Аўтар невядомы

Камасутра

ПАЛКІ МУЖЧЫНА
  Уводзіны
  Віды каханьня
  Любоўныя сваркі
  Любоўныя абдоймы
    Спосабы абдыманьня
  Моц пацалункаў
    Зваблівасьць вуснаў
    Гульні з пацалункамі
  Любоўныя драпіны і ўкусы
    Укусы
  Любоўныя ўдары і выкрыкі
  Спосабы сэксуальнага кантакту
  Аральны сэкс
ПАЖАДЛІВАЯ ЖАНЧЫНА
  Уводзіны
  Роздум над Камасутрай
  Тонкае мастацтва спакушаць
  Характар і пажада куртызанак
    Некаторыя практычныя рады
    Пра лоўлю мужчын
  Жыцьцё куртызанак
  Калі каханка трэба пакінуць
  Як каханка пазбавіцца
  Любоўныя позы
    Позы стоячы
    Позы ззаду
    Адваротныя позы


ПАЛКІ МУЖЧЫНА

 

Уводзіны

 

Камасутру, павучаньне аб каханьні, дзьве тысячы год таму на туманных берагах Гангу ў Бэнарэсе склаў мудрэц Ватсяяна, споўніўшы так частку сваіх рэлігійных абавязкаў. Напісаны ў санскрыце арыгінал налічвае дзьве тысячы дзьвесьце пяцьдзясят вершаў (васьміскладовых чатырохрадкоўяў). Па сутнасьці, Сутра - гэта збор афарызмаў, які найкарацейшым чынам выяўляе прынцыпы рэчаў. У вуснай традыцыі, што пераважала ў ранейшыя часы, Сутра забясьпечвала найпрасьцейшы спосаб захаваньня ведаў. Усё ж зь цягам часу ўзьнікла неабходнасьць гэты згустак ідэяў разьвіць у камэнтарох (як у выпадку Джаямангалы, Яшадаравага камэнтару Х ст. н.э.), на якія абапіраліся пазьнейшыя аўтары, каб дадаць сваім дасьледзінам формы і глыбіні.

Камасутра да сёньня застаецца адной з найвялікшых сусьветных кніг, клясычным падручнікам каханьня і падсумаваньнем багатай традыцыі індыйскай эротыкі. Да сучаснага сьвету Сутра зьвяртаецца зь весткаю, што «кожны чалавек мае права на шчасьце і сэксуальную раўнавартасьць». Будучы адной з найранейшых спробаў дэфініяваць здаровую натуральнасьць дачыненьняў паміж мужчынам і жанчынай, Камасутра з абяззбройвальнай шчырасьцю ды адкрытасьцю і бязь сьледу сораму дасьледуе аптымальны спосаб паводзінаў пры пошуку партнэркі і мноства шляхоў дасягненьня сэксуальнага задавальненьня такім чынам, каб вашая жонка і каханка былі ашчасьліўленыя.

У Камасутры ня трэба бачыць кнігу выключна пра славутыя «шэсьцьдзесят чатыры позы», - гэткая этыкетка была перадузята налепленая на гэты твор праз колькасьць апісаных у ім любоўных пазыцыяў. Ватсяяна ўсьведамляў складанасьць свайго заданьня, і таму напісаў: «Гэтая кніга не павінна ўжывацца адно як сродак дзеля спатолі нашых прагненьняў. Чалавек, знаёмы з асноўнымі прынцыпамі навукі аб каханьні, дбае пра сваю бездакорнасьць (дхарма), здароўе (артха) і цялеснае задавальненьне (кама), а таксама шануе звычаі іншых людзей, і таму ён, безумоўна, здольны апанаваць свае пачуцьці. Карацей кажучы, мудры й дасьведчаны чалавек, які рупіцца пра свае дхарму, артху і каму ў такой ступені, каб ня стацца рабом сваіх жарсьцяў, дасягне посьпеху ўва ўсім, за што б ён ні ўзяўся».

Кама, індуісцкі бог каханьня, увасабляе сабой ня толькі сэксуальную асалоду, а ўсе ўцехі зь пяці пачуцьцяў: са слыху, зроку, нюху, дотыку й смаку. Усякая рэч, датычная да пачуцьцяў, можа прынесьці чалавеку неабмежаванае шчасьце. Таму шэсьць разьдзелаў з усіх сямёх зьвязана з паводзінамі чалавека ў супольнасьці.

Таемная тэхніка палавога акту або цялесны экстаз ніколі не павінны адасабляцца ад душэўных перажываньняў. Таму мэта гэтае кнігі - зьвярнуць вашую пільную ўвагу на ўцехі, якія вас акаляюць, бо вашае жыцьцё працякае на незвычайна багатай магчымасьцямі плянэце.

 

Віды каханьня

 

Паводле Камасутры можна адрозьніць сем відаў каханьня:

• Калі вы даўно ўжо кахаеце сваю абраньніцу, замірыліся зь ёй пасьля сваркі або хтосьці з вас пасьля доўгай адсутнасьці вярнуўся дадому, гэта называецца «каханьне зь любасьці». Тады вы можаце ўзаемна цешыцца гэтулькі і гэтак, як вам ласка.

• Калі адзін з вас закахаецца сьпярша, а другі пазьней, тады міласьць, што з гэтага паўстане, называецца «каханьнем даданым».

• Калі вы сустракаецеся толькі дзеля спатолі свае сэксуальнае прагі або дзеля магчымасьці скарыстаць усе шэсьцьдзесят чатыры спосабы палавога кантакту, тады вашы любошчы называюцца «штучным каханьнем». У такім разе не забудзьцеся скарыстаць усе спосабы й сродкі, што прыводзяцца ў Камасутры.

• Калі ад пачатку і да самага канца дачыненьняў з адной жанчынай вы няспынна думаеце аб іншай, якую сапраўды кахаеце, ваша любоў мае назоў «каханьня перанесенага».

Камасутра пазірае звысоку на дачыненьні мужчыны з жанчынай, якая мае значна ніжэйшае за яго грамадзкае становішча і інтэлектуальнае разьвіцьцё (напрыклад, з ваданоскай або служанкай) і паймяноўвае іхную сувязь «каханьнем эўнуа». Калі ўсё ж вы апынецеся ў такой сытуацыі, памятайце, што вам ня варта цалаваць гэтую жанчыну і залішне да яе датыкацца.

• Любоўная сувязь куртызанкі зь вяскоўцам і гарадзкога чалавека зь сялянкай або дзікункай называецца «каханьнем ілжывым».

• Любоўнае ж дачыненьне каханкаў, якіх адно да аднаго неадольна цягнула, і якія злучыліся, каб спатоліць сваю жарсьць, называецца «каханьнем спантанным».

 

Любоўныя сваркі

 

Сваркі паміж каханкамі абнаўляюць каханьне, бо любоўная сутычка пікантна прыпраўляе іхныя дачыненьні. Цалкам надзейны спосаб распаліць у жанчыне гнеў - гэта назваць яе імем вашай былой каханкі пад час палавога акту, або нават пры яго кульмінацыі. Калі вы зьвернецеся да гэтага сродку, будзьце асьцярожныя, бо можна чакаць, што жанчына вырыне зь сябе лавіну абразаў або ператворыцца ў ашалелую фурыю. Тады яна можа растаптаць вашыя кветкі або сарваць зь сябе ўсе падораныя вамі аздобы.

У такой сытуацыі будзьце да яе ласкавы, і калі яна ў прыпадку качаецца па падлозе, паспрабуйце яе падняць і пакласьці ў ложак. Будзьце, аднак, падрыхтаваныя да таго, што пры падыманьні з падлогі яна можа ўпіцца пазногцямі вам у твар або выдраць у вас пасму валасоў, а пры пераносе ў ложак можа пачаць біцца нагамі.

Калі ж яна ўрэшце сядзе перад дзьвярыма й пачне хліпаць, падыдзеце да яе з супакойлівымі словамі й жэстамі, але майце на ўвазе, што спачатку яна вас мусіць адпрэчыць. Паступова, аднак, яна паддасца, скурчыцца ў вас у абдоймах і будзе ахвочая кахацца ізноў.

Жонкі ў такіх выпадках зазвычай у абурэньні сыходзяць у іншы пакой і замыкаюцца. Але не панікуйце: раней ці пазьней яны вяртаюцца і пачынаюць сварку зноў ад пачатку!

Аднак калі ўгневаная жанчына вас пакіне і сыдзе дадому, гэта нагода біць трывогу. Тады не марудзьце ні хвіліны і паспрабуйце яе ўлагодзіць пры пасярэдніцтве сваіх пасланцоў, дзеля чаго можна скарыстацца паслугамі сьвецкага чалавека, сямейнага сябра або блазна. Празь нейкі час жанчына вернецца і зноў зойме сваё месца ў вашым ложку.

Добра засвоіўшы палажэньні Камасутры, вы заўжды зможаце атрымаць ад жанчыны ўсё, што толькі прыйдзе вам да галавы.

Ніводны мужчына ня можа спадзявацца на шанаваньне ў грамадзе іншых мужчынаў, калі ён не валодае мастацтвам каханьня, пра якое трактуе Камасутра. І напраўду, хіба можна знайсьці лепшы спосаб, каб выказаць сваю любоў да іншага чалавека?

 

Любоўныя абдоймы

 

Аўтары старажытных твораў аб эротыцы кажуць, што абазнаны ў справах каханьня мужчына мае добра валодаць шасьцюдзесяцьцю чатырма спосабамі сэксуальнае сувязі і яшчэ шасьцюдзесяцьцю чатырма мастацтвамі й навукамі жыцьця. Багбраўевы вучні цьвердзяць, што гэтая сума паводле васьмі любоўных дзеяньняў падзяляецца на восем пададдзелаў: абдоймы, пацалункі, драпаньне пазногцямі, любоўныя ўкусы і ўдары, любоўныя выкрыкі, любоўныя пазыцыі, жанчына ў актыўнай ролі і аральны сэкс.

 

Спосабы абдыманьня

На самым агульным узроўні мы адрозьніваем чатыры тыпы абдоймаў, а менавіта датычныя, налягаючыя, цяручыя і прыціскаючыя. На ступень іхнай палкасьці паказвае ўжо іх назва.

• Калі вы пад нейкаю маркай наблізіцеся да жанчыны і зьлёгку датыкнецеся да ейнага цела або яна з вамі сыдзецца ў бязьлюдным месцы і колькі разоў вас зачэпіць рукой, гэта «абдоймы датычныя».

• Калі жанчына, якая з вамі ў зацішку бавіць час, нахіліцца, нібы падымаючы нешта, што толькі што ўпусьціла, і пры гэтым наляжа на вас грудзьмі, гэта «абдоймы налягаючыя». Калі вам хопіць спрыту, можаце яе ў гэты момант крадком палашчыць.

Перш чым пераходзіць да беспасярэднага кантакту, да якога належаць трэці й чацьвёрты тыпы абдоймаў, трэба стаць каханкамі.

• Калі вы ідзеце поруч упоцемках ці праз густа залюднены рынак або, урэшце, наадварот паўзь месцы зусім бязьлюдныя і цярэцеся сваімі целамі адно аб аднога, вядзецца пра «абдоймы цяручыя».

• Калі адзін каханак прыціскае другога да сьцяны або да слупа, ды з такой жарсьцю, нібы хоча пераняць дыханьне, або пэўна ахоплівае другога вакол рукамі, гэта «абдоймы прыціскаючыя».

Відавочна, што апошнія два тыпы абдоймаў могуць выкарыстоўваць толькі партнэры, якія ўжо добра знаюцца. Дасьведчаныя каханкі таксама могуць паспрабаваць чатыры спосабы абдоймаў пры палавым кантакце, а менавіта спосаб перавітай ліяны, лазаньня на дрэва, спосаб канапель і рысу ды малака й вады. З гэтых чатырох першыя два тыпы абдоймаў робяцца стоячы.

• Калі жанчына на вас вісіць так, як абвіваецца ліяна вакол камля, нецярпліва прыцягваючы вашую галаву ў надзеі, што вы ёй падорыце палкі пацалунак, і паглядаючы на вас зь любоўю ў вачох, гэта «абдоймы перавітай ліяны».

• Калі жанчына адной нагой стаіць у вас на ступні, а другой абапіраецца на ваша сьцягно і абхоплівае вас, як камель, ціха агукаючы, нібы выпрошваючы пацалунак, гэта абдоймы, называныя «лазаньне на дрэва».

Наступныя два віды абдоймаў маюць адбывацца толькі ў зручным ложку, бо часта без папярэджаньня пераходзяць у палавы акт.

• Калі каханкі разам ляжаць у ложку зь пераплеценымі рукамі й цяруцца адно аб другога ўсім целам, тымчасам як іхныя рукі знаходзяць на целе другога ўсё новыя і новыя чульлівыя месцы, а іхныя вусны імкнуцца злучыцца ў пацалунку, гэта «абдоймы канапель і рысу».

• Калі жанчына сядзіць у вас на каленях тварам у твар да вас і, абхопліваючы вас сьцёгнамі, націскае сваім падчарэўем на вашае ды нагамі цісьне вас да сябе, не зважаючы нават на боль, гэта называецца непарыўныя «абдоймы малака й вады».

Суварнанабха дадае яшчэ чатыры тыпы абдоймаў, якія падзяляе паводле частак цела, што пры гэтым задзейнічаныя, на абдоймы сьцёгнамі, падчарэўем, грудзьмі і ілбамі:

• Калі адзін каханак моцна сьціскае нагамі сьцягно другога і не хавае задавальненьня, якое яму гэта прыносіць, гэта «абдоймы сьцёгнамі».

• Калі жанчына падымае сьцёгны і прыціскае сваё падчарэўе да мужчынскага, драпаючы партнэра пазногцямі, цалуючы яго і юрліва трасучы распушчанымі валасамі, гэта «абдоймы падчарэўем».

• Калі жанчына абхоплівае мужчыну і прыціскаецца да яго грудзьмі, гэта «абдоймы грудзьмі».

• Калі каханкі ўпіваюцца адно ў аднаго вачыма, цяруцца насамі, прасочваюць вуснамі лініі твараў партнэра і прыціскаюцца адно да аднаго ілбамі, гэта называецца «абдоймы ілбамі»; яны дазваляюць абаім каханкам дасягчы аднолькавага задавальненьня.

Старавечныя аўтары кажуць, што абдоймы прыводзяць у рух старадаўны мэханізм жарсьці, таму ў многіх людзей распаліць пажаду можа нават адна згадка пра іх. А як толькі жарсьць шугне, усякі забываецца на ўсе правілы, пра якія вучыць Камасутра.

 

Моц пацалункаў

 

Пацалункі, укусы і драпаньне пазногцямі ўтвараюць прэлюдыю палавога акту, бо павышаюць палкасьць каханкаў. Аднак Камасутра вучыць, што, як толькі вас ахопіць любоўны ўраган, усе падрыхтоўчыя крокі акупяцца.

Не хвалюйцеся, калі вы маеце правесьці ноч з цнатліваю дзеўчынай. Найперш супакойце і разьнявольце яе пацалункамі ды лёгкімі ўкусамі, а калі яна вам пачне адплочваць тым самым, прыступайце да любоўнай прэлюдыі, каб распаліць ейную жарсьць.

 

Зваблівасьць вуснаў

Дзе можна цалаваць? Амаль ува ўсе месцы! Калі хочаце зрабіць асаблівае ўражаньне, пакрыйце пацалункамі бровы, вочы, шчокі, шыю, грудзі, смочкі і вусны сваёй каханкі і не пакіньце без увагі нават нутро ейнага рота.

Калі ваша абраньніца яшчэ маладая, раім вам выпрабаваць тры тыпы лёгкіх пацалункаў, а менавіта пацалунак паветраны, трапяткі і датычны:

• Калі дзяўчына сваімі вуснамі мільгом дакранецца да вашых, гэта «пацалунак паветраны».

• Калі дзяўчына на ймгненьне забудзецца на сваю сарамлівасьць, заплюшчыць вочы, схопіць вашыя рукі і дазволіць вам лёгкім прыкусам ухапіць яе ніжнюю губу, гэта называецца «пацалунак трапяткі».

• Калі ейны язык праз кароткія інтэрвалы пранікае ў ваш прагны рот, гэта называецца «пацалунак датычны».

Апрача таго існуе яшчэ чатыры віды пацалункаў, якія падзяляюцца паводле вугла нахілу і ціску вуснаў:

• Калі вашыя вусны сустракаюцца ўпрост, гэта «пацалунак роўны».

• Калі вашыя галовы зьлёгку нахілены, гэта «пацалунак косы».

• Падняўшы і адкінуўшы назад галаву вашай каханкі, вы цалуеце яе «пацалункам падымаючым».

• Калі ж вы яе цалуеце палка і зь нястрымнаю жарсьцю, ідзецца пра «пацалунак уціснуты».

Часам называецца й пяты від пацалунку, пры якім вы мусіце ўзяць пальцамі ейныя вусны, пяшчотна іх пацалаваць, а потым пэўна сьціснуць сваімі вуснамі. Гэта называецца «пацалунак пэўна ўціснуты».

 

Гульні з пацалункамі

Дзеля распальваньня жарсьці каханкаў старавечныя тэксты раяць розныя гульні з пацалункамі, якія здольныя расьцягнуць любоўную ўцеху на гадзіны.

Напрыклад, паспрачайцеся са сваёй каханкай, хто з вас раней схопіць ніжнюю губу другога, не скарыстоўваючы пры гэтым нічога, апрача сваіх вуснаў. Прайграўшы, жанчына мае ўдаваць, што яна зараз заплача, паскардзіцца, што яе падманулі, і ўрэшце яна папросіць згуляць яшчэ раз. Калі вы адмовіце, яна можа абсмоктваць ваш нос або шчыпаць вас за яго так доўга, пакуль вы не пагодзіцеся. Калі ж яна прайграе і ў другі раз, яна, прыкінуўшыся яшчэ больш засмучанай, чым раней, паспрабуе зьнянацку злавіць вашу губу і зьлёгку сьціснуць яе зубамі. Потым яна будзе скакаць ад радасьці й цешыцца са сваёй перамогі, тымчасам як бровы і вочы будуць кідаць вам выклік на новы турнір. Пры надзвычай высокай ступені ўзрушанасьці пры гэтай гульні вы можаце скарыстоўваць таксама пазногці, зубы і пальцы.

• Калі вы цалуеце верхнюю губу сваёй каханай, тымчасам як яна ўсмоктвае вашую ніжнюю губу, гэта называецца «пацалунак верхняй губы».

• Калі ж вы сваімі вуснамі ўцягваеце абедзьве яе губы, гэта «пацалунак ахопны».

Пры абодвух згаданых пацалунках каханкі могуць дасьледаваць свае раты языкамі, што затым лёгка перарастае ў гульню, якую старавечныя аўтары называлі «двубой языкоў». Падобныя бітвы могуць учыняцца таксама вуснамі і зубамі.

Таксама пацалункі можна разьдзяліць на чатыры тыпы, у якіх вусны, зубы і язык утвараюць адзінства. Паводле частак цела, для якіх яны прызначаны, мы адрозьніваем пацалункі лёгкія, мерныя, ціскаючыя і ўцягваючыя.

Лёгкі пацалунак прызначаны смочкам і месцам, дзе канцавіны партнэркі сыходзяцца зь целам. Адначасова зь ім гэтыя месцы вы можаце далікатна пакусваць і гладзіць языком.

Мерны пацалунак адведзены шчокам, грудзям, жывату і клубам - пульхным, мяккім і пругкім месцам, - таму тут вы можаце скарыстаць зубы бяз боязі, што прычыніце сваёй каханцы нейкі адчувальны боль.

• Пры ціскаючым пацалунку ваш язык дасьледуе каханчына цела, абводзіць ейныя грудзі і з задавальненьнем затрымоўваецца на ейным пупку.

• Пры ўцягваючым пацалунку вусны ахалоджваюць і загойваюць драпіны, што пакінулі на ейным целе вашы пазногці.

Калі жанчына цалуе вас сьпячага, каб абудзіць вашае жаданьне, гэта называецца «распальваючы пацалунак».

Пацалунак, якім жанчына вас узнагародзіць, калі вашую ўвагу займае нешта іншае або калі вы зь ёй пасварыліся, мудра называецца «пацалункам адцягваючым».

Калі вы прыйдзеце дадому позна ўночы і пяшчотна пацалуеце сваю сьпячую жонку, гэта «пацалунак абуджаючы». Пры гэтым кажуць, што жанчына, пачуўшы, што вяртаецца ейны муж, можа ўдаваць сьпячую, каб пераканацца ў сапраўднасьці ягонага пачуцьця.

Калі вы хочаце выказаць каханьне жанчыне, зь якой зь нейкай прычыны ня можаце гаварыць, і пацалуеце ейнае адлюстраваньне ў вадзе ці ў люстэрку або ейны цень на сьцяне, тады гэта «пацалунак на показ».

Калі ж тая самая прычына або зьбянтэжанасьць, якая ў прысутнасьці вашай абраньніцы зьвязвае вам рукі, замінае вам яе пацалаваць і вы заместа яе цалуеце дзіця, карціну або статую так, каб вашая каханка зразумела, што ў сапраўднасьці вы цалуеце яе, вядзецца пра «пацалунак перанесены».

Нарэшце, калі да жанчыны, якую вы кахаеце, вы падыдзеце на людным відовішчы або начным сьвяце і спакойна пацалуеце ёй пальцы на руцэ, гэта «пацалунак дэманстратыўны».

Памятайце, што мужчына, які сваё пачуцьцё не выяўляе, - яшчэ горшы, чым мужчына бессардэчны. Калі ж першы крок зробіць жанчына, адплочвайце ёй пяшчоту пяшчотай, пацалунак пацалункам, а ўкус укусам. Толькі тады любоўны агонь разгарыцца і запалае ясным полымем!

 

Любоўныя драпіны і ўкусы

 

Калі каханкамі завалодае неўтаймоўнае жаданьне, яны могуць умела выкарыстоўваць свае пазногці. Вынікі зьдзіўляюць. Пад пазногцямі спрытнай жанчыны і самы халодны партнэр адчуе, як у ім абуджаецца нечуваная ніколі дагэтуль жарсьць. Гульні з пазногцямі каханкі могуць сабе дазволіць, калі яны ў ложку разам упершыню, калі на наступны дзень адзін зь іх павінен выправіцца ў далёкі шлях або зь яго толькі вярнуўся, калі яны перад тым пасварыліся або калі жанчына крыху нападпітку.

Важна памятаць, што рабіць пазногцямі драпіны - наканаваньне палкіх натураў. Пазногці маюць быць гладкія, чыстыя і каротка падстрыжаныя, але асобы больш авантурныя могуць адгадаваць сабе доўгія пазногці і расьпілаваць іх на два ці тры кончыкі або загнуць накшталт папугайчынай дзюбы. У гульні з пазногцямі мы адрозьніваем восем спосабаў:

• Калі мужчына лёгка праводзіць пазногцямі па грудзях, шчоках або целе партнэркі так, што пасьля не застаецца сьлядоў і пры гэтым узьнікае гук, што нагадвае разрываньне ядвабу, гэта «драпаньне гучнае». Найлепей яно прыдасца тады, калі вас жанчына папросіць пашкрабаць ёй сьпіну.

• Скрыўлены сьлед ад пазногця на грудзях або на шыі называецца «паўмесяц».

• Калі ж скрыўленых драпінаў дзьве, і яны павернуты адна да адной, вядзецца пра «поўню»; аднак для гэтага спосабу драпаньня выбірайце толькі клубы, жывот і падпахі.

• Калі вы вядзеце вострым кончыкам пазногця празь нейкую частку цела, узьнікае «рыса».

• Калі драпіна паўтарае лініі грудзей або шыі, гэта «тыгровы пазур».

• Калі вы ведзяце ўсімі пяцьцю пазногцямі праз грудзі так, каб смочка была пасярэдзіне, гэта «паўлінавая нага», дасканалае выкананьне якой жанчыны вельмі цэняць.

• А паўтарыўшы такую самую фігуру (вядома, калі партнэрка настойвае) і на другой смочцы, вы зробіце «заечы скок».

• Калі ж вы выведзеце на грудзях або клубах форму ліста, гэта называецца «блакітны лётасавы ліст».

Перад расстаньнем таксама добры каханак ніколі не забудзе пакінуць на жаночым целе тры або нават болей драпінаў у якасьці «знакаў на памяць».

Палымяныя каханкі могуць самі прыдумляць сабе «знакі» для выяўленьня свайго каханьня, бо творчая фантазія закаханых ня мае ніякіх межаў. Перад гэтым, аднак, адна засьцярога: ня будзьце аж занадта творчыя на целе чужой жанчыны! Калі вы яе ўжо здабылі, мусіце быць асьцярожныя і далікатныя, таму адзнакі сваіх пазногцяў пакідайце толькі на тых месцах, дзе гэты напамін пра разам праведзены час можаце ўбачыць толькі вы і яна.

 

Укусы

Наконт укусаў цьвёрда запомніце адно залатое правіла: усякую частку цела партнэркі, якую можна пацалаваць, вы можаце і кусаць (за выключэньнем верхняй губы, языка і вачэй), аднак гэта патрабуе крыху больш практыкі. Укус таксама можна ажыцьцявіць васьмю асноўнымі спосабамі:

«Прыхаваны ўкус» робіцца слабым ціскам зубоў, і ён выклікае толькі слабое пачырваненьне скуры. Найлепей ён прыдаецца да ніжняй губы.

• Калі зубамі вы сьцісьнеце скуру з абодвух бакоў так, што зьявіцца невялічкая прыпухласьць, гэта «ўкус нарыўны».

• Дробны шчыпок двума зубамі, які пакідае толькі маленькую адмеціну на скуры, называецца «кропка».

«Рад кропак» узьнікае, калі ўсе зубы прыкусваюць вельмі блізка адзін ад аднога. Для гэтага выдатна прыдаюцца лоб і сьцёгны.

• Пра «карал і самацьвет» вядзецца тады, калі ўвадначас вы кусаеце і ўкушанае месца абсмоктваеце вуснамі. Такі ўкус найлепей ужыць да шчок.

• Калі для ўкусу вы скарыстаецеся ўсімі зубамі, гэта «ланцуг самацьветаў». Найлепш для яго прыдаюцца горла і пахі.

«Разарваны воблак» - вынік нераўнамерна раскіданых сьлядоў ад зубоў, пакінутых часьцей за ўсё на грудзях.

• Толькі для вельмі палкіх каханкаў прызначаны «грызок дзіка», які складаецца з густа пакладзеных доўгіх палосаў укусаў на грудзях або на плячох.

Таксама сьлядамі пазногцяў і зубоў вы можаце пазначыць розныя дэкаратыўныя прадметы або аздобы, якія носіць ваша каханая. Аднак трымайцеся меры, бо гэтым вы не даводзіце сваю моц, але даяце сьведчаньне свайго каханьня.

 

Любоўныя ўдары і выкрыкі

 

Сваркі каханкаў абнаўляюць каханьне, а сэксуальны кантакт мае характар сяброўскае сутычкі паміж мужчынскім і жаночым палавымі органамі. Любоўныя ўдары ўяўляюць сабой добрае паліва для полымя жарсьці. Камасутра налічвае чатыры асноўныя спосабы ўдараў: адкрытай даланёй, рубам далоні, сагнутымі пальцамі і сьцятым кулаком.

Найбольш прыдатныя месцы для біцьця - плечы, галава, сьпіна, клубы, тулава і ямка паміж грудзей. Ясна, што некаторыя ўдары - або нават усе - прычыняюць рознай ступені боль і выклікаюць розныя болевыя і экстатычныя выкрыкі. Таму можна адрозьніць восем відаў выгукаў, якімі вам жанчына паказвае, як далёка вы прасунуліся ў распальваньні ейнае жарсьці.

• Воклічам «гім» называюцца ўздыхі.

«Голасам грому» абазначаецца хрыпеньне.

«Буркаваньне» імітуе галуба.

«Хліпаньне» вырываецца зь ейнага горла пад час аргазму.

• Вокліч «сут» абазначае сапеньне.

• Вокліч «пат» падобны да трэску бамбуку, які расшчапляецца.

• Вокліч «плят» нагадвае ўсплёск рыбкі ў вадзе.

• Выгукі кшталту «Мама мая!», «Яшчэ!», «Годзе!», «Пакінь мяне!», або нават «Цудоўна!» ці «Хутчэй!».

Калі вы здатны каханак, трымайце такі рытм удараў, каб выкрыкі вашай каханкі ўвесь час нарасталі і пачашчаліся. Сваім крыкам жанчына таксама можа імітаваць галуба, зязюлю, туркаўку, папугая, пчалу, вераб'я, гусь, качку або перапёлку; калі ж потым яна дасягне вяршыні задавальненьня, ейная глотка выбухне стогнамі й хліпамі.

Ніякага дакладна вызначанага парадку, у якім вы б мелі чаргаваць любоўныя ўдары, не існуе. Тым ня менш, калі каханка сядзіць у вас на каленях, вы можаце мерна біць яе кулаком у сьпіну, тымчасам як яна тое самае робіць з вашаю сьпінай. Калі вы зробіце ёй балюча, яна абрынецца на вас, паказваючы, што сапраўды ўгневалася. Пры сэксуальным кантакце можаце біць сваю каханку рубам рукі між грудзей. Аднак пачніце паволі і не прычыняйце ёй болю, пакуль яна сама таго не папросіць. Памятайце, што кожны ўдар мусіць суправаджацца выкрыкам нарастаючай задаволенасьці. Калі жанчына стамілася, лёгка біце яе сагнутымі пальцамі ў лоб. Усе ўдары прызначаюцца адно для большае асалоды і стымулююць любоўныя выкрыкі пад час палавога акту.

Калі вы адчуваеце, што набліжаецца кульмінацыя, паскарайце рытм удараў у грудзі, сьцёгны й клубы партнэркі. Тады плясканьне далоні па целе вашай каханкі зьмяшаецца са стогнам, які пры набліжэньні аргазму вырвецца з глыбі яе горла.

Але не забывайцеся на вядомую акалічнасьць, што мужчына й жанчына ў сваёй натуры дзьве вельмі адрозныя істоты. Мужчыны больш суровыя і вынаходлівыя, тымчасам як жанчыны больш далікатныя і сарамлівыя, хоць часам іх прыроджаная сарамлівасьць і страчваецца. Жанчына, якая распалена нейкай любоўнай пазыцыяй або адчувае ўсё большую ўзбуджанасьць, або, нарэшце, калі яна хоча прытрымвацца звычаяў таго краю, адкуль паходзіць, можа нанесьці мужчыну ўдар. Аднак не чакайце, што яна будзе рабіць гэта кожнага разу!

У асобных частках зямлі Ватсяяна сустрэў яшчэ чатыры папулярныя ўдары: «клін» у грудзі, «нажніцы» ў галаву, «іголку» ў шчокі і «клешчы» ў грудзі й клубы. Гэтыя ўдары палягаюць у розным палажэньні далоні, пальцаў і кулака, і Камасутра ўважае іх за вельмі балючыя і барбарскія, бо пасьля мілаваньня яны пакідаюць на целе жанчыны вельмі заўважныя сьляды. Таму старавечныя аўтары перасьцерагаюць, каб каханкі не пераносілі краёвыя звычаі ў іншыя часткі зямлі толькі таму, што гэта навінка, бо тое, што добра для адных, не канечне быць добра для іншых.

У якасьці застрашальнага прыкладу прывядзем тут некалькі выпадкаў, калі занадта палымяныя каханкі скалечылі або змардавалі да сьмерці жанчын, ужыўшы да іх вышэйзгаданыя гвалтоўныя прыёмы:

• Чолскі раджа забіў куртызанку Чытрасэну, калі пад час палавога акту абрынуўся на яе грудзі «клінам».

• Кароль Шатакарні Шатавагана з Кунталы зьмярцьвіў каралеву Малаваяці залішне жорстка праведзенымі «нажніцамі».

• Нарадэва, правадыр войска панду, які меў скалечаную руку, будучы ў сэксуальным узрушэньні, выбіў «іголкай» вока маладой танцоўшчыцы.

Тым ня менш, некаторыя шаленцы не прытрымваюцца старавечных павучаньняў і, ахопленыя жарсьцю, прычыняюць жанчынам боль. І як жарабец, які апошнім напружаньнем сіл пераходзіць у кар'ер, ня бачачы пры гэтым глыбокіх ямінаў, выбоінаў ці слупоў, так і каханкі забываюцца на навакольны сьвет, калі іх ахоплівае вір асалоды, і часта нават самі не ўсьведамляюць, колькі ўсяго могуць нарабіць іх утрапёныя пазногці, зубы або пальцы.

Таму пільнуйцеся перад асьляпляльным узьдзеяньнем некантраляванае жарсьці і назаўжды ўсьвядомце, што вашая каханка не такая моцная і трывалая, як вы сабе ў сваёй жарсьці ўяўляеце: звычайна яна бывае слабейшай, і вашыя ўдары, укусы і драпіны для яе вельмі балючыя. Таму ўмелы каханак выкарыстоўвае іх у добрай меры, у прыдатным месцы і ў адпаведны час.

 

Спосабы сэксуальнага кантакту

 

Камасутра разьмяжоўвае мужчын паводле велічыні іхнага чэляса (лінгаму) на зайцоў, быкоў і жарабцоў, а жанчын - паводле аб'ёму іхнае похвы (ёні) - на газэляў, кабыл і сланіх. Раўнавартаснае злучэньне адбываецца пры кантакце зайца з газэляй, быка з кабылай і жарабца са сланіхай. Сярэднявечныя аўтары эратычных твораў падаюць і меркі палавога органу: для зайца й газэлі шэсьць пальцаў, для быка і кабылы дзевяць, а для жарабца і сланіхі дванаццаць.

Лінгам і ёні неаднолькавых памераў даюць далейшыя шэсьць варыянтаў для любоўнае бітвы: газэля з быком ці жарабцом, кабыла з зайцом ці жарабцом і сланіха з зайцом ці быком. Лішне, мабыць, казаць, што лягчэй злучаюцца тыпы палавых органаў, якія суседнічаюць на вышэйпрыведзенай шкале (напрыклад, жарабец і кабыла або бык і газэля), тымчасам як найаддаленае злучэньне (напрыклад, сланіхі з зайцом або газэлі з жарабцом) непажаданае і лепей яго пазьбягаць.

Удалы кантакт вымагае таксама гармоніі тэмпэрамэнтаў, якія мы падзяляем на палкія, памяркоўныя і халодныя. Халодныя натуры адчуваюць адно слабое жаданьне; памяркоўныя натуры палчэйшыя за халодныя і іхная прага сярэдняй ступені; палкія ж натуры жарсьцю ажно палаюць і зь вялікай цяжкасьцю могуць утрымаць яе пад кантролем.

Паводле працягласьці палавога акту мы адрозьніваем тры тыпы каханкаў, а менавіта павольны, сярэдні і хуткі. Адсюль выводзіцца дзевяць спосабаў кантакту.

Камасутра падрабязна выкладае пра асноўныя адрозьненьні мужчыны й жанчыны. У адрозьненьне ад мужчынаў, жанчыны ня могуць эякуляваць і знаходзіць у любоўным кантакце фізычнае разьняволеньне. Іншыя аўтары цьвердзяць, што жанчына атрымлівае асалоду ад кантакту, які цягнецца доўга, і ніколі ад сувязі хуткаплыннай. Але калі б гэта было так - пярэчаць некаторыя вучоныя, - як растлумачыць, што ейная ёні выдзяляе вільгаць ад самага пачатку і да канца.

Уважлівае вывучэньне палавога акту паказвае, што ў той момант, калі мужчына ўваходзіць у сваю каханку, яна адчувае ўзрушэньне сярэдняе інтэнсіўнасьці. Ейная шчаснасьць нарастае не імкліва, але доўга й павольна, разьліваючыся па ўсім целе. Гэтаксама павольна потым раскоша адступае назад, калі жанчына хоча мілаваньне спыніць.

Ватсяяна кажа, што мужчыны - гэта аратыя, а жанчыны - ураблянае поле, хоць кульмінацыі насалоды дасягаюць абое.

Старавечныя аўтары нямала шукалі, як дасягнуць гармоніі мэтаў мужчыны й жанчыны, бо адчувалі, што калі два чалавекі робяць адну справу ў адзін час, дык маюць дасягнуць шчаснасьці адначасова. І як пад час гону б'юцца галовамі два маркачы і аднолькава адчуваюць удар, так і мужчыны з жанчынамі маюць ад палавога кантакту аднолькавую спатолю.

Хоць зыходзячы з памераў палавых органаў, палкасьці і працягласьці палавога акту вылучаецца толькі дзевяць відаў кантакту, узаемазлучэньнем асобных складнікаў можна дасягнуць незьлічонае колькасьці камбінацыяў. Якая зь іх найлепшая? Гэта залежыць ад вашай пажады і месца, дзе яна вамі апанавала.

Калі мужчына з жанчынай упершыню злучаюцца ў палавым акце, звычайна мужчына вельмі хутка дасягае аргазму, але неўзабаве робіцца здольны паўтарыць акт. У жанчыны гэта якраз наадварот: пры першай сувязі яе ўзрушэньне малое і шмат часу мінае, пакуль яна адчуе спатолю, але паступова ўзрушанасьць нарастае і аргазм прыходзіць хутчэй.

Паводле сілы цягі старавечныя аўтары адрозьнівалі наступныя чатыры віды ўцехі:

Уцеха са сталага выкананьня дзеяньняў, заснаваных на звычцы. Сюды належаць прыхільнасьць да паляваньня, выпіўкі, рызыкі або асалоды.

Уцеха з уяваў, заснаваных на гульні фантазіі; пры гэтым мужчына ўяўляе сабе пацалункі, абдоймы або аральны сэкс.

Уцеха з даверу, які ўзьнікае з пачуцьця ўзаемнай сымпатыі дзьвюх асобаў.

Уцеха з навакольля, якая нараджаецца з успрыманьня ўсімі пачуцьцямі. Гэты від уцехі паўсюль добра вядомы і ўяўляе сабой найвышэйшую форму любові, бо ўсе астатнія віды толькі спрыяюць нарастаньню асалоды, якая з гэтае ўцехі струменіць.

 

Аральны сэкс

 

За старажытных часоў мудрацы аральны сэкс папросту забаранялі, бо ўважалі яго за барбарскі, дзікунскі, негігіенічны і не адпаведны традыцыі. Ватсяяна адрозьніваў восем відаў аральнага сэксу, якія практыкавалі эўнухі і якія мы тут прывядзем з папраўкай на стасункі мужчыны й жанчыны.

• Калі жанчына, узяўшы лінгам у рукі, засоўвае яго паміж выпнутых вуснаў і абводзіць языком, гэта называецца «лёгкае кальцаваньне».

• Калі жанчына, пэўна ўхапіўшы лінгам рукамі, як кветку, цалуе і пяшчотна пакусвае яго з бакоў, гэта «кусаньне бакоў».

• Калі яна, узяўшы галоўку лінгаму ў вусны, сьціскае яго, цалуе і зьлёгку пацягвае за крайнюю плоць, тады яна робіць «вонкавую цягу».

• Засунуўшы галоўку лінгаму глыбей у рот і сьціснуўшы ейнае цельца вуснамі, яна правядзе «ўнутраную цягу».

• Калі яна трымае лінгам у руцэ і праводзіць па ўсёй яго даўжыні вуснамі, як калі б смактала сабе ніжнюю губу, тады гэта «цалаваньне».

• Калі да папярэдняга спосабу дадаць яшчэ пешчаньне лінгаму ад кораня і да самага кончыка рубцом языка, гэта называецца «паціраньне».

• Калі ўзрушэньне ў жанчыны пачынае выходзіць з-пад кантролю, яна ўцягвае лінгам глыбей у рот і моцна яго пры гэтым цалуе і смокча, нібы выядаючы плод манга, - гэта завецца «выхлёбтваньне манга».

• Калі ж неўзабаве ўсе яе адчуваньні ўспыхваюць і ейнае ўзрушэньне дасьпявае да кульмінацыі, інтэнсіўнасьць смактаньня і ўцягваньня лінгаму нарастае, і яна ўжо бярэ яго ў рот увесь, прыводзячы да эякуляцыі. Гэта мянуецца «праглынаньне сусьвету».

Камасутра адзначае, што падобным чынам узаемна дражняць сабе ёні некаторыя гарэмныя жанчыны, а часам тое самае жанчынам робяць і некаторыя мужчыны, бо ёні можна цалаваць гэтак сама, як і іншыя месцы.

Калі вы каля жанчыны ляжаце наадварот, то бок галавой насупраць ейнае ёні і лінгамам насупраць ейнага рота, можаце задавальняць адно аднаго адначасова. Гэта называецца «мілаваньне на ўзор варонаў».

 

ПАЖАДЛІВАЯ ЖАНЧЫНА

 

Уводзіны

 

«Ейны твар зьзяе, бы поўня ў цёмную ноч. Ейныя вочы вялікія, як вочы спалоханае газэлі. З грудзьмі пругкімі і звабліва выпнутымі крочыць яна з грацыяй лебедзі. Ейная ёні распускаецца, як сьвежая кветка лётасу...» Хто б не пагадзіўся з гэтым Ватсяянавым лірычным апісаньнем жанчыны-газэлі? Пабачыць такую жанчыну ў бітве каханьня й пажады вы можаце таксама на старонках індыйскай літаратуры, напрыклад, у жывых малюнках Калідасавай Шакунталы; яе вы пазнаеце і ў пакінутай і ахопленай «несуцешнаю» роспаччу Радсе, якая ў змроку чакае свайго каханка, тымчасам як па небе коціцца бялюткі месяц з тысячай зіхатлівых сланоў.

Ужо старажытны Ватсяяна ведаў, што любоўная схільнасьць жанчын не вылучаецца сталасьцю, а таму ён раіў мужчынам ня ставіць у залежнасьць ад апошняй сваё задавальненьне. Ягоны разьдзел, прысьвечаны магчымасьцям узаемнае злагады, уяўляе сабой жыцьцёвую мудрасьць дасьведчанага мужчыны, які зразумеў чалавечую натуру і сваю веду скарыстаў у галіне любоўнае сувязі.

Патронка жаночае сэксуальнасьці - багіня Раці, якая пасьвячае жанчын у мастацтва каханьня, разьвівае іхныя пачуцьцёвыя ўмельствы і прыводзіць іх да нечаканых вяршыняў пажады і шчаснасьці. Ватсяяна, ня маючы ніякіх забаронаў, часта цьвердзіць, што жанчынам варта вывучаць Камасутру, нават калі мужчыны паўстаюць супраць гэтага. Аднак трэба памятаць, што Камасутра, чый аўтар так зьдзіўляльна адкрыты і вальнадумны, пісалася хутчэй для каханкаў, чым для мужоў. Гэта ўяўляе сабой адну са шматлікіх звабнасьцяў кнігі і ўвадначас прычыну таго, што ейны зьмест знаходзіць гэткі шырокі розгалас сярод сучасных чытачоў.

 

Роздум над Камасутрай

 

У старажытнай Індыі Камасутра была агульнапрынятым прадметам абавязковай адукацыі, і мужчыны мусілі вывучаць яе разам зь іншымі навукамі і ўмельствамі. Але мудрацы ніколі не маглі дайсьці да згоды ў тым, ці маюць тое самае рабіць і маладыя дзяўчаты, асабліва яшчэ не замужнія. Калі, аднак, муж быў ня супраць, за вывучэньне навукі аб асалодзе дзяўчына магла ўзяцца пасьля вясельля. Насуперак гэтаму многія вучоныя, спасылаючыся на тое, што жанчыны з навукамі ўвогуле знаёміцца не павінны, цьвердзілі, што й Камасутру ім дазваляць вывучаць ня варта.

Ватсяяна з гэтымі поглядамі не пагаджаўся: ён сьцьвярджаў, што ўсе жанчыны ўсё адно палажэньні Камасутры ведаюць інтуітыўна, і падкрэсьліваў, што дзякуючы любоўнай практыцы многія жанчыны дасягаюць у мастацтве каханьня дасканаласьці і майстэрства, нават не засвоіўшы перад гэтым нейкіх тэарэтычных ведаў. Гэтак сама і сьвятары часта не разумеюць дакладнага значэньня ўрачыстых гімнаў, якія яны сьпяваюць у храмах, і ўсё ж яны не перастаюць ушаноўваць багоў. Падобна ж вершнікі кіруюць коньмі або паганятыя сланамі, нават не пазнаёміўшыся з фармальнымі зьвесткамі навукі аб муштраваньні жывёлаў. І людзі выконваюць загады свайго ўладара, нават знаходзячыся ў самых аддаленых кутках ягонага гаспадарства, толькі таму, што гэта ўсеагульны звычай. І менавіта так шляхетныя паненкі і куртызанкі ўжо валодаюць багатымі ведамі старавечных трактатаў аб каханьні.

Таму, дзяўчаты, Камасутру вам варта ведаць прынамсі часткова, высноўвае Ватсяяна. Шэсьцьдзесят чатыры навукі засвойце самі, рэшты вас можа навучыць блізкая сяброўка. Дзеля таго, каб стаць вашай настаўніцай, найлепей падыходзяць:

• ужо замужняя дачка вашае нянькі;

• дзяўчына, якой вы бяз боязі можаце цалкам усё распавесьці;

• цётка, найлепей сястра вашае маці;

• дасьведчаная старая служэбка;

• жабрачка-манашка, якая раней жыла ў вашай сям'і;

• старэйшая сястра, да якой вы маеце поўны давер.

Разам з Камасутрай вы можаце паспрабаваць авалодаць і іншымі мастацтвамі, асабліва сьпевамі, ігрой на музычных інструмэнтах, пісьмом, маляваньнем і татуяваньнем.

Зьмясьціце ў чыста прыбранай нішы абразы сямейных бостваў і аздобце іх кветкамі ды рысавым зернем. Упрыгожце кветкамі ложак і канапу альбо выкладзіце імі пекны ўзор на падлозе.

Навучыцеся фарбаваць адзеньне, зьмяняць колер цела, пазногцяў і валасоў, а таксама ўпрыгожваць іх дэкаратыўнымі ўзорамі на розны манер.

Засвойце як мага лепш працы з інтэр'ерам: як запраўляць ложак, расьсьцілаць дываны, расстаўляць крэслы і да т.п. Паспрабуйце таксама крыху зразумець сэнс гульні ў кубкі з вадой.

Навучыцеся складаць з кветак букеты і сплятаць зь іх гірлянды й вянкі. Не зашкодзіць і ўмець вязаць турбаны, каралі ды іншыя аздобы.

Добра пазнаёмцеся з усім, што зьвязана з акторскім мастацтвам і аздабленьнем сцэны.

Па-за вашай увагай хай не застануцца і тонкія жаночыя мастацтвы: выраб завушніц, прыгатаваньне парфумаў, густоўнае грымаваньне і апрананьне.

Хай знаўцы вам растлумачаць некаторыя карысныя прыёмы магіі і чараўніцтва.

Разьвіце як мага лепш свае кухарскія здольнасьці і добра навучыцеся гатаваць як напоі алькагольныя, так і шэрбэты, лімонную ваду, халодныя напоі ды сокі.

Добраму вядзеньню хатняе гаспадаркі дапамагае таксама абазнанасьць у цыраваньні, шыцьці й кравецтве. Аздобце сваё ўбраньне вышыўкамі папугаяў ці кветак і нашыйце на яго стужак, кутасоў, гузікаў і да т.п.

Напрактыкуйцеся ў слоўных гульнях, у разгадваньні рэбусаў ды загадак і ў імітацыі розных гукаў жывёл і людзей. Калі вы хочаце спраўна й пераканаўча гаварыць, мусіце прысьвяціць крыху часу чытаньню. Не шкадуйце намогаў на авалоданьне скарагаворкамі, песьнямі і куплетамі, вывучыце іх напамяць.

Старанна вучыцеся абыходжаньню зь мечам, булавой, кіем і лукам са стрэламі, бо абараніць сябе вы зможаце толькі дзякуючы рэгулярным і цярплівым практыкаваньням.

Удасканальвайце сваю здольнасьць рабіць высновы, абгрунтоўваць і лягічна аргумэнтаваць.

Няблага было б ведаць хоць штосьці пра сталярства, архітэктуру і будаўніцтва ды разьбірацца ў срэбных і залатых манэтах, у каштоўнасьцях і самацьветах, у хіміі, мінэралёгіі, а таксама ў спосабах фарбаваньня рэдкіх камянёў, пэрлаў і бразготак.

Не зашкодзяць таксама веды пра шахты й кар'еры, тыпы глебы й садоўніцтва, а асабліва ж пра дрэвы й расьліны - як за імі даглядаць, як іх паліваць, апрацоўваць, ахоўваць і распазнаваць іх век.

Трэба, каб у вас было пэўнае ўяўленьне аб цёку вады ў аквэдуках, аб цыстэрнах і водных рэзэрвуарах. Не зашкодзяць і веды пра бойкі пеўняў, перапёлак ці бараноў і ўменьне вучыць папугаяў і шпакоў размаўляць.

Засвойце тайнапісы і шыфры або вынайдзіце ўласны. Важна таксама ведаць новыя спосабы маўленьня, каб спрытна зьмяняць пачаткі й канцы словаў так, як вам трэба. Бо ж вельмі міла, калі жанчына ўмее дадаваць да складоў лішнія гукі або прыдумляць розныя слоўныя гульні. Сваёй матчынай мовай вы маеце авалодаць у максымальна магчымай ступені, каб, напрыклад, змагчы дапоўніць няскончаную страфу або верш. Гэтае вельмі добрае практыкаваньне разам з выкарыстаньнем слоўніка (ім вы б мелі карыстацца дзеля пашырэньня свайго слоўнага запасу) выдатна вам дапаможа пры складаньні ўласных вершаў.

Да ліку сваіх умельстваў вам варта далучыць і тонкае мастацтва пераўвасабленьня, каб на сваё жаданьне зьмяняць выгляд людзей і рэчаў. Тады нават са звычайных прадметаў вы зможаце зрабіць выключныя (напрыклад, надаць воўне выгляд бавоўны) і наадварот.

Добра азнаёмцеся як з гульнёй у кубікі, так і з ужываньнем замоваў ды заклёнаў. Гэта вам дапаможа бязь цяжкасьцяў завалодаць маёмасьцю іншых.

Таксама трэба разьбірацца ў грамадзкіх звычаях, прыстойна сябе паводзіць і выказваць павагу й рэспэкт да старэйшых. Карацей кажучы, вучыцеся ўсяго, што на гэтым сьвеце трэба ўмець, і будзьце ўпэўнены, што вам гэта ў далейшым жыцьці вельмі добра прыдасца.

Калі вы навучыцеся ўсяго, што трэба ведаць, грамадзтва ахіне вас усебаковай павагай і нічога ня будзе стаяць на дарозе таму, каб вы ў коле вучоных мужчынаў сядзелі як роўная. Сваімі ведамі вы набудзеце таксама павагу ўладара і хвалу мудрых, і людзі заўжды будуць вас шанаваць і заўжды вам будуць ахвотныя памагчы.

Кажуць, што, калі прынцэса з каралеўскага роду добра авалодае вышэйзгаданымі ўмельствамі, на сьвеце ня знойдзецца ніводнай жанчыны, якая б магла зь ёй зраўнацца, і яна тады апынецца на першым месцы, нават калі б напачатку ўважалася толькі за адну з тысячы мужавых жонак.

Памятайце таксама пра тое, што вам усе гэтыя мастацтвы цудоўна прыдадуцца, калі вы зь нейкай прычыны патрапіце ў няласку свайго мужа. Ня трэба турбавацца: шэсьцьдзесят чатыры мастацтвы і ўмельствы вам дапамогуць і ў выпадку, калі вы апынецеся адна і без дапамогі ў чужой краіне. Нават жанчыны, якія валодаюць толькі нязначнаю часткай гэтых мастацтваў, вельмі прывабліваюць мужчынаў і дасягнуць посьпеху ўва ўсім, за што возьмуцца.

 

Тонкае мастацтва спакушаць

 

Добра вядома, што на некаторых жанчын паглядаюць нават мужчыны, якія сваю абраньніцу вельмі кахаюць. Іх спакусу, аднак, стрымлівае іхная мудрасьць і пачуцьцё гонару, таму часта яны адступаюць, нягледзячы на моц пачуцьцяў да пэўнай жанчыны, што іх адольваюць. Часам усё ж здараецца, што мужчына, нават прыклаўшы вялізнае намаганьне, каб апанаваць сваё парываньне, ня здолее ўтаймаваць свайго агню і неўзабаве да жанчыны вяртаецца, каб да яе заляцацца з падвойным імпэтам. Таксама здараецца - і няма таму ніякай іншай прычыны, - што, дасягнуўшы сваёй мэты, мужчына да жанчыны робіцца абыякавы.

Калі вам зразумелыя гэтыя ўнутраныя мужчынскія імпульсы, вы маеце ўсе іх падобныя дамаганьні адпрэчваць у наступных выпадках: калі кахаеце ўласнага мужа; калі хочаце мець законных дзяцей; калі мужчына больш, чым вас, любіць падарожжы; калі мужчына кахае яшчэ нейкую жанчыну; калі ён дужа балбатлівы і замнога гаворыць пра тое, пра што яму лепш маўчаць; калі мужчына аддадзены сваім сябрам больш, чым вам; калі вы адчуваеце, што ён няшчыры; калі вы саромеецеся, што мужчына занадта слаўнага роду, або калі вы дужа баіцёся ягонай магутнасьці; калі вы жанчына тыпу газэлі і мяркуеце, што мужчына занадта буяны і палкі, або калі ён занадта думае пра сваю выгаду; калі мужчына раней быў вашым сябрам; калі вы даведаецеся, што ён хамула і зусім не разьбіраецца ў сьвеце; калі вам агідная ягоная грубасьць або калі вы ня лічыце яго здольным спатоліць вашую прагу; калі вы належыце да жанчын-сланіх, а мужчына да слабых зайцоў; калі вы баіцёся, што празь ягоную жарсьць да вас яго чакаюць няшчасьці, або калі вы ў адчаі, бо лічыце, што яго праз сваю недасканаласьць не заслугоўваеце; калі вы баіцёся пагалоскі пра вашыя дачыненьні або гідзіцеся яго сівых валасоў і чэзлага выгляду; калі вы падазраяце, што з гэтым мужчынам дамовіўся ваш муж, каб спраўдзіць вашую вернасьць, або, нарэшце, калі ён ставіць свой гонар па-над усім астатнім.

Калі мужчына мае нейкія зь пералічаных заганаў, ня кідайцеся ў роспач, бо Камасутра ведае не адзін спосаб разьвязаньня. З вашай дапамогай ён можа зьмяніцца непазнавальна: калі жанчына прыкладзе намаганьне, сарамлівы мужчына імгненна можа стацца знаходлівым і адважным, а няўрымсьлівы - лагодным.

Якія ж мужчыны могуць спадзявацца ўкаранаваць свае адносіны да жанчынаў посьпехам? Старавечныя аўтары ўлучаюць сюды дасьведчаных каханкаў, умелых апавядальнікаў, сяброў зь дзяцінства, суседзяў, павернікаў, здольных прамоўцаў, мужчын красамоўных, нявіннага выгляду, добра ўбраных, велікадушных, паглядных, нядаўна жанатых, пажадлівых (гэта могуць быць і вашыя слугі), таварыскіх, вальнадумных, адважных, сьмелых, мудрэйшых і прыгажэйшых за мужа, дужых як бык і, нарэшце, мужчын, якія маюць свой стыль і жывуць па-панску.

 

Характар і пажада куртызанак

 

Ніводная жанчына не шукае каханка толькі дзеля сваёй выгады, а тым, для каго сэксуальнасьць уяўляе сабой крыніцу пракорму, Камасутра раіць утойваць сапраўдны матыў іх памкненьня і ўдаваць, што імі валодае пажада.

Мужчыны лёгка паддаюцца лісьлівасьці, і жанчыне няцяжка зрабіць, каб кожны каханак сыходзіў зь ейнае спальні з адчуваньнем, што ён у каханьні найвялікшы майстар у сьвеце.

Ніколі не давайце мужчыну адчуць, што больш, чым яго, вы прагнеце ягоных грошай. Карацей кажучы, ён мусіць быць перакананы, што абуджае ў вас такое жаданьне, якога вы проста ня ў стане адолець.

 

Некаторыя практычныя рады

• Заўжды за сабой глядзіце і апранайцеся з густам.

• З-пад аховы свайго дому паглядайце на мужчын, што праходзяць па вуліцы, так, каб яны вас заўважылі.

• Пасябруйце зь людзьмі, што могуць дапамагчы вам прынадзіць мужчыну, якому вы падабаецеся; у цяжкія хвіліны яны будуць вашай апорай і абароняць вас ад адрынутых каханкаў.

• Таксама знайдзіце сабе сяброў сярод гарадзкой варты, праўнікаў, астролягаў, вучоных і сярод тых, хто пры ўладзе. Дапамагчы вам могуць і нізкага стану людзі, як, напрыклад, прадаўцы кветак, напояў і парфумы, ваданосы, цырульнікі, жабракі і іншыя, бо і яны могуць сваім удзелам паспрыяць у заваяваньні мужчынаў, якіх вы прагнеце.

Падбіраючы прыдатнага каханка, шукайце маладога мужчыну без забавязаньняў, які мае багата грошай і велікадушны характар. Юнакі, што якраз успадкавалі грошы і зьбіраюцца іх прамантачыць, таксама вельмі прыдатныя, і хай сьвет пра вас думае, што сабе хоча. Аглядайцеся і на аскетаў, якія таемна прагнуць жанчын, на старых знаёмых, якія ўжо ведаюць, пра што гаворка, на багатых астролягаў і на мужчынаў, якія маюць уплыў на ўладара.

Адрынайце тупіц. Добра прыглядайцеся і старанна сабе выбірайце мужчынаў важных і мудрых, здольных зразумець, што вакол іх дзеецца.

Сваёй сядзібай выберыце дом, далёкі ад дамоў усіх мужчынаў, якія вас адведваюць, і прапануйце яго як прытулак мастакам, музыкам, паэтам і пісьменьнікам. А зь іх выберыце аднаго, ласкавага, шляхетнага і з добрымі манерамі. Так, добры каханак ніколі не балбоча лішняга, ня сварыцца і не разносіць плётак!

Калі вы ім завалодаеце, ён будзе надаваць вашым вечарынкам іскрынку. Вядома, ён павінен быць знаўцам Камасутры, пры гэтым быць добра складзеным, прывабным і галянтным.

Каго нельга браць пад увагу ў якасьці каханкаў? Найперш ні ў якім разе мужчын, заражаных інфэкцыйнымі хваробамі, аднак таксама не прыдатныя зласьліўцы і тыя, у каго пахне з рота і хто цяжка дыхае. За вярсту абыходзьце скнараў, бадзягаў, шпегаў і мужоў, якія кахаюць сваіх жонак.

Вялікая куртызанка:

• мае вельмі прыцягальнае цела і галасок, як у салоўкі;

• мае добрыя манеры і цудоўна разьбіраецца ў справах каханьня;

• цэніць характар больш, чым што-кольвек;

• захоўвае вернасьць сваім каханкам і выдаткоўвае сродкі на грамадзкія патрэбы;

• далікатна сябе паводзіць і любіць вучыцца новага;

• не бурчыць і ніколі не ўпадае ў гістэрыку;

• заўсёды добра апранаецца;

• дасканала разьбіраецца ў мастацтве Камасутры і заўжды ахвотна прысьвячае свайму каханку.

Жанчын, якім гэтых якасьцяў не стае, нельга аднесьці да добрых куртызанак.

Старавечныя мудрацы доўга намагаліся вызначыць тыя прычыны, што вядуць дзяўчыну да рамяства куртызанкі. Ці гэта каханьне? Ці прыроджаная неразборлівасьць у палавых зносінах? Страх? Прага помсты? Сумнеўная рэпутацыя? Або цяга да мужчынаў у ейнай натуры? І што жанчына шукае, калі паварочваецца да грамадзтва сьпінай, атрымліваючы тым хіба што крыху вядомасьці і нічога больш? На гэтыя пытаньні Камасутра дае тры адказы: да гэтага яе вядзе прага багацьця, патрэба ўнікнуць нэндзы і патрэба быць каханай.

Кожная дзяўчына павінна надзвычай дбайна ўзважыць прычыны, якія яе падахвочваюць стаць куртызанкай, бо, наважыўшыся аднойчы, назад яна ўжо вярнуцца ня зможа. Ці напраўду ёй так адчайна патрэбныя грошы? Запомніце: дзяўчына, стаўшыся наложніцай, мусіць цаніць грошы болей за ўсё на сьвеце.

 

Пра лоўлю мужчын

Калі мужчына спрабуе зблізіцца з вамі, будзьце стрыманай, бо звычайна мужчыны пагарджаюць жанчынамі, якія лёгка ім дастаюцца. Таму найлепшая тактыка - спачатку паслаць да яго свайго блазна, сьпевака або пасланца, каб тыя высьветлілі, што ён задумаў у дачыненьні да вас. Калі ж гэта немагчыма, вышліце надзейнага віжа, каб той выведаў аб праўдзівых намерах мужчыны. Шчыры ён або не? Ці не цікавіцца яшчэ нейкімі іншымі дзяўчатамі? І, вядома: ці досыць мае грошай?

Калі вы знойдзеце мужчыну сваёй мары, пашліце яму запрашэньне да сябе ў дом. Навучыце свайго пасланца намовіць яму, што ваш дом знакаміты сваімі бойкамі бараноў, пеўняў або перапёлак ці што ў вас ёсьць незвычайны шпак, які ўмее гаварыць, або, нарэшце, што ў вас ладзіцца імпрэза, у якой выступаюць выбітныя сьпевакі, музыкі й танцоры.

Калі абраны вамі мужчына прыйдзе, прывітайце яго нейкім падарункам, што абудзіць ягоную цікаўнасьць, і не забудзьце дадаць, што падарунак вы выбіралі самі. Затым пацяшайце яго вясёлымі гісторыямі, а калі ён сыдзе, пашліце яму дадому яшчэ падарункі зь вельмі гаваркой служкай. Пад маркай, што вам патрэбна ягоная рада ў гандлёвых справах, вы яго зможаце потым наведваць так часта, як захочаце.

Памятайце, што ў дачыненьні да яго вы заўсёды павінны паводзіць сябе вельмі міла, бо Камасутра кажа: «Калі ў ваш дом прыйдзе новы прыхільнік, асыпце яго мноствам пахкіх бэтэлёвых лістоў і гарэхаў, аздобце кветкамі і надухмяньце рэдкімі парфумамі й масьцямі. Зьдзіўляйце яго іскрыстай дасьціпнасьцю сваёй мовы і распальвайце ў ім агонь пажады».

 

Жыцьцё куртызанак

 

Калі ж вы ўжо знайшлі сабе каханка, вам належыць праяўляць цноту, захоўваць яму вернасьць і рабіць усё, каб ён быў задаволены. Пацяшайце яго, як толькі можаце, і грайце закаханую, нават калі любові не адчуваеце. Аднак, заўсёды ўдаючы, што вам безь яго зусім не абысьціся, сябе зь ім ніколі сур'ёзна ня зьвязвайце!

Намоўце яму, што вашая маці - страшэнная жанчына, якая яго ненавідзіць, і адзіная рэч, якая яе цікавіць, гэта грошы. (Калі неабходна, падшукайце нават для гэтай мэты старую кабету і напрактыкуйце зь ёй ейную ролю так, каб тая йграла яе пераканаўча.) Усяляк паказвайце яму сваю боязь, што маці можа вас зь ім разлучыць гвалтам. Удавайце зьбянтэжанасьць, страх і прыгнечанасьць, але нічога не кажыце, каб у яго склалася ўражаньне, што вы сваёй маці падпарадкоўваецеся. Калі спатканьне зь ім вам трэба адкласьці, скажыце, што вы хворая. Прыдумайце сабе нейкую хваробу (але не экзатычную і каб яна не адпуджвала), бо гэты стары выкрут прыдатны амаль заўжды.

Даручыце служцы зайсьці ў дом вашага каханка і прынесьці адтуль нейкія кветкі з учарашняй сустрэчы, сказаўшы, што вы хочаце мець пры сабе прыемны напамін пра хвілі, праведзеныя поруч зь ім. Гэта вельмі павысіць ягоную прагнасьць.

Калі ваш каханак ідзе з вамі ў ложак, не выхваляйцеся перад ім веданьнем любоўнага мастацтва. Абмяжуйцеся толькі тым, што робіць ён сам, і выказвайце крайняе зьдзіўленьне і захапленьне прыёмамі, якія ён выкарыстоўвае пры палавым акце.

Захоўвайце ягоныя таямніцы і адкрыйце яму ўласныя жаданьні й сакрэты. Ніколі яму не паказвайце, што вы злуяце. У ложку не пакідайце яго ні на ймгненьне, рабіце ўсё, пра што ён папросіць, і песьціце тыя часткі ягонага цела, дзе гэта прыносіць яму найбольшую асалоду. Цалуйце яго, калі ён засынае, а калі заглыбляецца ў свае думкі, напускайце на сябе заклапочаны выгляд. Захоўвайце раўнавагу паміж сарамлівасьцю і бессаромнасьцю. Калі ваш каханак ад вас сыходзіць, памахайце яму рукой з вакна. Удавайце, што вы ненавідзіце ягоных ворагаў і любіце тых, каго любіць ён. Захапляйцеся ўсім, што яму міла, і як найбліжэй падладжвайце свой настрой да ягонага. Часам рабіце выгляд, што вы страшэнна раўнуеце да ягонае жонкі, або ўдавайце дрэнны настрой, знайшоўшы сьляды пазногцяў і зубоў на ягоным целе, і вінавацьце яго ў тым, што іх пакінула ягоная жонка, хоць вы й пазнаяце ў іх сьляды сваёй жарсьці.

Калі ваш каханак заснуў, захварэў ці забыўся п'яны, не шуміце. Уважліва прыслухоўвайцеся, што ён гаворыць пра свае ўчынкі і посьпехі, а потым гэта яму перакажыце, нібыта вядзецца пра вашыя ўласныя меркаваньні. Напружана сачыце за ходам усіх гісторый, распавяданых ім, за выключэньнем тых, вядома, у якіх фігуруюць іншыя жанчыны. Ягоныя ўздыхі, пазяханьні й чыхі заўжды суправаджайце належнымі словамі. Не хваліце ў ягонай прысутнасьці іншых мужчын і не крытыкуйце нікога з такімі самымі хібамі ды заганамі, як і ў яго.

Калі ж ён мусіць выправіцца ў дарогу або выехаць у выгнаньне, намоўце яму, што ваша найвялікшае жаданьне - быць разам зь ім, і не вагайцеся самі сказаць яму, што вы гатовыя ехаць зь ім. Прызнайцеся яму, што вашаму жыцьцю, якое дагэтуль ня мела ніякае мэты, ён нарэшце надаў сэнс. Калі ж яго напаткала вялікае шчасьце або ён завалодаў вялізным багацьцем, прапануйце яму штосьці ахвяраваць багам. Будзьце ўдзячнай. Прыклаўшы ягоную руку да свайго ілба ці грудзей, рабіце выгляд, што вам гэты дотык прычыняе невымерную ўцеху. Засынайце ў ягоных абдоймах і часта яму паўтарайце, што, калі злая доля адніме яго ў вас, вы ня зможаце болей жыць. Выкажыце палкае жаданьне стаць маці ягонага дзіцяці. Ягоныя таямніцы пакідайце сабе, а ягоныя грошы не размантачвайце. Паспрабуйце адгаварыць яго ад захаваньня шматлікіх постаў, а калі вам гэта ня ўдасца, пасьціце разам зь ім. Калі ён таго хоча, удзельнічайце разам зь ім у грамадзкіх справах і выказвайце радасьць ад карыстаньня ягонымі рэчамі. Усхваляйце ягоную сям'ю, ягоны характар, талент, дабрыню, касту, сяброў і ўзрост.

Калі ён сьпявае, напружана яго слухайце, нават калі ён сьпявак абы-які. Адведвайце яго, нягледзячы на холад, сьпёку і дождж. Кажыце яму, што хацелі б застацца ягонай каханкай і пасьля сьмерці, а ў будучым жыцьці вы б з радасьцю сталі ягонаю жонкай. Нястомна падладжвайцеся да яго. Калі ён даведаецца, што вы былі яму нявернай, пашліце да яго служку з цыдулкай, напісаўшы, што ва ўсім вінаватая сквапнасьць вашае маці, якая і вымусіла вас да здрады. Калі гэта не ўлагодзіць ягонага гневу, ідзіце да яго самі. Плачце і галасіце над сваім журботным лёсам, які з вас зрабіў куртызанку. Праклінайце сваю сквапную маці (аднак ніколі не спрачайцеся зь ёй наконт грошай!), памятаючы пры гэтым, што менавіта яна паслала вас туды, дзе грошы цякуць ракой.

 

Калі каханка трэба пакінуць

 

Старавечныя аўтары ведалі, што рана ці позна ўсяму прыходзіць канец. Калі вы хочаце спраўдзіць, ці хутка скончацца вашыя дачыненьні, заўважце, ці не адпавядаюць сапраўднасьці наступныя моманты:

• Ваш каханак дае вам менш грошай, чым вы просіце, або адлічвае іх з дакладнасьцю да шэлега.

• Абяцае ўсё, але не дае нічога.

• Кажа адно, а робіць іншае.

• Адмаўляецца паклапаціцца аб тым, пра што вы яго просіце, парушае свае абяцаньні, а зь ягоных вуснаў гучыць найчасьцей «я забыўся».

• Пачынае заводзіць размовы з вашымі слугамі, а вас перастае заўважаць.

• Праводзіць ночы ў чужым доме, спасылаючыся на тое, што затрымаўся ў сяброў па неадкладных справах.

• Таемна дамаўляецца са служанкай былое каханкі.

Калі вы заўважыце за вашым каханкам хоць адну (а пагатоў больш) з прыведзеных прыкметаў, надышоў час думаць пра расстаньне. Аднак ні ў якім разе не выказвайце гэтага свайго намеру. Рэшту часу скарыстайце на тое, каб выціснуць зь яго ўсё, што магчыма. Зайшоўшы зь ім у краму, абудзіце ў ім фанабэрыю і самахвальства, як сапраўдная прафэсіяналка, каб яму потым не засталося нічога іншага, як штосьці купіць вам. Калі неабходна, змоўцеся зь ліхвяром, каб той, калі ваш каханак будзе ў вас дома, прыйшоў адабраць у вас каштоўнасьці і іншую маёмасьць у якасьці кампэнсацыі за незаплочаныя даўгі.

І напрыканцы парада: калі ваш каханак багаты, будзьце ласкаваю зь ім нават пасьля расстаньня; аднак калі ён бедны, хутка забудзьцеся на яго.

 

Як каханка пазбавіцца

 

Камасутра кажа, што абавязак куртызанкі - спакушаць мужчын з высокага грамадзкага стану і заставацца зь імі так доўга, пакуль зь іх можна нешта мець. Калі ж потым здарыцца так, што ў каханка ўжо больш нічога няма, - час зь ім разысьціся. Пазбыцца яго без праблемаў вы зможаце, калі будзеце кіравацца наступнымі парадамі:

• Будзьце незвычайна ласкавай да людзей, якіх ён шалёна ненавідзіць.

• Прыкмячайце, што яго найбольш раздражняе й злуе, і як найчасьцей гэта рабіце.

• Калі ён прыходзіць, з агідай моршчыце вусны і расчаравана патупвайце нагой.

• Падрабязна выкладайце яму тое, чаго ён не разумее і што яго не цікавіць.

• Падрывайце ягоную самаўпэўненасьць і раньце ягоную пыху.

• Бывайце ў грамадзе мужчынаў, вышэй пастаўленых за яго, каб ён пачуваўся адрынутым.

• Пры розных нагодах давайце яму адчуць, што вы яго ігнаруеце.

• Калі ён хоча вас пацалаваць, адварочвайцеся, не дазваляйце яму датыкацца да вашае ёні; кажыце яму, што ягоныя пазногці і зубы вас непрыемна раняць.

• Палавой сувязі ад яго патрабуйце толькі тады, калі ён стомлены, а калі ён дасягне аргазму, ухмыляйцеся, выразна паказваючы, што сваімі здольнасьцямі ён вас ня ўразіў.

• Калі ж ён цягавіты і мае намер кахацца далей, ляжыце нерухома, як камень, удаючы, што ўсе ягоныя вымогі ўзрушыць вас марныя.

• Калі ён хоча кахацца з вамі ўдзень, пасьмейцеся зь яго.

• Сустракайце яго няветла, рабіце так, каб у вас ён пачуваўся няўтульна, прасіце яго аб тым, чаго ён вам даць ня можа, а ўрэшце рэшт загадайце сваім слугам выкінуць яго з вашага дому.

Куртызанка, якая зычыць сабе шчасьця, мусіць кіравацца толькі чатырма правіламі:

• Напачатку пра мужчыну трэба клапаціцца надзвычай уважліва.

• Потым змусіць яго да таго, каб ён адчайна ў вас закахаўся.

• Потым грунтоўна яго абабраць.

• І ўрэшце яго бязьлітасна адштурхнуць.

За кожнай куртызанкай, якая засвоіць гэтыя правілы, заўжды будзе ўвівацца мноства мужчын, і яна зможа добра ўзбагаціцца.

Калі ж вам якраз не шанцуе, і ў вас пад рукой няма нікога, апрача вашага былога каханка, паспрабуйце яго заваяваць зноў, паслаўшы да яго вартага даверу пасярэдніка з адной з наступных гісторый:

• Што ён быў выкінуты толькі праз падкопы й варожасьць вашае маці.

• Што вы кахалі яго і тады, калі змушалі яго да расстаньня, але вы мусілі хаваць сваё пачуцьцё, каб ня ўпасьці ў няласку свае лютае маці.

• Што ваш цяперашні каханак - нікчэмнік, якога вы ненавідзіце.

Даручыце сваёй вернай служцы перамовіць зь ім пра каханьне, якое паміж вамі было. Пры нагодзе абуджайце ў ім згадкі пра вашую любоў, пра спосабы, якімі ён вас цалаваў і кахаў. Дзякуючы гэтым хітрыкам, ён паступова да вас вернецца. Аднак наўперад трэба ўсё добра прадумаць, бо каханак, якога вы некалі пазбавілі большай часткі ягонага набытку, у другі раз не бывае звычайна ахвотны і здольны даць вам гэтаксама многа.

Калі вы трапіце ў такую сытуацыю, што трэба выбіраць паміж двума каханкамі, то бок паміж новым і старым, тады, паводле старавечных мудрацоў, вам варта даць перавагу старому, бо вы ўжо добра ведаеце ягоны характар, а ён, у сваю чаргу, лепей ведае, як вас пацешыць і задаволіць. Аднак, хоць гэтае правіла звычайна і дзейнічае, зь яго часта бываюць выняткі, бо мужчынскі нораў, які й без таго рэч своеасаблівая, праяўляецца ў розны час па-рознаму.

Да былога каханка можна вярнуцца таксама дзеля таго, каб гэтым зашкодзіць ягонай сувязі зь іншай жанчынай або мужчынам. Або такі падкоп можна ўчыніць, каб уразіць свайго новага каханка.

Памятайце, што мужчына, які шалёна ў вас закаханы, пры думцы, што вы сустракаецеся яшчэ зь некім, заўжды затрымціць: ён будзе баяцца, што вы яго кінеце, а таму ён ня будзе зважаць на вашыя заганы і выдаткуе на вас значную частку свайго набытку.

Заўжды ахінайце прыязнасьцю тых мужчын, якія да вас прыхільныя, і грэбуйце тымі, што пра вас забываюцца. Калі вы знайшлі ўжо сабе добрага каханка і жывяце разам зь ім, не прымайце заляцаньняў ад іншага пэрспэктыўнага шанавальніка. Калі ўсё ж ён вас да гэтага змусіць, прыміце яго і пачастуйце, але не на грошы вашага цяперашняга каханка.

Распальваньне старых вогнішчаў наноў можна толькі ўхваліць, калі вы ўпэўнены, што гэта прывядзе да шчасьця, каханьня й сяброўства.

 

Любоўныя позы

 

Калі вашая ёні вузкая, вы маеце даваць перавагу позам з шырока разьведзенымі нагамі, бо гэтым вы вельмі палегчыце доступ каханкаваму лінгаму. Калі ж наадварот, вашая ёні шырокая, тады, вядома, лепей вам прыдадуцца пазыцыі са зьведзенымі сьцёгнамі, бо яны вашую ёні сьцягваюць і звужаюць.

Калі вашая ёні шырокая, а ягоны лінгам малы, вы мусіце накіраваць ягоную ўвагу на вашыя чульлівыя месцы на целе звонку. Вядома, найлепей, калі вашыя прылады каханьня адно да аднаго дасканала пасуюць: тады для спаталеньня сваёй пажады вы можаце рабіць усё, што хочаце, і ўсе асалоды любоўнае сувязі для вас адкрытыя.

Жанчынам-газэлям найбольшую раскошу прынясуць наступныя пазыцыі:

• Адкінуўшы голаў і ўзьняўшы клубы (у выпадку неабходнасьці пад іх можна падкласьці падушку або валік), вы апынецеся ў «шырока адкрытай позе». Для лягчэйшага пранікненьня лінгаму раяць умошчваць яго сьлізкімі рэчывамі.

• Лежачы на сьпіне, падыміце й шырока разьвядзіце сьцёгны, - гэта «пазяхаючая поза». Ёні пры ёй адкрытая і нахіленая, таму партнэр мусіць быць уважлівы, калі хоча ўвайсьці ў яе сваім лінгамам.

«Позай Індравай жонкі» называецца пазыцыя, пры якой вы, узьняўшы ногі, прыцягнеце калені да грудзей так, каб вашыя пяткі казыталі пахі партнэра. Таксама яна прыдатная для каханкаў, чые палавыя органы дакладна адпавядаюць адно аднаму, але каб яе навучыцца, патрабуецца крыху практыкі.

Усім тром тыпам жанчынаў добра пасуе «сьціснутая поза». Увойдзеце вы ў яе, сьціснуўшы сьцёгны. Існуюць два варыянты гэтай пазыцыі паводле займанага вамі становішча: седзячы і лежачы на правым баку.

Пачаўшы палавы акт у сьціснутай позе, а потым шчыльна абхапіўшы партнэра сваімі сьцёгнамі, вы зоймеце «позу сьціскаючую». Калі ж вы яго абхопіце толькі адным сьцягном, гэта «поза сплеценая».

Калі вы моцнымі скарачэньнямі сваёй ёні ўцягваеце лінгам углыб, гэта завецца «позай кабылы». Навучыцца яе можна толькі сталымі практыкаваньнямі.

Суварнанабха дадае яшчэ наступныя позы:

• Калі вы падымеце ногі старчма ўгору, гэта «вертыкальная пазыцыя».

• Узьняўшы сьцёгны і абапёршы іх аб партнэравы плечы, вы ўвойдзеце ў «расшыраную позу».

• Калі вы сьцісьнеце ногі й прыцісьнеце іх да грудзей, гэта будзе «сьцятая поза».

• Калі вы падымеце адну нагу й пакладзеце яе на плячо партнэра, другую пакінуўшы выпрастанай, і цягам палавога акту абедзьве нагі чаргуеце, гэта мянуецца «расшчэпліваньне бамбуку».

• Калі адну нагу вы закінеце за голаў, а другую пакінеце выпрастанай, гэта «забіваньне цьвіка». Гэтай цяжкой пазыцыі можна навучыцца адно практыкай.

• Калі вы прыцягнеце да сябе ногі, прыцісьнеце пяткі да жывата і рукамі будзеце падцягваць да сябе партнэра, вы зоймеце «позу краба».

• Падняўшы сьцёгны і скрыжаваўшы іх, вы ўтворыце «спакаваную позу».

• Паклаўшы ступню левай нагі высока на правае сьцягно і гэтак сама зрабіўшы са ступнёй правай нагі, якую трэба зьмясьціць на левым сьцягне, вы зоймеце «пазыцыю лётасу».

• Калі пры палавой сувязі каханак ляжыць на сьпіне, а вы сядзіце на ім і паварочваецеся вакол, не выпускаючы пры гэтым лінгаму са сваёй ёні, гэта называецца «млын». У актыўнай ролі можа быць і мужчына. Аднак, каб напрактыкавацца ў гэтай складанай пазыцыі, спатрэбіцца немалы час.

Некаторыя абазнаныя людзі лічаць, што ўсе любоўныя позы - хай вядзецца пра пазыцыі сядзячыя, ляжачыя або стаячыя - найлепей выконваць у вадзе, аднак Камасутра палавую сувязь у вадзе ўважае за непрыдатную.

 

Позы стоячы

Калі вы хочаце са сваім партнэрам кахацца стоячы, у вашай дыспазыцыі дзьве асноўныя позы: падпёртая і падвешаная.

• Калі вы або ваш каханак абапрэцца аб сьцяну або слуп, гэта «поза падпёртая».

• Калі ваш каханак, абапёршыся аб сьцяну, зробіць з рук сядзеньне, на якое вы сядзеце, абдымеце яго вакол шыі і сьцёгнамі абхопіце ягоны пас, а далей пяткамі будзеце адштурхоўвацца ад сьцяны, гэта «поза падвешаная», якая прыносіць вельмі інтэнсіўную асалоду.

 

Позы ззаду

• Калі вы сагнецеся й станеце на карачкі, рукамі абапёршыся аб ложак або дыван, тымчасам як партнэр ззаду ўвойдзе ў вас, як бык, і будзе палка песьціць ваш азадак, гэта «поза каровы».

Такім самым чынам можна бавіцца імітаваньнем спалукі іншых жывёлаў, напрыклад, сабак, казлоў ці аленяў. Натхняцца можна і шпаркасьцю аслоў або крыкамі марцовых катоў. Каханак таксама можа скакаць, як тыгра, выпроствацца, як слон, церціся, як кнораз, і кідацца на вас, як жарабец. З такіх яго штук ня сьмейцеся, бо, паводле Камасутры, назіраньне за любоўным жыцьцём жывёлаў можа чагосьці навучыць нават самага недасьведчанага каханка.

 

Адваротныя позы

Найпрыдатнейшы час, каб пераняць у мужчыны актыўную ролю, надыходзіць тады, калі вы заўважаеце, што ён стаміўся, нават не дасягнуўшы аргазму, або ён яго акурат дасягнуў, а вам хочацца кахацца далей. Калі ваш каханак адпачывае на сьпіне, бяз сораму на яго ўзьлезьце і не дазвольце ягонаму лінгаму высьлізнуць з вашае ёні. Яго вельмі ўзрушыць, калі кветкі з вашае галавы будуць падаць на ягоныя грудзі, а кончыкі вашых валасоў гарэзьліва казытаць ягонае цела. Калі ж вы схіліцеся яго пацалаваць, дакраніцеся да яго выпнутымі смочкамі, спачатку зьлёгку, але паступова налягайце на яго ўсё мацней, нібы жадаючы пратыкнуць яго імі. У раскошы трасіце сваёй галавой і калыхайце клубамі. Можаце партнэра таксама падрапаць, як котка, або пяшчотна пакусаць за шыю.

Карацей, рабіце ўсё, каб ваш каханак зашчыраваў, як уперад. З гэтай мэтай можаце жартам яму сказаць: «Бачыш, што ты заўжды са мной робіш!? А цяпер цябе згвалтую я!» Аднак, як толькі вы дасягнеце аргазму, згадайце пра сваю сарамлівасьць, зьлезьце з партнэра і зноў вярніцеся да ролі пяшчотнай падатлівай жанчыны.

Калі вы граеце актыўную ролю, вы маеце ў сваім распараджэньні тры тыпы палавога кантакту: абцугі, ваўчок (або колца) і арэлі.

• Калі сваёй ёні вы сьцісьнеце лінгам ля самага кораня і будзеце ўцягваць яго ўсярэдзіну, нібы жадаючы выкруціць, гэта называецца «абцугі».

• Калі, сеўшы на кукішкі зь лінгамам у ёні, вы кружыце клубамі вакол ягонага кораня, тымчасам як мужчына выгінаецца ў дугу і імкнецца вашую ёні цалкам запоўніць, гэта завецца «ваўчок» або «колца».

• Калі, трымаючы лінгам у ёні, вы кружыце клубамі па ўсё большай акружнасьці або гушкаеце імі з боку ў бок, гэта называецца «арэлі».

Па дасягненьні аргазму юрлівасьць спадае, як мора пад час адліву, і гэта прыдатны час для таго, каб безь перапыненьня кантакту пакласьці ваш лоб на ягоны. Тады агонь пажады хутка ўзьвіецца зноў.

Камасутра кажа, што галоўная выгада палавой сувязі з партнэркай у актыўнай ролі палягае ў тым, што зь яе дапамогай нават вельмі сарамлівыя жанчыны могуць праявіць сваё каханьне й пажаду, а таксама яна дае магчымасьць партнэру даведацца, якія спосабы сэксуальнага кантакту сапраўды падабаюцца ягонай каханцы. Аднак такой сувязьзю не павінны карыстацца жанчыны, якія нядаўна нарадзілі або маюць мэнструацыю.

У Граманары звычайная зьява, калі з адной жанчынай цешыцца адразу некалькі мужчынаў: адзін яе трымае, другі цалуе, трэці ў яе ўваходзіць, чацьвёрты песьціць ейныя грудзі і г.д., пакуль усе сваімі ролямі не перамяняюцца. Але такія оргіі звычайна ўласьцівы адно куртызанкам і прастытуткам. У рэдкіх выпадках здараецца наадварот: калі некалькі жанчынаў задавольваюць аднаго мужчыну. Найхутчэй да гэтага можа дайсьці ў гарэме, калі мужчына трапляе ў палон да спраглых жанчын.

У некаторых мясьцінах папулярны анальны сэкс паміж мужчынамі і жанчынамі, але старавечныя аўтары адпрэчваюць гэты тып сувязі.

Напрыканцы тым, хто ўрынаецца ў шматлікія любоўныя гульні, Камасутра нагадвае, што яны мусяць падладжваць свае сэксуальныя дзеяньні да ўласных поцягаў і густаў так, каб усіх палюбоўнікаў гэта вяло да сяброўства, каханьня і ўзаемапавагі.

 

Падрыхтаваў Сяргей Сматрычэнка




Крыніца: ARCHE
Падрыхтавана: падрыхтаваў Сяргей Сматрычэнка

Беларуская Палічка: http://knihi.com