лілася з яе раны. Вада вакол нас так густа афарбавалася ў непразрысты чырвоны колер, што я не бачыў ужо далейшага.

Толькі праз некалькі секунд, калі вада прасвятлела, я ўбачыў, што адважны капітан учапіўся ў плаўнік акулы і шалёна змагаецца з ёю, лупцуючы яе наўзмах кінжалам у бруха, але не маючы магчымасці нанесці апошні рашучы ўдар — у сэрца. Акула люта круцілася, ускаламучваючы ваду з такой сілай, што я ледзь трымаўся на нагах. Я хацеў кінуцца на дапамогу капітану, але, ахоплены жахам, не мог зрабіць ніводнага кроку.

З роспаччу я бачыў, як становішча барацьбітаў змяняецца. Капітан паваліўся на дно, прыціснуты вялізнай тушай, якая навалілася на яго. Пасць акулы раскрылася, вялізная і жудасная, і праз секунду капітан ужо развітаўся-б з жыццём, каб не дапамога Нэда Лэнда.

Як маланка, кінуўся канадзец на акулу і нанёс ёй страшэнны ўдар гарпуном.

Вада зноў сцямнела ад новых патокаў крыві і закруцілася ад шалёных удараў хваста акулы. Але Нэд Лэнд не прамахнуўся. Яго гарпун трапіў акуле ў самае сэрца. Гэта была агонія. Хваляванне, узнятае сударгавымі рухамі страшыдлы, было настолькі вялікім, што зваліла мяне з ног.

Тым часам Нэд Лэнд дапамог капітану падняцца на ногі. Не атрымаўшы ніводнае драпіны ў барацьбе, ён зараз-жа падбег да індуса, адрэзаў вяроўку з каменем, схапіў яго ўпоперак цела і, адапхнуўшыся ад дна, усплыў на паверхню акіяна.

Мы ўтрох паследвалі за ім і праз некалькі секунд дасягнулі лодкі няшчаснага вадалаза. Першай турботай капітана Нэма было вярнуць небараку прытомнасць. Я баяўся, што гэта яму не ўдасца, але не лічыў справу безнадзейнай, бо індус не доўга быў пад вадой. Вось толькі ўдар хваста акулы мог забіць яго на месцы.

На шчасце, гэтага не здарылася, і ад энергічных расціранняў Канселя і капітана Нэма прытомнасць паступова вярталася да бедака. Ён адчыніў вочы. Якое здзіўленне і жах павінны былі ахапіць яго, калі ён убачыў чатыры вялізныя медныя галавы, схіліўшыяся над ім!

І што ён павінен быў падумаць, калі капітан Нэма адвязаў ад свайго пояса сетку з перламі і палажыў яму ў руку? Гэты багаты падарунак вадзянога чалавека быў з трапятаннем, дрыжачай рукою ўзяты бедным цэйлонскім індусам. Спалох і здзіўленне на яго твары лепш за словы гаварылі, што ён не ведае, якім цудоўным істотам ён абавязаны адначасова жыццём і багаццем.

Па знаку капітана Нэма мы вышлі з лодкі, вярнуліся на дно перлавай мяліны і пасля паўгадзіннай хады падышлі да якара, на якім стаяла шлюпка “Наўтылуса”.

Падняўшыся на борт яе, мы, пры дапамозе матросаў, першым чынам вызваліліся ад цяжкіх металёвых касак.

Першае слова капітана Нэма было накіравана да Нэда Лэнда:

— Дзякую, містэр Лэнд! — сказаў ён.

— Няма за што, капітан, — адказаў канадзец. — Я толькі вярнуў вам доўг.

Бледная ўхмылка прабегла па твары капітана, і гэтым усё скончылася.

— Да “Наўтылуса”! — скамандаваў ён.

Лодка стралой панеслася па хвалях. Праз некалькі хвілін мы праплылі каля трупа акулы.

Па вострай мордзе і даўгім, падобным на серп, і важкім плаўнікам, якія даходзілі амаль да спіннога плаўніка, нарэшце па шыфернаму колеру спіны і беламу колеру бруха я пазнаў у ёй блакітную акулу — адну з самых небяспечных парод акул.

Кансель глядзеў на яе з навуковай цікавасцю, і я ўпэўнены, што ён у гэтую хвіліну залічваў яе ў падклас храшчавых рыб, сямейства сапраўдных акул і від блакітных акул. І рабіў правільна.

У той час, калі я разглядаў гэтую нерухомую тушу, штук шэсць ненажэрных яе сваякоў раптам паказаліся каля лодкі. Не звяртаючы на нас ніякай увагі, яны накінуліся на труп блакітнай акулы і пачала вырываць адзін у аднаго кавалкі.

А палове дзевятай мы вярнуліся на борт “Наўтылуса”.

Апынуўшыся ў сябе ў каюце, я аднавіў у памяці здарэнні сённяшняй раніцы. З іх можна было вывесці два вывады. Першы аб тым, што капітан Нэма — адважнейшы чалавек, і другі — што, не гледзячы на сваю нянавісць да чалавецтва, ад якога ён уцёк на дно марское, ён рызыкаваў сваім жыццём, каб выратаваць жыццё невядомага яму бедняка. Што-б ні казаў пра сябе гэты дзіўны чалавек, відаць, ён не здолеў да канца прыдушыць гуманныя пачуцці ў сваім сэрцы!

Калі я сказаў яму гэта, ён адказаў мне з некаторым хваляваннем.

— Гэта быў індус, жыхар прыгнечанай краіны. Да апошняга ўздыху я буду на баку ўсіх прыгнечаных, і кожны прыгнечаны быў, ёсць і будзе братам мне!

 

Раздзел чацвёрты. Чырвонае мора

Дваццаць дзевятага студзеня ўдзень востраў Цэйлон знік за гарызонтам, і “Наўтылус” з хуткасцю дваццаць міль у гадзіну пусціўся ў лабірынт праток, аддзяляючых Мальдыўскія астравы ад Лакедыўскіх. Ён прайшоў каля Кітана, каралавага вострава, адкрытага Васко дэ Гама ў 1499 годзе, аднаго з дзевятнаццаці буйнейшых астравоў Лакедыўскага архіпелага, размешчанага пад 10°0́ і 14°30́ паўночнай шыраты і 69°0́ і 50°72́ усходняй даўгаты.

Мы прайшлі да гэтага часу шаснаццаць тысяч дзвесце дваццаць міль, альбо сем тысяч пяцьсот лье з моманту адплыцця з Японскага мора.

На другі дзень, 30 студзеня, калі “Наўтылус” усплыў на паверхню, зямлі ўжо не было відаць. Судна накіроўвалася цяпер на паўночна-паўночны захад, да мора Оман, паміж Аравіяй і Індыйскім паўвостравам, якое служыць уваходам у Персідскую затоку.

Персідская затока была для нас тупіком, далейшага прахода праз яе не было. Куды нас вёў капітан Нэма? Я не мог адказаць на гэтае пытанне ні сабе, ні тым больш Нэду Лэнду, задаўшаму мне яго ў гэты дзень.

— Мы ідзем туды, дарагі Нэд, куды глядзяць вочы капітана Нэма, — адказаў я яму.

— Баюся, што гэта не давядзе нас да дабра, — сказаў канадзец. У Персідскай затокі толькі адзін уваход, ён-жа служыць і выхадам, і калі мы войдзем у яе, нам немінуча прыйдзецца вяртацца назад.

— Што-ж, і павернем, Нэд. Калі-ж пасля Персідскай затокі капітан Нэма захоча наведаць Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбская пратока заўсёды гатова прапусціць яго карабель.

— Спадар прафесар, вы не горш за мяне ведаеце, што Чырвонае мора такое-ж закрытае мора, як і Персідская затока, — сказаў мне Нэд Лэнд, — бо Суэцкі канал яшчэ не пракапаны і нават гэткае таямнічае судна, як “Наўтылус”, не здолее прабрацца праз катлаваны будучых яго шлюзаў. Такім чынам Чырвонае мора ніяк не зможа наблізіць нас да Еўропы.

— Але я і не казаў вам, што мы набліжаемся да Еўропы.

— Што-ж вы аб гэтым думаеце?

— Я думаю, што наведаўшы цікавыя воды, амываючыя берагі Аравіі і Егіпта, “Наўтылус” зноў вернецца ў Індыйскі акіян, — ці праз Мазамбікскую пратоку, ці каля Маскарэнскіх астравоў, — і дасягне мыса Добрай Надзеі.

— Дапусцім, што так яно і будзе, — вёў далейшы допыт Нэд Лэнд. — Ну-с, а пасля таго, як мы дабяромся да мыса Добрай Надзеі?

— “Наўтылус” абміне яго і апынецца ў тым самым Атлантычным акіяне, дзе мы яшчэ не былі. Скажыце праўду, Нэд, няўжо вас стаміла гэтае падводнае плаванне? Няўжо вам надакучыла гэтая несканчальная разнастайнасць падводных пейзажаў? Што тычыцца мяне, дык, прызнаюся, я з усёй шчырасцю шкадую, што канчаецца гэтае дзіўнае падарожжа, аб якім не можа і марыць ніводзін чалавек.

— Няўжо вы забыліся, спадар прафесар, — сказаў канадзец, — што вось ужо тры месяцы, як мы знаходзімся ў палоне на гэтым падводным караблі?

— Я гэтага не памятаю, Нэд, і памятаць не хачу! Я не лічу ні гадзін, ні дзён прабывання на “Наўтылусе”.

— Чым-жа гэта скончыцца?

— Канец прыйдзе ў свой час! У дадатак, мы нічым не можам паскорыць яго наступлення і толькі дарэмна спрачаемся. Каб вы, мой адважны Нэд, прышлі і сказалі мне: “Ёсць выпадак уцячы адсюль!” — я-б з ахвотай абмеркаваў разам з вамі нашы шансы на вызваленне. Але такога выпадку пакуль яшчэ няма, і, шчыра кажучы, я мала веру ў тое, што капітан Нэма адважыцца калі-небудзь увайсці ў еўрапейскія моры.

З гэтага кароткага дыялога відаць, што я стаў фанатычным прыхільнікам “Наўтылуса” і яго загадкавага капітана.

Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён скончыў гутарку наступным выразам:

— Усё гэта вельмі добра, але па-мойму, дзе ёсць прымус, там няма прыемнасці!

На працягу наступных чатырох дзён, да 3-га лютага, “Наўтылус” вандраваў па мору Омана з рознымі хуткасцямі і на розных глыбінях. Здавалася, ён плыў так сабе, як быццам не вызначыўшы яшчэ канчатковага шляху, але ні разу за гэтыя дні мы не перасеклі тропіка Рака.

Перад тым, як развітацца з гэтым морам, мы на працягу некалькіх хвілін назіралі Маскат, галоўны горад Омана. Я быў зачараваны яго прыгожым выглядам: белыя будынкі і ўмацаванні на чорным грунце скал сапраўды былі надзвычай эфектныя. Я любаваўся круглымі купаламі яго мячэцей, вострымі шпілямі яго мінарэтаў, свежай зелянінай яго тэрас. Але гэтая здань цягнулася нядоўга, і “Наўтылус” зноў апусціўся ў глыбіні цёмных вод.

Затым наша судна паплыло на адлегласці шасці міль ад зямлі ўздоўж берагоў Аравіі, каля Махраха і Гадрамаута, каля звілістай лініі невысокіх гор, сям-там усеяных старажытнымі руінамі. Пятага лютага мы нарэшце ўвайшлі ў Адэнскую затоку, нібы лейку, устаўленую ў шыйку Баб-эль-Мандэбскай пратокі, праз якую воды Індыйскага акіяна пераліваюцца ў Чырвонае мора.

Шостага лютага “Наўтылус” усплыў на паверхню мора, маючы перад сабою горад Адэн, па прыродных умовах сапраўдны аравійскі Гібралтар, захоплены ангельцамі ў 1839 годзе і цяпер ператвораны ў зусім непрыступную крэпасць. Я бачыў здалёк васьмісценныя мінарэты гэтага горада, які, па словах гісторыка Эдрыдзі, некалі быў самым жвавым і багатым гандлёвым пунктам на ўсім узбярэжжы.

Я быў упэўнены, што ад Адэна капітан Нэма паверне “Наўтылус” назад. Але я памыліўся.

На другі дзень, 7 лютага, мы ўвайшлі ў Баб-эль-Мандэбскую пратоку. Назва пратокі па-арабску азначае “Дзверы слёз”. Даўжыня пратокі ўсяго пяцьдзесят два кіламетры, і “Наўтылус”, які імчаўся з усёй хуткасцю, прайшоў яе менш як за гадзіну. Але мне не ўдалося нічога ўбачыць, нават берагоў вострава Перыма, захопленага ангельцамі для таго, каб узмацніць панаванне Адэна над морам. Надта многа ангельскіх і французскіх караблёў, злучаючых Суэцкі перашыек з Бамбеем, Калькутай, Мельбурнам і востравам св. Маўрыкія, баразнілі ваду пратокі, каб “Наўтылус” мог плыць па паверхні яго. Таму мы ўвесь час плылі пад вадой.

Нарэшце, а поўдні, мы ўвайшлі ў воды Чырвонага мора.

Чырвонае мора! Ніколі хмары не праліваюцца дажджом над яго паверхняй! Ніколі неба над ім не хмурыцца воблакамі! Ніводная значная рэчка не нясе ў яго сваіх вод! Распаленае сонца выклікае вялізнае выпарэнне яго верхніх пластоў, і ўзровень іх кожны год зніжаецца на паўтара метры.

Каб гэтая дзіўная затока была адрэзана ад акіяна і ператварылася ў возера, мусіць, яно ўжо высахла-б. Узровень вады ў ёй ніжэй, як у замкнутым з усіх бакоў Каспійскім моры, дзе колькасць выпараемай вады акурат замяшчаецца колькасцю ападкаў.

Чырвонае мора цягнецца на дзве тысячы шэсцьсот кіламетраў у даўжыню пры сярэдняй шырыні ў дзвесце сорак кіламетраў. У часы фараонаў Пталамеяў і Рымскай імперыі гэта была найвялікшая гандлёвая артэрыя ў свеце. Адчыненне Суэцкага канала верне гэтаму мору яго былое значэнне.

Я не спрабаваў нават зразумець, які капрыз прывёў капітана Нэма ў гэтую затоку. Але я быў бясконца рады, што “Наўтылус” апынуўся тут. Мы ішлі цяпер з сярэдняй хуткасцю, то ўсплываючы на паверхню, то апускаючыся ў ваду, каб размінуцца з сустрэчным караблём, і такім чынам я знаёміўся звонку і знутры з гэтым цікавым вадаёмам.

Восьмага лютага з першымі праменнямі дня, мы ўбачылі Мока, горад руін, выпетраныя сцены якога падаюць ад аднаго грукату гарматнага стрэлу. Між руінамі пусцілі карані і прыемна зелянеюць фінікавыя пальмы. Мока некалі быў буйным цэнтрам з шасцю базарамі, дваццацю шасцю мячэцямі і чатырнаццацю фортамі, якія абкружалі горад кальцом у тры кіламетры.

“Наўтылус” наблізіўся да берагоў Афрыкі, дзе мора было больш глыбокаводным. Апускаючыся там у ваду, мы захапіліся дзівоснымі хмызнякамі ярка чырвоных каралаў і густым зялёным дываном водарасцяў і фукусаў, засцілаўшых падводныя скалы. Якое неапісальнае відовішча прадстаўлялі сабою гэтыя падводныя рыфы і астраўкі, што далучаліся да Лівійскага ўзбярэжжа! Але асаблівага хараства і разнастайнасці падводныя пейзажы дасягалі ля ўсходніх берагоў, да якіх “Наўтылус” неўзабаве наблізіўся.

Каля Тэхамы зоафіты квітнелі не толькі пад вадою, але і высоўваліся сваімі маляўнічымі спляценнямі на некалькі метраў над паверхняй мора. Праўда, надводныя зоафіты былі больш цмяна афарбаваныя, чымся падводныя, якія заўсёды асвяжаюцца бягучай вадой.

Колькі чароўных гадзін правёў я, седзячы ля акна салона! Колькі новых узораў падводнай флоры і фауны бачыў я пры святле электрычнага пражэктара! Апендыкулярыі, сальмы, аспіднага колеру актыніі і ў тым ліку thalassianthus aster, падобныя на флейты і як быццам чакаючыя подыху бога Пана; незлічоныя чарапашкі, растучыя калоніямі, нарэшце тысячы рfзнавіднасцей паліпа, якога я яшчэ да гэтага часу нідзе не сустракаў, — губкі.

Клас губак — першы ў аддзеле паліпаў — цалкам складаецца з гэтых карысных і цікавых істот. Губка — не расліна, як яшчэ да гэтага часу думаюць некаторыя натуралісты, а жывёла самага ніжэйшага парадку; гэта паліп, які стаіць на больш нізкай ступені развіцця, чым нават каралы. Што губкі належаць да жывёльнага царства, гэта не выклікае ніякіх сумненняў, і, вядома, ужо не можа быць ніякай гутаркі аб тым, каб, па прыкладу старадаўніх вучоных, адносіць губкі да якога-небудзь прамежнага царства між жывёламі і раслінамі. Я павінен агаварыцца, што натуралісты да гэтага часу не ўзгаднілі пытання аб фармаванні губкі. Па думцы некаторых гэта — паліпняк, цэлая калонія дробных жывёлін, але іншыя, і ў тым ліку Мільн-Эдвардс, лічаць, што кожная губка — асобная жывёліна.

Клас губак налічвае каля трохсот разнавіднасцей. Яны сустракаюцца ва многіх морах, а таксама і ў некаторых рэках. Але часцей за ўсё губкі сустракаюцца ў Міжземным моры, у морах Грэцкага архіпелага, ля берагоў Сірыі і ў Чырвоным моры. Тут галоўным чынам і водзяцца тыя танчэйшыя мяккія губкі — светлая сірыйская і трыпалітанская, — якія прадаюцца па паўтараста франкаў за штуку.

Не маючы надзеі яшчэ раз сустрэцца з губкамі ў краінах Бліжняга Ўсходу, ад якіх нас аддзяляла непраходная сцяна Суэцкага перашыйка, я з тым большым стараннем заняўся вывучэннем губак Чырвонага мора.

Я паклікаў Канселя, і мы разам глядзелі ў акно, у той час, калі “Наўтылус” павольна плыў уздоўж скалістых усходніх берагоў на глыбіні васьмі-дзевяці метраў пад вадою.

Тут квітнелі губкі ўсіх відаў: сцеблавідныя, ліставідныя, шаравідныя, лапчатыя. Знадворны выгляд іх зусім адпавядаў назве кошыкаў, кялішкаў, пралак, львіных лап, паўлінавых хвастоў, пальчатак Нептуна, што надавалі ім лаўцы, якія маюць большы ўхіл да паэзіі, чымся да навукі. Вадкая, як кісель, матэрыя, што насычае іх валакністую тканіну, бесперапынна жывіць кожную асобную клетку тонкімі струмянькамі, якія нясуць жыццё. Атрымаўшы харч, клетка скарачаецца і выштурхоўвае з сябе непатрэбную ваду. Гэтая матэрыя знікае пасля смерці паліпа; гніючы, яна вылучае аміяк, і ад жывёлы застаецца толькі валакністая тканіна, якая рудзее на паветры і ўжываецца для розных мэт у залежнасці ад сваёй эластычнасці, водапранікальнасці і трываласці.

Губкі прырастаюць да скал, да ракавін малюскаў і нават да сцяблоў зоафітаў. Яны запаўняюць самыя дробныя шчыліны, кожную выбоіну ў скалах, то растучы ў шырыню, то ў вышыню і звісаючы ўніз, як каралавыя паліпы.

Я расказаў Канселю, што губак ловяць драгай, альбо ўручную, прычым гэты апошні спосаб лічыцца лепшым, таму што ныральшчыкі зрываюць іх асцярожней, не псуючы тканіны, што з’яўляецца немінучым пры лоўлі драгай.

З іншых зоафітаў, якія капашыліся вакол губак, больш за ўсё было медуз, якія вызначаліся вельмі прыгожымі формамі. З малюскаў тут былі кальмары, а з паўзуноў — марскія чарапахі і ў прыватнасці так званая супавая або зялёная чарапаха, мяса якой мы з прыемнасцю елі ў той-жа дзень.

Рыбы здзіўлялі сваім багаццем. Вось звычайны ўлоў “Наўтылуса” ў гэтыя дні: скаты, у тым ліку арліны скат, або марскі арол, які мае шырыню да паўтара метры і важыць каля дванаццаці кілаграмаў, з цёмна-бурай спіной і бруднабелым брухам; рагатыя кузаўкі з чатырохсценным касцяным панцырам і з доўгімі рогападобнымі калючкамі над вачыма; мурэны — драпежныя рыбы з сямейства вугрэй — з арыгінальна афарбаваным целам, пярэдняя частка якога яркажоўтая, задняя — бураватая, а зверху ўсяго цела ідзе цёмны мармуровы малюнак; занкі рагаты з сямейства каранёвых рыб, афарбаваны ў жоўты колер і перапаясаны чорнай і карычневай палосамі; прысоскі з сямейства коўбняшчупаковых рыб, афарбаваныя ў яркі кармінава-чырвоны колер з цёмнымі палосамі, — гэтыя рыбкі маюць прысосвальны апарат з храшчавага наросту і прысосваюцца вельмі моцна да каменняў альбо ракавін, выходзячы з нерухомага стану толькі для таго, каб накінуцца на спажыву альбо ратавацца ад ворага. Акрамя таго, у сеці трапляла шмат іншых рыб, з якімі мы ўжо сустракаліся ў іншых марах.

Дзевятага лютага “Наўтылус” плыў па той самай шырокай частцы Чырвонага мора, якая знаходзіцца між Суакінам на захадзе і Іеменам на ўсходзе.

У гэты дзень а поўдні, пасля таго, як памочнік ужо зрабіў назіранні, капітан Нэма далучыўся да мяне на палубе. Я рашыў не адпускаць яго, пакуль не даведаюся, куды ён вядзе “Наўтылус”.

Капітан сам падышоў да мяне, як толькі ўбачыў мяне, прапанаваў сігару і сказаў:

— Падабаецца вам Чырвонае мора, прафесар? Ці пацешыліся ўжо вы з яго рыб, губак, зоафітаў і каралавых лясоў? Ці бачылі вы гарады, размешчаныя на яго берагах?

— Дзякую, капітан, я любаваўся ўсім гэтым. “Наўтылус” даў мне гэтую магчымасць. Якое разумнае судна!

— Так, прафесар, разумнае, адважнае і непераможнае! Яно не баіцца ні жудасных бур Чырвонага мора, ні яго цячэнняў, ні рыфаў!

— Сапраўды, — сказаў я, — гэтае мора лічыцца адным з самых небяспечных; калі не памыляюся, у яго была другая слава яшчэ ў старадаўнія часы.

— Гэта праўда, што ў яго з даўніх часоў дрэнная рэпутацыя, спадар прафесар. Грэцкія гісторыкі, ды і рымскія таксама, гавораць аб ім зусім дрэнна. Страбон кажа, што яно негасціннае ў перыяд дажджоў і паўночных вятроў. Арабскі гісторык Эдрыдзі, называючы яго Кальзунскай затокай, расказвае, што караблі ў вялікай колькасці гінуць на яго пясчаных мялінах і што ўначы ніхто не адважыцца плаваць па ім. Па яго словах, гэтае мора вядома страшэннымі ураганамі, усеяна негасціннымі астравамі і “не мае нічога прывабнага” ні на паверхні, ні ў глыбіні. Гэтую думку падзяляюць таксама Арыян, Агатархід і Артэмідор...

— Відаць, што гэтым гісторыкам не давялося плысці на борце “Наўтылуса”, — дадаў я.

— Зусім правільна, — усміхнуўся капітан Нэма. — Аднак у гэтых адносінах становішча сучасных гісторыкаў не лепшае, як старадаўніх. Патрабавалася шмат вякоў, каб знайсці механічную сілу, якая знаходзіцца ў пары. Хто ведае, ці ўбачыць свет і праз сто гадоў другі “Наўтылус”? Тэхнічны прагрэс, спадар прафесар, — гэта марудная рэч!

— Праўда, — сказаў я, — ваш карабель на цэлы век, калі не на цэлыя вякі, выперадзіў сваю эпоху. Якое няшчасце, што сакрэт яго памрэ разам з яго вынаходцам!

Капітан Нэма не адказаў мне.

Пасля некалькіх хвілін маўчання ён зноў загаварыў:

— Мы гутарылі, здаецца, аб поглядах старадаўніх гісторыкаў наконт небяспекі плавання па Чырвонаму мору.

— Але, — сказаў я, — ці не лічыце вы, што іхняя сцеражлівасць была крыху перавялічанай?

— І так і не так, спадар прафесар, — адказаў мне капітан Нэма, які, відаць, добра вывучыў Чырвонае мора. — Тое, што не з’яўляецца небяспекай для сучаснага карабля, грунтоўна пабудаванага, маючага добрыя прылады, вольна выбіраючага свой шлях, дзякуючы паслухмянай пары, — усё гэта пагражала ўсялякімі нечаканасцямі караблям старадаўніх мораплаўцаў. Трэба ўявіць сабе гэтыя дашчатыя судзёнцы, шытыя пальмавымі вяроўкамі, праканапачаныя смалой і дэльфінавай тлустасцю! У іх не было ніякіх прылад для азначэння кірунку, і яны плылі наўздагад сярод невядомых цячэнняў. У гэтых умовах крушэнні былі — не маглі не быць — звычайным з’явішчам. Але ў нашы дні параходам, выконваючым рэйсы паміж Суэцкім перашыйкам і морамі паўднёвага паўшар’я, няма чаго баяцца бур Чырвонага мора, ні сустрэчных мусонаў. Капітанам, камандзе і пасажырам гэтых караблёў не трэба прыносіць перад адплыццём ніякіх адкупных ахвяр, і вярнуўшыся, яны не павінны з гірляндамі кветак ісці ў бліжэйшы храм дзякаваць багоў за ласку...

— Так, пара сцерла падзяку ў сэрцах маракоў, — жартаўліва сказаў я. — Дарэчы, капітан, вы так грунтоўна вывучылі гісторыю гэтага мора, што, мажліва, вы растлумачыце мне, чаму, уласна кажучы, яго называюць Чырвоным?

— Калісьці далі яму гэтае імя за дзіўную афарбоўку вады ў некаторых яго частках, — адказаў капітан Нэма.

— Аднак, да гэтага часу мы бачылі толькі зусім празрыстую, ніяк не афарбаваную ваду.

— Правільна, але калі мы пройдзем далей, да канца затокі, вы ўбачыце, што там вада мае чырвонае адценне. Я ўспамінаю, што аднойчы бачыў у бухце Тор зусім чырвоную ваду, як быццам цэлае возера крыві.

— Чым тлумачыцца гэтая афарбоўка? Якімі-небудзь макраскапічнымі водарасцямі?

— Так. Гэта слізістыя вылучэнні мікраскапічных раслінак, трыхадэсмій, сорак тысяч якіх змяшчаюцца на плошчы ў адзін квадратны міліметр. Магчыма, вам таксама ўдасца назіраць гэты феномен, калі мы наведаем бухту Тор.

— Значыцца, вы не першы раз наведваеце Чырвонае мора на “Наўтылусе”, капітан?

— Не ўпершыню. Я быў тут, калі толькі што пачалася работа па пракапанню Суэцкага канала.

— Гэты канал зусім бескарысны для такога судна, як “Наўтылус”, — сказаў я.

— Але затое ён карысны ўсяму свету, — адказаў капітан Нэма. — Старадаўнія людзі добра разумелі, якую вялізную выгоду для гандлю даў-бы прамы шлях з Міжземнага мора ў Чырвонае. Але яны не падумалі аб тым, што можна проста пракапаць канал ад мора да мора, і выбралі больш доўгі шлях: злучылі цячэнне Ніла з Чырвоным морам. Пабудова гэтага Нільскага канала, мяркуючы па некаторых звестках, была пачата пры фараоне Сезострысе. У кожным разе пэўна тое, што ўжо ў 615 годзе да нашай эры фараон Нэхо распачаў працу па правядзенню канала ад Ніла цераз тую частку егіпецкай нізіны, якая накірована да Аравіі. Шлях па гэтаму каналу ад Ніла да Чырвонага мора павінен быў адняць у суднаў чатыры дні, а шырыня яго павінна была дазволіць двум трырэмам плысці па ім побач. Будаўніцтва канала працягвалася пры Дарыі, сыне Гістаспа, скончылася, відаць, пры Пталамее другім. Страбон бачыў яго ўжо ў дзейнасці; але недастатковая глыбіня канала дазваляла плаваць па ім толькі на працягу вясенніх месяцаў, калі вада высока стаяла ў Ніле. Канал нёс сваю службу да века Антанінаў; пасля гэтага ён абмялеў, заняпаў і зрабіўся несуднаходным. Па загаду халіфа Омара ён быў адноўлены, але ў 761 ці 762 годзе нашай эры канчаткова быў засыпаны халіфам Аль-Манзорам, які хацеў затрымаць дастаўку прыпасаў паўстаўшаму супраць яго Махамед-бею Абдулаху. У часе егіпецкага паходу генерал Банапарт знайшоў сляды гэтага канала ў пустыні каля Суэца і ледзь не загінуў, нечакана захоплены прылівам.

— Ну што-ж, капітан, тое, што не ўдалося старадаўнім — злучэнне двух мораў, якое скароціць на дзевяць тысяч кіламетраў дарогу з Кадыкса ў Індыю, — тое зробіць Лесепс! У самым хуткім часе ён зробіць Афрыку вялікім востравам, адрэзаўшы яе Суэцкім каналам ад Азіі.

— Так, спадар Аранакс, вы маеце права ганарыцца сваім земляком. Гэты чалавек прыносіць больш гонару сваёй радзіме, як самы славуты ваенны начальнік! Ён перасіліў на сваім шляху незлічоныя перашкоды і дабіўся перамогі, бо ў яго геніяльнасць злучаецца з моцнай воляй! Прыкра падумаць, што гэтае стварэнне, якое павінна было стаць міжнароднай справай, сустрэла шалёнае супраціўленне і ўзяло верх толькі дзякуючы велізарнай энергіі аднаго чалавека. Гонар і слава Фердынанду Лесепсу! — Так, гонар і слава гэтаму вялікаму грамадзяніну! — крыкнуў я, цішком здзіўляючыся нечаканаму запалу капітана Нэма.

— Шкада, вядома, што я не здолею паказаць вам Суэцкі канал, — казаў далей капітан Нэма, — але вы ўбачыце даўгія ўзбярэжжы Порт Саіда паслязаўтра, калі мы выйдзем у Міжземнае мора.

— У Міжземнае мора?! — ускрыкнуў я.

— Так, спадар прафесар. Чаму вы так здзівіліся?

— Мяне здзівілі вашы словы, што мы будзем там паслязаўтра.

— Сапраўды?

— Так, капітан, хоць я даўно ўжо павінен быў-бы адвыкнуць здзіўляцца, пакуль знаходжуся на “Наўтылусе”!

— Але ўсё-ткі, што вас так здзіўляе?

— Велізарная хуткасць, якую павінен будзе развіць “Наўтылус”, каб даставіць нас да паслязаўтрашняга дня ў Міжземнае мора! Яму-ж прыйдзецца апісаць поўны круг вакол берагоў усёй Афрыкі, каля мыса Добрай Надзеі!

— Але хто вам сказаў, што “Наўтылус” будзе агінаць усю Афрыку? Хто сказаў, што ён пройдзе каля мыса Добрай Надзеі?

— Аднак... калі “Наўтылус” не паплыве па сухазем’і альбо не перанясецца па паветры над Суэцкім перашыйкам...

— А чаму-б не прайсці пад ім, спадар прафесар?

— Пад перашыйкам?

— Вядома! — спакойна адказаў капітан Нэма. — Прырода даўно ўжо зрабіла пад гэтай вузкай палоскай зямлі тое, што людзі з такой цяжкасцю робяць на паверхні яе.

— Як? Там ёсць праход?

— Але, падводны праход, названы мною Аравійскім тунелем. Ён пачынаецца пад Суэцам і канчаецца каля Пелузіума.

— Але-ж Суэцкі перашыек складаецца з сыпучага пяску?

— Толькі да пэўнай мяжы. Але на глыбіні пяцьдзесят метраў пачынаецца ўжо нерухомая гранітная сцяна.

— Значыцца, вы выпадкова знайшлі гэты тунель? — запытаў я, усё болей і болей здзіўлены.

— Выпадкова і ў той-жа час невыпадкова. Частка разважання была ў гэтым вынаходстве большая, чымсь удзел выпадку.

— Я слухаю вас, капітан, з напружанай увагай, але мой розум адмаўляецца верыць вушам.

— Ах, спадар прафесар, мець вушы, каб не чуць, — гэта ўласціва ўсім часам! Гэты праход не толькі рэальна існуе, але я ўжо карыстаўся ім не раз. Каб яго не было, я не стаў-бы забірацца ў гэты тупік — Чырвонае мора!

— Ці не будзе гэта няскромнасцю, калі я запытаю вас, якім чынам вы знайшлі гэты тунэль?

— Якія могуць быць сакрэты адзін ад аднаго ў людзей, якім суджана ніколі не разлучацца? — адказаў капітан Нэма.

Я зрабіў выгляд, быццам не звяртаю ўвагі на падвойны сэнс гэтай фразы, і нарыхтаваўся слухаць тлумачэнні капітана Нэма.

— На думку аб існаванні тунеля, аб якім я адзін толькі ведаю, мяне штурхнула простая логіка, разважанне дапытлівага натураліста. Я звярнуў увагу на тое, што ў Чырвоным і Міжземным марах сустракаецца некаторая колькасць зусім аднолькавых відаў рыб — лятучай сельдзі, акунёў, паласатых шчаціназубаў і іншых. Пераканаўшыся ў гэтым, я задаў сабе пытанне, ці не сведчыць гэта аб тым, што гэтыя моры злучаюцца? Калі такое злучэнне сапраўды існуе, дык падземнае цячэнне павінна абавязкова трымаць кірунак ад Чырвонага мора да Міжземнага, з той прычыны, што ўзровень вады ў першым вышэй, як у апошнім. Для высвятлення гэтага пытання я налавіў многа рыбы ў ваколіцах Суэца, надзеў кожнай з іх па меднаму пярсцёнку на хвост і зноў кінуў у ваду. Праз многа месяцаў каля берагоў Сірыі невад прынёс мне некалькі рыбак з маімі пазнавальнымі пярсцёнкамі. Такім чынам для мяне зрабілася пэўным існаванне падземнага злучэння двух мораў. Я пачаў шукаць гэты праход на сваім “Наўтылусе”, знайшоў яго, рызыкнуў зайсці ў яго, і вось праз дзень-два, спадар прафесар, і вы таксама праедзеце праз Аравійскі тунель.

У той-жа дзень я перадаў Канселю і Нэду Лэнду тую частку сваёй гутаркі з капітанам Нэма, якая іх непасрэдна цікавіла. Калі я сказаў ім, што праз два дні мы будзем баразніць воды Міжземнага мора, Кансель запляскаў далонямі, а Нэд Лэнд паціснуў плячыма.

— Падводны тунэль? — ускрыкнуў ён. — Злучэнне паміж двума морамі? Хто пра гэта калі-небудзь чуў?

— Дружа Нэд, — адказаў яму Кансель. — Ці чулі вы калі-небудзь пра “Наўтылус”? Не. І тым не менш ён існуе. Таму не паціскайце недаверліва плячыма і не адмаўляйце фактаў з таго поваду, што вы нічога пра іх не чулі!

— Паглядзім, на чыім баку будзе праўда, — сказаў Нэд Лэнд, паківаўшы галавой. — Але нарэшце я толькі рад быў-бы паверыць у існаванне гэтага тунэля, каб хутчэй апынуцца ў Міжземным моры.

 

Раздзел пяты. Аравійскі тунэль

У гэты-ж вечар “Наўтылус”, плывучы па паверхні мора, наблізіўся пад 21°30́ паўночнай шыраты да аравійскага берагу. Я ўбачыў Джэду, важны гандлёвы пункт, які вядзе жвавы абмен з Егіптам, Сірыяй, Турцыяй і Індыяй. З той адлегласці, на якой мы знаходзіліся, я досыць выразна распазнаваў гарадскія будынкі, караблі, прышвартаваныя да узбярэжжа і стаячыя на рэйдзе, таму што нізкая асадка не дазваляла ім падыйсці да берагу. Перадвячорнае сонца залівала святлом белыя гарадскія будынкі, і яны асляпляюча блішчэлі. У баку ад горада размясціліся драўляныя і трысцёвыя халупы, вёскі аселых бедуінаў.

Але неўзабаве Джэда знікла ў начной цемры, і “Наўтылус” паспяшыў апусціцца ў крыху фасфарасцыруючую ваду.

Назаўтра, 10 лютага, усплыўшы на паверхню, мы ўбачылі недалёка многа караблёў, і “Наўтылус” паспяшыў зноў апусціцца ў ваду. Але ў поўдзень, у час звычайных назіранняў, мора было пустынным, і “Наўтылус” зноў мог падняцца на паверхню мора.

Я выйшаў на палубу ў суправаджэнні Нэда Лэнда і Канселя. На ўсходзе, у туманным марыве ледзь віднеўся контур нізкага берагу.

Абапёршыся аб дно шлюпкі, мы размаўлялі аб усякіх драбніцах, як раптам Нэд Лэнд выцягнуў руку і, паказваючы на нейкі пункт у моры, запытаў мяне:

— Ці бачыце вы там што-небудзь, спадар прафесар?

— Не, Нэд, — адказаў я. — Вы-ж ведаеце, што ў мяне няма вашай вастрыні зроку.

— Глядзіце ўважліва, — настойваў Нэд, — там па штырборту, наперадзе, няўжо вы не бачыце нейкай рухаючайся масы?

— Сапраўды, — сказаў я, прыгледзеўшыся ўважлівей, — я бачу нейкае даўгое чарнаватае цела на паверхні мора.

— Яшчэ адзін “Наўтылус”? — запытаўся Кансель.

— Не, — адказаў канадзец, — але я наўрад ці памылюся, калі скажу, што гэта марская жывёла.

— Хіба ў Чырвоным моры водзяцца кіты? — спытаў Кансель.

— Калі сустрэнем, значыцца, водзяцца, — адказаў я жартуючы.

Прадаўгаватае чорнае цела знаходзілася не больш як за мілю ад нас. Здалёк яно рабіла ўражанне выступаючай з мора вялікай скалы. Але што гэта было, я пакуль не мог вызначыць.

— Не, гэта не кіт, — заўважыў Нэд Лэнд, не спускаючы вачэй з жывёлы. — Кіты — мае старыя знаёмыя, і я добра ведаю ўсе іхнія рухі.

— Пачакаем, — сказаў Кансель. — “Наўтылус” накіроўваецца ў той бок, і праз некалькі хвілін мы даведаемся, што гэта такое.

— Ага! Яно рухаецца!.. Яно нырае! — ускрыкнуў Нэд Лэнд. — Тысяча чарцей! Што-б гэта магло быць? У яго няма раздвоенага хваста, як у кітоў альбо кашалотаў, а яго плаўнікі нібы паадсяканыя...

— Але... — пачаў я.

— Глядзіце, — перапыніў мяне канадзец, — яно паварочваецца на спіну, грудзямі ўгару.

— Ды гэта проста сірэна-спакушальніца, — засмяяўся Кансель.

Гэтыя словы Канселя адразу навялі мяне на правільны шлях. Я зразумеў, што мы бачылі перад сабою прадстаўніка атрада сірэн, альбо марскіх кароў, пра якіх склалася легенда, што яны напалову жанчыны, напалову рыбы.

— Не, — сказаў я Канселю, — гэта не сірэна, а іншая рэдкая жывёліна з таго-ж атрада. Гэта дзюгоні.

— Дзюгонь, сямейства дзюгоней, падатрад марскіх кароў, атрад капытных, падклас аднаўтробных, клас сысуноў, аддзел хрыбетных, — зараз-жа адбарабаніў Кансель.

Калі Кансель класіфікаваў, заставалася толькі маўчаць і згаджацца з ім.

Тым часам Нэд Лэнд усё глядзеў. Яго вочы блішчэлі ад прагнасці, гледзячы на жывёлу. Можна было падумаць, што ён чакае толькі выпадку кінуцца ў мора, каб папасці на дзюгоня ў яго роднай стыхіі.

— Ах, спадар прафесар! — усклікнуў ён дрыжачым ад хвалявання голасам. — Мне ніколі яшчэ не даводзілася паляваць на гэткага!

У гэтых словах вызначыўся ўвесь характар Нэда Лэнда.

На палубу выйшаў капітан Нэма. Ён убачыў дзюгоня і, кінуўшы позірк на канадца, зразумеў прагнае яго жаданне.

Ён звярнуўся да Нэда Лэнда:

— Каб у вас зараз быў гарпун, містэр Лэнд, відаць ён пёк-бы вам руку. Праўда?

— Зусім правільна, капітан.

— Вы не адмовіліся-б на дзянёк вярнуцца да сваёй прафесіі гарпуншчыка і павялічыць яшчэ адной Перамогай спіс сваіх паляўнічых поспехаў?

— З прыемнасцю зрабіў-бы гэта!

— Што-ж, дзейнічайце!

— Дзякую, капітан, — сказаў Нэд Лэнд. Вочы ў яго загарэліся.

— Толькі адна ўмова: біць без промаху! Папераджаю, што гэта ў вашых-жа інтарэсах.

— Хіба дзюгонь такая небяспечная жывёла? — запытаў я. Канадзец пагардліва махнуў рукою.

— Так, бывае, — адказаў капітан. — Здараецца, што гэтая жывёла кідаецца на паляўнічых і перакульвае іхнія лодкі. Але для містэра Лэнда гэтая небяспека не страшная. У яго трапнае вока і верная рука. Я рэкамендаваў-бы яму не прамінуцца не столькі з-за небяспекі, колькі таму, што мяса дзюгоня смачная страва, а містэр Лэнд, паколькі мне вядома, любіць паласавацца.

— Ага! — крыкнуў канадзец. — Гэтая жывёла, акрамя ўсяго, яшчэ смачная дзічына?

— Так, містэр Лэнд. Яго мяса па смаку нічым не адрозніваецца ад ялавічнага мяса і ў Меланезіі заўсёды аздабляе сабою царскія сталы. На дзюгоня ў апошні час так шалёна палююць, што разам са сваім родзічам, ламантынам ён хутка знікае з зямлі.

— У такім выпадку, капітан, — сур’ёзна сказаў Кансель, — можа не варта паляваць на гэтага дзюгоня? Што, калі гэта апошні экзэмпляр у свеце? Тады яго трэба захаваць у інтарэсах навукі.

— Магчыма, што гэта і так, — адказаў канадзец, — але ў інтарэсах кухарства неабходна папаляваць на яго.

— Пачынайце-ж, містэр Лэнд — сказаў капітан Нэма.

Сем чалавек з каманды “Наўтылуса” падняліся ў гэтую хвіліну на палубу. Яны, як звычайна, маўчалі і былі спакойнымі. Адзін з іх нёс гарпун з вяроўкай, якія ўжываюцца на кітабойных суднах. Шлюпку спусцілі на ваду, шэсць грабцоў занялі ў ёй месцы, і стырнавы ўзяўся за стырно. Нэд Лэнд, Кансель і я ўселіся на карме шлюпкі.

— Хіба вы не паедзеце з намі, капітан? — запытаў я.

— Не, прафесар. Жадаю вам поспеху.

Шлюпка адплыла ад борта і хутка пайшла да дзюгоня, які плыў за дзве мілі ад “Наўтылуса”.

Наблізіўшыся да яго на некалькі кабельтоваў, грабцы затрымалі бег шлюпкі і зусім ціха апускалі вёслы ў ваду. Узброіўшыся гарпуном, Нэд Лэнд стаў на насу. Кітабойны гарпун звычайна прывязваюць да доўгай і трывалай вяроўкі, якая лёгка раскручваецца, як толькі параненая жывёла нацягвае яе. Але на гэты раз вяроўка была зусім кароткая — ледзь дваццаць метраў даўжыні, і другі канец яе быў прывязаны да пустой бочачкі, якая павінна была паказваць, у якім кірунку плыве пад вадой параненая жывёла.

Я таксама ўстаў на ногі і разглядаў канадцава супраціўніка. Дзюгонь быў вельмі падобны на ламантына. Яго прадаўгаватае цела канчалася доўгім хвастом, а бакавыя плаўнікі — сапраўднымі пальцамі. Розніца паміж дзюгонем і ламантынам у тым, што яго верхняя сківіца ўзброена двума клыкамі — доўгімі і вострымі — сапраўднымі біўнямі.

Дзюгонь, на якога паляваў Нэд Лэнд, быў велізарнай жывёлінай, прынамсі метраў сем даўжынёю. Ён не варушыўся і, здавалася, заснуў на паверхні вады. Гэта акалічнасць спрыяла канадцу і рабіла яго задачу больш лёгкай.

Шлюпка асцярожна наблізілася да жывёлы на адлегласць у пяць-шэсць метраў. Матросы засушылі вёслы. Я ад хвалявання нават устаў на ногі.

Нэд Лэнд адкінуўся назад і, падняўшы руку, кінуў гарпун.

Раптам пачуўся свіст, і дзюгонь знік. Відаць, кінуты з сілай гарпун закрануў толькі ваду.

— Тысяча чарцей! — ускрыкнуў раз’юшаны канадзец. — Я прамінуўся!

— Не, — адказаў я. — Жывёла паранена. Вось сляды крыві. Але гарпун не застаўся ў яго целе.

— Мой гарпун! — крыкнуў Нэд Лэнд. — Мой гарпун!

Матросы зноў апусцілі вёслы ў ваду, і стырнавы накіраваў шлюпку да ўсплыўшай на паверхню бочачкі. Вылавіўшы гарпун, шлюпка кінулася ў дагон за параненай жывёлай. Яна час ад часу вярталася на паверхню, каб падыхаць. Рана, як відаць, не знясіліла яе, таму што яна плыла з вялікай хуткасцю. Шлюпка, якую прыводзілі ў рух дванаццаць жылістых рук, не ішла, а ляцела за ёю. Шмат разоў яна амаль наганяла дзюгоня і канадзец ужо рыхтаваўся нанесці другі ўдар, але жывёліна кожны раз хутка нырала ў ваду і выратоўвалася ад небяспекі.

Можна сабе ўявіць гнеў і нецярплівасць Нэда Лэнда. Ён праклінаў няшчасную жывёліну ўсімі вядомымі яму англійскімі праклёнамі. Што датычыцца мяне, то і мне крыўдна было, што дзюгонь разбурае ўсе нашы хітрыя планы.

Гэтак мы праследвалі дзюгоня на працягу амаль гадзіны, і я пачынаў ужо траціць надзею, як раптам жывёліна захацела адпомсціць нам за праследванне і накіравалася да лодкі, каб напасці на яе ў сваю чаргу.

Гэты манеўр не застаўся па-за ўвагай канадца.

— Увага! — крыкнуў ён.

Стырнавы сказаў некалькі слоў на сваёй дзіўнай мове. Відаць, ён прапанаваў камандзе быць на варце.

Дзюгонь, наблізіўшыся на дваццаць футаў да шлюпкі, раптам спыніўся, уцягнуў праз ноздры, што знаходзіліся не ў канцы, а ў верхняй частцы морды, вялікі запас паветра ў лёгкія і рынуўся на нас.

Шлюпка не здолела ўхіліцца ад штуршка. Але дзякуючы майстэрству стырнавога, які выкруціўся ад лабавога ўдару, шлюпка толькі пахіснулася і набрала тону альбо дзве вады, якую потым прыйшлося вычэрпваць.

Нэд Лэнд, стоячы на носе, асыпаў ударамі гарпуна гіганцкую жывёліну, якая ўчапілася зубамі ў борт шлюпкі і спрабавала падняць яе ўгару, як леў падымае касулю.

Мы ўсе паваліліся адзін на аднаго, і невядома чым скончылася-б гэтая прыгода, каб канадзец, раз’юшаны нападам жывёліны, не здолеў трапіць гарпуном акурат у сэрца.

Пачуўся скрогат зубоў аб жалеза борта, і дзюгонь пайшоў на дно, цягнучы за сабою гарпун.

Але неўзабаве бочачка зноў усплыла на паверхню і следам за ёю труп дзюгоня, перавернуты на спіну. Шлюпка ўзяла яго на буксір і пацягнула да “Наўтылуса”.

Каб падняць забітую жывёліну на палубу, прышлося ставіць пад’ёмны кран. Яна важыла звыш пяці тысяч кілаграмаў. Апрацоўка тушы была выканана пад непасрэдным кіраўніцтвам Нэда Лэнда, не пажадаўшага нікому перадаверыць гэтую справу. У той-жа вечар сцюард падаў мне на абед страву з мяса дзюгоня, дасканала прыгатаваную кухарам. Мне яно спадабалася больш, як ялавічына.

На другі дзень, 11 лютага, кладоўка “Наўтылуса” папоўнілася новым запасам дзічыны. Зграя ластавак села на палубу падводнага карабля. Гэта былі нільскія ластаўкі, разнавіднасць, якая сустракаецца толькі ў Егіпце, з чорнай дзюбай, востраканечнай шэрай галоўкай, з белымі крапкамі вакол вачэй, шэрай спіной, крыллямі і хвастом, белымі грудзямі, брушкам і чырвонымі лапкамі. Мы злавілі таксама некалькі дзесяткаў нільскіх качак, дзікіх птушак, з белай галавою і шыяй, усеянай чорнымі плямамі. Дзічына гэтая таксама аказалася вельмі смачнай.

“Наўтылус” ішоў у гэты дзень з сярэдняй хуткасцю; здавалася, яму не было куды спяшацца. Я заўважыў, што вада Чырвонага мора рабілася ўсё менш салёнай па меры таго, як мы набліжаліся да Суэца.

Каля пяці гадзін пасля поўдня мы ўбачылі на поўначы мыс Рас-Махамед. Гэты мыс з’яўляецца канцом камяністай Аравіі, якая ляжыць паміж Суэцкай затокай і затокай Акабы.

“Наўтылус” зайшоў у Суэцкую затоку. Я выразна ўбачыў высокую гару над мысам Рас-Махамед. Гэта была гара Арэб.

У шэсць гадзін вечара “Наўтылус”, то пад вадой, то на паверхні, прайшоў каля Тора, які ляжаў у глыбіні бухты. Вада гэтай бухты, як мне казаў ужо капітан Нэма, сапраўды мела чырвонае адценне.

Ноч прыйшла раптоўна, сярод цяжкага маўчання, толькі зрэдку парушаемага крыкамі пеліканаў і нейкіх начных птушак, шумам прыбоя аб рыфы і далёкімі гудкамі параходаў.

Паміж васьмю і дзевяццю гадзінамі вечара “Наўтылус” апусціўся на некалькі метраў пад ваду. Па маіх разліках мы павінны былі быць дзесьці вельмі блізка ад Суэца. У акно салона я бачыў падставы берагавых скал, ярка асветленыя электрычным пражэктарам. У мяне стваралася ўражанне, што затока ўсё больш звужаецца.

У 9 гадзін 15 хвілін карабель зноў усплыў на паверхню. Мне не цярпелася хутчэй убачыць Аравійскі тунель капітан Нэма. Не знаходзячы сабе месца ўнізе, я падняўся на палубу.

Неўзабаве я ўбачыў на адлегласці, прыкладна, мілі ад нас аслабленае вячэрнім туманам святло.

— Гэта плывучы маяк, — вымавіў голас каля мяне.

Я здрыгануўся ад нечаканасці і, абярнуўшыся, пазнаў капітана Нэма.

— Гэта Суэцкі плывучы маяк, — паўтарыў ён. — Мы хутка падыйдзем да шчыліны тунеля.

— Трэба думаць, што ўвайсці ў яго не так і проста? — запытаўся я.

— Так, гэта даволі небяспечнае месца. Таму я ўзяў за правіла пры ўваходзе ў яго быць ля стырна і асабіста кіраваць суднам. А цяпер, спадар прафесар, калі спусціцеся ўніз, “Наўтылус” апусціцца ў ваду і зноў выйдзе на паверхню ўжо ў Міжземным моры, мінуючы Аравійскі тунель.

Я паследваў за капітанам Нэма. Люк зачыніўся, рэзервуары напоўніліся вадою, і судна апусцілася зноў на глыбіню дзесяць метраў.

У тую хвіліну, калі я збіраўся вярнуцца ў сваю каюту, капітан Нэма спыніў мяне.

— Спадар прафесар, — сказаў ён, — ці не хочаце падзяжурыць разам са мной у штурвальнай рубцы?

— Я не адважыўся прасіць вас аб гэтым, капітан, — адказаў я.

— Тады пойдзем. Адгэтуль вы ўбачыце ўсё, што можна бачыць у час гэтага падземнага і разам з тым падводнага плавання.

Мы падняліся па лесвіцы, якая вядзе на палубу, да сярэдзіны яе. Тут капітан Нэма адчыніў дзверы, і мы апынуліся ў вузкім і невысокім калідоры, у канцы якога знаходзілася штурвальная рубка, якая ўзвышалася, як вядома, на носе карабля.

Гэта была каюта плошчай шэсць на шэсць футаў, г.зн. такога-ж, прыкладна, памеру, як на параходах, што плаваюць па Місісіпі і Гудзон-Рыверу. Пасярэдзіне яе быў штурвал, злучаны штуртросамі са стырном на карме. Чатыры ілюмінатары ў чатырох сценах каюты, з чачавіцападобнага шкла, дазвалялі стырнавому глядзець ва ўсе бакі.

У рубцы было цёмна, але хутка мае вочы прызвычаіліся да цемры, і я ўбачыў стырнавога, здаравеннага дзяцюка, трымаўшага абедзве рукі на штурвале. Па кантрасту з цемрай, панаваўшай у рубцы, мора, асвятлёнае праменнымі пражэктара, здавалася залітым святлом.

— Зараз, — сказаў капітан Нэма, — пашукаем уваход у тунель.

Электрычныя правады злучалі стырнавую рубку з машынным аддзяленнем, і капітан мог, не адыходзячы ад штурвала, сігналамі загадваць, каб павялічылі ці зменшылі хуткасць судна.

Капітан Нэма паціснуў металёвую кнопку, і ў тую-ж хвіліну вінт зменшыў колькасць абаротаў у два разы.

Я моўчкі глядзеў на стромкую гранітную сцяну — непахіснае падножжа сухазем’я, — уздоўж якой мы ішлі на адлегласці некалькіх метраў на працягу амаль гадзіны. Капітан Нэма не спускаў вачэй з компаса, і па яго ўказаннях стырнавы варочаў штурвал, увесь час змяняючы кірунак карабля.

У 10 гадзін 15 хвілін капітан Нэма сам стаў за штурвал. Перад намі адкрываўся ўваход у шырокую і глыбокую галерэю. “Наўтылус” смела ўвайшоў у яе.

Жалезная абшыўка карабля нязвычна загудзела. Гэта быў шум вод Чырвонага мора, скідаўшыхся па схілу ў Міжземнае мора. Паток цягнуў “Наўтылус” уперад з хуткасцю стралы, не гледзячы на тое, што для тармажэння руху машына круціла вінт наадварот з найвялікшай хуткасцю.

На сценках тунеля пры такой неймавернай шпаркасці можна было ўбачыць толькі мігаючыя палосы святла ад электрычнага пражэктара. Сэрца маё шалёна стукала, і я трымаў яго рукою, каб сцішыць гэтае стуканне.

У 10 гадзін 35 хвілін капітан Нэма перадаў штурвал стырнавому і, павярнуўшыся да мяне, сказаў:

— Мы ў Міжземным моры.

Захоплены патокам, “Наўтылус” менш як за дваццаць хвілін перасек пад зямлёй Суэцкі перашыек.

 

Раздзел шосты. Грэцкі архіпелаг

На другі дзень, 12 лютага, досвіткам, “Наўтылус” усплыў на паверхню. Я паспяшыў падняцца на палубу. У трох мілях на поўдзень ад нас цмяна вызначаўся ў ранішнім тумане контур старадаўняга Пелузіума, на руінах якога пабудаваны сучасны Порт-Саід.

Імклівы паток раптам перанёс нас з аднаго мора ў другое. Але гэты тунель, па якім лёгка было спускацца, павінен быў быць зусім непраходным у зваротным напрамку — з Міжземнага мора ў Чырвонае.

Каля сямі гадзін раніцы Нэд Лэнд і Кансель далучыліся да мяне. Гэтыя неразлучныя прыяцелі спакойна сабе спалі і ані трохі не цікавіліся начнымі геройствамі “Наўтылуса”.

— Ну-с, спадар прафесар, — насмешліва запытаўся канадзец, — а дзе-ж абяцанае Міжземнае мора?

— Мы плывём па яго паверхні, дарагі Нэд, — адказаў я.

— Як? — ускрыкнуў Кансель. — Значыцца, гэтай ноччу?

— Зусім правільна, гэтай ноччу, на працягу дваццаці хвілін мы прайшлі скрозь гэты непраходны перашыек!

— Не веру, — сказаў Нэд Лэнд.

— Дарэмна, містэр Лэнд, — адказаў я. — Нізкі бераг, які вы бачыце на поўдні, — гэта бераг Егіпта.

— Мяне не абдурыце, спадар прафесар, — адказаў упарты канадзец. — Расказвайце гэтыя байкі больш даверлівым людзям!

— Паколькі гаспадар сцвярджае гэта, трэба верыць гаспадару, — сказаў яму Кансель.

— Дарэчы кажучы, Нэд, — сказаў я, — капітан Нэма асабіста дэманстраваў мне свой тунель. Я стаяў побач з ім у стырнавой рубцы ў той час, калі ён сам накіроўваў “Наўтылус” праз вузкі праход.

— Чуеце, Нэд? — запытаў Кансель.

— У вас такі дасканалы зрок, Нэд, — дадаў я, — што вы можаце пераканацца ў тым, што я вам не маню. Там павінна відаць гавань Порт-Саіда!

Канадзец утаропіўся вачыма ў паказаным кірунку.

— Сапраўды, — сказаў ён, — вы кажаце праўду, спадар прафесар, і ваш капітан майстар сваёй справы. Мы ў Міжземным моры. Добра. Давайце пагутарым аб нашых справах, але так, каб нас ніхто не падслухаў.

Я добра зразумеў, куды цаляе канадзец.

“У кожным выпадку, — падумаў я, — пагаварыць аб гэтым неабходна, калі Нэд Лэнд дамагаецца”.

І мы ўтрох пайшлі да выступа пражэктара і ўселіся там.

— Цяпер мы вас слухаем, Нэд, — сказаў я. — Што вы хацелі паведаміць нам?

— Маё паведамленне будзе вельмі кароткім, — адказаў канадзец. — Мы падыходзім да Еўропы, і перш чым капітану ўзбрыдзе ў галаву пацягнуць нас на дно Палярнага мора альбо ў Акіянію, я прапаную разлучыцца з “Наўтылусам”.

Прызнаюся, мне непрыемна было спрачацца з канадцам на гэтую тэму. Мне ні ў якім разе не хацелася абмяжоўваць волю сваіх таварышаў, але, з другога боку, я зусім не жадаў так хутка развітацца з капітанам Нэма. Дзякуючы яму, дзякуючы яго дзіўнаму караблю, я кожны дзень папаўняў свае веды, нанова пісаў сваю кнігу аб жыцці марскога дна, знаходзячыся, як кажуць, у самым цэнтры гэтага жыцця. Дзе яшчэ я знайду магчымасць так дасканала вывучыць цуды акіяна? Вядома, нідзе! Таму мне так не хацелася пакідаць “Наўтылус”, пакуль не скончыцца наша даследчая экспедыцыя.

— Мой любы Нэд, — сказаў я, — адкажыце мне шчыра: няўжо вы сумуеце на гэтым караблі? Няўжо вы праклінаеце свой лёс, які закінуў вас сюды?

Канадзец адказаў не адразу. Потым, скрыжаваўшы рукі на грудзях, ён сказаў:

— Па праўдзе кажучы, я не шкадую, што зрабіў гэтае падводнае плаванне. Калі-небудзь я буду з прыемнасцю ўспамінаць аб ім. Але для таго, каб гэта здарылася, трэба плаванне скончыць. Вось што думаю я па гэтаму поваду!

— Гэтае плаванне скончыцца, Нэд.

— Дзе? Калі?

— Дзе? Не ведаю. Калі? Не магу вам сказаць дакладна, але думаю, што зараз-жа пасля таго, як мора раскрые нам сваю апошнюю тайну. На гэтым свеце кожны пачатак павінен мець свой канец.

— Я зусім згодзен з гаспадаром, — заўважыў Кансель. — Па-мойму зусім магчыма, што аб’ездзіўшы з намі ўсе моры і акіяны, капітан Нэма проста возьме ды і выкіне нас.

— Выкіне? — абразіўся канадзец. — Вы сказалі, што ён нас выкіне?

— Не чапляйцеся да слоў, Нэд Лэнд, — умяшаўся я. — Нам няма чаго баяцца капітана Нэма, у гэтым я не згодзен з Канселем. Але, з другога боку, не варта спадзявацца на тое, што ён самаахвотна згадзіцца адпусціць нас на волю. Мы ведаем усе сакрэты “Наўтылуса”, і наўрад ці ён дазволіць, каб яны вандравалі разам з намі па ўсяму свету.

— На што-ж вы, у такім выпадку, спадзяецеся? — запытаўся канадзец.

— На акалічнасці, якія рана ці позна складуцца так, што мы здолеем скарыстаць іх. Гэта можа здарыцца праз шэсць месяцаў з такім-жа поспехам, як і зараз.

— Гм, — буркнуў Нэд Лэнд. — Скажыце, калі ласка, спадар натураліст, ці можаце вы ўгадаць наперад, дзе мы будзем праз шэсць месяцаў?

— Можа зноў тут, а можа і ў Кітаі. Вы ведаеце, што “Наўтылус” надзвычай шпаркае судна. Ён нясецца па акіянах з такой самай хуткасцю, як ластаўка ў паветры альбо кур’ерскі цягнік па зямлі. Ён не баіцца людных мораў — мы ў гэтым ужо ўпэўніліся. Хто можа сказаць, што праз шэсць месяцаў ён не вернецца зноў да берагоў Францыі альбо Англіі і што ўмовы для ўцёкаў не будуць яшчэ больш спрыяючымі, як сёння?

— Спадар прафесар, — сказаў канадзец, — вашы довады зусім няправільныя. Вы гаворыце ўсё ў будучым часе: “Мы будзем тут. Мы будзем там”. А я кажу ў цяперашнім часе: “Мы тут — трэба гэта скарыстаць!”

Я не мог супярэчыць супраць лагічнага разважання Нэда Лэнда і адчуў сябе пераможаным у гэтых спрэчках. У мяне не было больш довадаў у абарону сваёй прапановы.

— Спадар прафесар, — казаў далей Нэд, — дапусцім на хвіліну немагчымае — што капітан Нэма сам прапануе нам волю. Ці прымеце вы яе?

— Не ведаю.

— А каб ён дадаў, што сваю прапанову ён не паўторыць ніколі ў жыцці, — тады вы прынялі-б яе?

Я маўчаў.

— Што аб гэтым думае сябар Кансель? — запытаўся канадзец.

— Сябру Канселю абсалютна няма чаго сказаць па гэтаму поваду, — спакойна адказаў добры хлапец. — Ён зусім не зацікаўлены ў тым ці іншым рашэнні гэтага пытання. Таксама, як яго гаспадар, таксама, як яго прыяцель Нэд Лэнд, — ён халасты. Ні жонка, ні дзеці, ні сваякі не чакаюць яго на радзіме. Ён служыць у свайго гаспадара і гэтай службы кідаць не збіраецца. Ён з жалем павінен паведаміць, што не збіраецца прымаць удзел у галасаванні гэтага пытання і рабіць сваім голасам перавагу ў той ці іншы бок. У спрэчках прымаюць удзел толькі дзве асобы — гаспадар з аднаго боку і Нэд Лэнд з другога. А сябар Кансель зараз змаўкае і пачынае лічыць галасы.

Я не мог стрымацца ад ухмылкі, слухаючы прамову Канселя. Мусіць у глыбіні душы і канадзец быў задаволены, што Кансель не выступае супраць яго.

— Калі Кансель не ўдзельнічае ў спрэчках, — сказаў ён мне, — нам застаецца вырашыць пытанне паміж сабою. Я сваё сказаў. Вы мяне выслухалі. Што вы мне можаце адказаць?

Трэба было прыйсці да якога-небудзь заключэння. Ухіленні для мяне былі агідныя.

— Вось мой адказ, дружа Нэд, — сказаў я. — Вы перамаглі мяне ў спрэчках, і я не магу супярэчыць вашым довадам. Спадзявацца на тое, што капітан Нэма нас сам адпусціць, няма чаго. Самая элементарная прадбачлівасць не дазволіць яму зрабіць гэта. Але тая-ж самая прадбачлівасць патрабуе, каб мы скарысталі першы зручны выпадак пакінуць “Наўтылус”.

— Вельмі добра, спадар прафесар! Вось цяпер вы разважаеце мудра!

— Але ў мяне ёсць яшчэ адна, заўвага, — сказаў я. — Трэба, каб выпадак гэты быў сапраўды зручным. Трэба, каб наша першая-ж спроба ўцякаць была паспяховай. Бо калі яна не ўдасца, то другога выпадку мы ніколі не будзем мець, і капітан Нэма ніколі не даруе нам.

— Гэта правільна, — сказаў Нэд Лэнд. — Але ваша заўвага таксама тычыцца спробы ўцякаць сёння, як спроб, якія будуць праз два гады. Такім чынам, пытанне трэба ставіць толькі так: калі будзе магчымасць уцячы, — неадкладна скарыстаць яе!

— Згодзен. А цяпер скажыце, Нэд, што вы лічыце “магчымасцю ўцячы”?

— Цёмную ноч, калі “Наўтылус” будзе паблізу якога-небудзь еўрапейскага берагу.

— І вы думаеце ратавацца ўплаў?

— У тым выпадку, калі “Наўтылус” будзе плысці па паверхні, і бераг будзе зусім блізка. Калі-ж карабель будзе плысці пад вадою і бераг будзе на больш далёкай адлегласці, то...

— То ў гэтым выпадку?..

— У гэтым выпадку трэба будзе пастарацца захапіць шлюпку. Я ведаю, як гэта зрабіць. Мы забярэмся ў яе і, адкруціўшы балты, усплывем на паверхню так, што нават стырнавы, які знаходзіцца ў штурвальнай рубцы, не заўважыць нашага ўцёку.

— Добра, Нэд. Пільнуйце-ж адпаведны выпадак. Толькі памятайце, што няўдача загубіць нас.

— Не забудуся, спадар прафесар!

— А цяпер, калі мы аб усім дамовіліся, Нэд Лэнд, хочаце ведаць, што я думаю аб вашым праекце?

— Вядома, спадар прафесар.

— Я думаю, — падкрэсліваю — думаю, а не спадзяюся, — што гэты адпаведны выпадак хутка не трапіцца.

— Чаму так?

— Таму, што капітан Нэма, мусіць добра разумее, што мы не адмовіліся ад надзеі вярнуць сабе волю, і таму ён будзе на варце ўвесь час, пакуль мы будзем каля еўрапейскіх берагоў.

— Я згодзен з думкаю гаспадара, — сказаў Кансель.

— Пажывём — убачым, — адказаў Нэд Лэнд, упарта паматаўшы галавою.

— Ну, — сказаў я, — хопіць! Не варта больш гаварыць аб гэтым. У той дзень, калі вы наважыцеся ўцячы, вы нас папярэдзьце, і мы паследуем за вамі, ні пра што не пытаючыся. Мы абсалютна давяраем вам.

Так скончылася гэтая гутарка, якая павінна была мець вельмі важныя вынікі.

Скажу адразу, што на вялікі жаль для канадца, падзеі пацвердзілі правільнасць маіх прапаноў. Ці то капітан Нэма не давяраў нам у гэтых людных морах, ці ён хацеў ухіліцца ад сустрэчы з шматлікімі суднамі ўсіх нацый, якія баразнілі воды Міжземнага мора, але мы амаль увесь час ішлі пад вадою і на далёкай адлегласці ад берагоў. “Наўтылус” альбо ўсплываў на паверхню так, што з вады выступала толькі стырнавая рубка, альбо ён забіраўся на вялікія глыбіні. Дарэчы кажучы, паміж Грэцкім архіпелагам і Малой Азіяй мы не знаходзілі дна і на глыбіні ў дзве тысячы метраў.

Аб тым, што мы прайшлі каля вострава Карпафос, які належыць да групы Дадэканез, я даведаўся ад капітана Нэма, паказаўшага мне яе месцазнаходжанне на карце.

На другі дзень, 14-га лютага, я вырашыў ахвяраваць некалькі гадзін на вывучэнне рыб Грэцкага архіпелага. Але па невядомых мне прычынах акяніцы на вокнах каюты ўвесь дзень заставаліся герметычна зачыненымі. Прасачыўшы на карце шлях “Наўтылуса”, я бачыў, што ён ідзе да вострава Крыта. У той момант, калі я ўступіў на борт “Аўраама Лінкальна”, гэты востраў паўстаў супраць турэцкай няволі. Я не ведаў, якія вынікі мела паўстанне, і ўжо-ж, вядома, не капітан Нэма, які парваў усякую сувязь з людзьмі, мог паведаміць мне навіны аб гэтым.

Я не рабіў ніякіх намёкаў на гэтыя падзеі, калі ўвечары мы апынуліся з ім удвух у салоне. Трэба сказаць, што капітан Нэма, здаўся мне хмурым і нечым заклапочаным. Раптам ён распарадзіўся адчыніць акяніцы на абодвух вокнах і, пераходзячы ад аднаго акна да другога, пільна ўглядаўся ў ваду. Навошта ён гэта рабіў? Я не мог разгадаць гэтага і таму проста пачаў разглядаць рыб, якія праносіліся перад маімі вачыма.

Сярод многіх іншых рыб я заўважыў марскіх каўбнёў, маючых назву ў простай мове — бычкоў; гэтыя рыбы часта сустракаюцца ў салёнай вадзе каля дэльты Ніла.

Далей я ўбачыў фасфарасцыруючых паграў — рыбак з сямейства спаравых. Егіпцяне лічылі гэтых рыб свяшчэннымі, і заход іх у воды Ніла, звычайна праракаўшы вялікую паводку і разам з гэтым добры ўраджай, адзначаўся пышнымі рэлігійнымі цырымоніямі.

Потым каля нас праплыла зграйка хейлінаў — рыб даўжынёю ў трыццаць сантыметраў, касцістых, з празрыстай лускою сіняватага колеру, месцамі ўсеянай чырвонымі плямамі. Гэтыя рыбы харчуюцца выключна марскімі водарасцямі, што надае іх мясу надзвычайны смак. Хейліны лічыліся ласункам яшчэ ў старадаўнім Рыме і падаваліся на стол з прыправамі малокаў мурэны, паўлінавых мазгоў і ластаўкіных языкоў.

Яшчэ адзін жыхар гэтых мораў нагадаў мне часы старадаўняга Рыма. Гэта была лоцман-рыбка, заўсёды суправаджаючая акул; па вераваннях старадаўніх людзей, гэтая маленькая рыбка, учапіўшыся ў кіль карабля, магла спыніць яго. Захавалася таксама легенда аб тым, як адзін лоцман, затрымаўшы карабель Антонія ў час бойкі пры Акцыуме, тым самым вырашыў вынік яе ў карысць Аўгуста.

Я заўважыў таксама прыгожых anthias — свяшчэнных рыб старадаўняй Грэцыі, уладаўшых паводле забабонаў, здольнасцю выганяць страшыдлаў з тых месцаў, дзе яны вадзіліся. Іх назва азначае слова “кветка”, і яны цалкам адпавядаюць ёй пералівамі сваёй афарбоўкі, якая ўключае ўсю гаму чырвонага колеру — ад бледна-ружовага да рубінавага.

Я не мог адарваць вачэй ад гэтага марскога цуда, як раптам мяне здзівіла нешта яшчэ больш незвычайнае.

Пад вадой з’явіўся чалавек, ныральшчык са скураной торбай каля пояса. Гэта быў жывы чалавек. Ён некалькі разоў вяртаўся на паверхню і затым зноў; апускаўся ў ваду.

Я павярнуўся да капітана Нэма і ўсхвалявана ўскрыкнуў:

— Чалавек топіцца! Яго трэба абавязкова выратаваць!

Капітан Нэма не адказаў мне, але падышоў да акна. Плавец зноў нырнуў і, прытуліўшыся вачыма да шкла, глядзеў на нас.

На маё вялікае здзіўленне, капітан Нэма зрабіў яму нейкі знак. Ныральшчык матнуў у адказ галавою, зараз-жа ўсплыў на паверхню мора і больш не з’яўляўся.

— Не бойцеся за яго, — сказаў мне капітан Нэма. — Гэта Мікалай з мыса Матапан, якога празвалі “Рыбай”. Яго ведаюць на ўсіх Цыкладах. Выдатны плавец! Вада — гэта яго стыхія, і ён праводзіць у ёй больш часу, чымсь на сушы, безупынна пераплываючы з аднаго вострава на другі, а часамі нават дабіраецца да Крыта.

— Вы ведаеце яго, капітан Нэма?

— Чаму-б мне яго не ведаць, спадар Аранакс?

Сказаўшы гэта, капітан падышоў да шафы, зробленай у сцяне салона. Побач з ёй стаяла акутая жалезам скрыня з меднай пласцінкай на пакрышцы, на якой быў выгравіраваны дэвіз “Наўтылуса” — “Рухомы ў рухомым” — і пачатковая літара “Н”.

Не звяртаючы больш на мяне ўвагі, капітан Нэма адчыніў дзверцу шафы, у якой аказалася шмат металёвых пласцінак.

То былі зліткі золата.

Адкуль на “Наўтылусе” ўзялося гэтулькі золата? Дзе здабываў яго капітан Нэма і што ён збіраўся зараз з ім рабіць?

Я не вымавіў ані слова. Я глядзеў. Капітан Нэма вымаў залатыя зліткі з шафы і па аднаму складваў іх у скрыню, пакуль не запоўніў яе даверху. Я падлічыў, што ўсяго ён палажыў туды не менш тысячы кілаграмаў золата, на суму амаль у пяць мільёнаў франкаў. Капітан зачыніў скрыню і надпісаў на ёй адрас, як відаць, на новагрэцкай мове.

Скончыўшы, ён паціснуў кнопку званка, які вядзе ў памяшканне каманды. Зараз-жа прышлі чатыры матросы і не без цяжкасці выцягнулі скрыню з салона.

Я чуў, як яны цягнулі яе пры дапамозе блока па лесвіцы на палубу.

У гэтую хвіліну капітан Нэма абярнуўся да мяне.

— Значыцца, вы гаворыце, спадар прафесар? — сказаў ён.

— Я нічога не гаварыў, — адказаў я.

— У такім разе дазвольце пажадаць вам спакойнай ночы.

Я вярнуўся да сябе ў каюту надзвычай заінтрыгаваны. Дарэмна я прабаваў заснуць. Мяне мучыла тое, што я ніяк не мог знайсці лагічнай сувязі паміж з’яўленнем плаўца і запаўненнем скрыні золатам. Хутка пачалося гойданне, і я здагадаўся, што “Наўтылус” падняўся на паверхню.

Затым я пачуў тупат ног па палубе. Я зразумеў, што гэта вымаюць з гнязда шлюпку і спускаюць яе на ваду. Яна стукнулася аб борт “Наўтылуса”, і тады шум сціх.

Праз дзве гадзіны шум пачаўся зноў. Шлюпку выцягвалі назад з вады і зноў умацоўвалі ў гняздзе. Потым “Наўтылус” апусціўся ў ваду.

Значыцца, мільёны былі дастаўлены па адрасу. Але ў які пункт сухазем’я? Хто быў карэспандэнтам капітана Нэма?

На другі дзень я расказаў Канселю і Нэду Лэнду аб здарэннях мінулай ночы, распаліўшых маю цікавасць да апошняй ступені.

Мае таварышы былі здзіўлены ўсімі гэтымі падзеямі не менш, як я сам.

— Але дзе ён бярэ гэтыя мільёны? — запытаўся Нэд Лэнд.

Я не мог даць адказу на гэтае пытанне.

Пасля снедання я перайшоў у салон і сеў там за работу. Да пяці гадзін вечара я пісаў свой дзённік. Але тут мне чамусьці зрабілася вельмі горача. Я прымушаны быў зняць з сябе куртку.

Гэта было незразумела — мы знаходзіліся далёка ад тропікаў, ды і ўсёроўна ў вадзе “Наўтылус” не павінен быў адчуваць уплыў тэмпературы паветра. Я паглядзеў на стрэлку манометра: мы ішлі на глыбіні шэсцьдзесят футаў, куды ні пры якіх умовах не магла пранікаць земная цеплыня.

Я спрабаваў працягваць працу, але гарачыня ўсё павялічвалася і рабілася нясцерпнай.

“Можа на караблі пажар?” падумаў я.

Я хацеў ужо выйсці з салона, як раптам у яго ўвайшоў капітан Нэма.

Ён накіраваўся прама да тэрмометра, паглядзеў на слупок жывога срэбра і, павярнуўшыся да мяне, сказаў.

— Сорак два градусы!

— Я гэта адчуваю, капітан, — адказаў я. — Калі тэмпература падымецца яшчэ, мы не здолеем вытрымаць яе.

— О, спадар прафесар, гэтая тэмпература падымецца толькі у тым выпадку, калі мы таго пажадаем.

— Вы, значыцца, можаце павялічваць альбо змяншаць яе па свайму жаданню?

— Не, але я магу адыйсці ад крыніцы, павялічваючай яе.

— Значыцца, гэтая крыніца па-за “Наўтылусам”?

— Вядома. Мы плывем у пласце кіпучай вады.

— Ці магчыма гэта? — ускрыкнуў я.

— Мяркуйце самі.

Акяніцы расчыніліся, і я ўбачыў зусім белую ваду вакол “Наўтылуса”. Сярністая пара рассцілалася ў вадзе, кіпучай, як у катле.

Я дакрануўся рукою да шкла, але яно было такое гарачае, што я вымушаны быў зараз-жа адхапіць руку.

— Дзе мы знаходзімся? — запытаў я.

— Каля вострава Сантарына, спадар прафесар, — адказаў капітан — Калі хочаце дакладней — у пратоцы, аддзяляючай Неа-Камені ад Палеа-Камені. Я хацеў паказаць вам гэтае рэдкае з’явішча — выбух падводнага вулкана.

— А я думаў, што нараджэнне новых астравоў больш не адбываецца...

— У вулканічных мясцовасцях ніводзін працэс нельга лічыць скончаным, — адказаў капітан Нэма. — Зямны-ж шар па-ранейшаму поўны агнём у сярэдзіне. Калі верыць гісторыкам Касіадору і Плінію, у дзевятнаццатым годзе нашай эры на тым самым месцы, дзе нядаўна стварыліся гэтыя маленькія астравы, узнік новы востраў Тэйя. Потым ён знік пад хвалямі, каб зноў з’явіцца на свет у шэсцьдзесят дзевятым годзе і зноў канчаткова знікнуць. З гэтага часу і да нашых дзён вулканічная дзейнасць сціхла. Але трэцяга лютага 1866 года каля Неа-Камені сярод воблакаў серністай пары нечакана падняўся з вады новы астравок. Яго назвалі востравам Георга. Шостага лютага ён злучыўся з Неа-Камені. Праз сем дзён пасля гэтага, трынаццатага лютага, з вады падняўся яшчэ адзін астравок — Афроэса, аддзелены ад Неа-Камені вузкай пратокай у дзесяць метраў. Я выпадкова прысутнічаў у гэтых месцах, калі адбылося гэтае рэдкае з’явішча, і назіраў усе фазы яго. Астравок Афроэса, амаль круглы па форме, меў трыста футаў у дыяметры пры трыццаці футах вышыні. Ён складаўся з чорнай шклопадобнай лавы, у якой трапляліся кавалкі палявога шпата. Нарэшце, дзясятага сакавіка, з мора вынырнуў каля Неа-Камені трэці астравок, яшчэ меншы, — Рэка, і ўсе тры астравы зліліся.

— А што гэта за пратока, у якой мы зараз знаходзімся? — запытаў я.

— Вось яна, — адказаў капітан Нэма, паказваючы яе на карце Грэцкага архіпелага. — Бачыце, я адзначыў ужо на карце новыя астраўкі.

— Дно гэтай пратокі, мусіць, таксама падымецца калі-небудзь з вады?

— Зусім магчыма, спадар прафесар, бо з 1866 года насупраць порта святога Міколы на Палека-Камені ўзнікла восем новых астраўкоў. Адсюль відаць, што ў недалёкім будучым Неа- і Палеа-Камені злучацца. У Ціхім акіяне будаванне новых астравоў — справа інфузорый. У гэтых-жа водах новыя астравы абавязаны сваім з’яўленнем вулканічнай дзейнасці. Бачыце, спадар прафесар, як кіпіць, не заміраючы ні на хвіліну, жыццё пад вадой!

Я зноў падышоў да акна. “Наўтылус” больш не рухаўся. Гарачыня зрабілася нязноснай. Вада з белай зрабілася чырвонай, ад прымесі нейкай солі жалеза. Не гледзячы на тое, што шкло было герметычна ўлітавана ў аправу, у салон пранікнуў задушлівы пах серы. У вадзе я заўважыў чырвонае святло, такое яскравае, што пры ім марнелі праменні нашага пражэктара.

Я абліваўся потам і задыхаўся. Я адчуваў, што яшчэ некалькі хвілін — і я проста зваруся!

— Немагчыма далей заставацца ў гэтай кіпучай вадзе, — сказаў я капітану.

— Так, гэта было-б неасцярожна, — спакойна адказаў ён.

Ён даў загад. “Наўтылус” зноў крануўся і хутка аддаліўся ад гэтага жэрала, прабыванне ў якім пагражала нам пагібеллю. Праз чвэртку гадзіны мы прагна ўдыхалі свежае паветра на паверхні мора.

Мне прыйшло ў галаву, што, калі-б Нэд Лэнд выбраў гэтае месца для ўцёкаў, мы зварыліся-б у ім жыўцом...

Назаўтра, 16-га лютага, “Наўтылус” абмінуў мыс Матапан і развітаўся з Грэцкім архіпелагам.

 

Раздзел сёмы. У сорак восем гадзін праз Міжземнае мора

Блакітнае Міжземнае мора, “Вялікае Мора” старадаўніх яўрэяў, “Мора” старадаўніх грэкаў, “Наша мора” старадаўніх рымлян, абкружанае высокімі горамі, аблямаванае квітнеючымі садамі з апельсінавых дрэў, алоэ, кактусаў, марскіх сосен, з чыстым паветрам і пахам мірт, — Міжземнае мора з’яўляецца арэнай вечнай барацьбы, барацьбы паміж агнём і вадою. Плутон і Нептун41 змагаюцца тут за ўладу над светам.

“На берагах і ў водах гэтага мора, — пісаў Мішле, — у гэтым лепшым у свеце клімаце, чалавек знаходзіць новыя сілы і здароўе”. Але мне ўдалося толькі мімаходзь убачыць гэты славуты сваёй прыгожасцю водны басейн, які займае плошчу ў два мільёны сто тысяч квадратных кіламетраў.

Я не мог папоўніць свае невялікія назіранні нават роспытамі ў капітана Нэма, бо гэты загадкавы чалавек ні разу не паказаўся за ўвесь час нашага пераходу па Міжземнаму мору. Дарэчы кажучы, ішлі мы з вельмі значнай хуткасцю, і “Наўтылус” прайшоў пад вадою за двое сутак дзве тысячы чатырыста кіламетраў: выйшаўшы 16 лютага з Грэцкага архіпелага, досвіткам 18 лютага мы ўжо абмінулі Гібралтарскую пратоку.

Мне было ясна, што капітан Нэма не любіць гэтага мора, з усіх бакоў абкружанага зямлёй, ад якой ён уцякаў. Можа хвалі і вятры яго прыносілі з сабою непрыемныя ўспаміны альбо, яшчэ горш, будзілі жаль аб згубленым? А можа яго злавала немагчымасць такога вольнага і незалежнага плавання, як у акіянах, і “Наўтылусу” проста было цесна паміж збліжанымі берагамі Еўропы і Афрыкі?

Так ці інакш, але мы ішлі з хуткасцю дванаццаць лье, альбо сорак восем кіламетраў у гадзіну. Зразумела, Нэду Лэнду прышлося кінуць усякую думку аб уцёках, хоць ён і надта шкадаваў аб гэтым. Ён не мог скарыстаць шлюпку пры хуткасці ў дванаццаць — трынаццаць метраў у секунду. Гэта было раўназначна скоку з вагона цягніка, які імчыцца з такой самай хуткасцю, — скоку, які абяцае мала прыемнага храбрацу. Прытым “Наўтылус” падымаўся на паверхню вады, каб аднавіць запас паветра, толькі глыбокай ноччу, а ўвесь астатні час ішоў, кіруючыся паказаннямі компаса і лага.

Таму, я бачыў у Міжземным моры тое самае, што пасажыр кур’ерскага поезда бачыць з акна свайго купэ, — далёкія кругавіды, а не бліжэйшыя да палатна дарогі месцы, мільгаючыя, як маланка, перад яго вачыма.

Аднак Канселю і мне ўдалося разгледзець асобных Міжземных рыб, якія са сваімі магутнымі плаўнікамі маглі некаторы час спаборнічаць у хуткасці з “Наўтылусам”. Мы па цэлых гадзінах стаялі ля акон салона, і зробленыя тады няпоўныя нататкі дазваляюць мне намаляваць зараз у агульных рысах іхтыялагічную карціну гэтых вод.

З шматлікіх рыб, засяляючых Міжземнае мора, адных я назіраў адносна доўга, другіх бачыў мімаходзь, а трэціх — з-за хуткасці нашага бегу не бачыў зусім.

Няхай-жа будзе мне дазволена апісваць іх у адпаведнасці з гэтай фантастычнай класіфікацыяй — яна правільней перадасць мае мімалётныя ўражанні.

У ярка асветленых электрычнасцю водных таўшчынях віліся вузкія, у метр даўжынёй міногі, якія плодзяцца амаль ва ўсіх морах. Калючкаватыя скаты, дасягаючыя чатырох метраў у даўжыню пры двух-трох у шырыню, з шурпатай скурай, усеянай у маладых асобін тонкімі і ў старых — буйнымі вострымі калючкамі, з белым жыватом і карычневай са светлымі плямамі афарбоўкай спіны, — паласкаліся ў вадзе, нібы вялікія хусткі, знесеныя цячэннем. Іншыя разнавіднасці скатаў мільгалі перад нашымі вачыма і знікалі з такой шпаркасцю, што я не мог праверыць, ці заслужылі яны дадзеную ім старадаўнімі грэкамі назву марскіх арлоў, альбо да іх больш падыходзяць зняважлівыя клічкі пацукоў, жаб і кажаноў, якімі іх надзяляюць сучасныя маракі. Сельдзевыя акулы, якія належаць да сямейства дэльфінавых акул, асабліва небяспечных для рыбакоў, спаборнічалі з намі ў хуткасці. Мы бачылі таксама марскіх лісіц, — рыб, якія належаць да атрада акул, даўжынёй у чатыры і болей метраў і з’яўляюцца самымі хітрымі з марскіх жывёл; спіны і бакі іхнія цёмна-блакітныя, ніжняя частка цела — белавата-плямістая.

Далей нам трапляліся дарады з сямейства спаравых рыб; некаторыя з іх дасягалі ста трыццаці сантыметраў у даўжыню; дарады блішчэлі ў сваёй срабрыста-блакітнай вопратцы, якая рабілася яшчэ больш прыгожай ад жоўтай афарбоўкі іхніх плаўнікоў; гэтыя каштоўныя рыбы, уласцівыя ўсім прэсным і салёным вадаёмам — рэкам і азёрам, морам і акіянам, — жывуць ва ўсіх кліматах, пераносяць усялякія тэмпературы і, ведучы свой род ад першых жыхароў зямлі, сучаснікаў вялікіх геалагічных працэсаў, захавалі ўсю сваю першабытную прыгожасць.

Раскошныя бялугі, даўжынёй дзевяць-дзесяць метраў, заглядвалі ў акно салона і, не маючы сілы змагацца з намі ў хуткасці, адставалі, паказваючы блакітную спіну з маленькімі карычневымі плямамі: бялугі падобны да акул, але яны слабей за іх; большую частку жыцця яны знаходзяцца ў моры, а напрадвесні заплываюць у рэкі, змагаючыся з цячэннямі Волгі, Дуная, По, Рэйна, Луары і Одэра; яны жывяцца селядцамі, макрэллю і іншымі невялічкімі рыбамі. Калісьці злоўленую бялугу з урачыстасцю неслі да стала вялікага рымскага гастранома Лукула.

Але з усіх жыхароў Міжземных вод лепш за ўсё я пазнаёміўся з тунцамі, спіна якіх афарбавана ў чорна-сіні колер, грудны панцыр — у блакітны, а бакі і бруха — шэраватыя з срабрыста-белымі плямамі. Аб тунцах расказваюць, што яны ідуць побач з караблямі, хаваюцца ў іхняй цені ад гарачых праменняў трапічнага сонца, і яны не абверглі гэтага сцвярджэння, суправаджаючы “Наўтылус”, як некалі праваджалі караблі Лаперуза. На працягу доўгіх гадзін яны ні на сантыметр не адставалі ад “Наўтылуса”.

Я залюбаваўся гэтымі рыбамі, нібы спецыяльна створанымі прыродай для ўдзелу ў хуткасных спаборніцтвах, — з маленькай вузкай галавою, з верацёнападобным целам у тры і нават чатыры метры даўжыні, з моцнымі груднымі і раздвоенымі хваставымі плаўнікамі. Яны плылі, пастроіўшыся правільным трохкутнікам, як зграі некаторых пералётных птушак. Гэты строй дазваляў старадаўнім народам сцвярджаць, што тунцы ведаюць геаметрыю і элементы стратэгіі.

Аднак “вучонасць” не выратоўвае тунцоў ад праследвання правансальскіх рыбакоў, паважаючых іх так-жа высока, як і жыхары старадаўніх Прапанціды і Іспаніі, і гэтыя цудоўныя рыбы слепа і шалёна сотнямі тысяч гінуць кожны год у марсельскіх нератах.

Пералічваю толькі для памяці тых з Міжземнаморскіх рыб, якіх ні Канселю, ні мне не ўдалося бачыць. Гэта электрычны і сапраўдны вугры, мільгаўшыя каля нас, як здань; траска, печань якой дае каштоўны лекавы прадукт; трыглы, якіх паэты называюць рыбай-лірай, а маракі — рыбай-свістуном, галава якой мае трохкутныя палоскі, нагадваючыя інструмент старадаўняга пяўца Гамера; трыглы-ластаўкі, плаваючыя з хуткасцю птушак, назву якіх яны носяць; хімеры з гладкай скурай, афарбаванай у пераліўчатыя залаціста-жоўтыя, бурыя і белыя колеры; раскошныя палтусы, гэтыя марскія фазаны, з жоўтымі плаўнікамі, усеянымі чорнымі кропкамі, верхні бок якіх — левы — афарбаваны бура-жоўтымі і мармуровымі плямамі; нарэшце залацістыя султанкі, сапраўдныя марскія райскія птушкі, за якіх рымляне плацілі па дзесяць тысяч сестэрцый, каб за сталом мілавацца зменамі афарбоўкі іхняга цела, — ад рубінава-чырвонага колеру жыцця да бледна-белага колеру смерці.

Калі мне не ўдалося назіраць ні спінарогаў, ні марскіх канькоў, ні рыбы-месяца, ні кузаўкоў, ні селядцоў, ні бычкоў, ні марскіх яршоў, ні губанаў, ні мечаносаў, ні ферынак, ні іглы-рыбы, ні анчоусаў, ні сотні іншых відаў рыб, уласцівых Міжземнаму мору, дык вінаваціць трэба ў гэтым не мяне, а тую незвычайную хуткасць, з якой “Наўтылус” імчаўся сярод гэтых густазаселеных вод.

Што тычыцца марскіх сысуноў, дык мне здалося, што ў той час, калі мы праходзілі каля Адрыятычнага мора, я заўважыў двух кашалотаў, затым некалькі дэльфінаў і, нарэшце, з паўтузіна цюленяў, празваных манахамі і сапраўды падобных на манахаў-дамініканцаў, толькі ростам у тры метры.

Са свайго боку Канселю ўдалося ўбачыць гіганцкую чарапаху — шырынёй у шэсць футаў, — на паверхні шчыта якой ён заўважыў сем уздоўжных узвышшаў, альбо робер. Я вельмі шкадаваў, што не бачыў сам гэтай чарапахі, бо, мяркуючы па апісанню, гэта павінна была быць скурыстая чарапаха — досыць рэдкая, выміраючая цяпер разнавіднасць.

З зоафітаў мне на працягу некалькіх секунд удалося назіраць прыгожы экзэмпляр галеалярыі, якая прыклеілася да шкла акна салона. Гэта было разгаліненае ажурнае валаконца, танюсенькія галінкі якога перапляталіся ў надзвычай тонкім малюнку, з якім не магла-б спрачацца па тонкасці ніводная мярэжніца Фландрыі. На жаль, я не мог злавіць гэты дзіўны экзэмпляр.

Магчыма, што я так і не ўбачыў-бы ў Міжземным моры больш ніводнага зоафіта, каб увечары гэтага дня, 16 лютага, “Наўтылус” раптам не прыпыніў свайго ходу. Вось якім чынам гэта здарылася.

Мы праходзілі між Сіцыліяй і Тунісам. У гэтым вузкім месцы марскае дно раптам падымаецца. Тут праходзіць верхавіна падводнага хрыбта, пласт вады над якой дасягае амаль семнаццаць метраў, тады як з абодвух бакоў ад гэтага месца глыбіня складае, прыкладна сто семдзесят метраў. “Наўтылусу” прышлося рухацца з асцярогай, каб не напароцца на гэты падводны бар’ер.

Я паказаў Канселю па карце гэтую граду падводных скал.

— З дазволу гаспадара скажу, што гэты хрыбет здаецца мне перашыйкам, злучаючым Еўропу з Афрыкай, — зазначыў ён.

— Ты слушна гаворыш, сябар мой, — сказаў я, — ён перагарадзіў усю Сіцылійскую пратоку. Даследванні Сміта паказалі, што некалі між мысам Адар і Марсалай гэтыя сухазем’і злучаліся палоскай цвёрдай зямлі.

— Калі, — пачаў Кансель, — у які-небудзь дзень вулканічны штуршок зноў падыме з вады гэтыя перашыйкі...

— Гэта наўрад, Кансель, — спыніў я яго.

— З дазволу гаспадара я скончу сваю думку: калі гэта ўсё-ткі здарыцца, дык мне шкада будзе беднага Лесепса, уклаўшага столькі працы, каб перакапаць Суэцкі перашыек!

— Вядома, Кансель; але ты можаш не хвалявацца, — гэтага не здарыцца! Сіла падземнага агню паступова змяншаецца. Вулканы, такія шматлікія ў першыя часы існавання зямлі, цяпер адзін за адным згасаюць; падземная гарачыня слабне; тэмпература падглебавых пластоў зямлі з века ў век зніжаецца, на няшчасце для нашай планеты, для якой гэтая гарачыня — крыніца жыцця...

— Аднак сонца...

— Аднаго сонца недастаткова, Кансель. Ці можа яно вярнуць цеплыню трупу?

— Паколькі мне вядома — не.

— Дык вось, мой дружа, у адзін нешчаслівы дзень зямля зробіцца ахладзеўшым трупам. Яна будзе бязлюднай, такой самай бязлюднай, як месяц, які даўно ўжо страціў сваю жыццёвую цеплыню.

— Праз колькі вякоў гэта здарыцца? — запытаў Кансель.

— Праз некалькі соцень тысяч гадоў, — адказаў я.

— У такім разе мы яшчэ паспеем скончыць сваё падводнае падарожжа, калі толькі Нэд Лэнд не ўмудрыцца да тэрміну спыніць яго.

І, супакоіўшыся наконт будучыні зямлі, Кансель зноў пачаў назіраць жыццё пад вадою, карыстаючыся тым, што “Наўтылус” ішоў цяпер з сярэдняй хуткасцю.

Там, на скалах вулканічнага паходжання, пышна расквітнелі сады жывых раслін — медуз Бугенвіля, кунін, губак, галатурый, марскіх гуркоў, пераліваючых усімі колерамі вясёлкі, адбіваючы сонечныя праменні; вандруючых каматул, шырынёй у метр, пурпуровая афарбоўка якіх кідала чырвоны водбліск на акаляючую іх ваду; гідраактыній з даўгімі сцябламі; мноства разнавіднасцей спажыўных мідзій; зялёных актыній на шэрых ножках, з дыскам, пакрытым густой шэвелюрай аліўкавых шчупальцаў.

Кансель заняўся назіраннем малюскаў і налічыў многа прадстаўнікоў спандылій, клаўшыхся адзін на аднаго, разяўніц, шалей з жоўтымі плаўнікамі і празрыстымі ракавінамі, апраўдваючых сваю назву марскіх матылёў, слімакоў з зялёнымі кропкамі на ракавінах, аплізій, вядомых пад назвай марскіх зайцаў, мясістых спажыўных сэрцавідак, марскіх вушкаў, ракавіны якіх усыпаны каштоўным перламутрам, мідзій, якіх у Лангедоку лічаць больш смачнай стравай, чымся вустрыцы, грабенчатых вісельнікаў, марскіх фінікаў, эолідаў, дрэваточцаў, катушак, цінерарый і шмат іншых.

Але тут “Наўтылус”, перайшоўшы праз бар’ер Сіцылійскае пратокі і трапіўшы зноў у глыбокія пласты, паімчаўся з ранейшай хуткасцю. Зноў малюскі, зоафіты і членістаногія зліліся ў няясную жывую сцяну, з якой на секунду ўзнікалі контуры паасобных буйных рыб.

У ноч з 16 на 17 лютага мы апынуліся над другім басейнам Міжземнага мора, найбольшая глыбіня якога не перавышае трох тысяч метраў. Тут “Наўтылус” на поўным хаду хутка апусціўся на самае дно.

Там замест цудаў прыроды нас чакала жалобнае і жудаснае відовішча. Мы знаходзіліся цяпер у той частцы Міжземнага мора, у якой адбывалася шмат катастроф з караблямі. Колькі караблёў загінула без вестак паміж берагамі Алжыра і Праванса! Міжземнае мора ў параўнанні з неабсяжнымі прасторамі Ціхага акіяна не больш як возера, але гэтае возера капрызнае і хцівае, воды яго здрадлівыя і нясталыя: сёння яны калыхаюць і лашчуць кволае судзёнца, якое плыве па асляпляюча сіняй вадзе пад асляпляюча сінім небам, а заўтра ўздыбленае, хмурае і лютае, кароткімі і частымі ўдарамі сваіх валоў яно разносіць у трэскі самы вялікі карабель.

Колькі загінуўшых суднаў мільгала перад маімі вачыма ў час гэтага шпаркага плавання ў глыбокаводных пластах! Адны з іх, што ўжо даўно ляжаць на дне, пакрыліся каралавымі адкладамі, іншыя рэшткі нядаўніх крушэнняў — толькі паіржавелі. На ўсім нашым І шляху дно было засланае якарамі, гарматамі, ядрамі, грэбнымі валамі, часткамі машын, разбітымі цыліндрамі, узарванымі катламі. Месцамі ў вадзе віселі, не кранаючыся дна, цэлыя карпусы суднаў — адны кілем уніз, другія перавернутыя.

Некаторыя з гэтых суднаў загінулі пры сутычках, другія натыкнуліся на рыфы. Мне ў вочы трапляліся і такія, што затанулі вертыкальна, з непашкоджанымі мачтамі, з цэлай аснасткай... Яны як быццам стаялі на якары на адкрытым рэйдзе, чакаючы загаду пусціцца ў плаванне.

Калі “Наўтылус” праходзіў каля іх, заліваючы іх святлом свайго пражэктара, здавалася, што зараз-жа ў іх на кармавым флагштоку ўзнімецца сцяг, вітаючы сустрэчнае судна і жадаючы яму шчаслівай дарогі.

Але сцяг не ўздымаўся. Смерць і нямая цішыня непадзельна панавалі на гэтым марскім могільніку...

Я заўважыў, што па меры набліжэння “Наўтылуса” да Гібралтарскай пратокі ўсё большая колькасць гэтых сумных рэшткаў крушэння засцілала марское дно. Чым цясней зыходзяцца берагі Еўропы і Афрыкі, тым часцей робяцца сутычкі суднаў. Я бачыў тут мноства жалезных карпусоў, скалечаных рэшткаў параходаў, стаячых тырчком альбо ляжачых на баку, падобных на фантастычных жывёл. Асабліва цяжкае ўражанне рабіў адзін калёсны параход: борт яго быў як быццам распораты, трубы пагнуліся, ад колаў застаўся толькі пакамячаны жалезны каркас, стырно адарвалася ад кармы і вісела на жалезным ланцугу, корпус яго быў увесь з’едзены іржой... Колькі чалавек загінула на ім? Колькі засталося ў жывых, каб расказаць аб гэтай жудаснай катастрофе? А можа, хвалі зайздросна хавалі сваю тайну?.. Мне прыйшла ў галаву думка, што гэты параход — той самы “Атлас”, таемнае знікненне якога гадоў дваццаць назад доўга хвалявала свет. Якую жудасную кнігу можна было-б напісаць пра тайны дна Міжземнага мора, пра гэты велізарны магільнік, дзе захавана столькі багацця, дзе столькі людзей знайшлі сваю смерць!

Між тым абыякі да ўсяго “Наўтылус” працягваў свой хуткі падводны бег. 18 лютага, каля трох гадзін а поўначы ён апынуўся каля ўвахода ў Гібралтарскую пратоку.

Там існуе два цячэнні — верхняе, даўно вядомае, якое нясе воды Атлантычнага акіяна ў Міжземнае мора, і сустрэчнае, ніжняе цячэнне, існаванне якога было даказана лагічным шляхам. Сапраўды, узровень вады ў Міжземным моры, пры звычайным прыліве вады з Атлантычнага акіяна і з акаляючых яго рэк, павінен быў-бы з года ў год павышацца, бо ўстаноўлена, што адных выпарэнняў недастаткова для стрымання яго ў раўнавазе. Між тым, гэты ўзровень не павышаецца і, значыцца, немінуча трэба дапусціць існаванне другога цячэння, якое праходзіць над самым дном Гібралтарскае пратокі і выносіць у Атлантычны акіян лішкі Міжземнаморскай вады.

Так яно і аказалася ў сапраўднасці. “Наўтылус” скарыстаў гэтае спадарожнае цячэнне і хутка праімчаўся праз вузкую пратоку. На секунду перад маімі вачыма мільганулі руіны выдатнага храма Геркулеса, што апусціўся на дно, па словах Плінія, разам з астраўком, на якім ён быў пабудаваны, і праз некалькі хвілін мы ўсплылі на паверхню ўжо ў Атлантычным акіяне.

 

41 У грэцкай міфалогіі Плутон — бог падземнага агню; Нептун — бог мора.

Раздзел восьмы. Бухта Віго

Атлантычны акіян! Велізарная водная раўніна, паверхня якой мае дваццаць пяць мільёнаў квадратных міль, раўніна, якая цягнецца ў даўжыню амаль на дзевяць тысяч міль пры сярэдняй шырыні дзве тысячы семсот міль! Гэтае вялізнае мора амаль не было вядома ў старадаўнасці. Магчыма, толькі карфагеняне, гэтыя галандцы старадаўнасці, у сваіх гандлёвых плаваннях агібалі заходнія берагі Еўропы і Афрыкі! Звілістыя берагі гэтага акіяна раскінуліся на вялікай працяжнасці і павыразаны вусцямі найвялікшых у свеце рэк: св. Лаўрэнція, Місісіпі, Амазонкі, Ла-Платы, Орыноко, Нігера, Эльбы, Лауры, Рэйна, уліваючых у яго свае воды, што абваднялі самыя культурныя і самыя дзікія ў свеце краіны! Велічная гладзь вады, якую ва ўсіх кірунках баразняць караблі ўсіх краін і ўсіх народаў, і якая канчаецца двума жудаснымі для мораплаўцаў мысамі — мысам Горн і Добрай Надзеі!..

“Наўтылус” рассякаў сваім вострым фарштэўнем воды Атлантычнага акіяна пасля таго, як за тры з паловай месяцы прайшоў звыш дзесяці тысяч лье — адлегласць, амаль роўная даўжыні зямнога экватара. Куды ён накіраваўся цяпер, якія неспадзяванасці рыхтуе нам будучае?

Пасля выхаду з Гібралтарскай пратокі “Наўтылус” узяў курс у адкрыты акіян. Ён зноў вярнуўся на паверхню вады, і мы зноў мелі магчымасць выконваць свае штодзённыя прагулкі на свежым паветры.

Як толькі мы ўсплылі ў першы раз, я паспяшаў падняцца на палубу з Нэдам Лэндам і Канселем.

За дваццаць міль ад нас ледзь віднеўся на кругавідзе мыс св. Вінцэнта, які замыкае з паўднёвага захаду Іспанскі паўвостраў. Дзьмуў даволі моцны паўднёвы вецер, які ўзняў на няветлівым моры вялікую хвалю. “Наўтылус” вельмі хістала. Немагчыма было доўга заставацца на яго палубе, на якую кожную хвіліну набягалі патокі салёнай вады. Падыхаўшы крышку свежым паветрам, мы паспяшылі апусціцца ў сярэдзіну карабля.

Я вярнуўся ў сваю каюту. Кансель пайшоў да сябе, але канадзец, нечым заклапочаны, пайшоў за мной. Нечакана хуткі пераход цераз Міжземнае мора не дазволіў яму выканаць свой план, і ён нават не спрабаваў захаваць сваю прыкрасць.

Ён зачыніў дзверы каюты, сеў на крэсла і моўчкі паглядзеў на мяне.

— Разумею вас, дружа, Нэд, — сказаў я яму. — Але супакойцеся, вам няма ў чым папракаць сябе! У тых умовах, у якіх прайшло гэтае плаванне, думаць аб уцяканні было немагчыма!

Нэд Лэнд не адказаў. Яго нахмураныя бровы і шчыльна сціснутыя вусны сведчылі, што яго апанавала адна неадступная ідэя.

— Паслухайце, — сказаў я яму, — будзьце разважлівым! Нічога не страчана! Мы падымемся зараз да поўначы ўздоўж берагоў Партугаліі. Мы пройдзем каля Францыі і Англіі, дзе таксама лёгка знайсці прытулак. Вось каб “Наўтылус” па выхадзе з Гібралтарскай пратокі накіраваўся на поўдзень, дзе бадай няма сушы, я-б і сам падзяляў вашу трывогу. Але цяпер мы ведаем, што капітан Нэма не ўхіляецца людных мораў, і я не сумняваюся, што праз некалькі дзён вы зможаце падрыхтаваць зусім бяспечныя ўцёкі.

Нэд Лэнд яшчэ больш пільна паглядзеў на мяне і, раскрыўшы нарэшце вусны, сказаў:

— Мы бяжым сёння ўвечары!

Я схапіўся, як укушаны. Прызнаюся, я зусім не быў падрыхтаваны да гэтага паведамлення. Я хацеў супярэчыць канадцу, але не знаходзіў адпаведных слоў.

— Мы ўмовіліся чакаць зручнага выпадку, — прадаўжаў Нэд Лэнд. — Гэты выпадак ёсць. Сёння ўвечары мы будзем усяго за некалькі міль ад іспанскага берага. І Ночы цяпер цёмныя, без месяца. Вецер шуміць ва ўсю. Вы далі мне слова, спадар прафесар, і я спадзяюся на вас.

Я па-ранейшаму маўчаў. Канадзец устаў і падышоў бліжэй да мяне.

— Сёння ў дзевяць гадзін! — сказаў ён. — Я папярэдзіў Канселя. У гэтую гадзіну капітан Нэма, мусіць, зачыніцца ў сваім пакоі, а можа ўжо ляжа спаць. Ні механік, ні матросы, не могуць убачыць нас. Кансель і я схаваемся пад лесвіцай, што вядзе на палубу. Вы, спадар прафесар, будзеце чакаць майго сігнала ў бібліятэцы. Вёслы, мачты, парус знаходзяцца ў шлюпцы. Мне ўдалося нават аднесці ў яе крыху харчоў. Я дастаў таксама англійскі ключ, каб адкруціць гайкі, якія трымаюць шлюпку на палубе “Наўтылуса”. Такім чынам усё падрыхтавана. Бывайце, да вечара!

— Мора дужа бурнае, — сказаў я.

— Згодзен з вамі, — адказаў канадзец, — але прыйдзецца не звяртаць на гэта ўвагі. Воля каштуе невялікай небяспекі. Шлюпка “Наўтылуса” моцная, а прайсці некалькі міль пры спадарожным ветры нават у такое падвор’е — гэта проста глупства. Хто ведае, можа заўтра мы будзем ужо за сотню міль ад берага? Калі ўмовы складуцца спрыяльна для нас, дык між дзесяццю і адзінаццаццю гадзінамі вечара мы ўжо выберамся на сушу ў якім-небудзь пункце іспанскага ўзбярэжжа. Калі-ж не, то ў гэты час мы будзем мёртвымі. Значыцца, да вечара!

З гэтымі словамі канадзец выйшаў з каюты, пакінуўшы мяне ў поўнай трывозе. Я чамусьці думаў, што калі прыйдзе час для ўцёкаў, можна будзе ўсё дэталёва абмеркаваць і паспрачацца з Нэдам Лэндам. Але ўпарты канадзец не дазволіў мне нават і слова сказаць. Ды і што я яму мог адказаць? Нэд Лэнд тройчы меў рацыю. Гэта быў больш-менш зручны выпадак, і ён рашыў скарыстаць яго.

Ці меў я права адмовіцца ад свайго слова і ставіць з-за асабістых інтарэсаў на карту лёс сваіх таварышаў? Хіба заўтра капітан Нэма не мог зноў зацягнуць нас у водную пустыню, далёкую ад усякай зямлі?

У гэты час пачуўся моцны свіст. Я зразумеў, што Наўтылус напаўняе свае рэзервуары вадой і апускаецца ў глыб акіяна.

Я застаўся ў сваёй каюце, каб не сустракацца з капітанам Нэма, які мог заўважыць на маім твары апанаваўшае мяне хваляванне.

Які нудны дзень правёў я, хістаючыся паміж жаданнем зноў вярнуць сабе волю і шкадаваннем пакінуць цудоўны карабель, не скончыўшы сваіх падводных назіранняў!

Пакінуць так неспадзявана гэты акіян, “маю Атлантыку”, як я казаў сабе, не вырваўшы ў яго таямніц, якія раскрыў перада мной Ціхі і Індыйскі акіяны. Прачытаць толькі адзін том гэтай чароўнейшай у свеце кнігі і добраахвотна адмовіцца ад чытання іншых тамоў!

Якія сумныя гадзіны правёў я ў сваёй каюце, то ўяўляючы сябе вольным, як паветра, на сушы, абкружаным таварышамі, альбо марачы аб тым, што якая-небудзь непрадбачаная акалічнасць пашкодзіць выкананню планаў Нэда Лэнда!

Два разы я выходзіў у салон. Я хацеў паглядзець на компас і высветліць, куды накіроўваецца “Наўтылус” — да сушы ці ад яе.

Але не! “Наўтылус” увесь час ішоў недалёка ад Партугаліі. Яго курс ляжаў прама на поўнач уздоўж яе берагоў.

Нічога не заставалася рабіць, трэба было рыхтавацца да ўцякання.

Мой багаж быў невялікі — ён складаўся толькі з запісак.

Я пытаў сябе, як паглядзіць на нашы ўцёкі капітан Нэма, якую трывогу, якую шкоду мы зробім яму, і як ён паступіць у выпадку ўдачы ці няўдачы гэтага ўцякання.

Безумоўна, я не меў падстаў скардзіцца на яго. Наадварот! Цяжка было сабе ўявіць гасціннасць больш поўную і больш ветлівую. Але, з другога боку, у яго не магло быць падстаў папракаць мяне за няўдзячнасць. Я не даваў яму ніякіх абяцанняў не спрабаваць уцякаць. Мы не былі палоннікамі, адпушчанымі на волю на чэснае слова; калі нас не трымалі пад замком па караблі, дык гэта тлумачылася толькі верай у тое, што з “Наўтылуса” нельга ўцячы. І, акрамя таго, неаднаразовыя заявы капітана, што мы ніколі ў жыцці не зможам пакінуць яго судна, апраўдвалі кожную нашу спробу.

Я не бачыў капітана з часу нашага прабывання каля берагоў вострава Сантарына. Няўжо выпадак сутыкне нас напярэдадні майго ўцякання? Я адначасова і жадаў і баяўся гэтага.

Я прыслухаўся, ці не крочыць ён па сваёй каюце, побач з маёй. Але ні малейшы шум не даходзіў з-за перагарожы. Мусіць, у каюце нікога не было.

Я стаў сябе пытаць, ці сапраўды гэты загадкавы чалавек знаходзіцца на борце “Наўтылуса”? З той памятнай ночы, калі шлюпка пакінула “Наўтылус”, выконваючы нейкія таемныя даручэнні, я крышку змяніў свой погляд на капітана Нэма. Я пераканаўся, што, не гледзячы на ўсе яго сцвярджэнні, ён усё-ж захаваў нейкія сувязі з сушай. Ці сапраўды ён ніколі не пакідаў “Наўтылуса”? Было-ж, што я па цэлых тыднях не сустракаў яго. Што рабіў ён у гэты час? Раней я лічыў, што ў яго бываюць перыядычныя прыступы мізантропіі42 цяпер-жа мне прыйшло ў галаву, што ў гэты час ён выконваў на сушы нейкую місію, аб характары якой я не мог мець нават ніякай здагадкі.

Гэтыя думкі і тысячы іншых апанавалі мяне, не даючы спакою. У тым дзіўным становішчы, у якім мы знаходзіліся, можна было будаваць безліч самых беспадстаўных здагадак. Я адчуваў нясцерпныя пакуты. Гэтае чаканне здавалася мне бясконцым. Гадзіннік адбіваў час з неймавернай маруднасцю.

Абед мне падалі, як заўсёды, у каюту. Заклапочаны будучымі падзеямі, я дрэнна еў. Я ўстаў з-за стала а сёмай гадзіне. Сто дваццаць хвілін — а я лічыў кожную секунду! — аддзялялі мяне ад таго часу, калі я павінен буду далучыцца да Нэда Лэнда. Маё хваляванне ўсё ўзрастала. Пульс у мяне стукаў надзвычай часта. Я не мог уседзець ні на адным месцы. Я хадзіў па пакою ўзад і ўперад, спадзяючыся хадой заспакоіць усхваляваныя нервы. Думка аб тым, што мы можам загінуць пры гэтай смелай спробе, менш за ўсё непакоіла мяне; але затое боязнь, што наш план будзе адкрыты раней, як мы пакінем “Наўтылус”, што нам прыйдзецца з’явіцца перад ашалелым альбо, яшчэ горш, пакрыўджаным гэтай здрадай капітанам Нэма, прыгняталі мяне і прымушалі сэрца моцна калаціцца.

Мне захацелася ў апошні раз агледзець салон. Вузкім калідорам я прайшоў гэты выдатны музей, дзе правёў столькі прыемных і карысных гадзін. Я разглядаў сабраныя ў ім каштоўнасці, як чалавек, прысуджаны да вечнага выгнання і ведаючы, што хутка ён павінен будзе назаўсёды разлучыцца з гэтымі дзіўнымі творамі мастацтва — з гэтымі цудамі прыроды, сярод якіх праходзілі апошнія месяцы майго жыцця. Мне захацелася напаследак яшчэ раз зірнуць праз акно салона на воды Атлантычнага акіяна. Але акяніцы былі шчыльна зачынены, і жалезная абшыўка корпуса хавала ад мяне яго таямніцы.

Ходзячы па салону, я наблізіўся да дзвярэй, вядучых у пакой капітана Нэма. На маё найвялікшае здзіўленне, дзверы гэтыя былі амаль адчыненыя. Я шпарка падаўся назад; калі капітан Нэма быў у сваім пакоі, ён мог убачыць мяне. Аднак, не чуючы ані гука, я зноў падышоў. У пакоі нікога не было. Я расчыніў дзверы і зайшоў у сярэдзіну. У пакоі нішто не змянілася. Абсталяванне было такое-ж суровае.

Маю ўвагу прыцягнула некалькі афортаў, развешаных па сценах. У мінулае маё наведванне гэтага пакою я не заўважыў іх. Гэта былі партрэты барацьбіта за свабоду Польшчы Касцюшко, Бацарыса — Леаніда43 сучаснай Грэцыі, о’Конэля — змагара за незалежную Ірландыю, Георга Вашынгтона — заснавальніка Паўночнаамерыканскага саюза, Лінкальна, загінуўшага ад кулі фанатыка-рабаўласніка, і нарэшце ахвяры барацьбы за вызваленне неграў ад нявольніцтва — Джона Броўна, усцягнутага на шыбеніцу, — жудасны і дзіўны малюнак алоўкам, зроблены рукою Віктара Гюго.

Чаму капітан Нэма павесіў гэтыя партрэты ў сваёй спальнай? Якая сувязь існавала паміж гэтымі героямі і ім? Можа гэты збор партрэтаў дапаможа мне рашыць загадку яго жыцця? Ці быў ён правадыром прыгнечанага народу, вызваленцам нявольнікаў? Ці прымаў ён удзел у якіх-небудзь палітычных ці сацыяльных рухах апошняга часу? Можа ён быў удзельнікам крывавай і навекі памятнай грамадзянскай вайны між паўночнымі і паўднёвымі штатамі?

Раптам гадзіннік прабіў восем удараў. Першы ж удар малаточка па звану абудзіў мяне ад мар. Я ўздрыгануўся, як быццам нябачнае вока пранікла ў таямніцы маіх думак, і паспешна выбег з пакою.

У салоне я першым чынам паглядзеў на компас. Стрэлка яго паказвала, што мы нязменна накіроўваемся на поўнач. Лаг паказваў сярэднюю хуткасць, манометр — глыбіню шэсцьдзесят, прыкладна, метраў. Умовы, такім чынам, складаліся як нельга лепей для ажыццяўлення плана Нэда Лэнда.

Я вярнуўся ў сваю каюту і цёпла апрануўся: нацягнуў высокія марскія боты, цёплую шапку, цёплую куртку, падбітую нэрпавай скураю. Цяпер я быў гатовы. Заставалася чакаць.

Глыбокую цішу, панаваўшую на “Наўтылусе”, парушаў толькі шум вінта. Прыслухоўваючыся, я стаяў каля дзвярэй, баючыся пачуць раптоўны шум чалавечых галасоў, якія сведчылі-б, што Нэда Лэнда заспелі ў момант выканання яго “злачыннага” плана. Шалёная трывога ахапіла мяне... Дарэмна я імкнуўся вярнуць сабе спакой.

У дзевяць гадзін без некалькіх хвілін я прытуліў вуха да сценкі, што аддзяляла маю каюту ад капітанскай, і прыслухаўся. Ні гуку не чулася адтуль. Я выйшаў з каюты і зайшоў у салон. Ён быў крыху асветлены, але нікога там не было.

Я адчыніў дзверы ў бібліятэку. Там было таксама цёмна і пуста. Я пайшоў да дзвярэй, якія вядуць на лесвіцу, каб там дачакацца сігнала Нэда Лэнда.

У гэтую хвіліну шум вінта значна паменшыўся, а потым і зусім сціх. Чаму раптам “Наўтылус” спыніўся? Ці садзейнічала гэтая астаноўка ажыццяўленню плана Нэда Лэнда, альбо шкодзіла яму? Гэтага я не ведаў. Цяпер цішыня парушалася толькі напружаным туканнем майго сэрца.

Раптам адчуўся лёгкі штуршок. Я зразумеў, што “Наўтылус” апусціўся на дно акіяна. Я яшчэ больш усхваляваўся. Канадзец не падаваў сігнала. Мне хацелася пайсці да Нэда Лэнда і ўгаварыць яго адкласці ўцёкі. Я адчуваў, што ў гэты вечар наша плаванне праходзіць не ў звычайных умовах.

У гэты момант на парозе бібліятэкі з’явіўся капітан Нэма. Заўважыўшы мяне, ён, не вітаючыся, але вельмі ветлівым тонам сказаў.

— А, спадар прафесар, я вас шукаў. Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

Каб ён запытаў мяне, ці ведаю я гісторыю сваёй радзімы, і то я ў цяперашнім сваім стане не мог-бы нічога адказаць яму.

— Вы чулі маё пытанне? — запытаў капітан Нэма. — Ці ведаеце вы іспанскую гісторыю?

— Вельмі дрэнна, — нарэшце знайшоў я ў сабе здольнасць адказаць.

— Ото-ж гэтыя мне вучоныя! — сказаў капітан. — Акрамя сваёй спецыяльнасці, нічога яны не ведаюць! Сядайце, — дадаў ён, — я раскажу вам адзін цікавы эпізод з гэтай гісторыі.

Капітан ёмка ўсеўся на канапу, я таксама сеў, выбраўшы куток пацямнейшы.

— Спадар прафесар, — пачаў ён, — слухайце-ж мяне ўважліва. Маё апавяданне зацікавіць вас, таму што яно крышку растлумачыць адно пытанне, якое вы безумоўна ставілі сабе і не маглі адказаць:

— Я слухаю вас, капітан, — адказаў я, устрывожаны гэтай прадмовай.

Я не ведаў да чаго вядзе сваю прамову капітан, і пытаў сябе, ці мае сувязь яго гісторыя з нашай няўдалай спробай уцячы.

— Калі дазволіце, спадар прафесар, — казаў капітан, — мы пачнём з 1702 года. Можа вы памятаеце, што ў тую эпоху французскі кароль Людовік шаснаццаты, думаўшы сабе, што даволі яму паварушыць пальцам, каб Пірэнеі праваліліся скрозь зямлю, пасадзіў на іспанскі прастол свайго ўнука, герцага Анжуйскага. Гэтаму ў дастатковай ступені бясталентнаму прынцу, панаваўшаму пад імем Філіпа пятага, прыйшлося сутыкнуцца з моцнымі вонкавымі ворагамі.

Сапраўды, годам раней, у 1701 годзе галандскі, аўстрыйскі і англійскі каралі заключылі ў Гаазе саюз, які ставіў сабе задачай сарваць іспанскую карону з галавы Філіпа пятага і ўзлажыць яе на галаву нейкага эрцгерцага, якога яны заўчасна называлі ўжо Карлам трэцім.

Іспанія павінна была змагацца супраць гэтай кааліцыі, але ў яе амаль не было ні салдат, ні матросаў. Аднак у грошах у яе недахвату не было, пры ўмове, вядома, што гружаныя амерыканскім золатам і срэбрам галіёны змогуць бесперашкодна ўвайсці ў яе парты. Акурат у канцы 1702 года Іспанія чакала багаты транспарт з Амерыкі, які канваіравала французская эскадра ў складзе дваццаці трох суднаў пад камандай адмірала Шато-Рэно. Гэты канвой быў неабходны, бо аб’яднаны флот ворагаў Іспаніі знаходзіўся ў Атлантычным акіяне.

Транспарт накіроўваўся ў Кадыкс, але адмірал даведаўся, што ў кадыкскіх водах крэйсіруе англійская эскадра, і вырашыў увайсці ў які-небудзь французскі порт.

Аднак іспанскія капітаны запратэставалі супраць гэтага рашэння. Яны патрабавалі даставіць іх толькі ў іспанскі порт і, паколькі ў Кадыкс нельга было прабрацца, прапанавалі ісці ў бухту Віго, якая не была блакавана ангельцамі.

Адмірал Шато-Рэно меў слабасць згадзіцца з гэтым патрабаваннем і галіёны ўвайшлі ў бухту Віго.

На жаль, гэтая бухта шырока адкрыта з боку мора і заступіць доступ у яе было немагчыма. Таму трэба было спяшацца з выгрузкай галіёнаў, пакуль не прыйшоў флот варожай кааліцыі; часу на гэта было зусім дастаткова, і ўсё абышлося-б добра, каб раптам не ўзнікла бязглуздая справа аб парушэнні прывілей...

— Вы ўважліва сочыце за маім апавяданнем? — раптам абарваў сябе капітан Нэма.

— Вельмі ўважліва, — сказаў я, ніяк не разумеючы, з якой мэтай ён чытае мне гэтую лекцыю па гісторыі.

— У такім разе я працягваю. Вось што здарылася. У кадыкскіх гандляроў была прывілея, згодна якой усе грузы, прыбываўшыя з Вест-Індыі, як тады называлі Амерыку, павінны былі разгружацца ў Кадыкса. Такім чынам, разгрузка галіёнаў з золатам у бухце Віго з’яўлялася парушэннем іхняй прывілеі. Яны паскардзіліся ў Мадрыд і дабіліся ад слабага воляй Філіпа пятага абяцання, што транспарт, не прыступаючы да разгрузкі, будзе секвестраваны44 ў бухце Віго да таго часу, пакуль флот кааліцыі не зніме блакады з Кадыкса. Але пакуль гэтае рашэнне выносілася ў Мадрыдзе, дваццаць другога кастрычніка 1702 года англійскія судны ўвайшлі ў бухту Віго. Адмірал Шато-Рэно, не гледзячы на бясспрэчную перавагу сіл супраціўніка, мужна змагаўся. Але, убачыўшы, што залаты транспарт немінуча павінен трапіць у рукі ворагаў, ён падпаліў і патапіў галіёны, якія пайшлі на дно разам са сваім скарбам.

Капітан Нэма змоўк. Прызнацца, я ўсё яшчэ не разумеў, чым мяне павінна была зацікавіць гэтая гісторыя.

— А далей? — запытаў я.

— Далей? Далей тое, што мы цяпер знаходзімся на дне гэтай самай бухты Віго, і толькі ад нас зале-жыць пранікнуць у яе таямніцы.

Капітан падняўся і запрасіў мяне ісці за ім. Я паспеў ужо авалодаць сабою і спакойна пайшоў за ім.

У салоне было цёмна; скрозь адчыненыя акяніцы віднелася іскрыстая марская вада. Я падышоў да акна.

Пражэктар ярка асвятляў ваду на паўмілі па радыусу. Святло яго было настолькі моцным, што можна было разгледзець кожную пясчынку.

Матросы з каманды “Наўтылуса”, апранутыя ў скафандры, варушылі на дне паўзгнілыя бочкі, паламаныя скрынкі, выцягваючы іх з кучы іншых адломкаў. З гэтых скрынак і бочак бруілася золата, срэбра, каштоўныя каменні. Увесь пясок быў засыпаны імі. Узваліўшы на спіну скрыню альбо бочку, матросы ішлі да карабля, складалі свой каштоўны груз і вярталіся за новым запасам у гэтую невычарпальную скарбніцу.

Цяпер я зразумеў. Гэта было месца марской бойкі. Тут 22 кастрычніка 1702 года затапіліся галіёны, якія везлі золата іспанскаму каралю. У гэтых залатых пясках капітан Нэма чэрпаў золата, калі яно яму было патрэбна. Толькі яму, яму аднаму належалі гэтыя бочкі, гэтыя скрыні. Ён быў непасрэдным і адзіным наследнікам усяго гэтага багацця, адабранага ад інкаў45 Эрнандам Кортэсам46.

— Ці ведалі вы, спадар прафесар, — усміхаючыся, запытаўся капітан Нэма, — што мора змяшчае гэткае багацце?

— Я ведаў толькі тое, што ў марской вадзе растворана каля двух мільёнаў тон срэбра.

— Гэта правільна, але каб дастаць гэтае срэбра з вады, прыйшлося-б зрабіць больш выдаткаў, чымся атрымаць прыбытку. А тут трэба толькі сагнуцца, каб падняць тое, што людзі згубілі. І не толькі бухта Віго служыць для мяне скарбніцай: ёсць яшчэ тысячы не менш багатых месцаў крушэнняў, адзначаных на маёй падводнай карце. Разумееце вы цяпер, што маё багацце мераецца мільярдамі?

— Добра разумею, капітан. Дазвольце толькі сказаць вам, што чэрпаючы золата ў гэтай бухце Віго, вы выперадзілі адно камерцыйнае таварыства, якое магло-б спрачацца з вамі.

— Якое?

— Таварыства, якое атрымала ад іспанскага ўрада права шукаць затануўшыя галіёны. Акцыянеры гэтай кампаніі спяць і бачаць гэтыя пяцьсот мільёнаў, бо каштоўнасць груза патануўшых галіёнаў была ацэнена іменна ў гэтую суму.

— Пяцьсот мільёнаў? — паўтарыў капітан Нэма. — Яны тут былі, але іх ужо няма.

— Разумею, — сказаў я. — Таму некалькі слоў папярэджання ўдзельнікам гэтай справы былі-б зусім не лішнімі. Але хто ведае, як гэтае папярэджанне будзе прынята? Вы-ж ведаеце, што ігракі заўсёды больш шкадуюць аб страце шалёных надзей, чымся аб згубе грошай. Ну, але мне не шкода гэтых ігракоў. Я больш шкадую аб тым, што грошы, якія маглі-б дапамагчы сотням тысяч беднякоў, ніколі не дойдуць да іх...

Я яшчэ не скончыў фразы, як адчуў, што яна абразіла капітана Нэма.

— Ніколі не дойдуць да іх? — усклікнуў ён. — Значыцца, вы лічыце, што гэтыя грошы страчаны, паколькі яны падабраны мною? Няўжо вы думаеце, што я для сябе збіраю гэтыя скарбы? Хто вам сказаў, што я не раблю з іхняй дапамогаю добрых спраў? Я ведаю, што на зямлі існуе безвыходнае гора, прыгнечаныя народы, няшчасці, патрабуючыя дапамогі, і ахвяры, заклікаючыя да помсты! Хіба вы на разумееце, што...

Тут капітан Нэма раптам змоўк. Можа ён пашкадаваў што ў парыве абурэння сказаў лішняе? Але я ўжо і так усё зразумеў. Якія-б ні былі прычыны, прымусіўшыя яго шукаць незалежнасць пад вадой, але раней за ўсё ён заставаўся чалавекам. Яго сэрца аблівалася крывёй ад пакут чалавецтва, і ён шчодрай рукой рабіў дапамогу прыгнечаным народам і паасобным людзям.

Я зразумеў цяпер, каму прызначаліся мільёны, адпраўленыя капітанам Нэма ў той дзень, калі “Наўтылус” знаходзіўся каля ахопленага паўстаннем вострава Крыта!

 

42 Мізантропія — нялюднасць, чалавеканенавісніцтва.

43 Леанід — спартанскі цар, на чале невялікага грэцкага атрада абараняў Фермапільскі праход ад вялікай арміі персаў і загінуў разам са ўсім сваім атрадам.

44 Секвестр — забарона, накладзеная на якую-небудзь маёмасць уладай.

45 Інкі — самае значнае і багатае племя ў Паўднёвай Амерыцы да яе заваёвы іспанцамі.

46 Кортэс — іспанскі дваранін, заваёўнік Мексікі.

Раздзел дзевяты. Загінуўшае сухазем’е

Наступнай раніцаю да мяне зайшоў канадзец. Я чакаў гэтага наведвання.

У Нэда Лэнда быў вельмі засмучаны выгляд.

— Што скажаце, спадар прафесар, — пачаў ён.

— Што-ж тут казаць, Нэд? — адказаў я. — Выпадак здрадзіў нам.

— Так... Трэба-ж было гэтаму праклятаму капітану спыніць свой карабель акурат у тую хвіліну, калі мы збіраліся ўцякаць.

— Нічога не зробіш, Нэд, ён павінен быў наведаць свайго банкіра.

— Банкіра?

Нэд шырока раскрыў вочы.

— Дакладней кажучы, касу свайго банка. Я маю на ўвазе дно акіяна, дзе багацце куды лепей схавана, чымсь у якім хочаш дзяржаўным схавальніку.

І я расказаў Нэду Лэнду падзеі папярэдняга вечара, спадзяючыся, што маё апавяданне прымірыць яго з капітанам і прымусіць адмовіцца ад уцякання.

Але адзіным вынікам было шчырае шкадаванне Нэда Лэнда, што яму на прыйшлося самому пагуляць на месцы бойкі пры Віго і вынесці адтуль больш канкрэтныя ўспаміны.

— Аднак, — сказаў ён, вяртаючыся да сваёй неадступнай ідэі, — нічога яшчэ не страчана. Тое, што не ўдалося ўчора ўвечары, можа здарыцца сёння...

— Куды ідзе “Наўтылус”? — запытаў я яго.

— Не ведаю.

— У поўдзень паглядзім па карце.

Канадзец звярнуўся да Канселя. Апрануўшыся, я паспяшыў выйсці ў салон. Компас паведаміў мне не вельмі прыемныя весткі: “Наўтылус” ішоў на паўднёвы захад.

Мы павярнуліся спіной да Еўропы.

Я з нецярпеннем чакаў паўдзённых назіранняў вынік якіх зараз-жа адзначаецца на карце.

А палове дванаццатай насосы спаражнілі рэзервуары, і “Наўтылус” усплыў на паверхню акіяна.

Я кінуўся на палубу; Нэд Лэнд выперадзіў мяне.

Перад намі не было ніякай зямлі. Толькі неабсяжнае мора. Некалькі паруснікаў віднеліся на кругавідзе, — мусіць гэта былі тыя, што, чакаючы спадарожнага ветру, каб абыйсці мыс Добрай Надзеі, даходзяць да мыса св. Рока. Неба было зацягнута хмарамі. Відаць чакаўся шквал.

Засмучоны Нэд Лэнд стараўся прасвідраваць зрокам воблачную заслону на гарызонце: ён спадзяваўся, што ў тумане ўбачыць жаданую сушу.

У поўдзень ненадоўга паказалася сонца. Памочнік капітана скарыстаў гэта, каб вызначыць яго вышыню. Паколькі на моры паднялося вялікае хваляванне, “Наўтылус” зараз-жа зноў апусціўся ў ваду.

Праз гадзіну, калі на карце было адзначана становішча карабля, я ўбачыў, што мы знаходзімся на адлегласці шасцісот кіламетраў ад бліжэйшай зямлі, пад 16°17́ даўгаты і 33°22́ шыраты. Не было чаго і думаць уцякаць пры гэтых умовах.

Няцяжка сабе ўявіць, як засмуціўся канадзец пры гэтай навіне. Што датычыцца мяне, дык я не дужа шкадаваў. Наадварот, у мяне нібы камень зваліўся з сэрца, і я з найвялікшай прыемнасцю вярнуўся да сваіх бягучых спраў.

Позна ўвечары, каля адзінаццаці гадзін, да мяне нечакана зайшоў капітан Нэма.

Ён вельмі ласкава запытаў мяне, ці не стаміў мяне ўчарашні вечар.

Я адказаў, што ані трохі.

— У такім выпадку, спадар прафесар, я прапаную вам прыняць удзел у вельмі цікавай экскурсіі, — сказаў ён.

— Калі ласка, капітан.

— Вы да гэтага часу наведвалі марское дно толькі ўдзень, пры сонечным асвятленні. Хочаце паглядзець на яго ў цёмную ноч?

— З вялікай ахвотай.

— Папераджаю вас, што шпацыр будзе ўтомны. Прыйдзецца шмат хадзіць і ўзбірацца на горы. Дарогі тут, як вам вядома, зусім дрэнныя.

— Вы толькі раздражнілі маю цікавасць, капітан. Я гатовы ісці за вамі.

— Тады пойдзем у гардэробную, спадар прафесар. Трэба надзець скафандры.

У гардэробнай я ўбачыў, што ні матросы з экіпажа “Наўтылуса”, ні мае таварышы не суправаджалі нас у гэтую экскурсію. Капітан Нэма нават не прапанаваў мне запрасіць Нэда Лэнда і Канселя.

Мы хутка апрануліся ў скафандры. Нам на спіну надзелі рэзервуар з вялікім запасам паветра. Але апаратаў Румкорфа і электрычных лямп нам не далі.

Я звярнуў на гэта ўвагу капітана.

— Яны не спатрэбяцца нам, — адказаў ён.

Мне здалося, што я не зусім пачуў, але паўтарыць сваю заўвагу я не змог, бо капітан ужо прасунуў галаву ў каску. Я паследваў яго прыкладу. Мне сунулі ў руку акаваны жалезам кій, і праз некалькі хвілін, пасля звычайных працэдур, мы ступілі на дно Атлантычнага акіяна на глыбіні трыста метраў.

Набліжалася поўнач. У вадзе было зусім цёмна, але капітан Нэма паказаў мне на нейкую чырвоную кропку, мільгаючую быццам вогнішча за дзве мілі ад “Наўтылуса”. Што гэта быў за агонь, што падтрымлівала яго, як і чаму ён гарэў пад вадою, я не мог сабе ўявіць. Як-бы там ні было, але ён асвятляў нам шлях, няхай слаба, але дастаткова, каб не адчуць патрэбы ў апаратах Румкорфа.

Я ішоў побач з капітанам Нэма прама на гэты агонь. Дно, роўнае раней, цяпер значна павышалася.

Мы ішлі вялікімі крокамі, абапіраючыся на палкі, але, не гледзячы на гэта, наогул рухаліся даволі марудна, бо ногі нашы часта грузлі ў твані.

Усю дарогу над маёй галавою чутны быў нейкі трэск; часамі трэск павялічваўся, нагадваючы барабанны бой. Неўзабаве я здагадаўся аб прычынах гэтага шуму. Над паверхняю акіяна ішоў дождж, і каплі яго бесперапынна стукаліся аб паверхню хваляў. Я спачатку спалохаўся, што прамокну, але тут-жа рассмяяўся ад гэткай думкі. Страшыцца дажджу, знаходзячыся пад вадою! Але справа ў тым, што пад скафандрам не адчуваеш, што знаходзішся ў вадзе, і заўважаеш хіба толькі, што навакольнае асяроддзе шчыльней за паветра.

Пасля паўгадзіны хады глеба зрабілася камяністай. Медузы, мікраскапічныя ракападобныя асвятлялі яе слабым фасфарычным блескам. Некаторыя камяні былі ўсеяны зоафітамі, іншыя параслі водарасцямі. Я некалькі разоў паслізнуўся на глейкім дне. І каб не было ў мяне кія, я, без сумнення, не раз упаў-бы. Азіраючыся назад, я ўвесь час бачыў пражэктар “Наўтылуса”, які пачынаў ужо бляднець на адлегласці.

Крушні каменняў былі размешчаны на дне акіяна як быццам не выпадкова, а ў пэўным строгім парадку.

Я бачыў у цемры нейкія гіганцкія прамыя выемкі альбо барозны. Я назіраў яшчэ нейкія дзіўнасці, якіх таксама не мог растлумачыць сабе. Мне здавалася, што мае цяжкія, падбітыя свінцом боты ступаюць па касцях і з сухім трэскам трушчаць іх. Якім дзіўным месцам была гэтая прасторная даліна, па якой мы ішлі!

Я хацеў задаць пытанне капітану, але не ведаў тых умоўных знакаў, пры дапамозе якіх ён гутарыў са сваімі матросамі, калі яны суправаджалі яго ў падводныя экскурсіі.

Між тым чырванаватае святло, што служыла нам праводнай зоркай, узмацнялася і залівала цяпер увесь кругавід. Гэты агонь, які гарыць пад вадой, распаліў да крайнасці маю цікавасць. Ці было гэта электрычнае святло? Або гэта які-небудзь феномен, невядомы зямным вучоным? А можа, — і такая думка мільганула ў маёй галаве, — гэта агонь, які падтрымлівае чалавек? Можа ў гэтых глыбокіх пластах вады я сустрэнуся з таварышамі і аднадумцамі капітана Нэма, якія вядуць такое-ж дзівоснае жыццё як і ён. Няўжо я знайду тут цэлую калонію выгнаннікаў, якія стаміліся ад людской несправядлівасці і стварылі незалежны і спакойны прытулак на дне акіяна?

Гэтыя бязглуздыя, недарэчныя думкі не выходзілі з маёй галавы. Ды і не дзіва. У тым становішчы вечнага ўзбуджэння, у якім мяне трымала бесперапыннае сузіранне ўсё новых цудаў, я-б нават не здзівіўся, натрапіўшы ў глыбіні мора на адзін з гэтых падводных гарадоў, аб якіх марыў капітан Нэма.

Наш шлях асвятляўся ўсё ярчэй і ярчэй. Крыніца святла знаходзілася недзе за верхавінай гары, што падымалася футаў на восемсот над дном. Святло, разлітае вакол мяне, было толькі пераломленымі ў вадзе праменнямі гэтае крыніцы, а само яно па-ранейшаму заставалася нябачным.

Капітан Нэма ішоў упэўнена па каменнаму лабірынту дна. Ён добра ведаў гэтую цёмную дарогу. Відаць, ён часта праходзіў па ёй, бо не баяўся зблудзіць. Я ішоў за ім, поўны давер’я. Ён здаваўся мне нейкай надзвычайнай істотай, падводным геніем, і я любаваўся яго высокай фігурай, цёмны контур якой адзначаўся на светлым фоне кругавіда.

Было ўжо каля гадзіны поўначы. Мы падышлі да падножжа гары. Але ўзбірацца на яе ў лоб было немагчыма, і мы пачалі караскацца па вузкіх сцежках у густым лесе.

Так, гэта быў лес, няхай з мёртвых, пазбаўленых лісця дрэў, скамянелых у салёнай вадзе, але ўсё-такі сапраўдны лес. Над гэтым лесам месцамі ўсё яшчэ ўзвышаліся гіганцкія сосны. Гэта быў каменны вугаль, яшчэ не сціснуты ў пласты, яшчэ стаячы прама, учапіўшыся мёртвымі каранямі за размытую глебу; галлё скамянелых дрэў усё яшчэ прасціралася ва ўсе бакі, выразна адзначаючыся сваёй ажурнай чарнатой у асвятлёнай вадзе. Сцяжынкі зараслі водарасцямі, у якіх варушыліся тысячы ракападобных. Я ўзбіраўся на скалы, пераскокваючы праз зваленыя даўнімі бурамі камлі дрэў, разрываў павуцінне марскіх ліян, якія загароджвалі мне дарогу, пудзіў рыб, як быццам пералятаўшых з галіны на галіну. Захапіўшыся, я не адчуваў стомы і не адставаў ад свайго правадніка, які, відаць, таксама не адчуваў зморанасці.

Якое незабыўнае відовішча! Як перадаць яго словамі? Якімі фарбамі намаляваць дрэвы і скалы ў вадзе, іхнія хмурыя падножжы і афарбаваныя ў чырвонае верхавіны, што яскравіліся і пераліваліся вясёлкаю у рассеяным святле пераламаных праменняў?

Мы пераскоквалі з кучы на кучу і чулі, як толькі што пакінутыя намі скалы коцяцца ўніз з глухім грукатам снежнай лавіны. Направа і налева ішлі ў далячыню змрочныя алеі, у глыбіні якіх губляўся змрок. Мы бачылі прасторныя лужайкі, здавалася расчышчаныя рукамі чалавека, і я мімаволі, пытаў сябе: а што, калі раптам перад намі з’явіцца адзін з жыхароў гэтай падводнай краіны?..

Капітан Нэма ўсё ішоў ды ішоў наперад. Я не хацеў адставаць і адважна следваў за ім. Мая палка давала мне рэальную дапамогу. Адзін няверны крок мог быць гібельным на гэтых вузкіх, пралягаючых па берагах бяздоння сцяжынках. Але я ўпэўнена прасоўваўся наперад, не адчуваючы ніякага галавакружэння. Я скакаў праз расколіны, глыбіня якіх — сустрэнься яны мне ў ледавіках зямлі — прымусіла-б мяне адступіць. Я адважваўся пераходзіць праз бяздонні па хісткіх ствалах дрэў, перакінутых з аднаго боку на другі, ні разу не зірнуўшы сабе пад ногі і не перастаючы захапляцца незвычайнай прыгожасцю раскінутых перада мною пейзажаў. Велічныя скалы, якія схіліліся на сваіх дзівачна высечаных падставах, здавалася, абвяргалі ўсе законы раўнавагі. Побач шырокія, размытыя спады віселі над сцежкамі пад такім кутом, які законы цяжару не дапусцілі-б на зямлі.

Ды і сам я адчуваў на самім сабе ўплыў вялікай шчыльнасці воднага асяродзішча: не гледзячы на цяжкую вопратку, медную каску на галаве і падбітыя свінцом падэшвы, я ўзбіраўся на стромкія сцены з лёгкасцю пірэнейскай сарны!

Я сам адчуваю, як непраўдападобна гучыць гэтая частка майго апавядання. Я павінен апісваць з’явы, якія на першы погляд здаюцца немажлівымі, але якія ў той-жа час рэальна існуюць. Я не брэдзіў, не марыў. Усё гэта я бачыў і адчуваў.

Праз дзве гадзіны пасля таго, як мы пакінулі “Наўтылус”, мы падняліся вышэй лініі пашырэння лесу, і на сотню футаў над намі ўзвышалася верхавіна гары.

Тут віднеліся ўжо толькі рэдкія гушчары хмызняку, пераплеценага ў нейкі дзіўны ўзор. Рыбы масамі вырываліся з-пад нашых ног, як спужаныя птушкі з высокай травы.

Скалісты масіў быў зрэзаны непраходнымі расколінамі, глыбокімі пячорамі, бяздоннымі праваламі, у глыбіні якіх мне здаваліся жудасныя рэчы. Кроў хваляй прылівала да майго сэрца, калі дарогу раптам загароджвалі велічэзныя шчупальцы альбо страшэнная клюшня, якая з шумам зачынялася пры нашым набліжэнні.

Тысячы светлых кропак блішчэлі ў цемры. Гэта былі вочы гіганцкіх крабаў, што хаваюцца ў сваіх логавах, гіганцкіх амараў, якія рухаюць сваімі лапамі нібы алебардамі, жудасных спрутаў, чые гіганцкія шчупальцы выгіналіся, як жывая загарадзь са змей.

Гэта быў яшчэ незнаёмкі мне свет страшыдлаў. Да якіх відаў належаць гэтыя членістаногія, якім скалы служылі нібы другім панцырам? Як магла прырода захаваць тайну іхняга існавання? Колькі вякоў жывуць яны ўжо ў гэтых глыбінях акіяна?

Але я не меў магчымасці спыніцца, каб лепей разгледзець іх. Капітан Нэма даўно прызвычаіўся да гэтых страшэнных істот і праходзіў міма, не звяртаючы на іх увагі.

Мы ўзабраліся на першую пляцоўку гары, і там я сустрэў руіны чалавечых пабудоў! Гэта былі высокія груды каменняў, у якіх можна было пазнаць руіны палацаў, храмаў, будынкаў... Усё гэта было цяпер пакрыта квітнеючымі садамі зоафітаў і апавіта зялёным плюшчом водарасцяў.

Але што гэта была за частка сушы, і якая катастрофа пагрузіла яе на марское дно? Дзе я знаходзіўся? Куды прывяла мяне фантазія капітана Нэма?

Я хацеў распытаць яго. Не маючы магчымасці гукнуць яго, я схапіў яго за рукаў. Але ён паківаў галавою пад шлемам і паказаў рукою на верхавіну гары, быццам гаворачы мне:

— Ідзі! Ідзі далей, далей!

Сабраўшы апошнія сілы, я пайшоў за ім і праз некалькі хвілін з разбегу падняўся на самую вярхушку гары, якая метраў на дваццаць узвышалася над скалістым масівам.

Я азірнуўся на спад, па якім мы ўзбіраліся. Гара ўзвышалася з гэтага боку не больш як на семсот або восемсот футаў над лагчынай. Але процілеглы схіл яе ішоў уніз, прынамсі, на паўтары тысячы футаў. Вялізная, ярка асветленая раўніна адкрывалася тут перад маім здзіўленым зрокам. Футаў за пяцьдзесят пад намі ляжаў шырокі кратэр. Патокі лавы вогненымі каскадамі цяклі па яго спаду.

Гэты вулкан, як гіганцкі ліхтар, асвятляў ляжачую ля яго падножжа раўніну яркім святлом, якое пашыралася дакуль хапала вока.

Вулкан выкідваў лаву, — не полымя — для полымя патрэбен кісларод паветра, і агонь не можа гарэць пад вадой. Але лава, распалёная дабела ў нетрах зямлі, выліваючыся ў ваду можа доўга і паспяхова змагацца з ёю, ператвараючы ваду ў пар, пакуль сама не астыне. Хуткае цячэнне, якое ўтвараецца ад розніц тэмператур, адносіла ў бок пар, а патокі вогненай лавы спускаліся да самага падножжа гары.

Перад маімі вачыма рассцілаўся мёртвы горад — груда руін з праламанымі дахамі, паваленымі сценамі, перакуленымі аркамі храмаў, ляжачымі на зямлі калонамі. Здалёк, на раўніне, узвышаліся руіны гіганцкага водаправода; бліжэй да падножжа гары віднеліся рэшткі велічнага Акропаля, формы якога трохі нагадвалі афінскі Парфенон47; там — вучасткі ўзбярэжнай, куткі антычнага парта, што быў прытулкам гандлёвым караблям і вайсковым трырэмам; яшчэ далей — даўгія лініі разбураных сцен — сляды ранейшых вуліц.

Гэта была новая Пампея, якую капітан Нэма ажывіў на маіх вачах.

Дзе я знаходзіўся? Я павінен быў ведаць гэта зараз-жа. Я хацеў запытаць аб гэтым капітана Нэма, хоць-бы для гэтага трэба было сарваць медную каску, трымаўшую ў палоне маю галаву.

Але капітан Нэма сам падышоў да мяне. Нахіліўшыся і падабраўшы кавалак крэйды, ён падышоў да чорнай базальтавай скалы і начарціў на ёй толькі адно слова: “Атлантыда”.

Нібы маланка працяла мой мозг! Атлантыда, Атлантыда Платона48, аб існаванні якой спрачаліся Орыген, Парфірый, д’Анвіль, Мальтбрэн, Гумбольт, лічыўшыя, што гэтае знікшае сухазем’е не больш як прыгожая легенда. Атлантыда, існаванне якой прызнавалі Пліній, Аміян-Марцелін, Тэртуліян, Энгель, Шэрэр, Турнефор, Бюфон, д’Авезак, — гэтая Атлантыда ляжала перад маімі вачыма, захоўваючы сляды заспеўшай яе катастрофы! Дык вось дзе была гэтая затануўшая краіна, аб якой ведалі толькі тое, што яна знаходзілася па-за Еўропай, па-за Азіяй, па-за Лівіяй49, па той бок Геркулесавых слупоў50, і што засяляла яе магутнае племя атлантаў, супраць якіх старадаўнія грэкі прадпрыймалі свае першыя войны.

У летапісах Платона захавалася апісанне вялікіх падзей таго гераічнага часу. Вось што гаворыцца ў дыялоге Тымея і Крытыяса аб Атлантыдзе.

Аднойчы Салон гутарыў з некаторымі мудрымі старцамі з Саіса — горада, які ўжо ў той час налічваў восемсот гадоў, аб чым сведчылі надпісы, высечаныя на сцяне яго храма. Адзін з гэтых старцаў расказваў яму гісторыю другога горада, яшчэ больш старадаўняга, чым Саіс. Гэты горад, які існаваў на працягу дзевяцісот вякоў, быў захоплены і часткова разбураны атлантамі.

— Атланты, — апавядаў стары, — жылі на вялікім кантыненце, большым за Азію і Афрыку, разам узятыя, якая займала плошчу між дванаццатым і саракавым градусамі паўночнай шыраты. Улада атлантаў пашыралася нават на Егіпет. Яны захацелі падпарадкаваць сабе таксама і Эладу51, але ім прыйшлося адступіць перад мужным супраціўленнем элінаў.

Але здарылася катастрофа — паводка, землетрасенне. Досыць было адной ночы і аднаго дня, каб з твару зямлі знікла Атлантыда, і толькі самыя высокія яе верхавіны — Мадэра, Азорскія астравы, Канарскія, астравы Зялёнага мыса — засталіся над паверхняй акіяна...

Вось якія гістарычныя ўспаміны ўзніклі ў маім мазгу ад начартанага капітанам Нэма слова. І вось лёс закінуў мяне сёння на верхавіну адной з гор гэтага загінуўшага кантынента, дазволіў крануць рукой руіны будынкаў, існаваўшых шмат тысячагоддзяў! Я ступаў па глебе, па якой хадзілі першыя жыхары зямлі! Пад маімі падбітымі свінцом ботамі трашчалі шкілеты жывёл, якія жылі ў казачна-далёкія часы пад ценем гэтых дрэў, што тысячы гадоў спяць каменным сном!

Ах, чаму ў мяне не было часу. Я-б спусціўся па стромкаму схілу гары і абышоў-бы з канца ў канец гэтае вялізнае сухазем’е, пэўна злучаўшае калісьці Афрыку з Амерыкай; я наведаў-бы ўсе яго гарады, існаваўшыя задоўга да сусветнага патопа, пабудаваныя волатамі, якія жылі цэлыя стагоддзі і ўладалі такой вялізнай сілай, што іхнія пабудовы цэлыя тысячагоддзі супраціўляюцца разбураючаму дзеянню вады!.. Можа прыйдзе дзень, калі тэктанічны52 працэс зноў падыме на паверхню вады гэтыя пахаваныя на дне марскім руіны. Мы-ж ведаем цэлы шэраг дзейнічаючых вулканаў у гэтай частцы акіяна. Нямала маракоў адзначалі моцныя штуршкі ў час плавання над гэтымі ўсхваляванымі глыбінямі. Адны чулі глухі шум барацьбы раз’юшаных стыхій, другія заўважалі плаваючыя на паверхні вулканічныя попел і пыл. Уся гэтая частка планеты, да самага экватара — краіна, энергічнай вулканічнай дзейнасці. Хто ведае, можа і сапраўды ў далёкім будучым усё новыя і новыя пласты лавы зноў выведуць на паверхню акіяна верхавіны вогненых гор?

У той час, калі я аддаваўся гэтым марам, стараючыся разам з тым замацаваць у сваёй памяці ўсе падрабязнасці грандыёзнага пейзажа, капітан Нэма, абапёршыся аб паросшы водарасцямі слуп, стаяў нерухомы, у нямым экстазе. Ці думаў ён аб загінуўшых пакаленнях? Ці пытаў сябе пра лёс будучых пакаленняў? А можа гэты дзіўны чалавек, які ненавідзеў сучаснасць, прыходзіў сюды, каб пажыць жыццём старадаўніх? Чаго-б я ні даў, каб разгадаць яго думкі!

На працягу гадзіны мы заставаліся на месцы, сузіраючы шырокую раўніну, асвятлёную выкінутымі патокамі лавы таксама ярка, як сонечным святлом. Бакі гары часам уздрыгвалі ад кіпення лавы ў яе нетрах. Глухі шум, які выразна перадаваўся праз ваду, гучэў грозна і велічна.

У гэты момант праменні месяца прарэзалі пласты вады і на працягу некалькіх хвілін асвятлялі затануўшы кантынент. Немагчыма перадаць словамі патрасаючы эфект гэтага відовішча! Капітан Нэма раптам адышоў ад слупа, зірнуў апошні раз на бязмежную раўніну і зрабіў мне рукою знак ісці за ім.

Мы хутка спусціліся з гары. Як толькі мы вышлі з мёртвага лесу, я ўбачыў пражэктар “Наўтылуса”, які блішчэў, як зорка.

Капітан пайшоў прама на яго. Мы вярнуліся на борт, калі першыя праменні золаку асвятлілі кругавід над акіянам.

 

47 Парфенон — храм багіні Афіны-Палады, лепшы помнік старагрэцкай архітэктуры.

48 Платон (427 — 348 да н.э.) — грэцкі філосаф.

49 Лівія — старадаўняя назва Афрыкі.

50 Геркулесавы слупы — старадаўняя назва Гібралтарскіх скал.

51 Элада — старадаўняя Грэцыя.

52 Працэс зрухаў земнай кары, землетрасенне.

Раздзел дзесяты. Падводныя капальні

На другі дзень, 20-га лютага, я прачнуўся вельмі позна. Начная экскурсія так стаміла мяне, што я праспаў да адзінаццаці гадзін.

Я хутка апрануўся і выйшаў у салон: мне дужа хацелася даведацца аб кірунку “Наўтылуса”. Прылады паведамілі мне, што ён па-ранейшаму ідзе на поўдзень з хуткасцю дваццаці міль у гадзіну і на глыбіні ў сто метраў.

Кансель зайшоў у салон. Я расказаў яму аб нашай начной экскурсіі. У гэты час рассунуліся акяніцы, і ён мог убачыць частку затануўшага сухазем’я.

“Наўтылус” ішоў усяго на якім-небудзь дзесятку метраў ад “глебы” Атлантыды. Ён імчаўся наперад, як паветраны шар над зямной раўнінай; але вярней было-б параўнаць нашыя адчуванні з уражаннямі пасажыраў кур’ерскага поезда, якія разглядаюць пралятаючыя міма пейзажы з акна вагона.

Перад нашымі вачыма мільгалі фантастычныя абрысы скал, лясоў, хмызнякоў, перайшоўшых з расліннага царства ў мінеральнае; награмаджэнне каменняў і адломкаў будынкаў, пакрытых каўрамі з асцыдый, анемонаў, даўгіх стаячых ніцей водарасцяў; нарэшце груды лавы, нямыя сведкі дзейнасці падземнага агню.

У той час, як гэтыя дзівосныя малюнкі мільгалі перад намі, вырваныя з цемры праменнямі пражэктароў “Наўтылуса”, я расказваў Канселю аб атлантах і Атлантыдзе, існаванне якой было цяпер абсалютна бясспрэчным для мяне. Але ўвага Канселя была нечым адцягнута; ён слухаў мяне безуважліва. Неўзабаве я зразумеў, чым тлумачыцца яго абыякасць да гэтай вялікай загадкі гісторыі: каля нас праносіліся рыбы, а калі Кансель бачыў іх, ён пагружаўся ў нетры класіфікацыі і ўвесь астатні свет не існаваў для яго. Мне не заставалася нічога іншага, як спыніць апавяданне і разам з ім заняцца іхтыялагічнымі даследваннямі.

Але рыбы Атлантычнага акіяна мала чым адрозніваліся ад ужо бачаных намі ў іншых акіянах. Гэта былі велізарныя скаты, даўжынёй у пяць метраў і з такой мускульнай сілай, што яны могуць выскокваць з вады; розныя віды акул, у тым ліку адна зялёная з сінім адценнем, даўжынёй пятнаццаць футаў, з вострымі трохкантовымі зубамі. Дзякуючы сваёй афарбоўцы, падобнай на колер марской вады, яе амаль не відаць у хвалях. Тут былі яшчэ цёмна-карычневыя саргі з пароды спаравых рыб, асетры, падобныя бачаным намі ў Міжземным моры, ігла-рыба з доўгім, нібы трубка, лычам, афарбаваная ў светла-буры колер з цёмна-бурымі папярочнымі палосамі. Гэтыя рыбы выгіналіся ў вадзе, як сапраўдныя вужакі.

Сярод касцістых рыб Кансель адзначыў марскіх драконаў, яшчэ маючых назву марскіх скарпіёнаў, якія лічацца атрутнымі рыбамі. Сапраўды, калючкі на спіне і на галаве дракона маюць па дзве баразёнкі; па гэтых баразёнках, калі калючкі ўстромяцца ў цела ворага, у рану ўліваецца атрутная слізь. Драконы афарбаваныя ў шэравата-чырвоны колер, які пераходзіць на спіне ў карычневы, а на жываце — у белаваты. Усё цела дракона пакрыта чарнявымі няяснымі плямамі. Далей Кансель бачыў залатых макрэлей, афарбаваных у раскошны залацісты колер з сінім металёвым адценнем, прыгожых скумбрый; лунных рыб, або лампрыд, падобных на дыскі і надзіва прыгожа афарбаваных: верхні бок — сіні, краі фіялкавыя, бруха ружовае, а плаўнікі каралава-чырвонага колеру.

Але назіранне за гэтымі разнастайнымі ўзорамі марской фауны не перашкаджала мне ў той-жа час цешыцца раўнінамі Атлантыды. Часамі капрызныя зломы марскога дна прымушалі “Наўтылус” змяншаць хуткасць. Тады ён лавіраваў са спрытнасцю сапраўднай рыбы ў падводных завулках. Калі лабірынт узгоркаў рабіўся непраходным, карабель падымаўся ў верхнія пласты вады, як аэрастат, і, пераскокнуўшы праз перашкоды, зноў працягваў свой хуткі бег на некалькіх метрах над дном. Гэтае плаванне было прыемным падарожжам, падобным да падарожжа на паветраным шары, з тою толькі розніцай, што наш “шар” быў паслухмяны кожнаму руху рукі стырнавога.

Каля чатырох гадзін па поўдні характар дна, пакрытага тванню, перамешанай з закамянелым галлём, стаў патроху змяняцца. Цяпер дно было пераважна камяністае, засыпанае кангламератамі, вулканічным туфам, нацёкамі застылай лавы і серкаватымі абсідыянамі. Я падумаў, што мабыць раўніна канчаецца і тут пачынаецца гарыстая мясцовасць. І сапраўды, неўзабаве я ўбачыў, што гарызонт на поўдні перагароджаны высокім горным бар’ерам, як відаць, зусім непраходным, бо верхавіны яго гор павінны былі выступаць з вады над узроўнем акіяна. Гэта быў бераг сухазем’я, або бераг якога-небудзь вострава — магчыма, аднаго з астравоў Зялёнага мыса або Канарскіх.

Таму што за апошнія дні астранамічныя назіранні не адзначаліся на карце, — магчыма, што наўмысна, — я не ўяўляў сабе, дзе мы знаходзімся. Так ці іначай, але гэтая гранітная сцяна па-мойму азначала сабою канец сухазем’я атлантаў, толькі маленькую частку якога мы бачылі.

Я не спыняў сваіх назіранняў і ноччу. Кансель пайшоў спаць у сваю каюту, і я застаўся адзін у салоне. “Наўтылус” сцішыў свой бег і плыў над цмянымі масівамі, то ледзь не закранаючы іх, нібы збіраючыся спыніцца, то ўсплываючы на паверхню акіяна. У такія хвіліны я бачыў скрозь тонкі пласт вады некалькі яркіх сузор’яў і ў прыватнасці тыя пяць ці шэсць зорак, якія блішчаць у хвасце Арыёна.

Я-б правёў яшчэ доўгія гадзіны ля акна, цешачыся хараством мора і неба, каб акяніцы раптам не зачыніліся. У гэтую хвіліну “Наўтылус” акурат падыходзіў да стромкай сцяны. Як ён абміне гэтую перашкоду, я не мог сабе ўявіць. Прыйшлося вярнуцца ў сваю каюту. “Наўтылус” не рухаўся. Я заснуў з цвёрдым рашэннем устаць раней.

Але наступнай раніцай я прачнуўся толькі каля васьмі гадзін. Я зараз-жа пайшоў у салон. Манометр паказваў, што “Наўтылус” плыве на паверхні акіяна. Ды аб гэтым я мог здагадацца і па шуму крокаў на палубе. Але-ж ніякага гойдання, якое бывае пры плаванні на паверхні акіяна, не адчувалася.

Я прайшоў да люка. Ён быў адчынены. Але замест яркага дзённага святла, якое я чакаў убачыць, мяне абкружыла глыбокая цемрадзь. Дзе мы былі? Няўжо я праспаў цэлыя суткі і цяпер была ноч? Але не, ніводная зорка не блішчэла на небе, ды і наогул ноч ніколі яе бывае гэткай цёмнай. Я не ведаў, што і падумаць, як раптам з цемры мяне клікнуў голас:

— Гэта вы, спадар прафесар?

— А, капітан Нэма! Дзе мы знаходзімся?

— Пад зямлёю, спадар прафесар.

— Пад зямлёю? — ускрыкнуў я. — І “Наўтылус” плавае?

— Ён заўсёды плавае.

— Але... я нічога не разумею...

— Пацярпіце некалькі хвілін. Пражэктар зараз засвеціцца, і вы ўсё зразумееце.

Я сеў на вышку пражэктара і цярпліва стаў чакаць. Цемра была настолькі густой, што я не бачыў нават капітана Нэма. Але, падняўшы вочы ўверх, я ўбачыў акурат над сваёю галавою нейкае невыразнае мільганне, нейкае паўсвятло, якое пранікала праз круглую адтуліну. У гэтую хвіліну запаліўся пражэктар, і яго асляпляючае святло знішчыла гэтае няяснае мільганне.

Калі вочы мае прызвычаіліся да святла, я пачаў азірацца навакол.

“Наўтылус” стаяў нерухома каля берагу, які нагадваў узбярэжную якога-небудзь парта. Падводны карабель знаходзіўся на паверхні возера, абкружанага з усіх бакоў каменнай сцяной. Дыяметр возера меў прыблізна дзве мілі; значыцца, акружына яго працягвалася на шэсць міль. Узровень вады ў возеры быў той-жа, што і ў акіяне, бо гэтае возера абавязкова павінна было злучацца з акіянам. Гэта сцвярджалася і паказаннямі манометра. Высокія сцены звісалі над вадой і злучаліся ўверсе, на вышыні пяцьсот ці шэсцьсот метраў, у вялізны купал. У вышэйшым пункце гэтага купала адчынялася тая самая адтуліна, якая прапускала слабае святло, як відаць, водбліск сонечных праменняў.

Раней чым прыступіць да ўважлівага агляду гэтай вялізнай пячоры, нават раней чым задацца пытаннем, ці была гэтая пячора натуральнай альбо штучна зробленай чалавечымі рукамі, я падышоў да капітана Нэма і запытаў у яго:

— Дзе мы знаходзімся?

— У самым цэнтры згаслага вулкана, — адказаў ён, — залітага морам у выніку якога-небудзь тэктанічнага страсення. У той час, як вы спалі, спадар прафесар, “Наўтылус” пранік у гэтую лагуну праз натуральны канал, які праходзіць на глыбіні дзесяць метраў пад паверхняю акіяна. Гэта адна з гаваней “Наўтылуса” — верная, надзейная, схаваная ад нясціплых вачэй і абароненая ад вятроў усіх румбаў. Пакажыце мне хоць адзін порт на вашых сухазем’ях і астравах, які здолеў-бы так надзейна схаваць судна ад урагану, як гэтая пячора!

— Сапраўды, — сказаў я, — вы тут у поўнай бяспечнасці, капітан Нэма. Што можа пагражаць вам тут, у нетрах бяздзейнага вулкана? Але скажыце, ці мне здалося толькі, ці сапраўды я разглядзеў уверсе адтуліну?

— Так, гэта былы кратэр вулкана; калісьці ў ім бушавала лава, пары серы і слупы полымя. Цяпер-жа ён служыць для таго, каб забяспечыць маю гавань тым свежым, жыўным паветрам, якім мы дыхаем.

— Які гэта вулкан?

— Гэты вулкан знаходзіцца на адным з незлічоных астраўкоў, параскіданых у гэтай частцы акіяна. Для праходзячых міма караблёў — гэта проста выступаючая з мора скала; для нас-жа — гэта бяспечнейшы ў свеце порт. Я выпадкова адкрыў яго, і гэты выпадак саслужыў мне немалую службу.

— Хіба нельга спусціцца сюды праз адтуліну кратэра?

— Гэта таксама немагчыма, як немагчыма мне падняцца адгэтуль да кратэра. Прыкладна футаў на сто ўверх яшчэ можна ўзабрацца па сценах, але далей яны нахіляюцца, звужваюцца і прабрацца вышэй зусім нельга

— Я бачу, капітан, што прырода прыходзіць вам на дапамогу ўсюды і заўсёды. Вы ў поўнай бяспечнасці ў гэтым падземным возеры, і нічыё нясціплае наведванне не можа застрашыць вас. Але навошта вам спатрэбіўся гэты прытулак? “Наўтылусу”-ж не патрэбна гавань.

— Не, спадар прафесар, але яму патрэбна электрычнасць, каб рухацца, батарэі — каб вырабляць электрычную энергію, натрый — каб жывіць гэтыя батарэі, вугаль — каб атрымаць натрый, і капальні — каб здабываць каменны вугаль. Тут-жа мора паглынула цэлыя лясы, якія раслі ў далёкія геалагічныя эпохі; скамянелыя, ператвораныя ў каменны вугаль, яны з’яўляюцца для мяне невычарпальнымі складамі паліва.

— Значыцца, вашы матросы ператвараюцца тут у капальнікаў?

— Зусім правільна. Гэтыя капальні знаходзяцца пад вадой, таксама, як і вугальныя шахты Ньюкасла. Апранутыя ў скафандры, з кіркай і лапатаю ў руках, мае матросы здабываюць тут вугаль, збаўляючы мяне ад неабходнасці атрымліваць яго з земных капальняў. Калі я палю каменны вугаль для выпрацоўкі натрыя, дым, што падымаецца над кратэрам, надае гэтай гары выгляд дзейнічаючага вулкана.

— Ці ўбачу я, як здабываюць вугаль вашы матросы?

— Не, у гэты раз не ўбачыце, бо я спяшаюся працягваць наша падводнае кругасветнае плаванне. Я абмяжуюся тым, што забяру запас гатовага натрыя, які хаваецца тут. Як толькі мы пагрузім яго на борт, гэта значыць не пазней, як праз дзень, мы зноў кранёмся ў дарогу. Таму, калі вы хочаце азнаёміцца з гэтай пячорай і абыйсці навакол лагуну, дык скарыстайце гэты дзень стаянкі, спадар прафесар.

Падзякаваўшы капітана, я адправіўся да сваіх таварышаў, якія яшчэ не выходзілі з сваёй каюты. Я прапанаваў ім пайсці за мною, не гаворачы, дзе мы знаходзімся.

Яны вышлі на палубу. Кансель, які ніколі не здзіўляўся, знайшоў і цяпер зусім натуральным, што заснуўшы пад вадою, ён прачнуўся пад зямлёю. Што тычыцца Нэда Лэнда, дык ён зацікавіўся толькі адным — ці няма якога-небудзь выхаду з гэтай пячоры на вольнае паветра?

Пасля снедання, гадзін каля дзесяці раніцы, мы сышлі на бераг.

— Вось мы і зноў на зямлі! — сказаў Кансель.

— Ну, якая-ж гэта зямля! — адказаў канадзец. — Ды апрача таго мы не на, а пад зямлёй.

Паміж возерам і падножжам сцяны быў пясчаны пляж, найбольшая шырыня якога не перавышала пяцьсот футаў. Па гэтым пясчаным беразе можна было лёгка абыйсці вакол усяго возера.

Ля падножжа сцен пячоры былі навалены ў хаатычным беспарадку выкінутыя вулканічныя камлыгі, адломкі скал і вялізныя кавалкі пемзы.

Растопленая падземным агнём і затым застыўшая паверхня гэтых каменняў блішчэла тысячамі агнёў пры святле пражэктара “Наўтылуса”. Слюдзяны пыл, падняты ў паветры нашымі крокамі, разлятаўся ва ўсе бакі мірыядамі светлячкоў.

Далей ад берагу глеба ўзвышалася ступенямі, якія нагадвалі прыступкі лесвіцы, але перасоўвацца прыходзілася з вялікай асцярожнасцю, бо каменні нічым не былі сцэментаваны паміж сабою і хісталіся пад нагамі.

Вулканічнае паходжанне гэтай гіганцкай пячоры выяўлялася літаральна на кожным кроку.

Я звярнуў на гэта ўвагу маіх спадарожнікаў.

— Ці ўяўляеце вы сабе, які выгляд мела сярэдзіна гэтай пячоры ў тыя дні, калі яна была напоўнена кіпячай лавай, калі ўзровень гэтай вогненай вадкасці падымаўся да самага кратэра гары, як растоплены метал унутры горна?

— Добра ўяўляю сабе гэта, — адказаў Кансель. — Але ці не скажа нам гаспадар, чаму спыніўся гэты працэс, і як здарылася, што ў распаленым жэрале вулкана цяпер мірна плёскаецца вада?

— Хутчэй за ўсё, Кансель, — сказаў я, — што перамена адбылася пад уплывам землетрасення, у выніку якога ў спадзе гары зрабілася расколіна — тая самая, праз якую “Наўтылус” прайшоў у гэтую пячору. Скрозь яе-ж воды Атлантычнага акіяна рынуліся ў цэнтр вулкана. Тут павінна была здарыцца страшэнная сутычка паміж агнём і вадой, якая скончылася перамогай вады. З таго часу прайшло, мабыць, шмат вякоў, і заліты вулкан зрабіўся мірным падземным возерам.

— Добра, — заявіў Нэд Лэнд, — я прымаю ваша тлумачэнне, але шчыра шкадую, што гэтая шчыліна, аб якой вы толькі што казалі, спадар прафесар, знаходзіцца пад, а не над узроўнем мора. Нам было-б карысней, каб было наадварот.

— Вы забываецеся, Нэд — заўважыў Кансель, — што калі-б гэты канал не быў-бы падводным, “Наўтылус” не мог-бы ў яго ўвайсці, тады нам абсалютна ніякай карысці ад яго не было-б.

— Не гаворачы ўжо аб тым, што ў гэтым выпадку і вулкан застаўся-б дзейным вулканам, — дадаў я. — Вашы шкадаванні, Нэд Лэнд, дарэмныя.

Мы ўсё падымаліся. Сцежка рабілася ўсё больш вузкай і стромкай. Глыбокія расколіны загароджвалі нам дарогу, і мы павінны былі пераскокваць праз іх.

Часам абвал скалы прымушаў нас шукаць абходнай дарогі, і тут нам прыходзілася поўзаць на жываце, караскацца рукамі і нагамі. Але дзякуючы спрытнасці Канселя і дужасці Нэда Лэнда, мы перамаглі ўсе гэтыя перашкоды.

На вышыні прыкладна трыццаці метраў характар глебы змяніўся, але яна зрабілася больш зручнай для хады. Тут трахіты і вулканічныя кангламераты змяніліся чорным базальтам, які то рассцілаўся гладкай паверхняй, трохі шурпатай ад застыўшых пузыроў лавы, то ўзнімаўся правільнымі прызмамі, падтрымліваўшымі нізка навіслыя ў гэтым месцы скляпенні натуральнымі калонамі — дзівосным узорам архітэктурнага мастацтва прыроды. Паміж базальтавых скал віліся застыўшыя патокі лавы, у якія былі ўкроплены палоскі бітумінозных сланцаў і шырокія, няправільнай формы нацёкі серы. Рассеяныя і бледныя праменні дзённага святла, пранікаўшыя сюды скрозь адтуліну кратэра, цмяна асвятлялі гэтыя пароды, навекі пахаваныя ў нетрах згаслага вулкана.

На вышыні прыкладна двухсот пяцідзесяці футаў наш далейшы пад’ём спыніла непераможная перашкода: сцены тут нахіляліся ў сярэдзіну пячоры пад значным кутом; прышлося адмовіцца ад спробы падняцца вышэй, і мы рушылі ўздоўж нізка навіслага скляпення.

У гэтым месцы расліннае царства яшчэ не саступіла царству мёртвай прыроды. Некалькі кустоў і нават паасобныя дрэўцы раслі ў шчылінах скал. Я ўбачыў тут кусты малачайніка, вылучаўшага свой едкі сок; некалькі змарнелых, пазбаўленых паху геліятропаў, дарэчы кажучы, зусім не адпавядаючых тут сваёй грэцкай назве “звернутых да сонца”, бо сонечныя праменні ніколі не даходзілі да іх; мізэрныя хрызантэмы раслі ля падножжа хворага выгляду алоэ; нарэшце між застылымі патокамі лавы квітнелі фіялкі, і тут захаваўшыя свой тонкі пах, які, прызнацца, я ўдыхаў з найвялікшай асалодай. Пах — гэта душа кветкі, а марскія кветкі, такія прыгожыя на выгляд гідрафіты, не маюць душы...

Мы падышлі да падножжа групы драцэнавых дрэў, магутныя карэнні якіх рассоўвалі скалы, і тут раптам Нэд Лэнд крыкнуў:

— Глядзіце, глядзіце! Вулей!

— Вулей? — недаверліва паўтарыў я. — Не можа быць!

— Ды паглядзіце-ж! — настойваў канадзец. — Сапраўдны вулей з сапраўднымі пчоламі!

Я падышоў бліжэй. У дупле аднаго з дрэў сапраўды знаходзіўся вулей, у якім гулі некалькі тысяч гэтых працавітых і вынаходлівых стварэнняў, гэтак пашыраных на Канарскіх астравах.

Зусім натуральна, што канадзец зараз-жа захацеў зрабіць запас мёду, і мне нічога не заставалася рабіць, як дапамагчы яму ў гэтым.

Мы набралі сухога лісця, дадалі серы і гэтую мешаніну запалілі пры дапамозе іскры, якую высеклі з крэсіва Нэда Лэнда. Дым хутка выкурыў пчол, і калі іхняе гудзенне сціхла воддалі, Нэд Лэнд напоўніў сваю падарожную сумку некалькімі кілаграмамі добрага свежага мёду.

— Я змяшаю гэты мёд з цестам хлебнага дрэва і прыгатую вам гэткае пірожнае, што вы пальчыкі абліжаце! — заявіў канадзец.

— Ну і пірожнае! — адказаў Кансель. — Гэта будзе проста мядовы пернік.

— Няхай сабе будзе мядовы пернік, — умяшаўся я. — Не варта спрачацца. Давайце лепш працягнем нашу цікавую прагулку.

З некаторых пунктаў сцежкі, па якой мы ішлі, відаць было ўсё возера. Пражэктар “Наўтылуса” ярка асвятляў яго воды, люстранай гладкасці якіх не парушалі ні хвалі, ні подых ветрыка. “Наўтылус” быў зусім нерухомы. На яго палубе і на беразе варушыліся матросы, чорныя сілуэты якіх рэзка вызначаліся ў яркім святле пражэктара.

Мы дасягнулі ў гэты час вышэйшага пункта гэтых скалістых тэрас, якія ішлі вакол усіх сцен пячоры. Тут я пераканаўся, што пчолы не былі адзінымі прадстаўнікамі жывёльнага царства ўнутры гэтага пагаслага вулкана.

Некалькі драпежных птахаў насіліся ў паветры або сядзелі ў сваіх гнёздах, звітых у непрыступнай вышыні на выступах скал. Гэта былі белагрудыя ястрабы перапялятнікі і крыклівыя кобчыкі.

Па стромкаму спаду насіліся ўзад і ўперад раскошныя тлустыя дрофы. Можна сабе ўявіць, якая хцівасць палала ў вачах канадца, калі ён бачыў гэтую смачную дзічыну, і як ён шкадаваў, што не захапіў з сабою стрэльбы. Ён паспрабаваў замест свінца скарыстаць каменні і пасля доўгіх няўдалых спроб ухітрыўся збіць буйную дрофу. Можна сказаць без ніякага пераўвелічэння, што канадцу разоў дваццаць пагражала смерць, пакуль ён злавіў параненую птушку. Але як-бы там ні было, а яна нарэшце трапіла ў яго паходную сумку побач з пчаліным мёдам.

Нам прыйшлося потым спусціцца на бераг, бо ўцёсы зрабіліся зусім непраходнымі. Высока над намі ззяў прасвет кратэра, які здаваўся знізу студняй. З таго месца, дзе мы знаходзіліся, можна было разгледзець кавалачак блакітнага неба і воблакі, ганімыя свежым заходнім ветрам. Разарваныя клоччы іх часам спыняліся на хвіліну над кратэрам, засланяючы яго ценем. З гэтага можна было з пэўнасцю зрабіць вывад, што воблакі несліся на невялікай вышыні, бо верхавіна гары падымалася над узроўнем акіяна не больш, як на восемсот футаў.

Вярнуўшыся на пясчаны бераг возера, я пачаў знаёміцца з яго флорай і фаунай. Флора была прадстаўлена шырокім дзірваном кропу, невялічкай парасонавай расліны, якая служыць добрай прыправай для стравы Кансель набраў некалькі пучкоў яе. Што тычыцца фауны, дык яе прадстаўлялі тысячы разнастайных ракаў, крабаў, амараў і мноства малюскаў усіх відаў і памераў.

Мы натрапілі тут на цудоўную пячору, пасыпаную тоўстым пластом мяккага, як пух, пяску. Стаміўшыся ад лазання па скалах, я і мае таварышы з асалодай разлягліся на ім. Падземны агонь адпаліраваў паверхню ўнутраных сцен пячоры і асыпаў іх слюдзяным пылам, які блішчэў, як брыльянты.

Нэд Лэнд пачаў выстукваць сцены, спрабуючы вызначыць іхнюю таўшчыню. Я не мог стрымаць ухмылкі, гледзячы на яго дарэмныя спробы. Гутарка, вядома, зноў пачалася вакол пытання аб уцёках. Я палічыў магчымым абнадзеіць Нэда Лэнда і сказаў яму, што капітан Нэма, магчыма, спусціўся на поўдзень толькі таму, каб папоўніць запас натрыя, і што ёсць усе падставы думаць, што, зрабіўшы гэта, ён зноў паверне на поўнач, да берагоў Еўропы або Амерыкі; тады канадзец будзе магчы з большым поспехам паўтарыць спробу ўцячы.

Мы правялі ўжо каля гадзіны ў гэтай прывабнай пячоры. Наша гутарка, спачатку вельмі жвавая, цяпер амаль спынілася. Нас ахапіла нейкая дрымота. Не маючы ніякіх прычын спяшацца, я паддаўся сну. Я сніў, — мы-ж не маем улады над сваімі снамі, — што я вяду раслінны спосаб жыцця прасцейшага малюска і мая двойчатая ракавіна знаходзіцца ў гэтай пячоры.

Раптам мяне разбудзіў крык Канселя:

— Уставайце, уставайце хутчэй! — крычаў ён.

— Што здарылася? — спытаўся я, сядаючы на пясок.

— Вада пагражае затапіць нас!

Я ўскочыў на ногі. Мора патокам улівалася ў нашу пячору, і таму што мы не былі малюскамі, неабходна было ратавацца.

Праз некалькі хвілін мы дабраліся да верха пячоры, куды вада не магла дасягнуць.

— Што тут адбываецца? — запытаў Кансель. — Які-небудзь новы цуд прыроды?

— Не, сябар мой, — адказаў я, — гэта проста прыліў, звычайны прыліў, які ледзь не заспеў нас, як герояў рамана Вальтэр-Скота. Узровень вады ў акіяне за межамі пячоры павысіўся ў час прыліву і паводле непарушнага закона раўнавагі падняўся і ўзровень вады ў возеры. Мы можам падзякаваць, што атрымалі толькі ванну. А цяпер пойдзем назад на “Наўтылус” — нам трэба пераапрануцца.

Праз тры чвэрці гадзіны мы падыходзілі да “Наўтылуса” з процілеглага боку, абышоўшы навакол усё возера.

Матросы канчалі пагрузку натрыя, і “Наўтылус” мог зараз-жа працягваць свой шлях.

Але капітан Нэма не даваў загаду аб адпраўленні. Ці хацеў ён дачакацца ночы, каб непрыметна выйсці праз падводны канал? Зусім магчыма.

Наступная раніца заспела “Наўтылус” ужо па-за яго таемнай гавані, плывучым далёка ад зямлі на некалькі метраў пад паверхняю Атлантычнага акіяна.

 

Раздзел адзінаццаты. Саргасава мора

Кірунак “Наўтылуса” аднак не змяніўся. Прыходзілася пакуль адмовіцца ад надзеі ўбачыць блізка бераг Еўропы. Капітан Нэма трымаў курс на поўдзень. Куды ён вёў свой карабель? Я не мог зразумець гэтага.

У гэты дзень “Наўтылус” плыў па вельмі цікавай частцы Атлантычнага акіяна. Усім вядома пра існаванне вялікага цёплага акіянскага цячэння — Гальфштрэма.

Ад берагоў Фларыды яно накіроўваецца да Шпіцбергену. Але раней чым пранікнуць у Мексіканскую затоку, каля сорак чацвёртага градуса паўночнай шыраты, гэтае цячэнне дзеліцца на дзве адтокі: большая з іх праходзіць міма берагоў Ірландыі і Нарвегіі, а меншая заварочвае на поўдзень, да Азорскіх астравоў, потым адхіляецца да берагоў Афрыкі і, апісаўшы шырокую дугу, вяртаецца да Антыльскіх астравоў.

Гэта другая адтока — па праўдзе сказаць, не адтока, а кальцо — абкружае нібы бар’ерам з цёплай вады тую частку Атлантычнага акіяна — халодную, маларухавую і спакойную, — якая атрымала назву Саргасава мора. Саргасава мора, такім чынам, з’яўляецца сапраўдным возерам у Атлантычным акіяне. Працягласць яго такая, што воды Гальфштрэма праходзяць свой шлях вакол яго на працягу трох гадоў.

Саргасава мора, уласна кажучы, ляжыць над усёй затопленай часткаю Атлантыды. Некаторыя аўтары нават выказвалі дапушчэнне, што плаваючыя на паверхні яго травы выраслі ў прэрыях гэтага загінуўшага сухазем’я. Але гэтае дапушчэнне мала праўдзівае; хутчэй за ўсё, гэтыя водарасці і травы прыносіць у Саргасава мора ад берагоў Еўропы і Амерыкі ўсё той-жа Гальфштрэм.

Гэты факт у ліку шэрагу іншых і навёў Калумба на думку аб існаванні Новага свету. Калі гэты адважны даследнік рабіў пераход праз Саргасава мора, водарасці і травы, на вялікі жах каманды, затрымлівалі яго і караблі, і плаванне зацягнулася на цэлых тры тыдні.

Гэткім было тое мора, у якім цяпер знаходзіўся “Наўтылус”. Гэта быў сапраўдны луг з водарасцяў, настолькі густых, настолькі моцных, што нос карабля ледзь разразаў яго. Таму капітан Нэма, не жадаючы ісці на рызыку зламаць або сапсаваць вінт у гэтых непраходных зараслях, увесь час трымаўся на глыбіні некалькіх дзесяткаў метраў пад вадой.

Назва “Саргасава мора” паходзіць ад іспанскага слова “sargazzo”, што азначае — водарасці. Водарасці, галоўным чынам плывучыя, і ствараюць расліннае накрыццё гэтага гіганцкага басейна. Тлумачэнне прычыны, чаму водарасці згрупаваліся такой масай у гэтым ціхім кутку Атлантычнага акіяна, прапанаваў Моры, аўтар “Фізічнай геаграфіі зямнога шара”.

“Тлумачэнне гэтага з’явішча, — гаворыць ён у сваёй кнізе, — выцякае з агульнавядомага вопыту. Калі ў міску з вадой апусціць кавалкі пробкі, трэсачкі, ці якія-небудзь іншыя плаваючыя прадметы, і пакруціць ваду, то хутка можна будзе заўважыць, як усе разлучаныя кавалкі збяруцца ў цэнтры, гэта значыць, у месцы найменшага руху. У нашым пытанні міскай служыць Атлантычны акіян, Гальфштрэм — гэта кругавое цячэнне, а Саргасава мора — цэнтральны пункт, дзе збіраюцца ўсе плаваючыя прадметы”.

Я зусім згодзен з тлумачэннем Моры. Мне ўдалося вывучыць гэтае з’явішча ва ўмовах, недасяжных іншым вучоным, — пад вадою. Над нашым караблём плавалі самыя разнастайныя прадметы, абкружаныя і аплеценыя рудаватымі водарасцямі: ствалы дрэва, наваленыя бурай у Андах і Скалістых горах і прынесеныя ў акіян цячэннем Амазонкі ці Місісіпі; шматлікія адломкі крушэнняў — зламаныя рангоўты, кілі, кавалкі абшыўкі ці корпус караблёў, настолькі цяжкія ад прыліплага пласта ракушак, што яны не маглі ўжо ўсплыць на паверхню. Я не сумняваюся, што з часам пацвердзіцца і другая думка Моры, — што ўсе гэтыя матэрыі, якія збіраюцца ў Саргасавым моры на працягу доўгіх вякоў, мінералізуюцца ад марской вады і ператвараюцца ў невычэрпныя запасы каменнага вугалю. Гэта будуць запасныя склады паліва, падрыхтаваныя дбайнай прыродай на той выпадак, калі чалавек спаліць увесь вугаль з земных капальняў.

Сярод гэтага хаоса траў і водарасцяў я заўважыў актыній, над якімі развяваўся пышны вянок з тонкіх шчупальцаў, і мноства медуз — зялёных, чырвоных, сініх, у тым ліку і медузу Кюв’е, блакітны парасон якое аблямаваны фіялетавым кантам.

Увесь дзень 22 сакавіка мы правялі ў нетрах Саргасава мора, дзе рыбы, якія жывяцца марскімі травамі, знаходзяць багатую спажыву. Але ўжо назаўтра акіян набыў свой звычайны выгляд.

На працягу наступных дзевятнаццаці дзён, з 23 лютага да 15 сакавіка, “Наўтылус” кожны дзень праходзіў па чатырыста кіламетраў у суткі, трымаючыся таго-ж курса — на поўдзень. Капітан Нэма, відаць, няўхільна выконваў свой план кругасветнага падарожжа пад вадой, і я не сумняваўся ў тым, што абмінуўшы мыс Горн, “Наўтылус” вернецца ў паўднёвую частку Ціхага акіяна.

Значыцца, Нэд Лэнд меў рацыю непакоіцца. У гэтых прасторных водных пустынях, дзе рэдка сустракаліся астравы, дарэмна было і марыць аб уцёках.

Але, з другога боку, у нас не было ніякай магчымасці перашкодзіць выкананню плана капітана Нэма. Адзінае, што нам заставалася рабіць, — гэта пакарыцца свайму лёсу.

Калі дарога да вызвалення хітрасцю або гвалтам была зачынена для нас, дык заставалася яшчэ надзея дабіцца волі перакананнем. Я спадзяваўся, што па сканчэнні падарожжа вакол свету мне ўдасца ўгаварыць капітана Нэма адпусціць нас на волю ў абмен на клятвеннае абяцанне ніколі не выдаваць яго тайны. Мы гэты абавязак гонару выканалі-б, і яго тайна памерла-б з намі. Але трэба было яшчэ высветліць, як паглядзіць на гэтую прапанову капітан Нэма. Ён-жа катэгарычна заявіў з самага пачатку, што для захавання сваёй тайны ён усё жыццё будзе трымаць нас палоннікамі на “Наўтылусе”. Тое, што я на працягу, чатырох месяцаў ні разу не звяртаўся да гэтага пытання, ён мог разглядаць як маўклівую згоду з такім становішчам. Пячаць з ім зараз гутарку аб гэтым — значыла разбудзіць у ім падазрэнне, якое магло толькі пашкодзіць ажыццяўленню нашага плана, калі зручны выпадак трапіцца.

Усе гэтыя довады і меркаванні непакоілі мяне. Я дзяліўся імі з Канселем, якога яны трывожылі не менш за мяне. Наогул, хоць я не лёгка паддаюся суму, але я разумеў, што з кожным днём памяншаюцца нашы шансы калі-небудзь вярнуцца ў чалавечае грамадства, і асабліва хутка памяншаюцца яны цяпер, калі капітан Нэма з шалёнай настойлівасцю забіраецца ўсё далей і далей на поўдзень Атлантычнага акіяна.

На працягу гэтых дзевятнаццаці дзён наша плаванне не адзначылася нічым выдатным. Я рэдка бачыўся з капітанам Нэма. Ён шмат працаваў. У бібліятэцы я часта знаходзіў пакінутыя ім разгорнутыя кнігі, галоўным чынам па прыродазнаўству. Мая кніга аб тайнах марскога дна была спярэшчана яго адзнакамі па баках, часта зусім абвяргаючымі мае тэорыі і погляды. Але капітан Нэма задавальняўся тым, што адзначаючы мае памылкі, не пачынаў са мною спрэчак.

Часам я чуў яго ігру на аргане. Граў ён з вялікім пачуццём і майстэрствам, але выключна па начах, калі навакол панавала непранікальная цемра і “Наўтылус” спаў у пустынным акіяне.

Усе гэтыя дні мы плылі большай часткай на паверхні акіяна. Мора было быццам пакінутае ўсімі. Рэдка-рэдка заўважалі мы здалёк які-небудзь паруснік, што спяшаўся ў Індыю або накіроўваўся да мыса Добрай Надзеі.

Аднойчы за намі пагналася кіталоўнае судна, як відаць, — палічыўшае нас за вялізнага кіта. Але капітан Нэма не пажадаў, каб бедныя маракі дарэмна трацілі намаганні і час, і пакончыў з гэтым праследваннем, нырнуўшы ў ваду. Гэтае здарэнне жыва зацікавіла Нэда Лэнда. Думаю, што не памылюся, калі скажу, што канадзец дужа шкадаваў, што нашага металёвага кіта нельга насмерць параніць гарпуном.

Рыбы, якіх мы з Канселем бачылі, мала чым адрозніваліся ад тых, што мы назіралі пад паўночнымі шыротамі. Часта нам насустрач трапляліся акулы; паміж іншым, мы бачылі ў гэтых водах грэбнязубую акулу, якая адрозніваецца ад іншых колькасцю жабравых шчылін, — іх у яе сем. Сваю назву грэбнязубых гэтыя акулы атрымалі з прычыны таго, што зубы на іхняй ніжняй сківіцы сядзяць у выглядзе частай грабёнкі, змяншаючыся па велічыні ад сярэдзіны да краёў. Гэта вельмі буйныя жывёлы, і мы сустракалі экземпляры, якія даходзілі да васьмі метраў у даўжыню.

Праплывалі міма нас таксама і марскія сабакі — буйныя рыбы, якія вызначаюцца па словах рыбакоў вялікай пражэрлівасцю.

Прыгожыя гуллівыя дэльфіны суправаджалі нас па цэлых днях. Яны плылі групамі па пяць-шэсць жывёл, палюючы зграямі, як ваўкі ўзімку. Дэльфіны, як відаць, не менш ненажэрныя, чымся марскія сабакі.

Сямейства дэльфінаў налічвае дзесяць відаў. Сустрэтыя намі экземпляры належалі да Віда звычайных дэльфінаў. У іх былі невялікія галовы, якія заўважаліся наперадзе, і падобныя на дзюбу, завостраныя морды. Даўжыня іхняга цела раўнялася прыкладна двум метрам.

Скажу яшчэ пра жывучых у гэтых морах цікавых прадстаўнікоў атрада калючапёрых рыб — гарбылёў, або чорных сціен. Некаторыя аўтары — больш паэты, як вучоныя, — сцвярджаюць, што гэтыя рыбы могуць меладычна спяваць і што зграя іх можа даць канцэрт, не горшы, чым ансамбль спевакоў. Не адважуся даводзіць, што гэта няпраўда, але тыя сціены, якіх мы сустракалі па дарозе, не спявалі нам серанад. І вельмі шкада.

Нарэшце адзначу вялікую колькасць сустрэтых намі лятаючых рыб. Не можа быць нічога больш цікавага, як відовішча палявання дэльфінаў на лятаючых рыб. Дакладнасць разліку дэльфінаў зусім матэматычная: якой-бы даўжыні ні была траекторыя палёту, у канцы яе лятаючая рыба ўсё-ж немінуча трапіць у расчыненую пасць дэльфіна!

Бачаныя намі рыбы большай часткай належалі да віду трыгл. Уначы яны паласавалі паветра бліскучымі крывымі, якія пагружаліся ў ваду, як падаючыя зоркі.

З пачатку нашага вандравання мы зрабілі прабег у трынаццаць тысяч лье, або пяцьдзесят дзве тысячы кіламетраў. У гэты час мы знаходзіліся пад 45°37́ і паўднёвай шыраты і 37°53́ заходняй даўгаты. У гэтых самых месцах зонд, апушчаны капітанам “Геральда” Дэнгемам, не сустрэў дна і на глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў. Тут-жа лейтэнант Паркер з амерыканскага фрэгата “Кангрэс” не знайшоў дна на глыбіні пятнаццаць тысяч сто сорак метраў.

Капітан Нэма рашыў апусціцца з “Наўтылусам” на найбольшую глыбіню, каб праверыць гэтыя прамеры.

Акяніцы салона расчыніліся, і я ўсеўся ля акна, каб адзначыць вынікі даследвання.

“Наўтылус” пачаў рыхтавацца да спуску на гэтую велізарную глыбіню. Само сабою зразумела, што не магло быць і гутаркі аб тым, каб дасягнуць яе спосабам запаўнення рэзервуараў вадою. Не гаворачы ўжо аб тым, што ніякі дадатковы цяжар не быў-бы дастатковым для гэтай мэты, трэба было прадбачыць яшчэ тое, што для звароту на паверхню давялося-б на дне выкачваць ваду з рэзервуараў, а на гэта — пры вялізным вонкавым ціску — нехапіла-б магутнасці нават, для насосаў “Наўтылуса”.

Капітан Нэма рашыў паспрабаваць дасягнуць дна па спадзістай дыяганалі, з разбегу. Стырнам глыбіні надалі нахіл у 45°, і затым вінт быў запушчаны з найвялікшай хуткасцю. Лопасці яго з велізарнай сілай уразаліся ў ваду. Гэты магутны штуршок прымусіў здрыгануцца ўвесь карабель, які зараз-жа паслухмяна пусціўся ўніз. Капітан Нэма далучыўся да мяне, і мы разам сачылі за хуткім рухам уніз стрэлкі манометра. Неўзабаве “Наўтылус” мінуў заселеную зону, у якой жыве большасць рыб. Калі паасобныя віды рыб могуць жыць толькі ля самай паверхні акіяна або рэк, то існуюць і такія, што жывуць толькі ў глыбакаводных пластах. Сярод іх я заўважыў гексанхаў — разнавіднасць грэбнезубых акул, з шасцю жабернымі шчылінамі, тэлескопаў з вялізнымі вачыма і, нарэшце, грэндэраў, якія жывуць на глыбіні ў тысячу дзвесце метраў, дзе ціск раўняецца ста дваццаці атмасферам.

Я запытаў капітана Нэма, ці здаралася яму назіраць рыб на вялікіх глыбінях.

— Рыб? — перапытаў ён. — На гэтых глыбінях яны сустракаюцца даволі рэдка. А што аб гэтым думае сучасная навука?

— Мы ведаем толькі наступнае: расліннае жыццё гіне хутчэй, чымся жывёльнае, адпаведна аддаленню ад паверхні ў ніжэйшыя пласты вады. Мы ведаем, што ў тых месцах, дзе яшчэ сустракаюцца жывыя істоты, нельга ўжо знайсці ніводнае расліны. Нам вядома, што вустрыцы і іншыя ракушкі жывуць і на глыбіні ў дзве тысячы метраў пад вадою і што Мак Клінток, герой палярных марэй, аднойчы вывудзіў жывую марскую зорку з глыбіні дзве з паловай тысячы метраў. Нарэшце вядома, што каманда англійскага фрэгата “Бульдог” на глыбіні ў чатыры тысячы метраў таксама вывудзіла жывую марскую зорку. Вось і ўсё, што мы ведаем. Але вы, капітан Нэма, пэўна скажаце, што наша навука нічога не ведае?

— Не, спадар прафесар, я не дазволю сабе гэткага грубіянства. Дазвольце яшчэ запытаць вас, чым тлумачыцца, што жывыя істоты могуць жыць на такой глыбіні?

— Гэта тлумачыцца двума прычынамі, — адказаў я. — Перш за ўсё тым, што вертыкальныя цячэнні, абумоўленыя неаднолькавай шчыльнасцю і насычанасцю вады соллю на розных глыбінях, выклікаюць рух вады, дастатковы для падтрымання жыцця прасцейшых іглакожых і марскіх зорак...

— Правільна, — сказаў капітан.

— І па-другое, тым, што колькасць распушчанага ў вадзе кісларода, без якога жыццё немагчыма, у глыбокіх пластах не змяншаецца, а павялічваецца і што высокі ціск у гэтых пластах толькі дапамагае яго канцэнтрацыі.

— Ага, вы і гэта ведаеце? — ускрыкнуў капітан Нэма, не хаваючы свайго здзіўлення. — Што-ж, я рады, што вам гэта вядома, бо гэта бясспрэчны факт. Я дадам толькі, што ў плавацельным пузыры рыб, вылаўленых на невялікай глыбіні, больш азота, чым кісларода, тады як у тых-жа рыб, злоўленых на вялікай глыбіні, заўсёды больш кісларода, як азота. Гэта даказвае справядлівасць вашай думкі. Але давайце працягваць нашы назіранні.

Я зноў паглядзеў на манометр. Стрэлка яго паказвала глыбіню ў шэсць тысяч метраў. Мы плылі ўжо на працягу гадзіны, і апусканне “Наўтылуса” па дыяганалі ўсё яшчэ працягвалася. Пустынныя воды вызначаліся надзвычайнай празрыстасцю, якую можна параўнаць толькі з празрыстасцю высокагорнага паветра.

Яшчэ праз гадзіну мы былі ўжо на глыбіні трынаццаці тысяч метраў, а дно акіяна яшчэ не было відаць.

Але, калі мы дасягнулі глыбіні чатырнаццаць тысяч метраў, я ўбачыў далёка ў вадзе чорныя верхавіны гор. Аднак гэтыя верхавіны маглі належаць і горам такой самай вышыні як Гімалаі або Манблан, а можа нават і вышэй, таму мы па-ранейшаму не маглі вызначыць глыбіню гэтага воднага бяздоння.

Не гледзячы на вялікі ціск, якому падпадаў “Наўтылус”, мы працягвалі апускацца. Я адчуваў, як уздрыгвае жалезная абшыўка падводнага судна, як выгінаюцца яго распоры, як трасуцца загарадкі, як выгінаюцца ў сярэдзіну пад ціскам вады вокны салона. Каб наш карабель не ўладаў трываласцю цэльнага, літага цела, яго ў адну секунду сплюшчыла-б у дошку.

Калі мы праходзілі блізка ад гор, чарнеючых у вадзе,