Аўтар невядомы

Пахвала Вялікаму Князю Вітаўту

Прадмова
ПАХВАЛА ВЯЛІКАМУ КНЯЗЮ ВІТАЎТУ*


 

Прадмова

 

Гэты помнік беларускай панегірычнай прозы XV ст., верагодней за ўсё, узнік у 1430 г. у Смаленску ў асяроддзі мясцовага епіскапа Герасіма, дзе складаўся і першы беларуска-літоўскі летапісны звод, літаратурным завяршэннем і ёмістым выкладам гістарычнай канцэпцыі якога і стала "Пахвала вялікаму князю Вітаўту". Яна напісана ў той час, калі яе галоўны герой быў у зеніце славы і нават збіраўся прымераць каралеўскую карону. У творы ўслаўляецца гэты князь як мудры, усемагутны, з вялікім міжнародным аўтарытэтам валадар, сцвярджаецца погляд на Вялікае княства Літоўскае як на галоўны цэнтр аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель. Ідэйна-творчыя задачы, якія стаялі перад аўтарам, а таксама яго асяроддзе прадвызначылі змест і характар выкладу, урачыста-ўзнёслы стыль, прыкметную кніжна-славянскую афарбоўку мовы.

 

ПАХВАЛА ВЯЛІКАМУ КНЯЗЮ ВІТАЎТУ*

* "Пахвала вялікаму князю Вітаўту" — звесткі, якія падаюцца ў "Пахвале", у цэлым адпавядаюць гістарычнай сапраўднасці. Нягледзячы на паражэнне на Ворскле пасля Грунвальдскай перамогі 1410 г. палітычны ўплыў гэтага князя на Русі і, асабліва, у Ардзе настолькі ўзмацніўся, што ён нярэдка саджаў на залатаардынскі трон сваіх стаўленікаў. Згаданыя ў "Пахвале Вітаўту" татарскія ханы валадарылі ў Ардзе ў другім і трэцім дзесяцігоддзях XV ст. Апошні з названых, Махмет, — гэта Улуг-Мухамед, які цараваў у 20-я гг. У 1423 г. яго перамог хан Барак, аднак праз год пры падтрымцы Вітаўта ён зноў вярнуўся на залатаардынскі трон. Гэты твор узнік каля 1430 г. у Смаленску ў асяроддзі мясцовага праваслаўнага епіскапа Герасіма, гарачага прыхільніка аб'яднаўчай палітыкі Вітаўта, і захаваўся ў чатырох рэдакцыях у складзе розных летапісных зводаў і гістарычных зборнікаў. Змешчаны тут тэкст — другая летапісная рэдакцыя (1430 г.) "Пахвалы Вітаўту".

 

Таямніцу цара захоўваць пахвальна, а пра справы вялікага гаспадара паведамляць пахвальна. Хачу вам расказаць пра вялікага князя Аляксандра, яшчэ званага Вітаўтам, літоўскіх і рускіх і шмат іншых земляў гаспадара. Але спачатку па пісанаму: "Братва, Бога бойцеся, а князя шануйце". Гэтак і я хачу вам расказаць пра гэтага слаўнага гаспадара. Але немагчыма ні расказаць, ні апісаць справы вялікага князя Вітаўта. Каб было магчыма спасцігнуць вышыню неба і глыбіню мора, то можна было б выказаць сілу і храбрасць гэтага слаўнага гаспадара.

Вялікі князь Вітаўт валодаў Вялікім княствам Літоўскім і Рускім і шмат якімі іншымі землямі, проста кажучы, усёю Рускаю зямлёю. Ды не толькі ўся Руская зямля [была яму падуладная]. Яшчэ і гаспадар Венгерскай зямлі, гэтак званы цэзар рымскі, у вялікай любові жыў з ім. Аднойчы быў гэты слаўны гаспадар у сваім горадзе Вялікі Луцк і паслаў сваіх паслоў да венгерскага караля, гэтак званага цэзара рымскага, і загадаў яму прыбыць да яго. Ён жа паслухмяна неўзабаве прыехаў да яго са сваёю каралеваю, і пашану вялікую выказваў, і падарункі шматлікія падносіў яму. I з таго часу вялікая любоў умацавалася паміж імі.

Як не дзівіцца славе вялікага гаспадара [Вітаўта]. Няма земляў ні на ўсходзе, ні на захадзе, адкуль не прыходзілі б пакланіцца гэтаму слаўнаму гаспадару. Калі нават ёсць цар над усёю зямлёю, і той, прыйшоўшы, кланяўся слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Аляксандру, яшчэ званаму Вітаўтам. Яшчэ і турэцкі цар пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў [гэтаму] слаўнаму гаспадару. У вялікай любові жыў з ім і прававерны і хрысталюбны цар царградскі. Таксама і Чэскае каралеўства з вялікаю пашанаю ставілася да [нашага] слаўнага гаспадара. А яшчэ дацкі кароль пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Вітаўту.

У тыя ж гады брат яго Ягайла, па-ляшску названы Уладзіславам, валодаў Кракаўскім каралеўствам, і ён з ім [таксама] ў вялікай любові жыў. Калі слаўны гаспадар Вітаўт на якую зямлю гневаўся і хацеў пакараць, кароль Уладзіслаў заўсёды даваў яму дапамогу. Служылі яшчэ яму і ўсходнія цары Таксама вялікі князь мачжоўскі ў вялікай любові жыў з ім. Служылі яму яшчэ і іншыя вялікія князі нямецкія з усімі сваімі гарадамі і землямі, па-нямецку называныя магютрамі; гаспадар зямлі Малдаўскай і Бесарабскай, па-валашску называны ваяводаю; таксама і гаспадар зямлі Балгарскай, па-балгарску называны дэспатам. Яшчэ і іншыя вялікія князі [служылі вялікаму князю Вітаўту]: вялікі князь цверскі, вялікі князь разанскі, вялікі князь адоеўскі, і Вялікі Ноўгарад, і Вялікі Пскоў. Проста кажучы, не знойдзецца ва ўсім Памор'і ні горад, ні край, якія б не слухаліся гэтага слаўнага гаспадара Вітаўта.

Гэтыя вялікія гаспадары, вялікія князі, вялікія землі, пра якія мы тут пісалі, адны ў вялікай любові жылі з ім, а іншыя моцна служылі яму, слаўнаму гаспадару, пашану вялікую [выказвалі], падарункі шматлікія падносілі яму не толькі кожны год, але і кожны дзень.

Калі слаўны гаспадар, вялікі князь Аляксандр, званы Вітаўтам, на якую зямлю гневаўся і хацеў яе сам пакараць або куды хацеў сваіх моцных ваяводаў паслаць і каму ад тых земляў загадваў да сябе прыбыць, яны неўзабаве паслухмяна са сваёй зямлі да яго прыходзілі. Калі ж якому гаспадару з-за якой-небудзь патрэбы немагчыма было прыбыць [да Вітаўта], ён сваё войска пасылаў яму (Вітаўту, — В. Ч.) на дапамогу і на службу.

Гэты вялікі князь Аляксандр, званы Вітаўтам, у вялікай пашане і славе прабываў. [Аднойчы] быў ён у адным са сваіх гарадоў — вялікім горадзе Кіеве, і прыслалі да яго [сваіх пасланцоў] вялікія князі ардынскія, паручаючыся верна служыць яму, і прасілі ў яго цара на царства, бо шмат вялікіх ардынскіх цароў служыла пры яго двары. I даў ён ім цара па імені Султан. Той жа цар, які быў у Ардзе, учуўшы, што слаўны гаспадар [Вітаўт] паслаў свайго слугу на царства, не пасмеў працівіцца яму, пакінуў царства і ўцёк. Салтан жа, прыйшоўшы ў Арду, сеў на царства паводле волі вялікага гаспадара Вітаўта і вельмі паслухмяна служыў яму і неўзабаве памёр. Старэйшыны ж ардынскія паслалі сваіх паслоў з вялікімі дарамі да слаўнага гаспадара [Вітаўта] і прасілі ў яго іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Салтан Малы. Гэты Салтан, сеўшы на царства, ніяк не смеў не слухацца слаўнага гаспадара: дзе і калі [вялікі князь Вітаўт] яму загадае, ён тады і туды качуе. Прайшло мала часу, і вялікія князі ардынскія, не смеючы нічым разгневаць слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, каб без яго волі не садзіць на трон цара, прыслалі да яго з вялікаю пашанаю і прасілі іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Даўлад-Бярды.

Як рака, праплываючы ўсе землі, людзей і жывёлу поіць, а сама не змяншаецца, так і слаўны гаспадар [Вітаўт] шмат цароў адпускаў у Арду, а ў яго большала цароў. Мы ж да .папярэдняга вернемся. Гэты цар Даўлат-Бярды мала часу цараваў, і таму тыя ж старэйшыны ардынскія, калі ішлі каля вышэйзгаданага горада Кіева і ўчулі, што ў гэтым горадзе знаходзіцца слаўны гаспадар, вялікі князь Вітаўт, прыйшлі і пакланіліся яму, і шматлікія падарункі прынеслі, і прасілі ў яго іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Махмет. Як ад мора шмат вады выходзіць, так і ад гэтага слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, мудрасць сыходзіць.

У год 1430 князь вялікі Вітаўт Кейстутавіч склікаў да сябе караля польскага Уладзіслава [Ягайлу], вялікага князя маскоўскага Васіля Васільевіча, вялікага князя цверскага Барыса Аляксандравіча, магістра нямецкага і прускага, магістра лівонскага. Вялікія паслы прыходзілі ад Івана, цара царградскага, і ад рымскага цэсара, і ад дацкага караля, і ад вялікага князя разанскага, і ад валашскага ваяводы паслы прыходзілі. Адоеўскія ж князі самі былі. I ад Вялікага Ноўгарада, і ад Пскова, і ад ардынскага цара, і ад іншых князёў і земляў паслы былі. Гэтыя каралі, вялікія князі і паслы былі ў вялікага князя Вітаўта сем тыдняў на яго страве, а на [кожны] дзень ішло аброку па трыста бочак мёду (медавухі. — В. Ч), па трыста ялавіц, бараноў і вепраў [таксама] па трыста.

Князь вялікі Вітаўт хацеў ускласці на сябе карону, але яго непрыяцелі ляхі не прапусцілі яе, і таму ён не ўсклаў на сябе карону*. I расхварэўся князь вялікі Вітаўт і адпусціў [дамоў] вялікіх князёў і царскіх паслоў са шматлікімі падарункамі і з пашанаю. Кароль жа польскі Уладзіслаў застаўся ў вялікага князя Вітаўта. I пры ім памёр вялікі Вітаўт 23 кастрычніка** ў дзень памяці святога апостала Якава, брата Гасподняга.

* Князь вялікі Вітаўт не ўсклаў на сябе карону — каранацыйны з'езд, на які былі запрошаны такія высокія госці, адбываўся летам 1430 г. у Вільні. Для Вітаўта і яго жонкі ў Германіі загадзя заказалі дзве кароны, якія потым пасвяціў рымскі папа. У Рым накіравалі спецыяльнае пасольства. Аднак польскія феадалы, баючыся, што з наданнем Беларуска-Літоўскай дзяржаве статусу каралеўства яна стане зусім незалежнаю ад Польшчы, цалкам суверэннаю краінаю, зрабілі ўсё магчымае, каб сарваць гэту гістарычную акцыю.

** Памёр вялікі Вітаўт 23 кастрычніка — дата смерці князя Вітаўта пададзена недакладна, трэба — 27 кастрычніка.

I сеў [пасля смерці вялікага князя Вітаўта] на вялікае княжанне князь вялікі Свідрыгайла Альгердавіч* у Вільні і Троках. I княжыў вялікі князь Свідрыгайла два гады без двух месяцаў, і пры сваім княжанні паслаў ён смаленскага ўладыку Герасіма** ў Царград [для пасвячэння] на мітраполію. I не справіўся [вялікі князь Свідрыгайла] з кіраваннем краіны. I першага верасня (1432 г.) пасадзіла літва на вялікае княжанне, у Вільню і Трокі, вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча***. Свідрыгайла ж пайшоў [княжыць] у Полацк і Смаленск, і рускія князі і баяры пасадзілі яго на вялікае княжанне рускае****.

* Свідрыгайла Леў Баляслаў (каля 1370—1452) — малодшы сын Альгерда ад другой жонкі, Улляны цверскай. Спачатку валодаў Полацкам, пасля захапіў Віцебск, адкуль у 1393 г. яго выгнаў Вітаўт. Атрымаў Падолле, але прэтэндаваў на большае. У 1408 г. Свідрыгайла ўцёк да маскоўскага князя, які даў яму Уладзімір і іншыя гарады. Калі ў 1409 г. вярнуўся на радзіму, быў зняволены і 9 гадоў адседзеў у Крамянецкім замку, адкуль вызвалілі яго прыхільнікі. Уцёк у Венгрыю. Пасля памірыўся з Вітаўтам і Ягайлам і атрымаў Бранск з Ноўгарадам-Северскім. Пасля смерці Вітаўта заняў велікакняскі пасад у Вільні. Праводзіў незалежную, антыпольскую палітыку, абапіраўся на беларуска-ўкраінскае рыцарства, на Русь. Гэта выклікала незадавальненне польскіх і літоўскіх феадалаў, якія выкарысталі ў барацьбе брата Вітаўта Жыгімонта і скінулі Свідрыгайлу. Пасля паражэння ў 1435 г. ён уцёк у Малдавію. Вярнуўся на радзіму толькі пасля забойства ў 1440 г. вялікага князя Жыгімонта. У канцы жыцця Свідрыгайла валодаў Валынню і Падоллем.

** Герасім — быў спачатку епіскапам ва Уладзіміры-Валынскім, каля 1426 г., пераведзены ў Смаленск. Менавіта пры ім у асяроддзі смаленскага духавенства, прыхільнага да Вітаўта, у 1430 г. быў складзены "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх" і першы агульнадзяржаўны беларуска-літоўскі летапісны звод, што захаваўся ў Беларуска-літоўскім летапісе 1446 г. Пасля смерці ў жніўні 1431 г. мітрапаліта ўсяе Русі Фоція Свідрыгайла паслаў Герасіма ў Канстанцінопаль да патрыярха для пасвячэння ў мітрапаліты. Стаўшы ў 1432 г. мітрапалітам, ён абраў сталіцай агульнарускай мітраполіі Смаленск. Захаваліся гістарычныя дакументы, якія сведчаць аб сувязях Свідрыгайлы і Герасіма з Рымам, аб іх прыхільным стаўленні да уніі хрысціянскіх цэркваў. Адчуваючы няпэўнасць становішча Свідрыгайлы, мітрапаліт у 1435 г. пачаў схіляцца на бок Жыгімонта Кейстутавіча, за што паводле загаду першага быў спалены ў Віцебску.

*** Жыгімонт Кейстутавіч — дробны старадубскі князь, які пры жыцці Вітаўта не адыгрываў прыкметнай ролі ў палітычным жыцці Княства. Узнесены па волі лёсу на велікакняскі пасад, праводзіў прапольскую палітыку, аддаў Польшчы Падолле. Перамог Свідрыгайлу ў грамадзянскай вайне ў значнай меры дзякуючы кампрамісу з праваслаўнымі русінамі (беларусамі і ўкраінцамі), якіх актамі 1432 і 1434 г. ураўняў у правах з літоўцамі-каталікамі і гэтым перацягнуў на свой бок частку беларуска-ўкраінскай шляхты. Жорстка ставіўся да сваіх падначаленых. Быў забіты ў Троцкім замку ў выніку змовы, кіраўніком якой быў князь Іван Чартарыйскі.

**** Баяры пасадзілі яго на вялікае княжанне рускае — гэтае сцверджанне летапісца недвухсэнсоўна гаворыць, што грамадзянская вайна, якая пачалася ў Вялікім Княстве Літоўска-Беларускім неўзабаве пасля смерці Вітаўта, была не проста дынастычнай барацьбой за ўладу розных палітычных груповак, але мела выразную нацыянальна-рэлігійную афарбоўку.

У тую ж восень сабраў князь вялікі Свідрыгайла вялікае войска, І князь вялікі цверскі Барыс Аляксандравіч даў яму [на дапамогу] брата свайго князя Яраслава з усім сваім войскам, і пайшоў [Свідрыгайла] на Літву. Не дайшоўшы да Вільні шэсць міль, ён спыніўся ў Ашмянах і там стаяў тыдзень. I прыйшоў князь вялікі Жыгімонт з літоўскім войскам, і адбылася бітва паміж імі 8 снежня ў дзень памяці святога Патанія, у панядзелак. I дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту, і разбілі князя вялікага Свідрыгайлу, і рускіх князёў пабілі, а іншых узялі ў палон: князя Юрыя Лугвенавіча, князя Васіля Сямёнавіча, князя Федзьку Адзінцэвіча, і паланілі пана Дзедзіголда, ваяводу віленскага, і шмат іншых пабілі і паланілі.

У тую ж зіму князь вялікі Свідрыгайла другі раз сабраў вялікае войска з Русі і пайшоў на Літву, і шмат паваявалі ў Літоўскай зямлі, і папалілі, і [людзей] у палон павялі.

Летам жа [1433 г. Свідрыгайла зноў] сабраў вялікае войска з Русі, і лівонскі магістар з усім сваім войскам прыйшоў яму на дапамогу, і князь вялікі цверскі прыслаў яму сваё войска. I пайшоў [Свідрыгайла] ў Літоўскую зямлю, і начаваў у Рудомені за паўтары мілі ад Вільні, і пайшоў да горада, не даходзячы Трокаў, павярнуў на Старыя Трокі, а пад Трокамі стаяў на Спасаў дзень і, прастаяўшы чатыры дні, пайшоў ад Трокаў шукаць вялікага князя Жыгімонта і літоўскае войска. Прастаяўшы ў Вейкшышках чатыры дні, ён пайшоў на Русь у сваю зямлю. I прыйшоў [Свідрыгайла] да Крэва, стаяў два дні, узяў горад Крэва мураваны і спаліў, людзей жа шмат пасек і ў палон пабраў, паланіў і пайшоў адтуль да Маладзечна.

[Тут] дайшла да вялікага князя Свідрыгайлы вестка, што ідзе літва нагоняю. I князь вялікі Свідрыгайла паслаў на іх князя Міхаіла, ваяводу кіеўскага, і іншых рускіх князёў, і пабілі [яны] Пятра Мантыгірдавіча* і літву, а іншых палавілі каля Капачоў**. I адтуль пайшоў [Свідрыгайла] да Заслаўля, узяў горад і ў той жа дзень спаліў яго, а людзей шмат палату; і прыйшоў к Менску, узяў горад і спаліў, а людзей шмат, мужчын і жанчын паланіў і пайшоў у сваю зямлю, шмат бяды нарабіўшы Літоўскай зямлі***. I прыйшоў [Свідрыгайла] к Барысаву. I тут на рацэ Бярэзіне схапілі князя Міхаіла Іванавіча Гальшанскага і паслалі яго ў горад Віцебск, і загадаў [Свідрыгайла] ўтапіць яго там у рацэ Дзвіне пад горадам Віцебскам. Злавілі ж яго невінаватага, не даходзячы Лукомля за мілю, між азёраў. Магістар [пасля таго] вярнуўся ў сваю зямлю, у Лівонію. Вялікі ж князь Свідрыгайла пайшоў да Лукомля, там распусціў сваё рускае войска, князёў і баяраў, а сам пайшоў да Кіева.

* Пётр Мантыгірдавіч (Пятраш) — у 20-я гг. XV ст. пры Вітаўце быў маршалкам дворным, адзін час валодаў Падоллем, пасля, у 30—40-я гг., маршалак земскі, адначасова ў 1431—1452 гг. выконваў абавязкі наваградскага намесніка. Займаючы пасаду земскага маршалка, г. зн. міністра ўнутраных спраў Княства, часам узначальваў войска вялікага князя.

** Капачы — вёска каля Маладзечна.

*** ...шмат бяды нарабіўшы Літоўскай зямлі. — як сведчаць беларускія летапісы XV—XVI стст., заходняя частка сучаснай Беларусі разам з Менскам называлася тады Літвою, а ўсходняя — Руссю.

У тую ж восень князь вялікі Жыгімонт сабраў вялікае войска з літвы і ляхаў, і прыйшоў на Рускую зямлю, і стаў пад Мсціслаўлем 26 кастрычніка [1433 г.], у дзень памяці святога пакутніка Дзімітрыя, у сераду, і стаяў тры дні і, не здабыўшы горада, пайшоў у сваю зямлю. На [наступнае] лета сабраўся Свідрыгайла з рускімі князямі і баярамі, з усім рускім войскам і пайшоў на Літву, і магістар яму на дапамогу. I сышліся яны са Свідрыгайлам у Браславе. I па волі Божай спадзе на зямлю вялікі дождж, і не змаглі яны пайсці ў Літоўскую зямлю. Князь Свідрыгайла вярнуўся ў сваю зямлю, а магістар пайшоў у сваю зямлю. У Полацку [Свідрыгайла] распусціў сваё войска, князёў і баяраў, а сам пайшоў у Кіеў.

На трэці ж год князь вялікі Свідрыгайла спаліў у Віцебску мітрапаліта Герасіма. Сабраў князь вялікі Свідрыгайла ў Віцебску рускіх князёў і рускае войска і пайшоў к Браславу. Там, у Браславе, прыйшоў на дапамогу Свідрыгайлу магістар лівонскі з усім сваім войскам, і пайшлі яны ад Браслава па Завілейскай зямлі, за Вілію да Вількаміра*. Князь жа вялікі Жыгімонт сам не пайшоў на Свідрыгайлу. Даў кароль [Ягайла] 800 коней у дапамогу князю вялікаму Жыгімонту. I князь вялікі Жыгімонт паслаў на князя Свідрыгайлу свайго сына, князя Міхайлу**. Князь Міхайла прыйшоў са сваім войскам літоўскім і з ляхамі, і адбылася бітва ,са Свідрыгайлам на Сёмін дзень, на летаправодца (1 верасня 1435 г.), а біліся за Вількамірам ля ракі. I за тое Бог не дапамог князю Свідрыгайлу, што ён спаліў мітрапаліта Герасіма. I дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту і яго сыну Міхайлу, і разбілі яны князя Свідрыгайлу і ўсё яго войска, і шмат князёў забілі, а іншых рукамі палавілі. [Тады] забілі яго (Свідрыгайлы) пляменніка, князя Жыгімонта Карыбутавіча, князя Яраслава Лугвенавіча, князя Міхаіла Сямёнавіча Балабана, князя Данілу Сямёнавіча Гальшанскага, князя Міхаіла Львовіча Вяземскага і іншых шмат князёў пабілі, а паланілі 42 князі і сярод іх паланілі Івана Уладзімеравіча, [князя] кіеўскага, і брата яго, князя Фёдара Карыбутавіча. Забілі і лівонскага магістра і ландмаршалка, і шмат комтураў пабілі, і ўсіх лівонцаў перабілі, а іншых жывымі пералавілі, мала хто з іх выратаваўся. [Тады] і шмат іншых гасцей перабілі: рукушан***, сілезцаў і чэхаў, а іншых рукамі палавілі.

* Вількамір — горад у этнічнай Літве, цяпер — Укмерге.

** Міхайла, Міхайлушка (каля 1390—1452) — сын Жыгімонта Кейстутавіча. У 1392—1398 гг. разам з бацькам быў вязнем Ордэна як заложнік Вітаўта. Дапамагаў Жыгімонту у час грамадзянскай вайны. Пасля перамогі атрымаў Слуцк, Слонім і частку Падляшша і паводзіў сябе як законны пераемнік бацькі ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве, хоць, паводле акта 1432 г., улада ў Княстве павінна была перайсці да Ягелонаў. Пасля забойства Жыгімонта адна частка літоўска-беларускай шляхты хацела бачыць на велікакняскім пасадзе ў Вільні яго сына, другая — Свідрыгайлу, аднак вялікім князем стаў сын Ягайлы Казімір. 3 ім увесь час варагаваў Міхайлушка. Нарэшце ў 1450 г. ён уцёк у Маскву, дзе быў зняволены, а праз два гады атручаны.

*** Рукушане, ракушане — адна з гістарычных назваў уграў, венграў.

Пасля той бітвы праз тры тыдні сабраў князь вялікі Жыгімонт усё сваё войска літоўскае і паслаў свайго сына, князя Міхайлу, на Русь. Прыйшоў князь Міхайла і стаў ля Оршы. I сустрэлі яго ля Оршы смаляне, і паддаліся яны князю вялікаму Жыгімонту і яго сыну, князю Міхайлу. I не пайшоў князь Міхайла на Смаленск, а пайшоў ад Оршы к Віцебску. Прыйшоўшы пад Віцебск, князь Міхайла стаяў 6 тыдняў і, не ўзяўшы горада, пайшоў прэч. Пасля таго ў тую ж зіму князь вялікі Жыгімонт зноў сабраў усё сваё літоўскае войска і паноў і паслаў да горада Полацка. Прыйшоўшы, прастаялі яны пад Полацкам тыдзень і, не здабыўшы горада, пайшлі прэч. У наступным жа (1436) годзе палачане і віцябляне, не чакаючы ніадкуль дапамогі, паддаліся князю вялікаму Жыгімонту Кейстутавічу. I пачаў княжыць вялікі князь Жыгімонт на вялікім княжанні літоўскім і рускім*.

* У год 1430... пачаў княжыць... Жыгімонт на вялікім княжанні літоўскім і рускім. — Аповесць пра грамадзянскую вайну, якая датавана 1430 г. і часам называецца таксама Смаленскай хронікай, у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446 г. змешчана ў іншым месцы, перад "Летапісам вялікіх князёў літоўскіх". Аднак тут мы падаем яе ў канцы, бо яна храналагічна працягвае папярэдняе гістарычнае апавяданне. Гэты твор, найбольш верагодна, напісаны таксама ў Смаленску ў асяроддзі прыхільнікаў Кейстутавічаў. Часам яго складання можна лічыць 1436 г., калі Жыгімонт канчаткова перамог Свідрыгайлу і замацаваўся на велікакняскім пасадзе ў Вільні.



Пераклад: В. Чамярыцкі

Беларуская Палічка: http://knihi.com