epub
 
падключыць
слоўнікі

Зыгфрыд Ленц

Прыхільнік ураду

Аднойчы пры канцы тыдня яны запрасілі журналістаў, каб паказаць ім на месцы, колькі ўрад мае прыхільнікаў. Яны хацелі давесьці нам, быццам усё тое, што пісалі пра неспакойны раён, не адпавядае рэчаіснасьці: ні катаваньняў, ні галечы, ні, галоўнае, шалёнага прагненьня незалежнасьці. Дык вось, яны вельмі ветліва запрасілі нас, і вельмі ветлівы, беззаганна апрануты чыноўнік сустрэў нас за опэрай і правёў да ўрадавага аўтобуса. Аўтобус быў навюткі: пах лякі й скуры плыў над намі, з радыё гучала ціхая музыка. Аўтобус паехаў, і чыноўнік выцягнуў мікрафон, драпнуў па ягонай сетачцы-накрыўцы і яшчэ раз лагодна павітаў нас. Ён сьціпла прадставіўся: «Мяне завуць Гарэк», — пасьля паказаў нам гарадзкія памяткі, распавёў, як называюцца паркі й колькі іх, растлумачыў, як пабудавалася ўзорнае паселішча на вапняковай гары, сьляпучай у ранішнім зьзяньні.

Па-за сталіцай дарога разыходзілася на дзьве: мора засталося далёка, мы вырваліся за горад, міналі засеяныя каменьням палі, бурыя адхоны; зьехалі ў лагчыну і па ёй — да моста, перакінутага цераз высахлае рэчышча. На мосьце стаяў малады жаўнер і трымаў зь нейкай лянотнай пяшчотай аўтамат; ён весела памахаў аўтобуса. У высахлым рэчышчы паміж вымытымі да белі галышамі стаялі яшчэ два жаўнеры-юнакі, і Гарэк сказаў, што мы мінаем месца, дзе надта любяць праводзіць вучэньні. Па сэрпантыне ўгару, па-над гарачай раўнінай, і праз адчыненыя шыбы ў аўтобус пранікаў, пёк вочы тонкі вапняковы пыл; прысмак вапняку закрасіў вусны. Мы пазьнімалі пінжакі. Толькі Гарэк застаўся ў пінжаку, ён усё яшчэ трымаў мікрафон і лагодным голасам тлумачыў урадавыя пляны ўвядзеньня гэтай мёртвай зямлі ў сельскагаспадарчую вытворчасьць. Я ўбачыў, што мой сусед заплюшчыў вочы, адкінуў назад голаў; вапна высушыла й пабяліла ягоныя вусны, на руках, што ляжалі на нікеляванай мэталічнай парэнчы, блакітам выбіваліся праз скуру жылы. Я хацеў штурхануць яго ў бок, бо зь люстэрка задняга віду на нас час ад часу пазіраў, мэлянхалічна пазіраў Гарэк, але пакуль я разважаў, Гарэк усхапіўся, з усьмешкаю прайшоў у зад аўтобуса і раздаў саломінкі й ледзяныя напоі ў кубках з васкаванага кардону.

Апалудні мы праяжджалі празь вёску; вокны былі пазабіваныя дошкамі ад скрыняў, убогія платы з сухога гальля стаялі дзіравыя, расхістаныя раўнінным ветрам. На пляскатых дахах не сушылася бялізна. Студня стаяла закрытая; не гнаўся за намі сабачы брэх, і нідзе не паказаўся нічый твар. Аўтобус, не збаўляючы хуткасьці, мінуў вёску, цягнучы за сабой шэры сьцяг вапняковага пылу, шэры, як сьцяг роспачы.

Гарэк зноўку завіхаўся ў вузкім праходзе, раздаў сэндвічы, ветліва падбадзёрыў нас і паабяцаў, што да мэты засталося зусім мала. Пачаліся іржава-чырвоныя ўзгоркі; глебу засьцілалі вялікія камяні, паміж якіх расьлі малыя бясколерныя кусты. Дарога зьніжалася, мы ехалі тунэлепадобнай выгбай. Жорсткая сьпёка пякла аўтобуснае нутро. Пасьля дарога зноў вывела на прастору, і мы ўбачылі перарэзаную ракой даліну і вёску каля ракі.

Гарэк падаў нам знак, паведамленьне й запрашэньне, мы накінулі пінжакі, а аўтобус запаволіўся і спыніўся на закарэлай гліністай пляцоўцы перад чыста пабеленай хаткай. Вапна сьляпіла так, што нам аж балелі вочы. Мы сталі ў халадку, пстрычкамі павыкідвалі недакуркі, з-пад прымружаных павекаў паглядалі на хатку і чакалі Гарэка, які зьнік у ёй.

Мінула некалькі хвілінаў, пакуль ён вярнуўся і прывёў з сабой мужчыну, якога ніхто з нас раней ня бачыў.

«Гэта Бэла Бонца, — сказаў Гарэк, паказваючы на мужчыну. — Спадар Бонца займаўся якраз хатнімі справамі, але ён гатовы адказаць вам на ўсе пытаньні».

Мы паглядзелі на Бонца, які вытрываў нашыя пагляды, зьлёгку апусьціўшы твар. У яго было старое, пыльна-шэрае аблічча, рэзкія чарнаватыя зморшчыны беглі па карку; верхняя губа была апухлая. Бонца, якога нечакана засьпелі за нейкай хатняй працай, быў гладка прычасаны, а запёклая кроў на старой, худой шыі сьведчыла пра ўпартае, стараннае галеньне. На ім была сьвежая баваўняная кашуля, баваўняныя нагавіцы, закароткія, што ледзь даставалі яму да лытак; на нагах у яго былі новыя боты з жаўтаватай нявычыненай скуры, такія, якія носяць навабранцы ў вучэбках.

Мы павіталі Бэлу Бонца, кожны з нас паціснуў яму руку, тады ён кіўнуў і правёў нас да хаты. Ён прапусьціў нас паперадзе, мы ўвайшлі ў прахалодныя сенцы. Там нас чакала старая жанчына; ейнага твару было не пазнаць, толькі хустка на галаве зьзяла ў змрочным сьвятле. Старая пачаставала нас незнаёмай, з кулак, садавінай; сакавітая мякаць зіхацела чырванаватым бляскам так, што мне спачатку здалося, быццам я ўгрызаюся ў сьвежую рану.

Мы зноўку выйшлі на гліністую пляцоўку. Побач з аўтобусам цяпер стаялі босыя дзеці; яны невыносна пільна ўзіраліся ў Бонца і пры гэтым не варушыліся, не размаўлялі адно з адным. Ні разу яны не зірнулі ні на каго з нас. Бонца загадкава-здаволена ўсьміхнуўся.

«У вас няма дзяцей?» — спытаўся Потгісэр.

Гэта было першае пытаньне, і Бонца, ухмыляючыся, адказаў: «Не, не, у мяне быў сын. Мы якраз спрабуем забыцца на яго. Ён паўстаў супраць ураду. Гультай быў, няздара, не, каб стацца хоць кімсь, то падаўся да гэтых сабатажнікаў, якія ўсюды народ бунтуюць. Змагаюцца проці ўраду, бо думаюць, што могуць нешта палепшыць». Бонца прамовіў гэта рашуча, зь ціхай настойлівасьцю; калі ён гаварыў, я заўважыў, што ў яго роце бракавала разцоў.

«Можа, яны б і палепшылі нешта», — сказаў Потгісэр. Гарэк задаволена ўсьміхнуўся, калі пачуў гэтае пытаньне, а Бонца сказаў: «Усе ўрады аднолькавыя, усіх іх трэба цярпець, якіясь лягчэй, іншыя цяжэй. Гэты ўрад мы ведаем, а тыя другія толькі абяцаюць».

Дзеці абмяняліся доўгім паглядам.

«Але ж найвялікшы іхны абяцанак — незалежнасьць», — сказаў Бляйгут.

«Незалежнасьцю сыты ня будзеш, — сказаў Бонца, ухмыляючыся. — Што нам з тае незалежнасьці, калі краіна галее. А гэты ўрад прадае нашы тавары за мяжу. Ён паклапаціўся аб пракладцы дарог, пабудове шпіталяў і школаў. Ён акультурваў глебы і акультурыць яшчэ больш. Ён яшчэ й выбарчае права нам даў».

Дзеці скалануліся, схапілі адно аднаго за рукі й міжволі зрабілі крок наперад. Бонца апусьціў твар, ухмыльнуўся ўсё з тым жа загадкавым задавальненьнем, а калі зноўку ўзьняў твар, пашукаў вачыма Гарэка, які сьціпла стаяў за намі.

«Зрэшты, — сказаў Бонца, хоць у яго й не пыталіся, — для незалежнасьці патрэбная й пэўная сьпеласьць. Мусіць, мы ня ведалі б, што рабіць зь незалежнасьцяй. Для народаў таксама ёсьць такі ўзрост, калі яны стаюцца паўналетнімі. Мы яшчэ не дасягнулі гэтага ўзросту. І я прыхільнік гэтага ўраду, бо ён не пакідае нас, непаўналетніх, на волю лёсу. Я ўдзячны яму за гэта, знаеце».

Гарэк пайшоў да аўтобуса, Бонца ўважліва сачыў за ім, пачакаў, пакуль цяжкія дзьверы аўтобуса зачыніліся, і мы засталіся адны на сухой, гліністай пляцоўцы. Чужых нібыта не засталося, і Фінке з радыё хуценька спытаўся ў Бонца: «Ну, а папраўдзе? Пакуль мы адны...» Бонца зглынуў, паглядзеў на Фінке зьдзіўлена і адчужана і ясна выгаварыў: «Я не зразумеў вашага пытаньня».

«Зараз можна гаварыць адкрыта», — пасьпешліва сказаў Фінке.

«Гаварыць адкрыта», — паўтарыў Бонца задуменна й шырака ўхмыльнуўся, так, што стала відаць праваліны ў шэрагу зубоў.

«Хіба што я няясна сказаў: мы за гэты ўрад, мая жонка ды я; бо ўсяго, чым мы ёсьць і чаго мы дасягнулі, мы дасягнулі зь ягонай дапамогай. За гэта мы ўдзячныя яму. Вы ведаеце, як рэдка бывае, каб чалавек быў удзячным ураду — а мы ўдзячныя. І мой сусед удзячны, і тыя дзеці таксама, і кожны ў вёсцы. Пастукайце ў любыя дзьверы, вам паўсюль скажуць, якія мы ўдзячныя ўраду».

Раптам Гум, малады бледы журналіст, падыйшоў да Бонца й шапянуў: «Я знаю напэўна, што вашага сына арыштавалі й катавалі ў турме сталіцы. Што вы на гэта скажаце?»

Бонца заплюшчыў вочы, ягоныя павекі былі прыцярушаныя парахном вапны; ён скрывіў вусны і адказаў: «У мяне няма сына, і таму немагчыма, каб яго катавалі. Мы за гэты ўрад, чуеце! Я — за гэты ўрад».

Ён запаліў самаробную крывую цыгарку, моцна зацягнуўся й зірнуў на дзьверы аўтобуса, ужо адкрытыя. Гарэк вярнуўся й даведаўся пра ход размовы. Бонца вагаўся, перакочваючыся з абцасаў на мыскі. Выглядала на тое, што ён сапраўды адчуў палёгку, калі Гарэк зноў падышоў да нас, і на далейшыя пытаньні ён адказваў дасьціпна й падрабязна, раз-пораз са сьвістам прапускаючы паветра праз праваліны ў зубах.

Калі паўз нас ішоў нейкі мужчына з касой, Бонца паклікаў яго; мужчына падышоў цяжкім крокам, зьняў касу з пляча і выслухаў з Бонцавых вуснаў пытаньні, якія мы папярэдне задавалі самому Бонцу. Мужчына з абурэньнем пакруціў галавой: ён быў гарачым прыхільнікам ураду, і Бонца сустракаў кожнае ягонае прызнаньне зь ціхім трыюмфам. Урэшце мужчыны паціснулі адзін аднаму рукі, быццам каб змацаваць у нашай прысутнасьці сваю супольную адданасьць ураду.

Мы таксама пачалі разьвітвацца, кожны з нас падаваў Бонцу руку — я быў апошнім; але сьціскаючы ягоную грубую, з патрэсканаю скурай, руку, я адчуў папяровы шарык паміж нашымі далонямі. Павольна, сагнутымі пальцамі, я забраў яго, адышоўся й запхнуў шарык у кішэнь. Бэла Бонца стаяў і курыў хуткімі, кароткімі зацяжкамі; ён гукнуў жонку, і яна разам з Бонцам і мужчынам з касой сачыла ад'езд аўтобуса, а тым часам дзеці караскаліся на засланы каменьнем і тымі нізкімі бясколернымі кустамі ўзгорак.

Мы вярталіся ня тым самым шляхам, а праз гарачую раўніну, пакуль не напаткалі чыгуначны насып, уздоўж якога бегла гравейка. Увесь гэты час я трымаў адну руку ў кішэні, а ў руцэ маленькі папяровы шарык з такім цьвёрдым ядром, што пазногці ў яго не ўціскаліся, як моцна я ні пружыўся. Я не адважваўся выцягнуць шарык, бо час ад часу зь люстэрка задняга віду нас дасягаў мэлянхалічны пагляд Гарэка. Па-над намі й далей па мёртвай зямлі імкліва праляцеў вусьцішны цень; толькі пасьля мы пачулі гул прапэлераў і ўбачылі самалёт, які ляцеў у кірунку сталіцы нізка па-над чыгункай; на даляглядзе ён павярнуўся, зноўку гульліва праімчаў над намі і пасьля ўжо не пакідаў нас у спакоі.

Я думаў пра Бэлу Бонца, трымаў у руцэ папяровы шарык зь цьвёрдым ядром і адчуваў, як пацее далонь. У канцы чыгуначнага насыпу паказалася нешта, наблізілася да нас, і мы пазналі дрызіну з маладымі жаўнерамі. Яны прыветна памахалі нам аўтаматамі. Я асьцярожна выцягнуў папяровы шарык, але не глядзеў на яго, а хутка запхнуў яго ў маленькую кішэню, адзіную кішэню, якую я мог зашпіліць. І зноў думаў пра Бэлу Бонца, прыхільніка ўраду: я зноў бачыў ягоныя жаўтаватыя боты з сырой скуры, летуценную задаволенасьць ягонага твару і чорныя праваліны, калі ён пачынаў гаварыць. Ніхто з нас не сумняваўся, што ў ягонай асобе мы спаткалі шчырага прыхільніка ўраду.

Мы вярталіся ў сталіцу ўздоўж мора; вецер даносіў да нас працяжны, падобны да цмоканьня пацалункаў шум вады, якая білася ў падмытыя скалы. Каля опэры мы выйшлі, Гарэк ветліва разьвітаўся з намі. Я вярнуўся ў гатэль, адзін, на ліфце падняўся да свайго пакою і ў прыбіральні разгарнуў папяровы шарык, які мне ўпотайкі даверыў прыхільнік ураду: там нічога не было напісана, ніводнай літары, ніводнага слова. У паперу быў загорнуты пярэдні зуб, пакрыты карычневатымі сьлядамі нікатыны. Гэта быў чалавечы нашчэплены зуб, і я ведаў, чый.

 

1959



Пераклад: Алесь Пяткевіч