На нашай вуліцы...
На нашай вуліцы
Усё звычайнае
Таполі пыльныя
Дамы панэльныя
Двары квадратныя
Пад'езды брудныя
Жыцьцё нармальнае
А людзі розныя
На нашай вуліцы
А пятай раніцы
Апошні п'яніца
Дамоў вяртаецца
Дамоў вяртаецца
Ідзе хістаецца
І брудна лаецца
На нашу вуліцу
На нашай вуліцы
А шостай раніцы
Дымяцца коміны
На хлебнай фабрыцы
Дымяцца коміны
Працуе фабрыка
І пахне печывам
На нашай вуліцы
На нашай вуліцы
А сёмай раніцы
У сем'ях чайнікі
На пліты ставяцца
Канапкі робяцца
Яешні смажацца
Усе нэрвуюцца
Усе сьпяшаюцца
На нашай вуліцы
А восьмай раніцы
Сонца ў вокнах
Дамоў адбіваецца
Мой брат ля вакна
Мой брат усьміхаецца
Мой брат нікуды
Зьяжджаць не зьбіраецца
Бо брату майму
Жыць падабаецца
У гэтым доме
На гэтай вуліцы
Мы чакалі Калядаў з маленства...
Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца
Тату трэба было на работу
Маці трэба было на працу
А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелі ўсьлед са зьдзіўленьнем
І міжволі чакалі Калядаў
Мы увосень падпальвалі лісьце
Мы узімку хварэлі на глянды
І прыклаўшы далоні да вуснаў
У цямрэчы чакалі Калядаў
Мы пісалі ў школе дыктоўкі
Нас вадзілі глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькі
Мы бралі і чакалі Калядаў
Нам даводзілі, хто мы і што мы
Нас вучылі выконваць загады
Нам казалі, ды мы ня чулі
Мы употай чакалі Калядаў
Мы рабілі высновы хутка
Мы павольна сьпявалі баляды
Мы назлосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў
Што з таго, што ўсё гэта зьнікла
Быццам бурбалкі ад ліманаду
Засталіся сям'я і дзеткі
Засталося чаканьне Калядаў
Засталіся сябры ды праца
А адзін, дык «вабшчэ» ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў
Позна ўвечары посуд памыем
І пакінем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Каляды з маленства
І ня можам ніяк дачакацца
Я люблю, калі сьвеціць сонца...
Я люблю, калі сьвеціць сонца
Рана ранкам праз фіранкі
Я люблю пах сьвежае кавы
Я люблю смак смажанай бульбы
Мне падабаецца водар парфумы
Мне падабаецца дым цыгарэтаў
Я люблю халодныя блюзы
Я люблю свае джынсы старыя
Я жыву ў гэтай краіне
Мая краіна пад белым сьнегам
Мая краіна пад белым сьцягам
Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай
Я зь цягам часу стануся птушкай
Распраўлю крылы, зраблю тры крокі
І падымуся па-над зямлёю
Туды, дзе вецер, і дзе аблокі
Над краінай пад белым сьнегам
Над краінай пад белым сьцягам
Мая свабода - зь ветрам нязгода
І асалода супрацьстаяньня
Мая свабода - човен падводны
Паміж Сцылаю ды Харыбдай
Мая свабода - дом папяровы
Паміж Гамораю ды Садомам
А там, за домам, - край невядомы
Пад белым сьнегам, пад белым сьцягам
Зь цягам часу складанымі сталі
Законы гульні, а неяк раней
Мы проста ішлі, мы проста стаялі
Мы проста жылі і паміралі
У сваіх падводных чоўнах
У сваіх дамах папяровых
Паміж Сцылаю ды Харыбдай
Паміж Гамораю ды Садомам
У краіне пад белым сьнегам
У краіне пад белым сьцягам
Сустрэліся на дарозе...
Сустрэліся на дарозе
Спыніліся, каб павітацца
Нехта сказаў, глядзіце
Хутка павінна пачацца
Стаім пасярод дарогі
На неба глядзім з-пад далоні
Неба мяняе колер
Павольна, няўхільна, наўмольна
Сіні, блакітны, белы
Белы, чырвоны, чорны
Мы ўглядаемся ў неба
Неба мяняе колер
Неба мяняе колер
Неба нам шле сыгналы
Мы іх не разумеем
Мы іх не ўспрымаем
Альбо ўспрыняць ня хочам
Альбо зразумець ня можам
Божа, даруй нам гэта
І ўратуй нашых дзетак
Ультралевыя хвалі
Ультралевыя хвалі
Лепей прымацца сталі
Тварам да сьценкі
У актавай залі
Мы слухаем
Радыё Сталін
Гаворыць Радыё Сталін
Слухайце, вы замаўлялі
Праграма па вашых заяўках
У эфіры канцэрт пажаданьняў
Гэта музыка вязьняў
Гэта танцы палонных
Гэта сьвята памерлых
Гэта Радыё Сталін
Крыніца: Наша Ніва
Беларуская Палічка: http://www.knihi.com