Аўтар невядомы

Летапіс Вялікіх Князёў Літоўскіх

У XIV ст. з малога і няўстойлівага княства ў Верхнім Панямонні ў выніку самаахвярнай працы беларускага і літоўскага народаў, гераізму іх мужных вояў і актыўнай дзейнасці літоўска-беларускіх князёў вырасла магутная еўрапейская дзяржава, з якою вымушаны былі лічыцца нямецкі Ордэн, татара-мангольская Арда і іншыя моцныя суседзі. Яе межы сягалі ад Буга і да Акі, ад Балтыйскага і аж да Чорнага мора. У яе складзе апынулася даўняя сталіца старажытнай Русі - горад Кіеў. I невыпадкова ў перыяд найбольшага ваенна-палітычнага ўзвышэння Літоўска-Беларускай дзяржавы вялікага князя Вітаўта, яе кіраўніка і абаронца, сучаснікі прызнавалі палітычным лідэрам усяе Усходняй Еўропы.

Гэта быў час росту нацыянальна-патрыятычнай і гістарычнай самасвядомасці нашых продкаў, больш глыбокага разумення велічы і каштоўнасці сваёй гісторыі, памяць пра якую неабходна перадаць наступным пакаленням, захаваць дзеля будучыні. Менавіта ў эпоху Вітаўта (1392-1430) склаліся асабліва спрыяльныя ўмовы для заснавання агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісання.

Багацце і своеасаблівасць нашых летапісаў і хронік даюць падставы разглядаць іх як асобную галіну еўрапейскай гістарыяграфіі.

Збіральніцкая, аб'яднаўчая палітыка Вітаўта на ўсходнеславянскіх землях знайшла падтрымку не толькі перадавых колаў тагачаснага літоўска-беларускага рыцарства, але і праваслаўнага духавенства. Асабліва плённым супрацоўніцтва вышэйшых свецкіх і духоўных улад было ў 20-я гады XV ст., калі на бок Вітаўта перайшоў агульнарускі мітрапаліт Фоцій, што яшчэ больш узмацніла ўплыў гэтага князя на Русі.

На 1429—1430 гг. прыпадае адна вельмі важная палітычная акцыя Вітаўта, якая атрымала вялікі розгалас у Еўропе: яго спроба дамагчыся кароны і надаць Вялікаму княству статус каралеўства.

Хутчэй за ўсё, менавіта ў сувязі з гэтай неардынарнай дзяржаўнай падзеяй і быў складзены ў Смаленску ў асяроддзі беларускага праваслаўнага духавенства першы літоўска-беларускі летапісны звод. Ён адкрываецца кароткай гісторыяй Кіеўскай і Маскоўскай Русі, запазычанай з рускіх летапісаў, а завяршаецца «Летапісам вялікіх князёў літоўскіх» — арыгінальным апавяданнем пра Літоўска-Беларускую дзяржаву часоў Вітаўта, напісаным на старабеларускай мове.

Твор гэты вылучаецца чыста свецкім характарам, цэласнасцю і прастатою выкладу, дынамічнасцю і займальнасцю гістарычнага зместу, высокім літаратурным майстэрствам. Паводле сваёй жанравай формы ён мала нагадвае традыцыйны летапіс. Першапачатковае ядро гэтага помніка складае аповесць пра князя Кейстута, напісаная прыкладна ў канцы XIV ст. з мэтай абараніць паводзіны князя Вітаўта ў міжусобнай барацьбе, абгрунтаваць яго правы на вялікакняскі пасад у Вільні і асудзіць дзеянні Ягайлы. Гэты твор, несумненна, узнік у асяроддзі, блізкім да князя Вітаўта, пра што сведчыць багацце розных дэталяў, звязаных з асобай гэтага князя, наяўнасць простай мовы і іншыя факты. Вельмі верагодна, што тое яркае, дасведчанае і праўдзівае апісанне падзей, звязаных з гісторыяй апошніх гадоў жыцця і смерці князя Кейстута, якое мьі сёння чытаем у нашым «Летапісе», расказваў шэсцьсот гадоў таму назад яго аўтару сам князь Вітаўт. Можна толькі пашкадаваць, што беларуска-літоўскі летапісец, пачынаючы сваё апавяданне ад Гедыміна, фактычна зусім абмінуў багатую гісторыю яго княжання.

Не менш была насычана цікавымі падзеямі і эпоха панавання князя Альгерда, якая таксама не знайшла разгорнутага адлюстравання ў яго хроніцы. Па ўсім відаць, што аўтар не ставіў перад сабой мэту стварыць палітычную гісторыю Вялікага княства Літоўска-Беларускага XIV ст. У яго былі іншыя, больш прагматычныя і публіцыстычныя мэты. I, можа, якраз дзякуючы гэтаму ен змог скласці твор, у якім таленавіта спалучана дакументальна дакладнае апісанне значных гістарычных падзей з жывым і займальным іх выкладам. Аўтар умее трымаць у вапружанні чытача. I тут у значнай меры дапамог і рэальны жыццёвы матэрыял, які лёг у аснову першай часткі гэтага твора. Усё гатае дае падставы бачыць у «Летапісе вялікіх князёў літоўскіх» не толькі выдатны помнік гістарыяграфіі Літвы і Беларусі эпохі сярэднявечча, але і яркі ўзор беларускай гістарычнай белетрыстыкі той гераічнай пары.

В. А. Чамярыцкі

 

 

У вялікага князя літоўскага Гедыміна 7 сыноў было: старэйшы Мантывід, затым Нарымонт, затым Альгерд, бацька караля [Ягайлы], затым Яўнут, затым Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, затым Карыят, сёмы Любарт. Мантывіду бацька даў Карачоў і Слонім, Нарымонту — Пінск, Альгерду, бацьку караля, — Крэва; да таго ж князь віцебскі сыноў не меў і прыняў [Альгерда] да дачкі ў Віцебск у зяці, Яўнута [Гедымін] пасадзіў у Вільні на вялікае княжанне, Кейстуту даў Трокі, Карыяту - Ноўгарадак, а Любарта прыняў уладзімірскі князь да дачкі ва Уладзімер і ў Луцк і на ўсю зямлю Валынскую.

Альгерд, бацька караля [Ягайлы], і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, князь вялікі Альгерд і князь вялікі Кейстут, як бы яго адтуль [з Вільні] выгнаць, а каму-небудзь з іх сесці [на яго месца]. Змовіўшыся паміж сабою, [яны] выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам.

Вялікі князь Альгерд з Віцебска не паспеў ва ўмоўлены тэрмін у Вільню, а вялікі князь Кейстут прыімчаў да горада Вільні і ўварваўся ў горад. Вялікі ж князь Яўнут выскачыў [з горада] і ўцёк у горы і даліны, і там адмарозіў ногі. Яго схапілі і прывезлі да яго брата, вялікага князя Кейстута. Ён жа, чакаючы брата свайго старэйшага, вялікага князя Альгерда, пасадзіў яго [Яўнута] пад варту, а насустрач брату свайму, вялікаму князю Альгерду, паслаў ганца [з весткаю], што ўжо ў Вільні сеў і брата свайго, вялікага князя Яўнута, паланіў. I сустрэў яго ганец у Крэве, і князь вялікі Альгерд хутчэй паспяшаўся і хутка прыехаў [у Вільню] да брата свайго, вялікага князя Кейстута.

I сказаў князь вялікі Кейстут брату свайму, вялікаму князю Альгерду: «Табе належыць князем вялікім быць у Вільні, бо ты старэйшы брат, а я з табою заадно жыву». I пасадзіў яго [Кейстут] на вялікае княжанне ў Вільні, а Яўнуту [яны] далі Заслаў. I ўчынілі ўмову паміж сабою вялікі князь Кейстут і вялікі князь Альгерд, што ўсе іх браты павінны слухацца вялікага князя Альгерда, што здабудуць, горад ці воласць, усё дзяліць напалам. I прысягнулі яны адзін аднаму быць да канца жыцця ў любові і дружбе і ніколі не задумваць нічога благога. I захавалі яны клятву да канца жыцця свайго.

Сыноў жа было ў вялікага князя Альгерда 12, а ў вялікага князя Кейстута — 6. І паміж усіх сыноў найбольш любіў вялікі князь Альгерд князя вялікага Ягайлу, а князь вялікі Кейстут [найбольш] палюбіў князя вялікага Вітаўта. I яшчэ пры сваім жыцці вырашылі яны [Альгерд і Кейстут], што быць ім [Ягайлу і Вітаўту] на іх месцах — на вялікіх княжаннях. Яны, вялікі князь Ягайла і князь вялікі Вітаўт, таксама вельмі дружалюбна жылі пры сваіх бацьках...

Потым вялікі князь Альгерд памёр, і князь вялікі Кейстут не забыў просьбы брата свайго, вялікага князя Альгерда, з якім да самае смерці ў еднасці жыў, пачаў трымаць князем вялікім у Вільні яго сына, князя Ягайлу, і пачаў таксама прыязджаць на даўнія рады [у Вільню], як і да брата свайго старэйшага прыязджаў.

Быў у вялікага князя Альгерда нейкі парабак — нявольнік, халоп Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, а пасля [князь Альгерд] прызначыў яго пасцель сабе слаць і ваду падаваць сабе піць. Пасля [Вайдыла] так палюбіўся яму, што даў яму [князь Альгерд горад] Ліду трымаць і ўзвысіў яго. Потым жа, пасля смерці вялікага князя Альгерда два ці больш гадоў мінула, князь вялікі Ягайла яшчэ больш узвысіў Вайдылу і аддаў за яго сястру сваю родную — княгіню Марыю, што пасля была [замужам] за князем Давыдам.

I быў той Вайдыла ў вялікай моцы ў вялікага князя Ягайлы, і пачаў ён з немцамі соймы чыніць і граматы ўкладаць супраць вялікага князя Кейстута. Быў нехта астродскі комптур, звалі яго Гунстынам. Ён быў кумам князю вялікаму Кейстуту, хрысціў княгіню Янушаву, дачку яго. Той [Гунстын] расказаў князю вялікаму Кейстуту: «Ты таго не ведаеш, як князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, каб цябе пазбавіць тваіх уладанняў, а яму б з маці яны дасталіся».

Князь вялікі Кейстут, ведаючы, што князь вялікі Вітаўт добра жыве з князем вялікім Ягайлам, пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: «Ты з ім добра жывеш, а ён ужо змовіўся на нас з немцамі». Князь жа вялікі Вітаўт [так] гаварыў бацьку свайму. «Не вер гэтаму, гэта няпраўда, бо ён жа са мною добра жыве і, напэўна, паведаміў бы мне [пра гэта]».

Потым адбылася знамянальная падзея: князь вялікі Ягайла аддаў Полацк брату свайму, князю Скіргайлу, а яны [палачане] не прынялі яго. I князь вялікі Ягайла паслаў усё сваё войска літоўскае і рускае з братам сваім князем Скіргайлам на Полацк і магістр лівонскі прыйшоу з войскам да Полацка, і аблажылі яны горад. I князь вялікі Кейстут зноў пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту, моцна крыўдуючы на князя Ягайлу: «За Вайдылу сястру сваю, а маю братавую аддаў; ад немцаў мне паведамілі што яны змовіліся супраць нас; а патрэцяе: з кім мы ваюем? З немцамі. А яны з імі Полацк здабываюць. Усё гэта паказвае, што яны з немцамі заадно супраць нас». I сказаў князь вялікі Вітаут бацьку свайму, вялікаму князю Кейстуту: «Яшчэ і гэтаму не зусім веру». Прамовіўшы гэта, паехаў вялікі князь Вітаўт у Драгічын.

Князь жа вялікі Кейстут сабраў усе свае сілы і ўварваўся ў Вільню, і паланіў вялікага князя Ягайлу з яго маці і братамі, і граматы тыя знайшоў, якія з немцамі [яны] уклалі а да сына свайго, вялікага князя Вітаўта, ганца паслаў у Драгічын [паведаміць] пра тое, што ўчынілася. I ганец той знайшоў вялікага князя Вітаўта ў Гародні. I князь вялікі Вітаўт за адзін дзень з Гародні прыімчаў да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута [у Вільню]. Ён жа сказаў сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: «Ты мне не верыў, а вось тыя граматы [якія сведчаць], што яны змовіліся [з немцамі] супраць нас, але Бог нас збярог. Я ж князю вялікаму Ягайлу нічога [дрэннага] не ўчыніў, не рушыў ні скарбаў яго, ні стадаў, а самі палоненыя ходзяць толькі з невялікаю вартаю. Вотчыну ж яго, Віцебск і Крэва і ўсе землі, што бацька яго трымаў, - усё гэта аддаю яму і на нішто іхняе не пасягаю. А ўчыніў усё гэта, аберагаючы галаву сваю, уведаўшы, што на мяне змова рыхтуецца».

Князь вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. I прысягнуў князь вялікі Ягайла вялікаму князю Вітаўту і дзядзьку свайму, вялікаму князю Кейстуту, што ніколі супраць яго выступаць не будзе, а заўсёды і ва ўсім будзе ў яго [Кейстута] волі. I князь вялікі Кейстут адпусціў яго [Ягайлу] з маці і з братамі, і з усім яго скарбам. I князь вялікі Ягайла паехаў у Крэва, а князь вялікі Вітаўт суправаджаў яго да Крэва, і паехаў Ягайла з Крэва ў Віцебск.

А як сеў князь вялікі Кейстут у Вільні, паслаў двух чалавек да Полацка: аднаго чалавека ў войска, а другога ў горад. Палачане ўзрадаваліся і клікнулі на збор раці, і воі [Ягайлы] адступілі ад князя Скіргайлы і пайшлі ў Вільню да вялікага князя Кейстута. Князь жа Скіргайла пайшоў да немцаў у Лівонію з малою дружынаю. Потым князь вялікі Кейстут пайшоў к Ноўгарадку Северскаму да князя Карыбута, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Вільні. Ідучы да Ноўгарадка Северскага [квязь вялікі Кейстут] загадаў павесіць Вайдылу, а князю вялікаму Ягайлу ісці з Віцебска разам з ім. Аднак вялікі князь Ягайла хутка забыўся на сваю прысягу [вялікаму князю Кейстуту], не пайшоў туды і падгаварыў мяшчан віленскіх і дворню Гануля захапіць Вільню. Князь вялікі Вітаўт быў у той час у Троках, а князь вялікі Ягайла з усёю сваёю дружынаю з Віцебска прыімчаў да Вільні. I князь вялікі Вітаўт паслаў к Ноўгарадку Северскаму бацьку свайму вестку пра гэта. Пра гэтыя падзеі ўведалі і немцы прускія, і маршал прускі вельмі спешна пайшоў з вялікім войскам на дапамогу князю Ягайлу.

I калі ўведаў пра гэта князь вялікі Вітаўт, што прускія немцы да Вільні і Трокаў ідуць, а князь вялікі Ягайла з Вільні да Трок ідзе з войскам злучацца з немцамі, паехаў ён з Трок у Гародню са сваёю маці. I калі падступіў да Трок князь вялікі Ягайла, здаліся Трокі яму. I прыйшоў князь вялікі Кейстут у Гародню да сына свайго. Тут і жонку сваю знойдзе і пашле яе ў Бярэсце, спадзеючыся на Януша, князя Мазавецкага, зяця свайго. Сам жа [князь вялікі Кейстут] пайшоў у Жамойць, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Гародні. Князь жа Януш забыўся на дабрыню і прыязнь цесця свайго і цешчы і шваграў сваіх, пайшоў раццю да Драгічына і ўзяў яго, Сураж і Камянец заваяваў і асадзіў у Бярэсці цешчу сваю. Не здабыўшы Бярэсця, пайшоў адтуль, асадзіўшы тыя два гарады, Драгічын і Мельнік.

Князь вялікі Кейстут, сабраўшы ўсіх сваіх жамойтаў і ўсе войскі, пайшоу да ракі Віліі, а князь вялікі Вітаўт, сабраўшы ўсё сваё войска са сваёй бацькаўшчыны, пайшоу з Гародні насустрач свайму бацьку. I злучыліся яны ля Віліі за дзве мілі вышэй Коуна. Там войскі пераправіліся, пайшлі да Трокаў; прыйшоўшы, асадзілі горад. I пачуў вялікі князь Кейстут, што вялікі князь Ягайла з Вільні ідзе з войскам, а з ім нямецкае і лівонскае войска. Раней немцы абоім ворагі былі: і князю вялікаму Кейстуту, і князю вялікаму Ягайлу. Першы раз лівонскае войска прыходзіла на дапамогу князю Скіргайлу да Полацка, а потым з маршалкам прускае войска да Трок прыходзіла, а [цяпер] ужо у трэці раз лівонскае войска з ім жа прыйшло. Усё гата паказвае, што [немцы] з ім [Ягайлам] заадно супраць вялікага князя Кейстута.

I выступіў на бітву вялікі князь Кейстут са сваім сынам, вялікім князем Вітаўтам, супраць вялікага князя Ягайлы. I за тры ці чатыры стрэлы да зыходжання войскаў [на бітву] прыгналі князі і баяры ад вялікага князя Ягайлы ў войска вялікага князя Кейстута і пачалі пытацца вялікага князя Вітаўта, каб пагаварыць з ім. Пачалі яны гаварыць вялікаму князю Вітаўту: «Князь вялікі Ягайла паслаў нас да цябе, каб ты памірыў нас са сваім бацькам, каб мы валодалі сваім, а вы сваім, а бітвы паміж намі не было і кровапраліцця не ўчынілася. Прыехаў бы ты да свайго брата, да вялікага князя Ягайлы, а мы табе прысягаем, што табе бяспечна [будзе] зноў у сваё войска вярнуцца, каб між вамі ўсё добра скончылася». Князь вялікі Вітаўт так ім адказаў: «Прысягу ад вас прымаю, але каб і князь Скіргайла ў маё войска прыехаў і таксама прысягнуў, і я [тады] выеду». Паслалі яны да князя Скіргайлы, і князь Скіргайла таксама прысягнуў вялікаму князю Вітаўту, як і яны.

Князь вялікі Вітаўт паехаў да вялікага князя Ягайлы і яго войска, а войскі [праціўнікаў] стаяць, нічога не пачынаючы паміж сабою. I князь вялікі Ягайла пачаў прасіць вялікага князя Вітаўта, каб той памірыў іх і кровапраліцця не было б. I князь вялікі Вітаўт прысягу ўзяў у яго, у вялікага князя Ягайлы, дзеля бацькі свайго, што бацьку яго, вялікаму князю Кейстуту, прыехаўшы і зноў бяспечна раз'ехацца. А яшчэ сказаў князь вялікі Вітаўт вялікаму князю Ягайлу: «Яшчэ, браце, пашлі князя Скіргайлу, каб ён і я прысягу далі бацьку свайму каб яму бяспечна паехаць і зноў ад'ехаць [назад] у сваё войска, а князь бы Скіргайла ад цябе прысягнуў бы [яму]». I князь вялікі Вітаўт з князем Скіргайлам прыйшлі ў войска да бацькі свайго, да князя вялікага Кейстута, і даў [Вітаўт] прысягу бацьку свайму ад вялікага князя Ягайлы, князь жа Скіргайла даў прысягу [вялікаму князю Кейстуту] ад вялікага князя Ягайлы і ад сябе.

I князь вялікі Вітаўт з бацькам сваім, вялікім князем Кейстутам, пайшлі абодва ў войска да Ягайлы, спадзеючыся на тыя прысягі. Князь жа вялікі Ягайла пераступіў тыя прысягі. [Ён] сказаў: «Паедзем у Вільню і там канчаткова дамовімся». Войскі ж, нічога не пачынаючы, засталіся. I як толькі ў Вільню прыехалі, князя вялікага Кейстута, дзядзьку свайго, [Ягайла паланіў] і, закаваўшы, паслаў у Крэва, і там пасадзілі яго ў вежу, а князя вялікага Вітаўта пакінулі яшчэ ў Вільні. I там у Крэве ў пятую ноч князя вялікага Кейстута задушылі каморнікі Ягайлавы: Прокша, што ваду падаваў яму, а былі і іншыя — Мосцеў брат, [Гедка, краўлянін], і Кучук, і Лісіца Жыбянцяй. Такі канец стаўся князю вялікаму Кейстуту.

Пасля смерці князя вялікага Кейстута паслаў князь вялікі Ягайла князя вялікага Вітаўта ў Крэва разам з жонкаю і загадаў яго моцна ахоўваць у пакоі [у замку]. Помсцячы за Вайдылу, [Ягайла загадаў] двух калесаваць: аднаго, Відзімонта, дзядзьку маці вялікага князя Вітаўта, [а другога — Бутрыма] роднага брата яго маці, што трымаў Ульяну, якая пасля была [замужам] за Манівідам, і шмат іншых баяр пакараў смерцю, помсцячы за Вайдылу.

Князь вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве пад моцнаю вартаю ў пакоі, а дзве жанчыны прыходзілі ў пакой класці спаць яго і княгіню і, паклаўшы, выходзілі, а побач знаходзілася стража. I вось вялікая княгіня пачула ад людзей: калі князь вялікі Вітаўт [яшчэ] будзе сядзець [у вязніцы], то з ім тое самае ўчыняць, што і з яго бацькам. I параіла яму так [зрабіць]: як прыйдуць жанчыны, то яму пераадзецца ў адзенне адной з іх і выйсці з другою, а той жанчыне, у адзенні якой ён выйдзе, застацца з ёю [княгіняю], так яго навучыла. I ён, адзеўшы ўбранне адной жанчыны, выйшаў з другою, спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію.

 

Каментарыі

Вялікі князь Гедымін - нарадзіўся каля 1275 г., загінуў у 1341 г. у бітве з крыжакамі. Паходжанне яго дакладна невядома. Вялікакняскі пасад ён заняў у 1316 г. пасля смерці свайго брата Віценя. Паводле гістарычнага падання, Гедымін заснаваў Вільню, якую каля 1323 г. зрабіў сталіцаю Літоўска-Беларускай дзяржавы. Пры ім у склад Вялікага княства ўвайшла асноўная частка беларускіх зямель разам з Падляшшам (цяпер у складзе Польшчы). Апрача сямі сыноу, меў яшчэ пяць дачок. Адна з іх, Марыя, была замужам за Дзімітрыем, князем цверскім, другая, Ганна, у 1325 г. стала жонкаю польскага караля Казіміра Вялікага, а трэцяя, Аўгуста, у 1333 г. выйшла замуж за маскоўскага князя Сімяона Гордага.

Мантывід - як сведчаць іншыя крыніцы, Мантывіду (Монвіду) бацька даў не Карачоў, што за Бранскам, а Кернаў, што ля Вільні.

Яўнут - быў пазбаўлены братамі вялікакняскага пасада ў 1345 г., памер пасля 1366 г.

Альгерд — трэці сын Гедыміна, нарадзіўся дзесьці на пачатку XIV с., стаў вялікім князем у 1345 г. памёр у маі 1377 г. Як сведчаць рускія летапісцы, ён «не столькі сілаю, колькі ўмельствам ваяваў». Больш чым у два разы пашырыў ён межы Літоўска-Беларускай дзяржавы далучыўшы да яе большую частку Украіны і землі на ўсходзе Белай Русі. Пры ім беларуская мова стала агульнадзяржаўнаю ў Вялікім княстве.

У князя Альгерда было 12 сыноў і 9 дачок. Ад першай жонкі, Марыі віцебскай (памерла ў 1346 г.): Андрэй, Дзмітрый, Канстанцін, Уладзімір, Фёдар і тры дачкі; ад другой, Ульяны цверскай (памерла ў 1392 г.): Ягайла Уладзіслаў, Скіргайла Іван, Карыбут Дзімітрый, Лінгвен (Лугвеній) Сямён, Карыгайла Казімер, Вігунт Аляксандр, Свідрыгайла Баляслаў і пяць дачок. Сыны Альгерда ад першай жонкі нарадзіліся і выхоўваліся на Беларусі, таму адразу былі хрышчаны па праваслаўнаму абраду і атрымалі славянскія імёны. Сыны ж ад Ульяны нарадзіліся тады, калі Альгерд ухо быў вялікім князем у Вільні, таму спачатку атрымалі літоўскія язычніцкія імёны. Пазней жа, пры хрышчэнні па каталіцкаму або праваслаўнаму абраду яны набылі другія імёны.

Кейстут - загінуў гвалтоўнаю смерцю ў 1382 г., непасрэдна валодаў Гародняй, Трокамі і Жамойцю, але быў фактычна другою асобаю ў Літоўска-Беларускай дзяржаве пасля вялікага князя Альгерда. Меў шэсць сыноў: Пацірг (Патрыкей), Войдат, Бутаў, Вітаўт Аляксандр, Таўцівіл і Жыгімонт. Было ў яго і чатыры дачкі: Марыя, Данута, якая выйшла замух за Януша, князя Мазавецкага, Ганна і Рынгала. Вядома таксама імя адной з дзвюх жонак Кейстута — Бірута.

Гануль (Ганс) — немец з Рыгі, пры дапамозе якога Ягайла змог вярнуць сабе Вільню. Служыў вялікакняскім намеснікам у гэтым горадзе і, відаць, камендантам Віленскага замка.

Драгічын, Сураж і Мельнік — беларускія гарады ў Падляшшы, былі доўгі час у складзе Літоўска-Беларускай дзяржавы.

Гедка-краўлянін (г. зн. з Крэва) — гэтае імя аднаго з удзельнікаў забойства князя Кейстута не захавалася ні ў адным з вядомых спісаў «Летапісу вялікіх князёў літоўскіх». Адноўлена тут намі паводле хронік Я. Длугаша і М. Стрыйкоўскага, а таксама лацінскага перакладу першапачатковага тэксту гэтага помніка — «Origo regis».



Пераклад: В. Чамярыцкі

Беларуская Палічка: http://knihi.com